Дзецям да 16 гадоў
прысвячаецца
Не верыць у рэінкарнацыю - дэбільна проста.
А калі яна ўсё ж існуе? А калі ў апошнім з тваіх папярэдніх жыццяў ты сапраўды - як убачыла ў эзатэрычных табліцах адна абазнаная жанчына - дыхаў п'янкім паветрам XVIII стагоддзя, прачынаючыся і засынаючы ў абліччы папулярнай мексіканскай танцоркі, асобы спакуслівай, падступнай і, бясспрэчна, тэмпераментнай не толькі на сцэне?
У якім увасабленні і праз колькі гадоў ці стагоддзяў ты зноў прыйдзеш у гэтую юдоль пасля змушанага або добраахвотнага развітання з сённяшнім целам і сённяшняй свядомасцю?
Ці залежаць хоць нейкім чынам наступныя з'яўленні на свет ад тваіх цяперашніх прынцыпаў і паводзін? (Няўжо меў рацыю Платон, які ў адным са сваіх славутых дыялогаў бязлітасна сцвярджаў, што гулякаў, абжораў і жлукталёў у наступных увасабленнях чакае безальтэрнатыўны лёс асла?)
Ці марыш ты адпачыць ад чалавечае іпастасі і здзейсніць прарыў з інтэлектуальнага холаду ў новы свет, знайшоўшы для душы зусім іншую цялесную абалонку з абсалютна незнаёмым дыяпазонам магчымага і немагчымага?
Ці будзе ўлічанае тваё жаданне ўцялесніцца ў нейкім канкрэтным абліччы або ў пэўным месцы? Можа (у спадзяванні на тое, што дзесьці там, умоўна кажучы, «наверсе», прыслухаюцца), гэтае жаданне сапраўды варта публічна агучыць, як, прыкладам, Іосіф Бродскі, які шмат разоў паўтараў, што ў новым увасабленні хацеў бы жыць у Венецыі - хоць катом, хоць пацуком.
Пра такія рэчы добра бывае паразважаць у звярынцы, асабліва калі сонца паварочвае на вясну, калі зноў верыцца ў лепшае, а ў кішэні ў цябе - зграбная булькатлівая біклажка з нержавейкі.
Вось перад табою, да прыкладу, леў.
Ува ўмовах дзікае прыроды ён, як паведамляе шыльдачка, жыве пятнаццаць гадоў, у няволі - усе трыццаць. Чаму б ты на ягоным месцы аддаў перавагу? Што лепей? Пагойсаць адмеранае табе лёсам па саване, паесці дасхочу свежыны, розных там антылопаў, зебраў ды жырафаў, і ўжо на другім дзесятку заручыцца з зямлёю? Або ўдвая даўжэй на ўсім гатовым займацца філасофскімі назіраннямі за чалавечай пародаю, каб урэшце прыйсці да высновы, што ў звярынцы, як і ў чалавечай турме, самае страшнае, што ты не можаш зачыніцца з сярэдзіны.
Па гамбургскім рахунку, скарачаць сваё жыццё гэтаксама цікава, як і яго расцягваць. А ўсё ж як наконт кампраміснага варыянта? На пятнаццатым годзе волі, пакаштаваўшы ўсяго на свеце (у тым ліку, вядома, і карыснай для львінага арганізма чалавечыны), можна самахоць здацца ў заапарк і, бязгрэшна гледзячы людзям у вочы, атрымаць яшчэ адзін жыццёвы тэрмін з гарантаванаю пайкай. Які з трох шляхоў абяцае найбольш прыстойную рэінкарнацыю?
Побач з ільвом - самец малпы, гібон, які, песцячы позіркам вабных жанчын, натхнёна займаецца мастурбацыяй, што выклікае здаровую цікавасць у юных аматараў прыроды, якіх бацькі мусяць жывасілам цягнуць да іншых клетак. Кім быў у мінулым існаванні ён? Сексуальным маньякам? Хлопчыкам з чарнобыльскай зоны, які ціха сканаў ад лейкеміі, так і не паспеўшы зрабіцца мужчынам?
А твой зялёны рахманы брат кракадзіл, што ў зімовай кватэры-камеры не можа нават выпрастаць хваста і гібее, уяўляючы сабой жывы пытальнік без кропкі?
У адоранага амаль чалавечай прыгажосцю, але нязмерна больш дасканала складзенага пітона прасторы болей, хапае і тром жвавым белым курапаткам, ягонаму падвячорку. Хто ведае, ці не былі гэтыя грацыёзныя бесклапотныя істоты ў ранейшым жыцці прафесійнымі выляжанкамі і венерычкамі, а мо - выдатніцамі і сакратарамі камсамольскіх камітэтаў...
Між іншым, часам табе самому таксама маніцца пасля смерці вярнуцца птушкаю. Нездарма ты некалі ўяўляў свае пераўвасабленні ў грака і яго самотныя палёты над горадам з прызямленнямі ў самых нечаканых месцах - ад вар'ятні да падвокання кухні адной здрадлівай знаёмай.
Чаму грак, а не якісь там бусел? Мо таму, што тады не трэба будзе адлятаць на зіму, а ты адчуваеш, што з гадамі можаш зрабіцца лайдакаватым і цяжкім на пад'ём персанажам, які лічыць, што, маючы розум, са свайго вакна можна ўбачыць болей, чым аб'ехаўшы цэлы свет?
Але вось галоўная праблема: ці будзеш ты ў іпастасі грака памятаць, што ты - гэта ты? А калі не, калі не будзе прынцыповай розніцы паміж табой у новай цялеснай «апранасе» і табой, хворым, крый Божа, на хваробу Альцгеймера, пры якой чалавек страчвае сваю памяць, а значыць і сваё «я», калі так, дык ці не ўсё адно, вернешся ты або не, а калі і вернешся, то хіба істотна - у чыім абліччы: халаднакроўнай вужакі, перапоўненага каханнем марцовага ката, балотнай п'явіцы або блакітнага матылька-аднадзёнка? Не, мабыць, кот усё ж мае перавагі перад вужакай. Але ты рызыкуеш апынуцца ў зачараваным коле, бо мяркуеш пра свае новыя верагодныя ўвасабленні выключна з чалавечага гледзішча. А дзе, скажы, гарантыя, што ў момант свайго смяротнага ўкусу вужака не перажывае асалоды і шчасця, стакроць мацнейшых і шматстайнейшых за твае адчуванні пры самым фантастычным аргазме?
Дарэчы, пра аргазм. З якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на імгненне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнічая істота, з якой ты дзеліш ложак? Можа, ніякай мексіканскай танцоркі напраўду ніколі не існавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае каліва, але мусіў бы памятаць. Нельга ж пагадзіцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам і ўсім астатнім сваім-тваім жаночым багаццем служыла эталонам фрыгіднасці і за свае пяцьдзесят тры (як паказалі эзатэрычныя табліцы) вірлівыя гады так нічога і не адчула.
