Жылі будучыя афіцэры ў вялікіх намётах па дзесяць — дванаццаць чалавек у кожным. Вучыліся страляць з усіх відаў зброі, вадзіць бронетранспарцёр, падрыўной справе. У сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі планаваліся вялікія манеўры, да якіх спакваля рыхтаваліся і курсанты вайсковых збораў. Пачынала ўжо па начах халадаць, і пад раніцу ў палатках сцягвалі на сябе ўсё, што маглі. На тэрыторыі лагера працавала харчовая крамка, і калі хто меў грошы, то заўсёды мог таемна набыць там бутэльку гарэлкі. Прадавачка, якую ўсе звалі Ніна, брала на рубель больш, але перад ёй усё роўна запабягалі, бо яна магла заўпарціцца і не прадаць. Начамі спаць асабліва не давалі, бо хадзілі на палігон, у дазор, неслі каравульную службу па ахове складоў.

Ад штодзённага недасыпу ў многіх пачыналіся нервовыя збоі, пачасціліся сутычкі, асабліва ў сталовай — як не дзіўна, за лепшую пайку. Бойкі пасля п’янак, некаторых парушальнікаў дысцыпліны ўжо скіроўвалі на гаўптвахту.

З самага пачатку збораў западозрылі ў педэрастыі студэнта філалагічнага факультэта, рускамоўнага пачынаючага паэта, шарагоўца з 3-й роты Кірылу Пянькоўскага. Кіруша, як яго называлі, сын дырэктара саўгаса, заўсёды быў пры грошах, купляў у Ніны нават каньяк, ліпнуў, нягледзячы на агульную пагарду, да таварышаў па службе, за што яго раз-пораз білі, праганялі вечарам з пляцоўкі для курэння, і, у дадатак, побач з ім ніхто не захацеў спаць. Пайшла нават пагалоска, што Кіруха ахвотна ахвяраваў літр каньяку за дазвол зрабіць аральны сэкс у найбліжэйшым ляску.

Як выходзілі з лагера на заняткі альбо ў каравул ці ў начныя стрэльбы — у палатках завісалі і хутка знікалі імклівыя асабісцкія шмоны. Абшуквалі заплечнікі, сумкі, кішэні, вельмі цікавіліся запісамі ў нататніках. У фізматаўца Змітра Ярша знайшлі цэлы набор: некалькі заначаных запалаў для гранат, сігнальныя ракеты, толавую шашку, патроны для пісталета Макарава. Адразу завялі справу.

Маленькага, нязграбнага, у акулярах — яго паставілі перад строем і зачыталі загад: адлічыць са збораў і адначасова ставіць пытанне аб адлічэнні з універсітэта.

Якраз праз суткі пасля гэтых падзеяў узводу Дзямідчыка з другой роты, дзе служыў і шараговы Ігнат Мазур, выпала ісці ўноч у каравул. Каравулы ніхто не любіў, бо там увогуле не выпадала спаць. Дзве гадзіны з аўтаматам і ражком баявых патронаў варта было хадзіць па вузкай сцежцы: з аднаго боку — мур, з другога — калючы дрот, потым час адпачынку ў каравулцы і зноў на пост.

Студэнт Ігнат Мазур, якога хвіліну як замянілі, прылёг на вузкі, абабіты дэрмацінам тапчан. Але нервовае ўзбуджэнне не давала заснуць. У ярка асветленым і цесным памяшканні хадзілі, нечым ляпалі; узводны, лейтэнант Дзямідчык, увесь час правяраў, ці здалі зброю, за адзіным сталом той-сёй гулялі ў шашкі і шахматы.

У думках Ігнат Мазур зноў і зноў вяртаўся да самага балючага для яго пытання: як яму быць далей са Святланай Конкінай? Дзе яна цяпер? Пра што думае? Куды іх урэшце размяркуюць? Як быць з Аняй Балтас, з Юляй Мараковай? Хоць што яму зараз да іх? Але яму ўсіх іх было шкада. «Бабу пашкадуеш — сам бабай станеш» — зноў успомнілася выказванне Гужына, ды што яму той хітры, хамаваты і недалёкі Гужын? На нейкае імгненне нянавісць зноў усплыла ў свядомасці: сюды б яго і — пад «калаш». Вось бы забегаў, як таракан. Ігнат Мазур уявіў сабе гэты малюнак і аж падхапіўся з тапчана, сэрца яго адчувальна грукала ў скронях. Потым зноў лёг і прымусіў сябе змяніць кірунак думак. Да д’ябла Гужына.

Так, яму шкада Аню Балтас. І Юлю Маракову шкада. Нельга падводзіць пад здраду тых, хто даверыўся табе — вось у чым прычына, думаў ён. Магчыма, гэта і ёсць самы страшны грэх на свеце. Так, ён любіць іх усіх і жадае ім шчасця. Але ж кахае цяпер адну — Святлану Конкіну, і ёй таксама жадае шчасця. Хіба не так?

Жаданне пабачыць яе і немагчымасць гэтага ў найбліжэйшы час было настолькі моцным, што яму захацелася выхапіць з піраміды свой «калаш» і выпусціць у сябе ўвесь магазін. Раз-пораз ён нібы правальваўся ў нейкае одумнае напаўтрызненне. Што я тут раблю? Навошта мне гэта, калі мне варта быць там, у сталіцы, дзе Святлана. Павінна ж нешта з намі вырашацца, мільганула ў яго галаве.

— Гэй, Ігнат! — пачуў ён раптам. — Хадзі сюды, згуляем партыю!

Ён расплюшчыў вочы і ў яркім святле лямпачкі, якое рэзала яму зрок, убачыў Уладлена Анціпава, які сядзеў за сталом і расстаўляў фігуры на шахматнай дошцы. Апошнімі днямі Анціпаў неяк трымаўся ад яго наводдаль, пэўна, нешта адчуваў, а студэнт Ігнат Мазур настолькі жыў у сваіх праблемах, што нават на нейкі час запамятаваў пра яго існаванне. Але цяпер раптам успомніў. I пра бібліятэку, дзе сядзеў з ім у спецсховішчы, і пра газеты часоў акупацыі, і пра допыт у намесніка дэкана Пушко.

Студэнт Ігнат Мазур марудна падняўся з тапчана і падышоў да стала.

— А, гэта ты, Валодзя, — сказаў ён. Дык ты хочаш са мной згуляць партыю? А якую табе даць фору? Хочаш ферзя? Не хочаш? А — у ферзі? Ты ж, пэўна, палічыў мяне пешкай — якая нічога не зразумее?

— Ты пра што, Ігнат? — заўважна ўстрывожыўся Уладлен Анціпаў.

— А я табе зараз раскажу, — нагнуўся да суразмоўніка і зашаптаў таму ў вуха Ігнат Мазур. — Толькі табе. Я тут скраў пару кілаграмаў выбухоўкі і планую ўзарваць артылерыйскі склад, дык ты бяжы і далажы начальніку збораў, потым таварышу Пушко і, вядома, у органы. А каб хутчэй бег — табе паскарэнне.

