- Вам вядома, куды яна накiравалася?
- Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лiзьё i Эўрэ.
- Тэлефануйце ў палiцыю i жандармерыю Лiзьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна... Папярэдзьце Парыж, каб сачылi за ўсiмi ўездамi ў горад, асаблiва ў раёне Маё...
- Машыну трэба спынiць?
- Але, i арыштаваць вадзiцеля! У вас ёсць яго апiсанне?
- Гаспадар гаража кажа, што ён даволi высокага росту, сярэднiх гадоў, у светлым элегантным гарнiтуры...
- Загад у сiле: тэлефанаваць мне ў Вiстрэам, як толькi...
- Прабачце, хутка сем гадзiн... Пасля сямi тэлефоннай сувязi з Вiстрэамам няма... Хiба што вы звернецеся да мэра...
- Чаму?
- Таму што яго нумар першы i ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.
- Пасадзiце каго-небудзь на камутатар. Калi папросяць мэра, трэба праслухаць размову... У вас ёсць машына?
- Але, малалiтражка.
- Ну й хопiць, каб даехаць да мяне з паведамленнем... Я па-ранейшаму ў "Марацкiм прытулку".
У шынку капiтан Дэлькур асмелiўся спытацца ў Мэгрэ:
- Гэта вы забойцу ловiце?
- Не ведаю!
Людзi ў шынку не маглi зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такi сардэчны i просты, здаваўся цяпер далёкiм ад iх i нават злым.
Ён выйшаў, нiчога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, якi дрыжаў пад нацiскам буры, камiсару прыйшлося шчыльна зашпiлiцца.
Каля Жарысавага дома ён спынiўся i пасля некаторых ваганняў зазiрнуў у замок. У глыбiнi калiдора ён убачыў зашклёныя дзверы кухнi. Гарэла святло. Нехта хадзiў памiж плiтою i сталом.
Мэгрэ пазванiў. Жулi замерла са сподачкам у руках, пасля паставiла яго на стол i выйшла з кухнi да дзвярэй.
- Хто там? - спытала яна з трывогаю.
- Камiсар Мэгрэ!
Жулi адчынiла, прапусцiла яго. Яна нервавалася, увесь час азiралася, вочы ў яе былi чырвоныя ад слёз.
- Уваходзьце... Я рада, што вы прыйшлi. Ведалi б вы, як мне страшна ў гэтым доме адной! Мусiць, я тут не застануся...
Мэгрэ ўвайшоў у кухню, як звычайна старанна прыбраную.
На стале, засланым белай цыратаю, стаялi толькi кубак i талерка з хлебам i маслам. Ад рондаля на плiце iшоў салодкi пах.
- Какава? - спытаўся Мэгрэ.
- Не хочацца гатаваць сабе адной... Вось абыходжуся кубкам какавы...
- Не звяртайце на мяне ўвагi... Ешце...
Спачатку яна саромелася, пасля, рашыўшыся, налiла ў кубак какавы i пачала ўмачаць у яе вялiкiя кавалкi намазанага маслам хлеба, якi ела потым з лыжкi, апусцiўшы застылыя вочы.
- Ваш брат яшчэ не прыходзiў?
- Не! Нiчога не разумею... Толькi што хадзiла ў порт, думала сустрэць яго там. Маракi, калi iм няма чаго рабiць, заўсёды бадзяюцца ў порце...
- Вы ведалi, што ваш брат сябруе з мэрам?
Жулi кiнула на камiсара разгублены позiрк.
- Што вы хочаце сказаць?
- Цяпер яны гуляюць у шашкi ў мэравым доме.
Дзяўчына падумала, што яе разыгрываюць, але калi Мэгрэ запэўнiў яе, што гэта чыстая праўда, яна сумелася яшчэ больш.
- Не разумею...
- Чаму?
- Таму што мэр не такi ўжо просты з людзьмi... А галоўнае, я ведаю, як ён не любiць Луi. Колькi разоў чапляўся да яго! Хацеў нават пазбавiць пасведчання на права жыхарства...
- А з капiтанам Жарысам?
- Што?
- Пан Гранмэзон сябраваў з капiтанам?
- Як з усiмi! Здароўкаецца за руку. Жартуе... Дадае колькi слоў пра надвор'е - але гэта ўсё. Iншы раз, я ўжо вам казала, ён браў майго гаспадара на паляванне... Але толькi каб не быць аднаму...
- Вы яшчэ не атрымалi лiст ад натарыуса?
- Атрымала! Ён паведамляе, што я адзiная спадчыннiца... Што б гэта ўсё магло значыць? Праўда, што дом застаецца мне?
- I трыста тысяч франкаў таксама!
Амаль нерухомая, яна машынальна працягвала есцi, пасля, круцячы галавою, вымавiла:
- Гэта немагчыма... Недарэчнасць нейкая... Я ж вам кажу: у капiтана нiколi не было такiх грошай!
- Дзе яго звычайнае месца?.. Ён вячэраў на кухнi?
- Там, дзе вы седзiце, у плеценым крэсле.
- Вы елi разам?
- Звычайна... Хiба што час ад часу я iшла зiрнуць на плiту i падаць што-небудзь... За вячэраю ён любiў чытаць газету, iншы раз уголас...
Мэгрэ быў не надта чуллiвы. I ўсё ж такi яго ўсхваляваў iдылiчны спакой, у якiм ён цяпер сябе адчуваў. Здавалася, што гадзiннiк цiкаў надзвычай марудна. Водблiск святла ад меднага маятнiка адбiваўся на сцяне. I гэты салодкi пах какавы... Пры кожным руху Мэгрэ плеценае крэсла прыемна паскрыпвала - як i тады, пэўна, калi ў iм сядзеў капiтан Жарыс...
Жулi было страшна адной у гэтым доме. Але яна не рашалася пакiнуць яго. I камiсар разумеў, што нешта трымала яе ў гэтых сценах - не адпускала, бадай, звычка... Яна ўстала i пайшла да дзвярэй. Мэгрэ сачыў за ёю вачыма. Жулi ўпусцiла ў кухню белую кошку, якая падышла да мiскi з малаком каля печы.
- Бедная Мiну! - сказала дзяўчына. - Гаспадар так любiў яе... Сядзела пасля вячэры ў яго на каленях, пакуль ён не iшоў спаць...
Якi глыбокi спакой - у iм адчувалася нават нейкая пагроза... Спакой цяжкi i напружаны...
- Вы напраўду нiчога не хочаце мне сказаць, Жулi?
Яна дапытлiва глянула на яго.
- Я думаю, што вось-вось адкрыю праўду... Любое ваша слова дапаможа мне... Вось чаму я i пытаюся, цi не хочаце вы расказаць мне што-небудзь...
- Клянуся вам...
- Пра капiтана Жарыса...
- Нiчога!
- Пра вашага брата...
- Нiчога... Клянуся вам...
- Пра чалавека, якi, пэўна, быў у гэтых мясцiнах i якога вы не ведаеце...
- Не разумею...
Яна ўсё ела кавалкi хлеба, якiя плавалi ў жоўтай ад масла какаве - Мэгрэ i глядзець на гэтакую ежу было непрыемна.
- Добра, я пайду!
Жулi кiнула на камiсара роспачны позiрк, у якiм адчувалася i нейкая крыўда. Дзяўчыну зноў чакала адзiнота. Вiдаць было, што ёй хочацца пра нешта спытацца.
- Скажыце, а пахаванне... Я думаю, - узняла яна на яго вочы, - нельга так доўга чакаць... бо труп...
- Ён пакладзены ў лёд, - з цяжкасцю знайшоў камiсар адказ.
Жулi ўздрыгнула.
* * *
- Ты тут, Люка?
Было так цёмна, што ўжо нiчога нельга было разгледзець. Да таго ж бура заглушала ўсё навокал. У порце, кожны на сваiм месцы, чакалi прыбыцця судна з Глазга, якое, зрабiўшы няправiльны манеўр, гудкамi падавала каля пiрса сiгналы.
- Я тут.
- Што яны робяць?
- Ядуць. Хацеў бы я быць на iх месцы. Крэветкi, малюскi, амлет i нешта падобнае на халодную цяляцiну.
- Яны абодва за сталом?
- Абодва. Луi ўсё яшчэ не зняў са стала локцi.
- Гутараць?
- Мала. Час ад часу выцiскаюць па слову, але, здаецца, iм няма пра што гаварыць.
- П'юць?
- Матрос п'е. На стале дзве бутэлькi. Дарагое вiно. Мэр увесь час падлiвае.
- Бы напаiць хоча?
- Выдае на тое. Служанка смешна трымаецца. Так баiцца зачапiць госця, што калi ёй трэба прайсцi мiма, дык абыходзiць яго.
- Нiхто больш не званiў?
- Не... Чакайце. Луi сморкаецца ў сурвэтку, устае... Iдзе па цыгары. Скрынка - на камiне. Падае мэру - той адмаўляецца, круцiць галавою. Служанка нясе сыр... Хоць бы сесцi на што-небудзь! - жаласна дадаў Люка. - У мяне ногi замерзлi. Паварушыцца баюся, каб не грымнуцца.
Гэтага было мала, каб разжалiць Мэгрэ: ён i сам дзесяткi разоў быў у падобных сiтуацыях.
- Зараз прынясу табе паесцi i выпiць.
У гатэлi "Унiверсаль" была добрая вячэра, але Мэгрэ абышоўся кавалкам хлеба з паштэтам, праглынуў яго стоячы. Пасля зрабiў калегу бутэрброд i ўзяў недапiтую бутэльку бардоскага вiна.
- А я зрабiў вам такi буайбэс*, якi вы i ў Марселi не пакаштуеце! - пачаў угаворваць прысесцi гаспадар.
* Рыбны суп з часнаком i вострымi прыправамi.
Але нiшто ўжо не магло ўтрымаць камiсара. Вярнуўшыся да Люка, ён у каторы раз задаў тое самае пытанне:
- Што яны робяць?
- Служанка прыбрала стол. Мэр у крэсле палiць адну за адной цыгары. Па-мойму, Луi засынае. Цыгара ў яго ўсё яшчэ ў роце, але дыму не вiдаць.
- Што яму далi выпiць?
- Поўную шклянку з бутэлькi, што на камiне.
- Арманьяк, - успомнiў Мэгрэ.
- Чакайце... На трэцiм паверсе запалiлася святло... Пэўна, служанка збiраецца спаць. Мэр устае, iдзе...
Чуюцца нейкiя галасы - недзе каля шынка. Шум матора. Можна разабраць адсюль некаторыя словы:
- За сто метраў? У доме?..
- Не. Каля дома.
Мэгрэ пайшоў насустрач машыне. Спынiў яе даволi далёка ад дома, каб не ўстрывожыць мэра. У машыне сядзелi некалькi чалавек у палiцэйскiх мундзiрах.
- Што новага?
- З Эўрэ паведамiлi, што чалавек у жоўтай машыне арыштаваны.
- Хто ён?
- Пачакайце! Ён пратэстуе. Пагражае, што выклiча пасла.
- Iншаземец?
- Нарвежац. Нам сказалi па тэлефоне яго прозвiшча, але немагчыма было разабраць: Марцiно цi Мацiно... Здаецца, што дакументы ў парадку... Жандары пытаюцца, што з iм рабiць...
- Везцi яго сюды, разам з жоўтай машынаю... Хто-небудзь з жандараў, напэўна, умее вадзiць. А вы едзьце ў Кан... Паспрабуйце даведацца, дзе звычайна спыняецца панi Гранмэзон, калi прыязджае ў Парыж...
- Нам гэта ўжо сказалi. Гатэль "Лютэцыя", бульвар Распай.
- Тэлефануйце туды з Кана i даведайцеся, цi прыехала яна i што робiць. Гэта не ўсё! Калi яна там, звярнiцеся ад майго iмя ў крымiнальную палiцыю i папрасiце ўзяць яе пад нагляд. Але каб асцярожна!..
Машына ў тры прыёмы развярнулася на вузкай дарозе. Мэгрэ зноў падышоў да Люка - той чамусьцi спускаўся ўнiз.
- Чаму ты злез?
- А няма на што больш глядзець.
- Разышлiся?
- Не. Але мэр падышоў да акна i зашмаргнуў шторы...
Метраў за сто ў шлюз паволi ўваходзiла судна з Глазга. Чулiся ангельскiя каманды. Вецер сарваў з галавы камiсара капялюш. Святло ў акне на трэцiм паверсе раптам пагасла. Вiла патанула ў цемры.
VIII. МЭР ВЯДЗЕ СЛЕДСТВА
Мэгрэ стаяў пасярод дарогi, засунуўшы рукi ў кiшэнi i нахмурыўшы бровы.
- Вы чымсьцi ўстрывожаны? - спытаў Люка, якi добра ведаў свайго шэфа.
Сам ён быў устрывожаны, бо надта змрочна пазiраў на вiлу.
- Нам трэба быць там, усярэдзiне, - цiха сказаў камiсар, узiраючыся ў кожнае акно.
Але ўсе яны зачыненыя. Не было нiякай магчымасцi прайсцi ў дом. Мэгрэ цiха падышоў да дзвярэй, нахiлiў галаву, прыслухаўся. Зрабiў памочнiку знак маўчаць. I абодва прыпалi вушамi да дубовых дзвярэй.
Галасоў чуваць не было. Але з кабiнета даносiўся тупат ног i глухi, мерны стук.
Няўжо яны бiлiся? Наўрад цi: удары не былi б такiя роўныя. Калi б яны бiлiся, дык, пэўна, перамяшчалiся б па пакоi, штурхалi адзiн аднаго i натыкалiся на мэблю, а ўдары былi б то часцейшыя, то радзейшыя.
А тут нiбыта палi забiвалi. Можна было нават пачуць цяжкае дыханне таго, хто наносiў удары:
- Х-ха!.. Х-ха!.. Х-ха!..
I як кантрапункт гэтаму хаканню - глухi хрып.
Мэгрэ глянуў iнспектару ў вочы, паказаў рукою на замок - i Люка ўсё зразумеў, выняў з кiшэнi набор адмычак.
- Толькi цiха! - папярэдзiў Мэгрэ.
I ў доме цяпер было цiха. Цiшыня была нейкая цяжкая, трывожная. Нi ўдараў, нi крокаў. Хiба што чулася яшчэ крыху хрыплае дыханне чалавека, як бы з астатняй сiлы.
Люка даў знак i адчынiў дзверы. Злева, з кабiнета, прабiвалася святло. Мэгрэ пацiснуў плячыма, нiчога не разумеючы. Ён перавысiў свае паўнамоцтвы. Вельмi перавысiў. I зрабiў гэта ў доме афiцыйнай асобы, ды яшчэ такой далiкатнай, як мэр Вiстрэама.
- Ну, што тут ужо зробiш!
З калiдора выразна даносiлася дыханне, але толькi аднаго чалавека. Нiякiх рухаў. Люка намацаў у кiшэнi рэвальвер. Адным штуршком Мэгрэ адчынiў дзверы.
I адразу ж, збянтэжаны, застыў. Ён не стаў сведкам новай драмы.
Перад яго вачыма было нешта зусiм iншае.
Карцiна, якую ўбачылi Мэгрэ i Люка, была дзiўная i недарэчная. Гранмэзон стаяў з разбiтымi вуснамi i падбародкам, залiтым крывёю. Халат, раскiданыя валасы, тупы выраз твару надавалi яму выгляд баксёра, якi прыходзiць да прытомнасцi пасля накаўта.
Ледзь трымаючыся на нагах, ён абапiраўся на камiн, так моцна адхiлiўшыся назад, што можна было толькi дзiвiцца, як ён яшчэ не грымнуўся вобзем.
За два крокi ад яго стаяў Вялiкi Луi. Валасы раскудлачаныя, на яшчэ сцiснутых кулаках - кроў. Кроў мэра!
Выходзiць, гэта яго дыханне чулi яны ў калiдоры. Гэта ён соп, лупцуючы Гранмэзона! Ад матроса пахла спiртным. На стале - перакуленыя шклянкi.
Камiсар i iнспектар былi настолькi разгублены, а мэр i Вялiкi Луi так атупелi, знясiленыя, што прайшло яшчэ колькi часу, перш чым яны загаварылi.
Гранмэзон выцер вусны i падбародак крысам халата i, стараючыся трымацца на нагах, прамармытаў:
- Што ж... што ж гэта?..
- Выбачайце мяне за тое, што я ўвайшоў у дом, - пачцiва сказаў Мэгрэ. - Я пачуў шум... Дзверы былi не зачыненыя.
- Хлусня!
Мэр сабраў усю сваю сiлу, каб вымавiць гэтае слова.
- Ва ўсякiм выпадку, я задаволены, што своечасова прыйшоў, каб абаранiць вас i...
Мэгрэ кiнуў позiрк на Вялiкага Луi, якi не здаваўся разгубленым, наадварот, неяк дзiўна ўсмiхаўся, пiльна гледзячы на мэра.
- Я не маю патрэбы ў ахове.
- Аднак гэты чалавек напаў на вас.
Стоячы перад люстрам, Гранмэзон спрабаваў прывесцi сябе ў парадак i нерваваўся, бо кроў не пераставала цячы.
Цяпер гэта было неверагоднае, вычварнае спалучэнне сiлы i слабасцi, упэўненасцi i млявасцi.
Заплылае вока, сiнякi i раны сагналi з яго твару лялечную гладкасць - ён стаў шэры.
З нечаканай хуткасцю мэр зноў напусцiў на сябе самаўпэўнены выгляд i, прытулiўшыся спiнаю да камiна, пачаў атаку на камiсара з iнспектарам:
- Мяркую, што вы зламалi дзверы майго дома...
- Прабачце! Мы хацелi памагчы вам.
- Хлусня! Вы не маглi ведаць, што мне што-небудзь пагражае. I мне нiшто не пагражала! - наўмысна адчаканiў ён апошнiя словы.
