ІІ. Балючыя элегіі


He столькі «хамскія» натуры

На карках вынеслі сваіх!

I свіст даносчыкаў пануры,

Паверце, не запудзіць ix!


К свабодзе, роўнасці i знанню

Мы працярэбім сабе след!

I будзе ўнукаў панаванне,

Там, дзе сягоння плача дзед!


Янка Купала — «Ворагам Беларушчыны».


Прадмова

Боль за сябе i за народ

Скалечыў i маю душу,

Таму ужо каторы год

Крывёю ўласнаю пішу,

Пакутую, але не лгу,

Бо я іначай не магу:

Адзін гаруе дзень пры дні

I моліць літасці у неба,

Няма ў кішэні — ані-ні,

Сям'я жадна скарынцы хлеба.

Другі — разбойнік барыша,

Мастак на хітрыя рашэнні.

Пустая ў яго душа,

Затое поўныя кішэні.

Надзейны спрат

Я ноччу пішу,

А на золку закрэслю,

Каб часам ізноў

Вертухаі не трэслі

Кішэні, каўнер

I рубцы на кашулі,

Каб спрат не шукалі

Ў падстрэшшы i ў шуле,

Туды б не заглядваў

Наглядчык стары,

Куды зазіраюць

Адны дактары.

Я ціха сказаў абшуканцу

«Хоць трэсні,

Не знойдзеш крамольнай

Hi казкі, ні песні.

Яны ні пад бэлькаю,

Hi на паперцы.

У думках — яны

I глыбока у сэрцы».

Ніхто ix не знойдзе,

Бо прагна хачу я

I веру, што праўду

Хоць нехта пачуе.

31/111—92—2/IV—94



Новыя каралі

У кожнага свая парафія.

Выгода там, дзе ўсё з рукі,

Вышэйшага парадку мафія

Далярамі пакуе сундукі.

Змянілі шыльды ўсе функцыянеры:

Прапагандыст зрабіўся каралём,

Хоць i вядома, што міліянеры

I грош не зарабілі мазалём.

Махлярствамі i страчаным сумленнем,

Як ліпку, абдзіралі свой народ,

I вучаць маладое пакаленне

Ступаць па трупах толькі «упярод»!

З дзяржаўных кабінетаў да бытовак

Даюць, бяруць i зноў даюць дары,

Ад экспарту да дробных нарыхтовак

Адзіны клан стварылі махляры.

Рабаўнікі займаюць авансцэны

I нажываюць на крыві працэнт,

У тысячу разоў раздуюць цэны,

Каб скараціць галодны кантынгент.

Свабоду думак i свабоду слова

Аратарская абяцала раць,

I вось нарэшце большая палова

Свабоду атрымала паміраць.

Стварылі, потым знішчылі Саветы

Няўмекі, махляры i прайдзісветы,

I ходка адыходзіць з году ў год

Замардаваны чэргамі народ.



Цярпенне

Жывём, як за апошнім перавалам,

Над прорваю, заўсёды на мялі,

Нягода нас ізноў не мінавала,

Вятры наўкол сумёты намялі.

Мы не прасілі літасці у Бога,

Бо ў нас з маленства Бога аднялі,

Наабяцалі, — не далі нічога,

Сядзім, як i сядзелі, на мялі.

Цяпер ужо не вымавіць збавення,

Ад недавяркаў адвярнуўся Бог.

Пастаўленага змалку на калені

Ніхто падняць i выпрастаць не змог.

Цяжар хлусні сагнуў душу i плечы,

Цярністы шлях завёў у тупікі,

Сумленне затуманіў i скалечыў:

Што ні пачнём, усё нам не з рукі.

Нас доўга павучалі па паперках,

Хітрэйшыя дурылі без папер,

Што дбаюць i пра нас па новых мерках,

Хоць абдзіралі так, як i цяпер.

Цярпелі мы, гатовыя на страты,

Маўчалі доўга, вытрывалі шмат...

Сухімі выпаўзаюць супастаты,

Калі дарэмна рэжа брата брат.

Жывём, як за апошнім перавалам,

Не ўмеем ні смяяцца i ні пець.

I колькі ж доля нам наканавала

Яшчэ дарэмна верыць i цярпець?



Абаронцы міру

Змагары за мір у свеце

Быццам i не заўважалі,

Што ад куляў гінуць дзеці

У Сумгаіце i Цхінвалі,

Гінуць маці, i бабулі,

I бацькі, i юнакі,

Кроў ліецца, свішчуць кулі,

Трапна б'юць баевікі.

Замаўкаюць калыханкі,

I начамі ў мірны сон

Грукаюць тупыя танкі,

Завіхаецца АМОН.

Змагары за мір на свеце,

Дык усё ж чыя віна,

Што не дзесьці на планеце,

А у нас ідзе вайна?

Вы збіраеце узносы,

Моцна спіце давідна,

А у вас амаль пад носам

Кожны дзень ідзе вайна.

I Урады рады, мусіць,

Што тэлевізійны бас

Не спяшаючыся хлусіць,

Што спакойна ўсё у нас.



Павадыры

Мы не ходзім, нас вядуць

То налева, то направа,

I павадыры гудуць:

«Разважаць не маеш права

Мы чырвоныя былі,

З гора сталі сінія,

Бо брыдзём, як i брылі,

«Генеральнай лініяй».

Доўга нам яшчэ ісці

З цуглямі i з шорамі,

Каб у збэшчаным жыцці

Чырванець ад сораму.

Нас усix павадыры

Водзяць i не каюцца,

Самі ў масле, як сыры,

Кожны дзень купаюцца.

Ад Кармы да Калымы

Ўсе з маленства мучымся.

Невядома, калі мы

Жыць усё ж навучымся.

13/VIII—91



Расплата

За кругам круг бягуць кругі,

Усё жыццё ідзе кругамі.

Не разлічыцца мне з даўгамі,

Куды ні кінуся — даўгі.

I кожны дзень, як год, даўгі,

А я заўсёды вінаваты.

Hi талеры i ні дукаты

Не сплоцяць даўнія даўгі.

Загадваюць: «Плаці! Плаці!

За сонца, за ваду, паветра,

За кухні лішнія паўметра,

За ўсё, што трэба у жыцці».

Плаціў я потам i крывёй

Казне, i злодзею, i суддзям,

I добрым, i нядобрым людзям

Плаціў пакутаю сваёй.

Плаціў i ўсё жыццё круціўся,

Цягаў даўгі, як ланцугі,

А за пякельны лёс даўгі

Ca мной ніхто не разлічыўся.



На стыку

Шукаю, клічу, — ўсё дарэмна, —

Нідзе спакою не знайсці,

I нарастае гул падземны

Жалобным маршам пры жыцці.

Вярнуцца ў свой выток спрабую,

A сцежкі глогам зараслі,

I долю, ўсё жыццё сляпую,

Ваджу, як старца, па зямлі.

Туманам, золкаю імжою

Зноў далягляд завалакло,

I за апошняю мяжою —

Усё, што было i не было.

Мая душа без адпачынку

Ліпіць на вастрыі ляза,

I ледзь трымаецца расінка

I адзінокая сляза.

Шукаю, клічу, варажу я,

Наіўна веру, як дзіця,

А лес шляхі мае крыжуе

На стыку смерці i жыцця.

Адны пад навальніцай гнуцца.

Знікаюць іншыя, як цень...

Як ні шукаю, мне вярнуцца

Не суджана ў шчаслівы дзень.

28—30/IV—92



Чарнобыльскі чад

Магнітныя буры,

Чарнобыльскі чад,

I ранак пахмуры,

I воўчы пагляд.

Смяротнаю параю

Дыхаюць рэкі,

Атрутай i караю

Робяцца лекі.

Ідзі хоць да Бога,

У Рым або ў Мекку,

Не свеціць нічога

У бядзе чалавеку.

Ён сам баламуціць,

З глыбіняў грабе

I хутка атруціць

Самога сябе.

Магнітныя буры,

Чарнобыльскі чад.

Як з гэтай «культуры»

Вярнуцца назад.



Размова з помнікам

Ізноў заканваіравалі вас?

Міліцыя i дзень, i ноч пільнуе.

Апора верная — рабочы клас, —

I беспрацоўны, i бунтуе.

Вы так упэўнена вялі

Народ да шчасця i да згоды,

Сялянам абяцалі даць зямлі,

Рабочым — шахты i заводы.

Вы абяцалі волю на вякі

I слова да канца стрымалі:

Зямлі па тры аршыны мужыкі

Пад піхтамі ў Сібіры атрымалі.

Рабочыя гарбелі да начы

За пайку i баланды міску

I падалі, на шахту ідучы

I ў зоны заінелага Нарыльска.

Народ ад страху i дрыжаў, i слеп,

Сацлагер называў «сусветным раем

А вы сцвярджалі: «Будзе лепш,

Калі мы болей расстраляем».

Была ці не была у ix віна, —

I сотні тысяч не было вам шкода.

Вось так ішла крывавая вайна

Здзічэлых нелюдзей з народам.

Яны выконвалі ваш мудры запавет:

План гадавы i план штодзённы,

I без разбору на той свет

Пагналі тысячы, пасля — мільёны.

З маленства мы маліліся на вас,

Лічылі на Зямлі адзіным Богам,

A падраслі, — настаў жахлівы час

I нам ісці ў барак «с режимом строгим».

Калі на вас сышоў зямны спакой,

Вы пад надзейнай вартай спіце,

А вось на помніках з працягнутай рукой,

Як нашы жабракі, i вы стаіце.

Калі б вы ўбачылі, што з намі стала,

Пад воплескі i воклічы «ура»,

Вы б самі злезлі з п'едэстала,

Дык не марудзьце, бо даўно пара.

7/VIII—93



Несмяротная

Можна сэрца прабіць,

Папрастрэльваць галовы,

Толькі нельга забыць

Неўміручае мовы.

Распіналі цябе

На крыжах i на дыбах,

У ліхой барацьбе

Пашчапаў цябе выбух.

