Зона

Вершы


БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ

Тая даўняя песня...

Яе ўжо няма каму помніць.

Ды і што ўспамiнаць! - там нішчымны адчай ды нуда,

Там галеча з галеч, шэры хлеб ды рудая вада,

Там не паліцца печ, і снягамі завальвае комін.

Праз гады і вякі колкі вецер штурхаецца ў спіну

На няўцямных шляхах, па якіх тая песня брыла.

Я адрыну яе!..

Ды як толькі збіраю сябрыну -

Звар'яцелай жабрачкай кульгае яна да стала.

3-пад яе лахманоў струпяннё праступае на скуры,

Таямнічыя знакі і клеймы распустваў і здрад.

Чорнай ямінай рота яна выдыхае панура:

- Можна ведаць наперад

толькі тое,

што помніш назад.

Закрычу захмялела: "Бадзяжніца! Ведзьма старая!

До па мне галасіць - і не сват я табе, і не брат!

Паўтары, што сказаў!.."

I панура яна паўтарае:

- Можна ведаць наперад

толькі тое,

што помніш назад.

"Можна ведаць наперад..."

Каб я тую песню не ведаў,

Каб не біўся я з ёй за жалобным сталом галавой,

Каб яна не шумела на родных магілах травой,

Я спусціў бы сабак па яе скульгавеламу следу.

Я расставіў бы пасткі на ўсіх яе тлумных шляхах

I ваўчыныя ямы капаў бы ад кроку да кроку,

Я б ёй вырваў язык і пазбавіў і слыху, і зроку,

На чатыры бакі адпусціў бы на здзекі і жах.

Хай падзівіцца свет на струпы яе, клеймы і знакі,

Хай жахнецца яе, як жахаюцца мору, чумы...

Ну дык енчы цяпер, галасі!

Ужо брэшуць сабакі!

Ужо ямы чарнеюць!

Ужо я сляпы і нямы!

I ўжо з боку таго, што за цемрай, - нічый і ніякі,

Атуляючы прах, я брыду ў вінаватых слязах,

На каленях паўзу па яе басаногіх слядах

Цалаваць яе клеймы, струпы, таямнічыя знакі.

I за рэхам жыцця, што гукаецца брэхам сабачым,

Зноў я ўчую яе - і прымрою ў абдымках Хрыста...

За мяне яна моліцца, просіць,

па мне яна плача -

Палюбоўніца... жонка... жабрачка... вар'ятка... сястра.




ІДАЛ

На, - ён сказаў. - Павер - і не памрэш.

Мяне і род мой ты перажывеш".

I я яму паверыў. Напавер

Злізаў атруту з далані, як звер.

"Не бойся, - ён шаптаў, - не бойся, не..."

Памерці даў - і ўваскрасіў мяне.

I з той пары дапытваць стаў: чаму

Паверыў не сабе я, а яму?

Штодня, штоночы, дзе б мы ні былі,

Вымучваў ён мяне: а што 6, калі...

"Не! - я крычаў. - Ты Богам быў маім!"

I ўсё страшней было мне побач з ім.

I ўстаў адчай між намі, як сцяна.

Тады ён зноў сказаў аднойчы: "На..."




МУТАЦЫЯ

Збудуйма п'едэстал!

Каб помнік скінуць

было адкуль!

На друз яго - і ўбок...

Калі прарокаў процьма - хто Прарок?

Ад медных кулакоў,

каменных сківіц,

Як павучок - па скроні халадок.

Прарокі не здараюцца знарок.

Калі народ, што страціў слых і зрок,

У глухату ўпіраецца і змрок -

Каму ягоным слыхам стаць і зрокам?..

Прарокі страявым шыбуюць крокам,

I ў кожнага на шыі нумарок

Матляецца...

А ў існага Прарока

Без нумарка зацягнуты шнурок.

У шэсцях і нашэсцях не хадок,

Спазнаўшы слоў пагібельную спёку,

Прыняў ён лёс, прызначаны Прароку,

I не прарочыць, а маўчыць здалёк:

"Няма на свеце роду без выроду,

Але Прарок народу не ў папрок.

Вярні свайму народу слых і зрок,

Займей народ, каб паслужыць народу".

Народы не здараюцца знарок.




***

Не названых

нас няма.

Колькі слоў-званоў ні гушкай -

Не здабыўшыя імя

Абыходзяцца мянушкай.

