Задума напісаць "шляхецкую быліцу" у Адама Міцкевіча ўзнікла восенню 1831 года, калі адчайны пілігрым з Італіі дапаў на Пазнаншчыну, дзе яго напаткала пякучая вестка пра разгром Лістападаўскага паўстання. Роспач ад няўдачы (паэт спяшаўся прыняць удзел у барацьбе з царызмам са зброяй у руках), расчараванне ва ўяўнай еднасці кіраўнікоў, надзея на новы рэвалюцыйны ўздым палякаў - усё гэта на пазнанскай зямлі, прырода якой балюча нагадвала родныя наваградскія абшары, абвастрыла ў Міцкевіча настальгічнае пачуццё, якое і прывяло да задумы напісаць гімн-успамін пра вольны край, дзе жыло хоць трохі шчасця: край маленства. Памяць пра яго чалавек носіць у сэрцы са святой пашанай, як пілігрым жменю бацькоўскай зямлі. Бо чужына не грэе.
Глыбокай восенню 1832 г. Міцкевіч вярнуўся да ранейшага намеру і ў лісце сябру Стафану Гарчыньскаму 12 студзеня 1833 года паведамляў з Парыжа: "Паволі пішу вясковую паэму". Далейшае развіццё задумы можна прасачыць па чарнавых аўтографах паэмы і пісьмах творцы. Напісаўшы 4-ю песню, паэт лічыў працу амаль завершанай. Праз паўгода вымушанага перапынку над працягам "Пана Тадэвуша", скончыўшы 5-ю песню, у лісце да А. Адынца, удакладняў: "Засталося яшчэ тры". Пазней, на думку аўтара, памер твора не павінен быў перавысіць 10 песень, і ў такім аб'ёме "Пана Тадэвуша" рэкламавалі парыжскія кніжныя каталогі. Урэшце, з аўтографу бачна, што кніга 11 мела падзагаловак "Кніга апошняя". Дакладны памер шэдэўра не ўяўляўся, пакуль 13 лютага 1834 года геній не паставіў кропку і з радаснай палёгкай ад здзейсненага не ўсклікнуў: "Песень вялікіх дванаццаць!". Мо так доўга вымалёўвалася гэта агромністае палатно славянскага тытана, што падчас яго напісання аўтару мроілася, быццам жыве ў каханай Літве.
Лёс першага беларускага перакладу паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (В. Дунін-Марцінкевіч) склаўся трагічна. Пачатковыя дзве "быліцы", што пабачылі свет у Вільні ў 1859 годзе, царская цэнзура канфіскавала і, па няпэўных звестках, увесь наклад выдання спаліла. Не менш трагічны лёс напаткаў і другі беларускі пераклад, здзейснены ў 1931-1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадскім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам (1892-1938), які ў выніку абмену палітвязнямі з верасня 1933-га жыў у СССР, дзе ў 1937 годзе зноўку быў арыштаваны і, як "агент панска-буржуазнай Польшчы", расстраляны. Вывезеныя ім з "белапольскіх" турэмных сутарэнняў пераклады "Іліяды" Гамера і "Пана Тадэвуша" А.Міцкевіча апынуліся ў нетрах падвалаў НКУС, адкуль здолеў выплыць толькі апошні рукапіс, каб праз паўстагоддзе стаць здабыткам кулыуры (Мінск, 1981; Ольштын, 1984). Таму калі чарговы (ужо пасляваенны) вязень сталінскіх лагероў Пятро Бітэль узяўся перакладаць шэдэўр сусветнай паэзіі, ён нічога не мог "падгледзець" у сваіх двух пакутных папярэднікаў. Магчыма, гадаванец Барунскай і Віленскай настаўніцкіх семінарый (1925-1931) і не заняўся б перакладам, калі б не малох сталінізму, які ў 1950 годзе кінуў настаўніка нямецкай мовы з Валожыншчыны за турэмныя краты, а потым у Сібір. Там, у лагерных умовах напрадвесні 1953-га хтосьці з нявольнікаў атрымаў з Варшавы на самым дне харчовай пасылкі том паэзіі вялікага генія. Ды лічаныя беларусы разумелі польскую мову, асабліва з маладых (у савецкія "папраўча-працоўныя" лагеры траплялі нават вучні старэйшых класаў). Як вялікая рака пачынаецца з крыштальна бруістай крынічкі, так і гэты пераклад паклікала да жыцця неаднаразовая просьба вязня-падлетка, які прагнуў паэтычнага слова ў тых нялюдскіх варунках. І вось для юнака Лёні Мазуры з Дзятлава пачаў "пераствараць" паэму П.Біталь. Першыя слухачы - зняволеныя беларусы, летувісы, ды "крэсовыя" палякі - натхнялі ў адзін голас: перакладай далей!.. Ніхто не дзяліў Міцкевіча на "свайго" ці "чужога". Так ад самага пачатку бітзлеўскі пераклад, як і сам твор, насычаўся духам інтэрнацыяналізму. Пераклад Пятра Бітэля паўстаў у 1953-1955 гадах паміж лесапавалам-будоўлямі Кемераўскай вобласці і меднымі руднікамі Джэзказгана (новабудоўлі тыя потым залічалі ў актыў маладым камсамольцам-добраахвотнікам). І мала каму цяпер вядома, што замест асадкі скарыстоўваўся самаробны "аловак" з алавянага дроту, выцягнутага патаемна з ізаляцыйнага кабелю. Што замест атласнага чорнага атраманту не адна тысяча звонкіх радкоў выводзілася зялёнкай, вынесенай пакрыёма з медсанчасці знаёмым санітарам. Што замест белых аркушаў паперы разразаліся запыленыя трохслойныя мяхі з-пад цэмента. І першы "ганарар" яму вызначылі канваіры: калі ўжо "Кніга другая" (менавіта з яе пачаў пераклад П. Бітэль) была скончаная і пайшлі сотні радкоў першай кнігі, яго пасля адбою залавілі за гэтым малазразумелым (і ад таго яшчэ больш небяспечным) заняткам. Кара - трое сутак карцару. Так знакаміты твор, перакладзены на нашу мову, увайшоў у кроў і плоць, знітаваўся з імем перакладчыка, які праробленую працу лічыў сваім найгалоўным творчым здабыткам. П.Бітэль прадэманстраваў бліскучае веданне беларускай і польскай моў, здзяйсняючы свой пераклад без адпаведных слоўнікаў пад рукой. Толькі пакутны пераклад каторае дзесяцігоддзе не мог пабачыць свет, і нарэшце гэты "лагерны помнік" у выглядзе выдатнага юбілейнага фаліянта выйшаў да 200-гадовага юбілею А. Міцкевіча.
З прадмовы "Наваградзкая Іліяда" Язэпа Янушкевіча да юбілейнага выдання "Пан Тадэвуш" (Мінск, 1998).