Дзве шустрыя, як мышкі, дзяўчынкі гатовы правесці і паказаць мне хоць усе вуліцы. Яны не ведаюць толькі аднае: Смідовіча. Смідовіча сорак два…
— А навошта яна вам?
— Я там некалі жыла…
— Калі?
Калі?.. Сказаць ім, што іх тады яшчэ не было на свеце… I мы ідзём далей, прыглядваемся, чытаем надпісы, шукаем вуліцу Смідовіча… Пачакайце, пачакайце, дзеці! А куды ж Пясчаная плошча падзелася?
— Пясчаная плошча? Мы не ведаем. Яе не было.
Не было Пясчанае плошчы? Як не было?! На Пясчанай плошчы грымелі некалі медныя трубы вайсковых аркестраў. На Пясчанай плошчы, уздоўж трыбуны, «рубіла крок» пяхота. На Пясчанай плошчы паласкалася чырвань сцягоў у дні ўсіх рэвалюцыйных свят і дэманстрацый… Як не было Пясчанае плошчы?
Тое месца цяпер цяжка нават пазнаць: забудаваўся клінічны гарадок. Што ж — гэта вельмі добра — клінічны гарадок.
А на былым падворышчы Смідовіча сорак два — тут некалі быў наш інтэрнат — гнецца ад цяжару спелых антонавак дагледжаны, ужо ў добрай сіле, сад. З глыбіні саду на мяне, тут нікому не знаёмую, здзіўлена пазіраюць блакітныя аканіцы.
Усё мінаецца. Усё мінаецца.
Рагачова, якім ён застаўся ў маёй памяці, няма. Забудаваўся і сёння ўсё яшчэ будуецца зусім новы горад. I ў той жа час ён — ранейшы, мілы Рагачоў з яго даваеннымі ганачкамі на вуліцу. Мусіць, на гэтыя чужыя ганачкі і цяпер, як і некалі да вайны, прыходзяць вечарамі на спатканні рагачоўскія хлопцы і дзяўчаты…
А які ж ты сам зрабіўся за гэты час, стары Дняпро?
Вячэрні спакой над Дняпром адчуваеш усёй істотай: слыхам, зрокам і, здаецца, нават на смак. Ён важкі і крышку прытомлены дзённай стомай. Ён прахалодны, бо яго астудзілі дняпровыя хвалі. Звонкі ён ад пазалоты апошніх промняў, што ўпалі недзе за Збароўскім лесам. Свежаму чалавеку гэты вячэрні спакой на Дняпры хочацца ўдыхаць усімі грудзьмі і піць невялічкімі глыткамі, хочацца на нейкі момант растварыцца ў ім і зліцца з гэтай невыказнай урачыстасцю прыроды… Твае адчуванні разгоніць хіба толькі гучны ўсплёск ёмкай рыбіны, шолах вясла на прыціхлай рачной роўнядзі, ды яшчэ квокат ачмурэлых жаб у прыбярэжных затоках.
I зноў цішыня. I зноў гэтак жа няспешна гоніць магутныя воды і робіць сваю няспынную работу Дняпро. Спяшаецца нанач з дзённых пошукаў сямейка качак: белы стракаты качур і яго шэрая гаспадынька. Ад стомы яна схіліла галоўку на крыло свайму сябру. Так вось, мусіць, і праплаваюць усё сваё качынае жыццё — крыло ў крыло. Добра: крыло ў крыло…
— Злавіў?!
— Злавіў…
— Што?
— Плотку.
— Пакажы…
— Я гляджу — клюнула! Падсек — і!..
У высокім хлапчукоўскім голасе жывой рыбінай трапечацца шчасце.
— А я сабе таксама на жаронку злавіў…
У гэтым голасе ўжо зусім іншае адценне: за робленай абыякавасцю — зайздрасць, якую немагчыма ні адолець, ні схаваць.
Гэта хлапчукі-рыбаловы.
Гэтым двум у падкасаных штанах, у выгаралых на сонцы майках не холадна і нічога не боязна. Ім няма ніякае справы да тых «Амурскіх хваляў», што плешчуцца ў гарадскім садзе і дрыжыкамі праймаюць нейчыя сэрцы. Іх праймае адно, толькі рыбалову знаёмае, захапленне і хваляванне.
…Вуліцы горада падходзяць да самага Дняпра. Крайнія домікі ўпіраюцца ў стромкі бераг і, здаецца, вісяць над самым абрывам. Маленькая, як чырвоная макавая кветка, дзяўчынка выбягае ўслед за маткай з веснічак. I маці, і дзяўчынка спускаюцца з абрыву ў лодку. Дзяўчынка трымаецца за матчыну сукенку, а маці нахіляецца і чэрпае вёдрамі ваду з Дняпра. Потым яны паволі ўзнімаюцца на бераг і ўвесь час нешта гавораць і смяюцца. Насустрач ім бяжыць старэйшая дзяўчынка. Маці нясе ваду ў хату, сёстры бяруцца за рукі і штосілы пачынаюць клікаць у вячэрні змрок:
— Тат-ка, едзь хут-чэй да-до-му! Тат-ка, едзь хутчэй да-до-му!
Ад супрацьлеглага берага, з лодкі, у адказ ім коціцца над вадою нізкі мужчынскі голас:
— Е-ду-у-у…
— Глядзі, якая сонейка! Глядзі, якая сонейка! — тупае ў захапленні ножкамі меншая і паказвае сястры на чырвоны, як рэшата, круглы поўнік.
— Дзеці, — дадому! — чуецца з расчыненага акна.
— Ай, мамачка…
— Не «ай», а пара!
Такі роўны, нічым не патрывожаны голас бывае толькі ў шчаслівых жанчын! Не трэба нават бачыць — і так няцяжка ўявіць, як рупліва рыхтуюць вячэру мужу і дзецям моцныя здольныя рукі, як сцелюць яны пасцелі і падбіваюць падушкі… Роўна дыхаюць грудзі, спакойна б’ецца сэрца: у яе царстве заўсёды парадак і лад. Дзеці дагледжаныя і здаровыя. Муж клапатлівы і добры.
Дзіўнае жаночае сэрца. У цябе ж ёсць шчасце сваё. I ты ж ні з кім не захочаш ім памяняцца. Дык чаму ж ты раптам пазайздросціла чужому шчасцю?
…Поўнік паступова блякне і адплывае ўсё вышай і вышай. Вось аперазала Дняпро срэбная дарога, і высеяліся ў небе зоркі. Адзін за другім тухнуць у вокнах агні.
Добрай ночы!
Вось і ўсё. Бывай, Рагачоў!
…Цягнік кранаецца. Набірае хуткасць. Усё далей і далей адбягаюць апошнія прывакзальныя агні.
З гэтага самага перона майскім ранкам сорак першага года цягнік павёз насустрач вайне маё каханне. I не вярнуў.
Бывай, Рагачоў.
Бывай, маё юнацтва.
Чаго ж ты, сэрца, плачаш?..
Еду на экзамены ў Рагачоў. Дакументы дайшлі. Выклік атрыманы — і вось еду… Сястра Саша на возе вязе мяне на Урэчча, на станцыю, пасадзіць на цягнік. Як і заўсёды, мой дурны характар ужо даў поўны ход назад: мо лепей мне вярнуцца на гэтым самым возе дадому і нікуды не ехаць?.. Дзе той Рагачоў, дзе і як рабіць тыя перасадкі… Перасядкі дзве: у Асіповічах і ў Жлобіне. I мне вядома ўжо — ад дасведчаных людзей, — што выбірацца з іх усё роўна што з ямы. Людзі сядзяць у гэтых Асіповічах па тыдню. Я з тае ямы зроду не выберуся. Гэта пэўна. I на экзамены не паспею. I наогул, што чакае мяне ў гэтых Асіповічах і тым Жлобіне, я нават уявіць сабе не магу.
— Ты, Ганька, у людзей пытайся. Ты не саромейся. Свет не без добрых людзей.
Хто-хто, а яна, Саша, у гэтым добра ўпэўнілася. Яе гэтыя перасядкі добра навучылі. Як ехала да Валодзі, купіла білет да горада Дзімітрава пад Масквою, а перасела і заехала аж на Украіну. Не так білет закампасціравала… Я сама добра памятаю тую Сашыну дарогу. Як яна тады выбралася з тае Украіны, як знайшла таго свайго Валодзю. Але ж знайшла. I не толькі Валодзю, а і хлопца сабе знайшла… Так па тым горадзе Дзімітраве і сына назвалі: Дзіма.
— Ты перш за ўсё як прыедзеш у Асіповічы, закампасціруй білет, — вучыць мяне Саша. — Тады ў цябе рукі будуць развязаныя.
Развязаныя рукі… Я сама ўся як звязаная вяроўкамі. Як яго кампасціраваць, той білет?
На станцыі, на Урэччы, білет да Рагачова бяром мы вельмі хутка. Ахвотнікаў сядзець па тыдні ў нейкіх Асіповічах і Жлобіне няма. Едзе ўсяго толькі нейкі малады хлопец з маладою жанчынаю і яшчэ сядзіць на лаўцы, каля станцыі, мужчына з чорным скураным партфелем. Не малады і не вельмі стары яшчэ. У прыстойным гарнітуры і ў акулярах.
Сама я зроду не адважылася б, а Саша падыходзіць да гэтага мужчыны і пытаецца:
— Можа, і вы едзеце? — паказвае яна ў бок чыгуначных рэльсаў.
— Еду, — пасоўваецца на лаўцы мужчына, каб даць месца і нам сесці, і рэчы пакласці.
Саша кладзе на лаўку мой фанерны баульчык. Мне хочацца, каб Саша распытала ў гэтага мужчыны, куды ён едзе. Вось каб у Рагачоў…
— А ў вас хто едзе? — усміхаецца мужчына. Па яго ўсмешцы відно, што, хто едзе ў нас, ён сам бачыць.
— Ды вось дзеўчына едзе. Паступаць, — ахвотна адказвае Саша.
— А куды?
— У Рагачоў. У інстытут надумалася.
— У Рагачове добры інстытут. Добры… — паўтарае мужчына.
— То вы мо і самі з Рагачова будзеце? — з надзеяй пытаецца Саша.
— Не, я не з Рагачова. Але нам будзе па дарозе.
Мужчына гаворыць спакойна. У голасе яго гучыць добразычлівасць. Я ўлоўліваю яе адразу. I адразу ж у мяне нібыта камень звальваецца з душы: з гэтым чалавекам мо не прападу і я.
— Дык я ўжо вас папрашу… Вы ўжо яе не кідайце, — і сапраўды шчыра просіць мужчыну Саша. — Ніколі ж яшчэ не ездзіла гэтак далёка адна. А завезці няма каму. Ды і не выпадае…
Мне няёмка: ну навошта ўсё гэта расказваць, быццам я такая маленькая.
— Нічога, — супакойвае нас абедзвюх мужчына. — Даедзе сама. Калі ўжо едзе паступаць у інстытут, то даедзе!
Мне робіцца амаль весела. Сапраўды ж — еду ў інстытут! Толькі б вось заехаць…
Мужчына глядзіць на свой гадзіннік, глядзіць на наш воз і на нашу Каштанку. Каштанка сумленна хрумстае сена з посцілкі.
— Вам жа, мусіць, няблізка ехаць? — пытаецца ён у Сашы.
— Ды і няблізка, — адказвае Саша.
— То вы едзьце дадому. Бо цягніка яшчэ больш за гадзіну чакаць… А мы ўжо самі сядзем і паедзем.
Саша рада. А мне адразу страшнавата: каб яна мяне пасадзіла… Але ж я ведаю: ёй сапраўды ехаць няблізкі свет, ды і дзіця малое дома будзе някормленае.
— Ну, то я ўжо буду на вас спадзявацца, — яшчэ раз просіць мужчыну Саша, — каб яна не праспала дзе перасадкі…
— Не хвалюйцеся, усё будзе ў парадку.
Я пакідаю на лаўцы свой баульчык, іду з Сашаю да воза. Нельга ўсё ж сказаць, каб мне было вельмі спакойна.
— От і дзякуй богу, што добры чалавек трапіўся, — радуецца Саша.
Я маўчу. Чалавек добры — гэта я і сама адчуваю. Але ўсё роўна… Мы с Сашаю цалуемся. Саша садзіцца на воз. Каштанка вязе яе дадому. А я… Я саромеюся першая пачынаць гаворку са сваім спадарожнікам. Мне няёмка, і я не ведаю, куды сябе дзець.
— Што ж, нам трэба пазнаёміцца, — кажа мой спадарожнік. Відаць, ён разумее мой стан і хоча памагчы мне. — Маё прозвішча Мялешка, Іван Сцяпанавіч… Я працую дырэктарам леспрамгаса.
Якое прыемнае супадзенне!
— У нас на курсе таксама ёсць студэнтка Мялешка… Таня Мялешка, — мне здаецца, што гэта супадзенне павінна быць прыемнае і дырэктару леспрамгаса.
— Мялешкаў у Беларусі многа, — зазначае ён. — Ну, а ваша імя я ўжо знаю. Мама вас звала…
— Гэта не мама…
— Не мама? А хто ж?
— Гэта мая стрыечная сястра…
— А мама?
— Мама памерла… — мне пра гэта заўсёды цяжка гаварыць.
— Даўно?
— Ужо дзевяць гадоў.
Мялешка больш нічога не пытае ў мяне пра маму.
— Сястра ў вас добрая, — памаўчаўшы, кажа ён.
Вельмі добрая!.. Хіба я сама гэтага не ведаю? Я толькі не ўмею выказаць. Была б я сама добрая… Я добра ведаю ўсе свае грахі перад сястрою, перад бабаю Іваніхаю. I ў душы я кожны раз кляну сябе і каюся. Абяцаю быць добраю і самой. Але адна справа каяцца і абяцаць. Другая справа быць чалавекам… Я і з гэтым паступленнем дома ўсіх загрызла: паеду — не паеду…
— Вельмі добра, што вы паступаеце ў інстытут, — сур’ёзна хваліць мой намер Мялешка.
I я раптам пачынаю расказваць яму ўсё пра сваё паступленне: і як аб’яву зусім выпадкова прачытала ў газеце, і як успомніла задачу з цягнікамі, і як да дырэктара хадзіла. Успамін пра дырэктараву адмову аддаецца ўва мне непрыемным іголачным уколам: а што, калі мяне без дазволу дырэктара не прымуць?..
— Не хвалюйцеся, прымуць! — весела абнадзейвае мяне Мялешка. — А экзамены ж вы здасцё добра. Я ў гэтым не сумняваюся!.
Яго настрой перадаецца і мне. I мне робіцца лёгка на душы: няўжо ж сапраўды я не здам экзамены, не здам добра? Матэматыкі ж — мае пакуты — не будзе!.. Не будзе гэтае мае кары!
— Ну вось нам і пара, — зноў глядзіць на гадзіннік Мялешка.
Чуецца здалёку свісток паравоза, стук колаў — праз хвіліну прыбывае на станцыю цягнік. Мялешка бярэ свой партфель, бярэ мой баульчык. Я не адстаю ад яго ні на крок… Селі! Раздаецца звон у чыгунную рэйку — адпраўленне. Зноў свісток паравоза — паехалі!
У Асіповічах мы чакаем перасядкі. Цягнік на Жлобін будзе ў дзве гадзіны ночы. Кампасціраваць білеты каса пачне за гадзіну. На станцыі, за людзьмі, няма дзе ўпасці яблыку. Не разабраць, дзе хто сядзіць, дзе хто ляжыць. Ходзяць па нагах, пераступаюць цераз галовы… Каля касы вавілонскае стоўпатварэнне.
— Хадзем у сквер, там будзе хоць чым дыхаць, — кажа Мялешка, і я пакорліва іду следам за ім. Мяне непакоіць, як жа мы закампасціруем білеты. Да касы нават не падступіцца.
— Кампасціраваць будзе хутка, кампасціраваць другая чарга, — нібыта адгадвае мае думкі Мялешка.
Ён саджае мяне ў скверы на лаўцы, пакідае мне свой партфель («Пасядзі, я хутка прыйду», — кажа ён), а сам некуды ідзе. Яго няма доўга, і я пачынаю непакоіцца. Ён, вядома, не пакіне мяне. Вось жа яго партфель. Але ўсё роўна… Мялешка вяртаецца з дзвюма бляшанымі конаўкамі гарачага чаю. Мы дастаём нашы запасы і з задавальненнем пачынаем піць чай. Я толькі цяпер адчула, як я выгаладалася.
— Еш, еш, не саромейся! — падае мне белую булку Мялешка. Я частую яго сухой хатняй каўбасой — у бабы Іваніхі каўбасы заўсёды смачныя!
— Смачна! — хваліць і Мялешка. I калі мы канчаем з ядою, пытаецца раптам у мяне: — Добра жыць на свеце, Ганька?
— Добра…
— Цудоўная штука — жыццё… — узнёсла кажа Мялешка і закурвае папяросу.
Ён доўга і моўчкі курыць.
— I ведаеш, — як да роўнай сабе, звяртаецца ён да мяне, — ніколі чалавек не ўгадае, дзе яму што падаруе жыццё… Якую нечаканасць…
Я маўчу. Мне жыццё сёння падаравала ў спадарожнікі яго — цудоўнага чалавека (інакшым я ўжо не магу яго ўспрымаць) з сівымі скронямі і маладым позіркам. Сёння я ўдзячна свайму жыццю, свайму лёсу.
— А цяпер — паспі. Вось табе пад галаву мой партфель… А я пачытаю — балазе, свеціць ліхтар. I вазьмі вось мой плашч, укрыйся.
Мне не хочацца спаць. Я саромеюся лажыцца вось тут, на лаўцы, пры чужым мужчыне. Але і адмаўляцца мне няёмка.
— Не бойся, я цябе разбуджу.
I ён сапраўды будзіць мяне, калі прыходзіць час ісці кампасціраваць білеты.
— Ганька, — лёгенька дакранаецца ён да майго плечука. I я ўмомант ускокваю. Я не ведаю, ці спала я нават.
— Звяла вокам?
— Выспалася…
— Ну, я пайшоў.
I зноў я чакаю яго. Чакаю з трывогай і нейкай не знаёмай мне да сённяшняга дня цеплынёй у сэрцы: як быццам гэты чалавек мне вельмі-вельмі родны.
Ён вяртаецца не скора.
— Ну, пайшлі.
— Як — ужо?
— Наш цягнік ужо стаіць на пуці.
— Мы не спознімся?
— Не бойся.
Мы ўліваемся ў густы натоўп, і ён зацягвае нас, як вір.
— Не згубіся, — кажа Мялешка і бярэ мяне за руку. Рука ў яго моцная і гарачая. Нас з усіх бакоў штурхаюць, раз’ядноўваюць. Я баюся патануць у гэтым віры.
— Не бойся. Не бойся… — моцна трымае мяне за руку мой спадарожнік.
Нарэшце нас уціскаюць у вагон. А ў вагоне — прастор! Свабодныя паліцы. Мы займаем адразу аж дзве. Ніжнюю і верхнюю.
— Вось тут, унізе, будзеш спаць ты. А я палезу наверх, — уладкоўвае нашы нямудрыя пажыткі Іван Сцяпанавіч.
— Нізашто!
Я ўжо выспалася, і мне не хочацца спаць. Я не засну яшчэ і таму, што ў Жлобіне ў мяне зноў перасадка, што я баюся праспаць.
— Спіце вы, а я буду сядзець! — цяпер ужо загадваю я Івану Сцяпанавічу.
Ён некаторы час нешта вырашае.
— Ну, тады няхай зойме гэту паліцу хто-небудзь іншы… А я лягу тут, унізе. А ты пасядзі каля мяне… А калі захочаш спаць — пабудзіш. Добра?
Цяпер ужо я кладу яму яго партфель за падушку і ўкрываю яго плашчом, як быццам старэйшая цяпер я, а не ён.
— Ах, Ганька, Ганька… — кажа Іван Сцяпанавіч.
— Спіце! — загадваю я і саджуся ў яго збоку.
Вагон наш ужо запоўніўся. Людзі сядзяць і ляжаць, хто якое месца паспеў захапіць. Глуха грукаюць калёсы, закалыхваюць, нібы ў калысцы… Заснуў і мой спадарожнік. Сама я не засну.
…Прачынаюся я ад таго, што еду на нашай кабыле Каштанцы. Каштанка, здурнеўшы, бярэ раптам угалоп, і я не ўтрымліваюся ў яе на спіне — лячу цераз галаву. Гоп — аб зямлю!..
Свеціць у акно сонца.
— Прыехалі!.. — кажа мне нейчы вельмі знаёмы голас. Я расплюшчваю вочы і нічога не разумею: у мяне пад галавою чорны скураны партфель, сама я ўкрыта плашчом. Зноў мы ў Асіповічах?
— Ты ж заснула, — смяецца Іван Сцяпанавіч, — схілілася на столік і заснула…
Сам ён стаіць на праходзе перад акном каля століка.
— Жлобін ужо? — палохаюся я: можа, я праспала?!
— Жлобін.
Я хуценька расчэсваю валасы, апранаю сваю шэрую картовую ад касцюма жакетку.
