Густы лес пачаў радзець. Неўзабаве выйшлі на ўзлесак, адкуль відаць была чыгунка. Удалечыні, як шпакоўня, тырчала вартавая вышка. Рыма выбрала месца, дзе, як і ў першы раз, непадалёк стаяў стажок сена. Пачакалі, пакуль сцямнее. Праляжалі ноч непадалёку ад палатна — цягніка не чуваць. На досвітку пайшоў мокры снег. Падышлі да стажка, забраліся ў сярэдзіну, сагрэліся і паснулі. У поўдзень выглянулі са сховішча — снег перастаў, але было сыра і холадна. Хацелася вылезці, але вартавыя з вышкі маглі іх заўважыць. Трэба было чакаць ночы.
Калі сцямнела, дзяўчаты зноў дабраліся да палатна.
Неўзабаве пачуўся далёкі грукат цягніка. Рыма і Ніна хуценька залажылі тол у ямку пад рэйкай, уставілі капсуль са шнурам. А гул цягніка ўсё бліжэй і бліжэй. Дзяўчаты папаўзлі назад, потым падняліся і пабеглі. Калі цягнік быў блізка, упалі на зямлю. Поля і Надзя пацягнулі за шнур.
Разам з выбухам застрачылі кулямёты. Гэта стралялі з вартавой чыгуначнай вышкі.
— Ціха, не варушыцца! — шэптам скамандавала Рыма.
Калі страляніна сціхла, дзяўчаты папаўзлі да лесу. Потым падняліся на ўвесь рост.
Баявое заданне было выканана.
Камандаванне брыгады аб’явіла дзяўчатам падзяку. А яны, акрыленыя ўдачай, ірваліся зноў на «жалезку».
Адзін раз ім не пашанцавала. Рыма з Поляй хацелі падарваць эшалон на станцыі Татарка. Заклалі тол, сталі чакаць. Па палатне прайшлі два вартавыя. Падышоў дзяжурны немец з ліхтарыкам, заўважыў шнур, засвістаў.
— Трэба рваць,— прашаптала Рыма і тузанула за шнур.
Дзяўчат, якія ляжалі блізка ад чыгуначнага палатна, аглушыла выбуховай хваляй, і яны некалькі хвілін не маглі падняцца. Памагаючы адна адной, ледзь дабраліся да атрада.
6
Рыма часта думала пра Валодзю, пра маці, успамінала даўнія размовы:
— У нас бацькі няма,— казаў Валодзя,— але ўсё роўна мы павінны атрымаць адукацыю. Ты, Рыма, будзеш інжынерам.
Мама пярэчыла:
— Не, не. Толькі настаўніцай.
— Настаўніцай, і абавязкова літаратуры,—дадаваў Марк.
А Рыма не хацела нікога крыўдзіць.
— Я яшчэ не ведаю, кім буду,— гаварыла яна.— Я толькі адно цвёрда ведаю: буду вучыцца.
I цяпер у атрадзе кожную вольную хвіліну яна бярэ ў рукі кнігу. Перачытала ўсё, што знайшлося ў партызан, і не адзін раз. А потым пачала завучваць на памяць спачатку старонкі, потым цэлыя раздзелы з «Капітанскай дачкі» Пушкіна. Так раіў ёй Валодзя. «Лепшы сродак для трэніроўкі памяці»,— гаварыў ён. Рыме цяжка паверыць, што яна больш ніколі яго не ўбачыць. А мама? Ці сустрэнецца яна з ёю? Дзе яна цяпер, што робіць у гэтую хвіліну, калі Рыма думае пра яе? Ёй хацелася плакаць, на вочы набягалі слёзы. Але не! Рыма не заплача. Яна ўжо не маленькая. Яна не павінна плакаць! Яна — баец, народны мсціўца!
Рыма ішла да камандзіра ўзвода:
— Пашліце на заданне.
— Ты ж учора хадзіла, адпачні.
— Пашліце!
I яе пасылалі.
Каля вёскі Вялікая Гарожа немцы секлі лес. Яны баяліся лесу, што блізка падыходзіў да дарогі. Гарасім Патапейка, камандзір роты, папрасіўся ў разведку.
— Пагляджу, як яны з Асіповіч у лес ідуць. Можа, зробім засаду,— сказаў ён.
