Апулей Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)

КНIГА ПЕРШАЯ

1. Вось я хачу збаяць табе, чытач, розныя мiлецкiя казкi, якiя павiнны пацешыць твой слых прыемным лепятаннем, калi толькi ты пажадаеш зiрнуць на эгiпецкi папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. Ты надзiвуешся з ператварэнняў людзей у iншыя формы iснавання i з вяртання iх у свой папярэднi стан. Я пачынаю. "Але хто ён такi?" — запытаеш. Паслухай, раскажу коратка.

Антычная Гiмета, Эфiрэйскi перашыек i Спартанская Танара, землi шчаслiвыя, бессмяротныя праз яшчэ шчаслiвейшыя кнiгi — гэта мая старасвецкая радзiма. Тут авалодаў я атыцкай гаворкай, i гэта з'явiлася першай заваёвай майго дзяцiнства. Пасля таго я прыбыў у Лацiум i з вялiкiмi цяжкасцямi, без нiякай дапамогi адолеў родную мову квiрыдаў. Дзеля гэтага ў першую чаргу прашу мне прабачыць, калi ў маiм стылi сустрэнуцца iншамоўныя або простанародныя звароты.

Але ж гэтыя чаргаваннi гаворак адпавядаюць здольнасцi iмгненных ператварэнняў, пра якiя я наважыў напiсаць. Пачынаем грэцкую казку.

Увага, чытач, будзеш задаволены.

2. Аднойчы ехаў я па справах у Фесалiю, адкуль родам была мая мацi i дзе наш род быў у пашане, бо паходзiў ён ад знакамiтага Плутарха праз ягонага пляменнiка фiлосафа Секста.

Ехаў я на мясцовым белым канi, а калi ён, мiнуўшы горныя крутасцi, спускi ў далiны, росныя лугi i ўробленыя палi, змарыўся, а мне ад доўгага сядзення захацелася выпрастаць ногi, тады я спешыўся, абцёр потнага каня лiстамi, пагладзiў яго па вушах, адпусцiў вуздэчку i павёў, каб даць яму магчымасць натуральным спосабам аблягчыць свой стомлены страўнiк. I калi мой конь, згiнаючы галаву, саскубваў траву на сенажацi, уздоўж якой ступаў, я дагнаў двух спадарожнiкаў, што iшлi недалёка перада мной. I перш чым даведацца, аб чым яны гутараць, я пачуў, як адзiн з iх, рассмяяўшыся, кажа:

"Змоўкнi i пазбаў мяне ад гэтых казак, наколькi недарэчных, настолькi пустых".

Пачуўшы гэта, я, ахвотны да ўсякiх навiн, кажу:

"Наадварот, працягвай. Дазвольце i мне ўдзельнiчаць у вашай гутарцы. Я не ад цiкаўнасцi, а хачу ведаць, калi не ўсё, дык чым найбольш, прытым прыемнае i забаўнае апавяданне палегчыць нам узыход на круты пад'ём".

3. Той, што пачаў, адказвае: "Ну! Усе гэтыя выдумкi так падобныя да праўды, як бы нехта пачаў даказваць, што магiчныя нашапты могуць прымусiць быстрыя рэкi плысцi назад, мора суцiшыцца, вецер спынiцца, сонца не рухацца, месяц затуманiцца, зоры падаць, дзень знiкнуць, ноч падоўжыцца".

Тады я кажу больш упэўнена: "Ты, што пачаў апавяданне, канчай яго, будзь ласкаў, калi табе не надакучыла". А пасля другому: "А ты, заткнуўшы вушы, адмаўляеш тое, што можа быць праўдай. Клянуся Геркулесам, ты сабе не ўяўляеш, што толькi прадузятасць змушае нас прымаць за махлярства тое, што новае для слыху, цi незвычайнае для вока, або недаступнае нашаму разуменню. А калi прыгледзецца лепей, дык можна ўбачыць, што ўсё гэта цалкам зразумелае i нават лёгкае ў выкананнi.

