Над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі — флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак. Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый.
Яшчэ гэтак жа востра патыхала пыльнай сухменню бітае цэглы з руін вялізнага вуглавога дома, дзе заляглі байцы трэцяй роты, загнаныя сюды нечаканымі стрэламі з вежы ратушы. Нейкі здзічэлы гітлеравец, засеўшы з кулямётам, на золку спыніў іх тут, не даючы рухацца далей на злучэнне з саюзнікамі.
— Ах, воўчыя душы, ім яшчэ чатырох год мала, — казаў ротны, лежачы за вялізнай цаглянай глыбай і камечачы ў руках толькі што прастрэленую фуражку. Трэба было прызначыць байцоў выкурваць таго нягодніка, пасыльны ад камандзіра палка, прынёсшы такі загад, чакаў выніку, тулячыся ў каменні ззаду, а камандзір вагаўся. Было б гэта яшчэ ўчора ці калі раней, хіба адчуў бы ротны гэткую раптоўную нерашучасць! Але сёння… Сёння іх жыццё падаражэла ўдвая — яны дачакаліся міру.
— Вунь, вунь ён! — крыкнуў плячысты сяржант у залапленай на спіне гімнасцёрцы. Ён адзін тут стаяў, хаваючыся за ўцалелым прасценкам. — Вунь пад цыферблатам руля вытыркаецца. Во гадзюка!
Сінцоў, малады светлавокі баец, што ляжаў побач з ротным, асцярожна выглянуў і сцішана, але так, каб чуў камандзір, вымавіў:
— Чаго з ім цацкацца! На ўра атакаваць, і канец.
У гэты час чорная пляма рулі пад вежавым гадзіннікам раптоўна бліснула чырвонай іскрынкай — і ад прасценка ад жалезных бэлек абрушанага перакрыцця сыпанулі ва ўсе бакі кулі. Людзі хуценька дзёўбнулі галовамі — кожны за сваё сховішча; на каменне пасыпалася тынкоўка, і ў прыцемках руін ціха закурылася лёгкае воблачка пылу.
Калі шоргат спыніўся, ротны ўпарта варухнуў галавой і звыклым камандзірскім голасам выкрыкнуў:
— Вераб’ёў… Чарняк… Туркоўскі…
Сяржант у прасценку азірнуўся, нібы не адразу паверыўшы, што назвалі яго, неяк сумна глянуў на ратушу і зняў з пляча аўтамат. Нездаволена прабурчаў нешта ззаду між цагельнага друзу Чарняк, стараваты ўжо, аброслы шчаціннем баец — вохкаючы і лаючыся, ён палез наперад. За ім аднекуль з цёмнага кута, сагнуўшыся ў тры пагібелі, з’явіўся тонкі, як дубец, Туркоўскі.
Ротны не глядзеў на іх, і яны ні разу не зірнулі на камандзіра — усім было чамусьці няёмка. Пасля кароткай паўзы старшы лейтэнант павярнуў голаў убок і напаткаў позірк Сінцова. Баец зразумеў адразу і раней, чым было названа яго прозвішча, падхапіў аўтамат і падаўся да сяржанта ў прасценак.
— Ну вось, Сінцоў, табе першае пасляваеннае заданне, — услед яму неяк фальшыва пажартаваў камандзір. — А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца.
Сінцоў не адказаў і не ўсміхнуўся. Гэта праўда, што ўсе апошнія дні ён не на жарт клапаціўся, як уладкавацца пасля вайны — хлопец быў адзін, без бацькоў і радні, з чатырнаццаці год — выхаванец палка.
Сяржант падавіў уздых і, з асцярогай пазіраючы на вуліцу, пачаў прабірацца па-за сценамі ў бакавы пралом. Чарняк пастаяў яшчэ ў нейкай задуменнай нерашучасці, выцер рукавом ложу карабіна, вылаяўся і ўрэшце, няспрытна валюхаючыся, рушыў следам. Воддаль, яшчэ болей прыгнуўшыся, шмыгнуў Туркоўскі, і апошні спакойна перайшоў адкрытае месца Сінцоў.
