Але бой з мухамi - яшчэ не самая цяжкая справа. Неяк Гулiверу давялося вытрымаць бой з больш страшным працiўнiкам.
Здарылася гэта ў адну звычайную летнюю ранiцу. Глюмдальклiч паставiла скрынку з Гулiверам на падаконнiк, каб ён мог падыхаць свежым паветрам. Ён нiколi не дазваляў вешаць свой дом за акном на цвiк, як часам вешаюць клеткi з птушкамi.
Расчынiўшы ўсе вокны i дзверы ў сваiм домiку, Гулiвер сеў у крэсла i пачаў есцi. У руках яго быў вялiкi кавалак салодкага пiрага з варэннем. I раптам штук дваццаць восаў уляцела ў пакой з такiм гудзеннем, быццам разам зайгралi дзесяткi два баявых шатландскiх валынак. Восы вельмi любяць салодкае i, вiдаць, здалёк пачулi пах варэння. Штурхаючы адна другую, яны рынулiся на Гулiвера, адабралi ў яго пiрог i мiгам разарвалi на кавалачкi.
Тыя, каму нiчога не дасталося, насiлiся над галавой Гулiвера, аглушаючы яго сваiм гудзеннем i пагражаючы страшэннымi джаламi.
Але Гулiвер быў не з баязлiвых. Ён схапiў сваю шпагу i кiнуўся на разбойнiц, чатырох забiў, а астатнiя паўцякалi.
Пасля гэтага Гулiвер зачынiў вокны i дзверы i, трохi перадыхнуўшы, пачаў разглядаць трупы сваiх ворагаў. Восы былi велiчынёй з вялiкага цецерука. Вострыя, як iголкi, джалы iх былi даўжэйшыя, чым сцiзорык Гулiвера. Добра, што яму пашчаслiвiла пазбегнуць уколу гэтых атручаных нажоў!
Асцярожна загарнуўшы ўсiх чатырох вос у ручнiк, Гулiвер схаваў iх у нiжнюю скрынку сваёй камоды.
- Калi мне яшчэ суджана калi-небудзь вярнуцца на радзiму, - сказаў ён сабе, - я падарую iх школе, дзе я вучыўся.
8
Днi, тыднi i месяцы ў краiне велiканаў былi не даўжэйшыя i не карацейшыя, чым ва ўсiх iншых частках свету. I беглi яны адзiн за другiм з такой жа хуткасцю, як i ўсюды.
Пакрысе Гулiвер прывык бачыць вакол сябе людзей, вышэйшых за дрэвы, i дрэвы, вышэйшыя за горы.
Неяк каралева паставiла яго сабе на далонь i падышла з iм да вялiкага люстэрка, у якiм абое яны былi вiдаць з галавы да пят.
Гулiвер мiмаволi засмяяўся. Яму раптам здалося, што каралева самага звычайнага росту, зусiм такая, як усе людзi на свеце, а вось ён, Гулiвер, зрабiўся меншы, чым быў, разоў у дванаццаць.
Патрохi ён перастаў здзiўляцца, калi бачыў, што людзi жмураць вочы, каб лепш разгледзець яго, i падносяць далонь да вуха, каб пачуць, што ён гаворыць.
Ён ведаў, што амаль кожнае яго слова здаецца велiканам смешным i дзiўным i чым больш сур'ёзна ён разважае, тым болей з яго смяюцца. Ён ужо не крыўдзiўся на iх за гэта, а толькi думаў з горыччу: "Можа, i я смяяўся б, калi б канарэйка, якая жыве ў мяне дома ў прыгожай пазалочанай клетцы, раптам надумалася гаварыць пра навуку i палiтыку".
Зрэшты, Гулiвер не скардзiўся на свой лёс. З таго часу як ён трапiў у сталiцу, яму жылося нядрэнна. Кароль i каралева вельмi любiлi свайго Грыльдрыга, а прыдворныя былi з iм вельмi пачцiвыя.
Прыдворныя заўсёды пачцiвыя з тымi, каго любяць кароль i каралева.
Адзiн толькi вораг быў у Гулiвера. I як нi ахоўвала свайго выхаванца клапатлiвая Глюмдальклiч, яна ўсё-такi не змагла засцерагчы яго ад многiх непрыемнасцяў.
Гэты вораг быў карлiк каралевы.
Да таго як з'явiўся Гулiвер, ён лiчыўся самым маленькiм чалавекам ва ўсёй краiне. Яго прыгожа апраналi, гулялi з iм, яму даравалiся дзёрзкiя жарты i надакучлiвыя свавольствы. Але як толькi Гулiвер пасялiўся ў пакоях каралелевы, i яна сама i ўсе прыдворныя перасталi нават заўважаць карлiка.
Карлiк хадзiў па палацы хмуры, сярдзiты, злаваўся на ўсiх, а больш за ўсё, зразумела, на самога Гулiвера.
Ён не мог спакойна глядзець на тое, як цацачны чалавечак стаiць на стале i, чакаючы выхаду каралевы, свабодна размаўляе з прыдворнымi.
Злосна ўхмыляючыся i крыўляючыся, карлiк пачынаў падсмейвацца з новага каралеўскага любiмчыка. Але Гулiвер не звяртаў на гэта ўвагi i на кожны жарт адказваў двума, яшчэ больш дасцiпнымi.
Тады карлiк пачаў думаць пра тое, як бы iнакш насалiць Гулiверу. I вось аднойчы ў час абеду, падлавiўшы момант, калi Глюмдальклiч пайшла па нешта ў другi канец пакоя, ён узлез на падлакотнiк крэсла каралевы, схапiў Гулiвера, якi спакойна сядзеў за сваiм столiкам, размахнуўся i кiнуў яго ў срэбны кубак са смятанкай, а сам кулём выкацiўся з пакоя i зашыўся ў нейкi цёмны куток.
Каралева так перапалохалася, што ёй нават i ў галаву не прыйшло падаць Гулiверу кончык мезенца цi маленькую лыжку. Бедны Гулiвер плюхаўся ў белых густых хвалях i, мусiць, праглынуў не менш гладыша халоднай, як лёд, смятанкi, пакуль нарэшце не падбегла Глюмдальклiч. Яна выхапiла яго з кубка i загарнула ў сурвэтку.
Гулiвер хутка сагрэўся, i незвычайная ванна не прынесла яму вялiкай шкоды. Усё скончылася лёгкiм насмаркам, але з таго часу ён не мог без агiды нават глядзець на смятанку.
Каралева вельмi раззлавалася i загадала сурова пакараць свайго ранейшага любiмца.
Карлiка балюча адлупцавалi i прымусiлi выпiць кубак смятанкi, у якой выкупаўся Гулiвер.
Пасля гэтага тыднi два карлiк паводзiў сябе добра - не чапаў Гулiвера i нават ветлiва ўсмiхаўся яму, праходзячы мiма.
Усе - нават насцярожаная Глюмдальклiч i сам Гулiвер - перасталi асцерагацца яго.
Але карлiк затаiўся, ён толькi чакаў зручнага выпадку, каб расквiтацца разам за ўсё са сваiм шчаслiвым сапернiкам. I гэты выпадак, як i першы раз, трапiўся яму ў час абеду.
Каралева паклала сабе на талерку костку з мазгамi, мазгi дастала, а талерку адсунула ўбок.
Глюмдальклiч якраз пайшла да буфета, каб налiць Гулiверу вiна. Карлiк падкраўся да стала, i не паспеў Гулiвер апамятацца, як карлiк засунуў яго па самыя плечы ў пустую костку.
Добра яшчэ, што костка паспела астыць. Гулiвер не апёкся, але ад крыўды ледзь не заплакаў.
Болей за ўсё крыўдна было тое, што каралева i прынцэсы нават не заўважылi, што ён знiк, i спакойна гаманiлi са сваiмi прыдворнымi дамамi.
Клiкнуць iх на дапамогу i прасiць, каб яго выцягнулi з каровiнай косткi, Гулiвер не хацеў. Ён вырашыў маўчаць, што б нi было далей.
"Толькi б костку не кiнулi сабакам!" - думаў ён.
Але, на шчасце, вярнулася Глюмдальклiч са збанам вiна. Яна адразу ж убачыла, што Гулiвера няма на месцы, i пачала шукаць яго.
Якi перапалох узняўся ў каралеўскай сталовай! Каралева, прынцэсы i прыдворныя дамы пачалi падымаць i трэсцi сурвэткi, заглядваць у мiскi, шклянкi, соўснiкi.
