Свифт Джонатан Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке)

Джанатан Свiфт

Падарожжы Гулiвера

Пераклад: А.Кудравец

ПАДАРОЖЖА Ў ЛIЛIПУЦIЮ

1

Трохмачтавы брыг "Антылопа" адплываў у Паўднёвы акiян.

На карме брыга стаяў карабельны доктар Гулiвер i глядзеў у падзорную трубу на прыстань. Там засталiся яго жонка i двое дзяцей: сын Джонi i дачка Бэцi.

Не першы раз адплываў Гулiвер у мора. Ён любiў падарожжы. Яшчэ ў школе ён трацiў амаль усе грошы, што прысылаў яму бацька, на марскiя карты i кнiгi аб чужых краiнах. Ён старанна вывучаў геаграфiю i матэматыку, бо гэтыя навукi болей за ўсё патрэбны былi мараку.

Бацька аддаў Гулiвера вучыцца да славутага ў той час лонданскага доктара. Гулiвер правучыўся ў яго некалькi гадоў, але ўвесь час не пакiдаў думаць пра мора.

Доктарская навука прыгадзiлася: скончыўшы вучобу, ён паступiў карабельным доктарам на судна "Ластаўка" i плаваў на iм тры з паловай гады. А пасля, пражыўшы два гады ў Лондане, зрабiў некалькi падарожжаў ва Ўсходнюю i Заходнюю Iндыю.

У час плавання Гулiвер нiколi не сумаваў: чытаў кнiгi, якiя браў з дому, а сышоўшы на бераг, прыглядаўся, як жывуць iншыя народы, вывучаў iх мову i звычаi i падрабязна запiсваў свае дарожныя ўражаннi.

I гэтым разам, выпраўляючыся ў мора, Гулiвер узяў з сабой тоўстую запiсную кнiжку.

На першай старонцы гэтай кнiжкi было напiсана:

"4 траўня 1699 года мы знялiся з якара ў Брыстолi".

2

Шмат тыдняў i месяцаў плыла "Антылопа" па Паўднёвым моры.

Дзьмулi добрыя вятры.

Падарожжа праходзiла ўдала.

Але аднойчы, калi пераходзiлi ва Ўсходнюю Iндыю, карабель трапiў у страшэнную буру. Вецер i хвалi пагналi яго немаведама куды.

Дванаццаць матросаў памерла ад ператамлення i голаду. Астатнiя ледзь перастаўлялi ногi. Карабель шпурляла з боку ў бок, як арэхавую шкарлупiну.

Адной цёмнай бурнай ноччу вецер панёс "Антылопу" на вострую скалу. Матросы заўважылi гэта вельмi позна. Карабель наляцеў на яе i разбiўся ўшчэнт.

Толькi Гулiверу i пяцi матросам пашчаслiвiла выратавацца ў шлюпцы.

Доўга насiлiся яны па моры, зусiм выбiлiся з сiлы. А хвалi ўздымалiся ўсё большыя i большыя, i адна з iх падкiнула i перакулiла шлюпку.

Гулiвер апынуўся ў вадзе з галавой.

Калi ён вынырнуў, навокал нiкога не было. Усе яго спадарожнiкi загiнулi.

Гулiвер паплыў куды вочы глядзяць - туды, куды гнаў вецер i прылiў. Раз-пораз спрабаваў ён намацаць дно, але дна ўсё не было. А плысцi далей ён ужо не мог: мокрае адзенне i цяжкiя, разбухлыя чаравiкi цягнулi ўнiз. Ён захлёбваўся i задыхаўся.

I раптам яго ногi дакранулiся да зямлi.

Гэта была водмель. Гулiвер асцярожна ступiў па пясчаным дне крок-другi - i паволi пайшоў наперад.

Iсцi станавiлася ўсё лягчэй i лягчэй. Спачатку вада даставала яму да плячэй, потым да пояса, потым толькi да каленяў. Ён ужо думаў, што бераг зусiм блiзка, але дно ў гэтым месцы было вельмi пакатае, i Гулiверу яшчэ доўга давялося брысцi па калена ў вадзе.

Нарэшце вада i пясок засталiся ззаду.

Гулiвер выйшаў на лужок, парослы мяккай i вельмi маленькай травой, прылёг на зямлю, падклаў пад шчаку далонь i моцна заснуў.

3

Калi Гулiвер прачнуўся, было ўжо зусiм вiдна. Ён ляжаў на спiне, i сонца свяцiла яму проста ў твар.

Ён хацеў працерцi вочы, але не змог узняць руку; хацеў сесцi, але не змог паварушыцца.

Тонкiя вяровачкi аблытвалi ўсяго яго ад галавы да каленяў; рукi i ногi былi моцна спавiты вяровачнай сеткай; вяровачкi абкручвалi кожны палец. Нават доўгiя густыя валасы Гулiвера былi туга накручаны на маленькiя колiкi, убiтыя ў зямлю, i пераплецены вяровачкамi.

Гулiвер быў падобны на вялiкую рыбiну, якая трапiла ў сетку.

"Напэўна, я яшчэ сплю", - падумаў ён.

Але тут нешта жывое хуценька ўзлезла яму на нагу, прапаўзло па грудзях i спынiлася ля падбародка.

Гулiвер паспрабаваў зiрнуць туды.

Што за дзiва! Амаль ля самага носа ў яго стаiць чалавечак - малюсенькi, алё самы сапраўдны чалавечак! У руках у яго - лук i страла, за спiною калчан. А сам - вяршкi са тры росту.

Услед за гэтым на Гулiвера ўзлезлi яшчэ дзесяткi чатыры такiх жа маленькiх стралкоў. Ад здзiўлення Гулiвер крыкнуў. Чалавечкi замiтусiлiся i кiнулiся хто куды. Яны беглi, спатыкалiся, падалi, падхоплiвалiся i адзiн за другiм саскоквалi на зямлю.

Некалькi хвiлiн да Гулiвера нiхто не падыходзiў. Толькi ля вуха ў яго ўвесь час чуўся нейкi шум, быццам там сакаталi конiкi.

Але неўзабаве чалавечкi зноў расхрабрылiся i зноў пачалi караскацца ўгору па яго нагах, руках i плячах, а самы смелы з iх падкраўся нават да Гулiверавага твару, пакратаў кап'ём яго падбародак i тоненькiм чыстым галаском пракрычаў:

- Гэкiна дэгуль!

- Гэкiна дэгуль! Гэкiна дэгуль! - падхапiлi тоненькiя галасы з усiх бакоў.

Што азначалi гэтыя словы, Гулiвер не зразумеў, хоць i ведаў шмат замежных моў.

Доўга ляжаў Гулiвер на спiне. Рукi i ногi ў яго зусiм анямелi.

Ён сабраў усю сiлу i паспрабаваў адарваць ад зямлi левую руку.

Гэта яму ўдалося. Ён вырваў колiкi, на якiя былi накручаны сотнi тонкiх моцных вяровачак, i ўзняў руку.

У тую ж мiнуту хтосьцi ўнiзе гучна прапiшчаў:

- Тольга фанак!

У руку, у твар, у шыю Гулiвера ўпiлiся сотнi стрэл. Стрэлы ў чалавечкаў былi тоненькiя i вострыя, як iголкi.

Гулiвер заплюшчыў вочы i вырашыў ляжаць нерухома, пакуль не надыдзе ноч.

"У цемры будзе лягчэй вызвалiцца", - думаў ён.

Але дачакацца ночы на лужку яму не давялося.

Непадалёк ад яго правага вуха пачуўся часты, дробны стук, быццам нехта побач забiваў у дошку цвiкi.

Малаточкi стукалi цэлўю гадзiну.

Гулiвер крыху павярнуў галаву - павярнуць яе болей не давалi вяровачкi i колiкi - i каля самай сваёй галавы ўбачыў толькi што пабудаваны драўляны памост. Некалькi чалавечкаў прыладжвалi да яго лесвiцу.

Потым яны знiклi, i па прыступках на памост паволi падняўся чалавечак у доўгiм плашчы.

За iм iшоў другi, амаль у два разы меншы ростам, i нёс край яго плашча. Напэўна, гэты быў хлопчык-паж. Ён быў не большы за Гулiвераў мезены палец.

Апошнiмi на памост узышлi два стралкi з нацягнутымi лукамi ў руках.

- Лангра дэгюль сан! - тры разы пракрычаў чалавечак у плашчы i разгарнуў скрутак велiчынёй з бярозавы лiсток.

Зараз жа да Гулiвера падбеглi пяцьдзесят чалавечкаў i абрэзалi вяроўкi, прывязаныя да яго валасоў.

Гулiвер павярнуў галаву i пачаў слухаць, што чытае чалавечак у плашчы. Чалавечак чытаў i гаварыў доўга-доўга. Гулiвер нiчога не зразумеў, але на ўсякi выпадак кiўнуў галавой i прыклаў да сэрца свабодную руку.

Ён здагадаўся, што перад iм нейкая важная асоба, вiдаць, каралеўскi пасол.

Перш за ўсё Гулiвер вырашыў папрасiць, каб яго накармiлi.

З таго часу, як ён пакiнуў карабель, у роце ў яго не было нi крошкi. Ён узняў палец i некалькi разоў паднёс яго да губ.

Напэўна, чалавечак у плашчы зразумеў гэты знак. Ён сышоў з памосту, i зараз жа да бакоў Гулiвера прыставiлi некалькi доўгiх лесвiц.

Не прайшло i чвэрцi гадзiны, як сотнi згорбленых насiльшчыкаў пацягнулi па гэтых лесвiцах кашы з ежай.

У кашах былi тысячы буханак хлеба велiчынёй з гарошыну, цэлыя кумпякi - з грэцкi арэх, смажаныя кураняты - меншыя за нашу муху.

Гулiвер зараз праглынуў два кумпякi з трыма буханкамi хлеба. Ён з'еў пяць смажаных быкоў, восем вяленых бараноў, дзевятнаццаць вэнджаных парасят i сотнi дзве куранят i гусей.

Кашы хутка апусцелi.

Тады чалавечкi падкацiлi да рукi Гулiвера дзве бочкi з вiном. Бочкi былi велiзарныя - кожная са шклянку.

Гулiвер выбiў дно з адной бочкi, выбiў з другой i некалькiмi глыткамi асушыў абедзве.

Чалавечкi пляснулi рукамi ад здзiўлення. Потым яны знакамi папрасiлi яго скiнуць на зямлю пустыя бочкi.

Гулiвер падкiнуў абедзве разам. Бочкi перакулiлiся ў паветры i з трэскам пакацiлiся ў розныя бакi.

Натоўп на лужку расступiўся, гучна закрычаўшы:

- Бора мевола! Бора мевола!

Пасля вiна Гулiверу адразу захацелася спаць. Скрозь сон ён чуў, як чалавечкi бегаюць па ўсiм яго целе ўдоўж i ўпоперак, скочваюцца з бакоў, быццам з гары, казычуць яго палкамi i коп'ямi, скачуць з пальца на палец.

Яму вельмi хацелася скiнуць з сябе дзесятак-другi гэтых маленькiх чалавечкаў, якiя не давалi яму спаць, але ён пашкадаваў iх. Як-нiяк, а чалавечкi толькi што гасцiнна накармiлi яго смачным, сытным абедам, i было б няўдзячнасцю папераламваць iм за гэта рукi i ногi. I зноў жа, Гулiвер не мог не дзiвiцца з незвычайнай храбрасцi гэтых малюсенькiх людзей, што бегалi ўзад i ўперад па грудзях велiкана, якi мог знiшчыць iх усiх адной пстрычкай.

Ён вырашыў не звяртаць на iх увагi i, ап'янелы ад выпiтага вiна, хутка заснуў.

Чалавечкi толькi гэтага i чакалi. Яны наўмысна падсыпалi ў бочкi з вiном соннага парашку, каб гэты велiзарны госць заснуў.

4

Краiна, у якую занесла бура Гулiвера, называлася Лiлiпуцiя, а жылi ў гэтай краiне лiлiпуты.

Самыя высокiя дрэвы ў Лiлiпуцii былi не вышэй, чым у нас куст парэчак, самыя вялiкiя дамы былi нiжэй за стол. Такога велiкана, як Гулiвер, у Лiлiпуцii нiхто нiколi не бачыў.

Iмператар загадаў прывезцi яго ў сталiцу. Для гэтага Гулiверу i падсыпалi соннага парашку.

Пяцьсот цесляроў па загаду iмператара змайстравалi велiзарныя калёсы на дваццацi двух колах.

Калёсы былi гатовы за некалькi гадзiн, але ўзвалiць на iх Гулiвера было не так проста.

I вось што выдумалi для гэтага лiлiпуцкiя iнжынеры.

Яны паставiлi калёсы побач з велiканам, ля самага яго боку. Потым убiлi ў зямлю восемдзесят слупкоў з блокамi наверсе i накiнулi на гэтыя блокi тоўстыя канаты з кручкамi на канцах. Канаты былi таўшчынёй са звычайную аборку.

Калi ўсё было гатова, лiлiпуты ўзялiся за работу. Яны абкруцiлi тулава, абедзве нагi i абедзве рукi Гулiвера моцнымi павязкамi i, падчапiўшы гэтыя павязкi кручкамi, пачалi цягнуць за канаты.

Дзевяцьсот самых дужых асiлкаў былi сабраны для гэтай работы з усiх канцоў Лiлiпуцii.

Яны ўпiралiся ў зямлю нагамi i, аблiваючыся потам, з усяе сiлы цягнулi за канаты.

Праз гадзiну iм удалося падняць Гулiвера з зямлi на паўпальца, праз дзве на палец, а праз тры - яны ўзвалiлi яго на калёсы.

Паўтары тысячы самых вялiкiх коней з прыдворных канюшань, кожны ростам з толькi што народжанае кацяня, былi запрэжаны ў калёсы па дзесяць у рад. Фурманы размахнулiся пугамi, i калёсы паволi паехалi па дарозе ў галоўны горад Лiлiпуцii - Мiльдэнда.

Гулiвер усё яшчэ спаў. Ён, напэўна, не прачнуўся б да канца дарогi, калi б яго выпадкова не разбудзiў адзiн з афiцэраў iмператарскай гвардыi.

Здарылася гэта так. З калёсаў зляцела кола. Каб уздзець яго, давялося спынiцца.

У час гэтага прыпынку некалькi маладых людзей захацелi паглядзець, якi твар у Гулiвера, калi ён спiць. Двое ўзлезлi на калёсы i цiхенька падкралiся да самага яго твару. А трэцi - гвардзейскi афiцэр, - не злазячы з каня, прыўстаў на страмёнах i паказытаў у левай наздрыне вастрыём сваёй пiкi.

Гулiвер мiжвольна зморшчыў нос i моцна чхнуў.

- Апчхi! - паўтарыла рэха.

Смельчакоў быццам вецер здзьмухнуў.

А Гулiвер прачнуўся, пачуў, як шлёгаюць пугамi паганятыя, i зразумеў, што яго некуды вязуць.

Цэлы дзень узмыленыя конi цягнулi звязанага Гулiвера па дарогах Лiлiпуцii.

Толькi позна ўвечары калёсы спынiлiся, i коней выпраглi, каб накармiць i напаiць.

Усю ноч ля калёсаў стаяла на варце тысяча гвардзейцаў: пяцьсот - з факеламi, пяцьсот - з лукамi напагатове.

Стралкам было загадана выпусцiць у Гулiвера пяцьсот стрэл, хай толькi ён надумае паварушыцца.

Калi настала ранiца, калёсы рушылi далей.

5

Непадалёк ад гарадскiх варот на плошчы стаяў старадаўнi замак з дзвюма вуглавымi вежамi. У замку даўно нiхто не жыў.

Да гэтага пустога замка лiлiпуты i прывезлi Гулiвера.

Гэта быў самы вялiзны будынак ва ўсёй Лiлiпуцii. Вежы яго былi вышынёй у чалавечы рост. Нават такi велiкан, як Гулiвер, мог свабодна прапаўзцi ў яго дзверы, а ў параднай зале ён, напэўна, змог бы выпрастацца ва ўвесь свой рост.

Вось тут i сабраўся пасялiць Гулiвера iмператар Лiлiпуцii.

Але Гулiвер гэтага яшчэ не ведаў. Ён ляжаў на сваiх калёсах, а з усiх бакоў да яго беглi натоўпы лiлiпутаў.

Конная варта адганяла цiкаўных, але ўсё-такi тысяч дзесяць чалавечкаў паспелi пагуляць па Гулiверавых нагах, па яго грудзях, плячах i каленях, пакуль ён ляжаў звязаны.

Нешта стукнула Гулiвера па назе. Гулiвер крышку прыўзняў галаву i ўбачыў некалькiх лiлiпутаў з закасанымi рукавамi i ў чорных фартухах. Малюсенькiя малаточкi блiшчалi ў iх руках. Гэта прыдворныя кавалi закоўвалi Гулiвера ў ланцугi.

Ад сцяны замка да яго нагi яны працягнулi дзевяноста адзiн ланцужок такой таўшчынi, як звычайна робяць для гадзiннiкаў, i замкнулi iх у яго вышэй костачак трыццаццю шасцю вiсячымi замкамi. Ланцужкi былi такiя доўгiя, што Гулiвер мог гуляць па пляцоўцы перад замкам i свабодна запаўзаць у свой дом.

Кавалi скончылi работу i адышлiся. Варта перасекла вяроўкi, i Гулiвер стаў на ногi.

- А-ах, - закрычалi лiлiпуты, - Куiнбус Флестрын! Куiнбус Флестрын!

Па-лiлiпуцку гэта азначала: "Чалавек-Гара! Чалавек-Гара!"

Гулiвер асцярожна пераступiў з нагi на нагу, каб не раздушыць каго-небудзь з мясцовых жыхароў, i азiрнуўся вакол.

Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бачыць такой прыгожай краiны. Сады i лугi тут былi падобны на стракатыя клумбы кветак. Рэкi беглi хуткiмi чыстымi ручайкамi, а горад здалёк здаваўся цацачным.

Гулiвер глядзеў так доўга, што не заўважыў, як вакол яго сабралася амаль усё насельнiцтва сталiцы.

Лiлiпуты круцiлiся ля яго ног, мацалi спражкi чаравiкаў i так задзiралi галовы, што капелюшы падалi на зямлю.

Хлапчукi спрачалiся, хто з iх дакiне камень да самага носа Гулiвера.

Вучоныя разважалi мiж сабой, адкуль узяўся Куiнбус Флестрын.

- У нашых старых кнiгах напiсана, - сказаў адзiн вучоны, - што тысячу гадоў таму назад мора выкiнула да нас на бераг страшыдла. Я думаю, што i Куiнбус Флестрын вынырнуў з дна мора.

