- Дык ты тут? - напаў на яго Зел. - Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.

- А я якраз збiраўся iсцi па цябе, - сказаў Мэрэй, дапамагаючы iм скiнуць мяхi.

- Позна ж ты сабраўся, - разышоўся Зел.

Мэрэй не стаў з iм спрачацца, i ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць - цi ўзяць Зела, цi пакiнуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.

- Значыць, i ты сабраўся? - сказаў Скоцi Рою.

- Падобна на тое, Скоцi, - неахвотна адказаў Рой.

- Гэта няправiльна, Рой, - пакруцiў галавой Скоцi.

Рой не спрачаўся, не называў Скоцi прападобным.

- Правiльна цi няправiльна, - сказаў ён, - якая рознiца?

- Што i казаць, падманеш ты iнспектара, - сказаў Самсон.

Мэрэй пазiраў на Роя i бачыў толькi лепшага звералова Муск-о-гi. Але сiтуацыя яму падабалася.

- Гэта праўда, Рой, - сказаў ён, - iнспектар надта здзiвiцца, калi даведаецца, што ты залез у заказнiк! Ён, вядома, перакананы, што ты ловiш больш за норму, але ўсё-ткi лiчыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзiвiўся б ён, калi б убачыў цябе з намi! Уяўляю! - Яны не ўслухоўвалiся ў няспешную гаворку Мэрэя, i ён не меў прэтэнзiй.

- Адным цудоўным днём не толькi Рой здзiвiць гэтага нягоднiка iнспектара, - гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.

- А чаму ты, Самсон, не iдзеш з намi? - хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулiсты твар напружыўся, маленькiя вочы схавалiся ў зморшчынах, калi ён здзеклiва зiрнуў на Самсона.

- Спытайся ў Скоцi, - сказаў Самсон. - Калi пойдзе ён, пайду i я.

- Пайшлi з намi, Скоцi, - сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклiк. - Чаму ты не iдзеш?

- Каб табе было не сорамна туды iсцi? - сказаў Скоцi.

Роя гэта не кранула, i Скоцi пашкадаваў, што сказаў гэта.

- Я жанаты, Рой, - сказаў Скоцi, каб вылучыць неабвержны аргумент i iстотную прычыну. - Жанаты i Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.

- А што такое? - умяшаўся Зел. - Сахаты жанаты, i я жанаты.

- Так, - марудна запярэчыў Скоцi, - i калi б вы маглi атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапiлiся б у iх зубамi i рукамi. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкi?..

- Ладна, Скоцi, - спакойна прамовiў Рой, i больш да гэтай тэмы яны не вярталiся.

- А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? - спытаў Самсон. - Калi iнспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.

Рой кiўнуў.

- Я i хацеў папрасiць цябе i Скоцi, каб вы час ад часу правяралi мае пасткi. Усё, што трапiць у iх - вашае, толькi стаўце iх зноў. Можаце карыстацца маiмi хацiнамi. Як? Згода?

Скоцi i Самсон пераглянулiся.

- Ладна, - сумна адказаў Скоцi.

- А калi ты вернешся? - спытаў Самсон.

- Пра гэта ты спытай у Сахатага, - адказаў Рой.

- Не ведаю, - сказаў Мэрэй. - Гледзячы, як пойдуць справы. Лавiць баброў цяжка, калi балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.

Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоцi.

- Калi хто-небудзь будзе наводзiць пра мяне даведкi, - сказаў ён Скоцi. кажы, што я тут паблiзу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.

- I ўсё адно ты дзейнiчаеш няправiльна, Рой, - даказваў Скоцi. - Навошта тады законы пра паляванне, калi кожны будзе парушаць iх?

Гэта быў працяг iхняй нявырашанай спрэчкi, бо калi Скоцi шчыра паважаў закон i захапляўся iм, то Рой адносiўся да закону звысоку. Скоцi баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькi пакарання згодна з законам. Яны не маглi сысцiся наконт гэтага, i Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для iх спосабам прыкладаў i пярэчанняў. Рой не адрознiваў у гэтым пытаннi невiнаватага ад вiнаватага, гэта не прыходзiла да яго само, i ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калi закон парушаў Скоцi, ён пакутаваў, але калi яго парушаў Рой, сумленне ставiла пад сумненне сам закон, i ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькi тое, што ён парушаў уласныя iнтарэсы звералова. Якiм бы цяжкiм нi было паляванне ў Муск-о-гi, ён ведаў, як ведаў i Бэрк, i Скоцi, i любы звералоў, што пушныя заказнiкi - гэта адзiнае спадзяванне трапераў. Лавiць у iх было грахом для звераловаў, але становiшча склалася так, што Рою даводзiлася душыць у сабе гэта прафесiйнае сумленне. Ён дзейнiчаў так, як мусiў дзейнiчаць, i разважаць тут не было пра што.

- Застаецца толькi спадзявацца, што цябе не зловяць, - такiм было апошняе слова Скоцi.

Рой пацiснуў плячыма i працягваў даядаць фасолю.

Раздзел дзесяты

Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку i таптаў снег Рой. Згодна з указаннямi Мэрэя ён кiраваўся то на адзiнокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў далiну. Большай часткай нельга было абысцiся без плеценых канадскiх лыжаў, i на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясiльваючая праца, але i ў гэтым выпадку два iншыя ледзь паспявалi за iм. Рой iмкнуўся наперад так, нiбыта адчай падганяў яго, i ногi яго iшлi самi, якiм бы глыбокiм нi быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкi груз, у тым лiку большую частку пастак; нават гэтаму велiкану даводзiлася паскараць свой шырокi крок, каб паспець за Роем. Мэрэй iмкнуўся скарачаць дарогу, iдучы нацянькi, але Рой кожны раз выбiраў да таго ж i больш лёгкi варыянт i нi на хвiлiну не збаўляў тэмп.

- Ты, вiдаць, спяшаешся? - сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогi.

- Навошта губляць час? - адказаў Рой.

- Але ж часу ў нас дастаткова, - зазначыў Мэрэй.

- Гэта як сказаць, - запярэчыў Мэрэю Зел, але той нiяк не зрэагаваў. А iменна Зелу даводзiлася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу i нёс яго мех, пакуль ён трохi не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя. - Чым хутчэй мы туды трапiм i чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас, - казаў ён.

Першыя тры днi яны iшлi прыкладна па прамой. Мясцовасць iм была добра знаёмая, i нiякiх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправiлiся цераз Серабрыстую раку i паднялiся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышынi не было ва ўсiм Муск-о-гi; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кiнуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, якi адразаў Муск-о-гi ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенцiры, i толькi калi дабраўся да самай вяршынi, ён зноў вызначыў напрамак.

Там, наверсе, перад iмi паўстала зусiм новая для iх краiна, не падобная на iхнiя ўчасткi. Пазiраючы на яе з радасцю i хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краiнай Срэбных Даляраў.

- Глядзiце, якiя азёры! - захоплена ўсклiкнуў ён. - Вось гэта краiна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусiм не такое.

Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокiх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гi, гэта была краiна кантрастаў. Тут былi i адгор'i, i высокiя пiкi, i глыбокiя далiны. Былi i плато, якiя выцягнулiся вузкiмi палоскамi памiж гор, пляскатыя i гладкiя, яны таксама былi ўсеяны азёрамi i сасновымi лясамi. У параўнаннi з больш мiрным пейзажам Муск-о-гi тут ўсё было ўздыблена i скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары i побач ззялi на сонцы здраднiцкiя снежныя схiлы.

- Яно мо i прыгожа, - сказаў Мэрэй, - але на такiм схiле сам чорт галаву скруцiць. А зараз, калi яны заледзянелi, на iх i нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? - спытаў Мэрэй у Роя.

Рой зiрнуў цераз два хрыбты i плато на густы сасновы лес.

- Пастарайся вывесцi нас туды найбольш дакладна, - сказаў Мэрэй. - Якраз там мая хацiна. У канцы вунь таго азярца.

Гэты апошнi адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсiх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ i звычайны азарт гонкi з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краiне прыносiў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнiм пераходзе давялося абыходзiць шмат лясных гушчароў i зараснiкаў, i хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў iх проста да месца. Шлях гэты iм варта было добра запомнiць, бо яны не рызыкавалi пазначаць свой шлях, як бы цяжка нi было знайсцi яго пасля. Яны былi ў заказнiку, i чым менш слядоў заставалася пасля iх - тым лепей. Заказнiк не меў мяжы альбо iншых апазнавальных знакаў, але яны ведалi, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, i чым далей яны адыходзiлi ад хрыбта, тым больш паглыблялiся ў заказнiк. Да таго часу, як Рой вывеў iх глыбокай далiнай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дымiўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самi яны былi ў глыбiнi заказнiка.

- Вось тут i пачынаецца сама цяжкае, - сказаў Мэрэй, калi яны ўвайшлi ў лес. - Зараз мне трэба знайсцi свае прыкметы, - i ён пайшоў першы.

Нават малеча Зел узбадзёрыўся, i, калi напалоханая лань вылецела на iх з сасновых зараснiкаў i адскочыла ўбок, ён гукнуў:

- Глядзiце, як уцякае!

Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.

- А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык i за сотнi мiль адсюль? сказаў ён Зелу.

Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусцiў на сябе абыякавасць.

- Колькi мiль адсюль да блiжэйшага кардона? - спытаў ён у Мэрэя.

- Каля паўтары сотнi, - адказаў Мэрэй. - Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснiкоў.

- I наогул больш верагоднасцi сустрэць тут леснiкоў, а не пушных абходчыкаў, - сказаў Рой. - Тут ёсць што аберагаць. Якi лес!..

Вакол iх узвышалiся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такiя вялiкiя, што стаяць даволi рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмi густым. Пад нагамi снегу мала, ён, вiдаць, яшчэ не паспеў прабiцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, цiха.

У далёкiм канцы гэтага лесу, на ўскраiне плато, сярод вялiкiх дрэў схавалася маленькая хацiна Мэрэя. Яны выявiлi яе, толькi калi падышлi зусiм блiзка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскiравана вялiзнымi нiжнiмi галiнамi, якiя хавалi i страху i сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.

- I колькi часу ты яе будаваў? - здзiўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глiнай i непадуладныя ветру.

- Амаль усё лета, - адказаў Мэрэй, - i палову восенi.

- Дык вось чым ты займаўся! Лавiў тут дзiчыну i будаваў таемныя хацiны! сказаў Рой.

Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся i дастойна ацанiў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавiк ад нараджэння, i ўсякая лясная справа iшла спорна. У хацiне было нават акно i складзена прымiтыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, i Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоцi, якi ў сваю чаргу адхапiў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасцi, ды так i не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў i глiны, была шэдэўрам. У паглыбленнi сцяны быў змайстраваны ачаг з невялiкай печчу, i конусам быў складзены комiн, абшыты бляхай з бiдонаў. Рой адзначыў, што комiн, злеплены з камянёў i глiны, быў выведзены каля сама вялiкага дрэва так, што дым слаўся па ствале i рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.

- Здаецца, ты сабраўся тут асесцi надоўга, - сказаў Рой.

- Так, гэта не на адзiн год, - адказаў Мэрэй. - Я думаю лавiць у гэтым заказнiку кожную зiму, ды i кожную вясну таксама, калi не перашкодзяць абходчыкi.

Сумненнi адносна Мэрэя, якiя прыгняталi Зела ўсе чатыры днi iхняга шляху, на час рассеялiся, калi ён убачыў хацiну, якая здзiвiла яго i выклiкала захапленне.

- Тут можна чакаць другога прышэсця, - сказаў ён Мэрэю, - i нiхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзiлы-абходчыкi.

Мэрэй скiнуў свой вялiзны цюк пастак i правiзii, i ён з грукатам упаў на падлогу.

- Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, - сказаў Мэрэй. - Яны вядомыя прайдохi. Пусцi iх па следу, i яны табе што захочаш знойдуць.

Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражнiць Зела, але ў Мэрэя не было нiякага жадання адпомсцiць свайму надакучлiваму напарнiку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, i гэта беспамылкова ўздзейнiчала на Зела Сен-Клэра.

- Але iм нялёгка будзе знайсцi гэтае месца, - супакойваў Зела Рой.

- Толькi сачыце за iхнiмi самалётамi, - папярэдзiў Мэрэй, а затым дадаў: Пайшлi, я пакажу вам возера.

Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей - строма. Пад ёй у крутой катлавiне знаходзiлася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзiне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабiлi бабры, калi перагарадзiлi каля вусця некалькi горных ручаёў.

- Так, гэтае месца вартае ўвагi, - сказаў Рой. - Амаль што возера Фей. Ён назваў яго як мага далiкатней не толькi таму, што быў зачараваны iм, але i з-за яго крылатых абрысаў. - Шкада, што мы не прыйшлi сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысцi.

- А што я табе казаў, - абыякава зазначыў Мэрэй. - Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калi б мы плылi сюды на чоўне да марозу, гэта сэканомiла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.

Рой паглядзеў на тонкую нiтку далёкай ракi, на тысячы блiскучых азёр, на бязмежны далягляд, якi адкрываўся з гэтай вышынi. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, якiя распасцерлiся далёка за межамi Муск-о-гi. Гэта былi прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзiкiя, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краiны, блукаць без перашкод па яе лясах i гарах, адчуваць дзiкую магутнасць гэтых ветраў - вось што прадчуваў зараз Рой.

- Не магу зразумець, - сказаў ён разважлiва сваiм сябрам, - як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? - I ўсмешка паволi скрывiла яго губы.

Мэрэй зарагатаў, што здаралася з iм вельмi рэдка.

Зел прапусцiў словы Роя мiма вушэй.

- Дык як мы распачнем паляванне? - спытаў ён, фарсiруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.

- А як атрымаецца, - адказаў Мэрэй.

- Паслухай, - не сунiмаўся Зел, - лепш за ўсё было б вылавiць тут усё, што можна, i як мага хутчэй. Трэба ставiць пасткi густа, каб лавiць звера больш, а затым змывацца. Як ты лiчыш?

- Навошта такая спешка? - спытаў Мэрэй.

- Тым разам ты не спяшаўся, таму i трапiўся, - укалоў яго Зел.

Мэрэй задумлiва зiрнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.

- А як лiчыш ты, Рой? - паспешна спытаўся той.

Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён i сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краiну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкi i асцярожнасцi, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, i думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш i без спешкi. Але рэшта цвярозасцi i ўсведамленне, што лепш яму не станавiцца на нейчы бок, вызначылi яго адказ.

- Мне здаецца, што лавiць трэба хутка, - сказаў ён, - але наладжваць шалёную гонку не варта.

Мэрэй пацiснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.

- Па-мойму, так, - сказаў Рой. - Мы з Зелам можам весцi аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлiвая. А пакуль мы зоймемся гэтым, - звярнуўся ён да Мэрэя, - ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставiць сiло на сцежках звяроў i наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лiсiцы, норкi i рысi. Як вы думаеце?

Яны згадзiлiся i прапанавалi сякiя-такiя ўдакладненнi. Усю пушнiну вырашылi зносiць у хацiну, скуркi было вырашана дзялiць пароўну, кожны сам мусiў разбiраць сваю долю, i дзялёжку праводзiць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былi выпрацаваны абавязковыя для ўсiх правiлы паводзiн. Не раскладваць агню для падвячорка, нiякiх кастроў па-за хацiнай. Але перш за ўсё i важней за ўсё - не страляць. У iх усiх з сабой былi вiнтоўкi, але тут гук стрэлу разносiцца на дзесятак мiль, i стральба магла выклiкаць да iх цiкавасць. Мэрэй лiчыў, што гэта лiшняя засцярога, але здаўся настойлiвасцi Зела i ўгаворам Роя. Нiякага палявання, нiякай стральбы, як бы спакушальна блiзка не з'яўляўся алень. Амаль зусiм сцямнела, а яны ўсё стаялi на схiле над возерам Фей. Нiбыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, i Рой апошнiм пакiнуў яго, калi яны, нарэшце, сабралiся вярнуцца ў хацiну.

