Кірыл Стаселька
Marginalis
Раман
I
У зносінах з новымі людзьмі я нярэдка магу падацца бестактоўным. Пры першай сустрэчы ад мяне можна пачуць мноства пытанняў, часам дастаткова інтымных. Пытанняў, датычных працы, заробку, сяброў, сям’і, занятасці бацькоў ды некаторыя іншыя, у залежнасці ад сітуацыі. Вядома, у жывой размове яны выглядаюць не так груба і маюць больш завуаляваны характар. У любым выпадку, падобная дапытлівасць не з’яўляецца вынікам маёй бескультурнасці або дрэннага выхавання. Справа ў тым, што мяне заўсёды цікавілі гісторыі, біяграфіі людзей, што мяне атачалі.
Я люблю як, напэўна, і многія, добрыя, цікавыя гісторыі, будзьяны рэальныя ці выдуманыя. Але, мабыць, сіла эфекту выдуманай гісторыі — павучальнага, тлумачальнага, асцерагаючага, эўрыстычнага ды любога іншага — куды слабейшая за тую, што мела месца быць насамрэч. Але біяграфіі выбітных дзеячаў, якія ў вялікай колькасці можна знайсці ў падручніках і энцыклапедыях, пакрытыя такім шчыльным пластом велічы, легенд, тлумачэнняў ды інтэрпрэтацый, што гісторыя таго ці іншага чалавека забіваецца і міфалагізуецца, губляючы сваю жыццёвасць. Іншая справа — чалавек, якога “вялікая гісторыя”, з нашага дазволу, адносіць да разраду “маленькага” або “звычайнага”.
Шмат хто з нас, не ўсвядамляючы таго, схільны жахацца або захапляцца выключна “вялікімі асобамі”, якія здолелі забраніраваць сабе месца на той ці іншай старонцы школьнага падручніка: вялікія правадыры, кампазітары, вынаходнікі, мастакі, маніпулятары, геніі і многія іншыя. Шмат у чым гэта адбываецца з-за тэндэнцыі гісторыі, а дакладней гісторыкаў, ствараць іерархіі, якія мы, мабыць, рэдка спрабуем паставіць пад сумнеў. Іерархіі падзей, твораў, і, вядома ж, іерархіі гістарычных персанажаў. У падобных іерархіях Карфаген або Іспанская імперыя хутчэй зоймуць больш значнае месца, чым, напрыклад, Урарту або Кушанскае царства, а Эдмунд Гусэрль, напрыклад, будзе займаць больш пачэснае месца, чым Джыда Крышнамурці. Ды і шырока распаўсюджаная перыядызацыя сусветнай гісторыі з яе падзелам на Сярэднявечча, Новы час і гэтак далей, мае ў сваім падмурку, перш заўсё, падзеі еўрапейскай гісторыі. Пры больш глыбокім разглядзе падобных іерархій немінуча ўзнікае пытанне не толькі адносна таго, хто іх фармуе, але, перадусім, што выступае крытэрыем. Бо варта гэтым крытэрыям змяніцца, як гістарычная іерархія і, адпаведна, наша бачанне гісторыі таксама будзе выглядаць зусім па-іншаму.
