Падрыхтоўка да сустрэчы. — З вуголлем у пушчу. — «Насарог». — Выратаванне каштоўнай жывёлы. — Запасны агонь.
Нарэшце надышоў час, калі трэба было распачынаць падрыхтоўку: надаць жыллю акурат такі выгляд, які яно мела раней, калі былі тут бандыты, агонь загасіць, а самім выбраць другое месца, дзе яны будуць сядзець і чакаць. Месца гэтае павінна быць не на віду і разам з тым такое, адкуль добра сачыць за ворагамі. Вядома, увесь гэты час раскладаць агню ім будзе нельга. Значыцца, трэба назапасіць смажанага мяса.
Па іх меркаваннях, два тыдні павінны былі скончыцца паслязаўтра, але гэта не значыла, што бандыты акурат прыйдуць у гэты дзень. Яны маглі з'явіцца і раней, а больш магчыма, што пазней. Невядома, колькі часу прыйдзецца сядзець і пільнаваць. А як быць з агнём?
— Пойдзем спачатку знойдзем сабе месца для назірання, а там пабачым, што рабіць, — пастанавілі хлопцы і пайшлі на другі востраў.
Востраў быў вялікі. Калі спыніцца каля берага, то будзеш бачыць толькі гэтую частку, а бандыты могуць перабрацца зусім у іншым месцы. Калі выбраць назіральны пункт у глыбіні вострава, дык наогул берага не будзеш бачыць.
— Нельга спадзявацца, — разважаў Мірон, — што мы акурат убачым, кудой яны прыходзяць, і ўцячом, пакінуўшы іх тут. Трэба меркаваць, што мы раней убачым іх тут, будзем сачыць, як яны пойдуць назад, і выберамся ўжо следам за імі. Таму я прапаную выбраць месца як мага бліжэй да бабровых хатак, куды яны, безумоўна, павінны прыйсці.
— Я ўпэўнены, — казаў Віктар, — што яны пераходзяць у тым месцы, дзе мы заўважылі нібы кладку. Толькі мы не ведаем, як гэта яны робяць. Калі там пільнаваць, мы гэта ўбачым.
— Але яно рызыкоўна, — не згаджаўся Мірон. — А што, калі не там? Тады яны могуць прыйсці і нават пайсці, а мы нічога і ведаць не будзем. А бадзяцца па лесе небяспечна: яны могуць раней заўважыць нас, як мы іх.
Віктару ўсё здавалася, што праход павінен быць там. Але, з другога боку, і разважанні Мірона былі слушныя. І Віктар пакуль што згадзіўся з ім.
На тым беразе, каля якога стаяла бабровая хатка, пачыналася высокая сухая града. Спачатку яна была вузкая і ішла ўздоўж бабровай ручаіны, а потым пашыралася і гублялася ў глыбіні вострава. На ёй рос прыгожы бор з рэдкімі стройнымі соснамі, а па баках ішлі зараснікі алешыны, арэшніку.
— Калі схавацца ў гэтым арэшніку, вось за той купінай, — казаў Мірон, — дык мы будзем бачыць усю гэтую граду. Яны абавязкова павінны прайсці па ёй, калі пойдуць да свайго склада.
— Месца добрае, — сказаў і Віктар. — Нам нават зручна будзе ісці па хмызняку за імі ўслед, бо па чыстым бары было б рызыкоўна.
Тут і вырашылі зрабіць назіральны пункт. Было крыху вільготна на зямлі, але хлопцы мелі дзве скуры.
— Давай зробім рэпетыцыю, — сказаў Віктар. — Я тут сяду, а ты прайдзіся па градзе і паглядзі, ці можна заўважыць.
Віктар сеў, а Мірон адышоўся крокаў на дваццаць убок. Арэхавыя сцябліны без галля дазвалялі досыць добра бачыць, што робіцца на градзе. А вось як адтуль?
— Ну, як? — нецярпліва запытаўся Віктар.
— Пачакай, — махнуў рукою Мірон і некалькі разоў прайшоўся ўзад і ўперад. Вярнуўшыся назад, ён сказаў: — Калі ведаць ці падазраваць, што там нехта ёсць, то заўважыць можна, а так, мне здаецца, не павінны звярнуць увагі, асабліва калі не рухацца.
— Ну і добра. А калі яны сунуцца, то ў нас жа ёсць чым сустрэць іх, — сказаў Віктар.
Калі скончылі з гэтай справай, пайшлі ўпарадкаваць свой лагер. Трэба было зрабіць усё так, як было раней.
— Раней тут рыба вісела, а цяпер — няма, — заўважыў Віктар.
— Гэта праўда, — задумаўся Мірон. — Дзе ж цяпер яе дастаць? Ты не памятаеш, колькі было?
— Рыбін з пяць. Але не можа быць, каб яны іх лічылі.
— Прыйдзецца тады павесіць некалькі рыбіных галоў і касцей. Можна ж падумаць, што іх птушкі падзяўбалі, жукі, чарвякі з'елі.