Раздзел адзiнаццаты

Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца i задаволiў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнiчаць на возеры Фей так, нiбыта збiраўся раскiнуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальнiка i нiколi не браў з бабровай супольнасцi больш за тое, што маглi аднавiць ацалелыя сем'i. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзiчыны на сваiх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў iншых звераловаў, якiя выбiралi свае бабровыя хаткi падчыстую. Зараз гэта ўжо быў iнстынкт, i гэтак жа iнстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставiў пастак там, дзе, ведаў, былi малыя альбо цяжарныя самкi. Затое ён актыўна лавiў там, дзе было верагодна злавiць найбольш сама старых i буйных самцоў.

Пасля першай жа разведкi вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купiн, вакол рэдкiх зараснiкаў елкi i на тысячы створаных бабрамi астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалi ў яго апошнiя дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гi. Гадамi прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзiчыны, i ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным i падманутым. А тут ён, нарэшце, кiнуў выклiк прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закiпела кроў - стукнула ў ногi, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяцi квадратных мiлях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калi-небудзь даводзiлася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавiць сваiмi дваццацю пасткамi за шэсць гадзiн кароткага зiмовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павiнны быць шмат i iншых звяроў, якiя палююць на бабра: лiса, рысь, норка. I хутка Рой пачаў ставiць пасткi на драпежнiкаў вакол усяго балота, iмкнучыся стварыць адзiную сiстэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямi мiляў i шырынёй на паўмiлi; напачатку гэта яму ўдалося зрабiць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць i зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.

Кожны вечар усе яны вярталiся ў хацiну на строме, i па меры таго як накаплiвалася пушнiна, удача станавiлася ўсё больш вiдавочнай. Каб справiцца са сваiм уловам, iм даводзiлася займацца скурамi вельмi позна. Як i Рой, Зел аб'явiў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавiць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавiў сваiмi пасткамi баброў i ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела i Роя быў такiм жа разнастайным, як i здабыча Мэрэя на яго паляўнiчых сцежках. Мэрэй прыносiў менш пушнiны, што было натуральна, бо пасткi i сiло на паляўнiчых сцежках не маглi, вядома, даць столькi, колькi сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.

- Гэта не тое, - уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. - Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калi б хапала пастак. Калi б узяцца як след, мы праз два тыднi маглi б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш i не панесцi. Эх, мала ў нас пастак!

- Ты заўсёды спяшаешся, - сказаў Мэрэй. - Твая пушнiна нiкуды ад цябе не ўцячэ.

- Яно то так, - пярэчыў Зел, - але хутка скончыцца масла i сала. - Зел быў галоўным кухарам: ён рабiў гэта лепш за ўсiх. - Ды i мука, мяса канчаюцца.

У першыя ж днi Мэрэю пашчасцiла злавiць маладую лань; ён спрабаваў злавiць i другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, вiдаць, спалохала большую частку аленяў, якiя чулi кожны iхнi след на сваiх сцежках i станавiлiся яшчэ больш чуйнымi. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то i дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца i пяць, i шэсць, але заўсёды яны паказвалiся толькi на iмгненне, былi далёка i адразу ж знiкалi.

- Не плач, - сказаў Мэрэй Зелу такiм тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваiх сяброў. - Не плач, будзе табе лань, калi гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.

- Гэта твайму жывату патрэбна шмат! - усклiкнуў Зел. - Гэта ты ляжыш на адзiным ложку, а нам з Роем даводзiцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоцi, калi раней ты збiраўся зайсцi па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткi былi ўжо сабраныя!

Мэрэй нiчога не запярэчыў, ён моўчкi адчынiў дзверы i высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла i ён не спынiў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хацiне было даволi змрочным i без гэтых сварак.

У хацiне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дымiла, а падчас моцнага ветру вялiкая сасна пачынала хiстацца i ўся хацiна з рыпеннем хiсталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, i папаўненне запасу лягло на Роя, а зiмой гэта было складана i цяжка. У iх было толькi адно вядро i для мыцця i для пiтной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлiчваў Мэрэй, калi выбiраў гэтае месца, аказалася гнiлаватым, гарбата i кава аддавалi зямлёй i грыбамi, а Рой гэтага не любiў. Iм даводзiлася эканомiць газу, i таму ў хацiне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.

На долю Роя выпала i падтрыманне чысцiнi: даводзiлася прыбiраць рэшткi пасля разборкi жывёлiн, якiя затоптвалiся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлiвы смурод ад пушнiны i кухарства. Каб зносiць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хацiна, а Мэрэю толькi i трэба было ад хацiны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цiкавiла толькi як месца для харчавання i сну. Мэрэй быў неахайны i абыякавы, а Зел толькi неахайны, i ў iхнiм таварыстве Рой лавiў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклiвы. У хацiне ён быў маўклiвы i кожны дзень з палёгкай сыходзiў унiз па заснежаным схiле, у марозны халадок возера Фей.

Краiна гэтая не трацiла для Роя сваёй зачараванасцi i - Рой гэта ведаў нiколi не страцiць. На заснежаных плато, калi ўзiраўся ў далёкiя лясы i азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хацiне. Усё часцей i часцей Рой выбiраўся з азёрнай катлавiны, далей ад бабровай лоўлi на хрыбты i цераз iх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыi, у думках пракладваючы сцежкi вакол асобных пiкаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбiраючы месцы, адно лепшае за другое, для хацiны, для волаку i для блiжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.

У гэтыя iмгненнi Сент-Элен уяўляўся яму толькi ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлiкая дзятва. У малюнку, якi ўзнiкаў у яго ў думках, не было нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Яна, вiдаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знiкала са свядомасцi, калi ён нечага пазбаўляўся, справядлiва i назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблiк, тым больш хацелася Рою ўявiць сабе Джынi Эндрус i тым большы неспакой гэта выклiкала.

Вось пра што ён думаў, калi халодным змрочным днём сядзеў на вяршынi невялiкай гары i пазiраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазiрнуць паўзверх хрыбта. I як сягаў яго позiрк, ён у думках пракладваў па лясах i плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калi побач з iм з'явiўся Мэрэй, i Рой ажно падскочыў, бо яго засталi знянацку. Ён быў падобны на аленя, якi хоча кiнуцца ў лес.

- Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку далiны, - спакойна прамовiў Мэрэй i сеў побач з Роем на сук пiхты. - Што ты тут робiш? Падпiльноўваеш дзiчыну?

Рой пакруцiў галавой i адчуў, як напружаны мускулы шыi i як сцiснулася цела.

- Не, - сказаў ён, - проста я прыкiдваў, як пракласцi шлях адсюль проста ў Сент-Элен.

- Лепш за ўсё iсцi вакольным шляхам, праз участкi Скоцi i Iндзейца Боба, сказаў Мэрэй. - Калi нацянькi, то давядзецца доўга iсцi па адкрытай мясцовасцi. А што? Хiба ты збiраешся раз на тыдзень хадзiць туды?

- Не, проста так. Забаўляўся, - сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэнiць яго планы ператварыць краiну Срэбных Даляраў у арганiзаваную сiстэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такiх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, i не толькi згодна з яго ўласным уяўленнем, але i ў вачах Роя i нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзiўся ў гэтай краiне як неад'емная яе частка, i для Мэрэя не iснавала нi Сент-Элена, нi iнспектараў, нi наогул чалавечых законаў.

- Калi надарыцца выпадак, - сказаў Мэрэй, - нам варта скiраваць на захад, на той бераг ракi, паглядзець, якiя мясцiны там. Днямi я быў там, i мне здалося, што там яшчэ вышэй. А ты не заўважыў, што чым вышэй, тым цяплей?

Рой кiўнуў галавой:

- Унiзе каля возера зараз, вiдаць, градусаў на пяць халадней, чым тут. I сушэй. Рукi там проста дымяцца, калi знiмеш рукавiцы. - Рой зiрнуў на сваю руку i толькi зараз заўважыў у руцэ ў Мэрэя ружжо. - Ты што, на паляваннi? спытаў ён.

- Проста шукаў аленя, - i вялiкая рука Мэрэя нецярплiва перахапiла ложа армейскай вiнтоўкi. - У пастцы iх не дачакаешся. Вось убачу буйнога самца, i нам хопiць яго на некалькi тыдняў.

- Ох i пападзе табе ад Зела, калi захочаш страляць тут! - папярэдзiў Рой.

- Ану яго! Плаксiвец! - са шкадаваннем сказаў Мэрэй. - Зайдзi ты з таго боку лесу, напярэймы, а я паспрабую выгнаць, - папрасiў ён Роя.

Уяўленне пра дарогу ў Сент-Элен у Роя даўно знiкла. Ён сказаў: - Ну што ж, - i пайшоў за Мэрэем па снезе i па скалах на сама аленевую строму. Па дарозе iм сустракалася шмат слядоў, адбiткi капытоў, памёт, з'едзеныя верхавiны маладых клёнаў, але хоць яны прачасалi, падзялiўшыся, вялiкую паласу лесу, нiчога iм не трапiлася. Нават i гэтае паляванне без ружжа давала Рою задавальненне, i ён упершыню ўсвядомiў, як сумна займацца толькi адловам баброў. Ён бачыў гэта i па Мэрэю. Мэрэй быў паляўнiчы ад прыроды, у iм было мала ад звералова, i калi ён iшоў па гэтай краiне з ружжом у руках, гэта было апраўдана ўсiм: i яго няўрымслiвай галавой, i яго цвёрдым крокам, i яго моцнай рашучасцю забiць усё, што нi трапiць на мушку.

- Глянь, - раптам гучна зашаптаў Мэрэй.

Яны ляглi на зямлю за снежнай гурбай, як зайцы, што схавалiся ў канаве. Спераду i нiжэй, на ўскраiне замерзлага балота, паказалiся два вялiкiя цёмныя звяры. Яны былi напалову схаваныя за кустамi, але iх выдавала вялiкая рагатая галава.

- Ат, д'ябал! - узбуджана прашаптаў Рой. - Гэта ж лось са сваёй каровай.

Мэрэй ужо папоўз убок, каб вылезцi з валуноў i кустоўя, якiя перашкаджалi яму прыцэлiцца. Рой застаўся на месцы, аддаючы права дзейнiчаць Мэрэю.

Але не паспеў Мэрэй выстралiць, як лось, адчуўшы чалавека, iрвануўся цераз лёд у балота, ласiха за iм. Гледзячы на высока ўзнятыя рогi, Мэрэй зразумеў, што скачкi станавiлiся ўсё больш шырокiмi i хуткiмi. Але ласi былi занадта цяжкiя, лёд пад iмi трашчаў i ламаўся, амаль заглушыўшы першы безвынiковы стрэл Мэрэя. Яны ўжо мiнулi замерзлае балота, i, адколваючы вялiкiя кавалкi лёду, лось ужо выбiраўся з вады, калi грымнуў другi стрэл. Але Мэрэй цэлiўся не ў лася: блiжэй да яго была ласiха, якая яшчэ боўталася ў вадзе. У тое ж iмгненне лось рэзка павярнуўся, убачыў, што адбылося з самкай, i кiнуўся ў напрамку Мэрэя i Роя. Усiм сваiм масiўным целам ён урэзаўся ў замерзлае балота, нiбыта i не заўважыў яго, вялiзныя капыты ўздымалi фантаны белага раструшчанага лёду. Ён разбураў усё на сваiм шляху. Калi выбраўся на зямлю, ён без прыпынку кiнуўся на паляўнiчых, ламаў дрэвы, адкiдваў вялiкiя камякi снегу, з хуткасцю i злосцю шалёнага слана. Рой схаваўся за вялiзны валун, лёг на зямлю, i, калi лось пранёсся мiма, ён праз цяжкi грукат страшных капытоў пачуў гук стрэлу. Мэрэй прамахнуўся, грукат капытоў сцiх удалечынi, i тады яны ўсталi, трывожна азiралiся.

- Я яго адразу ж забiў бы, - сказаў Мэрэй, - але я не ведаў, куды ты адскочыш, i прытрымаў стрэл, аднак, думаю, я яго ўсё ж падстрэлiў. Вось дык махiна! - Марэй аж крычаў ад захаплення i, апераджаючы Роя, кiнуўся ў халодную ваду да вялiкай тушы, якая сцякала густой цёмнай крывёю на скрышаны лёд.

- Ну вось вам i мяса! - гучна крычаў Мэрэй.

Вядома, не мяса парушыла яго звычайную абыякавасць, i Рой гэта ведаў. Але, нягледзячы на гэта, Мэрэй страляў у ласiху таму, што мяса яе было больш прыемнае, чым у самца. На сваiм участку кожны паляўнiчы страляў бы, вядома, па самцу, бо звычайна ласiх бывае менш, але Мэрэй, нават калi б у яго быў свой участак, не прытрымлiваўся гэтых правiл. Для яго адна жывёлiна была варта другой.

- "Забаронена законам, - працягла прамовiў Рой, пераканаўшыся, што ласiха мёртвая, - паляваць, лавiць альбо iншым чынам знiшчаць самак аленя любога ўзросту".

Але Мэрэй яго не слухаў. Ён яшчэ цешыўся забойствам i рыхтаваўся разбiраць тушу. Трэба было спачатку выцягнуць яе на цвёрдую зямлю. Раўняючыся сiлай з жывёлiнай, якую ён забiў, Мэрэй схапiўся за вялiкую галаву, напружыўся i з дапамогай Роя зрушыў яе з месца, з цяжкасцю выцягнуў гэтыя трыста мёртвых кiлаграмаў на бераг i задаволена выцер успацелы твар мокрым рукавом.

- "Таксама забаронена законам, - нараспеў i на ўвесь голас працягваў Рой, - страляць цi iншым спосабам знiшчаць любога лася, якi плыве ў вадзе любога возера альбо ракi".

- Якi плыве! - паўтарыў Мэрэй. - Гэты дурны лось сам завёў сваю карову сюды. I яна засела. Iнакш я напэўна прамахнуўся б.

Рой засмяяўся.

- Але ўсё адно ты забойца, Сахаты! - сказаў ён.

Мэрэй не стрываў:

- А ты часам бываеш падобны на iнспектара ў паляўнiчых штанах.

Гэты абмен камплiментамi надаў iм добрага настрою, i яны пачалi разбiраць ласiху, пакуль яна яшчэ не астыла. Яны не клапацiлiся, каб разабраць яе па ўсiх правiлах, а толькi паднялi тушу на дрэва - ад ваўкоў i адсеклi ад задняй часткi добры кавалак на першы час. Калi закончылi гэта, вымылi акрываўленыя рукi ў палонцы i выправiлiся ў зваротны шлях. Яны пераможна пратоптвалi сабе сцежку ў снезе: ляжка ласiхi тырчала з заплечнага меха яе забойцы.

Iхняя ўзбуджанасць усё яшчэ не знiкла, i ўсю дарогу яны жартаўлiва перамаўлялiся, як раптоўна iхнюю бесклапотную балбатню перапынiў стрэл.

Яны знерухомелi.

- Гэта не Зел, - сказал Рой. - Надта далёка!

- I нашмат больш на поўнач, - задумлiва дадаў Мэрэй.

На поўнач - азначала, што стралялi ў глыбiнi заказнiка, значна глыбей, чым зайшлi яны самi.

- Ну вось, - прамовiў Рой, якi ўсё яшчэ перажываў сваю радасную бесклапотнасць: - Гэта, вiдаць, нейкi абходчык адгукаецца на нашыя стрэлы, лiчыць, што стралялi свае. I нам зараз застаецца спакойна сядзець i чакаць, калi нас зловяць.

Пасля гэткай фiласофскай высновы яны працягвалi балбатаць, i iхняе шчаслiвае ўзбуджэнне не магла парушыць нават думка пра незразумелы стрэл. Яны шумна ўвалiлiся ў хацiну, але тут iх сустрэў злосны Зел Сен-Клэр.

