- Зрабі мне хоць гэтую ласку, апрані цёплы плашч, - папрасіла мадам Мэгрэ.
Тады ў яго было два плашчы: адзін цёплы - чорны, з аксамітавым каўняром, які ён насіў ужо тры гады, і другі прарызінены, кароценькі, які ён прыдбаў нядаўна і якога яму хацелася даўно, яшчэ з пары яго хлапецтва.
Мэгрэ ж напэўна не здалося, што, калі яны выходзілі з кватэры, жонка шапнула Мінару: «Галоўнае, не пакідайце яго аднаго!».
Хоць яна, можа, трошкі і падсмейвалася над флейтыстам, але адчувала да яго шчырую прыязнасць, лічачы музыку выхаваным, сардэчным, сціплым. Шэрыя друзлыя хмары паволі зацягвалі неба. Было падобна на тое, што хлыне густы цёплы лівень - першы за апошнія два тыдні, - і цяжкі плашч Мэгрэ гэтак набрыняе, што ад яго адразу стане патыхаць вымаклай псінай.
Свой кацялок ён трымаў у руцэ - це мог надзець яго, таму што галава была па-ранейшаму забінтавана. Мінар правёў яго на бульвар Вальтэра да доктара, ад якога Мэгрэ дамогся толькі аднаго: той наклаў больш лёгкую павязку.
- Вам сапраўды пазарэз трэба ў горад? - Доктар працягнуў яму кардонавы карабок з жоўтымі пілюлямі: - На выпадак, калі закружыцца галава.
- Па колькі штук прымаць?
- Па адной. Чатыры-пяць на сёння. Я ахвотней бачыў бы вас у пасцелі.
Мэгрэ не ведаў, што рабіць з музыкантам, адправіць дадому цяпер, калі ён болей не меў у ім патрэбы, і гэтым засмуціць яго, - не хацелася.
Пераканаўшы Мінара, што яму даручаецца вельмі сур'ёзная справа, ён паслаў яго на вуліцу Шапталь.
- Насупраць вядомага вам дома, трошкі ўбаку, маецца невялікая рэстарацыя «Стары Кальвадос». Мне б хацелася, каб вы адтуль паназіралі, што адбываецца ў Жандро.
- А калі вам стане кепска?
- Я буду не адзін.
Мінар развітаўся з ім толькі ля дзвярэй турмы на Набярэжнай Арлёж. У той момант Мэгрэ яшчэ поўніўся верай у сябе. Нават пах змрочнага пад'езда ён удыхаў з задавальненнем. Усё тут было бруднае, агіднае. Менавіта сюды штоночы паліцэйскія зводзілі ўсё, што выклікала іх падазрэнне пры дзяжурствах на вуліцы, увесь зброд, падабраны «чорным воранам» у час аблаў.
Ён увайшоў у каравульнае памяшканне, якое патыхала казармай, запытаўся, ці можа прыняць яго камісар. Яму здалося, што глядзелі на яго з нейкай дзіўнай цікаўнасцю. Але ён не надаў гэтаму ўвагі. Відаць, падумаў ён, сакратара з квартальнага камісарыята лічаць тут асобай даволі пасрэднай.
- Пасядзіце.
Паліцэйскіх было трое, адзін пісаў, двое сядзелі без справы. Кабінет камісара знаходзіўся побач, але ніхто і не падумаў пайсці папярэдзіць яго, ніхто не звяртаў аніякай увагі на Мэгрэ; з ім паводзіліся так, нібыта ён не меў да гэтай установы ніякага дачынення. Становішча было настолькі няёмкае, што ён не пасмеў нават набіць сваю люльку.
Праз чвэрць гадзіны ён асмеліўся запытацца:
- А што, камісара няма?
- Заняты.
- Дзе знаходзяцца людзі, якіх забралі сёння ноччу?
Праходзячы па калідоры, ён нікога не пабачыў у прасторнай зале, дзе звычайна выгружаюць вылаўленую «дзічыну».
- Наверсе.
