Кніга сёмая. Нарада
Змест : Выратавальныя парады Бартака, празванага Прусаком. Салдацкае слова Мацька Хрысціцеля. Палітычнае слова пана Бухмана. Янкель заклікае да згоды, якую рассякае Сцізорык. Прамова Гервазага, у якой выяўляецца сеімавае красамоўства. Пратэст старога Мацея. Раптоўнае з'яўленне падмацавання абрывае нараду. Гайда на Сапліцу!.
Спярша стаў Бартак Прус выкладваць справу.
За тое, што ў Крулевец ён хадзіў для сплаву,
Яго празвалі Прусаком аднасяльчане
У жарт, бо прусаў не любіў з пераканання,
Хоць часта ўспамінаў. Быў веку пажылога,
Нямала вандраваў па свеце, бачыў многа,
Палітыкай цікавіўся, чытаў газеты
І растлумачыць шмат што мог на зборы гэтым.
Дык вось ён так канчаў:
"Наш дарагі Мацею,
Мой браце, а для ўсіх, шаноўны дабрадзею,
Тут не малая дапамога. У французе
Я ўпэўнены, як быццам у казырным тузе:
Народ ваенны, а ад часаў Тадавуша
Касцюшкі (кожны з тым цяпер змірыцца змушан)
Няма ваякі большага за Банапарта.
Я помню, як французы перайшлі праз Варту.
Я за граніцай быў тады, у годзе панскім,
У тысяча васьмісот шостым, і пад Гданскам
Вёў гандаль. Сваякоў жа маю я ў Пазнанскім,
Дык ездзіў іх наведаць у той час з Юзэфам
Грабоўскім, што сягоння рэгіменту шэфам,
А ў той час жыў у вёсцы блізка Аб'язера,
І мы на дробнага там палявалі звера.
Бьшо спакойна ў Велькапольшчы ў гэтым часе,
Ды ўміг аб страшнай бітве вестка разышлася;
Да нас прыймчаўся мігам пасланец Тадвэна,
Грабоўскі ліст счытаў і крыкнуў: "Ена! Ена!
Прусакі збітыя дазвання - перамога!"
Я на калені ўпаў з падзякаю да Бога.
У горад зараз жа мы коней павярнулі,
Як быццам так сабе, нібы навіны і не чулі,
Аж бачьш, што ўжо ўсе ландраты і гофраты
Ды камісары - зброд нямецкі франтаваты
Нам кланяецца нізка, ажно глянуць гадка,
І ўецца, як прусак, апараны вараткам.
Мы рукі паціраем, просім з прыніжэннем
Сказаць, што новага чутно, як справы ў Ене?
Іх страх узяў, што мы аб перамозе новай
Пачулі, дык крычаць: "А хары гот! О-о вэй!"
Насы павесіўшы, ідуць дамоў, а там на ногі
Стаўляюць спешна ўсіх. ўраз усе дарогі
Кішаць народам. Немцы ўюцца, як мурашкі,
Паўзуць, вязуць вазы, нагружаныя цяжка,
А ля вазоў ідуць мужчыны і жанчыны
І валакуць куфэркі, чайнікі, пярыны,
Бягуць, як могуць. Мы збіраем зараз раду:
Па конях! Перабіць нямчыскам райтараду!
Давай ландратам і гофратам гладзіць скабы,
А гэрам афіцэрам абрываць гарцабы.
I генерал Дамброўскі ўраз быў ля Пазнані
З загадам кесара: ўзнімацца на паўстанне!
За тыдзень наш народ так высцебаў прусакаў,
Што й на лякарства не знайшоў бы небаракаў!
А каб і нам сягоння справу так паставіць
І маскалям у нас такую ж лазню справіць?
Што думаеш, Мацей? Калі ўжо з Банапартам
Масква ў нязгодзе, то не скончыцца тут жартам:
Герой у свеце першы, войска многа мае,
Скажы нам, Каралёк, тут мысль твая якая?"
Замоўк, і ўсе з Мацея ўжо не зводзяць вока,
А ён маўчаў, відаць, задумаўся глыбока
І толькі зрэдку штосьці мацаў каля боку,
Як бы хапаў за шаблю (з дня няволі краю
Ўжо шаблі не насіў, але свайго звычаю
Не кінуў: на ўспамін Масквы за бок хапаўся,
Нібы намацаць Розгу там ён спадзяваўся,
І дзеля гэтага празваны быў Забокам).