Мэгрэ ўважлiва ўгледзеўся ў Вялiкага Луi.
- Спадзяюся, аднак, што вы дазволiце мне забраць гэтага пана...
- Нi ў якiм разе!
- Ён вас бiў. I, дарэчы, жорстка...
- Мы ва ўсiм разабралiся самi. I гэта нiкога не датычыцца, апроч самога мяне!
- Я магу меркаваць, што вы, крыху спешна спускаючыся сёння ранiцаю па лесвiцы, натыкнулiся менавiта на яго кулак...
Тут варта было б сфатаграфаваць усмешку Вялiкага Луi: той проста свяцiўся ад задавальнення. Аддыхваючыся, матрос разам з тым сачыў, што адбывалася вакол яго. Апошняя сцэна, здавалася, была яму асаблiва прыемная - чыстая асалода. Бясспрэчна, Луi былi вядомыя таемныя спружыны таго, што хацеў цяпер разгадаць камiсар!
- Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што i я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся i вы ў мае... I не здзiўляйцеся, калi я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасцi жытла з узломам.
Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камiчнага цi трагiчнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправiўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзiн вялiзны сiняк, халат быў увесь памяты...
Нарэшце, прысутнасць Вялiкага Луi, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.
Памятаў ён, мусiць, i пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявiць: катаржнiк, напэўна, бiў з блiзкай адлегласцi i з такою сiлаю, што ўрэшце не мог ужо i размахнуцца як след.
- Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсцi ад вас зараз. Улiчваючы той факт, што вы - адзiны грамадзянiн Вiстрэама, у якога ноччу дзейнiчае тэлефон, я дазволiў сабе даць ваш нумар, бо мне павiнны званiць.
Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:
- Зачынiце дзверы!
Сапраўды, дзверы былi зачыненыя.
Мэр узяў адну з рассыпаных на камiне цыгар, хацеў запалiць, але, вiдаць, адзiн ужо дотык цыгары да вуснаў выклiкаў у яго вельмi непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкiнуў яе.
- Калi ласка, Люка, злучы мяне з Канам.
Камiсар перавёў позiрк з мэра на Вялiкага Луi. Думкi iмклiва праносiлiся ў яго галаве.
На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павiнен быў здавацца пераможаным, слабым не толькi фiзiчна, але i маральна: яго ж заспелi ў надзвычай непрыемнай сiтуацыi, якая так унiжала яго!
Дык не! За колькi хвiлiн ён падабраўся i хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.
Цяпер ён быў амаль спакойны i глядзеў на Мэгрэ высакамерна.
У Вялiкага Луi роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на iм не было нiводнае драпiны. I яшчэ хвiлiну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзiцячая радасць.
Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка i не ведаў цяпер, што рабiць, як стаць, куды глядзець.
"Хто з iх можа быць галоўны ў гэтай справе?" - задаваў сабе пытанне Мэгрэ.
Нi адзiн, нi другi адказ вiдавочным не здаваўся. Пад падазрэннем заставалiся абодва.
- Алё! Палiцыя Кана? Камiсар Мэгрэ просiць перадаць вам, што ён будзе ўсю ноч у доме мэра... Мэра... Тэлефануйце па нумары адзiн... Алё!.. Ёсць што-небудзь новае? Ужо ў Лiзьё?.. Дзякуй! Але.
Паклаўшы слухаўку, Люка сказаў камiсару:
- Машына толькi што праехала праз Лiзьё. Яна будзе тут праз сорак пяць хвiлiн.
- Калi я не памыляюся, - пачаў мэр, - вы сказалi...
- Што я застануся тут на ўсю ноч. З вашага дазволу, натуральна... Ужо два разы вы пачыналi расказваць мне пра ваша ўласнае расследаванне. Думаю, лепей за ўсё будзе, калi вы дазволiце аб'яднаць вынiкi, якiя мы атрымалi абодва.
Мэгрэ не iранiзаваў. Ён злаваўся, бо нiчога не разумеў у сiтуацыi.
- Растлумачце мне, калi ласка, Луi, чаму, калi мы ўвайшлi, вы... хм... бiлi пана мэра?
Але Вялiкi Луi не адказваў, пазiраючы на мэра так, нiбыта прапаноўваў яму: "Гаварыце вы!"
Гранмэзон вымавiў:
- Гэта мая асабiстая справа.
- Вядома! Кожны мае права быць адлупцаваным, калi яму гэта даспадобы, усмiхнуўся раззлаваны Мэгрэ. - Люка, папрасiце гатэль "Лютэцыя".
Удар быў дакладны. Гранмэзон разявiў рот, хочучы нешта сказаць. Яго рука сцiснула мармуровую дошку камiна.
Люка гаварыў па тэлефоне:
- Пачакаць тры хвiлiны?.. Дзякуй... Але...
Мэгрэ гучна запытаўся:
- Вам не здаецца, што расследаванне прымае дужа дзiўны характар? Дарэчы, пан Гранмэзон, вы маглi б зрабiць мне паслугу... Вы - суднаўладальнiк i, пэўна, ведаеце некаторых людзей вашага кола з iншых краiн. Цi не чулi вы пра такога... чакайце... як гэта яго... Марцiно... цi Мацiно... з Бергена або Транхейма... Нарвежца, словам...
Маўчанне. Твар у Вялiкага Луi пасуровеў. Матрос машынальна налiў сабе ў шклянку вiна.
- Шкада, што вы яго не ведаеце... Зараз ён прыедзе...
Усё! Можна было нi пра што больш не распытваць: нiхто не адкажа нi слова! Нiхто i не ўздрыгне нават! Гэта можна было зразумець па адных толькi паставах мэра i матроса.
Гранмэзон змянiў тактыку. Ён прытулiўся спiнаю да камiна - вуголле палала каля самых яго ног, - i, гледзячы на яго збоку, можна было падумаць, што ў пакоi толькi ён адзiн i быў.
Ну i твар быў у яго цяпер! Размытыя рысы, з падцёкамi i сiнякамi, кроў на падбародку. Сумесь рашучасцi i пакуты. Адчувалася, што ён панiкуе.
Вялiкi Луi, паставiўшы ногi на крэсла, усеўся на яго спiнцы. Пазяхнуўшы тры цi чатыры разы, ён задрамаў.
Зазванiў тэлефон. Мэгрэ хутка зняў слухаўку.
- Алё! Гатэль "Лютэцыя"? Алё?.. Не вешайце слухаўку... Дайце мне, калi ласка, панi Гранмэзон... Але, яе... Яна павiнна была прыехаць сёння пасля абеду цi ўвечары... Я чакаю...
- Спадзяюся, - бляклым голасам пачаў мэр, - вы не збiраецеся ўблытваць маю жонку ў вашыя, скажам так, прынамсi, дзiўныя манеўры?
Але камiсар моўчкi чакаў, прыцiснуўшы слухаўку да вуха i разглядваючы сурвэту на стале.
- Алё!.. Слухаю... Як вы кажаце?.. Паехала назад?.. Хвiлiнку... Давайце па парадку... Калi яна прыехала?.. У сем гадзiн... Выдатна!.. На сваёй машыне i з шафёрам... Кажаце, павячэрала ў гатэлi, а потым яе паклiкалi да тэлефона?.. I адразу ж паехала назад?.. Дзякуй... Не, гэтага дастаткова...
Нiхто не паварушыўся. Гранмэзон здаваўся яшчэ больш спакойным. Мэгрэ павесiў слухаўку, неўзабаве зняў зноў.
- Алё! Паштовае аддзяленне Кана?.. З вамi гавораць з палiцыi... Будзьце ласкавы, скажыце, абанент, ад якога я вам тэлефаную, заказваў размову з Парыжам яшчэ да майго званка?.. Кажаце, хвiлiн з пятнаццаць назад?.. Мусiць, прасiў злучыць з гатэлем "Лютэцыя"?.. Дзякую вам...
На лобе ў Мэгрэ блiшчалi кропелькi поту. Ён паволi набiў пальцам люльку, потым налiў вiна ў адну з дзвюх шклянак, што стаялi на стале.
- Мяркую, камiсар, вы ўсведамляеце, што вашыя цяперашнiя дзеяннi процiзаконныя? Вы залезлi ў дом, зламаўшы дзверы. Застаяцеся тут без майго дазволу. Ды яшчэ сееце панiку ў маёй сям'i. Нарэшце, трымаецеся са мною ў прысутнасцi iншага чалавека, як са злачынцам. Вам прыйдзецца адказваць за ўсё гэта.
- Адкажу!
- I раз ужо я не гаспадар у сваiм уласным доме, прашу вашага дазволу пайсцi спаць.
- Не!
Камiсар ужо прыслухоўваўся да шуму матора на дарозе.
- Iдзi адчынi iм, Люка.
Мэгрэ машынальна кiнуў у агонь шуфлiк вугалю i павярнуўся да дзвярэй якраз у той самы момант, калi ў пакой увайшлi два жандары з Эўрэ.
Памiж iмi iшоў мужчына ў кайданках.
- Пакiньце нас, - сказаў Мэгрэ жандарам. - Iдзiце ў партовы шынок i чакайце мяне там усю ноч.
Нi мэр, нi Вялiкi Луi не зварухнулiся. Можна было падумаць, што яны цi нiчога перад сабою не бачылi, цi не хацелi бачыць. Што ж да чалавека ў кайданках, дык гэты захоўваў абсалютны спакой. Хiба што ледзь прыкметна ўсмiхнуўся, калi заўважыў распухлы мэраў твар.
- З кiм я мушу гаварыць? - спытаўся ён, аглядваючы прысутных.
Мэгрэ пацiснуў плячыма, усё роўна як паказваў тым самым, што жандары вiдавочна перастаралiся, выняў з кiшэнi маленькi ключ i разамкнуў кайданкi.
- Дзякую вам... Я быў так здзiўлены...
Мэгрэ з абурэннем спытаўся:
- Здзiўлены?.. Чым?.. Тым, што вас арыштавалi?.. Вы ўпэўнены, што гэта вас так здзiвiла?
- Iнакш кажучы, я чакаю, калi мне паведамяць, у чым мая вiна.
- Ды хоць бы ў тым, што вы ўкралi ровар!
- Прабачце, але я, так сказаць, пазычыў яго! Гаспадар гаража, у якiм я купiў машыну, можа гэта пацвердзiць. Я пакiнуў ровар у ягоным гаражы i папрасiў гаспадара пераправiць яго ў Вiстрэам, а таксама заплацiць яго ўладальнiку за нанесеную шкоду...
- Ну, ну!.. Але ж, здаецца, вы не нарвежац?..
Незнаёмы гаварыў без акцэнту ды i з твару не быў падобны на скандынава. Ён быў высокага росту, даволi малады, фiгуру меў прыгожую. Элегантны гарнiтур быў крыху памяты.
- Прабачце! Я не нарвежац па паходжаннi, але нарвежскi падданы...
- А жывяце ў Бергене?
- У Трамсё, на Лафатэнскiх астравах.
- Вы - камерсант?
- У мяне завод па перапрацоўцы адходаў траскi.
- Такiх, як iкра, напрыклад?
- Iкра i ўсё астатняе. Робiм з галоў i печанi рыбiн тлушч, з касцей угнаенне...
- Выдатна! Проста выдатна! Застаецца толькi высветлiць, што вы рабiлi ў Вiстрэаме ў ноч з шаснаццатага на семнаццатае верасня...
Незнаёмы не разгубiўся, паволi азiрнуўся i адказаў:
- Мяне не было ў Вiстрэаме.
- Дзе ж вы былi?
- А вы?
Усмiхнуўшыся, ён растлумачыў свой адказ:
- Я хачу сказаць: цi б маглi вы самi вось гэтак раптоўна сказаць, што вы рабiлi ў якi-небудзь дзень, гадзiну, калi з тае пары прайшло ўжо больш за месяц?
- Вы былi ў Нарвегii?
- Магчыма.
- Трымайце!
I Мэгрэ працягнуў субяседнiку асадку з залатым пяром, якую нарвежац, падзякаваўшы, спакойна паклаў у кiшэню.
Дальбог, прыгожы мужчына! Прыкладна таго ж узросту i росту, што i мэр, але больш статны i дужы. У яго цёмных вачах можна было ўгадаць напружанае ўнутранае жыццё. А ўсмешка тонкiх вуснаў казала пра вялiкую ўпэўненасць чалавека ў сабе.
На камiсаравы пытаннi ён адказваў пачцiва.
- Мяркую, - сказаў ён, - наша сустрэча - простая памылка, i быў бы рады зноў адправiцца ў дарогу...
- Гэта ўжо iншае пытанне. Дзе вы пазнаёмiлiся з Вялiкiм Луi?
Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, i не паглядзеў на матроса.
- Вялiкiм Луi? - перапытаў нарвежац.
- Вы пазнаёмiлiся з капiтанам Жарысам, калi ён яшчэ плаваў?
- Прабачце. Я не разумею.
- Вядома! А калi я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце развалiны-драгi замест таго, каб уладкавацца ў гатэлi, вы таксама будзеце здзiўлены?
- А як вы думаеце? Згадзiцеся, што на маiм месцы...
- I, аднак, учора вы прыбылi ў Вiстрэам на борце "Сэн-Мiшэля". Пры ўваходзе ў порт пераселi са шхуны ў шлюпку. Потым перабралiся на драгу i правялi там ноч. Сёння пасля абеду абышлi вiлу, у якой мы цяпер знаходзiмся, потым узялi ровар i паехалi ў Кан. Купiлi там машыну. Выехалi ў Парыж. I цi не з панi Гранмэзон вы павiнны былi сустрэцца ў гатэлi "Лютэцыя"? У такiм выпадку няма патрэбы нiкуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.
Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позiрк у яго быў настолькi нерухомы, што ў iм не адчувалася нiякага жыцця. Вялiкi Луi пачэсваў раз-пораз патылiцу i пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнiя стаялi.
- Вас завуць Марцiно?
- Але, Жан Марцiно.
- Ну дык вось, пан Жан Марцiно, падумайце! Цi сапраўды вам няма чаго паведамiць нам? Вельмi нават магчыма, што адзiн з тых, хто тут прысутнiчае, хутка ўстане перад судом.
- Мне не толькi няма чаго вам сказаць, але i хочацца папрасiць вашага дазволу папярэдзiць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.
I гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзiцца, цяпер i Марцiно збiраецца зрабiць тое самае! Хiба што адзiн Вялiкi Луi нiкому нiчым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькi што выпiць.
Чуваць было, як бушаваў шторм, якi з прылiвам дасягнуў свайго пiку.
Позiрк у Люка быў вельмi красамоўны. Канечне, ён думаў: "Ну i ўлiплi ж мы ў гiсторыю! Хоць бы што-небудзь высветлiлася!.."
Мэгрэ хадзiў па пакоi, сердаваў, палiў.
- Значыць, вы нiчога не ведаеце, нi адзiн, нi другi, пра знiкненне капiтана Жарыса i яго смерць?
Абодва моўчкi пакруцiлi галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позiрк на Марцiно.
У гэты момант звонку пачулiся хуткiя крокi i стук у дзверы. Пасля кароткiх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулi. Яна цяжка дыхала. Спынiўшыся, ледзь вымавiла:
- Камiсар, мой брат...
I адразу ж здзiўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гiганцкую постаць Вялiкага Луi, якi ўстаў з крэсла.
- Ваш брат?.. - перапытаў Мэгрэ.
- Нiчога... Я...
Яна паспрабавала ўсмiхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спiнаю назад, наткнулася на Марцiно, павярнулася да яго.
- Прабачце, пан...
Стала ясна, што яна не знаёмая з iм.
Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.
IХ. ЗМОВА МАЎЧАННЯ
Жулi спяшалася ўсё расказаць:
- Я была дома зусiм адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалi... Прыйшоў Ланэк, братаў капiтан...
- "Сэн-Мiшэль" у порце?
- Ён быў у шлюзе, калi я праходзiла мiма... Ланэк хацеў тэрмiнова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луi нават не заходзiў да мяне... I ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзiўнае, я нават не разабрала нiчога...
- Чаму вы прыйшлi сюды? - спытаўся Мэгрэ.
- Хацела даведацца, цi няма для Луi якой небяспекi... Ланэк сказаў, што небяспека ёсць i што, мажлiва, нiчым ужо не паможаш... А ў порце мне перадалi, што вы тут...
Незадаволены матрос пацiснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.
- Вам пагражае небяспека? - спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавiць яго позiрк.
Вялiкi Луi засмяяўся. Смех у яго быў штучны i здаўся iдыёцкiм.
- Чым устрывожаны Ланэк?
- А я адкуль ведаю?
Агледзеўшы прысутных, камiсар задуменна, з горыччу вымавiў:
- Значыцца, вы нiчога не ведаеце! I ўсе ў аднолькавым становiшчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марцiно i не ведаеце, чаму Вялiкi Луi, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з iм у шашкi, кормiце i поiце, пачынае раптам бiць вас па твары кулакамi, проста м а л а ц i ц ь...
Нi слова ў адказ.
- I гэта яшчэ не ўсё! Вы лiчыце такiя паводзiны матроса натуральнымi! Не баронiцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там - i не думаеце выставiць "вашага сябра" за дзверы!
Камiсар павярнуўся да Вялiкага Луi.
- Вы таксама нiчога не ведаеце! Праводзiце ноч на дразе, але хто там быў з вамi - сказаць не можаце... Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасцiннасць вы плацiце гаспадару лупцоўкаю... I, вядома, вы, як i ўсе, нiколi не сустракалiся з панам Марцiно!..
Нiхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалi карункi на сурвэце.
- I вы, пан Марцiно, таксама ведаеце не больш за iншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылi з Нарвегii ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгi, чым у мяккiм ложку ў гатэлi... У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну... Але вы не ведаеце нiчога i нiкога! Нi пана Гранмэзона, нi Луi, нi капiтана Жарыса... Ну, а вы, Жулi, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за iншых!..
