На авансцэну выходзіць стары дзед, былы жабрак.
Дзед. Здаровы, дзеткі мілыя і ўнучкі мае, дай божа вам усім пажыць на свеце столькі гадкоў, колькі мне давялося, а то яшчэ і болей. А пажыў я, дзякаваць богу, нямала. Колькі мне гадоў зараз, дык я добра і не ведаю, ну, думаю, што больш чым сто, бо радзіўся я, казалі, як Крымская вайна пачалася, а гэта было вельмі даўно. Радзіўся я каля Гродна — так, мусіць, было богу ўгодна, — і свой край, Беларусь Заходнюю, я ведаю, можна сказаць, як сваіх пяць пальцаў. Я прайшоў яго ўздоўж і ўпоперак з торбай за плячыма не адзін раз — я быў жабрак, і ад торбы мяне толькі Савецкая ўлада вызваліла — і бачыў шмат добрага і дрэннага, больш дрэннага, вядома. Я начаваў часта ў гушчы Белавежскай пушчы, піў ваду з цудоўнага возера Нарач, купаўся ў магутным Нёмане, бачыў шмат усялякіх людзей. Пра нашых людзей і пра іх жыццё-быццё я і хачу расказаць вам зараз. Было гэта не так даўно, дваццаць год таму назад, а здаецца ўсё гэта нейкай незвычайнай казкай. А было ж так на самай справе, мілыя.