Марта і Люба (сядзяць на сцэне. Марта круціць лыжкай цеста ў місе, Люба нешта шые).
Люба. Я надта рада, што Марта, пачуўшы ўчора мой крык, выцягнула дзядзеньку з майго пакою. Бо мне было гэтак прыкра! — я была ўжо распрануўшыся, а дзядзенька ўвайшоў у мой пакой і пачаў цалаваць мяне ў шыю. Няўжо-ж усе дзядзі гэтак цалуюць сваіх пляменьніцаў?
Марта. Ды твой «дзядзенька», Любачка, гэта не такі звычайны дзядзенька, а так… як і ня дзядзенька.
Люба. Як так: ня дзядзенька?. Дык нашто-ж ён узяў мяне ад цёці і прывёз сюды?
Марта. А, вось, дзеля гэтага самага.
Люба. Дзеля чаго?
Марта. Але, дудкі! фіга з макам! Гэта яму ня ўдасцца! Мая ўжо ў гэтым галава будзе.
Люба. Што ня ўдасцца, Мартачка?
Марта. А во — гэтакая распуста. Быў час, што й да мяне гэтак сама калісь ліпнуў; «пацалуй мяне, Мартачка! пацалуй. Мартачка!»…
Люба. Няўжо-ж дзядзя гэгак любіць цалавацца?
Марта. Ага! Ён па ўсялякія гэтакія штукі майстар. Можа ўжо й табе абяцаў, што будзе жаніцца?
Люба (вельмі зьдзіўленая). Як так жаніцца? Дык-жа ж ён мой дзядзенька!
Марта. Такі ён твой дзядзенька, як я твая цёценька. Бясстыдствам на старасьць пачаў займацца — вось і ўсё!
Люба. Я нічога не разумею. Нашто? Якім бясстыдствам?
Марта. А вось зараз зразумееш, як я табе ўсё, як сьлед, раскажу. Толькі-ж ты, Любачка, маўчы і навет віду не паказвай, што нешта ад мяне даведалася, бо будзе авантура. Ён выманіў цябе ад твае цёці і прывёз з вёскі сюды дзеля таго, што ты яму надта спадабалася. Спадабалася яму твая моладасьць, твая сьвежанькая мордачка. А цёця твая не дагадалася, каму аддала цябе ў рукі. Усё тое, што цяпер дзеецца, гэта яшчэ толькі кветачкі, а ягадкі пасьля буцуць. Дык ты, Любачка, лепш напішы да свае цёці, каб яна цябе назад да сябе ўзяла, бо будзе, дрэнна. Нічога Філімону не кажы, а гэтак ціханька пісьмо да цёці напішы. Як цёцанька твая сюды за табой прыедзе, дык я ўжо сама ёй усё, як сьлед, растлумачу.
Люба. Ах, Божа мой, які страх! А я думала, што ён добры чалавек.
Марта. Праўду кажучы, не такі ўжо благі, але страшэны паскуднік.
Люба. А мне ў горадзе спадабалася! тут весялей, чымсь на вёсцы… Але калі ты, Мартачка, кажаш, што ён такі страшны, дык я напішу да цёці, каб яна сюды прыехала. Вось добра, што яго цяпер няма, зараз сяду і напішу. (Ідзе да пісьменнага стала).
Марта. Пішы, пішы, Любачка! а я пайду ў кухню абед даглядзець. (Выходзіць у кухню).
Люба (адна), пасьля Мікола (за сц. пяе).
Люба. Вось дык штука! А я думала, што ён добры, бо ніколі мне благога слова ня скажа, толькі ўсё абыймае ды цалуе. А ён вось які!.. А можа Марта гэтак са злосьці на яго нагаварыла, бо ён учора крычаў чагосьці на яе і навет хацеў прагнаць… Хай цёця сюды прыедзе й сама разьбярэ — што і як. (Піша): «Дарагая цёценька! Мой дзядзенька, дык зусім ня дзядзенька, а так.
Спачатку я думала, што дзядзенька добры чалавек, бо ўсьцяж мяне цалаваў, а цяпер, як я даведалася, што дзядзенька зусім ня дзядзенька, дык я баюся»…
За сцэнай чуваць гітару і голас Міколы, каторы пяе:
Любачка мілая
цябе гэтак люблю,
без цябе мне жыцьцё
неўмагату.
