- Княжна моцна змянілася...


У пакоі двух дачок гаспадара замка, Юрыя Радзівіла па мянушцы Герку­лес, цёмна і ціха. Дрогкае святло свечкі. Даносіцца шум балявання, п’яныя выкрыкі, музыка. Старэйшая сястра, Ганна Радзівіл, сядзіць на ложку, схілілася над маленькім дзіцём, якое спіць. Барбара сядзіць ля дзвярэй на крэсле, уся напятая.

Ганна шэпча дзіцяці:

- Яшчэ хвілечку... Яшчэ праменьчык святла... Зорачка мая...

Барбара пагойдваецца ў крэсле, мармыча:

- Ты шалёная. Ты шалёная. Ты шалёная...

Ганна працягвае шаптаць:

- Не слухай цётку. Цётка добрая. Яна цябе лю-біць... Лю-біць...

Барбара нервова рэагуе:

- Нашу маленькую смерць? Любіць? Ты шалёная.

Дзіця ўскрыквае праз сон. Ганна нахіляецца ніжэй, Барбара скаланаецца.

- Тс-ссс... Люлі... Люлі... Прылятуць гулі... Прынясуць штосьці... Для маленькай Зоські...

Паварочваецца да Барбары.

- Не тузайся так. Міхал даў ёй макавы адвар.

Унізе крычаць асабліва гучна. Да крыкаў і музыкі далучаецца спрадвечная мова зброі.

Барбара ўскоквае, прыкладаецца вухам да дзвярэй.

- Сіл няма... Колькі я дапамагала табе хавацца з тваімі любошчамі... Пану бацьку маніла... Маці... Братам... Чула, ад цябе зноў жаніх адмовіцца хоча.

Ганна не адрываецца ад дзіцяці.

- Мне ўсё адно... Праўда, зорачка?

Барбара нервуецца.

- Табе ўсё адно - за сваім ляснічым свету не бачыш... А я гінуць не хачу. Не хачу! Ні ў кляштар, ні за драбязу якую выходзіць...

Ганна звяртаецца да соннага дзіцяці.

- Не слухай цётку, твой татусь - не ляснічы, ён рыцар. Ён проста родам з Белавежскай пушчы. Ваяр.

Барбара насмешна кідае:

- Слуга.

Ганна з’едліва адказвае, працягваючы размову з дзіцём:

- А цётачка ў нас будзе каралевай. Не менш. Паглядзім, што з ёй станецца, калі пакахае. Калі з’явяцца ў самой дзеткі...

Барбара пагардліва кідае:

- У шлюбе. Не бастарды.

Чуецца ціхі ўмоўны стук у дзверы. Барбара, спяшаючыся, адчыняе засаўкі. Азіраючыся, уваходзіць высокі плячысты шляхціц, Міхал.

- Ганусю, час...

Ганна асцярожна падае яму дзіця, Міхал цалуе і моцна абдымае іх абодвух... На нейкі час яны застываюць. Барбара глядзіць на іх з зайздрасцю. Міхал і Ганна асцярожна ўкладваюць дзіця ў кошык з накрыўкай.

- Яна прачынаецца... Хутчэй...

Міхал хавае кошык пад плашчом, выходзіць... Але адразу ж бегма вяртаецца. На калідоры шум, па каменнай падлозе гулка стукаюць абцасы некалькіх чалавек. Сёстры хаваюць Міхала ў цяжкую шафу, падобную да маленькага палаца. Мужчына прытульвае да сябе дзіця, якое пачало круціцца і хныкаць.

Дзверы з грукатам расчыняюцца. Першым уваходзіць Юрый Радзівіл Геркулес, за ім - Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Геркулес угневаны. Ягоны сын раззлаваны яшчэ больш. Мікалай Чорны захоўвае раўнавагу, аглядае ўсё пільным позіркам.

Геркулес звяртаецца да дачок:

- Віншую, пустадомкі. Абедзве атрымалі гарбуза.

Ганна і Барбара недаўменна сустракаюцца поглядамі.

- У мяне толькі што быў Ілля Астрожскі. Патрабуе скасаваць заручыны з табой, Барбара.

Барбара гнеўна прыкусвае губу. Мікалай Руды таксама ўгневаны:

- Ганьба на ім, не на нас! Закахаўся ў пазашлюбную дачку караля - от жа вартая падстава! Сястра ні ў чым не вінаватая!

Радзівіл Геркулес раздражнёна гмыкае.

- Яно б і так, каб учора не атрымаў пасланне ад праклятага Гаштольда

- патрабуе разарваць заручыны свайго сына з Ганнай. За яе непрыстойныя паводзіны.

Шпурляе на падлогу скамечаны ліст і стамлёна ўсаджваецца ў крэсла.

- Піша, што ты нагуляла дзіця.

Ганна спрабуе схаваць жах.

- Паклёп.

Мікалай Руды горача пацверджвае:

- Вядома, паклёп. Выклікаць на двубой... Слізкія, сквапныя Гаштольды... Не разумею, як ты мог сябраваць з імі, Мікалай?

Пільны позірк Мікалая Чорнага між тым слізгае па пакоі, спыняецца на карункавым дзіцячым каптурыку, які выглядае з-пад ложка. Барбара заўважае, куды скіраваны позірк стрыечнага брата, жахаецца... Мікалай шматзначна ўсміхаецца і адводзіць погляд.

