Барсукі падвялі. — Не святыя гаршкі лепяць (а спрактыкаваныя). — Новыя сродкі жыцця.
На другі дзень, як толькі прачнуліся, зараз жа сунуліся ў хлеў паглядзець сваю жывёлу. Глянуў Віктар праз шчыліну — і нічога не ўбачыў.
— Нешта не відаць, — прамармытаў ён.
Рассунуў галлё болей, зазірнуў ва ўсе куты — няма нікога! Глянуў Мірон — таксама нікога не ўбачыў.
Паглядзелі адзін на аднаго — і рукамі развялі.
— Куды ж яны падзеліся? Хлеўчык жа цэлы!
Агледзелі навокал усю будову і заўважылі каля зямлі досыць вялікую дзіру.
— Гэта ж барсукі зрабілі! — крыкнуў Мірон. — А за імі і цецерукі паўцякалі. Як мы маглі гэтага не прадугледзець? Нават і ты, спец па заалогіі, не прадбачыў.
Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым.
— І то праўда, — прамовіў ён. — Калі яны рыюць сабе норы, значыцца, маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Але ў такой справе ніякіх спецыяльных ведаў не трэба: ты сам мог гэта добра ведаць, але вось не падумаў.
— Я ж казаў, што не трэба было важдацца з імі, — злосна адказаў Мірон. — Ніякай карысці ад іх няма. Трымаць іх для пацехі ў нашым становішчы зусім лішняе. А цяперака праз іх цецерукі ўцяклі. Вось табе і жывёлагадоўля!
— А ўсё ж пра гэта ты і сам не думаў, — апраўдваўся Віктар. — Каб сказаў, зусім іншая была б справа. Няма чаго вінаваціць другога. Сам дапамагаў. Другі раз будзем разумнейшымі.
— Чакай цяпер другога разу!
Паахкалі, павохкалі, але дапамагчы справе нічым не маглі. А паколькі ў «сажалцы» хапала рыбы, то вялікай бяды пакуль што не было. Праз некалькі хвілін нават пачалі жартаваць.
— У другі раз для кожнай пароды жывёлы будзем рабіць асобныя, спецыяльныя, прыстасаваныя памяшканні, — суцяшаў Віктар. — А пакуль што давай ляпіць гаршчок.
— А ты ведаеш, як ляпіць? — запытаўся Мірон з трывогай.
— Хто з нас калісьці не ляпіў? — бесклапотна адказаў Віктар. — Нездарма кажуць: не святыя гаршкі лепяць.
— Тут не ляпіць, а круціць трэба, — пахмура адказаў Мірон.
— Давай круціць — усё роўна. Ты, мусіць, добра ведаеш гэтую справу?
— Чаму ж так я? — здзівіўся Мірон.
— Ды ты ж сам надоечы апяваў гліну, паэму дэкламаваў.
Мірон паскроб патыліцу.
— Паэма паэмай, — прамовіў ён, — а як робяцца гаршкі, я не бачыў. Неяк не траплялася. Справа лічыцца такой простай, што, я думаў, не варта спецыяльна наглядаць, вывучаць яе. Можа, ты часам бачыў?
— І я не бачыў! — з камічнай мінай адказаў Віктар. — Таксама не цікавіўся гэтай прымітыўнай прамысловасцю. Усе дзікуны ўмеюць гэта рабіць. Я нават недзе чытаў, што егіпцяне чатыры тысячы гадоў назад выдумалі нейкую прыладу для гэтай вытворчасці. Але, я думаю, зляпіць абы-які гаршчок можна і без усякай прылады.
— Паспрабуем, — панура адказаў Мірон.
Як ён цяпер шкадаваў, што не пацікавіўся гэтай справай! Яму таксама даводзілася чытаць, ён меў нават некаторыя тэарэтычныя веды, але як узяцца за справу — не ведаў.
Намачылі, размясілі гліну. Пусцілі ў ход і сваю чарапаху для вады. І пачалі ляпіць, як гэта робяць маленькія дзеці. Маленькія, нязграбныя місачкі сяк-так выходзілі, але ім не гэта трэба было, а гаршчок, прынамсі, хоць на літр. Такую пасудзіну трэба было злепліваць з кавалкаў, а тады ўжо адразу было відаць, што ў злепленых месцах будзе шчарбіна.
Стараліся хлопцы так, што аж пот капаў. Шмат разоў нанава камячылі свае «гаршкі».
— Вось табе і «не святыя гаршкі лепяць»! — злаваў Віктар. — Выходзіць, наадварот: якраз святым трэба быць у гэтай справе.
— Або дзікуном, — дадаў Мірон.
Нарэшце кожны з іх зляпіў па невялічкаму «гаршку», але, глянуўшы на сваю працу, хлопцы толькі насамі паківалі.
