Каля Знаменскай бальніцы ў Слуцкім раёне высіцца помнік загінулым воінам. Не раз я падыходзіў да яго і ўглядаўся — залатымі літарамі сярод іншых прозвішчаў значылася: Гапановіч Р. Р (з вёскі Сярэднікі).
Побач з Лучнікоўскай школай Слуцкага раёна таксама стаіць помнік загінулым у барацьбе з фашыстамі. Я ніколі не праходжу міма, а здымаю шапку і іду каля кветніка па высыпанай сцежцы. З болем у сэрцы сярод шматлікіх прозвішчаў прачытваю: Грыцкевіч П. П. (з вёскі Варкавічы).
Часта прыгадваю той світанак 17 студзеня 1945 г. перад апошнім для іх боем. Мы адкрылі кансервы, укусілі па аднаму разу, Гапановіч Раман першы паклаў сваю лыжку ў свой рэчавы мяшок і выказаўся коратка: «Не хочацца есці, нас усё роўна паб’юць, а кансервы забяры, Янучок, у свой рэчавы мяшок, калі сустрэнемся пасля бою, тады і перакусім». Яго словы паўтарыў і салдат Грыцкевіч Пятрок. На вялікі жаль, не прыйшлося мне больш сустрэцца з імі пасля таго страшнага бою. Яны абодва загінулі. У час зацішша на перадавой я развязаў свой рэчавы мяшок, седзячы ў траншэі, глянуў на тую бляшанку кансерваў і адчуў, як нечакана пасыпаліся з вачэй слёзы. Я падумаў: «Вечная памяць вам, дарагія таварышы». Зняў шапку, перахрысціўся і пачаў даядаць тыя кансервы. Яшчэ доўга па твары цяклі слёзы. У хуткім часе я напісаў дадому ліст, у якім паведаміў, што не стала маіх баявых таварышаў Грыцкевіча і Гапановіча».
...У баях з фашыстамі наш бацька быў двойчы паранены. Першы раз — асколкам міны ў правую руку вышэй за локаць, калі іх падраздзяленне дапамагала польскім сялянам збіраць ураджай на пачатку жніўня 1944 г. Было гэта ў польскім пасёлку Люта, дзе байцы спыніліся, рухаючыся на Варшаву.
Другі раз атрымаў раненне ў твар пры наступленні на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Нямецкі снайпер пацэліў якраз у пераноссе. За секунду да гэтага салдат крыху павярнуў галаву. Магутная Боская сіла ўратавала байца: куля ўвайшла ў пераноссе і выйшла пад ніжняй сківіцай. Гэта здарылася 21 студзеня 1945 г. пад горадам Гумбінен (Усходняя Прусія). Амаль тры месяцы бацька праляжаў у шпіталі ў Каўнасе (Літва).
Прайшлі гады, але ніколі не забываў гвардыі малодшы сяржант ўмелыя рукі хірургаў. Асабліва часта прыгадваў загадчыка афтальмалагічнага аддзялення Лілію Лазараўну — вялікай душы чалавека, якая зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб вярнуць маладому байцу зрок. Ці ж не цуд, што наш Іван Паўлавіч ніколі не карыстаўся акулярамі і меў зрок «адзінку»!
Лёсам было наканавана бацьку зноў вярнуцца на фронт у 202-і запасны полк у горадзе Алінштэйн. Ваяваў у складзе 11-й гвардзейскай арміі ў 5-й дывізіі. Малодшы сяржант, камандзір кулямётнага аддзялення. А яшчэ ўсім падабаўся выдатны бацькаў почырк. Не засталіся па-за ўвагай камандзіраў і яго адукаванасць і выхаванне. Таму гвардыі малодшы сяржант Янучок быў прызначаны камсоргам роты, адначасова выконваў абавязкі ротнага пісара.
З бацькавых успамінаў:
«Праз некаторы час я зноў трапіў на перадавую. Баі ішлі жорсткія. Неўзабаве былі вызвалены гарады Кёнігсберг (Калінінград), Пілау.
Пераправіўшыся на лодках, шэсць дзён наступалі на Касе (паўвостраў, які ўразаецца ў Балтыйскае мора). Пасля баёў часць размясцілася ў г. Тапіау (Усходняя Прусія) на кароткі адпачынак, дзе і сустрэлі доўгачаканы Дзень Перамогі. Цяпер гэта горад Гвардзейск Калінінградскай вобласці.
Дарэчы, назва Тапіау ў перакладзе з прускай мовы азначае «цёплае поле». Мы і сапраўды ўпершыню за доўгія ваенныя гады адчулі вясну. Я падумаў, што дома, напэўна, зацвілі сады...»
...Наш бацька Іван Паўлавіч быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны другой групы. Меў урадавыя ўзнагароды: медалі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй». У мірны час да іх далучыліся ордэн Айчыннай вайны ІІ ст. і шматлікія юбілейныя медалі.
У канцы 1945 г. бацька скончыў трохмесячныя шафёрскія курсы. Летам 1946 г. іх часць перавялі ў Полацк, дзе малодшаму сяржанту Янучку давялося працаваць шафёрам спачатку на грузавой машыне ЗІС-5, а потым — на ГАЗ-2А, але мара стаць настаўнікам не пакідала яго.