- Не, - адказаў другi вучоны, - у марскога страшыдла павiнны быць жабры i хвост. Куiнбус Флестрын звалiўся з Месяца.

Лiлiпуцкiя мудрацы не ведалi, што на свеце ёсць iншыя краiны, i думалi, што ўсюды жывуць адны лiлiпуты.

Вучоныя доўга хадзiлi вакол Гулiвера i круцiлi галовамi, але так i не паспелi вырашыць, адкуль узяўся Куiнбус Флестрын.

Коннiкi на вараных конях з коп'ямi наперавес разагналi натоўп.

- Пеплам селян! Пеплам селян! - крычалi яны.

Гулiвер убачыў залатую скрыначку на колах. Скрыначку везла шасцёрка белых коней. Побач, таксама на белым канi, ехаў чалавечак у залатым шлеме з пяром.

Чалавечак у шлеме пад'ехаў да чаравiка Гулiвера i спынiў свайго каня. Конь захроп i стаў дыбам.

Зараз жа некалькi афiцэраў падбеглi з двух бакоў да коннiка, схапiлi яго каня за аброць i асцярожна адвялi далей ад Гулiверавай нагi.

Коннiк на белым канi i быў iмператар Лiлiпуцii, а ў залатой карэце сядзела iмператрыца.

Чатыры пажы разаслалi на лужку аксамiтную стужку, паставiлi маленькае пазалочанае крэселка i расчынiлi дзверцы карэты.

Iмператрыца выйшла i села ў крэсла, расправiўшы сукенку.

Вакол яе на залатых лавачках паселi яе прыдворныя дамы.

Яны былi так разадзеты, што ўвесь лужок стаў падобны на разасланую спаднiцу, вышытую золатам, срэбрам i каляровым шоўкам.

Iмператар саскочыў з каня i некалькi разоў абышоў вакол Гулiвера. За iм iшла яго свiта.

Каб лепш разгледзець iмператара, Гулiвер лёг на бок.

Яго вялiкасць быў на цэлы пазногаць вышэйшы за сваiх прыдворных. Ён быў ростам тры вяршкi з лiшнiм i, вiдаць лiчыўся ў Лiлiпуцii вельмi высокiм чалавекам.

У руцэ iмператар трымаў аголеную шпагу, трошкi карацейшую за вязальны пруток. На яе залатой рукаятцы i ножнах блiшчалi брыльянты.

Яго iмператарская вялiкасць задраў галаву i пра нешта спытаў у Гулiвера.

Гулiвер не зразумеў яго пытання, але на ўсякi выпадак расказаў iмператару, хто ён такi i адкуль з'явiўся.

Iмператар толькi пацiснуў плячыма.

Тады Гулiвер расказаў тое ж самае па-галандску, па-латынi, па-грэчаску, па-французску, па-гiшпанску, па-iталiйску i па-турэцку.

Але iмператар Лiлiпуцii, як вiдаць, не ведаў гэтых моў. Ён кiўнуў галавой Гулiверу, ускочыў на каня i памчаўся назад у сталiцу Лiлiпуцii Мiльдэнда. Услед за iм паехала iмператрыца са сваiмi дамамi.

А Гулiвер застаўся сядзець перад замкам, як сабака на ланцугу перад будкай.

Да вечара вакол Гулiвера сабралася, напэўна, тысяч трыста лiлiпутаў - усе гарадскiя жыхары i ўсе сяляне з суседнiх вёсак.

Кожнаму хацелася пабачыць, што гэта такое Куiнбус Флестрын - Чалавек-Гара.

Гулiвера ахоўвала варта, узброеная коп'ямi, лукамi i мячамi. Варце было загадана нiкога не падпускаць да Гулiвера i сачыць, каб ён не сарваўся з ланцуга i не ўцёк.

Дзве тысячы салдат выстраiлiся перад замкам, але ўсё-такi натоўп гараджан прарваўся праз iх строй.

Адны аглядалi абцасы Гулiвера, другiя шпурлялi ў яго каменьчыкамi або цэлiлiся з лукаў у яго гузiкi.

Адна страла абадрала Гулiверу шыю, другая страла ледзь не трапiла яму ў левае вока.

Начальнiк варты загадаў злавiць свавольнiкаў, звязаць iх i выдаць Куiнбусу Флестрыну.

Гэта было страшней за ўсякае iншае пакаранне.

Салдаты звязалi шэсць лiлiпутаў i, падштурхоўваючы тупымi канцамi пiкаў, прыгналi да ног Гулiвера.

Гулiвер нагнуўся, згроб усiх адной рукой i паклаў у кiшэню сваёй камiзэлькi.

Толькi аднаго чалавечка ён пакiнуў у руцэ, асцярожна ўзяў двума пальцамi i пачаў разглядаць.

Чалавечак ухапiўся аберуч за Гулiвераў палец i дзiка закрычаў.

Гулiверу стала шкада чалавечка. Ён ласкава ўсмiхнуўся яму i дастаў з кiшэнi складны ножык, каб разрэзаць вяроўкi, якiмi былi звязаны рукi i ногi лiлiпута.

Лiлiпут убачыў блiскучыя зубы Гулiвера, убачыў велiзарны нож i закрычаў яшчэ мацней. Натоўп унiзе прыцiх ад жаху.

А Гулiвер цiхенька перарэзаў адну вяроўку, перарэзаў другую i паставiў чалавечка на зямлю.

Потым ён адпусцiў i тых лiлiпутаў, што капашылiся ў яго ў кiшэнi.

- Глюм глеф Куiнбус Флестрын! - закрычаў увесь натоўп.

Па-лiлiпуцку гэта азначала: "Няхай жыве Чалавек-Гара!"

А начальнiк варты паслаў у палац двух сваiх афiцэраў, каб яны далажылi аб усiм, што здарылася, самому iмператару.

6

Мiж тым у палацы Бельфабарак, у самай далёкай зале, iмператар сабраў тайную нараду, каб вырашыць, што рабiць з Гулiверам.

Мiнiстры i саветнiкi спрачалiся мiж сабой дзевяць гадзiн.

Адны гаварылi, што Гулiвера трэба як мага хутчэй забiць. Калi Чалавек-Гара парве свой ланцуг i ўцячэ, ён можа растаптаць усю Лiлiпуцiю. А калi ён не ўцячэ, то iмперыi пагражае страшэнны голад, бо кожны дзень ён будзе з'ядаць хлеба i мяса больш, чым патрэбна для таго, каб пракармiць тысячу семсот дваццаць восем лiлiпутаў. Гэта падлiчыў адзiн вучоны, якога запрасiлi на тайную нараду, таму што ён вельмi добра ўмеў лiчыць.

Другiя даказвалi, што забiваць Куiнбуса Флестрына гэтак жа небяспечна, як i пакiнуць яго жывым. Ад разлажэння такога велiзарнага трупа можа пачацца чума не толькi ў сталiцы, але i па ўсёй iмперыi.

Дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель папрасiў у iмператара слова i сказаў, што Гулiвера не трэба забiваць, ва ўсякiм выпадку да таго часу, пакуль не будзе пабудавана новая крапасная сцяна вакол Мiльдэнда. Чалавек-Гара з'ядае хлеба i мяса больш, чым тысяча семсот дваццаць восем лiлiпутаў, але затое ён, вiдаць, i працаваць будзе за дзве тысячы лiлiпутаў. Акрамя таго, у выпадку вайны ён можа абаранiць краiну лепш, чым пяць крэпасцей.

Iмператар сядзеў на сваiм троне пад балдахiнам i слухаў, што гавораць мiнiстры.

Калi Рэльдрэсель скончыў, ён кiўнуў галавой. Усе зразумелi, што словы дзяржаўнага сакратара яму спадабалiся.

Але ў гэты час устаў са свайго месца адмiрал Скайрэш Балгалам, камандзiр усяго флоту Лiлiпуцii.

- Чалавек-Гара, - сказаў ён, - самы дужы з усiх людзей на свеце, гэта праўда. Але якраз таму яго i трэба пакараць смерцю як мага хутчэй. Бо калi ў час вайны ён надумае далучыцца да ворагаў Лiлiпуцii, то дзесяць палкоў iмператарскай гвардыi не змогуць з iм справiцца. Зараз ён яшчэ ў руках лiлiпутаў, i трэба дзейнiчаць, пакуль не позна.

Казначэй Флiмнап, генерал Лiмток i суддзя Бельмаф згадзiлiся з думкай адмiрала.

Iмператар усмiхнуўся i кiўнуў адмiралу галавой - i не адзiн раз, як Рэльдрэселю, а два разы. Вiдаць было, што гэтая прамова спадабалася яму яшчэ больш.

Лёс Гулiвера быў вырашаны.

Але ў гэты час дзверы расчынiлiся, i ў залу тайнай нарады ўбеглi два афiцэры, якiх прыслаў да iмператара начальнiк варты. Яны сталi перад iмператарам на каленi i далажылi аб тым, што здарылася на плошчы.

Калi афiцэры расказалi, як лiтасцiва абышоўся Гулiвер са сваiмi палоннымi, дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель зноў папрасiў слова.

Ён сказаў яшчэ адну доўгую прамову, у якой даказваў, што баяцца Гулiвера не трэба i што жывы ён будзе куды больш карысны iмператару, чым мёртвы.

Iмператар вырашыў памiлаваць Гулiвера, але загадаў адабраць у яго велiзарны нож, пра якi толькi што расказалi афiцэры варты, а разам з тым i iншую зброю, калi яна будзе знойдзена пры вобыску.

7

Абшукаць Гулiвера было даручана двум чыноўнiкам. Знакамi яны растлумачылi Гулiверу, што патрабуе ад iх iмператар.

Гулiвер не захацеў з iмi спрачацца. Ён узяў абодвух чыноўнiкаў у рукi i апусцiў спачатку ў адну кiшэню кафтана, затым у другую, а потым перанёс iх у кiшэнi штаноў i камiзэлькi.

Толькi ў адну патайную кiшэню Гулiвер не пусцiў чыноўнiкаў. Там у яго былi схаваны акуляры, падзорная труба i компас.

Чыноўнiкi прынеслi з сабой лiхтар, паперу, пёры i чарнiла. Цэлыя тры гадзiны корпалiся яны ў кiшэнях Гулiвера, разглядаючы рэчы i складаючы вопiс.

Скончыўшы сваю работу, яны папрасiлi Чалавека-Гару дастаць iх з апошняй кiшэнi i спусцiць на зямлю.

Пасля гэтага яны пакланiлiся Гулiверу i панеслi складзены вопiс у палац.

Вось ён - слова ў слова:

"Вопiс прадметаў, знойдзеных у кiшэнях Чалавека-Гары:

1. У правай кiшэнi кафтана мы знайшлi вялiкi кавалак грубага палатна, якi па сваёй велiчынi мог бы быць дываном для параднай залы палаца Бельфабарак.

2. У левай кiшэнi знайшлi велiзарны срэбны куфэрак з вечкам. Вечка такое цяжкае, што мы самi не маглi падняць яго. Калi па нашаму патрабаванню Куiнбус Флестрын прыўзняў вечка свайго куфэрка, адзiн з нас залез усярэдзiну i тут жа правалiўся вышэй каленяў у нейкi жоўты пыл. Цэлае воблака гэтага пылу ўзнялося ўгору i прымусiла нас чхаць да слёз.

3. У правай кiшэнi штаноў знаходзiцца велiзарны нож. Калi паставiць яго старчма, ён будзе вышэй чалавечага росту.

4. У левай кiшэнi штаноў знойдзена нябачаная ў нашых краях машына з жалеза i дрэва. Яна такая вялiкая i цяжкая, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганнi, нам не ўдалося скрануць яе з месца. Гэта перашкодзiла нам агледзець машыну з усiх бакоў.

5. У правай верхняй кiшэнi камiзэлькi ляжыць цэлы стос прамавугольных, зусiм аднолькавых лiстоў, зробленых з нейкага невядомага нам белага i гладкага матэрыялу. Увесь гэты стос - вышынёй з палову чалавечага росту i таўшчынёй у тры абхваты - прашыты тоўстымi вяроўкамi. Мы ўважлiва агледзелi некалькi верхнiх лiстоў i заўважылi на iх рады чорных таямнiчых знакаў. Мы мяркуем, што гэта лiтары невядомай нам азбукi. Кожная лiтара велiчынёй з нашу далонь.

6. У левай верхняй кiшэнi камiзэлькi мы знайшлi сетку памерам з рыбалоўную, але зробленую так, што яна можа зачыняцца i адчыняцца накшталт кашалька. У ёй ляжыць некалькi цяжкiх прадметаў з чырвонага, белага i жоўтага металу. Яны рознай велiчынi, але аднолькавай формы - круглыя i плоскiя. Чырвоныя - вiдаць, з медзi. Яны такiя цяжкiя, што мы ўдвух ледзь маглi падняць такi дыск. Белыя - вiдаць, срэбныя - меншыя. Яны падобныя на шчыты нашых воiнаў. Жоўтыя - вiдаць, залатыя. Яны крыху большыя за нашы талеркi, але вельмi цяжкiя. Калi толькi гэта сапраўднае золата, то яны павiнны каштаваць вельмi дорага.

7. З правай нiжняй кiшэнi камiзэлькi звешваецца тоўсты металiчны ланцуг, вiдаць, срэбны. Гэты ланцуг прымацаваны да вялiкага круглага прадмета, якi знаходзiцца ў кiшэнi i зроблены з таго ж металу. Што гэта за прадмет, невядома. Адна яго сценка празрыстая, як лёд, i праз яе добра вiдаць дванаццаць чорных знакаў, размешчаных па крузе, i дзве доўгiя стралы.

Унутры гэтага круглага прадмета, вiдаць, сядзiць нейкая таямнiчая iстота, якая не перастаючы стукае не то зубамi, не то хвастом. Чалавек-Гара растлумачваў нам - часткова словамi, а часткова жэстамi - што без гэтай круглай металiчнай скрынкi ён бы не ведаў, калi яму ўставаць ранiцой i калi класцiся вечарам, калi пачынаць працу i калi яе канчаць.

8. У левай нiжняй кiшэнi камiзэлькi мы бачылi рэч, падобную на рашотку дварцовага саду. Вострымi прутамi гэтай рашоткi Чалавек-Гара расчэсвае сабе валасы.

9. Закончыўшы абследаванне кафтана i камiзэлькi, мы агледзелi рэмень Чалавека-Гары. Ён зроблены са скуры нейкай велiзарнай жывёлiны. З левага боку на iм вiсiць меч даўжынёй больш чым у пяць разоў за сярэднi чалавечы рост, а з правага - мяшок, падзелены на два аддзяленнi. У кожным з iх могуць лёгка змясцiцца тры дарослыя лiлiпуты.

У адным з аддзяленняў мы знайшлi мноства цяжкiх i гладкiх металiчных шароў велiчынёй з чалавечую галаву; другое да краёў запоўнена нейкiмi чорнымi зярнятамi, даволi лёгкiмi i не надта буйнымi. Мы, змаглi змясцiць у сябе на далонi некалькi дзесяткаў гэтых зярнят.

Такi падрабязны вопiс рэчаў, знойдзеных пры вобыску ў Чалавека-Гары.

У час вобыску вышэйназваны Чалавек-Гара паводзiў сябе ветлiва i спакойна".

Пад вопiсам чыноўнiкi паставiлi пячатку i падпiсалiся:

Клефрын Фрэлок, Марсi Фрэлок.

8

На другую ранiцу перад домам Гулiвера выстраiлiся войскi, сабралiся прыдворныя. Прыехаў i сам iмператар са свiтай i мiнiстрамi.

У гэты дзень Гулiвер павiнен быў аддаць iмператару Лiлiпуцii сваю зброю.

Адзiн чыноўнiк гучна чытаў вопiс, а другi бегаў па Гулiверу з кiшэнi ў кiшэню i паказваў яму, якiя рэчы патрэбна даставаць.

- Кавалак грубага палатна! - пракрычаў чыноўнiк, якi чытаў вопiс.

Гулiвер паклаў на зямлю сваю насоўку.

- Срэбны куфэрак!

Гулiвер дастаў з кiшэнi табакерку.

- Стос гладкiх белых лiстоў, прашытых вяроўкамi!

Гулiвер паклаў побач з табакеркай сваю запiсную кнiжку.

- Доўгi прадмет, падобны на садовую рашотку.

Гулiвер дастаў грабеньчык.

- Скураны пояс, меч, падвойны мяшок з металiчнымi шарамi ў адным аддзяленнi i чорнымi зярнятамi - у другiм!

Гулiвер адшпiлiў пояс i паклаў яго на зямлю разам са сваiм корцiкам i мяшочкам, у якiм ляжалi кулi i порах.

- Машына з жалеза i дрэва! Рыбалоўная сетка з круглымi прадметамi з медзi, серабра i золата! Велiзарны нож! Круглая металiчная скрынка.

Гулiвер дастаў пiсталет, кашалёк з манетамi, кiшэнны ножык i гадзiннiк. Iмператар перш за ўсё агледзеў нож i корцiк, а затым загадаў Гулiверу паказаць, як страляюць з пiсталета.

Гулiвер паслухаўся. Ён зарадзiў пiсталет адным толькi порахам - порах у парахаўнiцы застаўся зусiм сухi, таму што вечка завiнчвалася наглуха, - узняў пiсталет i стрэлiў у паветра.

Пачуўся аглушальны грукат. Многiя людзi страцiлi прытомнасць, а iмператар пабялеў, закрыў твар рукамi i доўга не адважваўся расплюшчыць вочы.

Калi дым разышоўся i ўсе супакоiлiся, уладар Лiлiпуцii загадаў адвезцi ў арсенал нож, корцiк i пiсталет.

Астатнiя рэчы Гулiверу аддалi назад.

9

Цэлага паўгода пражыў Гулiвер у палоне. Шэсць самых славутых вучоных кожны дзень прыходзiлi ў замак вучыць яго лiлiпуцкай мове.

Праз тры тыднi ён ужо добра разумеў, што гавораць навокал, а месяцы праз два i сам навучыўся размаўляць з жыхарамi Лiлiпуцii.

На першых жа ўроках Гулiвер запомнiў адну фразу, якая патрэбна была яму больш за ўсё: "Ваша вялiкасць, я прашу вас адпусцiць мяне на волю".

Кожны дзень на каленях паўтараў ён гэтыя словы iмператару, але iмператар адказваў заўсёды адно i тое ж:

- Люмоз кельмiн песо дэсмар лон эмпазо!

Гэта значыць: "Я не магу вызвалiць цябе, пакуль ты не паклянешся мне жыць у мiры са мной i з усёй маёй iмперыяй".

