Мінулага баіцца той, хто не ўпэўнены ў сваім сённяшнім і заўтрашнім дні.
Якуб Колас
Гасцяванне тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага чэрвеня ад Раства Хрыстовага ў горадзе кожны заўважаў па-рознаму: пацішэлі, напяліся немцы, на рынку знікла малако, на цагляныя разваліны і крушні друзу бесклапотна ўзбеглі чубкі лебяды й асочышча, злосная талачэча загула на вакзале, у катэдральным касцёле змяніўся, святар…
Пляц Волі патанаў у сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцаю — і знікла, нібыта расталад Скразняк, слабы, няўпэўнены — ад рэчкі, праз прогу каля Святадухаўскай царквы…
…Езавітаў развітваўся з Радзімай не ўпяршынь. Напачатку былі расстанні ўзнёсла-юнацкія, калі пасля летніх вакацыяў мусіў ехаць у няветлы Дзвінск, дзе ў крэпасці служыў афіцэрам бацька. Затым — змушаны ад'езд у 1918-м разам з Радаю ў Вільню. І вось — адыход сённяшні…
Паволі перайшоў на другі бок пляца, у царкве запаліў тры свечкі, прачытаў «Войча наш» — і зусім не па-вайсковаму прашомкаў да выхаду. Прысеў на шурпаты валун (ці не з якога-кольвек падмурка?), запаліў горкую папяросіну, азірнуў на царкву — і ейны франтон з дзвюма вежамі-званіцамі ўявіліся нябеснай брамай, пракаветным уваходам з учора ў заўтра..
Вецер дзьмуў з рэчкі — вогкі, сіверны. У гарадскіх кварталах ён разбягаўся скразнякамі, гарэзіў абарванымі-абсыпанымі лістамі, гнаў-кружляў, змятаў іх у дворыкі й расцярушваў пад калёсы фурманак.
Такога шматлюдства Яраслаўль ужо даўно не бачыў. Напачатку ў горад штодня конна дабіраліся па некалькі сем'яў і незаўважна спыняліся ў пастаялых дварах. За лета ўсё было занятым, і гружаныя небагатым хатнім скарбам вазы грукацелі гарадскімі брукаванкамі далей на ўсход. Чым больш прасоўваўся фронт, тым больш люду пералівалася праз горад. Сотні паязджанаў абжывалі закінутыя ў тупіках вагоны, запаўнялі вакзалы.
Калі летам 1915 года запалыхала ў вайне Беларусь і штаб Заходняга фронта размесціўся ў Менску, у паязджанства падаліся і беларусы. Некалькі берасцейцаў Максім сустрэў пазаўчора на рынку — спрабавалі абмяняць вырабленыя аўчыны на штось з'естнае, а вось зараз — нечаканае знаёмства з менскім аднагодкам…
Напачатку на Стрэлцы, дзе месціўся Дзямідаўскі ліцэй, яго спыніла абвязаная ў цёплую хусту жанчына і боязна спытала:
― Падкажыця, як то на ваш крэмель выйсьці? Ублудзіла ето я… — чорныя смаляныя бровы, а пад імі — натомленыя вочы, і твар, хоць і не маршчыністы, але старэтны, збялелы.
У Максіма зайшлося сэрца: «І яна ці не з нашых мясцін!?»
― Прама па вуліцы, а як рэчка заверне, то і вам направа трэба. Праз метраў дзвесце і ўбачыце гарадскі крэмль…
― Дзякуй, а то, знаяце, ад сваіх адбілася… Хаця б без мяне не рушылі… ― жанчына перакінула ў другую руку пакрытую мехам карзіну і цяжка пасунулася на другі бок вуліцы.
― Давайце дапамагу данесці! — Максім дагнаў жанчыну, а тая раптам асела, выпусціла карзіну (яна кульнулася, і па брукаванцы пакацілася некалькі бульбін), застагнала й хапілася за жывот.
― Што з вамі?.. — Максім зніякавеў, нагнуўся падбіраць бульбіны, а жанчына прытулілася да слупа, патужылася ўзняцца — і не змагла.
― Чакайце, я зараз… зараз. Вам трэба да доктара… — Максім кінуўся за ліцэйскі будынак, дзе хвілю таму бачыў рамізніка, а калі з ім пад'ехаў да жанчыны, каля яе і ўвіхаўся той хлопец…
― Во, добра, а то я хацеў зваць каго бегчы… — голас яго быў звонкім. Нястрыжаныя валасы выбрындваліся з-пад шапкі, сам схуднелы, але рухавы, дужы.
Жанчыну моўчкі адвезлі ў шпіталь — там у жніўні адкрылі бежанскі прытулак, і толькі тады разгаварыліся.
― А я бачу… ратаваць жанчыну трэба, а нікагуткі, як на тое… і сам горада не ведаю… Цябе як завуць? — і агледзеў Максіма: курчавыя валасы, цёмныя вочы, вусны з гарачай чырванню. — Форма шкалярская, гаворыш нібыта па-нашаму… Хоць у нашым інстытуце, здэцца, не бачыліся…
…Тыдзень таму ў Яраслаўль эвакуяваўся Менскі настаўніцкі інстытут (яго будынак заняў шпіталь), і ў горадзе на Волзе пабольшала на пяцьдзесят тры студэнты з Беларусі.
Хлопца звалі Стась. Ягоныя бацькі — Новікі — жылі на Полаччыне, а ў Менску паўдома мела ягоная бяздзетная цётка, — вось і «выпрасіла» яго да сябе. З інстытутам Стась і патрапіў у Яраслаўль. Не паверыў нават, што і ягоны новы сябар нарадзіўся ў Менску…
Гаварылі тады пра ўсё: вайну, вучобу. Максім прызнаўся, што зусім не цягне яго да той юрыдычнай навукі, якую мусіць здабываць у ліцэі — ахвотна і сам заняўся б настаўніцтвам, літаратурай.
Яны дайшлі да тога месца, дзе сустрэліся, і спыніліся.
― Дык гэта Волга? — запытаў стоена Стась.
― Не… Каторасль. Яна ўпадае ў Волгу… — Вось-вось пачне цямнець, а Максіму не хочацца развітвацца з земляком. — То што мы так без мэты сноўдаем? Хадзем да мяне. Тут недалёка, на Ільінскай.
Павячэралі, і Максім павёў Стася ў свой пакой — і не мог не заўважыць, як у сябра засвяціліся вочы, калі свечка высвеціла ў шафе карэньчыкі акуратна састаўленых кніжак.
― Ого? Дык тут жа не юрыспрудэнцыя! — Стась з цікаўнасцю перагортваў кнігі Багушэвіча, Купалы, Пушкіна, Фета. — А мой збор, праўда, не такі багаты, застаўся ў цёткі…
― А ці такая там была? — Максім дастаў з шуфляды свой «Вянок» і падаў Стасю.
― Такую толькі ў інстытуцкай бібліятэцы браў…
― Ну вось хай і папоўніць твой збор.
― Так?! Дзякуй… А табе што… Багдановіч не падабаецца ці яшчэ экземпляр маеш? — госць крыху збянтэжыўся.
― То я ж не Нарцыс, каб сам сабе падабацца!
Стась ледзь не выпусціў свечку, доўга не пераставаў дзівіцца:
― Ты — аўтар «Вянка»?! Ты — Багдановіч? Маці Боская, і трэба ж так сустрэцца!
На ўгаворы пераначаваць Стась не пагадзіўся — «Будзе непакоіцца Ігнатоўскі, наш настаўнік і куратар».
«Кватаравалі» менскія інстытутаўцы пакуль у памяшканні гарадскога вучылішча. Назаўтра Максім браўся пазнаёміць землякоў з горадам, звазіць у Яраслаўскі крэмль, дзе знайшлі асобнік «Слова аб палку Ігаравым», паказаць Волгу, а Стасю, канешне ж, няўрымсцілася пазнаёміць Максіма з менскімі студэнтамі…
6 кастрычніка 1915 года ў Менскім настаўніцкім інстытуце аднавіліся заняткі. Максім Багдановіч штодня сустракаўся са студэнтамі-землякамі, часта чытаў ім вершы. Разам былі і на экскурсіях, якія арганізоўваў Усевалад Ігнатоўскі. Наведалі ў Кастраме Іпацьеўскі манастыр, у якім знаходзілася ўсыпальніца Гадуновых, у Дзям'янаўскай царкве доўга разглядвалі карціну Сярова і Каровіна «Хаджэнне Хрыста па водах». Другая вандроўка — на млын Вахрамеева.
Сяброўскай талакой дапамагалі паязджанам-беларусам: бежанцаў у горадзе з кожным днём большала. Жыццё не лягчэла. Студэнты і самі не мелі цёплай адзежы, іхнія кватэры ацяпляліся кепска. Інстытут мог даць толькі бясплатную гарачую гарбату… На стыпендыю ў чужым горадзе пражыць было немагчыма, і многія навучэнцы пачалі вяртацца на Беларусь.
Нечакана Максім захварэў на тыф і да снежня пралежаў у ложку, а калі сустрэўся са Стасем, той і распавёў аб тым, што трыццаць тры студэнты іхняга інстытута мусяць ісці ў войска.
― А ты? — Максім не чакаў расстання.
― І я. Не выпадае пакуль, як бачыш, аддацца настаўніцтву. Я нядаўна атрымаў ліст ад сябра Кастуся Езавітава, студэнта Віцебскага настаўніцкага інстытута. Ягоны дзед з бабуляй жылі ў маёй вёсцы, то ён да іх летам прыязджаў. Разам мы і ў настаўнікі падацца вырашылі… Дык вось і ён напісаў, што думае перайсці з інстытута ў вайсковае вучылішча.
― Толькі б ведаць, за што ваяваць, — уздыхнуў Максім.
― Гэта праўда…
У верасні 1916 года Максім Багдановіч закончыў юрыдычны ліцэй і павінен быў, як і іншыя студэнты-дзямідаўцы, прызывацца на вайсковую службу — але позвы не атрымаў. А на пачатку кастрычніка ў вагоне трэцяй клясы разам з салдатамі, сялянамі і рамеснікамі ехаў з Яраслаўля ў Менск — на апошняе спатканне з Радзімай.
Пасля абеда 1 лістапада 1916 года мінскі губернатар князь Друцкі-Сакальнінскі быў у сваім кабінеце. У пяць вокнаў прасілася ненадакучлівае прытомленае сонца, і захацелася пастаяць на балконіку, які звісаў над ціхім унутраным дворыкам. Але губернатар толькі паўглядаўся, як вецер шкуматаў — і як толькі дабраўся ў гэты зацішак? — голае голле.
«Яшчэ, глядзі, падстыну», — падумаў і прашомкаў па невыразных чырвона-зялёных кветках кіліма да вакна, што вызірвала на Саборны пляц і таксама мела далікатны балкон пад сабою.
Адхінуў запавеску: ціха наўкол, нібыта за сотні вёрстаў і няма вайны… Рабацініцца здалёк выгін Свіслачы, стайка гімназістаў выпырхнула з дворыка на Траецкім… Прыпаліў трубку, пыхнуў густым дымам і прысеў у кутні фатэль. Забомкала Ратуша — і праз хвілю ў высокія лакіраваныя дзверы пастукалі.
― Виктор Аристархович, позволите? — у кабінет праціснулася выгаленая галава памочніка.
― Давай-давай… Что там?
― Как всегда — канцелярня, — памочнік па-вайсковаму пракрочыў да стала, паклаў злева ад пазалочанай ручкі ў ракаўцы-трымальніку тры скураныя папкі, выструніўся. — Соизволите о чём-либо распорядиться?
― Ступай пока.
Губернатар лена выбіў трубку, прысеў да стала — зробленага з пінскага грабу ў нямецкіх майстроў, ― падсунуў бліжэй прынесеныя папкі, раскрыў ніжнюю, злёгку кашлянуў і, змуліўшы вусны пад «мікалаеўскімі» вусамі, пачаў чытаць…
Белорусское общество
помощи жертвам войны
Его Сиятельству
Господину Минскому Губернатору
Минский отдел
Минск, Захарьевская, 24
октября 31 дня
Комитет… возбудил перед Вашим Сиятельством ходатайство от 19 октября текушего года за № 110 о разрешении ему однодневного сбора в городе… на 6 ноября сего года. Ныне комитет осведомился о предложенном… в ближайшее время по инициативе Вашего Сиятельства аналогичном сборе в пользу детей… Комитет постановил отложить намеченный им на 6 ноября кружечный сбор, дабы тем содействовать наибольшему успеху сбора устраиваемого Вашим Сиятельством…
Губернатар уздыхнуў, пашкроб-узняў левую брывіну.
Вместе с тем комитет честь имеет обратиться к Вашему Сиятельству с ходатайством разрешить ему на 4 декабря текушего года устройство однодневного кружечного сбора… В случае ненастной погоды комитет просит разрешить перенести сбор на ближайший праздничный день.
«Да-с, погода вскоре испортится», — падумаў, узяў тонка навостраны сіні аловак і над уплеценым старанным почыркам тэкстам надпісаў: «Запросить полицию, что это за общество, кто члены и вообще как оно работает».
Адклаў прашэнне і пачаў вывучаць іншыя…
Не дачакаўшыся адказу, у «Беларускай Хатцы» 28 лістапада склалі і другую «чалабітную». Як і першую, пісаў яе Багдановіч:
На пополнение средств Минского отдела… комитет предполагает 4-го декабря текущего года в помещении Минской губернской земской управы устроить публичную лекцию на тему: «Беларускае адраджэнне».
Ввиду вышеизложенного комитет отдела имеет честь просить Вас разрешить устройство лекции, которая будет изложена по-белорусски Максимом Адамовичем Богдановичем…
І толькі 18 снежня, праз паўмесяца пасля гэтага, губернатар (лекцыю не дазволілі) атрымаў паліцэйскае данясенне пра Менскі камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, яго сябрах, якія «ни в чём предосудительном не были замечены», — пасля чаго тым жа сінім алоўкам дапісаў на першай просьбе: «Отложить до возбуждения нового ходат. о сборе».
Максім Багдановіч кватараваў у Змітрака Бядулі на Мала-Георгіеўскай. Дзень праводзіў на службе ў земстве, куды ўладкаваўся з дапамогі Рамана Скірмунта, вечар — у Пушкінскай бібліятэцы ці «Беларускай Хатцы». На адной з вечарын прачытаў свой верш «Пагоня»…
Камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны яшчэ ў ліпені 1916 года вывез пяцьдзесят дзяцей (пераважна сірот) у Карпілаўку, маёнтак Ядвігіна Ш., што быў у трыццаці вёрстах ад Менска. Сродкі на іх утрыманне заканчваліся, Таццянінскі камітэт адмовіў у далейшай субсідыі і прапанаваў забраць дзяцей у свой прытулак. З адной умовай — дзеці будуць вучыцца асобна па-беларуску і настаўніцы ў іх застануцца ранейшыя: дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая і яе памочніца Ядзя Раткевіч — таццянінцы вымушаны былі пагадзіцца.
З Карпілаўкі неабходна было перавезці дзяцей у Ратамку. Пра гэта і гаварылі ў пятніцу вечарам у сталоўцы «Беларускай Хаткі». Дні прыйшлі кароткія, халодныя. Ахвоціліся ехаць Ядвігін Ш. і Людвіка Сівіцкая (дачка загадчыцы сталоўкі).
― І я паеду, — нечакана выбухнуў Максім Багдановіч. Усе і ахнулі:
― Што вы кажаце! У такі холад трыццаць кіламетраў фурманкай! І не думайце! — і так было бачна, што Максім згасаў на вачах. А ён зазлаваў нават:
― Што я, маленькі?! Волі сваёй не маю? Сказаў паеду — і паеду…
І зноў пачалі яму пярэчыць. Адмоўчваўся адзін Галубок, затым знік на гадзіну… Яго й зачакаліся ўжо. А вярнуўся ўзбадзёраным, з аграмадным кажухом пад пахай.
― Маеце, дзядзька Максім… Паедзеце!
…Па дарозе гаварылі. Адкрыўся і Максім:
― Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць мне засталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і… А я так люблю дзяцей! І толькі марыць магу пра сваю дачушку… — Ён змоўк, і ніхто не высмеліўся загаварыць за ім. Ядвігін Ш. узгадаў, пэўна, як Максім прынёс у «Хатку» з паўпуда заробленага на службе цукру і папрасіў перадаць яго дзецям, — сам жа адмаўляўся піць падсалоджаную гарбату…
― Ведаеце… — зноў загаварыў Максім. — Адным з першых маіх вершаў — пачынаў пісаць я па-руску — была калыханка! Я аддаў яе ў друк, і ўсе, хто яе чытаў, думалі, што яе склала жанчына, якая мела сваё дзіця…
Праз некаторы час у Ратамцы адбылася нечаканая сустрэча — прытулак візітавала сястра Льва Талстога. Вырашылі падрыхтаваць агульны спектакль. Беларуская школка спланавала сваю праграму — сцэнічны абразок, дэкламацыі, хор. З Менска на сустрэчу прыехалі Максім Багдановіч, Аркадзь Смоліч, сёстры Змітрака Бядулі (абедзьве прыгожа спявалі) і Людвіка Сівіцкая. Выступалі ў народных строях. У белай вышыванай кашулі, падперазанай паяском, Максім выглядаў незвычайна ўзрушаным і вясёлым.
Усё закончылася позна, цягніка на Менск не было, і давялося праседзець ноч у школе (спаць не было дзе). Школа беларускіх дзетак месцілася ў летнім халодным дамку, вучыцелькі мелі асобны пакойчык з жалезнай печкай. Як не прасілі Багдановіча перабыць ноч у ім (Смоліч выехаў у Менск, не дачакаўшыся канца вечарыны), — не згаджаўся.
― Там і так цесна, — і сядзеў маркотна ў халоднай клясе.
― Мы не збіраемся спаць. Гаворым… Хадзем да нас, — колькі разоў угаворвалі дзяўчаты, на што Максім не стрымаўся:
― Не. Я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым. Мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце…
Талакою сустрэлі ў «Беларускай Хатцы» Новы 1917 год, які распачынаўся халодным і снежным. Дадаліся ў Максіма і хваляванні за брата Лёву — ён пакінуў Маскоўскі універсітэт і запісаўся ў дзеючую армію. Заходні фронт набліжаўся да Менска, і дзесьці ў яго ўзрывах, стрэлах, атаках жыў і брат, як жылі і Сцёпа Новік, і ягоны сябар Кастусь Езавітаў, і тысячы іхніх суайчыннікаў. І тысячы — ужо не жылі…
Вясной 1917 года на ўсіх франтах расійскага войска пачаліся хваляванні. Афіцэры былі ў няпэўнасці, стомленыя салдаты з неахвотай падпарадкоўваліся загадам. Паўсюдна ўзнікалі вайсковыя нацыянальныя камітэты і арганізацыі. На Паўночным фронце 12-й арміі 8 траўня першы гурток беларусаў-армейцаў арганізаваў унтэр-афіцэр Язэп Мамонька. Каля Дзвінска ў 14-й арміі згуртаваў беларусаў паручык Кастусь Езавітаў. На Заходнім фронце дапамагалі беларусам аб'яднацца старшы унтэр-афіцэр Сымон Рак-Міхайлоўскі і падпаручык Ігнат Дварчанін. Сярод піцерскіх вайскоўцаў-беларусаў дзейнічаў Аляксандр Чарвякоў…
У траўні хваляванні дакаціліся і да маракоў Балтыйскага флота. Порт Лібавы — невялікі, ціхі, як і сам горад. У той травеньскі дзень ён, звыклы да штормаў Балтыкі, нечакана патануў у мядзіста-залатых гірляндах — у Лібаве расцвілі ліпы. Яны шчыльна апляталі ўзбярэжную вулку, а вышэй, у цэнтры, закрывалі сваімі багатымі шатамі і гарадскія двары, і Свянціцкі кірмаш (гандляры ў ліпавай зацені не маглі загараць — і сваёй белай скурай моцна адрозніваліся ад бронзаватварых рыбакоў).
Лібаву[14] здаўна звалі горадам ліпаў… Толькі яго жыхароў мёдна-хмельная заквець ужо не дзівіла, гарадчукі звыкліся з гэтай прыгажосцю і — здавалася — не заўважалі яе.
А вось паглядзець на крэйсер, што нечакана падплыў да горада, збегліся глядзець і малыя, і дарослыя. Аграмадны «Петръ Первый», люструючыся лускою кармавой брані, доўга пыхкаў з усіх трох труб дымам, затым павярнуў да берага бортам — і загрукацеў якарам. Праз дзень глядзець на «Пятра» бегалі адны дзеці, а праз тыдзень у Лібаве звыкліся і з людзьмі ў матроскай форме.
І вось аднойчы на «Пятра» прыйшоў загад: выйсці ў баявы рэйд.
― Дык што… У камбузе хоць сталы грызі! Скора пацукоў жраць будзем! — не стрымаўся хтось з матросаў.
― Отставить разговорчики! — злосны голас афіцэра.
― Палундра!
― Братва, усе на збор! Бі ў склянкі!
Зніякавелы вахценны выцягнуў шыю, зірнуў на рубку, — і ўсё ж зварухнуў рынду — медны карабельны звон…
Праз некалькі хвілін чалавек з дзвесце збегліся на сярэднюю палубу.
― Матросы! — голас прамоўцы, таксама ў матроскай форме, хрыплы, прастуджаны. — Не слухайце вы чужых камандзіраў! Годзе! Наслухаліся! Нам жа не кажуць усяе праўды! Хопіць абараняць няведама што… Ці не чакаюць вас дома маткі, жонкі, нявесты? — матрос змоўк: убачыў, што на палубу ідуць новыя матросы, і вырашыў пачакаць.
― Хто там балэкае? — пыталі з апошніх шэрагаў.
― Ды наш Мікалайка…
Матроса Васіля Муху празвалі Мікалайкам не без дай прычыны: шляхотныя вусы з залацінкаю, што, закругляючыся, наплывалі на шчокі, русявы чуб з наравістымі закруткамі, ганарлівыя бровы, вострыя вочы з каштанікамі-зрэнкамі, авал твару, нос — усё нібыта спісанае з апошняга расійскага самадзержца Мікалая! А як, бывала, у парадную форму выфранціцца і на бераг сойдзе — гарадчукі ўслед азіраюцца і пальцамі торкаюць…
― Вось і я пісьмо з дому атрымаў, ― зноў гаварыў Муха. — Маці хварэе. Бацька стары ўжо, зямлю абрабляць няма каму… — Уважліва агледзеў матросаў. — Прысягу мы цару давалі, а Керанскаму падпарадкоўвацца не абавязваліся!..
Нечакана над палубай гохнулі два стрэлы. Купка афіцэраў ціснулася да сярэдзіны палубы, у мічмана ў руцэ быў рэвальвер.
― Прекратить саботаж!
― Матросы, гайда па хатах! — выкрыкнуў Муха. — Калі ваяваць — то за свой куток!
― Правільна! — загудзелі матросы.
Мічман, хударлявы, невысокі, наставіў рулю рэвальвера на Муху:
― Матрос, вы орестованы! Следуйте к рубке.
― Хапай мічмана! — выкрыкнулі з натоўпу. Матросы пачалі адціскаць камандзіраў, а з імі і мічмана з Мухам, да борта. Афіцэрская каманда радзела на вачах. Мічман мацней сціснуў рэвальвер, а ў ягоных вачах, нават крыху нечакана для сябе, Муха заўважыў нерашучасць.
― Гаспадзін афіцэр, — Муха «памякчэў», вочы бліснулі хітрынкай. — Вінават я, не гневайцеся так… Вінават… — і ўбачыў, як знікла насцярожанасць у ягонага «канваіра». Мічман хітнуў галавой:
― Иди-иди… Все равно отвечать будешь, — і апусціў рэвальвер.
А Муха гэтага толькі й чакаў — схапіў ашаломленага мічмана, выкруціў рэвальвер:
― Вінават, што раней зрабіць гэтага не даўмеўся! — і, прыўзняўшы (праўда, з цяжкасцю) мічмана, перакінуў яго за борт.
Матросы выбухнулі вокрыкамі й смехам:
― Так яго, вада ўжо цёплая, не замерзне!
На другі дзень дзевяноста арганізаваных Васілём Мухам беларусаў з крэйсера «Петръ Первый» пехам выйшлі да Рыгі, каб адтуль чыгункай дабірацца на Радзіму. Трое сутак разам з імі пыліла дарогу і рота матросаў-украінцаў…
Гэта было ў Менску ў год 1917-ы ў месяцы снежні яго пятага дня. Заля, ложы, балконы і нават частка праходаў Гарадскога тэатра занялі тысяча васемсот семдзесят два дэлегаты, з якіх права пастанаўляльнага голасу мелі тысяча сто шэсцьдзесят сем…
Кангрэс адкрыўся ўрачыста. На ўваходзе стаяла варта Першага беларускага палка, сцэна і сцены — ва ўбранні бел-чырвона-белых сцягоў, на трыбуне — герб «Пагоня».
У арганізацыйным прэзідыуме кангрэса — прэзідыум Вялікай беларускай рады на чале з Аркадзем Смолічам і Язэпам Варонкам, прэзідыум Беларускай цэнтральнай рады на чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, прадстаўнікі беларускіх арганізацый з Віцебска, Магілёва, Піцера, Масквы, Кіева, Адэсы.
За прэзідыумам на сцэне — хор Тэраўскага, папоўнены артыстамі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі (пад кіраўніцтвам Ждановіча і Фальскага) і хорам Хаўрусу беларускай моладзі. Усе — у прыгожых нацыянальных строях.
Адкрыў кангрэс Сымон Рак-Міхайлоўскі. Пасля ягонай кароткай прамовы залю надоўга ўскалыхнулі воплескі… Хор заспяваў «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі…» Хто знаў словы — пачаў падпяваць.
Цэлы дзень зачытвалі прывітальныя словы і агалошвалі наказы, дадзеныя дэлегатам іхнімі мясцовымі арганізацыямі і групамі. Увечары быў канцэрт хору Тэраўскага і пастаноўка драмы Уладзіслава Галубка «Апошняе спатканне».
На другі дзень кангрэс распачаў працу ў будынку Дваранскага сходу, які месціўся насупраць тэатра і меў вялікую залю для агульных сходаў і шмат меншых — для працы камісій і секцый кангрэса.
«Аснову» дэлегатаў складалі сябры Беларускай сацыялістычнай грамады, якая змагла «прыхіліць» да сябе большасць дэлегатаў. На кангрэсе ўтварылася тры фракцыі: Беларускай сацыялістычнай грамады, беспартыйных і фракцыя «левага цячэння». Сябры кожнай фракцыі сядзелі разам і разам галасавалі. Для больш прадуктыўнай працы склаліся дванаццаць асобных секцыяў: дзяржаўнага будаўніцтва, аграрная, асветы і культуры, вайсковая, фінансавая, мясцовых самаўрадаў, краёвай гаспадаркі, заканадаўства і агульнага права, народнага здароўя, сацыяльнай апекі, рээвакуацыі ўцекачоў і адбудовы краю. Некаторыя секцыі падзяляліся на камісіі. Найбольш камісій было створана пры секцыі асветы і культуры — ажно дзесяць: камісія вышэйшай школы (пад старшынствам прафесара-акадэміка Яўхіма Карскага яна распрацоўвала статут і навучальны план Беларускага універсітэта ў Менску), сярэдняй і пачатковай школы, прафесійнай асветы, дашкольнага выхавання, юнацкага спорта, тэатральная, музейная, фальклорная і іншыя.
На сходах секцый і камісій мелі права прысутнічаць усе дэлегаты кангрэса. Найбольш іх збіралася ў секцыі дзяржаўнага будаўніцтва. Вызначыліся чатыры платформы будучага дзяржаўнага ладу Беларусі: незалежніцкі, абласнікоў, аўтанамістаў і асімілятарскі.
Прэзідыумы кожнай фракцыі, секцыі і камісіі (кожны меў па тры сябры: старшыню, ягонага намесніка і сакратара) і прэзідыум кангрэса — усіх сто пяць чалавек — склалі кіруючы орган, які назвалі Радай старшыняў Першага ўсебеларускага кангрэса. Склад Рады старшыняў зацвердзіў пленум кангрэса. Так стварыўся першы беларускі перадпарламент…
Калі прадстаўнікі ўсіх груп кангрэса — пасля спрэчак, крыку, паправак, дапрацовак — выйшлі з «дарадчага» пакоя Дваранскага сходу, дзе праводзілі нараду аб тым, як стос рэзалюцый звесці ў адну, — каб падаць на агульнае зацвярджэнне, мінула гадзіна ночы з 17 на 18 снежня. Заля сцішылася. Прызначылі фракцыйных аратараў, каб па пунктах патлумачваць агульную рэзалюцыю. Затым старшыня кангрэса Іван Серада двойчы зачытаў яе канчатковы тэкст і прапанаваў галасаваць асобна па ўсіх пятнаццаці пунктах.
Пісар голасна пачаў агучваць першы пункт — і нечакана ўлавіў незразумелую турботу на тварах дэлегатаў. Заля напружылася, каля выхаду ўсчалася мітусня.
Да стала прэзідыума падыходзяць двое ў шэрых салдацкіх шынялях. Першы, у новай шапцы з доўгім брылём, з доўгімі чорнымі вусамі, ― начальнік менскага гарнізона і тымчасовы «генерал-ад-рэвалюцыі» Крывашэін; следам за ім — у стаўбунаватай шапцы з нейкага рыжага футра — народны камісар унутраных спраў Заходняй вобласці і фронта «генерал-ад-земсаюза» Рэзаўскі. За імі падклэпаў і стаў злева ад стала прэзідыума трэці нечаканы зайшла — у зімовай белаватай шапцы, кароткім ні то фрэнчы, ні то шынэльку, з шашкаю і наганам, выгалены, чырвонатвары, — камандзір «Першага рэвалюцыйнага палка імя Мінскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў» таварыш Рамнёў.
Рэзаўскі штось ціха прагаварыў да прэзідыума і скінуў шапку. Іван Серада запатрабаваў ад яго дакумэнтаў. Рэзаўскі пачаў размахваць перад ім правай рукой (левай прыціскаў партфель і шапку), а Крывашэін, бліскаючы з-пад доўгага брыля вачыма, сіпліва — нібыта з прабітага горла — закрычаў:
― Я начальник горнизона!..
Заля яшчэ больш замітусілася. Хтось абураўся і выказваў пратэст, хтось — найперш на галёрцы — не дачуў…
Серада супакойвае прысутных і дае слова «начальніку гарнізона». Крывашэін зноў сіпіць, але яго словы ўжо даходзяць і да галёркі: ― …под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели… контрреволюционеры…
Дэлегаты, што сядзяць бліжэй да трыбуны, заўважаюць, што выступоўца пляце п'яную ахінею…
Загучалі выкрыкі з залы:
― Знімі шапку!
― Не ў хляве ж…
Крывашэін паволі ўзнімае руку да брыля… На лоб ападаюць чорныя доўгія валасы. Ён прыціскае іх даланёй і мармыча да Серады:
― Призываю президиум к… пор-рядку…
Нездавальненне кранулася і твара наркома Рэзаўскага:
― Лишите его слова! — а Рамнёву загадвае ўвесці ў залю салдат свайго рэвалюцыйнага палка, пасля чаго агаломшвае: — Я распускаю съезд!
Рамнёў праціскаецца скрозь шыхты жаўнераў-беларусаў, сялян і ўдзельнікаў кангрэса — да прэзідыума, каб арыштаваць яго сябраў. За ім — салдаты.
Дэлегаты загаманілі, завалтузіліся. Некаторыя з сялян паразыходзіліся па кутах, а частка разам з жаўнерамі шчыльнай сцяной перакрыла Рамнёву дарогу да прэзідыума. Адзін селянін нават узлез на стул — і пачаў абсыпаць бальшавікоў праклёнамі і паказваць свае далоні:
― Я таксама савет сялянскіх дэпутатаў!
Яго ніхто не зачапіў, але ніхто і не паслухаў…
З дзесятак сялян пачалі прасіць, каб іх выпусцілі з залы:
― Мы не разумеем, што робіцца! Мы ж не вінаваты…
Крывашэін, які апынуўся ўжо каля дзвярэй, пацягвае іх за рукавы:
― Проходите… Проходите!
Салдаты з вінтоўкамі напагатове вывелі арыштаваны прэзідыум. Пачуўся спеў «Марсельезы». З другога боку заспявалі «Ад веку мы спалі…». Дэлегаты загрукаталі стуламі — увомірг у зале выраслі барыкады. Усе стоўпіліся, з'ядналіся: і левыя, і правыя, і фракцыі, і групы.
Хутка абралі новы прэзідыум, які абвяшчае пратэст.
― Что дальше? — Рамнёў крыху зніякавеў. Рэзаўскі ж не супыняўся:
― Товарищи большевики! Я прошу вас выйти нз зала[15].
Але бальшавікі-беларусы пратэстуюць…
― Арестовать вон того кудлатого! — загадвае Крывашэін, паказваючы на старшыю новага прэзідыума.
Распачынаецца атака на барыкаду. Чутны крыкі, грукат стулаў, лаянка. Рамнёў — паперадзе. Каго могуць — хапаюць і выпіхваюць за дзверы.
У складзе новага прэзідыума — жанчына. Яна б'е Крывашэіна па твары. Хтось штурхае Макара Краўцова на Крывашэіна — і той хістаецца, хапае Краўцова за руку:
― Проходите…
Пачынала днець. На вуліцы сабралася з дваццаць коннікаў. Стаялі два браневікі з кулямётамі.
Па Падгорнай вуліцы дэлегаты накіраваліся за арыштаванымі да Камерцыйнай школы — цяпер там месціўся штаб Савета народных камісараў.
Кастусь Езавітаў зірнуў на гадзіннік — было пяць раніцы[16].
«Контррэвалюцыянеры» ішлі па вуліцы і спявалі рэвалюцыйныя песні…
Яшчэ ўвечары была адліга, а ноччу падмарозіла, пасыпаў снег — і не сунімаўся й раніцай. Па сумётах шырокай Захараўскай ісці цяжка, а тут ― і студзеньскі вецер ледзь не збіваў з ног, мёў белае пухавінне да бліжэйшага валка-сумёта, пераскокваў віхурай праз яго — і зноў заграбаў снежную пацяруху.
На ўзгорку побач з Юбілейным домам сыйшла з рэек конка. Людзі неахвотна выходзілі з вагона, хтось спрабаваў лаяцца.
― Далей не паедзем! Замёты. — Стары вазніца пачаў рассыпоньваць коней. — Рэек нават не відно…
Езавітаў пакрочыў шпарчэй. Тры разы абганялі рамізнікі на санях — вось каму ў такі час заробак!
У «Беларускую Хатку» ён прыйшоў першым.
― Калі ласка, пане Кастусь, да печкі, грэйцеся, — запрасіла старэйшая Сівіцкая.
― Баіцёся, што мая барада не растане? — Езавітаў усміхнуўся, ацёпаў з шапкі і каўняра снег, распрануўся, каля люстэрка прыгладзіў бараду: — А што, нашых «калядоўшчыкаў» яшчэ няма?
― І ня дзіва. Так мяце, што і ўблукаць можна…
Праз хвілін дзесяць з'явіліся Раман Скірмунт, Язэп Варонка, Рак-Міхайлоўскі. Апошнімі прыйшлі Аркадзь Смоліч і Ядвігін Ш.
― Вы, браткі, не думайце, што гэта я заспаў, ― Ядвігін Ш. падштурхнуў Смоліча, усміхнуўся. — Я гэта во касалапу праз гурбы перацягваў…
У сталоўцы паставілі самавар, зачынілі дзверы — і ўраз усе пасур'ёзнелі. Паседжанне пачаў Скірмунт:
― Ну што ж, спадары, да справы. Перш-наперш, як і дамаўляліся, неабходна вызначыцца з усімі ранейшымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі…
― Так, сфармуляваць іх адносіны да Рады. — Варонка расклаў паперы — зрыхтаваўся пісаць.
― А што тут думаць? Усе датулешнія арганізацыі трэба лічыць улітымі ў Раду, — прапанова Ядвігіна Ш. Яе ахвотна падтрымалі.
― Асобна мусім гаварыць пра фінансы, якіх… — Варонка ўздыхнуў, адклаў асадку: — Першае паступленне, праўда, маем. Пазаўчора Бабруйская павятовая ўправа дала камітэту тры тысячы рублёў, паставіўшы варункам, што грошы гэтыя павінны пайсці на скліканне другога ўсебеларускага кангрэса… А яшчэ сябры з украінскага генеральнага сакратарыяту пагадзіліся зрабіць дваццацітысячную пазыку[17].
― А як з Беларускай вайсковай радаю? — спытаў Езавітаў. ―Мэтазгодна было б надаць ёй асобны статус і акрэсліць яе непасрэдныя мэты. І акрэсліць найхутчэй…
― А мэты тут відочныя — падрыхтоўка да здабыцця ўлады ў краі. ― Рак-Міхайлоўскі выглядаў хоць і стомленым, але рашучым.
― Толькі так! Самі ж пераканаліся, што сіле супрацьстаяць можна толькі сілай. Таму найперш, маеце рацыю, трэба пачаць фармаванне свайго войска, а дзеля гэтага сцягваць у Менск вайсковыя адзінкі, скамплектаваныя з беларусаў. — Варонка агледзеў прысутных і штось пачаў спешка запісваць.
Абудзіўся Смоліч, прыгладзіў, раскладваючы ў прабор, непадатлівыя валасы, паслабіў гальштук — і прапанаваў:
― Бальшавікі збіраюць Чырвоную армію. Не сакрэт, што агітатараў у іх — не раўняць з намі. І каб выйграць час, чаму б не павесці з імі перамовы пра стварэнне… Беларускай нацыянальнай чырвонай арміі? Скажам, са штабам Заходняй арміі, з тым жа галоўным «вайскаводцам» Крыленкам[18].
― У нашым становішчы мы мусім распрацоўваць усё магчымае. — Рак-Міхайлоўскі задумаўся. — І хоць у поспех прапанаванага верыцца слаба, паспрабаваць трэба… Як і звязацца з прадстаўнікамі іншых вайсковых арганізацыяў: у Менску ж нелегальна дзейнічаюць Украінская вайсковая рада Заходняга фронту і Татарскі вайсковы камітэт. І яшчэ… Рада павінна мець у сваім падпарадкаванні мабільную адзінку — тут, у Менску. Па маіх звестках, можна дамагчыся пераводу ў горад 289-га рэзервовага пяхотнага палка, які на семдзесят працэнтаў складзены з беларусаў.
― А касцяк, як і планавалі — збіраць у Бабруйску? — голас Езавітава загучаў басавіта.
― Так.
― І не забыць паведаміць пра гэта ў Кіеў Алексюку. Хай і той пастараецца, — нагадаў Ядвігін Ш., і ўсе разам пачалі складаць тэкст адозвы, у якой Рада Усебеларускага кангрэса абвяшчала сябе адзіным паўнапраўным носьбітам улады на Беларусі.
Напрыканцы Варонка з Езавітавым напісалі і тэлеграмы — каб адразу іх і разаслаць:
«Смоленск… через чиновника Поклазон к Вронскому.
Необходимо отдать распоряжение 2-3 военным начальникам, чтобы они в срочном порядке направили людей в Бобруйск, обсервационный пункт. Там нужна 1000 белорусов. Спешить. Результат ждём.»
«Гомель, воинскому начальнику.
Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск обсервационный пункт».
«Киев. Белвойскрада, Алексюку.
В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите…»
…― Ну што ж, сябры, пажадаем адзін аднаму, каб хутчэй вясна ў наш край прыходзіла — і стаў ён нарэшце адзінай Беларускай Хатай! — падагульніў Язэп Варонка.
Папіўшы гарбаты, пачалі разыходзіцца.
Час замарудзіўся. Выканаўчы камітэт Рады Першага ўсебеларускага кангрэса не меў неабходных фінансаў, праз гэта не ўсе яго сябры маглі нават затрымацца ў Менску. Пяць дзён Варонка працаваў адзін — без сну і адпачынку, — і набыў сабе першыя сівыя валасы…
Беларускую вайсковую раду бальшавікі чамусьці не зліквідавалі — яна працавала легальна ў доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы, з вакна якога (на другім паверсе) ганарова звісаў бел-чырвона-белы сцяг. Легальнае існаванне Беларускай вайсковай рады давала магчымасць і вольнае працы Выканаўчага камітэта. Адной з фінансавых «выгодаў» вайсковай рады (акром памяшкання) было бясплатнае харчаванне ў адной з арганізацыяў Гарадскога саюза, пакуль яшчэ не зліквідаванага бальшавікамі. Гарадскія арганізацыі горада імкнуліся падтрымліваць адна адну — і пры Гарадскім саюзе сталавалася і частка Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса…
Езавітаву пасля сходу ў «Беларускай Хатцы» даручылі разаслаць тэлеграмы. Снег суняўся, і да дзвярэй тэлеграфа вяла яго ўжо расчышчаная сцежка. Барадаты дворнік, апіраючыся на драўляную лапату, курыў і здаволена мружыўся — на вуліцу вызірвала далёкае сонца.
Каля апарата Бадо — прыгожая чарнявая дзяўчына. Езавітаў прывітаўся, і яна манерна ўсміхнулася:
― Адну хвілінку, хай пройдуць папярэднія паведамленні…
І тады толькі Езавітаў заўважыў дзецюка ў вайсковай форме, з выцертым скураным партфелем: дзяцюк энергічна падхапіўся, забраў праз вакенца нейкую паперку — і адышоў.
― Будзьце ласкавы, вось гэта — Беларускай вайсковай радзе ў Кіеў, гэта — у Гомель і Смаленск… — Езавітаў злавіў здзіўлены позірк дзецюка, павярнуўся: той неўразумела ўталопіўся ў партфель, штось пераклаў, шчоўкнуў замочкам і падаўся да дзвярэй.
У дадатак Езавітаў паслаў падобныя тэлеграмы беларускім вайсковым радам у Адэсу і Віцебск.
А назаўтра Варонка расказаў яму, што на той жа самай пошце сустрэўся з Ландарам — гаварылі ў суседніх кабінках «простым провадам»: ён — з Кіевам, Ландар — з Масквою.
А той дзяцюк з партфелем, што дзівіўся беларускім тэлеграмам, быў ад'ютантам «главкомзапа» Мяснікова…
Праз адзінаццаць дзён — нечаканы ўдар. Загадам начальніка Мінскага ЧК Разацкага ноччу з 31 студзеня на 1 лютага былі арыштаваны сябры Рады Першага ўсебеларускага кангрэса і Беларускай вайсковай рады. Сярод іх — Мамонька, Захарка і Езавітаў…
…Пра рэзервовы 289-ы пяхотны полк Менскага гарнізона Кастусь Езавітаў даведаўся ад свайго сябра Стася Новіка — аднаго з палкавых афіцэраў. Праз некалькі дзён пасля сходкі ў «Беларускай Хатцы» полк чыгункай дабраўся да Менска, дзе Беларуская вайсковая рада пачала яго перафармаванне. Найперш пазбаўляліся «чужароднікаў». Стась прапанаваў («як доказ вернасці») перанесці на кватэру Беларускай вайсковай рады васемнаццаць кулямётаў, вінтоўкі й скрынкі з ручнымі гранатамі. Аднак адбылося непланаванае: праз сваіх агентаў бальшавікі дазналіся пра «мяцежны» полк і загадам па фронце накіравалі яго ў Арол на… ахову чыгункі. Частка салдат не падпарадкавалася загаду: «Мы беларусы, а таму хочам служыць на бацькаўшчыне. Нікуды не паедзем!»
Пасля такой заявы адразу ж палку перапынілі выдачу правіянту. Сродкаў на яго ўтрыманне Беларуская вайсковая рада не мела — нават на некалькі дзён, якіх было б дастаткова для здабыцця ўлады ў горадзе.
«Пры такой слабасці бальшавікоў пераварот можа адбыцца за адну ноч!» — запэўніваў Варонку Езавітаў (яны і працавалі, і жылі побач — у памяшканні Беларускай вайсковай рады).
Рада і палкавыя дэлегаты вырашылі дэмабілізаваць полк — каб зліквідаваць яго і як сілу бальшавікоў. Усе салдаты-патрыёты раз'язджаліся дамоў з дакумэнтамі Беларускай вайсковай рады. Стась Новік захацеў застацца пры Радзе.
План збройнага паўстання «замарожваўся»…
Вечарам 31 студзеня Беларускую вайсковую раду атачылі салдаты і матросы (пазней высветлілася, што іх — пасля забойства генерала Духоніна — спешка перакінулі з Магілёва). Не стукаючыся, трое ўвайшлі ў пакой.
― Кто из вас старший по званию? — голас зайшлы ў чорнай скуранцы.
Беларусы — Варонка, Езавітаў, Макар Краўцоў, Смоліч, Захарка — пераглянуліся.
― Старшыня ў ад'ездзе. Я — ягоны намеснік. — Езавітаў узняўся з-за стала і наблізіўся да няпрошаных гасцей. — Што вам патрэбна?
― У нас — ордер, — чалавек у скуранцы выцягнуў з унутранай кішэні складзеную напалам паперчыну.
Езавітаў нахмурыўся, нетаропка ўзяў і пачаў чытаць.
«Советъ Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ гор. Минска. Отделъ по борьбе съ контрреволюцией и спекуляциями. 31 января 1918 г. № 39.
Товарищу Ярошевичу.
Ордер
Предписывается Вам отправиться въ Белорусскую Войсковую Раду, домъ 12, кв.10, по Полицейской улице, для производства обыска и ореста всехъ лицъ, там находящихся, въ том числе и посыльнаго мальчика Афанасия.
Председатель Л. Резауский.
Секретарь Э. Баренс».
Твар Езавітава заставаўся спакойным. Беларусы пачалі перамаўляцца. Апанас, малодшы стрыечны брат Стася Новіка, які летась стаў сіратой і якога прытуліла Беларуская вайсковая рада (самога Стася Новіка на той час адкамандзіравалі ў Бабруйск), яшчэ не ўразумеў, што здарылася, і працягваў гартаць падшыўку старых газэт.
Езавітаў паклаў ордэр на стол і няўлоўна зірнуў у вакно: у змроку перад уваходам у дом шарэлі постаці вайскоўцаў, бліскалі вочкі цыгарэт…
― Дык, значыцца, змагаецеся… са спекуляцыяй? — прачытаў ордэр і Варонка — і заўважыў, як чалавек у скуранцы ўзвёў курок рэвальвера.
Езавітава ж, здавалася, нічога не магло ўсхваляваць:
― Пасыльнага сярод нас няма, ды і астатнія… — ён зірнуў на Варонку, хітнуў галавой. — Астатнія — не сябры Вайсковай рады. Яны, таварыш Ярашэвіч, — Езавітаў развёў рукамі, ― сябры Сацыялістычнай грамады…
І гэта спрацавала. У «сацыялістых» Варонкі, Краўцова-Касьцевіча і Смоліча былі сябраўскія білеты Беларускай сацыялістычнай грамады.
Ярашэвіч доўга ўзіраўся ў білеты, а затым уздыхнуў і выпаліў:
― Свободны. Троим остальным следовать за мной.
У Захаркі, сакратара Беларускай вайсковай рады, «сацыялістага» пасведчання не было, як не было яго і ў Апанаса…
На сходах паміж паверхамі таксама стаялі вайскоўцы…
Гэта было яго першае зняволенне. Езавітаў рыхтаваўся і да такога, але ж як з Апанасам? Вось, думаў, і прыгледзеў за малым…
З дакумэнтаў пры вобыску чэкісты забралі не многа — і таму адразу ж пачалі допыты (арыштаваных трымалі на гаўптвахце). Першым выклікалі Езавітава.
― Где председатель вашей Войсковой рады?
― Ад'ехаў, мне не далажыўшы, куды…
― Как работала ваша организация? С кем связаны? Чего добивались?
Дапытвалі і Захарку, і Апанаса. Спрабавалі запалохваць:
― Не расскажете всего — пойдете в расход.
Ды Апанас і ведаць нічога не ведаў, а Езавітаў з Захаркам яшчэ па дарозе ў турму змаглі дамовіцца аб маўчанні…
Старшыня ж Беларускай вайсковай рады Сымон Рак-Міхайлоўскі разам з Аляксандрам Цвікевічам былі дэлегаваны ў Брэст-Бярэсце — на мірныя расійска-нямецкія перамовы. Выправілі і Івана Сераду, ды той няведама чаго застаўся ў Менску. Дэлегаты-беларусы мелі з сабою зацверджаную 19 студзеня Выканаўчым камітэтам Рады дэкларацыю, адзін з пунктаў якой патрабаваў аднаўлення зруйнаванай вайной гаспадаркі краю коштам міжнароднага фонду ваяваўшых дзяржаў.
Рак-Міхайлоўскі й Цвікевіч перад Баранавічамі перайшлі лінію фронта і сустрэліся з кіраўніцтвам нямецкай вайсковай часткі. Беларускім дэлегатам падрыхтавалі ўжо вагон, каб накіраваць чыгункай у Бярэсце, як нечакана з'явіліся два разгубленыя афіцэры-немцы:
― Просім паноў прабачыць, але мы зрабілі тэлефоннае запытанне… Візы на праезд даць вам не зможам, паколькі кіраўнік расейскай дэлегацыі запатрабаваў нікога больш не прапускаць.
Тым кіраўніком быў Троцкі-Бранштэйн, які аніякай Беларусі не прызнаваў і сам намагаўся прадстаўляць «Заходні край».
― Едзем да суседзяў! — Рак-Міхайлоўскі быў непахісным.
Праз некалькі дзён ён з Цвікевічам былі ў Кіеве і гутарылі з сябрамі Генеральнага сакратарыта, які па-сяброўску ставіўся да беларускай Рады. Цэнтральная ўкраінская рада паспела выдаць чацвёрты Універсал, абвясціць Украіну незалежнай народнай рэспублікай, а Генеральны сакратарыят (украінскі ўрад) аб'явіў вайну бальшавікам — як прадстаўнікам маскоўскага імперыялізму.
На перамовы ў Бярэсце быў выпраўлены спадар Галубовіч. Пад выглядам кансультантаў украінскай дэлегацыі накіраваліся туды і Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам.
― У свой горад прарываемся, як бандыты, — уздыхалі дарогай.
Вуліцы ціхага Бярэсця былі закуты лёдам — шпацыраваць па слізгоце асмельваўся не кожны. Раніцай 10 лютага Рак-Міхайлоўскі сустрэўся з сакратаром нямецкага міністра замежных спраў Кюльманам. І зноў высветлілася, што беларуская дэлегацыя атрымаць мандат на перамовы не можа: яна накіравана не беларускім урадам, а Выканкамам Усебеларускага кангрэса.
― А ці мала якіх кангрэсаў і сходаў адбылося ў Расіі пасля рэвалюцыі… ― Кюльман развёў рукамі.
― Па-першае, мы з вамі — на Беларусі, а не ў Расіі… ― Рак-Міхайлоўскі нерваваўся, устаў і апёк міністравага сакратара рашучым позіркам. — Па-другое… Што б сказалі нямецкія пасланцы, калі б на падобных перамовах… — ён намагаўся хутчэй падбіраць словы чужой мовы, — скажам, між расейцамі і французамі… дзесьці ў Падздаме… яны не атрымалі мандата?
― Пан рызыкуе мяне моцна абразіць! — выкрыкнуў Кюльман, таксама ўсхапіўся з месца, затым, стрымаўшыся, сказаў ужо мякчэй: — Прашу прабачыць, больш часу не маю…
У Бярэсці Рак-Міхайлоўскі з Цвікевічам і даведаліся, што ў вялікай перамоўнай зале з састаўленымі ў два рады сталамі, акуратна закладзенымі паперай (побач з кожнай папкай — замежны пісьмовы прыбор), у адказ на прамову нямецкага генерала Гофмана Троцкі абнечаканіў усіх:
― Расійскі бок міру не падпіша, але і ваяваць далей не будзе!
Пасля гэтага мірныя перамовы перарваліся…
Немцы распачалі хуткаі наступ, за дзень займаючы па некалькі беларускіх гарадоў. Расійскі фронт разваліўся.
На той час, калі на сценах менскіх дамоў расклейваліся адозвы аб тым, што Савецкая ўлада застаецца ў горадзе, бальшавікі спешка складвалі свой набытак у машыны — адна за адной яны ад'язджалі да чыгуначнага вакзала.
Зрання 10 лютага ў «Беларускай Хатцы» сабраліся прадстаўнікі Выканаўчага камітэта і Беларускай вайсковай рады. Узбуджана ціснулі руку Езавітаву — яго «тройцы» ўдалося збегчы з турмы (у ахове трапілася некалькі беларусаў). Апанаса завялі на кватэру да Ядвігіна Ш., Захарка захварэў, ― як раптам у «Хатку» забег узрушаны матрос Васіль Муха (ён з яшчэ пятнаццацю таварышамі з крэйсера «Петръ Первый» далучыліся да палка беларускага гарнізона).
― Камісары пакуюцца ў цягнік! — бухнуў, не прывітаўшыся.
Навіна — нечаканая. Езавітаў, Краўцоў і Мамонька адразу ж выправіліся ў адну з менскіх казармаў — пасля ўзбуджанай прамовы Мамонькі ўзбунтаваліся два бальшавіцкія батальёны. Камітэт той вайсковай часткі выслаў варту, каб арыштаваць «сабатажнікаў», але салдаты раззброілі варту і арыштавалі сам камітэт. Муха застаўся ў казарме беларускім «прадстаўніком».
Калі вярталіся да «Беларускай Хаткі», за спіною пачулася вуркатанне матора, а затым — глухі грукат. Азірнуліся: самаход з салдатамі імчаў па Захараўскай, па кабіне таўклі прыкладамі, крычалі… А з Захараўскага завулка нязграбна выпаўзаў насустрач другі самаход… Шкло кабін заледзянела… І раптам — скрып, стук… Самаходы сутыкнуліся, пад колы аднаго з іх (што вёз салдат) пацякла вада, раз'ядаючы лапік снегу… Усчалася лаянка. Большасць салдат, злосных і хмурых, пацягнуліся далей пешкі — да вакзала.
Тут-сюд па горадзе чуліся стрэлы. Пад вечар страляць пачалі часцей: здавалася, кожны жыхар горада намагаўся выпхнуцца за брамку і колькі разоў гохнуць угору са свайго самапала… На вуліцах завязваліся дробныя сутычкі.
Праз дзень у Менску быў сфармаваны асобны батальён, які падпарадкоўваўся Беларускай вайсковай радзе. 18 лютага частка батальёна акружыла Губернатарскі дом, які яшчэ дзень таму займаў Савет народных камісараў, частка накіравалася да гатэля «Еўропа», дзе месцілася штаб-кватэра галоўнага камісара «Заходняй вобласці» Ландэра.
― Узгадайце яму і пра разгон кангрэса! — Варонка моцна абняў Езавітава. — Ягоны ж быў загад…
… ― Товарищ комиссар! Дальше оставаться небезопасно! — да Ландэра ўваліўся камендант выканкама Савета народных камісараў Пятроў, узмакрэлы, з пухлінамі пад вачыма. — Дом губернатора окружён…
― И куда?.. — Ландэр, здавалася, яшчэ не паспеў усвядоміць свайго становішча.
― Собирайте, что можно, и давайте за мной, на станцию.
Яны толькі-толькі паспелі чорным ходам выціснуцца з гатэля, як на прыступках галоўнага ўвахода з'явіліся жаўнеры, паперадзе якіх быў палкоўнік Езавітаў…
Калі камісарскі цягнік рыхтаваўся да адпраўкі, узбунтаваліся рабочыя-чыгуначнікі. Машыніст Домскі першым убег у дэпо і забасіў:
― Драпаюць, а хто ж нам за тры месяцы пенсію заплоціць?!
― І праўда…
― Не пушчаць іх!
Чыгуначнікі кінуліся да саставаў:
― Нікуды цягнік не кранецца!
― Давай галоўнага!
Ландэр выйсці на сустрэчу адмовіўся. Супакоіць рабочых паспрабаваў камісар унутраных спраў:
― Товарищи! Я, комиссар Резовской, призываю вас проявить революционную сознательность! Деньги вам будут выданы позже…
― Рэзаўской, ты нам цяпер давай, а то так урэжам!..
Салдатам нават загадалі выкаціць дзве пушкі. Адну нацэлілі на дэпо, другую — на рабочых, але тое яшчэ больш узлюціла…
Спрэчкі доўжыліся да ночы. Частка чыгуначнікаў разышлася, і тады трое салдат Ярашэвіча (каторы арыштоўваў Беларускую вайсковую раду) захапілі Домскага і яшчэ аднаго машыніста і, пагражаючы зброяй, змусілі вывесці цягнік з горада. Раззлаваныя машыністы знарок не зменшылі хуткасць на павароце — і састаў сыйшоў з рэек, некалькі вагонаў перакулілася. Домскі з таварышам паспелі саскочыць у ноч, у снег[19]…
Хто ацалеў з «камісарскага цягніка», дабіраліся да Барысава пешкі. Ранкам 20 лютага з Беларускай вайсковай рады ў Воршу накіравалі тэлеграму — ротмістру беларускага эскадрона кавалерыі Якубеню: «Арыштаваць па дарозе народных камісараў, што ўцяклі з Менску».
Бальшавікі тэлеграму перахапілі — і арыштавалі самога ротмістра…
Менск на некалькі дзён стаў вольным. «Камісары» ад'язджалі далей — у Смаленск. Апошні баяздольны бальшавіцкі атрад быў разбіты пад Асіповічамі. Немцы захапілі Маладэчна — і ішлі на Менск з двух бакоў. З Бабруйска сунуліся часткі польскага корпуса. «Гонар» менскага савета — Першы рэвалюцыйны полк, сфармаваны ў кастрычніку 1917-га з «палітычных», арыштаваных пры Керанскім злачынцаў, удзельнічаў цяпер у аблозе Кіева. Праз колькі месяцаў салдаты гэтага палка ўварвуцца ў кіеўскі шпіталь, з якога, як падасца ім, нехта страляў, і выкінуць у вакно параненага ў сваім першым баі дзесь пад Горадняй Льва Багдановіча, які не захацеў зняць з сябе форму афіцэра царскай арміі…
19 лютага Выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэса выдаў загад пад № 1:
Выканаўчы камітэт Савета Ўсебеларускага кангрэса ўзяў уладу ў свае рукі.
Для наладжаньня парадку ў гор. Менску назначаны Камэндант с. Езавітаў.
Прапануецца салдатам, якія знаходзяцца ў гор. Менску, і ўсяму начальніцтву трымаць самы строгі парадак.
Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварачацца да Камэнданта: Пляц Волі, дом б. Губарнатара.
Гор. Менск-Беларускі.
Язэп Мамонька зачытаў загад з балкона былога Губернатарскага дома.
І беларускі камендант пачаў дзейнічаць. У 9.20 вечара быў заняты Дом губернатара, знята чужая варта, а на балконах і на Пляцы Волі выстаўлены кулямёты. Цэнтральная тэлефонная станцыя народнага камісарыята пераназвалася цэнтральнай тэлефоннай станцыяй Беларускай рады. У 9.25 Езавітаву паведамілі пра заняцце гатэля Еўропа, дзе знаходзіўся штаб Чырвонай арміі і штаб змагання з контррэвалюцыяй — ЧК. Захапілі вялікую колькасць вінтовак, кулямётаў і патронаў, а яшчэ праз некалькі хвілін падалі весткі пра захоп будынка «Губернатарскага прысуцтва» і вайсковага арсенала. На Пляц Волі прыехала першае аўто — з паведамленнем аб здабыцці гарадскога гаража. У 10 гадзін вечара камендатура Езавітава перабралася з прыватнага дому ў Дом губернатара. На Пляцы Волі да Выканаўчага камітэта перайшлі ўсе будынкі. У 10.15 па горадзе раз'ехаліся патрульныя аўтамабілі, з якіх гарадчукам паведамлялі аб пераходзе ўлады да Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса.
А 11-ай вечара беларускай уладзе паспрабавалі супраціўляцца аддзелы польскага легіёна Доўбар-Мусніцкага, царскага генерала, якому Керанскі дазволіў фармаваць нацыянальнае польскае войска з палякаў-вайскоўцаў царскай арміі. Польшча была пад нямецкай акупацыяй, і генерал базаваў свае аддзелы на Беларусі… Да 2 гадзінаў ночы супроцьстаянне польскага легіёна было зліквідавана, а горад ачысцілі ад выпадковых частак, што спрабавалі на некаторых вуліцах наладзіць пагромы.
Ранкам у 4 гадзіны Менск супакоіўся. Езавітаў — узрушаны, не адчуваючы стомы, выйшаў на Пляц Волі, азірнуўся наўкол і на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага марознага паветра. Вецер крануўся валасоў, і ён узняў галаву — над пляцам з балкона Губернатарскага (у былым) дома лёгка і свабодна крылялі два бел-чырвона-белыя сцягі…
Праз сем месяцаў у кастрычніцкім нумары часопіса «Варта» Езавітаў надрукуе свае ўспаміны, і ў тых абзацах застанецца і перажытае-адчучае вось зараз:
«Лёгкі перадсвітальны ветрык ласкава варушыў палотнішчы двух нашых нацыянальных сьцягоў, што разьвяваліся на бальконе дому губернатара. У сьветлым змроку, на велізарным палотнішчы аднаго зь іх, я прачытаў лёзунг, за якім ішлі ўсе нашыя жаўнеры: «Няхай жыве Вольная Беларусь!» На другім палотнішчы — маленькім і сьціплым, ледзь віднелася значна магутнае, сьмелае, гатовае на самаадрачэньне й самаахвярнасьць, — чым жылі й дзеля чаго ўсё прыносілі ў ахвяру сябры Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады: «За родны Край, за Вольную Беларусь!».
На другі дзень Выканаўчы камітэт, адпрацаваўшы ўсю ноч, скончыў сваё паседжанне ў доме № 10 на Садовай вуліцы (на кватэры Гутмана) прыняццем першай Устаўной граматы да народаў Беларусі. Позна ўвечары ейны тэкст быў памножаны ў вядомай (па выданні беларускіх кніг) друкарні Грынблята, уладальнікамі якой быў калісьці Іёкель Дворжэц. Адначасна на Скобелеўскай на кватэры Аляксандра Уласава і Ядвігіна Ш. сабралася Вайсковая рада.
― Справа беларускага нацыянальнага войска павінна вырашацца сёння, — Езавітаў быў усхваляваным. — Асновай менскага гарнізону становіцца зборны батальён частак бальшавіцкага войска, які колькі дзён таму перайшоў на наш бок. Узрадавала і Беларуская вучнёўская грамада, гурток нашай моладзі, які, стыхійна ўзброіўшыся, на чале са знаёмым нам Апанасам Новікам папоўніў, так бы мовіць, беларускую гвардыю…
― Так, я й сёння, як сюды йшоў, бачыў іх, — сказаў Макар Краўцоў. ― Атачылі новую рэзідэнцыю Выканаўчага камітэта ў Губернатарскім доме… У некаторых нават па дзве вінтоўкі на плячах было… А тут — адкуль толькі ўзяўся! — самаход з польскімі жаўнерамі. Тармазнуў на пляцы, паўзіраліся на хлопцаў палякі — і далей пагазавалі. Што й казаць — верныя старажы!
― Яно то добра, ды… Ты б, Макар, паапекаваўся за імі. Не для вайны яны йшчэ як-ніяк… — затурбаваўся Ядвігін Ш.
Абмеркавалі бліжэйшыя планы, і Ядвігін Ш. усміхнуўся і кіўнуў Мамоньку:
― То ты, Язэп, раскажы ўсё ж нам, як партфель у Рэзаўскага адабраў!
Усміхнуўся і Мамонька:
― Губернатарскі дом камісары вызвалілі неўзаметку — і зніклі. Я з хлопцамі, значыцца, у кабінет камісара ўнутраных спраў… Шыльда яшчэ засталася… А там рэзрух, анікога. А на стале — партфель сімпатычны. Раскрылі — а там чыстыя блянкеты замежных пашпартоў, пратаколы, выпіскі. Ну не бегчы ж мне за гаспадаром, каб аддаць…
Тымі ж кароткімі днямі склаўся і беларускі ўрад. Выканаўчы камітэт, папоўнены кааптацыяй у яго склад сябраў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і некаторымі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў, стаў першым беларускім «міністэрыюмам» — кабінетам міністраў. Новы дзяржаўны орган вырашылі назваць Народным сакратарыятам. Ягоным старшынёй застаўся Язэп Варонка. «Міністэрыюм» склалі пятнаццаць «народных сакратароў», сярод іх — Аркадзь Смоліч (сакратар земляробства) і Кастусь Езавітаў (сакратар вайсковых спраў). Паведамленне ад Народнага сакратарыята аб пачатку выканання ім сваіх абавязкаў 21 лютага распаўсюдзілі тэлеграфам — з пазнакай «Усім, усім, усім».
У той жа дзень была аддрукавана першая пастанова Народнага сакратарыята Беларусі:
Находящиеся на территори Белоруссии казенныя имущества, учреждения, капиталы и ценности в нихъ находящиеся и составлящия народную собственность, объявляются достояниемъ народовъ Белоруссии и переходятъ въ ведение и распоряжение Народнаго Секретариата БЕЛОРУССИИ.
Временный Председатель… И. ВОРОНКО.
Управляющий Делами Л. ЗАЯЦЪ.
Тадышні будынак Губернатарскага дома на былым Верхнім рынку, на сённяшнім Пляцы Волі нагадваў, здаралася, кірмашовыя сутарэнні: невядома адкуль зносіліся сюды скрыні шакалады, цукар, шынялі, у вялікай колькасці вайсковыя дзягі, кулямёты. Перад прыступкамі стаялі нават два навюткія матацыклы…
― Хутка дом так закладуць, што й ня выйдзем, — засяродзіў старшынёву ўвагу на гэты гармідар Макар Краўцоў, а Варонка адно развёў рукамі:
― У расейскую рэвалюцыю Чхэідзэ ў Таўрыдскім палацы быў завалены яшчэ больш — туды нават акрываўленыя галовы рэзанай жывёлы звозілі, так што, выходзячы, ён і праз іх мусіў перадзыгаць…
Тут, у былым кабінеце губернатара (ён быў пазначаны дзесятым нумарам), а цяпер старшыні беларускага Народнага сакратарыята, узбуджаны памочнік гарадскога каменданта Васіль Муха адшукаў Езавітава і, не аддыхаўшыся, заспяшыў:
― У арсенале грабёж! Палякі цягаюць на вазы зброю…
― Дык там жа Гайдук! — не ўцяміў Езавітаў.
― Гайдук не пярэчыць…
― Давай хутчэй — у двары самаход!
― А можна з вамі? — не стрываў Макар Краўцоў.
― Хадзем…
Перад арсеналам — менскім складам зброі — і насамрэч стаяла некалькі падводаў, ужо амаль цалкам нагружаных вінтоўкамі і патроннымі скрынкамі.
― Хто старэйшы? — па-польску, саскокваючы з самахода, грозна выкрыкнуў Езавітаў. Жаўнер, што трымаў каня першай падводы, ураз абмяк і няпэўна кіўнуў на склад. Насустрач выбег Гайдук і «старэйшы».
― Я камендант горада палкоўнік Езавітаў. Уладай Народнага сакратарыята Беларусі загадваю перанесці зброю назад. Краўцоў, Муха, ахову — у арсенал!
З кузава самахода пасаскоквалі жаўнеры першага беларускага палка — чалавек з трыццаць. Са складовай вартай сабралася поўных два ўзводы. Перад такою сілай палякі мусілі скарыцца.
― Што ж, пададзімся пазычаць у бальшавікоў, ― адгаворваліся, носячы зброю назад…
Езавітаў строга агледзеў Гайдука (той паспеў начапіць навюткія пагоны штабс-капітана), уздыхнуў нездаволена:
― Табе, як сябру Вайсковай рады, перш-наперш не пра пагоны, а пра скарб радны думаць належыць!
Польскіх жаўнераў у горадзе большала. Легіянеры генерала Мусніцкага ноччу паралізавалі беларускія добраахвотніцкія пасты перад будынкам пошты, забралі трынаццаць мільёнаў рублёў, разрабавалі касы штаба міліцыі, некаторыя харчовыя склады, паранілі міліцыянера і жаўнера — і, дачуўшыся пра ўваход у горад нямецкіх войскаў, заціхлі.
Вечарам Езавітаў падпісаў новы загад:
Приказ № 3 по гарнизону города Менска.
22 февраля 1918 года.
1. Немцами занят Менск. Предлагаю гражданам воздерживаться от каких бы то было враждебных выступлений и сохранять полную лояльность…
Далей загадам усе вайсковыя часткі, што знаходзіліся ў горадзе, — акром польскага корпуса і нямецкіх частак, — аб'яўляліся беларускімі, а іх маёмасць і склады — уласнасцю беларускага народа. Асобна адзначаліся незаконныя польскія канфіскацыі:
5. Реквизиции, которые сделал польский корпус, прекратить. Всё реквизированное должно быть упорядочено, описано и представлено в белорусскую комендатуру для санкции.
6. А также, кто не имеет ордеров от белорусского коменданта на реквизицию, будет задерживаться, как мародер…
Першы нямецкі вайсковы аддзел на вакзале вітаў-сустракаў — са сваёй прыватнай ініцыятывы — Раман Скірмунт. «Памочнікам» пры ім быў Павел Аляксюк. З тыдзень таму з прапановы Езавітава яго выключылі з Вайсковай рады, але пры кааптацыі Аляксюк патрапіў у пашыраны склад Выканаўчага камітэта — і адразу ж прапанаваў уключыць у выканкам… усю Раду польскую зямлі мінскай. У той жа дзень Алексюка выключылі і з Выканаўчага камітэта…
Раніцай 25 лютага Пляц Волі патанаў у тумане. Мокры шэры снег ліпнуў да ботаў, ападаючы з колаў гармат (з аграмаднымі — метраў на тры — стваламі), забіваўся на восі, раставаў, зноў патрапляў на колы і бруднымі камякамі пырскаў на штаны жаўнераў, ― па два на гармату, адкінуўшы карабіны за спіны, мусілі падпіхваць жалезныя цяжэрыны, падсабляючы мокрым натомленым коням.
Немцы рыхтаваліся да парада. Яны спакойна прайшлі па Захараўскай, не здзівіліся (здалося, нат не заўважылі) вайскоўцам беларускага палка — аддзелу коннікаў са стрэльбамі за плячыма.
Некалькі кайзераўскіх калонаў вышыхціліся перад Губернатарскім домам, афіцэры коратка адрапартавалі худому вусачу ў зіхоткім шлеме з вострай пікаю ўверсе і заліхвацка, чвакаючы лёгкімі — хоць і да каленяў — скуранымі ботамі па раскіслым снезе, прамаршыравалі да сваіх узводаў. З Губернатарскага дома выйшлі яшчэ тры афіцэры… Мінулай ноччу з яго нямецкі камендант выселіў Народны сакратарыят і канфіскаваў ягоную касу ― каля 300000 рублёў, большай часткай у думскіх білетах. Варонка са Скірмунтам і Езавітавым раніцай наведалі капітана фон Пільца — і ўся канфіскацыя была аддадзена назад. Немцы не распусцілі беларускага ўрада, але ізалявалі яго ад усялякіх сувязяў з правінцыяй. І Народны сакратарыят вырашыў разам з Гарадскою думаю і Менскай губернатарскай земскай управай склікаць у сакавіку агульны сход.
Вусач кіўнуў аднаму з іх, з залатым пенснэ на вострым носе (як потым высветлілася, нямецкаму каменданту горада), «пенснэ» коратка гергетнуў штось свайму даўгалыгу-ад'ютанту — і той торапка ўбег у Губернатарскі дом і праз хвілю з'явіўся на балконе, на якім ужо тыдзень лунаў вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Як толькі даўгалыгі ад'ютант пачаў адрываць сцягавае дрэўца, на балкон выбег Апанас Новік — і каршуком да немца:
― Ня руш!
Даўгалыгі напачатку нават зніякавеў. З пляца — усё было навідавоку — дакаціліся вокрыкі, хтось з жаўнераў тыкаў на іх пальцам… Даўгалыгі зноў ірвануў сцяг, і тады Апанас наскочыў на яго і хапіў за рукі…
Спадужнікі былі няроўных сілаў, і яшчэ праз хвілю Апанаса ўжо цягнулі да задняга выхада Губернатарскага дома.
Сцяг сарвалі і скінулі на снег[20].
― А з гэтага малога можа атрымацца добры салдат, — нібы сам сабе пратараторыў нямецкі камендант, лена працёр шкельца свайго пенснэ і выкрыкнуў да худога вусача: — Пачынайце парад!
9 сакавіка Выканаўчы камітэт выдаў Другую Устаноўчую грамату, якая акрэсліла асноўныя пункты канстытуцыі краю і абвесціла Беларусь Народнай Рэспублікай. Выканаўчы камітэт уключыў у свой склад гарадскія і земскія органы самакіравання — і, узросшы да сямідзесяці аднаго сябры, ператварыўся ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, першы нацыянальны парламент.
Але БНР афіцыйным Берлінам не была прызнана — вельмі ж вялікімі былі тыя «барышы», што дзяліліся паміж ім і Масквой… Беларусь засталася задаткам пад ваенную кантрыбуцыю, якую мусіла выплочваць Савецкая Расія. Не дыпламатнічалі немцы і з палякамі: корпус Доўбар-Мусніцкага пасля абароны фронта ўздоўж Дняпра — калі стаў непатрэбным — быў раззброены.
Незакончаная вайна кроіла зямлю Беларусі: апрача лініі расійска-нямецкага фронта, што падзяляла краіну на дзве няроўныя часткі — усходнюю і заходнюю (немцы ўтрымлівалі лінію «імперыялістычнага» фронта), утварыўся новы нямецка-бальшавіцкі з лініяй каля Воршы. Па дамове немцаў з украінцамі і літоўцамі некаторыя беларускія паветы перайшлі да Украіны і Літвы. У Менску не ведалі, што рабілася ў Вільні, да Вільні даходзілі супярэчлівыя навіны пра падзеі ў Менску…
Толькі прачнуліся, як у дзверы падрагаў Апанас Новік, — пасля хадайніцтва Рады яго вызвалілі з-пад арышту. Адкрыў Езавітаў (некаторы час ён кватараваў у Ядвігіна Ш.).
— Дзядзька Кастусь! З Вільні дэлегаты прыехалі. У памяшканні Рады ўсе збіраюцца…
— А хто прыехаў? — пацікавіўся Ядвігін Ш.
Апанас зніякавела ціскануў плячыма:
— Я й не запомніў… Браты там двое… Яшчэ некалькі дзядзькоў з вусамі…
— Браты двое? То мо Луцкевічы? — Ядвігін Ш. пачаў апранацца. — Ты, Апанаска, пакуль мы збіраемся, там во пірага з малаком пакаштуй.
— Вы б паляжалі яшчэ, — Езавітаў ведаў, што гаспадар не адгробся ад прасгудьі.
— Ды што там! — толькі адмахнуўся той.
Амаль адразу пашэнціла спыніць рамізніка, і праз некалькі хвілінаў яны ўжо былі каля дома № 43 на Захараўскай, дзе цяпер месцілася Рада і Народны сакратарыят, — каля былога Юбілейнага дома.
— Эх, Кастусь! — Ядвігін Ш. затрымаўся перад уваходам. — Здаецца, толькі ўчора было: і Вільня, і «Наша Ніва», і тыя ж Луцкевічы, а ўжо такі кус жыцця з'едзены…
— А вы верце, што ўсё смачнейшае — наперадзе! — звёў на гумар Езавітаў. — Хадземце.
Віленскія беларусы на канферэнцыі 25 студзеня 1918 года абралі Віленскую беларускую раду, якая адразу ж пачала дамагацца ад нямецкіх уладаў дазволу на прыезд сваёй дэлегацыі ў Менск. На дазвол спатрэбіўся… месяц — канферэнцыя не апраўдала спадзевак акупантаў. У дэлегацыю з Віленшчыны ўвайшлі Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч, віленскі работнік, і Дамінік Сямашка, віленскі брандмайстар. Выехалі адразу ж, як атрымалі прапускі — не зважаючы, што ў люты мароз трэба было праседзець у неацепленых вагонах дваццаць чатыры гадзіны — і нават кіпеню нельга было адшукаць па ўсёй дарозе. Іван Луцкевіч, да ўсяго, быў хворым на сухоты, кашляў крывёй…
…― Дык што там у вас з літоўска-беларускай дзяржавай атрымалася? — перапыніў Станкевіча Ядвігін Ш.
― Тарыба, як толькі немцы пацвердзілі літоўскую незалежнасць, ад гэтае ідэі адмовілася…
Сумнае маўчанне пасля слоў Антона Луцкевіча перарваў Варонка:
― То ці не да лепшага? Калі былое супольнае Вялікае княства не вярнуць, то ці не час абвясціць пра народзіны свайго?
― Вось дзеля гэтага мы ў Менск і дабіраліся! — узбадзёрыўся Іван Луцкевіч. — Трэба збіраць Раду…
Пасля сустрэчы абодва Луцкевічы паехалі на гарадскія могілкі. У студзені ў Менску памерла маці — а змаглі даехаць у горад толькі зараз…
Ластоўскага Ядвігін Ш. запрасіў да сябе. З Езавітавым утрох вырашылі прайсціся пешкі.
― Хоць горад маладавясновы разгледжу, — узрадаваўся Ластоўскі.
― Я, Вацлаве, цябе даўно такім маўклівым не бачыў… ― насцярожыўся Ядвігін Ш.
― Ды я болей слухаў. А дома з Луцкевічамі крыху быў паспрачаўся… Супраць я тога саюзу з Літвою адразу выступаў. Яны не ўзгадалі сёння… Як аказалася, за мною праўда была.
