III

Андрэй сядзеў на дзяжы, ссутуліўшы свае шырачэзныя плечы і падтрымліваючы валасатымі рукамі ссунутыя з азадка штаны, ды бесперастанку вохкаў. Прыбегшы ноччу з Жукаўшчыны, ён адразу кінуўся ніцма на ложак, увесь час варушачыся і брыкаючы нагамі. Але дзе ты стрываеш ад колкага болю ніжэй паясніцы і ў клубах? I ён «мабілізаваў» жонку, якая, праклінаючы ўсё на свеце, усё ж такі злітавалася і адпусціла дзяжу для адмысловых лекаў. Не пабяжыш жа пазычаць ноччу пасудзіну да суседзяў, якім абавязкова трэба давесці, — што, для чаго і як… Хіба мог дазволіць гэта Андрэй, якому здавалася і цяпер, што за ім гнаўся вартаўнік аж да хаты ды зараз вось-вось адчыніць дзверы?.. Другая дзежка, што была ў хляве на вышках, рассохлася, а ў начоўках такую «працэдуру» вытрымаць было б няёмка: трэба, каб балючае месца не дакраналася да цвёрдага, бо тады боль соваў аж у мазгі.

А соль трэба было вымачыць, бо выкалупаць яе з-пад скуры ніяк не ўдавалася, хаця Вова, якому драпнула толькі па далоні, пачаў як было загадана, тыкаць шпількай у невялічкія ранкі, з якіх сачылася жаўтаватая вадзіца, але нічога не змог зрабіць: бацька падымаў крык. Жонку Андрэй у той час не падпускаў да сябе і блізка, хоць яна i памкнулася была «даць рады».

Хлопцу таксама зрабілі перавязку падолкам ад старой крамнай кашулі, i малы цяпер ляжаў на ложку і глядзеў, не міргаючы, у столь і слухаў вохканне бацькі.

— Вох… Ая-ёй… Ох… — з плюхканнем даносілася да Вовы.

«Лучыў жа, зараза, якраз… Ой, пячэ… Пярун бы яго!.. I хлопец ледзь уратаваўся…»

Яму прыпомнілася, як хлопец, дабегшы ўжо аж на загуменне, усё яшчэ крычаў: «Та-а-та!.. Пячэ… Та-та…» «Чаго ты равеш?! Усіх ваўкоў пазводзіш. Тут жа вёска. Пачуюць… Заразы ты кавалак…» — сціснуўшы зубы ад болю, затыкаў ён тады сыну рот рукой.

«Дарэмна я на яго вызвяраўся… Яму ж далонь зрашаціла. А мне… Мэнка страшэнная… А заўтра ж i нарад вывесяць».

Андрэю тады здалося, што са стрэльбай да іх падкраўся не Вайцех, а сам старшыня. Ён так і драпануў. У страха вочы вялікія…

«Калі з Леснікоў пасла няма, значыць, гэта быў Вайцех. I маўчыць ён толькі таму, што распазнаў пасцілку…»

У гэтым Андрэй не памыляўся.

«Па-мойму, Вайцех не стане плявузгаць. А мо ён яе i не апазнаў? Не, такі ўсё выкапае…»

— Вой… А-ай… — сціснуў ён зубы. — Калі яна вымакне, соль гэта? Каб таму Вайцеху праклятаму жыцця век не было.

Укручаны агеньчык цьмяна свяціў у другім пакоі аж да дня. Яго цяжка было заўважыць з вуліцы праз завешаныя вокны, таму раніцою на вёсцы было ціха, — як паведаміла жонка. Яна сёння спецыяльна пазней звычайнага пайшла чытаць нарад і даўжэй, чым у другія дні, затрымлівалася каля жанчын, якія, прагнаўшы ў поле скаціну, наперабой балабонілі пра вясковыя навіны.