Ён абрынуў на iхнiя галовы цэлую лавiну французскай i ангельскай лаянкi, абвiнавацiў абодвух у iдыятызме i злосных намерах, гаварыў, што абодва яны ўступiлi ў змову супраць яго, што яны ўцягнулi яго ў гэтую брудную справу i нагрузiлi ўсёй цяжкай працай, што яны падманваюць яго, хлусяць i яшчэ Бог ведае што.

Гэта засмуцiла Роя: ён бачыў, што Зел думае пра гэта сур'ёзна, а такiх важкiх i горкiх абвiнавачванняў Рою не даводзiлася чуць нi разу ў жыццi. Мэрэй дык проста паклаў свой ласiны кавалак на стол i пачаў рэзаць яго нажом, а косцi секчы сякерай, на папрокi Зела ён адказваў толькi асаблiва сярдзiтымi ўдарамi гэтай маленькай, але смяротнай зброi. Калi Мэрэй, нарэшце, адрэзаў кавалак, дастатковы для вячэры, ён падаў яго Зелу, тым самым моўчкi запрашаючы яго заняцца сваёй справай. I тут раптам Зел сцiшыўся i заплакаў ад прынiжэння. Ён схапiў мяса, шпурнуў яго ў сцяну i куляй выскачыў у марозную цемру. Мэрэй падняў мяса, вельмi марудна i старанна абцёр яго i паклаў на скавараду. Рой узяў вядро i пайшоў па ваду, а заадно зiрнуць, як там Зел. Зел сядзеў каля азярца i плакаў, як малое дзiця. Рой спакойна пасядзеў каля яго, а пасля сказаў:

- Хопiць, Зел. Тут холадна.

Зел пайшоў за iм i пачаў кухарыць i падаваць на стол, моўчкi i старанна. Калi ўсе ўжо наелiся сакавiтага i смачнага мяса, Зел, нарэшце, перапынiў маўчанне:

- А вы чулi той стрэл? - спытаў ён жаласлiва.

- Вiдаць, яшчэ адзiн галодны браканьер падстрэлiў сабе аленя на вячэру, разважна прамовiў Рой.

- А мне здалося, што гэта драбавiк, - зазначыў Мэрэй.

- А мо гэта Самсонава пушка? - выказаў меркаванне Рой.

- Не, - сур'ёзна запярэчыў Зел. - Ён нiколi не кiне Скоцi.

Рой усмiхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоцi i Самсона. Яму не хапала магчымасцi адзiн або два разы за сезон схадзiць да iх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоцi альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць iхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.

- Люблю я Скоцi, - прамовiў ён. - Цяжка было б без яго Самсону.

Нiхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, i Рой выкiнуў гэта з галавы. Яму не хапала i Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сiтуацыi. Пра гэта таксама варта было забыцца, i Рой са здзiўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нiбыта пераступiў, нарэшце, мяжу, i ў вялiкай адзiноце гэтага жыцця мiнулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мiнулае можна было згадваць i нават сумаваць па iм, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымiтыўная хацiна здавалася не такой i дрэннай, калi ў ёй спрачалiся. Калi Зел паводзiў сябе больш спакойна, а Мэрэй больш чалавечна, i ў гэткiм невялiкiм прыстанiшчы было дастаткова прасторна i ўтульна. Усё гэта было часцiнкай сапраўднага, i Рой адчуваў, што варта дастойна пражыць i гэтае жыццё. Шторанiцы, i з кожным днём усё мацней, ён жыў асалодай, як будзе iсцi вакол возера, уверх па хрыбтах i куды-небудзь убок, наўздагад. Пакуль рухалiся яго ногi, ён быў шчаслiвы, i Джэк, i Скоцi, i Самсон, i Эндзi былi з iм як успамiн дзяцiнства; ён памятаў iх выразна, але з яго жыцця яны сышлi.

- Як справы з бабрамi? - спытаў у яго аднойчы ранiцай Мэрэй, калi збiраўся ў звыклы паход. - Усё яшчэ хапае?

- Ледзь спраўляюся з iмi, - адказаў Рой.

Мэрэй усмiхнуўся:

- Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхi i назад?

Рой ведаў, што Мэрэй хiтруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаi была i свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненнi. Раней Рой нiколi не мiрыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць i рабiць. Ён нават мог уявiць сабе Эндзi i Джынi i маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.

Эндрус, вядома, зазлуе. Часамi на яго не было супынку, i колькi разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака i ўдары галавой, якiмi Эндзi частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзi звар'яцее. Ну i што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзi не прывык стрымлiваць свой язык, вось ён i вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокi, знявагу, кпiны. Ён мог абразiць Роя, зрабiць яму балюча, больш балюча, чым хто iншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасцi, схаваным падмане, халодным разлiку. Рою, якi сам нiколi не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзi вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, i Джынi таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробiць Эндзi ў адносiнах да Джынi? Цi кiне ён у твар ёй тыя ж знявагi, цi пакажа яе як распуснiцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так i турзала ўскочыць i выставiць Эндзi контрабвiнавачваннi. Якое права мае Эндзi вяртацца i патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсiм вiнаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у iхняе жыццё, ён здрадзiў iм. Але цi гэтак будзе разважаць Джынi? Яна павiнна адчуваць тое ж, што i Рой! Яна ведае, што памiж iмi iснуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якiя б нi былi на гэты конт законы краiны.

Калi б Роем кiравалi абурэнне i ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакiнуў бы хацiну i накiраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькi знiкла пачуццё лёгкасцi, прынесенае фаталiзмам, Рой зноў станавiўся грэшнiкам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзi Эндруса вiнаватым аказаўся ён сам, i Джынi, i ўвесь свет. Джынi была для яго страчана, як страчана была дзiчына ў Муск-о-гi, i Сэм, i страчаны Сент-Элен. Нiчога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.

- Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, - сказаў яму неяк Мэрэй, калi выходзiў з хаты. - Ты нечым заклапочаны?

Рой нiчога не адказаў, пацiснуў плячыма i пайшоў на сваё возера Фей.

Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркi стала для яго дакучлiвай павiннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такiмi спосабамi, якiх нiколi раней не дазваляў сабе, як занадта згубных i спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сiло, i ён пачаў ставiць iх петлi з дроту зусiм блiзка да выхада з хатак i на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знiшчэнне. Гэткiя спосабы палявання ў Муск-о-гi заўсёды выклiкалi ў Роя агiду, але зараз ён са здзiўленнем лавiў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнiкае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сiло для лоўлi бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькi адкрыты цынiзм, накшталт хуткасцi i спрыту, з якiм ён спраўляўся з сiло, каб хутчэй пакiнуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак i планаў, якiя зараз займалi большую частку ягонага дня. Калi яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, i чым блiжэй знаёмiўся ён з гэтай краiнай, тым большым станавiлася нецярпенне закончыць аблоў, правесцi яго iнтэнсiўна, нават бязлiтасна, каб толькi хутчэй вызвалiцца i цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краiны Срэбных Даляраў.

- Дзе ты прапаў? - аднойчы спытаўся ў яго Зел цiхiм, светлым вечарам, калi яны засталiся ў хацiне ўдвух. - Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нiбыта i не было!

Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.

- Вiдаць, блукаў недзе паблiзу, - з сумам азваўся ён i адразу ж пашкадаваў пра гэта. - Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зiрнуць, цi нiкога няма вакол. Ды i холадна на гэтым балоце, не вытрымлiваю.

- Вы з Сахатым толькi тым i заняты, каб блукаць невядома дзе, прамармытаў Зел. - Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.

Але гэтай ноччу Мэрэй так i не вярнуўся. Зел занепакоiўся, а Роя гэта хоць i турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калi ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што i не вернецца за адзiн дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмi вопытны лесавiк. Iншым, больш гераiчным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнiк новых земляў, чалавек, якi мог бы пракласцi шлях, знайсцi неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент i не надаць асаблiвай увагi свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькi наступны пагорак альбо наступную далiну, ён i зараз, верагодна, затрымаўся на нейкiм з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь далiне, замарозiў сябе на трыццацiпяцiградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, якi Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросцiў Сахатаму.

- Ты пойдзеш шукаць яго? - спытаў Зел, калi прачнуўся марозным досвiткам.

- Не, - адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканiчна.

Якраз апоўднi першага дня адсутнасцi Мэрэя Рой заўважыў, калi выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схiле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечынi на крутым снежным схiле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў памiж двух ствалоў, i па нейкiх асаблiвых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласцi, што будаваў памост. I Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнiк для пушнiны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў i недасяжная для драпежнiкаў.

- Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, - усмiхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлiчваць iхнюю пушнiну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махiнацыях Зела, пасля пацiснуў плячыма i пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, i не раззлавала. Яму было абыякава, i дробны махляр Зел i яго пушны склад, - усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.

Некалькi разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вiнтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасцi ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагiбельнай для iх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, i вярнуўся ён толькi праз суткi. Ён прыйшоў з першымi парывамi завiрухi. Яго твар пунсавеў, калi ён нагой адчынiў дзверы i кiнуў на падлогу блiскучую чорную шкуру вялiзнага мядзведзя. Рой зачынiў дзверы, у якiя рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся i строс з галавы i шыi тоўсты пласт снегу.

- Так атрымалася: цi мне загiнуць, цi яму, - сказаў Мэрэй пра мядзведзя. Вось я яго i забiў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезцi, i я другiм уляпiў яму ў горла. А тлусты! Стаiць раскiрэчыўшыся, нiбыта скунс, а такi тлусты, што i з месца не можа скрануцца.

- А што яшчэ прынёс? - спытаў Зел.

- Ат, дробязь, - сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькi скурак. - Лiсяня ды кацяня, вось i ўся здабыча.

- I гэта за тры днi палявання! - заенчыў Зел.

Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хацiну, але зараз Мэрэй маўчаў, i гэта было папярэджанне Зелу i злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, якi лянiва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, якi гатовы кiнуцца на дакучлiвую нiкчэмнасць i павалiць яго, затаптаць магутнымi капытамi. Рой бачыў гэта, i яму было ўсё роўна. Ён безуважна назiраў, чыя ж возьме, як назiраў бы за сустрэчай вавёркi i шашка, калi б яны задумалi падужацца. Для Роя гэта былi новыя адносiны да людзей, якiх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькi ведаў, што кожны з iх зараз самагодная адзiнка i мяжа iхняй адчужанасцi менавiта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылi, яны засталiся замкнутымi адзiночкамi: няма ў iх нi сяброўства, нi ўзаемнай дапамогi. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасцi яго не кранала, i яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з iх.

Снег iшоў трое сутак, i часам напружанасць станавiлася пагрозлiвай. Чым больш спакойна i бесклапотна адмахваўся ад дакучлiвай мухi Мэрэй, тым больш ядавiтым i iстэрычным станавiўся Зел. Памiж iмi не ўзнiкала сапраўднай спрэчкi, толькi дробныя сутычкi: каму галiцца першым альбо хто прынясе вады, цi хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калi Зел заявiў, што, як толькi скончыцца завiруха, iм трэба выбiрацца з заказнiка. Пушнiны ў iх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулi ўвагу, i iх шукаюць.

- Яшчэ не выплакаў свайго воцату! - сказаў Мэрэй.

- А ты наогул не хочаш мець нiякiх стасункаў нi з чым, - з'едлiва азваўся Зел, i твар яго скрывiла ад злосцi. - Ты страцiў рэшткi чалавечага аблiчча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становiшся лясным зверам i Роя цягнеш туды...

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкi.

- А ты таксама страцiў сваё ранейшае аблiчча, Зел, - сказаў Мэрэй. - Пара табе садзiцца на зямлю ў Сэнт-Элене i заняцца фермерствам. Вiдаць, iнспектар адбiў табе ўсе бэбахi. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмi прыдатнае!

- Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзiць кулю ў патылiцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, - адказаў Зел. - I калi ты думаеш, што я спалохаўся iнспектара, можаш ашчаджаць слiну, гэтаму iнспектару засталося нядоўга гуляць. А калi хочаш каму-небудзь параiць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свiнарнiку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Iхняе маўчанне яшчэ больш распалiла шаленства Зела.

- Ты спытай у Роя, што ён будзе рабiць, калi Эндзi зразумее, хто займаў яго месца апошнiя дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, i яно адразу ж прасвiстала ў паветры i стукнулася ў сцяну хацiны, але Мэрэй своечасова спусцiў з ложка тоўстую нагу i сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукiшках, Рой быў падобны на "вадзянога быка", мускулы на шыi набрынялi i, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкiя рукi вiселi па баках, быццам гнеў яго знясiлiў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў i ўздыхнуў.

- Ну, - сказаў ён i выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. - Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусiм чорна. - Ён дастаў бутэльку спiрту, пераступiў цераз скурчанага на падлозе Зела i стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. - Не прадыхнуць ад воцату! - дадаў ён, налiваючы ў два кубкi. - Вось вам. За тое, каб згiнулi, нарэшце, закон i парадак.

Не закон i парадак, а думкi пра Сент-Элен, вось што трэба было залiць Рою вiном. Удар Зела здзiвiў яго мацней, чым ён мог чакаць, i, здавалася, перарэзаў апошнюю нiтачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, i ўзяўся за бутэльку, адкiнуўшы ўсялякiя цуглi, i горыч праглынула ў iм рэшткi цвярозага гумару.

Раздзел дванаццаты

Калi завiруха, завалiўшы ўсё снегам, нарэшце сцiхла, Рой узяў ружжо i на лыжах выправiўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў i застрэлiў аленя. Хоць Рой разабраў тушу i павесiў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забiваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў iх яшчэ заставаўся вялiкi запас ласiнага мяса. Але, калi ён i ўсвядомiў на iмгненне ўсю непатрэбнасць iмкнення забiць, гэтая думка згiнула ў радасным адчуваннi, што ён зноў на паляваннi, i ён не сыходзiў з хрыбтоў, працягваў падпiльноўваць дзiчыну, ён быў гатовы забiваць усё, што трапiць яму на мушку, забiваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нiчога, акрамя паляўнiчага азарту.

Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзiўным. Вялiкая заснежаная краiна, краiна доўгiх закругленых лiнiй, якiя недзе ўдалечынi пераходзiлi ў снежны гарызонт. Пад нагамi то цвёрды гранiт, то мяккiя гурбы. А лясы i азёры нiбы вялiзныя сховы цiшынi. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, i кожны раз, як яно чулася, гэты гук вiбраваў i праходзiў праз ногi Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогi, частка таго, што i трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзiў так далёка, што даводзiлася вяртацца, каб паспець да цемры.

Рой закiнуў усе свае пасткi на возеры, i гэта непакоiла яго. Што гэта за лоўля, калi пасткi цэлымi суткамi заставалiся са здабычай, але яшчэ горш было пакiнуць iх пасля завiрухi. Завiруха замяла пасткi, i, акрамя збору здабычы, трэба было пераставiць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынулiся глыбока ў снезе.

I гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова i агледзець пасткi, бо ён заўважыў дым на ўсходзе i падняўся на адну з блiжэйшых вяршыняў. Але i адтуль ён не мог вызначыць, цi далёка дым, бо снег i шэрае неба скрадвалi адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны i ў гэткi змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць i Мэрэй, i падчас вячэры ў хацiне ён спытаў:

- Ты быў сёння на ўсходнiх участках?

Мэрэй пакруцiў галавой.

- Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкi. Iх там шмат. А што?

Рой расказаў яму пра дым.

- Ты, вiдаць, маеш рацыю, Рой, - прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавiтага мяса. - Нехта вядзе паляванне ў заказнiку, i даволi бяспечна.

- Як i мы! - умяшаўся Зел i зiрнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.