28 лютага 1947 г. Іван Янучок быў дэмабілізаваны. Пайшоў працаваць у калгас «Чырвоны маяк», куды ўваходзілі вёска Падліпцы і пасёлак Манькова. У 1948/49 навучальным годзе прадоўжыў вучобу ў Слуцкім педвучылішчы. Восенню 1949 г. бацьку накіравалі на працу ў Сяражскую школу Слуцкага раёна настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дзе ён адпрацаваў больш за 40 гадоў. У працоўнай кніжцы — толькі адзін запіс.
У 1954 г. скончыў завочна Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (беларускае аддзяленне). У 1958 г. — Гомельскі дзяржаўны педінстытут імя В. П. Чкалава. Потым тэатральны факультэт Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр драматычнага тэатра». Падчас вучобы веды Івана Янучка па рэжысуры ацэньвалі вядомыя артысты маскоўскіх тэатраў І. Я. Трубнікаў, В. В. Грыднева.
Усё жыццё Івана Паўлавіча было прасякнута любоўю да сцэны: спяваў у хоры, вёў у школе драмгурток, у якім з настаўнікамі і вучнямі паставіў такія спектаклі, як «Цуд» паводле твора Эдуарда Валасевіча, «Прымакі» паводле Янкі Купалы. А ў «Калінавым гаі» паводле твора Аляксандра Карнейчука бацька быў не толькі рэжысёрам, але і артыстам, які прафесійна стварыў вобраз пісьменніка — галоўнага героя спектакля.
...У сям’і нас шасцёра. Мы ўжо самі маем дзяцей, а хтосьці з нас — нават унукаў, і ўсе перад бацькавым лёсам схіляем галовы. Ён заўсёды з цікавасцю ставіўся да нашай з сястрой Таісай творчасці, з радасцю вітаў кожны новы верш, публікацыю ці чарговы зборнік паэзіі. Любіў пасля працоўнага дня пабыць у садзе, агледзець дрэвы, паслухаць спевы птушак. І марыў толькі аб адным: каб не было больш вайны, не гінулі людзі, каб былі шчаслівыя дзеці, унукі і праўнукі.
На вялікі жаль, не дачакаўся наш Іван Паўлавіч і не змог парадавацца за аднаго са сваіх праўнукаў, унука дачкі Алены, дэсантніка, які годна прадоўжыў традыцыі прадзеда-франтавіка ў мірны час, несучы вайсковую службу ў асобнай мабільнай 103-й брыгадзе сіл спецыяльнага рэагавання ў Віцебску. Сімвалічна, што ў 2015 г. гвардыі сяржант Арцём Анцыповіч меў гонар і вялікую адказнасць прымаць удзел у сталічным юбілейным парадзе, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі.
...Пятага жніўня 2011 года мы асірацелі канчаткова. Нашага бацькі не стала. Пакінуў нас ён на 89-м годзе жыцця. Развітацца з ім прыйшлі аднавяскоўцы, былыя вучні, шматлікія родзічы.
Слуцкі раённы ваенкамат накіраваў зводнае падраздзяленне з ліку сяржанцкага саставу для правядзення пахавальнай цырымоніі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Паўлавіча Янучка.
Я ўпершыню за доўгія гады пераступіла парог роднай хаты. Немагчыма перадаць увесь боль і шкадаванне, што агарнулі душу. Слёзы, даўкія, гарачыя, засцілалі вочы. Столькі недагаворана, столькі недалюблена. столькі розных перашкод і недарэчнасцяў раздзялялі нас. І хоць мы сустракаліся даволі рэдка, і не па нашай віне так здарылася, што мы, дарослыя дзеці ад першага яго шлюбу, даўно адышлі на задні план, усё ж мы заўсёды ведалі, што бацька ў нас ёсць, жывы і здаровы. І мы, ужо сталыя людзі, як ні дзіўна гэта гучыць, адчувалі сябе абароненымі. Як на нялёгкім жыццёвым фронце.
А цяпер наш абаронца пакінуў нас. І свет стаў адразу іншым — пустым і шэрым, хоць шчодра свяціла жнівеньскае халоднае сонца.
Лёс двойчы зрабіў для нас жнівень месяцам непамернай страты.
...У выкананні ваеннага аркестра загучаў гімн нашай краіны і было дзіўна, што бацька ў гэты час ляжыць. А ён жа сам вучыў кожнага з нас пад гукі гімна стаяць «смірна». Не варушыцца, апусціць рукі і стаяць, пакуль не закончыцца гэтая святая для кожнага грамадзяніна мелодыя. Для яго гэта было вельмі важна. Не мог ён па-іншаму. І раптам — ляжыць. І рукі складзеныя. І розум адмаўляецца верыць таму, што адбываецца.
Тройчы прагрымелі сухія і кароткія залпы развітальнага салюту. І ўсё. і толькі грудочак жоўтага жвіру. і безліч кветак, як у тым пераможным маі 1945-га.
...Будучы на канферэнцыі ў Вільнюсе ў Літве, я знайшла магчымасць наведаць Каўнас. Доўга шукала будынак, дзе ў 1945 г. мог размяшчацца шпіталь. Дапамагалі жыхары Каўнаса, але, на жаль, знайсці яго за тыя кароткія некалькі гадзін мне не ўдалося. На вуліцах старажытнага горада я старалася ўявіць, што адчуваў мой дваццацідвухгадовы бацька, калі быў тут на лячэнні. Здавалася, вось зараз сустрэну яго, маладога, спакутаванага, з перабінтаванай галавой і тварам. Дапамагу, пашкадую, абдыму.