Але ўсё было дарэмна: Грыльдрыг прапаў бясследна. Каралева была ў роспачы. Яна не ведала, на каго злавацца, i таму злавалася яшчэ больш.
Невядома, чым бы скончылася гэтая гiсторыя, калi б меншая прынцэса не заўважыла Гулiвераву галаву, якая тырчала з косткi, быццам з дупла вялiзнага дрэва.
- Вунь ён! Вунь ён! - закрычала яна.
Праз хвiлiну Гулiвера выцягнулi з косткi.
Каралева адразу ж здагадалася, хто ўсё гэта натварыў.
Карлiка зноў адлупцавалi, а нянечка панесла Гулiвера адмываць i пераапранаць.
Пасля гэтага выпадку карлiку забаранiлi паказвацца ў каралеўскай сталовай, i Гулiвер доўга не бачыў свайго ворага - пакуль не сустрэўся з iм у садзе.
Здарылася гэта так. Аднойчы гарачым летнiм днём Глюмдальклiч вынесла Гулiвера ў сад i пусцiла яго пагуляць у цяньку.
Ён пайшоў па дарожцы, уздоўж якой раслi яго любiмыя карлiкавыя яблынi.
Дрэўцы гэтыя былi такiя маленькiя, што, задзёршы галаву, Гулiвер лёгка мог убачыць верхавiны iх. Праўда, яблыкi на iх раслi, як гэта часта бывае, яшчэ большыя, чым на вялiкiх дрэвах.
I тут з-за павароту насустрач Гулiверу выйшаў карлiк. Гулiвер не стрымаўся i сказаў, насмешлiва зiрнуўшы на яго:
- Вось гэта дык цуд! Карлiк - сярод карлiкавых дрэў. Не кожны дзень такое ўбачыш.
Карлiк нiчога не адказаў, толькi злосна паглядзеў на Гулiвера. I Гулiвер пайшоў далей. Але не паспеў ён ступiць i трох крокаў, як адна з яблынь затрэслася i град яблыкаў, з пiўную бочачку кожны, з гулкiм стукатам пасыпалiся на Гулiвера.
Адзiн з iх стукнуў яго па спiне, збiў з ног, i ён расцягнуўся на траве, закрываючы галаву рукамi. А карлiк зарагатаў i пабег у глыбiню саду.
Жаласны крык Гулiвера i злосны рогат карлiка пачула Глюмдальклiч. Яна спалохана кiнулася да Гулiвера, падняла яго i занесла дамоў.
На гэты раз Гулiвер некалькi дзён праляжаў у пасцелi - так моцна ён быў пабiты цяжкiмi яблыкамi, што раслi на карлiкавых яблынях у краiне велiканаў. Калi ён нарэшце падняўся на ногi, выявiлася, што карлiка ў палацы больш няма.
Глюмдальклiч расказала аб ўсiм каралеве, i каралева так раззлавалася на яго, што не захацела яго больш бачыць i падарыла адной знатнай даме.
9
Кароль i каралева часта падарожнiчалi па сваёй краiне, i Гулiвер звычайна суправаджаў iх.
За час гэтых падарожжаў ён зразумеў, чаму нiхто нiколi не чуў пра дзяржаву Брабдынгнег.
Краiна велiканаў размяшчалася на вялiзнай паўвыспе, якую ад вялiкай зямлi аддзяляў ланцуг гор. Горы гэтыя такiя высокiя, што перабрацца цераз iх зусiм немагчыма. Яны стромыя, абрывiстыя, i сярод iх шмат дзеючых вулканаў. Патокi вогненнай лавы i гарачы попел адсякалi шлях да гэтага вялiзнага горнага хрыбта. З астатнiх трох бакоў паўвыспы быў акiян. Але берагi паўвыспы былi так густа ўсыпаны вострымi скаламi, а мора ў гэтых мясцiнах такое бурнае, што прыстаць да берагоў Брабдынгнега не змог бы нават самы вопытны марак.
Толькi, нейкi шчаслiвы выпадак дазволiў караблю, на якiм плыў Гулiвер, падысцi да гэтых непрыступных скалаў.
Звычайна нават трэскi ад разбiтых караблёў не даплываюць да гэтых непрыветных, пустынных берагоў.
Рыбакi не будуюць тут сваiх хацiн, не развешваюць сетак. Марскую рыбу, нават самую вялiкую, яны лiчаць дробнай i касцiстай. I не дзiва! Марская рыба заходзiць сюды здалёк - з тых мясцiн, дзе ўсе жывыя iстоты куды меншыя, чым у Брабдынгнегу. Затое ў мясцовых рэках трапляюцца фарэлi i акунi велiчынёй з добрую акулу.
Хаця, калi марскiя буры прыбiваюць да прыбярэжных скалаў кiтоў, рыбакi часам ловяць iх у свае сеткi.
Гулiверу аднойчы надарылася ўбачыць даволi вялiкага кiта на плячы ў аднаго маладога рыбака.
Гэтага кiта купiлi потым для каралеўскага стала i падалi на вялiкiм блюдзе з падлiвай з розных прыпраў.
Кiтовае мяса ў Брабдынгнегу лiчыцца рэдкасцю, але яно не спадабалася нi каралю, нi каралеве. Яны лiчылi, што рачная рыба смачнейшая i тлусцейшая.
За лета Гулiвер аб'ездзiў краiну велiканаў удоўж i ўпоперак. Каб яму было зручней падарожнiчаць i каб Глюмдальклiч не стамлялася ад вялiкай цяжкай скрынкi, каралева заказала для свайго Грыльдрыга спецыяльны дарожны домiк.
Гэта была квадратная скрыначка ўсяго на дванаццаць крокаў у даўжыню i ў шырыню. Кожная з трох сценак мела па акенцу, зацягнутым лёгкiмi кратамi з жалезнага дроту. Да чацвёртай глухой сцяны былi прыладжаны дзве моцныя спражкi.
Калi Гулiвер хацеў ехаць на канi, а не ў карэце, коннiк ставiў скрынку на падушку сабе на каленi, прасоўваў у гэтыя спражкi шырокую скураную папругу i прышпiльваў яе да свайго пояса. Гулiвер мог пераходзiць ад аднаго акенца да другога i з трох бакоў аглядаць наваколле.
У скрынцы былi паходная пасцель - гамак, падвешаны да столi, - два крэслы i камода. Усе гэтыя рэчы былi моцна прышрубаваны да падлогi, каб не кулялiся i не падалi ад дарожнай трасянiны.
Калi Гулiвер i Глюмдальклiч выпраўлялiся ў горад што-небудзь купляць цi проста так, пагуляць, Гулiвер заходзiў у свой дарожны кабiнет, а Глюмдальклiч садзiлася ў адкрытыя насiлкi i Ставiла скрынку з Гулiверам сабе на каленi.
Чатыры насiльшчыкi пацiху неслi iх па вулiцах Ларбрульгруда, а ўслед за насiлкамi iшоў цэлы натоўп людзей. Усiм хацелася бясплатна паглядзець на каралеўскага Грыльдрыга.
Час ад часу Глюмдальклiч загадвала насiльшчыкам спынiцца, даставала Гулiвера са скрынкi i ставiла сабе на далонь, каб цiкаўныя маглi добра яго разгледзець.
У дождж Глюмдальклiч i Гулiвер выязджалi па справах цi на прагулку ў карэце. Карэта была велiчынёй з шасцiпавярховы дом, пастаўлены на колы. А на самай справе гэта была самая маленькая з усiх карэт яе вялiкасцi. Астатнiя былi куды большыя.
Гулiвера заўсёды ўсё цiкавiла, i ён уважлiва разглядаў розныя выдатныя мясцiны Ларбрульгруда.
Дзе ён толькi нi пабываў! I ў галоўным храме, якiм так ганарацца брабдынгнежцы, i на вялiкай плошчы, дзе наладжваюцца ваенныя парады, i нават у будынку каралеўскай кухнi...
Вярнуўшыся дамоў, ён адразу ж разгортваў свой дарожны журнал i коратка запiсваў уражаннi.
