Так жыў і ваяваў Мішка, быў артыстам, а калі даводзілася, рабіўся ваякам. Было ў яго жыцці багата і смешнага, бо быў ён надзвычай вясёлай асобай. Любіў сябе ўсцешыць і другіх пасмяшыць. І за гэта любілі яго, як толькі могуць любіць веселуна ў такіх цяжкіх і грозных умовах, як вайна, як доўгія паходы.
Было ў жыцці ў Мішкі багата чаго і гераічнага. Але сам ён ніколі не думаў аб тым, як бы спецыяльна стаць героем, выкінуць які-небудзь асаблівы гераічны ўчынак.
Нам і асталося расказаць аб апошнім учынку Мішкі, калі ён зрабіўся самым сапраўдным, самым поўным героем.
Падыходзіла вайна да канца. Людзі пачалі пагаворваць аб блізкім замірэнні, але бойкі не сціхалі і зачыналіся часамі з яшчэ большай упартасцю, чымся з пачатку вайны. Была ўжо даволі позняя восень. Мішкаў батальён стаяў у тыле, адпачываў ад боек, хаця кожную хвіліну быў напагатове сустрэць ворага. Першы і другі батальёны былі на фронце на перадавой лініі. Чырвонаармейцы трэцяга батальёна начавалі ў глухім лесе і хаваліся ад назольнага восеньскага дажджу пад высокімі ялінамі, пад кустамі алешніку і ляшчыны. Сям-там расклалі пад дрэвамі невялічкія цяпельцы, грэліся, высушвалі мокрыя гімнасцёркі, мокрыя шынялі.
Непрытульна ў лесе позняй восенню. Непрытульна і холадна. Мішка грэўся таксама каля цяпельца. Нават лапу адну крыху абсмаліў, стараючыся падсунуць бліжэй у агонь канец смалістага карча. Прыгрэўся Мішка і заснуў каля цяпла. А калі прачнуўся, пачало ўжо трошачкі развідневаць. Чырвонаармейцы яшчэ спалі, стаялі паміж дрэвамі вартавыя. Не сунімаўся дождж. Ён сеяўся як праз сіта і вільготнай імглой засціў дрэвы, засціў нізкае восеньскае неба і да самых касцей працінаў халоднымі дрыжыкамі анямелае ад сну Мішкава цела. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Так практыкаваў ён кожную раніцу, і гэта называлася Мішкавай гімнастыкай, яго фізкультурнай зарадкай.
Доўга лез Мішка на хвою. Сасклізаліся ногі на мокрай ад дажджу хваёвай кары, ды не было нешта асаблівага спрыту ў Мішкі ў такія пахмурныя, непагожыя дні. Але сяк-так ускарабкаўся на самую вершаліну, адкуль надзвычай добра было назіраць над усім лесам, над лесавымі дарогамі, над далёкім полем, якое ледзь-ледзь чарнела скрозь дажджавую імглу. Усеўся Мішка на сук і пачаў азірацца. І тут заўважыў ён нешта цікавае для сябе, чаго ўдзень не бачыў і не заўважаў. Зусім блізка ад яго батальёна з'явіліся паміж дрэў незнаёмыя коннікі, цэлыя групы гэтых коннікаў. Яны яўна набліжаліся да батальёна, ішлі надзвычай асцярожна, перабягаючы групамі паміж дрэў, пільна ўглядаючыся наперад.
