ШЧАСЦЯ ТАБЕ, ДОМ!

(Блакнот Чарнобыльскай бяды)


1

Скалясіў я Палессе ўсцяж і ўпоперак, зайздросціў сам сабе, што меў і маю магчымасць бачыць гэтыя маляўнічыя мясціны, хадзіць па зямлі гасцінных палешукоў, пагаварыць з імі ля прызбы аб жыцці-быцці. Гаваркія яны людзі. Пра палітыку дык пра палітыку, пра хлеб надзённы — дык пра хлеб, а калі пад руку пад вернецца трапны жарт — сыпануць і ім, бы некалі жменяй з сяўні. Ён, той жарт, што соль да куселя хлеба. Смачна! I плыве смех. Ціхі, стрыманы, у рамках жарту, як плывуць між беражкоў спакойныя рачулкі, горнуць ваду-вадзіцу ў Прыпяць, у Сож, Дняпро...

Даўно заўважыў: нетаропкія, памяркоўныя тут людзі, нават у хадзе іхняй адчуваецца прыстойнасць, разважлівасць. Бульбу садзяць — не спяшаюцца, робяць сваю прывычную справу падзейна, каб бульбінка ад бульбінкі на адной адлегласці, звычайна нага тут мерка: за кончыўся след – кладзі, памылкі не выйдзе, вырасце і куст, і пад кустом. Сяўбу распачы- наюць — свята, у поле пават старыя выйдуць падзівіцца, як зярняткі кладуцца ў глебу. А калі зажынкі, то хлеба пакаштуюць з новага ўра- джаю — усе разам, дарослыя і дзеці. Паківаюць згодна галовамі: добры на смак — вось гэта цуд! Мо таму даўно і дастатак у іх, палешукоў, бо калі бяруцца за што, то ведаюць, дзеля чаго, не мітусяцца. Такая спакойная жыццёвая плынь у людзей, відаць, ад асяроддзя, у якім жывуць і дбаюць. Ад зямлі тутняй, ад дрэў. Ва ўсім адчуваецца нешта моцнае, не на дзень- другі — на вякі. I калі звалілася на людзей Чарнобыльская бяда — ды і хіба ж толькі на людзей адных? — не хацелася верыць.

Перад вачыма, як помнік мудрасці, чысціні, гасціннасці на Белай Русі,— вечнае Палессе...


2

Бяда падкралася нечакана. Грымнула — як усё роўна навальніца сярод зімы. Людзі не адразу і паверылі, і цяжка было зрабіць ім гэта, а яшчэ цяжэй — асэнсаваць усё, што адбывалася. Бо як жа так: вунь, паглядзіце, радуюць вочы зелянінай азімыя, яны добра перанеслі маразы, хлебаробы зусім нядаўна іх падкармілі. Толькі б цягнуцца ўгору — расці. На суседнім полі сагравае зямля зярняткі: яравыя не праклюнуліся яшчэ з зямлі, чакаюць свайго часу. Пасаджана бульба. 3 гонарам за калектыў кіраўнікі саўгаса «Прыпяцкі» Нараўлянскага раёна даклалі па інстанцыі аб выкананні квартальнага плана продажу дзяржаве малака і мяса. Складваліся планы на заўтрашні дзень, ён бачыўся такім жа цёплым, сонечным. Заўтра-паслязаўтра — не паспееш аглянуцца! — май месяц, калі чырванее зямля ад сцягоў і неба свеціцца іскрынкамі салютаў, калі яблыні ў садах завязваюць белыя хусцінкі... I раптам... Яна ж, атамная,— побач. Суседзі.

3 расказу дырэктара саўгаса Яўгена Пятровіча Высоцкага:

— Ледзь толькі паступіла першае паведамленне аб аварыі, члены парткома, дырэкцыя саўгаса, кіраўнікі аддзяленняў пайшлі да людзей. Разумелі сітуацыю. Яна аказалася экстрэмальнай, і тут важна было шчыра пагаварыць з людзьмі, сказаць ім усё, як ёсць. Але ж ці ўсе зразумеюць? Пабойваліся, чаго там гаварыць. Панікёраў. Як у ваду глядзелі — знайшліся і яны, тут мы не памыліліся. Галоўнае, каб не трапілі пад іх уплыў іншыя, а то адзін-два чалавекі могуць усё сапсаваць. Не, скажу прама: не паддаліся, амаль усе вытрымалі праверку на грамадзянскую сталасць. Аварыя — быццам той пажар, яна высвеціла, хто чаго варты. Нават тыя людзі, на якіх я коса іншы раз і глядзеў, было, хлусіць не буду, таму што не заўсёды яны лезлі наперад, больш у цяньку трымаліся, гаварылі мне пры сустрэчы: «Пятровіч, нам можаш не расказваць нічога, і так усё ведаем... Ну, дык калі там скацінку грузіць будзем на машыны, ці як яе?.. Ды мы, дай толькі ўзяцца,— го-о!» Цяплела тады ў мяне па душы. Вось яны, значыць, якія, ціхуны гэтыя. А што пра тых, хто на сходах іншы раз сябе ляпаў у грудзі, іншых заклікаў наперад, такім ужо анёлам выстаўляў сябе... дык, можа, я памаўчу лепш? Хоць не, скажу... Скажу... Палахліўцам паказаў сябе наш галоўны інжы- нер Васільеў. У адчай кінуўся і загадчык фермы Дравіла. Замест таго каб паказваць прыклад людзям, яны, мякка кажучы, здрэйфілі. Такіх любы напільнік возьме. Шаркні пару разоў — і ўсё, пераламаліся. I хто б падумаў? Во калі людская годнасць правяраецца...

А там нам і сігнал падалі: пара, браткі, пара знімацца. Эвакуацыя, значыць. Ведаем, цяжка пакідаць абжыты кут, але трэба, нічога не паробіш. У дзве гадзіны ночы сабраліся члены парткома, выканкома Даўлядоўскага сельскага Савета, кіраўніцтва гаспадаркі. Вы б пабачылі, якія твары былі ў людзей! Засяроджаныя, сур'ёзныя. Што і гаварыць — цяжка... Да васьмі гадзін раніцы падрыхтоўчыя работы былі закончаны. Пастаянна атрымлівалі дапамогу райкома партыі, ён стаў штабам па эвакуацыі. Што, як, куды — на ўсе пытанні паступалі дакладныя, па-вайсковаму кароткія ўказанні. Наш саўгас эвакуіраваўся ў сем гаспадарак раёна. Трэба было перасяліць каля дзвюх тысяч чалавек, сямі тысяч галоў жывёлы, з іх тры тысячы грамадскай. Падбягае да мяне Атаманенка, ён у Хатках фермай запраўляе, малайчына, нічога не скажу, падбягае і за ру- каў тузель, значыць: «Пятровіч, га, Пятровіч? Вы паслухайце... Што мы будзем на машыны ды з машын скаціну?.. Давайце сваім ходам перагонім? Людзі вунь у вайну за Волгу пераганялі, а тут жа — свой раён». Усю ферму так ён сваім ходам і эвакуіраваў, ніводнай жывёліны не згубіў, захаваў і прадуктыўнасць статка. Арганізавана пераправілі статак і з фермы Хутар-Лес. Іван Дзмітрыевіч Сяржан там. I прозвішча самае што ні ёсць камандзірскае мае, літару «т» дабавіць застаецца. «Не падвядзём! — крычыць, запэўнівае.—У мяне ж сям'я ўся тут, няўжо падкачаем? Не можа быць, каб сямейны карабель трэшчыну даў!» Усміхаюся яму ў адказ: малайчына, Ваня. Гледзячы на людзей, кожнага хацелася называць толькі так — Ваня, Пеця, Коля, Валянцінка... А чаму, цікава, толькі тады? Вось ужо гэтая чортава субардынацыя нам далася ў знакі! Ну, а як без яе пражывеш, скажыце вот? Не будзеш жа ванькаць ды пецькаць, абнімацца ўвесь час не трэба, тут правільна, разлічана. Галава — не гняздо, месца не хопіць, калі ўсе сядуць. Гэта я так, жартуючы... Калі ж і пажартаваць хочацца. Адхіліўся, прабачце, убок. Дык вось, што датычыць сям'і Івана Дзмітрыевіча, дык у яго яна сапраўды да фермы прывязана, толькі не ніткай, а моцнай вяроўчынай, і вузел марскі. Завязаны дык завязаны! Жонка, Марыя, даяркай робіць. Юрка, сын,—даяром. Хлопец, а, бач, да малака бліжэй... Такса-а-ма! I дзве пляменніцы, Тоня і Валя, дояць. Куды б ужо гуртаваць, здавалася б, але бяда згуртава- ла яшчэ больш сям'ю. Я сказаў, сям'ю? Так- так, Сяржанаў меў на ўвазе. Але ж у часе бяды, крытычнай, можна сказаць, сітуацыі, на свае вочы ўбачыў, што ўсе мы — сям'я. Адна, моцная. I нават прозвішча можна даць усім людзям адно. Якое? Вось тут падумаць трэба. Ну, хоць бы такое — Малайцовы. Га? Малайцы ў нас людзі. 3 імі нічога не страшна. Адступіць любая бяда. Я тут маю на ўвазе Марыю Валодзька, Марыю Сідарэнка... Можна, я ўсіх назаву? Далей: Люда Прышчэп, Пятро Стара- жэнка, Валодзя Казак, Люба Прышчэп, Маль віна Іжакоўская, Вячаслаў Краўчанка, Ваня Глушэц, Ваня Рагавец... Во, сказаў, усіх пералічу, а паспрабуй назаві... Гэта ж колькі часу трэба? Паўдня.

