АКТ ПЕРШЫ

Карціна першая

Ноч. На поплаве паміж лесу і ракі — вялікі яркі агонь. Вакол агню сядзіць моладзь і музыканты. Хлопцы пражуць на агні жытнія каласы, дзяўчаты ўюць з васількоў вянкі і спяваюць:


На святога Івана

Дзеўкі зелле капалі,

Дзеўкі зелле капалі,

Яны яго не зналі.

Яны яго не зналі,

У татулькі пыталі:

— Скажы, татулька, скажы,

Ды што гэта за зелле?

Ды што гэта за зелле,

Чырвонае карэнне?

— Гэта, дзеткі, купалле —

Дзявоцкае ўмыванне,

Дзявоцкае ўмыванне,

Хлапецкае каханне.

Люба. Здаецца, вянкоў для ўсіх ужо хопіць.

Яніна. А чаму гэта хлопцы не памагаюць спяваць нам?

Лявон. Вы так суладна зачалі, што мы баяліся, каб песні не сапсаваць вам.

Яніна. Кашы маслам не сапсуеш, а песні — голасам такім, як у цябе.

Надзя. Адась, Міхась, памагайце ўсе!..

Міхась. Адась пець не будзе.

Надзя. Чаму?

Міхась. Таму што ты яго не пахваліла так, як Яніна Лявона.

Адась (да Міхася). Ты вачыма пасі, але язык прыкусі. Мы ж, напрыклад, нічога не кажам пра вашы адносіны з Любай.

Люба. Бо пра нас ужо казаць няма чаго: усё даўно перагаворана. (Запявае.)

Былі ва ўдавы ды тры дачкі:

Усе хлопцы і дзяўчаты падхопліваюць песню.

Адна была тонка, высока,

Другая была бела, румяна,

А трэцяя — чорна, малая.

Тонка, высока — выйшла далёка,

Бела, румяна — выйшла за пана,

Чорна, малая — за караля.

Сталі швагры з’язджаціся,

Сталі з караля смяяціся:

— Ці табе, кароль, дзевак не было,

Чаму не браў белай, румянай,

Чаму не браў тонкай, высокай?

А нашто ўзяў чорну, малую?

— Тонка быліна — выгінастая,

Белая рэдзька — чарвівая,

Чорная зямелька — ўрадлівая,

А малая пчолка — мядлівая.

Надзя. Во, зусім інакш, як басы ўмяшаліся.

Яніна. Вядома.

Люба. Ну, дзяўчаткі, пара да варажбы прыступаць.

Яніна. Правільна, будзем варажыць.

Надзя. Бярыце, хлопцы, па вянку і пойдзем да вады зараз.

Міхась (беручы вянок). Што ж, давайце паварожым, чым жа інакш мы зоймемся?

Адась. Але. У кіно ці ў тэатр у нас жа не сходзіш. (Бярэ вянок.)

Лявон. Яшчэ добра, што паліцыя нам варажыць не забараняе. (Узяўшы вянок.) О, які мне прыгожы папаўся!

Усе хлопцы бяруць па вянку і па прыкладу дзяўчат надзяюць іх сабе на галовы.

Люба. То ўставайце, пакуль курч у ногі не ўбіўся, ды на бераг хутчэй.

Міхась (устаючы). А, сапраўды, у мяне ўжо змярцвела адна нага.

Усе ўстаюць і ідуць на бераг ракі спяваючы.

Між гор, між даліны

Цякуць тры ручаіны.

Каля тых ручаёчкаў

Малойчык пахаджае,

Ручаёў аглядае.

Адзін ручаёчак — салодкі мядочак,

Другі ручаёчак — зеляно віно,

Трэці ручаёчак — крынічная вада.

Салодкі мядочак — для маладога малойца,

Зеляно віно — для дзяўчыны яго,

А крынічная вада — для варанога каня.

Люба (здымаючы з галавы вянок). Ну, каралі і каралевы, скідайце свае кароны.

Усе здымаюць вянкі з галоў.

Аддадзім мы іх у дар цару вадзяному, і няхай ён нам за гэта пакажа, хто з кім пажэніцца ў сёлетнім годзе. (Лічыць.) Раз, два, тры!

Усе кідаюць вянкі ў ваду і сочаць за імі.

Надзя. А чые ж гэта вянкі сышліся?

Лявон. Адзін — мой.

Яніна. Другі — мой.

Люба. О, вяселле! Вяселле будзе!

