Аляксандар Лукашук . ПРЫГОДЫ АРА Ў БЕЛАРУСІ . © Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2005

.

.


Прысьвячаецца Джону Айкеру, Рэйманду Брэнду, Фрэнку Вілі, Доналду Гардзi, Ралфу Герцу, Доналду Ліндсэю, Джону Макмілану, Джону Мэйтланду, Г’ю Рамсэю, Эдварду Рэмі, Сэдрыку Сьміту, Чарлзу Ўілабі, Джорджу Шрэмэлу

1 Нечаканая знаходка (замест прадмовы)


Каліфарнійскае сонца ня ведае прыкрасьці аблокаў, і, калі спускаесься з вуліцы ў архіўнае сховішча Гувэраўскага інстытуту, паглыбляесься ў паўзмрок, зь якога паціху пачынаюць выплываць і набываць рэзкасьць матавыя абрысы.

Грувасткую, на паўстала, кардонную тэчку прынесла Элена Дэніэлсан, кіраўніца сховішча. Пад цісьнёным арнамэнтам на вокладцы подпіс: «Гербэрту Гувэру — IV.VII.МСМХХІ — дзеці Берасьцейска-Пінскага раёну». Усярэдзіне — лісты кіраўніку амэрыканскае праграмы дапамогі галоднай Эўропе. На вялікіх аркушах ватману — групавыя фатаграфіі, словы падзякі й прывітаньня, старанна выпісаныя й размаляваныя загалоўкі; тэксты пераважна па-польску, зрэдку па-расейску:


Изъ Бреста над Бугом дѣтям Америки дальней
Русская Школа шлет благодарный привѣт!

Дата — 1921. Я пачынаю чытаць подпісы — і бачу прозьвішчы маіх берасьцейскіх аднаклясьнікаў, зь якімі я вучыўся паўстагодзьдзя пазьней: Андраюкі, Нікіцюкі, Пятровічы, Вайцюкі, Навумікі, Кулікі, Ляхі, Крэйбіхі, Дземчукі, Супрунюкі, Шошчыцы, Грыцукі, Кавальчукі…

І раптам — маё прозьвішча. І яшчэ раз, і зноў — раскіданыя па ўсім пэрымэтры, з рознымі ініцыяламі — А., М., Г., зноўку А. — Лукашук шэсьць разоў!

Матавыя абрысы мінулага становяцца рэльефна аб’ёмістымі, як яблык у кішэні.

У 2000 годзе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода вырашыла здаць свае архівы за паўстагодзьдзя працы на захаваньне ў Гувэраўскі інстытут у Каліфорніі. Адначасова сям’я заможнага бізнэсмэна, калекцыянэра мастацтва й філянтропа Бэрнарда Ошэра ўсталявала стыпэндыю для дасьледнікаў з Радыё дзеля працы ў Гувэраўскім інстытуце. Стаць першым гувэраўскім дасьледнікам выпала мне, і тры месяцы, ад верасьня да сьнежня 2000-га, я прыходзіў як на працу ў Гувэраўскую вежу, якая ўзвышаецца над Стэнфардзкім унівэрсытэтам.


Гербэрт Гувэр уратаваў ад галоднай сьмерці каля 20 мільёнаў чалавек — больш за ўсіх у гісторыі чалавецтва.

На вяршыні вежы месьціцца мэмарыяльны працоўны кабінэт 34-га прэзыдэнта ЗША, а ўнізе — офісы, музэйная экспазыцыя, бібліятэка й падземнае сховішча — найбуйнейшая ў сьвеце калекцыя архіваў былога СССР і прылеглых тэрыторыяў.

Інжынэр Гербэрт Гувэр зарабіў свае першыя мільёны даляраў напачатку XX стагодзьдзя ў геалёгіі. Перад тым як стаць прэзыдэнтам ЗША ў 1928 годзе, Гувэр ратаваў амэрыканцаў, якіх першая ўсясьветная вайна засьпела ў Эўропе бяз грошай і прытулку, карміў галодных — спачатку ў Бэльгіі, а пасьля ва ўсёй зруйнаванай вайной Эўропе, зьбіраў першыя камуністычныя газэты й антыкамуністычныя ўлёткі, затым на просьбу прэзыдэнта Ўілсана ўзначаліў міністэрства гандлю ЗША.

У 1919 годзе арганізацыя, утвораная з ініцыятывы Гувэра — American Relief Administration (Амэрыканская адміністрацыя дапамогі)[1], у скароце АРА, — пачала дапамогу Польшчы. Калі ў 1921 годзе ў савецкай Расеі пачаўся голад, Гувэр, нягледзячы на супраціў бальшавікоў, дамогся права ратаваць ахвяры ў Расеі, Украіне й Беларусі.

Подзьвіг Гувэра ня меў прэцэдэнтаў. У 1914–1924 гадох пад ягоным кіраўніцтвам разьмеркавана ў Эўропе больш за 33 мільёны 841 тысячу тон дапамогі коштам больш за 5 мільярдаў 234 мільёны даляраў. Гэта было зроблена ва ўмовах вайны й разбурэньня, калі ўрады старых і новых дзяржаваў былі засяроджаныя на сваіх унутраных праблемах.

Невядомыя мне сваякі альбо цёзкі па прозьвішчы атрымлівалі амэрыканскую дапамогу ад 1919 да 1922 году, пакуль АРА не спыніла дзейнасьць у тагачаснай Польшчы. Ад 1922 году АРА пачала апэрацыі ў падсавецкай Беларусі — Менску й шасьці паветах, з насельніцтвам менш за 2 мільёны чалавек. Асобныя прадстаўніцтвы АРА былі адкрытыя ў Гомелі й Віцебску, якія тады адміністрацыйна належалі РСФСР. Разам у трох беларускіх акругах АРА жыло каля 7 мільёнаў чалавек.

Амэрыканскі рыс, муку й малако атрымлівалі Янка Купала, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімер Пічэта, Язэп Лёсік, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Зьміцер Жылуновіч, Уладзіслаў Галубок, Лідзія Ржэцкая, Сьцяпан Некрашэвіч… Марна было шукаць згадкі пра гэты ўклад амэрыканскага народу ў беларускую культуру й навуку ў гістарычных энцыкляпэдыях, манаграфіях і падручніках XX стагодзьдзя.

Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году АРА ігнаруе, а ў 1996-м у артыкуле «АРА» Беларуская энцыкляпэдыя піша:


Урадавая арг-цыя ЗША ў 1919–23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г. Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт, пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921–22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, на Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.


Адзіны праўдзівы сказ — найкарацейшы, пра Гербэрта Гувэра. Астатнія чатыры — недакладнасьці, замоўчваньні й хлусьня.

Гісторыю АРА пісалі самі араўцы. Гаралд Фішэр узначальваў гістарычны аддзел арганізацыі і ў 1927 годзе выдаў кнігу «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923». Аднак Беларусі там адведзеныя пяць з паловай старонак — зь пяцісот. Асобныя дасьледаваньні прысьвечаныя дзейнасьці АРА ў Польшчы, дзе імем Гувэра названыя пляцы, пастаўлены помнік. Першае дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі зьявілася таксама ў ЗША. У 1978 годзе студэнтка Прынстанскага ўнівэрсытэту Алеся Кіпель прысьвяціла гэтай тэме дыплёмную працу й надрукавала артыкул у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Нягледзячы на афіцыйнае маўчаньне, у Беларусі Гербэрта Гувэра памяталі. Карта разьмяшчэньня харчовых пунктаў АРА густа пазначаная вакол Берасьця, Баранавічаў, Наваградку, Ашмянаў, Ваўкавыску, Вялейкі, Пінску: 1 мільён 315 тысяч 490 дзяцей карміла АРА штодня ў тагачаснай Польшчы ў пік актыўнасьці. У 1931 годзе ў гонар Гувэра была названая вуліца ў Горадні. Але ў 1939-м, як толькі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, шыльду зь імем амэрыканскага прэзыдэнта зьнялі. Напачатку 1990-х гадоў гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў прапанаваў аднавіць назву:


Жывуць людзі, якіх не было б на сьвеце, калі б гэты высакародны чалавек не намагаўся накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Глыбока прыстойна зрабілі б гарадзенцы, калі б вярнулі маленькай вуліцы імя Гербэрта Гувэра…


Амэрыканская дапамога падсавецкай Беларусі ў 1922–1923 гадох перавысіла 14 тысяч 440 тон харчу, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня, адзеньня коштам больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў[2]. Дапамогу Беларусі таксама аказвалі іншыя дабрачынныя арганізацыі — Чырвоны Крыж, місія Нансэна[3], Таварыства сяброў — Квакеры[4], Амэрыканскі аб’яднаны габрэйскі камітэт разьмеркаваньня фондаў — Джойнт[5], шэраг амэрыканскіх рэлігійных арганізацыяў. Усе яны, нашмат меншыя паводле маштабу дапамогі, узаемадзейнічалі з АРА. Найбуйнейшая зь іх, Джойнт, больш за год арганізацыйна ўваходзіла ў склад АРА.

Араўцы кармілі галодных і лячылі хворых, ратавалі ўцекачоў і дапамагалі выезду да сваякоў у Амэрыку, чыталі лекцыі, распачалі ў Менску курсы ангельскай мовы… І адначасова — вялі бясконцае змаганьне з навасьпечанай савецкай бюракратыяй, за імі сачыла ЧК[6], іхныя рэчы канфіскоўвала мытня, ім спрабавалі дыктаваць свае ўмовы камуністычныя прафсаюзы…

Некаторыя знайшлі ў Беларусі жонак, некаторыя пасьля вярталіся сюды зноў. Падчас працы ў Гувэраўскім інстытуце ў Каліфорніі я разаслаў некалькі сотняў лістоў у спробе знайсьці нашчадкаў супрацоўнікаў АРА, уведаць пра іхныя лёсы. Памяць пра Беларусь яны захоўвалі доўгія гады. Джордж Шрэмэл, які ў 1921 годзе працаваў у Менскай акрузе АРА, пісаў у студзені 1944:


Найлепшыя пажаданьні ўсім арамітам Менскага рэгіёну — д’ябальскае месца быць там цяпер…


Супрацоўнікі АРА выдатна адчувалі сваю ролю й місію. Шмат гадоў пасьля спыненьня дзейнасьці араміты, як яны сябе называлі, выдавалі бюлетэнь, праводзілі штогадовыя сустрэчы, перапісваліся. Да канца дзён яны называлі Гербэрта Гувэра «Chief» — шэф, ці кіраўнік — так называюць правадыроў індзейскага племя, і захоўвалі сваё араўскае братэрства.

Гэтая кніга — толькі спроба падзякаваць за сваё прозьвішча ў лістох да Гербэрта Гувэра, што ўсе гэтыя гады ляжалі ў прыцемненых сховішчах архіву ў Каліфорніі.

2 АРА ў Менску: ня чулі, не чакалі, ня клікалі


Амэрыканцы ў горадзе. — Сала скралі. — Зьбянтэжаны Чарвякоў. — Беларуская памяркоўнасьць. — Зварот Рады БНР. — Рамантычнае тлумачэньне. — Нумары з пацукамі. — Від на Менск з «Парыжу»


Сьнежным ранкам 8 студзеня 1922 году на пэрон менскага вакзалу з прыступак салён-вагону ступіў Доналд Эгбэрт Гардзі — вэтэран АРА, які меў багаты досьвед гуманітарнае працы ў розных краінах Эўропы. Пазьней у сваёй кар’еры Гардзі будзе некалькі дзесяцігодзьдзяў працаваць у «General Motors», рэпрэзэнтаваць інтарэсы кампаніі ў Лёндане, Гамбургу, Залатым Беразе і ўсёй Цэнтральнай Афрыцы. Ніякія будучыя перашкоды не спалохаюць пасьля гарту, які першы кіраўнік акругі АРА атрымае ў Менску. І гаворка зусім не пра маразы й прастуды…

Першую навіну амэрыканцы (разам з Гардзі прыбыў лекар Ралф Герц) прывезьлі з сабой, дакладней — не прывезьлі. Недзе ў дарозе з Масквы з эшалёну зьніклі два вагоны з топленым салам. Ані паравозная брыгада, ані кандуктары нічога не маглі патлумачыць. Другая навіна была ня лепшая за першую: гасьцей ніхто не чакаў.

Толькі праз тыдзень пасьля прыезду Доналд Гардзі здолеў напісаць першую справаздачу ў штаб-кватэру АРА ў Маскве:


Мы прыбылі ў Менск на спэцыяльным цягніку з 12 вагонаў раніцай у аўторак. Наступнай раніцай мы выставілі свае паўнамоцтвы Прэзыдэнту Беларускай Рэспублікі сп. Чарвякову[7]. Сп. Чарвякову не паведамілі па савецкіх каналах пра місію АРА ў Беларусі. Ён паабяцаў зрабіць усё, што патрэбна, і афіцыйна дазволіў распачаць дзейнасьць і даставу харчовых пакетаў, але даў выразна зразумець, што ён ня можа нічога канкрэтнага зрабіць у справе складоў, офісаў, жытла й г. д., пакуль не атрымае афіцыйную інфармацыю пра місію АРА ў Беларусі.


На другі дзень былі разладаваныя адзінаццаць вагонаў з гуманітарнай дапамогай, мяхі з прадуктамі даставілі ў чыгуначны склад для часовага захоўваньня. З транспартам было лягчэй — у адным з вагонаў прыбыў свой грузавік. Араўцы адразу пачалі шукаць пастаянны склад.

Гардзі пісаў:


У Менску падчас розных нямецкіх і польскіх акупацыяў 30 % усіх будынкаў разбурана, у тым ліку 90 % складавых памяшканьняў. Пагодзімся на любое, што знойдзем. У Менску проста няма такога сучаснага прымальнага складу, які мы хацелі б мець. Праўда, мы знайшлі невялікі склад для даставаў у горадзе. Жыльлёвыя ўмовы наўрад ці могуць быць горшыя, чым маем у гатэлі «Парыж». Спадзяемся неўзабаве знайсьці нешта лепшае.


Мінула два тыдні пасьля прыезду, аднак Прэзыдэнт Беларусі так і не атрымаў ніякага тлумачэньня з Масквы.

Гардзі паведамляў у штаб-кватэру АРА:


Варта адзначыць, што прыняцьцё Чарвяковым умоваў Рыскага пагадненьня[8] тычыцца толькі яго асабіста, але Беларуская Рэспубліка як незалежная рэспубліка патрабуе, каб гэтае пагадненьне было прынятае народным камісарыятам Беларусі. Да прыняцьця пастановы народным камісарыятам Прэзыдэнт можа надаваць дапамогу толькі ў межах існых законаў і правілаў. Камісарыят мае паседжаньне 27 студзеня, і нас запэўніваюць, што пагадненьне будзе прынятае й ня будзе ніякіх цяжкасьцяў. Аднак сёньня Чарвякоў ад’яжджае ў Маскву, дзе абмяркуе гэтую справу ва ўрадзе, і тады зможа больш рашуча дапамагаць нам на месцы. Нашая прапанова — каб управа сп. Эйдука зьвязалася са сп. Чарвяковым у Маскве й скарыстала ўсе магчымыя сродкі ўплыву дзеля ўпарадкаваньня нашых дачыненьняў зь Беларускай Рэспублікай[9].


Паводле пагадненьня між АРА й савецкім урадам справамі амэрыканскай дапамогі апекаваўся паўнамоцны прадстаўнік ураду РСФСР пры ўсіх замежных арганізацыях дапамогі. У 1921 годзе на гэтую пасаду быў пастаўлены былы латыскі стралок, зацяты камуніст Аляксандар Эйдук (пазьней яго замяніў Карл Ландэр). Пры савецкім урадзе таксама дзейнічаў камітэт ліквідацыі наступстваў голаду (Последгол).

АРА спрабавала пачаць апэрацыі ў Беларусі яшчэ ў 1921 годзе. Цэнтральныя камуністычныя ўлады выступілі супраць. Масква адхіліла амэрыканскі плян неадкладна пачаць харчаваньне дзяцей, хворых і ўцекачоў у Беларусі.

Беларусь ад пачатку голаду ў Паволжы разглядалася выключна як рэспубліка-донар. На загад «цэнтру» мясцовае начальства хутка арганізавала абавязковы збор сродкаў: рабочыя мусілі адлічваць частку заробку, працаваць на суботніках і нядзельніках, з прыватнікаў зьбіралі грашовыя ахвяраваньні, збожжа, муку, гародніну, ад сьвятароў патрабавалі здачы царкоўных каштоўнасьцяў і праводзілі канфіскацыі[10]. Паводле афіцыйных справаздачаў, ад саўгасаў шасьці паветаў Беларусі ў 1921–1922 гадох адправілі ў Расею 960 тон харчу і 120 тон насеньня, а начальства Віцебскай і Гомельскай губэрняў рапартавала аб адпраўцы 25 тысяч тон насеннага збожжа. Адначасна ў Беларусь прыбыло каля 13 тысяч дзяцей з Паволжа.

Толькі празь некалькі месяцаў АРА здолела пашырыць свае апэрацыі на Беларусь, але мусіла напачатку абмежавацца выдачаю адрасных індывідуальных пасылак.

Беларусь, якая лічылася самастойнай рэспублікай, мела заключыць асобную дамову з АРА. Такую дамову заключыў урад Украіны. Але, як напіша пазьней гісторык АРА Гаралд Фішэр:


Як і ўкраінцы, афіцыйныя асобы Беларускай Савецкай Рэспублікі некалькі дзён настойвалі на сваім праве незалежнай рэспублікі, паведаміўшы амэрыканцам, што дамова з РСФСР не азначае таксама дамовы зь Беларусьсю. Аднак беларусы не адстойвалі гэтае пазыцыі так упарта, як украінцы, і таму не было патрэбы заключаць асобнае пагадненьне зь Беларусьсю.


Масква зь Менскам не цырымонілася: пасьля падзелаў і перадзелаў тэрыторыі ад 15 мільёнаў чалавек, што жылі ў этнічнай Беларусі, у складзе БССР у 1922 годзе налічвалася менш за два мільёны. Камісары ў Менску выконвалі ўсе дырэктывы цэнтру.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, якая дамагалася незалежнасьці краіны, неаднойчы зьвярталася да ЗША й саюзьнікаў з тлумачэньнямі й нотамі, просьбамі аб дапамозе.

Яшчэ ў лістападзе 1918 Рада БНР пісала на імя прэзыдэнта Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў і ўрадаў цэнтральных дзяржаваў:


У імя культуры й чалавечнасьці, у імя пачатку гуманнасьці, задэкляраваных спадаром Прэзыдэнтам Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі просіць уратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і дзеля гэтага цяпер жа, да адыходу акупацыйнай арміі, забясьпечыць Ёй зьнешнюю недатыкальнасьць прызнаньнем Яе самастойнасьці і Незалежнасьці і ўнутраную бясьпеку перадачай у рукі Рады цывільнага кіраваньня краем.


Не апраўдаліся спадзевы, што ЗША дапамогуць стварыць мірную выспу памерам у краіну пасярэдзіне эўрапейскага тэатру баявых дзеяньняў; прыярытэты краінаў Антанты, якія надалей ваявалі супраць нямецкай агрэсіі звонку й чырвонай пошасьці знутры, не супадалі з інтарэсамі БНР. У 1920 годзе, ужо з выгнаньня, Рада Народных Міністраў БНР падрыхтавала яшчэ адну ноту ўраду ЗША з пратэстам супраць палітыкі аднаўленьня былой Расеі:


Пакуль граніцы этнаграфічныя ня будуць пакрывацца граніцамі дзяржаўнымі, пакуль сталецьцямі няволеныя Расеяй народы не здабудуць сваёй даўняй свабоды, датуль немагчымы супакой на тэрыторыях былой Расеі, а гэта значэ немагчымы супакой на Усходзе Эўропы…


Амэрыканскія ўрады Ўілсана, а пасьля Куліджа, Гардынга й Гувэра не былі прыхільныя да бальшавіцкай Расеі. ЗША цьвёрда адмаўлялі РСФСР, а пасьля СССР у дыпляматычным прызнаньні, нягледзячы на крамлёўскія намаганьні[11].

Гербэрт Гувэр, які, перад тым як стаць прэзыдэнтам, займаў міністэрскія пасады ў папярэдніх адміністрацыях, выступаў рашучым праціўнікам прызнаньня саветаў, але адначасова рабіў усё, каб дапамагчы ахвярам голаду ў Эўропе незалежна ад палітыкі, нацыянальнасьці, клясавага падзелу.

Пастанова Гувэра пашырыць дапамогу на Беларусь была выкліканая ня засухай, паморкам ці неўраджаем — у параўнаньні з катастрофай у Расеі мясцовае насельніцтва не галадала. Але Беларусь станавілася месцам вяртаньня й небывалай канцэнтрацыі ўцекачоў.

Сярод дакумэнтаў АРА сустракаецца рамантычнае тлумачэньне амэрыканскай дапамогі Беларусі:


Беларусь — самае крывавае поле бітваў, празь якое цягам сямі гадоў прайшлі сем арміяў, — была ня ў стане вытрымаць націску хворых уцекачоў, якім, каб выжыць, патрабаваўся дагляд як за малымі дзецьмі.

Магчымасьці Беларусі былі вычарпаныя. Наступіў момант, калі рэспубліка ня вытрымала ціску, і орды польскіх, нямецкіх, габрэйскіх, татарскіх, башкірскіх, кіргіскіх і расейскіх уцекачоў апынуліся ў такім самым стане, як амаль два мільёны мясцовых жыхароў.

Яны галадалі, паміралі ад хваробаў, ня мелі вопраткі. Штодня забіраў сотні жыцьцяў голад у Паволжы. На Меншчыне лік ішоў на дзясяткі.

Беларусь не хацела дапамогі звонку. Натхнёная духам продкаў, якія спынілі татараў, што заваявалі ўсю астатнюю імпэрыю сотні гадоў таму, Беларусь да апошняга моманту адмаўлялася ад замежнай дапамогі. Толькі калі ўлада пераканалася, што краіна ня ў стане сама даць рады наплыву ўцекачоў, быў дадзены дазвол прыйсьці на дапамогу арганізацыі, што рэпрэзэнтавала нацыю з-за акіяну.


Насамрэч урад у Менску да гэтага рашэньня не спрычыніўся. А ў Гомелі й Віцебску бальшавіцкае начальства ўсімі спосабамі спрабавала пазбавіцца амэрыканцаў.

Пасьля паездкі Чарвякова ў Маскву ў Менску была ўведзеная новая пасада для працы з замежнымі арганізацыямі. Пасада мела доўгі назоў:


«Паўнамоцны Прадстаўнік ураду С.С.Р.Б.[12] і Ўпаўнаважаны Паўнамоцнага Прадстаўніка ўраду Р.С.Ф.С.Р. пры ўсіх замежных арганізацыях дапамогі Расеі ў Заходняй вобласьці».


Зона адказнасьці ўпаўнаважанага выходзіла за адміністрацыйныя межы Беларусі і ўключала суседнія губэрні, якія тады належалі да РСФСР, — Гомельскую, Віцебскую й Смаленскую. Пасаду заняў Мар’ян Стакоўскі — чалец Польскага бюро пры ЦК КП(б)Б (Польбюро), былы начальнік галоўнага эвакуацыйнага камітэту, пасьля наркам аховы здароўя Беларусі. Яму дапамагаў невялікі штат: сакратар, тры тэхнічныя супрацоўнікі й адмысловы памочнік. Афіцыйна пасада называлася «памочнік у сувязях з ЧК».

Пасьля году працы ў Беларусі, разьмеркаваньня тысяч тон харчу, мэдыкамэнтаў, вопраткі, ратаваньня дзяцей і ўцекачоў, штодзённых шчыльных кантактаў і велізарнага ліставаньня кіраўнік Менскай акругі АРА так падсумуе ўражаньні ад супрацы з упаўнаважаным:


Немагчыма атрымаць у пісьмовым выглядзе ад Стакоўскага што-кольвек хоць крыху падобнае да агульнага ўхваленьня працы АРА.


Але ўсё гэта будзе наперадзе. У першы дзень па прыезьдзе амэрыканцы адправіліся шукаць месца для начлегу. Вольныя пакоі знайшліся ў гатэлі на вуліцы Савецкай, які зьмяніў гаспадара, але захаваў свой дасавецкі назоў «Парыж»[13]. Амэрыканцаў пасялілі на апошнім паверсе. Вокны выходзілі на засьнежаны парк. Пратаптаныя дарожкі сыходзіліся ў цэнтры ля закрытага на зіму фантана, прыгожы будынак на рагу аказаўся тэатрам.

Ліфта не было, тэлефон адсутнічаў, у нумарах не было рукамыйнікаў. Гарачая вада зьнікла разам зь мінулай уладай, пры новай зьнікала й халодная. Як пісаў праз два месяцы адзін з амэрыканцаў лекар Ралф Герц:


Мы жывём у гатэлі, заражаным пацукамі й паразытамі, дзе няма практычна ніякіх санітарных прыстасаваньняў, ані дзе памыцца, ані водаправоднай вады на нашым паверсе, і нам даводзіцца самім гатаваць сабе ежу ў сваіх пакоях на невялікім прымусе.


Герц сканчаў ліст спадзяваньнем, што ўлады неўзабаве дадуць новае жыльлё, тым болей што праз тыдзень мела пачацца разьмеркаваньне вялікіх мэдычных даставаў.

Амэрыканцы ня ведалі, што правядуць у «Парыжы» яшчэ ня тыдзень і ня два, а агулам дзесяць месяцаў. Што менскі «Парыж» стане ня толькі жытлом, але й першым офісам, і складам. Што сюды яны прывядуць менскіх дзяўчат, зь якімі ажэняцца. Што іхныя рэчы будуць ператрэсеныя «невядомымі», якія пакінуць грошы, але зьнясуць запісы й фатаздымкі.

Ніхто — ані абслуга ў гатэлі, ані камісары ва ўрадзе, ані чэкісты, ані самі амэрыканцы — ня ведаў, што пачатая справа стане самай буйной дабрачыннай акцыяй у Беларусі ў XX стагодзьдзі.

І самай забытай.

3 Нью-Ёрк — Варшава: голад за польскай мяжой


Бульба для банкету. — Хлеб па-лідзку. — 100 мільёнаў для Польшчы. — Харчаваньне пад акупацыяй. — Дзеці й Гувэр. — Пратэст Рады БНР. — Габрэйскія пагромы. — Заможныя беларусы


У нью-ёрскім гатэлі «Камандор» рыхтавалі банкет на тысячу гасьцей. Запрошаныя былі банкіры, уладальнікі й дырэктары кампаніяў, найбагацейшыя амэрыканцы, якія былі ў стане заплаціць заяўлены кошт абеду — 1000 даляраў.

Дам у вечаровых туалетах і джэнтэльмэнаў у смокінгах чакалі драўляныя сталы без абрусаў, цьмяна паблісквалі бляшаныя міскі й цыновыя лыжкі, не было сурвэтак. Напачатку падалі бульбу, затым — рыс, прыгатаваны на вадзе, і кубачак какавы. У цэнтры залі на велізарным стале стаяла пустое крэсла — сымбаль адсутнага гаспадара імпрэзы, галоднага эўрапейскага дзіцяці. Як знак дабрачыннасьці, гарэла сьвечка, якая не дазваляе згаснуць жыцьцям самых безабаронных ахвяраў вайны.

Гербэрт Гувэр сабраў на той вечарыне 1 мільён даляраў[14].

Пра Беларусь у колах высокае палітыкі ніхто ня згадваў. Перадзел Эўропы набіраў моц, ня спраўдзілася папярэджаньне Рады БНР, быццам «зь Беларусі хваля разбурэньня пагражае перакінуцца на Захад і ўзмацніць там бедзтва ўсясьветнай вайны». Амэрыканскі ўрад не адказаў на зварот кіраўніцтва БНР аб прызнаньні, які ўвосень 1918 падпісалі Старшыня Рады Язэп Лёсік, намесьнік Аркадзь Смоліч і сакратар Пётра Крачэўскі. Аднак хаця дзяржаўныя інтарэсы Беларусі ня згадваліся ў міжнародных дамовах, цалкам беларуская тэма не зьнікала. Тэрыторыя, якую заняло польскае войска на Ўсходзе, была домам для 4 мільёнаў этнічных беларусаў. Гэта была тэрыторыя бяды.

Шмат беларусаў нават сярэдняга веку яшчэ памятаюць пах хлеба, які іхныя бабулі пяклі ў вясковых печах. Кожная гаспадыня мае свае сакрэты, у кожнай мясцовасьці бохан мае свой адметны смак. Адмысловы рэцэпт мясцовага хлеба запісаў інспэктар АРА Гершэл Ўокер, які наведаў у 1919 годзе Ліду:


У людзей няма мукі, солі, у гэтым рэгіёне яны пякуць хлеб з сумесі травы, верасу й крапівы. Яны дробна сякуць гэтыя інгрэдыенты, дадаюць нешта для клейкасьці й потым пякуць на агні. Я каштаваў два гатункі гэтага хлеба — адзін у сьвятаровым доме, другі ў селяніна. На мой густ, абодва былі аднолькава дрэнныя. Розьніца была ў колеры — у сьвятара хлеб быў сьвятлейшы.


Ўокер праехаў па ўсім Віленскім краі.


Лёс Вільні як сталіцы вырашаецца на канфэрэнцыі Лігі Нацыяў, а пакуль ёю кіруе вайсковае камандаваньне. Трэба карміць шмат беспрацоўных, акупацыйную армію, скарб гораду пусты ад частых акупацыяў. Насельніцтва скарацілася на 30 %, высокія цэны, шпіталі ня маюць сродкаў і перапоўненыя хворымі й галоднымі.


На момант падарожжа амэрыканскага інспэктара Віленскі край складаўся зь дзесяці адміністрацыйных раёнаў. Палякі кіравалі шасьцю, астатнія чатыры належалі да Сярэдняй Літвы[15]. Ўокер апісваў пабачанае:


На ўсход ад акопаў лініі фронту ляжыць рэгіён Дзісна-Глыбокае, які ня надта пацярпеў ад вайны. Аднак рэгіён шмат разоў захоплівалі бальшавікі. Дамы й маёмасьць заможных землеўладальнікаў разбураныя, ніхто зь іх не вярнуўся. Зямля не апрацоўваецца.

На захад ад лініі акопаў месьціцца Ліда. Тэрыторыя вакол яе больш пацярпела ад вайны, асабліва ад нямецкай акупацыі, — горш, чым суседнія раёны ад бальшавіцкай.


Чацьверты рэгіён, дзе падарожнічаў пасланец Гувэра, — лінія фронту ад пяці да дваццаці пяці міляў шырынёй, ад Дзьвінску празь Відзы, Паставы, Мядзел, Сьвір, Смаргонь, Крэва, Багданаў, Вішнева й да прыпяцкіх балотаў. Там лініі акопаў, дотаў і дзотаў, умацаваньняў з калючага дроту й разьверненых снарадамі палёў. На гэтую лінію вярталіся тысячы ўцекачоў, каб пачаць жыцьцё бяз даху над галавой, свойскай жывёлы, ежы й вопраткі.

Тактыка царскай арміі нагадвала напалеонаўскую вайну: падчас адступленьня жыхароў вывозілі на ўсход, а вёскі палілі. Тыя, хто не хацеў пакідаць родныя мясьціны, хаваліся ў лясох, у зямлянках, дзе й знаходзілі іх супрацоўнікі АРА. Як пісаў Гаралд Фішэр:


Калі хто-небудзь у сьвеце меў патрэбу ў дапамозе, дык гэта жыхары ўсходніх раёнаў, куды АРА прыйшла ў 1919 і 1920 гадох, не пытаючыся, ці ахвочыя яны стаць грамадзянамі Польшчы, новай Беларусі ці яшчэ чагосьці. Несумненна, што ў адказ на пытаньне пра сваю нацыянальнасьць альбо прыналежнасьць да нацыянальнага руху яны адказалі б гэтак сама, як звычайна адказвалі ўкраінцы: праваслаўныя.


АРА неадкладна скарысталася замірэньнем на польска-расейскім фронце й пачала адчыняць кухні, пастаўляць мэдыкамэнты й аказваць дапамогу на тэрыторыі на захад ад лініі фронту.

У лютым 1919 году Кангрэс ЗША асыгнаваў 100 мільёнаў даляраў на дапамогу эўрапейскім краінам. Гувэр накіраваў у Варшаву спэцыяльную місію з мэтай вызначыць характар дапамогі й так арганізаваць яе раздачу, каб не закранаць унутраныя палітычныя праблемы. Прынцыпы Гувэра былі правераныя падчас працы ў Бэльгіі й іншых краінах:


1. Дапамагаць толькі тым, хто ня можа дапамагчы сабе.

2. Толькі наглядаць, не займаць пазыцыі ў палітычных ці іншых праблемах.

3. Захоўваць поўную роўнасьць у справах з усімі нацыянальнасьцямі й рэлігіямі.

4. Так арганізаваць адміністраваньне ўсёю дапамогаю й дарадчую дзейнасьць, каб мясцовае кіраўніцтва станавілася больш эфэктыўным і ўрэшце пераняло кіраваньне цалкам.


Праз год пасьля пачатку апэрацыяў АРА ў Польшчы ў справаздачах пазначалася, што штодзённы мільён рацыёнаў гарачай ежы атрымлівалі разам з польскімі дзецьмі нямецкія, габрэйскія, украінскія, а таксама беларускія[16].

Гэтаму выніку папярэднічалі драматычныя падзеі. У сакавіку палякі, якія кантралявалі Менск і значную частку Беларусі, дадаткова захапілі Мазыр, Калінкавічы й Рэчыцу, а ў канцы красавіка 1920 пачалася поўнамаштабная польска-савецкая вайна[17].

Яшчэ напачатку 1920 Гувэр пастанавіў павялічыць дапамогу менавіта на «Крэсах Усходніх»[18]. У траўні пачаліся рэгулярныя паставы прадуктаў у пункты харчаваньня АРА ў Заходняй Беларусі: мука, рыс, бабы, груца, сьвініна й ялавічына, сухое й згушчанае малако, какава, цукар, алей, рыбін тлушч, соль, галеты. Сотні кухняў АРА адчыніліся каля Наваградку, Баранавічаў, Кобрыню, Пружанаў, Нясьвіжу, Ліды, Ваўкавыску, Бераставіцы, Ашмянаў, Багданава, Пінску, Берасьця й Горадні[19].

У траўні кухні АРА ў Менску выдалі 59 тысяч 520 абедаў дзецям і іхным маці, у чэрвені — 45 тысяч 407. Адначасна ў Менск прыйшлі вагоны з адзеньнем: паліто, чаравікі, панчохі. Але далей дапамога АРА была спыненая — бальшавікі нанесьлі ўдар у адказ, і пачалося імклівае польскае адступленьне.

Кухні АРА апынуліся пад пагрозай: ніякага пагадненьня з саветамі не існавала, трэба было ратаваць складавыя запасы й абсталяваньне. Палякі борзда адступалі, і часам пагрузка маёмасьці АРА заканчвалася, калі бальшавіцкія часткі ўваходзілі ў горад.

11 ліпеня чырвонае войска ўзяло Менск, 18-га — Баранавічы, 19 ліпеня Горадню, 23-га — Пінск. Бальшавікі рухаліся так хутка, што паўстала пытаньне ўжо не ратаваньня маёмасьці, а больш істотнае: ці амэрыканскаму пэрсаналу ў Польшчы працягваць працу пасьля захопу краіны бальшавікамі. Некалькі амэрыканскіх пілётаў служылі ў польскай эскадрыльлі імя Касьцюшкі, і хадзілі чуткі, што бальшавіцкім дэкрэтам усе амэрыканцы абвешчаныя ворагамі.

У дзень падзеньня Пінску Гувэр паслаў каблаграму зь Нью-Ёрку ў Эўрапейскі офіс АРА:


На мой погляд, калі нашыя людзі мяркуюць, што гэта бясьпечна, яны мусяць працягваць працу пунктаў харчаваньня за лініяй, занятай бальшавікамі… Пасьля пачатковай сумятні яны, магчыма, змогуць ізноў распачаць працу ў акупаванай бальшавікамі Польшчы ў межах пэўнага пагадненьня.


Кіраўнік Эўрапейскай штаб-кватэры АРА ў Лёндане Ўолтэр Браўн паслаў тэлеграму ў Маскву, у якой пытаўся, ці зацікаўлены савецкі ўрад, каб АРА працягвала харчаваць дзяцей на занятых Чырвонай арміяй тэрыторыях. Адказ прыйшоў толькі праз адзінаццаць дзён. Саветы пагаджаліся, але пры ўмове, што амэрыканцы будуць дзейнічаць пад кантролем дзяржаўных органаў дапамогі. Гэтыя органы, аднак, вызнавалі клясавы падыход, што цалкам супярэчыла прынцыпу АРА дапамагаць «незалежна ад нацыянальнасьці, палітыкі ці рэлігіі».

Тымчасам падзеі імкліва разьвіваліся: у жніўні чырвонае войска наблізілася да Варшавы, амбасада ЗША, а пасьля беспасярэдне Дзярждэпартамэнт рэкамэндавалі ўсім амэрыканскім грамадзянам неадкладна пакінуць тэрыторыю, акупаваную бальшавікамі. Аднак АРА не давялося эвакуавацца з Варшавы. 15 жніўня пачаўся кантранаступ польскага войска, і чырвоныя часткі пакаціліся назад гэтаксама хутка, як наступалі.

Дзейнасьць АРА ў Заходняй Беларусі аднавілася ў лістападзе, калі была падпісана дамова аб перамір’і. Даставы харчу й адзеньня адразу вярнуліся на даваенны ўзровень, кухні працавалі на поўную моц. Толькі ў Берасьцейска-Пінскім рэгіёне штомесяц адпускалі 50–70 тысяч абедаў для дзяцей і дарослых, пераважна ўцекачоў[20].

Ад траўня 1920 па красавік 1922 польская АРА разьмеркавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 670 тысяч даляраў. Таксама дастаўлялася мыла й асобна — адзеньне. Было выдадзена 150 тысяч 318 паліто, 133 тысячы 759 пар чаравікаў і 137 тысяч 522 пары панчохаў на суму каля 900 тысяч даляраў.

Унівэрсытэты Кракава, Варшавы, Львова генэравалі Гувэра званьнем доктара, гарадзкія ўлады называлі пляцы й прысвойвалі званьні ганаровага месьціча, скульптары ляпілі бюсты. Вуліца імя Гербэрта Гувэра зьявілася ў Горадні. Будучы амэрыканскі прэзыдэнт асабліва даражыў лістамі ад дзяцей.

У сьнежні 1920 году Гербэрт Гувэр адказаў на дзіцячую пошту:


Дзецям Польшчы:

Я глыбока ўдзячны за цудоўныя альбомы, скруткі й доўгія сьпісы аўтографаў, якія вы паслалі мне на знак вашага разуменьня дружбы, якую амэрыканскі народ сьведчыў вам у гады польскага змаганьня пасьля вайны.

Як старшыня АРА, я дзякую вам ад імя ўсёй арганізацыі й асабліва ад імя тых адданых амэрыканцаў, сябраў АРА, якія накіраваліся ў вашую краіну й сумленна выконвалі абавязак, каб дапамагчы вам вырасьці здаровымі й шчасьлівымі грамадзянамі. Спадзяюся, што праца, якую мы здолелі зрабіць, дапаможа выпрацаваць у вас ідэалы свабоды й цывілізацыі, за якія Амэрыка ўступіла ў Вялікую вайну.


У гэтым адказе не выпадковы зварот: ня польскім дзецям, а дзецям Польшчы.

Неаднаразовыя напаміны й патрабаваньні амэрыканцаў захоўваць роўнасьць, не ператвараць гуманітарную дапамогу ў інструмэнт палітыкі сьведчылі аб праблеме, якая непакоіла Гувэра. Польская эліта адраджала нацыянальную дзяржаву пасьля двух стагодзьдзяў у складзе Расейскай імпэрыі з імпэтам і апантанасьцю, не зважаючы на інтарэсы нацыянальных мяншыняў. Польскія ўлады скарыстоўвалі дзеля сваіх мэтаў дыпляматычныя, вайсковыя, паліцэйскія, сацыяльныя й рэлігійныя вагары, у тым ліку й дапамогу АРА.

Яшчэ ў лютым 1920 на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы з адмысловай дэклярацыяй выступіла Рада БНР:


Атрымліваючы велізарныя запасы прадуктаў і адзежы ад Дзяржаў Антанты дзеля помачы дзецям у Польшчы, разумеючы ў гэтым і занятыя палякамі на Ўсходзе землі, акупанты ў Беларусі (асабліва ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях) надзяляюць бадай выключна польскія прытулкі, у каторых дзяцей беларускай беднаты за цану хлеба перарабляюць на «палякаў». Калі ж беларускія прытулкі просяць аб выдзяленьні і ім адпаведнае дапамогі для іх дзяцей, ім у гэтым адмаўляюць і прапануюць перадаць усіх дзяцей у польскія рукі дзеля спольшчаньня. І беларускія дзеці, рэзка адчуваючы крыўду і гвалт чужынцаў, са сьлязьмі адмаўляюцца ад «сытага жыцьця» ў польскіх прытулках, дзе павінны былі бы адрачыся сваёй мовы і нацыянальнасьці, ды астаюцца на паўгалоднае бытаваньне паміж сваімі!


Гувэр ведаў пра шматнацыянальны й шматканфэсійны склад Рэчы Паспалітай і праблемы дачыненьняў палякаў з габрэямі, беларусамі, украінцамі, літоўцамі.

Ужо ў першыя месяцы аднаўленьня Польшчы пачалі прыходзіць зьвесткі пра габрэйскія пагромы зь Пінску, Менску, Вільні, Львова. У пагромах абвінавачвалі перш за ўсё польскіх жаўнераў. Габрэйская дыяспара ў ЗША разьмясьціла ў амэрыканскім друку абвестку, дзе сьцьвярджалася, што ў Польшчы забіваюць габрэяў:


Ніколі габрэйскі народ ня меў ворага больш бязьлітаснага, больш брутальнага, больш рашучага ці больш магутнага.


Амэрыканскі амбасадар у Польшчы Гібсан, аднак, паведамляў у Вашынгтон пра адсутнасьць доказаў масавага забойства габрэяў ці існаваньня арганізаванага антысэміцкага руху. Гібсан вызначаў прычыны антысэмітызму як сацыяльныя й эканамічныя, а не рэлігійныя. Ва ўсходніх гарадох варожасьць да габрэяў была выкліканая распаўсюджаным меркаваньнем пра іхную супрацу з бальшавікамі й напады на польскае войска. Гібсан нават прапаноўваў Дзярждэпартамэнту не выдаваць замежных пашпартоў для паездкі ў Польшчу агітатарам любога кшталту — габрэйскага ці хрысьціянскага.

Гэта была дыпляматычная перапіска, не вядомая грамадзкасьці. Зьбіраць дабрачынныя ахвяраваньні для Польшчы станавілася праблематычна. Тады Гувэр параіў прэм’ерміністру Падарэўскаму папрасіць амэрыканскага прэзыдэнта прыслаць незалежную камісію.

Камісія ўсклала віну на абодва бакі. Адзначыўшы распаўсюджаныя між палякаў антысэміцкія забабоны, узмоцненыя пасьляваеннай сытуацыяй, камісія не знайшла доказаў дзяржаўнага антысэмітызму. У справаздачы адзначалася, што, «калі б гвалт чыніўся не мясцовымі бандамі альбо непадкантрольнымі атрадамі, колькасьць ахвяраў ішла б на тысячы замест прыкладна дзьвюхсот»[21].

Камісіі дзеля праверкі скаргаў БНР польскі ўрад не ствараў.

Нягледзячы на неспрыяльную для беларускага насельніцтва палітыку Варшавы, мірнае жыцьцё й свая зямля хутка зробяць амэрыканскую дапамогу ў Заходняй Беларусі непатрэбнай. Яшчэ ў 1919 годзе інспэктар АРА Гершэл Ўокер так апісваў сытуацыю ў раёне Глыбокага — Дзісны:


Сяляне, пераважна беларусы, засталіся й сталі нават больш заможныя. Яны набылі больш зямлі, ураджайнасьць была добрая, хаця значна зьменшылася пагалоўе коней, гавяды, сьвіней.


Напачатку 1922 году, калі польская эканоміка выразна пайшла ўгару, апошні кіраўнік АРА ў Польшчы Філіп Болдўін паведаміў польскаму ўраду пра закрыцьцё місіі ў чэрвені. Прэм’ерміністар Панікоўскі выказаў словы ўдзячнасьці:


Усё насельніцтва Польшчы ўслаўляе імя Гувэра й атачае ўдзячнасьцю й павагай усіх ягоных суайчыньнікаў, хто ўдзельнічаў у дапамозе Польшчы. Адчуваньне, што праца сп. Гувэра ня будзе спыненая, але будзе працягвацца нашым народам, стане найлепшай узнагародай у момант іхнага ад’езду з Польшчы.


Польскі ўрад пагадзіўся на бясплатны транзыт па тэрыторыі краіны гуманітарных грузаў АРА на мяжу зь Беларускай Савецкай Рэспублікай. 15 тысяч тон збожжа штомесяц дастаўлялася з Гданьскага порту ў Стоўпцы, дзе вузкія эўрапейскія колы мяняліся на шырэйшыя. Міністар замежных справаў Польшчы Канстанты Скірмунт так тлумачыў гэтае рашэньне ў лісьце да Гербэрта Гувэра:


Польскі народ зьведаў блаславеньне вялікамаштабнае дапамогі ў часы нацыянальнай пакуты й хоча ўнесьці свой уклад у палёгку для Расеі. Хаця Польшча шмат гадоў была пад прыгнётам расейскага ярма, польскі народ адчувае, што дрэннае абыходжаньне было выкліканае пераважна расейскімі ўладамі, а не расейскім народам…


У Варшаве Скірмунта абвінавачвалі ў наіўнасьці й крытыкавалі за такі жэст, але дзякуючы яму Польшча здолела вырашыць важныя пытаньні. Праз пасярэдніцтва АРА было нарэшце падпісанае польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне.

Пагадненьне адкрывала дарогу рэпатрыяцыі й палягчала вяртаньне з Расеі дадому сотням тысяч уцекачоў Першай усясьветнай вайны[22].

4 Вашынгтон — Масква: хлеб для бальшавікоў


Першая спроба дапамогі. — Другая спроба. — Арышт араўцаў у Менску. — За хлебам з кулямётам. — Голад у Паволжы. — Зварот Горкага. — Умовы Гувэра. — Рыскае пагадненьне. — Першыя ўрокі


Гербэрт Гувэр бальшавікоў не любіў. Аднак лічыў сваім абавязкам дапамагаць усім галодным і хворым — што аказалася зусім ня проста.

Яшчэ ўвесну 1919 ягоны плян перанесьці працу дабрачынных арганізацыяў з заміранай Эўропы ў Расею, дзе шалела грамадзянская вайна, быў абмеркаваны і ўзгоднены з кіраўнікамі так званай Рады чацьвёркі — ЗША, Італіі, Францыі й Вялікабрытаніі. У адказ выбухнула бура крытыкі.

Францускі друк тлумачыў плян Гувэра пошукамі рынку збыту для амэрыканскіх фэрмэраў і жаданьнем захапіць важныя канцэсіі ў расейскай эканоміцы. Белая эміграцыя вінаваціла АРА ў маральнай і матэрыяльнай падтрымцы бальшавіцкага рэжыму, які вось-вось мусіў сканаць. Лёнданскія кансэрватары ацэньвалі плян як заахвочваньне крыміналу, здраду сябрам і пачатак усясьветнай анархіі. Нью-ёрская прэса выказвала здагадку, што насамрэч дапамога будзе скіраваная контрарэвалюцыянэрам і ёсьць часткаю таемнае антыбальшавіцкае апэрацыі. Адказваць на савецкую пагрозу мірам і хлебам, пісала іншая амэрыканская газэта, было ўсё роўна што «гладзіць шалёнага бальшавіцкага сабаку па галоўцы й спрабаваць пасябраваць зь ім».

Прапанова дапамогі тымчасам была адкінутая бальшавікамі. Наркам замежных справаў Чычэрын ад імя ўраду вітаў гуманітарную частку пляну. Але катэгарычна не прыняў умовы: спыненьне ўсіх ваенных дзеяньняў варожых бакоў, руху войска ды тэхнікі. Савецкі ўрад лічыў, што пералом у грамадзянскай вайне ўжо адбыўся, канчатковая перамога блізкая й замірэньне пойдзе на карысьць белай арміі й акупацыйным войскам. Саветы настойвалі на наўпроставых перамовах зь дзяржавамі Антанты.

Гувэр быў схільны далей шукаць спосабы дапамогі. З увагі на тагачасную грамадзкую й палітычную сытуацыю ў Расеі ён скептычна ацэньваў шанцы саюзьнікаў у змаганьні з бальшавікамі й прадказваў паразу контрарэвалюцыйных сілаў. Аднак міністар замежных справаў Францыі Стэфан Пішон катэгарычна не пагадзіўся з Гувэрам і заявіў, што падзеньне бальшавіцкага рэжыму непазьбежнае й гэта пытаньне толькі часу. Гэтак у траўні 1919 скончылася першая спроба дапамогі.

Наступнае кантактаваньне АРА й бальшавікоў адбылося праз год і мела больш практычны характар, чым хацелася б АРА. У канцы красавіка 1920 пачалася польска-савецкая вайна. Польскае войска хутка ўзяло Кіеў, але неўзабаве мусіла адступіць аж да Варшавы. Праца АРА на тэрыторыі баявых дзеяньняў была перарваная. Спробы дамовіцца з бальшавіцкім урадам аб працягу дзейнасьці АРА на занятай Чырвонай арміяй тэрыторыі плёну не прынесьлі. Аднак у сярэдзіне жніўня пачаўся кантранаступ польскага войска, і чырвоныя часткі імкліва адступілі.

17 жніўня ў Менску пачаліся польска-расейскія мірныя перамовы. Разам з афіцыйнай дэлегацыяй у Менск прыбылі два супрацоўнікі АРА — Морыс Пэйт і Гершэл Ўокер. Раней на адрас менскіх уладаў была адпраўленая тэлеграма, якая папярэджвала пра візыт араўцаў.

Аднак у Менску Пэйт і Ўокер былі арыштаваныя разам з чальцамі польскае дэлегацыі.

Пасьля трох дзён зьняволеньня амэрыканцам удалося адправіць тэлеграму пратэсту на імя наркама замежных справаў Чычэрына. Яшчэ праз тры дні араўцы былі вызваленыя й выехалі ў Маскву. Трэба было вырашыць два пытаньні: дамовіцца, як надалей харчаваць 200 тысяч дзяцей у Беларусі і Ўкраіне на ўсход ад лініі Керзана, і высьветліць патрэбы ў дапамозе дзецям у цэнтральнай Расеі.

Адказ быў ужо знаёмы: дапамога Расеі віталася, але вылучна пад кантролем савецкіх органаў. Апроч таго, ня АРА, а амэрыканскі ўрад павінен выступіць з такой прапановай. Абедзьве ўмовы былі непрымальныя для Гувэра.

Не прынесьлі плёну й пазьнейшыя намаганьні вырашыць лёс АРА ў Беларусі[23]. Каб аднавіць апэрацыі на яе тэрыторыі, як прапаноўвалі Пэйт і Ўокер, Масква зноў патрабавала афіцыйнага звароту ўраду ЗША. Аднак спадзевы бальшавіцкага ўраду такім чынам дамагчыся дыпляматычнага прызнаньня нічым ня скончыліся.

У Крамлі тымчасам вырашылі здабываць хлеб з дапамогай кулямётаў. Хлеб — гэта зброя, заяўлялі камісары. Карныя атрады жорстка душылі рэшткі антыбальшавіцкага супраціву, палітыка харчразьвёрсткі ўзаконьвала дзяржаўнае рабаўніцтва сялянаў, і арганізаваны голад быў такім самым сродкам утрыманьня ўлады, як расстрэлы й канфіскацыі[24].

Аднак калі ўвесну 1921 абяскроўленая краіна апынулася на мяжы каляпсу й стала відавочна, што галоўная пагроза бальшавіцкай уладзе зыходзіць ад яе ўласнай палітыкі, Ленін абвясьціў НЭП. Новая эканамічная палітыка яшчэ не пасьпела даць плёну, як на вялікія збожжавыя раёны на поўдні і ўсходзе Расеі абрынулася засуха. Улетку пагроза масавага голаду стала відавочнай. Напрыканцы чэрвеня газэта «Правда» прызнала, што ад голаду церпяць 25 мільёнаў чалавек.

Савецкі ўрад не зьвярнуўся афіцыйна па міжнародную дапамогу, але дазволіў выступіць з такімі зваротамі патрыярху Ціхану й пісьменьніку Максіму Горкаму. 23 ліпеня быў надрукаваны ліст Горкага «Да ўсіх сумленных людзей», які сканчаўся заклікам:


Я прашу ўсіх сумленных людзей Эўропы й Амэрыкі аб хуткай дапамозе расейскаму народу. Дайце хлеб і лекі[25].


Гербэрт Гувэр быў гатовы да такога павароту. Яшчэ напачатку 1919 ён прадказваў разбуральныя вынікі бальшавіцкага гаспадараньня. У дзень, калі быў надрукаваны ліст Горкага, Гувэр адказаў аўтару тэлеграмай:


Зь вялікім пачуцьцём я прачытаў ваш зварот да амэрыканцаў пра дабрачынную дапамогу хворым і галодным людзям Расеі, асабліва дзецям. Для ўсіх амэрыканцаў абсалютнай умовай любой дапамогі павінна быць неадкладнае вызваленьне амэрыканцаў, зьняволеных у Расеі, і стварэньне адпаведных умоваў для працы. Як толькі гэтыя крокі будуць ажыцьцёўленыя, Амэрыканская адміністрацыя дапамогі, чыста добраахвотнае аб’яднаньне, дзе я зьяўляюся старшынёю, у супрацы зь іншымі дабрачыннымі арганізацыямі, якія цалкам падтрымліваюцца шчодрасьцю амэрыканскіх людзей, мае напагатове дастатковыя фонды, каб неадкладна аказаць дапамогу дзецям і хворым.

Нашая арганізацыя ўжо раней цягам апошняга году выказвала гатовасьць зрабіць такую паслугу выключна з гуманітарных меркаваньняў, абсалютна не зьвязаных ні зь якімі палітычнымі, сацыяльнымі альбо рэлігійнымі матывамі. Аднак зь відавочных адміністрацыйных прычынаў гэта было й мусіць быць абумоўлена пэўнымі захадамі. Калі гэтыя захады будуць зробленыя, мы гатовыя распачаць такую працу.

Сёньня мы клапоцімся пра тры з паловай мільёна дзяцей у дзесяці розных краінах і будзем гатовыя паставіць харч, адзеньне й мэдыкамэнты мільёну дзяцей у Расеі настолькі хутка, наколькі гэта магчыма арганізаваць. Адміністрацыйныя ўмовы, якія мы мусім выставіць, ідэнтычныя тым, што мы мелі ў кожнай з дваццаці трох краінаў, дзе праводзілі апэрацыі дапамогі больш чым васьмі мільёнам дзяцей.


Празь дзень, 25 ліпеня, Горкі адказаў, што савецкі ўрад прыме прапанову Гувэра, і 31 ліпеня ён перадаў АРА афіцыйны ліст за подпісам Каменева, які ўзначальваў урадавы камітэт дапамогі ахвярам голаду. Каменеў заклікаў неадкладна распачаць перамовы ў Маскве, Рызе ці Рэвэлі. Эўрапейская штаб-кватэра АРА месьцілася ў Лёндане. Яе кіраўнік Ўолтэр Браўн адразу выехаў у Рыгу. 10 жніўня Браўн і тры кіраўнікі апэрацыямі АРА ў Польшчы, Нямеччыне й балтыйскіх краінах селі за стол перамоваў з бальшавіцкай дэлегацыяй на чале з намесьнікам наркама замежных справаў Максімам Ліцьвінавым.

Умовы АРА былі выкладзеныя ўжо ў тэлеграме Горкаму, дзе Гувэр запатрабаваў, каб адпачатку савецкія ўлады ясна заявілі:


A. Што ёсьць неабходнасьць у нашай дапамозе.

Б. Што амэрыканскія прадстаўнікі АРА будуць мець поўную свабоду ўезду-выезду й перамяшчэньня па Расеі.

B. Што гэтыя чальцы будуць мець магчымасьць арганізаваць неабходныя камітэты на месцах і мясцовую дапамогу безь дзяржаўнага ўмяшаньня.

Г. Што ім забясьпечаць бясплатны транспарт, склады й апрацоўку імпартаваных паставак па-за чаргой, што ўлады бясплатна вылучаць патрэбныя будынкі, абсталяваньне й паліва.

Д. Што ў дадатак да імпартаваных харчу, адзеньня й мэдыкамэнтаў дзеці й хворыя будуць атрымліваць аднолькавы аб’ём мясцовых паставак нароўні з астатнім насельніцтвам.

Е. Што АРА будзе мець гарантыі неўмяшаньня ўладаў у свабоду ўсіх сваіх супрацоўнікаў.


У сваю чаргу Гувэр абяцаў дзьве рэчы:


Першае. Што АРА, у межах сваіх рэсурсаў, будзе аказваць дапамогу ўсім дзецям і хворым аднолькава, незалежна ад расы, веры й сацыяльнага статусу.

Другое. Што яе прадстаўнікі й супрацоўнікі ў Расеі ня будуць займацца ніякай палітычнай дзейнасьцю.


Пачатак перамоваў з бальшавікамі зноў выклікаў град крытыкі ў Амэрыцы. Правыя абураліся, што Амэрыка зьбіраецца дапамагаць вар’яцкаму рэжыму, які зруйнаваў Расею. Левыя радыкальныя арганізацыі абвінавачвалі Гувэра ў намеры падарваць бальшавіцкую ўладу й патрабавалі, каб уся дапамога беспасярэдне была перададзеная расейскаму ўраду. У якасьці аргумэнту прыводзілася дзейнасьць АРА ў Вугоршчыне, якая быццам прывяла да падзеньня камуністычнага ўраду Бэлы Куна[26].

Перамовы ў Рызе праходзілі пад пільнай увагай прэсы, пад бурны камэнтар супрацьлеглых палітычных сілаў і ў нябачнай, але адчувальнай прысутнасьці эўрапейскіх урадаў, якія сьпешна пасылалі ў Рыгу сваіх дыпляматычных прадстаўнікоў. Пасярэдніцкія паслугі прапаноўвалі міжнародныя авантурысты, якія пабачылі свой шанец у гуманітарнай апэрацыі.

Тымчасам напружанасьць на перамовах узрастала. Ліцьвінаў пагаджаўся на ўсе ўмовы Гувэра, апроч аднае: свабода дзеяньняў амэрыканцаў. Гэта тычылася перш за ўсё права самастойна разьмяркоўваць дапамогу. А таксама — колькасьці амэрыканцаў, свабоды перамяшчэньня, права ўладаў на ператрус амэрыканскіх офісаў і асабістых рэчаў, высылаць непажаданых асобаў з краіны й вызначаць зоны дапамогі. Браўн, са свайго боку, патрабаваў такіх самых умоваў, якія АРА мела ў іншых краінах.

У сярэдзіне жніўня ў эўрапейскай прэсе зьявіліся першыя паведамленьні аб правале перамоваў. Аднак адбыўся зрух. Пасьля некалькіх дзён і начэй шматгадзінных дадатковых абмеркаваньняў і ўзгадненьняў са сваімі сталіцамі раніцай 20 жніўня дэлегацыі сустрэліся, маючы канчатковы тэкст пад назвай «Пагадненьне паміж Амэрыканскай адміністрацыяй дапамогі й Расейскай Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Савецкай Рэспублікай».

Падпісаньне адбылося ў прысутнасьці латыскіх урадоўцаў, дыпляматаў і журналістаў.

Дакумэнт адкрывала прэамбула:


Беручы пад увагу, што некаторыя часткі Расеі ахапіў голад,

Беручы пад увагу, што сп. Максім Горкі зь ведама РСФСР зьвярнуўся праз спадара Гувэра да Амэрыканскага народу па дапамогу для хворых, галодных, асабліва дзяцей,

Беручы пад увагу, што сп. Гувэр і Амэрыканскі народ успрынялі просьбу ад імя Расейскага народу зь вялікім спачуваньнем і жадаюць, выключна з гуманітарных меркаваньняў, прыйсьці ім на дапамогу,

Беручы пад увагу, што сп. Гувэр у адказе сп. Горкаму прапанаваў, што АРА магла б даставіць дадатковую дапамогу аднаму мільёну дзяцей у Расеі,

Дзеля гэтага дасягнутая дамоўленасьць паміж АРА, неафіцыйнай добраахвотнай амэрыканскай дабрачыннай арганізацыяй пад старшынёўствам Гербэрта Гувэра, і РСФСР (Савецкімі ўладамі).


Далей ішоў тэкст пагадненьня, пра які гэтак доўга спрачаліся Браўн зь Ліцьвінавым. АРА абавязвалася аказваць дапамогу пры ўмове выкананьня савецкімі ўладамі пэўных патрабаваньняў — яны складаліся з 25 пунктаў. Улады гарантавалі амэрыканцам свабоду руху, бясьпеку, быў вызначаны парадак фінансаваньня, працы портаў і транспарту грузаў, асобна агаворваліся правы атрымальнікаў дапамогі АРА — іх не павінны былі пазбаўляць савецкіх паек. Асобны параграф тычыўся прыёму на працу мясцовага пэрсаналу — АРА мелася атрымаць поўную свабоду падбору супрацоўнікаў, і ўлады абавязаліся ўсяляк спрыяць гэтаму.

Пункт 8 пагадненьня на першы погляд меў чыста тэхнічны характар:


Даставы дапамогі, прызначаныя дзецям і хворым, вызначаным АРА ў адпаведнасьці з пунктам 24, застаюцца ўласнасьцю АРА, аж пакуль насамрэч ня будуць спажытыя дзецьмі й хворымі, і разьмяркоўваюцца ад імя АРА.


Пункт 24 удакладняў прынцып разьмеркаваньня:


Разьмеркаваньне дапамогі для дзяцей і хворых будзе ажыцьцяўляцца не зважаючы на расу, рэлігію, сацыяльны альбо палітычны статус.


Гэтыя два пункты цалкам супярэчылі цэнтральным прынцыпам бальшавіцкай улады — поўнага дзяржаўнага кантролю й клясавага падыходу. Але пакуль Масква мусіла падпісаць амэрыканскія ўмовы. Ліцьвінаў выступіў з палымянаю прамоваю пра палітычную значнасьць пагадненьня. Браўн, у сваю чаргу, падкрэсьлена выразна заявіў, што пагадненьне ня мае ніякага палітычнага значэньня.

