Пралог

Пакой у камунальнай кватэры. У той даўні даваенны перыяд людзі часта жылі ў цеснаце, у камунальных кватэрах з беднай абстаноўкай. Краіна, пераадольваючы шматлікія цяжкасці і нягоды, паднімалася на ногі пасля разрухі. Ніхто нам тады не памагаў, а ворагаў было і за межамі, і ўнутры — процьма. Ох, як яны шкодзілі! А часта і свой жа паслужлівы дурань альбо шкурнік станавіўся горш за ворага. Такія задавалі клопату і сабе і іншым. Ноч канчаецца, а маладая гаспадыня Рая не спіць. З учарашняга вечара яна хвалюецца, перажывае, ахае, мітусіцца па пакоі — месца сабе не знаходзіць. I натуральна: учора не прыйшоў з работы муж. Яна часта зыркае на шырокія дзверы з бронзавай галавой ільва. У пашчы льва — колца. Пад столлю ярка гарыць лямпачка. Над лямпачкай эмаліраваны рэфлектар, які нагадвае талерку, а яшчэ больш — кітайскі саламяны капялюш. Рая не адна ў пакоі. Яе суцяшае суседка — Наталля Мікалаеўна — пажылая душэўная жанчына.

На дварэ нешта моцна грымнула, нават шыбы ў вокнах забрынчалі. Рая спалохалася і прытуліся да Наталлі Мікалаеўны.


Наталля Мікалаеўна. Рая! Ну што ты? Нельга ж так!

Рая (шкадуючы). Нешта ўдрузг… На дробныя асколкі… Гэта зноў землетрасенне? Мне страшна.

Наталля Мікалаеўна. Супакойся. У цябе ж малое дзіця. Ты хоць Святланку пашкадуй. Прападзе малако. Што тады?.. Супакойся… Гэта ўсяго толькі навальніца. Толькі гром. Супакойся.

Рая. Ну што вы гаворыце, Наталля Мікалаеўна?! Хутка раніца, а яго няма. Як я магу супакоіцца? Вы ж самі ведаеце, што ў нас у горадзе робіцца. Такая катастрофа. I зноў грыміць.

Наталля Мікалаеўна. Ці мала што магло затрымаць чалавека. Можа, таварыша сустрэў, чарку выпілі, можа, селі ў карты пагуляць.

Рая. Што вы? На руінах у карты. Такога з ім ніколі не бывала. Ён прыходзіў дадому без спазненняў. А тут…

Наталля Мікалаеўна. Я ўпэўнена, што з тваім Фёдарам нічога не здарылася.

Рая. Пасля такой катастрофы ў яго сівыя валасы паявіліся за адны суткі. Гэта што?

Наталля Мікалаеўна. Не ён жа вінаваты ў гэтай катастрофе…

Рая. Вы даруйце, Наталля Мікалаеўна. А што з вашым Віктарам Васільевічам?

Наталля Мікалаеўна. Гэта нейкае пепаразуменне. Бачыш — я не вельмі і хвалююся.

Рая. Бачу я, як вы не хвалюецеся. Не сляпая.

Наталля Мікалаеўна (страсна). Я веру — ён жывы, ён цэлы. Ён вернецца. Я ведаю свайго мужа. Ён вернецца — яму ж трэба… Ён пачаў… Перад тым вечарам ён пачаў сур'ёзную работу для журнала. Вот ён тэзісы… Пачатак. (Дастае чырвоную запісную кніжачку.) Асталася… Ды не, ён вернецца, ты не сумнявайся, Раечка.

Рая. Ну што вы! Я ж ведаю, што вы добрая і ваш Віктар Васільевіч таксама быў добрым чалавекам. Нават ён не мог перашкодзіць гэтаму землетрасенню, гэтаму катаклізму.

Наталля Мікалаеўна. Ну во, і ты верыш. Дзякую. Будзь упэўнена, за гэта нехта яшчэ адплоціць. Такія жартачкі дарма не праходзяць. Нехта ж павінен быў папярэдзіць! Такі ўрон! Столькі разбураных дамоў!

Рая. Ужо світае, а яго няма. I што мне рабіць?..


Паўза.


Наталля Мікалаеўна. Ну, Рая, мне трэба пайсці ўжо. Позна. А заўтра трэба рана ўставаць. Дык я пайду.


Рая заплакала.


Ну што ты, Рая, Рая?..

Рая (плача). Мне страшна адной…

Наталля Мікалаеўна. Ну, добра, добра, я з табой пабуду. Паплач, паплач. Слёзкі душу абмыюць, і ты супакоішся. Хутка развіднее, узыдзе сонейка. А тады і пойдзем яго шукаць, калі сам не прыйдзе. Хутка Светачка твая ўстане, званочак твой.

Рая. А ў мяне малака зусім няма. Пустыя грудзі…

Наталля Мікалаеўна. А ты кампоту выпі. Я зараз прынясу.

Рая. Не трэба, Наталля Мікалаеўна. Дзякую. У мяне ёсць. Кісель журавінавы ёсць.

Наталля Мікалаеўна. Ты і выпі. Ідзі выпі.


Рая выходзіць на кухню і хутка вяртаецца.


Рая. Наталля Мікалаеўна, няўжо бог такі несправядлівы? Мой жа Федзя быў цішэй вады, ніжэй травы. Ні з кім не сварыўся, нікому дарогу не перайшоў. Ён сам баяўся крытыкі і нікога не крытыкаваў. Былі ўсякія дыскусіі і дыспуты, дык ён жа ўцякаў ад іх. Можа, я не тое кажу пра яго… Але ж якая ад яго шкода? Калі дзе-небудзь галасавалі, ён жа ніколі першы рукі не падымаў. Прыглядаўся — як усе, так і ён. З начальствам ніколі ў дыбкі не станавіўся. Нікому не пярэчыў. Ніякай хулы ад яго не чула. Нават цяпер, калі… Уздыхае і маўчыць. Увесь пасівеў. (Па сакрэту.) Нават вошы паявіліся… Ад перажыванняў. За што ж тады?! Калі бог ёсць, ён павінен быць літасцівым.

Наталля Мікалаеўна. Ну, вось і супакойся, Раечка, супакойся. Нічога ж не здарылася, а ты адпяваеш.


За занавескай закугакала Света. Рая пайшла да дачкі. Света сціхае.


Наталля Мікалаеўна. На касцёр узводзяць ерэтыкаў… А ён… Ну, які ён ерэтык?

Рая. Ну, няма больш малака, няма, Светачка. (Выходзіць з-за занавескі.) Вось і ноч канчаецца. На; дварэ пачынае віднець. Дзякуй вам, Наталля Мікалаеўна. Ідзіце дамоў. А то вы пакутуеце ўсю ноч тут, са мной. (Прыслухоўваецца.) Нехта хрыпіць…

Наталля Мікалаеўна. Табе здалося.


На сцяне прахрыпеў, нібы прачысціў сваё горла, чорны дыск рэпрадуктара. Рая і гэтага спалохалася і зноў прынікла да Наталлі Мікалаеўны. Жанчыны насцярожыліся. З рэпрадуктара палілася мелодыя задорнай песні:

Утро красит нежным светом

Стены древнего Кремля.

Просыпается с рассветом

Вся советская страна…

Рая. А мы яшчэ не лажыліся…

Наталля Мікалаеўна. Якая харошая песня, чыстая такая, задорная. Хораша пачынаць дзень такой песняй.

Рая. Які харошы ў вас шарф… Мяккі…

Наталля Мікалаеўна. Гэта падарунак мужа. (Разгарнула шарф. На падлогу падае чырвоная кніжачка. Рая паднімае яе.)

Рая. Прыгожая кніжачка.

Наталля Мікалаеўна. Толькі пачаў. Вот, паслухай. (Чытае.) «Некалькі навадзяшчых пытанняў аб сувязях паміж сёння і заўтра. Адыходзячы на спачын, запытай сябе сам. Што ты зрабіў сёння? Падвядзі вынікі справам тваім…»


За акном рэзкі гудок аўтамабіля. I гэты гудок напалохаў Раю.


