1. З Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.
Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.
2. А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.
3. Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. Не абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.
4. Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзіўся на яго шлюб, усё старанне і руплівасць скіраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, і прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзіў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцінах. Парупіўся і пра місы, каб былі новыя, і каб даёнак было шмат, і большыя пляцёнкі для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што і рогі алеем намазваў і воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала і Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзіла больш часу каля яго коз, так што Дафніс думаў, што толькі з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.
5. Калі яны былі так занятыя, з горада прыйшоў другі пасланец з наказам як найхутчэй збіраць вінаград; і сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вінаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезці з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вінаграду. Гэтага Эўдрама — так называлі яго, бо бегаць і была яго работа, — прынялі як толькі маглі і зараз жа пачалі збіраць вінаград, насіць гронкі ў націсі, сусла зліваць у бочкі, а найлепшыя з вінаградных гронак зразалі разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелі ўяву пра ўраджай і ад яго асалоду.
6. Калі Эўдрам ужо збіраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафніс нямала; а даў яму гасцінцаў, на што і стаць было казапасу: добра адціснутыя сыры, маладзенькае казляня, казліную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узімку, бегучы, на сябе накінуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафніса і паабяцаў, што скажа гаспадару толькі добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроі; а Дафніс у неспакоі пасвіў далей разам з Хлояю чароды. Ды і яна мела шмат страху: падлетак, які дагэтуль звык бачыць толькі коз, горы, сялян, Хлою, павінен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькі імя якога ён чуў раней. Таму яна і турбавалася за Дафніса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, і пра шлюб душа яе непакоілася, ці не дарэмна мрояць яны аб ім. І ўвесь час яны цалаваліся і абдымаліся так цесна, нібы зрасліся; але пацалункі ў іх былі баязлівыя і абдымкі сумныя, нібы ўжо гаспадар быў тут, і яны са страху павінны былі ад яго хавацца. А да гэтага надарылася ім яшчэ і такая бяда.
7. Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. І непрыкметна ўцёк.
Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.
8. Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. І ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх паламалі! Бяда градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяда гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. І ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».
9. Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. І Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. І калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. І калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.
10. Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.
11. Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.
Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. І, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.
12. Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпільнаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п'янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.
Больш Дафніс увогуле з ім не вадзіўся і пасвіў сваіх коз то тут, то там, унікаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды і Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькі прыгожы, але і дужы. Чакаў толькі зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, і спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, які любіў адорваць часта і шчодра.
13. Але тады нічога не выпадала зрабіць, бо прыехаў Дыянісафан разам з Клеарыстаю, і скрозь чуўся вялікі галас цягла, службы, мужчын, жанок. Аднак пасля ўсяго склаў доўгую любоўную прамову.
Дыянісафан хоць ужо і быў напалову сівы, але быў высокі і прыгожы і мог бы яшчэ пазмагацца з маладымі, да таго ж багаты, як мала хто, і сумленны, як ніхто. Прыехаўшы, ён у першы ж дзень прынёс ахвяры багам, апекунам палёў — Дэметры, Дыянісу, Пану, німфам, а ўсім, хто быў там, паставіў кратэр віна. У наступныя дні ён аглядваў Ламанаву гаспадарку. Убачыўшы палі ў барознах, гронкі на лозах, сад у цэлай красе — за кветкі Астыл узяў віну на сябе, — ён вельмі ўсцешыўся, пахваліў Ламана і паабяцаў адпусціць яго на волю. Пасля гэтага пайшоў на казіную пашу, каб паглядзець і коз, і таго, хто іх пасвіў.
14. Хлоя, засаромеўшыся і спалохаўшыся такога гурту людзей, уцякла ў лес, а Дафніс стаяў там, апяразаны калматаю казлінаю шкураю, з толькі што пашытаю пастуховаю торбаю цераз плячо, у руцэ адной трымаў свежы сыр, другою прытрымліваў малочных казлянятак; калі Апалон некалі, служачы Лаамеданту, пасвіў быкоў, ён быў такі самы, як тады выглядаў Дафніс. Ён нічога не казаў, а толькі, пачырванеўшы, апусціў вочы, перадаючы гасцінцы; а Ламан сказаў: «Гэта, уладару, пастух тваіх коз. Ты мне перадаў пасвіць пяцьдзесят коз і двух казлоў, а гэты выхадзіў табе сто коз і дзесяць казлоў. Бачыш, якія тлустыя, з густою воўнаю, і рогі ў іх не зламаныя. Ён прывучаў іх да музыкі; пачуўшы сірынгу, яны робяць усё, што трэба».
15. Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, і загадала Дафнісу, каб зайграў сваім козам, як гэта ён звычайна робіць, і паабяцала за ігру хітон, хламіду і сандалі. Ён пасадзіў іх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сірынгу і найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталі і паднялі галавы. Пасля ён зайграў «на пашу»: і козы пасвіліся, апусціўшы ўніз галовы; далей ён выдаў мяккія тоны: козы, сабраўшыся, паляглі. І вось зайграў пранізлівы напеў: козы, нібы да іх набліжаўся воўк, уцяклі ў лес. Праз хвіліну ён выдаў поклічны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збегліся каля яго ног. Ніколі не ўбачыш рабоў, каб яны так слухаліся гаспадара. Усе дзіву даліся, а больш за ўсіх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункі пастуху — прыгажуну і да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селі снедаць і Дафнісу таксама са свае яды паслалі.
Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскія стравы, і быў у добрай надзеі выпрасіць у гаспадара дазвол на шлюб.
16. А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамі, толькі яшчэ больш распаліўся пажадлівасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калі не даможацца Дафніса. Прыпільнаваўшы, калі Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў капліцу Дыяніса і пачаў цалаваць яму ногі і рукі. Калі Астыл запытаўся, навошта ён гэта робіць, і загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: «Гіне твой Гнатан, о ўладару! Ён, які дагэтуль толькі твой стол любіў; ён, які некалі кляўся, што няма нічога лепшага за старое віно, ён, хто цаніў тваіх кухараў вышэй за ўсіх мітыленскіх дзецюкоў, цяпер толькі Дафніса ўважае прыгожым. Я не адведаю ніводнай дарагой стравы, хоць бы колькі ні рыхтавалі кожнага дня мяса, ці рыбы, ці мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабіўшыся казою, еў бы траву, лісце, слухаючы Дафнісаву сірынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана і адолей неадольнага Эраса. Калі ж не, то, клянуся табе маім богам, узяўшы нож і напоўніўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнісавымі дзвярыма: ты ніколі больш не назавеш мяне сваім Гнатонікам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць».
17. Тут ён так заплакаў і зноў пачаў цалаваць ногі дзецюку, які быў і велікадушны і не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму і не мог адмовіць і паабяцаў у свайго бацькі выпрасіць Дафніса і ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. І каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасміхаючыся, спытаўся ў яго, ці не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына і так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; і пры гэтым зрабіў міну, што яго гідзіць казліны смурод. Але Гнатан, які ў застоллях распуснікаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасці сказаў пра сябе і пра Дафніса: «Ніводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзіць: у якой бы постаці ён ні знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзін кахае расліну, раку, дзікага звера. А, між іншым, хто не паспагадае закаханаму, які мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу — вольнага. Ці бачыш, як гіяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блішчаць, як дарагі камень у залатой аправе? Твар яго поўніцца румянцам, рот — зубамі бялюткімі, як слановая косць: які закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункі? Калі я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхіс, а яго мела Афрадыта; козы пасвіў Бранх, а яго любіў Апалон; аўчаром быў Ганімед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога і козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы і бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлі такой красе».
18. Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.
Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».
19. Умовіўшыся так, яны вярнуліся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькі, калі той быў вольны, папрасіў дазволу ўзяць з сабою Дафніса ў горад, бо ён прыгожы і зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскім манерам. Бацька ахвотна згаджаецца і пасылае па Ламана і Мірталу, каб абвясціць ім добрую навіну, што Дафніс будзе надалей замест козам і казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. І тут Ламан, калі ўжо збегліся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасіў слова і пачаў казаць: «Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзівае слова: клянуся Панам і німфамі, што ані не схлушу. Я Дафнісу не бацька, і Міртала не мела шчасця быць яго мацераю. Іншыя бацькі падкінулі дзіцятка, відаць, маючы ўжо даволі большых дзяцей; я ж знайшоў пакінутага і гадаванага маёю казою; калі яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любіў яе за мацярынскі клопат. Знайшоў пры ім і прыкладзеныя прыкметныя знакі; прызнаюся, уладару, што іх хаваю; яны сведкі лепшай долі, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага і добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесці яго ў Мітылену, каб зрабіць жанчынаю».
