Вундэркінд выходзіць, у зале настае цішыня.
Настае цішыня, а потым людзі пачынаюць пляскаць, бо тут сярод іх апынуўся нехта, хто нарадзіўся, каб загадваць, вадзіць чалавечы статак, — той нехта запляскаў першы. Яны пакуль што нічога не чулі, але пляскаюць усе як адзін, бо ўсемагутная рэклама выперадзіла вундэркінда, і людзі ўжо абдураныя, і невядома, ці ўсведамляюць яны гэта.
Вундэркінд выходзіць з-за прыгожай шырмы, затканай вянкамі ў стылі ампір і вялікімі казачнымі кветкамі, якіх не бывае ў прыродзе, борздзенька лезе па прыступках на эстраду і ўвесь абвалокваецца воплескамі, быццам хвалямі, золка пацепваецца, абвеяны лёгкімі дрыжыкамі вусцішнасці,— і тым не меней гэта як бы яго родная, свойская стыхія. Ён падыходзіць да краю эстрады, усміхаецца, нібы каб яго фатаграфавалі, і дзякуе лёгкім, нясмелым, жаноцка-мілым паклонам, хоць ён — хлопчык.
Вундэркінд увесь у белым шоўку, і гэта, вядома, расчульвае залу. На ім белая шаўковая блуза, пад ёю такі самы шалік і нават туфлі з белага шоўку. Але з белых шаўковых штонікаў рэзка выступаюць калені, зусім карычневыя: вундэркінд — маленькі грэк.
Бібі Сакелафілакас — так яго завуць. Якім імем яго назвалі, адкуль узялося тое «Бібі», памяншальнае яно ці ласкальнае, ніхто не ведае, апрача імпрэсарыо, які лічыць гэта камерцыйнай тайнай. У Бібі абвіслыя да плячэй чорныя гладкія валасы, прабраныя касым радочкам і прыхопленыя вузкай шаўковай стужкай. У яго самы бестурботны дзіцячы тварык, яшчэ не сфармаваны носік, поўны няведання рот… толькі верх твару, пад смаляна-чорнымі, як у мышаняці, вачыма, ужо як бы абхуканы лёгкаю стомаю і пазначаны дзвюма характарнымі рыскамі. 3 выгляду яму гадоў дзевяць, ад роду ж — восем, выдаюць яго за сямігадовага. Папраўдзе, людзі і самі не ведаюць, ці верыць гэтаму. Магчыма, яны ўсё добра разумеюць, але вось жа вераць, — людзі спакон веку прывыклі так рабіць. «Прыгажосці,— думаюць яны, — патрэбна хоць каліўца ашукі. Што засталося б, — думаюць яны, — ад узнёслага лунання над будзёншчынай, калі б не свядомая згода прымаць яго нават за пяцігадовага?» І далібог жа, яны слушна разважаюць, людзі!
Вундэркінд дзякуе, пакуль не аціхаюць воплескі, потым падыходзіць да раяля, і людзі апошні раз кідаюць вокам на праграмку. Ага, спачатку будзе «Marche solenelle»[1], потым «Reverie»[2], а пасля «Le hibou et les moineaux»[3] — музыка Бібі Сакелафілакаса. Уся праграма складзена з ягоных твораў, гэта яго ўласныя кампазіцыі. Праўда, ён яшчэ не ўмее запісваць іх, усе яны ашчадна пакояцца ў яго маленькай, але незвычайнай галаве, і — як важка і непрадузята пазначана ў афішах, складзеных імпрэсарыо, — іх нельга не прызнаць сапраўдным мастацтвам. Падобна на тое, што гэтае прызнанне далося імпрэсарыо ў суровым змаганні з уласцівымі яму крытычнымі схілкамі.
Вундэркінд залазіць на табурэт-круцёлку, ёрзае, боўтае ў паветры ножкамі, намацваючы педалі, якія дзякуючы хітрамудраму прыстасаванню падняты вышэй звычайнага, каб Бібі мог даставаць да іх. Гэта яго, свой раяль, ён усюды возіць яго з сабою. Раяль умацаваны на драўляных блоках, паліроўка яго чаго толькі не пабачыла за час частых пераездак, але ад гэтага ўсё робіцца яшчэ больш цікавым.
Бібі ўладжвае свае бела-шаўковыя ножкі на педалі, робіць хітраваты твар, глядзіць у прастору перад сабою і падымае правую руку. Смуглае далікатна-дзіцячае ручаня, адна пясць не па-дзіцячы моцная, суглобы пальцаў рухавыя і пругкія.
Хітруе Бібі, бо ведае, што павінен іх крыху пазабаўляць. А сам сабе спадціха адчувае сваё шчасце, шчасце, якога не здолеў бы нікому апісаць. Шчыпучая радасць, таямнічае трымценне асалоды захлістваюць яго што раз, як толькі сядзе за раяль, — гэта яму ўжо дадзена назаўсёды. Клавіятура, сем чорна-белых актаў, па якіх ён так часта блукаў сярод прывідных відзежаў і трывожнага лёсу, зноў аддаецца на волю ягонай улады, — вось яно зноў усё перад ім, як некранутая, як начышчаная аспідная дошка. Музыка, музыка, вось яна ўся перад ім! Яна ляжыць перад ім неабсяжная і вабная, як мора, і Бібі можа ўкінуцца ў яе і шчаслівенька плыць, можа дазволіць ёй падхапіць, панесці яго, увабраць яго ў глыбіню, але ён умее ўтрымаць у руках уладу над ёю, умее загадваць, кіраваць ёю… Яго правая рука завісае ў паветры.
Зала затаіла дыханне. Усе напятыя, чакаюць першага гуку… Як гэта пачнецца? Пачалося! Бібі ўказальным пальцам здабывае гук з сярэдняга рэгістру, нечакана моцны гук, які нагадваў трубны. Новыя гукі сплятаюцца з ім, узнікае інтрадукцыя — зала пераводзіць дыханне.
Гэта шыкоўная зала ў адным з самых модных першакласных гатэляў, з сценамі, пазамазванымі ружовымі целамі, з люстрамі ў мудрагелістых завітках, з грувасткімі калонамі і незлічонай процьмай, цэлай зорнай сістэмай электрычных лямпачак, якія гронкамі, суквеццямі распускаюцца ўсюды, пранізваюць памяшканне куды больш яркім за дзённае, тонкім, залацістым, нябесным святлом. Ніводнага вольнага месца, нават у бакавых праходах і каля дзвярэй — людзі. У першых радах, дзе месца каштуе дванаццаць марак (імпрэсарыо ўзяў за прынцып трымацца высокіх цэн), размясціліся самыя выбраныя. Вундэркінд зацікавіў сабою высокі свет. Куды ні глянь — парадныя мундзіры, выштукаваныя ўборы паняў… Ёсць тут і дзеці: прыстойненька звесіўшы ногі з крэслаў, яны бліскучымі вачыма ўляпіліся ў свайго памечанага ласкай і мілатою божай, белашаўковага равесніка…
Наперадзе, злева, сядзіць вундэркіндава мама, дзябёлая мама з двайным падбароддзем і з пяром у прычосцы. Побач з ёю — імпрэсарыо, мужчына ўсходняга кшталту, з масіўнымі залатымі запінкамі, якія ладна вылазяць з рукавоў. А яшчэ бліжэй, пасярэдзіне рада, сядзіць прынцэса. Гэта малюпасенькая, сухенькая, зморшчаная прынцэса, але апякуецца мастацтвамі, калі толькі тыя вытанчана-далікатныя. Яна сядзіць у глыбокім аксамітным крэсле, а пад нагамі ў яе персідскі дыван. Склаўшы рукі пад грудзямі, на шаўковай у шэрую палоску сукенцы, прынцэса сузірае працоўнага вундэркінда і ўсёю сваёю пазітурай увасабляе спакой. Каля яе прыдворная дама. У гэтай на сукенцы палоскі ярка-зялёныя, але тым не меней яна ўсяго толькі прыдворная, якой нават не дазваляецца ямчэй умасціцца на крэсле. Як уладна гэтае малое распараджаецца раялем. Вушам сваім не верыш! Тэма марша — натхнёны ўзлёт палкай мелодыі — узнікае яшчэ раз у поўнай гарманічнай завершанасці — шырокая, дзёрзка-пераможная, і Бібі ў кожным такце адкідваецца назад, быццам сам маршыруе ва ўрачыстым шэсці. Магутны заключны акорд, — ён бачком спаўзае з табурэта, усміхаецца і чакае апладысментаў.
І яны грымнулі — аднадушныя, расчуленыя, шалёныя. Паглядзіце толькі на абрысы сцягенцаў у гэтага дзіцяці, калі яно схіляецца ў жаноцка-манерным паклоне! Пляскайце! Пляскайце! Чакайце, я здыму пальчаткі! Брава, малютка Саколафікс, ці як там цябе! Ну й пракуда!
Бібі тры разы выходзіць з-за сваёй шырмы, перш чым публіка супакойваецца. Некалькі запозненых слухачоў, націскаючы ззаду, прадзіраюцца ў залу. Канцэрт ідзе далей.
3-пад пальцаў Бібі струменяцца яго «Reverie», яны ўсе складаюцца з арпеджыо, над якімі час-пары ўспырхваюць на кволых крылах фрагменты мелодыі. А потым ён грае «Le hibou et les moineaux».
Гэтая штучка мае грымучы поспех, яна заўсёды выклікае самае гарачае захапленне. «Le hibou et les moineaux» — сапраўдная дзіцячая музыка, у ёй усё дзівосна празрыста. У басах так і бачыш саву, — вось яна сядзіць і лыпае круглымі вачыма, тым часам як у верхніх галасах дзёрзка і палахліва чывікаюць вераб’і. Чатыры разы Бібі выклікаюць пасля гэтай п’ескі. Гатэльны служка з бліскучымі гузікамі выносіць яму на эстраду вялізныя лаўровыя вянкі і стаіць каля Бібі, пакуль той дзякуе. Нават прынцэса бярэ ўдзел у авацыі, і гэта выяўляецца ў тым, што яна бязважка-пяшчотна складвае плоскія далонькі, не робячы пры гэтым аніякага шуму…
Як гэты маленькі хітрулік умее падаграваць публіку! Ён не адразу выходзіць з-за шырмы, прымушае чакаць сябе, крыху прыпавольвае на прыступках, з дзіцячай непасрэднасцю любуецца стракатымі стужкамі на вянках, хоць яны ўжо даўным-даўно абрыдлі яму, чароўна кланяецца, дае публіцы часу пашалець, каб не ўпусціць ніводнага каштоўнага пляску. «„Meditation“ — гвозд маёй праграмы, — думае ён; гэтаму выразу навучыў яго імпрэсарыо. — Потым я зайграю вам фантазію, якая, калі ўжо на тое, лепшая за „Саву“, асабліва тая мясціна, пераход у до-дыез. Але ўсе вы звіхнуліся на гэтай саве і нэндзаецеся з ёю, хоць яна — мая самая першая, самая дурная рэч». — І ён грацыёзна выходзіць на камплімент.
Потым грае «Meditation»[4], а там яшчэ і эцюд. Праграма ў Бібі даволі ёмістая. «Meditation», праўда, дужа нагадвае «Reverie», але ў Бібі гэта не загана, бо ў эцюдзе вундэркінд ззяе тэхнікай, якая, зрэшты, крыху саступае яго кампазітарскаму таленту. Але вось нарэшце і «Фантазія». Гэта яго любімая рэч. Яе ён грае кожнага разу крышачку інакш, дазваляе сабе маленькія вольнасці, і выпадаюць шчаслівыя вечары, калі ён сам бывае здзіўлены, як адкрыццём нябесным, раптоўным нечаканым паваротам мелодыі.
Ён сядзіць і грае, такі маленькі і сляпуча-белы перад вялікім чорным раялем, там, на сцэне, самотны выбранец, узнесены над безаблічным натоўпам, які ўвесь разам мае толькі адну нячуйную, няпругкую душу, над якою трэба валадарыць яго самотнай, яго інакшай душы… Мяккія чорныя валасы разам з шаўковай стужкай упалі на лоб, гнуткія трэніраваныя пальцы бегаюць па клавішах, і відаць, як пацепваюцца мускулы на смуглых дзіцячых шчоках. Часам прыходзяць секунды адсутнасці, самазабыццёвай адзіноты — тады яго дзіўныя, падведзеныя ценямі вочы касавурацца ўбок ад публікі, на размаляваную сцяну за раялем, і глядзяць праз яе, растаюць у мройнай далечы, населенай дзівосным жыццём. Але варта яму хоць краёчкам вока ўбачыць залу, як ён зноў тут, перад натоўпам.
Стогн і енк! Узлёт і падзенне!.. «Мая фантазія! — любоўна думае Бібі.— Слухайце ж, слухайце, зараз пойдзе тая мясціна, той самы пераход у до-дыез. — Яны заўважылі? Вой, дзе там! Нічога яны не заўважылі!» І вось, каб хоць чым павесяліць іх, Бібі эфектна ўскідвае вочы на плафон.
Людзі сядзяць доўгімі радамі і глядзяць на вундэркінда, і кожны думае пра сваё, пра самае рознае. Адзін стары сівабароды пан, з пярсцёнкам-пячаткай і шышкаватым гузаком на лысіне, думае сам сабе: «Даволі сорамна, шчыра кажучы, так і не адолець за ўсё жыццё песеньку пра „Трох паляўнічых з Курфальца“ — і цяпер сядзець тут такім сівагаловым ёлупам і набірацца розуму ў гэтага вундэркінда — рос-рос-недарос! Зрэшты, гэта дадзена яму зверху, гасподзь раздае свае шчадроты, тут нічога не парадзіш, і зусім не брыдка быць звычайным чалавекам. Гэта як з маленькім Ісусам. Дзіцяці можна пакланяцца не саромеючыся! А як дабратворна гэта ўплывае!» Ён не адважваецца падумаць: «Якая асалода!» «Асалода» — слова не да вуснаў тоўстаму старому геру. Але адчувае ён так! Адчувае ён менавіта так!
«Мастацтва… — думае насаты, як папугай, дзялок. — Што ж, вядома, яно дадае жыццю пэўнай вастрыні, усё гэта дрынканне, і белы шоўк, і розная іншая драбяза…
Але ж і малое не прападае. Прададзена не менш пяцідзесяці месцаў па дванаццаць марак, гэта ўжо шэсцьсот марак, без уліку астатніх білетаў. Калі адкінуць выдаткі на наём залы, асвятленне, праграмкі, дык і без таго застаецца дзве тысячы марак гатоўкай. Гэта не на пропадзь!»
«Ну, тое, што ён нам цяпер падносіць, гэта, напэўна, Шапэн! — думае выкладчыца музыкі, дзюбатая дама ў тых гадах, калі надзеі слепнуць, а розум абрастае з’едлівасцю. — Аднак, трэба сказаць, яму бракуе шчырасці. Так і буду казаць: хлопчыку бракуе шчырасці. Гэта гучыць няблага. Да таго ж у яго не тая школа, не, не тая, і няправільная аплікатура. Руку трымаць трэба так, каб з яе не спаўзала манетка. У мяне ён дастаў бы лапы!»
Маладзенькая дзяўчына, якая здаецца васковай, — такая бледная, у тым уражлівым узросце, калі наўме толькі розныя казытлівыя думкі, сама сабе маракуе: «Ды што гэта?!. Што ён грае? Ён жа грае палкасць! А сам яшчэ зусім дзіця горкае… Калі б ён цалаваў мяне, было б так, быццам цалуе мой маленькі брат, — гэта не цалунак. Значыцца, палкасць, магчымая сама па сабе, палкасць беспрадметная, без зямнога ўвасаблення. Проста такая дзіцячая гульня! Добра, скажы я гэта ўголас, і мяне запояць рыбным тлушчам. Такі ўжо гэты свет!»
Каля калоны стаіць афіцэр. Ён глядзіць на славазборцу Бібі і думае: «Ты персона, але ж і я персона. Кожны на свой лад». Тым не меней афіцэр ляскае абцасамі, нібы казырае вундэркінду, як казырае ўсім, хто мае ўладу.
А крытык, ужо як след прылядашчаны чалавек у зашмальцаваным сурдуціку і падкасаных, запырсканых вулічнай тванню штанах, сядзіць на сваім дармовым месцы і думае: «Не, вы толькі паглядзіце на гэтага Бібі, на гэтага камедыянта. Яму яшчэ расці й расці, перш чым мецьме свой твар, але як тып, тып артыста, ён, бадай што, закончаны. У яго ёсць ад прыроды артыстычная веліч і ягоная нізкасць, шарлатанства і свяшчэнная іскра, фанабэрыя і патайны хмель запойнасці. Але гэтага не напішаш, гэта занадта тонка. Ах, паверце, я і сам стаў бы артыстам, калі б, на жаль, не быў адораны ўменнем усё бачыць наскрозь».
А тым часам вундэркінд канчае граць, і ў зале паўстае бура. Яму даводзіцца зноў і зноў выходзіць з-за шырмы на выклікі. Чалавек з блішчастымі гузікамі вывалоквае новыя вянкі, чатыры лаўровыя вянкі, ліру з фіялак, абярэмак ружаў. Яму не хапае рук, ён не паспявае ўручаць усё гэта паднашэнне вундэркінду, сам імпрэсарыо падымаецца на эстраду пасабляць. Ён кладзе адзін вянок на шыю Бібі, пяшчотна праводзіць рукой па яго чорных валасах. І раптам, як бы па вышэйшай волі, нахіляецца і цалуе вундэркінда, гучна, цалуе яго ў самыя губы. Тут ужо бура пераходзіць у цэлы ўраган. Пацалунак, як электрычны разрад, падае ў залу — і быццам нервовая сутарга прабягае па натоўпе. Дзікая патрэба шумець авалодвае людзьмі. Крыкі «брава» мяшаюцца з аглушальнымі воплескамі. Некалькі малых, нічым не адметных равеснікаў Бібі махаюць там, унізе, насоўкамі. Прылядашчаны крытык думае: «Зразумела, гэты пацалунак імпрэсарыо таксама запраграмаваны. Старая, правераная штука, збою не дае. А божачкі, калі б не бачыць усяго гэтага наскрозь!»
І вось канцэрт вундэркінда канчаецца. Ён пачаўся а палове восьмай, а палове дзевятай скончыўся. Эстрада завалена вянкамі, нават на раялі стаяць два горшчыкі з кветкамі. Апошнім нумарам Бібі грае сваю «Грэцкую рапсодыю», — у фінале яна пераходзіць у грэцкі гімн, і прысутныя тут землякі Бібі не адмовіліся б падцягнуць яму, але ж занадта вымудраваны гэты канцэрт. Затое пад канец яны даюць сабе волі і адшкадоўваюцца бязмерным, па-паўднёваму палкім выяўленнем захаплення, своеасаблівай нацыянальнай дэманстрацыі. А крытык думае: «Зразумела, гімн таксама прадугледжаны праграмай, прыём той самы, толькі пераведзены ў іншы рэгістр. Не ўпушчаны ніводзін сродак уздзеяння. Напішу, што гэта не красіць мастацтва. А што, калі гэта якраз і ёсць мастацтва? Што такое артыст? Вышэй за ўсё крытыка. Але ж гэтага не напішаш». І ён выходзіць у сваіх замызганых штанах.
Пасля дзевяці-дзесяці выклікаў вундэркінд больш не ідзе за шырму, а спускаецца да сваёй мамы і імпрэсарыо, у залу. Людзі стаяць сярод рассунутых у беспарадку крэслаў і пляскаюць і ціснуцца наперад, каб падзівіцца на вундэркінда зблізку. Другім хочацца паглядзець і на прынцэсу: перад эстрадай утвараюцца два гурты — вакол Бібі і вакол прынцэсы. І цяжка сказаць, хто з іх, зрэшты, у цэнтры ўвагі. Але прыдворная дама, з аўгусцейшага загаду, скіроўваецца да Бібі, яна абцягвае і разгладжвае яго шаўковую блузу, каб прывесці хлопчыка ў патрэбны для прадстаўлення высокай асобе выгляд. Яна бярэ яго за руку, падводзіць да прынцэсы і кажа яму прыкласціся да рукі яе каралеўскай вялікасці.
— Як ты гэта робіш, дзіця? Яно прыходзіць табе само ў галаву, калі ты сядаеш за раяль? — пытаецца прынцэса.
— Oui, madame![5] — адказвае Бібі. А сабе думае: «Ах ты старая дурніца!..» І ён адварочваецца, як дрэнна выхаваны маленькі дзікун, і вяртаецца да сваіх.
Каля вешалак сціск і мітусня. Трасучы ў паветры нумаркамі, людзі цераз бар’ер прымаюць футры, галёшы, паліто.