Рая. Наталля Мікалаеўна, родненькая, не пакідай мяне адну! Мне страшна…

Наталля Мікалаеўна. Ну што ты, Раечка, я з табой. Не бойся, любая, не бойся, рыбка…


Прыціхлі, прытаіліся. Чакаюць.


Рая. Баюся я, Наталля Мікалаеўна…


Стук у дзверы, громкі, уладны.


Наталля Мікалаеўна. Ідзі адчыні. Рая. Я не магу ўстаць. Я ўстаць не магу…


Наталля Мікалаеўна кінула на падаконнік шарф і чырвоную кніжачку і найшла да дзвярэй. Адчыніла дзверы і адступіла. У пакой уваходзіць Хведар Паўлавіч Ухватаў. Сустрэўшы Наталлю Мікалаеўну ў сваёй кватэры, ён ад нечаканасці спыняецца каля парога. Рая і Наталля Мікалаеўна чакаюць яшчэ некага. Але Хведар Паўлавіч рыўком зачыняе дзверы. Рая кідаецца к мужу на шыю.


Наталля Мікалаеўна. Ну, вось… бяры мужа.

Рая. Федзя! Федзечка! Прыйшоў, нарэшце!!!

Ухватаў. Ну, чаго ты? Здурнела? Што такое? Што тут здарылася?

Наталля Мікалаеўна (радасна). Ну, вось і ўсё, і ўсё. А ты непакоілася. (Хведару.) Яна так непакоілася, так баялася, так перажывала за вас. Усю ноч не спала… (Заўважае непрыязнасць, халоднасць, нават варожасць Ухватава, і радасць знікае з твару Наталлі Мікалаеўны. Голас становіцца глушэй, цішэй. I сама яна адчувае сябе нібы ў нечым вінаватай.) А вы, хвала богу, прыйшлі. Я ёй гаварыла… Ну, цяпер я магу пайсці. Спакойнай почы. Бывайце здаровы. (I яна пайшла, прыніжаная, ціхая, як бы і сапраўды вінаватая.)

Рая. Дзякуй вам. Наталля Мікалаеўна. Дзякуй!

Наталля Мікалаеўна. Няма за што. (Выйшла.)

Ухватаў (амаль шэптам). Чаго яна тут? Што ёй тут трэба?

Рая. Федзя…

Ухватаў (напаўголаса). Чаму ты водзішся з ёю?

Рая. Федзя, ты паслухай…

Ухватаў (ціха). Ты што, маленькая? Не разумееш? Не ведаеш, хто яна?

Рая. Яна душэўны чалавек. Яна добрая жанчына.

Ухватаў. Не заступайся! Дзе яе муж? Хто ён? ІІа яго віне такая катастрофа ў горадзе. Не дагледзеў. Ты што? Сляпая? Глухая? Не ведаеш, чым гэта пахне? Ты хочаш і сама ўліпнуць, і мяне пад манастыр падвесці?

Рая. Федзя! Хіба можна ўсю віну на яго? Хіба адзін чалавек можа спыніць землетрасенне? (Нясмела, апраўдваючы Наталлю Мікалаеўну.) Я пазвала яе… Я месца сабе не зпаходзіла. Я ўсю ноч трэслася як у ліхаманцы. Ты заўсёды акуратна прыходзіў дадому. А тут — усю ноч чакаю, цэлую ноч… Ты ж ведаеш, які цяпер час. У мяне нават малако прапала. Яна… Яна ж… Федзя, яна ж добры чалавек. Яна таксама непакоілася. Так перажывала са мной… за цябе. Я ж думала… што цябе… Ну, што ты маўчыш? Ты ж сам бачыш, што стала з горадам…

Ухватаў. Да-а, катаклізм небывалы.

Рая. I многа людзей загінула?

Ухватаў. Ды якіх! Пакуль не злічылі. I мяне трасанула.

Рая. Ну во!..

Ухватаў. Падкінула! Так што — збірай манаткі. Я ўжо не інструктар…

Рая (апусцілася на стул). Фе-е-едзя!

Ухватаў. Чаго ты? Дурная! Мяне пасадзілі на новую пасаду. Я цяпер гаспадаром горада буду! Часова. Ясна?

Рая. Што ясна, што ясна?.. Ты што?

Ухватаў (усміхаецца). Так, я цяпер — старшыня выканкома замест Бурлакова. Праўда, ЧВА.

Рая. Ён яшчэ ўсміхаецца. Федзя! З гэтым не жартуюць, гэта ўлада! Ты ж нездаровы!

Ухватаў. Вот баба бязглуздая, не верыць. Гэта ўжо — факт.

Рая. А… А… Бурлакоў дзе?

Ухватаў. Няма яго. Няма. Знік. Той жа ноччу. I слядоў няма. Так трасанула! Не адзін ён прапаў.

Рая. I ты пайшоў на яго месца? Ты разумееш, якая гэта пасада. Там і святы цяпер усім не дагодзіць. Усяму народу не дагодзіш. Як ты згадзіўся?

Ухватаў. Яшчэ б не згадзіўся! А што я мог зрабіць? Мяне паклікалі на пасяджэнне… Я ўсю ноч спрэчкі… У мяне душа з целам развіталася, калі ўнеслі прапанову… Я сказаў: «Я не спраўлюся… не сумею…»

Рая. Правільна. А яны?

Ухватаў. «Не ўмееш — навучым». Я кажу: «На такую пасаду я яшчэ не падкаваны». А ён…

Рая. Канечне, не падкаваны. А яны?

Ухватаў. А мне: «Падкуём», кажуць.

Рая. Яны такі падкуюць… Не сумнявайся.

Ухватаў. Такі ўчастак работы я магу праваліць.

Рая. Канечне.

Ухватаў. «Не дапусцім, кажуць, не багі гаршкі лепяць!.. Падбярэш надзейныя кадры…»

Рая. Канечне, гаршкі лепяць не багі. А кадры… Якія кадры? Дзе яны?

Ухватаў. Я і кажу: баюся я. Дапушчу нейкую памылку, і мяне… туды…

Рая. Ну, канечне…

Ухватаў. Тады ўстае гэты… Так глянуў на мяне, што я… і кажа: «Яму, панімаеш, аказваюць давер'е, а ён упіраецца, як ішак, панімаеш. Авансам амністыю просіш? Да?»

Рая. Згаджайся, Федзя, пакуль не позна.

Ухватаў. Я і згадзіўся. Тым больш — часова выконваючым абавязкі.

Рая. Гэта ўжо горш. (Цмокае.) Часовая ўлада — горш.

Ухватаў. Во як мяне трасанула і падкінула!

Рая. Уй, падкідыш ты мой няшчасны, бедны!

Ухватаў. Цяпер мне толькі правільную лінію нашчупаць. (Устае, ходзіць па пакоі.) Правільны арыенцір знайсці… Я — хто? Старшыня вы-ка-наў-чага камітэта. Вы-ка-наў-чага! Во дзе мой корань. Выканаўчы!..

Рая (апусцілася ў знямозе на крэсла). Прынясі мне кісялю.

Ухватаў. Слухаю. (Прыносіць з кухні кубак кісялю.) Якія яшчэ будуць дырэктывы?

Рая (выпівае кісель). Выліжы астаткі, Ухватаў!

Ухватаў. Я, можа, памыю?

Рая. Выліжы і пастаў кубак уверх дном. I табурэт таксама!..


Ухватаў перавярнуў кубак і ставіць табурэт дагары нагамі.


Ухватаў. Яшчэ што?

Рая. А чаму ты зрабіў усё гэта? I не спытаў. Чаму? Ты б хоць падумаў.

Ухватаў. І не падумаю думаць. Калі трэба, скажуць. Я ўсё перавярну дагары нагамі, я ўсё перавярну!.. Нават цябе.

Рая. Ты што? Ашалеў? Вар'ят! Упаду! (Вызваляецца.)

Ухватаў. Табе можна, а мне падаць нельга. Страшна.


Хведар Паўлавіч заўважае на стуле шарф Наталлі Мікалаеўны. Лаказвае пальцам і не можа прамовіць слова.


Гэта яе?

Рая. Наталлі Мікалаеўны… Я занясу зараз…

Ухватаў. I скажы, што мы з ёй і не былі знаёмыя.