Вось што напiсаў ён, вярнуўшыся з храма:
"Будынак сапраўды цудоўны, хоць званiца яго не такая ўжо i высокая, як гавораць тутэйшыя жыхары. Яна не мае поўнай вярсты. Сцены складзены з абчасаных камянёў нейкай мясцовай пароды. Яны вельмi тоўстыя i трывалыя. Калi меркаваць па глыбiнi бакавога ўвахода, таўшчыня iх мае сорак восем крокаў. У глыбокiх нiшах стаяць цудоўныя мармуровыя статуi. Яны вышэй за жывых брабдынгнежцаў у паўтара раза. Мне ўдалося ў кучы смецця знайсцi адломаны мезены палец адной статуi. Па маёй просьбе Глюмдальклiч паставiла яго побач са мной, i выявiлася, што ён мне да вуха. Глюмдальклiч загарнула гэты абломак у хусцiнку i прынесла дамоў. Я хачу далучыць яго да iншых рэчаў маёй калекцыi".
Пасля агляду брабдынгнежскiх войск Гулiвер напiсаў:
"Кажуць, што на полi было не больш за дваццаць тысяч пехацiнцаў i тысяч шэсць кавалерыстаў, але я нiколi не мог бы пералiчыць iх - такую вялiзную прастору займала гэтая армiя. Я глядзеў на парад здалёк, бо iнакш я нiчога не ўбачыў бы, акрамя ног.
Гэта было вельмi велiчнае вiдовiшча. Мне здавалася, што каскi коннiкаў дастаюць да хмараў. Зямля гула пад капытамi коней. Усе кавалерысты па камандзе агалiлi шаблi i махнулi iмi ў паветры. Хто не бываў у Брабдынгнегу, хай нават i не спрабуе ўявiць сабе гэты малюнак. Шэсць тысяч маланак адначасова ўспыхнулi з усiх бакоў небасхiлу. Куды б мяне нi закiнуў лёс, я нiколi не забуду гэтага".
Пра каралеўскую кухню Гулiвер у сваiм журнале напiсаў усяго некалькi радкоў:
"Я не ведаю, як перадаць словамi гэтую кухню. Калi я праўдзiва i шчыра буду апiсваць усе гэтыя катлы, гаршкi, скавародкi, калi я паспрабую расказаць, як кухары падсмажваюць на ражне парасят велiчынёй з iндыйскага слана i аленяў, рогi якiх нагадваюць раскiдзiстыя кроны вялiзных дрэў, мае суайчыннiкi, бадай што, не павераць мне i скажуць, што я перабольшваў, як гэта робяць усе падарожнiкi. А калi я дзеля перасцярогi што-небудзь зменшу, усе брабдынгнежцы ад караля i да апошняга вучня кухара пакрыўдзяцца на мяне. Таму я лiчу за лепшае памаўчаць".
10
Часам Гулiверу хацелася пабыць аднаму. Тады Глюмдальклiч выносiла яго ў сад i пускала пахадзiць сярод званочкаў i цюльпанаў.
Гулiвер любiў такiя адзiнокiя прагулкi, але часта яны заканчвалiся вялiкiмi непрыемнасцямi.
Аднойчы Глюмдальклiч пакiнула яго аднаго на зялёным лужку, а сама са сваёй настаўнiцай пайшла ў глыбiню саду.
Непрыкметна насунулася хмара, i буйны часты град пасыпаўся на зямлю.
Першы ж парыў ветру збiў Гулiвера з ног. Градзiны, вялiзныя, як тэнiсныя мячы, лупiлi яго па ўсiм целе. Так-сяк, на карачках, яму ўдалося дабрацца да градак з кменам. Там ён уткнуўся тварам у зямлю i, схаваўшыся пад нейкiм лiстом, перачакаў непагадзь.
Калi бура сцiхла, Гулiвер памераў i ўзважыў некалькi градзiн. Ён пераканаўся, што яны ў тысячу восемсот разоў большыя i цяжэйшыя за тыя, якiя яму даводзiлася бачыць дома.
Гэтыя градзiны так збiлi Гулiвера, што ён быў увесь у сiняках i дзесяць дзён адлежваўся ў сваёй скрынцы.
Другая прыгода была яшчэ больш небяспечная.
Ён ляжаў на траве пад кустом маргарытак, заняты сваiмi думкамi, i не заўважыў, што да яго падбег сабака аднаго з садоўнiкаў - малады, шустры сетэр.
Гулiвер не паспеў i крыкнуць, як сабака схапiў яго ў зубы, стрымгалоў iрвануў у другi канец саду i паклаў там ля ног свайго гаспадара, радасна вiляючы хвастом. Добра яшчэ, што сабака быў вучоны. Ён умудрыўся прынесцi Гулiвера так асцярожна, што нават не пракусiў на iм адзенне.
Бедны садоўнiк, убачыўшы каралеўскага Грыльдрыга ў зубах свайго сабакi, перапалохаўся да смерцi. Ён асцярожна падняў Гулiвера абедзвюма рукамi i пачаў распытваць, як ён сябе адчувае. Гулiвер ад перапалоху не мог вымавiць нi слова.
Толькi праз некалькi мiнут ён трохi апамятаўся, i тады садоўнiк занёс яго назад на лужок.
Глюмдальклiч была ўжо там.
Бедная, залiваючыся слязамi, яна кiдалася сюды-туды i клiкала Гулiвера.
Садоўнiк з паклонам уручыў ёй пана Грыльдрыга.
Дзяўчынка ўважлiва агледзела свайго выхаванца, убачыла, што ён цэлы i здаровы, i з палёгкай уздыхнула.
Выцiраючы слёзы, яна пачала дакараць садоўнiка за тое, што ён пусцiў сабаку ў прыдворны сад. Садоўнiк i сам быў не рады гэтаму. Ён бажыўся i кляўся, што больш нiколi не падпусцiць нiводнага сабакi - нi свайго, нi чужога - нават i блiзка да агароджы саду, хай толькi панi Глюмдальклiч i пан Грыльдрыг не расказваюць пра гэты выпадак яе вялiкасцi.
На тым i пагадзiлiся.
Глюмдальклiч маўчала, бо i сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гулiверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяялiся з яго i расказвалi адзiн другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.
Пасля гэтага выпадку Глюмдальклiч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулiвера нi на хвiлiну.
Гулiвер даўно ўжо баяўся такога рашэння i таму ўтойваў ад сваёй нянечкi розныя дробныя прыгоды, якiя раз-пораз здаралiся з iм, калi яе не было паблiзу.
Аднойчы каршун, якi лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулiвер не разгубiўся, выхапiў з ножан сваю шпагу i, размахваючы ёю, кiнуўся ў кусты.
Калi б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваiх кiпцюрах.
Другi раз у час прагулкi Гулiвер залез на вяршыню нейкага пагорка i раптам правалiўся ў нару, выкапаную кротам.
Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такi вылез сам, без чужой дапамогi, i нi словам нiводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.
Трэцi раз ён вярнуўся да Глюмдальклiч накульгваючы i сказаў, што вывiхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы i ўспамiнаючы сваю мiлую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавiну смаўжа i ледзь не зламаў сабе нагу.
Дзiўнае пачуццё валодала Гулiверам у час такiх адзiнокiх прагулак: яму было i добра, i жудасна, i сумна.
Нават самыя маленькiя птушачкi зусiм не баялiся яго: яны спакойна рабiлi сваю справу - скакалi, мiтусiлiся, шукалi чарвякоў i казявак, як быццам Гулiвера i не было каля iх.
А то неяк адзiн смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга i выхапiў у яго з рук кавалак пiрага, якi Глюмдальклiч дала яму на снеданне.
Калi Гулiвер спрабаваў злавiць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго i старалася дзеўбануць у галаву цi ў працягнутыя рукi. Гулiвер мiмаволi адскокваў.
Але неяк ён усё-такi злаўчыўся, запусцiў тоўстую дубiну ў адну непаваротлiвую канаплянку, i тая ўпала як нежывая. Гулiвер схапiў яе аберуч за шыю i ўрачыста пацягнуў да нянечкi, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.
I раптам птушка ажыла.
Аказалася, яна не была забiта, а толькi аглушана моцным ударам палкi.
Канаплянка пачала крычаць i вырывацца. Яна бiла Гулiвера крыламi па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулiвер трымаў яе на выцягнутых руках.
Ён ужо адчуваў, як рукi яго слабеюць i канаплянка вось-вось вырвецца i паляцiць.
Але тут падаспеў адзiн з каралеўскiх слуг. Ён адкруцiў раз'юшанай канаплянцы галаву i занёс паляўнiчага разам са здабычай да панi Глюмдальклiч.
На другi дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылi i падалi Гулiверу на абед.
Птушка была крыху большая, чым лебедзi, якiх ён бачыў у сябе на радзiме, i мяса яе было цвердаватае.
11
Гулiвер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскiя падарожжы.
Каралева слухала яго вельмi ўважлiва i аднойчы спытала, цi ўмее ён абыходзiцца з ветразямi i вёсламi.