— Я цябе правяду. Да касы…
Мы ідзём да касы.
— Займі чаргу, — кажа мне Іван Сцяпанавіч.
Я займаю чаргу. Стаю далёка ў хвасце. Ці хоць паспею закампасціраваць білет?..
— Паспееш… Праз дзве гадзіны ты ўжо будзеш у інстытуце, — кажа Іван Сцяпанавіч, калі мы выходзім на перон.
Праз дзве гадзіны?!
Чуецца званок адпраўлення.
— Гэта мне, — кажа Іван Сцяпанавіч. — Ну, Ганька… — падае ён мне руку.
Мне шкада развітвацца з ім. Але ж там, каля касы ў станцыйнай зале, мая чарга…
Іван Сцяпанавіч стаіць на падножцы вагона і махае мне рукою. Я махаю яму ў адказ. Няўжо мы ніколі больш не стрэнемся?.. I я бягу ў дзверы вакзала, да свае чаргі.
…А праз дзве гадзіны я і сапраўды спыняю свой крок перад дзвярыма Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. Як жа ты стрэнеш мяне, інстытут?
А далей усё мільгае, нібыта за акном цягніка. Інстытут, экзаменатары, новыя знаёмствы з абітурыентамі… Нас тут, усіх, хто прыехаў здаваць іспыты, завуць абітурыентамі. (Я гэта слова чую ўпершыню.)
Усё мне тут, у інстытуце, падабаецца. У адрозненне ад нашага мура-педвучылішча ён нейкі вельмі прыветны і сонечны. Можа, таму, што вокны шырокія, светлыя? Ці таму, што стаіць у кляновых прысадах? Ці што замест двара дбайна дагледжаны і выпеставаны кветнік? Мая няўдзячная памяць толькі тое і робіць, што адшуквае цьмяныя плямы на тых сценах, якіх два гады назад я дамагалася гэтак жа палка, як сёння дамагаюся гэтых…
Іспыты для мяне няцяжкія (ці такія я здавала!). I дзяўчаты-сяброўкі ў мяне ўжо завяліся. Я нават не збіраюся адразу ехаць дадому — з бабруйчанкаю Жэняю маю намер ехаць у Бабруйск. Там жыве мая стрыечная сястра Вера. Яна ўжо замужам за камандзірам, ужо «ваенная дама».
У Бабруйск можна ехаць цягніком. Можна і на падарожнай машыне. Толькі прагаласаваць… Цягнік, я лічу, — старасветчына. А вось на машыне я яшчэ ні разу ў жыцці не ездзіла. I мы з Жэняй, з самае раніцы, ідзём на Бабруйскую шашу — галасаваць.
Чакаем на мураве каля прыдарожнага слупа, каб, як толькі пакажацца аўтамашына, адразу і руку ўгору… Да паўдня па Бабруйскай шашы прайшлі ўсяго толькі адна «эмка» і дзве паўтаратонкі. У «эмцы» — камандзіры. Паўтаратонкі нагружаны пяском, відаць, вязуць на нейкае будаўніцтва. У наш бок, вядома, ніхто і не глядзіць. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца: равучы, ідуць на пад’ём — вось сіла дык сіла! — аж некалькі, адна за другой, трохтонак. Таксама пясок і каменне. I трохтонкі не спыняюцца. Праносіцца яшчэ некалькі «эмак»… Я гатова ўжо разарваць сябе, што пацяглася, дурная, на гэта дурное галасаванне… Цягнік даўно ўжо завёз бы мяне ў той самы Бабруйск. I дадому ўжо завёз бы… А цяпер невядома, ці будзе начны. Можа, давядзецца да раніцы чакаць на станцыі. I ці будуць яшчэ білеты раніцай?
Праз увесь горад, злосная, няшчасная, цягнуся я на станцыю. (Жэня вяртаецца пераначаваць да знаёмых.) За дурною галавою… Мне ўжо не хочацца ніякага Бабруйска, мне ўжо толькі б дадому вярнуцца.
Аказваецца, «яма» не ў адных толькі Асіповічах. Яма, ды яшчэ якая яма, і тут!.. Толькі ў Асіповічах са мною быў Іван Сцяпанавіч Мялешка. Мілы Іван Сцяпанавіч, з якім шкадаваннем і пяшчотай успамінаю я яго тут, у гэтым рагачоўскім стоўпатварэнні. Каб здарылася цуда і з’явіўся ён…
— Ану, грамадзяначка, з дарогі! — здаравенны дзядзька ў белым фартуху, з бляхаю на грудзях змахвае мяне з дарогі, як паперку. У дзядзькі на галаве два здаравенныя чамаданы. Іх ён, як фокуснік, прытрымлівае адною рукою, у другой нясе таўшчэзны, як бочка, скураны баул.
— З праходу, грамадзяне і грамадзяначкі! З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху.
— Куды цябе трасца нясе! — абураецца мужчынскі голас недзе з-пад лаўкі: чалавек выцягнуў ногі, каб адпачылі, а не каб таўкліся па іх… Толькі што наступілі мне на нагу. Цяпер я адчуваю, што сама стаю абцасам на нейчым шырокім боце… На адной назе доўга не выстаіш… Наўрад ці большае пекла было і ў Асіповічах.
— Дзяўчына з баульчыкам, вам далёка ехаць? — адчуваю, што пытанне гэта адносіцца да мяне, раблю спробу павярнуцца на голас. Па-мойму, ён належыць вось гэтаму прыгожаму хлопцу ў белай рубашцы. (У шырокім разрэзе каўняра выглядае паласатая матроская цяльняшка.)
— Вы на які цягнік? — усё ж гэта ён пытаецца ў мяне.
— Я і сама не ведаю…
— Ну, які напрамак?
— На Слуцак.
— Ого, зямлячка! Давайце сюды, на маё месца! — устае з лаўкі хлопец. Ён высокі, плячысты. I яшчэ гэта цяльняшка… Дзе я яго бачыла? Ага! Здавалі разам гісторыю… Мне трэба было якраз заходзіць, і ён у гэты самы час падышоў да дзвярэй з хлопцамі. Я тады яшчэ паспела заўважыць гэту яго цяльняшку. Не запомніла твару, а цяльняшка запомнілася. Яшчэ нехта з іх пажадаў мне тады ўслед: «Ні пуху ні пер’я…»
— А вы?.. — няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся.
— Сядайце, сядайце. У мяне там чарга па білеты, дык мне ўсё роўна трэба ісці паглядзець.
— Вы таксама на Слуцак?
— Дык я ж і кажу: землякі.
— Дык, можа, вы і мне?..
— Што за пытанне: давайце чатыры рублі!
Госпадзі, ды каб у мяне банк цэлы быў — я і яго аддала б…
— Трымайце вось гэта! — кідае ён мне на калені вайсковага тыпу сумку на рэмені. — Я пайшоў.
— Бачыш — маладыя, дык адразу і згаварыліся, — кажа да мяне пажылая жанчына, што сядзіць тут жа на лаўцы. — А я другі дзень сяджу… Два паязды не згледзела.
Ну, чым ёй паможаш?
— А куды вам ехаць?
— Я, мая галубка, далёка еду… У Пярмяцкі вокруг аж…
Па тым, як уздыхае жанчына, няцяжка здагадацца, што радасці гэты «Пярмяцкі вокруг» ёй не абяцае…
— Узялі ўжо білет?
— Узяла. Як стала сёння ў поўдзень, дык толькі к вечару дастаялася. Як мыш, вылезла мокрая ўся… Дзякуй яму, гэты вось ваш хлапчына паглядзеў маіх клумкаў. Я, сказаць праўду, і пабойвалася. Розныя людзі ёсць…
Клумкаў у цёткі і праўда многа. Да каго яна едзе, чаго — лепей не пытацца.
— Дык я вось і кажу: як маладая, дык адразу і згледзеў, — зноў успамінае цётка.
Я і сама дзіўлюся гэтаму. Есць жа ўсё-такі ў мяне шчасце. Каб не гэты хлопец, я, мусіць, як і гэта цётка, і за два дні адсюль не выехала б…
— Вікторыя! — здалёку паказвае мне білеты мой новы знаёмы. Ён трымае іх высока над галовамі людзей, што снуюць туды-сюды, як мурашкі.
Я смяюся ад шчасця.
Смяецца і цётка.
— Бач, як спраўна павярнуўся, як дзеўчыну добрую ўбачыў…
— А што ж! — не адмаўляецца хлопец. — Давялося, праўда, каля касы локцямі крыху папрацаваць… — і ён выразна паказвае, як ён там, каля касы, «працаваў» локцямі. — Але ж затое — перамога!
Яшчэ якая перамога!
— Сядайце… — мне няёмка сядзець, я хачу ўстаць: чалавек, можна сказаць, з пекла выхапіў мне білет, а я яшчэ і месца яго заняла.
— Сядзіце! — рукою паказвае, каб я не ўставала, хлопец і азіраецца кругом. — Зрэшты, ёсць ідэя, — паведамляе ён.
Удзячная, я гатова прыняць любую яго ідэю.
— Да адыходу нашага цягніка застаецца яшчэ роўна гадзіна… — ён глядзіць на круглы гадзіннік на сцяне, — гадзіна і семнаццаць хвілін. Хадзем на перон, а тут няхай цётка лепей падрэмле. Ёй яшчэ не хутка ехаць.
— А мой ты галубок, які ж ён будзе ў мяне той сон, з гэтымі клумкамі…
Госпадзі, якія яны ўсе падобныя, гэтыя цёткі, і ў нас дома, і тут… I чаму толькі жыццё даецца ім гэтак нялёгка… Сама я сёння гатова падзяліцца з гэтай цёткаю сваім лёсам. Маю дарогу апошнім часам ён высцілае пухам: і сюды даехала лёгка, і экзамены здала добра, і, напэўна ж, залічаць мяне ў інстытут…
I вось яшчэ гэта сённяшняя стрэча з гэтым хлопцам… Скрозь натоўп мы працярэбліваемся да выхаду на перон. Як ні дзіўна, хоць і цёплая летняя ноч, перон амаль пусты. Толькі некалькі чалавек сядзяць на лаўцы і на шырокіх прыступках, што вядуць да перона. (I чаму толькі гэтыя людзі таўкуцца ў той станцыйнай духаце?)
Мы таксама садзімся на прыступкі. Навокал ціша і бязмоўнае мігценне залатых зорак на чорным аксаміце неба. Мы глядзім у гэтае зорнае неба і доўга маўчым.
— «Звезда с звездою говорит…» — першы парушае маўчанне хлопец. — Сто гадоў прайшло — і быццам у свеце нічога не адбылося: усё тыя ж зоркі, усё тое ж неба. Як і пры Лермантаве… Толькі пры Лермантаве не было вось такіх чыгунак…
— Былі карэты…
— Былі карэты! I былі зухаватыя гусары, якія тайна звозілі дзяўчат да царквы!.. Слухайце, — раптам мяняе тэму гаворкі хлопец, — а што, калі пацікавіцца, як вас завуць? I наогул, калі б нам перайсці з гэтага афіцыйнага «вы» на звычайнае таварыскае «ты»? Памятаеце: «Пустое „вы“ сердечным „ты“ она случайно заменила»… Я — Іван Лазоўскі. Дазваляецца зваць проста, як заве мяне мая мама: Ваня, — і ён працягвае мне сваю руку.
Іван… Ваня… Гэта імя я ўспрымаю, як даўно-даўно знаёмае.
— Вось і добра. А то гадзіну гамонім — і незнаёмыя.
Да пасадкі мы паспяваем даведацца ўсё, што датычыцца нашых жыццёвых апісанняў. Лазоўскі родам з-пад Грэска, а ў Грэску жыве нейкая наша далёкая цётка (я яе зроду не бачыла). Не дзіўна, што Грэск робіцца мне як быццам удвая сваяком…
Як і сама я, Ваня скончыў два курсы тэхнікума. Толькі кінатэхнікума ў Віцебску. I тут у нас агульнае…
— У мяне мама вельмі добрая, — расказвае мне Лазоўскі. — Нас усіх чацвёра. Дык мы, як былі малыя, усе каля яе толькі і грэліся… Бацька ў нас не такі…
I вось тут у нас агульнага няма. У мяне няма нікога: ні добрае мамы, ні бацькі.
— Маме з бацькам цяжка…
Я адчуваю, што ён не ўсё дагаворвае, што яму няёмка расказваць усё мне, па сутнасці, зусім не знаёмаму і чужому чалавеку. Хоць самой мне вельмі хацелася б, каб ён гэтага не адчуваў. Каб і ў яго было гэтакае ж прыхільнае да мяне адчуванне, гэтакая шчырасць, як і ў мяне да яго. Я была б няўдзячная, калі б адчувала да яго нешта іншае: чалавек, можна сказаць, выратаваў мяне. Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы… Такіх хлопцаў я яшчэ ні разу ў сваім жыцці не страчала. Ёсць і прыгожыя, і някепскія хлопцы і ў нашым педвучылішчы, але ў нас яны чамусьці дурні (зноў кепскае педвучылішча!). Лазоўскі мне падабаецца натуральнасцю сваіх паводзін. За гэта, я разумею, і цётцы на вакзале ён спадабаўся. Інакш ці пакінула б яна на яго свае клумкі…
У цягніку нам няма калі спаць — нейкія там тры гадзіны язды — ды ніводзін з нас усё роўна і не заснуў бы. Які там сон. Усю дарогу Лазоўскі чытае мне на памяць вершы. Ён ведае паэтаў, пра якіх я нават не чула. Вось ён дык ведае літаратуру!
I ён у гэтым інстытуце будзе на месцы…
Лазоўскі чытае мне незнаёмыя вершы на беларускай мове. Я не пазнаю паэта, але вершы мне падабаюцца. Хто іх напісаў?
— Разумееш… — закурвае ў цемнаце хлопец. — Вершы гэтыя напісаў адзін дзівак. Вершы, я табе скажу, не такія ўжо добрыя, як табе здаецца…
— Мне яны падабаюцца.
— Падабаюцца таму, што ты добрая дзяўчына, — смяецца Лазоўскі і, відаць не жадаючы называць імя паэта, раптам кажа: — I наогул ты падобна на коласаўскую Аленку…
(Прыемнае, вядома, параўнанне…)
— Дзе я падобна… — сам ён, бадай, таксама, мусіць, нечым на Сцёпку Баруту змахвае.
— Ты вершы часам не пішаш?
— Што ты! Я не ўмею… — хлушу я. Я хутчэй памерла б, чым прызналася пра тыя свае нязграбы, што пісала некалі яшчэ пасля школы. Ён бы мяне, напэўна, засмяяў за іх.
— А я думаў — пішаш.
— Я не ўмею…
— Можа, ты і добра робіш, што не пішаш… — зноў як быццам нечага не дагаворвае Лазоўскі.
Не, цяпер ужо нізашто нельга прызнавацца.
— Добра, што мы з табою стрэліся. — пасля нядоўгага маўчання кажа Лазоўскі.
Я нічога яму не адказваю, хоць сама рада гэтаму ў сто разоў больш за яго.
— Ты калі будзеш выязджаць на заняткі? — пытаецца ён.
— Я не ведаю, мо дваццаць дзевятага…
— Давай дваццаць восьмага выедзем. Каб застаўся адзін дзень на ўладкаванне.
Я згаджаюся на дваццаць восьмае. Абы нам разам з ім ехаць!..
…У Асіповічах мы робім другую перасядку. У мяне такое адчуванне, нібыта гэтыя апошнія два тыдні я няспынна імчуся цягніком і спыняюся толькі для таго, каб зрабіць перасядку… На Слуцак з Асіповіч у вагоне ўжо збіраецца некалькі чалавек нас, студэнтаў. Вяртаюцца хлопцы і дзяўчаты з Мінска, Гомеля, Магілёва. Таксама паступалі. Вытрэсваем, якія ў каго засталіся, апошнія харчовыя запасы. Гуртам знішчаем усё да крошкі. Весела!.. Нехта ідзе да правадніка напіцца вады і вяртаецца з навіною:
— Праверка пашпартоў!
— Фю-ю-у… Хлопцы! А я ж дома пашпарт забыў. Пацягнуць яшчэ.
— Завальвайся на паліцу, нібыта спіш, — раіць нехта Лазоўскаму.
Іван борздзенька вымахвае на трэцюю паліцу. Павяртаецца тварам да сцяны. Сваю вайсковую сумку засоўвае ў куток, далей з вачэй. Нехта падае яму, каб відны былі — стопку канспектаў (прадбачлівыя людзі на экзамены з пустымі рукамі не ездзяць).
Праверка набліжаецца:
— Ваш пашпарт!
— Ваш…
— Ваш…
Наша купэ прымоўкла, чакае чаргі. Нарэшце…
— Таварышы, падрыхтуйце дакументы!
Мы іх ужо ўсе падрыхтавалі.
— Ваш пашпарт!
— Ваш…
— Ваш…
— А гэта — хто? — пранізлівы позірк на трэцюю паліцу.
— Гэта з намі… Студэнт. Здаў экзамены і не дацягнуў да дому.
— Бывае…
— На «выдатна» ўсё здаў, дык не адаспіцца…
— Разбудзіце яго!
— Мы яго будзілі — ніяк не дабудзіцца…
— Перастараўся…
— Ладна! — і загадны жэст рукой: далей!
У-у-ух! Пранесла…
Лазоўскі не злазіць з трэцяе паліцы ўжо да самага Слуцка. А раптам зноў вернуцца тыя і захочуць усё ж пацікавіцца яго сціплай асобай.
Я першая прыехала. Выходжу на васьмідзесятым раз’ездзе, ці, як у нас завуць яго, у Камянных. Мілыя, родныя мае Камянныя! Ох і палячу ж я дадому!
З акна вагона махаюць мне мае суседзі-спадарожнікі. Лазоўскі звесіў галаву з паліцы і таксама крычыць мне ў расчыненае акно:
— Дык дваццаць восьмага, Ганька! Чуеш?..
— Добра!.. Да сустрэчы!..
За нейкіх дзён пяць да ад’езду на заняткі мне прыходзіць пісьмо: «Вы будзеце залічаны студэнткай інстытута пры той умове, калі будзеце мець пры сабе даведку з педвучылішча…»
Усё-такі пра яе там не забылі!
— Паедзь, папрасі яшчэ раз. Мо той антыхрыст, дырэктар, не пашкадуе табе яе, — як заўсёды, дае параду мне баба Іваніха.
I я еду ў педвучылішча. А дырэктар у адпачынку… Быў бы хоць наш Уладзімір Феафілавіч. Але нашага Уладзіміра Феафілавіча няма і ўжо больш не будзе… Вясною ён доўга хварэў і ляжаў у бальніцы. Апошні раз, калі мы ўсім нашым курсам хадзілі яго даведацца, выйшаў да нас у сінім бальнічным халаце. Недарэчны той халат яшчэ больш падкрэсліваў яго худабу і сутуласць. Выйшаў з томам Леніна і алоўкам. Ён і нас вучыў працаваць над кнігай толькі з алоўкам у руках. Але хто гэта з нас слухаў? Хіба ўжо толькі, калі было заданне канспектаваць… Больш мы Уладзіміра Феафілавіча не бачылі. Яму нават не было дазволена пабачыцца з жонкаю і маленькім сынам… Як цяпер будзе без яго педвучылішча? Без яго лёгкіх спружыністых крокаў? Без яго высокага насмешлівага голасу (колькі адценняў было ў ім!)? Немагчыма ўявіць.
З гэтым адчуваннем, без усякае надзеі, і вяртаюся я дадому.
— Ну, што ж ты паедзеш без гэтае даведкі. Грошы толькі праездзіш і ўсё роўна вернешся назад… — кажа Саша.
А хіба я сама пра гэта не думаю?.. Дзе тыя грошы, каб іх вось гэтак марнаваць.
— Мая галубка, клопат ужо з тымі грашыма, — не мне, а Сашы кажа баба Іваніха. — Неяк жа будзе. А як яна не паедзе ды сама не ўпэўніцца, то век потым будзе шкадаваць… А так, можа, яшчэ і без тае паперкі прымуць.
Вось гэта ж і ёсць! А можа, і прымуць… Мала што напісалі. А паглядзяць, як здала экзамены…
— Я б сказала, дзеткі, няхай яна едзе… — стаіць на сваім баба Іваніха.
— Няхай едзе, — не вельмі ахвотна згаджаецца Саша.
I я збіраюся ехаць.
Перад раз’ездам на заняткі ў нас, у Зялёнай Дуброве, збіраецца развітальная вечарынка. Амаль уся наша моладзь, як птахі, разлятаецца па розных гарадах. Ні кроплі суму: нязведаная будучыня поўніць нашы сэрцы бадзёрасцю і надзеяй. Наперад, і як мага хутчэй!
I ад’язджаем мы ўсе гуртам; хто ў Гомельскі педагагічны, хто ў Магілёў, хто ў Мінск. У Рагачоў еду я адна. Можа, я яшчэ і вярнуся… Я забараняю сабе думаць пра гэта. Я еду — і ўсё!
Ого, што зрабілася з Урэцкай станцыяй! Натоўп людзей — і ўсё пераважна моладзь. I ўсе таксама з куфэркамі, з чамаданамі, з кашолкамі — усе з дому, усе ў навуку!
