Усю папярэднюю ноч, то дрэмлючы, то выбiваючыся са сну, ён жыў жыццём людзей, якiх мала ведаў альбо амаль не ведаў - узяць хоць бы старога Бальтазара, што памёр пяць гадоў назад. Цяпер Мэгрэ iшоў да Жэрмены, каб пазнаёмiцца з iмi блiжэй. Ён пастукаўся ў дзверы.

- Заходзьце! - данёсся ў адказ млявы голас.

I адразу ж дадаў:

- Хвiлiначку! Я забылася, што дзверы замкнёныя.

Пачулася шлэпанне босых ног па ходнiку. Дзверы расчынiлiся. Жэрмена была ў кашулi, якая мякка ахiнала яе пышныя тугiя грудзi, распушчаныя валасы спадалi аж да пояса. Прачнулася ж яна, вiдаць, даўнавата, бо на начным столiку стаяла талерка з рэштай шакаладкi i крошкамi здобы.

- Вы па мяне? Мне трэба апранацца?

- Можаце сабе адпачываць, а можаце i апрануцца. Мне хацелася б трошкi пагаварыць з вамi.

- А вам не смешна быць пры поўным парадзе, калi я - у адной кашулi?

- Нiколькi.

- Ваша жонка не раўнiвая?

- Не. Я хацеў бы, каб вы расказалi мне пра графа д'Ансеваля. Цi лепей... Вы ж ведаеце дом i ўсiх, хто там жыве i хто ў iх бывае... Уявiце сабе на хвiлiнку, што зараз гадзiна ночы... Гадзiна ночы... У пакоi мадэмуазель Жандро ўсчынаецца сварка... Прашу вас слухаць мяне ўважлiва... Хто, па-вашаму, мог у гэты час знаходзiцца ў пакоi паненкi?

Жэрмена прынялася расчэсвацца перад люстэркам, блiскаючы русым лямцам пад пахамi i ружавiзнай цела, што прасвечвалася праз кашулю. Яна, як здалося, намагалася зразумець, чаго ён хоча.

- Луi? - падказаў Мэгрэ, жадаючы дапамагчы ёй.

- Не. Луi не зайшоў бы так позна.

- Хвiлiнку. Адна дэталь, пра якую я зусiм забыў. Луi быў парадна апрануты, у фраку, у белай манiшцы, пры чорным гальштуку. Скажыце, ён заўсёды так позна кладзецца спаць?

- Бывае. Але тады ён не застаецца пры парадзе. Толькi калi ў доме чужыя людзi.

- А вось Юберт Бальтазар, да прыкладу, дзядзька мадэмуазель Жандро, мог знаходзiцца ў пакоi сваёй пляменнiцы?

- Дзядзька! Ды што б ён рабiў у яе пакоi ў гадзiну ночы?!

- А калi б ён усё-такi прыйшоў, дзе яна прыняла б яго? У адным з салонаў на першым паверсе, так?

- Вядома, не. На вулiцы Шапталь свае парадкi. Хто што хоча, тое i робiць. Салоны толькi для прыёмаў. А звычайна кожны зашываецца ў свой куток.

- А Рышар Жандро мог зайсцi да сястры?

- Канешне. Ён гэта часта робiць. Асаблiва калi гневаецца.

- Ён носiць пры сабе рэвальвер? Вы калi-небудзь бачылi ў яго руках рэвальвер?

- Не.

- А мадэмуазель Жандро?

- Хвiлiначку! У месье Рышара ёсць рэвальверы, ажно два, вялiкi i маленькi, але яны ляжаць у ягоным стале. Мадэмуазель таксама мае адзiн, з перламутравай ручкай, ён у шуфлядцы ў яе начным столiку. Кожны вечар яна вымае яго наверх на столiк.

- Яна чаго-небудзь баiцца?

- Такую не напалохаеш. Проста на ўсякi выпадак. Ёй, як усiм ведзьмам, здаецца, што ўсе навокал толькi i думаюць, каб зрабiць ёй якое паскудства. Каб вы толькi ведалi, якая яна скупая, i гэта ў яе ўзросце! Знарок пакiне навiдавоку грошы, пералiчыўшы спачатку, а потым цiкуе, абкрадаюць яе цi не. Пакаёўка, якая была да Мары, спакусiлася, узяла, дык адразу ж была разлiчана.

- Ёй даводзiлася прымаць графа ў сваёй спальнi?

- Можа, у самой спальнi i не, а вось у будуары, што побач са спальняй, прымала.

- А гадзiне ночы?

- А што? Я чытала кнiгу пра Лiзавету, каралеву Ангельскую... Не чыталi? Раман, а вiдаць, усё праўда... Дык яна, аказваецца, была халодная жанчына, разумееце?.. Па-мойму, i мадэмуазель Жандро гэткая ж ягадка.

Жэрмена ўсё расчэсвалася, раз-пораз аглядваючы Мэгрэ ў люстра. Грэбень цiха патрэскваў у валасах.

- На шчасце, я зусiм не такая!

- Пачуўшы на трэцiм паверсе шум, месье Рышар мог прыбегчы туды з рэвальверам?

Яна пацiснула плячыма.

- Чаго яму там?

- Каб застаць знянацку палюбоўнiка сястры...

- От ужо на што яму сапраўды напляваць! Для гэткiх людзей значэнне маюць адны грошы!

Яна не пераставала круцiцца вакол Мэгрэ, не сумняваючыся, што ён быў далёка, што ён быў там, у пакоi, на вулiцы Шапталь, спрабуючы расставiць людзей на адпаведныя месцы, як на сцэне.

- Граф д'Ансеваль прыходзiў калi-небудзь са сваiм прыяцелем?

- Магчыма. Але ў такiм выпадку яго прымалi ўнiзе, а я спускаюся ўнiз рэдка.

- Мадэмуазэль Элiз тэлефанавала графу калi-небудзь?

- Не думаю, каб у яго быў тэлефон. Яна яму не званiла; сам ён дык тэлефанаваў гады ў рады, хутчэй за ўсё з якой-небудзь забягалаўкi.

- Як яна яго называла?

- Жакам, як жа яшчэ.

- Колькi яму год?

- Ды гадоў дваццаць пяць. Красун, але даволi нахабны з выгляду. Так i гатовы, здаецца, пакпiць з каго-небудзь.

- Гэткi чалавек можа насiць зброю ў кiшэнi, як вы думаеце?

- Безумоўна.

- Чаму вы так упэўнены?

- Таму, што гэта якраз такi суб'ект! Вы чыталi "Фантамаса"?

- Месье Фелiсьен, бацька, на баку дачкi цi на баку сына?

- Нi на чыiм ён баку. А калi хочаце ведаць, дык на маiм. Ён часам заходзць да мяне ў пакой. Гузiк, кажа, прышыць трэба. У доме не дужа рупяцца пра яго. Слугi абзываюць яго старым хрычом альбо вусачом. Што да Альбера, ягонага лакея, дык той больш языком меле, чым робiць. Бо ўсе ведаюць, што стары пустое месца! Аднойчы я заявiла яму проста ў вочы: "Калi вы будзеце гэтак распальвацца, паралюш вам забяспечаны. Зусiм мала засталося!" Ды на яго няма ўпыну. Цяпер на чарзе Мары, i от ужо не ведаю, цi выкруцiлася яна... Скажыце, вас не бянтэжыць назiраць, як жанчына наводзiць свой марафет?

Мэгрэ ўстаў, пацягнуўся за кацялком.

- Куды гэта вы? Няўжо так i пакiнеце мяне адну?

- У мяне важныя сустрэчы. Праз хвiлiну да вас прыйдзе мой сябар, той, якi прывёз вас, ён пабудзе з вамi.

- А дзе ён?

- Унiзе.

- Чаму ж вы адразу не прывялi яго? Прызнайцеся, вы ўсё-такi нешта мелi наўме! Каго вы баiцеся? Жонкi?

Яна ўжо налiла ў тазiк вады, каб памыцца, i Мэгрэ ажно ўявiў, як яна зараз скiне кашулю, шлеечкi якой пры кожным яе руху ўсё болей апаўзалi з плячэй.

- Я яшчэ сустрэнуся з вамi днём, спадзяюся, - адчыняючы дзверы, сказаў ён.

Жустэн Мiнар сядзеў на залiтай сонцам тэрасе i пiў каву са смятанкай.

- Толькi што тут была ваша жонка, - сказаў ён.

- Чаго?

- Адразу па вашым адыходзе з дому прынеслi вось гэта тэрмiновае пiсьмо. Яна пабегла ўслед за вамi, хацела дагнаць.

Мэгрэ сеў i, не падумаўшы, што яшчэ зусiм рана для гэтага, заказаў куфаль пiва. Потым разарваў канверт. Запiска была падпiсана Максiмам Лё Брэ.

"Прашу вас зайсцi ранiцай у камiсарыят. Сардэчна ваш".

Вiдаць, пiсьмо пiсалася дома, на бульвары Курсэль, бо ў камiсарыяце Лё Брэ скарыстаў бы службовы бланк. Ён быў вельмi педантычны адносна формы. У яго былi ў запасе гатункi чатырох вiзiтных картак на ўсе выпадкi жыцця: месье i мадам Лё Брэ дэ Плуiнак, Максiм Лё Брэ дэ Плуiнак, Максiм Лё Брэ, камiсар палiцыi...

Запiсачка, напiсаная яго рукой, сведчыла пра пэўную блiзкасць памiж iм i яго сакратаром. Ён, вiдаць, доўга ламаў галаву, як пачаць яе: "Мой дарагi Мэгрэ"? "Дарагi месье"? "Месье"? У рэшце рэшт, знайшоў выйсце: абышоўся ўвогуле без звароту.

- Скажыце, Мiнар, у вас сапраўды ёсць час?

- Канешне. I ён належыць вам.

- Паненка наверсе. Я не ведаю, калi вызвалюся. Адну ж яе пакiдаць боязна, каб часам не пайшла на вулiцу Шапталь ды не растрапала iм пра ўсё.

- Ясна.

- Калi вы пойдзеце з ёю куды-небудзь, пакiньце мне запiску, дзе вас шукаць. Калi захочаце пазбавiцца ад яе, адвядзiце да маёй жонкi.

Праз чвэрць гадзiны ён быў ужо ў камiсарыяце, i саслужыўцы глядзелi на яго з зайздрослiвым захапленнем, як глядзяць звычайна на тых, хто адпраўляецца ў водпуск альбо ў спецыяльную камандзiроўку, цi на тых, хто нейкiм цудам аказаўся збаўлены ад паўсядзённай службовай сумоты.

- Камiсар тут?

- Даўно.

У iнтанацыi, з якой Лё Брэ прывiтаў Мэгрэ, свяцiлася тое ж адценне, што i ў запiсцы. Ён нават падаў яму руку, чаго звычайна нiколi не рабiў.

- Не пытаюся, на якой ступенi знаходзiцца следства, бо лiчу, што яшчэ ранавата пытацца пра гэта. А папрасiў я вас прыйсцi... Мне хацелася б, каб вы правiльна зразумелi мяне, бо склалася даволi далiкатная сiтуацыя. Само сабой зразумела, тое, што я даведаўся на бульвары Курсель, абсалютна не тычыцца службовых спраў камiсара палiцыi. З другога ж боку...

Твар яго быў свежы, вiдно было, што чалавек выспаўся. Лё Брэ хадзiў па кабiнеце. Бадзёры i энергiчны, ён з яўным задавальненнем пацягваў цыгарэту з залатым муштуком.

- Я не магу дапусцiць, каб вы тапталiся на месцы з-за адсутнасцi неабходных звестак. Учора вечарам мадэмуазель Жандро званiла маёй жонцы.

- Яна званiла з "Атэль дзю Луўр"?

- Вы ўжо ведаеце пра гэта?

- Яна паехала туды на рамiзнiку ў другой палове дня.

- У такiм выпадку... У мяне ўсё... Я разумею, як цяжка выведаць, што адбываецца ў пэўных дамах...

Здавалася, ён нават устрывожаны, i цяпер мучыцца пытаннем: а што яшчэ вядома Мэгрэ па гэтай справе?

- Яна не збiраецца вяртацца на вулiцу Шапталь, а мяркуе прывесцi ў парадак асабняк свайго дзеда.

- На авеню дзю Буа?

- Там. Я бачу, вы ўжо шмат у чым дасведчаны.

- Дазвольце задаць вам пытанне, - асмялеў Мэгрэ. - Вы знаёмы з графам д'Ансевалем?

Лё Брэ, уражаны, нахмурыў бровы, як чалавек, якi спрабуе зразумець, што тут да чаго. Маўчаў ён даволi доўга.

- Ага! Ну, ясна. Бальтазары купiлi замак д'Ансеваль. Вы гэта мелi на ўвазе? Але я не бачу нiякай сувязi.

- Мадэмуазель Жандро i граф д'Ансеваль часта сустракаюцца.

- Вы ўпэўнены? Цiкава, цiкава.

- Вы знаёмы з графам?

- Асабiста не, i не шкадую. Але шмат чуў пра яго. Што мяне здзiўляе. Хiба, магчыма, яны зналiся яшчэ дзецьмi... Альбо яна не ведае... Цi бачыце, Боб Д'Ансеваль пайшоў па дурной дарожцы. Яго нiдзе не прымаюць, ён не бывае ў свеце, i, калi я не памыляюся, Аддзел правапарушэнняў свецкiмi асобамi неаднойчы ўдастойваў яго сваёй увагай.

- Вы не ведаеце яго адраса?

- Кажуць, ён бывае ў пэўных сумнiцельных барах на авеню дэ Ваграм i ў квартале Тэрн. Магчыма, у гэтым аддзеле ведаюць пра яго падрабязней.

- Вы не будзеце супраць, калi я звярнуся туды за даведкамi?

- Пры ўмове, што вы не будзеце ўпамiнаць Жандро-Бальтазараў.

Ён быў яўна азадачаны. Некалькi разоў, быццам разважаючы сам з сабой, буркнуў сабе пад нос:

- Цiкава! Цiкава!

А Мэгрэ распытваў з усё большай адвагай:

- Скажыце, мадэмуазель Жандро, па-вашаму, нармальная асоба?

На гэты раз Лё Брэ падскочыў, i ў першае iмгненне ягоны позiрк, кiнуты на сакратара, быў мiжволi суровы.

- Выбачайце! Я не разумею вас.

- Прашу прабачэння, я, магчыма, не так паставiў пытанне. Цяпер я абсалютна ўпэўнены, што ў тую, вядомую вам ноч у пакоi служанкi я бачыў менавiта Элiз Жандро. Значыць, у яе ўласным пакоi нешта адбылося, i нешта даволi сур'ёзнае, раз узнiкла неабходнасць у такiх выкрутасах. Што да паказанняў музыканта, якi ў той час праходзiў па вулiцы i чуў стрэл, то ў мяне няма нiякiх падстаў сумнявацца ў iх праўдзiвасцi.

- Прадаўжайце.

- Верагодна, што мадэмуазель Жандро была не адна з братам у сваiм пакоi.

- Што вы хочаце сказаць?

- Па ўсiх даных, трэцiм чалавекам быў граф д'Ансеваль. Калi стралялi, калi ў пакоi сапраўды мелася трое чалавек, калi ў некага пацэлiлi...

Мэгрэ ў глыбiнi душы ганарыўся, што выклiкаў такое здзiўленне ў позiрку ягонага шэфа.

- Якiя факты яшчэ ў вашым распараджэннi?

- Нешматлiкiя.

- Мне думалася, што ў тую ноч вы агледзелi ўвесь дом.

- За выключэннем пакояў, якiя размешчаны над стайняй i гаражом.

Упершыню драма, што разыгралася ў асабняку на вулiцы Шапталь, паўстала перад Лё Брэ ва ўсёй сваёй вiдавочнасцi. Цяпер камiсар не мог не прызнаць: сапраўды там магло адбыцца крывавае здарэнне - забойства, злачынства. I яно адбылося ў свеце, да якога належаў i ён, адбылося мiж людзей, да якiх ён хадзiў у госцi, з якiмi сустракаўся ў сваiм клубе, - у доме дзяўчыны, блiзкай прыяцелькi яго ўласнай жонкi!

Цiкава ўсё-такi бачыць свайго шэфа ўсхваляваным. Цяпер Мэгрэ канчаткова пераканаўся, што напаў на след злачынства. Гэта была ўжо не проста задача, якую неабходна вырашыць. Справа тычылася чалавечага жыцця, а магчыма, i не аднаго.

- Мадэмуазель Жандро вельмi багатая, - урэшце з жалем уздыхнуў камiсар. Яна, магчыма, адзiная спадчыннiца адной з самых буйных скарбонак Парыжа.

- Магчыма?

Шэф ведаў яўна болей, чым гаварыў, але Лё Брэ, свецкаму чалавеку, было вiдочна гiдка прыйсцi на дапамогу Лё Брэ - камiсару палiцыi.

- Цi бачыце, Мэгрэ, на карту пастаўлена надта многае. З самага маленства Элiз Жандро ўводзiлi ў вушы, што яна пуп зямлi. Яна нiколi не была звычайнай дзяўчынкай, як усе. Яна заўсёды адчувала сябе спадчыннiцай "Кавы "Бальтазар", больш таго, духоўнай спадчыннiцай Гектора Бальтазара.

I ён з жалем дадаў:

- Няшчасная дзяўчына.

I працягваў з непрытоенай зацiкаўленасцю:

- Вы ўпэўнены ў тым, што сказалi мне наконт графа д'Ансеваля?

Ён быў свецкi чалавек, i гэтае пытанне вельмi цiкавiла яго, хоць да канца паверыць расказанаму ён не мог.

- Яму часта даводзiлася бываць у мадэмуазель Жандро позна ўвечары, калi не ў яе спальнi, то, прынамсi, у будуары, якi размешчаны побач.

- Ну, гэта зусiм iншая справа.

Няўжо рознiцы памiж спальняй i будуарам дастаткова, каб ён адчуў пэўную палёгку?

- Калi дазволiце, месье камiсар, я хацеў бы задаць яшчэ адно пытанне. Цi мадэмуазель Жандро калi-небудзь раней ужо мела намер выйсцi замуж? Яе цiкавяць мужчыны? Цi, магчыма, гэта ёй i не ў галаве?

Лё Брэ не мог апамятацца. Ён са здзiўленнем глядзеў на свайго сакратарыка, якi раптам завёў з iм такую размову, ды яшчэ пра людзей, пра якiх i ўяўлення не меў. У позiрку шэфа адбiлася адначасова i мiжвольнае захапленне, i пэўная насцярожанасць, нiбыта ён раптам твар у твар сутыкнуўся з фокуснiкам.

- Ды людзi шмат чаго гавораць на гэты конт. Яна сапраўды адхiлiла некалькi блiскучых партый.

- У яе былi якiя-небудзь любоўныя прыгоды?

Камiсар яўна зманiў, калi адказаў:

- Не ведаю.

I трошкi сушэй дадаў:

- Мушу прызнацца, што я не дазваляю задаваць мне такiя пытаннi пра сяброў маёй жонкi. Цi бачыце, юны мой дружа...

Ён ледзьве не загаварыў зноў пагардлiвым тонам, якiм, вiдаць, прывык размаўляць на бульвары Курсэль, але своечасова спахапiўся:

- ...наша прафесiя патрабуе бясконцай асцярожнасцi i такту. Я нават пачынаю сумнявацца...