- З вашага дазволу, ваша мосць дзядзечка, пан-брат і мае шаноўныя сёстры, выйсця няма толькі тады, калі ты заўважыў, што з тваіх грудзей паказваецца лязо варожага мяча, загнанага ў спіну. Думаю, шлях ёсць... Кароль па-ранейшаму да нас міласэрны...

Геркулес выбухае гневам:

- Каб не гэтая клятая італьянка! Без каралевы не абыйшлося! Мала патруціла Радзівілаў! Няшчасная сястра мая з дзецьмі, княгіня Мазавецкая, твой, Мікалай, бацька, брат мой Ян, светлай памяці... Усіх звяла ў магілу Боначка, каб ёй мячом павячэраць...

Чорны астуджае дзядзьку:

- Атрута і меч - апошняе, да чаго трэба звяртацца. Я сам бяруся перагаварыць з каралём...

З шафы даносіцца нейкія гукі. Ганна і Барбара кідаюць у той бок трывож- ныя позіркі, Мікалай Чорны таксама паварочваецца, каб зірнуць на шафу.

Між тым Міхал спрабуе не даць дзіцяці закрычаць, усё шчыльней прытуляе да сябе...

Чорны асцярожна разважае:

- Магу прапанаваць такі ход... Раз Станіслаў Гаштольд не хоча жаніцца з Ганнай з-за нейкай... надуманай... прычыны, няхай пашлюбіцца з Барбарай. А Іллі Астрожскаму прапанаваць Ганну. Усё адно каралева ніколі не дазволіць яму ажаніцца з Беатай Касцялецкай. У жылах той каралеўская кроў, а раптам нашчадкі будуць на трон прэтэндаваць? Самі ведаеце, як Бона Сфорца пільнуе сваю ўладу. Яшчэ пагрозы няма - а яна выпраўляе кагось на той свет. Так што прыціснуць Астрожскага... Нікуды не дзенецца.

Геркулес глядзіць на дачок.

- Можа, і выгарыць...

Ганна з горыччу вымаўляе:

- Нас, вядома, ніхто не пытаецца?

Чорны ціха адказвае:

- Ну, мы ж не дапытваемся, наколькі праўдзівыя плёткі пра цябе, дарагая сястрыца.

Кідае шматзначны позірк на дзіцячы каптурык. Ганна бялее. У шафе зноў штось шаргоча.

Руды сціскае кулакі.

- Усё-ткі гэта несумленна... Мяняцца нявестамі... Як жупанамі. Толькі ардалія! Божы суд! Біцца, пакуль хтось не паваліцца!

Чорны павучальна гаворыць:

- Гасподзь не любіць, калі праліваюць кроў, у той час як дастаткова праліць словы. І вы, дзядзечка, каб у маладосці адказалі на схільнасць італьянкі, не адпрэчылі яе...

Геркулес бліскае вачыма, усё яшчэ сінімі, як вечаровае неба.

- Язык прытрымай, пляменнік! От парода... Увесь у Яна ты, Мікалай... Той таксама хітрыў, з ворагамі сябраваў... Але добра, няхай будзе па-твойму.

Падыходзіць да дачок, кожную абдымае, цалуе ў лоб. Ганна ўсё больш нервуецца.

- Нічога... Мы - Радзівілы! Мы - сіла!

Мужчыны выходзяць з пакоя. Мікалай Чорны ідзе апошнім, азіраецца, ківае Ганне. Барбара кідаецца зачыняць дзверы.

- Ён ведае... Чорны заўсёды ўсё ведае...

Ганна імкліва тузае дзверцы шафы.

Міхал сядзіць нерухома, глядзіць перад сабой поўнымі жаху вачыма, нібыта ў нікуды. Яго рука па-ранейшаму захінае твар дзіцяці. Міхал прыбірае руку, галава дзіцяці бязвольна абвісае.


Сад ля палаца Радзівілаў. Восень. Дрэвы неахвотна губляюць лісце. Пад старой ліпай жанчына ў багатай сукенцы ніцма ляжыць на апалым лісці, абдымаючы грудок зямлі. Побач стаіць маладая дзяўчына, гожая, з рахманым выразам твару. Яна спалохана азіраецца.

- Ганна, час ісці... Госці збіраюцца... Мне не паспеюць надзець вясельны ўбор... І так хапае розгаласу - малодшая сястра ідзе да алтара раней за старэйшую. Прашу цябе, пойдзем. І ўсміхайся, усміхайся. Нібыта ты за мяне рада.

Жанчына цяжка ўздымаецца, абтрасае спадніцу, выцірае твар тонкай рукой.

- Няхай хаця б табе пашчасціць, сястрыца. Хай ніколі не будзе ў тваім жыцці такой магілы. На якой нельга напісаць нават сапраўднае імя.

Здымае з сябе срэбны медальён на ланцужку - залаты арол блішчыць у промнях восеньскага няпэўнага сонца, - становіцца на калені і закопвае ўпрыгожванне ў зямлю.

- Няма шчасця пад залатымі крыламі, Барбара.


У сінім восеньскім небе ціха кружляюць груганы.


Ліпень-жнівень 2018, Готланд.

Загрузка...