Цэнтр саўгаса размясціўся ў Галоўшчыцах. На новым месцы адразу ж адбыўся адкрыты партыйны сход. Камуністы і беспартыйныя, кожны, каму было што сказаць, узнімаўся, выказваў свае думкі. Людзі гаварылі словы ўдзячнасці мясцовым жыхарам. За клопат, за гасціннасць. Пакуль «прыпятчане» перасяліліся, тыя падрыхтавалі для жывёлы кашары, наладзілі даільныя ўстаноўкі, выдзелілі пашу. Пенсіянерка Мальвіна Нестараўна Траўнічак адной з першых адчыніла дзверы сваёй хаты, сардэчна запрасіла:

— Заходзьце, людзі добрыя. Заходзьце, колькі зможа размясціцца ў маёй хатцы людзей — усіх прыму, месца хопіць. I на стале не пуста. Не той час сёння. Пражывём-пракормімся.

Дырэктарскі хлеб вядомы. Ад цямна да цямна на нагах, а што ж гаварыць пра тыя першыя дні, калі абжываліся людзі, прывыкалі да жыцця і працы на новым месцы! Ці спаў? Ажно кругі пад вачыма пазначыліся. Хапіла ўсім ліха, а яму — удвая больш. За людзей хваля- ваўся, хацелася ж, каб хутчэй яны забыліся на бяду. Стараўся знайсці для іх цёплае слова, і людзі сваё не хавалі, выкладвалі дырэктару: бачым, супакойваеш нас, Пятровіч, то і мы цябе можам, паслухай. Ехаў Яўген Пятровіч на тую ж кашару, а сэрца шчымела: як там, ці добрую навіну пачуе? А ўбачыць, як стараюцца людзі, а то і ўсмешку сустрэне — і быццам гара з плеч.

Марыя Валодзька насустрач бяжыць, ледзь не за руку цягне:

–Ой, Пятровіч! Ой, радасць якая! Цялятка паявілася...

Дырэктар святлее тварам, адказвае:

— Пойдзем глянем. А ты, Марыя, заўваж: паявілася яно на новым месцы. Пра што гэта ўсё гаворыць?

Даярка паціскае плечуком, зацікаўлена глядзіць на Яўгена Пятровіча.

— Вось-вось... Пускаем мы тут свае карані. А нараджэнне — святая справа. I дзеці ў метрыках запішуць новыя вёскі. Нічога, свае мы таксама не забудзем. А пройдзе час — вернемся, зноў удыхнём у іх сваё цяпло. Вось так, Марыя,— дырэктар кранаецца пляча жанчыны.— Вось так. Ну, а цябе з папаўненнем...

— Дзякуй, Пятровіч,— свецяцца радасцю вочы Марыі.

Разыходзяцца. Марыя, узяўшы ў рукі даільны апарат, спяшаецца да кароў, дырэктар сядае ў машыну; чакаюць і ў Грушаўцы яго жывёлаводы. Не паспеў гыркнуць маторам, з'яўляецца Сяргей Сяржан, расхрыстаны, усхваляваны — амаль што подбрыкам бег, каб паспець.

— Падвязіце, Пятровіч!

— Сядай!

У машыне аддыхаўся, гаворыць:

— Магнітафон трэба купіць. Буду каровам музыку круціць! — I смяецца.

— Давай, давай, Сярожа,— падтрымаў настрой Сяржана дырэктар.— Толькі ці будуць яны больш малака, цікава, ад тваёй музыкі даваць?

— Будуць, будуць, Пятровіч! Гарантыя!

— Упэўнены? А я вось чытаў у кнізе такую штукенцыю. Паслухай. Прыехаў новы загадчык фермы — малады спецыяліст. Пасля інстытута. Чалавек начытаны і сучасны. I ў барацьбе за высокія надоі рашыў адмахнуцца ад дапатопных дзедаўскіх метадаў, а ўкараняць метады глыбока навуковыя. Вычытаў недзе ў часопісе, што лепш за ўсяго павышае надоі эстэтыка вытворчасці. Тэрмінова пафарбаваў сцены. Пад столь падвялі лямпачкі дзённага асвятлення. Паміж стойламі паклалі дывановыя дарожкі. Прыгожа. Ходзяць каровы, як у тэатры, аднак малака даюць мала. Тады ён бярэ другі часопіс, вычытвае там, што лепш за ўсё павышаюць надоі дэкаратыўныя расліны. I неўзабаве з'явіліся на ферме кактусы і пальмы. Са столі традысканцыі звісаюць. Па вуглах японскую ікэбану з галінак зрабілі. Аднак зноў мала малака даюць каровы. Тады ён вырашае радыёфікаваць ферму. Ні аднаго сімфанічнага канцэрта не прапускалі каровы. Раяль купілі. Даярак адправілі на паскораны курс музычнага вучылішча. Ды плюс да ўсяго заезджыя музыканты па два канцэрты давалі: адзін — у клубе, другі — на ферме. Толькі зноў малака каровы мала давалі. I тады малады спецыяліст вырашыў вярнуцца да дзедаўскіх метадаў... Наваліў поўныя кармушкі сена, камбікорму насы- паў. Павесялелі каровы, задумлівасць з вачэй знікла. Ядуць сабе сена ды радуюцца. I надоі адразу падняліся... Га?

Сяргей маўчыць, а потым кажа:

— Не, Пятровіч, а музыку я ўсё роўна куплю!

«Сяргей, Сяргей... Пабольш бы нам такіх, як ты»,— думаў па дарозе дырэктар, а сам прыгадаў ранейшую паездку на кашару. Яўген Пятровіч быў тады не адзін — з сакратаром партыйнай арганізацыі Іванам Фамічом Сачанком. Падыходзіць Сяргей, з нагі на нагу перамінаецца, сказаць нешта хоча, а не адважыцца.

— Просьба да вас, Іван Фаміч,— нарэшце вымаўляе.— Як вы паглядзіце на гэта?

— Слухаю, Сярожа.

— У партыю хачу ўступіць. Вось.— Ён працягнуў невялічкі аркуш паперы, на якім былі выведзены цвёрдым почыркам словы: «У пяр- вічную партыйную арганізацыю саўгаса «Прыпяцкі»... Заява... У гэты нялёгкі для нас час, звязаны з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чар- нобыльскай АЭС, калі правяраецца грамадзянская і палітычная сталасць кожнага савецкага чалавека, хачу быць у радах Камуністычнай партыі, баявым авангардзе нашага народа».

Сяргей адслужыў у арміі, працаваў у саўгасе механізатарам, а цяпер часова перайшоў у жывёлагадоўлю.

— Малайчына. Хвалю,— паціснуў руку Сяргею сакратар.— Дам і я табе рэкамендацыю. Не супраць?

Машына бяжыць далей. Дарога пыхкае пылам, але колы абганяюць яго, і пыл зноў асядае на зямлю. Яўген Пятровіч думаў пра людзей, прыгажосць якіх раскрылася, як ніколі раней, у складаных умовах.

— Імчы, імчы, бабулька! — налягае на руль дырэктар, быццам памагаючы машыне, і смяецца чыстым, звонкім голасам.

Бываюць у жыцці мінуты, калі забываецца любы боль.


3

Ігнаценкі збіраліся садзіць бульбу. Раніца выдалася па-вясноваму ціхая, цёплая. Над Спярыжжам вісела сонца, скупыя промні яго ляжалі на абуджанай зямлі, на галінках дрэў. Іван Тарасавіч прывёў да хаты каня, раздабыў плужок. Але абяцаўся прыехаць Васіль, трэба пачакаць. Затрымліваецца толькі вось нешта. Учора, відаць, не змог пасля службы, а сёння стаіць мо на абочыне, спыняе спадарожную. Не кожны стане. Ды і дзень такі — выхадны, не дужа багата і машын тых бегае на Брагін.