Гулiвер гатоў быў у любую хвiлiну даць клятву, якую ад яго патрабавалi. Ён зусiм i не хацеў ваяваць з маленькiмi чалавечкамi. Але iмператар адкладваў цырымонiю ўрачыстай клятвы з дня на дзень.

Пакрысе лiлiпуты прывыклi да Гулiвера i перасталi яго баяцца.

Часта вечарамi ён клаўся на зямлю перад сваiм замкам i дазваляў пяцi цi шасцi чалавечкам танцаваць у сябе на далонi.

Дзецi з Мiльдэнда прыходзiлi гуляць у хованкi ў яго валасах.

I нават лiлiпуцкiя конi больш не храплi i не станавiлiся дыбка, калi бачылi Гулiвера.

Iмператар наўмысна загадаў як мага часцей наладжваць конныя вучэннi перад старым замкам, каб прывучыць коней сваёй гвардыi да жывой гары.

Ранiцой усiх коней з палкавых i ўласных iмператарскiх канюшань праводзiлi ля ног Гулiвера.

Кавалерысты прымушалi сваiх коней пераскокваць цераз яго руку, пакладзеную на зямлю, а адзiн славуты коннiк пераскочыў нават неяк цераз яго нагу, закутую ў ланцуг.

Гулiвер усё яшчэ сядзеў на ланцугу. Ад нуды ён узяўся за работу i сам зрабiў сабе стол, крэслы i ложак.

Для гэтага яму прывезлi каля тысячы самых вялiкiх i тоўстых дрэў з iмператарскiх лясоў.

А пасцель для Гулiвера зрабiлi лепшыя мясцовыя майстры. Яны прынеслi ў замак шэсцьсот сеннiкаў звычайнай лiлiпуцкай велiчынi. Па сто пяцьдзесят штук сшылi яны разам i зрабiлi чатыры вялiкiя сеннiкi на Гулiвераў рост. Iх паклалi адзiн на адзiн, але ўсё-такi спаць Гулiверу было мулка.

Такiм жа чынам зрабiлi для яго коўдру i прасцiны.

Коўдра выйшла тонкая i не вельмi цёплая. Але Гулiвер быў марак i не баяўся прастуды.

Абед, вячэру i снеданне для Гулiвера варылi трыста павароў. Для гэтага каля замка iм пабудавалi цэлую кухонную вулiцу - з правага боку стаялi кухнi, а з левага жылi павары са сваiмi сем'ямi.

За сталом звычайна прыслугоўвала не больш ста дваццацi лiлiпутаў.

Дваццаць чалавечкаў Гулiвер браў у рукi i ставiў проста да сябе на стол. Астатнiя сто працавалi ўнiзе. Адны падвозiлi ежу ў тачках або падносiлi на насiлках, другiя падкочвалi да ножкi стала бочкi з вiном.

Са стала ўнiз былi спушчаны моцныя вяроўкi, i чалавечкi, што стаялi на стале, з дапамогай спецыяльных блокаў усцягвалi ежу наверх.

Кожны дзень на свiтаннi да старога замка прыганялi цэлы статак жывёлы шэсць быкоў, сорак бараноў i мноства ўсялякай дробнай жыўнасцi.

Смажаных быкоў i бараноў Гулiвер звычайна разразаў на дзве цi нават на тры часткi, iндыкоў i гусей адпраўляў у рот цалкам, не разразаючы, а дробную птушку - курапатак, бакасаў, рабчыкаў - глытаў па дзесяць, а то i па пятнаццаць штук зараз.

Калi Гулiвер еў, натоўп лiлiпутаў стаяў вакол i дзiвiўся на яго. Аднойчы нават сам iмператар у суправаджэннi iмператрыцы, прынцаў, прынцэс i ўсёй свiты прыехаў паглядзець на такое рэдкае вiдовiшча.

Гулiвер паставiў крэслы знатных гасцей на стол насупраць свайго прыбора i выпiў за здароўе iмператара, iмператрыцы i ўсiх прынцаў i прынцэс па чарзе. Ён у гэты дзень еў нават больш, чым звычайна, каб здзiвiць i пацешыць сваiх гасцей, але абед здаўся яму не такi смачны, як заўсёды. Ён заўважыў, як спалохана i злосна глядзеў у яго бок дзяржаўны казначэй Флiмнап.

I сапраўды, на другi дзень казначэй Флiмнап зрабiў даклад iмператару. Ён сказаў:

- Горы, ваша вялiкасць, добрыя тым, што яны не жывыя, а мёртвыя, i таму iх не трэба кармiць. Калi ж якая-небудзь гара раптам ажыве i запатрабуе, каб яе кармiлi, больш разумна будзе зрабiць яе зноў мёртвай, чым падаваць ёй кожны дзень снеданне, абед i вячэру.

Iмператар уважлiва выслухаў Флiмнапа, але не згадзiўся з iм.

- Не спяшайцеся, дарагi Флiмнап, - сказаў ён. - Усё ў свой час.

Гулiвер нiчога не ведаў пра гэту размову. Ён сядзеў каля замка, гутарыў са знаёмымi лiлiпутамi i сумна разглядаў вялiкую дзiрку на рукаве свайго кафтана.

Ужо шмат месяцаў ён, не мяняючы, насiў адну i тую ж кашулю, адны i тыя ж кафтан i камiзэльку i з трывогай думаў пра тое, што вельмi хутка яны ператворацца ў лахманы.

Ён папрасiў выдаць яму якой-небудзь тоўстай тканiны на латкi, але замест гэтага да яго з'явiлася трыста краўцоў. Яны загадалi Гулiверу стаць на каленi i прыставiлi да яго спiны доўгую лесвiцу.

Па гэтай лесвiцы старшы кравец дабраўся да яго шыi i спусцiў адтуль, ад патылiцы да падлогi, вяроўку з грузам на канцы. Такой даўжынi патрэбна было пашыць кафтан.

Рукавы i паяснiцу Гулiвер змераў сам.

Праз два тыднi новы строй быў гатовы. Ён атрымаўся цудоўны, але быў падобны на коўдру з абрэзкаў, бо яго давялося сшыць з некалькiх тысяч кавалкаў тканiны.

Кашулю Гулiверу шылi дзвесце швачак. Для гэтага яны ўзялi самае моцнае i грубае палатно, якое толькi маглi знайсцi, але нават яго давялося складаць у некалькi столак, а потым сшываць, бо самае тоўстае паруснае палатно ў Лiлiпуцii не таўсцейшае за нашу кiсяю. Кавалкi гэтага лiлiпуцкага палатна бываюць звычайна даўжынёй са старонку школьнага сшытка, а шырынёй - на паўстаронкi.

Швачкi знялi з Гулiвера мерку, калi ён ляжаў у пасцелi. Адна з iх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялi за канцы доўгую вяроўку i туга нацягнулi яе, а трэцяя швачка маленькай лiнеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкi.

Гулiвер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю i паказаў яе швачкам. Яны некалькi дзён аглядалi рукавы, каўнер i складкi на грудзях, а потым за адзiн тыдзень вельмi акуратна пашылi кашулю якраз такога ж фасону.

Гулiвер быў вельмi рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае i цэлае.

Цяпер яму не хапала толькi капелюша. Але тут яго выручыў шчаслiвы выпадак.

Аднойчы да iмператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухi заўважылi велiзарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзiне i з шырокiмi плоскiмi краямi.

Спачатку мясцовыя жыхары падумалi, што гэта марская жывёлiна, выкiнутая хвалямi. Але паколькi гарбун ляжаў зусiм нерухома i не дыхаў, то яны здагадалiся, што гэта нейкая рэч, якая належала Чалавеку-Гары. Калi яго iмператарская вялiкасць загадае, гэтую рэч можна прывезцi ў Мiльдэнда ўсяго на пяцi конях.

Iмператар згадзiўся, i праз некалькi дзён пастухi прывезлi Гулiверу яго стары чорны капялюш, якi ён згубiў на водмелi.

Праўда, капялюш быў крыху папсаваны, таму што возчыкi прабiлi ў яго палях дзве дзiркi i ўсю дарогу валаклi на доўгiх вяроўках. Але ўсё-такi гэта быў капялюш, i Гулiвер надзеў яго на галаву.

10

Жадаючы дагадзiць iмператару i хутчэй выйсцi на волю, Гулiвер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасiў прывезцi яму з лесу некалькi тоўстых i вялiкiх дрэў.

На другi дзень сем возчыкаў на сямi калёсах прывезлi яму бярвеннi. Кожныя калёсы цягнулi восем коней, хоць бярвеннi былi таўшчынёй са звычайны кiёк.

Гулiвер выбраў дзевяць аднолькавых кiйкоў i ўбiў iх у зямлю, размясцiўшы правiльным чатырохвугольнiкам. На гэтыя кiйкi ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка.

Вакол яе Гулiвер паставiў поручнi i прапанаваў iмператару наладзiць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборнiцтва.

Iмператару вельмi спадабалася гэта забава.

Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраеннi рушылi да старога замка, i сам прыехаў глядзець на iх спаборнiцтвы.

Гулiвер па чарзе падняў усiх кавалерыстаў разам з коньмi i паставiў на пляцоўку.

Затрубiлi трубы. Коннiкi падзялiлiся на два атрады i пачалi ваенныя дзеяннi. Яны пускалi адзiн у аднаго тупыя стрэлы, калолi сваiх працiўнiкаў тупымi коп'ямi, адступалi i нападалi.

Iмператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень.

Адзiн раз ён нават сам камандаваў атакай на Гулiверавай насоўцы.

Гулiвер у гэты час трымаў на далонi крэсла, у якiм сядзела iмператрыца. Адсюль ёй было лепш вiдаць, што робiцца на насоўцы.

Усё iшло добра. Толькi аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афiцэра прабiў капытом насоўку, спатыкнуўся i скiнуў свайго ездака.

Гулiвер падставiў левую руку пад дзiрку ў насоўцы, а правай асцярожна спусцiў на зямлю ўсiх кавалерыстаў аднаго за другiм.

Пасля гэтага ён акуратна зацыраваў насоўку, але ўжо баяўся за яе трываласць i не асмельваўся больш наладжваць на ёй ваенныя гульнi.

11

Iмператар не хацеў заставацца ў даўгу перад Гулiверам. Ён у сваю чаргу вырашыў пацешыць Куiнбуса Флестрына цiкавым вiдовiшчам.

Аднойчы пад вечар Гулiвер, як звычайна, сядзеў на парозе свайго замка.

Раптам вароты Мiльдэнда адчынiлiся, i адтуль выехаў цэлы поезд: уперадзе на канi iмператар, за iм - мiнiстры, прыдворныя i гвардзейцы. Усе яны накiроўвалiся па дарозе, што вяла да замка.

У Лiлiпуцii iснуе такi звычай. Калi якi-небудзь мiнiстр памiрае цi атрымлiвае адстаўку, пяць або шэсць лiлiпутаў звяртаюцца да iмператара з просьбай, каб ён дазволiў iм павесялiць яго танцамi на канаце.

У палацы, у галоўнай зале, нацягваюць як мага тужэй i вышэй канат, не таўсцейшы за звычайную нiтку.

Пасля гэтага пачынаюцца танцы i скачкi.

Той, хто падскочыць на канаце вышэй за ўсiх i нi разу не звалiцца, займае мiнiстэрскае месца, што выслабанiлася.

Часам iмператар прымушае ўсiх сваiх мiнiстраў i прыдворных танцаваць на канаце разам з навiчкамi, каб праверыць лоўкасць людзей, якiя кiруюць краiнай.

Кажуць, што ў час гэтых забаў часта бываюць няшчасныя выпадкi. Мiнiстры i навiчкi падаюць з каната i скручваюць сабе галовы.

Але на гэты раз iмператар вырашыў танцы на канаце наладзiць не ў палацы, а пад адкрытым небам, перад замкам, у якiм жыў Гулiвер. Яму хацелася здзiвiць Чалавека-Гару майстэрствам сваiх мiнiстраў.

Сама лепш умеў скакаць на канаце дзяржаўны казначэй Флiмнап. Ён падскочыў вышэй за ўсiх астатнiх прыдворных не менш як на паўгалавы.

Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Лiлiпуцii як майстар круцiцца i скакаць, не мог пераўзысцi яго.

Потым iмператару падалi доўгую палку. Ён узяў яе за адзiн канец i пачаў хутка падымаць i апускаць.

Мiнiстры падрыхтавалiся да спаборнiцтва, якое было куды цяжэйшае, чым танцы на канаце. Як толькi палка апусцiцца, трэба было паспець пераскочыць цераз яе, а як толькi яна падымецца, пралезцi пад ёй на карачках.

Лепшыя скакуны i пралазы атрымлiвалi ад iмператара як узнагароду сiнюю, чырвоную цi зялёную нiтку, каб насiць яе вакол пояса.

Першы пралаза - Флiмнап - атрымаў сiнюю нiтку, другi - Рэльдрэсель чырвоную, а трэцi - Скайрэш Балгалам - зялёную.

Гулiвер глядзеў на ўсё гэта i дзiву даваўся: вось якiя яны - прыдворныя звычаi лiлiпуцкай iмперыi.

12

Прыдворныя гульнi i святы наладжвалiся амаль кожны дзень, i ўсё роўна Гулiверу было вельмi сумна сядзець на ланцугу. Ён раз за разам падаваў прашэннi iмператару, каб яго раскавалi i дазволiлi вольна хадзiць па краiне.

Нарэшце iмператар вырашыў задаволiць яго просьбу. Дарэмна адмiрал Скайрэш Балгалам, самы злосны вораг Гулiвера, настойваў, каб Куiнбуса Флестрына пакаралi смерцю, а не вызвалялi.

Лiлiпуцiя ў гэты час рыхтавалася да вайны, i нiхто не згадзiўся з Балгаламам. Усе спадзявалiся, што Чалавек-Гара абаронiць Мiльдэнда, калi на горад нападуць ворагi.

На тайнай нарадзе прачыталi прашэннi Гулiвера i вырашылi адпусцiць яго на волю, калi ён паклянецца выконваць усе правiлы, якiя будуць яму аб'яўлены.

Правiлы гэтыя былi запiсаны самымi вялiкiмi лiтарамi на доўгiм скрутку пергаменту. Угары яго быў iмператарскi герб, а ўнiзе вялiкая дзяржаўная пячатка Лiлiпуцii.

Вось што было напiсана памiж гербам i пячаткай:

"Мы, Гальбаста Мамарэн Эўлем, Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой, наймагутнейшы iмператар вялiкай Лiлiпуцii, надзея i страх Сусвету,

самы мудры, самы дужы i самы высокi з усiх цароў свету, чые ногi ўпiраюцца ў сэрца зямлi, а галава дастае да сонца,

чый позiрк прымушае дрыжаць усiх зямных цароў,

прыгожы, як вясна, добры, як лета, шчодры, як восень, i грозны, як зiма,

сваёй высокасцю загадваем вызвалiць Чалавека-Гару з ланцугоў, калi ён дасць нам клятву выконваць усё, што мы ад яго патрабуем, - а iменна:

па-першае, Чалавек-Гара не мае права выязджаць за межы Лiлiпуцii, пакуль не атрымае ад нас дазвол з нашым уласнаручным подпiсам i вялiкай пячаткай;

па-другое, ён не павiнен заходзiць у нашу сталiцу, не папярэдзiўшы аб тым гарадскiя ўлады, а папярэдзiўшы, павiнен дзве гадзiны чакаць ля галоўных варот, каб усе жыхары паспелi схавацца ў дамы;

па-трэцяе, яму дазваляецца гуляць толькi па вялiкiх дарогах i забараняецца таптаць лясы, лугi i палi;

па-чацвёртае, у час прагулак ён павiнен уважлiва глядзець сабе пад ногi, каб не раздушыць каго-небудзь з нашых шаноўных падданых, а таксама iх коней з карэтамi i калёсамi, iх кароў, авечак, i сабак;

па-пятае, яму строга забараняецца браць у рукi i саджаць да сябе ў кiшэнi жыхароў нашай вялiкай Лiлiпуцii без iх на тое згоды i дазволу;

па-шостае, калi нашай iмператарскай вялiкасцi патрэбна будзе паслаць куды-небудзь тэрмiновую вестку цi загад, Чалавек-Гара абавязваецца даставiць нашага ганца разам з яго канём i пакетам да ўказанага месца i прынесцi назад цэлым i здаровым;

па-сёмае, ён абяцае быць нашым саюзнiкам у выпадку вайны з варожай нам выспай Блефуску i павiнен зрабiць усё для таго, каб знiшчыць непрыяцельскi флот, якi пагражае нашым берагам;

па-восьмае, Чалавек-Гара павiнен у вольны час дапамагаць нашым падданым на ўсiх будаўнiчых i iншых работах: падымаць самыя цяжкiя камянi пры збудаваннi сцяны. галоўнага парку, капаць глыбокiя калодзежы i равы, карчаваць лес i пратоптваць дарогi;

па-дзевятае, мы даручаем Чалавеку-Гары змераць крокамi ўсю нашу iмперыю ўдоўж i ўпоперак, i, падлiчыўшы колькасць крокаў, далажыць аб гэтым нам цi нашаму дзяржаўнаму сакратару. Даручэнне наша павiнна быць выканана на працягу двух месяцаў.

Калi Чалавек-Гара клянецца свята i няўхiльна выконваць усё, што мы патрабуем ад яго, мы абяцаем дараваць яму волю, апранаць i кармiць за кошт дзяржаўнай казны, а таксама даць яму права бачыць нашу высокую асобу ў днi святаў i ўрачыстасцяў.

Дадзена ў горадзе Мiльдэнда, у палацы Бельфабараку, у дванаццаты дзень дзевяноста першага месяца нашага слаўнага царствавання.

Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой, iмператар Лiлiпуцii".

Гэты скрутак папiрусу прывёз у замак Гулiвера сам адмiрал Скайрэш Балгалам.

Ён загадаў Гулiверу сесцi на зямлю i ўзяцца левай рукой за правую нагу, а два пальцы правай рукi прыставiць да лба i верхняй часткi правага вуха.

Так у Лiлiпуцii клянуцца ў вернасцi iмператару.

Адмiрал гучна i паволi прачытаў Гулiверу ўсе дзевяць патрабаванняў па парадку, а потым прымусiў паўтарыць слова ў слова такую клятву:

"Я, Чалавек-Гара, клянуся яго вялiкасцi iмператару Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой, наймагутнейшаму ўладару Лiлiпуцii, свята i няўхiльна выконваць усё, што будзе пажадана яго лiлiпуцкай вялiкасцi, i, не шкадуючы жыцця, абараняць ад ворагаў яго слаўную краiну на сушы i на моры".

Пасля гэтага кавалi знялi з Гулiвера ланцугi. Скайрэш Балгалам павiншаваў яго i паехаў у Мiльдэнда.