4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калi мы з сябрам елi навыперадкi пiрог з сырам i я захацеў глынуць трохi большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая i лiпучая ежа завязла ў мяне ў горле i так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афiнах каля Пярэстага порцiка бачыў я на свае вочы, як фокуснiк глытаў вастрыём унiз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мiзэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кiшкi вострым канцом паляўнiчую пiку. I вось на акуты канец перавернутай пiкi, якая вытыркала з горла фокуснiка, ускочыў прыгожы хлапчук i, усiм надзiва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў i без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвiцца вакол палкi з абсечанымi сукамi змяя бога лекараў. Аднак даволi! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гiсторыю, якую ты пачаў. Калi твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух i ў першай сустрэчнай харчоўнi пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду".

5. А ён адказвае: "Прапанову вашу лiчу справядлiвай i добрай, але мне давядзецца нанова пачаць сваё апавяданне. Дык перш паклянуся вам Сонцам, гэтым богам, якi ўсё бачыць, што расказ мой праўдзiвы i дакладны. I вы самi пераканаецеся ў гэтым, як увойдзеце ў блiжэйшы Фесальскi горад; там гавораць пра гэта ўсе, бо ўсе гэта бачылi. Аднак дазвольце перш сказаць вам, хто я такi i адкуль родам. Завуся я Арыстамен i паходжу з Эгiны. Паслухайце таксама, з чаго я жыву: езджу я ў розных кiрунках па Фесалii, Этолii i Бэоцыi з мёдам, сырам i iншым таварам для карчмароў. Даведаўшыся аднойчы, што ў Гiпаце, найбуйнейшым горадзе Фесалii, прадаецца нядорага смачны i свежы сыр, я падаўся туды, каб закупiць яго ўвесь. Аднак, як гэта нярэдка здараецца, трапiў туды благiм часам, i надзеi на заработак мяне ашукалi. Напярэдаднi ўсё закупiў гандляр Лупус.

Стомлены дарэмнай спешкай, вырашыў я схадзiць вечарам у лазню.

6. Раптам бачу свайго сябра Сакрата! Ён сядзеў на зямлi, акрыты толькi напалову нейкiм старым парваным плашчом, амаль не падобны да самога сябе — так адмянiлi яго беднасць i худзiзна. Ён стаў падобным да тых пасынкаў лёсу, якiя сядаюць на скрыжаваннях вулiц i просяць мiласцiну. Хоць я добра яго знаў i вельмi з iм дружыў, але, убачыўшы ў гэткiм стане, засумняваўся i падышоў блiжэй. "Сакрат, — кажу, — што з табой? Што ў цябе за выгляд? Што за мiзэрны стан? А ўдому ж цябе ўжо аклiкалi памерлым i аплакалi. Паводле загаду суддзi правiнцыi дзецям тваiм прызначаны апекуны, а твая жонка, пасля памiнкаў ад бясконцага жалю i гора ледзь не выплакаўшы вачэй, ужо чуе ад родзiчаў прапановы развесялiць дом радасцю новага шлюбу. I раптам бачу цябе тут, на нашу надзвычайную ганьбу, прывiдам з таго свету!"

"Арыстамен, — адказаў ён, — сапраўды, не ведаеш ты каварства лёсу, яго нетрывалай ласкi i зменлiвасцi". Сказаўшы гэта, прыкрыў сваё даўно пачырванелае ад сораму аблiчча палатаным i падзёртым плашчом, адхiнуўшы частку цела ад пупа да адзнакi прыналежнасцi да мужчынскага полу. Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку i памог падняцца на ногi.

7. Аднак ён, як быў з накрытай галавой, кажа: "Пакiнь, няхай лёс удосталь нацешыцца з ахвяры, якую стварыў на здзек".

Я змушаю яго iсцi са мной, хутка апранаю цi, дакладней сказаць, прыкрываю ягоную галiзну адной з дзвюх маiх апратак, якую зняў з сябе, i вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазi i нацiраннi, здымаю з яго вялiкi слой бруду i, як след вымыўшы, сам вельмi стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келiхам, забаўляю гутаркай.