Студэнт Ігнат Мазур коратка замахнуўся і ўдарыў Уладлена Анціпава кулаком у твap. Той перакуліўся з зэдліка, і з носа ў яго пырснула кроў. Некалькі секунд ён ляжаў нерухома, але раптам падхапіўся і кінуўся да піраміды са зброяй.

— Застрэлю! — закрычаў ён у робленай істэрыцы. Але яго ўжо перахапілі ўзводны Дзямідчык, Іосіф Зялёнка, яшчэ нехта, пасадзілі зноў за стол, прынеслі вады ў конаўцы, далі насоўку.

— Начальніку збораў. Сёння ж! Дакладную! Вылеціш з універа! — пагражаў Анціпаў.

Але Ігнат Мазур ужо не слухаў таго. Успышка злосці раптоўна прайшла.

Яшчэ праз некалькі хвілін лейтэнант Дзямідчык пашыхтаваў узвод, адхіліў шараговых Анціпава і Мазура ад каравула і сваёй уладай дадаў апошняму два пазачарговыя нарады.

* * *

Вецер апоўначы прынёс дажджы і ноччу яшчэ больш пахаладала. Пазачарговыя нарады давялося адпрацоўваць на кухні, дзе студэнт Ігнат Мазур, якога падымалі яшчэ з цемнатой, разам з іншымі парушальнікамі чысціў бульбу. Пра сутычку ў каравуле не ўспаміналі. Але цішыня гэтая, як ён разумеў, была падманлівая.

Яшчэ праз дзень на палігоне вучыліся кідаць баявыя супрацьпяхотныя гранаты. У спецыяльна выкапаны акоп спускаліся па чарзе ўдваіх разам з узводным. Астатнія хаваліся ў ляску за прыкрыццём. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык ставіў задачу: выхапіць з гранаты чаку, саму гранату кінуць далей за бруствер, прыгнуцца, перачакаць выбух і потым з крыкам «ура!» выскачыць наверх. Напэўна, у імітаваную атаку.

Ігнат Мазур трапіў у акоп адным з апошніх, разам з Міхасём Байковым. Ад недасыпу ён ужо адчуваў не простую стомленасць, а даволі моцнае нервовае ўзрушэнне. Уціснуўшыся ў кут, ён назіраў, як узводны Дзямідчык выдаў Байкову гранату, яшчэ раз праінструктаваў таго і загадаў кідаць.

Міхась Байкоў з дурнаватай усмешкай на твары выхапіў чаку і павярнуўся да ўзводнага.

— Што? — спытаў ён. — Кідаць?

— Кідай! — крыкнуў яму лейтэнант Дзямідчык.

— Га? — зноў спытаў Байкоў і… кінуў гранату на дно акопа пад ногі сабе, узводнаму і Мазуру…

Студэнт Ігнат Мазур потым не раз успамінаў тыя секунды, што заставаліся да выбуху, гранату, якая імкліва падкацілася да яго: яна яшчэ варушылася ля ног, але ён хіба што на інстынкце самазахавання схапіў яе і кінуў за бруствер.

— Лажыся! — адразу ўдарыў па вушах дзікі крык узводнага, які ўжо абрынуў долу Байкова, і ўсе трое ўпалі на дно акопа — зверху адразу пачуўся выбух, зямля страсянулася, віскнулі над галовамі асколкі.

Праз паўхвіліны збялелы лейтэнант Дзямідчык прыціснуў Міхася Байкова да сцяны, паставіў побач Ігната Мазура. Заікаючыся, сказаў:

— Нічога такога не было. Нікому ні слова. Зразумелі? Цяпер ты, — звярнуўся ён да Байкова, — ідзі да астатніх, толькі вось спачатку яму, — кіўнуў на Мазура, — рукі пацалуй, бо яшчэ б секунда, і нам усім траім, а табе першаму — быў бы канец.

А як засталіся ў акопе ўдвух з Мазурам, дадаў:

— Ну, выручыў, брат. Ведай цяпер, я ўсё, што змагу — зраблю для цябе. Толькі, каб да ротнага не дайшло. Тады пачнецца…

Паўза.

Ва ўзводнага Дзямідчыка, які прыпальваў цыгарэту, трэсліся рукі. Ігнат Мазур таксама запаліў.

— Таварыш лейтэнант, — пачаў ён, — калі так, мне б хоць на суткі ў Мінск. Вельмі трэба.

— Добра, добра, — перапыніў яго ўзводны. — Ды заві Андрэй, мы тут цяпер з табой роўныя. Цябе ж Ігнатам клічуць? Дык вось, Ігнат, ротны наш — паміж намі — гнілы. Ён яшчэ той чалавек, але на двое сутак для цябе я яго раскручу. Ведаю, як. Так што рыхтуйся.

* * *

Назаўтра з раніцы Мазур збіраўся ў дарогу. Узводны Андрэй Дзямідчык стрымаў слова: дазвол на паездку ў Мінск быў.

Мазур пешшу праз лес дабраўся да шашы, прайшоў некалькі кіламетраў. Далей усё было проста: змяніўшы некалькі спадарожных машын, ён урэшце апынуўся на ўскраіне сталіцы, дзе ўжо хадзілі тралейбусы, і праз паўгадзіны быў у інтэрнаце.

На вахце адразу машынальна прагледзеў пошту і знайшоў канверт на сваё імя. Ліст быў ад Юлі Мараковай.

Ігнат!

Наўрад ці мы больш пабачымся, бо нам дыпломы выдадуць раней, а вам пасля збораў. Заставацца тут, у Беларусі, я не збіраюся, цётка дапаможа мне менавіта са свабодным дыпломам, і я — да сябе, на радзіму.

Расставацца з усімі ўсё ж вельмі сумна. На цябе я крыўды не трымаю, няхай табе шанцуе ва ўсім. Надзя Гусакова пазнаёміла мяне з сябрам свайго абранніка. Хлопчык маладзейшы за мяне на год, КМС па вольнай барацьбе. У нечым наіўны, у іншым рашучы, хоць і рахманы. Хоча ехаць са мной. Можа, і згаджуся.

Вось і ўсё. Бывай.

P.S. Бабам усё-такі не давярай. Я сама іх не цярплю. А ты ўлюблівы.

Юля.

* * *

З дарогі варта было б прывесці сябе ў парадак, да таго ж, студэнт Ігнат Мазур адчуў раптам, што галодны, і нават чарговая цыгарэта не магла перабіць гэта пачуццё. Жаданне хутчэй пабачыць Святлану Конкіну не пакідала яго, але ён цвяроза вырашыў, што пойдзе да дзяўчыны крыху пазней, хоць знаёмая ранейшая ліхаманка зноў ахапіла яго. Ён схадзіў у кавярню непадалёк, дзе нешта з’еў, а потым вярнуўся ў інтэрнат. Як заўсёды напрыканцы лета ў доўгіх калідорах інтэрната было шмат зусім незнаёмых, панаехаўшых з розных месцаў, людзей — у асноўным маладых хлопцаў і дзяўчат, якія здавалі ўступныя іспыты. Прыйшлі пасля трэніроўкі са стадыёна насупраць футбалісты: дублёры з першай лігі, якія, як разумеў, часова тут пасяліліся, бо праводзілі назаўтра чарговы матч, хадзіла з камендантам нейкая камісія, а можа, і не, ён так вырашыў — не то правяралі, не то проста цікавіліся справамі.