На пероне таўхатня, гвалт, спешка.
— Волька, дачушка, хустку забыла!..
— Глядзі ж, Колечка, адразу ж напішы!..
— Мама, сюды бяжэце!..
— Ганька, Ганька, сюды!..
Стаянка ўсяго тры мінуты. Званок. Адпраўленне. Як толькі мы паспелі ўскочыць у вагон… I, вядома, не ўсе разам ускочылі — парассыпаліся па розных вагонах. А ў Асіповічах рассыплемся зусім: усе паедзем рознымі цягнікамі.
У Асіповічах сходзім гэтак жа натоўпам, як і садзіліся. З рэчамі ўсе імкнём да вакзала — займаць чаргу да касы. Зноў…
— Ганька, добры дзень!
Божа мой! А я ж зусім забыла. Зусім забыла!.. За гэтымі даведкамі, за гэтымі хваляваннямі, за вечарынкаю…
— Я цябе бачыў, як ты садзілася на Урэччы. Я цябе клікаў…
— Я не чула… (Я і сапраўды не чула ў тым вэрхале.)
— Давай сюды да нас! У сквер…
Я стаю па адзін бок невысокага паркана. Яны — па другі: Ваня Лазоўскі і яшчэ нейкі хлопец разам з ім.
— Як жа я?
— Давай рэчы. Давай рукі!
— Валечка, Антось, бывайце… Нам разам… — паказваю я на Лазоўскага і паспешліва развітваюся са сваім вясковымі сябрамі — яны едуць у Мінск.
— Бывайце! — махае Валі і Антосю шапкаю Лазоўскі. — Больш яна вам не належыць!
Я падаю хлопцам цераз паркан свае рэчы. Цераз паркан, за рукі, падхопліваюць хлопцы мяне самую.
— Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. — Знаёмся, мой друг — Міша Грамыка.
— Грамыка, — падае мне руку Ванеў сябар.
— Як добра, што вы мяне ўбачылі!
— А ты думала! З намі не прападзеш!.. — хваліцца Лазоўскі.
— I жыць не будзеш, — стрымана пасміхаецца яго сябар.
— Не палохай яе… Што будзем рабіць, сябры? — звяртаецца да нас з Мішам Лазоўскі і тут жа сам і адказвае: — Перш-наперш, вядома, білеты… Міхась, трымай! — дастае ён з кішэні свой білет. — Ганька, дзе твой білет? (Я ліхаманкава пачынаю шукаць свой білет — я схавала яго, каб не згубіць, недзе аж на дне свае карзіны…) Давай, брат Міша, ідзі ў разведку, а мы тут з Ганькай наконт тайнай вячэры памяркуем.
Міша ідзе ў разведку. Мы з Лазоўскім застаёмся ў скверы адны — дакладней, адны на гэтай лаўцы.
— Давай раскладвай рэчы па ўсёй лаўцы, каб не лезлі ўсякія… хто непатрэбны, — загадвае мне Лазоўскі.
Я хапаюся раскладваць па лаўцы рэчы: і сапраўды, вельмі патрэбны будуць нам тут усякія…
— Ну, што, Ганька, — пытаецца ў мяне Лазоўскі, не пакідаючы парадкаваць нашу гаспадарку. — Ты мяне ці хоць раз успомніла?
— Успомніла… — я адказваю не вельмі ўпэўнена: успамінаць пра яго то я ўспамінала. Але вось каб думаць… У мяне і часу не было і настрой быў такі паганы.
— А я пра цябе часта думаў. Вось думаў… — даказаць Лазоўскаму, што ён думаў пра мяне, перашкаджае Міша Грамыка.
— Парадак! — кажа Міша. — Там дзяўчаты стаялі, яны таксама кампасціравалі на Жлобін…
— Ну, вядома, дзе дзяўчаты, — ты таксама там! — сур’ёзна перабівае яго Лазоўскі. — Але я на цябе не крыўдую… — Ён паслаў на лаўцы газету і ўжо раскладвае яду.
— А ты думаў, што ты толькі адзін… — не застаецца ў даўгу Грамыка.
— Думаў…
Мне слухаць іх і смешна, і дзіўна: аднаго з іх я ведаю адзін усяго дзень, другога бачу ў вочы першы раз. I вось сёння буду сядзець з імі тут, можа, усю ноч, а заўтра паеду з імі далей.
— Ну, таварышы!.. Ганька, ты сядай вось сюды, на мой драндулет. Цябе ён вытрымае… А мы з табой, Міхась, прылепімся вось тут…
Мяне саджаюць на «драндулет», самі хлопцы прымошчваюцца збоку на лаўцы. Пачынаецца «тайная вячэра».
Лазоўскі, па ўсім, вылучаецца сярод нас як бы за кіраўніка, за старэйшага. Ціхмяны Міша больш слухае, чым гаворыць сам. У мяне самое такое адчуванне, нібыта я ведаю абодвух іх вельмі даўно, ведаю заўсёды, гэтак жа, як сваіх вясковых хлопцаў.
Пасадка, як і мінулы раз, калі я ехала на экзамены, пачынаецца глыбокай ноччу. Натоўп з клумкамі, з мяшкамі, з чамаданамі валам валіць на перон. Плачуць сонныя дзеці. Гамана. Крык. Хлопцы забіраюць рэчы (мае таксама), і мы ўсе трое ўліваемся ў гэты людскі вір. Як і мінулы раз, калі я ехала з Іванам Сцяпанавічам Мялешкам. За ўвесь гэты час я нават не ўспомніла пра яго. Такая чорная людская няўдзячнасць. Аднак голас майго сумлення вельмі слабы…
…Першае, што нас цікавіць у інстытуце, — гэта спісы. Мы праціскаемся да іх скрозь натоўп хлопцаў і дзяўчат, ліхаманкава шукаем свае прозвішчы… Астроўская, Брыкет, Башаркіна, Біруля, Герчык, Гурава, Жалудовіч, Дубіна… Майго прозвішча няма.
Хлопцы знайшлі сябе адразу і цяпер памагаюць шукаць мяне. Мяне няма. У дадатковых спісах няма таксама: Аграновіч, Беразоўскі, Грыбок, Дубаленка… Няма.
— Толькі не плакаць! — прыкрыквае на мяне Лазоўскі. — Міхась, бяры рэчы — і пайшлі ў інтэрнат!
— Я паеду дадому…
— Паспееш дадому, — кажа Лазоўскі. — Спачатку ўладкуемся ў інтэрнаце, а потым будзе відно.
— Хто ж мяне пусціць у той інтэрнат…
— Мы з ім! — паказвае на Мішу Лазоўскі.
Хлопцы вядуць мяне ў дзявочы інтэрнат: вуліца Смідовіча, сорак два.
На ганку інтэрната нас страчае мажная жанчына ў хатнім заплёханым фартуху, без хусткі. Па ўсім адчуваецца, што яна тут за гаспадыню.
— Добры дзень, прымайце гасцей, калі ласка! — пачціва вітаецца з жанчынай Лазоўскі.
— Добры дзень, добры дзень… Толькі ж я прымаю нявест, а жаніхі няхай самі пра сябе клапоцяцца.
— Жаніхі спачатку павінны паклапаціцца пра нявест… — вядзе сваю лінію Лазоўскі.
— Праўда, праўда! — Гаспадыні падабаецца гэты ветлы прыгожы хлопец. — А накіраванне дзе ваша?
— Ды ведаеце, не аказалася на месцы сакратара. «Хуткая дапамога» забрала…
— А божа мой, што ж гэта з ёю зрабілася, з Нінаю Аляксандраўнаю!..
— Не ведаем… — у скрусе паціскае плячыма Лазоўскі, — пры нас якраз прыехала карэта…
— А божа мой, божа… — божкае жанчына і вядзе нас па калідоры інтэрната. — Вось так і жыві чалавек…
— Няшчасце, не кажыце… — падтаквае ёй Лазоўскі.
Мы з Мішам ідзём следам за імі і душымся ад смеху. Гаспадыня адмыкае нам адны дзверы, другія… Усе пакоі яшчэ незанятыя.
— Пакуль ніхто не прыехаў выбірайце любое месца, — дазваляе яна нам.
Мы ходзім, разглядаем пакоі, прыкідваем, дзе які ложак стаіць зручней.
— Ну, даволі перабіраць, — нарэшце кажа Лазоўскі, вяртаючыся ў самы светлы пакой. — Вось гэты пакой мы выберам. Вось гэтае месца, — паказвае ён на ложак, які займае ўтульны кут каля расчыненага акна. У акно заглядвае яблыня… Усіх ложкаў у пакоі восем.
— На здароўе пасяляйцеся, а я збегаю ў інстытут, даведаюся, што там з Нінаю Аляксандраўнаю здарылася, — кажа гаспадыня.
Мы пераглядваемся: будзе нам Ніна Аляксандраўна!
Але якраз у гэты самы час чуецца па калідоры тупат ног, чутно, людзі нясуць цяжкія рэчы. Смяюцца дзяўчаты, басіць хлапечы голас. Дзякуй богу!
— Нам трэба таварыш Кабетаву!
— Я — таварыш Кабетава!
— Прыбыло папаўненне… — падміргвае нам з Мішам Лазоўскі.
Мы зачыняем дзверы за «таварыш Кабетаваю» і рассаджваемся на пустых ложках. Хлопцы рагочуць.
— А што будзе з Нінаю Аляксандраўнаю?..
— Няхай жыве Ніна Аляксандраўна!
— Самы лепшы пакой… — абходзіць вакол стала Міша Грамыка.
Я сама радуюся, сапраўды — самы лепшы.
— А цяпер, — зноў загадвае мне Лазоўскі, — разбірай свой пасаг, сцялі пасцель і кладзіся спаць. I чакай нас з Міхасём у дзве гадзіны. Пойдзем разам абедаць — і ў кіно.
Ім яшчэ кіно ў галаве.
— Праз два тыдні тваё імя будзе ўпрыгожваць усе інстытуцкія спісы! — прарочыць мне на развітанне Лазоўскі. — Ну, Міхал, пайшлі і мы ўладкоўваць свае жыцці…
I пайшлі.
А я і сапраўды разбіраю свае рэчы і кладуся спаць. I тут жа засынаю як забітая.
…Майго прозвішча няма ні ў адным інстытуцкім спісе.
— Ідзі на штурм. Толькі на штурм! — натхняе мяне Лазоўскі.
I я пачынаю абіваць парогі дэканата.
— Мікалай Аляксандравіч, мяне чамусьці няма ў спісах.
— Няма? Чаму няма?
— Я не ведаю…
— Дык, можа, вы не здавалі ў нас экзаменаў?!
— Як не здавала! Зірніце ў ведамасць!
— Ніна Аляксандраўна, дайце мне ведамасць!.. М-так… Няблага. Няблага… — Мікалай Аляксандравіч Пагуляй — наш дэкан, ён чытае ў нас літаратуру XIX стагоддзя. Залаты век… — Дык у чым жа, уласна кажучы, справа? — позірк яго вузкіх, цёмных вачэй пранізлівы і агністы. Ад гэтага позірку нічога не схаваеш.
— Я не ведаю…
— У чым жа ўсё-такі справа, Ніна Аляксандраўна?
— Яна з педвучылішча, Мікалай Аляксандравіч. У яе няма пісьмовага дазволу на паступленне…
— Вось яно што! — адкідвае з вачэй непаслухмяны цыганскі чуб Пагуляй. — Няма пісьмовага дазволу, а яна хоча ў спісы!..
Я ўжо гатова заліцца слязамі.
— Мікалай Аляксандравіч, яна вельмі добра здала экзамены… На нашым аддзяленні лепш за ўсіх… — звычайна са мною ідзе ў «хадакі» хто-небудзь з дзяўчат з нашага курса. «Хадакі» ідуць у якасці маральнай падтрымкі, яны ж і ўзнімаюць мае акцыі…
— Яна добра здала экзамены! Ды каб яна здала іх кепска, хто б з ёю размаўляў наогул?.. Ніна Аляксандраўна!
— Я вас слухаю, Мікалай Аляксандравіч.
Пакутлівая, як перад смяротным прысудам, паўза.
— Ніна Аляксандраўна! — урачыста загадвае Пагуляй. — Унясіце яе прозвішча ва ўсе спісы літаратурнага факультэта беларускага аддзялення!
— Дзякуй, Мікалай Аляксандравіч!
— Марш на лекцыю! Вы што, не чулі званка? — грыміць Пагуляй.
Наш інстытуцкі верасень супадае з хвалюючай гістарычнай падзеяй: Чырвоная Армія вызваліла з-пад улады пілсудчыкаў нашых братоў — заходніх беларусаў. Слова «таварыш!» — самае папулярнае цяпер там, дзе яшчэ зусім нядаўна былі Усходнія крэсы, дзе родная беларуская мова ледзь не каралася законам.
Наш інстытут на гэту падзею адклікаецца палка і дзейна. Выпускнікі падаюць заявы з просьбай накіраваць іх на работу ў заходнебеларускія школы. Многіх пасылаюць: настаўнікі цяпер патрэбны там больш, чым хто…
Мы, першакурснікі, зайздросцім нашым старэйшым сябрам, аднак разумеем і другое: нам туды яшчэ рана. Нам яшчэ самім не шкодзіць падвучыцца…
…Не праходзіць і двух месяцаў заняткаў, як па інстытуце раптам праносіцца чутка: хлопцаў ваенкамат будзе забіраць у вайсковыя вучылішчы. Каго калі — дакладна пакуль што невядома нічога. Хлопцы то адзін, то другі атрымліваюць павесткі, ходзяць на нейкія камісіі, у ваенкамат, і пакуль што ўсе вяртаюцца. Аднак таго запалу, з якім пачыналіся заняткі, няма ўжо і следу. Тыя, хто атрымаў павестку, амаль не ходзяць ужо на лекцыі, настрой упаў. Страчваецца, тым часам, і дзявочая раўнавага. Два месяцы — дастатковы тэрмін для таго, каб выявіцца ўжо і сардэчным прыхільнасцям.
Атрымаў павестку і ходзіць па камісіях Лазоўскі. I яго мала відно на занятках. А калі і паказваецца, то маўклівы, раздражнёны. Я не адважваюся нават падысці да яго, не толькі каб яшчэ пра нешта распытваць. Стаіць у калідоры інстытута каля акна, лёгенька барабаніць пальцамі ў шыбу і насвіствае: «Дан приказ: ему — на запад, ей — в другую сторону…»
Наогул мы з Лазоўскім увесь гэты час амаль не страчаемся, хоць і займаемся на адным аддзяленні, разам наведваем лекцыі, ходзім у чытальню, у сталоўку. Нешта нічога не атрымліваецца ў нас з нашым знаёмствам. Я — заўсёды са сваім «сёмым», са сваімі дзяўчатамі. Лазоўскі або адзін, або з хлопцамі таксама.
Міша Грамыка — ён на гістарычным — той часта заходзіць да нас на факультэт. Тады толькі мы і збіраемся разам. Я не хачу набівацца на гэта сяброўства, хоць маё самалюбства і пакутуе: што ж усё-такі здарылася? Чаму Лазоўскі сам не падыходзіць да мяне? Я ўпэўнена, што не павінна першая падыходзіць да яго, шукаць з ім гутаркі ці яго ўвагі. Я не хачу набівацца! А ў яго няма адбою ад дзяўчат. Аня Батракова — наша факультэцкая красуня — не дае яму праходу.
— Лазоўскі, зірні, я так збіраю затвор (гэта на ваенных занятках)? Лазоўскі, дай мне руку, а то я звалюся (гэта на фізкультуры). Лазоўскі, пакажы свой канспект, я не запісала цытату (на лекцыі).
Яе зусім не бянтэжыць тая акалічнасць, што месца на лекцыі займае не ён, гэты самы Лазоўскі, ёй, а яна сама колькі сілы імчыць паперадзе «патоку», каб заняць два месцы поруч. «Тут занята!» — садзіцца яна сама і кладзе на свабоднае месца свае канспекты. I абавязкова цягне на гэта месца яго. А калі ён не ідзе — вялікая бяда! — яна сама перасядае да яго.
Гэта бачыць ужо ўвесь курс, увесь курс падсмейваецца, але Аня і вухам не вядзе. «Хто з вас устоіць перад маім хараством?» — ганарыстым позіркам акідвае яна хлопцаў. I праўда, не ўсе хлопцы вытрымліваюць гэты зманлівы позірк блакітных, як неба, вачэй у шоўку доўгіх чорных веек. Не адзін з іх гатовы пісаць ёй хоць усе канспекты — за гэтыя свежыя, як пялёсткі ружы, шчочкі з пяшчотнымі ямачкамі, за гэтыя пунсовыя поўныя губкі, за бяздумную ўсмешку, асветленую бляскам роўных, як шнурочак, бялюткіх зубоў. Прыгожая — нічога не скажаш.
На нас, дзяўчат, Аня Батракова глядзіць зняважліва: падумаеш!.. Непакоіць яе крыху толькі Нюша Філіповіч. Ёй таксама падабаецца Лазоўскі, але Нюша не кідаецца за ім гэтак, як Аня. У Нюшы свая і, трэба сказаць, больш надзейная тактыка: за яе дзейнічаюць яе сяброўкі. Нюша была замужам, і, вядома, яе жыццёвы вопыт не параўнаеш з Анінымі заляцаннямі. Ну, і калі гаварыць шчыра, Нюша, мусіць, усё ж хутчэй можа спадабацца, чым Аня. Ва ўсякім разе, сама я ўпадабала б Нюшу… Яна негаваркая. Яна заўсёды апранута прыгожа і стрымана. I галаву яна ўмее трымаць так, нібыта носіць не чорную бліскучую касу, а царскую карону.
Вядома ж, я пакутую. Адкуль я што ведаю? Нехта бачыў, нехта некаму казаў — і наша Вольга пачула! — што Лазоўскі хадзіў з Нюшаю Філіповіч у кіно. Вядома ж, Вольга тут жа прыляцела да мяне: «Ганька, кінь ты гэтага свайго Лазоўскага!..»
А што кідаць? Каго кідаць?
Я іду ў бібліятэку памяняць кнігі і страчаю там Лазоўскага. Таксама здае кнігі.
— Добры дзень, Ганька, — падае ён мне руку: сёння ён не быў на лекцыях. — Як ты маешся?
— Добра.
— Мы з табою даўно не бачыліся.
— Мы з табою бачыліся ўчора.
— Я не пра тое… Я пачакаю цябе. Пойдзем разам. Добра?
— Пачакай.
Лазоўскі гаворыць са мною неяк асабліва мякка. I позірку яго нейкі ўсё роўна як вінаваты, і голас гучыць не так, як звычайна, асабліва ў апошні час… Мне на момант успамінаецца наша першая стрэча з ім і наша язда ў цягніку дадому, а потым зноў сюды, на заняткі ў інстытут… Я ўпэўнена — каб не ён, я ў той жа самы першы дзень кінула б інстытут і паехала дадому.
— Я ўнізе пакуру.
— Я хутка…
На гэты раз я не лажу па бібліятэчных паліцах — мне няма калі. Наша бібліятэкарка Чарняк, засушаная, як грыбок, старая, пытаецца:
— А браць — вы нічога не будзеце браць?
— Вазьму, — я падаю бібліятэкарцы першую, што трапіла мне пад руку, кнігу. Я нават назвы не прачытала.
Як яна марудна запісвае!
…Лазоўскі чакае мяне на вуліцы. Курыць.
— Гатова?
— Гатова.
— Давай пройдземся, Ганька?..
— Давай. А куды?
— Куды ты скажаш — туды і пойдзем… Пойдзем, калі хочаш, на Днепр.
— Хадзем.
Над дняпровымі кручамі, там, дзе сярод старых хвой пасяліліся гарадскія могілкі, — усе стрэчы, усе развітанні.
— Я хачу сказаць табе адну навіну, Ганька…
Па тым, як ён не дагаворвае, як глыбока зацягваецца недакуркам папяросы, я разумею, не трэба і пытацца, навіна гэта мяне не абрадуе. I таму я не пытаюся, якую навіну ён хоча сказаць мне. Лазоўскі кажа сам:
— Заўтра, Ганька, я ўжо ад’язджаю…
— Куды? I чаму заўтра?
— Ёсць ужо загад ваенкома. Едзе дванаццаць чалавек з нашага інстытута.
— Куды?
— Пакуль што дадому. Да асобага выкліку.
— Але чаму ж дадому? Чаму не адсюль, калі так?
— Загад. Такі загад.
У кастрычніку, хоць і пагодлівы дзень, Днепр не такі ўжо ласкавы. Лазоўскі накідвае мне на плечы свой пінжак.
— Каб не змерзла, — усміхаецца ён і лёгенька абнімае мяне за плечы.
I мне чамусьці хочацца плакаць… Мы доўга ходзім па беразе Дняпра, узбіраемся на яго кручы, умошчваемся і сядзім на выгнутым ствале хвоі — ліры.
— Я буду пісаць табе, Ганька. I ты мне абавязкова адказвай. Добра?
— Добра…
— I яшчэ… Не думай нічога кепскага… Добра?