У гэты ж дзень пасьля тэлеграмы Браўна пачалася адгрузка харчаваньня для Расеі са складоў АРА ў Гамбургу, Данцыгу й Рызе. Яшчэ празь дзесяць дзён, 1 верасьня, амэрыканскі сухагруз «Фэнікс» прышвартаваўся ў петраградзкім порце з 700 тонамі мукі, рысу й цукру на борце.

У суботу 27 жніўня першы кантынгент АРА — сямёра амэрыканцаў — прыбыў у Маскву[27].

Іх сустракалі прадстаўнікі Наркамату замежных справаў і ўраду.

Амэрыканцы адразу атрымалі першы ўрок: улады краіны з насельніцтвам больш за 120 мільёнаў чалавек былі гатовыя разьмясьціць толькі тры чалавекі, астатнім месца не было. Амэрыканцы пагадзіліся начаваць у вагоне й пацікавіліся плянам заўтрашніх дзелавых сустрэчаў. Ім паведамілі, што ў нядзелю ўсе камісарыяты зачыненыя й ніхто зь імі сустрэцца ня зможа.

Такі быў другі ўрок.

5 Беларусь, Козырaвa: акно ў Эўропу на ўскрайку Менску


2 мільёны ўцекачоў. — Пакуты вяртаньня. — Цягнікі надзеі й сьмерці. — Бар'ер для тыфусу. — Поле бітвы пад Негарэлым. — Забытыя немцы. — Францускія вашабойкі. — Паратунак у канцлягеры


На архіўным фатаздымку — некалькі дзясяткаў людзей пад голым небам на фоне баракаў, апранутыя хто як, — старыя, дзеці, жанчыны, барадатыя мужыкі. Здымак зроблены ў найбольшым у сьвеце на той момант, як пісалі газэты, канцэнтрацыйным лягеры ўцекачоў Козырава[28] за пяць кілямэтраў ад цэнтру Менску.

Праз Козырава прайшлі тысячы людзей, якіх трэба было карміць, лячыць, мыць, апранаць.

Паводле ацэнак Рады БНР, каля 2 мільёнаў беларусаў, пераважна праваслаўных, на загад царскага ўраду былі вывезеныя ўглыб Расеі перад наступам нямецкіх войскаў[29].

Вярнуцца ў Польшчу маглі ўсе, хто меў паперы, якія сьведчылі пра іхнае жыцьцё на тэрыторыі, што стала ўваходзіла ў Рэч Паспалітую Польскую. Падпісанае пры пасярэдніцтве АРА польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне адкрыла ім дарогу дадому.

Цэнтральны эвакуацыйны камітэт у Маскве вызначыў два пункты рэпатрыяцыі ўцекачоў: Жмерынка ва Ўкраіне й Негарэлае ў Беларусі. Гнаныя голадам, сотні тысяч сем'яў разам з набыткам рушылі на захад. Таварныя вагоны на некалькі месяцаў станавіліся домам для дзяцей і дарослых, жанчын і мужчынаў, здаровых і хворых.

Чыгунка не спраўлялася зь людзкой плыньню. У адной са справаздачаў падаецца тыповая вакзальная сцэна:


…Шчыльная маса бруднага рызьзя, у якой там і тут відаць схуднелыя голыя рукі, твары зь пячаткай сьмерці. У паветры атрутны смурод.

Прайсьці немагчыма. Заля чаканьня, калідоры, кожны сантымэтар густа занятыя людзьмі, якія ляжаць, сядзяць скурчаныя ў самых неверагодных позах. Калі прыглядзецца, дык відаць, што сьмярдзючыя лахманы кішаць вошамі. Хворыя на тыфус курчацца й трасуцца ў ліхаманцы разам зь дзецьмі. Немаўляты страцілі галасы й болей ня могуць плакаць… Жанчына спрабуе супакоіць малое дзіця, якое плача й просіць есьці. Яна люляе яго на руках. Затым раптам б’е. Малое крычыць. Жанчына вар’яцее. У шаленстве, зь перакошаным тварам яна пачынае зьбіваць дзіця. Удары кулаком градам сыплюцца на тварык, на галаву, потым яна кідае дзіця на падлогу й б’е нагой. Вакол у жаху крычаць. Малое падымаюць, лаянка абрынаецца на маці, якая пасьля шалёнага выбуху сьціхла й абсалютна не зважае навокал. Вочы расплюшчаныя, але нічога ня бачаць.


Польскі надзвычайны камісар у справе рэпатрыяцыі Ўладыслаў Грабскі падаў наступны пратакол пра ўмовы вяртаньня:


Транспарт з Казані быў у дарозе 90 дзён. Адлегласьць да польскае мяжы складае 1739 км. Цягнік праходзіў 19,33 км за 24 гадзіны, альбо з хуткасьцю 0,8 км у гадзіну. Калі б уцякач вяртаўся пешкі й ішоў толькі 6 гадзінаў у дзень з хуткасьцю 4 км у гадзіну, ён бы прайшоў увесь шлях на 17,5 дня хутчэй, чым на цягніку. У цягніку было 1948 чалавек, зь якіх толькі 649 дабраліся да мяжы. Астатнія 1299 памерлі ў дарозе. Сьмяротнасьць перавышала 14 чалавек у дзень, паміраў адзін чалавек кожныя 1 гадзіну 40 хвілінаў. Падчас падарожжа праз Расею ўцекачы атрымлівалі ў сярэднім 153 грамы хлеба штодня, яны таксама мусілі самі нарыхтоўваць паліва.


Да адкрыцьця лягеру людзі, якія мусілі чакаць на свае цягнікі, самі шукалі жытло, начавалі ля станцыі, у паўразбураных дамох. Празь месяц пасьля прыезду ў Менск, у лютым 1922, кіраўнік акругі АРА Доналд Гардзі наведаў такі дом:


Паветра затхлае, і празь некалькі хвілінаў цягне на ваніты й чалавек млее. У пакоі безь сьвятла й абагрэву месьціцца ад 30 да 40 чалавек, бязь ежы й вопраткі, тамсама хворыя на тыфус. Зімой не было часу хаваць памерлых, і трупы проста кідалі ў пустыя вагоны ці пустыя будынкі ля станцыі. Аднойчы я налічыў 150 трупаў, наваленых адзін на аднаго, як мяхі.


Беларускую эвакуацыйную камісію (Белэвак), якая займалася ўцекачамі, узначальваў будучы куратар АРА Мар’ян Стакоўскі. Ад студзеня 1921 па красавік 1922, паводле зьвестак камісіі, празь менскі вакзал прайшлі 251 тысяча 734 уцекачы. Амаль для кожнага трэцяга Менск быў канцавой станцыяй. Далей, да родных вёсак пад Лагойск ці Мар’іну Горку, яны дабіраліся самастойна. Рэшту ўцекачоў трэба было перапраўляць у Негарэлае й далей у Польшчу. Яны праводзілі ў Менску ў сярэднім каля дзесяці дзён.

Дапамогі ад цэнтральнага ўраду Беларусь не атрымала. Студэнты-мэдыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сабралі больш за 2 тысячы кашуляў, сукенак, ручнікоў, прасьцінаў. Апроч збору ахвяраваньняў, было вырашана правесьці лятарэю на карысьць уцекачоў, на патрэбы галодных пералічвалася частка выручкі ад канцэртаў і спэктакляў, гарвыканкам пастанавіў аддаваць 2 % даходаў ад гарадзкой электрастанцыі. На сабраныя грошы была адкрытая сталоўка Чырвонага Крыжа на пяцьсот чалавек. Квакеры пастаўлялі рыс, шмалец, малако. У сакавіку 1922 прыйшла дапамога ад нямецкага Чырвонага Крыжа — хлеб і грошы. Два вагоны кукурузы прыслала місія Нансэна. Спачатку меркавалі карміць толькі дзяцей, але ўцекачы настолькі змарнелі ад голаду, што давялося карміць і дарослых. Аднак на чвэрць мільёну ўцекачоў сабраных сродкаў было яўна недастаткова.

У апошні тыдзень сакавіка 1922 лекар Менскай акругі Ралф Герц разам зь лекарам Белэваку Зітманам вывучалі рух уцекачоў. За той тыдзень на вакзал прыбыло 4 тысячы ўцекачоў зь Екацярынаслаўля, Смаленску, Саратава й Тулы.


У пяці цягнікох не было мёртвых, толькі 10 хворых былі зьнятыя з вагонаў. Гэта надзвычайна, і тлумачыцца тым, што толькі хворыя зь ліхаманкай лічацца хворымі, а інкубацыйны пэрыяд не рэгіструецца. Для параўнаньня, у апошні тыдзень сьнежня 1921 году з прыкладна такой жа колькасьці цягнікоў было зьнята каля 100 памерлых і 100 хворых.


У Наркамаце аховы здароўя Герцу паведамілі, што маюць адну восьмую частку патрэбных мэдыкамэнтаў. Не было сродкаў і вакцынаў для прышчэпак ад тыфусу, халеры й вятранкі. Далёка ад Менску хваробы разносілі гэтак званыя неарганізаваныя ўцекачы, якія спрабавалі выбрацца з зоны голаду паасобку ці сем’ямі. Тыфус выбухнуў нават сярод сялянаў у Бабруйскім і Слуцкім паветах. Герц неадкладна перадаў у Маскоўскую штаб-кватэру просьбу аб дапамозе й прапанаваў распачаць у Беларусі кампанію вакцынацыі.

У заяве кіраўніцтва АРА гаварылася:


Мы ня ў стане ўзяць на сябе адказнасьць за абарону Заходняй Эўропы. Але, беручы пад увагу важнасьць працы на заходняй мяжы, мы аказваем усялякую магчымую дапамогу. Нашыя штаб-кватэры месьцяцца ў Менску й Кіеве, а склады ў Гомелі й Віцебску, і адтуль мы робім даставы розных неабходных рэчаў ва ўсе раёны на заходняй мяжы й спадзяемся забясьпечыць іх у прымальна кароткі час.


Да сьнежня 1921 Белэвак збольшага спраўляўся з сытуацыяй, але ўзімку прыбыцьцё цягнікоў стала непрадказальным: часам тыдзень не было ніводнага эшалёну, часам цягам дня восем ці дзевяць прыбывалі без папярэджаньня. Лекар Менскай акругі Ралф Герц пісаў:


З прычыны геаграфічнага становішча Менск заўсёды быў галоўным заходнім пунктам выезду і ўезду ў Расею, апошнім вялікім чыгуначным цэнтрам перад польскай мяжой. Голад у Паволжы пагоршыў сытуацыю. Людзі выяжджаюць з зоны голаду, і шмат каму не шанцуе: калі іхныя дакумэнты не адпавядаюць патрабаваньням польскага эвакуацыйнага камітэту, іх адсылаюць назад, і звычайна яны застраюць у Менску. Дакладных лічбаў няма. Паводле апошніх ацэнак, у Менску стала жыве ад 10 000 да 11 000 уцекачоў, і, магчыма, 5000 месьцяцца ў навакольных вёсках. Ад адной да дзьвюх тысяч памерла ўзімку ад тыфусу. Апроч таго, у Менску знаходзіцца што-тыдня ад 8000 да 15 000 транзытнікаў, якія некалькі дзён чакаюць свайго цягніка. Транзытнае насельніцтва, верагодна, падвоіцца ці патроіцца, паколькі рух уцекачоў павялічыцца ў наступным месяцы і ўлетку.


Паводле дакумэнтаў АРА, у Менску зьнялі зь цягнікоў каля 2 тысяч трупаў. Перад Беларусьсю цягнікі таксама правяраліся, і значная частка памерлых ужо была зьнятая альбо выкінутая з вагонаў па дарозе проста пад адхон. Але ня ўсе. Кіраўнік Менскай акругі пісаў:


Мёртвыя даяжджалі да самай мяжы, і ў ваколіцах Негарэлага можна пабачыць магілы, якія сьведчаць пра найвялікшае няшчасьце ў нашай гісторыі. Гэтыя пагоркі нагадваюць мясьціны самых жорсткіх бітваў.


Гэтак сама выглядалі ваколіцы Вязьмы, Смаленску й Воршы.

Уцекачы звычайна праводзілі ў Менску каля дзесяці дзён.

Нашмат даўжэй заселі ў Менску 4 тысячы нямецкіх каляністаў з Паволжа. Немцы паверылі чуткам, нібыта яны таксама змогуць выехаць з савецкай Расеі ў Нямеччыну. Яны распрадалі ці выменялі на харч свой набытак, пакінулі хаты й гаспадаркі й цэлымі сем’ямі выправіліся ў дарогу, якая для іх скончылася не ў Бэрліне, а ў Беларусі.

Вось як апісваў побыт каляністаў, якіх высадзілі зь цягнікоў у Менску, кіраўнік місіі нямецкага Чырвонага Крыжа доктар Карстэнс:


Амаль ва ўсіх вельмі дрэнныя жыльлёвыя ўмовы. Два перададзеныя ім дамы перапоўненыя. Сем’і жывуць на голай падлозе. Насякомых гэтулькі, што ўсе скардзяцца, як іх зажыва зьядаюць вошы. Печкі паламаныя, вокны разьбітыя, шчыліны заткнутыя рызьзём. Туалеты ў страшным стане. У выніку ўспыхнулі эпідэміі, шмат памерла ад тыфусу. Больш за 60 % уцекачоў памерлі ўзімку. Голад быў такі ж моцны, як у Паволжы. Уцекачам мелі выдаваць ежы да 1000 калёрыяў, але толькі на паперы.


Другой пасьля тыфусу прычынай сьмяротнасьці былі сухоты. Лекар Ралф Герц, які наведваў каляністаў, падлічыў, што ў адным пакоі, дзе разам туліліся трыццаць дарослых і дзяцей, шэсьць чалавек мелі адкрытую форму сухотаў трэцяй ступені. Летам 1923 у жывых заставалася паўтары тысячы немцаў. Сьмяротнасьць пайшла на спад — тыя, хто перахварэў на тыфус, ужо мелі імунітэт. З надыходам цяпла ўцекачы атрымалі магчымасьць працаваць. Канчаткова страціўшы надзею атрымаць дазвол на выезд у Нямеччыну, каляністы, якія перажылі зіму, пачалі вяртацца на Волгу.

1 чэрвеня 1922 адкрыўся канцэнтрацыйны лягер для ўцекачоў Козырава. За пяць кілямэтраў ад Менску па гомельскай чыгунцы на тэрыторыі 6 гектараў за калючым дротам месьціліся 15 казармаў і вайсковых складоў. Частка пабудоваў была разбураная падчас вайны, але дзевяць будынкаў ацалела.

Ралф Герц апісваў:


Як увойдзеш, адразу справа месьціцца шпіталь. У ім чатыры аддзяленьні, кожнае на 25 ложкаў. У адным канцы прыёмны пакой — тут запаўняюць паперы пацыента. Затым яго голяць і стрыгуць, мыюць і адпраўляюць у аддзяленьне. З другога боку — выпіска, таксама абсталяваная для памыўкі. Мы прапануем цалкам укамплектаваць яго матэрыяламі АРА й наблізіць, наколькі магчыма, да амэрыканскага шпіталю, улучна з пафарбаванымі набела сьценамі. Найбольш патрабуюцца цяпер ложкі, а таксама не пашкодзяць пераносныя стэрылізатары, эмалевыя сталы й г. д.


У трох вялікіх казармах былі ўсталяваныя двухпавярховыя нары, яшчэ ў пяці будынках уцекачы клаліся на падлогу. Асобна разьмяшчалася дэзынфэкцыйная камэра.

Уцекачы праводзілі ў Козыраве каля тыдня. Тут упершыню за некалькі месяцаў яны маглі схадзіць у лазьню й пазбыцца вошай. АРА пастаўляла ў Козырава мэдыкамэнты, а таксама замовіла й прывезла францускую паравую машыну для дэзынфэкцыі, яшчэ пяць такіх машынаў былі пастаўленыя на памежныя пераходы. Раней у Козыраве стаяла японская камэра, якая апрацоўвала адзеньне фармальдэгідным газам, небясьпечным для пэрсаналу. Доналд Гардзі замовіў для Козырава таксама 1000 прасьцінаў, 150 электралямпачак ды іншы неабходны рыштунак, які было не знайсьці ў Менску.

Кожны ўцякач штодня атрымліваў адзін араўскі рацыён. Аднак часам нагрузка на менскую АРА ўзрастала шматкроць. Гардзі пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


У лютым 1922 эшалён з 30 вагонаў з уцекачамі з Арэнбургу быў затрыманы ў Менску на некалькі дзён. Польскі консул, які мусіў выдаваць візы, быў арыштаваны па абвінавачаньні ў шпіянажы. АРА ўзяла на сябе поўнае ўтрыманьне 650 чалавек, якія былі палякамі й таму ня надта цікавілі мясцовыя ўлады.


Увесну надалей прыбывалі неарганізаваныя ўцекачы, але іхная плынь значна скарацілася — да 300 чалавек на дзень. У Козыраве знаходзілася каля 7 тысяч уцекачоў, штодня 30–35 чалавек звальваў тыфус. Але, паводле мэдыкаў, захворваньне пачыналася яшчэ ў дарозе альбо падчас чаканьня ў вагонах. У самым лягеры санітарныя ўмовы былі добрыя.

Разам з эвакуацыйнымі камітэтамі АРА праводзіла вакцынацыю. Усе ўцекачы, якія чакалі рэпатрыяцыі, атрымлівалі прышчэпкі ад тыфусу, халеры, вятранкі, другаснага тыфусу, праводзілася таксама вакцынацыя мясцовага насельніцтва. У Менскай, Віцебскай і Гомельскай акругах прышчэпкі атрымалі каля 1 мільёна чалавек. У афіцыйным выніковым дакумэнце беларускага ўраду будзе адзначана, што 80 % мэдыкамэнтаў для ўцекачоў паставіла АРА.

Старшыня беларускага Чырвонага Крыжа Баркусевіч так падсумуе працу АРА ў першы год у Менску:


АРА перадала Чырвонаму Крыжу 521 тысячу 164 рацыёны да сьнежня 1922, якія былі разьмеркаваныя паміж 18 тысячамі 280 галоднымі; АРА перадала шпіталям Чырвонага Крыжа мэдыкамэнтаў і матэрыялаў на многія мільярды рублёў. Прадстаўнікі АРА сп. Гардзі й лекар Герц, а таксама сп. Ўілабі й Вілі заўсёды ахвотна дапамагалі Чырвонаму Крыжу, і няма ніякага сумневу, што бязь іх дапамогі нашая праца ніколі ня мела б такіх пасьпяховых вынікаў.


Пасьля афармленьня дакумэнтаў насельнікі Козырава выпраўляліся на захад. Каб прадухіліць эпідэміі, на польскім баку пасажыраў з таварных вагонаў накіроўвалі ў канцэнтрацыйныя лягеры, дзе яны праходзілі карантын[30]. Пасьля санацыі ўцекачы адпраўляліся ў свае родныя куты, ня ведаючы, што іх там чакае, але цьвёрда ўпэўненыя, што горш, чым на чужыне, ужо ня будзе.

У 1921–1923 гадох празь Менск прайшлі многія сотні эшалёнаў уцекачоў[31]. Козырава мела агульнаэўрапейскае значэньне:


Харчаваньне, а таксама дэзынфэкцыя ад вошай, шпіталізацыя й агульная санітарная апрацоўка, якую ажыцьцяўляў мэдычны аддзел АРА, рабілі жыцьцё ўцекачоў крыху менш жахлівым ды абаранілі й Польшчу, і Беларусь ад эпідэміі тыфусу.


Так завяршае разьдзел, прысьвечаны працы АРА ў Беларусі, Гаралд Фішэр у сваёй кнізе «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923», выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1927 годзе.

Кніга ніколі не перакладалася.

6 ЧВАК: «часовы выканаўца абавязкаў каня»


Нэктар з асадкам. — Жаба душыць. — Чароўныя пасылкі. — Некашэрнае малако. — Афэрыст з Бабруйску. — Гардзі ізноў памыляецца. — Дэфіцыт тары. — Цяжкія пасылкі. — Цэны падаюць. — Пайкі паэтам і акадэмікам


Калі ў гарачы чай дадаць пару лыжак амэрыканскага сухога ці згушчанага малака й цукру, напой у галодным горадзе можна сьмела параўнаць з нэктарам. Так падавалася кіраўніку акругі Доналду Гардзі, калі пачыналася выдача пасылак АРА ў Менску. Тая дробязь, што колькі ні разьмешвай, але ў шклянцы застаецца асадак, кіраўніка акругі не бянтэжыла — добрае малако й павінна забельваць посуд. Гардзі памыляўся, гэтаксама як памыляўся, калі думаў, што выдача пасылак выкліча ўсеагульную любоў і павагу да АРА.

Праз тры дні пасьля прыбыцьця амэрыканцаў у Менск у мясцовых газэтах зьявіліся публікацыі, дзе ўхвалялася праца квакераў, якія клапаціліся пра дзяцей, і крытыкавалася АРА, якая нібыта будзе займацца толькі прыватнай дапамогай. Пасьля пратэстаў АРА ўлады выбачыліся й заявілі, што гэта не афіцыйны погляд.

Гардзі ня быў перакананы, што непаразуменьне палагоджана. Ён пісаў у Маскву:


Без сумневу, многія з чыноўнікаў, якія адчуваюць нястачу, мусяць стаяць і назіраць, як шмат у якіх выпадках іхныя рэлігійныя й палітычныя праціўнікі атрымліваюць дапамогу, недаступную ім самім.


Гардзі тлумачыў палітычнымі чыньнікамі тое, што звычайна ўкладваецца ў выраз «жаба душыць», але небеспадстаўна лічыў, што нядобразычлівае стаўленьне напачатку можа пашкодзіць будучай сумеснай працы:


Прадстаўнік ураду, сам камісар, сказаў: «Хаця мы цалкам падтрымліваем праграму пасылак АРА, вы мусіце зразумець, што мы ня можам ставіцца да вашай дапамогі гэтаксама, як калі б вы харчавалі дзяцей як квакеры».


Гуманітарная дапамога агульнага прызначэньня — уцекачам, дзіцячым дамам, шпіталям, настаўнікам, — першыя месяцы была амаль немагчымая. Улады ў Маскве неахвотна дазволілі АРА пачаць працу ў Беларусі, але абмежавалі яе выдачай індывідуальных пасылак, аплачаных за мяжой.

Гэта была вялікая справа. Любы амэрыканец у ЗША, які меў сваякоў у Беларусі, мог паслаць ім харчовую пасылку без пасярэдніцтва пошты, аплаты мыта, бяз клопату, ці не сапсуюцца харчы. За 10 даляраў[32] АРА абавязвалася скамплектаваць пасылку са сваіх гуртавых складоў на месцах і даставіць адрасату ў Радашкавічах ці Мазыры. У сваю чаргу людзі, якія жылі ў Віцебску ці Барысаве, маглі самі паслаць паштовую картку знаёмым у Амэрыку з адзнакай мясцовай канторы АРА й папрасіць дапамогі.

Праграма пасылак была зь вялікім посьпехам апрабаваная ў краінах Эўропы. У гады Першай усясьветнай вайны й пасьля захопу ўлады бальшавікамі царскую Расею пакінулі сотні тысяч чалавек, многія зь якіх апынуліся ў ЗША. Пры плянаваньні пасылачнай праграмы амэрыканцы вызначылі найбольш верагодныя пункты, куды пойдуць пасылкі й дзе трэба прадугледзець адпаведны пэрсанал. Першымі ў сьпісе АРА стаялі тры гарады — Менск, Гомель і Віцебск. 16 студзеня 1922, праз тыдзень пасьля прыезду АРА ў Менск, былі выдадзеныя першыя дваццаць харчовых пасылак.


Пасылка АРА каштавала 15 рублёў 40 капеек золатам[33]. У набор уваходзілі 54 фунты пшанічнай мукі, 27 — рысу, 11 — цукру, 10 — тлушчу, 3 — гарбаты, 20 бляшанак малака[34].


Праграма выклікала бурную цікавасьць. Больш за тысячу паштовак-замоваў штотыдня прымалі ў менскай канторы АРА на працягу ўсяго 1922 году. Араўская пасылка, паводле ацэнак, дапамагала выжыць сям’і зь пяці чалавек цягам тыдня. Адначасова гэтыя людзі не забіралі рэсурсы ад іншых, і такім чынам адна пасылка дапамагала дзесяці чалавекам. Каб запабегчы спэкуляцыі, на адно імя прымалася ня больш за пяць пасылак.

Хутка Гардзі пераканаўся, што адметны погляд на амэрыканскую дапамогу ў Менску маюць ня толькі камісары. Не без іроніі ён пісаў у Маскву:


У параўнаньні з чорным хлебам, слабым чаем і макавым насеньнем, харчовы пакет АРА мусіў бы ўспрымацца як нэктар для згаладнелай душы. Баімся, гэта ня так. Пайшла чутка, што ад араўскага малака застаецца лёгкі асадак нават пасьля самага моцнага разьмешваньня. Таму ўчора кошт малака на мясцовым рынку за паўгадзіны ўпаў са 100 тысяч рублёў за бляшанку да 80 тысяч.


Але гэта было ня ўсё. Гардзі працягваў:


Стала вядома, што ствараецца артадаксальная група, якая неўзабаве будзе дамагацца, каб да кожнай бляшанкі была прыкладзеная даведка галоўнага рабіна Амэрыкі, што гэта сапраўды малако ад памыснай каровы з добрай рэпутацыяй і ня мае ніякага дамешку ад свайго брата — парсюка, а таксама, што была праведзеная належная цырымонія блаславеньня. Таксама сьцьвярджаюць, што наш цукар не такі салодкі, як расейскі, у разьліку на адну крупку. Усе гэта разам дае ўяўленьне пра зьменлівы погляд на якасьць паслугаў, якія АРА аказвае тутэйшаму шырокаму грамадзтву.


Нягледзячы на сумнеўную кашэрнасьць, пасылкі мелі надзвычайны посьпех. Прычым у першыя месяцы ў часткі менскай публікі ўзьнікла ўпэўненасьць, што ўжо сама картка-замова, якую яны перадавалі АРА для адпраўкі ў ЗША, каштуе 10 даляраў. Праз пару дзён яны зьяўляліся ў кантору па пасылку й недаверліва слухалі абвяржэньні. Гардзі паведамляў:


Нейкі джэнтэльмэн з Бабруйску, які меў пэўнае дачыненьне да нашага офісу, скалаціў сабе багацьце, наладзіўшы аўкцыён картак на рынку ў родным горадзе, беручы па 25 тысяч рублёў за кожную.


Дзякуючы гуртавым закупам, харчовы набор каштаваў АРА 6 даляраў 75 цэнтаў; дастава, страхоўка, іншыя выдаткі забіралі яшчэ адзін даляр. Ад кожнай замовы заставалася ў сярэднім 2 даляры 25 цэнтаў — гэтыя грошы былі скарыстаныя для бясплатнага харчаваньня дзяцей[35].

Папулярнасьць АРА ўсё больш раздражняла ўлады. Выдача пасылак адбывалася без уліку клясавых прынцыпаў разьмеркаваньня, без увагі на думку тутэйшага начальства. Але й амэрыканцы шмат у чым залежалі ад мясцовых уладаў. Паводле пагадненьня ў Рызе, савецкі бок нёс выдаткі, зьвязаныя з разьмеркаваньнем дапамогі[36].

Гардзі ўзрадаваўся, калі ў сакавіку атрымаў вестку пра пашырэньне праграмы дапамогі для Беларусі. Ён сьпяшаўся паведаміць у Маскву:


У выніку нарады з Прэзыдэнтам Беларусі, на якой мы абмеркавалі будучую мэдычную праграму й харчаваньне дарослых, мы заўважылі досыць яўную зьмену ў стаўленьні да нашых патрэбаў у гэтай сувязі.


Гардзі зноў памыляўся. Калі ў Беларусь пачне паступаць амэрыканская дабрачынная дапамога агульнага прызначэньня — для дзяцей, шпіталёў, адрасныя пасылкі для рэлігійных і прафэсійных групаў, дачыненьні зь мясцовым кіраўніцтвам ня толькі не палепшацца, а стануць галоўнай праблемай у працы[37].

Але й больш простая рэч — выдача індывідуальных пасылак — ад пачатку вымагала настойлівасьці й вынаходлівасьці. І ня толькі ў сувязі з экзатычнымі патрабаваньнямі артадаксальных вернікаў ці бабруйскімі афэрыстамі.

У Менску нечаканай праблемай сталася тара. Каб расфасаваць гуртавыя пастаўкі ў індывідуальныя пасылкі, патрабаваліся кулькі, мяшэчкі, пакеты, папера, сушчэпкі, шпагат, цьвікі, бляшанкі, драўляныя скрынкі — усё, што больш не выраблялася й не прадавалася.

Праз тры тыдні пасьля прыезду, напярэдадні прыбыцьця ў Менск васьмі чарговых вагонаў з харчам, Гардзі забіў трывогу:


Мы папярэдне абсьледавалі горад у пошуках тары й нічога вартага не знайшлі. Адзіная магчымасьць — купіць 350 мэтраў дзяругі й пашыць мяшэчкі пад муку, рыс, чай і цукар. Гэтага абсалютна недастаткова, і кошт складзе 34 цэнты на адну 10-даляравую пасылку. Мы спрабуем замовіць паштовыя скрынкі на дзяржаўнай фабрыцы, але яны будуць каштаваць 25–30 цэнтаў. Хаця мы пакуль не вычарпалі мясцовых магчымасьцяў, але пэўныя, што ня ўдасца здабыць патрэбнай колькасьці тары для накіраваных нам 2400 пасылак.


Гардзі прасіў прысылаць тару з Масквы й зрабіў запыт пра кошты на фасавальны матэрыял у Вільні. Тымчасам у канторы АРА вывесілі абвесткі: адрасатаў прасілі прыходзіць са сваёй тарай, а таксама вяртаць араўскую для шматразовага выкарыстаньня. Гэта замарудзіла выдаваньне, і ля складоў часам таўкліся дзясяткі людзей, якія ніяк не маглі атрымаць сваіх пасылак.

Тады быў уведзены наступны парадак: усе адрасаты мусілі прыходзіць прынамсі з адным вялікім мехам. Гардзі наняў трох краўцоў, якія распорвалі мяхі й з аднаго вялікага рабілі тры малыя.

Шчасьлівыя адрасаты расьпісваліся ў ведамасьці — і тут узьнікала новая праблема. Адна араўская пасылка важыла болей за паўцэнтнэра, нават у межах гораду дацягнуць яе было цяжка[38].

Тады ў Менску й зьявіліся ЧВАКі — «часовыя выканаўцы абавязкаў каня».

Гардзі паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:


ЧВАКі — людзі з вазкамі, якія развозілі пасылкі са складоў АРА па ўсім Менску, у любое надвор’е й на любую адлегласьць. Напачатку ЧВАКу давяралі ня больш за два пакункі. Цяпер шмат хто зь іх мае коней і развозіць ад 5 да 25 пасылак за раз.


Праз тыдзень пасьля пачатку пасылкавай праграмы харчовыя кошты на рынку ў Менску ўпалі на 10 %, а празь месяц яшчэ на 20 %.

У лістападзе газэта «Звезда» пісала пра вынікі працы менскай канторы АРА:


У першую чаргу ўвага была зьвернутая на выдачу харчовых пасылак. Ад студзеня да 1 лістапада было выдадзена каля 43 000 такіх пасылак. Гэтаму шмат спрыяла пасылка спэцыяльных картак сваякам і знаёмым у Амэрыку. За гэты час пераслана каля 50 000 картак, на 75 % якіх былі высланыя пасылкі. У сувязі з усталяваньнем нармальнай сувязі з Амэрыкай карткі атрымліваюцца там на 17-ы дзень пасьля высылкі.


Аднак бальшыня тых, каму была патрэбная дапамога, ня мела сваякоў у Амэрыцы. Напачатку лістапада кіраўнік Менскай акругі зьвярнуўся да свайго начальства з просьбай:


Становішча прафэсараў унівэрсытэту й інстытутаў, а таксама выкладчыкаў сапраўды вартае жалю. У выніку розных рэвалюцыяў, акупацыйных арміяў, наплыву ўцекачоў і заразных захворваньняў… пэрсанал, а таксама будынак унівэрсытэту моцна пацярпелі. Прафэсары й выкладчыкі атрымліваюць мізэрныя заробкі, якія часам не выплачваюцца.

У нашу кантору штодня прыходзяць выкладчыкі ў пошуках якога-кольвечы заробку, каб атрымаць некалькі рублёў дзеля існаваньня. 165 прафэсараў і выкладчыкаў унівэрсытэту й інстытутаў церпяць вялікую нястачу. Неабходна аказаць ім дапамогу да вясны.

Ці магла б АРА выдаваць 165 пасылак штомесяц гэтым выкладчыкам цягам чатырох месяцаў? Гэта дало б магчымасьць інстытутам Беларусі працаваць бесьперапынна да наступнага красавіка.


Копію ліста кіраўнік акругі адаслаў Стакоўскаму. Прапанову абмеркавалі ва ўрадзе. Скласьці сьпісы на атрыманьне дапамогі было даручана кіраўніку Акадэмічнага цэнтру[39] Ўсеваладу Ігнатоўскаму, які зьяўляўся старшынём Беларускай камісіі паляпшэньня быту вучоных (Белкубу). Ігнатоўскі зьвярнуўся з афіцыйным лістом на імя ўпаўнаважанага:


Сто пасылак АРА для навуковых дзеячаў Беларусі Белкубу просіць выдаць у яе адрас адпаведна пайменным сьпісам, якія будуць пададзеныя дадаткова, дзеля разьмеркаваньня гэтых пасылак паміж навуковымі супрацоўнікамі Ўнівэрсітэту, Сельска-Гаспадарчага Інстытуту, Інстытуту Беларускай Культуры і іншымі дзеячамі навукі, зарэгістраванымі ў Белкубу.


Неўзабаве ў АРА былі перададзеныя сьпісы навукоўцаў, выкладчыкаў, дзеячаў культуры.

Сярод іх — паэты й пісьменьнікі Іван Луцэвіч (Янка Купала), Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Самуіл Плаўнік (Зьмітрок Бядуля), Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), мовазнаўцы Мікалай Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік, гісторыкі Ўладзімер Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, географ Аркадзь Смоліч, з галіны тэатру — Уладзіслаў Галубок, Фларыян Ждановіч, Лідзія Ржэцкая…

На сьпісе — рэзалюцыя: выдаць 100 пасылак.

7 Палітычная мэдыцына: вельмі непажаданы лекар


Кадравая знаходка. — Анкета для доктара Левіна. — Погляд на савецкую ўладу. — Агульная антысанітарыя. — Няма дошак. — Пустыя абяцанкі. — Пагроза дзейнічае. — У сьпісе ня значыцца


Лекар Менскай акругі Ралф Герц ня мог паверыць, як яму пашанцавала. Для арганізацыі мэдычнай працы патрабавалася дапамога кваліфікаванага дасьведчанага спэцыяліста, які б ведаў сытуацыю ў Беларусі, разьбіраўся ў мясцовай структуры аховы здароўя, да таго ж гаварыў і пісаў па-ангельску. Доктар Залман Левін ня толькі валодаў усімі гэтымі якасьцямі, але вучыўся ў ЗША й меў лекарскі дыплём амэрыканскага ўнівэрсытэту.

Больш за тое, Левін меў досьвед працы з АРА. Гэта была надзвычайная ўдача. Доналд Гардзі неадкладна сеў за ліст у штаб-кватэру ў Маскву:


У сувязі з мэдычнаю праграмаю доктар Герц жадае ўзяць на працу ў якасьці прафэсійнага памочніка доктара Левіна. Беручы пад увагу тое, што доктар Герц будзе вымушаны падарожнічаць у Гомель і Віцебск, мы лічым, што надзейны й дасьведчаны ў мэдыцыне чалавек павінен заступаць яго на час адсутнасьці. Доктар Левін быў зьвязаны з АРА некалькі гадоў як прэзыдэнт дзіцячага камітэту АРА падчас польскай акупацыі Менску й такім чынам дасканала знаёмы з мэтадамі АРА ў справах мэдыцыны й дзіцячага харчаваньня. Ён да таго ж выдатна гаворыць па-ангельску. Ён аказаў бы вялікую дапамогу нашым супрацоўнікам у мэдычнай праграме й прапанаванай праграме харчаваньня дарослага насельніцтва. Фактычна яго можна было б выкарыстоўваць на такой самай падставе, як амэрыканскага супрацоўніка.

Мы на гэтай падставе просім дазволу плаціць доктару Левіну адпаведна прафэсійнай працы ці паслугам, якія ён будзе ў стане аказаць, прыкладна 25–30 мільёнаў рублёў зь месячнаю пайкаю. Будзем удзячныя за тэлеграфны адказ.


Ралфу Герцу патрабавалася ўся дапамога, якую ён мог знайсьці, і патрабавалася хутка. Ён быў прызначаны галоўным лекарам для Менскай, а таксама Віцебскай і Гомельскай акругаў АРА з агульным насельніцтвам каля 7 мільёнаў чалавек. У Віцебскай акрузе налічвалася 50 шпіталёў, 44 амбуляторыі й 92 дзіцячыя дамы. На Гомельшчыне — 75 шпіталёў, 54 амбуляторыі й 126 дзіцячых дамоў. У Менскай акрузе дзейнічалі 49 шпіталёў, больш за сотню дзіцячых дамоў.

Паўсюль не ставала пэрсаналу, лекарам не плацілі, шпіталі былі перапоўненыя, бракавала мэдыкамэнтаў, інструмэнту, бялізны. Пасьля некалькіх тыдняў інспэкцыйных паездак, наведваньня дзясяткаў шпіталёў, дыспансэраў і лекарскіх пунктаў Герц падсумаваў бачанае адным сказам у справаздачы:


Агульныя санітарныя ўмовы ва ўсіх правераных месцах аднолькава кепскія.


Асабліва непакоіла Герца якасьць пітной вады. Артэзіянскія крыніцы складалі толькі частку рэсурсаў, і нават у вялікіх гарадох ваду бралі з адкрытых сховішчаў. Падчас знаёмства з галоўным інжынэрам Менску Ашчэўскім-Круглікам Герц расказаў яму пра амэрыканскія апараты сатурацыі пітной вады рашчынай хлярыну вапняку. Рэцэпт быў пад рукой, інжынэр распрацаваў чарцяжы, у Політэхнічным інстытуце вырабілі арыгінальны апарат. АРА паставіла запасы хлярыну, і апарат падключылі да асноўнага воднага каналу.

Напачатку красавіка Герц замовіў праз штаб-кватэру некалькі вагонаў мыла й тлушчу пячонкі траскі. Паводле ацэнкі Герца, у адной толькі Гомельскай акрузе мелі пільную патрэбу ў рыбіным тлушчы шэсьць з паловай тысяч дзяцей. Санітарны стан і здароўе дзяцей у прытулках на Меншчыне й Віцебшчыне былі ня лепшыя.

Тымчасам дапамога, якую Ралф Герц чакаў ад дасьведчанага мясцовага калегі Залмана Левіна, усё адкладалася, як адкладаліся й іншыя просьбы АРА. У красавіку Доналд Гардзі так апісваў свае праблемы ў лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру:


Агульная офісная прастора — чатыры маленькія пакоі, зь якіх адзін выкарыстоўваецца як склад. Не стае мэблі. Нашыя заяўкі на сталы чакаюць ад студзеня, і мы рэгулярна шлём новыя. Скрыні выкарыстоўваюцца як крэслы. Немагчыма наняць больш пэрсаналу дзеля браку месца. У выніку — затрымкі з даставай мэдыкамэнтаў у шпіталі. Учора мы раздалі прыкладна 700 пасылак. Афармленьне папераў і наступная неабходная праца вымагала прынамсі трох пакояў і шасьці-васьмі чалавек.


Менская кантора АРА складалася з шасьці аддзелаў: харчовых даставаў, бугальтэрыі харчовых даставаў, аддзелу замоваў, аддзелу фінансаў і маёмасьці, аддзелу складоў і мэдычнага аддзелу. У якасьці адзінага станоўчага прыкладу ўрадавай дапамогі Гардзі здолеў назваць наяўнасьць складоў — АРА мела ў сваім распараджэньні два складавыя памяшканьні, паковачную й даставачную станцыі.

Хоць ва ўсіх аддзелах працавалі мясцовыя жыхары, АРА ня мела права беспасярэдняга найму. Амэрыканцы праводзілі сумоўе, адбіралі людзей, але мусілі ўзгадняць прыём зь мясцовым упаўнаважаным. Фармальна рэч была ў тым, што аплачваць працу мясцовых супрацоўнікаў мелі савецкія ўлады. Але ня толькі[40].

Каб паступіць на працу ў АРА, Левін мусіў запоўніць адмысловую анкету, якую потым перадавалі ў апарат упаўнаважанага Стакоўскага.

Анкета, якую запаўнялі кладаўшчыкі й бугальтары, лекары й рабочыя, усе мясцовыя супрацоўнікі АРА, на самым пачатку папярэджвала:


За непраўдзівыя зьвесткі і ўхіленьне ад такіх вінаватыя будуць прыцягвацца да судовай адказнасьці.


Зьвесткі, за якія пагражаў суд, былі даволі спэцыфічныя:

Саслоўнае паходжаньне

Ранейшае матэрыяльнае становішча

Зьвесткі пра сваякоў, асобна — пра тых, хто служыць у Чырвонай арміі, і тых, хто служыў у старой.

Чым і дзе займаўся за пяць пэрыядаў:

- да вайны 1914 году

- да лютаўскай рэвалюцыі

- да Кастрычніцкай рэвалюцыі

- пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі

- падчас польскай акупацыі.

Палітперакананьні:

- ці быў раней у складзе якой-небудзь партыі

- погляд на Савецкую ўладу ў кароткіх рысах і прынцыпова.

Для прыёму на працу таксама патрабаваліся рэкамэндацыі «2-х чальцоў РКП(б) альбо відных савецкіх работнікаў».

Напрыклад, селянін з-пад Наваградку Андрэй Баршчэўскі на ўсе пяць дадатковых пытаньняў пра пэрыяд 1914–1921 гадоў напісаў «быў у Амэрыцы». Адказ пра прынцыповы погляд на новую ўладу Баршчэўскага сьведчыў пра немалы жыцьцёвы досьвед:


Падабаецца ўлада.


У выніку атрымаў дазвол і быў прыняты на працу ў склад АРА.

Як адказаў на гэтыя пытаньні лекар Залман Левін, невядома. Пасьля таго як ягоная анкета была перададзеная ў апарат Стакоўскага, сакратар-перакладчык Карл Скаўронак зарэгістраваў яе й напісаў стандартнае суправаджэньне:


Пры гэтым накіроўваецца анкета супрацоўніка АРА, запрошанага імі на службу. Падстава — распараджэньне Ўпаўнаважанага.


Уклаў у канвэрт і паставіў новы адрас — ГПУ Беларусі[41].

Парадак, паводле якога працаўладкаваньне ў АРА залежала ад згоды карных органаў, быў усталяваны ў 1921 годзе. Падставай паслужыла дакладная запіска ВЧК:


Паводле нашых зьвестак, амэрыканцы ў арганізацыю АРА прыцягваюць варожыя да Савецкай улады элемэнты, зьбіраюць шпіёнскую інфармацыю ў Расеі й займаюцца скупкай каштоўнасьцяў.


Менская кантора АРА рэгулярна атрымлівала дэпэшы з апарату Стакоўскага з патрабаваньнем наноў запоўніць анкеты супрацоўнікаў, прайсьці перарэгістрацыю, здаваць фатакарткі на новыя пасьведчаньні. Упаўнаважаны тлумачыў:


Хто не атрымае новых пасьведчаньняў, будзе лічыцца асобай, якая хаваецца.


Палітбюро ЦК РКП(б) таксама патрабавала «ачысьціць склад супрацоўнікаў АРА ад непажаданага элемэнту». Старшыня СНК Ленін прапанаваў стварыць камісію, каб выпрацаваць «меры спэцыяльнай засьцярогі на выпадак празьмернага пашырэньня апарату АРА й прыцягненьня ім ненадзейных элемэнтаў».

Якім элемэнтам быў прызнаны Левін, АРА не паведамілі, але згоды на працаўладкаваньне не далі.

У Менск, Віцебск, Гомель ішлі мэдычныя матэрыялы з ЗША, эфэктыўна разьмеркаваць якія маглі толькі дасьведчаныя спэцыялісты. Камплекты ўключалі 377 розных лекавых прэпаратаў, 15 гатункаў дэзынфэктантаў, 11 розных вакцынаў, 133 тыпы лябараторных матэрыялаў, 627 найменьняў хірургічных інструмэнтаў і шпітальнага рыштунку. Многія зь іх былі спэцыфічна амэрыканскія й патрабавалі кампэтэнтнага інструктажу перад выкарыстаньнем; шмат што, як тоны хляраформу й борнай кіслаты, вакцыны ад вятранкі й тыфусу, уяўлялі небясьпеку ў недасьведчаных руках.

Лекар Ралф Герц, завалены велізарным аб’ёмам працы, у роспачы слаў у мэдычны аддзел АРА просьбы аб дапамозе:


Улады не ўхваляюць доктара Левіна на палітычнай глебе. Але ён быў бы вельмі добрай асобай для маёй працы, і таму я так хачу ўзяць яго.


Кіраўнік акругі Доналд Гардзі зьвярнуўся да ўпаўнаважанага Стакоўскага па тлумачэньні, але не атрымаў іх. Тады ён папрасіў кіраўніка АРА ў Расеі палкоўніка Гаскела ўмяшацца на ўзроўні цэнтральнай савецкай улады. У тэлеграме ў Маскоўскую штаб-кватэру Гардзі пісаў:


Доктар Левін ня толькі безумоўна найлепшы лекар у Менску, але, калі ўлады ня змогуць дастаткова абгрунтаваць сваё рашэньне, мы павінны адстаяць нашую пазыцыю.


Гаскел зьвярнуўся зь лістом да галоўнага савецкага ўпаўнаважанага Эйдука:


Прашу вас загадаць вашаму менскаму прадстаўніку альбо задаволіць хадайніцтва пра прызначэньне доктара Левіна, альбо паведаміць мне прычыны, паводле якіх гэтае прызначэньне непажаданае.


І Гаскел, і Герц маглі здагадвацца, што хуткага адказу ня будзе і, магчыма, адказу ня будзе ўвогуле. Гэта была зусім ня першая скарга ў справе мэдычнай дапамогі Беларусі. Неўзабаве пасьля прыезду ў Менск лекар Ралф Герц мусіў у роспачы дыктаваць ліст у Маскву:


Калі я прыехаў сюды, мяне запэўнілі, што ўрад будзе рабіць усё магчымае, каб дапамагчы арганізаваць нашую мэдычную праграму. Аднак улады ня толькі не аказалі неабходнай падтрымкі, але часам здаецца, што яны спрабуюць нам перашкодзіць. Галоўнаю цяжкасьцю быў рамонт складу на станцыі. Мы мусілі зьвяртацца да двух асобных дэпартамэнтаў — Белэваку й Наркамхарчу, каб атрымаць дошкі для паліцаў. Мы аплацілі аванс. Улады, нягледзячы на выказаную імі зацікаўленасьць у нашай мэдычнай працы ў Менску, зноў нічога не зрабілі, адно абяцалі. Мы прапануем, каб вы сказалі, што, калі ад вашага мэдычнага прадстаўніка ў Менску ня будзе больш станоўчых паведамленьняў, мэдычная праграма ў Беларусі будзе скарочаная.


Праз тыдзень, 13 красавіка, у прымальню ўпаўнаважанага Эйдука быў дастаўлены ліст ад намесьніка кіраўніка АРА Сырыла Кўіна, які пераказваў зьмест скаргі Герца й ветліва, але недвухсэнсоўна прасіў:


Нягледзячы на дадзенае Ўрадам Беларусі абяцаньне зрабіць усё неабходнае для спрыяньня АРА ў выкананьні яе праграмы мэдычнае працы ў Менску й ваколіцах, ён такой дапамогі нам не аказаў. Не адмоўце паведаміць Урад Беларусі, што, калі мы не атрымаем больш станоўчых зьвестак ад нашага мясцовага прадстаўніка наконт супрацы й спрыяньня ўладаў нашай працы, нам давядзецца скараціць нашую мэдычную праграму ў Беларусі.


Невядома, ці пагроза дапамагла, ці маскоўскае начальства мела іншыя пляны, але супраца выправілася. Напрыканцы году газэта «Звезда» паведамляла:


Апошнім часам стала магчымым палепшыць забесьпячэньне шпіталёў мэдыкамэнтамі. Дзякуючы дапамозе АРА, шпіталі Менскага павету забясьпечаныя мэдыкамэнтамі на тры месяцы.


З 49 шпіталёў у Менскай акрузе пяць цалкам працавалі на амэрыканскіх пастаўках, а 20 клінік і шпіталёў задавальнялі 90 % сваіх патрэбаў са складу АРА[42]. 113 дзіцячых дамоў і садкоў атрымлівалі амэрыканскія мэдычныя матэрыялы й мэдыкамэнты. Герц клапаціўся й пра мэдыкаў — хадайнічаў аб выдачы ім пасылак, адзеньня; з надыходам халадоў яму ўдалося здабыць для іх 500 коўдраў.

Невядома, ці атрымаў амэрыканскую коўдру ў сваім шпіталі лекар з амэрыканскім дыплёмам, якога Ралф Герц настойліва спрабаваў узяць на працу.

Паводле агульнага сьпісу мясцовых супрацоўнікаў АРА ад пачатку дзейнасьці ў Беларусі да завяршэньня, у Менскай акрузе працаваў 91 чалавек — хто ўсе паўтара году, хто некалькі месяцаў — рабочыя, машыністкі, фармацэўты, прыбіральшчыцы, шафёры, бугальтары, інспэктары.

Прозьвішча Левін у сьпісе ня значыцца[43].

8 Кватэрнае пытаньне: ад «Парыжу» да «Савецкай» безь пераменаў


Гультаі й камсамольцы. — Жытло без пазалоты. — Бэйсбол у Аляксандраўскім сквэры. — Некамунальная спрэчка. — Візыт Гаскела. — Раскажыце Дзяржынскаму. — Гарантыі Блехера. — Габэленаў ня будзе


Вокны сталічнага гатэлю «Парыж», дзе пасяліліся амэрыканцы, выходзілі на Гарадзкі сад, былы Аляксандраўскі сквэр, у цэнтры якога месьціўся першы ў Менску фантан, а побач стаяў будынак тэатру. На зіму скульптура «Амур і лебедзь» была забітая дошкамі, але тэатар працаваў. Раён быў ажыўлены і ўдзень, і ўвечары.

Камсамолец Кандрат Крапіва так апіша гэты сквэр у вершы, датаваным жніўнем 1922:

Хто гуляў на Менскім сквэры,

Ці мо блізка хаця йшоў,

Той бязь ліку і бязь меры

Мог там бачыць гультаёў, —

…Вось пад руку на буксіры

Нэпман нэпманку вядзе,

Пра гешэфты нэпман шчыра,

Пра чырвонцы ёй гудзе.

…Вось дзяцей сабралась куча,

Крык паднялі, як гракі;

Вабяць хлопцаў вось, ідучы,

Ўжо «начныя матылькі».

Пасядзеў я з паўгадзіны,

Але болей-то ня мог:

Грак нацэліўся з асіны

Мне на шапку, каб ён здох!

З той пары (кажу я верна,

Ты, чытач, хоць вер ня вер),

Аж вантробы зь мяне верне,

Як уздумаю пра «сквэр».

Калі верыць байкапісцу, ён вытрываў у сквэры толькі паўгадзіны й больш да фантана не хадзіў. Відаць, толькі дзякуючы гэтаму на пяро сатырыка не патрапіў амэрыканскі бэйсбол.

Супрацоўнікі АРА мелі магчымасьць замаўляць для сябе праз Маскоўскую штаб-кватэру рэчы й прадукты. У Менску ўжо працаваў сакратар акругі Джордж Шрэмэл, на дапамогу Ралфу Герцу ў ліпені прыбыў яшчэ адзін лекар, Фрэнк Вілі. Кіраўнік акругі Доналд Гардзі выпісаў сабе спартовы рыштунак: бэйсбольную біту, два мячы, тэнісную сетку й ракеткі, пару баксэрскіх пальчатак. Мінакі ў сквэры маглі назіраць за дзіўнымі амэрыканцамі, якія спрабавалі пацэліць драўлянай дубінай па мячыку.

Гатэль «Парыж», дзе спыніліся амэрыканцы, меў салідную рэпутацыю да вайны, але пасьля некалькіх акупацыяў пазалота аблупілася.

Ад «Парыжу» да другога Дому саветаў, дзе на рагу Магазыннай і Губэрнатарскай[44] месьцілася кантора АРА (Губэрнатарская, 23)[45], было пяць хвілін пешкі. Аднак амэрыканцы былі незадаволеныя — рэч была не ў адлегласьці.

У траўні 1922 у Менск з Масквы ненадоўга прыехаў дырэктар АРА палкоўнік Ўільям Гаскел. Ён агледзеў склады, офісы, пазнаёміўся з апэрацыямі Менскай акругі й сустрэўся з упаўнаважаным Мар’янам Стакоўскім. Перад гэтым Гаскел на свае вочы пабачыў умовы жыцьця пэрсаналу, пра якія раней у Маскву пісаў Гардзі:


У нас пакоі ў гатэлі бяз ваннаў, бязь месца для харчаваньня, без адпаведных туалетаў. У менскіх рэстаранах часта няма дроваў, і мы мусім самі гатаваць у гатэльных пакоях. Мы зрабілі заяўку на адзін будынак, які пустуе ўжо тры месяцы, але ня маем адказу.


Гардзі нават завёз Гаскела й паказаў яму будынак:


Гэта былы маленькі шпіталь, чысты, вольны, усяго адзін паверх. Чатыры з адзінаццаці пакояў замалыя нават для спальняў; плюс там бы месьціўся кухар, прыбіральшчыца, камэндант і склад.


Менскія ўлады быццам пагаджаліся на пераезд араўцаў у шпіталь, але давалі ім толькі частку памяшканьняў: рэшта прызначалася для іншых жыхароў. Араўцам намякнулі, што пытаньне можа вырашыць толькі ўсёмагутны Фэлікс Дзяржынскі.

Па вяртаньні ў Маскву Гаскел накіраваў ліст прадстаўніку савецкага ўраду Эйдуку:


У Менску ёсьць дом, што стаіць вольны ўжо тры месяцы й быў абяцаны для АРА за выняткам аднае часткі, якую ўлады хочуць пакінуць для сябе. Вельмі нязручна мець дом, так падзелены, і, здаецца, няма сур’ёзных падставаў не перадаць нам памяшканьне цалкам. Падставы для гэтага настолькі дзіўныя, што, я ўпэўнены, яны не атрымаюць вашай згоды. Мне сказалі, што, калі Масква дасьць распараджэньне перадаць дом цалкам АРА, яно будзе выкананае. Здаецца, мясцовыя паліцэйскія ўлады маюць пярэчаньні супраць перадачы дома цалкам, і я зьвяртаюся да вас з просьбай папрасіць сп. Дзяржынскага ці іншую маскоўскую ўстанову даць менскай міліцыі распараджэньне перадаць дом.


«Дзіўныя падставы» й зварот да Дзяржынскага тлумачыліся адной архітэктурнай асаблівасьцю ўпадабанага дома — агульнай сьценкай з турмою менскай ЧК.

Эйдук, аднак, зьвярнуўся з запытам не на Лубянку да Дзяржынскага, а ў Менск да Стакоўскага. Адказ зь Беларусі быў падрыхтаваны імгненна, перасланы ў Маскву Эйдуку, і той, у сваю чаргу, накіраваў яго кіраўніцтву АРА. Доналд Гардзі потым адзначаў:


З майго досьведу працы са славянамі, у іх належным чынам аформленая папера ці пратакол ёсьць вырашэньнем усіх праблемаў; пячатка, верагодна, важнейшая за праўду.


У адказ на амэрыканскія просьбы Стакоўскі прасіў Эйдука паінфармаваць АРА ў Маскве пра тое, што Менск быў тройчы пад акупацыяй і амаль зруйнаваны. Паводле Стакоўскага, АРА ў Менску мае дадатковыя офісныя памяшканьні, а добрых канцылярскіх сталоў няма нават ва ўрадавых установах. Што да звычайных сталоў, дык Гардзі можа атрымаць колькі хоча. Дываны, дарожкі, габэлены й мяккую мэблю Стакоўскі раіў набыць на рынку: ва ўраду нічога гэтага няма.

Гардзі, якому пераслалі адказ, не паверыў сваім вачам:


Мы маем справу з фактамі, і гэта не тлумачэньне, гэта алібі.


Менская кантора не атрымала дадатковых памяшканьняў, таму мусіла зачыніць адзін склад і аддаць плошчу пад канцылярыю. АРА ў Беларусі не прасіла ані дываноў, ані мяккай мэблі, але дамагалася ад мясцовага начальства ўсіх узроўняў, ад Чарвякова й ніжэй, сталоў і крэслаў. Гардзі падлічыў, што цягам чатырох месяцаў ён напісаў і адправіў 23 заяўкі на мэблю, — атрымана было тры сталы.

Кіраўнік Менскай акругі даводзіў:


Спадзяюся, я не згушчаю фарбы. Мы працуем не складаючы рук і не зважаем на асабістыя нязручнасьці дзеля таго, каб выканаць сваю працу. Маем выдатную дапамогу ад мясцовага пэрсаналу, які захоўвае вылучную ляяльнасьць. Аднак мы сапраўды лічым, што ўрад не выконвае сваёй часткі абавязкаў.


У сваім адказе ў Маскву Стакоўскі таксама згадваў жытло для амэрыканцаў:


Патрабаваньне перадаць тром супрацоўнікам АРА цэлы дом немагчыма выканаць з-за нястачы жыльлёвых памяшканьняў. Мы прапануем шэсьць пакояў для трох прадстаўнікоў АРА.


Гардзі недаацэньваў Стакоўскага, калі пісаў, быццам правільна аформлены пратакол і пячатка для славянаў замяняюць справу. Стакоўскі не абмежаваўся адказам на паперы. Цягам тыдня ў спрэчным доме зьявіліся новыя жыхары: камэндант з жонкай і прыслуга, якія занялі два пакоі. З Масквы прыбыў новы супрацоўнік прозьвішчам Блехер, які заняў новаўведзеную пасаду памочніка ўпаўнаважанага ў сувязях з ЧК. Такім чынам, пяць найлепшых пакояў былі занятыя.

Амэрыканцам была прапанаваная рэшта, якая не прымыкала да турмы. Зьбянтэжаны Гардзі пісаў у Маскву, што водаправодны кран, туалет і адзіная кухонная пліта месьцяцца толькі ў адным канцы дома, і ўсе жыхары мусяць хадзіць праз агульныя пакоі.

Дырэктар АРА Гаскел ізноў пайшоў на сустрэчу з Аляксандрам Эйдукам:


Я намаляваў яму плян і патлумачыў усе дэталі, і ён сказаў, што неадкладна зоймецца гэтай справай. Вядома, гэта толькі абяцаньне й я не чакаю вельмі хуткіх дзеяньняў. Мы ўздымаем гэтае пытаньне на кожнай сустрэчы, і ён паабяцаў абмеркаваць справу з ЧК і паглядзець, што можна зрабіць.


Супрацоўнікі АРА хацелі жыць асобна, без суседзяў. Калі стала ясна, што ўлады не дазволяць, каб амэрыканцы мелі агульную сьценку з турмой, Гардзі прапанаваў пакінуць пустымі й апячатаць тры памяшканьні, якія беспасярэдне прымыкалі да вязьніцы. Адказу ад Стакоўскага не было.

Тымчасам у Маскве памянялася кіраўніцтва. 19 ліпеня 1922 з Масквы ў Менск прыйшла тэлеграма за подпісам новага ўпаўнаважанага Карла Ландэра:


Прадстаўнікі АРА ў Менску просяць перадаць ім мясцовы дом зьняволеньня, а зьняволеных, якія чакаюць суду, перавесьці ў іншае месца. Я лічу, што гэтую просьбу можна задаволіць. Аддайце неабходныя загады й паведаміце мне.


Ландэр таксама тлумачыць, як кантраляваць разьмеркаваньне мэдыкамэнтаў, не дапускаць самавольных паездак амэрыканцаў па Беларусі. Чаму зьмянілася пазыцыя Масквы, можна здагадацца з другой часткі тэлеграмы, якая сканчаецца празрыстым указаньнем:


У будучыні вырашайце такія праблемы на месцы, не дапускаючы скаргаў у цэнтар, бо гэта ўскладняе справы.


Начальства не хацела канфліктаў. Скаргі Гардзі, хадайніцтвы кіраўніка АРА Гаскела, намаганьні дайсьці да найвышэйшых чыноў быццам далі плён. Але ў Менску добра ведалі, якія загады Масквы трэба выконваць без абмеркаваньня, а зь якімі можна не сьпяшацца.

Жыцьцё маленькай амэрыканскай калёніі ў Менску працягвалася. У канцы чэрвеня доктар Герц на тыдзень выехаў у Варшаву й Прагу. Доктар Вілі, які прыбыў у акругу, пачаў уваходзіць у курс справаў. Усе мэдычныя даставы для Віцебску й Гомелю йшлі празь Менск, і дапамога другога лекара-амэрыканца была больш чым дарэчы. Штаб-кватэра тэлеграфам запатрабавала ацаніць аб’ём вакцынацыі. Бяз Герца Гардзі здолеў паслаць толькі прыблізны адказ: 130 тысяч вакцынаў ад халеры й 50 тысяч ад вятранкі.

У вольны час араўцы гулялі ў бэйсбол, выяжджалі за горад, хадзілі на барахолкі, дзе, нягледзячы на ўсе войны й рэвалюцыі, можна было знайсьці цікавы антыкварыят і творы мастацтва. Амэрыканцы давалі добрыя грошы й лічыліся зайздроснымі кліентамі. Аднак на мытні ў Негарэлым араўцаў таксама добра ведалі й абшуквалі старанна: здаецца, не засталося ніводнага чалавека зь Менскай акругі, у каго калі-небудзь не канфіскавалі б рэчы ці грошы. Сярод канфіскату — парцалянавыя вазы й срэбны каўкаскі кубак, бінокль «Цэйс» і акварэлі, чарнільны набор. Забіралі даляры, калі яны не былі аформленыя, фотаапараты; рабілі асабісты вобшук. Пратэсты звычайна мала што давалі.

Працягвалася зацяжная вайна з памочнікам Стакоўскага Блехерам, які афіцыйна адказваў за сувязь з ЧК. Перайменаваная ў ГПУ, гэтая арганізацыя мела свой інтэрас да замежнай дапамогі.