Вечарам у вільнюскай гасцініцы я шмат думала пра няпросты бацькаў лёс, пра яго незвычайнае салдацкае шчасце, пра нашу сірочую долю і пра Вас, мама. І пра нас, Вашых з бацькам шасцярых дзяцей. і пра Вашых унукаў: Ірыну і Валерыя — Аленіных дзяцей, Вадзіма і Дзяніса — Грышавых, Пятра і Наталлю — Тамарыных, Наталлю і Аляксандру — Ларысіных, Сяргея і Таццяну — Таісіных, Ганну і Анастасію — маіх. Думалася, што так ні разу і не ўдалося нам сабрацца, хоць аднойчы, усім разам у нашай сяражскай хаце, Вашым дзецям, унукам. Праўнукам — Яне, Арцёму, Лізавеце, Сямёну, Марыне, Дзмітрыю, Анастасіі, Арыне, Наталлі, Кацярыне, Раману і маленькаму Івану, унуку Таісы, які нарадзіўся 9 мая 2012 г., у Дзень Перамогі.
Мая Айчына
Да болю родная зямля,
Лугі і пералескі.
І шэпт ляснога ручая,
І ўсмешка першае пралескі.
І зорак вечны карагод
У шчодрым небе.
І працавітых душ узлёт
У лусце хлеба.
Сюды вяртаюся з дарог.
І ёсць прычына:
Паходняй свеціць мне здалёк
Мая Айчына.
Незабыўны Іван Данілавіч
Лёс звёў мяне з Іванам Данілавічам — Янкам Сіпаковым, беларускім паэтам, празаікам, перакладчыкам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, у 2008 г. падчас маёй працы ў якасці галоўнага інспектара Міністэрства адукацыі. Мы разам думалі, як давесці да нашых школьнікаў дарагую яго сэрцу кнігу эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі».
Іван Данілавіч заўсёды па-бацькоўску падтрымліваў мяне, асабліва пасля прызначэння на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова».
Праз некалькі дзён маёй працы ў рэдакцыю прыйшла бандэроль, дзе была кніга «Наталенне смагі» Янкі Сіпакова з дарчым надпісам: «Вельмі паважаная Зоя Іванаўна! Па-мойму Вам абоім пашанцавала! Так што віншую і Вас, і «Роднае слова» з сустрэчаю! Веру, што Ваша дружба дасць цудоўны плён і будзе Вам (і нам таксама!) толькі ў радасць! Шчыра Ваш — Янка Сіпакоў. 21 чэрвеня 2009 г.»
Сапраўдным крытыкам і дарадцам быў для нас Іван Данілавіч. Кожны нумар часопіса на працягу некалькіх гадоў прачытваўся ім ад першай да апошняй старонкі. А мы, супрацоўнікі рэдакцыі, з нецярпеннем чакалі ад яго званка. Ён тэлефанаваў і аналізаваў кожную публікацыю, хваліў часопіс, часам нешта падказваў, з нечым не пагаджаўся, але такое здаралася вельмі рэдка.
Іван Данілавіч гаварыў, што «сапраўдны пісьменнік павінен абавязкова стварыць сваю літаратурную сістэму каардынат, прапанаваць свой лад творчых каштоўнасцяў.» Ён вучыў, «што пісьменнік павінен быць пазнавальным. Нават па адным сказе, адным радку. Па стылі ж, па манеры пісьма не зблытаеш вялікіх Талстога і Дастаеўскага, Чэхава і Буніна. Ды і нашых Купалу і Коласа, Барадуліна і Гілевіча, Вярцінскага і Пісьмянкова. Пісьменнік павінен быць своеасаблівым, арыгінальным, не падобным ні да кога не толькі тым, як ён піша, але і тым, як ён думае, разважае, бачыць. Вось гэта і ёсць тая «сістэма каардынат», пра якую я згадаў раней».
Янка Сіпакоў быў сярод іншых запрошаных на нашым з Таісай творчым вечары ў Інстытуце пагранічнай службы. Пасля вечарыны патэлефанаваў і выказаў добрыя шчырыя словы, пажадаў творчых поспехаў. Тэлефонная размова доўжылася больш за паўгадзіны, але час праляцеў імгненна. Я не магла паверыць, што сам Янка Сіпакоў, аўтар «Веча славянскіх балад» і «Усміхніся мне», «Зялёнага лістка.» і «Зубрэвіцкай сагі», кнігі перакладаў з літаратур свету «На волю птушку выпускаю» (і многага іншага, што яшчэ будзе па-сапраўднаму ацэнена нашчадкамі!), дае станоўчую ацэнку маёй творчасці, ставіць на першае месца не колькасць напісаных мною вершаў, а якасць кожнага з іх.
Ён быў далікатным і вельмі сціплым чалавекам. Адораным і таленавітым. Дзіця вайны. Прадстаўнік філалагічнага пакалення.
На маю просьбу расказаць, як прыходзіла моладзь у літаратуру ў пасляваенны час, Іван Данілавіч адказаў наступнае: «Дзякуй, Зоя Іванаўна, за гэтае цудоўнае пытанне. Мне самому даўно карціць сказаць добрае слова пра дарагіх маіх паплечнікаў, сяброў, выдатных пісьменнікаў ХХ стагоддзя.