Але Рой не адказаў на выклiк, яго перасталi цiкавiць спрэчкi з Зелам, Мэрэем i з самiм сабой. Ён толькi фыркнуў, плюнуў i працягваў есцi, пытаючыся ў самога сябе, цi прычэпiцца да яго Зел за нявыбраныя пасткi, i панура разважаючы, як ён яго спынiць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правiянту.

- Закончылася бульба, - аб'явiў iм Зел, - i масла таксама. Засталося ўсяго некалькi бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоiкi з ягадамi, слоiк марынаду i крыху хлеба ды сухароў.

Слоiк з ягадамi - падарунак мiсiс Бэртан, а марынад быў ад Джынi. Рою захацелася пакаштаваць, цi смачны ён, цi ўдалося Джынi згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлiвасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавiтасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джынi, як цесна звязаны iх жыццi, як гэта было правiльна i як правiльна гэта было б i ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго iстотай, i ўпершыню з часу вяртання Эндзi ён уявiў сабе ўвесь воблiк Джынi; усё iхняе знаёмства; i пасля скачок ад прыватнага, ад iх блiзкасцi, - да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джынi, як бы нi супрацiўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусцiць, каб з Джынi так мiмаходам здзекаваўся нейкi прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзi. Не, ён гэтага не стрывае!

Але цi не позна? Справа не ў Эндзi, а ў iм самiм. Ён загiнуў; i не толькi таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапiла яго з таго асяроддзя, iснаванне па-за якiм для яго было немагчымым. Гэта зрабiла з яго адзiночку - i ўсё. I вось зараз ён меў вынiк свайго паражэння, дзялiў яго са сваiмi спадарожнiкамi: двума загiнуўшымi чалавекамi.

- Давай пакаштуем марынаду, - сказаў Рой Зелу, калi яны селi за стол.

- Гэта што, справа рук Руфi Мак-Нэйр? - спытаў Мэрэй.

Рой адмоўна пакруцiў галавой i сарваў накрыўку.

- А як маецца Сэм? - працягваў Мэрэй.

- Выдыхся! - сказаў Рой, торкаючы вiдэльцам у зялёныя памiдоры.

- Яны там у горадзе ўсе выдыхлiся, толькi гэтага не ведаюць, - сказаў Мэрэй.

Рой адарваўся ад ежы.

- Толькi не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!

- Ну, як марынад? - спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якiя ўсё разумелi.

- Смачны, - сказаў Рой. У памiдорах было занадта цукру, але для першага разу нiчога; зрэшты, iншыя разы для Джын, вiдаць, былi яшчэ менш удалыя.

- Два-тры дрэнныя гады - i Джэк здасца, як i iншыя, - падсумаваў Мэрэй.

Рой не спрачаўся.

Ранiцай ён праверыў пасткi i дастаў з-пад снегу столькi здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткi з-пад снегу i закладваючы iх на новым месцы, ён заадно не мог не адзначыць асаблiвыя павадкi баброў на новых сцежках у глыбокiм снезе. Часова гэта яго захапiла, асаблiва калi ён натрапiў на двух старых баброў, якiя валiлi невялiкую вярбу. Ён назiраў, як яны паводзiлi сябе: пачалi грызцi ствол не з таго боку i ўсё ж звалiлi вярбу на чысты лёд, дзе iм зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусiм не ў здагадлiвасцi бабра, якi валiць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, iменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслi дрэвы. Большая частка галiн у вынiку трапiчных умоў расце звычайна на асветленым i адкрытым баку i пераважае сюды дрэва, таму яно i падае на адкрытае месца, як бы нi падгрызалi яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсмiхаўся, назiраючы за гэтымi бабрамi, i распачаў з iмi гульню ў снежкi; ён цiхенька наблiжаўся да iх, каб праверыць, як блiзка можна падысцi, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць i лёг у снег, ляпiў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэлiўся i снежкай збiў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж iмгненне вярба з шумам упала, i ён здрыгануўся ад нечаканасцi. Спалоханыя бабры знiклi, а Рой, пасмiхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. I ўсё-такi ён не зняў ненажэрныя сiло, якiя i на гэты раз падвоiлi яго здабычу.

- Справа ёсць справа, - суцяшаў сябе Рой. - Пакуль можаш, бяры што можаш.

У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмi блiзка.

"Напэўна, гэты забойца - Сахаты", - падумаў Рой.

Стрэлы яго ўсхвалявалi; але крыху пазней ён зусiм страцiў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнiнай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногi выцягнутыя, як палкi. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла i пушнiна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсцi раны альбо ўкусы, але нiякiх адзнак вiнаватага ў смерцi не было. Прыкметы, аднак, былi вiдочныя, i Рой не стрываў.

- Яшчэ не хапала, каб Зел скарыстаў белае сiло! - сказаў ён гучна.

Белым сiло iндзейцы называлi яд, i труп ваўка сведчыў альбо пра прамое атручэнне, альбо пра тое, што ён з'еў iншую атручаную жывёлiну. Апошняе было больш верагодным, бо Зел нiколi не згадваў пра сiло на ваўка. Зел, вiдаць, клаў атручаную прынаду ў пасткi для андатраў, норак i iншага пушнога звера. Сорам, якi адчуваў Рой з-за сваiх бабровых сiло, знiк перад гэтым разбуральным зверствам. Атручэнне не абмяжоўвалася першай ахвярай. Атручаная жывёлiна, уключаная ў ланцуговую рэакцыю знiшчэння адных драпежнiкаў iншымi, можа атруцiць яшчэ пяць. Гэты атручаны воўк, якi, верагодна, пакаштаваў атручанай андатры, у сваю чаргу, нёс смерць для кожнага звера, якi захацеў бы пакаштаваць яго мяса, няхай гэта мядзведзь, пацук, лiса, iншы воўк, кунiца, рыбалоў, рысь альбо нават вушастая сава.

Рой адцягнуў ваўка да россыпу валуноў i прыкрыў iмi труп як мага больш старанна. Яго абурэнне не знiкла, але ён памеркаваў, што наўрад цi мае права абурацца. Чым злачынства Зела горшае за яго ўласнае злачынства? I дзе тыя абвiнавачваннi Зелу, якiх ён не мог бы дастасаваць да сябе? Труцiць пушнога звера - гэта толькi крыху горш за паляванне з дапамогай сiло на бабра, i, хто ведае, цi не дайшоў бы сам Рой да атручэння баброў? Ён i думкi не дапускаў апраўдваць сябе адноснасцю маралi, яго палохала сiла самаабвiнавачання, якое выклiкала ў iм гэта здарэнне. Ён адчуваў не толькi вiну, гэта было самавыкрыццё. Гэта адкрывала Рою вочы на ўласныя паводзiны больш, чым якiя-небудзь папярэднiя ўчынкi альбо словы. Яму хацелася хутчэй вырвацца адсюль назад, да Скоцi i Самсона, назад да людзей, дзе немажлiвай будзе гэта пагiбельная адзiнота, разбэшчванне i распад. Яму хацелася вырвацца адсюль, пакуль яшчэ яго не злавiлi, не пакаралi, не выкiнулi з асяроддзя людзей. Яму хацелася вырвацца з гэтага заказнiка назад да сваёй звыклай лоўлi, да звычайнага жыцця, да адчування бяспекi, народжанага кантактамi з людзьмi, назад у Сент-Элен.

Нарэшце, вось яно. Гэта не было асабiстае рашэнне Роя, гэта было вызваленне ад бязглуздай волi лёсу. Што б нi было ўжо страчана, Сент-Элен усё ж заставаўся ключом да ўсяго ягонага iснавання, i ўцячы яшчэ раз ён не здолее. Рой зразумеў, што ў ягоным жыццi ёсць штосьцi большае, чым адзiнота, страх i паражэнне. Трэба было змагацца. Ён даволi доўга жыў цвёрдай самадысцыплiнай, страх перад будучай бядой не мог авалодаць iм надоўга. Ён ведаў, што перш за ўсё яму трэба вярнуцца ў Муск-о-гi i ў Сент-Элен, назад да рэальнасцi, да непазбежнага вырашэння ўсяго далейшага жыцця, назад да Эндзi Эндруса.

Раздзел трынаццаты

Рой чакаў зручнага выпадку, каб прапанаваць сябрам выправiцца ў зваротны шлях. Пачаўся люты, i хутка трэба будзе спыняць любое паляванне. Ён разабраў усю сваю пушнiну, спакаваў яе, усведамляючы, што больш ён не падыме нiводнай скуркi. З ежай было складана, запас быў на зыходзе, i яны харчавалiся амаль выключна мясам. Акрамя таго, вакол iх у заказнiку стала выразна адчувацца небяспечная прысутнасць iншых людзей. Ужо некалькi разоў проста над галавой у iх з'яўляўся маленькi гiдраплан. Усё, здавалася, было падрыхтавана для вырашальнага сiгнала Роя да выступлення, але зручнага моманту не знаходзiлася.

Мэрэй зноў некуды знiк, а да Зела нельга было падступiцца. Гэты чалавечак даведаўся, што для Роя не сакрэт ягоныя падзвiгi атрутнiка. Акрамя таго Рой меркаваў, што Зел хоча давесцi свой тайнiк да такiх памераў, каб можна было яго даiць будучым летам i восенню. Зел быў так захоплены стварэннем гэтага таемнага склада, што зараз i не заiкаўся пра тое, каб паспяшацца з адыходам з заказнiка. Ён нават пераадолеў свой страх перад прысутнасцю пабочных у заказнiку i змрочна карыстаўся непаўторнай магчымасцю адразу паквiтацца за многiя гады няўдач. Рой не знаходзiў сiлы нi крытыкаваць, нi прыспешваць Зела. Ён не мог перашкаджаць чалавеку, якi адчайна змагаўся з сiлай абставiн.

Аднак трывога Роя ўсё большала.

Ён ведаў, што рана цi позна, як толькi паблiзу з'явяцца пушныя абходчыкi альбо леснiкi, iхняя прысутнасць будзе выяўлена. I Мэрэй толькi спрыяў гэтаму. Падчас яго адсутнасцi буйнакалiберная вiнтоўка заяўляла пра сябе гучна i часта, i Рой пачынаў думаць, што лес назаўсёды праглынуў Сахатага. Рой вырашыў, калi Сахаты хутка не вернецца, iсцi без яго, нават без iх абодвух, калi спатрэбiцца.

Але атрымалася так, што менавiта Зел i прымусiў iх зняцца з месца.

У адсутнасць Мэрэя Рой, у дадатак да лоўлi баброў, звычайна абходзiў i ягоныя пасткi на звярыных сцежках, i на адной з такiх сцежак яго дагнаў Зел. Быў моцны, пякучы мароз, i змерзлы Рой прысеў, каб перакусiць кавалкам халоднай ласяцiны разам з рэшткамi марынаваных памiдораў са слоiка Джын.

- Рой! - задыхаючыся прашаптаў Зел. - Рой, iдзi хутчэй, зiрнi сам. Лопнiце мае вочы, калi зараз нейкiя два д'яблы не пракладваюць сцежку па схiле. Пайшлi на вяршыню. Iдзi хутчэй!

Дажоўваючы ласяцiну, Рой iшоў за Зелам да блiжэйшай вяршынi - крутога пiка з пляцоўкай наверсе. Зел асцярожна запоўз на пляцоўку i паказаў Рою на асветлены сонцам пакаты схiл, як ён казаў, ён бачыў цi то дзве, цi то тры чалавечыя фiгуры.

- Паслухай, Зел, - сказаў Рой. - Як ты мог што-небудзь убачыць на такой адлегласцi? А мо гэта проста аленiха з дзiцем?

- Двухногая аленiха? - з'едлiва адказаў напарнiку Зел.

- На такой адлегласцi што хочаш можа здацца!

- Пачакай, сам убачыш, - сказаў Зел. - Калi яны сапраўды пракладваюць сцежку, яны з'явяцца на тым жа схiле, толькi вышэй. Пачакай, зiрнi...

Рой скончыў ласяцiну i пачаў назiраць за далёкiм схiлам. На iм была сотня адкрытых палосаў памiж купкамi соснаў, i на кожнай з iх маглi з'явiцца людзi, якiя прабiвалi сцежку. Калi яны з'явяцца на гэтым схiле, за пяць мiль адсюль, значыць, яны iдуць на поўдзень, але Рой пакуль яшчэ не надта давяраў паведамленню Зела.

- Глядзi! - прашаптаў Зел i ледзь не падскочыў ад узбуджанасцi. - Глядзi вунь на тую адкрытую палоску памiж сухiмi клёнамi. Глядзi!

- А ты маеш рацыю, - сказаў Рой, бо ён выразна ўбачыў дзве маленькiя чорныя фiгуркi, гэта праўда былi людзi. Яны iшлi адзiн за адным, высока падымалi ногi, i таму нават на такой адлегласцi можна было беспамылкова сказаць, што яны чалавечага роду.

- I нi той, нi другi не Мэрэй, - сказаў Зел. - Занадта малыя.

- Мо гэта якраз тыя браканьеры, - выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.

- Абходчыкi! - заенчыў Зел i нагнуўся. Адна з фiгур падняла рукi, быццам падносячы да вачэй бiнокль. - Абходчыкi або леснiкi! - паўтарыў Зел. - Трэба ўцякаць адсюль.

- Трэба паглядзець, што яны будуць рабiць, - хутка запярэчыў Рой i ўтрымаў Зела. - Паглядзiм, куды яны пойдуць.

Пакуль яны гаварылi, чалавечкi паднялiся на вяршыню i сталi азiрацца, затым павярнулi на сорак пяць градусаў i пайшлi назад, на паўночны захад. Рой iмгненна павярнуўся, пачаў узiрацца ў паўночныя хрыбты i хутка ўбачыў тое, што i чакаў убачыць.

- Вунь там яшчэ двое, - сказаў ён Зелу i паказаў на поўначы яшчэ дзве фiгуркi, якiя на iмгненне з'явiлiся на хрыбце. - Бачыш, што яны робяць? спытаў ён у Зела. - Чацвёрка праходзiць усю мясцовасць зiгзагамi. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснiкоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлi ў хацiну - i гайда.

- А як жа Сахаты? - спытаў Зел.

- А ты ведаеш, дзе ён зараз?

- Не, але трэба паспрабаваць знайсцi яго. I як быць з пасткамi?

- Кiнуць. Нам нельга марудзiць, калi яны пойдуць у наш бок. Пайшлi адсюль, i хутчэй. - Рой ужо таптаў снег сваiмi кароткiмi гумовiкамi, выкiдваючы наперад рукi, каб iхняя вага падштурхоўвала яго наперад.

- Калi мы пойдзем без Сахатага, - подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, - дык ён можа папасцiся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзiць.

- Калi ты захочаш папярэджваць яго стрэламi, - сказаў Рой, - тады ўся гэтая хеўра адразу яс навалiцца на нас. Сахаты, вiдаць, ужо сам заўважыў гэтых законнiкаў. Пайшлi... Хутчэй!

- А мне здаецца, што трэба даць некалькi стрэлаў.

У Роя быў вiнчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё "не".

- Пачакай, вось выберамся з хацiны ў лес - тады iншая справа, - сказаў ён. - Будзем на сцежцы, тады страляй колькi хочаш.

Рой прыспешыў хаду, стараючыся iсцi па нiзiнах i не чакаючы Зела. За сабой ён пакiдаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было iсцi ўслед.

- I дзе гэта Сахаты? - пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хацiны i ведаючы, што не пакiне яе, пакуль не зробiць хоць нейкай спробы знайсцi Мэрэя альбо папярэдзiць яго. - I дзе падзеўся гэты валацуга?

А валацуга тым часам быў у хацiне, скiдваў з палiц пустыя слоiкi, зрываў са сцен скуры, адзенне i розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром i быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба i цукру.

- Я так i думаў, што вы хутка з'явiцеся, - спакойна сказаў ён Рою. - А дзе Зел?

- Iдзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?

