ЖЫЦЕНЬ


Калі закончылася жніво і ўсе снапы былі звезены ў гумно, дзеці пабеглі на пустое поле. Якое ж было іхняе здзіўленне, калі ўбачылі на ржышчы некалькі снапоў. Пра сваю знаходку расказалі бацьку. А той радасна патлумачыў ім, што гэта Жы2цень такім чынам адзначыў іхнюю працавітасць ды ўвішнасць.

— А што гэта за чараўнік такі шчодры? — спыталі дзеці.

— Гэта не чараўнік. Гэта дабрадзейны бог, — адказаў тата і расказаў ім такую гісторыю.

У самай даўняй даўніне, калі яшчэ не было на беларускіх землях хрысціянства, нашы прашчуры верылі ў магічную сілу агню, ветру, сонца, пакланяліся дрэвам і святым камяням. Калі ж сказаць коратка — жылі ў добрым суладдзі з прыродай, бо ад яе залежаў іхні лёс, з літасці нябачных прыродных сіл мелі яны багацце, здароўе, дабрабыт і ўсё, што патрабавалася для жыцця.

На кожную пару года даўнія людзі мелі сваіх багоў. Калі наступала вясна, на зямлю прыходзіла маладзенькая прыгажуня Ляля, альбо Лёля.

На змену ёй з’яўлялася багіня лета Цёця — мажная і дзябёлая кабета, убраная каласамі. Марознай зімой панаваў бог холаду Зюзя.

У пладавітай і шчодрай восені таксама быў свой бог. Называўся ён Жыцень, лічыўся богам жніва.

Мо ад слова «жыць» паходзіла ягоная назва? Бо менавіта ён спрыяў сялянам назапашваць хлеб — незаменны атрыбут бязбеднага жыцця. Паданні засведчылі, што Жыцень быў худзенькім дзядком малога расточку. Меў суровы выгляд твару. На галаве — доўгія раскудлачаныя валасы. Загадкай заставалася, чаму ў гэтага бога ажно тры вокі на лбе. Праўда, у легендах захаваліся сведчанні, што трэцяе вока знаходзілася часам на патыліцы. Відаць, каб пільна сачыць за тым, як людзі спраўляюцца з ура¬джаем, якім дагэтуль апекаваліся іншыя багі.

Багіня вясны Ляля спрыяла ўсім земляробчым працам на полі. Пярун паліваў ніўку дабрадзейным дажджом, які людзі называлі божай расой. Бог урадлівасці і сонечнага святла Дажбог не даваў пасеяным зернейкам спрахнуць у цёмнай зямлі. Адным словам, кожны з добрых і спагадлівых язычніцкіх багоў дбайна выконваў свае абавязкі, каб не страціла зямля сваёй пладавітасці, каб не надта пакутаваў чалавек ад розных бед ды нягод, каб не халадаў і не галадаў.

Калі сваю справу заканчвалі ўсе іншыя багі, наступаў час Жыценя. Нізка сагнуўшыся, хадзіў ён па палях, зазіраў на агароды. Цікавіўся, ці няма дзе-небудзь нядбальства, ці годна пакарысталіся сяляне спрыяннем усіх іншых багоў і добрых духаў? Радаваўся, калі бачыў парадак ды багаты вынік сапраўднай гаспадарскай рупнасці. Але і суровасць сваю праяўляў напоўніцу. Карацей, судзіў суд над нядбайнымі, заахвочваў і дадаваў багацця руплівым.

Бывала, заўважыць на ржыш¬чы нязжатыя альбо апалыя каласкі, ажно скаланецца ўвесь, вочы слязамі зойдуцца, валасы на галаве натапырацца. Крыўда бярэ руплівага бога, сэрца заходзіцца ад жалю. Збярэ ён усе каласкі, складзе адзін да аднаго і ў снапы пазвязвае. А тады прабяжыць па ўсіх суседскіх палетках, каб знайсці самы дагледжаны, і давай снапы на зжатае поле насіць. Каб дагадзіць рупліваму гаспадару, падахвоціць яго працаваць яшчэ лепш. Парадуецца тады селянін і скажа сваім аднасямейнікам:

— Гэта Жыцень нам даў, каб будучым годам яшчэ лепш шчы¬равалі.