Узяў двух партызан і пайшоў. Заляглі каля дарогі, замаскіраваліся. Развіднела. Па дарозе праехаў на кані паліцэйскі. Нікога не ўбачыўшы, стрэліў уверх. Следам рушыў трактар праверыць, ці няма мін. За трактарам паціху сунуліся восем грузавікоў з рабочымі, за імі дзесяць машын з салдатамі і ў адзінаццатай — адны афіцэры.
Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Увечары, у прыцемках калона рушыла назад з лесу. Першым ішоў трактар, за ім немцы, потым рабочыя.
I вось на наступную ноч прыйшла сюды рота. Акапаліся каля дарогі. У Гарасіма Карпавіча быў кулямёт. Ён загадаў:
— Пакуль мой кулямёт не загаворыць — ніхто не страляе.
Сталі чакаць. На досвітку, як і той раз, паказаўся паліцэйскі. Нічога падазронага не заўважыўшы, стрэліў. Праехаў трактар — партызаны маўчалі. Праехалі машыны з рабочымі — зноў цішыня. Калі ж першая машына з немцамі наблізілася да партызан, застрачыў кулямёт камандзіра...
Рыма першая паднялася і крыкнула: «Уперад!». За ёй падняліся партызаны. На дарозе гарэлі машыны, у прыдарожных канавах ляжалі забітыя. Сем немцаў і пяць паліцаяў здаліся ў палон.
Дазор далажыў, што з Асіповіч ідзе падмацаванне — немцы з мінамётамі. Пачулі бой і спяшаюцца на дапамогу. Камандзір загадаў адыходзіць. Абвешаныя трафеямі, партызаны падаліся ў лес.
У другі раз Рыма ўдзельнічала ў засадзе каля вёскі Вяззе. Калона нямецкіх машын ішла ад Ліпеня. Завязаўся бой. Партызаны падпалілі восем машын. Фашысты павыскоквалі і заляглі ў хмызняку ля самай дарогі. Паўтары гадзіны жменька партызан адважна стрымлівала калону. Ужо канчаліся патроны. I тут заціх кулямёт. Рыма падпаўзла да кулямётчыка. Ён быў паранены. Рыма лягла за кулямёт. Страляла кароткімі чэргамі, берагла патроны. 3 боем партызаны адышлі, забраўшы чатырох забітых таварышаў. За кожнага з іх заплацілі жыццём дзесяць фашыстаў.
У вёсцы Чучча Асіповіцкага раёна быў вялікі, добра ўзброены паліцэйскі гарнізон. Такі ж гарнізон быў і ў вёсцы Кассё. Астатнія гарнізоны ў бліжэйшых вёсках былі знішчаны.
Камандаванне партызанскай брыгады намерылася знішчыць і гэтыя гарнізоны. Яны знаходзіліся за кіламетраў дваццаць ад месца, дзе размяшчаўся атрад Баразны. Яму разам з атрадам былога разведчыка Дзмітрыя Падгайнага і было даручана разграміць гарнізон у вёсцы Чучча. Аперацыю назначылі на вялікдзень.
Першая рота, у якой была Рыма, мела дзве гарматы. Рота павінна была абстраляць гарнізон і знішчыць адзін дзот. Гарнізоц абстралялі, а вось дзот снарады не бралі: пацэліць з гарматы ў амбразуру было не так проста. Рыма вырашыла знішчыць дзот. Узяла звязак толу, кавалак бікфордавага шнура і папаўзла да амбразуры збоку. Партызаны перасталі страляць, сачылі за ёй, чакалі.
Убачыў Рыму і Міцюраў. Рыма не ведала, што ў кожным баі, у якім яна ўдзельнічала, Алёша стараўся быць непадалёку, каб у выпадку чаго памагчы. Цяпер такі выпадак настаў.
— Страляць! — закрычаў ён.— Адцягнуць увагу! — і застрачыў са свайго аўтамата.
Пачалася страляніна.
Алёша надзеў на кіёк сваю шапку і выставіў яе над узгоркам, за якім ляжаў. Шапка ўпала, уся прастрэленая, кіёк быццам зрэзала нажом. А Рыма ўсё паўзла і паўзла да амбразуры. Вось ужо зусім блізка, ужо можна кідаць. А яна ўсё паўзе. Нарэшце спынілася, запаліла шнур. Тол разам з капсулем і запаленым шнурам паляцеў у амбразуру. Рыма кінулася назад. Пачуўся выбух. Партызаны іншых узводаў і рот знішчылі астатнія дзоты, фарсіравалі равы, закідалі гранатамі памяшканне гарнізона.