- Вядома. Я за iмi два днi сачыў. Сёння ранiцай я праскочыў проста ў iх пад носам. Ну, вы сабралiся? - Мэрэй набiваў свой мех нейкiм адзеннем. Дапамажы мне спусцiць гэтае смецце ў возера, - папрасiў ён.

Рой дапамог яму аднесцi да палонкi ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро, бутэлькi, кацялок, гаршкi, сапсаваныя пасткi, пустыя каробкi ад патронаў. Яны звязалi вяроўкай усе гэтыя здраднiцкiя доказы iхняй прысутнасцi i затапiлi ў возеры, затым вярнулiся ў хацiну, дзе ўжо збiраўся ў дарогу Зел.

- Калi ты вярнуўся? - спытаў ён у Мэрэя.

- Не вельмi даўно, - адказаў Мэрэй.

- Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзiць нас? - дапытваўся Зел.

- Вось зануда! - сказаў Мэрэй. - Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хацiну. Я ведаў, што вы i самi заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.

Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусiм не так злаваўся i спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся i пачаў мяняць шкарпэткi, пакуль яго спадарожнiкi хутка заканчвалi ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правiзii i пушнiны.

- Ведаеце, што можна было б зрабiць? - сказаў Мэрэй, няспешна i з веданнем справы скручваючы папяросу. - Можна было б знайсцi тут у лесе надзейную мясцiну i залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуi.

- Залягай на здароўе! - адрэзаў Рой.

- А якi сэнс пакiдаць заказнiк, пакуль мы не вычарпалi ўсiх яго магчымасцяў, - сказаў Мэрэй. - У лесе гэтыя малойчыкi нас не знойдуць. Яны, вiдаць, i мiма гэтай хацiны пройдуць i не заўважаць.

- Магчыма, - сказаў Зел. - Але з мяне хопiць, Мэрэй. З мяне хопiць!

У Роя ўсё было сабрана i падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзвалiць за спiну цяжкi груз. Калi дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захiстаўся ад неверагодна цяжкай ношы.

- Крыху паквапiўся, - сказаў ён Зелу.

- Што ты гаворыш? - падазрона спытаў Зел, але адказу не было.

Затым Рой дапамог узвалiць мех Мэрэю.

- Можаш заставацца, калi хочаш, - сказаў Рой, - але я адчуваю сябе як загнаная лiса. Мне трэба пакiдаць памiж мной i абходчыкамi як мага больш адлегласцi. Так што рушым!

Мэрэй старанна зачынiў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, цi няма там правiзii. Яе засталося ў iх вельмi мала, па разлiках Роя - не больш як на тры днi.

- У якi бок пойдзем? - у апошнi момант спытаў Зел.

- Можна прайсцi праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, - сказаў Мэрэй.

- На поўнач? - здзiвiўся Рой. - Навошта на поўнач?

- Туды шлях свабодны, Рой.

- Свабодны шлях у невядомае, - азваўся Рой. - Я пайду на поўдзень.

- Няма сэнсу выходзiць з лесу на поўдзень, - пярэчыў Мэрэй. - Там нас чакае палова ўсiх абходчыкаў заказнiка, i яны сядуць нам на шыю, як толькi мы з'явiмся.

- Ён мае рацыю, Рой, - сказаў Зел, - не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калi адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якiх мы можам выйсцi з лесу i пакiнуць iх з носам.

- Ну выйдзеш ты з лесу, - сказаў Рой, - а што далей? Як ты разлiчваеш патрапiць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогi.

- Сент-Элен? - сказаў Мэрэй. - А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?

- Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, - падтрымаў яго Зел.

- Магчыма, - сказаў Рой i не стаў iм тлумачыць, што поўнач азначае для яго новую пагрозу адзiноты. Яго спадарожнiкi былi ўжо адлучаны ад Муск-о-гi, iм было ўсё адно. Але Рой ведаў, што для яго адзiная надзея - гэта вярнуцца на свой участак i пасля ў Сент-Элен так, каб нiхто i не здагадаўся, што ён быў у заказнiку. Пайдзi ён на поўнач, i яму спатрэбяцца месяцы адседжвання i розныя хiтрыкi, каб дабрацца назад у Сент-Элен, а за гэты час напэўна выявiцца яго злачынства. Да Мэрэя i Зела гэта не мела адносiн, бо яны i без гэтага ўжо толькi ценi людзей. Але калi ён, Рой, зараз не вернецца ў Сент-Элен, iнспектар, вядома, здагадаецца, што справа нячыстая. Значыць, гэта было пытанне бяспекi - але не толькi. Рашэнне яго было цвёрдае. Трэба iсцi на поўдзень, небяспечна гэта цi не. Ён мусiць вярнуцца да свайго ўласнага iснавання. Мусiць. Ён павiнен жыць ва ўласнай хацiне, з яе звыклым укладам, з цвёрдай пэўнасцю, якую яна яму давала, з грамадскiм абавязкам, якi яна на яго ўскладвала. Побач за ракой павiнны быць Скоцi i Самсон, а там за лесам Сент-Элен. Ён мусiць вярнуцца i сустрэцца з Эндзi. Ён ведаў i гэта, нават калi са сцiснутымi зубамi iшоў на рызыку быць злоўленым, прарываючыся на поўдзень. Але ён павiнен быў выбраць гэты шлях i прарвацца мiма абходчыкаў, якiя яго чакалi.

- Iдзiце на поўнач, калi хочаце, - паўтарыў ён. - А я iду дамоў.

Яны зноў пачалi яго пераконваць, але станавiлася надта небяспечна заставацца ў лесе, якi пачалi ўжо прачэсваць два патрулi. Мэрэй не разумеў рашэння Роя, але гэта яго не датычыла. Зел прыгледзеўся да Роя i, здавалася, на iмгненне нешта зразумеў. У яго самога была нават хвiлiна хiстання, а пасля ўзнiкла цьмянае, але яўнае шкадаванне, што ён не можа iсцi з Роем.

- Калi дабярэшся, - сказаў ён Рою, - хоць як-небудзь паведамi маёй старой, што я таксама падамся дамоў, як толькi спраўлюся з гэтай пушнiнай. Скажы ёй, што на гэта мне спатрэбiцца некалькi месяцаў.

- Добра, Зел, - адказаў Рой.

- А на будучы год вернемся сюды? - спытаў Мэрэй.

- Цяжка сказаць, Сахаты, - няўпэўнена адказаў Рой, - але з табой я дакладна ўбачуся.

- Магчыма, - засмяяўся Мэрэй. - Магчыма.

Рой махнуў iм рукой, i ў яго ружжы бразнуў затвор. Затым ён пайшоў унiз па схiле прабiваць сваю апошнюю сцежку па белым возеры Фей. Ён меркаваў, што пакуль яшчэ нiкога з iх не заўважылi. Гэта была перавага перад магчымымi праследвальнiкамi. Ён зiрнуў у чыстае неба з марным спадзяваннем на снег, якi зацерушыў бы ягоныя сляды, але пры такiм надвор'i - а яно магло трымацца яшчэ шмат дзён - ён ведаў, што пакiне за сабой выразны след, след дзвюх чалавечых ног, якi цяжка схаваць у гэтай свежазаснежанай краiне. Ён вырашыў iсцi на захад да Сярэбранай ракi, замест таго каб скiраваць адразу на поўдзень да ўчастка Скоцi. Ён разлiчваў, што калi да Сярэбранай ракi яго не дагоняць, ён можа спакойна iсцi ўздоўж яе русла да самага Муск-о-гi. Таму ён павярнуў на захад.

- Калi хочуць злавiць, дык давядзецца палавiць, - прамармытаў ён, папраўляючы на лбе галаўную папругу, i з гэтымi словамi пачаў паход, якi павiнен быў стаць апошнiм выпрабаваннем для яго дужых ног, апошнiм выклiкам заблытаным абставiнам i чалавечаму закону, адным словам, - яго вынiковым выклiкам лёсу.

Ён адчуваў адносную бяспеку, пакуль трымаўся лясiстых нiзiн, але неўзабаве яму давялося выйсцi на адкрытую мясцовасць, каб перасекчы адзiн хрыбет, а затым i наступны. Ён увесь час стараўся iсцi за чарговым грэбенем, каб схавацца ад праследвальнiкаў, i быў перакананы, што не страцiць нiводнага шанцу, якi давалi яму яго спрыт i знаходлiвасць, як раптам яго аглушыла з'яўленне яшчэ дваiх людзей. Яны з'явiлiся з зусiм нечаканага напрамку i iшлi супрацьлеглым схiлам нiзiны. Ён упаў на снег у цень скалы, але яго мех высока тырчаў над снегам, i Рой, калi назiраў за iмi, адчуваў сябе як паралiзаваны страхам цецярук. Яны былi так блiзка, што ён адрознiваў iхнiя твары, i, без усялякага сумнення, гэта былi пушныя абходчыкi. У iх былi форменныя штаны, скураныя курткi i ўвесь рыштунак абходчыкаў. Яны яшчэ не заўважылi яго, але яму нельга было крануцца з месца раней, чым яны адыдуцца хоць на паўмiлi. Асцярожна паварочваючы галаву, ён азiраўся ва ўсе бакi, пакуль не ўбачыў другую пару таго ж патруля. Iдучы ўлукаткi, яны разам з калегамi густа прачэсвалi ўсю мясцовасць, як гэта рабiў i першы патруль.

Другая пара была так далёка, што Рой ледзь мог iх адрознiць, аднак у адным з iх ён угадаў воблiк, надта падобны на пушнога iнспектара з Сент-Элена. Рой не быў цалкам перакананы, але i ад таго, што ён убачыў, кроў молатам застукала ў ягоных вiсках. Ён усё яшчэ не мог скрануцца з месца, бо першая, блiжняя пара не сыходзiла з грэбеня, але калi яна, нарэшце, стала спускацца, заходзячы яму за спiну, ён цiхенька пералез цераз грэбень i пачаў хуткi спуск, скарыстоўваючы i сваю вагу i вагу свайго грузу, з адчаем i злосцю топчучы снег i ведаючы, што патруль вось-вось перасячэ яго сляды - вось тады i пачнецца сапраўдная пагоня.

Раздзел чатырнаццаты

Нiзка нагнуўшы галаву i выпрастаўшы спiну, ён набiраў хуткасць, быццам паволi сталеючы шторм, дабiваючыся максiмуму, нязменнага i на схiлах, i ў нiзiнах, i праз лес, i ўздоўж хрыбтоў. Ён ведаў, што нiхто не здолее спаборнiчаць з iм адзiн на адзiн, але яму даводзiлася спаборнiчаць з тэхнiчнай перавагай праследвальнiкаў: яны былi больш экiпiраваныя для праследавання, чым ён для ўцёкаў. Перш за ўсё, чацвёра на аднаго, а гэта былi амаль вырашальныя абставiны, калi трэба было прабiваць сцежку. Рою даводзiлася, не збаўляючы тэмпу, самому таптаць сабе сцежку, часцей лыжамi. А чацвёра праследвальнiкаў маглi рабiць гэта па чарзе, даючы адпачынак тром iншым. Ужо гэтая перавага пазбаўляла Роя надзеi пратрымацца больш за два-тры днi: пасля гэтага, калi не пачне iсцi снег, яны дакладна дагоняць яго.

- Ну што ж ты, снег! - сказаў ён, на iмгненне падымаючы ў неба натруджаную лямкамi галаву.

Але ў небе не было нi хмурынкi, i Рой уключыў i надвор'е ў пералiк сваiх ворагаў, пагарджаючы i ясным небам i застылай марознай бесклапотнасцю.

Рой нi разу не прыпынiўся, не азiрнуўся. Ён узяў на ўлiк паток свайго часу. Каб не паддацца нi на крок сваiм праследвальнiкам, яму трэба было выцiснуць з кожнай хвiлiны ўсю прастору, што ўкладвалася ў яе, кожны крок, цвёрды снег, строга разлiчаны ашаламляльны спуск па крутым схiле. Нiхто не дагнаў бы яго адзiн, i ён хацеў скарыстаць гэтую адзiную сваю перавагу як адзiны шанц на выратаванне. Да высокага водападзельнага хрыбта памiж возерам Фей i Сярэбранай рэчкай ён яшчэ цешыў сябе спадзяваннем, што абодва патрулi не заўважылi яго слядоў i, магчыма, зусiм за iм не гоняцца. Але тыя некалькi хвiлiн, якiя ён прабыў на грэбенi, каб аддыхацца i агледзецца, паказалi, што ягоны след выяўлены i пагоня пачалася.

Ён ведаў i яшчэ адну iхнюю перавагу. У iх былi палявыя бiноклi, а яму даводзiлася напружваць зрок на неадольныя для вока дыстанцыi, i не толькi каб знайсцi iх, але i каб яшчэ раз праверыць, цi гонiцца за iм яго прыяцель i непрыяцель-iнспектар, цi гэта толькi выпадковае падабенства. I зноў ён не мог вырашыць дакладна, i зноў iшоў наперад, прыгнечаны гэтай нявысветленасцю становiшча. Калi сярод iх не было iнспектара - гэта была проста адчайная гонка з прадстаўнiкамi закону. Але калi гэта быў сапраўдны iнспектар з Сент-Элена тады Рой супернiчаў не толькi з законам. Гэта была адкрытая сутычка з адзiнай сiлай, якая магла адабраць у яго ўсё - не толькi па закону, але i як стаўку дваццацiгадовай барацьбы, з якой Рой да гэтага часу выходзiў пераможцам. "Калi гэта скончыцца?" - пытаўся Рой сам у сябе. Ён толькi што пазбавiўся такой жа небяспекi ў заказнiку, а зараз аказалася, што ён мусiў весцi новую барацьбу ўсё ў той жа вайне. Калi гэта скончыцца? Тады, калi ён вернецца? Калi схаваецца ў сваёй паляўнiчай хацiне альбо дома ў Сент-Элене? Цi там усё пачнецца спачатку? Няўжо Эндзi, у рэшце рэшт, пераможа яго? Яго розум працаваў гэтак жа хутка, як i яго кароткiя дужыя ногi, якiя рабiлi адзiн цяжкi крок за другiм i перасоўвалiся наперад, але без нейкай пэўнай канчатковай мэты.

- Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завiруха? - шаптаў ён.

Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, i адвячоркам ён ужо ведаў, што яны iдуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясiлены, каб хавацца, i лёг у сваiм спальнiку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкi i запiў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правiзiю ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалiлася на дно, i зараз ён паспрабаваў прыкiнуць, як доўга хопiць яму ежы.

Пры велiзарнай эканомii - днi на тры, вырашыў ён. Тры днi велiзарнай эканомii, i пастаянны голад.

Яшчэ не свiтала, а ён ужо быў у дарозе i да поўдня пераправiўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былi далёка i адставалi ўсё больш. За ноч iхняя перавага знiкла, бо з надыходам цемры iм, як i яму, давялося спынiцца. Акрамя таго, яны не маглi iсцi нацянькi, бо не ведалi, куды скiруе Рой, а таму не маглi нi разлiчыць, нi прадбачыць яго маршрут. Iм проста даводзiлася iсцi па яго слядах i, магчыма, чакаць самалёта.

Неба магло прынесцi Рою i вялiкую небяспеку i вялiкую палёгку, i ён няспынна сачыў за iм. Па-першае, у прадбачаннi самалёта, якi мог выявiць яго i адразу загубiць. Па-другое, у спадзяваннi на снег, якi прыкрыў бы яго сляды i даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень i дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень i тым самым адкрыць iм сваю канчатковую мэту. Яму даводзiлася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкi, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнiкаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якiя былi раскiданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.

Пераправiўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакiнуў межы заказнiка, але гэта не ратавала яго ад небяспекi. Нават болей - гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзiўся ў зусiм невядомай яму краiне сярод хрыбтоў i гор, нiзiн i лясных масiваў, дзе нiколi не быў. Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца - толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.

Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.

А снегу ўсё не было.

Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад iсцi нельга, адтуль яму ўжо не прабiцца да сваёй хацiны, бо праследвальнiкi будуць i спераду i ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схiлы, дзе б згубiлiся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, i сама большае, што ён мог зрабiць, - гэта цягнуць за сабой пiхтавую галiнку, каб хоць крыху загладзiць сляды.

Ён спрабаваў i iншыя хiтрыкi, хоць яны i забiралi ягоны час: напрыклад, iсцi ўлукаткi, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хiтрыкi каштоўны час, але ў сваiм адчайным iмкненнi адарвацца ад пагонi хапаўся за любыя сродкi.

У тым, якiя бескарысныя яго хiтрыкi, ён пераканаўся, калi выйшаў на адкрытае месца'i адразу ж пачуў стрэл, а затым убачыў, як куля стукнулася аб скалу крыху нiжэй за яго. Ён бачыў i чалавека, якi зрабiў гэты папераджальны стрэл. Гэта быў той мажны: сам iнспектар альбо яго двайнiк, чалавек, якога Рой баяўся зараз больш за ўсё iншае.

- Ну дзе ж снег?! - крычаў Рой у неба.

Неба было шэрае, але марознае, i ўвесь дзень мароз мацнеў. Рой адчуваў гэта таму, што быў змучаны i пастаянны пот ахалоджваў яго цела, замарожваючы бялiзну. Толькi ў час руху ён развiваў у целе дастаткова цяпла, але як толькi спыняўся, яго трэсла, ён губляў апошнiя сiлы, i, вiдаць, наблiжаўся час, калi праследвальнiкi яго дагоняць.

Яго ахапiла вострае пачуццё нянавiсцi да марозу i да акаляючай цiшынi, i да глыбокага снегу, якi хапаў яго за ногi i аддаваў ворагу. Ён ненавiдзеў кожны пад'ём, якi патрабаваў дадатковых высiлкаў, i кожны лес, якi загароджваў яму адносна лёгкi шлях па раўнiне. Ён усё часцей думаў, цi не кiнуць яму ўсю здабытую пушнiну, цi не аблегчыць свой груз. Але тое, што прымушала яго рухацца наперад, пакiдала гэты груз на спiне. У гэтай пушнiне было апраўданне ўсяго, i кiнуць хоць частку яе менавiта зараз - азначала занадта шмат у чым прызнацца хоць бы самому сабе. Розум падказваў яму схаваць пушнiну, а затым вярнуцца па яе летам. Але што б нi казаў яму розум, ён ведаў, што калi пакiне тут пушнiну, ён нiколi па яе не вернецца, што ён страцiць адзiн са стымулаў уцякаць. Пушнiна ў мяху за спiной была не проста грашамi - гэта была напружанасць усiх сiл i перамога над кпiнамi прыроды, якая была супраць яго i абыякавай рукой прытрымлiвала снег i дапамагала яго ворагам. Ён ненавiдзеў неба, скалы, дрэвы, азёры, аленяў, якiя кожны дзень перабягалi яму дарогу, дзiкабраза пад дрэвам, скунса на ягонай сцежцы, лiсу i яе сляды на снезе, рысь, ваўка i рыжую вавёрку. Уся краiна стала яго ворагам, i ў смяротнай стомленасцi ён гатовы быў ненавiдзець яе да самага свайго канца.

А пасля ён ледзь не заплакаў ад роспачы, калi пачуў i ўбачыў блакiтны гiдраплан. Гiдраплан не быў падобны на малiнаўку, як самалёт Ласона, не, гата была цяжкая качка з непрыемным рыкаючым гукам, магутная машына, якая то апускалася зусiм нiзка, то ўзлятала ўгару, вышукваючы яго, таму ён iмкнуўся iсцi толькi праз лес, з марным спадзяваннем схавацца, марным таму, што для арыентацыi яму ўсё роўна даводзiлася выбiрацца на адкрытую мясцовасць. Яна лёгка знаходзiла яго i са свiстам кружылася над iм, але ўжо вечарэла, i Рой зноў хаваўся ў лесе i надоўга адрываўся, а ёй даводзiлася адлятаць на начлег яшчэ да наступлення цемры, i Рой выйграў яшчэ адзiн дзень для перамогi альбо паражэння.

- Ну вось, нарэшце i адолеў мяне прыяцель-iнспектар! - сумна ўсмiхнуўся Рой.

Ён пасмяяўся з прыяцеля-iнспектара i зрабiў тое, на што iнспектар нiколi не пайшоў бы. Калi сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы нiводзiн лесавiк. Iсцi па такой мясцовасцi ў цемры было небяспечна не толькi само па сабе (калi спатыкнешся, можна адразу сарвацца i зламаць сабе шыю), было небяспечна i тым, што мiжволi беручы ўлева, можна лёгка прыйсцi менавiта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякiх арыенцiраў, напралом, праз усе хрыбты i нiзiны. Гэта быў шлях навобмацак, калi давяраеш толькi iнстынкту i компасу - гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлiвых iмпульсаў. Рой так стамiўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзiным, чаго мог хацець чалавек. Ногi яго падкошвалiся, i ён дарагой цаной плацiў за сумнiўную перавагу адарвацца ад пагонi максiмум на пяць-шэсць мiль. Але зараз для яго гэта быў адзiны шанц, i ён iшоў i падаў у цемры, настойлiва iшоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, якi павiнен жа быў калi-небудзь пайсцi.

Чатыры мiлi ён не змог адолець i, не прайшоўшы i трох, скiнуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнiк i вырашыў, што ранiцай не ступiць i кроку. Хай прыходзiць iнспектар. Хай будзе што будзе. Памiтусiўся, i хопiць. Лёгка хацець прыстанiшча ў Сент-Элене, калi яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопiць! I ён дазволiў сабе вялiкую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзi, не давядзецца пераносiць усё тое горкае i пакутлiвае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра iнспектар можа з'явiцца i забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, i яго канец.

Апошнiм намаганнем ён расклаў спальнiк i, як толькi залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.

Раздзел пятнаццаты

Снег пайшоў пад ранiцу, калi Рой яшчэ спаў, i снег не разбудзiў яго. Снегам занясло спальнiк, яго выпрастаныя рукi, нават твар i ўсю галаву, а ён усё спаў, пакуль не развiднела. Тады ён расплюшчыў вочы i сеў.

- Iдзi, снег, iдзi! - закрычаў ён. I яшчэ раз, i яшчэ.

Ён строс снег з шапкi i ботаў, якiя паклаў пад галаву, абуў iх i быў гатовы ў дарогу. Яго кароткiя ногi гатовы былi таптаць снег, усё яго цела было гатова да пераходу, якi павiнен быў раз i назаўсёды адрэзаць яго ад пагонi. Ён не губляў часу на яду. Пажаваў кавалак смажанага зайца, закiнуў свой занесены снегам мех за спiну, высмаркаўся проста ў снег i адразу ж стаў на лыжы.

Рой ведаў, што яшчэ далёка не ўцёк ад небяспекi. Спаў ён доўга, i патрулi маглi быць у яго за спiною, дастаткова блiзка, каб выявiць яго сляды яшчэ да таго, як iх зацярушыць снег.

На першы хрыбет ён падымаўся вельмi асцярожна, заклапочаны тым, каб вызначыцца на мясцовасцi пасля сляпога начнога пераходу. Свае назiраннi ён рабiў пад прыкрыццём бярозавага зараснiку, i яго сэрца радавалася ад снежнай смугi, белага палатна на схiлах, радавала яго i нiзкае цяжкае неба, невыразны i засмужаны гарызонт.

- Ну, дзе ж вы, паляўнiчыя? - у захапленнi крыкнуў ён.

Яму хацелася крычаць iм: дзе вы-ы? Дзе дзеўся ўвесь ваш закон i парадак? Чатыры чалавекi i ўсе iх палявыя бiноклi i шыкоўны рыштунак i правiзiя - усё гэта зараз было непатрэбнае. Адзiнае, што магло яго знайсцi i загнаць, гэта самалёт, але ў такое надвор'е i гэта малаверагодна, у такое надвор'е ён мог не баяцца, што яго заўважаць - цi то з неба, цi то з зямлi. Сама добрае надвор'е для лiсы, казаў ён, i лiса схавае сляды.

Зараз ён дакладна ведаў, што яму рабiць. Ён павярнуў проста на ўсход, iдучы паралельна курсу, якога трымаўся да гэтага. Ён ведаў, што патрулi абшукаюць увесь раён, дзе згубяць яго след, але цi дадумаюцца яны вяртацца назад, каб лавiць яго ў сябе за спiной? Ён гэта ведаў i на гэта разлiчваў i працягваў заблытваць след, iдучы проста на ўсход, нават без намёку на паўднёвы напрамак. Ён iшоў так усю ранiцу, яго адноўленая энергiя грэбавала стомленасцю ног, лыжы былi нiбыта крылы на задубелых халодных нагах. Ён iшоў з максiмальнай хуткасцю да той пары, пакуль не адчуў, што яго надзейна абараняе снег - снегапад, якi ўсё мацнеў i заносiў яго сляды, як толькi з iх сыходзiлi лыжы. Зараз ён сапраўды спяшаўся, бо ведаў, куды iдзе, i хацеў скарыстаць усе шанцы. Ён iмкнуўся скарацiць дарогу, iшоў па адкрытай мясцовасцi, гэтаму спрыяла дрэнная бачнасць. Ён ведаў, што адарваўся ад праследвальнiкаў, i спакойна пайшоў нацянькi па замерзлым ручаi, разлiчваючы трапiць на возера i далей на карацейшую дарогу да далёкiх хрыбтоў Муск-о-гi. Шлях па ручаi быў круты, але гэта было толькi дадатковай праверкай яго майстэрства ездзiць на лыжах, адным з тых дробных выпрабаванняў, якiя толькi падбадзёрвалi яго. Цяжар меха прыгiнаў яго да зямлi, але ён не ўпаў i не пайшоў больш павольна.

Ручай ужо станавiўся шырокiм перад упадзеннем у возера, i па характары вусця ён бачыў, што вясной гэта паўнаводны, бурлiвы паток. Хоць гэта i павiнна было перасцерагчы яго, ён працягваў iсцi проста па ручаi ў возера. Занадта позна ён заўважыў палонку на водмелi, куды пад вуглом упадала другая замерзлая рэчка. У тое ж iмгненне ён адчуў, што лёд пад iм прагiнаецца. Калi лёд трэснуў, ён яшчэ спрабаваў збочыць, але зразумеў, што ўсё гэта дарэмна: лёд раскалоўся i праглынуў яго. З задушаным крыкам ён з размаху стукнуўся аб край лёду i адчуў, як холадам сцiснула галаву.

Апускаючыся на дно, ён зразумеў, што не выплыве, калi не здолее вызвалiцца ад мяха. З усiх сiл стараючыся дастаць нож, ён боўтаўся, адчуваючы, як ледзяная вада ахоплiвае ўсё яго цела, цесна абдымае неверагодным холадам. Дастаць нож не ўдавалася, не было часу. Ён выпусцiў з рук ружжо, i гэта быў зараз яго адзiны ўсвядомлены ўчынак, хоць ён i ведаў, якi гэта смяротны грэх. Смех сяброў-паляўнiчых гучаў у ягоных вушах, калi ён нарэшце прабiў галавой ледзяную плёнку i шумна выдыхнуў з лёгкiх паветра.

Ён трымаўся за лёд i разважаў, як яму вылезцi з вады з мехам на плячах i з лыжамi на нагах. Ахвяраваўшы ружжом, ён не хацеў ахвяраваць i пушнiнай. Марудзiць было небяспечна, але ён уважлiва даследаваў моц лёду. Затым павярнуўся да яго краю спiной, каб мех аказаўся на лёдзе, i вызвалiў рукi. Адштурхнуўшы мех далей ад палонкi, ён сам выкацiўся на лёд, быццам мокры цюлень на лыжах. Ляжаў на лёдзе i асцярожна падштурхоўваў перад сабой мех, так ён дабраўся да моцнага лёду. Тады ён дастаў сякеру i, пакiнуўшы мех на беразе, кiнуўся да блiжэйшых дрэваў. Яму было так холадна, што, здавалася, ногi вось-вось хруснуць i адломяцца. Усё цела бiлi дрыжыкi.

Васьмi такiх хвiлiн было дастаткова, каб забiць чалавека, i Рой ведаў, што бегчы далёка няма калi. Ён адразу прыкмецiў сярод дрэў лепшае палiва - стары дупляны корч, сухi i трухлявы. Ён захапiў на распалку сухi пiхтавы сук, знямелымi рукамi падцягнуў яго да карча, раскалоў i расшчапiў корч i запалiў пiхтавы сук васковай запалкай са сваёй воданепранiкальнай запалачнiцы. Пiхта загарэлася, смала ўспыхнула, пырснула ва ўсе бакi, i корч адразу ахапiла полымя. Рой стаяў блiзка да агню, зрываў сваё адзенне i адчуваў, як полымя лiжа яго твар. Калi абгарэў сук, полымя апала, але пачаў разгарацца корч, i Рой стаяў выцягнуўшы да яго рукi. Адна рука пацяплела, ён яшчэ пашчапаў ахоплены агнём корч i, калi агонь успыхнуў мацней, убачыў, што на руках гараць валасы. Цяпла ён амаль не адчуваў, але адчуў пах гарэлага мяса i тады зiрнуў на ногi, якiя былi амаль што ў агнi. Тлушч выступiў на скуры i сцякаў па лытках, станавiўся пухiрамi i шыпеў, як сала на ражне. Ён хуценька адступiўся i павярнуўся да агню спiной.

Ён ведаў, што скалечыў сабе ногi. Было недаравальным глупствам стаяць так блiзка ад агню, але вернутае цяпло было варта таго. Ён нагнуўся i пакачаў адзенне па снезе, каб выцiснуць з яго хоць крыху вiльгацi, а затым устаў i, стоячы голым на снезе, засмяяўся:

- Вось каб зiрнуў на мяне зараз iнспектар!

I дадаў, назiраючы за тым, як ад агню падымаецца струмень дыму:

- Эх, iнспектар, iнспектар!

Iнспектар i яго патрульныя, верагодна, заўважаць гэты дым, i Рой ведаў, што зноў страчана яго перавага. Ён не мог спяшацца, бо яму патрэбен быў час, каб пацяплела цела i адзенне. Ён разлiчыў, што на гэта спатрэбiцца рэштка дня i ўся ноч, але выходзiць трэба вельмi рана.

Пакуль яшчэ было светла, ён галяком зрабiў некалькi кароткiх адлучак, каб набраць палiва i падцягнудь мех. Вада не трапiла ўнутр меха, i там знайшлiся сухiя шкарпэткi, сухi быў i спальнiк. Ён залез у яго, уладкаваўся каля самага агню i спаў прыхваткамi, часта прачынаўся, каб падкiнуць дроў у агонь.

Яшчэ да свiтання ён выбраўся ў дарогу. Па мяккiм снезе iшоў настойлiва, але павольна. Цяжкi шлях, хмурны, марудны i цяжкi. Снег перастаў, i патрулям было лёгка высачыць яго ад месца начлегу, але ён упарта i панура цягнуўся да блiжняй хацiны ў Муск-о-гi. Калi ён можа iсцi, нягледзячы на абадраныя, пакрытыя пухiрамi ногi, здубянелае цела, усё большы голад i знясiленне, тады ён усё ж выжыве. Зараз яго мала непакоiла, зловяць яго патрулi цi не. Яму былi патрэбны цяпло i сховiшча. Яму патрэбна было чалавечае жытло, каб схавацца ад суровай раз'юшанай прыроды.