Камiсар разгублена зiрнуў на Люка. Той зразумеў: i думаць нават не прыходзiлася, каб арыштаваць усiх.
Кожны з iх паводзiў сябе вельмi дзiўна, манiў i сам сабе пярэчыў. Але ж i нiхто не даваў сапраўднага доказу!
Гадзiннiк паказваў адзiнаццаць вечара. Мэгрэ выбiў люльку ў камiн.
- Я вымушаны прасiць вас усiх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькi пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нiчога не ведаеце... Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакiнуць Вiстрэам?
- Не!
- Я вам удзячны... Вы, пан Марцiно, маглi б зняць нумар у гатэлi "Унiверсаль", дзе спынiўся i я...
Нарвежац пачцiва нахiлiў галаву.
- Люка, правядзi пана ў гатэль, - сказаў камiсар памочнiку i павярнуўся да Вялiкага Луi i Жулi. - Вы абое iдзiце за мною...
Выйшаўшы з вiлы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку памiж шлюзаваннямi партавiкi пiлi там гарачы грог, грэлiся. Камiсар адпусцiў жандараў, што чакалi яго тут, як ён загадаў. На дварэ зiрнуў услед Люка i Марцiно. У гатэлi яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.
Жулi была без палiто i дрыжала цяпер ад холаду. Луi зняў куртку i сiлаю накiнуў яе дзяўчыне на плечы.
Дзьмуў такi моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелi павекi. Iшлi, нахiляючыся ўперад. Партавiкi ў шынку глядзелi iм у спiну.
- Гэта "Сэн-Мiшэль"? - спытаўся камiсар, убачыўшы паруснiк, якi выходзiў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калi ён убачыў яго ўпершыню.
Матрос нешта прабурчаў. Камiсар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузiлася ў Кане i цяпер iшло ўлегцы па новы груз.
Яны падыходзiлi ўжо да домiка Жарыса, калi да iх наблiзiўся чыйсьцi цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да iх, не надта ўпэўнена сказаў Вялiкаму Луi:
- А, вось i ты... Спяшайся, адплываем...
Мэгрэ паглядзеў на недарослага капiтана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кiдала свае магутныя хвалi на пiрсы. Неба, скрозь у хмарах, якiя плылi i плылi, было трывожнае.
"Сэн-Мiшэль" стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калi не лiчыць маленькае лямпачкi, што гарэла пад рубкаю.
- Хочаце адплываць? - спытаўся камiсар.
- А што ж нам рабiць?
- Куды курс?
- У Ларашэль, загрузiмся вiном...
- Вялiкi Луi вам вельмi патрэбны?
- А вы думаеце, можна ўправiцца ўдвух у такое надвор'е?
Жулi змерзла. Слухаючы мужчын, яна пераступала з нагi на нагу. Луi глядзеў то на Мэгрэ, то на судна, на якiм ужо скрыпелi шкiвы.
- Чакайце мяне на шхуне, - сказаў камiсар Ланэку.
- Толькi...
- Што?
- Праз дзве гадзiны вада спадзе, i тады нам у мора не выйсцi...
У вачах у Ланэка прамiльгнуў нейкi цьмяны неспакой. Вiдаць было, што яму нiякавата. Ён таксама пераступаў з нагi на нагу i не мог нi на чым спынiць позiрк.
- Мне трэба зарабляць на жыццё!
Капiтан i Луi коратка пераглянулiся, i Мэгрэ зразумеў, якiмi думкамi паспелi яны абмяняцца. Iншы раз iнтуiцыi можна даверыцца.
Ланэкаў позiрк здаваўся нецярплiвым i выказваў нешта накшталт гэтага: "Судна побач... Застаецца аддаць швартоў... Умантуль разок палiцэйскаму - i парадак!"
Пасля кароткiх ваганняў Вялiкi Луi змрочна зiрнуў на Жулi, крутнуў галавою.
- Чакайце мяне на судне! - паўтарыў Мэгрэ.
- Але... - пачаў быў капiтан...
Мэгрэ не адказаў i падаў брату i сястры знак iсцi за iм у дом.
* * *
Яны сядзелi ўтраiх на кухнi. У жалезнай печы дамавiта гарэў агонь, гудзенне якога часам пераходзiла аж у грукат - такая была цяга.
- Дай нам чаго-небудзь выпiць, - сказаў камiсар Жулi.
Дзяўчына дастала з шафы графiн з кальвадосам i размаляваныя шклянкi.
Мэгрэ адчуваў, што быў тут цяпер лiшнi. Жулi дорага б заплацiла, каб застацца з братам сам-насам. Той сачыў за ёй вачыма, у якiх угадвалiся любоў i нейкая няўклюдная пяшчота.
Як сапраўдная гаспадыня, Жулi, налiўшы мужчынам, засталася стаяць i падкiнула ў печ вугалю.
- Светлая памяць капiтану, - сказаў Мэгрэ.
Потым запала доўгае маўчанне. Мэгрэ не спяшаўся з размоваю.
Цiшыня давала кожнаму магчымасць лепш адчуць прыемную, цёплую ўтульнасць пакоя.
Патроху гудзенне ў печы загучала пад роўнае цiканне гадзiннiка як нейкая мелодыя. Пасля ветру i холаду шчокi расчырванелiся, вочы заблiшчалi. Паветра ў пакоi напоўнiлася вострым пахам кальвадосу.
- Капiтан Жарэс... - задуменна сказаў камiсар. - Цяпер я сяджу на яго месцы, у яго крэсле... Плеценым крэсле, якое скрыпiць пры кожным руху... Калi б капiтан быў жывы, дык вярнуўся б у гэты час з порта i, пэўна, таксама папрасiў бы крыху спiртнога, каб сагрэцца... Так, Жулi?..
Дзяўчына адвярнулася.
- Ён не адразу пайшоў бы спаць... Iду ў заклад, што капiтан зняў бы абутак, вы прынеслi б яму пантофлi... А ён сказаў бы: "Ну i надвор'е... "Сэн-Мiшэль" усё-такi вырашыў выйсцi ў мора, памагай яму Бог..."
- Адкуль вы ведаеце?
- Што?
- Што ён так казаў: "Памагай яму Бог"? Менавiта так ён i гаварыў!..
Дзяўчына расхвалявалася i глядзела на камiсара з удзячнасцю. Вялiкi Луi ўнурыўся.
- Больш ён гэтага не скажа... А якi быў шчаслiвы... Меў прыгожы дом, сад з кветкамi, якiя так любiў, i грошы ў яго былi... Здавалася, усе яго любяць... I ўсё ж такi нехта паклаў усяму гэтаму канец, раптоўна, усыпаўшы крыху белага парашку ў шклянку з вадою...
Жулi зморшчылася. Яна ледзь трымалася, каб не заплакаць.
- Крыху белага парашку - i ўсё... А той, хто гэта зрабiў, будзе жыць шчаслiва - нiхто ж не ведае, хто ён!.. Хоць, мусiць, быў нядаўна сярод нас...
- Маўчыце! - папрасiла Жулi, умольна склаўшы рукi. Па твары ў яе цяклi слёзы.
Але камiсар ведаў, што робiць. Ён цiха, паволi вымаўляў слова за словам. Гульнёю гэта нельга было назваць - Мэгрэ аддаўся ёй сам. Вiною таму быў iдылiчны спакой гэтага вечара, якi так хваляваў душу, варта толькi было ўявiць сабе ў чатырох сценах кухнi каржакаватую Жарысаву постаць.
- У нябожчыка толькi адзiн сябар - я!.. Чалавек, якi б'ецца ў адзiноце, каб адкрыць праўду i перашкодзiць забойцу Жарыса быць шчаслiвым.
Жулi, не вытрымаўшы, рыдала - Мэгрэ гаварыў далей:
- А ўсе вакол маўчаць, усе хлусяць, так што мiжволi падумаеш, што ўсе ў нечым вiнаватыя, усе маюць дачыненне да злачынства!
- Гэта няпраўда! - крыкнула Жулi.
Вялiкi Луi, якi адчуваў сябе ўсё больш нiякавата, зноў налiў у абедзве шклянкi.
- Луi першы маўчыць, - зiрнуў на матроса камiсар.
Жулi паглядвала праз слёзы на брата, быццам працятая праўдай, якую яна толькi што пачула.
- А ён сёе-тое ведае... I нямала ведае... Можа, ён баiцца забойцы?.. Можа, яму ёсць чаго баяцца?..
- Луi! - крыкнула Жулi.
Луi сурова глядзеў некуды ўбок.
- Скажы, што гэта няпраўда, Луi!.. Ты чуеш?..
- Не ведаю я, чаму гэта камiсар...
Матрос узняўся - на месцы яму не сядзелася.
- Луi манiць больш за iншых! Запэўнiвае, што не знаёмы з нарвежцам, а сам яго ведае! Кажа, што не мае нiякiх спраў з мэрам, а я застаю яго ў доме гэтага мэра, калi ён лупцуе гаспадара...
На вуснах у катаржнiка з'явiлася ледзь прыкметная ўсмешка. Iнакш адрэагавала на гэтыя словы Жулi.
- Гэта праўда, Луi?
I, паколькi той не адказваў, схапiла яго за руку.
- Тады чаму ты не кажаш праўды?.. Ты ж не зрабiў нiчога благога, я ў гэтым упэўнена!..
Усхваляваны, ён вызвалiў руку. Магчыма, ён быў гатовы здацца. Мэгрэ не даў яму часу абдумацца.
- Хапiла б, можа, адной маленькай дэталi, адной малюпасенькай праўды, каб развалiлася ўся гэтая вежа хлуснi!..
Ды не! Нягледзячы на ўмольны позiрк сястры, Луi быццам скалануўся, усё роўна як скiдваў з сябе дробных, але злых ворагаў.
- Нiчога я не ведаю...
Адчуўшы, што брат нешта тоiць, Жулi спыталася:
- Чаму ты маўчыш?
- Я нiчога не ведаю...
- Камiсар кажа...
- Я нiчога не ведаю!..
- Паслухай, Луi! Я заўсёды верыла табе, ты гэта добра ведаеш! I абараняла цябе, нават перад капiтанам Жарысам...
Тут яна пачырванела, пашкадавала, пэўна, што сказала апошнiя словы, i спешна загаварыла зноў:
- Ты скажаш праўду, Луi! Я не магу так больш... Я не застануся больш адна ў гэтым доме!..
- Маўчы! - выдыхнуў Луi.
- Што ён павiнен сказаць вам, камiсар?
- Дзве рэчы. Па-першае, хто такi Марцiно. Па-другое, чаму мэр дазваляе лупцаваць сябе?..
- Чуеш, Луi? Гэта ж няцяжка.
- Я нiчога не ведаю...
Жулi пачала злавацца.
Агонь у печы гудзеў i гудзеў. Роўна цiкаў гадзiннiк, у медным маятнiку адбiвалася святло лямпы.
На гэтай чысцюткай кухнi сцiплага ранцье матрос здаваўся залiшне вялiзным, няўклюдным, грубым. Ён сядзеў, схiлiўшы галаву набок, плечы як звычайна былi перакошаныя, вялiзныя рукi не знаходзiлi сабе месца, позiрк бегаў i бегаў, не ведаў, на чым спынiцца.
- Трэба, каб ты сказаў!
- Няма чаго мне казаць...
Ён хацеў налiць сабе яшчэ, але Жулi схапiла графiн.
- Хопiць! Зноў нап'ешся!
Жулi была ўзнерваваная ўшчэнт. Яна цьмяна адчувала, наколькi важны можа быць гэты момант, i чаплялася за надзею, што ўсё стане ясна з аднаго слова.
- Луi... гэты чалавек... нарвежац... гэта ён хацеў купiць "Сэн-Мiшэль" i стаць тваiм гаспадаром, га?
Адказ быў хуткi i катэгарычны:
- Не!
- Тады хто ён? Яго нiколi не бачылi ў нас. Iншаземцы сюды не заязджаюць...
- Не ведаю...
Але сястра настойлiва напiрала на яго, з чыста жаночым пачуццём знаходзiла патрэбныя словы:
- Мэр цярпець цябе не мог... Праўда, што ты вячэраў сёння ў яго?
- Праўда...
Яна задрыжала ад нецярпення.
- Дык скажы мне тады хоць што-небудзь! Гэта неабходна, Луi! Або клянуся табе, што стану думаць...
Жулi недаказала. Знясiленая, разгубленая, яна апусцiла рукi, зiрнула роспачна на плеценае крэсла, пасля на печ, гадзiннiк, размаляваную кветкамi вазу...
- Ты паважаў капiтана, я гэта ведаю!.. Сто разоў гэта казаў, i калi вы пасварылiся, дык...
Яна адчула, што гэта трэба растлумачыць камiсару.
- Не падумайце толькi чаго-небудзь такога, пан камiсар! Брат паважаў капiтана... I той яго таксама... Толькi вось... Але няважна!.. Луi не можа саўладаць з сабою, калi ў яго заводзяцца грошы, адразу ж усё спускае... Капiтан ведаў, што iншы раз ён бярэ ў мяне грошы, якiя я ашчаджала патроху... Ну, i выгаворваў яму... Вось i ўсё!.. I калi ўрэшце забаранiў яму прыходзiць сюды, дык толькi таму, каб Луi не браў у мяне грошай!.. Але мне капiтан казаў, што па сутнасцi Луi - добры хлопец, хiба што з адным недахопам - слабым характарам...
- А Луi, мусiць, ведаў, - паволi сказаў Мэгрэ, - што, калi б Жарыс памёр, вы атрымалi б у спадчыну трыста тысяч!
Усё адбылося так iмгненна, што камiсар ледзь не апынуўся на падлозе. Луi навалiўся на яго, спрабуючы схапiць за горла. Жулi заенчыла з усяе сiлы.
Камiсару ўдалося схапiць на ляту руку Луi. Павольным, але моцным рухам ён вывернуў яе матросу за спiну i прахрыпеў:
- Прымi лапы!
Жулi, прыцiснуўшыся да сцяны i закрыўшы твар рукамi, рыдала, час ад часу слаба, няўцешна ўскрыкваючы:
- Божа мой! Божа мой!
- Будзеш ты гаварыць, Луi! - адчаканiў Мэгрэ, выпускаючы руку былога катаржнiка.
- Мне няма чаго сказаць.
- А калi я цябе арыштую?
- Арыштоўвай.
- Iдзi за мною.
Жулi ўскрыкнула:
- Пан камiсар, я прашу вас! Луi, кажы, што ведаеш, я заклiнаю цябе!
Яны ўжо стаялi каля зашклёных дзвярэй кухнi. Вялiкi Луi азiрнуўся. Твар у яго быў барвовы, вочы блiшчалi. Хочучы перадаць свае пачуццi, ён зрабiў нейкую грымасу, якую нельга апiсаць словамi, i працягнуў руку да пляча сястры.
- Жулi, клянуся табе...
- Не чапай мяне!..
Пасля кароткiх ваганняў ён ступiў у калiдор, азiрнуўся.
- Паслухай...
- Не! Не! Iдзi адсюль!
Пачуўшы гэта, ён пасунуўся ўслед за Мэгрэ, спынiўся на ганку, хацеў азiрнуцца яшчэ раз, але перасiлiў сябе. Дзверы за iмi зачынiлiся. Не прайшлi яны i некалькiх метраў, як дзверы адчынiлiся i на ганак выскачыла Жулi. Яна паклiкала:
- Луi!
Але было позна. Шквальны вецер быў такi, што мужчыны не пачулi яе.
Дождж умомант вымачыў iх дашчэнту, вецер, здалося, прадзьмуў наскрозь. Нiчога не было вiдаць, нават сцен шлюза. Раптам над iмi пачуўся голас:
- Гэта ты, Луi?
Гаварыў Ланэк, з борта шхуны. Ён пачуў крокi i высунуў галаву з люка. Пэўна, ён зразумеў, што матрос iшоў не адзiн, бо надта хутка сказаў па-брэтонску:
- Ускоквай на бак, i змываемся.
Мэгрэ зразумеў, але чакаў, бо не бачыў у цемрадзi, дзе пачынаецца i дзе канчаецца шхуна. Ён толькi няясна ўгадваў масiўную постаць Луi, яго мокрыя плечы, што блiшчалi пад дажджом.
Х. ТРОЕ СА ШХУНЫ
Вялiкi Луi зiрнуў на мора, якое ператварылася ў адну вялiзную чорную пляму, пасля ўпотайкi на Мэгрэ, пацiснуў плячыма i спытаўся ў камiсара:
- Падымецеся на борт?
Мэгрэ заўважыў, што Ланэк трымае нешта ў руках: гэта быў канец швартова. Угледзеўшыся, камiсар убачыў, як па берагавым кнехце слiзнуў, вяртаючыся на судна, трос. Значыць, трос быў проста накiнуты на кнехт, а абодва яго канцы былi замацаваны на палубе. Гэта дазваляла экiпажу "Сэн-Мiшэля" аддаць швартовы, не сыходзячы на бераг.
Камiсар ступiў на стрынгер, скочыў на палубу. Услед за iм - Луi.
Мэгрэ ведаў, што ў порце не было нiкога. Жулi, напэўна, рыдала цяпер на кухнi, трыста метраў адсюль, i калi не лiчыць яе, дык блiжэй за ўсiх да судна былi партавiкi ў цёплым шынку.
Нягледзячы на хвалярэзы, мора ў порце было неспакойнае, i "Сэн-Мiшэль" то падымаўся, то апускаўся на хвалях, нiбы падпарадкоўваўся магутнаму подыху стыхii.
У чэрнядзi ночы вiднелiся толькi слабыя жоўтыя водблiскi на вадзе i ў некаторых мясцiнах сушы. На носе судна кiвалася цьмяная капiтанава постаць: Ланэк здзiўлена паглядваў на Луi. На капiтане былi высокiя гумовыя боты, плашч-дажджавiк, зюйдвестка, у руках - канат.