І яны пачалі развешваць рыбу.
— Каб хто-небудзь убачыў, што мы робім, — смяяўся Віктар, — то, напэўна, падумаў бы: здурнелі хлопцы.
А калі павесілі рыбныя рэшткі, то прыпомнілі: у будцы ж была яшчэ і палова зайца. Але з ім справа вырашалася прасцей: зайца лёгка мог дакончыць кожны драпежнік.
— Трэба толькі крыху касцей параскідаць навакол.
— А таксама ўбраць лішнія мядзведжыя і казуліны косці, — дадаў Мірон.
Упарадкавалі косці. Потым прыпомнілі яшчэ, што чарапашына павінна валяцца каля будкі, як кінуў яе той бандыт.
Нарэшце ўзяліся за вогнішча.
— Здаецца, прыблізна было гэтак, — казаў Мірон, калі раскладаў галавешкі.
— А я ўсё-такі пазнаў бы, што тут нехта гаспадарыў, — прамовіў Віктар.
— І кожны пазнаў бы, каб тады спецыяльна прыгледзеўся, — усміхнуўся Мірон. — Але дзеля гэтага трэба было ўжо тады ўсё ведаць і прадбачыць.
Цяжэй было вырашыць пытанне з агнём. Пагасіць вогнішча, безумоўна, трэба. Трымаць на сваім назіральным пункце агонь, безумоўна, нельга. Няўжо зусім адмовіцца ад яго?
— Гэта немагчыма! — ускрыкнуў Віктар. — Адмовіцца ад агню, потам і крывёю здабытага, сваімі рукамі выгадаванага, захаваўшага наша жыццё! Я нават збіраўся ўзяць яго з сабой дадому, бо ў нас зусім не такі агонь, горшы.
— Таму, што лёгка здабыты запалкамі, — дадаў Мірон.
Пасля досыць доўгага абмеркавання вынеслі такую пастанову: знайсці такі дзікі куток, куды ніякаму бандыту не было б ахвоты соваць нос, і такі густы, каб і зблізку нельга было заўважыць у ім ні агню, ні дыму. Там і захоўваць агонь. І туды пасля дзённай варты прыходзіць спаць.
Узялі свой гаршчок, палажылі гарачага вуголля і пайшлі. Трымаліся бліжэй да возера, улічваючы, што ў гэты бок бандытам няма сэнсу ісці. Тут былі мясціны, куды і самі хлопцы ні разу не завітвалі. Калі яны зайшлі ў гушчар, Віктар узяў у руку рэвальвер і сказаў:
— У гэтых нетрах можна яшчэ напароцца на якога-небудзь насарога.
А праз хвіліну пачуўся такі тупат і грукат, нібы сапраўды імчыцца насарог. Не паспелі хлопцы апамятацца, як на іх наляцела вялікая рагатая жывёліна. Яна выгіналася, падскаквала і, здавалася, хацела растаптаць нашых герояў.
Мірон кінуўся ўбок, гаршчок вываліўся з яго рук. Віктар падняў рэвальвер, але жывёліна зачапіла яго бокам, і ён паваліўся на зямлю, стрэліўшы ў паветра. А пасля гэтага стрэлу нешта мільганула над галавой і зашуршала з другога боку. Тупат жывёліны зрабіўся раўнамерным і паступова аддаліўся. А праз хвіліну зноў усё было ціха, як і раней.
Хлопцы асцярожна паднялі галовы.
— Што ты бачыў? — запытаўся Віктар.
— Вярблюда.
— Не, без жартаў.
— Мусіць, нейкі алень ці лось, але чамусьці з гарбом.
— А ці ведаеш ты, што мы цяпер зноў заслужылі падзяку ад дзяржавы?
— Завошта?
— За тое, што выратавалі ад смерці лася.
— Якім чынам?
— Гэта быў ніякі не горб, а рысь. Драпежніца ўскочыла ласю на карак і, напэўна, загрызла б яго, каб не мой стрэл.
— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? — недаверліва спытаў Мірон.
— Хіба доўга зірнуць? Круглая кашэчая галава, кутасікі на вушах ды куртаты хвост — адразу можна пазнаць.
— Але ж, здаецца, і цябе зачапілі?
— Крыху штурханулі, але дарма: не кожнаму трапляецца так блізка пазнаёміцца з ласём.
— Вось табе і насарог! — засмяяўся Мірон.
— Толькі крыху не хапіла! — зарагатаў і Віктар. — Я цяпер ужо не здзіўлюся, калі сустрэнем і слана.
— Але наш гаршчок разляцеўся на кавалкі, — сказаў Мірон, збіраючы вугольчыкі.
— Тады спынімся тут. Калі тут жывуць такія звяры, дык, мусіць, гэта і будзе самае глухое месца.
Пад аховай шыракалапых елак расклалі яны вогнішча і доўга палілі, пакуль не набралася поўная яма жару.
— Заўтра яшчэ дадамо, а сёння пойдзем паспім апошнюю ноч у нашым родным будане.