- Я карабельны доктар, - адказаў Гулiвер, - i ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.
- А цi не хочаш ты, мой мiлы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмi карысна для твайго здароўя, - сказала каралева.
Гулiвер толькi ўсмiхнуўся. Самыя маленькiя лодачкi ў Брабдынгнегу былi куды большыя i цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблi яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго i думаць справiцца з такой лодкай.
- А калi я закажу для цябе цацачны караблiк? - спытала каралева.
- Баюся, ваша вялiкасць, што яго чакае лёс усiх цацачных караблiкаў: марскiя хвалi перавернуць i панясуць яго, як арэхавую шкарлупiну.
- Я закажу для цябе i караблiк i мора, - сказала каралева.
Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабiў па малюнку i ўказаннях Гулiвера прыгожую i трывалую лодачку з усiмi снасцямi.
У гэтай лодачцы маглi б размясцiцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.
Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцiлi ў балею з вадой, але ў балеi было цесна, Гулiвер не мог нават паварушыць вяслом.
- Не бядуй, Грыльдрыг, - сказала каралева, - хутка будзе гатова тваё мора.
I сапраўды, праз некалькi дзён мора было гатова.
Па загаду каралевы цясляр зрабiў вялiкiя драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят i глыбiнёю больш сажня.
Ночвы добра прасмалiлi i паставiлi ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры днi ваду з iх вылiвалi, i двое слуг за паўгадзiны напаўнялi iх свежай вадой.
Па гэтым цацачным моры Гулiвер часта катаўся на сваёй лодцы.
Каралева i прынцэсы вельмi любiлi глядзець, як спрытна працуе ён вёсламi.
Часам Гулiвер ставiў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваiмi веерамi, то наганялi спадарожны вецер, то ўздымалi цэлую буру.
Калi яны стамлялiся, на ветразь пачыналi дзьмуць пажы, i Гулiверу не так проста было справiцца з такiм моцным ветрам.
Пасля катання Глюмдальклiч несла лодку да сябе ў пакой i вешала на цвiк, каб яна прасохла.
А аднойчы Гулiвер ледзь не ўтапiўся ў сваiх ночвах. Вось як гэта здарылася.
Старая прыдворная дама, настаўнiца Глюмдальклiч, узяла Гулiвера двума пальцамi i хацела пасадзiць у лодку.
Але ў гэту хвiлiну нехта паклiкаў яе. Яна азiрнулася, адпусцiла пальцы, i Гулiвер выслiзнуў з рукi.
Ён бы абавязкова ўтапiўся або разбiўся, упаўшы з шасцiсажневай вышынi на край ночваў цi на драўляны памост, але, на шчасце, зачапiўся за шпiльку, якая тырчала з касынкi старой дамы. Галоўка шпiлькi прайшла ў яго пад поясам i пад кашуляй, i небарака павiс у паветры, замёршы ад страху, баючыся паварушыцца, каб не сарвацца.
А старая дама разгублена лыпала вачыма i нiяк не магла зразумець, куды ж падзеўся Гулiвер.
Але тут падбегла Глюмдальклiч i асцярожна, стараючыся не зрабiць яму балюча, зняла Гулiвера са шпiлькi.
У гэты дзень прагулка на лодцы была адменена. Гулiвер адчуваў сябе нядобра, яму было не да катання.
Другi раз яму давялося правесцi ў час прагулкi сапраўдны марскi бой.
Слуга, якому было даручана мяняць у ночвах ваду, недаглядзеў i прынёс у вядры вялiзную зялёную жабу. Ён вылiў ваду разам з жабай i пайшоў.
Жаба прытаiлася на дне i, пакуль Гулiвера садзiлi ў лодку, сядзела спакойна. Але як толькi Гулiвер адплыў ад берага, яна рэзкiм скачком сiганула ў лодку. Лодка так моцна нахiлiлася на адзiн бок, што Гулiвер павiнен быў усiм целам навалiцца на другi борт, iнакш бы яна абавязкова перакулiлася.
Ён налёг на вёслы, каб хутчэй прычалiць да прыстанi, але жаба быццам наўмысна перашкаджала яму. Напалоханая мiтуснёй, што ўзнялася наўкол, яна пачала скакаць узад i ўперад: з носа на карму, з правага борта на левы. Пры кожным яе скачку Гулiвера залiвалi цэлыя патокi вады.
Ён моршчыўся i сцiскаў зубы, усяляк стараўся, каб не дакрануцца да яе слiзкай бугрыстай скуры. А ростам жаба была з добрую пародзiстую карову.
Глюмдальклiч, як заўсёды, кiнулася на дапамогу свайму выхаванцу. Але Гулiвер папрасiў яе не хвалявацца. Ён смела зрабiў крок насустрач жабе i ўдарыў яе вяслом.
Пасля некалькiх добрых удараў жаба адступiла на карму, а потым i зусiм выскачыла з лодкi.
12
Быў гарачы летнi дзень. Глюмдальклiч пайшла некуды ў госцi, i Гулiвер застаўся адзiн у сваёй скрынцы.
Адыходзячы, нянечка зачынiла дзверы свайго пакоя на замок, каб нiхто не патрывожыў Гулiвера.
Застаўшыся адзiн, Гулiвер шырока расчынiў у сваiм домiку вокны i дзверы, сеў у крэсла, разгарнуў свой дарожны журнал i ўзяўся за пяро.
У замкнёным пакоi Гулiвер адчуваў сябе ў поўнай бяспецы.
Раптам ён пачуў, як нехта саскочыў з падаконнiка на падлогу i з шумам прабег цi, правiльней, праскакаў па пакоi Глюмдальклiч.
Сэрца ў Гулiвера закалацiлася.
"Той, хто прыходзiць у пакой не праз дзверы, а праз акно, прыходзiць не ў госцi", - падумаў ён.
Асцярожна ўстаўшы з месца, ён выглянуў у акенца сваёй спальнi. Не, гэта быў не злодзей i не разбойнiк. Гэта была ўсяго толькi ручная малпачка, любiмiца ўсiх дварцовых паварчукоў.
Гулiвер супакоiўся i пачаў назiраць за яе смешнымi рухамi.
Малпа пераскочыла з крэсла Глюмдальклiч на другое крэсла, пасядзела крыху на верхняй палiцы шафы, потым саскочыла на стол, дзе стаяў домiк Гулiвера.
Цяпер Гулiвер зноў спалохаўся, i на гэты раз мацней, чым раней.
Ён адчуў, што дом яго прыўзняўся i стаў бокам. Крэслы, стол i камода з грукатам пакацiлiся па падлозе. Вiдаць, гэты грукат вельмi спадабаўся малпе, бо яна яшчэ i яшчэ раз патрэсла домiк, а потым з цiкаўнасцю зазiрнула ў акенца.
Гулiвер забiўся ў самы далёкi куток i стараўся не варушыцца.
"А, чаму я не схаваўся пад ложак! - думаў ён. - Пад ложкам яна мяне не заўважыла б. А цяпер позна. Калi я паспрабую перабегчы з месца на месца цi нават перапаўзцi, яна ўбачыць мяне".
Ён прыцiснуўся да сцяны так моцна, як толькi мог. Але малпа ўсё-такi ўбачыла яго.
Весела ашчэрыўшы зубы, яна прасунула ў дзверы домiка лапу, каб схапiць Гулiвера.
Ён кiнуўся ў другi куток i зашыўся памiж ложкам i шафай. Але i тут страшная лапа дастала яго.
Ён паспрабаваў выкруцiцца, выслiзнуць, але не змог. Ухапiўшы Гулiвера за крысо кафтана, малпа выцягнула яго з домiка. Ад страху Гулiвер не мог нават закрычаць.
А мiж тым малпа спакойна ўзяла яго на рукi, як нянька бярэ дзiця, i пачала гайдаць i гладзiць лапай па твары. Напэўна, яна палiчыла яго за дзiця малпавай пароды.
Якраз у гэтую самую хвiлiну дзверы з шумам расчынiлiся i на парозе пакоя з'явiлася Глюмдальклiч.
Малпа пачула стук. Яна ўскочыла на падаконнiк, з падаконнiка - на карнiз, а з карнiза па вадасцёкавай трубе палезла на дах. Яна карабкалася на трох лапах, а ў чацвёртай трымала Гулiвера. Глюмдальклiч закрычала.
Гулiвер пачуў яе спалоханы крык, але адказаць ёй не мог: малпа сцiснула яго так, што ён ледзь дыхаў.