Выкладчыца музыкі ўжо тут. Яна стаіць сярод знаёмых і крытыкуе.
— Дзіцяці бракуе шчырасці! — кажа яна голасна і азіраецца па баках…
А перад высокім люстрам два лейтэнанты — браты маладой свецкай дамы — памагаюць ёй надзець вячэрняе манто і футравыя чаравікі. Яна дзівосна прыгожая, у яе сіне-шэрыя вочы і светлы бездакорна пародзісты твар. Сапраўдная арыстакратка. Апрануўшыся, яна прыспешвае братоў.
— Не круціся так доўга перад люстрам, Адольф, — кажа яна напаўголасу і раздражнёна аднаму, які не мае сілы адарвацца ад свайго ў люстры пашлавата прыгожага твару.
— Якая ж ты ласкавая! Можа, усё ж такі ўмілажалішся і дазволіш мне зашпіліць перад люстрам шынель!
Потым яны выходзяць, і на вуліцы, дзе ў снежнай кумільзе цьмяна мігацяць ліхтары, лейтэнант Адольф, наставіўшы каўнер і засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, пачынае на хаду адбіваць лёгкі пошчак на ўмерзлым снезе, выконвае нешта накшталт жартаўлівага nigger dance[6]. Надта ж холадна!
«Чыстае дзіця, — думае растрапаная дзяўчына, якая, махаючы рукамі, ідзе за лейтэнантам, а побач з ёю пануры хлопец, — дзіця, створанае на ўцеху, а там, на эстрадзе, было дзіця, створанае дзеля пакланення! — І гучным голасам дадае: — Так, усе мы вундэркінды, усе, у кім жыве творчы дух».
«Ну і ну! — думае стары гер, які так і не адолеў „Трох паляўнічых з Курфальца“ і чый шышак на лысіне ў гэты час прыкрыты цыліндрам. — Гэта што яшчэ такое? Свайго роду піфія, мабыць?..»
Але запанураны хлопец разумее дзяўчыну з паўслова і ківае.
Потым абое змаўкаюць, і растрапаная дзяўчына глядзіць услед арыстакратычнай паненцы і яе двум братам. Яна грэбуе імі, але не зводзіць з іх вачэй, пакуль тыя не знікаюць за рагом вуліцы.
1903
Дарога на могілкі ўвесь час ішла ўздоўж шашы, усё адно як у пары, пакуль не даводзіла да мэты — могілак. Па той бок яе спачатку пракідаліся дамы, новыя гарадскія будоўлі, дзе ўсё яшчэ нешта рабілі, а далей разлеглася поле. Абапал шашы раслі дрэвы, самавітыя, камлюкаватыя букі, а сама яна была выбрукавана толькі пасярэдзіне. Дарога на могілкі, прысыпаная друзам, здавалася пры шашы мілай сцежкай. Іх разводзіла сухая канава, уся ўтравелая і парослая лугавымі краскамі.
Стаяла сама-сама вясна, амаль ужо лета. Свет усміхаецца. Пяшчотная сінявіна неба, пабітая лёгкімі зыбкімі аблачынкамі, круглымі, крамянымі, смешнымі хлапякамі, белымі як снег. У букавым ліставецці шчабечуць птушкі, з палёў вее лёгкі вятрэц.
Па шашы з вёскі ў горад валачэцца падвода, грукоча па бруку, пыліць. Фурман звесіў ногі абапал дышля і неверагодна фальшыва высвіствае песеньку. А на задку падводы, спінай да гаспадара, умасціўся рыжы сабачка; ён выцягнуў востры пысак, тужліва і сур’ёзна глядзіць на дарогу, якая прападае ўдалечыні. Любата, а не сабачка, усё аддай, а мала, але гаворка ў нас, на жаль, не пра яго, дык і не будзем ухіляцца ад тэмы. Праходзяць салдаты з недалёкай адгэтуль казармы, тупаюць у сваіх выпарэннях, спяваюць. А вось яшчэ падвода, цягнецца ўжо з горада ў бліжэйшую вёску. Гэты фурман дзюбае носам, сабачкі ў яго няма, а таму ягоныя калёсы нам увогуле без патрэбы. Двое майстарчукоў, гарбун і плячысты бамбіза, тупаюць боса, боты цераз плячо. Параўнаўшыся з фурманам, нешта дабрадушна крычаць яму і сунуцца далей. Карацей, на шашы ўмераны рух, без ніякіх авантураў і замінак.
Па дарозе на могілкі ідзе толькі адзін чалавек, павольна, панура, з чорнаю кульбакаю. Завуць гэтага чалавека Піпзам, Лёбгот Піпзам, каб вы ведалі. Мы не так сабе называем яго імя, нам яно яшчэ спатрэбіцца.
Чалавек апрануты ва ўсё чорнае, ідзе адведаць дарагія магілы. На ім памяты лямцавы цыліндр, выцерты, аж блішчыць, каптан, вузкія, бы не на рост, карнатыя штаны, чорныя аблезлыя лайкавыя пальчаткі. Худая, як у бусла, шыя з вялізным кадыком вытыркаецца з занадта шырокага каўняра, — каўнер-такі добра паслужыўся, аж змахрыўся па краях. Але калі чалавек падымае галаву, каб прыкінуць, ці далёка яшчэ да могілак, гэта трэба бачыць: мы тут маем фізію, якую рэдка стрэнеш, такую раз пабач, а ў памяці асядзе назаўсёды.
Чыста паголены і вельмі белы. Але паміж запалых шчок тырчыць нос нязвыкла барвовага адцення, такая, ведаеце, гваздуля з набалдашнікам, да таго ж увесь абсыпаны агіднымі шышакамі — ці то бародаўкі, ці то гузакі — выгляд з усяго таго вельмі бязглузды і па-свойму адмысловы. Гэты нос, што так ярка палахціць на васковым твары, здаецца кардонным, прыклееным, як у блазна, — не нос, а чортведама што, нечы недарэчны жарт. Але чалавеку не жарты. Рот, шырокі, з апушчанымі краямі, моцна сцяты, а калі галава паднятая, дык бровы, крыху паточаныя сівізной, высока выпаўзаюць на лоб, пад краі цыліндра, і тады відаць, якія ў чалавека запаленыя вочы. Карацей, гэта твар, на які нельга глядзець без шчырага мілажалю.
Так яно, знешнасць у Лёбгота Піпзама самая бязрадасная; яна дрэнна стасуецца з гэтай яснай раніцай і аж залішне змрочная нават як на чалавека, што намерыўся адведаць дарагія капцы. Але зірніце яму ў душу і вы скажаце, што ў яго хапае прычын быць змрочным. Чалавеку, як той казаў, добра-такі завярнула, — дзе вам, пустадомкам, зразумець гэта! — чалавеку не проста не пашанцавала, жыццё яго біла без жалю, — так што, калі ўжо шчыра, дзялы яго швах!
Па-першае, ён выпівае. Але пра гэта мы пагамонім асобна. Па-другое, аўдавелы, асірацелы, усімі кінуты, і няма на зямлі катушка, дзе б яго любілі і шкадавалі. Ягоная жонка, у дзявоцтве Лебцэльт, адышла да бога паўгода таму назад, надарыўшы яго дзіцём. Дзіця гэтае было ў іх трэцяе, яно радзілася нежывое. Старэйшыя таксама не зажыліся на свеце, адно — з дзехцярыку, другое — каб жа ведаць з чаго, от узяло сабе дый памерла.
А тут Піпзама яшчэ і з месца папрасілі, прагналі са службы, далі чалавеку ганьбы, кавалак хлеба і той урвалі, а ўсё праз уклюпанасць яго нязводную, што мацней за самога Піпзама.
Раней ён неяк яшчэ ўпіраўся, хоць, калі ўжо на яго находзіла, служыў ёй па-рабску. Але з таго часу, як страціў жонку і дзяцей, застаўся без апоры і падтрымкі, адзін як палец, нікому не патрэбны, колішняя пахіба навалілася на яго з падвойнай сілай, паламала ўсё, што ішло ў ім на супраціў. Піпзам служыў у нейкім агенцтве па страхоўцы як бы тое старэйшым пісарам і даставаў за гэта дзевяноста марак на месяц. Але раз неяк з п’янога ён сур’ёзна праштрафіўся, а паколькі такое з ім было не ў навіну і ўжо нават пасля некалькіх пагрозак, дык яго і патурылі як прапашчага.
Ясна ж, гэта не спрыяла маральнаму ўзвышэнню, а хутчэй поўнаму і канчатковаму падзенню. Бо няшчасце, як вядома, забівае чалавечую годнасць, пра такія рэчы кожнаму карысна задумацца. Гэта ўжо такі закон, жорсткі, няўмольны. І хай нават чалавек думае сабе, што пацярпеў без віны, усё адно ён сам сабе агідны за сваё няшчасце, хай з віною ці без. А паміж пагардаю да сябе і заганаю ёсць пачварная ўзаемная сувязь — яны сілкуюць адна адну, даюць адно аднаму падахвоткі, адным словам, тут бог ведае што робіцца. Так было і з Піпзамам. Ён піў, бо перастаў сябе паважаць, і што далей, дык больш і больш, замаркочаны тым, што ўсе яго добрыя намеры рассыпаюцца дробным пылам, зусім махнуў на сябе рукою. Дома ў яго ў шафе стаяла ў запасе бутля з атрутна-жоўтым пойлам, лепей ужо й не казаць, каб такое дудліць. А Піпзам, бывае, ракам поўзае перад тою шафаю, галавой аб падлогу гваздае… І не можа-такі ўстояць. Паверце, невялікі смак нам расказваць пра такія рэчы, але ў іх іншым навука.
І вось ён ідзе на могілкі, пастукваючы чорнай кульбакай. Лагодны вятрэц абхуквае яго злашчасны нос, але Піпзам не адчувае гэтага. Яго вочы з-пад ненатуральна паднятых броваў абыякава і панура глядзяць на свет. Нікчэмны, марны чалавек!
Раптам ён пачуў за сабою нейкі гук, шабуршэнне нейкае, гук хутка набліжаўся. Піпзам абярнуўся і аслупянеў. Гэта быў веласіпед, гумовыя шыны мякка шыршылі па друзе, ён ляцеў як віхура і запаволіў толькі пад’ехаўшы да Піпзама, які не саступаў з дарогі.
А ехаў малады хлопец, бадай нават хлопчык, бестурботны турыст. Божа, яму і ў галаву не прыходзіла ўявіць сябе адным з мацакоў свету гэтага. Дый машына ў яго была не тое каб нейкай малавядомай фірмы і каштавала далібог жа не даражэй як дзвесце марак. Вось якраз на гэтай машыне ён і насіўся па вольным паветры, прэч з горада — педалюй сабе, дыхай на поўныя грудзі, гайда! На ім была стракатая кашуля пад шэрай куртай, спартовыя гетры і вясёлая кепачка — не кепачка, мара! — у светлакарычневыя краткі, з пупком пасярэдзіне.
3-пад кепачкі выбіваўся густы русявы касмач, задзірыста скучараўлены на лбе. Блакітныя вочы аж гарэлі. Ён ляцеў як над зямлёю, усё пазвоньваючы, імклівы, парывісты, як само жыццё. Але Піпзам і з месца не ступіў. Ён стаяў і з каменным тварам глядзеў на Жыццё.
Хлопец крыва зірнуў на Піпзама і пачаў павольна яго аб’язджаць, але тут заварушыўся і Піпзам і, калі веласіпед параўнаўся з ім, сказаў ясна і разборліва:
— Нумар дзевяць тысяч семсот сем.
Сказаўшы, ён моцна сціснуў губы і важна натапырыўся, адчуўшы на сабе атарапелы позірк Жыцця. Хлопец схапіўся адной рукой за сядло, абярнуўся і паехаў павольна.
— Што такое? — спытаўся ён.
— Нумар дзевяць тысяч семсот сем, — адсек Піпзам. — Няважна. Проста я заяўлю на вас у паліцыю.
— На мяне? У паліцыю? — здзівіўся хлопец, яшчэ больш павярнуўся на сядле і паехаў зусім памалютку, тузаючы рулём, каб не ўпасці.
— Ну так, на вас, — гмыкнуў Піпзам ужо з пяці-шасці крокаў.
— А з якое такое рацыі? — пацікавіўся хлопец і саскочыў з веласіпеда. Ён стаяў перад Піпзамам, глядзеў і чакаў.
— Самі ведаеце!
— Нічога я не ведаю!
— Мусіце ведаць.
— Я вам кажу, што не ведаю і ведаць не хачу, — сказаў хлопец, — дужа мне цікава!
І ён рашуча ўзяўся за руль. Відаць, быў не палахлівы.
— Я заяўлю на вас, бо вы едзеце, дзе ехаць не павінны. Куляйцеся сабе па шашы, а тут дарога на могілкі,— сказаў Піпзам.
— Дзівак вы, — засмяяўся хлопец і, ледзь стрымліваючы прыкрасць і нецярплівасць, зноў павярнуўся да Піпзама. — Паглядзіце, колькі тут слядоў ад шынаў панаезджана. Тут ездзяць усе, каму ахвота.
— Няважна, — зацяўся Піпзам, — я заяўлю на вас.
— Што ж, заяўляйце, калі закарцела, — кінуў хлопец і ўскочыў на веласіпед. Сапраўды ўскочыў, і ўскочыў удала, не схібіў; толькі раз штурхануў нагою, паправіўся на сядле і пайшоў ціскаць на педалі, каб добра разагнацца, як яно і след ездаку з такім характарам.
— Эй, вы! — крыкнуў Піпзам наўздагон дрыготкім голасам. — Калі вы зараз не збочыце з дарогі на могілкі, я тут жа заяўлю на вас, так і ведайце!
Але Жыццё ўжо не зважала на яго і гнала хутчэй і хутчэй.
Калі б у гэтую хвіліну вы ўбачылі Піпзама, вы, напэўна, спалохаліся б. Ён так сцяў губы, што ўвесь ягоны твар разам з пунсовым носам перакасіўся, бровы папаўзлі ўгору, вочы неяк ашалела ўтаропіліся ў веласіпед. І раптам ён кінуўся следам. Прабегшы тыя некалькі метраў, што было да машыны, ён ухапіўся за багажнік, учапіўся за яго, аж павіснуў на раме і, не растуляючы вуснаў, сціснутых з нялюдскай сілай, лыпаючы бельмамі, пачаў моўчкі, азвярэла цягнуць на сябе веласіпед, які ўпарта супраціўляўся. Глянуўшы збоку, не сказаў бы: ці то стары ад злосці не дае маладому праехацца, ці то самому закарцела праехацца, падыхаць свежым паветрам, — толькі накручвай педалі, гайда! Веласіпед не адужаў такой навалачы, спыніўся, хільнуўся, упаў.
Тут ужо хлопец больш не цацкаўся. Стоячы на адной назе, як замахнецца, як урэжа Піпзаму ў душу — той аж адляцеў на колькі крокаў. А тады ўжо накінуўся на яго, усё больш павышаючы голас:
— Вы ці не п’яны, мой пане! Зачапіце мяне толькі, чорт вас пабяры, яшчэ раз, уеду ў морду, ясна? Я вам усе скабы скасабочу! Так і ведайце.
І адвярнуўся ад Піпзама, абурана нахлабучыў кепачку і зноў скочыў да веласіпеда. Ён і праўда быў не палахлівы. І цяпер не аканфузіўся, сеў спрытна. Толькі раз штурхануўся нагой, умасціўся на сядле і адразу прыбраў машыну. Піпзаму засталося толькі глядзець, як знікае з вачэй ягоная спіна.
Ён стаяў, пыхцеў і, вылупіўшы вочы, глядзеў услед Жыццю. А Жыццё педалявала наперад як нічога табе ніякага, без паломак і аварый, — і шыны напампаваны, і ніводзін камянёк не выкаціцца на дарозе пад кола — каціла-ляцела лёгка і пругка. І тут Піпзам уголас і ў кляцьбу — гэта, бадай, быў рык, а не чалавечы голас.
— Спыніцеся! — лямантаваў ён. — Ні з месца! Вам на тое шаша, а не тут, на дарозе на могілкі! Злазьце, каму я сказаў, злазьце! Вы… вы… Я вас у паліцыю! Я на вас падам! А божачкі, каб ты прапаў, каб цябе рассадзіла, галава дурная! Я табе ўсю морду стаўку, падла анафемская!
Ну, вы чулі такое?! Па дарозе на могілкі спыняецца чалавек і лаецца, лямантуе як вар’ят, сябе не памятаючы, нешта дурное выкаблучвае, увесь тузаецца і не можа супакоіцца.
Веласіпеда і след астыў, і пыл улёгся, а Піпзам усё яшчэ калаціўся і сатанеў і ні з месца.
— Дзяржы яго, дзяржы халеру! Гэта што ж надумаў — ездзіць па дарозе на могілкі! Ах ты паскуднік, басота няўмытая! Кепку начапіў, малпа нячэсаная! Вачыма зыркае! Я табе пазыркаю, шчаня неданошанае! Распуста, выстаўляецца мне! Злазь, сучы выскрабак, злазь, каму я сказаў! Няўжо ніхто не скіне яго ў гразь, нахабу, блазна лупленага! Прагуляцца яму, бач, прыспічыла, маладому чалавеку, і мусова на дарозе на могілкі, га? Сцягніце яго з сядла, прахвоста гэтага! Пусціце мяне, дайце дабрацца да яго!.. Што? Што такое? Што гэта я?.. Пажджы-но, пажджы, каб на цябе воўка, дурнота дурная!
Тут Лёбгот Піпзам панёс увогуле нешта зусім бязглуздае. Закіпелым ротам, брынклівым голасам ён крычаў чортведама якія кленічы і сцепваўся ўсім целам, як шалёным духам апантаны. 3 шашы падбеглі дзеці з кошыкам і сабакам пінчэрам; яны пералезлі праз канаву, абступілі галаслівага чалавека, утаропіліся на яго скажоны твар. Пачулі Піпзама і на будоўлі, і муляры, адклаўшы хто абед, хто працу, разам з падзёншчыкамі рушылі да гурту людзей, што ўжо тоўпіўся на дарозе. А Піпзаму ні ўгамону, ні гамону! Яго сама разабрала! Раз’ятрана трасучы кулакамі, ён гразіў то небу, то ўяўным слухачам, то выдыгваў нагамі нейкія неверагодныя выкрунтасы, прысядаў і зноў як бы яго чорт падшпільваў, гарлаў на ўсю гардзёлку. Ён брыдка лаяўся без усякага аддыху, і адкуль тое бралася! Твар заплыў крывёю, цыліндр з’ехаў на патыліцу, манішка вылезла з камізэлькі: Папзам ужо забыўся, з чаго ўсё пачалося, і цяпер чытаў павучальныя мудраслоўі, якія наогул ужо справы не тычыліся. Ён ужо й сябе кляў за безгалоўе, і да Бога заклікаў — усё ў тым самым недапушчальным тоне, шчодра перасыпаючы сваю казань брыдкай непатрэбшчынай.
— Сюды, хутчэй-це сюды! — роў ён. — І не вы, не толькі вы, а і тыя вунь, кепачнікі, тыя вунь, лупатыя. Я вам такую праўду скажу, што пападаеце. Смеяцеся, плечкамі знізваеце, каб вас пананізвала! Што ж, што праўда, то праўда… слабы я да чаркі, не схлушу!.. Але хай я самы прапашчы п’янюга!.. Нас рассудзяць! Апошні дзень яшчэ не настаў… Ён прыйдзе, свалата паганая, Гасподзь усіх нас паважыць на шалях… от і пабачым, чыя пераважыць… Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, вы, нявінныя ліхадзеі, Яго царства не ад свету гэтага… Ён укіне вас у цемру вонкавую, дзе крык і скрыгат зубоў…
Сабраўся ладны натоўп. Хто выскаляўся, хто супіў бровы. Падышло яшчэ некалькі муляраў і падзёншчыкаў з будоўлі. Нейкі вазак, пакінуўшы сваю фурманку на шашы і не выпускаючы з рукі пугі, таксама пералез канаву. Нехта схапіў Піпзама за плячук і давай трэсці, але той гэтага нават не заўважыў. Міма ішлі строем салдаты, яны цягнулі шыі, рагаталі. Нават пінчэр не стрываў: упёрся пярэднімі лапамі ў зямлю, падціснуў хвост і зайшоўся брэхам проста ў твар Піпзаму.
