Падарожжа ў Брабдынгнег

1

Гулівер пражыў дома нядоўга.

Не паспеў ён яшчэ як след адпачыць, а ўжо зноў пацягнула ў плаванне.

«Напэўна, такая ўжо мая натура, — думаў ён. — Неспакойнае жыццё марскога бадзягі мне больш падабаецца, чым мірнае жыццё маіх сухапутных сяброў».

Адным словам, праз два месяцы пасля свайго вяртання на радзіму ён ужо зноў быў залічаны доктарам на карабель «Адвенчар», які выпраўляўся ў далёкае плаванне пад камандай капітана Джона Нікалса.

20 чэрвеня 1702 года «Адвенчар» выйшаў у адкрытае мора.

Вецер быў спадарожны. Карабель ішоў на ўсіх ветразях да самага мыса Добрай Надзеі. Тут капітан загадаў кінуць якар і набраць свежай вады. Пасля двухдзённай стаянкі «Адвенчар» павінен быў рушыць далей.

Але нечакана карабель стаў цячы. Давялося выгрузіць тавары і распачаць рамонт. А тут яшчэ капітан Нікалс захварэў цяжкай ліхаманкай.

Карабельны доктар Гулівер уважліва агледзеў хворага капітана і вырашыў, што яму нельга плысці далей, пакуль ён зусім не паправіцца.

Так «Адвенчар» і зазімаваў каля мыса Добрай Надзеі.

Толькі ў сакавіку 1703 года на караблі зноў былі ўзняты ветразі, і ён шчасліва дайшоў да Мадагаскарскага праліва.

19 красавіка, калі карабель быў ужо недалёка ад выспы Мадагаскар, лёгкі заходні вецер змяніўся моцным ураганам.

Дваццаць дзён карабель гнала на ўсход. Уся каманда змучылася і марыла толькі аб тым, каб гэты ўраган нарэшце сціх.

І вось настаў поўны штыль. Цэлы дзень на моры было ціха, і людзі пачалі ўжо спадзявацца, што ім удасца адпачыць. Але капітан Нікалс, бывалы марак, які не раз плаваў у гэтых водах, з недаверам паглядзеў на прыціхлае мора і загадаў мацней прывязаць гарматы.

— Надыходзіць шторм! — сказаў ён.

Сапраўды, на другі ж дзень узняўся моцны, шквалісты вецер. З кожнай мінутай ён станавіўся ўсё мацнейшы і мацнейшы, і нарэшце ўсхадзілася такая бура, якой яшчэ не бачыў ні Гулівер, ні матросы, ні сам капітан Джон Нікалс.

Ураган бушаваў шмат дзён. Шмат дзён змагаўся «Адвенчар» з хвалямі і ветрам. Умела манеўруючы, капітан загадваў то ўзняць ветразі, то спусціць іх, то ісці з ветрам, то легчы ў дрэйф.

У рэшце рэшт «Адвенчар» выйшаў пераможцам з гэтай барацьбы. Карабель быў добры, правіянту хапала, каманда здаровая, вынослівая і ўмелая. Адно толькі было дрэнна: на караблі канчаліся запасы прэснай вады. Трэба было папоўніць іх. Але як? Дзе? За час буры карабель так далёка аднесла на ўсход, што нават самыя старыя і бывалыя маракі не маглі сказаць, у якую частку свету іх закінула і ці ёсць паблізу зямля.

Усе былі ўстрывожаны не на жарт і з непакоем чакалі слова ад капітана.

Але вось нарэшце юнга, які стаяў на мачце, убачыў удалечыні зямлю.

Ніхто не ведаў, што гэта такое — вялікая зямля ці выспа. Пустынныя скалістыя берагі былі незнаёмы нават капітану Нікалсу.

На другі дзень карабель падышоў так блізка да зямлі, што Гулівер і ўсе маракі маглі выразна разгледзець з палубы доўгую пясчаную касу і бухту. Але ці была яна дастаткова глыбокай, каб у яе мог увайсці такі вялікі карабель, як «Адвенчар»?

Асцярожны капітан Нікалс не адважыўся без лоцмана ўводзіць свой карабель у не вядомую нікому бухту. Ён загадаў кінуць якар і паслаў на бераг баркас з дзесяццю добра ўзброенымі матросамі. Матросам далі з сабой некалькі пустых бочак і даручылі прывезці прэснай вады, калі толькі ім удасца знайсці дзе-небудзь непадалёк ад берага возера, рэчку ці ручай.

Гулівер папрасіў капітана адпусціць і яго на бераг разам з матросамі.

Капітан добра ведаў, што яго вучоны спадарожнік для таго і выправіўся ў далёкае падарожжа, каб пабачыць чужыя краіны, і ахвотна адпусціў яго.

Хутка баркас прычаліў да берага, і Гулівер першы выскачыў на мокрыя камяні. Навокал было пуста і ціха. Ні лодкі, ні рыбацкай хаціны, ні ляска ўдалечыні.

У пошуках прэснай вады матросы разбрыліся па беразе, Гулівер застаўся адзін. Ён пайшоў наўздагад, з цікаўнасцю аглядаючы новыя мясціны, але не ўбачыў нічога цікавага. Усюды — направа і налева — цягнулася бясплодная, скалістая пустыня.

Стомлены і незадаволены, Гулівер пайшоў назад.

Мора распасціралася перад ім суровае, шэрае, няветлівае. Гулівер абышоў нейкі велізарны камень і раптам спыніўся, спалоханы і здзіўлены.

Што такое? Матросы ўжо сядзелі ў баркасе і з усяе сілы грэблі да судна. Як жа гэта яны маглі пакінуць яго аднаго на беразе? Што здарылася?

Гулівер хацеў закрычаць, паклікаць матросаў, але язык у роце быццам акамянеў.

І не дзіўна. З-за прыбярэжнай скалы раптам выйшаў чалавек вялізнага росту — сам не меншы за скалу — і пагнаўся за лодкай. Мора ледзьве даходзіла яму да каленяў. Ён рабіў велізарныя крокі. Яшчэ некалькі такіх крокаў, і ён схапіў бы баркас за карму. Але, мусіць, вострыя камяні на дне заміналі яму ісці. Ён спыніўся, махнуў рукой і павярнуў да берага.

У Гулівера ад жаху закружылася галава. Ён упаў на зямлю, папоўз між камянёў, потым усхапіўся на ногі і стрымгалоў пабег, сам не ведаючы куды.

Ён думаў толькі аб тым, дзе б схавацца ад гэтага страшнага вялізнага чалавека.

2

Нарэшце ўзбярэжныя пяскі і камяні засталіся далёка ззаду.

Задыхаючыся, Гулівер узбег па схіле крутога ўзгорка і азірнуўся. Навокал усё было зелена. З усіх бакоў яго абступалі гаі і лясы.

Ён спусціўся з узгорка і пайшоў па шырокай дарозе. Справа і злева суцэльнай сцяной стаяў густы лес — гладкія голыя ствалы, прамыя, як у соснаў.

Гулівер задраў галаву, каб паглядзець на верхавіны дрэў, і ажно ахнуў. Гэта былі не сосны, а сцябліны ячменю вышынёй з дрэва!

Напэўна, была пара жніва. Спелыя зярняты велічынёй з вялікую яловую шышку раз-пораз балюча білі Гулівера па спіне, па плячах, па галаве. Гулівер прыбавіў крок.

Ён ішоў, ішоў і нарэшце дабраўся да высокай агароджы. Агароджа была разы ў тры вышэйшая, чым самыя высокія сцябліны, і Гулівер ледзь мог разгледзець яе верхні край. Трапіць з гэтага поля на суседняе было не так лёгка. Для гэтага трэба было спачатку ўзабрацца па каменных замшэлых прыступках, а потым пералезці цераз вялікі, урослы ў зямлю камень.

Прыступак было ўсяго чатыры, але кожная з іх была нашмат вышэйшая за Гулівера. Толькі стаўшы на дыбачкі і высока ўзняўшы рукі, ён з цяжкасцю мог дацягнуцца да краю ніжняй прыступкі.

Нечага было і думаць падняцца па такой лесвіцы.

Гулівер вырашыў уважліва агледзець агароджу: ці няма ў ёй хоць якой-небудзь шчылінкі ці адтуліны, праз якую можна было б выбрацца?

Шчылінкі не было.

І раптам на верхняй прыступцы лесвіцы з'явіўся велізарны чалавек — яшчэ большы за таго, што гнаўся за баркасам. Ростам ён быў не меншы за пажарную вышку!

Мярцвеючы ад жаху, Гулівер кінуўся ў ячменны гушчар і прытаіўся, схаваўшыся за тоўсты колас.

Са сваёй засады ён убачыў, як велікан памахаў рукой і, павярнуўшыся, нешта моцна крыкнуў. Напэўна, ён проста зваў некага, але Гуліверу здалося, быццам гром загрымеў у ясным небе.

Здалёк пачуліся гэтакія ж грымоты, і праз хвіліну побач з веліканам стаялі яшчэ сямёра хлопцаў гэтакага ж росту. Напэўна, гэта былі парабкі. Апрануты яны былі больш проста і бедна, чым першы велікан, і ў руках у іх былі сярпы. Ды якія сярпы! Калі шэсць нашых кос раскласці на зямлі паўкругам, наўрад ці выйшаў бы такі серп.

Выслухаўшы свайго гаспадара, веліканы адзін за другім спусціліся на поле, дзе схаваўся Гулівер, і пачалі жаць ячмень.

Гулівер, не памятаючы сябе ад страху, кінуўся назад, у гушчыню ячменю.

Ячмень рос густа. Гулівер з цяжкасцю прадзіраўся паміж высокімі, прамымі стваламі. Дождж цяжкіх зярнят сыпаўся на яго зверху, але ён ужо не звяртаў на гэта ніякай увагі.

І раптам дарогу яму перагарадзіла прыбітая да зямлі ветрам і дажджом сцябліна ячменю. Гулівер пералез цераз тоўсты, гладкі ствол і наткнуўся на другі, яшчэ таўсцейшы. Далей — цэлы дзесятак каласоў, прыгнутых да зямлі. Ствалы перапляліся між сабой, а моцныя, вострыя вусы ячменю, правільней сказаць — вусішчы, тырчалі, быццам коп'і. Яны пранізвалі адзенне Гулівера, упіваліся ў цела. Гулівер павярнуў налева, направа… І там тыя ж тоўстыя ствалы і страшныя вострыя коп'і!

Што ж цяпер рабіць? Гулівер зразумеў, што яму нізавошта не выбрацца з гэтага гушчару. Сілы ў яго ўжо не было. Ён лёг у баразну і ўткнуўся тварам у зямлю. Слёзы пацяклі ў яго з вачэй.

Ён міжвольна ўспомніў, што яшчэ зусім нядаўна, у краіне ліліпутаў, ён сам адчуваў сябе веліканам. Там ён мог пакласці сабе ў кішэню ездака з канём, мог адной рукой цягнуць за сабой цэлы непрыяцельскі флот, а цяпер ён сам — ліліпут сярод веліканаў, і яго, Чалавека-Гару, магутнага Куінбуса Флестрына, могуць схаваць у кішэню. І гэта яшчэ не самае горшае. Яго могуць раздушыць, як жабяня, могуць адкруціць яму галаву, як вераб'ю! Усё можа быць на свеце…

У гэтую самую хвіліну Гулівер раптам убачыў, што нейкая шырокая цёмная пліта ўзнялася над ім і вось-вось апусціцца. Што гэта? Няўжо падэшва велізарнага чаравіка? Так і ёсць! Адзін жнец непрыкметна падышоў да Гулівера і спыніўся над самай яго галавой. Варта яму апусціць нагу, і ён растопча Гулівера, як жука ці мошку.

Гулівер крыкнуў, і велікан пачуў яго крык. Ён нагнуўся і пачаў уважліва аглядаць зямлю і нават мацаць па ёй рукамі.

І вось, адсунуўшы ўбок некалькі каласоў, ён убачыў штосьці жывое.

Хвіліну ён з апаскай разглядаў Гулівера, як разглядаюць ніколі не бачаных звяркоў ці насякомых. Відаць было, што ён думае, як бы гэта схапіць гэтага дзіўнага звярка, каб той не паспеў абадраць ці ўкусіць яго.

Нарэшце ён асмеліўся — схапіў Гулівера двума пальцамі за бакі і паднёс да самых вачэй, каб лепш разгледзець.

Гуліверу здалося, што нейкі віхор падхапіў яго і панёс у неба. Сэрца яго замерла. «А што, калі ён з размаху шпурне мяне аб зямлю, як мы кідаем жукоў ці прусакоў?» — з жахам падумаў ён, і як толькі перад ім заблішчалі вялізныя здзіўленыя вочы, ён умольна склаў рукі і сказаў ветліва і спакойна, хоць голас у яго дрыжаў, а язык прыліпаў да нёба:

— Прашу вас, дарагі велікан, пашкадуйце мяне. Я не зраблю вам нічога дрэннага.

Вядома, велікан не зразумеў, што яму гаварыў Гулівер, ды Гулівер пра гэта і не думаў. Ён хацеў толькі аднаго: каб велікан убачыў, што ён, Гулівер, не квакае, не ціўкае, не гудзе, а гаворыць, як людзі.

І велікан гэта ўбачыў. Ён уважліва паглядзеў на Гулівера і схапіў яго яшчэ мацней, каб не ўпусціць. Пальцы яго, быццам велізарныя клешчы, сціснулі рэбры Гулівера, і той ажно ўскрыкнуў ад болю.

Але велікан зусім не збіраўся душыць Гулівера. Конік, які ўмеў гаварыць, відаць, вельмі яму спадабаўся. Ён прыўзняў крысо кафтана і, асцярожна паклаўшы на яго сваю знаходку, пабег на другі канец поля.

«Нясе да гаспадара», — здагадаўся Гулівер.

І сапраўды, праз хвіліну Гулівер быў ужо ў руках велікана, які першы з'явіўся на ячменным полі.

Убачыўшы такога маленькага чалавечка, гаспадар здзівіўся яшчэ больш, чым парабак. Ён доўга разглядаў яго, паварочваў то направа, то налева. Потым узяў саломінку таўшчынёй з палку і пачаў падымаць ёю крысы Гуліверавага кафтана. Мабыць, ён думаў, што гэта нешта накшталт надкрылляў у хрушча.

Усе парабкі стоўпіліся ў кучу, і выцягнуўшы шыі, моўчкі глядзелі на дзіўную знаходку.

Каб лепш разгледзець твар Гулівера, гаспадар зняў з яго капялюш і лёгенька падзьмухаў яму на валасы. Валасы ў Гулівера ўсталі, як ад моцнага ветру. Потым велікан асцярожна апусціў яго на зямлю і паставіў на карачкі. Напэўна, яму хацелася паглядзець, як бегае гэты дзівосны звярок.

Але Гулівер зараз жа ўстаў на ногі і пачаў важна разгульваць перад веліканамі, стараючыся паказаць, што ён не хрушч, не конік, а такі ж чалавек, як і яны, і зусім не збіраецца ўцякаць ад іх і хавацца сярод сцяблін.

Ён узмахнуў капелюшом і пакланіўся свайму новаму гаспадару. Высока ўзняўшы галаву, ён моцна і выразна прывітаўся на чатырох мовах.