Дзяўчаты і хлопцы акружаюць Лявона з Янінай і пяюць ім:

Свякроў нявесткі жадом жадала,

Па ўсіх дарожках старажоў стаўляла.

— Не едзь, нявестка, ка мне фарсіста —

Прыедзь, нявестка, ка мне шчасліва

Ды пусці шчасце па маёй хаце,

Ды пусці долю па маім полі.

Лявон. Дык вось найгоршая бяда, што ў мяне поля ніякага няма.

Люба. Але ж вы любіце адзін аднаго.

Лявон. Адкуль ты ўзяла гэта?

Міхась. А дзе там Лявону прыступіцца да Яніны за асаднікам. Ганецкі ж за ёй, як цень, па пятах ходзіць.

Лявон. Ды хіба ж можа што быць паміж парабкам і яго гаспадыняй.

Люба. Шыла ў мяшку не ўтоіш. Гэта там Лабыш пад носам у сябе не бачыць нічога, а людзям збоку лепш відаць.

Лявон. Людзям часамі і мурашка канём здаецца.

Яніна. Ды ты ўжо не апраўдвайся, Лявон!

Адась. Правільна, бо не ашукаеш нікога.

Люба (да музыкантаў). А цяпер, музыканцікі, вы нам польку рэзніце, але такую — драбней маку! Каб нашы непаваротлівыя хлопцы і на адной назе выкруціцца не маглі.

Музыканты іграюць польку ў паскораным тэмпе.

Міхась (падыходзячы да Любы). Ну, давай жа паспрабуем, ці выкруцімся.

Адась (падыходзячы да Надзі). Давай і мы.

Уся моладзь ідзе танцаваць, Лявон танцуе з Янінай.

Міхась (танцуючы, да Любы). Ты сама мешкаватая, я гляджу.

Люба. А цябе, мусіць, нейкі віхор круціць, толькі не музыка.

Міхась. Эх ты?.. (Камандуе.) Дзеўкі! Трымайся за дзягу: полька ўлева!

Усе пары круцяцца шпарка ў левы бок. З’яўляецца Альжбета з кіем у руках.

Альжбета (падыходзіць да музыкантаў і кладзе руку на гармонік). Досыць іграць!

Музыка сціхае.

Альжбета (да Адася). Дзяцюк, марш дамоў!

Адась (адпусціўшы Надзю). Чаго гэта?

Альжбета. Яшчэ пытаецца — чаго, неслух! Думаеш, не бачу, што ты з гэтым смеццем — служанкай Лабышавай — круцішся!

Адась. Яна мая нявеста.

Лявон. Брыдка, цётка, абражаць так дзяўчыну, брыдка!

Альжбета. Ты не адвакат яе і не суддзя мне, так што не сунь свайго носу, куды не трэба.

Надзя непрыкметна ідзе да лесу і знікае.

Люба. Дык, па-вашаму, цёця, я таксама смецце, раз я бедная, так выходзіць?

Альжбета. Я да цябе нічога не маю: ты не вяжашся да майго сына!

Адась. Ідзі спаць, старая, што табе тут трэба?

Альжбета (стукаючы кіем у зямлю). Як што? Павянчаць вас прыйшла! Пакуль поп, дык я першая хачу! (Заўважыўшы, што Надзі няма.) Во, як яе змяло, цяпер і я магу ісці дахаты.

Адась (убачыўшы, што Надзя знікла). Надзя! Надзя! Пачакай! (Бяжыць шукаць яе, але ў процілеглы бок.)

Альжбета (услед яму). Каб ты ногі паламаў! Каб ты вочы высадзіў! Вярніся!.. От, божа мой мілы, людзі зямлі шукаюць, людзі грошы пытаюць, а ён жа ж хоць бы карову ці свінню якую ўзяў…

Яніна. Ну яму ж, мусіць, не карова і не свіння, а жонка патрэбна!

Міхась. Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся.

Альжбета. А што ж ты хацеў яшчэ? Якія самі, такія і сані. Я люблю праўду ў вочы сказаць.

Лявон. Няма чым вельмі і Адасю вашаму казырыцца — дзесяць дзесяцін з братам на дваіх.

Альжбета. Але ён сам сабе гаспадар, і якая-небудзь голая костка не пара яму, не-е!

Міхась. А што вы зробіце, калі ён прывядзе яе ў хату вам?

Альжбета (трасучы кіем). Я на ёй увесь качарэжнік пераламаю… І на ім разам. Так і перадайце ёй, няхай яна і не мастыгуецца.

