Мяжа па даляглядзе


1

Межавалі між сабой два княствы. І былі яны вельмі падобныя: такія ж лясы, такія ж рэчкі і дарогі, такія ж людзі жылі ў абодвух княствах, і гаварылі яны на адной і той жа мове. І колькі ні адбывалася між імі войнаў, не было ў тых войнах пераможцаў. Сыходзіліся войскі на мяжы, біліся дацямна, і ніхто потым не мог сказаць, хто ж перамог. Чакалі ранку, ізноў сыходзіліся, біліся да змяркання, а потым, калі бойкі было ўжо досыць, падпісвалі чарговы вечны мір. А біліся яны не таму, што хто-небудзь з князёў жадаў мець адным лесам ці рэчкай болей, у кожнага сваіх было ці не залішне, а таму, што ляжаў на мяжы княстваў вялікі горад, жыхароў якога больш цікавіла, не які князь над імі будзе — стары ці малады, а колькі падаткаў ён запатрабуе. Так і пераходзіў горад ад аднаго ўладара да другога. Пажылі пад адным князем, назбіралі ад яго крыўд і пачыналі ўспамінаць, як добра было пры другім жыць, паўспаміналі-паўспаміналі, а потым і таемны ліст да таго другога князя прыходзіў: «Няхай жывем мы пад тваім суседам, але заўсёды памятаем, як пад табой жылі. Ці не час той залаты век аднавіць, калі і падаткі меншыя былі, і князі лепшыя? Чакаем вызваліцеляў». Вось і сыходзіліся пасля такіх лістоў войскі на мяжы і біліся, пакуль часовы ўладар горада не казаў: «Не зважалі яны на маю дабрыню, хай паспрабуюць, ці лепей будзе ім пад суседам жыць, нікуды не падзенуцца, пажывуць ды адумаюцца, самі назад папросяцца». Тады падпісваўся вечны мір, і жылі ўсе спакойна да наступнага таемнага ліста.

Нават герб у горада адпаведны быў — дзік імчыцца насустрач ворагу. І як да другога княства адыходзілі жыхары, адразу ж дзіка ў другі бок пераварочвалі, вораг жа змяняўся. Жылі год, другі, тады хто-небудзь і казаў: «А відаць, наш дзік не ворагам насустрач імчыцца, а вызваліцелям». І пачыналася пісанне таемнага ліста.

На той час у адным княстве панаваў малады князь, яму і горад належаў, а ў другім — стары князь, якому жыхары таемны ліст напісалі, ён ужо і войскі падрыхтаваў, але ўсе не было зачэпкі, каб вечны мір парушыць. Але што добрае, можа, і не, а зачэпка заўсёды знойдзецца, разумелі гэта князі, таму і пераехалі кожны ў свой замак бліжэй да мяжы з суседам, а каб не было сумна чакаць, то і кожны свой двор за сабой са сталіцы звёз.


2

Малады князь сумаваў у сваім замку. Ужо з самай раніцы лоўчыя былі ў лесе, але нічога вартага свайго князя загнаць не здолелі. Нарэшце пасля абеду яму данеслі, што пашанцавала загнаць вялізнага дзіка. Малады князь адмяніў адпачынак, ускочыў на каня, і, калі праязджаў браму, нечакана для сябе падумаў: «Калі я не ўпалюю сёння гэтага дзіка, то прайграю вайну». Услед за князем скакалі яго афіцэры.

Старога князя турбавала другое. На гэты вечар быў прызначаны да дня нараджэння яго адзінай дачкі баль. Падзея як падзея, калі б гэта не быў першы баль у жыцці маладой князёўны. Баль быў прызначаны яшчэ ў сталіцы, там бы яму на добры розум і адбыцца. Але ж князь лічыў, што нічога страшнага не здарылася, бо амаль уся сталіца пераехала да яго ў замак, хіба што толькі госці з іншых княстваў не змаглі сюды прыехаць.