13

Атрымаўшы волю, Гулiвер папрасiў у iмператара дазволу агледзець горад i пабываць у палацы. Шмат месяцаў пазiраў ён на сталiцу здалёк, седзячы на ланцугу ля свайго парога, хоць горад i быў усяго за пяцьдзесят крокаў ад старога замка.

Дазвол быў дадзены, але iмператар узяў з Гулiвера абяцанне не паламаць у горадзе нiводнага дома, нiводнай агароджы i не растаптаць незнарок каго-небудзь з гараджан.

За дзве гадзiны да прыходу Гулiвера дванаццаць вестуноў абышлi ўвесь горад. Шасцёра трубiлi ў трубы, а шасцёра крычалi:

- Жыхары Мiльдэнда! Па дамах!

- Куiнбус Флестрын, Чалавек-Гара, iдзе ў горад!

- Па дамах, жыхары Мiльдэнда!

На ўсiх рагах вулiц расклеiлi адозвы, у якiх было напiсана тое ж самае, што крычалi вестуны.

Хто не чуў, той прачытаў. Хто не прачытаў, той пачуў.

Гулiвер зняў кафтан, каб не зачапiць крысом комiн цi карнiз якога-небудзь з дамоў i не змесцi незнарок на зямлю каго-небудзь з цiкаўных гараджан. А гэта лёгка магло здарыцца, бо сотнi i нават тысячы лiлiпутаў паўзлазiлi на дахi дзеля гэткага дзiвоснага вiдовiшча.

У адной скураной камiзэльцы падышоў Гулiвер да гарадскiх варот.

Усю сталiцу Мiльдэнда акружалi старадаўнiя сцены. Яны былi такiя тоўстыя i шырокiя, што па iх свабодна магла праехаць лiлiпуцкая карэта, запрэжаная парай коней.

Па рагах сцен узвышалiся спiчастыя вежы.

Гулiвер пераступiў цераз вялiкiя Заходнiя вароты i вельмi асцярожна, бокам, прайшоў па галоўных вулiцах.

У завулкi i маленькiя вулачкi ён i не думаў iсцi: яны былi такiя вузенькiя, што Гулiвер баяўся засесцi памiж дамамi.

Амаль усе дамы ў Мiльдэнда былi трохпавярховыя.

Iдучы па вулiцах, Гулiвер раз-пораз нахiляўся i заглядаў у вокны верхнiх паверхаў.

У адным акне ён убачыў повара ў белым каўпачку. Повар спрытна скуб не то жучка, не то муху.

Прыгледзеўшыся, Гулiвер зразумеў, што гэта быў iндык.

Каля другога акна сядзела краўчыха з работай на каленях. Па рухах яе рук Гулiвер здагадаўся, што яна зацягвае нiтку ў вушка iголкi. Але iголку i нiтку ўбачыць было нельга, такiя яны былi маленькiя i тоненькiя.

У школе дзецi сядзелi за партамi i пiсалi. Яны пiсалi не так, як мы злева направа, не так, як арабы - справа налева, не так, як кiтайцы - зверху ўнiз, а па-лiлiпуцку - накасяк, з аднаго ражка ў другi.

Ступiўшы яшчэ крокi тры, Гулiвер апынуўся каля iмператарскага палаца.

Палац, акружаны падвойнай сцяной, знаходзiўся ў самым цэнтры Мiльдэнда.

Цераз першую сцяну Гулiвер пераступiў, а цераз другую не мог: сцяна была ўпрыгожана высокiмi вежамi, i Гулiвер пабаяўся iх разбурыць.

Ён спынiўся мiж дзвюх сцен i задумаўся: у палацы яго чакае сам iмператар, а ён не можа туды прабрацца. Што ж рабiць?

Гулiвер вярнуўся да сябе ў замак, узяў дзве табурэткi i зноў пайшоў да палаца.

Падышоўшы да знадворнай сцяны палаца, ён паставiў адну табурэтку пасярод вулiцы i стаў на яе абедзвюма нагамi.

Другую табурэтку ён узняў над дахамi i асцярожна паставiў за сцяну, проста ў iмператарскi парк.

Пасля гэтага ён лёгка пераступiў цераз абедзве сцяны - з табурэткi на табурэтку, - не звалiўшы нiводнай вежы.

Перастаўляючы табурэткi ўсё далей i далей, Гулiвер дайшоў па iх да пакояў яго вялiкасцi.

Iмператар праводзiў у гэты час ваенную нараду са сваiмi мiнiстрамi. Убачыўшы Гулiвера, ён загадаў шырока расчынiць акно.

Увайсцi ў залу Гулiвер, зразумела, не мог. Ён лёг на двары i прыклаў вуха да акенца.

Мiнiстры абмяркоўвалi, калi найбольш выгадна пачаць вайну з варожай iмперыяй Блефуску.

Адмiрал Скайрэш Балгалам устаў са свайго крэсла i далажыў, што флот непрыяцеля стаiць на рэйдзе i, вiдаць, чакае толькi спадарожнага ветру, каб напасцi на Лiлiпуцiю.

Тут Гулiвер не вытрымаў i перабiў Балгалама. Ён спытаў у iмператара i мiнiстраў, за што, уласна кажучы, збiраюцца ваяваць дзве такiя вялiкiя i слаўныя дзяржавы.

З дазволу iмператара дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель адказаў на пытанне Гулiвера.

Справа была такая.

Сто гадоў таму назад дзед цяперашняга iмператара, у той час яшчэ наследны прынц, снедаючы, разбiў яйка з тупога канца i шкарлупiнай парэзаў сабе палец.

Тады iмператар, бацька наследнага прынца i прадзед цяперашняга iмператара, выдаў указ, у якiм забаранiў жыхарам Лiлiпуцii пад страхам смерцi разбiваць вараныя яйкi з тупога канца.

З таго часу ўсё насельнiцтва Лiлiпуцii падзялiлася на два лагеры тупаканечнiкаў i востраканечнiкаў.

Тупаканечнiкi не захацелi падпарадкавацца ўказу iмператара i ўцяклi за мора, у суседнюю iмперыю Блефуску.

Лiлiпуцкi iмператар запатрабаваў, каб блефускi iмператар пакараў уцекачоў. Аднак iмператар Блефуску не толькi не пакараў iх, але нават узяў да сябе на службу.

З таго часу памiж Лiлiпуцiяй i Блефуску iдзе няспынная вайна.

- I вось наш магутны iмператар Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой просiць у вас, Чалавек-Гара, дапамогi i саюзу, - так закончыў сваю прамову сакратар Рэльдрэсель.

Гулiверу было незразумела, як гэта можна ваяваць за выедзенае яйка, але ён толькi што даў клятву i гатовы быў яе выканаць.

14

Блефуску - гэта выспа, аддзеленая ад Лiлiпуцii даволi шырокiм пралiвам.

Гулiвер яшчэ не бачыў выспы Блефуску. Пасля ваеннай нарады ён пайшоў на бераг, схаваўся за ўзгоркам i, дастаўшы з патайной кiшэнi падзорную трубу, пачаў разглядаць непрыяцельскi флот.

Аказалася, што ў блефускуанцаў роўна пяцьдзесят ваенных караблёў, астатнiя судны - транспартныя.

Гулiвер адпоўз далей ад узгорка, каб з блефускуанскага берага яго не заўважылi, устаў на ногi i пайшоў у палац да iмператара.

Там ён папрасiў, каб яму вярнулi з арсенала нож i прывезлi як мага больш самых моцных вяровак i самых тоўстых жалезных палак.

Праз гадзiну возчыкi прывезлi канат таўшчынёй з нашу аборку i жалезныя палкi, падобныя на вязальныя пруткi.

Гулiвер усю ноч праседзеў перад сваiм замкам - гнуў з жалезных пруткоў кручкi i плёў вяроўкi - па тузiну разам. Да ранiцы ў яго было пяцьдзесят моцных канатаў з пяццюдзесяццю кручкамi на канцах.

Перакiнуўшы канаты цераз плячо, Гулiвер пайшоў на бераг. Ён зняў кафтан, чаравiкi, шкарпэткi i ступiў у ваду. Спачатку ён iшоў уброд, на сярэдзiне пралiва паплыў, потым зноў пайшоў уброд.

Менш чым праз паўгадзiны Гулiвер дабраўся да блефускуанскага флоту.

- Плывучая выспа! Плывучая выспа! - закрычалi матросы, убачыўшы ў вадзе велiзарныя плечы i галаву Гулiвера.

Ён працягнуў да iх рукi, i матросы, не памятаючы сябе ад страху, пачалi скакаць з бартоў у мора. Як жабкi, плюхалiся яны ў ваду i плылi да свайго берага.

Гулiвер зняў з пляча вязку канатаў, зачапiў усе насы баявых караблёў кручкамi, а канцы канатаў звязаў у адзiн вузел.

Толькi цяпер блефускуанцы зразумелi, што Гулiвер хоча забраць iх флот.

Трыццаць тысяч салдат разам нацягнулi свае лукi i пусцiлi ў Гулiвера трыццаць тысяч стрэл. Больш за дзвесце з iх трапiла яму ў твар.

Кепска давялося б Гулiверу, калi б у яго ў патайной кiшэнi не было акуляраў. Ён хуценька надзеў iх i закрыў ад стрэл вочы.

Стрэлы стукалi аб шкло акуляраў, упiвалiся яму ў шчокi, лоб, у падбародак, але Гулiверу было не да гэтага. Ён з усяе сiлы тузаў за канаты, упiраўся ў дно нагамi, а блефускуанскiя караблi не краналiся з месца.

Нарэшце Гулiвер зразумеў, у чым справа. Ён дастаў з кiшэнi нож i па чарзе перарэзаў якарныя канаты, якiя трымалi караблi на прычале.

Калi апошнi канат быў перарэзаны, караблi загайдалiся на вадзе i ўсе, як адзiн, паплылi за Гулiверам да берагоў Лiлiпуцii.

Усё далей адыходзiў Гулiвер, i ўслед за iм плылi блефускуанскiя караблi i блефўскуанская слава.

15

Iмператар Лiлiпуцii i ўсе яго прыдворныя стаялi на беразе i глядзелi ў той бок, куды паплыў Гулiвер.

I тут яны ўбачылi ўдалечынi караiблi, якiя рухалiся да Лiлiпуцii шырокiм паўмесяцам. Самога Гулiвера яны не маглi разгледзець, бо ён да вушэй быў у вадзе.

Лiлiпуты не чакалi прыходу непрыяцельскага флоту. Яны былi ўпэўнены, што Чалавек-Гара знiшчыць яго раней, чым караблi здымуцца з якараў. А мiж тым флот у поўным баявым парадку накiроўваўся да сцен Мiльдэнда.

Iмператар загадаў трубiць збор усiх войск.

Гулiвер здалёк пачуў гукi труб. Ён узняў вышэй канцы канатаў, якiя трымаў у руцэ, i моцна закрычаў:

- Няхай жыве магутны iмператар Лiлiпуцii!

На беразе стала цiха - так цiха, быццам усе лiлiпуты анямелi ад здзiўлення i радасцi.

Гулiвер чуў толькi цурчанне вады ды лёгкi шум спадарожнага ветру, якi надзiмаў ветразi блефускуанскiх караблёў.

I раптам тысячы шапак, каўпачкоў i капелюшоў разам узляцелi над набярэжнай Мiльдэнда.

- Няхай жыве Куiнбус Флестрын! Няхай жыве наш слаўны збавiцель! закрычалi лiлiпуты.

Як толькi Гулiвер выйшаў на сушу, iмператар загадаў узнагародзiць яго трыма каляровымi нiткамi - сiняй, чырвонай i зялёнай - i падараваў яму тытул "нардака" - самы высокi ва ўсёй iмперыi.

Гэта была нечуваная ўзнагарода. Прыдворныя кiнулiся вiншаваць Гулiвера.

Толькi адмiрал Скайрэш Балгалам, у якога была ўсяго адна нiтка - зялёная, адышоў убок i не сказаў Гулiверу нi слова.

Гулiвер пакланiўся iмператару i надзеў усе каляровыя нiткi на сярэднi палец: падперазацца iмi, як гэта рабiлi лiлiпуцкiя мiнiстры, ён не мог.

У гэты дзень у палацы ў гонар Гулiвера было наладжана вялiкае свята. Усе танцавалi ў залах, а Гулiвер ляжаў на двары i, абапёршыся на локаць, глядзеў у акно.

16

Пасля свята iмператар выйшаў да Гулiвера i аб'явiў яму новую найвышэйшую мiласць. Ён даручае Чалавеку-Гары, нардаку лiлiпуцкай iмперыi, сплаваць яшчэ раз у Блефуску i прывесцi адтуль усе караблi, якiя засталiся ў непрыяцеля транспартныя, гандлёвыя i рыбалоўныя.

- Дзяржава Блефуску, - сказаў ён, - жыла да гэтага часу рыбалоўствам i гандлем. Калi забраць у яе флот, яна павiнна будзе назаўсёды скарыцца Лiлiпуцii, выдаць iмператару ўсiх тупаканечнiкаў i прызнаць свяшчэнны закон, якi гаворыць: "Разбiвай яйкi з вострага канца".

Гулiвер асцярожна адказаў iмператару, што ён заўсёды рады служыць яго лiлiпуцкай вялiкасцi, але павiнен адмовiцца ад мiласцiвага даручэння. Ён сам нядаўна адчуў, якiя цяжкiя яны, ланцугi няволi, i таму не можа зрабiць рабамi цэлы народ.

Iмператар нiчога не сказаў i пайшоў у палац.

А Гулiвер зразумеў, што з гэтай мiнуты ён назаўсёды страцiў яго мiласць: уладар, якi марыць заваяваць свет, нiколi не даруе тым, хто асмельваецца стаць яму ўпопёрак дарогi.

I сапраўды, пасля гэтай размовы Гулiвера пачалi радзей запрашаць у палац. Ён хадзiў адзiн вакол замка, i прыдворныя карэты больш не спынялiся ля яго парога.

Толькi аднойчы пышная працэсiя выйшла з варот сталiцы i накiравалася да жылля Гулiвера. Гэта было блефускуанскае пасольства, якое прыбыло да iмператара Лiлiпуцii для заключэння мiру.

Вось ужо некалькi дзён, як гэта пасольства, якое складалася з шасцi пасланнiкаў i пяцiсот чалавек свiты, знаходзiлася ў Мiльдэнда. Яны спрачалiся з лiлiпуцкiмi мiнiстрамi аб тым, колькi золата, жывёлы i хлеба павiнен аддаць iмператар Блефуску за вяртанне хоць бы паловы флоту, якi прывёў Гулiвер.

Мiр памiж дзвюма дзяржавамi быў заключаны на ўмовах, вельмi выгадных для Лiлiпуцii i вельмi нявыгадных для дзяржавы Блефуску. Дарэчы, блефускуанцам было б яшчэ горш, калi б за iх не заступiўся Гулiвер.

Гэта заступнiцтва канчаткова пазбавiла яго прыхiльнасцi iмператара i ўсяго лiлiпуцкага двара.

Хтосьцi расказаў аднаму з пасланнiкаў, чаму разгневаўся iмператар на Чалавека-Гару. Тады паслы вырашылi наведаць Гулiвера ў яго замку i запрасiць да сябе на выспу.

Iм было цiкава паглядзець зблiзку на Куiнбуса Флестрына, пра якога яны шмат чулi ад блефускуанскiх маракоў i лiлiпуцкiх мiнiстраў.

Гулiвер добразычлiва прыняў чужаземных гасцей, абяцаў пабываць у iх на радзiме, а на развiтанне патрымаў усiх паслоў разам з iх коньмi ў сябе на далонях i паказаў iм горад Мiльдэнда з вышынi свайго росту.

17

Вечарам, калi Гулiвер ужо сабраўся класцiся спаць, у дзверы яго замка цiхенька пастукалi.

Гулiвер выглянуў за парог i ўбачыў перад сваiмi дзвярыма двух людзей, якiя трымалi на плячах крытыя насiлкi.

На насiлках у аксамiтным крэсле сядзеў чалавечак. Твару яго не было вiдаць, таму што чалавечак захутаўся ў плашч i насунуў на лоб капялюш.

Убачыўшы Гулiвера, чалавечак адправiў сваiх слуг у горад i загадаў iм вярнуцца апоўначы.

Калi слугi пайшлi, начны госць сказаў Гулiверу, што хоча адкрыць яму вельмi важную тайну.

Гулiвер падняў насiлкi з зямлi, схаваў iх разам з госцем у кiшэню свайго кафтана i вярнуўся да сябе ў замак.

Там ён шчыльна зачынiў дзверы i паставiў насiлкi на стол.

Толькi тады госць адхiнуў свой плашч i зняў капялюш. Гулiвер пазнаў аднаго з прыдворных, якога ён нядаўна выручыў з бяды.

Яшчэ ў той час, калi Гулiвер бываў пры двары, ён выпадкова даведаўся, што гэтага прыдворнага лiчаць тайным тупаканечнiкам. Гулiвер заступiўся за яго i даказаў iмператару, што на яго нагаварылi ворагi.

Цяпер прыдворны з'явiўся да Гулiвера, каб, у сваю чаргу, аддзячыць Куiнбасу Флестрыну.

- Толькi што, - сказаў ён, - на тайнай нарадзе быў вырашаны ваш лёс. Адмiрал далажыў iмператару, што вы прымалi ў сябе паслоў варожай краiны i паказвалi iм з далонi нашу сталiцу. Усе мiнiстры патрабавалi вашай смерцi. Адны прапаноўвалi падпалiць ваш дом, акружыўшы яго дваццацiтысячнай армiяй; другiя - атруцiць вас, намачыўшы ядам ваша адзенне i кашулю; трэцiя - замарыць голадам. I толькi дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель раiў пакiнуць вас жывым, але выкалаць вочы. Ён гаварыў, што страта вачэй не адбярэ ў вас сiлу i нават дадасць храбрасцi, бо чалавек, якi не бачыць небяспекi, не баiцца нiчога на свеце. У рэшце рэшт наш лiтасцiвы iмператар пагадзiўся з Рэльдрэселем i загадаў заўтра ж асляпiць вас востра адточанымi стрэламi. Калi можаце, ратуйцеся, а я павiнен зараз жа пайсцi ад вас гэтак жа тайна, як i прыбыў сюды.

Гулiвер цiхенька вынес свайго госця за дзверы, дзе яго ўжо чакалi слугi, а сам, не доўга думаючы, пачаў рыхтавацца да ўцёкаў.

