Хутаранцы

Пад лесам жыла сямейка. Не багата і ня бедна, дзень і ноч працавала, бяз хлеба ня ела. Зямлі было няшмат, але клопату сямейцы хапала. Сьпярша поле апрацоўвалі бацькі зь дзедам, пасьля, як памёр дзед, — бацька з маткай. Пакрысе падрасьлі сыны — Янка і Васіль, упраўляцца стала лягчэй, і хутаранцы былі задаволеныя.

Неяк на пачатку восені, калі, павячэраўшы, сямейка зьбіралася класьціся спаць, у дзьверы пастукалі. Госьцяў у хаце не чакалі, але бацька мусіў адамкнуць дзьверы, — ці мала каму выпала пільніца па начы. Увайшоў сьціпла, хоць і прыстойна апрануты чалавек, сеў на лаве, закурыў гарадзкую папяросу. І пачаў гаманіць. Аказаўся на дзіва гаманкі, дасюль у тутэйшых мясьцінах такіх не трапляла. Увесь сэнс ягонай гаманы палягаў у тым, што хутаране жывуць незаможна, бадай, кепска, адстала, і трэба інтэгравацца. Гэта значыць, далучыцца да недалёкай вёскі. Гаспадары недаўменна ўтаропіліся ў чалавека — ужо яны ведалі, як жывуць у суседняй вёсцы. Кожнай вясны адтуль прыбягалі на хутар то па кошык бульбы, меру збажыны, а то пазычыць капейчыну ці ўзяць каня прывезьці дровы. Яны так і сказалі захожаму. А той — сваё. Трэба інтэгравацца, бо іначай не выпадае, увесь сьвет інтэгруецца, трэба сіла, каб супрацьстаяць таму сьвету. Хутаранцы маўчалі, яны не разумелі, чаму трэба супрацьстаяць сьвету? Калі тая бязглуздая гутарка добра надакучыла, гаспадар сказаў, што сям'і трэба класьціся спаць, заўтра шмат працы ў полі, хай бы чалавек ішоў, адкуль прыйшоў. Чалавек устаў з лавы, але доўга яшчэ балбатаў у парозе, яны ледзьве выбавіліся ад яго. Як ён пайшоў, матка перахрысьцілася і кажа: «Гэта ж д'ябал! Яй Богу! У яго ж хвосьцік ззаду…» Гаспадар і хлопцы падзівіліся з тых матчыных словаў — яны не прыкмецілі ніякага хвосьціка. Але ўсё магло быць…

Наступны вечар усё ў той жа час у дзьверы зноў загрукалі — ды ўжо мацней, нават нібы абурана. Бацька не хацеў адчыняць, але хлопцы сказалі: хай! Зноў увайшоў той самы, ранейшы захожы і зноў пачаў тое самае. Трэба інтэгравацца, бо будзе кепска, а аб'яднаўшыся, будзе лепш. Яны ўсе неўпрыкмет узіраліся пад ягоную апратку — ці ня высунецца дзе хвосьцік. Але не, нічога нідзе ня высунулася. Недзе блізка ля поўначы ледзьве выбавіліся ад яго, і маці заплакала — зноў яна бачыла хвосьцік. Мужчыны ня ведалі, што і думаць.

Дачакаўшыся ранку, гаспадар узяў у сьвіране чорнае хварбы і на ўсіх дзьвярох намаляваў невялікія крыжыкі. Маці супакоілася: калі то д'ябал, дык пад крыжыкі ён ня ўвойдзе. Са страхам і надзеяй пачалі чакаць наступнай начы.

Вечар мінуў спакойна, ніхто ня стукаў. Трохі яшчэ счакаўшы, сямейка паклалася спаць. Ды яшчэ ня ўсе заснулі, як у падваконьні штось грукнула. Бацька зьлез з палацяў, засьвяціў лямпу. На покуце ўжо сядзеў той самы чалавек. Вакно за ім было выстаўлена знадворку, і ў хату дзьмуў вецер.

— Я наконт інтэграцыі, — спакойна пачаў знаёмую песьню захожы.

— Прэч! — крыкнуў бацька.

Тут ускочылі сыны, сталі поплеч з бацькам. Матка воддаль заплакала. Захожы цепнуў плечуком і нібыта з затоенай крыўдай вылез праз вакно назад.

Рэшту тае начы хутаранцы ня спалі, а як настаў ранак, пачалі мацаваць засаўкі на дзьвярох, мацней прыбівалі вокны. Бацька сказаў, што трэба будзе ў горадзе замовіць аканіцы. Вядома, дорага, але без аканіц не абысьціся.

Наступная ноч прамінула спакойна, ніхто ня стукаў, ня лез у хату. І сямейка патроху супакоілася. Па аканіцы ў горад гаспадар вырашыў паехаць пасьля, як зьвязе з поля снапы.

Але яшчэ празь дзён пару ноччу раптам спалохана крыкнула матка — абодва сыны разам ускочылі, Васіль уключыў электрычны ліхтарык, які надоечы купіў у сельмагу. Матка, плачучы, паказвала ў печ. Сапраўды, там штось адбывалася, чуўся невыразны шорах. У печы на тую пару не палілі, ежу гатавалі ў двары пад паветкай. Але нейкі дзіўны шум-шоргат мкнуў з чалесьніку, і хутаранцы напалохана чакалі. Аж неўзабаве бразнула засланка, з грукатам звалілася на падлогу, і зь печы выкараскаўся ўсё той жа, перапэцканы сажай, чалавек. Вылезшы, моцна чыхнуў два разы, працёр вочы.

— Я наконт інтэграцыі…

— Заб'ю! — зь лютасьцю мовіў гаспадар і схапіў з-пад лаўкі сякеру.

Але ў яго за кашулю ўчапілася матка, сыны схапілі ў качарэжніку вілы. Незнаёмы прыгладзіў вусы і ціхенька захіхікаў.

— Нікуды вам ня дзецца, то гістарычны працэс…

Бацька вырваўся з рук маткі, замахнуўся сякерай. Але ў той момант чалавечая істота зьнікла, бы шмыганула пад печ, дзе ўзімку сядзелі куры. Калі Васіль пасьвяціў туды ліхтарыкам, дык там ня ўбачыў нікога. Чалавек зьнік. Тады ўсе паверылі маці, што то быў не чалавек. Мабыць, сапраўды д'ябал. Але ўсе ведалі, што д'ябла ні ўпрасіць, ні напалохаць немагчыма.

Рэшту тае начы сямейка ня клалася спаць, чакала. І ня ведала, што рабіць. Было зразумела, што хрысьціянскі крыжык на дзьвярох іх не ўратуе.

Ажно на золку старэйшы з сыноў Янка сказаў, што ён ведае антыд'ябальскі сродак. Надзеў шапку і пайшоў у горад.

У паўдзён ён вярнуўся з аршынам каляровае матэрыі. На дрывотні змайстраваў спрытную дзяржаўку. Атрымаўся прыгожы сьцяг, які тры мужчыны прыбілі да вугла. Вецер адразу падхапіў яго і разгарнуў ва ўсю даўжыню — сьцяг узрадавана затрапятаўся.

— Цяпер хай прыйдзе! — сказаў Янка.

І праўда, з таго часу прывязьлівы незнаёмец ні разу не завітаў на хутар, аздоблены бел-чырвона-белым сьцягам.

7 студзеня 1999 г.

Загрузка...