Не адно i не два

Катавалі стагоддзі,

Ты жывеш, як жыла,

У сумленным народзе.

Дабіваюць цябе

Твае родныя дзеці,

Плача Маці ў журбе

I у хаце, i ў клеці,

Што сыны i унук

Ацураліся дому.

Кожны — доктар навук,

A якіх — невядома.

Маці не зразумець,

Кім былі, кім вы сталі,

Бо па-нашаму пець

І казаць перасталі.

Можна ўсё, што відаць,

Зруйнаваць да асновы,

A забіць i прадаць

Нельга родную мову.

Дык успомніце, хто вы,

I чыны, i чынушы,

Бо без роднае мовы

Ў вас бяздушныя душы.

Крэслы ёсць i правы,

Шмат выгод i спакусы,

Толькі ўспомніце вы,

Што i вы — БЕЛАРУСЫ.

5/V—93



Над прорваю


Россия создана для того, чтобы

показывать другим народам, как

нельзя жить.

П. Я. Чаадаеў (Философские письма»)


Што яны твораць — не зразумець

Hi захмялелым, ні цвярозым.

Выходзіць, можна i не мець

Сумленне i здаровы розум,

Каб столькі нарабіць бяды

За найвышэйшую зарплату

I жыраваць усе гады,

Служыць не Богу, a Пілату,

Народ загнаць у прорву, a самім

Гайдацца на арэлях шчасця.

Нарэшце зло развеецца, як дым,

Бо ўсе яго клянуць i будуць клясці.

19/1—94



Маўчуны

Няшчасны, хто не ўмеў хлусіць,

Няшчасны, хто не ўмеў прасіць

I не прасіў ніколі

Пад вартай i на волі,

Цябе нібыта паважалі,

Але часцей не заўважалі.

Бывала, — звалі «дарагім»,

A раздавалі ўсё другім.

Увішны ўсемагутны клан

Часцей штурхаў на задні план,

Бо не плаціў нікому «чыншы»,

Таму заўсёды быў у «іншых».

Бывала, — ветліва страчалі,

А дзе патрэбна, прамаўчалі.

Нічога маўчуны не трацяць,

I нельга ix абвінаваціць,

Ні папракнуць ні ў тым, ні ў гэтым,

Бо ты не з тым аўтарытэтам:

Цябе калісьці пакаралі

I ўсё да ніткі адабралі,

Застаўся у адной манішцы

I пры пустой ашчаднай кніжцы.

Хоць біся з гора аб сцяну,

Што не сабраў i на труну,

Ўсё мазалямі здабываў,

А Ўрад за дзень абрабаваў.

Адкуль такія прайдзісветы,

Што занялі ўсе кабінеты?

«Абраннікі, нібы радня,

Усіх рабуюць сярод дня».

Такой радні не будзеш рад.

Пра што ж клапоціцца Урад?»



Вечныя

Пад кожнаю сасной схіліся ніц:

Яны ўзышлі з прастрэленых вачніц,

Смалою плачуць сосны у бары,

Тут засталіся i мае сябры.

З ix кожны быў, як песня, малады, —

Па дваццаць пяць, па трыццаць тры гады, —

Рамантыкі, натхнёныя паэты,

Ix песні i паэмы недапеты,

I не паспелі дакахаць яны, —

Ў свет не прыйшлі ix дочкі i сыны.

За што ж ix катавалі i забілі?

За тое, што Радзіму i народ любілі.

Ix прыхадні судзілі пяць хвілін,

Імёны ix не ведаў ні адзін,

Не разумеў ні слова, ні радка,

Але падпісвала калматая рука

Прысуды на расстрэл, нарады для стралка.

Магчыма, той стралок яшчэ жывы

I мае ўсе ільготы i правы,

Ў яго не прытупіўся колкі зрок,

Бо ён жа варашылаўскі стралок,

Пры ардэнах, пры планках — пры парадзе.

Бо быў у «Смершы» i «заградатрадзе»,

Умеў, каму патрэбна дагадзіць,

Па звычцы ў кожную патыліцу глядзіць.

Баліць душа да гэтае пары,

Што ні магіл, ні помніка — ў бары,

Бо у чыноўніка рука дрыжыць,

Але ўсё роўна будуць вечна жыць

I ў будучыню прыйдуць з даўніны

Народа вечна юныя сыны.

Скразныя Курапаты знаем мы, —

Ад Брэста i да Калымы.



Хвіліна адчаю

Куды ісці? Самому невядома, —

Мне цесны горад, цесны свет,

Таму бягу усё далей ад дому,

Ад радыё, рэкламы i газет.

Як путы зняць i раскілзацца

Ад дум, адчаю i пакут,

I ад бяды цывілізацый,

Што зруйнавалі родны кут,

Сляпілі вочы год за годам

I атруцілі ўсё да тла?

Чыны камандуюць народам,

Што выскрабае з дна катла.

Знясілены дарэмнай зморай

У непрыкаяным жыцці,

Я ведаю, што будзе горай,

Але ж куды далей ісці?

Усё агоркла i абрыдла:

За здзекам — здзек, за шокам — шок

Ператварыў людзей у быдла

I сцёр сумленне ў парашок.

Знясіленыя гінуць дзеці,

I маці слёзы льюць ракой,

I недалёка час — па свеце

Пайсці з працягнутай рукой.

20—21/11—94



Дарэмны крык

Глухія не чуюць ні плачу, ні енку,

Хоць рвіся, хоць бі галавою аб сценку,

Глухія маўчаць i маўчаць,

Глухія смяюцца, што ў некага беды,

Што на хаўтуры збіраюць суседу,

Моляць глухога паставіць пячаць,

А ён намякне, што дарэмна не ставіць,

Што трэба аддзячыць яго i уславіць.

Бо ён, толькі ён дабрадзей,

Заўсёды старанны, увішны i мілы,

Будуе радні i таварышам вілы,

А значыць, жыве для людзей.

Выходзіць, дарэмна i марна крычу я:

Ён толькі смяецца i енку не чуе,

Не чуць i не бачыць зручней.

Відаць, ад знямогі i зморы

Не чуюць ні суддзі, ні пракуроры.

Крычаць ужо нельга гучней.

Я ведаю гэта i ўсё ж не маўчу,

Хоць i дарэмна ад болю крычу.

Магчыма, наш крык дапаможа...

Пачуй нас i злітуйся, Божа!

2/1—94



Бяда

Гарлапаны — поп-музыкі,

Кожны, мабыць, без'языкі,

Што іграеш, што чаўпеш,

Што крычыш — не разбярэш.

Кожны з грывай, з барадой

Стаў агульнаю бядой.

У цыліндрах, драных «шкарах»

Гвалцяць струны на гітарах,

Крутарогі, як баран,

Байбус лупіць барабан.

Разам дабіваюць слых

Самых чуйных i глухіх.

Мноства ix, доўгавалосых,

Бессаромных, брудных, босых,

Выпаўзае ў змрочны час,

Гарлапанаў безгалосых,

Каб дурыць бязбожна нас.

Пад ix грукат, як вар'яты,

Скачуць хлопцы i дзяўчаты.

Часта ў ход ідуць нажы...

Госпадзі, дапамажы!

17/XII—93



Мой народ

Цярплівы i трывушчы мой народ, —

Пакутнік з веку ў век i з году ў год.

Праз рэвалюцыі з вайны i да вайны

Нясеш свой крыж без жаднае віны.

А я — пясчынка гэтае зямлі,

Дзе пот i кроў ліюць, як i лілі,

Hi шчасця не пабачыўшы, ні згоды,

I толькі крыж нясуць цярплівыя народы.

А хто ж той Юда ці Пілат?

Сусед, зайздроснік, часам кроўны брат,

Што заганяў іржавыя цвікі

Ў далоні правае i левае рукі.

А каб не чулі енк i крык,

ён асляпіў i ўкараціў язык,

A продкі мову зберагчы умелі

I слова кожнае душою разумелі,

І нам, нашчадкам, з той пары не нова

Матчына хвалюючая мова.

Што згіне мова, здраднікам не верце.

Мы не дадзім ніколі ёй памерці.

У сэрцы, у душы i ў роднай хаце

Яна мае адзінае багацце.

Калі ў дарогу назаўжды збяруся,

Ўздыхну апошні раз па Беларусі,

Халодная сляза спаўзе з шчакі,

A Беларусі жыць і.жыць вякі.

29—30/XІІ—30



Жывучыя

Яны не разумеюць нават жартаў,

Яны не паміраюць ад інфарктаў,

Ніколі ix не мучыла сумленне,

Яны ж з таго, стальнога, пакалення,

Калі «вопросы» вырашалі крута,

З пяра i з вуснаў пырскала атрута,

Яны дагэтуль пазіраюць тупа,

Здаровыя i тоўстыя, як ступа,

Упартыя, нястомныя на словах,

Ідуць да мэты па чужых галовах.

Калі ж каторы выстаяць не зможа,

Яму другі i трэці дапаможа

«Служыць аддана» паслухмяным масам,

Жабрацкім кіраваць рабочым класам.

З ix кожны ўвішны, далікатны моднік,

Ліслівы звонку, а знутры — нягоднік.

17—21/XІ—92



Атрутнае джала

Сумна без ворагаў жыць на зямлі,

Паклёпнік патрэбен таксама,

Без ix бы ніколі набраць не змаглі

Столькі статыстаў крывавае драмы.

Паклёпнікі надта жывучы народ,

Без ix аблянуюцца каты,

Бо шэпчуць i сыкаюць без перашкод:

«I гэты, i той вінаваты».

Гэта засвоіў адважны Эзоп,

Калі i яго нізавошта каралі,

Атрутаю пырскалі ў вочы i ў лоб

Паклёпнікаў доўгія джалы.

За грыўню, за грош чалавека прадаць

Для ix найвялікшае свята.

Паклёпнік здалёку i зблізку відаць

Па хітрай усмешцы Пілата.