20. Ламан, сказаўшы гэта, замоўк і заліўся слязамі. Калі ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянісафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кінуўшы на яго суровы нахмураны позірк, і пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду і не выдумваць ніякіх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваім, кляўся ўсімі багамі і аддаваў сябе на ўсялякую муку, калі ён хлусіць; і Дыянісафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: «Навошта Ламану хлусіць, калі ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды і як бы селянін выдумаў такое? І хіба адразу не было відаць, што ад такога старога і ад непагляднай жанчыны такі прыгожы сын не мог нарадзіцца?»
21. І надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакі, ці сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Міртала пайшла, каб іх прынесці: яны зберагаліся ў старой пастуховай торбе. Калі яна ўнясла іх, Дыянісафан першы паглядзеў і, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку і кінжальчык з тронкам са слановай косці, голасна ўскрыкнуў: «О ўладару Дзеўсе!» І кліча жонку, каб тая паглядзела. Калі яна зірнула, таксама голасна ўскрыкнула: «Любыя мойры! Ці ж не пакінулі мы гэтага з нашым дзіцем і ці не ў гэтыя мясціны казалі мы Сафрасіні аднесці яго? Гэта ж не якія-небудзь іншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзіця, твой сын Дафніс, і бацькоўскіх коз ён пасвіў!»
22. Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянісафан цалаваў прыкметныя знакі і плакаў з празмернай радасці, Астыл, уразумеўшы, што Дафніс яго брат, скінуў плашч і пусціўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафніса. А Дафніс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за ім цэлая грамада, гукаючы: «Дафнісе!», падумаў, што ён хоча яго злавіць, кінуў сваю торбу і сірынгу і панёсся да берага, каб кінуцца ў мора з высокай скалы. І было б амаль нечуванае — зноў страціць Дафніса, ледзь толькі яго адшукаўшы, калі б Астыл не зразумеў гэтага і зноў не закрычаў: «Стой, Дафнісе, нічога не бойся: брат я табе, а бацькі — тыя, што да гэтага дня былі ўладарамі тваімі. Ламан толькі што нам пра казу расказаў і прыкметныя знакі паказаў; абярніся і паглядзі, як усе радуюцца і смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж німфамі, што не хлушу».
23. Толькі пасля гэтай клятвы прыпыніўся Дафніс і пачакаў, пакуль падбег Астыл, і тады пацалаваў яго. А калі цалаваў, падбегла рэшта слуг і служанак, сам бацька, а з ім і маці. Усе яго абдымалі, цалавалі, радуючыся і плачучы. Але ён бацьку і маці перш чым іншых ласкава прывітаў: як бы ён ужо даўно іх знаў, прыціскаў да сваіх грудзей і не хацеў выпускаць з абдымкаў: так хутка дае веры прырода. Нават Хлою на хвілю забыў. І, вярнуўшыся дадому, надзеў дарагія шаты, прысеў пры родным бацьку і слухаў яго аповяд:
24. «Ажаніўся я, дзеці, зусім малады і ў хуткім часе зрабіўся, як мне здавалася, шчаслівым бацькам, бо нарадзіўся ў мяне першым сын, другою была дачка і трэцім Астыл. Мне здавалася, што сям'я даволі вялікая, і калі нарэшце яшчэ гэты сын нарадзіўся, я выкінуў яго, а гэтыя рэчы прыдаў яму не як прыкметныя знакі, а як пахавальныя ахвяры. Але доля судзіла інакш. Большы мой сын і дачка загінулі ад аднае хваробы ў адзін і той самы дзень; цябе зберагла мне вышэйшая воля багоў, каб быць яшчэ адною апораю ў старасці. Не папракай мяне, што я ўчыніў, бо не з добрае волі рашыўся на гэта, і ты, Астыле, не журыся, што цяпер толькі частку ты замест усяго багацця дастанеш, але для разумных людзей няма лепшага за брата скарбу, любіце адзін аднаго, а што да багацця, — з царамі пазмагаецеся. Шмат я вам зямлі пакіну, шмат спраўных слуг, золата, серабра і ўсялякага дабра, што бывае ў багацеяў. Толькі асобна Дафнісу даю гэты маёнтак разам з Ламанам і Мірталаю ды козамі, якіх ён пасвіў».