Рот кармілі - род звялі.

Значавалі лёс пад плотам.

Не здабыўшыя зямлі

Абыходзяцца балотам.

Не названых

нас няма.

Над Радзімай мы, як вырай.

А на ўсход і захад выбар -

Толькі воля ці турма.

Толькі цьмяны бунт крыві

Ў скроні кінецца раптоўна:

Назавіся. Назаві.

Безназоўным. Безназоўна.




***

Малітвы.

Клятвы.

Споведзі.

Законы.

I неназваным

Бог дае імёны,

Каб доўжыць род, асуджаны на звод.

Чытаюцца, але наадварот

Нябёсаў таямнічыя пісьмёны

На стылай плыні раўнадушных вод.

Пракляцці.

Здрады.

Вераломствы.

Бітвы.

Хай Страшны суд, нібы да шыі брытва

Усё бліжэй -

што будзе на Судзе?..

Калі па плыні

сам Гасподзь ідзе,

Калі ўсе клятвы, споведзі, малітвы

На хуткаплыннай пішуцца вадзе.




НАСУПРАЦЬ


Гара з гарой не сходзяцца...

З прымаўкі.

1

На той і на гэтай гары

I рыбы жывуць, і звяры.

Азёры шумяць і бары

На той і на гэтай гары.

На той і на гэтай гары

Народы і правадыры.

Таму крапасныя муры

Ля той і ля гэтай гары.

I грукае ў браму герой

Пад той і пад гэтай гарой.

I страх пазірае з нары

3-пад той і з-пад гэтай гары.

2

На той і на гэтай гары

Спяваюць званы на зары.

Не спяць на зары званары

На той і на гэтай гары.

Да той і да гэтай гары

Данайцы прыносяць дары.

Гарматы маўчаць да пары

На той і на гэтай гары.

I не засланіцца гарой, -

Як крыкне званар званару!

Як грукне ў героя герой!

Як рушыць гара на гару!




***

Для мужчын няма прычын,

Каб маркоціцца...

Мы стаім з табой

Пад гарой, з якой

3 громам-грукатам

Камень коціцца.

Лёс - ні ўцяць

ні ўзяць.

Скалане?.. Міне?..

Да якой з табой

Нам стаяць пары -

Не табе гадаць

I не мне гадаць,

А гадаць гары

Разам з каменем.




***

Прабачаць дурню. I даруюць кату.

Ахвяры злічаць. Пабудуюць храм.

Ды не даруюць мне. Суседу. Брату.

За тыя сны, якія сняцца нам.

За казкі, што страшней за сны. За яву -

Жудзейшую за казкі і за сны.

Сусед і брат не ведаюць віны.

Нібы не мы, нібыта не яны -

Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву.




ТАТАЛЬНАСЦЬ

Аддаў загад - і выканаў загад.

Сам капітан. Сам пры сабе салдат.

Сам - строй. I сцяганосец сам. I сцяг.

Сам - левы фланг і цэнтр, і правы фланг.

Сам спераду і ззаду - за сабой

Правёў свой строй скрозь барабанны бой.

Адны - памер і рост. Адна вага.

Сам - і ланцуг, і звенні ланцуга.

Сам, як усе,

I ўсе, як сам, як ён...

Сам суд сабе i сам сабе закон,

Сам над сабой, салдатам, капiтан

I барабаншчык сам, i барабан,

Сам авангард i сам глыбокi тыл,

Сам - боты i на ботах прах i пыл…




БІЯГРАФІЯ

1930.

Пільнаваў і карпеў.

Даслужыўся-такі:

Партупеяй рыпеў.

Пасылаў "варанкі".

1931.

Як па ўсіх - па яго "чорны воран".

I пачуў ён прысуд, што вораг.

На праклённай зямлі Калымы,

За рыпучай сцяной барака

Быў глухі ён, сляпы, нямы -

Верны Сталіну, як сабака

Непадсуднаму гаспадару...

"Прызаві, правадыр, памру!

Вораг -

ворагу твайму горла

Хоць цынгою

перагрызу!.."

Словы ў песні: "арол наш горны" -

Друг зыначыў: "казёл наш горны..."

Ён крутнуў

пралетарскія

жорны -

I пазногцем правёў па лязу.

1953.

Адмялі дваццаць дзве зімы,

Дваццаць два адбылі гады.