7
Партызаны вырашылі адсвяткаваць Першае мая.
Замест святочных пірагоў напяклі абаранкаў. Ігралі гармонікі. Танцавалі аж да самай раніцы. А раніцай на партызанскія пасты напалі паліцэйскія. На адным з пастоў стаяў Васіль Баразна. Заўважыўшы паліцэйскіх, ён пачаў страляць. Перастрэлку пачулі ў атрадзе, забілі трывогу. Аператыўная група аўтаматчыкаў кінулася на дапамогу.
На світанні атрад зняўся з месца. Прыкрываць яго адыход пакінулі ўзвод — 25 чалавек. У гэтым узводзе была і Рыма. Гадзіны праз тры-чатыры ўзвод павінен быў дагнаць атрад, які рушыў у Бярэзінскія лясы.
Узвод адбіваў атаку за атакай. Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Узвод адцяснілі на ўзлессе. Становішча было цяжкое.
Калі сцямнела, змоўклі стрэлы. Немцы баяліся ваяваць ноччу.
Рыма з аўтаматам ляжала недалёка ад камандзіра ўзвода Івана Раманенкі. Падпаўзла да яго.
— Трэба прабівацца з боем,— сказала яна.
— Акапаемся і будзем адбівацца да апошняга патрона,— адказаў камандзір.
— Нас абкружаць. Трэба пайсці ў атаку цяпер, ноччу, і прабіцца.
— Людзі за дзень стаміліся, а там рэгулярныя часці.
— Але ж хіба можна чакаць... вернай гібелі? Загад мы выканалі,— гаварыла Рыма,— атрад адышоў, немцам яго не дагнаць. Можа, усё ж рызыкнём?
— Трэба параіцца.
Камандзір папоўз да партызан. Пагаварыў з кожным. Палова была за начны бой, за атаку.
— Ну што ж, я згодзен,— сказаў камандзір Рыме.— Ты павядзеш групу на прарыў, а я астануся з хлопцамі тут. Дай бог, каб вам пашанцавала. Калі што, прыкрыем вас.
— Не, я так не магу. Калі ісці, дык усім разам.
— А я табе загадваю! Я ведаю, што раблю.
I група пайшла ў начную цемру...
...Атрад Рыгора Баразны, прабраўшыся ў бяспечнае месца, спыніўся на адпачынак. Расставілі вартавых, чакалі, можа, падыдуць пакінутыя ў засадзе таварышы. Але іх не было. Звечарэла, настала ноч. Атрад рушыў далей.
У Бярэзінскіх лясах партызаны сустрэліся з брыгадай Лівенцава.
Там ужо ведалі пра блакаду.
— Многа народу страціў? — спытаў у Рыгора Нічыпаравіча Лівенцаў.
Баразна махнуў рукой.
— Узвод,— сказаў ён.— I Рыму.
Рыму ўжо ведалі не толькі ва ўсіх атрадах брыгады Каралёва, але і ў другіх брыгадах. Пра яе смеласць пісалі ў раённай падпольнай газеце, пісалі ў рукапісных партызанскіх газетах, лістоўках, расказвалі на прывалах. I вестка пра яе гібель хутка абляцела партызан.
...Праз два дні прыйшла Рыма, а з ёю восем чалавек. Гэта ўсё, што засталося ад узвода.
Партызаны Лівенцава абкружылі іх, з цікаўнасцю разглядаючы Рыму. У мужчынскіх штанах і гімнасцёрцы, з аўтаматам, яна была падобна больш на хлопчыка-падлетка, чым на дзяўчыну. Толькі дзве цёмныя касы, што ляжалі на спіне, выдавалі яе. Убачыўшы, што яе разглядаюць, Рыма нахмурыла бровы і сказала:
— Накарміце людзей.
А сама пайшла ў зямлянку да Баразны, расказаць аб тым, што здарылася.
8
Марк прыходзіў рэдка, затое амаль кожны дзень Рыме расказвалі пра яго якую-небудзь новую выдумку. То ён з групай партызан, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне, удзень прабраўся ў Ліпень, дзе стаяў батальён гітлераўцаў, і многіх пастраляў, а многім задаў такога страху, што яны доўга не маглі апамятацца; то падарваў лесапільны завод; то, стаіўшыся дзе-небудзь, трапным стрэлам забіў нямецкага афіцэра.