Рая. Не магу я так, Федзя.

Ухватаў. Не зможаш — навучым, не схочаш — прымусім.

Рая (беражна згортвае шарф і накіроўваецца да дзвярэй). Федзя, ты становішся…


У калідоры ляпнулі нечыя дзверы, і па прыступках нехта затупаў.


Ухватаў. Стой! Пачакай, а то яшчэ сволач якая заўважыць і возьме на заметачку твае сувязі з гэтай… (Прачыняе дзверы і праз шчыліну выглядвае ў калідор.)

Рая. Федзя! Не трэба так.

Ухватаў. Іменна так трэба. Толькі так. Цяпер ідзі. Аддай і зараз жа дамоў. (Выпускае жонку ў калідор, а сам сцеражэ.) Рая! Не разглагольствуй! Чуеш ты? Ідзі дамоў!


Рая вяртаецца.


Рая. Мне сорамна. Мне вельмі сорамна.

Ухватаў. Прывыкай.

Рая. Я так спачуваю Наталлі Мікалаеўне…

Ухватаў. Не спачувай, калі не хочаш, каб табе спачувалі. (Злосна зыркнуў на жонку.)


Ухватаў перасоўвае цяжкую шафу, каб закрыць дзверы суседкі. Мог падарвацца. I што прыдало яму столькі сілы?


Ухватаў. I не смей раскупорыць!

Рая. Ты закрыў ход да чэсных людзей.

Ухватаў. Язык, язык прыкусі.

Рая. Ой, не справішся ты з людзьмі…

Ухватаў. Спраўлюся. Вот падбяру кадры.

Рая. Дзе тыя кадры? Адкуль ты іх возьмеш? Дзе знойдзеш?

Ухватаў. Кадры? Яны мяне знойдуць. Кадры самі прыйдуць, а я іх толькі выбіраць буду.


Стук у дзверы.


Рая. Заходзьце, калі ласка!


Уваходзіць Кудасаў.


Кудасаў. Добрай раніцы, Хведар Паўлавіч! Добрай раніцы, Раіса Якаўлеўна!

Ухватаў. Вось ён — першы кадр. Добрай раніцы.

Кудасаў (панюхаў, панюхаў і вынюхаў: радасна). А ў вас журавінавы кісель! Верна! Прыпраўлены чабарком.

Рая (здзіўлена). Верна… Але адкуль вы ведаеце?

Кудасаў. Мяне прырода надзяліла такім носам, што… за вярсту чую. Ну, Хведар Паўлавіч, віншую вас! I вас, Раіса Якаўлеўна, таксама віншую! Шчыра, шчыра, шчыра віншую вас! I рад! Рад!

Ухватаў. Ты глядзі! Пранюхаў ужо!

Кудасаў (хваліцца). Хведар Паўлавіч! Усе, нават самыя сакрэтныя, навіны ў горадзе мне першаму становяцца вядомымі. Напрыклад, прапаў Бурлакоў, а я ўжо праз гадзіну ведаў.

Ухватаў. Ды ты, відаць, за гадзіну перад тым ведаў.

Кудасаў. Дагадваўся — да. Хе-хе… Жартуеце, Хведар Паўлавіч. А жартачкі ўсё-такі горкія. (Бядуючы.) Ах, ах, ах, ах! Якая атмасфера, якая атмасфера! Які катаклізм? Такія страты! (Давярыцельна.) Як жа тут можна жыць, як жа тут можна працаваць? Такая няўпэўненасць… (Чакае адказу.)


Рая выходзіць. Ухватаў доўга ўглядаецца ў вочы Кудасаву.


Ухватаў (пагразіў пальцам). Э-э-э-э! Не, таварыш Кудасаў! У нас вельмі цудоўная атмасфера! У нас можна жыць і можна працаваць! Зафіксіруй! Устаноўку чуў: «Жыць стала лепей, таварышы, жыць стала весялей!.. А калі весела жывецца, то і работа спорыцца».

Кудасаў (зразумеў, што паклёўкі не было). Ясна. Але пасля такой устраскі паявіліся шчэлкі, каб там не завяліся паразіты.

Ухватаў. Вытруцім паразітаў. Правядзём дэзінфекцыю. А шчыліны заселім вернымі людзьмі, з добрым нюхам.

Кудасаў. А цяпер, Хведар Паўлавіч, трэба на галоўныя ўчасткі паставіць верных, надзейных, адданых душой і целам, сваіх людзей.

Ухватаў. Я пра гэта і талкую. Размышляю… Вот — думаю…

Кудасаў (прынюхаўся). Селядзец!

Ухватаў. Што селядзец?

Кудасаў. Там, на кухні, у Раісы Якаўлеўны. Марынаваны.

Ухватаў. Ох, і нюх у цябе!

Кудасаў. А якія ў нас галоўныя ўчасткі? Што галоўнае для нашага савецкага чалавека, для нашага народа, для рабочага класа?

Ухватаў. Сацыялізм.

Кудасаў. Правільна. Сацыялізм. А канкрэтней?

Ухватаў. Класавая барацьба.

Кудасаў. А яшчэ канкрэтней?

Ухватаў. Ну, давай, давай сам. Што?

Кудасаў. Тры рэчы. Яда — раз. Хата, кватэра — два! I адзёжа — тры! Вось тут і ключавыя пасады: горгандаль прадуктамі, горгандаль прамтаварамі і горжылупраўленне.

Ухватаў. Правільна, гэта тры кіты.

Кудасаў (прынюхаўся). З цыбулькай і канапляным алеем.

Ухватаў (не зразумеў). Што — цыбулька?

Кудасаў (паказвае на кухню). Там, да селядца.

Ухватаў. Слухай, Кудасаў, не злоўжывай нюхам.

Кудасаў. Звярніце ўвагу, Фёдар Паўлавіч, бюракраты і паразіты ў сістэме гандлю, каб скампраметаваць Савецкую ўладу. там-сям штучна марылі голадам рабочы клас.

Ухватаў. Ты хочаш яго пакарміць?

Кудасаў. Накармлю! О так! Пераканаецеся на ўласным вопыте!

Ухватаў. I сам будзеш сыты?

Кудасаў. Сыты ці галодны, а скардзіцца не прыйду.


Уваходзіць з кухні Рая.


Рая. Федзя. ты, можа, паснедаеш? Ты ж пасля ўчарашняга абеду нічога не еў.

Кудасаў. Ёсць прычына нават кульнуць. Так сказаць. успрыснуць новае крэсла, каб не рассохлася.

Ухватаў. З гэтага пачынаць? Ну, ведаеш…

Кудасаў. Ну-у, Хведар Паўлавіч! Гэта ж старая народная традыцыя. Народная! А мы хто? I служым каму? Народу. Інакш нас не зразумее народ. Адвернецца — во як!

Ухватаў. Дый зелля гэтага я ў хаце не трымаю…

Кудасаў. Падначаленыя павінны быць прадбачлівымі. Ва ўсім! I нават у гэтым. (Бярэ свой партфель.) Вось гэтая папка, яна ж і мамка, зараз выручыць. (Вымае з партфеля паўлітэрку.)

Рая (ставіць на стол сняданак). Федзя! Падгледзіць хто-небудзь…

Кудасаў. А мы павінны быць акуратнымі. (Зачыняе дзверы на зашчэпку і ў замочную шчыліну затыкае карандашом насавічок.)

Ухватаў. Лоўка.

Кудасаў. Беражонага і бог беражэ. А паколькі бога рэпрэсіравалі, трэба самім не зяваць.


Рая прыносіць шклянкі і закуску.


Ухватаў (напаўняе шклянкі). Ну!..

Кудасаў. Ну, Хведар Паўлавіч…

Ухватаў. Вып'ем…

Кудасаў. За ваша…

Ухватаў (спахапіўся). За нашага любімага…

Кудасаў (таксама ўстаў і гэтак жа ўрачыста)… роднага…

Ухватаў…бацьку і настаўніка…

Кудасаў…усіх часоў і народаў… А Раіса Якаўлеўна?

Ухватаў. Рая! Ідзі сюды! (Налівае і ёй шклянку.)