Ён не адважыўся папрасіць дазволу схадзіць туды. Наверсе - азначала пакой, дзе праводзілася антрапаметрыя. Усіх затрыманых выстройвалі ў рад, як у школе. Ім загадвалі распрануцца і стаць у ланцуг адзін за адным. Іх аглядвалі, занатоўвалі самыя нязначныя характэрныя прыкметы, пасля чаго, дазволіўшы апрануцца, з іх знімалі меркі, фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў.
Ці Дэдэ ўсё яшчэ фанабэрыцца, стоячы ў ланцугу разам з жабракамі і бадзягамі?
Пазней, калі Мэгрэ стане працаваць у групе шэфа, ён набудзе права хадзіць усюды, куды трэба, па ўсёй гэтай установе.
Што да жанчын, то іхні агляд рабіў медык у другім пакоі, і хворыя адсылаліся ў Сэн-Лазараўскую бальніцу.
- Вы ўпэўнены, што камісар усё яшчэ заняты?
Ён чакаў ужо болей паўгадзіны. Яму падалося, што ўсе трое весела пераглянуліся.
- Трэба пачакаць яго званка.
- Але ён не ведае, што я тут. А ў мяне важная справа. Трэба папярэдзіць яго.
- Вы, здаецца, з квартала Сэн-Жорж?
І адзін з паліцэйскіх, той, што пісаў, кінуў позірк на нейкую паперку, што ляжала на яго стале.
- Жуль Мэгрэ?
- Ён самы.
- Прыйдзецца пачакаць, старына. Нічога не магу парадзіць.
З суседняга пакоя, дзе мусіў быць камісар, не даносілася ні гуку. І толькі яшчэ праз гадзіну, калі Мэгрэ ўжо знемагаў ад нецярпення, з'явіўся камісар, але не з кабінета, а з вуліцы.
- Вы сакратар Лё Брэ?
Нарэшце дайшла чарга і да яго! А то сядзі тут на краёчку лаўкі, як проська...
- Вы, здаецца, паранены?
- Дробязі. Я хацеў бы...
- Ведаю. Вам трэба дапытаць аднаго чалавека, так званага Дэдэ. Я думаю, ён унізе. Будзьце ласкавы, Жэрар, паглядзіце. Калі ён там, прывядзіце яго да мяне ў кабінет.
І да Мэгрэ:
- Заходзьце, калі ласка. Мой кабінет - у вашым распараджэнні.
- Мне трэба дапытаць яшчэ і адну жанчыну.
- Дык у чым справа?! Скажыце брыгаднаму.
Хіба ва ўсім гэтым мелася што ненатуральнае? Мэгрэ ўяўляў сабе трошкі іначай развіццё падзей, але пакуль што ён не трывожыўся. Проста ён не ведаў яшчэ тутэйшых парадкаў, і таму ўсё гэта рабіла на яго такое ўражанне.
Паліцэйскі прывёў Дэдэ і таксама, як і камісар, выйшаў і зачыніў за сабою дзверы.
- Як справы, Жуль?
Уладальнік гаража з вуліцы Акацый быў у тым жа клятчастым гарнітуры. У яго толькі забралі, згодна правілам, гальштук і шнуркі ад чаравікаў, што надавала яму трошкі неахайны выгляд. Мэгрэ нерашуча сеў за стол камісара.
- Я рады, што вас не дужа пакалечылі, - сказаў Дэдэ. -Можаце запытацца ў гэтых ажанаў: першае, што я спытаў, калі прыбыў сюды, што з вамі.
- Вы ведалі, хто я, так?
- Яшчэ б, не ведаў - чорт пабяры!
- І я таксама ведаў, што вы ведаеце, - кіўнуў Мэгрэ.
- І вы што ж, не разумелі, што вам морду наб'юць? А калі б з вамі расправіліся па-сапраўднаму?
- Сядай.
- Добра. Мне падабаецца, што вы са мной на «ты».
Мэгрэ ведаў, што тут прыняты менавіта гэткія паводзіны з арыштантамі, але яшчэ не прывык да гэтага.
- Мне вядома і шмат што іншае, і, я думаю, мы здолеем паразумецца.
- Сумняваюся, - адказаў Дэдэ.
- Граф мёртвы.
- Вы так думаеце?
- Ноччу з 15 на 16 красавіка ты прывёз графа ў сваім «дыён-бутоне» на вуліцу Шапталь і чакаў яго там, не выключаючы матора.