Магчыма, вы нярэдка чулі пазіцыю, згодна з якой кожнаму, калі не варта, то, па меншай меры, практычна карысна ведаць гісторыю, чулі выраз “Хто ведае мінулае, той прадбачыць будучыню” або што-небудзь падобнае. Гісторыя выступае, калі можна так выказацца, нечым накшталт настаўніка. Гісторыя, маўляў, дазваляе вучыцца на чужых памылках. А біяграфіі гістарычных дзеячаў могуць служыць чымсьці накшталт даведнікаў. Шмат у чым падобная пазіцыя можа быць справядлівай. Але, магчыма, не варта забываць, што ў справе вялікіх гістарычных падзей або вялікіх гістарычных дзеячаў стаўкі настолькі высокія, што яны — падзеі і біяграфіі — немінуча перажываюць мноства скажэнняў, праходзячы праз прызму той ці іншай перспектывы. Як некаторыя старажытныя летапісы, якія пасля з’яўляліся для сучаснікаў адзінымі крыніцамі ведаў пра тыя ці іншыя падзеі, часта ствараліся са скажэннем, а то і фальсіфікацыяй рэчаіснасці, у інтарэсах аднаго з правадыроў ці князёў, так і гісторыя сама па сабе нярэдка перапісваецца, падобна таму, як гэта адбываецца ў оруэлаўскім “1984”. Не заходзячы далёка, дастаткова для прыкладу зірнуць на спрэчкі паміж сучаснай Грэцыяй і Македоніяй адносна постаці Аляксандра Македонскага або самой назвы “Македонія”. Дастаткова спытаць пра фігуру Сцяпана Бандэры ўкраінца і расіяніна, ці беларуса і літоўца адносна Вялікага Княства Літоўскага. Натуральна, не заўсёды скажэнне з’яўляецца вынікам нейкага намеру. У любым выпадку, калі вы вырашыліся ўзяць “вялікую гісторыю” ў якасці кіраўніцтва жыццёвага, палітычнага або любога іншага, вам, хутчэй за ўсё, давядзецца сутыкнуцца з шэрагам значных пытанняў, часта і метадалагічнага характару. У некаторай ступені, вышэйназваныя наго ды далі штуршок развіццю такога накірунку, як мікрагісторыя.
Вывучэнне “маленькага чалавека” часам можа даць значна больш, чым “вялікага гістарычнага дзеяча”. А яго гісторыя можа аказацца больш інфарматыўнай, павучальнай і блізкай. Пры тым, што “маленькім”, вядома ж, ён з’яўляецца толькі ўмоўна. Сярод нас, нашых знаёмых ці сяброў нашых знаёмых, пэўна, заўсёды можна адшукаць значную фігуру з цудоўнай гісторыяй. Можна адшукаць таго, хто здолее захапіць або напужаць не ў меншай ступені, чым талент або злы геній якоганебудзь так званага гістарычнага дзеяча. Пошукі менавіта такіх фігур часам з’яўляюцца прычынай маіх бестактоўных пытанняў. I менавіта такіх герояў вы знойдзеце ў гэтай кнізе.
Але, напэўна, варта вас перасцерагчы. Бо каб я гэтага не зрабіў, вы, хутчэй за ўсё, палічылі б, што асноўным матывам кнігі з’яўляецца пытанне гісторыі і тых, каго яна абышла сваёй увагай. Але ўсё ж не! Гісторыя — толькі адзін з прыкладаў.
II
Бедныя раёны Фларэнцыі ніколі не адрозніваліся асаблівай цішынёй, а ў гэты дзень да агульнага гулу галасоў, крыкаў і віскаў далучыўся яшчэ адзін. У сям’і Марка Мальябекі і Гіневры Бальдарыетта з’явіўся сын, якога назвалі Антоніа. Адбылася гэта падзея, знамянальная не толькі для сям’і Мальябекі, у XVII стагоддзі, за год да 1634 і на наступны дзень пасля 19 кастрычніка. Будзе справядлівым сказаць, што менавіта з Антоніа Мальябекі пачынаецца гісторыя кнігі, аб якой у далейшым пойдзе гаворка, але цяпер 20 кастрычніка 1633 года, і да яе з’яўлення яшчэ далёка.
Бесклапотныя гады хлопчыка доўжыліся нядоўга. Як гэта нярэдка бывала ў бедных сем’ях, Антоніа ўжо з дзяцінства ўладкавалі працаваць. Магчыма, менавіта з лавы бакалейшчыка пачалося знаёмства хлопчыка з кнігай. Яго штодзённыя абавязкі не адрозніваліся разнастайнасцю, любому іншаму яны маглі падацца самым сумным заняткам на свеце, але толькі не яму. Кожны дзень, працуючы ў краме, ён беражліва запакоўваў тавар для чарговага кліента. Для гэтай мэты Антоніа звычайна браў ліст, старонку з кнігі ці нават рэшткі старых бухгалтарскіх запісаў, якія ляжал! стосам недалёка ад прылаўка. Старанна разгладзіўшы старонку, хлопчык браў пучок кропу і ўкладваў яго па цэнтры. Затым плаўна здзяйсняў некалькі няхітрых рухаў, і тавар быў гатовы выправіцца ў рукі чарговага пакупніка або пасыльнага. Для хлопчыка гэта было чымсьці накшталт рытуалу, сакральнасць якога заключалася не ў саміх рухах і нават не ў тым, што трэба было спакаваць. Сакральнасць заключалася ў самой абгортцы.