Праз некалькi мiнут увесь палац быў на нагах. Слугi пабеглi па лесвiцы i вяроўкi. Цэлы натоўп сабраўся на двары. Людзi стаялi, задраўшы галовы, i паказвалi ўгору пальцамi.
А там, наверсе, на самым вiльчыку, сядзела малпа. Адной лапай яна прытрымлiвала Гулiвера, а другой набiвала яму рот усялякай дрэнню, якую выцягвала са свайго рота. Малпы заўсёды пакiдаюць у зашчочных мяшках запас напаўпражаванай ежы.
Як толькi Гулiвер спрабаваў адвярнуцца цi сцiснуць зубы, яна давала яму такога плескача, што яму мiмаволi даводзiлася падпарадкавацца.
Слугi ўнiзе заходзiлiся ад рогату, а ў Гулiвера сцiскалася сэрца.
"Вось яна, апошняя хвiлiна майго жыцця!" - думаў ён.
Нехта знiзу кiнуў у малпу каменем. Камень праляцеў над самай галавой Гулiвера.
За першым каменем паляцеў другi, трэцi... Добра, што афiцэр варты, баючыся, каб людзi разам з малпай не забiлi i каралеўскага Грыльдрыга, забаранiў кiдаць у яе камянямi.
Нарэшце некалькi лесвiц было прыстаўлена да сцен будынка з розных бакоў. Два прыдворныя пажы i чацвёра слуг пачалi падымацца наверх.
Малпа зразумела, што яе акружаюць i што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кiнула Гулiвера на дах i, зрабiўшы некалькi скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе i схавалася ў паддашкавым акенцы.
Гулiвер застаўся ляжаць на пакатым, гладкiм даху, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, калi вецер скiне яго ўнiз, як пясчынку.
Але ў гэты час адзiн з пажоў паспеў перабрацца з лесвiцы на дах. Ён знайшоў Гулiвера, сунуў яго сабе ў кiшэню i шчаслiва спусцiўся ўнiз.
Глюмдальклiч была страшэнна рада. Яна схапiла свайго Грыльдрыга i панесла дамоў. Гулiвер ляжаў у яе на далонi, як мышаня, замучанае кошкай. Агiдная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.
Глюмдальклiч зразумела, у чым бяда. Яна ўзяла сваю самую тоненькую iголачку i асцярожна, кончыкам, выграбла з рота Гулiвера ўсё, што напхала туды малпа.
Гулiверу адразу стала лягчэй. Але ён быў так перапалоханы, так пакамечаны малпай, што цэлыя два тыднi праляжаў у ложку.
Кароль i ўсе прыдворныя кожны дзень прысылалi даведацца, цi папраўляецца бедны Грыльдрыг, а каралева сама адведвала яго. Яна забаранiла ўсiм прыдворным без выключэння трымаць у палацы жывёлу. А тую малпу, якая ледзь не задушыла Гулiвера, загадала забiць.
Калi Гулiвер нарэшце ўстаў з пасцелi, кароль загадаў паклiкаць яго да сябе i, смеючыся, задаў яму тры пытаннi.
Яму было вельмi цiкава даведацца, як адчуваў сябе Гулiвер у лапах малпы, цi спадабаўся яму яе пачастунак i што б ён рабiў, калi б такое здарылася ў яго на радзiме, дзе не знайшлося б чалавека, якi паклаў бы яго ў кiшэню i спусцiў на зямлю.
Гулiвер адказаў каралю толькi на апошняе пытанне.
Ён сказаў, што ў яго на радзiме малпы не водзяцца. Iх часам прывозяць з гарачых краiн i трымаюць у клетках. Калi ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю i яна асмелiлася б накiнуцца на яго, ён лёгка справiўся б з ёю. Ды i не з адной малпай, а з цэлым тузiнам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што i гэтую велiзарную малпу ён змог бы адолець, калi б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькi пракалоць гэтай пачвары лапу, i гэта назаўсёды адбiла б у яе ахвоту нападаць на людзей.
Усю гэтую прамову Гулiвер сказаў рашуча i гучна, высока ўзняўшы галаву i паклаўшы руку на рукаятку шпагi.
Ён вельмi не хацеў, каб хто-небудзь з прыдворных палiчыў яго баязлiўцам.
Але прыдворныя адказалi на яго прамову такiм дружным i вясёлым рогатам, што Гулiвер адразу змоўк.
Ён абвёў вачыма сваiх слухачоў i з горыччу падумаў пра тое, як цяжка чалавеку дабiцца павагi ад тых, хто глядзiць на яго звысака.
Гэтая думка не раз прыходзiла ў галаву Гулiверу i пазней, у iншыя часы, калi яму здаралася бываць сярод высокiх асоб - каралёў, герцагаў, вяльможаў, хоць часта гэтыя высокiя асобы былi нiжэй за яго на цэлую галаву.
13
Жыхары Брабдынгнега лiчаць сябе прыгожымi людзьмi. Магчыма, гэта i на самай справе так, але Гулiвер глядзеў на iх быццам праз павелiчальнае шкло, i таму яны яму не надта падабалiся.
Iх скура здавалася яму вельмi тоўстай i шурпатай - ён бачыў кожны валасок на ёй, кожную вяснушку. Ды i цяжка было не бачыць, калi гэтая вяснушка была велiчынёй са сподачак, а валаскi тырчалi, як вострыя шыпы цi зубы грэбеня. Усё гэта i навяло Гулiвера на пацешную думку.
Неяк ранiцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галiў прыдворны цырульнiк. Гаворачы з яго вялiкасцю, Гулiвер мiмаволi пазiраў на мыльную пену, у якой чарнелi тоўстыя, быццам кавалачкi жалезнага дроту, валаскi.
Калi цырульнiк скончыў сваю справу, Гулiвер папрасiў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульнiка вельмi здзiвiла такая просьба, але ён выканаў яе.
Гулiвер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў i паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку i выстругаў з яе спiнку для грэбеня.
Самай тонкай iголкай з iгольнiцы Глюмдальклiч ён асцярожна прасвiдраваў у драўлянай спiнцы на роўнай адлегласцi адна ад другой сорак вузкiх адтулiн i ў гэтыя адтулiны ўставiў валаскi. Затым падрэзаў iх, каб яны былi зусiм роўныя, i завастрыў ножыкам iх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.
Гулiвер быў вельмi рады: амаль усе зубы на яго грэбенi паламалiся, i ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, якi змог бы зрабiць такую малюсенькую рэч. Усе любавалiся новым Гулiверавым грэбенем, i яму захацелася зрабiць яшчэ што-небудзь.
Ён папрасiў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якiя выпадуць з касы яе вялiкасцi. Калi iх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, якi рабiў для яго камоду i крэслы, вытачыць два лёгкiя драўляныя крэслы.
Папярэдзiўшы сталяра, што спiнку i сядзенне ён зробiць сам з iншага матэрыялу, Гулiвер загадаў майстру толькi прасвiдраваць у крэслах вакол сядзення i спiнкi маленькiя частыя адтулiны.
Сталяр зрабiў усё, што было загадана, i Гулiвер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы i, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў iх у тыя адтулiны, якiя былi для гэтага зроблены.
Атрымалiся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскiм стылi, i Гулiвер урачыста паднёс iх каралеве. Каралева была ў захапленнi ад падарунка. Яна паставiла крэслы на сваiм любiмым столiку ў гасцiнай i паказвала iх усiм, хто да яе прыходзiў.
Яна хацела, каб Гулiвер у час прыёмаў сядзеў толькi на такiм крэсле, але Гулiвер рашуча адмовiўся сядзець на валасах сваёй уладаркi.
Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулiвера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, i, з дазволу яе вялiкасцi, ён сплёў з iх для Глюмдальклiч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькi трошкi большы за тыя мяхi, у якiх у нас звычайна возяць у млын жыта, i зусiм не падыходзiў для цяжкiх брабдынгнежскiх манет. Але затое ён быў вельмi прыгожы - увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку i срэбным вензелем Глюмдальклiч - на другiм.
Кароль i каралева вельмi любiлi музыку, i ў палацы часта наладжвалiся канцэрты.
Гулiвера таксама часам запрашалi на музычныя вечары. У такiх выпадках Глюмдальклiч прыносiла яго разам са скрынкай i ставiла на якi-небудзь столiк далей ад музыкантаў.
Гулiвер шчыльна зачыняў усе дзверы i вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы i гардзiны, зацiскаў пальцамi вушы i садзiўся ў крэсла слухаць музыку.