- Не прыпамінаю.
- Потым у адным з пакояў расчынілася акно, жанчына закрычала, і раздаўся стрэл. Тады ты ўцёк на вуліцу Фантэн. Аб'ехаў вакол квартала. Прыпыніўся на вуліцы Віктор-Масэ, затым яшчэ раз праехаў па вуліцы Шапталь, каб паглядзець, ці не выйшаў Боб.
Дэдэ глядзеў на яго і спакойна ўсміхаўся.
- Прадаўжайце, - сказаў ён. - У вас не знойдзецца цыгарэты? Гэтыя свінні падчысцілі ўсё, што было ў маіх кішэнях.
- Я куру толькі люльку. Табе было вядома, навошта граф заявіўся ў той дом.
- Працягвайце, працягвайце.
- Ты зразумеў, што там адбылося нешта паганае. Назаўтра ты нічога не знайшоў у газетах. Граф не вяртаўся. На наступны дзень зноў нічога.
- Вельмі цікава.
- Ты зноў наведаўся на вуліцу Шапталь - нічога новага. Потым, здагадваючыся, што здарылася, ты адправіўся да Рышара Жандро. Не дадому, канешне, а ў офіс.
- І што ж я сказаў гэтаму субчыку?
- Што за пэўную суму, ну, тысяч так за пяцьдзесят, ты згодны маўчаць. Бо, ведаючы, што Боб меўся рабіць на вуліцы Шапталь, ты ведаеш, чаму яго забілі.
- Гэта ўсё?
- Усё.
- Што вы мне прапануеце?
- Нічога. Гаварыць.
- Што б вы хацелі, каб я сказаў?
- Граф ведаў Жандро. Ён неаднойчы наведваўся ў госці да дзяўчыны. Ён быў яе палюбоўнікам?
- Вы калі-небудзь бачылі яго?
- Не.
- Калі б вы бачылі яго, вы не задалі б мне гэтага пытання. Гэта не той хлопец, што ўпусціць сваё.
- Яны хацелі пажаніцца, праўда?
- А ведаеце, вы мне падабаецеся. Гэта ж самае я казаў і Люсіль: шкада, што ён паліцэйскі! І як толькі вам узбрыло ў галаву - стаць шпегам? Гэта пры вашай паставе і магчымасцях?
- Табе больш даспадобы турма?
- Чаму?
- Калі ты скажаш, то, магчыма, табе даруюць шантаж Рышара Жандро.
- Вы думаеце, ён паскардзіцца?
- Даруюць і спробу забойства, ахвярай якога я аказаўся.
- Паслухай, Жуль. Шанцы ў нас с табой няроўныя. Не распінайся дарэмна, мяне проста верне ад усяго гэтага. Ты слаўны хлопец. Магчыма, калі-небудзь мы сустрэнемся і раздавім разам пляшачку. Але тут - мы не на роўных. Ты проста харыст. Цябе абвядуць вакол пальца - і вокам не міргнуць.
- Хто?
- Няважна! Я хачу толькі вось што сказаць табе: Боб быў хлопец што трэба. Ён меў уласныя думкі наконт таго, як паводзіць сябе ў жыцці. Ён не мог без агіды глядзець на пэўныя мурлы. Але ён быў няздатны на подласць. Ушалопай гэта сваёй мазгаўнёй.
- Ён мёртвы.
- Магчыма. Я нічога не ведаю. А калі і ведаю нешта, то да гэтага нікому няма справы. І па-таварыску раю табе: «Кінь!» Разумееш? Кінь, Жуль. Мне няма чаго сказаць. Я нічога не скажу. Такія фокусы табе не пад сілу. Дапусцім, што гэта вышэй нашага разумення - і твайго, і майго. Я нічога не ведаю, нічога не бачыў, нічога не чуў. Пяцьдзесят тысяч франкаў? Я паўтару гэта столькі разоў, колькі спатрэбіцца: я выйграў іх на скачках. Што да таго, як мне выбрацца адгэтуль, то - сляпы сказаў - пабачым! - Ён неяк шматзначна пасміхнуўся, кажучы гэта. - Цяпер, калі можаш, зрабі такую ласку, не дужа прыставай да небаракі Люсіль. Яна сапраўды кахала свайго Боба. Ты можаш зразумець гэта? Можна быць шлюшкай і па-сапраўднаму кахаць. Не муч яе, магчыма, калі-небудзь я аддзячу табе за гэта. Усё.