Я не ведаю, пра што ён кажа, я толькі здагадваюся.
— Добра… — ківаю я, стараючыся не паказваць сваіх вачэй.
— Мы з табою павінны будзем абавязкова стрэцца… Чуеш, Ганька?
— Чую…
— Дык чаго ж ты адварочваешся?
— Я не хачу, каб ты ехаў… — больш ужо вытрымаць я не магу.
— Ах ты, дурненькая… А ты думаеш — сам я хачу гэтага?
— А ці нельга было папрасіць, каб тады, як скончыш інстытут?..
— Гэта ж армія, Ганька. Што ж бы гэта было, каб усе пачалі прасіцца: той вучыцца хоча, а той жаніцца захацеў… — Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой.
— Армія… — я і сама гэта разумею.
— Ты толькі пішы мне!
— Буду пісаць. I ты пішы…
— Я вечарам прыйду. З дзяўчатамі ж тваімі таксама трэба развітацца. Дык ты абавязкова будзь дома!
— Дзе ж я яшчэ буду…
— А цяпер давай з табою развітаемся. Тут…
— Не, не… Потым.
— Чаму потым?
— Так… добра?
— Добра…
У маім жыцці не было яшчэ ніводнае такое восені. Узнімеш галаву — і толькі хмары, хмары. Шэрыя, нізкія, цяжкія. I няма ніякага прасвету.
I няма пісьма…
Паехаў — і як быццам патануў у ваду… «Не думай толькі нічога кепскага…» Не думай. А што ж думаць? Прайшлі ўжо ўсе магчымыя тэрміны: тыдзень, два тыдні, месяц… Прайшло тры месяцы. Чакаць ужо няма чаго, няма ўжо ніякай надзеі.
А я чакаю ўсё роўна — безнадзейна ў безнадзейнай цемры.
…За восенню прыходзіць зіма, як і спрадвеку, у срэбры, у бляску, у звоне. Але і зімы я не заўважаю. У мяне ўсё цягнецца панурая восень.
Не бачу, не чакаю канца і марнею ў гэтай бясконцай восені я — тая, якое ніхто не бачыць і нават не падазрае, што такая я існую на свеце. Усе бачаць і ведаюць мяне зусім другую. Тую, якая штодня ходзіць на заняткі ў інстытут, бегае з дзяўчатамі ў сталоўку, рыхтуецца начамі да экзаменацыйнай сесіі. I ходзіць, вядома, у кіно. I нават з хлопцамі… Гэта другая я з выгляду заўсёды такая бесклапотная і нават легкадумная, што зроду ніхто не паверыць, што я магу быць нейкая іншая.
Ганька пакутуе? Ганька чакае пісем? А чаго ж гэта гісторыкі зачасцілі ў сёмы пакой?
Дурныя вы!.. Мішка Грамыка з Лазоўскім выраслі на адной вуліцы, на адным выгане. Разам хадзілі па адной сцежцы ў школу. I хаты іхнія стаяць страха да страхі… Я гэтыя іх сцежкі ведаю цяпер — ад Мішкі, а не ад Лазоўскага, — як свае ўласныя, нібыта я таксама хадзіла па іх уласнымі нагамі… I няўжо ж ніхто на свеце не разумее, што калі ты адзін, адзін на цэлым свеце, і над табою толькі беспрасветная восень, няўжо ніхто не разумее, як такому чалавеку патрэбен хоць самы кволы праменьчык?
На свеце ніхто нічога не разумее…
Ну-ка, чайка, отвечай-ка.
друг ты или нет,
ты лети-ка, отнеси-ка
милому привет…
Насця Дзятлава, як і заўсёды, чым бы яна ні была занятая, нават калі шпаргалку піша, абавязкова наспеўвае сабе пад нос.
— Хопіць табе ўжо. Я сёння нічога не паўтарыла, — пакутліва адмахваецца ад Насцінай «чайкі» Вольга Башаркіна. Вольга з Прапойска, і таму мы яе ўсе завём: прапамчанка.
— На, лепей з’еш, а то высахла ўся на трэску з гэтым паўтарэннем. — адламвае ад цэлае булкі і дае кавалак Вользе Жэня Шурына. (Тая самая Жэня, з якою мы некалі галасавалі на Бабруйскам шашы.) Сама Жэня ад паўтарэння і ад экзаменаў не высахне… Няхай кругом пажар, няхай патоп, Жэня кроку не дадасць: куды спяшацца? Яна не вельмі паспяшае нават на спатканне з хлопцам. «Чакае? Памірае?.. Няхай памірае, я яго не абабрала…»
— Адчапіся з гэтай ядою!.. Фроська, ты ж усё ведаеш. Што трэба дадаваць: адзін год да з’езда ці з’езд да года? Наумовіч нам тлумачыў, але я ніяк не запомню…
— Трэба дадаваць адзінаццаць год, пачынаючы з шостага з’езда. Шосты — у семнаццатым годзе, сёмы — у васемнаццатым… I так да дзевятнаццатага… — тлумачыць Фрося. Яна ў нас стараста пакоя, і, можна смела сцвярджаць, сярод усіх нас яна — самы сур’ёзны і сталы чалавек. Яна і па гадах за нас старэйшая. Мы ўсе толькі вучымся, а яна да інстытута, ого, колькі ўжо напрацавалася. I на Бубруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце працавала, і рахункаводам… Таму цяпер, у інстытуце, яна займаецца не гэтак, як мы. Фрося рыхтуецца сістэматычна, штодня. Яна не марнуе часу на шпаргалкі — у яе ўвесь матэрыял заканспектаваны… Мы ўсе, астатнія з нашага сёмага пакоя, гэтак рыхтавацца не ўмеем. Да таго ж мы яшчэ і добрыя гультаі…
— Пачакай, пачакай! — нібыта Фрося спяшаецца ўцякаць, стрымлівае яе Вольга. — Паўтары яшчэ раз, я зараз запішу. У мяне ўсе з’езды ў галаве пераблыталіся…
— I што ты толькі будзеш рабіць з гэтаю сваёю рулеткаю на экзамене… — смачна ўмінае сухую булку Жэня.
— Абы я толькі паспела ўсё выпісаць…
— Вынаходніцтва Дзіны Антонавай, — не адрываючыся ад канспекта, заўважае Фрося.
— Гэта ж пры мне якраз было, — смяецца Аня Славіна.
Яны зямлячкі з Вольгаю: Аня таксама з Прапойска. Аня вельмі прыгожая дзяўчына. Прыгожая і ганарыстая. Будзе хлопец паміраць па ёй, самой ёй будзе падабацца, а яна з яго толькі насміхаецца: падумаеш, такі кавалер…
— Раскажы, Анька, усё роўна ўжо, — адкладвае ўбок свае запісы Вольга.
— Што расказваць. Мы якраз з Дзінкаю разам зайшлі. Выцягнулі білеты. Дзінка пайшла адказваць першай да дошкі. А Гудковіч сядзіць за сталом. — Аня паказвае, як стаіць ля дошкі Дзінка, як сядзіць засталом Гудковіч. — I Дзінка раптам забыла, ці што… — Аня ад смеху не можа далей працягваць.
— Што забыла? — нам усім ужо цікава паслухаць, што было далей.
— Раптам… Ха-ха-ха… Шпаргалка…
— Выпусціла з рук?! — жахаецца Вольга.
— Гудковіч спачатку не зразумеў… Ха-ха-ха!.. Узяў гэтак асцярожненька, нібыта вужаку, двума пальчыкамі… — Аня ўсё гэта ілюструе ў дзеянні. — I да Дзінкі: «Ля камарад Антонава кэс кё сэ?..» А Дзінка… Ха-ха-ха!.. Збялела: «Жэ нэ компранэ па ву…» А Гудковіч ёй раптам па-руску: «Затое я вас добра разумею! Сядайце!..»
— Я таксама магу забыць і выпусціць, як спалохаюся… — хвалюецца Вольга.
— А мне каб яшчэ адзін толькі дзень, — кажа Жэня, — тады б я ўсё паўтарыла, а так не паспею.
— А я сёння ўжо нічога больш не буду вучыць. Пайду ў кіно, — прыхарошваецца перад люстрам Аня Славіна.
— Ты ўжо зусім здурнела праз гэтага свайго Зорку… — Вольга лічыць, што яна павінна трымаць у руках зямлячку.
— У мяне ўсё роўна галава распухла, — смяецца Аня. Смяецца, вядома, не таму, што гэта яе вельмі захапляе. Захапляе яе зусім іншае: Зорка на Цымерманцы будзе чакаць яе з білетамі.
— А ты, Ганька, чаму не збіраешся? — Вольга павінна мець вычарпальную інфармацыю, інакш яна не здолее працягваць сваю капітальную падрыхтоўку да заўтрашняга экзамена.
— Не хачу, дык і не збіраюся.
— Твой жа Мішка таксама, напэўна, будзе…
— Дык і бяжы да яго! — абрыдлі мне гэтыя шпілечкі, абрыд Мішка.
— Змоўкніце! — спыняе нас Фрося.
— Хлопцам добра, — сцеле пасцель Жэня. — I не вучаць, і лепш за дзяўчат здаюць.
— Не «не вучаць», а вучаць разумна. Не зубраць усё ўпрыцён, а вучаць галоўнае… Пакажы свой гістарычны дакумент, — звяртаецца да Вольгі Фрося. — Ну вось, калі ласка: «У снежні 1900 года за граніцай выйшаў першы нумар газеты „Іскра“. Эпіграфам да яе былі ўзяты словы з адказу дзекабрыстаў Пушкіну: „Из искры возгорится пламя…“» Няўжо на гэта таксама патрэбна шпаргалка?
— «Откуда ты, прелестное дитя?..» — спытаў бы Пагуляй, прачытаўшы эпас Вольгі, — кладзецца ў ложак Жэня. — Ой, дзяўчаткі, стрэла я ўчора Пагуляя з жонкаю… Ён такі прыгожы, а яна…
— Дурная ты, ведаеш, хто яна!.. — перабівае Жэню Фрося.
— Не разумею прыгожых мужчын, якія жэняцца з непрыгожымі жанчынамі, — складае пад падушку канспекты і падручнікі Жэня.
— А я ніколі не пайшла б замуж за прыгожага, — катэгарычна паведамляе Вольга.
— А я пайду толькі за прыгожага! — пазіцыя Жэні дыяметральна супрацьлеглая. — А ты, Ганька?
— Ганька будзе чакаць Лазоўскага.
— Каго захачу, таго і буду чакаць…
Буду чакаць, чакаю, чакала… А пісьма няма.
— Слухай, Ганька, напішы лепей верш, як наш сёмы рыхтуецца да экзаменаў — прапануе, лежачы ў пасцелі, Жэня.
Я нічога не адказваю. I ў мяне распухла галава. I я ўжо больш не магу рыхтавацца. Мо і праўда лепей сесці і напісаць верш?..
Я ведаю яе даўно. Яшчэ з дзяцінства. З тых яшчэ часоў, калі мы з мамаю доўгімі зімовымі вечарамі сядзелі на печы, дралі пер’е і мама расказвала мне вершы. (Казкі расказваць мама не любіла, казкі хілілі яе ў сон.) Расказвала пра Маскву.
Город чудный, город древний,
Ты вместил в свои концы
И посады, и деревни,
И палаты, и дворцы.
Опоясан лентой пашен,
Весь пестреешь ты в садах,
Сколько храмов, сколько башен
На семи твоих холмах!
На плечах твоих старинных
Вырастают дерева.
Глаз не схватит улиц длинных —
Это матушка Москва!
«Матушку Маскву» ў нас дома ведалі ўсе: сёстры Саша з Анютаю з гімназіі, мы з Нінаю ад мамы і ад сясцёр.
З тых часоў майго дзяцінства многа чаго змянілася. Я сама вырасла і не раз зімавала ў Маскве з дочкамі Ларынымі… Кружылася «в вихре вальса» на маскоўскіх балах разам з Наташай Растовай… Нарэшце, будучы пераконанай камсамолкай, не прамінала ніводнае рэвалюцыйнае дэманстрацыі:
«Страна моя, Москва моя! Ты самая любимая!..»
I вось зноў мяне чакае Масква. На гэты раз не кніжная, не праграмная, не з радыёрупараў, а самая сапраўдная, жывая Масква.
Нас, студэнтаў-выдатнікаў, пасля зімовае сесіі інстытут прэміраваў бясплатнымі пуцёўкамі на экскурсію ў Маскву.
Якая ж ты, Масква, цяпер?
…Адразу з Беларускага вакзала выходзім на плошчу, а потым — на вуліцу Максіма Горкага. Як і мы сёння, ён таксама ішоў па гэтым самым пероне, выходзіў у гэтыя самыя дзверы. I на момант спыняўся: павітацца пасля доўгай разлукі з ёю, спытаць: «Якая ж ты, Масква, цяпер?..»
— Таварышы, увага! — як квактуха куранят, збірае нас вакол сябе наш кіраўнік Ханін. Шырокі, прысадзісты, у расшпіленым паліто і ссунутай на патыліцу футравай шапцы, ён і сапраўды напамінае квактуху. — Таварышы, усе тут? Ніхто не згубіўся?
Ханін выкладае ў нас гісторыю сярэдніх вякоў і, ведучы лекцыю, мае звычку ўсе імёны і даты падзей запісваць на дошцы. Пры гэтым ён так грукае крэйдай, што крэйда ў яго пальцах крышыцца на муку. З аўдыторыі пасля лекцыі Ханін выходзіць што з млына — увесь белы.
Ханін заўсёды возіць у Маскву студэнтаў на экскурсіі. Ён ведае, дзе можна зручней размясціцца, у якой сталоўцы танней харчавацца. Да таго ён надзіва рухавы і спрытны чалавек, хоць з выгляду і грузны.
— Давайце ўмовімся адразу — не адставаць! — звяртаецца да нас Ханін. — А хто адстане… Заўтра з самае раніцы перш за ўсё мы ідзём на Красную плошчу. Хто адстане — кіруйце туды…
Больш на гэту тэму: хто адстане, хто заблудзіцца — у нас няма гаворкі. Нібыта ён палкаводзец, а мы яго войска. Ханін вядзе нас наперад!
У Маскве ўжо вечар, і нам трэба знайсці студэнцкі Пушкінскі гарадок. Там мы будзем жыць усе дзесяць дзён.
— Трымайцеся ўсе каля мяне, у метро лёгка адстаць, — папярэджвае нас Ханін.
Я сутаргава чапляюся за Фросю, чапляюся за Бірукова (Бірукоў — наш камсамольскі сакратар і амаль жыхар нашага сёмага: Бірукову падабаецца Жэня, і ён не вылазіць з нашага пакоя). Хутчэй, хутчэй, не адставайце! У метро нас падхоплівае паток… Білеты, кантралёры і — раптам! Душа адрываецца ад цела і коціцца недзе ўніз, пад ногі людскому патоку, у прорву… (Ну, калі я ўжо адсюль вярнуся жывая…) А людзям навокал хоць бы знак: коцяцца ў прорву і яшчэ кніжкі чытаюць.
Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі… Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Усё кругом так і зіхаціць, так і ззяе… Але дзе там разглядацца.
— Ж-ж-жух! — праносіцца свіст, і на пероне спыняецца электрапоезд.
— За мною! Усе за мною! — нібыта заклікае ў бой, крычыць нам у гэтым маскоўскім метро Ханін і чакае, пакуль мы ўсе ўціснемся ў вагон.
Л-л-лясь!.. Ці хаця сеў ён сам? Куды мы без яго дзенемся адны, у гэтым віры?.. Ханін сеў. Азірае вагон: ці ўсе мы тут. Фросю адціснулі недзе ў куток. Я чапляюся за руку Шуркі Лашкевіча… Вось гэта дык цесната. Такой няма нават на нашых вакзалах… Але і тут чытаюць кніжкі.
— Шурка, што будзе, як мы згубімся?
— Не згубімся! — трымае мужчынскі гонар Шурка. (А сам у Гомелі, на экскурсіі ў палацы князя Паскевіча, заснуў каля грубкі і зваліўся з табурэткі…)
— Таварышы, выходзім! — камандуе Ханін і зноў чакае, пакуль мы ўсе выскачым з вагона.
Выскокваем.
— Цяпер нам трэба зрабіць пераход на станцыю Плошча Рэвалюцыі, — кажа Ханін. I зноў шыемся мы ўслед за ім у натоўп, якому, здаецца, тут няма канца. Цяпер ужо мы не спускаемся, цяпер эскалатар (трэба запомніць гэту назву!) ужо ўзносіць нашы душы недзе ўгору, можа, у самае неба… Зноў электрапоезд, зноў пераход, уверх-уніз па гэтых дзіўных, нібыта жывых, лесвіцах…
— Прыехалі! — нарэшце паведамляе Ханін. Ён чырвоны, спацеў, выцірае хусцінкай твар. — Усе тут? Ніхто не адстаў?
— Усе…
— Няма Шуркі Лашкевіча!..
— Шурка! Шурка! Шуркі Лашкевіча няма.
Дзе яго цяпер шукаць?.. Іголку ў стозе сена лягчэй знайсці.
— Вось табе і маеш! — аднак Ханін не злуецца. Такія падаруначкі яму не ў навіну: з кожнае экскурсіі хто-небудзь ды адстане. — Пачакаем, можа, пад’едзе.
Мы чакаем Шурку паўгадзіны, гадзіну… Позна ўжо.
— Будзе навука, — кажа Ханін, — запомніце гэта кожны. Гэта вам не па Цымерманаўскай разгульваць… У Маскве перш за ўсё патрэбна дысцыпліна. Паехалі!
I мы едзем — ужо трамваем — у свой Пушкінскі гарадок. Бедны Шурка, дзе ён і што з ім будзе?..
...Назаўтра раніцай мы ўсе ідзём на Красную плошчу. Ідзём да Маўзалея Уладзіміра Ільіча Леніна. Адсюль пачынаецца Масква…
Мы ўсе хвалюемся, ці скора ўжо?.. Ці скора? I калі нарэшце доўгачаканы момант настае, то што ж мы бачым?
Па самай сярэдзіне Краснай плошчы крочыць Шурка Лашкевіч!
Шурка адстаў ад нас на перадапошняй станцыі. Спачатку страшэнна спалохаўся, пачаў азірацца, шукаць нас і прапусціў некалькі электрапаяздоў. Махнуўшы рукой — усё роўна не дагоніш! — Шурка вырашыў аб’ехаць усе станцыі метро, паглядзець: няўжо ўсе яны такія дзівосныя… А калі зачынілі метро, Шурку затрымала міліцыя. I дала на ноч цёплы прытулак… Ну, а куды трымаць свой шлях раніцай, Шурка ўжо ведаў. Раніцай яго чакала Красная плошча.
З Краснае плошчы Ханін вядзе нас і становіць у чаргу недзе аж у Аляксандраўскім садзе. Чарга віецца па заснежаным парку, па бруку Манежнай плошчы і жывою ручаінаю выплёскваецца на Красную плошчу. У гэтай ручаіне і мы імкнём прыпасці да тых святых камянёў, якія вартуюць вечны сон Леніна… Крок за крокам. Усё бліжэй і бліжэй.
Замерла, не зварухне заінелымі вейкамі варта. Заінелыя бровы, заінелыя каўняры на шынялёх.
Мусіць, вось гэтакі ж мароз трашчаў і ў тыя дні, калі не стала Леніна…
Прыступка за прыступкай.
— Асцярожна…
— Асцярожна…
Асцярожна. Не патрывожце яго сон. Запомніце яго такім на ўсё жыццё. На ўсё жыццё захавайце яго вобраз у сэрцы. Асцярожна…
Людзі выходзяць да Крамлёўскай сцяны.
Імёны. Імёны. Імёны. Кіраў. Куйбышаў. Горкі. Крупская…
Усё такія нядаўнія і горкія страты.
Ці здолеем мы, новае пакаленне, здзейсніць іх надзеі?
З гэтым пачуццём, усхваляваныя і прыціхлыя, пакідаем мы Красную плошчу.
— Таварышы! — узнімае руку Ханін. — Усе на месцы?
— Усе.
— Уперад!
— Уперад і ўперад! — іншых слоў ад Ханіна за ўсе гэтыя дзесяць дзён у Маскве мы не чуем.
Уперад — і справа ад нас, за вуглом, цэрква: тут вянчаўся Пушкін з Наталляй Ганчаровай. Уперад — і на некалькі хвілін мы спыняемся на ціхай вуліцы перад асабняком графа Растова, дзе расла Наташа. Праз паўгадзіны мы ў Траццякоўскай галерэі.
Уперад… Уперад… Але перад цяжкімі ўрачыстымі дзвярыма Вялікага тэатра мы ўжо не паспяшаем. Мы ідзём на балет «Бахчысарайскі фантан». Марыю танцуе Галіна Уланава.
Толькі ў мяне і ў Бірукова месцы разам (лёс мяне ўсё-такі асцерагае) — ложа-бенуар (?!). Усе астатнія нашы рассыпаліся па Вялікім тэатры як гарох. Як яны знойдуцца потым? Мы заходзім з Біруковым у нашу ложу.