Веліканы пераглянуліся і здзіўлена пакруцілі галовамі, але Гулівер бачыў, што яны яго не зразумелі. Тады ён дастаў з кішэні кашалёк з золатам і паклаў яго на далонь гаспадара. Той нізка нахіліўся, прыжмурыў адно вока і, зморшчыўшы нос, пачаў разглядаць гэту дзіўную рэч. Ён нават выцягнуў аднекуль з рукава шпільку і паторкаў вастрыём у кашалёк, відаць, не здагадваючыся, што гэта такое.

Тады Гулівер сам расчыніў кашалёк і высыпаў на далонь велікана ўсё сваё золата — трыццаць шэсць гішпанскіх чырвонцаў.

Велікан наслініў кончык пальца і прыўзняў на ім адну залатую манету, затым другую…

Гулівер стараўся знакамі растлумачыць, што ён просіць велікана прыняць ад яго гэты сціплы падарунак.

Ён кланяўся, прыціскаў рукі да сэрца, але велікан так нічога і не зразумеў і таксама знакамі загадаў Гуліверу пакласці манеты назад у кашалёк, а кашалёк схаваць у кішэню.

Потым ён загаварыў аб нечым са сваімі парабкамі, і Гуліверу здалося, што восем вадзяных млыноў разам зашумелі ў яго над галавой. Ён быў рады, калі парабкі нарэшце пайшлі на поле.

Тады велікан дастаў з кішэні сваю насоўку, склаў яе ў некалькі столак і, апусціўшы левую руку да самай зямлі, накрыў далонь насоўкай.

Гулівер адразу здагадаўся, што ад яго хочуць. Ён паслухмяна ўзлез на гэту шырокую далонь і, каб не зваліцца з яе, лёг ніцма.

Відаць, велікан вельмі баяўся ўпусціць і згубіць Гулівера — ён асцярожна загарнуў яго ў хусцінку, быццам у коўдру, і, прыкрыўшы другой далонню, панёс да сябе дамоў.

3

Быў поўдзень, і гаспадыня паставіла ўжо на стол абед, калі велікан з Гуліверам на далоні пераступіў парог свайго дома.

Ні слова не гаворачы, велікан працягнуў жонцы далонь і прыўзняў край насоўкі, якой быў закрыты Гулівер.

Яна адхіснулася назад і віскнула так, што ў Гулівера ледзь не лопнулі барабанныя перапонкі.

Але потым веліканша разгледзела Гулівера. Ёй спадабалася, як ён кланяецца, здымае і надзяе капялюш, як асцярожна ходзіць па стале між талерак.

А Гулівер і на самай справе хадзіў па стале асцярожна, з апаскай. Ён стараўся трымацца далей ад краю, бо стол быў вельмі высокі — напэўна, з двухпавярховы дом.

Уся сям'я гаспадара пасела вакол стала — бацька, маці, трое дзяцей і старая бабуля. Гулівера гаспадар пасадзіў каля сваёй талеркі.

Перад гаспадыняй на талерцы ўзвышаўся вялізны кавалак смажанай ялавічыны.

Яна адрэзала невялічкі кавалачак мяса, адшчыкнула хлеба і паклала ўсё гэта перад Гуліверам.

Гулівер пакланіўся ёй, дастаў з футарала свой дарожны прыбор — відэлец, ножык — і пачаў есці.

Гаспадары апусцілі свае відэльцы і, усміхаючыся, пазіралі на яго. Гуліверу зрабілася страшна. Кавалак засеў у яго ў горле, калі ён убачыў з усіх бакоў гэтыя вялізныя, як ліхтары, цікаўныя вочы і зубы, большыя, чым яго галава.

Але ён не хацеў, каб усе гэтыя веліканы, дарослыя і маленькія, заўважылі, што ён іх баіцца, і, стараючыся не глядзець па баках, даеў свой хлеб і мяса.

Гаспадыня нешта сказала служанцы, і тая зараз жа паставіла перад Гуліверам чарку, да краёў напоўненую нейкім залацістым, празрыстым напіткам.

Напэўна, гэта была самая малюсенькая лікёрная чарачка — у ёй было не больш за гладыш віна.

Тулівер устаў, узяў чарку абедзвюма рукамі і, падышоўшы да гаспадыні, выпіў за яе здароўе.

Гэта вельмі спадабалася ўсім веліканам. Дзеці пачалі так рагатаць і пляскаць у ладкі, што Гулівер ледзь не аглух.

Яму захацелася зноў схавацца за гаспадаровай талеркай, але, спяшаючыся, ён зачапіўся за скарынку хлеба і расцягнуўся на ўвесь рост. Але ён зараз жа ўсхапіўся на ногі і з трывогай паглядзеў кругом — ён зусім не хацеў здавацца смешным і няўклюдным.

Аднак на гэты раз ніхто не засмяяўся. Усе занепакоена глядзелі на маленькага чалавечка, а служанка хуценька прыбрала праклятую скарынку.

Каб супакоіць сваіх гаспадароў, Гулівер памахаў капелюшом і тройчы пракрычаў «ура», тым самым гаворачы, што ўсё скончылася добра.

Ён не ведаў, што ў гэту самую хвіліну яго падпільноўвае новая непрыемнасць.

Як толькі ён падышоў да гаспадара, адзін з хлопчыкаў, дзесяцігадовы свавольнік, які сядзеў побач з бацькам, схапіў Гулівера за ногі і ўзняў так высока, што ў небаракі заняло дух і закружылася галава.

Цяжка сказаць, што мог яшчэ прыдумаць свавольнік, але бацька выхапіў Гулівера ў яго з рук, зноў паставіў на стол, а хлопчыку даў добрую аплявуху.

Такім ударам можна было б выбіць з сёдлаў цэлы эскадрон грэнадзёраў — вядома, нармальнай чалавечай пароды.

Пасля гэтага бацька загадаў сыну зараз жа выйсці вон з-за стала. Хлопчык зароў, як статак быкоў, і Гуліверу стала шкада яго.

«Ці варта на яго злавацца? Ён жа яшчэ маленькі», — падумаў Гулівер, апусціўся на адно калена і знакамі пачаў прасіць гаспадара дараваць свавольніку.

Бацька кіўнуў галавой, і хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом, а Гулівер, стомлены ўсімі гэтымі прыгодамі, сеў на абрус, прыхіліўся да сальніцы і на хвіліну заплюшчыў вочы.

Раптам ён пачуў за сваёй спіной нейкі моцны шум. Такое размеранае густое вуркатанне можна пачуць у панчошных майстэрнях, калі там працуе не менш за дзесяць машын адразу.

Гулівер азірнуўся — і сэрца ў яго абмерла. Ён убачыў над сталом велізарную, страшную морду нейкага драпежнага звера. Зялёныя, яркія вочы то хітра жмурыліся, то прагна расплюшчваліся. Ваяўніча разыходзіліся ў бакі доўгія пушыстыя вусы.

Хто гэта? Рысь? Бенгальскі тыгр? Леў? Не, гэты звер быў разы ў чатыры большы за самага вялікага льва.

Асцярожна выглядваючы з-за талеркі, Гулівер разглядаў звера. Глядзеў, глядзеў — і нарэшце зразумеў: гэта кошка! Звычайная хатняя кошка. Яна ўзлезла на калені гаспадыні, гаспадыня гладзіць яе, кошцы гэта падабаецца, і яна мурлыкае.

Ах, калі б гэтая кошка была такая ж маленькая, як усе тыя кошкі і кацяняты, якіх Гулівер бачыў у сябе на радзіме, ён таксама б пагладзіў яе і паказытаў за вушамі!

Але ці асмеліцца мышка казытаць кошку?

Гулівер ужо хацеў схавацца куды-небудзь — у пустую міску ці кўбак, — але, на шчасце, успомніў, што драпежныя звяры заўсёды нападаюць на таго, хто іх баіцца, і баяцца тых, хто сам нападае.

Гэта думка вярнула Гуліверу смеласць. Ён паклаў руку на эфес шпагі і храбра ступіў наперад.

Даўні паляўнічы вопыт не падвёў Гулівера. Пяць ці шэсць разоў ён бясстрашна падыходзіў да самай морды кошкі, і кошка нават не асмелілася працягнуць да яго сваю лапу. Яна толькі прыціскала вушы і адступала назад.

Скончылася ўсё тым, што яна саскочыла з каленяў гаспадыні і сама пайшла ад стала. Гулівер уздыхнуў з палёгкай.

Але тут у пакой убеглі два вялізныя сабакі.

Калі вы хочаце ведаць, якой яны былі велічыні, пастаўце аднаго на другога чатырох сланоў — і вы будзеце мець самае дакладнае ўяўленне.

Адзін сабака, нягледзячы на свой велізарны рост, быў звычайны дварняк, другі — паляўнічы, з пароды хартоў.

На шчасце, абодва сабакі не звярнулі на Гулівера ўвагі і, атрымаўшы ад гаспадара па костцы, пабеглі на двор.

Пад канец абеда ў пакой увайшла карміцелька з гадавалым дзіцем на руках.

Дзіця адразу ж убачыла Гулівера, працягнула да яго рукі і пачало страшна раўці. Калі б гэтае двухсажнёвае дзіця знаходзілася на адной з лонданскіх ускраін, яго голас абавязкова пачулі б на другой ускраіне нават глухія. Напэўна, яно падумала, што Гулівер цацка, і злавалася, што не можа дастаць яе.

Маці ласкава ўсміхнулася і, не доўга думаючы, узяла Гулівера і паставіла перад хлопчыкам. А хлопчык таксама, не доўга думаючы, схапіў яго ўпоперак тулава і пачаў запіхваць у рот яго галаву.

Але тут ужо Гулівер не вытрываў. Ён закрычаў яшчэ мацней за свайго мучыцеля, і дзіця спалохана выпусціла яго з рук.

Напэўна, гэта была б апошняя прыгода Гулівера, калі б гаспадыня не паспела злавіць яго на ляту ў свой фартух.

Дзіця зараўло яшчэ мацней, і, каб супакоіць яго, карміцелька пачала трэсці перад ім бразготкай. Бразготка была прывязана да пояса малога тоўстым якарным канатам і нагадвала вялікі выдзёўбаны гарбуз. У сярэдзіне яе грымела і перакочвалася, напэўна, штук з дваццаць камянёў.

Але хлопчык і глядзець не хацеў на сваю старую бразготку. Ён аж заходзіўся ад крыку. Нарэшце веліканша захінула Гулівера фартухом і непрыкметна вынесла ў другі пакой.

Там стаялі ложкі. Яна паклала Гулівера на сваю пасцель і накрыла чыстай насавой хусцінкай. Хусцінка гэтая была большая, чым ветразь ваеннага карабля, і такая ж тоўстая і грубая.

Гулівер вельмі стаміўся. Вочы ў яго зліпаліся, і, як толькі гаспадыня пакінула яго аднаго, ён накрыўся з галавой сваёй грубай палатнянай коўдрай і моцна заснуў.

Ён спаў больш за дзве гадзіны, і яму снілася, што ён дома, сярод родных і сяброў.

Калі ж ён прачнуўся і зразумеў, што ляжыць на ложку, якому канца-краю не відаць, у велізарным пакоі, які не абыдзеш і за некалькі гадзін, яму стала вельмі сумна. Ён зноў заплюшчыў вочы і пацягнуў вышэй рог хусцінкі. Але на гэты раз заснуць яму не ўдалося.

Ледзь толькі ён задрамаў, як пачуў, што нехта цяжка саскочыў з полага на пасцель, прабег па падушцы і спыніўся каля яго, не то пасвістваючы, не то сапучы.

Гулівер хуценька прыўзняў галаву і ўбачыў, што над самым яго тварам стаіць нейкі даўгаморды вусаты звер і глядзіць яму проста ў вочы чорнымі, бліскучымі вачыма.

Пацук! Паскудны буры пацук велічынёй з вялікага сабаку! І ён не адзін, тут іх два, яны нападаюць на Гулівера з двух бакоў! Вось нахабныя жывёліны! Адзін з пацукоў асмялеў так, што ўспёрся лапамі проста на каўнер Гулівера.

Гулівер усхапіўся, выхапіў шпагу і адзіным ударам распароў зверу жывот. Пацук упаў, а другі кінуўся наўцёкі.

Але тут ужо Гулівер пагнаўся за ім, дагнаў ля самага краю пасцелі і адсек яму хвост.

У гэту самую хвіліну ў пакой увайшла гаспадыня. Убачыўшы, што Гулівер увесь у крыві, яна спалохана падбегла да пасцелі і хацела ўзяць яго на рукі.

Але Гулівер, усміхаючыся, падаў ёй сваю акрываўленую шпагу, паказаў на мёртвага пацука, і яна ўсё зразумела.

Паклікаўшы служанку, яна загадала зараз жа ўзяць пацука шчыпцамі і выкінуць вон. І тут абедзве жанчыны ўбачылі адсечаны хвост другога пацука. Ён ляжаў ля самых ног Гулівера, даўгі, як пуга.

4

У гаспадароў Гулівера была дачка — прыгожанькая, ласкавая і вельмі разумная дзяўчынка.

Ёй было ўжо дзевяць гадоў, але для свайго ўзросту яна была вельмі маленькая — усяго з які-небудзь трохпавярховы домік, ды і то без усялякіх там флюгераў і вежаў.

У дзяўчынкі была лялька, якой яна шыла прыгожыя кашулькі, сукеначкі і фартушкі.

Але з таго часу як у доме з'явілася дзівосная жывая лялька, яна і глядзець не хацела на старыя цацкі.

Сваю былую любімую ляльку яна засунула ў нейкую скрынку, а яе ложачак аддала Гуліверу.

Удзень ложачак трымалі ў адным з прыскрынкаў камода, а вечарам ставілі на паліцу, прыбітую пад столлю, каб пацукі не маглі дабрацца да Гулівера.

Дзяўчынка пашыла свайму «грыльдрыгу» (на мове веліканаў «грыльдрыг» азначае «чалавечак») падушку, коўдру і просціны. Яна пашыла яму сем кашуль з самага тонкага палатнянага абрэзка, які толькі магла знайсці, і заўсёды сама мыла яму бялізну і шкарпэткі.

У гэтай дзяўчынкі Гулівер пачаў вучыцца мове веліканаў.

Ён паказваў пальцам на які-небудзь прадмет, і дзяўчынка некалькі разоў запар паўтарала, як ён называецца.

Яна так клапатліва даглядала Гулівера, так цярпліва вучыла яго сваёй мове, што ён назваў яе сваёй «глюмдалькліч» — гэта значыць нянечкай.

Праз некалькі тыдняў Гулівер пачаў патроху разумець, пра што гавораць вакол яго, і сам з горам папалам мог размаўляць з веліканамі.

А між тым чутка пра тое, што яго гаспадар знайшоў на сваім полі дзіўнага звярка, разышлася далёка.

Гаварылі, быццам звярок маленькі, меншы нават за вавёрку, але з выгляду вельмі падобны на чалавека: ходзіць на дзвюх нагах, стракоча на нейкай сваёй мове, але ўжо крыху навучыўся гаварыць і на чалавечай мове. Ён разумны, паслухмяны, ахвотна ідзе, калі яго клічуць, і робіць усё, што яму загадваюць. Мордачка ў яго беленькая — далікатнейшая і бялейшая, чым твар у трохгадовай дзяўчынкі, а поўсць на галаве шаўкавістаяі мяккая, як пух.

І вось аднойчы ў госці да гаспадароў прыехаў іх стары прыяцель.

Ён адразу ж спытаў у іх, ці праўда, што яны знайшлі нейкага дзівоснага звярка, і гаспадары загадалі сваёй дачцэ прынесці Грыльдрыга.

Дзяўчынка пабегла, прынесла Гулівера і паставіла яго на крэсла.