Ля пралому яны спыніліся, сяржант выглянуў, хвіліну счакаў і, нібы ў сцюдзёную ваду, імкліва рынуўся цераз вуліцу да сцяны процілеглага дома. Сінцоў і Чарняк скіравалі следам, а Туркоўскі нешта прамарудзіў, і калі высунуўся бегчы, ад ратушы загрукалі стрэлы. Высякаючы на каменнях бруку сінія іскры, наўкола разляцеліся кулі, а Туркоўскі вёртка сігануў назад і знік у праломе.
Пад сцяной з агромністай, скіраванай уніз стрэлкай рэкламы байцы аддыхаліся, тут яны былі ў нейкай бяспецы, закрытыя ад ратушы вуглом шэрага, падзёўбанага асколкамі дома. Сяржант узіраўся ў руіны, дзе застаўся іхні чацвёрты таварыш, і, не ўбачыўшы яго, крыкнуў:
— Гэй, давай бягом!
Туркоўскі нясмела высунуўся з-за пашчэрбленага ўскрайка сцяны, але кулямёт з ратушы зноў сыпануў па тынкоўцы бязладнаю чаргой, і баец борзда схаваўся.
— Ладна, — сказаў Сінцоў. — Пайшлі. Траіх управімся.
Яны пачакалі яшчэ, а пасля адзін за другім паўз шархоткую сцяну дома пачалі прабірацца да ратушы. Чарняк чамусьці хутка адстаў, і за сяржантам бег адзін Сінцоў. Ад рага яны пераадолелі ўскраек сквера і схаваліся пад густымі кронамі акацый. Кулямётчык з вежы ці не заўважыў іх, ці, можа, зусім не мог бачыць.
Нарэшце ў ранішняй сцішанасці перад імі вырасла змрочная высачэзная ратуша.
Сінцоў з сяржантам, сігаючы праз два прыступкі, хуценька ўзбеглі па шырокай лесвіцы да насцеж расчыненых вялізных дзвярэй. Неўзабаве, старанна хаваючыся пад сцяной, іх дагнаў насуплены, задыханы Чарняк, і яны стаіліся, услухоўваючыся ў падазроную таямнічасць будыніны. Але скрозь было ціха, кулямётчык маўчаў. Праз першыя расчыненыя дзверы віднеліся другія, такія ж вялізныя. Яны былі зачынены, а побач у змрочным куце пад стрэльчатай аркай пачыналіся нейкія прыступкі ўгору. Стараючыся не парушаць цішыні, усе трое засцярожліва падаліся да таго ўвахода.
Тут аказалася вузенькая вінтавая лесвіца, стромкая і скручаная ў штопар, — яна ўпарта ўвінчвалася ў цесную вежу ратушы. Праз тры крокі наперадзе яе спіраль зусім ужо заварочвала ўбок, і далей нічога не было відаць, хоць вузенькія маленькія акенцы з аднаго боку добра асвятлялі яе пашчэрбленыя прыступкі.
Байцы асцярожна крочылі пры сцяне, дзе круцізна была меншая. Першы ішоў сяржант, за ім — Сінцоў, і ззаду сапучы і зрэдку пакырхваючы, няўклюдна карабкаўся Чарняк. Яны ўжо парадкам узняліся ўверх, і ў чарговым акенцы паказаліся дахі горада, верхавіны акацый, далей — прасцяг вузкай даліны з дарогай і над усім — Альпы, падсветленыя сонцам, якое неўзабаве павінна было вырвацца ў неба. Па яркай набрыняласці снегавых вяршынь яно мелася сёння быць асаблівым — яркім і захмялела вясёлым, гэтае веснавое сонца першага дня міру.
Людзі абышлі па спіралі яшчэ некалькі кругоў, і Сінцоў, неяк неўпрыцям змануты цішынёй, аж забыўся, куды і навошта вяла іх апошняя вайсковая патрэба. Ён усё больш зачаравана ўглядаўся ў кожнае акенца на ўсход і чакаў, што вось-вось з-за пазубленай сцяны гор пырсне тое самае незвычайнае і дзівоснае сонца. Але яно, відаць, рухалася марудна, быццам баючыся растраціць поўную меру сённяшняй радасці, няспешна і плаўна ўзнімалася за гарамі; і гэтак жа няспешна, спыняючыся і ўслухоўваючыся, падымаліся ўгору байцы.
