Я хадзіў пасярод гэтага дзікунскага разгрому, перабіраў невідушчым позіркам раскіданыя, патаптаныя, папсаваныя рэчы, вопратку, мэблю і не разумеў нічога. Я быў панішчаны, зьдзіўлены і прыгаломшаны. Хто гэта ўчыніў? За што? Скончылася ж вайна, як жа так? Ці гэта помста, ці рабаўніцтва? Ці, можа, палітыка? Зноў выйшаў у вэстыбюль. Абыякавая да ўсяго Франя ціхенька ляжала на ранейшым месцы. Дык вось як ёй наканавана скончыць жыцьцё. I калі! Напрыканцы вайны. На парозе міру. Калі ў мяне нарадзілася спадзяванка на тое жыцьцё. А ёй менавіта ў такі час суджана было памерці. У свае васямнаццаць гадоў...

Я роўненька склаў уздоўж цела яе маленькія рукі, самкнуў разам яе голыя, скрываўленыя ногі. Нелюдзі і гады! Гады і нелюдзі! Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты. Чаму не разьвярзьнецца зямля, не праглыне іх? Я падняў побач скамячаны квяцісты абрус са століка і роўненька накрыў ім Франю. Але што было рабіць далей?

Дужа пакутна было пазіраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забітых, расшкуматаных снарадамі людзей — сваіх і немцаў. Але то былі мужчыны і салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апірышча. Калі б побач былі сябры ці хоць бы мае хлопцы з узвода. Але іх не было, а што я мог адзін? Ісьці на дарогу, дзе сноўдалі аўтамабілі невядомых вайсковых частак, прасіць афіцэраў — хто зь іх зразумеў бы мяне?

Што-небудзь тлумачыць я ня меў сілы. Ды і каму тут справа да гэтай трагедыі ў багатым катэджы? З гэтымі аўстрыякамі ды іхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць іх? Ды і ці ёсьць яны тут, у гэтым разьбітым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, і гэтая трагедыя — найперш вынік менавіта таго бязладзьдзя.

Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, і я ня мог кінуць тут Франю ды і гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць ім якое рады. Апошняй на гэтай зямлі.

Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вуліцы, зь якой прыехаў сюды — пайшоў перавулкамі па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былі з глуха зачыненымі аканіцамі і выглядалі пакінутымі. Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацьвітаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закіданы друзам падворак і зьдзіўлена знерухомеў зь мятлой у руках.

— Паслухайце, там у катэджы забітыя...

— Ніхтс фарштэйн, — выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.

— Ну забітыя, разумееце? Морд!

— Морд?

— Ну, морд. Там, у катэджы...

— Найн, найн! — апантана закруціў галавой аўстрыяк. — Іх цывіль, нейтраль мэнш. Найн...

Не разьвітваючыся, я скіраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Ці ён зразумеў мяне, ці не захацеў зразумець. Я перайшоў на другі бок кароценькай ускраіннай вулічкі. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялі дзьве кабеты, і я паклікаў іх з вуліцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожліва наблізілася маладзейшая — худая і кашчавая, у мужчынскім убраньні і штанах.

— Прашу прабачыць фраў. Там — морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.

— Доктар Шарф! — жахнуліся кабеты. — Морд?

— Ну. Забітыя. I дзяўчына, фройлен.

Яны штось хуценька загаварылі між сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колісь абыякава паставіўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у іншых школьных прадметах, а ў тым, які найбольш спатрэбіўся б на вайне, ня надта. Я стаяў і маўчаў.

— Гэр афіцыр, — кірхэ! Кірхэ, фарштэйн? — пачалі абедзьве паказваць за рог дамоўкі.

Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кірху, пазелянелы шпіль якой тырчэў між уцалелых дахаў дзесь на краі гарадка. Дзіўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хіба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкіх перавулках і сапраўды праз трохі часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высіліся старыя дрэвы і за вастраверхай брамкай відаць стаў шырокі ўваход у кірху. Была яна ня дужа вялікай, даволі змрочная з выгляду і старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзіну, дзе панаваў паўзмрок і прахалода, але далей, відаць было, гарэлі сьвечкі і чуўся ціхі, напаўголаса, сьпеў. Ступіўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькі крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпіліся перад адкрытымі трунамі; за імі з малітоўнікам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалі нябожчыкаў, цывільных ці вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявіўся чалавек у чорным, недаўменна прыпыніўся насупраць.

