У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладыславай Францаўнай непадалёк ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі 1942 год на кватэры Юдзіных у г.Верхнім Услоне.

Янка Купала выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. Дарэчы, жонкаю Уладыслава Чаржынскага была родная сястра Змітрака Бядулі — Рэня Плаўнік. У іх нарадзіліся дзеці — Вітаўт і Рагнеда. Нядаўна я адшукаў Рагнеду Чаржынскую-Маслоўскую, яна жыве ў Сочы.

З Уладыславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 20-30-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.

4 мая 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Песняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм “От сердца”, што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў “Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942 г.”

18 чэрвеня Янка Купала пакінуў Татарстан і прыехаў у Маскву, дзе праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква».


Уладыслаў Чаржынскі – крытык і літаратуразнавец

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” напісаў: “Літаратурная крытыка развівалася ў нас ужо ў нашаніўскую пару (М.Багдановіч, Л.Гмырак – забіты на вайне ў 1915 годзе, А.Навіна, В.Ластоўскі і інш.). Цяпер яна ўсходзіць на больш падрыхтаваны і навуковы грунт (М.Піятуховіч, У.Дзяржынскі і інш.)”. У.Дзяржынскі, Улідзе – гэта псеўданімы Уладыслава Чаржынскага. Пад гэтымі псеўданімамі наш зямляк выступаў з крытычнымі артыкуламі ў розных беларускіх выданнях у 1920-х гадах.

У 1928 годзе ў Мінску асобным выданнем выйшла праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. Але яна спачатку была надрукавана ў сакавіцкім нумары часопіса “Узвышша” у 1928 годзе. Перачытаў я нядаўна гэты матэрыял. Ён сапраўды заслугоўвае ўвагі. Бо ў ім крытык выступіў супраць таго, што пісалі, напрыклад Піятуховіч, Замоцін, якія адзначалі, што “скептыкам і пэсымістым выступае перад намі і Максім Багдановіч... Раней, Колас любіў сьпяваць супакой прыроды: ён любіў, падобна Цютчаву, Мэдэрлінку, прыслухоўвацца да начное цішыні, бо раненае сэрца патрабуе цішыні і спакою”. Чаржынскі ім адказвае: “Наадварот, Я.Колас – пясняр буры, навальніцы, грому, бліскавіц. Ні ў кога з беларускіх паэтаў гэтыя грозныя з’явы прыроды не знайшлі такога мастацкага выяўлення, як іменна ў Якуба Коласа” (“Узвышша”, 1928. № 3. С.128). Чаржынскі праналізаваў некалькі вершаў Якуба Коласа і прыйшоў да высновы, што “смутная настраёвасць коласаўскай лірыкі асабіста інтымных перажыванняў нічога супольнага не мае з філасофскай сістэмай песімізму” (там жа, с.138). Можа крытык і перабольшваў, калі сцвярджаў, што наша літаратура самая жыццясцвярджальная з літаратур таго часу, але, як піша Ігар Жук “унутраны аптымістычны пафас яе Чаржынскі адчуваў амаль бездакорна” (Ігар Жук. Сустрэчны рух. Гродна, 1998. С.44).

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 205, вып. 3, спр. 8909) нядаўна выявіў заяву У.Чаржынскага, якую ён пісаў у Беларускі дзяржаўны універсітэт: “Гэтым прашу залічыць мяне сталым слухачом на этналагічна-лінгвістычны аддзел факультэту грамадзянскіх навук Беларускага дзяржаўнага універсітэта па цыклу беларускае мовы. Скончыў у 1918 годзе 7 класаў мужчынскай гімназіі Фальковіча й Зубакіна ў Менску.У 1918-1919 гадах працаваў як настаўнік у вячэрняй школе для дарослых, якая была арганізавана мною ж у м. Пасадцы Вілейскага павета. Адначасна з гэтым даваў прыватныя лекцыі ў розных класах сярэдняй школы. У 1920 годзе з прыходам на Беларусь савецкае ўлады зрабіўся сталым супрацоўнікам штодзённае газеты “Савецкая Беларусь”, у якой працую й да апошняга часу...”.

Сапраўды, працуючы ў “Савецкай Беларусі”, Уладыслаў Чаржынскі публікуе тут свае артыкулы на розныя тэмы. Да 5-годдзя часопіса “Полымя” з’яўляецца матэрыял “Літаратурная трыбуна” (“Савецкая Беларусь”, 1926, 25 снежня). У нумары “СБ” ад 16 траўня 1925 года крытык разважае аб праблемах беларускае мастацкае культуры ў міжнародным кантэксце, аб тым, што наша тагачасная літаратура ўнясла ў скарбніцу агульнаеўрапейскай літаратуры, які сацыяльны клас пераважна знайшоў у ёй свой адбітак. На думку У.Чаржынскага, “матывы нацыянальнага і сацыяльнага змагання ў сваім найдасканальшым сінтэзе разгарнуты ў беларускай літаратуры з такой глыбінёй і мастацкай эмоцыянальнасцю, што яны чырвона-агністымі бляскамі мігацяць на агульна літаратурным еўрапейскім фоне”. І вялікая заслуга ў гэтым, сцвярджае крытык, і з ім нельга не пагадзіцца, Янкі Купалы.”Янка Купала – выдатнейшы карыфей беларускае літаратуры, які так нядаўна яшчэ быў як бы ўвасабленнем усёй нашай паэзіі, -- з’яўляецца адначасна піянерам найноўшага беларускага пісьменства”, -- пісаў наш зямляк. “Калі Гамер, Дантэ, Шэкспір, Байран, Гётэ, Міцкевіч, Пушкін і іншыя, -- сцвярджае Уладыслаў Чаржынскі, -- выяўлялі ў сваіх творах пераважна волю да жыцця чалавека наогул, то Янка Купала з найвялікшым мастацтвам праяўляе не толькі ў сваёй творчасці, але самой сваёй постаццю песняра-мужыка волю да жыцця працоўнага эксплуатаванага селяніна, беларускага селяніна. У гэтым іменна розніца, у гэтым самабытнасць, у гэтым і веліч Янкі Купалы, а побач з ім і беларускае паэзіі, у параўнанні з паэзіяй і паэтамі агульна-еўрапейскай культуры”.