Але Рыме пра свае прыгоды Марк нічога не гаварыў, лічыў іх звычайнымі. Пры сустрэчы ён быў маўклівы, задуменны і, адыходзячы, пакідаў Рыме то гранату, то кучку трафейных патронаў. Аднойчы сказаў Рыме, што з задання не вярнуўся Валодзя Сакольчык. Дзе ён, што з ім — невядома.
У той дзень, калі прыходзіў Марк, гаспадарчую роту паслалі рваць шчаўе. Рыма з Нінай таксама пайшлі.
На залітым сонцам поплаве было ціха, толькі ледзь чутна бруілася вада ў рачулцы ды стракаталі конікі ў высокай траве. Жанчыны разбрыліся па лузе. Быццам і вайны няма. Рыма з Нінай падышлі да ракі. На тым баку, за жытнёвым полем, відна была вёска.
— Можа сходзім, паглядзім, што там робіцца? — сказала Ніна.
Рыма падумала: «Ці не туды пайшоў у разведку Валодзя Сакольчык? Партызанам туды паказвацца нельга, а яны ж дзяўчаты, без зброі, на іх увагі не звернуць».
— Пойдзем! — сказала Рыма.
— Я плаваць не ўмею,— прызналася Ніна.
На тым баку рэчкі да берага быў прывязаны маленькі плыток.
— Я зараз,— сказала Рыма і ўвайшла ў ваду.
Яна пераплыла рэчку, адвязала плыток і прыгнала да Ніны. На плыце яны перабраліся цераз рэчку.
— Цётачка, ці многа ў вас у вёсцы немцаў? — спытала Рыма ў крайняй хаце.
— Няма, дзеткі, але ж могуць наехаць. Кожную хвіліну могуць прыехаць. Уцякайце, а то будзе бяда. Баюся я.
Рыма забегла ў другую хату. Там яна дазналася пра ўсё.
Пераплываючы рэчку, Валодзя Сакольчык замачыў аўтамат. Схаваўшыся ў жыце, разабраў яго, каб працерці. Тут на яго і наваліліся паліцаі.
— Ой і здаровы хлопец быў, але што ж, калі без зброі... Уцякайце, дзяўчаты, а то і вас зловяць.
Вярнуўшыся ў атрад, Рыма і Ніна расказалі пра тое, што пачулі ў вёсцы. Выслухаўшы кароткі расказ дзяўчат, камандзір загадаў пасадзіць іх на гаўптвахту за самавольную адлучку.
— Але ж мы дазналіся пра лёс таварыша! — даводзіла Рыма.
— Не разважаць! На гаўптвахту!
Дзяўчат замкнулі ў лазні. Яны сабралі ў адно месца раскіданыя венікі, падмялі падлогу. Лазня была падобна на ўкраінскую мазанку, толькі не пабеленую.
Выпусцілі дзяўчат назаўтра. У камандзіра ўзвода Рыма папрасіла дазволу схадзіць у свой былы атрад, каб пабачыць Марка і Палагею Аляксандраўну. Яна і раней некалькі разоў хадзіла туды, заходзіла ў зямлянку, садзілася на свае нары. У зямлянцы ўсё, як раней. Толькі стол не быў накрыты газетай: яе скурылі. Паперы, як і махоркі, не хапала. Аднойчы ў час блакады немцы скінулі ў лес лістоўкі, прапанавалі партызанам здацца. Нейкі час курылі гэтыя лістоўкі, загортваючы ў іх сухое дубовае лісце. А потым і іх не стала. Адзін раз Рыме ў рукі трапіў загад, падпісаны Лютарам, дзе за галовы Рымы і Марка абяцалася вялікая ўзнагарода. Гэты загад Рыма доўга хавала, а потым і яго аддала курцам.
Пасля гібелі сына Палагея Аляксандраўна рэдка бывала ў зямлянцы, увесь час на кухні. Тут і застала яе Рыма. Палагея Аляксандраўна чысціла грыбы, збіралася варыць суп. Рыма ўзяла ножык, каб памагчы.
— Не трэба, я сама,— голас у Палагеі Аляксандраўны стаў ціхі, слабы.
— Чаму? Удваіх хутчэй.
— Спяшацца няма куды. Паспею.