― Дык чаго ж ты там у Вільні дамагаўся? — Ядвігін Ш. спыніўся, агледзеў шапку прыдарожнага каштана (які, здавалася, так і меціў выпхнуцца на тракт), памацаў ажывелую пупаўку.
Ластоўскі таксама падышоў да каштана, пастукаў даланёю па вільготным камлі:
― А я вось як і ён — за незалежнасць…
― А калі й залежнасць, то ад сонца вясновага, а не ад сякеры дворніка… — усміхнуўся Езавітаў.
― Цябе, Кастусь, нібыта й не на вайскоўца вучылі, а на Сакрата! — усміхнуўся на тое і Ластоўскі.
― Ну, а што, пане Ядвігін, пачытаць мне дасі цікавага? — папрасіў, калі ўжо былі на кватэры, Ластоўскі.
― Бач, каб шчэ й цікавага… Ведаеш, нешта праз свае хваробы даўно нічога путнага не складваў. Ёсць, праўда, адна задума… Як аспакайнеюся, трэба будзе запісаць.
― То раскажы хоць, пра што там насачыняў?
― Ды й не насачыняў нават, а так, прыкмеціў… Як народу зусім няўсцерп жыць стала. І вось сабраўся аднаго разу люд, каб лягчэй пачувацца, вырашыў зжыць са свету ўсіх злодзеяў. Параіліся і пастанавілі разам выгадаваць волата, каб здалеў тых ворагаў. Выбралі нікому датуль незнаёмае дзіця і пачалі ўсім светам карміць і пяленгаваць. Расце дзіцё — а жыццё не лягчэе: усё больш і больш выкармак просіць, і мусяць не толькі сваё апошняе яму аддаваць, але і ў пазыкі палезці… Нарэшце вырас іхні волат-асілак — да неба! Узрадаваўся народ, сабраўся на сход — і загудзеў яму пра ўсе свае беды. Каціўся гэты стогн па зямлі, а ў гару не шыбаў — дзе б яго пачуў народны выбранец; а той, спаглядаючы з вышы ўніз, ня мог дагледзець потам і крывёю злітай зямлі, на каторай варушыліся яго маленькія кармільцы…[21]
― Ты гэта каго ў прытчу ўплёў? Ці не Леніна якога? — падзівіўся Ластоўскі.
― Чаму?.. Не яго аднаго.
― То не адкладвай, сядай — і запісвай. Рэч вартая!
Паседжанне пазачарговай Рады БНР пачалося ўвечары 24 сакавіка. Адкрыў яго старшыня Іван Серада (той самы, які не асмеліўся падацца з Рак-Міхайлоўскім і Цвікевічам на перамовы ў Бярэсце).
― Шаноўнае спадарства! — Серада напачатку нават хваляваўся. — Нашае паседжанне наведалі прадстаўнікі Віленскай беларускай рады…
Гасцей віталі апладысментамі. Серада й не ведаў, што адзін з віленскіх пасланцоў — Дамінік Сямашка — на гэтае паседжанне не прыйшоў: дазнаўся, што немцы коса глядзяць на Раду — і ўбаяўся за сваё «высокае» становішча начальніка віленскай пажарнай дружыны…
― А цяпер, — працягваў Серада, — першым з прамовай выступіць Язэп Варонка.
Варонка спешка ўзышоў да трыбуны і бадзёра агледзеў запоўненую залу:
― Сябры… Не вам мне казаць, якую ролю ў гісторыі краіны адыграла наша крывіцкая калыбка Вільня. Таму сёння шаноўныя віленчукі ні на хвілю не павінны пачувацца гасцямі… ― ён зрабіў паўзу і пачаў больш гучна: — Беларусы! Сёння ў нас Пасха! Сёння зноў яднаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёння ўваскрос беларус, уваскрашаецца нашая бацькаўшчына!
Езавітаў агледзеў правы край залы, дзе сядзелі прадстаўнікі земства, настроенага (як ведаў) супраць беларускай самастойнасці. «Малайчына, Язэп, — падумаў. — Трэба напачатку прыціснуць іх эмацыйна. Бач, нат не варухнуцца…»
Пасля Варонкі грунтоўны даклад пра дзейнасць беларускіх арганізацый Віленшчыны і Горадзеншчыны зрабіў Антон Луцкевіч, доўга і падрабязна адказваў на пытанні.
― Ёсць прапанова… — Варонка пачакаў, пакуль Луцкевіч сядзе на сваё месца, — …ушанаваць хвілінай маўчання памяць памерлай у Вільні адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады паэтэсы Алаізы Пашкевіч-Цёткі.
Калі радаўцы селі, ад фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады на абмеркаванне была вынесена прапанова абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Правая частка залы неўразумела загудзела…
― Цішэй, спадары, цішэй! — апамятаваўся Серада. — З дакладам мае выступіць старшыня фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады Аркадзь Смоліч.
Смоліч засяродзіўся найперш на акрэсленні становішча Беларусі і тых прычынаў, што патрабавалі неадкладнага абвяшчэння незалежнасці краіны.
Барацьба на сесіі абвастрылася. Пасля перапынку спрэчкі па дакладзе доўжыліся ажно дзесяць гадзінаў. Выступіла дваццаць шэсць аратараў…
― Рада республики не может прокламировать незавнсимость Белоруссии, — выкрыкваў прадстаўнік земстваў і гарадоў Злобін, — потому что нарушит этим волю первого всебелорусского съезда, в одном нз пунктов резолюции которого говорилось ясно о неотторжимости Белоруссии от Российской Федеративной Демократической Республики!
― Гэта той Злобін, закінуты да нас прыфрантавым адзьдзелам Усерасійскага земскага саюза, які месяц таму, напрошваючыся ў выканаўчы камітэт, рассцілаўся з нейкім бясконцым дакладам пра палітыку Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску, напіраючы праз меру на тое, што ён, эсэр Злобін, заўзяты паланафіл, — шаптаў тым часам на вуха Ластоўскаму Езавітаў.
― Па-першае… — Варонка рашуча ахапіў краі-канты трыбуны (у перапынку да трыбуны прымацавалі чырвона-белую «Пагоню»). — Аніякае ж Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі зараз не існуе! Па-другое: у Бярэсці Расія, хоць і бальшавіцкая, спакойна аддала наш край немцам і гэтым першая «отторгла» Беларусь. І, нарэшце, можа вы, спадар Злобін, заклікаючы так няўхільна шанаваць ранейшыя законы, адкажаце нам, на падставе якога пункта расійскае канстытуцыі ў Расіі скінулі цара?!.
У зале нібыта ляснуў пярун. Стала зразумела, што шаля «дэбатных» вагаў схілілася на бок незалежнікаў.
У эмацыйнай прамове за незалежнасць Беларусі выказаўся і сябра Аб'яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі Мац, аднак, выслухаўшы пярэчанні сваіх таварышаў (Гутмана і Мар'ясіна), мусіў агаварыцца, што — як чалавек партыйна-дысцыплінаваны — будзе галасаваць супраць…
Перад самым галасаваннем два разы Злобін дамагаўся пяціхвілінных пярэрваў «для кансультацый», намагаючыся, пэўна, схіліць на свой бок некалькіх грамадоўцаў.
Нарэшце — адказная хвіліна. Галасаванне… і большасць выказваецца за незалежнасць Беларусі і прыняцце прапанаванай Беларускай сацыялістычнай грамадой рэзалюцыі (рэзалюцыя прадстаўнікоў земства прапаноўвала толькі скасаваць Берасцейскую дамову): «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай, пра што выдае адпаведную Устаўную грамату».
Сябры Рады, вылучаныя яшчэ Першым усебеларускім кангрэсам, галасавалі за рэзалюцыю аднагалосна.
Земская група — усе дзевяць чалавек — дэманстратыўна пакінулі залю. Прадстаўнікі Аб'яднанай габрэйскай партыі, ЕСДРП «Поалей-Тион» і сацыялісты-рэвалюцыянеры пры галасаванні ўстрымаліся.
Абнечаканіў усіх Гутман:
― Мы пагаджаемся выказацца за незалежнасць, калі следам за гэтай рэзалюцыяй будзе прынята пастанова аб федэрацыі з Расіяй.
У адказ нехта рассмяяўся…
Пераможцы доўга не хацелі выходзіць з залі. Да Ядвігіна Ш., Варонкі і Езавітава падсеў узбуджаны Язэп Лёсік, пацёр чырвоныя ад бяссоннай начы вочы:
― Віншую, браткі… ― і пачаў ціснуць ім рукі. — Гэта ж так важна! Канешне, мы слабыя, і паміж моцнымі Расіяй і Польшчай мусім выбіраць чыйсьці бок. І, калі выбіраць, то лепей польскі: Польшча сама перажыла нацыянальную няволю… Ды і паланізацыя нам не так моцна пагражае. Так што віншую…
Было шэсць гадзінаў раніцы. Зірнуўшы на першыя слабенькія водсветы ў вокнах, Варонка падрахаваў:
― Нарадзілася святло новай Беларусі!
Выключылі электрычныя лямпачкі, і Іван Луцкевіч дадаў:
― А старое святло згасла…
У дванаццаць гадзін пад старшынствам Варонкі адбылося новае паседжанне Рады, на якім па пунктах зацвярджалі тэкст Трэцяй устаўной граматы:
…Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай незалежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай…
…Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы…
Вясна ўбіралася ў сілу, а некаторыя, здавалася, не паспявалі гэтага заўважаць. Не выключэнне — і Кастусь Езавітаў. Ды і не дзіва: часу толькі-толькі хапала на кабінетна-службовыя клопаты — зраніцы, усемажлівыя перамовы — пасля абеду, выезды-інспектаванні — вечарам, газэты і складанне дакумэнтаў — ноччу. А тут яшчэ няспынныя палітычныя змены…
Пасля некалькіх «ператасовак» у Радзе — выхаду прадстаўнікоў земстваў і папаўнення «Народным прадстаўніцтвам» Скірмунта (пры гэтым Скірмунта змусілі адмовіцца ад свайго маёнтка) — ачольваць Раду пачаў Серада.
Варонка мусіў стрымліваць наступ Скірмунта, які заставаўся вядомым грамадскім і палітычным дзеячом. Старэйшыя беларусы яшчэ помнілі ягонага бацьку, Аляксандра, які — разам з Эдвардам Вайніловічам — на імперскіх абшарах адстойваў інтарэсы беларускіх землеўладальнікаў і быў ініцыятарам звароту менскай шляхты да Мікалая ІІ — з просьбай аднавіць забароненыя пасля паўстання 1863 года дваранскія сходы. Раман Скірмунт прадаўжаў бацькаву справу не толькі ў гаспадарцы. Восенню 1905 года ён прапанаваў аб'яднацца ў адну партыю шляхце беларуска-літоўскага паходжання, распрацаваў і партыйную праграму, якая прапаноўвала паступовае ўвядзенне палітычных свабодаў, роўнасць грамадзянаў перад законамі і магчымасць атрымліваць адукацыю на роднай мове, — пачатковая адукацыя мелася стаць бясплатнай; дабрабыт малазямельных і беззямельных сялян меркавалася палепшыць з дзяржаўнай дапамогі. Як сябра Менскага сельскагаспадарчага таварыства ён шматкроць прапаноўваў шукаць паразумення з сялянамі. Калі ж Раман Скірмунт стаў дэпутатам Думы, яго абралі сябрам аграрнай камісіі. З 1906 года на Скірмунта накінуліся з абвінавачваннямі польскія эндэкі.
«Раман Скірмунт не ўважае сябе за паляка, — абураўся іхні кіраўнік на старонках «Дзённіка Літоўскага». — У гутарцы са мною ён заявіў, што ён беларус, які адно ўзгадаваны ў польскай культуры…»
Скірмунт актыўна абараняўся, параўноўваючы польскіх эндэкаў з «истинно русскими патриотами». Да палітыкі далучалася і звычайная зайздрасць: у верасні 1906 года віленскі біскуп Роп падчас візітацыі касцёлаў Горадзенскай губерні, парушыўшы праграму, заехаў у пінскі маёнтак Скірмунта Парэчча і гасцяваў там. Піншчына на той час славілася сваімі балотамі. Продкамі пінчукоў лічылі старадаўніх драўлян, і на пачатку XX стагоддзя яны мала чым адрозніваліся ад сваіх папярэднікаў часоў Уладзіміра — калі тыя плацілі падаткі венікамі… Адрозніваліся яны і сваёй гаворкай. Раман Скірмунт напіша граматыку «пінскай гаворкі»…
У Скірмунта было шмат нядобразычліўцаў — найперш зайздроснікаў, таму Скірмунт і не патрапіў у другую Думу і не быў абраны віцэ-старшынёй Менскага сельскагаспадарчага таварыства. А праз некалькі гадоў крэўнае пачуццё «тутэйшасці» перарасло ў Рамана Скірмунта ў нацыянальнае, што адным з першых адзначыў яшчэ Максім Багдановіч — яшчэ ў 1917-м.
Калі менскі адзьдзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, які аб'ядноўваў некалькі дзесяткаў беларускіх інтэлігентаў, службоўцаў, духоўных асоб (сярод іх былі і пісьменнікі Ядвігін Ш., Андрэй Зязюля, Змітрок Бядуля, а таксама і Максім Багдановіч), ператварыўся ў асветніцкую і культурніцкую арганізацыю, яе старшынёй — з прапановы Багдановіча — абралі Скірмунта. Пасля лютаўскай рэвалюцыі адзьдзел абвясціў сябе нацыянальным камітэтам. Аляксюк увайшоў у Выканкам грамадскай бяспекі Менска — неафіцыйны орган «агульнарасійскага» Часовага ўрада. Правялі мітынгі ў Менску і Бабруйску — з прамовамі па-беларуску, а ў сакавіку 1917-га арганізавалі з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які і сфармаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт (як юрысты ў яго ўвайшлі Шантыр і Аляксюк). Старшынёй зноў абралі Скірмунта, які ачольліў дэлегацыю да Часовага ўрада ў Піцер… І каб не рэвалюцыя кастрычніцкая, каб не войны — хто ведае, як усё сталася б і што місія тая прынесла б… А можа, і паўстала б яшчэ тады незалежная Беларусь — паперадзе і Польшчы, і Украіны?..
Пасля паседжання Рады БНР пачалі драбіцца партыі: з Грамады адкалолася група Тамаша Грыба і стварыла Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў; «неэсэры» Варонка разам з Езавітавым заснавалі партыю сацыялістаў-федэралістаў — пасля спатычкі Скірмунта з Варонкам з-за прэм'ерства. Некалькі дзён Скірмунт усё ж пабыў старшынёй Народнага сакратарыята, але Варонка ягонаму кабінету перадаць справы адмовіўся. Пасля «дваяўрадства» Сакратарыят і ўзначаліў «кампрамісны» Іван Серада. Штаб-кватэра Рады і Народнага сакратарыята тады і была перанесена ў Юбілейны дом на Захараўскай вуліцы — прыгожы трохпавярховы палац з вытанчанымі купалкамі-вежкамі, а дом быў пераназваны Беларускім…
У Кіеў да нямецкага амбасадара (Германія прызнала незалежнасць Украіны) накіравалі пасланцоў Рады — з просьбаю прызнаць незалежнасць і Беларускай Народнай Рэспублікі, дапамагчы ў стварэнні беларускага войска для ўсталявання ўлады на тэрыторыі і савецкай часткі Беларусі. Беларуская місія вярнулася без жаданага выніку. Паслалі ў Берлін тры граматы рэйхсканцлеру. У Народны сакратарыят прыйшоў адказ: Берлін разглядае Беларусь часткай савецкай Расіі і па Берасцейскай дамове вырашыць пытанне аб незалежнасці краю без удзелу ўрада Леніна не можа…
Езавітаў пачаў заўважаць, што прадстаўнікі нямецкага вайсковага камандавання больш лаяльна ставіліся да Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва, якое — па-сутнасці — з'яўлялася партыяй Скірмунта. Сакратаром Прадстаўніцтва быў Аляксюк, а сябрамі — мяшчане Менска. Кватэра Прадстаўніцтва (з зіхоткай шыльдаю на дзвярах па-беларуску і па-нямецку) месцілася на Серпухаўскай вуліцы — неўздалёк ад Беларускага дома, і часта можна было бачыць нямецкіх вайскоўцаў, што заходзілі ці выходзілі з Прастаўніцтва Скірмунта.
Да «партыі Скірмунта» далучыліся Аляксандр Уласаў, ксёндз Гадлеўскі, а таксама былы царскі «генерал-ад-інфантэрыі» Кандратовіч, былы сябра Беларускай вайсковай рады, выключаны з яе за «буржуазнасць».
І тады Езавітаў вырашыў дзейнічаць праз камандаванне нямецкай арміі. Наказаў быў раней Варонку (той ведаў нямецкую мову) дамагчыся прыйма генералам Фалькэнгаўэнам, каб абгаварыць арганізацыю тэрытарыяльнай улады, — і яшчэ 27 сакавіка выйшла дэкларацыя, якой прызнаваліся ўсе краёвыя беларускія структуры ўлады.
А назаўтра нечакана прыбег нямецкі пасыльны:
― Кто ест Вор'онко?
― Я, — наструніўся старшыня.
― Зовьёт вас к себья гер генерал…
Праз гадзіну зніякавелы Варонка вярнуўся ад Фалькэнгаўэна.
― Што здарылася? — устурбаваўся Езавітаў.
― Я ніколі не бачыў, як генералы кіпяць ад злосці… ― Варонка адкрыў фортку, сеў каля вакна, закурыў. Адбітак стомленасці ляжаў на ягоным твары ― заўсёды сур'ёзным. За апошнія тыдні Варонка заўважна схуднеў, пад вачыма вымалёўваліся цёмныя яміны. Здалося, нават пабольшалі-натапырыліся вушы, а свабодна пашыты пінжак стаў як завялікім. — Пад Барысавам на нямецкі атрад напалі ўзброеныя сяляне. Яшчэ адзін стрэл «бандытаў», — заявіў Фалькэнгаўэн, — і ўсе мясцовыя беларускія рады будуць распушчаны…
― То што, у нас з'явіліся партызаны? — адно здзівіўся Езавітаў.
― Не верыць генералу няма прычыны.
Почут пра беларускіх сялян-паўстанцаў хутка пайшоў па Народным сакратарыяце. Вечарам да Езавітава завітаў Аляксюк:
― Ведаеш, гэтыя партызаны могуць усё сапсаваць… Тэрмінова да іх трэба адкамандзіраваць каго-небудзь з нашых людзей, каб супакоіць і патлумачыць сітуацыю.
― А ці не правільней і надалей арганізоўваць іх? Чым не народнае войска? — Езавітаў уважліва ўгледзеўся ў Алексюка.
― Ды ты што?! Жартуеш? — той шчыра здзівіўся. — Немцы ж жартаваць не будуць! Барысаўскіх сялян трэба супакоіць, і гэта не толькі мая думка…
― Што ж… — Езавітаў задумаўся. — Заўтра ад Вайсковай рады вышлем туды свайго інструктара…
Развіталіся. Езавітаў паклікаў да сябе Васіля Муху.
― Гэта ты казаў, што заседзеўся ўжо ў кіслым горадзе?
― Я. А што?
Езавітаў падрабязна расказаў Муху пра барысаўскіх сялян-паўстанцаў.
― Ну, брат, малайцы! — не ўтрымаўся той.
― Канешне ж малайцы! Толькі партызанам нашым дапамога патрэбна… Я й вырашыў прасіць цябе дабрацца да іх. Вось толькі лясы — гэта не Балтыка… — усміхнуўся. — Але каб ты там зрабіў тое ж, што й на сваім крэйсеры.
― З'арганізаваць сялян?
― Так.
― Калі можна ісці?
― Ды хоць зараз! — Езавітаў дастаў з шуфляды аркуш цвёрдай паперы, абмакнуў пёрка — і акуратна вывеў:
Даведка
Муху Васілю Аляксандравічу, інструктару Беларускай вайсковай рады, дадзена ў Менску 28 сакавіка 1918 года. Усім павятовым і валасным уладам просьба спрьяць у ягонай дзейнасьці.
Народны сакратар вайсковых спраў БНР
Кастусь Езавітаў.
Прыціснуў да подпіса пячатку, перачытаў — і перадаў Муху:
― Вучыць цябе не трэба. Адно глядзі — асцярожна там… — і моцна паціснуў руку.
20 красавіка быў апублікаваны «Часовы наказ мясцовым беларускім радам», які вызначаў правілы выбараў у вёсках, валасцях, гарадах, раёнах і губернях дзяржаўных органаў БНР і перадачы ім ад нямецкіх акупацыйных адміністрацыяў некаторых паўнамоцтваў. Рада дамаглася пэўнай самастойнасці ў пытаннях гандлю, прамысловасці і адукацыі.
Па просьбе «Народнага прадстаўніцтва» 25 красавіка Рада зноў сабралася на закрытае паседжанне.
― Спадары, у мяне — дэкларацыя другога з'езда Саветаў заходняй вобласці «К белорусским рабочим и крестьянам», — Скірмунт спрабаваў гаварыць па-беларуску, і гэта ў яго атрымлівалася, адно выдаваў «паляшуцкі» акцэнт. — Хтосьці ў Смаленску з падкідкі маскоўскіх бальшавікоў, якія нядаўна кінулі гэтых рабочых і сялян, бярэцца вучыць, лье бруд… Я вам зачытаю…
«Второй съезд Советов Западной области… — Скірмунт кашлянуў. ― …заявляет всему миру, что белорусские пролетарии не отделяют себя от Великой федеративной Советской Социалистической Республики…»
― Нічога сабе! А хто ж у Бярэсці палову Беларусі «аддзяліў»?! — не стрымаўся Лёсік і зморшчыў свой высокі лоб. — Так дагаварыцца! І хутка ж яны забылі менскіх чыгуначнікаў! Ці яны не беларускія пралетарыі?
«Съезд клеймит, — чытаў далей Скірмунт, — своим презрением позорные замыслы и действия буржуазных наймитов, членов белорусской Рады и заявляет, что белорусская Рада представляет собой группу самозванцев, а не народных представителей…»
― Гэта ж яны як пра саміх сябе… — нечакана ўсміхнуўся Варонка.
«…враги советской социалистической власти соединились вместе с ненавистными для рабочих и крестьян предателями революции — меньшевиками и правыми эсерами — для закабаления белорусских тружеников…»
― Вось так! — Скірмунт паклаў тэкст дэкларацыі на стол. — Нібыта й не выдавалася другая Устаўная грамата аб тым, што ў рубяжах БНР касуецца права прыватнае ўласнасці на зямлю — я ад свайго маёнтка адмовіўся! — і перадаецца без выкупу тым, хто на ёй працуе, і найбольшы васьмігадзінны рабочы дзень… То я да чаго ўсё гэта… Нам трэба больш рашуча гнуць сваё. І вучыцца ў сваіх сяброў-суседзяў. Бачыце, як яны да кайзера паставіліся? І калі ласка — і Украіну, і Польшчу, і Літву прызналі незалежнымі! А нам, каб у вобласць не ператварыцца, патрэбна войска… — Скірмунт памаўчаў, зрабіў тактычную пярэрву — і скончыў: — Словам, улічваючы сённяшнюю абстаноўку, мы прапануем звярнуцца па падтрымку да кайзера Вільгельма… Найперш паслаць яму тэлеграму.
З прапановай згадзіліся не ўсе. За пасылку тэлеграмы напрыканцы паседжання выказаліся трыццаць пяць сябраў Рады. Яе тэкст падпісалі старшыня Рады Іван Серада, старшыня Народнага сакратарыята Язэп Варонка, сябры Рады Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Пётра Крэчэўскі, Антон Аўсянік і Язэп Лёсік.
― Ад хворага расейскага цела трэба трымацца як мага далей, — сказаў Лёсік, падпісваючыся.
Чацвёра падалі галасы супраць такога кроку і чацвёра ўстрымаліся. Сярод апошніх быў і Кастусь Езавітаў.
Нечакана з месца ўскочыў Тамаш Грыб:
― Як удзельнік Вялікай расійскай рэвалюцыі я, народны сакратар земляробства… — ён моцна хваляваўся, — выступаю супраць такой тэлеграмы нямецкаму манарху ад імя ўсяго беларускага народа і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходжанне ў саюз з манархам… і аддаваць у апеку імперыялістычнай буржуазіі Нямеччыны наш шматмільённы працоўны сялянскі народ… Я выходжу са складу Народнага сакратарыята!
Праз некаторы час склаў свае паўнамоцтвы і Народны сакратарыят. Акупацыйныя ўлады хацелі бачыць ягоным кіраўніком Рамана Скірмунта, а той — на паседжанні Сакратарыята 9 траўня — выказаўся аб тым, што будзе працаваць у цесным звязку з немцамі і заявіў пра адмову ад аграрнай праграмы, сцверджанай Першай Устаўной граматай. Праз месяц пастановай Скірмунта на Беларусі былі скасаваны ўсе дэкрэты Леніна і да прыняцця законаў БНР дзяржаўныя ўстановы мусілі прытрымлівацца законаў «часовага былога Расійскай рэспублікі ўрада Керанскага».
Скірмунт ачоліў Народны сакратарыят, а ўжо разыходзіліся чуткі, што патрэбен новы старшыня…
Езавітаў ужо не памятаў, хто першым прапанаваў ім сфатаграфавацца… Насупраць дома Ядвігіна Ш. працавала «Майстэрня Гольдцана»…
― Ша, што ж мы будзем тут ціснуцца? — фатограф вывеў усіх у травеньскі зялёны дворык.
Ён і расставіў усіх ранжырна: злева і справа — Аркадзь Смоліч (народны сакратар асветы) і Лявон Заяц (загадчык справамі), крыху меншыя Пятро Крэчэўскі (народны сакратар кантролю) і Антон Аўсянік (сябра народнага сакратарыята), паміж імі — ён, «самы багаты ростам» таварыш старшыні і народны сакратар вайсковых спраў Кастусь Езавітаў. Алесь Бурбіс (консул БНР у Маскве), Іван Серада (народны сакратар гаспадаркі), Язэп Варонка (старшыня Сакратарыята і народны сакратар міжнародных справаў), Васіль Захарка (дзяржаўны казначэй) сядзелі. Езавітаў, Серада і Заяц — у вайсковай форме. Над галовамі — шата маладой вішні, каля ног — дыван з маладых рамонкаў…
― Чакайце, яшчэ раз здыму — такія ж важныя людзі… ― фатограф пераставіў апарат, пацмокаўшы, зірнуў на сонца (ці правільна «кладзецца» на ягоных «кліентаў») і схаваў галаву пад шэрай выцвілай тканінай… На тыя «важныя людзі» Езавітаў і Крэчэўскі (стаялі побач) не маглі не ўсміхнуцца — іхнія ўсмешкі і засталіся ўвекавечанымі на фотакартках, якіх кожнаму Гольдцан зрабіў па тры — тры фотавыявы першага ўрада БНР.
А ў складзе новага Народнага сакратарыята «фотаранжыра» не было. Складваецца новае пісьмо нямецкаму кайзеру з яшчэ адной просьбай афіцыйна прызнаць незалежнасць Беларусі і даць магчымасць беларускаму ўраду «выконваць свае функцыі дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання». У той жа дзень накіравалі пісьмо і прэзідэнту Паўночна-Амерыканскіх Штатаў, нейтральным і ваюючым краінам — з заклікам «выратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і яшчэ да адыходу нямецкага войска забяспечыць краіне знешнюю недатыкальнасць і ўнутраную бяспеку перадачай у рукі Рады ўсёй паўнаты грамадзянскай улады ў краі».
Скірмунт ад'ехаў у Берлін, Сакратарыят узначаліў Серада…
Калі травеньскім адвячоркам Езавітаў прыйшоў да Ядвігіна Ш., у тога за сталом сядзеў госць.
― Кастусь, знаёмся! — заўважыў, што гаспадар рады госцю. — Наш пашанотны драматург Францішак Аляхновіч. Яшчэ з Буйніцкім у 1910-м спектакаль ставіў!
Парукаўся, агледзеў госця. Высокі лоб з ледзь улоўнымі яшчэ залысінамі, прамы «дужы» нос, змуленыя вусны… У тое першае знаёмства Езавітаў параўнаў Францішка Аляхновіча з… добрым ваўком.
― А ён жа не з пустымі рукамі да нас ішоў з Вільні, ― не супыняўся Ядвігін Ш., штурхнуў у плячук госця. — Падпішы і Кастусю, ён у нас таксама заядлы кніжнік.
Аляхновіч усміхнуўся, дастаў з прыстаўленага да стала чамаданіка тоненькую брашуру, надпісаў, падаў Езавітаву і патлумачыў:
― Інсцэніроўку я зрабіў, толькі ж гэта яшчэ паўсправы — без пастаноўкі Няміра гэты — не жывы…
Езавітаў прачытаў загаловак: «Бутрым Няміра: Інсцэніраваная легенда В. Ластоўскага «Каменная труна». Вільня, 1918» і падзівіўся:
― Дык вы і насамрэч з Вільні?
― З яе.
― А як дабраліся да нас? Цягніком?
― Нагамі. Па вёсках, праз фронт. Праўда, і язык дапамагаў…
― Ты не глядзі… Гэта я яго тут выхранціў. Ён жа босым, у зрэб'і быў… Восем дзён, казаў, клэпаў, ― весялеў Ядвігін Ш., ― У яго ў Менску маці жыве, на Даўгабродскай, каля Вайсковых могілак — то ж не ісці было такім да маці…
Удвох і правялі Аляхновіча на Даўгабродскую, і назад сунуліся.
― Ну то што тамака ў свеце чутно? — так Ядвігін Ш. заўсёды пытаў пра клопаты Сакратарыята і Рады.
― Вось вы ўчора перад хатай палівалі кветкі… ― пачаў нечакана Езавітаў. — Але да таго дождж быў…
― Дык ён жа адно пыл прыбіў, а да каранёў не дастаў.
― Вось і мне падаецца, што не заўсёды і мы дастаём да каранёў… Народу ж яшчэ не раскатурхалі, толькі пыл прыбіваем.
― Во як крутнуў!
― Нашыя ідэі нацыянальнага адраджэння трэ б было глыбей у народныя масы несці. Толькі тады й кветкі цвілі б…
З ініцыятывы Кастуся Езавітава было створана Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына» (яго статут зацвердзілі 17 жніўня 1918 года). Таварыства пачало фінансаваць драматургічную трупу Аляхновіча, якая вечарамі ладзіла свае пастаноўкі ў «Беларускай Хатцы». Езавітаў стаў «другім урадавым дырэктарам» Беларускага тэатра і інспектарам Першых настаўніцкіх курсаў — на якія запісаў усіх маладых стральцоў беларускага палка (які так і не дамогся легалізацыі).
«Навука ў нашым войску ніколі не перашкодзіць», — адказаў на здзіўленыя погляды некаторых.
Настаўнікамі станавіліся і палітыкі: Язэп Варонка чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі, Аркадзь Смоліч — па геаграфіі, Тамаш Грыб — па беларускай мове і літаратуры.
У Менск вярнуўся і Менскі настаўніцкі інстытут. Перад гэтым Усевалад Ігнатоўскі, якога абралі старшынёй савета інстытута, у красавіку з'ездзіў у Маскву ў Цэнтральны камісарыят народнай асветы — пахадайнічаць пра зварот сваёй навучальнай установы на Беларусь і яго фінансаванне, — студэнты ледзь не галадалі. У крэдытах Ігнатоўскаму адмовілі, як і з дазволам на пераезд на Радзіму, адно прапанавалі перабрацца бліжэй да Масквы. Настаўніцкі савет інстытута накіраваў Ігнатоўскага да нямецкіх уладаў. І нечакана камандуючы 10-й нямецкай арміі даў дазвол на рээвакуацыю. 19 верасня цягнік з настаўнікамі, студэнтамі і небагатай інстытуцкай маёмасцю спыніўся ў Менску. Пра размяшчэнне і фінансаванне Менскага настаўніцкага інстытута таксама клапаціўся і Езавітаў. Нямецкія ўлады пачалі плаціць заробак інстытуцкім выкладчыкам, а студэнтам дапамагалі харчам. Аднойчы Стась Новік, памочнік Езавітава, прывёз у студэнцкі інтэрнат шэсцьдзесят пар чаравікаў, таксама атрыманых ад немцаў…
З нечаканай для брата ахвотай распачынаў у інстытуце вучобу і Апанас Новік…
Рада і Народны сакратарыят пад старшынствам Серады пачыналі перамовы з украінскім урадам гетмана Скарападскага. Варонка і Езавітаў спрабавалі пярэчыць:
― Гетман — рускі белагвардзеец, яго не падтрымліваюць украінскія нацыянальныя колы. І калі ўжо шукаць пагаднення — дык найперш з імі…
― Давайце мацаваць сувязі з Дырэкторыяй Віннічэнкі…
Але да іхніх пярэчанняў не прыслухаліся. Дэлегацыю ў Кіеў узначаліў Антон Аўсянік. За тыдзень пасля ад'езду адбыліся аграмадныя змены: калі беларуская дэлегацыя ішла на прыймо да Скарападскага, ужо было вядома пра адстаўку кайзера Вільгельма і рэвалюцыю ў Нямеччыне. Украінскі гетман быў гэтым настолькі абнечаканены, што — спанталычаны — зблытаў беларускіх пасланцоў з нейкімі памешчыкамі з… Бесарабіі. Вось і давялося узгадаць словы Варонкі і Езавітава — і шукаць паразумення з Віннічэнкам. Праўда, Антон Луцкевіч «перастараўся» — заручыўся падтрымкай і кіраўніка савецкай дэлегацыі ў Кіеве Хрысціяна Ракоўскага…
8 кастрычніка Народны сакратарыят пачаў менавацца Радай народных міністраў. Антон Луцкевіч стаў адначасна і прэм'ер-міністрам, і міністрам замежных спраў. Аркадзя Смоліча абралі міністрам земляробства, Аляксандра Цвікевіча — міністрам юстыцыі, Вацлава Іваноўскага, доктара навук — яшчэ ў 1908 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысертацыю па хіміі, ― міністрам прасветы, Тамаша Грыба — міністрам унутраных спраў. Васіль Захарка застаўся галоўным фінансістам. Язэп Варонка стаў міністрам па справах нацыянальнасцяў. Яму, Кастусю Езавітаву, месца ў новым кабінеце не знайшлося, — ваеннымі справамі пачаў кіраваць палкоўнік Яўгеній Ладноў.
Параіўшыся са Скірмунтам, сябра Рады генерал Кандратовіч меў гутарку з нямецкім генералам Фалькэнгайнам:
― У самы кароткі тэрмін можна стварыць баявое ядро з дваццаці тысячаў чалавек, а затым папаўняць яго. Віленскія банкіры і памешчыкі гатовы выдаткаваць на барацьбу з бальшавікамі грошы. Ці не зможаце вы падтрымаць будучую групоўку зброяй?
Ды нямецкі генерал нібыта й не зразумеў сказанага. У ягоных вачах ужо не заўважалася былых бадзёрых агеньчыкаў:
― Калі ў полі зроку нашых войскаў, ― выціснуў стомлена, — з'явяцца якія б не былі ўзброеныя сілы — ведайце, мы нацэлім на іх свае кулямёты. А вось ахвотнікам выехаць за граніцу, каб там выступаць супраць бальшавікоў, я прапускі магу выпісаць…
3 снежня частка Рады і ўрад БНР накіраваліся ў Вільню…
Толькі абышоўшы некалькі валасцей Барысаўшчыны, Васіль Муха зразумеў складанасць сваёй задачы — ніхто не ведаў, дзе сустрэцца з «зялёнымі» (так сяляне называлі партызан). І вось на нейкім закінутым хутары гаспадар — сухі маршчыністы дзед з густой шчэццю сівых валасоў на барадзе — пусціў яго пераначаваць і за сталом, абіраючы звараную бульбіну, стуліўшы бровы, падазрона запытаў:
― А сам хто, чалавеча, будзеш?
― Пры цары служыў матросам, — проста пачаў Муха.
― Гэта на карабелях плаваў?
― Плаваў. А вось зараз разам з іншымі вайскоўцамі вырашыў сваю армію стварыць, беларускую.
― А нашы «зялёныя» табе навошта?
― То ж як? Каб разам згуртавацца і ворагаў сваіх пагнаць.
― Ну а чым жа ты ганяць збіраесса?
Муха зірнуў у хітраватыя дзедавы вочы, усміхнуўся:
― У Менску збіраецца полк, кавалерыя ёсць, гарматы… — Але бачыў, што дзед не змяніўся ў твары, і тады толькі знайшоўся: — Ну а я асабіста пакуль маю з сабой вось гэта… — дастаў з кішэні курціка рэвальвер і паклаў каля чыгунка з бульбай. І гэта ўрэшце падзейнічала на дзеда:
― Вось гэта я разумею! — зашамкаў бяззуба. — Ты, чалавеча, ідзі нараніцы ў Траянаўку, там і запытай, як сустрэцца з Лукашам Сяменікам. Скажы, што Ўлас з Крывога хутара паслаў.
Праз дзень Васіль Муха быў у атрадзе «зялёных»…
На той час погалас пра паўстанцкі аддзел Лукаша Сяменіка разышоўся па суседніх Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях (па абмылцы некаторыя называлі камандзіра «зялёных» Семенюком).
«Пайду да Семенюка!» — вырашалі некаторыя пакрыўджаныя нямецкімі салдатамі мужыкі.
А партызаны баяліся правакатараў — таму й мусілі прыхоўвацца.
У Траянаўцы Халопеніцкай воласці жыў бацька Лукаша — стары Сяменік, сярэдні гаспадар на шасці дзесяцінах зямлі. Калі воласць занялі немцы і пачалі чыніць здзек з мясцовага люду, траянаўцы ўзбунтаваліся, забілі двух салдат, — што на кані прыехалі ў вёску па харч і шомпалам зрэзалі Сяменікавых суседзяў, ― і збеглі ў лес. Тайком па ўсёй воласці для іх пачалі збіраць зброю…
Генерал Фалькэнгайн як у ваду глядзеў: на пачатку жніўня ягонаму войску давялося «паварочваць кулямёты». Партызанскі аддзел «зялёных» — амаль паўтары сотні паўстанцаў — пад кіраўніцтвам Лукаша Сяменіка на невялікай плошчы ад вёскі Сянно да вёскі Пупелічы ў Лісічынскай, Халопеніцкай і Зачысценскай валасцях пачалі атакаваць нямецкую частку ― і адсунулі яе на шэсць кіламетраў, «параўняўшы» мяжу паміж нямецкім і бальшавіцкім фронтам (названыя воласці выступалі на ім клінам).
Вечарам адбілі першую варожую контратаку, і поспех акрыліў паўстанцаў. Раніцай немцы пайшлі ў наступ зноў.
Зладжана сакаталі на флангах два трафейныя кулямёты, прыцэльна гохкалі са старога акопа вінтоўкі — як раптам зямлю ўскаланулі два выбухі, за імі яшчэ, яшчэ… Калі ўсё аціхла й асеў пыл — зноў на полі, але ўжо нашмат бліжэй, паўсталі шэрыя постаці ў шынялях. Адзываўся ўжо адзін правы кулямёт.
― Васіль! — крыкнуў Сяменік Муху. — Агледзь, што там з кулямётам! — ведаў, што Васіль — ці не адзін з атрада — умее гэтыя жалязакі давесці да ладу.
Муха памкнуўся было на левы фланг, як ззаду нечакана затраскатала… Вызірнуў з акопа — з паўкіламетра ад іх па свежым іржышчы сунуліся два панцырнікі (у страляніне гуку матораў не было чуваць — адно колкую траскатню іхніх кулямётаў).
― Лукаш! Могуць акружыць! — а Лукаш, сціскаючы акрываўлены плячук, крывіўся ад болю…
― То ж бальшавікі панцырнікі на нас з задоў пусцілі! — закрычаў хтось зблізу.
Муха агледзеўся: справа, там, дзе не сціхаў іхні кулямёт, падціскаў поле невялікі лапік кустоўя, за ім — метраў праз сто — пачыналася выратавальная стужка лесу…
― Хлопцы! Адыходзьма ў лес! — і Муха дапамог узняцца Сяменіку — і разам з ім, прыгінаючыся, дабеглі да канца траншэі. Напярэсткі кінуліся немцы, але па іх залескатаў кулямёт — селянін Мікіта з Лукашавай Траяноўкі прыкрываў адыход атрада.
Толькі схаваліся — кулямёт заціх.
― Можа, Мікіта паўзе да нас? — Васіль вызірнуў з кустоўя — і акамянеў: на месцы, дзе стаяў іх кулямёт, вуркатаў панцырнік…
Хто ацалеў — падаліся ўглыб кустоўя. Перад Васілём хітнулася шэрая сцень, і ён стрэліў у яе. Немец, не выпускаючы з рук вінтоўкі, паваліўся ў траву. Следам за ім забегчы ў кустоўе ніхто не рызыкаваў. Васіль падпоўз да немца — той быў яшчэ жывы; хрыпла ўздрыгвалі акрываўленыя грудзі, ашклянелыя зрэнкі сполашна азіралі партызана.
Каля леса, куды адыходзілі рэшткі атрада, затраскатаў другі панцырнік.
― Такі паспеў… ― выціснуў Васіль, схіліўся да параненага і адшпіліў ад ягонай дзягі доўгую шэрую гранату.
― Ніхт… Ніхт… — сцяўся немец.
― Ды не дрыгайся… Жыві. — Васіль усунуў у кішэні гранату і свой рэвальвер, схапіў немцаву вінтоўку — і пабег за таварышамі.
Ад узлеску па непакрытым кустоўем лапіку іржышча павольна сунуўся панцырнік. З башні, як дзюба, вытыркала руля кулямёта — і траскацела па кустоўі, па полі, дзе ўжо забітымі ляжалі чацвёра паўстанцаў.
Муха аддаў вінтоўку хлопцу-партызану, які трымаўся побач Сяменіка, па-заліхвацку падміргнуў абодвум — і, прыгінаючыся, што было сілы гізануў па іржышчы. Некалькі секунд яго не заўважалі, а затым стальная башня рэзка павярнулася, і каля самых ног Васіля пырснулі кулі. Ён упаў, колькі разоў крутнуўся й сцішыўся. Перастаў траскацець і панцырнік. Васіль, да болю прыкусіўшы губу, уціскаючыся ў пляснівае ад расы іржышча, колячы-абдзіраючы твар, папоўз далей — жоўтая галава гублялася ў жытніх цырбунах. Набягалі блізка хвалі свінцовых восваў, ― ён сцішваўся, зноў поўз некалькі метраў…
Замлела нага, цёплым і ліпкім пачаў запаўняцца бот. Павольна выцягнуў з кішэні гранату, скамянеў. Кулямётная дзюба намагалася ўжо зачапіць каго-небудзь у кустоўі — у панцэрніку, пэўна, ужо думалі, што нейкага вар'ята з жоўтай галавой няма на гэтым свеце… Як раптам тая галава адарвалася ад іржышча, і не паспела башня зноў павярнуцца, як пад ёй ляснуў выбух — і чарапаха-панцэрнік стаў.
Васіль бадзёра свіснуў таварышам і, накульгваючы, пачыкільдаў да ўзлеску. За ім сыпанулі яшчэ некалькі дзесяткаў ацалелых «сяменікаўцаў»…
Немцы, зганяючы злосць, вечарам спалілі дзве вёскі ў Халопеніцкай і Зачысценскай валасцях — Слабодку і Пупелічы — і расстралялі некалькі падазроных «бандытаў»… [22]
Езавітаў не паехаў у Вільню ў тым «эмігранцкім» цягніку. У горадзе заставаўся звяз маладых беларускіх стральцоў Стася Новіка і змешаная рота, сабраная яшчэ Васілём Мухам. Іх вельмі цяжка было адгаварыць ад выступу супраць бальшавікоў. Урэшце, падпарадкаваўшыся ягонаму загаду, па заснежанай дарозе пехам дабіраліся да Воршы — далей ад смерці: 10 снежня Менск занялі часткі Чырвонай арміі. У Воршы яшчэ суткі чакалі цягніка на Вільню…
Помняцца апошнія хвіліны перад ад'ездам. Рэшткі колішняга беларускага палка вышыхціліся перад трыма таварнымі вагонамі. Ён бачыў расчуленыя пачырванелыя ад холаду твары, лавіў зніякавелыя позіркі маладзейшых — і не мог не падтрымаць:
— Сябры! Няхай не бянтэжыць вас гэты змушаны адыход. Тое, што мы з вамі апынуліся ў гэтым старажытным горадзе — сімвалічна. Болей чатырохсот гадоў таму тут каля рэчкі Крапіўна слаўны сын нашага народа гетман Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі са сваім войскам перамог утрая большае маскоўскае і ўратаваў краіну ад панавання чужынцаў. То будзьма і мы годнымі сваіх мужных прашчураў! Верце, прыйдзе часіна і нашых перамог!
Пра свайго славутага цёзку Астрожскага Езавітаў упершыню дачуўся ад Вацлава Ластоўскага. Доўга распытваў пра яго таксама Усевалада Ігнатоўскага — і на сёння ведаў, здавалася, усё, што толькі дайшло да іхняга стагоддзя: у 37 гадоў Астрожскі ўжо меў чын найвышэйшага гетмана Вялікага княства Літоўскага, ён шэсцьдзесят тры разы святкаваў перамогі ў бітвах з крымскімі татарамі і маскоўцамі, яго ведалі па ўсёй Еўропе — называлі Ромулам і другім Ганібалам, а ягонай перамозе пад Воршай прысвяцілі спецыяльны «лісток навінаў», які выдалі ў Нюрнбергу…
А яшчэ ўзорам мужнасці і адданасці Бацькаўшчыне Езавітаў часта называў знакамітага беларускага патрыёта і культурнага дзеяча ХVІ стагоддзя гетмана Рыгора Хадкевіча. У сваім маёнтку Заблудаве пад Беластокам ён заклаў беларускую друкарню, дзе Пятро Мсціславец коштам гетмана друкаваў беларускія царкоўныя кнігі — «Евангелле Учыцельнае» (1568 - 1569) і «Псалтыр» з «Часаслоўцам» (1570). Гетман Хадкевіч быў і вядомым вайскаводцам: у 1578 годзе ён, камандуючы беларускім-літоўскім войскам, заваяваў Дынабург — цяпер ягоны, Езавітава, родны горад Дзвінск.
Езавітаў адчуваў, як да маладых стральцоў пачала падкрадвацца горыч расстання, і раптам узгадаў сваё сталенне, свой Дзвінск, свае першыя ростані…
Напачатку — шасціклясная Дзвінская вучэльня, ейны гурток, які выдаваў рукапісныя часопісы «Пуга» на беларускай мове і «Бич» — на рускай. І штодзённа — кнігі, у якіх найбольш захаплялі апісанні далёкіх падарожжаў… А яшчэ любіў маляваць, збіраць рэпрадукцыі карцін, — асабліва ўражвалі работы акадэміка Багданава-Бельскага «На парозе школы» і «У хворага настаўніка». А затым спрэчка з бацькам, які хацеў бачыць свайго сына афіцэрам, экзамены на тытул настаўніка пачатковых школ, праца — з 1911 года — у Ліксьненскай школцы Дзвінскага павета, беларуска-латгальскае насельніцтва якога знаходзілася пад моцным уплывам польскага памешчыка Плятэр-Зіберга і польскіх шавіністычных ксяндзоў. І ён смела «ішоў у народ»… А да ўсяго — музыка. У школе стаяла фартэпьяна, была добрая скрыпка. І так — два гады. А потым — новая вучоба ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце і датэрміновыя экзамены восенню 1915-га. А ў лютым 1916 года ўжо быў залічаны юнкерам у Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Піцеры.
А як жа інакш? Гэта была справа гонару: бацька на фронце, тры малодшыя браты — у Полацкім кадэцкім корпусе. А ён? Ён ужо ў першыя дні вайны падаваў прашэнне аб дазволе пайсці на фронт добраахвотнікам, але інстытуцкае кіраўніцтва дазволу не дало: Езавітаў быў стыпендыянтам, і пры сыходзе з інстытута мусіў бы адразу сплаціць усю атрыманую дагэтуль суму.
Напісаў бацьку, а той адказаў, што вельмі рады бачыць сына студэнтам…
«Для бацькаўшчыны, — пісаў, ― дастаткова і маіх двух раненняў і моцнай кантузіі».
Хоць сам вяртаўся на фронт і, прадчуваючы горшае, усе абавязкі па сям'і ўскладваў на старэйшага Кастуся. А разам з тым лістом бацька паслаў пісьмо кіраўніцтву інстытута з просьбай «прытрымаць» ягонага сына… Таму Кастусь і мусіў шукаць кампраміса — прасіць аб здачы экзаменаў экстэрнам.
За паўгода ён скончыў паскораны курс вайсковай вучэльні. Жыццё ў вайсковым асяроддзі і бацькава служба далі шмат навыкаў, пра якія і сам не падазраваў. Кожны месяц у вучэльні Езавітава пераводзілі ў вышэйшы чын: у малодшага партупей-юнкера, у старшага партупей-юнкера, у фельдфебеля і, нарэшце, прапаршчыка. Спецыяльным загадам яго пакінулі ў вучэльні памочнікам афіцэраў-выхавальнікаў, і толькі пасля падачы рапарта праз год Езавітаў патрапіў на фронт — у 151-ы пяхотны Пяцігорскі полк, які стаяў пад Дзвінскам, складваўся часткова з беларусаў (і які ён выбраў сам). Пачаў з падпаручыка, стаў камандзірам роты, часова камандаваў батальёнам, атрымаў чын паручыка, быў прадстаўлены ў штабс-капітаны і да ўзнагарод. Затым — ад'ютант палка і арганізатар пры палку батальёна смерці… У кастрычніку 1917-га салдаты і афіцэры-беларусы накіравалі Езавітава дэлегатам на з'езд воінаў-беларусаў, які сабраўся ў Віцебску. З'езд абраў Езавітава ў свой прэзідыум, у Камітэт вайскоўцаў-беларусаў Паўночнага фронта — і дэлегаваў у Цэнтральную вайсковую раду ў Менск…
…Цягнік рэзка крануўся з месца, і яму падалося, што ўнутры штось нечакана парвалася…
Гэта было яго чацвёртае развітанне з Радзімай, але такое балючае — першае.
Напрыканцы 1918 года ўсе беларускія вайсковыя злучэнні ў Вільні пачалі наноў аб'ядноўвацца ў Беларускі полк. Яго асновай сталі жаўнеры, якія прыехалі разам з палкоўнікам Езавітавым.
Старажытная Вільня стаілася ў няпэўнасці. Віленчукі ж, наадварот, як абудзіліся ад сну: штодня мітынгі, сходы, дэлегацыі. Ствараліся новыя партыі, лігі, аб'яднанні, саветы. Штодня з газэт і ўлётак: хадэкі, сацыял-дэмакраты, эсэры, народнікі, немцы, палякі, літоўцы, беларусы, габрэі… А да ўсяго — страйкі-забастоўкі і арышты. Адно спакойна пазірала на ўсё гэта старадаўняя вежа на Замкавай гары ў цэнтры горада, дзе Вілейка ўлівалася ў Віллю, а часам здавалася — і драмала, бо ўжо некалькі гадоў не палохалі вежу варварскія стрэлы царскай расійскай гарматы (раней штодня а 12-й гадзіне яна гохкала на ўвесь горад).
Рада БНР і Беларускі полк у Вільні надоўга не затрымаліся. Сустрэлі Новы год, 1 студзеня адсвяткавалі адкрыццё беларускай гімназіі — і вымушаны былі пакідаць горад: даходзілі чуткі пра імклівы наступ Чырвонай арміі. Немцы перадалі ўладу ў краі палякам. Вакзал быў аблеплены загадамі новага вайсковага камандавання: усе «ваеннаабавязаныя» павінны з'явіцца на мабілізацыю і запісацца ў польскае войска, каб «бараніць бацькаўшчыну».
Беларускі полк без прыгодаў у старых, затое з плацкартай вагонах выехаў у Горадню, а 5 студзеня ў Вільню з боем увайшлі першыя два палкі Чырвонай арміі.
Міністэрства беларускіх спраў, якое толькі пачало працу пры літоўскім урадзе, таксама мусіла пакінуць Вільню і перабрацца ў Горадню. Паміж Віленскай беларускай радай і літоўскай Тарыбай яшчэ ў лістападзе 1918 года было заключана пагадненне аб тым, што беларускія горадзенскія землі з Беластокам і Бельскам на правах аўтаноміі ўвойдуць у Літоўскае Гаспадарства, дзяржаўнай мовай створанай аўтаноміі будзе беларуская, усталюецца беларуская школьная інспекцыя, беларускім прадстаўнікам у Тарыбе будзе прапанавана чвэрць месцаў, а ў літоўскім урадзе створыцца асобнае міністэрства.
Шэсць сябраў Віленскай беларускай рады — Ластоўскі, Луцкевіч, Станкевіч, ксёндз Талочка, Фалькевіч і Сямашка — 27 лістапада ўвайшлі ў склад Тарыбы — літоўскай дзяржаўнай рады, а былы старшыня Рады Першага ўсебеларускага кангрэса Язэп Варонка з 1 снежня 1918 года стаў міністрам беларускіх спраў літоўскага ўрада.
Міністэрства беларускіх спраў прапаноўвала сваіх кандыдатаў на пасады павятовых і гарадскіх камісараў у Горадзеншчыне, а таксама прадстаўнікоў міністэрстваў народнай асветы, справядлівасці, земляробства, дзржаўнай маёмасці, прызначала сваіх суддзяў, следчых, ляснічых, школьных інспектараў. Напачатку яно не мела ў Вільні свайго будынка і месцілася ў «Новай Устэрыі» на Вялікай вуліцы, затым пераехала на Юр'еўскі праспект — і заняло асобны пакой у будынку літоўскай Тарыбы. Міністэрства беларускіх спраў распачало і перамовы аб стварэнні ў Вільні беларускага войска. Віцэ-міністрам краёвай абароны Літвы стаў запрошаны з Менска генерал Кандратовіч (міністрам быў сам літоўскі прэм'ер Вальдэмарыс).
З-пад Дзвінска і Менска на Вільню пачалі наступ бальшавікі, і Кандратовіч разам з кабінетам Вальдэмарыса папрасіў адстаўкі. Другі кабінет міністраў, які ўзначаліў Шылінгас, напрыканцы снежня эвакуяваўся ў Коўна, а міністэрства беларускіх спраў пастановай ад 19 снежня пераехала ў Горадню. Ад пачатку студзеня 1919-га да канца красавіка яно мусіла прадстаўляць у краі і ўвесь ўрад Літоўскага Гаспадарства, — паколькі не было зносінаў з Коўнам, — і бараніць беларускія паветы ад наездаў польскіх жаўнераў.
Былі тэрмінова прызначаны беларускія камісары ў Беласток, Саколку, Белавеж, Бельск, Дзятлава, Крынкі, Плянты і Ліду (у Ваўкавыск і Ашмяны камісарамі накіравалі літоўцаў).
Камісарам — «начальнікам горада» — з Горадні выехаў у Беласток Кастусь Езавітаў.
Яго зачараваў гэты старадаўні памежны горад — чыгуначны вузел пяці дарог ва ўсе бакі свету, цэнтр прамысловай вытворчасці сукна, скуры, лесу — на шасці з паловай сотнях фабрык працавалі каля дзесяці тысячаў работнікаў. Дні праходзілі ў гарадскіх клопатах, а вечары й ночы Езавітаў праводзіў у бібліятэцы, што месцілася неўздалёк ад ягонага камісарыята, з другога боку Ратушы з заўсёдна дакладным гадзіннікам, дзвюма зялёнымі купалкамі-стрэшкамі (адна большая, другая — зверху — меншая, — на ёй узвышаўся крыж).
Езавітаў пачаў вывучаць гісторыю Беластока. І ўжо на самым пачатку — неспадзеўка: праз год гораду споўніцца 600 гадоў! Заснаванне Беластоку ў 1320 годзе прыпісвалася князю Гедыміну, у часы якога над прытокам Супраслі — рэчкай Белай — была толькі маленечкая вёска. Беласток пачаў хутка развівацца. Напачатку ён дастаўся земскаму чыноўніку беларусу Весялоўскаму. Пры Яне-Казіміры, польскім і беларускім-літоўскім каралі, места было падорана ваяводзе Стэфану Чарнэцкаму — за заслугі ў вайне са шведамі. Ад Чарнэцкага Беласток у спадчыну перайшоў да Браніцкага, які ў 1749 годзе ад караля Аўгуста ІІІ-га дамогся для Беластока гарадскіх правоў. Браніцкія пабудавалі ў горадзе вялікі мастацкі палац, які — як пачалі гаварыць і пісаць паўсюд — па прыгажосці на той час не ўступаў знакамітаму Версалю. Напрыканцы ХVIII стагоддзя да самай смерці ў Беластоку жыла сястра караля Станіслава-Аўгуста Тышкевічовая, якая таксама спрыяла росквіту горада.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беласток адышоў да Прусаў і быў выкуплены з прыватнага валодання. У 1807 годзе пасля заключэння ў Тыльзеце міру горад далучыла да сябе Расія. З 1808 года ён стаў цэнтрам Беластоцкай вобласці, якую скасавалі ў 1842-ім — і Беласток пачалі лічыць павятовым горадам Горадзенскай губерні. Цэнтрам павета ён быў ажно да 1915 года, пасля чаго — пры нямецкай уладзе — стаў галоўным горадам Упраўлення Беласток-Горадня…
Здаралася, Езавітаў выходзіў з бібліятэкі, а на Ратушы гадзіннік адбіваў сем разоў. На сон часу не заставалася, і начальнік горада паволі накіроўваўся да белай царквы і касцёла з вострай гатычнай вежкай над франтонам (царква і касцёл месціліся насупраць Ратушы), ішоў, бадзёра ловячы марозныя подыхі ветру, да рынка (ён яшчэ не пачынаў працы) і, сустракаючы заспаных дворнікаў, якія адкідвалі з тратуараў начны снег, вяртаўся — ужо шпарчэй — назад у свой кабінет…
Прамысловасць у горадзе развівалася паспяхова і не патрабавала асаблівых высілкаў камісарыята, і Езавітаў імкнуўся найперш актывізаваць у горадзе культурнае жыццё. Пачалася распрацоўка мерапрыемстваў па святкаванні 600-годдзя Беластока — з удзелам грамадскіх дзеячоў, харавых і драматычных гурткоў (Езавітаў хацеў запрасіць трупу Францішка Аляхновіча). Па школках прайшлі гістарычныя чытанні — у гонар 170-годдзя ад часу надання Беластоку гарадскіх правоў. Беласточчына, здавалася, абуджалася ад няпэўнасці.
А ў лютым 1919-га у горад увайшлі жаўнеры легіёнаў Пілсудскага. Езавітаў мусіў пакінуць горад. Па даручэнні міністэрства беларускіх спраў ён прыняў ад камісара Іваноўскага Плянтова-Шчучынскі павет, а праз два месяцы вярнуўся ў Горадню.
Першыя дні ў Горадні Езавітаў, пакуль не знайшоў сабе кватэры, начаваў у вайсковай казарме — разам з братамі Новікамі.
― Дык што ж гэта будзе? — часта не браў сон Стася.
― Усё паправіцца, вось толькі б з сіламі сабрацца… — малодшаму Апанасу не пазычаць упэўненасці.
― А вы пра ЛітБелССР чулі? Цяперака ажно дзве дзяржавы-спарышы паўсталі — Літоўскае Гаспадарства і гэта вось ЛітБел… — не маўчалася Стасю.
― А бальшавікоў раней і адна Заходняя вобласць задавальняла, — адказваў Апанас. — Яе ж лягчэй потым да Расіі прыляпіць было б…
― Тут, хлопцы, — не ўтрываў і Езавітаў, ― як у марыянетачным тэатры разыграна. Самі ж бачыце: 1 студзеня абвесцілі БССР, а ўжо 16-га ЦК бальшавіцкай партыі на чале з Леніным вырашыла адкарнаць ад яе Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні. І засталося ў той БССР толькі часткі Менскай і Горадзенскай…
― А беларускія камуністыя й ня пікнулі на гэта — лісліва ў рот Леніну і глядзелі! — паківаў галавой Стась.
― Так. А затым і зусім той БССР не стала… — працягваў Езавітаў. — А як неахвотна Масква нават тую абкарнаную рэспубліку прызнавала?! Усерасійскі ЦМК пастанову пра прызнанне БССР абнародаваў толькі на Усебеларускім з'ездзе саветаў 2 лютага, і тады ж, з падачы Свярдлова, і вырашылі стварыць Літоўска-Беларускую ССР.
― Дык што гэта… Масква прызнала БССР як дзяржаву ўсяго на… некалькі гадзін — і зляпіла новую? — здзівіўся Апанас.
― Так.
― А праз месяц пасля свайго абвяшчэння Жылуновічаўская БССР страціла нават права на аўтаномнасць, — падрахаваў Стась.
― А што ў сённяшняй ЛітБеліі засталося? Кавалкі Віленшчыны, Меншчыны і Ковеншчыны?
― Бо амаль уся Літва засталася пад юрыспрудэнцыяй незалежнага дэмакратычнага ўрада, — канстатаваў далей Езавітаў. — А ў кіраўніцтва ЛітБеліі з беларусаў патрапіў адзін Чарвякоў. Вы можа й не чулі аб тым, што пасля ўжо ўзгаданага Усебеларускага з'езда саветаў бальшавікі арыштавалі ледзь не ўвесь урад былой БССР — і Жылуновіча, і Дылу, і Шантыра…
― Дагуляліся. — Стась цмокнуў — і ўсе замаўчалі.
На пачатку 1919 года ў занятым бальшавікамі Менску былі закрыты створаныя пры немцах навучальныя ўстановы, перасталі выходзіць беларускія газэты. Начальнікам гарадскога гарнізона стаў добравядомы Крывашэін, Ландэр застаўся ў Маскве — стаў камісарам дзяржаўнага кантролю.
Яшчэ ў снежні на першым мітынгу шчыраваў камісар Бэрсан. Выступаючы на Пляцы Волі перад чырвонаармейцамі, не прамінаў выкрыкваць, трасучы вастраватым кулаком:
― Смерць тарыбам і радам!
Напачатку салдаты не зважалі на сутулаватага акулярыка ў шэрым паліто, скураной — не па марозе — шапцы, — ён павольна праціснуўся паміж няроўнымі шыхтамі памятых шынеляў, падсунуўся да трыбуны, счакаў, уважліва слухаючы, канца прамовы Бэрсана — і жвава скочыў на прыступку драўлянага ўзвышэння:
― Таварышы! Я, сябра беларускай Рады, вітаючы сённяшні ваш прыход, ганаруся, што ўрэшце нямецкага акупанта выгналі з нашага краю. У Радзе я быў толькі таму, каб карыстацца ёю як трыбунаю і наагул ведаць, што ў ёй робіцца. Сёння…
― Гані пана з Рады!
― Вон падбрэхіча!
Крыкі чырвонаармейцаў, здалося, аглушылі акулярыка. Ён паціснуў плячыма, паспрабаваў яшчэ штось выкрыкнуць, але ўбачыў перад сабою настаўлены зіхоткі штых…
― Злазь, а не — здыму! — чырвонаармеец жартаваць не збіраўся.
Вялы акулярык злез з прыспупак, зноў неўразумела паціснуў плячыма і павольна паклэпаў з Пляца Волі — уніз да моста над Свіслаччу..
Хоць урад Жылуновіча абвясціў быў Раду БНР без абароны законаў, у Менску засталіся шмат яе сябраў. Алесь Гарун, Язэп Лёсік, Іван Серада, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Вацлаў Іваноўскі напачатку займалі нават немалыя пасады. Але былі і арышты — праўда, бальшавікі не ўсвядомілі яшчэ, каго і за што садзяць: Мамоньку арыштавалі як расійскага эсэра, Іваноўскага і Трэпку — як… палякаў (бо брат першага — Юры — быў на той час у Варшаве польскім міністрам, а бацька другога збіраў для вывазу ў Польшчу беларускія старадаўнія рэчы і лічыўся старшынёй нейкай польскай арганізацыі). Арыштавалі і Сераду — ды праз суткі вызвалілі.
Колішні камандуючы Заходнім фронтам Аляксандр Мяснікоў, не дамогшыся сабе ўлады на Беларусі (бо стварылася ЛітБелССР), паспрабаваў асталявацца ў Вільні, куды навіны з Менска амаль не патраплялі…
Пасля пераезду з Вільні ў Горадню фармаванне беларускага палка замарудзілася. Выправіў становішча Кастусь Езавітаў, якога Рада прызначыла камандзірам Горадзенскага гарнізона. Праз два тыдні з падтрымкі Антанты ён атрымаў зброю і першую фінансавую дапамогу на ўвесь полк. Да Езавітава ў Горадзенскую камендатуру пачалі наведвацца прадстаўнікі замежных місій. Падчас прыезду адной з іх, антантаўскай, усе разам — Езавітаў, французскі і амерыканскі афіцэры — сфатаграфаваліся перад дзвярыма камендатуры, — у шыкоўным адкрытым самаходзе…
Кастусь Езавітаў не толькі ўзначальваў беларускі полк, але і выконваў абавязкі міністра беларускіх спраў (міністр Варонка часта выязджаў у Коўну і на правінцыі), кіраваў арганізаваным у Горадні культурна-асветным таварыствам «Бацькаўшчына» і выдаваў беларускую газэту з такой жа назвай.
У сакавіку 1919 года намаганнямі Езавітава ўтварыліся не толькі беларускі полк і батальён жаўнераў пры беларускай камендатуры, але і кавалерыйская частка. Далейшае фармаванне беларускага войска з ініцыятывы Езавітава распачалі ў Коўне — праз месяц і там узніклі-склаліся пяхотны (пад ачолам Станіслава Новіка) і артылерыйскі аддзелы, а таксама атрад кавалерыі.
18 красавіка начальнік Горадзенскага гарнізона ў беларускай камендатуры сустрэўся з прадстаўнікамі літоўскай і французскай місій.
«Працоўны абед» расцягнуўся на некалькі гадзін. Галоўная прапанова была выказана літоўскімі прадстаўнікамі. Першым агучыў яе доктар Шаўліс, былы амбасадар Літвы ў Берліне:
— Вы, панове, ведаеце аб тым, што Польшча вядзе наступ на бальшавіцкую Расію. Папярэдне ўсе мы выказаліся за неабходнасць напрамую распытаць польскае кіраўніцтва пра яго палітыку ў адносінах да нашых дзяржаў — Літвы і Беларусі. З французскага боку падтрымаць нас у перамовах пагадзіўся пан палкоўнік Рэбоул.
― Гэта вельмі важна, паколькі Польшча мусіць выступаць ледзь не марыянеткай Антанты, — дадаў былы міністр абароны Літвы палкоўнік Велікас. — І таму пачынаць адстойваць сваю незалежнасць і непадзельнасць перад ёй мы павінны ўжо зараз — калі вызваленне толькі чакаецца.
Езавітаў, які таксама атрымаў ад беларускага ўрада ў Коўне наказ ехаць у Варшаву, бачыў, што аніякіх разыходжанняў у падыходах літоўцаў і беларусаў не было, але ўсё ж вырашыў удакладніць:
― А калі Польшча запатрабуе адначаснай мабілізацыі на незанятых бальшавікамі частках Літвы і Беларусі?
― Можам на гэта пагадзіцца толькі з адной умовай — кожнае войска дзейнічае на тэрыторыі сваёй краіны. — Доктар Шаўліс, пэўна, абдумаў ужо і такую перспектыву.
― А вы не выключаеце магчымасці падпісання праз некаторы час паміж Польшчай і Расіяй нейкай дамовы? — Езавітаў вырашыў «узважыць» усе варыянты.
― Маеце на ўвазе падзел «франтавых» раёнаў? — уважліва зірнуў на беларускага палкоўніка Шаўліс. — Тады ўжо сёння мы павінны нагадаць Пілсудскаму пра магчымасць канфедэрацыі Літвы і Беларусі. Прыклад аўтаномнай беларускай Горадзеншчыны ў складзе Літвы яго павінен насцярожыць…
У Варшаву вырашылі ехаць неадкладна. Дэлегаты аб'яднанай літоўска-беларуска-французскай місіі выйшлі сфатаграфавацца на балкон беларускай камендатуры. Езавітаў, сябра дэлегацыі ў Варшаву, стаў злева, побач з ім — камендант Горадні падпалкоўнік Дзямідаў, далей — сябры дэлегацыі: доктар Шаўліс, палкоўнік Велікас, палкоўнік-colonnel (вусач у навюткай форме) Рэбоул, беларускі вайсковы аташэ пры французскай місіі ротмістр Рыхтэр. За Езавітавым — яго плац-ад'ютант Апанас Новік. Пасярод балкона вялікі шчыт з надпісам «Упраўленьне вайсковага начальніка Гродзенскага вокругу. Камэндант г. Гродно» і герб «Пагоня» — пад сцягамі: нацыянальным літоўскім (жоўта-зялёна-чырвоным), дзяржаўным Літоўскага Гаспадарства (чырвоным з белай «Пагоняй»), беларускім бел-чырвона-белым, знізу — французскі і ангельскі сцягі (фотаздымак потым надрукуе газэта «Беларускае Жыцьцё»).
У Польшчы ж — назаўтра яна адваюе ў Чырвонай арміі Вільню, — як выявілася, у знешне-палітычных пытаннях не было згоды. «Эндэкі» (нацыянал-дэмакраты) прапаведавалі ў адносінах да Беларусі і Літвы захопніцкія планы. Левыя ж дэмакраты запэўнівалі ў падтрымцы суседзяў. Пазіцыю апошніх 22 красавіка (на другі дзень пасля звароту Езавітава ў Горадню) выказаў у адозве да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага сам Пілсудскі:
«…Стан беларускай няволі, які я, нарадзіўшыся на гэтай няшчаснай зямлі, добра ведаю, павінен нарэшце быць знішчаны і ўжо раз і назаўсёды ў гэтай быццам праз Бога забытай старонцы павінна запанаваць свабода і права вольнай нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах…»
Такое не магло не ўразіць, не магло не натхніць, не магло не падкупіць…
…І як гром з пасвятлелага неба — польскі загад аб раззбраенні Першага беларускага палка. Уноч 28 красавіка палякі занялі Горадню, напалі на полк і інтэрнавалі яго — амаль усіх салдатаў і афіцэраў раззброілі і вывезлі ў лагер на тэрыторыю Польшчы. На вызваленых ад бальшавікоў землях абвяшчалася мабілізацыя ў польскую армію.
Гэтыя весткі сустрэлі Езавітава перад Горадняй, пасля ад'езду місіі з Варшавы. Міністэрства беларускіх спраў мусіла пераязджаць у Коўну і мець з Горадняй толькі нелегальныя сувязі. Праз некалькі дзён Езавітаў быў у Вільні, каб на месцы разабрацца ў палітыцы беларускіх «прапольскіх» дзеячоў, якіх ачольваў Павел Аляксюк — і пачынаў усё часцей выказвацца супраць «пралітоўца» Варонкі…
4 красавіка быў абраны прэзідэнт Літоўскага Гаспадарства Антон Смэтона, у Тарыбу замест Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча ўвайшлі новыя беларусы — Корчыцкі і Бялецкі. На чале кабінета міністраў 12 красавіка стаў Слежэвіч. Паміж беларускімі прадстаўнікамі Тарыбы і беларускімі арганізацыямі пачаліся перамовы аб тым, каб Язэп Варонка больш не ўваходзіў у літоўскі ўрад — міністрам беларускіх спраў прапаноўвалі стаць Вацлаву Ластоўскаму (які незадоўга перад тым пакінуў сваю пасаду беларускага аташэ пры літоўскай амбасадзе ў Берліне) ці Пятру Крэчэўскаму.
Перамовы да згоды не прывялі, і Варонка застаўся міністрам.
Яшчэ восенню — пасля адыходу немцаў — сяляне Халопеніцкай воласці абралі Лукаша Сяменіка ваенным камісарам. Але ж у першы дзень усталявання ў краі «савецкай» улады бальшавікі арыштавалі яго і пасадзілі ў барысаўскую турму, адкуль праз паўмесяца перавялі ў Менск. Сяляне пачалі збіраць сходы і накіроўваць у Менск пасланцоў з рэзалюцыямі ў абарону свайго героя. Рукапісныя «пастановы» да разгляду прымалі, але на ніводную не адказалі, ― і Сяменік заставаўся за кратамі. Ды аднойчы начальніку турмы надакучылі хадакі:
― Навошта яны гэтага атаманчыка сюды з Барысава прыперлі? Тут і ад сваіх не прадыхнуць. У сябе хай у распыл і пусцяць… — І загадаў адвезці Сяменіка назад. Загадаў неасцярожна пры «хадаку», і вестка тая ўжо на другі дзень прыйшла ў Халопенічы…
27 траўня аўто «чразвычайкі» злосна гыркала, трапляючы на карэнні, што, як змеі, выпаўзалі на дарогу — нібыта пагрэцца на вясновым сонцы. На кузаве — двое з вінтоўкамі і звязаны Сяменік, у кабіне немаладога ўжо веку шафёр, абапал — лес, разлапісты, густы.
Аўто, гыркнуўшы цішэй, прытармазіла і спынілася. На дарозе — воз з бярвёнамі. Дзед у світцы і аблавушцы сцёбае каняку — тая сіліцца й ціснецца назад, хамут ледзь не налазіць на вушы…
― Дзед, давай у бок са сваёй калымагай! — не ўцерпеў канваір.
― Куды ж, дзеткі, у бок… Кола вунь… па атосу ў гразь ускочыла! І адкуль тут гэтая яміна?
Канваіры пераглянуліся: нідзе не дзецца, дарога вузкая, не аб'ехаць. Маладзейшы, закінуўшы вінтоўку за плечы, саскочыў з кузава і пацёгся да каня.
― А ты б яшчэ больш наклаў… ― бубнеў, піхаючы воз. — На халяву так скора і пуп развяжацца.
― То хто ж думаў, што ў гэту яміну скочу, хай яна не дачакае!
Сяменіку раптам голас старога падаўся знаёмым. Вызірнуў з-за кабіны — так і ёсць: дзед Улас з Крывога хутара!
― Ся-ядзець! — выкрыкнуў канваір на кузаве і прыціснуў вінтоўку.
І тут бухнуў стрэл, другі… Асунуўся пад воз канваір, а другі сполашна ўскінуў вінтоўку, ды ў тую хвілю на яго наскочыў Сяменік і што сілы тыцнуў плечуком. Канваір перакаўзнуўся цераз драўляны борт і гохнуўся на зямлю. Паспрабаваў ускочыць — і трэці стрэл…
З лесу выйшлі двое — колішнія «зялёнаатрадаўцы».
― Злазь, Лукаш… Далей машына не паедзе, — празвінеў адзін з іх. Моцна абняліся. Дзед Улас, спіхнуўшы аблавушку набок, бяззуба ўсміхаўся Лукашу:
― А не распаўнеў ты на казённым харчы…
― Ды ўжо зараз ад'ядацца буду. — У адказ усміхнуўся і Сяменік. — А я то думаю, як гэта дзед такі воз адзін навярнуў!
І раптам дзед спахмурнеў, тыцнуў пальцам у кабіну… Аберуч абшчаперыўшы руль, спалохана лыпаў вачыма шафёр.
― Анутка вылазь са сваёй бярлогі, ― на яго наставілі вінтоўкі.
Шафёр павольна адкрыў дзверцу, выпхнуўся з кабіны і прысеў на шырокую падножку.
― Ты глядзі, а мог бы каго-небудзь з нас і падсмаліць! — Сяменік — ужо развязенены — выцягнуў з кабіны вінтоўку. — А-а?
― То я ж не стралец, а вазец… — Шафёр уздыхнуў і палез па папяросу.
Хутка абярнулі воз. Дзед Улас штурхануў Сяменіка і зноў кіўнуў на шафёра (той так і сядзеў на падножцы — курыў):
― А што з ім?
Сяменік пачухаў патыліцу, стукнуў даланёй па лёстках воза:
― Разварочвай, чалавеча, сваю жалезную каняжыну дый едзь назад з мірам.
А той лена павярнуў да яго галаву, зіркнуў з-пад густых броваў:
― А ты думаеш, што мяне там сустрэнуць з хлебам-соллю?
Сяменік змуліў вусны, задумаўся.
― У Менску ў цябе хто-небудзь ёсць?
― Ёсць… Кот, дый той надоечы да сяброўкі згарцаваў.
― А сам што рабіць думаеш?
― Я б… — шафёр зняў кепку, стукнуў ёю па калене. — Мне застаецца адно: змяніць жалезнага каня на жывога…
― Гэта што… — Сяменік здзівіўся. — З намі падацца хочаш?
― Хачу.
Сяменік агледзеў таварышаў.
― Хлопцы, а вы ці не зноў у зялёныя падацца сабраліся?
Тыя паціснулі плячыма:
― Дык сам жа бачыш: цёпла стала, зелянее ўсё наўкол…
― Што ж, калі так, то паехалі, ― ажывіўся Сяменік, падышоў да шафёра: — А цябе, чалавеча, як твой кот называе?
― Ды цёзкі мы…
― З катом? — зарагатаў Сяменік.
― З табой, — усміхнуўся нарэшце і шафёр.
Пакуль мужыкі капалі магілку, каб пахаваць канваіраў, Лукаш-другі схаваў у лесе сваю жалезную канячыну — і вярнуўся з каністрай.