Акрамя “Савецкай Беларусі” наш літаратуразнавец і крытык шмат друкуецца ў часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Асьвета”. У 1925 годзе ў Мінску выйшаў з друку зборнік паэзіі Янкі Купалы “Безназоўнае”. У “Полымі” адразу з’яўляецца невялікая нататка Чаржынскага пра гэты зборнік, падпісаная псеўданімам Улідзе. Крытык піша: “Цэнтральным месцам зборніка з’яўляецца паэма “Безназоўнае”. Гэтая паэма заслугоўвае асаблівае ўвагі не толькі з боку мастацкага, але і з боку ідэалагічнага. У ёй Купала дае рэльефны нарыс нашай рэвалюцыйнай эпохі, адцяняючы яе на фоне таго недалёкага мінулага, якое перажывала працоўная Беларусь... Апрача паэмы ў зборніку бачым вязанку вершаў, напісаных у апошнія гады. Усе гэтыя вершы як сваёй ідэалогіяй, так і новымі мастацкімі хварбамі і настроямі падобны на “Безназоўнае” і з’яўляюцца як бы прэлюдыяй да паэмы” (“Полымя”, 1925, № 2.С.200-201).

У першых нумарах часопіса “Полымя” за 1925 год Уладыслаў Чаржынскі друкуе вялікі свой артыкул нарысаў і нататкаў “Беларуская літаратурная сучаснасць”. Рэдакцыя часопіса нават зрабіла зноску, што з некаторымі вынікамі і думкамі аўтара не пагаджаецца. Тым не менш, артыкул быў апублікаваны. У ім літаратуразнавец таксама звяртаецца да творчасці Янкі Купалы. У сваёй працы крытык пытаецца: чаму на працягу 1920-21 гадоў маўчыць Купала? Што такое сталася з песняром? І адразу дае адказ, што ў снежні 1921 года на старонках “Вольнага Сьцягу” з’яўляецца Купала “Песняй аб паходзе Ігара”. “Песня,” -- піша Чаржынскі, -- гэта закончаная музыкальная сімфонія, кожная частка якой пяе дзіўную мелодыю, кожная струна якой гучыць самабытнымі тонамі, а ўсё разам зліваецца ў нязвычайнай чароўнай гармоніі. З гэтага боку “Песня” з’яўляецца запраўдным шэдэўрам беларускае найноўшае паэзіі” (“Полымя”, 1925, № 1. С.148). Далей крытык разглядае зборнік вершаў Янкі Купалы “Спадчына”, куды ўвайшлі вершы песняра напісаныя ім у 1906-1918 гадах, а таксама драму “Тутэйшыя”, напісаная ў 1922 годзе, апублікаваная – у 1924-м, а па зместу адносіцца да 1918-1920 гадоў. Пра “Тутэйшых” Чаржынскі кажа, што “п’еса можа не спадабацца як прыхільнікам артадаксальнага рэалізму (натуралізму), так і прыхільнікам літаратурнага мадэрну. Рэалісты будуць нездаволены тым, што ў п’есе не ўсё жыве, што ў п’есе больш рэзанёрства, чымся жывой дзеі, што ў п’есе залішне карыкатуры, што ў п’есе залішне штучнага. З другога боку можа быць той закід, што п’еса замала эмацыянальна, што п’еса ўбога глыбокімі калізіямі, што п’еса пабудавана на павярхоўных водрухах людскіх пачуццяў, урэшце, што п’еса замала сцэнічна. Але ўсе гэтыя заганы будуць заганамі чыста ўмоўнымі, залежна ад таго пункту погляду, з якога падходзяць да гэтае п’есы. Нам здаецца, што ў п’есе трэба шукаць іншага...” (там жа, с.151-152). Уладыслаў Чаржынскі добра ведаў, што трэба шукаць у п’есе, каму яна прысвечана, пра каго яна і для каго... Абагульняючы творчасць Янкі Купалы ў 1920-я гады наш зямляк прыйшоў да высновы, што:

“1. Ліра песняра не маўчыць, а адгукаецца на найважнейшыя падзеі гэтае сучаснасці; а калі адгукаецца яна не так часта, як гэтага нам хацелася б, то ў гэтым пункце мы павінны памятаць, што маем дачыненне з мастацтвам, г. зн. такой катэгорыяй, якая не падлягае матэматычным вымерам і якая пакуль што не жыве паводле календара, хоць бы нават савецкага.

2. Літаратурныя выступленні песняра не былі дысанансам эпосе, а наадварот, як нельга лепш гарманізавалі з гэтай эпохай.

3. Перастроеная на сучасны лад (“Безназоўнае”) ліра песняра не ўтраціла сваёй ранейшай моцы, а гучыць так жа пераможна, як і раней, і мае нават тэндэнцыю заглушыць хоры новага літаратурнага рэчышча.

4. Паэт застаўся верным сабе і пры новых акалічнасцях, грунтуючыся ў сваёй творчасці на аб’ектыўнай рэальнасці і выступаючы, як раней, пад літаратурным знакам мастацкага рэалізму (павевы неакласіцызму ў “Тутэйшых” не запярэчваюць гэтага, бо неакласіцызм бліжэй да рэалізму, чымся да рамантыкі). Усё гэта сведчыць аб тым, што Я.Купала і ў паслякастрычнікавай сучаснасці (асабліва пачынаючы з .) становіцца вельмі значным фактарам прагрэсу ў беларускім літаратурным мастацтве” (там жа, с.153).

Уладыслаў Чаржынскі шмат пісаў і пра Якуба Коласа. “Новую зямлю”, “Сымона-музыку” і “У палескай глушы” ён назваў манументальнымі творамі беларускай літаратуры. Крытык паказаў тое адметнае, новае, што з’явілася найперш у Коласа-празаіка. А гэта дасканаласць і віртуознасць партрэтнага жывапісу, разумеючы апошняе даволі шырока – не толькі як апісанне знешняга партрэта, але і як выяўленне характару. Мае рацыю Міхась Мушынскі, які адзначае, што Чаржынскі “параўноўвае аповесць з партрэтнай галерэяй, праз якую праводзіць аўтар “зачараванага і захопленага чытача”, раскрываючы яму багацце і разнастайнасць чалавечых тыпаў-характараў” (Міхась Мушынскі. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20-30-я гады). Мн., 1975. С.166).