Стары князь загадаў, каб князёўна прыйшла да яго ў новай сукні, спецыяльна пашытай да балю, і ў чаканні дачкі разглядаў праз акно кабінета ў падзорную трубу пагоркі на даляглядзе. Па іх пралягала мяжа.

Князёўну апранала пакаёўка — дзяўчына аднаго з ей узросту. Калі быў зашпілены апошні гаплік, пакаёўка адышла ўбок і ціха, сама да сябе, прамовіла: «Якая прыгажосць! Як бы я хацела быць князёўнай». Але князёўна пачула яе словы і сказала: «Усе ж кажуць, што ты вельмі падобная да мяне, таму не выдумляй, ты проста хочаш мець такую сукню. Добра, калі мне ў ёй ужо не будзе патрэбы, яна стане тваёй, толькі не дзякуй, бо яшчэ магу перадумаць». Князёўна расправіла сукню і пайшла да бацькі. Яна толькі сёння даведалася, што ніводны госць з другога княства не прыедзе. Яна ўспамінала апошні фэст у сталіцы, на які глядзела з балкона бальнай залы. Успамінала гасцей. Ніхто з іх не здагадваўся паглядзець угору на маленькі балкон пад самым карнізам. І толькі малады князь, які ні з кім не танцаваў, заўважыў яе і схіліўся ў паклоне, нібыта запрашаў да танца, яна тады пакланілася, адмоўна хітнула галавой і пайшла ў свае пакоі.

Стары князь, нават калі пачуў крокі дачкі, не адразу адняў трубу ад вока.

— Я прыйшла,— сказала князёўна.

— Зараз,— прамовіў стары князь,— я чакаў цябе трохі пазней. Няўжо ты думаеш, я не чую? Я выбіраю месца для бітвы.

— Ты яшчэ не абвясціў вайны, абвешчаны пакуль толькі баль. Ты абяцаў, што ўсіх гасцей запросіш сам.

— І слова стрымаў, нават госці ўжо ўсе на месцы. Так заўсёды трэба рабіць: баль я рыхтаваў да таго, як абвясціў, тое ж самае і з вайной, зараз самы час ей займацца,— стары князь нарэшце апусціў трубу і павярнуўся да дачкі.

— Не ведаю наконт вайны, тут я недасведчаная, але ж баль не падрыхтаваны як мае быць.

— Табе што, не падабаецца новая сукня? Але ж ты сама выбірала, якой яна будзе.

— Сукня — гэта адзінае, што падрыхтавана да балю, і толькі таму, што ей займалася я. А ўсё астатняе? Ці ж сёння будзе прыстойная музыка? Хаця на сённяшніх гасцей якраз тое, што трэба, а ўсе адно танцаваць не буду, і не таму, што не хачу, а таму, што няма з кім, нашто было з'язджаць сюды так раптоўна?

— Што ты выдумляеш, тут жа ўся сталіца!

— А што, ты лічыш, у сталіцы есць хаця адзін чалавек, прыдатны на танец са мной? Дзе госці з суседніх дзяржаў? Я князёўна і таму буду танцаваць не менш як з князем.

— А дзе я табе вазьму за дзень ці два да вайны госця князя, хто зможа прыехаць зараз у гэты замак на мяжы?

— А ты не ведаеш? Нават і цяпер не позна паслаць яму запрашэнне, настолькі гэта блізка адсюль, да вечара паспее, думаю, на мой баль ён не адмовіцца прыехаць.

— І хто ж гэта такі? Да вечара сюды можа паспець толькі адзін князь, але я ўжо збіраюся да яго ў госці разам з войскам і не пазней чым на гэтым тыдні. Спадзяюся, ты маеш на ўвазе каго другога?

— Якраз пра маладога князя я і казала; што тут жахлівага, вайна ж яшчэ не абвешчана, і, думаю, да заўтрашняга ранку з гэтым можна будзе пачакаць. Тата,— раптам пакінула ранейшы тон князёўна,— будзь ласкавы, зрабі такі падарунак, на твае фэсты ён прыязджаў, а што за дзень нараджэння, калі ў падарунак мне будзе баль, на якім я не змагу танцаваць?

