Максім Танк Нарач

Прадспеў


Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,

Не з торбамі песень жабрачных, —

Смыком серабраным на струнах зары

Табе заіграем іначай.

Прысядзем ля прызбы, на новы парог,

З вясёлым і ясным абліччам,

Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог,

Хоць шмат каго з нас недалічым…

Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх

Пад песні, шум цёмнага бору,

I выплывуць зоры на сіні начлег,

На сінія хвалі азёраў,

Закінуць свой невад узорны на дно,

У ціхія Нарачы тоні,

Дзе месяца толькі сталёвы нарог,

Затоплены бураю, звоніць.

I ўбачым тады, як радзімы прастор,

I песню, што просіцца з сэрца,

I струны жывыя пялёсткамі зор

Асыпле кастрычніцкі вецер;

I знікнуць туманы з дарог-каляін,

Зара чырвань-хустку накіне

На грэбень сасновых густых верхавін,

На плечы этапнай краіны.

Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,

Не з торбамі песень жабрачых, —

Смыком серабраным на струнах зары

Табе заіграем іначай.


Загрузка...