Іван Тарасавіч сядзеў на лаўцы, паглядаў у бок дарогі — няма сына, не ідзе. А Васіль за плужком любіць пахадзіць, барозны кладзе — залюбуешся. Вырас жа на зямлі, хоць і ў горадзе сёння, у Прыпяці жыве, але ад яе не адарваўся: як толькі вольная хвіліна надарыцца, адразу ж спяшаецца да бацькоў. Корпаецца тады на гародчыку, вясёлы, шчаслівы. Басанож ходзіць, толькі басанож. «Калі зямлю нагамі адчуваеш — зарад бадзёрасці надоўга атрымліваеш, ды і ніякі грып не возьме»,— гаварыў, усміхаючыся. Вось так, і не прымусіш усцягнуць абутак, знойдзе, што сказаць. Там жа, у горадзе атамшчыкаў, працавала кандытарам ягоная жонка — Люся. Прыедзе ў вёску, Таццяну Пятроўну ад печы падалей, сама завіхаецца. «Давай я, мамачка. Адпачні».

Бульбу пасадзілі без Васіля, селі за стол, і тут і сусед заглянуў, з трывогай у голасе сказаў:

— Ноччу на АЭС пажар быў...

Ён збіраўся да бацькоў, звечара купіў тое- сёе ў харчовым магазіне — не прывык з голымі рукамі наведвацца на родны поплаў. Уяўляў, як пойдзе за плугам, з-пад лемеха будзе адгортвацца лустай зямля, класціся ў баразну, хаваючы пад сабой бульбу. Да канца дзяжурства заставалася тры гадзіны, калі прагучаў сігнал трывогі. Натрэніравана, хутка асабовы састаў заняў месцы ў машынах, і тыя, разразаючы начную цішыню сірэнамі, паімчалі на месца здарэння.

Полымя шугала ўгору іскрамі, асвятляла станцыю. Ні хвіліны не раздумваючы, баявы разлік, у саставе якога было спярша 28 чалавек, прыступіў да тушэння пажару. Старшы сяржант Васіль Ігнаценка першым узабраўся на 70-метровую вышыню, моцна сціскаючы ствол пажарнага рукава. Глянуў уніз — не адстаюць хлопцы, малайцы. Крыкнуў: «Адразайце агонь з боку трэцяга блока!» А сам падступаўся бліжэй да полымя...

Пасля таварышы ўспомняць, як Васіль Ігнаценка паспяваў усюды. У пастцы аказаўся сяржант Уладзімір Цішура, абклала яго з усіх бакоў полымем, яму хутка не будзе чым дыхаць: дым. Ігнаценка адбіў у стыхіі таварыша. Успомняць, як вынес з агню страціўшых прытомнасць старшага сяржанта Мікалая Ціценку і сяржанта Мікалая Вашчука. Успомняць... I на пачах выкругляцца слёзы: шкада Васіля, такі чалавек быў. Волат з душой дзіцяці.

3 расказаў Івана Тарасавіча Ігнаценкі:

— Ён рос добрым хлопчыкам. Паслухмяны быў, падатлівы. Жыццё любіў. Пасля школы, Іліцкую дзесяцігодку Вася скончыў, кажа мне: «На электрыка паеду, тата, вучыцца». Едзь, адказваю, табе самому сцяжынку ў жыцці выбіраць. Хоць недзе ў душы і думаў я, што па маёй лініі пойдзе. На трактары будзе рабіць ці машыне, бо заўсёды да руля падбіраўся: «Дай праехаць, тата». У Гомелі вучыўся, прафтэхвучылішча восемдзесят адзін. А тады яго ў Бабруйск накіравалі пры размеркаванні. Мала папрацаваў там — забралі ў армію служыць, у самую Маскву трапіў, у вайсковыя пажарнікі. Калі дэмабілізаваўся, то панавёз і значкоў, і падзяк — усяго, у нас ажно вочы разбегліся, гледзячы на ягоны салдацкі скарб. Суседзі прыйшлі, таксама разглядалі, хвалілі. Спытаўся тады ж у Васіля: ну, дзе працаваць думаеш, сынок? Мо ў калгасе? А ён і кажа: «Не, тата, у Чарнобыль паеду. 3 часці напісаў: ці патрэбны вам пажарныя? Адказалі: прыедзь, на месцы пагаворым». Я тады, прызнацца, сказаў яму: «Ну і што ж гэта за работа такая? Круглыя суткі спаць трэба». Калі ж у нас пра па- жарных заўсягды так баяць... Лайдакі, маўляў... А яно, бачыце, як... Ён і з Чарнобыля прывозіў медалі на чырвоных стужках. Майстрам спорту стаў, быў капітапам каманды, гаварыў, што чэмпіён Украіны і вобласці па пажарна-прыкладным відзе — так, здаецца, правільна? У зборную рэспублікі таксама ўваходзіў. Пацікавіўся неяк, пытаю: «I што вы на тых спаборніцтвах робіце?» А ён ні слова, ні паўслова, а як усхопіцца, бы вецер, з месца ды як сігане цераз варотцы, што вялі на агарод, а яны ж каля двух метраў у вышыню будуць. I гэтага яму мала — па лесвіцы, без дапамогі рук, узабраўся на гарышча, адтуль на вільчак і скок сабе на зямлю. Я нават не паспеў ачомацца, як ён усё гэта прарабіў. Усміхаюся, ківаю галавой: ну, цяпер я ведаю, як багата спяць пажарныя, давай руку пацісну, сынок.

Як бяда здарылася, я ў Маскву паехаў, у бальніцу, праведаць Васю. Гляджу на яго, а ў вачах поўна слёз, не ўтрымаўся, хоць і не да твару б, здавалася,— мужчына ўсё ж, пытаю: «Ну і як жа ты, сынок, не ўбярог сябе?» Уздыхнуў Вася, ціха сказаў: «Не мог, тата... Пра вас думаў...» I дачка са мной была, Люда, старэйшая. 3 ёй прафесар Аляксандр Іванавіч Баранаў размаўляў, пакуль я ў сына быў у палаце. Васю трэба была пункцыя касцёвага мозгу... Люда, сама медык, легла на аперацыйны стол... Службовае пасведчанне ён мне аддаў у бальніцы. «Няхай дома,— гаворыць,— пабудзе. Вылечуся — прыеду, забяру». Пра жонку, Люсю, пацікавіўся. Яна дзіця чакала... У Кіеве, гавару, Люся, за яе не хвалюйся. Гэта 28 красавіка было, а трынаццатага мая Васі не стала... Дваццаць пяць гадкоў пражыў... Усяго... А мы пераехалі са Спярыжжа ў Зарэчча, да жончынай сястры — Ганны Пятроўны Протчанка. Яна сама да сына перайшла жыць, а нам усю хату аддала. Часова мы тут. Пазней будзем уладкоўвацца дзе-небудзь на пастаяннае месца жыхарства, ды за работу трэба брацца — пускаць карані. Жыць трэба...


4

Верасень. У школах пачаліся заняткі. Дзеці вярнуліся з піянерскіх лагераў і зон адпачынку, дзе правялі ўсё лета. Многія з іх адразу ехалі па новых адрасах: там чакалі бацькі. А на будаўнічых пляцоўках кіпела праца. Будаўнікі спяшаліся: зімаваць перасяленцы павінны ў новых домах — такую задачу перад імі паставілі партыя і ўрад.

Новыя адрасы. Карта вобласці, якая вісіць у мяне над сталом, пазначана чырвонымі кружочкамі. Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі, Рагачоўскі, Гомельскі, Рэчыцкі — амаль усе раёны... I вёскі. Многіх нават няма на карце, я пазначыў іх алоўкам: маленькія, аднесеныя ў неперспектыўныя, яны абудзіліся, занова прачнуліся ад натужнага рову МАЗаў і КРАЗаў, ЗІЛаў і «Калхід» з канструкцыямі і будаўнічымі матэрыяламі.

У абласной камісіі па ліквідацыі вынікаў аварыі і аказанню дапамогі пацярпеўшаму насельніцтву, якую ўзначальвае старшыня аблвыканкома Аляксандр Адамавіч Грахоўскі, даведваюся, што ўзвядзенне жылля для перасяленцаў падзелена на тры чаргі. Першая — да 1 кастрычніка. На гэты час было пабудавана 3976 кватэр. Другая — да 1 снежня. Пабудава- на 1700 дамоў. Трэцяя — першае паўгоддзе 1987 года, належыць здаць 4000 кватэр. Жыллё ўзводзілася і ўзводзіцца па сучасных праектах, дамок — на тры-чатыры пакоі, прасторная кухня, ёсць печ — а як вяскоўцу, скажыце, без яе? — і тут жа кацёл для ацяплення, як прынята гаварыць — для індывідуальнага карыстання. У шэрагу пасёлкаў падведзена ацяп- ленне ад цэнтральпых кацельняў ці з устаноўкай катла на газавым паліве. Побач з жытлом — прысядзібны ўчастак, хляўчук, склеп.