У ліпені двое чальцоў кіраўніцтва АРА, Браўн і Рыкард, ехалі празь Менск у Варшаву. Найхутчэйшы спосаб — дабрацца на аўтамабілі да Стоўпцаў на польскім баку мяжы й там сесьці на варшаўскі цягнік. Кіраўнік акругі Гардзі й лекар Герц вырашылі скарыстаць нагоду для абмеркаваньня працы ў Беларусі й паехаць да Стоўпцаў разам. Ім паабяцалі бесьперашкодны праезд празь мяжу — але супрацоўнік ЧК, адказны за дазвольную пячатку, нечакана зьнік. Гардзі запэўнілі, што неабходны дазвол будзе выдадзены на мяжы. Блехер, які таксама меўся ехаць, мусіў застацца: з-за багажу ў машыне не было месца.

У Негарэлым амэрыканцаў чакала тэлеграма ГПУ: калі на мяжы зьявяцца містэры Гардзі й Герц бязь візаў, іх трэба арыштаваць і пад аховай вярнуць у Менск. Тэлефанаваньні ў сталіцу нічога не далі. Гардзі й Герц правялі ў Негарэлым шэсьць гадзінаў у чаканьні шафёра са Стоўпцаў. Калі амэрыканцы вярнуліся ў Менск, адзін з супрацоўнікаў пераказаў ім словы Блехера, сказаныя наўздагон падарожнікам:


Я гарантую, што зраблю так, што Герца й Гардзі не прапусьцяць празь мяжу.


Гардзі пайшоў на сустрэчу са Стакоўскім, выклаў інцыдэнт і запатрабаваў звальненьня Блехера. Той пагадзіўся, што выглядае ўся гісторыя нядобра, і паабяцаў разабрацца. Праз два тыдні Гардзі атрымаў афіцыйны адказ:


Я правёў расьсьледаваньне выпадку ў Негарэлым і знайшоў, што Блехер ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Забарона на перасячэньне мяжы была выдадзеная ГПУ, якое ахоўвае дзяржаўныя межы й не дазваляе перасякаць іх без спэцыяльнага дазволу. Я ведаю, што ўсе ўрады маюць абавязковыя правілы выезду за мяжу, і я дзіўлюся, што вы ня ведаеце, што ў Расеі такія правілы таксама існуюць.


Якраз напярэдадні адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт. У Ігумене[46] быў затрыманы Фрэнк Вілі. Прычынай арышту стала адсутнасьць камандзіровачнага пасьведчаньня ад упаўнаважанага. Улады не хацелі бескантрольных паездак амэрыканцаў з інспэкцыямі, і Стакоўскі настойваў, каб штораз супрацоўнікі АРА зьвярталіся па дазвол.

Не мінула й месяца пасьля інцыдэнту ў Негарэлым, як усё амаль паўтарылася. Супрацоўнікі Маскоўскай штаб-кватэры Флэш і Морсэ спрабавалі дабрацца на менскім аўтамабілі АРА зь мясцовым шафёрам да Стоўпцаў, каб там сесьці на варшаўскі цягнік. Была пятніца. На гэты раз, нягледзячы на папярэднія дамоўленасьці, празь мяжу не пусьцілі шафёра. Амэрыканцы заселі ў Негарэлым на паўтара дня.

Гардзі спрабаваў атрымаць дапамогу ў Чарвякова, але таго не маглі знайсьці. Тады кіраўнік Менскай акругі зьвярнуўся да начальніка ГПУ Ольскага, які, аднак, не пажадаў мець справу беспасярэдне з амэрыканцамі й даў адказ праз сакратара Стакоўскага. Гэта была трэцяя адмова цягам аднаго дня.

Доналд Гардзі паслаў у Негарэлае новага шафёра, якога абяцалі прапусьціць. На мяжы яго абшукалі, і Блехер сканфіскаваў два лісты Гардзі: адзін Флэшу з прабачэньнямі, другі — Морсэ з просьбай купіць у Варшаве фотапаперу. У канвэрт былі ўкладзеныя 5 даляраў. Гардзі паслаў скаргі ў Маскву й Стакоўскаму. Праз тыдзень упаўнаважаны пісьмова паабяцаў, што Блехер больш ня будзе працаваць з амэрыканцамі беспасярэдне.

Блехер, аднак, захаваў пасаду памочніка Стакоўскага, адказнага за сувязі з ГПУ да заканчэньня працы АРА ў Беларусі. ГПУ ўмела працаваць з амэрыканцамі й не напрасткі[47].

Гатэль «Парыж», у якім пасяліліся амэрыканцы ўзімку адразу пасьля прыезду, улетку перайменавалі ў «Савецкі», а яны ўсё яшчэ жылі на апошнім паверсе, бязь ліфта, у пакоях без туалетаў і рукамыйнікаў. Але на іх паверсе зьявіліся новыя твары. Сакратар акругі Джордж Шрэмэл стаў праводзіць усё больш часу з упадабанай дзеўчынай, якая таксама працавала ў канторы АРА, і ўрэшце прапанаваў ёй руку й сэрца. Шлюб зарэгістравалі ў менскай канторы загсу. Шрэмэлы сталі жыць разам.

Напрыканцы жніўня Джордж Шрэмэл сур’ёзна захварэў і ў суправаджэньні лекара быў вымушаны выехаць на лячэньне ў Бэрлін. Жонка засталася жыць у гатэлі ў чаканьні ягонага вяртаньня. У Менск Шрэмэл не вярнуўся. У кастрычніку АРА дапамагла ягонай жонцы выехаць на новае месца працы мужа ў Парыж.

У гатэлі часам зьнікала вада, затое адміністрацыя гарантавала бясьпеку: на ўваходзе пастаянна дзяжурылі чырвонаармейцы й на адным паверсе з заможнікамі пасяліўся агент ГПУ.

9 Гардзі ад’яжджае: разьвітаньне пад музыку ГПУ


Нарэшце новы дом. — Нечаканая адстаўка. — Прыезд Чарлза Ўілабі. — Ператрус падчас банкету. — Дзіўныя рабаўнікі. — Прыбіральня пад наглядам. — Занадта хуткі арышт


А 5-й вечара ў пятніцу 20 кастрычніка 1922 у памяшканьні менскай канторы АРА пачынаўся банкет. Былі запрошаныя наркам асьветы Ігнатоўскі, наркам аховы здароўя Яфэ, наркам сацзабесьпячэньня Мар’ясін, старшыня гарвыканкаму Гетнэр, прадстаўнікі іншых установаў, якія атрымлівалі дапамогу. Для банкету было дзьве нагоды. Першая сьвяточная — улады нарэшце знайшлі новы будынак для амэрыканскага пэрсаналу ў цэнтры, недалёка ад вакзалу ў Захар’еўскім завулку ў доме № 3[48]. Празь дзевяць месяцаў пасьля прыезду, калі тэрмін працы ў Беларусі пераваліў за палову, араўцы рыхтаваліся пакінуць гатэль.

Аднак Доналд Гардзі пераначаваў у доме, якога так настойліва дамагаўся, толькі адну ноч.

Напачатку кастрычніка кіраўнік акругі атрымаў вымову за нерэгулярную справаздачнасьць і ігнараваньне запытаў штаб-кватэры. Гардзі тлумачыў гэта цяжкасьцямі апошніх двух месяцаў:


У мяне не было сакратара ад 15 жніўня, калі захварэў Джордж Шрэмэл, які ад 6 верасьня шпіталізаваны ў Бэрліне. Назад ён ня вернецца, замены нам не прыслалі, а знайсьці добрую машыністку з ангельскай мовай пакуль не ўдалося. Я толькі падняўся з ложка пасьля двух тыдняў хваробы й чакаю на адпачынак з нагоды здароўя[49]. Увесь гэты час я стараўся з дапамогай доктара Герца кіраваць апэрацыямі, лежачы хворы ў ложку, без амэрыканскага намесьніка й амэрыканскага сакратара. Доктар Герц вельмі заняты адно мэдычнай працай, а доктар Вілі часьцей за ўсё ў дарозе альбо ў Гомель альбо ў Віцебск.


Да ліста Гардзі прыклаў нарэшце падрыхтаваныя патрэбныя дакумэнты — графік руху ўцекачоў, табліцу выдачы пасылак, структуру менскай АРА, транспартны графік грузаў, табліцу разьмеркаваньня мэдычных матэрыялаў, карту аб’ектаў, якім аказваецца дапамога. Два дакумэнты не былі гатовыя — Стакоўскі ўжо тры месяцы цягнуў з эканамічнымі зьвесткамі, і Гардзі ня меў часу напісаць агляд гісторыі АРА ў Менску ад студзеня да восені. Аднак узамен ён прыклаў фотаальбом, дзе, як ён пісаў, на сорак адным здымку адлюстраваная ўся гісторыя апэрацыяў у акрузе.

Асобна Гардзі адрасаваў ліст кіраўніку АРА палкоўніку Гаскелу з просьбай даць адпачынак на паўтара месяца для папраўкі здароўя.

Адказ Гардзі атрымаў якраз напярэдадні перасяленьня ў новы дом для амэрыканскага пэрсаналу. З Масквы зь лістом кіраўніцтва АРА прыбыў Чарлз Ўілабі: Доналда Гардзі адклікалі з працы ў Менску, ягоную пасаду займаў Ўілабі.

У кастрычніку Менская акруга з насельніцтвам менш за 2 мільёны выйшла на чацьвёртае месца ў выдачы харчовых пасылак сярод усіх 17 акругаў АРА. Гэта сталася магчымым дзякуючы эфэктыўнасьці працы — ад збору паштовак да складаваньня й даставы пасылак адрасатам, якую арганізаваў, нягледзячы на ўсе перашкоды, Гардзі. Ён зьвяртаўся толькі па дазвол выехаць у Бэрлін на адпачынак і лячэньне й прасіў часовае замены. Ўілабі, аднак, прыбыў з паўнамоцтвамі пераймаць справы на стала.

Гардзі папрасіў дазволу прыехаць у Маскву па тлумачэньні. Яму адмовілі й загадалі вяртацца ў Лёндан, у Эўрапейскую штаб-кватэру АРА.

Уваходзіны давялося сумяшчаць з праводзінамі.

…На разьвітальным банкеце на адрас першага кіраўніка акругі было выказана шмат добрых словаў. Пасьля афіцыйнае часткі араўцы й некаторыя госьці разам са Стакоўскім і ягонай жонкай пайшлі на Захар’еўскі завулак, у новы, яшчэ незаселены дом для амэрыканскага пэрсаналу, дзе праводзіны працягваліся.

Тое, што адбывалася ў разьвітальны пятнічны вечар у былым «Парыжы», а тады гатэлі «Савецкі», новы кіраўнік Менскай акругі Чарлз Ўілабі падрабязна апісаў у панядзелак:


У пакоях сп. Гардзі й лекара Герца быў зроблены ператрус. Вісячы замок на дзьвярох пакою Гардзі быў сарваны, унутраны замок зламаны. Замок на дзьвярох Герца таксама быў зламаны. Гэтыя два пакоі месьцяцца па суседзтву. Гэтаксама суседзіць зь імі пакой спадарыні Шрэмэл, расейскай жонкі амэрыканца — былога сакратара гэтай акругі. Яна прысутнічала на прыёме, яе пакой ня быў узламаны й ператрэсены.


Гардзі спакаваў увесь багаж напярэдадні ад’езду. Багаж Герца быў падрыхтаваны для суботняга пераезду ў новы дом для пэрсаналу.

Пакуль ішоў прыём у новым доме, усе валізкі заставаліся ў гатэлі без нагляду. Увогуле ўлады няблага ведалі маёмасьць амэрыканцаў і безь ператрусу. Напачатку дзейнасьці ў Расеі АРА атрымала наступную дырэктыву ад уладаў:


Паінфармуйце, калі ласка, усіх супрацоўнікаў АРА, хто мае фатакамэры, біноклі, друкавальныя машынкі й да т. п.: па прыезьдзе ў Расею яны павінны неадкладна паведаміць наш адміністрацыйны аддзел пра вышэйзгаданыя рэчы, прывезеныя з-за мяжы. Заява на дазвол вывозіць гэтыя рэчы павінна падавацца не пазьней чым за тры дні да ад’езду.


Заможныя іншаземцы ў краіне, якая толькі перажыла некалькі гадоў вайны і ўзброеных забурэньняў, не маглі пачувацца цалкам бясьпечна. Доналд Гардзі, некаторыя іншыя араўцы мелі сваю зброю, афіцыйна зарэгістраваную. Аднак у Менску таямнічыя рабаўнікі паводзілі сябе дзіўнавата. Ўілабі паведамляў:


У пакоі Гардзі ўзломнікі абшукалі гарнітуры й выцягнулі запасныя ключы, але пакінулі ў кішэні 200 даляраў. Не хапіла ключа да аднаго чамадана; ён быў узламаны. Іншыя чамаданы й скрынкі былі адамкнёныя альбо адчыненыя з дапамогай ключоў. У адным з чамаданаў дыямэнты на суму каля 500 даляраў былі адкінутыя ўбок, але ўзяты нататнік. Зь дзёньніка Гардзі пра ягоную працу ў Менску вырваная частка аркушаў, затым дзёньнік вернуты на месца. Зьніклі: некалькі лістоў, камандзіровачныя пасьведчаньні, канвэрт з польскім адрасам, састарэлы польскі пашпарт, асабістая цыдулка ад спадара Кўіна, ліст у справе ягонага ад’езду й г. д. Таксама прапалі пара запінак, заколак для кашуляў і рэвальвэр.


Ўілабі адзначаў красамоўную дэталь: срэбны посуд, футра, сувэніры з Польшчы й Расеі ды іншая каштоўная біжутэрыя засталіся на месцы. Быў ня толькі ператрэсены ўвесь багаж, але й зьнятая насаўка з матраца:


У пакоі доктара Герца ўзломнікі знайшлі ключ ад чамадана, адамкнулі й забралі ўсе яго працоўныя паперы за выняткам мэдычнай справаздачы. Зьніклі: фотаапарат «Кодак» з праяўленымі й непраяўленымі стужкамі, 415 даляраў ды іншая замежная валюта.


Гатэль «Савецкі», як вынікала зь ягонае назвы, быў не прыватнай, а дзяржаўнай уласнасьцю. Дырэктар і ўвесь пэрсанал былі савецкімі службоўцамі й прызначаліся на працу ўладамі. Ўілабі, які таксама спыніўся ў гэтым гатэлі ў чаканьні пераезду ў новы дом, апісаў свае назіраньні:


Да прыбіральні ані ўдзень, ані ўначы не прайсьці без таго, каб мяне нехта ня бачыў. Чырвонаармейцы сустракаюцца на кожным паверсе ў любую пару дня й ночы. Увечары ў пятніцу ўзломнікі ня толькі ўвайшлі ў гатэль, падняліся па лесьвіцы на апошні паверх, але і ўзламалі дзьверы, узламалі адзін чамадан, перавярнулі дагары нагамі два пакоі й выйшлі незаўважаныя.


Пасьля агледзінаў ператрэсеных пакояў і багажу Чарлз Ўілабі накіраваўся ў дом, дзе жыў упаўнаважаны Стакоўскі:


Я сказаў яму, што, па-мойму, гэтага ня мог зрабіць ніхто, апроч агентаў ураду; што супрацоўнік ГПУ жыве праз два пакоі ад Гардзі, і, калі Гардзі й Герц вярнуліся й пабачылі ператрус, яны паклікалі яго. Ён адказаў, што ня чуў ніякага незвычайнага шуму. Я сказаў, што амэрыканскія грошы, амэрыканскі пашпарт, дыямэнты Гардзі былі адсунутыя ўбок, і зьніклі толькі прыватныя запісы; што ахова гатэлю ў любы час рэагуе на незвычайныя гукі, і, калі б кіраўніцтва гатэлю ня мела супрацьлеглых указаньняў, ахоўнікі зрэагавалі б на шум пры ўзломе двух пакояў.


Стакоўскі пагадзіўся неадкладна адправіць тэлеграму Ландэру з просьбай прыслаць спэцыяльную сьледчую камісію з Масквы. Але падзеі разгарнуліся хутчэй:


А 3-й гадзіне раніцы агенты Беларускай Рэспублікі ўвайшлі ў пакой загадчыка мэдычных складоў, які быў нашым перакладчыкам падчас допыту ў гатэлі, арыштавалі яго й заявілі, што знайшлі ў пары ягоных штаноў ля ложка партманэт доктара Герца, у якім была 21 тэлефонная картка доктара Герца. Загадчык цяпер у турме ЧК.


Амэрыканцы не паверылі ў хуткі арышт сапраўднага злачынцы й настойвалі на камісіі з Масквы. Разьлік быў на тое, што сталічнае начальства прымусіць мясцовае хаця б вярнуць скрадзеныя рэчы. Спадзевы аказаліся марныя.

Так разьвітаўся Менск зь першым кіраўніком акругі АРА ў Беларусі Доналдам Гардзі[50].

10 Страйк у АРА: памылка Сэдрыка Сьміта


Гонар жанчыны. — Пабілі шафёра. — Ультыматум прафсаюзаў. — Сьпяваюць «Інтэрнацыянал». — Штрэйкбрэхеры будуць галадаць. — Газэтная кампанія. — Канфідэнцыйная прыпіска. — Сьміт зьяжджае


Толькі-толькі скончыўся першы месяц працы ў Менску новага кіраўніка акругі Чарлза Ўілабі, калі выбухнуў скандал, у якім зьмяшаліся ў адно жанчыны, палітыка й клясавая барацьба. З газэтных старонак у Менску скандал перакінуўся ў Маскву, і ягонае рэха дакацілася да амэрыканскай прэсы. Загалоўкі паўсюль былі аднолькавыя: страйк у АРА.

25 лістапада 1922 газэты «Савецкая Беларусь» і «Звезда» надрукавалі карэспандэнцыю пра падзеі ў менскай канторы АРА. Паведамленьне ў «Звезде», падпісанае псэўданімам Праўдзін, заняло чвэрць газэтнай паласы.


Страйкоўцы патрабуюць пакараньня асобы, што дазволіла сабе ўжыць мэтады кулачнай расправы, якія дапушчальныя ў краінах, дзе ва ўладзе не знаходзяцца бальшавікі. Але даўно выйшлі з моды там, дзе ва ўладзе знаходзяцца бальшавікі, гэтак нелюбімыя панам Сьмітам.


Новы намесьнік кіраўніка акругі Сэдрык Сьміт, які за некалькі тыдняў перад тым прыбыў у Менск з Самары, бальшавікоў не любіў. Ён таксама не выносіў, калі пры ім абражалі жанчын. Напярэдадні ў новым доме, куды з гатэлю перасяліліся супрацоўнікі акругі, са згоды Чарлза Ўілабі адна госьця атрымала дазвол пераначаваць у вольным пакоі. Ўілабі мусіў апраўдвацца перад начальствам у Маскве:


Менск — горад, дзе поўна чутак. У суседніх пакоях жыў абслуговы пэрсанал, і я ведаў, што мясцовыя супрацоўнікі мусяць усё дакладваць камэнданту. Але спадзяваўся, што поўная адкрытасьць гасьцяваньня сама сабою засьцеражэ ад плётак.


Наступнай раніцай шафёр Ігнат Падбярозка пачаў расказваць пра начную оргію з удзелам трох амэрыканцаў. Ўілабі запрасіў шафёра для тлумачэньняў; той спаслаўся на аповед прыбіральшчыцы. Падбярозка некалькі гадоў працаваў у Амэрыцы, гаварыў па-ангельску, але ня надта добра. Ўілабі папрасіў яго прыйсьці зь перакладчыкам, але, на няшчасьце, па дарозе іх сустрэў Сьміт.

Дачыненьні між Падбярозкам і Сьмітам былі досыць напружаныя. Аднойчы Сьміт перадаў шафёру заданьне на выезд. Той толькі скончыў разгрузку свайго аўтамабіля й паслаў Сьміта к чортавай матары, заявіўшы, што нікуды болей не паедзе. Сьміт у адказ недыпляматычна паабяцаў набіць шафёру пысу, калі той яшчэ хоць раз так яму адкажа. Падбярозка напісаў пісьмовую скаргу, але справа далей за словы не пайшла. На рэзкае пытаньне Сьміта пра чуткі Падбярозка заявіў, што нічога нікому не казаў. Гутарка не зацягнулася. Разьюшаны Сьміт закаціў поўху, потым другую. Шафёр схаваўся пад стол. Калі Сьміт паспрабаваў выцягнуць яго, той вырваўся й кінуўся да прафсаюзнага начальства.

У гэты ж дзень Ўілабі атрымаў пратэст ад Саюзу дзяржаўных і прыватных службоўцаў:


Саюз лічыць, што выпадкі зьбіцьця гаспадаром свайго працаўніка нецярпімыя, асабліва на тэрыторыі РСФСР, і таму лічыць неабходным зьвярнуць вашую ўвагу на наступныя патрабаваньні:

1. Запатрабаваць ад сп. Сьміта публічна папрасіць прабачэньня ў Падбярозкі.

2. Звольніць сп. Сьміта з працы ў АРА.

3. Пагадзіцца на перадачу справы ў суд.

4. Саюз таксама лічыць, што сп. Сьміт ня можа надалей знаходзіцца на тэрыторыі РСФСР.

Мы шлём вам нашыя мінімальныя патрабаваньні ў сувязі з агідным інцыдэнтам, і з гэтай нагоды Саюз заяўляе катэгарычны пратэст супраць такіх некультурных паводзінаў афіцыйнай асобы АРА. Такія выпадкі могуць здарацца ў самых беззаконных і буржуазных краінах. Спадзяемся, што ў вашай асобе Саюз атрымае поўную падтрымку сваіх справядлівых і законных патрабаваньняў. Таксама дазвольце паведаміць, што мы будзем настойваць на гэтых патрабаваньнях усімі сродкамі, даступнымі Саюзу, у тым ліку абвяшчэньнем страйку пратэсту, які будзе працягвацца аж да задавальненьня нашых патрабаваньняў.


У той дзень у канторы АРА ўпершыню прагучалі пагрозьлівыя радкі рэвалюцыйнага гімну: «Паўстань, пракляцьцем катаваны! Паўстань, хто з голаду век пух!» Удзельнікі сходу аднадушна прагаласавалі за спыненьне выдачы харчу й лекаў апухлым з голаду й ад хваробаў і стоячы прасьпявалі «Інтэрнацыянал»[51].

25 лістапада газэта «Звезда» паведаміла:


Страйк прызначаны на заўтра, на першую гадзіну дня. Раніца даецца адміністрацыі АРА на выкананьне чатырох умоваў прафсаюзу савецкіх працаўнікоў.


Чарлз Ўілабі прыняў дэлегацыю прафсаюзу, але адмовіўся ня толькі выканаць іх патрабаваньні, але нават абмяркоўваць канфлікт. Было заяўлена, што ўсе праблемы АРА вырашае вылучна з прадстаўніком ураду Мар’янам Стакоўскім. Да абеду ніводнае з патрабаваньняў не было задаволена.

Ўілабі пісаў у штаб-кватэру ў Маскву:


Сход быў тыпова савецкі. Больш за 60 % супрацоўнікаў выступалі супраць страйку й лічылі, што справу павінен вырашыць Стакоўскі са мной разам. Прафсаюзныя функцыянэры знаходзіліся ва ўсіх куткох і дапільноўвалі, каб усе галасавалі. Старшыня сходу патлумачыў, што той, хто галасуе супраць страйку, ёсьць ворагам працоўнага ўраду — штрэйкбрэхерам, і заслугоўвае страціць працу й галадаць. Бальшыня супрацоўнікаў — жанчыны. На іх было лёгка паўплываць, і яны прагаласавалі за страйк.


А першай гадзіне дня ўсе амэрыканскія склады й кантора ў Менску былі зачыненыя. Людзям, якія прыйшлі па пасылкі й лекі, тлумачылі, што тут ідзе барацьба супраць эксплюататараў, і калі АРА адновіць працу — невядома. Многія прыяжджалі па дапамогу здалёк і не маглі заставацца нанач, у шпіталёх чакалі на лекі, многія дзіцячыя дамы існавалі вылучна на араўскім рацыёне. Прафсаюзнае начальства адсылала самых нецярплівых да амэрыканцаў — яны ва ўсім вінаватыя.

Чарлз Ўілабі й Фрэнк Вілі неадкладна адправіліся на вуліцу Ўрыцкага, дзе ў доме № 3 месьцілася кантора ўпаўнаважанага Мар’яна Стакоўскага. Пачатак перамоваў атрымаўся ня надта ўдалы. Не пасьпелі бакі прыступіць да справы, як у дзьверы пастукалі: у АРА новы канфлікт, Сьміт выставіў за дзьверы аднаго з кіраўнікоў мясцовага прафсаюзу. Той занёс у дом, дзе жылі амэрыканцы, ключы й інструмэнты, пачаў спрачацца са Сьмітам, які раззлаваўся й выгнаў гаваркога актывіста.

Цягам пяці гадзінаў Ўілабі й Вілі вялі перамовы са Стакоўскім. Упаўнаважаны заявіў, што ня мае паўнамоцтваў спыніць страйк, але паспрабуе зрабіць што зможа. Для гэтага трэба прапанаваць прафсаюзу нейкія саступкі.

Упершыню прапанова заключыць дамову між беларускімі прафсаюзамі й АРА паступіла кіраўніку акругі яшчэ ў траўні. Дамова складалася з 34 пунктаў, якія рэгулявалі працу пэрсаналу ў савецкіх установах. Прафсаюзы заяўлялі, што мясцовы пэрсанал галадае, і патрэбавалі ня міласьціны, а сапраўднага заробку, аплаты хваробаў і дэкрэтных адпачынкаў, гарантаваных месячных адпачынкаў з поўнай аплатай і кампэнсацыі за звышурочную працу.

Аўтары ліста таксама патрабавалі прызнаньня абавязковымі ўсіх інструкцыяў і пастановаў у галіне працы, якія выдае ўрад і прафсаюзы. Ліст заканчваўся папярэджаньнем:


Прафсаюз лічыць памылковым нежаданьне АРА заключыць дамову й просіць цягам трох дзён даць станоўчы адказ на згаданыя пункты; у выпадку адмовы прафсаюз ня зможа палагодзіць сытуацыю нармальным шляхам.


Тады ж, у траўні, кіраўнік Менскай акругі пераслаў ліст у Маскву з кароткім камэнтаром: заявы пра супрацоўнікаў, якія галадаюць, — яўнае перабольшаньне[52], заробкі пэрсаналу цалкам сувымерныя зь мясцовымі даходамі. Дачыненьні ўнутры АРА нармальныя, скаргаў на аплату не паступала, і ўсё пытаньне інсьпіраванае прафсаюзам[53].

Паводле пагадненьня ў Рызе, АРА ня мусіла заключаць пагадненьні з савецкімі прафсаюзамі: усе канфлікты трэба было вырашаць з афіцыйнымі ўладамі. Афіцыйныя ўлады на месцах, аднак, добра памяталі ўнутрыпартыйную палітычную барацьбу з нагоды прафсаюзаў, якая цягнулася ўвесь папярэдні год і скончылася сакрушальнай паразай часткі найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Трэба было быць асьцярожным — амэрыканцы зьедуць, а прафсаюзы застануцца.

Упаўнаважаны ўраду Мар’ян Стакоўскі прапанаваў Чарлзу Ўілабі тое самае, што й прафсаюз: звольніць Сьміта, забараніць яму прыходзіць у кантору, амэрыканскаму боку напісаць ліст з афіцыйнымі прабачэньнямі.

Ўілабі паведамляў у Маскву:


Я патлумачыў Стакоўскаму, што ня маю паўнамоцтваў звальняць супрацоўнікаў, а забарона Сьміту зьяўляцца ў офісе выглядала б менавіта як звальненьне. Што да прабачэньня, дык каб Стакоўскі сам быў на месцы Сьміта, пад гарачую руку ён зрабіў бы тое самае.


Мінала гадзіна за гадзінай, а Ўілабі й Вілі ўсё яшчэ не выходзілі з кабінэта ўпаўнаважанага. Ўілабі цьвёрда трымаўся аднаго пункту: ніякіх перамоваў з прафсаюзамі, гутарка можа ісьці толькі з прадстаўнікамі ўраду. Урэшце бакі пайшлі на кампраміс: Ўілабі пагадзіўся зрабіць запыт наконт пераводу Сьміта зь Менску, а Стакоўскі пагадзіўся прыняць ад Ўілабі ўсе дакумэнты страйкоўцаў разам зь пісьмовым тлумачэньнем, што АРА не прызнае прафсаюзаў.

Ўілабі выканаў абяцаньне — паслаў запыт наконт пераводу Сьміта й дадаў свой камэнтар:


З асабістых і афіцыйных прычынаў я не хацеў бы, каб Сьміта пераводзілі зь Менску. Я ўпэўнены, што яго ня варта высылаць з Расеі. Ён набыў каштоўны досьвед у складавай працы й арганізацыі харчаваньня дзяцей у Арэнбургу. Гэты досьвед быў для мяне каштоўны. Я прызнаю, што ягонае далейшае знаходжаньне тут можа прывесьці да працягу рознагалосьсяў паміж намі й прафсаюзам, паміж чальцамі прафсаюзу й Сьмітам. Не зважаючы на гэта, я хачу паспрабаваць.


Перад тым як адаслаць ліст, Ўілабі паказаў яго Сьміту. Допіс сканчаўся просьбай дазволіць Сьміту самому прыехаць у Маскву для тлумачэньняў.

Аднак увечары таго ж дня кіраўнік акругі надрукаваў яшчэ адзін ліст у Маскву, які пазначыў «канфідэнцыйнае». У ім Ўілабі пісаў, што праблему можна было б палагодзіць на самым пачатку, калі б не адбыўся другі інцыдэнт са Сьмітам, пакуль ішлі перамовы са Стакоўскім. Гэта аслабіла пазыцыю АРА:


Я спадзяюся, што вы як найхутчэй пераведзяце Сьміта зь Менску. Гэтай рэкамэндацыі няма ў маім афіцыйным паведамленьні. Вы разумееце чаму. Ён нагэтулькі не давярае цяпер расейцам, што ня можа ўстрымацца, каб увесь час не дэманстраваць гэтага. Я баюся, што гэта прывядзе да мноства такіх сутычак, як сёньняшняя.


Мінула ноч. Загадчыкі дзіцячых дамоў, сталовак для ўцекачоў, лекары й адрасаты амэрыканскіх пасылак дарма прыйшлі наступнай раніцай — склады АРА былі замкнёныя. Супрацоўнікі зьявіліся на працу, але прафсаюзныя кіраўнікі пільнавалі, каб ніхто ня ўзяўся выдаваць прадукты. Страйк працягваўся.

Ўілабі патэлефанаваў Стакоўскаму. Той хутка зьявіўся й папрасіў дазволу правесьці сход супрацоўнікаў на тэрыторыі канторы. На гэты раз Стакоўскі сказаў тое, што марна спрабавалі давесьці амэрыканцы: паводле пагадненьня з савецкім урадам АРА не прызнае прафсаюзаў і права на страйк. Усе канфлікты павінны вырашацца паміж ім як упаўнаважаным ураду і Ўілабі. Стакоўскі зьвярнуўся да старшыні прафсаюзу з прапановай накіраваць супрацоўнікаў на рабочыя месцы.

Газэта «Савецкая Беларусь» 26 лістапада паведаміла:


Упаўнаважаны Стакоўскі ў кароткай прамове абмаляваў свае перамовы з адміністрацыяй АРА. Упаўнаважаны канторы АРА па Беларусі сп. Ўілабі пагадзіўся задаволіць усе нашы патрабаваньні.


Хаця ніводнае патрабаваньне не было выканана, камуністычныя прафсаюзы, якія з клясавай рашучасьцю пастанавілі не выдаваць прадуктовыя амэрыканскія пасылкі сіротам, шпіталям і прытулкам, з прадстаўніком улады спрачацца ня сталі. Праз 24 гадзіны пасьля пачатку страйк быў спынены.

Праз тры дні, 29 лістапада, Сэдрык Сьміт выехаў зь Менску.

4 сьнежня ў Маскве савецкі ўпаўнаважаны Карл Ландэр выклікаў намесьніка кіраўніка АРА Сырыла Кўіна й запатрабаваў тлумачэньняў. Той выклаў пазыцыю амэрыканцаў: Сьміт ударыў шафёра ў выніку надзвычай правакацыйных паводзінаў апошняга. Адначасова Кўін паслаў рэзкую вымову Ўілабі за дазвол пабочнай асобе заначаваць у будынку для амэрыканскага пэрсаналу. Ўілабі прызнаў віну.

Ландэр ня быў задаволены амэрыканскім адказам і патрабаваў новых і новых тлумачэньняў. Перапіска, якая мусіла дэманстраваць адстойваньне правоў савецкага чальца прафсаюзу, цягнулася да канца 1922 году.

Сэдрык Сьміт у Менск больш не вярнуўся — яго паслалі на працу ў Арэнбурскую вобласьць. Кіраўніцтва АРА да канца стаяла на баку Сьміта. Ужо пасьля завяршэньня апэрацыяў у Расеі дырэктар АРА Ўільям Гаскел напісаў свайму былому супрацоўніку ліст, які выходзіў за рамкі звычайных падзяк і характарыстык:


Мой дарагі сп. Сьміт!

Маю вялікае задавальненьне выказаць вам сваю ўдзячную ацэнку вашай выдатнай працы ў АРА ў Арэнбургу й Менску. Падчас усёй вашай працы я атрымліваў толькі самыя прыхільныя паведамленьні аб вашай энэргіі й здольнасьцях. Толькі дзякуючы ляяльнай і адданай працы такіх амэрыканцаў як вы, нам удалося выканаць нашыя задачы ў Расеі. Упэўнены, што набыты досьвед будзе каштоўным для вас у будучыні. Спадзяюся, што вы без сумневу зьвернецеся да мяне ў любы час, калі я змагу быць карысным і даць вам рэкамэндацыю што да вашага характару і здольнасьцяў.


Імя Падбярозкі ня раз сустракаецца ў дакумэнтах АРА. Аднойчы ён забыўся паставіць свой аўтамабіль на ручны тормаз, той пакаціўся й пашкодзіў аўтамабіль Наркамасьветы, і АРА мусіла плаціць за рамонт. Ігнат Падбярозка ад пачатку працы меў дазвол на выезд за мяжу ды польскую візу, і яго пасылалі перавозіць амэрыканцаў празь беларускую мяжу на цягнік у Стоўпцы. 15 сьнежня 1922 Падбярозка звольніўся зь менскай канторы АРА.

Ці значыцца гэтае прозьвішча таксама ў сьпісах супрацоўнікаў ГПУ — невядома[54].

11 Інспэктарка Румянцава супраць наркама Мар’ясіна: часовая перамога


Пагрозы ў друку. — Ўілабі пратэстуе. — Нелегальныя інспэкцыі. — Бруд, вошы й дзеці. — Сыстэма ацэнак працуе. — Тры небясьпечныя жанчыны. — Справа прынцыпу. — Сакрэтны цыркуляр


1 сьнежня 1922 Мар’ян Стакоўскі надрукаваў у газэтах афіцыйнае папярэджаньне:


Апошнім часам па розных дзяржаўных установах бадзяюцца нейкія індывідуўмы, якія абвяшчаюць сябе кантралёрамі АРА. Папярэджваю, што права кантролю маюць толькі асобы з мандатам за маім подпісам. Тыя, хто ня мае мандатаў, як шантажысты павінны неадкладна затрымлівацца й перадавацца міліцыі.


Толькі-толькі скончыўся канфлікт з камуністычным прафсаюзам, усё яшчэ цягнулася сьледзтва ў справе дзіўнага рабаваньня ў гатэлі «Савецкі», аб’ём апэрацыяў АРА ад пачатку восені імкліва павялічваўся, і Ўілабі, які працаваў усяго два месяцы, быў зусім не зацікаўлены ў канфрантацыі з упаўнаважаным. Без узаемадзеяньня з уладай было немагчыма эфэктыўна выканаць задачы АРА. Але таксама немагчыма было адступіцца ад цэнтральнага прынцыпу Гувэра: АРА сама вызначае, як і хто атрымлівае амэрыканскую дапамогу.

Абвестка ў ранішніх газэтах, якую пераклалі кіраўніку акругі, патрабавала неадкладнага адказу. Чарлз Ўілабі прадыктаваў ліст на імя Стакоўскага й кур’ерам адправіў у кантору ўпаўнаважанага на вуліцу Ўрыцкага:


Мы маем права кантраляваць выдаткаваньне нашых прадуктаў бяз санкцыяў каго б там ні было. У будучыні прадукты ня будуць выдавацца тым установам, якія не дазваляюць АРА праводзіць абсьледаваньні. Неадкладна пасьля адмовы якому-небудзь інспэктару мы папросім вас запячатаць склад гэтай установы, дзе знаходзяцца нашыя прадукты, альбо вярнуць іх у наш склад.


Пачатак сьнежня абяцаў стаць гарачым. Атрымаўшы ліст, Стакоўскі неадкладна прадыктаваў адказ і таксама кур’ерам адправіў у кантору АРА на Губэрнатарскую:


Пагаджаюся, што інспэкцыі выдаткаваньня прадметаў харчаваньня й мэдабслугі ёсьць неад’емным правам АРА, адначасова катэгарычна адмаўляюся прызнаць права рэвізіі дзяржаўных установаў расейскімі грамадзянамі, прызначанымі АРА без майго веданьня. Толькі асобы, да якіх я як прадстаўнік ураду пастаўлюся з даверам, могуць разьлічваць на пацьверджаньне ад мяне мандату, выдадзенага вамі. Дагэтуль рэвізоры менскай АРА мне невядомыя й лічацца мною нелегальнымі.


«Нелегалы» зьявіліся ў Менскай акрузе АРА 18 лістапада. Менавіта ў гэты дзень на працу ў якасьці інспэктараў былі прынятыя тры жанчыны — Кацярына Румянцава, Рэвека Лебах і Ганна Гольдзіна. Яны меліся наведваць дзіцячыя дамы, кухні грамадзкага харчаваньня, дзіцячыя садкі, вывучаць выкарыстаньне дапамогі, санітарны стан, умовы ўтрыманьня дзяцей.

Найбольш справаздачаў былі падпісаныя Румянцавай. Кацярына Румянцава зьявілася ў Менску пасьля пакутаў грамадзянскай вайны ў Расеі. Невядома, ці апынулася яна ў Сібіры разам з хваляй уцекачоў зь Беларусі падчас Першай усясьветнай вайны, вядома толькі, што паходзіла з дваранаў. У АРА ўладкавалася дзякуючы веданьню ангельскай мовы й пачувалася цалкам незалежна ад мясцовых умоўнасьцяў. І была назіральнай.

Дзён за дзесяць да папярэджаньня Стакоўскага Кацярына Румянцава езьдзіла ў былы маёнтак Радзівілаў у Анопалі[55] пад Менскам. Там у дзіцячай калёніі Наркамасьветы было 84 дзіцяці ва ўзросьце ад 7 да 16 гадоў. Румянцава наведала калёнію разам з прадстаўніком гарана:


Мы ўвайшлі ў сталоўку, якраз калі дзеці пачыналі есьці. Каля 25 дзяцей былі зусім голыя, стары падраны пінжак замяняў усю вопратку. Рэшта ў брудных лахманох, якія кішэлі паразытамі, усе басанож. Мэдсястра, якая пачала працаваць тры тыдні перад тым, сказала, што дзеці ня мылі рукі й твары ўжо два тыдні, бо няма ручнікоў. Ніхто ня памятае, калі апошні раз мыўся ў лазьні, а ўладальнікі кашуляў не мянялі іх ад чэрвеня.


На дварэ стаяў лістапад. Мэдсястра таксама патлумачыла, чаму дзеці голыя: занадта худыя, і бялізна не трымаецца. На абед у той дзень была капуста й паўфунта хлеба. Амэрыканскія прадукты паступілі тыдзень перад тым, але былі замкнёныя ў складзе. Інспэктарка прайшлася па будынку:


Дом даволі дыхтоўны, і яго можна зрабіць вельмі ўтульным, але паркетная падлога з інкрустацыяй мыецца раз на два месяцы, толькі тры ці чатыры пакоі ацяпляюцца, усе печы дымяць, лес даволі далёка, і паўапранутыя дзеці звычайна мусяць самі зьбіраць дровы. Убогі «пакой адпачынку» (былая студыя Радзівілаў) уяўляў жахлівую карціну, якую цяжка забыць. У мармуровым, але брудным каміне тлеў агонь, і трое ці чацьвёра няшчасных дзяцей скупіліся вакол і спрабавалі сьпячы некалькі бульбінаў, выкапаных у гародзе. У доме чацьвёра настаўнікаў, але ніхто ня вучыць дзяцей, якія цэлы дзень аддадзеныя самі сабе. Многія паляць, усе лаюцца.


У спальнях Румянцава не пабачыла ніводнай прасьціны, толькі падраныя посьцілкі, поўныя паразытаў. У адным з пакояў стаяў невыносны смурод — там клалі спаць усіх малых, хто мачыўся пад сябе. Высьветлілася, што ложкаў на ўсіх не хапае, і каля дзясятка выхаванцаў сьпяць на падлозе — «як сабакі, нават без саломы». Мэдыкамэнтаў няма, на тварах болькі, многіх абсыпалі скулы. Апошні сказ справаздачы гучаў як прысуд:


Калі пачнуцца маразы, палова гэтых дзяцей мусіць абавязкова загінуць.


Шантаж — так ацэньваў падобныя высновы ўпаўнаважаны Стакоўскі, калі праз газэту заклікаў затрымліваць такіх кантралёраў і перадаваць іх міліцыі. Права праверак належала вылучна асобам з мандатам самога Стакоўскага. Абвестка зьявілася ў першы дзень сьнежня, і ён ужо сканчаўся, калі Ўілабі паставіў свой подпіс пад новым лістом упаўнаважанаму:


Інспэктары, якіх пасылае наш офіс, адказваюць толькі перад нашым офісам. Мы ня можам дазволіць Ураду прызначаць інспэктараў, чый абавязак рабіць справаздачы нашаму офісу пра тое, як выдаткоўваюцца нашыя прадукты.


Два тыдні перад тым Ўілабі атрымаў справаздачу Румянцавай аб праверцы дзіцячай кухні ў Архірэйскім завулку[56] ў Менску. На ўліку стаяла 275 дзяцей ад 6 да 16 гадоў, якія штодня палуднавалі ў сталоўцы ці забіралі ежу дахаты. У дзень праверкі на кухні быў запас прадуктаў АРА: 2 пуды какавы, 10 пудоў цукру, 59 — мукі, 12 — хлеба, 32 — рысу й 495 бляшанак малака. Улады меліся пастаўляць мяса, бульбу, гародніну, муку й масла. Інспэктарка пісала:


Насамрэч мяса звычайна няма, астатнія прадукты паступаюць у недастатковай колькасьці. Масла замяняюць зьялчэлым алеем.


Румянцава пакаштавала абед: суп, рысавая каша, кавалачак селядца з хлебам. Назаўтра інспэктарка нечакана зноў зьявілася ў Архірэйскім завулку падчас абеду. Мяса зноў не было, дзецям давалі вадзяністы суп і тоўчаную бульбу. Разам зь дзецьмі палуднаваў пэрсанал — дзесяць чалавек. На кухні амэрыканскія прадукты АРА захоўваліся разам зь мясцовымі.

Гэта было адкрытым парушэньнем амэрыканскіх інструкцыяў:


Усе ўстановы павінны захоўваць прадукты АРА асобна й адрозна ад іншых прадуктаў. Рацыён АРА павінен ужывацца як асобны прыём ежы. Кожная ўстанова два разы на месяц мае рабіць справаздачы аб наяўнасьці й спажываньні прадуктаў, у якіх павінна быць адзначана, колькі атрымана, колькі спажыта кожны дзень, колькасьць дзяцей, накормленых штодня, і балянс на дзень справаздачы.


АРА пастаянна нагадвала кіраўнікам акругаў, што харчовая праграма разьлічаная вылучна на дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў, катэгарычна патрабавала выдаваць толькі цалкам збалянсаваны рацыён[57].

Ўілабі дазволіў парушыць інструкцыю для дзіцячага дому сьляпых на Захар’еўскай, 13: Румянцава прынесла скаргу недаверлівых выхаванцаў, якія баяліся, што іх абкрадаюць, недадаюць амэрыканскі цукар і малако, і прасілі, каб гэтыя харчы выдавалі кожнаму асабіста ў рукі. Са згоды дырэктаркі так сталі й рабіць.

Калі Румянцава запыталася, чаму разам зь дзецьмі харчуецца пэрсанал, загадчыца кухні патлумачыла, што многія дзеці штодня не зьяўляюцца на абед, бо хварэюць. Адсюль лішкі. Інспэктарка, аднак, надалей задавала пытаньні:


Прыватна мне назвалі іншую прычыну: каля траціны дзяцей ня маюць патрэбы ў такой дапамозе, бо на ўлік бяруць толькі дзяцей зь сем’яў чальцоў прафсаюзу, чые бацькі звычайна добра ўладкаваныя. Адна з супрацоўніц паведаміла, што яны мусяць адмаўляць хворым і галодным, каб браць тых, чые бацькі маюць уплыў наверсе.


Не пасьпеў Ўілабі асэнсаваць паведамленьне, як Румянцава прынесла яшчэ адно непрыемнае адкрыцьцё. Падчас праверкі дзённага дзіцячага дому на Захар’еўскай вуліцы ў Менску, дзе сорак дзяцей два месяцы атрымлівалі араўскія рацыёны, інспэктарка высьветліла, што туды ўвогуле афіцыйна прымалі толькі дзяцей чальцоў прафсаюзу й чырвонаармейцаў. Гэта было не звычайнае злоўжываньне ці дробны крадзеж. Амэрыканская дапамога разьмяркоўвалася паводле клясавага прынцыпу — насуперак усім дамоўленасьцям і правілам.

Чарлз Ўілабі абмеркаваў вынікі інспэкцыяў зь лекарамі Фрэнкам Вілі й Ралфам Герцам.

Пасьля перагляду розных магчымасьцяў амэрыканцы вынайшлі спосаб, які прымушаў саміх атрымальнікаў дапамогі клапаціцца пра паляпшэньне справаў. Была распрацаваная сыстэма ацэнак шпіталёў, дзіцячых дамоў, кухняў. Ўілабі вызначыў тры асноўныя крытэры:


1. Магчымасьць паляпшэньня ўмоваў наяўнымі ў кіраўніцтва сродкамі.

2. Посьпех кіраўніцтва ў атрыманьні максымальных вынікаў ад дапамогі АРА і ўраду.

3. Супрацоўніцтва кіраўніцтва з АРА.


Некаторыя ўстановы, дзе не шкадавалі сілаў дзеля падтрыманьня чысьціні, санітарнага стану й дысцыпліны, атрымлівалі найвышэйшую адзнаку — пяць. Тым, хто атрымліваў адзнаку ніжэй за тройку, даваўся месяц на выпраўленьне. Пасьля гэтага, абвясьціў Ўілабі, новая дапамога пойдзе туды, дзе яе ўмеюць выкарыстоўваць эфэктыўна.

У дзіцячым доме на вуліцы Падгорнай[58] жылі дзеці ўцекачоў, якія атрымлівалі пайкі АРА й прадукты ад гарадзкога аддзелу асьветы. Румянцава адзначала адносную чысьціню на кухні, але холад у доме й дрэнны стан дзіцячых спальняў:


22 хлопчыкі сьпяць у адным пакоі, дзе няма абсалютна ніякай вэнтыляцыі. На 97 дзяцей 40 матрацаў, астатнія сьпяць па двое ў ложку. Падушак няма. Двойчы на месяц дзяцей водзяць у лазьню, але, паколькі бялізны вельмі мала, кашулі й нагавіцы мяняюцца раз на месяц. Натуральна, інфэкцыйныя хваробы буяюць. Цяпер 7 дзяцей у шпіталі, 22 пакутуюць на розныя скурныя хваробы.


АРА пастаўляла на Падгорную 110 радыёнаў цягам ужо двух месяцаў. Ўілабі папярэдзіў гарана, што амэрыканская дапамога можа быць пераадрасаваная ў іншае месца. Неўзабаве новая сыстэма спарадзіла спаборніцтва паміж установамі, якія стараліся палепшыць стан справаў і атрымаць дадатковыя амэрыканскія прадукты, мэдыкамэнты, бялізну й адзеньне.

Перад Калядамі інспэктарка Кацярына Румянцава наведала яшчэ адзін дзіцячы дом-санаторый на вуліцы Падгорнай, які належаў гарадзкой управе аховы здароўя. Там стала жылі 45 хворых на сухоты дзяцей, яшчэ два дзясяткі дзяцей з навакольных вёсак штодня прыходзілі на лячэньне й харчаваньне. На сьнежань са складоў АРА было дастаўлена 27 пудоў какавы, 14 пудоў мукі, 7 пудоў кукурузнай груцы, 2 пуды цукру, а таксама малако й тлушч. Хлеб, бульбу й мяса забясьпечваў гараддзел аховы здароўя. Дзеці харчаваліся пяць разоў на дзень. 17 чалавек пэрсаналу да амэрыканскіх прадуктаў не дакраналіся. Румянцава пісала:


Дзіцячы дом месьціца ў выдатным будынку. Пакоі вялікія, поўныя паветра, цёплыя, добра асьветленыя, утульна абсталяваныя й захапляюць сваёй чысьцінёй. Любоў і спачуваньне да дзяцей і няспынная барацьба супраць сухотаў адчуваюцца ва ўсіх дэталях. Робіцца ўсё магчымае, каб зрабіць больш радасным жыцьцё малых пакутнікаў. Я была ўражаная, як добра дзеці вышываюць і працуюць. Амаль усе цацкі яны зрабілі самі. Вялікая й добрая справа робіцца ў гэтым доме, і шкада, што з-за недахопу сродкаў немагчыма зрабіць больш.


Калі Румянцава пайшла разьвітвацца зь дзецьмі, дык заўважыла, што яны нешта хочуць сказаць:


— Што такое? — спытала я.

— А ці будзе што-небудзь на Каляды? — спытаўся хлопчык, і цэлы хор галасоў далучыўся:

— Хаця б елачку!

Я паабяцала перадаць іхную просьбу й пайшла з прыемным адчуваньнем удзячнасьці дырэктару гэтага дому.


Свой погляд на падобныя візыты ўпаўнаважаны Стакоўскі патлумачыў падчас сустрэчы. Ўілабі перадаваў дыялёг:


Ён сказаў, што людзі, якія пад выглядам інспэктараў наведваюць дзіцячыя дамы, падрываюць савецкую ўладу. Я сказаў яму, што ня ведаю, на якім падмурку трымаецца савецкая ўлада, але малаверагодна, што тры жанчыны, якія заходзяць у дамы для немаўлятаў, могуць зрабіць шмат для яе падрыву. На кон пастаўлены прынцып, адказаў ён.


У Маскоўскай штаб-кватэры ня толькі падтрымалі Ўілабі, але зацікавіліся менскай сыстэмай інспэкцыяў і градацыі дзіцячых дамоў. Кіраўніцтва папрасіла прысылаць інспэктарскія справаздачы, а таксама прыслаць падрабязнае апісаньне сыстэмы ацэнак. Праз паўгоду, калі АРА будзе рыхтавацца да ад’езду, кіраўнік АРА Сырыл Кўін пашле адпаведны цыркуляр ва ўсе акругі, у якім у якасьці ўзору прывядзе Менскую акругу. Апісаньне беларускага досьведу будзе разасланае ва ўсе акругі АРА[59].

У Беларусі начальства так ніколі й не зьмірылася з амэрыканскімі інспэкцыямі. Калі на Каляды ў 1922 годзе Ўілабі вырашыў наведаць некалькі дзіцячых дамоў, якім дапамагала АРА, яго чакаў сюрпрыз. Паўсюль атрымалі ліст наркама сацыяльнага забесьпячэньня Мар’ясіна. Пад грыфам «Сакрэтна» наркам тлумачыў:


Інспэктары АРА маюць права толькі праверыць разьмеркаваньне харчу АРА, але ніякім чынам ня могуць указваць, як яго выдаткоўваць ці гатаваць.


На новую скаргу Ўілабі ўпаўнаважаны Стакоўскі наклаў рэзалюцыю:


Лічыць непаразуменьнем тав. Мар’ясіна.


Аднак народны камісар, адрозна ад інспэктаркі Румянцавай, усё разумеў правільна.

12 Як прымусіць АРА: новая фаза старой гульні


Стакоўскі скардзіцца. — Ўілабі не пагаджаецца. — Менск дае фору Маскве. — Пасылкі й антысэмітызм. — Не шкадуйце ўказаньняў. — Джойнт становіцца самастойным. — Квакеры як Санта-Клаўс. — Не пустыя пагрозы


Амэрыканскія пасылкі рабілі фурор. Скакаў угору сацыяльны статус шчасьлівых атрымальнікаў, на базары за амэрыканскія прадукты давалі добрыя грошы. Сваякі з-за мяжы істотна папраўлялі справы жыхароў Беларусі без усялякага ўмяшаньня ўладаў. 9 сьнежня Мар’ян Стакоўскі зьвярнуўся да свайго начальніка ў Маскве, упаўнаважанага савецкага ўраду Карла Ландэра зь лістом:


Араўцы настойваюць, каб прынцып разьмеркаваньня адпавядаў жаданьню ахвярадаўцаў. Менскі рабін дайшоў да таго, што патрабуе разьмеркаваньня прысланых у яго распараджэньне пасылак групе «Талмуд-тора» й яшчэ нейкай, назву якой якраз забыўся. Ужо некалькі месяцаў даводзіцца гандлявацца з амэрыканцамі наконт прынцыпаў разьмеркаваньня. Я настойваю, каб адзіным прынцыпам была патрэба, а яны вымагаюць спаўненьня волі ахвярадаўцаў.


Ліст быў адпраўлены ня поштай, а кур’ерам: сакратар Стакоўскага таксама вёз сьпіс усіх мясцовых супрацоўнікаў АРА й прапановы рэформаў. У сьнежні ў менскай АРА працавала 32 чалавекі — Стакоўскі прапаноўваў пакінуць 14. Такім чынам, на думку ўпаўнаважанага, разьвязвалася адразу некалькі балючых праблемаў: скарачаліся выдаткі на заробкі, палягчаўся нагляд і, галоўнае, АРА была б вымушаная скасаваць інспэкцыі й перадаверыць разьмеркаваньне дапамогі дзяржаўным органам.

Стакоўскі прапанаваў вырашыць праблему ў Маскве й прасіў Ландэра адстойваць сваю пазыцыю. Праз тыдзень, 16 сьнежня, зь Менску ў Маскву ідзе яшчэ адзін ліст — на гэты раз Ўілабі піша свайму кіраўніцтву:


Немагчыма ні для Стакоўскага, ні для мяне пагадзіцца наконт мэтадаў разьмеркаваньня гуртовых даставаў. Стакоўскі настойвае, што ўрад мае права не дазволіць разьмеркаваньня асобам пэўнай нацыянальнасьці ці веравызнаньня. Я мяркую, што, калі нью-ёрскі офіс атрымлівае грошы, каб пэўная колькасьць пасылак была дастаўленая тым, хто мае патрэбу, у пэўнае месца, мы маем права пры выдачы абмежавацца людзьмі гэтай нацыянальнасьці й мясцовасьці.

Інакш кажучы, 100 пасылак для габрэяў Ігумену павінны быць разьмеркаваныя паміж габрэямі Ігумену. Стакоўскі лічыць, што гэта выкліча нацыянальную варажнечу, і ўрад Беларусі патрабуе, каб ён не дапускаў такога «клясавага падзелу».


У габрэйскіх арганізацыях Нью-Ёрку хіба вельмі зьдзівіліся б, каб пачулі, што, адмаўляючы ў перадачы пасылак габрэям, Стакоўскі змагаецца з антысэмітызмам. Менавіта такі аргумэнт прыводзіў упаўнаважаны ў лісьце ў Маскву:


У Беларусі, дзе антысэмітызм глыбока запусьціў свае карані, нельга пагаджацца на паглыбленьне гэтага настрою, ставячы габрэйства ў прывілеяванае становішча.


Напачатку студзеня кіраўніцтва Маскоўскай штаб-кватэры АРА ў лісьце да Ўілабі так пракамэнтуе беларускую сытуацыю:


Мы бачым спробы ўраду Беларусі дыктаваць, хто можа атрымліваць нашыя харчовыя пасылкі. Гэта цалкам новая фаза гульні ў перашкоды. Мы думалі, што ўсе віды перашкодаў ужо былі прыдуманыя цэнтральнымі савецкімі ўладамі. Цікава адзначыць, што вашыя мясцовыя ўлады далі тут фору цэнтральным.


Ўілабі настойваў на безумоўнай даставе пасылак адрасатам. Адначасова яшчэ напрыканцы лістапада кіраўнік акругі зьвярнуўся ў Маскоўскую штаб-кватэру з просьбай:


Пераважная бальшыня пасылак ідзе габрэям, якія маюць сваякоў у Штатах. Атрымальнікі, у выніку, знаходзяцца ў даволі добрых умовах. Але тысячы расейцаў і беларусаў ня маюць сваякоў за мяжой. Ці не палічылі б вы магчымым паслаць нам неадкладна хаця б 500 пасылак агульнага прызначэньня?


У складох было крыху пасылак агульнага прызначэньня, якія кіраўніцтва акругі мела права разьмяркоўваць самастойна. Яшчэ ў лістападзе галоўны лекар Менскай акругі Ралф Герц прапанаваў выдаць усім чальцам мэдычнай камісіі АРА пасылкі як знак заахвочваньня. На паседжаньні прысутнічаў Стакоўскі. Чальцы камісіі выказалі ўдзячнасьць, але палічылі немагчымым узяць пасылкі асабіста сабе. Тады Герц прапанаваў разьмеркаваць 50 пасылак сярод мэдычнага пэрсаналу, які меў найбольшую ў гэтым патрэбу, а таксама раздаць мэдыкам паўтысячы коўдраў. Дапамога была прынятая.

Але Стакоўскаму гэтага было мала. У лісьце ў Маскву ён запэўнівае Ландэра, што нічога рэзка непрыемнага паміж ім і амэрыканцамі няма, і ўдакладняе клясавую прычыну свайго клопату:


Калі ж нарэшце яны пачнуць «Дапамогу Расеі» празь дзяржорганы…


Упаўнаважаны беларускага ўраду просіць свайго начальніка:


Навучыце, калі вы маеце спосаб, як прымусіць іх разьмяркоўваць праз цэнтральныя органы. Бо мы тут вымушаныя атрымліваць беспасярэдне тымі ячэйкамі, дзе гэтая амэрыканская дапамога выдаткоўваецца. Кожны дзіцячы дом, шпіталь, кожная амбуляторыя павінны зьяўляцца беспасярэдне па атрыманьне. Гэта вельмі стамляе й адрывае шмат людзей ад штодзённай працы. Можа быць, дзе-небудзь гэтага ўжо пазбавіліся, навучыце тады й астатніх.


Хаця Стакоўскі й просіць навукі ў начальства, яго ўласная прапанова — скараціць штат АРА — магла сапраўды радыкальна зьмяніць сытуацыю.

Ўілабі тлумачыў:


У мэдычным аддзеле працуе 17 чалавек, якія атрымліваюць заробак ад уладаў. Доктар Вілі згадзіўся скараціць двух. Ні ён, ні я ня верым, што можна эфэктыўна працаваць нават з такім малым скарачэньнем, але мы паспрабуем. Стакоўскі лічыць, што можна ўдвая скараціць штат у дзіцячым харчаваньні. Гэта так, калі мы хочам, каб прадстаўнікі ўладаў самі забіралі й разьмяркоўвалі прадукты з нашых складоў. На гэта мы пайсьці ня можам.


Стакоўскі й сам апынуўся ў складанай сытуацыі. Яшчэ ў кастрычніку ўпаўнаважаны цэнтральнага ўраду Карл Ландэр разаслаў цыркуляр са зьменамі ў фінансаваньні апэрацыяў замежнай дапамогі, які пачынаўся словамі:


У сувязі зь вялікім недахопам сродкаў упаўнаважаныя ў рэгіёнах павінны зьменшыць да мінімуму ўсе свае расходы.


Паводле новага парадку, цяжар фінансаваньня цэнтар перадаваў на месцы. Ўілабі прасіў сваё кіраўніцтва пакінуць стары парадак:


Праца значна палегчыцца, калі можна было б і надалей атрымліваць нашыя ўрадавыя фонды з Масквы. Бо калі супрацоўнікі прыйдуць да высновы, што іхная праца, у тым ліку падвышкі заробку і г. д., залежыць ад Стакоўскага, бальшыня зь іх імгненна пачне працаваць на Стакоўскага, а не на АРА.


Але й Стакоўскі, нягледзячы на быццам спрыяльную зьмену, ня быў задаволены. Бюджэт Беларусі быў мізэрны, і задача на месцы здабываць грошы для апэрацыяў АРА ў Менску была малаўдзячнай.

У стане паміж двух агнёў патрабавалася апаратная падстрахоўка — і ўпаўнаважаны зьвяртаецца да Ландэра «па навуку». Перад тым як паставіць напрыканцы ліста абавязковае «з камуністычным прывітаньнем», Стакоўскі піша:


Чакаю агульных гаспадарчых і палітычных кіроўных інструкцыяў. Не шкадуйце ўказаньняў.


Ландэр не шкадаваў. Цыркулярныя лісты рассылаліся па ўсіх адрасох:


Мы не павінны даваць права ніводнай замежнай арганізацыі самастойна выбіраць раён працы, а таксама формы й мэтады. Усё павінна рабіцца пры нашым найбліжэйшым удзеле, з нашага фактычнага ўказаньня й кіраўніцтва, праз адпаведныя ведамствы і ўстановы.


У сьнежні 1922 са складу АРА арганізацыйна выйшла габрэйская дабрачынная арганізацыя Джойнт. Дырэктарам Менскага бюро быў прызначаны Эдвард Розэнблюм, які меў досьвед працы ў Польшчы, Аўстрыі й Францыі. 19 лютага 1923 Розэнблюм накіраваў упаўнаважанаму Стакоўскаму ліст аб пачатку самастойнае працы. Джойнт у Беларусі, а таксама ў Віцебскай і Гомельскай губэрнях зьбіраўся аказваць вытворчую дапамогу, пастаўляць электратрактары для габрэйскіх сельгаскамунаў, а таксама заняцца разьмеркаваньнем харчу й адзеньня.