Маленькі памочнік бакалейшчыка не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, і наўрад ці яму — сыну небагатых бацькоў — пашчасціла б гэтаму калі-небудзь навучыцца. Але няведанне пісьма не перашкаджала хлопчыку атрымліваць задавальненне ад чарнільных завіткоў. А можа, нават наадварот, загадкавасць незразумелых знакаў яшчэ больш прыцягвала ўвагу дапытлівага хлопца. Кожную новую старонку ён быццам смакаваў усім сваім нутром, на імгненне зліваючыся з ёй у адно цэлае. Вочы прагна беглі па радках, нос удыхаў блажэнны водар паперы і чарнілаў, а маленькія ручкі дрыгатліва абмацвалі лісток, адчуваючы кожны выгін або шурпатасць. Нешта адначасова мілае і інтымнае было ў гэтым рытуале. Быццам юнак упершыню смакуе цуд першай сустрэчы з жаночым целам. Але пачуццё захаплення і задавальнення мяшалася з нейкай горыччу. Хлопчыку так не хацелася расставацца з латкам паперы, так не хацелася аддаваць яго ў чужыя рукі. Страх, што аб’ект яго сакрамэнту можа быць кім-небудзь апаганены, прыводзіў у адчай. Для Антоніо ён здаваўся жывым, і сумна было нават уявіць, што яго могуць выкінуць ці, што яшчэ горш, кінуць у комін, каб развесці агонь. Калі б яго воля, Антоніа забіраў бы кожную старонку сабе і беражліва аберагаў ад любой пагрозы: няхай то вада, агонь ці грубыя рукі, здольныя апаганіць крохкую рэліквію.
Магчыма, яго мог чакаць лёс старога гандляра, непісьменнага вар’ята, што нюхае і мацае старыя паперкі з незразумелымі крамзолямі, калі б аднойчы хлопчыка не заўважыў кнігагандляр, які працаваў непадалёк. Той быў гэтак уражаны трапяткім стаўленнем юнага памочніка бакалейшчыка да рознага кшталту паперак, якія цяпер выкарыстоўваліся ў якасці пакавальнага матэрыялу, што неўзабаве ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Рыжабароды гандляр даўно адчуў у бязграматным Антоніа нешта дзіўнае, нейкую здольнасць, нейкую таямніцу, што родніць яго з кнігамі. I пацвярджэнне гэтага пачуцця не прымусіла сябе доўга чакаць.
Хлопчык упітваў як губка ўсё, чаму вучыў яго гандляр і ўжо зусім хутка навучыўся чытаць, разумець сімвалы, якія яшчэ нядаўна здаваліся чымсьці загадкавым. Аднойчы гандляр узяўся паказваць Антоніа літары і тлумачыць іх значэнне, і той адразу ж здолеў усё паўтарыць, як быццам вучыўся грамаце ўжо даўно. Здзіўлены і ўзрушаны, ён кінуўся да адной з паліц і дастаў Біблію. Вялікую важкую кнігу ён паклаў перад хлопчыкам і той пачаў бегла чытаць тэкст, пераскокваючы ад радка да радка. 3 кожным днём здзіўленне і захапленне хлопчыкам расло. Хутка высветлілася, што ён памятае ўсё, што прачытаў. Антоша мог маментальна ўспомніць дакладнае размяшчэнне любой з тысяч кніг з дакладнасцю да пазіцыі на канкрэтнай паліцы. Амаль за месяц ён вывучыў не толькі ўсе назвы кніг, але і назвы раздзелаў кожнай з іх. Для кнігагандляра гэты юны памочнік бакалейшчыка аказаўся не толькі каштоўным набыткам для кніжнай крамы, але, у першую чаргу, асабістай радасцю.