Цікавая дэталь: будаўнікамі станавіліся людзі самых розных спецыяльнасцей — рабочыя, інжынеры, настаўнікі, кулінары, на месцы асвойвалі новае для сябе рамясло. Вось такі прыклад. У Петрыкаўскім раёне працуе некалькі брыгад, якія скамплектаваны ўсімі трэстамі меліярацыйнай гаспадаркі БССР — Полацкім, Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім, а таксама ўпраўленнем Вілія-Мінскага водбуда, Мінскім, Гомельскім, Брэсцкім і Гродзенскім абласнымі ўпраўленнямі воднай гаспадаркі. Побач і прафесіяналы — пухавіцкая ПМК-70, старадарожская ПМК-73, заслаўская ПМК-89. I мясцовая ПМК-13. Гэта ў адным раёне. Не цяжка ўявіць, якія сілы былі кінуты на ўсё Палессе, у іншыя куткі вобласці.

Напісаў гэтыя словы і падумаў: такое магчыма толькі ў нас, у краіне, дзе бяда згуртоўвае людзей, збліжае, родніць, дзе жывуць, народжаныя Кастрычнікам, узаемавыручка, падтрымка, высокі патрыятызм. У маім блакноце пазначаны дзесяткі прозвішчаў людзей, з якімі сустракаўся, размаўляў. Хацелася пачуць у іх голасе нешта высокае, патрыятычнае, а чуў звычайныя, буднія словы. «Да снежня гэтага года трэба здаць заказчыку пяцьдзесят дамоў. Праблемы ёсць, вядома, але мы іх стараемся вырашаць самі, на месцы. Навошта ў бом лішні раз грукаць? Людзей трэба выручаць, а не спасылацца на прычыны...» (Старшы інжынер Міністэрства меліярацыі БССР Міхаіл Рыгоравіч Цішчанка. Калгас імя Жданава, Петрыкаўскі раён.) «У брыгадзе ўсе добраахвотнікі. Калі фарміравалі калектыў, жадаючых было — ну, ведаеце, і сам не чакаў! Але ж нам трэба было ўсяго дванаццаць чалавек. Сярод іх — дзевяць камуністаў. Людзі ўсе сямейныя, сур'ёзныя. Муляр Фёдар Маркаў, цясляр-бетоншчык Пятро Радзюк, шафёр Аляксандр Басько, бетоншчык Мікалай Бразгоўка... Жывём далёка ад сваіх сем'яў, але помнім пра тое, што нас чакаюць дома дзеці, жонкі, стараемся не падвесці калектыў, які нам даверыў такое адказнае заданне. Не падвядзём». (Намеснік началь- ніка пухавіцкай ПМК-70 Мікалай Васільевіч Кавалёў. Вёска Кашэвічы.)

Добры настрой у людзей — і ад таго, што для іншых стараюцца і што сябе правяраюць на трываласць.

Дырэктар Калінкавіцкага завода жалезабетонных вырабаў Аляксандр Рыгоравіч Яскавец вярнуўся ў Петрыкаў стомлены, але калі завязалася ў нас размова пра яго паездкі ў гаспадаркі раёна, дзе ён толькі што пабываў, у вачах з'явіўся бляск.

— А ведаеце, што над маёй галавой вісіць? — усміхнуўся Аляксандр Рыгоравіч.— Не, бачу... Меч не меч, а ўсё ж... Дзве тысячы блокаў павінны даць да дваццатага лістапада. Вось і ўявіце. Не, мы паставім, тут і сумнявацца не трэба. Не верыце, бачу? Вось мой тэлефон, пазваніце пасля дваццатага.— Ён і сапраўды вырваў з запісной кніжкі лісток, папярэдне чыркануўшы на ім ручкай.— Трымайце!

Лісток я ўзяў. Няхай будзе. Спатрэбіцца. А чаму — і пазваню, даведаюся, ці стрымаюць слова заводчыкі.

Пазваніў. Аляксандр Рыгоравіч сыпануў смехам у трубку:

– Х-ха-ха!.. Пра блокі ўспомнілі? Ды яны — даўно забытая песня! Новыя, новыя задачы ў нас...

— Што, таксама — меч над галавой? — пытаю.

— А і трэба, каб вісела нешта. Тады мы па зямлі хадзіць будзем больш шырокім крокам...

Рэдактар Буда-Кашалёўскай раённай газеты «Авангард» Валерый Іванавіч Калінічэнка, мой добры даўні знаёмы, а я ўвогуле паважаю раёншчыкаў, бо некалі і сам аддаў гэтай працы лепшыя свае гады, ведаю, што за хлеб, прыслаў пісьмо, а ў ім выразка з газеты — яшчэ знаёма пахне свежай друкарскай фарбай. «Задуму тваю напісаць пра рэха Чарнобыля зразумеў і ўхваляю, патрэбная справа. Пад'едзь. Адвернемся куды-небудзь. Перасяленцаў у раёне багата. А пакуль паглядзі, што мы тут пішам...» — прачытаў я ў кароценькай, на самакрутку, прыпісцы да пісьма.

3 газеты «Авангард»: «У саўгас «Камінтэрн» з небяспечнай зоны, прылягаючай да Чарнобыльскай АЭС, перасяліліся 83 сям'і — з саўгаса «Слабадскі» Брагінскага раёна. Больш як 200 чалавек прыбавілася ў пасёлку Шырокі. Для навасельцаў будаўнікі завяршаюць узвядзенне новага пасёлка. На былой пустэчы праляглі асфальтаваныя стужкі новых вуліц. З'явіліся ў іх і назвы: Пучынская, Брагінская, Слабодская. Названы так у памяць мясцін, з якіх прыехалі перасяленцы. Ёсць яшчэ вуліца Прамбудаўская — даніна павагі людзям, якія ўзводзяць жыллё.

У белакаменных будынках з усімі камунальнымі выгодамі справілі ўжо наваселле трыццаць сем'яў. Па вечарах загараецца святло і ў вокнах катэджа саўгаснага шафёра В. П. Траццяка. Працуе ён на новым месцы з першага дня, і такое ўражанне, што гэты чалавек жыве даўно тут. Сумленны працаўнік, шчыры чалавек.

Сёння практычна ўсе навасельцы, што перасяліліся ўжо ў свае дамы, забяспечаны палівам. Завезена 100 тон вугалю, 147 — торфу». Дзякую Валерыю Іванавічу за пісьмо, за ўвагу. Абяцаю па тэлефоне пад'ехаць, але крыху пазней — на чарзе ўжо запланаваныя паездкі ў Гомельскі і Рагачоўскі раёны.

Назаўтра зноў выбіраюся ў дарогу.


5

Цэнтральная сядзіба калгаса «Першамайскі» — вёска Макаўе, ад Гомеля блізка. Мой спадарожнік Сяргей Халадзілін, фотакарэспандэнт раённай газеты «Маяк», бываў тут неаднойчы, а я прыехаў упершыню. Вёска як вёска. Дамкі пад новымі дахамі, найбольш шыфернымі, калодзежы, слупы, на якіх вісяць электраправады. Вуліцы разбіты коламі грузавікоў, здратаваны экскаватарамі і гусенічнымі трактарамі. Прайшоўшы крыху па вуліцы, пачулі, як у цішыню яе пачынае ўплятацца мелодыя будоўлі. За вёскай узводзяцца жылыя дамы, чуваць рокат тэхнікі, галасы людзей.

Першыя ўражанні ад убачанага прыемныя. Кідаецца ў вочы — усе пры справе, не відаць аматараў частых перакураў, ніхто не бадзяецца ў пошуках «сам не ведаю чаго». Заўважыўшы чужых людзей на аб'екце, падыходзіць чалавек у рабочым адзенні, з кельмай у руцэ, выцірае рукавом лоб, прадстаўляецца: брыгадзір муляраў будаўнічага ўпраўлення № 225 трэста «Мазырнафтахімбуд» Аляксандр Пятровіч Дунаеў.

3 расказу брыгадзіра:


— У трэсце я даўно — амаль, лічыце, дваццаць гадоў. Будаўнічы гэта стаж, не кабінетны. Круглы год пад небам. Толькі я не пра гады, а вось пра што скажу. Даводзілася ўзводзіць мне разам з хлопцамі шмат розных аб'ектаў. Былі і складаныя, і тэрміновыя. Ды што там гаварыць —пабачыў многае на сваім вяку, але такіх тэмпаў і такога энтузіязму, з якім працуе брыгада ў Макаўі, не прыпомню. Усе хлопцы працуюць добра, як сталёвыя ўсё роўна. Ні падганяць іх, ні папракаць. Слова не павышаю вось ужо колькі дзён. Што значыць разумеюць...