Адзінае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся - вярнуцца раслінаю. Ты згодны з філосафамі: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на сляпое, паўсоннае, прыкутае да зямлі існаванне. А вось непрыкметны камарык-насаты тварык - свабодны: звоніць у свой невідочны званочак, вырабляе складаныя піруэты ў сонечным промні, сам вызначае сабе шлях і выбірае ахвяру. Жывёла мае выбар, і ў гэтым сэнсе нябачная воку інфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплі, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусвету, а велічэзны клён, на галінцы якога яна вісіць, - несвабодны. Вырасці клёнам, каб нейкі апівуда пускаў на цябе свой пенлівы струмень і яму нельга было даць выспятка, ты не згодны. Няхай ужо тады будзе мікракосм інфузорыі... (Цікава, колькі інфузорыяў затаілася ў сусвеце тваёй біклажкі?)
Блукаючы ад клеткі да клеткі, ад глытка да глытка і ад рэфлексіі да рэфлексіі, ты настолькі заблытваешся ў іхнім багавінні, што ледзьве не прапускаеш падзеі, якая нядаўна крыху ўзбунтавала ціхамірную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўніўшы сэрцы жыхароў і наведнікаў звярынымі і чалавечымі пачуццямі.
Зрэшты, у здарэнні няма нічога неардынарнага: белыя мядзведзі з'елі дзяўчынку Машу.
Гэтую афарбаваную светлым фаталістычным сумам гісторыю ты чуеш адразу ў некалькіх сагрэтых чалавечай спагадаю інтэрпрэтацыях.
Паводле першай, брацік неабачліва паставіў сястрычку на верх агароджы, а малой заманулася пагуляць з «мядзведзікамі». Праз хвілю аматары прыроды ўбачылі, што ласкавыя, амаль плюшавыя «мішуткі» хацелі есці. (Некаторыя заўсёднікі звярынца ўдакладняюць, што дзяўчынка Маша летась прыехала з бацькамі з Расеі.)
Другая версія сцвярджае, нібыта дзеці раслі ў моцна пітушчай сям'і і брацік асэнсавана падштурхнуў любую сястрыцу, як часам птушаняты выкідаюць слабейшых з гнязда, каб самім мець лепшы наедак.
Апалагеты трэцяга варыянта перакананыя, што Маша, ад якой засталіся адны пажаваныя ружовыя майткі, была не такая ўжо малая і паспела запусціць свае вострыя зубкі ў сакавіты яблык зямных спакусаў, бо хварэла на СНІД і заразіла блізу сотні мужчынаў і пару дзясяткаў жанчын і дзяўчынак. Прыгнечаная сумленнем, пачвара татальнага сексу і выправілася ў ружовых майтках на гасціны да дружнай сям'і мядзведзяў, эгаістычна не думаючы, што можа заразіць яшчэ і іх.
У апошняга варыянта ёсць падварыянт, згодна з якім перадаць невылечную пошасць хворая ад нараджэння Маша, не ведаючы пра тое, здолела адно свайму каханаму Гошу. Пасля жахлівага прысуду медыкаў юная пара проста на ганку дыспансера паклялася разам звесці падрахункі з жорсткай рэчаіснасцю, аднак у астатні момант Гоша выявіў агідную слабасць характару і цяпер да скону дзён будзе сніць пагардлівую ўсмешку на вуснах каханай, пасланую яму ўжо з пашчы паўночнага драпежніка.
Значна менш прыхільнікаў маюць іншыя версіі. Напрыклад, што Маша ані не хварэла на СНІД, а легкадумна закахалася і страціла нявіннасць у пяшчотных абдымках мясцовага плэйбоя, гнюснага вашывага прадпрымальніка, які нават у непаўторныя хвіліны пяшчоты тэлефанаваў кудысьці праз мабільнік і замаўляў вагон рыбы. Гэты монстр ніколі не дазваляў сабе быць з адной жанчынаю болей за адзін раз, а крыху экзатычны спосаб самагубства пакінутая Маша абрала з тае прычыны, што пісала вершы, а значыць, была натураю артыстычнай і нават у драбязе не цярпела банальнасці.
Ты аўтаматычна шукаеш рыфму да слова «мядзведзь»: «ледзь-ледзь», «смярдзець»... Далей выплывае нешта спрэс непрыстойнае.
Пакуль тое, нейкая цётухна прапануе іншы жаласны сюжэт. Маша чакала дзіця; адпаведная апаратура ўжо паказала, што народзіцца хлопчык, і шчаслівая маці выбрала яму імя - Саша. Але імя выявілася нешанцоўным, бо развіццё падзеяў атрымала незапланаваны паварот: Сашаў бацька, які рыхтаваўся стаць Машыным законным спадарожнікам жыцця, прадэманстраваў усім зацікаўленым бакам завераныя гербавай пячаткаю дакументы, адкуль вынікала, што ён - інвалід савецкай арміі, дзе хапянуў дозу радыяцыі, якой з гакам хапіла, каб стаць поўным імпатэнтам і ніколі не мець дзяцей. «Вось табе і Саша!» - пераможна заявіў інвалід савецкай арміі і, весела насвістваючы расейскую песеньку пра тое, што «Сладку ягоду рвали вместе, горьку ягоду - я одна», развітаўся з будучай маці, якая на апошнія грошы набыла квіток у звярынец.
Гэты досыць трывіяльны сюжэт табе чамусьці не падабаецца: магчыма, шкада Сашу, якога драпежнікі з'елі разам з Машай, спыніўшы працэс ягонае рэінкарнацыі на самым пачатку.
Больш сімпатычнай выглядае версія, паводле якой ахвяра мядзведжага апетыту была транссексуалкай, што пасля аперацыі ператварылася ў Мішу, але аднойчы, і, трэба сказаць, у самы пікантны і напружаны момант, у скляпаным дактарамі шчаслівым арганізме неспадзявана пачалася рэакцыя адчужэння, і трансплантаваны орган адваліўся, што і змусіла агорнутага роспаччу Мішу, зноў перавернутага ў Машу, аддацца на разарванне белым мядзведзям.
І, бадай, самае неверагоднае, што ты выслухаў каля вальеры, - нібыта Маша не мела аніякага дачынення ні да малалетніх дзяўчынак, ні да няшчасных закаханых і хворых на СНІД, а жыла на вуліцы Калектарнай у тым доме, дзе прымаюць шклатару, і была сямідзесяцігадовай бабуляю, якую дзеці і ўнукі выгналі з дому за тое, што ўначы яна моцна храпла і будзіла канарэйку. Вось бабуля і пайшла да мядзведзяў, бо любіла жывёлаў і рэгулярна падкормлівала галубоў каля помніку Ф.Дзяржынскаму. У такі варыянт, пры ўсёй ягонай вонкавай абгрунтаванасці, паверыць архіскладана: пералезці высокую жалезную загарадку вальеры няпроста нават спрытнай жыццярадаснай дзяўчыне ў ружовых майтках, а спагадлівыя наведнікі звярынца напэўна засаромеліся б падсаджваць бабулю, уважаючы на ейны век і ўсеагульную павагу, бо Маша штодня па шмат разоў займала чаргу да вакенца прыёму шклатары і брала за паслугу амаль сімвалічныя ганарары. Наўрад ці бабулі дапамаглі караскацца на агароджу і родныя ёй людзі, таму што, як ты разумееш, яны не ставілі задачы кардынальнай ліквідацыі бабы Машы. Праблема палягала адно ў моцным храпе, і не выключана, што, жывучы ў натуральных прыродных умовах і на адпаведнай дыеце, бабуля магла хутка перавыхавацца і трыумфальна вярнуцца ў свае пенаты на Калектарнай.