Ён устаў і рушыў да дзвярэй.
- Дэдэ! - аклікнуў яго Мэгрэ, таксама ўстаючы.
- Баста! Я набіраю ў рот вады. Ты не пачуеш ад мяне болей ні слова.
І Дэдэ расчыніў дзверы, паклікаў паліцэйскіх.
- Мы скончылі, - сказаў ён са з'едлівай усмешкай.
- Прывесці жанчыну? - запытаў у Мэгрэ брыгадны.
Люсіль адмовілася сесці, стала ля стала.
- Вы ведаеце, пры якіх абставінах памёр Боб?
Яна ўздыхнула.
- Я нічога не ведаю.
- Яго забілі ў адным доме на вуліцы Шапталь.
- Вы думаеце?
- Ён быў палюбоўнікам адной дзяўчыны.
- Я не раўнівая.
- Чаму вы не хочаце гаварыць?
- Таму, што мне няма чаго сказаць.
- Калі б вы ведалі, што Боб жывы, вы не паехалі б у Бельгію?
Яна маўчала.
- Чаму вы не хочаце адпомсціць за Боба?
Яна закусіла вусны і адвярнулася.
- Некалькі банкнотаў даражэй вам за яго забойцу?
- Вы не маеце права казаць так.
- Тады кажыце вы.
- Я нічога не ведаю.
- А калі я дапамагу вам?
- Я нічога не скажу.
- Хто бачыўся з вамі, пасля таго як вы апынуліся тут?
Ён нарэшце ўсё зразумеў. Яго змусілі чакаць зусім не таму, што камісар быў заняты. Аддзелы Вышукной паліцыі, якія займаліся апазнаннем асоб злачынцаў і іх ахвяр, - тыя, «наверсе», - былі звязаны з Набярэжнай Арфеўр.
Ці прайшоў Дэдэ праз антрапаметрыю? Ці перанесла Люсіль медыцынскі агляд? Мала верагодна.
Амаль неабвержна было другое: што нехта ўжо дапытваў іх, нехта з Вышукной.
Калі Мэгрэ прыйшоў сюды, прайшло не меней гадзіны, як Лё Брэ пакінуў бульвар Рышар-Ленуар.
Цяжка было даць веры, аднак хіба ці і не сам Дэдэ намякнуў Мэгрэ, што яго проста абдурылі?
Ён выйшаў з кабінета, і яму здалося, што ён заспеў усмешкі на тварах паліцэйскіх. Нібыта выпадкова, якраз у гэты самы момант вярнуўся камісар.
- Ну як, дружа? Можна павіншаваць з поспехам? Яны загаварылі?
- Што вы мяркуеце рабіць з імі?
- Яшчэ не ведаю. Чакаю распараджэнняў.
- Ад каго?
- Ад начальства, як звычайна.
- Дзякуй вам.
Калі ён апынуўся на Набярэжнай, хлынуў лівень. Мэгрэ раптова ахапіў такі адчай, што ён гатовы быў занесці камісару заяву аб звальненні.
«Ты толькі харыст», - сказаў яму ўладальнік гаража з адценнем шкадавання.
Ён, каму так хацелася быць прыналежным да гэтага дома, адкуль ён выйшаў з апушчанай галавой і з камяком у горле!
Ён зайшоў у піўную «Дафін», дзе заўсёды можна было сустрэць аднаго-двух інспектароў з Набярэжнай Арфеўр, якія заходзілі сюды на куфаль піва. Ён ведаў іх у твар, але сам быў для іх нечым не вартым увагі.
Спачатку ён прыняў пілюлю, якую даў яму доктар, у надзеі, што яна падбадзёрыць яго. Затым выпіў вялікую чарку гарэлкі.
Вось яны. Нядбайна разваліўшыся ў крэслах, сядзяць за сталом і абменьваюцца навінамі, такія задаволеныя сабой! Яшчэ б! Яны маюць доступ усюды, куды спатрэбіцца, яны ў курсе ўсяго на свеце!