— Сьвяты айцец, — дрыготкім голасам сказаў я. — Там морд, доктар Шарф...

— Доктар Шарф? — паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. — Морд?

— Морд, — сказаў я. — Фраў і дзяўчына, фройлен.

— Фройлен? Драй морд?

— Драй морд.

Кароткім рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях і нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавіта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлівага паўзмроку кірхі на заценены дрэвамі падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусіць жа, ім трэба аб чымсьці дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства — забойства і рабаўніцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж...

Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кірхай, і каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто іх панішчыў — і гаспадароў, і дзяўчыну? Ці ўсе былі выпадковыя бязьвінныя ахвяры, ці тут быў які пэўны лягічны намер? Можа, вінаваты ва ўсім той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, відаць, атрымалі яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця... Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчыніць. Ужо такое здаралася і ня толькі на аўстрыйскай зямлі. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былі расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесяліліся — напіліся і згвалцілі на хутары жанчыну, забілі яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалі. Мабыць, не было што. Тут жа зьявіліся немалыя магчымасьці і знайшліся такія, што не супроць пакарыстацца імі. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкім буржуазным грамадзтве...

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавіта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавіта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кірху прайшлі яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзіўлена паўзіраліся ў мяне, — мабыць, зусім недарэчную тут істоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялікую прыязнасьць, вядома, разьлічваць не даводзілася. Хоць яны й ня ведалі пэўна, хто ўчыніў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадваліся. А можа, і падазравалі. Таму я чакаў тут, ля кірхі. Калі ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад'ехала фура. Два біцюгі, ледзьве варушачы тоўстымі, як бёрны, нагамі, пакорліва спыніліся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам і бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамі, і я здагадаўся, што гэта — нямы.

З кірхі выйшаў той самы сьвятар, які са мной ужо гутарыў.

— Он прывазіт вэрсторбэнэ* кірхэ бегрэбен**, — сказаў сьвятар.


Здаецца, я яго зразумеў і выйшаў з-пад аркі. Нямко тым часам заляскаў раменнымі лейцамі, і мы рушылі па-над агароджай. Я ішоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусіць, я залішне сьпяшаўся, а магутныя біцюгі не маглі хутчэй.

Усё ж мы дабрылі-даехалі да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калі я яго пакінуў. Мы зь нямко спыніліся перад дзяўчынай, і я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамі, выказваючы тым сваё гняўлівае пачуцьцё. Я свае пачуцьці, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць ці перажываць іх я ня меў ўжо сілы. Удвух мы асьцярожна паклалі дзяўчыну на абрус і, трохі загарнуўшы, панесьлі на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, і не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклінаў усё на сьвеце. I сябе ў тым ліку. Навошта было яе кідаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваіх хлопцаў, камбата, “сьмершаўца”. Цяпер вось не саромеюся, і не баюся. Нікога. Але што карысьці... За Франяй гэткім жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлі ў фуру доўгае цела доктара Шарфа і ягонае фраў. На шырокай фуры хапіла месца для ўсіх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, і мы рушылі тым жа шляхам да кірхі. Нямко зь лейцамі ішоў па адзін бок фуры, а я — па другі. Дзе-нідзе з падворкаў і вокнаў на нашую сумную працэсію пазіралі людзі, рэдкія жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазіраў нікуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы ні вуліцы, ні людзей, ні перамогі. Здаецца, я выпаў з часу і перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалі. Людзі ці лёс. Ці вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалі на той лугавіне. Мне ж выпала іншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

Як мы прыехалі да кірхі, зь цьвінтара выносілі труны тых, каго адпявалі раней. Мы трохі счакалі, і тады да нашае фуры падступілі людзі. Безь вялікага смутку яны агледзелі забітых, штось коратка перагаворваліся, уздыхалі і жагналіся. Я стаяў збоку і чакаў, што яны падступяцца да мяне — можа, з крыўдай, папрокам ці лаянкай. Але ніхто на мяне не зважаў. Быццам і не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькі пахавалі, што ім ужо нічога не цікава? Хто і чаму забілі? Хаця што б я сказаў ім? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносілі нябожчыкаў за кірху. Я туды не пайшоў, толькі адыйшоўся пад засень дрэваў і назіраў здаля.