Гуліверу давялося паказаць усё, чаму яго навучыла Глюмдалькліч.

Ён маршыраваў удоўж і ўпоперак стала, па камандзе даставаў з ножан сваю шпагу і засоўваў яе назад, кланяўся госцю, пытаўся ў яго, як ён пажывае, і прасіў прыходзіць часцей.

Старому спадабаўся дзівосны чалавечак. Каб лепш разгледзець Грыльдрыга, ён надзеў акуляры, і Гулівер, зірнуўшы на яго, не мог стрымацца ад смеху: вельмі ўжо яго вочы былі падобныя на месяц-поўнік, калі ён зазірае ў каюту праз круглае карабельнае акенца.

Глюмдалькліч таксама зразумела, штб так рассмяшыла Гулівера, і таксама чмыхнула.

Госць пакрыўдзіўся і падабраў губы.

— Вельмі вясёлы звярок! — сказаў ён. — Але мне здаецца, для вас будзе лепш, калі людзі будуць смяяцца з яго, а не ён з людзей.

І стары параіў гаспадару завезці Гулівера ў бліжэйшы горад, да якога было ўсяго нейкія паўгадзіны язды, гэта значыць, каля дваццаці дзвюх міляў, і паказваць яго там на кірмашы за грошы.

З усёй гэтай гаворкі Гулівер зразумеў толькі некалькі слоў, але ён адразу адчуў, што супраць яго задумалі нешта нядобрае.

Глюмдалькліч пацвердзіла яго прадчуванні.

Заліваючыся слязамі, яна сказала, што, відаць, тата і мама зноў хочуць зрабіць гэтак жа, як летась, калі падарылі ёй баранчыка: не паспела яна адкарміць яго, як яны прадалі яго мясніку. І зараз тое ж самае: яны спачатку аддалі ёй Грыльдрыга назусім, а цяпер збіраюцца вазіць яго па кірмашах.

Спачатку гэта вельмі засмуціла Гулівера: было крыўдна, што яго хочуць паказваць на кірмашы, як нейкую вучоную малпу ці марскую свінку.

Але пасля яму стукнула ў галаву, што калі ён будзе ўвесь час сядзець у доме свайго гаспадара, ён так і састарэе ў лялечным ложачку ці ў скрынцы камоды.

А ў час вандраванняў па кірмашах — хто ведае? — можа, лёс яго і зменіцца.

І ён з надзеяй пачаў чакаць першай паездкі.

5

І вось гэты дзень настаў.

Не паспела яшчэ добра развіднець, як гаспадар са сваёй дачкой і Гуліверам рушылі ў дарогу. Яны ехалі верхам на адным кані: гаспадар уперадзе, дачка ззаду, а Гулівер — у скрынцы, якую трымала ў руках дзяўчынка.

Конь бег такой спорнай рыссю, што Гуліверу здавалася, быццам ён зноў на караблі і карабель то ўзлятае на грэбень хвалі, то правальваецца ў бездань.

Па якой дарозе яго вязуць, Гулівёр не бачыў: ён сядзеў, правільней сказаць — ляжаў у цёмнай скрынцы, якую яго гаспадар збіў напярэдадні, каб везці маленькага чалавечка з вёскі ў горад.

Акенца ў скрынцы не было. У ёй былі толькі невялічкія дзверцы, праз якія Гулівер мог заходзіць і выходзіць, ды некалькі адтулін у вечку, каб праходзіла паветра.

Клапатлівая Глюмдалькліч паклала ў скрынку коўдру з ложачка сваёй лялькі. Але ці можа ўберагчы ад удараў нават самая тоўстая коўдра, калі пры кожным штуршку цябе падкідвае на метр ад падлогі і шпурляе з кутка ў куток?

Глюмдалькліч з неспакоем слухала, як яе бедны Грыльдрыг перакочваецца з месца на месца і стукаецца аб сценкі.

Як толькі конь спыніўся, дзяўчынка саскочыла з сядла і, прачыніўшы дзверцы, зазірнула ў скрынку. Змучаны Гулівер ледзьве ўстаў на ногі і хістаючыся выйшаў на паветра.

Усё цела яго балела, перад вачыма плылі зялёныя кругі — так растрэсла яго за паўгадзіны гэтай цяжкой дарогі. Калі б не прывычка да акіянскіх штормаў, у яго б, напэўна, пачалася марская хвароба.

Але доўга адпачываць Гуліверу не давялося. Гаспадар не збіраўся траціць ні хвіліны дарагога часу.

Ён наняў у гатэлі «Зялёны арол» самы вялікі пакой, распарадзіўся паставіць пасярод яго шырокі стол і наняць грультруда, па-нашаму сказаць — вестуна.

Грультруд абышоўувесь горад і абвясціў жыхарам, што ў гатэлі «Зялёны арол» за невялікую плату можна паглядзець на дзівоснага звярка.

Гэты звярок трошкі большы за чалавечы палец, але выглядае, як сапраўдны чалавек. Ён разумее ўсё, што яму гавораць, сам умее тое-сёе гаварыць і вырабляе розныя пацешныя штукі.

Народ валам паваліў у гатэль.

Гулівера паставілі на стол, а Глюмдалькліч узлезла на табурэтку, каб падстрахоўваць яго і падказваць, што ён павінен рабіць.

Па камандзе дзяўчынкі Гулівер маршыраваў узад і ўперад, даставаў з ножан сваю шпагу і размахваў ёю. Глюмдалькліч дала яму саломінку, і ён выконваў з ёю, быццам з кап'ём, розныя практыкаванні. У самым канцы ён узяў напарстак, напоўнены віном, выпіў за здароўе публікі і запрасіў усіх прыйсці да яго зноў у наступны базарны дзень.

У пакоі, дзе ішло прадстаўленне, змяшчалася не больш трыццаці чалавек, а паглядзець на дзівоснага Грыльдрыга хацеў амаль увесь горад. Гуліверу давялося дванаццаць разоў запар паўтараць адно і тое ж прадстаўленне для новых і новых гледачоў. Да вечара ён так змучыўся, што ледзь варочаў языком і ледзь перастаўляў ногі.

Гаспадар нікому не дазваляў дакранацца да Гулівера — ён баяўся, каб хто-небудзь па неасцярозе не раздушыў яго ці не паламаў рукі і ногі.

На ўсякі выпадак ён загадаў адсунуць лаўкі для гледачоў далей ад стала, дзе ішло прадстаўленне. Але гэта не ўратавала Гулівера ад бяды.

Нейкі школьнік, што сядзеў у задніх радах, раптам устаў, прыцэліўся і кінуў проста ў галаву Гулівера вялікі пражаны арэх.

Гэты арэх быў велічынёй з добры гарбуз, і калі б Гулівер не адскочыў убок, ён бы абавязкова застаўся без галавы.

Хлапчуку накруцілі вушы і вывелі з залы. Але Гулівер з гэтай хвіліны стаў сам не свой. Саломінка здавалася цяжкай; а віно ў напарстку занадта моцным і кіслым. Ён быў страшэнна рады, калі Глюмдалькліч нарэшце схавала яго ў скрынку і зачыніла за ім дзверцы.

Пасля першага прадстаўлення ў Гулівера пачалося цяжкае жыццё.

Кожны кірмашны дзень яго прывозілі ў горад, і ён з ранку да вечара бегаў па стале, пацяшаючы публіку. Ды і дома, у вёсцы, ён не меў ні хвіліны спакою. Навакольныя памешчыкі, наслухаўшыся расказаў пра дзівоснага чалавечка, разам са сваімі дзецьмі прыязджалі да гаспадара і патрабавалі, каб ім паказвалі вучонага Грыльдрыга.

Трохі патаргаваўшыся, гаспадар наладжваў у сябе дома прадстаўленне. Госці заставаліся вельмі задаволеныя і, вярнуўшыся дамоў, пасылалі паглядзець на Гулівера ўсіх сваіх суседзяў, знаёмых і сваякоў. Гаспадар зразумеў, што паказваць Гулівера вельмі выгадна. І ён вырашыў аб'ехаць з ім усе вялікія гарады краіны веліканаў.

Збіраліся нядоўга. 17 жніўня 1703 года, роўна праз два месяцы пасля таго, як Гулівер сышоў з карабля, гаспадар, Глюмдалькліч і Гулівер выправіліся ў далёкую дарогу.

6

Краіна веліканаў называлася Брабдынгнег, а галоўны горад яе — Ларбрулыруд, што па нашаму азначае «гонар Сусвету».

Сталіца знаходзілася якраз пасярэдзіне краіны, і, каб трапіць у яе, Гуліверу і яго вялізным спадарожнікам давялося пераправіцца цераз шэсць шырокіх рэк. У параўнанні з імі рэкі, якія ён бачыў у сябе на радзіме і ў іншых краінах, здаваліся вузенькімі, мелкімі ручайкамі.

Падарожнікі праехалі васемнаццаць гарадоў і мноства вёсак, але Гулівер амаль і не бачыў іх. Яго вазілі па кірмашах не для таго, каб паказваць яму ўсялякія дзівосы, а для таго, каб яго самога паказваць, быццам дзіва.

Гаспадар заўсёды ехаў конна, Глюмдалькліч сядзела ззаду і трымала на каленях скрынку з Гуліверам.

Але перад гэтым падарожжам дзяўчынка абабіла сценкі скрынкі тоўстай, мяккай тканінай, падлогу заслала сеннікамі, а ў куток паставіла ложачак сваёй лялькі.

І ўсё роўна Гулівер стамляўся ад бясконцага гайдання і штуршкоў.

Дзяўчынка заўважыла гэта і ўгаварыла бацьку ехаць цішэй і часцей спыняцца.

Калі Гуліверу надакучвала сядзець у цёмнай скрынцы, яна даставала яго адтуль і ставіла на вечка, каб ён мог дыхаць свежым паветрам і любавацца на замкі, палі і гаі, паўз якія яны праязджалі. Пры гэтым яна заўсёды моцна трымала яго за падцяжкі.

Калі б Гулівер упаў з такой вышыні, ён бы, мусіць, памёр ад страху, не даляцеўшы яшчэ да зямлі. Але ў руках сваёй нянечкі ён адчуваў сябе спакойна і з цікаўнасцю пазіраў па баках.

Па даўняй звычцы вопытнага падарожніка Гулівер нават у час самых цяжкіх пераездаў не траціў часу марна. Ён старанна вучыўся ў сваёй Глюмдалькліч, запамінаў новыя словы і з кожным днём усё лепш і лепш гаварыў па-брабдынгнежску.

Глюмдалькліч заўсёды вазіла з сабой маленькую кішэнную кніжачку, крышку большую за геаграфічны атлас. Гэта былі правілы паводзін выхаваных дзяўчынак. Яна паказвала Гуліверу літары, і ён па гэтай кнізе хутка навучыўся бегла чытаць.

Даведаўшыся аб яго поспехах, гаспадар пачаў прымушаць Гулівера чытаць уголас розныя кніжкі ў час прадстаўлення. Гэта вельмі пацяшала гледачоў, і яны цэлымі натоўпамі збягаліся паглядзець на пісьменнага звярка.

Гаспадар паказваў Гулівера ў кожным горадзе і ў кожнай вёсцы. Часам ён збочваў з дарогі і заязджаў у замак якога-небудзь знатнага вяльможы. Чым больш прадстаўленняў давалі яны ў дарозе, тым больш таўсцеў кашалёк гаспадара і тым худзейшы рабіўся бедны Гулівер.

Калі нарэшце іхняе падарожжа скончылася і яны прыехалі ў сталіцу, Гулівер ледзь трымаўся на нагах.

Але гаспадар і думаць не хацеў пра нейкую там перадышку. Ён наняў у гатэлі вялікую залу, загадаў паставіць у ёй стол, агароджаны парэнчамі, каб Гулівер як-небудзь выпадкова не зваліўся на падлогу, і па ўсім горадзе расклеіў афішы, дзе чорным па белым было напісана: «Хто не бачыў вучонага Грыльдрыга, той не бачыў нічога!»

Прадстаўленні пачаліся. Іншы раз Гуліверу даводзілася паказвацца публіцы па дзесяць разоў на дзень.

Ён адчуваў, што доўга гэтага не вытрымае. І вельмі часта, маршыруючы па стале са сваёй саломінкай у руках, ён думаў пра тое, як гэта сумна скончыць свой век вось тут, на гэтым стале з парэнчамі, пад рогат вясёлай публікі.

Але якраз тады, калі Гуліверу здавалася, што няма на свеце больш няшчаснага чалавека, чым ён, лёс яго раптам павярнуўся да лепшага.

Аднойчы раніцой у гатэль з'явіўся адзін з ад'ютантаў караля і запатрабаваў, каб Гулівера неадкладна прывезлі ў палац.

Атрымалася так, што напярэдадні дзве прыдворныя дамы бачылі вучонага Грыльдрыга і столькі нарасказвалі пра яго каралеве, што тая захацела абавязкова паглядзець на яго сама і паказаць сваім дочкам.

Глюмдалькліч надзела сваю самую лепшую святочную сукенку, сама памыла і прычасала Гулівера і панесла яго ў палац. Прадстаўленне ў гэты дзень удалося Гуліверу як ніколі. Ніколі яшчэ ён не валодаў шпагай і саломінкай так спрытна, ніколі не маршыраваў так добра і весела. Каралева была ў захапленні. Яна міласціва працягнула Гуліверу свой мезены палец, і Гулівер, далікатна абхапіўшы яго абедзвюма рукамі, пацалаваў у пазногаць. Пазногаць у каралевы быў гладкі, адпаліраваны, і, цалуючы яго, Гулівер убачыў у ім свой твар, быццам у авальным люстэрку. Толькі цяпер ён заўважыў, што за апошні час вельмі змяніўся — пабляднеў, схуднеў, на скронях у яго з'явіліся першыя сівыя валасы.

Каралева задала Гуліверу некалькі пытанняў. Яна хацела ведаць, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў, як і калі трапіў у Брабдынгнег. Гулівер адказваў на ўсе пытанні дакладна, коратка, ветліва і так моцна, як толькі мог.

Тады каралева спытала ў Гулівера, ці не хоча ён застацца ў яе, у палацы. Гулівер адказаў, што для яго будзе вялікім шчасцем служыць такой прыгожай, міласцівай і мудрай каралеве, калі толькі яго гаспадар згодзіцца адпусціць яго на волю.

— Ён згодзіцца! — сказала каралева і зрабіла нейкі знак прыдворнай даме.

Праз некалькі хвілін гаспадар Гулівера стаяў перад каралевай.

— Я бяру сабе гэтага чалавечка, — сказала каралева. — Колькі ты хочаш атрымаць за яго?

Гаспадар задумаўся. Паказваць Гулівера было вельмі выгадна. Але ці доўга яшчэ можна будзе паказваць яго? З кожным днём ён усё больш худнее, растае, як ільдзінка на сонцы, і, здаецца, скора яго зусім не стане.

— Тысячу залатых! — сказаў ён.

Каралева загадала даць яму тысячу залатых, а потым зноў павярнулася да Гулівера.

— Ну вось, — сказала яна, — цяпер ты наш, Грыльдрыг.

Гулівер прыціснуў рукі да сэрца.

— Нізкі паклон вам, ваша вялікасць, — сказаў ён, — але, калі міласць ваша роўная вашай прыгажосці, я асмелюся прасіць маю ўладарку не разлучаць мяне з маёй дарагой Глюмдалькліч, маёй нянечкай і настаўніцай.