Мэгрэ адчуў, як яго спiну абдало халадком. Зараз яму скажуць, што следства спыняецца, што яму пара заняць сваё месца за чорным сталом i каратаць днi за рэгiстрацыяй розных паперак, выдаваць даведкi аб месцы жыхарства.

На некалькi секунд канец фразы быццам павiс у паветры. На шчасце, дзяржаўны чыноўнiк Лё Брэ ўзяў верх над свецкiм чалавекам, i ён закончыў:

- Мая вам парада: будзьце вельмi i вельмi асцярожныя. У выпадку, калi вас нешта збянтэжыць, званiце мне дадому. Здаецца, я вам ужо казаў гэта. У вас ёсць нумар майго тэлефона?

I ён запiсаў лiчбу ўласнаручна на шматку паперы.

- Калi я прасiў вас зайсцi сюды сёння, дык толькi таму, што я не хацеў, каб вы тапталiся на месцы. Я не мог уявiць сабе, што вы ўжо так далёка прасунулiся.

Тым не меней, ён не падаў яму рукi на развiтанне. Мэгрэ зноў застаўся звычайным палiцэйскiм, ды яшчэ палiцэйскiм, якi пасмеў груба ўварвацца ў той свет, куды дае доступ адзiна вiзiтная картка "Месье i Мадам Лё Брэ дэ Плуiнак".

* * *

Амаль апоўднi Мэгрэ пераступiў парог будынка Галоўнай палiцыi на Набярэжнай Арфеўр. На левым баку калiдора праз расчыненыя дзверы ён убачыў пакой, сцены якога былi цалкам завешаны адрасамi мэбляваных кватэр. Упершыню ён паднiмаўся па гэтай шырокай запыленай лесвiцы не па даручэнню камiсарыята, як яму неаднойчы даводзiлася рабiць, а ў пэўнай ступенi выконваючы сваё ўласнае заданне.

Уздоўж доўгага калiдора цягнулiся дзверы з шыльдачкамi, на якiх былi ўказаны прозвiшчы камiсараў, далей iшла зашклёная зала чакання. Мiма Мэгрэ прайшоў iнспектар, ведучы мужчыну ў наручнiках.

Нарэшце Мэгрэ апынуўся ў кабiнеце, расчыненыя вокны якога выходзiлi на Сену. Пакой гэты нiчым не нагадваў той, у якiм працаваў Мэгрэ. Тут людзi тэлефанавалi цi разбiралi зводкi i рапарты; нейкi iнспектар, прысеўшы на стол, спакойна пакурваў люльку; у гэтым пакоi, дзе пульсавала жыццё, панавала атмасфера бесцырымоннай таварыскасцi.

- Ну што, хлопча, можна, канешне, пакапацца ў Сам'е, ды я не думаю, каб мелася дасье на графа. Ва ўсякiм выпадку, не прыпомню, каб ён быў асуджаны калi-небудзь.

Брыгадзiр, плячысты мужчына гадоў сарака, дабрадушна глядзеў на Мэгрэ. Гэта адбывалася ў аддзеле правапарушэнняў свецкiмi асобамi. Тутэйшыя работнiкi як свае ўласныя кiшэнi ведалi асяроддзе, у якiм працвiтаў граф д'Ансеваль.

- Паслухай, Ванэль, ты даўно бачыў графа?

- Боба?

- Але.

- У апошнi раз я сустрэў яго на скачках, ён быў з Дэдэ.

- Дэдэ - гэта тып, якi трымае гараж на вулiцы Акацый. Болей аднаго-двух аўтамабiляў ён не набiрае. Скемiў, хлопча?

- Какаiн?

- Не абыходзiцца i без гэтага. Граф закапаўся па вушы. Яго ўжо не раз маглi накрыць, але пакуль што лiчым за лепшае проста не спускаць яго з вока. Як-небудзь ён мiмаволi паможа нам падсекчы больш буйную рыбку.

- У вас ёсць яго апошнi адрас?

- Табе не здаецца, што твой камiсар рызыкуе ўшчамiць нашы iнтарэсы? Асцярожней, хлопча! Не спудзь Боба. Уласна, нас цiкавiць не асабiста ён. Але за гэткiм, як ён, толькi i глядзi. У цябе праўда сур'ёзная справа?

- Мне сапраўды неабходна адшукаць яго.

- Ванэль, у цябе ёсць яго адрас?

I Ванэль з той пагардай, якую адчуваюць людзi з Набярэжнай Арфеўр да нiкчэмных крабаў з камiсарыятаў, буркнуў:

- "Атэль дзю Сантр", вулiца Брэй. Адразу за плошчай Этуаль.

- Калi ён там быў апошнi раз?

- Чатыры днi назад. Сядзеў у "бiстро" на рагу вулiцы Брэй разам са сваёй "цыпачкай".

- Як яе завуць?

- Люсiль. Яе лёгка пазнаць. У яе рубец на левай шчацэ.

Увайшоў нейкi заклапочаны камiсар з паперамi ў руках.

- Скажыце, хлопчыкi...

Ён змоўк, заўважыўшы незнаёмца ў пакоi сваiх iнспектароў, i запытальна паглядзеў на яго.

- Сакратар камiсарыята Сэн-Жорж.

- А!

I гэтае "а!" было вымаўлена з такiм майстэрствам, што Мэгрэ яшчэ адчайней захацелася трапiць сюды. Ён быў нiшто! Нават меней, чым нiшто! Нiхто не звяртаў на яго ўвагi. Камiсар разам з брыгадным пачалi абмяркоўваць план аблавы, якую намячалася правесцi наступнай ноччу ў раёне вулiцы Ракэт.

Мэгрэ знаходзiўся далёка ад станцыi метро Рэпюблiк i вырашыў спачатку заехадь дадому паабедаць, а ўжо затым адправiцца ў раён плошчы Этуаль на пошукi графа або Люсiль.

Мэгрэ завярнуў за рог бульвара Рышар-Ленуар i тут раптам у невялiкiм рэстаранчыку за сталом, накрытым на дзве персоны, убачыў Жустэна Мiнара i Жэрмену. Ён намерыўся хутчэй прайсцi мiма, каб не забавiцца з iмi, тым больш што, як яму здалося, флейтыст заўважыў яго, але прыкiнуўся, нiбыта глядзiць зусiм у iншы бок. Аднак пакаёўка мадэмуазель Жандро рашуча забарабанiла ў шыбу, i Мэгрэ не заставалася нiчога iншага, як зайсцi.

- Я пабаялася, што вы толькi пацалуеце замок у гатэлi, - сказала Жэрмена. - Як вам папрацавалася?

Мiнар не падымаў вачэй ад меню.

Дзяўчына ж, наадварот, проста цвiла. Яна, здавалася, неяк загадкава яшчэ больш пасвяжэла, вочы яе яшчэ больш зазiхацелi, i нават грудзi папышнелi.

- Мы будзем патрэбны вам пасля абеду? Бо калi вы не маеце ў нас патрэбы, то можна было б схадзiць у тэатр "д'Амбiгю", сёння там ёсць дзённы спектакль...

Жустэн Мiнар i Жэрмена сядзелi побач на мяккiм тапчанчыку, акрытым трыпам, i Мэгрэ заўважыў, як рука Жэрмены са спакойнай упэўненасцю легла на калена музыканта.

Позiркi Жустэна i Мэгрэ сустрэлiся. "Грэшны, але другога выйсця не было", - прызнаўся позiркам флейтыст.

I Мэгрэ ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць.

А дома, калi ён з жонкай спакойна абедаў у iх маленькай сталовай на пятым паверсе, мадам Мэгрэ раптам без усялякай сувязi з папярэдняй iх размовай заявiла:

- Магу пабажыцца, што яна забрытала яго!

Мадам Мэгрэ i думкi не дапускала, што пышнагрудая дзяўчына таксама магла б мець мужа.

Раздзел VI

МАЛЕНЬКАЯ СЯМЕЙНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ

Толькi а восьмай вечара, калi газавыя ражкi ўжо абстрачылi сваiмi зiхоткiмi пярлiнамi ўсе авеню ў раёне Трыумфальнай аркi, Мэгрэ, хоць i не ўскладаў вялiкай надзеi адшукаць графа, апынуўся ў самай гушчэчы падзей.

Пра гэты цудоўны вечар Мэгрэ надоўга захавае прыемны ўспамiн як пра самы чароўны вясновы вечар Парыжа. Паветра было напоена гэткай пяшчотай, гэткай водарнасцю, што людзi спынялiся, каб надыхацца iм. Канешне, ужо даўно жанчыны пагоднай парой выходзiлi на вулiцы ў адных касцюмах, але Мэгрэ заўважыў гэта толькi цяпер, i меў такое ўражанне, нiбыта ён прысутнiчае пры вясновым расквечваннi вулiц - светлыя сукенкi ўсiх таноў i адценняў, на капялюшыках званочкi, браткi, васiлькi. А мужчыны - тыя нават рызыкнулi надзець канацье.

Мэгрэ ўжо некалькi гадзiн запар мераў крокамi цесны прамежак памiж плошчамi Этуаль i Тэрн i варотамi Майё. Як толькi ён заварочваў на вулiцу Брэй, адразу натыкаўся на трох жанчын у страшэнна тугiх карсетах i ў туфлях на высачэзных абцасах; яны не перагаворвалiся памiж сабой, не сыходзiлiся разам, але як толькi паказваўся якi-небудзь прахожы мужчына, усе трое паспешлiва спяшалiся да яго. Месцам iх прапiскi быў якраз той гатэль, дзе пражываў граф. Ля ўвахода ў гатэль, адмаўляючыся паляваць воддаль, непарушна чакала яшчэ адна жанчына, шмат таўсцейшая за першых трох.

Чаму Мэгрэ адразу кiнулася ў вочы, што якраз насупраць "Атэль дзю Сантр" размешчана пральня, а акон якой выглядвалi свежыя дзяўчаткi-прасавальшчыцы? Па кантрасту?

- Граф дома? - запытаўся ён у парцье, зайшоўшы ў гатэль.

Яго ўважлiва агледзелi з галавы да ног. Усе, з кiм яму наканавана будзе сустрэцца ў гэты вечар, чамусьцi будуць аднолькава дапытлiва, неяк замаруджана глядзець на яго i хутчэй з сумотай, чым з пагардай, неахвотна адказваць:

- Паднiмiцеся, паглядзiце.

Ён узрадаваўся, што можа так лёгка дасягнуць мэты.

- Вы не маглi б сказаць нумар яго пакоя?

Парцье завагаўся: госць пацвердзiў здагадку, што ён не прыяцель графа.

- Трыццаць два...

Мэгрэ падняўся, i на яго патыхнула пахам чалавечага жытла i кухнi. У канцы калiдора пакаёўка шпурляла ў кучу брудныя прасцiны, якiя, здавалася, былi яшчэ волкiя ад поту. Ён пастукаў у дзверы нумара. Нiякага адказу.

- Вы да Люсiль? - запыталася здалёк служанка.

- Не, да графа.

- Яго няма дома. Нiкога няма.

- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсцi?

Пытанне, мусiць, было настолькi недарэчнае, што Мэгрэ нават не ўдастоiлi адказам.

- А Люсiль?

- Хiба яна не ў "Пеўнiку"?

Мэгрэ зноў выдаў сябе i адразу ж выклiкаў насцярожанасць. Калi ён не ведаў нават, дзе шукаць Люсiль, то што яму тут трэба?

"Пеўнiкам" называлася адна з дзвюх кавярняў на рагу авеню дзю Ваграм. Вялiкiя прасторныя тэрасы. Там сядзела некалькi самотных жанчын, i Мэгрэ ўлавiў пэўную рознiцу памiж гэтымi жанчынамi i тымi, што палявалi на рагу вулiцы Брэй. Меўся яшчэ адзiн гатунак - тыя, што няспешна прагульвалiся да плошчы Этуаль, потым крочылi да плошчы Тэрн, прыпыняючыся ля стракатых вiтрын крамаў, - гэтых кабет лёгка было прыняць за звычайных мяшчанак, што выйшлi на прагулянку.

Ён пашукаў вачыма жанчыну з рубцом на шчацэ. Такой не было. Тады Мэгрэ загаварыў з афiцыянтам.

- Люсiль няма?

Той хуткiм позiркам акiнуў прысутных.

- Сёння я не бачыў яе.

- Як вы думаеце, яна яшчэ прыйдзе? А графа вы таксама не бачылi?

- Я ўжо тры днi не абслугоўваў iх.

Мэгрэ адправiўся на вулiцу Акацый. Гараж па-ранейшаму быў на замку. Шавец з камяком жавальнага тытуню за шчакой таксама паглядзеў на Мэгрэ так, нiбыта ён задаваў выключна недарэчныя пытаннi.

- Здаецца, сёння ранкам яго аўтамабiль выязджаў з гаража.

- Шэры? "Дыён-бутон"?

Для чалавека, якi жаваў тытунь, аўтамабiль ёсць аўтамабiль, ён не глядзеў на марку.

- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсцi? - I Мэгрэ здалося, што ў голасе чалавека, якi сядзеў у засенi сваёй майстэранькi, прагучала нават нотка шкадавання:

- Дык, даражэнькi, мая ж справа - чаравiкi ды туфлi...

Мэгрэ вярнуўся на вулiцу Брэй, падняўся наверх, пастукаў у пакой 32, але нiхто не адказаў яму. Тады ён зноў зашпацыраваў ад "Пеўнiка" да плошчы Тэрн, паварачваючы галаву ўслед жанчынам i заглядваючы кожнай у твар у пошуках рубца, пакуль праз гадзiну яго, у рэшце рэшт, не прынялi за клiента, якi нiяк не можа адважыцца на выбар.

Час ад часу яго апаноўвала трывога. Ён папракаў сябе, што толькi дарэмна марнуе тут час, а дзесьцi ў iншым месцы, магчыма, адбываецца нешта вельмi важнае. Ён паабяцаў сабе, як толькi надарыцца вольная хвiлiна, паблукаць ля офiса "Бальтазар", потым упэўнiцца, што Элiз Жандро па-ранейшаму ў "Атэль дзю Луўр", i хоць трошкi паназiраць за тым, што дзеецца на вулiцы Шапталь.

Але што трымала яго тут? Ён бачыў, як самавiтыя мужчыны, апусцiўшы галаву, шмыгалi ў гатэль на вулiцы Брэй - быццам нехта ўтузваў iх туды за нябачную вяроўку. Ён бачыў, як яны выходзiлi, яшчэ болей прысаромленыя, з занепакоенасцю ў позiрках, як яны похапкам адольвалi бязлюдную паласу, што аддзяляла iх ад натоўпу, у якiм яны нарэшце зноў набывалi ранейшую ўпэўненасць. Ён бачыў, як жанчыны на нядоўгi час прапаноўвалi раздзялiць з iмi зняты пакой.

Ён абышоў усе бары. Яму прыйшло ў галаву ўзяць прыклад з флейтыста, i ён заказаў лiманаду, але лiманад яму не спадабаўся, i гадзiн у пяць пасля паўдня ён прыняўся за пiва.

Ва ўсiм квартале з канца ў канец ён натыкаўся на глухую сцяну замоўчвання. Толькi ў пачатку сёмай нехта здзiвiўся, калi ён запытаў пра Дэдэ:

- I на скачках яго няма? А ён што, дамовiўся з вамi сустрэцца?

Люсiль таксама нiдзе не было. У рэшце рэшт, ён падышоў да адной з жанчын, якая здалася яму найбольш згаворлiвай, i запытаў яе пра сяброўку графа.

- Можа, яна ў водпуску?

Ён не адразу зразумеў. Яму рассмяялiся ў твар.

Разоў чатыры ён намерваўся пайсцi адтуль. Ужо нават накiраваўся да метро, спусцiўся на некалькi прыступак, але завагаўся, i вярнуўся.

I вось, калi было ўжо трошкi за палову восьмай, а ён усё хадзiў, разглядваючы прахожых, ягоны позiрк выпадкова адхiлiўся, слiзгануў па спакойнай вулiцы Тыльзiт. Ля тратуара, мiж выстраеных уздоўж яго фiякраў, стаялi карэта шэфа i - проста насупраць Мэгрэ - шэры аўтамабiль, марка i нумар якога так i кiнулiся ў вочы.

Гэта быў аўтамабiль Дэдэ. У iм нiкога не было. На рагу вулiцы перамiнаўся паставы палiцэйскi.

- Я з камiсарыята квартала Сэн-Жорж. Прашу вас, акажыце мне паслугу, калi ласка. Цi не маглi б вы па якой-небудзь прычыне затрымаць уладальнiка гэтага аўтамабiля, калi той вернецца i збярэцца ад'язджаць?

- Вашы дакументы?

Нават палiцэйскiя ў гэтым квартале - i тыя не давяралi яму! Гэта быў час, калi ўсе рэстарацыi i кавярнi былi перапоўнены. Раз Дэдэ няма ў "Пеўнiку", яму нядаўна зноў пацвердзiлi гэта, - то ён, вiдавочна, вячэрае дзесьцi ў iншым месцы. У забiтай людзьмi забягалаўцы, куды Мэгрэ ткнуўся, мiмаходзь кiнулi:

- Дэдэ?.. Не ведаю такога...

Яго не ведалi i ў пiўной, размешчанай непадалёк рэстарацыi "Ваграм".

Двойчы Мэгрэ хадзiў правяраць, цi стаiць шэры аўтамабiль на месцы. У яго нават узнiкла жаданне для пэўнасцi пракалоць шыну сцiзорыкам, але прысутнасць паставога сержанта, якi быў шмат вопытней за яго, стрымала.

I вось ён штурхнуў дзверы ў маленькi iтальянскi рэстаранчык. I задаў сваё нязменнае надаеднае пытанне:

- Вы не бачылi графа?

- Боба?.. Нi ўчора, нi сёння...

- А Дэдэ?

Невялiкая зала, чырвоныя аксамiтныя канапкi. Усё выглядала даволi элегантна. У глыбiнi рэстарацыi невысокая пераборка аддзяляла ад залы невялiкi кабiнет, i Мэгрэ ўбачыў, як у дзвярах яго ўзнiк мужчына ў клятчастым гарнiтуры. У вочы кiнуўся незвычайна яркi колер твару i светлыя валасы, разгорнутыя на прабор.

- У чым справа? - спытаў ён, звяртаючыся не да Мэгрэ, а да гаспадара рэстарацыi, якi стаяў за стойкай.

- Ён пытаецца графа альбо Дэдэ...

Мужчына ў гарнiтуры ў клетку з набiтым ротам i салфеткай у руцэ зрабiў крок уперад. Ён паволi зусiм блiзка падступiў да Мэгрэ i прыняўся спакойна разглядваць яго.

- Ну? - запытаўся ён.

А так як Мэгрэ не ведаў, што сказаць, дадаў:

- Дэдэ - гэта я.

Мэгрэ нарыхтаваў тысячу варыянтаў сваiх паводзiн на выпадак, калi ён, нарэшце, апынецца ў прысутнасцi гэтага чалавека, але цяпер ён раптам вырашыў весцi сябе зусiм па-новаму.

- Я толькi ўчора прыехаў, - няўклюдна прамовiў ён.

- Адкуль?

- З Лiёна. Я жыву ў Лiёне.

- Вось як? Цiкава!

- Я шукаю аднаго майго сябра, таварыша па вучобе...

- Ну, у такiм выпадку гэта напэўна не я.