Гэтая навіна прымусіла Ўілабі неадкладна зьвярнуцца ў Маскву з настойлівай прапановай узгадніць правілы працы АРА й Джойнту й праводзіць аднолькавую лінію. Кіраўнік Менскай акругі ўжо меў досьвед адначасовай працы з дабрачыннай арганізацыяй квакераў:


Дзейнасьць квакераў, як нішто іншае, ускладніла працу АРА ў Беларусі. Квакеры выступалі ў ролі сапраўднага Санта-Клаўса, бо не патрабавалі рэальнай справаздачы. Вялікая колькасьць даставаў перадавалася дзяржаўным установам дзеля разьмеркаваньня на пазначаныя квакерамі адрасы. Ці была дапамога дастаўленая туды насамрэч, квакеры ніколі ня ўведаюць. Калі мы пачыналі працу, урад і розныя ўстановы чакалі ад нас такіх самых паслугаў. Яны штодня расказваюць нам, як рабілі сваю працу квакеры, як яны ім давяралі. Калі Джойнт пачне праграму харчаваньня й будзе весьці разьмеркаваньне, як квакеры, нашую палітыку патрабаваць справаздачнасьці за кожны грам прадуктаў, засьведчваць справаздачы грамадзкіх кухняў будуць крытыкаваць нашмат болей, пачасьцяцца скаргі.


Трывогі Ўілабі былі небеспадстаўныя. Джойнт хутка пашыраў сваю дзейнасьць і за няпоўныя тры месяцы разьмеркаваў дапамогі на суму 45 тысяч 235 даляраў. За правільнай выдачай пільна сачылі ў Габрэйскім бюро пры ЦК КП(б)Б[60] і ў афіцыйным «Евобщесткоме» — Габрэйскім грамадзкім камітэце дапамогі ахвярам пагромаў. Ужо ў 1922 годзе ў справаздачах камуністычнай габрэйскай сэкцыі барацьба з антысавецкімі элемэнтамі ў АРА й Джойнце ацэньвалася як пасьпяховая:


У павятовых гарадох і мястэчках органам «Евобщесткома» ўдалося запабегчы арганізацыі камітэтаў з клерыкальных і антысавецкіх элемэнтаў і самім праводзіць працу разьмеркаваньня пасылак, атрыманых праз АРА з Амэрыкі.


Камуністы яўна перабольшвалі: АРА да канца так і ня выпусьціла кантролю за разьмеркаваньнем са сваіх рук. Але калі Джойнт выйшаў са складу АРА, ягоная палітыка шчыльнае супрацы зь мясцовымі ўладамі была ўжо па-за межамі ўплыву Чарлза Ўілабі. Калі ўпаўнаважаны ўраду Стакоўскі будзе падводзіць вынікі працы іншаземцаў у Беларусі, ён напіша ў Маскву, што Джойнт у Беларусі спрабаваў напачатку працаваць самастойна, але:


Мне ўдалося канчаткова, здаецца, прымусіць яе (арганізацыю) адмовіцца ад бескантрольнага й бясплянавага разьмеркаваньня дапамогі, і цяпер праца праводзіцца цалкам узгоднена празь мяне з нашымі дзяржорганамі.


Эдвард Розэнблюм, са свайго боку, наступным чынам ахарактарызуе супрацу зь менскімі ўладамі ў службовай справаздачы пры закрыцьці Джойнту ў кастрычніку 1923:


Нашыя ўзаемадачыненьні з прадстаўнікамі ўлады, установамі й службовымі асобамі былі надзвычай цёплыя й добрыя. Праца выконвалася пры вельмі вялікай супрацы з боку ўрадавых органаў…[61]


АРА, аднак, да канца адстойвала свае прынцыпы разьмеркаваньня дапамогі. Канфлікт у разьмежаваньні паўнамоцтваў і правоў так ніколі й ня вырашыцца — аж да ад’езду амэрыканцаў зь Беларусі. Асобныя папярэджаньні Стакоўскі будзе слаць начальніку тэлеграфу, дзе бралі тэлеграмы АРА бязь візы ўпаўнаважанага на арыгінале, іншым органам і ўстановам. Але цалкам забараніць такія кантакты не ўдавалася, і тады па-беларуску ў «Савецкай Беларусі», па-расейску ў «Звезде», на ідыш у габрэйскіх газэтах «Dег Wekker» («Будзільнік») і «Waker» («Рабочы») зноўку друкаваліся абвесткі за подпісам Стакоўскага:


Папярэджваю, што ўсе зносіны з замежнымі арганізацыямі дапамогі павінны ажыцьцяўляцца вылучна праз упаўнаважанага Ўраду. Тыя арганізацыі і ўстановы, якія самавольна ўступаюць у зносіны з замежнымі арганізацыямі, будуць прыцягвацца да адказнасьці.


Змаганьне ішло ня проста за бюракратычныя правы. Публікацыі маглі быць як спробай апраўданьня для Стакоўскага за тое, што дапусьціў свабоду амэрыканскіх дзеяньняў у Беларусі, гэтак і сыгналам.

Калі для Ўілабі й астатніх амэрыканцаў ён азначаў толькі дадатковую бюракратычную калатнечу, дык для мясцовага пэрсаналу АРА гэта быў знак трывогі на будучыню.

13 Злодзеі супраць АРА: амэрыканцы абараняюцца


Барысаўская афэра. — Арышты махляроў. — Агенты ГПУ пад судом. — Вярніце пасылку. — Фальшывая АРА. — Сувязь з сынагогай. — Скрадзенае малако. — Аблава на Камароўцы. — Вынаходзтва Ўілабі


Наведнік складу АРА ніяк ня мог уцяміць, чаму на яго пазіраюць падазрона й зноў пераглядаюць дакумэнты: ён прыехаў з Барысава па харчовую пасылку, якую аплаціў сваяк у Амэрыцы. Праўда, ён ня меў паштоўкі-выкліку зь менскай канторы АРА, але трымаў ліст з Чыкага, у якім сваяк цікавіўся, чаму ніхто не падзякаваў за пасылку, аформленую два месяцы таму. Прозьвішча ў сьпісе адрасатаў дапамогі супадала, імя таксама. Калі спыталі імя й амэрыканскі адрас дабрадзея, ён назваў — таксама правільна. Тым ня менш, пасылку яму выдаць адмовіліся.

Паводле правілаў АРА, калі на выклік па харчовую пасылку адрасат не зьяўляўся цягам 90 дзён, замова скасоўвалася й адпраўнік у ЗША мог атрымаць свае грошы назад. У Менску, аднак, сутыкнуліся з адваротнай сытуацыяй: па адну пасылку зьяўляліся два чалавекі.

Вось і зьбянтэжанаму наведніку патлумачылі, што ён, згодна з паперамі, свае прадукты ўжо ня толькі атрымаў месяц таму, але, верагодна, і зьеў.

Было крыўдна, вяртацца з пустымі рукамі ў Барысаў не хацелася, і наведнік запатрабаваў сустрэчы з амэрыканскім начальствам. Яму паабяцалі разабрацца. Пачалося службовае дасьледаваньне, якое хутка выйшла за межы АРА.

…На пошце Барысава й некаторых іншых гарадоў паведамленьні пра амэрыканскія пасылкі забіралі й перадавалі не адрасату, а пэўнай асобе. Асоба вярталася ў Менск і паказвала карткі з выклікам аднаму са знаёмых супрацоўнікаў канторы АРА. Той разгортваў службовыя паперы й выпісваў зь іх прозьвішчы й адрасы донараў: гэтую інфармацыю спраўджвалі пры выдачы пасылак.

Пэўная асоба затым вырабляла даверанасьці на атрыманьне пасылак, засьведчвала іх пячаткай натарыюса й зьяўлялася ў склад па пасылку.

Двое супрацоўнікаў менскай канторы паведамілі пра непрыемнае адкрыцьцё Чарлзу Ўілабі. Самастойнае дасьледаваньне выявіла з тузін падманутых адрасатаў. Ўілабі выклікаў міліцыю.

У лістападзе 1922 было арыштавана чатыры чалавекі, у тым ліку супрацоўнік АРА. Як выявіла сьледзтва, крадзяжы пачаліся яшчэ ў ліпені. Разам паводле фальшывых ордэраў было выдадзена каля 300 пасылак.

У сьнежні было арыштавана яшчэ чатыры чалавекі. Рабочы АРА Майсей Турэцкі прызнаўся, што выдаў як мінімум 150 пасылак на падробленыя дакумэнты.

ГПУ, якое вяло сьледзтва, забараніла згадваць пра яго ў друку: на волі заставаўся галоўны аўтар схемы й арганізатар апэрацыі.

Як неўзабаве высьветлілася, афэрыстам аказаўся агент ГПУ Іофэ, які карыстаўся таксама пашпартам на імя Шпільдорф. Ён здабыў пячатку барысаўскага натарыюса Страгуцкага, якой засьведчваліся паперы. У ліку арыштаваных былі нехта Шпількін (ягоны пашпарт крыху зьмяніў Іофэ), Вількес і Ўросгаль. Апошнія двое атрымалі ад Іофэ 354 мільёны рублёў кожны, а Турэцкі — 900 мільёнаў.

Злодзеяў судзіў Рэвалюцыйны ваенны трыбунал Менску. На судзе ўсплыло прозьвішча яшчэ аднаго супрацоўніка ГПУ — Ліпскага, таксама вядомага як Моня Гарадзецкі, які вымагаў грошы з Турэцкага. ГПУ заявіла, што такога чалавека ў сьпісах няма.

АРА дамагалася вяртаньня скрадзенага, але амаль нічога немагчыма было вярнуць, нават калі было вядома, што амэрыканская пасылка памылкова патрапляла не на той адрас. Так здарылася з жыхаркай Менску Ганнай Адамайт, якая напачатку атрымала дзьве карткі-запросіны наведаць склад АРА. Адну пасылку аплацілі бацькі, якія жылі ў Латвіі. Другая картка была выпісаная памылкова. Калі інспэктары ў Рызе знайшлі памылку, яны запатрабавалі ад бацькоў даплаты й пагражалі судом. Дачка пісала ў менскую кантору АРА:


Няўжо вы ня можаце зразумець, што мае бацькі ня маюць магчымасьці заплаціць такую суму, як 10 даляраў! Яны ўжо дапамаглі мне ўсім, чым маглі. Таму я прашу ў гэтай справе зьвяртацца да мяне як да адрасата другой пасылкі. Але адначасова мушу сказаць, што я таксама ў цяжкім стане й яшчэ бяднейшая, чым мае бацькі. Дзесяць даляраў для мяне вельмі вялікая сума. Я ледзь зарабляю на жыцьцё. Што рабіць? Мяркуйце самі!!! Ці мушу я прадаць апошнюю сукенку на рынку, каб заплаціць за прадукты, выдадзеныя мне з-за вашай памылкі й даўно спажытыя? У кожным разе, не турбуйце маю маці.


Справа цягнулася некалькі месяцаў. За гэты час Ганна Адамайт пераехала зь Менску ў Пскоў, і тады кіраўнік Менскай акругі змог пераадрасаваць справу ў Петраградзкую акругу, да якой належаў Пскоў.

Тымчасам узьнікла новая зьява — фальшывая АРА. У канторы АРА ў Віцебску, Менску, Гомелі сталі прыходзіць людзі па пасылкі з прадуктамі й адзеньнем, якія іхныя сваякі аплацілі ў Амэрыцы. У АРА пра іх нічога ня ведалі. Квітанцыі на атрыманьне, перасланыя поштаю, выдалі арганізацыі, якія лучыла тое, што іх назвы мелі падабенства да АРА[62].

Усе гэтыя дакумэнты яднала безьліч памылак у ангельскай мове.

АРА не прымала іх да разгляду, і гэта ў сваю чаргу вяло да спрэчак і канфліктаў. Некаторыя пасылкі прыходзілі поштаю, але, каб іх атрымаць, трэба было заплаціць мыта, якое перавышала кошт дапамогі. Тымчасам у ЗША было заведзена некалькі крымінальных справаў — амэрыканскія газэты пісалі пра злоўжываньні й папярэджвалі пра небясьпеку.

У Беларусі пра злоўжываньні таксама пісалі — але абвінавачвалі ў іх амэрыканцаў. Габрэйская газэта «Der Wekker» выкрыла сувязь сынагогі й менскай канторы АРА:


Рабочы Рубін Шнэйдэр расказвае: рабочаму Ізраілю Сагаловічу прысланая пасылка. Некалькі месяцаў таму ён памёр, і жонка пайшла атрымаць пасылку. Яна ня мела пашпарту, і ёй не хацелі яе выдаць. Тады яна пайшла ў саюз шчотачнікаў, дзе атрымала два пасьведчаньні, што яна й ёсьць Сагаловіч. Калі яна прыйшла з паперамі, той, хто выдае пасылкі, кінуў іх назад і заявіў: «Мы не прызнаём такіх цыдулак, прынясіце нам пасьведчаньне ад рабіна Лейзара, тады выдадзім». Рабін Лейзар выдаў пасьведчаньне. Калі яна прыйшла ў АРА, гэты дакумэнт прызналі, выдалі пасылку й сказалі: такія дакумэнты добрыя, мы іх прызнаём. Службоўцы АРА, відаць, забыліся, дзе яны знаходзяцца, што ў нас і «Der Wekker» у руках рабочых і толькі подпіс рабочага — сапраўдны.


Упаўнаважаны Стакоўскі тэрмінова загадаў зрабіць пераклад і накіраваў яго Чарлзу Ўілабі з патрабаваньнем:


Просім Вас даць вычарпальнае тлумачэньне па гэтым пытаньні.


Ўілабі распарадзіўся правесьці дасьледаваньне. На адрас нябожчыка, пазначаны ў кнізе выдачы пасылак, паехалі прадстаўнікі АРА. Буня Сагаловіч напісала тлумачэньне:


Зьвесткі ў нататцы Шнэйдэра цалкам не адпавядаюць сапраўднасьці. Наадварот, мяне вельмі карэктна й ветліва прынялі ў канторы АРА. Пасылку мне выдалі пры першым паказаньні маіх дакумэнтаў. Цыдулку ад рабіна Л. Рабіновіча я ўзяла пасьля парады сваёй знаёмай, а не з патрабаваньня канторы АРА.


Высьветлілася таксама, што Буня Сагаловіч не атрымлівала ніякіх дакумэнтаў ад прафсаюзу кушняроў, куды ўваходзіў муж-нябожчык. Ўілабі напісаў адказ Стакоўскаму, у якім, выклаўшы вынікі дасьледаваньня, таксама выказаў просьбу:


Просім Вас распарадзіцца пра надрукаваньне зьняпраўджаньня.


Прыкладна ў той самы час, калі выкрываліся афэры й зьняпраўджваліся абвінавачаньні, Ўілабі назіраў за рэйдам міліцыі на Камароўцы. Шукалі кансэрваванае амэрыканскае малако.

Напярэдадні рабаўнікі прабраліся ў склад дзіцячага дому й вынесьлі 200 бляшанак малака з этыкеткамі АРА. Раніцай па трывозе былі паднятыя чырвонаармейцы, якім сказалі пра спэцзаданьне. Рынак акружыла таксама конная міліцыя. Спачатку агенты ў цывільным прайшліся ля прылаўкаў, выглядаючы тавар. Затым пачаўся татальны ператрус. Вынікі, аднак, былі сьціплыя: сканфіскавана пяць бляшанак малака, арыштаваныя два гандляры.

Набеглі цікаўныя — за якое менавіта малако арыштоўваюць. Назаўтра кошты малака на рынку падскочылі з 2 да 4 мільёнаў. Малако прадавалася ў бляшанках, але ўжо з абарванымі этыкеткамі.

Ўілабі прыйшоў да высновы, што дапамога павінна быць лепш пазначаная. Ён паведамляў:


На маю замову вырабленыя дзьве пячаткі: «А.Р.А. Менск. Дар амэрыканскага народу» і «А.Р.А. Менск. Дар амэрыканскага народу (рэчы могуць быць выкарыстаныя толькі ў дадзенай установе)», каб пэрсанал у шпіталёх не падмяняў новую амэрыканскую бялізну падранай, прынесенай з дому.


Часова на працу былі ўзятыя адзін рабочы й адзін хлопчык, якія ставілі пячаткі на бляшанкі з малаком. Аднолькавыя бляшанкі выдаваліся ў харчовых пасылках, перадаваліся дзіцячым дамам ды ішлі ў араўскія кухні ў розных установах. Красьці ня будуць, вырашылі амэрыканцы, калі на кожную бляшанку паставіць нумар.

У красавіку ГПУ й міліцыя правялі масавую аблаву на трох найбуйнейшых менскіх рынках. На Камароўцы затрымалі 5 тысяч чалавек, пакуль не былі правераныя ўсе прылаўкі. Не было знойдзена ніводнай бляшанкі амэрыканскага малака, ніводнай пары амэрыканскіх чаравікаў, ніводнай прасьціны зь пячаткай АРА.

Ці сапраўды вынаходзтва Ўілабі аказалася нагэтулькі эфэктыўнае, ці чарніла на штампе ўсё ж можна было змыць…

14 Малітва разьдзетых: дай адзеньне надзённае й пазбаў ад дзіравага


Панчохі ад суседкі. — Завязваем матузкі. — Газэта замест бялізны. — 25 тысяч чаравікаў для босых. — Малюнак з шыбеніцай. — Рэкляма па-араўску. — Камуністы апранаюцца. — Гарнітуры для прафэсуры


Наведніца, якая завітала ў менскую кантору АРА, пакідала прыемнае ўражаньне: інтэлігентная, добра апранутая. Інтэлігентных людзей у Менску ў 1920-я гады можна было сустрэць даволі часта, але вось прыстойна апранутыя інтэлігенты былі рэдкасьцю. Аднак калі Чарлз Ўілабі зрабіў наведніцы камплімэнт, яна ледзь не расплакалася. Ўілабі пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Я хачу пераказаць, што распавяла нам гэтая маладая лэдзі. Вось яе словы: гэты капялюш — адзінае, што належыць мне. Паліто належыць цётцы, спадніца ад маці, туфлі й панчохі дала суседка. Мы чацьвёра склаліся, каб я змагла прыйсьці даведацца наконт пасылак.


Ўілабі любіў мэлядраматычныя дэталі й адчуваў важнасьць эмацыйнай аргумэнтацыі на карысьць дадатковай дапамогі Беларусі[63]:


Нямецкія вытворцы папяровага адзеньня, верагодна, запазычылі ідэю зь Беларусі, бо прынцып тэўтонскай мануфактуры быў вынайдзены тут. Газэты, абгортачная й васковая папера, у якой АРА пастаўляе тлушч, выкарыстоўваюцца як ніжняя бялізна. Вельмі часта можна пабачыць пад расхінутым палітом парваныя штаны ці панчохі, і празь дзіркі можна прачытаць тэкст з учорашняй газэты.


Напрыканцы 1922 году менская кантора АРА атрымала 3 тысячы пар абутку для разьмеркаваньня. Неўзабаве ў Маскоўскай штаб-кватэры разглядалі фатаздымак: кіраўнік акругі Чарлз Ўілабі схіліўся перад 10-гадовым хлопчыкам і завязвае яму матузкі на новых чаравіках. Ўілабі не стамляўся шукаць аргумэнты й працягваў бамбаваць сваё начальства просьбамі:


Калі можна зьмяніць разьмеркаваньне абутку й шкарпэтак на карысьць Менскага рэгіёну, дык гэта трэба зрабіць. Ад Менску да Масквы толькі 21 гадзіна. Калі б спадар Болдуін мог прыехаць на адзін дзень, мы б за 15 хвілін паказалі яму, як будуць разьмеркаваныя 3000 выдзеленых нам пар абутку, а цягам наступнай гадзіны пераканалі б яго, што толькі для гораду патрабуецца ўтрая больш.


Ўілабі зноў і зноў настойліва нагадвае:


Сем гадоў празь Беларусь праходзілі войскі, чатыры акупацыйныя арміі, і насельніцтва дагэтуль не акрыяла. Нам трэба 25 000 пар абутку й панчохаў і гэтулькі сама гарнітураў і сукенак. Гэта мінімум.


АРА не магла апрануць і абуць цэлы народ, дый ня холад, а голад быў яе галоўным праціўнікам. Ўілабі, аднак, не губляў надзеі «выбіць» дадатковыя фонды:


Новая вопратка практычна невядомая. Калі бачыш паліто, якое выглядае як новае, можна быць упэўненым, што гэта пераніцаванае старое. Цяпер яны шукаюць трэці бок сваёй старой вопраткі.


Мала хто мог дазволіць сабе купіць новае адзеньне на рынку. Разам з паляпшэньнем харчовай сытуацыі падалі цэны на прадукты, але адначасова расьлі на мануфактуру. Калі ў студзені 1922 за пуд жыта давалі 14 аршынаў мусьліну ці флянэлі, дык праз год абмен ішоў адзін да аднаго. Калі напачатку толькі грузчыкі АРА хадзілі ў штанох і куртках з амэрыканскага радна, дык праз год такую ж вопратку пачалі насіць і прадстаўнікі інтэлігенцыі.

У ноч на новы 1923 год у менскую кантору АРА прыйшоў наведнік. Нікога з амэрыканцаў не было на месцы, і тады, папрасіўшы паперу й асадку, ён прысеў за пісьмовы стол. Ліст атрымаўся кароткі, але не зусім звычайны: пасярэдзіне аркуша намаляваная шыбеніца й чалавечая галава ў пятлі. Наведнік паставіў подпіс — Мануэль Смольскі — і пакінуў ліст для перадачы кіраўніку акругі. Кароткія фразы вымалёўвалі драматычную й досыць звычайную гісторыю.


Я блукаю бяз мэты па вуліцах Менску ў рызьзі, абутку й адзеньні не майго памеру. Мне няма чаго есьці. Маё паліто дарэшты парванае. Мне пагражае сьмерць, бо няма хлеба. Я хачу скончыць жыцьцё, як паказана на малюнку. Я не хачу ўжываць звычайнае слова «павесіцца», і таму зрабіў малюнак.


Мануэль Смольскі пісаў, што раней працаваў у гарадзкой управе, Наркамземе, але захварэў, застаўся бяз працы, бяз хлеба й вопраткі. Ліст зь менскім малюнкам з Масквы пераслалі ў офіс АРА ў Лёндане, а пасьля ў ЗША. Ўілабі не стамляўся дадаваць новыя й новыя аргумэнты — пакуль яго не пачулі.

Мінакі ў цэнтры Менску спыняліся як зачараваныя: за шклом вітрынаў стаялі прыгожыя дзяўчаты, усьміхаліся гледачам і паказвалі на раскладзеныя й разьвешаныя рэчы. Плякат з надпісам «АРА» тлумачыў амэрыканскі стыль рэклямы:


Ці ёсьць у вас сябры або сваякі ў Амэрыцы ці Эўропе? Калі так, прыходзьце ў кантору АРА ў Менску, там вам растлумачаць, якім чынам атрымаць рэчавую пасылку за 90 рублёў.


Дзяўчаты дэманстравалі багацьце, якое лёгка ператварала абадранца ў саліднага чалавека. У пасылачны набор уваходзіў ваўняны матэрыял для аднаго гарнітура ці сукенкі з падшэўкай, гузікамі й іншымі прыладамі. Да гэтага дадавалася палатно для дзьвюх пар ніжняй бялізны, флянэля для дзьвюх мужчынскіх кашуляў ці дзьвюх жаночых блюзак. Таксама прыкладаліся ніткі, іголкі, гузікі і ўвесь ніжні прыклад для шыцьця бялізны[64].

У вітрыне таксама былі раскладзеныя ўзоры паштовак на беларускай, габрэйскай, польскай і расейскай мовах. У канторы АРА можна было ўзяць блянкі, купіць маркі на 90 рублёў — менавіта гэтулькі каштавала перасылка паштоўкі ў Эўропу і ў Амэрыку, і на месцы здаць для адпраўкі. Пошта да ЗША даходзіла за 17 дзён, і недзе празь месяц можна было атрымаць выклік: вам пакет.

Рэклямная кампанія працягвалася па ўсёй Беларусі. Дзяўчаты працавалі ў менскіх вітрынах ад 9-й раніцы да 10-й вечара; плякаты-тлумачэньні былі разьвешаныя ва ўсіх памяшканьнях АРА, абвесткі зьмешчаныя ў друку. Кіраўніцтва чыгункі паабяцала Ўілабі разьвесіць плякаты на кожнай са сваіх 51 станцыяў; з дырэктарамі кінатэатраў удалося дамовіцца, каб перад пачаткам сэансаў паказвалі слайды з рэклямай АРА; такую ж дамову заключылі зь мясцовай тэатральнай трупай.

Блакітныя, чырвоныя й белыя плякаты з тэкстам абвесткі былі зробленыя на тканіне й прымацаваныя на аўтамабілях АРА, якія двойчы на дзень па гадзіне разьяжджалі па менскіх вуліцах. Нават Стакоўскі асабіста перадаў паўтары тысячы картак у некалькі прафсаюзных камітэтаў дзеля раздачы чальцам саюзу. Ўілабі адкрыў у канторы спэцыяльны аддзел пад назвай «Зьніклыя сваякі». Тыя, хто ня ведаў поўнага адрасу сваіх родных ці знаёмых у Амэрыцы, усё роўна мог запоўніць картку, а габрэйская газэта «Forward» («Наперад») у Нью-Ёрку паабяцала друкаваць запыты на сваіх старонках.

Гуманітарная дапамога зьбівала цэны, і гэта ня ўсім падабалася. Паспрабавалі пратэставаць прадаўцы гатовага адзеньня. Аднак Ўілабі знайшоў саюзьнікаў сярод краўцоў. Амэрыканцы патлумачылі, які бум будзе для іхнага бізнэсу, калі ўдасца да Калядаў разьмеркаваць 25 тысяч пасылак.

Нават камуністы не маглі супрацьстаяць націску Ўілабі. Бабруйская газэта «Коммунист» пісала:


У рэчавых пасылках, як і ў харчовых, — вылучна першаклясны матэрыял найвышэйшай якасьці. Матэрыял ня скроены — з мэтаю, каб кожны мог пашыць зь яго што трэба адпаведна зь неабходнасьцю й густам.


Краўцы імгненна зразумелі сваю выгаду, і ў газэтах сталі рэгулярна зьяўляцца прыватныя абвесткі пра пашыў адзеньня з матэрыялаў АРА. Як пісаў Ўілабі:


Нават калі краўцы ня здолеюць дамовіцца між сабой пра цэны, іхная барацьба толькі дадасьць нам папулярнасьці.


Намаганьні Чарлза Ўілабі апрануць жыхароў Беларусі й амэрыканская рэклямная кампанія выклікалі бурную рэакцыю. Ужо ў першы дзень было запоўнена 300 паштовак, і неўзабаве Ўілабі тэлеграфаваў у Маскву, каб прыслалі дадаткова 10 тысяч картак.

Энтузіязм Ўілабі аказаўся заразьлівы. Аднойчы ў студзені ў кантору АРА прыйшоў наведнік, які вылучаўся нават на стракатым фоне жыхароў паваеннага Менску. Уражаны кіраўнік акругі паслаў у Маскоўскую штаб-кватэру падрабязнае апісаньне візыту, у якім параўноўваў госьця са знакамітымі амэрыканскімі акторамі й пэрсанажамі:


Фрэд Стоўн выглядаў бы дробным скнарам, нябожчык Нэт Ўілз звычайным аматарам, Пыльны Шлях і Стомлены Ўілі з коміксаў беднымі імітатарамі побач з узорам чалавечай расы, які напярэдадні прасьлізнуў у офіс АРА, каб узяць картку на замову вопраткі. Ён быў у рызьзі. Ніводная вар’яцкая падшываная коўдра з абрэзкаў нават блізка ня можа мець столькі разнастайных латак усіх колераў, абрысаў і формаў, як вопратка, што прыкрывала цела наведніка. На маскарадзе ён атрымаў бы першы прыз, аднагалосна й бясспрэчна. Аднак ён насіў свае лахманы, як каралі носяць гарнастаевую мантыю.


Але ня толькі маляўнічы выгляд уразіў Ўілабі. Наведнік загаварыў па-ангельску, ды так, што супрацоўніку АРА, які шэсьць гадоў працаваў у Амэрыцы, стала сорамна за сваю мову. Тады да наведніка зьвярнуўся мясцовы супрацоўнік-паляк, і той адказаў на выдатнай польскай. Тое самае, пісаў Ўілабі, адбылося з мовай габрэяў, загадкавы наведнік адказваў па-нямецку, француску, латыску й чэску:


Нарэшце, каб канчаткова выпрабаваць яго, уключыўся супрацоўнік-беларус. У адказ імгненна прагучала знаёмая беларуская гаворка.


Наведнік дастаў з-пад лахманоў шэсьць картак з выклікам на атрыманьне пасылак з вопраткай, якія ўразілі Ўілабі яшчэ больш, чым усё папярэдняе:


Калі гэты наведнік не атрымае шэсьць пасылак з вопраткай ад вядомага брокера з Ўол-Стрыт, ад знакамітага вашынгтонскага дыплямата, ад сталёвага магната зь Пітсбургу, ад пэўнай папулярнай асобы найвышэйшага сьвету Нью-Ёрку, ад уплывовага выдаўца з Чыкага й ад папулярнага амэрыканскага спартоўца, дык толькі таму, што гэты малады чалавек не належаў да арыстакратыі, ніколі ня быў у Штатах, але мае свой уласны друкарскі станок, на якім і надрукаваў карткі.


Сустрэча з паліглётам-круцялём не астудзіла энтузіязму Ўілабі, які распачаў новую кампанію дапамогі вельмі важнай, на ягоную думку, катэгорыі насельніцтва. Ён пісаў свайму начальству ў Маскву:


Так здарылася, што інтэлігенцыя дагэтуль была больш-менш забытая. Гэта не вылучная віна АРА. З прычыны вялікае нястачы нашая дапамога была разьмеркаваная яшчэ да таго, як мы змаглі разгледзець асабістыя звароты. Як вядома, прафэсары, настаўнікі, музыканты, інжынэры, юрысты самыя апошнія выходзяць наперад, каб папрасіць нешта для сябе асабіста.


Лекцыі не чытаюць у паліто, — так тлумачыў кіраўнік акругі сваё рашэньне перадаць першыя рэчавыя пасылкі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт:


Першыя 19 пасылак адзеньня былі перададзеныя 19 унівэрсытэцкім прафэсарам, якія былі апранутыя значна горш, чым прыдатна для іх працы. Яны мусілі ня толькі пераносіць холад у рызьзі, але, што горш, мусілі штодня прыходзіць так чытаць лекцыі ў вялікай аўдыторыі. Зьняць паліто ў такой аўдыторыі, незалежна ад тэмпэратуры й працягласьці лекцыі, было для іх немагчыма — з прычыны гонару.


Харчовыя пасылкі дапамагалі перажыць дзень, рэчавыя дапамагалі выжыць.

Многія гады пасьля ад’езду амэрыканцаў у Беларусі будуць насіць спадніцы й гарнітуры, пашытыя з араўскай тканіны. Іх уладальнікі будуць пазнаваць адно аднаго — але будуць навучаныя, што хваліць амэрыканскую якасьць ужо ня час.

15 Дзеці, дзеці, дзеці: Менск выходзіць наперад


Згубіла дачку. — Аргумэнты для прэсы. — Брызэнт замест чаравікаў. — Рацыён павялічаны. — Немарксісцкія парады. — 1 тысяча пудоў мыла. — Амэрыканскі аўкцыён без амэрыканцаў. — Пэдыятры ад АРА


Ёй было тры гады,

Яна гаварыла толькі на цяжкай мове беларусаў,

Яна была напалоханая.


Так пачыналася нататка для амэрыканскае прэсы, якую напісаў Чарлз Ўілабі. Такія публікацыі спрыялі збору ахвяраваньняў у ЗША для дзяцей, якіх карміла, лячыла й апранала АРА ў Беларусі.


Магчыма, яе звалі Тацяна. Напэўна сказаць цяжка, бо:

Ёй было тры гады,

Яна шапялявіла,

Яна гаварыла толькі на цяжкай мове беларусаў,

Яе пакінулі адну,

Яна была напалоханая.

Яна сядзела ў пакоі выдачы пасылак АРА ў Менску й ня ведала, што рабіць.


Паўтузіна супрацоўнікаў спрабавалі высьветліць, як дзяўчынка тут апынулася. Пару гадзінаў перад тым яна прыйшла разам з маці, якая чакала пасылку з пшанічнай мукой, цукрам і какавай. Ёй паведамілі, што пасылкі выдаюць у суседнім складзе. Маці патлумачылі, як яго знайсьці, і яна пабегла, пакінуўшы дзіцё. Праз колькі гадзінаў напалоханая малая зьвярнула на сябе ўвагу.

Ўілабі пісаў:


Беларуская мова адрозьніваецца ад расейскай. Малая была напалоханая, і цяжка было ўведаць яе адрас. Калі офіс зачыніўся, нехта ўзяў яе да сябе. Наступнай раніцай бяспамятная маці зьявілася ў доме, дзе жылі амэрыканцы, і забрала дачку. Узрушаная пасылкаю зь ежай, якая была большая, чым яна меркавала, — а ежы было на суму 10 даляраў, унесеных сваяком у Штатах, — маці забылася на дачку.


Мэлядраматычны стыль, які Ўілабі часам ужываў у сваіх паведамленьнях, меў на мэце перш за ўсё прыцягнуць дадатковую дапамогу дзецям у Беларусі. Нягледзячы на канфлікты з уладамі, ГПУ, прафсаюзамі, Ўілабі закідваў цэнтральны офіс просьбамі:


Найвялікшая патрэба Беларусі сёньня — абутак і вопратка для дзяцей. Зімой надта халодна, а дзеці практычна распранутыя, маюць толькі летняе адзеньне. Менскай акрузе тэрмінова трэба 25 тысяч пар абутку з панчохамі й сама меней 20 тысяч камплектаў адзеньня для хлопчыкаў і дзяўчатак.


Паводле ацэнкі Ўілабі, урад клапоціцца пра дабрабыт і адукацыю дзяцей Беларусі больш, чым дзе-кольвек. Аднак бракуе грошай, і вучыцца дзецям зусім ня проста:


Школы такія перапоўненыя, што даводзіцца займацца ў начную зьмену. На вуліцах Менску можна назіраць даволі звычайную карціну, калі васьмі-ці дзесяцігадовыя дзеткі з падручнікамі пад пахай ці ў заплечніку а 10-й вечара вяртаюцца з заняткаў.


Але гэтая акалічнасьць для Ўілабі — толькі нагода для наступнага назіраньня, якім ён сьпяшаецца падзяліцца:


Гэтыя дзеці ходзяць ці басанож, ці ў абутку, які ня надта беражэ ногі. Шмат у каго брызэнтавыя чаравікі. Бальшыня дзяцей у сіроцкіх дамох носіць абутак з тканіны, у якім ня выйдзеш на двор.


Калі на складох АРА няма патрэбнай вопраткі й абутку, няхай бы замовілі ў іншых гуманітарных арганізацыях, пераконвае Ўілабі сваё начальства:


У нашым рэгіёне ў пяці дзіцячых дамох 2500 дзяцей практычна распранутыя. Клімат тут халодны. Мы лічым, што нястача ў Беларусі вялікая, калі не найбольшая, чым ва ўсіх астатніх рэгіёнах, за выняткам Волгі. Просім выдзеліць нам як мінімум 15 тысяч пар абутку й панчохаў. Калі магчыма, могуць быць выкарыстаныя 25 тысяч, і кожная пара пойдзе дзіцяці, якое інакш застанецца басанож.


Араўцы не забываліся й пра бацькоў. Калі ў Менску абвясьцілі Тыдзень ратаваньня маці й дзіцяці, на распараджэньне Ўілабі амэрыканскія аўтамабілі, якія разьяжджалі гарадзкімі вуліцамі, былі абсталяваныя плякатамі з парадамі для маці й цяжарных.

Плякаты былі таксама разьвешаныя па горадзе, выстаўленыя ў вітрынах, газэты зьмяшчалі парады амэрыканскіх лекараў. «Звезда» надрукавала антымарксісцкі артыкул Фрэнка Вілі. Публікацыя расказвала пра доктара Фрэнсіса Галтана й эўгеніку — навуку, паводле якой інтэлект і фізычныя здольнасьці перадаюцца ў спадчыну. Клопат пра маці й догляд дзіцяці, даводзіў Вілі, вядзе да паляпшэньня ці пагаршэньня фізычнага й псыхічнага здароўя наступных пакаленьняў[65].

Галоўным клопатам АРА заставалася пакаленьне цяперашняе: увосень 1922 амэрыканскае харчаваньне атрымлівалі дзеці ў больш чым сотні прытулкаў. 21 лістапада «Звезда» пісала:


Цягам апошніх 5-ці месяцаў менскай канторай АРА разьмеркавана ў дзіцячых дамох і шпіталёх 12 500 ваўняных коўдраў. Кошт кожнай — 12–16 залатых рублёў. Ад чэрвеня АРА было арганізавана ў дзіцячых дамох каля 2 мільёнаў памывак. Дзеля гэтага было выдаткавана 1000 пудоў звычайнага й 260 пудоў туалетнага мыла.


Выдача рацыёнаў харчаваньня ўцекачам, дзіцячым дамам і шпіталям штодня дасягнула 20 тысяч. А ў лістападзе дзеці й хворыя атрымалі амаль мільён рацыёнаў. Лекар Фрэнк Вілі так апісваў адну асаблівасьць мэдычнай дапамогі дзецям:


Рыбін тлушч, які атрымлівала Менская акруга з мэдычных складоў АРА, быў вельмі карысны, але спосаб ужываньня выклікаў зьдзіўленьне. Яны пілі яго як ваду, мэкалі хлеб і нават аблізвалі з пальцаў.


Патрабаваўся ня толькі харч. Справаздачы зь Менску ў штаб-кватэру ў Маскве поўныя сабраных інспэктарамі падрабязнасьцяў пра ўмовы ў дзіцячых дамох Беларусі:


…Дзіцячы дом на Захар’еўскай вуліцы, 98 дзяцей плюс 15 дзяцей-уцекачоў з Волгі. Спальні ў жахлівым стане. Ложкаў не хапае, і 3–4 дзяцей сьпяць у адным. Дзеці з Волгі сьпяць на голых дошках. Няма ніводнай прасьціны й наўлечкі. Штотыдня дзяцей водзяць у лазьню, але паколькі няма зьменнай бялізны, вынік нулявы. Бальшыня ня мае абутку, амаль ні ў кога няма цёплай вопраткі, таму яны ня ходзяць у школу…

…Дзіцячы дом на Падгорным завулку[66], 120 габрэйскіх дзяцей. На ложках толькі па адной прасьціне, шмат дзяцей хворыя на заразную каросту; розныя мэдыкамэнты, якія яны ўжываюць, канчаткова зьнішчылі бялізну. Яны ізаляваныя, ня маюць панчохаў і абутку…


У сьнежні ў Беларусі праходзіла кампанія дапамогі дзецям: зьбіраліся ахвяраваньні, праводзіліся лятарэі, дабрачынныя канцэрты. У опэрным тэатры меў прайсьці «амэрыканскі аўкцыён» — амэрыканцы да яго ня мелі ніякага дачыненьня, такая назва захавалася здавён. Меркавалася сабраць 600 мільярдаў рублёў. Гэтых грошай мусіла хапіць на 2500 жалезных ложкаў і на 10 тысяч камплектаў ніжняй бялізны, адзеньня й паліто адпаведна. Таксама неабходна было купіць ваконнае шкло, фарбу, сантэхнічны й пячны рыштунак. Амэрыканцы сумняваліся, ці ўдасца сабраць хоць палову велізарнай сумы, але пагаджаліся, што патрэбы ацэненыя правільна.

Ўілабі пісаў у штаб-кватэру:


Калі б АРА паставіла вопратку, абутак і панчохі, коўдры й пасьцельную бялізну, тады сабраныя сродкі пайшлі б вылучна на капітальны рамонт дзіцячых дамоў і на набыцьцё дроваў. Урад можа даць толькі 1/8 кубамэтру дроваў на адну печку на месяц. У такім халодным клімаце абсалютна неабходна прынамсі 7/8 на печку. Зіма толькі пачалася, але ртутны слупок ужо дасягаў 15 градусаў марозу з паўтузіна разоў за апошнія тры тыдні. Дзеці ня могуць выйсьці на вуліцу з-за браку вопраткі. Праўда, яны маюць дастаткова фізычнай нагрузкі ў закрытых памяшканьнях, бо мусяць цэлы дзень рухацца, каб ня зьмерзнуць.


Амэрыканцы аддалі свае грузавікі дастаўляць дровы з чыгуначнай станцыі ў дзіцячыя дамы. Чарлз Ўілабі не стамляўся шукаць аргумэнты, якія б дазволілі павялічыць дапамогу дзецям. У сьнежні ён зьвярнуўся да ўпаўнаважанага Стакоўскага:


АРА штодня разьмяркоўвае 285 тысяч рацыёнаў ва Ўкраіне й Беларусі. На Беларусь прыпадае 20 тысяч. Ці не маглі б вы як найхутчэй паведаміць мне пра эканамічныя ўмовы ва Ўкраіне? Тады мы здолеем параўнаць іх з умовамі ў Беларусі й дазнацца, ці можна разьлічваць на павелічэньне рацыёнаў для Беларусі. Мы іх атрымаем, калі гэта акажацца неабходным.


Ўілабі прасіў інфармацыю як найхутчэй, да разьмеркаваньня паставак на наступны месяц. Стандартны дзіцячы рацыён АРА складаўся з разьліку 600 калёрыяў на дзень. Ужо 6 студзеня 1923 Ўілабі змог напісаць Стакоўскаму пра вынікі сваіх намаганьняў:


Мне вельмі прыемна паведаміць вам, што ад 1 лютага памер араўскага рацыёну ў Беларусі будзе павялічаны прыкладна на 25 %. Гэтага рацыёну будзе даволі для падтрыманьня дзіцяці да 14 гадоў.


У студзені 1923, да гадавіны адкрыцьця Менскай акругі, некалькі амэрыканскіх газэт зьмясьцілі прэс-рэліз АРА зь лістом Ўілабі:


Кожны супрацоўнік, які хаця б тыдзень меў дачыненьне да працы кухняў АРА, ведае больш розных спосабаў, як ня даць дзіцяці-ўцекачу праглынуць кубак, зь якога пілі какаву, чым расеец можа знайсьці нагодаў для сьвятаў. Празь месяц ці два ён становіцца пэдыятрам; ён таксама дасьведчаны кухар і яшчэ лепшы шэф-кухар; ён можа так запаліць мокрыя дровы ў разьбітай печцы, што пазайздросьцяць індзейцы; ён агулам можа высьветліць, што здарылася з аўтамабілем, і адрамантаваць яго хутчэй, чым растлумачыць гэта мясцоваму шафёру, які ўсё роўна нічога не разумее.


Але найбольш Ўілабі ганарыўся яшчэ адной кваліфікацыяй, якую набылі супрацоўнікі менскага офісу:


Цяпер, калі прыйшоў абутак для дзяцей, супрацоўнік АРА стаў сапраўдным абутковым спэцыялістам. Аднаго позірку на пару ног, загорнутых у рызьзё ці радно, дастаткова, каб у 9 з 10 выпадкаў вызначыць патрэбны памер. Мы, зразумела, усё роўна мераем іхныя ногі. Наш цясьляр зрабіў некалькі мерак, і, на вялікае зьдзіўленьне дзяцей, яны цяпер атрымліваюць чаравікі, якія ня ціснуць і не такія вялікія, каб іхныя старэйшыя браты маглі забраць іх сабе.


Калі ў Маскоўскай штаб-кватэры падводзілі вынікі году, усе акругі былі расстаўлены паводле эфэктыўнасьці харчаваньня дзяцей у разьліку на аднаго супрацоўніка. Намесьнік кіраўніка АРА Сырыл Кўін рэкамэндаваў тым акругам, дзе лічба была меншай за тысячу, падумаць над рэарганізацыяй працы.

З 17 акругаў гэтая парада ня тычылася толькі адной: 1052 дзіцяці ў разьліку на аднаго супрацоўніка ў сьнежні кармілі ў Менску.

16 Першая гадавіна АРА: віншуюць самі сябе


Вечарына без гасьцей. — Зноў мала грошай. — Рэкордныя даставы. — Чайная дыпляматыя. — Шчыраваньні Стакоўскага. — Экспарт падчас голаду. — Бессардэчнасьць як неабходнасьць. — Пахвалы без пратаколу


Тэлеграфіст набіраў адрас: АРА, 42 Бродўэй, Нью-Ёрк, Гербэрту Гувэру, зь Менску:


Шлём сардэчныя вітаньні старшыню Гербэрту Гувэру ў першую гадавіну апэрацыяў АРА ў Менску. Няхай нашая супольная праца працягваецца на карысьць гуманізму.


Тэлеграма была падпісаная не кіраўніцтвам Беларусі, не галоўнымі лекарамі шпіталёў, якія атрымлівалі амэрыканскія мэдыкамэнты й абсталяваньне, не дырэктарамі сіроцкіх дамоў, якія кармілі дзяцей араўскімі рацыёнамі. Гувэра віталі самі мясцовыя супрацоўнікі менскай канторы АРА.

Сьвяткаваньне гадавіны было прызначанае не на 8 студзеня — дзень, калі ў 1922 годзе першы цягнік з амэрыканскімі грузамі прыбыў у Менск, а тыднем пазьней, калі была выдадзеная першая харчовая пасылка. Гасьцей чакалі 15 студзеня ў доме амэрыканскага пэрсаналу на Захар’еўскім завулку.

Спачатку ўпаўнаважаны ўраду Мар’ян Стакоўскі паабяцаў арганізаваць сьвяткаваньне ад імя ўладаў. Плянаваліся выступы наркамаў, меркавалі запрасіць старшыню ўраду Аляксандра Чарвякова, іншых высокапастаўленых асобаў.

Аднак у апошні момант упаўнаважаны паведаміў, што ў дзяржавы скончыліся грошы (на вечарыну патрабавалася 25 мільярдаў рублёў) і ніхто з наркамаў ня прыйдзе.

Тады мясцовыя супрацоўнікі АРА самі сабралі грошы й паслалі віншавальную тэлеграму Гербэрту Гувэру.

Аркестар суседняга 8-га пяхотнага палку быў запрошаны раней, запросінаў адмяняць ня сталі. Усе сабраліся ў доме амэрыканскага пэрсаналу, былі агучаныя віншавальныя тэлеграмы, а затым прачыталі ліст падзякі амэрыканцам, пад якім паставіў подпіс кожны мясцовы супрацоўнік.

Пад духавую музыку, з гарэлкай і прынесенаю з дому закускаю адсьвяткавалі гадавіну ў сваім коле. З гасьцей быў адзін Стакоўскі.

Падчас вечарыны гаварылі й пра справы. Напачатку студзеня амэрыканцы не маглі забраць свае грузы з чыгункі: іх не падпускалі да вагонаў з прадуктамі без папярэдняй аплаты фрахту. Чыгунка не падпарадкоўвалася мясцовым уладам. Ўілабі бамбаваў Маскву тэлеграмамі, прасіў умяшаньня Ландэра. Тэлеграмы Стакоўскага на імя Ландэра таксама заставаліся без адказу. Амаль тыдзень 16 вагонаў стаялі неразладаваныя.

Грошы сталі галоўным клопатам менскай канторы напачатку году. У Беларусі не выконвалі новай дамовы, паводле якой мясцовыя ўлады меліся цалкам фінансаваць выдаткі АРА, улучна з заробкам неамэрыканскага пэрсаналу, і пакрываць вытворчыя выдаткі.

Сума, якую акруга атрымлівала раз на месяц з Маскоўскай штаб-кватэры на пабежныя выдаткі, скончылася ў першыя дзесяць дзён. Ўілабі тлумачыў у справаздачы:


Ужо два месяцы з Масквы не было ніякіх даставаў бэнзіну. У выніку ўсе ўрадавыя грузавікі й аўтамабілі застаюцца ў гаражох. Ва ўраду няма грошай на бэнзін для нас. Мы мусілі купляць паліва на рынку за грошы, што атрымалі з Масквы. Цэны надзвычай высокія, бэнзін у асноўным перапрадаюць шафёры, мэханікі, рабочыя зь дзяржаўных гаражоў. З 36 тысяч рублёў нашага бюджэту мы ўжо аддалі на бэнзін 5 тысяч[67].


Запчасткі, якія дастаўляліся кантрабандай з Польшчы, можна было набыць толькі на рынку й па надзвычайных коштах. Ўілабі пісаў:


Адзіны вульканізатар у горадзе цяпер у турме, і хаця нас не цікавяць прычыны ягонага арышту, мы паспрабавалі схіліць ГПУ выпускаць яго няхай бы раз на тыдзень, каб ён мог даглядаць нашыя шыны. Аднак наш уплыў пакуль не сягае гэтак высока.


Яшчэ 12 тысяч рублёў пайшлі на аплату рахункаў мінулага месяца, 4 тысячы — на выраб кантэйнэраў для выдачы топленага сала. Грошы ішлі на рамонт складоў, аплату працы падрадчыкаў і перавозчыкаў. Хаця кошт рубля вагаўся нязначна, цэны надалей расьлі. Ўілабі прыводзіў афіцыйную статыстыку за сьнежань:


Цана на чорны хлеб узрасла з 280 тысяч рублёў за фунт да 320 тысяч; на белы хлеб з 500 тысяч да 600 тысяч, бульба не падаражэла, капуста падскочыла ад 60 мільёнаў за пуд да 75 мільёнаў, а цана на яйкі вырасла з 483 тысяч да 650 тысяч за тузін.


Пасьля першай шасьцідзённай затрымкі грузаў чыгункай у Менску з трывогай чакалі, што адбудзецца з новымі даставамі — пасьля Новага году на адрас АРА былі адпраўленыя 35 вагонаў. Але новую партыю ўдалося атрымаць безь цяганіны: савецкія ведамствы часова паразумеліся.

У студзені АРА атрымала 59 вагонаў прадуктаў і два вагоны мэдычных матэрыялаў — найбольшы аб’ём даставаў за ўвесь час працы. У справаздачы Ўілабі адзначыў яшчэ адну прыемную рэч:


Газэты ў гэты пэрыяд былі выключна шчодрыя зь месцам на паласе. Мы атрымалі 14 згадак у дзьвюх вялікіх менскіх штодзённых газэтах на працягу 15 дзён (без уліку дзьвюх аплачаных намі абвестак).


Ўілабі прыклаў да справаздачы газэтныя нататкі, прысьвечаныя АРА, а таксама рэцэнзію на кнігу амэрыканскага сэнатара Пэтыгру «Плютакратыя» й памфлет «аддзелу прапаганды Беларусі» як узор агітацыі супраць елак і Дзеда Мароза, што лічылася буржуазным перажыткам.

Кіраўніцтва АРА цаніла й заахвочвала такія рэчы, якія давалі магчымасьць адчуць мясцовае жыцьцё за калёнкамі лічбаў. Тымчасам Маскоўская штаб-кватэра пачала ўдакладняць пляны на 1923 год. У студзені Ўілабі атрымаў просьбу ад свайго начальства: запрасіць савецкага ўпаўнаважанага на шклянку гарбаты, каб у нефармальнай атмасфэры высьветліць настроі й ацэнкі.

Самавара ў менскай канторы АРА не было. Амэрыканцы пілі каву, якую замаўлялі праз Маскоўскую штаб-кватэру й прывозілі з Польшчы, а таксама распушчальную гарбату. Наўрад ці буры парашок, які Ўілабі паставіў на стол, быў найлепшым пачастункам для абмеркаваньня вострай тэмы — ці варта надалей даваць хлеб тым, хто сам яго прадае.

Нягледзячы на голад, зь Беларусі вывозілі збожжа ў Расею: у Саратаўскую губэрню й Чувашыю было адгружана 230 тысяч пудоў насеннага жыта. Але гэта лічылася ўнутранай справай. Міжнародны скандал выбухнуў пазьней.

У лістападзе 1922-га, калі галадалі 36 мільёнаў чалавек і штодня ад недаяданьня заўчасна паміралі тысячы людзей, у Маскве Палітбюро пад старшынёўствам Леніна прыняло сакрэтную пастанову:


Прызнаць дзяржаўна неабходным вываз збожжа ў памеры да 50 мільёнаў пудоў[68].


Гэты дакумэнт будзе схаваны ў архівах наступныя сем дзесяцігодзьдзяў. Але маштаб апэрацыі быў такі, што не дапамаглі ніякія грыфы сакрэтнасьці. Амэрыканскі друк імгненна абляцела паведамленьне пра бізнэс па-бальшавіцку. У Новарасійскім порце грузілі збожжа й муку. З трумаў аднаго карабля грузчыкі выносілі мяхі з адзнакай «АРА» й перакідвалі іх у вагоны, якія чакалі адпраўкі ў раёны голаду. Побач мяхі з мукой і збожжам рухаліся ў адваротным кірунку: загружаўся параход, які меў везьці расейскія тавары на экспарт.

Расея вывозіла хлеб, адначасова атрымліваючы дапамогу ЗША. Амэрыканская прэса, палітыкі й публіка задавалі пытаньне: ці не прыйшоў час спыніць апэрацыі АРА.

Гэтае пытаньне першым і закрануў Мар’ян Стакоўскі, калі пакаштаваў амэрыканскага распушчальнага напою. Пазыцыя ўпаўнаважанага ў пераказе Ўілабі выглядала наступным чынам:


АРА не павінна цяпер пакідаць Беларусь. Дзьве траціны дзіцячых дамоў у Беларусі зачыняцца празь месяц пасьля вашага ад’езду. Сёлетні ўраджай не дазволіць Беларусі самастойна стаць на ногі. Колькасьць тых, каму трэба дапамога, занадта вялікая. Праз 15 месяцаў будзе іначай. Пасьля лета 1924 году я асабіста ня бачу, як Расея можа дазволіць любой замежнай арганізацыі дапамогі разьмяркоўваць харчаваньне на сваёй тэрыторыі. Расея павінна ператварыцца з атрымальніка ў пастаўшчыка сваіх уласных прамысловых тавараў і сыравіны.


Стакоўскі тлумачыў, што, пакуль краіна будзе атрымліваць харч з Амэрыкі ці іншых месцаў, ейных фінансавых і гандлёвых прадстаўнікоў ня будуць паважна прымаць за мяжой. Упаўнаважаны, аднак, прызнаваў, што пакуль колькасьць тых, каму патрэбная дапамога, занадта вялікая і ўрад яшчэ ня можа ахвяраваць іхнымі інтарэсамі дзеля вонкавага палітычнага й камэрцыйнага прызнаньня.

Аднак на практыцы савецкі ўрад паступаў менавіта такім чынам. Чарлз Ўілабі спытаўся пра гандаль хлебам, які Масква пачала, не зважаючы на голад у краіне. Як растлумачыць амэрыканскай публіцы, чаму трэба пасылаць бясплатны харч у Расею, калі яна экспартуе хлеб?

Стакоўскі тлумачыў:


Палітыка ёсьць гульнёй у шахматы. Расея хоча павялічыць свой крэдыт. Дзеля гэтага яна павінна паказаць, што стала на шлях эканамічнага адраджэньня. Ніхто лепш за амэрыканцаў ня ведае, што ў Расеі няма лішкаў харчаваньня. Аднак каб атрымаць прызнаньне, атрымаць крэдыты, нават малыя, урад мусіць рабіць крокі, якіх асобныя людзі ня могуць зрабіць.


Гаспадары налілі яшчэ гарбаты й задалі наступнае пытаньне — пра інцыдэнт у Новарасійску. Стакоўскі даводзіў:


Памылка, зробленая там, палягала ў тым, што начальнік порту ні ў якім разе не павінен быў даваць дазвол двум караблям адначасова швартавацца ў адным порце. Ён мусіў затрымаць адгрузку расейскага харчу, пакуль не разгрузіўся амэрыканскі карабель.


Даставы харчу, на думку Стакоўскага, умацавалі давер да Расеі ў сьвеце. На трывожны запыт амэрыканцаў Масква заявіла, што спыніць экспарт, калі ЗША пазычаць грошы. Гувэр катэгарычна адмовіўся дапамагаць бальшавіцкаму ўраду крэдытамі й выступіў з абвінавачаньнем:


АРА пратэстуе супраць антыгуманнай палітыкі ўраду забіраць хлеб на экспарт ад людзей, якія галадаюць, каб набыць тэхніку для паляпшэньня эканамічных умоваў тых, хто выжыве. Любое падобнае дзеяньне ўскладае беспасярэднюю адказнасьць за сьмерць дзясяткаў мільёнаў людзей на ўладу і ўрад.


Глынуўшы гарбаты, Мар’ян Стакоўскі даверліва прапанаваў Чарлзу Ўілабі сакрэтнае тлумачэньне, якое Масква даводзіла да партактыву:


Мне паведамілі, што Расея купляе хлеб для ўнутранага спажываньня ў Эўропе. Тады, калі гэтыя пастаўкі перасякаюць савецкую мяжу, іншае расейскае збожжа вывозіцца за мяжу. Расея, верагодна, плаціць за імпарт больш, чым выручае ад экспарту. Але замежныя краіны гэтага ня ведаюць. Расея зрабіла рэкляму свайму экспарту, а імпарт паступаў у краіну глыбокай ноччу, сакрэтна.


Ўілабі запісаў наступнае шчыраваньне Стакоўскага:


Такія рэчы здаюцца жорсткімі й бессардэчнымі, але часта яны неабходныя. Краіна перажывае крытычны пэрыяд, але я не лічу, што мы робім нешта горшае за тое, што мусілі рабіць іншыя першаклясныя дзяржавы, каб выжыць напачатку свайго існаваньня.


Гутарка працягвалася ва ўсё цяплейшай атмасфэры. Не зусім пасьлядоўна Стакоўскі заявіў, што АРА павінна пакінуць пасьля сябе арганізацыю-пераемніцу, якая б захавала структуру й пэрсанал АРА. Вызначыць характар будучай арганізацыі, на думку Стакоўскага, таксама мог бы Гербэрт Гувэр:


Ленін цяпер хварэе. Можа прайсьці ня менш за шэсьць месяцаў, пакуль ён зноў вернецца да працы. Троцкі, верагодна, ня зойме ягонага месца на гэты час. Хутчэй Каменеў стане наступнікам. Каменеў як ніхто іншы з савецкіх афіцыйных асобаў блізкі да АРА, ведае пра яе дасягненьні, разумее праблемы й цэніць вынікі. Калі Каменеў стане на месца Леніна, у АРА будзе сябар, саюзьнік і абаронца, найуплывовейшы ў Расеі. Каменеў, на маю думку, хоча, каб АРА заставалася ў Расеі яшчэ год. У такім разе АРА атрымае дапамогу й судзеяньне ў любой частцы краіны, і ейнай працы ня толькі нічога ня будзе замінаць, але ёй будзе дапамагаць кожны савецкі службовец.


Ўілабі зноў напаўняў шклянкі, а Стакоўскі працягваў хваліць працу па-амэрыканску. Кіраўнік акругі не пасьпяваў запамінаць камплімэнты, каб пазьней уключыць іх у справаздачу:


Стакоўскі настойліва выказваўся за працяг амэрыканскай дапамогі. Вось дакладны запіс ягоных словаў: АРА добра вядомая й не выклікае недаверу. АРА, на думку ўладаў і людзей, дэманструе тыпова амэрыканскую дзелавітасьць і карпатлівасьць. У Беларусі працуюць розныя амэрыканскія й іншыя замежныя арганізацыі. Некаторыя больш лібэральныя, чым АРА, і не патрабуюць справаздачнасьці за маёмасьць і харчаваньне. Іншыя больш спадзяюцца на дзяржаўныя ўстановы ў справе разьмеркаваньня.


Далей Ўілабі прывёў агульную ацэнку Стакоўскага:


Аднак, на маю думку, АРА прадэманстравала, што сапраўды спраўны спосаб кіраваньня дапамогай такога маштабу — гэта спосаб АРА.


Калі ў Маскоўскай штаб-кватэры атрымалі ліст, дык мелі падставы засумнявацца, ці суразмоўцы абмежаваліся адно гарбатай.

17 Чыстка АРА: дзе жыве Карл Маркс


Кароткія падзякі. — Джэнтэльмэны кажуць «Ага!» — Праверка на ляяльнасьць. — Бляндынка Роза Люксэмбург. — Дробныя паскудзтвы. — Мыла для НКВД. — Чакаюць даносаў. — Ніхто ня звольнены, але…


Люты для АРА ў Менску пачаўся з прыемнасьцяў. Напачатку месяца Чарлз Ўілабі й Ралф Герц атрымлівалі віншаваньні. Беларускі Чырвоны Крыж наладзіў вечарыну з нагоды адкрыцьця мэдычнай клінікі ўнівэрсытэту, і кіраўнік акругі й галоўны лекар былі ганаровымі гасьцямі. Ўілабі паведамляў у штаб-кватэру:


Выступаў было шмат, але кароткіх, і насуперак агульнапрынятай у Беларусі звычцы кожны прамоўца заяўляў, што без дапамогі АРА бальшыня дзіцячых дамоў і шпіталёў у Беларусі была б змушаная пазбавіцца сваіх выхаванцаў і пацыентаў і зачыніць дзьверы. Прысутныя камісары й высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі, а таксама выбітныя настаўнікі, лекары й навукоўцы выказвалі гэтыя пачуцьці ў прамовах.


У лютым менская кантора скончыла прыём картак-заявак на вопратку, але працы не паменшала. Працягваліся паездкі ў дзіцячыя дамы й шпіталі, разгрузка вагонаў і выдача пасылак, кожныя два тыдні трэба было пісаць справаздачы ў штаб-кватэру. Пасьля таго як Менск пакінулі Джордж Шрэмэл і Сэдрык Сьміт і замены ім не прыслалі, частку абавязкаў, якія звычайна выконвалі амэрыканцы, давялося даручыць мясцовым супрацоўнікам. Ўілабі наняў на працу машыністку, якая валодала ангельскай мовай. Лекары Герц і Вілі праводзілі час у паездках па велізарнай тэрыторыі мэдычнай акругі, рыхтуючы грузы для Магілёва, Смаленску, Віцебску й Гомелю. Інспэктарская група на чале з Кацярынай Румянцавай у дадатак да дзіцячых дамоў і кухняў грамадзкага харчаваньня ў Менску стала правяраць выкарыстаньне амэрыканскай дапамогі ў Барысаве, Бабруйску, Слуцку, Ігумене, а таксама ў шпіталёх і амбуляторыях.

Таксама напачатку лютага Ўілабі атрымаў доўгі, на тры старонкі, ліст ад кіраўніка АРА Ўільяма Гаскела й кіраўніка аддзелу інстанцыяў Болдўіна, які пачынаўся не зусім афіцыйна:


Мы хацелі б з удзячнасьцю пацьвердзіць, што атрымалі вашу паўмесячную справаздачу. Гэтыя справаздачы мы вітаем задаволеным «Ага!», якое магло б зьляцець з вуснаў джэнтэльмэна, які нядзельнай раніцай уладкоўваецца ў камфартабэльны фатэль у халаце й хатніх пантофлях і вітае сваю нядзельную газэту. Мы чакаем, што будзе цікава й забаўна, і мы не расчараваныя. Вы напэўна заслугоўваеце прызнаньня за працу, якую ўкладаеце ў падрыхтоўку матэрыялу, і мы запэўніваем, што прызнаньне будзе такім, як належыць. Выдатны матэрыял.