На прамерзлай зямлі Калымы

Плакаў ён, да партрэта прыпаўшы...

Адпусцілі яго, сказаўшы:

"Вінаваты ва ўсім жыды".

1954.

Не шукаў ні сям'і, ні хаты.

Зноў служыў, пільнаваў, карпеў.

Нескарона пёркам рыпеў.

"Рып> ды "рып". Але тут дваццаты

З'езд - і выйшла, што вінаваты

Скрозь адзін правадыр...

"Вар'яты! -

Ён рашыў.- Болей веры няма".

1957.

Стала сніцца яму Калыма.

Ён служыў. Пільнаваў. Карпеў.

Пад пярынаю снег рыпеў.

Слова кожнае, кожны рух.

Стаў адчай спавіваць, як спрут.

I аднойчы з'явіўся друг,

Над якім ён звяршыў самасуд.

Ён уцяміць ніяк не мог:

Ці наяве яно, ці ў сне?..

На пярыну друг побач лёг,

На рыпучы калымскі снег.

Як калісьці, адзін адным

Прыхаваныя ад завей,

Абняліся яны,-

затым

Друг падняўся на Маўзалей

I народ

прывітаў кіўком...

Заняло ад крамолы дух!

"Ты арол наш..." - пракаркаў друг

Перарэзаным гарляком.

1964.

Ён не помніў, ці зведаў страх.

Апрытомнеў - на снезе кроў.

На партрэтах у двух кутах

Двое новых правадыроў.

Ён падумаў: "А што было?..".

Сплюшчыў вочы да чарнаты.

Павуцінне перавіло

Незанятыя два куты.




БАРАК

Хто паспеў зваряцець - звар'яцеў,

Хто прадацца хацеў - той прадаўся...

Свідаровіч Цімох дажывае жыццё ў Варкуце,

У бараку па вуліцы Праўды.

Я ў застольнай блазноце пытаюся:

- Слухай, Цімох,

Ты не мог звар'яцець ці прадацца?..

Свідаровіч Цімох сам сябе перапытвае: "Мог

ці не мог?.." -

што той Гамлет, прынц Дацкi.

Ён глядзіць скрозь мяне, скрозь барака глухую сцяну,

Да крайкоў налівае гарэлку ў зрудзелую шклянку.

Над баракам завея ляціць з даўніны ў даўніну -

I крычыць, і рагоча, шалёна спраўляючы п'янку.

Засынаем мы ўпокат ля печы, пагаслай даўно,

Прачынаемся мы - непатрэбныя людзям і Богу.

I Цімох Свідаровіч мне кажа: "Усё ўсё адно.

Можаш думаць, як хочаш. А можаш не думаць наогул".

Пахмяліўшыся дымам, ён кыхкае хрыпла ў кулак,

3 асівелай яго галавы сіва цэдзіцца шэрань.

Векавая завея навальваецца на барак -

То цвікамі прыб'е, то рассцежыць рыпучыя дзверы...




РУЛЕТКА

Свае забойцы ёсць ва ўсіх забітых.

Яго няма. Ён на крыжах і плітах

Чытае прозвішчы, шукаючы сярод

Усіх імён адно імя.

Штогод

У дзень адзін і той жа на далоні

Ён пісталет вагае. Халадок

Да сэрца падступае і да скроні,

Дранцвеюць пальцы. Шчоўкае курок…

Пасля ўсю ноч спраўляе ён радзіны

I п'е да непрытомнасці з таго,

Што зноў яму пашчасціла: адзіны

Патрон на ўсю абойму - не яго.




***

Што затужылі,

воі, мужчыны?

Волі ўдыхнулі - і дух заняло?

Як там і што там ні стане з Айчынай -

Горай не будзе, бо лепш не было.

Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах,

Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах,

Кідаючы невідушчы народ

3 пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.

Можа, відушчымі стануць нашчадкі?

Шляху няма. Ні канца, ні пачатку.

Прывідам - у пустату з пустаты -

Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі,

Непадкаваныя б'е капыты.




МАЎКЛІВЫ МІТЫНГ

Усё, што коціцца,

Дакоціцца да нас...

I дакацілася.

Ля могілак якраз,

Дзе сны пра вечнасць сняць,

Ці спяць без сноў

3 усімі

Караткевіч,

Куляшоў... -

Маўклівы мітынг.

3 кожным, хто прыйшоў,

З'явіліся і сталі побач продкі...