- Гэта граф д'Ансеваль... Боб...

- Вось як!

Дэдэ не ўсмiхнуўся. Ён прыцмокнуў, задумаўся.

- I дзе вы шукалi Боба?

- Ды ўсюды. У гатэлi яго не аказалася.

- Ну, вядома, ён жа даў вам адрас гатэля, яшчэ калi вы вучылiся ў калежы!

- Мне даў яго адзiн наш агульны знаёмы.

Дэдэ падаў ледзь прыкметны знак бармэну.

- Ну што ж! Раз вы сябар Боба, прашу вас выпiць з намi чарку. У нас сёння якраз маленькая сямейная ўрачыстасць.

I ён знакам запрасiў яго ў кабiнет. Стол быў ужо накрыты. У срэбным вядзерцы ў лёдзе халадала шампанскае. Паблiсквалi фужэры, жанчына ў чорным сядзела, узлокцiўшыся на стол, мужчына з перабiтым носам i бычынымi вачыма павольна падняўся i застыў у позе баксёра, што прыгатаваўся да раўнда.

- Гэта Альберт, наш школьны таварыш.

I Дэдэ паглядзеў на Альберта тым жа дзiўным позiркам, як i на гаспадара. Ён не ўзнiмаў голасу, па-ранейшаму не ўсмiхаўся, i, аднак, усё гэта нагадвала нейкi страшнаваты фарс.

- Люсiль - жонка Боба.

Мэгрэ ўбачыў рубец на вельмi прыгожым, вельмi выразным твары, i калi ён паклонам павiтаўся з ёю, слёзы блiснулi на вейках маладой жанчыны. Люсiль паспешлiва выцерла iх насоўкай.

- Не звяртайце ўвагi. У яе надоечы памёр папа. Вось i разбаўляе шампанскае слязьмi. Ангелiно! Фужэр i прыбор!

Было нешта дзiўна-трывожнае ў гэтай лядзянай прыязнасцi з затоенай у ёй пагрозай. Мэгрэ азiрнуўся, i яму стала абсалютна ясна, што выйсцi адсюль ён зможа толькi з дазволу невысокага мужчыны ў клятчастым гарнiтуры.

- Вы, значыць, прыехалi з Лiёна, каб сустрэцца са сваiм даўнiм прыяцелем Бобам?

- Не толькi дзеля гэтага. У мяне справы ў Парыжы. I вось адзiн з маiх сяброў сказаў, што i Боб тут. Я даўно згубiў яго сляды.

- Даўно, значыцца! Ну што ж! За ваша здароўе... Сябры нашых сяброў - нашы сябры. Пi, Люсiль!

Яна падпарадкавалася, падняла фужэр, але рука яе дрыжала, тонкае шкло дзынькала аб зубы.

- Сёння пасля поўдня яна атрымала тэлеграму. Памёр бацька! Дык дагэтуль нiяк не супакоiцца. Пакажы тэлеграму, Люсiль.

Яна здзiўлена паглядзела на яго.

- Пакажы васпану...

Яна пакорпалася ў сумачцы.

- Здаецца, я забыла яе ў нумары.

- Вы любiце макароны? Гаспадар гатуе iх для нас па спецыяльнаму рэцэпту. Дарэчы, як вас завуць?

- Жуль.

- Прыгожае iмя Жуль. Хораша гучыць. Ну, старына Жуль, дык пра што гэта мы гаварылi?

- Мне б хацелася пабачыцца з Бобам да майго ад'езду.

- Ах, праўда, вы ж спяшаецеся назад у Бардо!

- У Лiён.

- Ах, праўда, у Лiён! Слаўны горад! Я ўпэўнены, Боб вельмi засмуцiцца, калi не пабачыць вас. Ён так любiць сваiх сяброў па калежу! Пастаўце сябе на яго месца. Школьны таварыш - гэта ж усе прыстойныя людзi. Ручаюся, што вы прыстойны чалавек... Як ты думаеш, Люсiль, чым васпан займаецца?

- Не ведаю.

- Падумай! Я, напрыклад, гатоў паклясцiся, што разводзiць "цыпак".

Няўжо ён сапраўды прамовiў гэта слова? Чаму менавiта "цыпак" - гэтак жа сярод крымiнальшчыны называюць палiцэйскiх! Што гэта - сiгнал Дэдэ сваiм сябрам?

- Я працую ў страхавым агенцтве, - прамармытаў Мэгрэ; ён вырашыў iграць сваю ролю да канца, бо iншага выйсця не было.

Iм падалi закусь. На стале з'явiлася новая пляшка, якую знакам заказаў Дэдэ.

- Вось сапраўды ўжо, як кажуць, гара з гарой... Прыбываеш у Парыж, i раптам усплываюць цьмяныя ўспамiны пра даўняга школьнага таварыша, i адразу ж выпадкова натрапляеш на чалавека, якi дае табе яго адрас. Iншым дзесяцiгоддзе спатрэбiлася б, каб адшукаць яго, асаблiва калi ўлiчыць, што ў квартале няма нi душы, хто б ведаў прозвiшча д'Ансеваль. Гэтаксама як i маё. Запытайцеся ў патрона, у Ангелiно, якi ўжо чортведама колькi знаёмы са мной. Вам усе скажуць - Дэдэ. Проста Дэдэ! Кiнь румзаць, Люсiль! Джэнтльмен падумае, што ты не ўмееш паводзiць сябе за сталом.

Той, другi, з носам баксёра, увесь час насуплена маўчаў, толькi раз-пораз спатайка ўхмыляўся, нiбыта "на выдатна" ацэньваў жарты гаспадара гаража.

Люсiль дастала з-за паяска маленькi залачоны гадзiннiк, прытрымала яго за крыжападобны ланцужок, зверыла час.

- Не спознiшся на свой цягнiк, не бойся, - запэўнiў яе Дэдэ.

I растлумачыў Мэгрэ:

- Зараз мне трэба будзе пасадзiць яе на таратайку, каб яна не спазнiлася на пахаванне. Не, вы толькi гляньце, што робiцца! Сёння яе патэр загнуўся, а я якраз выйграў на скачках! Грошай навалам. Вось i вырашыў адзначыць. А ўсё-такi шкада, што Боба няма, каб выпiць з намi.

- Ён у ад'ездзе?

- Ты як у ваду глядзiш, Жуль. У ад'ездзе. Але ўсё-такi трэба цябе звесцi з iм.

Люсiль зноў зарыдала.

- Пi, дзяўчынка! Толькi гэтым i можна залiць гора. Хто б падумаў, што яна такая чуллiвая? Дзве гадзiны б'юся, каб супакоiць. Хоч не хоч, але ж настае час, калi бацькам трэба сысцi са сцэны, праўда ж? Колькi гэта ты не бачылася з iм, Люсiль?

- Заткнiся!

- Яшчэ пляшку гэткага ж, Ангелiно! А суфле? Скажы гаспадару, каб ён не сапсаваў суфле. За тваё здароўе, Жуль!

Мэгрэ ўжо шмат выпiў, ягоны фужэр увесь час быў поўны, а Дэдэ падлiваў i падлiваў i амаль з пагрозай прымушаў пiць яшчэ i яшчэ.

- Як завуць твайго сябра, што даў табе адрас?

- Бертран.

- Хлопец зух, вiдаць. Не толькi расказаў табе пра старыну Боба, а нават i ў гараж паслаў.

Значыць, ён ужо ведаў, што нехта швэндаўся па вулiцы Акацый i дапытваўся пра яго. Вiдаць ён з'яўляўся туды пасля абеду.

- У якi гараж? - паспрабаваў Мэгрэ прыкiнуцца, што ён i ведаць нiчога не ведае.

- Мне здалося, ты сам упамянуў пра гараж. Хiба ты не мяне пытаўся, калi прыйшоў сюды?

- Я ведаю, што Боб i вы - сябры.

- Якiя ўсё ж разумнiкi жывуць у Лiёне! За тваё здароўе, Жуль! Давай па-расейску! Адным духам! Вось так! Табе не падабаецца гэта вiно?

Баксёр ажно млеў ад асалоды ў сваiм кутку. Люсiль жа, якая пакрысе забывалася пра сваё гора, наадварот, выглядала ўстрывожанай. Мэгрэ i раз, i другi перахапiў яе запытальны позiрк, якi яна кiдала на Дэдэ.

Што яны збiраюцца зрабiць з iм? Была сама вiдавочнасць, што ўладальнiк гаража нешта задумваў. Ён весялiўся ваўсю - праўда, даволi своеасаблiва, без ценю ўсмешкi, з нейкiм незразумелым лiхаманкавым бляскам у вачах. Час ад часу ён быццам шукаў адабрэння ў позiрках астатнiх двух, нiбыта акцёр, якi адчувае сябе ў цудоўнай форме.

"Перш за ўсё, трымацца спакойна!" - загадваў сабе Мэгрэ, якога прымушалi спаражняць фужэр за фужэрам.

Зброi пры iм не было. Ён быў дужы, але што значыла яго сiла i спрыт супроць гэтай парачкi - Дэдэ з баксёрам? Ён усё больш i больш выразна ўсведамляў, як зацягваецца пятля вакол яго шыi.

Цi здагадвалiся яны, што ён з палiцыi? Верагодна. Магчыма, Люсiль заходзiла на вулiцу Брэй i ёй там расказалi пра настойлiвага вiзiцёра ў другой палове дня. Хто ведае, можа, яны менавiта яго i чакалi тут?

Як бы там нi было, станавiлася ясна, што гэтая гульня мае свой сэнс. Дэдэ абвясцiў, што грошай у яго навалам, i, вiдаць, гэтак яно i было: ён быў у той асаблiвай узбуджанасцi, якая заўжды авалодвае людзьмi яго кола, калi ў iх кiшэнях неспадзявана заводзяцца вялiкiя грошы.

Скачкi? Ён, пэўна, быў там часты госць, але Мэгрэ пакляўся б, што сёння i нагi яго там не было.

Што ж да слёз Люсi, то, вiдаць, зусiм не доля бацькi прымушала яе пралiваць iх з такой шчодрасцю. Чаму яна пачынала плакаць кожны раз, калi вымаўлялася iмя Боба?

Было дзевяць гадзiн вечара, а яны ўсё яшчэ сядзелi за сталом, i шампанскае ўсё пенiлася ў iх келiхах. Мэгрэ з усiх сiл змагаўся з хмелем, якi апаноўваў яго.

- Жуль, ты нiчога не маеш супраць, калi я патэлефаную?

Тэлефонная будка знаходзiлася ў зале, i Мэгрэ са свайго месца мог бачыць яе. Дэдэ мусiў набраць два цi тры нумары, перш чым датэлефанаваўся да таго, каго шукаў. Было вiдно, як варушылiся яго вусны, але ўгадаць словы было немагчыма. Люсiль выглядала яшчэ больш знервавана, яшчэ больш устрывожана. Што да баксёра, якi запалiў агромнiстую цыгарэту, то ён цiхамiрна ўсмiхаўся, час ад часу коратка зыркаючы на Мэгрэ.

З-за шыбы тэлефоннай будкi Дэдэ, здавалася, аддаваў нейкiя распараджэннi, павольна вымаўляючы паасобныя словы. На яго твары не засталося i следу весялосцi.

- Прашу прабачэння, старына, але мне вельмi хацелася, каб ты не размiнуўся са сваiм сябрам Бобам.

Люсiль, нервы якой былi гранiчна напяты, зноў разрыдалася, уткнуўшыся ў насоўку.

- Вы гэта Бобу званiлi?

- Не зусiм, але амаль. Я проста паклапацiўся, каб вы ўсё-такi сустрэлiся. А гэта адно i тое ж, праўда? Табе ж не церпiцца пабачыцца з iм, праўда?

У гэтых словах, мусiць, мелася нешта выключна дасцiпнае, таму што баксёр прыйшоў у захапленне i аж закудахтаў ад асалоды.

Няўжо яны лiчылi, што Мэгрэ зусiм не разумее таго, што так добра разумелi яны? Граф альбо быў мёртвы, альбо нiчога не значыў, раз Дэдэ паабяцаў Мэгрэ наладзiць iх сустрэчу...

- Мне таксама трэба пазванiць, - як мага абыякава сказаў ён.

Нягледзячы на папярэджанне Максiма Лё Брэ, ён вырашыў падняць па трывозе свой камiсарыят: ён не смеў звярнуцца ў палiцыю iншага квартала. Сёння, здаецца, дзяжурыў Бесан альбо Каламбанi з брыгадным Дзюф'ё. Дастаткова будзе толькi расцягнуць час, каб яны паспелi прыехаць i паставiць пост каля аўтамашыны.

Тут нiхто не пасмее нiчога зрабiць яму. У рэстарацыi яшчэ сядзелi людзi, iх галасы даносiлiся з-за пераборкi, i нават калi большасць з iх мелi дачыненне да таго ж свету, што i Дэдэ, то маглi ж быць i iншыя.

- Каму пазванiць?

- Жонцы.

- Дык i жонка твая з табою? Во буржуi! Чуеш, Люсiль? Жуль жанаты. Так што не спадзявайся! I няма чаго цiснуць яму нагу пад сталом! За тваё здароўе, Жуль! Не турбуйся. Ангелiно пазвонiць замест цябе. Ангелiно! У якiм яна гатэлi, твая палова?

Гарсон паслужлiва чакаў i таксама, здавалася, цешыўся сiтуацыяй.

- Гэта не тэрмiнова.

Ён з гордасцю разгарнуў уласны партманет, напакаваны тысячафранковымi банкнотамi. Ён нават не глянуў на падрахунак, тыцнуў адну асiгнацыю ў руку Ангелiно i нядбайна кiнуў:

- Рэшты не трэба!

Цi не на тое было гэта разлiчана, каб заручыцца яго падтрымкай?

- А цяпер, дзеткi, у дарогу. Спачатку праводзiм Люсiль на вакзал, затым адправiмся да Боба. Як ты глядзiш на гэта, Жуль? Ты яшчэ трымаешся на нагах? Наш сябар Альберт паможа табе. Ды не пярэч, не пярэч!.. Вазьмi яго пад руку, Альберт. А я займуся Люсiль.

Было каля апоўначы. У гэтым канцы авеню дэ Ваграм толькi там-сям гарэлi лiхтары, яркае святло залiвала адно нiжнюю частку вулiцы, каля плошчы Тэрн. Гаспадар рэстарацыi неяк дзiкавата паглядзеў iм услед, i не паспелi яны зрабiць i дзесятка крокаў па тратуары, як ён кiнуўся паспешлiва зачыняць аканiцы, хоць у зале яшчэ сядзела двое цi трое клiентаў.

- Трымай яго мацней, Альберт. Не варта, каб ён прыпсаваў свой партрэт, а то яго сябар Боб яшчэ не пазнае яго. Сюдой, мадам i месье!

Калi б на рагу вулiцы стаяў палiцэйскi, Мэгрэ паклiкаў бы яго на дапамогу, таму што ён выдатна ведаў, што яго чакае. Яму занадта яскрава сказалi пра гэта, занадта яскрава паказалi. Ён разумеў, што з той самай хвiлiны, як ён зайшоў у iтальянскую рэстарацыю, лёс яго быў вырашаны.

Але паставога нiдзе не было вiдно. На процiлеглым баку авеню ў паўзмроку прагульвалiся нейкiя дзявулi. У верхняй частцы авеню на канцавым прыпынку тармазiў трамвай, але ён быў пусты, праз шыбы сачылася жаўтлявае, каламутнае святло.

Мэгрэ мог спадзявацца, што яго "прыяцелi" не стануць страляць. Таму што iм спатрэбiцца час, каб ускочыць у машыну i знiкнуць з квартала, перш чым усчнецца трывога.

Нож? Верагодна. Цяпер гэта модна. I Альберт-баксёр пад выглядам падтрымання так ушчамiў яго руку, што Мэгрэ не мог i варухнуць ёю.

Шкада, што Мэгрэ не сумеў-такi пракалоць шыну. Калi б ён тады пачакаў, пакуль паставы адвернецца, сiтуацыя цяпер была б зусiм iншая.

Хутка праб'юць куранты поўнач. Заставалася ўсяго два цягнiкi, адзiн на Бельгiю, з Паўночнага вакзала, i Вiнцiмiйскi - з Лiёнскага. Але Вiнцiмiй быў надта далёка.

Мадам Мэгрэ, мусiць, чакае яго за шытвом, Жустэн Мiнар iграе на кантрабасе ў рэстарацыi "Клiшы", дзе на картонцы лiчбаю адзначаецца чарговы нумар выступлення. Цi ўдалося яму адкараскацца ад Жэрмены? Мэгрэ пабажыўся б, што яна сядзiць там, у рэстарацыi, i бедны музыкант ламае сабе галаву над тым, як яму быць далей.

На вулiцы Тыльзiт не вiдно было нi душы, анiводнага фiякра. Адзiн шэры аўтамабiль стаяў ля тратуара, i Дэдэ, уладкаваўшы на заднiм сядзеннi Люсiль, сеў за руль i спрабаваў завесцi матор.

Можа, яны надумалiся завезцi яго куды-небудзь яшчэ далей, на бязлюдны бераг Сены цi на канал Сэн-Мартэн, каб там прыкончыць i кiнуць цела ў ваду?

Мэгрэ не меў анiякага жадання памiраць, i, аднак, ён як бы амiрыўся з непазбежнасцю. Канешне, ён будзе абараняцца, колькi хопiць сiлы, але шанцаў на поспех у яго было вельмi мала. Левая рука яго сцiскала ў кiшэнi вязку ключоў.

Хоць бы матор не завёўся!.. Але, чмыхнуўшы накалькi разоў, ён запрацаваў роўна, машына мерна затрымцела.

Тужурка ляжала на спiнцы, Дэдэ не збiраўся апранаць яе. Няўжо гэта ён нанясе смяротны ўдар? Цi гэта зробiць баксёр, якi стаяў за спiной Мэгрэ i не выпускаў яго правай рукi?

Развязка наблiжалася, i... Хто ведае, цi не малiўся Мэгрэ ў гэту страшную хвiлiну: "Божа, зрабi так, каб..."

Раптам пачулiся гучныя галасы. На авеню дэ Ваграм з'явiлiся двое мужчын, добра нападпiтку, у фраках i чорных палiто, трымаючы ў руках трысцiны з булдавешкамi i напяваючы модную кафэшантанную песеньку.

- Сядай, Жуль, сядай, дарагi, - прамовiў Дэдэ, вiдавочна спяшаючыся. Мэгрэ яшчэ паспеў адзначыць гэта.

У той момант, калi ён падняў правую нагу, каб ступiць у машыну, страшэнны ўдар абрушыўся на яго галаву. Ён iнтуiтыўна прыгнуўся, што зменшыла сiлу ўдару. Некалькi секунд ён яшчэ чуў наблiжэнне крокаў, галасы, шум матора - i страцiў прытомнасць...

Калi ён расплюшчыў вочы, то найперш пабачыў нечыя ногi, лакiраваныя туфлi, а потым - твары, якiя ў змроку здавалiся смяротна-бледнымi. Яму здалося, што людзей многа, цэлы натоўп, i толькi трошкi пазней ён са здзiўленнем адзначыў, што вакол яго стаяла ўсяго пяць чалавек.

