Леанiд Панасенка
Пралюбадзейства
Пераклад: Галiна Шаранговiч
Душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля ўтульна расцяклася па паверхнi сонечнай батарэi арбiтальнай касмiчнай станцыi i разам з шматтоннай грамадзiнай цiха наблiжалася да сваёй даўно забытай радзiмы, якую беззваротна пакiнула больш за сто пяцьдзесят гадоў таму назад. I душу фiлосафа, i станцыю падсiлкоўваў сонечны вецер, але яны адно аднаму не перашкаджалi, бо першая належала свету Абсалюту, спiрытасферы, а другая ўяўляла сабою адно з найдасканалейшых стварэнняў вечнага свету. Гегелева душа, падкрэслiм гэта на ўсялякi выпадак, была цалкам матэрыяльная, але нездарма кажуць: цi шмат той беднай душы трэба.
Таму, хто б здолеў убачыць аўру Абсалюту збоку, адкрылася б зусiм будзённае вiдовiшча: вакол планеты кiпiць шматслойнае варыва з мiльярдаў светлякоў асобных душ, розных, як i зоркi, па яркасцi, якiя павольна ўсплываюць з паверхнi Зямлi, злучаюцца ў спiралi i купы; некуды iмчаць цi, наадварот, застываюць у нерухомасцi. Нечым падобная на паўночнае ззянне, сусветная душа жыла i змянялася, узрастала з развiццём i памнажэннем цывiлiзацыi людзей, якая пачалася з яе i жыла не столькi сонечным ветрам i рознымi палямi i выпраменьваннямi, якiя пранiзвалi сусвет, колькi развiццём i пашырэннем чалавечага духу! Гэта найвышэйшая краса матэрыi ўсведамляла сябе як адзiнае цэлае i ў той жа час складалася з мiрыядаў iндывiдуальнасцяў, якiя захавалi ў сабе ўсё, што было на Зямлi ад пачатку чалавечага роду. Гэтую сферу духу, вытворную ад чалавека i выгадаваную разам з iiм, гэтую таямнiчую субстанцыю сам чалавек называў па-рознаму - i богам, i абсалютным духам, i сусветнай душою, але сутнасць яе была аднолькавая: iншабыццё, найвышэйшая энергетычная форма асэнсавання сябе прыродай, арганiзаваны пачатак i рухавiк светабудовы, пра што ў свой час здагадваўся Платон.
Сутнасць Георга Вiльгельма фрыдрыха Гегеля, якi пры жыццi шмат сiлы i часу аддаў на разважаннi такога тыпу, цяпер ведала непамерна болей. Абсалют, а значыцца, i ён, ведалi: душа чалавечая бессмяротная, на жаль, не заўсёды. Вядома, яна бессмяротная, бо з'явiлася на свет, здзейснiлася. Але нараджэнне чалавека i нараджэнне душы - не тое самае. Бывае, чалавек жыве доўга, завяршае свой тленны шлях, памiрае, а душа яго так i не паспявае нарадзiцца. Больш таго, калi адны душы ў iншым жыццi ачышчаюцца ад зямной брыдоты, удасканальваюцца i ўзывышаюцца, а часам нават ператвараюцца ў новыя, больш дасканалыя структуры, дык другiя - неданошаныя i неразвiтыя, сатканыя са злосцi i заган - пакутуюць i згасаюць назаўсёды. Iнакш кажучы, ператвараюцца ў першаснае рэчыва спiрытасферы, яе будаўнiчы матэрыял. Так жыве чалавецтва, штодзённа i штогадзiнна ствараючы сваю калектыўную душу, бо, запомнiце, i Бог народжаны чалавекам. Так жыве сусветная душа, не толькi памнажаючыся, сiлкуючыся чалавечым мурашнiкам, але i самаўдасканальваючыся, бо ёсць у зямнога Абсалюту пачатак - першы проблiск свядомасцi ў нечай прагалаве, але няма ў яго канца, як няма лiку Абсалютам, раскiданым у Сусвеце... Не-не, пачакайце! Хто сказаў, што развiццё - гэта абавязкова памнажэнне i злiццё ў адзiнае i чаму мы павiнны яму верыць?! Далей пачынаецца панаванне фантазiй i здагадак, а нам пакуль што дастаткова ведаць: кожная сталая душа лiчыць абсалютам самую сябе, калi толькi яна на гэта мае права.