Мы ж, мазыране, суседзі з Нараўлянскім раёнам, рукой да яго падаць. Там жа — чулі, канечне,— таксама часткова забруджана тэрыторыя, увайшла ў небяспечную зону, а ў некаторых нашых будаўнікоў родныя, блізкія людзі адтуль. Бываў пасля аварыі ў суседнім раёне і я. Вялікая бяда напаткала людзей, агораць яе павінны разам. Ведаю, як цяжка пакідаць ім абжыты кут. Таму ж вельмі хочацца ўсім нам, каб жыллё, якое будуем, па душы і сэрцы, як кажуць, прыйшлося людзям, каб у нялёгкую для сябе мінуту яны і нас успомнілі добрым словам.

У маёй брыгадзе сем чалавек. Людзі як людзі. Калі трэба — у ляпёшку разаб'юцца, а тое, што задумалі, зробяць. Бачу ж, ды што бачу — і сам адчуваю: стаміліся, але выгляду не паказваюць. За месяц, што тут робім, два дні ўсяго адпачылі: няма калі гулі правіць. Не, не падумайце, што нам выхадных не даюць — бяры, скарыстоўвай, але ж восень на дварэ, пахаладае вось-вось. У нас-то ёсць дзе жыць, а як ім, перасяленцам? Тады ўжо і адпачнём, калі справу да ладу давядзём. Я заікнуўся неяк перад хлопцамі: «Мо адпачнём?», дык і сам быў не рады. Пятровіч, гавораць, дзякуй табе за ўвагу і клопат, але не перашкаджай. У цябе самога з рукі кельму не вырвеш, а навошта нас з тропу збіваеш? Маўчу, больш не прапаноўваю, бо адлятаюць мае словы, як ад сценкі, і па мне ж лупцуюць. 3 хлопцамі я — як дома, у сям'і. Утульна сярод іх, цёпла. Хораша. Здружыліся — вадой не разальеш. Не адну ж будоўлю прайшлі. 3 Анатолем Бярнадскім, Віктарам Лявонавым, Аляксеем Камаровічам... Скажы мне сёння: «На табе, Пятровіч, кабінет, тэлефон, уладу — кіруй!» А я адкажу: «Пусціце на аб'ект, да хлопцаў!» Калі мы ўсе ў зборы, ад- ным калектывам — і не стамляешся, і весела, лёгка на сэрцы — бы свята кожны дзень. Вось так, значыць. А працаваць мы пачынаем у восем гадзін, а закругляемся, калі сонца за лес садзіцца, прахалодай пацягвае з нізінкі. Па дванаццаць-трынаццаць гадзін у суткі робім.

Так трэба сёння. Я ж і гавару: вось здадзім аб’екты — адпачнём...

Непадалёк ад Макаўя і Маркавічы, там работнікі Мінскага «Аблсельбуда». У іх яшчэ большы аб'ём работ — сто кватэр. Прыехалі з розных куткоў суседняй вобласці — з Маладзечна, Валожына, Мядзеля, Вілейкі... Зноў чую: «Дрэнна будаваць наогул нельга, а такія аб'екты — тым больш. Мы пакінулі свае сем'і не дзеля прагулкі».

Вось такія яны, будаўнікі, а дакладней сказаць — такія яны, нашы людзі. Простыя, сціплыя, працалюбівыя. Яшчэ б хацелася засяродзіць увагу на наступным штрышку. Тут, у Маркавічах, будаўнікі вырашылі спярша працаваць вахтавым метадам — праз пэўны час адма група павінна змяняць другую. Не атрымалася. Толькі таму не атрымалася, што не знайшлося жадаючых ехаць на адпачынак. Працаваць дык працаваць!

Пабываў я ў Маркавічах і пазней, у лістападзе. Паабяцаў тады прыехаць на першыя наваселлі — і слова стрымаў. Дні ўжо стаялі ка- роткія, шэрыя. Апошні месяц восені — гэтым усё сказана. Але, гледзячы на шчаслівыя твары людзей, не адчувалася, што з поля дзьме халодны вецярок, апякае шчокі. У вёску прыйшло свята. Тры месяцы назад на ўскрайку Маркавіч была пустка, а цяпер, паглядзіце, якія катэджы і дамы выраслі! Адна-двухпавярховыя! Сучасныя, акуратныя — вочы радуюць. Хлоб-соль прыпаднеслі мясцовыя жыхары працаўнікам калгаса імя Калініна Брагінскага раёна. Ад імя навасёлаў слова ўзяла Алена Кан- станціпаўна Шылец, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, кавалер ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны». Крыху сумеўшыся пасля дружных воплескаў, а гэта ёй уручыў старшыня Гомельскага райвыканкома Мікалай Рыгоравіч Гушаль сімвалічны ключ ад жылога пасёлка, жанчына сказала:

– Дзякуй усім вам. Вялікі дзякуй. Не магу стрымаць пачуццяў. Радуюся, хвалююся. Хочацца ўсіх, хто ў цяжкую мінуту аказаўся побач з намі, пацярпеўшымі ад аварыі на АЭС, абняць і расцалаваць. Мы мелі магчымасць яшчэ раз пераканацца, што ў нас, у Краіне Саветаў, чалавек чалавеку друг, таварыш і брат. У Маркавічах мы не чужыя людзі — свае. Паспелі ўпэўніцца ў гэтым. Што ж, за намі не стане — адкажам добрай працай на клопат аб нас. Традыцыі калгаса імя Калініна, а яны багатыя традыцыі, будзем дастойна працягваць і памнажаць і ў «Чырвоным сцягу».

Даўно не помніць сельскі Дом культуры столькі людзей. Цяпер у ім будзе часта цесна. У цеснаце, кажуць, не ў крыўдзе. I яшчэ: калі цясней — цяплей. Добра і так і гэтак. Але ўдвая, а мо нават і ўтрая прыемна, што свята навасёлаў стала святам усіх, нават жыхары навакольных вёсак прыйшлі павіншаваць іх. Падыходзілі пасля ўрачыстага сходу людзі, па- ціскалі рукі. I не адразу разбярэш, хто тут даўно жыве, хто нядаўна.

Тут жа, на свяце, кааператары, бытавікі. Паспявай лавіць словы:

— Гарнітур гасцінпы!

— Кухонны! Кухонны!..

— Крэсельцы, калі ласка!

— Халадзільнікі, навасёлы, купляйце!

— Паглядзіце, столікі якія цудоўныя! Нашы, мясцовыя!

Людзі і рабілі пакупкі, не адыходзячы далёка. Грошы з сабой, тэхніка пададзена. Машыны толькі паспявалі рабіць рэйсы.

— Хлеб-соль табе, дом! — чулася то там, то тут.

А свята працягвалася. На сцэну выходзілі самадзейныя артысты з Урыцкага, Пакалюбіч, Цагельні. Потым была дыскатэка. Для маладых. Бацькі ж спяшаліся ў свае новыя кватэры — там шмат яшчэ было што зрабіць, а дзеці няхай адпачнуць. Такі дзень. Шчаслівы. Іх дзень, дзяцей, бо доўга стаяць на гэтай удзячнай зямлі дамам і жыць тут — ім!


6

Вёска Стрэнькі — цэнтральная сядзіба калгаса «Кастрычнік» — блізка ад Рагачова, у якіх трох кіламетрах да першых пабудак раённага цэнтра. Праз яе шэрай стужкай імчыць шаша — на Жлобін, Бабруйск... Аўтамашыны, калёспыя трактары, матацыклы супыну, здаецца, не маюць: снуюць узад-уперад. Не наводшыбе Стрэнькі, вёска гаманлівая, шумная. А новыя дамы, што прынялі ўвосень перасяленцаў з Хойніцкага і Брагінскага раёнаў,— побач, ледзьве не да самага асфальту падбяга- юць, і глядзяць-дзівяцца навакол сябе. Белыя, прывабныя, яны адцяснілі на задні план нават самыя прыгожыя хаты, што былі раней у стрэнькаўцаў. I, гледзячы на іх, падумалася вось аб чым: няўтульна, мабыць, навасельцам пакуль што тут, трэба час, каб прывыкнуць да шашы, да яе пульсу, які б'ецца ўдзень і ўначы. Жылі ж раней людзі на ціхім Палессі. Той жа Чамкоў узяць. Згубілася гэтая вёсачка ў глыбінцы, паабапал яе палі ды лес, а дарога звычайная, якая можа весці ў неперспектыўную, забытую вёску: увесну, калі гразна, толькі трактар і выручыць, прывязе людзям хлеб і да хлеба.