— Вельмі добра, — сказала каралева. — Яна застанецца пры двары. Тут яе будуць вучыць і добра даглядаць, а яна будзе вучыць і даглядаць цябе.

Глюмдалькліч як не падскочыла ад радасці. Гаспадар таксама быў вельмі задаволены. Ён ніколі і не марыў уладкаваць дачку пры каралеўскім двары.

Схаваўшы грошы ў дарожны мяшок, ён нізка пакланіўся каралеве, а Гуліверу пажадаў удачы на новай службе.

Гулівер нічога не адказаў яму, толькі злёгку кіўнуў галавой.

— Ты, здаецца, злуешся на свайго былога гаспадара, Грыльдрыг? — спытала каралева.

— О не, — адказаў Гулівер. — Але я лічу, што мне няма пра што гаварыць з ім. Да гэтага часу ён сам ніколі не размаўляў са мной і ніколі не пытаўся ў мяне, ці магу я выступаць перад публікай па дзесяць разоў на дзень. Я абавязаны яму толькі тым, што мяне не раздушылі і не растапталі, калі выпадкова знайшлі ў яго на полі. За гэта я з ліхвой разлічыўся з ім тымі грашыма, якія ён нажыў, паказваючы мяне па ўсіх гарадах і вёсках краіны. Я ўжо не кажу пра тую тысячу залатых, якую ён атрымаў за маю нікчэмную асобу ад вашай вялікасці. Гэты прагны чалавек ледзь не замучыў мяне да смерці і нізавошта не аддаў бы нават за такую цану, калі б не лічыў, што я ўжо не варты і граша. Але я ўпэўнены, што на гэты раз ён памыліўся. Я адчуваю прыліў новай сілы і гатоў старанна служыць маёй цудоўнай каралеве і ўладарцы.

Каралева вельмі здзівілася.

— Я ніколі не бачыла і не чула нічога падобнага! — усклікнула яна. — Гэта самае разважлівае і красамоўнае насякомае з усіх насякомых на свеце!

І, узяўшы Гулівера двума пальцамі, яна панесла паказаць яго каралю.

7

Кароль сядзеў у сваім кабінеце і быў заняты нейкімі важнымі дзяржаўнымі справамі.

Калі каралева падышла да яго стала, ён мяльком зірнуў на Гулівера і цераз плячо спытаў, ці даўно гэта каралева захапілася дрэсіраванымі мышамі.

Каралева моўчкі ўсміхнулася ў адказ і паставіла Гулівера на стол. Гулівер нізка і пачціва пакланіўся каралю.

— Хто зрабіў нам такую пацешную завадную цацку? — спытаў кароль.

Тут каралева зрабіла знак Гуліверу, і ён сказаў самае доўгае і прыгожае прывітанне, якое толькі мог прыдумаць.

Гэта здзівіла караля. Ён адкінуўся на спінку крэсла і пачаў задаваць дзівоснаму чалавечку пытанне за пытаннем.

Гулівер адказваў каралю падрабязна і дакладна. Гаварыў ён чыстую праўду, але кароль глядзеў на яго, прыжмурыўшы вочы, і недаверліва круціў галавой.

Ён загадаў паклікаць трох самых славутых вучоных краіны і прапанаваў ім добра агледзець гэта маленькае дзіўнае двухногае і вызначыць, да якога разраду яно належыць.

Вучоныя доўга разглядалі Гулівера ў павелічальнае шкло і нарэшце вырашылі, што ён не звер, бо ходзіць на дзвюх нагах і валодае членараздзельнай мовай. Ён і не птушка, бо ў яго няма крылаў і, відаць, ён не ўмее лётаць. Ён і не рыба, бо ў яго няма ні хваста, ні плаўнікоў. Напэўна, ён і не насякомае, бо ні ў адной вучонай кнізе няма нават упамінання аб насякомых, якія б былі так падобны на чалавека. Аднак ён і не чалавек — калі меркаваць па яго малюсенькім росце і ледзь чутным голасе. Хутчэй за ўсё гэта жарт маці-прыроды — «рэльплюм сколькатс» па-брабдынгнежску.

Пачуўшы гэта, Гулівер вельмі пакрыўдзіўся.

— Думайце, што хочаце, — сказаў ён, — але я зусім ніякі не жарт маці-прыроды, а самы сапраўдны чалавек.

І, папрасіўшы ў караля дазволу, ён падрабязна расказаў пра тое, хто ён такі, адкуль прыехаў, дзе і як жыў да гэтага часу.

— У нашых краях жывуць мільёны мужчын і жанчын такога ж росту, як я, — даказваў ён каралю і вучоным. — Нашы горы, рэкі і дрэвы, нашы дамы і вежы, коні, на якіх мы ездзім, звяры, на якіх мы палюем, — словам, усё, што нас акружае, у столькі ж разоў меншыя за вашы горы, рэкі, дрэвы і жывёлу, наколькі я меншы за вас.

Вучоныя засмяяліся і сказалі, што яны для таго так доўга і вучыліся, каб не верыць бязглуздым выдумкам, але кароль зразумеў, што Гулівер гаворыць праўду.

Ён адпусціў вучоных, паклікаў да сябе ў кабінет Глюмдалькліч і загадаў, каб яна знайшла бацьку, які, на шчасце, яшчэ не паспеў выехаць з горада.

Ён доўга распытваў іх абаіх, як і дзе быў знойдзены Гулівер, і адказы іх цалкам пераканалі яго ў тым, што Гулівер гаворыць праўду.

— Калі гэта і не чалавек, — сказаў кароль, — то, безумоўна, чалавечак.

І ён папрасіў каралеву, каб яна берагла Гулівера і клапацілася аб ім як найлепш. Каралева з ахвотай узяла Гулівера пад сваю апеку. Разумны і ветлівы Грыльдрыг спадабаўся ёй куды больш, чым яе ранейшы любімец — карлік. Гэты карлік дасюль лічыўся самым маленькім чалавекам у краіне. Ростам ён быў усяго чатыры сажні, па плячо дзевяцігадовай Глюмдалькліч. Але хіба можна было яго параўнаць з Грыльдрыгам, які змяшчаўся ў каралевы на далоні!

Каралева адвяла Гуліверу пакоі побач са сваімі ўласнымі пакоямі. У гэтых пакоях пасялілася Глюмдалькліч з настаўніцай і служанкамі, а сам Гулівер уладкаваўся на маленькім століку пад акенцам, у прыгожай арэхавай скрынцы, якая была яму спальняй.

Гэту скрынку па спецыяльным заказе каралевы зрабіў прыдворны сталяр. Даўжынёй яна была шаснаццаць крокаў, шырынёй — дванаццаць. Знешне яна нагадвала невялічкі домік — светлыя акенцы з аканіцамі, прыгожыя дзверы з вісячым замком, — толькі дах у доміка быў плоскі. Дах падымаўся і апускаўся на завесах. Кожную раніцу Глюмдалькліч падымала яго і прыбірала спальню Гулівера.

У спальні стаялі дзве шафы для адзення, шырокі ложак, камода для бялізны, два сталы і два крэслы з падлакотнікамі. Усё гэта зрабіў для Гулівера цацачны майстар, праслаўлены ўмелец выразаць з косці і дрэва розныя цацкі.

Крэслы, камода і столікі былі зроблены з нейкага матэрыялу, падобнага да слановай касці, а ложак і шафы, як і ўвесь домік, — з арэхавага дрэва.

А каб Гулівер незнарок не выцяўся, калі яго домік будуць пераносіць з месца на месца, сцены, столь і падлогу спальні абабілі мяккім і тоўстым лямцам.

Замок на дзверы быў зроблены па настойлівай просьбе Гулівера: ён вельмі баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цікаўная мыш ці прагны пацук.

Пасля некалькіх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькі замочак з усіх, якія яму калі-небудзь даводзілася рабіць.

А між тым у сябе на радзіме Гулівер толькі адзін раз у жыцці бачыў замок такіх памераў. Ён вісеў на варотах адной панскай сядзібы, гаспадар якой славіўся выключнай скупасцю.

Ключ ад замка Гулівер насіў у кішэні, таму што Глюмдалькліч баялася згубіць такую малюсенькую рэч. Ды і навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсці не магла, а каб паглядзець, што робіцца ў доміку, ці дастаць адтуль Гулівера, даволі было прыўзняць дах.

Каралева паклапацілася не толькі аб жыллі свайго Грыльдрыга, але і аб новым адзенні для яго.

Строй яму пашылі з самай тонкай шаўковай тканіны, якая толькі знайшлася ў дзяржаве. І ўсё-такі гэтая тканіна была таўсцейшая за самыя тоўстыя ангельскія коўдры, і ў ёй было вельмі нязручна, пакуль Гулівер не прывык да яе. Пашыты быў строй па мясцовай модзе: шаравары накшталт персідскіх, а кафтан накшталт кітайскага. Гуліверу вельмі спадабаўся гэты крой. На яго думку, ён быў вельмі зручны і прыстойны.

Каралева і абедзве яе дачкі так палюбілі Гулівера, што ніколі не садзіліся абедаць без яго.

На каралеўскі стол каля левага локця каралевы ставілі столік і крэсла для Гулівера. Даглядала яго ў час абеду яго нянечка — Глюмдалькліч. Яна налівала яму віно, клала на талеркі стравы і сачыла, каб хто-небудзь не перакуліў і не скінуў яго разам са столікам і крэслам.

У Гулівера быў свой асобны срэбны сервіз — вялікія і малыя талеркі, супнік, соўснік і салатніцы.

Канечне, у параўнанні з пасудай каралевы гэты сервіз здаваўся цацачным, але ён быў вельмі добра зроблены.

Пасля абеду Глюмдалькліч сама мыла і чысціла талеркі і міскі, а потым хавала ўсё гэта ў срэбную шкатулачку. Шкатулачку гэту яна заўсёды насіла ў кішэні.

Каралева вельмі любіла глядзець, як есць Гулівер. Яна нават сама часта падкладвала яму на талерку кавалачак ялавічыны ці птушкі і з усмешкай сачыла за тым, як павольна з'ядае ён сваю порцыю, якую любое трохгадовае дзіця праглынула б зараз.

Затое Гулівер з міжвольным страхам глядзеў на тое, як уплятаюць свой абед каралева і абедзве прынцэсы.

Каралева часта скардзілася на дрэнны апетыт, але тым не меней яна клала ў рот такі кавалак, якога хапіла б на абед цэламу тузіну ангельскіх фермераў пасля жніва. Пакуль не прывык, Гулівер заплюшчваў вочы, каб не бачыць, як каралева абгрызае крыльца рабчыка, у дзевяць разоў большае за крыло звычайнага індыка, і адкусвае кавалачкі хлеба памерам з дзве вясковыя буханкі. Яна не адрываючыся выпівала залаты кубак, а гэты кубак змяшчаў цэлую бочку віна. Яе сталовыя нажы і відэльцы былі ў два разы большыя за палявую касу. Аднойчы Глюмдалькліч, узяўшы на рукі Гулівера, паказала яму разам тузін добра начышчаных нажоў і відэльцаў. Гулівер не мог глядзець на іх спакойна. Ззяючае вострае лязо і велізарныя зубы, доўгія, як коп'і, напалохалі яго.

Калі каралеве расказалі пра гэта, яна засмяялася і спытала ў свайго Грыльдрыга, ці ўсе яго землякі такія баязліўцы, што без страху не могуць бачыць сталовы нож і ўцякаюць ад звычайнай мухі.

Яе заўсёды пацяшала, што Гулівер з жахам ускакваў з месца, калі некалькі мух з гудзеннем падляталі да яго стала. Для яе гэтыя велізарныя лупатыя насякомыя велічынёй з добрага дразда і на самай справе былі мухамі, а Гулівер не мог і думаць пра іх без агіды і злосці.

Гэтыя надакучлівыя, прагныя стварэнні ніколі не давалі яму спакойна паабедаць. Яны запускалі свае брудныя лапы ў яго талерку. Яны садзіліся яму на галаву і кусялі да крыві. Спачатку Гулівер не ведаў, як ад іх адбіцца, і сапраўды гатовы быў бегчы куды вочы глядзяць. Але потым ён усё ж знайшоў спосаб абароны.

Ідучы абедаць, ён браў з сабой свой марскі корцік і, як толькі мухі падляталі да яго, хуценька ўскакваў з месца і — раз! раз! — на ляту рассякаў іх на часткі.

Каралева і прынцэсы, калі ўбачылі гэтую бітву першы раз, былі ў такім захапленні, што расказалі аб ёй каралю. Назаўтра кароль абедаў разам з імі, каб толькі паглядзець, як Грыльдрыг ваюе з мухамі.

У гэты дзень Гулівер рассек сваім корцікам некалькі вялікіх мух, і кароль пахваліў яго за храбрасць і спрыт.

Але бой з мухамі — яшчэ не самая цяжкая справа. Неяк Гуліверу давялося вытрымаць бой з больш страшным праціўнікам.

Здарылася гэта ў адну звычайную летнюю раніцу. Глюмдалькліч паставіла скрынку з Гуліверам на падаконнік, каб ён мог падыхаць свежым паветрам. Ён ніколі не дазваляў вешаць свой дом за акном на цвік, як часам вешаюць клеткі з птушкамі.

Расчыніўшы ўсе вокны і дзверы ў сваім доміку, Гулівер сеў у крэсла і пачаў есці. У руках яго быў вялікі кавалак салодкага пірага з варэннем. І раптам штук дваццаць восаў уляцела ў пакой з такім гудзеннем, быццам разам зайгралі дзесяткі два баявых шатландскіх валынак. Восы вельмі любяць салодкае і, відаць, здалёк пачулі пах варэння. Штурхаючы адна другую, яны рынуліся на Гулівера, адабралі ў яго пірог і мігам разарвалі на кавалачкі.

Тыя, каму нічога не дасталося, насіліся над галавой Гулівера, аглушаючы яго сваім гудзеннем і пагражаючы страшэннымі джаламі.

Але Гулівер быў не з баязлівых. Ён схапіў сваю шпагу і кінуўся на разбойніц, чатырох забіў, а астатнія паўцякалі.

Пасля гэтага Гулівер зачыніў вокны і дзверы і, трохі перадыхнуўшы, пачаў разглядаць трупы сваіх ворагаў. Восы былі велічынёй з вялікага цецерука. Вострыя, як іголкі, джалы іх былі даўжэйшыя, чым сцізорык Гулівера. Добра, што яму пашчаслівіла пазбегнуць уколу гэтых атручаных нажоў!

Асцярожна загарнуўшы ўсіх чатырох вос у ручнік, Гулівер схаваў іх у ніжнюю скрынку сваёй камоды.

— Калі мне яшчэ суджана калі-небудзь вярнуцца на радзіму, — сказаў ён сабе, — я падарую іх школе, дзе я вучыўся.

8

Дні, тыдні і месяцы ў краіне веліканаў былі не даўжэйшыя і не карацейшыя, чым ва ўсіх іншых частках свету. І беглі яны адзін за другім з такой жа хуткасцю, як і ўсюды.

Пакрысе Гулівер прывык бачыць вакол сябе людзей, вышэйшых за дрэвы, і дрэвы, вышэйшыя за горы.

Неяк каралева паставіла яго сабе на далонь і падышла з ім да вялікага люстэрка, у якім абое яны былі відаць з галавы да пят.

Гулівер мімаволі засмяяўся. Яму раптам здалося, што каралева самага звычайнага росту, зусім такая, як усе людзі на свеце, а вось ён, Гулівер, зрабіўся меншы, чым быў, разоў у дванаццаць.