На мой погляд, дзеці вайны — магутнае літаратурнае пакаленне, якое працавала ў беларускай літаратуры шчыра, захоплена, апантана і стварыла сваю, сумленную і высакародную, літаратуру. Літаратуру ў літаратуры. Нібыта сам Бог пасля такой навалы, якую перажылі мы, злітаваўся над намі і падараваў нашаму прыгожаму пісьменству такую моцную і слаўную кагорту сапраўдных талентаў!
Мы, сіроты і партызанскія дзеці, галодныя і босыя, але багатыя душою, чыстыя і сумленныя, са шчырымі памкненнямі і асалодаю настойліва ўзяліся за працу.
Да літаратуры ў нас былі вельмі цнатлівыя і чыстыя адносіны — мы любілі яе і пакланяліся ёй. Яна была для нас сапраўдным храмам, і мы, перад тым, як увайсці ў гэтую святыню, доўга і цярпліва выціралі ногі. І ўсе мы яшчэ апантана любілі сваю Радзіму.
Мы ішлі ў літаратуру не кожны паасобку, а менавіта пакаленнем — плячо ў плячо. Таму і радаваліся не толькі сваім поспехам, але і поспехам сяброў і паплечнікаў.»
Так атрымалася, што мая гутарка з Янкам Сіпаковым, змешчаная ў № 1 часопіса «Роднае слова» за 2011 год, стала яго апошнім інтэрв’ю. 7 сакавіка, напярэдадні свята, ён тэлефанаваў мне, віншаваў, пытаўся пра нашы рэдакцыйныя справы і — раптам.
Стоячы з супрацоўнікамі рэдакцыі каля труны, я шаптала словы ўдзячнасці і малітвы. Як шкада, што так мала часу мы былі знаёмыя з Іванам Данілавічам. Дзякуй богу, што гэтае знаёмства і сяброўства было.
Ведаеце, мама, столькі святла сыходзіла ад гэтага таленавітага чалавека, столькі дабрыні і ні з чым не параўнальнай сапраўднай беларускай інтэлігентнасці!..
Некалькі месяцаў мы яшчэ па звычцы чакалі яго званка ў рэдакцыю.
На маім рабочым стале ў кабінеце галоўнага рэдактара заўсёды знаходзіцца некалі кніг. Яны — мой абярэг на сёння, заўтра і на будучыню. Сярод іх той незабыўны «Зялёны лісток.», з якога пачыналася наша сяброўства, з памятным дарчым надпісам: «Вельмі шаноўнай Зоі Іванаўне Падліпскай, якая так шчыра абараняла гэты вельмі дарагі мне «Зялёны лісток», — з неверагоднаю ўдзячнасцю і павагаю. З дабратою да Вас — Янка Сіпакоў».
Дай сілы, Бог
О Беларусь! Рамонкам белакрылым
Ты прарасла у сэрцы назаўжды.
І дай нам, Бог, знайсці, нарэшце, сілы,
Каб вызваліць свой край з нямой бяды.
Дай годнасці,
каб уваскрэсіць слова,
Не апускаць ад сораму вачэй.
Каб не стагнала беларусаў мова
Гаротнай падчаркай сярод дзяцей.
Дай памяці,
каб не забыць навекі
Крывінак след у росах дзірвану,
Каб звацца чалавеку чалавекам
Пад шчодрым небам колеру ільну.
Дай святасці,
каб пакланіцца Храму,
Які мы зневажалі столькі год.
Малюся ў Курапатах кожнай яме,
Дзе прычашчалі смерцю мой народ.
Дай мужнасці, сапраўднай дай адвагі
Прачнуцца ад сляпога забыцця.
Расплюшчыць вочы горкім бедалагам,
Дай сілы, Бог, а значыць — дай жыцця.
Феномен даследчыка і летапісца
Завяршаўся 2012 год, які быў абвешчаны Годам кнігі. Ён запомніўся шматлікімі прафесійнымі і культурна-асветніцкімі мерапрыемствамі, ушанаваннем юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма
Танка, арганізацыяй і правядзеннем рэспубліканскіх і міжнародных кніжных выстаў, сустрэч з пісьменнікамі.
Менавіта ў гэты час, пазначаны паважлівым стаўленнем да Кнігі, павышэннем яе ролі ў грамадстве, адбылася знакавая, на маю думку, падзея не толькі ў беларускай культуры, але і ў навуцы: выйшлі ў свет і высока ацэнены грамадскасцю кнігі-летапісы, кнігі-даследаванні пра старажытныя беларускія роды пісьменніка Анатоля Статкевіча-Чабаганава.
У Год кнігі паважаны аўтар на дабрачыннай аснове падтрымаў фарміраванне фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, перадаўшы каля 700 экзэмпляраў сваіх кніг. З дапамогай Нацыянальнай бібліятэкі кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава распаўсюджаны ў бібліятэкі краіны і замежных дзяржаў — Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літвы, Расіі, Украіны, Канады, Злучаных Штатаў, Англіі, Францыі і інш.
Мы пазнаёміліся з Анатолем Статкевічам-Чабаганавым і яго творчасцю ў студзені 2010 г., калі ён завітаў у рэдакцыю «Роднага слова». Анатоль Васільевіч прынёс не проста рукапісы, а папярэднюю вёрстку адразу шасці тамоў свайго даследавання, прыкладна па 600 старонак кожны! Сказаць, што мы былі здзіўлены — не сказаць нічога. Упэўнена, што такога кшталту даследавання няма не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. І ўсё гэта плён нястомных пошукаў на працягу дваццаці гадоў. Апантана працуючы, пра публікацыі ў друку пэўны час не думаў. Г алоўнае было — адшукаць неабходныя звесткі, каб за пылам гісторыі не страціць унікальнай інфармацыі пра таго ці іншага прадстаўніка старажытнага роду.