Хай маей песьні тон
выкліча на балькон
маю зязюленьку,
Любу маю.
Ах, літасьць ў сэрцы май,
дай на зямлі мне рай,
табе аддам я ўсё
сэрца сваё.
Хацеў-бы я хоць раз
пачуць тут твой адказ,
што любіш ты мяне
хоць трошачні.
Люба (слухае песьню). Ах гэта ён — Мікола! трэба яму адказаць! (хавае пісьмо на грудзёх пад блюзкай, бяжыць на балькон і пяе):
Дружок мой міленькі,
Мікола бедненькі,
твой голас для мяне
моў песьня салаўя.
Як чую я цябе,
дрыжыць сэрца ў мяне,
несупакойна ўся
мая душа.
Як чую голас твой,
ня знаю, што са мной,
страшна і соладка
робіцца мне.
Ты — ясны мой прамень,
праговіш гора цень;
шчасьце толькі з табой
спазнаці я магу.
На балькон згары падае кветка. Люба падымае яе і цалуе.
Люба. Дзякуй!.. (Уваходзіць з балькону на сцэну). Сама ня ведаю, што са мной, як пачую яго голас, сэрца скача ў грудзёх, а на душы робіцца неяк млосна і соладка. Не разумею, што гэта… Ах, як было-б добра, каб гэта ён быў мой дзядзенька ды сказаў мне: «Пацалуй мяне, Любачка!»… Але, што рабіць, як прыедзе цёця і забярэ мяне ізноў на вёску? Дык-жа я мусіць ніколі ўжо больш яго не пабачу! Не, пакуль што, ня буду яшчэ высылаць пісьмо да цёці, а параюся з Міколай.
Люба і Мікола.
Мікола (уваходзіць). Добры дзень, панна Любачка! (Цалуе яе рукі).
Люба (пабачыўшы яго, спалохалася). Што вы зрабілі? Як вы важыліся прыйсьці!.. Хутка ўжо вернецца дзядзенька і вам ізноў прыдзецца хавацца, як тады…
Мікола. Ня турбуйцеся!.. Ваш дзядзенька сам мяне прасіў, каб я сюды прыйшоў.
Люба (страшэнна зьдзіўленая). Сам прасіў?!
Мікола. Але. Я буду яго вучыцелем беларускай мовы і сягоньня будзе першая лекцыя.
Люба. Ах, як гэта добра!.. Але як-жа ж гэта сталася? Вы-ж ня былі знаёмы з маім дзядзенькай.
Мікола. Усё гэта наладзіў мой прыяцель Скакун… А вы, Любачка, рады, што гэткім чынам будзем кожны дзень бачыцца?
Люба. Ах, я рада.
Мікола. О, мілая! (Працягвае да яе рукі).
Люба. Ах, не, не! толькі не цалуйце, бо мне неяк-так… нязручна…
Мікола. Дарагая мая! Няўжо-ж вы так ня любіце мяне, што вам навет прыкра, калі я цалую вашу ручку?
Люба. Не, я гэтага не кажу… Я наадварот… Я вас… я вам… вы мне… Ну, я ня ведаю, як сказаць!
Мікола. Скажэце мне, ці вы хоць крышачку мяне палюбіце, бо я… бо я… Да таго часу, як я вас спаткаў і адважыўся на вуліцы падыйсьці Да вас, я валачыўся ўсюды за вамі сьледам, як сабака, а вы мяне ня бачылі. Вы заўсёды хадзілі разам са сваім дзядзенькай, а я чакаў той хвіліны, калі спаткаю вас адну. І вось прычакаўся, і падыйшоў тады да вас… Але я навет не лятуцеў тады аб гэтакім вялікім шчасьці, што буду мець магчымасьць прыходзіць тут кожны дзень і бачыць вас, і гутарыць з вамі! I вось я тут, я гляджу ў вашы вочкі… о! не апускайце іх! я хачу глядзець у гэтыя зорачкі ясныя, якія завядуць мяне на загубу, або да найвялікшага шчасьця… Ну, паглядзеце на мяне! я хачу прачытаць у вашых вачох свой прысуд: ці шчасьце, ці загуба?
Люба (спусьціўшы вочы, саромліва). Калі мне сорамна.