Узняўшы голаў, слухаў ён з прытухшьм зрокам
І доўгі час, супроць агульнага чакання,
Сядзеў схмурнелы, ўрэшце ўжо пасля маўчання
Усё ж загаварыў павольна і сурова,
З прыціскам вымаўляючы за словам слова:
"Ну ціха! Скуль жа вы навіну гэту бралі?
І дзе цяпер французы? Ці вайну пачалі?
Хто іх вядзе? Куды ідуць? Якой дарогай?
Пяхоты колькі? Конніцы? Гармат ці многа?
Кажыце зараз, што адкуль вядомым стала?"
А грамада глядзела вокал і маўчала.
"Я раджу пачакаць прыезду бернардына,-
Сказаў Прусак,- бо гэта ад яго навіна.
Тым часам трэба слаць шпіёнаў на граніцу
І ўзбройваць тых цішком, якія могуць біцца,
А покуль што з намерамі не адкрывацца
І да паўстання ўсёй акругай рыхтавацца".
"Чакаць? брахаць? цягнуць?- другі Мацей падняўся
Які Крапіцелем праз доўбню зваўся,
Празваную Крапілам - меў яе з сабою,
I, рукі скрыжаваўшы па-над булавою
І, ўспёршы бараду, крычаў:-Чакаць! Спрачацца!
I доўга думаць! Гэм, трэм, брэм, пасля змывацца!
Я ў Прусіі не быў, і розум крулявецкі -
Для прусакоў, а ў мяне ёсць свой, шляхецкі.
Хто хоча ў бой, павінен за крапіла брацца,
А хто ўмірае, тому трэба спавядацца!
Я жыць хачу і біць! Нашто нам бернардыны
Ці Робакі? якой патрэбны нам прычыны?
Мы самі - рабакі і маскалёў падточым!
Чакаць! Цягнуць! Дзяды вы, я скажу у вочы!
І недарэкі! Хай сабака ходзіць нюхаць,
Ксёндз пабірацца, а мне трэ' крапілам рухаць!
Крапіць! крапіць! і ўсё тут". даўбню пагладзіў.
За ім: "Крапіць! крапіць!"- пранеслася ў нарадзе.
Тут Бартак, што ад тонкай шаблі Брытвай званы,
Мацей з мянушкай Конаўка, бо пастаянна
Насіў з шырокай руляй стрэльбу і з якое
Мог тузін куль, як з конаўкі, лінуць ракою,
Крычалі гучна разам: "Хай жыве Крапіла!"
Прусак зноў слова браць хацеў, ды заглушыла
Яго шмат крыкаў: "Вон з ім трусам-прусачынам
Хто трус, таму не быць байцом, а бернардынам!"
Тут галаву падняў стары Мацей з задумы,
І зараз жа заціхлі крыкі ўсе і шумы.
"Насмешкі з Робака,- сказаў ён,- без карысці,
Бо ён чарвяк, які арэхі можа грызці.
Я бачьгў раз яго, ледзь толькі кінуў вокам,
Пазнаў, што ён за птушка; ён крутнуўся бокам
І рушыў, не хацеў, відаць, мне спавядацца.
А што мне? Што мне ў справы не свае мяшацца?
Сюды не прыйдзе, не чакайце бернардына.
Калі ж вось гэта ад яго прыйшла навіна,
Дык што ў яго за мэта? Бес ён, не ксянжына!
Як апроч гэтага не знаеце нічога,
Тады чаго вам трэба? Скуль уся трывога?"
"Вайна! " крычалі. "З кім?"- спытаў. "З Масквой! Масквою!
Крычалі ўсе.- Гайда на маскалёў! Гэй, к бою!"
Прусак перакрычаць усіх яшчэ стараўся
І голас узвышаў, які пісклівым стаўся,
Прасіў паклонам слова і махаў рукамі.
"I я,- крычаў, б'ючыся ў грудзі кулакамі,-
Хачу змагацца! Раз дык жэрдкай ад віціны
Аж чатыром прусакам справіў я хрысціны
За тое, што ўтапіць мяне хацелі ў Прэглі!"
"Ты, Бартак, зух! Крапіць, крапіць, каб зразу леглі!" -
Крычаў Хрысціцель. "Бог мой! Трэба ж, хіба, ведаць,
З кім мы ваюем,- рваўся Бартак,- трэ' ж разведаць,
Адкуль і як пачаць. Падумайце ж вы самі,
Адразу так народ не вырушыць за намі!