— Цётачка,— нарэшце сказала Рыма,— я прыйшла сказаць вам, што скончыцца вайна, і вы будзеце жыць з намі.
Палагея Аляксандраўна доўга маўчала.
— Дзякую,— сказала яна нарэшце,— дзякую, дзіцятка, што не забыла пра мяне. Я ўжо як-небудзь сама...
— А мне, памятаеце, казалі, што чалавек не можа быць адзін.
— Нашто я вам, старая?..
— Што вы! Хіба так можна? У нас будзе адна сям’я. Мы з Маркам будзем вучыцца, а вы ў нас гаспадарыць... А калі мама жывая, яна прыедзе, і мы будзем жыць усе разам, дружна, як жылі да вайны.
У зямлянку заглянуў Марк. Цяпер ён заходзіў да Палагеі Аляксандраўны кожны дзень, у яго заўсёды знаходзілася якая-небудзь пільная справа.
— Палагея Аляксандраўна, глядзіце, які я вам зэдлік зрабіў,— сказаў ён, уваходзячы ў кухню.
— Дзякуй, за ўсё дзякуй.
Марк падсеў да Рымы.
— Што ты там натварыла?
— Нічога, проста так.
— За «нічога» — гаўптвахта?
— Бывае...
У зямлянку ўвайшлі дзве дзяўчынкі, памочніцы Палагеі Аляксандраўны. Яны прынеслі два вядры бульбы. Дзяўчынкі з цікаўнасцю сталі глядзець на Рыму. Рыма не любіла, калі яе разглядалі.
— Ну, я пайду, а то мне нельга пазніцца.
Яна падышла да Палагеі Аляксандраўны, пацалавала яе ў шчаку, сказала ўсім:
— Да пабачэння,— і выйшла з зямлянкі.
Марк пайшоў следам, праводзіць яе.
Праз некалькі дзён Рыма з Васілём Патапейкам пайшла на «жалезку». Ноччу падпаўзлі да палатна. Ужо чуваць было цяжкае дыханне цягніка, як раптам грымнуў выбух. Яны нарваліся на нямецкую міну.
Рыма ўзваліла на плечы Васіля і папаўзла па мокрай траве між высокіх свежых пнёў. Восем кіламетраў цягнула Рыма таварыша, пакуль не павалілася ў знямозе. Падабралі іх партызаны суседняга атрада. Абодвух адправілі ў шпіталь. Васіль Патапейка быў ранены ў нагу, у Рымы — перабіта сківіца. У шпіталі яе часта наведвала Палагея Аляксандраўна.
— Цяпер наваявалася, хопіць, вярніся ў наш атрад,— гаварыла яна, з жалем пазіраючы на Рымін перабінтаваны твар.
— Не, цётачка, я яшчэ зраблю што-небудзь вялікае, добрае. Вось пабачыце, зраблю.
Марк прынёс Рыме падпольную газету «За Савецкую Радзіму».
— Пачытай.
А сам прысеў побач на край ложка.
Рыма ўзяла ў рукі газету. На першай старонцы зверху вялікімі літарамі было напісана: «Сёння XXV год ВЛКСМ», ніжэй быў артыкул «Біць ворага да поўнага знішчэння».
Рыма пачала чытаць артыкул.
...«Усім вядомы імёны камсамольцаў-дыверсантаў Барыса Д., які падарваў 13 эшалонаў, Рымы К.— простай дзяўчыны, школьніцы да вайны, якая ўзарвала 6 эшалонаў, Андрэя Б., які мае на сваім рахунку 7 узарваных эшалонаў, і многіх іншых...
Маладыя партызаны ўсімі сіламі памагаюць наступаючай Чырвонай Арміі, знішчаюць ненавісных гітлераўцаў. Наш лозунг: «Біць ворага да поўнага знішчэння!»
Юнакі і дзяўчаты раёна! Паможам наступаючай Чырвонай Арміі наблізіць час нашага вызвалення!
Слава бясстрашным камсамольцам — барацьбітам з фашызмам!
Сакратар Асіповіцкага падпольнага РК ЛКСМБ П-ць».
Рыма не стала чакаць, пакуль яе выпішуць са шпіталю, і з забінтаванай галавой прыйшла ў атрад.
Немцы адступалі на ўсіх франтах. Была вызвалена частка Беларусі. Пад Гомелем стаялі часці Чырвонай Арміі.