Адзiн з твараў належаў мажнай маладзiцы, спеставанай i цiхамiрнай, якая, мабыць, якраз лавiла клiента на процiлеглым баку авеню i была прываблена сюды шумам. Адвячоркам ён бачыў яе разы са тры на вулiцы, пэўна, яна не мела поспеху, калi дагэтуль усё яшчэ была на паляваннi.

Абодва гулякi таксама былi тут, i адзiн з iх, зусiм "цёпленькi", схiлiўшыся над Мэгрэ, упарта дапытваўся:

- Ну, дружок, табе лепш? Скажы, дружок? Табе лепш?

Скуль тут узялася карзiна i чаму так пахла фiялкамi? Ён паспрабаваў прыўзняцца на локаць. Гуляка дапамог яму. Цяпер Мэгрэ ўгледзеў старую гандлярку кветкамi, якая голасна залямантавала:

- А божачкi ж мае! Зноў хулiганнё! I дакуль жа гэта будзе працягвацца?!

- Я збегаю за шпегамi! - падахвоцiўся падлетак, у чырвонай форме пасыльнага, i знiк.

- Табе лепш, дружок?

- Якая гадзiна? - як лунатык, запытаў Мэгрэ.

- Пяць першай.

- Мне неабходна пазванiць.

- Ну канешне, дружок! Адну хвiлiначку. Зараз прынясуць тэлефон. Якраз пайшлi за iм.

Кацялка на галаве не было, валасы на макаўцы злiплiся. Падлюга Альберт умеў бiць. Калi б не два гулякi, яго напэўна прыкончылi б. Ды яшчэ каб Мэгрэ не прыгнуўся...

- Мне неабходна пазванiць, - паўтарыў ён.

Ён стаў паднiмацца на карачкi, i кроў закапала з галавы на маставую, а адзiн з гуляк усклiкнуў:

- Ён п'яны, стары! А каб я так жыў, ён жа яшчэ i п'яны!

- Паверце, мне неабходна...

- ...пазванiць... Ну канешне, дарагi... Вы чуеце, Арман? Прынясiце яму тэлефон...

- Ды вам што, павылазiла, не бачыце, што ён з глузду з'ехаў?! - абурылася дзеўка. - Лепш бы доктара паклiкалi!

- А вы ведаеце, дзе яго шукаць?

- Жыве тут адзiн на вулiцы Этуаль.

Але ўжо вяртаўся пасыльны, жвава паказваючы дарогу двум палiцэйскiм на веласiпедах. Усе расступiлiся. Палiцэйскiя схiлiлiся над Мэгрэ.

- Мне трэба пазванiць... - не сунiмаўся Мэгрэ.

Якая недарэчнасць! Цэлы вечар ён не адчуваў сябе п'яным, а вось цяпер язык яго заплятаўся, думкi блыталiся. I толькi адна была ясная i ўладная: яму трэба пазванiць...

Ён злаваў на сябе самога, што ў смешнай позе валяецца тут i не можа ўстаць, i мармытаў праз зубы:

- Палiцыя... паглядзiце ў бумажнiку... Квартал Сэн-Жорж... Трэба неадкладна пазванiць на Паўночны вакзал... Цягнiк на Брусель... Праз некалькi хвiлiн... У iх машына...

Адзiн з палiцэйскiх падышоў да газавага ражка, стаў праглядаць змесцiва бумажнiка.

- Ён праўду кажа, Жэрмен.

- Паслухайце... Трэба як найхутчэй... У iх ужо ёсць бiлет... Жанчына ў чорнай сукенцы, на шчацэ рубец... Адзiн з мужчын у клятчастым гарнiтуры. У другога перабiты нос...

- Злётай туды, Жэрмен!

Палiцэйскi пост быў непадалёк, на вулiцы Этуаль. Адзiн з палiцэйскiх ускочыў на веласiпед. Хлапчук не вельмi добра пачуў i запытаў:

- Ён шпег?

Мэгрэ зноў упаў нiцма, а адзiн з гулякаў, з цяжкасцю варочаючы языком, прагаварыў:

- А далiбожачкi, ён п'яны ў дымiну?

Раздзел VII

СМЕХ МАДАМ МЭГРЭ

Ён усё намагаўся адпiхнуць iх, але рука яго была вялая, без сiлы. Як упрасiць iх, каб яны пакiнулi яго ў спакоi? Хiба ён не ўмольваў iх? Ён i сам ужо не ведаў. У галаве яго месцiлася столькi думак, што ад гэтага яму было ажно нядобра.

Адно перакананне пераважала над усiм: неабходна, каб яму дазволiлi iсцi да канца. Да канца чаго? Божа мiлы! Як цяжка людзям паразумецца! Да канца!

А з iм вось абыходзiлiся, як з дзiцем цi як з хворым. I нават згоды яго не пыталiся. Яшчэ болей раздражняла тое, што яны вельмi голасна перагаворвалiся наконт яго, нiбыта былi няздольныя зразумець адзiн аднаго. I ўсё гэта толькi таму, што ён ляжаў на зямлi, як вялiкая раздаўленая кузурка? Вакол яго тапталiся ногi, - ну i што?! - Потым быў медпункт. Ён адразу сцямiў, што гэта медпункт, i стаў адбiвацца. Хiба, калi цябе стукнуць па галаве, ужо нельга абысцiся i без лякарнi?

Ён пазнаў цёмныя абрысы Бажонскай бальнiцы, пад'езд з такой яркай электрычнай лямпачкай, што ажно рэзала ў вочы; людзi спакойна прыходзiлi i выходзiлi, нейкi высокi малады чалавек у белым халаце выглядаў так, нiбы насмiхаўся над цэлым светам.

Хiба Мэгрэ не ведаў, што гэта проста ардынатар? Пакуль медсястра выстрыгала Мэгрэ на макаўцы валасы, практыкант плёў ёй усялякае глупства. Дзяўчыне надзвычай пасаваў белы халат. Па тым, як яны пераглядвалiся, Мэгрэ зразумеў, што медсястра i ардынатар былi закаханы адно ў аднаго.

Ён з усёй сiлы стрымлiваўся, аднак яго званiтавала - ад эфiру.

"Гэта ёй навука", - падумаў Мэгрэ.

Навошта яго прымушаюць пiць? Ён не хоча пiць. Яму неабходна падумаць. Хiба палiцэйскi-веласiпедыст не сказаў iм, што Мэгрэ - дэтэктыў i яму даручана выключна сур'ёзная справа?

Нiхто не верыў яму. Вось у чым загана камiсара палiцыi. Мэгрэ сам, ён здольны iсцi, ён не хоча, каб яго неслi! I мадам Мэгрэ - не лепшая! Чаму гэта яна, похапкам сцелючы пасцель, разрагаталася?

Не пярэчце, не пярэчце, яна смяялася! Гэткага нервовага смеху ён яшчэ не чуў.

Хiба ён мог паводзiць сябе iначай? Дайце яму падумаць. Падайце аловак i паперу. Не мае значэння, якi-небудзь шматок паперы. Дзякуй.

Уявiце, што гэта лiнiя - вулiца Шапталь... Яна вельмi кароткая... Добрая... Трошкi за гадзiну ночы, i анiкога на вулiцы...

Выбачайце, ёсць Дэдэ, за рулём свайго шэрага аўтамабiля. Заўважце, Дэдэ не заглушыў матора. Чаму? Мажлiвы дзве прычыны гэтага. Першая: што ён спынiўся толькi на некалькi хвiлiн. Другая, што ён намерваўся рушыць з месца без нiякiх затрымак. Бо машыну, асаблiва калi халаднавата - а ў красавiку ночы даволi золкiя, - цяжка завесцi з першага абароту.

Не перабiвайце, калi ласка! Вось гэта лiнiя, значыць, вулiца Шапталь. А маленькi квадрацiк на ёй - дом Бальтазараў. Так-так, Бальтазараў - гэтае прозвiшча болей адпавядае iсцiне, чым прозвiшча Жандро. Урэшце, усё гэта сям'я Бальтазараў, грошы Бальтазараў, драма Бальтазараў.

Раз машына Дэдэ стаiць ля гэтага дома, значыць, ёй трэба стаяць тут. Чаму? Хутчэй за ўсё, у ёй прыехаў граф i павiнен паехаць у ёй назад.

Справа дужа сур'ёзная. Не перабiвайце... I нi да чаго класцi яму на галаву немаведама што! Як i гатаваць вар на кухнi! Ён выдатна чуе, як на кухнi кiпiць вада. Няма чаго рабiць, дык кiпяцяць ваду, а гэта, урэшце, раздражняе, замiнае думаць.

Цi граф наведваўся да Элiз калi-небудзь у суправаджэннi Дэдэ? Як важна было б ведаць гэта! У процiлеглым выпадку, гэты вiзiт а гадзiне ночы быў вiзiт спецыяльны, з нейкай акрэсленай мэтай.

Чаму мадам Мэгрэ разрагаталася? Чым ён гэтакi смешны? Цi i яна таксама думае, што ён бавiўся з дзеванькамi?

Гэта Жустэн Мiнар спаў з Жэрменай. Канешне, яна не ўпусцiла яго, i яшчэ доўга будзе пагульваць з iм. А як жа Кармэн? Ён нiколi не бачыў яе. На свеце столькi людзей, якiх ён нiколi не бачыў.

Гэта несправядлiва. Раз ён вядзе сакрэтнае следства, то павiнен мець права сустракацца з усiмi на свеце, каб як след зразумець iх учынкi.

Вярнiце яму яго аловак. Вось гэты квадрат - пакой. Пакой Элiз, само сабой. Мэбля не мае значэння, нi да чаго маляваць мэблю. Яна толькi заблытае ўсё. Хiба толькi начны столiк, таму што ў шуфлядцы цi наверсе на столiку ляжыць рэвальвер.

Цяпер усё залежыць адно ад аднаго. Элiз спала цi не спала. Чакала яна графа цi не чакала яго? Калi спала, то мусiла дастаць рэвальвер з шуфлядкi.

Ды не цiснiце на галаву, чорт пабяры! Немагчыма ж думаць, калi на галаву ўскараскваюцца з бог ведае якiм грузам!

Няўжо настаў дзень? Хто гэта! У пакой зайшоў нейкi чалавек, маленькi лысы мужчына. Такi знаёмы твар!.. Але Мэгрэ не можа прыпомнiць, як завуць гэтага чалавека. Мадам Мэгрэ размаўляе шэптам. Потым яны запiхваюць Мэгрэ ў рот нейкую халодную рэч.

Злiтуйцеся, даражэнькiя!.. Ён мусiць вывесцi ўсiх на чыстую ваду, бо, калi ён трапiць у нерат, Элiз Жандро першая захiхiкае яму проста ў твар i ўпiкне, што ён бяссiльны зразумець iх свет, бо не з'яўляецца членам клуба Гоша.

Неабходна сканцэнтравацца на лесвiчнай пляцоўцы. Вось маленькi кружок гэта Элiз. У iхняй сям'i толькi жанчыны наследуюць характар старога Бальтазара, пустэльнiка з авеню дзю Буа. Стары сам так сцвярджаў, а хто ж лепей разбiраўся ў гэтым?

Дык вось: чаму яна кiдаецца да акна, расхiнае шторы i клiча на дапамогу?

Хвiлiначку, хвiлiначку, месье камiсар... Не забывайце пра Мiнара флейтыста, бо менавiта Мiнар парушыць планы...

Нiхто не паспеў выйсцi з дому, калi Мiнар пазванiў у дзверы, а менавiта тады, як ён вёў перагаворы з Луi, з лесвiцы данёсся мужчынскi голас: "Не марнуйце часу, Луi!"

I легкавушка Дэдэ рванулася з месца. Увага! Яна знiкла не назусiм. Толькi зрабiла круг вакол квартала. Значыць, Дэдэ некага чакаў.

Але вось ён вярнуўся. I што, ён толькi праехаў па вулiцы? Нiдзе не спынiўся? Цi сеў у машыну той чалавек, якога ён чакаў?

Чорт пабяры, хай пакiнуць яго ў спакоi! Ён не жадае болей пiць. З яго даволi! Ён працуе. Чуеце? Я працую!

Я ўзнаўляю ўсё ў памяцi!

Яму душна. Ён адбiваецца. Ён нiкому не дазволiць здзекавацца з яго, нават уласнай жонцы. Проста да слёз крыўдна. Яму сапраўды хочацца плакаць, гэта жорстка - так прынiжаць яго. Нельга пагарджаць iм i смяяцца з кожнага яго слова толькi таму, што ён сядзiць на тратуары.

Яму болей не давераць весцi следства. Яму ж i гэту справу даручылi без асаблiвай ахвоты. Хiба гэта яго вiна, што, дзеля таго каб даведацца, што ў людзей наўме, ты часам вымушаны пiць з iмi?

- Жуль...

Ён адмоўна кiвае галавой.

А вось ён возьме i не расплюшчыць вачэй - назло iм. Ён сцiскае зубы. Ён хоча, каб твар яго меў злосны выгляд.

- Жуль, гэта...

- Ну, дружа Мэгрэ? - чуецца яшчэ нечы голас.

Клятва iмгненна забыта. Мэгрэ адным рухам выпростваецца, i яго працiнае такi боль, нiбы ён урэзваецца ў столь. Ён iнстынктыўна хапаецца рукой за галаву i здагадваецца, што яна ўся забiнтавана.

- Выбачайце, месье камiсар...

- Прашу прабачэння, што разбудзiў вас.

- Я не спаў.

Жонка таксама тут, яна ўсмiхаецца яму i падае з-за спiны Лё Брэ нейкiя незразумелыя знакi.

- Якая гадзiна?

- Палова адзiнаццатай. Я толькi на рабоце даведаўся, што здарылася.

- Яны напiсалi рапарт?

Рапарт на яго! Якая ганьба. Звычайна рапарты пiсаў ён, i ён выдатна ведае, як гэта робiцца.

"Сёння ноччу ў дваццаць тры гадзiны сорак пяць хвiлiн, будучы на пасту на авеню дэ Ваграм, мы былi паклiканы..."

Затым радкi накшталт:

"...да нейкага суб'екта, якi валяўся на тратуары i заявiў, што яго завуць Мэгрэ, Жуль-Амедэ-Франсуа..."

Камiсар быў, як заўсёды, бадзёры, свежы, апрануты ва ўсё перламутрава-шэрае, з кветкай у пятлiцы. Да Мэгрэ данёсся пах партвейну камiсар часам браў зранку чарку гэтага вiна.

- Палiцыя на Паўночным вакзале паспела арыштаваць iх.

Ты глядзi! А ён амаль забыўся пра iх! I яму раптам так захацелася паўтарыць любiмы выраз флейтыста: "Гэта не мае значэння!"

I ён сказаў бы праўду. Таму што для яго цяпер не мае значэння нi Дэдэ, нi Люсiль, нi нават баксёр, якi, як павiнна быць сказана ў рапарце, ледзь не забiў яго "тупым прадметам".

Яму няёмка ляжаць у ложку ў прысутнасцi свайго шэфа, i ён высунуў ногi з-пад коўдры.

- Ляжыце спакойна.

- Я добра адчуваю сябе, паверце.

- Доктар гэтаксама думае. I тым не менее, вам неабходны яшчэ некалькi дзён спакою.

- Нiзавошта!

У яго хочуць свiснуць распачатую iм справу. Яму ўсё ясна. Не, ён не дапусцiць гэтага!

- Супакойцеся, Мэгрэ.

- Я спакойны, выключна спакойны. I ведаю, што кажу... Нiшто не замiне мне пайсцi куды трэба.

- Ды гэта ж не спешна. Я разумею вашу нецярплiвасць, але што да вашай справы, паверце, будзе зроблена ўсё, што вы палiчыце неабходным.

Ён сказаў "вашай справы", - ну канешне, ён жа пачцiвы чалавек. Лё Брэ машынальна запалiў цыгарэту i збянтэжана паглядзеў на мадам Мэгрэ.

- Не саромцеся, калi ласка. Мой муж з ранку да вечара смокча сваю люльку, нават у ложку.

- Дарэчы, падай мне люльку.

- А можна?..

- Хiба доктар сказаў, што мне няможна палiць?

- Не, пра гэта ён нiчога не гаварыў.

- У такiм разе?..

Яна расклала на туалетным столiку ўсё, што знайшла ў яго кiшэнях, i прынялася набiваць яму люльку, потым падала яе разам з запалкамi.

- Пакiдаю вас, - сказала яна i падалася на кухню.

Мэгрэ хацеў прыгадаць усё, пра што думаў усю ноч. Але ў галаве застаўся толькi цьмяны ўспамiн, i, аднак, у яго было адчуванне, што ён наблiзiўся да праўды. Максiм Лё Брэ сеў на крэсла; адчувалася, што ён нечым заклапочаны. Ягоны сакратар павольна, памiж дзвюма зацяжкамi прамовiў:

- Граф д'Ансеваль мёртвы.

- Вы ўпэўнены? - спахмурнеўшы, спытаў ён.

- Я не маю доказаў, але гатовы паклясцiся...

- Мёртвы... па якой прычыне?

- Гэта ў яго стралялi з рэвальвера.

- На вулiцы Шапталь?

Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.

- Вы думаеце, што Рышар Жандро...

Пытанне зададзена ў лоб. Мэгрэ яшчэ не мог адказаць з усёй пэўнасцю. Элiз Жандро праз акно крыкнула ратаваць. Потым яе нехта адцягнуў назад. I толькi потым раздаўся стрэл.

- А пры чым Дэдэ ва ўсёй гэтай гiсторыi?

- Ён чакаў на вулiцы за рулём "дыён-бутона".

- Ён сам прызнаўся ў гэтым?

- А няма нiякай патрэбы ў яго прызнаннi.

- А жанчына?

- Гэта палюбоўнiца графа, якога завуць проста Бобам. Мiж iншым, вы ведаеце гэта не горш за мяне.

Мэгрэ з радасцю садраў бы з галавы гэты недарэчны цюрбан павязкi, якi толькi перацiскае скронi i лоб.

- Дзе яны цяпер? - запытаўся ён у сваю чаргу.

- Пакуль што пад следствам.

- Пакуль што?

- Зараз iх вiнавацяць у вулiчным узброеным замаху на жыццё. Вiдаць, iм можна было б iнкрымiнаваць i крадзеж.

- Чаму?

- У кiшэнях памянёнага Дэдэ аказалася сорак дзевяць банкнотаў па тысячы франкаў кожная.

- Ён iх не ўкраў.

Камiсар, вiдаць, зразумеў, што Мэгрэ меў на ўвазе, таму што азмрочыўся яшчэ болей.

- Вы хочаце сказаць, яму iх далi?

- Далi.

- Каб маўчаў?

- Так. Дэдэ быў няўлоўны ўвесь учарашнi дзень да самага вечара. А калi зноў усплыў на паверхню, то, калi можна так сказаць, увесь ажно ззяў, яму не цярпелася прамантачыць хоць часцiну гэтых грошай, што распiралi яго кiшэнi. У той жа час як Люсiль аплаквала смерць свайго палюбоўнiка, Дэдэ святкаваў неспадзяванае ўзбагачэнне. Я быў з iмi.

Бедны Лё Брэ! Ён нiяк не мог асвойтацца з пераменай, якая адбылася з Мэгрэ. Ён аказаўся падобны да тых бацькоў, якiя прывыклi абыходзiцца са сваiм дзiцем як з немаўляткам, i раптам выяўляюць, што перад iмi даўно дарослы ўжо хлопец, якi ўмее разважаць не горш за iх.