― Бензіна зліў. Пашкадаваў кідаць — хоць на газніцы спатрэбіцца…
Партызанскі атрад Сяменіка адрадзіўся наноў. Да ранейшых ацалелых паўстанцаў падаліся ў лес тыя, хто не хацеў ісці ў Чырвоную армію — па ўсіх валасцях была аб'яўлена мабілізацыя. Праз паўмесяца «сяменікаўцы» пачалі нападаць на чырвонаармейскія часткі, здабывалі зброю — і агітавалі новых стральцоў у сваё «зялёнае» войска.
У ліпені партызаны захапілі Халопеніцкую, Красналуцкую і Зачысценскую воласці, забралі ўсю бальшавіцкую маёмасць — між іншага шмат тэлеграфных апаратаў.
― Хай будуць, мо на што выменяем, — маракавалі мужыкі.
І тады бальшавікі напалохаліся ўсур'ёз. Каб «партызанства» не перакінулася на суседнія раёны, у Барысаў накіравалі некалькі чырвонаармейскіх рот, і «зялёнае» войска мусіла адысці ўглыб лясоў…
У траўні 1919 года галоўнакамандуючым Літоўскай арміяй прызначылі генерала Жукоўскага, пры спрыянні якога яшчэ зімой у Коўне фармаваліся беларускія вайсковыя часткі. 31 траўня ў Коўну пад бел-чырвона-белым сцягам увайшоў Першы беларускі швадрон пад ачолам афіцэра Глінскага — змог такі, пакінуўшы частку сваёй маёмасці ў Горадні, прабіцца з польскага лагеру да беларускага прадстаўніцтва.
Беларускія часткі разам з літоўскімі рыхтаваліся заняць пазіцыі на бальшавіцка-польскім фронце…
У палове траўня 1919 года ў Варшаве стварылася Польска-беларускае таварыства, старшынёй якога абралі Міраслава Абэцэрскага. Сябрамі таварыства сталі Павел Аляксюк, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і Эдвард Вайніловіч. Штоаўторак вечарамі яны «ладзілі» гутаркі і дыскусіі, запрашаючы на іх усіх ахвотнікаў — нават давалі абвесткі пра час і месца сустрэчаў у беларускія і польскія газэты.
А 25 траўня па прапанове Алексюка адбыўся сход беларусаў — жыхароў Вільні. Аляксюк на той час лічыўся старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Горадзеншчыны і, як выказваўся сам, прыехаў з Варшавы з мэтай параіцца з Віленскай радай наконт беларускай палітыцы.
На сходзе (і на ім ён быў старшынёй) Аляксюк трымаўся ўпэўнена, самавіта. За нейкіх паўгода (пасля сустрэчаў у Менску) ён, падавалася Езавітаву, нашмат змяніўся: хоць і тыя ж чорныя вусы і бровы, доўгі з гарбінкай нос, доўгія вушы, але вочы — у нейкай смузе-павалоцы заклапочанасці, па галаве пачыналі распаўзацца залысіны…
За день працы сход абраў Беларускі нацыянальны камітэт і прыняў тры рэзалюцыі: аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, аб фармаванні беларускага войска і аб безадкладным вызваленні арыштаваных палякамі «німаведама за што» беларусаў.
А праз два тыдні — 9 чэрвеня — сабраўся новы з'езд — беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны. Час быў напружаным: Антанта пагаджалася прызнаць «калчакоўскую» Расію, калі толькі Калчак пагодзіцца на аўтаномнасць Літвы, Украіны і Беларусі. Усяго толькі аўтаномнасць! Многія ў той дзень — і Варонка (як літоўскі міністр беларускіх спраў), і Езавітаў, і Аляхновіч, і Кахановіч (маршалак Віленскай беларускай рады і дырэктар Першай віленскай беларускай гімназіі) — выказваліся супраць магчымага далучэння тых краін да Расіі. Але першым да трыбуны выйшаў (сядзеў у прэзідыуме) Аляксюк — і зноў настойліва загаварыў напачатку пра неабходнасць утварэння беларускага войска…
Старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, просты і шчыры чалавек, «поўны» незалежнік. На з'ездзе быў без гальштука, добрыя вочы хаваліся пад доўгімі вейкамі, а вусам, здавалася, не хапала месца паміж бульбаватым носам і вуснамі — тонкімі і доўгімі, ― праз што твар уяўляўся багатым на ўсмешку…
Вечарам Езавітаў не мог супакоіцца. Зноў — перакладанні з пустога ў парожняе, а што да справы… Ён вінаваціў і самога сябе: чаго ў выступленні не сказаў пра гэта… Як пры «польскай апецы» можна стварыць беларускае нацыянальнае войска, калі тыя ж палякі паўтары месяцы таму інтэрнавалі-раззброілі першы беларускі полк? На што спадзяецца Аляксюк? Што за дзіцячыя гульні?
Надгастрыў аловак, выклаў з папкі зеленаваты аркуш паперы, зверху — замест назвы — паставіў пытальнік, а пад ім пачаў густа пісаць:
«…Калчакаўская Расея для нас ня меншы вораг, чымсі была царская, Керанская ці бальшавіцкая… Прылучаныя да Расеі мы ня будзем магчы ня толькі думаць аб самабытнасьці, але ня будзем магчы рабіць ніякай культурнай работы і мора Маскоўшчыны залье, і, прынамсі, аб усходняй праваслаўнай Беларусі, можна сказаць, што яна праз колькі гадоў ушчэнт абмаскаліцца.
Але сход вынес яшчэ адну важную пастанову: ён сказаў аб канечнай патрэбе ўтварэньня беларускага нацыянальнага войска. Толькі гэта трохі неяк дзіўна было сказана. Не было сказана, як гэтае войска будзе зроблена? На кім, на якой рэальнай сіле трэба абапірацца каб атрымаць дзеля гэтага падмогу? Ня было сказана, хто вораг нам, хто не.
Гісторыя не паўтараецца <…> Нельга ўпускаць моманту, нельга праспаць вялікую хвіліну, паўтараючы быццам праз сон «непадзельнасьць», «незалежнасьць», а нічога не рабіць, каб стварыць тую рэальную сілу, якая дасьць магчымасьць правесьці ў жыцьцё гэты сьвяты ідэал».
Гісторыя не паўтараецца?..
Раніцай Езавітаў быў на кватэры Аляхновіча, які рэдагаваў у Вільні газэту «Беларускае Жыцьцё». Уважліва прачытаўшы чыставік сябравага рукапіса, Аляхновіч цмокнуў:
― Стаўлю на першую старонку. У першы ж нумар. Варта! — і, збіраючыся рыхтаваць гарбату, сунуў Езавітаву «Известия»: — А ты пакуль вось гэта чытні… як тут наш абмаскалены армянін і былы прапаршчык Мяснікоў спавядаецца…
― А дзе ён зараз?
― Меўся асталявацца ў Вільні пры бальшавіках, ды пасварыўся — пэўна, штось не падзяліўшы з Іофэ і Міцкевічам-Капшукасам, за што яго адкамандзіравалі на калчакаўскі фронт…
Зацемка Мяснікова ў маскоўскіх «Известиях» здзівіла Езавітава найперш «нахрапістасцю» — яе аўтар пераконваў: палякі захапілі Вільню толькі таму, што ён не паспеў арганізаваць у горадзе ЧК-«чразвычайкі»…
― Ты знарок мне раніцай гэту брыду падсунуў? — не стрываў Езавітаў. А Аляхновіч, ставячы на стол два кубкі чабаровай гарбаты, таксама, усміхаючыся, паспрабаваў абурыцца:
― То ж не мне аднаму гэтым вочы таміць!
1761-дзённая Сусветная вайна адыходзіла ў нябыт. У віленскіх Базыльянскіх мурах на Вострабрамскай (дом № 9), з якіх яшчэ перад прыходам немцаў эвакуявалася літоўская духоўная семінарыя, працавала беларуская гімназія (дзейнічалі два падрыхтоўчыя і сем вышэйшых клясаў). У тым жа гімназічным будынку месціліся і Беларуская рада, і Беларускае выдавецкае таварыства.
Напрыканцы чэрвеня 1919 года бурмістр Вільні паслаў усім кіраўнікам адзьдзелаў Магістрата і гарадскіх устаноў паведамленне аб тым, што ўсе дакумэнты і просьбы, якія падаюцца на імя Магістрата, могуць пісацца «ў якой-будзь з мясцовых моваў (польскай, беларускай, літоўскай, жыдоўскай). Расейская і нямецкая мовы не прызнаюцца краёвымі, і дзеля гэтага ані просьбы, ані ніякая карэспандэнцыя па-расейску або па-нямецку не прыймаецца».
Перахварэўшы вясной на беспрацоўе, летам Вільня ўбіралася ў сілу. Тэхнічная секцыя пры Магістраце падрыхтавала праект, паводле якога тысячы ахвотнікаў прапаноўваўся занятак. Былі запланаваны зямельныя работы па «ўрэгуляванні» вуліц у Звярынцы і на Салтанішках, улады выказваліся за правядзенне новай вуліцы, якая мелася злучыць Пагулянку з Юнкерскім завулкам. Планаваліся «рэгуляцыі» берагоў Віліі — ад Антокальскага моста да шпіталю Святога Якуба (на ўсё Магістрат запатрабаваў у генеральнага камісара паўтара мільёна марак).
У горадзе заклалі фабрыку бетона, з якога пачалі рабіць тратуары, — драўляныя ўшчэнт знасіліся. Домаўласнікаў абавязвалі класці бетон і ў сваіх панадворках. Цэмент на фабрыку прывозілі чыгункай з Польшчы, жвіру ж хапала і свайго.
Вырашылі пракласці ў горадзе і вадаправод. Матэрыялаў на ўсё пакуль не хапала. У Бернардынскім садзе на Буфаловай капалі вадаёмы. Пад Віленскай і Нямецкай пачалі рабіць мураваны сток для каналізацыі — спатрэбілася 120 000 вялікай цэглы…
Не хапала рэльсаў, каб чыгункай вазіць на гарадскія работы зямлю і матэрыялы — і даўмеліся выкарыстоўваць «нямецкія»: немцы, калі падчас вайны высякалі ў краі лясы (і перавозілі да сябе), пакінулі сотні кіламетраў рэльсаў і шмат вагонаў, ― і яны цяпер спатрэбіліся віленчукам.
Адкрыліся танныя страўні-сталоўкі — па горадзе тулялася шмат жабракоў, сярод іх часта патрапляліся дзеці… Запрацавала хуткая дапамога — за месяц адзначалі па 120 выездаў «карэткі». Зменшылася колькасць захворванняў на плямісты тыф. Пачысцелі двары — Магістрат штрафаваў неахайных домаўладальнікаў.
Пачалі дзейнічаць віленскія банкі, ды ўсёроўна на рагу Завальнай і Рудніцкай раніцамі гудзела «чорная гелда», дзе «піжоны» ў кепках і модных сплюснутых капелюшах, з гальштукамі і без мянялі валюту. Іхнія вокрыкі часта перабівала тарахценне па брукаванцы сялянскіх вазоў…
У ліпені камісар Віленскага вокругу пан Недзялкоўскі сваім загадам устанавіў новы курс грошай: 100 царскіх рублёў прыроўнівалася да 200 думскіх ці 115 «остмарак» (столькі каштавала бутэлька гарэлкі з «прыкускай»).
Пасля гэтага зніклі цэннікі на таварах, у крамах запатрабавалі толькі царскія рублі — разрахунак на пфенігі рабіць не маглі, бо не хапала «драбязы». Кошт хлеба маркамі ўзрос неадпаведна да змены курса рубля, у некаторых гандляроў тое, што прадавалася ў марках, стала — у тых жа лічбах — прадавацца за «цяжэйшыя» царскія рублі…
Віленскія газэты пра «грашовы» загад пісалі:
«Камісар вокругу ня мае права даваць загад… Усялякія датычна грошаў загады маюць гэтак вялізарнае значэньне, што могуць іх рэгуляваць толькі агульнадзяржаўныя органы… Думаем, што апавяшчэньне п. Камісарам Вокругу выйшла з якогась непаразуменьня і чакаем, што хутка яно будзе адменена».
Аніякіх «адменаў» не было, адно камісар вокругу дазволіў віленскім габрэям гандляваць і ў нядзелі…
На Вялікай Пагулянцы запрацавала «Беларуская кааператыва». Магістрат увёў па горадзе падаткі на нерухомасць, рэстарацыі і гасцініцы, а таксама на… коней, веласіпеды і сабак. Ад кожнага веласіпеда — 15 рублёў і 2 рублі 50 капеек за «значок», за кожнага сабаку — 10 рублёў і 50 капеек за «значок», за каня — 80 рублёў у год.
13 ліпеня адкрыўся тэлеграф і для цывільных, рыхтавалася да адкрыцця фабрыка мармелада — падобная да той, што была ў часе нямецкай акупацыі. У Антокальскім лесе адвялі месца пад вайсковыя могілкі…
У ліпені патаннелі харчовыя прадукты. Фунт хлеба прадавалі за 3-4 рублі, мяса — за 7-8, сала — 11-12, масла — 14-15,5 (у чэвені гэта каштавала адпаведна 5г6, 10-12, 13-16, 16-18 рублёў. Кварту малака ў чэрвені куплялі ў Вільні за 2,5-3 рублі, дзесятак яек — за 12-18 рублёў, а ў ліпені плацілі адпаведна па 2 і 10 рублёў..
Вільня, здавалася, зноў паверыла ў сваю шляхетнасць — і бадзёра ўбіралася ў пахкую ліпнёвую квецень.
Новаабраны старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Клаўдыюш Дуж-Душэўскі[23] яшчэ ў чэрвені выехаў у Варшаву — каб паклапаціцца пра арыштаваных польскімі ўладамі беларусаў і азнаёміцца з поглядам дзеячоў левага накірунку ў польскім Сойме. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) і «Польскім стронніцтвом людовым», якія шчыра падтрымалі ідэю існавання незалежнай беларускай дзяржавы і абяцалі спрыяць беларусам. Добразычліва глядзелі на справу адраджэння сваёй усходняй краіны-суседкі і некаторыя іншыя партыі Гуртка народных паслоў Сойму (разам з ім ППС і Народны гурток работнікаў мелі ў Сойме 180 галасоў).
Быў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі і на аўдыенцыі ў Начальніка Польскай Дзяржавы Язэпа Пілсудскага. У выбарах у Віленскую гарадскую раду маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто валодаў польскай мовай. Пра гэтае нераўнапраўе і загаварыў напачатку Дуж-Душэўскі — Пілсудскі загадаў абмежаванне зліквідаваць. А вось пра арганізацыю беларускага войска Начальнік Польскай Дзяржавы тады не сказаў нічога пэўнага.
Польскія войскі ўжо занялі Маладэчна і Вілейку і працягвалі наступ на Менск, з якім, як і з усёй усходняй Беларуссю, ужо два месяцы не было зносінаў. На літоўска-беларускім фронце Чырвоную армію адкінулі ад рэчкі Мядзёлка. Атрады генерала Макжэцкага занялі Ганцавічы…
Бачачы, што польскія войскі ўсутыч падыходзяць да Менску, бальшавікі вялікімі сіламі контратакавалі пад Маладэчнам і Вілейкай — з падтрымкай артылерыі, двух бронецягнікоў і некалькіх аэрапланаў, ― і зноў былі вымушаны адысці. Не зважаючы на вялікія страты, праз некалькі дзён Чырвоная армія распачала новы наступ з паўночнага ўсходу ад Радашковіч і Вілейкі. Штодня праз Смаленск і Полацак на беларускі фронт бальшавікі перавозілі па пяць тысячаў салдат — перакідвалі з Уральскага фронта (Калчак чырвонай сталіцы ўжо не пагражаў). Камісары змаглі б сабраць пад Менскам і большае войска, калі б не поспехі Дзянікіна…
— Калі палякі злучацца з Дзянікіным — бальшавікам загуба, — гаварыў Аляхновічу Езавітаў. — Будзе адрэзана Украіна! Бальшавікі адчуваюць гэта, і таму так люта б'юцца за Менск…
Падчас наступу польскага войска на Менск на Украіне адбыўся палітычны пераварот. Перарваліся ўсе стасункі паміж Пятлюрай і ўкраінцамі ва ўсходняй Галіччыне. Яшчэ ад 29 чэрвеня закрылася граніца. Пятлюра ўмацоўваўся ва ўладзе і вёў барацьбу з бальшавікамі, галіцкія ж атрады падтрымлівалі з Чырвонай арміяй добрыя стасункі.
Даходзілі жорсткія весткі і з Расіі. Цывільным асобам забаранялася карыстаца чыгункай (маглі бесперашкодна пераязджаць адно вайскоўцы ці чыгуначнікі — па службовых патрэбах). Жахлівыя навіны перадавалі паланёныя чырвонаармейцы і польская выведка: бальшавікі мабілізавалі дзесяць тысячаў дзяцей (сярод іх і сірот, «беспризорников») капаць акопы перад Петраградам. У самой «калысцы рэвалюцыі» за адмову ісці на фронт у апошні час бальшавікі расстралялі семсот сорак рабочых (з іх дзвесце дванаццаць з Пуцілаўскіх фабрык).
Палонныя сведчылі і аб тым, што ў першыя шэрагі Чырвонай арміі ставіліся рабочыя, а за імі — кітайцы ці латышы, — назіраць, каб не было дызерціраў…
У паўночнай частцы Каспійскага мора бальшавікі затрымалі параход, на якім быў генерал Алмазаў — ад Дзянікіна плыў з весткамі да Калчака. Афіцэры знішчылі ўсе дакумэнты, а генерал паспеў застрэліцца.
У Гданьску апусцілі якары тры амерыканскія тарпеданосцы…
Не аціхалі баі і на Палессі. Бальшавікам ледзь не штодня падыходзіла дапамога — піцерскія матросы ці кітайскія атрады, ды ўсё ж часткі польскага генерала Лістоўскага занялі Лунінец, важны чыгуначны пункт.
Як і заўсёды зранку — Езавітаў пісаў, калі лёгка скрыпнулі прыступкі і некалькі разоў бадзёра азваўся званочак над дзвярыма.
― Заходзьце. — Езавітаў адклаў асадку. Дзверы расчыніліся.
― То заходзь, калі пускаюць… — па голасе пазнаў Смоліча. Першым нясмела пераступіў парог хлопец гадоў дваццаці, у саматканых кашулі і нагавіцах, узварушыў копку валасоў; з-пад выцвілых за паўлета броў Езавітава пачалі вывучаць блакітныя вочы. — Смялей, смялей, — падштурхнуў хлопца Смоліч, прычыніў дзверы. — Дабрыдзень гаспадару. Нешта не відно цябе апошнім часам стала… Што новага маеш?
Госці прыселі на канапу.
― Дык усе ж навіны ў вас, больш таго — і моладзь! — Езавітаў ужо ведаў, што з 26 ліпеня запрацавалі Беларускія настаўніцкія курсы (напачатку меліся адкрыцца ў Горадні, ды ўсё ж іх перанеслі ў Вільню). Выкладалі ж на курсах беларускую мову Янка Станкевіч, беларускую літаратуру Максім Гарэцкі, гісторыю Беларусі Міхаіл Кахановіч, педагогіку Браніслаў Тарашкевіч. Аркадзь Смоліч вучыў геаграфіі…
― Яно то так. Толькі ж гэтая моладзь ужо і нас павучыць можа. З адным з іх я вось і хачу цябе пазнаёміць — Пранук Баброўскі, паспеў і ліха сербануць, і выявіцца… у Вільні нядаўна. Мы яго захацелі на курсы ўладкаваць, а ён… — Смоліч зірнуў на Пранука, усміхнуўся. — Ды не чырваней ты, я ж кепскага не кажу… Ён, значыць: «Вучыцца не хачу, хачу палякаў ваяваць!»
Езавітаў здзівіўся, наструніўся:
― Хай Пранук сам раскажа, можа ўсё ж ён больш пра сябе знае… — і незаўважна для хлопца падміргнуў Смолічу.
― Яшчэ вясной бацька ўзяў ад пані Важынскай у маёнтку Укропішкі адзінаццаць мархоў зямлі, ― Прануку, па ўсім, і самому карцела выказацца. — Прыкупілі сямян і засеялі мы з ім той надзел. А летам пані Важынская памерла, маёнтак перайшоў да ейнай дачкі Радзевічовай. У канцы чэрвеня з'явіўся ва Укропішкі пан Францішак Перапечка і, выдаючы сябе ўласнікам маёнтка, зажадаў змены варункаў арэнды… Каб заместа грошай яму аддалі траціну ўраджаю! Бацька падаў у суд у Ашмяны…
― Дык Укропішкі — на Ашмяншчыне? — перапыніў Езавітаў.
― Так… Значыць, затым пачалі мы, не зважаючы на грозьбы Перапечкі, убіраць поле. А тут ён, Перапечка, заявіўся, з жандармам Будкевічам, які арыштаваў бацьку і павёз у Ашмяны. Пасадзілі яго ў турму пры паліцыі, а назаўтра пан рэвіровы на допыце заявіў, што арыштавалі бацьку па выраку камісара павета — за тое, што не пагадзіўся на ўмовы Перапечкі.
«А калі і цяпер не скорышся, — прыкрыкнуў, ― то — або штраф у дзесяць тысёнц марак, або тры месяцы турмы!»
Пад прымусам бацька падпісаў умову Перапечкі, а ўжо дома склаў ліст да камісара Віленскага вокруга пана Недзялкоўскага…
― Аркадзь, а ці не той гэта інжынер Перапечка, каторы з ксяндзом Гурскім ездзіў «дэлегацыяй» ад усяго павета да Пілсудскага — прасіць далучэння да Польшчы? — падзівіўся Езавітаў.
― Той! Ды ў Бэльвэдэры тады мала верылі ў тое, што іхні голас быў голасам усяго Ашмянскага павета… Але ж ты, Пранук, не дагаварыў галоўнага!
― А што дагаворваць… — хлопец спахмурнеў. — Сустрэў затым я тога Перапечку… А ён крывіцца: «Ну што, падцерлі вам нос?» Тут я й не стрываў…
― Ну…
― Ну і смэльнуў гаду ў нос…
― Вось, — бухнуў Смоліч, — а затым збег. Мы яго на курсы, каб прыхаваць, а ён: «У войска хачу!»
Езавітаў уздыхнуў, задумаўся.
― А бацьку кінуў жандарам?
― Не, — з-пад ілба зірнуў Пранук. — Ён да сваякоў у суседні павет падаўся, і рэчаў крыху перавёз.
― А маці?
― Маці два гады як памерла…
― Што ж, сябрук Пранук, давядзецца табе ўсё ж колькі часу дзядзьку Аркадзя на лекцыях паслухаць… Так спакайней. А затым, калі хочаш, пераправім цябе ў Рыгу ці Коўну. Пажыць гэты час можаш і ў мяне, месца хопіць…
Падмацаваныя рэзервовымі аддзеламі, палякі зноў прарвалі фронт і з 4 на 5 жніўня занялі Слуцак. Адбіўшы некалькі контратак, захапілі Клецк, Нясвіж і Мір. Атакі распачаліся ў накірунку Койданава і Менска, які высланая на Смалявічы кавалерыя адрэзала ад Барысава. Пасля шостай гадзіны раніцы 8 жніўня ў пятніцу злучэнні Чырвонай арміі пачалі адступленне, а ў дзесяць вечара польскія жаўнеры ўвайшлі ў Менск…
…А справы на беларускім нацыянальным фронце не абнадзейвалі: Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Горадзеншчыны ахапіў крызіс. Яе сябры пачалі прапаведаваць адрозныя ідэі наконт будучыні беларускай дзяржавы. 16 ліпеня старшыня рады Дуж-Душэўскі склаў свае паўнамоцтвы. За старшыню прэзідыум рады абраў кандыдата філалогіі Браніслава Тарашкевіча (праз некаторы час выбары мусіў пацвердзіць агульны сход рады).
Браніслаў Тарашкевіч з дэлегацыяй выехаў у Варшаву — на перамовы з польскім урадам. Галоўным клопатам дэлегацыі мелася стаць пытанне аб стварэнні беларускага войска.
Тарашкевіч перадаў Пілсудскаму заяву:
«<…>Асновай нашай працы ёсьць утварэньне незалежнай і непадзельнай Беларускай Дзяржавы. <…> Беларускі народ… мае права існаваць самастойна, і <…> не зрэалізаваць ідэю незалежнасьці беларускага народу было б гістарычнай абмылкай, якую людзі ў будучыні быць можа былі б прымушаны адкупіць ракой крыві. <…> Мы верым, што <…> нашы братнія народы пададуць рукі, каб разам памагаць сабе і згодна жыць у будучыні».
Падпісалі заяву Тарашкевіч і — як сябры дэлегацыі — Аляксюк, Кахановіч і Кушнеў.
Адбылася сустрэча віленскай дэлегацыі з Беларускім камітэтам у Варшаве, прэзідыум якога складалі архітэктар Лявон Дубейкоўскі, паэт Гальяш Леўчык, Язэп Арбуз і іншыя. Камітэт працаваў на Навагродзкай вуліцы ў доме № 58 (кватэра 11). Тарашкевіча найбольш уразіла тое, што ў Беларускім камітэце ў Варшаве можна было набыць усе беларускія кніжкі і чытаць усе беларускія газэты…
Праз некалькі дзён Пілсудскі зноў прыняў дэлегацыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны на чале з Тарашкевічам, які азнаёміў Начальніка Польскай Дзяржавы з новай дэкларацыяй (якую, пэўна, за гэты час і «распрацоўвала» дэлегацыя):
«<…>Прызнаньне беларускага народу правоў на незалежнае быцьцё і падтрыманьне польскай дэмакратыяй для абодвух народаў прынясе толькі карысьць, бо паложыць цьвёрды фундамэнт для будучага згоднага жыцьця і прыязнага збліжэньня. <…> Рада зварачаецца да Вашае Міласьці з просьбаю падтрымаць стварэньне збройнае сілы, як вядомага знаку імкненьня беларускага народу да вольнага і незалежнага жыцьця.
З свае стараны Рада лічыць магчымым тварэньне беларускага войска на такіх асновах:
1. Беларуская Рада Віленшчыны і Горадзеншчыны выдзяляе Вайсковую Камісію з месцам быцьця пры Галоўным Камандаваньні Польскага Войска. <…>
2. Камісія кіруе нацыянальным гадаваньнем беларускага войска і канцэнтруе ўсялякую працу, што датычна падмогі беларускаму салдату беларускім грамадзянствам.
3. Беларуская Вайсковая Камісія разам з Галоўнаю Польскаю Камандаю ўстанаўляе форму Беларускага Войска.
4. Беларуская Вайсковая Камісія безадкладна назначае камісію дзеля апрацаваньня статутаў службы. <…>
5. Беларускае Войска можа ваяваць толькі на беларускім фроньце і ня можа быць выводзена з тэрыторыі Беларусі».
Падпісалі дэкларацыю старшыня рады Тарашкевіч і яе сакратар Сянкевіч.
«Дай то Бог нашым цяляткам воўка з'есці, ― сказаў пасля прачытання гэтай дэкларацыі Езавітаў — у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця», калі Аляхновіч рыхтаваў дакумэнт да публікацыі. — Уражанне, што нашы пасланцы самі яшчэ не вераць у тое, чаго дамагаюцца… Беларускае войска — то з маленькай, то з вялікай у іхнім тэксце скача…»
Сам жа ён не верыў у поспех распачатай ад імя Цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны справы — не мог забыць, не мог дараваць раззбраенне і інтэрнаванне (па-сутнасці — паланенне) з вялікімі цяжкасцямі сфармаванага ім Першага беларускага палка…
Пілсудскі ж з уважлівасцю выслухаў дэкларацыю (яе зачытваў Тарашкевіч), затым пачаў казаць пра свае клопаты і распытваць пра жыццё на Віленшчыне. Напрыканцы сустрэчы (аўдыенцыя доўжылася сорак хвілін) узрушана запэўніў беларусаў:
— Прыкладу ўсе сілы, каб здаволіць усе думкі беларускага народа аб незалежным існаванні. З ідэй сваёй адозвы да народаў Вялікага княства Літоўскага не сыйду ніколі і буду абараняць іх пры ўсялякіх варунках. — І затым, калі пасланцы ўсталі, каб развітацца, дадаў-запэўніў: — Што тычыцца войска — зараз дам мясцовым вайсковым уладам загад, каб згаварыліся з Беларускаю радай і заняліся арганізаваннем беларускай збройнай сілы…
Для беларускай дэлегацыі Польска-беларускім камітэтам быў наладжаны абед у гатэлі «Еўрапейскі», на якім прысутнічалі і некаторыя сябры польскага Сойму. Тарашкевіч выступіў з прамовай.
Праз два дні 1 жніўня дэлегацыя вярнулася ў Вільню. У Варшаве застаўся адзін Тарашкевіч — заняцца, як казаў, доляй ваякаў-беларусаў, што апынуліся ў Варшаве — «каб уцягнуць іх у работу пры арганізацыі беларускага войска».
З самае раніцы 1 жніўня на віленскім вакзале збіраўся натоўп — чакалі прыезду ў горад Начальніка Польскай Дзяржавы і Галоўнага камандуючага польскім войскам Язэпа Пілсудскага. Вільня — вымеценая і вычышчаная — рыхтавалася прыняць пашанотнага госця. Паўсюдна гірлянды кветак, сцягі…
Цягнік спазніўся і марудна ўпоўз, пыхкаючы парай, на разагрэты сонцам вакзал а палове другой дня. Пілсудскага закідалі кветкамі, затым на легкавіку без варты ён паехаў у біскупскі палац, дзе яму падрыхтавалі рэзідэнцыю.
Ліпеньскай раніцай па дарозе ў Лукішскі астрог (выбраліся адведаць арыштаваных таварышаў: Мадэста Яцкевіча, сакратара Беларускага нацыянальнага камітэта, якога схапілі за раздачу палонным газэты «Беларуская Думка», і сябра Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Тамаша Грыба, арыштаванага на вакзале — збіраўся ехаць у Горадню) Аляхновіч расказваў Езавітаву горкі анекдот.
— Жанчына ў царкве кажа бацюшку:
«А мой жа мяне нядаўна так пабіў, што ледзьва да вас дайшла… Так пабіў!..» — «И каким же это образом?» — пацікавіўся бацюшка. — «Каб жа абразом… — цмокнула жанчына. — Палкаю, гад, біў!»
Завярнулі на Феліцыянскую, як раптам насустрач — кабета з хатульком на руцэ, у доўгай квяцістай хустцы:
— Паночкі, нарайце, да каго тут можна з жалобай падысці?
— А ў якой справе? — стуліў бровы Аляхновіч.
— Пабілі нас, паночкі. Бізунамі… Жандары пабілі… ― Да іх нясмела падсунуліся яшчэ дзве — амаль у такіх жа хустках, доўгіх — да пят — спадніцах.
— Адкуль вы? Бадай, не віленскія? — пацікавіўся ў жанок Езавітаў.
— Ды з-пад Гальшанаў… Пан Чапскі прыслаў па астаткі нашага дабытку. Мы прасілі, каб злітасцівіўся, не ўсё забіраў… А яны нас бізунамі…
— Мы чулі, ― перапыніла сяброўку тая, што падышла першай, — што ў Вільні быў пан Пілсудскі і казаў бараніць бедных… — Яна падціснула вузельчык хусткі. — Дык мы й ідзём прасіць паратунку. Зусім ужо гоніць нас рэвіровы, гоніць пан, жандар, а ў камісара гальшанскага адно графы на ўме, паліцыянт жа ад яго нас выгнаў — вось мы і насмеліліся ў Вільню…
Падрабязна патлумачылі гаротніцам, як дайсці ў Магістрат, параілі затым расказаць пра сваіх мясцовых панкоў у Беларускай радзе, пажадалі поспеху — і сумна папляліся далей.
— А пра гэта ў показках не гаворыцца? — Езавітава Аляхновіч такім калюча-гнеўным не бачыў.
— Такое, — выціснуў, памаўчаўшы, — і ў рамане выказаць цяжка…
У Лукішскі астрог Аляхновіч з Езавітавым — як сябры камісіі па вызваленні вязняў-беларусаў — патрапілі з дазволу пана гарадскога камісара. У трох карпусах сярод трохсот чатырох арыштантаў большасць была беларусаў. Аляхновіч падрабязна распытваў дзяжурнага пра адзіночкі і «групоўкі», папрасіў напачатку правесці ў «цэнтралку», куды вязні патрапляюць пасля следства — і дзе ўмовы найгоршыя.
— Слухай, а табе б па гэтым замку толькі экскурсіі вадзіць! — Падзівіўся Езавітаў. — Праз што такая абазнанасць: адзіночкі, цэнтралка?..
Аляхновіч усміхнуўся, прыцішыў крок, і, калі дзяжурны крыху прайшоў наперад, патлумачыў:
— Я ж тут ажно дзевяць месяцаў прабыў!
…Езавітаў думаў, што ўжо ўсё ведаў пра сябра — яшчэ ў першую сустрэчу ў Менску на кватэры Ядвігіна Ш. Аляхновіч многа расказаў пра сябе: і пра дзеда-шляхцюка, які меў гаспадарку пад Радашковічамі, добра маляваў і граў на скрыпцы, і пра ягоны пераезд — пасля таго, як «прамаляваў» усю маёмасць — у Вільню, і пра бацьку Караля, які іграў у Віленскіх тэатрах; і пра маці, якая мусіла працаваць швачкай; і пра сваю вучобу — у віленскіх рускай гімназіі (з якой пасля шасці клясаў быў выключаны) і тэхнічным вучылішчы (якое праз год кінуў сам)… Пасля заканчэння Варшаўскай драматычнай школы — праца ў польскім тэатры, пасля — Вільня, рэпарцёрства ў газэтах і рэдагаванне гумарыстычнага тыднёвіка «Перкунас»…
…― За адзін з артыкулаў у «Перкунасе» мяне паклікалі ў суд — адразу па трох артыкулах! — дарасказваў цяпер — у Лукішках — Аляхновіч. — «За кощунство, стремление к свержению существующего строя, за оскорбление царствующей особы в печати» ды «за возложение хулы на бесплотные силы небесные»… Вось і мусіў я не ў суд ісці, а эмігрыраваць у Аўстрыю. А дачуўся, што — гэта ў 1913-м было — у звязку з трохсотгоддзем дому Раманавых аб'явілі амністыю, — назад вярнуўся. І загрымеў: не ўсе мае «пункты» абвінавачвання падпадалі пад тую амністыю! І цапнулі мяне… — некалькі хвілін прайшлі моўчкі, і калі дзяжурны адамкнуў краты-вароты вузкага цёмнага калідора, Аляхновіч, прапускаючы Езавітава наперад, дадаў: — Вось у гэтай цэнтралцы я «На Антокалі», п'есу-першынца, і напісаў…
З жахам даведаліся, што няволіліся ў Лукішках і сорак юнакоў з Дзісеншчыны, якія ўцяклі ад бальшавіцкай мабілізацыі, перайшлі дэмаркацыйную лінію — і патрапілі за польскія краты. У адной з камер сядзелі дзве дзяўчыны…
Вязні расказвалі, што атрымліваюць палову фунта хлеба ўдзень, а за два месяцы ім ні разу не мянялі бялізны…
Камісія па вызваленні вязняў-беларусаў арганізавала збор ахвяраванняў для арыштаваных. Па яе хадайніцтву справу арыштаваных беларусаў разглядала Надзвычайная камісія — у ліпені і жніўні двойчы на тыдзень яна праводзіла свае паседжанні. Выйшлі на свабоду сто восемдзесят вязняў, а турэмныя ўлады паведамлялі пра змены нормаў харчу. Для незанятых працай вязняў яна склала 1 фунт хлеба, для тых, хто «лёгка працуе» — 1,5 фунта, хто мае цяжкую працу — 2 фунты. Акром таго ўсім выдавалася снеданне і вячэра, а таксама «зупа» на абед.
Можа, пасля тога наведвання Лукішак Кастусь Езавітаў і пачне сваю кнігу «Беларусы і палякі. Дакумэнты і факты з гісторыі акупацыі Беларусі палякамі ў 1918 - 1919 гадох»?
2 жніўня, чакаючы пачатку паседжання Цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, Аляхновіч узбуджана расказваў пра пазаўчарашні (даведаўся са спазненнем) сход Расійскага праваслаўнага камітэта. На даклад ягонага старшыні аб становішчы расіян у Вільні генеральны камісар пан Асмалоўскі адказаў, што расійскае насельніцтва Віленшчыны не можа разлічваць на матэрыяльную падмогу ўрада, але абяцаў пастарацца зрабіць для ўсіх ахвочых прапускі… на выезд у Расею.
― Такія заявы я чуў ужо з месяц таму. І вось тады некаторыя з расійцаў пачалі заяўляць сябе беларусамі! — не супакойваўся Аляхновіч. — Больш таго — пачалі ўлазіць у нашыя арганізацыі і нават уваходзіць у прэзідыумы. Гэтыя новыя «беларусы» гаварыць па-беларуску, вядома, не ўмеюць, адно заяўляюць аб сваіх добрых хаценнях вучыцца нашай мовы, а пакуль што, кажуць, не паспелі…
― То што ж тут кепскага? — адразу не зразумеў сябравага абурэння Езавітаў.
― Х-ха! Руку блуднаму падаць заўсёды трэба… Але ж трэба быць і асцярожнымі, трэба сцерагчыся ваўкоў, што апранаюцца ў беларускую скуру, ваўкоў, якія могуць апаганіць тыя нашы арганізацыі, куды яны ўшчаміліся…
Беларуская рада пачала сваю працу паведамленнем старшыні Браніслава Тарашкевіча і выбарамі Вайсковай камісіі, якой, як сказаў старшыня, рада даручыць увайсці ў кантакт з адпаведнай уладай у справе фармавання беларускага войска. У Беларускую вайсковую камісію ўвайшлі Павел Аляксюк, Янка Станкевіч, Аляксандр Галавінскі, Францішак Кушаль і Бондар Нарушэвіч, кандыдатам — Леў Зубец.
Напрыканцы паседжання разглядалі школьныя і культурніцкія справы. Францішку Аляхновічу рада даручыла арганізацыю беларускага тэатра…
…Якой п'есы гэта была рэпетыцыя — ён ужо не помніў. Помніў ахутаную змрокам залу, два пражэктары, што зверху асвятлялі невялікую сцэну, невыразныя — пэўна ж, на скорую руку зробленыя — дэкарацыі. Перад сцэнай — Аляхновіч, рэжысёр:
― Так-так, а цяпер, хлопцы, вы знікаеце за гэтым шчытом-дрэвамі… А Наталка… — ён стукае па далоні затухлай люлькай. — А Наталка выходзіць — павольна — вось адсюль… — Сам ускоквае на сцэну і паказвае, кудой ісці акторцы. — Святло сюды, на сярэдзіну… — Апускае галаву і заўважае ў зале адзінокага гледача. — Спявай, Наталка, а я з залы паслухаю. — Заліхвацкі саскоквае са сцэны і садзіцца побач з Езавітавым. — Вось гэта правільна! — і пыхкае халоднай люлькай. — Не пабыўшы на рэпетыцыі, спектакля не пасмакуеш.
Езавітаў хацеў пацвердзіць, але тут заспявала акторка — і ён застыў, баючыся нават міргнуць: яна сарамліва і грацыёзна, як палахлівая лань, ступала па сцэне. Голас, пяшчотны, мяккі, наплываў з пералівамі, зачароўваў…
Аляхновіч заўважыў перамены з сябрам:
― Гэта нашая будучая зорка! — усміхнуўся і схаваў люльку ў кішэню пінжака.
Наталля скончыла спяваць, а Езавітаў, як і не чуўшы Аляхновіча, спытаў:
― Хто гэта?
― Наша будучая зорка, — паўтарыў Аляхновіч. — Наталля Якота. Старэйшая дачка бацькоў-беднякоў. Скончыла семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы. Настаўнічала ў Сакольскім павеце. А калі ў сілу ўвабраліся палякі — іхні інспектар хацеў прызначыць яе выкладчыцай польскай мовы. Яна адмовілася і з месяц галадала, пакуль вось да нас не патрапіла… — А потым яшчэ раз хітравата агледзеў Езавітава і спытаў: — Можа, пазнаёміць?
І Езавітаў нібыта прачнуўся:
— Зрабі ласку!
Вільня рыхтавалася да новых зменаў — у назвах сваіх прамянёў-вуліц. Магістрат прыняў адпаведнае рашэнне ў сярэдзіне ліпеня. Беларускі нацыянальны камітэт прасіў гарадскія ўлады пераназваць Малую Пагулянку ад Віленскай да Зактэтнага леса на праспект або вуліцу доктара Францішка Скарыны, а былую Андрэеўскую (Аўгусціянскую) на Мамонічаўскую[24] вуліцу, і — да ўсяго, — «каб на табліцах з найменнямі вуліц на другім мейсцы былі памешчаны назовы вуліц у беларускай мове рускімі літэрамі».
Больш месяца віленскі Магістрат апрацоўваў прапановы па пераназове вуліц і аддаў матэрыялы на зацвярджэнне камісару горада. Арэнбургская, Бухарская, Каўказская, Полацкая, Суздальская, Цараградская ператварыліся адпаведна ў Сміглава-Рыдза, Слізкую, Славацкага, тракт Баторага, Кракаўскую, Слуцкую; Віцебскі завулак стаў Свянцянскім, Сербская — Касцюшкі, Юрская — Міцкевіча, Булгарская — Сыракомлі, Гогаля — Крашэўскага, Радунская — Пілсудскага; Біскупская пераўтварылася ў Мокрую, Жыдоўская ў Школьную, Карная ў Пустую, Суздальскі завулак — у Сляпую, Пекла — у… Радасці. На былой Фабрычнай з'явілася шыльда «вул. Ф. Скарыны», а на былой Яснай — «вул. Мамонічаў»… Толькі віленчукі яшчэ доўга будуць блытаць новыя назовы са старымі, адчуваючы, што іхні горад нечакана ўдвая пабольшаў…
Беларускі нацыянальны камітэт пастанавіў прасіць у каталіцкага біскупа адкрыцця ў Віленскай духоўнай семінарыі катэдры беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама таго, каб у віленскіх касцёлах з казаннямі і чытаннем Евангелля па-польску былі зацверджаны казанні і чытанні і па-беларуску — асабліва ў час прыходу багамольцаў з Кальварыі і Вострай Брамы — бальшынёй беларусаў — у Вострабрамскім і Боніфратэрскім касцёлах.
8 жніўня менчукоў разбудзіла страшэнная кананада. А шостай раніцы на ўскрайку горада ўсчалася кулямётная страляніна, якая паступова перакацілася на гарадскія вуліцы. Пасыпаліся шрапнелі, цэнтр горада скаланулі гарматныя выбухі, затым да Віленскага вакзала прагізавала кавалерыя. І раптам усё аціхла — чырвонаармейцы выйшлі з Менска.
А чацвёртай дня гараджане пачалі выходзіць на вуліцы і з цікавасцю разглядаць польскіх жаўнераў…
Першыя дні Менск здаваўся пусткай — замкнутыя крамы, бітыя вітрыны. Перад адступленнем чырвонаармейцы вывозілі хто што хацеў і мог: крэслы, шафы, канапы… Чыгуначнікі зноў намагаліся не даць цягнікоў — іх «угаварылі» кулямётамі.
Ніхто не ведаў курсу грошай, і гандляры пачалі браць «на вока», канешне ж, не ў чужую карысць. Хлеб каштаваў у Менску 5 рублёў на царскія, а сала — 12-20. За 15 царскіх рублёў можна было паабедаць у таннай сталоўцы (праўда, калі мець з сабой хлеб). Махляры нажываліся на «бальшавіцкіх» грошах, абдурваючы рабочых. Падарожаў хлеб, і спекулянты намерыліся вывозіць муку з Вільні, ― кошт на хлеб узрос і там. Уладам давялося забараняць спекуляцыю, а на станцыях Ліды і Баранавічаў рыхтаваць два цягнікі з прадуктамі для Менска (балазе ўраджай на Беларусі быў добры).
Яшчэ пасля здачы палякам Маладэчна ў Менску ўзлюцілася гарадское ЧК, якое мела 1800 агентаў. Падзеленая на пяцёркі, «чрэзвычайка» магла зрабіць за ноч да тысячы вобыскаў. Некалькі дзён у горадзе «абшуквалі» тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да «польскасці» ці «беларускасці». Менчукі, ратуючыся, пачалі ўцякаць у прыгарадныя мястэчкі — далей ад чыгункі, дзе не было ні камісараў, ні чырвоных атрадаў. Многіх арыштоўвалі. «Камітэт абароны» Менска, каб «узмацніць тыл», прыняў нават пастанову аб узмацненні тэрора.
…Праз месяц пасля заняцця горада польскім войскам з ініцыятывы амерыканскай місіі ў Варшаве была створана міжнародная камісія па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску. У ейны склад увайшлі кабета-палкоўнік амерыканскай арміі (яе прозвішча не дайшло да нашых дзён), доктар Рогаўскі, доктар Міраслаў Абэцэрскі[25], старшыня Польска-беларускага таварыства, і сябра польскага суда Мурзіч. За некалькі дзён камісіяй было выяўлена і эксгуміравана шэсцьдзесят магілаў — у кожнай па пяць-шэсць трупаў, траплялася і па трыццаць… У многіх ахвяраў — рукі звязаны дротам. На сямі целах не было ні знакаў ад куль, ні ад катаванняў: бедалаг закапалі жывымі… Астатніх расстрэльвалі. Большасць — цывільныя людзі, толькі ў адным паховішчы знайшлі трох польскіх уланаў.
Сведкі (дочкі лесніка, на чыёй тэрыторыі выявілі магілу) казалі, што месяц таму тыя ўланы прыязджалі да іх у леснічоўку, а затым былі схоплены чырвонаармейцамі.
У адной з магіл адкапалі труп менскага адваката Елеца, сваяка Антона Луцкевіча, — яго пахавалі жывым. Твар абгніў, і пазналі адваката па шлюбным пярсцёнку, на якім меўся надпіс… Каштоўнасцяў у ахвяр не забіралі: ці не было недахопу, ці не хапала часу…
Знаходзілі трупы, звязаныя па некалькі. Усіх закопвалі неглыбока, і некаторыя трупы выграбалі сабакі і надгрызалі… У магіле на Койданаўскім тракце адкапалі дваццаць шэсць трупаў — ва ўсіх паламаны рукі і ногі…
Падобныя магілы выявілі на Камароўцы ў лесе Ваньковіча і каля Лошыцы (маёнтак Любаньскага), — тры вярсты ад Менска[26].
Многія магілы дапамаглі адшукаць гараджане і сяляне, міжвольныя сведкі забойстваў. Жанчына з прылошыцкага хутара раніцай збірала грыбы. Раптам — гыркатанне самахода. Яна з дарогі — пад яліну, прыцішылася. А самаход, як на тое, тармазнуў побач. З кузава выскачылі тры вайскоўцы, паселі неўздалёк. Закурылі, загаварылі. А раніца ў ліпеньскім лесе росная, звонкая, рэха далёка коціцца!
— А я, — узгадвала жанчына, — і дыхаць перастала… А мужык адзін… зарыштаваныя на кузаве сядзелі… і кажа ім хрыпотна: «Не мучайце больш, забівайце!..»
А той, у хворме, што бліжэй сядзеў, усміхнуўся крыва й бухнуў: «Паспееце!»
Дакурылі яны, значыць, цыгаркі свае і мужыкоў тых — чацвёра было — па адным і пастралялі… Перад гэтым яшчэ рыдлёўкі далі, каб магілу сабе выкапалі. Як першы стрэл ляснуў, у мяне, здалося, штось і абарвалася ўнутры. Хацела наўцёкі кінуцца, ды ўсё ж стрымалася… І ногі як ватныя… А то і мяне б…
«Чрэзвычайнікі» забівалі сваіх ахвяраў не толькі ў прыгарадных урочышчах і лясах — некаторых стралялі ў лёху ЧК на Петрапаўлаўскай вуліцы, дзе і сядзелі арыштаваныя — і праз сценку чулі стрэлы і крыкі…
Пра ўсё гэта з беларусаў адным з першых даведаўся напрыканцы жніўня 1919-га Францішак Аляхновіч — на той час ён ужо быў у Менску: наладжваў дзейнасць сваёй тэатральнай трупы. У Менску пачала друкавацца і ягоная газэта «Беларускае Жыцьцё», у адзінаццатым нумары якой — за 31 жніўня — і будзе змешчаны матэрыял пра бальшавіцкія злачынствы. Засведчаць іх і два жудасныя фотаздымкі пад публікацыяй: на першым — раскапаная ў Камароўскім лесе магіла, каля трупаў ахвяр — сябры камісіі па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў (Рогаўскі, Абэцэрскі, Мурзіч і жанчына-палкоўнік), на другім — дзесяткі эксгумаваных трупаў з магілы каля Койданаўскага тракта. Яшчэ не абгніла вопратка, некаторыя ахвяры босыя, побач з магілай — тры танклявыя бярозкі, а за імі — раўнюткае поле з акуратна састаўленымі ланцугамі бабак — жыта 1919 года паспелі ўжо зжаць…[27]
У Менск пачынаюць з'язджацца беларускія дзеячы і сябры Рады. Першымі вярнуліся Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Радных Забродскага і Карача бальшавікі арыштавалі і вывезлі ў Маскву — як беларускіх эсэраў. Іваноўскага і Трэпку ўтрымлівалі закладнікамі ў Смаленску…
Боль па ахвярах ліхалецця гучаў і ў публікацыях менскай беларускай газэты «Звон», якая пачала выдавацца напрыканцы лета, калі бальшавікі пакінулі горад («Звон» стаў спадкаемцам «Вольнай Беларусі», закрытай у лістападзе 1918-га бальшавікамі). У першым нумары «Звона» ад 25 жніўня 1919 года, рэдактарам якога быў Янка Купала, у рэдакцыйнай «перадавіцы» «Нашае заданьне» адназначна канстатавалася:
«Мы ані на момант не забудземся, што наша старонка-Беларусь — зруйнована вайною і крывавым панаваннеы маскоўскіх бальшавікоў. Мы ведаем, што калі што захавалася ад вайны, тое не ўтрымалася ад маскоўскіх бальшавіцкіх грабежнікаў».
Шмат спадзяванняў звязвалі са «Звонам» і Купала, і яго «дарадца» Язэп Лёсік, які затым стане рэдагаваць газэту (напрыканцы 1919 года яе пераназавуць «Беларуссю»), «Звонам» хацелі абудзіць свой агаломшаны варожымі набегамі народ — і высільваліся, і гарэлі гэтым:
«Мы будзем даводзіць свайму гаратліваму народу, што не пазбудзецца ён ліха ніколі, калі не адбудуе свае ўласнае Беларускае дзяржавы, свайго роднага Беларускага гаспадарства. Толькі тады, калі народ наш не захоча жыць нікім іншым, а толькі Беларусам з сваею роднай мовай і культурай, — толькі тады ён возьме сваю долю ў свае рукі і здабудзе сабе тое, чаго дамагаецца і што патрэбна для вольнага і культурнага жыцьця».
Не «прытанцоўваў» «Звон» Купалы і Лёсіка і перад Польшчай. У памянёным ужо артыкуле пісалася:
«Што тычыцца нашых адносін да Польшчы, то мы зьвяртаемся да польскай дэмакратыі з гэткімі словамі: колісь, за часоў быўшага Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага, нашы продкі памаглі вашым продкам збавіцца ад нямецкай крыжацкай навалы <…>, але калі Польшча перастала паважаць нашы дзяржаўныя і культурна-нацыянальныя патрэбы, то гэта прывяло і да згубы і доўгалетняго палону і вас. <…> Беларусь павінна быць Беларусьсю, а не «ўсходняю зямлёю»».
10 жніўня з прысутных у Менску сябраў Рады БНР (якую, як паведамляў № 11 «Беларускага Жыцьця», узначальваў на той час Язэп Лёсік) і прадстаўнікоў іншых арганізацыяў, што існавалі да бальшавікоў (Культурна-навуковага таварыства, Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Настаўніцкага беларускага хаўруса, Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ды іншых) склалі Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Яго старшынёй абралі Аляксандра Прушынскага-Гаруна. У той жа дзень дэлегацыя камітэта ў складзе Радзевіча, Бонч-Асмалоўскага, Ігнатоўскага і Крэпскага наведала генерала Шэптыцкага і намесніка польскага генеральнага камісара пана Рачкевіча — гаварылі аб патрэбах беларусаў.
Бургамістрам Менска назначылі ў мінулым сябра гарадской управы Доўнар-Запольскага (у вызваленых ад бальшавікоў гарадах польскія ўлады адразу ж уводзілі цывільнае праўленне).
Па горадзе з'явіліся абвесткі аб тым, што ў зале Юбілейнага дома «збіраюцца чытаць лекцыі па беларускай мове для ўсіх, хто запішацца». Арганізацыю курсаў даручылі Лёсіку.
Кастуся Езавітава тымі днямі сустракалі… у Коўне.
Вечарам напрыканцы жніўня, развітаўшыся з Наталляй Якотай (дамовіліся, што й яна перабярэцца ў Коўну, вось толькі адведае ў Менску сваю адзіную цётку, — маці Наталлі памерла ў Сусветную вайну), Езавітаў разам з Прануком Баброўскім спяшаў на апошні «літоўскі» цягнік. Аляхновіча, як той не напрошваўся на праводзіны, угаварылі застацца дома, — з 20 ліпеня па вуліцах Вільні можна было хадзіць толькі да дванаццаці гадзінаў, а шлях ад ягонай кватэры да вакзала — няблізкі.
― Як гэта Горадзеншчына да Літвы адышла? — дарогай пацікавіўся Пранук.
― А каб ад такіх, як твой Перапечка, бараніцца, яна аўтаноміяй і далучылася да Літвы.
― А праўда, што літоўцы з палякамі ваююць?
― Ідуць такія чуткі. Ды назаўтра самі пабачым, не спяшай…
Праз некалькі дзён Кастусь Езавітаў узначаліў агульную канцылярыю міністэрства беларускіх спраў пры ўрадзе Літоўскага Гаспадарства. Гэты ўрад асігнаваў на патрэбы міністэрства беларускіх спраў у чэрвені 20 000, у ліпені — 27 000, у жніўні — 28 000 аўксінаў. Канцылярыя Езавітава забяспечвала дзейнасць усяго міністэрства ў юрыдычных і фінансава-бухгалтарскіх пытаннях, мела зносіны з дзяржаўным кантролем Літоўскага Гаспадарства. Як было запісана ў «Часовым палажэнні аб Міністэрстве беларускіх спраў урада Літоўскага Гаспадарства», «агульная канцылярыя міністэрства трымае ў сябе таксама ўсе справы, датычачыя міжнародавай палітыкі літоўскага ўраду, назначэньня беларускіх аташэ ў пазамежныя амбасады, консульствы ці місіі».
Езавітаў як начальнік канцылярыі меў склад службоўцаў і перакладчыкаў. Пранук Баброўскі застацца пры канцылярыі не схацеў — і напрасіўся ў беларускую роту Сцяпана Новіка.
9 жніўня ў віленскім біскупскім палацы Пілсудскі прыняў дэлегацыю Беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны на чале з Алексюком. Начальніка Польскай дзяржавы віншавалі з перамогамі, гаварылі аб матэрыяльнай дапамозе беларускаму праваслаўнаму духавенству, адбудове беларускай нацыянальнай школы, пра беларускае войска, — і зноў Пілсудскі шчыра абяцаў паспрыяць ва ўсіх пачынаннях. Беларуская дэлегацыя была запрошана на вячэру.
У гэты час у складзе польскіх рэзервовых частак на фронт перакінулі і ўзвод вайскоўцаў-беларусаў, вызваленых праз намаганні Тарашкевіча з Люблінскага лагера. Прайшоў почут, што з яго распачнецца фармаванне беларускай арміі.
Васіль Муха, нядаўна прызначаны Беларускай вайсковай камісіяй камандзірам тога ўзвода, нечакана прапанаваў штабу генерала Шэптыцкага сваю аперацыю: злучыўшыся з беларускімі партызанамі (пад Барысавам дзейнічаў атрад Лукаша Сяменіка), акружыць некалькі чырвонаармейскіх частак…
У сярэдзіне жніўня Сяменікаўцы, добра ведаючы мясцовасць, завялі 3-ці польскі ўланскі полк у тыл бальшавікоў, і калі наступ пачаўся адначасна і на фронце, «абойдзеныя» чырвонаармейцы мусілі спешка пакідаць Барысаў. У яго ваколіцах было палонена каля дзвюх тысячаў салдат, захоплена 168 кулямётаў, 4 гарматы, 10 цягнікоў і 3 панцэрнікі. Толькі сяменікаўцаў і ўзвод Мухі чакала расчараванне: нічога з трафеяў ім не дазволілі пакінуць сабе. Адно Муху павысілі ў званні…
Польскія войскі пайшлі ўслед Чырвонай арміі на Бабруйск і Шацк.
У жніўні на беларускіх дзеячоў абрынуліся арышты: вядомага гісторыка протаіерэя Корчынскага вывезлі ў Варшаўскі вастрог — за тое, што выступаў супраць здзеку жаўнераў з беларусаў; доктара Бялецкага затрымалі ў Горадні, сябру Рады БНР, рэдактара газэты «Родны Край» Тамаша Грыба дасюль трымалі ў віленскіх Лукішках (дзе яго, хворага і галоднага, карміла габрэйская бедната). Арыштаванымі польскімі ўладамі былі загадчык спраў Беларускай горадзенскай управы Бояў, старшыня гэтай управы Курлоў, яе сябры Якавюк і Аўдзеевіч, прадстаўнік міністэрства фінансаў Марозаў, афіцэры беларускага палка Паўчар, Бутовіч і іншыя.
Такія дзеянні схілялі міністэрства беларускіх спраў яшчэ актыўней з'ядноўвацца з уладай незалежнага Літоўскага Гаспадарства, якое таксама адчувала ўціск мацнейшых «антантаўскай» Польшчы і «чырвонаармейскай» Расіі — і, выступаючы супраць іх, мусіла шукаць падтрымкі і ў насельніцтва непадлеглых акупацыі беларускіх паветаў, і ў беларускіх вайсковых частак.
З 24 па 31 жніўня беларуская рота пад камандаваннем афіцэра Міхайлоўскага ўдзельнічала ў бесперапынных баях на паўночным фронце і мела страты. Ля вёскі Цагельня леглі смерцю адважных афіцэр Юрый Пліско, малодшыя падафіцэры Вайцяхоўскі і Раманаў, дзесяткі жаўнераў. Многія былі паранены ў штыхавой барацьбе. З 23 на 24 жніўня вялікі атрад польскіх легіянераў атакаваў Першы беларускі швадрон Глінскага ў мястэску Лейпуны на беразе Нёмана і змусіў яго адступіць. У баі загінулі малодшыя афіцэры Сцяпан Новік, Аляксандр Фэлькэрзам і дванаццаць жаўнераў. Многія з беларускіх салдат былі прадстаўлены да ўзнагарод…
У сярэдзіне жніўня Язэп Варонка і Кастусь Езавітаў склалі «Пратэст урадам Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі, Велікабрытаніі, Французскай Рэспублікі і іншых дзяржаў Антанты»:
«Аўгустоўскі павет былой Сувалскай губ. з волі Антанты адданы ва ўладарства Польскай Рэчы Паспалітай…
Уся тэрыторыя Беларусі становіцца цяперака разьдзеленай на двое: паміж бальшавіцкай маскоўскай арміяй Льва Троцкага і польскімі легіонамі Пілсудзкага…
У гэтыя дні, калі знаёмая ўсім беларуская часьць Літоўскага Гаспадарства, як то паветы: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавежскі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідскі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградскі стогнуць у цяжкім ярме польскай няволі, калі глохне голас жывога чалавека у спакойных з даўных часоў беларускіх вёсках і мястэчках, калі зарасьлі ўжэ лопухам сцежкі й запячатаныя цэрквы і зачынены беларускія школкі, калі ўсё культурнае і сьвядомае ў краі валакуць у паліцэйскія каморы <…>, ― тутака «абкругляюцца» граніцы польскага тэрору, зьдзеку і ў дапамогу палякам у іх барацьбе з бальшавікамі на ўсходзе ці, што яшчэ горш, з нашымі братамі ўкраінцамі на поўдню, — да «Вялікай Польшчы» далучаныя ласыя кавалкі на захадзе…
Разаружаны беларускі полк у Горадні трымаюць зачыненым у горадзе, не даючы нікому права выезду…
Зыходзячы з такога цяжкага палажэньня, у якім знаходзіцца цяпер беларускае насяленьне памянёных вышэй паветаў, <…> імем безпраўнага і зьнясіленага беларускага народу пратэстуем проці той занядбаласьці, якую дапускаюць апякуючыся Польшчай і прызнаючыя яе дзяржаўную незалежнасьць Вялікія Дзяржавы <…>, аддаючы на расправу польскім гайдамакам залітую кроўю, спаленую і галодную беларускую зямлю.
…многамільённы беларускі сялянскі народ мае такое ж права на ўвагу і справядлівыя да яго адносіны, як і народы Арменіі, Сэрбіі і Бельгіі і <…> ніякія прынцыпы крыві і жалеза… не прымусяць беларускі народ прызнаць права польскага панства на беларускую зямлю.
Гэдзь, за Нораў!..»
17 жніўня Язэп Варонка падпісаў і абнародаваў «Пратэст…», ён жа асобным лістом папрасіў прэзідэнта Вальдэмарыса «давесці да ведама місій Антанты, якія знаходзяцца ў Коўні, і па радыётэлеграфу ў Парыж» пра польскія здзекі з мясцовых жыхароў.
Пасля гэтага ў Вільні і Горадні запрацавала спецыяльная камісія па разглядзе падобных скаргаў. Некаторых беларусаў вызвалілі з турмаў, большасць жа беларускіх дзеячоў заставаліся пад арыштам. Польскія ўлады запэўнівалі камісію ў тым, што арыштаваныя — насамрэч расійскія шпіёны, якія працуюць на бальшавікоў.
А напрыканцы жніўня 1919 года выйшла з друку кніга Кастуся Езавітава «Беларусы і палякі», у якой сцвярджалася, што беларусам з палякамі «не па дарозе», і падавалася шмат дакумэнтаў аб польскіх гвалтах у Заходняй Беларусі. Кніга мела вялікі попыт і перадрукоўвалася ў амерыканскіх эмігранцкіх — расійскіх і беларускіх — газэтах; яе выдалі ў перакладах на многія мовы свету. Натхнёны Езавітаў пачаў працу над новай дакумэнтальнай працай — «Беларусь ад Керанскага да Пілсудскага»…
Верасень 1919 года у статрыццацівасьмітысячную Вільню прыйшоў багатым — кірмашовыя лавы ажно трашчалі ад яблык, ігруш, бульбы. Нават старажылы не маглі прыпомніць, калі ў горад прывозілася столькі таннага збожжа…
Абуджалася пасля леташняй спякоты і грамадскае жыццё: з верасня тройчы ў тыдзень пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь». У «Беларускай кнігарні» на Завальнай вуліцы з'явілася новая кніга Аляхновіча — п'еса «ў двух актах са спевамі» «Дзядзька Якуб».
Францішак Аляхновіч на пачатку верасня займаўся газэтнымі клопатамі. «Беларускае Жыцьцё» з № 12 пачалі друкаваць кірыліцай, бо — як тлумачылася на першай старонцы газэты — польскае войска вызваліла усходнія землі Беларусі, дзе гэтыя літары ведаюць больш.
У той жа дзень — 7 верасня — Аляхновіч з друкарні (вярнуўся з Менска, каб дарабіць незакончанае) ішоў на выбары ў віленскі Магістрат. Сёмы нумар меў і беларускі выбарны спіс. Галасавалі папярэдне раздадзенымі карткамі: на іх трэба было напісаць нумар спісу, затым, паказаўшы пашпарт, атрымаць канвэрту, пакласці ў яе картку і аддаць старшыні, які канвэрту ўкідаў у скрынку…
На прыступках Магістрата сустрэў Апанаса Новіка (ужо другі год той вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі) з купкай сяброў-гімназістаў.
― Вы што, вераб'і, ці не агітаваць сабраліся? — пацікавіўся Аляхновіч. — То далей адсуньцеся: за пяцьдзесят сажняў ад выбарнага памяшкання агітаваць забаронена.
Але хлопцы сумна паапускалі галовы.
― Дык што здарылася? — не мог даўмецца Аляхновіч. — Галасаваць хочаце, а без пашпартоў не пускаюць?
― Мы, дзядзька Францішак, не на выбары… — першым забурчаў Апанас. — Мы пратэставаць хочам.
― Во як! — Аляхновіч спахмурнеў. — А нагода?
― Палякі хочуць закрыць беларускую гімназію ў Будславе.
― Хто сказаў?
― Нашы інспектары ўчора казалі…
Па-праўдзе, нечаканай для Аляхновіча гэтая чутка не стала. Тыдзень таму ў Горадні ўлады выселілі са свайго будынка беларускую школу. І вось зараз — чарга іншых?..
Будслаўская гімназія запраектавалася яшчэ ў ліпені 1917 года, аб яе адкрыцці пачаў рупіцца Эдвард Будзька, які сам нарадзіўся і пачынаў вучыцца ў Будславе. Будзьку ведалі і як колішняга сябра выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», актыўнага карэспандэнта «Нашай Нівы», які за нацыянальнае выступленне на мітынгу нават сядзеў у астрозе, ведалі і як аўтара пецярбургскай газэты «Дзянніца», і як удзельніка Першага усебеларускага кангрэса, сябра Рады БНР. Будзька даводзіўся родзічам (хоць і далёкім) Паўліне Мядзёлцы і ў 1908 годзе ажаніўся на ейнай сяброўцы Валерыі. У родным мястэчку Будзька склікаў быў сход, на якім пастанавілі адкрыць у Будславе беларускую гімназію (а будслаўцы гаварылі па-беларуску і, хоць былі каталікамі, палякамі сябе не ўважалі), і забраць — на той час, пакуль не займеюць асобны будынак — памяшканне валасной управы і пачаць ахвяроўваць грошы на аплату настаўнікаў. Будзька тады ўзначаліў гімназічны апякунскі камітэт і звярнуўся да Лявона Вітана-Дубейкоўскага, знаёмага яшчэ па рэдакцыі «Нашай Нівы», які скончыў Французскую акадэмію архітэктуры, — каб распрацаваў план двухпавярховага будынка гімназіі. На Зосінскай вуліцы вылучылі пляц зямлі. Непадалёк ад Будслава быў лес пана Аскеркі, які сяляне і вазілі на пабудову…
Будзька выехаў у Вільню, каб зарэгістраваць гімназію. У рэгістрацыйным адзьдзеле ў той дзень першым чакаў чаргі сур'ёзна-хмуры мужчына ў цёмным касцюме, пры гальштуку. Сакратар-справавод пачала збіраць дакумэнты… І трэба ж так сысціся: незнаёмец таксама рэгістраваў беларускую гімназію — у Слуцку!
― Можна падумаць, што адно беларускія школы і засноўваюцца ў нас! — не ўтрываў Будзька. Незнаёмец не без здзіўлення агледзеў яго, усміхнуўся:
― Думаю, вы супраць не паўстанеце…
― Ды не! Я ж сам з такім клопатам з Будслава прыехаў…
Радаслаў Астроўскі, які арганізаваў у Слуцку беларускую гімназію (а да гэтага выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце) і прыехаў яе «ўзаконіць», дачакаўся, пакуль сакратарка пераправерыла паперы і ў Будзькі, ― і разам з ім падаліся на вакзал, падсілкаваліся ў чыгуначнай сталоўцы, нават замовілі з нагоды сустрэчы па шклянцы віна, а вечарам адным цягніком выехалі з Вільні…
Перад Калядамі ў Будслаўскай гімназіі пачаліся заняткі (на дзень раней адкрыліся дзверы беларускай гімназіі ў Слуцку). Пан Пянткоўскі, калі стаў бурмістрам, раскватараваў у гімназіі нямецкіх салдат, але праз некалькі дзён тыя самохаць вызвалілі яе. Пасля намаганняў Цэнтральнай беларускай рады нямецкія акупацыйныя ўлады выдалі Будслаўскай гімназіі з Менскага казначэйства грашовую дапамогу. Нямецкія афіцэры нават выкладалі ў гімназіі нямецкую мову, давалі вучням сшыткі, алоўкі… Гімназісты пад кіраўніцтвам Будзькі пачалі выдаваць часопіс «Сьветач». Склаўся свой аркестр, драматычны, танцавальны, харавы і літаратурны гурткі.
Працавала гімназія і пры бальшавіках. А восенню, калі ў Будслаў прыйшлі палякі, Будзька змушаны быў, каб пазбегнуць пакарання за скарыстанне лесу пана Аскеркі, з'ехаць у Вільню, а затым — у Коўну, Дзвінск…
І вось цяпер ад імя нібыта гімназічнага домаўласніка Аскеркі бурмістр пан Пянткоўскі пачаў вытурваць гімназістаў і настаўнікаў са свайго будынка — каб размясціць там польскую школу. Апякунскі камітэт гімназіі пагадзіўся за свае сродкі наняць для польскай школы іншы будынак, але Пянткоўскі на тое не пагадзіўся. А новапрызначаны школьны інспектар Венслаўскі загадаў беларускую гімназію наогул закрыць.
― Будслаў, ― сказаў ён, — малое мястэчка, каб тут была беларуская гімназія. Тут нават польскай гімназіі няма…
А ў Будслаўскай гімназіі працавалі два падрыхтоўчыя клясы, два першыя і — па адным — другі, трэці і чацвёрты. Вучыліся не толькі дзеці местачкоўцаў, але і з будслаўскіх ваколіцаў — больш трохсот гімназістаў…
Праз тыдзень у «Беларускае Жыцьцё» на імя Аляхновіча прыйдзе дублікат ліста з подпісамі пяціста жыхароў Будслава:
«…Дзеля таго, што народ наш толькі беларускі, якой бы ён веры ня быў, <…> дзеля таго, што нашай хатняй мовай зьяўляецца мова беларуская — спыненьне чыннасьці і працы нашай гімназіі, каторая была сьветлым праменьнем у нашым кароткім жыцьці, ёсьць для нас вельмі цяжкім горам.
Просім Цэнтральную беларускую раду <…> ужыць усіх спосабаў, каб нашы дзеці ў будучыні нас не пракліналі…».
З 12 па 16 верасня адбываліся паседжанні Беларускай цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны. Рада папоўнілася новымі прадстаўнікамі ад беларускіх віленскіх і краёвых арганізацый. Старшынёй рады застаўся Тарашкевіч, віцэ-старшынямі — Кахановіч і Карабач, сакратарамі — Ластоўскі і Ярэміч, старшынёй Вайсковай камісіі — Аляксюк. Галоўную ўвагу з'акцэнтавалі на школьнай справе. Польскія ўлады адкрывалі ў краі толькі польскія школы, са ста высланых радай на вёскі беларускіх настаўнікаў дагэтуль яшчэ ніводзін не быў зарэгістраваны!
Усіх уразіла выступленне на першым паседжанні настаўніцы з Ашмяншчыны:
― На мясцох павятовыя інспектары, — абуралася яна, — і чуць ані пра якія беларускія школкі ня хочуць! Яны прызначаюць настаўнікамі толькі тых, хто скончыў польскія курсы.
«Хочаце, — насміхаюцца, — едзьце ў сваю Беларусь, калі яна недзе ёсць»…
Школьная рада пры Беларускай цэнтральнай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны накіравала ў адзьдзел асветы просьбу падтрымаць Будслаўскую гімназію, але атрымала адмоўны адказ віленскага школьнага інспектара і дазвол на адкрыццё ў Будславе адно школы.
Не скараючыся абставінам, рада дамаглася ўсё ж — 22 верасня — адкрыцця ў Вільні новых беларускіх настаўніцкіх курсаў.
Аляхновіча мацуюць сустрэчы з Янкам Купалам, Алесем Гаруном, Змітраком Бядулем (якія былі і чытачамі «Беларускага Жыцьця», і яго аўтарамі (друкавалі свае вершы), Язэпам Лёсікам, — дзядзькам Якуба Коласа, — які выявіў ужо сябе не толькі значным беларускім грамадскім дзеячом, навукоўцам-моваведам (падрыхтаваў некалькі падручнікаў для школ), але і празаікам, публіцыстам — усе гэтыя менскія знаёмцы групаваліся вакол «Звона». Аляхновіч прачытваў «Звон» з цікавасцю. Асабліва хвалявалі матэрыялы аб запланаваным Пілсудскім «самавызначэнні»-плебісцыце ў краі. Лёсік у № 5 «Звону» на гэты конт выказваўся проста выдатна:
«Плебісцыт — гэта ёсьць запытаньне да ўсяго народу пэўнага краю: за каго ён сябе лічыць і як мае будаваць сваё жыцьцё, або, лепей сказаць, як ён хоча жыць, з кім ён мае кампанаваць ці да каго далучыцца, або хоча жыць сам сабою, незалежна ад нікога. Калі на плебісцыту людзі скажуць, што яны — палякі, то іх зямлю далучаць да Польшчы, а калі скажуць, што яны — расейцы, або маскалі, то іх аддадуць Расіі. Кожны з нас ведае, што «прымацкі хлеб батрацкі». Дык вось дзеля таго, каб не аддалі нас да каго-небудзь у прымы, дык народ наш павінен сказаць, што ён не паляк і не маскаль, або расіец (рускі), а Беларус.
…Але не можа быць нічога горшага на сьвеце, калі народ наш… назаве сябе расійцам і калі яго далучаць да Маскоўшчыны. Маскоўшчына — вінавайца ўсяго нашага гора, усёй нашай гістарычнай пакуты. Гэта дзякуючы ёй старонка наша на працягу соткі гадоў была полем вайны для расійцаў са швэдам, французам, а потым немцам. Мы ўжо ня кажам, што Масква ніколі не паважала і паважаць ня будзе нашай нацыянальнай душы, нашай мовы, нашай культуры і лічыць нас за асобы народ».
Менскія газэты пісалі і аб тым, што загадам Магістрата ўнармавалі грашовы курс у горадзе: 100 ўсходніх марак прыроўніваліся да 100 царскіх ці 287, 71 думскіх рублёў (на чорнай біржы за 100 марак плацілі 250 думскіх). Польскія ўлады вылучылі беспрацоўным менскім чыгуначнікам мільён рублёў…
Але такія інфармацыі ўспрымаліся Аляхновічам без цікавасці. Штось няпэўнае, тужліва-падазронае заварушылася гэтымі вераснёвымі днямі ў ягонай душы. Усё часцей узгадваўся Езавітаў, ягоныя словы:
«Бясплатны сыр кладуць толькі ў пасткі… Сваім супрацівам беларускаму нацыянальнаму руху палякі зрабілі непапраўную памылку — гэта ўзлюціла супраць іх тысячы беларусаў. Пасля нападу на беларускі полк у Горадні я, як беларускі афіцэр, лічу здрадай супрацоўніцтва з імі…»
Тады, на пачатку лета, Аляхновіч лічыў такія выказванні праявамі максімалізму, нават вайсковай фанабэрыі, зараз жа сябравы словы ўспрымаліся зусім па-іншаму…
Не бадзёрылася Аляхновічу, таму, можа, і пісаліся ў той час не вясёлыя, хоць і аптымістычныя, радкі — верша «Родны край», надрукаванага ў № 14 «Беларускага Жыцьця»?
…І хоць з-за аблокаў пахмурна сьвеціць сонца
і шчасьця-радасьці ня знойдзеш тут нідзе, —
загляне Доля йшчэ і ў нашае ваконца
і Кветка-Папараць яшчэ нам зацьвіце!..
У верасні ў Коўне пад рэдакцыяй Язэпа Варонкі выйшаў першы нумар месячніка міністэрства беларускіх спраў Літоўскага Гаспадарства «Часопісь». Распачаць выданне свайго друкаванага органа першым прапанаваў Езавітаў. Напачатку свае дакумэнты і абвесткі міністэрства друкавала ў асобным адзьдзеле віленскага «Гомана» (які закрылі напрыканцы снежня 1918 года), затым у горадзенскім часопісе культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», закладзенага Езавітавым (сакавік-красавік 1919 года). Пры паляках жа закрыліся разам з імі і «Родны Край» (Горадня), і «Беларуская Думка» (Вільня)…
― Праз колькі часу мы так і самі не ўзгадаем, што рабілі. Усе дакумэнты міністэрства трэба друкаваць — каб і люд бачыў, і самі потым знайсці маглі, ― даводзіў неаднойчы Езавітаў. — А то як з дакумэнтамі Усебеларускага кангрэса будзе: пабралі па партфелях — і што пагубілі, што час панішчыў…
― Недарма, відно, ты вечарамі штаны ў Віцебскім аддзяленні археалагічнага інстытута праседжваў, ― усміхаўся на гэта Варонка. — Як запраўдны архівіст — кошт дакумэнтам ведаеш!
Усміхаўся, і такі дамогся выдання сваёй «Часопісі». Хоць і няпроста было. Знайшлі грошы — а друкарні выдаваць не браліся… У Літве не было беларускіх кірылічных шрыфтоў. Падахвоцілася ўрэшце ковенская друкарня Бака і Манкесу. Напачатку друкары мусілі «выкручвацца» саматужна — замест э ставілі ў наборах перакручанае е — , замест ц — «дагары нагамі» h — , у замяняла і ў — ажно пакуль спадар Бак не даслаў з Нямеччыны неабходныя шрыфты…
Рэдакцыя «Часопісі» месцілася ў будынку міністэрства беларускіх спраў на вуліцы Міцкевіча — у доме № 13-а, двухпавярховым, перад вокнамі якога — маладыя ліпы, над паддашкам уваходу, пад вакном другога паверха, — бел-чырвона-белы сцяг.