Прынамсi, душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля была глыбока абыякавая як да клопату касманаўтаў, якiя знайшлi невялiкiя збоi ў рабоце сонечных батарэй, так i да ўсеабдымных праблем, якiя хвалявалi ўсю спiрытасферу Зямлi: упарадкаванне светабудовы i магчымасць выратавання яе стваральнiка i ў пэўнай ступенi - сiмбiёту - звар'яцелага ў працэсе развiцця розуму чалавецтва. Душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля сузiрала самую сябе i занятак гэты, вiдаць, лiчыла найлепшым.
Самалёт iшоў на пасадку, i ў iлюмiнатары зноў з'явiўся твар каханай. Крыху бледнаваты, круглявы, загадкавы i недаступны, як гэты месяц, што лунае ў начным небе. Сэрца i горла сцiснула спазма. Так здаралася заўсёды, калi Мастак сустракаў цi ўспамiнаў сваю мучыцельку; ён павольна i з цяжкасцю праглынуў камяк, каб не задыхнуцца, i заплюшчыў вочы - згаснi, месяц, сыдзi, насланнё, колькi ж можна мучыць хворае i неразумнае сэрца.
Але павекi iмгненна паднялiся, ён прыпаў да iлюмiнатара: захацелася неадкладна, зараз жа, убачыць калi не яе, то хоць бы яе дом, тое месца ў прасторы, дзе яна цяпер ходзiць цi сядзiць, дзе знаходзiцца яе невыносна жаданае цела, яе голас, яе валасы, дзецi, кнiжкi, словам, усё, што мае дачыненне да яго каханай маленькай жанчыны.
Унiзе, пасярод зямнога змроку, цьмяна мiгцелi агнi невялiкага горада. Не, нiчога не разгледзець! Незразумела наогул, як можна займацца яго рамяством i быць такiм бяспамятным i неназiральным: Мастак нiколi як мае быць не арыентаваўся ў тых гарадах, дзе пабываў цi жыў, не запамiнаў твараў i галасоў. Хоць навошта яму здагадвацца, якi з тых агеньчыкаў - яе дом. Ён жа i пры дзённым святле нiколi яго не бачыў, ведае толькi дзе, дый то прыблiзна. А вось у гасцях у яе быў сотнi разоў. Прылятаў у думках, калi яна спала, калi гуляла з сынам, чакаў на кухнi, часам усур'ёз шкадуючы, што не можа - бесцялесны дапамагчы яе спрацаваным рукам, якiя неяк мiнулым летам цалаваў - дазволiла, незачэпа. Мужа каханай Мастак бачыў аднойчы, мiмаходзь i ставiўся да яго спакойна, а дакладней, абыякава, як да нечага чужога, непатрэбнага. Пад час яго таямнiчых вiзiтаў яны не сустракалiся. Нават начамi яго не было ў спальнi: цi то з'ехаў у доўгую камандзiроўку, цi то ператвараўся ў бесцялесную абстрактную iстоту i таксама некуды знiкаў.
"Не хлусi хоць сабе, - падумаў Мастак. - Як ты напачатку пакутаваў, раўнаваў! Як папракаў яе, што не дачакалася цябе, выскачыла замуж ледзь не ў дзесятым класе. Вар'ят! Яна праз некалькi гадоў бабуляй стане, а ён, бач ты, пакрыўдзiўся. I нават сказаў ёй пра гэта, стары дурань. Праўда, жартуючы з сябе, але ж сказаў. А галоўнае, ты i цяпер так думаеш, толькi баiшся ў гэтым прызнацца. Чакаць бы ёй цябе - да пенсii цi да сустрэчы на нябёсах".
Ён успомнiў па асацыяцыi загадкавае i па яго разуменнi бессэнсоўнае сцвярджэнне, што шлюбы здзяйсняюцца на нябёсах, i горка ўсмiхнуўся.
"Вось. Каторы раз вяртаюся з нябёсаў, а якi сэнс?! Усё, на жаль, адбываецца тут, на зямлi. Па волi выпадку, з-за тугi маладога цела, хвiлiннага захаплення. Якiя там палавiнкi душы, iх з'яднанне... Усе гэтыя палавiнкi нейкi час таўкуцца на кiрмашы жыцця, а пасля знiкаюць. Пачкамi, натоўпам. I няма iм радасцi i там. I выратавання няма..."