23 лютага 1944 года са штаба брыгады прыбыў ганец, перадаў камандзіру атрада загад: адкамандзіраваць у распараджэнне камбрыга ўзвод самых баявых партызан. Пайшлі Барыс Дзмітрыеў, палітрук Трубіцын, Алёша Міцюраў і яшчэ пятнаццаць адважных, вынослівых, вопытных. Ноччу фарсіравалі раку каля вёскі Каменічы і наткнуліся на засаду немцаў. 3 атрада спяшаліся ім на выручку. Немцаў адбілі. Але не далічыліся васьмі партызан. Загінулі Трубіцын, Герой Савецкага Саюза Барыс Дзмітрыеў. Цяжка паранілі Алёшу Міцюрава.
Ён ляжаў у шпіталі. Кожны дзень Рыма хадзіла па мёрзлым балоце, а вечарам прыносіла Алёшу журавінавы сок.
Алёша ўвесь быў на ранах, з якіх не павыходзілі асколкі. Жартаваў:
— Цяпер я браніраваны.
Неўзабаве яго забраліў брыгадны шпіталь, каб дастаць з ран асколкі. Алёша памёр у час аперацыі. Яго сябар Сцяпан Нядзелька, разбіраючы рэчы Міцюрава, знайшоў схаваны тоўсты сшытак у скураным пераплёце. Сшытак быў увесь спісаны Алёшавым почыркам. Сцяпан здолеў разабраць толькі адно слова: «Рыма... Рыма... Рыма...» Алёша пісаў пра незвычайную дзяўчыну, якую кахаў. Пісаў, хаваючыся ад сяброў, па-англійску, каб хто выпадкова не прачытаў.
9
У канцы чэрвеня пачалося наступленне Савецкай Арміі на Бабруйскім напрамку. Гітлераўскія ваякі апынуліся ў «катле». Салдаты сотнямі здаваліся ў палон.
Лес дяпер гудзеў. Тут праходзіў фронт. I як ні спяшаліся гітлераўцы будаваць лініі абароны, яны не маглі стрымаць націск Савецкай Арміь
У Асіповічах ужо былі нашы рэгулярныя часці. У атрад прыйшоў загад: не кратацца з месца, пакуль не будзе цалкам ліквідаваны бабруйскі «кацёл».
Рыма ноччу пайшла да Марка. Хацелася пабыць з братам, пагаварыць. Па дарозе яны сустрэліся: Марк ішоў да яе. Яны селі ў ельніку і прасядзелі аж да раніцы. Гаварылі аб тым, што будзе, калі скончыцца вайна, а скончыцца яна хутка. Яны абодва будуць вучыцца. А цяпер, калі вернецца мама, Марк пойдзе на фронт. Рыма астанецца з мамай і Палагеяй Аляксандраўнай. Калі мама не вернецца — абодва пойдуць на фронт дабіваць ворага.
Рассталіся на досвітку. А днём Марк на кані зноў прыехаў да Рымы. Пайшлі на паляну недалёка ад лагера.
— Хутка дачакаемся перамогі, — гаварыла Рыма. — Толькі мала я зрабіла для гэтага.
— Што ты... — запярэчыў Марк. — Ты зрабіла многа. Я падлічыў: падарвала восем эшалонаў, сем мастоў, удзельнічала ў пятнаццаці засадах. А кажаш — мала!
Рыма дастала з кішэні жакеціка фотаздымкі і пачала разглядаць. Фота былі даваенныя, да іх прыбавілася некалькі здымкаў, зробленых у атрадзе.
— Давай падзелім,— папрасіў Марк.
Рыма аддала палавіну фатаграфій Марку, астатнія схавала.
— Бывай, Рыма,— сказаў Марк,— мне час ехаць.
Ён ускочыў на каня. Рыма доўга ішла моўчкі побач. Потым спынілася. Марк памахаў ёй рукой. Даехаў да прасекі, азірнуўся, Рыма стаяла і глядзела яму ўслед.
Праз гадзіну камандзір атрада Рыгор Нічыпаравіч Баразна аддаў загад ісці на Асіповічы, на злучэнне з рэгулярнымі войскамі.