Браты! Паны! Уважце! Як жа лезці ў схватку,
Калі няма ў нас ладу ні парадку!
Вы хочаце вайны? Перш сарганізавацца,
Намеціць планы трэба - сканфедэравацца.
У Польшчы так было: вось бачым райтараду
Нямецкую, склікаем тайную нараду,
Прыводзім шляхту і вясковы люд да ладу
І так чакаем ад Дамброўскага наказу.
Пасля - гайда на коней і ў бой скачам зразу".
"Прашу даць слова!" - камісар ускрыкнуў клецкі,
Прыстойны, малады, у вопратцы нямецкай.
Ён зваўся Бухман, але быў палякам зроду,
Хоць невядома, ці быў шляхціцам; нагоды
Ніхто не меў навесці спраўкі пра Бухмана.
Даволі, што ў вялікага служыў ён пана,
Быў добрым патрыётам, многа меў навукі
І з кніг чужых знаў гаспадарнічання штукі,
Адміністрацыю двароў вёў вельмі ўмела
І аб палітыцы судзіў заўсёды смела,
Пісаў прыгожа, вельмі гладка выслаўляўся;
Дык змоўклі ўсе, як толькі адазваўся.
"Прашу даць слова!- паўтарыў. Пасля з паклонам
Адкашляўся і так прамовіў зычным тонам: -
Мае прадмоўцы ў выступленнях красамоўных
Ужо да пунктаў дакрануліся галоўных,
Дыскусію на значную ступень узнялі,
Дык думкі трапныя, што вельмі ўсіх занялі,
Мне застаецца толькі ўзгодніць і адгладзіць,
Каб больш змястоўна нам дыскутаваць і радзіць
Дыскусія дзве часткі ў нас сягоння мела,
І я трымацца буду гэтага раздзела.
Найперш: чаму мы маем узнімаць паўстанне?
Ў якім напрамку?- гэта першае пытанне.
А вось другое ўжо адносіцца да ўлады.
Падзел тут трапны. Але перш за ўсё - загады:
Калі мы ўладу неабходнай нам знаходзім,
То ўжо з яе з'яўлення мэту, сэнс выводзім.
Дык што да ўлады. Вось вачыма прабягаю
Гісторыю народаў і спасцерагаю,
Што дзікі род людскі яшчэ ў глыбінях лесу
Злучаўся для супольных спраў і інтарэсу
І радзіўся. Так перш паўсталі рады.
Тады ўжо кожны для агульнае улады
Сваёй свабоды частку аддаваў памалу,
І так статут і права паўставала.
Дык бачым, што законы не прыйшлі ад Бога,
А ад саміх людзей залежыць вельмі многа.
Дык на кантракце абапёршыся народным,
Падзел улады стаў з'яўляцца неабходным..."
"Няхай кантракт народны! Кіеўскі ці Мінскі,-
Сказаў стары Мацей,- няхай урад бабінскі!
Пан Бухман, Бог нам царскую ўдружыў уладу
Ці чорт, не дойдзем зараз з вамі мы да ладу.
Вось лепей, як цара пазбыцца, дайце раду".
"Вось загваздка,- сказаў Крапіцель,- каб так скокнуць
Крапілам да прастола і цара раз "кокнуць",
То ўжо ні Кіеўскім ён не вярнуўся б трактам,
Ні Мінскім, і ніякім Бухманскім кантрактам,
І ўваскрасіць яго ўжо сілы б не хапіла
Ні ў чорта, ні ў папоў. Дык хай жыве Крапіла!
Гаворыш ты, пан Бухман, гладка, безумоўна,
Ды гэта ўсё шум-друм. Крапіць трэ', пан шаноўны!"
"Во, во!- ускрыкнуў задаволены Брытэўка,
К Хрысціцелю ад Мацька скачучы, як цэўка,
У кросны закіданая - той самай сцежкай,-
Адно ты, Мацек, з Розгай, ты, Мацей, з даўбешкай,
Адно згадзіцеся, дальбог наробім сечкі
З маскалёў. Брытва пад каманду йдзе Рузэчкі!"