Мікола. Любачка мая! Птушачка! Чаму салавейна, як закрасуецца вясна, не сароміцца ў кустох бэзу пяяць сваю песьню каханьня? Чаму кветкі не саромяцца напаўняць паветра сваім пахам? Чаму рэчка не сароміцца шумець хвалямі аб прыбярэжнае каменьне?.. Ці ёсьць на сьвеце штоколечы прыгажэйшае, сьвятлейшае за любоў? Што дае нам найвялікшае шчасьце, калі ня любоў. Любіць і быць любімым — вось радасьць жыцьця!.. (сумна). Але любоў бывае вялікім няшчасьцем, калі той, каго мы любім, нас ня любіць.
Люба. Але кажуць, што, каб любіцца, трэба добра пазнацца, а мы-ж яшчэ гэтак мала знаёмы.
Мікола. Дзетачка! Любоў не ўзгадоўваецца гадамі, а родзіцца раптам, мамэнтальна, як маланкай спаліць… Мігне маланка, загрыміць грымот, ударыць пярун — і зваліцца на зямлю самае магутнае дрэва… Гэтак і любоў; адзін мамэнт, адзін пагляд — і чалавек увесь загарэўся каханьнем… Як ўбачыў я вас першы раз, адразу мяне нешта ўшчаміла за сэрца, і я ў душы сваёй ня меў ужо супакою… Любачка! я-ж люблю вас, як ніколі яшчэ ня любіў; скажэце мпе адно слова, дайце мне хоць кроплю надзеі… або не! Лепш нічога не кажэце, гляньце толькі на мяне сваімі яснымі зорачкамі, а я ў іх прачытаю ўсю праўду.
Люба (ня гледзячы на яго, лёгка да яго пахіляецца). I са мной нешта гэткае самае дзеецца, як з вамі…
Мікола (абыймае яе і горача цалуе) О, Любачка! Дарагая! Адзіная!
Люба (пасьля паўзы). Я раней думала, што з кожным гэтак няпрыемна цалавацца, як дзядзенькай, але з табой… інакш…
Мікола (з ценем зайздрасьці). А дзядзенька часта цябе цалуе, Любачка?
Люба. Ен заўсёды лезе цалавацца, але я ўцякаю ад яго і крычу. Тады зьяўляецца Марта, тутэйшая кухарка, і ён спыняецца… Але мой дзядзенька дык, праўду кажучы, і ня дзядзенька, а так сабе… А я кажу «дзядзенька», бо ўжо гэтак прывыкла… Але ляпей было б, каб ён узапраўды быў мой дзядзенька, бо дзеля гэтага прыдзецца мне ізноў вярнуцца на вёску, да цёці… I тады ўжо ніколі мусіць не пабачымся!
Мікола. Любачка! Ня можа быць! Я цябе ня пушчу, я цябе нікому не аддам! (ізноў яе абыймае). Ніхто ня вырве цябе з маіх рук! Мы ўжо не растанемся і пойдзем разам праз жыцьцё, і ніколі адно аднаго не пакінем. Ці будзе добра, ці блага — але разам! А жыцьцё — гэта такая радасьць, калі побач ідзе дарагі каханы чалавек! Дык будзем адгэтуль разам цешыцца, разам плакаць, разам змагацца — ўсё разам! Добра?
Люба. Я ня ведаю… Трэба падумаць… Неяк так скора…
Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?
Люба. Добра.
Мікола (цалуе яе). О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок).
Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые).
Мікола застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку.
Люба, Мікола, Марта і Філімон.
Мікола (праходзіць праз сцэну і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Філімон).
Філімон (распранаючыся). Што, Марта, робіш сягоньня на абед?
Марта. А што-ж я магла зрабіць за гэтакія грошы! Будуць блінчыкі і супчык — больш нічога.
Філімон. Ну, добра, толькі пасьпяшайся, бо мала маю часу. Пасьля абеду шмат яшчэ маю работы.
Марта. Як зварыцца, дык і падам. Сырога-ж есьці ня будзеце. (Пайшла ў кухню).
Філімон, Люба і Мікола.
Філімон (пабачыўшы Міколу). А, вы ўжо прыйшлі! Добры дзень! Даўно чакаеце? А ў мяне гэтулькі дзела!
Мікола. Не, толькі што…
Філімон. Ну, дык вось, калі ласка, сядайце, і пагаворым. Ну, значыцца, перш-на-перш аб цане, бо я чалавек небагаты, я многа плаціць не магу.