Стары князь выслухаў дачку даволі спакойна, потым счакаў хвіліну і сказаў:

— Заўтра ж паедзеш назад у сталіцу, сённяшні баль няхай ужо адбудзецца, хаця я, відаць, паспяшаўся з ім, ты яшчэ засталася дзяўчом, хай табой на год зоймуцца выхавацелі. Рыхтуйся і да балю і да ад'езду.

Князёўна пакланілася і выйшла з кабінета. Ні да балю, ні да ад'езду яна вырашыла не рыхтавацца — хай усе гарыць гарам. Калі яна дзяўчо, дык і паводзіць сябе будзе адпаведна. Калі са сваімі войнамі сапсавалі Свята ей, то яна не горш зможа сапсаваць яго іншым. Князёўна загадала паклікаць да сябе сябровак. Яна не сказала ім пра сварку з бацькам, а, нібыта нічога і не здарылася, прапанавала паехаць у лес. Паненкі, якіх яна адарвала ад люстра перад першым у іх жыцці балем, панура згадзіліся.

Хутка ўжо карэта з гербамі на дзверках уздымала зляжалы пыл дарогі. Гвардзейцы аховы скакалі ззаду ў марных намаганнях абмінуць слупы пылу. Князёўна азірнулася на замак, пад кутняй вежай, за вялізным, на два звычайных паверхі, акном кабінета стаяў бацька і сачыў за кавалькадай у падзорную трубу. Князёўна павярнулася да сябровак і сказала:

— Сёння апошні дзень дзяцінства, і на развітанне з ім мы згуляем у хованкі.

Перад самым лесам яна крыкнула: «Стой!», не стала чакаць, пакуль лёкаі адчыняць дзверкі, і саскочыла на траву. Паненкі яшчэ не адышлі ад карэты, а князёўна ўжо чакала іх ля першых дрэў. Яна кінула гвардзейцам:

— Застаньцеся тут, калі будзе трэба, мы паклічам.

І знікла за дрэвамі. Яна ішла і не азіралася, толькі

слухала гукі крокаў за сабой. Нарэшце наперадзе адкрылася паляна з вялікім дрэвам пасярэдзіне. Князёўна дакранулася да яго.

— Тут і згуляем. Цур, я лічу.

Лічылка была даўно знаёмая, і князёўна ведала загадзя — шукаць ёй не давядзецца. Дамовіліся далека не хавацца. А калі адна з паненак стала тварам да дрэва, заплюшчыла вочы і пачала лічыць, князёўна пабегла ў глыб лесу, у бок, супрацьлеглы замку, яна не стала шукаць хованку, а рушыла напрасткі далей і далей ад паляны.

Праз добрых паўгадзіны князёўна спынілася на ўзгорку. «Хопіць,— вырашыла яна,— пэўна, зараз ужо шукаюць па-сапраўднаму, памэнчу іх да вечара, а там выйду». Ад даўно чаканай незалежнасці кружылася ў галаве. Князёўна села, а потым і легла ў сухой высокай траве. «Як даўно я не глядзела на неба проста так, толькі таму, што яно неба; не дзеля таго, каб спраўдзіць надвор'е». Князёўна падклала рукі пад галаву, доўга глядзела ўгару, дзе вецер гайдаў вершаліны, і так неўпрыкмет заснула. Высокая трава хавала яе з бакоў.

Цені ўжо трохі падаўжэлі, калі побач лагчынай пранесліся коннікі. Яны крычалі: «Гэй, князёўна!», на што яна нешта прамармытала праз сон і перавярнулася на бок.

Калі князёўна прачнулася, то не адразу зразумела, дзе знаходзілася, нарэшце ўспомніла. «Цені ўжо доўгія, трэба вяртацца. Я прыйшла,— яна задумалася,— адкуль? Сонца было? Але ж сонца было ў зеніце».