А можа?.. Мэгрэ паглядзеў на камiсара, i нечакана ў душы яго варухнулася цьмянае падазрэнне. Мала-памалу гэтае падазрэнне перайшло ва ўпэўненасць.

Лё Брэ таму даверыў яму расследаванне, што разлiчваў на няўдачу: дасць бог, яго сакратарык не знойдзе нiякiх канцоў.

I адбывалася ўсё такiм чынам. Месье Лё Брэ-Курсэль, свецкi чалавек, не меў нiякага жадання, каб непакоiлi другога свецкага чалавека, яго прыяцеля па клубу, тым больш - блiзкую сяброўку яго жонкi, наследнiцу ўсёй "Кавы Бальтазараў".

Пракляты флейтыст! Трэба ж было яму соваць нос у чужое проса!

Дзiвосы, дый годзе, як усё, што мае адносiны да асабняка на вулiцы Шапталь, становiцца прадметам самай гарачай зацiкаўленасцi з боку прэсы, шырокай публiкi, судовых засядацеляў - усiх гэтых дробных крамнiкаў i банкаўскiх чыноўнiкаў!

На жаль, камiсар Лё Брэ не можа проста ўзяць i знiшчыць рапарт на вачах свайго сакратара.

"Разумееце, дружа Мэгрэ..."

Трэба захоўваць карэктнасць. Гранiчную асцярожнасць. Нiякiх скандалаў. Самае лепшае, калi б Мэгрэ ўвогуле нiчога не высветлiў. Тады, праз дзён колькi, калi ён з'явiцца ў камiсарыяце, яго можна будзе сустрэць i паблажлiвай усмешкай.

"Ну, вось бачыце, нiчога страшнага. Не трэба падаць духам. Вы зрабiлi ўсё, што маглi. Не ваша вiна, што гэты флейтыст аказаўся пусты фантазёр i прыняў уяўнае за яву. А цяпер - за працу, старына! Абяцаю вам, што першая ж чарговая сур'ёзная справа будзе даручана вам".

А цяпер камiсар занепакоены, вядома. Хто ведае, цi не шкадуе ён, што Мэгрэ тады прыгнуўся i гэтым змякчыў сiлу таго ўдара? У такiм разе ён бы залёг не на дзень i не на тыдзень...

Д'ябал! Якiм толькi чынам гэты прайдзiсвет i дазнаўся пра ўсё?!

Лё Брэ кашлянуў, нягучна, як толькi мог, абыякава перапытаў:

- Адным словам, вы абвiнавачваеце ў забойстве Рышара Жандро?

- Не абавязкова яго. Магчыма, страляла яго сястра. А магчыма, Луi. Не забывайце, што флейтыст мусiў званiць, а потым доўга стукаць у дзверы, перш чым яму нарэшце адчынiлi, i што дварэцкi быў пры поўным парадзе.

Прамень надзеi! Як цудоўна было б, калi б высветлiлася, што стрэлiў дварэцкi!

- А цi не здаецца вам найболей верагоднай гэта апошняя гiпотэза?

I ён пачырванеў, таму што Мэгрэ мiжволi дапытлiва паглядзеў на яго. I скорагаворкай прадоўжыў:

- Што да мяне, дык я ахвотна ўявiў бы сабе такую сiтуацыю...

Ён са смакам вымавiў слова "ахвотна" - Мэгрэ мiмаходзь адзначыў гэта.

- Бачыце, я сапраўды не разумею, што там трэба было графу...

- Ён бываў там i раней, як вам вядома.

- Так, вы мне ўжо казалi пра гэта. Я быў вельмi здзiўлены. Граф прапашчы чалавек. Яго бацька хоць i быў даведзены да галечы, але ўсё ж захоўваў яшчэ сякую-такую годнасць. Жыў ён у невялiкай кватэры ў Лацiнскiм квартале i старанна пазбягаў людзей, з якiмi сустракаўся ў юнацтве.

- Ён працаваў?

- Вiдаць, не. Дакладна не ведаю.

- А жыў з чаго?

- Прадаваў па меры магчымасцi рэчы, якiя засталiся: карцiны, якую-небудзь старасвецкую табакерку, сямейныя рэлiквii. Мажлiва, сёй-той з ягоных сяброў з лiку тых, што прыязджалi некалi ў замак на паляванне, час ад часу ананiмна пасылалi яму грошы? Што ж да Боба, то ён махнуў рукой на ўсё, чым так даражыў яго бацька. Ён дэманстратыўна паяўляецца ў самых гнюсных прытонах. Неяк наняўся пасыльным у рэстарацыю "Вуазен" толькi дзеля таго, каб ставiць у няёмкае становiшча сяброў сваёй сям'i, ад якiх браў гасцiнцы. I ў рэшце рэшт дакацiўся да нейкай Люсiль i нейкага Дэдэ. Да чаго ўсё гэта я?

Мэгрэ не пажадаў працягнуць яму выратавальны круг.

- А! Ну гэтак. Вiдаць, той ноччу ён прыходзiў да Жандро з малапрыстойнай мэтай.

- Чаму?

- Той факт, што яго суправаджаў Дэдэ, якi чакаў яго на вулiцы i нават не выключыў матор, даволi паказальны.

- Аднак у доме яго чакалi.

- Адкуль вы ведаеце?

- Вы мяркуеце, што ў процiлеглым выпадку яму дазволiлi б падняцца ў пакой да дзяўчыны? I чаму Луi а гадзiне ночы быў пры поўным парадзе?

- Дапусцiм, яго чакалi, але ж гэта яшчэ не даказвае, што ён быў там жаданы госць. Магчыма, ён сапраўды папярэдзiў iх пра свой вiзiт.

- Не забывайце, што ўсё адбылося ў спальнi.

- Хай! Я нават гатовы дапусцiць, што Элiз вяла сябе неасцярожна з iмi. Мы не маем права судзiць яе.

- Ага! Вось як!

- Магчыма, мiж iмi нешта i было. Нягледзячы на ўсё, ён - граф д'Ансеваль, яго продкi былi саўладальнiкамi замка, купленага старым Бальтазарам, адным з iх сялян.

- Гэта, канешне, магло зрабiць уражанне на ўнучку карабейнiка.

- А чаму не? Але ж магло быць i другое: даведаўшыся, якое жыццё ён вядзе, ёй захацелася ўратаваць яго. Хiба гэта не верагодна?

Чаму Мэгрэ раптам апанавала абурэнне? У яго было такое ўражанне, быццам яму паказвалi ўсё яго расследаванне ў крывым люстры. Не падабаўся i лiслiвы тон камiсара, якi нiбыта завучваў з iм урок.

- Iснуе яшчэ адна верагоднасць, - цiха прамовiў ён.

- Якая?

- Што мадэмуазель Жандро-Бальтазар хацела б да свайго багацця дадаць яшчэ i тытул. Вельмi прыемна стаць наследнiцай замка д'Ансеваль. Але, магчыма, яна пачувала сябе там самазванкай? Я таксама правёў дзяцiнства ў замку, дзе мой бацька быў усяго толькi ўпраўляючым. I я прыпамiнаю, як сёй-той з новаспечаных багацеяў ганяўся за гэтым.

- Вы намякаеце, што яна хацела б выйсцi замуж...

- За Боба д'Ансеваля, чаму б не?

- Я не хачу абмяркоўваць гэтае пытанне, але сходнае меркаванне, здаецца мне, занадта смелае...

- Пакаёўка гэтак не думае.

- Вы дапытвалi пакаёўку, нягледзячы на...

Ён ледзь не дадаў: "...на мае парады". Што азначала б: "Нягледзячы на маю забарону!" Але ён прамаўчаў, i Мэгрэ прадаўжаў:

- Нават, так сказаць, выкраў яе. Зараз яна ў двух кроках адгэтуль.

- Яна вам што-небудзь расказала?

- Нiчога пэўнага яна не ведае, апроч аднаго: што мадэмуазель Жандро ўбiла сабе ў галаву стаць графiняй.

Лё Брэ пакорлiва махнуў рукой. Яму было яўна не па сабе прызнаць пэўную страту годнасцi сярод прыналежных да яго свету.

- Дапусцiм. Гэта, зрэшты, нiчога не мяняе ў ходзе падзей. Пагадзiцеся, што Боб мог весцi сябе як хам.

- Мы не ведаем, што здарылася ў пакоi. Нам вядома толькi адно: нехта страляў.

- Аднак мы прыходзiм да аднаго i таго ж вываду. Чалавек паводзiць сябе, ну, скажам... абуральна. Брат дзяўчыны ў тым жа доме, таксама як i стары слуга Луi. Дзяўчына клiча на помач. Адзiн з мужчын чуе крык, паспешлiва прыбягае i ў парыве абурэння хапае рэвальвер, якi, як вы самi сцвярджаеце, ляжыць на туалетным столiку.

Гледзячы на Мэгрэ, можна было падумаць, што ён гатовы згадзiцца з камiсарам. Але, выпускаючы са сваёй люлькi адно з прыгажэйшых у сваiм жыццi кольцаў дыму, ён цiха запярэчыў:

- Што б вы зрабiлi на месцы таго чалавека? Уявiце, што ў вашай руцэ рэвальвер, з якога яшчэ курыцца дымок, як гэта пiшуць у газетах. А на падлозе ляжыць забiты цi сур'ёзна паранены чалавек.

- Прымаючы гiпотэзу, што чалавек паранены, я паклiкаў бы доктара.

- Гэта не было зроблена.

- I адсюль вы робiце вывад, што чалавека забiлi?

Мэгрэ, нiбыта сам спрабаваў разабрацца ва ўсiм, цярплiва развiваў думку далей.

- Якраз у той момант чуецца стук ва ўваходныя дзверы. Гэта стукае прахожы, якi пачуў крыкi аб ратунку.

- Згадзiцеся, дружа Мэгрэ, што мала прыемнасцi ўблытваць у свае сямейныя справы першага лепшага.

- А з лесвiчнай пляцоўкi гукаюць: "Не марнуйце часу, Луi!" Што ўсё гэта азначае?

Мэгрэ з цяжкасцю ўсведамляў, што цяпер ён кiраваў ходам размовы, што ролi ў пэўнай ступенi памянялiся, што яго шэф усё часцей трапляў у даволi кепскае становiшча.

- Тое, што чалавек быў яшчэ жывы, напэўна? А можа, у Элiз быў нервовы прыпадак? Дакладна не ведаю. Лiчу, што ў сходных сiтуацыях чалавекам апаноўвае разгубленасць. Луi вышпурнуў няпрошанага госця, заехаўшы яму кулаком па фiзiяномii.

- Не надта высакародны ўчынак з яго боку.

- I нiхто не выглядаў занадта разгубленым. Вiдаць, яны адразу скемiлi, што тып, якога дварэцкi толькi што аддубасiў, заявiць у палiцыю. I яна не забавiцца i запатрабуе тлумачэнняў.

- Што вы i зрабiлi.

- У iх распараджэннi быў пэўны час. Яны маглi патэлефанаваць уладам: "Вось, маўляў, што ў нас здарылася. Гэта не злачынства, а няшчасны выпадак. Мы вымушаны былi забiць вар'ята, якi пагражаў нам". Думаю, менавiта i вы зрабiлi б тое ж самае, месье камiсар?

Як гэта мяняла сiтуацыю - тое, што ён знаходзiўся тут, дома, ва ўласным ложку, у ложку, а не ў камiсарыяце! За абабiтымi дзвярыма ён не асмелiўся б сказаць i чвэрцi з таго, што сказаў тут. Галава яго расколвалася на часткi, але якое гэта мела значэнне! Мадам Мэгрэ на кухнi, мабыць, прыходзiла ў жах, чуючы, з якой упэўненасцю ён размаўляе. А ён нават пераходзiў у наступленне.

- Дык вось, месье камiсар, якраз гэтага яны i не зрабiлi. А зрабiлi вось што. Спачатку труп цi параненага некуды перанеслi. Магчыма, у адзiн з пакояў па-над стайняй - адзiнае памяшканне, якое мне не паказалi.

- Гэта ўсяго толькi ваша меркаванне.

- Абгрунтаванае на тым факце, што, калi я прыйшоў, цела ў доме ўжо не было.

- А што, калi Боб пайшоў сам?

- Тады яго сябар Дэдэ ўчора не паклаў бы ў кiшэню пяцьдзесят тысяч франкаў, i тым больш не рашыўся б выехаць у Бельгiю разам з Люсiль.

- Магчыма, вы маеце рацыю.

- Такiм чынам, шаноўныя пестункi лёсу з вулiцы Шапталь мелi ў сваiм распараджэннi ўсяго з паўгадзiны. Гэтага iм аказалася дастаткова, каб навесцi парадак, сцерцi самыя нязначныя сляды таго, што адбылося. I iм прыйшла ў галаву амаль генiяльная думка. Найлепшы сродак звесцi на нiшто паказанне флейтыста, прымусiць паверыць, што ўсё гэта толькi трызненне п'янчужкi, пераканаць, што пакой, на якi той паказваў, пусты. Гэта давала яшчэ адну перавагу. Мажлiва, Элiз Жандро, нягледзячы на ўсё, была, груба кажучы, на мяжы iстэрыкi. Паказаць яе ў ложку i запэўнiваць, што яна спала? Прадставiць яе мне i сцвярджаць, што яна нiчога не чула? I тое, i другое было б аднолькава рызыкоўна.

Яе запхнулi ў пакой служанкi, якi, на шчасце, аказаўся не заняты. Хiба нейкi няшчасны палiцэйскi разбярэцца ў гэткiх тонкасцях?

I дастаткова будзе сказаць, што яе няма дома, што яна ў сваiм замку ў Ньеўры. Нiчога не чулi! Нiчога не бачылi! Стрэл? Якi стрэл? Дзе? Калi?

Людзi, якiя швэндаюцца па вулiцах а гадзiне ночы, часта бываюць занадта ўзбуджаныя.

А назаўтра настане дзень. I хто пасмее ў чым-небудзь абвiнавацiць Жандро-Бальтазараў?

- Вы суровы, Мэгрэ. - Лё Брэ ўздыхнуў, падняўся. - Але, магчыма, вы маеце рацыю. Ну што ж, я параюся з шэфам Вышукной.

- Вы лiчыце, гэта неабходна?

- Калi сапраўды мела месца забойства, у што вы прымусiлi мяне паверыць...

- Месье камiсар! - прыцiхла, амаль умольна аклiкнуў Мэгрэ.

- Слухаю вас.

- Вы не маглi б пачакаць трошкi, ну хоць суткi?

- Толькi што вы амаль папракалi мяне ў тым, што я не пачаў дзейнiчаць раней.

- Паверце мне, я магу ўстаць. Зiрнiце.

I, нягледзячы на пратэст Лё Брэ, ён адкiнуў коўдру. Яго трошкi павяло ўбок, але ён устояў, збянтэжаны, што стаiць перад сваiм начальнiкам у адных споднiках.

- Гэта мая першая справа...

- I я вiншую вас з тым запалам, з якiм...

- Калi вы сёння заявiце ў Вышукную, то справу давядзе да канца група шэфа.

- Магчыма. Перш за ўсё, калi Боб забiты, трэба адшукаць яго труп.

- А калi ён мёртвы, то можна ж i пачакаць, праўда?

Ролi памянялiся зноў, i цяпер ужо камiсар хаваў усмешку, адварочваючы галаву ўбок.

Мэгрэ, лiтаральна хвiлiну назад гэткi з'едлiвы i ўпэўнены Мэгрэ, цяпер у сподняй кашулi з чырвонай вышыўкаю на каўняры набыў раптам выгляд вялiкага дзiцяцi, якое бачыць, што яго ашукалi ў паабяцанай радасцi.

- Мне зусiм нi да чаго гэтая заваруха.

Мэгрэ памкнуўся сарваць з галавы павязку.

- Я магу хадзiць i закончыць расследаванне сам. Дазвольце мне толькi дапытаць Дэдэ i Люсiль, асаблiва Люсiль. Што яны кажуць?

- Сёння ранiцай, калi дзяжурны камiсар дапытваў Дэдэ, той спытаў: "Жуль мёртвы?" Мяркую, ён меў на ўвазе вас.

- Калi да заўтра, да гэтай гадзiны я не спраўлюся, можаце перадаваць справу ў Вышукную.

Занепакоеная мадам Мэгрэ прыадчынiла дзверы i стала як укопаная, убачыўшы мужа на нагах.

У гэты момант у кватэру пазванiлi. Яна пайшла адчыняць. Мэгрэ i камiсар чулi, як яна з некiм зашапталася на лесвiцы.

Калi яна вярнулася адна, Мэгрэ запытаў:

- Хто гэта?

Яна падала яму нейкi знак, але ён не зразумеў, i, калi перапытаў, ёй прыйшлося прызнацца:

- Музыкант.

- Ну, я пайшоў, - сказаў Лё Брэ. - Лiчу, што будзе непрыстойна адмовiць вам у вашай просьбе.

- Выбачайце, месье камiсар. Я хацеў бы яшчэ... Калi будзе дадзены ход падзеям i калi, так сказаць, разварочваць iх прымецца Вышукная, цi дазволiце вы мне, калi ў гэтым узнiкне неабходнасць, звярнуцца да мадэмуазель Жандро?

- Спадзяюся, вам це здрадзiць пачуццё такту? Будзьце, аднак, вельмi асцярожны.

Мэгрэ свяцiўся радасцю. Ён пачуў, як дзверы зачынiлiся, i стаў апранацца. У пакой у суправаджэннi мадам Мэгрэ ўвайшоў Жустэн Мiнар. Музыкант быў збянтэжаны, занепакоены.

- Вы паранены?

- А, дробязь.

- У меня нядобрыя весткi.

- Кажыце.

- Яна ўцякла.

Мэгрэ ледзь не разрагатаўся, настолькi разгублены быў флейтыст.

- Калi?

- Учора ўвечары цi, дакладней, сёння ноччу. Яна настаяла пайсцi са мной у рэстарацыю "Клiшы", даводзячы, што проста задыхаецца без музыкi i хоча паслухаць маю iгру.

Прысутнасць мадам Мэгрэ перашкаджала прызнанню. Тая зразумела i зноў знiкла на кухнi.

- Жэрмена сядзела на тым самым месцы, дзе i вы, калi прыходзiлi да мяне. Мне было няёмка. Я не хадзiў абедаць, за цэлы дзень нi разу не заглянуў дадому, таму кожную хвiлiну чакаў з'яўлення жонкi.

- I яна прыйшла?

- Прыйшла.

- I яны пачалi выясняць адносiны?

- Якраз у перапынку памiж выступленнямi. Я сядзеў за сталом. Жонка наляцела на Жэрмену, сарвала ў яе з галавы капялюшык i - у залобiцу.

- Iх папрасiлi за дзверы?

- Абедзвюх. Я вярнуўся на эстраду. Самi разумееце, трэба было iграць, каб неяк згладзiць скандал. Але сварка працягвалася i на вулiцы. Да мяне потым падышоў гаспадар i папрасiў далучыцца, як ён сказаў, да свайго гарэма.

- Яны чакалi вас?

- Толькi жонка. Яна адвяла мяне дадому i замкнула туфлi, каб я не змог нiкуды пайсцi. Але гадзiну назад я ўсё-такi вырваўся, пазычыў туфлi ў канс'ержкi. Жэрмены ў гатэлi няма. Знiкла разам са сваiмi рэчамi. Што ж мы цяпер будзем рабiць? - закончыў ён.