25. Калі ён яшчэ так казаў, Дафніс ускочыў і прамовіў: «Акурат у час ты мне напомніў, бацька. Пайду паганю маіх коз на вадапой. Цяпер пэўна чакаюць яны, сасмяглыя, маёй сірынгі, а я тут сяджу». Усе ад душы засмяяліся, што ён, стаўшы ўладаром, яшчэ хоча быць казапасам. І паслалі некага іншага падбаць пра коз, самі ж, прынёсшы ахвяру Дзеўсу-збаўцу, наладзілі ўсім банкет. Толькі Гнатана не было на банкеце, поўны страху, ён цалюткія дзень і ноч хаваўся ў капліцы Дыяніса як чалавек, што просіць літасці.
Хутка дайшла да ўсіх вестка, што Дыянісафан знайшоў сына і што Дафніс-казапас — уладальнік гэтых мясцін, і з самага ранку з усіх бакоў пачалі збягацца людзі, каб разам парадавацца з дзецюком ды прынесці дарункі бацьку; сярод іх першы быў Дрыяс, Хлоін апякун.
26. Дыянісафан папрасіў усіх іх астацца, каб яны, выказаўшы радасць, узялі ўдзел у свяце з гэтай нагоды. Было падрыхтавана шмат віна, горы пшанічнага хлеба, балотнай птушкі, малочных парасят, рознага печыва на мёдзе; зарэзана шмат ахвярнай жывёлы мясцовым багам.
Тут і Дафніс сабраў увесь свой пастухоўскі скарб і падзяліў у ахвяру багам. Дыянісу ахвяраваў пастуховую торбу і шкуру, Пану — сірынгу і папярочную флейту; пастуховы кій — німфам, і яшчэ даёнкі, што сам змайстраваў. Але звычнае да таго мілейшае, чым неспадзяванае шчасце, што Дафніс аплакваў кожную з гэтых рэчаў, з якою развітваўся; і не прысвяціў даёнкі, перш чым не падаіў яшчэ раз коз, і шкуры — перш чым не адзеў яе, і сірынгі — перш чым не пайграў на ёй; і кожную рэч асобна ён пацалаваў і пагаварыў з козамі і кожнага казла на імя назваў; і напіўся з крыніцы, як гэта не раз рабіў разам з Хлояй. Але ў каханні сваім яшчэ не прызнаўся, чакаючы лепшага часу.
27. Калі Дафніс быў заняты ахвярамі, вось што адбылося з Хлояй. Яна сядзела, плачучы, сваю чараду пасучы, і натуральна, як водзіцца, казала: «Забыў мяне Дафніс. Ён марыць пра багатых нарачоных. Навошта я загадала яму паклясціся замест німфаў козамі? Ён пакінуў іх гэтак жа, як і Хлою. Нават калі ён прыносіў ахвяры німфам і Пану, не захацеў убачыць Хлоі. Відаць, знайшоў у свае мацеры прыгажэйшых служанак, чым я. Будзь шчаслівы! Але я жыць не буду».
28. Калі яна так казала, так раздумвала, валапас Лампіс з кучкаю сялян напаў на яе і выкраў, упэўнены, што Дафніс ужо не ажэніцца з ёю, а Дрыяс будзе рады яму. Яны цягнулі яе, а яна жаласна крычала; хтось, хто бачыў гэта, даў знаць Напэ, а тая Дрыясу, а Дрыяс Дафнісу. Той быў сам не свой, не адважваючыся сказаць пра гэта бацьку і не могучы вынесці болю, пабег у сад і там енчыў і казаў: «О бяда, што мяне пазналі! Як добра было б мне пасвіць чараду! Які шчаслівейшы я быў рабом! Тады бачыў я Хлою, тады...*, а цяпер Лампіс выкраў яе і ўцякае, а надыдзе ноч — ён з ёю спаць будзе. Я ж п'ю і раскашуюся і дарэмна кляўся Панам, козамі і німфамі».