Пра Якуба Коласа Уладыслаў Чаржынскі напісаў вялікі крытычна-біяграфічны нарыс, які быў змешчаны ў першым томе збору твораў Якуба Коласа, што пабачыў свет ў Мінску ў 1928 годзе. “Сымон-музыка” – гэта не толькі пышны цвет паэтыцкае індывідуальнасці: гэта пышны цвет беларускае паэзіі, як мастацтва” – сцвярджае наш крытык.

Вельмі моцна Уладыслаў Чаржынскі абараняе Якуба Коласа, Змітрака Бядулю і Янку Купалу, аналізуючы працу “Беларусы” Яфіма Карскага ў “Полымі” за 1923 год. Ён аб’ектыўна ўказвае на сур’ёзныя недакладнасці Карскага, які ў трэцім томе стараецца паказаць гісторыю беларускай літаратуры, пачынаючы з ХIХ стагоддзя, а таксама апісаў беларускі культурна-нацыянальны рух. “Незразумелым для нас з’яўляецца той метад, паводле якога аўтар размясціў у гэтым раздзеле пісьменнікаў, -- піша Уладыслаў Чаржынскі. – Калі аўтар трымаўся метаду літаратурнай магутнасці, то чаму паставіў Цётку раней Я.Купалы, Альберта Паўловіча, Г.Леўчыка, К.Буйло раней Бядулі-Ясакара, які бязумоўна па літаратурнай вартасці, і па колькасці ім напісанага стаіць бязмерна вышэй за іх? Калі ж аўтар трымаўся храналагічнага прынцыпу, то чаму Альберт Паўловіч, Ядвігін Ш. апынуліся пасля М.Багдановіча, К.Буйло і г.д.? А калі аўтар размяшчаў пісьменнікаў паводле арганічнай сувязі і сваенства матываў, стылю, крыніц творчасці і г.д., то чаму за М.Багдановічам пастаўлены А.Паўловіч, З.Жылуновіч, Ядвігін Ш., а не Бядуля-Ясакар, які, бязумоўна, як стылем, так і матывам і бліжэй да М.Багдановіча, чымся яны”(“Полымя”, 1923, № 2. С.113-114).

“Плавнику принадлежить и несколько прозаических статей”, -- піша Я.Карскі ў “Белорусах”. Чаржынскі рэагуе на гэта імгненна: “Гэтак адзываецца акадэмік Е.Ф.Карскі аб пісьменніку, якога вядома нам у друку да 80 апавяданняў, агульным аб’ёмам каля 40-50 друкаваных аркушаў. І гэта некалькі “прозаических статей”. Нечага сказаць, добрая рэгістрацыя паэтычных матэрыялаў”... (там жа, с.123). І такіх заўваг крытык прыводзіць вельмі шмат. Таму ён, прачытаўшы трэці том “Белорусов”, заявіў, што кніга Карскага “дзякуючы сваёй павярхоўнасці вельмі мала дасць новага для тых, хто больш-менш знаёмы з гісторыяй беларускае літаратуры і з гісторыяй беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху” (там жа, с.132).

У вераснёўскім нумары часопіса “Полымя” за 1928 год Уладыслаў Чаржынскі апублікаваў артыкул “Дзейнасць З.Жылуновіча ў абсягу беларускай літаратурнай крытыкі”. Артыкул быў вельмі актульны на той час і сёння ён не страціў сваёй гістарычна-літаратурнай фактуры. Як мы ведаем, сам Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) пісаў вельмі шмат: апавяданні, вершы, раман, літаратурныя агляды, крытычныя манаграфіі, крытычна-палемічныя артыкулы, рэцэнзіі і г.д. Менавіта на характарыстыцы некаторых жанраў крытыкі Цішкі Гартнага спыніўся У.Чаржынскі. Ён не толькі зрабіў вычарпальны агляд дзейнасці З.Жылуновіча ў кантэксце беларускай літаратурнай крытыкі, але паспрабаваў класіфіцыраваць яго крытычныя працы як з боку ідэалагічна-метадалагічных прынцыпаў, так і з боку літаратурнай формы і стылю. Падобная праца ў беларускай літаратуры тады была новай і даволі нялёгкай. І яе наўрад ці хто змог бы адужаць. Хіба што толькі Чаржынскі.

Часопіс “Узвышша” у травенскім нумары за 1929 год публікуе вялікі матэрыял нашага земляка, які называецца “Нарысы гісторыі беларускае літаратуры” праф. М.М.Піятуховіча”. Сапраўды, прафесар Міхайла Піятуховіч (1891-1937) у 1928 годзе выдаў першую частку сваіх “Нарысаў...”. Іх уважліва прачытаў Уладыслаў Чаржынскі і на старонках папулярнага тады часопіса выказаў свае думкі і заўвагі. І яны даволі слушныя. Напрыклад, У.Чаржынскі піша: “Вось якую характарыстыку дае, напрыклад, праф. Піятуховіч В.Д.Марцінкевічу на балоне 73-й “Нарысаў”: “Узятая ў цэлым творчасць Дуніна-Марцінкевіча ўяўляе сабой яскравы прадукт патрыярхальна-дваровай культуры, амаль зусім не зачэпленай уплывамі капіталізму”. Гэта формула, супярэчачы гістарычнай рэчаіснасці, не можа даць адказу на асноўныя пытанні, што ўзнікаюць навокал творчасці названага пісьменніка. Чым, напрыклад, вытлумачыць тую з’яву, што ўся творчасць Д. Марцінкевіча з’яўляецца як бы псіха-ідэалагічным клеем, якім пісьменнік тужыцца склеіць сялянства і шляхту, як не распадам прыгоннае гаспадаркі? Чым вытлумачыць гэтае заахвочванне селяніна да шчырае працы, якое мы бачым бадай у кожным творы Марцінкевіча, як не простым рэзультатам невыстарчальнай прадукцыйнасці сялянскае працы ў перыяд менавіта распаду прыгоннае гаспадаркі?” і г.д.і г.д. У гэтым артыкуле Чаржынскі зрабіў некалькі заўваг і наконт трактоўкі ў “Нарысах” М.Піятуховічам паэзіі Францішка Багушэвіча і творчасці некаторых іншых класікаў беларускай літаратуры.