- Пасажыр, мы прыляцелi.
Далей усё пайшло аўтаматычна: багаж, прыпынак тралейбуса, чаканне, сам тралейбус, дом, сям'я, рытуал сустрэчы, вячэра, вячоркi перад талевiзарам, нарэшце, спальня...
Але ўвесь час, пакуль адбывалiся гэтыя дзеяннi, Мастак неадчэпна думаў пра сваё позняе i нейкае, як i ўсё яго жыццё, безнадзейнае пачуццё.
Хто ведае, калi гэта пачалося?..
Ён доўга жыў сам па сабе, меў зносiны з навакольным светам толькi па патрэбе i наiўна лiчыў, што добра ведае яго, ну а жанчын - тым болей: пустыя, хлуслiвыя, крывадушныя; яшчэ горш, калi Бог дадаў у гэты вiнегрэт крыху розуму цi характару. Як нi дзiўна, ён шкадаваў iх, як шкадаваў дзяцей i звяроў, адчуваў патрэбу ў iх, бо асабiстае жыццё яго не склалася, i адначасова пазбягаў.
Вось такi ён прыйшоў у Майстэрню, дзе сустрэўся з светласкураю жанчынаю-рэстаўратарам, разумнаю i начытанаю, з задавальненнем гаварыў з ёю на розныя тэмы i, як i многiя iншыя, лiчыў яе "сваiм хлопцам". Разам палiлi, пiлi каву... Пазней, праз паўгода, яна з'ехала ў доўгую камандзiроўку. Ён засумаваў, але сапраўднай прычыны сваёй душэўнай тугi не зразумеў, бо iх, гэтых прычын, заўсёды было шмат. Тыднi праз тры яна патэлефанавала з далёкага горада (здаецца, ён нешта прасiў купiць, проста так, як просяць многiя, - каб сябры не забывалi), i ён задыхнуўся, пачуўшы яе голас, а вусны яго раптам самi па сабе загаварылi ў слухаўку забытыя словы: каханая! Родная! Адзiная!
Потым яна вярнулася з камандзiроўкi, i пачалася новая фаза iх адносiн - на жаль, без якiх-небудзь звычайных у такой сiтуацыi дзеянняў.
Гэта былi размовы, у якiх Мастак адразу заблытваўся, як у завеi, часцей за ўсё яго маналогi, з якiх яна выбiрала сказ цi слова i нешта адказвала, а калi ён нарэшце прыстасаваўся да яе манеры зносiн i стаў пiльна ўзважваць кожнае слова i фразу, вяртаючыся да iх, Рэстаўратар аднойчы заявiла: "Вы выдзiраеце з размовы асобныя кавалкi".
Сказанае i нясказанае, пачутае i непачутае ў адказ тоўпiлася цяпер у яго ўзбуджанай памяцi, загаралася, апякала то надзеяй, то болем, часцей болем, занадта часта:
"Я не магу без цябе, разумееш?!"
Маўчанне.
"Паслухай. Нехта ж павiнен гаварыць табе вар'яцкiя словы, цалаваць вочы, цалаваць тваю скуру, каб яна не звяла".
Агульныя словы - i камяк у горле, i няма чым дыхаць.
"Тое, што душа прачнулася, - не бяда. Але яна абудзiла i гэтае нiкому не патрэбнае цела. Разумееш, ёсць туга, самота цела. Яно раптам успомнiла, што яно таксама жывое. Не, не - я не дамагаюся цябе. Хоць i не хачу падманваць: няма ў свеце жанчыны, жаданай больш за цябе".
Маўчанне.
"Няхай пакахае з лiтасцi, з мiласэрнасцi. Яна ж добрая. Яна абавязкова пашкадавала б чужое заплаканае дзiця... Гордасць? Пляваць. Я мiлаваў бы яе так, я знайшоў бы такiя словы... не ведаю цяпер - якiя, але ранiцай яна не змагла б пражыць без мяне нi хвiлiны".
"Ты пазбягаеш мяне". - "Я не пазбягаю, я бягу ад вас". - "Не збягай так хутка. Не знiкай назаўсёды. Ну, знiкнеш ты. А потым раптам адчуеш, што я патрэбны табе. I прыйдзе твая чарга пакутаваць, разумееш?! Я не хачу гэтага..."