Вельмі стомлены студэнт Ігнат Мазур крыху адпачыў, а потым спусціўся паверхам ніжэй, каб трапіць у душавую. Ключ ад яе ў летні час, як ён ведаў, знаходзіўся ў каменданта Міколы Грука — так яго звалі. Пакойчык каменданта быў насупраць, камісія, якая ўжо значна паменела, бо адзіная жанчына знікла, а засталіся двое немаладых, блізка да пенсійнага ўзросту мужчын, — усе гучна размаўлялі. Дзверы былі прыадчынены, Мазур пачуў:

— …А што я магу зрабіць? — гаварыў камендант інтэрната Грук, — тут летам — прахадны двор. Асабліва, калі абітурыенты панаедуць. І што на першы погляд дзіўна, але характэрна — дзе больш дзяўчат, там і неспакойна.

— У якім сэнсе? — спытаў яго адзін з суразмоўцаў — хударлявы, з зачэсанымі па-плябейску назад сівымі валасамі.

— У прамым. Распуства пачынаецца. Не прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — чорт ведае што будзе. Некаторыя здаюць дакументы, а потым паводзяць сябе як хочуць. Ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць. Бывае, што студэнты і студэнткі таксама паводзяць сябе не вельмі…

У нас тут гады два таму хлопцаў з Захаду падсялілі. Дык дзяўчаты — за імі. Адна, як памятаю, з шэсцьдзясят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку чужых. І што ёй зробіш?

Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.

— Вазьмі, — сказаў камендант інтэрната Грук, даючы ключ, — вернеш праз гадзіну.

Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук, забіраючы ключ, спытаў:

— Ты чаму не пры справах?

— Адпусцілі са збораў. На два дні.

— Ну, служы. Я вось дваццаць пяць год, лічы, форму не здымаў. (Мазур ведаў, што да гэтага Грук служыў у міліцыі.) Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. А я…

— Паслухайце, — перавёў гутарку на іншае Ігнат Мазур. — Вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзясят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з чужымі дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?

Паўза.

Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.

— Ты, Мазур — так здаецца тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?

— Ды ніякага.

Студэнт Ігнат Мазур зманіў. Яго падсвядомасць падавала ўжо яўны сігнал небяспекі, які пагрозліва разрастаўся ў чорную, дэпрэсіўную і атрутную расліну.

Ён пакінуў каменданта Міколу Грука, вярнуўся ў свой пакой, старанна апрануўся, рукі ў яго чамусьці пахаладзелі, і праз вахту выйшаў на вуліцу.

* * *

Гаспадыня кватэры, дзе здымала пакойчык студэнтка Святлана Конкіна, сустрэла яго даволі ветліва. Але ветлівасць была робленай — жанчыну выдавалі вочы.

— Святланы пакуль няма, — сказала яна. — Пачакаеце, дык я вам гарбаты налью.

— Не турбуйцеся, — адмовіўся Ігнат Мазур. — Я, можа, пасля зайду.

— Ды хіба што ёй перадаць? — упарта цікавілася гаспадыня.

— Дзякую. Нічога.

Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з кватэры. У яго чамусьці з’явілася адчуванне, што гаспадыня нешта падазрае: магчыма, нават чула, як ён колькі дзён таму залазіў у кватэру праз акно.

Лаўка ў двары насупраць пад’езда была не занятая, ён прысеў на яе і запаліў цыгарэту.

У галаве было пуста, чыста і светла, толькі ў грудзях нарасталі трывога і злёгку ванітавала ад тытуню, і ён пашкадаваў, што дасюль не набыў у краме бутэльку віна.

Постаць дзяўчыны і яе дзіўнаватую хаду ён пазнаў здалёк. Як заўсёды, някідка апранутая — чорная спадніца, белая кашуля, вятроўка, — дзяўчына, блізарука прыжмурыўшыся, ішла да свайго часовага жытла.

Студэнт Ігнат Мазур падняўся з лаўкі, зрабіў некалькі крокаў ёй насустрач і паклікаў.

Яна здзіўлена спынілася, а потым з радаснай усмешкай кінулася да яго, абняла.

— Ігнат! Ты тут! Зборы хіба скончыліся? — І паведаміла: — А мне свабодны дыплом выдалі. Дзе захачу — там і ўладкуюся.

Але ўжо адчула штучнае напружанне паміж імі, спытала:

— Што-небудзь здарылася, Ігнат? На зборах?

— Нічога такога. Усё нармалёва.

— Ну, не нам з табой у хованкі гуляць.

— Давай прысядзем. Ёсць размова.

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур зноў запаліў, услухаўся ў роўны шум матораў, шорах шын па вуліцы, і зноў яго няўлоўна пацягнула на ваніты. Ён быццам не хацеў гэтай размовы, але і хаваць у сябе тое, ад чаго пакутаваў, не жадаў і не мог.

— Хочаш? — спытаў ён і працягнуў дзяўчыне пачак цыгарэт.

— Не палю на вуліцы. Я, быццам, не шлюха.

— Паслухай, Света — ты гады два таму дзе жыла на час вучобы?

— Што за пытанні? Ды кажы прама, Ігнат!

— У вуглавым шэсцьдзясят шостым пакоі — на трэцім паверсе?

— Ну, пражывала. Што з таго? — у кутках яе натурыстага рота з’явілася знаёмая іранічная ўсмешка.

— А ці не заходзіла да цябе на дзень нараджэння парачка нейкіх замежных хлопцаў?

— Вось яно што. Адкуль чуткі? У нас жа ўсё так добра. Навоша табе гэта?

— Яны як зайшлі і так жа выйшлі? Ці нешта ў вас адбылося?

— Ды ты раўнівец, Ігнат! Хіба я твая жонка? Не? Можа, тады чыёй была? Не? Дык я магла і зараз магу, урэшце, распараджацца сабой, як пажадаю?

Скоса ён глядзеў на дзяўчыну і адчуваў хіба што жаданне схапіць і сціснуць яе так, каб закрычала ад болю.

— Калі ты такая прасунутая і раскамплексаваная, то павінна ведаць пра тэлегонію, — сказаў раптам ён, бо нічога больш не было сказаць.

— Гэта яшчэ што?

— А ты вазьмі тлумачальны слоўнік і медыцынскую энцыклапедыю, урэшце, і даведайся. Лепш запомніш.

— Ды пайшоў ты са сваёй тэлегоніяй! Што ты яшчэ мне прад’явіш?

— А з Ванечкам Гужыным у цябе таксама нешта было? — студэнт Ігнат Мазур раптам успомніў Іосіфа Зялёнку, яго жарты ў Александраўскім скверы і сутаргава заглынуў паветра.