Вельмі добра крытык У.Чаржынскі сказаў пра беларускага гісторыка Уладзіміра Пічэту. Напрыклад, у аглядзе часопіса “Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ” (1923, кастрычнік-лістапад) у лютаўскім нумары часопіса “Полымя” за 1923 год ён піша: “Як мы бачым, гісторыка-беларуская навука мае ў асобе У.Пічэты вельмі здольнага і, адначасна з гэтым, вельмі шчырага прыхільніка”.

Вельмі цёпла наш зямляк у сваіх літаратурных творах адгукаўся пра Украіну і творчасць яе пісьменнікаў. У 1924 годзе выйшаў з друку зборнік вершаў “Вітер з Украіни” Паўло Тычыны. Пад псеўданімам Улідзе “Полымя” друкуе рэцэнзію У.Чаржынскага на гэты зборнік. Яна пачынаецца так: “Вецер з Украіны, Украіны так блізкай нам, беларусам, на жаль так рэдка далятае да нас, так рэдка кудзёрыць верхавіны беларускага бору! А шкада! Гэтулькі ў гэтым ветры нам роднага, прачулага, а разам з тым, гэтулькі ў ім моцы й чараў, самабытнасці і крыштальнай прамяністасці. Вязанка вершаў П.Тычыны “Вітер з Украіни” можа найвыпукней увасабляе сабою гэты ўкраінскі вецер... (“Полымя”, 1925, № 1. С.179-180). Далей наш крытык не шкадуе шчырых братэрскіх слоў і пачуццяў, ён проста ў захапленні ад творчасці паэта, калі піша, што “П. Тычына – адзін з найвялікшых сучасных украінскіх паэтаў...”, што “музыкі ў паэзіі П.Тычыны – як сонца ў роснай зелені летнім ранкам”, што “лірыка П. Тычыны – наскрозь шчыра-пачуццёва”...

Гэта мая толькі невялікая вандроўка па старонках твораў Чаржынскага-крытыка. Пасля яе я ўпэўніўся, што беларусы ў 1930 годзе страцілі вельмі таленавітага, разважлівага і аб’ектыўнага крытыка. На вялікі жаль, сёння ў беларускай літаратуры крытыка маштабу Чаржынскага я нават і не магу назваць. Таму павучыцца пісаць і аналізаваць творы нам сёння ёсць у каго. Толькі гэтыя крытычныя артыкулы і даследаванні нашага земляка раскіданы па выданнях 1920-1930-х гадоў. Ці не пара ўжо іх сабраць пад адну вокладку і выдаць?..


***

Да Волі іду праз дождж,

Праз туман, снегапад і вецер…

Усё жыццё да Волі іду.


Пра Аляксандра Вазнясенскага, які пісаў пра Купалу і Коласа

Пра літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксандра Вазнясенскага (1988-1966) ёсць згадка ў Беларускай энцыклапедыі (Мн., 1970. Т.2. С.556) і ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” (Мн, 1992. Т.1. С. 297). Сціплая згадка аб тым, дзе ён нарадзіўся, што скончыў, дзе працаваў, аб чым пісаў. Але гэтых звестак мала, каб расказаць пра чалавека, які ўнёс значны ўклад у гісторыю беларускага літаратуразнаўства. Тым больш, што пражыў ён у Беларусі толькі 10 гадоў.

Нарадзіўся Аляксандр Вазнясенскі (Узнясенскі, Узнесянскі) у Сімбірскай губерні ў Расіі. Пасля заканчэння ў 1913 годзе славяна-рускага аддзялення гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага універсітэта атрымаў там магчымасць навуковай падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Але Першая сусветная вайна прымусіла памяняць месца жыхарства, а таксама ўсе свае жыццёвыя планы. Спачатку ён працуе асістэнтам, прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага універсітэта, а калі ў 1921 годзе быў адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Аляксандр Вазнясенскі прыехаў у Менск. Сюды яго запрасіў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта.

У Менску Аляксандру Вазнясенскаму працавалася добра. Спачатку ён быў дацэнтам, а з 1927 года стаў прафесарам. Хутка вывучыў беларускую мову, шмат чытаў твораў беларускіх аўтараў, з многімі літаратарамі быў знаёмы асабіста, часта сустракаўся, сябраваў. Вясной 1926 года, калі пачаў вывучаць творчасць Янкі Купалы, быў запрошаны песняром на кватэру на Кастрычніцкую вуліцу. “Я быў у яго каля дзвюх гадзін, — згадвае Вазнясенскі ў зборніку “Янка Купала” (Мн., 1952. С.85). — Увесь час быў запоўнены ажыўленай размовай на літаратурныя тэмы. Гутарка пачалася з Лермантава, выданне якога (1814-1915 года, пад рэдакцыяй В.В.Калаша) ляжала на стале разам з другімі кнігамі ў некаторым, як кажуць, “лірычным” непарадку. Іван Дамінікавіч адразу пачаў гутарку аб рускім паэце. Ён выказаў захапленне ім, звярнуўшы ўвагу на станоўчыя здабыткі яго творчасці... Купала адзначыў пратэстны пачатак у паэзіі Лермантава і, гаворачы аб гэтым, закрануў у той жа сувязі Пушкіна і Някрасава. Затым размова перайшла да класікаў сусветнай літаратуры. Былі згаданыя імёны Шэкспіра, Шылера, Гётэ, Байрана, Беранжэ, Міцкевіча і шмат іншых. Я выйшаў ад беларускага паэта і быў здзіўлены яго надзвычай шырокім літаратурным кругазорам, яго глыбокім веданнем літаратуры, яго ўменнем разумець сутнасць і значэнне кожнага мастака. Маё наведванне засталося незабыўным”.

У 1920-х гадах Аляксандр Вазнясенскі шмат друкуецца. У часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Крывіч”, “Маладняк”, у “Працах БДУ” ён аналізуе творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, даючы параўнальна-тыпалагічную характарыстыку іх творчасці ў кантэксце еўрапейскіх літаратур. У часопісе “Полымя” за 1929 год літаратуразнавец публікуе сваё вялікае даследаванне “Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа”. У ім крытык прааналізаваў стыль аўтара, вывучыў яго мастацкую мову, умела параўнаў прозу Коласа з прозай Тургенева, Гогаля, Дастаеўскага. “У галіне стылю эмацыянальнага псіхалагічнага, -- піша Аляксандр Вазнясенскі, -- наш пісьменнік больш блізкі да традыцый рамантычнай творчасці. Яго мастацкая мова ў гэтым выпадку пераважна рамантычная” (“Полымя”, 1929. № 3. С. 137).