Гаскел і Болдўін абяцалі дапамагчы зь некаторымі заяўкамі, а таксама прасілі прысылаць у Маскоўскую штаб-кватэру справаздачы мясцовых інспэктараў, якія, на іх думку, давалі вельмі добрую карціну мясцовых умоваў. У лісьце ішла гаворка пра вопыт Самары, дзе АРА дапамагла аднавіць даўно зачыненую лазьню — вялікая рэч для завашыўленага насельніцтва. Ўілабі прасілі падумаць, што можна зрабіць дадаткова, каб пакінуць па сабе добрую памяць ў акрузе:


Сяброўскае абмеркаваньне зь мясцовым упаўнаважаным за шклянкай гарэлкі ў доме амэрыканскага пэрсаналу можа адкрыць самыя розныя магчымасьці дзеля гэтага.


Ідэя чысьціні была блізкая Стакоўскаму, але зусім ня так, як маглі меркаваць амэрыканцы. 21 лютага 1923 зь Менску ў Маскву на імя ўпаўнаважанага савецкага ўраду Ландэра была адпраўленая афіцыйная тэлеграма ўпаўнаважанага ўраду ССРБ:


Паведаміце, ці можна настойваць на праверцы й чыстцы супрацоўнікаў АРА.


Праверка на палітычную ляяльнасьць і чыстка апарату савецкіх установаў праводзілася камуністычнымі ўладамі, якія вялі няспынную клясавую барацьбу з рэшткамі эксплюататараў. Правяралася сацыяльнае паходжаньне, род заняткаў, маёмасны стан, вывучалася біяграфія — што рабіў да 1917 году, пасьля лютаўскай рэвалюцыі, падчас і пасьля кастрычніцкага перавароту[69], падчас грамадзянскай вайны. Апроч анкетаў, на спэцыяльным іспыце правяраліся палітычныя веды супрацоўнікаў.

Праз тыдзень у Менск прыйшоў адказ з Масквы ад савецкага ўпаўнаважанага Карла Ландэра:


Не пярэчу. Старайцеся ўнікнуць інцыдэнтаў.


У Менскай акрузе АРА працавала блізу ста чалавек: рабочыя й грузчыкі ў складох, шафёры, бугальтары, машыністкі, вартаўнікі, лекары, інспэктары, адміністрацыйны пэрсанал. Усе яны былі беспартыйныя. АРА не прызнавала савецкіх прафсаюзаў, і таму прафсаюзная праца ў калектыве таксама не вялася. Аднак калі амэрыканцы спадзяваліся, што дыктатура пралетарыяту сканчаецца за ўваходам на тэрыторыю АРА, дык спадзевы былі марныя.

На наступны дзень пасьля тэлеграмы Ландэра, 28 лютага, Стакоўскі напісаў Ўілабі:


У сувязі з агульнымі правіламі, якія тычацца праверкі й чысткі супрацоўнікаў установаў — уключна з замежнымі арганізацыямі, — хачу вам паведаміць пра стварэньне камісіі пад маім кіраўніцтвам для праверкі вашых супрацоўнікаў. Камісія пачне сваю працу ў найбліжэйшай будучыні.


Чысткі праходзілі ва ўсіх установах і наркаматах. У Наркамаце фінансаў Беларусі 53 супрацоўнікі са 105 правалілі экзамэн і былі звольненыя. Амэрыканцам, якія спрабавалі ўцяміць, што такое чыстка, расказалі, як гучала першае пытаньне. Уражаны Ўілабі прывёў дыялёг у сваім лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру:


— Дзе Карл Маркс?

— Ён памёр.

— Вы памыляецеся. Карл Маркс не памёр: ён жыве ў сэрцы кожнага сапраўднага камуніста.


«Вычышчаным» супрацоўнікам было забаронена займаць адказныя пасады й працаваць у органах улады. Кіраўнік акругі мог ужо пераканацца, што ў пытаньні ідэалёгіі слова й справа ўлады не разыходзіліся. Яшчэ напачатку лютага Ўілабі пісаў у Маскву пра антырэлігійную кампанію ў Менску:


Захапіўшы Біскупскі дом пад музэй, камсамольцы цяпер рыхтуюць захоп самай гістарычна значнай рэлігійнай установы Менску — вялікай сынагогі, каб адкрыць там рабочы клюб[70]. Пасьля гэтага яны пагражаюць захапіць усе сынагогі гораду.


Празь месяц ён ужо паведамляў вынікі: у памяшканьні сынагогі адкрыты клюб, пачынаецца новая кампанія супраць касьцёлаў.

Кожны вечар пасьля закрыцьця канторы менскія супрацоўнікі АРА сталі заставацца на заняткі палітграматы.

У гэты ж час у друку зьявіўся крытычны артыкул старшыні прафсаюзу савецкіх служачых. Прафсаюз праводзіў дабрачынны кірмаш і зьвярнуўся да Ўілабі з просьбай даць некалькі пасылак на аўкцыён. Кіраўнік акругі патлумачыў, што гэта немагчыма — кожная пасылка аплачаная ў Амэрыцы й мае канкрэтнага адрасата. Адмова была расцэненая як помста за страйк, які адбыўся ў лістападзе.

Мясцовы пэрсанал нэрваваўся. Ўілабі, аднак, яшчэ глядзеў на ўсю справу хутчэй як на недарэчнасьць, чым на сапраўдную пагрозу. Ён пісаў у Маскву:


Супрацоўнікі АРА, якія ня здолеюць адразу згадаць імя Леніна, дзе жыве цяпер Карл Маркс, афіцыйную дэфініцыю камунізму, і тыя, хто ня ў стане каротка пераказаць канстытуцыю, даволі моцна хвалююцца. Кажуць, што ўсе яны неўзабаве будуць адказваць камісіі экзамэнатараў і сьведчыць свае палітычныя перакананьні й веданьне камуністычных справаў.


Кіраўнік акругі не хаваў сарказму:


Мы ня лічым, што ўлады маюць права звольніць нашага супрацоўніка, калі ён ня ведае, была Роза Люксэмбург натуральнай ці фарбаванай бляндынкай.


Ўілабі пытаўся, ці правільная яго пазыцыя й прасіў парадаў.

Але падзеі пачалі разгортвацца хутчэй, чым ён атрымаў адказ. 7 сакавіка «Звезда» надрукавала абвестку:


Камісія, арганізаваная для праверкі пэрсаналу замежных арганізацыяў дапамогі ў Расеі, просіць усіх грамадзянаў, якія што-кольвек ведаюць пра злоўжываньні пэрсаналу АРА, Джойнту й місіі Нансэна падчас іхнае працы, рабаваньне, хабар і неляяльнасьць да Савецкай улады, паведаміць пра гэта Камісіі.

Заявы ў пісьмовай форме ці вусна прымаюцца старшынём Камісіі т. Стакоўскім у канторы Наркамату аховы здароўя на пляцы Волі ад 12.00 да 15.00 і з 10.00 да 11.00 у Белэваку.

Камісія гарантуе поўную таемнасьць асобам, якія прынясуць заяву. Ананімныя скаргі разглядацца ня будуць.


Абвестка была як гром зь яснага неба. Напярэдадні Ўілабі сустракаўся са Стакоўскім і прасіў паспрыяць у атрыманьні візы для жонкі. Ўілабі меўся сустрэць яе ў Варшаве й разам вярнуцца ў Менск. Стакоўскі напісаў кароткае хадайніцтва савецкаму паўнамоцнаму прадстаўніку ў Польшчы і ўручыў паперу кіраўніку акругі. Пра абвестку ў заўтрашняй газэце не было гаворкі.

Сытуацыя пачынала выглядаць зусім ня сьмешнай.

Ўілабі тэрмінова папрасіў сустрэчы з упаўнаважаным і адправіўся на вуліцу Ўрыцкага. Новы ліст у Маскву быў пазбаўлены ўласьцівых для стылю кіраўніка акругі жартаў:


Тлумачэньне ўладаў што да публікацыі абвесткі не праліло дадатковага сьвятла на справу. Супрацоўнікі АРА дужа заклапочаныя, асабліва з нагоды фразы пра «неляяльнасьць да Савецкай улады». У мінулым, пры любой сутычцы паміж мясцовым супрацоўнікам і прадстаўніком уладаў, апошні заўсёды выстаўляў абвінавачаньне ў неляяльнасьці да ўладаў проста з тае прычыны, што супрацоўнік выконваў нашыя інструкцыі, інструкцыі АРА з Масквы, і абараняў інтарэсы АРА.


Падчас размовы Стакоўскі паабяцаў, што асабіста будзе праводзіць чыстку ў АРА. Ўілабі паведамляў:


Стакоўскі — камуніст, але адначасова разумны й дальнабачны чалавек, які ня робіць дробных паскудзтваў, як практыкуюць шматлікія Добрыя Таварышы.


Добрыя таварышы, зь якімі даводзілася мець справу АРА, сустракаліся паўсюль. Напачатку лютага ў «Звезде» зьявілася малая нататка за вялікім подпісам «Управа крымінальнага вышуку». Назва «За працу» была ў іранічным двукосьсі:


Управай крымінальнага вышуку быў камандзіраваны як паняты пры выгрузцы мэдыкамэнтаў і шпітальнага рыштунку для мэдаддзелу АРА агент крымінальнага вышуку таварыш А. Пасьля заканчэньня працы загадчык складу даў невядомаму чыгуначніку, які прысутнічаў пры разгрузцы, кавалак мыла. Гэта не прасьлізнула міма ўвагі агента А. Такая назіральнасьць прыйшлася недаспадобы загадчыку, які стаў шаптацца са сваім памочнікам на замежнай мове й працягваў адначасна скоса паглядаць на агента.


У выніку таварышу А. таксама быў уручаны кавалак мыла. Загадчык складу, пісала газэта, не патлумачыў прычыны такой шчодрасьці. Але агент А. застаўся нямытым. Мыла было прыкладзена да рапарту, управа крымінальнага вышуку паведамляла, што сродак гігіены перададзены ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня й папярэджвала, што надалей такія падарункі будуць лічыцца рэчавымі доказамі для суду. Чытачы газэты такім чынам былі паінфармаваны пра чыстыя рукі супрацоўнікаў НКВД[71] і ня надта чыстыя справы супрацоўнікаў АРА, якія перашэптваюцца на замежных мовах.

У АРА расказвалі гэтую гісторыю крыху іначай. Ўілабі пісаў:


Намесьнік загадчыка складу падарыў прадстаўніку сакрэтнай службы кавалак мыла пасьля таго, як апошні стаў прасіць наліць яму колькі «грамаў сьпірту, бо надта халодна тут стаяць». Супрацоўнік АРА параіў агенту «выкінуць гэтую дурную думку з галавы» й даў яму мыла, каб прамыць зьвіліны. Абураны адмовай і баючыся, што з АРА паведамяць начальству пра ягоныя захады, агент здаў мыла й склаў рапарт пра хабар. Аднак намесьнік загадчыка складу паведаміў пра інцыдэнт лекару акругі. Праз тры тыдні ў «Звезде» зьявіўся артыкул.


Нягледзячы на нязначнасьць выпадку, публікацыя закранала істотную праблему. АРА настойвала на поўным кантролі сваёй дапамогі аж да талеркі на стале дзіцячага дому й пасылкі, уручанай непасрэдна адрасату — без пасярэдніцтва ўладаў. Улады глядзелі на гэта з падазрэньнем, ацэньвалі практыку АРА як неэфэктыўную й нават падрыўную. Кожны, нават дробны, укол на адрас амэрыканцаў быў дарэчы.

Падыход АРА, у сваю чаргу, вымагаў адпаведнага штату — дзясяткаў людзей, якія забясьпечвалі прыём, разгрузку, складаваньне, фасоўку, выдачу й даставу грузаў, кантроль за выкарыстаньнем, вядзеньне ўліку й справаздачнасьці, фінансавыя разьлікі. Людзі на працу патраплялі розныя. І часам без дапамогі міліцыі было не абысьціся. Кіраўнік акругі некалькі разоў зьвяртаўся да Стакоўскага з просьбамі праз губвышук абараніць маёмасьць АРА:


Кужалеў, шафёр АРА, забраў з нашага гаража адзін з араўскіх грузавікоў без дазволу з майго боку й з боку загадчыка гаража. Калі так, гэта сур’ёзнае злачынства. Я прашу вас зьвярнуцца да Губвышуку й папрасіць правесьці належнае расьсьледаваньне… і, калі Кужалеў сапраўды езьдзіў на грузавіку, арыштаваць яго й прыцягнуць да адказнасьці.

Адначасна прашу распарадзіцца, каб Губвышук правёў расьсьледаваньне, хто засыпаў наждачны парашок у рухавік «Кадылака», што прывяло да сур’ёзнага пашкоджаньня аўтамабіля.


Праз тыдзень Кужалеў быў звольнены.

Крымінальныя выпадкі, аднак, ня мелі нічога агульнага з палітычнай чысткай. Кіраўніцтва АРА пастаянна падкрэсьлівала сваю бесстароннасьць у падборы мясцовага пэрсаналу:


Выбіраючы нашых супрацоўнікаў, як і харчуючы расейскіх дзяцей, мы не пытаемся ні пра нацыянальнасьць, ні пра веравызнаньне, ні пра палітычныя погляды й спадзяёмся, што савецкія ўлады будуць ставіцца да іх гэтак сама.


Улады й прафсаюзы, аднак, мелі супрацьлеглую думку.

17 сакавіка Ўілабі перадалі тэлефанаграму з апарату ўпаўнаважанага Стакоўскага:


У панядзелак 19 сакавіка ў 11.30 раніцы прыступіць да сваёй працы Камісія па праверцы супрацоўнікаў у даверанай вам арганізацыі ў Менску. Просьба падрыхтаваць да пазначанага часу для мяне пайменныя сьпісы вашых супрацоўнікаў, якія працуюць як у канторы й мэдаддзеле, гэтак і на складох і г. д.


Апроч Стакоўскага, тэлефанаграму падпісаў упаўнаважаны Цэнтральнай камісіі па праверцы й чыстцы нехта Конбранд. Але больш цікавай была прыпіска на арыгінале, якой Ўілабі ня мог бачыць. Над тэкстам быў дадаткова выстаўлены грыф «Сакрэтна» й дададзены новы адрасат: «Копія ў ГПУ тав. Карэйва».

Копія важыла больш за арыгінал. Падчас кампаніі чысткі дэлегаты Ўсебеларускага зьезду саветаў паслалі спэцыяльнае прывітаньне ГПУ, якое надрукавалі газэты:


Няхай сусьветная буржуазія, няхай сацыял-здраднікі ўсіх колераў і рангаў вас кляймяць званьнем забойцаў і вылюдкаў — для нас, працаўнікоў Савецкай Беларусі, вы лепшыя нашыя сыны, самыя аддадзеныя справе рэвалюцыі працаўнікі.


З гэтага часу кпіны й іронія ў лістох Ўілабі зьнікаюць. Кіраўнік акругі прыняў рашэньне абараняць сваіх супрацоўнікаў і больш не зьвяртаўся ў Маскву па параду, а інфармаваў штаб-кватэру пра сваё рашэньне й патрабаваў адказу пра захады адміністрацыі АРА пры найгоршым разьвіцьці падзеяў:


Мы не зьбіраемся нікога звальняць толькі з тае прычыны, што супрацоўнік ня здаў палітычнага экзамэну, і мы хацелі б ведаць, што Масква будзе рабіць, калі нашага супрацоўніка выключаць з прафсаюзу і ў гэты момант умяшаюцца ўлады й арыштуюць яго.


Як насамрэч адказвалі менскія супрацоўнікі АРА на пытаньні, якога колеру валасы мела Роза Люксэмбург і пад якім адрасам жыве грамадзянін Карл Маркс, застаецца невядомым і сёньня нават жыхарам менскіх вуліцаў, якія дагэтуль носяць імёны вечна жывога Карла Маркса й брунэткі Розы Люксэмбург.

Але частка супрацоўнікаў была ўнесеная ў адмысловы сьпіс прафсаюзу. Менавіта гэтаму сьпісу будзе прысьвечаны ліст, які кіраўнік акругі Ўілабі напіша ў свой апошні дзень у Менску.

18 Навучаньне ангельскай мэтадам АРА: «milk» ня толькі «малако»


Няма тары. — Загадкавыя этыкеткі. — Экзатычная статыстыка. — Прага да ведаў. — Набор у клясу АРА. — Засакрэчаная дапамога настаўнікам. — Што азначае «Беларусь»? — Машынка з дэфіцытным шрыфтам


На плякаце была намаляваная міс Калюмбія[72], якая раздавала ежу дзецям. Зьверху ішоў надпіс па-расейску: «Дар Американского народа», «АРА». І збоку подпіс па-ангельску: «Herbert Hoover, Chairman». Плякаты былі вывешаныя ў кожнай араўскай кухні й на кожным складзе — і бянтэжылі нават адукаваных наведнікаў. Прозьвішча кіраўніка АРА ў мясцовым друку пісалі «Гербэрт Гувэр», праз «г». У дадатак да выдачы пасылак, харчаваньня ўцекачоў, апрананьня дзяцей супрацоўнікам АРА даводзілася даваць лінгвістычныя даведкі.

Ангельская мова прысутнічала ня толькі на плякатах. Нечаканы практычны эфэкт у Менску зрабілі надпісы на бляшанках з амэрыканскім малаком.

Кансэрваванае малако ўвогуле было самай каштоўнай часткай дзіцячага харчаваньня. Ўілабі пісаў у нататцы для амэрыканскага друку:


Малако адыграла найвялікшую ролю ва ўратаваньні паўжывых дзяцей, якія паміралі з голаду, ад недаяданьня. Малако было іхнай ежай і напоем. Яны ніколі ня бачылі такой колькасьці малака, бо бальшыня гэтых дзяцей нарадзілася пасьля пачатку ўсясьветнай вайны… Маці й бацькі, сёстры й браты, старэйшыя за ўзроставы бар’ер дзіцячага харчаваньня АРА, галадалі, пакуль 14-гадовыя й маладзейшыя іхныя родзічы штодня атрымлівалі дастаткова амэрыканскай ежы ня толькі каб не памерці з голаду, але й нарасьціць мяса на свае шкілетападобныя целы.


Бляшанкі былі двух памераў: у большай было парашковае малако, у меншай згушчанае. Важылі прыкладна аднолькава, крыху меней за паўкіля, і пасьля разьвядзеньня вадою з кожнае выходзіла больш за літар малака. Яго разьлівалі пераважна адразу на амэрыканскіх кухнях, у дзіцячых дамох, і дзеці выпівалі свае кубкі на месцы. Какава, белы хлеб, цукар, крупы рабілі сваю справу. Красамоўны Ўілабі тлумачыў:


Як чалавек, які паволі прачынаецца пасьля доўгага забыцьця й напачатку заўважае рэчы навокал як у тумане і, нарэшце, цалкам ачуняўшы, пазнае навакольле, гэтак і галодныя дзеці, калі яны сталі на шлях папраўкі, на якім праз кожныя пару мэтраў стаяць паказьнікі, пачалі заўважаць сваё навакольле.


Навакольле, пра якое ўзвышана пісаў кіраўнік Менскай акругі АРА, складалі завалы пустых бляшанак з-пад малака, якія расьлі з кожным днём.

Амэрыканская тара прыцягвала ня толькі дзіцячую ўвагу. Калі ўлада мяняецца кожныя пару месяцаў — ці то пасьля чарговай рэвалюцыі, ці то пасьля зьмены лініі фронту, — сьціраецца ня толькі розьніца паміж акупацыяй і вызваленьнем, але пачынаюць бясьсьледна й надоўга зьнікаць самыя звычайныя рэчы. У тым ліку — шклянкі, кубкі, слоікі, найпрасьцейшыя ёмістасьці, безь якіх у хатняй гаспадарцы не абысьціся.

У сьнежні 1922 у менскіх газэтах зьявілася абвестка:


Скрынкі й пустыя бляшанкі з-пад малака прадаюцца ў складох АРА. Інфармацыя ў канторы АРА, в. Губэрнатарская, 23.


Паводле правілаў, АРА не магла проста раздаваць рэчы, якія афіцыйна не патраплялі пад вызначэньне гуманітарнай дапамогі. Меркавалася, што бляшанкі будуць купляць, а грошы пойдуць на рахунак АРА.

Але асаблівага прыбытку не было: часьцей за ўсё тару проста не вярталі ў склад, яна назапашвалася на кухнях і ў шпіталёх. Тады дзеці атрымалі дазвол браць пустыя бляшанкі дахаты — але пагуляць з новымі цацкамі не ўдавалася, бо іх адразу канфіскоўвалі дарослыя. Ўілабі тлумачыў:


Пайшлі сотні просьбаў ад дзяцей і дарослых, каб атрымаць хаця б адну бляшанку на сямейніка. Пустая тара ня мела ніякай каштоўнасьці для АРА за выняткам бугальтарскага ўліку. Для сярэдняй беларускай сям’і бляшанкі былі посудам, зь якога можна піць гарбату — самы распаўсюджаны й абавязковы напой. Пяць акупацыйных арміяў за сем гадоў прывялі да нястачы, апроч іншага, кухоннага й сталовага посуду.


Амэрыканская традыцыя ілюстраваць лічбы ўражальнымі вобразамі не абмінула й агульнай справаздачы АРА пра апэрацыі ў савецкай Расеі:


Колькасьць малочных бляшанак дасягнула 57 мільёнаў 256 тысяч 960. Калі пустыя бляшанкі пакласьці адну за адной, яны працягнуцца ад Саваны, штат Джорджыя, да Сыэтлу ў штаце Вашынгтон, і яшчэ застанецца досыць, каб зьлітаваць трубу ад самай вяршыні вежы будынка Ўолварта да зямлі й зрабіць яшчэ дзьве падобныя трубы даўжынёй 264 футы да вяршыні дваццаціпавярховага дома на Пятай авэню, нумар 212. І яшчэ застаюцца днішчы й накрыўкі. Калі іх акуратна выразаць, імі хопіць пакрыць вялікі бульвар шырынёй 100 футаў ад броўкі да броўкі й трынаццаць з паловай міляў даўжынёй…


Бляшанкі перараблялі на кубкі, на вазоны, на газоўкі й алейныя лямпы, на цацкі. Але было й яшчэ адно незвычайнае выкарыстаньне амэрыканскай дапамогі, якое выйшла нават за межы пабудовы транскантынэнтальнага бляшанкаправоду.

У гімназіях ды інстытутах Менску, Віцебску, Гомелю традыцыйна вывучалі клясычныя мёртвыя мовы, а з жывых — францускую й нямецкую. Ангельскую амаль нідзе не выкладалі: не было слоўнікаў. Бляшанкі далі штуршок падзеям, якія ўвайшлі ў канчатковую справаздачу АРА ў Менску:


Малочныя бляшанкі хутка сталі важнаю часткаю кожнае хатняе гаспадаркі ў Беларусі, спустошанай вайной і ўцекачамі. І на кожнай бляшанцы была налепка з інструкцыямі па-ангельску. Цікаўныя дзеці й дарослыя хутка захацелі ўведаць, што ж там напісана. І неўзабаве ў Менску ўзьнік попыт на ангельскія падручнікі й граматыкі. Прафэсар Георгі Блок, кіраўнік факультэту ангельскай мовы ўнівэрсытэту, мусіў прасіць большыя памяшканьні для заняткаў, каб зьмясьціць усіх ахвочых. Пасьля 12 месяцаў супрацы з АРА Блок адчыніў курс пад назовам «Кляса ангельскай мовы АРА». Кожныя дзевяць месяцаў кляса мае ад 50 да 75 выпускнікоў, якія могуць дастаткова добра разумець і гаварыць па-ангельску.


Ўілабі паведамляў, што ў Беларусі ўпадабалі менавіта амэрыканскі варыянт ангельскае мовы. Настаўнікі цяпер могуць лёгка зарабляць дадатковыя грошы, даючы ўрокі мноству людзей, якія зацікавіліся непатрэбнаю раней моваю пасьля зьяўленьня ў Беларусі АРА.

Араўцы добра ведалі, што галадаюць ня толькі дзеці. Ўілабі даводзіў свайму начальству:


Што да становішча настаўнікаў: у Беларусі 4000 настаўнікаў, зь іх тры чвэрці ў вялікай нястачы. Яны атрымліваюць ад 8 ад 13 залатых рублёў штомесяц бяз пайкі, часта з затрымкай. Падчас вакацыяў заробку няма. Шмат дзе настаўнікі не атрымалі ні капейкі за кастрычнік і лістапад. Нам удалося зацікавіць праграмаю дапамогі Нодэля, рэдактара «Звезды», самай уплывовай газэты, які патлумачыў настаўнікам, што АРА зробіць усё магчымае, каб палепшыць іхнае становішча. Калі б дапамога была аказаная хаця б 3000 настаўнікаў у Беларусі да 1 чэрвеня, гэта ня толькі дапамагло б усёй рэспубліцы, але й АРА атрымала б дадатковае прызнаньне свае працы.


Калі АРА пачала праграму дапамогі настаўнікам, улады зноў паспрабавалі ўзяць выдачу пасылак пад кантроль. Галоўны ўпаўнаважаны савецкага ўраду Карл Ландэр тлумачыў у цыркулярным лісьце ўсім мясцовым упаўнаважаным:


АРА пагадзілася дапамагаць перш за ўсё беспрацоўным настаўнікам, а пасьля тым, хто церпіць нястачу, і ўключыць у праграму дапамогі тэхнічны пэрсанал школаў, прычым абмежаваць колькасьць першых 20 %, а другіх — 2 %. Сп. Гаскел раіць сваім упаўнаважаным скараціць да мінімуму колькасьць пасылак для пазначанай катэгорыі. Вашай задачай, аднак, павінна быць дасягненьне цалкам пазначанага працэнту.


У сярэдзіне сакавіка пачалася выдача пасылак настаўнікам Беларусі, але даведацца пра акцыю яны маглі толькі ад прадстаўніка прафсаюзу ці ўлады. Ландэр не хацеў розгаласу. Цыркулярны ліст з Масквы так тлумачыў мясцовым упаўнаважаным правілы паводзінаў:


Што да апублікаваньня гэтай галіны дзейнасьці АРА ў друку, дык мясцовыя газэты могуць абмежавацца толькі перадрукам нататак з цэнтральных газэт альбо нататкамі, якія даяце вы, прычым вам трэба даваць у друк толькі тыя нататкі, якія мы вам будзем пасылаць.


У Віцебску ўлады паспрабавалі выканаць інструкцыю Ландэра звыклым спосабам: у кантору АРА быў перададзены сьпіс 196 настаўнікаў. Кіраўнік Віцебскай акругі, які шматразова вусна й пісьмова тлумачыў, як гэты сьпіс павінен быць аформлены, не паверыў вачам: не было ані хатніх адрасоў настаўнікаў, ані адрасоў школаў, аніякай іншай інфармацыі, якая б дазволіла араўцам самім, без пасярэднікаў, накіраваць дапамогу гэтым людзям.

У адказ на тэрміновы запыт улады паабяцалі назаўтра даць поўныя зьвесткі, каб не адкладаць дапамогу. Адрасы не паступілі ані празь дзень, ані праз два. Толькі на пяты дзень араўцы атрымалі неабходныя зьвесткі й адразу разаслалі запросіны на атрыманьне дапамогі. Мінула тры дні, многія настаўнікі ўжо пасьпелі наведаць склады АРА, як улады ў пажарным парадку паспрабавалі спыніць амэрыканцаў.

Кіраўнік акругі паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Савецкі ўпаўнаважаны амаль не спаліў тэлефонны дрот, спрабуючы прымусіць нас спыніць раздаваць дапамогу. Ён заявіў, што з Масквы паступілі новыя распараджэньні. Мы ня бачылі падставаў прыпыняць працу — сьпіс быў зацьверджаны трыма подпісамі прадстаўнікоў прафсаюзаў, яшчэ адзін чыноўнік таксама запэўніў нас, што ў сьпісе настаўнікі, якім найбольш патрэбная дапамога. Пазьней высьветлілася, што прафсаюзы знайшлі новых асобаў, якія, на іхную думку, мелі яшчэ большую патрэбу.


Тымчасам у пошуках аргумэнтаў у перамовах з Маскоўскай штаб-кватэрай Ўілабі паспрабаваў прадметна разабрацца з гісторыяй і назвай краіны, дзе ён працаваў. Ён пісьмова зьвярнуўся да Стакоўскага па тлумачэньні. Запыт перадалі ў Акадэмічны цэнтар прафэсару Сьцяпану Некрашэвічу. У афіцыйнай даведцы Некрашэвіч пісаў:


У адказ на Ваш допіс ад 10 траўня паведамляю: Адносна слова «Беларусь» няма поўнага адзінства думкі навукоўцаў. Большасьць зь іх бачыць у слове «Беларусь» вольную, свабодную Русь (белы сьвет, белы цар, г. д.), бо Беларусь не была захопленая ў рабства татарамі. Упершыню слова «Беларусь» сустракаецца ў помніках у XIV стагодзьдзі. Да Люблінскай уніі 1569 году Беларусь разам зь Літвой складала адну дзяржаву пад назовам «Літоўска-Рускага княства». Пад словам «рускага» трэба разумець «беларускага», бо тады цяперашняя Расея называлася «Масковіяй». Цэнтрам Літоўска-Рускага Княства была Вільня. Літоўска-Рускае (Беларускае) Княства яднала ўсю этнаграфічную тэрыторыю Беларусі: цяперашнія губэрні Віленскую, Гарадзенскую, Віцебскую, Магілёўскую, Менскую, Смаленскую, часткі Курляндзкай, Ковенскай, Сувальскай, Чарнігаўскай губэрняў.


Зь ліста прафэсара амэрыканцы таксама даведаліся пра падзел Рэчы Паспалітае, калі ў канцы XVIII стагодзьдзя Беларусь адышла да Расеі й была перайменаваная ў Паўночна-Заходні край, пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага за Напалеонам, пра абвешчаньне БССР у 1919 годзе. Беларуская Народная Рэспубліка ня згадвалася. Даведка сканчалася геаграфічнаю заўвагаю палітычнага зьместу:


Сучасная Савецкая Беларусь зараз аб’ядноўвае нязначную частку этнаграфічнай Беларусі (частку былой Менскай губэрні).


У траўні Менская акруга атрымала 10 тысяч дадатковых паек для харчаваньня хворых у шпіталёх. Агульная штодзённая лічба выдачы дасягнула найвышэйшага ўзроўню — 30 тысяч порцыяў. Але ня толькі хлеб надзённы для Беларусі турбаваў амэрыканцаў. 10 траўня, у той самы дзень, калі АРА атрымала тлумачэньне гісторыі краіны, Ўілабі паслаў тэлеграму ў Маскву з клопатам пра будучыню:


Просім дазволу перадаць друкавальную машынку з ангельскім шрыфтам Менскаму ўнівэрсытэту для выкарыстаньня на занятках ангельскай мовы. Ужо больш за 500 студэнтаў займаюцца ў клясе «АРА». Калі немагчыма, дазвольце прадаць за намінальны кошт Ўілабі, каб падарыць ад імя АРА. Удзячныя за станоўчы тэлеграфны адказ.


Ўілабі не давялося выкупляць машынку. На наступны дзень з Маскоўскай штаб-кватэры прыйшла тэлеграма:


Перадача друкавальнай машынкі з ангельскім шрыфтам Менскаму ўнівэрсытэту ўхваляецца.


У чэрвені 1923 ангельскую мову паводле АРА ў Менску вывучалі ўжо больш за дзьве тысячы чалавек.

19 Good bye па-тутэйшаму: АРА ўвесь час вырывалася з-пад нагляду


Сакрэтны цыркуляр. — Падрыхтоўка да ад'езду. — Строгі ўлік тары. — Абмен камплімэнтамі. — Ўілабі абяцае вярнуцца. — Карысныя й карысьлівыя. — Апошнія дні. — Апошняе месца. — Апошні ліст


А 8-й гадзіне вечара 15 чэрвеня 1923 у доме амэрыканскага пэрсаналу пачыналася разьвітальная вечарына. Удзень былі падпісаныя акты перадачы складоў, канторы, маёмасьці, якую АРА пакідала ў Беларусі. Вечарыну ладзіў ня ўрад БССР, не атрымальнікі харчовай і мэдычнай дапамогі, а самі амэрыканцы.

Ад’езд АРА не засьпеў уладаў зьнянацку. Яшчэ ў красавіку беларускі ўрад атрымаў сакрэтны цыркуляр з Масквы. Ліст папярэджваў, што ў ліпені замежныя арганізацыі дапамогі пачынаюць згортваць працу. Паколькі шмат якія дзіцячыя дамы цалкам залежалі ад дабрачыннасьці, рэкамэндавалася тэрмінова шукаць новыя крыніцы забесьпячэньня, ствараць дзіцячыя фонды, а найперш правесьці ўлік рэштак замежнай маёмасьці й прадуктаў.

Чарлз Ўілабі таксама рыхтаваўся да закрыцьця канторы й плянаваў паступовае скарачэньне пэрсаналу й апэрацыяў. Але ў красавіку ў лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру пісаў:


Мы спадзяваліся пачаць скарачэньне пэрсаналу 15 красавіка. Аднак гэта аказалася немагчыма, бо аб’ём нашай працы цяпер толькі крыху меншы, чым быў у пік дзейнасьці, хаця пэрсаналу маем менш.


16 траўня ў Менск прыйшоў яшчэ адзін цыркуляр з Масквы:


Абсалютна сакрэтна. Цыркулярны ліст-інструкцыя. Пытаньне аб ліквідацыі дзейнасьці АРА можна лічыць беспаваротна вырашаным. 15 чэрвеня спыняецца пасылачная праца, пачалася ліквідацыя мэдычнай, на чарзе астатняя. Афіцыйна АРА заявіла пра спыненьне харчаваньня ў ліпені, але відавочна, што яна фарсіруе працэс ліквідацыі.

Адусюль нам паведамляюць пра спробы прадаць маёмасьць, у прыватнасьці, аўтамабілі АРА. У сувязі з будучай ліквідацыяй вам трэба будзе выканаць надзвычай сур’ёзную й адказную працу.


Апісаньне адказнай працы заняло пяць старонак і складалася з 25 пунктаў. Найчасьцейшыя словы ў інструкцыі ўпаўнаважанага савецкага ўраду Ландэра — неадкладна правесьці дакладны, строгі й поўны ўлік, дамагацца, каб уся дапамога перадавалася савецкім органам, а не беспасярэдне шпіталям, сталоўкам, дзіцячым дамам. Падрабязна рэглямэнтавалася перадача аўтамабіляў і мэблі, канцылярскага рыштунку й коней.

У інструкцыі не было ані слова пра арганізацыю разьвітаньня, падзяку ад мясцовых органаў улады ці дзяржаўных установаў — атрымальнікаў дапамогі. Затое асобны разьдзел быў прысьвечаны тары:


Паколькі АРА афіцыйна перадала ўсю тару дзіцячым установам, трэба строга сачыць за тым, каб не было продажу тары. Прысьпешвайце прыём тары, якая перадаецца нашым установам. На месцах правядзіце поўны ўлік тары. Справаздачныя ведамасьці павінны быць пададзеныя ў цэнтар.


Гербэрт Гувэр яшчэ ў 1922 годзе меркаваў, што, калі наступны ўраджай будзе добры, дзейнасьць АРАў Расеі, Украіне, Беларусі й іншых рэгіёнах будзе спыненая[73].

У красавіку абвясьцілі пра ад’езд арганізацыі Чырвонага Крыжа Нямеччыны й Францыі, заявіла пра згортваньне місія Нансэна.

Амэрыканцы паставіліся да ад’езду як да магчымасьці працягнуць справу дапамогі. Кіраўнік АРА Сырыл Кўін, які замяняў Ўільяма Гаскела, адправіў усім кіраўнікам акругаў цыркулярны ліст:


Калі прыйдзе час ад’езду, вельмі пажадана пакінуць які-небудь сталы адбітак аб працы АРА, і кожны кіраўнік акругі мусіць пільнаваць, каб не прапусьціць адпаведнай нагоды. Канструктыўны эфэкт можа прынесьці выкарыстаньне нашых запасаў харчу як стымулу для паляпшэньня санітарных умоваў закрытых установаў. Ёсьць добрыя шанцы, што многія ўстановы, якія ўпарадкаваліся ў адказ на нашыя патрабаваньні, будуць пільнавацца санітарных стандартаў і пасьля нашага ад’езду.


За ўзор пільнасьці Сырыл Кўін прыводзіў Менск, дзе распрацавалі сыстэму ацэнак шпіталёў, дзіцячых дамоў, кухняў, паводле якой вымяралася эфэктыўнасьць разьмеркаваньня дапамогі. Апісаньне беларускага досьведу было разасланае ва ўсе акругі.

Закрыцьцё акругаў і перадача маёмасьці праходзіла без надзвычайных здарэньняў і перашкодаў. Масква яшчэ з інэрцыі патрабавала праяўляць пільнасьць, не дапускаць размантачваньня й перадачы мэдычных грузаў прыватным лекарам, загадвала ўлічыць нявыкарыстаныя лекі й матэрыялы ў шпіталёх. Але ў канцы доўгага сакрэтнага ліста ўпаўнаважаны Ландэр выказвае пажаданьне правесьці ліквідацыю «безбалесна»:


Прапаную ў ліквідацыйнай працы строга трымацца інструкцыяў, не ствараць дробных інцыдэнтаў і канфліктаў з прадстаўнікамі замежных арганізацыяў, а, строга праводзячы нашу лінію, вырашаць усе пытаньні паводле магчымасьці шляхам пагадненьня на месцы.


Удзень 15 чэрвеня Чарлз Ўілабі разам з прадстаўнікамі ўладаў аформіў акт перадачы рэшты прадуктаў з амэрыканскіх складоў у фонд камітэту ліквідацыі наступстваў голаду:


Мука пшанічная — 348 мяхоў,

груца кукурузная — 75 мяхоў,

цукар — 107 мяхоў,

гарбата — 11 пудоў 35 фунтаў,

малако — 10 260 бляшанак,

какава — 176 пудоў,

мыла — дзьве скрынкі, вагой 9 пудоў 31 фунт.


Пра рэшткі тлушчу напісана наступным чынам:


Тлушч у бляшанках, кожная вагой 10 амэрыканскіх фунтаў, якія складаюць 11,076 расейскага фунта: 354 скрынкі па 6 бляшанак у кожнай і асобна 1 цэлая й палова адной бляшанкі, што складае 2125 з паловай бляшанак.


На наступны, апошні дзень у «Звезде» зьявілася публікацыя пад загалоўкам «Ліквідацыя АРА ў Беларусі». Спачатку ішлі словы Мар’яна Стакоўскага:


У сваёй працы АРА давала дапамогу тым, каму яна была патрэбная. Я павінен адзначыць найвялікшую заслугу кіраўніка акругі містэра Чарлза Ўілабі, які заўсёды разглядаў пытаньні й праблемы з практычнага боку, надаваў належную ўвагу ўказаньням савецкага ўраду і ўзгадняў працу. Дзякуючы ягоным намаганьням харчовыя пайкі павялічыліся з 6 тысяч штомесяц да 20 тысяч, а цягам апошніх двух месяцаў да 30 тысяч. Гэта аказала вялікую падтрымку нашым дзіцячым дамам і шпіталям. Мы перакананыя, што містэр Ўілабі, сапраўдны сябар Савецкай Расеі, працягне сваю працу шляхам дапамогі савецкай уладзе, пачатай тут, і там, у Амэрыцы. Будзем спадзявацца, што, калі містэр Ўілабі прыедзе ў Амэрыку, ён стане актыўным чальцом «Сяброў Савецкай Расеі». Я хацеў бы яшчэ раз выказаць удзячнасьць ад імя ўраду містэру Ўілабі перад ягоным ад’ездам у Амэрыку.


Побач было зьмешчана інтэрвію Чарлза Ўілабі:


Пасьля 18 месяцаў працы ў Беларусі АРА ад’яжджае 15 чэрвеня. Напачатку хачу прывесьці некаторыя лічбы, якія ілюструюць працу нашай акругі.

Ад студзеня 1922 году мы атрымалі 490 вагонаў розных грузаў — прадукты, мэдыкамэнты, абсталяваньне. Да 15 чэрвеня насельніцтва атрымала больш за 75 тысяч харчовых пасылак. Розным катэгорыям насельніцтва Беларусі было выдадзена больш за 200 тысяч харчовых радыёнаў. Больш за 2 тысячы атрымалі пасылкі з адзеньнем з Амэрыкі, зь якіх больш за 700 былі бясплатна раздадзеныя тым, хто меў нястачу. Дзіцячыя дамы атрымалі наступную колькасьць матэрыялаў для адзеньня да закрыцьця акругі: ваўнянай тканіны 3 тысячы ярдаў, флянэлі 12 тысяч ярдаў, мусьліну 24 тысячы ярдаў, нітак 5 тысяч шпуляў і шмат іншых рэчаў[74].

Хаця мне надзвычай шкада спыняць тут працу й ад’яжджаць зь Беларусі, аднак я рады, што гэтая вельмі важная рэспубліка зноў здольная сама парупіцца пра свае патрэбы, што больш няма неабходнасьці атрымліваць дапамогу зь іншых крыніцаў.

Я правёў у Расеі 18 месяцаў, бываў ці працаваў практычна ва ўсіх частках РСФСР. У Менску мне спадабалася больш, чым у любым зь іншых месцаў, куды мяне пасылалі. У нас была цудоўная супраца ня толькі з урадавымі афіцыйнымі асобамі, але й са сваімі працаўнікамі, і з грамадзтвам у цэлым.

Праца ў Менску выклікала поўнае задавальненьне маскоўскага офісу. Гэта было б немагчыма без сардэчнай і пастаяннай супрацы з урадам і з паўнамоцным прадстаўніком таварышам Стакоўскім.

А 4-й гадзіне дня ў пятніцу нашыя офісы й склады будуць перададзеныя ўраду, і праца АРА ў Менску скончыцца.

Я хацеў бы скарыстаць нагоду й падзякаваць урадавым афіцыйным асобам, зь якімі я меў справы, а таксама кіраўнікам і службоўцам установаў, у якіх АРА разьмяркоўвала прадукты, за іхную шчырую й сумленную супрацу. Я спадзяюся вярнуцца ў Беларусь калі-небудзь у блізкай будучыні.


Пасьля разьвітальнага абмену камплімэнтамі ў друку й падзякамі на банкеце Мар’ян Стакоўскі сеў пісаць канчатковую справаздачу ў Маскву ўпаўнаважанаму Ландэру. Спаслаўшыся на папярэднія статыстычныя зьвесткі аб дзейнасьці замежных арганізацыяў дапамогі, якія рэгулярна пасылаліся зь Менску, Гомелю й Віцебску, аўтар папярэдзіў:


Гэтая нататка хутчэй бэлетрыстычнага характару й ахопіць той бок дзейнасьці, які немагчыма выказаць лічбамі.


І патлумачыў свой канчатковы погляд на замежныя арганізацыі дапамогі ў Беларусі:


Трэба іх падзяліць на менш карысьлівыя й тыя, што шукалі сабе карысьці.


Першае месца заняла місія Нансэна, хаця й аказала найменшую дапамогу. Нансэнаўцы разьмеркавалі сярод адрасатаў 4 тысячы 222 харчовыя пасылкі, кожная коштам 2,5 даляра. Дзіцячым установам было перададзена 63 пуды какавы. Ніякіх выдаткаў у сувязі зь місіяй Нансэна ўлады ня несьлі.

На другое месца Стакоўскі паставіў Таварыства сяброў — Квакеры, што, як і місія Нансэна, ужо спыніла сваю дзейнасьць. Усю дапамогу квакеры перадавалі ў дзяржаўныя органы, кармілі каля 13 тысяч дзяцей, а таксама перадавалі старую вопратку й бялізну. Як адзначаў упаўнаважаны:


Грамадзянін Томас (Клівэр), які працаваў ад іх у нас, наагул працу сваю праводзіў, вылучна кіруючыся атрыманымі ад мяне ўказаньнямі.


Трэцяе месца заняла габрэйская арганізацыя Джойнт, якая пакуль не ад’яжджала. Стакоўскі пісаў:


Толькі апошнім часам мне ўдалося канчаткова, здаецца, прымусіць яе адмовіцца ад бескантрольнага й бясплянавага разьмеркаваньня даламогі, і цяпер яе праца праводзіцца цалкам узгоднена празь мяне з нашымі дзяржорганамі.


АРА ў справаздачы Стакоўскага было адведзена больш за ўсё месца. І гэтае месца было ў канцы:


Апошняе месца, паводле вызначанага мной парадку, займае АРА. Гэтая арганізацыя, якая аказала нам параўнальна вялікую матэрыяльную дапамогу, ўвесь час вырывалася з-пад нагляду Ўрадавых Органаў. Маючы пэўную мэту, ня гэтулькі дапамагаць дзяржаве, колькі рэклямаваць амэрыканскую дабрачыннасьць, ня гэтулькі дапамагаць дзяржаве, колькі падтрымліваць мяшчанскія пласты насельніцтва, яна патрабавала безупыннай пільнасьці, а часам і пэўнай цьвёрдасьці й супраціву з боку тых, каму было даручана быць пры іх упаўнаважаным.


На заканчэньне Стакоўскі ляканічна канстатаваў:


Канечне, у Беларусі АРА аказала нам дапамогу выдачай значнае колькасьці мэдыкамэнтаў, 195 500 месячных рацыёнаў, што складае 66 105 пудоў брута, і разьмеркаваньнем пэўнай колькасьці мануфактуры.


Так была ацэненая найвялікшая ў XX стагодзьдзі замежная дапамога Беларусі.

Увечары 16 чэрвеня амэрыканцы пакідалі Беларусь. 23 чэрвеня ў адміністрацыйным аддзеле АРА ў Маскве быў падпісаны «Агульны мэмарандум № 73»:


Менская акруга закрытая 17 чэрвеня 1923. Увесь пэрсанал прыбыў у Маскву.


Аднак справы Менскай акругі закрыліся не для ўсіх. Напярэдадні канчатковага ад’езду зь Беларусі Чарлз Ўілабі напісаў асабісты ліст Мар’яну Стакоўскаму. Упаўнаважаны ня згадвае гэтага допісу ў выніковай справаздачы. Але без увагі ён не застанецца.

Адказ на свой зварот Ўілабі прачытае ўжо ў Амэрыцы. Гэта будзе паведамленьне ў газэце «New York Times». Але яно зьявіцца амаль праз год.

20 Віцебск: кароткая адліга ў 30-градусны мароз


Амэрыканцаў чакалі. — Ні складу, ні жытла, ні офісу. — Начуюць у вагоне. — Першыя пасылкі. — Губвыканкам мяняе пазыцыю. — Вада зь Дзьвіны. — Крывадушны Канаплін. — Манія Анкера


А палове пятай раніцы 7 студзеня 1922 на станцыю Віцебск прыбыў спэцыяльны цягнік[75]. На станцыі адпраўленьня, у Маскве, ён быў даўжэйшы на дванаццаць вагонаў, — але ў Воршы цягнік перафармавалі, і большая частка пайшла на Менск. З адзінага салён-вагону на 30-градусны мароз выйшлі два амэрыканцы — Джон Айкер, кіраўнік будучай акругі АРА, і сакратар Джон Макмілан. Калі іхны вагон адцягнулі на запасныя рэйкі, замежныя пасажыры пайшлі праверыць вагоны з харчам. Усе плёмбы былі ў парадку, і а 10-й раніцы амэрыканцы ўжо былі ў губвыканкаме.

Губвыканкам месьціўся ў былым губэрнатарскім палацы на вуліцы, якая раней называлася Губэрнатарскай, але на час прыезду АРА была перайменаваная ў Савецкую[76]. Зьяўленьне Джона Айкера для віцебскага начальства не было нечаканасьцю. За тыдзень да прыезду групы АРА ў Віцебск з Масквы адправіўся перакладчык прозьвішчам Якабс, які меў падрыхтаваць умовы для хуткага пачатку апэрацыяў.

Улады падрыхтаваліся: на сустрэчы са старшынём губвыканкаму Крыловым прысутнічаў рабочы, які быў на заробках у Амэрыцы й крыху гаварыў па-ангельску. Ён і быў прызначаны прадстаўніком уладаў. Амэрыканцам сказалі, што склад, памяшканьне пад кантору й жытло для іх ужо падабралі. Быў выкліканы службовы аўтамабіль, і араўцы разам з прадстаўніком губвыканкаму рушылі аглядаць памяшканьні.

Склад аказаўся ў цэнтры гораду, але ўяўляў сабой невялікі пакой у нежылым будынку. Ані памерам, ані разьмяшчэньнем ён не пасаваў да апэрацыйных патрэбаў. Зьбянтэжаны прадстаўнік губвыканкаму параіў зьвярнуцца да чыгуначнікаў. Паехалі ў чыгуначную ўправу. Там гасьцям зьдзівіліся, але выслухалі й прапанавалі стары ангар — пры ўмове, што новыя гаспадары самі вывезуць сьмецьце й падрыхтуюць умовы для складавай працы. Айкер пагадзіўся.

У адным з вагонаў прыбыў аўтамабіль «Форд-Каміянэт», але завесьці машыну не ўдалося. Адсутнічалі часткі, якія запакавалі асобна. Паколькі плёмбы на дзьвярох былі на месцы, верагодна, іх забыліся пакласьці ў Маскве. Амэрыканцы распакавалі скрынку з друкавальнай машынкай, але з-за дрэннай упакоўкі яна амаль рассыпалася й вымагала сур’ёзнага рамонту. Першыя справаздачы зь Віцебску давялося пісаць ад рукі.

Ужо прыцемкам араўцы прыбылі ў гатэль, дзе пасяліўся перакладчык і дзе былі зарэзэрваваныя месцы. Аднаго погляду хапіла, каб амэрыканцы заявілі, што, пакуль няма сталага жытла, лепш будуць начаваць у вагоне, не зважаючы на сапсаваную печку й люты мароз.

Перакладчык застаўся ў гатэлі, прадстаўнік губвыканкаму падвёз амэрыканцаў да станцыі й паабяцаў заехаць наступнай раніцай, каб далей шукаць жытло й памяшканьне пад кантору. Спальны вагон амэрыканцаў стаяў у тупіку побач з таварнымі вагонамі, пераабсталяванымі пад часовае жытло, калі меркаваць па комінах.

Наступнай раніцай, 8 студзеня, абяцаны губвыканкамам аўтамабіль спазьніўся на дзьве гадзіны. Прадстаўнік уладаў выбачаўся і ўсяляк спрабаваў палепшыць першыя ўражаньні. Амэрыканцы занесьлі ў газэту абвестку пра набор на працу й пачалі знаёміцца з горадам. Якабс паказаў некалькі незанятых пабудоваў. Пусты школьны будынак пасаваў для канторы й выдачы пасылак. Амэрыканцы накіраваліся на вуліцу Савецкую, у губвыканкам, але там спаслаліся на «тэхнічныя прычыны». Аднак прапанавалі іншыя адрасы — выглядала, што ў Віцебску ўлады хочуць дапамагчы амэрыканцам распачаць працу. Старшыня губвыканкаму Крылоў паслаў тэлеграму ў Маскву ва ўрад:


Тыдзень таму ў Віцебск прыбыў прадстаўнік АРА Айкер для арганізацыі тут абласнога аддзяленьня дапамогі дзеля абслугоўваньня Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губэрняў. У сілу пагадненьня ўраду з АРА, падпісанага 20 жніўня летась у Рызе, губвыканкам бярэ на свой рахунак усе выдаткі, зьвязаныя з прадастаўленьнем аддзяленьню АРА памяшканьняў, разгрузкай вагонаў, карыстаньнем аўтамабільным транспартам і да т. п. Ня маючы крыніцаў для пакрыцьця ўсіх выдаткаў, прэзыдыюм губвыканкаму просіць тэрмінова перавесьці на вышэйзгаданыя мэты два мільярды рублёў, а таксама даць падрабязныя дырэктывы ў справе ўзаемадачыненьняў губвыканкаму й АРА.


Віцебская акруга паводле тэрыторыі была адной з найбольшых. Межы акругі захоплівалі землі чатырох губэрняў і праходзілі па лініі Холм — Астаткаў — Белы — Вязьма — Юхнаў — Чэрыкаў — Быхаў — Талачын — Лепель — Полацак — Дрыса — Апочка — Наваржэў — Холм.

Напачатку студзеня, калі Айкер і Макмілан ад’яжджалі з Масквы, кіраўніцтва АРА паставіла задачу як найхутчэй пачаць даставу пасылак. Справаздачу пра выдачу першай дзясяткі патрабавалася адразу адправіць тэлеграфам. На трэці дзень па прыезьдзе, калі былі разладаваныя вагоны, амэрыканцы адправіліся шукаць адрасатаў.

Сонца ўжо села, і машына зь цяжкасьцю прабівалася праз гурбы сьнегу на нячышчаных вуліцах. Пасажыры мусілі час ад часу выскокваць і штурхаць аўтамабіль праз сумёты. Удалося знайсьці толькі трэці адрас. Джон Айкер пісаў:


Мы самі занесьлі прадукты, і трэба было бачыць, як узрадавалася ўся сям’я, каб пераканацца, што нашыя намаганьні не былі марныя. На гадзіньніку быў пачатак 11-й ночы, 10 студзеня 1922, калі мы атрымалі расьпіску пра даставу першай віцебскай пасылкі. Я добра памятаю тую ноч, бо мы думалі, што ніколі ўжо не адтаем, і леглі ў ложак у ледзь ацепленым вагоне ў вопратцы й безь вячэры.


Наступнымі днямі Айкер і Макмілан па чарзе дастаўлялі пасылкі й аглядалі памяшканьні.

Застрашаныя дрэннай ежай у рэстаране, амэрыканцы дамовіліся харчавацца прыватным чынам у сям’і. Праз пару дзён захварэў перакладчык. Айкер паслаў у Маскоўскую штаб-кватэру тэлеграму:


Лекары знайшлі ў Якабса сымптомы тыфусу. Перакладчыка паклалі на сані й адвезьлі ў чыгуначны шпіталь. Гэта звычайны жылы дом, які да таго ж амаль не ацяпляецца. Хворыя атрымліваюць палову фунта хлеба на дзень, бракуе амаль усіх патрэбных лекаў. Прашу неадкладна пачаць даставу мэдыкамэнтаў і абсталяваньня ў Віцебскую акругу.


Штовечар, пасьля працы ў складзе й раздачы пасылак, Айкер і Макмілан вярталіся ў халодны вагон. Яны надалей жылі на рэйках, але ўжо было знойдзенае прыдатнае памяшканьне пад жытло й кантору — будынак статыстычнай управы непадалёк ад моста празь Дзьвіну. Аднак патрабаваўся рамонт і замена ацяпленьня: пакоі абаграваліся печкамі-буржуйкамі. Губвыканкам прыслаў арцель будаўнікоў, якія ўзяліся за працу.

Сытуацыя зьмянілася 26 студзеня. У гэты дзень з Масквы ў Віцебск прыйшла тэлеграма ў адказ на тэлеграфны запыт старшыні губвыканкаму. Упаўнаважаны савецкага ўраду Аляксандар Эйдук пісаў:


На ваш нумар 205 паведамляю: прадстаўнікі АРА прыехалі ў Віцебск не для аказаньня дапамогі тым, хто галадае, а вылучна для разьмеркаваньня харчовых пасылак асобным адрасатам, за якія заплачана ў Амэрыцы дзесяць даляраў за кожную пасылку. Патрабаваньне двух мільярдаў ня можа быць задаволенае: за ўсе паслугі, якія вы робіце АРА, апошняя абавязаная разьлічыцца на месцы за выняткам платы за наём кватэры й складавых памяшканьняў.


Нягледзячы на сьцісласьць тэлеграфнага адказу, віцебская просьба «даць падрабязныя ўказаньні ў справе ўзаемадачыненьняў губвыканкаму з АРА» была цалкам задаволеная.

«Да ведама й выкананьня» — гэтая рэзалюцыя зьявілася на тэлеграме Эйдука на наступны дзень. Выконваць рэзалюцыю меў ужо новы ўпаўнаважаны.

Айкер пісаў пазьней:


Першы прадстаўнік губвыканкаму, які гаварыў па-ангельску, неўзабаве сам папрасіўся на працу ў АРА. На ягонае месца быў прызначаны «найразумнейшы камуніст у горадзе» — ён жа пракурор, ён жа прафэсар у мясцовай бальшавіцкай школе й сябра губвыканкаму прозьвішчам Канаплін. Як можна бачыць, яму лёгка было знайсьці прычыну — недахоп часу, каб не займацца нашымі патрэбамі — і гэтая прычына заўсёды знаходзілася. Гэтая асоба навучыла мяне, якой крывадушнай можа быць чалавечая істота.


Амэрыканцы пазнаёміліся з тэлеграмай Эйдука толькі празь месяц, але яе дзеяньне адчулі нашмат раней. Будаўнікі, якія рамантавалі памяшканьне былой статыстычнай управы, запатрабавалі выплаты авансу. Айкер скіраваў іх у губвыканкам. Там адмовіліся плаціць і параілі будаўнікам патрабаваць грошы ад кіраўніка акругі альбо скардзіцца ў Маскву. Айкер паслаў будаўнікоў назад у губвыканкам. Упаўнаважаны зноў адаслаў іх да амэрыканцаў. Жарсьці хутка разгарэліся, і брыгадзір будаўнікоў нават пагражаў забіць кіраўніка акругі.

Жыць далей на рэйках не выпадала. Чыгуначнікі ўжо патрабавалі вызваліць вагон. Трэба было тэрмінова завяршаць рамонт, і Айкер выплаціў будаўнікам грошы з касы АРА. З халоднага вагону амэрыканцы перабраліся ў два маленькія пакоі на верхнім паверсе статыстычнай управы. Айкер успамінаў:


Каб быць чыстым, выбар быў — альбо сьнегавая ванна, альбо нічога. Часам ваду нам прыносілі з рэчкі, электрычнасьці не было, не хапала дроваў, хаця горад акружаны лесам.


Празь месяц, у канцы лютага, Айкер напісаў на імя старшыні губвыканкаму афіцыйны ліст:


Паведамляем вам, што мой сакратар і я сьпім на дошках, таму што нам не былі дадзеныя адпаведныя сеткі для ложкаў. Самі ложкі надзвычай нязручнай сыстэмы. Апроч іх, кожны з нас мае толькі адзін стол, адно крэсла й адзін зламаны рукамыйнік. Калі б вы жадалі надаць замежным прадстаўнікам, якія знаходзяцца тут вылучна для дапамогі вашаму народу, нейкую ўвагу, дык найменшае, што вы маглі б зрабіць — гэта даць мэблю для іхнае кватэры, каб яны маглі жыць хаця б зь нейкім камфортам.


Айкер нагадваў, што ранейшыя шматлікія просьбы пра мэблю для жытла, канторы й складоў застаюцца без адказу. Афіцыйную скаргу, як Айкер назваў свой ліст, завяршала прыпіска:


Мы пасылаем вам гэты ліст, каб не было непаразуменьня, што вам невядома вышэйвыкладзенае.


Падрыхтаваць тэкст адказу было даручана ўпаўнаважанаму Канапліну:


Ваш ліст ад 27 лютага выклікаў у нас пэўную долю зьдзіўленьня. Мы неаднаразова заяўлялі вам пра нашую гатовасьць задаволіць усе вашыя патрабаваньні, наколькі яны не пярэчаць інструкцыям з цэнтру. Але паколькі вашыя патрабаваньні дагэтуль галоўным чынам засяроджаныя на мэблі й іншых дробных рэчах, пра якія ў нас няма ніякіх канкрэтных указаньняў, дык губвыканкам мусіць абмежавацца толькі парадаю набыць пазначаныя рэчы за кошт АРА. Мы абавязаныя ўзяць на сябе толькі рамонт складавага памяшканьня, калі б ён патрабаваўся. Пра ўсё астатняе, як вы можаце пераканацца з далучанай тэлеграмы, ніякіх указаньняў няма. Што да мэблі, абяцанай вам прадстаўніком, дык гэта ёсьць вылучна ягонай ветлівасьцю да вас, і, калі мэбля яшчэ не дастаўленая, маем гонар вас запэўніць, што тут былі адпаведныя тэхнічныя прычыны, якія паступова здымаюцца.


У скарзе Айкер асобна пісаў пра Канапліна:


Калі ваш цяперашні прадстаўнік ня мае даволі часу, каб рупіцца пра нашыя просьбы, дык можна было прызначыць іншага, пра што мы вам ужо пісалі.


У афіцыйным адказе старшыні губвыканкаму гаварылася:


Прызначаючы свайго прадстаўніка, губвыканкам ведаў, каго й для чаго ён прызначае. Карыстаемся гэтай нагодай, каб паведаміць, што наш прадстаўнік цалкам у курсе сваіх функцыяў.


Канаплін, які сам рыхтаваў тэкст адказу, сам і перадаў яго разам з копіяй тэлеграмы Эйдука кіраўніку акругі. Ні гэты, ні наступныя адказы не спрыялі паляпшэньню дачыненьняў. Пазьней у справаздачы ўпаўнаважанага Віцебскага губвыканкаму для Масквы дзейнасьць АРА ў першыя месяцы будзе падсумаваная наступным чынам:


Са студзеня па ліпень — пэрыяд няспынных спрэчак паміж губвыканкамам і Айкерам, якога перасьледуе манія парушэньня паўсюль і ўсімі Рыскага пагадненьня.


Кожныя некалькі дзён па прыезьдзе ў Віцебск амэрыканцы назіралі адну й тую ж карціну: зь цягнікоў з Волгі здымалі па 10–15 целаў памерлых дзяцей. Яны заставаліся ў вагонах аж да канечнай станцыі, у Віцебску трупы згружалі на сані й везьлі на могілкі голыя целы — распраналі памерлых адразу ў дарозе.

У выніковай справаздачы Айкер гэтак ацэніць першыя месяцы свае супрацы зь мясцовымі ўладамі:


Мы рабілі ўсё магчымае, каб давесьці да іх, што мы хочам пачаць працу як найхутчэй, але з такім самым посьпехам мы маглі кідаць словы на ўзьвей ветру.


21 Віцебск: сьлёзы, а не дапамога


Габрэйскі горад. — Загадчык складу з «Grand Opera». — Крадзе й ня дзеліцца. — Няма шчасьця. — Ура амэрыканскім братам! — Начная зьмена. — Даў па пысе. — Вайна з Джойнтам. — Айкер ад'яжджае


Празь дзень пасьля прыезду ў Віцебск, позна ўвечары 9 студзеня, калі амэрыканцы вярталіся ў вагон, іх чакаў першы кандыдат уладкавацца на працу.