Рая (яна не чула тоста). Федзя! Не налівай. Я піць не буду. Ты ж ведаеш. Не налівай.

Ўхватаў. Што-о? (Нешта шапнуў ёй.) Да дна!

Рая (хапае шклянку. З перапуду выпіла ўсю гарэлку. Папярхнулася.) Выбачайце, я саўсім не ўмею піць.

Ухватаў. Тады закусвай.


Усе дружна селі, моўчкі жуюць.


Кудасаў. Паміж першай і другой чаркай павінен быць максімальна кароткі перапыпак. (Налівае.)

Рая (спалохалася, што прыйдзецца яшчэ раз выпіць). Ой, я там Светачцы малако паставіла… (Выходзіць на кухню.)

Кудасаў (узнімае шклянку). Я рад падняць гэтую чару за ваша прызначэнне! Я рад выпіць гэтую чару за тое, што буду працаваць пад вашым началам! I за тое, каб наш народ быў сыты!


Выпілі.


Ухватаў. А ты гаварыў: атмасфера, сёння, заўтра, няўпэўненасць…

Кудасаў. Я не ў тым сэнсе. А ў тым сэнсе, што… (стараецца выблытацца). Землетрасенне гэта. Руіны… Пажары… Абломкі. Во і няўпэўненасць…

Ухватаў. Абломкі прыбяром, руіны расчысцім і атмасферу адпаведна…

Кудасаў. Во! Ужо лягчэй дыхаць стала.

Ухватаў. Падбяром надзейныя кадры… Кадры рашаюць усё!..

Кудасаў. Правільна! Абавязкова кадры! Вось хоць бы вы… Вас цяпер паднялі… Хіба для вас ёсць што-небудзь даражэй за свой пост? Кім вы былі раней?

Ухватаў. Рабочым. Гліну мясіў на цагельным заводзе. А потым выдзвінулі. А цяпер яшчэ раз выдзвінулі.

Кудасаў. Во! П'ём за выдзвіжэнні і перадзвіжэнні! (П'юць.)

Ухватаў (утаропіўся на Кудасава). А ты хто? Твае бацькі да семнаццатага года — хто? I ты кім быў до?

Кудасаў (папярхнуўся гарэлкай). Рыкшам.

Ухватаў. Рыкшам?

Кудасаў. Па сутнасці — рыкшам. I дзед мой, бацька мой, і я. Возчыкамі. На чужых конях. Па сутнасці — на мне ездзілі. Значыць — рыкша. А цяпер я!.. Кім буду?.. У вас?

Ухватаў. Нешта ты спяшаешся да ўлады.

Кудасаў. А як жа не спяшацца? Правароніць можна. Вы наберыцё з такімі біяграфіямі, што… Мне цяжка будзе цягацца. Я адкрыта: мой дзед цара не забіў, дзекабрыстам не быў. Дзевяцьсот пяты год праспаў на печы. Ён, дурань, аб унуках не клапаціўся. А ў лейтэнанта Шмідта вунь колькі ўнукаў! Праўда, бацька мой у грамадзянскую не падвёў. Не прымкнуў ні да Пятлюры, ні да Балаховіча. Устаяў! I за тое — дзякуй. А мог бы на рэвалюцыйнай хвалі ўзляцець… А цяпер вот і я быў бы на сметніку, каб не класавае чуццё і адданасць.

Ухватаў. Цяпер канечне — пасля перамогі, калі ўлада акрэпла, да яе ўсе ліпнуць, усе хапаюцца, бадзёрымі папутчыкамі шагаюць у ногу. Ды ўлада — не дура, прыглядаецца і ад каго трэба — адмяжоўваецца. Адсякае. Толькі выпадак часам памагае. Толькі на выпадак можаш спадзявацца. На ўстраску!

Кудасаў. I за выпадак. і за ўстраску можна… выпіць. Можна і аддзячыць за выпадак. Дык — хто я? У вас буду?

Ухватаў. Мая правая рука… Бачу — я табе вельмі патрэбны.


Абодва ап'янелі ці ад выпітай гарэлкі, ад узаемных пахвал, ці ад таго, што адчулі слодыч улады.


Кудасаў. Ясна. Цяпер я пагарцую, паезджу!

Ухватаў. На мне?

Кудасаў. Што вы, што вы?! Вы — гістарычная, можна сказаць, фігура. Калі на тое пайшло — хочаце — я вас правязу. А? Сядайце вярхом. Хочаце?

Ухватаў. Яшчэ ўроніш. Не-е! (Адмахнуўся.) Не хачу!

Кудасаў. Я — шануючы вас. Э-эх… (Бярэцца за паўлітэрку.) «Бродяга Байкал переехал, навстречу родимая ма-ать…» (Спявае галасіста, чулліва.)

Рая (выглядае з кухні). Федзя!!!

Ухватаў. Т-сс… Вот, гляджу я, мы, як птушкі. Вель-мі падобны на птушак… людзі. Ты бачыў калі-небудзь сініцу ў кармушцы? Як яна там? А? Ухопіць кавалачак і тут жа ўбок. I перш чым клюнуць, сем разоў азірнецца. I ад чаго так стала з сініцамі? Заўсёды насцярожаныя.

Кудасаў. Таму, што кошка недзе побач. Ці яшчэ які свой — у такіх жа пер'ях — драпежнік. (Асяніла.) Ясна, Фёдар Паўлавіч, усё. Перш чым разок клюнуць, трэба сем разоў азірнуцца. Прасвяцілі! Якая кніжачка!


Ухватаў даўно ўжо заўважыў, што Кудасава вельмі зацікавіла чырвоная кніжачка на акне.


Ухватаў (бярэ кніжачку, гартае). Гэта жонка любіць перапісваць з кніг розныя выказванні і вытрымкі. Паэтаў розных. Пралетарскіх асабліва. А потым і мне дакладвае. Вот. (Чытае.) «Некалькі наводных пытанняў аб паслядоўнасці з'яў і часу». Та-ак… «Адыходзячы на спачын, запытай сябе. Сам. Што ты зрабіў? Сёння. Падвядзі вынікі. Справам тваім. Можа, чужое проса вытаптаў? Пакрыўдзіў каго? Аблаяў? Пакараў? Звольніў з работы? Ці асудзіў? Каго? За што? Ці справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць год? А праз дваццаць год? Успомніць аб гэтым не сорамна будзе табе? Перад сабой. Перад сынамі. I перад унукамі. Што ты зрабіў? Сёння?»

Кудасаў (крычыць, апраўдваецца). Нічога такога я не зрабіў! Мура нейкая. Яшчэ допыты самому сабе? «Спытай сябе…» Ёсць каму допыты рабіць. Мура, і ўсё. Глупства! Выцяжкі няма. Во давайце вып'ем і закусім. Яшчэ і пракурорам над сабой будзь. (Плюецца. I зноў запявае.) «На-алей! Вып'ем, яй-богу, яшчэ!..» (Налівае.)


Нечаканы стук у дзверы. Хведар Паўлавіч і Кудасаў струсілі.


Рая (прыбягае з кухні). Я ж гаварыла! Федзя!

Ухватаў. Прыбраць!!!


Прыбіраюць шклянкі, хаваюць бутэльку. Кудасаў у паніцы хавае у кішэнь нават відэльцы і нажы. Выхапіў з партфеля газету і ўголас чытае загаловак артыкула: «Вялікая перамога металургаў. Першы савецкі блюмінг перакрыў праектную магутнасць…»


Рая. Ну во, я ж казала, я ж казала…

Ухватаў. Ну хопіць! (Перадражнівае.) «Казала, казала».


Рая адчыняе дзверы. На парозе з'яўляецца Бусько з кошыкам і чамаданам, якія ён ставіць каля парога.


Рая. Калі ласка!

Ухватаў (нібы і ўзрадаваўся). А-а! Цэ ты?

Бусько. Я! Здароў!

Ухватаў. Здароў!

Бусько (абдымаюцца, паляпваюць адзін аднаго па спіне). Хведзька! А цэ твая баба?

Ухватаў. Яна.

Бусько (здзіўляецца). Така малюпасэнька! Х-ха-ха-ха! Така кнопачка? (Хацеў шлёпнуць Раю ніжэй паясніцы.)