Гандляра зацікавіла, як доўга і як шмат з прачытанага можа захоўвацца ў гэтай маленькай галаве, і праз некаторы час ён вырашыў праверыць хлопчыка, спытаўшы яго пра першы прачытаны ўрывак з Бібліі, і той у дакладнасці ўсё аднавіў. Настаўнік хлопчыка не мог стрымаць захапленне, і кожнаму распавядаў пра незвычайныя здольнасці свайго вучня. Многія пачалі прыходзіць у краму выключна для таго, каб асабіста пераканацца ў тым, што здавалася такім незвычайным, нават цудоўным. Прыходзілі як звычайныя прафаны, так і вучоныя мужы горада. Не было чалавека, якога б Антоніа пакінуў абыякавым. Асабліва дзіўна выглядала гульня, калі хлопчыку задавалі тое ці іншае пытанне, а ён імгненна даваў на яго адказ і нават называў кнігу, нумар старонкі і абзац, дзе знаходзіўся ўрывак з патрэбнай інфармацыяй. 3 павелічэннем патоку наведвальнікаў павялічвалася і кліентура самой крамы. Справы ішлі ўсё лепш і лепш. Гандляр не мог і чакаць такога эфекту, калі рабіў прапанову гэтаму юнаму дараванню.
Немалую ролю ў развіцці Антоніа адыграла знаёмства з выбітным бібліятэкарам Мучыа Эрміні. Той бясплатна навучаў яго мовам: латыні, грэцкай, старажытнаяўрэйскай. Акрамя таго, Мучыа шчодра дзяліўся з Мальябекі асаблівасцямі і таямніцамі свайго рамяства, даючы яму мноства парадаў па працы з кнігамі. А той, як і раней, усё так жа старанна і трапятліва ўбіраў у сябе новыя веды і навыкі. I ўжо праз некалькі гадоў, дзякуючы незвычайным здольнасцям у спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі іх развіцця, Антоніа Мальябекі можна было смела назваць адным з самых адукаваных людзей Фларэнцыі.
Слава пра Антоніа распаўсюджвалася так хутка і так далёка, што неўзабаве дайшла да Казіма III — герцага Тасканскага з роду Медычы — які прызначыў яго сваім бібліятэкарам, а з часам і захавальнікам Лаўрэнцыяны, найбагацейшай фларэнтыйскай бібліятэкі. Яго жалаванне складала восемсот ліўраў на год, але Антоніа быў гатовы працаваць і бясплатна, бо для яго адкрылася самая сапраўдная скарбніца, у якой ён праводзіў увесь час і не мог насыціцца, чытаючы з раніцы да вечара. Не выязджаючы за межы горада, Антоніа здабываў каталогі найбуйнейшых бібліятэк свету, сістэматызуючы іх згодна з распрацаванай ім сістэмай. Праз некаторы час для яго ўжо не засталося невядомых кніг ці аўтараў. Ён мог нават на памяць назваць уладальніка той ці іншай рэдкай кнігі.
Але для Антоніа Мальябекі і гэтага рабілася мала. У сваім доме ён збіраў асабістую бібліятэку з кніг ды рукапісаў. Кніг было так шмат, што яны займалі ўсю прастору, у якой неўзабаве стала досыць складана перасоўвацца нават худому чалавеку. Здавалася, дом мог існаваць без сцен, бо стосы кніг цалкам паўтаралі ўсе ягоныя контуры ды распасціраліся да самай столі. Яны знаходзіліся на першым і другім паверсе, на падлозе і на ложку, яны былі паўсюль. Праз некаторы час іх было так шмат, што нават гаспадару дома даводзілася дзяліць ложа з кнігамі. Фігура незвычайнага бібліятэкара не магла застацца незаўважанай, слава пра яго хутка распаўсюджвалася далёка за межы Фларэнцыі. Да Антоніа прыязджалі з усіх частак Еўропы: хто пагутарыць з вялікім бібліятэкарам, а хто проста паглядзець на дзівоснага кніжніка. Многіх абстаноўка дома і ўклад жыцця яго гаспадара прыводзілі ў жах. Тут было цесна і душна, здавалася, гаспадар тут не чалавек, а кнігі. Не ў меншай ступені наведвальнікаў дзівіў неахайны, у запэцканых вопратках уладальнік бібліятэкі.
