16

Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.

— Мы хочам асвоiць планету Хi, — прамовiў Настаўнiк. — Такая галоўная мэта?

— Так, — прашаптаў Першы. — Ты ведаеш…

— Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.

— Так…

— У такiм разе што цябе прыгнятае?

— Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца…

— Паляванне наладзiў былы лон, — з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?

— Мы не ад лонаў! — з роспаччу запярэчыў Першы.

— Хто гэта даказаў?

— Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў…

— Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi…

— У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!

— Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.

— Не трэба такiх спрэчак! — строга вымавiў Настаўнiк. — Яны не памогуць нам.

— Хi — дзiкая планета! — не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. — Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi…

— Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.

— Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!

— А мне падыходзiць гэта планета, — задумлiва сказаў Другi. — Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.

— Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў…

— У нас урок, — сказаў Настаўнiк. — Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.

— Я хачу бачыць вышэйшых! — упарцiўся Першы.

— Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.

— Тыя тры на беразе?

— Урок не скончаны! — Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.

«I зноў замiльгаў экран, — пiша Пасвячоны, — i жахлiвы iх урок працягваўся…»

* * *

«Жахлiвы ўрок»… Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм… Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, «падыходзiць гэта планета»!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.

Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.

Загрузка...