Нарэшце па прымятай траве князёўна вызначыла напрамак. Праз некаторы час адкрылася паляна, толькі зусім маленькая, і дрэва на ей не было. «Заблукала, можна яшчэ гукаць, але гукаць не дазваляе гонар». Князёўна трохі павагалася, потым завярнула наўздагад і пайшла, толькі б не стаяць на месцы. Лес рабіўся больш і больш змрочным, высокія сосны чаргаваліся з густым, пасохлым ля зямлі ельнікам. Часам узнікалі сцежкі, але з вельмі нізкім прагалам, відаць, яны былі пратаптаны не чалавекам, а зверам. Сонца ўжо зайшло, і лес сшарэў, толькі неба яшчэ захоўвала блакітнасць. У каторы ўжо раз князёўна спынілася, каб прыслухацца. На гэты раз ёй не падалося, сапраўды здалёк чуліся гукі паляўнічага рога, брэх сабак і крыкі лоўчых. Князёўна падхапіла сукню і пабегла насустрач, дрэвы раптоўна засталіся ззаду, яна выбегла на паляну. Паляванне набліжалася, пачулася храбусценне сухога галля, і праз паляну прабег агромністы дзік. Князёўна ўскрыкнула і адступілася за дрэва, следам за дзікам пранесліся сабакі, а за імі коннікі.

— Гэй! — крыкнула наўздагон князёўна. Крайні коннік асадзіў каня на самым краі паляны, астатнія нічога не заўважылі і хутка пазнікалі між дрэў. Князёўна выйшла з хованкі. Перад ёй на высокім белым кані сядзеў малады князь. «Цікава, чым гэта скончыцца»,— падумала князёўна.

Князь паспешліва саскочыў з каня і схіліўся ў нізкім паклоне.

— Я пазнаў цябе, ты дачка майго часам саюзніка, часцей ворага, але заўсёды суседа. Мы бачыліся апошні раз на фэсце. Чым абавязаны гэтай сустрэчы ў маім княстве?

Ён усміхнуўся, і князеўне падалося, што яму ўжо вядома і пра сварку з бацькам, і пра гульню ў хованкі. Пра сябе яна падумала: «Яго княства? Значыць, я ўжо зайшла за далягляд». А ўслых сказала:

— Я заблукала ў лесе. І калі князь ведае дарогу, ён, спадзяюся, правядзе мяне ў бацькоўскі замак. Да таго ж сёння там баль на мой дзень нараджэння. Я запрашаю князя. Спадзяюся, што мая прысутнасць не пашкодзіць паляванню.

— Дзякую за запрашэнне. Толькі мая паляўнічая вопратка нішто побач з такой шыкоўнай сукняй, і няма падарунка, да таго ж, думаю, баль сёння ўжо не адбудзецца, бо ўсе госці, пэўна, шукаюць па лесе князёўну.

— Лепшым падарункам будзе мае вяртанне,— перабіла яго князёўна. — А вопратка? Я ў сваей сукні выглядаю смешна ў лесе, таму, думаю, князь і ўсміхаецца зараз, а я хачу ўсміхацца пад час балю, пабачыўшы паляўнічы строй, але больш я не дазволю ўсміхацца нікому.

— Калі князёўна думае паспець на баль, то трэба спяшацца, хутка будзе зусім цёмна.

Малады князь пасадзіў князёўну перад сядлом, сам сеў за ёю.

Вялікі месяц завіс над лесам. Ехалі моўчкі. Князёўна спрабавала лічыць дрэвы, але неяк не магла засяродзіцца. Адна толькі думка круцілася: «Што сказаў бы бацька, калі б пабачыў нас разам?»