Раздзел VIII

АДЗIН МАЎЧЫЦЬ, ДРУГI ЗАШМАТ ГАВОРЫЦЬ

- Зрабi мне хоць гэтую ласку, апранi цёплы плашч, - папрасiла мадам Мэгрэ.

Тады ў яго было два плашчы: адзiн цёплы - чорны, з аксамiтавым каўняром, якi ён насiў ужо тры гады, i другi прарызiнены, кароценькi, якi ён прыдбаў нядаўна i якога яму хацелася даўно, яшчэ з пары яго хлапецтва.

Мэгрэ ж напэўна не здалося, што, калi яны выходзiлi з кватэры, жонка шапнула Мiнару: "Галоўнае, не пакiдайце яго аднаго!".

Хоць яна, можа, трошкi i падсмейвалася над флейтыстам, але адчувала да яго шчырую прыязнасць, лiчачы музыку выхаваным, сардэчным, сцiплым. Шэрыя друзлыя хмары паволi зацягвалi неба. Было падобна на тое, што хлыне густы цёплы лiвень - першы за апошнiя два тыднi, - i цяжкi плашч Мэгрэ гэтак набрыняе, што ад яго адразу стане патыхаць вымаклай псiнай.

Свой кацялок ён трымаў у руцэ - це мог надзець яго, таму што галава была па-ранейшаму забiнтавана. Мiнар правёў яго на бульвар Вальтэра да доктара, ад якога Мэгрэ дамогся толькi аднаго: той наклаў больш лёгкую павязку.

- Вам сапраўды пазарэз трэба ў горад? - Доктар працягнуў яму кардонавы карабок з жоўтымi пiлюлямi: - На выпадак, калi закружыцца галава.

- Па колькi штук прымаць?

- Па адной. Чатыры-пяць на сёння. Я ахвотней бачыў бы вас у пасцелi.

Мэгрэ не ведаў, што рабiць з музыкантам, адправiць дадому цяпер, калi ён болей не меў у iм патрэбы, i гэтым засмуцiць яго, - не хацелася.

Пераканаўшы Мiнара, што яму даручаецца вельмi сур'ёзная справа, ён паслаў яго на вулiцу Шапталь.

- Насупраць вядомага вам дома, трошкi ўбаку, маецца невялiкая рэстарацыя "Стары Кальвадос". Мне б хацелася, каб вы адтуль паназiралi, што адбываецца ў Жандро.

- А калi вам стане кепска?

- Я буду не адзiн.

Мiнар развiтаўся з iм толькi ля дзвярэй турмы на Набярэжнай Арлёж. У той момант Мэгрэ яшчэ поўнiўся верай у сябе. Нават пах змрочнага пад'езда ён удыхаў з задавальненнем. Усё тут было бруднае, агiднае. Менавiта сюды штоночы палiцэйскiя зводзiлi ўсё, што выклiкала iх падазрэнне пры дзяжурствах на вулiцы, увесь зброд, падабраны "чорным воранам" у час аблаў.

Ён увайшоў у каравульнае памяшканне, якое патыхала казармай, запытаўся, цi можа прыняць яго камiсар. Яму здалося, што глядзелi на яго з нейкай дзiўнай цiкаўнасцю. Але ён не надаў гэтаму ўвагi. Вiдаць, падумаў ён, сакратара з квартальнага камiсарыята лiчаць тут асобай даволi пасрэднай.

- Пасядзiце.

Палiцэйскiх было трое, адзiн пiсаў, двое сядзелi без справы. Кабiнет камiсара знаходзiўся побач, але нiхто i не падумаў пайсцi папярэдзiць яго, нiхто не звяртаў анiякай увагi на Мэгрэ; з iм паводзiлiся так, нiбыта ён не меў да гэтай установы нiякага дачынення. Становiшча было настолькi няёмкае, што ён не пасмеў нават набiць сваю люльку.

Праз чвэрць гадзiны ён асмелiўся запытацца:

- А што, камiсара няма?

- Заняты.

- Дзе знаходзяцца людзi, якiх забралi сёння ноччу?

Праходзячы па калiдоры, ён нiкога не пабачыў у прасторнай зале, дзе звычайна выгружаюць вылаўленую "дзiчыну".

- Наверсе.

Ён не адважыўся папрасiць дазволу схадзiць туды. Наверсе - азначала пакой, дзе праводзiлася антрапаметрыя. Усiх затрыманых выстройвалi ў рад, як у школе. Iм загадвалi распрануцца i стаць у ланцуг адзiн за адным. Iх аглядвалi, занатоўвалi самыя нязначныя характэрныя прыкметы, пасля чаго, дазволiўшы апрануцца, з iх знiмалi меркi, фатаграфавалi, бралi адбiткi пальцаў.

Цi Дэдэ ўсё яшчэ фанабэрыцца, стоячы ў ланцугу разам з жабракамi i бадзягамi?

Пазней, калi Мэгрэ стане працаваць у групе шэфа, ён набудзе права хадзiць усюды, куды трэба, па ўсёй гэтай установе.

Што да жанчын, то iхнi агляд рабiў медык у другiм пакоi, i хворыя адсылалiся ў Сэн-Лазараўскую бальнiцу.

- Вы ўпэўнены, што камiсар усё яшчэ заняты?

Ён чакаў ужо болей паўгадзiны. Яму падалося, што ўсе трое весела пераглянулiся.

- Трэба пачакаць яго званка.

- Але ён не ведае, што я тут. А ў мяне важная справа. Трэба папярэдзiць яго.

- Вы, здаецца, з квартала Сэн-Жорж?

I адзiн з палiцэйскiх, той, што пiсаў, кiнуў позiрк на нейкую паперку, што ляжала на яго стале.

- Жуль Мэгрэ?

- Ён самы.

- Прыйдзецца пачакаць, старына. Нiчога не магу парадзiць.

З суседняга пакоя, дзе мусiў быць камiсар, не даносiлася нi гуку. I толькi яшчэ праз гадзiну, калi Мэгрэ ўжо знемагаў ад нецярпення, з'явiўся камiсар, але не з кабiнета, а з вулiцы.

- Вы сакратар Лё Брэ?

Нарэшце дайшла чарга i да яго! А то сядзi тут на краёчку лаўкi, як проська...

- Вы, здаецца, паранены?

- Дробязi. Я хацеў бы...

- Ведаю. Вам трэба дапытаць аднаго чалавека, так званага Дэдэ. Я думаю, ён унiзе. Будзьце ласкавы, Жэрар, паглядзiце. Калi ён там, прывядзiце яго да мяне ў кабiнет.

I да Мэгрэ:

- Заходзьце, калi ласка. Мой кабiнет - у вашым распараджэннi.

- Мне трэба дапытаць яшчэ i адну жанчыну.

- Дык у чым справа?! Скажыце брыгаднаму.

Хiба ва ўсiм гэтым мелася што ненатуральнае? Мэгрэ ўяўляў сабе трошкi iначай развiццё падзей, але пакуль што ён не трывожыўся. Проста ён не ведаў яшчэ тутэйшых парадкаў, i таму ўсё гэта рабiла на яго такое ўражанне.

Палiцэйскi прывёў Дэдэ i таксама, як i камiсар, выйшаў i зачынiў за сабою дзверы.

- Як справы, Жуль?

Уладальнiк гаража з вулiцы Акацый быў у тым жа клятчастым гарнiтуры. У яго толькi забралi, згодна правiлам, гальштук i шнуркi ад чаравiкаў, што надавала яму трошкi неахайны выгляд. Мэгрэ нерашуча сеў за стол камiсара.

- Я рады, што вас не дужа пакалечылi, - сказаў Дэдэ. -Можаце запытацца ў гэтых ажанаў: першае, што я спытаў, калi прыбыў сюды, што з вамi.

- Вы ведалi, хто я, так?

- Яшчэ б, не ведаў - чорт пабяры!

- I я таксама ведаў, што вы ведаеце, - кiўнуў Мэгрэ.

- I вы што ж, не разумелi, што вам морду наб'юць? А калi б з вамi расправiлiся па-сапраўднаму?

- Сядай.

- Добра. Мне падабаецца, што вы са мной на "ты".

Мэгрэ ведаў, што тут прыняты менавiта гэткiя паводзiны з арыштантамi, але яшчэ не прывык да гэтага.

- Мне вядома i шмат што iншае, i, я думаю, мы здолеем паразумецца.

- Сумняваюся, - адказаў Дэдэ.

- Граф мёртвы.

- Вы так думаеце?

- Ноччу з 15 на 16 красавiка ты прывёз графа ў сваiм "дыён-бутоне" на вулiцу Шапталь i чакаў яго там, не выключаючы матора.

- Не прыпамiнаю.

- Потым у адным з пакояў расчынiлася акно, жанчына закрычала, i раздаўся стрэл. Тады ты ўцёк на вулiцу Фантэн. Аб'ехаў вакол квартала. Прыпынiўся на вулiцы Вiктор-Масэ, затым яшчэ раз праехаў па вулiцы Шапталь, каб паглядзець, цi не выйшаў Боб.

Дэдэ глядзеў на яго i спакойна ўсмiхаўся.

- Прадаўжайце, - сказаў ён. - У вас не знойдзецца цыгарэты? Гэтыя свiннi падчысцiлi ўсё, што было ў маiх кiшэнях.

- Я куру толькi люльку. Табе было вядома, навошта граф заявiўся ў той дом.

- Працягвайце, працягвайце.

- Ты зразумеў, што там адбылося нешта паганае. Назаўтра ты нiчога не знайшоў у газетах. Граф не вяртаўся. На наступны дзень зноў нiчога.

- Вельмi цiкава.

- Ты зноў наведаўся на вулiцу Шапталь - нiчога новага. Потым, здагадваючыся, што здарылася, ты адправiўся да Рышара Жандро. Не дадому, канешне, а ў офiс.

- I што ж я сказаў гэтаму субчыку?

- Што за пэўную суму, ну, тысяч так за пяцьдзесят, ты згодны маўчаць. Бо, ведаючы, што Боб меўся рабiць на вулiцы Шапталь, ты ведаеш, чаму яго забiлi.

- Гэта ўсё?

- Усё.

- Што вы мне прапануеце?

- Нiчога. Гаварыць.

- Што б вы хацелi, каб я сказаў?

- Граф ведаў Жандро. Ён неаднойчы наведваўся ў госцi да дзяўчыны. Ён быў яе палюбоўнiкам?

- Вы калi-небудзь бачылi яго?

- Не.

- Калi б вы бачылi яго, вы не задалi б мне гэтага пытання. Гэта не той хлопец, што ўпусцiць сваё.

- Яны хацелi пажанiцца, праўда?

- А ведаеце, вы мне падабаецеся. Гэта ж самае я казаў i Люсiль: шкада, што ён палiцэйскi! I як толькi вам узбрыло ў галаву - стаць шпегам? Гэта пры вашай паставе i магчымасцях?

- Табе больш даспадобы турма?

- Чаму?

- Калi ты скажаш, то, магчыма, табе даруюць шантаж Рышара Жандро.

- Вы думаеце, ён паскардзiцца?

- Даруюць i спробу забойства, ахвярай якога я аказаўся.

- Паслухай, Жуль. Шанцы ў нас с табой няроўныя. Не распiнайся дарэмна, мяне проста верне ад усяго гэтага. Ты слаўны хлопец. Магчыма, калi-небудзь мы сустрэнемся i раздавiм разам пляшачку. Але тут - мы не на роўных. Ты проста харыст. Цябе абвядуць вакол пальца - i вокам не мiргнуць.

- Хто?

- Няважна! Я хачу толькi вось што сказаць табе: Боб быў хлопец што трэба. Ён меў уласныя думкi наконт таго, як паводзiць сябе ў жыццi. Ён не мог без агiды глядзець на пэўныя мурлы. Але ён быў няздатны на подласць. Ушалопай гэта сваёй мазгаўнёй.

- Ён мёртвы.

- Магчыма. Я нiчога не ведаю. А калi i ведаю нешта, то да гэтага нiкому няма справы. I па-таварыску раю табе: "Кiнь!" Разумееш? Кiнь, Жуль. Мне няма чаго сказаць. Я нiчога не скажу. Такiя фокусы табе не пад сiлу. Дапусцiм, што гэта вышэй нашага разумення - i твайго, i майго. Я нiчога не ведаю, нiчога не бачыў, нiчога не чуў. Пяцьдзесят тысяч франкаў? Я паўтару гэта столькi разоў, колькi спатрэбiцца: я выйграў iх на скачках. Што да таго, як мне выбрацца адгэтуль, то - сляпы сказаў - пабачым! - Ён неяк шматзначна пасмiхнуўся, кажучы гэта. - Цяпер, калi можаш, зрабi такую ласку, не дужа прыставай да небаракi Люсiль. Яна сапраўды кахала свайго Боба. Ты можаш зразумець гэта? Можна быць шлюшкай i па-сапраўднаму кахаць. Не муч яе, магчыма, калi-небудзь я аддзячу табе за гэта. Усё.

Ён устаў i рушыў да дзвярэй.

- Дэдэ! - аклiкнуў яго Мэгрэ, таксама ўстаючы.

- Баста! Я набiраю ў рот вады. Ты не пачуеш ад мяне болей нi слова.

I Дэдэ расчынiў дзверы, паклiкаў палiцэйскiх.

- Мы скончылi, - сказаў ён са з'едлiвай усмешкай.

- Прывесцi жанчыну? - запытаў у Мэгрэ брыгадны.

Люсiль адмовiлася сесцi, стала ля стала.

- Вы ведаеце, пры якiх абставiнах памёр Боб?

Яна ўздыхнула.

- Я нiчога не ведаю.

- Яго забiлi ў адным доме на вулiцы Шапталь.

- Вы думаеце?

- Ён быў палюбоўнiкам адной дзяўчыны.

- Я не раўнiвая.

- Чаму вы не хочаце гаварыць?

- Таму, што мне няма чаго сказаць.

- Калi б вы ведалi, што Боб жывы, вы не паехалi б у Бельгiю?

Яна маўчала.

- Чаму вы не хочаце адпомсцiць за Боба?

Яна закусiла вусны i адвярнулася.

- Некалькi банкнотаў даражэй вам за яго забойцу?

- Вы не маеце права казаць так.

- Тады кажыце вы.

- Я нiчога не ведаю.

- А калi я дапамагу вам?

- Я нiчога не скажу.

- Хто бачыўся з вамi, пасля таго як вы апынулiся тут?

Ён нарэшце ўсё зразумеў. Яго змусiлi чакаць зусiм не таму, што камiсар быў заняты. Аддзелы Вышукной палiцыi, якiя займалiся апазнаннем асоб злачынцаў i iх ахвяр, - тыя, "наверсе", - былi звязаны з Набярэжнай Арфеўр.

Цi прайшоў Дэдэ праз антрапаметрыю? Цi перанесла Люсiль медыцынскi агляд? Мала верагодна.

Амаль неабвержна было другое: што нехта ўжо дапытваў iх, нехта з Вышукной.

Калi Мэгрэ прыйшоў сюды, прайшло не меней гадзiны, як Лё Брэ пакiнуў бульвар Рышар-Ленуар.

Цяжка было даць веры, аднак хiба цi i не сам Дэдэ намякнуў Мэгрэ, што яго проста абдурылi?

Ён выйшаў з кабiнета, i яму здалося, што ён заспеў усмешкi на тварах палiцэйскiх. Нiбыта выпадкова, якраз у гэты самы момант вярнуўся камiсар.

- Ну як, дружа? Можна павiншаваць з поспехам? Яны загаварылi?

- Што вы мяркуеце рабiць з iмi?

- Яшчэ не ведаю. Чакаю распараджэнняў.

- Ад каго?

- Ад начальства, як звычайна.

- Дзякуй вам.

Калi ён апынуўся на Набярэжнай, хлынуў лiвень. Мэгрэ раптова ахапiў такi адчай, што ён гатовы быў занесцi камiсару заяву аб звальненнi.

"Ты толькi харыст", - сказаў яму ўладальнiк гаража з адценнем шкадавання.

Ён, каму так хацелася быць прыналежным да гэтага дома, адкуль ён выйшаў з апушчанай галавой i з камяком у горле!

Ён зайшоў у пiўную "Дафiн", дзе заўсёды можна было сустрэць аднаго-двух iнспектароў з Набярэжнай Арфеўр, якiя заходзiлi сюды на куфаль пiва. Ён ведаў iх у твар, але сам быў для iх нечым не вартым увагi.

Спачатку ён прыняў пiлюлю, якую даў яму доктар, у надзеi, што яна падбадзёрыць яго. Затым выпiў вялiкую чарку гарэлкi.

Вось яны. Нядбайна развалiўшыся ў крэслах, сядзяць за сталом i абменьваюцца навiнамi, такiя задаволеныя сабой! Яшчэ б! Яны маюць доступ усюды, куды спатрэбiцца, яны ў курсе ўсяго на свеце!

Цi Мэгрэ ўсё яшчэ хацелася быць адным з iх? Цi не быў ён на шляху да адкрыцця, што погляд, якi склаўся асабiста ў яго пра палiцыю, быў памылковы?

Пасля другой чаркi ён быў гатовы адправiцца да свайго высокага начальнiка i заступнiка Ксаўе Гiшара i выказаць яму ўсё, што на душы набалела.

Яго пакiнулi ў дурнях. Лё Брэ выведаў у яго ўсе звесткi. Ля дзвярэй яго чакаў экiпаж. Безумоўна, ён адразу ж адправiўся на Набярэжную Арфеўр, а Мэгрэ прымусiлi чакаць.

"Мой сакратар проста звар'яцеў. Ён можа натварыць бог ведае што i давесцi справу да скандалу".

Хто ведае, цi не звярнуўся ён вышэй, да прэфекта, напрыклад, або да самога мiнiстра ўнутраных спраў?

А можа - чаму б не? - мiнiстр унутраных спраў таксама сутрапезнiк тых буржуа з вулiцы Шапталь?

Цяпер Мэгрэ быў перакананы: справу аддалi яму - ды яшчэ з гэткiмi папярэджаннямi аб асцярожнасцi! - толькi для таго, каб ён скруцiў сабе шыю.

"Вы хочаце дапытаць Дэдэ? Чаму б не? Калi ласка, дружа!"

Толькi спачатку яны самi як след пагавораць з уладальнiкам гаража. Бог ведае што было паабяцана Дэдэ за тое, каб ён маўчаў. Купiць яго маўчанне было лёгка: арыштоўваўся ён не ўпершыню. Што да Люсiль, то, калi яна не будзе маўчаць, яе ў любы момант маглi на адпаведны час запраторыць у Сэн-Лазараўскi вендыспансер.

"Ты толькi харыст".

Ён ухмыльнуўся, таму што некалi сапраўды быў харыстам, калi жыў у вёсцы.

Яны ўтапталi ў гразь яго веру, апаганiлi яго палiцыю. Ён не меў злосцi на тое, што яны ўкралi ў яго поспех. Пачуццё яго куды глыбей, яно хутчэй нагадвала расчараванне ў любвi.

- Гарсон!

Ён хацеў заказаць трэцюю чарку, але перадумаў, расплацiўся i выйшаў з уражаннем, што тыя чацвёра з-за свайго стала правялi яго iранiчнымi позiркамi.ь

Ён разумеў, што цяпер увесь час будзе натыкацца на падтасоўку. Што яму заставалася? Далучыцца да флейтыста. Таму што адзiным козырам, якiм ён валодаў у сваёй гульнi, быў флейтыст! Менавiта пра Жустэна Мiнара Лё Брэ распарадзiўся ў першы ж дзень сабраць звесткi.