Маўклівыя

стаялі цені родных,

Маўклівыя

стаялі цені блізкіх:

Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам.

Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых

Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых".

Бясследна зніклых. Хапам пахапаных.

Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,

Ці ў Курапатах

скінутых у роў...

Ад плоці плоць

I ад крывінкі кроў -

Мы ведалі,

пра што маўчалі з імі.

Жывыя з мёртвымі.

I мёртвыя з жывымі.

I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот,

3 натоўпу глянуў люд. Амаль народ.




***

Разбой. Вайна і зноў вайна.

Хапіла і крыві, і болю.

Усё было - чаго ўжо болей?

Скажы, у чым твая віна,

Адкрый, у чым віны прычына,

Мая самотная Айчына?

Ці сапраўды руіны ў Крэве -

Адзін дзірван, пясок пусты,

I праўда, што на Божым дрэве

Ад дзічкі прыжылася ты?




***

На магіле Скурата Малюты

Скрывянелыя гронкі калін -

Гэта птушак няма, гэта люты,

Гэта шлях не звярнуць з каляін.

Гэта іншага шляху не будзе,

Гэта люты - на захад і ўсход,

Гэта рэк зледзянелыя грудзі

Уздыхаюць, ламаючы лёд.

Гэта лютага стогаў і хрыпу

3 набалелай зямлі не чутно,

Гэта ў мітрапаліта Філіпа

Твар збялелы, нібы палатно.

Гэта плачу і енку падробка

Пад малітвы, пад песні і смех...

Гэта кроў векавую таропка

Засыпае скалечаны снег.




ЗЕМЛЯТРУС

Радок у Апакаліпсіс...

3 карцін

Глядзяць святыя, што зруйнуюць Мекку.

Па камянях, адчуўшы небяспеку,

Бягуць звяры з пагібельных мясцін.

Сустрэчнымі шляхамі перад тым

Прабеглі людзі - прочкі род ад роду,

I, скалануўшы ў ярасці прыроду,

Пасеялі пустое на пустым:

Нянавісць на нянавісць,

Гнеў на гнеў,

На попел - попел

I на порах - порах...

Чакаючы малітвы і пакоры,

Чаму, Гасподзь, ахвяр ты захацеў?

Ты ў камені, ці ты ў агні, ці ў ветры -

Гасподзь, як ёсць ты, адгукніся хоць:

Тваёю воляй зрушыліся нетры,

Ці над табою воля ёсць, Гасподзь?




***

Точыць стачонае моль -

Хопіць трухі назапас.

Ператрываць - гэты боль.

Перамаўчаць - гэты час.

Вырваўшы пальцы з вузлоў

Локці не даць бы звязаць.

Некалі ж выпадзе зноў

Голасу голасам стаць.

Ну, а не выпадзе - што ж:

Зменаю знакаў і вех

Хай сабе цупае дождж,

Хай сабе шорхае снег.


Паэма


Я не парушыў, хоць знаўся з віной,

Ні чалавечых, ні Боскіх законаў.

...з о н а...

Чарнобыль дыхнуў за спіной

Вогненнай пашчай дракона.

Знаю: дракона чапляю дарма.

Тут параўнанняў ніякіх няма,

Нават міфічных.

У шапіто

Месца дракону, каб ён не лайдачыў.

Чулі,

казалі вы слова

н і ш т о?

Я гэта слова бачыў.

Гэта - як Бога няма.

За яго

Цэзій.

Плутоній.

Стронцый.

I ні для чаго,

I ні для каго

Сонца.

Зона -

як страта цяжарная Стратай.

Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!

Самі - пад ногі - сцежкі - як змеі!..

Той, хто праз гэта стане вар'ятам, -

Паразумнее.

Чыстая смерць.

Без ніякіх прыкмет.

Пуста.

Чарнобылем пахне Сусвет.

2

Голым адчаем карэнне набракла.

Путамі спрута,

клюшнямі рака

Бераг падмыты - за горла

раку!..

Воблака выплыла з-за лазняку,

Залапатала, закаркала.

Тегга inkognita. Сноў мацярык?..

Страх мой паводзіў сябе, як прывык:

Гнаў мурашоў па скуры!..

Збіліся ў воблака, збегліся ў крык

Гусі, вароны, куры.

Воблака пырхала берага ўздоўж -

Прыпяцкай хвалі

пылам і пенай...