* Тэкст у рукапісе папсаваны.
29. Гэтыя Дафнісавы словы пачуў Гнатан, які хаваўся ў садзе; і ён, зразумеўшы, што гэта найлепшая часіна памірыцца з ім, узяў з сабою некалькі маладых хлопцаў Астыла і кінуўся да Дрыяса. Ён загадаў яму паказаць дарогу да Лампісавага двара і бягом ірвануўся туды; ён заспеў яго якраз тады, калі той цягнуў Хлою ў свой дом, вырваў яе з яго рук і добра аддубасіў яго памагатых — сялян. Ён хацеў звязаць яшчэ Лампіса і адвезці яго як палоннага, але той паспеў раней уцячы. Зрабіўшы гэта, Гнатан з надыходам ночы вярнуўся. Дыянісафан ужо спаў, а Дафніс без сну ўсё яшчэ плакаў у садзе. Ён прыводзіць да яго Хлою, аддае яе і расказвае ўсё; і просіць яго не помніць ліха, і прыняць яго як карыснага раба, і не пазбаўляць стала, без якога ён памрэ з голаду. Дафніс, убачыўшы Хлою і трымаючы яе ў сваіх руках, прымірыўся з ім як з новым сваім дабрачынцам, а Хлою папрасіў дараваць яму, што ён так доўга не парупіўся пра яе.
30. Параіўшыся між сабою, яны вырашылі пра вяселле пакуль што ўтаіць, а Хлою схаваць і адкрыць сваё каханне толькі мацеры. Але Дрыяс не згадзіўся, ён настойваў, каб сказаць бацьку, і абацаў, што яго ўгаворыць.
І як настаў дзень, ён, узяўшы ў пастуховую торбу прыкметныя знакі, пайшоў да Дыянісафана і Клеарысты, якія сядзелі ў садзе, — каля іх былі Астыл і Дафніс — і калі ўсе замоўклі, ён пачаў казаць: «Такая самая неабходнасць, што і Ламана, вымушае мяне гаварыць пра тое, што дасюль было таямніцаю. Гэтую Хлою не я на свет пусціў, не я карміў, а іншыя яе нарадзілі, і калі яна ў пячоры німфаў ляжала, яе авечка карміла. Гэта я сам убачыў, а ўбачыўшы, здзівіўся, а здзівіўшыся, выгадаваў. Пра гэта сведчыць і яе краса, бо яна ані да нас не падобная; пра гэта сведчаць і прыкметныя знакі, занадта дарагія для пастухоў. Паглядзіце, крэўных дзяўчыны знайдзіце і тады ўбачыце, ці яна годная Дафніса».
31. І Дрыяс не сказаў гэтыя словы на вецер, і Дыянісафан не без увагі іх выслухаў; а, паглядзеўшы на Дафніса і ўбачыўшы, як той збялеў і крадком плакаў, адразу ж распазнаў: гэта каханне; і баючыся больш за ўласнага сына, чым за чужую дзяўчыну, з усёй стараннасцю пачаў перабіраць Дрыясавы словы. Калі ж убачыў прынесеныя прыкметныя знакі: золатам гафтаваныя чаравічкі, бранзалеты, галаўную павязку, — ён, паклікаўшы Хлою, казаў ёй не баяцца, бо мужа яна ўжо мае, а неўзабаве адшукаюцца бацька і маці. І Клеарыста ўзяла яе да сябе і прыбрала яе ўжо як сынаву жонку, а Дыянісафан, адклікаўшы Дафніса аднаго, спытаўся, ці Хлоя яшчэ дзяўчына; і калі Дафніс пакляўся, што між імі нічога больш не было, апроч пацалункаў і клятваў у вернасці, Дыянісафан усцешыўся гэтай змове і запрасіў абаіх да стала.
32. Цяпер можна было пабачыць, якою бывае краса, калі да яе дадаць аздобы. Бо калі Хлоя была апранута, а валасы прычэсаны, а твар умыты, яна ўсім здалася да таго прыгожаю, што і Дафніс яе ледзь пазнаў. Цяпер кожны і без прыкметных знакаў пакляўся б, што бацькам такой дзяўчыны не мог быць Дрыяс. А ён таксама тут быў і разам з Напэ браў удзел у банкеце, лежачы на асобным ложы за адным сталом з Ламанам і Мірталаю.