Абвестка ў мясцовым друку прыцягнула пільную ўвагу гараджанаў. Шмат хто зь мясцовага насельніцтва быў на заробках у Амэрыцы, меў там сваякоў, крыху ведаў ангельскую. АРА не была першай арганізацыяй, якая дастаўляла дапамогу ў гарады й мястэчкі над Дзьвіной. Першы кандыдат распавёў, як усяго некалькі месяцаў таму, калі Віцебск быў акупаваны палякамі, у горадзе працавала польская дабрачынная арганізацыя. Пасьля вяртаньня бальшавікоў некалькі яе супрацоўнікаў зь мясцовага насельніцтва былі расстраляныя. Сярод іх была й дзяўчына.

Але гэтая гісторыя не напужала шматлікіх ахвочых уладкавацца ў амэрыканскую кантору. Насельніцтва бедавала, і праца ў АРА гарантавала больш чым дзе прыстойныя ўмовы[77].

Айкер пісаў:


Мы мусілі напачатку браць на працу пераважна габрэяў, большасьць якіх былі ў Амэрыцы, гаварылі па-ангельску і ў бальшыні сваёй зьяўляліся агентамі ўладаў. Віцебск на 90 % ёсьць габрэйскім горадам, але ў тыя дні здавалася, што блізка да 100 %.


У справаздачы Віцебскай акругі кароткая гісторыя рэгіёну тлумачылася наступным чынам:


Перад 1793 годам большая частка акругі належала да Польшчы, і пасьля другога падзелу шмат палякаў, асабліва шляхты, засталося тут. У гарадох можна сустрэць даволі шмат немцаў, а бальшыню сялянаў складаюць расейцы. Па ўсёй акрузе расьсеяныя таксама літоўцы й латышы. Але найбольшую частку насельніцтва складаюць габрэі, бо гэта быў рэгіён, вызначаны для іх расьсяленьня пры старым рэжыме. Расейская й габрэйская зьяўляюцца мовамі гандлю, старая шляхта карыстаецца польскаю.


Віцебск у 1922 годзе ўваходзіў у склад РСФСР, у горадзе не выдавалася ніводнай беларускай газэты, адсутнічалі беларускія школы. Сялянства было беларускамоўным, але ў справаздачах цяжка адшукаць якія-небудзь згадкі пра гэта. Мясцовых моваў амэрыканцы ня ведалі й залежалі ад перакладчыкаў. Голад на вёсцы быў куды меншы, чым у гарадох, перапоўненых уцекачамі. Асноўныя апэрацыі прызначаліся для гарадоў і мястэчак, дзе былі сканцэнтраваныя адрасаты пасылак, дзіцячыя дамы й мэдычныя ўстановы. Сярод гараджанаў АРА й набірала супрацоўнікаў. Айкер пісаў:


У ліку першых, хто зьвярнуўся, аказаўся былы саліст амэрыканскай «Grand Opera» Зімін, і я хачу выказаць на ягоны адрас камплімэнт, які магу адрасаваць толькі некалькім людзям, якіх я сустрэў у Расеі, — ён сумленны чалавек.


Зімін быў прызначаны загадчыкам складу. Айкер хваліў яго за добрую працу, але думкі пра віцебскіх кандыдатаў на працу не зьмяніў:


Гэты джэнтэльмэн, Зімін, таксама выкладаў у кансэрваторыі, дзе былі іншыя інтэлігентныя людзі, якія гаварылі па-ангельску й шукалі працу. Аднак прапанаваная аплата для іх была занізкая, і пазьней я ўведаў, што яны спрабавалі не дапускаць іншых людзей да працы ў АРА ў спадзяваньні, што я буду вымушаны падвысіць заробак. Чаго можна чакаць ад масаў, калі так паводзіць сябе старая інтэлігенцыя.


Скептыцызм Айкера што да мясцовага пэрсаналу будуць змушаныя падзяліць і наступныя кіраўнікі акругі. Эдвард Рэмі паведамляў у сакавіку 1923:


Камітэт складавых рабочых уручыў мне пэтыцыю з патрабаваньнем звольніць загадчыка складу. Яго абвінавачваюць у крадзяжы й перапродажы харчу. Я сустрэўся зь дзевяцьцю аўтарамі пэтыцыі, пасьля з загадчыкам складу й затым зьвёў іх разам. Такім чынам я ўведаў шмат чаго, што заставалася для нас невядомым. Я імгненна звольніў загадчыка й яшчэ пяць чалавек. Паколькі ўсе звольненыя належалі да розных груповак, я атрымаў дастаткова інфармацыі, каб паправіць справы. Зрэшты, страты не такія ўжо сур’ёзныя. Загадчыка абвінавачваюць у продажы рэшткаў, якія зьбіраліся цягам месяца, і выглядае, што аўтараў пэтыцыі больш за ўсё злавала тое, што яны не дзялілі прыбытак.


Напачатку асноўным клопатам АРА ў Віцебску была адрасная выдача харчовых пасылак, аплачаных у ЗША. Першую партыю картак-замоваў Айкер прывёз з сабою з Масквы й адразу пачаў збор новых. У мясцовай прэсе друкаваліся абвесткі, у канторы АРА афармляліся паштоўкі-замовы й перапраўляліся ў Амэрыку. У амэрыканскіх газэтах АРА таксама друкавала свае абвесткі, якія прыцягвалі ўвагу нацыянальных, рэлігійных і прафэсійных суполак. Хутка віцебскі адрас АРА стаў адным з найпапулярнейшых сярод габрэйскіх арганізацыяў Амэрыкі. У дакумэнтах АРА гэта тлумачылася рысай аселасьці й гістарычнымі акалічнасьцямі:


Ад часу пагрому 1881 году пачалася сталая плынь эмігрантаў з гэтай акругі ў Злучаныя Штаты, і кожны новы пагром стымуляваў яе. Менавіта з гэтае прычыны сума харчовых пасылак за сем месяцаў дасягнула амаль 200 тысяч даляраў.


16 лютага ў газэце «Известия Витебского губисполкома» зьявілася нататка пад загалоўкам «1052 пуды прадуктаў для беднякоў Лепелю ад працоўных габрэяў, якія эмігравалі ў Амэрыку». Паведамлялася, што эмігранты зь Лепелю праз АРА адпраўляюць пасылкі сваім землякам. У нататцы было ўдакладненьне, важнасьць якога Айкер неўзабаве ацэніць на практыцы:


Сакратар Нью-Ёрскага таварыства дапамогі Саламон Фрыдман паведамляе, што большая частка грошай сабраная з працоўных габрэяў. Багатыя габрэі не жадаюць дапамагаць у няшчасьцях сваім супляменьнікам, і таму нас просяць стварыць камітэт з прадстаўнікоў усіх клясаў, але большую частку іх павінны складаць працоўныя. Ура нашым амэрыканскім братам!


У красавіку было выдадзена 918 пасылак, у траўні 3498, у чэрвені 4097. Айкер пісаў у справаздачы:


Людзі прыяжджалі па пасылкі здалёк, і часам не пасьпявалі атрымаць да закрыцьця складу. Вяртацца з пустымі рукамі не хацелі, пераначаваць не было дзе, і тады кладаўшчыкі прапанавалі выйсьце: яны будуць працаваць дапазна, пасьля закрыцьця канторы. Разьлічвацца з кладаўшчыкамі мелі самі наведнікі, прыватным чынам.


Праца закіпела, аднак вырасла ня толькі выдача пасылак, але й колькасьць скаргаў. Адрасат Канцапольскі са смаленскага Рослаўлю пісаў у Маскву:


Прыехаў у Віцебск у панядзелак, кантора замкнёная й напісана ў вакне, што з нагоды другога дня Тройцы. Адно зло цягне за сабой другое. Назаўтра быў вялікі натоўп народу, а праз вакно відаць, што нашыя паненкі на абцасіках паварочваюцца, а народ як быдла таўчэцца. Прапусьцілі да абеду чалавек трыццаць, столькі ж пасьля абеду. Народ хваляваўся. Адзін гуманны малады чалавек выйшаў і супакоіў, што будуць працаваць пазьней. Сабралі па 500 000 рублёў, і за гадзіну пасьля часу закрыцьця было адпушчана нашмат болей, чым за ўвесь дзень. Назаўтра серада, тое ж самае, і пасьля часу закрыцьця папрасілі па 1 500 000 рублёў. Я пачуваўся пакрыўджаным і пайшоў, але што з таго, давялося з усходам валяцца ля плота, каб патрапіць зь першымі ў чаргу. Мушу сказаць, што адмаўляюся надалей ад паслугаў АРА, гэта адныя сьлёзы, такое маё ўражаньне.


Айкеру даводзілася змагацца адразу на чатырох франтох: ішла вайна зь мясцовымі ўладамі, трэба было пісаць тлумачэньні ў Маскву, даводзілася ваяваць са сваім пэрсаналам і абараняцца ў прамым сэнсе слова ад агрэсіўных наведнікаў:


Наш пэрсанал быў зь ліку жонак былых расейскіх консулаў ды іншых важных асобаў, і каб ня іхная беднасьць, іх бы звольнілі за дробны крадзеж. Аднойчы ўрадавы агент пагражаў правесьці ў канторы рэйд ЧК, што напалохала супрацоўнікаў толькі часова. Яшчэ прыклад удзячнасьці па-віцебску — чалавек, які ня здолеў прабіцца ў офіс без чаргі, плюнуў у твар амэрыканскаму прадстаўніку. Гэта, натуральна, вымагала адпору, які быў дадзены й зрабіў добрае ўражаньне на натоўп.


Наведнік, якога Айкер спусьціў з прыступак, аказаўся ўплывовым камуністам. У мясцовай газэце зьявіўся востракрытычны матэрыял пад загалоўкам «Да ведама АРА». Айкера абвінавачвалі ў антысэмітызьме й саркастычна камэнтавалі амэрыканскі досьвед у боксе. Габрэйскія актывісты-партыйцы паспрабавалі наняць найлепшага ў горадзе адваката й прыцягнуць Айкера да суду. Вывучыўшы абставіны інцыдэнту, адвакат адмовіўся ад справы.

Тымчасам Айкер правёў дасьледаваньне выдачы пасылак і рэвізію, пасьля чаго імгненна звольніў некалькі «гуманных» супрацоўнікаў і скасаваў начную зьмену. Аказалася, што амаль усіх наведнікаў можна абслужыць цягам звычайнага працоўнага дня.

Аднак задаволіць патрабавальную віцебскую публіку было цяжка: атрымальнікі пасылак расьпісваліся за прадукты й цяжка ўздыхалі: «Няма шчасьця!» Зьбянтэжаныя амэрыканцы доўга не маглі зразумець, у чым рэч. Высьветлілася, што пакрыўджаныя інтарэсы ўплывовай групы гандляроў — амэрыканскія прадукты прывялі да падзеньня коштаў на рынку. Гандляры й адрасаты дапамогі ў Віцебску нярэдка сумяшчаліся ў адной асобе. Айкер мусіў пакінуць усе спадзяваньні на ўдзячнасьць.

Зь лета пачаліся даставы мэдыкамэнтаў і іншай гуманітарнай дапамогі агульнага прызначэньня. У Віцебскай акрузе налічвалася ўжо 22 штатныя супрацоўнікі — інспэктары, шафёры, складавы пэрсанал. Нягледзячы на перашкоды, амэрыканцы пашыралі склады, рамантавалі офісы, вучылі супрацоўнікаў, узмацнялі ахову — былі пасьпяхова перапыненыя некалькі спробаў рабаўніцтва. У адной са справаздачаў мімаходзь згадваюцца ўмовы, у якіх дзейнічала АРА:


Летам па нашай машыне некалькі разоў стралялі салдаты, у бальшыні ад няведаньня, а аднойчы вар’яты.


Айкер невыпадкова напіша пра здарэньне без ацэнак і камэнтароў, як пра звычайную рэч. Бандытызм і ўзброеныя напады не былі рэдкасьцю на пасьляваеннай Віцебшчыне. 27 студзеня 1923 быў забіты агент, які вёз 12 пасылак АРА ў Воршу, разам зь ім загінулі два спадарожнікі. За дзесяць дзён вакол Віцебску было забіта 15 чалавек. Міліцыя арыштавала 12 чалавек, якія прызналіся ў злачынствах і былі расстраляныя. Матыў усіх нападаў — рабаўніцтва, прычына — галеча.

Неўзабаве дастава вырасла да 600–700 пасылак у дзень, а аднойчы дасягнула 1150, — але хутка пайшла ўніз. На ўстрывожаны запыт Маскоўскае штаб-кватэры Айкер мусіў паведаміць пра новую нечаканую перашкоду.

Гэтым разам працы заміналі не карысьлівыя супрацоўнікі, не крывадушныя ўлады, не наравістыя адрасаты, а іншая амэрыканская дабрачынная арганізацыя — Джойнт.

Пазыцыя АРА — дапамогу павінны разьмяркоўваць тыя, каму яна адрасаваная. Улады могуць толькі наглядаць, каб не было злоўжываньняў. Аднак прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў склад камісіяў Джойнту, і адрасаты АРА сталі атрымліваць пагрозы арышту, канфіскоўвалі сьпісы, рэквізаваліся нават паштовыя маркі.

28 чэрвеня Айкер скардзіцца: Джойнт зайшоў так далёка, што захапіў частку гуртавых пасылак АРА для свайго выкарыстаньня. Айкер прапанаваў нават спыніць даставу харчу для дзіцячага дому, якім апекаваўся Джойнт, пакуль гэтая арганізацыя не адмовіцца ад такіх мэтадаў і не палагодзіць канфлікту.

Праз тры дні Айкер зноў зьвяртаецца да дырэктара АРА Ўільяма Гаскела:


Мы ня бачылі ўпаўнаважанага ўладаў ужо тры месяцы, і губвыканкам ігнаруе ўсе нашыя лісты. З другога боку, улады не прамінаюць выпадку зрабіць нам непрыемнасьць праз камітэт Джойнту.


Ціск на Айкера нарастаў. Афіцыйны прадстаўнік губвыканкаму адмаўляўся ўступаць у любыя кантакты й вырашаць праблемы. У Віцебск прыбыў доктар Ралф Герц, і ўсё было гатова для пачатку мэдычнае дапамогі, але перадаць лекі й абсталяваньне ў шпіталі аказалася немагчыма: улады хацелі рабіць гэта самі, бяз АРА. Мэдычны камітэт зь мясцовых лекараў, скліканы Айкерам, ня быў прызнаны губаддзелам аховы здароўя. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося разьмеркаваць адзін вагон дапамогі.

Напярэдадні чарговай вялікай даставы мэдыкамэнтаў у Віцебск прыбыў лекар зь Менску Фрэнк Вілі — і адбыў назад ні з чым. Губвыканкам прызначыў свой камітэт з правераных камуністаў, якія, аднак, не былі лекарамі, і тады іх не прызнаў кіраўнік Віцебскай акругі.

Скаргі на Айкера, што меў даволі моцны характар, ішлі як ад уладаў, гэтак і ад актывістаў Джойнту, якія таксама рэпрэзэнтавалі ўлады. У Маскоўскай штаб-кватэры пачалі прыходзіць да высновы, што брак супрацоўніцтва зь мясцовымі ўладамі становіцца галоўным тормазам працы.

Яшчэ ў чэрвені Айкер пачынаў сваю справаздачу ў Маскву аптымістычна:


Усё, што тычыцца мэдычнай дапамогі ў Віцебскай акрузе, добра рухаецца наперад. Зразумела, губаддзел аховы здароўя стварае пэўны клопат, але мы спадзяёмся хутка палагодзіць справы. Чыгуначнікі не залежаць ад губаддзелу, і зь імі асабліва прыемна працаваць. Калі губаддзел захоча зноў блякаваць нашу працу, мы можам цалкам перанесьці яе на чыгуначнікаў.


Кіраўніцтва АРА не падзяліла ні аптымізму кіраўніка акругі, ні зьмены курсу на дапамогу прафэсійнай групе чыгуначнікаў, якая й без таго пачувалася параўнальна няблага. Трывожылі абвінавачаньні ў антысэмітызьме й поўны разрыў сувязяў зь мясцовымі ўладамі. У адным з амэрыканскіх дакумэнтаў, напісаным амаль праз год пасьля падзеяў, сытуацыя была падагульненая наступным чынам:


Інтрыгі супраць містэра Айкера пачалі прыносіць плён.


21 чэрвеня на месца сакратара акругі Макмілана, які вяртаўся ў Амэрыку, зь Петраграду прыбыў Доналд Ліндсэй. Напачатку ліпеня Айкер атрымаў новае прызначэньне — у Саратаў — і пачаў перадачу справаў новаму сакратару, які мусіў часова выконваць абавязкі кіраўніка акругі. Таксама напачатку ліпеня атрымаў віншаваньні з посьпехам і склаў абавязкі ўпаўнаважанага пры АРА віцебскі пракурор і прафэсар камуністычных навук Канаплін.

11 ліпеня першы кіраўнік Віцебскай акругі АРА Джон Айкер разьвітаўся з калегамі й выехаў на працу ў эпіцэнтар голаду — на Волгу.

22 Віцебск: няхай жыве й квітнее Амэрыка!


Кадравая карусэль. — Сувязь з ГПУ. — Дзіўны арышт. — Упаўнаважаны хваліцца. — Краўцы бяз вопраткі, шаўцы бяз чобатаў. — Ліст у Каліфорнію. — Спадчына Анкера. — Ex Occidente lux — сьвятло з Захаду


У кабінэт кіраўніка акругі АРА былі запрошаныя два чалавекі: жанчына, якая прыйшла па сваю пасылку, і мясцовы супрацоўнік. На пытаньне, ці ведаюць яны адно аднаго, абодва адказалі адмоўна. Калі жанчына на просьбу ўпаўнаважанага напісала сваё прозьвішча — Енкіна — і расьпісалася, подпіс параўналі з почыркам у даверанасьці на атрыманьне трох пасылак, якую меў супрацоўнік АРА прозьвішчам Канстанцінаў. Почыркі не супалі. Падробка была відавочная.

У кабінэце быў яшчэ адзін чалавек. Ён пазваніў начальніку губэрскага крымінальнага вышуку й папрасіў прыслаць канвой.

Так пачаўся дзень 1 жніўня для Доналда Ліндсэя, які выконваў абавязкі кіраўніка акругі пасьля ад’езду Джона Айкера. Пры вочнай стаўцы прысутнічаў новы ўпаўнаважаны губвыканкаму Шымялёвіч. Празь месяц у сваёй першай справаздачы ў Маскву ўпаўнаважаны паведаміць:


Усталяваны шчыльны кантакт паміж мною й ГПУ.


Пасьля ад’езду Айкера й адстаўкі пракурора Канапліна на месца ўпаўнаважанага быў адразу прызначаны нехта Пайкін, але пратрымаўся на пасадзе толькі тыдзень. Выглядала, што ўлады ў Маскве таксама турбавалі канфлікты ў Віцебску, і з апарату Ландэра вырашылі прыслаць свайго чалавека. Так 20 ліпеня ў Віцебску зьявіўся лекар Шымялёвіч.

Новы пачатак ў дачыненьнях АРА й віцебскіх уладаў быў шматабяцальны. Штодзень па дарозе на працу Ліндсэю прапанавалі купіць амэрыканскія прадукты. Ля складоў АРА працаваў рынак, дзе зьмесьціва пасылак прадавалі й абменьвалі на іншыя прадукты й рэчы. Не пасьпеў Ліндсэй выказаць сваю занепакоенасьць, як новы прадстаўнік імгненна выдаў пастанову зьліквідаваць базар. Таксама разьвязаўся працяглы канфлікт з аўтабазаю губвыканкаму. Айкер абвінаваціў начальніка аўтабазы ў самавольным захопе аўтамабіля АРА, той апраўдваўся, што меў дазвол на паездку ў Смаленск, але амэрыканец забыўся пра гэта. Ліндсэй і Шымялёвіч пагадзіліся лічыць інцыдэнт непаразуменьнем.

Празь месяц у сваёй першай справаздачы ў Маскву Ландэру новы ўпаўнаважаны адзначыў, што ўвесь папярэдні пэрыяд амэрыканцы ў Віцебску працавалі без нагляду ГПУ. Зь ягоным прыездам сытуацыя памянялася. Першая справаздача за пэрыяд 20 ліпеня — 1 верасьня заняла 11 старонак і складалася з 14 разьдзелаў, прысьвечаных выдачы пасылак, мэдычнай дапамозе, дзіцячаму харчаваньню, узаемадачыненьням амэрыканцаў зь мясцовымі ўладамі. Найбольшы разьдзел быў названы «Арышт супрацоўніка АРА гр. Канстанцінава». Шымялёвіч, які падпісваўся як «лекар», сьведчыў пільнасьць, уласьцівую супрацоўнікам ня толькі гэтае прафэсіі:


Ужо зь першага дня мае працы ў АРА супрацоўнік Канстанцінаў прыцягнуў маю ўвагу як сваімі паводзінамі, гэтак і шырокім ладам жыцьця.


Канстанцінава дапытвалі, шукалі суўдзельнікаў, але той адпіраўся, сьцьвярджаў, што даверанасьць купіў, а пячатку набыў у незнаёмага супрацоўніка губсаўнаргасу ў рэстаране. Нікога знайсьці не ўдалося, і праз тры тыдні крымінальны вышук палічыў сваю працу завершанай. Але справу Канстанцінава не перадалі ў суд і самога яго ня вызвалілі. Упаўнаважаны губвыканкаму пераслаў справу ў ГПУ. У справаздачы ў Маскву Шымялёвіч дакладаў:


Канстанцінаў, 1906 г.н., сын былога дырэктара дзяржбанку ў Віцебску, скончыў юнкерскую вучэльню, змагаўся на Ўрангельскім фронце супраць Савецкай Расеі, быў паранены, кантужаны, па адступленьні патрапіў у Канстантынопаль. Адтуль паехаў да бацькі ў Парыж, дзе бацька ёсьць чальцом Расейскага ўраду ў Францыі. У Расею вярнуўся па амністыі, у АРА паступіў толькі таму, што АРА ведае ягонага бацьку (словы Канстанцінава). У АРА паступіў 7 лютага. Пры ім знойдзенае пасьведчаньне Чырвонага Крыжа ў Віцебску, што ў пэрыяд з 6 па 20 лютага знаходзіўся на лячэньні ў лязарэце з агняпальным раненьнем у грудзі.


Сукамэрнікам у турме Канстанцінаў расказваў, што ваяваў супраць Чырвонай арміі на паўднёвым фронце, быў засуджаны на расстрэл, але ўцёк. Аднак падчас допыту ён нечакана заявіў, што служыў у ЧК. Месцам службы назваў Кіеў. Далейшае сьледзтва было спыненае, матэрыялы ў суд не паступілі. Канстанцінаў быў перапраўлены зь Віцебску ў распараджэньне асобага аддзелу Кіеўскай ваеннай акругі.

У сваёй першай справаздачы ў Маскву новы ўпаўнаважаны Шымялёвіч так ацаніў працу АРА за час да свайго прыезду:


Галоўнай мэтай АРА было толькі разьмеркаваньне індывідуальных дзесяцідаляравых пасылак… Пастаянна напружаная атмасфэра, разыходжаньні, непаразуменьні… Айкер усё ацэньваў з гледзішча парушэньня Рыскага пагадненьня… Такі, у кароткіх рысах, агляд дзейнасьці АРА са студзеня па ліпень — пэрыяд няспынных спрэчак паміж губвыканкамам і Айкерам, якога перасьледуе манія парушэньня паўсюль і ўсімі Рыскага пагадненьня.


Далей Шымялёвіч паведамляе:


20 ліпеня я ўступіў у выкананьне абавязкаў паўнамоцнага прадстаўніка губвыканкаму. Дачыненьні губвыканкаму й АРА з гэтага моманту набываюць цалкам нармальны характар.


Дзеля падмацаваньня Шымялёвіч прыклаў да справаздачы нататку з газэты «Известия Витебского губисполкома» ад 31 жніўня пад назвай «Дзейнасьць АРА ў Віцебску». Артыкул меў падзагаловак «З гутаркі з прадстаўніком віцебскага аддзяленьня АРА». Публікацыю пачынала набраная буйным шрыфтам на дзьве калёнкі ўрэзка:


Ад пачатку сваёй дзейнасьці да 1 верасьня віцебская кантора АРА разьмеркавала да 60 000 пудоў харчаваньня на суму адзін трыльён рублёў. Разьмеркаваныя 4 вагоны з мэдыкамэнтамі, якімі забясьпечаныя амбуляторыі, шпіталі й дзіцячыя дамы. Распачатае хадайніцтва перад Масквой аб харчаваньні мясцовых студэнтаў.


Хадайніцтва распачаў ня хто іншы, як хворы на манію парушэньня пагадненьняў Джон Айкер. Нягледзячы на канфлікты, якімі былі пазначаныя паўгоду працы ў Віцебску першага кіраўніка акругі, аказалася, што й зроблена нямала, і АРА займела высокую рэпутацыю па-за сьценамі губвыканкаму. Выглядала таксама, што калі пра гэта не гаварылі адкрыта, дык прызнавалі і ў самім губвыканкаме. Менавіта з губвыканкаму, які афіцыйна апошнія тры месяцы не кантактаваў з Айкерам, у кантору АРА перадалі засьведчаную пячаткай просьбу дапамагчы вучням.

Ліст быў падпісаны будучымі шаўцамі, сталярамі й швачкамі, якія рэпрэзэнтавалі шэсьць віцебскіх прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Напачатку ліста амэрыканцам даволі лірычна тлумачылі сэнс гэтых установаў:


Раней гэтыя падлеткі мусілі б ісьці вучыцца да саматужнікаў і праводзіць свае маладыя гады пад вечным біцьцём сярод пакутаў і адначасова не атрымліваць ніякай адукацыі, заставацца затурканымі, цёмнымі, неадукаванымі людзьмі.


Так было. Стала:


ПТВ рыхтуюць з падлеткаў майстроў, не прымушаюць іх цярпець зьнявагаў чалавечай годнасьці і ўводзяць іх у галіну высокіх дасягненьняў культуры й цывілізацыі.


Каб амэрыканцы лепш ацанілі перамены, прынесеныя рэвалюцыяй у Віцебск, аргумэнты паўтараліся яшчэ раз:


Раней шэры затурканы падлетак мусіў няньчыць дзяцей у свайго майстра, даглядаць жывёлу, цярпець біцьцё й зрэдку з сумам марыць аб прывольным жыцьці школьнікаў. Цяпер жа падлетак вучыцца працы зь дзясяткамі сваіх адналеткаў у школьным памяшканьні, мае ўтульны дах над галавой і працуе толькі тады, калі гэта не перашкаджае разьвіцьцю ягонага арганізму, і ў вольны час займаецца разьвіцьцём свайго інтэлекту.


Аднак паколькі на мэце было атрыманьне амэрыканскай дапамогі, ідэальная частка на гэтым сканчалася й пачыналася больш рэалістычнае апісаньне ПТВ швейнікаў:


З 58 падлеткаў круглыя сіроты — 8 %, бяз бацькі — 43 %, бяз маці — 13 %, усяго сіротаў 64 %. Амаль усе мусяць харчавацца за свой мізэрны заробак (500 000 за месяц). Ня варта думаць, быццам астатнія 36 % добра харчуюцца, бо ў бальшыні ў сям’і 5–6 чалавек, зь якіх працуюць сама больш два. Натуральна, што ў такіх умовах дзеці вымушаныя часткова недаядаць, а часткова літаральна галадаць. Іхны крохкі дзіцячы арганізм разбураецца й лёгка паддаецца хваробе. У згаданай школе нярэдкія выпадкі, калі падлетак самлее ля сваёй кравецкай машынкі.


Аўтары ліста далей працягваюць апісаньне новага быту: вучні жывуць у брудных падвалах, пазбаўленых сьвятла, цяпла і ўтульнасьці, бракуе вопраткі й абутку. Пасьля пераходзяць да ўмоваў навучаньня «высокім дасягненьням цывілізацыі»:


Ня лепшыя справы з навучальнымі дапаможнікамі. Няма ані кніг, ані сшыткаў, ані прыстойных машынаў, ані варштатаў. Такая сытуацыя характэрная ня толькі для згаданых школаў, а для ўсіх бяз вынятку ПТВ.


Ліст сканчаўся просьбамі арганізаваць абеды для 430 чалавек, забясьпечыць навучэнцаў цёплай вопраткай, падручнікамі й абсталяваньнем. Подпісы былі засьведчаныя круглаю губэрскаю пячаткаю.

Айкер пераслаў зварот у Маскву й далучыў свае аргумэнты, але з Маскоўскай штаб-кватэры прыйшла адмова — пакуль усе дабрачынныя рэсурсы забірала Волга.

Публікацыя ў «Известиях Витебского губисполкома» ўвогуле ставіла пад сумнеў ранейшую тэлеграму Эйдука пра характар працы АРА ў Віцебску, быццам скіраванай вылучна на выданьне адрасных пасылак прыватным асобам. Высьветлілася, што ў дадатак да 18 343 адрасных пасылак было таксама разьмеркавана 1356 дабрачынных пасылак. Яшчэ ў траўні віцебская АРА атрымала груз дабрачыннай дапамогі з Чэхаславаччыны, ад фонду газэты «Prager Tagblatt». Айкер тады паведамляў у Маскву:


Адзін з атрымальнікаў нядаўна пацярпеў вялікія страты ад пажару й залежыць цяпер ад дабрачыннасьці. Трое іншых падзялілі адну пасылку, яны належаць да клясы інтэлігентных людзей, якія займаюць адказныя пасады на паўгалодным заробку. Дапамога таксама была выдадзеная мастаку, хвораму з-за нястачы ежы, мастацкія здольнасьці якога высока цэняць ягоныя калегі.


Лісты ўдзячнасьці ад мастака й іншых былі таксама адпраўленыя ў Прагу.

Амэрыканскія прадукты прывялі да значнага падзеньня коштаў на мясцовых рынках, і ад гэтага выйгралі ўсе пакупнікі, прызнавала газэта. З артыкула таксама вынікала, што віцебскай АРА ўдалося пераканаць сваё цэнтральнае кіраўніцтва ў неабходнасьці пашырыць мэдычную дапамогу для акругі:


За апошні тыдзень сярод дзіцячых дамоў і мэдустановаў разьмеркавана: 23 575 ярдаў простай і стэрылізаванай нітніцы, 5700 ярдаў паркалю, 900 ваўняных коўдраў, 5000 пакетаў першай дапамогі, 1234 прасьціны, 2724 бахматыя ручнікі й вялікая колькасьць іншага інвэнтару й мэдыкамэнтаў. Апроч таго, днямі атрыманая перасоўная дэзынфэкцыйная камэра.


У чэрвені, за месяц да ад’езду, Айкер сустракаўся з прафэсарамі віцебскіх інстытутаў, якія перадалі яму пэтыцыю аб дапамозе. Айкер вырашыў зьвярнуцца ў сваю альма-матэр — у Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі. У суправаджальным лісьце ён пісаў:


Джэнтэльмэны, чые подпісы стаяць пад гэтым дакумэнтам, ёсьць годнымі рэпрэзэнтантамі тае моцна панішчанае й амаль зьніклае клясы інтэлігентных людзей, якія некалькі гадоў таму вучылі моладзь Расеі ў добра абсталяваных інстытутах. Цяпер жа, апроч таго, што іх менш, ім недастаткова плацяць і яны недастаткова ядуць, іхныя клясы й лябараторыі практычна без абсталяваньня. Прычына, дзеля якой іхная просьба перададзеная ў вашую ўстанову, — тая, што калі прафэсары змогуць атрымаць патрэбныя рэчы й такім чынам здолеюць лепш вучыць сваіх студэнтаў, — тыя, у сваю чаргу, зробяць найлепшыя высілкі дзеля вызваленьня Расеі са стану голаду.


Айкер накіраваў такі самы ліст ва ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса ў Балтымары.

Празь некалькі месяцаў у віцебскую кантору АРА прыйшоў ліст, які пачынала цытата з Эвангельля:


Я быў галодны, і вы накармілі мяне, я прагнуў, і вы далі мне напіцца.


Да ліста была прыкладзеная кніга, якая расказвала пра заслугі аўтара, прафэсара Аляксея Сапунова, у дасьледаваньні гісторыі Віцебшчыны. Археограф, краязнавец, заснавальнік царкоўна-археалягічнага музэю, былы дэпутат Дзяржаўнай думы й стацкі саветнік пісаў:


Я прыношу сваю найглыбейшую падзяку вялікаму й шчодраму, далёкаму, але цяпер блізкаму майму сэрцу амэрыканскаму народу, які даў сілы мне, як і многім іншым працаўнікам навукі, перажыць гэтыя невыносна цяжкія часіны. Як быццам зыркі прамень сьвятла, які раптоўна зазьзяў з далёкага Захаду, асьвятліў глыбокую цемру вакол мяне[78].


У дакумэнтах АРА ёсьць тлумачэньне, што сямідзесяцігадовы прафэсар перад гэтым асьлепнуў, але пасьпяховая апэрацыя вярнула яму зрок. Аднак былы выкладчык клясычных моваў меў на ўвазе нешта іншае, калі скончыў ліст услаўленьнем:


І для мяне напраўду «ех Occidente, nоn ex Oriente, lux! Vivat, crescat, floreat America in saecula saeculorum!»


Невядома, ці Джон Айкер разумеў лаціну, каб дакладна перакласьці выраз «з Захаду, не з Усходу, сьвятло! Няхай жыве, расьце, квітнее Амэрыка на вечныя вякі!», але напэўна зразумеў бы сэнс.

Айкер ніколі не пабачыў гэтае падзякі.

23 Віцебск: ізноў паўтарэньне пройдзенага


Новы кіраўнік акругі. — Шымялёвічу цяжка. — Арышт і вызваленьне рабіна. — Упаўнаважаны зьнік. — Дружба з губэрнатарам. — Зэліксон папярэджвае. — Абвінавачаньні ў друку. — Блаславеньне біскупа


Напачатку жніўня ўпершыню за тры месяцы ў будынку губвыканкаму на вуліцы Савецкай, 18 зьявіўся амэрыканскі грамадзянін. У Віцебск зь Вены прыбыў новы кіраўнік акругі — вэтэран АРА Рэйманд Брэнд. Адбылася сустрэча з кіраўніцтвам губвыканкаму, затым упаўнаважаны Шымялёвіч пазнаёміў Брэнда з кіраўнікамі аддзелаў асьветы, аховы здароўя й сацыяльнага забесьпячэньня. Здавалася, Віцебск быў гатовы забыцца на старыя крыўды й павесьці супрацу з АРА па-новаму.

Новы кіраўнік пачаў са знаёмства з апэрацыямі ў губэрскім цэнтры, наведаў шпіталі й дзіцячыя дамы. У Віцебск зь Менску прыяжджаў Фрэнк Вілі, зь якім абмяркоўвалі праблемы далейшых мэдычных паставак, затым Брэнд выправіўся ў падарожжа па акрузе.

Упаўнаважаны Шымялёвіч стараўся як мог, але й сам мусіў скардзіцца ў Маскву — няма асобнага штату, апарат губвыканкаму перагружаны, цяжка атрымаць адказы на запыты:


У выніку самому даводзіцца хадзіць з адной установы ў іншую, настойваць, патрабаваць, пагражаць прыцягненьнем да адказнасьці, без чаго, верагодна, увогуле нічога не даможасься. Досыць сказаць, што АРА ўвесь час ня мела электрычнасьці, пакуль, нарэшце, губкамунаддзелу не была дадзеная тэлефанаграма з прапановай прывесьці электрычнасьць у парадак за 48 гадзінаў з прыцягненьнем да адказнасьці за невыкананьне. Гэта дало добры вынік, і сьвятло хутка зьявілася.


У тым самым дакумэнце, толькі на дзевяць старонак раней, Шымялёвіч ускладаў віну за брак сьвятла на былога кіраўніка акругі:


Айкер на ўсё глядзеў пад вуглом парушэньня Рыскага пагадненьня й пра ўсе дробязі паведамляў Цэнтар, пра аплату за рамонт, пра электрычнасьць. Губвыканкам прапанаваў АРА несьці ўсе выдаткі да высьвятленьня ў цэнтры, АРА адказвала тым самым, і ў выніку АРА сядзела без электрычнасьці, была пазбаўленая й іншых зручнасьцяў, што яшчэ болей раздражняла Айкера й давала яму магчымасьць згушчаць атмасфэру.


Вельмі хутка згушчаць атмасфэру пачаў сам Шымялёвіч:


Даводзіцца выступаць ня толькі ад імя губвыканкаму, але й Цэнтру. Неабходнасьць пашырэньня складу АРА й далучэньня суседняга пакгаўзу чыгункі выклікала з боку апошняй ня толькі абыякавае стаўленьне, але й злачыннае адцягваньне адказу тыднямі, хаця чыгунцы склад быў не патрэбны. Затое склад адразу быў аддадзены, калі я заявіў, што дам тэлеграму Эйдуку й Дзяржынскаму.


Непасьлядоўнасьць ці, магчыма, бюракратычная й палітычная спрактыкаванасьць Шымялёвіча пачала прыносіць плён: упаўнаважаны ня толькі дапамог з электрычнасьцю й складамі, але паспрыяў вырашэньню канфлікту ў Вяліжы.

Амэрыканскія габрэі, якія аплацілі 124 пасылкі, у якасьці адрасата, адказнага за іх разьмеркаваньне, прызначылі мясцовага рабіна. Аднак губвыканкам і габрэйскі камітэт Вяліжу, у склад якога ўваходзілі камуністы, настойвалі на сваім праве складаць сьпіс паводле клясавага прынцыпу.

Рабін напісаў скаргу ў віцебскую кантору АРА, пасьля чаго быў абвінавачаны ў здрадзе, арыштаваны й пасаджаны за краты. У адказ амэрыканцы адмовіліся выдаваць вяліскія пасылкі са складу. Падобныя канфлікты ўспыхнулі ў Лепелі й Дрысе. У выніку АРА пастанавіла прыпыніць выдачу групавых пасылак цалкам. Шымялёвічу ўдалося дапамагчы вызваліць рабіна й пагасіць канфлікт.

Нягледзячы на крытыку на адрас АРА, Шымялёвіч прызнаваў неабходнасьць амэрыканскай дапамогі. У самай першай справаздачы ў Маскву віцебскі ўпаўнаважаны выклаў адзінаццаць просьбаў — ад пашырэньня паўнамоцтваў да вылучэньня дадатковых грошай і штату, неабходных для пасьпяховай працы. Першым пунктам ішла агульная просьба да Ландэра:


Спрыяць са свайго боку пашырэньню дзейнасьці мясцовай канторы АРА ў галіне дзіцячай, мэдычнай, у адкрыцьці сталовак і гэтак далей з прычыны цяжкага становішча дзяцей Паволжа, а гэтаксама ўсяго насельніцтва, якое пацярпела ад стыхійнага бедзтва.


Віцебскі губэрскі камітэт партыі меў іншы погляд і зьвярнуўся ў ЦК РКП(б):


Беручы пад увагу непатрэбнасьць і нават шкоднасьць знаходжаньня АРА на тэрыторыі Віцебскай губэрні як прыфрантавой паласы, і з улікам таго, што АРА перш за ўсё арганізуе свае базы ў гэтак званых стратэгічных пунктах і што яна, як прыхаваная ваенная арганізацыя, ставіць варожыя РСФСР мэты, губкам хадайнічае перад ЦК аб недапушчэньні дзейнасьці АРА ў Віцебскай губэрні.


У верасьні ў Маскве адбылася агульная канфэрэнцыя ўпаўнаважаных пры замежных арганізацыях дапамогі. Калі Шымялёвіч вярнуўся з канфэрэнцыі, дык адразу прыпыніў выдачу мэдычных паставак. На сустрэчы з Брэндам ён стаў з падвоенай настойлівасьцю зноў дамагацца беспасярэдняга ўдзелу ў разьмеркаваньні дабрачыннай харчовай дапамогі. Уражаны новай непасьлядоўнасьцю, Брэнд паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Я пераказваю ўсё гэта, каб толькі паказаць, з чым мы хутчэй за ўсё сутыкнёмся ў будучыні. Гэта, безумоўна, вынік апошняе канфэрэнцыі, і ён не абяцае бесьперашкоднай працы.


Брэнд не памыляўся наконт будучыні й таму, мабыць, ня надта шкадаваў, калі 5 кастрычніка Шымялёвіч раптоўна выехаў у Маскву дзеля прыватнай, як ён сказаў, справы — і не вярнуўся. Падсумоўваючы пазьней узаемадачыненьні з уладамі пасьля ад’езду першага кіраўніка акругі Айкера й адстаўкі ўпаўнаважанага Канапліна, Брэнд пісаў:


Быў прызначаны новы ўпаўнаважаны ў справах АРА прозьвішчам Пайкін. Ён пратрымаўся на пасадзе тыдзень, і яго зьмяніў супрацоўнік з маскоўскага апарату ўпаўнаважаны Шымялёвіч. Новы ўпаўнаважаны паспрыяў вызваленьню вяліскага рабіна. Але ў Віцебску жыцьцё савецкага прадстаўніка нядоўгае, і пасьля паездкі ў Маскву прадстаўнік апарату Ландэра паведаміў, што ня вернецца.


25 верасьня з Маскоўскай штаб-кватэры ў Віцебск прыйшла тэлеграма: у акрузе пачынаецца праграма дзіцячага харчаваньня, якой дамагаўся яшчэ Джон Айкер. Патрабуецца новы склад, трэба наняць інспэктараў і арганізаваць іхную працу, вызначыць адрасатаў. Месца Шымялёвіча заставалася вакантным, і адзінай асобай, якая магла вырашаць пытаньні АРА, нечакана стаў старшыня губвыканкаму Крылоў. Брэнд пісаў:


У гэты пэрыяд дачыненьні ўладаў і АРА былі самымі сардэчнымі за ўвесь час — зь дзьвюх прычынаў: характар старшыні (малады чалавек раней служыў на флёце) і той факт, што Віцебская акруга атрымала 5000 рацыёнаў дзіцячага харчаваньня для закрытых установаў. Калі старшыня губвыканкаму гаварыў, што нешта будзе зроблена, гэта рабілася. Калі яму сказалі, што патрабаваньні перадаць пастаўкі ў аддзелы губвыканкаму ці камітэту, які б стаяў над кіраўніком акругі, немагчымыя з прычыны палітыкі АРА, ён прыняў гэта як факт і не спрабаваў прымусіць кіраўніка акругі да кампрамісаў.


Нягледзячы на спрыяльнае стаўленьне, вырашаць штодзённыя справы кожны раз з кіраўніком губэрні было нязручна. І калі новым упаўнаважаным пры АРА быў прызначаны старшыня губэрскага аддзелу аховы здароўя Елізары Зэліксон, Брэнд нават узрадаваўся:


Новы прадстаўнік быў ворагам свайго папярэдніка, і будучыня выглядала ружовай, калі ён заявіў, што хоча супрацы, і даў зразумець, што ягоныя мэтады будуць супрацьлеглыя тым, якімі карыстаўся чалавек зь ведамства Ландэра.


Ці то Брэнд недаацэньваў папярэдняга ўпаўнаважанага Шымялёвіча, ці пераацэньваў новага, але неўзабаве яму давялося пераканацца, што віцебская рэчаіснасьць больш складаная.

Зь Менску зноў прыехаў лекар Фрэнк Вілі, і разам з Брэндам яны адправіліся ў Полацак, каб агледзець гарадзкі шпіталь і дзіцячыя дамы. У шпіталі амаль не было мэдыкамэнтаў і абсталяваньня, але амэрыканцы былі ўражаныя чысьцінёй, парадкам і надзвычай добрай арганізацыяй працы. Вілі склаў сьпіс, і ў Віцебску падрыхтавалі ўсё для перадачы. Але калі лекар з Полацку прыбыў у губэрскі цэнтар, яго сустрэў загад: дапамогі ня браць. Яна не была папярэдне ўхваленая губаддзелам аховы здароўя.

Пачаліся спрэчкі: араўцы гаварылі пра сваё права беспасярэдне дапамагаць тым, каго яны вызначылі, Зэліксон настойваў на афіцыйным пасярэдніцтве. Афіцыйнага камітэту разьмеркаваньня дапамогі не прызнавалі амэрыканцы, другога камітэту не прызнавала віцебскае начальства. Неўзабаве Брэнд напісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Мы патлумачылі ўпаўнаважанаму, што дзякуючы такой тактыцы Віцебск ужо страціў шмат вагонаў мэдыкамэнтаў, і ягоныя афіцыйныя пасланьні пакінулі вельмі адмоўнае ўражаньне. Ён адразу пачаў выбачацца й зрабіў заяву, якую мы заўсёды згадваем у падобных выпадках. «Што я магу зрабіць, калі з апарату таварыша Ландэра патрабуюць, каб я рабіў адно, з выканкаму — другое, з губаддзелу аховы здароўя — трэцяе, і ніводнае з гэтых патрабаваньняў не задавальняе вас».


Асаблівую насьцярожанасьць упаўнаважанага выклікала гуртовая дапамога, якую дабрадзеі з Амэрыкі прызначалі канкрэтным групавым адрасатам (габрэям у мястэчку, лекарам ці навукоўцам). Спачатку Брэнд і Зэліксон дамовіліся, што пры раздачы будуць прысутнічаць прадстаўнікі мясцовых выканкамаў і, у разе праблемаў, яны змогуць прыпыніць выдачу. Усё ішло добра, пакуль упаўнаважаны ня ўведаў, што гэтым роля выканкаму й абмяжоўвалася. Выканкамы не дадавалі й не выкрэсьлівалі імёнаў атрымальнікаў. Зэліксон запатрабаваў, каб ніводны багацей не атрымліваў пасылак, назваў АРА буржуазнай арганізацыяй і папярэдзіў, што гуртовая дапамога стварае выдатную глебу для контрарэвалюцыі.

Брэнд пісаў:


Калі яму сказалі, што пры самым нязначным сьведчаньні, быццам кіраўнік акругі ці любы супрацоўнік АРА займаецца такой дзейнасьцю, усё, што ад яго патрабуецца, — напісаць у Маскву й дадаць доказы, ён адразу стаў шматслоўным і падрабязным наконт асабістай сумленнасьці віцебскіх супрацоўнікаў, але вось жа няма такой упэўненасьці пра АРА як арганізацыю.


Справу пераслалі ў Маскву ў апарат Ландэра — адтуль у губвыканкам прыйшло ўказаньне не перашкаджаць выдачы такой адраснай дапамогі. Сытуацыя зноў абвострылася, калі ў Віцебск стала паступаць гуртовая дапамога агульнага прызначэньня, разьмяркоўваць якую меў права сам кіраўнік акругі. У кантору АРА, а не ў губвыканкам пайшлі просьбы з усёй губэрні. Улады адчулі пагрозу свайму аўтарытэту. На хуткую дапамогу з Масквы асабліва спадзявацца не выпадала, і было вырашана паўзьдзейнічаць на амэрыканцаў іншым чынам.

Зэліксон меўся падрыхтаваць выступ у друку са сьпісам прэтэнзіяў да АРА, але перад публікацыяй папярэдзіць Брэнда й паспрабаваць дамагчыся саступак. Апроч галоўнай хібы — адхіленьня ўладаў ад разьмеркаваньня пасылак, АРА вінавацілі ў дрэннай арганізацыі мэдычнае дапамогі, няправільным падыходзе да сіротаў, якіх кармілі толькі ў дзіцячых дамох, дзе амэрыканцы пабывалі з інспэкцыямі. Як прыклад прыводзілася місія Нансэна, якая перадавала ўсю дапамогу афіцыйным уладам.

Прафіляктычная сустрэча прайшла досыць нэрвова. Брэнд паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Упаўнаважаны запатрабаваў, каб усе звароты па дапамогу праходзілі празь ягоны офіс. Мы адказалі, што маем права на свабоду кантактаў. Ён запярэчыў, што, калі ўсё ня будзе праходзіць празь ягоны офіс, ён ня зможа кантраляваць дзейнасьці АРА. Я палічыў да дзесяці й сказаў, што ў нашым разуменьні ягоная задача не кантраляваць, а дапамагаць нам. Я думаў, ён перастане ўжываць слова «кантроль», але ён працягваў і заявіў, што менавіта гэтага чакае ад яго выканкам.


Брэнд паказаў упаўнаважанаму тоўсты стос просьбаў аб дапамозе. Той заявіў, што палову іх ён сам бы лёгка выкрасьліў са сьпісу, і амэрыканцам ня трэба было б увогуле сустракацца з гэтымі асобамі. Брэнд адказваў, што праверка просьбаў аб дапамозе ўваходзіць у ягоныя абавязкі й ён мусіць мець магчымасьць свабодных сустрэчаў.

Неўзабаве выступ з крытыкай быў надрукаваны і ўтрымліваў усе ацэнкі й абвінавачаньні, пра якія папярэджваў упаўнаважаны, — за выняткам аднаго патрабаваньня. Брэнд пісаў:


Упаўнаважаны сам сябе перамог, бо ў апошнім абзацы гаварылася, што ўсе звароты павінны адрасавацца беспасярэдне нам. Мы зьдзівіліся, калі пабачылі гэты абзац, бо якраз мелі працяглую гутарку пра наўпроставыя звароты й патрабавалі гэтага права.


У газэце была памылка. Назаўтра зьявілася нататка пад загалоўкам «Сур’ёзная папраўка». Але Брэнд, які ад пачатку не спадзяваўся на палёгку, і ня думаў саступаць


Мы будзем надалей выдаваць дабрачынныя харчовыя наборы паводле зваротаў, якія ўжо атрымалі, бо людзям патрэбны харч больш за ўсё астатняе. Калі будуць скаргі, мы гатовыя да наступстваў.


У Віцебску ўмелі чытаць газэты — Брэнд штодня стаў атрымліваць дзясяткі просьбаў аб дапамозе. Кожная просьба разглядалася індывідуальна, з наведваньнем адрасатаў:


Усе дамы былі амаль аднолькавыя. Ложак ці два ў кутку, часам матрацы на падлозе, стол і пара зламаных крэслаў — вось і ўся мэбля. Брудныя малыя ціха сядзяць навокал. Месяцамі іхная ежа складалася з капусты, чорнага хлеба й гарбаты, і нам кажуць, што ім яшчэ пашанцавала. Яны дранцьвелі, калі атрымлівалі наш пакет з такой колькасьцю прадуктаў адразу, усе акуратна запакаваныя й бясплатна.


Амэрыканцы не адмаўляліся разглядаць просьбы, якія зрэдку ішлі й на адрас упаўнаважанага, але правяралі іх гэтаксама, як усе астатнія. У сярэдзіне лістапада ў Віцебску, як і ўсюды ў зоне дзеяньня АРА, пачалася кампанія замоваў цёплай вопраткі. Араўцы зьбіралі паштоўкі-замовы, сваякі ці знаёмыя з Амэрыкі й Эўропы аплачвалі пасылкі з матэрыяламі для пашыву, якія выдаваліся са складоў АРА.

Аднойчы ў кантору ўвайшоў высокі, пад два мэтры, дзябёлы наведнік у чорнай сутане. Ён блаславіў пэрсанал і групу віцяблянаў, якія чакалі выдачы пасылак. Тыя сталі ў чаргу да сьвятара, каб пацалаваць руку. Незвычайны наведнік расьпісаўся за сваю пасылку й папрасіў сустрэчы з кім-небудзь з амэрыканцаў. Яго правялі да новага сакратара акругі Эдварда Рэмі. Наведнік аказаўся праваслаўным біскупам.

Рэмі пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Сьвятар папрасіў мяне перадаць амэрыканцам, якія прыслалі дапамогу, словы ўдзячнасьці за іхную дабрыню ад сябе й іншых сьвятароў. Біскуп ужо быў у турме, і неўзабаве яго чакае суд у справе канфіскацыі царкоўных скарбаў. У яго ўжо адабралі царкву, на пасадзе яго зьмяніў «чырвоны біскуп»[79].


Дапамога незалежна ад клясавых, нацыянальных і рэлігійных прынцыпаў спрыяла аўтарытэту АРА ў Віцебску, нягледзячы на ўсе публікацыі ў камуністычным друку.

Гэтая акалічнасьць хавала ў сабе новыя канфлікты.

24 Віцебск: серп і молат на крыжы


Калядная атака. — Інструкцыі з Масквы. — Вошы на транспарце. — Зіма ў зямлянках. — Тактоўнасьць і цярплівасьць. — Дзіцячыя дамы паляпшаюцца. — Загадкавы прагноз. — Брэнд просіцца ў адпачынак


Каляды 1922 году ў Віцебску амэрыканцам запомніліся зусім не сьвяточнаю калатнечаю. У сярэдзіне сьнежня ўпаўнаважаны губвыканкаму Зэліксон выправіўся на нараду ў Маскву. Адразу па ад’езьдзе ў мясцовай газэце зьявілася нататка пра дапамогу дзецям. У артыкуле гаварылася пра 180 дзяцей, якімі апекаваўся Джойнт, і ні словам ня згадвалася АРА, якая карміла больш за тысячу — нашмат болей, чым усе астатнія замежныя арганізацыі разам.

Кіраўнік акругі Рэйманд Брэнд мог здагадацца пра прычыну. Калі ў канцы кастрычніка АРА пачала праграму харчаваньня ў дзіцячых дамох, ён пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


У шмат якіх дзіцячых дамох у Віцебску дзеці мусяць заставацца ў сьценах усю зіму, бо іхная адзіная адзежа — нешта кшталту начной кашулі. Вельмі многія ня маюць абутку й шкарпэтак. У Гарадку мы бачылі, як дзеці басанож хадзілі па сьнезе. Такі ж стан у Магілёве. Дзеці сядзяць вакол кафляных грубак, захутаныя ў араўскія коўдры. Памяшканьні не праветрываюцца. Калі мы зьвярталі на гэта ўвагу мясцовых кіраўнікоў, яны казалі пра брак адзеньня. Усе дзіцячыя дамы маюць моцны пах.


Калі Брэнд са сваімі супрацоўнікамі агледзеў шэраг дзіцячых дамоў, ён паставіў умову: амэрыканская дапамога пойдзе толькі ў тыя ўстановы, дзе навядуць парадак.

Паводле статыстыкі губаддзелу аховы здароўя, увосень 1922 у Віцебскай губэрні дзейнічала 25 дзіцячых дамоў, ясьляў і дыетычных кухняў для 1700 дзяцей. Брэнд атрымаў гэтыя лічбы, але вырашыў спачатку паслаць інспэктараў з праверкамі. У выніку агульная колькасьць заявак скарацілася на траціну.

Гэта не дадало папулярнасьці кіраўніку акругі ў кабінэтах віцебскай улады. Калі Зэліксон вярнуўся з Масквы, дык патлумачыў Брэнду, што замоўчваньне дапамогі АРА ў газэце было наўмысным, каб паўплываць на разьмеркаваньне бюджэту. (У сьнежні АРА карміла ўжо 1751 дзіця: пасьля пажару ў Бешанковічах бяз даху засталіся каля 500 дзяцей, і Брэнд накіраваў значныя рэсурсы ў мястэчка, якое было амаль дашчэнту вынішчанае).

Але публікацыя была толькі пачаткам каляднага наступу на АРА, які супаў з адсутнасьцю ў Віцебску ўпаўнаважанага.

Прыходзіў з праверкай прадстаўнік губстраху й высьвятляў, як тут апякуюцца здароўем супрацоўнікаў. Гэта быў ужо другі візыт. Яму зноў паказвалі пагадненьне, паводле якога АРА ня несла абавязкаў страхаваньня. Аднак неўзабаве Брэнд атрымаў чарговы ліст з патрабаваньнем патлумачыць, чаму супрацоўнікі не застрахаваныя.

28 сьнежня віцебская пошта прыслала папярэджаньне, што больш ня будзе прымаць бясплатных тэлеграмаў ад АРА (падобныя выдаткі пакрываліся коштам мясцовых уладаў).

Раптоўна пагоршыліся дачыненьні зь Віцебскай чыгункай. Стаялі маразы, і склады на чыгунцы патрабавалі абагрэву. Зэліксон прапанаваў, каб АРА сама паставіла печкі, а аплату губвыканкам зробіць пазьней. Брэнд ведаў, што атрымаць грошы ад губвыканкаму хутчэй за ўсё ня ўдасца. Але каб не перапыняць выдачы пасылак, араўцы ўсталявалі часовае ацяпленьне.

Чыгунка запатрабавала зьліквідаваць печкі й падаць дакумэнты, на падставе якіх амэрыканцы займалі склады. Спасылка на губвыканкам не задаволіла чыгуначнікаў, і за дзень да Новага году ў АРА прыйшоў ліст з патрабаваньнем прыбраць печкі й неадкладна вызваліць памяшканьні — іначай гэта будзе зроблена з дапамогай ГПУ. Чыгунка таксама папярэдзіла, што будзе браць штраф за грузы, якія прастойваюць у вагонах.

Не пасьпеў Брэнд адбіцца ад чыгуначнікаў, як у той самы дзень, 30 сьнежня, атрымаў ліст з патрабаваньнем даць памяшканьне канторы для ўстаноўчага прафсаюзнага сходу й не перашкаджаць яго правядзеньню. Брэнд спаслаўся на Рыскае пагадненьне й адмовіўся. У адказ прагучалі пагрозы.

На адрас упаўнаважанага Мар’яна Стакоўскага зь Віцебскага губвыканкаму пайшла скарга на бязьдзейнасьць Брэнда й Герца: дапамогі ад АРА амаль ніякай. Стакоўскі паказаў скаргу кіраўніку Менскай акругі Чарлзу Ўілабі й пераслаў скаргу ў Маскву.

З Масквы Брэнд атрымаў суцяшэньне ад кіраўніка АРА Сырыла Кўіна:


Вашыя дачыненьні зь мясцовымі органамі ўлады характэрныя для ўсіх акругаў. Розныя арганізацыі спазматычна спрабуюць узяць пад свой кантроль нашых супрацоўнікаў. Нашая палітыка была й застаецца нязьменнай: абсалютна не ўступаць ні ў якія дыскусіі й спрэчкі зь імі й не рабіць розьніцы пры прыёме на працу паміж чальцамі й не чальцамі саюзаў. Мы ўпэўненыя, што тактоўнасьць і цярплівасьць з вашага боку не дазволяць гэтым спазматычным спробам прынесьці вам турботы.


Цярплівасьці Брэнду сапраўды патрабавалася шмат. Межы Віцебскай акругі АРА не супадалі зь межамі губэрні: амэрыканцы апекаваліся дзіцячымі ўстановамі ў Неўлі, Смаленску, Вязьме, Рослаўлі, Магілёве, часткова на Гомельшчыне. Калі перад Новым годам Брэнд папрасіў дапамагчы здабыць праязныя дакумэнты на чыгунку, каб наведаць шэраг кухняў, упаўнаважаны Зэліксон спаслаўся на інструкцыю з апарату Ландэра, якая забараняла рабіць такія паслугі для амэрыканцаў. Апроч таго, Зэліксон паведаміў, што яго не цікавяць патрэбы АРА па-за межамі Віцебскай губэрні.

Брэнд у сваім паведамленьні ў Маскоўскую штаб-кватэру пра віцебскую калядную калатнечу паразы не прызнаваў:


Мы лічым непажаданым з прычыны транспарту прыпыняць харчовую дапамогу па-за межамі Віцебску, хаця пасьля таго, як давялося зьбіраць вошы па ўсім целе пасьля падарожжа на лодцы па Дзьвіне, я маю такія-сякія падозраньні й што да спальнага вагону.


У ноч на Новы год Брэнд наведаў дзіцячы дом, дзе жылі дзеці ўцекачоў з Волгі. Установа атрымлівала амэрыканскае харчаваньне й мэдычную дапамогу й лічылася адной зь лепшых у сыстэме народнай асьветы. З нарасьветай Брэнд працаваў напрасткі, без пасярэдніцтва Зэліксона, і быў задаволены вынікамі. Кіраўнік акругі бачыў дзяцей пяць месяцаў перад тым і цяпер адзначаў іх значна лепшы выгляд. Прадстаўнік нарасьветы выступіў з навагоднім віншаваньнем, у якім расказваў пра дапамогу АРА ў Паволжы й на Віцебшчыне.

У тыя ж дні разам з новым сакратаром акругі Эдвардам Рамі Брэнд наведаў яшчэ адзін спэцыфічны адрас амэрыканскай дапамогі — зямлянкі ля чыгункі на ўскрайку Віцебску, дзе туліліся 118 уцекачоў з галоднага Паволжа. Брэнд пісаў:


Мы лічым, што ад сьмерці іх уратавала толькі тая акалічнасьць, што паблізу можна было здабыць дровы — нам ня варта высьвятляць занадта дакладна, якім чынам, — і яны маглі прыціскацца да печак, на хапок складзеных з цэглы. Вопраткі, каб выйсьці на двор, хапае на дзесяць ці дванаццаць мужчынаў. Аднак гэтая вопратка ня больш чым кавалкі рызьзя. Мусяць штодня разьвязваць галаваломку, як апрануцца.


У студзені Віцебская акруга АРА адзначала гадавіну. Раней улады гаварылі пра намер урачыста ўганараваць гуманітарную працу, але ні афіцыйных прадстаўнікоў, ні віншаваньняў, ні публікацыяў у мясцовым друку не было. Мясцовы пэрсанал і амэрыканцы вырашылі разам адсьвяткаваць стары Новы год і гадавіну пачатку апэрацыяў. На вечарыне зачыталі некалькі прыватных лістоў з падзякамі. Апошнімі тыднямі акруга атрымала гуманітарную дапамогу агульнага прызначэньня, якую раздавалі тым, каму найбольш было трэба.

Дабрачынная акцыя спрыяла аўтарытэту АРА сярод насельніцтва і ўстрывожыла ўлады. Па вяртаньні з Масквы Зэліксон няспынна заводзіў размовы пра палітычныя аспэкты дапамогі, нават калі сам ухваляў перадачу мэдычнага абсталяваньня й лекаў у шпіталі губаддзелу аховы здароўя. Брэнду не давалі поўнай інфармацыі пра стан шпіталёў, бо гэта, на думку ўпаўнаважанага, магло пашкодзіць рэпутацыі губаддзелу аховы здароўя. Амэрыканцы меркавалі, што дапамога АРА складае каля 75 % паставак у мэдычныя ўстановы губэрні. Выручалі добрыя дачыненьні з аддзелам народнай асьветы, другім па значнасьці партнэрам. Нарасьвета забясьпечвала транспартам і аплачвала вартаўнікоў на складох.

Моцныя сьнегапады крыху запаволілі жыцьцё. У сярэдзіне студзеня Брэнд вырашыў наведаць Бешанковічы, дзе АРА разам з Джойнтам карміла амаль паўтысячы дзяцей пагарэльцаў. Але аўтамабіль штохвіліны спыняўся перад гурбамі сьнегу; за дзьве гадзіны здолелі ад’ехаць толькі на дзесяць кілямэтраў і мусілі павярнуць назад.