Працуючы ў Белдзяржуніверсітэце, А. Вазнясенскі даследаваў гісторыю беларускага тэатра, а таксама беларускі тэатр 1920-х гадоў. Сам крытык прымаў актыўны ўдзел у рабоце тэатральнай падсекцыі Інбелкульта, добра ведаў тагачаснае тэатральнае жыццё. Як адбітак з часопіса “Узвышша” ў 1927 годзе выходзіць яго праца пра беларускі тэатр 1921-1926 гадоў, а ў 1930 годзе ў красавіку “Маладняк” публікуе яго артыкул “Перспектывы сучаснага беларускага тэатра”. У чэрвенскім нумары часопіса “Узвышша” за 1929 год надрукавана цікавае даследаванне Аляксандра Вазнясенскага “Другі Беларускі драматычны тэатр”. Яно пачыналася так: “Другі Беларускі дзяржаўны тэатр, як пэўная арганізацыя, утварыўся арганічна з першай беларускай мастацкай студыі, што нарадзілася ў 1921 годзе ў Менску і праходзіла свой курс вывучэння тэатральнага мастацтва ў Маскве. Студыя скончыла свае заняткі вясною 1926 года, а з восені ў тым жа годзе яна была дэкрэтам Наркамасветы Беларусі ператворана ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр... Першай п’есай, што была сцэнічна, як мае быць, распрацована і паслужыла грунтам для драматычнага рэпертуару другога тэатра, была народная драма “Цар Максіміллян”. Уся праца, звязаная з пастаноўкай, была праведзена калектывам студыйцаў з вялікім творчым уздымам. Гэтая п’еса ў Беларусі, шырока папулярная ў народных гушчах, была вядома кожнаму студыйцу. Тэкст гэтае п’есы, яе музычныя нумары, гарнітуры, дэкарацыі і ўсе іншыя прыналежнасці паказу былі выпрацаваны самымі артыстамі-студыйцамі і з’яўляюцца вынікам творчай працы ўсяго калектыва. Першае выступленне беларускай студыі перад публікай з гэтаю драмаю было ў Маскве ў траўні 1924 года. Яе паказ, выкананы ў канструкцыйным стылі, быў спатканы пахвальнымі водгукамі маскоўскага друку. У Менску гэтая драма ўпершыню была паказана ў чэрвені таго ж 1924 года, але спаткана гледачамі даволі стрымана, выклікаўшы шмат гутарак і спрэчак. Правінцыяльная публіка, выхаваная на традыцыях старога бытавога тэатра, маючы прывычку да рэальных пастановак, вядома, прычынілася скептычна да новых тэатральных накіраванняў, што праніклі ў гэты час у тэатральнае мастацтва...”(“Узвышша”, 1929. № 6. С.96-97).

Далей даследчык расказаў пра станаўленне гэтага калектыву, прааналізаваў яго рэпертуар, рэжысёрскае і акторскае майстэрства, сцэнаграфію, спыніўся на п’есах В.Шашалевіча “Апраметная”, А.Глобы “Астап”, М.Грамыкі “Каля тэрасы” і іншых драматургаў і некаторыя крытычна ацаніў.

У 1930 годзе прафесару Вазнясенскаму ГПУ БССР загадвае пакінуць тэрыторыю Беларусі. У гэты час быў арыштаваны ў Менску і літаратуразнавец, крытык, педагог Уладыслаў Чаржынскі. Чаржынскага высылаюць у ссылку ў Казань, а Вазнясенскага ў Маскву. У Маскве Аляксандр Вазнясенскі ўладкаваўся на працу ў Маскоўскі гарадскі педагагічны інстытут, пасля ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі, а потым працаваў у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці.

У 1934 годзе ў Менску арыштоўваюць прафесара Івана Замоціна, які добра ведаў амаль усю мясцовую творчую інтэлігенцыю, у тым ліку і Вазнясенскага. Замоцін не вытрымлівае цяжкіх допытаў і дае паказанні пра міфічную арганізацыю “Руская нацыянальная партыя” да якой нібыта належалі ён сам і іншыя навукоўцы, сярод якіх быў і Аляксандр Вазнясенскі. Івана Замоціна хутка адпускаюць, а Вазнясенскага ў 1934 годзе арыштоўваюць у Маскве. У сваіх паказаннях у 1956 годзе Вазнясенскі пісаў: “Когда я был арестован в 1934 году в Москве вместе с академиками Перетцем и Сперанским, мне зачитали показания Замотина, который называл меня монархистом... После долгих истязаний, применяемых ко мне, я вынужден был дать показания на Замотина... Замотин пострадал благодаря своей слабохарактерности и трудности...”(“СБ”, 19 студзеня 2007).

Пацярпеў і Вазнясенскі. Пасля арышту яго накіроўваюць у Ташкент, дзе літаратуразнавец пражыў цэлых 5 гадоў. За гэты час ён паспеў наладзіць сувязь з беларускім крытыкам і літаратуразнаўцам Уладыславам Чаржынскім, які ўжо некалькі гадоў жыў і працаваў у Казані. Знаёмыя яны былі яшчэ з 1920-х гадоў, калі жылі ў Менску. Магчыма, Чаржынскі дамовіўся з працаю і паклікаў Вазнясенскага з Ташкента ў Казань. Ды і жылі яны пазней на адной вуліцы Дзяржынскага ў Казані: Чаржынскі -- у доме № 15, кв. 8, Вазнясенскі – у доме № 11, кв. 54.