Маўчанне.
"Што здарылася, родная? Чым я цябе напалохаў, адштурхнуў? Чым пакрыўдзiў? Няўжо можна пакрыўдзiць каханнем? Я ж ведаю, адчуваю - я не чужы табе. Чаму ты так балюча б'еш - кожны раз наводмаш? Мы ўжо не маладыя, адзiная мая. Ты не хочаш пра гэта думаць? Ты адчуваеш сябе вечнаю i юнаю? Цудоўна! Менавiта такою я i бачу цябе. I ўсё ж такi ўявi: а раптам я апошнi, каму ты па-сапраўднаму патрэбная?! А можа, наадварот - першы?"
Маўчанне.
"Растлумач мне толькi адно: чаму? Чаму ты не можаш адказаць на маё пачуццё? Ёсць дзве прычыны, памiж якiмi бездань. Або я не любы табе, чалавек з натоўпу, iнакш кажучы, Чужы. Скажы гэта - i я знiкну з твайго жыцця. Або iншае: ты не вольная, лёс абставiн, безнадзейнасць нашых адносiн, боязь, што яны могуць нашкодзiць нашым дзецям".
Маўчанне.
Мастак выйшаў на лоджыю, запалiў.
Цёплыя нябёсы, з якiх ён дзве гадзiны таму вярнуўся, дыхалi ледзь чутным водарам квiтучай лаванды. Там, за дамамi, яе цэлыя палеткi. Ён адразу ўявiў, як напiсаў бы Яе, голую, у свiтальных промнях сонца, сярод бэзавай смугi суквеццяў - яна лунае ў гэтым адчувальным i адначасова эфiрным тумане. Не, не лунае, - падумаў Мастак, успомнiўшы яе манеру адзявацца, усю яе постаць. - Не, лунаць на карцiне яна не можа, бо нi дух яе, нi яе сарамлiвае цела не створаны для гэтага. Яна - зямная, таямнiчая. На карцiне яе цела будзе вырастаць са сцяблiн, прадаўжаць iх, а грудзi - вось што будзе лунаць! - будуць збiраць залацiстымi ад пылку саскамi, - вось яны, пацяжэлыя вечаровыя пчолы, фiялетавы нектар.
Прывiд быў такi яркi, што Мастак застагнаў.
- Што з табою? - спыталася жонка, адарваўшы позiрк ад тэлевiзара, дзе iшоў дэтэктыў пра маёра Земана.
- Балiць... - неакрэслена адказаў Ён i прычынiў балконныя дзверы.
I зноў у памяцi замiльгалi блiкi яе ўсмешак, рэха слоў, водблiскi мiнулых думак.
"Жаданая мая... адзiная... Я так баюся слоў, хоць ты, напэўна, лiчыш мяне пустым балбатуном. Што адбываецца? Ты ўжо не збягаеш - ты пазбягаеш мяне, быццам я... Я не разбуральнiк. Хай будзе сям'я. Твая, мая... Я згодны на ўсё. Кветка мая духмяная, восеньская мая... Мiльёны людзей на зямлi кахаюць адно аднаго па-за шлюбам..." Маўчанне.
"Дапамажы мне. Нiчога не абяцай, нiчым не абдорвай. Скажы толькi: "Ты мне патрэбны", - i я буду шчаслiвы. Было ж нешта той, мiнулай зiмою. Нешта ў табе пацягнулася насустрач - я ж бачыў, памятаю. Што змянiлася, любая?!"
Маўчанне.
"Яна паводзiць сябе так, быццам я вiнаваты ва ўсiх яе жыццёвых расчараваннях i крыўдах (я не ведаю iх, не слухаю плётак i не веру iм). Адчуванне такое, быццам я расплачваюся за чужую здраду. Балюча, горка, прыкра... Я цяпер кожны дзень хаваю па надзеi. Гэта ўсё роўна, што хаваць самога сябе, толькi па частках".
"Не збягай назаўсёды, каханая!"
"Я ведаю, што трэба зрабiць: не гаварыць нiякiх слоў, моўчкi ўзяць тваю галаву ў далонi, пацалаваць вочы, прытулiцца шчакою да шчакi - i ты абавязкова адкажаш, i ўсё вырашыцца. Але я баязлiвец. Пракляты баязлiвец. Я баюся, што ты можаш спалохацца, адштурхнуць, заплакаць, i тады ўсё будзе скончана, усё загiне. Не застанецца нават таго малога, што ёсць цяпер. Не застанецца надзеi".