Мікола. Э, глупства… я магу і так… бяз грошай.
Філімон. Ну як-жа ж так? Гэта неяк не таго.
Мікола. Нічога… У мяне шмат свабоднага часу… Я з прыемнасьцю.
Філімон. Ну, добра. Калі вы ўжо такі… сымпатычны чалавек, дык хай і так будзе, нічога не парадзіш. Я вам аддзякую за гэта пасьля, як ужо буду міністрам. Я вам дам службу ў сваёй канцэлярыі… О! вы з маей пратэкцыяй высока заедзеце!
Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.
Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, усяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.
Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.
Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону).
Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці). «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў».
Філімон (паўтарае і піша). «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў»… Добрая фраза… (да Любы). Чуеш, Любачка?
Люба. Чую, дзядзенька!
Філімон (піша)… «была і будзе заўсёды любоў»… (да Міколы). Любоў пішацца праз «ў» з хвосьцікам?
Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон). Але, але! Любоў заўсёды. з хвосьцікам.
Філімон. Ужо. Напісаў. (Абярнуўся).
Мікола (адскочыў ад балькону, ходзіць па сцэне і дыктуе). «Ты і я ўдваіх станем сьмелай ступой змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой, за нявольны свой край, за свой змучаны люд»[2]. (У часе гэтай фразы таксама, як раней, мімічная ігра з Любай).
Філімон (піша). Зараз, зараз… ня так хутка, я не пасьпею… Як там было? «…жыць, любіць і цярпець?»…
Мікола. «Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой…» (Падходзіць ціханька на балькон і раптам цалуе Любу).
Зьвініць званок.
Мікола (адскочыў ад Любы).
Філімон (крычыць). Марта! глухая, ці што? Адчыні! Нехта звоніць. (Схаваў сшыток пад стол і чакае).
Мікола, Люба, Філімон і Марта.
Марта (праходзіць праз сцэну, ідзе адчыніць дзьверы, пасьля варочаецца з газэтай у руцэ і кладзе яе на стале перад Філімонам). ІІачтальён газэту прынёс. (Ідзе ў кухню).
Філімон, Люба і Мікола
Філімон. Ага, газэта! Добра… (да Міколы). Зараз… устрымаемся крыху, я толькі перагледжу. (Разварочвае газэту і перабягае яе вачыма). Што гэта? Што?! Біяграфію маю абсьмяялі! Памфлет!.. Жулікі! (да Міколы). Дзе гэты ваш Скакун? Скажэце вы гэтаму свайму прыяцелю, што ён за гэтакія штукі да бяды даскачацца! Ну, хіба я ніколі ў жыцьці яго не спаткаю! Хіба ён пад зямлю ад мяне схаваецца! Хм! Падумайце толькі! Якое нахальства! Абсьмяялі! Маю аўтабіяграфію абсьмяялі!.. Маю аўтабіяграфію!.. Гэта-ж чорт ведае, што такое! (Ходзіць па сцэне). Фу! не магу супакоіцца. Вось гіцаль! А яшчэ ўзяў на «расходы»! Добра, што я яму так мала даў. Вось і Скакун! Каб ты ў пекла скочыў у гарачую смалу, скакун ты гэтакі!
Мікола. Дык можа я ў другі раз?.. Заўтра?…
Філімон. Не, не, пачакайце крыху, я зараз супакоюся. Вось дачытаю гэтую паганую газэту і зараз будзем пісаць далей дыктоўку… Гм! Абсьмяялі! Абдурылі! Ах, вы, гады! (гурчыць сабе нешта пад нос і чытае газэту).
У гэты час Люба цалуе кветку і кідае яе Міколе. Мікола таксама цалуе кветку і кідае яе Любачцы.
Філімон. Што?! што?!.. (крычыць). Правалілі! правалілі! правалілі!.. (газэта падае з яго рук на падлогу).
Люба (падбягае да Філімона). Каго, дзядзенька, правалілі?
Філімон. Мяне правалілі!.. А кілбасу маю елі, а гарэлку маю пілі, а правалілі!
Мікола (падтрымліваючы яго на крэсьле). Нічога, панок, сядзеце спакойна, не праваліцеся, я вас падтрымаю.
Філімон. Ідзеце к чорту! Непатрэбны мне вашыя дыктоўкі! непатрэбна мне вашая беларуская пісьменнасьць, калі ў міністры не папаў… Правалілі!