Патрохі ён перастаў здзіўляцца, калі бачыў, што людзі жмураць вочы, каб лепш разгледзець яго, і падносяць далонь да вуха, каб пачуць, што ён гаворыць.

Ён ведаў, што амаль кожнае яго слова здаецца веліканам смешным і дзіўным і чым больш сур'ёзна ён разважае, тым болей з яго смяюцца. Ён ужо не крыўдзіўся на іх за гэта, а толькі думаў з горыччу: «Можа, і я смяяўся б, калі б канарэйка, якая жыве ў мяне дома ў прыгожай пазалочанай клетцы, раптам надумалася гаварыць пра навуку і палітыку».

Зрэшты, Гулівер не скардзіўся на свой лёс. З таго часу як ён трапіў у сталіцу, яму жылося нядрэнна. Кароль і каралева вельмі любілі свайго Грыльдрыга, а прыдворныя былі з ім вельмі пачцівыя.

Прыдворныя заўсёды пачцівыя з тымі, каго любяць кароль і каралева.

Адзін толькі вораг быў у Гулівера. І як ні ахоўвала свайго выхаванца клапатлівая Глюмдалькліч, яна ўсё-такі не змагла засцерагчы яго ад многіх непрыемнасцяў.

Гэты вораг быў карлік каралевы.

Да таго як з'явіўся Гулівер, ён лічыўся самым маленькім чалавекам ва ўсёй краіне. Яго прыгожа апраналі, гулялі з ім, яму дараваліся дзёрзкія жарты і надакучлівыя свавольствы. Але як толькі Гулівер пасяліўся ў пакоях каралелевы, і яна сама і ўсе прыдворныя перасталі нават заўважаць карліка.

Карлік хадзіў па палацы хмуры, сярдзіты, злаваўся на ўсіх, а больш за ўсё, зразумела, на самога Гулівера.

Ён не мог спакойна глядзець на тое, як цацачны чалавечак стаіць на стале і, чакаючы выхаду каралевы, свабодна размаўляе з прыдворнымі.

Злосна ўхмыляючыся і крыўляючыся, карлік пачынаў падсмейвацца з новага каралеўскага любімчыка. Але Гулівер не звяртаў на гэта ўвагі і на кожны жарт адказваў двума, яшчэ больш дасціпнымі.

Тады карлік пачаў думаць пра тое, як бы інакш насаліць Гуліверу. І вось аднойчы ў час абеду, падлавіўшы момант, калі Глюмдалькліч пайшла па нешта ў другі канец пакоя, ён узлез на падлакотнік крэсла каралевы, схапіў Гулівера, які спакойна сядзеў за сваім столікам, размахнуўся і кінуў яго ў срэбны кубак са смятанкай, а сам кулём выкаціўся з пакоя і зашыўся ў нейкі цёмны куток.

Каралева так перапалохалася, што ёй нават і ў галаву не прыйшло падаць Гуліверу кончык мезенца ці маленькую лыжку. Бедны Гулівер плюхаўся ў белых густых хвалях і, мусіць, праглынуў не менш гладыша халоднай, як лёд, смятанкі, пакуль нарэшце не падбегла Глюмдалькліч. Яна выхапіла яго з кубка і загарнула ў сурвэтку.

Гулівер хутка сагрэўся, і незвычайная ванна не прынесла яму вялікай шкоды. Усё скончылася лёгкім насмаркам, але з таго часу ён не мог без агіды нават глядзець на смятанку.

Каралева вельмі раззлавалася і загадала сурова пакараць свайго ранейшага любімца.

Карліка балюча адлупцавалі і прымусілі выпіць кубак смятанкі, у якой выкупаўся Гулівер.

Пасля гэтага тыдні два карлік паводзіў сябе добра — не чапаў Гулівера і нават ветліва ўсміхаўся яму, праходзячы міма.

Усе — нават насцярожаная Глюмдалькліч і сам Гулівер — перасталі асцерагацца яго.

Але карлік затаіўся, ён толькі чакаў зручнага выпадку, каб расквітацца разам за ўсё са сваім шчаслівым сапернікам. І гэты выпадак, як і першы раз, трапіўся яму ў час абеду.

Каралева паклала сабе на талерку костку з мазгамі, мазгі дастала, а талерку адсунула ўбок.

Глюмдалькліч якраз пайшла да буфета, каб наліць Гуліверу віна. Карлік падкраўся да стала, і не паспеў Гулівер апамятацца, як карлік засунуў яго па самыя плечы ў пустую костку.

Добра яшчэ, што костка паспела астыць. Гулівер не апёкся, але ад крыўды ледзь не заплакаў.

Болей за ўсё крыўдна было тое, што каралева і прынцэсы нават не заўважылі, што ён знік, і спакойна гаманілі са сваімі прыдворнымі дамамі.

Клікнуць іх на дапамогу і прасіць, каб яго выцягнулі з каровінай косткі, Гулівер не хацеў. Ён вырашыў маўчаць, што б ні было далей.

«Толькі б костку не кінулі сабакам!» — думаў ён.

Але, на шчасце, вярнулася Глюмдалькліч са збанам віна. Яна адразу ж убачыла, што Гулівера няма на месцы, і пачала шукаць яго.

Які перапалох узняўся ў каралеўскай сталовай! Каралева, прынцэсы і прыдворныя дамы пачалі падымаць і трэсці сурвэткі, заглядваць у міскі, шклянкі, соўснікі.

Але ўсё было дарэмна: Грыльдрыг прапаў бясследна. Каралева была ў роспачы. Яна не ведала, на каго злавацца, і таму злавалася яшчэ больш.

Невядома, чым бы скончылася гэтая гісторыя, калі б меншая прынцэса не заўважыла Гулівераву галаву, якая тырчала з косткі, быццам з дупла вялізнага дрэва.

— Вунь ён! Вунь ён! — закрычала яна.

Праз хвіліну Гулівера выцягнулі з косткі.

Каралева адразу ж здагадалася, хто ўсё гэта натварыў.

Карліка зноў адлупцавалі, а нянечка панесла Гулівера адмываць і пераапранаць.

Пасля гэтага выпадку карліку забаранілі паказвацца ў каралеўскай сталовай, і Гулівер доўга не бачыў свайго ворага — пакуль не сустрэўся з ім у садзе.

Здарылася гэта так. Аднойчы гарачым летнім днём Глюмдалькліч вынесла Гулівера ў сад і пусціла яго пагуляць у цяньку.

Ён пайшоў па дарожцы, уздоўж якой раслі яго любімыя карлікавыя яблыні.

Дрэўцы гэтыя былі такія маленькія, што, задзёршы галаву, Гулівер лёгка мог убачыць верхавіны іх. Праўда, яблыкі на іх раслі, як гэта часта бывае, яшчэ большыя, чым на вялікіх дрэвах.

І тут з-за павароту насустрач Гуліверу выйшаў карлік. Гулівер не стрымаўся і сказаў, насмешліва зірнуўшы на яго:

— Вось гэта дык цуд! Карлік — сярод карлікавых дрэў. Не кожны дзень такое ўбачыш.

Карлік нічога не адказаў, толькі злосна паглядзеў на Гулівера. І Гулівер пайшоў далей. Але не паспеў ён ступіць і трох крокаў, як адна з яблынь затрэслася і град яблыкаў, з піўную бочачку кожны, з гулкім стукатам пасыпаліся на Гулівера.

Адзін з іх стукнуў яго па спіне, збіў з ног, і ён расцягнуўся на траве, закрываючы галаву рукамі. А карлік зарагатаў і пабег у глыбіню саду.

Жаласны крык Гулівера і злосны рогат карліка пачула Глюмдалькліч. Яна спалохана кінулася да Гулівера, падняла яго і занесла дамоў.

На гэты раз Гулівер некалькі дзён праляжаў у пасцелі — так моцна ён быў пабіты цяжкімі яблыкамі, што раслі на карлікавых яблынях у краіне веліканаў. Калі ён нарэшце падняўся на ногі, выявілася, што карліка ў палацы больш няма.

Глюмдалькліч расказала аб ўсім каралеве, і каралева так раззлавалася на яго, што не захацела яго больш бачыць і падарыла адной знатнай даме.

9

Кароль і каралева часта падарожнічалі па сваёй краіне, і Гулівер звычайна суправаджаў іх.

За час гэтых падарожжаў ён зразумеў, чаму ніхто ніколі не чуў пра дзяржаву Брабдынгнег.

Краіна веліканаў размяшчалася на вялізнай паўвыспе, якую ад вялікай зямлі аддзяляў ланцуг гор. Горы гэтыя такія высокія, што перабрацца цераз іх зусім немагчыма. Яны стромыя, абрывістыя, і сярод іх шмат дзеючых вулканаў. Патокі вогненнай лавы і гарачы попел адсякалі шлях да гэтага вялізнага горнага хрыбта. З астатніх трох бакоў паўвыспы быў акіян. Але берагі паўвыспы былі так густа ўсыпаны вострымі скаламі, а мора ў гэтых мясцінах такое бурнае, што прыстаць да берагоў Брабдынгнега не змог бы нават самы вопытны марак.

Толькі, нейкі шчаслівы выпадак дазволіў караблю, на якім плыў Гулівер, падысці да гэтых непрыступных скалаў.

Звычайна нават трэскі ад разбітых караблёў не даплываюць да гэтых непрыветных, пустынных берагоў.

Рыбакі не будуюць тут сваіх хацін, не развешваюць сетак. Марскую рыбу, нават самую вялікую, яны лічаць дробнай і касцістай. І не дзіва! Марская рыба заходзіць сюды здалёк — з тых мясцін, дзе ўсе жывыя істоты куды меншыя, чым у Брабдынгнегу. Затое ў мясцовых рэках трапляюцца фарэлі і акуні велічынёй з добрую акулу.

Хаця, калі марскія буры прыбіваюць да прыбярэжных скалаў кітоў, рыбакі часам ловяць іх у свае сеткі.

Гуліверу аднойчы надарылася ўбачыць даволі вялікага кіта на плячы ў аднаго маладога рыбака.

Гэтага кіта купілі потым для каралеўскага стала і падалі на вялікім блюдзе з падлівай з розных прыпраў.

Кітовае мяса ў Брабдынгнегу лічыцца рэдкасцю, але яно не спадабалася ні каралю, ні каралеве. Яны лічылі, што рачная рыба смачнейшая і тлусцейшая.

За лета Гулівер аб'ездзіў краіну веліканаў удоўж і ўпоперак. Каб яму было зручней падарожнічаць і каб Глюмдалькліч не стамлялася ад вялікай цяжкай скрынкі, каралева заказала для свайго Грыльдрыга спецыяльны дарожны домік.

Гэта была квадратная скрыначка ўсяго на дванаццаць крокаў у даўжыню і ў шырыню. Кожная з трох сценак мела па акенцу, зацягнутым лёгкімі кратамі з жалезнага дроту. Да чацвёртай глухой сцяны былі прыладжаны дзве моцныя спражкі.

Калі Гулівер хацеў ехаць на кані, а не ў карэце, коннік ставіў скрынку на падушку сабе на калені, прасоўваў у гэтыя спражкі шырокую скураную папругу і прышпільваў яе да свайго пояса. Гулівер мог пераходзіць ад аднаго акенца да другога і з трох бакоў аглядаць наваколле.

У скрынцы былі паходная пасцель — гамак, падвешаны да столі, - два крэслы і камода. Усе гэтыя рэчы былі моцна прышрубаваны да падлогі, каб не куляліся і не падалі ад дарожнай трасяніны.

Калі Гулівер і Глюмдалькліч выпраўляліся ў горад што-небудзь купляць ці проста так, пагуляць, Гулівер заходзіў у свой дарожны кабінет, а Глюмдалькліч садзілася ў адкрытыя насілкі і Ставіла скрынку з Гуліверам сабе на калені.

Чатыры насільшчыкі паціху неслі іх па вуліцах Ларбрульгруда, а ўслед за насілкамі ішоў цэлы натоўп людзей. Усім хацелася бясплатна паглядзець на каралеўскага Грыльдрыга.

Час ад часу Глюмдалькліч загадвала насільшчыкам спыніцца, даставала Гулівера са скрынкі і ставіла сабе на далонь, каб цікаўныя маглі добра яго разгледзець.

У дождж Глюмдалькліч і Гулівер выязджалі па справах ці на прагулку ў карэце. Карэта была велічынёй з шасціпавярховы дом, пастаўлены на колы. А на самай справе гэта была самая маленькая з усіх карэт яе вялікасці. Астатнія былі куды большыя.

Гулівера заўсёды ўсё цікавіла, і ён уважліва разглядаў розныя выдатныя мясціны Ларбрульгруда.

Дзе ён толькі ні пабываў! І ў галоўным храме, якім так ганарацца брабдынгнежцы, і на вялікай плошчы, дзе наладжваюцца ваенныя парады, і нават у будынку каралеўскай кухні…

Вярнуўшыся дамоў, ён адразу ж разгортваў свой дарожны журнал і коратка запісваў уражанні.

Вось што напісаў ён, вярнуўшыся з храма:

«Будынак сапраўды цудоўны, хоць званіца яго не такая ўжо і высокая, як гавораць тутэйшыя жыхары. Яна не мае поўнай вярсты. Сцены складзены з абчасаных камянёў нейкай мясцовай пароды. Яны вельмі тоўстыя і трывалыя. Калі меркаваць па глыбіні бакавога ўвахода, таўшчыня іх мае сорак восем крокаў. У глыбокіх нішах стаяць цудоўныя мармуровыя статуі. Яны вышэй за жывых брабдынгнежцаў у паўтара раза. Мне ўдалося ў кучы смецця знайсці адломаны мезены палец адной статуі. Па маёй просьбе Глюмдалькліч паставіла яго побач са мной, і выявілася, што ён мне да вуха. Глюмдалькліч загарнула гэты абломак у хусцінку і прынесла дамоў. Я хачу далучыць яго да іншых рэчаў маёй калекцыі».

Пасля агляду брабдынгнежскіх войск Гулівер напісаў:

«Кажуць, што на полі было не больш за дваццаць тысяч пехацінцаў і тысяч шэсць кавалерыстаў, але я ніколі не мог бы пералічыць іх — такую вялізную прастору займала гэтая армія. Я глядзеў на парад здалёк, бо інакш я нічога не ўбачыў бы, акрамя ног.

Гэта было вельмі велічнае відовішча. Мне здавалася, што каскі коннікаў дастаюць да хмараў. Зямля гула пад капытамі коней. Усе кавалерысты па камандзе агалілі шаблі і махнулі імі ў паветры. Хто не бываў у Брабдынгнегу, хай нават і не спрабуе ўявіць сабе гэты малюнак. Шэсць тысяч маланак адначасова ўспыхнулі з усіх бакоў небасхілу. Куды б мяне ні закінуў лёс, я ніколі не забуду гэтага».

Пра каралеўскую кухню Гулівер у сваім журнале напісаў усяго некалькі радкоў:

«Я не ведаю, як перадаць словамі гэтую кухню. Калі я праўдзіва і шчыра буду апісваць усе гэтыя катлы, гаршкі, скавародкі, калі я паспрабую расказаць, як кухары падсмажваюць на ражне парасят велічынёй з індыйскага слана і аленяў, рогі якіх нагадваюць раскідзістыя кроны вялізных дрэў, мае суайчыннікі, бадай што, не павераць мне і скажуць, што я перабольшваў, як гэта робяць усе падарожнікі. А калі я дзеля перасцярогі што-небудзь зменшу, усе брабдынгнежцы ад караля і да апошняга вучня кухара пакрыўдзяцца на мяне. Таму я лічу за лепшае памаўчаць».