Лявон. Хутка станем усе роўныя і зямлёй будзем агульна карыстацца, як і ў Расеі.

Альжбета. Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць. (Адыходзіць.)

Яніна. Ну і перчык!

Люба. Гром баба.

Міхась. І вочы — маланка…

Усе садзяцца вакол агню, і дзяўчаты запяваюць:

Ой, баравая цяцера,

Чаго ты з бору ляцела?

Ці табе ў бары надаела?

У бары — ягодкі салодкі,

У бары — травіца зялёна,

У бары — крыніца сцюдзёна.

Ой, маладая дзяўчына,

Чаго ты замуж захацела?

Ці табе ў мамкі надаела?

У мамкі — парожкі нізенькі,

У мамкі — вядзёркі маленькі,

У мамкі — вадзіца блізенька.

З’яўляецца Адась.

Яніна (да Адася). А дзе Надзя?

Адась. Не ведаю, нідзе не бачыў. Не інакш, як лесам пайшла. Ох! Ну і гора мне з маткай сваёй: такая незгаворлівая старая — не дай бог. (Садзіцца і ўглыбляецца ў свае думкі.)

Люба. Родная матка — не мачыха: пазлуе і адпусціцца… Што яшчэ, дзяўчаткі, спяём? Можа, «Ой, бела, бела бярозка» ці «Зыбнула мора, зыбнула».

Яніна. Не, давайце лепш «Ой, былі, былі на рынку».

З’яўляюцца дзед Струкач і Максім.

Дзед Струкач. Гэтыя песні, дзяўчаткі, мы чуем з году ў год. Вы што-небудзь навейшае б спелі.

Максім. А праўду дзядуля кажа.

Люба. Я не супраць — давайце. (Запявае.)

Сягоння Купалле, заўтра Ян, —

Прыйдзе, панове, ліха вам!

Песню дружна падхопліваюць іншыя.

Ой, ліха, ліха ліхое,

Мінецца вам панства такое!

Не будзеце вы баляваць —

Заставім мы вас працаваць.

Абрыдалі вам чэколяды,

А будзеце бульбачцы рады.

Ад бульбы ж і саладухі

Скора падсохнуць вам брухі…

Дзед Струкач. Во, зусім іншая рэч.

Адась (ачнуўшыся пасля гэтай песні ад сваіх думак). Цудоўная песня! Брава, Любка, брава! (Пляскае ў далоні.)

Люба. А што цяпер будзем рабіць?

Яніна. Пойдзем кветку папараці шукаць: сёння ж купальская ноч, і ўжо хутка поўнач будзе.

Люба. Дзе яна ёсць, тая папараць-кветка! Гэта ўсё байкі людскія.

Дзед Струкач. Правільна, я шукаў яе ў маладосці — і дарэмна. Значыць, няма яе.

Міхась. Чаму няма? Ёсць папараць-кветка. Толькі яна пакуль што ў нас для адных паноў цвіце… Але хутка яна і для нас расквітнее.

Люба. Не ведаю, ці прыйдзе гэта свята.

Лявон (дэкламуе):

Прыйдзе свята, свята будзе,

Жыць пачнуць іначай людзі:

На паноў не будуць пяцца —

Стануць для сябе старацца.

Паскідаюць лапці з лыкаў:

Хопіць ботаў, чаравікаў…

Ткаць не давядзецца кроснаў:

Будзе сукнаў, шоўкаў розных…

На сталах не хлеб з мякінай —

Лягуць пірагі, вяндліны…

Стануць людзі жыць багата,

Будзе свята, прыйдзе свята!

Дзед Струкач. Дай жа божа!

Адась. На бога няма чаго спадзявацца, трэба самім дабівацца.

Дзед Струкач. Але як дабівацца?

Міхась. Трэба рабіць тое, што ў лістоўках пішуць.

Яніна. Ціхаце, ведзьма ідзе… Ляснічыха.

Люба. Чаго ж яе нялёгкая гоне сюды?

Міхась. Заробку лёгкага шукае.

Адась. І дурняў легкаверных.

Яніна. Не гаварыце: яна шмат што і ведае.

Лявон. Яна толькі хітрая вельмі.

Максім. І шкодная.

Люба. Што шкодная, то праўда. Гэта ж малако ад каровы адбярэ, і крапіва не памагае, што на Купалле над хлевам павесіш.

З’яўляецца Ляснічыха.