За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.

Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкія адносіны да мяне цяпер ня дужа мяне цікавілі. Адзіная мая цікавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут і хадзіў — сюды і туды, туды і сюды. Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў ні наконт міру, ні наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялікая школа, я шмат што спасьціг на вайне. Нават і ў яе апошнія дні. Найперш тое, што нічога ня трэба баяцца. На вайне табе нічога ня зробяць, апроч як заб'юць ці параняць. Тое і другое надта ўжо проста, амаль прымітыўна. Здаецца, аднак, толькі пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца і жыць.

Можа, праз гадзіну ці дзьве мяне паклікалі, і я зразумеў, што набліжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кішэню зьнятую з галавы пілотку, увайшоў у паўзмрок кірхі. Там ужо чакалі мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

— Хай пан скажа, як былі змарлыя людзі, — зьвярнулася яна чамусьці па-польску. Сьвятары ўважліва пазіралі на мяне.

— Я ня бачыў, — хрыпата адказаў я. — Як прыехаў, яны ўжо былі мёртвыя. Іх забілі.

— Хто іх зрабів змарлымі?

— Ня ведаю.

— Какой імець канфэсія маладая паненка?

— Хто ведае. Можа, каталічка.

— Добжа, — сказала манашка і штось загаманіла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна паківалі галовамі. Болей яны нічога не запыталіся, мабыць, тая справа для іх была ўжо звыклая. Яны падаліся да нябожчыкаў, і тады я зірнуў у труну, што была на краі. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала ціхенька, нібы жывая, і толькі прыкідвалася мёртвай. Прыкідвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кірсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлівай мэлёдыі адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцілалі зрок, я ледзьве стрымліваў іх, каб не паплылі з вачэй. Дзіва, што навакол ня плакаў ніхто, толькі сьпявалі, быццам у якім экстазе, і гукі анёльскага харалу самотна луналі пад цёмным скляпеньнем кірхі. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сілы вайны дабіралі свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралі за чатыры гады.

Як пачалі зачыняць векамі труны, я памкнуўся бліжэй, ды спазьніўся і Франі больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзі ўзяліся паднімаць труны, каб вынесьці іх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносілі па адной. Як паднялі труну з Франяй, я таксама падставіў плячо. Труна была ня цяжкая, хіба велікаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як ішоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусіць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлі кірху і жвіровай дарожкай патупалі ў самы канец могілак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькі купін-магіл — тых, каго тут пахавалі раней. З апошніх магіл узьлятаў угару жвір, то заканчвалі сваю працу два далакопы. Адзін зь іх быў той самы нямко ў сінім бэрэце, зь якім мы езьдзілі па забітых. Франіну труну мы паставілі на дол ля яе магілы, і мужчыны вярнуліся да кірхі па астатнія. Трохі разважыўшы, я пайшоў зь імі.

Калі ўсе труны былі вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьціліся. Я таксама перахрысьціўся. Затым тройчы перахрысьціў труну Франі. Далакопы на вяроўках хутка і спрытна апусьцілі труну ў яму.

Ну во і ўсё.

Як апусьцілі астатніх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў і гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвірам, крыху перадыхнуў і пачаў сунуць жвір зноў. Так да самага верху магілы. З рэшты жвіру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькі, бы дзіцячы, пагорачак — якраз у рост Франі. Заплаканая кабета ў чорным шаліку зводдаль моўчкі перахрысьціла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мілая мая зямлячка.

Ні з кім не разьвітаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвітаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нічыіх і ніякіх словаў. Ні нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным і зьнясіленым. Толькі адыйшоўшыся па завулку ад кірхі, надзеў на галаву пілотку і азірнуўся. Гэтак звычайна рабіў на вайне, калі куды меў патрэбу вярнуцца — каб лепей запомніць шлях. Сюды я павінен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I — не вярнуўся ніколі.

* Нябожчыкі.

** Хаваць.


Загрузка...