18

З коўдрай пад пахай Гулiвер выйшаў на бераг. Асцярожна прабраўся ён у гавань, дзе стаяў на якары лiлiпуцкi флот. У гаванi не было нi душы. Гулiвер выбраў самы вялiкi з усiх караблёў, прывязаў да яго носа вяроўку, паклаў у яго свой кафтан, коўдру i чаравiкi, потым падняў якар i пацягнуў карабель за сабою ў мора. Цiха, стараючыся не плюхаць, дайшоў ён да сярэдзiны пралiва, а далей паплыў.

Плыў ён у той самы бок, адкуль прывёў нядаўна ваенныя караблi.

Вось нарэшце i блефускуанскi бераг!

Гулiвер увёў у бухту свой карабель i выйшаў на бераг. Вакол было цiха, маленькiя вежы блiшчалi пры святле месяца. Увесь горад яшчэ спаў, i Гулiвер не захацеў будзiць жыхароў. Ён лёг ля гарадской сцяны, закруцiўся ў коўдру i заснуў.

Ранiцой Гулiвер пастукаў у гарадскiя вароты i папрасiў начальнiка варты паведамiць iмператару аб тым, што ў яго ўладаннi прыбыў Чалавек-Гара. Начальнiк варты далажыў аб гэтым дзяржаўнаму сакратару, а той - iмператару. Iмператар Блефуску з усiм сваiм дваром зараз жа выехаў насустрач Гулiверу. Ля варот усе мужчыны саскочылi з коней, а iмператрыца i яе дамы выйшлi з карэты.

Гулiвер лёг на зямлю, каб прывiтаць блефускуанскi двор. Ён папрасiў дазволу агледзець выспу, але нiчога не сказаў аб тым, што ўцёк з Лiлiпуцii. Iмператар i яго мiнiстры вырашылi, што Чалавек-Гара проста прыехаў да iх у госцi, паколькi яго запрасiлi паслы.

У гонар Гулiвера было наладжана ў палацы вялiкае свята. Для яго зарэзалi шмат тлустых быкоў i бараноў, а калi зноў настала ноч, Гулiвера пакiнулi пад адкрытым небам, бо ў Блефуску не знайшлося для яго адпаведнага памяшкання.

Ён зноў лёг ля гарадской сцяны, захутаўшыся ў лiлiпуцкую коўдру з абрэзкаў.

19

За тры днi Гулiвер абышоў усю iмперыю Блефуску, агледзеў гарады, вёскi i сядзiбы. Усюды за iм бегаў натоўп людзей, як i ў Лiлiпуцii.

Размаўляць з жыхарамi Блефуску яму было лёгка, бо блефускуанцы ведаюць лiлiпуцкую мову не горш, чым лiлiпуты ведаюць блефускуанскую.

Гуляючы па нiзкiх лясах, мяккiх лугах i вузкiх дарожках, Гулiвер выйшаў на процiлеглы бераг выспы. Там ён сеў на камень i пачаў думаць аб тым, што яму цяпер рабiць: застацца на службе ў iмператара Блефуску цi папрасiць у iмператара Лiлiпуцii памiлавання. Вярнуцца да сябе на радзiму ён ужо не спадзяваўся.

I раптам далёка ў моры ён заўважыў штосьцi цёмнае, падобнае не то на скалу, не то на спiну вялiкай марской жывёлiны. Гулiвер скiнуў чаравiкi i шкарпэткi i пайшоў уброд паглядзець, што гэта такое. Хутка ён зразумеў, што гэта не скала. Скала не магла б пасоўвацца да берага разам з прылiвам. Гэта i не жывёлiна. Хутчэй за ўсё гэта перакуленая лодка.

Сэрца ў Гулiвёра забiлася. Ён адразу ўспомнiў, што ў яго ў кiшэнi падзорная труба, i прыставiў яе да вачэй. Так, гэта была лодка! Вiдаць, бура сарвала яе з карабля i прынесла да блефускуанскiх берагоў.

Гулiвер пабег у горад i папрасiў iмператара даць яму зараз жа дваццаць самых вялiкiх караблёў, каб прыгнаць лодку да берага.

Iмператару было цiкава паглядзець на незвычайную лодку, якую знайшоў у моры Чалавек-Гара. Ён паслаў па яе караблi i загадаў дзвюм тысячам сваiх салдат дапамагчы Гулiверу выцягнуць яе на сушу.

Маленькiя караблi падышлi да вялiкай лодкi, зачапiлi яе кручкамi i пацягнулi за сабой. А Гулiвер плыў ззаду i падштурхоўваў лодку рукой. Нарэшце яна торкнулася носам у бераг. Дзве тысячы салдат дружна ўхапiлiся за прывязаныя да яе вяроўкi i дапамаглi Гулiверу выцягнуць яе з вады.

Гулiвер агледзеў лодку з усiх бакоў. Адрамантаваць яе было не так i цяжка. Ён адразу ж узяўся за работу. Перш за ўсё ён акуратна праканапацiў дно i барты лодкi, затым выразаў з самых вялiкiх дрэў вёслы i мачту. У час яго працы тысячныя натоўпы блефускуанцаў стаялi навокал, глядзелi, як Чалавек-Гара рамантуе лодку-гару.

Калi ўсё было гатова, Гулiвер пайшоў да iмператара, стаў перад iм на адно калена i сказаў, што хацеў бы хутчэй рушыць у дарогу, калi яго вялiкасць дазволiць яму пакiнуць выспу. Ён даўно знудзiўся па сваёй сям'i i сябрах i спадзяецца сустрэць у моры карабель, якi завязе яго на радзiму.

Iмператар спрабаваў угаварыць Гулiвера застацца ў яго на службе, абяцаў яму шматлiкiя ўзнагароды i нязменную прыхiльнасць, але Гулiвер стаяў на сваiм. Iмператар павiнен быў згадзiцца.

Вядома, яму вельмi хацелася пакiнуць у сябе на службе Чалавека-Гару, якi адзiн мог знiшчыць непрыяцельскую армiю цi флот. Але калi б Гулiвер застаўся жыць у Блефуску, гэта абавязкова выклiкала б жорсткую вайну з Лiлiпуцiяй.

Некалькi дзён таму назад iмператар Блефуску атрымаў ад iмператара Лiлiпуцii доўгае пiсьмо з патрабаваннем адправiць назад у Мiльдэнда ўцекача Куiнбуса Флестрына, звязаўшы яму рукi i ногi.

Блефускуанскiя мiнiстры доўга думалi, што адказаць на гэтае пiсьмо. Нарэшце, пасля трохдзённых роздумаў, яны напiсалi адказ.

У iх пiсьме было сказана, што iмператар Блефуску вiтае свайго сябра i брата iмператара Лiлiпуцii Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой, але вярнуць яму Куiнбуса Флестрына не можа, бо Чалавек-Гара толькi што адплыў на велiзарным караблi невядома куды. Iмператар Блефуску вiншуе свайго любiмага брата i сябе са збаўленнем ад лiшнiх клопатаў i вялiкiх выдаткаў.

Адаслаўшы гэтае пiсьмо, блефускуанцы пачалi спешна збiраць Гулiвера ў дарогу.

Яны зарэзалi трыста кароў, каб змазаць яго лодку тлушчам. Пяцьсот чалавек пад наглядам Гулiвера зрабiлi два вялiкiя ветразi. Каб ветразi атрымалiся моцныя, яны ўзялi самае тоўстае тамашняе палатно i сшылi яго, склаўшы ў трынаццаць столак. Снасцi, якарны i прычальны канаты Гулiвер зрабiў сам, скруцiўшы па дзесяць, дваццаць i нават трыццаць моцных вяровак лепшага гатунку. Замест якара ён прывязаў вялiкi камень.

Усё было гатова да адплыцця.

Гулiвер апошнi раз пайшоў у горад, каб развiтацца з iмператарам Блефуску i яго падданымi.

Iмператар са сваёй свiтай выйшаў з палаца. Ён пажадаў Гулiверу шчаслiвай дарогi, падарыў свой партрэт на ўвесь рост i кашалёк з дзвюма сотнямi чырвонцаў - у блефускуанцаў яны называюцца "спругамi".

Кашалёк быў вельмi далiкатнай работы, а манеты можна было разгледзець толькi з дапамогай павелiчальнага шкла.

Гулiвер ад усяго сэрца падзякаваў iмператару, завязаў абодва падарункi ў ражок сваёй насоўкi i, памахаўшы капелюшом усiм жыхарам блефускуанскай сталiцы, пайшоў на бераг.

Там ён пагрузiў у лодку сотню валовых i трыста баранiх тушаў, вяленых i вэнджаных, дзвесце мяшкоў сухароў i столькi смажанага мяса, колькi паспелi прыгатаваць за тры днi чатырыста павароў.

Акрамя таго, ён узяў з сабою шэсць жывых кароў i столькi ж авечак з баранамi.

Яму вельмi хацелася развесцi такiх танкарунных авечак у сябе на радзiме.

Каб кармiць у дарозе свой статак, Гулiвер паклаў у лодку вялiкi ахапак сена i мяшок збожжа.

24 верасня 1701 года, у шэсць гадзiн ранiцы, карабельны доктар Лемюэль Гулiвер, празваны ў Лiлiпуцii Чалавекам-Гарой, узняў ветразь i пакiнуў выспу Блефуску.

20

Свежы вецер надзьмуў ветразь i пагнаў лодку.

Калi Гулiвер азiрнуўся, каб апошнi раз глянуць на нiзкiя берагi блефускуанскай выспы, ён нiчога не ўбачыў, акрамя вады i неба.

Выспа знiкла, быццам яе нiколi i не было.

Пад вечар Гулiвер даплыў да маленькага скалiстага астраўка, на якiм жылi адны смаўжы.

Гэта былi самыя звычайныя смаўжы, якiх Гулiвер тысячу разоў бачыў у сябе на радзiме.

Лiлiпуцкiя i блефускуанскiя гусi былi трошкi меншыя за гэтых смаўжоў.

Тут, на астраўку, Гулiвер павячэраў, пераначаваў i ранiцой рушыў далей, узяўшы па сваiм кiшэнным компасе курс на паўночны ўсход. Ён спадзяваўся знайсцi там населеныя астравы цi сустрэць карабель.

Але мiнуў дзень, а Гулiвер па-ранейшаму быў адзiн у пустынным моры.

Вецер то надзiмаў ветразь яго лодкi, то зусiм сцiхаў. Калi ветразь абвiсаў i матляўся на мачце, як ануча, Гулiвер браўся за вёслы. Але цяжка было грэбцi маленькiмi, нязручнымi вёсламi.

Гулiвер хутка выбiўся з сiлы. Ён пачаў ужо думаць, што яму нiколi болей не ўбачыць радзiмы i сапраўдных людзей.

I раптам на трэцi дзень каля пяцi гадзiн дня ён заўважыў удалечынi ветразь, якi рухаўся, перасякаючы яму шлях.

Гулiвер пачаў крычаць, але адказу не было - яго не чулi.

Карабель iшоў мiма.

Гулiвер налёг на вёслы. Але адлегласць памiж лодкай i караблём не змяншалася. На караблi былi вялiкiя ветразi, а ў Гулiвера - ветразь з малюсенькiх кавалачкаў i самаробныя вёслы.

Бедны Гулiвер ужо страцiў усякую надзею дагнаць карабель. Але тут, на яго шчасце, вецер нечакана сцiх, i карабель перастаў уцякаць ад лодкi.

Не спускаючы вачэй з карабля, Гулiвер гроб сваiмi маленькiмi вёсламi. Лодка рухалася ўперад i ўперад - але ў сто разоў марудней, чым хацелася Гулiверу.

I раптам на мачце карабля ўзняўся флаг. Грымнуў гарматны стрэл. Лодку заўважылi.

26 верасня, а шостай гадзiне вечара, Гулiвер падняўся на борт карабля, сапраўднага, вялiкага карабля, на якiм плавалi людзi - такiя ж, як сам Гулiвер.

Гэта было ангельскае гандлёвае судна, якое вярталася з Японii. Капiтан яго, Джон Бiдль з Дэптфорда, быў мiлы чалавек i цудоўны марак. Ён ветлiва сустрэў Гулiвера i адвёў яму зручную каюту.

Калi Гулiвер адпачыў, капiтан папрасiў яго расказаць, дзе ён быў i куды накiроўваецца..

Гулiвер коратка расказаў яму пра свае прыгоды.

Капiтан толькi паглядзеў на яго i пакiваў галавой. Гулiвер зразумеў, што капiтан не верыць яму i лiчыць яго чалавекам, якi страцiў розум.

Тады Гулiвер, нi слова не гаворачы, дастаў са сваiх кiшэняў адну за другой лiлiпуцкiх кароў i авечак i паставiў iх на стол. Каровы i авечкi разбрылiся па стале, як па лужку.

Капiтан доўга не мог апамятацца ад здзiўлення.

Цяпер толькi ён паверыў, што Гулiвер расказаў яму чыстую праўду.

- Гэта самая цудоўная гiсторыя на свеце! - усклiкнуў капiтан.

21

Усё астатняе падарожжа Гулiвера iшло шчаслiва, калi не лiчыць толькi адной няўдачы: карабельныя пацукi ўкралi ў яго авечку з блефускуанскага статка. У шчылiне сваёй каюты Гулiвер знайшоў яе абгрызеныя костачкi.

Усе астатнiя авечкi i каровы былi жывыя. Яны добра перанеслi доўгае плаванне. У дарозе Гулiвер кармiў iх сухарамi, якiя перацiраў у парашок i размочваў у вадзе. Збожжа i сена iм хапiла толькi на тыдзень.

Карабель iшоў да берагоў Ангельшчыны на ўсiх ветразях.

13 красавiка 1702 года Гулiвер сышоў па трапе на родны бераг i неўзабаве абняў сваю жонку, дачку Бэцi i сына Джонi.

Так шчаслiва закончылiся цудоўныя прыгоды карабельнага доктара Гулiвера ў краiне лiлiпутаў i на выспе Блефуску.

ПАДАРОЖЖА Ў БРАБДЫНГНЕН

1

Гулiвер пражыў дома нядоўга.

Не паспеў ён яшчэ як след адпачыць, а ўжо зноў пацягнула ў плаванне.

"Напэўна, такая ўжо мая натура, - думаў ён. - Неспакойнае жыццё марскога бадзягi мне больш падабаецца, чым мiрнае жыццё маiх сухапутных сяброў".

Адным словам, праз два месяцы пасля свайго вяртання на радзiму ён ужо зноў быў залiчаны доктарам на карабель "Адвенчар", якi выпраўляўся ў далёкае плаванне пад камандай капiтана Джона Нiкалса.

20 чэрвеня 1702 года "Адвенчар" выйшаў у адкрытае мора.

Вецер быў спадарожны. Карабель iшоў на ўсiх ветразях да самага мыса Добрай Надзеi. Тут капiтан загадаў кiнуць якар i набраць свежай вады. Пасля двухдзённай стаянкi "Адвенчар" павiнен быў рушыць далей.

Але нечакана карабель стаў цячы. Давялося выгрузiць тавары i распачаць рамонт. А тут яшчэ капiтан Нiкалс захварэў цяжкай лiхаманкай.

Карабельны доктар Гулiвер уважлiва агледзеў хворага капiтана i вырашыў, што яму нельга плысцi далей, пакуль ён зусiм не паправiцца.

Так "Адвенчар" i зазiмаваў каля мыса Добрай Надзеi.

Толькi ў сакавiку 1703 года на караблi зноў былi ўзняты ветразi, i ён шчаслiва дайшоў да Мадагаскарскага пралiва.

19 красавiка, калi карабель быў ужо недалёка ад выспы Мадагаскар, лёгкi заходнi вецер змянiўся моцным ураганам.

Дваццаць дзён карабель гнала на ўсход. Уся каманда змучылася i марыла толькi аб тым, каб гэты ўраган нарэшце сцiх.

I вось настаў поўны штыль. Цэлы дзень на моры было цiха, i людзi пачалi ўжо спадзявацца, што iм удасца адпачыць. Але капiтан Нiкалс, бывалы марак, якi не раз плаваў у гэтых водах, з недаверам паглядзеў на прыцiхлае мора i загадаў мацней прывязаць гарматы.

- Надыходзiць шторм! - сказаў ён.

Сапраўды, на другi ж дзень узняўся моцны, шквалiсты вецер. З кожнай мiнутай ён станавiўся ўсё мацнейшы i мацнейшы, i нарэшце ўсхадзiлася такая бура, якой яшчэ не бачыў нi Гулiвер, нi матросы, нi сам капiтан Джон Нiкалс.

Ураган бушаваў шмат дзён. Шмат дзён змагаўся "Адвенчар" з хвалямi i ветрам. Умела манеўруючы, капiтан загадваў то ўзняць ветразi, то спусцiць iх, то iсцi з ветрам, то легчы ў дрэйф.

У рэшце рэшт "Адвенчар" выйшаў пераможцам з гэтай барацьбы. Карабель быў добры, правiянту хапала, каманда здаровая, вынослiвая i ўмелая. Адно толькi было дрэнна: на караблi канчалiся запасы прэснай вады. Трэба было папоўнiць iх. Але як? Дзе? За час буры карабель так далёка аднесла на ўсход, што нават самыя старыя i бывалыя маракi не маглi сказаць, у якую частку свету iх закiнула i цi ёсць паблiзу зямля.

Усе былi ўстрывожаны не на жарт i з непакоем чакалi слова ад капiтана.

Але вось нарэшце юнга, якi стаяў на мачце, убачыў удалечынi зямлю.

Нiхто не ведаў, што гэта такое - вялiкая зямля цi выспа. Пустынныя скалiстыя берагi былi незнаёмы нават капiтану Нiкалсу.

На другi дзень карабель падышоў так блiзка да зямлi, што Гулiвер i ўсе маракi маглi выразна разгледзець з палубы доўгую пясчаную касу i бухту. Але цi была яна дастаткова глыбокай, каб у яе мог увайсцi такi вялiкi карабель, як "Адвенчар"?

Асцярожны капiтан Нiкалс не адважыўся без лоцмана ўводзiць свой карабель у не вядомую нiкому бухту. Ён загадаў кiнуць якар i паслаў на бераг баркас з дзесяццю добра ўзброенымi матросамi. Матросам далi з сабой некалькi пустых бочак i даручылi прывезцi прэснай вады, калi толькi iм удасца знайсцi дзе-небудзь непадалёк ад берага возера, рэчку цi ручай.

Гулiвер папрасiў капiтана адпусцiць i яго на бераг разам з матросамi.

Капiтан добра ведаў, што яго вучоны спадарожнiк для таго i выправiўся ў далёкае падарожжа, каб пабачыць чужыя краiны, i ахвотна адпусцiў яго.

Хутка баркас прычалiў да берага, i Гулiвер першы выскачыў на мокрыя камянi. Навокал было пуста i цiха. Нi лодкi, нi рыбацкай хацiны, нi ляска ўдалечынi.