Раптам блізкая чарга ўгары гулкім грымоццем аддалася ў будынку, у вузкай, як калодзеж, лесвіцы, імкліва рассыпалася над горадам, і байцы ад нечаканасці сталі. Сяржант узняў да грудзей аўтамат, побач укленчыў на прыступках Сінцоў, за ім з раскрытым ротам і наморшчаным старэчым ілбом утаропіўся ўгору Чарняк. I калі яшчэ кулямётнае рэха зусім не заціхла ў гулкім нутры ратушы, зверху загрукацелі таропкія чалавечыя крокі.
Сяржант зірнуў на Сінцова і скамянеў ад увагі, хруснуўшы засцерагальнікам аўтамата. Але крокі прагрукацелі і сціхлі — пэўна, чалавек спыніўся, можа, пачуў што ці проста перамяніў пазіцыю.
Тады сяржант, счакаўшы якіх паўхвіліны, марудна і няёмка, быццам на балючай шыі, павярнуў голаў, зірнуў па чарзе на абодвух падначаленых і коратка кіўнуў Чарняку. Той прывычна падпарадкаваўся, але, ступіўшы крокаў два, чагосьці спыніўся, паглядзеў на сяржанта, і ў гэтым яго позірку востра адбілася нейкая незвычайная жаласлівая знямога.
Угары зноў нехта заварушыўся, ці то аддаляючыся, ці мо спускаючыся, і зноў доўгая кулямётная чарга громам раскацілася ў будынку. Байцы напружыліся, сяржант, на нешта рашаючыся, прыжмурыў вочы. Чарняк абедзвюма рукамі ўзяўся за карабін. I Сінцоў раптам прыпомніў, што Чарняк у гэтую вайпу шэсць разоў паранены, што ў яго дома старая маці і чацвёра дзяцей, а сяржант Вераб’ёў пайшоў на вайну з апошняга курса ўніверсітэта, меў два ордэны Славы і быў разумны, адукаваны чалавек. I баец, нервова перасмыкнуўшы вуснамі і адразу забыўшыся і пра сённяшнюю раніцу, і пра канец вайны, і пра свае клопаты-мары, шырока сігануў угору і апынуўся наперадзе.
Ён хацеў як мага хутчэй дабегчы даверху, не даць ашалеламу недабітку апамятацца і заўважыць іх. Падхопленыя яго парывам, ззаду беглі таварышы. Гумовыя падэшвы ботаў мякка прыглушалі іх крокі.
Кулямётчык з’явіўся раптоўна. Гэта быў нейкі даўгашыі гітлеравец у цыратовым зялёным плашчы — укленчыўшы на запэцканых галубамі прыступках, ён вадзіў у акенцы кулямётным ствалом, збіраючыся націснуць на спуск.
— Хэндэ хох!!! — зычна крыкнуў Сінцоў, і ў той жа момант вораг з дзівосным спрытам адкінуў кулямёт, скочыў угору, і з яго рук грымнулі запар два стрэлы. Сяржант і Чарняк амаль адначасова ўдарылі з двух аўтаматаў — немец бразнуўся на прыступкі, ляснуў аб каменні браўнінг, а пад самыя ногі байцоў ціха, без аніводнага стогну апусціўся раптоўна збялелы Сінцоў.
…Праз пяць хвілін на шырокі ганак ратушы Вераб’ёў і Чарняк вынеслі яшчэ цёплае цела таварыша. Пераскокваючы цераз клумбы сквера, да іх ужо беглі байцы, бег Туркоўскі, камандзір роты, а гэтыя двое моўчкі паклалі трэцяга на сцёрты граніт прыступак і стаялі так, збянтэжаныя і разгубленыя, баючыся зірнуць адзін аднаму ў вочы. Чарняк крактаў усё, пераступаў з нагі на нагу, смаркаўся і размазваў па аброслым твары брудныя пісягі пад вачыма
А з-за гор радасным рассыпістым бляскам пырснула запозненае сонца і весела асвяціла змрочную ратушу з вежай, шырокі ганак, недарэчна застылых у немай журбоце байцоў і таго, на зямлі, што на пяць хвілін не дажыў да чаканага дня.