Дзень прайшоў для Андрэя ў пакутах; ён праваляўся да вечара ў хляве на сене. Забалелі грудзі, цяжка было дыхаць, лежачы на жываце. Нават на бок не давала павярнуцца пухліна, якая ўзнікла за ноч на сцегняках.

«Нехта ж выдумаў, што можна соль з цела вымачыць… Мусіць, пакуль сама не растане i не выйдзе, нічога не паможа. Толькі сэрца не вытрывае датуль…»

Удзень яго ніхто не патрывожыў: відаць, і брыгадзіру было не да Андрэя, бо ён не прыйшоў даведацца, чаму той не выйшаў на работу. Хаця нічога страшнага: на вочы Андрэй яму не папаўся б, а ў хаце для чужога быў падрыхтаваны адказ — бацька ў доктара.

На ноч ён перайшоў у хату і ўкрыўся на ложку двума коўдрамі. Доўга соп, стагнаў і варочаўся. Заснуў толькі пад дзень.

Раніцой, прачнуўшыся і абмацаўшы рукамі балючае месца, ён зазначыў, што боль суцішыўся і пухліна пачала спадаць.

Адначасова з’явіўся і другі, можа, яшчэ горшы боль: трывожна зашчымела сэрца.

«А што, калі Вайцех здурнеў і перадаў пасцілку старшыні?.. Яе недзе пазналі… Як выкруціцца? А можа, яна і цяпер ляжыць там непрыкметна ля лесу ў разоры? Чаму я назаўтра не паслаў па яе хлопца? Але маглі і спецыяльна яе пакінуць, каб падкаравуліць і схапіць…» — Думкі паўзлі самыя трывожныя, але ясныя, як божы дзень, — кары гэты раз не мінуць. Адзін ратунак — надзея на швагра, калі той яшчэ не развязаў языка.

Трэба ляцець да яго як мага…

Вуліцай ісці ён баяўся і падыбаў на загуменне па сваім бульбоўніку, які быў яму па пахі. Адтуль ён падаўся ў лазу і выйшаў на лясную дарогу, што вяла праз Жукаўшчыну ў Леснікі, дзе жыў Вайцех.

За вострымі яловымі вершалінамі, здавалася, матлялася сонца, хаваючыся зрэдку за густыя сасновыя шапкі. Халадок, які стаяў у лесе, асвяжаў Андрэя, і ён забываўся пра боль, які напамінаў аб сабе, калі шморгаліся адна аб адну залубянелыя калошыны старых картовых штаноў.

Ішоў ён той самай дарогай, якой бег ноччу, i яму прыпомніліся ўсе ранейшыя падыходы да Жукаўшчыны…

«Відаць, каб не падвёў тады вечарам Сідарка, з ім бы, можа б, і лепш абмазгавалі… А што гэта піскляня, — падумаў ён пра сына, — магло зрабіць? Што яно яшчэ цяміць…»

Думкі вярнулі яго да той няшчаснай начы.

Шурка не вельмі іх паіла. Усю справу, мусіць, сапсаваў Сідарка, папрасіўшы аднойчы авансам да літроўкі яшчэ і дваццаць пяць рублёў. Тады яна адразу закапрызіла, закруціла носам і заявіла, што ў тую ноч прывезлі не снапы, а нейкае аб’еддзе, з якога яна ледзь нацярушыла паўмяшка.

Ды нічога. Усё можна паправіць. Няма на свеце такой справы, якую б не ўладзілі Якубчык з Шуркай. Назаўтра ж ён дамовіўся падкінуць ёй чысцейшага зярняці, за што тая паабяцала «хлёсткую выпіўку» і адразу падсунула паўнюткую шклянку горкай. Трымала Шурка і «сапраўднае зелле», якое стаўляла толькі ў крайніх выпадках, калі ёй здавалася, што справа вось-вось застыне і яе трэба зрушыць з месца. На Андрэя гэта дзейнічала больш, чым жончын чапяльнік, якім тая частавала яго, калі ён вяртаўся ад Шуркі «пад мухай».

Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. А Андрэй не мог вытрываць нават i трох дзён да паабяцанага Шуркай пачастунку.

Прыехаўшы з лугу, ён павінен быў па нараду касіць атаву ў канцы вёскі. Гэтымі днямі ён кідаўся ў хваробу і адлучаўся ад мужчын. Крыху пабрындае з касой каля платоў і — дадому.

«Трэба і сабе агледзець дзе-небудзь вазы на тры. Але ладна ўжо… паспею», — думаў ён.

Сёння Андрэй надзейна прыхаваў касу ад брыгадзіравых вачэй. Заўсёды той наперад пазнаваў, ці пойдзе Андрэй на работу па тым, наклёпана яго каса ці не. Ён браў касу з-пад падстрэшка, дзе яна заўсёды вісела, і спрабаваў клёп пазногцем, часта лаючы Андрэя апошнімі словамі.

Гэты раз каса была надзейна схавана ў хляве за скрыняй, на якой сядзелі куры, і Андрэй, падаўшыся на гароды, хутка схаваўся ў лазе, што падступала да самых калгасных гумнаў. За ёй пачынаўся малады і густы лес, які паступова, калі аддаляцца ад вёскі, быў парадзелы ад парубак.

Дарогі ён мінаў, ішоў узлессем, затым трапіў на даўнейшую пасеку, што за вайну зарасла арэшнікам і асінамі. Маладыя разгатыя рабіны, урадлівыя ў гэта лета, наўкруг абступалі яе. Здалёк здавалася, што яны звешваюць на дол вышытыя прыгожымі жоўта-чырвонымі ўзорамі ручнікі з адмыславатымі шлякамі ля самай зямлі, — дзе абвіслае галлё гублялася ў зялёным малінніку і высокай мятліцы.

Паляна выводзіла аж на Жукаўшчыну, якраз да таго месца, дзе ён спыняўся тады ноччу, едучы з лугу.

Расціснуўшы пальцамі некалькі разбухлых ад дажджу малін, ён укінуў іх у рот, пакорпаўся ля куста, каб знайсці яшчэ якую ягаду, затым падаўся ў кірунку да поля.

«Час не марудзіць так, як я», — азіраўся ён па баках. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Андрэю здавалася, што лес повен падазроных людзей, якія ідуць за ім і шушукаюцца. Але гэта хутка прайшло.

Чаго яго цягнула гэтак у Жукаўшчыну, ён i сам добра не ўсведамляў. Нібы хто повад накінуў на шыю і гне яе, нахіляючы ўсяго ўперад…

Мусіць, хацелася дазнацца адно — ёсць блізка каля лесу снапы ці не?

«Такое густое там было жытцо… Каласы, як волава», — думаў ён.

У адным месцы да паляны блізка падыходзіла дарога. Заіржаў недалёка конь. Андрэй спыніўся. Затахкалі па карэнні колы, і неўзабаве паказаліся вазы з сенам. Ён не ведаў, што гэта былі за падводы.

«Мусіць, нарыхтоўку цягнуць леснікоўцы», — падумаў Андрэй, падаючыся на другі бок паляны.

Раптам у яго за плячыма ўзнік страшэнны гул, шалёны звон і посвіст непрыемна разануў вуха. Як стрэлы, высока пранесліся тры рэактыўныя самалёты, пакідаючы за сабой у чыстым небе белыя кучаравыя дарожкі — кожны па дзве.

«Ратунку няма ад гэтых чарцей. Выюць дзень i ноч. Можа, дзе мітрэнга якая на свеце… — яму раптам захацелася павярнуць у вёску, але ён стрымаўся. — Калі ж іх цяпер у небе больш, чым падвод на дарозе. Снуюць. Кожны па сваё…» — пусціўся ён у развагі, і ногі неяк самі прыбавілі кроку.