Рая. Федзя! Што за фамільярнасць?

Ухватаў. Бусько! Асцярожней!

Бусько. Не шкляная. От ты, брат Хведзька, хітры, выбраў собі… Таку ж і прокорміць і одзягнуць — раз плюнуць, не тое шо мою… Штоб обгарнуць толькі кузаў, тры метры мадэпаламу трэба. (Паказвае на Кудасава.) А о цэ хто?

Ухватаў. Мая правая рука. (Кудасаву на Бусько.) А гэта — разам на цагельні гліну мясілі. Потым яго выдзвінулі. У заготжывёлу.

Бусько. Дык гэта я выдзвінуўся? Не ўспамінай. А вы што? З самага ранку за газету? А што б вы прыпухлі! А я ехаў до тэбэ і думаў: можа, адрас памяняў. Напісаў пісьмо, а адказу няма. А ты ўсё яшчэ тут. Цеснавата. З маёй бабай тут і не размінуўся б.

Кудасаў. О-о! Напомніў! Хведар Паўлавіч! Гэта я ўжо на сябе бяру. Кватэру вам я падрыхтую.

Рая. А якую кватэру? А гэта?

Кудасаў. Хіба гэта кватэра? Гэта ж — каземат. Тут была кантора купца Япішкіна. І склады: сядзёлкі тут, гужы, хамуты. Вы ж не сядзёлкі… А купец будаваўся сур'ёзна, гад.

Рая. А да чаго тут сядзёлкі і хамуты?

Кудасаў. Я і кажу: вы не хамуты. Вы — людзі. А сюды мы вернем якую-небудзь кантору, а вам пяць пакояў. (Шэпча Ухватаву нешта на вуха.)

Ухватаў. Не спяшайся. Пасля такой катастрофы…

Кудасаў. Іх ужо там няма. Збеглі. I потым, каму катастрофа, а каму… Нельга ж усім пры катастрофе.

Рая. А навошта нам пяць пакояў? Федзя!

Кудасаў. Ну, а як жыў? Гаспадар горада! Вось госць прыехаў. Дзе вы яго прыстроіце ў такой цеснаце? Дый не такіх гасцей давядзецца прымаць. Так што, Раіса Якаўлеўна, у вас цяпер іншыя маштабы. I ніякія катаклізмы не павінны замінаць.

Бусько. А я, брат, у графскім іменні на этажах жыву. Такія пакоі — калі па чарцы возьмем з бабай — у чахарду гуляем.

Кудасаў. Вось бачыце. Ну, выбачайце, я пайду, а вы не турбуйцеся. Хведар Паўлавіч, можа, «эмку» прыслаць? Можа, праехаць куды?

Ухватаў (не адразу). Н-не, не трэба.

Кудасаў. Можа, Раісе Якаўлеўне трэба? Шафёр усё роўна дзяжурыць.

Ухватаў. Я сёння нікуды. Усю ноч не спаў.

Рая (яна, здаецца, крыху ап'янела). Калі ўжо так можна, Федзя, я хачу трошкі…

Ухватаў. Пакрасавацца перад мамачкай?

Рая. Федзя! Яна так рада будзе! Я на адну хвіліначку. I да сястры… Можа, на рынак — таксама на адну хвіліначку.

Кудасаў. А чаму нельга? Усе так робяць. Усе жонкі. Не на сабе ж цягаць.

Ухватаў. Ну, ладна, хай паедзе.

Кудасаў. Тады адпачывайце. Усяго добрага.

Ухватаў. Чакай! Нажы і відэльцы не знясі.

Кудасаў. Ага, даруйце. (Выкладае нажы і відэльцы.) Бывайце здаровы! (Каля парога перад багажом Бусько спыніўся, прынюхаўся раз, другі, трэці.) Кумпяк. Капчопы. Леташні… I сыр. Сялянскі. З корачкай. Падсмажаны на масле.


Бусько ашаломлены.


Бусько. Ён што, калдун?

Ухватаў. Цябе, Кудасаў, нюх пачынае падводзіць. А калі паляўнічага сабаку падводзіць нюх і ён заместа дзічыны ганяецца за жабай, то… Што з такім сабакам робяць? У лепшым выпадку прагоняць са двара. Гэта я ад паляўнічых чуў. Матай на вус.

Кудасаў. Усё. Жабы няхай не хвалююцца. Ганяць іх не будуць. Усяго найлепшага! (Выходзіць.)

Рая. Федзя! З ім гэтак нельга.

Бусько. Ну, брат, і ўюн! Ён табе і гэта, ён табе і «эмку», і катаклізму… Слухай, Хведзька, што такое катаклізма?

Ухватаў. Гэта, разумееш… Калі разбушуецца прырода, дзікая стыхія і ніхто з ёй саўладаць не можа. Бачыў, колькі руін у горадзе? Такое і з чалавекам часам бывае, калі дзікасць прабудзіцца.

Бусько. Бачыў. А ведаеш, і да нас гэтая граза дайшла. Але ў вас нашкодзіла більш. У нас толькі царкву здорава труханула. А так, толькі некаторыя страху нацярпеліся. А некаторыя… як мышы пад венікам. Кажуць, у вас багата людзей пад абломкамі прапала?

Ухватаў. Пытаеш!.. Такая катастрофа! Стыхія!

Бусько. I пасады, канечне, вакантныя… А? А я ўсе чысткі, брат, усе праверкі прайшоў…

Ухватаў. Ну, дык чым жа ты недавольны?

Бусько. Так што ж мені ў тым балоце і сядзець, у глухамані, аж покі рак не свісне? Мая Горпіна выгнала і сказала: «Шукай другое месца! Не хачу жыць у балоце! Адцвітаць!»

Ухватаў. У якім жа балоце? У наш час! Адцвітаць?

Рая. Занялі пакоі графа і адцвітаць.

Ухватаў. У графскіх пакоях з жонкай у чахарду гуляе і — адцвітаць!

Бусько. А пасада якая? Заготжывёла! Цьфу! Та што ж — мені людзей нельга даверыць? Шо, мой бацька ўсю грамадзянскую вайну прайшоў, каб я — сын яго — ізноў хвасты круціў бугаям? (Проста, але катэгарычна.) Мені трэба ўлада над людзьмі! О так! А не райзаготжывёла! Мені соромно!!!

Ухватаў. Так-так…

Бусько. Хведзька! Ты толькі глянь на мене! Шо я, не магу быць фігурай у другім маштабе? (Дэманструе сябе.) Слухай, будзь другам! Пагавары тут з кім трэба, выцягні мяне з глухамані. Век помніць буду! Га? Хведзька!

Ухватаў. Гм… Выцягні… А якая мне радасць?

Бусько (страсна). Хведзька!.. Ды я… Ды мая Горпіна… Ды мы… Эх, Хведзя, якім я другам буду!!!

Ухватаў (думае). А куды ж цябе?.. Ну, куды?

Бусько. Цяпер жа, кажуць, пустых кабінетаў многа. Самы мамент якую-небудзь свабодную пасаду…

Ухватаў. Ведаючы твае таленты, ну куды ж цябе?

Бусько. Ну… Таку… шо б штат буў! Ну… Намеснік, памочнік… Шо б було кому команду даць! Таку… Культурную пасаду…;

Ухватаў. Эць, якія замашкі! Ых-ых-ых… От куды меціць!.. Абавязкова ў атаманы!

Бусько. Ну поймі, Хведзя! Абрыдла з гэтымі рагулямі, козамі. Ме-е, бе-е, му-у! Цьфу! Па культуры занудзіўся.

Ухватаў. Дык што, можа, цябе дырэктарам тэатра?

Бусько. Гэта што? Я сам буду морду крывіць перад публікай? Дурыкі строіць? Не, брат, ты прыдумай што-небудзь другое. Гор-топ, гор-буд, дор-орс, гор-прод, гор-пром… Што-небудзь галантарэйнае.

Ухватаў. Можа, гор-хап?

Бусько. Ха-ха-ха! Калі ёсць гор-хап, давай гор-хап. Падзелімся! Слухай, Хведзька, ён правільна вынюхаў: тут мая Горпіна два кумпякі капчоныя загарнула. Адзін — табе, а другі — каму-небудзь, сам знаеш, для знаёмства…

Ухватаў (з пагрозай). Ну-у, гэта ты дарэмна! Гэта… Як гэта называецца?