У наступныя дні зноў прыносілі жывёлу ў ахвяру, ставілі кратэры з віном; і Хлоя таксама прысвяціла багам свае скарбы: сірынгу, пастухову торбу, шкуру, даёнкі. Узліла віна крыніцы ў пячоры, бо пры ёй гадавалася і часта ў ёй купалася. Прыбрала таксама вянкамі магілу авечкі, што паказаў Дрыяс, і яшчэ раз сыграла на сірынзе сваім авечкам, а сыграўшы, памалілася багіням, каб знайсці ёй тых, што яе падкінулі, і каб яны былі годныя яе шлюбу з Дафнісам.
33. А калі досыць насвяткаваліся на вёсцы, уздумалі вярнуцца ў горад, расшукаць Хлоіных бацькоў і не адкладаць надалей вяселля. На золку, падрыхтаваўшыся ў дарогу, яны далі Дрыясу яшчэ тры тысячы драхмаў, а Ламану палавіну ўраджаю з палёў і вінаграднікаў, коз разам з іх казапасамі, чатыры пары валоў, адзення на зіму і волю яго жонцы. Пасля гэтага вырушылі конна і вазамі ў Мітылену, з вялікаю пышнасцю.
Гарадчукі іх тады не заўважылі, бо прыехалі яны ўночы; але назаўтра каля іх дзвярэй сабралася грамада мужчын і жанчын. Мужчыны выказвалі радасць Дыянісафану, што знайшоўся сын, а яшчэ больш, калі пабачылі красу Дафніса; жанкі ж разам з Клеарыстаю радаваліся, што з сынам заадно і сынавую яна прывязла. Яны дзіву даліся з Хлоі, з яе непараўнанай красы. Увесь горад усхадзіўся з-за хлопца і дзяўчыны, хвалілі ўжо гэты шлюб і жадалі, каб яе род знайшоўся годным яе красы; і шмат вельмі багатых жанок маліла багоў, каб быць прызнанымі за маці такой прыгожай дзяўчыны.
34. А Дыянісафану, які пасля доўгіх роздумаў моцна заснуў, прысніўся такі сон. Здаецца, німфы просяць Эраса, каб ён нарэшце згадзіўся на гэты шлюб; ён аслабіў маленькі лук, паклаў яго разам з сагайдаком і загадаў Дыянісафану наладзіць банкет для ўсіх найвяльможных мітыленцаў і, калі ён напоўніць апошні кратэр, паказаць тады кожнаму Хлоіны прыкметныя знакі; а пасля праспяваць вясельны гімн.
Пабачыўшы і пачуўшы гэта ў сне, Дыянісафан устаў на золку і распарадзіўся падрыхтаваць раскошны банкет з усяго, што дае зямля і мора, што ёсць у азёрах і рэках; і запрашае ўсіх найвяльможных мітыленцаў на баль. Калі ўжо надышла ноч і быў напоўнены кратэр, з якога ўзліваюць Гермесу, адзін са слуг унёс на сярэбраным прыборы прыкметныя знакі і, абыходзячы па чарзе направа, усім іх паказваў.
35. Ніхто не апазнаваў іх; а Мегакл, які з-за старасці ляжаў на вышэйшым месцы за сталом, ледзь глянуў і моцна, з яшчэ маладою сілаю ў голасе, усклікнуў: «Што гэта бачу? Што з табою сталася, дочухна? Ці жывая ты, ці, можа, які пастух толькі гэта знайшоў і падняў? Прашу, Дыянісафане, скажы мне: адкуль маеш прыкметныя знакі майго дзіцяці? Адшукаўшы свайго Дафніса, не адмоў знайсці і мне».