Ці Мэгрэ ўсё яшчэ хацелася быць адным з іх? Ці не быў ён на шляху да адкрыцця, што погляд, які склаўся асабіста ў яго пра паліцыю, быў памылковы?
Пасля другой чаркі ён быў гатовы адправіцца да свайго высокага начальніка і заступніка Ксаўе Гішара і выказаць яму ўсё, што на душы набалела.
Яго пакінулі ў дурнях. Лё Брэ выведаў у яго ўсе звесткі. Ля дзвярэй яго чакаў экіпаж. Безумоўна, ён адразу ж адправіўся на Набярэжную Арфеўр, а Мэгрэ прымусілі чакаць.
«Мой сакратар проста звар'яцеў. Ён можа натварыць бог ведае што і давесці справу да скандалу».
Хто ведае, ці не звярнуўся ён вышэй, да прэфекта, напрыклад, або да самога міністра ўнутраных спраў?
А можа - чаму б не? - міністр унутраных спраў таксама сутрапезнік тых буржуа з вуліцы Шапталь?
Цяпер Мэгрэ быў перакананы: справу аддалі яму - ды яшчэ з гэткімі папярэджаннямі аб асцярожнасці! - толькі для таго, каб ён скруціў сабе шыю.
«Вы хочаце дапытаць Дэдэ? Чаму б не? Калі ласка, дружа!»
Толькі спачатку яны самі як след пагавораць з уладальнікам гаража. Бог ведае што было паабяцана Дэдэ за тое, каб ён маўчаў. Купіць яго маўчанне было лёгка: арыштоўваўся ён не ўпершыню. Што да Люсіль, то, калі яна не будзе маўчаць, яе ў любы момант маглі на адпаведны час запраторыць у Сэн-Лазараўскі вендыспансер.
«Ты толькі харыст».
Ён ухмыльнуўся, таму што некалі сапраўды быў харыстам, калі жыў у вёсцы.
Яны ўтапталі ў гразь яго веру, апаганілі яго паліцыю. Ён не меў злосці на тое, што яны ўкралі ў яго поспех. Пачуццё яго куды глыбей, яно хутчэй нагадвала расчараванне ў любві.
- Гарсон!
Ён хацеў заказаць трэцюю чарку, але перадумаў, расплаціўся і выйшаў з уражаннем, што тыя чацвёра з-за свайго стала правялі яго іранічнымі позіркамі.ь
Ён разумеў, што цяпер увесь час будзе натыкацца на падтасоўку. Што яму заставалася? Далучыцца да флейтыста. Таму што адзіным козырам, якім ён валодаў у сваёй гульні, быў флейтыст! Менавіта пра Жустэна Мінара Лё Брэ распарадзіўся ў першы ж дзень сабраць звесткі.
Хай сабе ён, Мэгрэ, злуе, а калі што якое, то можна будзе сцвердзіць, што ад удару па галаве ў яго, беднага, цяпер проста не ўсе дома.
Ён ускочыў у папутны аўтобус і застаўся стаяць на пляцоўцы, насуплена ўдыхаючы пах мокрага сабакі, які зыходзіў ад плашча. Яму стала душна. А можа, ён трошкі тэмпературыў?
Дабраўшыся да вуліцы Шапталь, ён ледзьве не павярнуў назад, прыгадаўшы Памэля, гаспадара «Старога Кальвадоса», які таксама глядзеў на яго з паблажлівасцю.
Хто ведае, можа, усе яны маюць рацыю? У рэшце рэшт, можа, ён проста перабольшыў свае магчымасці, можа, ён абсалютна няздатны да прафесіі паліцэйскага?
Аднак як слаўна адчуваў бы ён сябе, калі б яму развязалі рукі і ён давёў справу да канца! У гэтым доме, за якім Мэгрэ назіраў з вуліцы, не засталося б ніводнага невядомага яму куточка, ніводнага невядомага яму насельніка - і ўсё стала б яму ясна, ён раскусіў бы іх усіх, ад нябожчыка старога Бальтазара да Лізы Жандро і Луі.