A зробіш паклёпніку часам дабро,

Ён дзіду шпурне наўздагонку

Ці крукам падчэпіць цябе пад рабро

I ўесца ў жывую пячонку.

Шчыруе паклёпнік i сыкае злом

Пры розных сістэмах i зменах,

Каб часам яго сярод нас не было,

Ніхто б не заўважыў сумленных.

А што ў яго незвычайнае ёсць?

Нянавісць, i зайздрасць, i лютая злосць.

4/ХІІ—92



«Купляю ардэны»

Дзядок у пінжачку стракатым,

Відаць, з мясцовае шпаны,

Стаіць з маленечкім плакатам:

«Купляю ардэны».

«Героі тылу» — інтэнданты

Гешэфт з барыгамі вядуць,

За тры «мядзведзі» з пляшкай «Фанты»

Душу i ордэн аддадуць.

Хто ж выпаўз пашматаны з бою,

A ў полі засталася часць,

Залітыя сваёй крывёю

Узнагароды не прадасць.

Калі ж нарэшце люты голад

Скарынкі пазбірае ўсе,

Медаль апошні ў дождж i ў холад

На Камароўку панясе.

На развітанне шапку здыме,

Успомніць, з кім насмерць стаяў,

Цішком падзякуе Радзіме

За ўсё, што ён заваяваў.

3/ХІ—92



Бежанцы

— Куды бяжыце, бежанцы, куды?

— Ад горкай да крывавае бяды,

— Адкуль бяжыце вы, адкуль?

— Ад полымя i ад шалёных куль.

Бяжыць за намі i страляе- ўслед

Не прышлы вораг, а сусед.

Яго стрымаць не можа анішто,

Хоць ён i сам не ведае за што

Застрэліў i бабулю i дзіця —

Святыя іскаркі жыцця.

— Ці ёсць у вас над галавою дах?

— Хутчэй прытулак знойдзем на кладах.

— Куды бяжыце, бежанцы, куды?

— З семнаццатага ў дзевяностыя гады.

28—29/Х1—92



Маці

Ты не знала спачыну,

Бо карміла паўсвету,

Не выпроствала спіну

Hi зімою, ні летам:

Ўсё рабіла з ахвотай,

Не зважала на змены,

I з пякельнай работай

Дзень канчаўся імгненна.

Дратавалі калісьці

Працаднём i прыгонам,

Калацілася лісцем

Ты ў таварных вагонах,

Скарб палілі агнём

Не аднойчы, не тройчы,

Ты ж ні ноччу, ні днём

Не заплюшчвала вочы:

Серп зубіла,

Kacy адкляпала уранні,

I рабіла, рабіла

Ад зары да змяркання.

На жніве, на сяўбе

Дбала: хлеба прыбудзе,

Каб было i сабе,

I нашчадкам, i людзям.

Змрок акутаў не у час:

Апускаюцца рукі,

Жар у сэрцы пагас,

Разляцеліся ўнукі.

Ты адна i адна

I на полі, i ў хаце,

Ад відна да цямна

Беларуская маці

Засталася асновай

Нашых дум, нашай песні,

З беражонаю мовай

Наш народ уваскрэсне.

Можа, век прабяжыць,

Калі-небудзь на свяце

Будзе пець, будзе жыць

Беларусь — мая маці.

4/ІІІ—93



Пытанні

Як мы жылі? I ці жылі мы?

Дзеля чаго? Дзеля каго?

Камандавалі Юзікі i Клімы

I распіналі ўсіх да аднаго.

Цягалі мы іржавыя вярыгі,

Нас ланцугі апутвалі заўжды,

Ды i цяпер палітыкі-расстрыгі

Нас гоняць ад бяды i да бяды.

Калі ж нарэшце вернуцца парадкі

На нашай пакалечанай зямлі?

Калі не мы, дай Божа каб нашчадкі

Па-людску ў родным доме зажылі.

18/XII—93



Трывога трывог

Ці гэта праўда, ці трызня, ці сон?

Знікаюць за надзеямі надзеі,

З вар'яцкім нашым часам ва ўнісон,

Здаецца, я патрохі вар'яцею.

Не ведаю, куды i як ісці:

За небасхілам дым i шал крывавы,

I дзеці ўжо не мараць аб жыцці,

Аб гонары, аб подзвігах i славе.

Падмурак пакрышыўся i дрыжыць,

Хрышчуся я ў адчаі на ікону,

Каб толькі дапакутаваць, дажыць

З душою незаплямленай да скону.

Вылазяць прывіды і, як раней, ілгуць

Жывыя i з адноўленых партрэтаў,

Ix паслядоўнікі старанна берагуць

Для ўласных «найвышэйшых» мэтаў.

Трывога за трывогаю расце,

Таму што дзікі «артадокс» люцее.

Наўрад ці давядзецца жыць прасцей,

Калі усё навокал вар'яцее.

29/XI—92



Гараць лясы

Гараць лясы...

Як помнікі пасталі

Ўчарнелыя яловыя ствалы,

На гронкі спапялелыя канвалій

Сцякаюць кропелькі гарачае смалы.

Дыміцца мох i курчыцца чарнічнік,

Мурашнік дагарае каля пня,

Бярэзінка, нібы трывожны клічнік,

Спрабуе i не вырвецца з агня.

Усё жывое гіне ўвачавідкі,

Знікае незваротнае дарма.

Няма злачынству літасці i скідкі,

I толькі... вінаватага няма.

Жывую прыгажосць на глум, i здзек,

I на пагібель кінуў чалавек.

27/V—93



Воля слова

Кіруючыя мудрыя галовы,

Што разбурылі лад стары,

Далі нібыта волю слову, —

Пішы, спявай i гавары

Усё, што дужа набалела,

Калі баяўся стукача,

Цяпер усё, што хочаш, смела

Сячы, як шабляю, з пляча.

Пішы, крычы, а хто пачуе?

А вершы раздавай дарма,

Ix болей цэнзар не лінчуе,

Яго нібыта i няма.

I лютай не чутно пагрозы,

Што аптымізму не стае,

Але цяпер паэзіі i прозы

Амаль ніхто не выдае:

Няма ні фарбы, ні паперы,

I ты — ні гаспадар, ні госць,

Усе зачыненыя дзверы.

A ўсё ж, ці «воля слова» ёсць?

19/IV—93



Манкуртызацыя

Зацыкленыя русафілы

З-пад Клецка i з-пад Капыля

Стараюцца з апошняй сілы,

Каб беларуская зямля

Аглухла зноў i анямела,

Каб зноў імперыю стварыць,

Каб нават маці не умела

Па-свойму пець i гаварыць.

Ад Воршы i да Маларыты

Яны ва ўсе званы звіняць,

Каб утрымацца ля карыта,

A ў нас апошняе адняць, —

Вытокі i асноў аснову,

Каб кожны помніць перастаў

Сваю адроджаную мову

I найхутчэй манкуртам стаў.

29/ VI1—93



Памаліся

Табе пашанцавала, друг мой Хума,

Што не дажыў да гібелі Сухума,

Што не заплакаў, дзе быў матчын дом,

Цяпер вайна, гамора i садом,

I попел там, і горы друзу,

Знішчае злосць любоў, дабро і музу

Сумленных сэрцаў i натхнёных душ,

Калі пілі абхазец i інгуш

З бычынага захмеленага рога,

Збіраючыся ў дальнюю дарогу,

Калі не меч, а келіх паднімалі,

Грузінскія паэты абдымалі

Фазіля Іскандэра i Баграта

I запрашалі да сябе, як брата.

Але прашылася змяёю здрада,

Зрабіўшы з хлопчыка салдата,

Забойцу і ахвяру адначасна,

I кожны з ix пакутнік i няшчасны

Руйнуе храмы, помнікі, палацы --

Шэдэўры таленту i працы

У Афоне, Гагры i ў Тбілісі...

Народ, адумайся, укленчы i маліся,

Маліся, каб вярнуў вам Бог сумленне,

Збярог за пакаленнем пакаленне.

Душа баліць i ад бяды нямее:

За што вайна?— Ніхто не разумее.

Неверагодна! Тысячы сяброў

Глядзяць спакойна, як ліецца кроў

У ачмурэнні дзікім i шалёным,

Што стала мора Чорнае Чырвоным,

Няўжо ні міру, ні дабра не будзе,

Пакуль людзьмі усё ж не стануць людзі?

Мой незабыўны друг, вясёлы Хума,

Ужо амаль няма твайго Сухума,

Ужо датлелі пальмы на бульвары,

Усюды слёзы, кроў i дыму хмары.

Не зразумець, чаго забойцам мала.

Няўжо распялі i твайго Джамала?

А я хачу замест жаночых слёз

Убачыць гронкі вінаградных лоз.

Дай Божа мне яшчэ хоць трохі сілы

Убачыць край квітнеючы i мілы,

Магноліі, у белых шапках горы,

I Цішыню, i штыль на сінім моры.

21—22/IX—93



Няволя

Самая страшная кара — няволя,

Часамі страшней за імгненную смерць.

Зона маўчання без сценаў i столі,

Дзе нельга ні плакаць, ні голасна пець,

Дзе нельга кахаць i сустрэцца з каханым,

Дзе ўлічана кожнае слова i крок,

Дзе бачыць цябе цераз мушку нагана

Забойца, гатовы націснуць курок.

Жахлівае ўсё засталося у мінулым,

А памяць раптоўна душу апячэ,

Як толькі дакоціцца плачам i гулам

Няволя, што недзе лютуе яшчэ.

Вярэдзяць душу успаміны да болю,

I я праклінаю любую няволю.

25/V—93



Тост

Раней пілі за ты x, хто ў моры,

Каго дратуюць штормы i мароз,

Цяпер я п'ю за тых, хто ў горы

Не выплакаўся да апошніх слёз.

«Але наўрад ці выпіць давядзецца», —

З мяне барыга рыначны смяецца, —

Каб свята чаркаю адзначыць,

Патрэбна тыдні тры ішачыць».