Я доўга размаўляў з навасёламі Стрэнек, бачыў слёзы на іх вачах і яшчэ раз зразумеў: хоць і добра тут ім, сустрэлі як сваіх, увагай і цеплынёй не абдзялілі, але нічога не можа замяніць чалавеку тое месца, дзе нарадзіўся, вырас, кахаў, дзе знаёма кожная сцяжынка, а на пагосце спяць блізкія людзі... I хвала чалавеку, на тым і трымаецца наша зямля, што такая вялікая любоў у яго да сваёй малой Радзімы. Жылі б яшчэ доўга такія вёскі, як Чамкоў, Уласы, а людзі і вераць у іх адраджэнне, няхай і не хуткае, але вераць, толькі вось бяда сагнала з наседжаных гнёздаў, прывяла на новы парог.

Цяжка і дрэўца перасаджанае прырастае. IIIто ж пра чалавека тады гаварыць? I ў снах стаяць хаты, бачацца рэчы, якія пакінуты ў іх. Тое, што нажывалася не адзін год, няпроста нажывалася, з мазаля. Недзе ходзяць па двары куры... качкі... скуголяць па сваіх гаспадарах сабакі, цяпер ужо бяздомныя. Іх таксама забаранілі ўзяць. «Нельга». Нельга, зразумела, што нельга, але ж па жывому баліць у жывых душа, усялякае думаецца...

Бяда — страшнае слова, тут у сям'і што здарыцца, то хопіць людзям, колькі здароўя адыме яна. А калі — маштаб, калі многім адразу баліць?..

Рыхтуючыся да сустрэчы з перасяленцамі, я пастараўся ўявіць сябе на іх месцы. Так-так. Прыходжу аднойчы дадому, а мяне сустракаюць перад дзвярыма, катэгарычна, строга ставяць умову: нічога з сабой не браць, у чым стаіш — у тым і ў машыну. Хутчэй! А потым усё ж дазволяць прыхапіць дакументы, партрэты родных — бацькі, маці — як памяць... Дазвольце, а як жа без касцюма, да якога прывык, і іншага мне не трэба, бо, дарагі мне гэты, лёгкі, носкі? А любімыя кнігі? А як жа яшчэ шмат без чаго, што дорага сэрцу, было неад'емнай часцінкай твайго паўсядзённага жыцця? Цяжка нават уявіць усё гэта. Няпроста было ім, пацярпеўшым. Згарэла б у полымі — іншая справа, патужыў бы чалавек, пабедаваў — і змірыўся, а то ж ляжыць перад табой і касцюм, і лыжка, да якой прывык, а забраць нельга. Сіратліва стаіць хата, яе ў торбу не пакладзеш, хоць і дазволілі б узяць. Зразумееш гэтых людзей. Нябачны воку вораг — радыяцыя, старыя і сёння не ўсе навучыліся вымаўляць гэтае слова: «рацыя»,— кажуць.

Не лягчэй пацярпеўшым ад таго, што пакараны віноўнікі аварыі, не намнога цяплей, што на іх уладкаванне патрачаны дзяржавай мільёны. Не лягчэй... А потым я пераканаюся, што яны, як, можа, ніхто іншы, найбольш светлымі вачыма паглядзелі вакол сябе, першымі прымералі кожны крок да трагедыі, якая выявіла нашу абыякавасць, халатнасць, непавагу да той справы, якую робіш. Сёння не той час, калі для многіх жыў вычварны прынцып — «мая хата з краю». Не, яна аказалася ў цэнтры, тая хата. У цэнтры бяды. Бо як ты ўзараў поле і пасеяў, як вытачыў дэталь, ці падумаў, перш чым націснуць на кнопку або перавесці на чыгунцы стрэлку — усё гэта той ланцужок, які з-за аднаго чалавека можа парвацца. А калі ён не адзін, той чалавек? Рэха Чарнобыля павінна адгукнуцца ў сэрцы кожнага з нас. Болем. Трывогай. Я пакідаў дом Еўдакіі Пятроўны Семяноўскай, а ў вушах звінелі словы: «Ой, як жывём, людзі! Я ж з бальніцы толькі... Да мужа хадзіла... Прывезлі хворага аднаго, сінюткі ўвесь, твару на ім няма. Пасадзілі дзве кабеты ў белых халатах яго на табурэт, а самі гамоняць. Ля-ля-ля! Ну, вы бачылі іх? А потым і зусім пабеглі некуды. А хворы і вочы замгнуў: памрэ, думаю. Расштурхала, а ён ледзьве дыхае. А іх няма. Забыліся. Пра хворага забыліся. Я крычаць пачала, помачы прасіць. Збегліся яны, а гэта ж ужо гадзіна прайшла, не менш, ды на мяне як накінуліся, бы я вінаватая. Не, вы бачылі такое? На мяне. А гэта ж іх рабочае мосца, іх пост».

Больш нічога і дабаўляць да пачутага ад Еўдакіі Пятроўны не трэба. Але пачакайце, можа, толькі адно: калі ж і медык прачытае гэтыя словы — няхай задумаецца, калі хлебароб, рабочы, канструктар, лётчык — таксама... Змываць плямы трэба не толькі з белага халаціка!

...Над Стрэнькамі рана павіс зімовы вечар, запаліліся лямпачкі ў кватэрах, сыпанулі прамінкі святла за вокны — на двары, у агародчыкі. Зіму людзі сустрэлі з дахам над галавой. Кажуць жа: чалавек не можа жыць без здароўя, імя і дома. Усе перасяленцы зараз знаходзяцца пад пільным наглядам медыкаў. Пра дамы я сказаў вышэй. Імёны ў людзей ёсць. Звычайныя, знаёмыя нам — Іваны, Марусі, Зінаіды, Міколы, Кацярыны, Насці... Цяпер жа, на новым месцы жыхарства, ім трэба яшчэ раз даказваць, што ў цябе ёсць імя — імя сумленнага хлебароба, калі ты, вядома, быў такім, шчырага, прыстойнага чалавека. Думаецца, атрымалі заманлівую магчымасць атрэсці з сябе пыл выпівохі, парушальнікі працоўнай дысцыпліны. Чаму ж, і сапраўды заманліва: пачаць жыць на вачах повых людзей па законах нашага сацыялістычнага сумлення,— самы зручны момант, а тое, што было раней, забыць. Раз і назаўсёды. А такія людзі, як ні шкада, ёсць сярод перасяленцаў, на іх і пальцам кі- ваюць: глядзіце, маўляў, глядзіце... Свае што? Свае прыеліся, аскоміну набілі, іх усе ведаюць. Адзін-два чалавекі могуць адным махам запля- міць добрую славу ўсіх людзей, іх вёсак, калгасаў і саўгасаў. А каму з іх, перасяленцаў, не хочацца паказаць сябе з лепшага боку? Сябе і тых, з кім прыйшоў?

У Стрэньках — не, скарг няма. Сакратар партыйнай арганізацыі Аляксандр Пятровіч Пусеў задаволены: папаўненне «Кастрычнік» атрымаў добрае, людзі старанныя, не прывычныя да гульбішчаў, першай справай размову завялі аб працы, пацікавіліся, якія перспектывы чакаюць. А вось у іншых месцах даводзілася чуць незадаволенасць кіраўнікоў. «Атрымалі грошай шмат і самі цяпер не асабліва-то гараць жаданнем працаўладкоўвацца. Ёсць работа — добра, няма — таксама пражывём, кішэня пакуль набіта». Не падумайце толькі, што такім паслабленне даюць. Не. Першы час прыглядаліся да перасяленцаў, здольных глядзець на працу скрозь пальцы, цярпелі, а потым і заявілі: хопіць, браткі, так далей не пойдзе, цяпер вы такія ж члены нашай гаспадаркі, як і карэнныя жыхары вёскі і ўсе астатнія вашы таварышы, няма чаго дурманіць, пытаць будзем строга. Падумайце. А то што ж атрымліваецца — кепскі прыклад паказваеце, так нядоўга і разбэсціць нашых людзей. Ды і помніць трэба: вам, значыць, і кароўку, і парсючка, і бульбу, не ў крыўду няхай сказана будзе, а чым адказваеце на такі клопат?

Але, паўтаруся, такіх людзей — лічаныя адзінкі. Хацелася б сказаць — «былі».

«Кастрычнік» папоўніўся на 57 сем'яў з калгаса «Новае жыццё» Хойніцкага і на 4 з саўгаса «Брагінскі» Брагінскага раёнаў. Яшчэ адна вёска, лічыце, улілася ў Стрэнькі, Людзі розных прафесій, здольнасцей, але ўсе яны — патомныя хлебаробы, працавалі раней на зямлі, іх не трэба вучыць з пашанай адносіцца да яе.