Хай сабе ён, Мэгрэ, злуе, а калi што якое, то можна будзе сцвердзiць, што ад удару па галаве ў яго, беднага, цяпер проста не ўсе дома.

Ён ускочыў у папутны аўтобус i застаўся стаяць на пляцоўцы, насуплена ўдыхаючы пах мокрага сабакi, якi зыходзiў ад плашча. Яму стала душна. А можа, ён трошкi тэмпературыў?

Дабраўшыся да вулiцы Шапталь, ён ледзьве не павярнуў назад, прыгадаўшы Памэля, гаспадара "Старога Кальвадоса", якi таксама глядзеў на яго з паблажлiвасцю.

Хто ведае, можа, усе яны маюць рацыю? У рэшце рэшт, можа, ён проста перабольшыў свае магчымасцi, можа, ён абсалютна няздатны да прафесii палiцэйскага?

Аднак як слаўна адчуваў бы ён сябе, калi б яму развязалi рукi i ён давёў справу да канца! У гэтым доме, за якiм Мэгрэ назiраў з вулiцы, не засталося б нiводнага невядомага яму куточка, нiводнага невядомага яму насельнiка - i ўсё стала б яму ясна, ён раскусiў бы iх усiх, ад нябожчыка старога Бальтазара да Лiзы Жандро i Луi.

Тое, што адбылося ў ноч з 15 на 16, якраз не самае iстотнае, бо гэта ўсяго толькi завяршальны этап. Калi б ён выведаў думкi кожнага, яму было б няцяжка выявiць праўду, тое, што прывяло да развязкi.

Але гэты дом, як i дом на авеню дзю Буа, - крэпасць з замкнёнымi для яго дзвярыма. Па самай нязначнай трывозе да яе адсюль спяшалiся на помач. Дэдэ неспадзявана набiраў у рот вады, а Люсiль пакутлiва працiвiлася жаданню адпомсцiць за свайго Боба.

Ён злавiў сябе на тым, што на хаду размаўляў сам з сабою, пацепаўся плячыма i рэзка штурхнуў дзверы ў рэстаранчык.

Жустэн стаяў ля стойкi з чаркай у руцэ. Ён нiбыта падмянiў Мэгрэ пры сустрэчы з Памэлем. Апошнi не выказаў анiякага здзiўлення, убачыўшы новага клiента.

- I мне гэтага ж, - загадаў Мэгрэ.

Дзверы былi расчынены насцеж. Лiвень сцiхаў, праз рэдкую дажджавую сетку ззяла сонца. Маставая блiшчала, адчувалася, што яна хутка прасохне.

- Я так i думаў, што вы яшчэ завiтаеце сюды, - сказаў гаспадар. - Мяне толькi дзiвiць, што вы не разам з тымi ветрагонамi.

Мэгрэ рэзка павярнуўся да Жустэна Мiнара, якi не рашуча памуляўся, але ж усё прамовiў:

- У доме людна. Наехалi з паўгадзiны таму.

Машын на вулiцы не было. Значыць, госцi прыбылi на рамiзнiках.

- Хто?

- Не ведаю, але, па-мойму, судзейскiя. Там i нейкi белабароды месье, i малады службовец. Можа, пракурор з сакратаром?

Сутаргава сцiскаючы чарку, Мэгрэ запытаў:

- Яшчэ хто?

- Бог iх ведае. Мне не даводзiлася сустракацца з гэтымi людзьмi.

Жустэн з далiкатнасцю казаў не тое, што думаў.

- Калегi вашы, - буркнуў Памэль. - Не з камiсарыята. З Набярэжнай. Я пазнаў аднаго.

Бедны Мiнар! Ён не ведаў, куды падзець вочы. Выходзiла так, нiбыта Мiнар i яго падвёў пад дурнога хату. Мiнар быў перакананы, што менавiта Мэгрэ вядзе следства - флейтыст са шчырай душой памагаў яму.

I вось, аказваецца, Мэгрэ нiчога не варты, яго нават не папярэдзiлi, што збiраюцца рабiць.

Яшчэ раз ён ледзь стрымаўся, каб не вярнуцца дадому, у ярасцi скласцi заяву аб адстаўцы i легчы ў пасцель. Галава яго гарэла, ажно расколвалася ад шчымлiвага, таргатлiвага болю. Гаспадар трымаў пляшку кальвадосу. Мэгрэ кiўнуў галавой, каб налiваў.

Напляваць! Яго абышлi па ўсiх швах. Яны маюць рацыю. Ён усяго толькi харыст!

- Жэрмена таксама там, - прамармытаў Мiнар. - Я заўважыў яе ў акне.

Чорт бы iх забраў! I яна таксама. Ну што ж, усё натуральна. Яна, магчыма, не дужа вялiкага розуму, затое, як усе жанчыны, мае нюх. Скемiла, што стала не на тым баку, на якiм трэба, што Мэгрэ са сваiм флейтыстам усяго толькi пешкi ў чужой гульнi.

- Я пайду туды! - вырашыў ён раптам i паставiў чарку на стойку.

Ён так баяўся перадумаць, што ледзь не подбегам перасек вулiцу. Апынуўшыся ля брамы, убачыў двух мужчын, якiя капалi зямлю ў садзе. Злева, ля дзвярэй, што вялi ў хол, стаяў дзяжурны iнспектар.

- Я супрацоўнiк квартальнага камiсарыята, - прадставiўся Мэгрэ.

- Трэба пачакаць.

- Чаго?

- Пакуль там яны закончаць.

- Але ж я вёў расследаванне!

- Магчыма. Аднак так мне загадалi, старына.

Яшчэ адзiн з Набярэжнай Арфеўр!

"Калi мне самому калi-небудзь давядзецца служыць у Вышукной, - падумаў Мэгрэ, забываючыся пра свой цвёрды намер пакiнуць палiцыю, - клянуся, што нiколi не буду выказваць пагарды да небаракаў з камiсарыята!"

- I пракурор тут?

- Усе тут.

- Мой камiсар таксама?

- Я не ведаю яго. Як ён выглядае?

- У шэрым гарнiтуры. Высокi, хударлявы, з тонкiмi светлымi вусiкамi.

- Не бачыў.

- Хто прыехаў з Набярэжнай?

- Камiсар Барадэ.

Мусiць, той Барадэ, пра якога найчасцей пiсалi ў газетах. Гэты чалавек са старанна паголеным тварам швейцара, з маленькiмi дапытлiвымi вочкамi, якiя вечна глядзелi некуды ўбок, у вачах Мэгрэ быў, бадай, самай значнай асобай у свеце.

- Што шукаюць у садзе?

- Труп.

Палiцэйскi не дужа ахвотна адказваў на пытаннi, рабiў гэта толькi як бы з паблажлiвасцi.

- Рышар Жандро дома?

- Якi ён?

- Смуглявы, з доўгiм крывым носам.

- Ёсць такi.

Значыць, Жандро альбо не пайшоў, як звычайна, у свой офiс, альбо паспешлiва вярнуўся адтуль.

У гэты момант ля дома спынiўся фiякр. З яго выскачыла дзяўчына, таропка рушыла да дзвярэй, ля якiх перагаворвалiся Мэгрэ i iнспектар.

- Мадэмуазель Жандро, - холадна, ледзь разнiмаючы вусны, прадставiлася яна.

Iнспектар услужлiва расчынiў перад ёю дзверы.

- Так загадана, - даверлiва прызнаўся ён Мэгрэ.

- Яе чакалi?

- Мяне проста папярэдзiлi, каб я прапусцiў яе.

- Вы бачылi дварэцкага?

- Менавiта яго якраз i дапытваюць зараз. Вы ў курсе справы?

- Збольшага, - адказаў Мэгрэ.

- Як вiдно, мярзотны тыпус.

- Хто?

- Ды той, каго прыкончыў слуга.

Мэгрэ ўтаропiўся на свайго субяседнiка, разявiўшы рот ад здзiўлення.

- Вы ўпэўнены?

- У чым?

- Што Луi...

- Ведаеце, я нават не знаю, хто такi Луi. Я чуў толькi абрыўкi размовы. Адзiнае, што я ведаю, - не дапускаць тут людской зборнi.

Адзiн з далакопаў, якi, вiдаць, таксама быў з палiцыi, падышоў да параднага; той, хто застаўся ў садзе, быў, мусiць, камердынер. У першага рукi былi запэцканы, на чаравiкi таксама налiплi камякi зямлi, твар выказваў грэблiвасць i агiду.

- Лепш бы не бачыць! - на хаду прагаварыў ён.

Яму адчынiлi дзверы, i ён знiк у доме. За той мiг, пакуль дзверы былi прыадчынены, Мэгрэ паспеў заўважыць Элiз Жандро i яе брата, якiя стаялi ў холе i размаўлялi. Астатнiя, з пракуратуры, вiдаць, знаходзiлiся ў адным з салонаў. Дзверы туды былi зачынены.

- У вас тут прызначана спатканне, цi што? - запытаўся палiцэйскi ў Мэгрэ, якi ад нецярплiвасцi не мог стаяць на месцы.

- I сам не ведаю.

У яго нават выступiлi слёзы на вачах. Яшчэ нiколi не апынаўся ён у гэткiм прынiжэннi.

- Па-мойму, яны больш за ўсё баяцца журналiстаў. З-за гэтага i перасцярог столькi. Самае смешнае, што ўсе мы п'ем каву "Бальтазар". Вось ужо не думаў, што аднойчы...

З дому, вiдаць, часта некуды званiлi - да iх раз-пораз даносiлiся тэлефонныя званкi, адбоi.

- Калi вас паслаў ваш камiсар, то я магу пайсцi сказаць iм, што вы чакаеце.

- Не варта турбавацца.

Iнспектар пацiснуў плячыма. I зусiм збiўся з тропу, калi пабачыў, што Мэгрэ глытае пiлюлю.

- Вам нядобра?

- Вы не ведаеце, як усё гэта пачалося?

- Што пачалося?

- Вы былi сёння на Набярэжнай Арфеўр?

- Быў. Якраз збiраўся на аблаву ў квартале Лявiет. Камiсар Барадэ дапытваў аднаго тыпа.

- Невысокi, у клятчастым гарнiтуры?

- Так. Арол-хлопец.

- Барадэ званiў камiсару?

- Не. Яго выклiкаў да сябе галоўны. На той час мне нават прыйшлося пасцерагчы хлопца. Блазен. Папрасiў цыгарэту, а ў мяне якраз не было.

- А потым?

- Калi месье Барадэ вярнуўся, то на хвiлю яшчэ раз зачынiўся з тым субчыкам у клятчастым гарнiтуры, а нам загадаў быць напагатове.

- Каму?

- Ну, з опергрупы. Нас было трое, апрача камiсара. Двое iншых зараз у доме. Гэты, што капаў, - Барор, месяц назад быў паранены пры арышце аднаго паляка з вулiцы Каленкур.

Кожнае вымаўленае iнспектарам слова ўваскрашала ва ўяўленнi Мэгрэ пакой iнспектароў на Набярэжнай Арфеўр, прыязную ўладнасць Барадэ, якi ўсiх сваiх падначаленых называў "хлопчыкамi".

Чаму яны гэтак абышлiся з iм? Хiба ён дапусцiў якi промах? Хiба ён сам не справiўся б тут? Хiба сам ён не быў гранiчна шчыры?

Камiсар Лё Брэ, развiтаўшыся з iм на бульвары Рышар-Ленуар, пакiнуў яго ва ўпэўненасцi, што яму прадстаўлена поўная свабода дзеяння. А сам кiнуўся на Набярэжную Арфеўр! А пасля, мажлiва, явiўся яшчэ i сюды?

- Адным словам, абвiнавачваецца дварэцкi?

- Калi я правiльна зразумеў. Ва ўсякiм выпадку, мурло ў яго гнюснае.

- Анiчога ўжо не разумею.

- Вы яшчэ намагаецеся нешта зразумець?

Гэта быў, бадай, першы сапраўдны ўрок сцiпласцi, пададзены Мэгрэ. Iнспектар быў шмат старэй за яго. Яму, вiдаць, перавалiла за трыццаць. Ён валодаў тым спакоем, той абыякавасцю, што ўласцiва людзям, якiя шмат пабачылi на сваiм вяку. Ён нетаропка папыхваў люлькай, нават не спрабуючы падслухаць, што адбывалася ў доме.

Ва ўсякiм выпадку, гэта куды лепш, чым аблава на ўчастку Лявiет. Бог ведае, колькi часу яна забрала б...

Ля тратуара спынiўся аўтамабiль. З яго лёгка выскачыў малады доктар з цёмнай бародкай i з баульчыкам ў руцэ, i Мэгрэ адразу пазнаў яго, прыгадаўшы здымкi, якiя часта з'яўлялiся ў газетах. Гэта быў доктар Поль, судова-медыцынскi эксперт, амаль славутасць.

- Дзе нашы следчыя?

- Тут, доктар. А труп у садзе. Але вы, мусiць, хацелi б спачатку пабачыцца з пракурорам?

Усе мелi доступ у святая святых, за выключэннем аднаго Мэгрэ, прыгаворанага скрыгатаць зубамi ў парадным.

- Вось пабачыце, - не сунiмаўся яго субяседнiк, - уся гэта гiсторыя не зойме ў газетах i трох радкоў.

- Чаму?

- Таму!

I сапраўды, вечарам у газеце "Ля Прэс" можна было прачытаць наступнае:

"Ноччу з 15 на 16 гэтага месяца ў асабняк сям'i Жандро-Бальтазараў на вулiцы Шапталь уварваўся грабежнiк. Дварэцкi Луi Вiё, пяцiдзесяцi шасцi год, уражэнец Ансеваля, Ньеўр, забiў яго напавал стрэлам з рэвальвера, трапiўшы проста ў сэрца".

Мэгрэ ў гэты час ляжаў у пасцелi з трыццацiдзевяцiградуснай гарачкай, а мадам Мэгрэ не ведала, як збавiцца ад флейтыста, якi не хацеў iсцi дадому i, як нiколi, меў выгляд прыблуднага цюцькi.

Раздзел IX

СНЕДАННЕ ЗА ГОРАДАМ

Так працягвалася тры днi. Спачатку ён меў надзею, што сапраўды захварэе i што гэта падзейнiчае на iх сумленне. Аднак, калi на чацвёртыя суткi ён ураннi асцярожна расплюшчыў вочы, то выявiў у сябе ўсяго толькi моцны насмарк.

I тады ён пайшоў на хiтрасць. Нават перад жонкай было смешна валяцца з насмаркам, i ён застагнаў, закашляў, стаў скардзiцца на боль у грудзях.

- Давай пастаўлю гарчычнiкi. Каб хоць бранхiт не прычапiўся.

Бадзёрасць нiколi не пакiдала яе. Яна з пяшчотай даглядала яго. Можна сказаць, проста песцiла. I ўсё ж, ён адчуваў, што яе не ашукаеш.

- Заходзьце, месье Мiнар, - данёсся да яго яе голас з прыхожай. - Не, яму ўжо не кепска. Толькi прашу вас не дужа стамляць яго.

Гэта азначала, што яна таксама ўступала ў гульню.

- Якая тэмпература? - занепакоена запытаўся флейтыст.

- Не дужа пагрозлiвая.

Ёй страшэнна падабалася гатаваць усялякае зелле, прыпаркi, булёны i гогалi-могалi. Падабалася старанна зашторваць вокны i хадзiць на пальчыках, час ад часу прыадчынiць дзверы i правяраць, цi спiць ён.

Бедны Мiнар, тут было не да яго! Мэгрэ нават дакараў сябе за гэта. Ён вельмi палюбiў яго. I быў бы рады зрабiць яму прыемнасць.

Жустэн з'яўляўся шторанiцы, гадзiн ў дзевяць-дзесяць; ён не званiў, а сцiпла шкрабаўся ў дзверы, каб часам не патрывожыць Мэгрэ, калi той раптам яшчэ спiць. Потым шэптам пытаўся пра яго самаадчуванне цi хутка прашмыгваў у пакой, падыходзiў да ложка.

- Не, не, не падымайцеся! Я толькi праведаць прыйшоў. У вас няма для мяне нiякiх паручэнняў? Для мяне было б вялiкiм шчасцем...

Гаворка была ўжо не пра тое, каб высочваць злачынцаў. Ён гатовы быў да любой паслугi. Ён прапаноўваў сваю дапамогу i мадам Мэгрэ:

- Дазвольце мне схадзiць вам за пакупкамi. Я выдатна спраўлюся, вось пабачыце!

У рэшце рэшт, ён "усяго на адну хвiлiнку" прысаджваўся ля акна - i заставаўся на гадзiны. Калi ў яго пыталiся, як маецца яго жонка, ён жвава адказваў:

- Якое гэта мае значэнне!

Надвячоркам, перад работай, ён прыходзiў зноў, ужо ў фраку, таму што ён iграў цяпер на балях дзесьцi на бульвары Сэн-Мiшэль. Iграў ён ужо не на кантрабасе, а на карнет-а-пiстоне, што, мусiць, было цяжкавата для яго, бо вакол рота ў яго доўга трымаўся ружовы след.

Лё Брэ таксама шторанiцы прысылаў з камiсарыята дзяжурнага праведаць Мэгрэ. Гэтая акалiчнасць прывяла канс'ержку ў вялiкае расчараванне. Яна, канешне, ведала, што яе кватарант службовец, але яна нiколi не падумала б, што ён служыць у палiцыi.

- Камiсар загадаў перадаць, каб вы папраўлялiся i не хвалявалiся. Усё будзе добра.

Мэгрэ з галавой зарываўся ў падушку. Гэта дапамагала мысленна засяродзiцца. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта ўвойдзе ў прывычку, што ён даволi часта будзе карыстацца ёй ў хвiлiны адчаю цi скрутнага становiшча.

Усё пачыналася, як па камандзе. Замест таго каб думкi ўдакладнялiся, святлелi, яны блыталiся, як у гарачцы. Ён паступова правальваўся ў напаўзабыццё, i ява мянялася, набывала новыя формы, пераблытвалася з успамiнамi дзяцiнства. Усё спрыяла гэтаму: i асвятленне ў пакоi, i кветкi на шпалерах, нават пахi з кухнi i мяккiя, кацiныя крокi мадам Мэгрэ...

Ён узнаўляў усе падзеi з самага пачатку, расстаўляў усiх удзельнiкаў, як шахматныя фiгуркi на дошцы - стары Бальтазар, Жандро-бацька, Элiз i Рышар, Луi, Жэрмена, маленькая пакаёўка Мары.

Ён ажыўляў iх, прымушаў рухацца. Затым наставала чарга Лё Брэ: ён выходзiў з кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, садзiўся ў свой экiпаж, коратка загадваў фурману: "Набярэжная Арфеўр!"

Цi быў ён на "ты" з вышэйшым начальствам - з Ксаўе Гiшарам? З гэтай хвiлiны ўсё набывала асаблiвую вастрыню. Што казаў Лё Брэ Гiшару там, у прасторным кабiнеце шэфа, куды Мэгрэ заходзiў толькi двойчы i якi быў для яго самым свяшчэнным кутком на зямлi?