Я, каб цяплей было (у Маскве трашчыць сорак градусаў марозу), у шэрай мультановай футболцы паверх самага лепшага свайго картовага плацця… Бірукоў у хромавых ботах і ў сваёй, пад папругу, сіняй гімнасцёрцы. У нас першы рад, першыя крэслы. Мы на самым відавоку! За спіною ў нас шасцяць шаўкі і вееры. Наша ложа-бенуар напоена найдалікатнейшым пахам парфумы. Мы з Біруковым за ўвесь вечар не адважваемся азірнуцца назад…
Наша паездка заканчваецца паходам у Маскоўскі цырк. За вечар я паспяваю з’есці тры порцыі марожанага (дзе ты яго ў нас зімою ўбачыш!).
Дадому я вяртаюся з ангінай.
Па дарозе, у цягніку, даведваемся: пачалася вайна з Фінляндыяй.
Рагачоў нас страчае гэтакім жа, як і ў Маскве, саракаградусным марозам і дарэшты апусцелымі крамамі. Не стала солі, няма цукру, няма масла — як быццам іх не было ніколі. Па хлеб становяцца чэргі звечара. У нашай студэнцкай крамцы, якую мы завём «сырам», ляжыць на паліцы толькі марожаная цыбуля. Цыбулю не купляе ніхто. Твары людзей спахмурнелі, плечы як быццам прыгнуліся. Часцей пачалі страчацца на вуліцах вайскоўцы. Недзе далёка грыміць вайна.
— Ганька, да цябе нейкі дзядзька прыехаў, — з гэтаю навіною да мяне ў чытальню прыбягае Вольга.
— Дзядзька? Які дзядзька? — у мяне няма ніякіх дзядзькоў.
— З чамаданам!
— Стары?
— Не, не вельмі…
— А ў чым ён?
— У скуранцы.
У скуранцы? Цікава, хто гэта… Па дарозе да інтэрната я прыспешваю крок, нават бягу: які там дзядзька?
У калідоры, каля дзвярэй тэхнічкі Кабетавай — тут у нас прапускны пункт, — няма нікога. Бягу ў свой пакой, адчыняю дзверы — і вачам сваім не веру: Валодзя прыехаў!
Падобна на тое, што і Валодзя не пазнае мяне.
— Гэта ты ўжо гэтакая вялікая дзеўка вырасла? — пытаецца ён.
— Калі вы прыехалі?! — крычу я, і смяюся, і плачу. Ён жа не толькі да мяне прыехаў — ён перш за ўсё прыехаў дадому. I, мусіць, назусім, калі прыехаў і да мяне.
— Ну, то здарова была, — устае Валодзя, і мы цалуемся.
— Калі вы прыехалі? Чым?
— Чым жа цяпер ездзяць… Не на возе ж я прыехаў. Я ўжо быў у цябе ў інстытуце, дык мне сказалі, што ты пайшла ў інтэрнат. Я сюды, а цябе і тут няма…
— Я пайшла ў сталоўку, а адтуль адразу ў чытальню…
— Вось бачыш… Але дзяўкі ў цябе добрыя, дык знайшлі ўсё-такі… — азірае наш пакой Валодзя. — Добра вы тут жывяце. Чыста. Утульна.
У нас і праўда ў пакоі ўтульна і чыста. Няхай толькі дзяжурная палянуецца прыбраць, то Фрося — наша стараста — дасць такога пытлю!
— А вы… надоўга?
— Сюды, да цябе, — не. Заўтра ж і паеду.
— Не, дадому?
— Я ўжо разлічыўся. Саўсім! Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. — Скончылі будаваць канал — і па дамах… Мне там някепска было. Нам там і паёк спраўны давалі, і адзежу…
— Вы даўно вярнуліся?
— Шэсць нядзель ужо.
— А чаму мне не напісалі?
— Саша сказала — паедзеш сам, няхай Ганька здзівіцца…
Дзіва што я здзівілася!
— Ну, то адчыняй гэты чамадан ды разбярыся, што там да чаго. Ды дзяўчат частуй, — кажа мне Валодзя.
За гэтым справа не стане — разбіраць чамадан. У нашым сёмым пакоі — так ужо завялося з першых дзён — мы не толькі ходзім разам у сталоўку, пасылкі, якія прыходзяць нам з дому, таксама спажываем разам.
Іншым разам дзяўчаты мне ўмомант свае паслугі прапанавалі б. Сёння яны саромеюцца: чужы сталы чалавек — няёмка…
Ды і мне самой няёмка неяк адразу накідвацца на гэты Валодзеў чамадан.
— Бяры, бяры, — кажа Валодзя, — ды пакажы мне свой Рагачоў. Мо ён і не горш за наш Слуцак.
— У сто разоў лепшы! — хвалюся я. (От ужо дзе натура!)
— I Слуцку не дасі ганьбы, — стрымлівае мяне Валодзя.
Я тым часам разбіраю чамадан. Склады ў нас вядомыя: сушаныя хатнія сыры, каўбасы, сала — усё гэта загортваецца ў газету і трымаецца на вокнах паміж дубэльтамі. Бяда — вясна на дварэ: дзе мы будзем дзявацца са сваімі «гумнамі» цяпер?
— Там табе сухароў пшанічных напяклі, — напамінае мне Валодзя.
За сухары — пшанічныя каржы на кіслым малацэ — лепшага ласунку не прыдумаеш… Дзяўчаты сядаюць да стала. Сядае і Валодзя. Ён дастае загорнутыя ў газету рэшткі свае дарожнае яды (не выкідаць жа вон). Апетыт у нас усіх дзякаваць богу, мо таму і самі не выглядаем уломкамі.
— Харошыя ў цябе дзяўкі, — зноў хваліць мне маіх таварышак Валодзя.
— Жаніхоў толькі няма! — Вольга ў нас маладзец. Яна ніколі нікога не саромеецца, яна заўсёды гатова жартаваць.
— Будуць! — упэўнена кажа Валодзя. — Каб у такіх дзявок ды не было жаніхоў!
— У вашае Ганькі ёсць…
— Вольга! — ну, хоць ты забі яе!
— У Ганькі ёсць? — пасміхаецца Валодзя. — А дадому ж яна нешта не хваліцца.
— От, слухайце вы яе… А дома ў нас што чутно, якія навіны? — Мне б толькі адвесці Валодзеву ўвагу ад гэтых жаніхоў.
— Навін столькі, што і не перакажаш усе… Сад у нас вымерз… Па ўсім засценку сады павымярзалі. Ды і па суседніх вёсках, чутно, таксама… Такіх маразоў як у гэту фінскую вайну, мо зроду не было. Старыя не памятаюць…
— Увесь чысценька вымерз сад?
— Не, спасаўка, што каля Адамавага боку, засталася, ды папяроўка, што за хатаю, у зацішку…
— Ай-яй-яй…
— Ці ты ж бо ведаеш, што Аляксандравага Мішу, майго пляменніка, забілі?
— Ведаю. Саша пісала.
— Спраўны быў хлопец… Яшчэ тады, як мяне забралі, касіў ужо з бацькам.
— Харошы быў хлопец.
— У Жука Івана, з Паўстыні, таксама забілі хлопца… I ў Заграддзі двох не вярнулася, — расказвае мне Валодзя. — Адно слова, набілі кругом, як снапоў на таку…
Я нічога не адказваю: мо гэта яшчэ і не ўсё, што ведае Валодзя. Мо і яшчэ чые сыны не вярнуліся з фінскае вайны…
— Але, я ж забыў, — успамінае Валодзя. — Там, на дне, пад газетамі, Саша прыслала табе плацце. Анюта пашыла.
Плацце? Якое?! Плацце мне, вядома, у сто разоў цікавей за ўвесь гэты чамадан з ядою.
— Не ведаю. На Урэччы, казала, набрала.
Ад плацця — белы паркаль у ружовы «гарошак» — я ў захапленні. Доўга не здаюся на просьбы, я хаваюся за шафаю і прымерваю плацце. Дзяўчатам таксама маё плацце падабаецца. «Як хораша пашыта!»
— Гэта наша Анюта, — хвалюся я.
— Гэта яна гэтак умее, — хваліць Анюту і Валодзя. Плацце я, вядома, тут жа скідаю і вешаю ў шафу.
Вечарам я вяду Валодзю ў кіно. Паказваюць фільм «Тры танкісты». А назаўтра раніцой (мы яшчэ ўсе спім) Валодзя ціхенька ўстае і ідзе на вакзал. Я яго не праводжу: праспала…
Фрося Брыкет запрашае мяне на Майскія святы да сябе дадому ў госці.
Першага мая мы ідзём на дэманстрацыю. Наш інстытут стаіць на Пясчанай плошчы ў першай калоне дэманстрантаў. Перад намі пад гром маршу страявым крокам праходзіць святочная пяхота: «Левай! Левай! Левай!» Некаторыя нашы студэнткі ў гэтых жалезных шарэнгах пазнаюць сваіх добрых знаёмых…
Палошчуцца ў паветры хвалі чырвоных сцягоў. Над галовамі дэманстрантаў калышуцца партрэты Леніна, Сталіна, Маркса, Энгельса… Партрэты ўсіх членаў Палітбюро… Лозунгі і транспаранты. «Няхай жыве Першае мая — свята працоўных усяго свету!», «Пяцігодку ў чатыры гады!»
Пясчаная плошча патанае ў разліве бадзёрых песень:
Если завтра война, если завтра в поход,
Если черная сила нагрянет,
Как один человек, весь советский народ
За свободную Родину встанет!..
Устане! У гэтым няма ні ў воднага чалавека сумнення! Гэта, як па кнізе, можна чытаць па захопленых тварах дэманстрантаў.
Дэманстрацыя канчаецца недзе толькі пад вечар. У інтэрнат мы ўсе вяртаемся спечаныя майскім сонцам і без ног.
А назаўтра ранічкай — святочны горад яшчэ не прачынаўся — мы з Фросяю ідзём у яе Змяёўку.
Дарога не сказаць каб вельмі далёкая (дваццаць пяць усяго кіламетраў), і мы адольваем яе, дзе лесам, а большасць адкрытым месцам, недзе ўжо к поўдню. Праўда, апошнія кіламетры здаюцца нам вельмі доўгімі.
Змяёўка паказваецца нам з пагорка, як толькі мы выходзім з Краснага Берага. Вёска ўся ў садах і прысадах. Сады толькі пачынаюць зацвітаць, і здалёку хаты і ўсе забудовы здаюцца палітымі малаком. Хораша!
— А вунь наша хата! — здалёку радуецца сваёй хаце Фрося.
Іх хата ў вёсцы самая крайняя. Пад вокнамі з вуліцы стаіць старая бяроза. На вуліцу прыступкамі сходзіць высокі ганак. Фрося ўглядаецца, ці не відно каго на двары… Адчыняюцца дзверы — і на ганку паказваецца дзяўчо ў светлай сукенцы.
I дзяўчо глядзіць у наш бок. I дзяўчо таксама раптам пазнае…
— Малая… — ружавее ад радасці Фрося.
— Фрося! — зрываецца з ганка дзяўчо. — Мама, Фроська! — азіраецца яно назад і імчыць насустрач нам.
— Фроська! Ганька!.. — кідаецца яна абдымаць нас.
Гэта Зіна — малодшая Фросіна сястра. Мы хоць і не бачыліся яшчэ ні разу — ведаем адна адну добра.
З Фросяй Зіна зусім не падобная. Каб не ведаў, ніколі не ўгадаў бы, што сёстры. Зіна невысокая ростам і носіць дзве тоўстыя пушыстыя касы. У адрозненне ад Фросі яна, як дзіцё, дураслівая і здаецца крышку ўпартай. Фросі хочацца, каб Зіна ва ўсім яе слухала, а Зіне хочацца рабіць па-свойму… Зіна скончыла педвучылішча і настаўнічае ў Збароўскай пачатковай школе. На свята яна таксама прыйшла дадому.
Нас з Фросяй, вядома, тут жа саджаюць за святочны стол карміць. Мяне распытваюць пра маю радню, хто ў мяне дома, якая ў нас вёска.
Пасля яды мы адчуваем сябе такімі зморанымі, што проста валімся з ног. Цётка Проска бачыць нашы сонныя твары і вядзе нас на другую палавіну. Тут ужо і зусім свята: падлога засцелена новымі, відно, толькі гэтай вясной вытканымі палавікамі, на стале таксама новы абрус.
За дашчанай перагародкай на ложках зноў жа святочныя коўдры. Першае мая — пасля Кастрычніцкіх свят — самае вялікае рэвалюцыйнае свята.
Перад тым як нам легчы спаць, Фрося нешта шэпча цётцы Просцы. Цётка завешвае посцілкамі вокны, каб нам не шкодзіла святло. «А божа ж мой, божа!» — пачынае раптам божкаць цётка.
Я здагадваюся, чаго божкае цётка Проска, і чырванею, як бурак. Я бачу, што цётка заслала нам з Фросяю пасцель бялюткаю палатнянаю прасціною. У гэтакіх жа бялюткіх наўлечках паклала нам падушкі. Але ж дзе нам класціся ў такую пасцель… Я згараю ад сораму.
— Дык вы, мае дзевачкі, лезьце на печ, на чарэн, а я зараз у печы запалю… Я вас за адзін раз вылечу…
I мы з Фросяю лезем на печ, на чарэн — парыцца… У гарадской лазні мы абедзве набраліся каросты і цяпер не можам даць сабе ніякае рады.
— Я вас адразу, дзяўчаткі, вылечу, — стараецца падбадзёрыць нас цётка. — У нас на ферме на цялят гэтаксама была навалілася гэта пошасць… Дык я як напарыла некалькі разоў тытунёвых цыбукоў ды як пазлівала іх, бедных, усіх чысценька, дык усё роўна як сем баб адхадзіла…
Цётка Проска паліць у печы, парыць у вядзёрным чыгуне тытунёвыя цыбукі, а мы з Фросяю сядзім на печы, чакаем лекаў. Зіна таксама плішчыцца да нас (ёй без нас сумна, нецікава), але мы гонім яе з печы.
— Мая дзевачка, не лезь ты да іх, набярэшся яшчэ і ты…
Вось дык госці!
Пад вечар лякарства гатова. Цётка Проска падае яго нам на печ у тым самым чыгуне, у якім і парыла цыбукі. Падае нам маленькую конавачку чэрпаць зелле і рабіць прымочкі. Прымочак нам здаецца недастаткова, і мы адна перад адной пачынаем аблівацца наварам з конаўкі… Лячэнне цягнецца добрую гадзіну. Мы ўжо вычарпалі і вылілі на сябе ўвесь тытунёвы ўзвар. Нашы сарочкі хоць выкручвай. I чарэн напёкся так, што ўжо ўседзець няможна. Нешта нам ужо і не сядзіцца на гэтым чаране.
Першая ссоўваецца з печы Фрося. Ёй робіцца млосна. Маці і цётка ледзь паспяваюць падхапіць яе пад рукі. Млосна робіцца і мне. I мяне пад рукі ледзь паспяваюць вывесці ў сенцы… Што з намі робіцца!..
На гэта няшчасце заходзіць да Брыкетаў сваячка.
— Што гэта ў вас? — спалохана як укопаная спыняецца яна на парозе.
— Паўміраюць, мусіць!.. — галосяць Фросіна маці і цётка.
— Машка, ратуй іх! — на ўсю хату крычыць Зіна.
— Дык чаго ж вы глядзіце? Няхай Федзька едзе ў Радушу па фельчара! — сварыцца на ўсіх Маша. — А іх вадою, вадою адлівайце!
Маша хапае медную конаўку і з вядра, з вядра лье халодную ваду нам з Фросяй на галовы, на грудзі… Як быццам робіцца лягчэй. Як маленькіх, нас з Фросяю жанкі выціраюць ручнікамі, пераадзяваюць у сухія чыстыя цётчыны кашулі і вядуць да ложка. Нам раптам робіцца холадна. Нас так калоціць, што не набрацца кажухоў.
Калі нарэшце Фросін бацька прывозіць фельчара, той застае ў ложку амаль што дзвюх нябожчыц… У тварах у нас не засталося ні крывінкі. Фельчар мацае наш пульс, дае выпіць нейкіх кропель і выпісвае рэцэпт… Нічога гэтага мы не адчуваем і не бачым. Мы спім… Спім і заўтра цэлы дзень. I толькі на трэці дзень устаём з ложка і, хістаючыся ў бакі, выходзім на двор, на свежае паветра.
Госці нашы ў Змяёўцы цягнуцца яшчэ тры дні. Затое ў інтэрнат мы з Фросяю вяртаемся з такім адчуваннем, нібыта нарадзіліся на свет другі раз.
Перад самым пачаткам сеанса — ужо і свет патух — нехта на бягу кранае мяне за плячо: я сяджу з краю ад праходу.
— Ганька, табе пісьмо было… — гэта Лена Зейц з рускага аддзялення. Яна заўсёды ходзіць у кіно з Васем Хвалецкім. Вася вясёлы і вельмі таварыскі хлопец. Яго на факультэце ўсе любяць. Лена Зейц клапоціцца пра Васю з пяшчотай старэйшай сястры — Вася хварэе на сухоты, ён толькі што вярнуўся з Сасноўкі, і гэта дрэнны знак — Лена трымае Васю пад сваім няспынным наглядам. I за гэта да яе мы ўсе адчуваем таксама асаблівую прыхільнасць.
— Дзе? — услед Лене пытаюся я.
— У інстытуце… — недзе ўжо здалёку адгукваецца Лена.
У інстытуце!.. На інстытут мне ніколі ніхто не піша. Усе пісьмы я атрымліваю на інтэрнат: Смідовіча, 42. Хто можа пісаць мне на інстытут?.. Гэта невядомае пісьмо так трывожыць мяне, што я не магу дачакацца канца сеанса. Хоць ты ўстань і бяжы… Але я ўсё ж вытрымліваю да канца. На выхадзе я страчаюся з Ленай і Васем Хвалецкім. За паўтары гадзіны сядзення ў душным зале твар у Васі пажаўцеў яшчэ больш. Лена трымае Васю пад руку. Як заўсёды, Вася ўсміхаецца і жартуе:
— У захапленні? — ён мае на ўвазе маё ўражанне ад фільма. (А я яго амаль і не бачыла.)
— Дзе ты бачыла маё пісьмо? — пытаюся я ў Лены, стараючыся схаваць сваю нецярплівасць.
— Я ў інстытуце на акне яго ўзяла і занесла да вас у пакой.
Застацца з імі — з Васем і Ленаю — і паволі ісці ў інтэрнат — на гэта мяне ўжо не хапае. Я прыспешваю крок.
— На тваім ложку, каля падушкі, ляжыць! — крычыць мне наўздагон Лена.
— Дзякуй, — на бягу адказваю я. (Якая яна цудоўная, гэта Лена!)
Склеены з ружовае вокладкі ад сшытка канверт і праўда ляжыць у мяне на ложку, каля падушкі. Дзяўчаты яго ўжо ўсе па чарзе агледзелі, абмацалі.
— Скачы! — загадвае мне Вольга. — Мо ад твайго Лазоўскага.
Як ні дзіўна, у гэтым пакоі ён усё яшчэ «мой»!..
А пісьмо і праўда — гэты почырк я пазнаю сярод мільёнаў другіх — ад «майго» Лазоўскага. Я баюся яго распячатваць. I ў той жа час я не магу ўтрываць, каб яго не распячатаць…
Паважаная Ганька!
Калі ты не забылася яшчэ мяне і калі ты здольна дараваць мне маё маўчанне — адгукніся на гэта маё пісьмо! Ведай, што я буду з нецярплівасцю чакаць твайго адказу. У наступным сваім пісьме напішу пра сябе ўсё з таго часу, як мы развіталіся. Іван Лазоўскі.
Р. S. Мой адрас: п/я…
I ўсё — і больш ні слова!
— Ну, ад каго пісьмо, Ганька?
— Праўда ад Лазоўскага?
— Няўжо? Не можа быць! Дай пачытаць!..
Яно і праўда цяжка паверыць…
— Як табе не сорамна! — накідваецца на Вольгу Фрося. У нас у пакоі існуе няпісаны закон: ніякіх сакрэтаў! Змест пісьма павінен быць вядомы ўсяму пакою. Аднак даваць чытаць пісьмо — я не абавязана.
— А тут няма нічога асаблівага, — кажу я (пад «асаблівым» маюцца на ўвазе прызнанні ў каханні…) і працягваю пісьмо, аднак не Вользе, а Фросі. Яна ў нас вярхоўны суддзя.
Фрося чытае пісьмо.
— Ты павінна адразу ж сесці і напісаць! — загадвае яна мне, вяртаючы пісьмо.
— Фроська, дай мне! — вырывае з Фросіных рук маё пісьмо Вольга. Прачытвае пісьмо і абураецца:
— Падумаеш, сам столькі не пісаў, а яму пішы!..
Як быццам і праўда.
— Падайце мне! — працягвае з ложка руку Жэня. Бірукоў яшчэ не прыйшоў, і яна ў пасцелі…
Падаюць пісьмо Жэні. Жэня выносіць прысуд не спяшаецца, перачытвае пісьмо, разглядае канверт.