Збяру «ваўкоў» i вып'ю чарку

За вечную гарэтніцу-ўдаву,

За рукі змардаванае даяркі,

За кошт якой жывуць усе i я жыву,

І за настаўніцу, што слепіць вочы

Над сшыткамі i глупствам справаздач,

Што ў класе усміхаецца, а ноччу

Ніхто яе не чуе горкі плач.

За вокнамі заходзіцца завея,

І дамавік грукоча па страсе,

А прыгажуня юная сівее

І, не расцвіўшы, вяне пакрысе.

Я п'ю адзін не з радасці, а з гора,

Што скрозь развал, нястачы, недарод,

За тых, каму бяссілле i пакора

Наканавалі безнадзейны звод.

Я п'ю за тую, што не стане маці,

Сагнутую у дваццаць восем год,

І горка плачу, бо у кожнай страце

Знікае мой даверлівы народ.

Няма шампанскага, дык вып'ем квас

За ваша будучае i за вас.

16/Х—93



У сацлагеры

Я ўсё яшчэ ў сацлагеры жыву:

Кіруюць тыя ж Саўкі ды Мараты

І тлумяць, як тлумілі галаву

Марксізму дактары i кандыдаты.

Яны ж здавалі некалі залікі,

І кожны практыку з тэорыяй злучыў.

Каб кіраваць, іх «правадыр вялікі»

У навуку прабівацца навучыў.

Хоць творчае i не спазналі мукі,

Хвалілі іх таварышы i друк.

Даўно ужо няма тае навукі,

Але жыруюць «дактары навук».

Яны прызначылі «народных дэпутатаў»

І тыя рушылі зацята на народ,

Да мікрафонаў, да дэбатаў,

Абы рабіць усё наадварот.

Куды ні ступіш, гора апячэ,

Бо ўсё жыву ў сацлагеры яшчэ,

I дабівае ўсеагульны стрэс:

То краты сняцца, то казённы лес.

10/Х—93



Спруты

У нас такі кароткі век,

I так яго нам змардавалі,

Нас хціўцы кінулі на здзек,

Сабе ж палацы збудавалі.

Iм забяспечвай i хвалi

I падстаўляй худыя спіны,

Бо мы па-людску не жылі

Ні дня, ніводнае хвіліны,

А ўсё чакалі лепшы час,

Ды больш чакаць не маем сілы,

Бо топчуць, як тапталі,нас

I хлусяць, як даўней хлусілі.

Што ні пабачаць, з рук ірвуць,

Нібы пражэрлівыя спруты,

А дзеці i старыя мруць

Ад голаду i ад атруты.

Цярпелі мы i церпім здзек,

Куды ні глянеш, сэрца стыне,

Як чалавека нішчыць чалавек

I сам ад хцівасці загіне.

3/ІХ—93



Тупікі

Чыгуначныя тупікі

Пазарасталі крапівою,

Валяюцца іржавыя цвікі,

I нешта не дае душы спакою.

Чыгуначныя тупікі —

Пад'ёмы, закругленні, перагоны

Таварнякі, таварнякі,

I ўсё — казённыя вагоны.

Буржуйка, свечка ў ліхтары

I ненадзейныя суседзі...

Ніхто не знае да пары,

Куды вязуць, куды ён едзе.

Цяпер гляджу на ўсе бакі,

Даўнейшага шукаю следу,

I ўсё трапляю ў тупікі,

З якіх нікуды не даеду.

Як выйсце з тупіка знайсці

У падарожжы на жыцці.

8—9 /VІ—93



Страты i страты

Ну, вось i канчаецца лета,

Палессе вада заліла,

Начатая песня не спета,

А плач — ад сяла да сяла.

За стратамі страты i страты,

А хто вінаваты у ix?

Забыліся даўнія святы,

Не знойдзе нявесту жаніх.

Якой вінаваціць віною?

Дзе будзе ў бяздомных начлег?

Каб ведалі, лепш бы за Ноя

Скляпалі б сучасны каўчэг.

За што ад змяркання да рання,

На досвітку i уначы

Прыходзяць адны пакаранні

I каркаюць, як крумкачы?

I пот, i густая крывінка

Сцякаюць у бездань дарма,

Бязлітаснай лапаю рынку

У дзверы грукоча зіма.

З дажджамі i лета праходзіць,

Паволі паводка спадзе,

А хто да фіналу стагоддзя

Сваёю хадой дабрыдзе?

Маё пакаленне імкліва

Знікае, як ранішні дым.

Каб хоць давялося шчасліва

Пажыць i за нас маладым.

21/VIII—93



Весела жывём

О, як мы весела жывём!

З такім начальствам не сумуюць

Што мы пад вечар дажуём,

Яны уранні падсумуюць.

Лічыльнікі без тармазоў

Падлічаць, колькі моцы ў целе,

Падвысяць цэны ў сто разоў,

Каб мы, крый Божа, не тлусцелі

Што выміраем, ім не ў знак,

На нашу пенсію скупую

Мільёны соценных Дзяржзнак

Яшчэ паперак адштампуе.

I гэтых фанцікаў мяхі

Пруць хлебаробам i шахцёрам,

А за злачынствы i грахі

Разлічвацца з народам сорам.

1992



Шукаю усмешку

Іду па праспекце...

На рынак бягу,

За горад спяшаюся пешкі

I, як ні шукаю, знайсці не магу

Ніводнай вясёлай усмешкі.

Дзяўчынка ідзе з матыльком на плячы,

Закушаны вусны, нахмураны бровы,

Глядзяць спекулянты, нібыта сычы,

I клоўн, як хмара, суровы.

Ад гора заплакаць гатоў афіцэр,

Бяздомны,. бяззбройны i кволы,

I толькі разбэшчаны міліянер

Здаволены ўсім i вясёлы.

Глядзіць ён на ўсіх з вышыні i здаля,

Усё яму лёгка ўдаецца,

Смяецца ён з беднасці i з мазаля,

З сумленных i шчодрых смяецца.

ён рабчыкаў смажыць, жуе ананасы,

Але жабраку i капейкі не дасць,

Былы прадстаўнік гегемоннага класа

За долар набудзе душу i прадасць.

Чарга за чаргой, як вужака віецца.

А што там даюць, кілбасу ці віно?

Іду па праспекце, — ніхто не смяецца,

I дзеці смяяцца адвыклі даўно.

5—6/VIII—92



Каму мы трэба?


«В республике один военный

приходится на 4З человека

населения».

Былы міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўнік П. П. Казлоўскі. («Известия» № 207—1992 г.)


Скажыце мне, таварыш генерал,

Хто нам вайною пагражае,

Які урад, які кагал,

Каму патрэбны нашы ураджаі,

I наша нафта, золата i медзь

I нават вашы дачы i нагоны?

Не толькі вораг, нават i мядзведзь

Уцёк даўно з чарнобыльскае зоны,

I толькі ледзь партрэт яго ліпіць

З вавёркаю на хліпкай асігнацыі,

А за яе не проста нам купіць

У слуцкіх бэрах бэры радыяцыі.

Ix больш за танкаў i ракет

Баяцца i на Захадзе i Усходзе,

А вы дасюль марочыце ўвесь свет,

Што генералы дбаюць аб народзе,

Што днём i ноччу сцерагуць яго

З зямлі, вады i нават з неба,

Ды толькі невядома ад каго,

Каму мы з радыяцыяю трэба.

Хіба аматарам збівання груш

I віртуозам выхавання «матам»,

Таму на карках сарака трох душ

Сядзіць адзін нахлебнік з аўтаматам

І трэба кожнага адзець i пракарміць,

Салдата — кашаю, начальства —

сервелатам

А зможа нас найлепш абараніць

Не аўтамат, а «вызвалены» атам.

24/IX—92



Змена — змене


«...узмацніць барацьбу з аргані заванай

злачыннасцю i карупцыяй».

З пастановы Саўміна РБ 24/ІХ—92 г.


Адны накраліся. Змяняюць іх другія

I набіваюць кашалі тугія,

Рабуюць фермы, склады i вагоны

I нажываюць нізашто мільёны,

Не тоячыся, а сярод дарогі

За кошт «гуманітарнай дапамогі».

За нашае жабрацтва, енкі, плачы

Будуюць i сабе i дзецям дачы,

Для блізкай i далёкае радні

Нас абдзіраюць дзень пры дні.

Нібыта нашыя заступнікі i слугі,

А паглядзець — увішныя хапугі,

Адзін нахабна, іншы асцярожна

Хапае ўсё, за што ўхапіцца можна.

На складах, хоць дабра не так i многа,

Трымаюць махляры адзін другога,

Каб ix не заўважаў ніхто віны,

Даюць i служкам паспытаць яны.

Прачнешся ноччу у халодным поце,

Бо ведаеш, што злодзей на «рабоце»:

Складае долары i залацішка зліткі

I абдзірае беднага да ніткі.

Пра рынкі потым будзе нешта нлесці

Таму, ў каго няма ні піць, ні есці,

Затое ёсць бяспраўе i бязладдзе,

I толькі ў тых сумленне, хто не крадзе.

15/IX—92



Апошняя

Разбіты комін, парадзелы дах,

Вісіць адна кашуля на вяроўцы.

— A людзі дзе?

— A людзі на кладах,

Туды адправіліся ўсе аднавяскоўцы, —

Азвалася бабуля з-пад радна

З маленькаю сівою галавою.

— Лічы, што дажываю век адна

I гора мыкаю адна-адною.

Так i гібею з году ў год,

Глухою, невідушчаю, слабою.

Адна у цеха — толькі кот,

То з ім сваруся, то сама з сабою.

Гады, пытаеце? Усе мае гады

Прабеглі, дзеткі, у бядзе i ў працы,

А час надыдзе, на клады

Сваім прыйдзецца ходам дабірацца.

Каб даў Гасподзь хоць дачакацца лета

I свежае з гароду навіны...