Раздзел шаснаццаты

Ён ужо амаль трацiў прытомнасць ад слабасцi, i ў яго з'явiлася думка, што прыйшоў канец, як раптам ён убачыў на сцежцы Iндзейца Боба. З'яўленне iндзейца яго ўразiла, як уразiла б усё знаёмае, бо ўвесь свет нiбыта адышоў ад яго пасля трох дзён напаўмеханiчнага слiзгання па снезе i прытоптвання снегу. Свядомасць была амаль што выцеснена пакутлiвай аднастайнасцю гэтага вымушанага прасоўвання наперад крок за крокам, дзень за днём. Але з'яўленне на сцежцы Iндзейца Боба было такiм рэальным, што прывяло да вяртання i iншых рэальнасцей, у тым лiку i ўласнага знясiлення i адчаю. Калi ён паспрабаваў спынiць свае апухлыя вочы на высокай фiгуры iндзейца, дык ледзь не ўпаў.

- Я i думаў, што гэта ты, - сказаў яму Боб.

Рой ледзьве пачуў яго словы.

- Хэло, Боб! - сказаў ён i захiстаўся на сваiх лыжах. Мех прыцiскаў яго да зямлi i разломваў яму спiну.

Боб не быў упэўнены, што Рой не п'яны. У Роя быў выгляд сапраўды п'янага.

- Што з табой, Рой? - спытаў Боб. - Табе дрэнна?

- Так, Боб. Так, так, дрэнна. Правалiўся пад лёд. Некалькi дзён таму. А цi далёка да хацiны на Чатырох Азёрах?

- Некалькi мiль, - сказаў Боб i падняў мех Роя. - Вызваляй рукi, - сказаў ён, - i iдзi за мной.

Рой паслухаўся, i, калi груз быў зняты з плячэй, яму стала яшчэ цяжэй трымацца на нагах. Зараз у гэтым амаль не было сэнсу.

- Пайшлi, Рой, - прапанаваў Боб. - Не адставай!

- Iдзi, - сказаў ён Бобу. - Iдзi, а то я ўпаду i памру.

Iндзеец узвалiў на свае плечы яго вялiзны мех i пачаў пракладваць сцежку, спачатку павольна, але затым прыспешчваючы крок. Калi Рой падаў, Боб не падымаў яго, а толькi чакаў, каб ён сам устаў, ведаючы, што сама нязначная дапамога можа даканаць Роя. Рой i сам добра ведаў гэта, але ўсё адно сварыўся, што Боб не дапамагае яму, i даходзiў да шаленства, што той не звяртае ўвагi на яго сварку.

Боб вёў яго сама лёгкiм шляхам, якi быў i сама доўгiм, але Рой валокся амаль механiчна, нiбыта яго прыцягваў магнiт. Ён зноў страцiў усялякае адчуванне рэальнасцi, яго абуджалi толькi пакутлiвыя спускi на лыжах. Ён бачыў перад сабой дзве доўгiя нагi ў руху, i яны вялi яго ўжо за межамi ўсялякай вынослiвасцi. Калi ногi, нарэшце, спынiлiся, перад iмi ўзнiклi абрысы ягонай хацiны на Чатырох Азёрах. У яго яшчэ хапiла сiлы скiнуць з ног лыжы i перакулiцца цераз парог, але калi ён бразнуўся на бярозавы ложак, апошнi атам яго энергii быў зрасходаваны i ён адразу правалiўся ў глыбокi сон.

Рой заўсёды жыў у свеце рэальнага, i пячатка падсвядомага не пакiнула на iм свайго кляйма. Але гэтай ноччу падсвядомасць, нiбыта наганяючы страчаны час, адразу паквiталася з выразнасцю яго думак. Рэальныя падзеi апошнiх дзён i нерэальны свет кашмараў сплялiся ў адзiн балючы клубок. Цудоўная рэальнасць свету, гуку i дотыку пакiнула яго i саступiла месца чорным, пакутлiвым вобразам зямлi, якая расколвалася, курчылася, вырывалася з-пад яго ног. Яшчэ больш дзiўнымi былi вобразы людзей, якiя вырасталi ў дрэвы, у звяроў, у горы. Роя яны мучылi i прыгняталi, а затым адна вялiзная гара, якая вырасла пад самае неба i выцягнула наперад скалiстую руку, аглушыла яго ледзяной дубiнай. Наносячы ўдар, гара раптам ператварылася ў Эндзi, i з адчуваннем цяжкай рукi Эндзi ён прачнуўся.

- Так, значыць, паляўнiчы вярнуўся дамоў, - пачуў ён.

- Скоцi! - Рой яшчэ нiколi так не радаваўся чалавечаму голасу.

- Ага, ён!

Рой адчуваў, як яго рот распаўзаецца ва ўсмешцы.

- Калi ты ўстанеш, - сказаў Скоцi, - я маю, чым цябе пачаставаць. Здаецца, ты згаладаў.

Рой сеў i ўбачыў, што на яго пазiраюць Скоцi, Самсон i Iндзеец Боб. Засмяяцца ён не мог, бо распухлi губы i язык. I ён толькi ўсiхнуўся, адчуваючы цяпло хацiны ля Чатырох Азёр. Зараз ён усё разумеў. Мiжволi ён азiрнуўся: дзе ж Эндзi? Але Эндзi тут не было.

- Прывiтанне цёплай кампанii, - сказаў ён.

- Мы з Самсонам прыйшлi ўчора вечарам, - растлумачыў яму Скоцi. - Трэба было зрабiць апошнi абход тваiх бабровых пастак, перш чым здымаць iх.

- Здымаць? А мо яшчэ рана?

- Ведаеш, запахла смажаным, Рой, - сказаў Самсон. - З той пары, як ты пайшоў, сюды зазiралi розныя людзi.

- Iнспектар? - спытаў Рой.

- Не. Яго i духу не чуваць.

Рой цяжка ўздыхнуў.

- Ён гнаўся за мной. Хiба ты не заўважыў учора, што за мною гналiся? спытаў ён у Iндзейца Боба.

- Я нiкога не бачыў, Рой, - адказаў Боб. - I нiкога не шукаў. Я не ведаў, што ты быў у заказнiку, мне Скоцi сказаў пра гэта толькi ўчора вечарам.

- А дзе мая пушнiна?

- Мы схавалi яе на дрэве, Рой.

Рой устаў, i ўсе падумалi, што ён адразу ж упадзе, але ён утрымаўся i падышоў да печкi. Толькi зараз ён адчуў, нарэшце, боль усiх сваiх ран i ўсяго спакутаванага цела, крывавыя пухiры на лытках, сцёртыя ступнi, ламату ў грудзях i ў нагах. I тым не менш увесь свет нiбыта накладваў на яго гаючую павязку, усё навокал было жывое, гарачае, i як доказ гэтага побач быў Скоцi.

- А як наконт яды? - спытаў ён у Скоцi.

Ён ведаў, што пасля яму будзе дрэнна, але еў прапанаваныя яму Скоцi яечню з салам i бульбу, еў з прагнасцю згаладалага чалавека. Падчас яды ён расказваў iм пра заказнiк, пра свой сыход i пагоню, аж да таго моманту, як сустрэў Iндзейца Боба.

- Ты перакананы, што нiхто мяне не пiльнаваў? - зноў спытаў ён у Боба.

- Я нiкога не бачыў, - паўтарыў Боб, i яго чорныя сумныя вочы на iмгненне ажывiлiся. - Яны, вiдаць, згубiлi цябе ля таго возера, дзе ты правалiўся.

- Магчыма, - сказаў Рой, - але мне здавалася, што яны iдуць за мною, - ён памацаў сухую скуру свайго зарослага твару, яна была брудная i пачырванелая. А як паляванне ў вас? - спытаў ён.

- Паляванне? - перапытаў Скоцi. - Можна лiчыць, што нiяк. На гэты раз ты меў рацыю, Рой. Звера няма, прапаў, быццам i не было. За шэсць тыдняў я не бачыў нiводнай норкi, а Боб у пагонi за дзiчынай зайшоў вунь куды. Нават аленi знiклi. Знiкла ўсё, акрамя зайца i лiсы. Нам з Самсонам не сабраць i авансу на будучы год, калi б не дадатковы ўлоў з твайго ўчастка.

- А як ты, Боб? - спытаў Рой.

- Пушнiны няма, Рой. Нiчога, толькi крыху маладых баброў i выпадковыя норкi. Гэта не паляванне. - Нiколi яшчэ твар iндзейца не быў гэткiм празрыстым i з такой злавеснай чырванню. Здавалася, нават у ягоных вачах была смерць, i Рою стала нiякавата, гледзячы на яго. - Няма пушнiны, няма, - сказаў iндзеец.

Рой зноў прысеў на ложак, ведаючы, што ён зараз скажа, i ўсё адно баючыся пачаць.

- Вы бачылi, колькi я прынёс пушнiны? - спытаў ён.

- Вядома, - адказалi яны.

- Вось вам трэба падзялiць яе са мной, - сказаў ён.

- Навошта? - спытаў Скоцi.

- Там больш, чым патрэбна мне, - сказаў Рой.

Яны нiчога не сказалi. Рой пазiраў то на аднаго, то на другога.

Скоцi павольна пакруцiў галавой.

- Навошта табе дарыць нам пушнiну? - сказаў ён. - Мяркуючы па тваiм выглядзе, яна дасталася табе вельмi нялёгка. Пушнiна твая. Яна табе яшчэ спатрэбiцца.

- Не ўся, - запратэставаў Рой.

- Уся, да адзiнай скуркi! - адрэзаў Скоцi.

- Паслухай, Скоцi, - сказаў Рой. - Не давай ты волi над сабой твайму закону i парадку. Так, яна з заказнiка, але ж пра гэта нiхто не ведае.

Скоцi пакрыўдзiўся.

- Мяне не гэта хвалюе, Рой.

Рой зразумеў, што сказаў не так, але яму трэба было сказаць iм гэта. Ён хацеў аддаць iм пушнiну, але не мог растлумачыць, што аддае iм iхнюю законную долю за тое, што яны жывыя людзi, за тое, што яны яго сябры, за тое, што яны зараз побач з iм. Права на долю здабычы ў заказнiку давала iм само iх iснаванне, але ён не спадзяваўся растлумачыць iм гэта, бо i сам добра не разумеў гэтага. Ён ведаў толькi, што павiнен прымусiць iх узяць пушнiну, i ён угаворваў iх i паасобку, i ўсiх разам, але нiводзiн з iх не згадзiўся.

- Навошта нам браць чужую пушнiну? - спытаў Самсон.

- Дык яна зусiм не чужая, - сказаў Рой.

- А чыя ж?

- У нейкiм сэнсе яна ваша, як i мая.

Скоцi засмяяўся.

- Няма чаго раскiдвацца сваiм дабром, Рой, - сказаў ён.

- Боб! - звярнуўся Рой да iндзейца.

- Пушнiна твая, - сказаў Боб i амаль усмiхнуўся, рэдкi выпадак: прывiд з адзнакай жыцця.

Рой ведаў, што яны адмаўляюцца з тым жа глыбокiм пачуццём павагi, з якiм ён прапануе. Аднак быў момант, калi яму здалося, што Скоцi не хоча браць таму, што ўзяць яе было б несумленна, а Iндзеец Боб таму, што гэта было небяспечна. Але думка гэтая адразу ж знiкла - ён надта добра ведаў гэтых людзей. Пасля ён абвiнавацiў самога сябе, што гэтым падарункам ён iмкнецца частку адказнасцi за браканьерства ў заказнiку перакласцi на iх, але пазней ён адпрэчыў i гэта, бо i зараз ён не адчуваў пакут сумлення. Паляванне ў заказнiку навучыла яго баяцца адзiноты i самазнiшчэння, i закон не меў да гэтага нiякiх адносiн. Затым ён зразумеў, што прапанаваў сваiм сябрам частку самога сябе. Тая ўзаемная павага, якая рабiла неабходным гэты ўчынак, рабiла непазбежным iх адмаўленне, i, радуючыся гэтаму, ён не настойваў.

- А як ты думаеш, што сталася з Сахатым i Зелам? - спытаў у яго Самсон.

- Яны ўзялi курс на Паўночны полюс, - адказаў Рой.

- Ну i пагулялi вы там уволю, - працягваў Самсон. - Шкада, што я не пайшоў з вамi.

Рой хацеў адказаць шчыра, хоць на хвiлiну быць з iмi шчырым. На яго твары можна было прачытаць гэтую праўду, i Скоцi з Бобам прачыталi яе, але Рой толькi ўсмiхнуўся Самсону.

- Праўда? - сказаў ён. - Адзiн раз за год я думаў наведвацца туды для адпачынку. Наступным разам пойдзем са мною, Самсон. Там якраз патрэбен такi чалавек, як ты. Усе звяры там толькi i чакаюць, каб аддаць табе свае скуры.

- Праўда? Гэта мяне задавальняе, - важна адказаў Самсон.

- Мы з табой супраць усяго свету, - падхапiў Рой.

- I супраць iнспектара, - нагадаў Скоцi.

Рой рассмяяўся, як бывала раней, i са шчаслiвым стогнам павалiўся на ложак.

- Ваша вялiкасць, Скоцi Малькольм! - сказаў ён. Так ён ляжаў, маючы асалоду, пакуль яго не напалохала мiнулае. - Калi iспектар усё яшчэ на маiм следзе, - сказаў ён, - мне лепш сысцi на возера Т i прыкiнуцца прыкладным траперам.

- Сёння ты нiкуды не пойдзеш, - сказаў яму Скоцi.

- Табе будзе дрэнна, Рой, - сказаў Боб.

- Ведаю, - адказаў Рой. - Толькi я ўсё адно пайду.

Яны так i не пераканалi яго, паказалi, дзе схавана пушнiна, i прыбралi ў хацiне, пакуль ён адпачываў. Калi яны скончылi, ён апрануў сваю брызентавую куртку i выйшаў.

Самсон спытаў:

- А дзе тваё ружжо, Рой?

- Згубiў! - сказаў Рой.

- А вохцi мне, ён утапiў ружжо ў тым возеры! - загукаў Самсон. - Ён згубiў ружжо!

- Даводзiлася выбiраць: ружжо альбо жыццё, - спрабаваў абараняцца знiякавелы Рой.

Яны засмяялiся, Скоцi i Самсон рагаталi аглушальна, а Iндзеец Боб даволi абыякава назiраў, як белыя людзi разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасцi.

- Ну як? Задаволены? - сказаў Рой. - Пайшлi!

Яны развiталiся каля хацiны; Скоцi павёў Роя проста на возера Т, Iндзеец Боб зноў пайшоў на паляванне, а Самсон накiраваўся на захад, да Лiтл-Рывера. Ён пайшоў з хацiны апошнiм i, праводзячы доўгiм позiркам камлюкаваты сiлуэт Роя, не мог стрымаць захаплення, якое межавала з зайздрасцю.

Каб дабрацца да хацiны на возеры Т, Рою i Скоцi спатрэбiлася ўся рэштка дня, i па дарозе Рою, як ён i чакаў, стала блага. Але калi апынуўся ў хацiне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоцi рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сiла. Кожны гук i пах былi для яго гаючым бальзамам, i не было рэчы ў хацiне, якая нездавалася б яму новай i свежай.

- А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзiў госць, - сказаў яму Скоцi.

- Мядзведзь з лесу?

- Не зусiм, - запярэчыў Скоцi. - Прыходзiў Эндзi Эндрус, каб убачыць цябе.

- Убачыць мяне?

- Ага.

- А ён не сказаў, чаго хацеў?

Скоцi пакруцiў галавой.

- Сказаў, што зайшоў па дарозе.

- А чаго?

- Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.

Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкi слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкi бульбы, якую рэзаў Скоцi. Ён ведаў, што Скоцi нiколi не скажа яму, цi гаварыў Эндзi пра Джынi.

- Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.

- На казённым хлебе. Быў у армii, - сказаў Скоцi.

- Сказаў, што робiць у Сент-Элене?

- Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напiлiся.

Раней Скоцi любiў Эндзi, як i ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзi не любiць. Рой задумаўся - чаму. I зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносiцца да Эндзi. Ён ведаў Эндзi такiм, якiм ён быў дванаццаць гадоў таму, i такога чалавека ён не мог не любiць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзi не павiнен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы i не мог выявiць свае сапраўдныя адносiны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвiнавацiлi. Няхай Эндзi сярдуе, хай скарыстае сiлу - гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джынi i самога Роя выклiча толькi адпор, гэта ён ведаў дакладна.