— Можа, ты яшчэ спытаеш, што ў мяне з маім так званым бацькам было? Ты ж не ў тэме.

— Чаму «так званым»?

— Я ж табе зараз больш скажу. Ён жа мяне ўдачарыў. Айчым. А ў мае чатырнаццаць — згвалтаваў.

Паўза.

— А сама ты гэтага не захацела? — несла Ігната Мазура.

— Калі па-сапраўднаму, то саўдзел дапускаўся. Так, так, можаш мяне судзіць. Я падлеткам была, а значыць, падсвядома сапернічала з маці за мужчыну. Я нічога зараз ад цябе не хаваю. Але гэта не паўтарылася. Ён задорваў мяне падарункамі, ліслівіў. І цяпер паддобрываецца. Тут-та я яго і ўзненавідзела. Маці стала нешта падазраваць і, сам разумееш, замест нейкай сям’і, няхай сабе і падабенства на яе, стала маленькае пекла. Я таму і з’ехала ад іх далей.

— Лепш бы я цябе не сустракаў, Света, — вырвалася раптам у яго.

— Можа, і так, Ігнат. Успомні, што я табе раней казала: не так і складана зрабіць крок насустрач якому-небудзь забяспечанаму «папіку». І такіх хапае. Пайсці за яго. А табе яшчэ не позна з Мараковай сысціся. Гэта яна табе пра замежных хлопцаў нашаптала?

— Не, не яна. Пачуў выпадкова.

— Каб ты ведаў, нічога такога тады і не было. Эпатаж, піжонства дзявочае, мне сорамна пра гэта ўспамінаць. Выгнала я іх — вось усё.

Студэнтка Святлана Конкіна спынілася, адкінула з ілба пасмачку валасоў, папрасіла:

— Дай пару раз зацягнуцца. Ды не прыпальвай цэлую. Мы ж з табой і так, як родныя.

— Мне праз дзень трэба вяртацца ў вайсковую часць, — сказаў Ігнат Мазур. — Я і прыехаў сюды толькі каб цябе пабачыць.

Паўза.

— Ну, вось і пабачыліся. А я зараз разлічваюся з гаспадыняй, пакуюся і — заўтра з’язджаю.

— Куды?

— У Талін, вядома. Уладкуюся на працу. Магчыма, кватэру здыму. І ўсё такое. Цябе, дарэчы, па размеркаванні далёка прызначылі?

— На выбар. У адзін з абласных цэнтраў. Але гэта пасля збораў.

— Урэшце, цяпер гэта твае праблемы.

— Ну, не можаш жа ты ўзяць вось так і — з’ехаць, — зноў вырвалася ў Ігната Мазура.

Святлана Конкіна зацягнулася ў апошні раз.

— Запраста. Як гэты недапалак, — сказала яна і выкінула яго ў сметніцу. — Хоць мне ні з кім так добра не было, як з табой, Ігнат. Пэўна, сапраўды ў нас вірусы аднолькавага штама.

Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле, адчуў, як зноў халадзеюць рукі. Сказаў:

— Застанься. Адслужу гэтыя два тыдні і ўсё вырашым.

— Ты бедны студэнт. І я не з багатых. І ты — раўнівец. Так і будзем існаваць утраіх? У сэнсе — ты, я і тэлегонія?

Паўза.

Студэнт Ігнат Мазур абняў дзяўчыну, уткнуўся тварам у яе цёплую шыю, удыхнуў пах яе валос. Тая нейкі час сядзела моўчкі, а потым рашуча ўстала.

— Давай так, Ігнат. Вырашым усё да раніцы. Я падумаю і ты таксама. Сустрэнемся. Калі аднаго з нас не будзе, то, сам разумееш. І не трэба тады лішніх слоў. А цяпер — бывай.

— І ты бывай, Света.

* * *

Рэстаран быў запоўнены прыкладна напалавіну, але наведвальнікаў паступова прыбывала. Студэнт Ігнат Мазур замовіў гарэлкі і не вельмі багата з закускі — грошай значна паменела. Афіцыянтка прынесла гарэлку і напрыканцы падсадзіла яму за столік двух афіцэраў. Адзін з іх быў у званні маёра, другі — капітан. Ігнат Мазур выпіў адразу ледзь не шклянку, і мяккая хваля алкаголю ахінула падсвядомасць, адразу амаль незаўважна, быццам спала напружанне апошніх дзён, але думкі раз за разам вярталі яго да ўсяго таго ж надакучлівага пытання: што рабіць? Бо, меркаваў ён, жыццё нясе яму яўную паразу, і ён праваліўся ў ім, як правальваецца футбольны абаронца, які рызыкоўна пакінуў сваю зону і далей можа толькі тупа назіраць у адчаі, як на браму непазбежна насоўваецца небяспека.

Афіцэры гаварылі мала, ён улавіў толькі, што пра Чэхаславакію. Далей, з аднаго боку ад яго, за столікам сядзелі дзве маладыя пары. Яны пілі віно і пэўна гаварылі нешта смешнае, бо часта хіхікалі. Затое з іншага боку ён са здзіўленнем пачуў замежную гаворку: праз столік трое немаладых мужчын з абветранымі загарэлымі тварамі пілі віно і нешта даволі ажыўлена абмяркоўвалі паміж сабой.

Праз некалькі хвілін іх гаворку пачулі і афіцэры за яго сталом, азірнуліся некалькі разоў і адзін з іх — капітан, сказаў:

— Чэхі.

— Славакі, — паправіў яго маёр.

— Дальнабойшчыкі, — зноў выказаў здагадку капітан. — Возяць усё Еўропе. Вось і сюды іх занесла.

Студэнт Ігнат Мазур моўчкі наліў сабе ў фужэр і зноў выпіў.

Раптам славакі заспявалі. Тое, што яны былі менавіта славакі, студэнт Ігнат Мазур зразумеў адразу, як толькі пачуў песню. Гэта была песня з пласцінкі Святланы Конкінай, якую яны не раз слухалі разам. Ён праглынуў камяк у горле, павярнуўся тварам да століка, дзе спявалі дальнабойшчыкі, «рэднэкі», як назваў іх у думках, і стаў падпяваць. Словы, блізкія да роднай мовы, ажылі ў яго памяці.

Славакі раптам сціхлі і здзіўлена ўтаропіліся ў яго.

— Гэй, братан! — паклікаў урэшце адзін з іх з націскам на першы склад. — Хадзі да нас!

Студэнт Ігнат Мазур падумаў, урэшце выбраўся з-за століка, перасеў да славакаў. Праз некалькі хвілін яны добра паразумеліся — зноў жа мовы былі блізкія, і ён патлумачыў славакам, што студэнт. Але доўга сядзець і выпіваць за чужы кошт ён не хацеў, нягледзячы на ўзнікшую ўзаемную прыязнасць да «рэднэкаў». Новы прыступ раптоўнай тугі авалодаў ім, ён адчуваў ужо, што доза ап’янення і так перавышана, а таму развітаўся са славакамі, паклікаў афіцыянтку, разлічыўся і няцвёрдай хадой спусціўся ўніз.