А на бабулю весела з партрэта

Глядзелі два прыгожыя сыны.

21 /XI—92



Квартальны план

Яшчэ пратрымаюся месяцы тры

I зубы тады пакладу на паліцу,

Бо ўжо не памогуць літфонд i сябры,

І там ім прыйдзецца да скону пыліцца.

Відаць, не ўратуюць ні д'ябал, ні Бог,

Бо я не прыдбаў за жыццё анізвання,

Нарэшце сабе напішу некралог

I тэксты прамоў на сваім пахаванні.

Пакуль не зваліўся i розум не згас,

Каб тэксты ўзгадняць не насілі.

Сябры, пастараюся выручыць вас,

Каб на паніхідзе не надта хлусілі.

27/ VIII—92



* * *

Мне жыць іначай немагчыма, —

Паспеў ссівець i паліняць,

Бо за любімую Радзіму

Гатоў хоць сёння смерць прыняць.

27 /VIII—92



Апошні кароль

Стары кароль любіў мастацтва,

Любіў, што людзі брагу п'юць,

Але лічыў за святатацтва,

Калі халопы не пяюць.

Халоп павінны быць вясёлы,

Удзячны мусіць быць народ,

Хоць з голаду пусцеюць сёлы

I недароды кожны год.

Скачы, халоп, спявай, халоп,

На радасць каралю,

А не пяеш, — падставіш лоб

Пад кулю ці пятлю.

Стары кароль любіў парады

I крыкі: «Слава каралю!»

I не было таму спагады,

Хто заікнецца: «Не люблю

I не шаную зроду

Я каралеўскага двара,

Усіх, як прэлую калоду,

На сметнік выкінуць пара!»

Скачы, халоп, спявай, халоп,

На радасць каралю

А не пяеш, — падставіш лоб

Пад кулю ці пятлю.

Усім паслам кароль казаў:

«Народ— мая радня.

Яго я ў тры вузлы звязаў,

А ён пяе што дня».

Няма ні хлеба, ні мукі,

Пасеклі вінаград,

Але спяваюць лайдакі,

Што ў каралеўстве — лад.

Скачы, халоп, спявай, халоп,

Паціху каралю,

Што хутка ён падставіць лоб

I шыю пад пятлю.

Ды ўжо кароль пачуць не мог,

Як лаюць караля,

Бо зніклі у яго з-пад ног

I зэдлік, i зямля.

Усе глядзелі мужна

На новую пятлю

I заспявалі дружна

Пракляцце каралю.

А пасланцы Еўропы

Расказвалі другім,

Як смелыя халопы

Спявалі новы гімн.

19/ХІ—79



О колькі паэтаў!

На кніжных паліцах — паэты, паэты:

Гамер, i Гусоўскі, i Байран, i Блок;

Санеты Петраркі, i лірыка Фета,

І Хлебнікаў — неразгаданы прарок.

Я чую ix голас з далёкіх стагоддзяў,

Вандрую за імі, нібы Адысей.

У Дантава пекла мяне пры народзе

Не раз i не два заганяў фарысей.

Чытаю, чытаю. О колькі паэтаў!

О колькі пачуццяў, каханняў, трывог,

Тэрцын, трыялетаў, актаў i санетаў

У памяці я назаўсёды збярог.

Гартаю Верхарна, Віёна, Шэкспіра,

П'янею ад шчасця, а не ад віна.

У кожнага лірыка — звонкая ліра,

A ў нашага брата — глухая струна.

Ну, чым я суцешу? Пра што гавару я?

Навошта за рыфмаю рыфму ганю?

Калі я свайго чытача расчарую,

Я толькі сябе аднаго i віню.

Калі не даруе, няхай дакарае,

Я крэслю радкі, каб не быць у даўгу,

І толькі любоў да пакутнага краю

Ніяк скасаваць i забыць не магу,

Бо слова натхняе, адвечнае, матчына,

Таму i хвалююся i не маўчу.

Кал i невыносна, Купа лаву «Спадчыну»

Заместа світальнай малітвы шапчу.

3/VIII—92



Мая Беларусь

Скакала, смяялася, пела,

Гасцям засцілала абрус,

Усё неабходнае мела,

Глядзела на кожнага смела,

I раптам ад гора збялела,

I ад пакутаў ссівела

Мая БЕЛАРУСЬ.

8/VIII—91



Часовыя госці Зямлі

Мне болей нічога не трэба,

Не будзе патрэбна пасля.

Было б толькі чыстае неба

I шчодраю наша зямля.

Мы толькі часовыя госці,

Мы знікнем, нібы не было,

I памяць, i грэшныя косці

Развеюцца ўрэшце на тло.

Пакутнікі прыйдуць другія,

Магчыма, i ў будучы час

Закруцяць ix тыя ж стыхіі,

Што мучаць, як мучылі нас.

Пад знакам крывавага Марса

Спазналі мы ўсё, што змаглі,

Мы — ўдзельнікі драмы i фарса, —

Часовыя госці Зямлі.

Прыйшлі мы свой век узвялічыць,

Усе таямніцы спазнаць,

А нас пустадомкамі клічуць,

Майстрамі усё руйнаваць.

Атручаны космас i глеба,

Нам грозіць i летам зіма,

Бо ўжо ні сумлення, ні хлеба,

Hi змены надзейнай няма.

Нічога мне болей не трэба, —

Бяду даганяе бяда.

Былі б толькі чыстае неба,

Сумленне, Зямля i вада,

А нашы атрутныя спадкі

Каб зноў палыном не ўзышлі,

Каб кволыя нашы нашчадкі

Па-людску за нас пажылі.



Літанне

He Багі абпальваюць гаршкі,

He Багі даруюць нам грашкі,

Не Багі прыдумалі закон

I жыццё паставілі на кон,

Не Багі нам абяцалі «шчасце»,

А злачынцы, што умелі красці,

Не Багі стварылі лад благі, —

Над Багамі ў нас былі ба-гі,

Вартыя суда i пакарання,

Бо сагнулі ўсіх у рог баранні.

Грэх народ ніколі не даруе,

Тым, хто кіраваў i так кіруе.

Хто усё ж няшчасным дапаможа,

Калі ты не злітуешся, Божа?

На апошняй ракавой мяжы

Бедным i няшчасным памажы.

3/VI— 92



Пад небам Беларусі

Хацеў накінуць на сябе пятлю,

Бо змогся ад жыцця такога:

Здалося, што нічога не люблю,

Што скончылася i мая дарога.

I больш ужо няма куды ісці,

Ніколі ўжо не вырвацца на волю,

Бо не было ў маім жыцці

Нічога, апрача бяды i болю.

Зірну наўкол праз вузкае сіло,

Убачу свет іскрысты i бясконцы,

I раптам нечакана узышло

I засляпіла вочы сонца.

На вецці, на ігліцы, на лістах

Дрыжаць, нібы вясёлкі, завушніцы,

I адышоў пякельны страх,

Ударыў звон далёкае званіцы.

Хвіліна за хвілінаю бяжыць.

Кляну сябе i сам сабе клянуся,

Што,як ні горка, трэба жыць

У Беларусі i для Беларусі.

2/VIII—91



БЕЗНАЗОЎНЫЯ ЭЛЕГІІ

* * *

Наперадзе — нічога.

Усё ў мінулым.

На успамін находзіць

Успамін

Забытым словам,

Незнаёмым гулам,

I я на адзіноце

Не адзін:

Вяртаюцца з нябыту,

Як жывыя,

Вясёлыя з іскрынкамі ў вачах

Сябры,

I раздарожжы крыжавыя,

I грозный сузор'і

Па начах.

Знікае ўсё.

Стажары толькі свецяць,

I Месяц у зеніце малады.

Мінае ўсё на белым свеце,

I пыл заносіць нашыя сляды,

Па вольна, непрыкметна — назаўжды.

* * *

Ці то на яве, ці то ў сне,

Калі было да болю млосна,

У поўнач выпаў першы снег

На поле, на шляхі i сосны.

Да рання, можа, даляжыць,

Хоць горка, але трэба жыць!

* * *

Нікому не трэба ні вершаў, ні прозы, —

Ад «шчасця» народ i п'яны, i цвярозы,

Hi кніжак не трэба, ні фільмаў, ні песень,

Бо душы ўкрывае атрутная плесень.

Галеча i голад, вар'яцкія цэны,

I толькі балююць адны бізнесмены,

Хапугі, зладзеі, дзялкі, прайдзісветы,

Што нас заклікалі да светлае мэты,

Гуляюць, шыкуюць i смачна жаруць,

I торбу, i кій у старцоў адбяруць.

* * *

Мінае жыццё, a нічога не маю, —

Чужое усё, i нічога свайго.

Дзіўлюся, што неяк жыву i трываю

З бяссоннем, адчаем i вечнай тугой.

Вышукваў радкі дзеля ўласнай уцехі:

Збіраліся кніжкі, а часам тамы,

А нехта цягаў чарапіцу на стрэхі,

На лазню, гараж, на веранды, дамы.

Я ім не зайздрошчу, хоць сам i бяздомны,

Сціраю слязінку з шчакі кулаком,

Бо я, бесхацінец з маленства патомны,

Застаўся няўдачнікам i дзіваком.

З чаго пачынаў, тым свой круг замыкаю,

Гады прашумелі, нібы лістапад,

У змроку брыду i кагосьці гукаю,

А вецер мой голас адносіць назад.

* * *

За вокнамі — лютаўскі дождж i слата,

I кожная шыба дрыжыць i слязіцца,

Уласны свой лёс дачытаю з ліста

У цеснай палаце дзевятай бальніцы.

У дымнай смузе дагараюць агні.

О колькі бяды i пакутаў на свеце!

Бальніца трызніць у начной цішыні,

І толькі у моргу агеньчыкі свецяць.

17/11—91


9-я клінічная бальніца


* * *


И равнодушная природа

Красою вечною сиять...