Мікола пасылае рукой пацалунак Любачцы і выходзіць.
Філімон і Люба.
Філімон (сядзіць на крэсьле і што-раз цішэй мармыча): Правалілі… правалілі…
Люба (ходзіць па сцэне; хоча нешта сказаць, але ня можа рашыцца; колькі разоў падыходзіць да Філімона, але ізноў адыходзіць з нерашучым жэстам). Дзядзя! Я вам нешта хацела сказаць…
Філімон. Ах, правалілі, дзетачка! ах, правалілі, мілачна!..
Люба. Дзядзя! Я з вамі хацела пагутарыць аб аднэй рэчы…
Філімон (слабым голасам). Гавары, Любачка! Ты адна асалода майго жыцьця!.. Хадзі, пацалуй бедненькага свайго дзядзеньку… (Працягвае рукі і хоча яе абняць).
Люба (адскочыўшы). Не, не!.. ня трэба!.. я не хачу!..
Філімон (я. в.). Чаму-ж ты ня хочаш, ціпанька?.. Ну, кажы-ж, што ты хацела казаць?
Люба (энэргічна). Я хачу сказаць, дзядзенька, што я паеду да цёці, або мо' паеду ў іншае месца, а тут жыць ня буду.
Філімон (зьдзіўлены). Чаму, дзетанька?
Люба. Бо дзядзенька — зусім ня дзядзенька.
Філімон (ускочыўшы). Як ня дзядзенька? Хто табе гэта казаў?
Люба. Хто казаў, той казаў, але я тут жыць ня буду і прашу, каб вы аддалі мне мае дакумэнты.
Філімон. А! гэта мусіць гэтая поддая Марта набрахала. О! я бачу ўжо, што гэта яе работа! Ох, Божа мой! у такі мамэнт навет яны мяне не шкадуюць?… Бяз літасьці!.. Ну, дык пачакай. Любачка! я табе скажу ўсё, ўсю праўду, мілачка! Як я цябе першы раз убачыў сіротаньку, такую бедненькую, чырвоненькую. беленькую, дык мне зрабілася страшэнна шкада цябе, Любачка, і я падумаў сабе: вазьму яе да сябе, яна да мяне прывыкне, палюбіць — і будзем жыць шчасьліва.
Люба. Што вы, дзядзенька! Я-ж такая маладая, а вы ўжо стары.
Філімон. Я не стары, Любачка! Гэта толькі так здаецца, але я не стары. О-го-го! Стары! Ты яшчэ маладая, дурненькая, а я цябе павяду праз жыцьцё, як па масьле.
Люба. Нічога з гэтага ня будзе.
Філімон. Я ажанюся з табой, Любачка!
Люба (востра). Я не хачу, каб вы жаніліся! Аддайце толькі мне мае дакумэнты!
Філімон. Ага! Ага! Марта мусіць набрахала й аб тым, што я з ёю абяцаў жаніцца… Але-ж, ціпачка! Што Марта, а што ты! Як неба да зямлі… Марту я ашукаў, гэта праўда, але цябе не ашукаю, далібог, ажанюся… Ты можа думаеш, што я бедны? Гэта я так толькі ўсім рассказваю… А ты яшчэ ня ведаеш. што ў гэтай шафе! (паказвае на шафу з грашыма). О! я табе пакажу! Ты пабачыш!..
Люба. Непатрэбны мне вашы грошы.
Філімон. А ты кажаш, што я стары. О-го-го! Не адзін малады мог-бы пазайздраваць мне. Ты толькі пацалуй мяне, Любачка, ты толькі папрабуй… Ну, ціпачка!(хоча яе злавіць і пацалаваць).
Люба (ўцякае навокал стала, пасьля бяжыць на балькон і крычыць). Кіньце, я прашу! бо крычаць буду! з балькону ўніз скокну, калі падойдзеце бліжэй! Кіньце прашу вас!.. Марта!!!
Філімон. Ну, ціха, ціха, што ты? Ашалела дзяўчына. Ціха!
Філімон, Люба і Марта.
Марта (ўваходзіць з кухні). Абед ужо гатоў. Ці падаваць ужо?
Філімон (злы на Марту, што неўпару увайшла). Падавай, падавай, каб ты трэснула!..