Праз добрую тысячу дрэў, калі б князёўна іх лічыла і не збівалася, месячнае святло пасунулася ўшыркі. Яны апынуліся на паляне з вялікім дрэвам пасярэдзіне. Князёўна павярнула галаву:

— Тут недалёка, князь. Запрашэнне не траціць моцы і ў княстве майго бацькі. Не ведаю толькі, як ён паставіцца да нашага з'яўлення.

— Затое ведаю я, і таму няхай запрашэнне застанецца толькі запрашэннем.

— Шкада, хаця, можа, і сапраўды так будзе лепш, калі ніхто не будзе ведаць пра нашу сустрэчу. Адсюль пайду я сама, няхай князь пачакае, пакуль я выйду з лесу, там далей дарога і будзе не так страшна.

— Пачакай, князёўна,— малады князь заклаў рукі за спіну,— значыцца, не было нашага падарожжа?

— Так.

— Значыцца, і зараз мы не сядзім на адным кані?

— Ты скончыў паляванне, а я знайшла дарогу і спяшаюся на баль у замак, я наогул ніколі не была за даляглядам.

— Тады не было і гэтага,— малады князь асцярожна пацалаваў князёўну. — У нашых дзяржавах ты адзіная дзяўчына, з якой я на роўных.

— Ты таксама адзіны, хто павінен быць на балі побач са мной, але цябе няма нават тут, ты за даляглядам, а таму не было і гэтага. — Князёўна сама пацалавала князя. — Гэта мой баль.

Раптоўны вецер аглушальна зашамацеў лістотай у вершалінах. Плашч князя, падхоплены ветрам, ахінуў іх дваіх і заглушыў гукі далёкага паляўнічага рога.

За шумам ветру яны не пачулі, як на паляну выехалі коннікі: стары князь і два гвардзейцы з паходнямі ў руках. Князёўна першая заўважыла водбліскі полымя і адкінула плашч.

— Бацька! — ускрыкнула яна і саскочыла на зямлю.— Я, я заблукала ў лесе, а вось князь... Ён, ён выратаваў мяне, мы ехалі ў замак...

Стары князь кусаў вусны, нарэшце, калі ўжо далей маўчаць стала невыносна, ён прамовіў:

— Уратаваў, кажаш, а на развітанне запатрабаваў расплаціцца пацалункам, так?

— Не,— князеўне аж перахапіла дыханне ад уласнага нахабства,— я сама прапанавала расплаціцца пацалункам.

Гвардзейцы безуважна глядзелі ў чорнае неба, адзін толькі стары князь бачыў твар князёўны.

— Так, тады дзякую князю, толькі зараз ужо памагатыя нам, здаецца, без патрэбы, у наступны раз лепей пакінь маю дачку ваўкам, прынамсі, я буду спакайнейшы, а на гэты раз дзякуй.

Малады князь памкнуўся адказаць, але князёўна павярнулася да яго і прашаптала аднымі вуснамі:

— Бывай...

Ён прымружыў вочы, ледзь відочна нахіліў галаву. Яго конь перакруціўся на месцы і ўзяў у намёт.

Калі заціх пошчак капытоў, стары князь сказаў:

— Як разумееш, балю не адбудзецца, ды і ў сталіцу ты не вернешся, самае месца табе тут, пажывеш з год у кутняй вежы адна, можа, паразумнееш.


3

Бацька дазволіў князеўне пакінуць пры сабе з прыслугі адну толькі пакаёўку. Калі яны падняліся ў вежу, уваход за імі перакрылі скрыжаванымі алебардамі два гвардзейцы. Князёўна абышла кола сцен пакоя. У ім мясціліся ложак, два крэслы, стол з прыладамі да вышывання, камін ды на падлозе ляжала вялізная шкура мядзведзя.

Князёўна цярпліва чакала, пакуль пакаёўка распранала яе, пакуль падтыкала коўдру з усіх бакоў, гасіла свечкі, і толькі тады пацікавілася, ці доўга тая яшчэ будзе корпацца. Пакаёўка сумелася, а калі пытанне прагучала яшчэ раз, сказала, што ей загадана ўвесь час знаходзіцца каля сваёй гаспадыні. Князёўна вельмі выразна паглядзела на дзяўчыну, і тая падалася да дзвярэй.