"Каманда,- зноў сказаў Хрысціцель,- на парадзе
Патрэбная, а ў нашай Ковенскай брыгадзе
Была кароткая: палохай, сам не бойся,
Бі, не давайся, наступай, сячы прыстройся:
Шах-мах!" "Во, во!- зноў Брытва піснуў,- во, як міла!
Нашто тут акты нам складаць, псаваць чарніла?
Канфедэрацыі нам трэ'? За гэта спрэчка?
Дык вось - маршалак! Наш Мацей з жазлом Рузэчкай!"
"Няхай жыве Мацей!" - крычаў Хрысціцель,
А шляхта крыкнула: "Няхай жыве Крапіцель!"
Ды па кутах пачуўся шум нездавальнення,
Відаць, што ў радзе пачалося раздваенне.
Тут Бухман крыкнуў: "Згоды я не пахваляю
Ніяк!" А хтосьці закрычаў: "Не дазваляю!"
Другія ім падтакваюць. У той час груба
Басіць пачаў прыбыўшы толькі што Скалуба:
"Што ж вы, паны Дабрынскія? У чым тут справа?
Ці вы не ўздумалі нас вылучыць з-пад права?
Калі наказ нам далі сённяшняга ранку,
А прыязджаў у наш засценак сам Мапанку,
Рубайла Ключнік, то казалі, што ўсю гэту
Нараду склікалі для цэлага павету,
Што справа не адных Дабрынскіх закранае.
Прагаварыўся ж Робак, бо ён болей знае,
Чым кажа, але, зводзячы канцы з канцамі,
Мы - тут, суседзяў павядоміўшы ганцамі.
Вы не адны, паны Дабрынскія, нарэшце,
З другіх засценкаў многа - чалавек мо дзвесце,
Дык радзьма ўсе. Калі маршалка выбіраем,
Дык галасуйма. Ўсе аднакі голас маем!
І роўнасць хай жыве!"
I тут два Тараевічы,
Чатыры Стыпулкоўскіх і тры Міцкевічы
Ускрыкнулі: "Няхай жыве!" А за Скалубам
Крычаць пачаў зноў Бухман: "Згода будзе згубай!"
Крапіцель надрываўся: "Выберам і самі!
Няхай жыве маршалак - Мацек над Мацькамі!"
Дабрынскія крычалі: "Мацька запрашаем!"
А ўсе прыезджыя крычаць: "Не дазваляем!"
І гэтак раздзяліўся збор на дзве паловы,
Крычыць усхвалявана натаўп шматгаловы:
"Не дазваляем!" тут і "Просім!" там візгліва.
Адзін стары Мацей сядзеў яіпчэ маўкліва,
І ён адзін не рухаўся, не хваляваўся.
Хрысціцель перад ім на доўбні успіраўся
І галавой паверх яе круціў, нібыта
Вялікім гарбузом, на доўгі кій узбітым,
Папераменна ўперад, то назад ківаўся:
"Крапіць! Крапіць!"- крычаў і ажно надрываўся
Тым часам Брьггва штораз падбягаў рухавы
То да Хрысціцеля, то да Мацея лавы,
А Конаўка змірыць усіх шукаў нагоды:
Хадзіў між групамі і заклікаў да згоды.
У памяшканні ўсё "Крапіць!", "Галіць!" гудзела.
Мацей маўчаў, ды ўжо, відаць, яму дадзела.
І вось паверх галоў у зборышчы кіпучым
Пад бэльку шугануў слуп светлы і бліскучы.
Быў гэта меч, узняты моцнай даланёю,
Двухсечны, ў пядзь шырокі, ў сажань даўжынёю,
Відаць, яшчэ тэўтонскі з нюранбергскай сталі.
Заціхлі ўсе, на зброю моўчкі пазіралі.
Хто ўзняў яе, не ўбачыш, ды згадалі зразу:
"Сцізорык! - закрычалі, быццам бы з наказу.-
Няхай жыве Сцізорык!" "Хай жыве Мапанку!
Рубайла! Шчэрбец!" - нёсся крык без перастанку.
Гервазы (ён быў гэта) ўміг натоўп расціснуў,
К сярэдзіне пралез, Сцізорыкам зноў бліснуў
I, вастрыё схіліўшы ўніз, сказаў: "Мой пане,
Сцізорык Розачцы прыносіць прывітанне!
Браты Дабрынскія! Прыбыў я не спрачацца,
А расказаць, чаму прымусіў вас сабрацца,
А што і як рабіць, рашайце ўжо вы самі.