Зрэшты, няма ніякай гарантыі, што ўсё гэта - не больш чым брудныя інсінуацыі. Рэальнасць жа перад табою: засраная вальера і зграя прадстаўнікоў арктычнае фаўны - калісьці, відаць, сапраўды белых, сытых і поўных мядзведжае годнасці.
Што ім мроіцца ў звыклым галаднаватым паўсне? Неабсяжная, зіхоткая ў месяцавым святле снегавая роўнядзь? Атамны ледакол «Ленін» на ахопленым паўночным ззяннем даляглядзе? Некалькі кашчавых нясмачных палярнікаў? Ясачка цікавасці і спадзявання прачынаецца ў зацягнутых каламутнай плеўкаю вачах адно тады, калі да сталёвых прэнтаў набліжаецца якая-небудзь таўсмаценькая бестурботная дзяўчынка, што, безумоўна, сведчыць на карысць версіяў пра браціка і сястрыцу.
Цалкам рэальны і развязны цынічны тып у модным чорным паліто і шэрай кепурцы, які - дарма што вакол дзеці - гучна прапануе паставіць на бетоннай скале ў вальеры помнік: вясёлага масянжовага мядзведзя з дзяўчынкаю ў зубах. Шэрая кепурка мяркуе, што мядзведзі заслугоўваюць на помнік ужо хаця б з тае прычыны, што не пагрэбавалі чалавекам. Чорная фантазія гэтага суб'екта прыводзіць на ўспамін інфернальных персанажаў Міхаіла Булгакава, але сам змрочны Азазела не дадумаўся б да таго, што лепей бы расейскую дзяўчынку Машу праглынуў пітон, бо пасля такога абеду ён сыты цэлых паўгода, а мядзведзі ўжо ўвечары таго самага дня са смакам схрумсталі б штук пяць свежых дзяўчынак. Апрача таго, каб Машаю заняўся пітон, нейкі час яе, ці, праўдзівей, ейныя дзявочыя абрысы яшчэ можна было б бачыць, што крыху супакоіла б боль незваротнае страты ў душах бацькоў і хлопчыка, якому Маша падабалася.
Публіка нервуецца (маўляў, адкуль толькі бяруцца гэткія вырадкі) і - абсалютна дарэмна, бо, як вядома, чым вышэйшая генетычная разнастайнасць віду, тым вышэйшыя патэнцыяльныя магчымасці яго развіцця.
Суб'ект у чорным паліто прапануе прысутным ушанаваць памяць дзяўчынкі Машы хвілінаю маўчання і першы здымае сваю шэрую кепурку. Гэта моцны ход, які адразу змушае абураныя галасы сціхнуць.
Але ты выдатна ўсведамляеш, што нельга дазваляць эмоцыям расцугліцца. Калі зыходзіць з магчымасці рэінкарнацыі, гісторыя з дзяўчынкай успрымаецца зусім не так трагічна і з яе лёгка пераключыцца на праблему наступнага Машынага ўвасаблення. Як і дзе яна вернецца да тваіх сучаснікаў ці нашчадкаў? Залатой рыбкаю дзе-небудзь у Тайландзе або галоднай белай мядзведзіцай у засранай вальеры пасярод тваёй краіны?..
Тым часам думка зрываецца са звыклай арбіты, і ты пачынаеш разважаць прыкладна так. Калі ў пэўным сэнсе можна казаць пра рэінкарнацыю жывых істотаў у герояў мастацкіх твораў, то чаму б не дапусціць, што праз нейкі час літаратурны герой, у сваю чаргу, уцелясняецца ў чалавеку або іншай Божай тварыне? Гаротны Муму за ягоныя пакуты няхай бы атрымаў кампенсацыю ў выглядзе поп-зоркі, а жорсткую барыню добра было б пусціць бегаць па памыйках аблезлай сучкай-бесхацінкай. Хто наогул возьмецца даказаць, што свет літаратурных вобразаў менш рэальны за наш? Пэўна, не адзін ты і не толькі прыкладаючыся да сваёй біклажкі заўважаеш, што часцей не мастацтва наследуе жыццю, а якраз жыццё - мастацтву. Дастаткова згадаць авіятараны хмарачосаў у Нью-Ёрку, катастрофу з разраду тых, якія значна раней нам ужо паказвалі ў галівудскіх фільмах.
Але зараз цябе цікавяць не арабскія тэрарысты, а мірныя, вечна недакормленыя мядзведзі, якія за месяц апрыходавалі б усіх байцоў Бэн Ладэна.
Нейкае, яшчэ не да канца ўсвядомленае жаданне не адпускае цябе ад вальеры, прымушаючы наразаць вакол яе новыя і новыя кругі.
Паводзіны мядзведзяў, безумоўна, заслугоўваюць павагі. Яны, як і ты сам, відавочна стаяць на тым, што калі ў змаганні нельга перамагчы, то неабходна, прынамсі, не паддацца. Яны кінулі выклік сваім турэмнікам, з'еўшы на падвячорак прадстаўніцу іхняй пароды, якая, стаўшы дарослай, наўрад ці змагалася б за правы абяздоленых жывёлаў, бо, кажуць, займалася ў школьным гуртку юных натуралістаў, дзе вучні звычайна мучаюць небараку вожыка, здадзеную кім-небудзь старую чарапаху ды пару анемічных вавёрак. Ты сам быў такім гурткоўцам і добра памятаеш, як лагодную зялёную чарапаху Тарцілу вы кармілі газетамі з партрэтам Хрушчова (што, як ні дзіўна, пайшло ёй на карысць), а лядашчую вавёрачку пачаставалі аднойчы адмысловымі арэхамі, якія праз шпрыц начынілі гарчыцай.
Мядзведзі пра згаданыя эксперыменты, трэба спадзявацца, не ведаюць. Іх чацвёра: бацька, маці і два маладзёны. Ужо па іхніх паставах і выгоднасці месца, занятага дзеля дзённае дрымоты, ты бачыш, што рэй у сям'і вядзе стары бялун, у якога жыццё ў няволі так дарэшты і не знішчыла прыроднае велічы. Ты з усё большай павагаю прыглядаешся да патрыярха, бо гэта відавочна ён у крытычны момант, маланкава ацаніўшы сітуацыю, прыняў адзіна правільную пастанову: «Есці!»
Твой унутраны краявід ачышчаецца ад туману, і ты разумееш, што прымагнічвае цябе да вальеры: імкненне ўступіць са старым мядзведзем у кантакт. Табе ўяўляецца, што дзеля гэтага не абавязкова лезці да яго (з усімі непрадказальнымі вынікамі такой экспедыцыі). Мо хопіць таго, што ты на імгненне спаткаешся з ім вачыма і, як часам здараецца ў свеце людзей, галоўная інфармацыя будзе счытаная - важна толькі гранічна сканцэнтравацца і настроіць свой унутраны прыймач на адпаведную хвалю.
Што ты прагнеш даведацца найперш, дык гэта тое, кім ён хадзіў па зямлі ў мінулым жыцці. Ты мусіш ухапіць нейкую зачэпку, нітачку, якая дапаможа раскруціць клубок аналогіяў і асацыяцыяў. Аднак злавіць позірк уладара вальеры надзвычай няпроста, бо ён цяпер у абдымках свайго мядзведжага Марфея: заснуў на санцагрэі пад штучнай скалой з падазронымі цёмнымі плямамі.