— Няхай адкажа, — дазваляе мне Жэня. — Шкадаваць паперы… Толькі няхай не спяшаецца. Ён жа не спяшаўся…
Значыць, ужо два галасы «супроць».
Маё пісьмо ідзе па руках далей.
— У ружовым канверце — значыць, любіць, значыць, не забыў, — суцяшае мяне Аня Славіна. Аня паважае сімволіку.
— Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава.
Аня Славіна стаіць на Фросіным баку:
— А я села б і напісала!
Маўчыць толькі наша Ліна Мітраховіч. У самое яе гэтых сардэчных спраў няма і ніколі яшчэ не было, і яна не ведае, як з імі абыходзіцца, тым больш з чужымі.
Нарэшце пісьмо вяртаецца да мяне назад.
— Трэба ж хоць даведацца, што з чалавекам было, што гэтулькі маўчаў, не пісаў.
Я ўдзячна мілай Фросі, маёй самай лепшай, самай любай сяброўцы. Колькі глупстваў я рабіла б, каб не яна! А так усё ж менш.
Больш я не слухаю гаворкі ў пакоі і хуценька збіраюся, пакуль не зачынена, у чытальню. Там, застаўшыся адна, я напішу адказ Лазоўскаму. I сёння ж, сёння адпраўлю яму.
— Фрося, дай мне трыццаць тры капейкі, — прашу я.
Фрося дастае з чамадана сваю знакамітую з кракадзілавае скуры чырвоную сумку. Сумка гэта ў яе святочная, і Фрося не цягае яе штодня. У чамадане ў яе ляжаць таксама мадэльныя колеру кавы туфлі на высокім абцасе і крэпдэшынавае плацце. Для мяне, для ўсіх нас — усё гэта недасягальныя багацці.
Адно толькі, што ў мяне, напрыклад, доўга ў чамадане яны не ўлежалі б. А ў Фросі ляжаць! Фрося шкадуе насіць (яна кажа «трапаць») мадэльныя туфлі і крэпдэшынавае плацце ў інстытут. На заняткі, штодня, яна ходзіць у сацінавай «таццянцы». «Таццянка» — цяпер апошні крык моды.
…Мой адказ на адрас п/я…, заклеены таксама ў ружовы канверт, я апускаю ў паштовую скрынку ў гэты ж самы вечар.
I дзіўная рэч: у свой пакой, у інтэрнат, я вяртаюся з адчуваннем, якое цяжка нават акрэсліць. Ну, безумоўна ж, сённяшні дзень самы шчаслівы ў маім жыцці… I ў той жа час, зваліўшы цяжэрны камень, я як быццам нешта трачу, як быццам з нечым назаўсёды развітваюся і шкадую… Самой мне цяжка зразумець, а тым больш паверыць, што я прывыкла да гэтае каменнае глыбы. Пад ёю, недзе на самым дне скляпення, да самага апошняга моманту, трывала мая спакутаваная вера і надзея…
…Праходзіць не больш за тыдзень, і зноў пасля заняткаў знаходжу я на сваім ложку, каля падушкі, пісьмо. Адзінае, якое я цяпер чакаю і якое толькі мне патрэбна.
«Мая мілая Ганька…» Так пачынаецца гэта адзінае ў свеце пісьмо. Трэба не мець сэрца ці быць з жалеза, каб не дараваць за такое пісьмо — нават калі ён і быў грэх…
Ты нічога не ведаеш… Я ж, як прыехаў увосень дадому, так, нічога сам не ведаючы, што мяне чакае, і праседзеў у сваёй хаце больш за тры месяцы. Ты не можаш уявіць майго стану… Вы там, у інстытуце, вучыцеся, а я тры разы на дзень хаджу даваць карове трусянку… Спрабаваў піць гарэлку (няхай яна згарыць!). Спрабаваў хадзіць да дзяўчат і вясёлых маладзіц… (Я прызнаюся табе ва ўсім. Як на споведзі.) Мама пачала плакаць: „Сыночак мой, навошта табе ўсё гэта — ты ж хацеў чалавекам стаць, хацеў вучыцца“. I мне зрабілася брыдка мамы.
I я паехаў у горад і зайшоў там да аднаго вельмі харошага чалавека. Чалавек той даў мне розных кніжак, мне патрэбных… I я амаль падрыхтаваўся, каб здаваць экстэрнам зімовую сесію ў інстытуце разам з вамі… Але гэта мне не ўдалося. Мяне выклікаў наш райваенкамат і нарэшце адправіў мяне. I я ўжо рады быў і гэтаму. Няма большай пакуты на свеце, чым няпэўнасць. Цяпер я — курсант пяхотнага вучылішча.
Я ўсяму спачуваю. Я ўсё разумею. Толькі вось гэтыя дзяўчаты… I асабліва вясёлыя маладзіцы…
Толькі яны студзяць нешта ў маім сэрцы, нешта ў ім стрымліваюць. Каб не яны. Каб не яны… Я тут жа гатова сесці і напісаць, што я ўсё даравала, што я нічога не памятаю і наогул нават не здольна нічога кепскага думаць. Толькі вось яны… «А можа, у яго там з імі нічога такога і не было…» — хавае галаву пад не аперанае яшчэ крыло дурное страусянё.
Вядома, нічога не было!
Ёсць толькі ён. Ёсць толькі сама я. I яшчэ цэлы вырай пісем. Цэлы вырай — па два, па тры, па пяць пісем на тыдзень!
Вырай не спыняецца і ў час маіх летніх канікулаў…
А дома не схавацца — хоць пад зямлю закапай, сястра Саша ўсё роўна знойдзе і прачытае. Я і плачу, і сваруся, але нічога не памагае.
— От, дурная дзеўка: хлопец піша пісьмы, дык яна хаваецца, — смяецца з мяне Саша.
Не, я павінна па сценах расклейваць гэтыя пісьмы…
— Хаця б зірнуць, што за ён, — кажа Ніна.
— На сваіх глядзеце, — заступаецца за мяне баба Іваніха.
— На сваіх мы ўжо нагледзеліся.
Неўзабаве прыходзіць пісьмо з фотакарткай: курсант пяхотнага вучылішча ў поўным парадзе.
— Пакажы!
— Наце! — хаваць усё роўна няма карысці, ды і ахвоты няма, шчыра кажучы, хаваць…
— Харошы хлопец! — першы хваліць Валодзя. — Ён у цябе мо за камандзіра будзе?
«Ён у мяне…»
— Можа, і будзе!
— От, ёй абы агрызацца, — кажа Ніна і забірае ў Валодзі з рук фотакартку. — Дык і праўда ж — удалы хлопец!
Цягне руку і баба Іваніха. I яна дае сваю атэстацыю.
— Але, харошы. I з твару поўны. Відно, іх там у салдатах добра кормяць…
Харошы, бо поўны з твару… А я сама ў іх заўсёды няўдалая, бо я «не поўная»…
— Няхай толькі бярэ, мы табе добрае вяселле справім, — абяцае мне Валодзя.
Што з імі гаварыць? Ужо вяселле… У іх няма іншай гаворкі.
— Ну, то сядзі дома, думаеш, ён цябе будзе доўга ўпрошваць, — пагражае мне баба Іваніха, нібыта нехта хапае мяне замуж, а я вырываюся.
Ой, хоць бы куды знікнуць, куды з’ехаць ад гэтае гаворкі!.. Выпадак з’яўляецца, і вельмі хутка.
У нас госціць Ліза — жонка брата Сцёпы з Ленінграда. Ліза прыехала з трохгадовай дачкою Наташкаю, і ў дарозе ёй адной будзе цяжка з дзіцём і рэчамі. Вырашана, што я паеду з ёю ў якасці памочніцы. Паеду ў Ленінград! Я на сёмым небе. Жартачкі, за паўгода з’ездзіць і ў Маскву і ў Ленінград. Сцёпа мне даўно абяцае: вырасцеш і прыедзеш да нас у Ленінград… Дзякуй богу — вырасла!
Праўда, паміж мною і братам Сцёпам, як ён сам кажа, на нейкі час быў прабег чорны кот… Сцёпа настойваў, каб я абавязкова канчала дзесяцігодку і пасля пайшла ў інстытут. А я яго не паслухала і паступіла ў педвучылішча. I вось цяпер, калі я пакінула педвучылішча і пайшла ў інстытут, Сцёпа дараваў мне маё непаслухмянства. «Можа, з цябе, Ганна, яшчэ і атрымаецца чалавек. Я не вельмі ўпэўнены, але можа…»
I гэта ўсё роўна як велікоднае дараванне ўсіх грахоў.
У Ленінград мне цікава паехаць яшчэ і з чыста практычных меркаванняў… Хоць я ўжо і дарослая дзяўчына, але, калі казаць па шчырасці, на людзі паказацца мне зусім няма ў чым. А тут якраз прадалі маю (мае мамы…) хату. Мае грошы (мае!) ляжаць на ашчаднай кніжцы ў ашчаднай касе (і гэта каса, і кніжка ашчадная ўяўляюцца мне нейкімі калючымі, усё роўна як са шчаціны), і я магу забраць іх у любы час і магу зрабіць з імі што захачу.
Ліза кажа мне:
— На гэтыя грошы маладая дзяўчына ў Ленінградзе можа апрануцца і абуцца.
А гэта якраз тое самае, што мне патрэбна.
У Ленінградзе на Віцебскім вакзале нас страчае Сцёпа. Ён нас дадому вязе на трамваі. Пасля Масквы мне трамвай ужо не навіна, але ж усё роўна не воз…
У мяне тэрміну ўсяго дзесяць дзён, і Сцёпа з першага ж дня хоча, як ён кажа, загрузіць мяне ўражаннямі… Мы жывём на Фантанцы; з аднаго боку цырк, з другога — Летні сад. Той самы, дзе ў маленстве гуляў Анегін. Гэта яго Monsier ľ Abbê «слегка за шалости бранил и в Летний сад гулять водил»… Я ў Летні сад хаджу з маленькаю Наташаю. Наташа любіць дзядулю Крылова і яго «звяркоў». Вось тут, каля помніка славутаму байкапісцу, і бавім мы з ёю час… Вяртацца дадому я пабойваюся: усе дамы на Фантанцы — як блізняты (і няма нумароў). Я баюся заблудзіць.
— Гэта наш дом, Наташа? — пытаюся я.
— Не наш, не наш! — тупае яна ножкамі.
— А гэты?
— Не! — адмоўна круціць галавой Наташа.
— А дзе ж наш дом?
— Во наш дом! Во наш дом!
Дзякуй богу…
Сцёпа вядзе мяне да Меднага конніка.
— «Кумір на бронзавым кані…» Памятаеш? — экзаменуе мяне Сцёпа.
Ну, мне сорамна было б не памятаць.
А вось і славуты Неўскі праспект. Параўноўваемся з Казанскім саборам. Помнікі ўдзячнай Расіі: «Фельдмаршалу князю М. Н. Голенищеву-Кутузову», «Фельдмаршалу князю Барклаю де Толли»… У Казанскім саборы пахавана цела Кутузава.
— А вось гэта пампезная дама — матухна імператрыца Екацярына Вялікая. Амаль усю Александрынку засланіла, — насмешліва заўважае брат.
Выходзім на Анічкаў мост. Уздыбленыя коні, здаецца, уздымаюць на дыбкі і мост.
— Звярні ўвагу — Клот забыў адліць языкі коням…
I праўда, гнеўныя коні на Анічкавым мосце без языкоў.
Дзівам, цудам, захапленню няма канца.
На другі дзень Сцёпа вядзе мяне ў ДЛТ — «Дом ленинградской торговли». Яшчэ зроду не бачыла я ні такіх магазінаў, ні столькі пакупнікоў. (У Маскве ў нас не было часу хадзіць па магазінах.) Мора людзей на кожным паверсе, а ўсіх паверхаў аж чатыры. Затое купіць можна ўсё, што толькі пажадаецца чалавеку. Сцёпа вядзе мяне ў той аддзел, дзе прадаецца гатовае адзенне.
— Давядзецца табе заняць чаргу.
А чарзе той няма, здаецца, ні пачатку, ні краю. Усё роўна як на вакзалах, каля білетных кас.
Сцёпу трэба быць на службе, і, хоць мне і боязна заставацца адной у гэтым цёмным людскім лесе, я застаюся. (Добра, што хоць дарогу дадому запомніла.)
Спачатку я мераю сабе асенняе паліто — тут яно называецца дэмісезоннае… Паліто сіняе, пашыта якраз як на мяне: не цесна, не шырока і ў даўжыню якраз. Паліто каштуе сто дзевяноста рублёў, і ў мяне яшчэ застаецца немаведама колькі грошай! (Ліза і Сцёпа строга мне наказалі: «Не кладзі толькі грошы ў кішэню — гэта табе не Зялёная Дуброва».)
Мне хочацца яшчэ касцюм. Мне вельмі падабаюцца цёмныя касцюмы, асабліва з белай батыставай блузкай. Блузка ў мяне ўжо ёсць, якраз такая, як мне трэба, — батыставая «англійская». Анюта пашыла…
Дастаяўшыся ў другой чарзе, я прымяраю яшчэ і касцюм. Трэба ж гэткая ўдача: і касцюм як уліты! Цёмна-карычневы — сто дваццаць рублёў. Буду я шкадаваць тых грошай!..
Апетыт прыходзіць у часе яды… А чаму б гэта мне яшчэ не набраць сабе крамы на плацце ці, можа, і на два?.. Вунь колькі мануфактуры ляжыць на прылаўках! Аж трашчаць… і сацін, і мультан, і маркізеты. Гэта не тое што ў нас на Урэччы ці ў Хрумы паўстынскае.
Станаўлюся ў новую чаргу і — была не была! — загадваю крамсаць мне на два плацці светлага маркізету і на трэцяе — на зіму — мультану ў дробныя сінія і белыя клетачкі. З белым каўняром будзе вельмі прыгожа!
На выхадзе (у мяне ўжо рук не хапае на пакупкі), на самым ніжнім паверсе, спыняюся перад касынкамі. Як жа я буду насіць без касынкі новае паліто?.. Шах — голаму разбой не страшны! — пяшчотныя ружовыя макі па светла-шэрым полі… (Дзяўчаты ў інтэрнаце паўміраюць.)
Дадому вяртацца лёгка: рукі поўныя — кішэня пустая.
На трэці дзень мы са Сцёпам едзем рачным трамваем на Кіраўскія астравы («Прадоўжым тваё выхаванне», — кажа Сцёпа). Катаемся на «амерыканскіх горках». Яны мне запомняцца на ўсё жыццё: як я толькі вытрывала…
У Пецяргоф вязе мяне мой і Сцёпаў траюрадны брат Міша Корзун. Ён ваенны ветэрынарны ўрач — дзве шпалы. Ого!
— Сёння глядзі ўстрымайся! — строга наказвае Мішу Сцёпа.
— Ёсць… — не даносіць да казырка рукі Міша.
— За адзін раз не памрэш…
— Не памру, — разумее брата брат.
I я разумею, пра што ідзе гутарка: я ні разу яшчэ не бачыла гэтага свайго брата цвярозага.
Спачатку мы з Мішам ідзём у Екацярынінскі палац. Як ні дзіўна, але самае моцнае ўражанне на мяне робяць боты Пятра Вялікага: у кожным з іх можа схавацца па чалавеку…
Потым мы гуляем з Мішам у парку. З Мішам нецікава: ён не ведае ні гісторыі пецяргофскіх фантанаў, ні палацаў. Вось каб быў тут Сцёпа… Затое Міша добра ведае, дзе прадаецца смачнае піва. Мы ідзём піць піва, а заадно і падсілкавацца. Я, сказаць па праўдзе, добра згаладалася.
У Пецяргоф мы прыязджаем у Дзень Ваенна-Марскога Флоту. У парку грыміць «яблычка», стаіць заліхвацкі матроскі гік і свіст — маракі гуляюць сваё свята. З рогатам, на ўвесь парк, выспеўваюць непрыстойныя прыпеўкі… Божа, каб усталі цары…
Дадому вяртаемся ўжо вечарам. На трамвайным супынку нас страчае Сцёпа.
— А я ўжо хвалююся, — кажа ён.
— Дазвольце далажыць, — казырае Міша, — усё ў поўным парадку.
Сцёпа акідвае нас абаіх дапытлівым позіркам. Міша разумее яго позірк.
— Як шкельца, — гэта ён пра сябе.
— Вельмі добра. Хадзем піць чай, — кажа Сцёпа.
…А назаўтра раніцай я не магу наступіць на нагу: невядома чаго распухла калена. З гэтаю няшчаснаю сваёю нагою я сяджу на чацвёртым паверсе ўвесь астатні тыдзень. Якія багацці я страчваю…
За два дні да заняткаў мяне вязуць на вакзал, і я еду ў свой інстытут.
Божа, як я скучыла па інстытуце, як я рада, што вяртаюся зноў у свой мілы Рагачоў!
З цягніка я выходжу з чамаданам, у новым паліто і з вялізным букетам кветак. Кветкі мне падарыў мой сусед па купэ — нейкі вельмі вясёлы шафёр, які вяртаўся з заробкаў з Поўначы і сыпаў па дарозе грашыма, як пяском. Мяне і маю суседку-бабульку ён абкарміў цукеркамі. I яшчэ кляўся, што так за дарогу закахаўся ў мяне, што гатовы злезці на любой станцыі і хоць сёння ажаніцца са мной… Бабулька пасміхалася, — відно, некалі ў маладосці і сама не раз чула такія прызнанні, — ківала сівою галавою і вельмі ахвотна смактала цукеркі. Сама я, хоць і пабойвалася гэтага напорыстага шафёра, ад прызнанняў у каханні і ад цукерак не вельмі адмаўлялася. За букет кветак на развітанне мой дарожны паклоннік усё ж атрымаў мой адрас…
I вось я з гэтым букетам-венікам, у новым паліто — на пероне.
— Ганька, ты адкуль? — чую ў сябе за спіною здзіўлены голас. Гэта Коля Маўчан з нашага курса.
— Я з Ленінграда.
— Ф-ю-у-у! Аж з Ленінграда!
— З Ленінграда!
— Тады давай свае манаткі, памагу данесці.
— Ой, Колечка, калі ласка!
— I кветкі яшчэ вязе… Адкуль гэта яны ў цябе?
— Ды так… Па дарозе…
— А я думаў, што мо які знайшоўся… Падарыў кветкі… — самому Колю, безумоўна, такое глупства ў галаву не прыйшло б. Яшчэ чаго не хапала: кветкі…
— Ну, што ты, Колечка!.. — яшчэ гэта дурное возьме ды кіне мяне тут з маім чамаданам, з маімі пакункамі.
Я нясу кветкі, нясу Колеў чорны чыгуначны шынель (у Маўчана бацька чыгуначнік) і ледзь паспяваю ззаду. Коля з чамаданамі, з пакункамі ў абедзвюх руках крочыць паперадзе. Як добра!
— Ты нічога не чула там, у Ленінградзе? — пытаецца Коля.
— Не, нічога. А што?
— Ды нічога. Ёсць чуткі, што хутка ў інстытутах увядуць плату за навучанне.
— Што ты! Дзе ты гэта чуў?
— Чуў… I стыпендыю, кажуць, у студэнтаў здымуць…
Вярзе нейкае глупства — няйначай пачуў, як бабы там, у яго Крупках, плявузгалі.
— Пабачыш, — гаворыць Коля.
— Гэтага не можа быць!
— Усё можа быць.
Маўчан на год маладзейшы за мяне, а трымаецца так, нібыта ён усё на свеце ведае. Падумаеш!..
— Пабачым, — мне зусім не хочацца азмрочваць свой сённяшні настрой нейкімі дурнымі чуткамі… Мы з Лазоўскім дамовіліся, і ў інтэрнаце мяне павінна ўжо чакаць яго пісьмо…
Коля аддае мае рэчы каля самага майго інтэрната.
— Данясеш сама?
— Ой, Колечка, дзякуй табе!
— Ну, да заўтра.
…Чутка, якую ўпершыню пачула я ад Колі Маўчана, неўзабаве пачынае хадзіць па ўсім інстытуце. Няма яшчэ афіцыйнай пастановы, але ўсім ужо добра вядома: навучанне будзе платнае. I стыпендыі не будзе. Ці будзе толькі выдатнікам. Настрой студэнтаў падае ўвачавідкі. Вельмі мала ёсць сярод нас такіх, якія здолеюць і за навучанне плаціць, і вучыцца без стыпендыі. Хто, напрыклад, здолее вучыцца на такіх умовах з дзяўчат нашага пакоя?.. Я першая вымушана буду пакінуць інстытут.
Цяпер мы ўжо не баімся прапускаць лекцыі. Усё роўна. Не ходзім у чытальню. Навошта? Не рыхтуемся, або калі рыхтуемся, то толькі так, абы здаць. Якая карысць?..
Усе мы жывём толькі чуткамі пра пастанову: увесці платнае навучанне, зняць стыпендыю…
Пра свой уласны настрой і пра агульны настрой у інстытуце я, вядома, пішу і Лазоўскаму. Можа, мне не чакаць пастановы, а цяпер, загадзя, шукаць нейкае школы? Бо тады, калі ўсе кінуцца з інстытута, — тады не так проста будзе і месца знайсці. Гэты настрой таксама пануе ў нас у інстытуце: можа, не трэба чакаць?