Маўчанне.
"Часам мне здаецца, што ты - рыба, русалка. Спрадвечна халодная, раўнадушная, ненароджаная жанчына. Ты нарадзiла дзяцей, але ўсё роўна нiчога не разумееш у каханнi. Прабач, калi гэта не так".
Маўчанне.
"Так, я ненармальны, псiх. Але i ты, павер, вельмi дзiўны чалавек. Ты як тая "чорная скрынка", што застаецца цэлая ў авiякатастрофах. Ты рэч у сабе. Навошта? Дзеля чаго? Каму ты адкрытая? Сабе? Не веру. Можа, Богу? Але што яму, далёкаму, да цябе, да мяне, да маiх пакутаў?! Як жахлiва не ведаць: гульня цi пачуццё, забарона цi капрыз, прынцып цi... Што я наогул ведаю пра цябе? Вось пра сябе дакладна ведаю - псiх. Кожны нармальны чалавек даўно б адступiўся... Што яшчэ мяне трымае i мучыць, дык гэта падазрэнне: а раптам ты яшчэ больш ненармальная, чым я, раптам табе балючай, горш, у што я, шчыра кажучы, не веру".
- Што з табою? - спытала жонка. - Ты быццам мёртвы.
- А я i праўда мёртвы, - згадзiўся Мастак. - Ты што - толькi цяпер заўважыла?
Жонка не пачала, як звычайна, кпiць. Цi то адчула, што яму блага, цi то засумавала.
- Ты з дарогi, кладзiся сёння раней.
У ложку яна мякка прытулiлася да яго пляча. Ён заплюшчыў вочы i ледзь не застагнаў: уявiў, што побач тая, другая, жаданая да апошняй клетачкi. Вось яна, адзiная, духмяная i шаўкавiстая, яго каханая. Ён стаў прагна цалаваць яе цела...
- Што з табою? - здзiвiлася жонка.
У гэты ж познi час у другiм доме адбылося нешта падобнае.
Адчуўшы на плячы мужаву руку, Рэстаўратар нечакана прыгадала Мастака вялiкае дзiця, пакрыўджанае ёю, - i ледзь не захлынулася ад хвалявання: як дрыжаць у яго вусны i перарываецца голас, гэта ж ён побач, гэта яго рука...
I нават дзецi нарадзiлiся пасля гэтага вечара ў абедзвюх сем'ях нармальныя, добрыя дзецi. Праўда, цiхiя, як i ўсе дзецi, зачатыя без вялiкага кахання. Праўда i тое, што не гэта галоўнае ў нашай аповесцi i што аповесць пра цёплы веснавы вечар на гэтым не скончылася.
Жонка пра нешта спыталася, але Мастак зрабiў выгляд, што спiць.
"А душа ж толькi што адыходзiла, - падумаў ён. - Не было яе, адлятала. Не ад шчасця, вядома. Якое там шчасце. Знiкла i не вярнулася. Дзе ж ты была, душа мая? Пачакай... Здаецца, разумею. Яна зноў лётала да Яе! Чаму ж тады?.. Якое дзiўнае адчуванне. Здаецца, што я сапраўды быў са сваёй каханай, што яна адказала нарэшце на маю любоў... Адчуванне такое, быццам адбылося нешта незвычайна рэдкае, дзiвоснае. I ў той жа час... Чаму ж ты так шчымiш, душа? Чаму ты плачаш?"
Мастак не ведаў пра iснаванне спiрытасферы, не мог уявiць яе, тым больш убачыць, але слабое водгулле незвычайнай з'явы, што адбылася толькi што ў ёй, дайшло да яго разумення, прымусiла радавацца i пакутаваць адначасова.
Нiхто з людзей, у тым лiку i касманаўты арбiтальнай станцыi, якая ў той час праходзiла над Чорным морам, не бачыў (дый не мог убачыць), як з розных канцоў соннага горада, быццам сiгнальныя ракеты, узляцелi ў глыбiнi космасу дзве зорачкi, дзве чалавечыя душы, як яны завяршылi свае высокiя парабалы насустрач адна адной i на момант злiлiся, а пасля, крыху пацямнелыя, упалi назад, на зямлю.