Ляснічыха (складаючы накрыж рукі). Літасць боская на ўсіх веруючых і гнеў божы на ўсіх недаверкаў…

Міхась. Выходзіць, вы ў бога верыце, а кажуць жа, што з нячыстай сілай звязаны.

Ляснічыха. Мне падуладны дваякія сілы: неба і пекла.

Адась. А якой жа магіяй вы больш займаецеся, белай ці чорнай?

Ляснічыха. Нараўне. На добрых людзей я ангелаў насылаю, на ліхіх — чарцей пускаю.

Дзед Струкач. Ты, баба, хітрая, але ты б узяла паказала нам цуд які.

Яніна. Што вы, дзядуля?

Ляснічыха. Хто сілу сваю растрачвае без патрэбы, той не можа быць моцным… (Дастаўшы карты і тасуючы іх.) Ну, каму паваражыць, усю праўду далажыць: што было, што будзе, згадаць; добрую параду даць… Як, ніхто не хоча варажыць?.. Тады, можа, каго палячыць? Я зелляў шмат маю і ўсім памагаю — ад кашлю і колькі, ад усялякай болькі…

Дзед Струкач. Ведаю: ты і здароваму хваробу ўгаварыць можаш.

Міхась. І грэшнага ў рай адправіць.

Адась. Нічога дзіўнага. Лекі папраўляюць і атручваюць.

Ляснічыха. А я кабета спагадлівая: нікому ні ў чым не адмаўляю… Але ў мяне няма атруты. У мяне ёсць толькі жывая і мёртвая вада.

Максім. А што ў вас яшчэ ёсць, цікава?

Ляснічыха. Усё ёсць. Калі хлопец не кахае, зелля дам — і спадабае. Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць.

Дзед Струкач. А ты старога памаладзіць можаш?

Ляснічыха. Магу, толькі гэта вельмі, вельмі дорага каштаваць будзе.

Дзед Струкач. А брыдкага прыгожым таксама зрабіць можаш?

Ляснічыха. Вядома. Толькі і гэта не па мужыцкай кішэні… А чаму ты пытаешся?

Дзед Струкач. Бачыш, і мне б хацелася дзеўкам падабацца.

Ляснічыха. Табе? Дзеўкам?

Дзед Струкач. А што? Ды я яшчэ каб абняў каторую ды пацалаваў, дык яна б не ведала ад шчасця на якім свеце знаходзіцца.

Ляснічыха. Абняў, пацалаваў… А далей што?

Дзед Струкач. І далей не падкачаў бы, стары конь баразны не псуе.

Ляснічыха. От лунь сівы!

Дзед Струкач. Я сівы, але яшчэ маю кавалак сілы. Я яшчэ б і ажаніўся, каб так дзе кабеціну ўсмятку знайшоў.

Ляснічыха. Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. (Да моладзі.) Дык прыходзьце да мяне, мілыя, усяго магу даць: любізніку, разлюбізніку — чаго каму трэба будзе. (Выходзіць.)

Адась. Во дзе шарлатанка!

Яніна. Чыстая шайтанка! Добра, што і пайшла адсюль.

Дзед Струкач. Пайду і я. Не буду перашкаджаць вам. Паглядзеў на вас крыху, і хопіць з мяне. Гуляйце, весяліцеся сабе. (Выходзіць.)

Люба. Ну, а зараз, хто хоча ўбачыць у сне свой лёс або свайго суджанага, няхай памыецца ў пшанічнай расе і, не размаўляючы ні з кім, адпраўляецца спаць. Тое, што прысніцца ў гэтую ноч, збудзецца абавязкова. Так што бягом да пшаніцы!

Дзяўчаты выбягаюць.

Адась (адвёўшы Міхася, Лявона і Максіма ўбок). Мне трэба, хлопцы, пагаварыць з вамі. Правядзём крыху дзевак і назад вернемся.

Міхась. Ёсць што новае?

Адась. Ёсць.

Лявон. Дык добра.

Прыбягаюць дзяўчаты, усе з мокрымі тварамі.

Лявон. Яня!

Міхась. Люба!

Адась. Што вы, паглухлі?

Лявон (пяе):

Разлятайцеся, прыпеўкі,

Пад самае неба,

Панямелі нашы дзеўкі,

Нам такіх не трэба.

Смех.

Міхась (да Любы). Можа, цябе правесці дахаты?

Люба. Я і без цябе зайду… Цьфу, спакуснік!

Яніна (гледзячы на Любу). Ха-ха-ха!

Лявон (да Яніны). Што, і ты прагарэла?