Вядома ўсім, што чуткі носяцца між намі,
Што справы важныя рашаюцца на свеце.
І Робак штось казаў, і самі мы не дзеці".
"Мы знаем!" - крыкнулі. "Дык мудрай жа галоўцы,-
Казаў,- даволі нават два-тры слоўцы.
Няпраўда?" "Праўда!" - мовілі. "Калі французскі
Адтуль надходзіць кесар, згэтуль жа цар рускі,
Тады вайна няўхільная паміж царамі.
Дык, калі так, тады падумайце ж вы самі,
Ці ж нам цішком сядзець? Вялікага вялікі
Хай б'е, малы малога - вось і ўсе тут крыкі.
Згары і знізу: гэты гэтага, той тога.
Як сеч пачнём, тады ачысціцца дарога
І шчасце ў Рэч Пасполітую завітае,
Няпраўда?" "Праўда!- крыкнулі.-Як з нот чытае!"
"Крапіць!- Хрысціцель крыкнуў.- Справа залатая!"
"А я галіць гатоў!"- тут Брытвачка азваўся.
"Змірыцца толькі трэба,- Конаўка ўмяшаўся,-
Адносна выбару маршалка-ваяводы".
Тут Бухман перабіў: "Дурны шукае згоды!
Дыскусіі для справаў не прыносяць шкоды.
Прашу маўчаць! На гэтым справа скарыстае!
Па-новаму яе пан Ключнік асвятляе!"
"А як жа,- мовіў Ключнік,- не патрэбны крыкі.
Аб важньгх справах думае няхай вялікі.
Ёсць цар, а будзе зноў кароль, сенат з пасламі,
Дык справы важныя, вы ведаеце самі,
Рашаюцца ў Варшаве, а не у Дабрыне,
І акты пішуцца па гэтай жа прычыне
На пергаменце, а не крэйдай на цагліне.
Не нам жа акты тут складаць. Пісцоў мы маем
Каронных і Літоўскіх, дык старым звычаем,
Мой доўг - Сцізорыкам змагацца!" "I Крапілам
Махаць",- дадаў Крапіцель. "I выколваць Шылам!"-
Шыдэлка Бартак крыкнуў, выхапіўшы шпагу.
"З вас кожны,- мовіў Ключнік,- можа даць прысягу,
Што Робак гаварыў: пакуль спакойна ў свеце,
Падмесці трэба дом і выкінуць вон смецце.
А ведаеце вы, тым смеццем хто ў павеце?
Ці добра зразумелі? Хто забіў у здрадзе
Найлепшага з палякаў? Хто ўвесь час у звадзе
Гарэшкамі? Астаткі вырваць хто маніцца?
Хто рабаўнік? Ці ж трэба вам казаць?" "Сапліца,-
Тут Конаўка сказаў.- Ён лотра!" "I душыцель!"-
Падтакнуў Брьггва. "Дык крапіць!"- гукнуў Хрысціцель.
"Павесіць!- крыкнуў Бухман.- А чаго вазіцца?"
"Гайда!- падняўся крык,- гайда граміць Сапліцу!"
А Прус прамовіць за Суддзю ўсё ж меў адвагу,
Пачаў крычаць у абурэнні за знявагу:
"Паны! Браты! ай! ай! пабойцеся ж вы Бога!
Пан Ключнік! Што вы? Не звіхнуўся пан нямнога?
Ці ж тут пра гэта мова? Калі хто меў брата
Нягодніка, дык што? Цяпер яму адплата?
Якраз па-хрысціянску! Графа тут каншахты.
Падумайце! Няўжо Суддзя благі для шляхты?
Няпраўда! Далібог! Вы гэта толькі самі
Супроць яго пайшлі; ён хоча зтоды з вамі,
І свайго адступіць ды яшчэ і страты плаціць.
Што з Графам судзіцца? Дык што? У іх грошай хваціць:
Ад спрэчкі між панамі што і хто з нас траціць?
Суддзя - душыцель? Ён жа адмяніў паклоны
Зямныя пану, аб'явіў сваім прыгонным,
Што гэта грэх. Не раз ён з мужыкамі разам
За стол сядае, служыць ім дабром і радай,
Падаткі плаціць за сялян. Не то што ў Клецку,
Дзе ты, пан Бухман, гаспадарыш па-нямецку.