А. Пушкін


Пасля адлігі закруціў мароз,

Ударыла сляпая завіруха,

Шыпшыннік у гародчыку аброс

Празрыстым лебядзіным пухам.

Усё наўкола так, як i было,

I застанецца да сканчэння веку,

Як i даўней, на свеце правіць зло,

Зямля i неба — у палоне здзеку.

Атручаны даўно вада i суша,

Усё жывое гіне без надзей,

I страшна, што скалечаныя душы

Не д'яблам, a людзьмі — ў людзей,

А можа, Люцыфер кіруе намі?

Чаму тады глядзіць спакойна Бог,

Як здзекуюцца над яго сынамі

Яго ж сыны, a ўратаваць не змог?

Калі Ты ёсць, усемагутны Божа,

Зірні, як мы канаем на крыжы,

Калі сабе ажыць не дапаможам,

Ты злітуйся i нам дапамажы.

Магчыма, ён i чуе енк народа,

Але наўрад збавенне прынясе,

А мы i раўнадушная прырода

Знікаем у пакутах пакрысе.

Канчаецца дваццатае стагоддзе

У бойках, у нянавісці, ў крыві.

Апамятайся i сябе, народзе,

На мір i на любоў благаславі.

* * *

Разбурым усё, давядзём да нуля,

На месцы былога нічога не будзе.

Магчыма, праз век ачуняе зямля

I стануць людзьмі незалежныя людзі.

Люты 1991


* * *

Мароз i снег. Над горадам дымы,

I сонца заінелае ў зеніце.

Лютуе люты, як i мы,

Заблытаныя у пякельным быце.

Узлёт паэзіі, высокі дух

Здрабнелі, захлынуліся ў нястачах,

Святы агонь душы амаль патух

I толькі тлее у жалобным плачы.

Падвопытны народ, заўжды распяты,

За што табе такі пакутны лес?

Твой боль, твае цяжкія страты

Не вытрываў бы нават i Хрыстос.

Hi Ён, ні Бог за нас не заступіўся:

Амаль стагоддзе — меч над галавой,

Што ў барацьбе з народам не ступіўся,

I пахне вецер свежаю крывёй.

Калі ж пазбавімся ад вечнай мукі?

Мароз i снег. Над горадам дымы...

Хоць бы збавення прычакалі ўнукі,

Якога ўжо не прычакаем мы.

17/11—92


* * *

Магчыма, гэта мой апошні снег

Завеяў сцежкі i чужую дачу,

Мне нейкі цень дарогу перабег

I напрарочыў новую няўдачу.

Самому крыўдна, што жыццё пражыў,

Не ведаючы, што такое святы,

Быў двойчы пад крыжом i на крыжы

Зняважаны, знявечаны, распяты.

Цярплю, бо распінаюць мой народ

Дзялкі i прайдзісветы так старанна,

І сорамна, што ўжо каторы год

У свеце нас завуць «Абсурдастанам»,

Бо выпаў нам такі няўмольны лес, —

Жывём, нібы праклятыя на свеце,

Начамі захлынаемся ад слёз

I дзівімся, адкуль бяруцца дзеці.

Нарэшце зразумелі,колькі гора

Прынесла легендарная «Аўрора».

15/11—92

9-я бальніца



* * *

Як ні горка, а прыйшла вясна

I не зважае на мае праблемы,

Ужо дыміцца ў полі баразна,

Прадаюць на рынку хрызантэмы,

Трыпутнік ледзьве выбіўся з травы,

На луг наводзіць лотаць пазалоту,

Ляцяць з журботным крыкам журавы

На апусцелыя балоты.

Куды ix крылы лёгкія нясуць,

Нібыта самагубцаў без звароту?

Яны ж смяротны пыл не атрасуць

У зоне палыну i скруткаў дроту.

Хацеў парадавацца сонцу i вясне,

А здань бяды цікуе ля парогa.

Канае дзень. На яве i у сне

З вясной прыходзіць новая трывога.

14/11—92

9-я бальніца


* * *


Правда всегда опасна для власти негодяев, эксплуататоров, грабителей. Вот почему правду подавляют.

Юджын Дэбс

I я жыццё пражыў дарэмна

То ў марах, то у забыцці.

Мне часта сніцца гул турэмны

I трыццаць тры бяды ў жыцці.

Адна другую даганяла,

Штурхала ў вір, збівала з ног,

Абліччы розныя змяняла,

А я ix разглядзець не змог.

Гібеў i ўсё ж у нешта верыў,

Без веры дня пражыць не мог,

А лёс напаў шалёным зверам,

I мне ніхто не дапамог.

Я уставаў з апошняй сілы,

Адольваў гора i тугу,

Скаваны i даўно бяскрылы,

Вышэй узняцца не змагу.

Мая душа наскрозь настыла,

I ўсё знікае пакрысе.

Няхай да матчынай магілы

Мой попел вецер данясе.

16/11-92


* * *

Усё праем, усё прадам

I застануся, як Адам,

Не ў pai, a ў пекле голы.

Hi ў хоры i ні сола

Не змагу прамовіць слова,

Бо наўкол— пера-бу-дова:

Чорны рынак, дзікі рок

Аднялі i слых, i зрок.

Пра ідэі i надзеі

Нам далдонілі зладзеі

I чыталі ўсім маралі,

Самі кралі, нас — каралі

I нарэшце давялі

Да спустошанай зямлі,

I пайшлі на ўсе бакі

З жабракамі жабракі.

10/11—92



Неспакой

Ніяк не адчапіцца, не адбіцца

Ад дум i выпадковага радка,

Вярзуцца былі, часам небыліцы,

I да алоўка цягнецца рука,

Ix вусны, незалежна ад жадання,

Ўсё паўтараюць, быццам «Ойча наш»,

Так i няма ратунку да світання,

А здань былога, як няўмольны страж,

Напамінае мне усе пралікі,

Памылкі, недаробкі i rpaxi,

Няздадзеныя некалі залікі,

Заблытаныя сцежкі i шляхі,

Што сам сябе бязлітасна скалечыў,

Што ўсё выходзіла наадварот,

I узваліў на стомленыя плечы

Цяжар сваіх i не сваіх турбот.

Так з ночы ў ноч караю i караю

Сваю недасканалую душу,

Усё, што непакоіць, паўтараю,

A раніцай, як споведзь, запішу.

16/VIII—92



* * *

Маіх сяброў даўно няма на свеце,

А я жыву, а я яшчэ жыву,

I рады, што звіняць сініцы ў вецці,

I майскі водар кружыць галаву.

Я ашуканы быў атрутным тлумам,

I злосць наўкола, як палын,расла.

Я гаварыў заўсёды ўсё, што думаў,

I толькі не рабіў нікому зла.

Мяне нібыта часам шанавалі,

Але заўжды трымалі ўбаку,

Паціху непрыкметна дабівалі

I паціскалі ветліва руку.

20/ІІ—92



* * *

Пытаецеся, колькі я пражыў

І што паспеў зрабіць на гэтым свеце.

Зрываўся я часцей на віражы

I быў заўжды ў кагосьці на прыкмеце.

Ратуючыся, зноў ляцеў у вір,

Лёс патушыў маіх надзеяў свечкі

I гнаў, як ачмурэлы канваір,

Што б'е без промаху i без асечкі.

Не бачыў я, калі сады цвілі,

Не чуў, як плачуць i смяюцца дзеці.

Жыў ці не жыў, i не было калі

Апамятацца, на якім я свеце.

З мяцеліцы ў завею я кружыў,

Каб вырвацца i з мітусні, i з тлуму.

Так i не ведаю, ці жыў я, ці не жыў,

А час прыйшоў i пра душу падумаць.

2/1—93



* * *


Бачыць несправядлівасць i маўчаць —

гэта значыць самому ўдзельнічаць у ёй.

Ж.Ж. Русо


Чаго мы не бачылі толькі,

Які мы не зведалі смак.

Мінаюць гады, але болькі

Не гояцца ў сэрцы ніяк.

Да трэцяга можна калена

Паклёпнічаць, біць, вынішчаць,

Судзіць i караць несумленна

I несумленна маўчаць.

Ад страху i злосці нямеюць

Майстры непрыкметна ўкусіць,

I толькі ў ахвяраў не ўмеюць

Яны прабачэння прасіць.

3/1—93



Чынадралы

Галодны, голы i разуты,

Халодны, бо няма мазуты,

Ідзе паволі ў белы свет

Вядомы некалі паэт.

Цяпер такія ганарары,

Што не прыдумаць горшай кары,

Бо за навелу i санет

Не купіш пачак сігарэт.

Затое чынадрал адпеты

Купляе шоўк, i бранзалеты,

I дыяменты, i каралы —

Усё запасаюць чынадралы.

На ўзлессі або ля ракі

Ix зіхацяць асабнякі.

А дзе ж яны так зарабілі?

Там, дзе i нас i вас дабілі.

З ix кожны прагны, кожны люты

Трымае ў сейфе стос валюты,

Вяртушкі мае, кабінеты,

I «мерседэсы», i манеты.

Чыноўнік кажа, што не крадзе,

Але за подпіс у нарадзе,

Што сам пячаткаю засведчыў,

Тры пакаленні забяспечыў.

Чыны — асобая парода,

Яго «ласкавая» рука

Здзярэ кашулю з жабрака.

Ён скажа: «У цёплую пагоду

Такую зацвярджаем моду».

Схаваўшы ў гардэроб дублёнкі,

Даводзіць: «Шкодна мець пялёнкі.

Няхай гартуюцца малыя,

Каб выраслі байцы ўдалыя,

Прыбудзе спрыт, адвага, сіла,

Папрыгажэе твар без мыла,

Не трэба вітаміны, лекі,

Пакуль яшчэ не ўсе калекі.

Калісьці раіў Фараон:

Пасціцца трэба трыццаць дзён,

Каб добра гартаваць натуру

I мець прыгожую фігуру.

Тады за год ці за паўгода

Усё здабудзем для народа

I цяжкасці усе адужым,

Бо так аддана людзям служым».