Тое, што адбылося ў ноч з 15 на 16, якраз не самае істотнае, бо гэта ўсяго толькі завяршальны этап. Калі б ён выведаў думкі кожнага, яму было б няцяжка выявіць праўду, тое, што прывяло да развязкі.
Але гэты дом, як і дом на авеню дзю Буа, - крэпасць з замкнёнымі для яго дзвярыма. Па самай нязначнай трывозе да яе адсюль спяшаліся на помач. Дэдэ неспадзявана набіраў у рот вады, а Люсіль пакутліва працівілася жаданню адпомсціць за свайго Боба.
Ён злавіў сябе на тым, што на хаду размаўляў сам з сабою, пацепаўся плячыма і рэзка штурхнуў дзверы ў рэстаранчык.
Жустэн стаяў ля стойкі з чаркай у руцэ. Ён нібыта падмяніў Мэгрэ пры сустрэчы з Памэлем. Апошні не выказаў аніякага здзіўлення, убачыўшы новага кліента.
- І мне гэтага ж, - загадаў Мэгрэ.
Дзверы былі расчынены насцеж. Лівень сціхаў, праз рэдкую дажджавую сетку ззяла сонца. Маставая блішчала, адчувалася, што яна хутка прасохне.
- Я так і думаў, што вы яшчэ завітаеце сюды, - сказаў гаспадар. - Мяне толькі дзівіць, што вы не разам з тымі ветрагонамі.
Мэгрэ рэзка павярнуўся да Жустэна Мінара, які не рашуча памуляўся, але ж усё прамовіў:
- У доме людна. Наехалі з паўгадзіны таму.
Машын на вуліцы не было. Значыць, госці прыбылі на рамізніках.
- Хто?
- Не ведаю, але, па-мойму, судзейскія. Там і нейкі белабароды месье, і малады службовец. Можа, пракурор з сакратаром?
Сутаргава сціскаючы чарку, Мэгрэ запытаў:
- Яшчэ хто?
- Бог іх ведае. Мне не даводзілася сустракацца з гэтымі людзьмі.
Жустэн з далікатнасцю казаў не тое, што думаў.
- Калегі вашы, - буркнуў Памэль. - Не з камісарыята. З Набярэжнай. Я пазнаў аднаго.
Бедны Мінар! Ён не ведаў, куды падзець вочы. Выходзіла так, нібыта Мінар і яго падвёў пад дурнога хату. Мінар быў перакананы, што менавіта Мэгрэ вядзе следства - флейтыст са шчырай душой памагаў яму.
І вось, аказваецца, Мэгрэ нічога не варты, яго нават не папярэдзілі, што збіраюцца рабіць.
Яшчэ раз ён ледзь стрымаўся, каб не вярнуцца дадому, у ярасці скласці заяву аб адстаўцы і легчы ў пасцель. Галава яго гарэла, ажно расколвалася ад шчымлівага, таргатлівага болю. Гаспадар трымаў пляшку кальвадосу. Мэгрэ кіўнуў галавой, каб наліваў.
Напляваць! Яго абышлі па ўсіх швах. Яны маюць рацыю. Ён усяго толькі харыст!
- Жэрмена таксама там, - прамармытаў Мінар. - Я заўважыў яе ў акне.
Чорт бы іх забраў! І яна таксама. Ну што ж, усё натуральна. Яна, магчыма, не дужа вялікага розуму, затое, як усе жанчыны, мае нюх. Скеміла, што стала не на тым баку, на якім трэба, што Мэгрэ са сваім флейтыстам усяго толькі пешкі ў чужой гульні.
- Я пайду туды! - вырашыў ён раптам і паставіў чарку на стойку.
Ён так баяўся перадумаць, што ледзь не подбегам перасек вуліцу. Апынуўшыся ля брамы, убачыў двух мужчын, якія капалі зямлю ў садзе. Злева, ля дзвярэй, што вялі ў хол, стаяў дзяжурны інспектар.
- Я супрацоўнік квартальнага камісарыята, - прадставіўся Мэгрэ.
- Трэба пачакаць.
- Чаго?
- Пакуль там яны закончаць.
- Але ж я вёў расследаванне!
- Магчыма. Аднак так мне загадалі, старына.
Яшчэ адзін з Набярэжнай Арфеўр!