Ён - здраднік? Што вы? Я ж калісьці з ім вучыўся,
Ён дзіцем добрым быў і сёння не змяніўся,
Радзіму любіць і звычай стары хавае,
Маскоўскіх новых мод і блізка не пускае.
Вяртаючьгся з Прус, каб нямчыны пазбыцца,
Заходжу ў Сапліцова польскасцю абмыцца,
Бо там сапраўды нашых звычаяў сталіца!
Дальбог, Дабрынскія, я брат ваш, але знайце,
Суддзі не дам пакрыўдзіць, лепш не пачынайце.
Не так у Велькапольшчы шляхта немцаў біла:
Які быў дух і згода, проста ўспомніць міла!
І глупствамі ніхто не запыняў нарадаў".
"Не глупства тут,- ускрыкнуў Ключнік,- вешаць гадаў!"
Шум нарастаў, ды Янкель па-над грамадою,
На лаву стаўшы, белай бліснуў барадою,
Што венікам ажно да пояса звісала.
Каўпак лісіны ссунуў з галавы памалу,
А леваю рукой ярмолку ўміг паправіў.
Пасля, калі за пояс зноў руку уставіў,
Паклон даў каўпаком і распачаў прамову:
"Паны Дабрынскія, ну кіньце гэту змову.
Суддзя ні брат мне і ні сват, ну я Сапліцаў
Шаную; з імі можна жыць, ну і мірыцца.
Шаную і Дабрынскіх Барткаў і Мацеяў,
Ну як маіх суседзяў і як дабрадзеяў,
Дык так кажу: яшчэ вам можна запыніцца,
Не нападаць, бо вы ж там можаце пабіцца,
Забіць. А спраўнік? а турма? а асасоры?
А ў вёсках жа Сапліцы час ужо каторы
Стаіць гурма салдатаў. Хай асэсар свісне,
Дык батальён пяхоты мігам вас расцісне.
А што тады? Француз нам зараз не падмога,
Ну бо яму да нас далёкая дарога.
Габрэй я, мала знаю, ну але ў Бяліцы
Габрэйчыкаў я бачыў ажно з-пад граніцы.
Чуваць, француз стаіць над рэчкай Ласасною,
Вайна ж, калі і будзе, хіба аж вясною.
Ну я скажу: чакайце! Двор Суддзі Сапліцы -
Не будка крамніка, што можа ў воз змясціцца
І з'ехаць. Двор стаяў, стаяць і далей будзе.
Суддзя не арандатар, і ўсе знаюць людзі,
Што не ўцячэ, яго вы знойдзеце й налета,
Дьж кіньце лепш, і хай заціхне справа гэта,
І аб гавораным тут раджу ўсім забыцца.
I, калі ласка, ўсіх прашу паклапаціцца
Зайсці ў карчму. Сынка мне Сора нарадзіла,
Я ўсіх частую, будзе музыка на дзіва,-
Заграем на басэтлі, скрыпках і на дудзе.
І мёд стары, які пан Мацек любіць, будзе,
Ну і мазуркі; маю новыя мазуркі
І файн спяваць свае я вывучыў бахуркі".
Прамова Янкеля, якога ўсе любілі,
У сэрцы трапіла сабраным той жа хвілі,
І шум вясёлы на двары на'т разгарнуўся.
Ды тут Гервазы к Янкелю з мячом рвануўся,
Той скокнуў з лавы. Ключнік крыкнуў: "Вон, жыдзішча!
Не сунь у дзверы пальцаў! Тут табе не йгрышча!
Пан Прусак! Калі пан Суддзёваю гандлюеш
Віцінаў паркай, дык яго вось як малюеш!
Ты помніш добра і павінен нам прызнацца,
Што бацька твой сплаўляў Гарэшкавых аж дваццаць
І што нажыўся ён з усімі сваякамі.
Стуль нажываліся Дабрынскія вякамі.
Старыя могуць голасам пацвердзіць згодным,
Што Стольнік быў для шляхты проста бацькам родным.
Хто камісарыў у яго маёнтках пінскіх?
Дабрынскі! Пісарамі браў каго? Дабрынскіх!
Буфета ў замку не даверыў ён нікому
Апроч Дабрынскіх. Меў Дабрынскіх поўна ўдому!
Ён падтрымоўваў вашы ў трыбуналах справы,
У караля выпрошваў хлеб для вас ласкавы
І копам вашай дзетвары даваў асвету
Ва ўсіх піярскіх школах нашага павету.