Ужо пачаў ён размаўляць i жартаваць, ужо пайшлi жарты i кпiны, хоць i нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбiнi грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе i выкрыкнуў:

"О я няшчасны! Захапiўшыся гладыятарскiмi вiдовiшчамi, што тады вельмi славiлiся, у якiя ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонiю па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накiраваўся назад з даволi ладным набыткам. Калi быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскiя вiдовiшчы, у самотнай глыбокай цяснiне напалi на мяне разбойнiкi. Яны забралi ўсё, удалося толькi выратаваць жыццё. У такiм адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхi Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся i як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гiсторыю, накармiла дарма добрай вячэрай i ўрэшце, пабуджаная пажадлiвасцю, узяла мяне да сябе ў ложак. I вось маё няшчасце гатова! З гэтага часу не магу ад яе адчапiцца. Усадзiў у яе ўсё: i лахманы, якiя мне пакiнулi бандыты, i грошы, якiя зарабляў, працуючы грузчыкам, калi была яшчэ сiла, аж пакуль гэта добрая жанчына i нядоля не давялi мяне да гэтага стану, у якiм ты мяне толькi што бачыў".

8. "Клянуся Геркулесам! — сказаў я. — Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калi можа быць большае няшчасце, чым дзеля распуснiцы i яе ласкаў вырачыся дому i дзяцей!"

Але ён спалохана прыставiў палец да вуснаў. "Маўчы, — кажа, — маўчы!" А сам азiраецца, цi хто не пачуў. "Сцеражыся, — кажа, — жанчыны-чараўнiцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклiкаць бяды". "Так? — запытаўся я насмешлiва, — што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарнiца i каралева?"

"Яна ведзьма i чараўнiца, — адказвае ён, — яна можа неба апусцiць, зямлю падвесiць, ручаi зрабiць цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!" "Даволi, — кажу, — апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па-людску".

"Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў — ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.

9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што i з iм, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваiх даўнейшых клiентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў вiннай бочцы. Аднаго юрыста, якi выказаўся супраць яе, зрабiла бараном, i вось той так бараном i вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўнiка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак i замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзiць тая бядачка з вялiзным жыватом, быццам павiнна нарадзiць слана.

10. Гэта апошняе злачынства i зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклiкалi агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набiць яе назаўтра каменнем. Аднак яна сiлай заклiнанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасiўшы ў Крэонта адзiн дзянёк адтэрмiноўкi, усю яго сям'ю, i дачку, i самога старога спалiла полымем ад свайго вянка, так i гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленнi (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелi, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамi ўсiх жыхароў замкнула ў iхнiх памяшканнях так, што два днi не маглi яны нi збiць замкоў, нi дзвярэй выламаць, нi нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалi прасiцца, кленучыся, што не толькi не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калi хто-небудзь супроць яе выступiць. На гэтых умовах яна злiтавалася i горад вызвалiла. А пачынальнiка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усiм домам, сценамi, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто мiль у другi горад, змешчаны на вяршынi крутой гары i дзеля таго цалкам бязводнай. А калi выявiлася, што там будынкi мясцовых жыхароў стаялi вельмi шчыльна i не было яму месца, дык кiнула дом перад гарадской брамай i вярнулася дамоў".

11. "Дзiўныя ты мне, — кажу, — Сакрат, i не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугi якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць i, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!"

Я яшчэ прадаўжаў свае разважаннi, а мой добры Сакрат ужо спаў i хроп, стамiўшыся за дзень i выпiўшы вiна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкi, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзiць уваход, i кладуся. Спярша ад страху не сплю даволi доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу злiпацца.

Ледзь толькi я заснуў, як раптам з такiм грукатам, што i разбойнiкi не нарабiлi б, дзверы расхiнулiся цi, правiльней кажучы, былi вывернутыя i сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькi, гнiлы i трохногi, валiцца ад гэтага напору на мяне i, ляжачага на зямлi, цалкам сабой прыкрывае.

12. Тут я зразумеў, што некаторыя ўражаннi выклiкаюць супярэчлiвыя паслядоўнасцi. Як часта бываюць слёзы ад радасцi, так вось i я, ператварыўшыся з Арыстамена ў чарапаху, у такiм жахлiвым становiшчы не мог паўстрымацца ад смеху. А покуль што ляжу на зямлi пад сваiм ложкам i крадком гляджу, што будзе далей. Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з iх нясе запаленую лямпу, а другая губку i аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, якi моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: "Вось, сястра Панцiя, мой дарагi Эндзiмiён, мой падчашы, якi днi i ночы цешыўся маiмi маладымi гадочкамi, той, што маiм каханнем пагарджаў i не толькi мяне чарнiў, але i задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хiтрым Улiсам пакiнутая Калiпса, буду аплакваць вечную адзiноту". А пасля, прасцёршы руку i паказваючы сваёй Панцii мяне, працягвала: "А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбiў яго на ўцёкi, якi ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлi, з-пад ложка пазiрае на нас i спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мне абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвiлiную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню i за сягонняшнюю цiкавасць!"