У 1939 годзе Аляксандр Вазнясенскі прыязджае ў Казань і ўладкоўваецца на працу ў Казанскі педагагічны інстытут. У 1943 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю на тэму “Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры”. Дарэчы, яна асобным выданнем не выдавалася і цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага універсітэта. Пасля абароны доктарскай дысертацыі Аляксандр Вазнясенскі некалькі гадоў кіраваў кафедрай рускай і замежнай літаратур, ён актыўна і шмат працаваў, арганізоўваў навуковыя сесіі і канферэнцыі па літаратурных праблемах, вёў навуковыя даследаванні па праблемах нацыянальнай спецыфікі літаратуразнаўства і метадалогіі літаратуры, у тым ліку і па беларускай, развіваў традыцыі акадэмічнага літаратуразнаўства. У 1943 годзе яго прызначаюць дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага універсітэта.

Недалёка ад Казані ў Пячышчах жыў тады Янка Купала. У пачатку чэрвеня тут адбылася другая сустрэча Аляксандра Вазнясенскага з нашым песняром. 16 гадоў яны не бачыліся. Усю ноч сябры гутарылі пра Беларусь, пра літаратуру, пра падзеі на фронце. Праз некалькі дзён Купала завітаў да Вазнясенскіх. Гэта была іх апошняя сустрэча...

Доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец і крытык Аляксандр Вазнясенскі памёр у Казані ў 1966 годзе, дзе і пахаваны. Студэнты і выкладчыкі Казанскага універсітэта памятаюць пра свайго выкладчыка. У музеі і архіве універсітэта захоўваюцца яго дакументы, запісы, публікацыі, фотаздымкі, дзённікі, творы. Сярод іх – афішы аб правядзенні розных навуковых сесій гісторыка-філалагічнага факультэта, дзе сярод дакладчыкаў ёсць і прозвішча прафесара Вазнясенскага, даведка № 58 КК РСФСР ад 1945 года аб зняцці судзімасці, атрыманая з Масквы, рабочы дзённік прафесара Вазнясенскага за 1954 год, даведка аб рэабілітацыі, атрыманая з Маскоўскага гарадскога суда ў 1964 годзе за подпісам старшыні суда Асятрова. У ёй, дарэчы, сказана, што “дело по обвинению Вознесенского Александра Николаевича, до ареста профессор Московского областного педагогического института, пересмотрено Президиумам Московского городского суда 26 октября 1964 года. Постановление коллегии ОГПУ от 29 марта 1964 года отменено, а дело в отношении Вознесенского Александра Николаевича, 1888 года рождения, производством прекращено за отсутствием в его действиях преступления. Вознесенского Александра Николаевича по настоящему делу реабилитировать”.

Пры жыцці пытаўся пра Аляксандра Вазнясенскага і ў доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойкі (1931-2008), калі ён яшчэ жыў у Слоніме ў сваім доме на Віленскай вуліцы. Алег Антонавіч тады сказаў: “Аляксандр Вазнясенскі, Уладзімір Пічэта і Іван Замоцін – выдатныя навукоўцы, якія ўнеслі вялікі ўклад у беларускую гісторыю і філалогію ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя. Гэта быў нялёгкі, супярэчлівы і жорсткі час для Беларусі. Але вучоныя ў сваіх творчых ацэнках кіраваліся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Аляксандр Мікалаевіч Вазнясенскі быў настаўнікам майго настаўніка Юльяна Пшыркова. Калі я чытаў артыкулы Вазнясенскага, мне здавалася, нібыта гэта былі артыкулы Пшыркова. Таму што разуменне было аднолькавае. Якуба Коласа ў той час шальмавалі, але крытык Аляксандр Вазнясенскі на гэта не паддаўся. І пісалі Вазнясенскі, Замоцін і Пічэта па-беларуску. Дарэчы, Замоцін быў прафесарам Варшаўскага універсітэта, Пічэта — рэктарам і прафесарам Белдзяржуніверсітэта, пасля — Маскоўскага універсітэта, Вазнясенскі – прафесарам Казанскага універсітэта. Гэта былі найвялікшыя навукоўцы Беларусі ХХ стагоддзя”.


***

Будзьце светлымі, як нашы рэкі,

Будзьце чыстымі, як нашы лясы,

Калі ласка, вельмі прашу,

Будзьце…


Незабыўны Алег Лойка і яго згадкі пра песняроў

Мне здаецца, што мой зямляк доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка меў вялікае шчасце, што нарадзіўся ён у Слоніме на беразе ракі Шчара. Пра свой родны горад і пра Шчару ён напісаў тысячы радкоў:

І я рады, што зразумеў:

З гэтай радасцю — не таіцца,

Што я шчасце вялікае меў

Па-над Шчараю нарадзіцца!..

Упершыню са сваім знакамітым земляком я сустрэўся ў Мінску на філфаку ў 1980 годзе. Я, як і многія мае аднакурснікі, запісаліся да яго ў літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”. Не часта адбываліся пасяджанні літаб’яднання, але калі яны былі, то праходзілі даволі цікава, весела, актыўна. І Алег Антонавіч нас адразу запамінаў, ведаў і шанаваў.

Да мяне старастай літаб’яднання была паэтка-студэнтка Ала Канапелька. А потым, калі Ала скончыла філфак, Алег Лойка прызначыў мяне. Хлопцы нават жартавалі: “Слонімцы літаратуру хочуць узяць пад свой кантроль”. Іншыя называлі мяне вядомым лойкіным радком “Юнак быў з-пад Слоніма родам…”. Тым не менш, ніхто за гэта ў крыўдзе не быў. Літаб’яднанне актыўна працавала, а ў 1985 годзе “узлётаўцы” выдалі свой чарговы паэтычны зборнік “Вусны”.

Быў 1984 год. На філфаку сустрэў мяне Алег Антонавіч і кажа: “На наступным тыдні будзе пасяджэнне “Узлёту” напішы аб’яўку і вывесі на другім паверсе (мы тады вучыліся на Чырвонаармейскай вуліцы, 6). І я “выканаў” просьбу прафесара. Напісаў: “У такі дзень і час адбудзецца пасяджэння літаратурнага аб’яднання ”Узлёт”. Запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску”.