Нiхто нiчога не гаварыў, усе нечагась чакалi. Трое на шхуне асцярожна назiралi за Мэгрэ, такiм дзiўным сярод iх у сваiм палiто з аксамiтным каўняром i ў капелюшы, якi ён прытрымлiваў рукою.
- Вы не адплывяце сёння ноччу! - сказаў ён.
Нiхто не запярэчыў, хiба што Ланэк i Вялiкi Луi абмянялiся позiркамi, якiя, мабыць азначалi:
"Адплывём усё-такi?"
"Не варта".
Парывы ветру рабiлiся такiя лютыя, што цяжка было ўтрымацца на нагах. Мэгрэ накiраваўся да знаёмага яму люка:
- Пагаворым... Паклiчце таксама другога матроса...
Ён вырашыў, што будзе лепш, калi ў тыле ў яго не застанецца нiкога. Усе чацвёра спусцiлiся па стромкай лесвiцы. Маракi знялi боты i плашчы. Гарэла падвешаная лямпа, на стале побач з марскою картаю ў тлустых плямах i алоўкавых паметках стаялi шклянкi.
Ланэк кiнуў у печ два брыкеты вугалю. Ён не запрашаў госця выпiць i пазiраў на яго скрыва. Стары Сэлестэн сеў у дальнiм куце. Злы i ўстрывожаны, ён гадаў, нашто яго паклiкалi ў кубрык.
Па адных толькi паставах маракоў можна было здагадацца, што нiхто не хацеў пачынаць размову, не ведаючы, чаго хоча ад iх Мэгрэ. Капiтан дапытлiва глядзеў на Вялiкага Луi, якi адказваў яму поўнымi адчаю позiркамi.
Хiба ж мог Луi растлумачыць Ланэку тое, што ведаў, у двух словах?
Адкашляўшыся, капiтан спытаўся:
- Вы добра падумалi?
Мэгрэ сядзеў на лаўцы, паклаўшы локцi на стол, i машынальна круцiў у руках засаленую шклянку.
Вялiкi Луi стаяў, крыху нахiлiўшы галаву, каб не даставаць да столi. Ланэк рабiў выгляд, што нешта шукае ў шафе.
- Пра што? - адказаў Мэгрэ на пытанне.
- Не ведаю, якiя ў вас правы, але магу сказаць, што асабiста я падпарадкоўваюся толькi марскiм уладам. Адны яны могуць забаранiць судну ўвайсцi ў порт або выйсцi з яго.
- Ну i што з таго?
- Вы не даяце мне адплыць з Вiстрэама, а мне трэба ў Ларашэль, дзе мяне чакае новы груз. За кожны дзень спазнення я плачу няўстойку.
Размова пачыналася блага: дужа сур'ёзны, бадай, афiцыйны тон быў у Ланэка. Мэгрэ ўжо чуў нешта падобнае: мэр пагражаў яму прыкладна гэтаксама, дый Жан Марцiно згадваў пра ўлады, толькi дыпламатычна.
Мэгрэ з шумам удыхнуў паветра, кiнуў на маракоў хуткi позiрк, якi можна было б назваць гарэзлiвым.
- Не прыкiдвайся хiтруном, - сказаў ён Ланэку па-брэтонску, - а лепш налi выпiць.
Карта, якую пусцiў у ход камiсар, магла быць бiтаю.
Але стары матрос першы здзiўлена павярнуўся да Мэгрэ.
Разгладзiлiся маршчыны на твары ў Вялiкага Луi. Ланэк, якi яшчэ не зусiм адтаяў, спытаўся:
- Вы брэтонец?
- Не зусiм. Я з Луары, але вучыўся ў Нанце...
Капiтан скрывiўся. Гэта была натуральная грымаса сапраўднага брэтонца з узбярэжжа, якi пачуў пра брэтонца з унутраных раёнаў, ужо не кажучы пра паўбрэтонца з Нанцкага раёна.
- Няма больш таго галандскага джыну, што мы пiлi таго разу?
Ланэк узяў бутэльку, паволi налiў у шклянкi. Здавалася, ён быў рады хоць чымсьцi заняцца. Што рабiць, ён яшчэ не ведаў. А Мэгрэ, дабрадушна ўсмiхаючыся, з люлькай у роце, ссунуўшы капялюш на патылiцу, уладкоўваўся ямчэй.
- Можаш сесцi, Луi.
Той сеў. Няёмкасць заставалася, але была яна ўжо iншая: гэтыя трое сердавалi на сябе за тое, што не адказвалi сардэчнасцю на сардэчнасць. I ўсё ж такi яны былi вымушаны пiльнавацца.
- Ваша здароўе, хлопцы! Але прызнайцеся ўсё-такi, што, перашкаджаючы вам выйсцi ў мора сёння ноччу, я ратую вас ад добрае гойданкi.
- Небяспечна ў асноўным, калi выходзiш з порта, - прамармытаў Ланэк, глынуўшы джыну. - Калi выйдзеш у адкрытае мора, ужо не страшна... Але праход небяспечны: плынь Орны, пясчаныя водмелi... Кожны год хто-небудзь ды сядзе...
- А "Сэн-Мiшэль" нiколi не меў непрыемнасцей?
Капiтан спешна пастукаў пальцамi па драўляным стале. Сэлестэн, пачуўшы пра непрыемнасцi, нешта незадаволена сказаў.
- "Сэн-Мiшэль", можа быць, найлепшы паруснiк на ўзбярэжжы... Ну вось вам выпадак. Два гады назад у непраглядным тумане ён усiм днiшчам сеў на камянi каля ангельскага берага... Прыбой быў - звар'яцець, ды толькi... Другое судна так i засталося б сядзець на камянях, а наша, апынуўшыся на плаву ў наступны прылiў, нават у сухi док на агляд не стала заходзiць...
Мэгрэ адчуваў, што ў такой гамонцы яны маглi б знайсцi агульную мову. Але яму не хацелася гутарыць усю ноч пра суднаваджэнне. Ад мокрай адзежы пачынала ўжо iсцi пара, на падлогу кроплямi сцякала вада. Да таго ж ён блага пераносiў гойданку, якая рабiлася ўсё больш прыкметная, - час ад часу судна нават ударалася бортам аб палi.
- З вашай шхуны выйдзе неблагая яхта! - вымавiў ён, азiраючыся.
На гэты раз Ланэк уздрыгнуў.
- Але, магла б выйсцi, - паправiў ён. - Хiба што палубу трэба было б перарабiць ды ветразi зрабiць больш лёгкiмi, асаблiва ўверсе...
- Нарвежац ужо ўсё падпiсаў, што трэба?
Ланэк кiнуў на Вялiкага Луi хуткi позiрк. Той уздыхнуў. Гэтыя двое дорага б заплацiлi за хвiлiнку размовы сам-насам. Капiтан гадаў: пра што можна сказаць камiсару не баючыся?
Вялiкi Луi маўчаў. Немагчыма было растлумачыць Ланэку, што адбываецца. Усё так складана! Вядома, зараз пачнуцца непрыемнасцi.
Заставалася хiба што выпiць. Ён налiў сабе джыну, выпiў i, нiбы скарыўшыся, кiнуў на Мэгрэ позiрк, якi нельга было назваць варожым.
- Якi нарвежац?
- Ну, нарвежац, якi не зусiм нарвежац... Марцiно... Аднак ён не мог убачыць "Сэн-Мiшэль" у Трамсё: шхуна нiколi не хадзiла так далёка на поўнач?..
- Але магла б гэта зрабiць. "Сэн-Мiшэль" спакойна дойдзе i да Архангельска.
- Калi Марцiно стане сапраўдным уладальнiкам шхуны?
Стары матрос усмiхнуўся.
"Ну, ну, паглядзiм цяпер, што з гэтага выйдзе", - здавалася, казаў ён Луi i Ланэку.
Капiтан не надта ўпэўнена вымавiў:
- Не разумею, што вы гэтым хочаце сказаць.
Мэгрэ штурхнуў яго ў бок.
- Хiтрун!.. Ну, хлопцы, хопiць хмурыць iлбы, нiбыта на пахаваннi, i ўпарцiцца... Хоць вы i сапраўдныя брэтонцы, але досыць ужо... Марцiно абяцаў купiць шхуну... Дык купiць ён яе ўрэшце цi не?..
I тут у галаве ў камiсара мiльганула здагадка.
- Дайце мне рэестр экiпажа...
Ён адразу ж адчуў дакладнасць удару.
- Не ведаю, дзе ён...
- Я ж прасiў цябе, Ланэк, не хiтраваць! Дай мне рэестр, я табе кажу!
Мэгрэ прыкiнуўся грубым "свойскiм хлопцам". Капiтан, адчынiўшы шафу, дастаў збузаваны партфель, якi ад часу стаў шэры. У партфелi ляжалi дакументы, дзелавыя лiсты на бланках навiгацыйных кампанiй.
У вялiзнай жоўтай папцы, новай на выгляд, камiсар убачыў аркушы паперы. Гэта i быў рэестр экiпажа. Складзены ён быў паўтара месяца назад, дакладна адзiнаццатага верасня, гэта значыць за пяць дзён да знiкнення капiтана Жарыса.
"Шхуна "Сэн-Мiшэль", водазмяшчэннем 270 тон, абсталяваная для кабатажнага плавання. Уладальнiк - Луi Легран, з Пор-ан-Бэсэна. Капiтан - Iў Ланэк. Матрос - Сэлестэн Гроле".
Вялiкi Луi зноў налiў сабе джыну. Разгублены Ланэк апусцiў галаву.
- Вось яно як! Выходзiць, ты цяпер уладальнiк судна, Луi?
Той не адказаў. Сэлестэн у сваiм куце жаваў тытунь.
- Паслухайце, хлопцы, не будзем марнаваць часу. Я ненамнога дурнейшы за вас, хоць мала што разумею ў марскiх справах. Як вы думаеце?.. У Вялiкага Луi за душою нiводнага су*. А судна, як ваша, каштуе сама меней сто пяцьдзесят тысяч франкаў... Значыць, Луi купiў "Сэн-Мiшэля" некаму другому! Скажам, Жану Марцiно, якi чамусьцi не хоча, каб ведалi, што ён - уладальнiк шхуны... Ваша здароўе!
* Манета ў пяць сантымаў, 1/20 франка.
Сэлестэн пацiснуў плячыма, нiбы гэтая гiсторыя была яму вельмi агiдная.
- Адзiнаццатага верасня, калi была прададзена шхуна, Марцiно быў у Фекане?
Маракi нахмурылiся. Луi ўзяў кавалачак тытуню для жавання, якi ляжаў на стале, i адкусiў ад яго, а Сэлестэн мудрагелiста размалёўваў падлогу кубрыка пляўкамi.
Размова перапынiлася, бо ў лямпе скончылася газа i яна капцiла. Прыйшлося пайсцi на палубу па бiтон. Ланэк вярнуўся ўвесь змоклы. З хвiлiну сядзелi ў цемры, i калi святло зноў запалiлася, усе заставалiся на сваiх месцах.
- Марцiно быў там, я ў гэтым упэўнены! Ён купiў судна на iмя Вялiкага Луi, а Ланэк застаўся на iм капiтанам, можа, назаўсёды, а можа, толькi на нейкi час...
- На нейкi час.
- Выдатна! Я так i думаў! Якраз на той час, за якi "Сэн-Мiшэль" можа зрабiць адзiн незвычайны рэйс...
Ланэк устаў, запалiў. У вачах у яго ясна вiднелася раздражненне.
- Вы прыйшлi ў Вiстрэам. Ноччу шаснаццатага верасня шхуна стаяла ў порце. Дзе быў Марцiно?
Капiтан зноў сеў. Ён абмяк, але гаварыць не збiраўся ўсё роўна.
- Шаснаццатага верасня ранiцай "Сэн-Мiшэль" выходзiць у мора. Хто на борце? Марцiно ўсё яшчэ тут? А Жарыс?
Мэгрэ не быў падобны нi на суддзю, нi на палiцэйскага. Голас у яго заставаўся зычлiвы, вочы - хiтрыя. Здавалася, ён гуляў з сябрукамi ў загадкi-адгадкi.
- Вы iдзяце ў Ангельшчыну, пасля бераце курс на Галандыю. Гэта там Марцiно i Жарыс пакiдаюць шхуну? Бо iм трэба плыць далей. Я магу смела меркаваць, што яны адправiлiся ў Нарвегiю...
Вялiкi Луi нешта прабурчаў...
- Што ты кажаш?
- Што ў вас нiчога не выйдзе.
- Капiтан Жарыс быў ужо ранены, калi падняўся на борт? Цi яго ранiлi па дарозе? Альбо ўжо ў Скандынавii?
Адказу камiсар ужо не чакаў.
- Вы ўтрох працягваеце кабатажныя плаваннi, як i раней, але не пакiдаеце паўночных раёнаў, чакаеце лiста або тэлеграмы, у якiх былi б указаны час i месца сустрэчы. На тым тыднi вы стаiце ў Фекане, порце, дзе Марцiно сустрэў вас упершыню. Вялiкi Луi даведваецца, што капiтана Жарыса знайшлi ў Парыжы ў вельмi дзiўным стане i што яго прывязуць у Вiстрэам. Ён прыязджае сюды на цягнiку. У доме ў капiтана нiкога няма. Тады ён пакiдае сястры цыдулку i вяртаецца ў Фекан.
Мэгрэ ўздыхнуў, распалiў не спяшаючыся люльку.
- I вось мы падышлi да канца. Прыязджае Марцiно. Вы вяртаецеся ў Вiстрэам разам з iм. Пры ўваходзе ў порт ён сыходзiць з судна - доказ таго, што ён не хоча, каб яго бачылi. Пасля адбываецца сустрэча памiж iм i Вялiкiм Луi на дразе... Ваша здароўе.
Ён налiў сабе джыну, выпiў, адчуваючы на сабе змрочныя позiркi маракоў.
- Урэшце, каб усё зразумець, застаецца адно высветлiць, навошта Вялiкi Луi хадзiў да мэра, у той час як Марцiно паехаў у Парыж. Даволi дзiўнае даручэнне: адлупцаваць чалавека, дужа вядомага сваёй пераборлiвасцю ў знаёмствах!
Прыгадаўшы, як ён лупцаваў мэра, Вялiкi Луi мiжволi расплыўся ў шчаслiвай усмешцы.
- Вось так, сябры мае! А цяпер пастарайцеся зразумець, што ўсё роўна клубок разблытаецца. Дык цi ж не здаецца вам, што лепш зрабiць гэта адразу?
Мэгрэ выбiў люльку, пастукаўшы ёю па абцасе свайго чаравiка, набiў яе зноў. Сэлестэн ужо спаў: хроп, разявiўшы рот. Вялiкi Луi, нахiлiўшы галаву, разглядваў брудную падлогу. Ланэк дарэмна спрабаваў, кiдаючы на яго позiрк, хоць без слоў параiцца, як тут быць.
Нарэшце капiтан сказаў:
- Нам няма чаго сказаць.
На палубе пачуўся шум, усё роўна як бы ўпала нешта цяжкае. Мэгрэ ўздрыгнуў. Вялiкi Луi высунуў галаву ў люк - на лесвiцы вiднелiся толькi яго ногi.
Калi б ён вылез, камiсар, вiдавочна, выбраўся б наверх сам. Цяпер чуваць было толькi шум дажджу i скрып шкiваў.
Колькi часу Луi разглядваў, што б там такое магло здарыцца? Сама больш паўхвiлiны. Матрос спусцiўся, валасы ў яго прылiплi да лоба, па твары цякла вада. Тлумачыць нiчога не стаў.
- Што там такое? - спытаўся ў яго Ланэк.
- Шкiў ударыўся аб рэлiнгi.
Капiтан падкiнуў у печ вугалю. Кiнуў на Луi дапытлiвы позiрк. Пасля патрос за плячо Сэлестэна.
- Iдзi пастаў шкот на бiзань-мачце.
Матрос цёр вочы, нiчога не разумеючы. Ланэку прыйшлося паўтарыць яшчэ раз. Тады Сэлестэн накiнуў плашч, насунуў на галаву зюйдвестку, падняўся па лесвiцы, усё яшчэ сонны i, вядома, незадаволены, што трэба выходзiць на холад i дождж.
Чуваць было, як ён грымеў сваiмi сабо, ходзячы па палубе акурат над галовамi тых, што засталiся ў кубрыку. Вялiкi Луi налiў сабе цi не шостую ўжо шклянку - але не п'янеў зусiм.
Усё тыя ж няправiльныя рысы крыху азызлага твару, вылупленыя вочы. Выглядаў ён, як чалавек, што панура брыдзе па жыццi.
- Што ты пра гэта думаеш, Луi?
- Пра што?
- Ну, што ты хiтруеш? Ты падумаў пра сваё становiшча? Хiба не разумееш, што расплачвацца прыйдзецца табе? Спачатку - тваё мiнулае. Ты ж былы катаржнiк! Пасля ты робiшся гаспадаром гэтага судна, хоць у цябе не было нi су! Жарыс не хацеў бачыць цябе больш у сваiм доме, бо ты надта часта цягнуў з сястры грошы! "Сэн-Мiшэль" стаiць у Вiстрэаме ў ноч выкрадання капiтана! Ты знаходзiшся тут i тае ночы, калi яго атруцiлi... Нарэшце, твая сястра атрымлiвае па завяшчаннi трыста тысяч франкаў!..
Цi думаў цяпер увогуле пра што-небудзь Вялiкi Луi? Позiрк у яго быў пусты-пусты i абсалютна нерухомы.
- Што ён там робiць! - занепакоiўся Ланэк, гледзячы на адчынены люк, з якога сцякала на падлогу вада - назбiралася ўжо добрая лужа.