Без такой перасцярогi музыка велiканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.
Куды больш падабалiся яму гукi невялiкага iнструмента, вельмi падобнага на клавiкорды. Гэты iнструмент стаяў у пакоi Глюмдальклiч, i яна вучылася iграць на iм.
Гулiвер i сам нядрэнна iграў на клавiкордах, i яму захацелася пазнаёмiць караля i каралеву з ангельскiмi песнямi. Справа гэта была нялёгкая.
Даўжыня iнструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавiш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулiвер мог бы iграць не больш чым на чатырох клавiшах - да iншых яго рукi не даставалi. Таму ён павiнен быў бегаць справа налева i злева направа - ад басоў да дыскантаў i назад. А паколькi iнструмент быў не толькi доўгi, але i высокi, то бегаць яму даводзiлася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабiлi сталяры i якая была такой жа даўжынi, як iнструмент.
Бегаць уздоўж клавiкордаў узад i ўперад было вельмi цяжка, але яшчэ цяжэй было нацiскаць тугiя клавiшы, разлiчаныя на пальцы велiканаў.
Спачатку Гулiвер спрабаваў бiць па клавiшах кулаком, але гэта было вельмi балюча, i ён папрасiў зрабiць для яго дзве дубiнкi. З аднаго канца гэтыя дубiнкi былi таўсцейшыя, чым з другога, а для таго каб пры ўдары яны не вельмi моцна стукалi па клавiшах, Гулiвер абцягнуў iх тоўстыя канцы мышынай скурай.
Калi ўсе гэтыя падрыхтаваннi былi закончаны, кароль i каралева прыйшлi паслухаць Гулiвера.
Аблiваючыся потам, бедны музыка бегаў з аднаго канца клавiкордаў у другi, б'ючы з усiх сiл па патрэбных клавiшах. З горам папалам яму ўдалося даволi бегла сыграць вясёлую ангельскую песеньку, якую ён памятаў з дзяцiнства.
Кароль i каралева пайшлi вельмi задаволеныя, а Гулiвер доўга не мог аддыхацца - пасля такога музычнага практыкавання ў яго балелi рукi i ногi.
14
Гулiвер чытаў кнiгу, якую ўзяў з каралеўскай бiблiятэкi. Ён не сядзеў за сталом i не стаяў перад канторкай, як гэта звычайна робяць усе людзi ў час чытання, а спускаўся i падымаўся па спецыяльнай прыстаўной лесвiцы, якая вяла ад верхняга радка да нiжняга.
Без гэтай лесвiцы, зробленай спецыяльна для яго, Гулiвер не мог бы чытаць велiзарныя брабдынгнежскiя кнiгi.
Лесвiца была не вельмi высокая - усяго дваццаць пяць прыступак, кожная прыступка адпавядала радку кнiгi.
Пераходзячы ад радка да радка, Гулiвер спускаўся ўсё нiжэй i нiжэй, а апошнiя словы на старонцы ён дачытваў, стоячы на падлозе. Перагортваць старонкi яму было не цяжка, бо брабдынгнежская папера славiцца сваёй тонкасцю. Яна i на самай справе не таўсцейшая за звычайны кардон.
Гулiвер чытаў разважаннi аднаго мясцовага пiсьменнiка пра тое, як здрабнелi за апошнi час яго суайчыннiкi.
Пiсьменнiк расказваў пра магутных велiканаў, якiя некалi насялялi яго краiну, i горка скардзiўся на хваробы i небяспекi, якiя на кожным кроку падпiльноўваюць слабых, нiзкарослых i кволых брабдынгнежцаў.
Чытаючы гэтыя разважаннi, Гулiвер успомнiў, што i ў сябе на радзiме ён чытаў нямала такiх кнiжак, i, усмiхнуўшыся, падумаў:
"I вялiкiя, i маленькiя людзi любяць паскардзiцца на сваю слабасць i кволасць. А па праўдзе кажучы, i тыя i другiя не такiя ўжо i бездапаможныя, як iм здаецца". Перагарнуўшы апошнюю старонку, ён спусцiўся з лесвiцы.
Якраз у гэты час у пакой зайшла Глюмдальклiч.
- Нам трэба збiрацца, Грыльдрыг, - сказала яна. - Кароль i каралева едуць на марское ўзбярэжжа i бяруць нас з сабой.
На марское ўзбярэжжа! Сэрца ў Гулiвера радасна забiлася. Больш чым два гады ён не бачыў мора, не чуў глухога шуму хваляў i вясёлага посвiсту марскога ветру. Начамi яму часта снiўся гэты мерны знаёмы шум, i ранiцой ён прачынаўся сумны i ўстрывожаны. Ён ведаў, што пакiнуць краiну велiканаў можна толькi морам.
Гулiверу добра жылося пры двары брабдынгнежскага караля. Кароль i каралева любiлi яго, Глюмдальклiч даглядала яго, як самая клапатлiвая нянечка, прыдворныя былi ветлiвыя i з ахвотай гаварылi з iм.
Але гэта было так цяжка - баяцца ўсяго на свеце - абараняцца ад мухi, уцякаць ад кошкi, захлынацца ў кубку вады! Ён толькi i марыў аб тым, каб зноў жыць сярод самых звычайных людзей, такога ж росту, як ён сам.
Нялёгка жыць сярод людзей, якiя глядзяць на цябе зверху ўнiз.
Нейкае няяснае прадчуванне, прымусiла Гулiвера на гэты раз асаблiва старанна ўпакаваць свае рэчы. Ён узяў з сабой у дарогу не толькi адзенне, бялiзну i свой дарожны дзённiк, а нават калекцыю рэдкасцяў, сабраных iм у Брабдынгнегу.
Назаўтра ранiцой каралеўская сям'я са свiтай i слугамi рушыла ў дарогу.
Гулiвер цудоўна адчуваў сябе ў сваiм дарожным домiку. Гамак, якi служыў яму пасцеллю, быў падвешаны на шаўковых вяроўках да чатырох куткоў столi. Ён плаўна пагойдваўся нават тады, калi коннiк, да пояса якога была прышпiлена Гулiверава скрынка, ехаў самай шпаркай рыссю.
У вечку скрынкi, над самым гамаком, Гулiвер папрасiў зрабiць маленькае акенца, з далонь шырынёй, якое ён мог сам адчыняць i зачыняць, калi яму захочацца.
У гарачы час ён адчыняў i верхняе i бакавыя акенцы i спакойна драмаў у сваiм гамаку, а лёгкi ветрык абвяваў яго. Але, напэўна, гэты сон на скразняку быў не надта здаровы.
Калi кароль з каралевай i са сваёй свiтай прыбылi ў свой летнi палац, якi знаходзiўся ўсяго за васемнаццаць мiль ад берага, каля горада Фленфласнiка, Гулiвер адчуў сябе нядобра. Ён моцна прастудзiўся i меў вельмi стомлены выгляд.
А бедная Глюмдальклiч дык тая зусiм захварэла ў дарозе. Ёй давялося легчы ў пасцель i пiць горкiя лякарствы.
Мiж тым Гулiвер хацеў як мага хутчэй пабыць ля мора. Ён не мог дачакацца той хвiлiны, калi зноў ступiць на ўзбярэжны пясок. Каб наблiзiць гэтую хвiлiну, Гулiвер пачаў прасiцца ў сваёй мiлай нянечкi адпусцiць яго на бераг аднаго.
- Салёнае марское паветра вылечыць мяне лепш за ўсякае лякарства, паўтараў ён.
Але нянечка чамусьцi не хацела пускаць Гулiвера. Яна старалася адгаварыць яго ад гэтай прагулкi i пусцiла толькi пасля доўгiх просьбаў i спрэчак, неахвотна, са слязамi на вачах.
Яна даручыла аднаму з каралеўскiх пажаў аднесцi Гулiвера на бераг i ўважлiва сачыць за iм.
Хлопчык нёс скрынку з Гулiверам добрай паўгадзiны. Увесь гэты час Гулiвер не адыходзiў ад акенца. Ён адчуваў, што бераг ужо блiзка.
I вось нарэшце ён убачыў цёмныя ад прылiву камянi i паласу вiльготнага пяску са слядамi марской пены.
Ён папрасiў хлопчыка паставiць скрынку на якi-небудзь камень i, сеўшы ў крэсла перад акенцам, пачаў сумна ўзiрацца ў пустынную далячынь акiяна.
Як хацелася яму ўбачыць там, на гарызонце, трохкутнiк ветразя! Хоць здалёк, хоць на iмгненне...