Аднак на гэтым не заканчваецца суд Жыценя над марнатраўствам. Мала таго, што адбярэ частку ўраджаю ў нядбаліцы, калі аднясе збажыну іншаму, дык і на будучыню пакарае. Зробіць так, каб у негаспадарлівага хлебароба на наступны год не ўрадзіла ніўка.

А вось руплівы ды старанны, працалюбівы і акуратны — той, каму Жыцень восенню снапы зносіў, збярэ яшчэ большы ўраджай, шмат жыта з пшаніцай намалоціць. А ў каго багаты ўраджай, у таго і дастатак у хаце. Пра такога кажуць, што ад яго пахне ветрам і дажджом, а ад рук — зямліцай ды збожжам. Такім вось чынам бог восені Жыцень заахвочвае быць на зямлі сапраўдным гаспадаром, карае тых, хто не прытрымліваецца гэтага.

Мае Жыцень і іншы клопат. Часам ператворыцца ў беднага жабрака. Перакіне праз плячо кайстру і выйдзе на дарогу. Сустрэне там мужыка і паківае яму пальцам, нібыта дакарае за нешта. А селянін, вядома, пазнае Жыценя і раскажа ў вёсцы пра сваю сустрэчу. Бядуюць тады сяляне: гэта ж Жыцень пагражае бедным ураджаем. Нашы продкі казалі: «Жыцень з торбай — голад на двор». Гэткім чынам Жыцень папярэджвае гаспадара аб маючым быць голадзе, падказвае, каб не дапусціў да гэтага.

Сваю дбайнасць і гаспадарлівасць, любасць да карміцелькі-зямліцы выяўляе Жыцень і падчас асенняй сяўбы. Калі сеюць азімыя, Жыцень тут як тут. Але не хоча паказвацца на вочы, сваю добрую справу таемна робіць. Калі здарыцца, што нейкае зернейка не прысыпана зямлёй, абавязкова прытопча яго, каб не прапала, каб аддзячыла важкім коласам. Там раллю параўняе, там баразну паправіць. Гаспадар, адным словам.

Восенню людзі падсумоўвалі вынікі сваёй земляробчай працы. 21 верасня ладзілі свята ўраджаю — Багач, альбо Багатуху. Насыпалі зерне новага ўраджаю ў кош ці сявеньку, ставілі туды свечку і з дажынкавымі песнямі абносілі гумны, двары. Але не толькі цешыліся сабранаму ўраджаю, а дбалі пра будучы. Трэба было паспець поле заараць, пасеяць азімую збажыну. Таму сяляне і казалі: «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сей памаленьку».

А праз тры тыдні пасля Пакроваў адзначаюцца Асяніны, альбо Вялікія дзяды, Змітраўскія дзяды — дзень памінання продкаў. Паколькі яны адбываліся пасля заканчэння палявых работ, калі ўраджай ужо ў свірне, то і абрадавы стол быў багаты. Казалі: «На Дзяды шмат яды». І сапраўды, гаспадыні гатавалі ажно да 19 страў. Здаўна павялася звычка ўспамінаць у гэты вечар продкаў, адчуваць яднанне з імі, згадваць іхняе жыццё, ухваляць працавітасць, ставіць у прыклад іхняе дбайнае гаспадаранне на зямлі — каб нашчадкі сталі спадкаемцамі і прадаўжальнікамі добрых спраў. Каб не перапынялася повязь пакаленняў і не забываліся людзі пра свайго спрыяльніка Жыценя.

Загрузка...