— Прыхапі мядзведжае футра, ад яго смярдзіць, ды і на лесвіцы, пэўна, холадна,— палагаднела князёўна.

Калі дзверы зачыніліся, князёўна села ў ложку, адсунула полаг і ўбачыла ў адчыненых балконных дзвярах адно толькі зорнае неба.

У тую ноч стары князь не спаў. Галава яго была занята не якой-небудзь лухтой, як у дачкі, а дзяржаўнымі справамі, хаця таксама звязанымі з маладым князем.

— Што ж зробіш, атрымліваецца — вайна сапраўды наканавана,— з асалодай паўтараў князь. — Гэты смаркач заплаціць за ўсе: і за маю часовую слабасць перад яго бацькам, і за горад, і за пацалункі, заплаціць яшчэ больш, чым некалі заплаціў я сам.

Стары князь сеў да стала і напісаў ліст, у якім абвяшчаў суседняму княству вайну, а потым, хоць і была сярэдзіна ночы, загадаў зараз жа перадаць той ліст маладому князю.

Малады князь не дачакаўся таго ліста. Ледзь толькі ён вярнуўся ў замак, дык адразу загадаў падняць войска і рыхтавацца да паходу. Ён разлічыў, на якой дарозе трэба пераймаць войска старога князя, гэта была дарога да горада, у якім жыхары паспелі ўжо раззброіць гарнізон і зачыніць брамы.

Ён правеў войскі амаль пад самымі гарадскімі мурамі, з-за зубцоў якіх даносіліся здзеклівыя крыкі варты. На іх князь не зважаў, бо калі вайну выйграе ён, то радцы самі адчыняць брамы, а калі не, то ці не ўсе роўна тады яму будзе, што там крычалі наўздагон былому гаспадару.

Ён давёў войска да самай мяжы і спыніўся на версе даволі-такі стромага адхону. Унізе ляжаў зацягнуты туманам луг, далей ішлі невялікія пагоркі. Артылерыю ён расцягнуў па грэбені, прыкрыў яе коннікамі, рэштку войска схаваў па другі бок адхону, сам сеў у паходнае крэсла перад войскам, стаў чакаць. Нарэшце вярнуўся адзін з пасланых у разведку. Разлік спраўджваўся — у замку старога князя рыхтаваліся да выступу. Нарэшце прывезлі і ліст, які абвяшчаў вайну.

Разам са сняданкам пакаёўка прынесла князеўне навіну — стары князь абвясціў вайну і войска вось-вось рушыць у паход. Князёўна без слова сцягнула са стала абрус разам са сняданкам і так паглядзела на пакаёўку, што тая крок за крокам адступіла за дзверы. Толькі застаўшыся сама, князёўна дазволіла сабе расплакацца. Яна выйшла на балкон і ўбачыла, як праходзілі з распрастанымі штандарамі войскі яе бацькі, яны дугой абміналі замак, пыл сунуўся невысока над зямлёй і далека не дасягаў вежы. Годка рухаліся коннікі, спяшалася пяхота, валюхаліся на выбоінах гарматы. Стары князь на чале атрада гвардзейцаў абганяў лугам увесь гэты гармідар. Людзі і коні задрыжалі, расплыліся плямамі, князёўна паспрабавала суняць плач, але свет толькі канчаткова ператварыўся ў мешаніну фарбаў.


4

Малады князь нават не варухнуўся, калі на пагорак на другім баку лугу з'явіліся варожыя коннікі, ён нерухома сачыў за падыходам войска, за тым, як яно разгортвалася. Калі на тым баку заціхлі апошнія рухі, ён паклікаў да сябе аднаго з афіцэраў і даволі доўга нешта тлумачыў. Нарэшце афіцэр пачапіў на шаблю белую насоўку, праскакаў з Єй перад сваім войскам, спусціўся збоку ў лагчыну, пераехаў луг, спыніўся перад старым князем.