Аднак бюракратычнае жыцьцё працягвалася амаль бязь зьменаў, паведамляў Брэнд:


Савецкага ўпаўнаважанага няма ў горадзе, вернецца празь дзесяць дзён. Ён не прызначыў намесьніка. У мінулым, калі яго не было ў Віцебску, розныя аддзелы мясцовай улады выстаўлялі нам свае скаргі. Калі гэта здарыцца ізноў, дык навядзе на думку, што ягоная адсутнасьць і скаргі ня проста супадзеньне.


Брэнд як у ваду глядзеў — імгненна выставіла фінансавыя прэтэнзіі тэлефонная станцыя. Брэнд ізноў мусіў тлумачыцца. У канцы студзеня выканаўца абавязкаў кіраўніка АРА Сырыл Кўін пісаў Брэнду:


Вашыя двухтыднёвыя справаздачы надзвычай здавальняючыя, і мы сардэчна дзякуем за іх. Не маглі б вы ў наступных допісах прысьвячаць абзац ці каля таго агульным эканамічным умовам, улучна з цэнамі на хлеб, наяўнасьцю іншай замежнай дапамогі акрузе й г. д., — для нас гэта было б вельмі каштоўна.


Дакладную інфармацыю ў Віцебску здабыць было цяжка. Яшчэ перад Калядамі кіраўніцтва АРА пачало зьбіраць зьвесткі пра пэрспэктывы ўраджаю ў раёнах дапамогі. Трэба было высьветліць, як і ў якіх памерах плянаваць дапамогу на наступны год.

Віцебская вобласьць не была аднесеная цэнтральным урадам да ліку галодных, і ўвесь 1922 год збожжа адсюль дастаўлялася ў Петраград і Маскву[80]. Засьнежаныя палі давалі магчымасьць сьцьвярджаць толькі, што, нягледзячы на моцныя маразы, азімыя пасевы не загінуць пад тоўстай сьнежнай коўдрай і ня будзе засухі. Брэнд зьвярнуўся да ўпаўнаважанага, але не атрымаў ніякіх зьвестак ні пра плошчы, ні пра запас насеньня, ні пра патрэбы. У справаздачы ў Маскву Брэнд скардзіўся, што ня можа нічога паведаміць пра разьлікі на ўраджай, апроч наступнага прадказаньня:


Уначы 27 студзеня былі грымоты й маланка, што, як кажуць сяляне, азначае голад налета. Нам здавалася, яны хутчэй скажуць, што напэўна будзе вайна. Адзін вясковец заявіў, што тае начы бачыў молат і серп на крыжы, і гэта ставіць яго на прыступку вышэй за Канстанціна[81] й значна наперадзе Апостала Паўла, але ў апошніх дастойнікаў не было сьвятаў Вадохрышча[82] й 9 студзеня, каб накіроўваць іхныя фантазіі.


У той самы дзень, 27 студзеня, быў забіты кур’ер АРА. Ён меўся даставіць дванаццаць харчовых пасылак у Воршу. Трупы пасыльнага й двух ягоных спадарожнікаў былі знойдзеныя непадалёк ад Віцебску.

Калега Брэнда Эдвард Рэмі тымчасам зьехаў на месяц у адпачынак, і кіраўнік акругі застаўся ў адзіноце. Але сумаваць не было калі. Зэліксон ізноў умяшаўся ў выдаваньне гуманітарнай дапамогі калектыўным адрасатам. Калі Брэнд не прызнаў права губвыканкаму разьмяркоўваць пасылкі па «сацыяльных» прыкметах, упаўнаважаны загадаў прыпыніць выдаваньне наагул. У лісьце ў Маскву ў апарат упаўнаважанага Ландэра Зэліксон тлумачыў:


Я патрабую, каб прадстаўнік губвыканкаму браў удзел у складаньні сьпісаў на атрыманьне калектыўных пасылак з правам адводу той ці іншай асобы, калі высьветліцца, што ёй ня трэба дапамога.


Ішлі бясконцыя спрэчкі пра ўмовы дапамогі гандлёвай вучэльні: АРА карміла толькі дзяцей да 14 гадоў і настойвала на асобнай выдачы сваіх абедаў, а Зэліксон выстаўляў свае ўмовы. Трэба было шукаць транспарт для паездак у Магілёў і Смаленск. Зь Менску меўся прыехаць лекар Вілі.

АРА надалей карміла дзяцей у сіроцкіх дамох у Віцебску, Полацку, Гарадку, Лёзьне й Бешанковічах, дзе не было дзяржаўных харчовых паставак. На канец лютага ў віцебскіх складах было запасаў для дзіцячага харчаваньня на паўгоду наперад і асобна — на камплектацыю пяці тысяч аплачаных з-за мяжы пасылак. Аднак безупыннае напружаньне пачало давацца ў знакі. Напрыканцы лютага меў вярнуцца з вакацыяў Рамі, і Брэнд пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Я зноў з усёй сур’ёзнасьцю прашу дазволіць мне выехаць у Маскву. Мае вакацыі плянаваліся на гэты час, і я нецярпліва іх чакаю. Я гатовы адмовіцца ад вакацыяў за мяжой, але дзеля свайго здароўя, нэрваў і духу мне неабходна хоць на кароткі час выехаць зь Віцебску. Я лёгка магу пісаць старонку за старонкай пра гэтае месца, але, спадзяюся, даволі таго, што я тут ужо сем месяцаў і апошнія пяць тыдняў быў адзін.


Надалей дапамогу разьмяркоўваў Эдвард Рэмі.

Пасьля адпачынку кіраўнік акругі паведамляў у Маскву:


Нашыя інспэктары сьведчаць, і я пераканаўся ў гэтым падчас паездак, што ўстановы, якія атрымліваюць нашыя прадукты, навучыліся весьці дакладны ўлік. Шмат дзе дзеці выглядаюць значна лепш.


АРА працягвала карміць 23 сям’і ўцекачоў, якія жылі ў зямлянках на ўскрайку гораду. У сярэдзіне траўня Рэмі пісаў:


Узімку дзеці, якія, здавалася, ніколі не ўсьміхаліся й не гулялі, туліліся ў сваіх лахманох да печак. АРА разьмеркавала некалькі пасылак з вопраткай, якую іхныя маці перарабілі для дзяцей. Падчас нядаўняга наведваньня мы пабачылі чыстых і здаровых дзетак, якія гулялі на двары. Нягледзячы на жахлівыя ўмовы, у якіх жывуць гэтыя людзі, не было сьмяротных выпадкаў. Фактычна наадварот: нарадзілася некалькі дзяцей, у адной пары — блізьняты, што прывяло да павелічэньня колькасьці выдадзеных рацыёнаў.


Узаемадачыненьні з уладамі не паляпшаліся: насьпеў чарговы крызіс. У час, калі Рэмі пісаў пра блізьнятаў у зямлянках, амэрыканскія пасылкі не выдавалі ў Віцебску ўжо дзесяць дзён. Чыгунка запатрабавала аплаціць арэнду складоў і апячатала памяшканьні. Губвыканкам марудзіў з аплатай, Зэліксон слаў паведамленьні ў Маскву ў апарат Ландэра і ў Менск упаўнаважанаму Стакоўскаму. Разьлікаў дамагаліся ня толькі чыгуначнікі. Без аплаты заставаліся рахункі за ваду, тэлефон, электрычнасьць, дровы, прыбіраньне. Спадзеючыся, што іх аплацяць улады губэрняў, якія ўваходзілі ў Віцебскую акругу АРА, Зэліксон пераслаў гэтыя рахункі ў Смаленск і Пскоў. Адказу не было.

Кіраўнік акругі тымчасам пераконваў віцебскія ўлады неадкладна выканаць сваю частку абавязацельстваў паводле Рыскага пагадненьня й пісаў пра наступствы:


Гэта нанесла шкоду атрымальнікам пасылак і 85 дзіцячым дамам Віцебскай губэрні, якія атрымліваюць ад нас харчаваньне. Я маю распараджэньне з Масквы аб закрыцьці складоў 15 чэрвеня, такім чынам, у нас няшмат часу для раздачы 6000 пасылак рэшты.


У красавіку Рэйманд Брэнд разьвітаўся зь Віцебскам — ён вяртаўся ў Амэрыку, каб заняцца журналістыкай. Але першая публікацыя пра АРА ў Віцебску, якая зьявілася ў амэрыканскім друку ў ліпені 1923, была зьвязаная з Эдвардам Рэмі, які стаў выконваць абавязкі кіраўніка акругі. Нягледзячы на лета, артыкул пачынаўся паведамленьнем пра калядную вячэру, якую для віцебскіх сіротаў забясьпечыў «Санта-Клаўс з Брукліну» Эдвард Рэмі:


У нас былі лішкі некаторых прыпасаў, — так тлумачыць сп. Рэмі шанцунак віцебскіх сіротаў, — і нам удалося выдаць іх непасрэдна дзіцячым дамам. Гэтага мусіць хапіць для дадатковага харчаваньня шасьці тысяч чалавек аж да Раства. Сярод прыпасаў — какава й тлушч, такім чынам яны змогуць сьпячы на Каляды з мукі АРА пірог, абліты шакалядам — а гэта значная падзея ў жыцьці бальшыні тутэйшых дзяцей.


Публікацыя пра Санта-Клаўсаў у Віцебску зьявілася ў некалькіх выданьнях, а яе героі тымчасам ужо вярталіся праз акіян на радзіму. Але перад гэтым была падрыхтаваная выніковая справаздача пра паўтара году АРА ў Віцебскай акрузе: дастаўлена й разьмеркавана 9 вагонаў мэдыкамэнтаў і абсталяваньня, укамплектаваныя 32 шпіталі, мэдыкамэнты, бялізну, мыла атрымлівалі 28 дзіцячых дамоў, дзецям перададзена 650 пар абутку й 650 пар шкарпэтак, 1147 набораў адзеньня раздадзена бясплатна, адрасатам уручана 58 269 харчовых пасылак…

Афіцыйнае падзякі ад віцебскіх уладаў АРА не атрымала.

У канцы чэрвеня ў штаб-кватэры АРА ў Маскве быў падпісаны «Агульны мэмарандум № 81»:


Віцебская акруга закрываецца 25 чэрвеня. Пэрсанал прыбудзе ў Маскву 28 чэрвеня.


Амэрыканцы ўжо ад’едуць зь Віцебску, а Зэліксон усё яшчэ будзе слаць лісты ў Менск, Смаленск і Пскоў з патрабаваньнем аплаціць частку выдаткаў на дровы, ваду, ачыстку тэрыторыі, склады. На ўсіх архіўных дакумэнтах аднолькавая нешматабяцальная рэзалюцыя: «Да ведама».

30 чэрвеня віцебскі ўпаўнаважаны напісаў яшчэ адну скаргу ў Маскву ўпаўнаважанаму Ландэру, якая пачыналася словамі «Выдаткі на камунальныя паслугі АРА паводле Рыскага пагадненьня…». Зэліксон падрыхтаваў тэкст за двума подпісамі — старшыні й сакратара губвыканкаму. Сакратар падпісаў, але калі паперу паклалі на стол кіраўніку губэрні Крылову, той наклаў ляканічную рэзалюцыю: «Ня трэба».

25 Гомель: драма ў чатырох актах. Акт І


Адзінокі Мэйтланд. — Жыцьцё на рэйках. — Начальніцкі калейдаскоп. — Прыезд Рамсэя. — Энтузіязм растае. — Аблога АРА. — Узялі банк. — Дзеці-шкілеты. — Дапамога з Луізіаны


Раніцай у пятніцу 24 лютага 1922 на пэрон гомельскага вакзалу выйшаў Джон Мэйтланд. Будучы кіраўнік акругі АРА выехаў з Масквы за тыдзень перад тым, але па дарозе спыніўся ў Менску. Чатыры дні ён назіраў, як кіраўнік Менскай акругі Доналд Гардзі арганізоўваў працу, вывучаў сыстэму раздачы харчовых пасылак і асаблівасьці стасункаў зь мясцовымі ўладамі. У беларускай сталіцы Мэйтланд таксама знайшоў сабе перакладчыка Абрама Левіна, які пагадзіўся ехаць у Гомель.

Адразу з вакзалу Левін накіраваўся ў губвыканкам і дамовіўся пра сустрэчу са старшынём. А 3-й гадзіне дня Мэйтланд ужо сядзеў насупраць кіраўніка губэрні й тлумачыў празь перакладчыка параграфы Рыскага пагадненьня паміж савецкім урадам і АРА. У Гомельскай акрузе жыло каля двух з паловай мільёнаў чалавек, тэрыторыя цягнулася ад польскай мяжы амаль да Бранску на ўсходзе па чыгунцы Гомель — Масква, па чыгунцы Петраград — Кіеў ад Магілёва да Чарнігава на поўдні й ахоплівала частку земляў, якія адміністрацыйна падпарадкоўваліся ўраду Беларусі.

Старшыня губвыканкаму паабяцаў безумоўную падтрымку й дапамогу ўсіх мясцовых чыноўнікаў і органаў улады. У прысутнасьці гасьцей старшыня даручыў чыноўнікам неадкладна знайсьці зручныя памяшканьні. Гэтая задача ніколі не была простай. Гомельшчына стала полем вайсковых бітваў, і кожнае войска ня толькі экспрапрыявала хлеб і свойскую жывёлу, але пакідала па сабе разваленыя будынкі, разбураныя склады й фабрычныя памяшканьні, спаленыя масты.

Але пасьля году працы ў Гомелі ў адной са справаздачаў Мэйтланд наступным чынам удакладніць прычыны разрухі:


Летась тут цярпелі ад нястачы ежы не з прычыны засухі альбо кліматычных умоваў, а з-за наступстваў вайсковых дзеяньняў і дрэннага кіраваньня цяперашніх уладаў.


Калі ў Менску амэрыканцы пасяліліся ў гатэлі ўжо ў дзень прыезду, а ў Віцебску араўцы жылі ў вагоне некалькі тыдняў, пакуль не было падрыхтаванае сталае жытло, дык у Гомелі жыцьцё на рэйках зацягнулася на месяцы. Мэйтланд меў ня толькі асабістыя падставы прыраўняць разбуральныя наступствы савецкага кіраваньня да сямі гадоў войнаў:


Калі мы прыехалі, кіраўніцтва Гомелю было вельмі дэзарганізаванае, цягам першых пяці тыдняў на чале губвыканкаму зьмянілася пяць розных старшыняў. Дэмаралізацыя гарадзкога кіраўніцтва адбілася амаль на кожнай галіне гарадзкога жыцьця. Улады нічога не рабілі, каб упарадкаваць разбураныя будынкі. Нічога не рабілася, каб трымаць у норме санітарны стан, і вуліцы былі перапоўненыя жахлівым брудам, чароды сьвіней рыліся, шукаючы ежы, у кучах сьмецьця.


Першы тыдзень Мэйтланд правёў у спробах атрымаць памяшканьні пад кантору й склад. Выконваючы сьвежы загад, супрацоўнікі камунальнага аддзелу паказвалі памяшканьні, але ўсе яны альбо вымагалі рамонту й істотнай перабудовы, альбо былі замалыя, альбо месьціліся далёка на ўскрайку.

Між тым у цэнтры гораду, на галоўнай вуліцы, стаяў напаўпусты будынак банку. Імпазантная камяніца мела асобны ўваход з двара, і, пакуль не было складу, можна было паспрабаваць сумясьціць кантору з фасаваньнем і выдаваньнем пасылак. У губвыканкаме не пярэчылі выбару Мэйтланда, але нехта паведаміў банкаўскім службоўцам пра намер АРА засяліцца ў памяшканьне. Тыя імгненна заявілі, што даўно плянавалі заняць пусты другі паверх пад кватэры. Пачалася барацьба за правы працоўных, але Мэйтланд меў падтрымку ў губвыканкаме, і памяшканьне было замацаванае за АРА. Праўда, энтузіязм, зь якім сустрэлі амэрыканца ў калідорах мясцовай улады, раставаў з кожнай новай зьменай кіраўніцтва. Каб знайсьці сталы, крэслы й іншую ўжываную мэблю, спатрэбілася яшчэ тры тыдні.

Тымчасам Гомель жыў чуткамі пра АРА. Мэйтланд успамінаў:


Навіна пра наш прыезд у Гомель распаўсюдзілася як лясны пажар, і наш вагон на рэйках быў круглыя суткі ў аблозе людзей, якія хацелі ўладкавацца на працу ці атрымаць дапамогу[83].


Першай мясцовай супрацоўніцай стала рэмінгтаністка, як называлі выпускніц курсаў стэнаграфіі й машынапісу. У Менску кіраўнік акругі Доналд Гардзі перадаў Мэйтланду першыя 1700 ужо аплачаных у Амэрыцы картак на атрыманьне пасылак, якія адрасаваліся гомельцам. Мэйтланду ўдалося пазычыць друкавальную машынку, і неўзабаве пачалося стварэньне індэксу адрасоў.

1 сакавіка з Масквы адправіліся першыя таварныя вагоны з прадуктамі для Гомелю. 10 сакавіка кур’ер з Масквы прывёз яшчэ тысячу квіткоў на пасылкі. На наступны дзень у Гомель на дапамогу кіраўніку акругі прыбыў Г’ю Рамсэй. Мэйтланд пісаў:


Пасьля некалькіх тыдняў адзіноты ў самай забытай Богам дзіры на сьвеце было надзвычай прыемна зноў пабачыць амэрыканца. Я тады яшчэ не пасьпеў прызвычаіцца да мёртвай цішыні й гарадзкога бруду. Рамсэй прыехаў аб 11-й раніцы й апоўдні ўжо з галавой быў у працы, каб падрыхтавацца да першай даставы прадуктаў.


Рамсэй пасяліўся ў тым самым салён-вагоне, у якім жыў Мэйтланд. Напрыканцы сакавіка з Масквы прыбылі араўскія вагоны, і са станцыі пачалі дастаўляць прадукты ў два пакойчыкі банкаўскага будынка, вызваленыя пад склад. Тут фасавалі прадукты й камплектавалі пасылкі. Памяшканьні былі ня надта зручныя, але ні ўлады, ні Мэйтланд не прадбачылі таго, што сталася праз чатыры дні, калі пачалася выдача пасылак:


Колькі б міліцыянтаў мы ні выклікалі, каб прымусіць атрымальнікаў пасылак стаць у чаргу, яны не маглі гэтага дамагчыся, і дзьверы складу былі штодня ў аблозе натоўпу, людзі штурхаліся, крычалі. Некаторыя не маглі два-тры дні прабіцца атрымаць свае пасылкі й прыходзілі скардзіцца ў офіс. Паколькі гэтыя складавыя памяшканьні былі малыя, мы мусілі падвозіць прадукты на санях з большага складу, і тады двор ператвараўся ў адзін жахлівы непраходны затор.


Калатнеча працягвалася тры месяцы. У горадзе мянялася кіраўніцтва, і новыя кадры не пасьпявалі пазнаёміцца са справамі, як ім на зьмену Масква прызначала іншых. Не палягчала справу й тое, што гарадзкая й губэрская ўлады, а таксама незалежныя ад мясцовага кіраўніцтва чыгуначнікі вялі бюракратычную вайну паміж сабой за сфэры ўплыву. Патрэбы АРА заставаліся без увагі — але за дзейнасьцю канторы, як высьветліцца пазьней, пільна сачылі.

Прычыны напружанасьці былі такія самыя, як і ўсюды, дзе дзейнасьць АРА пачыналася пераважна выдачай пасылак. Як і ў іншых беларускіх рэгіёнах, бальшыня пасылак з Амэрыкі ў Гомель ішла ад мясцовых эмігрантаў-габрэяў і адрасавалася іхным сваякам і аднаверцам. Гэта злавала камуністычныя ўлады, якія бачылі ў такой дапамозе парушэньне лёзунгу роўнасьці, адыход ад рэвалюцыйных прынцыпаў і падрыў свайго аўтарытэту.

Не палепшыла справу й тое, што эфэкт АРА ў Гомелі адчулі ня толькі непасрэдныя адрасаты амэрыканскай дапамогі: ужо на другі дзень пасьля выдачы пасылак гэтыя прадукты зьявіліся на мясцовым рынку. Адразу пасьля прыезду Мэйтланд адзначаў, што амаль усе гомельцы былі апранутыя ў самаробную вопратку, скроеную з падручных матэрыялаў: збожжавых мяхоў, брызэнту, накрывак для стагоў сена. Было немагчыма забараніць людзям прадаваць ці мяняць амэрыканскія пасылкі на цёплую вопратку.

Праз два месяцы з Гомельскага губвыканкаму пойдзе першая афіцыйная скарга ў Маскву:


Асноўная частка прадуктаў з Амэрыкі патрапляе больш заможнаму элемэнту Гомельскай губэрні. Паколькі яны асабіста ня маюць патрэбы ў гэтых прадуктах, натуральна, яны пераважна спускаюць іх на рынак. Спэкуляцыя дасягнула вялікіх памераў, і найбяднейшая частка насельніцтва ад гэтага не выйграе, а наадварот. У сэнсе беспасярэдняй дапамогі тым, каму яна патрэбная, АРА нічога не зрабіла.


Задоўга да гэтай скаргі Мэйтланд сам пачаў дамагацца пашырэньня апэрацыяў. Як толькі была выкананая першачарговая задача — запушчаны мэханізм выдачы пасылак, — Мэйтланд пачаў езьдзіць па дзіцячых дамох Гомельшчыны. Шэсьць з паловай тысяч сіротаў жылі ў такіх установах, яшчэ некалькі тысяч чакалі з Паволжа. У губэрскім аддзеле сацзабесьпячэньня яму паказалі зацьверджаны рацыён для выхаванцаў:


1 фунт хлеба на дзень

3/4 фунта цукру на месяц

1,5 фунта тлушчу на месяц

6 фунтаў крупаў на месяц

8 фунтаў мяса на месяц


Але такая пайка была толькі да сакавіка: у красавіку норму хлеба зьменшылі на чвэрць, цукру на траціну, а мяса зьнікла зусім. У дзіцячым доме № 32, які Мэйтланд наведаў напачатку красавіка, усе 27 дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 14 гадоў былі хворыя. Ён пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:


Галовы ўсіх дзяцей пакрытыя незагойнымі болькамі. Апарата ультрафіялетавага апраменьваньня, якім лекуюць такія хваробы, няма. У маленькім сырым будынку няма ня толькі ванны, а наагул вады. Дзеці не атрымлівалі харчу ад уладаў, іх кармілі вайскоўцы суседняга кавалерыйскага палку, якія аддавалі частку свайго рацыёну. Паўсюдна бракуе коўдраў, бялізны, вопраткі, лекаў. Я б настойліва рэкамэндаваў аказаць гэтым установам дапамогу харчам і мэдыкамэнтамі. Іначай працэнт захворваньняў і сьмяротнасьць ад недаяданьня будуць расьці.


У сярэдзіне красавіка Мэйтланд агледзеў гарадзкі дзіцячы шпіталь і зноў адправіў ліст да свайго начальства:


У шпіталі 105 дзяцей і 23 штатныя супрацоўнікі. 10 % дзяцей па-за межамі выздараўленьня з-за нястачы ежы. З прычыны вайны паміж чыгункай і гарадзкім саветам у шпіталі адключаная электрычнасьць, не працуе ультрафіялетавы апарат, патрэбны для лекаваньня болек на галовах усіх дзяцей. Гарадзкія ўлады вырашылі цалкам закрыць шпіталь — цяпер там атрымліваюць ежы ледзьве на палову дзяцей. Кожнае новае дзіця, якое паступае з дыягназам «недаяданьне», можа разьлічваць толькі на пагаршэньне свайго стану. Удзень, калі я наведаў шпіталь, дзеці нічога ня елі наагул.


Мэйтланд не шкадаваў падрабязнасьцяў, якія маглі прысьпешыць дапамогу:


Многія дзеці былі да такой ступені апухлыя, што практычна страцілі апошняе падабенства да чалавечых істотаў. З другога боку былі чалавечыя шкілеты, у якіх з жахлівай выразнасьцю выступала практычна кожная костка. З-за адсутнасьці электрычнасьці іхныя болькі на галовах ня лекавалі.


Нарэшце ў канцы красавіка ў Гомельскую акругу прыйшла першая картка-замова агульнага прызначэньня — амэрыканец Эліяс Рэнаў з гораду Шэўпорт, штат Луізіана, паслаў 30 даляраў на карысьць галодных дзяцей Гомелю.

Ахвяраваньне прыйшло ў крытычны момант. Дзіцячы шпіталь зьвяртаўся па дапамогу й раней, але ўсе фонды былі разьлічаныя толькі на аплачаныя з-за мяжы пасылкі й прызначаліся канкрэтным адрасатам. Невядома, сам Эліяс Рэнаў ці, магчыма, ягоная жонка паходзілі з Гомелю, ці чалавек проста адгукнуўся на публікацыю ў амэрыканскім друку, але сума была немалая і, галоўнае, своечасовая. У гэты ж дзень у шпіталь былі дастаўленыя каля 200 кіляграмаў амэрыканскіх прадуктаў — мука, тлушч, рыс, цукар, малако, гарбата.

Аднак паведамляючы пра першую даставу прадуктаў у шпіталь, Мэйтланд настойваў на адкрыцьці поўнамаштабнай праграмы дзіцячага харчаваньня ў акрузе й папярэджваў:


Калі далейшая дапамога не паступіць хутка, бальшыня дзяцей памрэ.


Погляд мясцовых уладаў на будучыню АРА ў Гомелі, як неўзабаве высьветлілася, быў супрацьлеглы.

26 Гомель, акт 2: мазгі ўпаўнаважанага


Кадравая стабілізацыя. — Шкодныя пасылкі. — 8 тысяч галодных дзяцей. — Камсамольцы з апэтытам. — Газэтная атака. — Драгунскі адхілены. — Перамовы пад стэнаграму. — Немэтазгодныя й непажаданыя


Напачатку вясны новым старшынём губвыканкаму стаў уплывовы камуніст Ільля Нэйбах. Улада стабілізавалася, у горадзе пачалі адчувацца перамены да лепшага. Але на запыты Мэйтланда ў губвыканкаме па-ранейшаму ніхто не рэагаваў.

У Маскве кіраўнік АРА палкоўнік Гаскел сустрэўся з упаўнаважаным савецкага ўраду Аляксандрам Эйдукам і папрасіў умяшацца. Для вывучэньня сытуацыі зь Менску ў Гомель быў выпраўлены памочнік упаўнаважанага беларускага ўраду Блехер. Блехер адказваў за сувязі з ЧК-ГПУ й меў сваё бачаньне, як трэба працаваць з амэрыканцамі. Ён сустрэўся зь мясцовым кіраўніцтвам, правёў перамовы з Мэйтландам і Рамсэем. У Гомелі была ўведзеная пасада ўпаўнаважанага губвыканкаму для працы з АРА.

Прызначаны на пасаду мясцовага ўпаўнаважанага камуніст Драгунскі некалі працаваў у Амэрыцы, гаварыў па-ангельску й заявіў, што гатовы цалкам паклапаціцца пра ўсе законныя патрэбы АРА.

Мэйтланд узрадаваўся: цяпер будзе як вырашаць шматлікія практычныя праблемы. Менш чым праз два месяцы ў лісьце ў Маскву кіраўнік акругі так апіша супрацу:


На наш запыт наконт мэблі Драгунскі адказваў, што нам ня трэба мэблі. У адказ на просьбу даць ахову для складоў мы чулі, што яшчэ нічога не было скрадзена і вартаўнікі не патрэбныя. Цалкам блякаваліся нашыя патрабаваньні новых складоў для выдачы прадуктаў. Ягоныя мазгі надзвычай плённа выдумлялі прычыны й тлумачэньні, чаму нашыя просьбы ня могуць быць задаволеныя, і на шляху нашай далейшай працы быў пастаўлены каменны мур.


Мэйтланд пісаў, што Рамсэя й яго замучылі бясконцыя размовы Драгунскага пра гонар і годнасьць афіцыйнага прадстаўніка ўлады й патрабаваньні паважаць ягоныя паўнамоцтвы. Але ўпаўнаважаны ігнараваў просьбы амэрыканцаў ня толькі з капрызьлівага характару. У траўні да высновы, што АРА ў Гомелі непатрэбная й нават шкодная, канчаткова прыйшоў і новы кіраўнік губвыканкаму Ільля Нэйбах. Ён заявіў, што ў даверанай яму губэрні голаду няма й тутэйшая ўлада сама ў стане дапільнаваць і вырашыць свае праблемы. Нэйбах пісаў у Маскву:


У справе беспасярэдняй дапамогі тым, хто мае патрэбу, у Гомельскай губэрні АРА дагэтуль нічога не зрабіла. Ёсьць пэўнае імкненьне з боку АРА прадаць як мага больш тавару за наяўны разьлік. Пры такіх умовах у мясцовай улады няма й ня можа быць ніякай зацікаўленасьці несьці велізарныя выдаткі дзеля ўтрыманьня мясцовага аддзяленьня АРА. Апроч усяго, мясцовая адміністрацыя АРА настойвае на ўтварэньні камісіяў дзеля разьмеркаваньня прадуктаў ад розных зямляцтваў у Амэрыцы ў складзе прадстаўнікоў буржуазіі й сьвятарства — тэндэнцыя яўна контрарэвалюцыйная й таму недапушчальная.


Упаўнаважаны савецкага ўраду Эйдук абмеркаваў ліст Нэйбаха з кіраўніком АРА палкоўнікам Гаскелам. Той паабяцаў падрыхтаваць адказ і зьвярнуўся па аргумэнты да кіраўніка Гомельскай акругі. Мэйтланд хутка падрыхтаваў ліст:


Спыненьне выдачы будзе сур’ёзнай памылкай, ніякі аргумэнт на карысьць працягу ня будзе залішні. Колькасьць паштовак-замоваў да сваякоў за мяжой нават пасьля сканчэньня рэклямнай кампаніі сьведчыць, што гэтая ідэя шырока ўмацавалася. Статыстыка сельскагаспадарчага аддзелу аптымістычная што да ўзараных плошчаў, але не бярэ пад увагу нястачу насеньня. Я сумняюся, што ўраджай зьбяруць больш чым з паловы земляў. У наступную зіму й вясну будзе крытычная сытуацыя з харчаваньнем. АРА й амэрыканскі народ таксама маюць маральны абавязак паставіць прадукты, замоўленыя дзякуючы нашай рэклямнай кампаніі; рэзкае спыненьне даставаў выкліча вельмі адмоўнае стаўленьне да амэрыканцаў.


Гомельскія ўлады таксама хацелі выправіць памылку, якая дазволіла прыезд АРА. Афіцыйны ліст у Маскву за подпісамі старшыні губвыканкаму Нэйбаха і ўпаўнаважанага Драгунскага канстатаваў:


АРА ў Гомелі прыносіць болей шкоды, чым карысьці, бюро губкаму партыі ў поўнай згодзе з прэзыдыюмам губвыканкаму лічаць далейшае знаходжаньне місіі непажаданым і нямэтазгодным.


Аднак урад у Маскве не пагадзіўся з гомельскімі ўладамі. Апэрацыі АРА было вырашана працягваць. Напрыканцы траўня ў Гомель прыбылі два вагоны лекаў, мэдычнага абсталяваньня й матэрыялаў. Напачатку чэрвеня зь Менску прыехаў Ралф Герц, які дапамагаў разьмяркоўваць мэдычныя грузы ў шпіталі. Асноўную частку справаздачы пра пабачанае Герц прысьвяціў, аднак, не пагрозам эпідэміяў і хваробаў:


Крайняя патрэба ў мэдычных пастаўках застаецца, аднак існуе вельмі вострая патрэба харчаваньня ў шпіталёх. Пайка зрэзаная амаль да нуля. Гэта асабліва тычыцца дзіцячых шпіталёў і дамоў. Ад пяці да васьмі тысяч дзяцей з галоднага Паволжа зваліліся на губэрню без папярэджаньня й без забесьпячэньня. У адным са шпіталёў, які я наведаў, знаходзіцца 130 дзяцей, зь іх 95 % пакутуюць ад недаяданьня, і цяпер яны ў горшым стане, чым калі толькі прыбылі. Магчыма, я выходжу за межы маёй справаздачы, але сп. Мэйтланд кажа, што ён паслаў на гэтую тэму ўжо некалькі паведамленьняў, і я толькі хачу гэта падкрэсьліць.


Герц прасіў дазволу адкрыць у Гомелі мэдычны аддзел пад кіраўніцтвам Мэйтланда. Кіраўнік акругі зьвярнуўся ў губвыканкам з просьбай даць склады пад мэдычныя грузы — адказу не было.

Калі ў Гомель прыйшлі першыя вагоны з агульнай гуманітарнай дапамогай для бясплатнае раздачы тым, хто мае найбольшую патрэбу, Мэйтланд, здавалася, мог уздыхнуць з палёгкай. Можна было спадзявацца, што сьціхнуць абвінавачаньні, быццам АРА дапамагае толькі выбранай частцы насельніцтва, якая мае сваякоў за мяжой.

Але дачыненьні з губвыканкамам нават пагоршыліся. Улады настойвалі на разьмеркаваньні вылучна праз свае камісіі, Мэйтланд не пагаджаўся. У выніку кампрамісу прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў мясцовыя камісіі, афіцыйна — з мэтай запабегчы спэкуляцыі.

Аднак у ход пайшоў хабар, камісары самі сталі забіраць пасылкі сабе, прадаваць на рынку й прысабечваць выручку. У адным раёне мясцовы камітэт камсамолу захапіў склад з амэрыканскімі прадуктамі, апячатаў і прыгразіў арыштаваць любога, хто сунецца. Мэйтланду нечакана давялося ня толькі прыкладаць намаганьні, каб дапамога патрапіла на адрас, але й пільнаваць яе ад хцівых афіцыйных прадстаўнікоў.

У траўні ў кантору АРА прыйшла вестка пра загадкавую сьмерць амэрыканскага грамадзяніна ў Мазыры. Мендэль Бягун займаўся разьмеркаваньнем дапамогі Джойнту. Мэйтланд зьвярнуўся да Драгунскага з просьбай даведацца прычыну сьмерці й дзе знаходзіцца цела, але не атрымаў адказу.

Тымчасам у амэрыканскую кантору ўсё больш людзей сталі зьвяртацца са скаргамі на дадатковыя паборы, якімі абкладалі пасылкі пошта, а таксама асобы, што выдавалі сябе за агентаў АРА. Мэйтланд перадаў Драгунскаму некалькі фальшывых расьпісак і картак з пазначанымі прозьвішчамі й адрасамі самазваных прадстаўнікоў АРА. Рэакцыі не было.

4 чэрвеня ГПУ арыштавала гомельскага рабіна Барышанскага. 6 чэрвеня газэта «Полесская правда» апублікавала артыкул «Ціханаўцы юдэйскага веравызнаньня», дзе тлумачыліся прычыны арышту й падрыўная роля АРА:


Габрэйскія буржуазна-клерыкальныя групы… расьперазаліся й адкрыта павялі шалёную працу дзеля арганізацыі ўсіх рэакцыйных і косных элемэнтаў габрэйскай буржуазіі… Дзеля гэтага яны перадусім імкнуцца падвесьці пад сябе матэрыяльна-філянтрапічную базу шляхам сувязі з аддзяленьнем АРА ў Гомельскай губэрні, якая, атрымліваючы з Амэрыкі сякія-такія прадукты для разьмеркаваньня сярод габрэйскага насельніцтва, што церпіць нястачу, стварала ва ўсіх гарадох і мястэчках камітэты з рабінаў і прадстаўнікоў габрэйскай буржуазіі, куды яны для праформы меліся ўводзіць аднаго прадстаўніка выканкаму. Губвыканкам своечасова ўмяшаўся й распусьціў усе гэтыя камітэты.


З абвінавачаньнямі выступаў ананімны аўтар. М. Х. Мэйтланд зьвярнуўся ў рэдакцыю з патрабаваньнем зьняпраўдзіць апублікаваныя матэрыялы як «хлусьлівыя й беспадстаўныя». Зварот застаўся без адказу.

Апошняй кропляй, якая перапоўніла цярплівасьць Мэйтланда, стала абвестка ў друку за подпісам Драгунскага. Упаўнаважаны тлумачыў, што ўсе запыты наконт бясплатнай харчовай дапамогі трэба накіроўваць ня АРА, а камітэту разьмеркаваньня прадуктаў, які ўзначальваў сам Драгунскі. 13 чэрвеня Мэйтланд напісаў ліст старшыню губвыканкаму й адначасова разам з Рамсэем адправіў тэлеграму ў штаб-кватэру ў Маскву:


Далей працаваць немагчыма, спыняем выдачу пасылак, рэкамэндуем адклікаць місію з Гомелю.


Наўздагон у гэты ж дзень Мэйтланд паслаў у Маскву ліст, дзе тлумачыў сваё абурэньне дзеяньнямі ўпаўнаважанага:


Драгунскі абсалютна нічога ня варты, за месяц працы ён не зрабіў ніводнай рэчы, пра якую мы прасілі. Уся ягоная ўвага й дзейнасьць скіраваныя супраць АРА. Ён нават сьвядома перакручваў пераклад маіх размоваў са старшынём губвыканкаму, каб сапсаваць нашыя дачыненьні. На любую нашую просьбу ён адказвае тлумачэньнем, чаму нам непатрэбнае тое, чаго мы просім, альбо проста заяўляе, што гэта немагчыма.


Пераход амэрыканцаў ад абароны ў атаку засьпеў афіцыйны Гомель зьнянацку. Наступнай раніцай, 14 чэрвеня, адбылася тэрміновая сустрэча кіраўніка акругі са старшынём губвыканкаму. Мэйтланд запатрабаваў звольніць Драгунскага «за 24 гадзіны». Нэйбах заявіў, што нічога ня ведае, і паабяцаў разабрацца. Драгунскі быў часова адхілены ад выкананьня сваіх абавязкаў да прыняцьця канчатковага рашэньня прэзыдыюмам губвыканкаму. Усе справы было дамоўлена вырашаць беспасярэдне з самім старшынём.

Мэйтланд вырашыў замацаваць посьпех: на наступны дзень ён прадыктаваў і накіраваў Нэйбаху яшчэ тры падрабязныя лісты са скаргамі на Драгунскага, дзе пералічыў усе свае просьбы, якія заставаліся без вырашэньня й адказу.

У Маскве на канфлікт зрэагавалі як амэрыканцы, гэтак і ўлады. Са штаб-кватэры АРА тэлеграфавалі не спыняць выдачы пасылак. У сваю чаргу ўпаўнаважаны Эйдук рэкамэндаваў губвыканкаму быць пільнымі, але працягваць супрацу. Неўзабаве Мэйтланд паведамляў:


19 чэрвеня. Паветра значна ачысьцілася. Драгунскі часова адхілены, і, калі яго зусім прыбяруць, мы ўпэўненыя, праца пойдзе лепш. Аднак калі яго адхілілі толькі часова й ён вернецца на працу з АРА, мы гэтаксама ўпэўненыя, што ніякага паляпшэньня ня будзе.


Празь дзесяць дзён, 28 чэрвеня, у кабінэце старшыні губвыканкаму адбыліся першыя амэрыканска-гомельскія перамовы пад стэнаграму:


Тав. Нэйбах: Прэзыдыюм губвыканкаму разабраў пытаньне канфлікту паміж Вамі і ўпаўнаважаным пры АРА й знайшоў, што шэраг дробных рознагалосьсяў быў выкліканы агульным станам справаў, і лічыць неабходнай далейшую працу тав. Драгунскага як прадстаўніка пры АРА.

М-р Мэйтланд: У такім выпадку хачу прасіць выправіць тав. Драгунскага ў Маскву ці Менск па інструкцыі для далейшай працы, бо канфлікт адбыўся з прычыны ня гэтулькі неактыўнасьці тав. Драгунскага, колькі ягонага неразуменьня дзеяньняў АРА.

Тав. Нэйбах: Супраць нічога ня маю й лічу, што найбольш мэтазгоднае выпраўленьне ў Маскву. Ці можна лічыць пытаньне вычарпаным?

М-р Мэйтланд: Перад тым як перайсьці да іншых пытаньняў, мушу выказаць шкадаваньне ў сувязі з такой пастановай прэзыдыюму губвыканкаму. Ці застаецца тав. Драгунскі таксама старшынём камітэту разьмеркаваньня прадуктаў?

Тав. Нэйбах: Застаецца. Лічу, што дробныя непаразуменьні з прычыны адсутнасьці каардынацыі будуць зьліквідаваныя й праца будзе праходзіць у кантакце, як і належыць быць паміж прадстаўнікамі РСФСР і АРА.

М-р Мэйтланд: Калі праца будзе каардынавацца, нічога супраць ня маю.

Тав. Нэйбах: Абвестка ў газэце ў справе прыёму заяваў на разьмеркаваньне прадуктаў, падпісаная тав. Драгунскім, была дадзеная згодна з пастановай камітэту, нават насуперак жаданьню тав. Драгунскага.

М-р Мэйтланд: Адзначаю, што, калі камітэт так пастанавіў і надрукаваў абвестку ў газэце, ён перавысіў свае паўнамоцтвы й ягонае паседжаньне трэба лічыць несапраўдным. Я на гэтым паседжаньні не прысутнічаў, хаця я галоўны сябра камітэту як разьмеркавальнік прадуктаў.

Тав. Нэйбах: Я не ўхваляю пастановы камітэту, але не хацеў яе скасоўваць, бо лічыў, што м-р Мэйтланд як сябра камітэту сам паставіць пытаньне аб яе перарашэньні.

М-р Мэйтланд: Лічу неабходным разгледзець усе заявы, пададзеныя як АРА, гэтак і сябрам камітэту.

Тав. Нэйбах: Я гэтага не аспрэчваю.

М-р Мэйтланд: Згодны на перарашэньне пытаньня ў камітэце.


Мэйтланд загаварыў пра жыльлё й склады, Нэйбах паабяцаў аддаць неабходнае распараджэньне. Старшыня таксама паведаміў, што ад’яжджае ў службовую паездку па губэрні й на чале губвыканкаму застаецца яго намесьнік Дубіна. Усе пытаньні — да Дубіны.

Ледзьве пасьпела высахнуць чарніла стэнаграмы, як у губвыканкаме пачалі складаць новы ліст у Маскву:


Прэзыдыюм Гомельскага губвыканкаму мусіць паўторна ўзьняць пытаньне пра нямэтазгоднасьць і непажаданасьць знаходжаньня АРА ў Гомелі. Губэрня ня ёсьць галоднай губэрняй, праца АРА накіраваная вылучна на разьмеркаваньне пасылак з Амэрыкі для дробнай буржуазіі. АРА выстаўляе рознага кшталту капрызьлівыя патрабаваньні да губвыканкаму самым бесцырымонным чынам, напрыклад, патрабуючы за 24 гадзіны прыбраць прадстаўніка губвыканкаму Драгунскага, што ёсьць спробай скампрамэтаваць савецкую ўладу. АРА палітычна таксама непажаданая, асабліва ў Гомельскай губэрні, якая мяжуе зь Белай Польшчай.


Гэты ліст празь дзень пасьля візыту Мэйтланда ў губвыканкам падпісаў намесьнік старшыні Дубіна і ўручыў упаўнаважанаму Драгунскаму, які накіроўваўся на сустрэчу з упаўнаважаным ураду РСФСР Эйдукам. Дубіна прасіў перадаць адказ на зварот гомельскіх уладаў асабіста праз упаўнаважанага.

Напачатку ліпеня Драгунскі выехаў у Маскву.

27 Гомель, акт 3: перамога ў рэйкавай вайне


Перапіска безь любові. — Грузавік аж затросься. — Нядоўгае замірэньне. — Зноў перамовы пад стэнаграму. — Харч для княгіні. — Надта абавязковая пастанова. — Непрыступная чыгунка


Джон Мэйтланд адразу пазнаў штамп на канвэрце, які даставіў кур’ер: «Гомельскі Губэрскі Палітычны Камітэт Савету Рабочых, Сялянскіх, Чырвонаармейскіх Дэпутатаў. Прэзыдыюм».

Хуткасьць, зь якой паступіў афіцыйны адказ на амэрыканскі запыт, уражвала. 25 ліпеня ён папрасіў мясцовыя статыстычныя зьвесткі для Маскоўскае штаб-кватэры — і ўжо празь дзень атрымаў адказ Драгунскага. Няўжо сапраўды паездка ў Маскву не прайшла дарэмна і ўпаўнаважанаму растлумачылі, як трэба супрацоўнічаць з амэрыканцамі?

Мэйтланд папрасіў перакласьці тэкст даслоўна:


У адказ на ваш ліст аб статыстычных зьвестках для вашай справаздачы ў Маскву паведамляю:

У сувязі з тым, што Гомельская губэрня не была галоднай ні ў 1920, ні ў 21 г. і ня ёсьць гэткай у сёлетнім 22 годзе, я лічу, што зьвесткі пра плошчу, насельніцтва, назвы гарадоў, адміністрацыйных участкаў і аддзелаў Гомельскай губэрні ёсьць лішнімі для справаздачы. Гэтаксама і ў пытаньнях пра эканамічны стан губэрні ў нармальны час і пра нястачу ўраджаю й прадуктаў у 20 годзе й засуху ў 1921 г. Зьвесткі пра гэта былі б патрэбныя толькі ў тым разе, калі б АРА ў Гомелі давялося як цяпер, гэтак і ў будучыні харчаваць галодных. Але паколькі гэта ня мела месца цяпер і ня будзе мець у будучыні, дык само сабою зразумела, што гэтыя пытаньні адпадаюць.


АРА таксама цікавілі агульныя зьвесткі пра Гомельскую губэрню, якія дапамаглі б больш эфэктыўна плянаваць дапамогу. У лісьце ў адказ Драгунскі пісаў:


Зьвесткі пра грамадзянскія войны на тэрыторыі Гомельскай губэрні будзьце ласкавыя атрымаць у Цэнтры, бо гэтае пытаньне не мясцовае й мы ня можам на яго адказаць. На пытаньне пра стан транспарту немагчыма адказаць з тае прычыны, што чыгунка цэнтралізаваная, па-першае, і, па-другое, губэрня ня ёсьць асобным замкнёным участкам, чыгунка, якая праходзіць праз Гомель, абслугоўвае цэлы шэраг іншых губэрняў.


Ліст сканчаўся ляканічным адказам на пытаньне пра наяўнасьць у Гомельскай губэрні арганізацыяў замежнай дапамогі:


Апроч дзяржаўнай дапамогі, ніякіх іншых арганізацыяў няма.


Подпіс — «Упаўстаршгубвыканкаму пры АРА С. В. Драгунскі» — без умоўнасьцяў кшталту «з павагай» ці «шчыра Ваш».

Паездка ўпаўнаважанага ў Маскву захавала статус-кво: цэнтральныя ўлады не задаволілі просьбы мясцовага кіраўніцтва закрыць акругу АРА, але амэрыканцы адчулі зьмену тактыкі. Усе дачыненьні з уладамі цяпер мелі форму афіцыйнае перапіскі. Мэйтланд скардзіўся ў штаб-кватэру:


Трэба афіцыйна, на блянку АРА, слаць просьбы, каб прыбралі сьметнік, ачысьцілі памыйную яму ў двары офісу, адрамантавалі дзьверы. Увесь час мушу пісаць Драгунскаму лісты наступнага кшталту:

«Электратэхнік усталяваць электрычныя званкі для канторы й кватэры яшчэ не зьявіўся, просім зноў вашага распараджэньня паскорыць усё гэта».

Спатрэбілася замяніць машынны алей для грузавіка «Ўайт» — з губэрскага гаража выдалі такі, што рухавік затросься й распаліўся нават на халастой хадзе. Мае скаргі па чарзе праігнаравалі ўсе чыноўнікі, і я нарэшце мусіў напісаць ліст старшыню губвыканкаму. У адказ Драгунскі патлумачыў, што трэба браць такія матэрыялы, якія ёсьць і даюць. Урэшце, каб не спыняць выдачу прадуктаў, алей давялося купляць на рынку — у мэханікаў з губэрскага гаража.


Нават карту Гомелю амэрыканцам давялося выпісваць з Масквы.

У канцы лета быццам намецілася замірэньне: араўцы даўно скардзіліся на ўмовы жыцьця ў мэдычнай клініцы, якую яны дзялілі зь яе сталымі пацыентамі. Першыя некалькі месяцаў Мэйтланд і Рамсэй жылі на рэйках у салён-вагоне, затым перабраліся ў клініку. Але там увесь час ішла вайна за кухню, былі іншыя нязручнасьці. У жніўні АРА была перададзеная палова добрага жылога будынка: восем пакояў і асобны ванны пакой. Таксама ў часовае карыстаньне з губэрскіх складоў прывезьлі неабходны мінімум мэблі[84].

Замірэньне на амэрыканска-гомельскім фронце скончылася разам зь летам. 5 верасьня 1922 старшыня губвыканкаму Нэйбах зноў запрасіў Мэйтланда ў свой кабінэт. Прысутнічаў упаўнаважаны Драгунскі, які выконваў функцыі перакладчыка, сакратар вёў стэнаграфічны запіс, пад якім усе прысутныя пасьля паставілі свае подпісы.


Тав. Нэйбах: Я запрасіў Вас для гутаркі па трох пытаньнях: першае — пра далейшую працу АРА ў Гомельскай губэрні, другое — пра паведамленьні аб стасунках з паветамі, і трэцяе — пра пасылкі. Прэзыдыюм губвыканкаму даручыў мне перамовіцца з Вамі ў справе далейшай працы тут АРА. Гэтае пытаньне ўсплывае з нагоды добрага ўраджаю й да т. п. На Волзе, верагодна, аддзелы АРА застануцца, але як вырашаецца гэтае пытаньне тут? Вы былі ў Маскве, і я хацеў бы атрымаць некаторыя зьвесткі на гэты конт. Што да пасылак, я мушу адзначыць, што атрымальнікі ня ёсьць найбяднейшыя, а заможныя, і часта гандлююць гэтымі пасылкамі, што супярэчыць асноўным мэтам АРА — дапамозе насельніцтву, якое галадае.

М-р Мэйтланд: У Маскве афіцыйных зьвестак я не атрымаў. Беручы пад увагу адну з апошніх нарадаў у Нью-Ёрку, я думаю, што праца АРА будзе працягвацца да верасьня наступнага году. У справе пасылак я падняў пытаньне, і мне абяцалі падвысіць колькасьць бясплатных пасылак, таксама й дзіцячага харчаваньня. З прычыны эпідэміі АРА будзе працягваць сваю працу да наступнага верасьня, пакрысе зьмяншаючы яе. Пытаньне пра дзіцячае харчаваньне надзвычай складанае; што да атрыманьня пасылак заможным элемэнтам, я таксама гэта назіраю.

Тав. Нэйбах: Я вельмі рады, што мы не разыходзімся з м-рам Мэйтландам у тым, што пасылкі не дасягаюць мэты — дапамогі тым, хто галадае. Паколькі гэта так, я думаю, мы разам даможамся, каб пасылкі не прадаваліся, бо адрасаты фактычна ня маюць на гэта права. Што да дзіцячага харчаваньня, мы зьвярталіся ў Цэнтар, каб даць яго дзецям Паволжа, эвакуаваным у нашую губэрню. Цяпер жа частка дзяцей адпраўленая назад у Паволжа, другая частка мае дастаткова прымальныя ўмовы, трэцяя ўзятая самім насельніцтвам, і пытаньня пра дзіцячае харчаваньне мы не разумеем. Увогуле трэба сказаць, што голаду цяпер мы не назіраем. У справе дапамогі ў барацьбе з эпідэміяй мы ўдзячныя, але шырокай працы наперадзе тут няма. Што да павелічэньня дабрачынных пасылак, я мушу вітаць м-ра Мэйтланда, але й тут трэба быць строга пасьлядоўным. У нас ёсьць зьвесткі, што былая княгіня Паскевіч ды іншыя карыстаюцца гэтай дабрачыннасьцю. Губвыканкам лічыць, што ім гэтай дабрачыннасьцю карыстацца зусім ня трэба, бо ў іх яшчэ засталося дастаткова ўсяго. Яны прымаюць гэта як падтрымку амэрыканскай адміністрацыі. Таму мая настойлівая просьба, каб дабрачыннасьцю карысталіся не былыя высокапастаўленыя асобы, а тыя, каму яна насамрэч неабходная.

М-р Мэйтланд: Я вельмі шкадую, што Вы атрымалі такія зьвесткі. Бясплатныя пасылкі разьмяркоўваюцца паміж тымі, хто сапраўды мае патрэбу. Што да княгіні Паскевіч, мушу сказаць, што дапамога ёй была аказаная асабіста мною й сакратаром Рамсэем за нашыя сродкі як знаёмай. Была адна выдача пасылак лекарам, бо гэта была адмысловая дапамога ад лекараў Нью-Ёрку.

Тав. Нэйбах: Я стаўлю пытаньне прынцыпова. Адмысловыя пасылкі ад лекараў, я лічу, няправільныя. Дапамога павінна ісьці тым, хто галадае, а не катэгорыям. Мы ведаем, што за мяжой ёсьць шэраг грамадзянаў — нашых праціўнікаў, якія маюць тут сваіх аднадумцаў. Такім чынам можа аказвацца дапамога й гэтым катэгорыям.

Пры аб’езьдзе мною губэрні ў некаторых гарадох мне паведамлялі аб атрыманьні мэдыкамэнтаў беспасярэдне зь Менску й Кіева. Лічу гэтую зьяву безумоўна ненармальнай, бо магчымы падман. Таму мы лічым безумоўна неабходным атрыманьне й разьмеркаваньне мэдыкамэнтаў вылучна праз гомельскае аддзяленьне АРА.

М-р Мэйтланд: Рэч у тым, што акругі мяжуюць. Лекар Герц аб’яжджаў участкі для вызначэньня межаў, але яго разам зь іншым лекарам затрымалі органы ГПУ з прычыны нейкіх недакладнасьцяў у дакумэнтах. Я зьежджу ў Кіеў разам зь лекарам Герцам для дакладнага вызначэньня ўчастку.

Тав. Нэйбах: Прэзыдыюм ГВК[85] прыняў абавязковую пастанову пра разьмеркаваньне пасылак на суму да 50 даляраў з удзелам нашага прадстаўніка й забарону прадаваць і купляць з ужываньнем мераў адміністрацыйнага спагнаньня — штрафы, зьняволеньне.

М-р Мэйтланд: Я хацеў бы мець дакладны пераклад пастановы перад апублікаваньнем.

(Таварыш Драгунскі ўголас чытае ў перакладзе абавязковую пастанову.)

М-р Мэйтланд: Я мушу адзначыць толькі канфіскацыю пасылак цалкам за продаж, каб можна было вярнуць грошы ў Амэрыку. Як быць са сканфіскаванаю часткаю, трэба мне падумаць.

Тав. Нэйбах: Мы не перашкаджаем атрыманьню пасылак, але да іхных прадаўцоў будуць ужывацца меры адпаведна з гэтай абавязковай пастановай. Сканфіскаваныя прадукты будуць перадавацца дзіцячым дамам. Я прапаную дадаць у тэкст пастановы, што гэтая прапанова зыходзіць ад АРА.

М-р Мэйтланд: Раней згадваліся грамадзяне, якія ўцяклі з Расеі й падтрымліваюць сваіх аднадумцаў тут. Яны безумоўна супраць АРА, якая падтрымлівае працу Савецкай Расеі. З гэтае прычыны белыя групы ў Амэрыцы могуць нарабіць шуму з-за сканфіскаваных прадуктаў.Таму прашу перадаваць мне адпаведныя дакумэнты.

Тав. Нэйбах: Калі будуць канфіскацыі (а можа й не, калі грамадзяне нас зразумеюць і будуць выконваць пастанову), дык усе дакумэнты будуць вам перададзеныя. Я думаю, м-р Мэйтланд згодны, што цяперашнюю спэкуляцыю пасылкамі трэба спыніць.

М-р Мэйтланд: Згодны.


Мэйтланд ніяк не адрэагаваў на спробу Нэйбаха ўключыць АРА ў пастанову, хаця б у частцы перадачы сканфіскаваных прадуктаў дзіцячым дамам. Аднак ягонае апошняе слова са стэнаграмы на наступны дзень зьявілася ў тэксьце дакумэнта:


На падставе пагадненьня ўраду РСФСР з Амэрыканскай адміністрацыяй дапамогі Расеі «АРА» й інструкцыі Ўпаўнаважанага Ўраду РСФСР пры «АРА», а таксама са згоды ўпаўнаважанага Гомельскім аддзяленьнем Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі, Губвыканкам пастанаўляе…


Пастанова, расклееная па горадзе й надрукаваная ў газэтах, абмяжоўвала атрыманьне, а таксама забараняла продаж, абмен і набыцьцё амэрыканскіх пасылак. Пры парушэньні адміністрацыйна-карныя органы меліся канфіскоўваць прадукты й прыцягваць вінаватых да адказнасьці.

Гомельскія грамадзяне, аднак, ніяк не маглі зразумець, чаму ўлады распараджаюцца пасылкамі, якія за свае працоўныя даляры купілі сваякі й адрасавалі пэрсанальна ім. Пасьля рэйдаў ГПУ й міліцыі па рынках гомельцы рушылі на чыгунку: там камэрцыйная паштовая служба без праблемаў брала пасылкі й перапраўляла ў іншыя гарады. Ужо ў верасьні гомельскія пасылкі зьявіліся на рынках Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Старшыня губвыканкаму выдаў загад не прымаць пасылак бяз подпісу ўпаўнаважанага Драгунскага — але адбылася асечка. Наркамат шляхоў зносінаў не падпарадкоўваўся мясцовым уладам, чыгуначнікі працавалі ў паўваенізаванай цэнтралізаванай сыстэме й пільна бераглі сваю незалежнасьць. Управа Заходняй чыгункі атрымала тэлеграфнае распараджэньне з наркамату ігнараваць загад губвыканкаму.

Пачалася эпісталярная вайна супраць чыгункі. Драгунскі пісаў, а Нэйбах падпісваў скаргі ў наркамат, урадаваму ўпаўнаважанаму ў Маскву й беспасярэдне на адрас савецкага Ўраду:


Спэкуляцыя, зьліквідаваная ў губэрскім маштабе, знайшла сабе выйсьце ў здачы для адпраўкі ў сталічныя гарады й іншыя мясцовасьці цэлых транспартаў з амэрыканскімі прадуктамі… Фармальна-бюракратычны падыход Наркамату шляхоў зносінаў пагражае ўзмацніць спэкуляцыю… Губвыканкам просіць даць катэгарычнае прадпісаньне Наркамшляху…


Тымчасам атрымальнікі амэрыканскіх пасылак надалей распараджаліся падарункамі як лічылі патрэбным. Рэйкавую вайну супраць АРА Нэйбах прайграў.

28 Гомель, акт 4: дапамога, ды ня там, ня тым, ня так


Насадзілі гузакоў. — Абсалютны недавер да савецкай улады. — Крадуць усё. — Какава а пятай раніцы. — Калядныя радасьці. — Дзе гуртуецца буржуазія. — Бяз суму будзе расставаньне


Амэрыканскі «Форд» пачаў зьніжаць хуткасьць перад чыгуначным пераездам, калі вялікі сабака раптам скочыў з узбочыны пад пярэдняе кола. На календары быў канец лістапада. Сьнег, які падтаяў за дзень, пад вечар падмарозіла, і дарога была пакрытая нябачным тонкім шкельцам лёду. Аўтамабіль страціў кіраваньне, машыну панесла ўбок, яна зьбіла жалезны слупок, уляцела ў прыдарожную канаву й перакулілася.

Джон Мэйтланд паведамляў у Маскву:


У машыне, апроч мяне, быў шафёр Бабіляк, упаўнаважаны Драгунскі й інспэктар дзіцячых дамоў Чарлябосаў. Усе ацалелі, хаця й насадзілі сабе добрых гузакоў. Мы вырашалі пакінуць шафёра вартаваць машыну, а самім дабірацца ў Гомель па дапамогу. З «Форду» зьнялі ўсе здымныя часткі й перанесьлі ў суседнюю хату. Рэшту шляху да Гомеля, 17 вёрстаў, дабіраліся на сялянскім возе.


Мэйтланд безупынна выяжджаў у раёны, каб на свае вочы пераканацца ў патрэбах дзіцячых дамоў і паглядзець, як арганізаваная дапамога. Досьвед навучыў кіраўніка акругі не давяраць ніякім абяцаньням, справаздачам і тлумачэньням без праверкі. У скарзе ў Маскву старшыня губвыканкаму ацаніў гэта як «абсалютны недавер АРА да прадстаўнікоў савецкай улады».

Яшчэ на верасьнёўскай сустрэчы ў губвыканкаме Нэйбах катэгарычна запатрабаваў езьдзіць толькі разам з упаўнаважаным:


Тав. Нэйбах: Я выпадкова ўведаў, што м-р Мэйтланд езьдзіў у Старадуб аўтамабілем. Я прасіў бы надалей рабіць паездкі па чыгунцы й разам з нашым прадстаўніком. У нашай губэрні ёсьць крымінальны бандытызм, і на м-ра Мэйтланда магчымы напад як на прадстаўніка арганізацыі, у якога могуць быць з сабою тыя ці іншыя сумы. Такі напад адбіўся б на ўзаемадачыненьнях РСФСР і АРА. Другая частка просьбы — гэта паездка з нашым прадстаўніком. Старшыні павятовых выканкамаў, як напрыклад у Старадубе, ня маюць інструкцыі аб узаемадачыненьнях з АРА, і могуць узьнікнуць непаразуменьні.

М-р Мэйтланд: Адзначае, што ведаў пра бандытызм і рызыку паездкі ўзяў на сябе.

Тав. Нэйбах: Паўторна падкрэсьлівае, што напад тым ня менш прывёў бы да ўскладненьня, і таму яшчэ раз прашу м-ра Мэйтланда езьдзіць не аўтамабілем, а цягніком і з нашым прадстаўніком.

М-р Мэйтланд: Што да паездак на аўтамабілі, дык яны спыняюцца ўвогуле з прычыны надыходу зімы. Што да прадстаўніка ўладаў, надалей буду езьдзіць зь ім.


Новы «Форд» Гомельская акруга атрымала яшчэ ў канцы лета. Аўтамабілем можна было даехаць туды, дзе не было чыгункі, за раз наведаць некалькі мястэчак. Пакуль дарогі не замяло, Мэйтланд не сьпяшаўся выконваць параду Нэйбаха й перасаджвацца на чыгунку, але на кампанію Драгунскага мусіў пагадзіцца.