У кропцы iх злiцця загарэлася воблачка кварка-глюённай плазмы жамчужна-пяшчотнае, маленькае, радасна-патрэбнае Спiрытасферы i Абсалюту ўвогуле, больш таго - патрэбнае ўсёй светабудове. Гэта быў акт нараджэння Больш Дасканалай Структуры, якую спiрытасфера мусiла яшчэ выняньчыць i выгадаваць, у якой на зямных мовах сто iмёнаў, у тым лiку i ласкавае - Анёл.
Не звярнула ўвагi на гэту неардынарную з'яву i душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля, якая па-ранейшаму сузiрала самую сябе на панелi сонечнай батарэi арбiтальнай станцыi i па-ранейшаму крыху перашкаджала спецыялiстам Цэнтра кiраўнiцтва палётам.
Ранiцаю Мастак як на крылах паляцеў у Майстэрню. Яго любая была на месцы: такая хатняя, усмешлiвая, быццам i сапраўды жонка, удзячная за нечаканую праяву маладога кахання.
- Божа мой, як я па табе засумаваў! - выдыхнуў ён.
Не адважваючыся наблiзiцца, дакрануцца, ён загаварыў, i яго палкае трызненне было, як заўсёды, крыху бязладнае. Мастак заклiнаў i крыўдзiўся, спрабаваў пераконваць i тут жа, спалоханы, што яго няправiльна зразумеюць, пачынаў немаведама за што прасiць прабачэння. Калi ён стаў выстройваць складаную лагiчную канструкцыю наконт таго, што баiцца нашкодзiць ёй, што магчыма, заняў нейкае месца ў яе жыццi i гэта, магчыма ёй перашкаджае, Рэстаўратар раптам перапынiла яго:
- Нiякага месца ў маiм жыццi вы не займаеце.
Ён змоўк на паўслове, быццам бег з усяе моцы i раптам грымнуўся аб сцяну, што невядома адкуль з'явiлася на дарозе.
- Амаль усе людзi хлусяць, - нечакана дадала яна, маючы на ўвазе цi то яго любоўнае трызненне, цi то свае жорсткiя словы.
Мастак, прывучаны жыццём заўсёды разлiчваць на горшае, вiнавата прамармытаў нешта i выйшаў з пакоя. Ён ледзьве перастаўляў ногi. Самнамбула, паўтруп, зомбi - у гэты момант ён нiчога навокал не бачыў i не чуў. Калi сэрца раней часам калола цi пабольвала, то цяпер яно пякло так, быццам яго апарылi кiпенем. Ён раптам зразумеў: усё канчаецца, так i не пачаўшыся. Нешта цi нехта - яна, ён сам, абставiны? - бязлiтасна рве сонечнае павуцiнне iх бабiнага лета, iх нясмелае прыцягненне аднаго да аднаго, а ён, дарослы разумны мужчына, не ведае, як быць, што зрабiць. Што за гiры, што за атрута гэтыя словы: немагчыма! Позна! нельга!
З майстэрнi Мастак звольнiўся. Ён працаваў дома, шмат пiў, шмат выстаўляўся, больш таго - яго заўважылi за мяжою, некалькi карцiн купiлi пасля выставы.
Пасля нараджэння Анёла прайшло каля чатырох гадоў. Маленькi горад i агульныя справы неаднойчы зводзiлi Мастака i Рэстаўратара, але пра пачуццi свае ён болей не загаворваў - пытаўся пра дзяцей, пра навiны, але суха, змрочна, падсвядома асцерагаючыся, каб не адкрылася даўняя душэўная рана, не вярнулася вар'яцтва. Можа, яшчэ i таму хаваў ён пры сустрэчах вочы, што тая, якую раней называў адзiнай i самай жаданай у свеце, неўзабаве стала бабуляю, крыху распаўнела i, па дзiўным законе прыроды, напаследак расцвiла: стала духмяная i белая, быццам тыя гронкi акацыi, пра якiя ён любiў спяваць у добрай кампанii.
А Мастак восенню ўзяў ды памёр. Не хварэў, не ляжаў у бальнiцах, хоць здароўем асаблiвым i не вызначаўся, упаў сярод вулiцы - i не стала яго на зямлi. Iнсульт, iнфаркт - якая табе рознiца, чытач.