— Найяснейшы князь,— пачаў ён,— малады князь мае гонар зрабіць прапанову. Абразу табе і тваёй дзяржаве зрабіў толькі сам князь, таму, каб унікнуць вайны, ён згодны біцца з любым з тваіх шляхціцаў, годных яго асобы, а вынік паядынку няхай будзе вынікам вайны. За пераможцам застанецца горад.

Падумаўшы, стары князь сказаў:

— Перадай, я згодны.

Пакуль ганец скакаў назад, малады князь паспеў ужо сесці на каня і праехацца перад строем свайго войска. Смерці ён не баяўся, такіх людзей звычайна на вайне не забіваюць, а патрабуюць выкуп. Але ж калі ён згледзеў, што насустрач яму выехаў сам стары князь, то падумаў: «Зараз без чыей-небудзь смерці наўрад ці абыдзецца»,— павярнуў каня і рынуў па адхоне. Праціўнік імкліва набліжаўся, раптам на самым нізкім месцы лугу конь праваліўся пярэднімі нагамі ў твань і заваліўся на бок, стары князь, не збавіўшы хуткасці, вылецеў з сядла і хлюпнуўся ў гразкую балаціну, якую не заўважыў раней з-за высокай травы. Малады князь спыніў каня і кінуўся на дапамогу, але не дабег крокі са тры і сам раптоўна заграз па самыя халявы ботаў, паспрабаваў абаперціся рукамі, каб вырваць ногі, але рукі ўгразлі па локці, нарэшце на чацвярэньках дасунуўся да старога князя, што ўсе яшчэ коўзаўся на месцы, той адкаснуўся працягнутай рукі, не ўтрымаў раўнавагі і зноў паваліўся, на гэты раз спіною. Малады князь прамовіў:

— Ну, як найяснейшы сабе жадае,— і пачаў выбірацца з балаціны, спачатку асцярожна, а потым і не зважаючы на бруд.

З абодвух бакоў ляцелі афіцэры, каб дапамагчы сваім уладарам. Каля балаціны яны сышліся ў адзін стракаты і таму вельмі ўжо не вайсковы натоўп і пачалі разам мясіць гразюку. Нарэшце маладога князя, які згубіў абедзве пальчаткі і капялюш, выцягнулі на сухое, ён збольшага абтрос гразь і зірнуў на старога князя, той ужо стаяў паміж сваіх перапэцканых афіцэраў у адным боце, блішчэлі чысцінёй толькі зубы і вочы, лужына бруднай вады шырылася ля яго ног. Малады князь не стрываў і спачатку ціха, а потым і голасна пачаў смяяцца. Стары князь яшчэ трохі мацаваўся, але хутка і яго пачаў біць смех. Ён пазіраў то на праціўніка, то на афіцэраў, толькі не сабе пад ногі, і кожны раз выбухваў новай порцыяй весялосці. Зарагаталі і афіцэры. Кожны паказваў на іншага і шчыра спадзяваўся, што сам выглядае лепей. Зараз адкрыта смяяліся і войскі. Нават тыя, хто быў у засадзе, павыязджалі на флангі і распытвалі, што здарылася. Артылерысты паўзбіваліся на гарматы і з вышыні пераказвалі падзеі тым, хто застаўся ўнізе. Афіцэры глядзелі адзін на аднаго і ўжо не знаходзілі ворагаў: заўсёды свежыя і бліскучыя мундзіры аднолькава запэцканы да непазнавальнасці.

Малады князь сцёр з твару бруд разам са слязамі весялосці, сцягнуў з нагі бот і шпурнуў яго ў твань:

— Я не магу дазволіць сабе выглядаць лепей за майго праціўніка.

— Я таксама,— стары князь выкінуў пальчаткі.