І тут Лёбгот Піпзам яшчэ раз крыкнуў з усяе сілы: «Злазь, каму я сказаў, малакасос кіслагубы!», апісаў у паветры рукою шырокую дугу і раптам — брык на зямлю. Быццам скамянелы, ляжаў ён чорнаю купінай сярод натоўпу, што абступіў яго. Памяты цыліндр зляцеў з галавы, пакаціўся, падскокнуў і таксама застыў на месцы. Двое муляраў схіліліся над нерухомым Піпзамам, паталкавалі пра здарэнне, разумна, дзелавіта, як яно і належыць рабочым людзям. Адзін з іх падняўся і некуды пабег. Астатнія яшчэ нейкі час кешкаліся з нячулым целам, спрабавалі адно, другое. Нехта плёхнуў на яго з вядра, нехта, наліўшы ў далоню спірту, працёр яму скроні. Але ўсе гэтыя намогі нічога не далі.
Прайшло з паўгадзіны. А потым загрукаталі колы, і карэта «хуткай дапамогі» з едкімі чорнымі крыжамі па баках, запрэжаная парай добрых коней, паявілася на шашы. Пад’ехаўшы да месца, яна спынілася, два санітары ў акуратнай уніформе саскочылі з козлаў, адзін пайшоў да задка карэты адчыніць дзверцы і выцягнуць дошку, другі цыгнуў цераз канаву, выбраўся на дарогу да могілак, расштурхаў разяваў і з дапамогаю аднаго з іх павалок пана Піпзама да карэты. Піпзама паклалі на дошку і сунулі ў карэту, як папеку хлеба ў напаленую печ, захлопнулі дзверцы, а потым абодва санітары зноў узбатаваліся на козлы. Усё гэта было зроблена спраўна, завучана дакладна, спрытна, гладка, як у цырку.
І Лёбгота Піпзама павезлі.
1901
Успамінаць, як мы жылі ў Торэ-дзі-Вэнэрэ, і ўсю тамтэйшую атмасферу цяжка. З самага пачатку адчувалася раздражнёнасць, узбуджанасць, нервовасць, а пад канец яшчэ і тая гісторыя з жахлівым Чыполам, у якім фатальна і вельмі ўражліва нібыта ўвасобілася і пагрозліва загусла ўсё ліхое майго настрою. Тое, што пры страшэннай развязцы (а нам потым здавалася, што яна была наканаваная і па сутнасці заканамерная) былі нашыя дзеці, вядома, недапушчальна і варта жалю, але нас заблытала містыфікацыя, на якую адважыўся той дзіўны чалавек. Дзякуй богу, дзеці так і не зразумелі, калі закончылася гульня і пачалася драма, а мы не сталі ім тлумачыць, што гэта не быў тэатр.
Торэ — кіламетраў за пятнаццаць ад Портэклемэнтэ, вельмі моднага курорта на Тырэнскім моры, як сталіца, элегантнага, амаль круглы год перапоўненага, з шыкоўнай, забудаванай гатэлямі і крамамі эспланадай уздоўж мора, з стракацізнай будак, флажкамі пясчаных замкаў і загарэлымі целамі, шырокім пляжам і шумнымі «вясёлымі» ўстановамі. Пляж, акаймаваны гайком піній, на які ўглядаюцца зверху недалёкія горы, пакрыты ўздоўж усяго ўзбярэжжа тым самым дробным пяском, утульны і прасторны, таму не дзіва, што неўзабаве непадалёк узнік крыху меншы шумны канкурэнт. Торэ-дзі-Вэнэрэ, дзе дарма будзеш азірацца, шукаючы вежу, якой пасёлак абавязаны сваёй назвай, — гэта як бы філія суседняга вялікага курорта і колькі-колькі гадоў быў чыстым раем нямногім, прыстанішчам аматараў прыроды, яшчэ не падпошленай свецкім гамузам. Але як яно павялося з такімі закуткамі, цішыні давялося даўно адступіць далей на ўзбярэжжы у Мары-на-Петрыера і яшчэ больш ведае куды; свет, як вядома, шукае цішыні і, знайшоўшы, выганяе яе, са смешнай пажадай нападае на яе і думае сабе, быццам здольны з ёю яднацца і быццам там, дзе яна, можа быць і ён; смех падумаць — нават зладзіўшы кірмаш у яе жытлішчы, ён хоча верыць, што цішыня яшчэ засталася. Вось і Торэ, яшчэ, праўда, спакайнейшы і сціплейшы за Портэклемэнтэ, ужо ўвайшоў у моду ў італьянцаў і заязджанаў з іншых краін. У міжнародны курорт больш не едуць ці, бадай, не едуць, як бывала, але гэта яму не завада, каб заставацца шумным і перапоўненым міжнародным курортам; едуць крыху далей, у Торэ, гэта нават шыкарней, і апрача таго танней, прытым вабнасць гэтых дабротаў не мяняецца, хоць саміх дабротаў ужо няма. Торэ завёў сабе «Гранд-гатэль», распладзілася безліч пансіёнаў з прэтэнзіямі і без, так што гаспадары і наймальнікі вілаў і садкоў у хвойнічку над морам ужо не могуць пахваліцца спакоем на пляжы; у ліпені-жніўні там такая самая карціна, што і ў Портэклемэнтэ: увесь пляж аж кішыць — гоман, балбатня, вясёлы рогат купальнікаў, якім апантанае сонца лахманамі лупіць скуру з шыі і плячэй; на прамяністай сінечы пагойдваюцца ядавіта пафарбаваныя пласкадонкі з дзятвою, і знакаміта гучныя імёны, якімі аклікаюць сваіх чадаў матулі, баючыся іх упусціць з вачэй, напаўняюць паветра хрыплай трывогай, а яшчэ дадайце ўсіх тых, што разносяць вустрыц, напіткі, кветкі, пацеркі, cor netti al burre[7], што, пераступаючы цераз раскінутыя рукі і ногі загарэльцаў, таксама, як усе з поўдня, гартаннымі і настырнымі галасамі назаляюцца са сваім таварам.
Такі быў пляж у Торэ, калі мы прыехалі, — маляўніча, нічога не скажаш, але мы ўсё-такі рашылі, што прыехалі зарана. Стаяла сярэдзіна жніўня, італьянскі сезон сама-сама ў разгары — іншаземцам не найлепшая пара, каб ацаніць чароўнасць гэтай мясціны. Якая папалудні штурхатня ў адкрытых кавярнях на праменадзе ўздоўж мора, хоць сабе ў «Эсквізіта», куды мы час-парою завітвалі пасядзець і дзе слугаваў нам Марыё, той самы Марыё, пра якога я і меруся расказаць! Цяжка знайсці вольны столік, а аркестры — кожны грае, ніхто не лічыцца з суседам! Да таго ж якраз папалудні штодзень наязджае публіка з Портэклемэнтэ, бо, ясна ж, Торэ панадная мэта загародных прагулянак у няўседлівых гасцей вялікага курорта, і ад усіх гэтых фіятаў, што снуюць туды-сюды па дарозе, кусты лаўраў і алеандраў на абочынах шашы пакрытыя, як снегам, налётам белага пылу — нязвыклае, але агіднае відовішча.
На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Вэнэрэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, альбо ў траўні, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «ai nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пенсіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнілі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’eлі наш pranzo[8] за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў за дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.
Туды мы перабраліся дні праз тры-чатыры, яшчэ як след не асвойтаўшыся ў «Гранд-гатэлі» — і нават зусім не за тую веранду і чырвоныя лямпачкі: дзеці адразу здружыліся з афіцыянтамі і пасыльнымі, без памяці радаваліся мору і неўзабаве начыста забыліся на прыгожыя прынады. Але з некаторымі заўсёднікамі веранды ці, правільней, з дырэкцыяй гатэля, што плазам плазавала перад імі, адразу ўзнік адзін з тых канфліктаў, якія з самага пачатку псуюць жыццё на курорце. Сярод іх былі рымскія багацеі і нейкі princire[9] Ікс з сям’ёй, нумар гэтага панства быў суседні з нашым, і княгіня, велікасвецкая дама і разам з тым палкай любові маці, была напалохана рэшткамі ядухі, якою абое нашыя малыя незадоўга да таго перахварэлі і слабое водгулле якой яшчэ часам уначы парушала звычайна здаровы сон нашага меншанькага. Сутнасць гэтай хваробы не вельмі ясная, што дае прастору ўсялякім прымхам, а таму мы зусім не пакрыўдзіліся на нашу элегантную суседку за тое, што яна падзяляла дужа пашыраную думку, быццам ядухай заражаюцца акустычна, — інакш кажучы, проста баяліся благога прыкладу сваім дзецям. Па-жаночы гордая сваёй знакамітасцю, яна звярнулася ў дырэкцыю, пасля чаго апрануты ў сурдут службовец паспяшаўся з вялікім-вялікім жалем абвясціць нам, што пры такіх акалічнасцях наша перасяленне ў флігель гатэля проста мусовае. Дарма талкавалі мы яму, што гэтая дзіцячая хвароба на апошняй стадыі затухання, што яна фактычна пераадолена і не нясе ніякай небяспекі нікому. Адзінае, у чым ён саступіў нам, быў дазвол вынесці выпадак на суд медыцыны, гатэльны ўрач — і толькі ён, а не які-небудзь наш запрашэнец — можа быць пакліканы развязаць пытанне. Мы згадзіліся на гэтую ўмову, бо не сумняваліся, што такім чынам і княгіня ўгамоніцца, і нам не давядзецца перабірацца. Прыходзіць доктар, ён аказваецца сумленным і вартасным слугою навукі. Ён абследуе малога, выяўляе, што той зусім ужо здаровы, і выключае якую-колечы небяспеку. Мы ўжо лічым, што справа ўладжана, аж не — службовец заяўляе, што, нягледзячы на заключэнне ўрача, нам трэба вызваліць нумар і перабірацца ў флігель.
Такое халуйства абурыла нас. Сумняваюся, што вераломная ўпартасць ішла ад княгіні. Хутчэй за ўсё дагодлівы службовец проста не адважыўся давесці ёй заключэнне ўрача. Як бы там яно ні было, мы сказалі яму, што лепей ужо зусім з’едзем, без адкладу лішняга, — і пачалі пакавацца. Мы маглі так зрабіць без ніякіх дакораў сумлення, бо тым часам паспелі пабыць мімаходзь у пансіёне «Элеанора», які адразу ўпадабаўся нам сваім ветла-сямейным выглядам, мы пазнаёміліся з яго гаспадыняй, сіньёрай Анджальеры, якая зрабіла на нас самае добрае ўражанне. Мілавідная, чарнавокая дама, тасканскага тыпу, мабыць, крыху за трыццаць, з матавай, колеру слановай косці скурай, мадам Анджальеры і яе муж, заўсёды дбайна апрануты, ціхі і лысы спадарок, трымалі ў Фларэнцыі большы пансіён і толькі ўлетку і ранняй восенню ўзначальвалі філію ў Торэ. Раней, да замужжа, наша новая гаспадыня была кампаньёнкай, касцюмеркай, больш за тое — сяброўкай Дузе, — эпоха, якую яна, відаць, лічыла самай значнай і шчаслівай у сваім жыцці і пра якую ўжо ў першы наш прыход пачала жвавенька расказваць. Безліч здымкаў вялікай акторкі з сардэчнымі надпісамі і іншыя рэліквіі іх ранейшага жыцця ўпрыгожвалі сцены і этажэркі гасцёўні сіньёры Анджальеры, і хоць ясна было, што гэты культ яе цікавага мінулага ў нейкай меры таксама закліканы павялічыць панадную сілу яе сённяшняга занятку, мы, ідучы за ёю па доме, з прыемнасцю і нават крыху спагадліва слухалі яе расказ пра бясконцую дабрыню, сардэчную шчырасць і мілату яе нябожчыцы гаспадыні, які яна падавала на адрывістым і зычным тасканскім дыялекце.
Вось туды мы і сказалі перанесці нашыя рэчы на вялікі жаль слугоўцаў «Гранд-гатэля», якія ў добрай італьянскай завядзёнцы вельмі любілі дзяцей; памяшканне, якое нам далі, было ізаляванае і прыемнае, дарога да мора, сярод прысадаў маладога тапольніку, што аж выбягалі на прыморскі праменад, блізкая і зручная, сталовая, дзе сіньёра Анджальеры штодня аполудні сваімі рукамі налівала суп, зацішная і чысценькая, прыслуга далікатная і ласкавая, стол выдатны, мы нават спаткалі ў пансіёне знаёмых з Вены, з якімі пасля абеду можна перакінуцца словам-другім і якія, у сваю чаргу, звялі нас са сваімі сябрамі, так што ўсё магло быць цудоўна, мы толькі радаваліся перамене жытла, і нішто, здавалася, не замінала добра адпачываць.
Але душэўнага спакою не было. Магчыма, нас усё яшчэ даймала бязглуздая прычына пераезду — я павінен сказаць вам, што заўсёды цяжка даходжу да раўнавагі, калі сутыкаюся з такімі пашыранымі чалавечымі ўласцівасцямі, як прымітыўнае злоўжыванне ўладай, несправядлівасць, халуйская разбэшчанасць. Гэта ўжо даўно грызе мяне, змушае да роздуму, бясплённага і дражлівага, бо такія праявы зрабіліся занадта звычайнымі і буднымі. Да таго ж мы нават не адчувалі, што пасварыліся з «Гранд-гатэлем». Дзеці, як і раней, вадзіліся з персаналам, калідорны папраўляў ім цацкі, і час ад часу мы пілі чай у садзе гасцініцы, часам бачылі там княгіню, якая, з крыху падведзенымі каралавай шмінкай вуснамі, велічна-цвёрдым поступам выходзіла, каб зірнуць на сваіх, давераных англічанцы дарагіх дзетак, і не здагадвалася пра нашу небяспечную блізкасць, бо мы свайму малому строга-строга наказалі нават не сморкацца пры ёй.
Ці варта казаць, што стаяла страшэнная спёка? Спёка была проста афрыканская: жудасная тыранія сонца, варта было толькі адарвацца ад сіняй, колеру індыга прахалоды, была такая няўмольная, што нават адна подумка пра тое, каб прайсці некалькі крокаў ад пляжа да стала, прымушала ўздыхаць. Як вы пераносіце спёку? Скажам, калі яна стаіць тыднямі? Вядома, гэта поўдзень і класічнае паўднёвае надвор’е, клімат, які паслужыўся росквіту чалавечай культуры, сонца Гамера і так далей. Але праз нейкі час, мімаволі, я ўжо схільны лічыць, што гэты клімат атупляе. Дзень у дзень усё тая самая распаленая пустэча неба спакваля пачынае мяне гнясці, стракацізна фарбаў, залішне рэзкае і бясхітраснае святло хоць і абуджаюць святочны настрой, пасяляюць у душы бесклапотнасць і ўпэўненасць у сваёй незалежнасці ад капрызаў і зменлівасці надвор’я, аднак, хай спачатку сам таго не разумееш, высушваюць, не даюць задаволіць больш глыбокія і няпростыя вымогі нардычнай душы, а з часам навязваюць нават нешта падобнае на пагарду. Праўда ваша, не будзь гэтай дурной гісторыі з ядухай, я, мусіць, успрыняў бы ўсё інакш: я быў раздражнёны, можа, нават хацеў успрымаць усё менавіта так і амаль несвядома падхапіў гатовы штамп калі не дзеля таго, каб выклікаць у сабе такое ўспрыманне ўсяго, што вакол мяне, дык каб хоць бы неяк яго апраўдаць і падмацаваць. Але калі нават дапусціць нейкую нашую злую волю, — дык у тым, што да мора, што да ранішніх гадзін на пяску перад яго нязменнай велічнасцю, ні пра што такое і гаворкі быць не магло; і ўсё-такі, насуперак усяму нашаму мінуламу вопыту, мы і на пляжы не пачуваліся лёгка і радасна. Так, мы прыехалі занадта, занадта рана: як я ўжо сказаў, я ўсё яшчэ быў ва ўладзе мясцовага сярэдняга класа — несумненна, прыемная разнавіднасць людзей, вы маеце рацыю, сярод моладзі можна было сустрэць і высокую душэўнасць, і фізічную прыгажосць, але, як правіла, вакол нас была чалавечая пасрэднасць і мяшчанская безаблічнасць, якія, вы не будзеце пярэчыць, адштампаваныя ў тутэйшым поясе, нічым не лепшыя за тыя экземпляры, што пракідаюцца і пад нашым небам. Але ж бо і галасы ў тутэйшых кабет! Часам проста не верылася, што мы ў Італіі — калысцы ўсяго заходнееўрапейскага вакальнага мастацтва. «Fuggiero!» Дагэтуль у вушах стаіць гэты крык, нездарма ж цэлых дваццаць дзён ён грымеў амаль побач са мною, бессаромна хрыпаты, жахліва акцэнтаваны, з віскліва расцягнутым «е», быццам яго вырывала з яе нейкая ўжо прывычная роспач: «Fuggiero! Rispondi almeno!»[10]. Пры гэтым «sp» вымаўлялася вельмі вульгарна, як «шп», што ўжо само па сабе раздражняе, асабліва калі ты і без таго не ў гуморы. Крык гэты быў адрасаваны мярзотнаму хлапчаняці з агіднай язвай ад сонечнага апёку паміж лапаткамі, які не меў сабе роўні ў зацятасці, свавольстве і ліхой шкодлівасці, усё, з чым я калі сутыкаўся — тут нішто; да таго ж ён быў страшэнны баязлівец і не пасаромеўся ў сваёй абуральнай маладушнасці перапалошыць увесь пляж. Неяк аднаго разу яго ў вадзе ўшчыкнуў за нагу краб, а горасны енк, які быў вывергнуты ім з такой нікчэмнай прычыны на манер антычных герояў, проста душу раздзіраў, і ўсе падумалі, што сталася няшчасце. Мабыць, ён лічыў сябе цяжка параненым. Ён выпаўз на бераг і ў невыносных, здавалася, пакутах качаўся па пяску, лямантаваў «ohi!» i «oime!», біў рукамі і нагамі, не слухаў матчыных заклёнаў і ўгавораў блізкіх і знаёмых, што абступілі яго. З усіх бакоў збегліся людзі. Прывялі доктара, таго самага, які так добра разабраўся з нашай ядухай, і зноў пацвердзілася яго навуковая непрадузятасць. Дабрадушна суцяшаючы пакутніка, ён заявіў, што ўсё гэта дробязь, і проста параіў свайму пацыенту яшчэ пакупацца, каб ахаладзіць драпіну ад крабавых клюшняў. Замест гэтага Фуджэра, быццам ён сарваўся са скалы альбо ўтапіўся, паклалі на зымправізаваныя насілкі і праз натоўп пляжнікаў панеслі з пляжа, — але гэта не перашкодзіла яму на раніцу зноў там паявіцца і, як бы незнарок, таптаць пясчаныя крэпасці другіх дзяцей. Адным словам, кашмар адзін, а не дзіця!
У дадатак гэты дванаццацігадовы бэйбус быў адным з галоўных барометраў пэўных настрояў, якія амаль няўлоўна віселі ў паветры ды засмуцілі нас і сапсавалі нам прыемны адпачынак каля мора. Чамусьці тутэйшай атмасферы бракавала прастаты і нязмушанасці, мясцовая публіка «пільнавалася», спачатку нават цяжка было вызначыць, у якім сэнсе і духу, яна лічыла сваім абавязкам выпінацца, выстаўляла напаказ адзін перад адным і перад іншаземцамі сваю сур’ёзнасць і прыстойнасць, адмысловую патрабавальнасць у пытаннях гонару — што б гэта азначала? Але неўзабаве нам стала зразумелая палітычная дамешка — тут спрычынілася ідэя нацыі. І сапраўды пляж кішэў юнымі патрыётамі — маркотнае і агіднае прыродзе відовішча. Дзеці ж як бы складаюць асобы чалавечы род, так сказаць, адмысловую нацыю; усюды ў свеце яны лёгка і проста сыходзяцца дзякуючы аднолькаваму ладу жыцця, нават калі іх малы слоўны запас належыць да розных моваў. І нашыя малышы вельмі скора пачалі гуляць з тутэйшымі, як, зрэшты, і з дзецьмі іншаземцаў. Але іх спасцігала адно незразумелае расчараванне за другім. Сюд-туд паўставалі крыўды, заяўляла пра сябе самалюбства, надта хваравітае і нахрапістае, каб быць прынятым на поўным сур’ёзе; выбухалі разладзіцы паміж флангамі, спрэчкі за месца і першынства; дарослыя ўмешваліся не так прыміраючы іх, як спыняючы спрэчкі і ахоўваючы ўстоі, грымелі фразы пра веліч і гонар Італіі, фразы зусім не пацешныя і псотныя ў любой гульні; мы бачылі, што абодва нашы малыя адыходзяць заклапочаныя і разгубленыя, і стараліся, як маглі, растлумачыць ім стан рэчаў: гэтых людзей, казалі мы ім, ліхаманка трасе, яны перажываюць такі стан, ну, накшталт хваробы, не вельмі прыемны, але, відаць, непазбежны.