16/X—91



Смагa

У ліпені з ліп аблятаюць лісты, —

Спякота, i суша, i белае неба,

Гудуць, як гудрон, пад нагамі пласты

Гарачай парэпанай глебы.

Ні свежага ветру, ні кроплі расы,

Смуга i збялелае сонца ў зеніце,

Пустыя у неба глядзяць каласы,

Маўчаць перапёлкі, засмяглыя ў жыце.

Скруцілася лісце, нібы на агні,

На дубе, што век на самоце вякуе,

I толькі над полем каршун з вышыні

У жыце даўно перапёлку цікуе.

У студні, ў крыніцы — ні кроплі вады,

Любімае сонца за шчодрасць кляну я,

Бо сёлета нам не пазбыцца бяды,

Што кожнага з нас не мінуе.

Надыдзе зіма i сцюдзёнай, i поснай.

Няўжо Усявышні нас пусціць на звод

У гэты пакутны, сухі, высакосны,

Амаль што чарнобыльскі год?

27/VІІІ—92



Мара функцыянера

Хапай, рабуй i не саромся,

Але майго, глядзі, не руш,

А мала будзе, дабяромся

Да вашых змардаваных душ.

Забралі ўсё — зямлю i неба,

Сабе палацы узвялі,

A ў нас паціху хлеб, да хлеба,

I нават мову аднялі.

Ім трэба дзесяць слоў, не болей

Рэклама, бізнес, банк, экспрэс,

Валюта, бартэр, ежы уволю —

Каньяк, ікра, балык i секс.

Астатняе за глупства лічаць,

А каб суцешыць мужыкоў,

Чэчэнцаў, асецін паклічуць

Або растоўскіх казакоў.

«Хай нехта вякае: «Ду-ша!»

Нам долары. Вам — ні шыша!

Вось!»

10/X—92



Здані

Здаецца, што з кашмарных сноў

Вяртаюцца былыя здані,

Нам на пагібель зноў i зноў

Страшней за цвёрдае заданне.

Галеча, голад, смерць i кроў,

Разбой, рабункі i пажары,

I сцюжа дыхае з муроў

У чорныя ад гора твары.

Пагібель крочыць след у след...

Даўно без жаднае надзеі

Гібеем я i мой сусед,

А раскашуюцца зладзеі,

Дзялкі, хапугі, гандляры,

Фарцоўшчыкі i прайдзісветы

Дапялі да свае пары,

Дабіліся жаданай мэты.

Для нас — пагібель, ім — жыццё,

Памножанае на мільёны,

Сумленных гора, як асцё,

Даводзіць спакваля да скону.

Як занядбаны чалавек,

Маўчу, цярплю, ды не зміруся,

Што кінуты народ на здзек,

Што Беларусь — без Беларусі.

23/ХІ—93



Пасерабрыла сівізна

А я ж лічыў жыццё бясконцым,

Што буду вечна малады,

Што i на выцвілай старонцы

Пакінуць след мае гады.

Зірну ў люстэрка — не змяніўся,

Зіма мінула i вясна,

Але, выходзіць, памыліўся —

Пасерабрыла сівізна

I скроні i густыя бровы,

Ну, а душа? Душа гарыць:

Да слова слова ніжа слова,

Каб не маўчаць, а гаварыць,

I гавару, што набалела,

Што радуе i што баліць,

Каб толькі не маўчаць, а смела

Казань, што кожны дзень смыліць.

Па радыё i з тэлекамер

Кажу, каб чулі з краю ў край,

Што душаць бруднымі рукамі

Народ дзесяткі-чорных зграй.

Хачу, каб верылі нашчадкі,

Што некалі усё міне,

I толькі застануцца згадкі

Аб нашай горкай старане.

Стаптанай, змучанай, прыгожай,

Што гаравала век сама

На рубяжах i раздарожжах,

А за яе радней няма.

І не было, i век не будзе.

Час непрыкметна прабяжыць...

Мы знікнем, але будуць людзі

I Беларусь па-людску жыць.

29/Х1—93



Першае чысло

Як рыку ашалелага асла,

Палохаюся першага чысла.

Снуюць чыноўнікі ў шыкоўных кабінетах,

Ix сцерагуць вярзілы у берэтах.

Тут не адзін укормлены узвод

Тых беражэ, што «дбаюць пра народ»,

Што галасіў за «мудры лад»,

Парламент i цвярозы ўрад,

Што на рабоце аж кіпіць да пены,

Каб першага чысла патроіць цэны,

Каб кожнаму набіць найбольш гузоў

I кошт узняць у тысячу разоў,

А жабраку на гузік i на лату

Узняць на два «зубры» зарплату.

Чыноўнікі стараюцца да поту

Сабе прыдумваць марную работу,

Нас абдзіраць з усіх бакоў

I суцяшаць мільёны жабракоў,

A прыхапкамі пасля «працы»

За лета збудаваць сабе палацы.

За тое, што яны трымаюцца пасад,

Мы кормім i Парламент i Урад,

Што ў нас забралі поснага масла,

А што ж адхопяць першага чысла?

Якое нас яшчэ чакае зло?

О, Божачка! Зноў першае чысло!



«Пакутнікам» за народ

Зрабіце ласку, не хварэйце за народ,

Ён сам ад ласкі вашае хварэе,

I з дня на дзень, i з году ў год

Ўсё скарачаецца i з голаду хірэе.

Зірніце, з торбамі спяшаюцца усе,

Штурмуюць i ларкі, i гастраномы,

Але ніхто нічога не нясе,

Бо пуста на паліцах, кашальках i дома.

«Рэформам» кожны быў спачатку рад,

Мы ўсе рублі на чорны дзень збіралі,

А чорны дзень прызначыў нам урад,

I ўсіх, як ліпку, злыдні абадралі.

Яны з трыбун крычаць: «Мы — за народ!

За ваша шчасце. Нашым планам верце!»

Аж захлынаюцца i крывяць рот,

А я малю: «Ад шчасця б не памерці».

Не бачаць злыдні нашае бяды,

За ўладу грызучыся ў цытадэлі.

Яны ад балбатні i ад нуды

Старых парадкаў вельмі захацелі.

«Інтэлігенты» ў першым пакаленні,

«Макрушнікі», «шасцёркі», «паханы»,

Каб толькі нас паставіць на калені,

Мільёны расстралялі без віны.

О, дзікі свет! Скажы, каму паверыць?

З якімі прайдзісветамі ісці?

Якою меркаю ix душы мераць,

Каго маліць, каго клясці?

Хто колькі варты? Што з ix кожны значыў,

Як ні стараўся, зразумець не змог,

Відаць, пакутнікамі кіраваць прызначыў

Люцыфер, а не мудры Бог.

Мы зведалі хлусню, кашчунства, здраду

На сотнях акрываўленых дарог,

Угневаны на змагароў за ўладу

Расплюшчы вочы, ўсемагутны Бог,

На Беларусь-пакутніцу зірні

I злітуйся, бо мы з Тваёй радні.

12/Х—93



I раманіст i лірык

Лірычная i чулая душа

Цяпер не варта ні граша.

Нікому лірыка не трэба,

Калі няма ні бульбы i ні хлеба,

Калі ў кватэрах хоць ваўкоў ганяй

I тысячы «зайцоў» на долар памяняй.

Трашчаць ад мяса i калбасаў рынкі,

Любуйся i глытай ад смагі слінкі,

Прамовы урадоўцаў слухай,

Патыліцу i лысіну пачухай,

Калі зацятыя змаганцы

Грызуцца за выгоды на «трасянцы»,

Упартыя, як тое пагалоўе,

Усё за дзяржаўнае двухмоўе,

Бо выракліся мовы роднай

I добра не валодаюць ніводнай.

Не трэба ім тэатры i культура,

Абы жыла наменклатура,

Бо ўеўся ім да самых нырак

I раманіст, i чулы лірык.

Мільёны ў ix для уласнай касты,

A раманісту — цюбічак зубное пасты.

Вось i гадай — чыя душа

Цяпер не варта ні граша.

5/ V—92



У тупіку

Дзялок, нячысты на руку,

Даўно жыве ў асабняку,

Ў Камуністычным тупіку.

Ён быў чэкістам, трохі катам,

Пасля увішным бюракратам,

З тае элітнае пароды,

Што мае ўсе узнагароды.

Цягнуў аднойчы на «Героя»,

Але было старэйшых трое...

Цікава, кім ён стаў цяпер,

Без сакратаркі, i папер,

I ўсемагутнае вяртушкі,

I ўжо не дагаджаюць служкі,

Калі няма казённых «ЗІМаў»

I плоймы ўвішных падхалімаў

А што пазбавіўся пасады,

ён раздабрэў i нават рады,

Сабраў ён колішні актыў,

I вось вам — кааператыў.

У тупіку прачнуўся зранку,

Бо ўжо рахунак ёсць у банку.

А грошы? Робяцца з паветра

I лічацца на кіламетры.

Ён некалі аптовым базам

Даваў усім заданні разам:

Ён ix трымаў, яны — яго

(Вядома, што не аднаго).

Загадчыкі там не святыя,

Галоўнае — ўсё тыя, тыя.

Змяніў пасаду толькі ён

На фірму з назвай «Балабон».

Ен звоніць з раніцы на базу

I вырашае ўсё адразу.

Пасля «актыў» на Камароўцы,

Хто ў куртачцы, а хто ў вятроўцы,

Расклалі джынсы i дублёнкі,

Сукенкі, фінскія пялёнкі,

Касеты, магнітолы, плёнкі.

Дзялкі i цэны — лібералы,

А людзі клічуць «АББІРАЛЫ»,

Бо грошы робяцца з паветра

Даўно у фірменнага «мэтра».

Зубрыў ён Марксаў «Капітал»,

Цяпер свой мае капітал

I не застаўся убаку,

Хоць i не чысты на руку,

I цешыцца ў асабняку

Ў Камуністычным тупіку.