Адсюль, з паляны, на Жукаўшчыну можна было прайсці нават днём, і ніхто не заўважыць, бо кожны куст родны бацька.

Высунуўшыся з хмызняку, ён убачыў, што поле ад лесу ўсё было ўсеяна мэндлікамі. Далей, пад вёску, пачынаючы ад дубка, што вытыркаўся сваім верхам з-за нязжатага жыта, у вочы кідаліся кучы саломы: там недзе разварочваўся камбайн. Тут, пад лесам, даволі часта трапляліся высокія валуны, хоць і зямля ў гэтым месцы была на дзіва ўрадлівая. Адкуль з’явіліся яны тут — невядома: магчыма нават ляднік прыпёр іх сюды, i яны ляжаць, як памятка сівых вякоў.

Толькі не гэта цікавіла цяпер Андрэя. Нібы растраўлены блізкай здабычай звер, Андрэй не мог доўга ўстаяць на месцы. Але днём на такую здабычу не кінешся, і ён павярнуў з Жукаўшчыны. Тым больш, што душу недзе глыбока тачыў нейкі чарвяк; ён уядаўся ў яе, нібы жук-разак у падпаранае пад карой, праляжалае на зямлі дрэва… Ныла сэрца. Тут быў i страх, і ваганне, i адсутнасць надзейнага памочніка, што Якубчык лічыў самым важным.

«Аднаму?.. Рызыкоўна. Хіба адзін у полі воін?.. — горка ўсміхнуўся ён. — Але каго ж запалучыць? — моршчыў ён лоб. — Каб жа гэта Жукаўшчына была на загуменні, і хлопец мой падбег бы, не зломак ужо, — падумаў ён пра сына, — а то ж далеч, чысты свет…»

Як ні круціў Андрэй, а вымушан быў спыніцца на Рамане Сідарку.

«Гэты ўжо раз быў, тады… Хоць мала з яго толку, але ж язык у яго, як у цяляці: не пляце абы чаго па вёсцы. I патрымацца за шкляное рыльца любіць…»

Прыйшоўшы дадому, Андрэй рынуўся на ложак, як стаяў: у пінжаку, у ботах, нават шапкі не знімаў.

— Засну троху. А ты, Вова, — клікнуў ён сына, — прывядзі да мяне Сідарку, так пад вечар.

— Добра, збегаю, — прапісклявіў той у адказ, возячыся ў парозе з іржавым веласіпедным вобадам, падганяючы яго пад леташнюю тачку, якая была на цяжкім коле ад арфы.

— А дзе маці?

— Жне за вёскай…

— Глядзі не забудзься… — адвярнуўся Якубчык спіною на хату i хутка засоп у нос.

Праз гадзіны дзве яго і расштурхаў Сідарка, увесь заспаны і ўскудлачаны, відаць, пасля ўчарашняга ён яшчэ не да адной удавы забягаў за чаркай, абяцаючы скасіць ёй шнур сенакосу, выдзелены на працадні. Вочы яго зусім асалавелі і плюшчыліся. Расшпілены пінжак, укачаны ззаду ў пер’е, ссоўваўся з плеч. Галава не паварочвалася, язык яго зусім не слухаў, мусіць, перасохла ў роце.

— Што табе трэба? Ад твайго шчанюка адбою няма, к чорту матары!.. Прыстаў, зануда, і цягне з ложку… Я б яму паказаў, каб матка не ўмяшалася… — зыбнуўся Сідарка і нахіліўся над Андрэем.

Той адразу, пачуўшы голас Рамана, ускочыў, працёр вочы, сыкнуў на Вову, каб ён вымятаўся прэч і, узяўшы Сідарку за абвіслы лацкан пінжака, павёў да стала.

Сідарку нельга было ўламаць. Нічога не хацеў слухаць: кажы яму канкрэтна, чаго пазваў — і ўсё.