Хлопчык, насвiстваючы нейкую песеньку, кiдаў у ваду каменьчыкi велiчынёй з невялiкую рыбацкую хацiну, i гэты шум i плюхаценне перашкаджалi Гулiверу думаць. Ён сказаў пажу, што стамiўся i хоча падрамаць. Паж вельмi ўзрадаваўся. Прычынiўшы шчыльна акенца ў вечку скрынкi, ён пажадаў Гулiверу добрага сну, а сам пабег да скалаў - шукаць у расколiнах птушыныя гнёзды.
Гулiвер i сапраўды лёг у свой гамак i заплюшчыў вочы. Стомленасць ад доўгай дарогi i свежае марское паветра зрабiлi сваю справу. Ён моцна заснуў.
Раптам моцны штуршок разбудзiў яго. Ён адчуў, як нехта рвануў за кальцо, укручанае ў вечка скрынкi. Скрынка хiснулася i пачала iмклiва ўздымацца ўгору. Гулiвер ледзь не вылецеў са свайго гамака, але тут рух стаў больш плаўны, i ён саскочыў на падлогу, падбег да акенца. Галава ў яго закружылася. З усiх трох бакоў ён бачыў толькi хмары i неба.
Што здарылася? Гулiвер прыслухаўся - i ўсё зразумеў. У шуме ветру ён выразна пачуў узмахi шырокiх магутных крылаў.
Мусiць, нейкая вялiзная птушка нагледзела Гулiвераў домiк i, ухапiўшы яго за кальцо, нясе немаведама куды.
I навошта ёй спатрэбiлася гэтая драўляная скрынка?
Можа, яна хоча кiнуць яе на скалы, як арлы скiдаюць чарапах, каб раскалоць iх панцыр i дастаць з-пад яго далiкатнае чарапашае мяса. Гулiвер закрыў твар рукамi. Здаецца, яшчэ нiколi смерць не была так блiзка.
У гэтую хвiлiну скрынка зноў моцна гайданулася. Яшчэ, яшчэ раз... Ён пачуў арлiны клёкат i такi шум, быццам усе марскiя вятры. раптам завiхрылiся ў яго над галавой. Несумненна, гэта другi арол напаў на таго, якi ўкраў Гулiвера. Пiрат хоча адабраць здабычу ў пiрата.
Штуршок за штуршком, удар за ўдарам. Скрынка гайдалася направа i налева, як шыльда пад моцным ветрам. Гулiвер качаўся па падлозе i, заплюшчыўшы вочы, чакаў смерцi.
I раптам скрынка здрыганулася i паляцела ўнiз, унiз, унiз... "Канец!" падумаў Гулiвер.
15
Страшэнны ўсплёск аглушыў Гулiвера, i домiк на хвiлiну апынуўся ў поўнай цемры.
Потым, злёгку пагойдваючыся, ён узняўся ўгору, i дзённае святло пакрысе прабiлася ў пакой.
Па сценах, выгiнаючыся, прабеглi светлыя ценi. Такiя ценi дрыжаць на сценах каюты, калi iлюмiнатары залiвае вадой.
Гулiвер стаў на ногi i агледзеўся. Так, ён быў у моры. Домiк, абабiты знiзу жалезнымi пласцiнкамi, не страцiў у паветры раўнавагi i не перакулiўся. Але ён быў вельмi цяжкi i глыбока асеў у вадзе. Хвалi даставалi амаль да паловы акон. Што будзе, калi iх магутныя ўдары разаб'юць шыбы? Яны ж прыкрыты толькi лёгкiмi жалезнымi рашоткамi.
Але не, пакуль што яны вытрымлiваюць напор вады.
Гулiвер уважлiва агледзеў сваё плывучае жыллё.
На шчасце, дзверы ў домiку былi не на завесах, а выстаўныя. Яны не прапускалi вады. Але ўсё ж вада патроху прасочвалася ў скрынку праз ледзь прыкметныя шчылiны ў сценах.
Гулiвер знайшоў у камодзе прасцiну, разадраў на палоскi i, як мог, заканапацiў шчылiны. Потым ускочыў на крэсла i адчынiў акенца ў столi.
Гэта было зроблена своечасова: у скрынцы было так душна, што Гулiвер задыхаўся.
Свежае паветра прыйшло ў домiк, i Гулiвер з палёгкай уздыхнуў. Галава яго праяснiлася. Ён сеў i задумаўся.
Ну вось, нарэшце ён на свабодзе! Нiколi ўжо ён не вернецца ў Брабдынгнег. Ах, бедная, мiлая Глюмдальклiч! Што будзе з ёю? Каралева разгневаецца на яе, адправiць назад у вёску... Нялёгка ёй будзе. А што будзе з iм, слабым, маленькiм, адзiнокiм чалавечкам, якi носiцца па акiяне ў нейкай там драўлянай скрынцы без мачтаў i без руля? Хутчэй за ўсё першая ж вялiкая хваля перакулiць i залье гэты цацачны домiк цi разаб'е яго аб скалы.
А можа, вецер будзе ганяць яго па акiяне да таго часу, пакуль Гулiвер не памрэ з голаду. О, толькi б не гэта! Ужо калi памiраць, дык памiраць хутчэй!
А хвiлiны цягнулiся вельмi марудна. Мiнула чатыры гадзiны, як Гулiвер трапiў у мора. Але гадзiны гэтыя здавалiся яму даўжэйшымi за суткi. Гулiвер нiчога не чуў, толькi мерны плёскат хваляў, што бiлi ў сцены домiка.
I раптам яму пачуўся нейкi дзiўны гук: быццам штосьцi драпнула па глухiм баку скрынкi, там, дзе былi прыбiты жалезныя спражкi. I скрынка пасля гэтага паплыла як быццам хутчэй i ў адным напрамку.
Часам яе торгала цi паварочвала, тады домiк ныраў глыбей, а хвалi ўзляталi вышэй, накрываючы домiк з верхам. Вада лiўнем абрушвалася на вечка, i цяжкiя пырскi траплялi праз акенца ў пакой Гулiвера.
"Няўжо нехта ўзяў мяне на буксiр?" - падумаў Гулiвер.
Ён узлез на стол, прышрубаваны пасярод пакоя пад самым акенцам у столi, i пачаў клiкаць на дапамогу. Ён крычаў на ўсiх мовах, якiя ведаў: па-ангельску, па-гiшпанску, па-галандску, па-iталiйску, па-турэцку, па-лiлiпуцку, па-брабдынгнежску, - але нiхто не адгукаўся.
Тады ён узяў палку, прывязаў да яе вялiкую хусцiнку i, прасунуўшы палку ў акенца, пачаў размахваць. Але i гэты сiгнал застаўся без адказу.
Аднак Гулiвер адчуваў, што яго домiк хутка рухаецца наперад.
Раптам сценка са спражкамi ўдарылася аб нешта цвёрдае. Домiк рэзка гайданула раз, другi, i ён спынiўся. Кальцо на вечку дзынкнула. Потым заскрыпеў канат, быццам яго прасоўвалi ў кальцо.
Гулiверу здалося, што домiк пачаў павольна падымацца з вады. Так яно i было. У пакоi стала святлей.
Гулiвер зноў высунуў палку i замахаў хусцiнкай.
Над галавою ў яго загрукала, i нехта моцна закрычаў па-ангельску:
- Гэй, вы там, у скрынцы! Адгукнiцеся! Вас слухаюць!
Гулiвер, задыхаючыся ад хвалявання, адказаў, што ён няшчасны падарожнiк, якому давялося выцерпець за час сваiх вандраванняў цяжкiя нягоды i страхi. Ён рады, што сустрэў нарэшце сваiх суайчыннiкаў, i просiць дапамагчы яму.
- Не хвалюйцеся! - адказалi яму зверху. - Ваша скрынка прывязана да борта ангельскага карабля, i зараз наш цясляр прапiлуе ў яе вечку адтулiну. Мы спусцiм трап, i вы зможаце выбрацца з вашай плывучай турмы.
- Не трэба дарэмна трацiць час, - адказаў Гулiвер. - Прасцей прасунуць палец у кальцо i падняць скрынку на борт карабля.
Людзi наверсе засмяялiся, загаманiлi, але нiхто нiчога не адказаў Гулiверу. Потым ён пачуў тонкi свiст пiлы, i праз некалькг хвiлiн у столi яго пакоя свяцiлася вялiкая чатырохвугольная дзiрка.