Нам толькі заставалася наракаць на сябе і сваю бестурботнасць, калі ў нас дайшло да канфлікту з гэтым, хоць зразуметым і прынятым намі ў разлік станам, — яшчэ аднаго канфлікту; выдае на тое, што ранейшыя таксама не былі выпадковыя. Карацей кажучы, мы зняважылі маральнасць. Наша дачушка — ёй восем гадоў, але па фізічным развіцці ёй і сямі не дасі, такая яна шчупленькая, — досыць накупаўшыся, перастала гуляць на пляжы ў мокрым касцюмчыку і атрымала ад нас дазвол папаласкаць у моры купальнік, на які наліп пясок, каб потым надзець яго і ўжо болей не пэцкаць. Голенькая, яна бяжыць нейкіх там некалькі метраў да вады, акунае касцюмчык і вяртаецца назад. Ці ж маглі мы прадбачыць тую хвалю зласлівасці, абурэння, пратэсту, якую выклікаў яе, а значыцца, наш учынак? Я не збіраюся чытаць вам лекцыю, але ўсюды ў свеце адносіны да чалавечага цела і да яго галізны за апошнія дзесяцігоддзі рэзка перамяніліся, зрабіўшы свае ўплывы і на нашыя пачуцці. Ёсць рэчы, на якія проста «не зважаюць», да іх належала і свабода, дадзеная гэтаму дзіцячаму цельцу, якое ніякіх эмоцый не выклікала. Але тут гэта было ўспрынята як выклік. Юныя патрыёты загалёкалі. Фуджэра, заклаўшы пальцы ў рот, свіснуў. Узбуджаныя гамонкі дарослых побач з намі рабіліся ўсё гучнейшыя і не наканавалі нічога добрага. Панок у фраку і ссунутым на патыліцу, вельмі не пляжным кацялку ледзь не божыцца сваёй скандальнай даме, што гэтага ён так не пакіне; ён вырастае перад намі, і на нас валіцца філіпіка, у якой увесь пафас тэмпераментнага поўдня пастаўлены на службу самым чапурыстым патрабаванням прыстойнасці.
Занядбанне сораму, у якім мы вінаватыя, — так было нам сказана, — тым болей вартае асуды, што яно з’яўляецца, па сутнасці, няўдзячнасцю і абразлівым злоўжываннем гасціннасцю Італіі. Мы злачынна здратавалі не толькі дух і літару правілаў грамадскага купання, але і гонар ягонай краіны і, абараняючы гэты гонар, ён, панок у фраку, ужо ж такі дасць сабе клопату патурбавацца, каб нам гэтага за так не прапусціць.
Слухаючы ягонае словаблуддзе, мы цярпелі і толькі глыбокадумна ківалі. Пярэчыць разгарачанаму панку азначала б толькі зрабіць новую прамашку. Доўга ў нас круцілася на языку, напрыклад, што не ўсё тут настолькі добра, каб лічыць слова «гасціннасць» у сапраўдным яго значэнні, і што мы, калі ўжо казаць без прыхарошвання, госці не так Італіі, як сіньёры Анджальеры, якая ў свой час змяніла род заняткаў — з даверанай Дузе яна зрабілася гаспадыняй пансіёна. Не цярпелася нам таксама запярэчыць, што мы не ўяўлялі сабе, як нізка ўпала маральнасць у гэтай цудоўнай краіне, калі спатрэбілася вярнуцца да такіх ханжаскіх строгасцяў. Аднак мы запэўнілі іх, што і ў галаве не мелі паводзіць сябе дзёрзка і непаважліва, і перапрашаліся спасылкамі на юны ўзрост і фізічную няразвітасць малалетняй парушальніцы закона. Усё марна. Нашыя довады былі адхілены як беспадстаўныя і непраўдзівыя, аб’яўлены нікчэмнымі, і, каб іншыя наперад нічога такога сабе наўме не мелі, рашылі даць нам навукі. Мусіць, па тэлефоне паведамілі ў паліцыю, бо на пляжы паявіўся прадстаўнік улады, назваў інцыдэнт даволі сур’ёзным, «molto grave», і прапанаваў нам ісці за ім на «пляцца». У муніцыпалітэт, дзе больш высокі ранг пацвердзіў папярэдні вердыкт «molto grave» і, ужываючы тыя самыя, што і панок у кацялку, відаць, узвычаеныя тут дыдактызмы, размазаўся даўжэзнай натацыяй з прычыны нашага злачынства і пакараў нас штрафам у пяцьдзесят лір. Мы палічылі нашую прыгоду вартай такога ахвяравання ў дзяржаўную скарбніцу, заплацілі і пайшлі. Магчыма, нам след было адразу ж і з’ехаць?
Чаму мы так не зрабілі? Мы ж бы пазбеглі тады сустрэчы з фатальным Чыполам; але, бачыце, многае збеглася так, каб змусіць нас зацягнуць ад’езд. Нехта з паэтаў сказаў, што адна лянота трымае нас у непрыемнай абстаноўцы — можна было б скарыстацца гэтым досціпам, каб патлумачыць нашую ўпартасць. Да таго ж пасля такіх сутычак мы не дужа любілі пакідаць поле бою; каму ахвота прызнавацца, што абсудобіўся, асабліва калі спагада збоку мацуе тваю баявітасць. У віле «Элеанора» не было дзвюх думак наконт учыненай нам несправядлівасці. Знаёмыя італьянцы, нашыя пасляабедзеныя субяседнікі, лічылі, што гісторыя гэтая аніяк не спрыяе добрай славе краіны, і мерыліся, на правах суайчыннікаў, зыскаць з панка ў фраку тлумачэнні. Але той ужо на другі дзень знік з пляжа. Разам з кампаніяй — не праз нас, зразумела, але ж не выключана, што менавіта скоры ад’езд якраз і дадаў яму адвагі і рызыкі, — так ці інакш, але ягонае знікненне дало нам палёгку. А калі ўжо гаварыць шчырую праўду, дык мы засталіся яшчэ і таму, што ў тутэйшай абстаноўцы было нешта нязвыклае, а нязвыклае само па сабе ўжо каштоўнае незалежна ад таго, прыемнае яно ці не. Ці варта капітуляваць і ўцякаць ад перажыванняў, калі яны не клічуць вас да радасці ці непрыемнасці? Ці трэба «з’язджаць», калі жыццё робіцца трывожным і не зусім бяспечным альбо ж нават крыху цяжкім і засмучальным? Не, трэба застацца, трэба ўсё пабачыць і ўсё зведаць, тут якраз і можна чагось навучыцца. І мы засталіся і, як страшэнную ўзнагароду за нашую выстаяласць, перажылі злашчаснае выступленне Чыполы.
Я не згадаў, што прыкладна падчас учыненага над намі адміністрацыйнага гвалту прыспеў канец сезону. Руплівец маральнасці ў кацялку, які данёс на нас, быў не адзіны, хто пакінуў курорт; італьянцы ад’язджалі гуртамі, і мноства ручных вазкоў і тачак рушыла да станцыі. Пляж страціў свой адмыслова нацыянальны характар, жыццё ў Торэ, у кавярнях, у прысадах сасновага гайку пачалося больш простае, больш еўрапейскае; мабыць, цяпер нас нават пусцілі б на зашклёную веранду «Гранд-гатэля», але мы туды не рваліся, мы пачуваліся добра і за сталом у сіньёры Анджальеры — калі ўвогуле можна было лічыць наша адчуванне добрым, з той папраўкаю, якую рабіў злы дух, які тут лунаў у паветры. Аднак з такой дабратворнай, як мы думалі, пераменай, рэзка змянілася надвор’е, так сказаць, у поўнай згодзе з графікам адпачынкаў. Неба завалаклося, нельга сказаць, што стала халадней, але недвухсэнсоўная спёка, што панавала тут тры тыдні (а бадай, яшчэ й задоўга да нашага прыезду), змянілася на млосную задуху сірока, і час ад часу слабенькі дожджык крапіў аксамітную арэну, на якой мы бавілі нашыя раніцы. Да таго ж трэба зазначыць, што дзве траціны тэрміну, выдзеленага намі на Торэ, ужо мінула; соннае мора з вялымі медузамі, што ледзь калыхаліся на яго пляскатай роўнядзі, было нам усё-такі новым, і смех было б сумаваць па сонцы, якое, калі яно валадарыла манапольна, выціскала з нас столькі ўздыхаў.
У гэтую якраз пару і з’явіўся Чыпола. Кавальерэ Чыпола, як ён фігураваў у афішах, што аднаго разу замільгалі ўсюды, таксама і ў сталовай пансіёна «Элеанора», — гастрольны віртуоз, артыст у жанры забаў, forzatore, illusionista, prestidigitatore[11], які меў намер пазнаёміць высокашаноўную публіку Торэ-дзі-Вэнэрэ з некаторымі экстравагантнымі з’явішчамі таямнічага і загадкавага характару. Фокуснік-штукар! Аб’явы было дастаткова, каб затлуміць галаву нашым малым. Яны зроду не бачылі нічога такога, канікулы падораць ім нязведаныя ўражанні. З таго часу яны даймалі нас просьбамі ўзяць білеты на штукара, і хоць нас адразу збянтэжыў позні час пачатку імпрэзы, — яна была назначана на дзевяць вечара, — мы саступілі, падумаўшы, што, збольшага пазнаёміўшыся з, відаць, досыць сціплымі талентамі Чыполы, выправімся дахаты, а дзеці на раніцу — ну што ж, тае бяды, — паспяць крыху больш, і купілі ў самой сіньёры Анджальеры, якая ўзяла на камісію дастаткова добрых месцаў на сваіх пастойнікаў, чатыры білеты. Паручыцца за якасць паказу яна не бралася, ды мы і не чакалі нічога незвычайнага; нам і самім не лішне было крыху рассеяцца, апрача ж таго нас заразіла цікаўнасць дзяцей.
У памяшканні, дзе кавальерэ меўся выступіць, у разгар сезону штотыдня давалі новую кінакарціну. Мы там ні разу не былі. Дарога туды ляжала міма palazzo — руінаў, у якіх захаваліся абрысы сярэдневяковага замка і, дарэчы, яны прадаваліся, — па галоўнай вуліцы, з аптэкай, цырульняй, крамамі, якая як бы вяла ад свету феадальнага праз буржуазны да свету працы, бо канчалася сярод гаротных рыбацкіх халупняжын, дзе старыя жанчыны, седзячы ў парозе, ладзілі мярэжы, і вось тут, ужо ў самай гушчыні народу, была sala, па сутнасці, ёмістая дашчаная стадола; падобны на браму ўваход у яе з двух бакоў аздаблялі каляровыя плакаты, наклееныя адзін над адным. І вось, у пазначаны дзень, паабедаўшы і без спеху сабраўшыся, мы выправіліся туды ўжо ў поўнай цемры, дзеці, святочна адзетыя, шчаслівыя, што ім столькі патураюць. Як і ўсе апошнія дні, было душна, час ад часу палыхалі заранкі і накрапваў дождж. Мы ішлі пад парасонамі. Ісці да залы было чвэрць гадзіны.
У дзвярах праверылі нашы білеты, але месцы свае мы ўжо шукалі самі. Яны былі ў трэцім радзе злева; сеўшы, мы ўстанавілі, што з даволі познім часам, на які было назначана прадстаўленне, не дужа тут лічацца: курортная публіка лянотна, быццам каб наўмысна прыйсці са спазненнем, запаўняла партэр, а як што — ніякіх ложаў тут не было, дык гэта і была глядзельная зала. Такая няспешнасць нас крыху затрывожыла. Ужо цяпер шчокі ў дзяцей ад чакання і стомы гарэлі ліхаманкавым румянцам. Толькі адведзеныя пад стаячыя месцы бакавыя праходы і канец залы пры нашым праходзе былі бітком, там стаялі, з голымі па локаць рукамі крыж-накрыж на паласатых цяльняшках, прадстаўнікі мужчынскай палавіны карэннага насельніцтва Торэ: рыбакі, маладыя хлопцы, якія задзірыста азіраліся па баках, і калі нас парадавала прысутнасць у зале мясцовага працоўнага люду, які адзін толькі і здольны надаць такога роду відовішчам маляўнічасць і гумар, дык дзеці былі проста ў захапленні. У іх былі сябры сярод мясцовых, яны знаёміліся падчас вечаровых шпацыровак на далёкія пляжы. Часта, калі сонца, змардаваўшыся ад тытанічнай працы, скочвалася ў мора, фарбуючы шумавінне прыбою залатым пунсом, мы па дарозе дамоў сустракалі арцелі босых рыбакоў; цугам, упіраючыся нагамі і напружваючы рукі, яны з доўгімі крыкамі выцягвалі сеткі і збіралі свой часцей за ўсё небагаты ўлоў frutti di mare[12], а нашыя малыя праглядзелі ўсе вочы, на іх гледзячы, пускалі ў абыход тыя некалькі італьянскіх слоў, якія ведалі, пасаблялі цягнуць сеткі, заводзілі сяброўства. І зараз дзеці абменьваліся вітаннямі з гледачамі стаячых месцаў; вунь там стаіць Гіскарда, вунь там Антоніё, дзеці ведалі іх паіменна, махалі рукой і напаўголасу аклікалі, у адказ атрымліваючы ківок ці ўсмешку, якая адкрывала рад моцных белых зубоў. А вунь прыйшоў нават Марыё з «Эсквізіта», той самы Марыё, які падае нам на стол шакалад! Яму таксама зарупіла падзівіцца на штукарствы, і, мабыць, ён прыйшоў загадзя, бо стаіць амаль наперадзе, але і выгляду не падае, што змеціў нас, такая ўжо мода ў яго, дарма што толькі малодшы афіцыянт. Затое мы махаем лодачніку, які выдае на пляжы лодкі напракат, і ён там стаіць, але ззаду, каля самай сцяны.
Чвэрць на дзесятую… амаль палова… Вы разумееце наша хваляванне? Калі ж мы пакладзем дзяцей спаць? Ясна, не варта было прыводзіць іх сюды, бо адарваць іх ад абяцанага прадстаўлення, ледзь толькі яно пачнецца, будзе проста жорстка. Спакваля партэр запоўніўся: можна сказаць, тут сабраўся ўвесь Торэ; пастойнікі з «Гранд-гатэля», пастойнікі з вілы «Элеанора» і іншых пансіёнаў, усе знаёмыя па пляжы твары. Навокал англійская і нямецкая мовы. І тая французская, на якой румыны звычайна размаўляюць з італьянцамі. За намі праз два рады сядзела сама сіньёра Анджальеры поплеч са сваім рахманым і лысым сужэнцам, які пагладжваў вусы ўказальным і сярэднім пальцамі правай рукі. Усе прыйшлі са спазненнем, але ніхто не спазніўся. Чыпола хацеў, каб яго чакалі.
І прымушаў у літаральным сэнсе. Зацягваючы выхад, ён наўмысна ўзмацняў напружанасць. Можна было зразумець гэты ягоны прыём, але ж усё мае свой край. Каля паловы дзесятай публіка пачала пляскаць — ветлівая форма законнай нецярплівасці, бо яна адначасова гаворыць і за гатоўнасць апладзіраваць. Нашыя малышы ўсе далонькі сабе паадплясквалі, гэта ўжо была ім як бы частка праграмы. Усе дзеці любяць ладкі. З бакавых праходаў і з глыбіні залы пачуліся рашучыя воклічы: «Pronti» i «Cоminciano!»[13]. І што ж, пачаць прадстаўленне, выяўляецца, можна, і ніхто гэтаму не замінае. Ударыў гонг, усе стаячыя павіталі гэты гук шматгалосым «Га-а-а!», і заслона раз’ехалася набакі. Адкрыўся памост, які сваім убранствам больш нагадваў класны пакой, чым сцэну; гэтае ўражанне рабіла чорная аспідная дошка, пастаўленая на падстаўцы на авансцэне злева. Акрамя таго, мы ўбачылі самую звычайную жоўтую вешалку, два сялянскія саламяныя крэслы і ў глыбіні круглы столік, на якім стаяў графін з вадою і шклянка, а на асобным падносіку графінчык меншы з нейкай светлажоўтай вадкасцю і лікёрная чарка. Нам былі дадзены дзве секунды, каб добра разгледзець гэты рэквізіт. Потым, пры незацененай зале, на эстрадзе паявіўся кавальерэ Чыпола.
Ён увайшоў імклівай паходкай, у якой бачылася жаданне дагадзіць публіцы і якая робіць падманлівае ўражанне, быццам той, хто ўвайшоў, каб хутчэй явіцца на вочы гледачам, прайшоў у такім самым тэмпе добры адцінак дарогі, тым часам як ён проста стаяў за кулісамі. Вопратка Чыполы мацавала ўражанне, што ён прыйшоў якраз з вуліцы. Няпэўнага ўзросту, але, прынамсі, чалавек зусім не малады, з рэзкімі рысамі прапітага твару, пранізлівымі вочкамі, моцна сціснутымі тонкімі губамі, падмазанымі чорнымі вускамі і так званай мушкай у далінцы паміж ніжняй губай і падбародкам, апрануты нейк даволі мудрагеліста. На ім быў шырокі чорны плашч без рукавоў з аксамітным каўняром і падбітай атласам палярынай — фокуснік падтрымліваў яго спераду рукамі ў белых пальчатках, — на шыі белы шалік, а на галаве насунуты на адно брыво выгнуты цыліндр. Мусіць, у Італіі, больш чым дзе б тое ні было, жыве яшчэ васемнаццатае стагоддзе, а ў ім і тым шарлатана кірмашовага бірыча — прадаўца-зельніка, што такі характэрны той эпосе і адносна добра захаваныя экземпляры якога толькі ў Італіі яшчэ і можна сустрэць. У абліччы Чыполы было многа ад гэтай гістарычнай постаці, а ўражанне блазенскай крыклівасці і эксцэнтрызму, якія так уласцівыя ёй, дасягалася тым, што прэтэнцыёзная вопратка фокусніка вельмі дзіўна сядзела на ім ці, правільней, вісела, дзе прылягаючы не на месцы, дзе ападаючы няправільнымі складкамі: нешта з яго фігурай было не тое, не гэтае і спераду і ззаду — пазней усё стала яшчэ больш прыкметна. Але я павінен падкрэсліць, што ні пра якую жартаўлівасць, а тым болей блазнаватасць, ні ў яго руках, ні ў міміцы, ні ў манеры трымацца і гаворкі быць не магло: бадай, наадварот, у іх праяўляліся крайняя сур’ёзнасць, адмова ад гумару, часам нават змрочная ганарыстасць, а таксама некаторыя, уласцівыя калекам важнасць і самазадаволенасць, — усё яно, аднак, не заважала таму, што ягоныя паводзіны напачатку выклікалі ў розных месцах залы смех.
Цяпер у ягонай манеры трымацца ўжо не было нізвання дагодлівасці; імклівы выхад быў усяго толькі выявай унутранай энергіі, у якой паслужлівасць не грала ніякай ролі. Стоячы каля рампы і нядбала сцягваючы пальчаткі з доўгіх жаўтлявых пальцаў — на адным быў пярсцёнак з вялікай пячаткай з ляпіс-лазуру, — ён маленькімі строгімі вочкамі з прыпухлымі пад імі мяшэчкамі аглядаў залу, няспешна, то тут, то там выпрабавальна-фанабэрыста затрымліваючыся на чыім-небудзь твары — і ўсё гэта з’едліва сцяўшы губы і не кажучы ні слова. Скамячаныя ў клубок пальчаткі ён з дзівосным і, напэўна ж, прывычным спрытам кінуў з вялікай адлегласці ў шклянку на круглым століку, потым, усё гэтак жа моўчкі азіраючы залу, дастаў з нейкай унутранай кішэні цыгарэты, мяркуючы па пачку, самыя танныя, акуратна выняў адну і не гледзячы прыкурыў ад запальнічкі, якая ўспыхнула імгненна. Глыбока зацягнуўся і з грымасай выкліку, шырока расцягнуўшы губы і ціхенька пастукваючы наском чаравіка па падлозе, выпусціў шэры струменьчык дыму спаміж з’едзеных зубоў. Публіка разглядвала яго не меней пільна, чым ён яе. У моладзі ў бакавых праходах бровы насупленыя, і прыдзірлівы пагляд толькі і чакаў хібы, якую гэты самаўпэўнены штукар канечне ж дасць. Але той не хібіў. Даставанне пачка цыгарэт і запальнічкі і потым вяртанне іх на месца было даволі складаным, перашкаджала вопратка: давялося расхінуць плашч, і тут выявілася, што на пятлі, накінутай на левую руку, у яго чамусьці вісіць плётка з сярэбраным тронкам у выглядзе кіпцюрастай лапы. Потым звярнулі ўвагу на тое, што ён у сурдуце, а не ў фраку, і як Чыпола расшпіліў сурдут, адкрылася павязаная вакол яго торсу, напалавіну пад камізэлькай, шырокая каляровая стужка, якую гледачы, што сядзелі за намі і абменьваліся ўражаннямі, прынялі за знак яго кавалерскай годнасці. Ці так яно, не ведаю, бо ніколі не чуў, каб тытулу кавальерэ адпавядала такая адзнака. Магчыма, стужка была чыстым блефам, як і маўклівая нерухомасць штукара, які на вачаў у публікі спаважна і спакойна курыў цыгарэту.