Тады на стол з’явілася бутэлька і галоўкі цыбулі з чэрствым хлебам. Андрэй асцярожна, здаля ўпамянуў пра Жукаўшчыну.

Выпіўшы крыху, Сідарка ачухаўся ад сну. Ён даўно ўлавіў, куды хіліць Андрэй, але рабіў выгляд, што нічога не цяміць з туманных намёкаў соннага чалавека.

Нічога не зробіш…



На стол з шафы была пастаўлена другая паўнюткая бутэлька, аж па газетную затычку, i масла на талерцы.

Цяпер ужо Андрэй развязаў язык. Усё ўмельства ўгаворваць ён выклаў тут, за сталом. Сам ён не выпіў нічуць, так толькі, для віду прыгубляў шклянку. А Сідарка, слухаючы няхітры план начной малацьбы Якубчыка, чэрпаў лыжкай масла і, патакваючы, ківаў галавою.

— Калі махнём удвух — не забавімся доўга. Сюды-туды, сноп пад калені і канец… — шэптам даводзіў Андрэй.

— Каму канец? Сідарку не канец… Сідарка нікуды не кранецца… Не палезе, як дурны на вароты… Факт.

— Не вярзі абы чаго. Возьмем мяшкі і пудзікі па два прыцягнем. Будзем збірацца, пара. Хопіць, хопіць! — учарэпіўся Андрэй за бутэльку, — а то ты i так цягнеш не ў той бок. Стукнула ў галаўню. Так нічога не выйдзе. Слухай, Раман, ты даўно хадзіў туды на поле?..

— А масла тваё неблагое… жоўценькае… — ужо наўгад ткнуў Сідарка відэльцам у талерку.

Толькі ад Андрэя не так лёгка было адвязацца. Ён, мусіць, скумекаў, што хлопец залішне прыкідваецца, бо не такі ён i п’яны ад якога там паўлітэрка.

— Ты ў мяне глядзі… А ну вылазь з-за стала! Чуў?

— Нічарта не чуў!.. — гукнуў у адказ Сідарка. — Ведаем усе твае думачкі… Хопіць! Сідарка не такі… Не-е… Не абдурыш, як на лузе… — Раман піхнуў локцем бутэльку, яна зазвінела аб посудак і пакацілася па стале.

Андрэй хуценька сабраў усё з абруса i перанёс у шафу, злосна ляпнуўшы дзверцамі.

— Раман, перастань прыдурвацца, зараза!

— Куды схаваў? — цягнуў той рукі з-за стала. — Ладна, нясі, хавай!.. Быў скупы, скупым i здохнеш… — прабубніў ён нарэшце і асунуўся на лаву, апусціўшы пераносіцу на край стала.

Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. Ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. Ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.

Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.

«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зубамi.

Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.

У злосці, парашыўшы зглумлены паўлітэрак садраць з хлопца ўтрая і прымусіць таго прыкусіць язык, Андрэй прыкідваў новы план: ён пойдзе з Вовам.

«Хай сабе прывалачом i меней, але затое надзейна. Ніхто не будзе знаць, і дзяліць ні з кім не трэба. А адклад не ідзе ў лад — снапы могуць звезці…»

Вечар прысунуўся раптоўна. З цемнатою вёска засталася ззаду. На ўзлессі было ціха, нават нудна. Мітрэнжылі камары i разам з сасновымі калючымі лапкамі лезлі ў вочы. Недзе далёка-далёка, у глыбіні лесу прыглушана стукаў тапор позняга дрывасека. Нават рэха не было. Мусіць, нехта з суседняга сяла пасля звозкі снапоў папрасіў у брыгадзіра каня з’ездзіць па дровы. На маладых сасонках ціхенька папісквалі нейкія мізэрныя птушкі, пырхаючы з сучка на сучок, нібы ўцякаючы ад кагосьці. Каля балота рыкала карова і галёкала жанчына. Ззаду, там, дзе была дарога, забрынчэў веласіпедны званок і нехта загаманіў…

Нічога не прапускала Андрэева вуха.