У пошуках прэснай вады матросы разбрылiся па беразе, Гулiвер застаўся адзiн. Ён пайшоў наўздагад, з цiкаўнасцю аглядаючы новыя мясцiны, але не ўбачыў нiчога цiкавага. Усюды - направа i налева - цягнулася бясплодная, скалiстая пустыня.

Стомлены i незадаволены, Гулiвер пайшоў назад.

Мора распасцiралася перад iм суровае, шэрае, няветлiвае. Гулiвер абышоў нейкi велiзарны камень i раптам спынiўся, спалоханы i здзiўлены.

Што такое? Матросы ўжо сядзелi ў баркасе i з усяе сiлы грэблi да судна. Як жа гэта яны маглi пакiнуць яго аднаго на беразе? Што здарылася?

Гулiвер хацеў закрычаць, паклiкаць матросаў, але язык у роце быццам акамянеў.

I не дзiўна. З-за прыбярэжнай скалы раптам выйшаў чалавек вялiзнага росту - сам не меншы за скалу - i пагнаўся за лодкай. Мора ледзьве даходзiла яму да каленяў. Ён рабiў велiзарныя крокi. Яшчэ некалькi такiх крокаў, i ён схапiў бы баркас за карму. Але, мусiць, вострыя камянi на дне замiналi яму iсцi. Ён спынiўся, махнуў рукой i павярнуў да берага.

У Гулiвера ад жаху закружылася галава. Ён упаў на зямлю, папоўз мiж камянёў, потым усхапiўся на ногi i стрымгалоў пабег, сам не ведаючы куды.

Ён думаў толькi аб тым, дзе б схавацца ад гэтага страшнага вялiзнага чалавека.

2

Нарэшце ўзбярэжныя пяскi i камянi засталiся далёка ззаду.

Задыхаючыся, Гулiвер узбег па схiле крутога ўзгорка i азiрнуўся. Навокал усё было зелена. З усiх бакоў яго абступалi гаi i лясы.

Ён спусцiўся з узгорка i пайшоў па шырокай дарозе. Справа i злева суцэльнай сцяной стаяў густы лес - гладкiя голыя ствалы, прамыя, як у соснаў.

Гулiвер задраў галаву, каб паглядзець на верхавiны дрэў, i ажно ахнуў. Гэта былi не сосны, а сцяблiны ячменю вышынёй з дрэва!

Напэўна, была пара жнiва. Спелыя зярняты велiчынёй з вялiкую яловую шышку раз-пораз балюча бiлi Гулiвера па спiне, па плячах, па галаве. Гулiвер прыбавiў крок.

Ён iшоў, iшоў i нарэшце дабраўся да высокай агароджы. Агароджа была разы ў тры вышэйшая, чым самыя высокiя сцяблiны, i Гулiвер ледзь мог разгледзець яе верхнi край. Трапiць з гэтага поля на суседняе было не так лёгка. Для гэтага трэба было спачатку ўзабрацца па каменных замшэлых прыступках, а потым пералезцi цераз вялiкi, урослы ў зямлю камень.

Прыступак было ўсяго чатыры, але кожная з iх была нашмат вышэйшая за Гулiвера. Толькi стаўшы на дыбачкi i высока ўзняўшы рукi, ён з цяжкасцю мог дацягнуцца да краю нiжняй прыступкi.

Нечага было i думаць падняцца па такой лесвiцы.

Гулiвер вырашыў уважлiва агледзець агароджу: цi няма ў ёй хоць якой-небудзь шчылiнкi цi адтулiны, праз якую можна было б выбрацца?

Шчылiнкi не было.

I раптам на верхняй прыступцы лесвiцы з'явiўся велiзарны чалавек - яшчэ большы за таго, што гнаўся за баркасам. Ростам ён быў не меншы за пажарную вышку!

Мярцвеючы ад жаху, Гулiвер кiнуўся ў ячменны гушчар i прытаiўся, схаваўшыся за тоўсты колас.

Са сваёй засады ён убачыў, як велiкан памахаў рукой i, павярнуўшыся, нешта моцна крыкнуў. Напэўна, ён проста зваў некага, але Гулiверу здалося, быццам гром загрымеў у ясным небе.

Здалёк пачулiся гэтакiя ж грымоты, i праз хвiлiну побач з велiканам стаялi яшчэ сямёра хлопцаў гэтакага ж росту. Напэўна, гэта былi парабкi. Апрануты яны былi больш проста i бедна, чым першы велiкан, i ў руках у iх былi сярпы. Ды якiя сярпы! Калi шэсць нашых кос раскласцi на зямлi паўкругам, наўрад цi выйшаў бы такi серп.

Выслухаўшы свайго гаспадара, велiканы адзiн за другiм спусцiлiся на поле, дзе схаваўся Гулiвер, i пачалi жаць ячмень.

Гулiвер, не памятаючы сябе ад страху, кiнуўся назад, у гушчыню ячменю.

Ячмень рос густа. Гулiвер з цяжкасцю прадзiраўся памiж высокiмi, прамымi стваламi. Дождж цяжкiх зярнят сыпаўся на яго зверху, але ён ужо не звяртаў на гэта нiякай увагi.

I раптам дарогу яму перагарадзiла прыбiтая да зямлi ветрам i дажджом сцяблiна ячменю. Гулiвер пералез цераз тоўсты, гладкi ствол i наткнуўся на другi, яшчэ таўсцейшы. Далей - цэлы дзесятак каласоў, прыгнутых да зямлi. Ствалы пераплялiся мiж сабой, а моцныя, вострыя вусы ячменю, правiльней сказаць - вусiшчы, тырчалi, быццам коп'i. Яны пранiзвалi адзенне Гулiвера, упiвалiся ў цела. Гулiвер павярнуў налева, направа... I там тыя ж тоўстыя ствалы i страшныя вострыя коп'i!

Што ж цяпер рабiць? Гулiвер зразумеў, што яму нiзавошта не выбрацца з гэтага гушчару. Сiлы ў яго ўжо не было. Ён лёг у баразну i ўткнуўся тварам у зямлю. Слёзы пацяклi ў яго з вачэй.

Ён мiжвольна ўспомнiў, што яшчэ зусiм нядаўна, у краiне лiлiпутаў, ён сам адчуваў сябе велiканам. Там ён мог пакласцi сабе ў кiшэню ездака з канём, мог адной рукой цягнуць за сабой цэлы непрыяцельскi флот, а цяпер ён сам - лiлiпут сярод велiканаў, i яго, Чалавека-Гару, магутнага Куiнбуса Флестрына, могуць схаваць у кiшэню. I гэта яшчэ не самае горшае. Яго могуць раздушыць, як жабяня, могуць адкруцiць яму галаву,як вераб'ю! Усё можа быць на свеце...

У гэтую самую хвiлiну Гулiвер раптам убачыў, што нейкая шырокая цёмная плiта ўзнялася над iм i вось-вось апусцiцца. Што гэта? Няўжо падэшва велiзарнага чаравiка? Так i ёсць! Адзiн жнец непрыкметна падышоў да Гулiвера i спынiўся над самай яго галавой. Варта яму апусцiць нагу, i ён растопча Гулiвера, як жука цi мошку.

Гулiвер крыкнуў, i велiкан пачуў яго крык. Ён нагнуўся i пачаў уважлiва аглядаць зямлю i нават мацаць па ёй рукамi.

I вось, адсунуўшы ўбок некалькi каласоў, ён убачыў штосьцi жывое.

Хвiлiну ён з апаскай разглядаў Гулiвера, як разглядаюць нiколi не бачаных звяркоў цi насякомых. Вiдаць было, што ён думае, як бы гэта схапiць гэтага дзiўнага звярка, каб той не паспеў абадраць цi ўкусiць яго.

Нарэшце ён асмелiўся - схапiў Гулiвера двума пальцамi за бакi i паднёс да самых вачэй, каб лепш разгледзець.

Гулiверу здалося, што нейкi вiхор падхапiў яго i панёс у неба. Сэрца яго замерла. "А што, калi ён з размаху шпурне мяне аб зямлю, як мы кiдаем жукоў цi прусакоў?" - з жахам падумаў ён, i як толькi перад iм заблiшчалi вялiзныя здзiўленыя вочы, ён умольна склаў рукi i сказаў ветлiва i спакойна, хоць голас у яго дрыжаў, а язык прылiпаў да нёба:

- Прашу вас, дарагi велiкан, пашкадуйце мяне. Я не зраблю вам нiчога дрэннага.

Вядома, велiкан не зразумеў, што яму гаварыў Гулiвер, ды Гулiвер пра гэта i не думаў. Ён хацеў толькi аднаго: каб велiкан убачыў, што ён, Гулiвер, не квакае, не цiўкае, не гудзе, а гаворыць, як людзi.

I велiкан гэта ўбачыў. Ён уважлiва паглядзеў на Гулiвера i схапiў яго яшчэ мацней, каб не ўпусцiць. Пальцы яго, быццам велiзарныя клешчы, сцiснулi рэбры Гулiвера, i той ажно ўскрыкнуў ад болю.

Але велiкан зусiм не збiраўся душыць Гулiвера. Конiк, якi ўмеў гаварыць, вiдаць, вельмi яму спадабаўся. Ён прыўзняў крысо кафтана i, асцярожна паклаўшы на яго сваю знаходку, пабег на другi канец поля.

"Нясе да гаспадара", - здагадаўся Гулiвер.

I сапраўды, праз хвiлiну Гулiвер быў ужо ў руках велiкана, якi першы з'явiўся на ячменным полi.

Убачыўшы такога маленькага чалавечка, гаспадар здзiвiўся яшчэ больш, чым парабак. Ён доўга разглядаў яго, паварочваў то направа, то налева. Потым узяў саломiнку таўшчынёй з палку i пачаў падымаць ёю крысы Гулiверавага кафтана. Мабыць, ён думаў, што гэта нешта накшталт надкрылляў у хрушча.

Усе парабкi стоўпiлiся ў кучу, i выцягнуўшы шыi, моўчкi глядзелi на дзiўную знаходку.

Каб лепш разгледзець твар Гулiвера, гаспадар зняў з яго капялюш i лёгенька падзьмухаў яму на валасы. Валасы ў Гулiвера ўсталi, як ад моцнага ветру. Потым велiкан асцярожна апусцiў яго на зямлю i паставiў на карачкi. Напэўна, яму хацелася паглядзець, як бегае гэты дзiвосны звярок.

Але Гулiвер зараз жа ўстаў на ногi i пачаў важна разгульваць перад велiканамi, стараючыся паказаць, што ён не хрушч, не конiк, а такi ж чалавек, як i яны, i зусiм не збiраецца ўцякаць ад iх i хавацца сярод сцяблiн.

Ён узмахнуў капелюшом i пакланiўся свайму новаму гаспадару. Высока ўзняўшы галаву, ён моцна i выразна прывiтаўся на чатырох мовах.

Велiканы пераглянулiся i здзiўлена пакруцiлi галовамi, але Гулiвер бачыў, што яны яго не зразумелi. Тады ён дастаў з кiшэнi кашалёк з золатам i паклаў яго на далонь гаспадара. Той нiзка нахiлiўся, прыжмурыў адно вока i, зморшчыўшы нос, пачаў разглядаць гэту дзiўную рэч. Ён нават выцягнуў аднекуль з рукава шпiльку i паторкаў вастрыём у кашалёк, вiдаць, не здагадваючыся, што гэта такое.

Тады Гулiвер сам расчынiў кашалёк i высыпаў на далонь велiкана ўсё сваё золата - трыццаць шэсць гiшпанскiх чырвонцаў.

Велiкан наслiнiў кончык пальца i прыўзняў на iм адну залатую манету, затым другую...

Гулiвер стараўся знакамi растлумачыць, што ён просiць велiкана прыняць ад яго гэты сцiплы падарунак.

Ён кланяўся, прыцiскаў рукi да сэрца, але велiкан так нiчога i не зразумеў i таксама знакамi загадаў Гулiверу пакласцi манеты назад у кашалёк, а кашалёк схаваць у кiшэню.

Потым ён загаварыў аб нечым са сваiмi парабкамi, i Гулiверу здалося, што восем вадзяных млыноў разам зашумелi ў яго над галавой. Ён быў рады, калi парабкi нарэшце пайшлi на поле.

Тады велiкан дастаў з кiшэнi сваю насоўку, склаў яе ў некалькi столак i, апусцiўшы левую руку да самай зямлi, накрыў далонь насоўкай.

Гулiвер адразу здагадаўся, што ад яго хочуць. Ён паслухмяна ўзлез на гэту шырокую далонь i, каб не звалiцца з яе, лёг нiцма.

Вiдаць, велiкан вельмi баяўся ўпусцiць i згубiць Гулiвера - ён асцярожна загарнуў яго ў хусцiнку, быццам у коўдру, i, прыкрыўшы другой далонню, панёс да сябе дамоў.

3

Быў поўдзень, i гаспадыня паставiла ўжо на стол абед, калi велiкан з Гулiверам на далонi пераступiў парог свайго дома.

Нi слова не гаворачы, велiкан працягнуў жонцы далонь i прыўзняў край насоўкi, якой быў закрыты Гулiвер.

Яна адхiснулася назад i вiскнула так, што ў Гулiвера ледзь не лопнулi барабанныя перапонкi.

Але потым велiканша разгледзела Гулiвера. Ёй спадабалася, як ён кланяецца, здымае i надзяе капялюш, як асцярожна ходзiць па стале мiж талерак.

А Гулiвер i на самай справе хадзiў па стале асцярожна, з апаскай. Ён стараўся трымацца далей ад краю, бо стол быў вельмi высокi - напэўна, з двухпавярховы дом.

Уся сям'я гаспадара пасела вакол стала - бацька, мацi, трое дзяцей i старая бабуля. Гулiвера гаспадар пасадзiў каля сваёй талеркi.

Перад гаспадыняй на талерцы ўзвышаўся вялiзны кавалак смажанай ялавiчыны.

Яна адрэзала невялiчкi кавалачак мяса, адшчыкнула хлеба i паклала ўсё гэта перад Гулiверам.

Гулiвер пакланiўся ёй, дастаў з футарала свой дарожны прыбор - вiдэлец, ножык - i пачаў есцi.

Гаспадары апусцiлi свае вiдэльцы i, усмiхаючыся, пазiралi на яго. Гулiверу зрабiлася страшна. Кавалак засеў у яго ў горле, калi ён убачыў з усiх бакоў гэтыя вялiзныя, як лiхтары, цiкаўныя вочы i зубы, большыя, чым яго галава.

Але ён не хацеў, каб усе гэтыя велiканы, дарослыя i маленькiя, заўважылi, што ён iх баiцца, i, стараючыся не глядзець па баках, даеў свой хлеб i мяса.

Гаспадыня нешта сказала служанцы, i тая зараз жа паставiла перад Гулiверам чарку, да краёў напоўненую нейкiм залацiстым, празрыстым напiткам.

Напэўна, гэта была самая малюсенькая лiкёрная чарачка - у ёй было не больш за гладыш вiна.

Тулiвер устаў, узяў чарку абедзвюма рукамi i, падышоўшы да гаспадынi, выпiў за яе здароўе.

Гэта вельмi спадабалася ўсiм велiканам. Дзецi пачалi так рагатаць i пляскаць у ладкi, што Гулiвер ледзь не аглух.

Яму захацелася зноў схавацца за гаспадаровай талеркай, але, спяшаючыся, ён зачапiўся за скарынку хлеба i расцягнуўся на ўвесь рост. Але ён зараз жа ўсхапiўся на ногi i з трывогай паглядзеў кругом - ён зусiм не хацеў здавацца смешным i няўклюдным.

Аднак на гэты раз нiхто не засмяяўся. Усе занепакоена глядзелi на маленькага чалавечка, а служанка хуценька прыбрала праклятую скарынку.

Каб супакоiць сваiх гаспадароў, Гулiвер памахаў капелюшом i тройчы пракрычаў "ура", тым самым гаворачы, што ўсё скончылася добра.

Ён не ведаў, што ў гэту самую хвiлiну яго падпiльноўвае новая непрыемнасць.

Як толькi ён падышоў да гаспадара, адзiн з хлопчыкаў, дзесяцiгадовы свавольнiк, якi сядзеў побач з бацькам, схапiў Гулiвера за ногi i ўзняў так высока, што ў небаракi заняло дух i закружылася галава.

Цяжка сказаць, што мог яшчэ прыдумаць свавольнiк, але бацька выхапiў Гулiвера ў яго з рук, зноў паставiў на стол, а хлопчыку даў добрую аплявуху.

Такiм ударам можна было б выбiць з сёдлаў цэлы эскадрон грэнадзёраў вядома, нармальнай чалавечай пароды.

Пасля гэтага бацька загадаў сыну зараз жа выйсцi вон з-за стала. Хлопчык зароў, як статак быкоў, i Гулiверу стала шкада яго.

"Цi варта на яго злавацца? Ён жа яшчэ маленькi", - падумаў Гулiвер, апусцiўся на адно калена i знакамi пачаў прасiць гаспадара дараваць свавольнiку.

Бацька кiўнуў галавой, i хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом, а Гулiвер, стомлены ўсiмi гэтымi прыгодамi, сеў на абрус, прыхiлiўся да сальнiцы i на хвiлiну заплюшчыў вочы.

Раптам ён пачуў за сваёй спiной нейкi моцны шум. Такое размеранае густое вуркатанне можна пачуць у панчошных майстэрнях, калi там працуе не менш за дзесяць машын адразу.

Гулiвер азiрнуўся - i сэрца ў яго абмерла. Ён убачыў над сталом велiзарную, страшную морду нейкага драпежнага звера. Зялёныя, яркiя вочы то хiтра жмурылiся, то прагна расплюшчвалiся. Ваяўнiча разыходзiлiся ў бакi доўгiя пушыстыя вусы.

Хто гэта? Рысь? Бенгальскi тыгр? Леў? Не, гэты звер быў разы ў чатыры большы за самага вялiкага льва.

Асцярожна выглядваючы з-за талеркi, Гулiвер разглядаў звера. Глядзеў, глядзеў - i нарэшце зразумеў: гэта кошка! Звычайная хатняя кошка. Яна ўзлезла на каленi гаспадынi, гаспадыня гладзiць яе, кошцы гэта падабаецца, i яна мурлыкае.

Ах, калi б гэтая кошка была такая ж маленькая, як усе тыя кошкi i кацяняты, якiх Гулiвер бачыў у сябе на радзiме, ён таксама б пагладзiў яе i паказытаў за вушамi!

Але цi асмелiцца мышка казытаць кошку?