Але на выхадзе яго ўжо чакалі двое маладых людзей з непрыкметнымі тварамі, адзін з іх даволі моцнага целаскладу. Яны заступілі шлях і адцёрлі Ігната Мазура ўбок. Мацак прытрымаў яго за рукаў пінжака.

— Вы хто такі? — спытаў ніжэйшы ростам напарнік. — У вас ёсць пры сабе дакументы?

Студэнт Ігнат Мазур вырваў руку і, нягледзячы, што яго хіснула, даволі акрэслена і хутка прыняў баксёрскую стойку.

— Ну? У чым справа?

— Дакументы.

— А хто вы такія?

Мацак неахвотна выцягнуў чырвонага колеру пасведчанне, разгарнуў і паднёс да вачэй студэнта Мазура.

Ігнат Мазур падумаў і дастаў свой студэнцкі білет. Хлопцы зірнулі і спыталі:

— Многа выпіў?

— Нармальна.

— А дзе жывеш?

— Ды побач. У інтэрнаце, — з прыхаванай злосцю і неахвотна адказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў: — Ды не цісніце вы на мяне. Бачыце — шмат выпіў. Магу і званітаваць.

— Чаго да замежнікаў падсеў?

— Запрасілі. На іх не пазначана, што з-за мяжы. А калі і адтуль? Вы б іх у рэстаран, дарэчы, не пускалі.

Хлопцы выклікалі міліцыю і праз некалькі хвілін пратэстуючага Ігната Мазура запіхнулі ў міліцэйскі «ўазік» і адвезлі ў аддзяленне, дзе аформілі пратакол, што ён п’яны, забралі грошы, цыгарэты і саксонскі талер, і змясцілі ў камеру часовага ўтрымання.

Назаўтра яму аб’явілі прысуд — трое сутак арышту за дробнае хуліганства.

* * *

Праз трое сутак раніцай яго выпусцілі.

Было ўжо даволі холадна, з закаваных у асфальт дрэваў там-сям ападала лісце. Горад абуджана шумеў рухавікамі і незмаўкаючым ні днём, ні ноччу шоргатам шын. На небе некалькі перыстых белых аблокаў перакрыжаваў інверсійны след ад самалёта.

Студэнт Ігнат Мазур з агідай адчуў характэрны пах ізалятара, які ўеўся яму ў вопратку, і зноў абмацаў кішэні. Усе дробныя асабістыя рэчы яму вярнулі. Грошай у яго не было. Безбілетнікам ён праехаў некалькі прыпынкаў на трамваі, а потым пайшоў пешшу. У інтэрнаце ён планаваў прыняць душ, а потым трэба было вяртацца ў роту. Мазур спазняўся на суткі і разумеў, што дабром гэта для яго не скончыцца, але яму ўжо было наогул на ўсё напляваць. Толькі вось не варта падстаўляць узводнага, лейтэнанта Дзямідчыка. Тут трэба нешта рабіць і неадкладна, думаў студэнт Ігнат Мазур.

Ля ГУМа ён звярнуў направа і праз некалькі крокаў убачыў раптам бледна-жоўтую бочку на колах і каля яе невялікую ранішнюю чаргу мужчын. Віно! Таннае белае сухое віно. І ніводнай манеты ў кішэнях. Не так ужо і шмат яму зараз трэба, у роспачы падумаў студэнт Ігнат Мазур, усяго толькі шклянку віна і цыгарэту.

Сціснуўшы зубы, ён стаяў і ў каторы раз правяраў кішэні — раптам што засталося — урэшце і аднаго рубля ў яго прыкрым становішчы было б дастаткова.

Постаць аднаго з мужчын у сярэдзіне чаргі прыцягнула яго ўвагу. Нешта быццам няўлоўна знаёмае: сутулаватая спіна ў шэрым мятым пінжаку, зрэзаная патыліца, кароткая стрыжка і твар, калі той павярнуўся, — з шырокім ілбом, нібы ў старажытнага рымляніна, — так, гэта быў Пятро Мацкевіч, выкладчык палітэканоміі, які калісьці цудоўным чынам прыняў у яго іспыт.

Студэнт Ігнат Мазур падышоў бліжэй і нягучна павітаўся:

— Добрай раніцы, Пётр Антонавіч!

Выкладчык Пятро Мацкевіч павярнуўся тварам да яго і некалькі секунд моўчкі ўглядаўся. Ды раптам цёпла ўсміхнуўся, працягнуў руку. «Пазнаў, — здзіўлена падумаў Ігнат Мазур, — добры знак».

— Ігнат? Выбачай, прозвішча запамятаваў.

— Мазур. Я здаваў вам іспыт.

— А-а, дык гэта мы з табой абмяркоўвалі футбольныя жарсці? «Бітву пры Бёрне»? Пачакай, а чаму ты ў такім выглядзе? Непаголены і пах нейкі дзіўнаваты ад цябе? Прабач, канешне… Добра, пасля раскажаш. Можа, не адмовішся ад шклянкі віна? Калісьці вы, студэнты, мяне ад душы пачаставалі. То зараз, зараз.

— Буду ўдзячны.

Выкладчык Пятро Мацкевіч замовіў і заплаціў адразу за два разы па шклянцы, і яны адышліся ў бок.

— Ну, расказвай.

І нібы на споведзі ў святара, Ігнат Мазур расказаў выкладчыку Пятру Мацкевічу амаль усё: і пра тое, што заблытаўся з жанчынамі. І пра зборы. І пра рэстаран у гатэлі, і пра славакаў і сутычку з аператыўнікамі, урэшце, пра суткі і што цяпер, па сутнасці, знаходзіцца ў самаволцы. Віно мякка ўдарыла яму ў галаву. Цыгарэта дадала астатняе. Не распавёў ён толькі самае балючае: пра Святлану Конкіну, яе замежных гасцей, ды яшчэ пра Байкова з гранатай. Але, што ўзводны паручыўся за яго, і цяпер, да слова, ён таго, лічы, падставіў — расказаў.

Яны адышлі ў бліжэйшы скверык і прыселі на лаўцы.

— Тут справы няпростыя, — пасля роздуму пачаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Каб цябе сапраўды не выкінулі на вуліцу без дыплома, варта паварушыцца. І галоўнае — не губляць часу. Давай з гэтым параімся. Калі ты сёння ж вернешся ў роту, напішаш якое тлумачэнне, і калі ўзводны цябе прыкрые — то, можа, усё і абыдзецца. Тут яшчэ, як ваш дэкан да ўсяго паставіцца. Калі з міліцыі паперы на цябе яму не прыйдзе, то тваё шчасце. Але гэта сумнеўна, хоць, пачакай — гэта ж мой раён, а ў мяне там, у мясцовым райаддзеле, ёсць знаёмы. Бяру на сябе. Ды не дзякуй, рана яшчэ. А вось у дэканат я больш не хадок. Неўзабаве пасля тых іспытаў мяне папрасілі. За паводзіны, нявартыя педагога. Гэта за наш пікнік і іспыты. Так што я больш не выкладаю. А «залажыў» мяне нехта з вашых, цябе я выключаю. У маім узросце ўжо крыху кемлю ў людзях. Застаюцца двое: не памятаю іх прозвішчы.