Бусько. А што я, з пустымі рукамі прыехаў бы?

Ухватаў. Значыць, хабар прывёз?

Бусько. Які ж цэ хабар? Цэ ўзаемная дапамога.

Ухватаў. Так-так… (Звоніць па тэлефоне.) Цэнтральная?.. Дайце, калі ласка, пракурора горада.

Бусько (спалохаўся). Хведзька! Хведар Паўлавіч! Ды ты што? Я… Я чыстасардэчна! Цэ не хабар! Цэ ж смычка сяла і горада! Цэ брацкі саюз рабочага класа і сялянства… Ты хто? Горад! А я хто? Сяло! Трудавое сялянства! Значыць, што? Не хабар, а саюз! Смычка! Узаемадапамога!

Ухватаў (у тэлефон). Пракурор? Здароў, Іван Міхайлавіч! Гэта я, Ухватаў… А-а, дзякую, дзякую за віншаванне!

Рая (з парога кухні). Ухватаў! Не дурэй! Чалавек, можа, к табе ад усяе душы, а ты…

Ухватаў (Раі). Не твая справа. Сядзі на кухні! (У трубку.) Слухай, Іван Міхайлавіч, як там у цябе, яшчэ не закончылі рамонт?.. Вот разгільдзяі!.. Гэта табе, пракурору, цэлы месяц рамантуюць, а прыкінь цяпер, як яны робяць звычайнаму рабочаму ці служачаму… Табе не здаецца, што варта было б памяняць таго-сяго ў гэтай шарашкінай жылканторы? А?.. Думаю… Ну, вядома! Калі што, дык ты падтрымай… Ну, будзь здароў!

Бусько (выцірае з лысіны халодны пот). Пранясло!..

Рая. Слухай, Федзя! Трэба забраць у яго абодва гэтыя кумпякі, а то ўліпіте чалавек… Падсуне каму-небудзь такому…

Ухватаў. Хіба толькі шкадуючы яго.

Рая. Ён жа харошы чалавек. (Толькі хацела прыбраць кумпякі, і раптам на дварэ прасігналіла машына. Рая выцерла рукі і адступілася ад кумпякоў.)

Ухватаў. Ты датумкай, Бусько. Выпадак мяне прывёў да ўлады, выпадак. Такі ж выпадак можа і скавырнуць мяне. О, воля выпадку! А таму мне трэба ўмацавацца. Я павінен акружыць сябе вернымі, падзейнымі кадрамі. Кадрамі, якім я патрэбен пазарэз, больш, чым яны мне. Тады я буду «восседаць» не па волі выпадку, а як на слупах. Узразумеў?

Бусько. Хіба могуць быць больш надзейныя за нас? Каму ты больш трэба, як нам. Хіба я — не слуп? Няма на што абаперціся?

Ухватаў. А не захочаш узвысіцца па-над мною?

Бусько. Каб я з гэтага месца не ўстаў! Я ж вышыні баюся. Я нават на возе не ездзіў ад страху вышыні.


На дварэ сігналіць машына.


Ухватаў (выглянуў у акно). Гаспадыня! Шафёр «эмку» падагнаў.

Рая. Я гатова. Я зараз. (Замітусілася.)

Ухватаў. Доўга не затрымлівайся.

Рая. Не, не, я хуценька!

Бусько. Я пакуль што нічога не змікіціў. Гаспадар горада? Як цэ зразумець? Легкавая? «Эмка»? Шафёр у цябе?

Ухватаў (пасміхваецца). Кумекай! Спасцігай!

Бусько. Значыць, ты… (Паказвае пальцам на неба.) Значыць, ты праклюнуўся, прарос? (Увінціў палец угору.)

Рая. Учора прызначылі. Сёння ноччу.

Бусько. Хведзька! Цэ праўда? Ура-а! Ура-а-а! Наша бяроць!!! О, тэпэр усэ гаразд! Хведзька! Дарагі! Дай я тэбэ поцілую!

Рая. Не «Хведзька», а Хведар Паўлавіч! Ясна? Трэба адвыкаць.

Бусько (на краі шчасця). Хве-едар Па-аўлавіч!.. (Закахана.) Бяры мяне! Я ўвесь твой! Куды хочаш!

Ухватаў (Раі). А ты казала: «Дзе тыя кадры?» Вось ён — другі кадр!


Рая выходзіць з дачкой на руках.


Бусько. Не, Хведар Паўлавіч! Другі там. На чарзе. Я — першы. Мы на палку браліся. Кон выпаў — мне першаму. А ён стаіць там. (Падыходзіць да акна, крычыць.) Эй, ваша вялікасць! Топай сюды!

Ухватаў. Што за ваша вялікасць?

Бусько. Бельгійскі кароль.

Ухватаў. Кароль?

Бусько. Пацеха. Зараз раскажу. Гэта Сілан.

Ухватаў. Сілан? (Успамінае.)

Бусько. Ну так, Сілан…

Ухватаў. А-а, той самы? Сілан?

Бусько. Той самы — Клёпкін. У рэвалюцыю ў Піцеры быў. Нават аднойчы «Аўрору» сам бачыў.

Ухватаў. А-а! Помню. Ён заўсёды гэтым хваліўся.

Бусько. Затуркаў усіх у раёне. Абы толькі якая дарада, ці сход, ці там пасяджэнне якое, дык ён абавязкова каго-небудзь ды папраўляе. Лічыцца толькі з першым сакратаром ды яшчэ НКВД не папраўляе. А то заўсёды, як толькі што, ён: «А ў Смолыіым бы не так рашалі…» Але нарваўся па аднаго…


Уваходзіць Сілан Клёпкін.


Сілан. Компрывет!

Ухватаў. Здароў, здароў, Сілан! А чаму ж ты на вуліцы стаяў?

Сілан. Мне заўсёды так выпадае. Як рэвалюцыю рабіць, дык Сілан. А як што да чаго, то пастой, Сілан, на вуліцы. Мая чарга — апошняя.

Ухватаў. Якую ты там рэвалюцыю рабіў? Ты ж казаў, што дрывяны склад вартаваў.

Сілан. У Піцеры! Тады! Гэта не цяпер! Што тады азначалі дровы? У Піцеры? Дзе бушавала полымя рэвалюцыі? Дровы тады былі — галоўнае! Не проста — ёлкі-палкі!

Бусько. Значыць, недарма цябе цяпер хацелі прызначыць каралём у Бельгію. А ты яшчэ недавольны.

Сілан. От то-та ж і яно!

Бусько. Ты во хоць раскажы Хведару Паўлавічу, як усё было. (Па-змоўніцку падміргвае Сілану.)

Сілан. Хе, дурня знайшлі! Гэта ўсё разумнік гэты, Кузьмянок. Ну, што інструктарам райкома ў нас быў. Прыехаў і выклікае мяне ў сельсавет. Так і так, кажа, вельмі сур'ёзная справа да цябе. Усіх з сельсавета выправадзіў, кажа: «Сакрэтная справа». Асталіся мы ўдвух, ён і кажа: «Учора да самага рання бюро райкома засядала. Ламалі галаву, кажа, і рашылі — толькі ты, Сілан, можаш справіцца. Дзела такое, што… у Бельгіі кароль, кажа, памёр. Але бельгійцы пакуль што пра гэта не ведаюць. У тайне дзержыцца. Ёсць магчымасць, кажа, падсунуць ім свайго, вернага чалавека. I вот мы на бюро выбралі цябе. Чалавек ты, кажа, стойкі, правераны, рэвалюцыю ў Піцеры рабіў, дый цяпер — калектывізацыю правёў. I — галоўнае, кажа, — з твару ты вельмі змахваеш на таго Леапольда».

Ухватаў. Ну, а ты што?

Сілан. А я пытаю: «А як жа вы мяне туды прыстроіце?»

Бусько. Ну, а він шо?

Сілан. У-у, кажа, там жа камуністы таксама ёсць. А яны, брат, такія хлопцы, што любую добрую аперацыю правернуць.