А на яго нацэльваўся дождж

3 хмары, падобнай на пеўня.

Нават не помніцца сон мне, які

Гэтакай яве - вартая пара:

Апаражніўшы семяннікі,

Закукарэкала хмара!

Неба

крыж-накрыж

той крык перакрэсліў

I паляцела, пабегла Палессе

За небасхіл...

Птушкі намоклымі крыламі трэслі.

Семя атрутнае прагнула крыл.

3

Спела атрута. Бралася ў рост.

Бог прымяраў рэспіратар і робу.

Чорнай вясёлкай вісеў тэлемост

ХІРАСІМА - ЧАРНОБЫЛЬ.

Месяц гуляў, як індык па двары.

Ён прымяраўся ў новую квадру.

Дыктары

Папраўлялі гальштукі ў кадры.

Кожны хацеў выглядаць. Твар у твар

Тайнае з яўным сышліся. Ахвяр

Як не было. Баранілі навуку.

"Чор... Чыр... Чар..." -

Гук прымяраўся да гуку.

На паляшуцкі кульгала акцэнт

Слова, што ў сімвал перарастала.

Шмат гаварылася. Чулася мала.

Для прэзідэнта вяшчаў прэзідэнт,

I генерал - для генерала.

Шчыльна зачынены, як пенал,

Марай дзяржаўнай пра прэмію Нобеля,

Сніў акадэмік

футбольны фінал,

Дзе не заяўлена Зборнай Чарнобыля.

I думаў Гасподзь:

"Зразумець не магу,

Разумеючы іншае,

Чаму

адны паэты ў даўгу

Перад японскімі вішнямі?"

Лёгшы на воблаку, як лацвей,

Блытаў ён,

рваў чалавечыя сцежкі...

...эвакуацыя.

...паніка.

...спешка.

На адзінаццаць вагонаў дзяцей -

хоць бы адна ўсмешка.

Торгнуўся час.

Паплылі за вагонамі

Зоннага шляху слупы верставыя...

Вочы дарослыя -

поўныя зонаю.

Вочы дзіцячыя -

зонай пустыя.

4

Нават не мроіцца рай.

Дзеля ўсяго святога,

Божа, не дай нічога,-

Толькі зратуй мой край.

Мухаю назалю

Вуху твайму, Усявышні!

... Костачкай вішні

Выплюне космас Зямлю.

Кіне расстрыга строга

вокам

на ход падзей:

"Што гзта ты

да Бога?.."

- А да каго

з людзей:

"Жабрацкую торбу дай -

Душою не дай ажабіцца..."

Бадай бы ён быў, бадай

Было б каму жаліцца.

Зрэзалі Боскае вуха -

Жах да нябёс прырос.

...Наша змаганне з духам

Няўжо ўсур'ёз?

Шчыльней рады, атэісты!

Рады святых парадзелі.

На небе стэрыльна-чыста,

Аніякай надзеі.

Галактыка - як астрог.

Які там да д'ябла бог!

Пісанняў

гартай

тамы:

Бог будучых нашых дарог -

Атамны.

5

Я з ім пад Брагінам снедаю.

На ўсю акругу нас

Трое.

Ён бог, бо ніхто не ведае,

Што ён такое;

Бо да нашага з ім стала

Па бязлюдным гасцінцы

Паляшучка старая прыйшла

I прынесла гасцінцы;

Бо не стала ў яе ні хаціны,

Ні вады сваёй, ні зямлі;

Бо прыйшла яна з вёскі былой

Сабалі,

А гасцінцы яе - пухліны:

Два пепіны,

Што яблыкамі былі.

Генетыкі не падманулі.

Пепін

пухлінамі

Дулю

Нам на сняданак склаў.

- Частуйцеся, - кажа бабуля, -

Чым бог паслаў.

На ёй сівізна, як завея.

А вочы яе збранзавелі:

Пагляд - з пустаты.

"Хто гэты пагляд зразумее?!"

Адказвае бог:

"Не ты".

Ён думкі мае чытае,

Ён знае, што мне прысніцца.

Ды нечага ён чакае

I некага ён баіцца,

Хоць голас яго - жалезны,

Пагляд ягоны - сталёвы,

Касцюмчык - замежны,

Гадзіннік - фірмовы...

...Хоць ён прада мной -

непазбежны,

А я перад ім - выпадковы.