"Мой сакратар, - той малады чалавек, якога вы мне рэкамендавалi, займаецца зараз адным расследаваннем. Я не змог зрабiць iнакш i вымушаны быў даверыць справу яму. Цяпер, здаецца, ён наламае нам дроў".

Цi гэтак казаў ён? Зусiм верагодна. Лё Брэ - свецкi чалавек, перш за ўсё. Ён шторанiцы займаецца фехтаваннем у клубе Гоша, бывае на прыёмах, прысутнiчае на ўсiх прэм'ерах i з'яўляецца на скачках у светла-шэрым парадным гарнiтуры.

А Ксаўе Гiшар? Ён быў сябар бацькi Мэгрэ i паходзiў з аднаго з iм асяроддзя. I жыў ён не ў далiне Мансо, а ў цеснай кватэрцы ў Лацiнскiм квартале, праводзячы свой вольны час хутчэй са сваiмi талмудамi, чым з шыкоўнымi дамамi. Не, ён не здольны нi на свiнства, нi на кампрамiс.

Аднак ён выклiкаў да сябе Барадэ. Што ён яму загадаў?

Ну а калi ўсё было менавiта так - хiба гэта сведчыць пра тое, што Мэгрэ дапусцiў нейкую памылку? Ён не давёў да канца сваё расследаванне, хай! Ён не ведае, хто стрэлiў у графа. Як не ведае i таго, чаму стрэлiў. Але ён дазнаўся б!

Ён адчуваў, што i хутка, i добра справiцца са сваiм заданнем. Нездарма ж гэтак перапужаўся камiсар!

Тады - чаму?

Газеты болей не ўсчыналi гаворкi пра здарэнне. Справу замялi. Труп Боба, мабыць, адправiлi ў морг, будуць ускрываць.

Мэгрэ зноў уявiў сябе ў двары дома на вулiцы Шапталь, у баку ад усiх гэтых месье, якiя не звярталi на яго ўвагi. Барадэ, якi не ведаў яго ў твар, мабыць, прыняў яго за каго-небудзь са слуг. Пракурор, суддзя i сакратар суда думалi, што ён з групы Барадэ.

Адзiн Луi кiнуў на яго насмешлiвы позiрк. Безумоўна, ён ад Жэрмены ведаў пра яго дзейнасць.

Усё гэта зневажала, прыводзiла ў роспач. Часам ён з заплюшчанымi вачыма, расслаблены ўтульнасцю пасцелi, маляваў сабе план iдэальна праведзенага расследавання.

"У наступны раз я зраблю вось так i вось гэтак..."

I вось нечакана на чацвёрты дзень яму збрыдла хварэць, i ён яшчэ да прыходу флейтыста падняўся, вымыўся, не шкадуючы вады, старанна пагалiўся, зняў павязку, якая ўсё яшчэ была на галаве.

- Ты на работу?

Ён адчуў патрэбу зноў дыхаць паветрам камiсарыята, сесцi за свой чорны пiсьмовы стол, агледзець вартых жалю клiентаў на лаўцы ля беленай сцяны.

- Што мне сказаць Жустэну?

Цяпер флейтыста яны звалi проста Жустэнам, як сябра сям'i, як далёкага сваяка.

- Калi хоча, то хай падыдзе да мяне ў гадзiну дня, паснедаем разам.

Ён не надзяваў нанач навуснiкi i вымушаны быў падкруцiць кончыкi вусоў гарачымi шчыпчыкамi для завiўкi валасоў. Большую частку дарогi прайшоў пешкам, каб падыхаць свежым паветрам бульвара, i яго зласлiвасць раставала ў ранiшняй веснавой свежасцi. "Навошта здалiся мне гэтыя людцы?"

Навошта яму думаць пра ўсiх гэтых Жандро ў iхняй крэпасцi? Пра старога, характар якога перадаецца ў спадчыну ў яго родзе толькi жанчынам? Пра iх выкрутасы з завяшчаннем? Пра тое, каму дастанецца ў спадчыну "Кава Бальтазара?"

Таму што ён разумеў, што справа не толькi ў грошах. На пэўным узроўнi багацця значэнне набываюць ужо не грошы, а ўлада.

Справа тычылася таго, у чыiх руках апынецца тоўсты жмут акцый, хто стане заправiлам адмiнiстрацыйнага савета. Элiз? Рышар?

Як жа ўелася ўсё гэта ў iх скуру, калi дзяўчына забылася на свае дваццаць адзiн год i снiла толькi пра дырэктарскi кабiнет, як некалi снiла пра яго яе матка!

Стаць галоўным патронам цi галоўнай патранесай!

"Хай сабе грызуцца!"

Чорт iх бяры! Менавiта гэта яны i ўчынiлi. А ў вынiку - забiты чалавек, якога нiхто не аплакаў, за выключэннем, праўда, адной дзеўкi з авеню дэ Ваграм.

Мэгрэ зайшоў у камiсарыят, пацiснуў рукi калегам.

- А Бертран паехаў праведваць вас.

Ён не паказаўся камiсару, адразу моўчкi заняў сваё месца, i толькi а палове адзiнаццатай Лё Брэ прыадчынiў дзверы i заўважыў яго.

- Вы тут, Мэгрэ? Зайдзiце ж да мяне. - Ён стараўся трымацца проста i нязмушана.

- Сядайце. Я вось думаю, цi разумна вы зрабiлi, што так хутка паднялiся з пасцелi? Магу прапанаваць вам водпуск, пакуль зусiм не акрыяеце. Як па-вашаму, не пашкодзiла б адпачыць некалькi дзён у вёсцы?

- Я выдатна адчуваю сябе.

- Тым лепш! Тым лепш! Дарэчы, самi бачыце, уся гэта гiсторыя ўладжана. Мiж iншым, вiншую вас, вы былi недалёка ад iсцiны. Якраз у той дзень, калi я быў у вас, Луi пазванiў у палiцыю.

- Па ўласнай iнiцыятыве?

- Прызнацца, я нiчога толкам не ведаю. Ды яно i не важна. Галоўнае, што ён сам прызнае сваю вiну. Ён, мабыць, пранюхаў пра ваша расследаванне, зразумеў, што вы дакапаецеся да праўды.

Мэгрэ не ўзнiмаў вачэй ад стала, а на яго твары не адбiлася анiякага пачуцця. Камiсар нiякавата прадаўжаў:

- Ён мiнуў нас i звярнуўся проста ў прэфектуру. Вы чыталi газеты?

- Так.

- Канешне, сутнасць трошкi падмалёвана. Данiна неабходнасцi, некалi вы зразумееце гэта. Бываюць выпадкi, калi скандал проста нi да чаго, калi суровая праўда прыносiць болей зла, чым дабра. Зразумейце мяне правiльна. Мы абодва ведаем, што граф прыйшоў туды зусiм не як грабежнiк. Магчыма, яго там чакалi? Элiз Жандро зрабiла нямала паслуг яму. У самым лепшым сэнсе слова.

Не забывайце, што яна нарадзiлася ў замку д'Ансенваль, што iснуюць повязi памiж iх сем'ямi.

Боб быў прапашчы чалавек. Ён з нейкiм шаленствам скочваўся ўсё нiжэй i нiжэй. Чаму б ёй было не паспрабаваць паставiць яго на правiльны шлях?

Гэта думка маёй жонкi, а яна добра ведае характар Элiз.

Але не ў гэтым справа. Цi не быў ён п'яны той ноччу, як гэта часта з iм здаралася? Цi не паводзiў ён сябе абуральна?

Луi даволi скупы на падрабязнасцi. Ён прыбег на крыкi. Калi ўбег у пакой, Боб i Рышар Жандро бiлiся, i яму здалося, што ў руцэ графа блiснуў нож.

- Нож знайшлi? - цiха запытаў Мэгрэ, не ўзнiмаючы вачэй ад стала.

Здавалася, ён упарта разглядвае нейкую плямку на палiраванай настольнiцы.

- Не ведаю. Расследаванне вёў Барадэ. Пацверджана, што на начным столiку ляжаў рэвальвер i што Луi, баючыся за жыццё свайго гаспадара, схапiў рэвальвер i стрэлiў.

Цяпер самi памяркуйце, мой юны сябар, каму быў выгадны скандал? Натоўп не прыняў бы праўды. Мы жывём у такi час, калi пэўныя класы грамадства ўзяты на мушку. На карту быў пастаўлены гонар мадэмуазель Жандро. Таму што менавiта яе гонар аказаўся б на языках.

Як бы там нi было, перад намi тыповы выпадак самаабароны.

- Вы верыце, што стрэлiў дварэцкi?

- У справе маецца яго прызнанне. Паразважайце над гэтым, Мэгрэ. Падумайце, якою была б рэакцыя пэўнай прэсы i якiя былi б вынiкi гэтай справы для дзяўчыны, абвiнавачваць якую нiшто не дае нам права. Нi ў чым, хiба толькi ў пэўнай... гм... экспансiўнасцi.

- Разумею.

- Мадэмуазель Жандро паехала ў Швейцарыю, у яе зусiм развiнчаны нервы, i яна, вiдаць, прабудзе за мяжой некалькi месяцаў. Луi пакуль на волi i, верагодна, адсвяткуе спыненне следства. Яго адзiная вiна ў тым, што, будучы ў замяшаннi, ён, замест таго каб неадкладна прызнацца ва ўсiм, закапаў труп у садзе.

- Ён сам закапаў яго?

- Пастаўце сябе на месца Рышара Жандро. Я бачу, вы ўсё яшчэ нiяк не можаце зразумець, але некалi вам усё стане ясна. Ёсць выпадкi, калi мы не маем права...

Ён замяўся, падбiраючы словы, i тады Мэгрэ падняў галаву i роўна, абыякава, амаль наiўна закончыў:

- ...паступаць так, як загадвае нам наша сумленне?

Голас Лё Брэ адразу ж загучаў суха i высакамерна, высакамерна, як нiколi.

- Маё сумленне не мае ў чым папракнуць мяне, - абрэзаў камiсар, - i я лiчу, што яно ў мяне гэткае ж далiкатнае, як i ў любога iншага. Вы юнак, Мэгрэ, i толькi пагэтаму я не магу крыўдзiцца на вас.

Роўна апоўднi ў службовым памяшканнi зазванiў тэлефон. Iнспектар Бесан зняў слухаўку i аклiкнуў Мэгрэ:

- Гэта вас. Усё той жа тып. Трэцi дзень ужо звонiць, i заўсёды ў адзiн i той жа час.

Мэгрэ схапiў слухаўку.

- Алё! Жуль?

Ён пазнаў голас Дэдэ.

- Як у вас - парадак? Вы ўжо зноў упрэглiся? Скажыце, вы збiраецеся снедаць?

- А што?

- Ды мне тут цюкнула ў галаву адна iдэя. Я даўно - з пэўнага часу - прагну выцягнуць вас снедаць за горад. Не бойцеся. Я прыеду за вамi на сваёй таратайцы. Не да камiсарыята, разумеецца, я не дужа люблю падобныя мясцiнкi. Буду чакаць вас на рагу вулiцы Фантэн. Згода?

Небарака-флейтыст, зноў яму не пашанцавала!

- Перадайце яму, што я вымушаны быў адлучыцца па важнай справе i абавязкова пабачуся з iм сёння ўвечары цi заўтра ранiцай.

Праз чвэрць гадзiны ён ужо сядаў у шэры "дыён-бутон". Дэдэ быў адзiн.

- Як вам - усё роўна куды? Вы любiце смажаных печкуроў? Толькi найперш трэба забегчы да Маё, прамачыць горла.

Яны сапраўды спынiлiся каля бара, зайшлi туды, i Дэдэ ўладна заказаў дзве чаркi густога абсенту.

Настрой у яго быў вясёлы, але ўглыбiнi вочы прытойвалi сур'ёзнасць. На iм быў усё той жа клятчасты гарнiтур, туфлi колеру гусiнага памёту i крыклiва яркi, пунсовы гальштук.

- Кульнём яшчэ па адной? Не? Воля ваша. Сёння ў мяне няма прычын спойваць вас.

Выехалi з горада, потым дарога пайшла берагамi Сены, на якой пагойдвалiся рыбацкiя лодачкi, i, нарэшце, спынiлiся ля невялiкага шынка ля самай ракi, з садам з альтанкамi.

- Ану, Густаў, скумекай нам абед на славу! Пачнём са смажаных печкуроў.

I растлумачыў Мэгрэ:

- Ён зараз закiне сетку, i мы атрымаем iх проста жывенечкiмi.

Затым зноў да гаспадара:

- А што падасi нам потым?

- Як наконт пеўня ў вiне, у ружовым бажале?

- Давай пеўня!

Дэдэ пачуваўся тут, як дома - пайшоў на кухню, потым спусцiўся ў склеп i вярнуўся адтуль з пляшкай белага луарскага вiна.

- Гэта зацьмiць усё пiтво свету. А цяпер, пакуль прычакаем смажанку, можаце набiваць люльку. Можна i пабалаболiць.

Ён, вiдаць, адчуў, што трэба растлумачыць свае паводзiны:

- Ведаеце, чаму мне захацелася пабачыцца з вамi? Таму што ў глыбiнi душы вы мне дужа даспадобы. Вы яшчэ не струхлi, як большасць вашых калег.

Ён таксама будзе трошкi падмалёўваць праўду - Мэгрэ выдатна разумеў гэта. Людзi такога гатунку, як Дэдэ, - страшэнныя балбатуны, i гэта часта губiць iх. Яны настолькi ганарацца сваёй персонай, што амаль заўсёды адчуваюць патрэбу расказаць пра свае ўчынкi.

- Дзе Люсiль? - запытаў Мэгрэ, якi чакаў, што ўбачыць тут i яе.

- Хочаце верце, хочаце не, але яна сапраўды захварэла. Цi ведаеце, гэтае дзяўчо па вушы ўлiпла ў Боба. Дзеля яго яна разбiлася б на друзачкi. Уся гэта гiсторыя проста даканала яе. Спачатку яна i слухаць не хацела пра тое, каб пакiнуць вулiцу Брэй: там, цi бачыце, усё нагадвае ёй пра яго. Учора я нарэшце ўгаварыў яе паехаць у вёску. I адвёз яе туды. Потым я паеду да яе. Але досыць! Можа, яшчэ калi-небудзь вернемся да гэтага.

Ён запалiў цыгарэту, павольна выпусцiў дым праз нос. Вiно iскрылася ў чарках, пад свежым ветрыкам трымцела маладая лiстота альтанак, было вiдно, як гаспадар, стоячы ў ялiку, пiльна ўзiраўся ў ваду, гатовы закiнуць сець.

- Думаю, вы з цiкаўнасцi кiнулi вокам у заведзенае на мяне дасье i змаглi пераканацца, што я нiколi не ўлiпаў у сур'ёзную справу. Усё па дробязях. Мне двойчы давялося адседзець па паўгода, i я пакляўся, што ўсё, завяжу, з мяне досыць!

Ён выпiў i працягваў:

- Газеты чыталi?

Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.

- Для ўсемагутных i яны ўсёмагутныя. Калi б вы толькi бачылi Люсiль. Яна збялела як палатно. Памкнулася ляцець туды i выдаць хаўруснiкаў. Я ледзь супакоiў яе.

"Што гэта дасць?" - даводзiў я.

Трэба было загадзiць яго, вось яны i загадзiлi, цi ж не так? Калi б мне давялося сустрэць дзе-небудзь у цёмным кутку гэтага крываносага Рышара, цi як яго там, ох, з якой асалодай я натоўк бы яму лыч!

Гэта ж трэба, харкнуў мне пяцьдзесят тысяч канцоў - i не лыс. Ну што ж! Мiж намi, хоць гэта i ваш хлеб, запомнiце, нашы дарожкi з iм яшчэ сыдуцца. Рана цi позна. Падла ёсць падла. А гэтакiх асабiста я за вярсту нюхам пазнаю.

А што ў вас?

- Мне не дазволiлi прадаўжаць расследаванне, - прамармытаў Мэгрэ.

- Ведаю. I мне плоцяць за тое, што я гэта ведаю.

- Яны i вам загадалi маўчаць?

- Мне сказалi, каб я не соваў свой нос - тады квiты. Яны тады скрозь пальцы будуць глядзець на маю дзейнасць.

I азначала гэта, што яны заплюшчваюць вочы на ўсе дробныя грашкi Дэдэ, што яму даруюць удар, якi ледзь не адправiў Мэгрэ на той свет, i не стануць дапытвацца, адкуль узялiся сорак дзевяць тысяч франкаў, знойдзеных у ягоным партманеце.

- Але ад каленца з дварэцкiм я проста вочы вылупiў. Вы верыце ў гэта?

- Не.

- Разумна! Iначай я перастаў бы паважаць вас. Трэба ж было знайсцi некага, хто стрэлiў, - дык хай iм i акажацца лiзаблюд. Як па-вашаму, хто згуляў у "пiф-паф"? Тут можна быць шчырымi, праўда? Толькi ўлiчыце, што калi вам узбрыдзе ў галаву пакарыстацца тым, што я вам тут наказаў, я прысягну, што нi пра што падобнае я i не заiкаўся. Па-мойму, гэта - дзеўка.

- Я таксама так думаю...

- З той рознiцай, што ў мяне нямала падстаў думаць менавiта так. Дадам, што калi яна i кокнула Боба, дык зусiм памылкова. Бо ўгробiць яна хацела свайго мiлага браточка. Бо яны так ненавiдзяць адно аднаго, як толькi могуць ненавiдзець у падобных сямейках.

Шкада, што вы не былi знаёмы з Бобам. Шыкоўнейшы хлопец! Цi ж дзiва, што яны не пераварвалi яго!

Але ён не быў злы, скажу я вам. Ён не меў нi кропелькi зласлiвасцi. Ён быў вышэй гэтага. Ён настолькi пагарджаў iмi, што яму было проста смешна.

Калi гэтая дзеўка пачала круцiцца вакол яго...

- Калi гэта пачалося?

- Восенню. Бог ведае, хто навёў яе на розум. Кожны знаў, што Боба можна знайсцi пасля скачак а палове шостай у бары на авеню дэ Ваграм.

- I яна пайшла туды?

- Яшчэ б! Нават без вуалеткi. Яна прадставiлася яму, сказала, што жыве ў замку д'Ансеваль, што цiкавiцца iм i палiчыць за шчасце прымаць яго ў сваiм доме.

- Ён спаў з ёю?

- Дзiва што! За iм прысылалi. Ён нават прыводзiў яе ў вядомы вам гатэль на вулiцу Брэй. Каб паглядзець, да чаго яна можа дайсцi, разумееце? Слаўны хлопец. Але яна зусiм не тая лялька, каб пайсцi ў гатэль дзеля адных любошчаў.

Тэмпераменту ў яе не болей, чым у бетоннай сцяны. Ад Люсiль ён нiчога не ўтойваў. У яе не хапiла б рэўнасцi да ўсiх, што прайшлi праз яго рукi! А вось i печкуры! Цiкава, цi спадабаюцца яны вам?

Ён умеў i есцi, i гаварыць адначасова, i не прамiнаў нi таго, нi другога, у дадатак не забываючы прылашчыць другую пляшку, пастаўленую на стол.

- Не спрабуйце зразумець. Самому Бобу, не ў крыўду будзь вам сказана, якi быў хiтрэй нас абодвух разам, спатрэбiўся час на гэта. Што яго найбольш здзiўляла, дык гэта яе прага выйсцi за яго замуж.

Загрузка...