Як я ўжо згадваў, у зале смяяліся, а калі голас з партэрнай «галёркі» раптам зычна і суха сказаў «Buona sera!»[14], грымнуў дружны рогат.
Чыпола схамянуўся.
— Хто гэта? — спытаўся ён, быццам кінуўшыся ў атаку. — Хто гэта сказаў? Ану? То такі смелы, а то адразу пад ложак? Paura, eh?[15] — Голас у фокусніка быў даволі тонкі, крыху астматычны, але з металам. Ён чакаў.
— Ну, я, — прамовіў у цішыні малады чалавек непадалёк ад нас, які ўчуў у словах Чыполы выклік і замах на свой гонар, — прыгожы хлапчына ў паркалёвай кашулі з перакінутым цераз плячо пінжаком. Яго чорныя цвёрдыя і кучаравыя валасы былі па прынятай у «абуджанай Італіі» модзе зачасаныя ўгору і стаялі дыбарам, што зусім яго не псавала і дадавала яму нечагась афрыканскага. — Ве…[16] Ну, хай я. Увогуле павітацца было след вам, але я на гэта не зважаю.
Зноў стала весела. З хлопцам і сабака не збрэшацца. «Ha sciolto lo scilinguagnolo»[17], — сказаў нехта каля нас. Урок ветлівасці, калі ўжо на тое, быў тут дарэчы.
— Брава! — адказаў Чыпола. — Ты мне падабаешся, Джаванота. Вер не вер, я цябе даўно змеціў. У мяне свая сімпатыя да такіх, як ты, яны могуць мне спатрэбіцца. Відаць, што ты малайчына. Робіш, як і што табе заўгодна. Альбо ж табе ўжо калі выпадала рабіць тое, xаго не хочацца? Альбо чаго хочацца не табе? Паслухай, дружа, а што калі ўзяць ды павесяліцца, узяць ды скінуць маску малайца, які бярэ на сябе і тое і другое: і хаценне і рабленне. Увесці, нарэшце, нейкі падзел працы — sistema аmericano, sa?[18] Вось, напрыклад, ці не хочаш ты паказаць язык высокашаноўнай публіцы, якая тут сабралася, увесь язык да самага кораня?
— Не, — варожа адсек хлопец, — не хачу. Гэта даказала б, што я дрэнна выхаваны.
— Анічога не даказала б, — адказаў Чыпола, — бо ты зробіш гэта насуперак свайму хаценню. Хай ты добра выхаваны, але цяпер, перш чым я палічу да трох, ты павернешся направа да публікі і высалапіш язык, такі доўгі, якога ты і не думаў, што маеш.
Чыпола паглядзеў на хлопца, пранозлівыя вочкі яго, здавалася, яшчэ глыбей запалі ў вачніцы.
— Uno![19] — сказаў ён і, спусціўшы з локця пятлю плёткі, што якое там сумненне — даўжэйшых не бывае! Потым прыняў ранейшую позу, і на твары нічога не адбілася.
— «Ну, я…» — перадражніў Чыпола, падміргваючы і паказваючы на хлопца. — «Бе… Ну, я сказаў». — Пасля даўшы публіцы самой разабрацца ў сваіх уражаннях, падышоў да століка, наліў сабе з графінчыка, у якім, відаць, быў каньяк, поўную чарку і звычным рухам кульнуў у рот.
Дзеці ад душы смяяліся. Яны мала чаго зразумелі з гэтай перапалкі; але тое, што праміж дзівакаватым чалавекам там на сцэне і кімсьці з публікі адразу разыгралася такая пацешная сцэна, іх вельмі пазабавіла, а як што яны не дужа сабе ўяўлялі, з чаго павінна складацца праграма абяцанага афішай вечара, дык гатовыя былі лічыць такі пачатак выдатным. Што да нас, дык мы пераглянуліся, і, памятаю, я міжволі паўтарыў губамі гук, з якім Чыполава плётка рассекла паветра. Зрэшты, было ясна, што гледачы не ведалі, як паставіцца да такога неверагоднага пачатку прадстаўлення, ды так як след і не ўцямілі, што ж раптам прымусіла Джаваноту, які, можна сказаць, выступаў ад іх імя, абярнуць свой запал супроць іх, супроць публікі. Якое дзіцячае блазнаванне! І, выкінуўшы яго з галавы, гледачы засяродзіліся на артысце, які тым часам ад століка з падмацункам вярнуўся на авансцэну і сказаў:
— Паважанае спадарства, — прамовіў ён астматычна-металёвым голасам. — Вы толькі што бачылі, як мяне крыху забрала ад таго ўроку, які спрабаваў падаць мне гэты небезнадзейны малады лінгвіст («questo linguista di belle speranze»), — каламбур выклікаў смех. Я чалавек не без самалюбства, і з гэтым вам давядзецца лічыцца! Я не люблю, калі мне без сур’ёзнасці і павагі зычаць добрага вечара — бо інакш рабіць і сэнсу няма ніякага. Калі вы зычыце мне добрага вечара, вы тым самым зычыце таго самага і сабе, бо публіка толькі тады добра забавіць вечар, калі ён удасца мне, а таму гэты кумір усіх паненак Торэ-дзі-Вэнэрэ (ён усё яшчэ калоў хлопца) выдатна зрабіў, даўшы жывы доказ таго, што вечар сёння ў мяне будзе ўдалы і я, такім чынам, магу абысціся без ягоных узычак. Магу пахваліцца, што ўсе вечары ў мяне добрыя. Здараецца, выпадае каторы і менш удалы, але рэдка. Прафесія ў мяне цяжкая, і здароўе не дужа моцнае — невялікая цялесная пахіба, якая перашкодзіла мне ўзяць удзел у змаганні за веліч нашай радзімы. Але сілай розуму і духу адольваю я жыццё, што зноў-такі найперш азначае: адолець сябе, і цешу сябе надзеяй, што сваёй працай заслужыўся на прыхільную ўвагу адукаванай публікі. Сталічная прэса ацаніла маю працу. «Cоrriere della sera»[20] зрабіў вельмі слушна, калі назваў феноменам, а ў Рыме родны брат зрабіў мне гонар асабістай прысутнасцю на прадстаўленні. І калі ў такіх бліскучых і высокіх сферах Рыма дабраволілі засланяць вочы на некаторыя мае прызвычайкі, я не палічыў патрэбным ад іх адмаўляцца ў параўнаўча меней значным горадзе, якім усё-такі з’яўляецца Торэ-дзі-Вэнэрэ (тут публіка пасмяялася з жалю вартага Торэ), і цярпець, каб асобы, хоць бы і спешчаныя ўвагаю прыгожага полу, нешта мне ўказвалі.
Зноў перапала хлопцу, якога Чыпола не пераставаў выстаўляць у ролі donnainolo[21] і саматужнага донжуана. Прычым упартае раздражненне і варожасць, з якімі фокуснік зноў і зноў накідваўся на яго, ніяк не стасаваліся з самаўпэўненасцю кавалтьерэ і свецкімі поспехамі, якімі ён хваліўся. Вядома, хлопец павінен быў служыць мішэнню для Чыполавых досціпаў, мішэнню, якую той у кожным прадстаўленні выбіраў сабе з публікі і па кім праязджаўся. Аднак у ягоных асцюках была і сапраўдная зласлівасць, прычына якое рабілася па-чалавечы зразумелай пры першым жа позірку на фізічны склад таго і другога, нават калі б гарбач увесь час не намякаў на поспех прыгожага хлопца ў жанчын.
— Але перш чым пачаць прадстаўленне, — дадаў ён, — я, з вашага дазволу, вызвалюся ад плашча!
І ён павярнуўся да вешалкі.
— Parla denissimo[22], — з захапленнем сказаў нехта каля нас.
Артыст яшчэ нічым не паказаў свайго майстэрства, але само яго ўменне прамаўляць было прызнана мастацтвам, ён зрабіў уражанне ўжо адным сваім красамоўствам. На поўдні жывая гамонка — гэта неад’емная частка жыцця, і ёй надаюць больш вагі, чым дзе-колечы на поўначы. Нацыянальны сродак зносінаў, родная мова акружана ў гэтых народаў вартай пераймання пашанай, і ёсць нешта пацешнае і непераймальнае ў той прыдзірліва палкай шаноўлі, з якою сочаць за захаваннем формаў і законаў маўлення. Тут гавораць з асалодай, але слухаюць як строгія цаніцелі. Бо па тым, як чалавек гаворыць, вызначаюць ягонае месца ў грамадстве; неахайная, каравая мова выклікае пагарду, вытанчаная і адмысловая — стварае прэстыж, і таму маленькі чалавек, калі яму належыць зрабіць выгоднае ўражанне, стараецца ўжываць выштукаваныя фразы і сочыць за сваім вымаўленнем. З гэтага боку, прынамсі, Чыпола прыхінуў бы да сябе публіку, хоць сам і не адносіўся да тыпу людзей, якія італьянцу з уласцівым яму змешваннем маральных і эстэтычных мерак здаюцца simpatico[23].
Чыпола зняў шаўковы цыліндр, шалік, плашч, на хаду паправіў каптан, выцягваючы манжэты з вялікімі запінкамі, расправіў бутафорскую стужку і вярнуўся на авансцэну. На галаве ў яго была гідота: амаль зусім голы чэрап, толькі вузкая падчэрненая палоска валасоў, разведзеная на бакі простым прадзелам, цягнулася, быццам прыклееная, ад патыліцы да лоба, а валасы са скроняў, таксама падчэрненыя, былі начасаны да краёў вачэй — прычоска, як у старамоднага дырэктара цырка, смешная, але ў тон яго незвычайнаму індывідуальнаму стылю, насіў ён яе з такой пэўнасцю самога сябе, што, хай сабе і камічная, публіка ў зале стрымана маўчала. Невялікая цялесная пахіба, пра якую Чыпола загадзя наўмысна згадаў, была цяпер на вачах, хоць прырода яе і не зусім ясная: грудная клетка, як заўсёды ў такіх выпадках, была паднятая ўгору, але горб на спіне сядзеў не на звычайным месцы, паміж лапаткамі, а ніжэй, над клубамі і паясніцай, не заважаў пры хадзе, а надаваў ёй нешта бязглузда карыкатурнае, бо кожны крок у яго выходзіў ураскачку, клыбата. Зрэшты, таму, што Чыпола папярэдзіў пра сваё калецтва, яно нікога не ўразіла, і ў зале да яго паставіліся з адпаведнай далікатнасцю.
— Вам да паслугаў! — сказаў Чыпола. Калі вы не пярэчыце, мы пачнём нашу праграму з сякіх-такіх арыфметычных практыкаванняў.
Арыфметыка? Гэта, бадай, на фокусы не выдае. У мяне пачало ўжо закрадвацца падазрэнне, што Чыпола нешта круціць, але хто ён на самай справе, было яшчэ няясна. Мне стала шкада дзяцей; але пакуль што яны былі шчаслівыя проста таму, што сядзяць тут.
Нумар з лічбамі, які Чыпола паказаў, быў такі ж просты, як і ашаломна эфектны ў канцоўцы. Чыпола пачаў з таго, што прымацаваў кнопкамі аркуш паперы ў правым верхнім куце дошкі і, падняўшы ліст, нешта напісаў на дошцы. Пры гэтым ён бесперастанку балабоніў, хочучы, відаць, няспынным слоўным акампанементам ажывіць нумар, каб ён не здаўся сухаватым; фокуснік такім чынам адначасова выступаў і ў ролі свайго канферансье, вельмі жвавага і вынаходлівага на язык. Ён увесь час стараўся згладзіць прорву паміж эстрадай і залай, прорву, праз якую ён паспеў ужо перакінуць кладку сваёй перастрэлкай з маладым рыбаком, і дзеля гэтага то запрашаў на сцэну каго-небудзь з публікі, то сам па сходках спускаўся ў партэр, каб уступіць у асабісты кантакт з гледачамі. Гэта было стылем яго працы і вельмі падабалася дзецям. Не ведаю, у якой меры ўваходзіла ў задумы і сістэму Чыполы тое, што ён, захоўваючы сур’ёзнасць і нават панурасць, уключаўся ў спрэчкі з асобнымі гледачамі — публіка, прынамсі публіка прасцейшая, відаць, лічыла гэта нармальным.
Закончыўшы пісаць і прыкрыўшы напісанае аркушам паперы, ён папрасіў двух чалавек падняцца на эстраду, каб асіставаць пры падліку: нічога цяжкага тут няма, нават той, хто не вельмі моцны ў арыфметыцы, можа справіцца. Як яно звычайна бывае, не знайшлося нікога, хто пажадаў бы сам, а Чыпола не хацеў назаляцца прывеліяванай
публіцы. Ён трымаўся за народ і звярнуўся да двух здаравенных дубаломаў-дзецюкоў на стаячых месцах у глыбіні залы, падбадзёрваў іх, сарамаціў, што яны толькі стаяць і глядзяць, а не, каб зрабіць ласку публіцы, і нарэшце ўгаварыў. Няўклюдна ідучы, хлопцы рушылі наперад па праходзе, падняліся па прыступках і, збянтэжана ўсміхаючыся, пад выкрыкі «брава» сваіх прыяцеляў сталі каля дошкі. Чыпола яшчэ хвіліну-другую жартаваў з іх, пахваляючы геркулесаву моц іхніх цягліцаў, іх велізарныя рукі, проста ж дзеля таго і створаныя, каб зрабіць такую паслугу прысутным, пасля сунуў аднаму ў пальцы грыфель і сказаў запісваць лічбы, якія яму будуць называць. Але хлопец заявіў, што пісаць не ўмее. «Non scrivere», — адбасаваў ён, а ягоны таварыш дадаў: «І я таксама».
Бог яго ведае, ці казалі яны праўду, ці проста рашылі пасмяяцца з Чыполы. У кожным разе той зусім не схіляўся падзяляць агульную весялосць, з якою зала прыняла гэтае прызнанне. На ягоным твары адбілася крыўда і агіда. Чыпола сядзеў у гэтую хвіліну на саламяным крэсле пасярод сцэны і, заклаўшы нагу на нагу, зноў курыў танную цыгарэту, якая яму, відаць, была дужа да густу, — пакуль абодва цельпукі ішлі да эстрады, ён паспеў прапусціць другую чарачку каньяку. І зноў пасля глыбокай зацяжкі ён выпусціў дым праз вышчараныя зубы і, пахітваючы нагой, скіраваў поўны суровага асуджэння позірк паўзверх абодвух нягоднікаў і паўзверх публікі кудысьці ў прастору, бы чалавек, які сутыкнуўся з нечым настолькі абуральным, што вымушаны замкнуцца ў сабе, у пачуцці сваёй годнасці.
— Ганьба, — сказаў ён нарэшце холадна і злосна. — Ідзіце ў залу! У Італіі ўсе ўмеюць пісаць, яе веліч не дае месца цемры і невуцтву. Дурны жарт рабіць уголас такія заявы перад абліччам прысутнага тут іншаземнага корпуса, вы прыніжаеце гэтым не толькі саміх сябе, але і ўрад, даяце зачэпку ліхасловіць на нашу краіну. Калі Торэ-дзі-Вэнэрэ сапраўды такі глухі куток нашай айчыны, апошняе прыстанішча непісьменнасці, мне застаецца адно пашкадаваць пра свой прыезд у гэты горад, пра які мне, праўда, было вядома, што ён у тым-сім саступае Рыму…
Але тут яго перапыніў хлопец з нубійскай прычоскай і перакінутым цераз плячо пінжаком, чый ваяўнічы запал, як выявілася, прытух толькі на час, і які цяпер з высока паднятай галавой па-рыцарску ўстаў на абарону роднага горада.
— Годзе! — гучна сказаў ён. — Годзе вам кпіць з Торэ. Мы ўсе тут нарадзіліся і не пацерпім, каб з нашага горада здзекаваліся пры іншаземцах. Ды і гэтыя двое — нашы сябры. Яны, вядома, не вучоныя прафесары, затое сумленныя хлопцы, больш сумленныя за сяго-таго ў гэтай зале, што хваліцца Рымам, хоць ён яго і не заснаваў.
Вось гэта адпор! Хлопец і праўда зубасты! Публіка не сумавала, сочачы за гэтай сцэнай, хоць пачатак праграмы ўсё адцягваўся. Спрэчка заўсёды захапляе. Адных перапалкі проста пацяшаюць, і яны з’едліва радуюцца, што самі засталіся ўбаку; іншыя прымаюць усё блізка да сэрца і хвалююцца, і я іх вельмі добра разумею, хоць тады ў мяне склалася ўражанне, быццам тут нейкая змова, і непісьменныя хлопцы, гэтак сама як і Джаванота са сваім пінжаком, падыгрываюць артысту, каб увесяліць публіку. Дзеці слухалі развесіўшы вушы. Яны нічога не разумелі, але інтанацыя да іх даходзіла і трымала. Дык вось што такое штукар, фокуснік, прынамсі, італьянскі. Яны былі ў захапленні.
Чыпола ўстаў і, хістаючыся, зрабіў два крокі да рампы.
— Гляньце ж! — прамовіў ён са зласлівай сардэчнасцю. — Даўні знаёмы. Юнак, у якога што наўме, тое на языку! (Ён сказаў «sulla linguaccia», што азначае «абкладзены язык» — зноў выбух рогату.) — Я на вас надзівіўся, цяпер у мяне інтэрас да гэтага паборцы гонару con questo torregiano di Venere, гэтага ахоўцы вежы Венеры, які несумненна наперад смакуе ўзнагароду за сваю адданасць.
— Ah, nonscherziamo![24] Пагамонім сур’ёзна! — ускінуўся хлопец, вочы ў яго бліснулі, і ён нават зрабіў такі рух, быццам хацеў скінуць пінжак і ад слоў перайсці да дзеяння.
Чыпола прыняў гэта даволі спакойна. Ён не мы (мы трывожна пераглянуліся), кабальерэ быў сярод суайчыннікаў, адчуваў пад нагамі родную глебу. Ён заставаўся халодны, паказаўшы гэтым сваю поўную перавагу. Насмешлівым кіўком у бок маладога пеўніка і красамоўным позіркам ён запрасіў публіку пасмяяцца разам з ім з баявітасці свайго апанента, якая сведчыла пра дурнаватую абмежаванасць таго. І тут сталася нешта дзівоснае, што асвятліла гэтую перавагу вусцішным святлом і ганебным, незразумелым чынам абярнула ваяўнічае напружанне ўсёй сцэны ў нешта смеху вартае.
Чыпола яшчэ бліжэй падышоў да хлопца і неяк адмыслова паглядзеў таму ў вочы. Фокуснік нават напалову сышоў з лесвічкі, якая злева ад нас вяла ў залу, так што стаяў толькі ледзь-ледзь вышэй і амаль перад самым ваяром. Плётка вісела ў яго на руцэ.
— Значыцца, ты не схільны жартаваць, сынку, — сказаў ён. — Яно і зразумела, кожнаму ж відаць, што ты нездаровы. І язык твой — шчыра скажам, не вельмі чысты, — сведчыў пра непарадак у страўніку. Не трэба хадзіць на прадстаўленні, калі адчуваеш сябе так блага; ты і сам, я ведаю, вагаўся, думаў, ці не лепш будзе легчы ў ложак і зрабіць сабе гарачы кампрэс на жывот. Недаравальнае легкадумства было піць пасля абеду столькі белага віна — і хай бы ж добрага, а то абы-што, кіслоцце. І вось цяпер у цябе колікі, і ты ледзьве не курчышся ад болю. А ты не саромейся! Дай волі свайму целу, сагніся, гэта заўсёды дае палёгку пры кішэчных курчах.
Пакуль Чыпола гаварыў гэтую прамову спакойна і настойліва, з нейкім суровым спачуваннем, вочы ягоныя свідравалі хлопца, нібы зрабіліся сухія і гарачыя, — гэта былі незвычайныя вочы, і рабілася зразумела, што яго праціўнік не толькі з мужчынскага самалюбства не мог адвесці ад іх позірку. Ды і ўвогуле на смуглым твары Джаваноты хутка не засталося і следу ранейшай самаўпэўненасці. Ён глядзеў на кавальерэ, крыху раззявіўшы рот, і рот ягоны крывіўся вінаватай і жаласлівай усмешкай.