13. Пачуўшы гэта, я аблiўся халодным потам, i ўсё маё нутро закалацiлася, ажно да маiх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спiне. А добрая Панцiя кажа: "А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкi, або, звязаўшы рукi i ногi, не вылегчаць?" У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе iмя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: "Не, пакiнем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага". I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убiла яму ў левы бок шыi свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб нi адна кропля не магла ўпасцi. Я гэта бачыў на свае вочы.

Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусцiць нiчога з абраду ахвяравання, добрая Мяроя, запусцiўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там i выняла сэрца майго няшчаснага сябра. З яго рассечанага горла вырваўся нейкi невыяўны хрыпаты гук, i Сакрат выпусцiў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панцiя сказала: "Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку".

Пасля гэтага, адсунуўшы ложак i расставiўшы нада мною ногi, яны пачалi мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залiлi смярдзючай мачой.

14. Як толькi яны пераступiлi парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы i гнёзды, засаўкi вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так i застаўся распасцёрты на зямлi, амаль без дыху, голы, змерзлы, залiты мачой, як быццам толькi што выйшаў з чэрава мацi, або паўмёртвы, якi перажыў самога сябе, цi злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбенiца.

"Што, — сказаў я, — будзе са мной, як заўтра рана людзi ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я i буду гаварыць праўду?" "Няхай бы, скажуць, — клiкаў на дапамогу, калi ты такi здаравенны мужчына не мог справiцца са старой бабай. На тваiх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загiнуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злiтавалася над сведкам злачынства i даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерцi, але далучайся да свайго сябра!"

Зноў i зноў прыходзiлi мне ў галаву такiя думкi, а тым часам ноч наблiжалася да ранiцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад свiтаннем выбрацца крадком i пусцiцца ў дарогу. Бяру свой клунак i, уставiўшы ў адтулiну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пiльныя дзверы, якiя ўночы самi адчынялiся, толькi пасля доўгага важдання з ключом вельмi неахвотна далi мне дарогу.

15. Я крыкнуў: "Гэй, ёсць там хто? Адчынiце мне брамку ад двара, я хачу перад свiтаннем выйсцi!"

Вартаўнiк, якi спаў пры браме на зямлi, спрасонку кажа: "Цi ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнiкаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калi на тваiм сумленнi цяжкi грэх, што ажно хочаш памерцi, дык i ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе памiраць!"

"Хутка, — кажу, — будзе свiтаць. Ды што могуць адабраць разбойнiкi ў такога беднага вандроўнiка? Цi ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяцi асiлкам не ўдасца?"

На гэта ён, засынаючы i павярнуўшыся на другi бок, ледзь варушачы языком, балбоча: "Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якiм вечарам прыйшоў начаваць, i хочаш цяпер ратавацца ад адказнасцi ўцяканнем?"

Калi пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапiлася да самага тартара i галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з лiтасцi мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакiнула на ўкрыжаванне.

16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развiтацца з жыццём. А паколькi лёс не даваў мне ў рукi нiякага прадмета смерцi, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: "Ложак мой, ложак, дарагi майму сэрцу, ты столькi са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невiнаватасцi. Зрабi мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!" Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, i, закiнуўшы яе i замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другiм канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак i на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькi адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла i спынiла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая i гнiлая, абрываецца, i я валюся зверху на Сакрата, якi ляжаў побач, i, падаючы, разам з iм качуся на зямлю.

17. Якраз у гэту хвiлiну ўрываецца вартаўнiк i крычыць на ўсё горла: "Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы iсцi, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!"

Тут Сакрат, разбуджаны цi нашым падзеннем, цi тым раз'юшаным крыкам вартаўнiка, ускочыў перш за мяне i кажа: "Нездарма ўсе пастаяльцы ненавiдзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнiк урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць i мяне стомленага будзiць з глыбокага сну сваiм гарлапанствам". Я весела i бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, i выкрыкваю: "Ну глядзi, звышмудры вартаўнiк, цi забiты ён, мой верны спадарожнiк, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забiў!"