Гулiвер ужо хацеў схавацца куды-небудзь - у пустую мiску цi кўбак, - але, на шчасце, успомнiў, што драпежныя звяры заўсёды нападаюць на таго, хто iх баiцца, i баяцца тых, хто сам нападае.

Гэта думка вярнула Гулiверу смеласць. Ён паклаў руку на эфес шпагi i храбра ступiў наперад.

Даўнi паляўнiчы вопыт не падвёў Гулiвера. Пяць цi шэсць разоў ён бясстрашна падыходзiў да самай морды кошкi, i кошка нават не асмелiлася працягнуць да яго сваю лапу. Яна толькi прыцiскала вушы i адступала назад.

Скончылася ўсё тым, што яна саскочыла з каленяў гаспадынi i сама пайшла ад стала. Гулiвер уздыхнуў з палёгкай.

Але тут у пакой убеглi два вялiзныя сабакi.

Калi вы хочаце ведаць, якой яны былi велiчынi, пастаўце аднаго на другога чатырох сланоў - i вы будзеце мець самае дакладнае ўяўленне.

Адзiн сабака, нягледзячы на свой велiзарны рост, быў звычайны дварняк, другi - паляўнiчы, з пароды хартоў.

На шчасце, абодва сабакi не звярнулi на Гулiвера ўвагi i, атрымаўшы ад гаспадара па костцы, пабеглi на двор.

Пад канец абеда ў пакой увайшла кармiцелька з гадавалым дзiцем на руках.

Дзiця адразу ж убачыла Гулiвера, працягнула да яго рукi i пачало страшна раўцi. Калi б гэтае двухсажнёвае дзiця знаходзiлася на адной з лонданскiх ускраiн, яго голас абавязкова пачулi б на другой ускраiне нават глухiя. Напэўна, яно падумала, што Гулiвер цацка, i злавалася, што не можа дастаць яе.

Мацi ласкава ўсмiхнулася i, не доўга думаючы, узяла Гулiвера i паставiла перад хлопчыкам. А хлопчык таксама, не доўга думаючы, схапiў яго ўпоперак тулава i пачаў запiхваць у рот яго галаву.

Але тут ужо Гулiвер не вытрываў. Ён закрычаў яшчэ мацней за свайго мучыцеля, i дзiця спалохана выпусцiла яго з рук.

Напэўна, гэта была б апошняя прыгода Гулiвера, калi б гаспадыня не паспела злавiць яго на ляту ў свой фартух.

Дзiця зараўло яшчэ мацней, i, каб супакоiць яго, кармiцелька пачала трэсцi перад iм бразготкай. Бразготка была прывязана да пояса малога тоўстым якарным канатам i нагадвала вялiкi выдзёўбаны гарбуз. У сярэдзiне яе грымела i перакочвалася, напэўна, штук з дваццаць камянёў.

Але хлопчык i глядзець не хацеў на сваю старую бразготку. Ён аж заходзiўся ад крыку. Нарэшце велiканша захiнула Гулiвера фартухом i непрыкметна вынесла ў другi пакой.

Там стаялi ложкi. Яна паклала Гулiвера на сваю пасцель i накрыла чыстай насавой хусцiнкай. Хусцiнка гэтая была большая, чым ветразь ваеннага карабля, i такая ж тоўстая i грубая.

Гулiвер вельмi стамiўся. Вочы ў яго злiпалiся, i, як толькi гаспадыня пакiнула яго аднаго, ён накрыўся з галавой сваёй грубай палатнянай коўдрай i моцна заснуў.

Ён спаў больш за дзве гадзiны, i яму снiлася, што ён дома, сярод родных i сяброў.

Калi ж ён прачнуўся i зразумеў, што ляжыць на ложку, якому канца-краю не вiдаць, у велiзарным пакоi, якi не абыдзеш i за некалькi гадзiн, яму стала вельмi сумна. Ён зноў заплюшчыў вочы i пацягнуў вышэй рог хусцiнкi. Але на гэты раз заснуць яму не ўдалося.

Ледзь толькi ён задрамаў, як пачуў, што нехта цяжка саскочыў з полага на пасцель, прабег па падушцы i спынiўся каля яго, не то пасвiстваючы, не то сапучы.

Гулiвер хуценька прыўзняў галаву i ўбачыў, што над самым яго тварам стаiць нейкi даўгаморды вусаты звер i глядзiць яму проста ў вочы чорнымi, блiскучымi вачыма.

Пацук! Паскудны буры пацук велiчынёй з вялiкага сабаку! I ён не адзiн, тут iх два, яны нападаюць на Гулiвера з двух бакоў! Вось нахабныя жывёлiны! Адзiн з пацукоў асмялеў так, што ўспёрся лапамi проста на каўнер Гулiвера.

Гулiвер усхапiўся, выхапiў шпагу i адзiным ударам распароў зверу жывот. Пацук упаў, а другi кiнуўся наўцёкi.

Але тут ужо Гулiвер пагнаўся за iм, дагнаў ля самага краю пасцелi i адсек яму хвост.

У гэту самую хвiлiну ў пакой увайшла гаспадыня. Убачыўшы, што Гулiвер увесь у крывi, яна спалохана падбегла да пасцелi i хацела ўзяць яго на рукi.

Але Гулiвер, усмiхаючыся, падаў ёй сваю акрываўленую шпагу, паказаў на мёртвага пацука, i яна ўсё зразумела.

Паклiкаўшы служанку, яна загадала зараз жа ўзяць пацука шчыпцамi i выкiнуць вон. I тут абедзве жанчыны ўбачылi адсечаны хвост другога пацука. Ён ляжаў ля самых ног Гулiвера, даўгi, як пуга.

4

У гаспадароў Гулiвера была дачка - прыгожанькая, ласкавая i вельмi разумная дзяўчынка.

Ёй было ўжо дзевяць гадоў, але для свайго ўзросту яна была вельмi маленькая - усяго з якi-небудзь трохпавярховы домiк, ды i то без усялякiх там флюгераў i вежаў.

У дзяўчынкi была лялька, якой яна шыла прыгожыя кашулькi, сукеначкi i фартушкi.

Але з таго часу як у доме з'явiлася дзiвосная жывая лялька, яна i глядзець не хацела на старыя цацкi.

Сваю былую любiмую ляльку яна засунула ў нейкую скрынку, а яе ложачак аддала Гулiверу.

Удзень ложачак трымалi ў адным з прыскрынкаў камода, а вечарам ставiлi на палiцу, прыбiтую пад столлю, каб пацукi не маглi дабрацца да Гулiвера.

Дзяўчынка пашыла свайму "грыльдрыгу" (на мове велiканаў "грыльдрыг" азначае "чалавечак") падушку, коўдру i просцiны. Яна пашыла яму сем кашуль з самага тонкага палатнянага абрэзка, якi толькi магла знайсцi, i заўсёды сама мыла яму бялiзну i шкарпэткi.

У гэтай дзяўчынкi Гулiвер пачаў вучыцца мове велiканаў.

Ён паказваў пальцам на якi-небудзь прадмет, i дзяўчынка некалькi разоў запар паўтарала, як ён называецца.

Яна так клапатлiва даглядала Гулiвера, так цярплiва вучыла яго сваёй мове, што ён назваў яе сваёй "глюмдальклiч" - гэта значыць нянечкай.

Праз некалькi тыдняў Гулiвер пачаў патроху разумець, пра што гавораць вакол яго, i сам з горам папалам мог размаўляць з велiканамi.

А мiж тым чутка пра тое, што яго гаспадар знайшоў на сваiм полi дзiўнага звярка, разышлася далёка.

Гаварылi, быццам звярок маленькi, меншы нават за вавёрку, але з выгляду вельмi падобны на чалавека: ходзiць на дзвюх нагах, стракоча на нейкай сваёй мове, але ўжо крыху навучыўся гаварыць i на чалавечай мове. Ён разумны, паслухмяны, ахвотна iдзе, калi яго клiчуць, i робiць усё, што яму загадваюць. Мордачка ў яго беленькая - далiкатнейшая i бялейшая, чым твар у трохгадовай дзяўчынкi, а поўсць на галаве шаўкавiстаяi мяккая, як пух.

I вось аднойчы ў госцi да гаспадароў прыехаў iх стары прыяцель.

Ён адразу ж спытаў у iх, цi праўда, што яны знайшлi нейкага дзiвоснага звярка, i гаспадары загадалi сваёй дачцэ прынесцi Грыльдрыга.

Дзяўчынка пабегла, прынесла Гулiвера i паставiла яго на крэсла.

Гулiверу давялося паказаць усё, чаму яго навучыла Глюмдальклiч.

Ён маршыраваў удоўж i ўпоперак стала, па камандзе даставаў з ножан сваю шпагу i засоўваў яе назад, кланяўся госцю, пытаўся ў яго, як ён пажывае, i прасiў прыходзiць часцей.

Старому спадабаўся дзiвосны чалавечак. Каб лепш разгледзець Грыльдрыга, ён надзеў акуляры, i Гулiвер, зiрнуўшы на яго, не мог стрымацца ад смеху: вельмi ўжо яго вочы былi падобныя на месяц-поўнiк, калi ён зазiрае ў каюту праз круглае карабельнае акенца.

Глюмдальклiч таксама зразумела, штб так рассмяшыла Гулiвера, i таксама чмыхнула.

Госць пакрыўдзiўся i падабраў губы.

- Вельмi вясёлы звярок! - сказаў ён. - Але мне здаецца, для вас будзе лепш, калi людзi будуць смяяцца з яго, а не ён з людзей.

I стары параiў гаспадару завезцi Гулiвера ў блiжэйшы горад, да якога было ўсяго нейкiя паўгадзiны язды, гэта значыць, каля дваццацi дзвюх мiляў, i паказваць яго там на кiрмашы за грошы.

З усёй гэтай гаворкi Гулiвер зразумеў толькi некалькi слоў, але ён адразу адчуў, што супраць яго задумалi нешта нядобрае.

Глюмдальклiч пацвердзiла яго прадчуваннi.

Залiваючыся слязамi, яна сказала, што, вiдаць, тата i мама зноў хочуць зрабiць гэтак жа, як летась, калi падарылi ёй баранчыка: не паспела яна адкармiць яго, як яны прадалi яго мяснiку. I зараз тое ж самае: яны спачатку аддалi ёй Грыльдрыга назусiм, а цяпер збiраюцца вазiць яго па кiрмашах.

Спачатку гэта вельмi засмуцiла Гулiвера: было крыўдна, што яго хочуць паказваць на кiрмашы, як нейкую вучоную малпу цi марскую свiнку.

Але пасля яму стукнула ў галаву, што калi ён будзе ўвесь час сядзець у доме свайго гаспадара, ён так i састарэе ў лялечным ложачку цi ў скрынцы камоды.

А ў час вандраванняў па кiрмашах - хто ведае? - можа, лёс яго i зменiцца.

I ён з надзеяй пачаў чакаць першай паездкi.

5

I вось гэты дзень настаў.

Не паспела яшчэ добра развiднець, як гаспадар са сваёй дачкой i Гулiверам рушылi ў дарогу. Яны ехалi верхам на адным канi: гаспадар уперадзе, дачка ззаду, а Гулiвер - у скрынцы, якую трымала ў руках дзяўчынка.

Конь бег такой спорнай рыссю, што Гулiверу здавалася, быццам ён зноў на караблi i карабель то ўзлятае на грэбень хвалi, то правальваецца ў бездань.

Па якой дарозе яго вязуць, Гулiвёр не бачыў: ён сядзеў, правiльней сказаць - ляжаў у цёмнай скрынцы, якую яго гаспадар збiў напярэдаднi, каб везцi маленькага чалавечка з вёскi ў горад.

Акенца ў скрынцы не было. У ёй былi толькi невялiчкiя дзверцы, праз якiя Гулiвер мог заходзiць i выходзiць, ды некалькi адтулiн у вечку, каб праходзiла паветра.

Клапатлiвая Глюмдальклiч паклала ў скрынку коўдру з ложачка сваёй лялькi. Але цi можа ўберагчы ад удараў нават самая тоўстая коўдра, калi пры кожным штуршку цябе падкiдвае на метр ад падлогi i шпурляе з кутка ў куток?

Глюмдальклiч з неспакоем слухала, як яе бедны Грыльдрыг перакочваецца з месца на месца i стукаецца аб сценкi.

Як толькi конь спынiўся, дзяўчынка саскочыла з сядла i, прачынiўшы дзверцы, зазiрнула ў скрынку. Змучаны Гулiвер ледзьве ўстаў на ногi i хiстаючыся выйшаў на паветра.

Усё цела яго балела, перад вачыма плылi зялёныя кругi - так растрэсла яго за паўгадзiны гэтай цяжкой дарогi. Калi б не прывычка да акiянскiх штормаў, у яго б, напэўна, пачалася марская хвароба.

Але доўга адпачываць Гулiверу не давялося. Гаспадар не збiраўся трацiць нi хвiлiны дарагога часу.

Ён наняў у гатэлi "Зялёны арол" самы вялiкi пакой, распарадзiўся паставiць пасярод яго шырокi стол i наняць грультруда, па-нашаму сказаць - вестуна.

Грультруд абышоўувесь горад i абвясцiў жыхарам, што ў гатэлi "Зялёны арол" за невялiкую плату можна паглядзець на дзiвоснага звярка.

Гэты звярок трошкi большы за чалавечы палец, але выглядае, як сапраўдны чалавек. Ён разумее ўсё, што яму гавораць, сам умее тое-сёе гаварыць i вырабляе розныя пацешныя штукi.

Народ валам павалiў у гатэль.

Гулiвера паставiлi на стол, а Глюмдальклiч узлезла на табурэтку, каб падстрахоўваць яго i падказваць, што ён павiнен рабiць.

Па камандзе дзяўчынкi Гулiвер маршыраваў узад i ўперад, даставаў з ножан сваю шпагу i размахваў ёю. Глюмдальклiч дала яму саломiнку, i ён выконваў з ёю, быццам з кап'ём, розныя практыкаваннi. У самым канцы ён узяў напарстак, напоўнены вiном, выпiў за здароўе публiкi i запрасiў усiх прыйсцi да яго зноў у наступны базарны дзень.

У пакоi, дзе iшло прадстаўленне, змяшчалася не больш трыццацi чалавек, а паглядзець на дзiвоснага Грыльдрыга хацеў амаль увесь горад. Гулiверу давялося дванаццаць разоў запар паўтараць адно i тое ж прадстаўленне для новых i новых гледачоў. Да вечара ён так змучыўся, што ледзь варочаў языком i ледзь перастаўляў ногi.

Гаспадар нiкому не дазваляў дакранацца да Гулiвера - ён баяўся, каб хто-небудзь па неасцярозе не раздушыў яго цi не паламаў рукi i ногi.

На ўсякi выпадак ён загадаў адсунуць лаўкi для гледачоў далей ад стала, дзе iшло прадстаўленне. Але гэта не ўратавала Гулiвера ад бяды.

Нейкi школьнiк, што сядзеў у заднiх радах, раптам устаў, прыцэлiўся i кiнуў проста ў галаву Гулiвера вялiкi пражаны арэх.

Гэты арэх быў велiчынёй з добры гарбуз, i калi б Гулiвер не адскочыў убок, ён бы абавязкова застаўся без галавы.

Хлапчуку накруцiлi вушы i вывелi з залы. Але Гулiвер з гэтай хвiлiны стаў сам не свой. Саломiнка здавалася цяжкай; а вiно ў напарстку занадта моцным i кiслым. Ён быў страшэнна рады, калi Глюмдальклiч нарэшце схавала яго ў скрынку i зачынiла за iм дзверцы.

Пасля першага прадстаўлення ў Гулiвера пачалося цяжкае жыццё.

Кожны кiрмашны дзень яго прывозiлi ў горад, i ён з ранку да вечара бегаў па стале, пацяшаючы публiку. Ды i дома, у вёсцы, ён не меў нi хвiлiны спакою. Навакольныя памешчыкi, наслухаўшыся расказаў пра дзiвоснага чалавечка, разам са сваiмi дзецьмi прыязджалi да гаспадара i патрабавалi, каб iм паказвалi вучонага Грыльдрыга.

Трохi патаргаваўшыся, гаспадар наладжваў у сябе дома прадстаўленне. Госцi заставалiся вельмi задаволеныя i, вярнуўшыся дамоў, пасылалi паглядзець на Гулiвера ўсiх сваiх суседзяў, знаёмых i сваякоў. Гаспадар зразумеў, што паказваць Гулiвера вельмi выгадна. I ён вырашыў аб'ехаць з iм усе вялiкiя гарады краiны велiканаў.

Збiралiся нядоўга. 17 жнiўня 1703 года, роўна праз два месяцы пасля таго, як Гулiвер сышоў з карабля, гаспадар, Глюмдальклiч i Гулiвер выправiлiся ў далёкую дарогу.

6

Краiна велiканаў называлася Брабдынгнег, а галоўны горад яе - Ларбрулыруд, што па нашаму азначае "гонар Сусвету".

Сталiца знаходзiлася якраз пасярэдзiне краiны, i, каб трапiць у яе, Гулiверу i яго вялiзным спадарожнiкам давялося пераправiцца цераз шэсць шырокiх рэк. У параўнаннi з iмi рэкi, якiя ён бачыў у сябе на радзiме i ў iншых краiнах, здавалiся вузенькiмi, мелкiмi ручайкамi.

Падарожнiкi праехалi васемнаццаць гарадоў i мноства вёсак, але Гулiвер амаль i не бачыў iх. Яго вазiлi па кiрмашах не для таго, каб паказваць яму ўсялякiя дзiвосы, а для таго, каб яго самога паказваць, быццам дзiва.

Гаспадар заўсёды ехаў конна, Глюмдальклiч сядзела ззаду i трымала на каленях скрынку з Гулiверам.

Але перад гэтым падарожжам дзяўчынка абабiла сценкi скрынкi тоўстай, мяккай тканiнай, падлогу заслала сеннiкамi, а ў куток паставiла ложачак сваёй лялькi.

I ўсё роўна Гулiвер стамляўся ад бясконцага гайдання i штуршкоў.

Дзяўчынка заўважыла гэта i ўгаварыла бацьку ехаць цiшэй i часцей спыняцца.

Калi Гулiверу надакучвала сядзець у цёмнай скрынцы, яна даставала яго адтуль i ставiла на вечка, каб ён мог дыхаць свежым паветрам i любавацца на замкi, палi i гаi, паўз якiя яны праязджалi. Пры гэтым яна заўсёды моцна трымала яго за падцяжкi.

Калi б Гулiвер упаў з такой вышынi, ён бы, мусiць, памёр ад страху, не даляцеўшы яшчэ да зямлi. Але ў руках сваёй нянечкi ён адчуваў сябе спакойна i з цiкаўнасцю пазiраў па баках.