Ухватаў. Ну, а ты што?

Сілан. Ну, думаю, і праўда. Але ж, кажу, каралева можа не прызнаць.

Ухватаў. Ну, а ён што?

Сілан. Гэта, кажа, не твой клопат. Ты — мужчына яшчэ крэпкі, а той Леапольд быў гнілы, хліпкі. Кажа, каралева нават давольна будзе. Выручай, кажа. Для міравой рэвалюцыі вельмі важна паслаць туды свайго чалавека.

Ухватаў. А ты што?

Сілан (ну і хітры Сілан! Сабе наўме. Бачыць, што расказ яго падабаецца Хведару Паўлавічу, ён і стараецца пацешыць. Ён згодзен і прастачком прыкінуцца!). Я падумаў трохі дый кажу: «Справа сур'ёзная, канечне, але як жа з маёй Пархвенаўнай? Дый двое дзецюкоў у мяне». — «Камсамольцы?» — пытае. «Камсамольцы», — кажу. «Ну, то зразудеюць хлопцы!» — «Не, — кажу, — трэба ўсё-ткі з Пархвенаўнай пагаварыць».

Бусько. Ні ў якім разе, — кажа!

Сілан. Верна! «Ні ў якім разе! — кажа. — Гэта ж сакрэтная справа, і бабе ўводзіць у вушы такое дзела нельга!» Я кажу: «Мая сакрэтаў не выдасць. Каторы год жыву, ведаю. Раскулачванне праводзілі, таксама — тайна, але ж не прагаварылася. Правераная баба». Прыйшоў гэта я дадому, расказаў сваёй. Ну, канечне, агітацыю правёў. «Заданне, — кажу, — паручэнне атвесцвеннае». Ну, а жонка мая — бітая баба. Кажа: «Зноў дурня шукаюць. Як учора рызінавыя боты прывезлі ў сельпо, дык размеркавалі не табе. А як каралём у Бельгію, дык цябе знайшлі. Як затычку. Пад усе бочкі шпунт». Падумалі, дый…

Ухватаў. І што? Адмовіўся?

Сілан. Пайшоў і сказаў: «Не, пе пайду каралём!» Дый яно і праўда. Як што, дык мяне, а калі што мне, дык — пастой, Сілан, на вуліцы…

Ухватаў. Ну, а калі б далі рызінавыя боты, пайшоў бы каралём? Для вялікай мэты?

Сілан. А чаго ж? I пайшоў бы. Папрацаваў бы трохі правадыром. Каб толькі дакументы аформілі, што па заданню райкома. Каб потым не прыдзіраліся. А то… у анкеце запоўніш, а… сам ведаеш, як цяпер… Калі без матывіроўкі.

Бусько. Ось, Хведзя! Якія ў нас ы Дысцыпліна яка! У агонь і воду!!!

Ухватаў. Ну, брат, насмяшыў! Мастак! У пісьменнікі табе трэба падавацца. Цяпер ізноў, кажуць, на камедыі дэфіцыт. А тут жывая камедыя. Ты ж талент, артыст, сатырыст!

Бусько. Была пацеха! Мужыкі і цяпер аж за жываты бяруцца.

Ухватаў. Дык чаго ты хочаш? Ад мяне?

Сілан. Нехарашо пасмяяліся. Праходу няма. Нават ад дзетвары. Аўтарытэт саўсем прапаў. Перацягні мяне ў горад. А? Перавядзі.

Ухватаў. I што ты тут будзеш рабіць?

Сілан. Што загадаеш, тое і буду.

Бусько. Будзе верны, свой чалавек.

Ухватаў. Дык ён жа не падкаваны…

Сілан. Я? Як гэта не падкаваны? На ўсе чатыры.

Ухватаў. Што такое ён? Хто ён такі? Інжынер? Прафесар? Спецыяліст? Дэгустатар? Дэзінфектар?

Сілан. Ды мне такіх пасад і не трэба.

Бусько. Затое — ідэйны. Ух, які ідэйны!

Сілан. Кіраваць папрабую. Як выдзвіжэнец. Ёсць у мяне на гэта спрыт. Другія ж кіруюць, спраўляюцца.

Ухватаў. I ты кіраваць? А я што буду рабіць?

Сілан. Таксама кіраваць.

Бусько. Ты, Хведзька, Хведар Паўлавіч, будзеш намі кіраваць, а мы — другімі!.. Пад тваім кіраўніцтвам. Будзем выконваць тваю жалезную волю і ўказанні.

Ухватаў. Дык ён жа будзе мяне павучаць… А?

Бусько (Сілану). Будзеш?

Сілан. Другіх буду…

Бусько. Без цього нэ можэ!

Сілан. А цябе… Язык адкушу і выплюну.

Бусько. I не пікнем! Ты знаеш, якога прынцыпу мы зараз трымацца будзем? Па дарозе сюды інтэлігент падказаў. Галава! Акулярчыкі проста на носе прыляпіў. Кажа: «Цяпер, кажа, не думай. Падумаў? Маўчы, не гавары. Сказаў? То не пішы. А калі напісаў, то хоць не падпісвай. А падпісаў? То тут жа бяжы і сам кайся, прызнавай памылкі». Так што, калі што якое — прыбяжым. Калі выпадак які,

Ухватаў. Ніякіх выпадкаў не прызнаю.

Бусько. Ясна?

Сілан. Строга!

Ухватаў. Курыш?

Сілан. Куру.

Ухватаў. Кінеш?

Сілан. А навошта?

Бусько. Кіне!

Сілан. Кіну!

Ухватаў. П’еш?

Сілан. П-п-п'ю… Неахвотна!

Ухватаў. Кінеш?

Сілан. Калі будзе такое ўказанне…

Ухватаў. Баб чужых любіш? Толькі не хлусі.

Сілан. Пархвенаўна не дазваляе…

Бусько. Маральна ўстойлівы элемент.

Ухватаў. У гурток па вывучэнню…

Сілан (перапыняе). Хадзіў, хадзіў. А як жа. Не толькі сам, нават Пархвенаўна назубок цэлымі лістамі па памяці чытае. Праўда, апошнім часам карасіну не хапала…

Ухватаў. Ну куды ж цябе? (Доўга разглядае Сілана, як бы ацэньваючы яго вартасці.)

Сілан. А ўжо куды хочаш, куды пашлеш. Старшым куды пашлеш. Буду старацца.


А далей адбываецца такая пантаміма. Хведар Паўлавіч ходзіць па пакоі і мысліць. Раіцца з самім сабой. Зробіць некалькі крокаў і спыняецца. За ім следуюць Бусько і Сілан.

Нарэшце Хведар Паўлавіч спыніўся, азірнуўся на іх, суровы, сярдзіты. Бусько і Сілан жэстамі супакойваюць яго. Хведар Паўлавіч махнуў рукой — загадаў — сядзьце! Яны паслухмяна селі. Як школьнікі.


Ухватаў (ацаніўшы паслухмянасць). Выканаўцы! Глядзіце ў мяне!!!

Бусько. Хведар Паўлавіч! Будзьце ўпэўнены!

Сілан. Не сумнявайся!


Вярнулася Рая. Радасная, узрушаная.


Рая. Федзя! Ты не знаеш, які фурор! Паглядзеў бы ты на Фаню! Якія ў яе былі вочы! Во! Такія вочы! Там на нашым двары быў цэлы мітынг. Яны ўсе хацелі сюды прыехаць. Толькі мама… Ты не знаеш нашу маму? Яна сказала: «I чаго вы паднялі такі вэрхал? Я так і знала: мая Рая радзілася пад зоркай. Ну і што?»

Ухватаў. Пад якой зоркай?

Рая. Адкуль я ведаю. Яна так сказала. Што ты хочаш? Гэта ж мая мама. Відаць, пад чырвонай. Яны так рады. Усе.

Ухватаў. А дачка дзе?

Рая. Яны не аддалі мне Свету. Яны чуць не падзялілі яе на шматкі. Яны ўсе яе так палюбілі!

Ухватаў. Цяпер нас будуць любіць!.. (Бярэ схаваную паўлітэрку, налівае ў шклянку. Звяртаецца да Бусько і Сілана.) Будзеце?