На пахаванне прыйшло многа людзей. Прыйшла i Рэстаўратар, з сяброўкай. Была яна бляднейшая, чым звычайна, але трымалася малайцом, як заўсёды, хаваючы ўсё ў сабе: ёсць такая парода людзей, незразумелых антыподам.
Развiтанне вырашылi зрабiць на вулiцы, i труну вынеслi з кватэры, паставiлi на дзвюх лаўках перад пад'ездам.
Анёл, якi прыйшоў дапамагчы бацькавай душы, стаў, нябачны, у галавах. Ён мог лёгка вылучыць з агульнай аўры журбы думкi i пачуццi кожнага - чуў i зацiкаўлены шэпт двух калег нябожчыка, якiя вырашалi, цi дастаткова куплена гарэлкi для памiнак, i нечую паскудную думку пра ўдаву зафiксаваў, але ўся яго ўвага была звернута на мацi. Яна стаяла крыху воддаль, каля стаптанай клумбы, сяброўка непрыкметна падтрымлiвала яе пад локаць. Пасля, калi нехта з арганiзатараў пахавання прапанаваў развiтацца, анёлава мацi рашуча падышла ён упершыню ўбачыў яе так блiзка, побач, - пацалавала Мастака ў вусны i заплакала. Сяброўка адвяла яе ўбок, нешта зашаптала на вуха, але мацi сказала: "Няхай... Я паеду на могiлкi".
I пакуль аўтобус з жалобнай паласой пылiў сярод лавандавых палеткаў, якiя так любiў Мастак i якiя неяк жартаўлiва ахрысцiў "пашай Анёлаў", нябесны сын яго заставаўся каля нябожчыка, i думкi яго былi пра дзiўнае, незразумелае чалавечае быццё.
Вось бацькi яго. Пры жыццi бацькi нават нiводнага разу не пацалавалiся. А яны прыродай былi ж створаны адно дзеля аднаго. Не здолелi пераступiць цераз чалавечыя законы... I вось - раз'яднаныя назаўсёды. Шкада. Так недарэчна. Абсурдна... Няма парадку на зямлi. Не было i нiколi не будзе, бо чалавек трыста разоў несвабодны. Ён трыста разоў звязаны законамi, нормамi, умоўнасцямi, ён трыста разоў нявольнiк i нiкчэмнасць, але ён жа - дзiўна, дзiўна - i Бог па сутнасцi сваёй.
Анёл не зазiраў у матчыну душу - гэта яе, усё яе. А што ёсць там святло i што было яно ў бацькавай душы, дык само яго нараджэнне - выдатнае таму сведчанне. Не кожны дзень у спiрытасферы з'яўляюцца Больш Дасканалыя Структуры, а кажучы прасцей, не кожны дзень нараджаюцца Анёлы.
I смутку Анёл асаблiвага не адчуваў, бо там, у свеце Абсалюту, няма пачуццяў i эмоцый у звычайным зямным разуменнi.
- Не пакутуй так, не трэба, - прыгалубiў ён бацькаву душу. - Усё пройдзе. Праз сорак дзён супакоiшся.
У перакладзе з нябеснай на зямную мову ён шкадаваў аб няведаннi людзей, асаблiва гэтых, родных, што стварылi яго, iстоту найвышэйшага парадку. Шкада, што яны, спадзеючыся на бяссмерце душы, не разумеюць простага: усё зямное там страчвае сэнс. Не квiтнець больш лавандзе, не згараць у агнi жадання, не пакутаваць i не радавацца, не патанаць табе, бацька, у безданi вар'яцтва, якое прымушала цябе ствараць, пiць гарэлку, кахаць гэтую белатварую жанчыну, чужую жонку. I нават калi я, праз шмат гадоў, правяду яе душу ў нашы прасторы, вам ужо нiколi не быць разам. Вы не заўважыце адно аднаго, як Георг Вiльгельм Фрыдрых Гегель не заўважыў цуду майго нараджэння, бо жыццё i каханне дадзены толькi жывому.
Аўтобус спынiўся на ўзгорку, сярод зялёных дрэў i надмагiлляў. Анёл яшчэ раз пагладзiў бацькаву душу i стаў выпростваць свае кварка-глюённыя канечнасцi, якiя толькi ўмоўна, ад вялiкай фантазii, можна было назваць крыламi.