Гулiверу спусцiлi трап. Ён вылез спачатку на дах свайго домiка, а затым падняўся на карабель.
Матросы акружылi Гулiвера i, перабiваючы адзiн другога, пачалi распытваць яго, хто ён, адкуль, цi даўно плавае па моры ў сваiм плывучым доме i за што яго туды пасадзiлi. Але Гулiвер толькi разгублена глядзеў на iх.
"Што за малюсенькiя чалавечкi! - думаў ён. - Няўжо я зноў трапiў да лiлiпутаў?"
Капiтан судна, мiстэр Томас Вiлькокс, убачыў, што Гулiвер ледзь стаiць на нагах ад стомленасцi, хвалявання i разгубленасцi. Ён завёў яго ў сваю каюту, паклаў у пасцель i параiў добра адпачыць.
Гулiвер i сам адчуваў, што яму гэта неабходна зрабiць. Але перш чым заснуць, ён паспеў сказаць капiтану, што ў яго ў скрынцы засталося шмат цудоўных рэчаў - шаўковы гамак, стол, крэслы, камода, дываны, фiранкi i шмат iншых цiкавых прадметаў.
- Калi вы загадаеце прынесцi мой домiк у гэту каюту, я з задавальненнем пакажу вам маю рэдкую калекцыю, - сказаў ён.
Капiтан са здзiўленнем i жалем паглядзеў на яго i моўчкi выйшаў з каюты. Ён падумаў, што госць яго страцiў розум ад перажытага, а Гулiвер проста яшчэ не паспеў прывыкнуць да думкi, што вакол яго такiя ж людзi, як i ён, i што нiхто ўжо не зможа падняць яго домiк адным пальцам.
Аднак, калi ён прачнуўся, усе яго рэчы былi ўжо на борце карабля. Капiтан паслаў матросаў дастаць iх са скрынкi, i матросы добрасумленна выканалi гэты загад.
На жаль, Гулiвер забыўся сказаць капiтану, што стол, крэслы i камода ў яго пакоi прышрубаваны да падлогi. Матросы гэтага, зразумела, не ведалi i моцна папсавалi мэблю, адрываючы яе ад падлогi.
Больш таго, у час работы яны пашкодзiлi i сам домiк. У сценах i падлозе з'явiлiся шчылiны, вада пачала залiваць пакой.
Матросы ледзь паспелi садраць са скрынкi некалькi дошак, якiя маглi спатрэбiцца на караблi, - i яна пайшла на дно. Гулiвер быў рады, што не бачыў гэтага. Сумна бачыць, як iдзе на дно дом, у якiм ты пражыў шмат дзён i начэй, хай сабе i невясёлых.
Гэтыя некалькi гадзiн у каюце капiтана Гулiвер праспаў моцна, але неспакойна: яму снiлiся то велiзарныя восы з краiны велiканаў, то заплаканая Глюмдальклiч, то арлы, якiя б'юцца ў яго над галавой. Але ўсё-такi сон асвяжыў яго, i ён ахвотна згадзiўся павячэраць разам з капiтанам.
Капiтан быў гасцiнным гаспадаром. Ён сардэчна частаваў Гулiвера, i Гулiвер еў з задавальненнем, але яму смешна было глядзець на маленькiя талерачкi, блюды, графiны i шклянкi, якiя стаялi на стале. Часам ён браў iх у рукi i разглядаў, кiваючы галавой i ўсмiхаючыся.
Капiтан заўважыў гэта. Спачувальна паглядзеўшы на Гулiвера, ён спытаў у яго, цi здаровы ён i цi не пашкодзiлi яго розум стомленасць i няшчасцi.
- Не, - сказаў Гулiвер, - я зусiм здаровы. Але я даўно ўжо не бачыў такiх маленькiх людзей i такiх маленькiх рэчаў.
I ён падрабязна расказаў капiтану пра тое, як ён жыў у краiне велiканаў. Спачатку капiтан слухаў яго з недаверам, але чым далей расказваў Гулiвер, тым больш уважлiвы быў капiтан. З кожнай хвiлiнай ён усё больш пераконваўся, што Гулiвер сур'ёзны, праўдзiвы i сцiплы чалавек, што ён не з тых, якiя любяць выдумляць i перабольшваць.
У заключэнне Гулiвер дастаў з кiшэнi ключ i адчынiў сваю камоду. Ён паказаў капiтану два грабянi: адзiн быў з драўлянай спiнкай, другi - з рагавой. Рагавую спiнку Гулiвер зрабiў з абрэзка пазногця яго брабдынгнежскай вялiкасцi.
- А з чаго зроблены зубы? - спытаў капiтан.
- З валасоў каралеўскай барады!
Капiтан толькi развёў рукамi.
Потым Гулiвер дастаў некалькi iголак i шпiлек - з паўаршына, з аршын i болей. Ён разматаў перад здзiўленым капiтанам чатыры валасы каралевы i падаў яму абедзвюма рукамi залаты пярсцёнак, атрыманы ад яе ў падарунак. Гэты пярсцёнак каралева насiла на мезеным пальцы, а Гулiвер - на шыi, замест караляў.
Але больш за ўсё здзiвiў капiтана зуб. Гэты зуб памылкова быў вырваны ў аднаго з каралеўскiх пажаў. Зуб быў зусiм здаровы, i Гулiвер пачысцiў яго i схаваў у сваю камоду. Заўважыўшы, што капiтан не можа адвесцi вачэй ад велiканскага зуба, Гулiвер папрасiў яго прыняць гэтую рэч у падарунак.
Расчулены капiтан аслабанiў у сваёй шафе адну палiцу i асцярожна паклаў на яе дзiўны прадмет, з выгляду падобны на зуб, а па велiчынi - на добры камень.
Ён узяў з Гулiвера слова, што, вярнуўшыся на радзiму, той абавязкова напiша кнiгу пра свае падарожжы...
Гулiвер быў чалавек сумленны i стрымаў слова.
Так з'явiлася на свет кнiга пра краiну лiлiпутаў i пра краiну велiканаў.
16
3 чэрвеня 1706 года карабель, якi падняў на свой борт Гулiвера, падышоў да берагоў Ангельшчыны.
Некалькi месяцаў ён быў у дарозе i тры-чатыры разы заходзiў у парты, каб папоўнiць запасы правiзii i свежай вады, але Гулiвер, стомлены сваiмi прыгодамi, нi разу не пакiнуў каюты.
I вось падарожжа яго скончылася. Ён па-сяброўску развiтаўся з капiтанам, якi даў яму на дарогу грошай, i, наняўшы каня, паехаў дамоў.
Усё, што ён бачыў на знаёмых з дзяцiнства дарогах, здзiўляла яго.
Дрэвы здавалiся яму нiзкiмi кустамi, дамы i вежы - картачнымi домiкамi, а людзi - лiлiпутамi.
Ён баяўся раздушыць прахожых i моцна крычаў iм, каб яны збочылi з дарогi.
На гэта яму адказвалi лаянкай i насмешкамi. А нейкi сярдзiты фермер ледзь не адлупцаваў яго палкай.
Нарэшце дарогi i вулiцы засталiся ззаду.
Гулiвер пад'ехаў да варот свайго дома. Стары слуга адчынiў яму дзверы, i Гулiвер, нагнуўшы галаву, пераступiў цераз парог: ён баяўся стукнуцца галавой аб вушак, якi здаўся яму цяпер занадта нiзкiм.
Жонка i дачка выбеглi яму насустрач, але ён не адразу ўбачыў iх, бо па прывычцы глядзеў угору.
Усе родныя, сябры i суседзi здавалiся яму маленькiмi, бездапаможнымi i кволымi, як матылькi.
- Напэўна, вам вельмi дрэнна жылося без мяне, - гаварыў ён з жалем. - Вы так схуднелi i паменшалi, што вас цяжка ўбачыць!
А сябры, родныя i суседзi, са свайго боку, шкадавалi Гулiвера i лiчылi, што небарака з'ехаў з глузду.
Так мiнуў тыдзень, другi, трэцi...
Гулiвер пакрысе зноў пачаў прывыкаць да свайго дома, да роднага горада i знаёмых рэчаў. З кожным днём ён усё менш здзiўляўся, бачачы вакол сябе простых, звычайных людзей звычайнага росту.
У рэшце рэшт ён зноў навучыўся глядзець на iх, як на роўных, а не знiзу ўгору i не зверху ўнiз.
Глядзець на людзей так вельмi зручна i прыемна, таму што не трэба нi задзiраць галаву, нi згiнацца ў тры пагiбелi.