Намеснік старшыні райвыканкома Уладзімір Дзямідавіч Касачоў прывёў наступныя факты. На той дзень, калі мне давялося сустрэцца з ім, раён прыняў 439 сем'яў — 1273 чалавекі, сярод іх 177 дзяцей школьнага ўзросту. Пабудавана 353 тыпавыя дамы, некаторыя перасяленцы жылі пакуль што ў вясковых хатах, якія па розных прычынах засталіся без гаспадароў. Спатрэбіліся. Выручылі і яны, з утравелымі дварамі, з забітымі крыж-накрыж вокнамі хаты, шмат чаго пабачыўшыя на сваім вяку і ўжо было спісаныя падчыстую людзьмі. Не прывыкаць ім саграваць чалавека, захінаць яго ад халадоў і дажджоў.

Вядома ж, прыток людзей, а яны папоўнілі 16 гаспадарак раёна, унёс значныя карэктывы ў планы, абдуманыя раней, паставіў перад іх кіраўнікамі, Саветамі свае задачы, іншы раз і пяпростыя. Усё ж справу давялося мець з людзьмі. Чым маглі, дапамаглі адразу. У першую чаргу прадуктамі харчавання. Трэба было падумаць і наконт работы. Прасцей радавым хлебаробам — для іх аб'ект заўсёды знойдзецца. А як быць з механізатарамі, калі ў гаспадарцы сваіх хапае? Што — таксама буракі палоць? Але ж чалавек тады шчаслівы, і мы даўно пра гэта гаворым, калі ён заняты любімай справай. Да гонару перасяленцаў, і яны разумелі сітуацыю. На першым часе бралі і вілы, ахвотна рабілі не па свайму профілю — таму ахвотна, што ведалі: заўтра ці паслязаўтра ў канторы што-небудзь прыдумаюць, сам старшыня абяцаў.

Рыгор Сцяпанавіч Пракоф'еў сказаў:

— Сёння на трактары працую першы дзень. Дома нават не ведаюць. Хоць бы струмент на форме не забыць...

«Струмент» — вілы, ён пра іх так.

Зяаходзіцца тэхніка і для іншых перасяленцаў. Але што характэрна, цяпер своеасаблівы конкурс утварыўся сярод механізатараў, каб заняць месца ў кабіне. Паглядзяць ды і свайго папросяць, калі хто з прыезджых лепш сябе пакажа, раней магло сысці з рук тое ды сёе, а сёння — саступі, паназірай здаля, як трэба да тэхнікі адносіцца, павучыся ў гаспадароў.

Не ўсюды хапіла месц у школе, у дзіцячых садах-яслях, а там, дзе ў большасці жылі старыя, то і пра клуб не думалі: няма — і так пра- жывём. А моладзь патрабуе: клуб нам! Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, у раёне шырока пачалося будаўніцтва. Будуць новыя школы ў саўгасе «Дварэц», калгасах «Кастрычнік», «Светлы шлях», клубы — у саўгасах «Станькаўскі» і «Ціхінічы», у калгасах імя Кірава, «Ленінскае жыццё», «XXII партз'езд», у саўгасах «Побалава» і «Дварэц» — сады-яслі. У саўгасе «Кісцяні» адкрыецца амбулаторыя, у калгасе «Дружба» — фельчарска-акушэрскі пункт, тут жа і сталоўка. I гэтак далей.

А над Стрэнькамі вісіць-плыве вечар. Халодны, зімовы. Рыпяць веснічкі — вяртаюцца людзі з працы ў свае новыя дамы. Заглянуў да іх і я.

— Добры вечар вам у хату! — казаў.

— Вечар добры! — адказвалі цёпла, запрашалі прысесці, прапаноўвалі павячэраць разам.

3 расказу Мікалая Сцяпанавіча Кудрына:

— Абжываемся патрохі. Абтапіць дамок трэба — не летам жа будаваўся, увосень, то і плямкі па кутках. Цвіль. 3 Уласоў самі. Там у мяне хата восем на дванаццаць была. Чатыры пакоі. Добрая-я! Але ж таксама, калі перабраўся ў яе, сустрэла яна не так, як жаніх нявесту — без абдымкаў. Новае жытло ёсць новае, і лепш сказаць так: не яно павінна чалавека сагрэць, а мы яго. Ці не так? Ды што я гэта ўсё пра хату? Радасць у мяне: працую электразваршчыкам у калгасе. Няма чаго варыць — за кавальскі молат бяруся, я і дома каваліў. Гэта мае асноўныя спецыяльнасці. Для сябе і печ складу. Прыехаў, помню, у свае Уласы, я сам не мясцовы, а мне кіраўніцтва гаспадаркі адразу — ну, вядома, паглядзеўшы, як магу рабіць, на што здатны, адразу прапаноўвае заняць месца старшага каваля. Не, кажу, не трэба, будзем удвух працаваць з напарнікам, як і працавалі. Калі ў мяне лепшы выраб атрымаецца — я, значыць, старшы, у яго — ён. А грошы пароўну дзяліце. Няма нічога лягчэй чалавека пакрыўдзіць.

Мне крыху і не шанцуе ў жыцці, і шанцуе — у тым плане, што з месца на месца лятаю, як птах. Былі пераезды шчаслівыя, можна сказаць. Але не гэты — у Стрэнькі. А так абжыўся ўжо, ну, думаю, Коля, тут, ва Уласах, ужо да скону дзён зазямліўся, нікуды больш не паеду. Ні да дачок, ні да сыноў, хоць, можа, і старасць бязрадасная атрымаецца. А жыццё свае папраўкі ўнесла. Я не сказаў... 3 Курскай вобласці сам. Рускі. А жонка, Марыя Мікалаеўна, беларуска. Ага. У Харкаве жыў, мой бацька быў спецыялістам па выпуску «Кацюш», а потым, калі вораг падабраўся блізка да горада, перавезлі нас, дзяцей, у Дагестан, неяк трапіў потым у Пензу... Павадзілі дарожкі. I — на табе! — цяпер вось гэтая трагедыя... А так добра ўжо сядзеў! Усё, усё так і засталося... Партрэты толькі і забралі... Ці пажадаеш каму такога?

Пра сям'ю, значыць? Маруся мне пяцёра дзяцей нарадзіла — трох дзевак і двух хлопцаў. Старэйшыя свае сем'і маюць, у Гомелі жывуць. Сын на электрыка ў Рагачове вучыцца, малодшая дачка ў шосты клас ходзіць. Недзе во забавілася. Цёмна, а яе не відна. Гэйсае па вуліцы. Калі ж сяброў багата стала — з усімі перазнаёміцца трэба...

3 расказу Вулляны Сцяпанаўны Цімафеевай:

— Во, во як яно з намі абярнулася. Жылі ж — цвіка лішняга баяліся ў сцяну забіць: шкада сцяны было. А цяпер пакінулі ўсё. Чамкоў — вёска маленькая, але дружная. Трыццаць хат. Нават школкі сваёй не мелі. Чатыры класы спярша было, а тады і іх прычынілі: няма чаго настаўнікаў трымаць, грошы траціць! — адказвалі. Дзеткі пабеглі хто ў Машу, гэта ўжо Украіна, хто на цэнтральную сядзібу — у Родзін. Вы слухаеце? Я ўсё раскажу, а і добра, што зайшлі, хоць душу вылью. Набралася калі ж. А вас хто да мяне паслаў? Старшыня? Парторг? Яны мяне запомнілі, я ім ужо, мусіць, і надакучыла... А я такая баба: свайго не пакіну і чужога не вазьму. Парасятак нам усім прадавалі. На машыне падрулілі — бярыце, разграбайце. Мой на сорак пяць рублёў выцягнуў, а глядзець няма на што. Грошы- то заплацілі, а калі не выжыве? Ой, горачка! А ў самой жа ажно тры было парсюкі. Карміла ўжо не шкадуючы. Аднаго краз перад аварыяй забілі — і прапаў. Увесь. Колькі мы там з'есці паспелі? I муку ж купілі, запасліся — і белай, і абойнай, каб жа знаццё... Два бурты бульбы раскрылі акурат — як спецыяльна пад рацыю падставілі, каб яна згарэла! Трыццаць гусак было, дваццаць пяць курак. Хлеў новы склалі. Дзе яно ўсё? Гэта як бы ў каго разрашэння спытаць ды хоць адным вочкам глянуць на свой двор? Ці пусцяць з'ездзіць, не чулі? Старшыні гавару: трэба было б, Іван Пятровіч, наведацца, а ён і сам столькі ведае, пусцяць ці не. Нас жа ў той дзень усіх адразу ў машыну... 3 работы ішлі... Гразныя, карзінкі ў руках... «Цёткі, у машыну!» Як жа, гавару, у машыну, калі вунь мая хатка родненькая... Вунь, рукой дацягнуцца можна. «Нічога не ведаем!» I мы не ведалі, што ваду піць нельга, есці нельга. А пілі і елі. Каб хто ж хоць слова якое? I радзіва нічога. Перамрэм так калі-небудзь усе, калі будзем праўду баяцца самім сабе сказаць. Адпусцілі, злітаваліся. Дакументы ўзяць дазволілі. А мы — вядома ж, бабы! — награблі ўсяго як панесці. I адзенне ў клунках, і сала, і варэнне — хто што... Усё павыкідвалі. А мо і правільна? Як вы думаеце? Толькі ўсё роўна шкада, хоць і правільна. А перад тым як па нас прыехаць, дзяцей пазабіралі. 3 Толікам павалтузілася. Уцёк у лес. Я шукаць, а ён пад дрэвам сядзіць, шчукар малы, хлімкае. «Не паеду, мне тут добра». Хлебчыка яму лусту даю — не бярэ: малы-малы, а гонару хапае. За руку цягну, ужо і да аўтобуса падвяла, глядзь — няма! На гэты раз з прыбіральні выцягнула за каўнер. А як дзяцей адправіла, устала заўтра, села і плачу, слёзейкі цурком бягуць. Галасіць хочацца. Ложкі ж пустыя стаяць, як дамавіны. Ціха ў хаце. Забылася і бульбу, дурная баба, луплю. Потым надавуміла схамянуцца — каму луплю, навошта?