Вечарам да мяне ў пакой інтэрната прыбягае вахцёр і кажа, што прафесар Лойка тэлефануе і хоча тэрмінова са мной пагутарыць. Я бягу на першы паверх, падымаю трубку і чую голас Алега Антонавіча: “Сяргей, калі ты пісаў гэтую аб’яву, чым ты думаў — галавой ці іншым месцам?”. “Галавой!”, — адказваю. “Не думаю, што галавой, — сказаў прафесар і паклаў трубку. Нічога не зразумеўшы, я пайшоў у свой пакой. Толькі потым я даведаўся, што Алега Антонавіча па змесце аб’явы выклікалі ў дэканат ці ў рэктарат і зрабілі заўвагу. А ён папярэдзіў мяне. Бо ў тыя 1980-я гады радок “запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску” “пах” нацыяналізмам. У апошнія гады жыцця, калі Алег Лойка жыў у Слоніме, я яму прыгадаў гэты студэнцкі факт. Алег Антонавіч сказаў: “Ей Богу, Сяргей, не памятаю…”.

У 1982 годзе прафесар Лойка выдаў у Маскве ў серыі “ЖЗЛ” кнігу “Янка Купала”. Гэта была першая кніга напісаная беларусам пра беларуса і выдадзеная ў вядомай расійскай серыі, якую заснаваў Максім Горкі яшчэ ў 1933 годзе. Пасля выхаду кнігі, у актавай зале філфака БДУ адбылася яе прэзентацыя. Зала была паўнюткая студэнтамі і выкладчыкамі. Прафесар Сцяпан Александровіч выступіў з вострай крытыкай кнігі, усе астатнія выступоўцы яе хвалілі і віншавалі Алега Антонавіча. Пазней я запытаўся ў свайго земляка: а чаму ваш сябра і калега так крытычна аднёсся да выдання кнігі? Алег Лойка адказаў: “Сцяпан Хусейнавіч хацеў у Маскве выдаць адначасова кнігу і пра Якуба Коласа. Але Маскве тэкст той кнігі не спадабаўся. Вось ён і зазлаваў”.

Прадмову да кнігі Алега Лойкі напісаў Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Прадмова была невялікая, але важкая. У ёй Іван Пятровіч адзначыў, што “кніга ёсць, — гістарычна дакладная, праўдзівая, шчырая”.

Супраць выдання кнігі Алега Лойкі пра Янку Купалу ў Маскве была і пляменніца Янкі Купалы Ядзвіга Юліянаўна Раманоўская. Па словах Алега Лойкі, у 1981 годзе яна паехала ў Маскву, завітала ў выдавецтва “Молодая гвардия” і прасіла, каб не выдавалі кнігу Алега Лойкі пра Янку Купалу. “Лойка, — казала Раманоўская, — кулак, памешчык, у яго было шмат зямлі на Слонімшчыне. А цяпер ён з’яўляецца членам польскай “Салідарнасці”. Кнігу такога чалавека ў Маскве выдаваць нельга”. Але кніга выйшла. Наклад яе тады быў 150 тысяч экземпляраў. Тым не менш, купіць у Беларусі кнігу было немагчыма. Толькі праз 16 гадоў Алег Лойка мне яе падпісаў у Слоніме: “Майму земляку і філфакаўцу Сяргею Чыгрыну, што Купалаўскімі сцежкамі крочыць. Поспехаў і шчасця! Алег Лойка, .”.

Калі Алег Лойка жыў у Слоніме, я вельмі часта яго наведваў. З ім можна было гутарыць бясконца, гутарыць на ўсе тэмы. Мне здаецца, што побач з Алегам Антонавічам я скончыў два філалагічных факультэта. Неяк я спытаў у яго: а які ганарар вы атрымалі за маскоўскае выданне кнігі пра Янку Купалу? Алег Антонавіч сказаў: “Сорак тысяч савецкіх рублёў”. О, гэта былі вялікія грошы на той час! Калі груба іх перавясці ў даляры, то атрымаецца — больш за сорак тысяч амерыканскіх даляраў. “Я быў тады самым багатым беларускім пісьменнікам. Грошай нікому не шкадаваў: даваў ці пазычаў пісьменнікам, сябрам…”, — прызнаваўся Алег Антонавіч.

У Слоніме ў апошнія гады жыцця Алегу Лойку жылося цяжка, але пісалася лёгка. Хвароба яго даймала. Але, калі я да яго прызджаў, — ён радаваўся, ажываў, усміхаўся. Алег Антонавіч адказваў на ўсе мае пытанні. Найбольш я ў яго пытаўся пра Янку Купалу і Якуба Коласа. Гэта з яго вуснаў я даведаўся, што Янка Купала першы заўважыў і ацаніў талент Канстанцыі Буйло. Калі Купала быў рэдактарам “Нашай Нівы”, да яго ў кабінет часта заходзіла Канстанцыя. Дарэчы, яна была тры разы замужам, па пашпарту – значна маладзейшая, бо мяняла гады. Купала быў у яе закаханы і нават паэтку цалаваў. У 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выйшаў яе першы паэтычны зборнік “Курганная кветка”, адрэдагаваны Янкам Купалам.

Алег Антонавіч пра Купалу і Коласа мог распавядаць гадзінамі. Ён казаў, што Янка Купала і Якуб Колас былі добрымі сябрамі. Хаця паміж імі здаралася рознае. Жонка Якуба Коласа – Марыя Дзьмітрыеўна была даволі багатай жанчынай, ідэальнай, інтэлігентнай мяшчанкай, вельмі выхаванай, хатняй, адданай мужу. Яна кахала Якуба Коласа. І Якуб Колас яе кахаў. Але падчас вайны, калі песняр апынуўся ў Ташкенце, ён моцна закаўся ў перакладчыцу Сомаву з Санкт-Пецярбурга. Колас прысвяціў ёй цэлы цыкл вершаў “Ташкенцкая торба”. Гэты цыкл не апублікаваны да сённяшніх дзён. Толькі пару вершаў з гэтага цыкла трапілі ў друк…

З вуснаў Алега Лойкі я таксама даведаўся і гэтыя факты з жыцця нашых песняроў.


***


Уладзіслава Францаўна аднойчы выгнала са свайго дому Бэндэ і Паўліну Мядзёлку. Але пасля з Паўлінай Мядзёлкай яна была ў добрых адносінах. Уладзіслава Францаўна ведала, што Мядзёлка супрацоўнічае з КДБ. Праз яе Мядзёлка атрымлівала ўсю інфармацыю пра Янку Купалу.