З паўночнага боку вальеры - адтуль, дзе рэзідэнцыя паўліна з выскубаным на сувеніры хвастом - да скалы можна падысці бліжэй. Але чым парушыць ціхамірны сон белага патрыярха? У кішэні твайго паліто - жменя цукерак «Чырвоная Шапачка». На абгортках якраз тое, што трэба, - апетытная дзяўчынка з кошыкам. (Праўда, на месцы ваўка ты б пакрыўдзіўся, бо яго адсутнасць на малюнку пахне дыскрымінацыяй, і застаецца суцяшацца думкаю, што акурат у гэты час ён, воўк, змястоўна бавіць час з бабуляю.)
Першая і другая цукеркі не далятаюць, але прыстрэльванне ідзе ўдала, і ўжо трэцяя «Шапачка» трапляе ў брудна-белы азадак, а чацвёртая і пятая кладуцца на цэмент перад самай пысаю соннага драпежніка. Той падымае галаву - і вось ён, чаканы момант! Вашыя позіркі сустракаюцца, і паміж імі напраўду ўзнікае невідочны, але жывы, пульсоўны ток, канал сувязі - і яно невыпадкова, бо гэтыя вочы, дзве спелыя чорныя слівіны - фантастыка! - нібыта знаёмыя табе, ты ўжо калісьці глядзеў у іх, а таму з падвойнай энергіяй намагаешся выцягнуць з прыцемкаў свядомасці свайго белага візаві хоць якуюсьці звестку пра ягонае ранейшае, дамядзведжае жыццё.
Неверагодна, але, здаецца, нешта выходзіць, і ты, зняможаны сеансам сувязі, сядаеш на лавачку каля паўліна і, апусціўшы павекі, пракручваеш сам сабе атрыманы інфармацыйны ролік. Чаму б не прызнаць «карцінку» сігналам, пасланым тваім маўклівым суразмоўцам з тых сховаў, дзе дрэмле пад попелам незлічоных гадоў непрадказальная памяць продкаў?
Вогнішча, яркая нетутэйшая зеляніна, цёмныя расфарбаваныя постаці аголеных людзей, правадыр на ўзвышэнні - таксама голы, адно са скураным паскам на таліі, адкуль, прыкрываючы мужчынскае багацце, звісае лахман з нейкім цьмяна знаёмым з твайго дзяцінства значком, які зачаравана разглядвае малы мурза з сінім пяром у жорсткіх чорных кучарах. Ты падкручваеш колца павелічэння і бачыш акцябрацкі значок з амаль дзявочым тварыкам яшчэ бяскрыўднага Валодзі Ўльянава...
Але пры чым тут незабыўны амфітэатр вашай студэнцкай аўдыторыі і прафесар з цудоўным рэдкім імем Гілер Мардухавіч, які аднойчы самахоць стаў ардынарным Генадзем Міхайлавічам, за што яму напэўна давядзецца заплаціць падатак пры рэінкарнацыі.
Аўдыторыя, Гілер Мардухавіч і твой аднакурснік з яшчэ больш дзівосным імем Мбамба (што з афрыканскай перакладаецца прыкладна як «аматар чалавекаў»), з якім ты па чарзе смокчаш праз саломінку «Портвейн розовый крепкий» (0,7 л), захінуўшы зялёную пляшку чырвоным падручнікам гісторыі КПСС. А побач, таксама з саломінкаю ў зубах, пасмоктвае «Лідскае» вялікая аматарка піва Маша Тарабанава, што не толькі круціла з Мбамбам раман, але і збіралася да твайго чорнага сябра на летнія вакацыі, а потым у ЗАГС, балазе вірусу СНІДу тады яшчэ не існавала (прынамсі, у вашых шыротах пра яго не чулі), а грошай яе каханы не лічыў і штосуботы паіў упокат увесь ваш інтэрнатаўскі пакой армянскім каньяком, а танны партвейн вы з ім цадзілі з тае прычыны, што гэты суворы напой быў для загартаванага сына экватарыяльных лясоў нечым накшталт мінералкі. Аднак у апошні момант Маша, на жаль, перадумала ехаць, бо папаўзлі недарэчныя, яўна запушчаныя зайздросніцамі чуткі, быццам у таго племя, што ўзгадавала Мбамбу, існуе мудры, асвечаны стагоддзямі звычай з'ядаць нявестаў, якіх не ўпадабаюць бацькі закаханага юнака.
Ты робіш з біклажкі добры глыток, і шампаністая хваля ўражанняў і ўспамінаў адкочваецца назад, пакідаючы на беразе свядомасці выразны след.
Усё выцягваецца ў мудрагелісты, але цалкам лагічны ланцужок. Правадыр з акцябрацкім Валодзем Ульянавым у раёне амбівалентнага органа - гэта тата Мбамбы, хлопчыка з сінім пяром у валасах, які потым дзякуючы левым поглядам таты, перакананага марксіста і героя вайны з каланізатарамі, атрымаў накіраванне ў БДУ імя Леніна.
Маша Тарабанава так і не нарадзіла Мбамбу сына, які называўся б Мбамба Мбамба Мбамба Мбамба, бо народ твайго колішняга аднакурсніка трымаецца старажытнага звычаю, калі да сына пераходзіць бацькава імя, якое проста паўтараецца два разы. Насамрэч твой афрыканскі сябар зваўся, згодна з пашпартам, Мбамба Мбамба, а вось тата ў яго быў проста Мбамба, бо, як звалі ўжо ягонага бацьку, не ведала нават маці Мбамбы-першага, таму, дарэчы, яго, так і ахрысцілі Мбамбам (у перакладзе з іхняй афрыканскай - не толькі двухсэнсоўнае «аматар чалавекаў», але і «выблядак»), што, аднак, не зашкодзіла носьбіту гэткага праўдзівага імя зрабіцца правадыром свайго свабодалюбнага народа.
Але Маша не прыехала; Мбамба Мбамба на вакацыях засумаваў, узначаліў змаганне з хеўраю мааістаў з суседняга племя і, як пісалі газеты, мужна загінуў у няроўным баі. Як шмат нават у глабальнай ідэалагічнай барацьбе залежыць ад выпадковасці! Каб Тарабанава не купілася на брудныя чуткі, твая краіна магла мець сёння надзейнага хаўрусніка на чорным кантыненце.
Што ж да саміх тых чутак, дык аднаго разу, выпіўшы за кошт народа Мбамбы бутэльку рому «Havana Club», ты адкрыта запытаўся ў сябра, ці ўваходзіць чалавечына ў меню ягоных супляменнікаў, і твой сябар, бязгрэшнае дзіця джунгляў, асветленых ідэямі самага перадавога вучэння, шчыра адказаў, што, як ты і думаў, усё гэта лухта: ніякіх нявестаў, нават белых, у іх не ядуць і наогул пасля заваёвы незалежнасці ваяры, даеўшы палонных каланізатараў і каланізатарак, урачыста прысягнулі зрабіць крок насустрач забабонам усясветнай цывілізацыі і конча адмовіцца ад ужывання такога карыснага прадукту. Вынятак зрабілі толькі для Дня незалежнасці, калі маленькі Мбамбаў народ чыста рытуальна, так, што не паспявае адчуць і смаку, з'ядае некалькіх былых каланізатараў, якіх ловяць і прывозяць у родныя мясціны юнакі з іхняга племя, што служаць у сталіцы, ходзяць, як і ён, Мбамба, у штанах і ахоўваюць там міжнародны аэрапорт, у чыіх ваколіцах найчасцей трапляюцца былыя каланізатары, якіх зазвычаена гатаваць з рознымі прыправамі. (Вось чаму Мбамба старанна скупляў у краме насупроць вашага інтэрнату духмяную грузінскую прыправу «хмелі-сунелі».)