Вось яна, рэдактарская ўдача — грунтоўны матэрыял з рук самога даследчыка! А будучы лаўрэат высокіх прэмій і атрымальнік шматлікіх узнагарод за свой сапраўдны духоўны подзвіг спакойна, з ветлівай годнай усмешкай назіраў за нашай збянтэжанасцю ад убачанай упершыню ў жыцці такой фундаментальнай працы. Ён, зразумела, ведаў сапраўдную цану зробленаму.
Ужо ў красавіку таго ж года ў раздзеле «Нацыянальная і сусветная культура» пад рубрыкай «Вяртанне да вытокаў» чытачы часопіса «Роднае слова» змаглі пазнаёміцца з артыкулам «Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша»». Адразу адчулася жыццёвая праўда, інтэлігентная шчырасць, энергетыка радка, добрае веданне тэмы. Яно і зразумела. Аўтар распавядаў пра набалелае, перажытае ім і ягонымі продкамі. Прадстаўнікі старажытнага дваранскага роду спазналі ў жыцці горыч расчараванняў і трагедыю найвялікшых страт у пераломныя моманты гісторыі краіны.
Па сутнасці, пісьменнік паказаў праўдзівую гісторыю Айчыны ў асобах, раскрыў яе ў чалавеказнаўчым плане за пяць апошніх стагоддзяў. А гэта ўжо новы погляд на вывучэнне гісторыі, якую мы звычайна разглядаем праз прызму спосабу вытворчасці, ладу жыцця, значных падзей. Аўтар жа ідзе ад аповеду пра жыццё як звычайных людзей, якія проста жылі на гэтай зямлі, вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей, марылі і спадзяваліся на лепшае, а калі трэба было абараняць Айчыну, мужна змагаліся, не шкадуючы жыцця, так і вядомых, якія пакінулі адметны след у гісторыі. Як, напрыклад, мітрапаліт Кіеўскай і ўсяе Русі Грыгорый, архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іван, якія служылі справе духоўнасці ў XV—XVI стст., як вядомы акадэмік і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч, камандуючы ПДВ СССР генерал Казанкін. Кожны з герояў даследавання Анатоля Статкевіча-Чабаганава — рэальная, нявыдуманая асоба са сваім няпростым лёсам, пазначаным часам, у які давялося жыць.
Адразу захацелася больш даведацца пра наша мінулае. І пісьменнік не прымусіў ні нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, ні чытачоў доўга чакаць. У майскім нумары часопіса «Роднае слова» за 2010 г. быў апублікаваны наступны артыкул пра старажытны род Карафа-Корбутаў. З’явіліся аўтарскія публікацыі ў «Полымі», «Нёмане». І вось ужо на працягу амаль трох гадоў у часопісе «Роднае слова» існуе пастаянная рубрыка «Вяртанне да вытокаў», дзе Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядае пра шматлікія шляхецкія роды Беларусі, шчодра дзеліцца ўнікальным па сваёй сутнасці матэрыялам.
Неўзабаве адна за адной пачалі выходзіць з друку кнігі з заснаванай даследчыкам серыі «Летапіс беларускай шляхты». На беларускай мове — у «Родным слове», на рускай — у выдавецтве «Беларуская Праваслаўная Царква». Калі ўлічыць, што пісьменнік працаваў над серыяй кніг больш за дваццаць гадоў, то нічога дзіўнага тут няма. Захапляе іншае: навуковая дакладнасць, пацвярджэнне кожнага факта біяграфіі герояў твораў шматлікімі архіўнымі дакументамі, глыбіня і маштабнасць матэрыялу. Прасочаны лёсы дзясяткаў тысяч людзей! Вызначана аўтарская метадалогія даследавання, якой ужо можна навучаць паслядоўнікаў у гэтай найскладанейшай, але такой неабходнай для будучыні, для выхавання гістарычнай памяці ў новых пакаленняў.
Пры знаёмстве з героямі твораў Анатоля Статкевіча-Чабаганава міжволі захапляешся іх высакароднасцю, шляхецкай годнасцю, мужнасцю і самапавагай, здавалася б, у самых безнадзейных жыццёвых сітуацыях.
Кожны з герояў пісьменніка ўнікальны, са сваім адметным лёсам. Сэрца сціскаецца, калі чытаеш пра Аляксандру Іванаўну Карафа-Корбут (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч), адну з васьмі сясцёр дзеда Анатоля Статкевіча-Чабаганава.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксандры Іванаўне было ўжо 72 гады. Два сыны і дачка пайшлі на фронт, трое сыноў — у партызаны. Праз некаторы час Аляксандру Іванаўну арыштавалі. Удзельнічаў у гэтым злачынстве і начальнік мясцовай паліцыі, былы старшыня сельсавета, які да вайны пужаў іх сям’ю раскулачваннем. Жанчыну доўга катавалі, але яна не выдала сваіх дзяцей-партызан. Праз некалькі дзён яе жывой закапалі ў зямлю.