На вокладцы першага нумара пад подпісам «Падарожжа надзвычайнай літоўска-беларускай місіі ў Варшаву» змясцілі фотаздымак сябраў місіі (у іх складзе — і Кастусь Езавітаў) на балконе горадзенскага беларускага гарнізона.
…А Езавітаў тым часам рыхтаваўся да новай ваенна-палітычнай місіі. Яшчэ 5 верасня ў Коўне ён атрымаў дыпламатычны пашпарт пад № 116. Па-беларуску, французску і нямецку ў ім было адзначана:
«Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем Беларускага Народу просімо ўсе ваенныя і цывільныя ўстановы чужаземных Дзяржаў і загадываемо ўсім прыслухаючым нам ваенным і цывільным уласьцям, каму гэты пашпарт будзе паказаны, дазволіць свабодны праезд нашаму начальніку Вайскова-палітычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўніку Канстанціну Езавітаву і даваць яму ў патрэбе ўсялякую дапамогу».
Дэлегаты місіі ўжо былі прызначаны, а Езавітаў марудзіў з ад'ездам. Варонка разумеў: чакае звароту з Менска сваёй Наталкі… Толькі ж каб ведаў, чаго давядзецца прычакаць, — тады ж, як даваў пашпарт, і выправіў бы…
Наталля Якота, як і намервалася, адведала цётку і напрыканцы жніўня чыгункай выехала з Менска ў Коўну. Праз паўсотні кіламетраў — паміж станцыямі Заслаўе і Радашковічы — стрэлачнік накіраваў цягнік на папсаваны мост, пятнаццаць вагонаў вухнулі пад аткос. Каля сотні пасажыраў былі паранены, дваццаць тры — сярод іх і Наталля — загінулі…
«Часопісь», не рассакрэчваючы дэлегацыю Езавітава, пра ад'езд ваенна-палітычнай місіі інфармацыі не змесціць, надрукуе толькі наступнае:
«29 верасьня Кастусь Езавітаў пакінуў пасаду Начальніка канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў з асабістых прычын і выехаў з Коўны, адводзімы таварышамі па працы».
Падчас пераезду рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» на Свята-Міхальскі завулак у Аляхновіча ўкралі партфель з дакумэнтамі. Рэдактар мусіў даваць у панядзелак 6 кастрычніка ў сваёй газэце абвестку:
«Страціўся малы чорны партфель з пашпартам і рознымі дакумэнтамі на імя Ф. Аляхновіча. Хто яго знайшоў, няхай прынясе ў Рэдакцыю «Беларускага Жыцьця» толькі ўсе дакумэнты і квіткі, а за фатыгу атрымае 10 руб.»
У рэдакцыю падкінулі, наадварот, пусты партфель…
У Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны ад Беларускай вайсковай камісіі з Менска прыйшла тэлеграма:
«Загад аб фармаваньні арміі падпісаны ў чацьвер. Пасылаем найглыбейшае прывітаньне ў гістарычную часіну пачатку тварэньня збройнай сілы, каторая будзе бараніць Бацькаўшчыну».
― Пэўна, у Менску Пілсудскага лепш улагодзілі, чымся тут, у Вільні, ― прыцмокнуў Аляхновіч, правячы штось у газэтных гранках.
― Маеш на ўвазе ягоны прыезд у верасні? — у рэдакцыю да яго завітаў Ластоўскі, каротка падстрыжаны (што яшчэ больш адкрывала маладыя залысіны). Сівізна ўжо кранулася і пухматых броў, і курчавай бародкі. Як заўсёды — у накрахмаленай кашулі, з тонкім гальштукам, — цяпер у сінія палосы.
― Так… — і Аляхновіч сам спытаў: — Ці праўда, што Іваноўскага бальшавікі вызвалілі з турмы?
― То ён ужо ў Менску!
І раптам у дзверы ўпэўнена пастукалі. Зайшоў малады і статны вайсковец, казырнуў:
― Штабс-капітан Францішак Кушаль, намеснік старшыні Беларускай вайсковай камісіі. Маю гонар, спадары, пазнаёміць вашу рэдакцыю з адозвай БВК і дэкрэтам галоўнакамандуючага Польскай Дзяржавы…
Аляхновіч і Ластоўскі параскрывалі раты — штабс-капітан быў у навюткай вайсковай форме з беларускай нацыянальнай сімволікай!
― Зробце ласку…
― Во толькі пра БВК і ўзгадвалі…
― Вось, — Кушаль падышоў да стала, выклаў з папкі на стол паперы.
— Гэта дэкрэт Пілсудскага, якім камандзірам беларускай арміі прызначаецца запрапанаваны БВК палкоўнік Канапацкі, а месцам фармавання нашага войска абраны Слонім.
Аляхновіч і Ластоўскі хутка чыталі дакумэнты — раз-пораз, не стрымліваючыся, азіраючы афіцэрскую форму.
У дэкрэце Пілсудскага значылася:
«Дзеля арганізацыйнай і прыгатаваўчай работы назначаю Беларускую Вайсковую Камісію, якая ў паразуменьні з Камісарыятам Усходніх Земляў <…> будзе арганізоўваць беларускае войска:
1) даючы адпаведныя наказы палкоўніку Канапацкаму і
2) утвараючы адпаведныя падкамісіі.
У склад Камісіі ўваходзяць: палкоўнік Канапацкі, п. Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Кушаль, палкоўнік Якубоўскі, п.п. Мурашка, Аўсянік, Прушынскі (Гарун) і штабс-капітан Якубоўскі.
Месцам працы Камісіі назначаю Менск».
А гэта — з адозвы БВК:
«Дзеля таго, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія, прапануецца афіцэрам, ваенным чыноўнікам і дактаром-беларусам зарэгістравацца. <…> Старшыня Вайсковай камісіі П. Аляксюк. Сябра камісіі А. Аўсянік».
― Спадзяюся, вы неадкладна пазнаёміце сваіх чытачоў з гэтым… — Кушаль паднёс далонь пад казырок.
Аляхновіч спалохаўся, што нечаканы зайшла знікне, і паспяшыў распытаць:
― Гэтая форма… на вас — беларуская?
― Так, — Кушаль задаволена ўсміхнуўся. — Спраектавана і зацверджана і вайсковая форма. Пашыта, праўда, толькі першая партыя.
― І ўся такая? — дапытаў Ластоўскі.
― Што ж, — Кушаль падкруціў вус, — можа й пра гэта варта напісаць… Фасон шапкі, як бачыце, — ангельскі, колер шэры, у штабных і тэхнічных аддзелаў канты чырвоныя, у пяхоты — чорныя, у кавалерыі — белыя…
― Чакайце… Зараз буду запісваць! — перапыніў афіцэра Аляхновіч, абмакнуў пёрка. — Ну…
― Аколышак шапкі ў штабе аксамітны чорны, у пяхоты шэры, у кавалерыі — блакітны. На ім ва ўсіх нашыты бел-чырвона-белы паясок, пасярод яго — у вянку «Пагоня». Ва ўсіх шапках афіцэраў пад казырком — срэбны пераплецены шнурок… — У кароткіх паўзах у расказе штабс-капітана Кушаля было чуваць спешкае шапаценне пёрка: Аляхновіч старанна запісваў пачутае. — Мундзір фасону «фрэнч», з чырвонымі кантамі-лампасамі ў штабе, з чорнымі ў пяхоты і белымі ў кавалерыі. Апроч таго, у кавалерыі блакітны каўнер і манжэты. Эпалет з той жа сукні, на ім ва ўсіх на чырвоным полі вышыта срэбная «Пагоня». У афіцэраў на каўняры срэбная пятля, у жаўнераў — бел-чырвона-белыя нашыўкі, а на іх — срэбныя нашытыя паяскі дзеля азначэння рангаў. Афіцэрская ж ранга абазначаецца толькі срэбнымі нашыўкамі на рукавах… На гузіках ва ўсіх «Пагоня»… — Кушаль памаўчаў і падагульніў:
— Здаецца, нічога не прамінуў…
― Можа, пяхоце варта было б канты зялёнымі зрабіць, а то неяк ужо ўсё шэра… — заўважыў Аляхновіч.
― Зялёнымі? — Кушаль уважліва зірнуў на гаспадара пакоя. — Яно б летам і зручна, а вось зімой, на снезе… Не, будзе дэмаскаваць!
Аляхновіч, калі развіталіся з Кушалем, яшчэ раз перачытаў атрыманыя дакумэнты, адклаў іх для пасылкі ў набор, начыста перапісаў зацемку пра форму беларускай нацыянальнай арміі і, падумаўшы, пад ёй у два радкі размашыста дадаў: «Хай жа пад беларускім мундзірам ня знойдзецца ніводнага не па-беларуску бьючагося сэрца!»
Усе матэрыялы з'явяцца ў № 19 «Беларускага Жыцьця», які аддрукуюць у суботу 11 лістапада 1919 года…
Цягнік моцна хістала: пэўна, звечара пачаў наганяць адставанні. Лескаталі, як енчылі, на рэйкавых стыках калёсы, сустрэчны вецер урываўся ў апушчаную фортку, сушыў прахалодай і няпэўнасцю.
― Пану не спіцца? — па-руску запытала жанчына.
Азірнуўся: цыганка ў шырокай квяцістай сукенцы, што ледзь месцілася ў праходзе між купэ і сценкай вагона; на маладой шыі ў некалькі столак — вялікія пацеркі з бурштыну, доўгія зіхоткія завушніцы… Агледзела ўважліва, вочы пад доўгімі веямі — як светлякі, з карычневым водбліскам.
― Бачу, пан смуткуе… — і сама спахмурнела, дохгія падмаляваныя бровы выгнуліся; крутнула галавой, перакінуўшы тугую касу на другое плячо. — Усё бачу наперадзе… Дарога твая далёкая, але са зваротам… І канец яе дома… — Цыганка памаўчала, яшчэ раз зірнула — як апякла — у вочы. — Дзіўна, бачу пана на белым кані ў генеральскім мундзіры…
Нахмурыўся ўжо Езавітаў: «Ці ёсць у гаданнях праўда?»
Падбег вымазаны ў павідла крываногі хлапчук, пачаў тузаць цыганку за спадніцу, штось прасіць.
― Джа дацір, сыгэ! Джа-джа…[28] — і яна нібы агоўталася, паківала галавой. — Вось і ўсё. А боль твой залечыцца… Ты ж яшчэ малады, прыгожы… Дзевак шмат вакол будзе! — зноў абнечаканіла-здзівіла.
Езавітаў дастаў кашалёк, каб аплаціць «варажбу», але цыганка павольна пахітала галавой і, прыемна ўсміхнуўшыся, крутнулася і пацокала доўгімі абцасамі…
Ён заснуў адразу — нібыта супакоены цыганчыным позіркам. Вагон хістала яшчэ больш, а яму трызнілася, што гойдаецца на хвалях Дзвіны… Потым, малым хлапчуком, бяжыць поймай рэчкі. Цёпла. Трава казыча босыя ступакі, і раптам — ажно жоўта ад кветак, маладых вясновых дубровак-ведзьміных ножак… Яму захацелася нарваць з іх букет — а кветкі не паддаваліся… У далонях заставаліся толькі адны пялёсткі.
― Бачыш, як моцна трымае іхнія карані ведзьма! — напалоханы голас Наталлі. Ён — хлапчук, а яна чамусьці дарослая, у той самай сукенцы, у якой убачыў яе на Аляхновічавым спектаклі…
Хапіў за сцябліну мацней, пацягнуў — а з зямлі за тоўстым коранем сунецца рука — ні то цыганкі, ні то якойсьці старой…
Ад жаху абудзіўся… Доўга ляжаў, а пад раніцу — шкло вакна абцягнулася хмурым блакітам — выйшаў у пусты калідор і зноў апусціў фортку, каб удыхнуць прахалоды.
У Коўне — новыя змены. 2 кастрычніка кабінет Слежэвіча, які склаўся пасля Вальдэмарысавага, падаў у адстаўку, — праз няўдачы ў замежнай палітыцы і кепскае фінансавае становішча ў краі. У новым кабінеце Гальваноўскага міністрам беларускіх спраў застаўся Варонка. Праз дзесяць дзён на агульным паседжанні ўрада Літоўскага Гаспадарства Варонка зачытаў заяву:
― Паны міністры! Лічу патрэбным сказаць вам… — Зрабіў паўзу, агледзеў урадоўцаў. — Ад папярэдніх кабінетаў засталося многа няскончаных спраў, датычачых беларуска-літоўскіх адносін і ўмоў… Беларуская тэрыторыя занята ворагам, усё, што было адважнейшага з нашай інтэлігенцыі — сядзіць у польскіх турмах у Варшаве, у Вільні, у Горадні, у Беластоку. Сябры Тарыбы — беларусы — таксама там жа ўжо болей трох месяцаў. Беларускае войска ў Горадні аддадзена на здзек праз неагляднасць старога кабінета. Які лёс салдатаў і афіцэраў-беларусаў, за што яны церпяць? Тутака ніводзін міністр краёвай абароны не парупіўся выдаць закон аб беларускіх частках літоўскай арміі. Беларуская школа — загінула, ідзе паланізацыя беларусаў па ўсёй акупацыі… Гэта ўсё прапаную новаму кабінету мець на ўвазе, каб памылкі мінуўшчыны запраўды далі нам магчымасць працаваць разам у адбудове нашага супольнага Гаспадарства. Прэтэнзіі ж мае няхай стануць у праграме маёй з вамі цяжкай працы[29].
А тым часам на «занятай ворагам тэрыторыі» абуджалася нацыянальнае жыццё, сэрцам якога стаў менскі Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Друкаваным органам камітэта зрабілі газэту «Звон», якую 21 кастрычніка пераназвалі «Беларуссю». Колькі дзён да таго для ўсіх менскіх газэт скасавалі папярэднюю цэнзуру. 25 кастрычніка Другія беларускія настаўніцкія курсы скончылі 233 слухачы. Дырэктарам Настаўніцкага інстытута ў Менску зацвердзілі Вацлава Іваноўскага, настаўнікамі, сярод іншых, — інжынера-электрыка Трэпку і прыват-дацэнта Пецярбургскага універсітэта Тарашкевіча. Рыхтавалася да склікання сесія Рады БНР, а 28 кастрычніка адбыўся сход ЧБНК, на якім назначылі двух прадстаўнікоў у Галоўны камітэт па выбарам Гарадской рады — замест Міцкевіча і Пуроўскага «пастанавілі прасіць стаць памянёнымі прадстаўнікамі» Алеся Гаруна і Аркадзя Смоліча; Лёсіка і Фарботку зацвердзілі прадстаўнікамі Школьнай рады пры Настаўніцкім інстытуце…
Толькі ў Коўне менскаму абуджэнню не давалі веры. Язэп Варонка непахісна нагадваў у «Паштовай скрыні» кастрычніцкага нумара «Часопісі» Луцкевічу-Навіне і, канешне ж, і ягоным «прапольскім» аднадумцам:
«Антону Навіне. Напамінаю вам, што рэзалюцыя Першага Усебеларускага кангрэсу ў Менску (5-18 снежня 1917 г.) адносна да палякаў была такая: «Каб абараніць народнае багацьце і абясьпечыць край, Урад павінен прыняць меры аб вывадзе польскіх легіёнаў з межаў Беларусі ці расфарміраваньні іх у самы кароткі срок»…
Езавітаў жа Варонкаўскую непахіснасць ужо не падзяляў. Папрацаваўшы ў Коўне, ён выказваў — дыпламатычна — шмат нязгодаў і літоўскім урадоўцам, асабліва ў замаруджванні фармавання беларускага войска, — і, урэшце, перад адʼездам у Латвію папрасіў адстаўкі з літоўскай арміі.
«Літоўскі бок пакуль не выканаў падпісаных Віленскай беларускай радай і Тарыбай дамоў, ― сказаў ён на развітанне міністру краёвай абароны Літоўскага Гаспадарства. — Спадзяюся, што ўсё ж вы паправіце становішча»…
А сам — ужо ў Рызе — не без добрых спадзевак назіраў за фармаваннем беларускага войска ў Менску Беларускай вайсковай камісіяй, якую пачаў ачольваць Алесь Гарун. Беларускія газэты знаёмілі з новымі адозвамі:
«…Моладзеж, наша краса і надзея!
Завём цябе ў беларускае войска! Бацькаўшчына наша заве сваіх верных сыноў…»
Праўда, не маглі не насцярожваць выпады некаторых польскіх шавіністычных выданняў. «Gazeta Warszawska» пісала:
«…Няма гэткай дзяржавы на свеце, якая б дазволіла на сваёй тэрыторыі клікаць ахвочых у чужыя арміі. Чаму і дзеля чаго ў нас робіцца інакш? Дык жа ўсходнія землі, хаця фармальна яшчэ не прылучаны да Польскай Дзяржавы, але далі ўжо шмат доказаў, што гэтага далучэння чакаюць ад Польшчы…»
Вось так… Беларусь — усходняя тэрыторыя Польшчы, а беларускае войска — чужое…
Не зважаючы на палітычныя рознагалоссі, супроцьстаяння ў творчых і грамадскіх стасунках — не было. Здвоены нумар «Часопісі» за лістапад-снежань (№ 3-4) «пралітовец» Язэп Варонка адкрываў вершамі «прапольскага» Алеся Гаруна «Трохлінейка-магазынка» і «Паходная» — і на паўстаронкі падаваў фотаздымак паэта: з бадзёра ўзнятымі ў акуратнай прычосцы валасамі, у кашулі народнага крою з высокім каўняром, з бел-чырвона-белым значком на лацкане пінжака.
Вершы Алеся Гаруна разыходзіліся на той час і са старонак сябраўскай «Беларусі» (з ейным рэдактарам — Лёсікам — іх аўтар пазнаёміўся яшчэ ў сібірскай высылцы), і на балонках Аляхновічавага «Беларускага Жыцьця» (рэдакцыя якога, перабраўшыся з Вільні ў Менск, заняла пакой у доме № 5 на Архірэйскім завулку).
У Гаруновых вершах пульсавалі матывы ваяцкасці, і болі, і неспакою, і смутку, і ўпэўненасці:
…Будзем мы ваяваць
Для народу,
Бараніці наш край
І свабоду…
…Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!
…Але, ну так, але, але, —
Мы ўсе яшчэ ў няяснай мгле,
Наперад глянуць, — далі там
Няма, здаецца, жаднай нам…
Глядзі: ідзём мы не адны, —
Шукаць дабра для стараны, —
За намі рушылі яны —
Зямлі радзімае сыны!
12 кастрычніка 1919 года Пілсудскі даў згоду на скліканне Рады БНР. Антон Луцкевіч пасля сустрэчаў з Начальнікам Польскай Дзяржавы ў Варшаве прыехаў у Менск. Большасць «старых» сябраў Рады вырашыла не прызнаваць новыя мандаты віленскіх эсэраў, «мабілізаваных» Вацлавам Ластоўскім.
― Новых сябраў Рады павінна зацвердзіць мандатная камісія. Толькі тады яны змогуць удзельнічаць на паседжанні, ― выказваўся і старшыня прэзідыума Рады Язэп Лёсік.
― Я меўся зрабіць справаздачу аб сваёй палітычнай дзейнасці за мяжой… — Антон Луцкевіч, было заўважна, хваляваўся. — І зрабіць гэта магу толькі на закрытым паседжанні Рады, без пастаронніх на галёрцы…
У адказ пачулася некалькі пярэчанняў.
― Тады я, — Луцкевіч азірнуўся на прэзідыум, — пакіну паседжанне…
Прэзідыум, акрамя Пётры Крэчэўскага, і частка Рады перайшлі пасля гэтага на кватэру Аляксандра Уласава. Большасць прысутных на паседжанні засталася ў зале Беларускага-Юбілейнага дома і, працягнуўшы працу сесіі, абвясціла сябе Народнай радай БНР. У прэзідыум абралі Крэчэўскага — старшынёй, Захарку, Мамоньку і іншых. Прэм'ер-міністрам прызначылі Ластоўскага.
14 снежня Народная рада БНР пацвердзіла вернасць Трэцяй устаўной грамаце аб абвяшчэнні поўнай незалежнасці Беларусі і, выказаўшы пратэст супраць польскага гаспадарання, прыняла праграму ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць акупантаў.
На кватэры ж Уласава тады, 12 кастрычніка, заслухалі даклад Антона Луцкевіча і вырашылі часткова перадаць паўнамоцтвы Рады абранай там жа Найвышэйшай радзе — прэм'ерміністру Луцкевічу, Іваноўскаму, Лёсіку, Серадзе, Рак-Міхайлоўскаму, Уласаву і Цярэшчанку.
Дачуўшыся пра «мяцежны» сход Народнай рады, палякі «за ўзурпаванне не належачых паўнамоцтваў» распусцілі Народную раду БНР, а некаторых сябраў яе прэзідыума разам з Ластоўскім кінулі ў турму.
Луцкевіч з Цвікевічам зноў выехалі ў Варшаву — і атрымалі аўдыенцыю ў Пілсудскага. Наконт «менскіх» падзеяў пэўнай пазіцыі той не выказаў, нават абнечаканіў:
— Мае адносіны да Беларусі будуць абумоўлены тым, што стане з Літвой і Украінай. — Затым памаўчаў, падправіў вус, бліснуў карычневымі зрэнкамі. — А наогул, я вас не разумею… Хочаце атрымаць уладу ― ну і бярыце! Не хочаце — не перашкаджайце іншым…
У лістападзе 1919 года па даручэнні кіраўніцтва БНР Кастусь Езавітаў сустрэўся са Станіславам Булак-Балаховічам і запрасіў яго на службу ў беларускую армію.
Ён быў знаёмы з генералам яшчэ з Першай сусветнай, калі Булак-Балаховіч са сваім узводам дзейнічаў у ваколіцах Дзвінска, дзе стаяў і вайсковы аддзел Езавітава. Неаднаразова даходзілі чуткі пра геройства Балаховічавага «атрада смерці» (байцы насілі з сабой ампулы з ядам): ягоны кавалерыйскі ўзвод прарваўся быў у нямецкі тыл, захапіў палкавы абоз, дзесятак палонных і палкавую касу; сярод белага дня дваццаць добраахвотнікаў на чале з Булак-Балаховічам заатакавалі і захапілі апорны пункт нямецкага войска — падчас агульнага пастраення, калі зачытваўся загад. Булак-Балаховіч пасля таго стаў падпаручнікам і атрымаў узнагароды за адвагу. На агульнай «пачостцы» і сустрэліся тады Езавітаў і Булак-Балаховіч. Затым, пасля рэвалюцый, з дазвола старшыні Рэўваенсавета Троцкага Булак-Балаховіч сфармаваў полк, які вялікай карысці Чырвонай арміі не прынёс. Дачуўшыся, што бальшавікі падчас паездкі ў Петраград хочуць яго арыштаваць, Булак-Балаховіч аддаў свой мундзір ардынарцу татарыну Кубу Гасенчу і выправіў яго замест сябе…
У лістападзе 1918 года балахоўцы ўліліся ў Белую армію. У лютым 1919-га паўтаратысячны полк Булак-Балаховіча захапіў Гдоў, з падвалаў ЧК вызваліў каля пяцісот вязняў, а затым абараняў ад бальшавікоў Пскоў. Да балахоўцаў перайшоў стралковы полк чырвонаармейцаў, за што камандуючы Паўночна-заходняй арміі Юдзеніч прысвоіў Булак-Балаховічу званне генерал-маёра і прызначыў яго камандзірам свайго 2-га корпуса, — аб чым пазней і пашкадаваў.
Булак-Балаховіч займеў у Пскове поўную ўладу і выступіў супраць манархісцкай групоўкі Радзянкі. Юдзеніч падтрымаў Радзянку — і выслаў у пскоў карны атрад на чале з Пярмыкіным. Пярмыкін, былы памочнік Булак-Балаховіча, паступіў годна: перад тым, як увайсці ў горад, ён паслаў былому камандзіру ліст:
«Я прашу цябе аб адным, як бацьку, які любіць салдата, што ты прымеш меры, каб нашыя малодшыя браты менш пралілі патрэбнай для нашай Радзімы крыві».
Булак-Балаховіч аддаў загад устрымацца ад супраціву. Атрад Пярмыкіна арыштаваў штаб «мяцежнага» корпуса. Булак-Балаховіч з некалькімі дзесяткамі сваіх салдат з дапамогай Пярмыкіна перабраўся на заходні бераг ракі Вялікай — у штаб 2-й Эстонскай дывізіі…
Калі Булак-Балаховіч пачуў ад Езавітава пра стварэнне Беларускай арміі, пастараўся прыхаваць свой сподзіў — адно варухнуліся бровы над глыбокімі сашклянелымі вачыма. Нечакана пачаў гаварыць зусім пра іншае — пра Фінскі заліў з ягоным няўстойлівым надвор'ем, а скончыў запытаннем:
― Дык дзе ж гэта мы з панам бачыліся?..
А госць выглядаў запамінальна. Напачатку кастрычніка падчас нападу пранямецкага белагвардзейскага генерала Бермондта-Авалава на Рыгу на Тэатральнай плошчы Езавітава параніла ў твар асколкам артылерыйскага снарада. Рана нязначная, але шнар за месяц паспеў толькі зарубцавацца…
І давялося Езавітаву згадваць падрабязнасці сумеснай службы пад Дзвінскам і почуты пра геройствы балахоўцаў… Генерал адразу ж памякчэў:
― Я ж беларус, і ў маім атрадзе многа беларусаў. Ідэя барацьбы за незалежную Бацькаўшчыну мне радней, чым удзел у пачынаннях Юдзеніча!
― Калі згода ёсць, давай засведчым яе дакумэнтальна… — прапанаваў Езавітаў.
Пасярод аркуша паперы Булак-Балаховіч размашыста вывеў:
«Старшыні Рады Народных Міністраў БНР.
Зьяўляючыся грамадзянінам БНР, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстана для абароны цэльнасьці і недзялімасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму ўраду залічыць мяне і мой атрад на беларускую службу.
Генерал-маёр Булак-Балаховіч».
Перадаў заяву Езавітаву — і не стрымаўся:
― Палкоўнік, дзе гэта цябе пагладзіла?
Езавітаў крануў пасечаную шчаку, усміхнуўся:
― Адзін шалёны белагвардзеец…
Пра паспяховыя перамовы Езавітаў паведаміў адразу ж, і праз некалькі дзён для канчатковага вырашэння спраў у Эстонію прыехаў надзвычайны амбасадар БНР Клаўдыюш Дуж-Душэўскі.
Юдзеніч не выказаўся супраць дэмаршу Булак-Балаховіча, але адпускаць са сваёй арміі дзейсны і моцны атрад не хацеў. Свае конны полк і пяхотныя часткі Булак-Балаховіч адвёў з фронта на поўдзень Чудскага возера, у горад Ізборск. Артылерыйскую ж батарэю Юдзеніч паспеў затрымаць.
Булак-Балаховіч выбухнуў гневам. Сам адабраў сотню адданых салдат і з дзесятак афіцэраў, увайшоў у Рэвель[30], арыштаваў Юдзеніча і вывез яго за горад. З вока на вока паміж генераламі адбылася гутарка — і Юдзеніч падпісаў загад і аб звальненні батарэі.
Балаховічава атрылерыя таксама перамясцілася пад Ізборск. Новы атрад заняў лапік фронта паміж эстонскімі і латвійскімі арміямі і меў задачу прайсці на лінію Апочка - Невель - Себеж - Полацак - Дрыса, каб стварыць ураду БНР тэрыторыю, на якой можна б было пачаць барацьбу за незалежнасць Беларусі і ад РСФСР, і ад Польшчы.
Атраду Булак-Балаховіча не хапала зброі і абмундзіравання. У порце Рэвеля стаяла ангельская эскадра, якая падтрымлівала эстонцаў і Юдзеніча ў барацьбе з бальшавікамі. Езавітаў ведаў, што аператыўна знайсці сродкі на ўтрыманне атрада Булак-Балаховіча ўрад БНР не зможа. Выйсце прапанаваў сам генерал:
― А ты перамоўся з ангельцамі. Ім жа ўсё роўна, каму плаціць…
І — як на тое — нечаканае знаёмства з ангельскімі прадстаўнікамі ў эстонскім штабе. Камандзір ангельскай эскадры выслухаў Езавітава стрымана, але перад развітаннем запрасіў праз дзень на свой крэйсер — для дэталёвых перамоў.
На аўдыенцыю выбраліся зранку — Езавітаў, Булак-Балаховіч і перакладчык. З Фінскага заліва дзьмула стынню й сіверам. Да абмерзлага берага шэрыя хвалі прыбівалі парэпаныя крыгі, бязлітасна крышылі іх аб каменныя наступы і ўмацаванні. А ўдалечы марскі вецер злосна трос хвалевыя ўзгрыўкі, пеніў і рваў іх.
Над крэйсерам лунаў флагманскі штандар. Значыць, камандзір эскадры — на крэйсеры, зазначыў Езавітаў і прапусціў першым на трап Булак-Балаховіча. Дошкі, як не абчышчалі матросы, пакрываліся наледдзю, і генерал пачынаў пазлоўвацца — паслізнуўшыся, ледзь не паваліўся.
― Набудуюць гмахаў і ганарацца… Бранепоезд — во дзе моц!
Езавітава ж крэйсер уразіў. Люструючыся бранёй, жалезны айсберг — як не білі яго хвалі — нават не варухнуўся, — здавалася, зросся з нябачным дном ці проста ўмёрз у глыбіню…
Вахценны афіцэр правёў гасцей да камандзірскай каюты, перад якой іх і сустрэў камандзір эскадры. Разгаварыліся напачатку пра агульныя клопаты. Камандзіра некалькі разоў турбаваў памочнік. Затым падалі каву з ромам, і госці перайшлі да сутнаснага. Найбольшы сподзіў абудзіла ў ангельцаў паведамленне Езавітава аб тым, што беларусаў — шаснаццаць мільёнаў. Выявілася, што ангельцы анічога пра Беларусь не ведалі, і прадбачлівы Езавітаў пакінуў ім брашуру Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выдадзеную на французскай і нямецкай мовах[31].
Камандзір эскадры выглядаў бадзёрым:
― Што ж, пан палкоўнік… — Ён гаварыў толькі з Езавітавым — як з шэфам ваенна-дыпламатычнай місіі БНР, а на генерала Булак-Балаховіча, здавалася, не зважаў — і той, колькі разоў да гэтага беспаспяхова паспрабаваўшы завесці гаворку, пачынаў нават злавацца.
— Я гарантую вам сваё спрыянне і абяцаю сёння ж перадаць вашы прапановы майму ўраду. А як звязацца з беларускім урадам?
Езавітаў прадыктаваў яму адрас пражскай місіі БНР, патлумачыўшы вымушаны выезд беларускага ўрада акупацыяй краіны.
Калі зноў ішлі доўгім намерзлым трапам, можна было чуць бухценне Булак-Балаховіча:
― Запацучацца ў каюты… Іх бы ў акопы! І ўсё ж крэйсер — сіла… Бач, адных гармат колькі…
А Езавітаву, гледзячы на матросаў у цёплых скураных курціках, узгадаўся Муха — «Дзе ж ён цяпер? І што з тым атрадам Сяменніка?..»
Назаўтра, 9 студзеня, Езавітаў разаслаў усім прадстаўнікам Рады БНР пры ўрадах вядучых дзяржаў і кіраўніку рэгістрацыйна-пашпартнага адзьдзела ў Лібаве сакрэтныя тэлеграмы:
«<…> Беларусь не павінна заставацца ў сфэры французскага ўплыву і павінна перайсьці ў сфэру ўплыву ангельскага ці амэрыканскага. <…> Беларусь — найбольш выгадны плацдарм для наступу на бальшавіцкую Маскву. <…> яна яшчэ ня думае мірыцца з бальшавікамі, а яе мяжа ў 280 кілямэтрах ад Масквы. <…> Беларусь — краіна індывідуальнай гаспадаркі па эўрапейскім узоры, а таму рэзка адрозьніваецца ад вялікарускай абшчыны, якая пачынаецца на ўсход ад межаў Беларусі. <…> Калі ў адносінах да многіх нацыянальнасьцяў прымяняўся прынцып прызнаньня de fakto, то Беларусь павінна быць адразу і перш за ўсё прызнана de jure».
Аднак у грашовых субсідыях першым корпусу Булак-Балаховіча дапамагло эстонскае ваеннае камандаванне. Яно згадзілася выплочваць грошы і дастаўляць прадукты да тога часу, пакуль гэта не зможа зрабіць кіраўніцтва БНР. Паміж эстонскім штабам, Езавітавым і Дуж-Душэўскім была падпісана дамова аб тым, што вылучаная Булак-Балаховічу сума будзе лічыцца пазыкай Беларусі.
Езавітаў і Дуж-Душэўскі пасля гэтага выехалі ў Рыгу і праз некалькі дзён вырашылі даведацца аб выніках перамоў паміж ангельцамі і беларускай місіяй у Празе. Але прадстаўнік рыжскай ангельскай місіі палкоўнік Талент адмовіўся прыняць Езавітава…
Прычыны такіх паводзінаў беларускаму палкоўніку адкрыюцца толькі летам — калі да яго ў штаб прыедзе міністр беларускіх спраў у Літве Язэп Варонка.
― Ты навошта даў ангельцам адрас прадстаўніцтва ў Празе, а не ў Берліне? — спытаў ён Езавітава падчас абеда і горка ўсміхнуўся.
― Такія былі ягоныя ж указанні… А што? — насцярожыўся Езавітаў.
― То што… не чуў яшчэ пра той скандал з Вяршыніным? Місія Вяршыніна месцілася ў Празе на добрай вуліцы, у добрым доме з прыгожым пад'ездам. Кватэра невялікая, два пакоі з кухняй. Там і прымалі гасцей… І вось ангельская амбасада ў Празе атрымала тэрміновую тэлеграму: звязацца з беларускай місіяй і пачаць перамовы. Прадстаўнік амбасады на аўто і выехаў на Венскую, 4, дзе кватараваў Вяршынін. Перад уваходам — шыльда па-французску і чэшску. Ангелец узышоў на ганак, а насустрач яму Вяршыніха з трапкай… Памыла падлогу ў пакоях і цяпер хацела «акультурыць» ганак. Ангелец прайшоў у першы пакой: кухня з «ачагом», на «місію» не падобна… У другім думаў сустрэць служку, каб абвясціў пра ягоны прыход… А там — сціплы кабінецік з пісьмовым сталом, паліцамі, кніжкамі… І ўсё, больш няма куды ісці! А следам за ангельцам Вяршыніха з трапкай. Усчала лямант: «няпрошаны» госць натаптаў гразі, збаёдаў ейную работу… Ангелец у яе пра беларускага дыпламата пытаецца, а тая (мовы не разумела) на пол тыкае і яшчэ большы гвалт усчыняе… Адпаведны даклад і пайшоў у Англію… Ангельцы як анекдот пераказалі французам. А ковенскія французы — мне. — Варонка ўбачыў, як нахмурыўся і скамянеў сябар. — Што скіснуў, ты ж не вінен у тым. А з французамі мы адно пасмяяліся… Ёсць дамова накіраваць ангельцаў у наш Берлінскі цэнтр.
― Ты ж ведаеш, што яны свой адрас засакрэцілі. Хоць чаго хавацца — Matzstrasse, 21. Так? — Езавітаў двума пальцамі пацёр лоб (так рабіў, калі хваляваўся), уздыхнуў: — Значыць, тупік?
― Ну… чаго так адназначна… Пабачым.
2 лютага Эстонія падпісала з Расіяй мірную дамову і мусіла расфармаваць усе антыбальшавіцкія злучэнні, сярод іх — і Асобны атрад БНР у Прыбалтыцы пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Генерал пачаў дасылаць Езавітаву цыдулкі з адзіным запытаннем «Што новага?» А добрых навін у Езавітава не было, і Булак-Балаховіч пачаў злавацца і піць. Спрыяў таму і польскі ваенны аташэ, які «выпадкова» пазнаёміўся з генералам — і пачаў пераманьваць яго на свой бок: адразу ж прапанаваў аванс, падахвочваў узначаліць беларускія атрады, што ствараліся ў Менску. Ад яго ж Булак-Балаховіч дачуўся пра непаразуменні паміж беларусамі за мяжой і Белнацкамам у Менску і запрасіў у свайго прадстаўніка пры місіі БНР у Латвіі падпалкоўніка Мінгрэльскага тлумачэнняў.
«У Рызе пасля вызвалення з польскай турмы жыве кіраўнік беларускага ўрада Вацлаў Ластоўскі, які пацвердзіў, што ў Менску замежных беларускіх дзеячоў лічаць здраднікамі», — паведаміў Мінгрэльскі.
8 лютага Езавітаў мусіў рабіць «апераджальны ўдар» — пісаць ліст Пілсудскаму:
«Пане Галоўнакамандуючы! Як Вам, пэўне, вядома, у складзе Эстонскай арміі вёў барацьбу з бальшавікамі Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерал-маёра Булак-Балаховіча. Замірэньне эстаў з бальшавікамі прымушае Асобны атрад знаходзіцца ў спакоі ў той момант, калі яшчэ не ўся наша Бацькаўшчына-Беларусь ачышчана ад бальшавікоў.
Каб не аставацца без баявой працы, Асобны атрад зьвярнуўся да мяне з просьбай перавесьці яго на Беларусь.
<…> прашу, па моцы загаду Вашага аб фармаваньні Беларускага войска на Беларусі, прадаставіць Асобнаму атраду БНР кавалак фронту на левым флангу Польскай арміі і ўзлажыць на польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць усё яму патрэбнае. Канчатковыя ўмовы па гэтьім пытаньні маюць быць зроблены паміж Вамі, Галоўнакамандуючым Беларускімі войскамі палкоўнікам Канапацкім і Урадам БНР, якім я, адначасна з гэтым, пішу належныя рапарты…».
Калі эшалоны з атрадам Булак-Балаховіча спыняцца ў Бярэсці, Менск зноў зойме Чырвоная армія. Польскае вайсковае кіраўніцтва вылучыць атраду ўчастак фронта на Палессі і прапануе распачаць арганізацыю новых беларускіх аддзелаў…
Яны нечакана сустрэліся на Пляцы Волі — на ўзвышку, перад касцёлам. Янка Купала — у доўгім паліто, мяккай аблавушцы — узіраўся ў высокія званіцы, мружыў павекі, ― з зіхоткіх купалкоў мякка ападалі матылькі-сняжынкі. Жылка, заўважыўшы Купалу, не адважыўся яго патурбаваць — і азваўся толькі тады, калі Купала падаўся да пухматых елак, яшчэ ад Калядаў выстаўленых перад уваходам у касцёл:
― Добры дзень, дзядзька Янка!
― Уладзік? — Купала абрадаваўся. — Што гэта знік некуды — ні чуваць, ні відаць было?
― На Случчыне ў родзічаў папраўляўся…
― А на Новы год, значыцца, да бацькоў прыехаў? — Купала спытаў асцярожна — ведаў, што хлопец «папраўляўся» ад сухотаў.
― Ды з тыдзень ужо ў Менску. Хутка зноў паеду…
― І вершаў з сабой мех прывёз?
― Мех не мех, а некалькі маю.
Купала ўсміхнуўся, кіўнуў галавой:
― Цудоўна! То, можа, складзеш «кумпанію» ў шпацыры?
― Ахвотна!
Дзень таму мароз апаў, недалёка было і да адлігі. Мяккі снег амаль на пядзю накрыў пляц, пасля святаў яго яшчэ не ўтапталі…
― Ну і як там слуцакі жывуць? — пацікавіўся Купала.
― Жывуць. — Жылка наструніўся, пасур'ёзнеў. — Абуджаюцца, асабліва моладзь.
― Ты пра «Папараць-Кветку»?
Жылка ад нечаканасці нават стаў, здзіўлена зазірнуў Купалу ў вочы:
― То вы ўсё й самі ведаеце?!
Пра існаванне на Случчыне культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-Кветка» Купала — і насамрэч — даведаўся ўжо даўно, і паспяшыў патлумачыць:
― Хлопцы са Слуцку яшчэ летась да мяне прыязджалі… Вершаў для сваёй часопісі папрасілі.
― «Нашай Каляіны»?
― Так. Ці выходзіць яна далей?
― На трэцім нумары палякі перапынілі…
Яны ад Ратушы дайшлі да рэчкі і няспешка вярнуліся. У скверыку заўважылі старога лерніка — жоўтыя даўно не мытыя валасы былі сцягнуты чорнай стужкай, аблезлая шапка з заечага футра ляжала перад ім на снезе, з яе нясмела вызірвалі — як птушаняты з гнязда — некалькі скамечаных пяцірублёвак.
― Змёрз, бацька? — Купала болесна агледзеў жабрака і паклаў у шапку царскую дзесятку.
Лернік прашамкаў штось незразумелае, пакруціў сляпымі мутнымі зрэнкамі і зайграў — таксама штось няпэўнае.
― Даражэнькі, а ты што-небудзь нашае сыграй, — перапыніў яго Купала.
Лернік неўразумела нахмурыўся і, узняўшы галаву (напэўна, уяўляў Купалу высокім), спытаў:
― Што… што сыграць?
― Ціскані «Лявоніху», хай пляц парадуецца!
― Не… Не. Гэта не тое.
― Як не тое?.. — Купала аніяк не чакаў такога адказа. — А іграць яе ўмееш?
Лернік нервова кіўнуў галавой:
— Умею, толькі ж не сённяшняя яна…
― Як не сённяшняя?! — яшчэ больш загарэўся Купала. — Зайграй сёння, і хай усе слухаюць!
Але лернік як застыў…
Тады Купала дастаў яшчэ грошай — паперкі бадзёра захрабусцелі — і паклаў на снег. Лернік нагнуўся, абмацаў іх сінімі парэпанымі рукамі, падняў адну, павадзіў пальцамі, здзівіўся:
― Пяцісоценка… царская?
Ён абстукаў свае заброджаныя снегам і граззю нагавіцы, паклаў пяцісоценку ў зашмальцаваную кішэню, ускінуў леру, утуліў у плечы галаву — і раптам па скверы паплыла, закружыла неўтаймоўная «Лявоніха»…
Яны выйшлі на Захараўскую.
― Вось так, Уладзік, нават лернікі ў нас тутэйшымі сталі, сённяшнімі… — Купала стаў хмурым.
― Гэта ж лернікі сляпыя. — Жылка зрабіў асаблівы націск на апошняе слова.
Купала ўздыхнуў і перад тым, як разысціся, запрасіў Жылку на новую пастаноўку п'есы Аляхновіча:
― Паслязаўтра, дзевятага. А то зноў з'едзеш на сваю Случчыну… Да сустрэчы ў тэатры? — і спытаў, і развітаўся…
Беларускія спектаклі ў менскім гарадскім тэатры пачалі ставіць з 26 снежня па пятніцах — у іншыя дні будынак займалі польскія трупы. Таму і дырэктар Беларускага тэатра Францішак Аляхновіч, і яго адміністратар Язэп Фарботка, не дамогшыся для пастановак дадатковых дзён, планавалі рабіць чыгункай выезды ў правінцыю.
9 студзеня ігралі аперэту Аляхновіча «На Антокалі». Жылка прыйшоў адным з першых — жыў непадалёк ад тэатра, каля Пляца Волі. Зала запоўнілася, мусіў «аддаць» і месца, занятае Купалу — спектакль пачаўся, а Купалы не было. З цікавасцю прагледзеў дзве дзеі, а ён так і не з'явіўся…
У той дзень, 9 студзеня, Купала занядужаў. Выклікалі шпітальную карэтку, і дактары выявілі запаленне сляпой кішкі. Тэрмінова зрабілі аперацыю — вычысцілі гной. Тыдзень неадлучна ў шпіталі з Купалам была жонка Уладзіслава Францаўна.
Напрыканцы студзеня, адведваючы Купалу, у палаце Жылка сустрэў Аляхновіча.
― Знаёмцеся! — абрадаваўся Купала. — Бач як, Уладзік, выйшла, — я ж яшчэ дзевятага хацеў цябе гэтай барадзе прадставіць… Жылка Уладзімер, наш малады паэта. — Купала кіўнуў рукой, запрасіў сесці на ложак.
― А што ў маладога паэта можна пачытаць? — Аляхновіч узняўся, паціснуў кволую Жылкаву руку і падставіў свой табурэт бліжэй.
― А што… — Купала выцягнуў з-пад падушкі скрутак газэт, зморшчыўся — напэўна, рана яшчэ не загаілася і кожны рух выклікаў боль, — адшукаў «Беларусь» і падаў Аляхновічу: — Глянь, як хлопец пачынае!
Аляхновіч разгарнуў газэту, пасур'ёзнеў… Прачытаў — і здзіўлена зірнуў на Жылку:
― І гэта што… твой першы верш?!
― З друкаваных — першы. — Жылка крыху збянтэжыўся.
Аляхновіч прачытаў яшчэ раз:
Покліч
Пад штандар бел-чырвона-белы
Гуртуйся, раць, адважна, сьмела
Адважных, храбрых ваякоў!
***
Пад штандар кожны здатны, гожы,
Досьць нас наезьнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Сьмяяцца нашай цемнаце,
Багацьце краю нішчыць, пляжыць —
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!..
Мы к волі йдзем — з дарогі прэч!..
― і гучна бухнуў: — Малайчына! Гэта ж — звон! Гэта ж — стрэл! А я нешта прагледзеў… Які гэта нумар? — згарнуў газэту, прачытаў уголас: — Дваццаць пятае студзеня, нядзеля… То гэта ж апошні нумар, я й не паспеў прачытаць… — і крыху памаўчаўшы: — Бач, Лёсік і тут мяне апярэдзіў! — Усміхнуўся. — Давай, дарагі мой, свае вершы і ў маё «Беларускае Жыцьцё».
Затым загаварылі пра жыццё гарадское. Купала пацікавіўся:
― А дзе цяпер Луцкевіч?
― Кажуць, у Варшаве, — Аляхновіч адказваў без ахвоты.
У чарговым — трэцім — нумары «Беларускага Жыцьця», якое ў Менску Аляхновічу дапамагаў выдаваць Змітрок Бядуля (значыўся літаратурным кіраўніком), 9 лютага 1920 года на адзінаццатай старонцы з'явіўся лірычны верш Уладзімера Жылкі «Я кахаў»…
З Бядулем Жылка быў знаёмы яшчэ й дагэтуль. І часта заходзіў у рэдакцыю «Беларускага Жыцьця» — ажно пакуль зноў не ад'ехаў на Случчыну. З сабой акром сваіх першых вершаваных публікацый ён вёз нумар «Беларускага Жыцьця» з допісам пра «Папараць-Кветку»:
«Случчына. Беларускі гурток «Папараць-Кветка» зьяўляецца падпораю ўсіх беларускіх арганізацыяў у Слуцку. Павятовы стараста павядоміў школьную раду Случчыны, што адпушчаны грошы на беларускія вучыцельскія курсы ў Слуцку.
Па розных школах Случчыны заложаны і добра працуюць болей 10 беларускіх школ. Закладаюцца па вёсках розныя культурна-прасьветныя гурткі і чытальні. Шкода толькі, што вельмі трудна дастаюцца беларускія кніжкі і часопісі…
Сялянства з прыхільнасьцю сустракае весткі аб беларускім руху, толькі чуецца недахват нашай літаратуры.
Не малую дапамогу ў нацыянальнай справе робіць бацюшка саборнай царквы ў Слуцку Шаміціла. З амбону ён сялянам між іншым гаворыць: «Як зоркі ў небе ў цёмную ноч сьвецяць і паказваюць дарогу зблудзіўшаму чалавеку, так для вас гэтые зоркі ёсьць — беларускія культурна-прасьветныя арганізацыі. Прыглядайцеся к ім, і яны пакажуць вам шлях к лепшаму жыцьцю».
Дай нам, Божа, як найболей гэткіх бацюшкаў!».
Бядуля, атрымаўшы ад Жылкі рукапіс, пахваліў.
― Адно подпісу не хапае, — заўважыў. — Ставім?
― Ведаеце, я нядаўна ліста са Случчыны атрымаў. Гэта — не мая інфармацыя, — запярэчыў Жылка.
― Пісаў жа ты… — Бядуля задумаўся, узяў аловак. — А то давай паставім псеўданім… Хоць бы такі… ― і акуратна падпісаў знізу: «Падарожны». — Згода?
― Згода!
Польскія войскі разам з латышскімі аддзеламі занялі Дзвінск і па правым беразе Дзвіны працягвалі наступ на Чырвоную армію.
На Украіне зноў пачало фармавацца нацыянальнае войска.
Эстонія заключыла з Савецкім урадам мірную дамову.
Калчак і Дзянікін былі разбіты.
Антанта адмяніла блакаду і пачала тавараабмен з Расіяй — праз бальшавіцкія кааператывы.
Мірную прапазіцыю ад Савецкага ўрада атрымала і польскае міністэрства замежных спраў.
Незалежнасць Грузіі, Арменіі і Азербайджана пацвердзілі краіны Антанты…
Пасля паспяховай дыпламатычнай паездкі Кастуся Езавітава ў Фінляндыю незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаў фінскі прэзідэнт (да гэтага Езавітаў абмяняўся давернымі граматамі з прадстаўнікамі Эстоніі і Латвіі).
Нечакана спыніўся рух на менскай чыгунцы. У горадзе зноў пачаліся перабоі з харчам. Некаторыя тавары былі таннейшымі, чым у Варшаве, і скорыя купцы пачалі іх вывозіць. Сахарыну і мёд можна было купіць толькі за царскія грошы.
Менская біржа канстатавала падзенне польскай маркі ў адносінах да царскай валюты (за 100 марак куплялі 62 - 65 царскіх рублёў). Моцна «патаннелі» «думскія» білеты, «керанкі» і савецкія грошы. Вялікім попытам карысталіся царскія «пяцісоценкі», нямецкія маркі і наогул уся замежная валюта.
На горад абрынулася эпідэмія тыфусу і воспы-гішпанкі (ад яе памёр вядомы менскі адвакат і грамадскі дзеяч Антон Шабуня, швагер Антона Луцкевіча).
Падаражэлі дровы, і многія вымушаны былі сядзець у халодных дамах. Менскія ваколіцы апанавалі шайкі бандытаў…
У лютым 1920 года выйшлі з друку літаратурна-гістарычны нарыс Язэпа Фарботкі «Беларусь у песьнях» (96 старонак), «Праграмы Беларускай ніжэйшай пачатковай школы» і драма ў трох актах Францішка Аляхновіча «Цені» (48 старонак).
«Багатыя лірычнай сымболікай і драматычнасьцю, — пісала пра «Цені» «Беларускае Жыцьцё» 11 сакавіка, — выдадзены вельмі няўдачна. Нават на цяперашні час дарагоўлі выйшло ўжо занадта лубочна. І гэта — вялікая памылка выдавецтва».
З кожным тыднем узмацняла голас польская «эндекцыя». Аляхновіча гэта пачало непакоіць наноў.
«Польская эндэкцыя (нацыянал-дэмакраты), — пісаў ён у артыкуле «Мы і яны», — далей зьяўляюцца нашым ворагам, ня бачучы або ня хочучы бачыць нашага нацыянальнага і культурнага адраджэньня. У сваёй сьлепаце яна ня бачыць, што дзесяць-мільённы беларускі народ ёсьць адно цэлае, <…> яна хоча прылучыць заходнюю каталіцкую частку Беларусі і ўшчэнт яе спалёнізаваць, а ўсходнюю — Бог з ёю! — аддаць савецкай ці манархічнай Расіі. <…> Польская ж дэмакратыя разумее справу інакш… Адрадзіўшыся, беларускі народ будзе <…> жывым плотам, які дасьць Польшчы заслону ад аднаго з страшных яе ворагаў — Маскоўшчыны».
Бальшавікі зноў запатрабавалі ў Польшчы міру, і свядомыя беларусы насцярожыліся: што будзе далей?..
Пасля сустрэчы з Пілсудскім Антон Луцкевіч паспрабаваў выехаць у Парыж, але атрымаў ад польскага міністэрства замежных спраў адмову ў зваротнай візе. Прэм'ер Найвышэйшай рады паслаў польскаму ўраду і ўсім акрэдытаваным у Варшаве паслам пратэст і 28 лютага 1920 года падаў у адстаўку. Аляксандр Цвікевіч з Варшавы паехаў у Коўну, дзе ўвайшоў ва ўрад Ластоўскага. Ластоўскага пасля больш як месячнай адсідкі ў польскай турме дэпартавалі за межы Беларусі. Ён спыніўся ў Рызе — і польскі ўрад ультыматыўна запатрабаваў высылкі Ластоўскага і з Латвіі. Так у Коўне, дзе сабраўся ўрад БНР, апынуўся і прэм'ерміністр Народнай рады, якога мацней дэпартацый і арыштаў апякла пачутая ад Цвікевіча вестка: падчас вобыскаў у студзені з ягонага хатняга збору зніклі дваццаць чатыры «пергаміны» ХV - ХVII стагоддзяў, шмат архіўных дакумэнтаў, Турава-Пінскі летапіс XI стагоддзя…
Калі Пілсудскі зноў наведаў Вільню, з ім на сустрэчу выехаў Вацлаў Іваноўскі. З Пілсудскім ён меў даўнія сувязі: яшчэ з 90-х гадоў з цяперашнім Начальнікам Польскай Дзяржавы супрацоўнічаў брат Іваноўскага, вядомы дзеяч ППС. Падчас аўдыенцыі доўга гутарылі пра магчымы падзел, звязаны з замірэннем паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.
«Польшча запатрабуе права на самавызначэнне народаў, якія вызваліліся з-пад расійскага ярма», — запэўніў тады Іваноўскага Пілсудскі.
Беларускаму настаўніцкаму інстытуту, які ачольваў Іваноўскі, была вылучана грашовая дапамога, а ў Менску распачалося новае фармаванне двух батальёнаў беларускага войска.
З розных бакоў пайшлі чуткі, што ў Эстоніі знаходзіцца чатырохтысячны атрад генерала Булак-Балаховіча, узмоцнены кавалерыяй і артылерыяй. На паседжанні 22 студзеня Рада народных міністраў, заслухаўшы справаздачу кіраўніка ваенна-дыпламатычнай місіі Езавітава аб дамовах з Булак-Балаховічам, прыняла атрад генерала ў склад арміі БНР…
Ад'язджаючы на Случчыну, Жылка пакінуў у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» адрас сваіх родзічаў у Падлессі, куды ў сярэдзіне сакавіка і прыйшлі два апошнія нумары газэты і сумесны ліст ад Аляхновіча і Бядулі:
«Дасылаем у панаў скіт гэтыя часопісы нашага менскага жыцьця, віншуем з хуткім сьвятам 25-га сьвятога сакавіка і чакаем да сябе — з навінамі і «Поклічамі» і прызнаньнямі ў каханьнях…»
Нумары «Беларускага Жыцьця» за 29 лютага (№ 5 (27)) і 11 сакавіка (№ 6 (28)) пазнаёмілі з новымі вершамі «Сон» і «А ты сіраціна» Янкі Купалы, «Гэніем» і «Да матулі» таксама добрага знаёмцы Макара Краўцова, з апавяданнем «Юлька», артыкулам «Хараство ў народнай творчасці» і вершамі ў прозе «Віленскія ўспаміны» Змітрака Бядулі. газэта, падумаў Жылка, з палітычна-інфармацыйнай ператвараецца ў літаратурна-мастацкую, сціплая калонка «Што чуваць у палітыцы» ціснулася на апошняй старонцы. Насцярожыла адно тое, што ў газэты знікла ранейшая пазнака — «Друкуецца раз у тыдзень»…
Найбольш уразілі Жылку Бядулевы «Віленскія ўспаміны». Яны натхнілі на напісанне цэлага паэтычнага цыкла «Вершы аб Вільні»[32].
…О Вільня, крывіцкая Мека!
О места, — ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасьць павекаў,
Узьнята рашуча брыво…
У Вільні нечакана з'явіўся палкоўнік Ладноў. Сустракаючыся з Луцкевічам, які на той час быў у Вільні, расказаў, што меў важныя гутаркі са старшынёй Варшаўскага беларускага камітэта Дубейкоўскім і папрасіў сабраць усіх найбольш актыўных віленскіх беларусаў. На Вострабрамскую прыйшлі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Міхал Кахановіч і Максім Гарэцкі.
— Працуючы з Ластоўскім, — расказваў Ладноў, ― і ягоным урадам, я раскрыў, што яно з'яўляецца польскай агентурай… — Затым зачытаў перахопленае нейкім чынам пісьмо Мамонькі ў Берлін, у якім раілася рашуча патрабаваць у немцаў грошай, пагражаючы ім, што (калі будзе адмова) Беларусь «паверне аглоблі на Польшчу». — Францыя, а з ёй і Польшча, — не пераставаў агаломшваць Ладноў, ― падтрымліваюць незалежніцкія памкненні беларусаў, але дзейнасць урада Ластоўскага перашкаджае паразуменню. У краі з чэсных беларусаў трэба стварыць заканспіраваны дзяржаўны камітэт, якому я гарантую дапамогу Францыі і Польшчы ў барацьбе за незалежнасць Беларусі…
Запэўніванні Ладнова ўразілі прысутных. Разам склалі пратакол аб стварэнні «Дзяржаўнага камітэта». У мэтах канспірацыі захоўваць пратакол даручылі Гарэцкаму.
Назаўтра Ладноў зноў выехаў у Варшаву, адкуль і абяцаў інфармаваць аб сваёй далейшай дзейнасці. А праз колькі ў Вільню дайшлі не менш «сенсацыйныя» звесткі: завербаваны французскай выведкай палкоўнік Ладноў быў пасланы выкарыстаць віленскія беларускія сілы і, у прыватнасці, атрад генерала Булак-Балаховіча для ўзброенай акцыі супраць Савецкай Расіі. Пасля гэтага пратакол «Дзяржаўнага камітэта» спалілі, а само тайнае «таварыства» ліквідавалася…
У Рызе Кастусю Езавітаву наладзілі ўрачыстую сустрэчу. 17 траўня 1920 года ўрад БНР «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі, выкананую за граніцай» прысвоіў яму званне генерал-маёра. Новыя пагоны ўручыў Езавітаву прэм'ерміністр Ластоўскі.
12 ліпеня Літва падпісала з Савецкай Расіяй мірную дамову — і атрымала «расійскую» тэрыторыю з Вільняй, Горадняй, Браславам, Лідай, Паставамі. Вацлаў Ластоўскі мусіў пацвердзіць права Літвы на гэтыя землі, запатрабаваўшы канчатковага вырашэння іхняга лёсу на мясцовых плебісцытах. Праз месяц — 11 жніўня — з Саветамі падпісала пагадненне Латвія — і памежныя Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы з 50 тысячамі беларусаў (згодна перапісу) без згоды Беларусі адышлі да Латвіі. Дзве літоўскія дывізіі (усё войска рэспублікі) па запатрабаванні Масквы мусілі ваяваць разам з Чырвонай арміяй супраць Польшчы, усе антыбальшавіцкія арганізацыі ў Літве і Латвіі падпадалі пад забарону.
Мусіла спыніць дзейнасць і Беларуская ваенна-дыпламатычная місія Езавітава…
Імкнучыся прааналізаваць сітуацыю, Езавітаў цікавіўся лёсам таварышаў, прагавіта перачытваў усе — якія патрапляліся — газэты. Разбіўшы Дзянікінскую армію, бальшавікі рушылі на Каўказ… Чырвоная армія заняла Азербайджан з горадам Баку. Пачаліся перамовы паміж Савецкай Расіяй і Арменіяй… Чырвонаармейскія часткі напалі на персіцкі порт Энзелі на Каспійскім моры, разбілі ангельскі гарнізон і рушылі на сталіцу Персіі Тэгеран. Дывізія персіцкіх казакоў і жандармерыя перайшлі да бальшавікоў. Персіцкі шах мусіў пакінуць сталіцу і ўцякаць у Багдад да ангельцаў… Паміж польскім урадам Скульскага і ўкраінскім урадам Лявіцкага заключана дамова, па якой Польшча прызнавала незалежнасць Украіны. Адначасна з гэтым польскія войскі занялі Валынь, Кіеўшчыну і частку Падоліі, выціскаючы адтуль бальшавікоў. На Украіне атаман Пятлюра пачаў фармаванне ўкраінскіх войскаў…
У Вільню — яшчэ да перадачы яе Літве — прыязджаў Вацлаў Іваноўскі, сустракаўся з прадстаўнікамі польскай улады і апрацоўваў статут аўтаномнай беларускай школы. Статут зацвердзілі, але сілу займеў ён не на ўсёй акупаванай тэрыторыі Беларусі, а толькі на Меншчыне.
Езавітаў ведаў, што з мая 1920 года ў Менску выходзіў часопіс «Рунь», рэдагаваў які Янка Купала, а выдаўцом быў Вацлаў Іваноўскі… Іншыя чуткі з Менска не весялілі: у ліпені ў Беларускай вайсковай камісіі распачаўся крызіс, у поўным складзе са старшынёй Паўлам Алексюком камісія пайшла ў адстаўку. Палякі з гэтым не пагадзіліся, і з Вільні на разгляд справы ў Менск выехаў Умястоўскі.
Максім Гарэцкі ў ліпені і жніўні 1920-га выкладаў у Вільні на польскіх настаўніцкіх курсах: чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры (Цэнтральная школьная рада ў Менску дамаглася дазволу чытаць беларусазнаўства і польскім настаўнікам). З шасцідзесяці слухачоў віленскіх польскіх настаўніцкіх курсаў да Гарэцкага запісалася сорак.
У старым (за чэрвень) польскім «Работніку» Езавітаў нечакана натрапіў на выказванне амбасадара польскага Сойма Недзялкоўскага пасля ягонай сустрэчы з літоўскім міністрам замежных спраў прафесарам Вальдэмарысам. Недзялкоўскі пераказваў словы Вальдэмарыса:
«У руху беларускім працуюць альбо ўкрытыя палякі, альбо ўкрытыя расейцы. Праўдзівыя беларусы — гэта Варонка, Сямашка і цэлая іх група; яны даўно выракліся Менска, Вільню ж і Горадню лічаць складовай часткай Літвы… Літоўцы скарэй выракуцца Вільні, як выкажуць згоду на федэрацыю з Польшчай. Вільня павінна быць літоўскай. Так званае самаазначэнне збанкратавана канчаткова… Мы — літоўцы — атрымаем Вільню, бо так будзе хацець Антанта, галоўным чынам Англія. У падтрымцы Вялікай Брытаніі мы ўпэўнены. Калі б усё-ткі і гэта не збылося — будзем чакаць, калі Польшча, уціснутая паміж расейцамі і немцамі, не здолее ўжо бараніць старой літоўскай сталіцы. Тады праб'е наш час».
Але Вальдэмарыс не ўвайшоў у новы літоўскі кабінет міністраў Грыніуса. Міністрам беларускіх спраў пасля Варонкі стаў Сямашка.
…Чырвоная армія прарвала польскі фронт на Украіне. Сканцэнтраваўшы ў накірунку Чарнобыля вялікія сілы, бальшавікі пераправіліся праз Днепр паміж Прыпяццю і Цецеравам і з дапамогай конніцы Будзённага зайшлі ў тыл польскім войскам. Пакідаючы Кіеў, палякі ўзарвалі знакамітыя масты на Дняпры.
…Атрад Булак-Балаховіча пад Пугачовам разбіў 67-ы полк арміі Будзённага, прарваў фронт і 26 верасня захапіў Пінск, паланіўшы штаб 4-ай арміі. Аб'яднаўшыся з польскімі часткамі, магутная сіла пакацілася на ўсход. З поўдня на бальшавікоў ціснулі войскі барона Врангеля — і Масква вымушана была затурбавацца. Ленін даслаў у ЦК партыі дэрэктыву аб неабходнасці падпісання з ворагамі ў найкароткі тэрмін мірнага дагавора.
Гэта і было зроблена 12 кастрычніка 1920 года. Савецкая Расія і Савецкая Украіна змовіліся з Польшчай спыніць ваенныя дзеянні праз 24 гадзіны 18 кастрычніка, за што Польшчы перайшлі заходнія вобласці Украіны і Беларусі — не зважаючы на нязгоду іх нацыянальных дзеячоў (у народаў жа даўно ўжо ніхто згоды не пытаў)…
Як ураджэнец Дзвінска, Кастусь Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і прыехаў у свой родны горад.
Буйны прамысловы і чыгуначны цэнтр, Дзвінск пасля войнаў выглядаў разбураным мястэчкам. Многія жыхары падаліся на працу ў Рыгу, некаторыя (хто займеў запас грошай) пачалі абжываць дзвінскія ваколіцы — на «Новай Забудове» ўскочылі з дзесятак кволых дамкоў.
Вакол Дзвінска і Люцына жылі латышы і беларусы, бліжэй да мяжы з Беларуссю — адны беларусы. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі ў 1921 годзе ў Латвіі налічвалася мільён дзвесце тысячаў латышоў, дзевяноста тысячаў рускіх, каля сямідзесяці тысячаў беларусаў і пяцідзесяці тысячаў палякаў. Амаль палова беларусаў былі каталіцкага веравызнання. Бальшыня займалася земляробствам, некаторыя працавалі на чыгунцы і фабрыках. Праваслаўных беларусаў бацюшкі пераконвалі ў тым, што яны — рускія, ксяндзы залічвалі сваю паству ў палякі, ― хоць тая мала што разумела па-польску…
Пры Кацярыне II Латгалія была далучана да Расіі. Дзвіншчына, Віцебшчына, Полаччына і Магілёўшчына аб'ядноўваліся ў Беларускае Намесніцтва з сваімі Епіскапіяй і Навучальным вокругам. У 1831 годзе Беларускі навучальны вокруг заснаваў у Дзвінску першую ў краі гімназію. Мікалай I павёў выразна русіфікатарскую палітыку, скасаваў беларускае генерал-губернатарства, Епіскапію, Навучальны вокруг і забараніў выкарыстоўваць беларускую мову ў друку і ў школах. На пачатку стагоддзя свядомых беларусаў у Латгаліі можна было пералічыць па сем'ях: Эпімах-Шыпілы, Гаўроўскія…
Вайна і расейскія рэвалюцыі абудзілі многія паняволеныя народы. Яшчэ ў верасні 1917-га ў Дзвінску быў скліканы Беларускі вайсковы з'езд 5-ай арміі (не без высілкаў Езавітава) і створаны Гарадскі беларускі нацыцянальны камітэт. І — войны…
Езавітаў зноў быў у сваім родным горадзе. Пазнаваў — і не пазнаваў яго. Шукаў згадак дзяцінства — і не знаходзіў. Схадзіў на стары цвінтар да матчынай магілы (бацька навечна застаўся на зямлі Валыншчыны). Ад братоў — ужо год аніякага почуту. У родным доме жыла незнаёмая сям'я з малымі дзецьмі…
І сам не ведаў, як у горычным продуме заблукаў за старыя сцены замка, да аціхлай Дзвіны. Трава на берагах яшчэ зелянела, а лісты кустоўя жухлі і ападалі. Падалося, што толькі адна рэчка за гэтыя гады не змянілася — засталася такой жа спакойнай, незалежнай…
Яшчэ ў старажытнасці стаўшы адгалінаваннем знакамітага шляху з варагаў у грэкі, не страціла Дзвіна сваёй велічы і цяпер: роўнай стужкай акаймоўвала свой горад, а дзесьці там, вышэй Віцебска, узрывалася ў Вярхоўскім парозе і вызмейвалася ў сутоках. А на іх была багатай: Усвяча, Каспля, Обаль, Лучоса, Палата, Ушача, Дрыса, Дзісна… І спакон веку лілася і спяшала ў сінюю Балтыку.
Вось там, за замкавай поймай, на пачатку красавіка пачынаўся на Дзвіне крыгаход. Яны, хлапчукі-аднагодкі, не маглі тады не памерацца мужнасцю: гойсалі з крыгі на крыгу, пераплывалі на іх нават на другі бераг. І не думалі, што ўсё можа скончыцца і трагічна — шамнуў жа ён аднойчы, паслізнуўшыся, па самую шыю ў халадзенную ваду, балазе яшчэ — недалёка ад берага… А летам — акрамя некалькіх месяцаў, праведзеных у родзічаў на Полаччыне, плёскаўся ён з сябрамі ў гэтых мяккіх водах і разам з усімі насіў дамоў і шчупакоў, і карасёў, і стронгу, а аднаго разу патрапіўся вялікі — ледзь здолеў выцягнуць! — судак…
25 сакавіка 1921 года Рада БНР выдала адозву:
«Усім жыхарам Беларусі.
Народзе беларускі! Доўга і цяжка бароўся ты за сваю зямлю і волю. Палілі твае вёскі, грабілі дабро, гнаілі ў турмах, катавалі і разстрэльвалі тваіх лепшых сыноў польскія паны-абшарнікі і маскоўскія наезднікі-камуністы. <…>
Сёмы год на тваёй зямлі йдзе безупынная барацьба, ужо мусі няма ніводнай пядзі зямлі, не палітай тваёй крывёю. Ты моцна стаў і стаіш за сваю незалежнасьць і сваю беларускую ўладу.
Тры разы ўжо маскоўцы, немцы і палякі хацелі разьдзяліць тваю зямлю, але жыў дух беларускага народу, ідэя незалежнасьці і непадзельнасьці запануе над усім і не дасьць ворагам падзяліць нас. Прэч усіх, хто хоча дзяліць чужое дабро без гаспадара. Ты гаспадар на Беларусі…
Чэкай распараджэньня свайго Ураду, які хутка павінен вывясьці цябе з няволі — гуртуйцеся і чэкайце. Цеснымі брацкімі радамі пойдзем вызваляць сваю Бацькаўшчыну, калі гэта будзе трэба. Праўда за намі, сваю зямлю не аддамо нікому. Лепш згінуць, чым быць батраком чужынца.
Прэзыдыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Коўна.»
25 сакавіка (а яно патрапіла на пятніцу) зранку ў віленскай царкве Свята-Троіцкага манастыра адбылося набажэнства ў гонар трохгоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Царква была перапоўнена: беларуская інтэлігенцыя, моладзь, сяляне ў шэрых світках, некалькі вайскоўцаў у шынялях. А вечарам у вялікай зале Базыльянскіх муроў правялі ўрачыстае паседжанне Беларускага нацыянальнага камітэта. На ім прысутнічалі і прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый, а таксама ганаровыя госці. Паседжанне адкрыў Антон Луцкевіч. За ім прамаўлялі Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя.
А 29 сакавіка ў Боніфратэрскім касцёле служылі імшу, святыя песні выконвалі па-беларуску. Ксёндз Станкевіч прамаўляў з амбоны казанне. У зале драматычнага гуртка сабраліся дзеці з беларускіх прытулкаў і школ — спявалі, дэкламавалі вершы. Вечарам старшакляснікі ставілі спектакль — Аляхновічавага «Бутрыма Няміру».
Беларуская моладзь Вільні выдала першы нумар літаратурнага часопіса «Маладое Жыцьцё» (адрас рэдакцыі — Вострабрамская, 9 — быў і адрасам беларускай гімназіі).
Святкаванні дня незалежнасці прайшлі ў розных кутках чужыны, куды лёс параскідваў беларусаў. 25 сакавіка ў Лодзі інтэрнаваны Першы батальён стральцоў зранку ганарова вышыхціўся каля казармаў. Сфатаграфаваліся на памяць. А 12-ай паручнік Макар Краўцоў зачытаў гадзінны рэферат пра гісторыю абвяшчэння БНР.
Штось, падавалася, мянялася і ў адносінах «чужыны» да Беларусі і яе паняволеных суседак.
«З усіх народаў, якія пасля расейскай рэвалюцыі сарваліся да незалежнага жыцьця, Беларусь атрымала найменш», — прызнаваўся № 74 польскага «Работніка» за 1921 год.
«Дапаможам вызваліць народы Беларусі і Украіны», — такім артыкульным загалоўкам пачыналася старонка 578-га нумара французскай газэты «Le moniteur du commerce»...
На трохгоддзе абвяшчэння незалежнасці БНР у Дзвінску стварылася (ці — правільней — адрадзілася ў трэці раз) культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Яго старшынёй стаў настаўнік Ян Харлап, намеснікам — Езавітаў (улады з недаверам ставіліся да ягонай палітычна-культурнай дзейнасці, і таму «хросны бацька» «Бацькаўшчыны» мусіў «прыхавацца» на другім «плане»[33]. Летам адзьдзелы таварыства заклаліся ў Люцыне, Краслаўцы і Старой Слабадзе.
18 красавіка Кастусь Езавітаў напісаў знаёмаму яшчэ па Вільні Міхалу Кахановічу, аднаму з кіраўнікоў Беларускай цэнтральнай школьнай рады, колішняму старшыні Віленскай беларускай рады і дырэктару Віленскай беларускай гімназіі ліст:
«Высокапаважаны Міхаіл Сілуанавіч! Вельмі прашу не адмовіць дапамагчы мне арганізаваць у Латгаліі беларускую школу[34]. Справа стаіць такім чынам: беларусаў тутака зарэгістравалася больш 50 000 (па латвійскім перапісе). Усе яны карыстаюцца або расейскай, або польскай школай. Міністэрства прасветы і земствы ідуць на спатканьне думкам аб утварэньні беларускай школы, але хочуць, каб адчыненьне яе ішло не зьверху, а зьнізу, на пажаданьне жыхарства. Я ўжо гутарыў з настаўнікамі. Згаджаюцца, але просяць курсаў, літаратуры і падручнікаў. Каб былі падручнікі, дык некаторыя школы ўжо бперайшлі на іх…».
А летам, каб забяспечыць беларускія школы сваімі настаўнікамі, «Бацькаўшчына» арганізавала шасцітыднёвыя настаўніцкія курсы, на якіх беларусазнаўства выкладалі Кастусь Езавітаў і Ігнат Дварчанін (які прыехаў з Вільні). Чыталі лекцыі і па гісторыі, і па геаграфіі Беларусі, і па беларускай літаратуры. На заклік Езавітава выкладаць у Дзвінску адгукнуліся і Эдвард Будзька, і Паўліна Мядзёлка, і Андрэй Якубецкі.
На курсы запісаліся сорак тры слухачы, з іх дваццаць (лепшых) атрымалі атэстаты настаўнікаў і былі накіраваны ў новыя беларускія школкі Прыдруйскай і Пустынскай валасцей Дзвінскага павета — такіх школак у новым навучальным годзе адкрылася шаснаццаць.
Поспехамі ў Дзвінску радаваліся і ў Вільні.
«У Беларускім адраджэньні можна адчыніць новую ружовую старонку, — пісалі беларускія газэты. — Дзьвінск са шпаркасьцю маланкі пачынае ўставаць ад векавога сну. Вучыцельскія курсы, якія адразу былі пад вялікім сумняваньнем, набіраюць вялікае сілы. Штодня прыбывае і прыбывае людзей. Кожны дзень прыходзіцца мяняць салю. Цяпер ходзяць блізу 70 чалавек… Залажылася драматычная трупа, чуць ня 30 чалавек… Залажыўся моцны хор…».
Алесь Чарвякоў выходзіў на працу а сёмай раніцы. Каля дома яго і сустрэў Францішак Аляхновіч.
― О-о! Бацька нашай сцэны! Здароў будзь, — першым прывітаўся Чарвякоў. — Маеш што?
― Прыйшоў вось да бацькі ЦВК[35] прасіцца…
― Пра што?
― З'ехаць хачу з Менска.
― А што здарылася? — Чарвякоў адвёў Аляхновіча ад вокнаў дома — туды, дзе пачынаўся яшчэ голы пасля зімы парк.
― Цесна мне стала… Тут і таварыша Ждановіча дастаткова. — Аляхновіч хітравата прымружыў вочы.
― А сур'ёзна? — нахмурыў лоб Чарвякоў.
― А сур'ёзна — не магу…
Чарвякоў уздыхнуў, прайшоў углыб парка — за ім і Аляхновіч. Затым, пэўна, штось вырашыў, спыніўся:
― Значыць, сабраўся ў Вільню… Сям'я там?
― Там.
― Пасля абеда прыйдзеш да мяне… Што-небудзь скумекаю. Па ўсім, твае «Птушку шчасця» і «Цені» без цябе ставіць будуць…
У той дзень Чарвякоў выпісаў Аляхновічу камандзіроўку ў Радашковічы — «наладжваць тэатральную справу на раёне».
Аляхновіч напачатку завітаў на мігаўскі двор Уласава.
Дзень цёплы — і дзверы з сенцаў у хату адкрыты насцеж. Пасярод пакоя самаробны стол. На стулах — Уласаў з жонкай. Аляксандра Паўлаўна торапка круціла ручку швейнай машынкі. Аляксандр Мікітавіч сядзеў насупраць жонкі, штось пісаў у тоўстым сшытку. Малыя — Дзіма й Алег — таксама былі пры занятку: адзін пілаваў дошку, другі біў па ёй малатком…
Аляхновіч нават зніякавеў: не хацелася перарываць сямейную ідылію. Гаспадыня перапыніла работу, паправіла на плячах хусціну, пазнала Аляхновіча — і ўсміхнулася.
― Вось гэта госць! — узрадаваўся і Уласаў — з аграмаднай копкай чорных вусоў, падстрыжаны «пад нуль», у шырокім зрэбным касцюме. Агледзеў Аляхновіча (з чамаданікам, цёплае паліто, зіхоткія чаравікі). ― Давай бліжэй, і табе месца хопіць, — і паказаў на лаву. — Куды гэта так выхранціўся? Во каму дома не сядзіцца!
― Так-так, дома добра… — выдыхнуў Аляхновіч і стомлена сеў. — Ды яшчэ з такімі памочнікамі! ― і кіўнуў на малых.
― Зразумеў… ― Уласаў бліснуў шкельцамі пенснэ. — Сабраўся ляцець…
Аляксандра Паўлаўна схавала машынку, пачала збіраць на стол пачастунак:
― Во, як і ведалі… З абедам прыпазніліся. А што гэтым часам у Менску чутно?