Мэгрэ выпiў яшчэ крыху. Мала, але даволi, каб ударыла ў галаву кроў, асаблiва ў гэтай заблытанай сiтуацыi. Досыць, каб разамлець ад розных думак, звязаных з жыццём маракоў, што сядзелi насупраць яго...
Цяпер, калi ён добра ведаў усiх трох, ён без цяжкасцi ўяўляў сабе, як праходзiлi iх днi на борце "Сэн-Мiшэля", што быў iм светам.
Адзiн - на ложку, амаль заўсёды адзеты. На стале - бутэлька i брудныя шклянкi. Другi - на палубе, чуваць, як ён ходзiць па ёй, стукаючы сабо... А яшчэ гэты глухi рокат мора, што нiколi не ацiхае... Ледзь свецiцца компас... Святло лiхтара, якi матляецца на фок-мачце... Вочы няспынна ўзiраюцца ў цемрадзь, шукаюць светлячок маяка... Дзень пры днi - пiрсы, пагрузка, разгрузка... Пасля - два-тры днi адпачынку, якiя з ранку да вечара праходзяць у шынках, такiх падобных адзiн на адзiн...
Наверсе пачуўся нейкi няясны шум. Вялiкi Луi, здавалася, таксама задрамаў. Маленькi будзiльнiк паказваў ужо тры гадзiны. Бутэлька была амаль пустая...
Вiдаць, у такую самую ноч i знiк капiтан Жарыс... У кубрыку было гэтаксама душна, пахла потам i спiртным, горача была напалена печ... Цi сядзеў тады ён разам з iмi, змагаючыся са сном?..
Раптам на палубе пачулiся нейкiя галасы. Вецер быў вельмi моцны, i да кубрыка даносiлiся толькi асобныя гукi.
Мэгрэ ўстаў, нахмурыў бровы, убачыў, як налiваў сабе джыну Ланэк. Нахiлiўшы галаву, драмаў Вялiкi Луi. Вочы ў яго былi ўжо прыплюшчаныя.
Мэгрэ намацаў у кiшэнi рэвальвер, узняўся па прыступках стромкай лесвiцы.
Люк быў якраз такой шырынi, каб праз яго мог пралезцi чалавек, а камiсар быў шырокi ў плячах.
Таму Мэгрэ нават абараняцца не змог: толькi ён высунуў галаву з люка, як на рот яму накiнулi павязку i завязалi яе на патылiцы.
Зрабiў гэта Сэлестэн i яшчэ нехта, той самы чалавек, якi быў да таго на палубе са старым матросам.
А знiзу ў яго выхапiлi рэвальвер i звязалi яму рукi за спiнаю.
Мэгрэ з усяе сiлы брыкнуў нагою i трапiў, здаецца, у чыйсьцi твар. Але прайшло якое iмгненне, i яму канатам звязалi ногi.
- Цягнi! - абыякава сказаў Вялiкi Луi.
А зрабiць гэта было нялёгка: Мэгрэ быў цяжкi. Знiзу яго падштурхоўвалi, зверху цягнулi.
Дождж падаў стромкай сцянаю. Вецер урываўся ў бухту з неверагоднай сiлаю.
Мэгрэ здалося, што людзей было чацвёра. Было зусiм цёмна: лiхтар патушылi. Да таго ж збiваў з панталыку i раптоўны пераход з цяпла i святла да ледзяной цемрадзi...
- Раз... два... Хоп!..
Яго раскачалi, як нейкi мяшок. Ён падляцеў даволi высока i ўпаў на мокрыя камянi пiрса. Вялiкi Луi падышоў да яго, аглядзеў вяроўкi, каб пераканацца, што звязаны камiсар надзейна. На нейкi час твар былога катаржнiка наблiзiўся да твару Мэгрэ. Камiсару здалося, што рабiў Луi ўсё гэта з вельмi змрочным выглядам, неахвотна.
- Трэба будзе сказаць сястры... - пачаў ён...
Што сказаць? Ён i сам не ведаў. На шхуне чулiся хуткiя крокi, скрып, каманды напаўголаса. Паставiлi ўжо клiверы, па мачце паволi падымаўся грот.
- Трэба будзе сказаць, але, трэба будзе сказаць ёй, што калi-небудзь мы яшчэ ўбачымся... I, магчыма, з вамi таксама...
Ён цяжка ўскочыў на судна. Мэгрэ ляжаў тварам да мора. Лiхтар на канцы фала даставаў да верху мачты. Каля штурвала вiднелася чыясьцi чорная постаць.
- Адчальваем!
Вакол кнехтаў заслiзгалi канаты, якiя цягнулi з судна. Залапаталi ветразi. Нос шхуны адышоў ад паляў, i судна развярнулася ледзь не на трыста шэсцьдзесят градусаў - такi моцны быў парыў ветру.
Але рулявы здолеў усё ж выраўняць шхуну. На iмгненне "Сэн-Мiшэль" замёр на месцы - i паплыў памiж пiрсамi...
Яго чорная маса на вачах знiкала ў непрагляднай цемрадзi... На палубе свяцiлася нейкая кропка... Высока на мачце - другая... Яна здавалася зоркаю, што згубiлася ў штармавым небе...
Мэгрэ i паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краi бясконцага прасцягу...
Напэўна, яны разап'юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну - для настрою. Хто-небудзь падкiне ў печ пару брыкецiн.
Адзiн стаiць каля руля... Астатнiя ляжаць у сырых. ложках.
Чамусьцi здавалася, што сярод кропляў, якiя сцякалi па твары, адна была саланейшая за iншыя.
Вялiкi i дужы чалавек, бадай, сама мужны ва ўсёй крымiнанальнай палiцыi Францыi, ляжаў каля кнехта, на краi пiрса - i разумеў, што знайсцi яго змогуць, вiдаць, толькi ранiцай.
Калi б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькi драўляны будыначак "Марацкага прытулку", у якiм нiкога ўжо не было.
ХI. ВОДМЕЛЬ "ЧОРНЫЯ КАРОВЫ"
Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як бiлiся хвалi - спачатку ў канцы пiрсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.
Як заўсёды, з адлiвам ацiхаў i вецер. Стрэлы дажджу радзелi, i калi на досвiтку пачалi святлець сама нiзкiя хмары, начны лiвень ператварыўся ў iмжысты дождж, яшчэ больш халодны.
Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадвалiся касыя мачты рыбацкiх лодак, што ляжалi цяпер, у адлiў, на прыбярэжнай цiне.
Дзесьцi вельмi далёка ад берага мыкалi каровы. Царкоўны звон нягучнымi ўдарамi сцiпла заклiкаў да ютранi - значыць, было ўжо сем гадзiн.
Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзiла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прылiву няма чаго тут рабiць. Хiба што мог завiтаць выпадкова якi-небудзь рыбак... Ды толькi наўрад цi нават i рыбакi вылазяць з ложка ў такое надвор'е...
Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусiць, падобны на мокрую груду ануч... Камiсар уяўляў сабе ўсе ложкi Вiстрэама, самавiтыя драўляныя ложкi з вялiзнымi пухавiкамi, у якiх пад цёплымi коўдрамi лянiва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнiк акна. I, бадай што, кожны з вiстрэамцаў усё адцягвае i адцягвае той момант, калi прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступiць на халодную падлогу босымi нагамi.
Цiкава, цi спiць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалi?.. Iнакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце "Сэн-Мiшэля" з'явiўся нейкi iншы чалавек - напэўна, Марцiно?.. Або... мэр?!. Цi ёсць яшчэ якi-небудзь удзельнiк гэтай заблытанай гiсторыi?..
Пакуль што камiсар абмалёўваў сабе сiтуацыю так: Жану Марцiно ўдалося нейкiм чынам вызвалiцца з-пад нагляду iнспектара. Пасля Марцiно падышоў да "Сэн-Мiшэля" i пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярплiва чакаў, калi хто-небудзь выйдзе на палубу. А калi Вялiкi Луi высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак - можа, шапнуў, можа, перадаў цыдулку - як паводзiць сябе далей.
Зрабiць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марцiно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.
I як толькi ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулi яму рот, а Ланэк i Луi звязалi рукi i ногi.
Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькi тры мiлi. Калi толькi яны не зойдуць у якiсьцi французскi порт, што малаверагодна, затрымаць iх будзе ўжо немагчыма.
Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад палiто цякла вада.
Прыцiснуўшы вуха да зямлi, ён чуў розныя гукi, пазнаваў iх адзiн за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым садзе.
Значыць, Жулi ўстала. Надзела сабо i пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нiкуды не пойдзе з дому.
Крокi... Нейкi чалавек перайшоў мост i ступiў на мураваны пiрс... Iшоў ён павольна... Кiнуў нешта ў лодку, мусiць, звязку вяровак...
Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву i ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збiраўся спусцiцца па жалезнай лесвiцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камiсару ўдалося цiха прастагнаць.
Рыбак азiрнуўся, убачыў чорную груду, доўга i недаверлiва пазiраў на яе, нарэшце рашыўся падысцi.
- Што вы тут робiце?
Ён, вiдавочна, чуў пра меры засцярогi, неабходныя пры выяўленнi злачынства, бо памяркоўна сказаў:
- Мусiць, трэба спачатку пашукаць палiцыю.
Але кляп усё ж такi выняў. Камiсар пачаў тлумачыць, што з iм здарылася, i рыбак не надта ўпэўнена стаў развязваць вяроўкi, лаючы таго, хто завязаў такiя мудрагелiстыя вузлы.
У шынку служанка расчынiла аканiцы. Мора па-ранейшаму было неспакойнае, хоць вецер i сцiх. Але яно ўжо не шумела так раз'юшана, як ноччу. Хвалi з адкрытага мора дасягалi на пясчаных водмелях трох метраў вышынi i разбiвалiся з глухiм грукатам - стваралася ўражанне, што трасецца зямля.
Рыбак, невысокi, зарослы барадою стары, усё яшчэ глядзеў на Мэгрэ з недаверам, не ведаючы, што рабiць.
- Трэба было б усё ж паведамiць пра вас у палiцыю.
- Ды кажу ж вам, што я сам палiцыя - толькi ў цывiльным!
- Жандар у цывiльным? - перапытаў стары.
Яго позiрк слiзнуў па паверхнi мора, прабег па лiнii гарызонта i спынiўся раптам на нейкай кропцы справа ад пiрса, у кiрунку Гаўра. Праз якую хвiлiнку стары перавёў спалоханыя вочы на Мэгрэ.
- Ну, што там такое?
Рыбак быў такi ўсхваляваны, што не адказваў. Камiсар усё зразумеў, як толькi глянуў на небакрай.
Вiстрэамская бухта абязводнела. На адлегласцi больш чым мiлi скрозь вiднеўся пясок, колеру спелага жыта, i толькi недзе ўдалечынi бушавалi яшчэ белыя ад шуму хвалi.
Справа ад пiрса, прыкладна з кiламетр, сядзела на мелi нейкае судна. Адна яго палова ляжала на пяску, другая заставалася ў вадзе. Хвалi з сiлаю разбiвалiся аб яго корпус.
Дзве мачты, адна з якiх - квадратная. Шхуна з Пэнполя. Вiдаць, "Сэн-Мiшэль".
У тым баку ўсё было мярцвяна-бледнага колеру: мора i неба злiвалiся.
У гэтай шэранi вылучалася чорнаю кропкаю судна, якое села на мель.
- Надта позна выйшлi ў мора пасля прылiву, - заўважыў уражаны вiдовiшчам рыбак.
- Такое часта бывае?
- Здараецца! Вада ў праходзе стаяла нiзка. Вось iх i выкiнула цячэннем ракi на водмелi "Чорных кароў"...
Наўкол - панурая цiшыня. У iмжыстым дажджы паветра здавалася ватным. Гледзячы на судна, якое выступала з вады, цяжка было ўявiць, што яго экiпажу пагражала якаясьцi небяспека.
Але калi яно села на мель, мора яшчэ даставала да дзюнаў. Не менш дзесяцi радоў раз'юшаных хваляў!
- Трэба папярэдзiць начальнiка порта...
Дробная дэталь: рыбак машынальна павярнуўся да Жарысавага дома, пасля паволi вымавiў:
- Праўда што...
I пайшоў у другi бок. Шхуну, мабыць, прыкмецiлi з iншага месца, хутчэй за ўсё з царкоўнага цвiнтара, бо да iх наблiжалiся капiтан Дэлькур i яшчэ трое. Начальнiк порта пацiснуў камiсару руку, не прыкмецiўшы нават, што той прамок да нiткi.
- Я ж iм казаў!
- Яны папярэдзiлi, што выходзяць?
- Не. Але калi я ўбачыў, як яны тут швартуюцца, дык падумаў, што яны не будуць чакаць прылiву. Ну, i параiў Ланэку сцерагчыся цячэння...
Iшлi па пяску, па лужынах, ногi загразалi па шчыкалаткi. Дабралiся з цяжкасцю, страцiўшы шмат часу.
- Гэта iм небяспечна? - спытаўся Мэгрэ.
- Iх ужо няма на борце! Iнакш яны падавалi б сiгналы трывогi, узнялi б флаг бедства, - адказаў Дэлькур.
I раптам заклапочана дадаў:
- Вось толькi шлюпкi ў iх не было... Памятаеце?.. Калi параход прывёў шлюпку, яе паставiлi ў шлюз...
- Ну i што вы думаеце?
- Значыць, дабралiся да берага плывам... Цi хутчэй за ўсё...
Дэлькур адчуваў сябе нiякавата. Яго нешта трывожыла.
- Дзiўна, што яны не паставiлi шхуну на падпоры, каб яна не легла на борт... Калi толькi адразу не перавярнулася... Ну i ну!..
Падышлi блiжэй. Камiсар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кiль, да якога прылiплi ракаўкi.
Маракi ўжо разглядвалi шхуну з усiх бакоў, шукалi пашкоджаннi, але нiчога не знаходзiлi.
- Проста селi на мель...
- Нiчога сур'ёзнага?
- З блiжэйшым прылiвам буксiр выцягне - не сумняваюся... Не разумею толькi...
- Чаго вы не разумееце?
- Чаму яны пакiнулi судна... Хлопцы не з баязлiвых... Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць... Вы паглядзiце толькi, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Бацiст!.. Схадзi пашукай лесвiцу...
Без лесвiцы немагчыма было залезцi на шасцiметровы борт нахiленай шхуны.
- Не трэба!
Са шхуны звешваўся парваны вант. Зачапiўшыся за яго, Жан-Бацiст ускараскаўся па iм, нiбы малпа, пагайдаўся колькi секунд у паветры i саскочыў на палубу. Праз некалькi хвiлiн ён спусцiў унiз канец вяровачнай лесвiцы.
- На борце нiкога?
- Нiкога!
На беразе за некалькi кiламетраў вiднелiся дамы гарадка Дзiў, заводскiя комiны. Можна было разгледзець абрысы Кабура, Улгата, скалiсты выступ, за якiм хавалiся Давiль i Трувiль.
Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвiцы. Але адчуў сябе на нахiленай палубе не надта ўпэўнена. Адчуванне небяспекi было большае, чым на маленькiм судне ў час страшнага шторму!
У кубрыку - асколкi разбiтага шкла, расчыненыя шафы...
Начальнiк порта не ведаў, што i рабiць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелi, выклiкаць буксiр з Трувiля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабiць у такiм выпадку?
- Калi пакiнуць тут шхуну да наступнага прылiву - капцы! - змрочна сказаў Дэлькур.
- Добра, паспрабуйце зрабiць усё, што ў вашых сiлах... Скажаце, што гэта я загадаў...
Нiколi яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзi мiжволi паглядвалi ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалi, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялiкi Луi, Сэлестэн...
I дарослыя i дзецi iшлi з вёскi ў порт. Калi Мэгрэ падыходзiў да Вiстрэама, насустрач яму выбегла Жулi.
- Гэта праўда?.. Яны пацярпелi крушэнне?..
- Не... Селi на мель... Такi дужы хлопец, як ваш брат, павiнен быў выбрацца...
- Дзе ён?
Нiякавата адчуваў сябе камiсар у гарадку. Толькi ён падышоў да гатэля "Унiверсаль", гаспадар спытаў:
- Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзiць iх?
- Не трэба...
Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, якi ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як i Мэгрэ якую гадзiну назад.
- Зараз усё растлумачу...
- Не трэба!.. Хадзем...
- Ёсць што новае? Ну i змоклi вы!.. Дасталася вам, вiдаць...
Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглi на бераг, астатнiя стаялi на ганках.
- Ты што, абаранiцца не змог?
- Ён мяне на лесвiцы скруцiў... Падымалiся на другi паверх... Ён iшоў ззаду... Раптам схапiў мяне за нагу - i ўсё гэта здарылася так хутка, што я i пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылi!
Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубiлiся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пiсаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.
- Вазьмi пяро... Тэлеграмы ва ўсе мэрыi i жандарскiя аддзяленнi дэпартамента... Дзiў, Кабур, Улгат... Паўднёвыя пасёлкi таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс... Правер па карце... Усе вёсачкi на дзесяць кiламетраў ад Вiстрэама... Прыкметы чатырох: Луi, Марцiно, Ланэка, Сэлестэна... Калi адправiш тэлеграмы, тэлефануй у блiжэйшыя мэрыi i аддзяленнi, каб выйграць яшчэ час...
Пакiнуўшы iнспектара займацца тэлеграмамi i тэлефоннымi перагаворамi, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпiў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камiсара цiкаўна ўзiралiся хлапчукi.
Вiстрэам прачнуўся. Усе хвалявалiся, нервавалiся, глядзелi на мора або спускалiся да берага, перадавалi навiны, якiя абрасталi рознымi дэталямi i рабiлiся неверагодныя.
Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, якi вызвалiў яго ранiцай.
- Ты не расказваў, што...
- Я сказаў, што знайшоў вас, - абыякава адказаў стары.