Лазоўскі не падтрымлівае майго настрою. Кінуць інстытут я паспею заўсёды… Не заўсёды ўдаецца яго скончыць. Не трэба спяшацца… У Мінску, у тэхнікуме, вучацца яго малодшыя брат з сястрой. Сястра скардзіцца, што цяжка вучыцца. Вядома, нялёгка, з дому ім амаль не памагаюць (няма з чаго), а стыпендыя ў тэхнікуме вядома якая… Ён крыху памагае брату і сястры: друкуе сёе-тое ў мясцовай і сваёй акруговай газетах і пасылае ім ганарар.
«Сёе-тое» — я цяпер ужо ведаю, што гэта, — Лазоўскі піша вершы, піша нешта прозай. Мне пра сваё пісанне, калі я прашу, ён расказвае ў пісьмах неахвотна. «Ат, якія там вершы, якое там што… Мне яшчэ трэба вельмі многа вучыцца, каб лічыць сур’ёзным гэты занятак. Мне не хапае вельмі многіх ведаў, а тут, у арміі, атрымаць іх у мяне няма ні часу, ні ўмоў…»
Вось чаму адказвае мне ў той жа дзень, як атрымаў маё пісьмо, Лазоўскі: я не павінна гарачыцца, не павінна рабіць глупства (Лазоўскі так і піша: «глупства»), не павінна кідаць інстытут.
«Добра яму разважаць», — не згаджаюся я.
Праз некалькі дзён выходзіць пастанова.
Перад дзвярыма кабінета дырэктара інстытута выстройваецца чарга студэнтаў з заявамі. Наш Андрэй Ануфрыевіч вельмі добры чалавек, але чым ён можа дапамагчы нам? Не заплаціць жа за ўсіх нас за навучанне. Не дасць стыпендыі ўсім тым, у каго не хапае сямідзесяці пяці працэнтаў выдатных адзнак за апошнюю сесію. Адно «здавальняюча» — і стыпендыі няма…
З кабінета з рэзалюцыяй дырэктара на заяве: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне» выходзяць адзін за другім студэнты. Адсюль, з інстытута, яны адразу ж бягуць у райана, каб «захапіць» лепшы раён (бліжэй да інстытута, бліжэй да чыгункі). Хутка натоўп будзе і там.
Стаіць у чарзе да дырэктара і наш пакой, стаю і я. Аня Славіна і Ліна Мітраховіч ужо атрымалі рэзалюцыі, яны ўжо бягуць займаць чаргу ў райана.
Астаюцца ў нас Вольга Башаркіна і Жэня Шурына. У Вольгі ў Мінску брат інжынер, і яго жонка вельмі вучоная. Яна штомесяц прысылае Вользе пасылкі і грошы. Вольга нам хваліцца: «Наша Шурка ў сто разоў лепшая нават за Іллю…»
А Жэня Шурына выходзіць замуж. Яны з Біруковым вырашылі больш не цягнуць і пажаніцца. «Чорт яго бяры, усё роўна!» — кажа Жэня. Цяпер яна, вядома, скончыць інстытут.
Застаецца ў інстытуце і Фрося Брыкет. Фрося больш разлічвае на сябе, чым на нейчую помач. «Я не затым паступала ў інстытут, каб не выцерпець адзін год…» Ёй у жыцці даводзілася цярпець куды больш. Яна выцерпіць.
Мая чарга ўсё набліжаецца і набліжаецца да дырэктарскіх дзвярэй. Наперадзе мяне стаіць Коля Маўчан. Зойдзе ён, а за ім і я. Коля заходзіць, і ў гэты самы час у калідоры паказваецца расхрыстаная Вольга.
— Дзе Ганька?! Ганька, ты яшчэ не была? Табе тэлеграма!
Тэлеграма ўжо прачытана. Тэлеграма такога зместу: «Ганька, не кідай інстытута. Паможам кончыць. Валодзя».
…Калі ж яны паспелі прачытаць газету? (Дадому нам ідзе «Звязда» — Валодзя выпісаў.) Калі паспелі даць тэлеграму?..
— Ганька, дурная, крычы «ўра»! — расчырванелая, скача Вольга. А я стаю і сапраўды не ведаю, што мне рабіць.
— Бачылі такую дурную! — цешыцца з мяне Вольга.
Чарга ля дырэктарскіх дзвярэй уздыхае: ёсць жа людзям шчасце…
Вольга цягне мяне ў інтэрнат.
Праз дзень прыходзіць мне пісьмо з Ленінграда. «Ты, Ганна, рабіць глупствы здольная… Дык вось кажу табе: не ўздумай кідаць інстытут. Мы з Лізаю паможам табе дацягнуць гэты год. Сцёпа».
I я застаюся канчаць інстытут.
На нашым курсе ён самы малодшы, і прозвішча яго дзіўна пасуе да яго характару. Сядзіць Коля за самым заднім сталом, яго не відно і не чутно. Хіба толькі з сябрам Аркадзем Русаковым на перапынках пачнуць дурэць і дужацца, як маленькія. А то яшчэ Аркадзя схопіць і пачне паказваць і чытаць усяму курсу Маўчанавы шаржы і эпіграмы на выкладчыкаў. Шаржы ў Маўчана смешныя і вершы вясёлыя. Вось табе і Маўчан! Хто б гэта падумаў! Выкладчыка стараславянскай мовы Блешанкова, напрыклад, ён малюе падобным на юса вялікага ётаванага. Усе паміраюць са смеху: падабенства выключнае.
Беларускую літаратуру ў нас выкладае Якаў Іванавіч Міхалап. Свае лекцыі ён мае звычку чытаць, успёршыся адным локцем на кафедру. У шаржы Маўчана Міхалап нібыта вырастае з гэтае кафедры. Пад малюнкам — адпаведныя вершаваныя радкі.
Маўчан не вядзе канспектаў. Ён толькі слухае лекцыі. I на сесіі здае экзамены па ўсіх дысцыплінах толькі на «выдатна». Прычым выяўляе такія веды, якія выходзяць далёка за межы падручнікаў і таго матэрыялу, які даецца выкладчыкам на лекцыях. Выкладчыкі да Маўчана адносяцца з павагай: светлая галава, гонар інстытута…
I вось Маўчан стаіць у чарзе, каб атрымаць на сваёй заяве рэзалюцыю: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне…» У бацькоў яго сямёра дзяцей, і працуе адзін бацька. Колю з дому не прысылаюць ні капейкі. Ён жыве на адну стыпендыю. А тут яшчэ трэба адразу заплаціць і гэтыя пяцьсот рублёў…
Маўчану дырэктар інстытута свае рэзалюцыі не дае.
— Ідзіце, падумайце яшчэ, Маўчан.
— Мне няма пра што думаць.
— Ідзіце, трэба ўсім нам падумаць…
Настрой Маўчана ад гэтага не паляпшаецца: тэрмін платы за навучанне жалезны — адзін тыдзень…
Усе, хто не здолее расплаціцца, загадам дырэктара будуць выключаны з інстытута.
Усім нам, каго сваякі «ўзялі на парукі», прыходзяць грашовыя пераводы на пяцьсот рублёў. Маўчану ніхто нічога не прысылае. I яго імя, сярод іншых, праз тыдзень з’яўляецца ў дырэктарскім загадзе: выключыць з інстытута…
Выбіраем ад курса дэлегацыю і спачатку ідзём да дэкана факультэта: няўжо нельга зрабіць выключэнне — улічыць цяжкае хатняе становішча і ў той жа час выключныя здольнасці Маўчана.
Дэкан толькі разводзіць рукамі:
— Я разумею ваш настрой, вашу салідарнасць… Але ж вы самі ўсё разумееце… Схадзіце да Андрэя Ануфрыевіча. Можа, ён што-небудзь здолее…
Ідзём да Андрэя Ануфрыевіча.
— Перадайце Маўчану, каб не пакідаў наведваць заняткі. Мой загад?.. Я вымушаны быў яго напісаць…
— А калі мы самі — між сабою — збяром гэтыя грошы і заплацім за Маўчана?
— Я тут жа адмяню свой загад.
Правесці грашовы збор сярод студэнтаў наша дэлегацыя даручае мне. Правесці, вядома, так, каб Коля ні пра што не здагадаўся, каб не пакрыўдзіць яго. Бо ўсе мы, хто застаўся ў інстытуце, аказаліся як быццам мацнейшымі за яго. (Праз гэтыя праклятыя грошы!)
На курсе не адмаўляецца ніводзін чалавек. Даюць усе, хто колькі можа: тры, пяць, сем рублёў… Усе мы разумеем: толькі мы самі здольны памагчы свайму таварышу. Праз два дні мы здаём у бухгалтэрыю на імя Мікалая Маўчана пяцьсот рублёў — за навучанне. Сярод інстытуцкіх загадаў з’яўляецца новы: «Во изменение приказа №…» Загадваю залічыць студэнтам літаратурнага факультэта Маўчана Мікалая Захаравіча…
Дырэктар інстытута…
…З гэтага дня пачынаецца як быццам нараджэнне новага Маўчана. Ён робіцца больш таварыскі і непрыкметна нават перастае саромецца дзяўчат і піша канспекты кожнай, хто яго папросіць.
Вользе нашай, якая піша страшэнна неразборліва і непрыгожа, Маўчан спісвае цэлыя сшыткі. I самае галоўнае, робіць гэта з вялікай прыемнасцю. Паступова мы пачынаем нават спекуляваць на Маўчанавай дабраце. У нас летась не быў прачытаны курс уводзін у мовазнаўства, і цяпер нам чытае яго падобны на Луначарскага, у пенснэ, прафесар маскоўскага інстытута Благанраваў. Чытае па восем гадзін запар. За гэтыя восем гадзін мы знемагаем дашчэнту. За акном вясна, зеляніна, воля, а тут восем гадзін заняволення!
— Колечка, можа, ты сёння мне папішаш?
— Ты ж не просіш.
— Вось жа прашу…
— На Дняпро пойдзеце? — здагадваецца Коля.
— Не ведаю куды. Я толькі ведаю, што паміраю…
— Жыві! — і Коля Маўчан забірае мой канспект па ўводзінах у мовазнаўства.
…Паступова Коля прывыкае да нашых дзяўчат і зрэдку пачынае заходзіць у наш, сёмы, пакой. Мы яго запрашаем усе наперабой — ён жа наш выратавальнік! Ходзіць з намі ў кіно. У кіно мы і ўдваіх з Маўчанам ходзім.
— Ой, глядзі, будзе табе, як даведаецца Лазоўскі, — пагражае мне Вольга.
— А за што будзе? За што будзе?
— За Кольку Маўчана.
— Ты ўжо зусім здурнела!
— Пабачыш, — рагоча Вольга. — Ужо ўсе дзяўчаты бачаць…
Усе бачаць… А што яны бачаць?
У гэты вечар мы з Колем Маўчанам сварымся. Я кажу яму, што хадзіць яму ў наш пакой няма чаго. Няма чаго рабіць яму ў нас. Але Маўчан усё роўна што слуп!
— А вось і буду хадзіць!
Вы бачылі такога Маўчана?
— Сухай, — кажа Адам Бірукоў, — ён глытае «л» перад галоснымі, і таму ў яго атрымліваецца «сухай», — безабразіе! Юбілей — трэба ж адзначыць!
— Як?
Бірукоў чухае патыліцу.
— Значыць, так… Шурум-бурум я бяру на сябе… Ты з дзяўчатамі арганізуй толькі рабочае месца. Талеркі там, відэльцы…
Ну «рабочае месца» арганізоўваецца ў нас вельмі проста… Тыдзень назад загадчык студэнцкае сталоўкі вывез з нашага інтэрната цэлую падводу посуду: талерак, шклянак. Такая ўжо завядзёнка ў інтэрнаце: посуд для ўласнага ўжытку мы цягаем са сталоўкі. Ну і, вядома ж, хто гэта будзе насіцца з лыжкамі і талеркамі назад у сталоўку? Смех! Каму трэба — няхай той і забірае. Няхай на падводзе, няхай на тачцы ці хоць на цягніку… Апошні раз загадчык сталоўкі прыганяў падводу.
Дастаўка сталоўскага вінегрэту і гуляшоў на юбілей — таксама абавязак нашага пакоя. Усё ж астатняе — нейкія кансервы, селядцы і нават каўбасу — Бірукоў дастаўляе сам. Ну і, вядома ж, выпіўку: бутэльку гарэлкі, бутэльку чырвонага віна і піва.
— Ну, я вас сёння паўпойваю, — абяцае нам Бірукоў.
— Пабачым яшчэ! Ты ведаеш, як я п’ю гарэлку? — пытаецца Вольга ў Бірукова.
Не, Бірукоў не ведае. I ніхто з нас, дзяўчат, не ведае гэтага. Мы ведаем другое: Вольга страшэнна любіць узнімаць уласныя акцыі.
З якога выпадку рыхтуецца папойка? Рыхтуемся адзначыць мой «юбілей» — мне спаўняецца васемнаццаць год.
— Ганьку трэба ўпаіць! — рагоча Вольга.
— Не бойся, я не ўп’юся!
Урачыста сядаем усе за стол. Наша гаспадарлівая Фрося зрабіла ўсё так прыгожа, што і сапраўды ў нашым пакоі — свята.
I самае галоўнае — я прычына гэтага свята… У маім жыцці яшчэ ні разу ніхто не адзначаў майго дня нараджэння.
— Ну, з цябе і пачнём! — урачыста ўстае са старшынскага месца Бірукоў і бярэ маю шклянку.
Яны прыйшлі на мой «юбілей» удваіх з Жэняй («па-сямейнаму», — рагоча Вольга). Жэня ўжо цяжарная. Ёй ужо то млосна, то хочацца кіслага… Дурная, патрэбна ёй было тое замужжа, хоць Бірукоў і добры хлопец. Як быццам ім нехта перашкаджаў — і так жа кожны дзень Бірукоў тырчаў у нашым пакоі да адбою, пакуль мы яго ўжо не выганялі. Не, захацелася ажаніцца… Дурная Жэнька!
— Прашу ўсіх напоўніць бакалы, — аддае загад Бірукоў і налівае перш за ўсё ў маю пасудзіну — адразу з усіх трох бутэлек: гарэлкі, віна, піва.
Дзяўчаты працягваюць Бірукову свае «бакалы» — шклянкі і кубкі ўсіх магчымых калібраў, — і Бірукоў налівае ім таксама.
— Хто хоча выказацца? — зусім як у сябе на пасяджэнні камсамольскага камітэта, вядзе далей наша застолле Бірукоў.
— Лепш за цябе, Бірукоў, усё роўна ніхто не здолее, — кажа Фрося.
Бірукоў сам гэта ведае: лепш не скажа ніхто і больш ніхто не скажа. Бірукоў страшэнна любіць прамовы. Ён іх гаворыць на кожным сходзе. Гадзіны па дзве: пра ўсё на свеце — і пра міжнароднае становішча, і пра адказнасць камсамольцаў нашага інстытута ў святле адпаведных рашэнняў, і пра дысцыпліну, і пра паспяховасць…
— Ладна. Згодзен, — зноў як у сябе ў камітэце, упіраецца даланямі ў край стала Бірукоў. — Таварышы! — Ён урачыста выпростваецца. Міжвольна выпростваемся і мы ўсе. — Мы з вамі сёння адзначаем знамянальную дату… Таварышы, сёння спаўняецца васемнаццаць год Ганне Гурновіч. З сённяшняга дня яна становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай квітнеючай Савецкай сацыялістычнай дзяржавы. Паводле асноўнага закона нашай Радзімы, па Сталінскай Канстытуцыі, яна ўжо атрымлівае права прымаць удзел у выбарах органаў нашай Савецкай улады… Таварышы, пажадаем нашай Ганьцы ў гэты ўрачысты яе дзень камсамольскага агню і запалу і пажадаем ёй стаць сапраўдным грамадзянінам нашай Савецкай дзяржавы!.. Праўда, у Ганькі не заплочаны камсамольскія ўзносы за апошнія два месяцы…
— Адчапіся ад яе! — перабівае красамоўства свайго камсамольскага мужа Жэня. — Дай лепей усім выпіць і закусіць, усе галодныя…
— Дазваляю! — чокаецца з усімі намі Бірукоў і першы п’е свой «бакал».
Усе п’юць.
I я, вядома, п‘ю… Ну і брыдота ж! I горка, і соладка…
— Запі вадою, запі вадою! — раіць мне Жэня.
Я запіваю вадою.
Бірукоў налівае ўсім па другому разу. Цяпер ужо жадаюць мне дзяўчаты: і стрэчы, якой я чакаю, і добрай школы, як буду атрымліваць назначэнне, і паспяховых дзяржаўных экзаменаў…
(Калі ўсё гэта яшчэ будзе!)
Потым у нас пачынаюцца танцы. «Пад ензык», як сказаў бы пан Адальф Быкоўскі. «Пад ензык»… Сам Бірукоў іграе нам на губным гармоніку з расчоскі і тонкае курыльнае паперы. Атрымліваецца выдатна. Нашто табе той аркестр…
Мне на гэтым маім «юбілеі», бадай, весялей за ўсіх. Я моцна смяюся, штурхаюся ў крузе, наступаю на ногі. Мне хочацца нейкіх незвычайных дзеянняў, а наш пакой не дае мне разгарнення.
— Хадзем танцаваць на двор! — крычу я на ўвесь пакой.
— Яна здурнела — на дварэ снег ідзе! — падае ад смеху на ложак Вольга.
— Я хачу на снег! — мяне ўжо не ўтрымаць.
— Я табе зараз дам снегу! — стрымлівае мяне Фрося.
Але дзе яна мяне ўтрымае. Р-раз — і я выкруцілася з Фросіных рук. Тапкі зляцелі з ног… Навошта мне тапкі! I без іх горача… Па ўсім калідоры ў адных панчохах я імчу на двор.
На ганку мне таксама цесна. Я саскокваю ў гурбу снегу. Смешна!..
— Яна зусім п’яная! — чую я Фросін голас.
— Ты сама п’яная!
— Ганечка, хадзем у пакой! — заве мяне Фрося.
— Ідзіце самі ў пакой! Я не хачу ў ваш пакой! Я тут буду жыць!
— Гэта ўсё ты, Бірукоў! Яна ж можа памерці… — крычыць на Бірукова Фрося і ловіць мяне за руку. Удваіх з Біруковым яны вядуць мяне ў пакой. Я ўпіраюся, і крычу, і плачу на ўвесь калідор:
— Я не хачу паміраць!..
— Не памрэш, не памрэш, толькі кладзіся хутчэй у ложак, пад коўдру, — распранае мяне Фрося.
Я не хачу паміраць і спяшаюся як мага хутчэй пад коўдру…
I тут жа засынаю як забітая.
Мой «юбілей» адсвяткаваны.
У нас у інстытуце існуе літаб’яднанне, якое параджае ўласную «Літаратурную газету» і «Альманах» — рукапісны часопіс, дзе змяшчаюцца творы ўсяго нашага літаратурнага парасніка… Кіраўніком «парасніка», ідэйным і арганізацыйным, з’яўляецца паэт Мікалай Ламака. Яму самому вельмі падабаецца гэта раскацістае «лала», асабліва са сцэны, калі ён чытае ўласныя вершы: «Мікалай Ламака — „Вершам да сонца!..“» Вершы Ламака піша толькі «пад Маякоўскага» — ламаным, лесвічным радком. Ён так і кажа пра сябе (вядома, у першую чаргу) і пра тых паэтаў, якія пішуць толькі такія вершы: «Мы — вучні Маякоўскага!»
Вершы пра каханне ці там пра нейкую месячную ноч або вясну — Ламака глыбока зневажае і заве «мяшчанскім рукадзеллем». Асабіста ён прызнае за паэзіяй толькі сацыяльнае гучанне… Інтымная лірыка, знішчае яе Ламака, можа ўздзейнічаць толькі на хваравітае мяшчанскае ўяўленне.
Не падзяляе погляды нашага ідэолага другі інстытуцкі паэт Мэйлах Лазараў, і ў выніку іх літаратурныя спрэчкі канчаюцца звычайна траха не бойкамі. Лазараў, наадварот, аддае перавагу лірыцы кахання. Гэтак, як некалі Дантэ Беатрычэ, а Петрарка Лауры, гэтак Лазараў сваімі прысвячэннямі дараваў бяссмерце Жэні Шурынай. Ён працягвае пісаць іх і зараз, хоць Жэня ўжо і замужам за Біруковым. (Сама Жэня ўласныя адносіны да лазараўскай паэзіі выказвае так: «Няхай піша, мне яго паперы не шкада».)
Лазараў друкуецца не толькі ў нашых інстытуцкіх выданнях. Ён свае творы пасылае нават у Мінск вядомым пісьменнікам і крытыкам. Так, напрыклад, Мэйлах Лазараў паслаў свае вершы аднаму крытыку і пісьменніку, і той прыслаў яму адказ аж на чатыры старонкі! Гэтым адказам Мэйлах пахваліўся ўжо амаль кожнаму студэнту ў інстытуце. I не толькі студэнтам — выкладчыкам таксама. Лазараў не горш за Ламаку ўмее дэманстраваць уласныя паэтычныя дасягненні.