«Адкуль-то яны маглі з'явіцца? У нашым жа палку амаль зусім няма коней, што б то значыла?» - і толькі падумаў гэта Мішка, як адзін за адным пачуліся некалькі глухіх стрэлаў, потым яны зачасціліся, і хутка пачалася такая страляніна, што хоць ты вушы затыкай. Яго напрактыкаванае вуха пачало адрозніваць басавітыя перакаты кулямётаў, ліхаманкавы бой вінтовак. І ледзь не зваліўся Мішка з хвоі, калі недалёчка грымнула перунамі гармата, грозна страсянуўшы паветра і голлі дрэў, з якіх паліліся ўніз цэлыя струмені вады на жоўты пясок, на мокрыя верасы. Дужа не любіў Мішка гармат. Мо таму, што не асвоіў яшчэ артылерыйскай справы, мо таму, што задужа ўжо грозна стралялі яны, і водгукі стрэлаў доўга перакатваліся па лясах і палях, наганяючы жудасць і страх у Мішкава сэрца. Як бы там ні было, Мішка наважыўся пакінуць свой назіральны пункт і спусціцца ўніз, на зямлю, да сваіх. Але калі злез ён бадай на апошні сук, то заўважыў, што з сваіх не відаць нікога, усе даўно пабеглі кудысьці ўбок, у лагчыну, адкуль чуваць былі частыя стрэлы. Пад хвояй выстраілася больш чым сотня коннікаў, і перад імі сядзеў на кані зусім незнаёмы чалавек і нешта таропка, спяшаючыся, гаварыў да іх і злосна пакрыкваў, паказваючы рукой на лагчыну. І тут заўважыў Мішка сінія штаны на ім, ну, няйначай тыя штаны, якія калісьці сілком надзявалі на Мішку і якія ён так старанна падраў тады на дробныя мэтлухі.
«Няўжо зноў тыя самыя штаны? - падумаў з крыўдаю Мішка. - Няўжо зноў хочуць апрануць мяне ў гэтую адзежыну? Ды каб я сцярпеў?»
Не мог, канешне, Мішка сцярпець такой знявагі, павінен ён яшчэ ў апошні раз расквітацца з гэтай амуніцыяй, ды так расквітацца, каб ніткі на нітцы не засталося ад гэтай прыкрай адзежыны. І толькі гэта чалавек пад дрэвам шабелькай махнуў, нейкую каманду пракрычаў, як Мішка, доўга не разважаючы і не думаючы аб парашутах, як дуж гоцнуўся з дрэва і так ёмка патрапіў, што адразу апынуўся на кані ззаду ў конніка з сіняй адзежынай. І толькі сеў, ды лапамі за штаны, і пачаў так шкуматаць іх, што толькі пыл паляцеў. І што тут нарабілася, Мішка і сам не ўяўляў добра потым. Адно памятаў, як зароў ён, скокнуўшы з хвоі, на ўсё сваё мядзведжае горла. Коннікі ўжо шалёна панесліся хто куды, скідаючыся ад страху на зямлю, валочачыся па зямлі паміж дрэў. Усе коні, і тыя, што былі пад дрэвам, і тыя, што ля кулямётаў і ля гарматы, адразу нібы ашалелі ад яго голасу, храплі, пырскаліся пенай і шалёна імчалі, не разбіраючы ні лесу, ні дарог, ні блытаных лесавых сцежак. А з лагчыны, куды прымушаны быў адступіць Мішкаў трэці батальён перад нечаканым нападам польскіх уланаў, ужо чулася моцнае «ўра», і ашчаціненыя штыкамі чырвонаармейцы вярталіся назад, падбіраючы за сабою польскія кулямёты і гарматы, ловячы перапалоханых польскіх коней, беручы ў палон коннікаў. Мішка ўсё яшчэ сядзеў на кані, з якога даўно зваліўся коннік з ненавіснай для Мішкі сіняй адзежынай. Конь шалёна насіўся па лесе, і каб не скінуцца з яго, Мішка ўхапіўся за грыву і пярэднімі лапамі моцна ашчарэпіў конскую шыю. Урэшце абяссілены конь на хвіліну спыніўся, і спрытны Мішка хутка саскочыў на зямлю, не маючы асаблівага жадання шалёна гарцаваць па лесе.
Да Мішкі падбеглі чырвонаармейцы.
- Ну і малайчына, Мішка! Ты ж проста герой, Міхайла Іванавіч! Ну і Таптыгін! Гэтакіх спраў нарабіў!
Мішка быў задаволены. Як-ніяк яго ўпершыню назвалі сапраўдным лесавым імем, паважаным Міхайлам Іванавічам Таптыгіным, як звалі яго прадзедаў і дзядоў. І толькі крышку саромеўся Мішка і ўсё ніяк не мог раскумекаць як след, чаму гэта праз яго глыбокую нянавісць да ўланскай формы нарабіліся такія незразумелыя для яго справы і цэлы атрад коннікаў быў разбіт ушчэнт.
Такім быў апошні геройскі ўчынак нашага Мішкі. Апошні таму, што хутка скончылася вайна.