«Калі мне самому калі-небудзь давядзецца служыць у Вышукной, - падумаў Мэгрэ, забываючыся пра свой цвёрды намер пакінуць паліцыю, - клянуся, што ніколі не буду выказваць пагарды да небаракаў з камісарыята!»
- І пракурор тут?
- Усе тут.
- Мой камісар таксама?
- Я не ведаю яго. Як ён выглядае?
- У шэрым гарнітуры. Высокі, хударлявы, з тонкімі светлымі вусікамі.
- Не бачыў.
- Хто прыехаў з Набярэжнай?
- Камісар Барадэ.
Мусіць, той Барадэ, пра якога найчасцей пісалі ў газетах. Гэты чалавек са старанна паголеным тварам швейцара, з маленькімі дапытлівымі вочкамі, якія вечна глядзелі некуды ўбок, у вачах Мэгрэ быў, бадай, самай значнай асобай у свеце.
- Што шукаюць у садзе?
- Труп.
Паліцэйскі не дужа ахвотна адказваў на пытанні, рабіў гэта толькі як бы з паблажлівасці.
- Рышар Жандро дома?
- Які ён?
- Смуглявы, з доўгім крывым носам.
- Ёсць такі.
Значыць, Жандро альбо не пайшоў, як звычайна, у свой офіс, альбо паспешліва вярнуўся адтуль.
У гэты момант ля дома спыніўся фіякр. З яго выскачыла дзяўчына, таропка рушыла да дзвярэй, ля якіх перагаворваліся Мэгрэ і інспектар.
- Мадэмуазель Жандро, - холадна, ледзь разнімаючы вусны, прадставілася яна.
Інспектар услужліва расчыніў перад ёю дзверы.
- Так загадана, - даверліва прызнаўся ён Мэгрэ.
- Яе чакалі?
- Мяне проста папярэдзілі, каб я прапусціў яе.
- Вы бачылі дварэцкага?
- Менавіта яго якраз і дапытваюць зараз. Вы ў курсе справы?
- Збольшага, - адказаў Мэгрэ.
- Як відно, мярзотны тыпус.
- Хто?
- Ды той, каго прыкончыў слуга.
Мэгрэ ўтаропіўся на свайго субяседніка, разявіўшы рот ад здзіўлення.
- Вы ўпэўнены?
- У чым?
- Што Луі...
- Ведаеце, я нават не знаю, хто такі Луі. Я чуў толькі абрыўкі размовы. Адзінае, што я ведаю, - не дапускаць тут людской зборні.
Адзін з далакопаў, які, відаць, таксама быў з паліцыі, падышоў да параднага; той, хто застаўся ў садзе, быў, мусіць, камердынер. У першага рукі былі запэцканы, на чаравікі таксама наліплі камякі зямлі, твар выказваў грэблівасць і агіду.
- Лепш бы не бачыць! - на хаду прагаварыў ён.
Яму адчынілі дзверы, і ён знік у доме. За той міг, пакуль дзверы былі прыадчынены, Мэгрэ паспеў заўважыць Эліз Жандро і яе брата, якія стаялі ў холе і размаўлялі. Астатнія, з пракуратуры, відаць, знаходзіліся ў адным з салонаў. Дзверы туды былі зачынены.
- У вас тут прызначана спатканне, ці што? - запытаўся паліцэйскі ў Мэгрэ, які ад нецярплівасці не мог стаяць на месцы.
- І сам не ведаю.
У яго нават выступілі слёзы на вачах. Яшчэ ніколі не апынаўся ён у гэткім прыніжэнні.
- Па-мойму, яны больш за ўсё баяцца журналістаў. З-за гэтага і перасцярог столькі. Самае смешнае, што ўсе мы п'ем каву «Бальтазар». Вось ужо не думаў, што аднойчы...
З дому, відаць, часта некуды званілі - да іх раз-пораз даносіліся тэлефонныя званкі, адбоі.
- Калі вас паслаў ваш камісар, то я магу пайсці сказаць ім, што вы чакаеце.
- Не варта турбавацца.
Інспектар паціснуў плячыма. І зусім збіўся з тропу, калі пабачыў, што Мэгрэ глытае пілюлю.
- Вам нядобра?
- Вы не ведаеце, як усё гэта пачалося?