Сілан. Як загадаеце.

Бусько. Да гроба.

Ухватаў. Што? Любіць ці піць?

Бусько. I піць, і любіць! Да гроба.

Ухватаў. Да гроба дык да гроба! А там — напляваць!

Бусько. Малавата…

Ухватаў. Сваю трэба насіць.

Бусько. Ёсць! Носім! (Падміргнуў Сілану, і той дастае з шабеты бутэльку.)

Сілан. Учора самагоншчыка застукалі. Рэквізавалі. Акт саставілі і… (Усміхаецца.) Разбілі… вось.

Бусько. Хай не спекулююць, гады!


Наліваюць, п'юць. Рая прыносіць капчонае на закусь.


Рая. Федзя, а шафёр чакае твайго загаду на вуліцы.

Ухватаў. Кліч яго!

Бусько (выглянуў праз акно). Ну і машына! Аж блішчыць! А шафёр — грамацей. Сядзіць і кніжку чытае. (Крычыць.) Эй! Прафесар кіслых шчэй! Завуць!

Ухватаў. Ну, яшчэ па адной і… (Жэстам як бы змёў са стала і прысвіснуў.)

Сілан (заспяваў). «По рюмочке, по маленькой, чем поят лошадей…»

Рая. Ой, што вы, што вы!!!

Ухватаў. Без мастацкага свісту і танцаў! Пахаваем паціху. (Выпівае.)

Бусько (ціхенька). Вечна-а-я-я памяць. (Таксама перакуліў чарку.)

Сілан (уздыхнуў). Амін. (Выліў чарку, як у халяву.)


Уваходзіць шафёр.


Алёша. Я вас слухаю, Хведар Паўлавіч.

Ухватаў. Значыць, чытаеш? Вучышся?

Алёша. Канчаю рабфак. Вячэрні.

Ухватаў. А потым?

Алёша. Паспрабую паступіць у інстытут.

Рая. I куды паступаеш?

Алёша. У архітэктурна-будаўнічы. Параілі…

Бусько. Ну і што з цябе будзе?

Алёша. Можна будзе не толькі рулём кіраваць…

Бусько. О, намі хочаш кіраваць…

Алёша (Бусько, па сакрэту). Не, трохі разумнейшымі.

Бусько. О даёць! О даёць!

Ухватаў. Слухай, Алёша! А што, калі я цябе на добрую пасаду пастаўлю?

Алёша. Не выгадна.

Ухватаў. Чаму не выгадна?

Алёша. Пасадзіць можна, толькі наўрад ці доўга ўседзіш. Вы ж самі ведаеце, якія ў нас планы. Паслухайце, які звон па ўсёй краіне! Грохат які! Колькі заводаў будуецца, электрастанцый! Разгортваецца такая гаспадарка, што… Граматныя людзі трэба, адукаваныя. Вы мяне пасадзіце, а праз некалькі гадоў прыйдзе адукаваны, разумны, у акулярах і скажа: «Ну-тка, пасунься, хамут малаграматны…» Дык навошта, каб гэта мне гаварылі, калі ўжо лепей… я сам… Прыйдзе час, невукаў папруць, мякка кажучы.

Ухватаў. Ну, што ж, вучыся, вучыся. Дурням гэта на карысць.

Алёша. Толькі не ўсе яны ведаюць гэта.

Ухватаў. Востра. Ізноў які-небудзь намёк? «Папруць».

Алёша. Ды не. Не намёк. Закон дыялектыкі.

Ухватаў. Нахапаўся ўжо? А гэта яшчэ — які такі закон?

Сілан. А-а-а!.. Зараз растлумачу. Дакладчык з абкома прыязджаў, дык ён мне гадзіны дзве талкаваў… Цяпер магу сам.

Бусько. Сілан такі… Сілан можа.

Сілан. Значыцца, так… Да прыкладу, ты, Хведар Паўлавіч, зярно. I цябе нехта пасеяў… Не, напрыклад, вось мы, я і Бусько, — зярняты. Ты нас пасеяў. Вырасце з нас куст. А потым каласы. Ну, значыць, у каласах — новыя зярняты для пасеву. А ад нас што астаецца? Карэнні, што ў зямлі, згніюць, і салома, якая толькі і гадзіцца на подсціл… карове там, авечкам ці свінням. У гной, значыцца. На ферму, на подсціл. I ўся тут дыялектыка.

Ухватаў. Контррэвалюцыя гэта, а не дыялектыка! (Шафёру.) А сёння пакуль што такі загад: завязі іх дамоў. (Са здзекам.) Зярняткі! Каласкі!

Алёша. Добра, Хведар Паўлавіч, завязу. (Выходзіць.)

Ухватаў. А ты, Сілан, не мудруй. Не забывай, што на тваю дыялектыку ёсць адпаведныя органы, якія яшчэ разбяруцца, што да чаго. I не паўтарай, як папугай, чужых слоў.

Бусько (Сілану). Ясна?

Сілан. Дайшло. Усё! Кляп!

Ухватаў. А праз тыдзень… (Надакучлівая муха атакуе Хведара Паўлавіча. Ён адмахваецца.) Праз тыдзень… (Муха зноў прыстае. Хведар Паўлавіч сочыць за ёй, чакае, пакуль яна ўсядзецца. Села на нос. Ён хацеў яе прыхлопнуць, але муха трапілася вёрткая.) Злавіць! (Гэта прагучала як загад. Бусько і Сілан пераглянуліся, не разумеючы — жарт гэта ці загад?) Жыўцом! (Бусько і Сілан спачатку неяк нясмела, адчуваючы сябе няёмка, сталі ганяцца за мухай. Яны яе акружалі, бралі ў абцугі, рабілі на яе засаду. Увайшлі ў азарт і перамогу атрымалі. Яны ўзялі яе ў палон жыўцом і даставілі Хведару Паўлавічу — адзін за адно крылца, а другі — за другое.)

Бусько. Вось яна!

Сілан. Насякомае, а… на нос лезе… і каму?


Ухватаў разглядае муху ў іх руках, а потым хапае яе і заціскае ў сваім кулаку. А тады падносіць кулак Сілану пад нос.


Ухватаў. Што гэта?

Сілан. Муха. (Упэўнены, што не журавель.) Муха! Яй-богу!

Ухватаў. Дурак! (Падносіць кулак пад нос Бусько.) Што тут?

Бусько. Чэснае слова, муха! Не сысці мне з гэтага месца!

Ухватаў. Балты! Ненарэзаныя. Тут сіла. Улада! (Расцірае муху ў кулаку.) В-во! (Паказвае.) Муха? А? I звання няма. I трухі не астаецца, калі трапляе ў кулак. Вы ўсё зразумелі?


Бусько і Сілан пераглядаюцца, становяцца навыцяжку, смірнеюць.


Сілан. Як не зразумець?

Бусько. Цяпер, канечне, усё ясна.

Ухватаў. То-та ж, мухаловы!


Ухватаў вымае папяросу «Казбек», кладзецца на канапу. Бусько і Сілан стараюцца апярэдзіць адзін аднаго, падносяць запалкі. Ухватаў прыкурвае, выпускае дымок. Скрыжаваўшы на грудзях рукі з папяроскай між пальцаў, любуецца струменьчыкам дыму. Бусько і Сілан стаяць за канапкай над Ухватавым, як у ганаровым каравуле, схіліўшы гаротна галовы — адзін управа, другі ўлева.


Бусько. Зразумеў, Сілан? Гарыць.

Сілан. Зразумеў. Гарым? А?


Абодва набіраюць поўныя грудзі паветра і сінхронна ўздыхаюць.


Ухватаў. А чаго вы ўздыхаеце, як апоеныя коні? Праз тыдзень каб тут былі! А цяпер — па хатах.


Бусько і Сілана быццам ветрам вымела.


Паслухмяныя… Насенны фонд! Зярняткі. Каласкі… Я вам пакажу дыялектыку!


Праз хвіліну Ухватаў паднімаецца, падыходзіць да акна, аукае. З вуліцы басам і тэнарам адгукаюцца працяглым воем Бусько і Сілан. Цудоўны дуэт пад заслону.

Загрузка...