— Дай сабе волі, сагніся! — зноў паўтарыў Чыпола. Нічога іншага ў цябе няма! Пры такіх рэзях заўсёды курчацца. Ты ж не будзеш упірацца натуральнаму руху толькі таму, што табе гэта раяць.
Хлопец павольна падняў рукі і яшчэ да таго, як крыж-накрыж абхапіў імі жывот, пачаў нагінацца, паварочваючы корпус і нахіляючыся наперад усё ніжэй і ніжэй, пакуль, нарэшце, са стуленымі каленямі, расставіўшы пяты, амаль не сеў на кукішкі — жывая карціна болю, які курчыць чалавека, Чыпола даў яму пастаяць у гэтай позе з хвіліну, потым ляснуў у паветры плёткай і паклыпаў да круглага століка, дзе зноў выпіў каньяку.
— Il boit beacucоup[25], — сказала дама за намі.
Няўжо гэта было адзінае, што яе здзівіла? Нам усё яшчэ было няясна, ці дастаткова публіка разабралася ў тым, што адбываецца. Хлопец ужо выпрастаўся і стаяў, збянтэжана ўсміхаючыся, быццам толкам не ведаў, што з ім адбылося. Усе сачылі за гэтай сцэнай з палкай цікавасцю і цяпер заапладыравалі, закрычалі: «Брава, Чыпола!», «Брава, Джаванота!». Мабыць, гледачы не ўспрынялі выніку спрэчкі як асабістую няўдачу хлопца і падбадзёрвалі яго, як актора, які выдатна выканаў ролю смешнага і нікчэмнага персанажа. І праўда ж, ён вельмі пераканаўча і нават ці не занадта натуральна, нібы з разлікам на галёрку, курчыўся ад болю, паказаўшы, так сказаць, сапраўдны акторскі талент. Зрэшты, я не ўпэўнены, што трэба прыпісаць адносінам залы: ці тое такту, якім жыхары поўдня заўсёды далікатнейшыя за нас, ці тое сапраўднаму заглыбленню ў сутнасць справы.
Падмацаваўшыся, кавальерэ запаліў новую цыгарэту. Можна было зноў вярнуцца да арыфметычнага вопыту. У заднім радзе лёгка знайшоўся малады чалавек, што згадзіўся запісваць лічбы, якія яму будуць называць. Яго мы таксама ведалі; тут было столькі знаёмых твараў, што прадстаўленне рабілася нейкім як бы нават свойскім. Малады чалавек служыў на галоўнай вуліцы ў лаўцы, дзе гандлявалі садавінай і каланіяльнымі таварамі, ён шмат разоў абслугоўваў нас, вельмі ветліва і ўважліва. Пакуль ён спрытна, як прыказчык, пісаў крэйдай, Чыпола спусціўся да нас у партэр і, як раскарака, пахаджаў сярод публікі, звяртаўся то да аднаго, то да другога і прасіў назваць яму, на свой выбар, двух-, трох— альбо чатырохзначную лічбу, якую, як толькі яна злятала з вуснаў апытванага, паўтараў маладому бакалейніку, а той запісваў на дошцы ў слупок. Усё гэта з узаемнай згоды было разлічана на забаву, жарты, аратарскія адступленні. Вядома, здаралася, што артыст натыкаўся на іншаземцаў, якія не маглі ўправіцца з лічбамі на чужой мове; з імі Чыпола доўга, з падкрэслена рыцарскай галантнасцю, біўся пад стрыманыя смяшкі мясцовых, якіх ён, у сваю чаргу, бянтэжыў, просячы перакладаць яму лічбы, сказаныя па-англійску альбо па-французску. Некаторыя называлі лічбы, якія паказвалі на вялікія даты ў італьянскай гісторыі. Чыпола момантам гэта ўлоўліваў і карыстаўся выпадкам, каб мімаходзь прыпрэгчы якую-небудзь патрыятычную развагу. Нехта сказаў: «Нуль!» — і кавальерэ, як заўсёды глыбока пакрыўджаны спробай пажартаваць з яго, кінуў цераз плячук, што гэта не двухзначная лічба, на што іншы дасціпнік крыкнуў: «Два нулі!!» — і гэта спрычыніла агульную весялосць, якую на поўдні заўсёды выклікае любы намёк на натуральную патрэбу. Толькі адзін кавальерэ трымаўся пагардліва-асуджальна, хоць сам і справакаваў двухсэнсіцу; аднак, перасмыкнуўшы плячыма, ён сказаў бакалейніку запісаць і два нулі.
Калі на дошцы набралася каля пятнаццаці розных лічбаў, Чыпола папрасіў гледачоў скласці іх. Спрактыкаваныя ў матэматычных вылічэннях хай палічаць у памяці проста з дошкі, але нікому не забаранялася карыстацца алоўкам і паперай. Пакуль усе працавалі, Чыпола сядзеў каля дошкі і,крывячыся, курыў з самазадаволенай мінай, уласцівай калекам. Хуценька падбілі вынік — пяцізначны лік. Нехта назваў суму, другі пацвердзіў, у трэцяга вынік не зусім супадаў, у чацвёртага ўсё сыходзілася. Чыпола ўстаў, страсянуў попел з каптана, крыху падняў ліст паперы у правым верхнім куце дошкі, адкрыў тое, што было напісана. Там стаяла якраз гэтая самая сума, нешта каля мільёна. Ён напісаў яе загадзя.
Агульнае здзіўленне і гром воплескаў. Дзеці нават раты раззявілі. Як гэта ён так дапяў, прыставалі яны да нас. Нялёгка растлумачыць гэтую штуку, адказвалі мы, на тое Чыпола і штукар. Цяпер яны ведалі, што такое прадстаўленне фокусніка. Ну проста здорава: як рыбаку раптам забалеў жывот, а цяпер вось гатовы вынік на дошцы, — і мы ўжо з трывогай прадбачылі, што нягледзячы на запаленыя вочы і позні час, амаль палову адзінаццатай, будзе вельмі нялёгка вывесці іх адгэтуль. Без слёз тут не абыдзецца. А між тым зусім жа відавочна, што гарбач не ўжывае ніякіх маніпуляцый — у сэнсе спрыту рук, і ўсё гэта зусім не на дзяцей. Не ведаю, што пра ўсё гэта думала публіка, але з выбарам складнікоў «па сваёй волі» ўсё было яўна нячыста; вядома, не выключана, што той альбо іншы з апытаных адказваў па сваім выбары, але адно несумненна: Чыпола выбіраў сабе людзей, і ўвесь ход доследу, скіраванага на тое, каб атрымаць вызначаны наперад вынік, быў падпарадкаваны ягонай волі; аднак нельга было не захапляцца яго матэматычнымі здольнасцямі, хоць усё астатняе чамусьці не выклікала захаплення. У дадатак ягоны ўра-патрыятызм і бясконцая самазадаволенасць — суайчыннікі кавальерэ, магчыма, і адчувалі сябе ў сваёй стыхіі і здольныя былі яшчэ жартаваць, але чалавека збоку ўсё разам узятае прыгнятала.
Зрэшты, Чыпола сам спрыяў таму, каб у людзей, якія хоць трошкі нешта петрылі, не заставалася сумненняў, што да прыроды яго майстэрства, хоць ні разу, вядома, не вымавіў ніводнага тэрміна і нічога сваім назовам не назваў. Аднак жа ён гаварыў пра гэта — ён увесь час гаварыў, — але ў туманных, самаўпэўненых выразах, якія выстаўлялі яго выключнасць.
Яшчэ нейкі час ён вёў тыя самыя практыкоўкі, але спачатку ўскладняў іншымі арыфметычнымі дзеяннямі, а потым усё спрасціў, каб паказаць, як гэта робіцца. Казаў проста «адгадваць» лічбы, якія папярэдне запісваў пад аркушам паперы на дошцы. Нехта прызнаўся, што спачатку хацеў назваць іншую лічбу, але менавіта ў гэты момант перад ім свіснула ў паветры плётка кавальерэ, і ў яго зляцела з вуснаў тая самая, што напісана на дошцы. Чыпола бязгучна засмяяўся аднымі плячыма. Кожны раз ён прыкідваўся здзіўленым празорлівасцю апытанага; але ў кампліментах ягоных чулася нешта іранічнае і абразлівае, не думаю, каб яны падабаліся паддоследным, хоць тыя і ўсміхаліся і ў пэўнай меры не былі супроць таго, каб прыпісаць апладысменты сабе. Мне здаецца таксама, што артыст не здабыў прыхільнасці ў публікі. У яе адносінах да яго, бадай, адчувалася непрыхаваная непрыязь і непакорлівасць; але, нават калі адкінуць проста ветлівасць, якая стрымлівала такія пачуцці, майстэрства Чыполы, яго бясконцая самаўпэўненасць не маглі не падабацца, і нават плётка, здавалася, спрыяла таму, каб бунт не вырваўся вонкі.
Ад фокусаў з лічбамі Чыпола перайшоў да картаў. Ён дастаў з кішэні дзве калоды, і, памятаю, сутнасць эксперыменту была ў тым, што ён браў з адной калоды, не гледзячы, тры карты, хаваў іх ва ўнутраную кішэню каптана, працягваў другую каму-небудзь з гледачоў, каб той выцягнуў менавіта гэтыя тры карты, прычым фокус не кожнага разу ўдаваўся зусім бездакорна; часам супадалі толькі дзве карты, але часцей за ўсё, адкрыўшы свае тры карты, Чыпола перамагаў і лёгкім паклонам дзякаваў публіцы за апладысменты, якімі яна, хоч не хоч, а прызнавала яго магутнасць. Малады хлопец у пярэднім радзе справа ад нас, італьянец з гордым тварам, падняў руку і сказаў, што рашыў выбіраць выключна па сваёй волі і свядома супраціўляцца любому пабочнаму ўплыву. Які ў такім разе будзе вынік, на думку Чыполы?
— Вы толькі, і можа, крыху ўскладніце мне задачу, — адказаў кавальерэ. — Але, як бы вы ні ўпіраліся, вынік будзе той самы. Існуе свабода, існуе і воля, але свабоды волі няма, бо воля, якая імкнецца толькі да сваёй свабоды, правальваецца ў пустату. Вы вольныя цягнуць альбо не цягнуць карты з калоды. Але пацягнеце, дык выцягнеце правільна, і з тым большай пэўнасцю, чым упарцей будзеце супраціўляцца.
Трэба прызнацца, што ён не мог прыдумаць нічога лепшага, каб напусціць туману і пасеяць разгубленасць у хлопцавай душы. Той упарта не рашаўся працягнуць руку да калоды. А ўзяўшы адну карту, ён тут жа захацеў, каб яму на праверку паказалі схаваныя.
— Але навошта? — здзівіўся Чыпола. — Ці не лепей ужо ўсе разам?
Але як што ўпарцісты хлопец стаяў на сваім, на такой папярэдняй пробе, фігляр з нечаканай для яго лакейскай дагодлівасцю сказаў: «E servito!»[26] — і, не гледзячы, веерам адкрыў свае тры карты. Крайняя левая была якраз тая, што выцягнуў хлопец.
Змагар за свабоду волі злосна сеў на сваё месца пад воплескі гледачоў. У якой меры Чыпола на дапамогу свайму прыроднаму дару заклікаў розныя механічныя трукі і спрыт рук — чорт яго ведае. Але калі нават дапусціць такі сплаў, усе, хто з прагнай цікаўнасцю сачылі за незвычайным прадстаўленнем, шчыра цешыліся і прызнавалі бясспрэчнае майстэрства артыста. «Lavora bene!»[27] — чулася то тут то там непадалёк ад нас, а гэта азначала перамогу аб’ектыўнай справядлівасці над асабістай антыпатыяй і маўклівым абурэннем.
За апошнім, хай няпоўным, затое асабліва ўражлівым поспехам Чыпола спачатку зноў падмацаваўся віном. Ён і праўда «шмат піў», і глядзець на гэта было не дужа прыемна. Відаць, яму патрэбны былі спіртное і тытунь, каб падтрымліваць і ўзнаўляць сваю жыццёвую сілу, да якое, як ён сам намякнуў, у многіх адносінах ставіліся вялікія патрабаванні. Часам ён сапраўды выглядаў зусім дрэнна — запалыя вочы, аселы твар. А чарачка зноў усё ўводзіла ў норму, і мова ў яго пасля таго зноў цякла, уперамешку з шэрымі струмянямі дыму, жвава і плаўна. Я добра памятаю, што ад картачных фокусаў ён перайшоў да тых салонных гульняў, якія грунтуюцца на звыш— ці падсвядомых уласцівасцях чалавечай натуры — на інтуіцыі і «магнетычным» умаўленні, — словам, на ніжэйшай форме празорлівасці. Толькі ўнутраную сувязь і паслядоўнасць я не запамятаў. Дый не буду дакучаць вам апісаннем гэтых вопытаў, яны вядомыя ўсім: усе вы хоць раз удзельнічалі ў іх — у пошуках якога-небудзь схаванага прадмета, паслухмяным выкананні якіх-небудзь наперад задуманых дзеянняў, імпульс да якіх невытлумачальным шляхам перадаецца ад арганізма да арганізма. І пры гэтым кожны, пакручваючы галавой, кідаў цікаўна-гідлівыя позіркі ў двухсэнсава-нячыстыя і цёмныя нетры акультызму, які ад чалавечай слабасці яго адэптаў увесь час хіліцца да таго, каб, дурачы людзей, змешвацца з містыфікацыяй і шахрайствам, аднак і дамешка зусім не абвяргае натуральнасці іншых складнікоў гэтай дзівоснай амальгамы. Я хачу толькі адзначыць, што ўздзеянне ўзрастае і ўражанні паглыбляюцца, калі такі вось Чыпола выступае рэжысёрам і галоўнай дзейнай асобай у гэтай цёмнай гульні. Ён сядзеў спінай да публікі ў глыбіні эстрады і курыў. Пакуль дзе-небудзь у зале нішкам не дамаўляліся, прыдумваючы яму заданне, і з рук у рукі перадавалі прадмет, які яму трэба будзе знайсці і з ім нешта зрабіць. Потым, трымаючы за руку прысвечанага ў задачу павадыра з публікі, якому сказана было ісці трошкі ззаду і толькі ў думках засяродзіцца на задуманым. Чыпола, адкінуўшы галаву назад і выцягнуўшы наперад руку, улукаткі ішоў па зале, гэтаксама, як рухаюцца ў такіх вопытах усе — то памыкаючыся наперад, быццам яго нешта штурхала, то няўпэўнена, вобмацкам, нібы прыслухоўваючыся, то зноў заходзячы ў тупік і раптам паварочваючы. Здавалася, ролі памяняліся, флюід ішоў назад, і артыст, не перастаючы гаварыць, на гэта ўказваў. Цяпер пасіўным бокам, які ўспрымае, слухаецца, быў ён, яго ўласная воля выключана, ён толькі выконвае маўклівую, разлітую ў паветры агульную волю гледачоў, а да гэтага часу толькі ён адзін хацеў і загадваў; але Чыпола падкрэсліваў, што гэта, па сутнасці, тое ж самае. Здольнасць адасобіцца ад свайго «я», зрабіцца проста прыладай, пераконваў ён, — гэта другі бок здольнасці хацець і загадваць; гэта ўсё тая самая здольнасць, валадаранне і падпарадкавальнасць разам узятыя ўяўляюць адзін прынцып, адно непарыўнае адзінства; хто ўмее падначальвацца, той умее і загадваць, і наадварот, адно паняцце ўжо ёсць у другім, непарыўна з ім звязана, як непарыўна звязаныя правадыр і народ, але затое напружанне, нязмернае, стомнае напружанне цалкам выпадае на яго долю, кіраўніка і выканаўцу ў адной асобе, у якой воля робіцца паслушэнствам, а паслушэнства — воляй, ён спараджае і тое і другое, і таму яму даводзіцца асабліва цяжка. Артыст не раз падкрэсліваў, што яму вельмі-вельмі цяжка, мабыць, каб растлумачыць, чаму яму трэба ўвесь час падмацоўвацца чарачкай. Чыпола рухаўся навобмацак, як у трансе, нібы яго скіроўвала і вяла агульная тайная воля ўсёй залы. Ён дастаў упрыгожаную камянямі шпільку з тyфлі англічанкі, куды яе схавалі, і панёс, то няўпэўнена запавольваючы крок, то з парывам наперад, другой даме — сіньёры Анджальеры, — устаў на калені і падаў ёй з умоўленымі словамі; яны, праўда ў самы раз пасавалі да нагоды, але адгадаць іх было зусім няпроста — фразу склалі па-французску. «Прыміце гэты дарунак на знак майго пакланення!» — належала яму сказаць, і нам здавалася, што ў цяжкасці задачы хаваўся пэўны злы намысел і адбіўся разлад паміж прагай цудоўнага, якая даймала публіку, і жаданнем, каб фанабэрысты Чыпола нарэшце праваліўся. Вельмі цікава было назіраць, як ён, укленчыўшы перад сіньёрай Анджальеры, спрабаваў і так і гэтак знайсці патрэбную яму фразу.
— Я павінен нешта сказаць, — прамовіў ён, — і ясна адчуваю, што менавіта павінен сказаць. А тым часам адчуваю, што вымавіць гэта будзе памылкай. Не, прашу, ні ў якім разе не падказваць! Не памагайце мне ні словам ні жэстам! — усклікнуў ён, хоць… а можа, якраз таму, што менавіта на гэта і спадзяваўся. — Pensez tres fort![28] — раптам крыкнуў ён на дрэннай французскай і тут выпаліў патрэбную фразу, праўда, па-італьянску, але так, што апошняе і галоўнае слова нечакана вырвалася ў яго на, пэўна, зусім яму незнаёмай, але блізкай мове — ён вымавіў замест «veneracione» «еnеration»[29] з жахлівым насавым гукам у канцы слова — частковы поспех, які пасля ўсяго ўжо выкананага — пошукаў шпількі, выбару той, каму трэба было яе аддаць, укленчання, — зрабіў, бадай што, нават большы эфект, чым зрабіла б поўная перамога, і выклікаў буру захаплення.
Устаючы з каленяў, Чыпола абцёр з ілба пот. Вы разумееце, што, расказваючы пра шпільку, я толькі прыводжу ўзор яго працы, што мне асабліва запомнілася. Але Чыпола ўвесь час уразнастайваў гэтую асноўную форму і да таго ж пераплятаў свае доследы з такога ж роду імправізацыямі, якія забіралі шмат часу і на якія яго на кожным кроку штурхалі зносіны з публікай. Больш за іншых, здавалася, натхняла яго наша гаспадыня; яна справакавала яго на дзівоснае шчыраванне.
— Ад мяне не ўнікла, сіньёра, — звярнуўся ён да яе, — што ў вашым жыцці былі незвычайныя, яркія старонкі. Хто ўмее бачыць, той разгледзіць над вашым мілым ілбом ззянне, якое, калі я не памыляюся, колісь было ярчэйшае, чым сёння, — ззянне, якое спакваля атухае…Ні слова! Не падказвайце мне! Поплеч з вамі сядзіць ваш муж, праўда ж? — павярнуўся ён да ціхмянага сіньёра Анджальеры. — Вы муж гэтай дамы,і шлюб ваш шчаслівы. Але ў гэтае шчасце ўрываюцца ўспаміны… каралеўскія ўспаміны… Мінулае, сіньёра, здаецца мне, грае ў вашым жыцці вялікую ролю. Вы ведалі караля… скажыце, у мінулыя дні на вашай жыццёвай дарозе сустракаўся вам кароль?
— Не зусім, — ледзь чутна пралапатала наша мілавідная гаспадыня, якая адарала нас булёнамі і супамі. І яе залаціста-карыя вочы ўспыхнулі на арыстакратычна бледным твары.
— Не зусім? Не, вядома ж, не сам кароль, я сказаў толькі прыблізна, у самых грубых, агульных рысах. Не кароль і не князь — і тым не меней князь і кароль у іншым, вышэйшым валадарстве прыгажосці. То быў вялікі артыст, каля якога… Вы парываецеся запярэчыць і ўсё ж не рашаецеся альбо можаце запярэчыць толькі напалавіну. Дык вось! Вялікая, славутая на ўвесь свет артыстка адарыла вас сваёй дружбай у вашай маладосці, і гэта яе свяшчэнная памяць апраменьвае ўсё ваша жыццё… Імя? Ці варта называць імя той, слава якое даўно злілася са славай нашай радзімы і здабыла неўміручасць? Элеанора Дузэ, — урачыста закончыў ён, панізіўшы голас.