— Яны адразу распаўзаюцца, калі пачнуць сохнуць. А іх яшчэ трэба абпальваць, каб ужываць. Вось табе і прымітыўная вытворчасць! — прамовіў Віктар.
— Не, відаць, не абысціся без ганчарнага кола! — рашуча сказаў Мірон.
— Вось чаго захацеў: колы, машыны!
— Якую-небудзь круцёлку, абавязкова трэба прыдумаць. Тады шчыльней зліпнуцца часткі гліны. Зараз я пашукаю што-небудзь.
Праз некалькі хвілін Мірон прынёс досыць тоўсты круглы кавалак дрэва, абсмаліў, абскроб яго.
— Цяпер, — сказаў ён, — паставім гэтую штуку старчма. Ты будзеш круціць яе, а я зверху палажу камяк гліны. У кожным разе павінна выйсці нешта, не горшае за гэтае чарап'ё.
Падышлі бліжэй да вады, прыладзіліся. Было б нішто сабе, але канец хістаўся ад рухаў Віктара. Тады зрабілі вілкі, каб «машына» не хісталася.
Нарэшце, пасля доўгай пакуты, нешта зрабілі. Але гэтае «нешта» вельмі мала нагадвала гаршчок.
— Што ён нязграбны — гэта не бяда, — казаў «майстар» Мірон.
— Але сценкі надта тоўстыя, а гэта нядобра: патрэскаюцца. Давай яшчэ паспрабуем.
У выніку ўсёй працы з'явіліся два сякія-такія гаршкі. З задавальненнем глядзелі хлопцы на свае вырабы, і яны пачалі ім здавацца нават нядрэннымі. Хоць на наш погляд гэтыя рэчы былі б зусім недарэчныя.
Але задавальненне значна зменшылася, калі яны падумалі, што да канца яшчэ вельмі далёка.
— Сушыць іх трэба некалькі дзён, — сказаў Мірон, — бо трэба пачынаць з цёмнага, вільготнага месца. А потым абпальваць некалькі дзён, таксама пачынаючы з лёгкага агню, нават дыму. Ды і то невядома, ці не патрэскаюцца, бо гліна не падрыхтаваная і не апрацаваная як трэба.
— Э-э! — працягнуў Віктар. — У такім разе і не дачакаемся. Мусіць, мы тады ўжо дома будзем. Вада бадай ужо спала.
— Я не буду шкадаваць, калі не дачакаемся. А калі спатрэбяцца, мы самі будзем рады, што зрабілі. Рыбы на сёння хопіць, пойдзем пашукаем да яе яшчэ чаго-небудзь.
Як звычайна, накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.
— Бач, якія прыгожыя сыраежкі! — усцешыўся Віктар, сарваў і адразу з'еў корань. — Смачныя, салодкія! — цмокнуў ён. — Нездарма іх завуць сыраежкамі.
А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі хлопцы на лісічкі.
— Цёплае надвор'е, пачынаюць грыбы лезці, — задаволена казаў Мірон. — Будзем мець падмацаванне замест цецерукоў.
Перасеклі лес наўскасяк і выйшлі да таго месца, дзе яны ў першы дзень бачылі клін, што вытыркаўся ў возера. Цяпер з гэтага боку ўжо возера не было.
— Суха ўжо! — крыкнуў Віктар і пабег наперад.
Пабег за ім і Мірон. Але хутка пераканаліся, што да сухога месца яшчэ далёка. Тут была дрыгва, у якую і думаць нельга было совацца.
— А ўсё ж такі цяпер можна ўжо спадзявацца знайсці выхад, — суцяшалі сябе хлопцы. — Заўтра пойдзем шукаць.
Тут Мірон звярнуў увагу на малады аер у балоце.
— А вось і яшчэ страва! — сказаў ён, вырваў расліну, вылушчыў белы канец каля кораня і пачаў есці.
— Праўда! Ведаю. Не раз еў! — крыкнуў Віктар і далучыўся да Мірона.
— Здаецца, і сёе, і тое з'ясі, — разважалі хлопцы, калі ішлі назад, — а ўвесь час адчуваеш голад, усё чагосьці не хапае.
Пад вечар пачаўся дождж, вялікі, доўгі. Увесь час прыйшлося сядзець у будцы. Хоць і старанна яна была пабудавана і дагледжана, але ўсё роўна працякала.
— Абавязкова спалю яе, калі будзем адыходзіць дадому! — злаваў Віктар.
Зноў зрабілася нудна і сумна. Зноў нямілым стала ўсё навакол. Адна толькі ўцеха была: заўтра яны канчаткова выберуцца з гэтага дзікага кута, бо вада ўжо спала.