- Ведаеш, - задумлiва гаварыў Скоцi. - У нечым Эндзi падобны да Мэрэя. Хоць ён i служыў у армii, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у iм валацугу. Яму на ўсiх i на ўсё напляваць. Такi тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.

- I хай бы заставаўся ў армii! - сказаў Рой, знаходзячы iмгненна палёгку ў сваёй незадаволенасцi, але яшчэ больш перакананы, што Эндзi шукае з iм сваркi.

Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справiўшыся з Эндзi, ён выявiў, што ў яго ёсць i iншыя, больш страшныя сумненнi. У заказнiку Рой нi разу не сумняваўся ў Джынi таму, што нiяк не мог уявiць сабе нейкiя адносiны памiж ёй i Эндрусам. Калi ён уяўляў сабе яе, дык яе воблiк звязваўся для яго толькi з iм самiм. Гэтую iлюзiю ён прынёс з сабой з заказнiка. Зараз, аднак, усё змянiлася. Так блiзка ад дому i падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джынi, i гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытаннi: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзi, цi задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна нi разу не сказала дрэннага слова пра Эндзi, нi разу не крыўдавала на яго за знiкненне i, што важней, нiколi не была пастаўлена перад неабходнасцю выбiраць памiж iмi. Дык што ж яна адчувае зараз? Цi мог Эндзi так проста ўвайсцi ў дзверы яе кухнi i замянiць сабой сезоннага, паўпрывiднага госця - яго, Роя? Рою не хацелася верыць у гэта, але ён ведаў, што не выключана i такая магчымасць. Эндзi вярнуўся, вось, магчыма, i ўсё, што зараз азначае для яго Джынi.

- А пра Сэма ён што-небудзь казаў?' - спытаў Рой, ускладваючы апошнюю надзею на брата. Калi Сэм трымаецца моцна, мо ўсё астатняе не мае значэння, бо Рой вырашыў, што ён не прападзе, калi ацалее брат i яго дом. Каб толькi Сэм быў яшчэ тут.

- Са слоў Эндзi я зразумеў, што Сэм яшчэ не фермер, - сказаў Скоцi.

- А як даўно гэта было?

- З месяц таму.

- За месяц шмат што можа здарыцца, - панура сказаў Рой.

- Калi ты думаеш схадзiць у горад? - спытаў Скоцi.

Рою i самому хацелася задаць сабе гэтае пытанне.

- Мне здаецца, я лепш пачакаю i разбяруся ва ўсiм, - сказаў ён. - Трэба нарасцiць крыху мяса i разабраць скуркi, каб лягчэй было з iмi справiцца. Зараз, калi Джынi была недасягальнай, ён ужо думаў пра тое, як яму самому ўладкоўваць сваю незаконную пушнiну. - Вiдаць, праз тыдзень-другi збяруся, калi тым часам не з'явiцца прыяцель-iнспектар.

- А ён ведаў, за кiм гонiцца?

Рой пацiснуў плячыма.

- Хутка ўсё высветлiцца, - ён сеў за стол i ўсё яшчэ адчуваў ненатолены голад. - Калi iнспектар падазрае, што гнаўся за мной, яму трэба гэта яшчэ даказаць. Я больш нiкуды не пабягу.

Iнспектар не паказваўся, але Рой сядзеў у сваёй хацiне на возеры Т яшчэ доўга пасля таго, як сiла яго аднавiлася i ўся пушнiна была рассартавана. Хацiна была адзiнай надзейнай апорай яго жыцця. Здавался немагчымым пакiнуць яе дзеля злавесных сюрпрызаў Сент-Элена, дзеля клубка складанасцей, у якi ўплялiся i iнспектар, i Сэм, i Джын Эндрус. Увесь тыдзень ён з дня ў дзень збiраўся схадзiць у Сент-Элен, але кожны раз выгляд хацiны i возера спыняў яго. Ён ведаў, што так цi iнакш, але гэта яго апошнiя днi ў апошняй хацiне Муск-о-гi, i гэта здавалася яму пераканаўчым довадам, каб не спяшацца. Ён больш не гадаў, што чакае яго ў Сент-Элене. У галаве былi толькi хацiны i ўчастак, нiбыта яны ўтрымлiвалi ключ да ўсiх рашэнняў. Калi iнспектар мае хоць нейкiя ўлiкi супраць яго, тады ўчастак адбяруць. Але калi iнспектар i не адбярэ яго, усё адно гэтай паляўнiчай мясцiне прыйшоў канец, а з ёю канец i яму, як прыйшоў канец i Скоцi, i Самсону, i Iндзейцу Бобу. Ён ведаў гэта, i ведаў ужо даўно, але адна справа ведаць, другая - глядзець у твар раптоўнай бядзе. Калi ў Сент-Элене чакала яго вырашэнне гэтага пытання, дык там жа чакала яго шмат iншых рашэнняў, таму, стамiўшыся ад чакання, ён, нарэшце, закiнуў за плечы свой мех i ў апошнi раз выправiўся ў дарогу па возеры Т, пакуль яшчэ цяпло не зрабiла лёд ненадзейным.

Раздзел семнаццаты

Калi ён па звычцы асцярожна абмiнуў далёкiя фермы, Сент-Элен сустрэў яго поўнай цемрай: нi агеньчыка яму насустрач, i з вялiкай гранiтнай скалы ён мог толькi ўяўляць сонны горад. Нiдзе нiкога, i нiадкуль нiякага гуку. Хоць Рой вельмi дасканала прадумаў сваё начное вяртанне, яно яго не радавала. Нават iнспектар - i той адолеў яго, прымусiў iсцi крадком, як злодзея, i груз на яго плячах наўрад цi быў варты той ганьбы, якой за яго заплачана.

Падыходзячы да фермы, ён верыў, што знойдзе там Сэма. Усё было знаёма нават у цемры. Свiран, вяндлярня, дзiўныя сiлуэты конных грабляў i плугоў, месiва ўжо расталага снегу - усё было ранейшым, ранейшым павiнен быць i гаспадар. Сэм мусiў быць тут, i Рой без роздуму пераступiў парог кухнi i цiха падняўся ў свой пакой.

Ён вобмацкам знайшоў лямпу там, дзе ёй i належала быць, i ўздыхнуў з палёгкай. Затым запалiў запалку, паднёс яе да кнота i, падняўшы лямпу, агледзеўся.

На iмгненне святло асляпiла яго, але затым тое, што ён убачыў, аглушыла яго як абухом па галаве. На яго ложку спалi дзецi, акрамя таго, у пакоi былi яшчэ два ложкi i на iх iншыя дзецi, амаль падлеткi. Нейкi хлопчык спалохана выскачыў з-пад коўдры, i Рой, якi спадзяваўся ўбачыць знаёмы твар, быў расчараваны.

- Не крычы, - сказаў Рой хлопчыку. - Я не ведаў, што вы тут. Я не ведаў, што Сэм з'ехаў. Толькi не крычы.

Хлопчык не закрычаў, але нехта з дзяцей ускрыкнуў, i Рой не ведаў, што яму рабiць. Калi той ускрыкнуў яшчэ раз, Рой паставiў лямпу на месца, патушыў i выйшаў. Поцемкам ён кулём скацiўся ўнiз па лесвiцы i ледзь не згубiў свой мех, якi зачапiўся ў кухонных дзвярах, а за яго спiной у хаце пачулiся крыкi i пачалася мiтусня. Ён iшоў, пакуль не апынуўся на сорак чацвёртай расчыстцы, блiзка ад старой хаты Мак-Нэйраў, дзе жыла Джын Эндрус. Тут ён спынiўся. Яго вабiлi толькi дзве мясцiны, i ён не ведаў, якую выбраць, не ведаў, куды яму пайсцi, i яшчэ да канца не ўсведамляў бяды, якая яго спасцiгла.

Пасля ў яго свядомасцi застаўся толькi Джэк Бэртан.

Iдучы па полi i па каленi правальваючыся ў снежную кашу, ён спрабаваў вызначыць сiлу нанесенага яму Сэмам удару. Ён спрабаваў распалiць у сабе злосць i як мага больш рэзка ацанiць дэзерцiрства брата, яму патрабавалiся гнеў i злосць, каб усвядомiць гэта як рэальнасць. Але як нi стараўся, не было нi гневу, нi болю. Была толькi слабасць у каленях i млоснасць. Сэм не пакiнуў яму нiчога, нават адчування спагады да самога сябе.

Ля хаты Джэка ён не адразу адважыўся крыкнуць, але пасля начная адзiнота пераважыла яго хiстаннi.

- Джэк! - закрычаў ён. - Ты тут, Джэк?

Яму давялося паклiкаць Джэка некалькi разоў, перш чым нехта адказаў. Нарэшце ў акне з'явiлася мiсiс Бэртан i спытала, хто крычыць.

- Гэта Рой Мак-Нэйр, мiсiс Бэртан. Джэк дома?

Мiсiс Бэртан зрабiла яму знак праз двайное шкло, каб ён заходзiў. Ён вобмацкам зайшоў у цёмную кухню i чакаў, што нехта спусцiцца да яго; i зноў з'явiлася мiсiс Бэртан. У старым палiто на плячах, яна трымала ў руках газавую лямпу. Яна спынiлася на верхняй прыступцы лесвiцы, i Рой зразумеў, што яна баiцца спусцiцца, вiдаць, думае, што ён п'яны.

- Дзе Джэк, мiсiс Бэртан? - спытаў Рой.

- Ён пайшоў з рамонтнай камандай, - сказала яна.

- Яго няма?

- Яны каля Марлоў, ачышчаюць канавы, каб не затапiла дарогу, растлумачыла яна.

- Я толькi што вярнуўся ў горад, - сказаў Рой. - У нашай хаце нехта чужы. Цi можна мне пераначаваць у вас на кухнi?

- Там няма на што легчы, Рой, - сказала яна. - Вы можаце ўладкавацца ў другiм пакоi. Там ёсць канапа.

- Дзякуй вам, мiсiс Бэртан, - сказаў Рой i, пазiраючы ўгору на гэтую сцiплую цяжарную жанчыну, востра адчуў, што нават i ў гэтай хаце для яго няма нiчога: няма апiрышча ў здаровай упартасцi фермера Джэка. Джэк яму быў вельмi патрэбны зараз, i Рой засердаваў, што яго няма. - Вы iдзiце спаць, - сказаў ён мiсiс Бэртан. - Мне нiчога не трэба.

Яна сказала, што на канапе ёсць ватная коўдра i падушкi, i спытала, цi не дастаць яму яшчэ адну коўдру.

- Не. Iдзiце спаць, - стомлена паўтарыў ён. - Мне нiчога не трэба.

Ён адразу ж заснуў, i змарыла яго не проста стома, а гора. Ранiцай ён склаў коўдру i пайшоў, калi яшчэ ўсе спалi. Яму не хацелася сустракацца з мiсiс Бэртан альбо з кiм-небудзь з яе пяцi дзяцей, якiя не стрымлiвалiся ў праяўленнi сваiх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушнiну; ён пайшоў у хлеў i ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку i блок, якiмi Джэк падымаў туды летам свiныя скуры.

Было яшчэ рана, i Рой пайшоў па полi да дарогi, так i не ведаючы, куды яму зараз iсцi. Сент-Элен быў для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцiрства Сэма пазбавiла яго ўсялякай мужнасцi. Ён глядзеў на блiскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазiлi з-пад снегу, назiраў за першымi чародкамi шпакоў, за вераб'ямi, якiя мiтусiлiся па полi. Ён прайшоў мiма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсiм Сент-Элене. Зараз i ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннiм часам, i вада, якая збiралася з лесу i пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.

- Хэло, Рой! - паклiкаў яго нехта з грузавiка, што ехаў па дарозе.

Рой памахаў рукой.

- Вас падвезцi?

Рой не помнiў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта iншы з гарадской моладзi. Рой не пазнаваў яго.

- Не, - сказаў ён. - Мне недалёка.

Грузавiк паехаў, а Рой усё iшоў па дарозе, не ведаючы куды. Калi выйшаў за межы горада, ён трапiў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогi цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу - iсцi, iсцi ўсё наперад i наперад, пакiдаючы тут усе цяжкасцi. Ён ведаў, што гэта прыкладна тое ж, што дванаццаць гадоў таму зрабiў Эндзi Эндрус: стаў на дарогу i пайшоў куды вочы глядзелi. А чаму i не? Рой усё iшоў, але ведаў, што iдзе нiкуды. Ён iшоў па дарозе, бо яму не было больш чаго рабiць, а калi сонца ўзышло i дарога стала дымiцца, ён павярнуўся i пайшоў назад у Сент-Элен.

Было толькi адно месца, дзе ён мог з'явiцца, i ён пайшоў туды. Апоўднi Рой быў ужо такi п'яны, што не мог вылезцi з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на палiцы з надпiсам: "Мука i бабовыя", - часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцiнай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карцiна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, якi заклiкаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку iхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карцiны, але агульнае ўражанне ў яго было, i галава паслужлiва дапаўняла дэталi, якiх не хапала.

- Моцна трымаецца за сваё, - паўтарыў ён. - Моцна трымаецца стары гарадок.

- Чаму ты не iдзеш дамоў? - пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня. - Iдзi, Рой. Iдзi дамоў.

- У мяне няма дома, - адказаў Рой. - Няма ў мяне хаты.

- Дык iдзi да Джэка Бэртана.

- Джэк пайшоў! - закрычаў ён. - Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкi.

Амерыканец адчапiўся, i Рой усю ноч праспаў на палiцы. Ён прачнуўся толькi раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць i iсцi да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая iнстынктыўная абачлiвасць затрымала яго.

Ранкам Скоцi i Самсон знайшлi яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукiшках, падставiўшы галаву пад промнi яркага сакавiцкага сонца.

- Вось дзе ён, наш знакамiты звералоў! - сказаў Самсон.

- Мы шукалi цябе, - сказаў Скоцi. - Калi ты прыйшоў у горад?

Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланiць вочы, якiя ён падняў на Скоцi. Шапкi не было.

- Я вярнуўся нядаўна, - сказаў ён.

- Ну што ж, якраз своечасова, - сказаў Скоцi, стройны i чысценькi, у гарадскiм пiнжаку i свежаадпрасаваных габардзiнавых штанах. - Нас усiх склiкае iнспектар.

- Каго склiкае? - спытаў Рой i, нарэшце, устаў.

- Усю кампанiю, - патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада i валасы былi падпраўлены, i ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялiзны рост, i яго чырванашчокi здаровы твар ажно свяцiўся. - Гэты iнспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.

- Прыяцель-iнспектар! - сказаў Рой i насупiўся. - Не хачу бачыць iнспектара! Прыяцеля-iнспектара! - крычаў ён. - Прыяцель-iнспектар!

- Пайшлi, Рой. Калi ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.

- Што ён хоча? - спытаў Рой.

- Не ведаю, - сказаў Скоцi, - ён выклiкаў сёння ўсiх трапераў Муск-о-гi. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсцi самому i паглядзець. Якi сэнс хавацца?

Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасцi, нейкаму завяршэнню.

- Дзе мая шапка? - сказаў ён. - Дзе яна, Самсон?

Самсон знайшоў яе ў бары i нацягнуў Рою на галаву. Iшлi моўчкi. Рою не было што гаварыць, Скоцi быў надта засмучаны выглядам Роя i яго бедамi. Час ад часу Самсон пазiраў на Скоцi, круцiў галавой i некалькi разоў падтрымлiваў Роя, калi той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы iнспектара, Рой спынiўся ля снежнай гурбы i пацёр мокрым снегам твар i рэдкiя валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысцiў з каленяў гразь, але, калi яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзiлi да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.

Загрузка...