Сын жа больш чым апраўдваў ягоныя надзеі. Ён бег наперадзе, расхінаючы лапкі, не баючыся ні звяр’я, ні карчэўя.

«Не дарма я браў яго начамі з сабою. Кемлівы хлопец расце…» — усміхаўся ён тады па дарозе.

Цяпер ён сунуўся гэтай самай дарогай у Леснікі з апушчанай галавой. Жукаўшчына заставалася збоку. Праз рэдкае ўзлессе было відаць жоўтае поле, шырокае-шырокае, не змераць за дзень… Канчалася яно недзе там, дзе віднеліся на фоне белага ад летніх воблакаў неба толькі вострыя вершаліны далёкага векавога лесу. Там недзе фыркаў ні то камбайн, ні то калгасны «газік».

Трапяталася сэрца, калі Андрэй пачынаў думаць пра сустрэчу з Вайцехам. Першы раз ён ішоў у Леснікі ў такім настроі. Зацяганы, абшарпаны, аброслы барадою. Яшчэ дома яго кідала ў дрыготку, мо таму ён у дабавак да ўсяго накінуў на фрэнч стары-стары плашч. Трымаўся ён на плячах і не разлазіўся толькі таму, што быў вельмі моцны і ўслед жа цыраваўся, варта яму было дзе-небудзь распаўзціся. Здавалася, плашч менш пацярпеў за ўсе мокрыя і халодныя гады ў сваім жыцці, чым яго гаспадар за адны суткі.

Пасля таго, як яго сястра Юлька амаль збегла ў Леснікі за гэтага самага Сяліцкага Вайцеха, то Андрэй ішоў да яго заўсёды з нейкім гонарам, нібыта ён быў не Юльчын брат, а бацька, які прымусіў выйcцi сваю прыгожую і багатую дачку за гэтага галайстру — Сяліцкага. Хоць, як кажуць, у гасцях гасціць — не сваю волю тварыць, але Андрэй прывык, каб яго кожны раз сустракалі паўлітэркам і ласункамі. Ён, вядома, меў права быць госцем, i Вайцех яму многа год сапраўды быў рады.

Якубчык памятае, як Юлька перабралася да Сяліцкіх без ніякага вяселля i якраз перад тым, калі пайшлі ў калгасы. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй… Але дзе ты дзенешся!.. Вайцех тады стаў дэпутатам, i любоў нейкая з’явілася ў яго сястры-камсамолкі да гэтага лесуна. Паспрабуй стаць упоперак дарогі… А што гаварыць пра свае валокі, якія засталіся ад бацькі, і нейчыя шнуркі — калгас усіх зраўняў.

Пасля, здаецца, яны і нядрэнна жылі і згоду мелі. Забыліся пра мінулае, памагалі адзін аднаму сім-тым.

Толькі як сустрэне цяпер той суровы чалавек, які, як гаварылі пра яго на вёсках, i вока за ўсё жыццё нікому не запарушыў, і які пасля смерці жонкі стаў пазбягаць яго, Андрэя. Ведае, мусіць. Дайшло і да яго…

К паўдню, відаць, бралася добра распагодзіцца. Там, угары, за сасновымі вершалінамі віднелася блакітнае неба, пацягнутае рэдзенькай баваўнянай павалокай. Нават у цяні гуcтога лесу адчувалася, што прыграе сонца.

Перад самымі Леснікамі, крыху звярнуўшы з дарогі і паклаўшы веласіпеды на зямлю, корпаліся ў зблытаным малінніку два юнакі. Адзін здаўся яму знаёмы.

«Павырасталі. Новы свет пайшоў. Хутка нікога не пазнаеш…»

Лес здрабнеў, і між сасновых ствалоў выглянулі крытыя новай гонтай стрэхі хат.

Нешта ў сярэдзіне балюча заныла.

Загрузка...