Трымаючы ў галаве аднакурсніцу Машу, ты на ўсялякі выпадак пацікавіўся, ці не ўлетку адзначае народ Мбамбы Мбамбы сваё свята вызвалення. Не, сказаў твой цемнаскуры сябра, на жаль, якраз узімку, калі ў іх на экватары сезон дажджоў, а ён здае тут экзамены, і, не здагадваючыся пра падтэкст твае цікавасці, прастадушна дадаў, што, зрэшты, дата Дня незалежнасці даволі рухомая і яе ўжо не раз мянялі праз рэферэндумы, прычым кожнае племя, паводле іхняе дэмакратычнае канстытуцыі, мае права правесці ўласны рэферэндум і вызначыць сабе найбольш зручную дату галоўнага дзяржаўнага свята.
Толькі цяпер, у звярынцы, у цябе мільгае думка, што менавіта ў зімовую сесію, калі Мбамба актыўна запасаўся «хмелямі-сунелямі», бясследна знік ваш выкладчык лаціны Беньямін Айзікавіч Пільман, але ты з палёгкаю смяешся, узгадаўшы, што згуба потым усплыла на гістарычнай радзіме, дзе ўзнялася ад шараговага савецкага дацэнта да намесніка міністра адукацыі. Дый не такі быў Мбамба чалавек, каб есці з «хмелямі-сунелямі» выкладчыкаў роднага факультэта...
Вось як бывае: прыйдзеш у звярынец прыгожа адпачыць, а тут столькі ўсяго абрынецца, што застаецца адно выгодней уладкавацца на лавачцы і, расшпіліўшы пад амаль вясновымі сонечнымі промнямі чорнае паліто ды накрыўшы шэрай кепуркаю родную біклажку, паспрабаваць неяк выбавіцца з гэтага завалу.
Дзеля пачатку ты вырашаеш засяродзіцца на праблеме асабістае рэінкарнацыі. Натуральна, што пасля апошніх падзеяў ты проста асуджаны «прымерыць» іпастась мядзведзя, праўда, адразу зарэзерваваўшы сабе варыянт з айчыннай бурай пародай.
Спярша ты ўспамінаеш усё, што ведаеш пра будучага віртуальнага ўладальніка тваёй душы.
Першая згадка - пра дзіцячы садок, дзе перад Новым годам цябе прызначылі мядзведзем, і мама змайстравала табе ўбор з брунатных штонікаў, сваёй старой кофты і каптурыка з круглымі вушамі. Пад святочнай ялінкаю кожны звер мусіў абараніць свой навагодні строй - расказаць Дзеду Марозу вершык, атрымаўшы ў выніку жменю ліпучых цукерак-ірысак. Знайсці табе вершык мама папрасіла суседа Грышу, чарнявага, з густымі, як быццам намаляванымі бровамі, хлопчыка, які ўжо вучыўся ў школе. Грышаў вершык быў кароткі і вельмі табе спадабаўся. Менавіта яго ў патрэбны момант і пачуў ад цябе Дзед Мароз:
Миша, серенький медведь,
Научил меня пер...ть.
Наступны - ужо дарослы - верш ты ўпадабаў, чытаючы расейскую літаратуру:
Приятно зреть,
Когда большой медведь
Ведет под ручку
Маленькую сучку.
Трэба заўважыць, што героі гэтага лапідарнага твора нязменна выклікаюць у цябе самыя светлыя пачуцці.
Затым у тваіх прыгадах ідуць добра знаёмыя ўсім народныя казкі, сярод якіх адметнае месца, вядома, займае вегетарыянская гісторыя пад назваю «Маша і мядзведзі». Сёння ты яшчэ раз пераканаўся, што жыццё разнастайнейшае, весялейшае і смачнейшае за самую цікавую казку. (Вось таксама забаўны нюанс: уплыў казачнага свету на рэчаіснасць. Тая Маша, ад якой ацалелі толькі майткі, магла начытацца казак і паспрабаваць інтэрпалявацца са свету вечна п'яных бацькоў і галоднага браціка ў тую ідылію, дзе маленькі Мішутка амаль ласкава пытаецца, хто еў з ягонай місачкі.)
Ад казак ты плаўна пераходзіш да славутай навелы Праспера Мерымэ «Локіс» - пра графа-пярэваратня, народжанага графіняю, што страціла розум, адстаўшы на паляванні ад сваіх і апынуўшыся ў пяшчотных абдымках мядзведзя, які на ўсю поўніцу скарыстаў свой шанец. Навела заўсёды была блізкая табе не толькі жывым паўнакроўным вобразам графа (каму ты, як і ягонаму лясному тату, па-добраму зайздросціў), але і ейнай геаграфічнаю прывязкаю, бо французскі класік апісаў падзеі, што адбываліся ў братняй жмудкай частцы Вялікага Княства Літоўскага, а «локіс» у перакладзе з мовы жмудзінаў і азначае «мядзведзь».
Ну, граф з такім, дарэчы, мілагучным беларускім імем - Міхал Шэмет - быў экстрэмалам, так шэнціць не кожнаму. А што ты чуў пра сціплых шараговых мядзведзяў, якія адносна нядаўна так шчыльна насялялі тваю краіну, што ў прыдзвінскіх лясах нейкія 150 гадоў таму паляўнічыя здабывалі, бывала, за аблаву дзесятак касалапых, ніколі не адмаўляючыся пры гэтым пачаставацца мядзведжымі секунцамі ды паляндвіцамі.
Гэты экскурс у гісторыю наганяе на цябе лёгкі сум, і ты паварочваеш да больш памысных рэчаў. Напрыклад - да меню бурага мядзведзя. Як табе памятаецца, рацыён у яго, адрозна ад твайго сябра Мбамбы, пераважна раслінны: ягады, арэхі, авёс, жалуды, што не выклікае ў цябе пярэчанняў, тым больш у ім ёсць і спажыўныя прадукты жывёльнага паходжання: жамяра, жабы, грызуны, рыбка, капытныя... Хіба не прыемна паласавацца на зайздрасць французам свежай, халодненькай жабкаю, зажаваць жменю ружовых жыццярадасных чарвякоў якім-небудзь маладым суслікам, закінуць за шчаку парачку салодкіх сялявак або курмелікаў, а на мядзведжы Дзень Волі можна ўпаляваць казулю, дзіка, а як падфартуніць, то і нешта арыгінальнейшае...
Услед за мядзведжым меню з памяці ўсплываюць звязаныя з ім гісторыі: чутыя і перажытыя. Бо зусім побач з тваім Полацкам - Бярэзінскі запаведнік, а там мядзведзяў болей, чым ува ўсіх разам узятых краінах Эўразвяза.