10

Часам Гуліверу хацелася пабыць аднаму. Тады Глюмдалькліч выносіла яго ў сад і пускала пахадзіць сярод званочкаў і цюльпанаў.

Гулівер любіў такія адзінокія прагулкі, але часта яны заканчваліся вялікімі непрыемнасцямі.

Аднойчы Глюмдалькліч пакінула яго аднаго на зялёным лужку, а сама са сваёй настаўніцай пайшла ў глыбіню саду.

Непрыкметна насунулася хмара, і буйны часты град пасыпаўся на зямлю.

Першы ж парыў ветру збіў Гулівера з ног. Градзіны, вялізныя, як тэнісныя мячы, лупілі яго па ўсім целе. Так-сяк, на карачках, яму ўдалося дабрацца да градак з кменам. Там ён уткнуўся тварам у зямлю і, схаваўшыся пад нейкім лістом, перачакаў непагадзь.

Калі бура сціхла, Гулівер памераў і ўзважыў некалькі градзін. Ён пераканаўся, што яны ў тысячу восемсот разоў большыя і цяжэйшыя за тыя, якія яму даводзілася бачыць дома.

Гэтыя градзіны так збілі Гулівера, што ён быў увесь у сіняках і дзесяць дзён адлежваўся ў сваёй скрынцы.

Другая прыгода была яшчэ больш небяспечная.

Ён ляжаў на траве пад кустом маргарытак, заняты сваімі думкамі, і не заўважыў, што да яго падбег сабака аднаго з садоўнікаў — малады, шустры сетэр.

Гулівер не паспеў і крыкнуць, як сабака схапіў яго ў зубы, стрымгалоў ірвануў у другі канец саду і паклаў там ля ног свайго гаспадара, радасна віляючы хвастом. Добра яшчэ, што сабака быў вучоны. Ён умудрыўся прынесці Гулівера так асцярожна, што нават не пракусіў на ім адзенне.

Бедны садоўнік, убачыўшы каралеўскага Грыльдрыга ў зубах свайго сабакі, перапалохаўся да смерці. Ён асцярожна падняў Гулівера абедзвюма рукамі і пачаў распытваць, як ён сябе адчувае. Гулівер ад перапалоху не мог вымавіць ні слова.

Толькі праз некалькі мінут ён трохі апамятаўся, і тады садоўнік занёс яго назад на лужок.

Глюмдалькліч была ўжо там.

Бедная, заліваючыся слязамі, яна кідалася сюды-туды і клікала Гулівера.

Садоўнік з паклонам уручыў ёй пана Грыльдрыга.

Дзяўчынка ўважліва агледзела свайго выхаванца, убачыла, што ён цэлы і здаровы, і з палёгкай уздыхнула.

Выціраючы слёзы, яна пачала дакараць садоўніка за тое, што ён пусціў сабаку ў прыдворны сад. Садоўнік і сам быў не рады гэтаму. Ён бажыўся і кляўся, што больш ніколі не падпусціць ніводнага сабакі — ні свайго, ні чужога — нават і блізка да агароджы саду, хай толькі пані Глюмдалькліч і пан Грыльдрыг не расказваюць пра гэты выпадак яе вялікасці.

На тым і пагадзіліся.

Глюмдалькліч маўчала, бо і сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гуліверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяяліся з яго і расказвалі адзін другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.

Пасля гэтага выпадку Глюмдалькліч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулівера ні на хвіліну.

Гулівер даўно ўжо баяўся такога рашэння і таму ўтойваў ад сваёй нянечкі розныя дробныя прыгоды, якія раз-пораз здараліся з ім, калі яе не было паблізу.

Аднойчы каршун, які лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулівер не разгубіўся, выхапіў з ножан сваю шпагу і, размахваючы ёю, кінуўся ў кусты.

Калі б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваіх кіпцюрах.

Другі раз у час прагулкі Гулівер залез на вяршыню нейкага пагорка і раптам праваліўся ў нару, выкапаную кротам.

Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такі вылез сам, без чужой дапамогі, і ні словам ніводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.

Трэці раз ён вярнуўся да Глюмдалькліч накульгваючы і сказаў, што вывіхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы і ўспамінаючы сваю мілую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавіну смаўжа і ледзь не зламаў сабе нагу.

Дзіўнае пачуццё валодала Гуліверам у час такіх адзінокіх прагулак: яму было і добра, і жудасна, і сумна.

Нават самыя маленькія птушачкі зусім не баяліся яго: яны спакойна рабілі сваю справу — скакалі, мітусіліся, шукалі чарвякоў і казявак, як быццам Гулівера і не было каля іх.

А то неяк адзін смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга і выхапіў у яго з рук кавалак пірага, які Глюмдалькліч дала яму на снеданне.

Калі Гулівер спрабаваў злавіць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго і старалася дзеўбануць у галаву ці ў працягнутыя рукі. Гулівер мімаволі адскокваў.

Але неяк ён усё-такі злаўчыўся, запусціў тоўстую дубіну ў адну непаваротлівую канаплянку, і тая ўпала як нежывая. Гулівер схапіў яе аберуч за шыю і ўрачыста пацягнуў да нянечкі, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.

І раптам птушка ажыла.

Аказалася, яна не была забіта, а толькі аглушана моцным ударам палкі.

Канаплянка пачала крычаць і вырывацца. Яна біла Гулівера крыламі па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулівер трымаў яе на выцягнутых руках.

Ён ужо адчуваў, як рукі яго слабеюць і канаплянка вось-вось вырвецца і паляціць.

Але тут падаспеў адзін з каралеўскіх слуг. Ён адкруціў раз'юшанай канаплянцы галаву і занёс паляўнічага разам са здабычай да пані Глюмдалькліч.

На другі дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылі і падалі Гуліверу на абед.

Птушка была крыху большая, чым лебедзі, якіх ён бачыў у сябе на радзіме, і мяса яе было цвердаватае.

11

Гулівер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскія падарожжы.

Каралева слухала яго вельмі ўважліва і аднойчы спытала, ці ўмее ён абыходзіцца з ветразямі і вёсламі.

— Я карабельны доктар, — адказаў Гулівер, — і ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.

— А ці не хочаш ты, мой мілы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмі карысна для твайго здароўя, — сказала каралева.

Гулівер толькі ўсміхнуўся. Самыя маленькія лодачкі ў Брабдынгнегу былі куды большыя і цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблі яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго і думаць справіцца з такой лодкай.

— А калі я закажу для цябе цацачны караблік? — спытала каралева.

— Баюся, ваша вялікасць, што яго чакае лёс усіх цацачных караблікаў: марскія хвалі перавернуць і панясуць яго, як арэхавую шкарлупіну.

— Я закажу для цябе і караблік і мора, — сказала каралева.

Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабіў па малюнку і ўказаннях Гулівера прыгожую і трывалую лодачку з усімі снасцямі.

У гэтай лодачцы маглі б размясціцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.

Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцілі ў балею з вадой, але ў балеі было цесна, Гулівер не мог нават паварушыць вяслом.

— Не бядуй, Грыльдрыг, — сказала каралева, — хутка будзе гатова тваё мора.

І сапраўды, праз некалькі дзён мора было гатова.

Па загаду каралевы цясляр зрабіў вялікія драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят і глыбінёю больш сажня.

Ночвы добра прасмалілі і паставілі ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры дні ваду з іх вылівалі, і двое слуг за паўгадзіны напаўнялі іх свежай вадой.

Па гэтым цацачным моры Гулівер часта катаўся на сваёй лодцы.

Каралева і прынцэсы вельмі любілі глядзець, як спрытна працуе ён вёсламі.

Часам Гулівер ставіў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваімі веерамі, то наганялі спадарожны вецер, то ўздымалі цэлую буру.

Калі яны стамляліся, на ветразь пачыналі дзьмуць пажы, і Гуліверу не так проста было справіцца з такім моцным ветрам.

Пасля катання Глюмдалькліч несла лодку да сябе ў пакой і вешала на цвік, каб яна прасохла.

А аднойчы Гулівер ледзь не ўтапіўся ў сваіх ночвах. Вось як гэта здарылася.

Старая прыдворная дама, настаўніца Глюмдалькліч, узяла Гулівера двума пальцамі і хацела пасадзіць у лодку.

Але ў гэту хвіліну нехта паклікаў яе. Яна азірнулася, адпусціла пальцы, і Гулівер выслізнуў з рукі.

Ён бы абавязкова ўтапіўся або разбіўся, упаўшы з шасцісажневай вышыні на край ночваў ці на драўляны памост, але, на шчасце, зачапіўся за шпільку, якая тырчала з касынкі старой дамы. Галоўка шпількі прайшла ў яго пад поясам і пад кашуляй, і небарака павіс у паветры, замёршы ад страху, баючыся паварушыцца, каб не сарвацца.

А старая дама разгублена лыпала вачыма і ніяк не магла зразумець, куды ж падзеўся Гулівер.

Але тут падбегла Глюмдалькліч і асцярожна, стараючыся не зрабіць яму балюча, зняла Гулівера са шпількі.

У гэты дзень прагулка на лодцы была адменена. Гулівер адчуваў сябе нядобра, яму было не да катання.

Другі раз яму давялося правесці ў час прагулкі сапраўдны марскі бой.

Слуга, якому было даручана мяняць у ночвах ваду, недаглядзеў і прынёс у вядры вялізную зялёную жабу. Ён выліў ваду разам з жабай і пайшоў.

Жаба прытаілася на дне і, пакуль Гулівера садзілі ў лодку, сядзела спакойна. Але як толькі Гулівер адплыў ад берага, яна рэзкім скачком сіганула ў лодку. Лодка так моцна нахілілася на адзін бок, што Гулівер павінен быў усім целам наваліцца на другі борт, інакш бы яна абавязкова перакулілася.

Ён налёг на вёслы, каб хутчэй прычаліць да прыстані, але жаба быццам наўмысна перашкаджала яму. Напалоханая мітуснёй, што ўзнялася наўкол, яна пачала скакаць узад і ўперад: з носа на карму, з правага борта на левы. Пры кожным яе скачку Гулівера залівалі цэлыя патокі вады.

Ён моршчыўся і сціскаў зубы, усяляк стараўся, каб не дакрануцца да яе слізкай бугрыстай скуры. А ростам жаба была з добрую пародзістую карову.

Глюмдалькліч, як заўсёды, кінулася на дапамогу свайму выхаванцу. Але Гулівер папрасіў яе не хвалявацца. Ён смела зрабіў крок насустрач жабе і ўдарыў яе вяслом.

Пасля некалькіх добрых удараў жаба адступіла на карму, а потым і зусім выскачыла з лодкі.

12

Быў гарачы летні дзень. Глюмдалькліч пайшла некуды ў госці, і Гулівер застаўся адзін у сваёй скрынцы.

Адыходзячы, нянечка зачыніла дзверы свайго пакоя на замок, каб ніхто не патрывожыў Гулівера.

Застаўшыся адзін, Гулівер шырока расчыніў у сваім доміку вокны і дзверы, сеў у крэсла, разгарнуў свой дарожны журнал і ўзяўся за пяро.

У замкнёным пакоі Гулівер адчуваў сябе ў поўнай бяспецы.

Раптам ён пачуў, як нехта саскочыў з падаконніка на падлогу і з шумам прабег ці, правільней, праскакаў па пакоі Глюмдалькліч.

Сэрца ў Гулівера закалацілася.

«Той, хто прыходзіць у пакой не праз дзверы, а праз акно, прыходзіць не ў госці», — падумаў ён.

Асцярожна ўстаўшы з месца, ён выглянуў у акенца сваёй спальні. Не, гэта быў не злодзей і не разбойнік. Гэта была ўсяго толькі ручная малпачка, любіміца ўсіх дварцовых паварчукоў.

Гулівер супакоіўся і пачаў назіраць за яе смешнымі рухамі.

Малпа пераскочыла з крэсла Глюмдалькліч на другое крэсла, пасядзела крыху на верхняй паліцы шафы, потым саскочыла на стол, дзе стаяў домік Гулівера.

Цяпер Гулівер зноў спалохаўся, і на гэты раз мацней, чым раней.

Ён адчуў, што дом яго прыўзняўся і стаў бокам. Крэслы, стол і камода з грукатам пакаціліся па падлозе. Відаць, гэты грукат вельмі спадабаўся малпе, бо яна яшчэ і яшчэ раз патрэсла домік, а потым з цікаўнасцю зазірнула ў акенца.

Гулівер забіўся ў самы далёкі куток і стараўся не варушыцца.

«А, чаму я не схаваўся пад ложак! — думаў ён. — Пад ложкам яна мяне не заўважыла б. А цяпер позна. Калі я паспрабую перабегчы з месца на месца ці нават перапаўзці, яна ўбачыць мяне».

Ён прыціснуўся да сцяны так моцна, як толькі мог. Але малпа ўсё-такі ўбачыла яго.

Весела ашчэрыўшы зубы, яна прасунула ў дзверы доміка лапу, каб схапіць Гулівера.

Ён кінуўся ў другі куток і зашыўся паміж ложкам і шафай. Але і тут страшная лапа дастала яго.

Ён паспрабаваў выкруціцца, выслізнуць, але не змог. Ухапіўшы Гулівера за крысо кафтана, малпа выцягнула яго з доміка. Ад страху Гулівер не мог нават закрычаць.

А між тым малпа спакойна ўзяла яго на рукі, як нянька бярэ дзіця, і пачала гайдаць і гладзіць лапай па твары. Напэўна, яна палічыла яго за дзіця малпавай пароды.

Якраз у гэтую самую хвіліну дзверы з шумам расчыніліся і на парозе пакоя з'явілася Глюмдалькліч.

Малпа пачула стук. Яна ўскочыла на падаконнік, з падаконніка — на карніз, а з карніза па вадасцёкавай трубе палезла на дах. Яна карабкалася на трох лапах, а ў чацвёртай трымала Гулівера. Глюмдалькліч закрычала.

Гулівер пачуў яе спалоханы крык, але адказаць ёй не мог: малпа сціснула яго так, што ён ледзь дыхаў.

Праз некалькі мінут увесь палац быў на нагах. Слугі пабеглі па лесвіцы і вяроўкі. Цэлы натоўп сабраўся на двары. Людзі стаялі, задраўшы галовы, і паказвалі ўгору пальцамі.

А там, наверсе, на самым вільчыку, сядзела малпа. Адной лапай яна прытрымлівала Гулівера, а другой набівала яму рот усялякай дрэнню, якую выцягвала са свайго рота. Малпы заўсёды пакідаюць у зашчочных мяшках запас напаўпражаванай ежы.

Як толькі Гулівер спрабаваў адвярнуцца ці сціснуць зубы, яна давала яму такога плескача, што яму мімаволі даводзілася падпарадкавацца.

Слугі ўнізе заходзіліся ад рогату, а ў Гулівера сціскалася сэрца.

«Вось яна, апошняя хвіліна майго жыцця!» — думаў ён.

Нехта знізу кінуў у малпу каменем. Камень праляцеў над самай галавой Гулівера.

За першым каменем паляцеў другі, трэці… Добра, што афіцэр варты, баючыся, каб людзі разам з малпай не забілі і каралеўскага Грыльдрыга, забараніў кідаць у яе камянямі.

Нарэшце некалькі лесвіц было прыстаўлена да сцен будынка з розных бакоў. Два прыдворныя пажы і чацвёра слуг пачалі падымацца наверх.