I з гэтымi словамi, абхапiўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлiвы смурод ад нечысцi, якой мяне тыя ламii залiлi, даў яму ў нос, i ён моцна мяне адпiхнуў. "Адчапiся, — кажа, — ты смярдзiш, як начны гаршчок!" I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку i кажу:

"Хадзем! Чаму б нам не скарыстаць для падарожжа ранiшнi халадок?" Забiраю свой клунак, i, расплацiўшыся з карчмаром, выпраўляемся ўдвух у дарогу.

18. Былi мы ўжо даволi далёка, калi ўзышло сонца i зрабiлася вiдна. Цяпер я ўважлiва разглядаў шыю майго сябра, тое месца, куды, як я сам бачыў, уваткнулi меч, i сам сабе падумаў: "Дурань, да чаго ж ты быў напiўся, калi табе прымроiлiся гэтакiя дзiвосы! Вось Сакрат цэлы i здаровы. Дзе яго рана? Дзе губка? I дзе нарэшце той свежы i глыбокi шрам?" Пасля кажу яму:

"Нездарма спрактыкаваныя медыкi лiчаць, што цяжкiя кашмарныя сны з'яўляюцца вынiкам абжорства i п'янства! Напрыклад, учора я лiшне разоў прыкладваўся да кубка, i вось была ў мяне жудасная ноч са страшнымi кашмарамi. Да гэтага часу мне здаецца, быццам увесь я залiты i апаганены людской крывёю". На гэта ён адказаў з усмешкай: "Не крывёю, а мачой! Ды i мне самому снiлася, быццам мяне зарэзалi. I горла балела, i здавалася, што сэрца з мяне выдзiраюць. Нават i цяпер духу не хапае i каленi трасуцца, крок вялы i на падмацаванне хочацца чаго-небудзь з'есцi!"

"Вось табе, — кажу, — снеданне!" I адначасова здымаю з плячэй свой ранец i падаю яму хлеб i сыр.

"Давай, — кажу яму, — сядзем тут пад гэтым платанам".

19. Мы селi i пачалi разам сiлкавацца. Гляджу я на яго, як ён прагна есць, i бачу, што рысы яго твару завастраюцца, твар смяртэльна бляднее i сiлы пакiдаюць яго. Жывы колер твару так адмянiўся, што мне здалося, быццам зноў наблiжаюцца да нас начныя фурыi, i ад страху адкушаны мною хоць i маленькi кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле i не мог нi апусцiцца ўнiз, нi падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, i мяне апанаваў страх. Хто ж паверыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?

А мiж тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала цiхая рэчка, падобная на стаў, што блiшчыць, як шкло або серабро.

"Вунь, — кажу, — праганi смагу жывой вадкасцю гэтай крынiцы". Ён устае, скiдае з сябе верхнюю вопратку, знаходзiць зручнае месца на беразе, становiцца на каленi i, нахiлiўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькi ён дакрануўся да плынi, рана на яго шыi адкрываецца, губка выпадае з яе, i разам з ёй i некалькi кропель крывi. Амярцвелае цела звалiлася б у ваду, каб я, схапiўшы за нагу, з вялiкай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокi бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожнiка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялiкiм страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю i рознымi пустэльнымi i кружнымi шляхамi, быццам я сапраўды забiў чалавека, мiнаю радзiму i родны дом, добраахвотна зрабiўшыся выгнанцам. Цяпер, ажанiўшыся, зноў жыву ў Этолii".

20. Вось што расказаў Арыстамен.

Аднак ягоны спадарожнiк, якi з самага пачатку недаверлiва ставiўся да апавядання i не хацеў яго слухаць, сказаў:

"Няма большай выдумкi i бязглуздзiцы, чым гэтая мана!" Пасля звярнуўшыся да мяне: "I ты, з вопраткi i выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?"

"Я, — адказваю яму, — нiчога не лiчу немагчымым, i па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, i з табой, i з кожным iншым здараюцца дзiўныя i амаль неймаверныя справы, якiм, калi расказаць iх недасведчанаму, нiхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру i ўдзячны яму вялiкай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабiў цiкавай гiсторыяй. Я без натугi асiлiў гэту цяжкую i доўгую дарогу. Здаецца нават, што i конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскiх варот даехаў на сваiх вушах".