Камiсар даў яму дваццаць франкаў i зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалi дрыжыкi. Кiдала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацiнне, пад вачыма - мяшкi. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў iм пытаннi - i рабiў усё гэта з бездакорнай логiкай.
Калi ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяцi гадзiн. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былi ўжо адпраўлены. На яго пытаннi жандары адказвалi, што пакуль нiчога асаблiвага не прыкмецiлi.
- Мадэмуазель, пан Гранмэзон не заказваў тэлефоннай размовы?
- Гадзiну назад... З Парыжам...
Яна назвала яму нумар. Камiсар пагартаў тэлефонны даведнiк i зразумеў, што гэта нумар апарата ў калежы "Станiслаў".
- Мэр часта заказвае гэты нумар?
- Нярэдка. Здаецца, гэта пансiён, дзе вучыцца яго сын.
- Але, у яго ёсць сын. Гадоў пятнаццацi, так?
- Мусiць, так. Але я нiколi яго не бачыла.
- Пан Гранмэзон не званiў у Кан?
- Не, але званiлi яму. З Кана. Нехта з родных цi служачых, бо званок быў з дому.
Затрашчаў тэлеграф. Дэпеша ў порт: "Буксiр Атос будзе рэйдзе поўдзень. Подпiс: параходства Трувiля".
Нарэшце званок з палiцыi з Кана:
- Панi Гранмэзон прыбыла ў Кан у чатыры гадзiны ранiцы. Ноч правяла дома, на вулiцы Дзюфур. Толькi што выехала на машыне ў Вiстрэам.
* * *
Калi Мэгрэ зiрнуў з порта на бераг, то ўбачыў, што мора адступiла ўжо далёка i "Сэн-Мiшэль" заставаўся недзе на паўдарозе памiж вадою i дзюнамi. Усе з трывогай глядзелi на гарызонт. Асаблiва змрочны быў капiтан Дэлькур.
Сумненняў не заставалася. З адлiвам вецер сцiх, але ў поўдзень, калi пачнецца прылiў, узнiмецца сапраўдная бура. Гэта адчувалася па колеры неба яно было нейкае непрыемна шэрае, хваляў - дзiўна зялёных.
- Мэра нiхто не бачыў?
- Служанка перадавала мне ад яго iмя, што яму нездаровiцца i што ён даручае мне кiраваць работамi па ратаваннi судна.
Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Мэгрэ павольна накiраваўся да вiлы. Пазванiў. Чакаў, калi яму адчыняць, хвiлiн дзесяць.
Служанка хацела нешта яму растлумачыць. Не слухаючы яе, камiсар пайшоў па калiдоры. У яго быў такi рашучы выгляд, што яна змоўкла i пабегла да дзвярэй кабiнета.
- Гэта камiсар! - крыкнула яна.
Мэгрэ ўвайшоў у пакой, добра ўжо яму знаёмы, кiнуў капялюш на крэсла i кiўком галавы паздароўкаўся з мэрам, якi сядзеў, выцягнуўшы ногi, у фатэлi.
Сляды ўчарашнiх пабояў адразу ж кiдалiся ў вочы: мэраў твар быў ужо не чырвоны, а сiнi. Палаў камiн.
Было вiдаць, што Гранмэзон вырашыў маўчаць i нават не зважаць на камiсара. Мэгрэ паводзiў сябе гэтаксама. Ён зняў палiто, падышоў да камiна, павярнуўся спiнай да агню, нiбы толькi пра тое i думаў, каб сагрэцца. Полымя апякала яму лыткi. Ён часта пыхкаў люлькаю.
- Да вечара справа будзе скончана! - вымавiў ён нарэшце, быццам сам сабе.
Мэр па-ранейшаму спрабаваў iгнараваць камiсара. Узяўшы газету, якая ляжала побач, стаў рабiць выгляд, што чытае.
- Можа, вам прыйдзецца з'ездзiць з намi, скажам, у Кан.
- У Кан?
Гранмэзон узняў галаву i нахмурыўся.
- Але, у Кан! Варта было б сказаць вам пра гэта раней, тады б панi Гранмэзон не трэба было ехаць сюды.
- Не разумею, якое дачыненне можа мець мая жонка...
- Да гэтай гiсторыi? - скончыў Мэгрэ. - I я таксама не разумею!
Камiсар прайшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжалi запалкi, зноў распалiў люльку.
- Зрэшты, гэта няважна, - сказаў ён ужо больш спакойна, - бо хутка ўсё высветлiцца... Дарэчы, ведаеце, хто цяпер уладальнiк "Сэн-Мiшэля", якога збiраюцца зняць з мелi?.. Вялiкi Луi!.. Дакладней, мусiць, не ўладальнiк, а падстаўная асоба, якая дзейнiчае ў iнтарэсах Марцiно...
Мэр стараўся ўгадаць, у якiм кiрунку працуе камiсарава думка. Але пытанняў не задаваў i ўвогуле размовы не падтрымлiваў.
- Зараз вы зразумееце сувязь. Вялiкi Луi купляе "Сэн-Мiшэль" гэтаму самаму Марцiно за пяць дзён да знiкнення Жарыса... Гэта адзiнае судна, якое пакiнула Вiстрэам адразу ж пасля гэтай падзеi. Яно заходзiць у Ангельшчыну i Галандыю. I ў мяне ёсць факты, якiя дазваляюць мне сцвярджаць, што да таго як апынуцца ў Парыжы, капiтан Жарыс пабываў у Нарвегii... А Марцiно ж - нарвежац...
Мэр уважлiва слухаў.
- Гэта не ўсё. Марцiно вяртаецца ў Фекан, каб сесцi на "Сэн-Мiшэль". Вялiкi Луi, яго давераная асоба, знаходзiцца тут за некалькi гадзiн да смерцi Жарыса. Крыху пазней прыходзiць "Сэн-Мiшэль" з Марцiно на борце... А сёння ноччу гэты самы Марцiно спрабуе ўцячы разам з большасцю тых, каго я прасiў застацца тут у маiм распараджэннi... Толькi вас i знайшоў на месцы!
Мэр маўчаў. Толькi ўздыхнуў.
- Застаецца высветлiць, навошта Марцiно вярнуўся ў Вiстрэам, чаму спрабаваў дабрацца да Парыжа, а таксама чаму вы загадалi па тэлефоне жонцы тэрмiнова ехаць назад.
- Спадзяюся, вы не намякаеце на тое, што...
- Я? Ну што вы? Чуеце? Шум матора. Iду ў заклад, што гэта прыехала з Кана панi Гранмэзон. Магу я папрасiць вас нiчога ёй не казаць? Будзьце ласкавы.
Званок. Крокi служанкi ў калiдоры. Адгалоскi прыцiшанай размовы, потым служанчын твар у прыадчыненых дзвярах. Але чаму яна маўчыць? Чаму так трывожна паглядвае на гаспадара?
- Ну, што яшчэ? - з нецярпеннем спытаўся мэр.
- Бачыце...
Мэгрэ адштурхнуў яе, выскачыў у калiдор, у якiм убачыў аднаго толькi шафёра ў лiўрэi.
- Вы згубiлi панi Гранмэзон па дарозе? - спытаўся ён, працiнаючы шафёра вачыма.
- Яна...
- Дзе яна вас пакiнула?
- На развiлку дарог на Кан i Давiль. Яна дрэнна сябе адчувала.
Мэр, якi застаўся ў кабiнеце, узняўся. Ён часта дыхаў, твар у яго стаў яшчэ больш змрочны.
- Пачакайце мяне! - крыкнуў ён шафёру.
Але, сутыкнуўшыся з Мэгрэ, якi заступiў дарогу, спынiўся перад яго магутнай постаццю.
- Мяркую, вы згодзiцеся, што...
- Поўнасцю згодзен. Мы павiнны ехаць туды.
ХII. НЯСКОНЧАНЫ ЛIСТ
Машына спынiлася на развiлцы. Дамоў тут не было, i шафёр азiрнуўся, каб атрымаць новае распараджэнне. З таго моманту, як яны выехалi з Вiстрэама, Гранмэзон здаваўся iншым чалавекам.
На вiле ён кантраляваў сябе i думаў пра сваю годнасць нават у сама складаных для яго сiтуацыях.
Зусiм не тое было цяпер! Пэўна, яго ахапiла панiка. I гэта было тым больш адчувальна, што твар у яго ад пабояў лiтаральна ссiнеў. Позiрк быў неспакойны.
Калi машына спынiлася, ён дапытлiва зiрнуў на Мэгрэ, i камiсар, успомнiўшы, як яшчэ ўчора вечарам расказваў яму мэр пра сваё расследаванне, не вытрымаў.
- Што будзем рабiць? - спытаўся ён, тоячы ўсмешку.
Нi на дарозе, нi ў навакольных садах не было нi душы. Вядома, панi Гранмэзон выйшла з машыны не для таго, каб пасядзець на абочыне. Калi яна, дабраўшыся да гэтае мясцiны, адаслала шафёра - значыцца, у яе была прызначана тут сустрэча цi яна прыкмецiла чалавека, з якiм хацела пагаманiць без сведкаў.
Лiсце на дрэвах было вiльготнае. Зямля патыхала перагноем. Каровы, не перастаючы жаваць, глядзелi нерухомымi вачыма на машыну.
А мэр усё ўзiраўся ў сады, бы хацеў працяць iх поглядам, так спадзяваўся ўбачыць жонку за якiм-небудзь плотам цi дрэвам.
- Глядзiце! - сказаў Мэгрэ, нiбы дапамагаючы нявопытнаму памочнiку.
На дарозе ў Дзiў вiднелiся сляды шынаў. Вiдаць было, што тут спынялася нейкая машына, якая з цяжкасцю развярнулася на вузкай дарозе i паехала назад.
- Стары грузавiчок... Паехалi, шафёр!
Ад'ехалi недалёка. Задоўга да ўезду ў Дзiў сляды абрывалiся каля камянiстай сцежкi. Гранмэзон, па-ранейшаму насцярожаны, глядзеў вакол сябе з трывогаю, на Мэгрэ - з нянавiсцю.
- Што там, як вы думаеце?
- Вёсачка, метраў пяцьсот.
- У такiм выпадку машыну лепш пакiнуць тут.
Камiсар быў настолькi стомлены, што выглядаў абыякавым да ўсяго. Ён ледзь не спаў на хаду. Здавалася, заставаўся яшчэ на нагах толькi па iнерцыi. Убачыўшы, як яны iдуць па дарозе, кожны падумаў бы, што камандуе тут мэр, а Мэгрэ пакорлiва сунецца за iм, як i належыць падначаленаму.
Прайшлi мiма дома, вакол яго корпалiся куры. Гаспадыня здзiўлена глянула на незнаёмых. Мiнулi невялiкую цэркаўку, няшмат большую за звычайнае сялянскае жытло. Злева ад яе была тытунёвая крама.
- Вы дазволiце? - сказаў Мэгрэ, паказваючы пусты капшук.
Ён увайшоў у краму, дзе прадавалiся таксама бакалейныя тавары i розныя прадметы хатняга ўжытку. З пакоя са скляпенiстай столлю выйшаў стары, паклiкаў дачку, i тая прадала камiсару тытуню. Пакуль дзверы заставалiся адчыненыя, камiсар паспеў убачыць на сцяне тэлефон.
- У колькi гадзiн мой сябар прыходзiў званiць сёння ранiцай?
- Ды болей чым гадзiну назад, - адразу ж адказала жанчына.
- Значыцца, i панi прыехала?
- Прыехала! Нават да нас заходзiла, дарогi пыталася... Вам няцяжка будзе знайсцi, дзе тут яны спынiлiся... Па гэтай самай вулiцы - апошнi дом справа...
Мэгрэ выйшаў у поўным спакоi. А Гранмэзон стаяў перад царквою, пазiраючы вакол сябе з такiм выглядам, што проста не мог не выклiкаць у вяскоўцаў падазрэння.
- Я падумаў, - цiха сказаў Мэгрэ, - давайце падзелiмся... Вы будзеце шукаць злева, там, дзе поле, а я справа...
Камiсар прыкмецiў у вачах у спадарожнiка радасны бляск. Мэр разлiчваў першы знайсцi жонку i пагаварыць з ёю сам-насам. Але, радуючыся, трымаў сябе ў руках.
- Добра, - адказаў ён, напусцiўшы на сябе абыякавасць.
* * *
У вёсцы было дамоў дваццаць, не болей. У некаторых мясцiнах, прыцiснуўшыся адзiн да аднаго, хаты збiралiся ў нешта накшталт вулкi, якая, праўда, была завалена купкамi гною. Усё яшчэ iшоў дождж, такi дробненькi, што можна было сказаць, гэта сыпаўся з неба нейкi вадзяны пыл. На вулiцы нiкога не было. Аднак фiранкi на вокнах варушылiся. За iмi ў хатнiм паўзмроку ўгадвалiся зморшчаныя твары старых жанчын.
На самым краi вёсачкi, акурат каля агароджы вакол лугу, пасвiлiся два канi. Мэгрэ ўбачыў невялiчкую хацiну, дах якой прыкметна пакасiўся. Камiсар азiрнуўся i, пачуўшы мэравы крокi на другiм канцы вёсачкi, не стаў стукацца ў дзверы.
Увайшоўшы ў хату, ён пачуў нейкi шоргат. Было зусiм цёмна, у печы ледзь гарэла. Перад вачыма вырасла нейкая згорбленая старая ў белым каўпаку.
- Хто там? - спыталася яна, тупаючы насустрач камiсару.
Было горача. Пахла саломаю, капустаю, седалам. Вакол дроў, складзеных у куце, нешта дзяўблi кураняты.
Мэгрэ, якi амаль даставаў галавою да столi, убачыў дзверы ў глыбiнi памяшкання i зразумеў, што дзейнiчаць трэба хутка. Не кажучы нi слова, падышоў да гэтых дзвярэй i адчынiў iх. Панi Гранмэзон была там. Седзячы за сталом, яна нешта пiсала. Побач з ёю стаяў Жан Марцiно.
Убачыўшы камiсара, яны разгубiлiся. Жанчына ўзнялася з саламянага крэсла, а Марцiно адразу ж схапiў i змяў аркуш паперы. Абое iнстынктыўна наблiзiлiся адно да аднаго.
У хацiне былi толькi два пакоi. Другi быў спальняю старой. На яго сценах, пабеленых вапнаю, вiселi два партрэты i танныя лубкi ў чорных з пазалотаю рамках. Высокi ложак i стол, за якiм пiсала панi Гранмэзон. Вiдно было, што з яго толькi што знялi тазiк, якi стаяў цяпер на падлозе.
- Праз некалькi хвiлiн ваш муж будзе тут! - пачаў Мэгрэ.
Марцiно з нянавiсцю кiнуў:
- I гэта вы прывялi яго сюды?
- Маўчы, Раймон, - спынiла панi Гранмэзон.
Яна была з iм на "ты" i называла яго не Жан, а Раймон.
Адзначыўшы сам сабе гэтыя дэталi, Мэгрэ падышоў да дзвярэй, прыслухаўся i вярнуўся да стала.
- Будзьце ласкавы, перадайце мне лiст, якi вы пачалi пiсаць.
Раймон-Марцiно i панi Гранмэзон пераглянулiся. Жанчына была стомленая i бледная. Мэгрэ ўжо бачыў яе аднойчы, але тады яна выконвала пачэсныя абавязкi гаспадынi багатага дома, якая прымае ў сябе знакамiтых людзей Кана.
Тады ён адзначыў яе бездакорнае выхаванне i завучаную грацыёзнасць, з якой яна ўмела падаць кубак гарбаты або адказаць на камплiмент.
Ён уявiў сабе яе жыццё: хатнiя клопаты ў Кане, вiзiты, выхаванне дзяцей. Штогод два-тры месяцы на водах або ў санаторыях. Умеранае какецтва. Iмкненне не так здавацца прыгожай, як захаваць годнасць.
Бясспрэчна, усё гэта было ў жанчыне, якая стаяла цяпер перад iм. Але праглядвала i штосьцi iншае. Па праўдзе кажучы, яна трымалася больш спакойна i ўпэўнена, чым яе спадарожнiк.
- Аддай яму лiст, - сказала яна, калi ён сабраўся разарваць скамячаны аркуш.
Напiсана было ўсяго толькi некалькi слоў:
"Пан дырэктар, маю гонар прасiць вас..."
Буйны почырк з нахiлам - тыповы для жанчын, якiя выхоўвалiся ў пансiёнах пачатку стагоддзя.
- Сёння ранiцай вам двойчы званiлi, праўда?.. Адзiн раз - ваш муж... Цi, дакладней, вы яму самi паведамiлi, што едзеце ў Вiстрэам. Потым званiў пан Марцiно: прасiў вас прыехаць сюды. Ён паслаў па вас на развiлак грузавiчок.
На стале за чарнiлiцаю ляжаў нейкi пачак, якi Мэгрэ не адразу прыкмецiў, стос банкнотаў па тысячы франкаў.
Марцiно злавiў камiсараў позiрк. Хаваць грошы было позна. Надламаны стомаю, што агарнула яго, апусцiўся на край ложка i ўтаропiўся абыякавымi вачыма ў падлогу.
- Гэта вы прывезлi яму грошы?
I зноў маўчанне, у каторы ўжо раз у гэтым следстве! Маўчала Жулi. Не сказалi нi слова ў адказ Гранмэзон i Вялiкi Луi на мэравай вiле, калi камiсар заспеў матроса якраз у той самы момант, як ён лупцаваў гаспадара. Нi ў чым не адкрылiся мiнулай ноччу i сябры экiпажа "Сэн-Мiшэля".
Ну i ўпартасць! Нiводнага слова, якое б дапамагло хоць што-небудзь прасвятлiць!