Гісторыя нумар адзін - пра старога вясковага настаўніка біялогіі. Настаўнік меў слабы зрок, а таксама пункцік - нястомна бараніў мурашак, бо лічыў іх найкарыснейшымі істотамі. Ідзе, значыцца, настаўнік лясной дарогаю і бачыць, як нейкі боўдзіла варушыць мурашнік. Стары паводле сваёй завядзёнкі наважыў таго боўдзілу ўлякнуць, каб і дзесятаму заказаў, - падкраўся ззаду ды як раўне: «Ты што, урадзіцель ё...ны, робіш?!» - і нагой пад азадак. «Урадзіцель» - брык - і не варушыцца, ды яшчэ ў паветры неяк нецікава запахла. Настаўнік працёр акуляры і сам ледзь у штаны не нарабіў: ляжыць побач з мурашнікам у кучы г... вялізны мядзведзь з лапаю ў роце і ўжо не дыхае. Паласаваўся, называецца, кісленькім...
Або другая гісторыя. Ходзіць чалавек па грыбах і чуе раптам, як у нетрах штосьці дзеецца. Падышоў бліжэй, а там мядзведзь хавае пад ламаччам задзёртую казу, каб сок пусціла, бо ён, гурман, любіць мяса з душком... Грыбнік і вокам не зміргнуў, як апынуўся на дрэве. Мядзведзь, пакуль тое, казу схаваў, паюндзіў ад задавальнення на малады баравік ды рушыў па сваім звярыным клопаце. А чалавек ужо трохі агойтаўся і касалапаму з дрэва наўздагон: «Мэ-э-э...» Той вярнуўся, адкапаў «заначку», панюхаў, пакруціў і так і гэтак ды, супакоіўшыся, закідаў хлуддзём назад. Толькі сыходзіць, а тут аднекуль: «Мэ-э-э...» Мішка вярнуўся, зноў, але ўжо палахліва азіраючыся, паўтарыў свае манеўры з козачкай, зноў пасунуўся паціху ў лес, а грыбнік трэці раз: «Мэ-э-э!» І тады мядзведзь як падмазаў пяты - толькі лес трашчаў.
Трэба сказаць, што размовам пра мядзведжую палахлівасць ты не надта даеш веры. Найхутчэй гэта - дзеля свайго заспакаення, прыдумалі вы, людзі. А калі і сапраўды трапляюцца сярод тваіх будучых братоў баязліўцы, дык хапае і надзеленых не абы-якой мужнасцю і вытрымкай - такіх, як герой трэцяй гісторыі.
Выходзіць у адной вёсцы пад Лепелем гаспадар на ганак, а ў садзе, проста перад хатаю, сядзіць на яблыні мядзведзь ды есць спелыя малінаўкі. Мужык трапіўся няўломак і замест хавацца як гаркне: «Пайшоў на х...!» Але не на таго нарваўся: касалапы адно трохі здзівіўся, а малінаўкі як цюмрыў, так і цюмрыць. Ужо ўся сям'я з ганка мацюкала ляснога госця, а той, каб не заміналі вячэраць, усяго што задам да іх павярнуўся. І толькі калі гаспадар пальнуў угару з дубальтоўкі, адно тады твой верагодны лясны суродзіч дазволіў сабе ўлучыцца, так бы мовіць, у дыялог з чалавекам: зароў, абтрос, схапіўшыся за галіны, усю яблыню, а потым саскочыў долу ды давай шпурляць яблыкамі па хаце, пакуль не павыбіваў усе вокны, што, дарэчы, абвяргае пашыраную думку, быццам мядзведзі дрэнна бачаць. Мізансцэна з мужным мядзведзем на яблыні такая выразная, што ты з цяжкасцю сціраеш яе з сеткавіны вачэй.
Тым часам з дзяцінства выплывае яшчэ адна гісторыя, праўда, цалкам кніжная, як і «Локіс», але нязмерна жудлівейшая за расказаную Прасперам Мерымэ, бо ў таго дзейнічалі звяры звыклыя і родныя, няхай і з невялікімі адхіленнямі ад нормы: ну маглі там заняцца любоўю з графіняю або перакінуцца ў чалавека і назад, што на гэтых тэрыторыях, спрадвеку ўпадабаных ваўкалакамі, - навіна невялікая.
У восьмым класе ў зашмальцаваным зборніку фантастыкі ты прачытаў аповед, які ўразіў цябе так глыбока, што ты зноў, як маленькі, не хацеў заставацца дома адзін, баяўся цемры, але, на шчасце, не пачаў зноў сікацца. У аповедзе вялося пра сакрэтную лясную лабараторыю, дзе вучоныя стварылі мядзведзяў, надзеленых магутным інтэлектам. Тыя, быццам семкі, лускалі задачы з вышэйшай матэматыкі, распрацоўвалі абаронныя праграмы, а ў рэдкія хвіліны адпачынку з гройсмайстарскай лёгкасцю ставілі маты сваім прафесарам, а пасля і самім шахматным мэтрам, якіх прывозілі ў лабараторыю на трэнінгі. Потым ад вялікага розуму ў эксперыментальных мядзведзяў стала выкочвацца поўсць, на лбах з'явіліся амаль чалавечыя плехі, а крыху пазней, калі чацвераногія інтэлектуалы асвоілі людскую мову, яны з'елі ўсіх высакалобых прафесараў, выпілі за іхнюю светлую памяць у лабараторным бары ўсё віскі і закусілі аховаю, а ў час дэсерту акурат пад'ехалі на чарговы турнір гросмайстры, якім мядзведзі сумленна прапанавалі згуляць на жыццё, і, хоць шахматысты згадзіліся, шанцаў ніхто з іх не меў. Пераможцы турніру разбегліся па навакольных лясах дзеля бліжэйшага знаёмства з мясцовым жыхарствам, але адразу адчулі сябе дыскамфортна, бо тубыльцы кепска гулялі ў шахматы, не ведалі найвышэйшай матэматыкі і не маглі забяспечыць інтэлектуальныя запатрабаванні былых паддоследных, што выклікала ў апошніх абгрунтаваную ўквеленасць і не спрыяла рацыянальнаму харчаванню.
Пакуль згадваеш дзіцячыя страхі, у атмасферы звярынца штосьці адбываецца: ты фізічна адчуваеш разлітыя ў паветры хваляванне, трывогу, напятае да тонкага звону чаканне.
Зверыну пачынаюць карміць.
Твой сусед, абскубаны паўлін, атрымлівае тры жмені крупаў. Мядзведзям прыносяць брудны тазік рыбы. Выгляд і памер пайкі непазбежна наводзяць на думку пра злоўжыванні службовым становішчам.
Мядзведзі прыніжана падымаюцца, адзін гаспадар вальеры гідліва паварочвае галаву ў процілеглы бок. Ты таксама адварочваешся, аднак з іншае прычыны: яда - працэс зусім не публічны, а выключна асабісты. Як, напэўна, пакутуюць звяры, змушаныя штодня карміцца навідавоку ў зайздрослівага натоўпу гледачоў! (У выпадку з Машай было тое самае, адно што ўдалося зменшыць цікаўную зграю на аднаго гледача.) Пітону лягчэй: добра падсілкуешся і да наступнага абеду - цэлы месяц.