А тады, услед за дзецьмі, на другі дзень, і нас забралі. Толкам не растлумачаць, куды вязуць, навошта. Ведаем: рацыя, уцякаць трэба. Але ж нічога нідзе не відаць. Як было да рацыі ўсё, так і ёсць. I сонца нават свеціць. Дзень чысты, ні аблачынкі.|Усю ноч везлі, а недалёка прывезлі — у Ізбынь нашага ж раёну. «Высыпайцеся!» Божухны, прыехалі як у госці. Дык у госці і тое ж цяпер з голымі рукамі не ходзяць. Ці ж мы бедна жылі? А ў руках нічагусенькі... Адвялі на кватэру да адных там, прылеглі, а не спіцца. Душа баліць. Толя ў школу пабег, у першым ён. Сам пабег. Вася — восьмы клас... Ну, а Наташка і зусім выўчаная — дзе- сяцікласніца, усё ведае-знае. Старэйшы, Федзя, дык на Прыпяці і цяпер робіць. У Кіеве пасялілі, а на работу возяць. Юрка і Сашка — з намі, пад бокам. Дык жывём мы дзень, другі кватарантамі, і тут я заўважаю, што гаспадары касавурыцца пачынаюць. То тое не так ім, то гэта. Здагадалася, я так і здагадалася, што к чаму. Як паядом, то пасля нас паўдня яны посуд яшчэ мыюць самі. Рацыі, значыць, баяцца, а нас яшчэ больш — яна ж, відаць, з намі прыехала, як пыл... I выжылі! Такія і ў вайну б не прытулілі... Хатку старую нам паказалі, там куратнік раней быў... смуродам пахне... Адмылі, жыць пачалі. Нядоўга, праўда. Зноў — трубі ў дарогу! На гэты раз у самы Хойнікі, у сталіцу нашага раёну. Там ужо лепш у параўнанні… I кожны дзень змяраюць, змяраюць рацыю.То адзенься, то раздзенься. А я ж баба вясковая, не гарадская, як жа мне раздзецца перад доктарам? Бабу, гавару, таксама доктара давайце, век сораму не мела і мець не хачу. «А дзе ж мы табе бабу возьмем?» Асмялела, а што зробіш? У вучылішчы нас размясцілі. Там ужо кармілі — не скажу, грях жаліцца. Не кожны дзень так дома сёрбаў. I стаяць над душой: еж, цётка!

Месяц у Стралічаве пражылі — увесь май з хвосцікам. Чамкоў жа наш недалёка ад Стралічава, а ў іх, бачыце, рацыі мала — можна жыць. А тут па вёсцы чутка пракацілася: нас, чамкоўцаў, сватаць прыехаў бытта старшыня калгаса з-пад Рагачэва. Я да яго.

— Хто такі? — пытаю.

— Старшыня калгаса «Кастрычнік» Сталяроў Іван Пятровіч,— прадставіўся.

— А я — Вулляна Сцяпанаўна, пенсіянерка. Вы не глядзіце, што маладая, у пяцьдзесят пайшла — дзяцей не ленавалася нараджаць. Чым парадуеце?

Ён апісаў усё як ёсць. I што месцы, ага, добрыя, горад побач, а недалёка ад вёскі, куды сватаў, дзве рэчкі — і Дняпро, і Друць, у якой пажадаеш, у той і лаві рыбу. Луг. Лес таксама ёсць. Грыбы. I так далей. Хораша салавей спявае, думаю, але самім удаставерыцца трэба, каб потым не шкадаваць. Мужыкоў адпраўляем у разведку. А з іх такія разведчыкі атрымаліся — як з мякіша куля. Праехалі, цюцькі, напіліся тамака, залілі вочы, а вярнуліся — і сказаць нічога не могуць. Разведчыкі, маць вашу!.. I як жа яны маглі што ўбачыць, калі аб магазін спатыкнуліся? Сама еду. Бяру білет і еду. Не пашкадавала грошай, край няблізкі, але пакуль на свае вочы не ўдаставеруся, што за лусту хлеба падсоўвае нам Сталяроў, хвамілія гэтая лёгка ў галаве асела, ні кроку з Стралічава. Адсюль хоць хата бліжэй. Ды і раён свой. Прыязджаю. Іван Пятровіч даланю дае: рады, рады, кажа, бачыць... Ну, аглядайцеся. А я пакуль да канторы прыбілася, то ўжо ўсё паспела распытаць у людзей, усё ўбачыць, а да яго толькі зайшла адзначыцца. Згодны, гавару! Бярыце. Толькі ж дзе жыць будзем? Дамы калі тыя яшчэ пабудуюць? А ў мяне ж сям'я. «Знойдзем месца і для сямі тваіх чалавек, цётка!» — суцешыў Сталяроў. Вось гэта іншая, сама сабе гавару, размова. Далі нам спярша падлатаную хатку, жылі спярша ў ёй. А цяпер — і зусім жывём! Чатыры пакоі. Кухня. Вугельчык прывезлі, а мы ж ім ніколечкі не тапіліся. Мучаемся. На яго дажджом лінула, ён раскіс — пясок чорны. У нас жа дровы на паліва ішлі. Лес нобач. Ламачча там хапае! Бразгацяць ажно дровы, як арэх... Во, і вугаль разгарэўся... Гарыць, ірад. Нічога, прывыкнем. Не такое сцяр- нелі, горш ужо не будзе... Трэба гатаваць нешта, мужыкі мае скора вернуцца. Карміць трэба. Вымерхаліся, відаць. У Чамкоў наш з'ездзіць бы. Не чулі, калі ўжо нас пускаць будуць? Пасвідацца. На хату глянуць... На гародчык... Вокны, відаць, такія ўжо гразныя там — не дай гасподзь!..


7

Загортваю блакнот Чарнобыльскай бяды. Ці вярнуся калі-небудзь да яго зноў? Не ведаю, толькі ж вельмі хочацца, каб у ім былі светлыя, сонечныя радкі. А што ж тычыць гэтых нататак, то, на маю думку, з іх яскрава відаць, што людзі з цяжкай жыццёвай сітуацыі выйшлі, высока трымаючы галаву, на поўны рост. Бяда згуртавала. Бяда і ўрок прыпаднесла, як трэба жыць заўтра. Многім так, як і жылі дагэтуль, іншым — не, трэба агледзецца вакол сябе, узяць верны арыенцір і не збочваць, хоць і цяжка будзе. Не збочваць. Не хавацца за спіну іншых, а старацца наперадзе быць. Інакш адстанеш і сам, і спадарожнік выдыхнецца, бо не будзе па кім раўняць яму свой крок.

А перад вачыма стаяць твары навасельцаў, і гучаць радасныя, усхваляваныя галасы:

— Хлеб-соль вам, людзі!

I калі запаліліся святлом тысячы новых вокнаў, то не будзем забываць, што столькі ж недзе і патухла... Сагравае сэрца адно: у новых вокнах — святло больш яркае.

Няхай яно ніколі не патухне.

Шчасця табе, дом!


Загрузка...