21. Тут закончылася наша падарожжа i разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнiкi павярнулi ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапiлася, карчмы i пачаў распытваць пажылую гаспадыню. "Гэты горад, — кажу, — называецца Гiпата?" Яна пацвердзiла. "Цi не ведаеш ты Мiлона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?" Яна засмяялася. "Сапраўды, — кажа, — найпершым грамадзянiнам тут лiчыцца Мiлон. Яго ж дом сама першы за гарадскiмi варотамi". — "Пакiнь жарты, добрая цётка, i скажы, калi ласка, што ён за чалавек i дзе жыве?" — "Бачыш, — кажа, — крайнiя вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзiць? Там гэты Мiлон i жыве. Гэта страшэнны багацей, набiты грашыма, але скупы да крайнасцi i ўсiм вядомы як чалавек сама подлы i крывадушны. Ён займаецца лiхвярствам, пад заклад золата i серабра дзярэ вялiкiя працэнты, адданы толькi нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з iм ягоную прагавiтасць. Ён трымае толькi адну служанку i заўсёды ходзiць, як жабрак". На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную i прадбачлiвую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накiраваў, у гасцiнным доме якога не трэба будзе баяцца нi чаду, нi кухоннага смуроду.

22. Дом аказаўся побач, я падыходжу i пачынаю стукаць i крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. "Гэй, ты, — кажа, — чаго грукочаш у дзверы? Пад якi заклад хочаш узяць пазычку? Хiба ты адзiн не ведаеш, што, апроч золата i серабра, у нас нiчога не прымаюць?" "Пазыку? Ну не. Зыч мне, — кажу, — чаго-небудзь лепшага i хутчэй кажы, цi ўдому твой гаспадар?" "Вядома, — адказвае яна, — а навошта ён табе патрэбен?" "Я прынёс яму пiсьмо ад Дамеi з Карынфа". "Зараз далажу, — адказвае, — пачакай мяне тут". Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы i пайшла. Праз некалькi хвiлiн адчынiла i кажа: «Запрашаюць».

Уваходжу i бачу, што гаспадар ляжыць на канапцы i збiраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзiць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. "Вось, — кажа, калi ласка". "Дзякую", — кажу i перадаю яму пiсьмо ад Дамеi. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: "Я ўдзячны майму Дамеi за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!"

З гэтымi словамi ён загадвае жонцы адступiць мне сваё месца. Калi я пачаў сцiпла адмаўляцца, ён схапiў мяне за крысо. "Сядай, — кажа, — другiх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў i таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасцi". Я выканаў ягонае жаданне. Тады ён кажа: "I па далiкатнай манеры трымацца, i па гэтай амаль дзявочай сцiпласцi я зрабiў вывад, што ты нашчадак высакародных продкаў, i мой Дамея ў сваiм пiсьме мне тое самае паведамляе. Дзеля гэтага, прашу, не грэбуй сцiпласцю нашай хацiны. Вось гэты пакой побач будзе табе досыць прыстойнай кватэрай. Будзь ласкавы, спынiся ў нас. Гонар, якi зробiш майму дому, узвысiць яго, а табе надарыцца магчымасць iсцi за слаўным прыкладам: задавальняючы сябе сцiплым памяшканнем, ты будзеш пераймаць Тэзея, знакамiтага цёзку твайго бацькi, якi не пагрэбаваў простай гасцiннасцю старой Гекалы. — I, паклiкаўшы прыслужнiцу, кажа: — Фацiда, забяры рэчы госця i палажы iх асцярожна ў той пакой. Пасля прынясi з каморы алею для нацiрання, ручнiк выцерцiся i ўсё iншае, а таксама звадзi майго госця ў лазню, бо ён стамiўся пасля такой далёкай i цяжкай дарогi".

24. Слухаючы гэтыя загады, я ўспомнiў пра характар i скупасць Мiлона i, маючы намер цясней з iм зблiзiцца, кажу: "У мяне ёсць усё неабходнае для падарожжа. I лазню я сам знайду. Галоўнае, каб мой конь, якi так усю дарогу стараўся, не быў галодны. Вось вазьмi, Фацiда, гэтыя грошы i купi за iх аўса i сена".