Малпа зразумела, што яе акружаюць і што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кінула Гулівера на дах і, зрабіўшы некалькі скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе і схавалася ў паддашкавым акенцы.

Гулівер застаўся ляжаць на пакатым, гладкім даху, з хвіліны на хвіліну чакаючы, калі вецер скіне яго ўніз, як пясчынку.

Але ў гэты час адзін з пажоў паспеў перабрацца з лесвіцы на дах. Ён знайшоў Гулівера, сунуў яго сабе ў кішэню і шчасліва спусціўся ўніз.

Глюмдалькліч была страшэнна рада. Яна схапіла свайго Грыльдрыга і панесла дамоў. Гулівер ляжаў у яе на далоні, як мышаня, замучанае кошкай. Агідная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.

Глюмдалькліч зразумела, у чым бяда. Яна ўзяла сваю самую тоненькую іголачку і асцярожна, кончыкам, выграбла з рота Гулівера ўсё, што напхала туды малпа.

Гуліверу адразу стала лягчэй. Але ён быў так перапалоханы, так пакамечаны малпай, што цэлыя два тыдні праляжаў у ложку.

Кароль і ўсе прыдворныя кожны дзень прысылалі даведацца, ці папраўляецца бедны Грыльдрыг, а каралева сама адведвала яго. Яна забараніла ўсім прыдворным без выключэння трымаць у палацы жывёлу. А тую малпу, якая ледзь не задушыла Гулівера, загадала забіць.

Калі Гулівер нарэшце ўстаў з пасцелі, кароль загадаў паклікаць яго да сябе і, смеючыся, задаў яму тры пытанні.

Яму было вельмі цікава даведацца, як адчуваў сябе Гулівер у лапах малпы, ці спадабаўся яму яе пачастунак і што б ён рабіў, калі б такое здарылася ў яго на радзіме, дзе не знайшлося б чалавека, які паклаў бы яго ў кішэню і спусціў на зямлю.

Гулівер адказаў каралю толькі на апошняе пытанне.

Ён сказаў, што ў яго на радзіме малпы не водзяцца. Іх часам прывозяць з гарачых краін і трымаюць у клетках. Калі ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю і яна асмелілася б накінуцца на яго, ён лёгка справіўся б з ёю. Ды і не з адной малпай, а з цэлым тузінам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што і гэтую велізарную малпу ён змог бы адолець, калі б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькі пракалоць гэтай пачвары лапу, і гэта назаўсёды адбіла б у яе ахвоту нападаць на людзей.

Усю гэтую прамову Гулівер сказаў рашуча і гучна, высока ўзняўшы галаву і паклаўшы руку на рукаятку шпагі.

Ён вельмі не хацеў, каб хто-небудзь з прыдворных палічыў яго баязліўцам.

Але прыдворныя адказалі на яго прамову такім дружным і вясёлым рогатам, што Гулівер адразу змоўк.

Ён абвёў вачыма сваіх слухачоў і з горыччу падумаў пра тое, як цяжка чалавеку дабіцца павагі ад тых, хто глядзіць на яго звысака.

Гэтая думка не раз прыходзіла ў галаву Гуліверу і пазней, у іншыя часы, калі яму здаралася бываць сярод высокіх асоб — каралёў, герцагаў, вяльможаў, - хоць часта гэтыя высокія асобы былі ніжэй за яго на цэлую галаву.

13

Жыхары Брабдынгнега лічаць сябе прыгожымі людзьмі. Магчыма, гэта і на самай справе так, але Гулівер глядзеў на іх быццам праз павелічальнае шкло, і таму яны яму не надта падабаліся.

Іх скура здавалася яму вельмі тоўстай і шурпатай — ён бачыў кожны валасок на ёй, кожную вяснушку. Ды і цяжка было не бачыць, калі гэтая вяснушка была велічынёй са сподачак, а валаскі тырчалі, як вострыя шыпы ці зубы грэбеня. Усё гэта і навяло Гулівера на пацешную думку.

Неяк раніцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галіў прыдворны цырульнік. Гаворачы з яго вялікасцю, Гулівер мімаволі пазіраў на мыльную пену, у якой чарнелі тоўстыя, быццам кавалачкі жалезнага дроту, валаскі.

Калі цырульнік скончыў сваю справу, Гулівер папрасіў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульніка вельмі здзівіла такая просьба, але ён выканаў яе.

Гулівер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў і паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку і выстругаў з яе спінку для грэбеня.

Самай тонкай іголкай з ігольніцы Глюмдалькліч ён асцярожна прасвідраваў у драўлянай спінцы на роўнай адлегласці адна ад другой сорак вузкіх адтулін і ў гэтыя адтуліны ўставіў валаскі. Затым падрэзаў іх, каб яны былі зусім роўныя, і завастрыў ножыкам іх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.

Гулівер быў вельмі рады: амаль усе зубы на яго грэбені паламаліся, і ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, які змог бы зрабіць такую малюсенькую рэч. Усе любаваліся новым Гуліверавым грэбенем, і яму захацелася зрабіць яшчэ што-небудзь.

Ён папрасіў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якія выпадуць з касы яе вялікасці. Калі іх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, які рабіў для яго камоду і крэслы, вытачыць два лёгкія драўляныя крэслы.

Папярэдзіўшы сталяра, што спінку і сядзенне ён зробіць сам з іншага матэрыялу, Гулівер загадаў майстру толькі прасвідраваць у крэслах вакол сядзення і спінкі маленькія частыя адтуліны.

Сталяр зрабіў усё, што было загадана, і Гулівер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы і, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў іх у тыя адтуліны, якія былі для гэтага зроблены.

Атрымаліся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскім стылі, і Гулівер урачыста паднёс іх каралеве. Каралева была ў захапленні ад падарунка. Яна паставіла крэслы на сваім любімым століку ў гасцінай і паказвала іх усім, хто да яе прыходзіў.

Яна хацела, каб Гулівер у час прыёмаў сядзеў толькі на такім крэсле, але Гулівер рашуча адмовіўся сядзець на валасах сваёй уладаркі.

Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулівера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, і, з дазволу яе вялікасці, ён сплёў з іх для Глюмдалькліч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькі трошкі большы за тыя мяхі, у якіх у нас звычайна возяць у млын жыта, і зусім не падыходзіў для цяжкіх брабдынгнежскіх манет. Але затое ён быў вельмі прыгожы — увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку і срэбным вензелем Глюмдалькліч — на другім.

Кароль і каралева вельмі любілі музыку, і ў палацы часта наладжваліся канцэрты.

Гулівера таксама часам запрашалі на музычныя вечары. У такіх выпадках Глюмдалькліч прыносіла яго разам са скрынкай і ставіла на які-небудзь столік далей ад музыкантаў.

Гулівер шчыльна зачыняў усе дзверы і вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы і гардзіны, заціскаў пальцамі вушы і садзіўся ў крэсла слухаць музыку.

Без такой перасцярогі музыка веліканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.

Куды больш падабаліся яму гукі невялікага інструмента, вельмі падобнага на клавікорды. Гэты інструмент стаяў у пакоі Глюмдалькліч, і яна вучылася іграць на ім.

Гулівер і сам нядрэнна іграў на клавікордах, і яму захацелася пазнаёміць караля і каралеву з ангельскімі песнямі. Справа гэта была нялёгкая.

Даўжыня інструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавіш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулівер мог бы іграць не больш чым на чатырох клавішах — да іншых яго рукі не даставалі. Таму ён павінен быў бегаць справа налева і злева направа — ад басоў да дыскантаў і назад. А паколькі інструмент быў не толькі доўгі, але і высокі, то бегаць яму даводзілася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабілі сталяры і якая была такой жа даўжыні, як інструмент.

Бегаць уздоўж клавікордаў узад і ўперад было вельмі цяжка, але яшчэ цяжэй было націскаць тугія клавішы, разлічаныя на пальцы веліканаў.

Спачатку Гулівер спрабаваў біць па клавішах кулаком, але гэта было вельмі балюча, і ён папрасіў зрабіць для яго дзве дубінкі. З аднаго канца гэтыя дубінкі былі таўсцейшыя, чым з другога, а для таго каб пры ўдары яны не вельмі моцна стукалі па клавішах, Гулівер абцягнуў іх тоўстыя канцы мышынай скурай.

Калі ўсе гэтыя падрыхтаванні былі закончаны, кароль і каралева прыйшлі паслухаць Гулівера.

Абліваючыся потам, бедны музыка бегаў з аднаго канца клавікордаў у другі, б'ючы з усіх сіл па патрэбных клавішах. З горам папалам яму ўдалося даволі бегла сыграць вясёлую ангельскую песеньку, якую ён памятаў з дзяцінства.

Кароль і каралева пайшлі вельмі задаволеныя, а Гулівер доўга не мог аддыхацца — пасля такога музычнага практыкавання ў яго балелі рукі і ногі.

14

Гулівер чытаў кнігу, якую ўзяў з каралеўскай бібліятэкі. Ён не сядзеў за сталом і не стаяў перад канторкай, як гэта звычайна робяць усе людзі ў час чытання, а спускаўся і падымаўся па спецыяльнай прыстаўной лесвіцы, якая вяла ад верхняга радка да ніжняга.

Без гэтай лесвіцы, зробленай спецыяльна для яго, Гулівер не мог бы чытаць велізарныя брабдынгнежскія кнігі.

Лесвіца была не вельмі высокая — усяго дваццаць пяць прыступак, кожная прыступка адпавядала радку кнігі.

Пераходзячы ад радка да радка, Гулівер спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, а апошнія словы на старонцы ён дачытваў, стоячы на падлозе. Перагортваць старонкі яму было не цяжка, бо брабдынгнежская папера славіцца сваёй тонкасцю. Яна і на самай справе не таўсцейшая за звычайны кардон.

Гулівер чытаў разважанні аднаго мясцовага пісьменніка пра тое, як здрабнелі за апошні час яго суайчыннікі.

Пісьменнік расказваў пра магутных веліканаў, якія некалі насялялі яго краіну, і горка скардзіўся на хваробы і небяспекі, якія на кожным кроку падпільноўваюць слабых, нізкарослых і кволых брабдынгнежцаў.

Чытаючы гэтыя разважанні, Гулівер успомніў, што і ў сябе на радзіме ён чытаў нямала такіх кніжак, і, усміхнуўшыся, падумаў:

«І вялікія, і маленькія людзі любяць паскардзіцца на сваю слабасць і кволасць. А па праўдзе кажучы, і тыя і другія не такія ўжо і бездапаможныя, як ім здаецца». Перагарнуўшы апошнюю старонку, ён спусціўся з лесвіцы.

Якраз у гэты час у пакой зайшла Глюмдалькліч.

— Нам трэба збірацца, Грыльдрыг, — сказала яна. — Кароль і каралева едуць на марское ўзбярэжжа і бяруць нас з сабой.

На марское ўзбярэжжа! Сэрца ў Гулівера радасна забілася. Больш чым два гады ён не бачыў мора, не чуў глухога шуму хваляў і вясёлага посвісту марскога ветру. Начамі яму часта сніўся гэты мерны знаёмы шум, і раніцой ён прачынаўся сумны і ўстрывожаны. Ён ведаў, што пакінуць краіну веліканаў можна толькі морам.

Гуліверу добра жылося пры двары брабдынгнежскага караля. Кароль і каралева любілі яго, Глюмдалькліч даглядала яго, як самая клапатлівая нянечка, прыдворныя былі ветлівыя і з ахвотай гаварылі з ім.

Але гэта было так цяжка — баяцца ўсяго на свеце — абараняцца ад мухі, уцякаць ад кошкі, захлынацца ў кубку вады! Ён толькі і марыў аб тым, каб зноў жыць сярод самых звычайных людзей, такога ж росту, як ён сам.

Нялёгка жыць сярод людзей, якія глядзяць на цябе зверху ўніз.

Нейкае няяснае прадчуванне, прымусіла Гулівера на гэты раз асабліва старанна ўпакаваць свае рэчы. Ён узяў з сабой у дарогу не толькі адзенне, бялізну і свой дарожны дзённік, а нават калекцыю рэдкасцяў, сабраных ім у Брабдынгнегу.

Назаўтра раніцой каралеўская сям'я са світай і слугамі рушыла ў дарогу.

Гулівер цудоўна адчуваў сябе ў сваім дарожным доміку. Гамак, які служыў яму пасцеллю, быў падвешаны на шаўковых вяроўках да чатырох куткоў столі. Ён плаўна пагойдваўся нават тады, калі коннік, да пояса якога была прышпілена Гуліверава скрынка, ехаў самай шпаркай рыссю.

У вечку скрынкі, над самым гамаком, Гулівер папрасіў зрабіць маленькае акенца, з далонь шырынёй, якое ён мог сам адчыняць і зачыняць, калі яму захочацца.

У гарачы час ён адчыняў і верхняе і бакавыя акенцы і спакойна драмаў у сваім гамаку, а лёгкі ветрык абвяваў яго. Але, напэўна, гэты сон на скразняку быў не надта здаровы.

Калі кароль з каралевай і са сваёй світай прыбылі ў свой летні палац, які знаходзіўся ўсяго за васемнаццаць міль ад берага, каля горада Фленфласніка, Гулівер адчуў сябе нядобра. Ён моцна прастудзіўся і меў вельмі стомлены выгляд.

А бедная Глюмдалькліч дык тая зусім захварэла ў дарозе. Ёй давялося легчы ў пасцель і піць горкія лякарствы.

Між тым Гулівер хацеў як мага хутчэй пабыць ля мора. Ён не мог дачакацца той хвіліны, калі зноў ступіць на ўзбярэжны пясок. Каб наблізіць гэтую хвіліну, Гулівер пачаў прасіцца ў сваёй мілай нянечкі адпусціць яго на бераг аднаго.

— Салёнае марское паветра вылечыць мяне лепш за ўсякае лякарства, — паўтараў ён.

Але нянечка чамусьці не хацела пускаць Гулівера. Яна старалася адгаварыць яго ад гэтай прагулкі і пусціла толькі пасля доўгіх просьбаў і спрэчак, неахвотна, са слязамі на вачах.

Яна даручыла аднаму з каралеўскіх пажаў аднесці Гулівера на бераг і ўважліва сачыць за ім.

Хлопчык нёс скрынку з Гуліверам добрай паўгадзіны. Увесь гэты час Гулівер не адыходзіў ад акенца. Ён адчуваў, што бераг ужо блізка.

І вось нарэшце ён убачыў цёмныя ад прыліву камяні і паласу вільготнага пяску са слядамі марской пены.

Ён папрасіў хлопчыка паставіць скрынку на які-небудзь камень і, сеўшы ў крэсла перад акенцам, пачаў сумна ўзірацца ў пустынную далячынь акіяна.

Як хацелася яму ўбачыць там, на гарызонце, трохкутнік ветразя! Хоць здалёк, хоць на імгненне…

Хлопчык, насвістваючы нейкую песеньку, кідаў у ваду каменьчыкі велічынёй з невялікую рыбацкую хаціну, і гэты шум і плюхаценне перашкаджалі Гуліверу думаць. Ён сказаў пажу, што стаміўся і хоча падрамаць. Паж вельмі ўзрадаваўся. Прычыніўшы шчыльна акенца ў вечку скрынкі, ён пажадаў Гуліверу добрага сну, а сам пабег да скалаў — шукаць у расколінах птушыныя гнёзды.

Гулівер і сапраўды лёг у свой гамак і заплюшчыў вочы. Стомленасць ад доўгай дарогі і свежае марское паветра зрабілі сваю справу. Ён моцна заснуў.