Гэта і нядзіўна, бо чытанне было галоўным заняткам Мальябекі. Ён падоўгу не мыўся, не пераапранаўся, не стрыгся, вельмі сціпла і амаль мімаходзь перакусваў штонебудзь накшталт хлеба з яйкам, ды зусім не спаў. Рукавы кашуль, якія ён заношваў да лахманоў, былі запэцканыя тытунём. Валасы хаатычна разыходзіліся ў розныя бакі. Калі б гэта было магчыма, ён ніколі б не еў, не піў, не мыўся, не апаражняўся і нікуды не выходзіў бы, каб нішто не адцягвала яго ўвагі ад любімага занятка. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе — кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў — чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час — грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці з’яўляліся аб’ектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.
Хутчэй за ўсё — апошняе, інакш складана патлумачыць далейшыя падзеі, якія прывялі да стварэння таямнічай кнігі.
Аднойчы позна ноччу ў дзверы яго сакральнага сховішчы пагрукалі. Антоніа быў гэтак паглынуты чарговым рукапісам, што покліч з вонкавага свету, магчыма, так і застаўся без адказу, калі б зусім выпадкова яго ўвага не была адцягнутая на долі секунд. Пераканаўшыся, што яму не здалося, ён спусціўся ўніз ды адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлопчык гадоў трынаццаці, яго звалі Сімоне. Антоніа Мальябекі мінула ўжо шэсцьдзясят шэсць. Бойкі хлопчык, не чакаючы, выпаліў даўно падрыхтаваны тэкст пра тое, хто ён і чаго хоча. Сімоне прасіў Антоніа прыняць яго ў вучні. Старога бібліятэкара беспардонна заспелі знянацку, але, нягледзячы на гэта, ён паспрабаваў добразычліва растлумачыць усю немагчымасць задавальнення падобнай просьбы: юны ўзрост першага ды старэчы другога, скрайняя занятасць, адсутнасць навыку настаўніка ды многае іншае. Акрамя гэтага, Антоніа, які і без таго не жадаў марнаваць час на такія дробязі як сон і ўжыванне ежы, баяўся абцяжарваць сябе яшчэ чым-небудзь, што магло адцягнуць яго ад важнага і любімага занятку. Але Сімоне быў непахісны і ўсё ж такі здолеў пераканаць бібліятэкара ахвяраваць яму хаця б па гадзіне на месяц.
Так Сімоне пачаў наведваць дом Антоніа Мальябекі кожную другую суботу месяца.
Як і ён, хлопчык паходзіў з небагатай сям’і, і яму ўжо з дзяцінства давялося працаваць пасыльным. Таму іх сустрэчы праходзілі не раней за дзесяць гадзін вечара. Сімоне быў не такім здольным, як Антоніа ў яго гады, але браў хутчэй упартасцю. Ён з’яўляўся поўнай супрацьлегласцю вялікага бібліятэкара: амбітны, часам дзёрзкі, настойлівы да непрыстойнасці. Мальябекі бачыў: вучоба давалася хлопчыку вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, ён не адступаў, што выклікала яшчэ большую павагу ў старога настаўніка. Часам ён разважаў пра сваё дзяцінства, пра Сімоне і аб іх сустрэчах. Антоніа схіляўся да меркавання, што малады вучань, мусіць, заслугоўвае большай павагі, чым ён сам. У юнацтве, калі ён яшчэ працаваў у краме кнігагандляра, многія ім захапляліся. Але яму ўсё давалася значна лягчэй, бо ў яго былі нейкія прыроджаныя здольнасці, якімі яго надзяліў Бог. Сімоне ж даводзілася прыкладаць у тры, ці нават у дзясяткі разоў больш намаганняў, чым яму самому. Калі б гэты хлопчык валодаў тым жа дарам, што і ён, Сімоне абавязкова стаў бы самым адукаваным з усіх людзей, што жылі калі-небудзь.
Сімоне стаў прыходзіць усё часцей. Праз некаторы час Антоніа ўсвядоміў, што іх заняткі праходзяць ужо па два, а то і тры разы на тыдзень, ды часам доўжыліся ўсю ноч. Але раскусіўшы маленькую хітрасць, Антоніа толькі ўсміхнуўся, ды нічога не сказаў хлопчыку. Ён стаў яму амаль як сын, якога той пяшчотна і клапатліва вучыў усяму, што ведае сам. Навучыўшыся чытаць, Сімоне падзяліўся з настаўнікам марай сабраць уласную бібліятэку. Маленькі пасыльны, нават калі б адкладваў усё заробленае, і за год не здолеў бы назапасіць хаця б на адну кнігу. I Мальябекі стаў час ад часу дарыць вучню кнігі, за якія той быў шчыраўдзячны. А крыху пазней, калі той пасталеў, уладкаваў на службу ў бібліятэку, каб нішто не адцягвала Сімоне ад вучобы.