Яніна. Не, я ж толькі… А каб цябе немач!

Весела гамонячы паміж сабою, моладзь і музыканты разыходзяцца.

Лявон. Пачакай, Янечка. Раз нашы вянкі, як і душы, сышліся, дык дазволь мне пярсцёнак падарыць табе. На, вазьмі разам з сэрцам маім.

Яніна. Я буду берагчы яго і клянуся табе святым Іванам Купалам, што я буду твая.

Лявон. А калі бацька ўсё-такі не захоча выдаць цябе за мяне?

Яніна. Клянуся табе яшчэ раз: я буду твая… або нічыя.

Лявон. Дык пройдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку.

Лявон і Яніна адыходзяць. Нейкі момант на поплаве пуста, потым з’яўляюцца Ганецкі і Анатоль. Анатоль у форме фашысцкай арганізацыі «Стралец».

Ганецкі. Хутарызацыю мы павінны правесці. Гэта наш абавязак дапамагчы паважанаму сялянству, як бы там не супраціўлялася галата…

Анатоль. Ціха, нехта ідзе сюды. Можа, якая-небудзь бесклапотная парачка начлег тут сабе аблюбавала. Давайце схаваемся ды паглядзім.

Ганецкі і Анатоль хаваюцца ў кусты. З’яўляюцца Адась, Міхась і Максім.

Адась. А дзе ж Лявон?

Міхась. З каханай, відаць, ніяк не можа развітацца.

Максім. І чым гэта ў іх скончыцца, цікава?

Адась. А вунь і ён ідзе.

З’яўляецца Лявон.

Міхась (да Адася). Дык кажы, што там за навіны.

Адась. На Мядзельшчыне паўсталі нарачанскія рыбакі. На Палессі бастуюць лесарубы, у Лідзе — чыгуначнікі…

Лявон. Здорава.

Адась. У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі… Што там рабілася — жах! А паліцыя баялася і нос выткнуць на вуліцу.

Максім. Дзе ты чуў гэта?

Адась. Сёння ў валасным камітэце збіраліся сакратары ячэек.

Міхась. Трэба і нам дапамагчы гораду.

Адась. Так. Але не толькі прадуктамі, а і жывой сілай. Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады…

Міхась. Ясна. А што рабіць з паліцыяй, якая цяпер разам з каморнікамі за хутары ўзялася? Там не гаварылі часам?

Максім. Каламі, каламі яе з поля!

Адась. На паліцыю трэба пускаць жанчын з дзецьмі. Гэта памагае, кажуць. Штрафаў не плаціць. Растлумачваць народу, што грошы са штрафаў ідуць на ўтрыманне тайнай паліцыі, а таму лепш адседзець колькі сутак, чым плаціць.

Лявон. Лістоўкі ёсць?

Адась. Ёсць. (Дастае з-за пазухі жмут лістовак.) Таварышы з горада не скупяцца на іх. Можна ўсе хаты ў вёсцы абляпіць імі. (Дае частку лістовак Лявону, частку Міхасю.) Вы іх расклейце ў вёсцы сёння. Ты, Максім, вазьміся за збор хлеба бастуючым рабочым.

Максім. Гэта дробязь. Я яшчэ бяруся каменданта і войта ўкакошыць.

Адась. І што з таго? На іх месца другія стануць. Рабі тое, што табе загадана… Ну, пойдзем адсюль, бо зараз і ноч разбяруць людзі… (Устае са свайго месца.)

Хлопцы адыходзяць. З кустоў вылазіць Ганецкі, за ім Анатоль.

Ганецкі. О, калі напалі на бальшавіцкае гняздо. Вось хто народ муціць.

Анатоль. Я вярнуся на пастарунак і заяўлю ў паліцыю. Зробім з імі тое, што з Міколам Глінскім і Сцёпкам Бутовічам. Схапіць свалату сёння ж.

Ганецкі. Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з карэннямі знішчыць крамолу.

Анатоль. Я з іх вока не спушчу цяпер. Басата праклятая!.. Ну, бывайце, нам ужо не па дарозе.

Ганецкі. Да відзэння. Не забудзьце перадаць ад мяне прывітанне ойцу і панне Яніне. Скажыце ойцу, што я ў вас днямі буду, і намякніце яму аб маіх намерах.

Анатоль. Я ўсё, пане Ганецкі, зраблю, што ад мяне залежыць.

Анатоль і Ганецкі разыходзяцца.

Заслона.

Загрузка...