Маленькая жанчына, пераможаная яго словамі, толькі схіліла галаву. Апладысменты ледзь не перайшлі ў патрыятычную авацыю. Амаль усе ў зале, і найперш прысутныя тут пастойнікі casa «Eleonora»[30] ведалі пра незвычайнае мінулае пані Анджальеры і таму здольныя былі ацаніць інтуіцыю кавальерэ. Паўставала толькі пытанне, што паспеў разведаць сам Чыпола, калі пасля прыезду ў Торэ пачаў шукаць патрэбных у яго прафесіі звестак… Зрэшты, у мяне няма ніякіх падстаў ставіць пад рацыяналістычныя сумненні здольнасці, якія ў нас на вачах аказаліся для яго такімі фатальнымі…
Абвясцілі антракт, і наш валадар пайшоў за кулісы. Прызнаюся, яшчэ толькі прыступаючы да расказу, я баяўся гэтага моманту. Чытаць думкі часцей за ўсё не так ужо і складана, а тут і зусім лёгка. Вы, канечне, спытаецеся ў мяне, чаму ж мы нарэшце не пайшлі — і я не здолею вам адказаць. Я сам не разумею, я проста не ведаю, чым гэта патлумачыць. Мусіць, ужо было палова дванаццатай, хутчэй за ўсё нават пазней. Дзеці спалі. Апошняя серыя вопытаў знудзіла іх, і прырода нарэшце ўзяла сваё. Дзяўчынка заснула ў мяне на каленях, хлопчык — у маці. З аднаго боку гэта суцяшала, а з другога — выклікала жаль і запрашала прыслухацца да гэтага кранальнага напамінку, што ім даўно пара ў ложак. Пабажуся, мы хацелі прыслухацца, шчыра хацелі. Мы разбудзілі іх, кажучы, што цяпер і праўда трэба ісці дамоў. Але ледзь яны па-сапраўднаму прачнуліся, як пайшлі неадступныя просьбы, а вы ж самі ведаеце, што ўгаварыць дзяцей па добрай волі пайсці, не даседзеўшы да канца прадстаўлення, немагчыма, іх можна хіба што толькі прымусіць. Як жа тут цудоўна, нылі яны, і ніхто ж не ведае, што будзе далей, трэба хоць бы пачакаць і паглядзець, з чаго фокуснік пачне пасля перапынку, ды яны ўжо крышачку і паспалі, толькі не дамоў, толькі не ў ложак, пакуль ідзе цудоўнае прадстаўленне. Мы саступілі, пастанавіўшы сабе пабыць яшчэ зусім нядоўга, ну, хвіліну-другую. Вядома, недаравальна, што мы засталіся, і ўжо тым болей гэтага не растлумачыш. Магчыма, мы рашылі, што, сказаўшы «а» і зрабіўшы памылку, прывёўшы дзяцей сюды, павінны сказаць і «б»? Але такога тлумачэння, на мой погляд, недастаткова. А можа, прадстаўленне нас саміх вельмі заінтрыгавала? І так і не: пачуцці, якія выклікаў у нас сіньёр Чыпола, былі даволі супярэчлівыя, але ж такія былі, калі не памыляюся, пачуцці ўсёй залы, аднак ніхто не выйшаў. Альбо мы паддаліся чарам гэтага чалавека, які такім дзіўным спосабам зарабляе свой хлеб, чарам, якія ішлі ад яго і нават звыш усякай праграмы, нават паміж нумарамі, і паралізавалі нашу рашучасць? Але з такім самым правам можна сказаць, што намі валодала проста цікаўнасць. Хацелася ўведаць, што там яшчэ будзе гэтым вечарам, які пачаўся так незвычайна, а апрача таго, Чыпола, ідучы за кулісы, даў знак, што рэпертуар у яго зусім не вычарпаны і нам назапашаны яшчэ і не такія неспадзяванкі.
Але не ў гэтым сутнасць. Найлепш было б аб’яднаць пытанне, чаму мы тады не сышлі, з другім пытаннем — чаму мы раней не з’ехалі з Торэ. Па-мойму, гэта адно і тое самае пытанне, і, каб неяк выйсці з сітуацыі, я мог бы нагадаць, што ўжо адзін раз на яго адказаў. Усё, што тут адбывалася, было гэтаксама нязвыкла і чароўна, што гэтаксама трывожыла, зневажала і прыгнятала, як і ўсё астатняе ў Торэ; не, больш таго: гэтая зала як бы ўвабрала ўсё незвычайнае, вусцішнае, ашалелае, чым была, як здавалася нам, прасякнута атмасфера курорта, і чалавек, вяртання якога мы чакалі, здаваўся нам увасабленнем усяго таго ліха, але як што мы не з’ехалі наогул, было б нелагічна пайсці цяпер. Вось тлумачэнне, чаму мы засталіся, самі рашайце, прымаць яго ці не.
Дык вось, на дзесяць хвілін быў аб’яўлены перапынак, які задоўжыўся ажно на дваццаць. Дзеці атрэсліся ад сну і зноў пачалі перагаворвацца з гледачамі стаячых месцаў, з Антоніё, з Гіскарда, з лодачнікам. Складваючы далонькі, яны крычалі рыбакам добрыя пажаданні, якія перанялі ў нас:
— Паболей вам заўтра рыбкі!
— Поўныя-паўнюткія сеткі!
Марыё, малодшаму афіцыянту з «Эсквізіта», яны крыкнулі:
— Mario, una ciccolata e biscotti![31]
Гэтым разам ён уважыў і з усмешкай адказаў:
— Subito![32]
Пазней мы нездарма ўспаміналі гэтую ветлую, крыху рассеяна-меланхалічную ўсмешку.
Так прайшоў антракт, ударыў гонг, і гледачы, якія перагаворваліся ў розных канцах залы, зноў пазаймалі свае месцы, дзеці з прагнай нецярплівасцю, пакруціўшыся, паюрзаўшы, зручна расселіся, склаўшы рукі на каленях. Эстрада ў перапынку заставалася адкрытая. Чыпола выйшаў уразвалку і адразу ж на правах канферансье пачаў знаёміць публіку з другой серыяй фокусаў.
Карацей, каб усё тут вам было ясна, гэты самаўпэўнены гарбач быў вельмі моцны гіпнатызёр, якога я калі-небудзь бачыў у жыцці. Калі на афішах ён выдаваў сябе за фокусніка, штукара і тлуміў публіцы галаву адносна сапраўднай прыроды сваіх паказаў, дык, мабыць, выключна дзеля таго, каб абысці закон і паліцэйскія пастановы, якія строга забаранялі займацца гіпнозам дзеля заробку. Магчыма, такая чыста фармальная маскіроўка ў Італіі прынятая, і ўлады трываюць яе, альбо глядзяць на гэта праз пальцы. У кожным разе Чыпола фактычна з самага пачатку не дужа хаваў сапраўдны характар сваіх намераў, а другое аддзяленне праграмы было зусім адкрытае і цалкам прысвечана спецыяльным доследам — дэманстрацыя гіпнатычнага сну і ўнушэнні, хоць і тут ён у сваім канферансе нічога не называў сваім імем. У бясконцай чарзе камічных, хвалюючых, ашаламляльных штук, якія апоўначы былі ў самым разгары, перад нашымі вачыма прайшоў увесь арсенал дзівосаў ад самых нязначных да самых страшных, заключаных у гэтай натуральнай і загадкавай сіле, і гледачы рагаталі, пакручвалі галовамі, ляпалі па каленях і пляскалі, прымаючы кожную забаўную падрабязнасць, яны яўна падупалі ўладзе бясконца ўпэўненай у сабе асобе гіпнатызёра, хоць, вядома, так мне здалося, іх абурала тая абраза, што заключалася ў кожнай яго перамозе.
Дзве рэчы гралі галоўную ролю ў гэтых перамогах: чарка каньяку і плётка з тронкам у выглядзе пазурастай лапы. Першая павінна была распальваць яго дэманічную сілу, якая інакш, відаць, магла вычарпацца; і гэта магло б абудзіць да яго чалавечую спагаду, каб не другое — зняважлівы сімвал ягонай улады, плётка, якою ён фанабэрыста падпарадкоўваў нас сабе, што выключала ўсякія іншыя, цяплейшыя пачуцці, апрача здзіўленай і абуранай пакоры. Але, магчыма, менавіта спагады яму якраз і бракавала. Няўжо ён прэтэндаваў яшчэ і на гэта? Няўжо хацеў завалодаць усім? Мне запомнілася адна ягоная заўвага, якая ўказвала на такую яго прэтэнзію. Яна вырвала ў яго ў самы напружаны момант эксперыментаў, калі, давёўшы пасамі і падзьмухваннем да поўнага каталептычнага стану маладога чалавека, які сам прапанаваў свае паслугі і аказаўся надзіва ўспрыімлівым аб’ектам унушэнняў, ён не толькі паклаў агорнутага моцным сном хлопца патыліцай і нагамі на білцы двух крэслаў, але яшчэ і сеў на яго сам, і здзеравянелае цела нават не прагнулася. Выгляд гэтай пачвары ў вячэрнім гарнітуры, што ўзбатавалася на скарчанелае цела, быў такі фантасмагарычны і мярзотлівы, аж публіка, думаючы, быццам ахвяра гэтай навуковай забавы пакутуе, пачала яе шкадаваць. «Poveretto!», «небарака!» — чуліся шчырадушныя галасы.
— Poveretto! — злосна перадражніў Чыпола. — Вы памыліліся адрасам, панове! Sono io il poveretto![33] Гэта я тут небарака!
Гледачы моўчкі праглынулі ягоную заўвагу. Добра, няхай на Чыполу клаўся ўвесь цяжар прадстаўлення, няхай ён нават у сваіх думках прыняў на сябе боль у страўніку, ад якога так жаласліва курчыўся Джаванота, але з выгляду ўсё было якраз наадварот, і хто ж будзе крычаць «poveretto!» чалавеку, які пакутуе дзеля таго, каб прынізіць іншага.
Але я ўжо забег наперад і парушыў паслядоўнасць. Галава ў мяне дагэтуль поўная штукамі гэтага дзівака, толькі ўжо не памятаю, што за чым ішло, але гэта няважна. Аднопамятаю добра: вялікія і складаныя эксперыменты, што мелі найбольшы поспех, зрабілі на мяне меншае ўражанне, чым некаторыя дробязныя, якія ён рабіў быццам мімаходзь. Нумар з маладым хлопцам, які паслужыўся гіпнатызёру лаўкаю, узгадаўся мне праз звязаную з ім натацыю… Пажылая дама, што заснула на саламяным крэсле: Чыпола ўнушыў, быццам яна падарожнічае па Індыі, і тая ў трансе вельмі бойка расказала пра свае дарожныя ўражанні на сушы і на вадзе, гэта мяне менш заінтрыгавала і не так здзівіла, як маленькі прахадны эпізод адразу за антрактам: высокі ладны мужчына, з выгляду вайсковец, не мог падняць руку толькі таму, што гарбач сказаў, быццам ён яе не падыме, і ляснуў плёткай. Як жывы бачу перад сабою твар гэтага вусатага, падцягненага colonello[34] і вымучаную ўсмешку, з якою ён, сцяўшы зубы, змагаўся за адабраную ў яго свабоду валодаць сабою. Які канфуз! Ён хацеў і не мог; але, відаць, ён мог толькі не хацець, тут дзейнічала ўнутраная калізія волі, якая паралізавала свабоду, — і ўсё гэта зларадна прадказаў маладому рымляніну наш утаймавальнік.
Незабыўная таксама ва ўсёй яе кранальнасці і ўяўнай камічнасці сцэна з сіньёрай Анджальеры, чыю эфірную безабароннасць перад яго магутнасцю кавальерэ, вядома ж, не ўпусціў заўважыць яшчэ пры першым сваім бессаромна-нахабным аглядзе публікі ў зале. Ён чысцюткім чарадзействам літаральна падняў яе з крэсла і павёў за сабою з рада, ды яшчэ, каб пазадавацца, унушыў сіньёру Анджальеры думку гукнуць жонку імем, нібы каб той кінуў на шалі вагаў і сябе, і свае правы і мужавым поклічам абудзіў у душы сваёй спадарожніцы пачуцці, здольныя абараніць яе цноты ад ліхіх чараў. Але ўсё марна! Чыпола, стоячы зводдаль ад пары, толькі раз ляснуў плёткай, і наша гаспадынька, сцепнуўшыся ўсім целам, павярнулася да яго. «Сафонія!» — ужо тут крыкнуў сіньёр Анджальеры (а мы і не ведалі, што сіньёру Анджальеры завуць Сафонія), і з поўнай падставай крыкнуў, бо кожнаму было ясна, якая тут небяспека — яго жонка, павярнуўшыся да праклятага кавальерэ, проста вачэй з яго не зводзіла. А Чыпола з плёткай на руцэ пачаў усімі дзесяццю доўгімі, жоўтымі пальцамі клікаць і вабіць сваю ахвяру, крок за крокам адступаючы. І тут празрыста-бледная сіньёра Анджальеры прыўстала з месца, ужо ўсім корпусам падалася да заклінача і паплыла за ім. Прывіднае і фатальнае відовішча! Як лунатычка, з ненатуральна нерухомымі, нейкімі скаванымі плячамі і шыяй, крыху выставіўшы наперад прыгожыя рукі, яна, нібы не адрываючы ног ад падлогі, ішла ўздоўж свайго рада следам за спакушальнікам.
— Паклічце яе; сіньёр, ну паклічце ж! — патрабаваў вылюдак.
І сіньёр Анджальеры кволым голасам паклікаў:
— Сафонія!
Ах, яшчэ колькі разоў ён клікаў яе, а яна ўсё больш аддалялася ад яго, нават прыкладваў руку далонькай да вуснаў, і другою — махаў, аж так клікаў. Але жаласлівы покліч кахання і абавязку без сілы заміраў за спінай прапасніцы, і ў самнамбулічным лунанні, зачараваная і глухая да ўсяго, сіньёра Анджальеры выплыла ў сярэдні праход і паплыла далей, да гарбача, які вабіў яе, да выхаду. Складвалася поўнае ўражанне, што яна пойдзе за сваім валадаром хоць на край зямлі, калі толькі ён скажа.
— Accidente![35] — ускочыўшы з месца, залямантаваў у сапраўдным страху сіньёр Анджальеры, калі яны дайшлі да дзвярэй.
Але ў той самы момант кавальерэ, так сказаць, скінуў з сябе лаўры пераможцы і спыніў эксперымент.
— Даволі, сіньёра, дзякую вам, — сказаў ён, з камедыянцкай галантнасцю падаў руку жанчыне, якая нібы з неба звалілася, і адвёў яе да сіньёра Анджальеры. — Пане, — звярнуўся да таго з паклонам, — вось ваша жонка! З найглыбейшаю пашанаю ўручаю вам яе цэлую і здаровую. Беражыце і ахоўвайце дадзены вам скарб з усёй рашучасцю мужчыны, і няхай вашую пільнасць абвострыць разуменне таго, што ёсць сілы больш магутныя за розум і цноту, і яны толькі ў рэдкіх выпадках спалучаюцца з велікадушным самазабыццём!
Бедны сіньёр Анджальеры, такі ціхенькі, такі лысенькі! Не выдавала на тое, каб ён мог абараніць сваё шчасце нават ад сіл, менш дэманічных за тыя, што ў дадатак да ўсіх страхаў цяпер яшчэ і глуміліся з яго. Важны і надзьмуты кавальерэ ўзышоў на эстраду пад буру воплескаў, якія ў пэўнай ступені былі платай яго красамоўству. Калі не памыляюся, менавіта дзякуючы гэтай перамозе яго аўтарытэт настолькі падрос, што ён мог бы прымусіць публіку скакаць — ага, ага, скакаць, гэта трэба разумець літаральна, — што, у сваю чаргу, прывяло да пэўнай раскілзанасці, — нейкі начны чад, у чмурным дыме якога патанулі астатнія рэшткі крытычнага супраціву, якія так доўга супрацьстаялі ўплыву гэтага агіднага чалавека. Праўда, каб устанавіць сваю поўную ўладу, Чыполу давялося вытрымаць даволі цяжкую барацьбу з маладым рымлянінам, чыя косная маральная непаддатнасць магла даць публіцы непажаданы і небяспечны гэтай уладзе прыклад. Але кавальерэ цудоўна разумеў важнасць прыкладу і разумна выбраў пад атаку найслабейшы пункт абароны, пусціў на закваску скочнай оргіі таго самага кволага хлопца, які лёгка ўпадаў у транс і якога ён перад тым ператварыў у бясчулае бервяно. Аднаго позірку маэстра хапіла, каб той, як громам удараны, адкінуўшы корпус назад, рукі па швах, упадаў у воінскі самнамбулізм, так што ягоная гатоўнасць выканаць самы бязглузды загад з самага пачатку кідалася ў вочы. Да таго ж яму, відаць, самому падабалася падпарадкоўвацца, і ён з радасцю адкідаў сваю жалю вартую самастойнасць і каторы раз прапаноўваў сябе ў аб’екты эксперыменту і яўна лічыў за гонар паказаць узор імгненнага самаахвяравання і бязвольнасці. І цяпер ён адразу палез на эстраду, і даволі было раз ляснуць плёткай, як ён з загаду кавальерэ пачаў скакаць «стэп», г. зн. у самазабыўным экстазе, заплюшчыўшы вочы і хітаючы галавой, раскідваць убакі худыя рукі і ногі.
Відаць, гэта было прыемна, бо неўзабаве да яго далучыліся іншыя: два хлопцы, адзін бедна, а другі добра апранены, таксама пачалі, справа і злева ад яго, выконваць «стэп».
Вось тут і ўмяшаўся малады рымлянін, ён задзірыста спытаўся, ці возьмецца кавальерэ навучыць яго танцаваць, калі ён, рымлянін, гэтага не хоча.
— Нават калі не хочаце! — адказаў Чыпола тонам, якога я ніколі не забуду. Гэта жахлівае «Anche se non vuolo!» і сёння стаіць у мяне ў вушах.
І тут пачаўся двубой. Выпіўшы чарачку і закурыўшы новую цыгарэту, Чыпола паставіў рымляніна дзесьці ў сярэднім праходзе тварам да дзвярэй, сам ступаў ззаду крыху зводдаль і, ляснуўшы ў паветры плёткаю, загадаў:
— Balla![36]
Праціўнік ані з месца.
— Balla! — важка паўтарыў кавальерэ і зноў ляснуў плёткай.
Усе бачылі, як малады чалавек павёў шыяй у каўняры, пры гэтым рука яго тузанулася ўгору, а ступак вывернуўся вонкі. Але далей гэтых знакаў спакусы, што разбірала яго, знакаў, якія то мацнелі, то слаблі, доўгі час ніяк не ішло. Кожны ў зале разумеў, што Чыполу тут выпадае паламаць гераічную ўпартасць, цвёрды намер супраціўляцца да канца; адважнік адстойваў гонар роду чалавечага, ён тузаўся, але не скакаў; і эксперымент настолькі зацягнуўся, што кавальерэ давялося дзяліць сваю ўвагу: час ад часу ён паварочваўся да танцораў на эстрадзе і ляскаў плёткай, каб утрымаць іх у пакоры, і тут жа, павярнуўшыся да залы, запэўніваў публіку: колькі б гэтыя шаляніцы ні падскоквалі, яны не адчуюць ніякай стомы, бо, па сутнасці, скачуць не яны, а ён. А потым Чыпола зноў свідраваў позіркам патыліцу рымляніна, каб узяць прыступам фартэцыю волі, што ніяк не скаралася ягонай магутнасці.
Мы бачылі, як пад паўторнымі ўдарамі і воклічамі Чыполы цвярдыня захісталася — мы назіралі за гэтым з дзелавітай цікаўнасцю, не свабоднай ад эмацыйнага дамесу шкадавання і злараднасці. Наколькі я разумею, рымляніна падкасіла яго пазіцыя чыстага адмаўлення. Мабыць, адным нехаценнем не ўмацуеш сілы духу; не хацець нешта рабіць — гэтага недастаткова, каб доўга быць сэнсам і мэтай жыцця; чагосьці не хацець і ўвогуле ўжо нічога не хацець і, значыцца, ўсё-такі выканаць тое, што патрабуюць, — тут, відаць, адно мяжуе з другім і свабодзе не застаецца месца. На гэтым і будаваў свае разлікі кавальерэ, калі, паміж лясканнем плёткай і загадамі скакаць умаўляў рымляніна, карыстаючыся акрамя ўздзеяння, што, зрэшты, было ягонай таямніцай, яшчэ і псіхалагічнымі довадамі, якія бянтэжылі душу.