Параўнацца памяццю з настаўнікам Сімоне не мог, але дзякуючы стараннай працы ўжо да дзевятнаццаці гадоў вывучыўся чытаць і пісаць на некалькіх мовах. Акрамя таго, ён мог пацягацца ў начытанасці і эрудыцыі з многімі вучонымі мужамі горада. Здольнасці настаўніка і ўседлівасць вучня прыносілі дзіўныя плады. Часам Сімоне станавіўся цалкам нелюдзімым і закрытым, паглыбляючыся на некалькі дзён, а то і тыдняў, ва ўласныя разважанні, старанна нешта запісваючы. У гэтыя перыяды ён не наведваў нават свайго любімага настаўніка, які настолькі прывык да зносін з Сімоне, што ўсё цяжэй пераносіў доўгую разлуку з ім.
Амбітны фантазёр Сімоне гадамі выношваў планы, марыў пра штосьці большае, чым простае паглынанне кнігі за кнігай. Ён не жадаў, як Антоніа, які меў выдатныя здольнасці, гібець кніжным чарвяком да старасці, маючы магчымасць дасягнуць большага. Яму хацелася чагосьці больш маштабнага, усеабдымнага, вялікага. Так, калі ў думках і на паперы сфармаваліся больш ці менш выразныя планы, ён вырашыў падзяліцца імі са сваім сябрам і настаўнікам. Нягледзячы на даўняе сяброўства і блізкую сувязь, яму доўгі час было боязна, як успрыме яго адкрыццё Антоша. Але ўсё ж сабраўшыся з духам, ён наважыўся ў адзін з дзён раскрыць плён уласных спадзяванняў і памкненняў.
Малады Сімоне прапанаваў сабраць ды сістэматызаваць усе існуючыя веды на зямлі. Але ў адзіночку і нават удваіх гэтая задача выглядала недасяжнай і нават абсурднай. Падобная ідэя пацешыла Антоніа Мальябекі. Хто, як не ён, мог у поўнай меры разумець усю фантастычнасць падобнай задумы. Ён яшчэ мог бы зразумець, калі б падобнае прапанаваў нейкі дурань, які прэтэндуе на ўсёведанне, але ён — ягоны вучань, якога Антоніа лічыў адным з самых разважных і разумных сярод гараджан. Аднак малады бібліятэкар, даўно выношваючы грандыёзны план, супрацьпаставіў пярэчанням і сумневам старога настаўніка выразны алгарытм.
Сімоне мроіў пра штосьці накшталт ордэна кніжнікаў, якія б сталі скрыптарамі ды захавальнікамі ўсіх ведаў чалавецтва, у тым ліку і самых таемных. Ён марыў пра магутны ордэн, улада якога была б заснавана на ведах. Сябе ж ён бачыў у якасці аднаго з яго правадыроў, гэтакага егіпецкага жраца. Але пра гэта ў размовах са сціплым і цнатлівым Антоніа ён, вядома, не ўзгадваў. Па задумцы першымі рэкрутамі ордэна мусілі стаць найталенавіцейшыя і разумнейшыя сярод маладых фларэнційцаў, якія ў далейшым меліся б выправіцца ў доўгае падарожжа ва ўсе канцы зямлі, каб знайсці ды запомніць усе магчымыя тэксты, перш заўсё старажытныя. У Мальябекі падобная ідэя, нягледзячы на довады і падрабязныя планы, усё яшчэ не без падставаў выклікала сумневы. Было ў ёй нешта юнацкае, бязгрэшнае, і гэткае недасяжнае. Ён не верыў, што з гэтага што-небудзь магло атрымацца, ды і ўзрост быў ужо не той, але, не жадаючы засмучаць палкую душу, што ўжо паспела ўзнесціся на крылах натхн…