― Калі вы пра харч — усе крамы адчынены, ды ў іх адно хлеб, квас і «сітро»… — Аляхновіч памаўчаў і сказаў да Уласава: — А на Камароўцы ЧК зноў страляе… А ў вас?
― А ў нас бальшавікі пакуль толькі збожжа забіраюць…
Ноччу Аляхновіч нелегальна перайшоў пад Радашковічамі мяжу — дзе гэта лацвей было зрабіць, падказаў Уласаў.
― Трымайцеся там… — сказаў ён, выпраўляючы госця. — Нешта будзе… А дарогай — на вось, прачытаеш… — і запіхнуў Аляхновічу ў кішэнь складзеную старонку газэты.
Яе Аляхновіч разгарнуў ужо ў «Польшчы», калі перайшоў мяжу, — газэта (назвы на адарванай старонцы не было) перадрукоўвала Мемарыял Найвышэйшай рады БНР польскаму ўраду:
«<…> у імя <…> будучыні і каб паправіць старыя абмылкі і завязаць з Беларускім народам вузлы прыязьні, Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі зварочваецца да Ураду Найясьнейшай Рэчыпаспалітай Польскай з просьбай зрабіць вось якія пастановы:
1. Прызнаць незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных граніцах і ў цеснай эканамічнай сувязі з суседнімі дзяржавамі, якія ўтварыліся з былой Расейскае імперыі.
2. Форму дзяржаўнага ладу, а таксама дзяржаўную і палітычную сувязь з суседзямі разрашыць Беларускі Устаноўчы Сход, які будзе скліканы тым часовым Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.
3. Усялякіе акупацыйные войскі павінны быць выведзены з беларускай тэрыторыі, а ў пераходным часе пратэктарат над Беларусьсю павінна ўзяць з рукі Лігі Народаў адна з дзяржаў, незаінтэрасаваных у Беларусі тэрытарыяльна.
Апрача гэтых асноўных пунктаў Найвышэйшая рада БНР просіць прыняць свайго прадстаўніка ў склад польскай дэлегацыі на мірные перагаворы з Савецкай Расеяй».
Пад Мемарыялам стаялі прозвішчы прадстаўнікоў Найвышэйшай рады Іваноўскага, Цярэшчанкі і Дубейкоўскага. Аляхновіч захавае тэкст Мемарыяла і праз некалькі тыдняў перадрукуе яго ў № 2 свайго новага часопіса «Беларускі Звон» ад 3 красавіка 1921 года. Аднак перамагла «эндэцкая» палітыка і ейны сцяганосец Грабскі. Незалежнасць падзеленай Беларусі так і засталася «папяровай»…
На пачатку сакавіка ў Вільні Аляхновіч сустрэўся з Тарашкевічам — абгаварыць навіны і, асобна, перадаць «галубіную пошту» ад Уласавай пляменніцы Веры (а ўжо ведаў, што Браніслаў з Верай даўно знаюцца).
Тарашкевіч жа нечакана агаломшыў:
― О! Добра, што цябе ўбачыў… Ты вельмі патрэбны. Будзеш вучыць польскай мове і літаратуры ў нашай гімназіі.
― Як гэта? Я ж не патраплю. Мову яшчэ так-сяк… А літаратуру?
― Выйсця няма. Ранейшая настаўніца з'ехала ў Коўну. Нікога не падабраць: не пачатак жа года… Словам, ідзі да Кахановіча, пагавары з ім.
Аніякіх планаў Аляхновіч яшчэ не паспеў скласці, і капейчына ад настаўніцкага заробка не стала б лішняй. Але ж і настаўнікам быць ніхто не вучыў…
А Кахановіч — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі — яшчэ больш азадачыў:
― Вучні слаба ведаюць польскую мову, а польскія школьныя ўлады патрабуюць заканчэння курса навучання па агульнай для ўсёй Польшчы праграме. Інакш усе гімназісты застануцца ў сваіх клясах на другі год. Выручай!
Часу ж на падрыхтоўку лекцый не было. Аляхновіч пастараўся выбраць найбольш кідкія і цікавыя матэрыялы з гісторыі польскай літаратуры і «бліснуць» імі перад аўдыторыяй — каб, крый Божа, не рассакрэцілі такога «прафесара». Адно добра: да заканчэння школьнага года заставалася некалькі тыдняў…
Першая лекцыя — у восьмай клясе. Абазначыў тэму: «Вільня і пачаткі польскага рамантызма». Аляхновічу яна падалася найцікавейшай: у Вільні, у тых жа Базыльянскіх мурах, адбываліся сцэны Міцкевічаўскіх «Дзядоў»… Лекцыю заканспектаваў, у партфель склаў кнігі — каб зачытваць цытаты, перад сабой на стале паклаў гадзіннік — каб «укласціся» ў сорак пяць хвілін… Стараўся — як ні на кожным сваім спектаклі. Адгаварыў з палову лекцыі, паспрабаваў выклікаць у сваіх чытачоў смех — і толькі нудныя міны…
Мароз прабег па скуры. «Няўжо яны расшыфравалі мяне?! Няўжо такія відочныя мае недахопы?!»
Нарэшце — званок. І Аляхновіч насмеліўся на шчырасць:
― Ці ўсё было зразумела?
Маўчанне.
― Мо хто з вас мае нейкія запытанні?
У адказ — выбух смеху.
Зніякавелы, збянтэжаны, Аляхновіч сеў і, чырванеючы, нясмела запытаў у дзяўчатак з першага раду:
― Што здарылася?
Тыя разам і пратараторылі:
― Выбачайце, пане вучыцель, але мы нічога не зразумелі…
― Як?
― Мы не разумеем па-польску…
Папярэдніца Аляхновіча усім — не зважаючы на паспяховасць — ставіла пяцёркі. Аляхновіч жа, разважыўшы, пачаў «разбаўляць» пяцёркі чацвёркамі: не ўсе ж вучацца аднолькава.
І вось аднойчы на яго кватэру прыйшлі дзве гімназісткі восьмай клясы — гадоў па васемнаццаць.
― Калі ласка… Сядайце… — Аляхновіча, папраўдзе, іхні візіт крыху здзівіў.
Адна намагалася штось сказаць, а другая нечакана заплакала… Прычына — настаўнік паставіў ёй сёння чацвёрку, а ўсім — пяцёркі…
І мусіў Аляхновіч прасіць у дзяўчат прабачэння, частаваць іх цукеркамі і лікёрам.
― Не гневайцеся, — на развітанне шляхотна пацалаваў ім ручкі…
А на экзаменах яго зноў перастрэў Тарашкевіч:
― Ну, як жа там?
― Зусім кепска… Нават мовы польскай не ведаюць… — Аляхновіч казаў, як было.
― Якое выйсце? — Тарашкевіча гэта не надта занепакоіла.
― Адно… З тваёй згоды пастаўлю ўсім пяцёркі, ― Аляхновіч па-блазенску прымружыў вока.
Больш на выкладчыка Аляхновіча аніхто крыўды не меў…
Праз паўтары тыдні пасля свайго настаўніцкага дэбюта Аляхновіч пачаў збіраць матэрыял для свайго новага літаратурна-грамадскага часопіса «Беларускі Звон» — яго першы нумар выйшаў 22 сакавіка 1921 года. Выкладчыцкі клопат разбаўляўся выдавецка-рэдактарскім — і меў, трэба думаць, лепшы плён.
««Звон» згуртаваў каля сябе лепшыя беларускія публіцыстычныя і літаратурныя сілы. Орган гэты зьяўляецца цяпер у Віленшчыне праўдзівым выявіцелям беларускай грамадзкай апініі», — напіша пазней пра часопісь Францішка Аляхновіча ковенскі «Беларускі Сьцяг».
Уладзімера Жылку, камісара БНР, прызначылі на працу ў Віленскі паўстанцкі камітэт (дзе ён мусіў дзейнічаць поруч са сваім знаёмцам па Слуцкім чыне цёзкам Пракулевічам). Паўстанцкі камітэт рыхтаваў выступленні супраць польскіх улад, пад ачолам якіх чыніліся здзекі на акупаваных беларускіх абласцях.
Ранкам Жылка агледзеў рэшткі абарончых замкавых муроў з параненымі вежамі, доўга стаяў каля куста маладога бэзу пад Гедымінавай гарой. Летуценілася пра штось няўлоўнае і вабнае, самі сабой пачыналіся складвацца вершы — лёгкія, нібыта счытаныя з пергамінаў старых патрэсканых вежаў…
Мы любім даўнія паданьні,
Быліцы сівых песьняроў.
Няхітры іх апавяданьні
Аб справах мінулых вякоў…
Але нам будуць ўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
З надзеяй ў шчаснасьць дзён сьвятлейшых
Устане ўзбуджаны народ…
Прысеў на друз замкавай сцяны, агледзеў прыціхлы зранку горад, затым — Гедымінаву гару, пакрытую маладым вясновым зяленівам…
Наўкола роў, травой парослы і шырокі,
За ім астача сьцен зруйнованых замковых…
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава-чутка йшла аб ім у сьвет далёкі.
Цяпер жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
Ў праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы,
Ўначы стагнаньнямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў цьвілыя лёхі…
Праз гадзіну ён выбраўся на Вострабрамскую. У рэдакцыі «Нашай Думкі» — нечаканая сустрэча. За стосам газэт, закасаўшы рукавы (пінжак накінуты наапашкі), узвышаўся Макар Краўцоў…
― Жылка! Няўжо ты?! — ад здзіўлення ажно прыўстаў. — Даўно ў Вільні?
― Першы дзень.
― А як дабраўся?
― Ды без прыгод. Гуртам, кажуць, і бацьку лацвей біць, не тое што перахітрыць Пілсудскага… — і ён зморана, хоць і вымагаўся ўсміхнуцца, сеў на прыстаўлены да рэдактарскага стала табурэт…
З Польшчы на Віленшчыну яны дабіраліся ўтрох: Жылка, Міхась Каберац і Юльян Сасноўскі — усе ўдзельнікі леташняга Слуцкага чыну. Макар Краўцоў прыехаў у Вільню раней, і вось цяпер, як расказаў, Максім Гарэцкі перадаваў яму рэдактарства «Нашай Думкі», якая, аднавіўшыся, выходзіла з пачатку 1921 года.
Прагаварылі з паўгадзіны. Напрыканцы, ужо развітваючыся, Жылка дастаў з кішэні некалькі напалам складзеных аркушаў — вершаваныя радкі на іх былі ўпісаны каліграфічным прапісным почыркам.
― Я гэта… вось колькі вершаў прапанаваць рэдакцыі хацеў бы, — асцярожна паклаў на стол і намерыўся развітацца, як дзверы рэдакцыйнага пакоя расчыніліся і ўвайшоў Максім Гарэцкі: бадзёры, у шырокім касцюме з яркім гальштукам; нават раннія залысіны пасавалі ягонай шляхотнай паставе.
― Знаёмся: Уладзімер Жылка, — Макар Краўцоў выйшаў з-за стала. — Вершы нам прывёз. Можа, глянеш? — Краўцоў Гарэцкага быў «старэй» на тры гады, і намагаўся трымацца «стала».
― То ж аўтар ёсць, хай і прадэклямуе нам. — Гарэцкі прысеў да вакна, ускінуў нагу на нагу — і зрыхтаваўся слухаць. Жылка не чакаў такога ходу, крыху зніякавеў, сторапу прачытаў два вершы і сціх. Гарэцкі одумна пахітаў галавой, адзначыў у вершах «маладога паэта» (на сем гадоў маладзейшага) некаторыя шурпатасці і… забракаваў іх[36].
У Вільні Жылку падтрымалі Антон Луцкевіч і Францішак Аляхновіч. З'явіліся і новыя сябры сярод гімназістаў, не зніклі і колішнія — Сасноўскі (пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі) і Каберац. Восенню ў Вільні адкрылася восем пачатковых беларускіх школ. У адной з іх пачала працаваць настаўніцай Наталля Арсеннева (таксама маладая паэтка, вершы якой — яшчэ гімназісткі — былі ўхвалены ейным настаўнікам Гарэцкім). Кіраўніком той школы прызначылі Міхася Кабераца.
Пара акрыленасці не ведае крыўдаў… Не меў іх і Жылка, хоць і быў крыўдлівым, хоць і ўспрымаў нядобразычлівасць балюча, хваравіта, — як і ўсе сухотнікі. Нядаўна ён прачытаў нумар «Нашай Думкі» ад 25 сакавіка — і быў уражаны артыкулам А. Мсьціслаўскага «Думкі і развагі з прычыны свята незалежнасці». Пад такім псеўданімам пісаў Максім Гарэцкі — і Жылка ведаў пра гэта. Некалькі разоў перачытваў ён «Думкі і развагі»…
«Незалежнасьць — гэта ёсьць вянец усім нашым імкненьням. Гэта ёсьць той ідэал, тое пуцяводнае сьвятло, да спраўджаньня якога скірована дзеяльнасьць кожнага грамадзяніна… Якое бы райскае жыцьцё ні дэкляравалі нам маскоўцы, палякі ці навет ліцьвіны, мы — прапашчыя, няшчасныя людзі датуль, пакуль не зрэалізуем <…> свайго незалежнага гаспадарства… Пад Польшчаю ці пад Маскоўшчынай мы памром нацыянальнай сьмерцю і пойдзем гноем пад красаваньне чужое культуры <…>. Пад маскоўскім панаваньнем мы якраз рызыкуем страціць сваю душу <…>. Маскоўскія камуністы гвалтам накінулі нам так званую «дыктатуру пралетарыята», хаця Беларусь ня можа прыняць ня толькі яе нягоднае фікцыі <…>, бо ня можа быць «дыктатуры пралетарыята» па маскоўскаму рэцэпту ў той старонцы, дзе калі й мысьліма якая дыктатура, дык толькі дыктатура сялянства <…>. І вось адзіны вывад з усяго сказанага, адзіны правільны адказ: Незалежнасьць бацькаўшчыны!».
Жылка прачытаў ужо аповесць Гарэцкага «Дзве душы» (кніжку, якая выйшла ў Вільні яшчэ ў 1919 годзе, даў яму Макар Краўцоў) і цяпер пачынаў задумвацца аб тым, што душа балюча дваілася не толькі ў галоўнага героя аповесці Ігната Абдзіраловіча, але — і ў самога аўтара, самога Максіма Гарэцкага… У памяці высвеціліся Бядулевы выцінкі з менскай «Звезды» за 1919 год з артыкулам «Крах самостийности», пазначаны крыптанімам П. Б.
― А хто гэты «П. Б.»? — спытаў тады Жылка.
― Панскі Бізун… Ён жа — Максім Гарэцкі, аўтар зборніка апавяданняў «Рунь», — паківаў галавою Бядуля…
А ў тым артыкуле два гады таму Гарэцкім выкладаліся зусім адрозныя думкі:
«Самостийность — это самая уродливая форма, в какую может вылиться возрождение <…>. Теперь жертвовать великими идеями коммунизма во имя возрождения в понимании самостийников — преступление перед тем же возрождаемым пролетариатом <…>. Наше крестьянство <…> должно смело ндти за свим коммунистическим строем, единственным истинным возрождателем».
«Як двума рознымі людзьмі пісалася… — дзівіўся Жылка. — За два гады — чым не дваенне душаў?..»
А затым ён даслаў у «Нашу Думку» свае новыя вершы — «Мы любім даўнія паданні…» і «Замчышча», якія пачалі абуджацца яшчэ падчас наведвання старадаўніх муроў віленскага замка, а да іх — заместа ліста — даклаў вершаванае пасланне:
Вельмі шаноўны пан Рэдактар[37]!
Дару Вас крэйзаньнем сваім.
А гэта досі важны фактар —
Павінны Вы згадзіцца з тым.
<…>
Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею
(Мо шчырасьць гэтка пану ўперш),
Што добры будзе пан судзьдзёю
І не асудзіць гэты верш.
А прачытаўшы ўважна тыя,
Што я пры гэтым дадаю,
І прысудзіўшы: «Не благія»,
Ў газэту зьмесьціць іх сваю.
<…>
Калі ж што лішняе сказаў,
Хай мне даруецца абмылка.
Затым з пашанай застаюсь
Ўладзімер, сын Адамаў, Жылка,
Па волі лёсу беларус.
І прычакаў новае расчараванне: два надрукаваныя вершы (у нумарах ад 6 і 14 траўня) настолькі пераправілі, што «жывога», свайго ў іх паэт прачытаў няшмат… А таму падчас новай сустрэчы з Макарам Краўцовым не мог стрымацца — даведаўся, што якраз ён і «правіў»:
— Чаму ж ты ўжо сам і не падпісаўся пад вершамі?!
Але натхнялі Жылку публікацыі ў Аляхновічавым «Беларускім Звоне», а таксама ў «Маладым Жыцьці» — новым беларускім віленскім выданні, дзе актыўна друкаваліся Наталля Арсеннева і Уладзімер Дбоўка.
«Маладое Жыцьцё» рэцэнзавалі і хвалілі.
«Часопісь робіць надзвычай прыемнае і сымпатычнае ўражаньне ўласьцівым моладзі размахам і верай», — пісаў пра яго ковенскі «Беларускі Сьцяг».
Віленскае беларускае студэнцтва з новага года пачне выдаваць і «Наш Шлях», які таксама абудзіць надзеі ў сваіх чытачоў і рэцэнзентаў.
«Рознародны і багаты зьмест часопісі, новыя імёны маладых прадстаўнікоў, а яшчэ болей новыя, сьвежыя, сьмелыя думкі акрыляюць чытача надзеяй і верай у нашу сьветлую будучыну. «Наш Шлях» загаварыў да сваіх чытачоў дзе трэба здаровай прозай: «Хто ня бьець, таго бьюць», а дзе — чыстай паэзыяй і здаровым маладым рамантызмам, сьвядомай сваіх сіл і мэт моладзі. Паміж маладых аўтараў — С. Радзіміч і С. Дрыгуновіч ― зарысовываюцца як сільныя немалога таленту публіцысты з вельмі цэнным ухілам да аналітыкі. Пяром Ф. Маркотнага кіруе душа цьвёрдага грамадзяніна і запраўднага гаспадара краю. Вершы Арсеньевае — гэта істотна кветкі паэзыі…».
Абедзьве выцінкі пісаліся ў Коўне Вацлавам Ластоўскім.
Напрыканцы траўня 1921 года польскія ўлады закрыюць «Нашу Думку»…
З кожным месяцам аддалялася краіна ад вясны сваёй незалежнасці, і азіраючы пазначаны шнарамі новых межаў і франтоў ды таўрышчамі магілаў пакутны трохгадовы — ад сакавіка 1918-га — адрэзак-шлях, паразумення мусілі шукаць нават самыя злосныя апаненты і непрыяцелі, якім наканавана было ісці пад сцягам беларускасці.
Створаная летам 1921 года Рада Беларускай нацыянальнай сувязі прапанавала правесці ў Празе Нацыянальную канферэнцыю і выдала абвешчанне:
«Да ведама беларускага грамадзянства, усіх беларускіх партыяў, арганізацыяў і груп.
Надышоў момэнт, калі прадстаўніком беларускай нацыянальнай думкі трэба аб'яднаць свае зусільля ў напрамку забесьпячэньня бліжэйшай будучыні Бацькаўшчыны. <…> У першую чаргу трэба высьвятліць унутранае і міжнароднае становішча Беларусі.
<…> Усе беларускія партыі, арганізацыі і групы, знайходзячыяся як у краі, так і па-за межамі яго — у Эўропе, Амэрыцы, заклікаюцца прыслаць на <…> нараду сваіх прадстаўнікоў.
Тым арганізацыям, якія ня маюць адпаведных коштаў, выдаткі на падарожжы іх дэлегатаў будуць вернуты прэзыдыумам Нарады».
Усё большы супраціў выклікала ў беларускім насельніцтве польская палітыка. Шырылася дзейнасць антыпольскага Паўстанцкага камітэта. Ягоным сувязным Пракулевіч накіраваў у Горадню Тамаша Бабровіча, які колісь, заступіўшыся за бацьку, мусіў пакінуць родную Ашмяншчыну. У Горадні Бабровіч павінен быў фармаваць звяз незадаволеных «крэсавым» жыццём.
Позна вечарам напрыканцы ліпеня маўклівы рамізнік вёз Тамаша на Рыбны рынак, дзе за невялікую плату можна было на некаторы час займець прытулак. Толькі выехалі з вузкай вулкі, як вочы насцярожыла кармазынавая павалока над далёкімі драўлянымі хаткамі.
З гарадскога ўзвышка пракалоў цішыню турботны звон, праз некалькі хвілін іх падводу прыціснуў да краю брукаванкі пажарны абоз…
А павалока пачынала ўжо здалёк пыхкаць палымянымі водсветамі. З двароў выпырхвалі напалоханыя гарадчукі і беглі на святло. Хтось даўмеўся захапіць вядро… Жанкі ўсчалі лямант, турботныя крыкі чуліся па ўсёй вуліцы.
Бабровіч прыўзняўся: і вочы апалілі тлустыя каўняры полымя над некалькімі хатамі. Калі пад'ехалі бліжэй, пажар люціўся напоўніцу. Жаўнеры і добраахвотнікі аблівалі вадой пакуль ацалелыя будыніны. Праца марудзілася: пажарныя «кішкі» былі кароткімі, а некаторыя нават не падыходзілі да кранаў. І — гармідар, лаянка, траскаценне і шугавей полымя… раптам — дзесь зусім побач:
― Ратуйце, людцы добрыя! У хаце парадзіха, выйсці не можа! Агонь ужо ў сенцах!.. І вынесці не магу…
Бабровіч азірнуўся: у шабашным карагодзе ценяў укленчыла старая, па ўсім — ці парадзіхава маці, ці павіталка…
― Дзе хата? — старую, каб апрытомілася, давялося моцна ўстрасянуць.
Некалькі хвіляў — і ён ужо ў агародчыку. Прыбудоўка, якую старая назвала сенцамі, ужо абвальвалася, і Бабаровіч ускочыў у хату праз вакно — раму лізаў агонь, шкло вывалілася… Задыхаючыся дымам і абпальваючы грудзі, слепнучы ад слёз і яркаты агня, Бабровіч ледзь не вобмацкам знайшоў ложак, узняў знежывелую парадзіху, данёс да вакна і толькі паспеў асцярожна, каб не выцяць жывот, перахіліць-ссунуць яе, як штось бліснула ўваччу ўжо не чырвона-кармазынавым, а едка-жоўтым — і яго схавала пад сабой ахопленая агнём сцяна невядомай горадзенскай хаты…
Той ноччу пажар забраў некалькі соцен дамоў каля Рыбнага рынка, і калі ў горадзе з'явілася падмога з Беластока, ён дакаціўся ажно да муроў Магістрата…
Збегшы з бальшавіцкай Беларусі, Францішак Аляхновіч не знаходзіў супакою і ў Вільні. Дзействы польскіх эндэкаў мала ў чым розніліся ад камісараўскіх… І ўсё часцей ён узгадваў Езавітава, ягоныя папярэджанні. Меў той рацыю. Латвія — вунь, другі раз звяртаецца з просьбай прыняць яе ў Лігу Нацыяў…
І французскія газэты пачалі ўзгадваць Беларусь і Украіну… І паўстала тады перад Аляхновічам постаць, якая сімвалізавала яму палітычную і вайсковую Францыю, — постаць Напалеона. У «Беларускім Звоне» 8 траўня 1921 года з'явіўся артыкул Аляхновіча «У Напалеонаўскую гадаўшчыну», дзе праводзіліся паралелі і з сучаснасцю:
«…Сто гадоў назад памёр Напалеон. Але засталася вялікнасьць яго думак і дзеі. Застаўся ўспамін аб Ім, — аб Ім, каторы нёс волю падняволеным і з мячом у руцэ нёс з Захаду на Усход вялікія здабычы Рэвалюцыі».
Ды выглядала на тое, што Захад з Усходам даўмеліся ўжо дамовіцца, і сённяшнія напалеоны спакойна сядзелі ў сваіх палацах…
На пачатку жніўня 1921 года рыжабароды фурман па надзіва роўнай гравейцы вёз Езавітава з Рыгі ў Маяры. Лецішчы патаналі ў зеляніне садоў, і каб не папярэдняе апісанне брамкі з драўлянымі лебедзямі, доўга давялося б шукаць Райнісаў домік — не было нават у каго спытаць, бо ўсе пахаваліся ад спёкі.
У вакно вызірнуў гаспадар, усміхнуўся і праз хвілю сустракаў Езавітава на абвітай павоямі верандзе.
― Добры дзень, добры дзень! — імпэтна заварушылася бялявая бародка. — Заходзьце. — Райніс запрасіў у хату і фурмана: — А чаго пячыся? Тут хоць які цень…
Зайшлі ў гасцёўню. Гаспадар спачатку пачаставаў сваімі настойкамі, а толькі потым пацікавіўся:
― Паведамлялі мне з Рыгі, што ў вас да мяне клопаты?
― Так, Яніс Крыш'янавіч. Беларусы хочуць прасіць у вас падтрымкі… — загаварыў Езавітаў. — Наша таварыства «Бацькаўшчына» заклала ўжо дваццаць школ. Хочам адкрываць новыя. А для кіраўніцтва і арганізацыі беларускага школьніцтва неабходна стварыць спецыяльны адзьдзел пры міністэрстве асветы. Гэтага і дамагаецца Цэнтральнае праўленне «Бацькаўшчыны» і шукае, найперш, вашай падтрымкі — і як вядомага паэта, і драматурга, і як лідэра латвійскай сацыял-дэмакратыі, і як дэпутата Устаноўчага Сойма.
― А што… — Райніс прыціснуў даланёй бародку, задумаўся. — З міністрам Дауге я пагавару… Складзём зварот у Кабінет… А чаму б і не?! — Затым доўга распытваў пра Беларусь, беларусаў Латвіі.
Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.
― Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.
Езавітаў мусіў даверыцца:
― Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… ― ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…
Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…
А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:
«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».
Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.
Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…
У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў:
― Тут цябе ўжо колькі дзён твой таварыш дамагаецца… Жыць не мае дзе, дык я яго ў нас, у бібліятэцы «прапісаў», — і ўсміхнуўся. — Схадзі павітайся, а тады пра паездку раскажаш…
Толькі адкрыў шкляныя дзверы ў бібліятэку, а насустрач — Васіль Муха:
― Нарэшце ты адшукаўся, пан генерал!
…Год Муха правёў у атрадзе Сяменіка. Расказваў, што палякі выдавалі толькі харч, а ў зношанай вопратцы, казалі, у лесе ня сорамна… Нястачы прывялі да хваробаў. Восенню палову атрада — і самога камандзіра, і Муху — зрэзаў тыф. Хворых адвезлі ў мястэчка Смалявічы. Пасля гэтага атраду Сяменіка польскія ўлады выдалі абмундзіраванне, пенсію і, дазволіўшы пашыраць свой аддзел, даручылі самае пякельнае — выведку на фронце.
Муха паказаў нават фотакартку выведчыкаў: дзевяць партызанаў — у шынялях, світках, падперазаных дзягамі, у зімовых шапках-«стаўбурках», за плячыма — вінтоўкі. Паперадзе Лукаш Сяменік — невысокі, у доўгім шынялі з каўняром з чорнага футра, на дзязе — кабура з наганам і марскі корцік (падарунак Мухі), доўгая шабля ў похве, чорная шапка бокам насунута на макаўку галавы, высокі ў маршчынах лоб. За Сяменікам — сам Муха.
― Чакай, недзе я ўжо гэтую гвардыю бачыў… ― Езавітаў аддаў фотакартку. — Ну так, пад артыкулам пра Сяменіка ў Аляхновічавым «Беларускім Жыцьці»![38] Так што не думай, — і Езавітаў прыязна ўсміхнуўся, — ведаем мы сваіх герояў…
Так, часам можа падацца, што жыццё чалавечае сплятаецца з нечаканасцяў. Хто знае, хто з кім спаткаецца, што на што набяжыць?..
На асвечанай яшчэ не ашчадным вераснёвым сонцам Прывакзальнай вуліцы Коўна лёсіла сустрэцца Цішку Гартнаму і Паўліне Мядзёлцы.
― Дзядзька Цішка, ці ты гэта? — першай азвалася Мядзёлка. — Якім ветрам да нас?!
Гартны здзіўлена зморшчыўся — і прамовіў ціха, усміхаючыся:
― Ды не да вас, а цераз вас… — прымружыў адно вока і ўважліва агледзеў Мядзёлку: — А паненка ўсё харашэе…
― Я ўжо год як пані. — Мядзёлка адкінула з брыва завіты кудзярок (тут, на Прывакзальнай, яна нядаўна выйшла з цырульні).
― Ну?.. — Гартны зноў зморшчыўся. Насамрэч, ён ужо ведаў пра шлюб Мядзёлкі з Тамашом Грыбам, як і пра колішні арышт абодвух польскай дэфензівай, але чамусь яму хацелася пра гэта «забыцца».
― Так-так… А што там у вас у Менску новага? Як нашы? — зашчабятала Мядзёлка. — Я ж анічогаткі не чула. Давай пап'ём кавы ды пагаворым. Ці надоўга ў Коўну?
― Вечарам еду.
― То тым больш хадзем!
У кавярні на той жа Прывакзальнай было моцна накурана. Гартны хмурыўся, неахвотна адказваў на Мядзёльчыны пытанні, выціраў спацелы лоб, а потым цмокнуў і адкрыў вакно, правёў вачыма сялянскую фурманку, што нарабіла на вуліцы грукату, затым сеў і спытаў сам:
― А як пані Мядзёлцы жывецца?
― Пакуль, цьфу-цьфу, ад ліха ціха…
― А муж… Твой Грыб як?
― Тамаш у Лодзі. І я б там была, каб не збегла па падробленых дакумэнтах… — Мядзёлка, заўважыў Гартны, зусім не хацела кавы — крышку прыгубіла і адставіла філіжанку.
― А як не сакрэт, куды васпан збіраецца вечарам ехаць?
― У Берлін, — Гартны мовіў гучна, упэўнена, а Мядзёлка як не дачула — запытальна ўгледзелася яму ў вочы, не стрымалася:
― Во як! Там, кажуць, цуд, Эўропа! — і ўздыхнула: — А мы вось тут седзімо і пра свет толькі па часопісах ведаем…
І тут Гартнага нібыта працяла электрычным токам — узняў галаву, наструніўся:
― Хочаш у Берлін… на працу?
Мядзёлка, агаломшаная, адхіснулася да спінкі стула, але здолела стрымацца, адказала, як здалося, нават пакрыўджана:
― Пан няўдала жартуе…
― Чаму жартую? — насупіўся Гартны, зняў пенснэ і паклаў у кішэнь пінжака. — Мяне накіравалі ў працяглую ўрадавую камандзіроўку ў Нямеччыну. Па замове Савецкага ўрада будзем там друкаваць беларускія падручнікі. То й запрашаю на працу пад маім кіраўніцтвам… — памаўчаў, змуліў вусны, — карэктарам ці стыльрэдактарам… — уважліва паглядзеў на Мядзёлку, падрахаваў: — Толькі ведаць трэба зараз: едзеш ці не?
Мядзёлка прыўзняла адно брыво, крыху схіліла галаву, прашаптала:
― А калі выбірацца?
― Можна сёння… Можна праз колькі дзён.
Мядзёлка памаўчала, колькі разоў адпіла кавы, пакратала неўтаймоўны кудзярок і раптам бадзёра выдыхнула:
― Еду!
Хмуры Гартны ўсміхнуўся, «вось так», — выціснуў і замовіў бутэльку віна:
― Адзначым нашу згоду!
А калі праз паўгадзіны яны выйшлі з кавярні, пачаў расказваць аб тым, што лічыць Ковеншчыну амаль роднай, бо тут некалі амаль з год працаваў гарбаром…
А вось таго, што 20 верасня 1922 года Мядзёлка выбралася з Латвіі на адным караблі з Езавітавым, нечаканасцю не назавеш: абодва пра гэта дамовіліся яшчэ падчас ліставання. Па «інтэрвенцыі» Езавітава Мядзёлцы непатрэбна была латвійская віза…
…Яна першы раз ехала морам. Падоўгу заседжвалася на палубе — і не адпускала Езавітава.
«Ахоўвай мяне, мой генерал… А раптам хто мяне ўкрадзе. Ці замерзну…»
І смяялася, і падоўгу шчабятала пра ўсё і пра нічога, і насамрэч падавалася Езавітаву летуценнай дзеўчынёткай, і яму станавілася добра побач з ёй, спакойна, бестурботна; седзячы насупраць, ён, злёгку прымружваючы павекі, узіраўся ў яе вочы — глыбокія, з няскорнай таемнасцю-чарнявасцю, заўважаў, як Мядзёлка — нібыта выпадкова — нерухоміла позірк на ім, а адварочваўся — і зноў бачыў яе вусны, шыю пад тонкім шалікам… і сам сабе здаваўся яшчэ маладым, летуценным.
Мядзёлка доўга ўсхвалявана любавалася хараством Паланзы, а потым нечакана (яна наогул стала для Езавітава ў гэтыя васемнаццаць гадзін падарожжа да Берліна, а затым дарогі праз Дрэздэн і Пешын увасабленнем нечаканасці) апаліла:
― А што чуў мой генерал пра сувязь Мядзёлкі з Купалам?
Езавітаў звёў бровы — і толькі ўсміхнуўся.
«Навошта яна правакуе? Ці адкрываецца? Канешне ж, не мог не чуць — і яна ведае — пра колішнюю Купалаву неабыякавасць да Мядзёлкі».
І адказаў не без гуллівасці:
― Чуў… як пра сувязь мастака і акторкі, якая спрыяла ўвасабленню Купалавай «Паўлінкі»…
― І ўсё? — Мядзёлка нібыта зніякавела. Паправіла шалік — і загаварыла пра іншае: — А скора мы прыедзем да немцаў?
― Напачатку будзе Кёнінгсберг… А затым ноч, а за ёй — Берлін.
У Кёнінгсбергу іхні карабель затрымаўся на доўгую гадзіну, а вечарам перад сваёй каютай Мядзёлка перастрэла Езавітава і, адчыняючы дзверы, адвярнуўшыся ад яго, запытала:
― Пан генерал будзе пільнаваць мяне і ноччу?
Прызнацца, Езавітаў за дзень звыкся са спадарожніцай, вывучыў яе, часам здавалася, нават мог здагадацца, пра што тая скажа, — і да гэтага запытання ўжо рыхтаваўся…
― Калі спатрэбіцца, я збяру каля гэтых дзвярэй усіх матросаў Балтыкі, каб яны ахоўвалі нашу чароўную Паўлінку… — і дадаў-падрахаваў: — Пра што я і абяцаў Тамашу… — і ўсё ж не стрымаўся, апусціў вочы. — Так што зычу ёй бестурботнага сну… — гжэчна хітнуў галавой і пакрочыў да свайго калідорнага закутка…
У Берліне, каб перасесці на пражскі цягнік, ім спатрэбіліся суткі. Езавітаў замаўляў білеты (зноў злаваўся на сваё слабое веданне «дойчу»), а Мядзёлка за той час паспела адшукаць кватэру, дзе спыніўся Гартны, абгаварыць пытанні з працаўладкаваннем і… адпрасіцца на тыдзень — «дзеля знаёмства з краем» (пра тое, што едзе на беларускую канферэнцыю ў Прагу, вядома ж, свайму новаму шэфу не сказала).
І была зноў іхняя дарога — па яшчэ не зачаўрэлай даліне Эльбы, сціснутай з абодвух бакоў высокімі — як падавалася ім — гарамі. Мядзёлка прыхіналася да вакна, ледзь не ўскоквала, заўважаючы на шчытах скалаў старадаўнія замкі, летуценіла-гарэзіла — і зноў абнечаканіла:
― А пан генерал хацеў бы жыць вось у такім палацы, на ўзвышку, над рэчкай… — і схілілася наўзлокаткі на купэйны столік, зірнула яму ў вочы, — …са мной?
Езавітаў напачатку ўзіраўся ў далёкі замак над стромай, затым змуліў вусны — патрапляючы паўтарыць выраз Мядзёльчынага твара:
― Нават калі б я сказаў «не», ты б мне не паверыла…
― То што ж генералу замінае?..
― У такіх замках князі жылі са сваімі князёўнамі… ― Ён устаў і, упершыню паклаўшы руку на яе плячо, сказаў цішэй: — Я абяцаў Тамашу, свайму таварышу, аберагаць цябе да Прагі… Аберагаць — і толькі… І гэта я зраблю. — Ён выйшаў з купэ і накіраваўся ў вагон-рэстарацыю, дзе з бутэлькай партвейна ўраджаю 1916 года праседзеў усю ноч — пакуль у сутонні не паказаліся лясы Чэхіі…
На беларускую нацыянальную канферэнцыю, якая распачала працу ў Празе 26 верасня 1921 года, было дэлегіравана васемнаццаць беларускіх эсэраў (Мікола Шыла, Тамаш Грыб, Язэп Мамонька, Васіль Русак, Лявон Заяц і іншыя), шэсць сацыялістаў-федэралістаў, пяць народных сацыялістаў і пяць сацыял-дэмакратаў. Сабраліся ў вялікай зале з высачэннай столлю, сцены да паловы пакрывала лакіраваная вагонка, сталы стаялі ў тры рады, паверх іх — белыя настольнікі…
У прэзідыуме — Крэчаўскі, Захарка і Чарапук; Ластоўскі, Цвікевіч, Грыб і Мамонька — у першым радзе, за імі — Езавітаў, Пракулевіч, Дуж-Душэўскі, Мядзёлка…
Прынялі рэзалюцыю аб Слуцкім чыне, назваўшы яго гераічнай старонкай у гісторыі беларускага народа. Канферэнцыя не прызнала Рыжскай мірнай дамовы і, пацвердзіўшы Устаўную грамату ад 25 сакавіка 1918 года, заклікала ўсе беларускія партыі да барацьбы за адраджэнне нацыянальнай незалежнасці Беларусі. Адбылася сутычка Алексюка з Цвікевічам, старшынёй канферэнцыі. Двойчы Цвікевіч спыняў Алексюка, які выступаў з прапановай згодніцтва з польскімі ўладамі — і ўрэшце пазбавіў яго слова, заявіў:
― Калі ў нас будуць толькі арыентацыі, а не будзе свайго дзяржаўнага стрыжня, нас перамогуць і зробяць рабамі…
Абмяркоўваліся і адносіны да Булак-Балаховіча. Езавітаў зрабіў падрабязны даклад пра ягоную дзейнасць і працытаваў нават некалькі рэляцый генералавага прадстаўніка падпалкоўніка Мінгрэльскага, якія накіроўваліся «саюзнікам», — пра забойствы габрэяў, ― і прапанаваў наступную рэзалюцыю (папярэдне ўзгадніўшы яе з Ластоўскім):
«1. Балаховіч не мае аніякай падтрымкі з боку беларускіх нацыянальных і палітычных арганізацый;
2. звязаўшы сваё імя з беларускім вызвольным рухам, ён не ачысціў сябе ад ганебных абвінавачванняў у габрэйскіх пагромах;
3. ён самачынна аб'явіў сябе галоўнакамандуючым беларускімі збройнымі сіламі і
4. выдаваў акты дзяржаўнага значэння.
Прымаючы ўсё гэта пад увагу, канферэнцыя лічыць Балаховіча, — да таго часу, пакуль ён не апраўдае сябе перад беларускай грамадскасцю, — узурпатарам і авантурыстам».
― І яшчэ… — Езавітаў адклаў паперы. — Рада беларускай нацыянальнай сувязі правільна зразумела, што нашае драбленне — толькі на карысць нядобразычліўцам, наша расцярушанасць не можа больш доўжыцца, не можна нам распаўзацца і далей ва ўсе бакі… Хочацца верыць, што мы яшчэ не зусім расклеіліся, што агульнаю мовай могуць гаварыць розныя нашы палітычныя партыі і групоўкі. Фактычнае і юрыдычнае становішча нашага сярмяжнага народу назваць інакш, як нацыянальным беспрасвеццем, нельга, стан заселенай беларусамі зямлі нельга лічыць інакшым, як трагічным. Польшча, якая нядаўна сама ўваскрэсла да жыцця з падобнага становішча, патрапіла заключыць у Рызе з Савецкай Расіяй — у тым ліку і куртатай Савецкай Беларуссю — мір, загарнула ў свае межы не адзін мільён беларусаў і маўчыць аб іхнім праўным становішчы, калі не лічыць глухога пункта прынятай Дзяржаўным Соймам Канстытуцыі — аб правох нацыянальных меншасцяў. А аб ягонай рэалізацыі, праўда, нічога добрага не чуваць. Тысячы беларусаў падпалі пад новы суседскі тэрор, сотні арыштаваны і кінуты на здзекі… Адгароджана ад нас гранічнай сцяной і Савецкая Беларусь. Гульня на маскоўскі капыл беларусаў-бальшавікоў у рэспубліку з пяцёх паветаў Меншчыны, а столькі і ўвайшло ў БССР, — здзек з беларускага народу і ягоных правоў на нацыянальнае жыццё. І, урэшце, лёс Віленшчыны вырашаецца без нашага ўдзелу…
Ад імя Найвышэйшай рады БНР прамаўляў Лявон Дубяйкоўскі — і таксама па-іншаму ўжо асвятляў супрацоўніцтва з Польшчай.
На канферэнцыі прынялі сакрэтную рэзалюцыю — аб распачатым акупантамі тэроры на беларусаў, арганізацыі беларускіх паўстанцкіх аддзелаў і пашырэнні партызанскага руху. Былі пацверджаны паўнамоцтвы Цэнтральнага беларускага паўстанцкага камітэта пад старшынствам Уладзімера Пракулевіча.
Перад заканчэннем працы ўдзельнікі канферэнцыі ўсклалі вянок на магілу чэшскіх герояў. Пра іх Езавітаву па дарозе ўзрушана распавёў Тамаш Грыб:
― Яны змагаліся за волю. Загінула сорак шэсць юнакоў. Паміралі ўсе моўчкі, толькі адзін азваўся: «Pozdrawcie ode mnie moje krasne Cecky»» — «Прывітанне ад мяне маёй слаўнай Чэхіі».
Другі не стаў чакаць ката і сам зацягнуў на сваёй шыі пятлю. Пад адным парвалася вяроўка, і яго меліся памілаваць, але ён стаў да сваіх таварышаў і выкрыкнуў: «Nie chce milosti!»— «Не хачу літасці!»…
Каля помніка былі палымяныя ўзнёслыя прамовы — і беларусаў, і іхніх чэшскіх сяброў…
Краіны «новай» Эўропы абуджаліся да паўнапраўнага жыцця. Латвія папрасіла прыняць яе ў Лігу Народаў. Пасля няўдачы народнага руху на Украіне агенты ўрада Пятлюры пачалі арганізацыю новага паўстання супраць савецкай улады. У Курдыстане абвесцілі аўтаномны курдскі ўрад. Паміж курдамі і персамі адбыліся крывавыя спатычкі…
Яшчэ летам югаславянская скупшчына прыняла дзяржаўную канстытуцыю, па якой пачынала жыць новая серба-харвацка-славенская дзяржава, што паўстала пасля Версальскага міру. Асновай гэтай дзяржавы стала каралеўства Сербія, якое існавала яшчэ да вайны. Харваты і славенцы былі пад прыгнётам Аўстрыі і толькі пасля разгрому аўстрыйскіх і нямецкіх арміяў змаглі аб'яднацца з Сербіяй.
Аляхновіча вельмі ўразіў такі палітычны крок. 19 жніўня 1921 года на першай старонцы свайго «Беларускага Звона» ён падаў артыкул «Канстытуцыя Югаславіі», у якім пісаў:
«<…> Не перашкодзіла гэтаму аб'яднаньню ні тое, што Харваты і Славенцы жылі доўгі час пад чужацкім аўстрыяцка-нямецкім культурным уплывам і ўціскам, ні тое нават, што Харваты і Славенцы пераважна каталікі, а Сэрбы — праваслаўныя. Наадварот, — усе тры народы зьліліся ў адзін жывы арганізм, адну дзяржаву, зразумеўшы, што лепш паступіцца на карысьць агулу, прыватнымі інтарэсамі, ніж дабіцца на час поўнай незалежнасьці і потым не ўтрымаць яе сваімі слабымі паадзіночнымі рукамі…»
Тут Аляхновіч, канечне ж, не мог не думаць і не намякаць і на Літву, Латвію, Украіну і Беларусь: аб'ядналіся б вось так і яны на пэўны час дзеля агульнага змагання за незалежнасць — не былі б зараз па-жывому разрэзаны мацнейшымі Польшчай і Расіяй…
«Сэрбскі народ, геройска вынесшы на сабе ўвесь цяжар барацьбы з аўстра-гэрманцамі за незалежнасьць, па праву карыстаецца гэгэмоніяй у новай дзяржаве, гэгэмоніяй не ў сэнсе ўціску Харватаў і Славенцаў, а ў сэнсе наданьня маладой дзяржаве сілы і цьвёрдасьці «царства Душана»…»
Аўтарам прынятай канстытуцыі быў старшыня сербскага ўрада, лідэр партыі радыкалаў, вядомы на Балканах чалавек — спадар Пашыч. На ягонае жыццё пасля прысягі рэгента сербскага стальца Аляксандра на вернасць канстытуцыі зрабілі замах — ужо трэці на працягу двух апошніх гадоў. Пашыч застаўся жывым.
Францішак Аляхновіч у сваім артыкуле апавядаў далей:
«Хто, якой партыі ці арганізацыі быў чалавек, кінуўшы бомбу, сказаць ня лёгка, бо тэлеграф абвінавачвае камуністаў, а польскія газэты (Rzeczpospolita) — элементы, нездаволеныя канстытуцыяй. Аднак, з пэўнасьцю можна сказаць, што ворагам новай сэрбскай дзяржавы і констытуцыі, хто б яны ні былі, ня ўдасца іх шкодная праца, бо Югаславія пабудавана на цьвёрдым грунце сваяцтва і згоды блізкіх па крыві народаў, вызваліўшыхся дарогаю ўпартай барацьбы з-пад чужацкай няволі і самахвоць аб'яднаўшыхся ў югаславянскую дзяржаву.
Мы, беларусы, ад душы жадаем Югаславіі шчасьця і росквіту».
Летам Аляхновіч разам з тэатральнай трупай выязджаў у «правінцыі» — Вілейку, Ашмяны, Маладэчна, — ставіў спектаклі. На свае вочы пабачыў «крэсавыя» рэаліі — і не мог не канстатаваць у перадавіцы «Беларускага Звона» і такое:
«Цяпер ужо ясна толькі адно, што ад сьляпое арыентацыі ў бок Польшчы час памог вылячыцца ўсяму беларускаму грамадзтву».
А вось палітыку маладой Югаславіі разумець пераставаў.
«Югаславянскія войскі пасоўваюцца ў глыб паўночнае Альбаніі», ― падаваў ён інфармацыю без якіх-кольвек каментароў у тым жа нумары газэты…
1 кастрычніка Паўліна Мядзёлка была ў Берліне і ледзь не патанула ў чатырохмільённым горадзе — на трыццаць вёрстаў ушыркі, з цягнікамі, трамваямі, аўтобусамі — на мастах над галавой, на вуліцах, пад зямлёй у тунэлях… Яна атрымала тры тысячы марак пенсіі ў месяц, з якой траціла на пражыццё палову — на астатнія паўтары тысячы вырашыла прыкупляць сукенак, чаравікаў, іншых рэчаў, якімі былі перапоўнены берлінскія крамы…
Пасля вяртання Езавітава з Прагі яго сустрэлі радаснай навіной: 1 кастрычніка пры міністэрстве асветы Латвіі заснаваны асобны беларускі адзьдзел. Праз некалькі дзён кіраўніком адзьдзела зацвердзяць Сяргея Сахарава, дырэктара рускай гімназіі ў Люцыне, рупліўца і беларускай справы — ён узначальваў мясцовы адзьдзел «Бацькаўшчыны» і быў надзейным сябрам Езавітава (Сахараў нарадзіўся ў Полацку, пра які часта заводзіў гутаркі з ім і Езавітаў, ― здавалася, што тыя летнія месяцы, праведзеныя Езавітавым на Полаччыне, заставаліся ўжо ў іншым, мройным жыцці).
Пад кіраўніцтвам беларускага адзьдзела запрацавалі шаснаццаць базавых беларускіх школ. Пачалася статыстычная апрацоўка інфармацыі аб дзецях беларусаў, якія вучыліся ў іншых школах. 1 студзеня 1922 года быў зацверджаны штат беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы Латвіі з чатырох супрацоўнікаў — кіраўніка, інспектара асноўных школ (ім стаў Езавітаў), справавода і машыніста-карэспандэнта.
А навіны з суседняй Літвы Езавітава абнадзейваць не маглі… Пры дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы, створанай з аглядкай на Польшчу генералам Жэлігоўскім, быў ліквідаваны беларускі адзьдзел, які ачольваў рэферэнт Браніслаў Тарашкевіч. Напрыканцы 1921 года з ініцыятывы польскіх уладаў Сярэдняй Літвы ў Вільні абіраўся сойм, на якім планавалася вырашыць далейшы лёс Віленшчыны. Рада міністраў БНР на чале з Ластоўскім (Найвышэйшая рада Луцкевіча падала ў адстаўку) 6 снежня наконт абвешчаных выбараў прыняла пастанову:
«Бяручы пад увагу:
1) што тэрыторыя т. зв. Сярэдняй Літвы штучна выразана з цэлага краю і не становіць самастойнага арганізму;
2) што выбары ў сойм маюць адбыцца пад польскай акупацыяй і пад націскам акупацыйнай улады, і
3) што актыўныя беларускія сілы гэтаю ўладай загнаны ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і на эміграцыю за кардонам, а тыя, што засталіся ў краі, тэрарызаваны, — пастанаўляецца: выбары ў Віленскі сойм актыўна байкатаваць».
Разам з беларусамі ўдзельнічаць у выбарах у Віленскі сойм адмовіліся літоўцы і габрэі.
Езавітаў уважліва чытаў газэты, якія даходзілі ў Латвію з Віленшчыны, з асаблівай цікавасцю — канешне ж, Аляхновічаў «Беларускі Звон». Першы яго нумар новага, 1922-га, года нечакана нагадаў пра даўняга знаёмца:
«Польскай арыентацыі самым лёкайскім чынам трымаўся (й вядома, што трымаецца яшчэ) адзін толькі п. Аляксюк з кучкаю нанятых ім людзей. Тактыка гэтага ягамосьця ў кірунку да Польшчы пераходзіць межы ўсялякае прыстойнасьці: як бы дзякуючы Польшчы за тое, што чаўпецца яе адміністрацыяй на «крэсах всходніх», п. Аляксюк з запалам польскага эндэка выступае за прылучэньне да Польшчы спрэчнае Віленскай зямлі, якую самі палякі лічаць усё ж такі Літвою, хоць і «Сьродковай».
За гэтую непрыстойную для беларусаў пазіцыю польскага эндэка Аляксюк атрымоўвае ўсяго толькі такія-сякія кошты на закладаньне розных «цэнтральных» камітэтаў сваіх «краёвых» арганізацый».
І аўтар допіса, схаваны пад крыптанімам К. М., быў знаёмы — Макар Краўцоў. А вось што тычылася Алексюкоўскіх «каштарысаў» — аб гэтым Езавітаў меў ад Ластоўскага іншую інфармацыю: яны вызначаліся мільёнамі марак і выдаткоўваліся не толькі на «камітэты», але і на выданне сваіх газэт — «Jednasci» і «Раніцы»[39].
Скупыя ж навіны з Савецкай Беларусі пачыналі абнадзейваць: бальшавіцкія газэты (якія, праўда, больш паведамлялі аб тым, колькі дзе-небудзь напілавана для апалу дроў і колькі паступіла харчовага падатку) пісалі і пра культурную працу. Беларускія школы не зачыняліся, як у Польшчы, а — наадварот — пры ўрадавай падтрымцы паўставалі новыя. Некаторыя нумары «Савецкай Беларусі», якія Езавітаў змог прагледзець, інфармавалі пра пашырэнне тэатральнага руху ў правінцыі, пра адкрыццё ў Менску Беларускага дзяржаўнага універсітэта і асігнаванне вялікіх коштаў на выданне беларускіх школьных падручнікаў. І ў той час, калі ў Заходняй Беларусі ішла гвалтоўная паланізацыя, а ва Усходняй (яе раёны заставаліся прылучанымі да Расіі) русіфікацыя, хоць і абкарнаная савецкая, але ўсё ж беларуская рэспубліка пачынала выконваць ролю нацыянальнага асяродка-метраполіі.
Дайшоў почут і аб тым, што 9 лістапада 1921 года ў Чыкага адбыўся шматлюдны беларускі мітынг, які прыняў рэзалюцыю супраць палітыкі польскіх імперыялістаў на беларускіх землях. Старшыняваў на мітынгу нехта Іван Жук.
А 19 снежня старшыня міністраў БНР Ластоўскі і міністр замежных спраў Цвікевіч былі запрошаны прадстаўніком кантрольнай камісіі Лігі Народаў панам Шардыні і мелі з ім гутарку аб «Віленскай справе»…
Як вайскоўца, Езавітава не маглі не зацікавіць і падзеі ў Карэліі. Там на пачатку студзеня 1922 года выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне. Быў знішчаны чырвонаармейскі полк. 5 студзеня ў Карэлію накіравалі яшчэ 5000 вайскоўцаў. Бальшавіцкія часці пачалі наступ на Пэркіярві. Савецкі ўрад аб'явіў па ўсёй Карэліі ваеннае становішча. Паўстанцы мусілі пакінуць горад Порайэрвэ. Эстонскія арганізацыі пачалі дапамагаць карэльскім паўстанцам, праз што эстонскі амбасадар у Маскве атрымаў ад савецкага ўрада ноту пратэста. Эстонская прэса выказвала спагаду карэльскім змагарам… Чырвоная армія перайшла ў наступ па ўсім фронце і адціснула атрады праціўніка да Міргрыярві — на сорак кіламетраў углыб фінляндскай тэрыторыі, разбіўшы фінляндскі пагранічны звяз. Фінляндыя выступіла з пратэстам супраць заняцця бальшавікамі Міргрыярві. Фінляндскі прадстаўнік у Маскве раіў свайму ўраду перарваць з Савецкай Расіяй дыпламатычныя адносіны. Бальшавіцкія ж афіцыйныя паведамленні былі такога кшталту:
«Нашыя войскі занялі Порсо-возера. Праціўнік адышоў да граніцы Фінляндыі. У аддзеле з 500 бандытаў было толькі 60 карэльцаў; павадырствавалі фінскія афіцэры».
А паўстанне ў Карэліі нечакана з новай сілай успыхнула ў тылах Чырвонай арміі — на некалькі дзён была адрэзана Мурманская чыгунка…
Навагоднім вечарам а палове дванаццатай, калі ўвесь Берлін скаланаўся ў выбухах петардаў і выкрыках «Neu Jahr!», калі з упрыгожаных балконаў дзеці і дарослыя пускалі ракеты і запальвалі бенгальскія агні, рымскія свечкі, перакідваліся серпанцінамі й «чортавымі коламі», — калі ўвесь горад быў асветлены, быццам днём, на кватэру да Паўліны Мядзёлкі нечакана завітаў Цішка Гартны, скінуў на ложак паліто, паставіў на стол партфель, выцягнуў з яго доўгую бутэльку каньяка, некалькі пакункаў пачастункаў:
― Прыйшоў павіншаваць Паўлінку, — і кальнуў ужо хмельным позіркам. — А то ад самой Паўлінкі аніяк не дачакаешся…
Мядзёлка выставіла келішкі, села да стала — насупраць Гартнага. Той наліў па поўных, пераставіў стул бліжэй да Мядзёлкі:
— То за нас! — і паспрабаваў абняць Мядзёлку. Тая адхінулася, бліснулі злоснымі агеньчыкамі вочы:
― Дзядзька Цішка, што гэта так па-карнавальнаму?!
Гартны насупіўся, таксама пачаў прызлоўваць:
― Ды які я табе дзядзька, я ж усяго на нейкіх шэсць гадоў старэй…
І тады Мядзёлка пачала з іншага:
― А як здароўе Надзеі Сцяпанаўны? — ведала, што жонка Гартнага была цяжарнай.
Гартны не адказаў, яшчэ больш насупіўся.
Крыху выпілі, і калі Гартны зноў паспрабаваў заляцацца, Мядзёлка зноў астудзіла яго:
― Прашу прабачыць, але мне сённячы не здаровіцца… Інфлюенцыю схапіла… Ды і час позні. Буду ўжо спаць класціся.
Гартны злосна ўздзябурыў паліто, сунуў пад руку партфель — і стаў, не наважваючыся развітацца.
― Дзякуй за віншаванне, за пачастунак. Перадавайце прывітанне Надзеі Сцяпанаўне… — паспяшыла Мядзёлка.
«Не любіш ты яе, бачу, — падумала. — Таксама ж работніцай выдавецтва была… там, у Піцеры, куды і цябе Эпімах-Шыпіла быў прыстроіў у 1915-м…»
Гартны зноў кальнуў злосным позіркам, уздзеў на нос пенснэ і — не развітаўшыся — спешна выйшаў.
Ноччу Мядзёлцы снілася маці — сварылася за тое, што дачка разышлася з Тамашом…
10 студзеня 1922 года ў Дзвінску адкрыліся Беларускія аднагадовыя настаўніцкія курсы. Кіраваць імі пачаў Кастусь Езавітаў. Запісалася на курсы пяцьдзесят чалавек, прынялі сорак (з іх паспяхова скончылі дваццаць пяць). Слухачам выкладалі беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію, псіхалогію, логіку, педагогіку, дыдактыку, методыку, латышскую і рускую мовы, матэматыку, прародазнаўства, спевы і маляванне, школьную гігіену, правазнаўства, школьную гімнастыку, кааперацыю і ручную працу… У дзень слухачы курсаў мелі па шэсць лекцыяў.
Заснаванне беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы Латвіі выклікала пратэст «вялікарускай» фракцыі Устаноўчага Сойма. Пачалося сапраўднае змаганне з беларускім адраджэннем у Латвіі, якое перакінулася ў воласці і стала здабыткам прэсы. Дайшло да таго, што беларускіх настаўнікаў абвінавацілі ў палітычнай дзейнасці, выклікалі на допыты ў Дзвінскі палітычны адзьдзел, а ў самога старшыні «Бацькаўшчыны» і кіраўніка настаўніцкіх курсаў Езавітава зрабілі вобыск. Аніякіх адміністрацыйных наступстваў гэтыя захады для беларускіх настаўнікаў не мелі, затое беларускаму сялянству справа беларушчыны пачынала здавацца незаконнай і злачыннай, — спрыялі гэтаму і варожыя нашэпты…
На тым паседжанні латвійскага Устаноўчага Сойма як кансультант прысутнічаў Езавітаў. Заслухалі даклад фінансава-бюджэтнай камісіі аб каштарысе беларускага адзьдзела міністэрства асветы, які раўняўся 1 845 160 латвійскіх рублёў. Яго і прапанавана было зацвердзіць. Але дэпутат Кемп павольна дасунуўся да трыбуны і прапанаваў наогул скасаваць названы каштарыс і ліквідаваць беларускі адзьдзел. Яго падтрымаў і прадстаўнік рускай фракцыі дэпутат Прэснякоў:
— Беларусаў няма… Яны — здэнацыяналізаваны элемент. Ва Устаноўчым Сойме гэтыя беларусы, лік якіх — каля шасцідзесяці тысяч, не прадстаўлены, а калі б такі народ сапраўды існаваў, то ў парламенце былі б яго прадстаўнікі!..
І тут да трыбуны падышоў лідар левых сацыял-дэмакратаў Ян Райніс, горычна ўздыхнуў. Паківаў галавою і агледзеў залу.
— Мне ведамы імкненні беларусаў да нацыянальнага адраджэння, ведамы народныя імкненні і народныя ідэалы, — ён зрабіў паўзу і ўзмоцніў голас: — Беларусь — такі ж край, як і Латвія, і нацыянальныя правы беларускай меншасці ў Латгаліі такія ж, як і кожнага іншага народа. Гісторыя, этнаграфія і статыстыка сведчаць, што беларусы ў Латгаліі ёсць! І латышскі народ, сам нядаўна атрымаўшы сваё вызваленне, не павінен адмовіць у свабодзе іншым народам!
Пачалося галасаванне… За асігнаванне на беларускі адзьдзел міністэрства асветы выказаліся ўсе — акром шасці дэпутатаў.
Пярэчанні ў Сойме хутка сталі вядомы грамадскасці, і старшыня Нацыянальнай дэмакратычнай сувязі рускіх грамадзян дэпутат Бочагаў мусіў выступіць з наступнай заявай:
«Нашаму звязу сорамна перад усім светам за свайго прадстаўніка ў Сойме дэпутата Прэснякова. Мушу зазначыць, што ён выказваў сваю прыватную думку… Мы самі існуем толькі дзякуючы прынцыпу самаазначэння народнасцяў і не можам пайсці і не пойдзем за тымі, хто намагаецца знішчыць духоўнае жыццё беларусаў».
Езавітаў не замарудзіў пазнаёміць з поспехамі іншыя беларускія дыяспары. Ад Ластоўскага яшчэ раней прыйшлі звесткі аб тым, што ў Коўне рыхтуюцца да выдання свайго часопіса — і Езавітаў даслаў на адрас рэдакцыі — Сенатарская, 8 — допіс, пазначыўшы яго сваім псеўданімам — Кастусёнак:
«… На ўтрыманьне Беларускага Адзьдзелу, 2-х Беларускіх Гімназіяў і Вучыцельскіх Курсаў адпушчана 2 200 000 латвійскіх рублёў.
Беларускія пачатковыя школы Рэспублікі ўтрымліваюцца з коштаў мейсцовых Земстваў і самаўрадаў.
Сельска-Гаспадарчая Школа ўтрымліваецца коштам Таварыства «Бацькаўшчына» і дапамогамі ад Міністэрства Земляробства, якое адпускае Таварыству на гэту справу да 200 000 рублёў у год.
Адносіны Латвійскага Грамадзянства і Ураду да беларусаў — добрыя. Як яскравы прыклад гэтага можа сьведчыць той факт, што, калі пры абгаварываньні бюджэту Беларускага Адзьдзелу адзін з Латгальскіх клерыкалаў, дэпутат Кэмп, унёс прапазыцыю выкрэсьліць крэдыты на Беларускі Адзьдзел, дык на яго з абурэньням абрушыліся дэпутаты ўсіх фракцыяў, і прапазыцыя яго была рашуча ўсім Устаноўчым Соймам адкінута. Сказаныя пры гэтым некаторымі дэпутатамі ў нашу абарону прамовы гэтулькі для нас цікавы і важны па свайму зьместу, што Таварыства «Бацькаўшчына» пастанавіла выдрукаваць іх асобнаю кніжкай. Асабліва цікавы і грунтоўны прамовы: Гр. Райніса, які прачытаў Сойму цэлую гадзінную лекцыю па беларускаму пытаньню, Гр. Сэйль — Таварыш Міністра Прасьветы, і расейскага дэпутата Гр. А. Бочагова».
Напрыканцы 1921 - 1922 школьнага года пад загадам беларускага адзьдзела знаходзілася ўжо сорак шэсць беларускіх школ — з 3500 вучнямі, а таксама аднагадовыя настаўніцкія курсы. Вяліся актыўныя захады па арганізацыі ў Дзвінску Першай беларускай урадавай гімназіі.
…Гэта была клопатная, цяжкая, а разам з тым — і ўдзячная праца на ніве беларускага вучнёўства. Сваім вучням Езавітаў запамінаўся не толькі таленавітым настаўнікам. Ён быў аўтарытэтам ва ўсім, давер і павагу да яго выказвалі ўсе. Высокі, дужы, з цёмнаю копкай валасоў, поўным тварам, пранікліва-шэрымі вачыма, Езавітаў быў усеагульным любімцам беларускага школьніцтва. Строгі, мог спакусіцца і на лагоду, жарт. Хадзіў раўнамерным вайсковым крокам, праз што і атрымаў мянушку «Браняпоезд».
― Чаго вы горбіцеся, крывіцеся, быццам увесь цяжар на хрыбтах цягаеце?! — часта пакрыкваў на вучняў. — Няхай палякі ці маскалі так ходзяць, а не беларусы. Не забывайцеся, што ўвесь свет глядзіць на нас, беларусаў. Выпрастайцеся, бо вы сыны і дачкі вялікага народа!
― Ведаем, Канстанцін Барысавіч… Выпростваемся…
Раніцай на кватэру Ластоўскага прыйшоў Цвікевіч.
― Нашы віленчукі начавалі ў Коўне! — бухнуў, ледзь толькі прывітаўшыся.
― Як? — агаломшаны гаспадар зморшчыў лоб. — А чаго да нас не зайшлі?! Я не ведаў…
― Не ведаў бы й я, каб не Дуж-Душэўскі…
Весткі пра тое, што ў Вільні арыштавалі трыццаць тры беларускіх дзеячоў, даляцелі да Коўна ўжо на другі дзень. Ноччу з 19 на 20 студзеня польскія ўлады зрабілі вобыскі ў Беларускім нацыянальным камітэце, у Беларускай гімназіі, Беларускай цэнтральнай школьнай радзе, Беларускай кнігарні, Беларускім музычна-драматычным гуртку, гуртку студэнтаў-беларусаў універсітэта Сцяпана Баторага, Праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэдакцыях газэт «Беларускі Звон» і «Беларускія Ведамасьці» (пачала выходзіць пад рэдакцыяй Максіма Гарэцкага). Пад раніцу былі арыштаваны сябра прэзідыума і сакратар Беларускага нацыянальнага камітэта Віленшчыны, былы камандзір паўстанцкіх аддзелаў на Случчыне і сябра некалі пакліканай Пілсудскім Беларускай вайсковай камісіі Андрэй Якубецкі, былы сакратар Рады Случчыны, сябра прэзідыуму БНК Уладзімір Пракулевіч, сябры БНК Фабіян Ярэміч, Аляксандр Карабач, Максім Гарэцкі, Леапольд Родзевіч, старшыня Беларускага музычна-драматычнага гуртка Валэйша, некалькі настаўнікаў і настаўніц, якія начавалі ў будынку Беларускай школьнай рады…
Вобыскі не аціхлі і раніцай. Быў будні дзень, вучні і выкладчыкі сыходзіліся ў гімназію. Паліцыя прапускала ўсіх, але назад ужо не выпускала нікога — нават дзяцей. Заняткі перапыніліся — некаторых настаўнікаў арыштавалі ў гімназічных клясах.
Старшыня БНК Іван Краскоўскі з сябрай камітэта Трэпкам дамагаліся ў польскіх уладаў тэрміновага вызвалення хаця б гімназістаў, аднак старшыня польскага ўрада Сярэдняй Літвы Мэйштовіч не захацеў іх прыняць. Дапамаглі звароты ў пракуратуру і абурэнне незаконным гвалтам віленчукоў — а другой гадзіне дня гімназістаў вызвалілі з-пад арышту. Астатніх беларусаў — каля трох дзесяткаў — кінулі ў Лукішскую турму і не дапускалі на сустрэчы з імі родных.
23 студзеня пасля вобыску арыштавалі і Краскоўскага, а ў дырэктара Беларускай гімназіі запатрабавалі падпіску аб нявыездзе.
Падобны гвалт праводзіўся і сярод літоўцаў…
Два тыдні арыштаваных не вадзілі на допыты, а затым, сабраўшы іх з Лукішскіх адзіночак, зачыталі абвінавачанне ў «прыналежнасці да партыі камуністаў і арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу» і з 4 на 5 лютага вывезлі з Вільні ў нейтральную зону паміж польскім і літоўскім фронтам — перад Коўнам.
Сыпаў снег, і Ластоўскі не адразу пазнаў у чалавеку, што нерухома сядзеў перад невялікім ковенскім гатэлем — у заснежаным паліто з настаўленым каўняром, глыбокай шапцы — Гарэцкага.
― Максім?! — ні то спытаў, ні то падзівіўся. Падышоў бліжэй, сеў побач — не згроб з лаўкі нават тоўстага снежнага кіліма. — Ну то здароў, браце… Што ж гэта да мяне не прыйшлі?
Гарэцкі сподзіўна агледзеў Ластоўскага, кіўнуў чагось галавой, зляпіў снежку, сціснуў у руцэ:
― Бач, як яно сталася…
― Магло б і горай быць, балазе жывыя ўсе, на волі.
― Ды штойта за воля гэта — як сабака бязбудны… Ні працы, ні занятку.
― Пра гэта не бядуй, працы табе яшчэ больш, чым у Вільні, знойдзем. — Ластоўскі асцепаў з сябравага паліто снег. — Хоць бы ў Дзвінск, да Езавітава — там цяпер вялікае школьніцтва збіраецца!
Але Гарэцкі не адказаў — толькі зноў апатычна кіўнуў галавой.
― Ты, бачу, сам тут у снежку замёрз. — Ластоўскі ўстаў, падштурхнуў і Гарэцкага: — Вядзі да астатніх… Дзе вы тут атаймаваліся? — ён ужо ведаў, што Гарэцкі, Краскоўскі і Пракулевіч, каб з'эканоміць грошай — хто знае, як яно станецца? — аплацілі адзін пакой і трымаліся разам.
Яны зналіся яшчэ ад часу «Нашай Нівы». Ластоўскі рэдагаваў і спрыяў выданню першага зборніка апавяданняў Гарэцкага «Рунь». Былі і спрэчкі, і непаразуменні, ледзь не крыўды: калі рэдактар «Руні» спрабаваў «прапалоць» тэкст апавяданняў і замяніць некалькі слоўцаў з роднай аўтару Мсціслаўшчыны. Ды ўсё ж першай рэцэнзіяй — ухвальнай рэцэнзіяй — на выдадзены ў 1914 годзе зборнік «Рунь» была рэцэнзія Ластоўскага! Ластоўскі часта наведваў Гарэцкага, калі той пасля ранення на фронце лячыўся ў віленскім шпіталі — у тым жа, 1914-м. А пасля таго, як па прапанове Кнорына Гарэцкі пачаў супрацоўнічаць з бальшавіцкай «Звездой» (якая выдавалася ў Смаленску, а потым у Менску), паміж імі прабегла чорная котка. Гарэцкі пісаў артыкулы кшталту «Крах самостийности», а Ластоўскі гэтую самастойнасць высільваўся ўрэчаісніць.
Цяпер жа яны зноў былі па адзін бок барыкадаў…
На прыступках перад уваходам у гатэль Гарэцкі прыпыніўся, і калі Ластоўскі зноў запытальна азірнуўся, не стрымаўся:
— Жонка цяжарная ў Вільні засталася, і дачка, Галька, малая, толькі хадзіць пачала… У сакавіку год будзе…
Праз некалькі дзён «віленская троіца» накіруецца ў Дзвінск, дзе яе і сустрэне Езавітаў. Івану Краскоўскаму даручаць арганізацыю беларускай гімназіі, ― да яго прыедзе жонка і дачка. Максім Гарэцкі з Дзвінска праз тры месяцы вернецца ў Вільню. 15 ліпеня ў яго народзіцца сын Леанід. Уладзімір Пракулевіч, займеўшы сабе надзейнага й імпэтнага памочніка — Васіля Муху, прадоўжыць стварэнне паўстанцкага «зялёнага» звяза…
Якраз перад тым Муха вернецца з Ліды, куды адкамандзіроўваў яго Езавітаў, і раскажа аб тым, што пасля трохмесячнай пярэрвы зноў пачала выходзіць «Вольная Літва» — газэта нацыянальных меншасцяў Літвы, якую — як і раней — рэдагаваў Язэп Варонка, раскажа і аб тым, што новы камандзір Першага беларускага палка ў Літве маёр Розманас загадам запатрабаваў, каб усе вайскоўцы палка па службе і ва ўсіх перапісках ужывалі толькі беларускую мову.
Зімой Мядзёлка пачала атрымліваць ліст за лістом ад Юзафа Дамброва, былога следчага акруговага суда ў Горадні («І адкуль толькі, ― дзівілася, — расшукаў мой адрас?»), які колісь спрыяў ейнаму вызваленню з польскай турмы і быў закаханы ў яе. Юзаф зваў да сябе ў Горадню…
А Мядзёлка на Каляды ў лісце да свайго брата Зыгмуся, даючы парады наконт калекцыянавання марак, раіла напісаць Езавітаву — у Рыгу, на Нікалаеўскую вуліцу, 20 — і папрасіць у яго адраса якога-небудзь беларускага хлопца з Латвіі, які б хацеў весці перапіску і абменьвацца паштовымі маркамі.
«Толькі ня пішы, што я цябе навучыла! Скажы, што адрэс яго вычытаў у беларускай газэце. Падпішыся выразна…» — павучала Мядзёлка брата, хоць так імкнучыся… нагадаць Езавітаву пра сябе.
І хоць разумела, што найлепш ёй будзе ў Горадні з Юзафам, які меў там адвакацкую практыку, а сэрца прасілася ў Латвію. 18 ліпеня 1922 года ў ейным «Працоўным спісе» з'явіўся новы запіс:
«Прызначана выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай дзяржаўнай гімназіі і на беларускіх курсах у Дзвінску»…
Супраць высылкі з Вільні беларусаў і літоўцаў запратэставалі не толькі беларусы і літоўцы, але і польскія левыя партыі. У перыёдыцы з'явіліся пратэсты розных арганізацый, адным з першых — пратэст агульнага схода габрэйскіх літаратараў і журналістаў ад 2 лютага.
Варшаўскі ўрад мусіў прызнаць дзеянні кіраўніцтва Сярэдняй Літвы недапушчальнымі. Польскі дэлегат у Вільні Тупальскі, дырэктар Дэпартамента ўнутраных спраў Сянкевіч і пракурор Пржылускі падалі ў адстаўку.
Але… прайшлі выбары ў Віленскі сойм, і 20 лютага яго дэлегаты выказаліся за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Не мог паўплываць на развіццё падзей і новы польскі міністр замежных спраў Скірмунт, які змяніў Сапегу.
Пра беларускія справы пачалі актыўна пісаць замежныя газэты. Чэшская «Tribuna» ад 5 сакавіка 1922 года (№ 55) паведамляла:
«Скірмунт, прыйшоўшы на змену Сапегу, быў таксама перакананы ў шкоднай польскай палітыцы, але не меў уплыву на развіццё падзей — выбары ў Віленскі сойм 8 студзеня 1922 г. Віленская ганьба саслужыла кепскую службу палякам за граніцай, і польскі ўрад імкнецца прыкрыць яе тым, што дае статут аб аўтаноміі… Ковенскі літоўскі ўрад пратэстуе… Англія і Францыя выказаліся супраць далучэння… Пілсудскі знаходзіцца ў цяжкім становішчы…»
Польскія і бальшавіцкія ж газэты «гарнулі» кожная ў свой бок. «Rzeczpospolita» ад 8 сакавіка 1922 года:
«…Беларусь, адарваная ад Польшчы, падпадзе пад Маскву і страціць сваю правінцыйную асобнасць, бо дух Масквы не ёсць духам, які шануе народныя асобнасці. Беларусь у звязку з Польшчай выдасць многа знакамітых палякаў, але застанецца Беларуссю і заўсёды будзе мець магчымасць самастойнага развіцця, калі толькі будзе мець духовыя сілы дзеля гэтага. Умацаванне польскага прадстаўніцтва на Беларусі важна не толькі для Польшчы, але і для Беларусаў, якія яшчэ аб гэтым не ведаюць…»
А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым:
«…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балтуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразей, што аніяк не могуць павярнуць сваёй калянай галавы на ўсход, якія даўно прадалі сваю «бацькаўшчыну», і яны палезуць у польскую арыентацыю, пабрыдуць за панам Алексюком, а тыя, хто не захоча гэтага зрабіць, а гэткіх будзе вельмі мала, — не па сваёй волі «пойдут искать по свете, где оскорбленному есть чувства уголок».
Па календары яшчэ мусіла паўнапраўна панаваць зіма, але днём пачынала адліжыць, і каля вокнаў апошняга паверха Юбілейнага-Беларускага дома раслі аграмадныя ледзяшы. Пад абед яны ўжо не маглі стрымаць свой цяжар — адрываліся і з гохкатам біліся аб выступ падмурка.
У рэдакцыі на той час сабраліся амаль усе супрацоўнікі: Янка Купала, рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу «Вольны Сьцяг», Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля — сябры рэдкалегіі.
Чарговы нумар быў амаль падрыхтаваны. А палове першай дзверы расчыніліся і, колка бліснуўшы шкельцамі пенснэ, у пакой увайшоў Цішка Гартны, скупа прывітаўся, зняў паліто, шапку — паклаў на падаконне, сеў каля Купалы, падсунуўшы да ног партфель (свежыя матэрыялы газэты «Савецкая Беларусь», рэдакцыю якой узначальваў, заўсёды насіў з сабой), — і наструнена агледзеў прысутных.
Бядуля скрыпнуў услончыкам, на якім сядзеў, павярнуўся да госця і не без весялінкі пачаў з пытання:
― Што, Зміцер, прынёс нам новага?
― Новага? — Гартны нібыта абудзіўся. — Але, прынёс… — Зняў пенснэ, хацеў працерці запацелыя шкельцы, але не знайшоў у кішэні насоўкі і зноў паднёс да вачэй (так і глядзеў праз затуманеныя лінзы): — Навіна вось якая… — Голас выдаваў усхваляванасць. — На гэтыя часопісы, што вы друкуеце, больш грошай адпускаць не будуць…
Усе доўга маўчалі — ажно пакуль з паддашка зноў не адарваўся і з гохкатам не разбіўся лядзяш.