Усё даўно было сабрана, і атрад, выстраіўшыся ў калону, рушыў. Ішлі полем. Часам Рыма заўважала, што жыта неяк падазрона хістаецца. Яна кідалася туды з аўтаматам і выводзіла немца з паднятымі ўгору рукамі. Пакуль дайшлі да Ліпеня, яна сабрала вялікую групу, і Гарасім Карпавіч адкамандзіраваў яе ў вёску здаць палонных. Рыма завяла іх у школу, дзе стаяў ужо наш армейскі гарнізон, забегла дамоў.
Маленькі домік быў цэлы: дах, сцены, вокны з выбітымі шыбамі. Паміж дошак на ганку расла трава, дзверы скрыпелі на адной завесе.
Рыма праціснулася ў дзверы і спынілася. Дом быў пусты. Са сцен звісалі абарваныя шпалеры. На падлозе валяліся шматкі паперы, бітая цэгла і кавалкі тынку.
У Рымы балюча сціснулася сэрца. У гэтым доме прайшло яе дзяцінства, тут яна марыла аб вялікім жыцці і адсюль яна пайшла ў жыццё па дарозе, якую сама выбрала.
Рыма павярнулася і выйшла. Бярозка ля дома была павалена, мусіць, зрэзала асколкам.
Рыма пагладзіла гладкі ствол бярозкі, прыціснулася да яго шчакой і пайшла даганяць калону.
Калона падыходзіла да шашы. Ярка свяціла сонца, разліваючы навокал святло і радасць. Хацелася хутчэй ісці, хутчэй убачыць родныя твары.
3-за павароту паказалася калона машын. Партызаны падышлі да абочыны дарогі і толькі тут убачылі, што на машынах немцы. Пачалася перастрэлка. Партызаны павярнулі да лесу: уступаць у няроўны бой не было сэнсу.
— Першы ўзвод, прыкрыць адступленне атрада!
Рыма і шэсць партызан заляглі ля абочыны.
Бой быў нядоўгі. Дзве машыны гітлераўцаў прастрачыла Рыма са свайго аўтамата. Калі скончыліся патроны, яна выстраліла з пісталета ў афіцэра. Другі афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк.
— Уперад! — закрычала Рыма, кідаючыся за ім і раптам упала на дарогу.
Атрад адступіў. Група, што прыкрывала адступленне, таксама падалася ў лес.
А Рыма асталася на дарозе. Міма яе праносіліся нямецкія машыны. На захад, на захад... Вецер варушыў на яе ілбе пасму валасоў, быццам хацеў прыкрыць імі маленькую, зусім маленькую, але смяртэльную ранку...
ЭПІЛОГ
Я сустракалася з многімі героямі гэтай аповесці.
Вера Маркаўна Кунько па-ранейшаму жыве ў Ліпені. Заслужаная настаўніца рэспублікі, яна цяпер персанальная пенсіянерка. Яе мужа Уладзіміра Данілавіча рэабілітавалі. Марк пасля вайны скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, стаў выкладчыкам гісторыі. Пасля працаваў старшынёй суседняга з Ліпенем калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Да ваенных узнагарод у яго прыбавілася і мірная — ордэн Леніна.
Жывуць яны ў доме, пабудаваным пасля вайны, па суседству з Палагеяй Аляксандраўнай Сакольчык. Па-ранейшаму яна самы блізкі для іх чалавек.
Вучні шануюць памяць Рымы. Пасля вайны яны пасадзілі алею дрэў і назвалі яе алеяй Рымы.
Не зарасла сцежка і да Рымінай магілы. Тут, ля помніка, на якім напісаны Рыміны словы: «Каб выйсці на справу вялікую, трэба гэтага толькі жадаць», праводзяцца ўрачыстыя зборы атрада. Лепшых вучняў прымаюць у піянеры, і тут, ля магілы, яны клянуцца быць такімі, як Рыма.
У Асіповічах жыве Ніна Баразна. Яна замужам, у яе двое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка, маленькая Рымачка.
Пайшоў на заслужаны адпачынак і былы камісар атрада Голант. Ён жыве ў Асіповічах на вуліцы, якая носіць імя Сумчанкі, былога намесніка камандзіра злучэння асіповіцкіх партызан. У Бабруйску жыве і працуе былы камандзір Рымінай роты Г. К. Патапейка.
Усе, з кім мне давялося сустрэцца, з вялікай цеплынёй успаміналі і гаварылі пра Рыму, называлі яе героем, патрыёткай, шчырай душы чалавекам...