Захапляе стойкасць духу Ганны Забэлы з роду Татураў, якая не скарылася і не змяніла веру, што прыняла ад нараджэння. Г анна Самуілаўна памерла ў 1855 г., застаючыся каталічкай.
Сярод шматлікіх герояў кніг Анатоля Статкевіча-Чабаганава — архіепіскап Полацкі Яўфімій і ігумення Полацкая Настасія, войт горада Магілёва, сакратар каралеўскі Пётр Казановіч, князі Юхневічы-Бербашы і ГлінскіяЛіхадзіеўскія, пачынальнік магутнага магнацкага роду Тышкевічаў Тышка Каленікавіч.
У год святкавання 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 г. выйшла з друку чарговая кніга Анатоля Статкевіча-Чабаганава пра старажытны магілёўскі дваранскі род Казановічаў герба «Гржымала». Яна стала значным унёскам у беларускую і расійскую культуру, своеасаблівым падарункам як да Года кнігі, абвешчанага ў Беларусі, так і да расійскага Года гісторыі.
Многія з роду Казановічаў пакінулі яскравыя старонкі ў летапісе краіны. Узгадаем шасцярых сыноў Гаўрыіла Пятровіча Казановіча, якія сталі героямі Айчыннай вайны 1812 г.
Цікава, што вобраз аднаго з прадстаўнікоў роду, Барыса Ільіча Казановіча, рускага генерала Белай гвардыі, Аляксей Талстой паказаў у рамане «Хаджэнне па пакутах», нават не змяніўшы прозвішча.
Кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава адразу прыцягнулі ўвагу крытыкаў і вядомых вучоных. Надрукаваны шэраг станоўчых рэцэнзій, водгукаў у часопісах «Роднае слова», «Полымя», «Архіварыус», «Минские епархиальные ведомости», «Беларусь», у газетах «СБ — Беларусь сегодня», «ЛіМ», «Звязда», «Белорусская Нива», «Настаўніцкая газета», «Комсомольская правда» і інш.
У 2012 г. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За ўклад у вывучэнне і прапаганду духоўнай і культурнай спадчыны, стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш», прысвечаным дваранскім родам Беларусі».
Часам за аналізам творчасці таго ці іншага пісьменніка неяк не звяртаецца ўвага на асобу аўтара. А між тым, пэўныя, здавалася б, нязначныя дэталі ці факты з біяграфіі пісьменніка могуць стаць ключавымі для разгадкі яго творчага дару.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з дзяцінства ведаў пра прыналежнасць сям’і да старажытнага дваранскага роду, пра трагедыі, якія абрынуліся на сям’ю ў ХХ ст., і адна з іх — арышт і гібель дзеда, Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча. Хлопчык адчуваў усім сэрцам той бясконцы боль, што давялося перажыць бабулі, Марыі Аляксандраўне, якую з малымі дзецьмі адправілі ў высылку ў Комі-Пярмяцкую акругу. З гадамі ўсё больш умацоўвалася жаданне даведацца праўду. А даведаўшыся, Анатоль Васільевіч зрабіў усё магчымае, каб данесці гэтую праўду да людзей. І шчырае сыноўняе слова ператварылася ў магутны гімн свайму роду, а таксама яшчэ дзясяткам старажытных беларускіх родаў, стала знакавай падзеяй не толькі ў Беларусі, але і за мяжою...
Беларуская навука, думаецца, яшчэ дасць грунтоўную ацэнку даследчай дзейнасці Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Але і цяпер ужо відавочна, што гэта — фенаменальная падзея ў культуры і гісторыі нашай краіны. Адзін чалавек, быццам парастак магутнага радаводнага дрэва, змог аднавіць, дакладна вывучыць, даследаваць і зберагчы для нашчадкаў гісторыі тысяч лёсаў далёкіх продкаў. І якім абярэгам адразу паўстае іх духоўная энергія для сучаснікаў і тых, хто яшчэ народзіцца на свет! Як мацуецца жыватворнымі сокамі магутнае радаводнае дрэва!
Вітаючы шматлікія дасягненні пісьменніка, жадаем яму цікавых адкрыццяў і плёну ў нястомных даследчых пошуках. Чакаем яго новых твораў, якія стануць яшчэ адным значным унёскам у развіццё і захаванне беларускай культуры.
Калектыў «Роднага слова» і я як галоўны рэдактар усцешаны тым, што самым непасрэдным чынам далучыліся да рэалізацыі праектаў гэтага вядомага пісьменніка, даследчыка і летапісца.
Карані і крылы. Татаршчына — 2014
Мамачка, сёння, 3 мая 2014 г., у нашай сям’і незвычайна знакавая падзея. Мы садзім у Татаршчыне сямейны сад — яблыні, грушы, вішні, слівы, чарэшні, персікі, нектарын, абрыкосы. Пасадзілі два абляпіхавыя дрэўцы і нават некалькі кусцікаў бэзу з манькоўскага падвор’я бабулі Арыны.
Так, сад на нашай з Ларысай уласнай зямлі, якую мы сумесна купілі ў роднай вёсцы Івана Аляксандравіча, светлая яму памяць.
Адчуваеце, як гучыць? На ўласнай зямлі. Вось калі пачынаеш больш разумець мележаўскага Васіля Дзятліка з «Людзей на балоце» і цалкам пагаджаешся з Якубам Коласам: «Зямля — аснова ўсёй Айчыны». Толькі каб гэта зразумець, да гэтага трэба «дарасці» душою.