***


Янка Купала не прыняў кастрычніцкі пераварот у Расіі ў 1917 годзе. Ён марыў пра рэвалюцыю нацыянальную. Аб гэтым ён казаў на сваёй вечарыне, прысвечанай 15-годдзю літаратурнай творчасці ў 1920 годзе: “З квяцістымі сонечнымі думкамі, з нязломнай верай у лепшую долю, пойдзем усё наперад і наперад пад сьвятым сьцягам вольнай Беларусі. Змагайся й стань вольным, беларускі народ!”.


***


26 лютага 1932 года газеты “Беларускі звон” і “Беларуская крыніца” змясцілі некралогі на Янку Купалу і прэзідэнта Беларускай акадэміі наук Усевалада Ігнатоўскага. Калі Янка Купала прачытаў некралог пра сябе, ён адразу напісаў: “Што гэта знача? Гэта знача паказаць па-правакатарску сваім чытачам, што ў краіне Саветаў нялёгка жывецца нават пісьменнікам”. А на пытанне, чаму ён ходзіць неяк бокам, Купала адказаў: “Выразалі савецкі апендыцыт”.


***


Янка Купала ніколі не прыносіў сам вершаў у рэдакцыі газет і часопісаў. І ніколі адсюль не браў ганарараў. Усё за яго рабіла Уладзіслава Францаўна. У рэдакцыі ён заходзіў проста пагутарыць, пасядзець, спытаць у літаратараў і журналістаў пра жыццё-быццё. Вакол Купалы адразу збіраўся гурт хлопцаў і дзяўчат. Тады ён казаў ім: “То, можа, сходзім ды хоць па куфлю піва вып’ем? А то вы нешта тут вельмі зашчыраваліся…”.


***


Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Міхась Ганчарык аднойчы згадаў такі выпадак. Прыходзіць ён да Янкі Купалы, а той сядзіць з Якубам Коласам і выпівае. Міхась Ганчарык да спіртнога быў даволі раўнадушны чалавек. А тут здарылася такое, што песняры напаілі хлопца. Прачынаецца ён пад бэзам. Якуб Колас будзіць яго і кажа: “Уставай, хлопец, а то змерзнеш!”.


***


Цётка (Алаіза Пашкевіч) вельмі кахала Янку Купалу, хаця за яго была старэйшая на 6 гадоў. Купалу яна шчыра называла Купалінка. А пазней Уладзіслава Францаўна, праводзячы экскурсіі па музеі Янкі Купалы ў Мінску, казала, падышоўшы да партрэта Цёткі: “Гэта я адбіла Янку Купалу ад Цёткі!”. Смех дый годзе! Дарэчы, Цётка ў 1911 годзе выйшла замуж за літоўскага сацыял-дэмакрата Сцяпанаса Кайрыса. Але гэта быў фіктыўны шлюб. Як муж з жонкаю яны ніколі не жылі. У 1944 годзе Кайрыс выехаў на захад, а потым – у ЗША.


***


Некалі Алегу Лойку Лявон Луцкевіч перадаў вельмі цікавыя матэрыялы пра Янку Купалу. “З твайго дазволу, Лявон, я іх выкарыстаю пры напісанні кнігі пра Купалу “Як агонь, як вада”, — сказаў Алег Лойка. “Калі ласка, Алег, рабі што хочаш!”, — пагадзіўся Лявон Антонавіч. А пасля Лявон Луцкевіч, калі з’явілася кніга, асудзіў Алега Лойку. Спадар Лойка неяк мне сказаў: “Мяне раскрытыкавалі, што я Луцкевічаў паказаў не гераічнымі асобамі Беларусі. Вядома, што яны знатныя асобы ў нашай гісторыі. Але Янка Купала іх не прымаў. Асабліва Івана. Бо Іван быў палітык, дзялок. Ён і краў, і гандляваў, і махляваў і г.д. А Янка Купала не любіў такіх людзей. Ён казаў, што “Нашу Ніву” трэба выдаваць шчыра. А шчыра не атрымлівалася. Выдаўцы рабілі розныя махінацыі і Янку Купалу, Якубу Коласу ніхто ніколі грошай за працу ў газеце не даваў. Яны сядзелі на галодным пайку. Ім давалі толькі 5 капеек на абед. А за гэтыя капейкі можна было паабедаць толькі ў чарнасоценскай сталоўцы. І яны абедалі. Жах!.. Купала з Луцкевічамі сябраваць не мог. Бо яны былі амбіцыёзнымі. І хто для іх быў Купала?.. Ды ніхто. Яны мелі вышэйшыя адукацыі, а Купала не меў. Яны былі хітрыя, багатыя, наглаватыя. А Купала быў просты, шчыры. Што такое музей Івана Луцкевіча? Экспанаты да яго ён купляў, краў, выманьваў. А Купалу гэта не падабалася. Купала быў ідэальным інтэлігентам. Іван ідэальным інтэлігентам не быў”.


***


Уладзіслава Францаўна шчыра сябравала з Вандай Лявіцкай. Аднойчы яны арганізавалі вечарынку. Простую вясёлую вечарынку з жартамі, анекдотамі, вершамі. Да сябе запрасілі Мікалая Улашчыка і яшчэ некалькі маладых сяброў Іны Рытар. Там былі Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі і Язэп Лёсік. Гэтую сходку сябры назвалі Саюзам вольнай Беларусі. Пасля вечарыны пасадзілі Язэпа Лёсіка, якога ў 1940 годзе ўжо не стала. Згусціліся хмары і над астатнімі сябрамі вечарыны. Андрэй Аляксандровіч пісаў, што “сабралася нацыяналістычная публіка”. Дарэчы, пра вечарыну з Янкам Купалам і моладдзю ГПУ даведался ад Улашчыка, які хутка апынуўся ў Маскве. Іна Рытар згадвае гэтую сустрэчу ў часопісе “Конадні” (1963, № 7. С. 109-122)...

Расказваў Алег Лойка і пра іншых беларускіх пісьменнікаў, прыгадваў вучоных, медыкаў, палітыкаў, пра іх сяброўства і адносіны з Янкам Купалам і Якубам Коласам. І калі я сёння прыгадваю свайго Настаўніка, успамінаюцца яго радкі: “Думаў я — усё наперадзе, аказалася — ззаду”. На вялікі жаль, яно так.

Загрузка...