― Друкарні яшчэ аплоцяць работу за апошнія нумары, а далейшае выданне іх спыняецца… — датлумачыў Гартны.
І зноў ніхто не прамовіў у адказ.
― Пачнуць выдавацца іншыя часопісы, савецкія. — Гартны бубніў у нос. — А вам трэба пераключыцца на новы стыль работы… І яшчэ скажу: справы нашы пачынаюць ускладняцца…
― Ты толкам раскажы, адкуль навіны прынёс, а не загадкі строй, — не стрымаўся Лёсік і адкінуў стары часопіс, які гэты час перагортваў.
― Пастанавілі так у Агітпропе[40]. Заміж «Вольнага Сьцяга» будзе выдавацца часопіс «Полымя Рэвалюцыі»…
― Дык гэта вы ўжо там усё ў сваім Агітпропе абмазгавалі? — выкрыкнуў Лёсік. — Выглядае, што так усё й будзе. Але ж часопісы засноўваюцца на дзесяткі, соткі гадоў, а рэвалюцыю ж вы гэтак доўга рабіць не будзеце! Прайшла ж яна! Дык якое — «Полымя Рэвалюцыі»?! І за мяжой яго браць у такой шапцы не будуць… Каб хоць «Полымя»…
Гартны перапыніў Лёсіка — пачаў доўга гугнявіць пра тое, што рэвалюцыя не спынена, пераскочыў на звычайную прапаганду
«Сусветная рэвалюцыя… пабудова камунізму… полымя раздуем на ўвесь свет…»
― А я на гэта гляджу інакш, — Гартнаму не даў дагаварыць Купала. — Ні «Полымя Рэвалюцыі», ні «Полымя» без «рэвалюцыі» зместу нашай дзейнасці не выяўляюць. Не задавальняе мяне і назоў часопіса, які я рэдагую. Нам такі назоў трэба, каб — запраўды як сцяг — справу нашу вянчаў… І мне здаецца, — Купала крыху памаўчаў, ― што найлепшым назовам будзе «Адраджэнне».
Лёсік устаў, прайшоў да вакна:
― Гэта хлапчукоўства… Ніхто дазволу на гэта не дасць.
― А што тут надзвычайнага? — абараняўся Купала. Яго падтрымаў і Бядуля:
― Браткі, паслухайце. «Адраджэнне» — назоў рэвалюцыйны, і па часе, і зместам беларускі. Я б яшчэ заместа «Пралетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» лозунгам да яго даў: «Адраджэння зара над народам блісне!»
Уявіце, як гучацьме! І Заходнюю Беларусь мы гэтым узрушым!
Гартны наструніўся зноў. Дастаў з партфеля тоўсты чырвоны блакнот і пачаў шпарка штось запісваць. Было бачна, што Бядуля з «Адраджэння зарой» — цытатай з яго, Гартнага, — патрапіў глыбока…
У лютым у Вільні захварэў Ядвігін Ш. І так сталася: толькі новаабраны сойм выказаўся за далучэнне Вільні да Польшчы — зусім занядужаў і лёг у літоўскую паліклініку. Ядвігін Ш. быў у апошні час літаратурным супрацоўнікам у Алексюка (не зважаючы на ягоныя палітычныя выкрунтасы)[41].
Адарваны ад сваякоў (дачка і зяць, Язэп Лёсік, засталіся ў Менску), пакінуты Алексюком, Ядвігін Ш. апынуўся без сродкаў на існаванне — большасць віленскіх сяброў выслалі з горада. Аплаціць лячэнне дапамаглі Аляхновіч і Луцкевіч. Штодня да яго ў паліклініку наведваўся Жылка — і бачыў, як спакваля пісьменніка з'ядала хвароба.
У той дзень Ядвігін Ш. быў вясёлым, шмат гаварыў, распытваў Жылку — аб усім, пачынаючы з нечаканай адлігі да коштаў на хлеб.
― Ведаеш, верабей, апошнім часам амаль не чытаю, — горычна паскардзіўся ён. — Прачытай што-небудзь сваё.
Жылка ціха прагаварыў яму свой верш «Туман»:
Навіс пасьцілкаю туман,
З імглы сатканы густа-густа,
Заслаў лес, поле і курган,
Паўзе да хат, як смоўж той тлусты.
І, быццам цяжкі грэх жыцьця,
На сэрца шэрай лёг жудою,
І яснасьць дум і пачуцьця
Прыкрыў, халодны, ён сабою.
Ядвігін Ш. уздыхнуў і замружыў вочы. Жылка ўжо намерыўся пайсці.
«Хай адпачне», — падумаў і ўзняўся, а Ядвігін Ш. нечакана абудзіўся, перапыніў:
― Друкаваў верш ужо?
― У «Беларускім Звоне».
― У Аляхновіча? Добра. Трымайся гэтага чалавека, ён не здрадзіць… — зноў памаўчаў і ўжо з высілкам дадаў: — А сэрца ў цябе маладое, яно перажыве туман… Досыць ужо мы ў ім нажыліся… — кіўнуў галавой і ўсміхнуўся на развітанне.
Вечарам Ядвігіна Ш. не стала. Жылка быў апошнім, хто бачыў яго жывым. Праз некалькі дзён чарговы «Беларускі Звон» надрукуе напісаны Жылкам прачулы артыкул-некралог:
«24 лютага ў Вільні памёр, на пяцьдзесят шостым годзе жыцьця, адзін з слаўнейшых беларускіх пісьменьнікаў — Антон Лявіцкі, творы якога друкаваліся пад псэўдонімам Ядвігін Ш. <…> Успамінаюцца яго хаўтуры. За возам з труной ціха йшла грамада людзей. Дзень быў шэры і ветраны. Пад нагамі рыхлы, набухшы, як мокры цукар, сьнег. Зьвінелі і шпарка беглі па вуліцах ручаі… А калі апускалі ў яму труну, вецер рваў і кудлачыў валасы сабраўшыхся і грозна трос голымі галінамі дрэваў…»
Раніцай пасля набажэнства ў касцёле Святога Мікалая, якое правёў ксёндз Бобіч — скончыўшы прамовай аб дзейнасці нябожчыка, — жалобная працэсія накіравалася да могілак Роса: паперадзе — дзеці віленскага беларускага прытулку і вучні беларускай гімназіі, за імі — беларускія студэнты з бел-чырвона-белымі стужкамі; за дамавінай — дзесяткі беларускіх інтэлігентаў, сялян…
На могілках ад імя Таварыства беларускай школы прамаўляў Аркадзь Смоліч, ад імя моладзі — студэнт Абрамовіч, ад беларускіх пісьменнікаў — Францішак Аляхновіч.
У сярэдзіне сакавіка да Езавітава прыйшла новая скрушная навіна: у Менску ад разрыву сэрца памёр Кузьма Цярэшчанка…
З Цярэшчанкам ён пазнаёміўся тады, калі той увайшоў у Віленскую беларускую раду і спрыяў арганізацыі міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе. Па накіраванні міністэрства Цярэшчанку як павятовага камісара накіравалі ў Ваўкавыск, дзе за некалькі месяцаў ён стварыў моцную нацыянальную арганізацыю, — палякі змаглі разваліць яе толькі гвалтам і тэрорам.
А нарадзіўся і гадаваўся Цярэшчанка ў Рослаўскім павеце на Смаленшчыне. Бацька, заможны селянін, аддаў сына ў навуку. Кузьма скончыў у Пскове сярэднюю земляробчую школу, затым — Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Петраградзе. І працаваў напачатку па спецыяльнасці — аграномам. Супрацоўнічаў з расійскай партыяй эсэраў. У 1917 годзе ён — ужо ў пскоўскай беларускай арганізацыі. Напрыканцы 1918-га прыехаў у Вільню і — чалавек актыўны, да ўсяго — добры і шляхетны, — пачаў арганізоўваць віленскіх беларускіх эсэраў…
Напачатку 1919 года Антон Луцкевіч запрасіў Цярэшчанку ў склад свайго ўрада — і прызначыў кіраўніком арганізацыйнай працы ў краі. Восенню, пасля правядзення з'езда Віленшчыны і Горадзеншчыны, Цярэшчанка пераехаў у Менск, дзе яго абралі старшынёй Цэнтральнага беларускага нацыянальнага камітэта. Пасля расколу Рады БНР ён стаў сябрам Найвышэйшай рады — і выйшаў з партыі беларускіх эсэраў, не пагадзіўшыся з ейнай тактыкай.
Рэалізуючы сваё даўняе летуценне, Цярэшчанка на пачатку 1920 года заснаваў Беларускі саюз сельскай гаспадаркі — верыў, што такі саюз паспрыяе эканамічнаму адраджэнню края…
З Менска выехаў разам з Беларускай вайсковай камісіяй. Бачачы, што надзеі на падтрымку з боку Польшчы не спраўджваюцца, ён вёў перамовы з латвійскімі беларускімі арганізацыямі, каб разам ратаваць нацыянальную справу. Восень 1920-га — на Случчыне, удзельнік слуцкага антыбальшавіцкага змагання. З гонарам і шчасцем пісаў Цярэшчанка з фронта Езавітаву аб першым народным беларускім войску, якое давялося ўбачыць: аб першай брыгадзе слуцкіх стральцоў, якая некалькі тыдняў змагалася на адваяванай тэрыторыі Слуцкага павета. Але летуценні былі разбіты, брыгада знішчана, надзея на дапамогу Польшчы — растала…
Кузьма Цярэшчанка пакінуў палітыку, арганізаваў беларускую сельскагаспадарчую школу, пашыраў дзейнасць Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне, але мала што атрымлівалася. І ён пачаў ідэалізаваць Савецкую Беларусь, перабраўся ў Менск…
І вось — скрушная навіна пра смерць, як паведамлялі — на паседжанні «нейкага з'езда».
Ці можа што-небудзь стрымаць вясну, сцішыць яе сакавітыя подыхі, перапыніць яе пракаветны поступ?
1922-ая вясна ад Нараджэння Хрыстовага абудзіла ў Ластоўскім-палітыку барацьбіта-паэта. Угодкі абвяшчэння незалежнасці БНР ён вітаў вершам-поклічам — сваім паэтычным дэбютам:
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп, —
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
І помсту шлюбуем па гроб!
…Праметну заборчасьць, падзелы
І зьдзекі, і крыўды, і пот —
Бярэсьце і Рыгу ў дзень судны,
Ў дзень помсты спамяне народ!
Наездчык, — крыўдзіцель-грабіцель, —
Спакойны стурбуем твой сон:
Пасокаю чорнай тваёю
Наш родны угноім загон!
На імя Ластоўскага ў Коўна прыйшло пісьмо ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, у якім старшыні Рады міністраў БНР паведамлялася аб тым, што Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне пастанавіла дазволіць Беларускім Епархіям карыстацца беларускай мовай.
«Прызываю бласлаўленне Божае і на Вашу працу і на працу ўсяго Урада Беларускай Народнай Рэспублікі», — пісаў Ластоўскаму праваслаўны патрыярх.
У сакавіку Ластоўскі падпісаў «Дэкларацыю ўрада БНР на чацвёртую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі»:
«Доўгія сталецьці зьдзекаваліся і гнятлі нас чужынцы — рабавалі, абдзіралі, запрагалі ў ярмо. Крывёй нашай прасякла беларуская зямля, сьлязьмі прагорклі нашы воды. І ўбачылі, зразумелі і пераканаліся лепшыя сыны нашай многапакутнай бацькаўшчыны, што ня будзе жыць лепей беларускі гаротны народ да таго часу, пакуль ён ня стане гаспадаром у сваёй роднай старонцы, ня будзе жыць лепей датуль, пакуль ён будзе хадзіць у ярме, а чужынцы будуць панаваць над ім <…>.
…найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці пад час паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году.
Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, каторыя выходзячы з прызнаньня права народаў на самаазначэньне, прызналі, у пункце першым таго ж Рыжскага дагавору, незалежнасьць Беларусі, а пасьля — незалежную Беларусь паміж сябе падзялілі, разарвалі на часьці жывы народны арганізм.
Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двох бакоў, гэта ё — маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху. <…>
Ніхай жыве вольная, незалежная і непадзельная Беларусь!
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка 1922 году».
Вясна крочыла і па вуліцах Менска, і таксама — з вершамі і з непакорай.
22 сакавіка на ўрачыстым паседжанні ў гонар Янкі Купалы ва універсітэце ў будынку медыцынскага факультэта (былой габрэйскай рэальнай вучэльні) на Магазіннай вуліцы[42] ў халоднай зале, дзе лунала прадчуванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР, прамаўлялі напачатку рэктар Уладзімір Пічэта, Аляксандр Вазнясенскі. Далі слова Купалу, і ён — у заношанай бекешы няпэўнага колера з жаўтавата-шэрым каўняром — ціха, амаль без жэстыкуляцыі пачаў чытаць свой верш-споведзь «Перад будучыняй»:
Стаім мы перад будучыняй нашай
І ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род…
Напісаў гэты верш Купала 24 студзеня, адразу, як даведаўся пра арышты віленскіх беларусаў — і як у пастцы ўяўлялася яму краіна і народ: і тут, і там чаўрэлі надзеі…
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
…Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.
І зноў, як і два гады таму, бачыў Купала ў сваім краі хцівых паганцаў, бачыў за сваім сталом «блізкіх» і «далёкіх» чужынцаў:
А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон…
А тых, хто не схацеў чапляць на шыю торбу, ламалі і ў Вільні, і ў Менску…
Цішка Гартны ўсё ж дамогся ў Агітпропе выхаду новага літаратурнага часопіса «Адраджэньне». Летам 1922 года ён і з'явіўся — але яшчэ ў друкарні загадалі павыразаць з яго некаторыя старонкі: верш Купалы «Перад будучыняй» і рэцэнзію Лёсіка. А затым зліквідавалі і ўвесь тыраж.
Праз тыдзень пасля гэтага на Захараўскай — цяпер ужо Савецкай — Купала нечакана сустрэў Гартнага, спыніў і не прывітаўшыся агаломшыў:
― Ну то з якім полымем цябе наноў чакаць?!
― Ты, Янка, не наскоквай… — Гартны выглядаў стомленым. — Гэта з Масквы прыйшоў ліст аб тым, што «Адраджэнне» — назоў буржуазны і антырэвалюцыйны. Я ж дамогся быў назваць так!.. Дзень у Агітпропе праседзеў!
Купала змуліў вусны — і не стрымаўся:
― Ды ты хоць у іхняй жопе сядзі, а не ў Агітпропе! Помніш, як у Смаленску скакаў перад абвяшчэннем Бэсэсэрыі? Ты ж на гэтае адраджэнне яшчэ тады яму выкапаў! Сагналі з паўсотні салдат-беларусаў, камісарамі — ад латышоў да палякаў — разбавілі: і БССР абвесцілі! Хто з Беларусі вас тады пасылаў?! А тым, хто пярэчыць пачынаў, рот закрывалі!
― Каму закрывалі? — узняў Гартны чорныя бровы.
― Забыў, як сам да Палуты Бадуновай, якая пратэставала… пра ўжо створаную Беларускую Народную Рэспубліку гаварыла, ледзь не біцца лез?! Вось і маем, што маем… — Купала памаўчаў, матнуў рукой і, крыху адышоўшы, дадаў: — А ты служы. Служы панам верна, яны ў адказ перднуць…
Вясной па Меншчыне пракацілася хваля новых арыштаў сярод інтэлігенцыі. Зняволілі — за пашырэнне беларускага руху — каля трыццаці чалавек, некаторых засудзілі на цяжкія работы, некаторых трымалі ў сутарэннях ГПУ — «Госполитуправления», якое стала прадаўжальніцай спраў ЧК. Без суда расстралялі Ганну Бруевіч, Петухоўскага, іншых, прозвішчы якіх — як і целы — схаваў нябыт…
Вайна на Беларусі не перапынялася. Рэспубліка-буфер спешна ўмацоўвалася бальшавікамі: уздоўж ракі Случ на адлегласці пяць вёрстаў ад поймы ўстанавілі драцяныя загароды; Слуцак — «памежны» горад — умацавалі дзвюма лініямі акопаў, акопы вырылі таксама і каля вёсак Ісерна, Нежаўка, ад новага моста перад вёскай Цароўка лінія акопаў ішла да шасэйнай станцыі Сенніца, адтуль — да Сёмкава Гарадка. На «польскай» мяжы на ўскрайку Філіпавіч (дваццаць вёрстаў на захад ад Слуцка) збудавалі каменныя дзоты. Акопы і драцяныя загародкі рабілі і вакол Менска: іх першая лінія ішла ўздоўж граніцы — у трох вярстах ад станцыі Радашковічы, другая — праз Сёмкаў Гарадок і Ракаў, трэцяя — на вярсту ад Менска; ад Дзвіны і далей па граніцы — па лініі Арэхаўка - Ілля - Радашковічы — таксама пралеглі акопы; пад інструктажам нямецкіх спецыялістаў умацоўваліся гарады Барысаў, Ігумен і Бабруйск; на Беразіне, Пцічы і Дняпры папраўлялі масты, уздоўж Беразіны вырылі акопы і ўзвялі драцяныя загароды…
А ў сакавіку 1922 года з кавалерыйскай дывізіі Катоўскага дэзерціравалі шэсцьсот чалавек. Паўстанцкая група забрала на станцыі Талочына са складоў прадукты. 8 красавіка з'явілася ў Барысаве, адкуль накіравалася да Бабруйска, знянацку захапіла горад і забрала са складоў інтэндатуры зброю і правіянт. 12 красавіка мяцежныя кавалерысты ўвайшлі ў Слуцак.
Праз дзень, нібыта апамятаваўшыся, бальшавікі выслалі ім наўздагон два браневікі, з якімі каля вёскі Беляны паўстанцы распачалі бой — і адступілі. Браневікі пайшлі следам — і загразлі ў балоце каля ракі Лакнея. 26 красавіка кавалерысты зрабілі напад на двор Пагост, забілі камуніста-ўпраўляючага, пастралялі жывёлу, а коней забралі з сабой. Ноччу была чутна страляніна каля Старобіна. Баі пачаліся і пад Петрыкавам. З Мазыра супраць паўстанцаў выступіў 52-і стралковы полк і 27 красавіка ўступіў у бой непадалёк ад вёскі Дунцы…
На чацвёртыя ўгодкі БНР з бальшавіцкай Масквы даслаў у Вільню верш «Малітва ўцекача» дваццацідвухгадовы Уладзімер Дубоўка — мужнае апісанне сваёй панішчанай радзімы, на якой ладзяць «зьлёт груганы», сірвенту-гімн[43], замову-літанію — каб хутчэй надышоў той час, «калі рука акуецца стальлю» («Малітву ўцекача» ўпершыню надрукаваў «Беларускі Звон») Аляхновіча:
Ты дэкляруеш мне долю і волю? Мне на чужой старане трэ' палацы? Ты мне гаворыш, што зьлёт груганоў зьнішчыў мой край, сьмерць гняздо там зьвіла?..
Бедны ён? Пушчы? Балоты? Каменьні? Стогнець народ пад пятой Жыцьця — ката? — Годзе! Чакаю я толькі той дзень, стальлю калі акуецца рука!
Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер! Крыльля мне!.. Крыльля свае ты пазычыш!? — Я паляту, паляту… Хай жыве край сасонак, кляноў і лазы!..
Дам тым вадзіцы, што бьюцца за шчасьце, тых пракляну, што нам Юдамі сталі… Прыйдзе наш час, веру — прыйдзе наш час!
Вецер! Мой любы! — Чакаюць там нас…
Масква. 23 - ІІІ - 22
2 красавіка 1922 года ў Маскве беларуская суполка ладзіла вечарыну памяці Алеся Гаруна. Уладзімер Дубоўка прачытаў на ёй свой верш, прысвечаны паэту і грамадзніну:
Ад крывіцкіх балотаў да тундраў Сыбіру,
Ад аковаў душы да цяжкіх ланцугоў, ―
Ты пяяў несупынна, званіў сваёй лірай,
Заклікаў нас на родныя гоні, дамоў…
А Маскоўскі савет народных дэпутатаў абвясціў з 13 сакавіка агульную вайсковую мабілізацыю. Як напісала бальшавіцкая «Правда», Саветы ў выпадку благіх вынікаў міжнароднай Генуэзскай канферэнцыі вымушаны будуць ці згінуць пад націскам сусветнага капітала, ці скарыстаць рэвалюцыю ў адносінах да сваіх суседзяў…
Першы партызанскі прыстанак, першы «зялёны» штаб.
На невялікай палянцы з паўмесяца таму наспех выкапалі зямлянку, — балазе вясна на Горадзеншчыну прыйшла рана, і мароз яшчэ напрыканцы лютага адступіў. Пад навесам з хваёвых галін — сплецены з крушынніка стол. У лагчыне, каля нястомнай крыніцы — «кухня» (вогнішча, чорны кацёл на грабавых патырчаках). А вакол — на дзесяткі вёрстаў — пагудасты бацька-лес.
Калі Васіля Муху праводзілі да гэтага месца на сустрэчу з атаманам Скамарохам, няўрымсты алешыны і бярозы ўжо густа зеляніліся лісцем, адно цяжка прачыналіся да жыцця парэпаныя часам дубы, — і былому матросу ўявілася раптам, што ён плыве па бясконцым зялёным моры…
Муха чакаў сустрэчы з барадатым дзецюком у доўгім кабаце, з нажом-пікай за поясам, а да яго выйшаў чыста выгалены мужчына ў вайсковым фрэнчы, з новай похвай на дзязе (з расшпіленага вечка блішчэў рэвальвер).
— Дзень добры! — прывітаўся і, усміхнуўшыся, назваўся: — Атаман Скамарох… А вы, знаць, пасланец Муха?
Гэта і быў той легендарны «бацька», які за месяц аб'яднаў усіх паўстанцаў Горадзеншчыны. У былым — правінцыйны артыст (адсюль і псеўданім — Скамарох). Паведамленні пра ягоную дзейнасць усё часцей даходзілі да Коўны, а 30 сакавіка 1922 года вестку ад Скамароха атрымалі і ў Варшаве. На першай старонцы паслання было выведзена:
«УЛЬТЫМАТУМ паўстанцкага штаба Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудскаму», а далей — на трох наступных — значылася:
«Начальніку Польскай Дзяржавы Пану Пілсудзкаму ў Варшаве.
Копія Старшыні Лігі Нацый у Жэневе.
Ад акружнога атамана беларускіх партызанаў грамадзяніна Гэрмана Скамароха.
Беларусь.
Чынны Конспіратыўны Штаб.
УЛЬТЫМАТЫЎНЫЯ ВЫМАГАНЬНЯ.
З прычыны разкрыцьця польскімі ўладамі нашай беларускай вайсковай арганізацыі, якая пастанавіла сабе мэтай высвабадзіць Беларусь ад векавога гвалту і ўціску і цяперашняй окупацыі, ― значэ не сэкрат, што зьяўляемося ворагамі польскай окупацыйнай ўлады ў Беларускім краю, але нічуць ня ворагамі польскай улады ў Варшаве.
Мы ўпоўнамочаны ад пятнадцаці тысяч партызанаў і ўсяго селянства паветаў Беластоцкага, Бельскага, Бераст-Літоўскага, Ваўкавыскага, Пружанскага і др. Зьвярнуцца да Вас, Пан Пілсудскі, і праз Вас да ўсяго Польскага Народу аб прызнаньні нашых ніжэйпісаных вымаганьняў, а найменна:
1) У імя справядлівых чалавечых правоў адмовіцца ад прэтэнзій на Беларусь і прызнаць яе права на самаазначэньня як нацыі.
2) Неадложна спыніць жорсткія рэпрэсыі ў стасунку да ўсіх беларусаў, а такжа перастаць апечатываць праваслаўныя храмы, арэшты сьвяшчэньнікаў, обыскі, біцьцё палітычных дзеячоў у нашых турмах і прызнаць недатычнасьць да ўсяго беларускага.
3) Неадложна звольніць з турмаў усіх арэштаваных палітычных беларусаў <…>.
4) Неадложна спыніць высеканьне лясоў <…>.
5) Неадложна прыгатаваць для эвакуацыі польскія вайсковыя часткі, жандарскія атрады, сыскныя адзьдзелы і паліцыю.
6) Дзяржаўныя ўстановы і іх маемасьць павінны быць поўнасьцю перададзены, а такжа і народныя банкі Беларускага краю, як уласнасьць Беларускага Народу.
<…>
Мы ня хочам пагражаць Вам, а папераджаем, што непрызнаньне нашых справядлівых дамаганьняў пацягне за сабой страшныя вынікі. Мы прымусім загаварыць аб сабе ўвесь сьвет. Мы прыймем самыя страшныя і самыя зьніштажаючыя спосабы і дзеля таго, што з рэгулярнай арміяй змагацца нам цяжка ў адкрытай бітве, то мы застасуем наша адкрыцьце.
Вы закрычыце аб нашым зьверстве і негуманнасьці, але мы лапатнікі-селяне выдумных зьдзекаў ня ведаем, а зробім тое, што мы ўзналі… Тады вы ацэніця нашы галовы даражэй, чым па 50 000 мар., як гэта цэніця цяпер.
<…>
Мы верым, што дабьёмся вызваленьня і што сваёй перамогай умацуем наш нацыанальны сьцяг над нашай свабоднай Народнай Дэмакратычнай Беларускай Рэспублікай.
Мы верым, тшо ўся здаровадумаючая Польшча і ўвесь сьвет на нашай старане справядлівасьці, дык мы будзем чакаць мірнага развязаньня нашых вымаганьняў, якімі Вы нас уцешыця праз польскую, расійскую і замежную прэсу. Апошні дзень тэрміну дзевятнадцатага красавіка ст. стылю. Калі-ж прэса будзе маўчаць, гэта будзе знакам змаганьня за вызваленьне Беларускага Народу з-пад польскага гвалту.
<…>
Атаман Горадзеншчыны Г. Скамарох.х
Вып. Аб. Н-ка Штабу Беларускіх партызанаў Палкоўнік (подпіс).
Ад'ютант (подпіс).
30 сакавіка 1922 г.» [44]
Праз два дні пасля сустрэчы са «штабам» Скамароха Муха ўдзельнічаў у паходзе «зялёных» на станцыю Чэхі, дзе сканцэнтраваліся перад перасылкай некалькі аддзелаў польскіх жаўнераў. Палякаў выціснулі са станцыі, некалькі дзесяткаў паланілі і абяззброілі.
Паколькі на ўльтыматум аніякага адказа не было, Муха, агледзеўшы захоплены на станцыі тэлеграфічны апарат, прапанаваў накіраваць у Варшаву і тэлеграму. Ейны тэкст партызаны складалі разам:
«Варшава.
Начальніку Польскай Дзяржавы п. Пілсудскаму.
Гэтым пытаем Вас, пане Пілсудзкі, чым тлумачыцца неатрыманьне адповедзі на наш ультыматум, пасланый 30 сакавіка бягучага году. Дзеля гэтага яшчэ раз напамінаем аб нашым ультыматуме, каторы кажэ: каб польская ўлада прызнала беларускую дзяржаву <…> і прыняла сваю окупацыйную ўладу з нашага краю. У здарэньні адмовы або нежаданьня адпаведаць на нашы вымаганьні папераджаем, што прыймем пагалоўнае зьніштажэньне паліцыі, жандармэрыі, польскай арміі і ўсёй шляхты».
У траўні да паўстанцаў Скамароха далучыўся атрад Чорта, пра які хадзіў почут як пра частку арганізаванага беларускага войска. Атрад Чорта рабіў напады ў ваколіцах Беластока, Гайнаўкі, Белавежы, рассылаў польскім уладам пагрозы. У сакавіку Чорт (так празвалі Івана Чыжыка, сябру вайсковага аддзела камісарыята Беластока, які колісь з'арганізаваў і ачольваў Езавітаў) перапыніў цягнік з польскімі міністрамі, якія ехалі з Варшавы ў Вільню на ўрачыстасці «далучэння» Сярэдняй Літвы да Польшчы. Атраду Чорта прыпісвалі і падпал аграмадных складоў драўніны, вывезенай да чыгункі — каб пасля адправіць у Англію.
Адказам на ўльтыматумы «зялёных» сталі новыя рэпрэсіі. 6 траўня разам з дзевятнаццаццю партызанамі арыштавалі жонку Скамароха Альжбету Шыманюк. Для атамана — Муха бачыў — гэта стала страшэннай трагедыяй. Выправілі ў Беласток, дзе пад вартай трымалі арыштаваных, пасланцоў, але даведацца пра вынікі следства яны не здолелі — адно прывезлі ў штаб «Dziennik Grodzienski»» ад 28 траўня, які надрукаваў справаздачу аб вайскова-палявым судзе і сведчанні пра атаманаву жонку: «…дама інтэлігентная, адукаваная і гарачая беларуская патрыётка; на допытах трымаецца вельмі незалежна і з гумарам…»
Тым часам італьянскі ўрад праз расійскую эканамічную дэлегацыю перадаў Леніну запрашэнне на фінансава-эканамічную канферэнцыю ў Геную, якая мусіла адбыцца ў красавіку-траўні 1922 года. Урад БНР прыняў адносна Генуэзскай канферэнцыі мемарандум:
«…змаганьне Польшчы і цяперашняй Сав. Расіі адбываецца за панаваньне над Беларусьсю…».
У красавіку ў Коўне пад апякунствам Вацлава Ластоўскага выйшаў у свет новы беларускі штомесячнік «Беларускі Сьцяг». Ягоным рэдактарам-выдаўцом стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі. Канферэнцыі ў Генуі ў першым нумары часопіса быў прысвечаны артыкул Аляксандра Цвікевіча «Беларусь перад Генуэзскай Канферэнцыяй». «Ці павінны прадстаўнікі Беларусі ехаць у Геную?» — пытаў аўтар артыкула. — На той «канцэрт, што мае разыграцца», дзе брацьме ўдзел «рэвалюцыйны Сфінкс — Савецкая Расія»? — і намагаўся пераканаць у тым, што кожная магчымасць пры змаганні за незалежную бацькаўшчыну павінна быць выкарыстана.
Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць,
І далі ўладу путы рваць,
І далі ўладу біць цароў ―
Зрабілі з вас гаспадароў.
<…>
Чатыры годы крок у крок
Тварыць вы йшлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі…
Расьлі магілы… зваў прарок…
Рос вашай моцы бляск і мрок.
<…>
Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет
Бунтарскіх дум у вас ня згас:
Эўропа кліча ў госьці вас:
Пад рогат піравых пабед
Саветы кліча на «савет».
А ў траўні 1922 года ў Леніна адбыўся першы апаплектычны ўдар — правадыр страціў мову, была паралізавана правая рука. Газэты пісалі аб тым, што на лета Ленін збіраецца выехаць у Лівадзію, дзе будзе жыць і адпачываць у былых… царскіх палацах.
У Геную замест Леніна паехаў міністр замежных спраў РСФСР Чычэрын.
На канферэнцыю, якая мусіла вырашаць і пытанне аб палітычным упарадкаванні ўсходняй Эўропы, выслаў сваю дэлегацыю і ўрад БНР — у Італію, каб паставіць на абмеркаванне і беларускае пытанне, накіраваліся прэм'ер-міністр Ластоўскі і міністр замежных спраў Цвікевіч. 3 траўня дэлегацыю БНР прыняў старшыня Генуэзскай канферэнцыі, якому і быў перададзены мемарандум з просьбай абмеркаваць пытанне аб прызнанні незалежнасці БНР і скасаванні Рыжскай дамовы. Аднак гэта выклікала жорсткі супраціў савецкай дэлегацыі — і абмеркавання не было.
Ластоўскі з Цвікевічам мелі гутаркі з сябрамі італьянскага парламента, дэпутатамі ад сялян, — ад якіх атрымалі запэўненне ў падтрымцы дамагання самастойнасці беларускіх сялян. Перад выездам у Коўна Ластоўскі паслаў дэпутату Скотці тэлеграму:
«Прадстаўнікі Сялянскай Беларусі, ад'язджаючы з Генуі, засылаюць Вам, заснаўцу сялянскай еднасьці, прывітаньне і пажаданьне хутчэйшага арганізаваньня моцнага сялянскага інтэрнацыяналу, у якім беларускі народ прыме ўдзел усёй сваёй дванаццацімільённай масай».
Гэта была адна са спробаў інтэрнацыяналы камуна-савецкія перамагчы-перасіліць інтэрнацыяналам сялянскім. І яна — ці не важнейшае, чаго дамагліся беларусы на Генуэзскай канферэнцыі…
Кроў не пераставала ліцца на беларускай зямлі. Знясіленыя бяспраўем і здзекамі, сяляне з усходу і захаду Беларусі ўсё часцей пакідалі свае гаспадаркі, падаваліся ў лясы і стваралі «зялёныя» атрады — каб са зброяй адстойваць свае правы. З вясны 1922 года распачаўся стыхійны антыбальшавіцкі і антыпольскі партызанскі рух.
Сялянскія выступленні жорстка караліся ўладамі. 6 траўня два палкі рэгулярнага польскага войска, жандармерыя і паліцыя акружылі частку Белавежскай пушчы, дзе месціўся беларускі партызанскі штаб, і паланілі дзевятнаццаць партызанаў. Пашэнціла Васілю Муху і групе «скамарохаўцаў», якая з тыдзень таму выбралася на Горадзеншчыну…
24 траўня ў Беластоку адбыўся суд. Сялян, якія верылі ў тое, што беларусы павінны быць народам незалежным, а край іхні — дзяржавай «самаістай», выраклі да растрэла — пяцёх, аднаго — да пажыццёвай катаргі, рэшту — да дзесяцігадовага зняволення.
У другім нумары «Беларускага Сьцяга» ў артыкуле «Над свежай магілай» Вацлаў Ластоўскі падаваў новыя звесткі пра белавежскіх паўстанцаў:
«…Абаронца тэлеграфаваў Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудзкаму, просячы ўласкаўленьня для засуджаных. Пілсудзкі «ўласкавіў» толькі аднаго П. Нічыпарчука, з увагі на яго моладасьць (19 гадоў)».
Вось і ўся ласка тога, хто збіраўся змагацца «за нашу і вашу волю»»…
Пад тым жалобным артыкулам у «Беларускім Сьцягу» быў выдрукаваны і верш Ластоўскага — узнёслы рэквіем у памяць барацьбітоў за народную волю, ягоны другі паэтычны выступ:
Благаслаўлён сын,
які за Маці чэсьць
гатоў да бітвы стаць нябарна:
свабоды дзень для
ўсіх сваёй крывёй
купіць ахвярна…
Благаслаўлён будзь, каторы
адплату кроўную дасьць за кроў
і ворага прымусіць
імя Беларусі
чціць…
Хай прыйдзе ён, як Бог,
адзет у помсты тучу:
пад громаў гук, маланак блеск,
пад славы песьнь пявучу!
…А сёмай гадзіне ўвечары ў сераду 24 траўня ў Беластоку па брукаванцы вуліцы Сянкевіча тарахцела ў накірунку да Палескай станцыі шырокая калымага, а на ёй — пяць суспеш збітых з негабляваных дошак трун-скрынак. За калымагай зморана крочылі ўзброеныя жандары. Паглядзець на жудаснае відовішча з рэстарацый і крамак выходзілі гарадчукі.
― Гэта расстраляных сёння бандытаў вязуць… — мовіў даўгавязы дзяцюк з кароткімі вусамі.
― Якія бандыты? Яны ж свайго дамагаліся… — ціха абурылася жанчына ў вылінялай вясковай хустцы, яшчэ раз зірнула ўслед працэсіі і схавалася ў дворык.
Аднаго з паўстанцаў-партызан — Тамаша Баброўскага, які цудам выжыў пасля пажару ў Горадні і, толькі ачуняўшы ад апёкаў, напрасіўся на новае заданне — забілі апошнім і адразу ж уклалі ў дамавіну. Куля разарвала Тамашу сэрца; кроў праз шчыліны ў дошках — якраз калі калымага праязджала перад крамнымі лаўкамі — пачала капаць-сцякаць на брукаванку.
― О Матка Боска! Кроў! — піскнула нейкая кабета і закрыла даланёй вочы…
На другі дзень у беластоцкай «Свободной мысли» відаводца карнай працэсіі пісаў:
«Каму і навошта трэба было дэманстраваць гэтае жудаснае відовішча на многалюднай вуліцы, сярод белага дня… Кроў — заўсёды кроў. Яна п'яніць, як відно, яна аглушае, яна палохае, яна расхіствае натоўп. І не трэба паказваць яе дарэмна».
Праз некалькі дзён польская паліцыя схапіла раённага атамана паўстанцаў Тамашука, які дзейнічаў пад псеўданімам Андрэй Пятрэнка. Прыкладамі яму пераламалі некалькі рэбраў, затым прывязалі пад калені палку і білі па пятах — пакуль не пачало адставаць ад касцей цела… Абвязвалі праколатым цвікамі й шпількамі поясам і білі па ім, клалі на раскаленае жалеза.
― Гіну, але мае браты-беларусы… — сабраў усе сілы і выкрыкнуў Тамашук, — …прагоняць вас са сваёй зямлі і ўбачаць незалежную Бацькаўшчыну!
Гэта пачулі не толькі жаўнеры, але й іншыя палоненыя партызаны.
― Убачаць, атаман! — адказаў Тамашуку селянін з разбітым носам. Адзін з сепачоў падскочыў і адсек яму вуха.
― Каб менш слухаў! — злосна рыкнуў…
Арышты пашыраліся. Да Скамароха прыйшла яшчэ адна жудасная вестка: схапілі бацьку — Дзям'яна Шыманюка. Скамарох сабраўся ісці дамоў — ратаваць бацьку.
«Яны ж мяне шукаюць», — абураўся.
Ледзь адгаварылі яго: ці выправіць гэтым што?
Пасланцом у ягоную вёску Грабавец напрасіўся Васіль Муха — каб даведацца пра ўсё на месцы. Вяскоўцы стоена распавядалі, як білі Дзям'яна Шыманюка:
«Галава ўся ў ранах была, ногі страшэнна пакалечылі — паламалі на пятах косці…»
Калі ж 19 чэрвеня выпушчаныя з турмы Дзям'ян разам з нявесткай дабраліся да Грабаўца, суседзі, гледзячы на іх, плакалі: Барбара была ўся ў сіняках, пераламаная рука падвязана да шыі шнурком… Дзям'ян жа пазіраў наўкол і ўсміхаўся — не стрываўшы пакутаў, дзед звар'яцеў.
Ад Скамароха прыхаваць такое было немагчыма. Атаман хацеў застрэліцца — не далі сябры…
Адна бяда, як вядома, не ідзе — другую за сабой вядзе… Францішак Аляхновіч мусіў у турботным артыкуле для травеньскага нумара «Беларускага Звона» — «Беларусаў вывозяць з бацькаўшчыны» — пісаць:
«Нядаўна ў сваім м. Мігаўцы Радашкоўскай гміны… ― і міжволі ўзгадваць мігаўскі дворык Уласава, зараз, пэўна, у зеляніне, у садовай квецені… дзесь і сыны-падшыванцы Уласава па двары гойсаюць… — арыштаваны і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер углыб Польшчы стары беларускі дзеяч Аляксандр Уласаў. Абвінавачваюць яго ў Савінкаўскай, нібы то, рабоце, хоць у той самы час запраўднага савінкаўца, які жыў у аколіцах Радашковіч, п. Гаінкевіча толькі папрасілі выехаць. Беларускія колы вельмі ўзрушаны такой бязпраўнасьцю і лічаць гэта за новы спосаб з боку польскага ўраду пазбавіць беларускі народ яго інтэлігенцыі».
Уласаў праз некторы час нейкім цудам — апынуўшыся на волі — зможа атрымаць у польскіх уладаў дазвол на… адкрыццё ў Радашковічах беларускай гімназіі. Яе дырэктарам прызначаць вядомага беларуса — ксяндза Абрантовіча.
…Аляхновічу зноў мроіліся маляўнічыя лясныя ўзгоркі пад Радашковічамі. Ён любіў той край — з хваёвымі ўзлескамі, з рэчкамі й лугамі, ― вясною ў духмяна-п'янкай лотаці. А да ўсяго куток той меў… вёску, якая паўтарала ягонае прозвішча! Вёску Аляхновічы! Некалькі разоў ён быў там, гасцяваў у хаце, што стаяла найбліжэй да Вілейскага тракта — у гаспадара Ракіты. Пакінуў таму — «на ўсялякую прыгоду» — свой віленскі адрас, і раптам — з тыдзень назад — атрымаў ад Ракітавага сына няўмела складзены доўгі ліст… З польскага войска вярнуўся ў свой маёнтак Зыгмантова пан Гідрусь, але ваяцкі дух не выветрыўся з яго. Ноччу напаткаў начлежнікаў — двух аляхновічаўцаў, Ракіту з суседам, — і, штось гыркнуўшы, стрэліў у іх з рэвальвера. Забіў Ракітавага суседа, пагражаў і самому Ракіце — за тое, што нібыта коні былі навязаны на ягоным, Гідрусёвым, дзірване… Раніцай Гідруся забрала паліцыя, а праз тры дні ён зноў быў на свабодзе: змог апраўдацца, распавёўшы аб тым, што яго хацелі забіць канапасы, а ён адно бараніўся. Гідруся выпусцілі з пастарунка, а схапілі замест яго нявіннага Ракіту…
З лістом з Аляхновічаў да Аляхновіча прыйшло паведамленне з Латвіі ад Езавітава — аб тым, што ў Люцынскім павеце працуе ўжо 31 беларуская школа. Сябар перадаваў — для «Беларускага Звона» — падрабязныя статыстычныя дадзеныя за 1921 / 1922 навучальны год: лік беларускіх настаўнікаў - 72, лік вучняў: дашкольных клясаў - 739, І клясы - 772, ІІ - 541, ІІІ - 244, IV - 81, V - 13, VI - 0, разам - 2390, з іх беларусаў - 2094, каталікоў - 681, праваслаўных - 1390, хлопцаў - 1362, дзяўчат - 1028.
Езавітаў пісаў:
«Сялянства надта зруйнавана вайною і рэквізіцыямі бальшавіцкіх улад і да гэтага часу яшчэ не змагло ўмацавацца <…> многія сямейкі сядзелі ўсю зіму без ботаў і вопратак у хатах. Лютая зіма і вялікі сьнег ня мала перашкаджалі школьнай працы <…>.
Вестка аб адчыненьні Беларускай Гімназіі ў Дзвінску вельмі ўзрадавала люцынскіх беларусаў, і яны пастанавілі звярнуцца да Міністэрства Прасьветы Латвіі аб адчыненьні Беларускай Гімназіі і ў Люцыну. Люцынскі адзьдзел Таварыства «Бацькаўшчына» атрымаў ужо запэўненьне ў тым, што Беларуская Гімназія будзе адчынена ў Люцыну».
У жніўні 1922 года ў Люцыне закончацца курсы беларусазнаўства для настаўнікаў беларускіх школ, якія вяла Паўліна Мядзёлка. Адбылася ўрачыстая вечарына. Распачынаўся і рамонт будынка беларускай урадавай гімназіі ў Дзвінску. Беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі асігнаваў на гэта 300 000 рублёў.
У Коўну да старшыні ўрада БНР Ластоўскага рознымі шляхамі прыходзіла з Горадзеншчыны і Віленшчыны інфармацыя пра здзекі польскіх уладаў з безабаронных жыхароў-беларусаў.
Паводле Версальскай дамовы (дадатковага пратакола да яе 93-га параграфа), падпісанай 28 чэрвеня 1919 года Польшчай і дзяржавамі Антанты (Францыяй, Англіяй, Італіяй, Японіяй і Злучанымі Штатамі Паўночнай Амерыкі), беларусам — як нацыянальнай меншасці — гарантаваліся абарона жыцця, свабода веравызнання, абрадаў, ужыванне роднай мовы ў судах, навучанне ў роднай мове, арганізацыя грамадскіх і дабрачынных устаноў, а таксама прыватных школаў.
У дзевятым пункце дамовы дадатка абгаворваліся пэўныя палёгкі: каб у гарадах і вёсках, дзе жывуць кампактна нацменшасці, навучанне ішло ў роднай мове, а розныя нацыянальныя ўстановы мелі аднолькавыя правы карыстацца дзяржаўным бюджэтам.
«Кожны закон, кожнае распараджэнне, кожная ўрадавая дзейнасць у Польшчы, якія пойдуць супраць пералічаных прынцыповых пастаноў, не будуць мець сілы», — сцвярджалася ў дамове.
Нагляд за яе выкананнем ўскладаўся на Лігу Нацыяў, створаную згодна з той жа дамовай.
Гарантавала свабоднае развіццё культуры, мовы і арганізацыяў нацыянальных меншасцяў у Польшчы і Рыжская дамова. Урэшце, у прынятай Устаноўчым соймам 20 сакавіка 1921 года польскай канстытуцыі амаль усе тыя правы нацменшасцяў былі паўтораны і сталі ўнутраным законам Польшчы.
Ластоўскі меў у сваім зборы тэкст той канстытуцыі. Вось, калі ласка, артыкул 95:
«…Польская Рэчпаспалітая гарантуе на сваім абшары поўную ахову жыцця, свабоды і маёмасці ўсім, без розніцы паходжання, нацыянальнасці, мовы, расы або рэлігіі».
Ці артыкул 105-ы — пра свабоду прэсы і роўнае права выданням карыстацца паслугамі пошты… Ці 108-ы і 109-ы — на права сходаў, закладанне сваіх арганізацый, ахову мовы… Ці 110-ы, 111-ы артыкулы!
А што ж насамрэч?!
Насамрэч Ластоўскі складваў абвінаваўчы мартыралог — з пазнакай імён і прозвішчаў ахвяр, іхніх вёсак (па кожнай воласці), дзён пакаранняў. І чым больш такіх паведамленняў — тым цяжэйшым і нервовым станавіўся ягоны — Ластоўскага — почырк:
«1) 6 ліпня г.г. у в. Новая Дзеражня Арлянскай воласьці Лідзкага павету быў паддадзен страшэнным тартурам Даніла Кавалеўскі, 17 гадоў, за тое, што жонцы польскага сержанта-каланіста, каторая насьмехалася над беларусамі, сказаў: «Палякоў са сваёй зямлі мы ўсіх прагонім».
2) 6 ліпня ў м. Арля Лідзкага павету капраль паліцыі Зюк, садзіст па натуры, зьбівае беларусаў за іх нацыянальныя пераконаньня. Гэтак ён пабіў сялян: Гузеня і Язэпа Шэршаня. Улада «карае» садыста тым, што пераводзіць яго з аднаго пункту ў другі.
3) 6 ліпня ў в. Прыцяма Арлянскай вол. Па загаду павятовай судова-сьледчай улады арэштаваны беларускі вучыцель Іван Дрозд, школу якога польскі школьны інструктар Кавальчэўскі і паліцыя выгналі на вуліцу <…>.
4) 12 ліпня ў в. Кукры Жалудоцкай вол. Лідзкага павету адміністрацыя двара Саваўшчына абвінаваціла сялян у перахове зброі, толькі за тое, што вяскоўцы з голымі рукамі адабралі сваю скацежу <...>. Многа сялян пабітых да паўсьмерці, трое арэштаваны і па сягоньня томяцца ў турме.
5) 12 ліпня ў в. Стукалы Арлянскай воласьці Лідзкага пав. быў арэштаваны і зьбіты стараста, абвінавачаны ў тым, што не арэштаваў трох беларусаў-новабранцаў, якія адмовіліся ад службы ў польскім войску.
<…>
8) 17 ліпня ў в. Процьма Арлянскай воласьці Лідзкага павету паліцэйскі капраль Качаноўскі ў прысутнасьці павятовай палявой жандармерыі пасьля страшэнных зьдзекаў зьбіў нагайкай хворую старушку 68 гадоў, матку беларускага вучыцеля Івана Дразда Марыю Дрозд за тое, што яна не магла сказаць, дзе знаходзіцца яе сын, які перад гэтым… уцёк з-пад арэшту.
<…>
11) 28 ліпня ў в. Бондары Азёрскай воласьці Горадзенскага павету зьбілі грамадзяніна Чараха. Зьвязаўшы рукі, падвешывалі на кол і білі да ўтраты прытомнасьці.
12) 28 ліпня у в. Канюхі зьбілі 55-летняга старца Чаплюка. Білі малаткамі па пятах. У вёсках Канюхі, Бондары, Кашубінцы зьбіты пагалоўна ўсе сяляне.
13) 29 ліпня польскія міліцыянеры зьбілі на сьмерць жыхара в. Вешкан Язэпа Станчыка <…>.
15) 30 ліпня зьбіты жыхар в. Капенішкі Баляслаў Кутас. Пасьля сьмерці зьдзерлі палякі з яго ўсю адзежу да нага. Родныя забітага прасілі аддаць ім цела, — палякі ім адмовілі і закапалі без хрысьціянскага абраду.
16) 4 жніўня у в. Мастэйкі арэштаваны грам. Якуб Тумалевіч і Іван Балевіч. Пры арэшце білі і калолі шылам.
<…>
20) 6 жніўня ў грам. Ігната Тамулевіча выкапалі ўсю бульбу і зьбілі гаспадара за тое, што ён, бытцым, быў у Літве. <…>»
Падобны крык, падобны стогн даносіўся і з-пад Беластока, Бярэсця, Пружан, Ваўкавыска, Слоніма, Вілейкі…
Тымчасам «Gazeta Bielostocka» (№ 149) надрукавала артыкул, у якім дзівілася з таго, што на вуліцах Беластока нямаведама адкуль з'явіліся вар'яты — тымчасам як многім у горадзе было вядома: з мясцовай турмы выпусцілі больш дзесяці беларускіх сялян, запасочаных у прыналежнасці да паўстанцаў, ― якія не вытрымалі катаванняў…
Але здзекі адно распальвалі ў сялян прагу помсты…
14 чэрвеня польскі ўрад дамовіўся з ангельскай прамысловай кампаніяй аб продажы Белавежскай пушчы. Ангельцы абавязаліся на працягу дваццаці гадоў «эксплуатаваць» Белавежу, плацячы Польшчы пэўную суму за кожны «штандарт» распілаванага матэрыяла ангельскай валютай. У карыстанне ангельцаў пераходзілі ўсе існуючыя на тэрыторыі пушчы будынкі і каля пяцісот кіламетраў чыгункі. Дзеля вывазу драўніны польскі ўрад забавязаўся даваць штодзённа па сто вагонаў. Аднак ужо з першых дзён пасля заключэння дамовы прамыславікоў чакалі неспадзеўкі. На пачатку ліпеня ў Белавежскай пушчы за тры дні беларускія сяляне спалілі пяцьдзесят гектараў высечанага лесу. Белавежскія паўстанцы ўводзілі ў паніку «мясцовых» палякаў і з'арганізавалі напад на Бельск, а ў Беластоцкім, Бельскім і Пружанскім паветах «зялёныя» на польскіх урадавых сцягах сістэматычна рабілі надпісы «Б.Н.Р.».
Уцекачы з Горадні і пасланцы Васіля Мухі паведамлялі, што ў Лідскім павеце выбухнула новае паўстанне беларускіх сялян. У некаторых мясцовасцях абстралялі дробныя вайсковыя аддзелы. У ноч з 7 на 8 ліпеня з'явіліся паўстанцкія атрады па пяцьдзесят і сто чалавек, знішчылі некалькі сем'яў польскіх перасяленцаў, з імі — капітана рэзерва Рэтрыкоўскага. Праз два дні напад паўтарыўся на чыгуначную станцыю Арэхава.
Партызанская барацьба разгаралася і на тэрыторыі падсавецкай Беларусі, і пра яе замежная перыёдыка пісала з большай ахвотай. Ангельская газэта «Таймс» ад 17 чэрвеня 1922 года надрукавала артыкул свайго спецыяльнага карэспандэнта пра тых, каго савецкі ўрад называў зялёнымі партызанскімі бандамі:
«…Цяпер у Беларусі пачаўся новы сялянскі рух. Усюды, куды я ні заглядваў, я знаходзіў арганізаваныя мясцовыя гурткі антыкамуністаў. Ноччу яны збіраюцца ва ўмоўленым месцы, каб неўспадзеў напасці на бальшавіцкага зборшчыка падаткаў або на невялікі аддзел чырвонаармейцаў, а на другі дзень ізноў косяць і аруць»
Карэспандэнт дзівіўся, што ў Англіі так мала ведаюць і пішуць аб гэтых «сучасных Робін-Гудах». А іхняя чыннасць пашыралася з кожным днём. Напады рабіліся на вёскі і гарады. Партызаны каралі тых, на каго паказвалі пакрыўджаныя сяляне…
У адным з клясаў Віленскай беларускай гімназіі сталы расстаўлены ўкруга. Вокны расчынены ў ціхі дворык, але ў памяшканні горача — на горад наступала чэрвеньская спёка.
― Трэцім тостам прапаную ўганараваць усіх закаханых… Шчасця ім у вольнай Беларусі! — Луцкевіч адпіў з келіха віна і задуменна хітнуў галавой: — Горкае, падаецца…
― Запраўды горкае! — далучыліся госці: Гарэцкі (толькі пазаўчора вярнуўся з выгнання ў Вільню), Аляхновіч, некалькі настаўнікаў. Адно Жылка (ужо некалькі месяцаў таксама жыў у Вільні, працаваў у кнігарні, якая забяспечвала падручнікамі беларускія школы ў Літве і Латвіі; жыў небагата, харчаваўся ў бясплатнай сталоўцы для інтэлігентаў, адкрытай амерыканскім Чырвоным Крыжам) ціхмяна ўсміхаўся — да віна не дакрануўся.
Маладыя — Наталля Арсеннева і Францішак Кушаль — сціпла пацалаваліся.
Гарэцкі перагартаў здвоены нумар «Нашага Шляха» (за красавік - травень)[45], вершам падпісаны яму Арсенневай, і ўрачыста мовіў:
― Віленскі шлях збяднее на двох хадакоў, затое на беларускай дарозе з'явілася новая сям'я.
Усе ўжо ведалі, што Наталля, перапыняючы настаўніцкую працу і вучобу ва універсітэце, ад'язджала за сваім мужам — Францішка, афіцэра польскага войска (штабс-капітанам беларускага прабыў ён да самай яго ліквідацыі), пераводзілі на захад Польшчы. Сёння ладзілі і вяселле, і развітанне…
Луцкевіч, Аляхновіч і Жылка пайшлі дамоў разам.
― Бачу, — першым не стрываў Аляхновіч, — што і Уладзя наш як на раздарожжы…
― Так. — Жылка здзівіўся, зірнуў на Аляхновіча. — І мне ў Вільні застацца не выпадае. І жандары наведваліся, і ў навабранцы ўпісаны…
― Я пра сямейную роздараж… Можа, дзе і ты паненку прыхаваў? — Аляхновіч паспрабаваў адагнаць ад Жылкі змрочнасць, але — бачыў — безвынікова.
― Дык што — вырашыў падацца ў Латвію? — Луцкевіч, пэўна, ведаў пра памкненні Жылкі. — Калі так, то правільна. Нам у Коўне і Дзвінску патрэбны парламенцёры. А галоўнае — там спакайней будзе…
У жніўні — каб не быць арыштаваным і не сесці ў Лукішкі — Жылка выехаў у Коўну. Ковенскі ўрад БНР дамогся яму месца ў санаторыі Бірштаны — каб падлячыцца. А восенню Жылка пешшу перайшоў літоўска-латвійскую мяжу і дабраўся да Дзвінска, дзе быў залічаны ў 10 клясу Дзвінскай беларускай гімназіі і атрымаў пакой у доме гімназічнага дырэктара, знаёмага па Вільні, ― Івана Краскоўскага.
18 чэрвеня ў Лондане збіралася Вярхоўная Ліга Нацый, якая мусіла абмеркаваць найбольш важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця — сярод іх і пытанне аб нацыянальных меншасцях у Польшчы.
Беларускія палітыкі аднавілі звароты да эўрапейскага супольніцтва. Пётра Крэчэўскі адаслаў у Лондан дэкларацыю (у якой назваўся маршалкам Рады БНР):
«<…> Пытаньня аб меншасьцях як гэткага ў Польшчы німа. Усе нацыі, акром польскай, аднолькава прыгнечаны <…>.
Астаецца пытаньне аб акупаваных палякамі ня польскіх абшарах Беларусі, Украіны і Галічыны. <…>
Мы, беларусы, катэгарычна адкідаем усялякае супрацоўніцтва з палякамі ў форме меншасьці ў Польшчы. Абшары этнографічна беларускіх зямель павінны быць вернуты Беларусі ануляваньнем Рыжскага міру і нават лініі Кэрзона. Прызнаньне сувэрэнных правоў беларускага народу на гэтых землях будзе самай справядлівай разьвязкай беларускага пытаньня. <…>
Усё жывое і змагаючаеся за ідэю беларускага адраджэньня часьцю разстраляна, а ў большасьці морыцца дагэтуль у турмах і концэнтрацыйных лагерах Польшчы. <…>
Памалу, але плянова зьніштажаецца палякамі беларуская нацыя, ня толькі нацыянальна, але і прост фізічна. <…>
Вярхоўная Рада Лігі Нацый, прыймаючы пад увагу ўсе гэты гвалты над нацыянальнасьцямі, прылучанымі аружнай сілай да Польшчы, павінна сказаць сваё цьвёрдае і рашучае слова ў абарону паняволеных нацый. <…>»
Старшыня рады міністраў БНР Вацлаў Ластоўскі накіраваў на лонданскую канферэнцыю Лігі Нацый тэлеграму:
«Беларускае жыхарства акупаванай Польшчай Горадзеншчыны, Віленшчыны і часьці Меншчыны пазбаўлена ўсякіх нацыянальна-палітычных і чалавечых правоў. <…>
1. Карыстаньне беларускай мовай ва ўстановах і цэрквах забаронена;
2. Сыстэматычна зачыняюць беларускія школы: ва ўсёй Горадзеншчыне німа ўжо ніводнай беларускай школы;
3. Нешчадна прасьледуюцца беларускія грамадзка-палітычныя і культурныя арганізацыі;
4. 262 праваслаўных цэркві закрыты;
5. Разхічаецца ацалеўшае пасьля вайны беларускае нацыянальнае багацьце — у першы чарод лясы;
6. Землі беларускіх уцекачоў аддадзены польскай каланізацыі;
7. Усякая праява беларускай нацыянальнай самаістасьці і самаабароны нешчадна караецца <…>
Беларусы <…> ня хочуць, каб іхнімі сувэрэннымі і дзяржаўнымі правамі карысталіся іх гістарычныя і цяперашнія палачы. <…> Нараў і Буг гістарычная і этнографічная граніца Польшчы з Беларусьсю.
Ластоўскі <…>».
Крывавы мартыралог тым часам пашыраўся. Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі і ўсім прадстаўнікам эўрапейскіх дзяржаў і Амерыкі ў Літве 25 ліпеня 1922 года быў дасланы мемарыял з просьбай «паведаміць урады і грамадзянствы Эўропы і Амерыкі» аб гвалтах і здзеках польскіх улад з беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны, якія не прызналі Віленскі Сойм і не схацелі ісці ў польскае войска, і прызначыць камісію Лігі Нацый. У мемарыяле падаваліся новыя страшныя факты:
«<…> Зьміцера Будзьку, старасту вёскі Бэршты Горадзенсканга павета білі дошкай датуль, пакуль з вушэй і носу не паказалася кроў, а затым кінулі на «растурзаньне» сабакам; Валадзімеру Васілевічу (тая ж вёска) за брата, які адмовіўся пайсьці ў польскае войска, парэзалі цела і, пасыпаўшы сольлю, цкавалі сабакамі; Язэпу Сяргейчыку (тая ж вёска) убілі ў ногі гарачыя шомпалы ад карабінаў; <…> цяжарную Марыю Шаставіцкую (тая ж вёска) за сына зьбілі так, што яна раней часу радзіла; Тумаша Шчаснулевіча (58 гадоў, вёска Марцінкавічы Троцкага павета) жандары зьбілі да паўсьмерці — за тое, што не дазволіў пасьвіць коні на сваёй пожні; <…> за тое, што Іван Брыкач (з вёскі Алішковічы Астрынскай воласьці) ня хоча ісьці ў польскае войска і хаваецца ў лесе, да сьмерці зьбілі яго бацькоў, а таксама ўсіх аднавяскоўцаў, маёмасьць разрабавалі <…>»
«Турмы перапоўнены грамадзянамі акупаванага краю, — пісалася ў мемарыяле. — Зусім разграблены жандарамі і салдатамі сялібы Троцкага павету: Марцінкавічы, Ліпіца, Шумы, Крокшлі, Кобелі, Даржэлі, Маргевічы, Канянішкі і інш., Лідзкага павету: Зенякі, Алішковічы, Новы Двор, Астрына, Абруч, Рыбакі і інш. Пералічаныя факты толькі часткова асьвятляюць польскія гвалты і вылічаюць самую нязначную частку таго, што вытвараюць палякі-акупанты над гаротным жыхарствам Віленшчыны і Горадзеншчыны»
Падпісалі мемарыял трыццаць восем прадстаўнікоў ад дзесяці валасцей Віленшчыны і сямі валасцей Горадзеншчыны.
Скрушныя звесткі прыходзілі і ў Коўну, і ў Дзвінск: 29 ліпеня ў вёсцы Раманавічы Арлянскай воласці карны атрад збіў усіх жыхароў — за тое, што пусцілі пасвіць сваю жывёлу на пустое панскае поле…
У адказ беларускія партызаны ўзарвалі два паравозы вузкакалейкі, праведзенай ад станцыі Скідзель да Шчучына, каб перавозіць лес князя Друцка-Любэцкага. Быў зроблены замах на горадзенскага павятовага старасту. Бомба разарвала запрэжаных у брычку коней, стараста ж ацалеў і ўцёк. На другі дзень партызаны спрабавалі ўзарваць тартак у мястэчку Азёры Горадзенскага павета. Палякі паспелі ўвесці ў тартак і ваколіцы войскі. Партызаны ўзарвалі мост і разабралі на чыгунцы рэйкі — рух паміж Горадняй і Аранамі быў надоўга перарваны.
22 ліпеня ў пяці вярстах ад Скідзеля быў знішчаны двор Кашубінцы памешчыка Блаўдзевіча, які займаў у палякаў высокую пасаду.
23 ліпеня абстралялі лідскага павятовага старасту, калі той пад аховай вяртаўся з рэквізіцыі коней у мястэчку Астрошына-Васілішкі. У Шчучыне паўстанцы спалілі палац князя Друцка-Любэцкага, а ў ваколіцах вёскі Бершты Горадзенскага павета забілі дзесяць польскіх уланаў.
У другой палове ліпеня на Віленшчыне і Горадзеншчыне зноў пачалася паспешная мабілізацыя. У войска пабралі ўсіх афіцэраў да шасцідзесяцігадовага ўзроста і моладзь — да дваццаці сямі гадоў. Забіралі ў сялян і коней. Але навабранцы прыносілі Польшчы мала карысці.
Пасланы супраць «бандытаў» польскі батальён 6-га палка, панішчыўшы сваіх камандзіраў, перайшоў да паўстанцаў і пачаў разам з імі змагацца супраць акупантаў.
Газэты і часопісы — «Виленская Речь», «Беларускі Сьцяг», «Kurjer Krajowy» і іншыя — актыўна пісалі пра гэтыя падзеі.
«Чытаем афіцыйныя паведамленні, што паўстанцкія банды ў Лідскім павеце ўжо зліквідаваны. Такія паведамленні — гэта кпіны з правоў грамадзян і толькі кпінамі іх можна назваць… — абураўся «Kurjer Krajowy» ад 9 ліпеня 1922 года. — аддзелы гэтыя і далей беспакарана дзейнічаюць, нішчачы маёмасць».
А летам Дуж-Душэўскі перадаў Ластоўскаму атрыманы рэдакцыяй «Беларускага Сьцяга» ліст з Лідчыны ад аднаго з чытачоў:
«Беларускі рух расьце і пухне, як на дражджах. Страшныя прасьледаваньні з боку польскае ўлады толькі ўзмацняюць стыхію народнага гневу. У іншых мясцох лес абвяшчаецца ўласнасьцю народу. Адміністрацыя маёнткаў на сьмерць запалохана. Частка паноў уцякла, а ў другія маёнткі паслалі салдатаў дзеля абароны… Дэзэртырства ў арміі небывалае. Уцякаюць з-за Варшавы, Сувалак, Аўгустова, Нова-Вілейкі і іншых месц… У павеце абвешчана ваенна-асаднае палажэньне… Многа арыштаваных…
З пашанаю — Ш-віч».
Ліпеньская спякотная раніца. Янка Купала доўга глядзіць, як высокае сонца адагравае шкілет менскага вакзала і прылеглыя да яго вуліцы. Пад парканамі прывакзальных домікаў табарам аселі сем'і ўцекачоў. Непадалёк пад бруднай радніной — жывуць чацвёра… Хворы расійскі селянін у самаробнай «паддзёўцы» з мяшка на голым целе; кабета, таксама ў лахманах, корміць немаўля; з імі — гадоў трох дзяўчынка… Пустая маршчыстая цыцка не можа супакоіць немаўля, і яно квола папісквае. На скрынцы, вакол якой і пасела сям'я, — міса з вадой. Па чарзе кусаюць лусту хлеба… Немаўля заходзіцца мацней. Бацька, крэкчучы, устае і кудысь адыходзіць…
Купалу падаецца, што ў грудзі яму хтось плюхнуў варам. Сарамліва нагнуўся над бясхатніцай-маці, паклаў ёй на калені жменю рублёў — і, не азіраючыся, пасунуўся да білетных касаў, ― а ў памяці вочы той жанчыны: гнойныя ад слёз, спалоханыя, здзіўленыя…
У будынку вакзала — доўгая чарга па білеты. Натоўп шматаблічны. Час ад часу да яго падыходзяць фраеры-«лімоны», плоцяць за «неўчарод».
За цаглянай стойкай — перадмытны прагляд багажа. Чаго толькі не выпатрошваюць з мяшкоў і карзінаў: брытвы, мыла, вязкі грэбняў, каробкі адэкалона, шакаладу, шкарпэткі. Нейкі грамадзянін у «майскім» гарнітуры ўціснуў у чамаданік бутлю спірта…
Не, Купала не збіраўся пакінуць бальшавіцкую краіну — з гэтым намерам ён колькі месяцаў таму развітаўся… Непадалёк ад Менска, але ўжо за «мяжой», засталіся яго родная Вязынка, Акопы — дзе жыла старая маці… І на гэты вакзал ён прыходзіў ужо трэці раз — як на ўзмежак нечага новага, таемнага, звабнага, прыходзіў — і маркотны, задуменны вяртаўся назад гаманкой вулкай, па якой — вярсты на паўтары — расцягнуліся кавярні і чайні. Па каменных тратуарчыках мільгалі камашы з французскага «шэўро» і босыя ступакі…
На пляцы — парад гарадскіх войскаў. Грыміць музыка, як адлітыя, маршыруюць шэрыя шыхты з роўнымі жоўтымі лініямі шапак[46].
Пухкая гандлярка з падмаляванымі брывамі, завінаючы булку, пранікнёна агледзела Купалу і злорада кіўнула на вайскоўцаў:
— Ну… Дык яны запэўняюць, што гэта іх салдаты… Вочы нам чмараць… Гэта старыя салдаты, я вам кажу… Старыя прыехалі ад генералаў і наняліся. Толькі тыя так ходзяць…
11 ліпеня 1922 года Купала ўзяў у Наркамаце БССР спецкамандзіроўку і выехаў у Акопы, дзе ў спакойнай цішы закончыў сваю споведзь-плач — п'есу «Тутэйшыя», у якой адлюстравалася ўсё перажытае і выпакутаванае за апошнія гады…
Прабягалі дні, тыдні, месяцы. Езавітаў адчуваў, што многае пакрываў нябыт, і аніяк не асмельваўся «пачысціць» сваю кватэру: і шафы, і стол, і падваконні былі стахтораны старымі газэтамі — на розных мовах, кніжкамі, каталогамі. Ён марыў некалі ператварыць усё гэта ў інфармацыйны архіў, але часу не ставала, кожны дзень прыносіў новыя клопаты, і ён вырашыў — каб не варочацца да гэтага ў другі раз — адразу ж рабіць выразкі і выпіскі і сістэматызаваць інфармацыю адразу ж пасля прачытання. Пакуль што складвалася своеасаблівая архіўная мазаіка, але ўнармаваць яе пазней, разумеў ён, будзе прасцей.
Вечар пачаў з прагляду эстонскіх газэт. Яны пісалі пра ўзмацненне паўстанцкага руху ў паветах Віцебскай губерні. У рускамоўным «Голосе России» ад 18 ліпеня 1922 года (№ 1007) паведамлялася:
«Андрэеўская воласць Полацкага павета занесена на чорную дошку як бандыцкая і антысавецкая. Камуністы з гэтых паветаў паспешна перабраліся ў гарады. Савецкая ўлада звяртаецца да сялянаў з заклікам да іх разважлівасці і пагражае непакорным жорсткай расправай».
Полаччына… Андрэеўская воласць… Ён жа тройчы — на летніх вакацыях — хлапчуком бываў там!..
«Виленская Речь» пісала аб тым, што пачынаючы з 30 ліпеня паміж Барысавам і Менскам пачаліся крывавыя сутычкі «чорных» партызанскіх груп з бальшавікамі. За апошнія дні адбыліся сапраўдныя бітвы з удзелам артылерыі. «Чорныя» раззброілі дзесяць батальёнаў савецкай пяхоты…
«Нават калі звесткі ўшматкроць павялічылі, ― думалася Езавітаву, — і то ж якая колькасць!»
Пра тых партызан пазней напісаў і «Беларускі Сьцяг» (1922, № 4, с.58):
«31 ліпеня гарматная страляніна была чутна на «польскай» тэрыторыі. — Езавітаў чытаў далей «Виленскую Речь». — Паміж бальшавікоў — неразбярыха. Менск акружаны войскам. З наступленнем ночы спыняецца ўсякі рух на ўсіх дарогах. З Барысава вывезена казначэйства і эвакуяваны савецкія ўстановы. На месцы застаўся толькі ваенком. 2 жніўня пачалася паспешная эвакуацыя Менска, бо шыхты «чорных» лікам каля 50 тысяч з артылерыяй знаходзяцца ўсяго ў 12 вярстах ад горада. Савецкая конніца і два палкі пяхоты, высланыя супраць паўстанцаў, перайшлі на бок «чорных».
«Божа, не зваяваны яшчэ дух народны!» — усхваляваны Езавітаў акуратна складваў выцінкі ў асобную папку…
«Правда» (за мінулы тыдзень) у перадавіцы паведамляла аб тым, што «выступлений против Латвии и Эстонии со стороны России не будет до тех пор, пока будет держаться совецкая власть», а ў свежым нумары «Беларускага Звона» (ад 21 ліпеня 1922 года) выдрукавана нататка:
«На эстонска-савецкай граніцы каля Пскова эстонская варта была абстраляна праз бальшавікоў. Разгарэлася бойка, нават дайшло да артылерыі…»
Толькі дазнаўся пра Сабор беларускіх праваслаўных біскупаў, які адбыўся ў Менску і пастанавіў аднавіць ранейшую аўтаномную беларускую Архібіскопію (у складзе пакуль толькі Менскай, Магілёўскай, Мсціслаўскай і Полацка-Віцебскай епархій), а на беларускага архібіскупа зацвердзіў біскупа Менскага і Турава-Слуцкага Мелхісэдэка (Міхайлу Паеўскага, сына беларускага святара з Горадзеншчыны), — як агаломшыў ліст Ластоўскага (а той займеў інфармацыю ад Ігнатоўскага): Вышэйшая маскоўская царкоўная ўправа вырашыла перавесці епіскапа Мелхісэдэка з Менска ў адну з далёкіх епархій РСФСР — далей ад «аўтаномнасці» і думак пра беларускую аўтакефальную царкву… Пра гэта пазней — 15 верасня 1922 года — напіша і «Беларускі Звон».[47]
Затым Езавітаў асобна складваў паведамленні «культурніцкага» характару. Нататка з «Беларускага Звона» (13 траўня 1922 года, № 13 (38)) — «Ад'езд грам. Я. Чарапука ў Амэрыку»:
«10 траўня з м. Лібавы параходам «Эстонія» ад'ехаў у Амэрыку сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі грам. Я. Чарапук, які да гэтага часу працаваў у Дыпламатычным Прадстаўніцтве Беларусі пры Літоўскім урадзе. Там грам. Чарапук будзе займацца грамадзкай і культурна-прасьветнай працай сярод беларускага грамадзянства ў Амэрыцы. Вялікую дапамогу ў атрыманьні амэрыканскай візы зрабіў сам консул Эдварс, які вельмі зацікаўлены беларускай справай».
Навошта выразаў нататку? І гэтая інфармацыя, падумаў, для закладзенага Беларускага Архіва будзе не лішняй. А да ўсяго — асабіста ведаў Чарапука, і — ускалыхнула згадкі марская Лібава… Быў там чатыры гады таму — а быццам паўжыцця з таго часу выцякла…
Далей — у тым жа нумары «Беларускага Звона» — чытаў аб тым, што ў Маскве існуе згуртаванне студэнтаў-беларусаў. Бюро беларускіх студэнцкіх асацыяцый Масквы мае свой «Беларускі студэнцкі клуб», у якім чытаюцца лекцыі, а нядаўна адзначылі ўгодкі смерці Алеся Гаруна — «з удзелам песьняра М. Кудзелькі — Міхася Чарота».
…Мяккай коткай лашчыла цела стома, і ён патушыў святло, лёг на канапу, падумаў, як гэта слаба ўяўляецца: чырвоны пясняр Кудзелька-Чарот удзельнічае ў вечарыне памяці антыбальшавіка Гаруна…
Праз чатыры гадзіны — а шостай раніцы — зноў бадзёры, Езавітаў будзе збірацца да ад'езду з «інспекцыяй» у памежныя беларускія школкі Дзвіншчыны — і возьме з сабой выдадзеныя віленскім Беларускім музыкальна-драматычным гуртком аперэту «Птушка шчасця» і камедыю «Шчаслівы муж» Францішка Аляхновіча, на прачытанне якіх не хапіла мінулай начы…
На пачатку жніўня 1922 года ў некаторых гарадах і вёсках Горадзеншчыны з'явіўся першы нумар «месячнай беспартыйнай часопісі змагароў за Бацькаўшчыну» «Беларускі Партызан». На васьмі старонках часопіса падаваліся рэдакцыйная зацемка «Да чытачоў», артыкул Г. К. «Да польскіх вешацеляў», ультыматум, пасланы Паўстанцкім штабам Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудскаму, адозва Галоўнага штаба беларускіх партызан «Браты Беларускія Партызаны!», артыкул І. Ш. «Што нас чакае?», аператыўныя зводкі аб дзейнасці паўстанцаў і песня С. К-а. Выдаўцом часопіса значыўся Галоўны штаб беларускіх партызанаў, рэдактарам — Герман Скамарох, адрасам рэдакцыі і «адміністрацыі» пазначалася Белавежская Пушча…
А тым часам Пілсудскі дэкрэтам ад 18 жніўня 1922 года абвесціў аб прызначэнні на 5 лістапада выбараў у Сойм, а на 12 лістапада — у Сенат Польшчы. У жніўні ў Вільні заснаваўся Беларускі цэнтральны выбарны камітэт («для ўсіх Беларускіх зямель у межах Польскае Рэспублікі») і пачаў актыўную арганізацыю выбараў, жадаючы правесці ў Сенат і Сойм сваіх дэпутатаў-беларусаў, ― «каб бараніць нацыянальныя правы беларускага народу, — як паведамлялася ў абвестках камітэта, ― правы нашага працоўнага сялянства і работнікаў, грамадскую, палітычную і рэвалюцыйную волю для ўсіх грамадзян краю без розніцы нацыянальнасці і вызнання».
«На Беларускіх абшарах уся зямля — тутэйшаму сялянству!» — гэты кліч пісаў камітэт на сваіх штандарах, і ні Ластоўскі ў Коўне, ні Езавітаў у Дзвінску аніяк не маглі зразумець: чаму ж зямлю на беларускіх абшарах — не беларускаму сялянству, інтэлігенцыі, а тутэйшым?.. А галоўнае — як можна было ісці на супрацоўніцтва з акупанцкімі ўладамі і змагацца за права «тутэйшых» беларусаў, калі іх тыя ж улады бачыць не хочуць? І дзе ж палітычная логіка: у Сойм Вільні — «не дадзім сваіх дэпутатаў!», а ў Сойм Польшчы — калі ласка… І ці не галоўнае: у выпадку абрання ў Сойм ці Сенат як змогуць беларусы прысягаць на вернасць Польшчы, што рабіць мусілі ўсе «абранцы»?!
Польскі закон аб выбарах даваў прывілеі — прэміі — вялікім партыям, якія мелі сваіх паслоў прынамсі ў шасці выбарных акругах. У нявыгаднае становішча траплялі малаколькасныя групоўкі. Таму нацыянальныя меншасці Польшчы пачалі дамаўляцца аб стварэнні агульнага блока — напачатку «славянскіх меншасцяў» (беларусаў, украінцаў і рускіх). Украінцы Усходняй Галіцыі выбары байкатавалі (браць у іх удзел згадзіліся толькі прадстаўнікі ўкраінскіх земляў, што адышлі Польшчы ад Расіі). Славянскія меншасці аб'ядналіся ў выбарным блоку з немцамі і габрэямі, якія абяцалі падтрымаць дзейнасць блока і матэрыяльна.