— Гужын і Зялёнка.

— Ну, і па-твойму?

— Гужын. Больш няма каму.

— Ну вось і вызначыліся. Урэшце, да люстрацыі нам далёка. Няхай усё будзе як ёсць.

Паўза.

— Хачу ўсё кінуць, — вырвалася раптам у Ігната Мазура. Шчырасць выклікаў алкаголь. — Абрыдла ўсё. Цяжка мне чамусьці.

— Гэх, Ігнат! Ты вось такі малады, шчыры, разумны, а таму і павінен быць асабліва абачлівым — інакш прападзеш. Надта не давярай нікому. Заўсёды знойдуцца замаскіраваныя пад добразычліўцаў, якія паспрабуюць выкарыстаць цябе ў сваіх мэтах. Ты пэўна задаваў сабе пытанне — чаму я, выкладчык, няхай і былы, не цураюся вас, маладых, спачуваю вам, кантактую на мяжы рызыкі? Магчыма, тут усё проста: скажу табе, што баліць, не дае спаць — у мяне адзіны сын твайго ўзросту, Ігнат, загінуў у Венгрыі ў пяцьдзясят шостым годзе. А хто адкажа за гэта?..

Былы выкладчык Пятро Мацкевіч выкінуў у сметніцу недапалак.

— Меў рацыю філосаф, калі сказаў, што над жыццём няма суддзі. Такое яно было і будзе. І яно з усімі нашымі спадзяваннямі ўрэшце змятае ўсіх нас, як паўночны вецер саспелыя плады. Вось і ўся ісціна.

— Пакуль да рэшты не змяце ўсіх?

— І такое калі-небудзь адбудзецца. Але жыць усё-такі варта. Тым больш табе — маладому. Радуйся, што не хворы, не інвалід, што дзяўчаты не цураюцца, што можаш бачыць, як зелянеюць дрэвы, цячэ вада, слухаць шолах лесу. І адчуваць на сабе што?

— Энергію зоркі.

— Так. Вось бачыш — і я нечаму навучыў. Ну, бывай, Ігнат. Дарэчы, як у цябе з грашыма?

— Нармалёва. Не прападу.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Чамусьці ў студэнта Ігната Мазура ўзнікла невыразнае пачуццё, што з былым выкладчыкам Пятром Мацкевічам ён ужо больш ніколі не пабачыцца…

Туга з новай сілай авалодала ім. Яму хацелася ўпасці на зямлю, пакрытую кволай травой, і нейкі час ляжаць так нерухома. Толькі б сустрэцца са Святланай Конкінай хоць на гадзіну, паўгадзіны, пяць хвілін, каб высветліць усё канчаткова. А што высвятляць? Каб стаць вольным ад усяго, варта праз нешта пераступіць. Пераступіць? Раптам яму ўспомніўся крымінальны выпадак з маладым хлопцам, які забіў сваю таемную каханку — замужнюю саракагадовую жанчыну — і з таго, як ён патлумачыў у судзе, стаў свабодным. Цяпер гэты ўчынак быў ім разгаданы. Як ён, Ігнат Мазур, разумеў таго пакутніка! Ці здолеў бы ён зрабіць такое? Не, падумаў ён. Толькі б зноў прыціснуць да сябе гэтую маленькую, зграбную постаць, удыхнуць пах яе цела, валасоў, адчуць яе вусны. Насланнё. І ад яго не схавацца. А вось Гужына ён бы забіў. І тых замежных хлопцаў. Забіў бы, забіў, забіў. І яе айчыма. Яго асабліва.

Дзяўчына, вядома ж, з’ехала. Ён жа не з’явіўся раніцай. Гэх, каб яна ведала!

У Талін. Так, ён паедзе ў Талін. Толькі спачатку вернецца ў роту, а там што будзе, тое будзе. Усё роўна зборы хутка скончацца. Потым — на цягнік. Не — лепш на самалёт. І праз якія паўтары-дзве гадзіны ён апынецца ў Таліне. Грошы? У яго ёсць яшчэ адна заначка — бабулін пярсцёнак, прызапашаны на крайні выпадак. Каштоўная рэч — пацягне, як ён ведаў, дзесьці на месячную зарплату якога-небудзь функцыянера.

Але пакуль тое — у інтэрнат. Пазычыць у каго грошай на спадарожную. Да Бабруйска. Урэшце ў яго самога на руцэ неблагі гадзіннік, за які можна праехаць і тысячу кіламетраў.

* * *

У інтэрнацкім пакоі нікога не аказалася, але адзін з ложкаў быў расцелены. Яго некалькі тыдняў таму заняў другакурснік, падселены ім камендантам інтэрната Грукам. Хлопец то з’яўляўся, то знікаў — тлумачыў тым, што часта ездзіць да бацькоў, якія жывуць у пасёлку ў Мінскім раёне, і куды ходзіць аўтобус.

Студэнт Ігнат Мазур скінуў пінжак, чаравікі і паваліўся на свой ложак. Стомленасць абрынулася на яго раптоўна, і ён заснуў, але праз якую гадзіну абудзіўся ў трывозе. Варта было тэрмінова збірацца і дабірацца на спадарожных да вайсковага лагера, але ён немаведама чаму працягваў ляжаць. Раптам адчай ахапіў яго.

Ігнат Мазур зноў уявіў, як раніцай наступнага дня, калі пасля рэстарана ён ужо сядзеў у міліцыі, Святлана Конкіна дарэмна чакала яго, і ён не з’явіўся, зноў успомніў пра іх дамову, і аж застагнаў ад роспачы.

Думкі ліхаманкава варушыліся ў яго галаве. Плюнуць на зборы і паехаць зараз у Талін? А грошы? Пярсцёнак далёка адсюль, дома. І каб заняцца гэтым — трэба час. Прасцей усё-такі з’явіцца на зборы, як раіў яму выкладчык Пятро Мацкевіч, а потым і вырашыць усё астатняе.

«Тэлефон, — раптам успомніў ён, — у гаспадыні, дзе кватаравала Святлана, ёсць хатні тэлефон, нумар якога ён добра памятаў. А раптам дзяўчына засталася тут па невядомай яму прычыне?»

Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка, таропка насунуў чаравікі і спусціўся да вахты.

Слухаўку зняла гаспадыня.

— Скажыце, ці дома Святлана? — спытаў ён і сцяўся ў чаканні.

Паўза.

— Святлана тут больш не жыве, — урэшце пачуў ён у адказ.

— А яна не казала, куды з’ехала?

— Яна нічога не казала, але за ёй прыехалі яе бацькі — так яны прадставіліся, і сказалі, што яна вяртаецца ў Талін. Быццам назаўсёды. Дарэчы, яна не хацела ехаць, усё кудысьці бегала. І гэта ўсё, што магу сказаць.

У слухаўцы шчоўкнула і сувязь перапынілася.