Усе зноў засмяяліся. Малады князь пасур'ёзнеў:

— Біцца, як я разумею, прынамсі, зараз, мы не будзем, лепей пагутарым.

Прынеслі паходныя крэслы, стол. Уладары адаслалі афіцэраў, а самі паселі адзін насупраць другога, пры сабе пакінулі толькі сакратароў і краўчых. Гутарылі яны доўга, да самага вечара.

Урэшце накіравалі паслоў у горад. З сённяшняга дня ён набываў статут вольнага і павінен быў плаціць падаткі абодвум князям. Змяняўся і герб горада: дзік спыняў свой бег і павінен быў ляжаць забіты.

Пяхоце і артылерыі было загадана заставацца на месцы, а коннікам, каб не вельмі адрознівацца ад гаспадароў, злёгку перапэцкацца гразею, зняць адзін бот, пакласці ў яго пальчаткі і прымацаваць да сядла. Калі ўсе гэта будзе зроблена, быць гатовымі выступіць за сваімі гаспадарамі. Напрамак — замак старога князя. Мэта — заручыны князёўны з маладым князем.

Пад разгорнутымі штандарамі напалову босыя коннікі з каранаванымі асобамі на чале рушылі наўздагон сонцу. Луналі капелюшы і крыкі «Ура!!!», як пасля вялікай перамогі.


5

Князёўна цэлы дзень сачыла з балкона, як цень яе вежы сунуўся па зямлі, як ён пераломліваўся на дахах замкавага палаца, як ён сцякаў у ваду рова, як

даўжэў на лузе, як, нарэшце, неймаверна даўгі, ён не крануў лес.

На даляглядзе ўзніклі ледзь бачныя коннікі. Князёўна не магла ды і баялася разглядзець, чые над імі штандары — бацькавы ці маладога князя. Яна зразумела, што вайна скончана і пераможца спяшаецца да замка, а пераможаны або нежывы ляжыць за даляглядам або едзе са связанымі рукамі ў канцы абозу. Яна адчула, што аднолькава баіцца пабачыць і пераможцу і пераможанага, кім бы ён ні быў.

Князёўна вярнулася ў пакой, паклікала пакаёўку, загадала перакруціцца на месцы.

— Сукня ў цябе даволі прыстойная,— сказала князёўна,— ты ўсе яшчэ хочаш быць князёўнай?

— ???

— Ты не хочаш памяняцца сукнямі? Ты станеш на адзін вечар, кім марыла быць усе жыццё. Гэта загад!

— Князёўна!

— Хутчэй пераапранайся, выйдзеш на балкон і будзеш вітаць войскі.

Князёўна расправіла сукню.

— На жаль, я ніколі не верыла, што мы падобны адна да адной, а зараз шкада, няма люстра. І гладзі, не рабі ляманту.

Князёўна хуценька збегла па сходах, мінула гвардзейцаў, мінула браму, выйшла на луг і зірнула на постаць у бальнай сукні. «Спяшайся, пераможца!» — падумала яна.

Не дайшла князёўна яшчэ да першых дрэў, як з лесу вылецеў коннік — веставы ганец яе бацькі. Князёўна ледзь паспела прыкрыць палову твару.

— Куды ідзеш? Ноч набліжаецца. Лепей спяшайся ў замак, дзяўчынка. Князі памірыліся. На сёння прызначылі заручыны князёўны з маладым князем. Мо калі паспееш першай паведаміць сваей гаспадыні такую навіну, то яна і падорыць сукню, аб якой ты марыш. Спяшайся.

Веставы ганец сціснуў бакі каня шпорамі і паімчаў да замка.

Князёўна з хвіліну гладзела яму наўздагон, потым села проста на траву і сказала ўголас:

— Нашто спяшацца, калі яна ўжо падорана. Дзень нараджэння і заручыны розныя святы, таму і сукні павінны быць рознымі, свае на кожны фэст. А тое, што на мне зараз, самае што трэба, каб сядзець на ускрайку лесу.


Загрузка...