Напрыканцы лета 1922 года ў Варшаве для канчатковага пагаднення і выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў сабраліся прадстаўнікі ўсіх «блокавых» бакоў. Ад імя Беларускага нацыянальнага камітэта на сход былі дэлегаваны Луцкевіч, Тарашкевіч і Ярэміч. Паміж «славянскай меншасцю» і прадстаўнікамі ад габрэяў і немцаў усчаліся спрэчкі, і беларусы пакінулі нараду. На другі дзень яны сустрэліся з польскім дэмакратам Зябіцкім, блізкім сябрам Тарашкевіча, які прапанаваў замест габрэяў і немцаў «славянскім меншасцям» «зблакавацца» з Польскай дэмакратычнай уніяй, якая ствараецца пад патранажам Пілсудскага. Атрымаўшы папярэднюю згоду (якая, на думку Ластоўскага, яшчэ раз засведчыла калабаранцтва віленскіх беларусаў), Зямбіцкі меў перамовы ў Бельведэры з Пілсудскім, а вечарам прыйшоў да Тарашкевіча і Луцкевіча расчараваным.
«Пілсудскі сказаў, ― прабурчэў ён, не падымаючы вачэй, — што беларусы — гэта нуль, украінцы — яшчэ тое-сёе, але гульня з імі не стоіт свечь»…
Пасля гэтага беларусы аднавілі пагадненне з ранейшым блокам, вярнуліся ў Вільню і пачалі арганізоўваць Беларускі выбарны камітэт. Яго старшынёй стаў Антон Луцкевіч, намеснікам — Браніслаў Тарашкевіч, скарбнікам — ксёндз Адам Станкевіч, першым сакратаром — Міхал Кахановіч, другім — Леапольд Родзевіч, сябрамі Камітэта — Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі[48], Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Трэпка, Аляксандр Уласаў і іншыя вядомыя беларусы.
Выбары выявілі новы — яшчэ большы — раскол у беларускім нацыянальным руху, бо рада міністраў БНР Ластоўскага пайсці на «выбарнае» згодніцтва не магла.
«Дзеля абароны, — пісалі беларускія віленскія газэты, — мы ідзём на выбары», гэтым самым, — лічылі ў Коўне, — згаджаліся на панаванне Польшчы на беларускіх землях і — нават у лепшым збегу падзеяў — будуць патрабаваць свайго не як гаспадары сваёй дзяржавы, а як падначаленыя чужой. А да ўсяго — ад Беларусі яшчэ далей адплывала ў шквалах палітычных гульняў старажытная Вільня…
Раслі ў польскім краі палітычныя буры — таннела польская марка. «Тысячныя» і «пяцітысячныя» ўжо не змяшчаліся ў кішэнях звычайных работнікаў. Фунт хлеба стаў каштаваць 120-150 марак (а тры гады назад быў толькі па 40). Польшча мусіла аддаваць шмат сродкаў на сваё войска — не абсталяваўшы межаў, не ладзячы і з немцамі, і з літоўцамі, і з рускімі, іншага выйсця яна не мела. Вялася барацьба з украінцамі ў Галіччыне, з немцамі ў Шлёнску, з беларусамі — у Белавежы. Грошай «прасілі» і тайная паліцыя, і армія бюракратаў…
«Адбываецца нейкая чэхарда, — пісаў «Беларускі Звон» (№ 19 (44)), — цэны павялічваюцца на прадукты ― рабочыя і чынавенства патрабуюць надбаўкі платы; надбавюць плату — растуць цэны на прадукты… і так без канца. Станкі ў Польшчы ўжо не пасьпяваюць друкаваць папяровыя грошы. Хутка тысячныя і пяцітысячныя стануць дробнымі грашмі, а ў хаду зьявяцца, мусі быць, 25 000, 50 000, 100 000, а пасьля не за гарамі будуць і мільёны…»
Выбары планаваліся і ў латвійскі Сойм. Беларусы склалі свой асобны спіс пад № 21, на чале якога значыліся Кастусь Езавітаў і Сяргей Сахараў.
Першы дзень маскоўскай восені 1922 года. Першая лекцыя ў Пятроўска-Разумоўскай акадэміі. Нечакана без стуку ў аўдыторыю ўвайшлі двое — у форме ГПУ.
— Кто студент Горецкнй Гаврнла?
Студэнт здзівіўся, устаў.
— Выйдем на мннутку…
«Мінутка» расцягнулася на месяцы.
Па фальшывым даносе Гаўрылу Гарэцкага, брата Максіма Гарэцкага, абвінавацілі — з прычыны яго беларускай культурніцкай працы — у пяцігадовай контррэвалюцыйнай дзейнасці і пасадзілі ў турму ГПУ. Яго сястра Ганна, студэнтка заатэхнічнага інстытута, дамагалася вызвалення беспадстаўна арыштаванага брата. 15 верасня, не атрымаўшы дазвола на сустрэчу, яна, маркотная, вярталася на кватэру. На Лубянцы натоўп сапхнуў яе з трамвая. Ганна моцна паранілася і праз тры дні — на дваццатым годзе жыцця — памерла ў маскоўскай бальніцы.
Сваю таварышку студэнты-беларусы пахавалі ў Галовінскім манастыры пры царкве — дазволу вывезці ейнае цела на радзіму не далі.
Гаўрылу Гарэцкага хацелі выслаць за межы Савецкай Расіі, але — пасля допытаў у Менжынскага — вызвалілі…
На прыканцы верасня віленчукі-беларусы раз'язджаліся па акругах — арганізоўваць перадвыбарныя сходы.
Цёплай і сухой выдалася восень, нават кволы вецер узнімаў над гасцінцамі хмары пылу. Галодныя буслы тупалі па прыдарожных узбалотках, нібыта й не збіраючыся ў адлёт.
З'езд прадстаўнікоў павятовых і гмінных камітэтаў Наваградскага вокругу адбыўся 27 верасня ў Баранавічах. Сабралася сорак надзеленых мандатамі прадстаўнікоў. Даклады перапыніла нечаканае з'яўленне Булак-Балаховіча з «групай падтрымкі» — Адамовічам-Дзергачом, былым атаманам партызанскага атрада «Зялёны дуб», Паўлюкевічам і іншымі. Яны спакойна расселіся ў зале і перадалі ў прэзідыум свае мандаты. Пасля кароткай нарады ад імя прэзідыума слова ўзяў Кахановіч:
— Сябры, мандаты, перададзеныя нам групай Булак-Балаховіча, правідловымі прызнаць мы не можам, бо на з'езд пасылаліся па адным дэлегаце ад гмінных і па два ад павятовых камітэтаў…
Папрасіў слова сам Булак-Балаховіч — і загаварыў пра свае заслугі па адваёве бацькаўшчыны ад бальшавікоў.
— Гэта дае мне права на мандат, — падагульніў Булак-Балаховіч. — А ўсе іншыя вашы дзеячы — камандзіры без салдат. Я ваш бацька, я ваш генерал. Вы мае сынкі… Я вас вызваліў. Я і жыдоў ад пагромаў бараніў. Так што на выбарах ідзіце за мной…
Затым па чарзе прамаўлялі і прадстаўнікі выбарных камітэтаў, і «балахоўцы». Калі «зялёнадубавец» Адамовіч-Дзяргач пачаў пагражаць сваім палітычным праціўнікам «выпусціць мазгі», абвесцілі перапынак і прапанавалі сабрацца ў іншым памяшканні. Не даючы дэлегатам разысціся, супраць блока нацыянальных меншасцяў выступілі Булак-Балаховіч, Паўлюкевіч і Зямкевіч. Ім адказалі Васіль Рагуля, студэнт Амельяновіч і Кахановіч — і зноў прапанавалі прыхільнікам блока пакінуць залу і праводзіць з'езд у іншым месцы. «Безмандатнікам» гэта вельмі не спадабалася. Яны засталіся ў дэпо, распачалі свой сход, але хутка паспрачаліся паміж сабой…
3 кастрычніка сабраўся сход прадстаўнікоў Лідскага выбарнага вокруга. Распачаў яго Антон Луцкевіч, якога абралі старшынёй схода:
— Ворагі аб'яднання нацыянальных меншасцяў Польшчы пусцілі ў ход брахлівую пагалоску, быццам стварэнне выбарнага блоку нацыянальных меншасцяў — гэта выступленне проці польскае дзяржаўнасці. Але ж гэта не так! Да блёку належаць выключна толькі тыя беларусы, украінцы, расейцы, немцы, габрэі, якіх польская ўлада прызнала грамадзянамі і ўпісала ў спісы выбаршчыкаў. Значыць, блок стварыўся на законнай аснове… І яшчэ пра адно хочацца тут распавесці, ― Луцкевіч крыху памаўчаў, уважліва агледзеў залу — і працягваў ужо цішэй: — Вядомы сваёй нядобрай славай «генерал» цяпер ездзіць па Беларусі і пагрозамі стараецца запалохаць народ, каб не выбіраў у Сойм беларусаў, заяўляе аб сваёй любві да бацькаўшчыны ці, правільней, отечества, бо ж гэты панскі найміт не гаворыць інакш, як па-маскоўску ці па-польску! А якая ягоная любоў, сведчаць ягоныя ўчынкі. За верную службу палякам «бацька» дастаў падрад ад ураду на высек дванаццаці дзесяцін лесу ў Белавежскай пушчы. На яго працуюць каля дзвюх тысяч ягоных салдатаў. У яго — сто дваццаць парных падвод, дзесяць грузавых аўтамабіляў, пракладзена дзесяць вёрстаў вузкакалейкі… Гэты пагромшчык габрэяў стаўся і габрэйскім «бацькам» — зрабіў хаўрус з габрэямі-спекулянтамі (з Рэзнікам і іншымі), якія не саромяцца дзеля грошы ціснуць ягоную запэцканую крывёй руку…
А праз тыдзень пасля Баранавічаў Булак-Балаховіч з'явіўся ў Нясвіжы і на гарадскім кірмашы пачаў агітаваць за спіс № 22.
«Я ёсць бацька беларускага сялянства!» — не стамляўся паўтараць.
Выступленне самазванага «бацькі» ўзлюціла ціхіх сялян — не стрываўшы «настаўленняў», яны адчапілі ад вазоў атосы і з аглоблямі кінуліся да аратара. Каб не паліцыя, «бацьку» было б вельмі горача. Але 16 кастрычніка ён спрабаваў выступаць ужо на кірмашы ў Міры — і там не займеў сялянскай падтрымкі…
Чуткі пра перадвыбарную барацьбу ў Польшчы даходзілі і ў Коўна. Ластоўскі аднаго разу быў не стрымаўся — і паслаў Антону Луцкевічу злосны допіс на паштовай картцы:
«Віншую васпана з палітычнымі посьпехамі, са стварэньнем выбарнага Блёку нацыянальных меншасьцяў, а асабліва з прызнаньнем беларусаў Наваградчыны, Лідчыны, Піншчыны нацыянальнай меншасьцю Польшчы. Каб дайсьці да такога трэба мець большасьць нядобрага ў галаве! Чым не пасаваў Васпану прыклад прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту Вацлава Іваноўскага — той адзін ня зрокся свайго?»
…Але аціхалі выбарныя бойкі. Дванаццаць беларусаў занялі крэслы ў польскім Сойме (Браніслаў Тарашкевіч, Антон Аўсянік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Міхал Каханоўскі, Фабіян Ярэміч, Сяргей Баран, Сямён Якавюк, Юры Сабалеўскі і іншыя), тры — у Сенаце (Аляксандр Уласаў, Васіль Рагуля і Вячаслаў Багдановіч) — і адпачывалі.
Цэнтральная беларуская газэта ў Польскім Гаспадарстве «Беларускі Звон» са штотыднёвіка ператварылася ў штомесячнік (№ 33 з'явіўся 25 лістапада, а № 34 — толькі 30 снежня), а з зімы 1923 года і зусім «замарозілася»…
Аціхлі ў краі і партызанскія выступленні. Перамагчы рэгулярнае войска, вядома ж, не ставала сілаў. Кіраўнікі паўстанняў разумелі гэта. Урэшце, разумелі і тое, што трэба захоўваць жыцці, жыцці лепшых беларусаў. А да ўсяго — у беларускую партызанку з БССР пачала ўглыбляцца бальшавіцкая выведка, і ўзнікала пагроза перарастання нацыянальна-вызвольнага збройнага руху ў бальшавіцка-антыпольскі.
Але не ўсе партызаны восеню пакінулі лясы. Па краі пайшоў погалас пра атрад Мухі.
«Хоць ужо скора маразы, але нашая Муха яшчэ жывучая, — на кірмашах пераказвалі адзін аднаму, пыхкаючы самакруткамі, мужыкі. — Чутно, на днях напаў на станцыю Лунінец і забраў з касы тры мульёны марак. І панам-абшарнікам пуду задае…»
А яшчэ праз тыдзень пайшоў новы погалас… Васіль Муха, чыё прозвішча лічылі атаманскім псеўданімам, сустрэў у лесе бабульку, якая ішла на торг купляць карову.
― Вось толькі, добры чалавеча, баюся, што грошы не хопіць, — бяззуба прашамкала старая.
― А ці здароўя за каровай хадзіць хопіць? — усміхнуўся Муха і заліхвацка пакруціў «мікалаеўскі» вус.
― А як жа! Трэ ж унукаў гадаваць. Асірацелі… Летам дзед з сенам расстараўся.
― Вунь як, — цмокнуў Муха, дастаў з кішэні пакунак — тысяч з дзвесце марак — і даў старой: — Гэтага яшчэ і на быка хопіць…
А купіўшы добрую кароўку, старая вазьмі ды пахваліся пра свайго ляснога дабрадзея… І вось ужо месяц не мае спакою: паліцыя, як толькі затрымае падазронага, валоча ейныя старыя косці ў пастарунак — каб пазнавала Муху. Кляне цяпер старая і Муху, і ягоныя грошы…
Цяжка даваліся прыродзе вёсны 1923-га, 1924-га і 1925-га. Адна за адной — як у падбор — абуджаліся марудна, стомлена. Раскатурхае днём павышэлае сонца сонную зямлю, размякчыць, падсушыць і адагрэе нават, — а за ноч яе зноў мароз скуе, нават аснежыць можа. І зноў… І так — амаль да пачатку траўня…
А да ўсяго — і навіны не сагравалі. Праўду ўсё ж кажуць: дзе коратка, там і…
Ластоўскага змусілі пайсці ў адстаўку. 23 жніўня адбылася «рэарганізацыя» ўрада БНР. Міністрам асветы стаў Варонка, міністрам фінансаў Захарка, дзяржаўным кантралёрам — Заяц, дзяржаўным пісарам — Пракулевіч. Прэм'ерам і міністрам замежных спраў стаў «прыгрэты» Ластоўскім Цвікевіч. У лістападзе 1923 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Прагу. Цвікевіч нечакана пачаў гнуцца да зліквідавання ўрада БНР. І ўлады БССР актывізавалі сваю дзейнасць. Беларушчыне ж — па ўсім — аніадкуль палёгкі не чакалася…
Вось і прарвалася ў душы Езавітава штось няўлоўнае, апякло — і наперад паклікала… У дваццаць восьмы дзень траўня 1923 года сеў было адпісаць ліст сябрам — а подумкі нечакана ў верш выліліся, подумкі няроўныя, нястрымныя — толькі верлібрам і ўлоўленыя; і ўнутры як завіравала штось, як штось ад стала адштурхнула… І сэрца болесна застукала…
Ведаем мы, пральецца ў нас кроў, ведаем —
многа сыноў Беларусь на Аўтар Незалежнасьці
ўзложа! Але ж будзем мы зноў меці волю дзядоў,
але ж шлях да Свабоды
старонка праложа!
<…>
Без крыві і ахвяр ніхто долі ня ўзяў, ніхто
праўды нідзе не дамогся, і
калі наш народ меч для
помсты падняў, ― Бог даруе! —
бо вякі ён цярпеў,
і прасіў, і маліўся.
Ён жа — Кастусь Езавітаў — ужо колькі гадоў змагаўся на ніве асветы. Але й тут не абыходзілася без ахвяраў: летам 1924 года латвійскія ўлады арыштавалі восем беларускіх настаўнікаў, сярод іх — і Івана Краскоўскага, і Андрэя Якубецкага, і Паўліну Мядзёлку, і яго — Езавітава, — і абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў злачынным таварыстве Латгаліі, якое ставіла сабе за мэту адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы»…
Следства доўжылася некалькі месяцаў, і калі на судзе 2 красавіка 1925 года Езавітаву прад'явілі «доказы»: этнаграфічную карту Беларусі, знойдзеную падчас вобыску ў ягонай кватэры ў Люцынцы на Латгальскай вуліцы ў доме № 64, а таксама падручнік Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі» (які выкарыстоўваўся ў беларускіх школах Латвіі) і змешчаную ў ім карту «Палітычны падзел Беларусі ў 1920 годзе», — ён усміхнуўся, чым здзівіў не толькі суддзяў, але й абвінаваўцаў.
Беларусаў на судзе абаранялі лепшыя адвакаты Латвіі — Шмідт і Гольцман, і — з прычыны неабгрунтаванасці абвінавачванняў — 4 красавіка ўсе былі апраўданы.
— Гэты працэс, — сказаў у сваёй прамове Езавітаў, ― шмат што высвеціў у нашым жыцці. Па-першае, мне сорамна за тых, хто фармуляваў наша абвінавачванне: «далучэнне Дзвінскага й іншых паветаў да Беларускай дзяржавы»… Да якой дзяржавы?! Захопленай бальшавікамі Беларусі, ператворанай у БССР? Заходняй Беларусі, у якой пануе польскі жаўнер? Сорамна, панове… Па-другое ж, мы сведкі перамогі дэмакратычнай Латвіі, якая знайшла ў сабе сілы ва ўсім справядліва разабрацца. І сёння, насамрэч, судзілі не нас, беларусаў Латвіі. Сёння асудзілі латвійскіх шавіністаў, па даносах якіх і распачалася гэтая справа. Прозвішча аднаго з іх я хачу, каб прагучала ў гэтай зале — прозвішча латвійскага амбасадара Вяржбіцкага. Няхай і іншыя з гэтай «гвардыі» задумаюцца…
Праз некалькі дзён Езавітаў нечакана атрымаў лісты-віншаванні з вызваленнем і перамогай — ад Рамуальда Зямкевіча і Вацлава Ластоўскага.
«Дык наперад жа, браце! — пісаў Ластоўскі. — Сядай, як і я, манахам да ціхае творчае культурнае працы…» (Ластоўскі на той час — адышоўшы ад палітыкі — выдаваў культурна-мастацкі штомесячны часопіс «Крывіч» і быў самым актыўным яго аўтарам.)
Але перамога на судзе была толькі сімвалічнай. Мядзёлка і Краскоўскі, якія не мелі латвійскага грамадзянства, мусілі пакінуць краіну. Быў зліквідаваны беларускі адзьдзел пры міністэрстве асветы — і Сяргей Сахараў застаўся без працы. Замарозіла дзейнасць таварыства «Бацькаўшчына».
У 1925 годзе Люцынскую гімназію далучылі да Дзвінскай, а Езавітава звольнілі з працы. Прыгнечаны апошнімі здарэннямі, ён пераехаў у Рыгу, дзе падчас следства адседзеў доўгіх адзінаццаць месяцаў…
На новую рыжскую кватэру да Езавітава завітаў незнаёмы госць — мужчына гадоў сарака, жоўтавалосы, даўгавязы. Прывітаўся па-беларуску, назваўся і па-беларуску — хоць крыху і з вымогай — гаварыў далей:
― Прабачце, што без папярэджанняў… ― Учэпіста зірнуў на стол — увесь закладзены выразкамі, дакумэнтамі, газэтамі, кнігамі (Езавітаў яшчэ не паспеў пасля пераезда ўпарадкаваць свой архіў). — Я да вас з Варшавы, ад беларускага амбасадара Ульянава… Ведаем пра вашы няшчасці. На жаль, у падобным бяспраўі і беларусы Заходняй Беларусі… ― старанна гаварыў пра неабходнасць аб'яднання высілкаў пры выданні беларускіх кніг і часопісаў і ўрэшце падагульніў: — Словам, я накіраваны з добрым даручэннем — мы можам дапамагчы фінансава ў вашых пачынаннях, асветніцтве й выдавецкай рабоце.
Езавітаў быў агаломшаны… Прапанаваў госцю кавы, а затым толькі спытаў:
― А хто гэтыя «мы», хто вызваўся на дапамогу?
― Калі сама высока — урад БССР. Сёння ён выдаткоўвае вялікія сумы не толькі на беларускую справу ўнутры рэспублікі, але й за яе… граніцамі. Грошы ідуць да савецкага амбасадара ў Польшчы Ульянава. А дапамога ж патрэбна беларусам не толькі Польшчы!..
Езавітаў адглынуў кавы, уважліва зірнуў на савецкага пасланца і вырашыў праверыць «напрамкі»:
― А што хочуць урад і амбасадар наўзамен?
Госць толькі ўсміхнуўся:
― Рабіць тое ж, чым і займаецеся… — і пачаў збірацца, падзякаваў за каву. — Я разумею, што прапанова нечаканая. Прапаную падумаць, а праз тыдзень дазвольце зноў прыйсці. Калі пагодзіцеся — а гэта адно толькі разумна, — складзіце да таго часу каштарыс на неабходную суму. І апішыце накірунак дзейнасці. Справаздачнасць, зразумейце. Грошы ж і працоўнай Беларусі не з неба падаюць…
Езавітаў ноч не мог заснуць. Часу, каб параіцца з кім-небудзь па-за Рыгай — найперш з Ластоўскім, — не было. І ён склаў мінімальны каштарыс — і парваў. І ўзгадаў словы з ліста Ластоўскага: «сядай, як і я, манахам да ціхае творчае культурнае працы»… Хоць грошай, чуў, Ластоўскаму Літоўскі ўрад выдаткоўваў на тую працу ўсё менш і менш. А тут — самі прапануюць. І ўзамен — нічога пакуль…
І ён пачаў складваць новы каштарыс, куды ўпісаў і затраты на выданне сваёй беларускай газэты, двух падручнікаў для беларускіх школак (рукапісы іх ужо былі).
А праз тыдзень зноў зайшоў пасланец ад Ульянава. Перачытаў каштарыс, кіўнуў галавой, падаў паперы назад:
― Подпіс ваш яшчэ патрэбен.
Езавітаў насцярожыўся. Няпэўны халадок прабег па грудзях. Акуратна перакрэсліў на паперы прабелы (каб ужо нічога нельга было ўпісаць) і — лішнюю паўхвілю патрымаўшы ў руцэ асадку, торапка распісаўся…
З Ластоўскім Езавітаў пабачыўся толькі ў кастрычніку 1925 года — у Берліне, на канферэнцыі, якую склікалі, каб вырашыць далейшы лёс урада БНР. Цвікевіч, яго старшыня, выказваўся за ліквідацыю[49]. Яго падтрымалі Заяц і Пракулевіч. Многія — і Езавітаў, і Варонка, і Мамонька, і Бадунова, і старшыня Рады БНР Крэчэўскі (які за колькі дзён да канферэнцыі абнародаваў свой зварот «Патрэбнасць дзяржаўнага органа за граніцай», дзе запэўніў: «Каб ня было Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з-пад ног якой трэба было выбіваць глебу, ніколі не было б Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а да гэтай пары існаваў бы Абліскамзам»), і Захарка, і іншыя выказаліся супраць (некаторыя наогул лічылі ўрад Цвікевіча незаконным). Мамонька ў пратэст такому пытанню пакінуў залу. Луцкевіч ліквідацыю ўрада падтрымаў…
― Бачыш… — шаптаў Езавітаву Ластоўскі. — Ты яшчэ вагаўся, браць грошы БССР ці не… А некаторыя ўжо юдамі праз іх сталі. Ты ж — адно на карысць…
Пра тое, што «распрацоўка» ліквідацыі ўрада БНР, а раней — адхіленне ад улады Ластоўскага праводзіліся магутнымі «спецорганамі» БССР - СССР, сумнявацца не даводзілася. Савецкі «бок» на канферэнцыі ў Берліне прадстаўлялі завочна ўжо знаёмы Езавітаву амбасадар з Варшавы Ульянаў і знаёмы вочна Жылуновіч-Гартны… Ніхто — ні Ластоўскі, ні Езавітаў — на той час не маглі ведаць, што ЦК КП(б)Б 16 кастрычніка 1925 года зацвердзіла цэлую праграму «Беларускі рух за кардонам», у якой было запланавана «працягваць работу па разлажэнні і драбленні беларускай эміграцыі, ні ў якім разе не дапусціць стварэння якіх-небудзь беларускіх аб'яднанняў», бо гэта «затармозіць развіццё беларускага руху савецкай арыентацыі».
Восенню 1925 года пад рэдакцыяй Езавітава пачала выходзіць новая беларуская газэта Латвіі «Голас Беларуса», выходзіць не без грашовай дапамогі з БССР. І нездарма Езавітаў марудзіў, ставіўшы подпіс пад складзеным каштарысам, — прадчуваў, што будуць вымогі да «адпрацоўкі» дадзенага. Не мог не бачыць і разбуральнай работы БССР - СССР у асяроддзі беларускай эміграцыі. Але раскошы выбару не меў — і вырашыў і надалей спакойна і карпатліва займацца сваім. А там час пакажа…[50]
«Голас Беларуса» з нумара ў нумар станавіўся мацнейшым, набываў сваё яскравае нацыянальнае гучанне. Вось толькі некаторыя назвы артыкулаў самога рэдактара, якія надрукавала газэта на працягу 1925 - 1927 гадоў: «Беларусы і Крывія», «Дзесяцігоддзе Беларускай Нацыянальнай Школы», «Да працы, моладзь!», «Да арганізацыі беларускае нацыянальнае меншасці ў межах сучаснае Латвіі», «Беларусы, моцна трымайцеся адзін аднаго!», некаторыя назвы вершаў самога Езавітава: «Марш Адраджэнца», «Жыве наша мова!», «Благаславенне на бойку»…
Такая праца не магла задаволіць «грошадаўцаў» з БССР - СССР. У сваіх каштарысах на фінансаванне беларускага руху за мяжой у 1926 - 1927 гадах яны мусілі адносна Езавітава рабіць асобныя агаворкі:
«Наша праца, якая праводзіцца праз Езавітава, не застрахавана ад «сюрпрызаў», нявыгадных для нас… Слабы водгук на падзеі ў Польшчы. Палітычны авантурызм і шкурніцтва Езавітава…».
Мусілі агаворвацца пра «авантурызм» і «шкурніцтва» Езавітава, а ён і далей дзейнічаў з чыстага сумлення: «Зрэшты, гэтыя грошы, што перадаюцца з Саветаў, беларускім мазалём зароблены, — то на беларускае і йсці павінны», — вырашыў.
У Менску ж пачалі пагаворваць і аб «нейтралізацыі» непадатлівага Езавітава. Ідэю перадалі савецкаму амбасадару ў Варшаве і «куратару» беларускай эміграцыі Ульянаву, толькі той мусіў 1 сакавіка 1926 года перадаваць у Менск пад грыфам «Зусім сакрэтна» наступнае:
«…пры пастаянным кіраўніцтве і некаторай матэрыяльнай падтрымцы ён (Езавітаў) змог бы разгарнуць работу ў Латвіі, і толькі тады можна было б, намацваючы лепшыя элементы, паступова асадзіць Езавітава на задні план. Але я сцвярджаю, што сярод латвійскіх беларусаў няма фігур з імем, а гэта ў першы перыяд арганізацыі надзвычай важна…»
А праца ў Латвіі Езавітавым і насамрэч разгортвалася шырокая. Таварыства беларускіх настаўнікаў дамаглося адкрыцця ў Рызе чатырох прыватных беларускіх пачатковых і адной сярэдняй школы (адну з пачатковых школ узначаліў сам Езавітаў), адкрыцця беларускага дзіцячага садка. Таварыства пачало выдаваць часопіс «Школа і Жыцьцё», а Езавітаў у дадатак да «Голаса Беларуса» рэдагаваў штомесячнік «Беларуская школа ў Латвіі» (выдаваўся дзевяць гадоў).
Калі тут, у Рызе, заўважаўся ўздым, то ў Вільні й Коўне беларуская праца спакваля затухала. Пілсудскі зноў захапіў уладу (газэты называлі гэта «выбухам Пілсудскага») і нечакана прапанаваў беларусам аўтаномію са сталіцай у Вільні. Але ягоны «зігзаг» адно насцярожыў беларусаў-заходнікаў.
«У гэтым абнечаканенні Пілсудскага відны свае планы, — пісаў Езавітаву Ластоўскі. — Хітры вус хоча пасварыць літоўцаў з беларусамі, пацыкнуўшы нас Вільняй, а з беларусаў і ўкраінцаў зноў хоча скласці авангард для свайго пахода на Расію. Шукае каінаў у Вільні, каб лацвей здабыць Менск і Коўну, і ў Львове — каб здабыць Харкаў…»
На гэты раз беларусы казкам Пілсудскага не паверылі. Большасць пачала схіляцца да супрацоўніцтва з БССР, дзе з шырокім размахам распачыналася беларусізацыя.
Вось што пісаў аб гэтым беларускі грамадскі часопіс «Наш Покліч», які выдавалі ў 1926 годзе ў Коўне пад рэдактарствам Гайдукевіча на тыя ж савецкія грошы (і які выяўляў сябе прасавецкім):
«Годзе, пане Пілсудзкі! Гэта ня леташнія дразды! Не! Беларусы вам не супрацоўнікі — у гладыятары не наймаюцца. Беларусы, дзякуючы Рэвалюцыі, здабылі сабе Бацькаўшчыну. <…> Руйнаваць сваю Бацькаўшчыну беларусы ня пойдуць і не жадаюць сваёй кроўю паліваць родную зямельку для польскіх каланістаў!»
У звязку з «польскай справай» у 1926 годзе Румынія абвесціла агульную вайсковую мабілізацыю, у Рызе пачалі прызываць на службу «запаснікоў». Заварушыліся і ў Менску, і ў Вільні. Апошняя была «пад крылом» Англіі — і пачувалася спакайней. Праўда, мясцовыя прабальшавікі яхіднічалі:
«Раней ангельскія свінні карміліся ўкраінскім цукрам, а цяпер хочуць мець літоўскі авёс»…
У Рызе ж аднавіў сваю працу беларускі адзьдзел міністэрства асветы Латвіі. Беларусы дамагліся замены яго кіраўніка Зеліта на свайго кандыдата. Улады не пагадзіліся зацвердзіць на гэту пасаду Езавітава (як напачатку прапаноўвалі беларускія арганізацыі), але падтрымалі Уладзіміра Пігулеўскага.
Дзейнасць латвійскіх беларусаў адразу ж актывізавалася. Заснавалася Беларускае выдавецкае таварыства. У 1927 і 1932 гадах былі выдрукаваны кнігі Кастуся Езавітава «Беларусы ў Латвіі» і «Беларусы ў Літве». Пад рэдакцыяй Езавітава ў Рызе яшчэ ў 1926 і 1927 гадах выйшлі «Беларуская школа. Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня» і падручнік Язэпа Лёсіка «Наша крыніца. Чытаньне для беларускіх школ у Латвіі», а таксама навучальныя праграмы для беларускіх пачатковых школ па гісторыі Латвіі і краязнаўстве, у 1933 годзе — «Праграма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці» (пад кіраўніцтвам Езавітава быў арганізаваны збор фальклору і прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў).
Да беларускай справы актыўна далучалася моладзь школ і гімназій. У Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі яшчэ з 1927 года працаваў закладзены Езавітавым гурток аматараў беларускага друкаванага слова, які вёў улік беларускай перыёдыкі, рэгістраваў выданні Заходняй Беларусі, складаў каталогі. Найбольш актыўным працаўніком гуртка быў Мікола Панькоў, які яшчэ школьнікам далучыўся да адраджэнцкага руху — быў сувязным паміж Дзвінскам і Коўнам, перавозіў перыёдыку й ліставанне, кіраваў заснаваным Паўлінай Мядзёлкай гуртком моладзі «Лепшая Доля»…
Пад ачольваннем Езавітава склаўся і літаратурны гурток. Моладзь атрымала магчымасць не толькі друкаваць свае творы на старонках «Голаса Беларуса», але і выдавацца асобнымі кніжкамі — у 1926 годзе з'явіўся зборнік вершаў маладых паэтаў «Першы крок». На вокладцы — шматпаказальны малюнак: селянін і рабочы трымаюць бел-чырвона-белы сцяг. Зборнік склалі вершы дваццаці паэтаў, сярод іх Ашурка, Бартуль, Вайвадзіш, Вальтар, Ванаг, Воркуль, Казлоўская, Мікалаева, Рык, Сахарава, Сакол, Талерка…
«У далёка не спрыяючай латвійскай сапраўднасьці дваццаць паднялі меч беларускага Слова, — пісаў у першай рэцэнзіі на гэты зборнік Уладзімер Жылка (рэцэнзія была надрукавана ў першым нумары (1926 год) часопіса «Новы Прамень», які ў Чэхіі рэдагаваў Жылка). — Першы літаратурны крок як літаратурны мо не заўсёды і не зусім удалы, але ён адгучны веку, гэтым крокам ідуць змагары, і таму ён ваяцкі, цьвёрды і пэўны…»
У зборнік уключыў свае вершы і Кастусь Езавітаў, бо і ў яго гэта быў першы крок у паэзію, і пра ўдаласць гэтага кроку лепш ад Жылкі сказаць цяжка.
«Да гэтага беларускае грамадства знала яго (Езавітава) як старога і заслужанага працаўніка, які першы паклаў падваліны беларускага руху ў Латвіі, ― пісаў рэдактар «Новага Промня». — Тут, у зборніку, сустрачаем К. Езавітава ў паэзіі, галіне творчасці для яго новай, і мы рады прывітаць яго паэтычны талент. Сочачы за яго працай, бачым, што паэзія для яго толькі адзін з сродкаў яго грамадскага слугаваньня, хоць паэзія вымагае ўсяго паэта, хоча, каб яна была яго адзіным слугаваннем грамадзянству» — і скончыў рэцэнзію цытаваннем «моцных, каваных радкоў» Езавітава:
Ужо ніхто не забье беларускай душы!
Ў цяжкіх муках яна акавалась бранёй!
Не зрачомся мы Сьветлае Волі сваёй,
На сьвет вольны мы выйдзем з глушы![51]
Пад рэдакцыяй Езавітава і з ягонымі прадмовамі ў Беларускім выдавецкім таварыстве ў Рызе выйшлі зборнік вершаў Пятра Масальскага «На сьвітаньні» (1929 год), асобнай брашурай — апавяданне Віктара Вальтара «Лясьнікова сена» (1932 год) і іншыя беларускія кнігі. А у Менску нейкім «доктарам Янам Доўгім» пісалася і кніга пра самога Кастуся Езавітава — «Беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі» (у 1933 годзе пад грыфам «Акадэмія Навук БССР» яна выйдзе ў свет)…
Гэта было ягонае другое прыйсце ў Менск — другое пасля 1918 года, менавіта прыйсце: на перадапошнім прыстанку перад вакзалам Кастусь Езавітаў з Вацлавам Ластоўскім (разам ехалі з Коўны), узяўшы з паліц свае валізкі-чамаданікі, выйшлі з вагона і вырашылі некалькі кіламетраў адолець пехам — прыгараднымі вулкамі, спакваля агледзець горад — і свой, і чужы. І адразу ж пачалі дакараць сябе: усчаўся дробны дождж-імжака, гарадскія ўскрайкі пакрыліся туманам, і яны не толькі рызыкавалі змокнуць, але й заблудзіць.
Назаўтра, 14 лістапада, у Менску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. Вуліца і тратуар перад будынкам Дваранскага Сходу (цяпер — клубам Карла Маркса) аж чарнелі ад публікі. На будынках — чырвоныя і бел-чырвона-белыя сцягі! У зале паседжанняў, якая магла змясціць болей васьміста гасцей, большасць месцаў унізе і балкон, калі яны ўвайшлі, былі ўжо заняты. Сцены — у чырвона-белых барвах. На першых шэрагах заўважылі аснежаную сівізной галаву Райніса, побач з ім — Купалу, Лёсіка. Падаліся да іх, расцалаваліся. Месца побач не было, і яны прыселі крыху воддаль, бліз купкі моладзі, па ўсім — студэнтаў.
Адкрыў канферэнцыю старшыня Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі — прывітаў прысутных і заспяваў «Ад веку мы спалі». Затым запрасіў па спісе замежных гасцей у прэзідыум і пачаў прамову:
— …Збіранне раскіданых культурных сілаў заняло выдатнае месца ў нашым культурным будаўніцтве… Амаль што з нічога вырасла Дзяржаўная бібліятэка… Зараз Беларусь налічвае чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы…
У дзень адкрыцця канферэнцыі ў Чырвонай зале сталоўкі Цэнтральнага рабочага кааператыва быў банкет. І — о колькі сустрэч з новымі людзьмі! Тут і літаратары, і навукоўцы, і кіраўнікі партыі і ўрада БССР.
…Клаліся спаць амаль раніцай, але стомы не адчувалі. І чакалі дня новага. Езавітаў жа рыхтаваўся выконваць абавязкі старшыні правапіснай камісіі канферэнцыі…
Назаўтра вечарам Езавітаў у гатэльным нумары даў Ластоўскаму прачытаць тэкст верша, які меў назву «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»:
За ўсе краі, за ўсе народы сьвету,
І што былі, і прыйдуць што пасьля,
Аздобленае горкім, цьмяным цьветам
Зазнаць нам гора лёс благі паслаў.
Скарыліся і моўчкі ўсё прымалі:
Самахаць, можа, прыйдзе лепшы час.
Як лісьцінку на поплаве качалі
І зьневажалі чужаніцы нас.
Калёнія праз некалькі сталецьцяў,
Наедак ненажорным груганом…
Я прысягаю — праклянуць нас дзеці…
За апяшаласьць нашу нам праклён.
<…>
Прыціх наш край: ад гутарак аскома…
Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.
Свабодай карыстаюцца сачкомы,
Каб тых, хто мысьліць, у вастрог саджаць.
<…>
На нашым карку торг спраўляе сьмела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
<…>
Браты мае! Даволі ашуканства,
Гасьцей да хаты выправіць пара.
З лазы заплаканай спляцём ім кайстры
Для нарабаванага ў нас дабра.
Сьляды іх гідкія пяском пасыплем,
Пясочкам сьветленькім пасыплем іх,
Каб гэтай шумы, акупантаў-злыдняў
Апошні водгук прагучаў і сьціх.
А не, — дык надарма усё, жыцьцё надарма,
Лажыся ў яму Сам, Народзе мой, —
Пакуль ты сам ня будзеш гаспадарыць, —
Не разьвітаешся з жабрацкай калітой.
Пад вершам стаяла дата — 29 верасня 1926 года — і псеўданім: Янка Крывічанін.
Ластоўскі перачытаў уважліва — і спытаў крыху зніякавела:
― Дзе ўзяў?
― Меў нечаканыя запросіны на абед ад Гартнага. Там Ільючонак з Адамовічам далі перапісаць… Кажуць, ужо з паўмесяца па Менску гэты верш ходзіць.
Ластоўскі сеў на ложак, склаў рукі — далоньмі адна да другой, памаўчаў, затым ціха сказаў:
― Гэты верш мне той жа Алесь Адамовіч паказваў яшчэ раніцай. Прапанаваў надрукаваць у «Крывічы». Мне як штось кальнула тады: як так, загадчык адзьдзела друку ЦК кампартыі Беларусі — і прапануе апублікаваць антысавецкі верш! А яны і да цябе… І ў дадатак — Ільючонак, былы бальшавіцкі падпольшчык з Заходняй Беларусі… Ці не падазроны такі клопат?
Езавітаў маўчаў, і Ластоўскі пасля пярэрвы дадаў:
― А верш — як стогн, выбалены… Гэта не падробка, і мне падаецца, я ведаю яго аўтара.
― То скажы, каму паціснуць руку?
― Гэтымі днямі яго штось не відно было…
На чацвёрты дзень працы канферэнцыі ў калідоры залы паседжанняў Езавітаў сустрэў Аляхновіча. Крыху пагаварылі — Аляхновіч не хаваў уражанняў ад канферэнцыі, ад менскага тэатра:
― І насамрэч тут тэатр ёсць, і дзяржаўную субсідыю мае!..
Даўгавата спыталі піва ў сталоўцы № 1 на рагу Савецкай — усё, што засталося ад колішняй рэстарацыі. Пасыпаная апілкамі падлога, брудныя вокны, публіка — пераважна ў доўгіх чырвонаармейскіх шынялях… Узгадвалі мінулае, сяброў. Аляхновіч часта курыў…
― Ведаеш… Пахадзіў, паглядзеў. Хачу застацца тут.
― А сям'я, праца? — Езавітава, па ўсім, не здзівіла гэтае прызнанне.
― Жонка з сынамі пагадзілася пераехаць.
― Колькі сынам?
― Пяць і два… А праца — хіба тое, што рабіў, так назавеш? Абрыдла мне страхавая каса і яе слутжбовы стол. Не гэтым хочацца займацца.
― А рада? — Езавітаў спытаў цішэй, нібыта вывучаючы сябра, нібыта не жадаючы яго пакрыўдзіць — стаўленне да Беларускай часовай рады пад ачолам Паўлюкевіча, у якой Аляхновіч лічыўся заступнікам старшыні, былі аднолькавыя ў большасці беларусаў — здраднікі, якія падспеўвалі пад польскую дудку.
― Рада? — Аляхновіч спахмурнеў. — Ну ўблёўтаўся я ў яе, што казаць… Карысці, праўда, з мяне ёй аніякай. Ды й на жыццё паўлюкоўцам шанцы невялікія: палякі ўжо колькі месяцаў не плоцяць грошай, і «радаўцы» не маюць ні на гарэлку, ні на абед.
― А што гэта ні Луцкевіча, ні Тарашкевіча на канферэнцыі не відно?
― Х-ха… — Аляхновіч падпаліў новую папяросу, цяжка выдыхнуў дым, адкінуў запальнічку. — Палякі не далі ім дазволу на выезд, вось і засталіся.
― А як аднаму ў Менск ехалася? Мы з Ластоўскім, па-праўдзе, рыхтаваліся да нечаканак…
― Спакойна ехаў! Я ж на службе водпуск узяў… Адно пачуцці дзіўныя: Стоўбцы — яшчэ «Польшча», а Негарэлае праз колькі кіламетраў, з якога сяляне сотні гадоў на кірмаш у Стоўбцы хадзілі — ужо Беларусь. Вось як разанулі… Прыехаў увечары, пераначаваў у маленькай гасцініцы каля вакзала. Не хацеў ноччу маці турбаваць.
― Яна ўсё там жа, на Вясёлай, каля Вайсковых могілак? Як здароўе?
― Ды не скардзілася… І я ёй сказаў, што вось вазьму ды застануся. Сям'я перабярэцца… — Аляхновіч дакурыў папяросу, расціснуў на папяльнічцы, зробленай з кансервавай бляшанкі. — Узрадавалася… Займуся, кажу ёй, сваёй справай, а жонка дапаможа развесці табе курэй… Маці вельмі куры любіць! Пару гадоў таму мела некалькі, ды пакралі…
Яны дапілі піва і выйшлі. На прыступках сталоўкі сутыкнуліся з двума рослымі вайскоўцамі ў форме ГПУ.
― Што, генерал, скажаш пра гэтых стральцоў? — спытаў Аляхновіч, калі тыя нырнулі ў сталоўку. Падалося, што ён крыху захмялеў.
― Я такі генерал без войска, як і ты — рэжысёр без тэатра, — жартам парыраваў Езавітаў. А Аляхновіч абнечаканіў:
― А я іхняга шэфа — Дзяржынскага — ведаў! Спатыкаўся не раз з ім на калідорах Віленскай гімназіі. Ён быў старэйшы на тры клясы… Затым кінуў гімназію — як і я — і працаваў рэпетытарам у маіх сваякоў у Борце, маёнтку непадалёк ад Вільні. Неяк Фелікс знік, пакінуўшы ў хаце валізку, а ў ёй — забароненая літаратура. А яшчэ праз пару дзён з'явілася паліцыя…
― Дык во адкуль у іх вопыт!
― Што маеш?.. — не зразумеў Аляхновіч.
― Ды хоць бы пра твайго другога знаёмага, Фальскага. Не чуў?
― Не…
― Фальскі ставіў у Менску п'есы, беларускія п'есы, ведаеш пра гэта. І Купалавы, і твае, пэўна… ГПУ падаслала да Фальскага дзяўчыну, якая нібыта перайшла з Заходняй Беларусі. Тая папрасіла ў Фальскага савецкіх газэт… Дзяўчыну потым арыштавалі, а за ёй і Фальскага — і абвінавацілі ў тайнай сувязі з палякамі, выраклі да расстрэлу. Затым выслалі ў канцлагер і забаранілі жыць на Беларусі…
― У БДТ[52], дзецішчы і Фальскага, я ўчора быў… Ведаеш, — Аляхновіч узрушыўся, расхваляваўся, нібыта й не чуў Езавітава, — мяне пазналі, усцягнулі на сцэну, падкідалі ўгару! Праўда, на рэпетыцыі разанула, што сяляне з 1863 года — гэта я пра пастаноўку «Кастуся Каліноўскага» — гаварылі моваю сённяшніх камсамольцаў…
― Ты пра тэатр, дзе дырэктарам зараз Язэп Дыла?
― Так. А скора збіраюцца адкрыць і другі — БДТ 2, у Віцебску. Маю запросіны на яго адкрыццё! Аспрэчыць нельга: шмат чаго карыснага ў Менску робіцца. І газэты беларускія, і кнігі, і школы, і універсітэт, і дух, падаецца, таксама. І канферэнцыя гэта засведчыла. Ці не так?
― І заля — як некалі ў 1917-м — у бел-чырвона-белым… — падтрымаў яго Езавітаў. — Вось толькі бюст Леніна перад прэзідыумам…
― А што, — Аляхновіч згодна кіўнуў, ― прапануем яго заўтра выдаліць з залы як безмандатніка…
Назаўтра бюста Леніна ў зале паседжанняў канферэнцыі ўжо не было.
У прадапошні дзень працы канферэнцыі, 20 лістапада, пасля агучвання рэзалюцыі аб'явілі перапынак. Тады Жылка і падвёў да Ластоўскага дужага высокага хлопца з каротка падстрыжанымі валасамі (неўтаймоўны віхор на макаўцы), блакітнымі вачыма й строгімі брывамі.
― Дзядзька Вацлаў, хачу пазнаёміць — Уладзімер Дубоўка, наш паэта.
Парукаліся, і Ластоўскі ўважліва агледзеў Дубоўку: галава крыху набок (нібыта саромеўся свайго росту), погляд адкрыты, але з адбіткам якойсці таямніцы…
Яны выйшлі на вуліцу, і там Ластоўскі прызнаўся, што завочна ўжо добра ведаў другога Уладзімера — яшчэ па віленскім часопісе «Маладое Жыцьцё»; распытаў пра ягоныя клопаты ў Маскве, памаўчаў — і падагульніў:
― Мяне ўразіў некалі твой верш «Малітва ўцекача»: «Зьлёт груганоў знішчыў мой край…», «тых пракляну, што нам Юдамі сталі»… А тут, у Менску, далі прачытаць «На ўшанаванне новага падзелу…» Янкі Крывічаніна… І хачу я… — Ластоўскі зноў сціх, уважліва зазірнуў у вочы Дубоўкі. — Хачу, як рэдактар «Крывічаніна» і «Крывіча»… як няштатны пасланец Крывіі паціснуць Янку Крывічаніну руку.
Дубоўка таксама ўважліва ўгледзеўся ў Ластоўскага, затым абодва ўсміхнуліся, і старэйшы абняў малодшага…
…Вечарам Ластоўскі здзівіў Езавітава:
― Ты верш той… Крывічаніна, што перапісаў, надрукуй. Абавязкова надрукуй! Толькі не ў сваім «Голасе Беларуса», бо грошы адсюль (ён зрабіў асаблівы акцэнт на гэта слова) адразу ж слаць перастануць… Так дзе-небудзь…
― А сам што? — не зразумеў напачатку Езавітаў.
― А сам тут застануся. Таму і не бяруся гэты верш за мяжу перавезці ― ім толькі дай зачэпку…
― Як «застануся»!?
― Так, як і Аляхновіч. Я ўжо ўсяго пабачыў. І помсты, і здрады… У Коўне большага не зраблю, грошы на «Крывіча» не вылучаюцца…
― А прапанова з Амерыкі?
― Дзе тая Амерыка! За сябе загадчыкам славянскага адзьдзела Амерыканскай бібліятэкі прапаную стаць Жылку.
― Дык што — мне аднаму вяртацца? — Езавітаву падалося, што з ім жартуюць.
― Трэба ж некага і на развод пакінуць! — Ластоўскі й не думаў жартаваць. — Толькі не дрэйфі, з БССР разам паедзем. Мне трэба яшчэ свае архівы перагледзець. Папрыхаваць тое-сёе. А там — назад паспрабую…
Нечакана для Езавітава многія беларускія выданні Вільні, як згаварыўшыся, пачалі пісаць пра Радаслава Астроўскага. Найбольшай актыўнасцю вызначаўся «царкоўна-народны двутыднёвік, орган праваслаўных Беларусаў» «Беларуская Зарніца». Яго № 1 ад 1 верасня 1928 года інфармаваў:
«З 22 па 24 жніўня г.г. адбылася ў Варшаве другая сэсія Мітрапалітальнае Рады пры Главе Праваслаўнай Царквы ў Польшчы Мітрапаліце Дзіанісіі. Папярэдні склад Рады быў папоўнены працоўна-грамадзкімі дзеячамі… Ад беларускага грамадзянства былі запрошаны: сьвяшчэньнік А. Коўш і інспектар Віленскае беларускае гімназіі Р. Астроўскі».
Праз некалькі нумароў — новае:
«У памяшканьні Беларускай Гімназіі адбыўся агульны сход сябраў Беларускага Дабрадзейнага Таварыства… У рэвізійную камісію… абраны грам. Р. Астроўскі і інш.»;
«Загадам ураду скасавана Таварыства беларускай школы ў Вільні. Яно было канцэсіянерам Віленскай беларускай гімназіі. Р. Астроўскі стаў старшынёй бацькоўскага камітэту гімназіі»…
Бяда не ходзіць адна…
Не перасталі апякаць чуткі пра арышты сяброў у Менску — як прыйшлі да самога… Ранішняя Рыга толькі-толькі апранулася ў новае снежнае футра, і ад чаравікаў двух паліцэйскіх у пакоі заставаліся мокрыя сляды.
― Пан Езавітаў? — спытаў малодшы па-латышску.
― Я…
― Маем санкцыю на ваш арышт.
І вось ужо тыдзень — у турме. Абвінавачванні тыя ж, што і ў 1925-м, з новага дадалося толькі «супрацоўніцтва з БССР у сепаратысцкіх мэтах». Якое супрацоўніцтва, якія мэты?!
Па-праўдзе, у гэтую адсідку як штось надламалася, надарвалася ў ім. Не хацелася ні змагацца, ні адстойваць сваю невіноўнасць, волю. Скарыла абыякавасць, апатыя, нават страшнейшае… Першы арышт вытрымаў як чарговае выпрабаванне. Чытаў, пісаў у турме. Як чыставыгаленым, пад гальштукам зайшоў у камеру, так — выгаленым і з гальштукам — з турмы і выйшаў… А зараз пачынаў шкадаваць, што і ўсё вострае, і гальштук, і папругу, і нат шнуркі ў турме адбіраюць… І разумеў, што здраджваў і сабе, і людзям, але адчуваў, што нервы аслабелі, што без нажа даразала безвыходнасць, — дык ці не паскорыць гэта?..
А ў галаве — галасы сяброў.
«І амаль усе за кратамі. Што за д'яблава наканаванасць?! Што за жыццё — як паміж молатам і накавальняй! Няўжо столькі граху на беларускім следзе, што столькі крыві яго аніяк ачысціць не можа?!»
…Першым з іхняй кагорты арыштавалі Аляхновіча — подла, як толькі магло ГПУ: запрасілі ў краіну (візу на ўезд у СССР у Варшаве сам Ульянаў выдаў), і грамадзянства савецкае прапанавалі, і на «брудэршафт» запрашалі — і праз паўтары месяцы звязенілі. «А каб тады і Аляхновічу, і Ластоўскаму паслухацца Баліцкага, нацкама асветы БССР — радзіў жа ім у прыватнай гутарцы не аддаваць сваіх замежных пашпартоў! Толькі ж куды беларусам падзецца на гэтым свеце?! Ні на чужбіне, ні на радзіме жыцця ім няма…» Аляхновіч — ужо грамадзянін СССР — атрымаў працу ў Віцебскім тэатры, радаваўся, што пачалі рыхтаваць пастаноўку ягонай п'есы — радаваўся ажно да 1 студзеня 1927 года, калі яго арыштавалі і даставілі ў Менск, а затым — у сакавіку — зачыталі абвінавачанне[53] і выслалі на дзесяць гадоў у Салаўкі, у муры колішняга манастыра, ператвораныя ў савецкі канцлагер…
Не дапамаглі і апякунства, і заступніцтва вядомых беларускіх дзеячоў Менска — Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Міхайлы Грамыкі, Янкі Купалы, Алеся Гурло, Аркадзя Смоліча, Язэпа Лёсіка, Уладзімера Жылкі, Аляксандра Піятуховіча й іншых… Не дапамаглі і спадзеўкі на амністыю ў «гонар» дзесятай гадавіны рэвалюцыі…
Ініцыятарам збору подпісаў у абарону Аляхновіча стаў Якуб Колас. Пра гэта, напрыклад, сведчыла Іна Рытар (пісьменніца беларускай эміграцыі Аляксандра Саковіч), швагерка пісьменніка і вучонага Міхайлы Грамыкі, узгадваючы, як да іх — жыла ў доме Грамыкаў — завіталі Якуб Колас, Язэп Лёсік і маці Аляхновіча:
«Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага (М. Грамыкі. — А. П.) подпісу».
Зрэшты, і подпіс пад лістом ад 25 кастрычніка 1927 года ў Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў БССР з просьбай «даравання волі» Аляхновічу ў звязку з дзесяцігоддзем Кастрычніка (такую надзею «падкінуў» Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК) Якуб Колас падпісаў першым. Думаецца, Якуб Колас быў і аўтарам лістоў, якія Аляхновіч атрымліваў па дарозе ў Салаўкі — напачатку ў Ленінградскім «Исправдоме». Арыштант ліставаўся з маці, яна ведала адрас сына — і праз яе пра месца адрасата даведаўся і Якуб Колас. Лістоў было некалькі. Першыя адраджалі надзею:
«Дарагі тав. Аляхновіч! <…> Тав. Чарвякоў пытаўся, ці я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так… Напішэце, як вы на гэта гледзіцё…»
«Дарагі тав. Аляхновіч! Надзея на амністыю ня зьдзейсьнілася. Сяньня пішу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Ці зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў Вашай справе напісалі калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра… Напішэце мне, можа чаго Вам трэба…»
Якуб Колас памятаў, як на святкаванні дваццатых угодкаў сваёй літаратурнай дзейнасці падчас «цёплага» банкета раіў Аляхновічу застацца ў БССР, — і не мог не паспрыяць, не падтрымаць таварыша па пяры, па веры, не мог не адчуваць ва ўсім, што здарылася, і сваёй — хоць і ўскоснай — віны… І лісты дасылаў акуратна (і адказы з этапу з падзякамі і просьбамі «і далей не пакладаць рук» ад Аляхновіча таксама атрымліваў):
«Паважаны тав. Аляхновіч! Вашая справа пакуль не скранулася з месца. Мне асабіста здаецца што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалі мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскае амністыйнай камісіі… Гэтак казаў мне старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пісаў пра вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя і вытрываласьці. Да 10-годзьдзя БССР засталося ўжо менш як год».
Так, надзеі былі ўжо толькі на 1929 год, на дзесятыя ўгодкі абвяшчэння БССР…
І нарэшце — апошні ліст з Менска:
«Тав. Аляхновіч! <…> дагэтуль яшчэ нічога не ўдалося зрабіць, а калі зробіцца дык будзе паведамлена. Няхай тав. Аляхновіч пакіне мне гэтак часта пісаць…».
…Прынясуць у камеру абед — а Езавітаў нават голад перастаў адчуваць. Зноў — змрочнае апанавала.
«У красавіку 1927-га перабраўся ў Менск Ластоўскі — Аляхновіч дзесь ужо на этапе быў. Ластоўскага напачатку дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея прызначылі, і акадэмікам, і другім чалавекам у Акадэміі навук Беларусі зрабілі… А праз тры гады і звольнілі, і званняў пазбавілі! І выслалі на пяць гадоў у Саратаў…»
У закратаваным акне бліснуў запознены прамень (сонца заглядвала ў яго камеру толькі падвечар, калі хавалася за дахам суседняга турэмнага блоку). Але ён не заўважыў нават і промня — патанаў у абдоймах скрушных згадак.
«…І ўрэшце — гэтыя чуткі, што схапілі і Дубоўку, і сухотніка Жылку…»
Дубоўкаў верш «На ўшанаванне новага падзелу…» Езавітаў усё ж перадрукаваў — у першым нумары віленскай «Беларускай Культуры» за 1927 год — са сваім допісам:
«…гэты верш адбіваець праўдзівыя настроі і думкі беларускага народу, у нетрах якога накіпаець пратэст проціў камісарскіх гвалтаў…»
І гравюру пад вершам змясцілі адпаведную: заснежанае поле, наўздалеч — узгорак-курган з праваслаўным крыжам, а над усім — кружляюць чорныя груганы…
«Камісарскія гвалты абрынуліся і на самога Дубоўку-Крывічаніна[54], і на Жылку (не захацеў ехаць у далёкую Амерыку, вярнуўся з Прагі на Беларусь — паміраць, бо ведаў пра сваю невылечную хваробу), і на Лёсіка, і на Гарэцкага, і на Ігнатоўскага, і на Чарвякова — і на сотні іншых беларускіх пісьменнікаў, на тысячы іншых беларусаў…»
…Толькі ў 1941-м, падчас вайны, Езавітаў даведаецца, што жывым са знаёмцаў застаўся адзін Дубоўка: Ластоўскага, Лёсіка, Гарэцкага знішчылі. Ігнатоўскі застрэліўся, Чарвякову — «дапамаглі»… Жылка… Хворага, яго выслалі ва Уржум. Да яго прыехала жонка — Рыма Маневіч (малую дачку Беату пакінула ў сваіх родзічаў). Пражыла з Жылкам няпоўных тры тыдні — і перайшла да чэкіста… «Ухажора» перавялі на новае месца, і Рыма падалася следам, а па тэлефоне сказала Жылку, што парывае з ім назаўсёды. Марцовы муж неўзлюбіў малую Беату, і Рыма аддала яе ў дзіцячы дом… Гэта нявечыла ці не больш, чым няволя… У першы дзень вясны на трыццаць трэцім годзе жыцця, у шпіталі Жылка памёр…
Латвія ўсё ж — не БССР — жыла не па гругановых законах, а па дэмакратычных. Быў суд — з адвакатамі й абаронцамі, і Езавітава, як і пяць гадоў таму, апраўдалі. Калі ён мінаў турэмную браму, нечакана згадаліся словы Ластоўскага, калі той вырашыў застацца ў БССР, словы да яго, Езавітава: «Трэба ж некага на развод пакінуць», і выраз ягонага твару ўзгадаў — сур'ёзны, стомлены. І вырашыў тады не даць спакусіць сябе смяротнай стоме, не скарыцца ёй…
Ці ж ведаць яму ў той дзень, што наперадзе яго яшчэ чакалі новыя арышты — і ў 1934-м, і ў 1935-м?
Наогул, гады з 1925-га па 1934-ы былі для Езавітава і самымі плённымі, і самымі цяжкімі. Мяняліся месцы працы: на пачатку 30-х ён выкладаў методыку роднай мовы і гісторыі літаратуры на двухгадовых Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсах у Рызе, вучыў маляванню ў Першай рыжскай беларускай пачатковай школе. З году ў год папаўняў свой архіў. У збіральніцкіх клопатах меў шырокую перапіску. Калекцыянаваў этнаграфічныя замалёўкі — і пісаў беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Вільню, прапаноўваючы яму выдаць працы асобным альбомам. Цікавіўся музыкай — і пытаў у лісце Рыгора Шырму:
«Ці няма ў Вас мэлёдый для «Пінскае шляхты»? Я хачу перадрукаваць яе з нотамі. Ужо даўно трэба было б гэтую п'есу выдрукаваць з нотамі, але неяк ніхто за гэтую справу не ўзяўся».
Высілкамі Езавітава ў Рызе перыядычна ладзіліся беларускія выставы і вечарыны…
Ноч з 3 на 4 лютага 1931 года Ігнатоўскі не спаў. Здавалася, штось чорнае, даўкае паўзло на яго з халоднай вуліцы праз шыбы вокнаў, ападала са столяў… Знясілілі доўгія допыты ў АДПУ, пакаяльныя лісты, пастановы парткалегій, шальмаванні ў друку. Месяц таму яго звольнілі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук. І — новыя позвы ў сакрэтны адзьдзел, начальнік якога — як і дзень таму — будзе вымагаць ягонага подпіса пад загадзя складзеным пратаколам допыта:
«…признаю, что с момента вступления в партию я вёл сознательную двойную политическую игру в интересах осуществления идеалов белорусской контрреволюционной интеллигенции…».
А за што пабралі хлопцаў — яго малодшых сяброў, пісьменнікаў, навукоўцаў? Амаль цалкам знішчылі літзгуртаванне «Узвышша»…
Ранак не прынёс адхлання. Ігнатоўскі прыйшоў на кухню, сомнамбульнымі вачыма працяў жонку:
― Ведаеш, я хачу, каб ты… ня вельмі сумавала, калі са мною што-небудзь здарыцца…
― Стрываем… Ці ж я буду горшая за іншых жонак? Куды вышлюць цябе — туды і я. Не ўпяршынь жа нам… Памятаеш царскую высылку?
Жонка штось яшчэ хацела сказаць, але Ігнатоўскі раптам усміхнуўся, пяшчотна абняў і пацалаваў яе. Штось няпэўна-лядзянае растала і ў ягоных зрэнках…
Паволі пакрочыў у свой кабінет, прычыніў дзверы, а праз некалькі хвілінаў гохнуў стрэл… Калі прыбегла жонка, ён ужо бяспамятна ляжаў у калюжцы крыві, але яшчэ дыхаў. Жонка выклікала па тэлефоне «хуткую дапамогу», але першым у кватэры з'явіўся агент ДПУ.
― Я цябе не клікала! Прыбег цешыцца? Вон! — паспрабавала выпіхнуць «госця» за дзверы, ды заўважыла, што па сходах падымаліся да іх яшчэ двое. Яна асунулася на падлогу і, млеючы ад роспачы, выкрыкнула яшчэ раз:
― Вы забілі майго мужа!
…У 1941 годзе сакрэтныя матэрыялы — «кніга» на 500 старонак машынапісу пад загалоўкам «Совершенно секретно. Обвинительное заключенне по делу Белорусского Национального Центра» — былі знойдзены ў сакрэтных сховішчах менскага ДПУ. У 1943 годзе па загадзе Радаслава Астроўскага іх перадалі з Менска ў Баранавічы нейкаму «др. Мінкевічу»[55].
Вецер то злосна налятаў, нахіляючы-гойдаючы цыбатыя хвоі — і тады ўверсе гуло, стагнала, крахцела, то ападаў да долу, кружляў апалае лісце, біў узнятым каўняром бушлата па твары, — і Аляхновіч мусіў прытрымліваць каўнер рукамі (балазе хатуль з рэчамі нёс ззаду чырвонаармеец). Паперадзе — чэкіст у доўгім шынялі, з ромбамі на лацканах (вышэйшымі вайсковымі адзнакамі).
Яны набліжаліся да памежнай брамы — паміж Коласавым і Стоўбцамі, і Аляхновіч адчуваў, што з кожным крокам меншыўся на яго ўціск гэтага дзяржаўнага айсберга пад назовам СССР, што з кожным крокам ён — пасля амаль сямігадовай салавецкай катаргі, стомлены і надломлены — станавіўся мацнейшым.
Зірнуў наперад: над спіною ў шынялі з ромбікамі, над памежнай брамай — шчыт з чырвонымі літарамі: «Коммунизм сметёт все границы». А далей, ужо на «польскай» сцежцы, — чатыры постаці: высокі ў цывільным, два паліцыянты і той, каго сёння, 6 верасня 1933 года, польскі ўрад абменьваў на яго, Аляхновіча. Хто гэта будзе, ён ужо ведаў, але калі сустрэўся — зніякавеў і не змог першым пачаць гаворку. Нібыта на цэлае жыццё дабавілася ў ім… А вось гэты чалавек, з якім звязвалі ў мінулым гады сяброўства, скіроўваў — хоць і з лепшых памкненняў — у савецкі міраж-пекла сотні падобных яму, наіўных — і не ўсе з іх сёння жывыя…
― Ну здароў, браце… — першым прывітаўся Тарашкевіч.
― Здароў…
Яны падалі ядзін аднаму рукі.
Аляхновіч глядзеў на Тарашкевіча як згіпнатызаваны.
«Выгалены, у фільцовым капелюшы, стыльным паліто, вычышчаных ботах…»
А ён — у пацёртым бушлаце, які застаўся яшчэ ад Салаўкоў, у брудных атопках…
― Добра выглядаеш…
― Ты таксама.
― Дзякуй, але сумняюся… — і загаварыў пра тыя міражы ў сябе за спіной, ды яго спыніў старшыня польскай рэпатрыяцыйнай камісіі — ён з чэкістам падпісаў ужо акт абмену палоннымі і намерыўся развітвацца.
― То бывай здароў…
― Бывай…
І яны разышліся: адзін у Стоўбцы, каб адтуль дабрацца ў Вільню (і праз колькі месяцаў пачаць пісаць сваю спавядальную аповесць «У капцюрах ГПУ»), другі — у Менск, каб сустрэцца з таварышамі, аддацца працы ў роднай Беларусі (але так і не пабачыў ні Смоліча, ні Янкі Купалы, — праз колькі тыдняў яго вывезлі ў Маскву, каб там зрабіць сведкам арыштаў сваіх паплечнікаў па Грамадзе, а ў 1938-м забіць і самога)…
Скрушны ліст у Беласток да Рыгора Шырмы Езавітаў пісаў некалькі дзён — як спавядаўся, як гаркоту сваю лекаваў:
«…З прыходам дыктатара Кароля Ульманіса ў Латвіі беларускія школы пачалі закрывацца або далучацца да латышскіх. Заместа Беларускага адзьдзела назначылі аднаго рэферэнта. У Рызе засталася толькі адна пачатковая беларуская школа, але і яе статус — няпэўны… Нашых настаўнікаў звальняюць. Пасля чацьвёртага арышту няпэўнае і маё становішча. Думаю заняцца фізічнай працай… Жнівень 1935 г.»
Восенню 1935 года Езавітаў перабраўся на правінцыю, у Лібаўскі раён, зняў два пакоі ў прыгожай прасторнай вясковай хаце. Разам з ім прыехала і Наталля Бохан, дваццацідвухгадовая беларуска з Дзвіншчыны, чарнявокая прыгажуня з чароўнай усмешкай (што выяўляла на шчоках звабныя ямінкі), з непадатлівымі кудзяркамі над чаіцынымі брывамі, мяккім голасам, — яго колішняя гімназістка, а цяпер — маладая жонка. Наталля летась скончыла ў Рызе і медыцынскія курсы і ўжо мела прапановы наконт працы — тут, на Лібаўшчыне.
Ён жа пачаў… будаваць сажалкі, разводзіць карпаў. А доўгімі піліпаўскімі вечарамі сядзеў за самаробным сталом каля шчыльна састаўленых кніжных шафаў (усю бібліятэку і архіў ён здолеў перавезці з Рыгі). Спакушала гісторыя, і ён наноў перачытваў свой кнігазбор, нядаўна праштудзіраваў працу Адама Станкевіча «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», якая выйшла ў 1935 годзе, — і пакінуў на кніжных палях шмат сваіх палемічных заўваг: тэзіс пра балцка-літоўскі пачатак у этнагенезе, гістарычным мінулым беларусаў; там, дзе вялася гаворка пра пляменную, этнічную самаідэнтыфікацыю продкаў сучасных беларусаў у адрозненне ад іхніх суседзяў-літоўцаў, рашуча дапісаў-удакладніў: «Беларусы і ёсць літоўцы!», «Блытае са жмудамі», а ніжэй — «У нас больш правоў называць сябе ліцьвінамі, чым у жмудаў».
На некаторых кнігах заставаліся рэмаркі Езавітава пра спецыфіку гісторыка-цывілізацыйнага развіцця Беларусі, пра супярэчлівыя дзеянні на ейных землях розных царкоўных інстытутаў — часта не на карысць карэнным нацыянальным інтарэсам беларусаў…
Пад Новы год з Рыгі яму перадалі дасланую на яго ранейшы адрас паштоўку-тэлеграму:
«Віншую генерала з заручынамі і жадаю абараняць сваю абраньніцу больш, чымся некаторых…»
Подпісу на запозненай тэлеграме не было, але ён і так здагадаўся: абазвалася Мядзёлка…
Зіму пражыў панура. Наваліліся сны-набрыдзі: то разбіваецца цягнік з ягонымі знаёмцамі, а на рэйкі няведама скуль падаюць змеі, то нейкі карабель перакульваецца і трушчыцца аб чырвоныя ледзяшы-крыгі…
А тут яшчэ на раён навалілася эпідэмія тыфусу, і ён тыдзень амаль зусім не спаў — дапамагаў, чым мог, жонцы ратаваць бедалагаў-вяскоўцаў…
Аднаго разу да яго ў дзверы пастукала гаспадыня:
― Пан Кастусь, там да вас прыбеглі… Кажуць, вашай спадарыні кепска зрабілася…
І абарвалася штось у ім. Кінуўся з хаты, а куды бегчы — не ведаў… Наталліна ноч прайшла ў забыцці, а дарогу да Рыгі пражыць ёй ужо не было наканавана…
А што Кон лёсіў яму? І тыдзень, і месяц, і год — як суцэльны летаргічны сон, з якога ні выйсці, ні выбегчы…
Дый ахвоты такой не зраджалася…
У летаргічным сне ляжала і Беларусь. Многія з яе сыноў і дачок так ніколі і не ачунялі да жыцця. І дзесь грукаталі вагоны-таварнякі — везлі на поўнач этапы «рабсілы», і дзесь грукаталі каля турэмных лёхаў маторы — каб глушыць стрэлы, і дзесь грукаталі фанфары святкаванняў і юбілеяў…
У 1935 годзе ЦК КП(б)Б вырашыла адзначыць трыццацігоддзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Кампазітар Мікалай Аладаў да гэтай нагоды напісаў дзвюхгадзінную араторыю на тэкст Купалавай паэмы «Над ракою Арэсай».
…Праз паўгадзіны пасля пачатку ўрачыстай вечарыны слухачы пачалі незаўважна разыходзіцца. Засталася толькі купка найтрывалых, з імі — і Купала з жонкай. Змораны «юбілейнымі» турботамі і «ганаровай» чаркай, паэт заснуў… Раскатурхалі Купалу тады, калі Аладаў з выканаўцамі араторыі на заканчэнні пачалі яго віншаваць.
На выхадзе з тэатра Купаліха перастрэла Аладава і не стрымалася:
― І што ж, дзядзька Мікола, мой Янка вам кепскага зрабіў?..
Праз некалькі дзён у «ЛіМе» з'явілася карыкатура: Аладаў сядзіць у вялікай трубе і дзьме адтуль на Купалу, а публіка тым часам разбягаецца з залы…
Пабудка прыйшла ў верасні 1939 года, калі Заходнюю Беларусь далучылі да БССР.
…У Беластоку ў Рыгора Шырмы нечаканы дарагі госць — Купала. Пастукаў ціха, нібы вагаючыся (суправаджатыя на некаторы час прыпыніліся на вуліцы каля машыны).
Абняліся, расцалаваліся, а ў абодвух на вачах — слёзы. Без стуку завітаў у хату шафёр. Гаспадар з радасцю пачаў збіраць на стол пачастунак, а Купала прайшоў у залу — большы пакой, пакратаў кветкі герані на белых падаконніках, агледзеў кніжныя шафы — і раптам знерухомеў, заўважыўшы на покуці, над шафамі, свой партрэт[56].
Як загіпнатызаваны, намацаў стул, сеў — і не адводзіў вачэй ад свайго падвойніка: бадзёрага, упэўненага, наструненага — сам пастарэлы, са здрадлівымі маршчынамі пад вачыма, з выцвілым поглядам.
Калі Шырма зайшоў клікаць госця да стала — убачыў незвычайнае: Купала з поўнымі вачыма слёз штось вымольна шаптаў свайму партрэту…
А калі развітваліся, прашаптаў і Шырму:
― Падалося мне, што тое ж зрабілі і з Беларуссю… Той край, што й раней — ды толькі ў маршчынах…
З заходнебеларускіх турмаў новыя ўлады пачалі вызваляць арыштантаў. Восенню 1939 года два з іх прыйшлі на пінкаўскі хутар Рамана Скірмунта і пастукалі ў дзверы ягонай хаты. Ніхто не адазваўся — і стук узмацніўся.
― Зараз-зараз… — да дзвярэй прашомкаў сам гаспадар. — Хто там?
― Адкрывай! Мы з камітэта. — Голас сіплы, прастуджаны.
― З якога камітэта?
― Раённага! Адкрывай.
― То што вы хочаце? Вечар жа…
― Адкрывай, а то будзем ламаць!
Доўгая хвіля маўчання — і няпрошаныя госці навальваюцца плечукамі, разам гохкаюць у дзверы… Клямка вось-вось сарвецца…
― Абажджэце! Чаго ломіцеся? Зараз адкрыю.
У хаце светла — спалоханая жонка трымае ў руках газніцу з высока адкручаным кнотам. На стале — вараная бульба, малако, салата, раскроены брус сала, яйкі.
― Ці не зарана вячэраць? — даўгавязы з худым тварам, на якім востра выступалі скулы, прыставіў да стала вінтоўку, сеў на табурэтку, выбраў з міскі меншы агурок, адкусіў… ― О, добрая засолка! — і працягваў ужо, не перастаючы храбусцець, аж пакуль не даеў. — Знаць так, пан Скірмунт… Мы павінны адвесці цябе ў раён. Як ведаеш, у нас — новая ўлада, і яна разбіраецца з усімі, хто не зжыў панскага хворсу. Але мы не якія-небудзь злыдні… Хочаш — дамовімся палюбоўна. Ты нам залацішка, і чым пабольш — а мы за гэта забываем да цябе дарогу.
― Якое золата? — не паверыў пачутаму Скірмунт і нахмурыўся. — Які ж з мяне пан? Я даўно сваім мазалём жыву. Хай вунь суседзі скажуць… А па золата вам трэ было на гадоў пятнаццаць раней прыходзіць. А так — ваколіцы адно маё багацце… ды парк яшчэ…
― То як хочаш… — Не даў дагаварыць даўгавязы. — Збірайся й пойдзем!
Скірмунт абняўся з жонкай (тая ціха плакала), ускінуў на плечы світку і першым выйшаў з хаты. Сонца з паўгадзіны таму схавалася за блізкім лесам, забыўшы на ягоных макаўках свой выцвіла-ружовы вэлюм… Глуха ёдзгаў у будцы стары сабака…
Калі ішлі паркам, мякка шапацела пад нагамі апалае лісце, адно канадскі клён аніяк не хацеў скідваць свой жаўтавата-шэры курцік і махаў услед сваімі вялікімі лістамі-далонямі…
«Мо і насамрэч трэ было, як запрашалі, з'ехаць у якую-небудзь Канаду?» — падумаў Скірмунт і яшчэ раз азірнуўся на сваю хату — у вакне з газніцай закамянела жонка.
Яго цела назаўтра знайшлі вяскоўцы — за кіламетраў шэсць ад хаты, на ўзлеску, побач з дарогай. На грудзях — рана, твар збіты да непазнавальнасці, шыя зломлена. Ці гэта ахвяру напачатку выпытвалі, а затым застрэлілі, ці проста ў візіцёраў усяго адзін патрон быў, і таму давялося дабіваць-дадушваць старога — хто цяпер дазнаецца?
На мапе Эўропы за паўмесяца перастала існаваць вялікая і багатая дзяржава — Польшча[57]. 1 верасня 1939 года нямецкія войскі пачалі акупацыю з захаду, з усходу 17 верасня Заходнюю Беларусь, Заходюю Украіну і некаторыя польскія раёны заняла Чырвоная армія.
Для некаторых беларусаў зноў замаячылі агні старадаўняй Вільні. У горадзе склікаюцца грамадскія сходы. На адным з іх з прамовай выступіў Антон Луцкевіч — жадаючы далучэння Вільні да БССР. Аднак урад СССР перадаў Вільню і Віленскі край Літве. Выступаючы на надзвычайнай сесіі Вярхоўнага савета СССР міністр замежных спраў Молатаў сказаў:
«Віленская тэрыторыя належыць Літве не з-за яе насельніцтва. Не, мы ведаем, што большасць насельніцтва на гэтым абшары не літоўская. Але гістарычнае мінулае ды імкненні літоўскага народа цесна звязаны з горадам Вільня, і ўрад СССР палічыў неабходным шанаваць гэтыя маральныя фактары».
Яшчэ да перадачы Вільні Літве ў горадзе НКУС правёў масавыя арышты беларусаў. У турмы СССР трапілі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Антон Трэпка, Сяргей Бусел (удзельнік колішняга Слуцкага паўстання), жонка Радаслава Астроўскага Антаніна і сын Віктар, Макар Краўцоў (у 20-я гады быў у апазіцыі да Пілсудскага, у 1926 яго арыштавалі польскія ўлады, з 1927 працаваў у Віленскім беларускім навуковым таварыстве, з 1939 — у рэдакцыі газэты «Віленская Праўда») і іншыя.