Калi рэчы былi зложаны ў маiм пакоi, я накiраваўся ў лазню, але перш трэба было паклапацiцца аб харчах, дык iду на рынак. Бачу шмат разложанай дабрэннай рыбы. Пачаў таргавацца, i замест ста нумаў мне адпусцiлi яе за дваццаць дынараў. Я ўжо збiраўся iсцi, ды нечакана сустракаю свайго сябра Пыфiя, з якiм калiсьцi вучыўся ў атыцкiх Афiнах.

Спярша ён досыць доўга не пазнае мяне, а пасля кiдаецца да мяне, абымае i сардэчна цалуе. "Ах мой Луцый, — кажа, — як доўга мы з табой не бачылiся, сапраўды, ад таго часу, як рассталiся з Клiцiем, нашым настаўнiкам. Што занесла цябе сюды?" "Заўтра, — кажу, — даведаешся, але што гэта? Цябе можна павiншаваць? Вось i лiкраты, i розгi — увесь чыноўнiчы набор!" "Харчамi займаемся, — адказвае, — i выконваем абавязкi эдзiла. Калi хочаш што купiць, дык магу быць карысным". Я адмовiўся, бо ўжо зрабiў запас рыбы на вячэру. Аднак Пыфiй, заўважыўшы кашолку, пачаў ператрасаць маю рыбу, каб лепш яе разгледзець, i пытаецца: "А па колькi ты плацiў за гэту дрэнь?" "Ледзь, кажу, — уламаў рыбака аддаць мне за дваццаць дынараў".

25. Пачуўшы гэта, ён хапае мяне за руку i зноў вядзе на рынак. "А ў каго купiў, - пытаецца, — гэта смецце?" Я паказаў старога, якi сядзеў у кутку. Тут ён накiнуўся на яго i пачаў распякаць бедака па-эдзiльску: "Так вы абыходзiцеся з нашымi сябрамi i наогул з усiмi прыезджымi! Прадаяце паршывую рыбу па гэтакай цане! Вы даведзяце гэты горад, кветку фесальскай вобласцi, што ён апусцее, як скала! Але дарма вам гэта не пройдзе! Ты даведаешся, як пад маiм кiраўнiцтвам абыходзяцца з ашуканцамi!" I, высыпаўшы з маёй кашолкi рыбу на зямлю, загадаў свайму памочнiку стаць на яе i растаптаць нагамi. Задаволiўшыся такой строгасцю нораваў, мой Пыфiй дазваляе мне iсцi i кажа: "Мне здаецца, мой Луцый, што гэтакая ганоба будзе гэтаму старому дастатковым пакараннем".

Здзiўлены i збянтэжаны гэтым здарэннем, кiруюся ў лазню, пазбаўлены дзякуючы дасцiпнай выдумцы свайго энергiчнага сябра i грошай, i вячэры. Памыўшыся, вяртаюся ў дом Мiлона i iду проста ў свой пакой.

26. Тут служанка Фацiда кажа: "Клiча цябе гаспадар". Ведаючы ўжо Мiлонаву паўстрыманасць, я ветлiва тлумачу, што, маўляў, дарожная стома больш патрабуе сну, чым ежы. Атрымаўшы такi адказ, ён сам уваходзiць i, абняўшы мяне, цягне да сябе. Я то адмаўляюся, то далiкатна ўпiраюся. А ён кажа: "Не выйду без цябе!" I клятвай пацвярджае гэтыя словы. Я неахвотна падпарадкоўваюся яго ўпартасцi, а ён зноў вядзе мяне да сваёй канапкi, усаджвае i пачынае: "Ну, як маецца наш Дамея? Як яго жонка, дзецi, хатнiя?" Расказваю пра ўсiх i кожнага паасобку. Распытвае дакладна пра мэты майго падарожжа. Усё грунтоўна яму расказваю. Старанна выпытвае пра мой родны горад, пра яго сама знакамiтых жыхароў, а ў канцы нават пра нашага ўладара, пакуль не заўважыў, што, вельмi змораны цяжкой дарогай, я ўтамiўся доўгай гутаркай i засынаю пасярод фразы. Замармытаўшы нешта незразумелае, нарэшце адпусцiў ён мяне ў спальню. Так пазбыўся я агiднага старога i яго балбатлiвага галоднага пачастунку, змораны сном, павячэраўшы не стравай, а толькi казкамi. Вярнуўшыся ў свой пакой, я аддаўся жаданаму сну.

Загрузка...