- Мяркую, вы збiралiся адрасаваць гэты лiст дырэктару калежа "Станiслаў"? Ваш сын вучыцца там, i пiсьмо, напэўна, датычыць яго... А грошы... Ну вядома! Спяшаючыся, Марцiно быў вымушаны пакiнуць шхуну, якая села на мель, i дабiрацца да берага плывам... Там ён, як я разумею, i згубiў кашалёк... А вы прывезлi яму грошы, каб...
Раптоўна змянiўшы i тэму i тон, ён спытаўся:
- А астатнiя, Марцiно? Усе цэлыя?
Марцiно нейкi час вагаўся, алё ўрэшце кiўнуў галавою.
- Я не пытаюся ў вас, дзе яны хаваюцца. Ведаю, што гэтага вы не скажаце...
- Праўда.
- Што - "праўда"?
Гэта гучаў голас раз'юшанага мэра - дзверы былi шырока расчыненыя. Яго нельга было пазнаць. Ён проста задыхаўся ад нянавiсцi. Сцiскаў кулакi, гатовы кiнуцца на ворага. Пераводзiў позiрк з жонкi на Марцiно, з Марцiно на стос банкнот, якi ўсё яшчэ ляжаў на стале.
Погляд у яго быў пагрозлiвы, але раз-пораз мiльгалi ў iм не то жах, не то адчуванне краху.
- Што - праўда?.. Што ён сказаў?.. Што ён вам яшчэ наманiў?.. А яна? Яна, якая... якая...
Ён больш не мог гаварыць. Мэгрэ стаяў побач, гатовы ўмяшацца.
- Што - праўда?.. Што тут адбываецца?.. Што за балбатню вы тут развялi?.. I чые гэта грошы?..
Чуваць было, як у суседнiм пакоi старая шоргала нагамi i клiкала з ганка куранят: "Цып-цып-цып-цып!.."
Кукурузныя зярняткi градам сыпалiся на каменныя прыступкi ганка. Старая адганяла нагою суседскую курыцу:
- Кыш, кыш, пайшла вон, Чарнушка!..
А ў спальнi - нi гуку! Глыбокая цiшыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлiвы ранак.
Гэтыя трое нечага баялiся... Вядома, баялiся!.. Усе трое!.. I Марцiно, i мэр, i яго жонка!.. I кожны баяўся па-свойму... У кожнага быў свой страх!..
Мэгрэ напусцiў на сябе ўрачысты выгляд i паволi, быццам суддзя, пачаў:
- Пракуратура даручыла мне знайсцi i арыштаваць забойцу капiтана Жарыса, раненага стрэлам з пiсталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнiнам у сябе дома. Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?
Дагэтуль нiхто не заўважыў, што печ у пакоi была няпаленая, - i раптам усе адчулi, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: "...атручанага стрыхнiнам..." Асаблiва стаялi ў вушах апошнiя словы: "Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?"
Марцiно першы апусцiў галаву. Панi Гранмэзон кiнула позiрк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блiшчалi.
Але нiхто не вымавiў нi слова. Нiхто не мог вытрымаць цяжкага позiрку Мэгрэ.
Дзве хвiлiны... Тры... Чуваць было, як старая падкiдвала ў печ дровы...
Зноў камiсараў голас, наўмысна сухi, без нiякага пачуцця:
- Жан Марцiно, iмем закона вы арыштаваны!
Крык жанчыны. Усёй сваёй iстотаю панi Гранмэзон падалася была да Марцiно i адразу ж страцiла прытомнасць.
Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.
А Марцiно, нiбыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. I нават не падышоў да жанчыны.
Мэгрэ нахiлiўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.
- Воцат ёсць? - спытаўся ён, адчынiўшы дзверы, у старой.
I без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.
Неўзабаве панi Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхлiпнуўшы некалькi разоў, яна спынiла позiрк на нейкiм узоры на дыване.
- Вы можаце iсцi.
Яна слаба кiўнула галавою, паднялася i пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.
- Прашу вас iсцi за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлiчваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?
Разгубленая старая моўчкi глядзела iм услед. I толькi калi ўжо ўсе выйшлi на двор, яна кiнулася да дзвярэй i крыкнула:
- Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?
Раймон! Ужо другi раз гучала гэтае iмя. Марцiно адмоўна пакруцiў галавою.
Усе чацвёра пайшлi па вясковай вулiцы. Перад тытунёвай крамай Марцiно спынiўся i сказаў Мэгрэ:
- Выбачайце, але я не ведаю, цi вярнуся яшчэ сюды, i мне не хацелася б пакiдаць за сабою даўгi. Я павiнен заплацiць тут за тэлефон, грог i пачак цыгарэт.
Заплацiў Мэгрэ. Выйшлi з вёскi. У канцы няроўнай дарогi iх чакала машына. Камiсар запрасiў усiх сесцi ў яе i, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:
- У Вiстрэам! Але спачатку спынiцеся каля жандармерыi.
Усю дарогу праехалi моўчкi. Па-ранейшаму iшоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся i пагойдваў мокрыя дрэвы.
Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасiў Марцiно выйсцi з машыны i загадаў начальнiку аддзялення:
- Пасадзiць яго ў камеру... Вы адказваеце за яго. Тут нiчога новага?
- Буксiр прыйшоў. Чакаюць, калi павысiцца ўзровень мора.
Паехалi далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, i камiсар яшчэ раз спынiў машыну, выйшаў з яе на хвiлiнку.
Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкi чакалi на сваiх месцах параход з Кана. Мора падыходзiла ўсё блiжэй да берага, белыя хвалi набiралi ўсё больш моцы.
Справа стаяў вялiкi натоўп. Людзi з цiкаўнасцю разглядвалi буксiр з Трувiля, што стаяў на якары за паўмiлi ад берага. Да "Сэн-Мiшэля", якi з прылiвам ужо напалову выраўняўся, наблiжалася невялiкая шлюпка.
Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назiрае за выратавальнымi работамi. З шынка выйшаў капiтан Дэлькур.
- Атрымаецца? - спытаўся камiсар.
- Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзiны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькi б швартовы не парвалiся. - Спрабуючы ўгадаць, якi будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту. - Трэба адно зрабiць усё гэта да канца прылiву.
Начальнiк порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр i яго жонка, пачцiва павiтаў iх, але больш у iх бок не глядзеў.
Падышоў Люка, адвёў камiсара на колькi крокаў ад Дэлькура.
- Узялi Вялiкага Луi.
- Гм!
- Сам папаўся!.. Сёння ранiцай жандары з Дзiў заўважылi сляды на полi... Сляды чалавека, якi iшоў напрасткi, перамахваючы праз агароджы... Сляды вялi да ракi, да мясцiны, дзе адзiн рыбак пакiдае звычайна на беразе лодку... А тут яна была на другiм беразе...
- Жандары перабралiся туды?
- Але... I выйшлi акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць...
- Развалiны каплiцы!
- Вы ўжо ведаеце?
- Каплiца Божай Мацi Дзюнаў...
- Ну, там яго i накрылi... Ён залез туды i назiраў за выратавальнымi работамi. Калi я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забiраць яго адразу i дазволiць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну... Я дазволiў... Ён у кайданках... Аддае загады: баiцца, што без яго судна загiне... Не хочаце глянуць на яго?
- Не ведаю... Можа, крыху пазней...
Камiсара чакалi ў машыне мэр з жонкаю.
- Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? - спытаўся Люка.
I, паколькi Мэгрэ не адказваў, iнспектар дадаў:
- Асабiста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць i ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерцi Жарыса вiнаваты ўвесь гарадок...
Але камiсар адно пацiснуў плячыма i пайшоў да машыны.
- Да сустрачы! - толькi i сказаў на хаду.
У машыне ён вельмi здзiвiў шафёра, загадаўшы:
- Дамоў!
Нiбыта гаворка iшла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.
- Дамоў у Кан?
Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялi яго на думку.
- Але, у Кан!
Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкi, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэннi.
* * *
Па дарозе ад гарадскiх варот да вулiцы Дзюфур з Гранмэзонамi павiталiся чалавек пяцьдзесят. Вiдаць, мэраву машыну ведалi ўсе. Вiталiся вельмi пачцiва. Суднаўладальнiк быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землi.
- Простая фармальнасць! - сказаў Мэгрэ праз зубы, калi машына спынiлася. Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана...
Паабапал цiхай вулiцы стаялi прыватныя дамы, якiя цяпер можна ўбачыць толькi ў правiнцыi. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вiсела медная шыльда з надпiсам: "Ангельска-Нармандская навiгацыйная кампанiя".
У двары стаяў указальнiк: "Каса". На дзвярах вiсела яшчэ адна шыльда: "Кантора адчынена з 9 да 16 гадзiн".
Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькi дзесяць хвiлiн. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелi яшчэ за сваiмi сталамi. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны i мэбля ў стылi Луi-Фiлiпа надавалi канторы ўрачысты выгляд.
- Панi, зрабiце ласку, падымiцеся да сябе. Праз нейкi час я, напэўна, папрашу вас знайсцi для мяне колькi хвiлiн.
Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканнi кампанii. У вялiзным вестыбюлi па баках стаялi свяцiльнi з каванага жалеза. На другi паверх, якi займалi муж i жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвiца.
Мэр Вiстрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.
- Што вы яшчэ хочаце ведаць? - цiха спытаў ён i, падняўшы каўнер палiто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылi яго твару, спляжанага кулакамi Вялiкага Луi.
- Нiчога асаблiвага. Я толькi прашу ў вас дазволу пахадзiць тут, падыхаць паветрам дома.
- Я вам патрэбен?
- Не.
- У такiм выпадку дазвольце мне падняцца да панi Гранмэзон.
Пачцiвы тон, з якiм ён гаварыў пра сваю жонку, нiяк не вязаўся з ранiшняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвiцы. Пасля прайшоў у канец калiдора i пераканаўся, што ў доме быў толькi адзiн выхад. Выйшаў на вулiцу, знайшоў непадалёк палiцэйскага i загадаў яму стаяць каля агароджы.
- Зразумелi? Выпускаць усiх, апроч суднаўладальнiка. Вы яго ведаеце?
- Ну, як не ведаць!.. Але... што ён нарабiў? Такi чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?
- Тым лепш!
Кабiнет справа ў вестыбюлi "Генеральны сакратарыят". Мэгрэ пастукаў, адчынiў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нiкога не ўбачыў.
Кабiнет злева: "Дырэктар". Тая ж самавiтая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столi з мудрагелiстай лепкаю.
Уражанне такое, што нiхто не асмелiўся б размаўляць тут уголас. Камiсар уявiў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у вiзiтках i штанах у палоску, з тоўстымi цыгарамi ў зубах, за дзелавой размоваю.
Самавiтая кампанiя! З традыцыямi, якiя перадаюцца тут, у правiнцыi, праз стагоддзi з пакалення ў пакаленне. "Пан Гранмэзон?.. Яго подпiс надзейны, як золата ў злiтках".
Мэбля ў кабiнеце была ў стылi ампiр, якi больш падыходзiў для галоўнага пакоя кампанii. На сценах - фатаграфii караблёў, статыстычныя таблiцы, каляровыя графiкi.
Мэгрэ хадзiў па кабiнеце, засунуўшы рукi ў кiшэнi, калi ў дзвярах з'явiўся нейкi стары.
- Што гэта такое?! - разгубiўся ён.
- Палiцыя! - кiнуў Мэгрэ такiм сухiм тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.
Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалацiўся.
- Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэннi вашага патрона. Вы ж...
- Галоўны касiр, - спешна пацвердзiў стары.
- Гэта вы служыце ў кампанii вось ужо... вось ужо...
- Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлi.
- Вельмi прыемна. Значыць, гэта ваш кабiнет справа? Па сутнасцi цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякiм выпадку мне так казалi.
Тут усё ў Мэгрэ iшло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.
- Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калi пан Эрнэст адсутнiчае...
- Пан Эрнэст?
- Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калi ён быў яшчэ зусiм дзiця, вось i называю яго панам Эрнэстам.
Мэгрэ нiбыта мiж iншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сцiплы пакой, адчувалася, што наведнiкаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамi. Сярод iх ляжалi загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спiртоўцы дымiўся маленькi кафейнiк.
- Вы тут i абедаеце, пан... Вось табе i на, забыў раптам ваша iмя...
- Бернардэн... Але ўсе завуць мяне "дзядзька Бернар"... Я жыву адзiн, так што i на абед дамоў хадзiць няма чаго... Вось... А пан Эрнэст запрасiў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыднi?.. Трэба было яму мяне папярэдзiць... Усё ўжо ў парадку... Адзiн малады чалавек узяў у касе дзве тысячы франкаў... Але яго дзядзька вярнуў грошы... Малады чалавек даў слова... Вы разумееце?.. У такiм узросце!.. Ды столькi ў нас дрэнных прыкладаў перад вачыма!..
- Мы пра гэта яшчэ пагаворым... Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагi, абедайце... Словам, вы былi даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста...
- Спачатку я быў касiрам... Тады ў iх яшчэ не было галоўнага касiра... Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялi спецыяльна для мяне...
- Пан Эрнэст адзiны сын у пана Шарля?
- Але, адзiны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Лiля, але яна памерла пры родах разам з дзiцёнкам...
- А пан Раймон?
Стары здзiўлена ўскiнуў галаву.
- Як? Пан Эрнэст казаў вам?..
"Дзядзька Бернар" адразу ж насцярожыўся.
- Ён не належаў да гэтай сям'i?
- Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон... Только спадчыны ён не атрымаў... Яго бацька памёр недзе ў калонiях... Такое ж часта здараецца ва ўсiх сем'ях, праўда?..
- Ва ўсiх сем'ях! - пацвердзiў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.
- Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавiў яго... Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца...
Мэгрэ патрабавалiся факты больш дакладныя, i ён перастаў хiтраваць.
- Хвiлiнку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамi... Заснавальнiк "Ангельска-Нармандскай кампанii" - пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона - адзiны сын, пан Эрнэст, сённяшнi дырэктар кампанii...
- Але...
Стары зноў разгубiўся. Яго бянтэжыў такi дапытлiвы тон.
- Так! У пана Шарля быў брат, якi памёр у калонiях, таксама пакiнуўшы адзiнага сына - Раймона Гранмэзона.
- Але... Я не...
- Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сiрату без грошай, прымаюць у дом дзядзькi, даюць месца ў кампанii. Якое?
- Гм, - запнуўся стары. - Яго назначылi ў аддзел фрахтавання нейкiм начальнiкам.
- Так! Пан Шарль памiрае i пакiдае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.
- Але.
- I раптам яны сварацца. Хвiлiнку! У момант сваркi пан Эрнэст быў жанаты?
- Не ведаю, цi магу я...
- Я раiў бы вам гаварыць, калi вы не хочаце мець на старасцi гадоў непрыемнасцi з правасуддзем.
- Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?
- Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?
- Не. Яшчэ не быў.
- Так! Пан Эрнэст - дырэктар кампанii. Яго стрыечны брат - начальнiк аддзела. Што адбываецца пасля?
- Я не думаю, што маю права...
- Я даю вам гэтае права.
- Такое бывае ва ўсякiх сем'ях... Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька... Нават у тым узросце, калi яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такi, як цяпер...
- А пан Раймон?
- Поўная процiлегласць!
- Ну i?..
- Пра гэта ведаю толькi я i сам пан Эрнэст... Былi выяўлены парушэннi ў справаздачнасцi... Сур'ёзныя парушэннi...
- I?..
- Пан Раймон знiк... Iнакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукi правасуддзя, пан Эрнэст папрасiў яго выехаць за мяжу...
- У Нарвегiю?
- Не ведаю... Я пра яго больш нiчога не чуў...
- Пан Эрнэст ажанiўся неўзабаве пасля таго?
- Але... Прайшло колькi месяцаў...
Уздоўж сцен цягнулiся палiцы з папкамi непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны i злаваўся на сябе, што мiжволi столькi ўжо расказаў.
- Калi гэта здарылася?
- Чакайце... Гэта было ў той год, калi пашыралi канал... Пятнаццаць гадоў таму... Не, крыху меней...
Ужо некалькi хвiлiн над галавою чулiся чыесьцi крокi.
- Гэта ў сталовай? - спытаў Мэгрэ.
- Але...
Раптам крокi сталi больш частыя, пачуўся глухi ўдар, гук цела, якое падала на падлогу.
"Дзядзька Бернар" збялеў, як папера, у якую былi загорнуты яго бутэрброды.
ХIII. ДОМ НАСУПРАЦЬ
Мэр быў мёртвы. Ён ляжаў на дыване. Яго цела здавалася велiзарным: галава - каля ножак стала, ногi - каля акна. Крывi амаль не было. Куля прайшла памiж рэбраў акурат у сэрца.
За некалькi сантыметраў ад Гранмэзона ляжаў рэвальвер, якi выпаў з яго рук.
Панi Гранмэзон не плакала. Яна стаяла, абапiраючыся на масiўны камiн, i глядзела на нябожчыка, быццам не разумела яшчэ, што здарылася.
- Усё! - сказаў Мэгрэ, выпростваючыся.
Пакой был вялiкi i сцiпла абсталяваны. Праз цёмныя шторы на вокнах прабiвалася шызаватае святло.
- Ён гаварыў з вамi?
Яна адмоўна пакруцiла галавою. Пасля з цяжкасцю прашаптала:
- Калi мы вярнулiся, ён усё хадзiў узад i ўперад... Два-тры разы павярнуўся да мяне, i я падумала, што ён збiраецца нешта мне сказаць... А потым раптам стрэлiў, але я нават не бачыла рэвальвера...
Яна гаварыла так, як гавораць вельмi ўсхваляваныя жанчыны, калi iм цяжка сачыць за ходам сваiх думак. Але вочы ў яе заставалiся сухiя.
Было вiдаць, што яна нiколi не кахала Гранмэзона, ва ўсякiм разе сапраўднага кахання памiж iмi не было.
Яна была яго жонкаю i выконвала свой абавязак. Прывычка, сумеснае жыццё ў нейкай меры зблiзiлi iх.