Але Дыянісафан папрасіў яго спачатку расказаць, як пакінулі Хлою, і Мегакл, не аслабляючы сілы голасу, расказаў: «Да нядаўняга быў я бедны, бо ўсё, што меў, патраціў на харэгіі і трыерархіі. Якраз тады нарадзілася ў мяне дачка. Не хочучы гадаваць яе ў беднасці, я ўпрыгожыў яе гэтымі прыкметнымі знакамі і пакінуў, бо ведаў, што многія праз такі спосаб хочуць зрабіцца бацькамі. Вось і пакінуў дзіця ў пячоры німфаў, даручыўшы яго багіням. І да мяне з той пары штодня плыло багацце, але я ўжо нашчадка не меў. Бо не пашчасціла мне зрабіцца бацькам хоць бы дачкі другой. А багі, як бы смеючыся з мяне, спасылаюць уночы сны, паведамляючы, што авечка зробіць мяне бацькам».
36. Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянісафан і прывёў Хлою, вельмі прыгожа ўбраную, і сказаў: «Вось гэтае дзіця ты пакінуў. Гэтую дзяўчыну з волі багоў выкарміла табе авечка, як каза мне Дафніса. Вазьмі ж гэтыя прыкметныя знакі і дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнісу за жонку. Абаіх пакінулі, абаіх знайшлі, абаімі апекаваліся Пан, німфы і Эрас».
Мегакл пахваліў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытуліў да грудзей. І асталіся яны там начаваць: Дафніс пакляўся, што больш нікому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.
37. Калі надышоў дзень, яны ўмовіліся назад у вёску разам вяртацца: Дафніс і Хлоя прасілі аб гэтым, бо не маглі вынесці жыцця ў горадзе. Ды і бацькам было даспадобы зрабіць ім вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялі Дрыяса да Мегакла, пазнаёмілі Раду з Напэ і пачалі рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад німфамі заручыў Хлою з Дафнісам і разам з многімі іншымі ахвяраваннямі павесіў і прыкметныя знакі, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяці тысяч драхмаў.
38. Стаяў цудоўны дзень, і Дыянісафан загадаў тут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лісця і, запрасіўшы ўсіх людзей з вёскі, раскошна пачаставаць. Тут былі Ламан і Міртала, Дрыяс і Напэ, Дорканавы родзічы, Філет са сваімі дзецьмі, Хроміс і Лікэніён; не абышлося і без Лампіса, якому даравалі. Усё было так, як водзіцца ў гэтакіх гасцях, па-вясковаму: адзін спяваў жніўныя песні, другі сыпаў жартамі, як гэта бывае пры выцісканні сусла. Філет іграў на сірынзе, Лампіс на флейце, Дрыяс і Ламан танцавалі, Хлоя і Дафніс цалаваліся; а поблізу пасвіліся козы, як бы і яны разам святкавалі.
Гасцям з горада гэта не вельмі спадабалася; а Дафніс падклікаў, называючы імя то адной, то другой казы, даваў ім галінак з зялёным лісцем і, схапіўшы за рогі, цалаваў.
39. І гэтак не толькі той дзень, але і большую частку жыцця правялі яны па-пастухоўску, шанавалі багоў — німфаў, Пана, Эраса, нажылі вялікія чароды авечак і коз і ўважалі за найлепшую яду плады і малако. А калі нарадзіўся ў іх сын, яны далі выкарміць казе, а дачушцы, якая нарадзілася другою, дазволілі ссаць вымя авечкі; і сына назвалі Філапеменам, а дачку Агелаю. Так яны і пражылі пастухамі аж да самае старасці. І пячоры аздобілі, паставілі там карціны і ўзвялі ахвярнік Эрасу-Пастуху; і Пану яны замест яго хвойкі зладзілі пад жыллё капліцу і назвалі яе капліцаю Пана-Ваяўніка.
40. Але ўсё гэта назвалі і зрабілі яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялі іх да шлюбнага пакоя, адны на сірынгах, другія на флейтах іграючы, трэція ўзняўшы ўгару вялікія паходні. А калі яны былі перад дзвярыма, завялі рэзкім голасам, нібы зямлю трохзубцамі дралі, а не вясельную песню спявалі. А Дафніс і Хлоя ляглі голымі, абнялі адно аднаго і цалаваліся, правёўшы ноч без сну, як совы; і Дафніс рабіў тое, што навучыла яго Лікэніён, а Хлоя толькі цяпер даведалася, што ўсё, што рабілася ў лесе, было толькі пастушынымі гульнямі.