Яда, безумоўна, рэч інтымная. Невыпадкова мужчына запрашае жанчыну разам павячэраць: ад супольнай трапезы недалёка да супольнага ложка. Калі ты ясі з кім-небудзь, робішся яму амаль як брат. Каб ты разам з мядзведзямі з'еў Машу, мог бы цяпер гэтаксама выцягнуцца пад скалой, бо стаў бы для іх сваім. Або каб у касалапай кампаніі пераведаў адвячоркам на Радаўніцу вясковыя могілкі, дзе на кожным грудку стаіць чарка з размаітымі закускамі, якімі спрадвеку любяць у гэты дзень частавацца пасля людзей полацкія мядзведзі, памінаючы чалавечых, а мо і сваіх продкаў.
Дарэчы, на тваім жыццёвым шляху ўжо была магчымасць раздзяліць з мядзведзямі харч.
Калі заплюшчыць вочы і падставіць твар сонцу, вельмі лёгка аднавіць палескі ландшафт, хуткую Гарынь і ваш памаранчавы намёт на беразе. Надвечар на тым баку глыбокай, але вузкай ракі з лесу выйшаў мядзведзь. Буйны, ахайны і бадзёры, ён годна рэпрэзентаваў сваю папуляцыю, а накіроўваўся, найверагодней, на недалёкі пчальнік, з гаспадаром якога меў гешэфты.
Аматар мёду ў роздуме пазіраў на намёт і нетутэйшую публіку, што заступіла яму дарогу. Роздум доўжыўся, пакуль з-за павароту не паказалася, выючы сірэнай, баржа-самаходка, якія тады яшчэ нястомна шнуравалі па Гарыні. Мядзведзь нехаця адступіў у прыбярэжны падлесак, аднак у сутонні з'явіўся зноў і, дэманструючы паважнасць намераў, наблізіўся да самае вады, прычым нават пакратаў яе лапаю.
Замест таго каб пранікнуцца клопатам ляснога брата, вы расклалі каля намёту вялікае вогнішча, але імпэту збіраць і падкідваць у агонь дровы вам хапіла ўсяго да другой гадзіны ночы, а тады, захмялелыя ад крынічна чыстага паветра, а таксама ад аднаго чысцюткага, як сляза, прадукта аўтахтоннага вырабу, вы дружна ўзяліся важыць носам табаку. Мядзведзь стаічна чакаў і быў узнагароджаны: перш чым залезці ў намёт ды адключыцца, вы яшчэ здолелі скаардынаваць бураму падарожніку маршрут, пакінуўшы яму на пні за сотню метраў убаку бохан «Нарачанскага» хлеба і пару бляшанак згушчонкі. Раніцой пачастунак знік, а вільготны прыбярэжны пясок збярог выразныя, надзіва падобныя да чалавечых пяціпалыя сляды. Нехта з вас, памятаецца, узгадаў з гэтае нагоды тамтэйшае паданне, што даўней мядзведзі былі людзьмі, а можа, і наадварот.
Пад ракурсам сённяшніх падзеяў тая прыгода выглядае зусім іначай. А што, калі ты страціў унікальную магчымасць твар у твар сустрэцца са сваім будучым увасабленнем, пасля чаго твой лёс мог бы крута змяніцца і, верагодна, ты даўно ўжо перажыў бы рэінкарнацыю...
Наастачу - апошняя з вядомых табе «мядзведжых» гісторыяў - зноў, як і першая, пра педагога, гэтым разам пра настаўніцу расейскай мовы, прысланую ў заходнебеларускую каталіцкую вёску. Тая сціплая працаўніца на ніве народнай асветы несла цёмнаму тамтэйшаму люду святло свайго «великого и могучего языка», несла ахвярна і самааддана, але нядоўга: у сцюдзёную калядную ноч на снезе ў беларускім лесе ад жанчыны-педагога засталіся толькі спярэшчаныя «двойкамі» вучнёўскія сшыткі ды арэнбургская пуховая хустка. Пазней мужная выкладчыца стане гераіняю балады папулярнага айчыннага барда, але там, як і ў кожным мастацкім творы, ёсць прынамсі дзве невялікія недакладнасці: насамрэч настаўніцу прыслалі не з Бійска, а з Валакаламска, а з'елі яе на святочную вячэру не нацыяналістычна настроеныя санітары лесу - ваўкі, а мядзведзі-патрыёты, што ты мусіш канстатаваць з пачуццём глыбокага чалавечага смутку, мімаходзь заўважаючы паміж настаўніцай расейскай мовы і расейскай дзяўчынкаю Машай нейкую лёгкую містычную сувязь.
Згадка пра прыезджую здалёк выкладчыцу братняе мовы наводзіць на думку пра падарожжы, якія, пакуль ты ў чалавечай іпастасі, займаюць у тваёй іерархіі каштоўнасцяў надзвычай высокае месца - напэўна, з тае прычыны, што адзін з тваіх продкаў належаў да вандроўнага цыганскага племя. (Між іншым, якраз цыганы, паводле згаданага нядаўна палескага падання, і былі раней мядзведзямі, або мядзведзі былі цыганамі.)
Нарадзіўшыся ў бурай шкуры, ты відавочна атрымаеш прынцыпова іншыя магчымасці вандраваць па свеце. З аднаго боку, здымаецца з парадку дня пытанне фінансаў, затое, з другога, падарожнічаць давядзецца на сваіх чатырох, што, зрэшты, больш пазнавальна і карысна для здароўя. Гэта значыць, вырушыўшы ўвесну з-пад Менска і перасоўваючыся пераважна начнымі перабежкамі, Каляды можна будзе сустрэць недзе пад Лісабонам. Паглядзіш, як жывуць твае заходнеэўрапейскія суродзічы, а мімаходзь высветліш, на якой мове яны гавораць: ці то на адной - незалежна, з-пад Докшыцаў паходзіш ці з-пад Жэневы - ці то ў кожнай краіне мова свая, а для міжнародных сувязяў існуе нейкі мядзведжы «інгліш».
Але цікава, як ты збіраешся перасякаць дзяржаўныя межы і, найперш - надзейна перакрытую заходнюю мяжу тваёй дзяржавы, патрыётам якой ты, верагодна, застанешся і ў мядзведжай іпастасі? Перспектыва быць расстраляным на кантрольнай паласе як пераапрануты вораг сваімі ж хлопцамі з зялёнымі пагонамі цябе прываблівае мала.
Застаюцца падарожжы праз слаба кантраляваныя ўсходнія рубяжы краіны, на якіх дзеля пачатку варта будзе наладзіць абследаванне вашага колішняга этнічнага абшару, што на ўсходзе сягае, як вядома, далёка за Смаленск. На поўнач дарога таксама адкрытая: з полацкіх лясоў за тыдзень ты, не надта спяшаючыся, дасягнеш запаведнага пушкінскага Міхайлаўскага, затрымаешся на колькі дзён у тых паэтычных мясцінах, каб сустрэць для натхнення якую-небудзь сваю Машу або, на горшы выпадак, Арыну Радзівонаўну, і рушыш далей, на Лугу і Санкт-Пецярбург - шляхам, які не адолеў напалеонаўскі маршал Удзіно і які некалі ў адваротным кірунку мераў штолета сваімі шырокімі крокамі твой знакаміты суайчыннік і зямляк Ян Баршчэўскі, што меў сантымент да мядзведзяў, а таму, мяркуючы па шматлікіх паспяховых вандроўках праз лясы, карыстаўся выдадзенай імі «ахоўнай граматай».