— В ваших стенах витает муза поэта Лазарева… — калі мы ўжо вельмі разыдземся і забываем слухаць лекцыю, спрабуе ўтаймаваць нас далікатны Назар Андрэевіч — ён вядзе ў нас курс сучаснай рускай мовы.
Што ж да маёй уласнай «музы», дык яна «пад Маякоўскага» не здольна збудаваць нават самага прымітыўнага вершыка. I як бы я ні муштравала яе, як бы ні дапякала на адзіноце, сам-насам з чыстым аркушам паперы, — муза мая ўпартая, як каза… Як я ні б’юся, мая муза — «мяшчанка», ёй бы толькі ўздыхаць пры месячным ззянні пра каханне, пра вясну… Праўда, мая муза яшчэ вельмі сумленна абслугоўвае свой уласны прытулак — сёмы пакой у інтэрнаце па вуліцы Смідовіча, 42…
Восем іх было у сёмай,
Дружных і сварлівых.
Колькі дзён для іх прабегла
Радасных, шчаслівых!..
Або: ідзе экзаменацыйная сесія. Наш сёмы «в поте лица» ўгрызаецца ў граніт навук. I тут жа, побач, пад рукамі, як заўсёды, штурхаецца мая муза:
Мінавала даўно поўнач,
Пеўні праспявалі.
Ноч з усходам гаманіла,
А ў нас не спалі…
Выдатныя гэтыя вершы, вядома ж, перш за ўсё ідуць на агульны ўжытак нашага пакоя і становяцца яго класікай: усе дзяўчаты, як адна, ведаюць іх на памяць ад першага да апошняга радка! Вершы гэтыя прыгожа запісваюцца таксама ў мой агульны сшытак — бязмоўную труну ўсіх мёртванароджаных дзяцей мае музы…
У інстытуцкім альманаху, адціснутае Мікалаем Ламакам, недзе на самай апошняй старонцы, самае апошняе месца займае маё паэтычнае мяшчанства — вершы пра каханне.
Дзяўчаты загрызаюць мяне, чаму я не надрукую ў альманаху верш пра наш пакой… Каму не хочацца славы і бяссмерця! А я, дурная, замест таго каб узводзіць помнікі, замуроўваю сяброўства.
Тым часам надыходзіць дзень, які прымушае ўсіх нас успомніць і падумаць перш за ўсё пра грэшную зямлю. Надыходзіць час нашага размеркавання на работу. I вось тут упершыню па-сапраўднаму кожны з нас прадстае, як перад самім богам, перад Дзяржаўнай камісіяй. Перад гэтым даўжэзным, як зялёнае поле, сталом усе нашы характары праходзяць голыя, як навабранцы. Тут ужо нас не зблытаеш і не абагуліш!
Адзін на карце Беларусі — яна вісіць на ўсю сцяну збоку ад Камісіі — будзе выбіраць школу абавязкова на чыгунцы ці непадалёку ад яе. Каб было зручней трымаць сувязь з цывілізацыяй… Другі пацікавіцца, а якая ў яго будучай школе мясцовасць, якія краявіды: ці ёсць паблізу рэчка і лес. Каб не трапіць у якое-небудзь сяло сярод голага поля… А трэці раптам прыкіне, ці можна будзе маладому настаўніку прыдбаць уласную кароўку або трымаць парсюка: як ні кажы, на новым месцы, на самым пачатку забудавання новага жыцця спатрэбіцца нямала выдаткаў, і адной настаўніцкай зарплатай наўрад ці абыдзешся…
Даходзіць чарга да мяне. Недзе на Віцебшчыне, ці не толькі на самай граніцы з Літвою, ёсць нейкая Шаркаўшчына (якая шурпатая назва!). Там патрэбны літаратары. Ехаць туды?.. А зрэшты, чаму не паехаць выкладаць мову і літаратуру ў гэтую шурпатую Шаркаўшчыну?.. Кажуць, там ёсць возера ці азёры… Можа, яна якраз будзе не горшая за Фросіна гладкае, як паліваны збанок, Глыбокае? Да таго ж яны недзе ў адным баку… Падпісваюся пад Шаркаўшчынай.
У суботу, пасля лазні, мы з Фросяй прыйшлі ў інтэрнат і сушым валасы. Я сяджу на ложку раскудлачаная, у старой аблезлай сукенцы.
З трэскам расчыняюцца дзверы — на парозе Надзька Бохан:
— Ганька, цябе выклікаюць! — бразь дзвярыма — і няма.
Хто выклікае, чаго выклікае… Куды — вядома. Выклікаюць усіх нас звычайна да дзвярэй тэхнічкі Кабетавай. Там у нас своеасаблівы прапускны пункт. Я намерваюся бегчы за Надзькай.
— Куды ты! Зірні на сябе ў люстра!.. — стрымлівае мяне Фрося.
Я спехам расчэсваю валасы і бягу да дзвярэй Кабетавай.
Каля акна, абапёршыся на падаконнік, стаіць высокі хлопец у новенькай, з іголачкі, курсанцкай форме, Лазоўскі?!.
— Добры дзень!
— Добры дзень… — я, як спынілася ад нечаканасці, за тры крокі, так і не скранулася з месца.
— Ну, дык, можа, мы хоць павітаемся!.. — Лазоўскі адходзіць ад акна, бярэ мяне за рукі, лёгенька прыцягвае да сябе: я ледзь дастаю галавой да яго плечука.
— Ого! Дык ты вунь ужо якая вырасла!..
Мне прыемна гэта чуць, але ўсё роўна…
— Чаго ж ты маўчыш? Не рада, што я прыехаў?
Гэта я не рада… Я такая радая, што вось-вось заплачу ад радасці…
А ў нашым пакоі дзяўчаты дзівяцца: чаго гэта мяне так доўга няма, хто там мяне выклікае.
Вольга і Насця ідуць у разведку.
— Глядзі — Лазоўскі прыехаў!.. — пазнае і пырхае ад смеху Вольга.
Насця кідаецца назад у пакой.
— Дзяўчаты, да Ганькі Лазоўскі прыехаў!
Вольга крочыць напралом.
— Здароў, Лазоўскі! — сама першая падае яна яму руку. — Во які вымахаў! I ўвесь у значках, як генерал усё роўна! — Вольга мацае значкі на гімнасцёрцы ў Лазоўскага.
— А ты чаго ж не расцеш? — жартуе Лазоўскі і кружыць Вольгу вакол сябе.
Вольга рагоча на ўвесь калідор:
— А твая Ганька вельмі вырасла.
Я прападаю ад сораму: «твая…»
— Ганька вырасла…
— Усё роўна, які дзічок была, такі і засталася, — рагоча Вольга і накідваецца на мяне. — Дык чаго ж ты трымаеш яго тут, пад дзвярыма? Жаніх прыехаў, а яна…
«Жаніх…» Я ўжо зусім гіну. А Вольга, нібыта гэты жаніх прыехаў не да мяне, а да яе, смела бярэ Лазоўскага пад руку і — дрып-дрып — дробненькімі крокамі вядзе яго па калідоры ў наш пакой. На Вользін голас і гаману то адны, то другія адчыняюцца на калідоры дзверы. I тут жа з трэскам захлопваюцца: па калідоры ідзе гэтакі бляск!
— Бачылі нявесту! — з парога крычыць нашым дзяўчатам Вольга. — Каб не я, дык яна і да ночы не здагадалася б запрасіць жаніха ў пакой.
Зноў жаніх!
— Здравія жалаю! — выцягваецца ў струнку і прыкладвае руку да бліскучага казырка — вітаецца з дзяўчатамі Лазоўскі.
Фрося як старэйшая сярод нас ідзе вітацца з Лазоўскім першая. Потым па чарзе вітаюцца ўсе дзяўчаты.
— Чаму ж не напісаў? Страчалі б, — кажа Фрося.
— Хацеў так… Хацеў захапіць знячэўку, — смяецца Лазоўскі.
— Дык і захапіў! — рагоча Вольга.
I толькі цяпер усе абарочваюцца да мяне і заўважаюць, які ў мяне выгляд. А мне лепей бы скрозь зямлю праваліцца ў гэтай маёй аблезлай сукенцы. Які сорам!
— Ану, пайдзі на кухню і пераадзенься — надзень другую сукенку, а гэту скінь. — як малой, загадвае мне Фрося.
— Лепей я выйду. Заадно і пакуру… — кажа Лазоўскі — яму, відаць, таксама закурыць не лішне.
— I я з табою пайду, каб цябе там дзяўчаты ў чужы пакой не перахапілі, — смяецца Вольга.
— А ты, Вольга, зусім не перамянілася, — прапускае Вольгу наперад Лазоўскі.
Што тут пачынаецца ў пакоі!
— Надзень, Ганька, маю белую шаўковую блузку…
— Нашто ёй блузка? Ёй лепш ідзе маё чорнае плацце…
Сама я гэтай стрэчай канчаткова збіта з толку: што мне лепш, што мне горш… Вядома ж, хочацца, каб лепш, каб прыгажэй выглядаць.
— Адчапіцеся ад яе. Няхай надзене сваё ленінградскае маркізетавае з крыльцамі. Яно ёй да твару і пашыта добра.
Амаль усім пакоем дзяўчаты памагаюць мне (а што там памагаць?) надзяваць маё белае маркізетавае плацце з крыльцамі… Я і сама яго люблю.
— Ну, бачылі? Ты ў нас, Ганечка, прыгожая! — абнімае мяне Фрося. — Зірні сама ў люстра.
Я гляджуся ў люстра. Як быццам нічога… Толькі вось валасы — пасля мыцця распушыліся на ўвесь пакой, як дурныя… Мы з Лазоўскім страчаемся за столькі часу ўпершыню. Амаль за два гады. Можа, я яму яшчэ і не спадабаюся… Дзяўчатам я, вядома, нічога не кажу пра свой неспакой.
Бах у дзверы! Гэта Вольга.
— Ці хутка вы там? Усё роўна як да вянца… — яна ўжо на парозе.
Ну і язык, ну і язык!.. Хоць ты забі яе.
— Можна? — на дзве галавы ўзвышаецца над Вольгай Лазоўскі.
— Глядзі, якая яна ў цябе!
— Вольга!
— Прыгожая, праўда?
— Прыгожая.
— Вольга!
— Ну, вось бачыш, якая дурная. Праходзь, Лазоўскі, сядай да стала, а то твая Ганечка зроду не здагадаецца запрасіць…
Мы ўсе садзімся да стала. Спачатку гутарка не вельмі ладзіцца. Каб не Фрося ды каб не Вольга з яе жартамі, так, мусіць, і сядзелі б. Вольга кідае на стол карты.
— З вамі, я бачу, нагаворышся… Давайце лепей у «падкіднога» згуляем.
«Падкідны» вельмі хутка ўсіх нас аб’ядноўвае. Неўзабаве ўжо мы і «падкіднога» пакінулі і сядзім, спяваем. Перш за ўсё нашу студэнцкую, развітальную. Усе мы ўжо маем афіцыйныя накіраванні на работу. Застаецца толькі здаць дзяржаўныя экзамены, і там…
— Ты ведаеш, куцы яе запёрлі? — паказвае на мяне Лазоўскаму Вольга.
— Ведаю.
— Крышка, брат! — Вольга вельмі выразна ілюструе маю «крышку». — А мне пашанцавала. Я ў свой раднюсенькі Прапойск… А Фроську накіравалі ў Глыбокае.
— Гэта ў тым баку, дзе Шаркаўшчына, — кажа Лазоўскі.
— Усё ён ведае! — захапляецца Вольга.
— Не трашчы! — спыняе Вольгу Насця. — Дзяўчаты, тры, чатыры…
Окончим вуз, и по глухим селеньям
Нас разошлют в далекие края…
Потым мы спяваем. «В далекий край товарищ улетает», потым «Дан приказ: ему — на запад», «Если завтра война…». Если завтра война… На свеце вельмі неспакойна. Ужо на захадзе палыхае полымя вайны… Але нам, савецкім людзям, вайна не страшная. Як адзін чалавек, увесь савецкі народ за свабоду Радзімы ўстане!.. Вораг будзе разбіты на яго ўласнай тэрыторыі… Ні пядзі сваёй зямлі мы не аддамо нікому!
Мы пераспеўваем у гэты вечар усе песні нашых год, нашага пакалення.
З калідора раз-пораз у наш пакой заскокваюць дзяўчаты з суседніх пакояў: пазычыць хлеба, пазычыць праса, а Надзьцы Бохан раптам спатрэбіўся канспект па асновах марксізму-ленінізму…
— Бачыў? — падміргвае Лазоўскаму Вольга.
— А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося.
— Дык няхай Ганька і клапоціцца!
— Ты сёння дзяжурная.
— Я буду дзяжурыць за яе! — я і сапраўды рада нешта рабіць. Мне ўсё роўна… Лазоўскі сядзіць з аднаго боку стала. Я — з другога. Нам за цэлы вечар і слова не ўдалося сказаць адно аднаму.
— Будзем піць чай, — засцілае чыстым абрусам стол Фрося — нам сёння якраз яго памянялі.
З-за акон, з тумбачак на стол выкладваюцца ўсе, якія толькі ёсць у нас, харчовыя запасы. Баляваць дык баляваць! Збіраем усе, якія знайшліся, шклянкі і кубкі.
Мяне адпраўляюць на кухню, да тытана, па вар. Па дарозе мяне затрымлівае Надзя Бохан.
— Прыехаў?.. — па-змоўніцку падміргвае яна мне.
— Прыехаў! — я адчуваю двайную радасць: няхай пойдзе скажа яшчэ і сваёй сяброўцы Нюшы Філіповіч: Нюша таксама была б вельмі рада, каб лепш не прыехаў…
За чаем нас застаюць Жэня і Адам Бірукоў. Яны часам яшчэ пра нас успамінаюць… Па старой звычцы, хоць Аня Славіна і працуе ў школе, прыходзіць да нас з гітарай Зора Рубанаў (яны з Фросяй зараз рэпеціруюць «Васу Жалязнову» — абое ў інстытуцкім драмгуртку). Недзе ў поўнач ужо з’яўляецца Коля Маўчан і Ганік Дорахаў — сябра Маўчана і родны брат Ларысы Дорахавае — Фросінае і мае сяброўкі, таксама цяпер ужо настаўніцы… Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядваюцца, Вольга фыркае ў кулак. А мне зусім не да смеху. Маўчан можа выкінуць яшчэ якую штуку. Ён мне ўжо не раз казаў: «Я твайго Лазоўскага заб’ю, як прыедзе…» Фрося налівае чаю і Маўчану з Дорахавым.
— Сядайце да стала, хлопцы.
Маўчан адстаўляе свой кубак, Дорахаў спадылба пазірае на Лазоўскага салаўём-разбойнікам.
— Ларыса даўно табе пісала? — звяртаецца Фрося да Ганіка Дорахава.
— Пісала… — неахвотна адказвае той.
— А нам з Ганькаю чамусьці не піша.
— I правільна робіць, што не піша… вам з Ганькаю… — робіць нядобры націск Дорахаў.
— Ну, ты не вельмі! — прыкрыквае на яго Фрося, і Ганік не адважваецца ёй пярэчыць.
Потым зноў мы гуляем у «падкіднога», зноў спяваем усе, якія толькі ведаем, песні. У Бірукова на гадзінніку першая ўжо гадзіна.
— Дарагія гаспадары, ці не надакучылі вам госці? — першы ўстае з-за стала Лазоўскі.
— Гледзячы якія… — панура абзываецца з кутка Маўчан.
За ўвесь вечар ён не вымавіў ніводнага слова.
— Іншых можна і папрасіць… — дапаўняе сябра Дорахаў.
Я гляджу на Маўчана, і ён разумее мой позірк: «Чаго ты прыйшоў? Хто цябе чакаў?..»
Лазоўскі развітваецца з усімі за руку. Падае руку Маўчану. Той неахвотна працягвае сваю. Дорахаў цырымонна раскланьваецца. Лазоўскі паціскае плячыма і нічога не кажа… Я іду яго праводзіць. Ён будзе начаваць у гасцініцы.
Нарэшце! Нарэшце, за цэлы вечар, з сямі гадзін, мы адны. Двор і ўвесь свет заліты ззяннем поўніка — хоць збірай іголкі.
— Ганька… Гэта ты? — спыняецца і мяне затрымлівае таксама Лазоўскі.
— Я…
Мы доўга стаім у нас на ганку, потым, пабраўшыся за рукі, доўга развітваемся каля варот.
— Далей ты не ідзі. Позна. Будзеш баяцца…
— Не буду…
— Не трэба. Я прыйду па цябе заўтра раненька, і мы з табою пойдзем блукаць… Добра?
— Добра… (Добра, яшчэ як добра! Я гатова ісці за табою на край свету…)
…Назаўтра — дзяўчаты ўсе яшчэ спяць, адна я ўстала, сабралася і ўжо чакаю — раздаецца асцярожны стук у дзверы. Не трэба і пытацца — я іду насустрач гэтаму стуку. Стараюся сама не грукнуць дзвярыма, каб не пабудзіць дзяўчат.
I зноў мы ўдваіх.
— Выспалася? Не хочаш спаць?
— Не хачу… (Які там сон. Я амаль усю ноч не заснула.)
— Табе не холадна?
Майская раніца такая прыветная, такая сонечная.
— Куды пойдзем?
Якая розніца. Я ж сказала ўчора.
— Ты ў мяне маладзец!
Не згаворваючыся, мы ідзём да Дняпра.
— Ты надоўга? — адважваюся спытацца я.
— Надоўга…
— Наколькі?
— Да заўтрашняе раніцы…
— Ай…
— Мы з табою хутка стрэнемся зноў. Назусім. Добра?
— У мяне ж ужо накіраванне…
— А я прыеду і ўкраду цябе!
— А як нас у турму?
— Дык пасадзяць жа нас удваіх!
Удваіх — няхай сабе і ў турму…
Удваіх мы блукаем цэлы дзень. Лазім па дняпровых кручах. Умошчваемся і сядзім на выгнутым ствале хваіны-ліры.
— Памятаеш, як мы сядзелі тут з табою?..
— Памятаю… (Усё памятаю!)
— I тут развіталіся?
— А цяпер страчаемся.
— Ты не ведаеш, як я чакаў гэтага дня!
(Не, гэта ты не ведаеш, як я яго чакала…)
Потым мы катаемся на Дняпры на лодцы. Пераязджаем на другі бераг, на Збароўскі луг. Нам хочацца піць, і мы рвём кіслае — аж сківіцы зводзіць — шчаўе. А згаладаўшыся, зноў пераязджаем на лодцы на свой бераг. Перавозчык, сівы згорблены дзядок, не то цешыцца з нас, не то шкадуе:
— Маладосць, маладосць…
(Была ж некалі яна і ў яго…)
Абедаем мы ў гарадскім рэстаране. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па кілішку чырвонага віна. Закусваем вінегрэтам і гуляшамі. У рэстаране мы страчаем нашых хлопцаў-студэнтаў. Хлопцы выразна пазіраюць у наш бок: ого! Я разумею, што лячу з галавою ў вір — і ўсё роўна вір гэты мне жаданы. Мне свае галавы не шкада…
Вечарам мы ідзём у кіно па Цымерманаўскай. Нічога не чуем і не бачым, сядзім паўтары гадзіны. А потым заходзім у гасцініцу ўзяць Ванеў шынель.
Вечары яшчэ свежыя. I праседзець на вуліцы распранутымі — будзе холадна. Будзе холадна мне — Ваня пра мяне клапоціцца, каб не прастыла.
На ўтульнай Задруцкай вулачцы мы выбіраем незаняты ганачак і займаем яго на цэлы вечар. (У Ваневым шынялі мне цёпла, і я не буду спяшацца дадому.) На суседніх ганках таксама сядзяць пары. Гэта нашы, студэнцкія, ганачкі.
— Ты толькі хутка пішы, адразу, як заедзеш…
— А ты мне адразу адказвай. Добра? А праз год, у гэту пару, мы ўжо будзем разам…
I зноў мы вяртаемся да таго, што, здаецца, усё перагаварылі ўжо за цэлы дзень. Пра ўсё дамовіліся. Усё вырашылі…
Ён прыедзе да мяне… У маю новую школу. Ён прыедзе і забярэ мяне. I мы паедзем — разам ужо. (Хоць на край свету!) Каб потым быць ужо толькі разам. Толькі ўдваіх…
А потым зноў гэтак жа доўга развітваемся мы ў нас у інтэрнаце, на ганку. Світае. Да адпраўлення цягніка трэба яшчэ забегчы ў гасцініцу разлічыцца.
На вакзале Ваня прымушае мяне выпіць шклянку чаю. Сам ён закурвае папяросу.
Над ранішнім умытым перонам гучаць чыгунныя ўдары — прыбывае пасажырскі цягнік. Імгненныя сем мінут стаянкі…
Цягнік зноў рухаецца з месца. А мы ўсё яшчэ трымаемся за рукі.
— Пішы!
— Чакай!
А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна.
1965–1969, Каралішчавічы—Дубулты