Дарослым памагаў у людзі, ў свет прабіцца.
Пра гэткага суседа грэх, браты, забыцца!
А сёння ваш сусед Сапліца робіць многа
Для вашага дабра? Скажыце мне!"
"Нічога!-
Падтакнуў Конаўка.- Я помню тую пору,
Як ён быў гол, а зараз нос дзярэ ўжо ўгору
І дзьмецца: пху, пху, пху! Паклікаў на вяселле,
Паю, а ён не п'е. "Я не магу,- мне меле,-
Так многа піць, як вы, без меры і граніцы".
Вось далікацік з марымонцкае мучыцы!
Не піў, мы ў горла ліць, ён зазлаваўся дужа.
Чакай, я з Конаўкі налью табе, мой дружа!"
"О ёсць,- сказаў Хрысціцель,- і ў мяне прычына
Яго крапіць. Мой сын разумны быў хлапчына,
А зараз, па віне Суддзі, мой небарака
Так адурэў, што ўсе яго зваць сталі Сакам.
Казаў яму: "Чаго ты прэшся ў Сапліцова?
Калі заловяць, лазня будзе там гатова!"
А ён ізноў - да Зосі цераз луг, каноплі.
Злавіў яго, давай драць вушы, сыпаць кроплі;
Ён плача і крычыць: "Як, тата, ты б не біўся,
Туды ісці я мушу". Тут я разгубіўся:
"Ды што з табой?" "Я,- кажа,- ў Зосю улюбіўся!"
Ён хоча глянуць на яе! Вось небарака!
Кажу Суддзі: "Аддай, пан, Зосю нам за Сака!"
Ён кажа: "Замалая, пачакай тры годы,
І як сама захоча!" Лотра! Жджэ нагоды
Аддаць другому. Вось як скокну на вяселле
Ды крапяну сваім Крапілам па пасцелі!.."
"I гэты лотра,- ўскрыкнуў Ключнік,- тут пануе
І вось паноў даўнейшых грабіць і руйнуе!
Ці ж так Гарэшкаў памяць і імя ўжо згіне?
А дзе ж удзячнасць? Мо няма яе ў Дабрыне!
Браты! Вы ж з царскай сілай думалі змагацца,
А тут Сапліцы раптам пачалі баяцца!
Страх вам турмы? Браты! Ды я ж стаю пры праве!
Я вас не клічу на разбой! У гэтай справе
Ужо выйграў Граф, дэкрэтаў мае ён нямала,
Адно іх выканаць! Заўсёды так бывала -
Дэкрэты трыбуналаў шляхта спаганяла,
А перш за ўсіх Дабрынскія, дык вось і стала
Расці ў вас слава. Бо, Дабрынскія, вы ж самі
Ў наездзе Мыскім ваявалі з маскалямі.
Прывёў іх генерал расейскі Вайніловіч
І лотра, друг яго, Воўк з вёскі Лугамовіч,
Вы ж помніце, як Воўка мы ў палон узялі
І як на бэльцы ў пуні вешаць ужо сталі
За тое, што сялян душыў, Маскве прадаўся.
Жывым тады праз літасць мужыкоў застаўся
(З маім Сцізорыкам аднак не размінецца).
Наездаў гэтулькі ўжо мне не давядзецца
Адбыць, з якіх выходзілі мы са здабычай
І славай, як шляхоцкі патрабуе звычай!
Ды што пра тое ўспамінаць! Пан Граф дэкрэты
Ўсё вырабляе, судзіцца за замак гэты,
А з вас ніхто не спачувае адзіноце
Яго і, з ласкі ворага, яго згрызоце.
Няма ў яго сяброў, апроч мяне, нікога
І вернага майго Сцізорыка старога!"
"Ну і Крапіла,- тут Хрысціцель адазваўся,-
Дзе ты, там я - плясь, плясь! Адзін ты не застаўся,
Што два, то два. Дальбог, ты маеш меч, Гервазы,
А я Крапіла. Будзем чысціць ад заразы
Вакол: шах-шах, плясь-плясь! Яны няхай гамоняць".
"Браты ж мо Бартка,- ўткнуўся Брытва,- не прагоняць;
Што вы намыліце, то Брытва зголіць чыста".
Я з вамі,- Конаўка прамовіў урачыста.-
Калі яны ніяк не выберуць маршалка,
Нашто мне галасы ці галкі? Во дзе галка
(Тут выняў з кішані са звонам куляў жменю).