— Balla! — казаў ён. — Навошта пакутаваць? І такое насілле над сабою ты называеш свабодай? Una ballatina![37] Ды ў цябе рукі і ногі самі просяцца. Якая палёгка даць ім нарэшце волю! Ну вось, ты ўжо і танцуеш! Гэта табе не барацьба, а чыстая асалода!
Так яно, зрэшты і было, патузванне і сутаргавае трымценне ў целе ўпартага ўсё памацнялася, вось за’хадзілі плечы, калені, і раптам нешта ва ўсіх суглобах быццам развязалася, і, падкідваючы рукі і ногі, ён кінуўся ў скокі, і ўсё скакаў, скакаў, пакуль кавальерэ пад воплескі не падвёў яго да эстрады, да іншых марыянетак. Цяпер нам адкрыўся твар упакоранага, зверху ён быў відаць усім. «П’ючы асалоду», ён шырока ўсміхаўся, прыплюшчыўшыся. Пэўным суцяшэннем нам магло быць тое, што яму цяпер было лягчэй, чым падчас ягонай гардыні.
Можна сказаць, што яго «падзенне» сталася паваротным пунктам. Яно растапіла лёд, трыумф Чыполы дасягнуў апагею, жазло Цырцэі, тая самая скураная плётка з тронкам, як пазурастая лапа, уладарыла абсалютна. Да таго часу — гэта было, як я прыгадваю, далёка за поўнач, — на цеснай эстрадзе скакала чалавек восем-дзесяць, але і ў самой зале зусім не сядзелі смірна, так, напрыклад, зубастая англічанка ў пенснэ, без ніякага запрашэння маэстра, выйшла з свайго рада і ў сярэднім праходзе выканала тарантэлу. Чыпола тым часам сядзеў разваліўшыся на саламяным крэсле ў левым куце сцэны, курыў і фанабэрыста пускаў цурочкам дым праз шчарбатыя зубы. Ён памахваў нагой, часам бязгучна смяяўся аднымі плячамі, глядзеў на вэрхал у зале і час ад часу, амаль нават не паварочваючыся назад, ляскаў плёткай перад якім-небудзь танцорам, якому наўмелася было спыніць асалоду. Дзеці не спалі. Я згадваю пра іх з сорамам. Тут было брыдка, а дзецям і наогул не месца, і калі мы іх усё яшчэ не вывелі, дык я тлумачу гэта тым, што нам таксама ў пэўнай меры перадалося шаленства, якое ў гэты позні час ахапіла ўсіх. А, што будзе, тое будзе! Зрэшты, нашыя малыя, дзякуй богу, не разумелі ўсёй непрыстойнасці гэтага вечаровага развесялення. Наіўна яны не пераставалі радавацца з небывальшчыны: разам з намі сядзець тут і назіраць за такім відовішчам — прадстаўленнем штукара. Яны ўжо каторы раз засыналі ў нас на каленях, і цяпер, з распунсавелымі шчочкамі і бліскучымі вачанятамі, ад душы рагаталі з выбрыкаў дарослых дзядзькоў, якія скакалі па волі валадара вечара. Яны і не думалі, што будзе так смешна, і як што ўсчыналіся апладысменты, таксама радасна пляскалі няўмелымі ручкамі. Абое па-дзіцячы аж заскакалі ад захаплення на сваіх месцах, калі Чыпола павабіў да сябе іхняга сябра Марыё, Марыё з «Эсквтзіта», — павабіў па ўсіх правілах, трымаючы руку каля самага носа, і то выцягваючы, то загінаючы ўказальны палец.
Марыё паслухаўся. Я і цяпер бачу, як ён падымаецца па прыступках да кавальерэ, а той гэтаксама ж карыкатурна ўсё кліча і кліча яго ўказальным пальцам. На нейкае імгненне хлопец завагаўся, я і гэта добра памятаю. Увесь вечар ён прастаяў каля слупа, рукі крыж-накрыж альбо ў кішэнях пінжака, у бакавым праходзе злева ад нас, таксама, дзе стаяў і Джаванота з ваяўнічай чупрынай, і ўважліва, не без пэўнай весялосці, — як мы маглі заўважыць, — бог яго ведае, разумеючы ці не, што тут дзеецца, сачыў за прадстаўленнем. Яму, відаць, не дужа спадабалася, што напаследак і яго паклікалі. Аднак, нічога дзіўнага, што ён паслухаўся Чыполы. Да гэтага яго прывучыла прафесія; потым, нават псіхалагічна немагчыма ўявіць сабе, каб сціплы хлопец мог не паслухацца такога ўзнесенага на вяршыню славы чалавека. І вось, хоч не хоч, Марыё адышоў ад слупа і, падзякаваўшы гледачам, якія стаялі перад ім і, азірнуўшыся, расступіліся, прапускаючы яго наперад, з недаверлівай усмешкай на тоўстых губах падняўся на эстраду.
Уявіце сабе каржакаватага дваццацігадовага дзецюка, коратка абстрыжанага, з нізкім лобам і цяжкімі павекамі над вачамі няпэўнага шараватага колеру з зялёнымі і жоўтымі крапачкамі. Я добра гэта памятаю, бо мы часта з ім гутарылі. Верхняя палавіна твару з прыплюснутым носам, абсыпаным на пераноссі канапацінкамі, крыху адступала назад у параўнанні з ніжняю, на якой найперш выдзяляліся тоўстыя губы, за якімі, калі Марыё гаварыў, пабліскваў вільготны радок зубоў; якраз адкапыленыя губы і прыплюшчаныя вочы дадавалі твару нейкай адмысловай задуменнай журботы, якою Марыё адразу нам палюбіўся. Нічога грубага ў яго рысах не было, ды гэтаму ж, дарэчы, ніяк не пасавалі б яго дзівосна вузкія, тачоныя рукі, якія нават тут, на поўдні, глядзеліся высакародна, і было прыемна, калі ён слугаваў нам.
Мы ведалі, які ён чалавек, не ведаючы яго асабіста, калі вы дазволіце мне правесці такое лексічнае размежаванне. Мы глядзелі на яго са спагадаю, да ягонай манеры трымацца, летуценнай, амаль рассеянай, калі ён, спахапіўшыся, адразу спяшаўся акупіцца стараннасцю; ён трымаўся сур’ёзна, хіба што толькі дзеці часам выклікалі ў яго ўсмешку, ды і не тое каб непрыветліва, але без дагодлівасці, без штучнай ласкавасці, — ці, правільней кажучы, ён адмовіўся ад усякай ліслівасці, не вельмі разлічваючы спадабацца. Вобраз Марыё, прынамсі, застаўся б у нас у памяці — як адно з тых дробязных дарожных уражанняў, якія ярчэй запамінаюцца, чым нават больш важныя. Пра хатнясць нам было вядома толькі адно, што бацька ягоны служыць пісарам у муніцыпалітэце, а маці — прачка.
Белая афіцыянцкая куртка неяк нават больш яму пасавала, чым паношаны гарнітур з рэдзенькай паласатай тканіны, у якім ён цяпер падняўся на эстраду; ён быў без каўнерыка, але завязаў на шыі ярка-чырвоную шаўковую хустачку, а канцы яе схаваў пад пінжак. Марыё спыніўся непадалёк ад кавальерэ, але як што той усё кульбачыў пальцам перад сваім носам, хлопец пасунуўся яшчэ бліжэй і стаў каля самых ног валадара, амаль каля самага крэсла, і тут Чыпола растапырыў локці, абхапіў Марыё і павярнуў так, каб нам з залы быў відзён ягоны твар. Потым весела, нядбалым, але ўладным позіркам акінуў хлопца з галавы да ног.
— Як жа гэта, ragazzo mio?[38] — сказаў ён. — Мы толькі-толькі знаёмімся. Не можаш мне паверыць, але я з табою знаёмы даўно… Ну але ж, я даўно цябе змеціў і бачу ў табе выдатныя здольнасці. І як я мог пра цябе забыцца? Клопат, клопат, да ўсяго рукі не даходзяць, разумееш… Але скажы мне, як цябе завуць? Мне цікавае толькі тваё імя.
— Мяне завуць Марыё, — ціха адказаў хлопец.
— Ах, Марыё, выдатна. Так, чыстае імя. Пашыранае імя. Старое імя, нагадвае пра гераічнае мінулае нашай радзімы. Брава! Salve![39] — І падняўшы правае плячо, Чыпола выцягнуў руку наперад з павернутай уніз даланёю ў рымскім вітанні.
Калі ён крыху захмялеў, дык тут няма нічога дзіўнага; але гаварыў ён, як і раней, ясна і свабодна, хай нават ва ўсіх ягоных паводзінах і тоне паяўлялася нейкая сытасць і леная панскасць і ў той самы час нешта хамскае і пахабнае.
— Дык вось, Марыё, як добра, што ты прыйшоў сёння ўвечары ды яшчэ ў такім шыкоўным гальштуку, ён табе пасуе і адразу ўпакорыць усіх дзяўчат, чароўных дзяўчат Торэ-дэ-Вэнэрэ…
Са стаячых месцаў, прыкладна адтуль, дзе цэлы вечар прастаяў Марыё, пачуўся гучны рогат — гэта смяяўся Джаванаота з ваяўнічай чупрынай; ён стаяў там з перакінутым цераз плячо пінжаком і бессаромна груба і з’едліва рагатаў:
— Ха-ха-ха!
Марыё, здаецца, паціснуў плячыма. Прынамсі, яго перасмыкнула.
Магчыма, ён усяго толькі ўздрыгнуў, а поціск плячамі павінен быў замаскаваць аднолькавую абыякавасць і да гальштукаў, і да чароўных дзяўчат.
Кавальерэ мелькам зірнуў уніз, у праход.
— Ну, а гэты зубаскал нам не абыходзіць. Ён проста зайздросціць поспеху твайго гальштука ў дзяўчат, а можа, таму, што мы тут з табою на эстрадзе так па-сяброўску і мірна гутарым… Калі ўжо яму так пільна закарцела, я яму нагадаю пра ягоныя курчы. Мне гэта як ра-два-тры. Але скажы, Марыё, сёння ўвечары ты, значыцца, бавы бавіш… А ўдзень працуеш у галантарэйнай крамцы?
— У кавярні, — паправіў яго хлопец.
— Ах, у кавярні! — Тут Чыпола тыцнуў пальцам у неба. — Ты — camariere[40], чашнік, так бы мовіць. Ганімэд — мне гэта даспадобы, яшчэ адзін напамін пра антыку, — salvietta![41] Гульня слоў па аналогіі з salve — вітаю. — І тут Чыпола, на пацеху публіцы, зноў ускінуў руку ў рымскім вітанні.
Марыё таксама ўсміхнуўся.
— Раней, праўда, — дадаў ён дзеля шчырасці, — я працаваў нейкі час у краме ў Портэклемэнтэ. — У ягоных словах чулася ўласцівае многім людзям жаданне неяк дапамагчы прадказанню, знайсці ў ім хоць каліўца праўды.
— Так, так! У галантарэйнай крамцы?
— Там прадаваліся грабянцы і шчоткі, — ухіліста адказаў Марыё.
— Ну вось, ці ж не казаў я, што ты не заўсёды быў Ганімэдам, не заўсёды служыў з сурвэткай на руцэ? Нават калі Чыпола часам тыцкае пальцам у неба, ён усё-такі не зусім хлусіць, і яму можна хоць крышачку верыць. Скажы, ты мне верыш?
Няпэўны жэст.
— Гэта таксама адказ, — заключыў кавальерэ. — Так, давер заслужыць няпроста. Нават мне, як я бачу, прыйдзецца з табою павалэндацца. Але я заўважаю на тваім твары пячатку замкнёнасці, смутку, un tratto di malinconia[42]. Скажы мне, — і ён схапіў Марыё за руку, — ты няшчасны?
— No, signore![43] —хуценька і рашуча азваўся той.
— Не, ты няшчасны, — настойваў фігляр, уладна адольваючы гэтую рашучасць. — Нібыта я не бачу? Малады яшчэ, каб пускаць пыл у вочы Чыполу! І вядома, тут не без дзяўчат, не, адна дзяўчына. У цябе няшчаснае каханне?
Марыё адмоўна затрос галавою. Адначасова побач з намі выбухнуў грубы рогат Джаваноты. Кавальерэ насцярожыўся. Вочы яго блукалі па столі, але ён яўна прыслухоўваўся да рогату, а потым, як ужо раз ці два падчас гутаркі з Марыё, крыху абярнуўшыся, ляснуў плёткай на сваіх танцораў, каб у іх руплівасць не прапала. Але пры гэтым ён ледзь не ўпусціў свайго субяседніка, які, нечакана ўздрыгнуўшы, адвярнуўся ад яго і пайшоў да сходаў. Вакол вачэй у хлопца залеглі чырвоныя кругі. Чыпола ледзьве паспеў яго затрымаць.
— Стой, куды гэта ты! — сказаў ён. — Гэта яшчэ што такое? Ты хочаш збегчы, Ганімэд, у самую шчаслівую хвіліну твайго жыцця, яна зараз настане. Заставайся, і я абяцаю табе дзівосныя рэчы. Я абяцаю даказаць табе ўсю недарэчнасць тваіх пакутаў. Дзяўчына якую ты ведаеш і якую людзі ведаюць, гэтая… ну, ну, як жа гэта яе?.. Пастой!.. Я чытаю яе імя ў тваіх вачах, яно круціцца ў мяне на языку, ды і ты, бачу, зараз яго назавеш…
— Сільвестра! — усклікнуў усё той самы Джаванота знізу.
Кавальерэ ані вокам, ані знаку.
— Ёсць жа такія несумленцы! — сказаў ён, нават не зірнуўшы ўніз, а быццам ведучы далей пачатую гаворку з Марыё. — Такія бессаромныя пеўні і ў час і не да пары. Толькі мы хацелі назваць яе, а ён ужо і апярэдзіў нас, ды яшчэ, нахаба, думае, што ў яго на тое некае права ёсць! Але што нам пра яго разводзіць! Бо вось жа Сільвестра, твая Сільвестра — гэта мне дзяўчына! Цэлы скарб! Сэрца заходзіцца, калі бачыш, як яна ходзіць, дыхае, смяецца, такая прыгожая. А яе пухлыя рукі, калі яна мые і адкідае назад галаву, атрасаючы з лоба кудзеркі! Анёл, чысцюткі анёл!
Марыё ўтаропіўся на яго, навоўчыўся. Ён быццам забыўся, дзе ён, забыў пра публіку. Чырвоныя колцы вакол вачэй расшырыліся і здаваліся намалёванымі. Мне рэдка выпадала такое бачыць. Рот з тоўстымі губамі быў крыху раззяўлены.
— І гэты анёл вымушае цябе пакутаваць, — гаварыў Чыпола, — ці, правільней, ты сам ад яго пакутуеш… А гэта розніца, даражэнькі, вялікая розніца, ты мне ўжо дай веры! Каханню ўласцівыя такія вось непаразуменні, можна сказаць нават, што непаразуменні нідзе не сустракаюцца так часта, як менавіта ў каханні. Ты, нябось, думаеш: а што петрыць Чыпола, з яго маленькай цялеснай хібінай, у каханні? Памыляешся, дужа петрыць, ды яшчэ як грунтоўна і глыбока шалопае, што ў такіх справах не шкодзіць часам да яго і прыслухацца! Але пакінем Чыполу, чаго пра яго тарочыць пустое, падумаем лепей пра Сільвестру, тваю чароўную Сільвестру! Што? Яна замест цябе выбрала нейкага кукарэку, і ён смяецца, а ты слязьмі сплываеш? Выбраць кагосьці, а не цябе, такога сімпатычнага хлопца? Неверагодна, немагчыма, мы лепей ведаем, я, Чыпола, і яна. Бачыш, калі я стаўлю сябе на яе месца і мне трэба выбраць паміж такой вось смаляной доўбняй, вяленай рыбай, нязграбнай чарапахай — і Марыё, рыцарам сурвэткі, які ахаджваецца сярод панства, спрытна носіць іншаземцам напіткі і шчырай душой палка мяне кахае — божачкі, сэрца само падказвае мне рашэнне, я ведаю, каму павінна яго аддаць, каму я ўжо даўно, чырванеючы, аддала яго. Пара ўжо майму выбранцу заўважыць гэта і прызнаць, Марыё, любы мой… Скажы ж хто я?
Агідна было бачыць, як ашуканец прыхарошваўся, як какетліва паводзіў крывымі плячамі, млосна закочваў вочы з набрынялымі мяшэчкамі, як усміхаўся і шчэрыў шчарбатыя зубы. Ах, што такое здарылася з нашым Марыё, пакуль Чыпола змушаў яго сваімі ўгаворамі? Цяжка расказваць, як цяжка было на гэта дзівіцца; гэта было раскрыццё самага запаветнага, напаказ выстаўляла яго палкасць, безнадзейная, ненатольная, ашчасліўленая. Сціснуўшы кулакі, хлопец падняў іх да вуснаў, ён так сутаргава глытаў паветра, што відаць было, як падымаюцца і апускаюцца грудзі. Вядома, ад шчасця ён вачам не верыў, не верыў вуснам, забыўшы толькі пра тое, што не трэба было верыць.
— Сільвестра! — ледзь чутна прашаптаў ён, ашаломлены.
— Пацалуй мяне! — запатрабаваў гарбач. — Павер, я табе дазваляю! Я кахаю цябе. Вось сюды пацалуй, — і, адтапырыўшы руку, локаць і мезенец, ён кончыкам указальнага пальца паказаў на сваю шчаку амаль каля самага рота. І Марыё нахіліўся і пацалаваў.
У зале залегла мёртвая цішыня. Гэта была недарэчная, жахлівая і захапляльная хвіліна — хвіліна шчасця Марыё. І ў гэтыя імгненні, калі мы на свае вочы ўбачылі ўсю блізкасць шчасця і ілюзіі, не адразу, а імгненна пасля жалю вартага і блазенскага дотыку вуснаў Марыё да мярзотнай плоці, якая падставілася пад ягоную пяшчоту, раптам, справа ад нас, разбіўшы напружанасць, бухнуў рогат Джаванота — рогат грубы і зласлівы і ўсё-такі, ну, не мог жа я памыліцца, не пазбаўлены нейкага каліўца спагады абдзеленаму летуценніку і не без адгалоску таго «poveretto», які фокуснік перад тым абвясціў звернутым не ў той адрас і прыпісаў сабе. Чыпола, з усё яшчэ падстаўленай для пацалунку шчакой, ляснуў плёткай каля ножкі крэсла, і Марыё, прачнуўшыся, выпрастаўся і здрыгануўся. Ён стаяў, вырачыўшы вочы і адкінуўшы назад корпус, спачатку прыціснуў далоні, адну паўзверх другое, да сваіх апаганеных вуснаў, потым пачаў стукаць па скронях костачкамі пальцаў, ірвануўся і, як толькі зала запляскала, а Чыпола, склаўшы на каленях рукі, нягучна смяяўся аднымі плячамі, кінуўся ўніз па прыступках. Там з разбегу крута павярнуўся на шырока расстаўленых нагах, выкінуў наперад руку, і два аглушальныя стрэлы абарвалі смех і апладысменты.
Усё адразу змоўкла. Нават танцоры спыніліся, атарапела вылупіўшы вочы. Чыпола ўскочыў з крэсла. Ён стаяў, раскінуўшы рукі, нібыта хацеў крыкнуць: «Стой! Ціха! Прэч ад мяне! Што такое?!», але ўжо ў наступнае імгненне галава апала на грудзі, і ён мяшком асеў на крэсла і тут жа бокам паваліўся на падлогу, дзе і застаўся ляжаць бясформнай грудай вопраткі і крывых касцей.
Падняўся неверагодны вэрхал. Дамы, істэрычна ўсхліпваючы, хавалі твар на грудзях сваіх спадарожнікаў. Адны крычалі, патрабавалі ўрача, паліцыю. Другія памкнуліся да эстрады. Трэція гуртам наваліліся на Марыё, каб абяззброіць, адабраць у яго маленькі, з матавым бляскам прадмет, нават мала падобны на рэвальвер, які павіс у яго на руцэ і чый амаль нябачны стволік лёс накіраваў так дзіўна і непрадказальна.
Мы забралі дзяцей — нарэшце! — і павялі міма двух карабінераў да выхаду.
— Гэта праўда канец? — дапытваліся яны, каб ужо ісці са спакойнаю душою.
— Так, гэта праўда, — пацвердзілі мы.
Страшны, фатальны канец. І ўсё ж канец, які прыносіць збавенне, — я і тады не мог і сёння не магу ўспрымаць гэтага інакш!
1930