Ну, здаецца, з праблемамі і рацыёну, і бязвізавых падарожжаў ты збольшага разабраўся, але непазбежна паўстае новая, не менш хвалюючая - зімовая спячка.
Неабавязкова быць яйкам на патэльні, каб уявіць, як атрымліваецца яечня. Ты ведаеш рэсурсы свайго цела і духу і цешышся імі, як музыка-віртуоз радуецца роднаму інструменту, цалкам усведамляючы ягоныя магчымасці. Ты ўяўляеш, як надыходзіць верасень. Ты ўжо дасхочу наеўся суніцаў, чарніцаў, малінаў, тваіх улюбёных буякоў-дурніцаў. Натуральна, што, паводле спаконвечнай мядзведжай традыцыі, сам ты ягадаў не збіраў, а цярпліва чакаў, пакуль ягадніцы набяруць поўныя вёдры. Потым па-гаспадарску палохаў руплівых жанок і спакойна ласаваўся сумленна заробленым дэсертам, а калі хтосьці не пагаджаўся з законнай экспрапрыяцыяй, твой абед рабіўся больш разнастайным.
Назапашаны за лета тлушч адпаліруецца восеньскімі арэхамі і жалудамі, тузінам гладзенькіх грызуноў і, калі пашанцуе, кім-небудзь яшчэ, але гэта ўжо твая гастранамічная таямніца. Урэшце трэба ладзіцца на сон; як след адаспацца за зіму - любата, і тут бурыя мядзведзі маюць велізарную перавагу перад сваімі белымі сваякамі, бо на радзіме ў апошніх такі калатун, што асабліва не разаспішся. А добры здаровы сон, як пісаў нехта з класікаў, - найлепшая страва на банкеце жыцця, пагатоў гэтая страва павялічвае працягласць самога банкету. Мядзведзь у сярэднім жыве гадоў дваццаць, але калі шанаваць сябе і паўнавартасна адпачываць ва ўтульным высланым імхом бярлогу ад падарожжаў, дзяўчынак Машаў ды іншага летняга клопату, то можна, відаць, дацягнуць і да трыццаці.
У тваёй лясной старонцы кожны сабака ведае, што праціраць вочы і выходзіць пасля зімы на людзі ў мядзведзяў зазвычаена на Звеставанне, якое, паводле грыгарыянскага календара, прыпадае на 25 сакавіка. Такім чынам атрымліваецца падвойнае светлае свята, што проста вымагае з'есці на полудзень каго-небудзь больш істотнага за сусліка.
Аднак вось што архіважна: ці спіць з табою твая мядзведзіца, а як спіць, то колькі прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб за кошт запасных калорыяў аддацца любові і зноў, пяшчотна абняўшыся, адчаліць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай і нечаканымі прыгодамі.
Дык усё ж ці спіць разам з табою твая бурая, з белаю плямкай на грудзях сяброўка?
Зразумела, чаму глуха маўчаць пра гэта энцыклапедычныя даведнікі савецкага часу, калі сексу не было ні ў гарадах і вёсках, ні ў неабсяжных палях і лясах тваёй шчаслівай радзімы. Але ж неяк ты зазірнуў у энцыклапедыю часоў незалежнасці і высветліў, што там праблема па-ранейшаму пакідаецца за кадрам. Калі твая мядзведзіца і сапраўды ўзімку смокча лапу асобна - яўны непарадак, і ты яшчэ падумаеш. Вядома, ад устрымання яшчэ ніхто не памёр, але ніхто і не нарадзіўся...
Ты ўздрыгваеш, адчуўшы на плячы нечую цяжкую руку або лапу. Не, гэта не гаспадар вальеры, а ўсяго толькі працаўнік звярынца - дзяцюк з круглымі шчокамі ды яшчэ не зусім шызым носам (фізіягноміка падказвае, што наступнага разу ён можа нарадзіцца хамяком).
Звярынец зачыняецца? Тады ў цябе адна невялікая просьба: вось грошы, няхай белыя мядзведзі з'ядуць заўтра лішнія дзесяць кілаграмаў добрага мяснога філе, толькі скажыце, калі будзе кармленне, каб прыйсці парадавацца разам з імі.
І апошняе: чаму пустуе клетка бурых мядзведзяў? Былі на кіназдымках? Чаму былі?
Верагодны хамяк напружана маўчыць. Здаецца, яшчэ крыху, і будзе чуваць, як у ягонай галаве варушацца думкі. Нарэшце ён збянтэжана мармыча пра няшчасны выпадак з рэжысёрам. Толькі рэжысёрам. Значыцца, аператара чатырохлапыя акторы пакінулі, каб той мог зняць фінальныя кадры жыцця свайго калегі?.. Лагічна.
Аднак табе ўжо бракуе часу ацаніць атрыманыя наастачу ўсцешлівыя звесткі. З няўхільнасцю навальнічнае хмары насоўваецца хвіля, якой ты чакаў і баяўся.
Трымаючы ў руцэ біклажку з пакінутым глытком, ты падыходзіш да тоўстых жалезных прэнтаў мядзведжае вальеры, і тваё сэрца падае ў глыбокую студню. Але не ад страху: стары белы мядзведзь падымаецца і, з годнасцю пацягнуўшыся, таксама ідзе да агароджы. Дзве спелыя чарнаслівіны знаходзяць твой замглёны блакітнай слязінаю позірк, і час спыняецца.
Бывай, стары бялун! Самае лепшае, што твой маўклівы суразмоўца мог бы зрабіць зараз для цябе - пералезці цераз загародку, каб ты з сям'ёю яго з'еў. Магчыма, калі-небудзь так і станецца, але пакуль у яго, уладальніка шэрай кепуркі і бліскучай біклажкі, яшчэ ёсць колькі справаў, што вымагаюць чалавечае іпастасі. І калі гэта не плён запаленай фантазіі, калі ў мінулым жыцці ты сапраўды вучыўся ў БДУ імя Леніна, ведай: гэты белы чалавек ніколі не забудзе ні смаку «Портвейна розового крепкого» праз саломінку, ні Машы, якая, пасля тваёй гераічнай смерці ў баі з афрыканскімі мааістамі, атрымала вольную, ні таго, што Мбамба быў добрым сынам і ніколі, нават пасля трэцяй пляшкі, не гуляў, як легкадумныя белыя аднакурснікі, у карты на штаны, бо трымаў у памяці запавет бацькі, героя барацьбы супроць каланізатараў і аматара вострых прыправаў, - толькі штаны адрозніваюць адукаванага чалавека ад дзікуна...
Жалезная брама звярынца з мілагучным рыпеннем зачыняецца за табой. Ты адчуваеш, што хочаш сказаць сваім двухногім братам-людзям нешта важнае. Ты хочаш сказаць ім, каб заўсёды памяталі: выходзячы са звярынца, радуйцеся, што можаце вярнуцца сюды не толькі наведнікамі.