Але нясцерпнага гора, якое звычайна ахапляе людзей у момант смерцi па-сапраўднаму блiзкага чалавека, яна перад целам мёртвага мужа не адчувала.
- Гэта ён? - цiха спыталася яна ў Мэгрэ.
- Ён, - пацвердзiў камiсар.
Запала доўгае маўчанне. Мэгрэ назiраў за панi Гранмэзон. Тая глядзела ў акно. Вочы яе нiбыта нешта шукалi на вулiцы. Твар у яе быў вельмi сумны.
- Дазвольце задаць вам некалькi пытанняў, пакуль нiхто яшчэ не прыйшоў.
Яна згадзiлася.
- Вы ведалi Раймона да знаёмства з мужам?
- Я жыла ў доме насупраць.
Шэры дом, вельмi падобны на гэты. Над дзвярыма - пазалочаны герб натарыуса.
- Я кахала Раймона. I ён кахаў мяне. Эрнэст заляцаўся да мяне, але рабiў гэта зусiм не так, як Раймон.
- Яны - вельмi розныя, праўда?
- Эрнэст ужо тады быў такi, якiм вы яго ведалi. Халодны чалавек без узросту. А ў Раймона была благая рэпутацыя, бо жыццё, якое ён вёў, было для нашага маленькага гарадка дужа бязладнае. З гэтай прычыны, а таксама таму, што ён быў бедны, бацька не згаджаўся на мой шлюб з iм.
Дзiўныя былi гэтыя прызнаннi, якiя яна рабiла каля цела мёртвага мужа. Здавалася, яна падводзiла сумны рахунак свайго жыцця.
- Вы былi каханкай Раймона?
Яна апусцiла павекi.
- I ён паехаў?
- Нiкога не папярэдзiўшы. Ноччу. Мне сказаў пра гэта Эрнэст. Паехаў, узяўшы з сабою нейкую частку грошай з касы кампанii.
- I Эрнэст ажанiўся з вамi? Ваш сын - не яго, праўда?
- Гэта сын Раймона. Уявiце сабе, калi ён паехаў i пакiнуў мяне адну, я ўжо ведала, што стану мацi. А Эрнэст прасiў маёй рукi. Вы толькi паглядзiце на гэтыя дамы, вулiцу, горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго.
- Вы сказалi яму праўду?
- Але. I ўсё ж такi ён ажанiўся са мною. Дзiця нарадзiлася ў Iталii, дзе я правяла амаль год, каб пазбегнуць розных перасудаў. Я лiчыла, што муж паводзiў сябе проста гераiчна.
- А потым?
Яна адвярнулася, бо позiрк яе ўпаў на мужава цела. Уздыхнуўшы, загаварыла зноў:
- Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, - i атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажанiўшыся, ён жыў, як i раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, цi паведамлялi яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калi аднаго разу сын убачыў фатаграфiю Раймона i спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькi i сказаў:
- Стрыечны брат, якi дрэнна скончыў.
Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. I жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'i!
I гэтак праляцелi пятнаццаць гадоў! Куплялiся новыя параходы. У гэтым вось пакоi ладзiлiся прыёмы, партыi ў брыдж i абеды, вячэры...
Лета праводзiлi ў Вiстрэаме i ў гарах.
А цяпер панi Гранмэзон адчувала толькi стомленасць. Яна апусцiлася ў крэсла, правяла рукою па твары.
- Не разумею, - прашаптала яна. - Гэты капiтан... Я яго нiколi раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..
Мэгрэ прыслухаўся i пайшоў адчыняць дзверы. За iмi стаяў "дзядзька Бернар". Ён быў устрывожаны, але ўвайсцi ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытлiва паглядзеў на камiсара.
- Пан Гранмэзон памёр. Паведамiце гэта яго доктару. А служачым i слугам скажаце крыху пазней.
Мэгрэ зачынiў дзверы, сунуў быў руку ў кiшэню па люльку, але перадумаў палiць.
У яго душы нарадзiлася дзiўнае пачуццё сiмпатыi, павагi да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмi банальнай iстотай.
- Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?
- Але. Я не ведала, што Раймон у Францыi. Муж мяне проста папрасiў забраць сына з калежа i правесцi з iм колькi дзён на поўднi. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабiла, як ён хацеў. Але толькi я прыехала ў "Лютэцыю", Эрнэст пазванiў мне i сказаў, каб я не iшла ў калеж, а вярталася дамоў.
- А сёння ранiцай вам званiў Раймон?
- Званiў. Прасiў тэрмiнова прывезцi яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.
- Не вiнавацiў вашага мужа?
- Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомнiў пра яго. Гаварыў пра нейкiх сяброў, маракоў, якiм ён павiнен заплацiць, перш чым паехаць з Францыi. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.
Прыйшоў доктар, сябра сям'i. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.
- Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! - цвёрда вымавiў Мэгрэ. - А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Палiцыю я бяру на сябе...
Ён падышоў да панi Гранмэзон, пакланiўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:
- Вы не сказалi мне, чаму...
- Раймон вам калi-небудзь усё раскажа... Апошняе пытанне... Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вiстрэаме з вашым мужам, так?
- Так, ён заставаўся там да дваццатага.
Адышоўшы спiнай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусцiўся па лесвiцы на першы паверх, прайшоў па калiдоры, адчуваючы нейкi цяжар на плячах i агiду ў душы.
На вулiцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкi час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скiнуць з сябе ўсё тое жахлiвае, што вынес з дома Гранмэзонаў.
Зiрнуў апошнi раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якiм мэрава ўдава правяла сваю маладосць, i глыбока ўздыхнуў.
* * *
- Выходзьце!
Мэгрэ адчынiў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, i знакам загадаў арыштаванаму iсцi за iм. Камiсар iшоў паперадзе, спачатку па вулiцы, пасля па дарозе ў порт.
Раймон дзiвiўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.
- Вы нiчога не хочаце мне сказаць? - кiнуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.
- Нiчога!
- Вы дадзiце вынесцi вам прысуд?
- Я паўтару перад суддзямi, што нiкога не забiваў!
- Але праўды не скажаце?
Раймон апусцiў галаву. Удалечынi ўжо вiднелася мора, чулiся гудкi буксiра, якi iшоў да пiрса, ведучы за сабою на стальным тросе "Сэн-Мiшэля". Тады, быццам бы гэта было нешта зусiм звычайнае, кiнуў:
- Гранмэзон памёр.
- Га?.. Што вы сказалi?..
Раймон схапiў яго за руку i лiхаманкава сцiснуў яе.
- Ён?..
- Налажыў на сябе рукi. Гадзiну таму назад, у сябе дома.
- Ён усё расказаў?
- Не! Хадзiў туды-назад па гасцёўнi хвiлiн пятнаццаць, пасля стрэлiў. Вось i ўсё!..
Яны зрабiлi яшчэ некалькi крокаў. Удалечынi, на сценах шлюза, стаялi, назiраючы за выратавальнымi работамi, людзi.
- Цяпер вы можаце сказаць мне ўсю праўду, Раймон Гранмэзон... Зрэшты, я ўжо ведаю яе ў сама агульных рысах... Вы хацелi забраць з сабою вашага сына?
Нi слова адказу.
- Сярод людзей, у якiх вы прасiлi дапамогi, быў i капiтан Жарыс... Але, на жаль...
- Змоўкнiце! Калi б вы ведалi...
- Хадземце сюды. Тут меней народу...
Дарога вяла да пустыннага берага, на якi накатвалiся хвалi.
- Вы праўда ўцяклi некалi з касай?
- Гэта Элен вам сказала?..
Ягоны голас стаў з'едлiвы.
- Ну вядома!.. Эрнэст расказаў ёй усё па-свойму... Што ж, я не сцвярджаю, што быў святы... Наадварот!.. Жыў, як кажуць, весела... I адзiн час захапляўся гульнёю... Выйграваў, прайграваў... Праўда, аднаго разу я скарыстаўся грашыма кампанii, i кузен гэта прыкмецiў... Я абяцаў вярнуць паступова ўсе грошы i ўмольваў яго не даводзiць справу да скандалу... Ён усур'ёз сабраўся звярнуцца ў суд i згадзiўся толькi пры адной умове: каб я паехаў за мяжу i нiколi болей не вяртаўся ў Францыю!.. Цяпер вы разумееце? Ён хацеў, каб Элен стала яго жонкаю! I ён гэтага дабiўся!
Горка ўсмiхнуўшыся, Раймон нейкi час маўчаў, пасля пачаў зноў:
- Звычайна людзi адпраўляюцца на поўдзень або ўсход... А мне падабалася поўнач, i я пасялiўся ў Нарвегii... З радзiмы я нiякiх навiн не меў... Лiсты, якiя я пiсаў Элен, заставалiся без адказу, а ўчора я даведаўся, што яны нiколi да яе не даходзiлi... Я пiсаў i кузену таксама, але адказу нi разу не атрымаў... Не, я не збiраюся здацца вам лепшым, чым я ёсць на самай справе, або разжалiць вас гiсторыяй няшчаснага кахання. Спачатку я не думаў пра гэта шмат... Вы ўбачыце, што я кажу вам абсалютную праўду!.. Я працаваў... Былi ўсякiя цяжкасцi, пра iх трэба было думаць... Хiба што вечарамi на мяне находзiла настальгiя... Здаралiся i непрыемнасцi... У кампанii, якую я арганiзаваў, справы iшлi няважна... Гэтак i праходзiў год за годам, то лепш, то горш, у чужой краiне... Там я змянiў прозвiшча... Каб лепш было працаваць, прыняў нарвежскае падданства... Калi-нiкалi ў гасцях у мяне бывалi афiцэры з французскiх суднаў, вось ад iх я i даведаўся, што ў мяне ёсць сын... Я сумняваўся, але параўнаў даты - i зразумеў, што гэта праўда!.. Напiсаў у роспачы Эрнэсту... Умольваў дазволiць вярнуцца ў Францыю, хоць на некалькi дзён... Ён адказаў тэлеграмаю: "Арышт пры перасячэннi мяжы". Iшоў час. Я стаў апантана рабiць грошы... Гэта нецiкава расказваць... Толькi вось у душы ўсё роўна як пустэча была... У Трамсё - тры месяцы палярная ноч... I тады настальгiя па радзiме проста з'ядала мяне... Каб падмануць самога сябе, я паставiў мэту: стаць такiм жа багатым, як i стрыечны брат. I вось я дайшоў гэтай мэты. Разбагацеў на трасковай iкры. Але адчуў сябе сама няшчасным чалавекам на свеце... Тады я раптам вярнуўся ў Францыю. Вырашыў дзейнiчаць... Але, праз пятнаццаць гадоў!.. Бадзяўся тут... бачыў сына на пляжы... Элен, здалёк... Нiяк не разумею, як я мог дагэтуль жыць без сына... Цi разумееце вы гэта?.. Купiў судна... Калi б я дзейнiчаў адкрыта, Эрнэст не задумваючыся засадзiў бы мяне ў турму... У яго заставалiся доказы!.. Вы бачылi маiх маракоў - добрыя людзi, нягледзячы на iх выгляд... Разлiчылi ўсё... У той вечар Эрнэст быў дома адзiн з хлопчыкам... Для большай надзейнасцi, каб выкарыстаць усе шанцы, я папрасiў дапамогi ў капiтана Жарыса, з якiм пазнаёмiўся ў Нарвегii, калi ён яшчэ плаваў... Капiтан ведаў Эрнэста, i мы дамовiлiся, што ён наведае яго, прыдумаўшы якую-небудзь прычыну, а пакуль яны будуць гаварыць, Вялiкi Луi паможа мне выкрасцi сына... Але скончылася ўсё гэта драмаю... Жарыс гаварыў з Эрнэстам у кабiнеце... Мы ўвайшлi праз заднiя дзверы, але, як назло, я зачапiў у калiдоры швабру, што стаяла каля сцяны... Швабра ўпала... Эрнэст пачуў шум. Ён вырашыў, што яго хочуць абрабаваць, i выхапiў з сакрэтнiка рэвальвер... Што было далей?.. Цяжка i расказаць... Нейкае насланнё... Жарыс выскачыў у калiдор услед за Эрнэстам... Святла там не было... Стрэл... I трэба ж было так здарыцца, што куля трапiла ў Жарыса!.. Я ледзь не звар'яцеў з адчаю... Баяўся скандалу, асаблiва перажываў за Элен... Ну хiба ж мог я расказаць усю гэтую гiсторыю палiцыi?.. Разам з Вялiкiм Луi я перанёс Жарыса на борт "Сэн-Мiшэля"... Капiтану была неабходная медыцынская дапамога... Мы пайшлi ў Ангельшчыну, куды дабралiся праз некалькi гадзiн... Але без пашпартоў нас на бераг не пускалi... Палiцыя была пiльная: строгi кантроль па ўсiм узбярэжжы... Калiсьцi я займаўся трохi медыцынай... Зрабiў сёе-тое, каб памагчы Жарысу, але гэтага было мала... Тады ўзялi курс на Галандыю... Там раненага трэпанавалi, але не маглi трымаць яго больш у клiнiцы, не паведамiўшы ўладам... Жахлiвае падарожжа!.. Вы ўяўляеце нас на борце судна з чалавекам, якi памiрае?.. Трэба было сама меней месяц лячыць чалавека, даглядаць яго... Я хацеў быў весцi шхуну ў Нарвегiю. Але рабiць гэта не прыйшлося, бо выпадак звёў нас з капiтанам аднаго судна, якое iшло на Лафатэнскiя астравы... Я ўзяў Жарыса з сабою на борт... На моры мы былi ў большай небяспецы, чым на сушы... У маiм доме ён правёў восем сутак. Але суседзi зацiкавiлiся таямнiчым госцем... Трэба было зноў некуды рушыць... Капенгаген... Гамбург... Жарыс адчуваў сябе лепш... Рана зацягнулася, але ён страцiў пры гэтым i памяць, i здольнасць гаварыць... Ну што я мог зрабiць, скажыце?.. Мне здавалася, што дома, у прывычнай атмасферы, ён ачуняе хутчэй, чым бадзяючыся па свеце... Я вырашыў хоць бы забяспечыць яго матэрыяльна i паслаў на яго iмя ў банк трыста тысяч франкаў... Але як памагчы яму дабрацца дадому?.. Вярнуцца сюды з iм я сам не мог, бо вельмi многiм рызыкаваў бы... А калi пераправiць яго ў Парыж, падумалася мне, дык ён абавязкова трапiць у палiцыю, дзе яго ўрэшце апазнаюць i завязуць дамоў... Так i здарылася... Толькi аднаго я не мог прадугледзець: што стрыечны брат, якi дрыжаў ад страху пры адной думцы пра тое, што Жарыс можа яго выдаць, гнюсна атруцiць капiтана... Гэта ж ён падсыпаў стрыхнiн у шклянку з вадою... Дастаткова было ўвайсцi ў дом з чорнага ўвахода, па дарозе на паляванне...
- I прадоўжылi барацьбу? - паволi сказаў Мэгрэ.
- Iнакш я i не мог! Я хацеў, каб мой сын быў са мною! Толькi Эрнэст наглядаў за iм пiльна. Хлопчык вярнуўся ў свой калеж, адкуль мне б яго не аддалi...
Мэгрэ ведаў усё гэта. Але цяпер ён лепш разумеў тую нябачную барацьбу, якая пачалася памiж стрыечнымi братамi.
Барацьбу не толькi памiж iмi двума, але i супраць яго, Мэгрэ!
Нельга было дапусцiць, каб у гэтую гiсторыю ўмяшалася палiцыя! Нi адзiн, нi другi не мог сказаць праўду!
- Я прыйшоў сюды на "Сэн-Мiшэлi"...
- Ведаю! I вы паслалi Вялiкага Луi да мэра...
Раймон мiжволi ўсмiхнуўся - камiсар расказваў за яго.
- Раз'юшаны Луi спагнаў на iм усю сваю злосць за ўсё тое, што яму прыйшлося зведаць у жыццi... I ён мог лупцаваць мэра, не баючыся, што той паклiча на дапамогу... Вось i адвёў душу!..Урэшце ён вымусiў яго напiсаць лiст, у якiм дазваляў вам забраць хлопчыка з калежа...
- Але... Я хаваўся за вiлаю, а ваш калега вiсеў у мяне лiтаральна на пятах... Вялiкi Луi пакiнуў лiст у дамоўленым месцы, а я перахiтрыў вашага памочнiка... Узяў ровар... У Кане купiў машыну... Трэба было спяшацца... Пакуль я ехаў забiраць сына, Луi заставаўся ў мэра, каб не даць яму адмянiць якiм-небудзь чынам тое, што ён напiсаў у лiсце... Дарэмна, бо Эрнэст паспеў ужо выправiць па дзiця Элен... Вы загадалi затрымаць мяне... Барацьба скончылася... Яе немагчыма было працягваць: вы ж так упарта iмкнулiся дакапацца да праўды... Заставалася толькi ўцячы... Калi б мы засталiся, вы б непазбежна ўсё разгадалi... Адсюль i падзеi апошняй ночы... Але няўдачы не адставалi ад нас... Шхуна села на мель... Мы з вялiкай цяжкасцю дабралiся да берага, а я згубiў пры гэтым на наша няшчасце кашалёк... Без грошай!.. I жандары на хвасце!.. Заставалася адно: тэлефанаваць Элен i прасiць у яе некалькi тысяч франкаў, каб мы маглi дабрацца ўчацвярых да мяжы... У Нарвегii я мог бы аплацiць сябрам усё, што яны страцiлi праз мяне... Элен прыехала адразу ж... Але i вы таксама! Вы ўвесь час паўставалi на нашай дарозе. Упарта дамагалiся разгадаць праўду, а мы вам нiчога не маглi сказаць. Не мог жа я крыкнуць вам, што праз вас могуць здарыцца новыя няшчасцi!..