Па даўняй звычцы вопытнага падарожнiка Гулiвер нават у час самых цяжкiх пераездаў не трацiў часу марна. Ён старанна вучыўся ў сваёй Глюмдальклiч, запамiнаў новыя словы i з кожным днём усё лепш i лепш гаварыў па-брабдынгнежску.

Глюмдальклiч заўсёды вазiла з сабой маленькую кiшэнную кнiжачку, крышку большую за геаграфiчны атлас. Гэта былi правiлы паводзiн выхаваных дзяўчынак. Яна паказвала Гулiверу лiтары, i ён па гэтай кнiзе хутка навучыўся бегла чытаць.

Даведаўшыся аб яго поспехах, гаспадар пачаў прымушаць Гулiвера чытаць уголас розныя кнiжкi ў час прадстаўлення. Гэта вельмi пацяшала гледачоў, i яны цэлымi натоўпамi збягалiся паглядзець на пiсьменнага звярка.

Гаспадар паказваў Гулiвера ў кожным горадзе i ў кожнай вёсцы. Часам ён збочваў з дарогi i заязджаў у замак якога-небудзь знатнага вяльможы. Чым больш прадстаўленняў давалi яны ў дарозе, тым больш таўсцеў кашалёк гаспадара i тым худзейшы рабiўся бедны Гулiвер.

Калi нарэшце iхняе падарожжа скончылася i яны прыехалi ў сталiцу, Гулiвер ледзь трымаўся на нагах.

Але гаспадар i думаць не хацеў пра нейкую там перадышку. Ён наняў у гатэлi вялiкую залу, загадаў паставiць у ёй стол, агароджаны парэнчамi, каб Гулiвер як-небудзь выпадкова не звалiўся на падлогу, i па ўсiм горадзе расклеiў афiшы, дзе чорным па белым было напiсана: "Хто не бачыў вучонага Грыльдрыга, той не бачыў нiчога!"

Прадстаўленнi пачалiся. Iншы раз Гулiверу даводзiлася паказвацца публiцы па дзесяць разоў на дзень.

Ён адчуваў, што доўга гэтага не вытрымае. I вельмi часта, маршыруючы па стале са сваёй саломiнкай у руках, ён думаў пра тое, як гэта сумна скончыць свой век вось тут, на гэтым стале з парэнчамi, пад рогат вясёлай публiкi.

Але якраз тады, калi Гулiверу здавалася, што няма на свеце больш няшчаснага чалавека, чым ён, лёс яго раптам павярнуўся да лепшага.

Аднойчы ранiцой у гатэль з'явiўся адзiн з ад'ютантаў караля i запатрабаваў, каб Гулiвера неадкладна прывезлi ў палац.

Атрымалася так, што напярэдаднi дзве прыдворныя дамы бачылi вучонага Грыльдрыга i столькi нарасказвалi пра яго каралеве, што тая захацела абавязкова паглядзець на яго сама i паказаць сваiм дочкам.

Глюмдальклiч надзела сваю самую лепшую святочную сукенку, сама памыла i прычасала Гулiвера i панесла яго ў палац. Прадстаўленне ў гэты дзень удалося Гулiверу як нiколi. Нiколi яшчэ ён не валодаў шпагай i саломiнкай так спрытна, нiколi не маршыраваў так добра i весела. Каралева была ў захапленнi. Яна мiласцiва працягнула Гулiверу свой мезены палец, i Гулiвер, далiкатна абхапiўшы яго абедзвюма рукамi, пацалаваў у пазногаць. Пазногаць у каралевы быў гладкi, адпалiраваны, i, цалуючы яго, Гулiвер убачыў у iм свой твар, быццам у авальным люстэрку. Толькi цяпер ён заўважыў, што за апошнi час вельмi змянiўся - пабляднеў, схуднеў, на скронях у яго з'явiлiся першыя сiвыя валасы.

Каралева задала Гулiверу некалькi пытанняў. Яна хацела ведаць, дзе ён нарадзiўся, дзе жыў, як i калi трапiў у Брабдынгнег. Гулiвер адказваў на ўсе пытаннi дакладна, коратка, ветлiва i так моцна, як толькi мог.

Тады каралева спытала ў Гулiвера, цi не хоча ён застацца ў яе, у палацы. Гулiвер адказаў, што для яго будзе вялiкiм шчасцем служыць такой прыгожай, мiласцiвай i мудрай каралеве, калi толькi яго гаспадар згодзiцца адпусцiць яго на волю.

- Ён згодзiцца! - сказала каралева i зрабiла нейкi знак прыдворнай даме.

Праз некалькi хвiлiн гаспадар Гулiвера стаяў перад каралевай.

- Я бяру сабе гэтага чалавечка, - сказала каралева. - Колькi ты хочаш атрымаць за яго?

Гаспадар задумаўся. Паказваць Гулiвера было вельмi выгадна. Але цi доўга яшчэ можна будзе паказваць яго? З кожным днём ён усё больш худнее, растае, як iльдзiнка на сонцы, i, здаецца, скора яго зусiм не стане.

- Тысячу залатых! - сказаў ён.

Каралева загадала даць яму тысячу залатых, а потым зноў павярнулася да Гулiвера.

- Ну вось, - сказала яна, - цяпер ты наш, Грыльдрыг.

Гулiвер прыцiснуў рукi да сэрца.

- Нiзкi паклон вам, ваша вялiкасць, - сказаў ён, - але, калi мiласць ваша роўная вашай прыгажосцi, я асмелюся прасiць маю ўладарку не разлучаць мяне з маёй дарагой Глюмдальклiч, маёй нянечкай i настаўнiцай.

- Вельмi добра, - сказала каралева. - Яна застанецца пры двары. Тут яе будуць вучыць i добра даглядаць, а яна будзе вучыць i даглядаць цябе.

Глюмдальклiч як не падскочыла ад радасцi. Гаспадар таксама быў вельмi задаволены. Ён нiколi i не марыў уладкаваць дачку пры каралеўскiм двары.

Схаваўшы грошы ў дарожны мяшок, ён нiзка пакланiўся каралеве, а Гулiверу пажадаў удачы на новай службе.

Гулiвер нiчога не адказаў яму, толькi злёгку кiўнуў галавой.

- Ты, здаецца, злуешся на свайго былога гаспадара, Грыльдрыг? - спытала каралева.

- О не, - адказаў Гулiвер. - Але я лiчу, што мне няма пра што гаварыць з iм. Да гэтага часу ён сам нiколi не размаўляў са мной i нiколi не пытаўся ў мяне, цi магу я выступаць перад публiкай па дзесяць разоў на дзень. Я абавязаны яму толькi тым, што мяне не раздушылi i не растапталi, калi выпадкова знайшлi ў яго на полi. За гэта я з лiхвой разлiчыўся з iм тымi грашыма, якiя ён нажыў, паказваючы мяне па ўсiх гарадах i вёсках краiны. Я ўжо не кажу пра тую тысячу залатых, якую ён атрымаў за маю нiкчэмную асобу ад вашай вялiкасцi. Гэты прагны чалавек ледзь не замучыў мяне да смерцi i нiзавошта не аддаў бы нават за такую цану, калi б не лiчыў, што я ўжо не варты i граша. Але я ўпэўнены, што на гэты раз ён памылiўся. Я адчуваю прылiў новай сiлы i гатоў старанна служыць маёй цудоўнай каралеве i ўладарцы.

Каралева вельмi здзiвiлася.

- Я нiколi не бачыла i не чула нiчога падобнага! - усклiкнула яна. - Гэта самае разважлiвае i красамоўнае насякомае з усiх насякомых на свеце!

I, узяўшы Гулiвера двума пальцамi, яна панесла паказаць яго каралю.

7

Кароль сядзеў у сваiм кабiнеце i быў заняты нейкiмi важнымi дзяржаўнымi справамi.

Калi каралева падышла да яго стала, ён мяльком зiрнуў на Гулiвера i цераз плячо спытаў, цi даўно гэта каралева захапiлася дрэсiраванымi мышамi.

Каралева моўчкi ўсмiхнулася ў адказ i паставiла Гулiвера на стол. Гулiвер нiзка i пачцiва пакланiўся каралю.

- Хто зрабiў нам такую пацешную завадную цацку? - спытаў кароль.

Тут каралева зрабiла знак Гулiверу, i ён сказаў самае доўгае i прыгожае прывiтанне, якое толькi мог прыдумаць.

Гэта здзiвiла караля. Ён адкiнуўся на спiнку крэсла i пачаў задаваць дзiвоснаму чалавечку пытанне за пытаннем.

Гулiвер адказваў каралю падрабязна i дакладна. Гаварыў ён чыстую праўду, але кароль глядзеў на яго, прыжмурыўшы вочы, i недаверлiва круцiў галавой.

Ён загадаў паклiкаць трох самых славутых вучоных краiны i прапанаваў iм добра агледзець гэта маленькае дзiўнае двухногае i вызначыць, да якога разраду яно належыць.

Вучоныя доўга разглядалi Гулiвера ў павелiчальнае шкло i нарэшце вырашылi, што ён не звер, бо ходзiць на дзвюх нагах i валодае членараздзельнай мовай. Ён i не птушка, бо ў яго няма крылаў i, вiдаць, ён не ўмее лётаць. Ён i не рыба, бо ў яго няма нi хваста, нi плаўнiкоў. Напэўна, ён i не насякомае, бо нi ў адной вучонай кнiзе няма нават упамiнання аб насякомых, якiя б былi так падобны на чалавека. Аднак ён i не чалавек - калi меркаваць па яго малюсенькiм росце i ледзь чутным голасе. Хутчэй за ўсё гэта жарт мацi-прыроды - "рэльплюм сколькатс" па-брабдынгнежску.

Пачуўшы гэта, Гулiвер вельмi пакрыўдзiўся.

- Думайце, што хочаце, - сказаў ён, - але я зусiм нiякi не жарт мацi-прыроды, а самы сапраўдны чалавек.

I, папрасiўшы ў караля дазволу, ён падрабязна расказаў пра тое, хто ён такi, адкуль прыехаў, дзе i як жыў да гэтага часу.

- У нашых краях жывуць мiльёны мужчын i жанчын такога ж росту, як я, даказваў ён каралю i вучоным. - Нашы горы, рэкi i дрэвы, нашы дамы i вежы, конi, на якiх мы ездзiм, звяры, на якiх мы палюем, - словам, усё, што нас акружае, у столькi ж разоў меншыя за вашы горы, рэкi, дрэвы i жывёлу, наколькi я меншы за вас.

Вучоныя засмяялiся i сказалi, што яны для таго так доўга i вучылiся, каб не верыць бязглуздым выдумкам, але кароль зразумеў, што Гулiвер гаворыць праўду.

Ён адпусцiў вучоных, паклiкаў да сябе ў кабiнет Глюмдальклiч i загадаў, каб яна знайшла бацьку, якi, на шчасце, яшчэ не паспеў выехаць з горада.

Ён доўга распытваў iх абаiх, як i дзе быў знойдзены Гулiвер, i адказы iх цалкам пераканалi яго ў тым, што Гулiвер гаворыць праўду.

- Калi гэта i не чалавек, - сказаў кароль, - то, безумоўна, чалавечак.

I ён папрасiў каралеву, каб яна берагла Гулiвера i клапацiлася аб iм як найлепш. Каралева з ахвотай узяла Гулiвера пад сваю апеку. Разумны i ветлiвы Грыльдрыг спадабаўся ёй куды больш, чым яе ранейшы любiмец - карлiк. Гэты карлiк дасюль лiчыўся самым маленькiм чалавекам у краiне. Ростам ён быў усяго чатыры сажнi, па плячо дзевяцiгадовай Глюмдальклiч. Але хiба можна было яго параўнаць з Грыльдрыгам, якi змяшчаўся ў каралевы на далонi!

Каралева адвяла Гулiверу пакоi побач са сваiмi ўласнымi пакоямi. У гэтых пакоях пасялiлася Глюмдальклiч з настаўнiцай i служанкамi, а сам Гулiвер уладкаваўся на маленькiм столiку пад акенцам, у прыгожай арэхавай скрынцы, якая была яму спальняй.

Гэту скрынку па спецыяльным заказе каралевы зрабiў прыдворны сталяр. Даўжынёй яна была шаснаццаць крокаў, шырынёй - дванаццаць. Знешне яна нагадвала невялiчкi домiк - светлыя акенцы з аканiцамi, прыгожыя дзверы з вiсячым замком, - толькi дах у домiка быў плоскi. Дах падымаўся i апускаўся на завесах. Кожную ранiцу Глюмдальклiч падымала яго i прыбiрала спальню Гулiвера.

У спальнi стаялi дзве шафы для адзення, шырокi ложак, камода для бялiзны, два сталы i два крэслы з падлакотнiкамi. Усё гэта зрабiў для Гулiвера цацачны майстар, праслаўлены ўмелец выразаць з косцi i дрэва розныя цацкi.

Крэслы, камода i столiкi былi зроблены з нейкага матэрыялу, падобнага да слановай касцi, а ложак i шафы, як i ўвесь домiк, - з арэхавага дрэва.

А каб Гулiвер незнарок не выцяўся, калi яго домiк будуць пераносiць з месца на месца, сцены, столь i падлогу спальнi абабiлi мяккiм i тоўстым лямцам.

Замок на дзверы быў зроблены па настойлiвай просьбе Гулiвера: ён вельмi баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цiкаўная мыш цi прагны пацук.

Пасля некалькiх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькi замочак з усiх, якiя яму калi-небудзь даводзiлася рабiць.

А мiж тым у сябе на радзiме Гулiвер толькi адзiн раз у жыццi бачыў замок такiх памераў. Ён вiсеў на варотах адной панскай сядзiбы, гаспадар якой славiўся выключнай скупасцю.

Ключ ад замка Гулiвер насiў у кiшэнi, таму што Глюмдальклiч баялася згубiць такую малюсенькую рэч. Ды i навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсцi не магла, а каб паглядзець, што робiцца ў домiку, цi дастаць адтуль Гулiвера, даволi было прыўзняць дах.

Каралева паклапацiлася не толькi аб жыллi свайго Грыльдрыга, але i аб новым адзеннi для яго.

Строй яму пашылi з самай тонкай шаўковай тканiны, якая толькi знайшлася ў дзяржаве. I ўсё-такi гэтая тканiна была таўсцейшая за самыя тоўстыя ангельскiя коўдры, i ў ёй было вельмi нязручна, пакуль Гулiвер не прывык да яе. Пашыты быў строй па мясцовай модзе: шаравары накшталт персiдскiх, а кафтан накшталт кiтайскага. Гулiверу вельмi спадабаўся гэты крой. На яго думку, ён быў вельмi зручны i прыстойны.

Каралева i абедзве яе дачкi так палюбiлi Гулiвера, што нiколi не садзiлiся абедаць без яго.

На каралеўскi стол каля левага локця каралевы ставiлi столiк i крэсла для Гулiвера. Даглядала яго ў час абеду яго нянечка - Глюмдальклiч. Яна налiвала яму вiно, клала на талеркi стравы i сачыла, каб хто-небудзь не перакулiў i не скiнуў яго разам са столiкам i крэслам.

У Гулiвера быў свой асобны срэбны сервiз - вялiкiя i малыя талеркi, супнiк, соўснiк i салатнiцы.

Канечне, у параўнаннi з пасудай каралевы гэты сервiз здаваўся цацачным, але ён быў вельмi добра зроблены.

Пасля абеду Глюмдальклiч сама мыла i чысцiла талеркi i мiскi, а потым хавала ўсё гэта ў срэбную шкатулачку. Шкатулачку гэту яна заўсёды насiла ў кiшэнi.

Каралева вельмi любiла глядзець, як есць Гулiвер. Яна нават сама часта падкладвала яму на талерку кавалачак ялавiчыны цi птушкi i з усмешкай сачыла за тым, як павольна з'ядае ён сваю порцыю, якую любое трохгадовае дзiця праглынула б зараз.

Затое Гулiвер з мiжвольным страхам глядзеў на тое, як уплятаюць свой абед каралева i абедзве прынцэсы.

Каралева часта скардзiлася на дрэнны апетыт, але тым не меней яна клала ў рот такi кавалак, якога хапiла б на абед цэламу тузiну ангельскiх фермераў пасля жнiва. Пакуль не прывык, Гулiвер заплюшчваў вочы, каб не бачыць, як каралева абгрызае крыльца рабчыка, у дзевяць разоў большае за крыло звычайнага iндыка, i адкусвае кавалачкi хлеба памерам з дзве вясковыя буханкi. Яна не адрываючыся выпiвала залаты кубак, а гэты кубак змяшчаў цэлую бочку вiна. Яе сталовыя нажы i вiдэльцы былi ў два разы большыя за палявую касу. Аднойчы Глюмдальклiч, узяўшы на рукi Гулiвера, паказала яму разам тузiн добра начышчаных нажоў i вiдэльцаў. Гулiвер не мог глядзець на iх спакойна. Ззяючае вострае лязо i велiзарныя зубы, доўгiя, як коп'i, напалохалi яго.

Калi каралеве расказалi пра гэта, яна засмяялася i спытала ў свайго Грыльдрыга, цi ўсе яго землякi такiя баязлiўцы, што без страху не могуць бачыць сталовы нож i ўцякаюць ад звычайнай мухi.

Яе заўсёды пацяшала, што Гулiвер з жахам ускакваў з месца, калi некалькi мух з гудзеннем падляталi да яго стала. Для яе гэтыя велiзарныя лупатыя насякомыя велiчынёй з добрага дразда i на самай справе былi мухамi, а Гулiвер не мог i думаць пра iх без агiды i злосцi.

Гэтыя надакучлiвыя, прагныя стварэннi нiколi не давалi яму спакойна паабедаць. Яны запускалi свае брудныя лапы ў яго талерку. Яны садзiлiся яму на галаву i кусялi да крывi. Спачатку Гулiвер не ведаў, як ад iх адбiцца, i сапраўды гатовы быў бегчы куды вочы глядзяць. Але потым ён усё ж знайшоў спосаб абароны.

Iдучы абедаць, ён браў з сабой свой марскi корцiк i, як толькi мухi падляталi да яго, хуценька ўскакваў з месца i - раз! раз! - на ляту рассякаў iх на часткi.

Каралева i прынцэсы, калi ўбачылi гэтую бiтву першы раз, былi ў такiм захапленнi, што расказалi аб ёй каралю. Назаўтра кароль абедаў разам з iмi, каб толькi паглядзець, як Грыльдрыг ваюе з мухамi.

У гэты дзень Гулiвер рассек сваiм корцiкам некалькi вялiкiх мух, i кароль пахвалiў яго за храбрасць i спрыт.

Загрузка...