Удзельнічалі ў пасадцы сем’і брата Грышы, сястры Ларысы, Таіса з дачкой Таццянай і я з дзецьмі Ганначкай і Насцечкай. Сёстры Алена з Тамарай таксама бралі ўдзел у «пасадцы саду стагоддзя» — маральна і матэрыяльна. Ніхто не быў раўнадушны да гэтага сакральнага дзейства. Нават наша маленькая Лізавета, унучка Грышы, дачка Дзяніса і Ганны Янучкоў, завіхалася з сапраўднай невялічкай рыдлёўкай. І як толькі заўважала, што дзед ізноў нясе цяжкую каністру з вадой, каб паліць дрэўца, кідалася да яго:
— Дзед, дай дапамагу!
Рыгор Іванавіч даваў магчымасць унучцы ўзяцца за дужку і разам яны тупалі да дрэва, палівалі. Тады ён ішоў за наступнай, а Лізачка бегла да сваіх мамы з татам — трэба ж нешта і ім дапамагчы. У кожнага, хто гэта бачыў, цяплела на душы.
Усе жартавалі, радаваліся, прасілі дрэўцы, каб раслі моцнымі і вялікімі. Мы з Ларысай, як некалі бабуля Арына, бясконца прыгаворвалі: расціце, квітнейце, прыносьце плады на ўсіх долю.
...Дачнае жыццё пачалося. Усю вясну мы шчыравалі. Распрацавалі некалькі сотак зямлі. Рукамі перабралі кожны яе сантыметр, выносілі дзёран і каменне, якога тут, на Стаўбцоўшчыне, вельмі многа. І нават не стаміліся — з такой радасцю і настроем усё рабілася.
...Пасаджаныя дрэўцы, як малыя дзеці, патрабуюць догляду. Чаго толькі каштуе прынесці ад суседзяў праз дарогу па вядры вады пад кожнае (свайго калодзежа, як і святла, пакуль што няма). Але мы стараемся. І з кожным днём дрэвы робяцца ўсё мацнейшыя.
Цяжка пачынаць на новым месцы, калі там толькі адзін дзірван. Але праз некалькі месяцаў у нас ужо зелянее сад ажно на 42 дрэўцы, радуюць сваімі дарамі распрацаваныя да сантыметра некалькі сотак, адведзеныя пад агарод, ветла прымае нас і нашых дзяцей утульны невялічкі гасцявы домік, пастаўлены перад пачаткам асноўнага будаўніцтва.
Амаль кожныя выхадныя мы праводзім тут, у Татаршчыне. І зноў — праз столькі гадоў! — адчуваем той да болю родны сасновы водар, ранішні халадок на роснай траве, бачым начное зорнае неба і слухаем спеў лясных жаваранкаў, якія кожны дзень заліваюцца над нашым домікам, а некаторыя прылятаюць і садзяцца адпачыць ці паназіраць за намі на драўляныя калочкі, да якіх падвязаны нашы пладовыя дрэўцы. Якое ж цікавае жыццё на прыродзе! Часта ўспамінаем бабулю Арыну, якая таксама жыла на хутары каля лесу. Асабліва калі нясём з лесу дроўцы або распальваем на вуліцы невялічкую печку-буржуйку.
Лета 2014 года здзіўляе незвычайнай гарачынёй. Ноччу ў гасцявым доміку, абшытым вагонкай, стаіць прыемны сасновы водар, і так добра спіцца. Але раніцай, пасля дажджу, мы ўжо дружна шыбуем у «наш» лес, які называюць тут Казіна (мікратапонім), па маладыя лісічкі.
Даўно, ой, як даўно не было такога свята на душы ад яднання з роднай прыродай, ад святога адчування: мы — дома.
29 ліпеня 2014 г. у нас завяршылася яшчэ адна важная сямейная праца. Ура! Заліты падмурак пад наш новы дом з мансардаю. Самае важнае, што закладзены ён у нашай любімай Татаршчыне. І яшчэ даволі цікавы факт: да рэвалюцыі гэтая зямля (каля вёскі Татаршчына да суседняй вёскі Грызаўшчына, тэрыторыя ад самай рэчкі Воўкі і да Казіны) належала сям’і Татарыцкіх — продкам Ларысінай свекрыві Яніны Канстанцінаўны, у дзявоцтве Татарыцкай. Набылі яе ў княгіні Гагенлоэ.
30 ліпеня заключылі дамову са Стаўбцоўскім РЭС. Значыць, хутка ў нас будзе святло. Застаецца заказаць план, купіць апору і кабель, пракапаць траншэю. Можа, хто-небудзь нас і не зразумее: што ж гэтым сталічным жыхарам трэба? Няўжо рамантыкі захацелася? І рамантыкі таксама, і адчування прыналежнасці да роднай зямлі, і адчування вялікай еднасці з роднай сям’ёю.
І калі наш самы маленькі на гэты час гадавалы ўнучак Сямён Янучок памаленьку перабірае яшчэ кволымі ножкамі па траве ў нашым сямейным садзе, мы, дарослыя, адчуваем, што ўсё недарэмна. І што мары збываюцца. І што чалавека на зямлі трымаюць яго карані і вытокі. І крылы для палёту душы таксама адсюль — з радзімы.
...Чакаем буслоў і верым, што яны абавязкова паселяцца ў нас і пасябруюць з нашай вялікай і дружнай сям’ёй.