6/ІХ—91



Maнa

Не ведаю, чыя віна,

Што распаўзлася так мана

У доўгіх нудных справаздачах,

У кабінетах i на дачах.

Сын хлусіць маці, маці — сыну,

Нявінную зрабіўшы міну.

Звычайна памаўзлівы муж

Выкручваецца, быццам вуж.

А з кім грашыў?

З чужою жонкай

Пад дараванаю дублёнкай.

Мана такая — паўбяды,

Бяда, што доўгія гады

Хлусня перапаўзае ў зводкі,

І страты лічаць за знаходкі:

Прыпісваюцца два нулі,

Каб толькі процанты былі.

За імі з'явяцца рашэнні,

I будуць грошыкі ў кішэні.

Выкручвацца гультайства мусіць,

Бо робіць брак і хлусіць, хлусіць

Сябрам, начальству і заводу,

А ўрэшце — усяму народу.

Хлусні страшэнная хвароба

Вузлом звязала бракароба.

Палац будуе, — здаў барак,

З пальто ад сілы выйшаў фрак,

І кажа: «Не мая віна,

Што на яго расце цана».

Касцюм, што выштукаваў ён,

Вісіць, нібыта балахон.

Зноў скажа — не яго віна.

Ці не зашмат было віна?

Ён ледзьве поўзаў, быццам рак,

Хаваў чужы i ўласны брак.

Цяпер для ўсіх не навіна,

Што зверху сыплецца мана,

Заместа манны ў нас яна

Усталявалася здаўна.

Хто толькі дбае пра сябе,

Апошняе з-пад нас грабе,

Каб нам хутчэй пайсці на дно...

А берага i не відно.

26/VI—91



Гонар Беларусі

Зямля мая ад Буга i да Сожа,

Ты мне за ўсё на свеце даражэй.

Няхай цябе усемагутны Божа

I нас, i наша поле беражэ.

Народ не будзе болей анямелым,

Ніколі нас не ашукае зброд.

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Здабудзе шчасце наш народ.

Мы гаравалі звеку i давеку,

А мову i сумленне збераглі,

Змагаліся за волю чалавеку

Святое беларускае зямлі,

Каб назаўсёды прашчуры i дзеці

У нашым светлым доме i ў гасцях

Пранеслі гонар Беларусі ў свеце

I бел-чырвона-белы сцяг,

Каб узмужнела воля у народзе

I расцвіла зямля, як сад.

I Беларусь свабодная ўзыходзіць

На вечны i пачэсны свой пасад.

24/IX—91



Век


Гляжу на прошлое с боязнью,

Гляжу на будущность с тоской

М. Мермантад


Ну, вось i канчаецца век ашуканства.

А што прынясе дваццаць першы? Даўгі,

Злачыннае панства, злачыннае п'янства,

Цярпенне бясконцай жабрацкай чаргі.

Спакусліва падаюць яблыкі з дрэва, —

У свет немаўляты прыходзяць штодня,

Начамі сучасным Адамам i Евам

Трызняцца Чарнобыль, Афган i Чэчня.

Нам д'ябал бяду за бядой напрарочыў:

Сатлелыя косці у танках чадзяць,

Нанятых забойцаў здзічэлыя вочы

Праз мушкі ў патыліцы нашы глядзяць.

Ніхто не прызнаецца ў сённяшнім шале,

Што прагне нявіннай крыві i пакут

Хлапцоў i дзяўчат, што учора кахалі,

А сёння глынае пражэрлівы спрут.

У муках канаюць старыя i дзеці,

Знікаюць мільёны ў крывавым віры.

Выходзіць, што самымі мірнымі ў свеце

Свой век дажываюць лясныя звяры.

Баяцца яны, што ушчэнт даканаем

Баброў, ваўчанят i сівога зубра.

Калі ж i над нашым зажураным краем

Узыдзе шчаслівая зорка Дабра?

Так блізка наступнага веку світанне.

Чым стрэне яго мой знявечаны люд?

Не, шчасця не будзе нам без пакаяння,

Крыві не даруе Гісторыі суд.



Салаўіны плач

Не ўцяміць адразу i што гэта значыць,

Чаму салаўі не спяваюць, а плачуць,

Не зычаць зязюлі наступных гадоў

I не суцяшаюць ні дзетак, ні ўдоў?

Напэўна, яны невядомае нацыі,

Убачылі гора i жах радыяцыі.

Чаму забуялі i чэмер, i блёкат,

Чаму юнакі пакаціліся ўпокат

I у нябыт адыходзяць навекі?

Чаму выміраюць крыніцы i рэкі?

Усё ад бяды, ад бяды, да — бяды.

Чаму, як шкляныя, звіняць жалуды?

Чаму на пялёсткі зрудзелае руты

Вясной асядаюць расінкі атруты,

Як чорныя воспіны, ўзвеяны пыл

Ляціць ад калысак да ранніх магіл?

Лісты ападаюць вясной у гаі,

I жаласна плачуць у ім салаўі.

Не чутна улетку пчалінага звону?

Іх ветры загналі ў палынную зону,

I дзяцел пакінуў ссівелы гушчар,

Бо кожнае дрэва страшней за анчар.

Кашчавая хіжымі пальцамі клацае, —

Збірае багаты ўраджай радыяцыя.

Як здані, блукаюць у полі аратыя,

Паціху пытаючы: «Дзе ж вінаватыя?:

30/IV—95



* * *

Пакуль агеньчык не патух,

Віецца дальняя дарога,

Але штодня вузее круг,

A ўперадзе няма нічога.

Пакуль гляджу на белы свет,

Пакуль няроўна сэрца б'ецца,

A спыніцца, — апошні след

I на пяску не застанецца.

Усё прыходзіць без пары,

Азмрочвае жалоба святы,

Знікаюць лепшыя сябры,

I страты памнажаюць страты.

У нейкі дзень календара,

Не за далёкімі гарамі,

Надыдзе i мая пара

Сустрэцца з даўнімі сябрамі.

Апошніх ракавых гадзін

Ніхто не ведае ніколі,

Калі адзін, зусім адзін

Ён знікне, як пясчынка ў полі.

20/11—9/IV—95



ПЕРАКАЗЫ З РОБЕРТА БЁРНСА

Надпіс на папяровых грашах

Я праклінаў шматок паперы,

Бо ён суровы быў без меры:

Ён разлучыў мяне з каханкай,

З шынком, сябрамі, грогу шклянкай.

Ён кідае сумленны люд

У голад, у жабрацтва, бруд.

Я бачыў, як шчаслівы злодзей

Рабуе бедных пры народзе.

Ён мой спрадвеку люты вораг,

Яго я струшчыў бы на порах,

Але яму — ўсе насцеж дзверы,

Бо Урад яму даў шмат паперы.

Каб гэты перажыць падман,

Хоць ты ўцякай за акіян.

Надпic на алтары незалежнасці

Хто незалежны, вольны, горды,

Сумленны i рашуча цвёрды,

Каго натхняе барацьба

За волю i за лес раба,

Хто ставіць ката на калені

Па волi ўласнага сумлення,

A ў сэрцы — неастылы жар,

Таму вароты — насцеж на алтар.

Адказ вернападданым

Вы верныя трону, нібыта авечкі,

Балюеце, ставіце Іраду свечкі,

Вас хутка нянавісць народа дагоніць,

I хто вас ад кары тады абароніць?

Помнік, пастаўлены Бёрнсам на магіле Роберта Фергюсона

Hi урны няма, ні ўрачыстага слова,

Лісты да магілы засыпалі след,

I толькі нячэсаны камень суровы

Гаворыць: «Шатландыя, тут — твой паэт».

Надпіс на магіле школьнага педанта

«Узяць у пекла, — быў загад, —

Tагo, што так вучыў дзяцей,

I там, бясспрэчна, з чарцянят

Ён навыхоўвае чарцей».

Джонсану

Дзялкі мацёрае пароды

Клянуць свабоду i да гэтых дзён,

Калі ж стаў геній ворагам свабоды,

Самазабойца ён.

Перакладчыку Марцыяла

О ты, каго паэзія прагнала,

Хто ў прозе двух радкоў не склаў,

Ты чуеш крык паэта Марцыяла:

«Ратуйце, гвалт! Мяне ён пераклаў!

Радкі пра вайну i каханне

Прыкрыты лаўрамі разбой,

З крывёй, з паходнаю трубой

Не варты анізвання.

Я кроў гатоў аддаць сваю

За жыццятворчасць, што пяю,

I што завуць каханнем.

Я слаўлю мір, i моц яго,

I радасць, i дастатак.

Стварыць прыемней аднаго,

Чымся забіць дзесятак.

Аб кепскіх дарогах

Я дабіраўся ўплаў i ўброд

I ўсё маліўся Богу,

Чаму ж не любіць наш народ

Рамантаваць дарогу?

Хай з Бібліі адзін радок

Запомняць грэшныя народы,

Каб ix гультайскі гарадок

У пекле не гарэў заўсёды.

Да партрэта Роберта Фергюсона, шатландскага паэта

Пракляцце тым, што, як звяры i чэрці,

Далі паэту з голаду памерці.

Старэйшы брат мой па служэнню музам,

Ты ледзьве дыхаў пад смяртэльным грузам.

Я ўспамінаю твой трагічны лес

I горка плачу, хоць не маю слёз.

Чаму пясняр i ў змроку забыцця

Так адчувае хараство жыцця?

Дзяўчыне маленькага росту

Таму i меншы мой алмаз

За слуп гранітны на магіле,

Каб, паглядзеўшы, кожны раз

У сто разоў яго цанілі.

Люстэрка

Ты называў мяне савой,

I думаў пра сябе, што нешта значыў,

Бо ты ў саве адбітак свой,

Як у люстэрку, бачыў.

Да партрэта

Ягоныя вочы не хлусяць

I пазіраюць так як след,

Але яны прызнацца мусяць,

Што гаспадар ix прайдзісвет.

Загрузка...