Вось галкі! Ўсе аддам Сапліцаў пакаленню!"
"I мы,- Скалуба крыкнуў,- пойдзем разам з вамі!"
"I мы ўсе!- шляхта крыкнула.- мы з братамі!
Рубайла хай жыве! Гайда граміць Сапліцу!"
І ўсіх пераканаў Гервазы ў мове гладкі,
Бо кожны меў з Суддзём якіясь непаладкі,
Як часта у суседстве: то за шкоду ў полі,
То за парубку, то за межы, а найболей
Іх зайздрасць, што Суддзя багаты, падбівала.
Так пачуццё нянавісці ўсіх аб'яднала.
Вакол Гервазага падняўся гоман бурны,
Ўзняліся шаблі, палкі...
Мацек моўчкі хмурны
Падняўся з лавы і, зрабіўшы два-тры крокі
К сярэдзіне святліцы, рукі ўзяў у бокі.
Тут, глянуўшы вакол з дакорам і сурова,
Паволі вымаўляць пачаў за словам слова,
З прыпынкамі, з прыціскам: "Дурні вы, дурніцы!
Дык дурні ж вы! Мука камусьці, вам - кастрыца!
Пакуль вялася аб радзіме тут нарада
І аб агульных справах, дык вам, дурні,- звада,
Што нельга ні падумаць, ні дагаварыцца.
Замест парадку, ладу, дурні, вы - сварыцца!..
А хай за дробязь помсты здарыцца нагода
Вам, дурні, дык адразу лад у вас і згода!
Вон з хаты! Бо я, Мацек, вас... да міліёнаў
І тысяч тысячаў фур, бочак і фургонаў
Чарцей!!!.."
Заціхлі ўсе, як ляснутыя громам.
Ды раптам гоман, крык падняўся дзесь за домам:
"Ура! пан Граф!" Ён ўз'язджаў на двор Мацееў
Узброены і збройных дзесяць з ім жакеяў.
Пад Графам добры конь, і выгляд Графа панскі:
На ім плашч колеру гарэха, італьянскі,
Шырокі, без рукаў, як быццам пакрывала,
Што цераз плечы стройна долу ападала.
Пяро на капялюшыку тырчэла ззаду.
Крутнуўся Граф і шпагай прывітаў нараду.
"Ура! пан Граф!- ускрыкнулі,- з ім жыць, змагацца!"
Тут з хаты сталі ўсе праз вокны прыглядацца
І ўслед за Ключнікам на выхад прабірацца.
Гервазы выйшаў, сход за ім услед таўпіўся.
А Мацек, выгнаўшы апошніх, зашчапіўся
I, глянуўшы ў акно, сказаў: "Дурніцы!"
Тым часам шляхта каля Графа мітусіцца,
І ўсе ў карчму ідуць. Гервазага наказу
Тры вяжуць паясы ад кунтушаў і зразу
На іх са склепа цягнуць бочкі для народу:
Гарэлкі бочку, бочку піва, бочку мёда.
Вымаюць шпунты, з шумам рвуцца тры крыніцы:
Адна гарыць агнём, другая серабрыцца,
Жаўцее трэцяя - вясёлкаю іграюць
І звонка ў розных сто начынняў ападаюць.
І шляхта з Графам п'е, балюе, весяліцца,
Ўзнімае тосты і крычыць: "Граміць Сапліцаў!"
А Янкель вышмыгнуў цішком. Таксама
Хацеў зрабіць і Прус, ён быў ужо за брамай,
Ды шляхта згледзела і - ў крык, што здрадзіў.
Міцкевіч аддзяліўся, не крычаў, не радзіў,
Але відаць па міне, што задумаў штосьці,
Дык з шаблямі - к яму! Ён ад усіх у злосці
Бароніцца, ўжо ранены, прыпёрты к плоту,
Ды за яго ўступіўся Зан і тры Чачоты.
Разнялі хутка ўсіх, ды ў часе той разрухі
Двух ранілі ў руку, адзін дастаў па вуху.
Сядаць на коней пачалі.
Граф і Гервазы
Наводзяць лад, узбройваюць, даюць наказы.
Нарэшце хваляй, што не ў сілах запыніцца,
Ўсе скачуць з крыкамі: "Гайда граміць Сапліцаў!"