- Пра што мы з табой талкуем? -

Надкусвае бог пепін. -

Пра якую такую

Зорку Палын?

6

А ў бабулі кіёк жабрачы...

Дзе захоча, там заначуе...

Глядзіць яна - як не бачыць,

Вяшчуе - ніхто не чуе:

"Яна ўзыдзе аднойчы,

Промні ў небе раскіне,

Спапяляючы вочы

Чалавечай гардыні.

Сярод дня, сярод ночы,

Сярод енку людскога

Яна ўспыхне аднойчы -

Пылам стане дарога.

Стане каменю горка,

Мёртвы ўсцешыць жывога,

Калі выспее зорка

Палыновага бога".

Бабуля кажа:

- Пайду

Па свеце шукаць сям'ю.

Тут браць не даюць ваду.

Хаваюць зямлю ў Зямлю.

У вёсках здзічэлі куры,

Спусцелі ўсе чыста хаты...

Я бога пытаю: "Пакурым?.."

Ён кажа: "Не я вінаваты".

"А хто?" - запыталі Вада і Зямля.

"Не я!.." - адгукнулася рэха здаля.

I вартай ля бога, бы ў зале суда,

Усталі

Зямля і Вада.

Яны

прад небам валошкавым

Перад адным -

адны...

...Зорным агнём валодаем.

Намі валодаюць сны.

Што высніў ты, род чалавечы?

Агонь распаліў у печы -

Жар выграбаеш з прыпечка

У высненай гэтай пустэчы

Пры беразе Прыпяці,

Дзе стала ніва зялёная

Палыноваю зонаю -

Спіць...

...Далёка ад зоны

галодных мільёны

Просяць есці і піць.

7

Я снедаю з богам зон.

Ён кажа: "Не я вінаваты.

Вялікіх лічбаў закон

Не ўлічвае дробныя страты".

Ён высніў сябе ўладаром

I думае за мяне...

...А ў зоне пасеены гром,

Што будучыню скалане.

Будучыні пара!

Нібы ў канцы свету клічнік,

Твая залатая гара

3 кратэрам вулканічным.

Гукай у гары дабра -

Чакай пад гарой расплаты!..

Гасподзь, ты з чыйго рабра

Вырабіў тэхнакрата,

На лобе якога таблічка прыбіта:

Э л і т а?

Калі галасы - жалезныя,

Калі пагляды - сталёвыя,

Тады непазбежным

Становіцца выпадковае:

У акне

да галінкі сухога вазона

Паштоўка прышпілена:

3 д н ё м н а р а д ж э н н я !

26.04.86 г.

…Нарадзілася Зона

Адчужэння.

8

"Мы такой і не чулі бяды...

Як адчужаюць?.. Чаму?..

Куды?..

Каб чума, ці патоп, ці голад..."

На ўсе кіламетры зямлі і вады

Толькі бабулін голас.

- Як сказалі ўжо, што радыяцыя,

Як вывозілі - плакалі многія,

Што не справілі радуніцу,

Не развіталіся з могілкамі.

3 тым і пайшлі, што ўзялі пад паху.

Нашто чалавеку болей?..

Гэты голас - за межамі страху.

Гэты голас - за межамі болю.

"Мы чакалі ліха на лета -

Надта ж людзі злюцелі...

Нейкія, кажуць, каметы

Блізка зусім праляцелі".

Я бога бяру загрудкі: "Скажы,

Для гэтага краю

Ты свой Бог - ці бог чужы?!"

Ён кажа: "Не знаю.

Пакуль што зона лакальная..."

Каменным стаў твар ягоны -

I на ім праступілі

Малюнкі наскальныя

Зоны.

Атрутнай зямлі тэрыконы.

Нібы на дзяржаўнай граніцы,

Пасты -

і закрэслена зона

Зламанаю бліскавіцай...

9

...У Бога ўсяго многа -

Толькі прасіць дарма.

"Ты ёсць?" - я пытаю бога.

Бабуля кажа: "Нікога.

Нідзе і нічога няма".

9 касмічна

8 сігналіў

7 гадзіннік

6 фірмовы,

5 зваротны

4 адлічваў

3 час...

2... з вока Бога прамень ружовы

1 бліснуў тоненька - і пагас.

0

Над быстрыцай быцця

Кладкі

тоненькія да звону.

3 аблачыны

на зону

Бог глядзіць, як дзіця.

1986 г.


Загрузка...