Р. S. 30 жніўня 2014 г. завяршылі работы па ўсталяванні апоры і электралічыльніка. Ура! У нашым гасцявым доміку з’явілася святло!
Пахне бэз
Давала ўжо не раз сабе зарок:
Самотных вершаў думаць
больш не трэба.
А памяць, як маланка,
назнарок
Цаляе ў рыфму, рассякае
неба,
Куды гляджу з надзеяй
і тугой,
Дзе ўвечары гаюча свецяць
зоры.
Мне б развітацца з ціхаю
журбой
І адпусціць бязладнае «учора».
Няхай грымоты, і сцяною
дождж.
Сугучна думкам водная стыхія.
...Зноў пахне бэз. І ветрык
басанож
Бяжыць у верш, прасветлы
і шчаслівы.
Сталае пачуццё
Вось і прыйшло яно, нарэшце, сталае прыгожае пачуццё. Калі дыхаеш з любым адным паветрам, калі прыхінаешся шчакою да роднага моцнага надзейнага мужчынскага пляча і адчуваеш найвялікшую, наймагутнейшую абароненасць у свеце. Калі сэрцы нашы б’юцца ў такт. І калі ты яшчэ толькі падумала, а ён ужо дакладна ведае, што ты хочаш сказаць.
Так, мама, Бог падарыў мне сустрэчу з чалавекам, да якога я ішла праз усё сваё свядомае жыццё. Ведаеце, каханне ў сталым узросце крыху іншае, як у безагляднай маладосці. Цяпер па-іншаму адчуваецца і жывецца. Цяпер цэніш кожнае імгненне, і цяпер цэняць цябе. Жывуць тваімі клопатамі, радасцямі і праблемамі. Не рамантычна абяцаюць, а робяць сапраўдныя ўчынкі. Калі і гаварыць пра каханне не трэба — кожны крок і ўздых, кожная секунда жыцця пранізана гэтым усеабдымным пачуццём. Зямным, шчырым, чалавечым.
А можа, так адбываецца таму, што ён пасланы мне Богам і лёсам. А ўсё тое, што было да гэтага, — вялікая каштоўнасць у жыцці, ды не мая.
* * *
Аберажы мяне ад звадак і нягод.
Засцеражы, накрый крылом пяшчоты.
Мелодыяй світальнаю употай
Ўдыхні жыццё у сцішаны радок.
Стань лірнікам, шчаслівым вестуном
Маіх нязбытых смелых летуценняў.
.Загадкавасцю казачных імгненняў
Вясна ваўсю шчыруе за акном.
Наш добры знак, жыццёвы абярэг —
Забыты хмель чаромхавага рання
І вечная мелодыя кахання
У абуджэнні паўнаводных рэк.
Жаночы лёс
Столькі святла, цеплыні і блакіту!
Сэрца спявае, радасць — наросхрыст!
Сіняя сінь — то валошкі у жыце.
Белая бель — то жыцця майго вёсны.
Куфар гадоў напалову запоўнен,
Ды не стаміліся ткаць яшчэ кросны.
Хвалі пачуццяў. Надзейны мой човен.
Зоры начамі мілуюцца ў плёсах.
Доўга да шчасця душу рыхтавала,
Кужаль свой шэры адбельвала ў росах.
Вось і кладуцца так гожа і стала
Лёсу палотны, як травы ў пракосы.
Столькі святла, цеплыні і блакіту!
Рунь збажыной стане спелай аднойчы.
Любы мой, светлым каханнем спавіты
Сноп нашай долі, як лёс мой жаночы.
Жыццё прадаўжаецца...
Боль ад страты самага дарагога ў свеце чалавека, Вас, мама, назаўсёды пасяліўся ў сэрцах Вашых дзяцей.
Кожны раз, калі надыходзіць жнівень, думкі мае міжволі апынаюцца ў тым трывожным месяцы 1972 года. Ізноў вяртаюцца ў дзяцінства, і яскрава бачыцца кожная хвіліна таго трагічнага 24-га дня.
Але жыццё прадаўжаецца. Кожным ранкам узыходзіць сонца, дае цяпло і святло людзям. Радуюць поспехамі дзеці. Кожнага дня кліча да сябе любімая работа, маё «Роднае слова». Свежым ветрам і чыстаю расою лечыць мае душэўныя раны і трымае на свеце моцнае і светлае маё апошняе каханне. Пішуцца новыя вершы. Наталяецца душа добрай музыкай. Шануюць родныя, наша вялікая і дружная сям’я, захоўваючы ў душах нерастрачаную любоў і бязмерную ўдзячнасць да Вас. Шанцуе на добрых людзей, калег і сяброў. Радуе і дае новыя сілы для жыцця і творчасці сямейны сад. Імкнуцца галінкамі ўвысь, да святла і сонца, два мала дзенькія клёнікі, пасаджаныя восенню Ларысай да майго дня нараджэння на нашым уласным падвор’і ў Татаршчыне.
Сёмага кастрычніка, мама, у мяне юбілей. Ваша маленькая Зоя стала не проста дарослаю. За плячыма цэлае паўстагоддзе складанага, але і шчаслівага жыцця!
Я распавяла Вам пра многае, а колькі яшчэ па-за радкамі маёй шчырай споведзі! Але пра гэта іншым разам.
Нізка кланяюся Вам, мама, і малю Бога за Вас.