Студэнт Ігнат Мазур зноў вярнуўся ў інтэрнат. Якраз прыйшоў чацвёрты жыхар іх пакоя, той самы другакурснік, якога падсялілі параўнальна нядаўна: рахманы юнак з вёскі, маўклівы і непрыкметны з выгляду. Звалі яго Фёдар Піскун.

— Паслухай, Фёдар, мяне днямі ніхто не шукаў? — пацікавіўся Ігнат Мазур.

— Пыталася дзяўчына. Два дні таму.

— Што за дзяўчына? Як выглядала? Яна назвала сябе?

— Так. Высокая бландзінка. Прыгожая. Аняй зваць.

Паўза.

— А ты, што ёй адказаў? — дапытваўся Ігнат Мазур.

— Сказаў, што на зборах.

— Тут такая справа, Фёдар — мне трэба ў вайсковую часць. Але я, ды доўга тлумачыць, — вось швейцарскі трафейны гадзіннік, дзядзька калісьці з вайны прывёз. Я табе яго пакіну ў заклад, а ты мне на спадарожную рублёў пяць пазыч. Згода?

— Не трэба закладаў. Я і так пазычу.

Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.

— Ну, Фёдар, быць табе дэканам, — вяла, але з цеплынёй пажартаваў Ігнат Мазур. — Бывай.

* * *

Узвод быў на палігоне. У капцёрцы Ігнат Мазур забраў у старшыны роты, які не змаўкаючы бэсціў яго, сваю форму і хутка пераапрануўся, і пасля роздуму пабег на палігон.

— Але ж ты і трапіў! — толькі і сказаў яму наўздагон раззлаваны, што яго патурбавалі, старшына.

Яго нечаканае з’яўленне аднакурснікі з узвода сустрэлі воклікамі: адны проста здзіўленымі, а іншыя зласлівымі — з-за яго адсутнасці ўзвод няслаба паганялі на занятках.

Узводны — лейтэнант Андрэй Дзямідчык — адвёў яго ўбок.

— Што здарылася, Ігнат?

— Забралі ў міліцыю. Адседзеў трое сутак.

— Ты спазніўся на суткі. Ведаеш, што табе пагражае?

— Ды гатовы я на любое пакаранне. Мне, таварыш лейтэнант, скажу шчыра — ўсё роўна. Як будзе — так і будзе.

Узводны Андрэй Дзямідчык падумаў некалькі секунд. Урэшце, відаць па ўсім, рашэнне прыняў раней, сказаў:

— Табе пакуль шанцуе. Ротнага Угарава часова адклікалі і яго няма ўжо трэці дзень. Цябе будзе прасаваць нампаліт, падпалкоўнік Марчанка, а начальніку збораў, загадчыку кафедры не дакладвалі. Мяркую, разбяромся самі, але будзь гатовы. Скажу яшчэ па сакрэце і паміж намі: Марчанку вось-вось у запас, на пенсію, і яму праблемы не патрэбныя. Павінішся як след, прыдумай што-небудзь, і можа ўсё і абыдзецца. Ну, а я табе, ужо прабач, — па максімуму.

І ўзводны Дзямідчык аддаў каманду строіцца, а пасля чаго аб’явіў Ігнату Мазуру пазачарговыя нарады на кухню і ў каравул.

Ноччу ў палатцы адчувальна прыціскаў холад. Але нават у холадзе спаць Ігнату Мазуру не далі. Сяржант з суседняй роты падняў на ногі, каб ісці ў нарад на кухню. Мазур заснуў на гадзіну толькі пад раніцу. Сон быў неглыбокі, не надаў сіл, прыснілася чамусьці выкладчыца Спіркіна, яна ж «Агеньчык», якая пагражала не прыняць іспыт. А потым нібы пачала спакушаць яго: села на калені і прыціснулася губамі да яго шыі, стала цалаваць, але тут ён прачнуўся, — Міхась Байкоў далікатна кранаў яго: «Пад’ём, Ігнат! На зарадку!»

Бегчы з кіламетр, а потым махаць рукамі і прысядаць у яго не было ні сіл, ні жадання, і студэнт Ігнат Мазур застаўся ў палатцы. Пасля сняданку ў сталоўцы, куды хадзілі строем усёй ротай, яму загадалі з’явіцца да падпалкоўніка Марчанкі.

Нампаліт Марчанка — мажны, марудны ў рухах, акуратна пастрыжаны і паголены, не ўшчуваў яго, не пагражаў і нічога не пытаў.

— Збяром на днях камсамольскі сход роты, — сказаў ён, — няхай ён вырашыць, якія меры да вас прыняць. Вы ўсё-такі павінны разумець, што цяпер знаходзіцеся ў войску, а тут галоўнае — дысцыпліна.

* * *

Праз суткі ў лагер вярнуўся маёр Угараў. Нешта, пэўна, не склалася ў яго ці то дома, ці яшчэ дзе — хадзіла нават чутка, што ён спрабаваў паступіць у вайсковую акадэмію, але, пэўна, гэта дрэва яму зваліць было не па сіле, і ён з нейкім нездаровым імпэтам зноў прыняўся за службу.

Яму ўжо данеслі, што мотастралок другой роты Ігнат Мазур адсутнічаў у часці больш за трое сутак і, можна было толькі здагадвацца пра тое, хто на гэты раз быў інфарматарам ротнага Угарава.

Рашэнне падпалкоўніка Марчанкі правесці камсамольскі сход роты, на якім і вырашыць лёс Ігната Мазура, яму, Угараву, не падабалася сваёй неакрэсленасцю і здавалася залішне мяккім: вынік таго будучага сходу можна было прадказаць адразу — паўшчуваюць, на тым і скончыцца. Справа паступова блізілася да арышту і гаўпвахты, але студэнт Ігнат Мазур нібы нічога не заўважаў.

На нейкі час увагу ротнага адцягнуў на сябе Міхась Байкоў, які на стрэльбішчы па сваёй звыклай бесталковасці павярнуў да таго заражаны аўтамат, вядома, ненаўмысна, але гэтага хапіла, каб маёр пачаў штодня выхоўваць Байкова, а заадно і ўзводнага Андрэя Дзямідчыка. Пра выпадак з гранатай па-ранейшаму ніхто не ведаў, а Міхась Байкоў, вядома, маўчаў. Ён усё болей хінуўся да Ігната Мазура, стараўся дагадзіць таму ў дробязях, а неяк нават папрасіў парады, хоць сам быў старэйшы за таго на цэлы год. «Я пасля вайны малы быў, — тлумачыў ён суразмоўцу, — тады хоць і не такі, як у трыццатыя, а усё роўна голад душыў. Бацькі галадалі, і мы — дзеці таксама. Памятаю гнілым дзікім грушам радаваліся. Па вёсках шмат жабракоў хадзіла. Хлеба прасілі, а дзе таго хлеба возьмеш?.. Я да таго вяду, — працягваў Міхась Байкоў, — што таму такі і затарможаны, бо ў галечы рос. Гэта зараз магу з вёскі і сала шматок прывезці. Ты ўжо не крыўдуй за гранату. Чорт ведае, што тады адбылося. Але ты, Ігнат, мне цяпер, вынікае, нібы старэйшы брат».