- Што пачалося?
- Вы былі сёння на Набярэжнай Арфеўр?
- Быў. Якраз збіраўся на аблаву ў квартале Лявіет. Камісар Барадэ дапытваў аднаго тыпа.
- Невысокі, у клятчастым гарнітуры?
- Так. Арол-хлопец.
- Барадэ званіў камісару?
- Не. Яго выклікаў да сябе галоўны. На той час мне нават прыйшлося пасцерагчы хлопца. Блазен. Папрасіў цыгарэту, а ў мяне якраз не было.
- А потым?
- Калі месье Барадэ вярнуўся, то на хвілю яшчэ раз зачыніўся з тым субчыкам у клятчастым гарнітуры, а нам загадаў быць напагатове.
- Каму?
- Ну, з опергрупы. Нас было трое, апрача камісара. Двое іншых зараз у доме. Гэты, што капаў, - Барор, месяц назад быў паранены пры арышце аднаго паляка з вуліцы Каленкур.
Кожнае вымаўленае інспектарам слова ўваскрашала ва ўяўленні Мэгрэ пакой інспектароў на Набярэжнай Арфеўр, прыязную ўладнасць Барадэ, які ўсіх сваіх падначаленых называў «хлопчыкамі».
Чаму яны гэтак абышліся з ім? Хіба ён дапусціў які промах? Хіба ён сам не справіўся б тут? Хіба сам ён не быў гранічна шчыры?
Камісар Лё Брэ, развітаўшыся з ім на бульвары Рышар-Ленуар, пакінуў яго ва ўпэўненасці, што яму прадстаўлена поўная свабода дзеяння. А сам кінуўся на Набярэжную Арфеўр! А пасля, мажліва, явіўся яшчэ і сюды?
- Адным словам, абвінавачваецца дварэцкі?
- Калі я правільна зразумеў. Ва ўсякім выпадку, мурло ў яго гнюснае.
- Анічога ўжо не разумею.
- Вы яшчэ намагаецеся нешта зразумець?
Гэта быў, бадай, першы сапраўдны ўрок сціпласці, пададзены Мэгрэ. Інспектар быў шмат старэй за яго. Яму, відаць, пераваліла за трыццаць. Ён валодаў тым спакоем, той абыякавасцю, што ўласціва людзям, якія шмат пабачылі на сваім вяку. Ён нетаропка папыхваў люлькай, нават не спрабуючы падслухаць, што адбывалася ў доме.
Ва ўсякім выпадку, гэта куды лепш, чым аблава на ўчастку Лявіет. Бог ведае, колькі часу яна забрала б...
Ля тратуара спыніўся аўтамабіль. З яго лёгка выскачыў малады доктар з цёмнай бародкай і з баульчыкам ў руцэ, і Мэгрэ адразу пазнаў яго, прыгадаўшы здымкі, якія часта з'яўляліся ў газетах. Гэта быў доктар Поль, судова-медыцынскі эксперт, амаль славутасць.
- Дзе нашы следчыя?
- Тут, доктар. А труп у садзе. Але вы, мусіць, хацелі б спачатку пабачыцца з пракурорам?
Усе мелі доступ у святая святых, за выключэннем аднаго Мэгрэ, прыгаворанага скрыгатаць зубамі ў парадным.
- Вось пабачыце, - не сунімаўся яго субяседнік, - уся гэта гісторыя не зойме ў газетах і трох радкоў.
- Чаму?
- Таму!
І сапраўды, вечарам у газеце «Ля Прэс» можна было прачытаць наступнае:
«Ноччу з 15 на 16 гэтага месяца ў асабняк сям'і Жандро-Бальтазараў на вуліцы Шапталь уварваўся грабежнік. Дварэцкі Луі Віё, пяцідзесяці шасці год, уражэнец Ансеваля, Ньеўр, забіў яго напавал стрэлам з рэвальвера, трапіўшы проста ў сэрца».
Мэгрэ ў гэты час ляжаў у пасцелі з трыццацідзевяціградуснай гарачкай, а мадам Мэгрэ не ведала, як збавіцца ад флейтыста, які не хацеў ісці дадому і, як ніколі, меў выгляд прыблуднага цюцькі.