Раптам моцны штуршок разбудзіў яго. Ён адчуў, як нехта рвануў за кальцо, укручанае ў вечка скрынкі. Скрынка хіснулася і пачала імкліва ўздымацца ўгору. Гулівер ледзь не вылецеў са свайго гамака, але тут рух стаў больш плаўны, і ён саскочыў на падлогу, падбег да акенца. Галава ў яго закружылася. З усіх трох бакоў ён бачыў толькі хмары і неба.

Што здарылася? Гулівер прыслухаўся — і ўсё зразумеў. У шуме ветру ён выразна пачуў узмахі шырокіх магутных крылаў.

Мусіць, нейкая вялізная птушка нагледзела Гулівераў домік і, ухапіўшы яго за кальцо, нясе немаведама куды.

І навошта ёй спатрэбілася гэтая драўляная скрынка?

Можа, яна хоча кінуць яе на скалы, як арлы скідаюць чарапах, каб раскалоць іх панцыр і дастаць з-пад яго далікатнае чарапашае мяса. Гулівер закрыў твар рукамі. Здаецца, яшчэ ніколі смерць не была так блізка.

У гэтую хвіліну скрынка зноў моцна гайданулася. Яшчэ, яшчэ раз… Ён пачуў арліны клёкат і такі шум, быццам усе марскія вятры. раптам завіхрыліся ў яго над галавой. Несумненна, гэта другі арол напаў на таго, які ўкраў Гулівера. Пірат хоча адабраць здабычу ў пірата.

Штуршок за штуршком, удар за ўдарам. Скрынка гайдалася направа і налева, як шыльда пад моцным ветрам. Гулівер качаўся па падлозе і, заплюшчыўшы вочы, чакаў смерці.

І раптам скрынка здрыганулася і паляцела ўніз, уніз, уніз… «Канец!» — падумаў Гулівер.

15

Страшэнны ўсплёск аглушыў Гулівера, і домік на хвіліну апынуўся ў поўнай цемры.

Потым, злёгку пагойдваючыся, ён узняўся ўгору, і дзённае святло пакрысе прабілася ў пакой.

Па сценах, выгінаючыся, прабеглі светлыя цені. Такія цені дрыжаць на сценах каюты, калі ілюмінатары залівае вадой.

Гулівер стаў на ногі і агледзеўся. Так, ён быў у моры. Домік, абабіты знізу жалезнымі пласцінкамі, не страціў у паветры раўнавагі і не перакуліўся. Але ён быў вельмі цяжкі і глыбока асеў у вадзе. Хвалі даставалі амаль да паловы акон. Што будзе, калі іх магутныя ўдары разаб'юць шыбы? Яны ж прыкрыты толькі лёгкімі жалезнымі рашоткамі.

Але не, пакуль што яны вытрымліваюць напор вады.

Гулівер уважліва агледзеў сваё плывучае жыллё.

На шчасце, дзверы ў доміку былі не на завесах, а выстаўныя. Яны не прапускалі вады. Але ўсё ж вада патроху прасочвалася ў скрынку праз ледзь прыкметныя шчыліны ў сценах.

Гулівер знайшоў у камодзе прасціну, разадраў на палоскі і, як мог, заканапаціў шчыліны. Потым ускочыў на крэсла і адчыніў акенца ў столі.

Гэта было зроблена своечасова: у скрынцы было так душна, што Гулівер задыхаўся.

Свежае паветра прыйшло ў домік, і Гулівер з палёгкай уздыхнуў. Галава яго праяснілася. Ён сеў і задумаўся.

Ну вось, нарэшце ён на свабодзе! Ніколі ўжо ён не вернецца ў Брабдынгнег. Ах, бедная, мілая Глюмдалькліч! Што будзе з ёю? Каралева разгневаецца на яе, адправіць назад у вёску… Нялёгка ёй будзе. А што будзе з ім, слабым, маленькім, адзінокім чалавечкам, які носіцца па акіяне ў нейкай там драўлянай скрынцы без мачтаў і без руля? Хутчэй за ўсё першая ж вялікая хваля перакуліць і залье гэты цацачны домік ці разаб'е яго аб скалы.

А можа, вецер будзе ганяць яго па акіяне да таго часу, пакуль Гулівер не памрэ з голаду. О, толькі б не гэта! Ужо калі паміраць, дык паміраць хутчэй!

А хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Мінула чатыры гадзіны, як Гулівер трапіў у мора. Але гадзіны гэтыя здаваліся яму даўжэйшымі за суткі. Гулівер нічога не чуў, толькі мерны плёскат хваляў, што білі ў сцены доміка.

І раптам яму пачуўся нейкі дзіўны гук: быццам штосьці драпнула па глухім баку скрынкі, там, дзе былі прыбіты жалезныя спражкі. І скрынка пасля гэтага паплыла як быццам хутчэй і ў адным напрамку.

Часам яе торгала ці паварочвала, тады домік ныраў глыбей, а хвалі ўзляталі вышэй, накрываючы домік з верхам. Вада ліўнем абрушвалася на вечка, і цяжкія пырскі траплялі праз акенца ў пакой Гулівера.

«Няўжо нехта ўзяў мяне на буксір?» — падумаў Гулівер.

Ён узлез на стол, прышрубаваны пасярод пакоя пад самым акенцам у столі, і пачаў клікаць на дапамогу. Ён крычаў на ўсіх мовах, якія ведаў: па-ангельску, па-гішпанску, па-галандску, па-італійску, па-турэцку, па-ліліпуцку, па-брабдынгнежску, — але ніхто не адгукаўся.

Тады ён узяў палку, прывязаў да яе вялікую хусцінку і, прасунуўшы палку ў акенца, пачаў размахваць. Але і гэты сігнал застаўся без адказу.

Аднак Гулівер адчуваў, што яго домік хутка рухаецца наперад.

Раптам сценка са спражкамі ўдарылася аб нешта цвёрдае. Домік рэзка гайданула раз, другі, і ён спыніўся. Кальцо на вечку дзынкнула. Потым заскрыпеў канат, быццам яго прасоўвалі ў кальцо.

Гуліверу здалося, што домік пачаў павольна падымацца з вады. Так яно і было. У пакоі стала святлей.

Гулівер зноў высунуў палку і замахаў хусцінкай.

Над галавою ў яго загрукала, і нехта моцна закрычаў па-ангельску:

— Гэй, вы там, у скрынцы! Адгукніцеся! Вас слухаюць!

Гулівер, задыхаючыся ад хвалявання, адказаў, што ён няшчасны падарожнік, якому давялося выцерпець за час сваіх вандраванняў цяжкія нягоды і страхі. Ён рады, што сустрэў нарэшце сваіх суайчыннікаў, і просіць дапамагчы яму.

— Не хвалюйцеся! — адказалі яму зверху. — Ваша скрынка прывязана да борта ангельскага карабля, і зараз наш цясляр прапілуе ў яе вечку адтуліну. Мы спусцім трап, і вы зможаце выбрацца з вашай плывучай турмы.

— Не трэба дарэмна траціць час, — адказаў Гулівер. — Прасцей прасунуць палец у кальцо і падняць скрынку на борт карабля.

Людзі наверсе засмяяліся, загаманілі, але ніхто нічога не адказаў Гуліверу. Потым ён пачуў тонкі свіст пілы, і праз некалькг хвілін у столі яго пакоя свяцілася вялікая чатырохвугольная дзірка.

Гуліверу спусцілі трап. Ён вылез спачатку на дах свайго доміка, а затым падняўся на карабель.

Матросы акружылі Гулівера і, перабіваючы адзін другога, пачалі распытваць яго, хто ён, адкуль, ці даўно плавае па моры ў сваім плывучым доме і за што яго туды пасадзілі. Але Гулівер толькі разгублена глядзеў на іх.

«Што за малюсенькія чалавечкі! — думаў ён. — Няўжо я зноў трапіў да ліліпутаў?»

Капітан судна, містэр Томас Вількокс, убачыў, што Гулівер ледзь стаіць на нагах ад стомленасці, хвалявання і разгубленасці. Ён завёў яго ў сваю каюту, паклаў у пасцель і параіў добра адпачыць.

Гулівер і сам адчуваў, што яму гэта неабходна зрабіць. Але перш чым заснуць, ён паспеў сказаць капітану, што ў яго ў скрынцы засталося шмат цудоўных рэчаў — шаўковы гамак, стол, крэслы, камода, дываны, фіранкі і шмат іншых цікавых прадметаў.

— Калі вы загадаеце прынесці мой домік у гэту каюту, я з задавальненнем пакажу вам маю рэдкую калекцыю, — сказаў ён.

Капітан са здзіўленнем і жалем паглядзеў на яго і моўчкі выйшаў з каюты. Ён падумаў, што госць яго страціў розум ад перажытага, а Гулівер проста яшчэ не паспеў прывыкнуць да думкі, што вакол яго такія ж людзі, як і ён, і што ніхто ўжо не зможа падняць яго домік адным пальцам.

Аднак, калі ён прачнуўся, усе яго рэчы былі ўжо на борце карабля. Капітан паслаў матросаў дастаць іх са скрынкі, і матросы добрасумленна выканалі гэты загад.

На жаль, Гулівер забыўся сказаць капітану, што стол, крэслы і камода ў яго пакоі прышрубаваны да падлогі. Матросы гэтага, зразумела, не ведалі і моцна папсавалі мэблю, адрываючы яе ад падлогі.

Больш таго, у час работы яны пашкодзілі і сам домік. У сценах і падлозе з'явіліся шчыліны, вада пачала заліваць пакой.

Матросы ледзь паспелі садраць са скрынкі некалькі дошак, якія маглі спатрэбіцца на караблі, - і яна пайшла на дно. Гулівер быў рады, што не бачыў гэтага. Сумна бачыць, як ідзе на дно дом, у якім ты пражыў шмат дзён і начэй, хай сабе і невясёлых.

Гэтыя некалькі гадзін у каюце капітана Гулівер праспаў моцна, але неспакойна: яму сніліся то велізарныя восы з краіны веліканаў, то заплаканая Глюмдалькліч, то арлы, якія б'юцца ў яго над галавой. Але ўсё-такі сон асвяжыў яго, і ён ахвотна згадзіўся павячэраць разам з капітанам.

Капітан быў гасцінным гаспадаром. Ён сардэчна частаваў Гулівера, і Гулівер еў з задавальненнем, але яму смешна было глядзець на маленькія талерачкі, блюды, графіны і шклянкі, якія стаялі на стале. Часам ён браў іх у рукі і разглядаў, ківаючы галавой і ўсміхаючыся.

Капітан заўважыў гэта. Спачувальна паглядзеўшы на Гулівера, ён спытаў у яго, ці здаровы ён і ці не пашкодзілі яго розум стомленасць і няшчасці.

— Не, — сказаў Гулівер, — я зусім здаровы. Але я даўно ўжо не бачыў такіх маленькіх людзей і такіх маленькіх рэчаў.

І ён падрабязна расказаў капітану пра тое, як ён жыў у краіне веліканаў. Спачатку капітан слухаў яго з недаверам, але чым далей расказваў Гулівер, тым больш уважлівы быў капітан. З кожнай хвілінай ён усё больш пераконваўся, што Гулівер сур'ёзны, праўдзівы і сціплы чалавек, што ён не з тых, якія любяць выдумляць і перабольшваць.

У заключэнне Гулівер дастаў з кішэні ключ і адчыніў сваю камоду. Ён паказаў капітану два грабяні: адзін быў з драўлянай спінкай, другі — з рагавой. Рагавую спінку Гулівер зрабіў з абрэзка пазногця яго брабдынгнежскай вялікасці.

— А з чаго зроблены зубы? — спытаў капітан.

— З валасоў каралеўскай барады!

Капітан толькі развёў рукамі.

Потым Гулівер дастаў некалькі іголак і шпілек — з паўаршына, з аршын і болей. Ён разматаў перад здзіўленым капітанам чатыры валасы каралевы і падаў яму абедзвюма рукамі залаты пярсцёнак, атрыманы ад яе ў падарунак. Гэты пярсцёнак каралева насіла на мезеным пальцы, а Гулівер — на шыі, замест караляў.

Але больш за ўсё здзівіў капітана зуб. Гэты зуб памылкова быў вырваны ў аднаго з каралеўскіх пажаў. Зуб быў зусім здаровы, і Гулівер пачысціў яго і схаваў у сваю камоду. Заўважыўшы, што капітан не можа адвесці вачэй ад веліканскага зуба, Гулівер папрасіў яго прыняць гэтую рэч у падарунак.

Расчулены капітан аслабаніў у сваёй шафе адну паліцу і асцярожна паклаў на яе дзіўны прадмет, з выгляду падобны на зуб, а па велічыні — на добры камень.

Ён узяў з Гулівера слова, што, вярнуўшыся на радзіму, той абавязкова напіша кнігу пра свае падарожжы…

Гулівер быў чалавек сумленны і стрымаў слова.

Так з'явілася на свет кніга пра краіну ліліпутаў і пра краіну веліканаў.

16

3 чэрвеня 1706 года карабель, які падняў на свой борт Гулівера, падышоў да берагоў Ангельшчыны.

Некалькі месяцаў ён быў у дарозе і тры-чатыры разы заходзіў у парты, каб папоўніць запасы правізіі і свежай вады, але Гулівер, стомлены сваімі прыгодамі, ні разу не пакінуў каюты.

І вось падарожжа яго скончылася. Ён па-сяброўску развітаўся з капітанам, які даў яму на дарогу грошай, і, наняўшы каня, паехаў дамоў.

Усё, што ён бачыў на знаёмых з дзяцінства дарогах, здзіўляла яго.

Дрэвы здаваліся яму нізкімі кустамі, дамы і вежы — картачнымі домікамі, а людзі — ліліпутамі.

Ён баяўся раздушыць прахожых і моцна крычаў ім, каб яны збочылі з дарогі.

На гэта яму адказвалі лаянкай і насмешкамі. А нейкі сярдзіты фермер ледзь не адлупцаваў яго палкай.

Нарэшце дарогі і вуліцы засталіся ззаду.

Гулівер пад'ехаў да варот свайго дома. Стары слуга адчыніў яму дзверы, і Гулівер, нагнуўшы галаву, пераступіў цераз парог: ён баяўся стукнуцца галавой аб вушак, які здаўся яму цяпер занадта нізкім.

Жонка і дачка выбеглі яму насустрач, але ён не адразу ўбачыў іх, бо па прывычцы глядзеў угору.

Усе родныя, сябры і суседзі здаваліся яму маленькімі, бездапаможнымі і кволымі, як матылькі.

— Напэўна, вам вельмі дрэнна жылося без мяне, — гаварыў ён з жалем. — Вы так схуднелі і паменшалі, што вас цяжка ўбачыць!

А сябры, родныя і суседзі, са свайго боку, шкадавалі Гулівера і лічылі, што небарака з'ехаў з глузду.

Так мінуў тыдзень, другі, трэці…

Гулівер пакрысе зноў пачаў прывыкаць да свайго дома, да роднага горада і знаёмых рэчаў. З кожным днём ён усё менш здзіўляўся, бачачы вакол сябе простых, звычайных людзей звычайнага росту.

У рэшце рэшт ён зноў навучыўся глядзець на іх, як на роўных, а не знізу ўгору і не зверху ўніз.

Глядзець на людзей так вельмі зручна і прыемна, таму што не трэба ні задзіраць галаву, ні згінацца ў тры пагібелі.

Загрузка...