«Я і з дзяўчатамі такі затарможаны, — гаварыў далей Міхась Байкоў, — там у мяне на вёсцы жанчына ёсць. Настаўніца малодшых класаў з нашай школкі, калісьці педвучылішча скончыла. Яшчэ да сваёй вучобы я з ёй пачаў сустракацца, а цяпер яна мне і лісты дасылае і прыязджала ў Мінск. Але мне сказалі, што яна… Словам, не ад мяне… Але пазбавілася… Цяпер па размеркаванні я, як мінімум, у раёнцы апынуся, дый месца там ужо для мяне знайшлося. Дык я хачу ў цябе, Ігнат, спытаць: што мне рабіць? Вядома, яна хоча, каб я забраў яе ў наш гарадскі пасёлак, там разам і асталявацца. А мне як з яе мінулым быць? На плячах усё жыццё насіць?»

Міхась Байкоў урэшце спыніўся і глядзеў на яго даверліва — чакаў адказу.

— Ты выкладчыка Пятра Мацкевіча памятаеш? — праз паўзу спытаў яго Ігнат Мазур.

— Анягож. Я яму, а не Гавіну, палітэканомію даздаваў. Дык ён па білеце і пытацца не стаў. Ты, кажа, да ўніверсітэта дзе працаваў? У калгасе, гавару. Ён мне адразу «выдатна» паставіў. Сказаў толькі, каб асабліва не хваліўся нікому.

— Дык вось, — працягваў Ігнат Мазур, — ён мне днямі сустрэўся. І не то сваё, не то чужое працытаваў. Я запомніў.

— А што, цікава?

— А тое, што над жыццём няма суддзі.

Паўза.

— Дык як гэта разумець? — спытаў Міхась Байкоў.

— Як хочаш, — паціснуў той плячыма.

Усё часцей Ігнат Мазур упадаў у стан своеасаблівага нервовага збою, — не дапамагала ні бесперапыннае паленне цыгарэт, ні алкаголь, ні паслужлівасць Міхася Байкова, які то частаваў яго кавалкам сала, то прыносіў гарачай гарбаты з кухні. Туга з такой сілай навальвалася на яго, што раз-пораз хацелася аднаго — захапіць з сабой аўтамат, ражок з патронамі і схавацца ў лес, дзе проста ляжаць на якой палянцы пад познім, амаль восеньскім сонцам да таго часу, пакуль не наступіць цемра, а потым… спусціць курок…

Кадравы афіцэр лейтэнант Андрэй Дзямідчык бачыў, што з ім нешта не тое. Аднойчы, рызыкуючы сваім службовым становішчам, ён даў яму адпачыць: быццам забраў з сабой на выкананне нарада, а на самай справе даў яму шынель і паказаў на тапчан у дальняй капцёрцы: паспі. Мазур здолеў правесці некалькі гадзін у адзіноце: проста драмаў ці ляжаў у цішыні і ні пра што не думаў.

Але не думаць аб адным — тым, што найбольш непакоіла яго, — не выпадала. Урэшце ён прыйшоў да высновы: альбо дацерпіць да канца збораў і адразу паедзе ў Талін, альбо, калі гэта будзе немагчыма па нейкіх прычынах — скончыць з усім у чарговым каравуле.

Толькі вось непакоіла думка, што нядобра будзе так сур’ёзна падстаўляць узводнага. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык чымсьці яму падабаўся, хоць, як ён са спагадай разумеў, той наўрад ці здолее неяк прасунуцца па службовай лесвіцы.

Так прайшлі некалькі дзён. Пра сход роты, на якім было вырашана абмяркоўваць лёс Ігната Мазура, чамусьці пакуль не ўспаміналі. У вайсковых часцях спешна пачалі рыхтавацца да манеўраў пад кодавай назвай «Беразіна», загадалі таксама падключыць да тых манеўраў і студэнтаў, якія праходзілі зборы.

…Неяк узводны лейтэнант Дзямідчык, бачачы, што Ігнат Мазур нібы сам не свой, сказаў ротнаму Угараву, што хоча пакараць парушальніка дысцыпліны і скіраваць таго скасіць на палігоне траву. Ротны даў дазвол. Узводны ж, як адышліся з пляца, дастаў з кішэні ключ і працягнуў Ігнату.

— Гэта ад майго пакойчыка ў нашым інтэрнаце для афіцэраў, — сказаў ён. — Знойдзеш. Табе ўсё ж варта добра адпачыць. Бачу, што ты на мяжы. А я ад’едуся на дзень у вёску да сваіх бацькоў. Тут недалёка. Так што давай, студэнт.

Імжыла. Паўночны вецер павольна гнаў па небе сіне-шэрыя хмары. Чарада падужэлых маладых шпакоў вялізным чорным ценем прашамацела крыламі над яго галавой і знікла. Птушкі рыхтаваліся ў вырай.

Студэнт Ігнат Мазур расціснуў далонь. Ключ з біркай — нумар пакойчыка, дзе часова пражываў узводны, быў цяпер яму як нейкі талісман, знакам дабра і ўдачы.

Ён рушыў далей, але ўжо праз некалькі крокаў яго пераняў пасыльны з кантрольна-прапускнога пункта, радавы тэрміновай службы.

— Ты з другой роты? — спытаў ён.

— З другой.

— А Мазура ведаеш?

— Гэта быццам я, — сказаў Ігнат Мазур.

— А, ну дык да цябе дзяўчына прыехала. У адведкі, кажа. Ідзі, забірай.

Студэнт Ігнат Мазур спыніўся. Тое, што да іншых з іх прыязджалі сваякі, бацькі альбо дзяўчаты, не было дзіўным. Такое дазвалялася. Ён жа нікога не чакаў.

Але раптам успомніў пра ліст Ані Балтас, і з палёгкай уздыхнуў: прыехала, — ну, можа, гэта і добра.

Ён павярнуў на шляху. Ісці было недалёка. Шырокая ўтаптаная сцежка напрамую вяла да КаПэПэ. Ігнат ішоў туды.

Неўзабаве ён убачыў знаёмую чырвона-зялёную браму, дзверы і як з гэтых дзвярэй насустрач яму бегла дзяўчына.

Ён спыніўся на міг, ашаломлены, а потым кінуўся насустрач.

Святлана Конкіна імкліва абняла яго за шыю, і ён прыўзняў яе, абхапіў рукамі і ўткнуўся тварам у да болю знаёмую ўскудлачаную галаву, адчуў пах яе валасоў, парфумы, і пачуццё шчасця, магчыма, самага неспадзяванага і неверагоднага, ахапіла яго.

І толькі цяпер, у гэты момант, студэнт Ігнат Мазур нечакана для сябе раптам зразумеў, што ў яго жыцці магло і можа здарыцца ўсякае, але такога ўжо не адбудзецца і не паўторыцца ніколі.


Чэрвень 2014 г.

Загрузка...