Праз дзесяць месяцаў Чырвоная армія заняла Літву, Латвію і Эстонію…
Перападзел не спыняўся і ў 1941-м. Пасля нападу Нямеччыны на СССР Беласток і Горадню з акругамі далучылі да Усходняй Прусіі, Брэст, Пінск і Гомель — да «Генеральнага камісарыята Украіны». Рэшта Беларусі са Смаленшчынай і часткай Браншчыны склала «Беларускую генеральную акругу»…
У лістападзе 1939 года Езавітаў зноў пераехаў у Рыгу і прыгледзеў сабе ціхую кватэру на Міжпарку, Інчукала Йеса, кватэру № 1 у доме № 1. І насамрэч — нібыта новы пачатак сведчылі сабой гэтыя адзінкі…
Наноў раскладваў свой архіў, рабіў новыя вопісы, а калі ўсё давёў да ладу — пайшоў у цырульню і пагаліўся.
Але напоўніцу агоўтацца да рэчаіснасці перашкаджалі газэтныя паведамленні: у Эўропе гула вайна, і яму здавалася, што не ён гэта ператварыў колькі гадоў свайго жыцця ў сон, а што яна — вайна — задрамала была на дзесяцігоддзе з гакам…
Яго абралі старшынёй «Беларускага аб'яднання» Латвіі, дырэктарам беларускай вячэрняй школы для дарослых, запрашалі да супрацоўніцтва многія беларускія выданні: часопісы «Новы Шлях», «Ostland», газэты «Раніца», «Новая Дарога» і «Беларускі Голас», які рэдагаваў Аляхновіч. Рыхтаваў да друку новыя працы: «Гарманізацыя беларускай песні», «Беларусы ў Амерыцы», «Беларускі нацыянальна-адраджэнчы рух», «Беларускі паэт Сяргей Палуян», «Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі» і іншыя (некаторыя з іх затым надрукаваў у берлінскай «Раніцы» пад псеўданімам М. Зінчук[58].
У красавіку 1942 года Езавітаў папрасіў Аляхновіча напісаць для беларускай прэсы сваю аўтабіяграфію. Праз год драматургу споўніцца шэсцьдзесят гадоў, і высвятленне ягонага жыццяпіса Езавітаў лічыў важным клопатам.
1 траўня з Вільні прыйшоў адказ:
«…Даруй, братка, але мне пакуль-што цяжка пісаць аб сабе».
Але Езавітаў паслаў новы — больш настойлівы ліст, і ў ліпені атрымаў не аўтабіяграфію, а ўспаміны-апавяданні ў паасобных малюнках, у якіх апісваліся здарэнні 1902 - 1903-га, 1910 - 1913-га, 1922-га і 1940-га гадоў.
Езавітаў дапісваў біяграфію Аляхновіча ажно да верасня: зноў прасіў даслаць дакладныя звесткі пра бацькоў і дзеда, высветліць некаторыя моманты з лёсу самога драматурга. А той адказваў неакуратна — і праз сваю занятасць, і праз сваю сціпласць…
…Гора сваіх сяброў, таварышаў, калегаў, знаёмых Езавітаў успрымаў сваім. Даведаўся, што ў Сяргея Скандракова памерла жонка (з ёй таксама даўно знаўся) — і зашчымела пад сэрцам, захацелася перадаць добрае слова…
«18 сакавіка 1943 г.
Дарагі пане Сяргею!
Мы з вамі ўжо даўно не жывём для сябе, дык пацягнемо і далей наш воз. — Так пачаў ён свой ліст. Задумаўся. Стаў пісаць — абсохла пёрка. Абмакнуў наноў — атрамант якасны, кладзецца з асадкі тонка. — Распачыналі мы ў 1921 годзе. Безьлюдзь была. Потым былі й уздым працы, і разбурэньні, іновыя ўзьлёты і падзеньні, але добра тое, што мы ня здрадзілі свайму народу і сваім пачуцьцям, з якімі выйшлі на працу… — і як не парадавацца, падумаў: зноў запрацавалі дзве беларускія гімназіі, чатыры нацыянальныя пачатковыя школы, а вось-вось клопатамі Сахарава адкрыецца Розенаўская беларуская гімназія… Вось толькі б яшчэ здароўе… — Я зараз часта хварэю. Перапрацаваўся. Аднак цягну. «Беларуская школа» ў тыпаграфіі. Друкую тое, што дазваляюць. Зборнік сьпеваў рыхтую. Для альманаху ня маю проста часу».
Пра тое, што ён браў удзел у выданні беларускага часопіса «Новы Шлях» (і надрукаваў у № 2 артыкул «Беларуская нацыянальная вопратка», у № 3 — «Беларускі мастак — Пётра Мірановіч», у № 11 — «Свята Купалы», у № 20 — «Вацлаў Ластоўскі», а таксама — у свежым нумары — «Беларускія прыпеўкі»), пра тое ягоны суразмоўца па ліставанні, пэўна ж, ведаў. Як і пра апрацоўку Езавітавым «Беларускага бібліяграфічнага слоўніка» і напісанне гісторыі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Згадваў Езавітаў Сахараву раней і пра тое, што пакрысе пачаў пісаць успаміны пра падзеі 1917 - 1918 гадоў.
Ён і раней толькі працай — днямі й начамі, фанатычнай, спапяляльнай і жывільнай — ратаваў сябе: ад ліхіх думак, ад душэўнай нудоты, тугі. Працай і лекаваў свае хваробы. Мацавалі і лісты — ад сяброў. Пазаўчора на артыкул «Беларускія прыпеўкі» адгукнуўся дырэктар Віленскага беларускага музея Янка Шутовіч і прасіў па мажлівасці паспрыяць-дапамагчы ў зборы фальклорнага матэрыялу і краязнаўчай працы. Ахвотна!
А праз два месяцы — новая радасць. Выйшла ў свет трэцяе выданне ягонай «першай пасля лемантара кнігі для чытання ў беларускай асноўнай школе Латвіі» «Беларуская школа». Былі аддрукаваны й іншыя падручнікі, песні з нотамі. Займаўся перасылкай іх па школках краю, а тут і самому перадалі ліст — з Прагі.
Узгадаў пра яго колішні консул БНР у Канстанцінопалі, а цяпер начальнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка, які, да ўсяго, займаўся ўпарадкаваннем Беларускага загранічнага архіва ў Празе. А таму і заахвочваў перадаваць у архіў і ягоны — Езавітава — збор:
«Дакумэнты і ўсялякія пісемныя ці друкаваныя матэрыялы перасылайце на адрас: Беларускі архіў пры Міністэрстве ўнутраных спраў — Пратэктарат Чэхіі і Маравіі. Прага. <…> Магчыма што кіраўніка архіву мне ўдасца пасадзіць яшчэ да свайго ад'езду ў Менск, дык потым паведамлю Вам яго прозьвішча, адрэса была б тая самая <…> Калі ж ён сюды не прыедзе, дык дастанеце потым ліста безпасрэдна ад яго».
Гэта была і правільная, і патрэбная справа: усе матэрыялы-сведчанні нацыянальнага руху сабраць і захоўваць у адным месцы, і калі на Беларусі зрабіць гэта немагчыма праз акупацыю і актывізацыю савецка-нямецкага фронта — дык чаму б не пачаць у Празе?
Праседзеў да паўночы, а калі перачытаў напісанае, падумалася, што і не ліст атрымаўся, а «правадзейны» артыкул (як-ніяк — быў жа слухачом Віцебскага археалагічнага інстытута, дзе прызвычаіўся цаніць архівы!):
«Мужу даверу
пры Гэнэральным камісары Беларусі
дохтару Івану Ермачэнку.
Паважаны Спадару!
Дужа цешуся, што Вы зацікавіліся нарэшце і справаю Гісторыі Беларускага Адраджэнчага Руху і належсмых да гэтае гісторыі архіваў. Сёньня атрымаў Вашыя лістіы ад 25 і 29 траўня 1943 году і ахвотна пастараюся Вас паінфармаваць аб тым, што мне ў гэтай справе ведама.
1) З архівамі Беларускага Руху абыходзіліся дужа нядбала.
Гэтак, напрыклад, Архіў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску, Архіў Вялікай Рады і Цэнтральнай Вайсковай Рады быў захоплены бальшавікамі ў студзеню 1918 году, калі яны напалі на Беларускую Вайсковую Раду ўначы і арыштавалі мяне і Захарку. У лютым мы, аднак, захапілі ўладу ў Менску і зноў здабылі гэтыя архівы. Прычым высьветлілася, што сакратар Усебеларускага Кангрэсу Тамаш Грыб невядома куды падзеў архіў Кангрэсу <…>.
2) Архіў Народнага Сакратарыяту і Рады БНР быў пры эвакуацыі з Менску ў сьнежні 1918 году вывезены міністрам Я. Варонкай у Вільню, а стуль у Коўну, дзе і перахоўваўся ў яго прыватнай кватэры да ад'езду яго ў Амэрыку. <…>
З) Дзеля невядомых мне прычынаў, Архіў гэты ня трапіў у рукі эміграцыйнага ўраду БНР, але быў прададзены транспартнаю кантораю п. В. Ластоўскаму, які перахоўваў яго ў сябе да свайго ад'езду ў Менск. <…>
5) Пасьля ад'езду свайго ў Менск В. Ластоўскі, у вялікім сакрэце, захаваў закуплены ім архіў Я. Варонкі ў Літве, не сказаўшы аб гэтым нікому, апроч свае жонкі-літвінкі, з якою ён быў разведзены, але якой дапамагаў выхоўваць дваіх сваіх дачок, а таму меў сталую сувязь. Трымаў ён у сакрэце таму, што баяўся, каб савецкі ўрад не запатрабаваў выдачы гэтых дакумэнтаў у БССР, што магло дужа зашкодзіць астаўшымся ў Беларусі старым беларускім дзеячом, а таксамамагло загубіць гэтыя дакумэнты, для Беларускага Руху <…>.
6) Ня ведаю калі, але ўжо каля 1935 - 1936 году сталася вядомым, што муж аднае з дачок Ластоўскага ў Літве зажадаў «звольніць пакой ад рознага хламу» і таму прадаў жыдом і багатую бібліятэку Ластоўскага і «ўсялякія паперы непатрэбныя». <…>
Мне здаецца, што прызначэньне ў Празе кіраўніка Беларускага Архіву і даручэньне яму працы яшчэ толькі пачатак гэтае справы.
Каб хутчэй правесьці гэтую важную справу, патрэбна
1) <…>
З грамадзкім прывітаньнем моцна цісну руку.
Жыве Беларусь!
5.06.1943. К. Езавітаў».
Спавядальным, у нечым нават падрахавальным атрымаўся ліст Езавітава да Міколы Абрамчыка[59] ад 28 ліпеня 1943 года:
«Беларускі народ на чале з Першым беларускім урадам не аказаў патрэбнага адпору сваім акупантам. У гэтым сэнсе акурат і выявілася нацыянальная непадрыхтаванасьць. Народ аднёсься пасыўна да свайго лёсу. <…> Каб здабыць незалежнасьць, мала толькі абвясьціць яе на паперы. Яе патрэбна здабыць уласнымі рукамі, бо ніхто яе нам не падаруе. Але для гэтага трэба мець моц і волю да незалежнага жыцьця. <…>
Беларускі народ у сярэднім высокамаральнага складу. І якраз гэтая маральнасьць пазбавіла нас ініцыятывы, рашучасьці, энэргіі… Мы не пускаліся ў налёты, як нарманы, нашчадкі якіх сёньня хоць і невялікія шведзкі і нарвескі народы, але маюць і дзяржаўнасьць, і культуру, і новыя маральныя пакаленьні. Мы ня мелі духовае цьвёрдасьці, каб даць адпор чужацкаму засільлю…».
Лета зноў змяняла зіма, а яны жылі — абгалечаныя, усірочаныя новай вайной. Толькі тут, у Рызе, з кожным днём усё мацней і мацней сціскала ў свае абцулінды адзінота. Школы, з такой цяжкасцю сабраныя, — вось-вось закрыюцца. Настаўнікаў — не хапае. А галоўнае — згаслі ў вачах сяброў былыя іскрынкі апантанасці. Апатыя — люцей і зласней ад любога ворага — перамагала і без таго нешматлюдную сябрыну сведамых рыжскіх беларусаў.
І заставалася — шпацыр кожнага ранку па новым снезе старога горада, мадзенне да цямна над кнігамі й рукапісамі, сон-набрыдзь — і зноў шпацыр. Пачало нават здавацца, што й выйсця з гэтага кола-тупіка не будзе…
Снедаў у кавярні «Euros», праглядваў газэты. Калі патрапляў «Беларускі Голас» — прачытваў увесь. І падавалася, што там, у Вільні, дзе выдавалася газэта, жыццё віравала: дзейнічала Віленская беларуская рада, жыло й працавала шмат беларусаў — і п'есы ставіліся, і карціны пісаліся…
― Беларускія газэты? — каля ягонага століка хітнуў галавой — прывітаўся — колішні знаёмец з рыжскіх беларускіх журналістаў Мікола Лошчыц, з нядаўняга — настаўнік геаграфіі Розенаўскай гімназіі.
― Сядайце, пане Лошчыц. Можа, вы навінамі падзеліцеся? А то дзень у дзень адно і тое газэты гэтыя паўтараюць…
― Ды якія там навіны… Ці немец, ці рускі.
― Як гэта? — ён неўразумела аглядзеў Лошчыца, а той і не міргнуў нават:
― Ды так, колькі ні пнёмся, а як проса ў ступе…
Памаўчалі, і, нібыта падагульняючы, Лошчыц дапіў каву і апаліў:
― Вырашыў я, пане Кастусь, у Амерыку падацца.
― А гімназія?
― Развітаўся.
― Кінуў?
― Так, калі заўгодна.
Ён яшчэ з хвілю ўзіраўся ў вочы Лошчыца і з жахам адчуваў, што ні ўгаворваць, ні абурацца і сілаў, і ахвоты ў яго не было.
― То зрабі ласку — і ад мяне адыдзі…
Лошчыц наструніўся, моўчкі забраў талерку з недаедзенай запяканкай і перайшоў да другога століка. Спахмурнеў — ці гэта проста падалося?..
Увесь дзень хаваўся ад скрушных думак у кнізе, а ноччу так і не змог заснуць. Сеў пісаць новы ліст — да Аляхновіча ў Вільню.
«…Зайздрошчу Вам, што працуеце ў родным асяродзьдзі, сярод сваіх людзей, бо мне ўжо 25 год даводзіцца працаваць сярод чужынцаў або сваіх, якія паступова трацяць сувязь з роднай глебай і якіх увесь час даводзіцца духова ратаваць ад загібелі. Заўсёды прыходзіцца толькі даваць нешта ад сваёй энэргіі і духу, а ад іншых «зарадкі» ня маю. Павінен «самазараджацца» праз кнігу, газэту, верш і ўласны дух…»
Лёсавая драма Аляхновіча выяўляла ўсё новыя павароты: улетку 1940 года ён сустрэў у Вільні савецкія танкі… Былі ўцёкі праз «зялёную» мяжу ў Нямеччыну, быў астрог у Сувалках, адкуль таварышаў пусцілі ў тую Нямеччыну, а яго — перакінулі назад (бо своечасова не паклапаціўся аб дакумэнтах у нямецкай амбасадзе ў Коўне). І былі тулянні па Вільні (кожную ноч — у новых знаёмых), пакуль не выехаў у Алькенікі, дзе стаў… вартаўніком. І быў прыход нямецкага войска…
Езавітаў згадаў, як Аляхновіч у колішнім сваім допісе-ўспамінах прызнаваўся (у кастрычніку 1942 года перагледзеная Аляхновічам біяграфія была надрукавана ў беластоцкай газэце «Новая Дарога» (№ 40).):
«— Ці злыбяды ўжо скончыліся? Хто ведае? Але хіба што канец, бо і жыцьцё блізіцца да канца. Хоць — няма ведама, можа лёс, які так без пардону зьдзекваўся, не даючы мне, аднак, канчальна згінуць, мае ў запасе нейкую апошнюю штуку, якую прыгатаваў для мяне як фінал…»
І як напрарочыў…
Ён, здавалася, ужо звыкся да жыцця ў небяспецы, у нечаканасцях. То танкі, то міны — як тады, у 1943-м, у Менску.
…Яны паабедалі ў сталоўцы Самапомачы і па былой Камсамольскай, а цяпер вуліцы Алеся Гаруна вярнуліся ў рэдакцыю «Беларускай Газэты»: Францішак Аляхновіч, Антон Адамовіч, Наталля Арсеннева і Леанід Савёнак. Да Адамовічавага стала падышоў Савёнак, папрасіў пяра.
― Маё не піша, а малюе, як пэндзаль, — патлумачыў.
Адамовіч адсунуў шуфляду — і скамянеў: у газэтным скрутку ляжала міна… Апальвалі два словы, напісаныя тлуста і няроўна: «Руками не трогать!»
― Уцякайце! Хутчэй уцякайце адсюль! — выкрыкнуў Адамовіч і асцярожна ўзняўся з-за стала.
З іншага пакоя пазванілі ў паліцыю. Паліцыянт — менскі немец, фольксдойч — прыйшоў праз некалькі хвілін, акуратна выцягнуў шуфляду і толькі вынес яе разам з мінай на прыступкі будынка, як гохнуў выбух. Паліцыянта разарвала на кавалкі...
Праз год пасля таго, як адзначылі шасцідзесяцігоддзе «бацькі беларускага тэатра» (як пісалі газэты пра Аляхновіча), увечары 3 сакавіка 1944 года да яго на віленскую кватэру зайшлі два наведвальнікі. На пісьмовым стале — карэктура «Беларускага Голасу» (падчас нямецкай акупацыі яе рэдагаваў Аляхновіч), часопісныя выразкі сваіх успамінаў пра перадваенныя гады тулянняў і ўцёкаў ад ГПУ - НКУС (вырашыў іх дапоўніць), рукапіс пра пачатак беларускага адраджэння, экземпляр напісанай у 1943 годзе камедыі «Круці ня круці — трэба памярці» — з свежым аўтографам аднаму знаёмцу…
У кабінеце пачалася спакойная размова, а каля васьмі гадзінаў вечара нечакана грымнуў стрэл… Жонка кінулася да мужа, і яе на прыступках ледзь не збіў адзін з наведвальнікаў.
Кроў з прастрэленай галавы Аляхновіча залівала стол, і ён толькі змог двойчы прашаптаць жонцы:
— Звані...[60]
Некалі Менск, а цяпер Мінск шмат пабачыў за свой век, але эскадра варожых самалётаў у ягоным небе з'явілася ўпершыню…
У той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, многія з мінчукоў былі ў пасёлку Весялоўка — на адкрыцці Камсамольскага возера. З бадзёрай прамовай выступіў таварыш Молатаў. А вечарам загохкалі першыя стрэлы зенітак і з'явіліся першыя нямецкія бамбавозы…
Праз шэсць дзён пасля таго Мінск быў акупаваны (за суткі вораг пасоўваў «легендарную» і «непераможную» Чырвоную армію на 50 - 100 кіламетраў. Аніякай эвакуацыі горада не было. Народнае апалчэнне ў Ждановічах і Уруччы, не атрымаўшы прадуктаў харчавання, выступіла на затрыманне нямецкага дэсанта з адной вінтоўкай на… дзесяцёх.
Дэкрэтам ад 17 ліпеня 1941 года Гітлер абвясціў аб стварэнні рэйхскамісарыята Остланд у складзе Літвы, Латвіі, Эстоніі і часткі Беларусі, рэйхсканцлерам прызначыў Лозе (яго рэзідэнцыя размяшчалася ў Рызе). Генеральны вокруг «Беларусь» узначаліў Кубэ, на чале Менскай гарадской управы з лістапада 1941 года стаў Вацлаў Іваноўскі.
З гэтага часу, на думку Езавітава, на Беларусі — да ўсяго — распачалася і новая грамадзянская вайна. Гаўляйтэр Кубэ, сам паэт-драматург, пачаў падтрымліваць мясцовых нацыянальных дзеячоў. Многія беларусы ў першыя дні акупацыі выяўлялі лаяльнасць да немцаў: ствараецца Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі, закладваецца Беларуская рада даверу, адкрываюцца нацыянальныя школы, выдаюцца беларускія газэты[61].
Масква не магла змірыцца з гэтым, хоць і кінула дзесяцімільённы народ — як жывы шчыт — да ног фашыстаў. Пад яе патранажам распальвалася партызанская барацьба, якая толькі люціла нямецкія войскі супраць беларускага насельніцтва. Пачалося вынішчэнне беларусаў і немцамі — цэлымі вёскамі за аднаго забітага партызанамі салдата, і партызанамі. 5 сакавіка 1943 года ў рэдакцыі «Беларускай Газэты» падпольшчыкамі быў забіты лідэр нацыянал-сацыялістаў Фабіян Акінчыц, у лістападзе — рэдактар «Беларускай Газэты» Вацлаў Казлоўскі, у снежні — Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзесяткі іншых беларусаў. Брат забіваў брата…
А знішчаючы немцаў — ні на фронце, а ў тыле, дамагліся і рэпрэсіяў на акупаваных гарадчукоў — большасцю жанчын, старых і дзяцей. Забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Кубэ ў ваенных дзеяннях не дало поспехаў — наадварот, яго месца заняў брыгадэнфюрэр СС, генерал-маёр паліцыі Готберг, які пачаў лютаваць напоўніцу. Але ж найперш гэтага і дамагаліся з Масквы: вынішчыць сімпатыі некаторых да акупантаў. І гэта атрымалася: пасля забойства Кубэ былі ўзяты ў заложнікі жыхары дзвюх мінскіх вуліц — Арктычнай і Беламорскай (каля трохсот чалавек), распачаліся аблавы й арышты, і сімпатыі ўзмацніць яны не маглі…
Скрушна і балюча думалася пра гэта Езавітаву ў Рызе. А была ўжо восень 1943-га, і ён — вопытны вайсковец-тактык — не мог не заўважаць і істотных пераменаў. Пачаўся шырокі контрнаступ Чырвонай арміі. Для паходу на Беларусь прызначаліся войскі трох франтоў. Асноўны ўдар выяўляўся ў напрамку Віцебска («Брамы ў Прыбалтыку») - Полацка - Даўгапілса (так цяпер звалі яго родны Дзвінск), каб урэшце авалодаць і Рыгай…
Асабліва пасля зімы — у сакавіку 1944-га — ён пачаў адчуваць, што пераможная шаля канчаткова хілілася ў бок савецкіх войскаў. А напрыканцы вясны лінія фронту ўжо легла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей — на захад ад Мазыра па Прыпяці да Ковеля. Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Полацк, Барысаў і Мінск адмысловым загадам Гітлера аб'яўляліся гарадамі-крэпасцямі. Але ж яшчэ з мінуўшчыны вядома: чужыя сцены войску не спрыяюць… Езавітаў пачаў разумець, што немцам заставацца на Беларусі нядоўга… І калі з Менску (зноў — Менску!) яго запрасілі ўвайсці ў склад Беларускай цэнтральнай рады пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага, якога Готберг зацведзіў у «прэзідэнстве», Езавітаў згадзіўся: хто ведае, ці накануе яшчэ лёс пабачыць Менск?..
Ён адбыўся 27 чэрвеня 1944 года ў зале Менскага тэатра — там жа, дзе і першы ў 1917-м. Толькі месца гэтае цяпер пачало палохаць гараджан — у скверы нядаўна стаялі шыбеніцы…
На сцэне — стол прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, збоку — крэслы для дэлегатаў, якім не хапіла месца ў зале. Нацыянальныя беларускія сцягі і герб — побач з нямецкай свастыкай…
Левую ложу занялі сябры БЦР. У восем гадзінаў раніцы ў ёй з'явіўся Астроўскі. Дэлегаты сустрэлі яго воплескамі. Праз некалькі хвілін Астроўскі ўзышоў на трыбуну і абвесціў кангрэс адкрытым. У адказ — зноў авацыі.
Аркестр, які займаў тэатральную яму, зайграў беларускі гімн. З глыбіні сцэны заспяваў хор…
Затым зноў гаварыў Астроўскі:
― Давайце абяром старшыню кангрэса і яго прэзідыум.
На старшыню была прапанавала толькі адна кандыдатура, названая Астроўскім, — Яўхіма Кіпеля, рэдактара «Голаса Вёскі» і кіраўніка Беларускага навуковага таварыства. Кіпель заняў месца ў прэзідыуме, падзякаваў за давер і папрасіў абраць яшчэ двух віцэ-старшыняў і двух сакратароў. Імі адзінагалосна прапанавалі стаць Барысу Рагулю, Івану Касяку, Леаніду Галяку і Лявонцію Бранавіцкаму.
Зацвердзілі парадак дня, і з прамовай выступіў Кіпель, а Астроўскі — са справаздачным дакладам. Калі прэзідэнт БЦР сышоў з трыбуны, старшыня кангрэса абвясціў пачатак дыскусіі па дакладзе. Першым узяў слова старшыня Стаўбцоўскага павета Ясюк:
― Не зважаючы на кароткі час існавання… усяго шэсць месяцаў… БЦР зрабіла шмат такога, што назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю беларускага народа… Важнейшым ёсць стварэнне Беларускай краёвай абароны — беларускага нацыянальнага войска, аб якім заўсёды марыў беларускі народ… Расійскі бальшавізм баяўся беларускай сілы, таму і ў міліцыю не дапускаліся на кіруючыя пасады беларусы. Бальшавікі перайшлі да яўнай русіфікацыі. Салдаты з Беларусі накіроўваліся ў Сібір і на Урал… Лічу, што БЦР з'яўляецца беларускай нацыянальнай уладай. Ад імя насельніцтва павета і сябе асабіста жадаю радзе поспехаў у працы. Няхай жыве Беларусь! Няхай жыве БЦР!
Асабліва запомніўся Езавітаву выхад да трыбуны Міколы Дзямідава, — з гэтым чалавекам яго лучылі доўгія гады сяброўства. У былым афіцэр царскага войска, Дзямідаў у 1918-м служыў камендантам Горадні і быў у камендатуры прадстаўніком Рады БНР. А пазнаёміліся яны — Езавітаў і Дзямідаў — падчас сумесных паходаў у тылы Чырвонай арміі ў сакавіку 1919-га… Калі Латвію занялі немцы, Дзямідаў стаў кіраўніком Беларускага нацыянальнага камітэта ў Дзвінску, увайшоў у склад Белнацкама ў Рызе, які ачольваў Езавітаў. У 1942 годзе Дзямідаў прыехаў на Беларусь, працаваў інспектарам і рэферэнтам па школьных справах, затым — фармаваў батальёны Беларускай краёвай абароны…
― Для ўсіх зразумела, што БЦР з'яўляецца важнай арганізацыяй у гісторыі народа, — гаварыў Дзямідаў. — Як настаўнік, я сцвярджаю, што ў адукацыі за гэты час зроблена шмат. Самае важнае: мы зараз маем беларускую нацыянальную школу… Ранейшыя бальшавіцкія школы дэнацыяналізаваліся, рабілі з вучняў ворагаў народа… — Твар Дзямідава (яго Езавітаў бачыў выразна — бо сядзеў крыху наўзбоч ад трыбуны, у «ганаровым прэзідыуме», — як удзельнік яшчэ Першага Усебеларускага кангрэса) стаў змрочным, на ілбе выступілі кволыя баразёнкі маршчын. — За дваццаць пяць гадоў тыя школы нічога не далі народу. БЦР па адносінах да школы праводзіць правільную лінію. Мэта БЦР — аднаўленне Беларусі, а гэта мэта і ўсіх прысутных на кангрэсе. Таму прапаную вынесці давер БЦР і пажадаць ёй далейшай працы на карысць беларускага народа.
Трэцім прамаўляў Яўхім Кіпель:
― Для ўсяго народа ў дадзены момант важнейшым становіцца вынішчэнне бандытызма — партызаншчыны, што рабуе наш народ. Прэзідэнт Астроўскі першым пачаў ствараць беларускую збройную сілу… — пачуць гэта Езавітаву, канешне ж, было нечакана. — Яго знае ўся Беларусь. Лічу, што цяпер не час займацца пустой крытыкай… Мая прапанова — прасіць прэзідэнта і далей заставацца ім.
Выбухнулі апладысменты, да прэзідыума даляцеў голас з залы:
― Няхай жыве сённяшні прэзідэнт БЦР і будучы пажыццёвы прэзідэнт Беларускай Рэспублікі!
Пачалі абіраць камісіі — мандатную і рэдакцыйную. У склад другой (яна мусіла распрацоўваць рэзалюцыі кангрэса) абралі Наталлю Арсенневу, настаўніка (і таксама паэта) Лявона Случчаніна і яшчэ чацвёра дэлегатаў. Старшынёй рэдакцыйнай камісіі даручылі стаць Езавітаву.
Прагучала некалькі прывітанняў кангрэсу (найбольш запомнілася прамова Лявона Савёнка), і ў дзесяць гадзін аб'явілі пятнаццаціхвілінны перапынак.
…― Спадар Езавітаў, ― да яго падышла Наталля Арсеннева. — Я з мужам хочам запрасіць вас да сябе на вячэру. Ці сяння ў васпана знойдзецца час?
― Безумоўна. Дзякую за запросіны…
― То рыхтуйцеся да сюрпрызу!..
Пасля перапынку ад імя праваслаўнага духавенства выступіў япіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Філафей:
― Разам са збройнай Краёвай абаронай ёсць яшчэ рэлігійныя і маральныя ідэалы. І неабходна падумаць пра адраджэнне рэлігійнага і маральнага характара народа. Калі ідзе гаворка аб барацьбе з бальшавізмам, трэба знаць, што хрысціянскі культ — яго найбольшы вораг. У барацьбе за лепшую долю трэба выпрацаваць светапогляд, які б супрацьстаяў бальшавізму. А такім можа быць толькі светапогляд хрысціянскай культуры… Прадстаўнікі царквы моляцца за тых, каму цяжка жывецца. Вам, паважаны прэзідэнт, жадаю здравія і сілы стаяць на чале беларускага праваслаўнага народа. Няхай жыве БЦР пад кіраўніцтвам прэзідэнта!
Выступленне прадстаўніка ад евангелістаў было больш «рэкламным», да ўсяго Езавітаву перашкаджаў яго слухаць сусед з прэзідыума, якога закранула прамова япіскапа Філафея.
― Як так, — абураўся ён. — Чаму гэта «беларускі праваслаўны народ»?! А калі я каталік, а калі на маёй радзіме ўсе каталікі? — Не ведаў, што ксёндз Татарыновіч выступіць толькі перад абедам.
Зачыталі тэлеграмы: ад генеральнага камісара Беларусі генерала фон Готберга, ад Кёнінгсбергскага адзьдзела Беларускага камітэта самапомачы. Да трыбуны падышоў віцэпрэзідэнт БЦР Мікола Шкелёнак. Ягоны даклад (які меў назву «Аб прызнанні па-за юрыдычнай сілай дамоваў і аднабаковых пастаноў урада СССР і былой Польшчы, якія тычыліся Беларусі, яе тэрыторыі і народу») Езавітаў слухаў вельмі ўважліва, бо рыхтаваўся выступіць з яго абмеркаваннем.
І вось: ён за трыбунай — падцягнуты, строгі.
― Паважаны спадар прэзідэнт БЦР, паважаныя дэлегаты! Дваццаць шэсць гадоў таму назад вось з гэтага месца я прамаўляў на Першым Усебеларускім кангрэсе. Успамінаючы той час і параўноўваючы яго з сённяшнім, я з гонарам канстатую, што за чвэрць стагоддзя высока ўзнялася нацыянальная самасвядомасць… Змяніўся сам беларускі народ. Калі раней большасць дэлегатаў лічылася беларусамі, а гаварылі толькі па-руску, то сёння ў гэтай зале мы чуем толькі беларускую мову. Ужо дваццаць шэсць гадоў таму назад была выказана моцная воля беларускага народа быць адзіным гаспадаром свайго краю: гаспадаром у палітыцы, эканоміцы, культуры. Да гэтага часу ніхто без супраціву не мог зламаць гэтай волі… Ва ўсім беларускім народзе выкрышталізавалася думка і магутнае імкненне да таго, што Беларусь павінна быць непадзельнай, свабоднай дзяржавай, і аніякія былыя ці новыя дамовы нашых ворагаў не зломяць волі беларускага народа. — Езавітава перапынілі доўгія воплескі. Гэта надало яму яшчэ больш упэўненасці. «Вось з каго прэзідэнт будзе!» — апаліў нечаканы вокрык. І насамрэч, вельмі ўжо кантрастным было параўнанне Езавітава і Астроўскага: стройнага прыгажуна-вайскоўца ў модным касцюме, у новых туфлях — і крыху няўклюду, ніжэйшага, у пінжаку з пацёртымі локцямі… ― Мы настолькі выраслі, ― прамаўляў далей Езавітаў, ― што можам сказаць: «Далоў усе дамовы, заключаныя адносна нашай тэрыторыі трэцімі дзяржавамі. Мы павінны жыць як свабодны, незалежны народ!» — і зноў яго перапынілі воплескі і воклічы: «Жыве Беларусь!»…
Заслухалі справаздачу мандатнай камісіі: з усіх 1151 дэлегатаў прысутнічала 1039, найбольш прадстаўнікоў было з Менску — 191 — і са Слоніма — 159…
Пасля абеда Яўген Калубовіч зачытаў пяцідзесяціхвілінны даклад «Аб канчатковым разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквой і аб пазбаўленні бальшавікоў голаса ў справах Беларусі». За ім выступалі Лявон Случчанін, бургамістр Менска Анатоль Комар, Аляксей Анішчык (Чэмер), загадчык школы і рэдактар газэты «За праўду». Прамова апошняга запомнілася:
— … Сёння ўсё вырашае сіла. Сіла вырашыць і будучыню. Мы добра ведаем, бо спазналі гэта на сваёй скуры… Я гавару і пра групу розных Камінскіх ды іншых, польскіх бандытаў Арміі краёвай, якія ў Дзятлаве, Наваградку выступаюць нібыта як нашы прыяцелі, а выказваюць адкрыта думкі аб непадзельнай Расіі… Прашу аддаць загады, каб справу партызаншчыны перадаць беларускаму судатворству, каб не гінулі, як у Дзятлаве і Наваградку, лепшыя сілы нашага народа…
Езавітаў зачытаў праекты дзвюх рэзалюцый кангрэса. У першай прапаноўвалася:
«1. Вызначыць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Усебеларускага кангрэса 1917 года <…> вырашыла аб канчальным разрыве з бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай <…>.
2. Пацьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскім захопнікам формы БССР.
3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў…»
Пасля прыняцця рэзалюцый прамаўляў Астроўскі: падтрымаў прапанову аб закрыцці кангрэса.
А сёмай вечара на сцэну выйшаў хор і выканаў беларускі нацыянальны гімн. Астроўскі паведаміў, што ад імя БЦР звярнуўся з прывітальнай тэлеграмай да Гітлера… Нехта прапанаваў «уганараваць уставаннем памяць нямецкіх салдат, якія загінулі за вызваленне Беларусі»…
А затым старшыня Яўхім Кіпель абвесціў аб закрыцці сходу.
Пасля заканчэння кангрэсу на кватэру Кушаляў Езавітаў ішоў з гаспадарамі. Каб перарваць маўчанне, Франц вырашыў загаварыць першым:
― Горача сёння было…
Езавітаў зірнуў на яго з неўразуменнем, затым вымавіў, нібыта сам да сябе:
― І навошта застрэньчыла ім тыцкацца з гэтай тэлеграмай і «ўганараваннем»?
Кушаль прамаўчаў, а Езавітаў — не стрымліваўся:
― Ён што, наш прэзідэнт, сабе месца ў далёкім бункеры шукае? То на ўсіх у Рэйху ўсё роўна месца не хопіць…
― Чуеце… Нібыта навальніца йдзе? — прыслухоўвалася да далёкіх грамоў Наталля.
― Яна ўжо даўно ідзе, толькі дождж яе — свінцовы, — зноў Езавітаў гаварыў напаўнамёкамі…
У двухпакаёўцы Кушаляў на паўразбуранай Хаўптштрасэ (так цяпер звалася былая Савецкая, а яшчэ раней — вуліца Міцкевіча, а спаконвечная — Захараўская) гаспадароў і Езавітава сустрэў высокі мужчына гадоў сарака, парукаўся з госцем, усхвалявана ўсміхнуўся:
― Стол накрыты, просім сядаць…
Езавітава ажно штось кальнула: гэтая ўсмешка… шырокі лоб… нос, як у арла пазычаны — падаліся ўжо знаёмымі. Вось толькі дзе бачыў?
― Гэта і ёсць наш сюрпрыз, — Кушаль падвёў Езавітава да стала. — Маю гонар наноў цябе з ім пазнаёміць… Гэта — Апанас Новік.
Каб не падабенства, каб не гэтая ўсмешка, Езавітаў аніяк не даў бы веры: як-ніяк, а чвэрць веку мінула…
― Апанас з васемнаццатага года, які з губернатарскага балкона на Пляцы Волі сарваў нямецкі сцяг?! — уразіўся ён.
― Той самы! — Кушаль рассадзіў усіх за стол і, наліваючы ў келіхі віно, агаломшыў Езавітава: — Які да ўсяго сёння зранку паскідваў нямецкія сцягі над уваходам у гарадскі тэатр… Балазе не да Альферчыкавых галаварэзаў патрапіў, а юнкерам нашай вучэльні БКА. Ад іх я і перахапіў героя… — Кушаль быў прызначаны камандуючым Беларускай краёвай абароны.
― Усёроўна я гэтаму Альферчыку галаву скручу! — Як і некалі, Апанас быў непахісным.
― А хто гэты Альферчык? — спытаў Езавітаў.
― Воўк недабіты! — выпаліў Апанас. — Карнік. Некалькі дзесяткаў агентаў смаленскага СД пад ягоным камандаваннем таксама ахоўвалі тэатр…
Апанас Новік быў у складзе падпольнай групы Рыгора Мурашкі. Затым атрымаў заданне ў дзень адкрыцця кангрэса пранесці ў будынак тэатра бомбу. У памяці заставаўся ўзрыў у тэатры, здзейснены партызанамі, калі загінуў сын Кушаляў… Бомбу па дарозе выкінуў — і здаволіўся толькі зрываннем нямецкіх сцягоў…
Праз хвілін дваццаць у дзверы пастукалі.
― Спадар Кушаль, — загаварыў вартаўнік будынка Беларускай цэнтральнай рады (колішняй бібліятэкі імя Леніна). — Вы прасілі прывесці спадарыню Геніюш да вас на кватэру. Толькі ж яна спазнілася…
― Нічога-нічога! Заходзьце, калі ласка.
…Напачатку позву ў пражскае гестапа атрымаў ейны муж Янка Геніюш. Там і даведаўся, што з жонкай выкліканы ў Менск для ўдзелу ва Усебеларускім кангрэсе. Муж спаслаўся на занятасць на працы: дактароў у горадзе не хапала. Параіўшыся, Ларыса Геніюш вырашыла ехаць адна. А затым — ужо на вакзале — сустрэлася са случаком Васілём Русаком, які таксама выпраўляўся на кангрэс.
Вечарам дабраліся да будынка БЦР, дзе і даведаліся, што кангрэс скончыўся… На грузавой машыне Геніюш адвезлі да Кушалёў.
З гаспадарамі і гасцямі кватэры яна не была знаёма (добра ведала Наталлю Арсенневу па вершах), але трымалася ўпэўнена, незалежна.
― Неяк несамавіта атрымалася, што мяне й Васіля Русака накіравала на кангрэс… гестапа.
Ларысе Геніюш да гэтага часу ўжо шмат давялося перажыць і гора, і горычы. Пасля ўз'яднання Савецкай Беларусі з Заходняй беспадстаўна арыштавалі бацьку, маці разам з дзецьмі вывезлі ў Казахстан. Жыла з мужам у Празе. Пятро Крэчэўскі, не падпарадкаваўшыся рашэнню Берлінскай канферэнцыі 1925 года аб самароспуску ўрада БНР, узначаліў у Празе беларускую палітычную эміграцыю. Пасля ягонай смерці ў 1928-м «прэзідэнтам» БНР стаў Васіль Захарка. Ларыса Геніюш была знаёма і з удавой паняй Марыяй Крэчэўскай, і з сям'ёю Захаркаў… Восенню 1939 года ў Данцыгу пад кіраўніцтвам міністэрства замежных спраў Нямеччыны адбылася канферэнцыя беларускіх эмігранцкіх цэнтраў, на якой было створана «Беларускае бюро даверу», а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. Калі камітэт самапомачы адкрыўся ў Празе, Геніюш абралі скарбнікам (кіраўніком камітэта стаў Ермачэнка, а сакратаром — Пётра Бакач). І завіравала, закруціла… Брат Ларысы Геніюш Расціслаў патрапіў у нямецкі палон… Захарка паслаў Гітлеру «мемарандум» аб поўнай падтрымцы ягонай палітыкі… Прага гудзела, лютавала гестапа… Ермачэнка склікаў 27 чэрвеня сход беларусаў «пратэктарата Чэхіі і Маравіі», на якім мусілі прыняць тэлеграму Гітлеру. Прапанавалі ў старшыні сходу ейную кандыдатуру — адмовілася.
«Камімэт самапомачы — апалітычная арганізацыя і не мае даваць такія тэлеграмы», — былі тлумачэнні.
На сход прыпазніўся муж — і не паспеў сесці, як яго ўжо «выбралі» старшынёй сходу. Склалі пратакол паседжання. Яго не падпісалі ні Ларыса, ні Янка Геніюш. Як не падпісалі і тэлеграмы «павадыру нямецкага народа» Гітлеру — а яна ўсё ж пайшла з пазнакай «Старшыня д-р Я. Геніюш»[62].
Крыху пазней ад беспрасвецця Геніюш вырашыць скончыць жыццё самагубствам, адкрые газ, ды муж паспее выцягнуць яе з маленькай кухні…
Кажуць, што на «жывых самагубцах» і застаецца пячатка такой зацятасці і незалежнасці, якія заўважыў тады ў Ларысе Геніюш Езавітаў.
…― Неяк несамавіта… Беларускі кангрэс — і гестапа, — сказала Геніюш.
― Немцы дазволілі склікаць кангрэс з вялікім спазненнем, часу на зборы не хапала, і таму БЦР папрасіла Остміністэрства, каб тое дапамагло даставіць дэлегатаў з-за мяжы. Яно, пэўна, і дало загад структурам гестапа…
Езавітаў завочна ведаў Геніюш — па публікацыях вершаў у «Раніцы», чытаў ейны пражскі зборнік «Ад родных ніў». І сама паэтэса пачынала імпанаваць Езавітаву.
― У тым усё й крыецца, што з кангрэсам спазніліся, — падтрымаў ён гаворку. — Каб склікаць яго хаця б у 1942-м!.. — А ў 1942 годзе Езавітаў наведваў Менск. Янка Станкевіч намагаўся стварыць Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю і ў студзені арганізаваў на кватэры Вацлава Іваноўскага нараду. На ёй — разам з Іваноўскім і Станкевічам — прысутнічалі Антон Адамовіч, Яўхім Кіпель і ён, Езавітаў. Распрацавалі статут і праграму партыі. Але далей гэтага справа не пайшла: Іваноўскага забілі, Кіпеля імкнуліся адмежаваць, бо пачаў супрацоўнічаць з СД… А затым актывізаваўся Астроўскі — за дзесятак гадоў змог падрыхтаваць з беларускага аб'яднання «Скарынія», у якое ўваходзілі каля трыццаці студэнтаў Віленскай гімназіі, інспектарам якой быў Астроўскі, «грамадска-дыпламатычную карпарацыю»: «скарынічы» з 1941 года пасылаліся дыпламатычнымі прадстаўнікамі ў Швейцарыю, Швецыю, Францыю, Турцыю, Бельгію, Данію, Нарвегію, Аўстрыю, Італію… ― Каб склікаць кангрэс хаця б у 1942-м… — паўтарыў Езавітаў. — А то што маем сёння: блізкая савецкая кананада, ды і наш «падшэфны» немец — у здранцвенні. Ды і той свабоды даць не схацеў… А ніхто ж на кангрэсе не сказаў аб тым, што немцы яшчэ раз перакроілі Беларусь: наша Палессе аддалі Украіне, Беласточчыну далучылі да Усходняй Прусіі… Але, як там у спадарыні Ларысы:
Нічога, што позна у свет мы выходзім,
нічога, што ўчора пакінулі плуг, ―
нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць
гарачым уздымам акрылены дух…
Езавітаў здзівіў прысутных сваёй абазнанасцю ў паэзіі, але на яго просьбы чытаць свае вершы ў той вечар і Геніюш, і Арсеннева адмовіліся — праз некаторы час перайшлі ў другі пакой, каб пагаварыць аб сваім, жаночым.
― Няўжо давядзецца з'ехаць? — горка ўздыхнула Геніюш. — Я так хацела пажыць хоць тыдзень у сваёй Жлобаўцы, лесам падыхаць…
― А я ўжо неяк і звыклася — усюды за Францішкам. Яшчэ ад Вільні як пачалося… — Яна ўважліва паглядзела на сяброўку і нібыта падагуліла:
— А ехаць, адчуваю, давядзецца, і, па ўсім, надоўга… За два тыдні да пачатку вайны, у чэрвені 1941-га, у «бэсэсэраўскім» «ЛіМе» надрукавалі нізку маіх вершаў. Дык праз гэта немцам і ў галаву не прыйшло абвінавачваць мяне ў сувязях з Саветамі. А вось Саветы, калі б застацца, «сувязяў» толькі за «Беларускую Газэту» для Салаўкоў набяруць!
А развітваючыся, Кушаль сказаў Езавітаву:
― Знаеш, і мне баліць… Усё ў перамешку… Палон у 1939-м, турма НКВД у Маскве, вызваленне, Менская паліцэйская школа. І так хістае ажно з 1916-га! А затым БЦР, Астроўскі, кіраўніцтва БКА. Я ж хлопцаў адзін да аднаго выбіраў… А іх — у Докшыцкі раён на аперацыю. Разумееш?! Там мой батальён спаліў некалькі вёсак! — Езавітаў толькі цяпер заўважыў, што Кушаль захмялеў. — Мы з 1916-га — у абцугах! Смяешся? — Хоць Езавітаў і не думаў смяяцца. — Пачакай… Станеш начальнікам вайсковага адзьдзела БЦР — паглядзім, як заспяваеш…
― Ты гэта пра што?
― Пра адно і тое ж. Ёсць прапанова прасіць цябе аб гэтым. — Яны парукаліся. ― І мусіш згадзіцца, інакш — нават не ведаю, куды можа ўсё павярнуцца пад ачолам каго-небудзь іншага… Бывай!
…І вось ён — на Пляцы Волі, які патанае ў сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцай — і знікла, нібы растала.
Здалося, што вайна адступіла, збегла з гэтага старадаўняга месца. Крыху наўзбоч, дзе колісь Няміга ўпадала ў Свіслач, бьло Замчышча з Ніжнім рынкам. Стагоддзяў з чатыры таму горад дарос і дасюль — тут, на Пляцы Волі, быў Верхні рынак. Тады ж забудоўваўся і левы бераг Свіслачы — Траецкае прадмесце, якое звязвалі з горадам, як і цяпер, два масты…
Езавітаў не ў пяршынь развітваўся з Менскам, але сённяшні адыход быў найбольш балючым і, як здрадліва мярэсцілася, — апошнім. Няўжо ўсё так і скончыцца?..
У вялікай зале былой менскай бібліятэкі Астроўскі склікаў усіх службоўцаў БЦР і ўсхвалявана абвесціў пра неабходнасць тэрміновай эвакуацыі з горада — Менск акружала Чырвоная армія. Усім радаўцам і іх сем'ям выдаваліся «ахоўныя граматы» на праезд чыгункай ва Усходнюю Прусію.
Частка рады з сем'ямі выбраліся адразу на Кёнінгсберг. Езавітаў накіраваўся ў Вільню. Разам з ім у вагоне ехалі два беларускія паэты — Ларыса Геніюш і Масей Сяднёў.
Апанаса Новіка з новымі «дакумэнтамі» Езавітаў пасадзіў на цягнік да Варшавы. У ягоным вагоне немцы адразу ж адзначылі палову для «чужынцаў» і забаранілі нават ступаць на сваю «тэрыторыю»… Усё напрошваўся на знаёмства сусед — доктар Крайноў, па-заліхвацку прыгладжваў складкі на эсэсаўскай форме — маёр жа! І значык з «Пагоняй» на кішэні. «Нічога! Хоць зажывём па-людску!» — радаваўся. А ў Лідзе маёр мусіў падрабляць свой пропуск, бо толькі датуль меў права ехаць. І Ліду пераправіў на Ліцманштадт…
Яшчэ ў Горадні Апанас хацеў сысці з цягніка. У Варшаве ж затрымаўся на некалькі дзён, а калі там успыхнула паўстанне супраць немцаў, падтрымаў варшавян — і загінуў на вуліцы Святога Крыжа…
29 чэрвеня Чырвоная армія заняяла Бабруйск, што дазволіла развіць наступ на Менск і Слуцк. 3 ліпеня ў 5 гадзін раніцы танкі 4-ай гвардзейскай танкавай брыгады па Маскоўскай шашы ўвайшлі ў Менск-Мінск і працягвалі наступ па Савецкай вуліцы. Па Лагойскай шашы сунуліся танкі 26-ай брыгады, знішчылі нямецкую артылерыйскую батарэю і сталі каля Вопернага тэатра. Тры «трыццацьчацвёркі» з сапёрамі і аўтаматчыкамі зніклі ў ранішняй смузе — каб захапіць мост цераз Свіслач. Але пазначаны на карце мост немцы ўжо ўзарвалі. Паблізу быў другі, і галоўны танк пад гарматным абстрэлам скіраваў да яго. Насустрач кінулася жанчына:
— На мосце бомба!
Праз паўгадзіны сапёры размініравалі пераход. Танкавая брыгада, знішчыўшы нямецкія гарматы, пераправілася праз Свіслач і выйшла на Пляц Волі.
За танкістамі ў горадзе з'явіліся перадавыя часткі 11-ай гвардзейскай і 31-ай армій. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка 137-ай стралковай дывізіі ўзняў над Домам саветаў каля Чырвонага касцёла чырвоны сцяг і зрабіў надпіс: «Здесь воевал Суворов».
Калі раніцай 3 ліпеня Езавітаў прыйшоў на кватэру Астроўскага (у Вільні дамовіліся абгаварыць далейшыя планы і разам праз Рыгу дабірацца ў Нямеччыну), там была адна старажыха:
― А яны яшчэ ўночы на Коўна выехалі… І мэблю забралі, і цэбры з мясам…
Езавітаў ведаў месца наступнага прыпынку Астроўскага ў Лодзі, і таму спакойна паехаў у Рыгу — каб пераправіць на Захад свой архіў. Зрабіць тое было няпроста, і калі ўсё ж удалося ўладкаваць дзве вялікія скрыні на берлінскі таварны цягнік, Езавітаў выехаў у Лодзь. А на новай кватэры Астроўскага заспеў толькі ягонага зяця — бедаваў, што ўсё мяса ў цэбрах ад гарачыні папсавалася…
У Варшаве Езавітаў хацеў расшукаць Рамуальда Зямкевіча, але яго дом на Хмельнай быў пусты. Суседзі расказалі, што гаспадар патрапіў у гестапа і загінуў. Ацалелую частку багатых збораў Зямкевіча (старадрукі, «Біблію» Скарыны, слоўнік Бярынды, калекцыю беларускага адзення) Езавітаў забраў з сабою ў Берлін.
У верасні ў пансіён «Beatrix» на Майнекс-пляц да Езавітава зайшоў доктар Станіслаў Грынкевіч, былы рэдактар «Раніцы»:
― Начальнік штаба гетмана Скарападскага палкоўнік Гамзін просіць аб сустрэчы. Астроўскага я не знайшоў, таму — прама да цябе…
Праз гадзіну Езавітаў паведаміў пра візіт Астроўскаму. Той задумаўся — і прапанаваў сустрэцца на ягонай кватэры.
На другі дзень Грынкевіч зноў быў у Езавітава:
― Гетман лічыць спатканні на кватэрах небяспечнымі — можна патрапіць пад назірк нямецкай выведкі. Таму ён прапануе сустрэцца «выпадкова» ў кафэ на Курфюрстэн-Дам у дзесяць раніцы…
За паўгадзіны да прызначанага часу Астроўскі, Езавітаў і Грынкевіч былі ў кафэ. Роўна ў дзесяць туды завітаў Скарападскі з двума суправаджатымі. Грынкевіч прывітаўся з імі і запрасіў да свайго століка…
Пазнаёміліся, замовілі сняданак.
― Украінцы, і асабліва гетманцы, даўно цікавяцца беларускім пытаннем, — па-ўкраінску гаварыў Скарападскі. — Я буду вельмі рады, калі гэтае знаёмства працягнецца…
Праз некалькі дзён сустрэліся ў нумары Езавітава ў пансіёне «Beatrix». Астроўскі расказаў пра гісторыю ўтварэння БЦР, пра кангрэс.
― А я як гетман тут ужо не выступаю… — абнечаканіў Скарападскі. ― Я падпісаў універсал аб перадачы свайго звання і правоў на гетманскую булаву сыну. Ён жыве ў Амерыцы і мае там шмат прыхільнікаў, арганізаваных у «Саюз гетманцаў Украіны». Мае сваю газэту, збройныя групоўкі… Тут жа, у Нямеччыне, акрамя гетманцаў ёсць яшчэ дзве ўкраінскія арганізацыі. І вы, беларусы, маеце больш выгаднае становішча, бо ў вас адзін касцяк — БЦР… Вось я й хачу вас прасіць дапамагчы аб'яднацца ўкраінскаму руху. — Скарападскі даў адрасы ўкраінскіх арганізацый у Берліне. — Найбольш аўтарытэтныя, канешне ж, бандэраўцы, хоць сам Бандэра яшчэ сядзіць у нямецкай турме.
― Гэта за што? — не стрымаўся Езавітаў.
― За тое, што яшчэ напачатку акупацыі ў Львове абвясціў пра стварэнне незалежнай Украіны… Зараз жа ў руках бандэраўцаў — увесь партызанскі нацыянальны рух, яны і супраць Саветаў змагаюцца, і супраць польскай Арміі краёвай, і нават супраць дробных нямецкіх атрадаў. — Скарападскі памаўчаў і спытаў: — А вы чым жывяце?
― Амаль тым жа… — пачаў Астроўскі. — Па нашых дадзеных, у Нямеччыне зараз каля мільёна беларусаў. Па ўсіх лагерах і заводах трэба правесці рэгістрацыю. Мы хочам працягваць тут стварэнне беларускага войска — «Беларускага легіёна». Было б добра ўсталяваць сувязь паміж нашымі паўстанцкімі атрадамі і атрадамі Бандэры ды аб'яднаць высілкі… Па-суседску ж, Палессе. Адно… — Астроўскі зірнуў на Езавітава. — Трэба вырашыць пытанне аб мяжы паміж Беларуссю й Украінай.
― Так-так, — пагадзіўся Скарападскі.
Астроўскі і Скарападскі абмяняліся сваімі хатнімі тэлефонамі і дамовіліся аб наступных сустрэчах.
Як і абяцаў, Астроўскі пачаў перамовы з іншымі ўкраінскімі арганізацыямі пра стварэнне адзінага Украінскага нацыянальнага камітэта. Выявілася, што яны не падтрымлівалі Скарападскага. А праз некаторы час вызвалілі Бандэру, і калі паўстала пытанне аб старшыні Украінскага нацыянальнага камітэта, Скарападскі зняў сваю кандыдатуру на карысць Бандэры[63].
Астроўскі пачаў сустракацца з Бандэрам. Дамовіліся пра сумесныя баявыя дзеянні на Палессі. Маёр Родзька, камандзір асобага беларускага батальёна «Дальвіц», наладзіў сувязі з атаманам украінскіх паўстанцаў Тарасам Бульбай, маёра Вітушку з некалькімі дзесяткамі беларусаў самалётам пераправілі на беларуска-ўкраінскае сумежжа. БЦР і УНК вялі перамовы пра стварэнне беларуска-ўкраінскага саюза і — шырэй — Блока народаў Усходняй Эўропы, куды разам з украінцамі і беларусамі меліся ўвайсці крымскія татары, данскія казакі, грузіны, армяне, азербайджанцы, кіргізы, казахі і народы паўднёвага Урала. Усе яны выступілі з пратэстамі супраць спробаў генерала Власава (якога падтрымаў галоўны штаб нямецкай арміі) «забраць» гэтыя народы пад сваю апеку. Хоць некаторыя і пачалі супрацоўнічаць з Власавым. З беларусаў гэта былі Кіпель, Будзіловіч, Селях, Гуцько і паэт Дудзіцкі…
Раніцай 2 верасня ў раёне латгальскага Лубанскага возера перайшоў лінію фронта Іван Багдановіч, былы вучань Езавітава. За ўзбалоткамі і пералескамі з нямецкай траншэі апаліла:
― Хальт!
На добрай нямецкай Багдановіч расказаў, што бяжыць ад бальшавікоў. Пад канвоем яго адвялі за некалькі кіламетраў ад траншэі ў напаўразбураны дом. Афіцэр запатрабаваў дакумэнты.
― Яго злавілі ці сам перабег? — спытаў у канваіра.
― Сам…
Затым была яшчэ адна праверка — ужо ў іншым месцы. Праверылі нават па карце, дзе пераходзіў фронт, выпісалі суправаджальнае пасведчанне і накіравалі ў Рыгу на мабілізацыйную камісію.
Багдановіч у Рызе папрасіў адпачынак на дзесяць сутак і паспрабаваў расшукаць у горадзе Езавітава. Гаспадыня кватэры распавяла, што той ужо выехаў у Нямеччыну.
На другі дзень Багдановіч хацеў купіць білет на берлінскі цягнік, але ў Нямеччыну мелі права ехаць толькі тыя, хто не падпадаў пад мабілізацыю.
Калі скончыўся адпачынак, на камісіі Багдановіч паскардзіўся на здароўе — і зноў атрымаў адтэрміноўку. А тут выйшла распараджэнне аб тым, што ў Нямеччыну мог выехаць кожны ахвотнік…
16 верасня Багдановіч выправіў праяздную картку, каб ехаць параходам, ды патрапіў у аблаву; некалькі дзён яго трымалі ў двары гарадскога замка, а затым усіх — каля дзвюх тысячаў мужчын — пераправілі ў Кёнінгсберг. Там на Бункерскай фабрыцы Багдановіч адпрацаваў два месяцы. Выпісаў сабе газэту «Раніца» і паслаў на яе берлінскі адрас ліст з просьбай дапамагчы яму сустрэцца з Езавітавым. Атрымаў адказ: «Генерал-маёр Езавітаў знаходзіцца ў Берліне пры Беларускай цэнтральнай радзе і ўзначальвае вайсковую ўправу».
Напрыканцы лістапада Іван Багдановіч збег з фабрыкі і, прад'явіўшы старую картку рыжскай мабілізацыйнай камісіі, на прапускным пункце сказаў пра тое, што мусіць дабрацца да Берліна і паступіць у «Беларускі легіён». У Берліне ён расшукаў памяшканне БЦР (яно месцілася ў доме № 26 на Гумбінен-пляц) і нарэшце сустрэўся з Езавітавым.
― Канстанцін Барысавіч, вы мяне павінны памятаць…. Вучылі ў Дзвінску некалі… ― І папрасіў уладкаваць на працу.
Напрыканцы кастрычніка 1944 года да Езавітава ў нумар пансіёна «Beatrix» Станіслаў Грынкевіч нечакана прывёў новага наведвальніка.
― Знаёмся — барон Энгельгардт. Ён напісаў вялікую кнігу пра Беларусь — ажно на 600 старонак, выкарыстоўваў і твае брашуры. Захацеў пабачыцца…
Барон адмовіўся ад пачастунку і запрасіў прагуляцца па вуліцах горада.
Берлін яшчэ толькі збіраўся развітвацца з летам. Лісты з дрэў асыпаліся марудна, у парках з'явіліся першыя сеткі роснага павуціння. А на мансардах яшчэ ва ўсю моцу гарэлі чырвоныя гваздзікі й ружы…
― Скажыце, а чаму ваша брашура «Беларусы ў Латвіі» не закончана? — асобныя словы барона Езавітаву датлумачваў Грынкевіч.
― Я быў чарговы раз арыштаваны, працу перарвала турма.
― Мушу падзякаваць васпану за магчымасць з яго брашур пра беларусаў у Латвіі і Амерыцы даць шмат цікавых матэрыялаў у маю кнігу.
― Найперш за такую кнігу мусім дзякаваць барону мы, беларусы. — Езавітаў ужо ведаў, што кніга Энгельгардта прадаецца ў кнігарнях Нямеччыны.
― Аднак я пазначыў у зносках толькі назву вашай брашуры… Выбачайце, але на тым экземпляры, што я меў, не было тытула з прозвішчам аўтара. І пра яго я даведаўся зусім нядаўна…
Барон расказаў і пра тое, што рыхтуюцца пераклады ягонай кнігі на італьянскую, іспанскую і французскую мовы. Езавітаў яшчэ раз пахваліў гэтую працу, і барон ахвотна распавёў пра збор матэрыялаў, фотаздымкаў, якіх у яго з розных куткоў Беларусі сабралася каля дзвюх тысячаў. Калі ж ён пачаў доўга апісваць свой маёнтак у Ілукстэнскім раёне і паездкі ў Афрыку і Азію, Грынкевіч паспяшыў адкланяцца.
― А што вы думаеце пра зыход вайны, — падбіраючы словы, па-нямецку спытаў Езавітаў.
Барон зірнуў нерашуча:
― Хоць мы і нарабілі шмат дзікіх памылак, але маем усё, каб выйсці з вайны пераможцамі. Магчыма і агульнае перамір'е ці сепаратныя дамовы… — Яны ішлі прыціхлым паркам, а за імі — як паспеў заўважыць Езавітаў — бег брудны худы дог, які, пэўна, застаўся без гаспадароў. ― СССР можа атрымаць свае старыя граніцы, а таксама развязаць рукі ў Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Персіі, Афганістане. Канешне, будзем вымушаны тады згадзіцца з аднаўленнем Польшчы, але атрымаць усю Балтыку, толькі без Кранштата, усю Беларусь і Украіну з Крымам…
― А ці прызнаюць немцы незалежнасць Беларусі?
― Цяпер гэта… неактуальна. У плане ваенным беларусы маюць малы каэфіцыент. І калі выбіраць, каго прызнаць незалежнай найперш — Беларусь ці Польшчу, то, пэўна, перавагу мае апошняя. А калі яшчэ паабяцаць ёй Заходнюю Беларусь, мы займеем эфектыўнага саюзніка, чыгункі, дарогі і ўвесь тыл савецкай арміі будзе дэзарганізаваны… — Барон змоўк, заўважыўшы ў вачах Езавітава насцярожанасць, стаў, зірнуў на вершаліны паркавых ліпаў. — Вы, беларусы, яшчэ вельмі слабы народ, а сама Беларусь праз гэта не можа прэтэндаваць на сур'ёзную зацікаўленасць вялікіх дзяржаў ці на тое, што за яе хто-небудзь з мацнейшых будзе ваяваць… Як гэта не балюча вам чуць… — І ён пакратаў Езавітава за рукаў, уздыхнуў, як падалося, прачула: — Хутчэй за ўсё, за ваш кошт суседкі будуць купляць — як і дагэтуль — сабе мір…
Не зважаючы на ўсе перашкоды і цяжкасці, вайсковая ўправа БЦР пад ачолам Езавітава не перапыняла фармаванне беларускіх збройных аддзелаў. Быў заснаваны Першы кадравы батальён для падрыхтоўкі каманднага складу. Пры батальёне арганізаваліся курсы афіцэраў, падафіцэраў, прапагандыстаў і медсясцёр. Кіраваў курсамі падпалкоўнік Кушаль. Кадравы батальён узначаліў маёр Сокал-Кутылоўскі. Вайсковай управай БЦР на поўдні Нямеччыны каля горада Гіршау фармавалася штурмавая брыгада СС «Беларусь», куды ўжо было адкамандзіравана з паўтысячы беларускіх камандзіраў і шарагоўцаў, а таксама астаткі злучэнняў Беларускай краёвай абароны.
У лістападзе 1944 года Езавітаў прапанаваў адзначыць у батальёне ўгодкі Слуцкага паўстання.
― Выступіш, Антон Андрэевіч, раскажаш пра сваё слаўнае мінулае… — папрасіў Сокал-Кутылоўскага.
― Амаль чвэрць стагоддзя мінула… — задумаўся той. — Я й сам шмат чаго прызабыўся.
― Ну! — усміхнуўся Езавітаў. — Тым больш мусіш расказаць, каб самому хто-небудзь мог нагадаць. А наогул — пішы ўспаміны. Я табе пра гэта яшчэ ў Менксу на кангрэсе сказаць хацеў… Для мяне й сёння невядома, дзе васпан пасля 1920-га быў…
― Уга! — Сокал-Кутылоўскі пачухаў за вухам, зірнуў хітравата. — На гэта ж ніякіх успамінаў не хопіць.
― А калі сур'ёзна?
― Сур'ёзна? Быў, як і большасць ацалелых, інтэрнаваны палякамі ў лагеры ў Беластоку. Вясну 1921 года правёў у Гарадзеі на Нясвіжчыне. У чэрвені атрымаў сан святара, быў настаяцелем праваслаўных цэнтраў у Наваградскім і Слонімскім раёнах, настаўнічаў…
― То й запраўды — на раман цягне! — падшуткаваў Езавітаў.
― А я ж пра што! — але весялосць і не краналася вачэй Сокала-Кутылоўскага. — А ў 1939-м праз канфлікт са школьным начальствам вымушаны быў перакваліфікавацца ў будаўніка. У чэрвені 1941-га арыштавала НКВД, але праз некалькі тыдняў выпусціла. Школьны інспектар, начальнік Ганцавіцкай Беларускай самапомачы, стваральнік батальёнаў БКА, «намеснік» Астроўскага па Ганцавіцкім вокрузе — таксама я… Ну а далей — ужо й на тваёй памяці.
Гэта не без ягонага, Езавітава, спрыяння Сокал-Кутылоўскага, які быў рабочым на ваенным заводзе ў Чэхіі, у кастрычніку 1944-га выклікалі ў Берлін, у вайсковую ўправу БЦР…
Калі Беларуская цэнтральная рада распачала стварэнне Блоку народаў Усходняй Эўропы, Астроўскі даручыў Езавітаву правесці перамовы з латышамі, літоўцамі й эстонцамі і запрасіць тых увайсі ў Блок. Езавітаў сустрэўся з начальнікам управы інфармацыі «латвійскай дырэкцыі» ўнутраных спраў Пятром Брачом. Праз тыдзень той прыйшоў да Езавітава.
― Арганізацыі латышоў, літоўцаў ды эстонцаў, ― сказаў ён, — трымаюцца таго Балтыйскага блока, які існаваў яшчэ да вайны. Але мы былі б рады пашырыць яго чацвёртым удзельнікам — Беларуссю… Тым больш, што яна ўжо ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята Остланд…
А затым была яшчэ адна дзвюхгадзінная сустрэча — з тым жа Брачом, сябрамі латвійскага ўрада і камандзірам «Латвійскага легіёна» генералам Бангерскім. Генерал расказаў пра свой легіён і параіў па яго схеме фармаваць і легіён беларускі. Латышы ж цікавіліся структурай БЦР і не ўтойвалі, што па яе ўзоры хочуць стварыць свой нацыянальны камітэт.
― Напачатку склад рады быў вызначаны немцамі ў пятнаццаць чалавек, — расказваў Езавітаў. — Мы ж хацелі мець штосьці накшталт парламента, таму на Другім Усебеларускім кангрэсе пастанавілі пашырыць склад рады. На паседжанні БЦР 20 студзеня прынялі канстытуцыю Беларускай Народнай Рэспублікі, прэзідэнт БЦР стаў прэзідэнтам Беларусі, а для кіраўніцтва рады як парламента абралі прэзідыум. Кіраўнікі ўправамі БЦР склалі ўрад…
Абмеркавалі яшчэ шмат пытанняў. Пагадзіліся, што Балтыйскі блок галоўнай мэтай мусіць ставіць абарону незалежнасці ўсіх чатырох рэспублік ад суседняй Савецкай Расіі.
Езавітаў выглядаў стомленым, хворым, але перамоў не спыняў:
― Адно, спадары, нас турбуе, ці не стане Беларусь у Балтыйскім блоку ўнутранай калоніяй?
Суразмоўцы нават здзівіліся.
― Раўнапраўе ўсіх будзе гарантавана! — запэўніў Брач. — А Беларусь атрымае свабодны транзіт ва ўсе парты Балтыкі, у Лібаве-Ліепае зможа мець сваю мытню і ў марской крэпасці трымаць свой гарнізон. Зможа ва ўсе амбасады балтыйскіх дзяржаў накіраваць сваіх паслоў, што значна паменшыць затраты…
― А неабходная Блоку сыравіна будзе закупляцца толькі ў Беларусі і па найлепшым кошце, — дадаў генерал Бангерскі.
Езавітаў пагадзіўся на стварэнне камісіі па выпрацоўцы агульнай дамовы. Пачалі развітвацца.
― Васпан, пэўна, кепска сябе пачувае? — насцярожыўся Бангерскі.
― Так, прашу прабачыць… — Езавітаў зніякавеў. — Чакаю аперацыі на грыжу… З восені даймаюць прыступы…
Астроўскі ўсё часцей пачаў выяўляць да Езавітава насцярожанасць. Некалькі разоў пры сустрэчах хмурыўся, зрываўся на крык. Генерал удаваў, што не заўважае прэзідэнтавай раздражнёнасці, а той злаваўся яшчэ больш. Справа рабілася, і наступ Астроўскага Езавітаў мог патлумачыць толькі адным: бояззю канкурэнцыі.
Ішоў час, і Астроўскі рабіў Езавітаву ўсё больш грубыя закіды. Аднаго разу не стрымаўся і памяркоўны генерал… Астроўскі зморшчыў лоб, штось пратараторыў і схаваўся ў сваім кабінеце…
У сакавіку 1945 года Францішак Кушаль, ужо ў званні палкоўніка, прыехаў з Берліна ў Гіршау — і пабачыў дывізію «Беларусь» у заняпадзе. Дваццацітысячнае злучэнне планавалі перакінуць у Францыю — у раён Вогезы.
― Немцы робяць з нас жывы шчыт! — абураўся Сокал-Кутылоўскі. — А да ўсяго нейкі нямецкі капітан загадвае мне, камандзіру батальёна! — Яму БЦР нядаўна прысвоіла званне падпалкоўніка. — Ты ж ведаеш, Франц, што ў дывізіі васемнаццаць тысяч беларусаў, і ваяваць яны сабраліся не за гэтыя нямецкія вінаграднікі!
Кушаль і Сокал-Кутылоўскі затрымаліся ў штабе і яшчэ доўга раіліся наконт будучыні брыгады…
А ў Возегах батальёны «Беларусі» адмовіліся выконваць загады нямецкага камандавання і, пастраляўшы нямецкіх камандзіраў, перайшлі на бок саюзных войскаў. Амерыканскія жаўнеры абяззброілі беларусаў і праз паўмесяца вырашылі перадаць іх савецкім часткам. Афіцэрам брыгады прапанавалі пераапрануцца ў форму шарагоўцаў…
Сады і вінаграднікі зеляніла вясна, сонца залівала лагчыны і ўзгоркі, люстравалася ў невялікай рэчцы, за якой беларусаў чакаў палон…
― Ваша форма, — амерыканскі сержант намерыўся перадаць Сокал-Кутылоўскаму пакамечаны кіцель шарагоўца. А беларускі падпалкоўнік неўразумела зіркнуў, памаўчаў (пэўна, падбіраў ангельскія словы) — і гучна мовіў:
― Я — беларускі афіцэр! І ім застануся да смерці!
Сержант наструніўся, казырнуў Сокал-Кутылоўскаму — і адышоў…
Напрыканцы сакавіка адбылося нечаканае: Астроўскі замяніў кіраўніка вайсковай управы БЦР генерал-маёра Езавітава на палкоўніка Шувалава, расейца, які перад вайной служыў у польскім войску ў Слонімскім гарнізоне, а затым патрапіў у нямецкі палон… Езавітаў чакаў ад Астроўскага[64] абгавораў, але з'явілася вестка, што замена кіраўніка вайсковай управы выклікана ягонай хваробай…
Правабочная грыжа, якую да апошняга часу спрабаваў адужаць Езавітаў, пачала перамагаць. Цяжка было доўга стаяць, тым больш — хадзіць.
― Канстанцін Барысавіч, вам трэба аперыравацца. — З Езавітавым заставаўся Іван Багдановіч, ягоны ад'ютант.
― Трэба, — не спрачаўся і Езавітаў. — Са сваёй грыжай я далёка не ад'еду…
― А куды думаеце ехаць?
― Хачу далучыцца да беларускіх аддзелаў пад Вайдэнам.
― Гэта каля колішняй чэшскай мяжы?
― Там… — Езавітаў уважліва агледзеў ад'ютанта і дадаў: — У Фінстэрвальдзе, у гарадскім шпіталі, працуе лекар-беларус, мой сябар Мікола Шчорс… Падамся да яго, хай рэжа…
― А далёка гэты Фінстэрвальд?
― Кіламетраў з сотню…
У дзень ад'езду 8 красавіка да Езавітава развітацца прыйшоў Кушаль.
― Усё ж вырашыў да Шчорса?
― Так.
― А можа, усё ж едзь у Амбэрг? Там мая сям'я, там шмат вайсковых шпіталяў. Непадалёк некалькі беларускіх аддзелаў. Бальшавікі могуць прарваць усходні фронт і захапіць Фінстэрвальд… Ад іхняй лініі да горада дзевяноста кіламетраў, танкі могуць прыйсці праз пару дзён…
― А могуць і не прыйсці, ― не пагадзіўся Езавітаў. ― І, урэшце, чаму быць — таго не мінаваць… Колькі ўжо можна бегаць?!
Праз некалькі дзён БЦР эвакуявалася ў Цюрынгію.
15 красавіка быў аперыраваны Езавітаў, а 19-га распачаўся генеральны наступ савецкіх войскаў. Гарматны гул скаланаў шыбы фінстэрвальдскага шпіталю, але, як падавалася, аніяк не насцярожваў Езавітава.
19 красавіка да Езавітава прыехаў ад'ютант Багдановіч.
― Я не маю права пакінуць шпіталь, — хваляваўся Шчорс, — а вам трэба. У шэфа ў гаражы стаяць тры аўто. Адно, думаю, можна «пазычыць». ― І мовіў ужо да ад'ютанта. — І вывозь хутчэй генерала.
― Але ж я не ўмею кіраваць машынай, — здзівіўся Багдановіч.
― Наш санітар, паляк, вас адвязе…
Назаўтра на старым «DКВ» яны выехалі на захад — і згубіліся ў агульнай калоне машын. І Езавітаву, і Багдановічу зрабілі фіктыўныя дакумэнты на іншыя прозвішчы на бланках беларускага варшаўскага камітэта.
Праз дзень былі ў Бад-Лібэнвэрдзе.
― Лібэнвэрд! — дзівіўся Езавітаў. — Ведаеш, Янка, як у перакладзе гэты горад гучыць? Стань любімым… Станавіся любімым. Так, здаецца…
Багдановіч усміхнуўся.
― А выглядаеце вы лепш. Адно баюся, каб не пачалося запаленне. Давайце наведаем мясцовы шпіталь.
А ў шпіталі ён абнечаканіў:
― Паляк з аўтамабілем знік!
Раніцай у Лібэнвэрд увайшлі часткі Савецкай арміі. Дачуўшыся пра гэта, Езавітаў намацаў свой наган, але Багдановіч паспеў яго выхапіць.
― Што гэта вы надумалі?! Застрэліцца? — Адхінуў на вакне белую запавеску, агледзеў вуліцу. — Трэба патрапіць да англа-амерыканцаў… Яны таксама павінны быць у горадзе. Я паспрабую каго-небудзь з іх расшукаць. Чакайце! — і знік.
Праз некалькі гарадскіх кварталаў ён спыніў савецкі грузавік.
― Добры дзень. Я — выведчык Зямноў, мой псеўданім Марс. Тэрмінова дастаўце мяне да ўпаўнаважанага контрвыведкі!
…Калі ў палату да Езавітава ўвайшлі трое вайскоўцаў у форме НКУС і назвалі ягонае прозвішча — ён не здзівіўся, не спалохаўся. Хітнуў галавой, нечакана ўсміхнуўся.
― Скажыце, прозвішча майго… ад'ютанта — не Багдановіч?
«Смершаўцы» пераглянуліся, паказалі яму на расчыненыя дзверы, а калі Езавітаў выйшаў на ганак, старэйшы па званні прасіпеў:
― Не турбуйся, ён — не Багдановіч.
Езавітаў узняў галаву, паглядзеў на лёгкія красавіцкія аблокі, выдыхнуў:
― І дзякуй Богу…
«Смершаўцы» падштурхнулі яго да машыны.
Напрыканцы 1945 года па беларускім радыё прагучала паведамленне:
«Здраднік беларускага народа і Радзімы фашыст Канстанцін Езавітаў быў асуджаны ў Віцебску на смерць і быў павешаны»[65].
Па інфармацыі архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ён памёр 23 мая 1946 года ад сухотаў пры дыстрафіі 3-яй ступені ў турэмнай бальніцы МУС у Мінску…
1999 - 2000