У выніку ўпаўнаважаны ледзь не зламаў карак, набіў гузакоў, што ніяк не спрыяла цеплыні пачуцьцяў да няўрымсьлівых амэрыканцаў. Ня надта цёплыя пачуцьці да савецкіх афіцыйных асобаў абуджалі паездкі і ў Мэйтланда:


У Рагачове, у дзіцячым доме, я налічыў 13 ложкаў на 40 дзяцей, амаль безь бялізны. На адным ляжала 9-гадовае дзіцё зь вельмі цяжкаю формаю сыфілісу. Улады, якія дазвалялі трымаць хворага разам зь іншымі дзецьмі, праяўляюць злачынную нядбайнасьць. Яшчэ тры ўстановы з Рагачова прыслалі заяўкі на пяцьдзясят паек кожная. Калі я наведаў іх, дык налічыў толькі 46 чалавек ва ўсіх трох месцах агулам. У Жлобіне праверка засьведчыла, што амаль усю пайку АРА зьядалі двое сямнаццацігадовых сыноў загадчыцы дзіцячага дому.


Пасьля паездкі Мэйтланда ў Чэрыкаў улады мусілі звольніць загадчыка дзіцячага дому, які скраў усе амэрыканскія пасылкі. Мэйтланд катэгарычна пярэчыў прапановам уладаў частку паек выдаваць пэрсаналу, не дазваляў прадаваць прадукты дзеля аплаты выдаткаў, дзяліць на часткі альбо зьмешваць рацыёны. Як засьведчыла новая працяглая інспэкцыйная паездка напрыканцы лістапада, такая патрабавальнасьць давала плён:


Я вярнуўся зь вельмі цікавага падарожжа па ўсходняй частцы акругі, дзе правяраў розныя ўстановы, якія атрымліваюць нашыя грузы. Амаль паўсюдна бяз вынятку я пабачыў, што разьмяркоўваюцца нашыя прадукты вельмі добра, фактычна нашмат лепей, чым я спадзяваўся.


Яшчэ ў кастрычніку прыйшло паведамленьне, што Гомельская акруга атрымае 4 тысячы бясплатных паек для дзяцей і хворых. Прадукты былі дастаўленыя ў дзіцячыя дамы. Мэйтланд пісаў:


Дзеці асабліва цешыліся з какавы й белага хлеба. У адным доме дзеці займалі чаргу ў сталоўку а 5-й раніцы, хаця сьняданак давалі а 9-й.

Адусюль прыходзяць падзякі за нашыя прадукты. Нашая квота цяпер павялічаная да 5 тысяч (паек), і мы імкнёмся разьмяркоўваць яе сярод дзяцей, аддаючы ім перавагу перад хворымі дарослымі.


Кіраўнік акругі адзначаў яшчэ адзін аспэкт:


Гэтая форма дапамогі за два месяцы зрабіла больш для прэстыжу АРА й любові насельніцтва да арганізацыі, чым уся гадавая праца даставы пасылак.


Перад Калядамі Гомельская акруга атрымала пяцьдзясят пасылак для дабрачыннага разьмеркаваньня. Іх уручылі самым гаротным сем’ям гомельцаў. На Каляды й Новы год кіраўнік акругі наведваў елкі й раздаваў падарункі ў дзіцячых дамох:


Было надзвычай усьцешна чуць падзякі ад нават самых малых дзетак, якія толькі навучыліся гаварыць, але разумеюць, што гэта амэрыканскі народ праз АРА штодня корміць іх, і голад іх больш не грызе, як усё жыцьцё раней, і нават за такі кароткі тэрмін можа бачыць зьмены ў большай рухавасьці й лепшым выглядзе дзяцей. Кіраўнікі ўстановаў не шкадуюць пахвалаў рацыёну АРА й з энтузіязмам гавораць пра яго ўплыў на дзяцей.


Уплыў адчувала і ўлада. У лістох у Маскву Нэйбах дакладваў пра добры ўраджай, адсутнасьць голаду і ўцекачоў, поўны парадак у даверанай яму губэрні, якому, аднак, існавала пагроза:


Неабходна спыніцца на палітычна шкодным моманце справы, які выяўляецца ў групаваньні вакол АРА яўна варожых, буржуазных элемэнтаў з магчымымі адсюль непажаданымі наступствамі. Прэзыдыюм Гомельскага губвыканкаму настойліва ставіць пытаньне аб ліквідацыі працы АРА ў Гомельскай губэрні.


Да ліста прыкладалася стэнаграма перамоваў з Мэйтландам, копія пастановы губвыканкаму й пратакол мэдычнае камісіі. Дапамога дзіцячым дамам у лісьце ня згадваецца, але да аргумэнтаў пра адсутнасьць голаду і ўцекачоў дадаецца сьвежы: шкодная мэдычная дапамога.

Галоўны лекар Менскай акругі Ралф Герц яшчэ ў чэрвені прапанаваў адчыніць у Гомелі аддзяленьне мэдычнай акругі. Аднак ніякіх дадатковых складоў для лекаў ад мясцовых уладаў Мэйтланд не атрымаў. Дапамога прыйшла ад тых, хто не абавязаны быў яе даваць: чыгуначнікі прапанавалі свой склад на тэрыторыі дэпо. Новы склад аказаўся дастаткова вялікі й для прадуктаў, і для вопраткі, і для мэдыкамэнтаў. Да Новага году ў Гомель паступіла шэсьць вагонаў шпітальнага рыштунку й лекаў.

Старшыня губвыканкаму скардзіўся:


Абсталяваньне й лекі аднаасобна разьмяркоўваюцца лекарам Ралфам Герцам, а той асаблівую ўвагу надае чыгуначным шпіталям, хаця іх у 10 разоў менш, чым губэрскіх. Адмаўляецца перадаваць адразу ўсе лекі губэрскаму аддзелу аховы здароўя, а патрабуе, каб галоўныя лекары шпіталёў прыяжджалі й асабіста атрымлівалі мэдыкамэнты й абсталяваньне. Лінія гэтая вядзе да дыскрэдытацыі ў вачох працаўнікоў установаў савецкай улады, асабліва калі прыняць пад увагу, што лекары — удзячны матэрыял для ўспрыняцьця такой лініі.


У Маскве гомельскіх просьбаў зноў не задаволілі. Ці то яшчэ быў ня час сварыцца з кіраўніцтвам АРА, ці то раздражнялі порсткія правінцыялы, якія ставілі пад сумнеў рашэньні цэнтру, ці то ў кожным разе набліжаўся час закрыцьця ўсіх апэрацыяў…

Новая эканамічная палітыка між тым стала адчувацца й на Гомельшчыне. Напачатку 1923 году Мэйтланд пісаў:


Умовы ў акрузе палепшыліся, і гэтае паляпшэньне працягваецца. Зразумела, яшчэ багата хто носіць вопратку з падручных матэрыялаў, але насельніцтва ў цэлым нашмат лепш апранутае, чым летась. Адрамантаваны шэраг будынкаў. Ёсьць сьведчаньні, што мясцовыя ўлады намагаюцца захоўваць санітарныя ўмовы ў горадзе й акрузе. Мост праз рэчку, якому больш за трыста гадоў, рамантуецца, амаль скончаная новая электрастанцыя, якая зможа падаць энэргію ў радыюсе пяці вёрстаў ад Гомелю.


Мэйтланд з захапленьнем піша пра пляны пабудаваць трамвайную лінію да Навабеліцы, паставіць вялікі палац, дзе месьціліся б органы ўлады й праводзіліся губэрскія сходы. Паводле ацэнкі амэрыканца, дзелавая актыўнасьць узрасла «цудоўным чынам»: запрацавалі тэкстыльная фабрыка ў Клінцах, запалкавая ў Навабеліцы, пачалася вытворчасьць сельскагаспадарчых машынаў і прыладаў. Рынак і крамы, паведамляе ён, заваленыя фабрычнымі вырабамі.

Перамены да лепшага закранулі дзіцячыя дамы, асабліва ў Гомелі. Араўцы ўнесьлі карэктывы ў свае праграмы: асноўная дапамога пайшла ў аддаленыя мястэчкі й гарады, дзе мала што зьмянілася. Праз адзін абзац пасьля захапленьня зьменамі, якія прынёс НЭП, Мэйтланд піша:


Умовы ў некаторых дзіцячых дамох жахлівыя. Дзеці ня маюць дастаткова адзеньня проста каб цалкам апрануцца, ня кажучы ўжо пра тое, каб апрануцца цёпла. Аднойчы вельмі халодным ранкам я наведаў дом, дзе шмат вокнаў былі бяз шкла, дзеці абляпілі адзіную напаленую печку, і яна была ў такім стане, што з-за дыму няшмат чаго было відаць. Не хапала ложкаў, дзеці спалі па двое й нават па трое пад адной коўдрай. Прасьцінаў не было, і было немагчыма падтрымліваць чысьціню адзеньня альбо коўдраў, бо нельга было іх памыць.


Канфлікты з губвыканкамам працягваліся, але чым далей ад Гомелю, тым прасьцей было знайсьці агульную мову мясцовым уладам і амэрыканцам. Пасьля падарожжа ў Рагачоў, якое ледзь не каштавала пасажырам «Форду» жыцьця, павятовы выканкам прыслаў афіцыйную просьбу ў гомельскую кантору АРА:


Дзіцячыя дамы Рагачова й павету патрапілі ў цяжкі стан: вострая нястача прадметаў першай неабходнасьці. Няма сукенак для дзяўчатак, абутку, гарнітураў для хлопчыкаў. Дзеці ня могуць наведваць школу. Расьце колькасьць захворваньняў. Становішча робіцца безвыходным. Патрабуецца хуткая й істотная падтрымка.


Да рагачоўскага ліста быў прыкладзены сьпіс патрэбных рэчаў: паліто, блюзкі, штаны, панталёны, кальсоны, абутак, зімовыя шапкі, прасьціны, ручнікі, наўлечкі, матрацы, коўдры, насыпкі…

Калі дапамога пачала паступаць (таксама праз АРА ў Гомелі зьявіліся й тэкстыльныя наборы для самастойнага шыцьця адзеньня), у губвыканкаму зьявіўся новы аргумэнт: амэрыканская дапамога шкодная для тэкстыльнай прамысловасьці, бо зьнізіцца попыт на яе прадукцыю.

Нягледзячы на перашкоды, амэрыканцы працавалі ў Гомелі да самага заканчэньня дзейнасьці АРА. Мэйтланд пісаў у справаздачы:


У якасьці заключэньня: праца АРА тут стварыла пачуцьцё павагі да амэрыканскага народу й да мэтадаў працы амэрыканцаў. Вялікая колькасьць людзей эмігруе штогод адсюль у Амэрыку, і яны возьмуць з сабой успамін пра тое, як Амэрыка прыйшла на дапамогу ў час вялікае патрэбы.


На ўспамін гомельскім уладам амэрыканцы пакідалі свае аўтамабілі. У сярэдзіне чэрвеня ўпаўнаважаны Драгунскі падпісаў акт прыёму, ацэнкі й перадачы тэхнікі ў гараж губвыканкаму:


У наяўнасьці маюцца наступныя аўтамабілі: адзін грузавік сыстэмы «Ўайт», машына на хадзе, мае 35 % зношанасьці, продажная цана 2500 рублёў золатам. Два легкавыя аўтамабілі сістэмы «Форд». Адна з машынаў на хадзе. Аўтамабілі маюць 65 % зношанасьці. Максымальна магчымая продажная цана 125 рублёў золатам кожная.


Упаўнаважаны ацэньваў ня проста дзьве машыны з запасам асобных прыналежнасьцяў у дваццаць разоў менш за грузавік — так ацэньваўся амэрыканскі разьвітальны падарунак. У канцы чэрвеня ў штаб-кватэры ў Маскве быў падпісаны «Агульны мэмарандум № 80»:


Гомельская акруга закрытая 21 чэрвеня. Пэрсанал прыбудзе ў Маскву 24 чэрвеня.


Апошні дакумэнт у архівах за подпісам Драгунскага — ягоная заява на звальненьне з пасады ўпаўнаважанага пры АРА. Дата пад подпісам — 1 ліпеня 1923, нашмат пазьней, чым хацеў ён сам і чым дамагаўся кіраўнік Гомельскай акругі Джон Мэйтланд.

Тут іхныя жаданьні ўпершыню цалкам супалі, але гэта ўжо ня мела значэньня.

29 Чорны сьпіс: шпіёны АРА ў ролі філянтропаў


Эканамічны шпіянаж. — Румянцава й Кацавураў на лаве падсудных. — Агранамічныя таямніцы Беларусі. — Пракурор просіць расстрэлу. — Пратэст Гувэра. — Змаганьне за сьвятло


14 траўня 1924 у газэце «Звезда» зьявілася публікацыя пад загалоўкам «Суд. Эканамічны шпіянаж». Праз увесь тэкст стракацела назва АРА. У шпіянажы абвінавачваліся былая супрацоўніца Менскай акругі, інспэктарка дзіцячых дамоў Кацярына Румянцава й прафэсар заалёгіі, вучоны-аграном Мікалай Кацавураў.

Публікацыю можна лічыць адказам на ліст кіраўніка Менскай акругі Чарлза Ўілабі, які ў чэрвені 1923 напісаў упаўнаважанаму ўраду[86]:


Мой дарагі спадар Стакоўскі!

Перад канчатковым ад’ездам зь Беларусі не магу не зьвярнуцца да вас з адной апошняй просьбай ня толькі як кіраўнік акругі, але як чалавек, які ўвесь час стараўся пасьпяхова праводзіць тут сваю працу.

Гэта ў сувязі з так званым «чорным сьпісам», у які занесеныя імёны дзевяцёх маіх былых супрацоўнікаў. Старшыня прафсаюзу савецкіх работнікаў Лявонаў адкрыта прызнае, што бальшыня зь іх патрапіла ў чорны сьпіс з прычыны быццам сяброўства са мной ды іншымі амэрыканцамі. Ён лічыць, што такое сяброўства супярэчыць прынцыпам прафсаюзаў і супрацоўнікі павінны панесьці адказнасьць.

Гэта вельмі несправядліва, і я ня веру, каб чалавек, які прымае прафсаюзныя прынцыпы блізка да сэрца, мог заняць такую пазыцыю. Супрацоўнікі, якія добра да мяне ставіліся, добра ставіліся да АРА й да ўладаў. АРА дапамагала ўладам, іначай яе тут не было б. Таму высновы сп. Лявонава памылковыя.

Я прашу вас абараніць дзевяцёх гэтых супрацоўнікаў у іх барацьбе й зрабіць усё магчымае, каб аднавіць іхныя правы.


Ўілабі, магчыма, меў рацыю, але ўсё ж памыляўся[87].

Справу эканамічнага шпіянажу ў Менску разглядаў Вышэйшы суд БССР, абвінаваўцам выступаў пракурор рэспублікі Васіль Шаранговіч. Газэта пісала:


На лаве падсудных былая памешчыца й дваранка Румянцава й вучоны-аграном Кацавураў. Пасьля кастрычніцкага перавароту, страціўшы ўсе свае маёнткі, Румянцава ўладкоўваецца кіраваць сваім былым конным заводам, але гэтая праца ёй не даспадобы. Яе шырокая, ісьцінна руская натура, якая прызвычаілася жыць па замежжах, не магла знайсьці сабе справы ў глушы. Ведаючы дасканала ангельскую мову, яна вельмі лёгка ўладкоўваецца ў беларускую кантору АРА. Румянцава пачынае займацца «рэальнай» амэрыканскай дабрачыннасьцю. Выдае й адмаўляе ў атрыманьні «чароўных» араўскіх пасылачак.


Румянцава працавала інспэктаркай, і ў яе абавязкі ўваходзілі праверкі дзіцячых дамоў, садкоў, кухняў. АРА адмаўлялася выдаваць пасылкі й мэдыкамэнты ўстановам, дзе не было парадку. Незалежныя інспэкцыі моцна раздражнялі ўлады, але ключы ад складоў былі ў амэрыканцаў.

У віну інспэктарцы ставіліся ня проста прыдзірлівыя паводзіны. «Звезда» пісала пра Румянцаву:


Маючы ад АРА інструкцыю дапамагаць галоўным чынам прадстаўнікам вучонага сьвету, прафэсуры, лекарам ды іншай інтэлігенцыі, яна, аднак, вучонаму-аграному Кацавураву адмаўляецца выдаць пасылку й прапануе раней напісаць справаздачу аб эканамічным стане Беларусі.


Яшчэ напрыканцы 1922 году АРА пачала зьбіраць папярэднія зьвесткі пра пэрспэктывы ўраджаю ў раёнах дапамогі. Трэба было высьветліць, як і ў якіх памерах плянаваць дапамогу на наступны год. У рэгіянальныя канторы была разасланая анкета: ураджайнасьць, пасяўныя плошчы, прыродныя ўмовы. Кіраўнікі акругаў зьвярнуліся да ўладаў — і не атрымалі ніякіх адказаў. Ўілабі тройчы спрабаваў атрымаць афіцыйны адказ на пытаньні анкеты, але прызнаваў у лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру, што нічога не ўдалося здабыць.

Напачатку сакавіка кіраўнік АРА Ўільям Гаскел ізноў накіраваў цыркулярны ліст ва ўсе акругі з просьбай тэрмінова сабраць зьвесткі пра разьлікі на ўраджай 1923 году. Гаскел прасіў абавязкова пазначаць крыніцы інфармацыі. Калі крыніцаў некалькі, трэба было падаць розныя ацэнкі. Нью-Ёрскі офіс патрабаваў адказу да 20 сакавіка.

Ўілабі зноў зьвярнуўся да Стакоўскага, той пераслаў запыт у Цэнтральнае статыстычнае бюро й Наркамат земляробства. Ішлі тыдні, адказу не было. Тады Ўілабі падказалі імя экспэрта, вучонага-агранома Кацавурава. Прафэсар меў выбітны аўтарытэт сярод спэцыялістаў, выкладаў ва ўнівэрсытэце, а таксама працаваў у Наркамземе. Кацавураў пагадзіўся напісаць агульную даведку.

У рэпартажы з суду аўтара агляду апісвалі наступным чынам:


Аграном Кацавураў… Сівы, зусім лядашчы старэнькі. Паводле ягоных словаў, ён напісаў справаздачу несьвядома. Ён зусім ня думаў, якую ролю гэтая справаздача можа адыграць у замежнай дзяржаве.


Агляд Кацавурава называўся «Стан сельскай гаспадаркі ў Беларусі перад вайной, падчас вайны й рэвалюцыі й да цяперашняга моманту». Гэта было красамоўнае, угрунтаванае на лічбах і поўнае дасьціпных назіраньняў і ацэнак апісаньне разбурэньня гаспадаркі Беларусі. Ацэнкі прафэсара відавочна не супадалі з афіцыйнымі поглядамі на найноўшую гісторыю:


…Прыйшла рэвалюцыя зь яе бессэнсоўным абсалютным разбурэньнем усёй прыватнай уласнасьці. Паркі й цудоўныя сады высякаліся на паліва, і гэта ў Беларусі, дзе лясы займаюць 51 % плошчы. Дамы былі разрабаваныя альбо цалкам разбураныя й да сёньня ляжаць у руінах. Бясцэнныя старыя бібліятэкі былі спаленыя, карціны парэзаныя на кавалкі, усё, што культура назапашвала вякамі, было зруйнавана за некалькі месяцаў. Гэта ў галіне мастацтва. У галіне сельскай гаспадаркі разбурэньне было яшчэ горшым. Вельмі хутка Беларусь апынулася на мяжы поўнае галечы.


Нямецкая акупацыя, пісаў Кацавураў, спыніла жахлівую анархію й вярнула спакой і парадак. Маёмасьць вярталі гаспадарам, адбудоўвалі разбураныя дамы, на рынку зьявілася мноства недарагіх сельскагаспадарчых машынаў, пачала аднаўляцца ўрадлівасьць глебы:


У цэлым, калі казаць поўную праўду, нямецкая акупацыя зрабіла выразна спрыяльны ўплыў на Беларусь.


Вяртаньне саветаў да ўлады пачалося зь перапісу й пераразьмеркаваньня зямлі сярод сялянаў адпаведна правілам «справядлівасьці й здаровага сэнсу». Прафэсар далей тлумачыў, чаму правілы былі ўзятыя ў двукосьсе:


На жаль, людзі, якім даверылі гэта зрабіць, былі абсалютна непрыдатныя да гэтых пасадаў і зямлю разьмеркавалі цалкам бяздумна.


Польская акупацыя выклікала новы перадзел зямлі, затым зноў вярнуліся саветы, і ўсё пачалося спачатку. Даведка Кацавурава заняла дзевяць старонак машынапісу. Агляд эканамічнага жыцьця Беларусі завяршаўся высновай:


Я паспрабаваў выказаць праз сухія лічбы, як абсалютна ўсё жыцьцё было спыненае ў гэтай краіне й як марудна й пакутліва яно пачынае зноў уваскрасаць.


У менскай канторы АРА пераклалі тэкст на ангельскую, адправілі ў Маскоўскую штаб-кватэру й забыліся. Аднак у даведкі знайшліся зацікаўленыя чытачы без агранамічнай адукацыі — у ГПУ. Вынікі вывучэньня гаспадарчай гісторыі Беларусі чэкістамі сталі вядомыя праз год, на судовым працэсе.

Кацярына Румянцава пацьвердзіла, што сапраўды прасіла прафэсара Кацавурава напісаць даведку, і патлумачыла, што старалася здабыць зьвесткі вылучна ў інтарэсах Беларусі, якой прызначалася дапамога. Аднак суд нядоўга займалі агранамічныя таямніцы.

«Звезда» пісала:


На судзе адразу высьвятляецца ўвесь цынізм «дабрачыннай дзейнасьці» АРА, якая патрабавала ад атрымальніка бясплатнае пасылкі ўдзячны ліст. І вось гэтыя змушаныя лісты з «сардэчнаю падзякаю» пасьля друкаваліся ў амэрыканскай прэсе й стваралі рэкляму АРА. Вось які амэрыканскі спосаб афішаваньня.


Менш чым за год да выкрыцьця амэрыканскага цынізму ў Менску Савет народных камісараў у Маскве замовіў мастаку Томскаму мастацкі твор — пастанову СНК з нагоды ад’езду АРА належала аформіць у колеры й арнамэнце як падзячны ліст. Пастанова пачыналася ўрачыста:


У часы велізарнага стыхійнага бедзтва амэрыканскі народ у асобе АРА адгукнуўся на патрэбы змучанага інтэрвэнцыяй і блякадай насельніцтва абласьцей Расеі й саюзных рэспублік і прыйшоў самаахвярна яму на дапамогу, арганізаваўшы ў шырокім маштабе падвоз і разьмеркаваньне харчу й іншых рэчаў першай неабходнасьці. Дзякуючы велізарным, цалкам бескарысьлівым намаганьням АРА, мільёны людзей усіх узростаў былі ўратаваныя ад сьмерці й цэлыя паселішчы й нават гарады ацалелі ад страшнай катастрофы, што ім пагражала.


10 ліпеня 1923 подпісы пад падзякай паставілі кіраўнікі савецкага ўраду — намесьнік старшыні СНК Каменеў, кіраўнік справаў Гарбуноў і сакратар Фоціева. Празь дзесяць месяцаў у Менску мясцовыя ўлады вялі сваю размову з былой супрацоўніцай АРА. «Звезда» пісала:


На пытаньне старшыні да Румянцавай, як цяпер яна глядзіць на Савецкую ўладу, Румянцава з гонарам адказвае:

— Хоць я належу да клясы, варожай пралетарыяту, цяпер я «спачуваю» Савецкай уладзе. Пералом у мяне адбыўся, калі я была ў палоне ў Дзянікіна. Я там бачыла столькі беззаконьня да сябе й іншых, што, сапраўды, адзіная рэальная ўлада — гэта Савецкая ўлада.


Пракурор рэагуе:


Прадстаўнік абвінавачаньня т. Шаранговіч, прааналізаваўшы жыцьцё й «дзейнасьць» Румянцавай, прыходзіць да высновы, што яна — вораг Савецкай улады, заўсёды зь ёй будзе змагацца, і таму патрабуе для яе найвышэйшую меру пакараньня — расстрэл.


Невядома, якія аргумэнты прывялі адвакаты ў абарону былой інспэктаркі, — у газэтнай справаздачы пра гэта ані слова. Пра аўтара агранамічнага агляду «Звезда» пісала:


Абарона ў асобах Ліцьвіна й Жылінскага падкрэсьлівала, што справаздача Кацавурава ніякае шкоды Савецкай уладзе не прынесла, што яна была напісаная несьвядома й бескарысьліва, і патрабавала для сваіх падабаронных аслабкі. Кацавураў у 1906 годзе сядзеў год у турме за ўдзел у сялянскім паўстаньні й таму заслугоўвае палёгкі.


Вышэйшы суд засудзіў Румянцаву да дзесяці гадоў ДОПРу[88] са строгай ізаляцыяй і Кацавурава да пяці гадоў ДОПРу са строгай ізаляцыяй, а таксама пазбавіў правоў Румянцаву на пяць гадоў, а Кацавурава на тры гады. Пасьля адбыцьця пакараньня абодва падлягалі высяленьню з прыфрантавой паласы на тры гады.

18 траўня справаздачу пра менскі суд зьмясьцілі маскоўскія «Известия». Дабрачынная дапамога ад капіталістаў супярэчыла тэорыі непрымірымай клясавай барацьбы. Падзяка амэрыканцам, падпісаная Каменевым, падлягала дэзавуацыі. Беларуская справа давала выдатную нагоду. Загаловак у цэнтральнай газэце быў палітычна й клясава на парадак вышэйшы за менскі: «Шпіёны АРА ў ролі філянтропаў».

Паведамленьне пра менскі суд перадалі амэрыканскія агенцтвы, і яго надрукавала газэта «New York Times». Кіраўнік АРА Гербэрт Гувэр быў моцна абураны арыштамі. У інтэрвію ён заявіў:


Пакуль нашыя памочнікі знаходзяцца ў няволі, гэта будзе ствараць непераадольны бар’ер для любых размоваў пра аднаўленьне афіцыйных сувязяў.


…У сьнежні 1922 Кацярына Румянцава наведала незвычайны дзіцячы дом на вуліцы Падгорнай, 35 у Менску. Там пад апекай гараддзелу аховы здароўя знаходзіліся паўсотні хворых на сухоты дзяцей, якія атрымлівалі амэрыканскія рацыёны. Інспэктарку ўзрадавалі сьветлыя й чыстыя пакоі, зручная мэбля й надзвычайная чысьціня, яна ў захапленьні пісала пра любоў і клопат, якімі былі атуленыя дзеці. У канцы Румянцава прызнавалася:


Я была асабліва ўражаная карцінаю, якую намалявала 10-гадовая дзяўчынка. На карціне селянін, які заблукаў у завірусе, далёка на гарызонце ён бачыць слабое сьвятло й ідзе на яго, сьнег сьлепіць яму вочы, ён падае, зноў падымаецца й ідзе.

— Што ты хацела сказаць сваёй карцінай? — спытала я дзяўчо.

— Сьвятло — гэта здароўе, і за яго мы з дапамогай лекараў і настаўнікаў вядзём змаганьне.


Злучаныя Штаты не прызнавалі Савецкага Саюзу ні за прэзыдэнтам Гардынгам, ні за ягоным наступнікам Куліджам і ні тады, калі Гувэр сам заняў Белы дом — аж да 1933 году.

Якраз тады меў скончыцца дзесяцігадовы тэрмін зьняволеньня інспэктаркі Менскай акругі АРА Кацярыны Румянцавай.

30 Пасьля Беларусі: адрасы й лёсы


Джон Анкер. — Рэйманд Брэнд. — Фрэнк Вілі. — Доналд Гардзі. — Рэлф Герц. — Доналд Ліндсэй. — Джон Мэйтланд. — Г'ю Рамсэй. — Сэдрык Сьміт. — Чарлз Ўілабі. — Джордж ІІІрэмэл


Перад Калядамі 1923 году ў Нью-Ёрку выйшла новае выданьне — бюлетэнь «Хто дзе ў АРА». Публікацыю адкрывала папярэджаньне:


Гэтае дасьледаваньне мінулага, сучаснасьці й будучыні вэтэранаў АРА поўнае памылак. Шмат імёнаў, якія трэба было б уключыць, адсутныя, а тыя, што ёсьць, напісаныя з памылкамі. Адрасы, верагодна, ужо несапраўдныя. Навіны недакладныя й аднабаковыя. Нягледзячы на ўсе гэтыя недахопы, мэта публікацыі вышэйшая за ўсе папрокі.


Нягледзячы на папярэджаньне аб недакладнасьці зьвестак, я вырашыў паспытаць шчасьця й на падставе апублікаваных зьвестак напісаць лісты нашчадкам арамітаў, якія працавалі ў Беларусі[89]. Пасьля жорсткага адбору ў розныя куткі ЗША я адправіў каля дзьвюх сотняў лістоў:


Шаноўны спадар!

Як дасьледнік Гувэраўскага інстытуту, што ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, я займаюся вывучэньнем дзейнасьці АРА. Вашае прозьвішча супадае зь імем супрацоўніка АРА, які працаваў у Беларусі ў 1922–1923 гадох. У архівах Гувэраўскага інстытуту мною знойдзеныя зьвесткі пра гэтую асобу. Калі вы альбо нехта з вашай сям’і нешта ведаеце пра гэта, пільна прашу паведаміць. Калі не, прабачце за клопат.


Пакуль пошта развозіла мае пасланьні й незнаёмыя адрасаты ў розных штатах са зьдзіўленьнем разгортвалі лісты з Каліфорніі, я нумар за нумарам гартаў бюлетэнь АРА й чытаў вясёлыя рэдакцыйныя камэнтары, допісы і ўспаміны.

Ужо з архіўных дакумэнтаў 1922–1923 гадоў пра дзейнасьць АРА ў Беларусі вынікала, што трое амэрыканцаў — Фрэнк Вілі, Г’ю Рамсэй і Джордж Шрэмэл — вярталіся дадому разам з жонкамі, якіх знайшлі ў Менску й Гомелі. Была няпэўная інфармацыя, быццам кіраўнік Менскай акругі Чарлз Ўілабі ўсынавіў дваіх дзетак зь сіроцкага дому. Сустракаліся сьведчаньні, што кіраўнік Гомельскай акругі Джон Мэйтланд пазьней наведваў Беларусь. Аднак гэтыя зьвесткі былі няпоўныя і ўскосныя.

Бюлетэнь АРА друкаваўся больш за чатыры дзесяцігодзьдзі, апошні нумар выйшаў у 1965 годзе, калі памёр Гербэрт Гувэр. Бюлетэнь даваў магчымасьць заглянуць наперад — у мінулае.

Кожны нумар меў разьдзел пад назовам «Хто дзе й чаму». Рэдакцыя заклікала арамітаў пісаць лісты, паведамляць зьвесткі пра калегаў і зьмяшчала фрагмэнты допісаў паводле альфабэту:


Бюлетэнь выпушчаны зь верай у тое, што ўдзел у працы АРА для нас азначаў болей, чым простае сяброўства ў вясковым аркестры з дудкамі й барабанам. Сяброўствы й знаёмствы, якія завязаліся падчас гэтай працы, — больш чым звычайныя сустрэчы.


Самы першы нумар пачынаўся прозьвішчам чалавека, які працаваў у Беларусі:

Джон Анкер,
кіраўнік Віцебскай акругі,
студзень — ліпень 1922

1923, сьнежань. Пасьля Віцебску Айкер ніколі ўжо ня быў такім, як раней[90]. Мы гэта разумеем. Ён правёў лета, спрабуючы вылечыцца ад «беларускай хваробы» на моўных курсах у Біярыцы, а цяпер знаходзіцца ў Оксфардзе. Спадзяёмся, з прычыны свайго акцэнту. Ён дазволіў сабе вучобу там не дзякуючы заробкам у АРА, а на свае ранейшыя капіталы.

1926, сьнежань. Джон займае пасаду сакратара партовай кампаніі ў Лос-Анджэлесе, займаецца афармленьнем даставаў жывёлы. Ён піша:

«Калі б я мог рэклямаваць сябе, як некаторыя, што ўвесь час на радыё, дык ня мусіў бы слаць паштоўкі, каб паведаміць, што я ў парадку й не жанаты, дзякаваць Богу».

1928, ліпень. Джон піша з Лос-Анджэлесу:

«Клюб АРА ў гэтым горадзе, выглядае, сканаў, але, спадзяюся, нехта зь сяброў, хто мае час, зьбярэ нас калі-небудзь разам. Пару гадоў таму ў горадзе налічвалася каля 15 чалавек, якія працавалі ў розных арганізацыях Гувэра. Няма чаго й казаць, мы вельмі шчасьлівыя, што Шэф стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША…»

1929, люты. Джон — віцэ-прэзыдэнт Ціхаакіянскай фінансавай карпарацыі ў Лос-Анджэлесе. Ён піша:

«Хацеў бы быць у Вашынгтоне на інаўгурацыі прэзыдэнта. Але калі пачынаеш новы бізнэс, мусіш быць увесь час у офісе. Рады паведаміць, што вынікі прымальныя…»

1932, кастрычнік. Бюлетэнь не надрукаваў аднаго з допісаў Айкера. Джон піша:

«Атрымаў ваш апошні адказ за жнівень 1932-га, падпісаны “рэдактар”. А хто такі рэдактар? Вы ж ня можаце спадзявацца, што нехта напіша аб’ёмісты кавалак ангельскай літаратуры, а потым атрымае адмову ад якога-небудзь будучага рэдактара, які вучыўся некалі ў Гарвардзе ці Ельскім унівэрсытэце й думае, што ведае ангельскую мову. Рабіце як Гандзі — пераначуйце перад адказам, — калі будзеце адказваць увогуле».

Наш найлепшы адказ — зробім як Гандзі й захаваем поўнае маўчаньне.

1933, сьнежань. Прэзыдэнт карпарацыі «Prudential Acceptance» піша, што ня мае навінаў і прыедзе ў Нью-Ёрк толькі калі будзе мець магчымасьць сустрэцца з рэдактарам. Калі ў вас зброя, якой на бойнях прыстрэльваюць коней, сп. Айкер, не марнуйце часу на прыезд. А іначай — будзьце ласкавыя. Вам трэба было б быць больш памяркоўным, бо, калі б мы хацелі сканцэнтраваць агонь на вас, мы б выкінулі й вашыя першыя два допісы.

1937, сьнежань. Джон піша з Лос-Анджэлесу:

«Дагэтуль я лавіў рыбу ў горных рэках Сіера-Нэвады, аднак летась зь сябрамі паехалі на вусьце ракі Керн. Я падумаў, што сёлета добра было б паехаць да вытокаў Керн, напісаў запыт і атрымаў брашуру з тае мясьціны. Некалькі знаных чальцоў асацыяцыі АРА былі сярод сяброў — удзельнікаў паездкі…»

1945, кастрычнік. Джон піша:

«Толькі што вярнуўся з заходняй часткі Ціхага акіяну. Апошняя мая база была ва Ўлітгі, выспы Заходнія Караліны. Тры з паловай дні ляцеў у Сан-Францыска, 6700 міляў, бо захварэла маці, і быў зь ёю тыдзень, да самага канца. Паколькі ў мяне было дастаткова балаў, штаб у Гуаме адпусьціў мяне, і цяпер я звольнены ў запас і жыву ў сваім доме ў Пасадэне. Перад службаю за мяжой служыў у Арызоне, Нью-Ёрку й Каліфорніі. Спадзяюся вярнуцца да мірнага жыцьця…»

1946, сьнежань. Піша з Лос-Анджэлесу:

«Са мной можна зьвязацца праз унівэрсытэцкі клюб. Я пляную сабраць старую гвардыю АРА на абед ці вячэру».

1950, красавік. З Лос-Анджэлесу:

«Ужо год як пакінуў заняткі бізнэсам. Аднак яшчэ даю сабе рады й, раптам нехта са старых сяброў будзе тут узімку, усьцешуся, калі яны мяне адведаюць».

1952, кастрычнік. «Меў магчымасьць гэтым летам тры месяцы падарожнічаць па Эўропе зь сям’ёй. Я ўпершыню ў Эўропе пасьля 1920-х гадоў. Мы наведалі Англію, Шатляндыю й Валію, затым Нарвэгію, Швэцыю, Данію й вярнуліся ў Галяндыю, потым была Бэльгія, затым у Нямеччыне плылі па Рэйне, пасьля адправіліся ў Інсбрук і праз горы ў Італію, дзе правялі некалькі тыдняў. Затым падарожнічалі па поўдні Францыі ды ў Швэйцарыі й перад вяртаньнем дадому наведалі Парыж. Па-за вялікімі гарадамі ўсюды, дзе мы былі, усё выглядала ў парадку. Пара ангельскіх, нямецкіх і італьянскіх гарадоў, зразумела, у дрэнным стане. Я моцна сумняюся, ці насамрэч Эўропе патрэбная нашая дапамога, апроч як адбудаваць разбураныя гарады. Наглыя палітыкі, ясна, іначай глядзяць на гэтую справу».

1953, кастрычнік. «Ужо пару гадоў як я пайшоў на пэнсію, але патроху займаюся рознымі справамі. Думаю правесьці лета ў гарах паблізу ад Лос-Анджэлесу, а за мяжу ня ехаць».

1956, красавік. 2 красавіка 1956 ва ўзросьце 57 гадоў у Каліфорніі памёр Джон Айкер.

Рэйманд Брэнд,
кіраўнік Віцебскай акругі,
жнівень 1922 — чэрвень 1923

1924, красавік. Піша ў газэту «Washington Herald» пад рубрыкай «Людзі, якія думаюць»:

«На жаль, спадар Гувэр прадаў сваю долю ў выданьні, і таму здаю сваю душу сп. Герсту датуль, пакуль бюро АРА не пачне наймаць новых людзей на працу».

Брэнд піша пра Віцебск амаль непрыязна. Гэтаксама й пра мястэчка Сэдалія ў штаце Місуры. Бедная Сэдалія! Брэнд гаворыць, што мае кантракт з газэтай «Christian Science Monitor» на сэрыю нарысаў, але гатовы ўсё кінуць, каб далучыцца да каманды АРА, што корміць галодных у Нямеччыне.

1925, кастрычнік. Пасьля двух гадоў працы ў Вашынгтоне ў якасьці карэспандэнта газэты «Saint Louis Post-Dispatch» выправіўся на павольным караблі наведаць знаёмыя мясьціны ў Оксфардзе й Парыжы, зь якімі ён мае інтымныя стасункі. Калі падарожжа мае на мэце нешта апроч адпачынку, дык мы падазраём, што гэта папаўненьне калекцыі францускай літаратуры й гравюраў.

1926, сьнежань. 11 верасьня ў Балтымары Рэйманд ажаніўся з Адэляй Гарысан.

1931, люты. Як карэспандэнт газэты Сэнт-Луісу, сп. Брэнд, натуральна, больш цікавіцца рэвалюцыямі ў нас, чым у Паўднёвай Амэрыцы.

1934, ліпень.

Анкета бюлетэня АРА: Калі б вы мелі выбар, памятаючы досьвед АРА, што б вы выбралі — вайну, голад, забарону алькаголю, дэпрэсію ці проста рэвалюцыю? — Проста рэвалюцыю.

1935, сакавік. Адзін з нашых найшчырэйшых карэспандэнтаў, якога ў рэдакцыйным артыкуле «Saint Louis Post-Dispatch» называюць «Чалавек навінаў нумар адзін», абраны прэзыдэнтам Нацыянальнага прэс-клюбу ў Вашынгтоне; загадвае там карпунктам «SLPD», ён піша:

«Гаворачы праўду, мушу прызнаць, што больш сымпатызую цяперашняй адміністрацыі Рузвэлта, чым ураду Шэфа».

1936, лістапад. Хаця ўладальнік «SLPD» раней належаў да дэмакратычнай партыі, а цяпер газэта памяняла ўласьніка, Брэнд не мяняе арыентацыю як сланечнік.

1946, студзень. Брэнд мінулае вясны атрымаў першую памятную ўзнагароду імя Рэйманда Клэпэра:

«У год, калі было шмат перашкодаў для свабоднага руху навінаў, ён безупынна, сьвядома й з зайздросным майстэрствам намагаўся даваць праўдзівую й глыбокую справаздачу пра грамадзкія й палітычныя кірункі ў сталіцы».

Прэзэнтацыя адбылася на штогадовай вячэры асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому, на якой прысутнічалі прэзыдэнт Рузвэлт і іншыя ўрадавыя й вайсковыя кіраўнікі.

1965, травень. Супрацоўнік «Saint Louis Post-Dispatch».

Фрэнк Вілі,
лекар Менскай акругі

1923, сьнежань. Ажаніўся з маладой лэдзі зь Менску й інтэнсіўна вывучаў трахому. Гэта адзіныя дзьве падказкі, якія мы маем для пошукавай каманды.

1926, сьнежань. У адным з выпускаў Вілі быў пазначаны як зьніклы бязь вестак. Ягоныя сябры па Менску здолелі прасачыць сьляды да гораду Мэдыны, штат Нью-Ёрк, дзе ён мае мэдынную практыку як оталярынголяг. Ягонай жонцы зь Беларусі ЗША падабаюцца, і яны нарадзілі двух сыноў, каб разам радавацца жыцьцю. Мы афіцыйна адклікаем сыгнал SOS.

Доналд Гардзі,
кіраўнік Менскай акругі,
студзень — кастрычнік 1922

1923, сьнежань. Мы ведаем, чым Доналд Гардзі займаецца, але ня можам сказаць, бо прысягнулі трымаць у сакрэце. Аднак гэта ў межах закону й па-свойму сумленны занятак. Што сапраўды важна — прыбытковы.

1925, кастрычнік. Наколькі мы разумеем, ён займаецца нечым, зьвязаным з рэклямай у фарбавай прамысловасьці. Сёлета быў заўважаны за гульнёй у гольф і плаваньнем. Наведнікі ў ягоным доме заўсёды жаданыя госьці незалежна ад таго, гуляюць яны ў брыдж ці не.

1926, люты. Доналд піша з Гамбургу, з прадстаўніцтва кампаніі «General Motors»:

«У мяне сапраўдная праца й таксама сапраўдныя перашкоды, якія трэба пераадолець. У офісе працуе сорак чалавек і сем у рэгіёнах. Паводле праграмы мы павінны прадаць ад 6 да 8 тысяч аўтамабіляў у 1926 годзе. Кошт жыцьця ў Гамбургу вышэйшы за амэрыканскі, асабліва дарагія ежа й жыльлё. Марка выглядае як і раней, але каштуе толькі чвэрць даляра. Гэта няправільна!»

1928, ліпень. Доналд піша, што патрабаваньні працы ў прадстаўніцтве прывязваюць яго да аднаго месца, але дадае неяк непасьлядоўна, што абавязкі клічуць яго ў падарожжа ў Расею.

1929, люты. Вярнуўся з Эўропы й паведамляе больш дэталяў пра свайго сябра зь Менскай акругі АРА Ралфа Герца, чым мы маглі вычытаць зь лістоў самога лекара Герца цягам месяца, быццам бы ён складаўся з адных нядзеляў.

У 1930-я гады Доналд Гардзі працуе ў «General Motors» і шмат падарожнічае па Цэнтральнай Эўропе й Афрыцы. У 1941 ён вяртаецца ў ЗША.

1941, красавік. «Вельмі добра быць дома. Першае ўражаньне — як шмат усяго: рознай ежы, аўтамабіляў, бэнзіну, дамы з ацяпленьнем і іншыя выгоды жыцьця. Наступнае ўражаньне — мы мала цэнім, разумеем і цікавімся тым, што адбываецца ў Эўропе й сьвеце. Мы няблага інфармаваныя, але маем тэндэнцыю паглыбляцца ў свае мясцовыя інтарэсы й асабістыя справы. На маю думку, трэба было даўно заняць цьвёрдую пазыцыю ў міжнародных справах і вытрымліваць яе да канца. Усё па-вар’яцку пераплялося, і перад тым як стане лепш, будзе горш. Мы ў Штатах атрымаем сваю долю бяды — ці гэта будзе ў выглядзе вайсковай акцыі, ці эканамічнага ціску. Ніхто не заплаціць па нашым рахунку за нас»[91].

1960, красавік. «Я пайшоў на пэнсію 1 студзеня 1959, пасьля трыццаці гадоў працы, фактычна ўвесь час за мяжой. Баюся, прапушчу гэтую сустрэчу АРА, апошняя мне вельмі спадабалася. Дарэчы, я цяпер у Лёндане з нашымі калегамі з АРА Вольгай і Джорджам Гарынгтанамі, так што ўсё зусім гэтаксама, як у старыя часы».

1962, травень. Гарынгтан піша:

«У траўні мы з жонкай захапілі Дона Гардзі й праз Стакгольм і Хэльсынкі выправіліся ў Ленінград, затым у Маскву, на Каўказ, у Крым, Кіеў і адтуль у Вену».

У Менск Гардзі не заяжджаў.

Рэлф Герц,
лекар Менскай акругі

1923, сьнежань. Доктар Герц абвяшчае пра адкрыцьцё сваёй практыкі ў Рочэстэры, штат Мінэсота. Ралф выступіў перад лекарамі ў Рочэстэры зь лекцыяй на тэму «Гувэрызацыя Расеі». Мы заўсёды думалі, што «гувэрызацыя» азначае менш есьці, але мы ўпэўненыя, што нашая мэта ў Расеі была, каб людзі елі больш. Што ж тады азначае «гувэрызацыя Расеі»?

1925, ліпень. Ралф мае прыватную практыку ў Кліўлэндзе, штат Агаё.

1926, сьнежань. Ралф піша:

«Жанімства як паветраны балён: можна прызямліцца на вострую агароджу альбо ў бруд. Але напэўна некуды прызямлісься. Мараль: усё яшчэ халасьцяк».

1928, ліпень. Па-ранейшаму практыкуе хірургію ў Кліўлэндзе. Аўтар пэрліны ў пазамінулым нумары: «Жанімства як паветраны балён: можна прызямліцца на вострую агароджу альбо ў бруд». Апошняя навіна: «Спадарства Бокра абвяшчаюць пра шлюб сваёй дачкі Гізэлы й доктара Ралфа Герца ў нядзелю 25 сьнежня 1927».

1929, люты. Прырода бярэ сваё, і ўсьлед за нашым папярэднім паведамленьнем мы атрымалі наступную навіну ад Ралфа Герца:

«Ралф-малодшы нарадзіўся шаснаццатага! Што за хлопец! Вось яно як! Гэта пэўна вялікае й слаўнае пачуцьцё! Што да мяне, я стараюся разбудаваць практыку, гэта доўгі й сумны занятак, увесь час угору, але даю рады».

1937, сьнежань.

«1. Практыкую хірургію ў Кліўлэндзе, а таксама працую над нехірургічным лячэньнем язвы.

2. Летась быў абраны прэзыдэнтам Паўночна-Цэнтральнага клінічнага таварыства.

3. Шчасьліва жанаты — адзначаю дзясятую гадавіну шлюбу.

4. У якасьці доказу магу выставіць хлопчыка васьмі гадоў і дзяўчынку шасьці гадоў».

1941, студзень. «Займаюся хірургіяй у Кліўлэндзе. Таксама працую над дасьледаваньнем бактэрыцыднага ўзьдзеяньня халодных ультрафіялетавых промняў».

1942, сьнежань. «Мая заява на вайсковую службу ў якасьці лекара адхіленая, і я перажываю. Але я далучыўся да Кліўлэнд Грэйз, найстарэйшай вайсковай арганізацыі ў Агаё. Я таксама лекар акруговай прызыўной камісіі й такім чынам раблю свой унёсак у нашыя вайсковыя высілкі».

1944, студзень. «Хірург на абарончым заводзе, а таксама лекар у прызыўной камісіі, плюс прыватная практыка. Па-ранейшаму жанаты, хаджу ў Першую эвангеліцкую царкву й палюю на качак у вольны час, якога няма».

1945, студзень. «Практыкую хірургію. Таксама працую хірургам на двух абарончых заводах. Выкладаю ў нядзельнай царкоўнай школе. Кліўлэндзкія вэтэраны-мэдыкі ўключаныя ў склад міліцыі. Для адпачынку перарабіў човен у схованку для паляваньня на качак і спадзяюся на добрае паляваньне, калі надвор’е стане такім самым суворым, як у Расеі».

1946, сьнежань. «Шкада, што не змагу прыехаць на сустрэчу АРА. Учора Ралф-малодшы пайшоў на заняткі ва ўнівэрсытэт. Што да мяне: выступаў на хірургічнай сэкцыі Амэрыканскай мэдычнай асацыяцыі ў Сан-Францыска, маю запросіны выступіць у Вашынгтоне перад таварыствам рэўматолягаў і на сустрэчы Міжнароднага коледжу хірургаў у Дэтройце. Я буду паказваць свой фільм “Запаленьне падскурнага тлушчу як прычына (Ад рэдакцыі: Ралф, пішы друкаванымі літарамі гэтыя чортавы мэдычныя тэрміны!) болю ў крыжы”. Надалей выкладаю ў нядзельнай царкоўнай школе».

1949, студзень. «Ці я пісаў, што мяне абралі старшынём царкоўнае рады? Так, я быў старшынём тры гады. А ў студзені мяне абралі прэзыдэнтам клінічнага штату шпіталю Гленвіл. Нядаўна напісаў артыкул пра ішыяс (нэўральгія сядальнай нэрвы), які прыняў часопіс “Хірургія”».

1952, красавік. Наш вядучы кліўлэндзкі хірург і настаўнік царкоўнай школы пераехаў у Флорыду:

«Перабраўся ў краіну сонца каля году таму з прычыны здароўя. На апошняй сустрэчы Коледжу хірургаў быў уганараваны званьнем сэртыфікаванага “Сябра хірургіі”».

1952, красавік. Піша з Флорыды:

«Жонка й я цешыліся з 360 сонечных дзён летась. Практыка хірургіі ня надта цяжкая, і маю час на сур’ёзную рыбалку. Летась аднойчы я амаль перавысіў рэкорд Шэфа ў касьцяной рыбе. Так, яна сарвалася. Тая, што я злавіў, важыла толькі 7 фунтаў 6 унцыяў, так што прыяжджайце ў Флорыду, атрымаеце задавальненьне ад выдатнай рыбалкі й пагрэеце старыя суставы».

1953, кастрычнік. «Я ўпарадку, дачка сканчае ўнівэрсытэт у Флорыдзе. Сын абароніць дысэртацыю ў наступным месяцы ва ўнівэрсытэце — маёй альма-матэр. Ці можа ён наведаць сустрэчу АРА як мая замена (Ад рэдакцыі: Чаму не?)? Я ўзяў на сябе абавязкі кансультанта грамадзкае службы здароўя ў мястэчку Кі-Ўэст».

1957, красавік. «Па-ранейшаму апэрую, працую ў грамадзкай службе здароўя й зьяўляюся кансультантам нацыянальнай службы карантыну. Апроч таго, я хірург у футбольнай камандзе школы Кі-Ўэст — і праца з моладзьдзю робіць мяне маладым. Футбол тут сапраўды сур’ёзнае пакліканьне для моладзі, і яны гуляюць да канца. Мая сям’я вырасла: сын дэмабілізаваўся з ваенна-паветраных сілаў у чыне капітана, дачка выйшла замуж і жыве ў Нью-Ёрку. Яе муж працуе на тэлебачаньні. Рыбалка ў Кі-Ўэст па-ранейшаму выдатная, а клімат проста падарунак нябёсаў».

1959, чэрвень. «Папраўляюся пасьля апэрацыі. Вярнуўся на працу як у грамадзкую службу здароўя, гэтак і ў прыватную практыку. Пляную браць удзел у зьезьдзе Міжнароднага коледжу хірургаў, дзе я паўнапраўны сябра. Мой сын Ралф-малодшы ўжо тры гады працуе лекарам у Нью-Ёрку, на год ад’яжджае вывучаць эндакрыналёгію ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт. Дачка Сюзі, цяпер спадарыня Голанд, атрымала стыпэндыю саюзу каапэратараў, мой пляменьнік удзельнічае ў мыльнай опэры “Як сьвет круціцца”. І пакуль сьвет круціцца, “комі”[92] робяць усё, што могуць, каб нас паступова зьнішчыць. Спадзяюся, яны зьвернуць увагу на пасланьне прэзыдэнта Эйзэнгаўэра праз спадарожнік: “Мір на зямлі, добрая воля паўсюдна”.

1965, травень. «Мой найпрыемнейшы ўспамін пра Шэфа падчас цырымоніі інаўгурацыі. Калі мая жонка й я былі рэкамэндаваныя як араміты, ён усьміхнуўся, і мы адчулі сябе як дома! Я па-ранейшаму працую ў гарадзкой службе здароўя Кі-Ўэсту. Жонка памерла ў 1955, і я больш не жаніўся. Мой сын Ралф працуе ў Францускім шпіталі Нью-Ёрку й выкладае мэдыцыну ў Калюмбійскім унівэрсытэце».

Доналд Ліндсэй,
Віцебская акруга

1923, сьнежань. Быў у Буфала, апошні раз бачылі яго сярод вялікага войска паляўнічых. Зь ім справа сур’ёзная, бо ўжо ёсьць спадарыня Ліндсэй — з Парыжу.

1925, ліпень. Інспэктар збожжа й перавозак кампаніі «Fidelity», Буфала, Нью-Ёрк.

1930, люты. Танаванда, штат Нью-Ёрк.

«Як сябру амэрыканскай мытнай памежнай службы, мне прыемна зноў працаваць пад кіраўніцтвам нашага Шэфа, асабліва ў важнай і цяжкай справе забароны алькаголю, якая перад ім стаіць. Як мытны службовец, не магу падтрымаць ідэю праводзіць наступную сустрэчу АРА на Ніягарскім вадаспадзе. Бо тады нам давялося б сканцэнтраваць усіх мытнікаў там, каб ахоўваць мяжу».

Джон Мэйтланд,
кіраўнік Гомельскай акругі,
люты 1922 — чэрвень 1923

1923 год, сьнежань. Адрас: Кручэўская, 11, Гомель. Яшчэ адзін аптыміст, хаця ён уклаў ня грошы, а толькі самога сябе. Калі АРА была зьліквідаваная, Губсаюз ухапіўся за Мэйтланда, і цяпер ён дапамагае адбудоўваць Гомель. У Мэйтланда павінна быць флегматычная ўчэпістасьць кокні[93], якога ня выкурыць з акопу, альбо ён церпіць ад нейкага суму, і толькі пакутніцтва можа яго аблегчыць.

(Пазьней: ён выехаў — за мінусам таго, што ён прывёз.)

Г'ю Рамсэй,
Гомельская акруга

1923, сьнежань. Г’ю Рамсэй прывёз дахаты спадарыню Рамсэй з Гомелю. Ён не выходзіў на сувязь — верагодна, мае працу.

1925, кастрычнік. Ягоны паштовы адрас — Амэрыканскі легіён, Парыж. Рамсэй адзін зь нямногіх, хто вяртаўся ў Расею й наведаў Маскву, Гомель і іншыя месцы. Але гэта было летась.

1926, люты. Рамсэй піша:

«Я атрымаў бюлетэнь АРА й прачытаў ад дошкі да дошкі».

Мы любім атрымліваць такія лісты. Рамсэй займаецца рэклямай у Вашынгтоне.

1926, сьнежань. «1 кастрычніка я меў надзвычайнае задавальненьне — прынёс прысягу як прафэсійны віцэ-консул Злучаных Штатаў. Сустрэўся зь дзяржаўным сакратаром ЗША, абедаў разам зь сябрамі Асацыяцыі міністэрства замежных справаў і пачаў падрыхтоўчы курс у Дзярждэпартамэнце».

1929, люты. Працуе ў амэрыканскім кансулаце ў Штутгарце, Нямеччына.

1932, кастрычнік. Пасьля амаль трох гадоў у Цюрыху атрымаў прызначэньне на пасаду віцэ-консула ў Мюнхэне.

1965, травень. Працуе амэрыканскім консулам на Бэрмудах.

Сэдрык Сьміт,
Менская акруга

1923, сьнежань. Вось чалавек, які можа зарабіць на жыцьцё дзякуючы сваёй унівэрсытэцкай адукацыі. Ён гуляе ў прафэсійнай футбольнай камандзе й вельмі добра зарабляе. Цяпер пакутуе на пералом лучка[94].

1929, люты. Піша, што жыве ў Пітсбургу, штат Пэнсыльванія.

Чарлз Ўілабі,
кіраўнік Менскай акругі,
кастрычнік 1922 — чэрвень 1923

1923, лістапад. Ўілабі цяпер выдавец, раней спэцыялізаваўся ў газэтнай рэкляме. Ўілабі кажа, што ня хоча працаваць. Цяпер ён купіў газэту ў Луізіяне ці Місысыпі, ці ў нейкім іншым штаце, дзе ня надта ўлягаюць і пераймаюцца. Мяркуючы паводле велічыні места, працы будзе няшмат.

1925, кастрычнік. Выканаўчы рэдактар сеткі газэт у паўднёвым Місысыпі. Ад лістапада 1923 Ўілабі ў Гетысборгу й будзе заставацца там, «бо Місысыпі апярэдзіць эканамічна Флорыду да канца наступнага году».

1926, сьнежань. Прысьвячае вольны час выхаваньню расейскіх ваўкарэзаў, адзін зь якіх заваяваў тры прызы на выставе сабак у Новым Арлеане й на кірмашы ў Тэнэсі[95].

1927, кастрычнік. Чарлз Ўілабі, былы кіраўнік Менскай акругі АРА, памёр 20 чэрвеня ў шпіталі ў Новым Арлеане пасьля кароткай хваробы. Сп. Ўілабі працаваў 18 месяцаў у Маскве, Адэсе й Самары перад тым, як узначаліць працу ў Менску. Яму было 43 гады. У сп. Ўілабі было шырокае кола знаёмых сярод пэрсаналу АРА, і яны глыбока засмучаныя весткай пра ягоную сьмерць. Пахаваньне праходзіла ў родным месьце Ўілабі Джоўзьвілі.

Джордж Шрэмэл,
Менская акруга

…Ліст прыйшоў электроннай поштай на маё імя ў Гувэраўскім інстытуце — і прозьвішча ў зваротным адрасе належала супрацоўніку Менскай акругі АРА: Шрэмэл. Толькі ініцыялы розьніліся: таго Шрэмэла, які працаваў у Беларусі, звалі Джордж. У электронным адрасе першая літара была R:


Шаноўны сэр!

Мяне завуць Робэрт Шрэмэл, я першы сын Гордана Шрэмэла. Ён папрасіў напісаць вам у справе вашага ліста, дзе вы цікавіліся гісторыяй маіх дзеда й бабулі. Мой бацька прасіў перадаць, што ён і ягоны брат Доналд гатовыя дапамагчы вам чым толькі можна. Яны вельмі цікавяцца, якую інфармацыю вы маеце пра час, калі іхныя бацькі працавалі ў Менску.


…Джордж Шрэмэл працаваў у Менску ад студзеня да жніўня 1922. З архіўных дакумэнтаў я ведаў, што ўвосень ён захварэў і выехаў лекавацца ў Бэрлін. У Беларусі засталася спадарыня Шрэмэл — менская дзяўчына, зь якой сакратар акругі зарэгістраваў шлюб. Бюлетэнь АРА зьмяшчаў даволі шмат зьвестак пра Джорджа Шрэмэла.


1923, сьнежань. Амэрыканская амбасада ў Парыжы паслала Шрэмэла ў якасьці аташэ пры спэцыяльнай місіі Злучаных Штатаў у Лязане на мірнай канфэрэнцыі па Блізкім Ўсходзе. Ён працаваў зь місіяй тры месяцы, яшчэ тры месяцы езьдзіў па Нямеччыне й вярнуўся дахаты.

1925, ліпень. Шчасьліва жыве ў Мілўокі як галіновы аўдытар вытворчасьці, якая робіць Мілўокі знакамітым (бровары). Спадарыня Шрэмэл, якую многія памятаюць з працы АРА ў Менску, таксама шчасьліва жыве ў Мілўокі.

1929, люты. «Я па-ранейшаму бугальтар у кампаніі напояў, як і пяць папярэдніх гадоў. У мяне яшчэ адзін сын, Гордан, і многія ведалі ягоную маці, якая паходзіць зь Менску. Я й сям’я ў найлепшым здароўі».

1930, ліпень. Шрэмэл хоча зьвязацца з доктарам Вілі зь Менску, з Мэйтландам з Гомелю й ягоным сакратаром Рамсэем.


…Унук Джорджа Шрэмэла Робэрт прыслаў мне тэлефонны нумар свайго бацькі. Я пазваніў у мястэчка Ўэст-Алес у штат Вісконсін Гордану Шрэмэлу:


Мой бацька пазнаёміўся з маёй маці ў Менску, калі працаваў там у АРА. Яе дзявочае імя — Ганна Пылкоўская. Яна нарадзілася ў 1900 годзе, бацька быў на пяць гадоў старэйшы. Я нарадзіўся ў Амэрыцы, у 1926 годзе, мой брат Доналд — у 1928. Маці гаварыла па-польску, па-расейску й яшчэ на нейкай мове. Што яшчэ — яна была праваслаўная, бацька — каталік. У Амэрыцы яны пайшлі да царквы, каб яшчэ раз узяць шлюб. Бацьку падабаліся прыгожыя жанчыны. У маці былі глыбокія чорныя вочы, яна вельмі любіла музыку, любіла, каб навокал было весела.


…У сямейным архіве захоўваецца пашпарт АРА, які меў Джордж Шрэмэл, перапіска, фатаздымкі. Гордан Шрэмэл паабяцаў зрабіць копіі й прыслаць мне, а я паслаў яму зьвесткі пра ягонага бацьку, якія адшукаліся ў архіве.


1932, кастрычнік. «Файна выплываю ў гэтыя часы, што завуцца дэпрэсіяй. Насамрэч я больш заняты й працаваў летась як ніколі раней. Інакш кажучы, мой прыемны 8-гадзінны працоўны дзень ператварыўся ў 12 гадзінаў напружанай працы. Удалося падвоіць леташні гадавы даход і ўтрымацца ад небясьпекі патрапіць у чырвоную зону. Мая цудоўная кватэра-бунгала з мноствам розных ультрамадэрных выгодаў дабудаваная, і мы ўехалі туды разам з хлопцамі. Во! — як нам падабаецца! Адчуваю сябе падцягнутым як скрыпка й сьвежым як рамонак — і гэтаксама мая сям’я. Цяпер, як я ўладкаваўся, зьдзімаю пену з халоднага куфля цудоўнага піва «шліц» — на здароўе!»

1944, студзень. Ліст на блянку з выявай канарэйкі й тытулам «Зарэгістраваны настаўнік сьпеваў» і пячаткай.

«Пайшоў мой дваццаты год бугальтара ў бровары, і кожны раз у дзень заробку я падзяляю яго на дзьве часткі — на ваенны заём і на падаткі, але заўсёды неяк даю рады. Чыстапародныя сьпеўныя канарэйкі — маё хобі. Найлепшыя пажаданьні ўсім арамітам Менскага рэгіёну — д’ябальскае месца быць там цяпер»[96].

1949, студзень. «Адна з найвялікшых падзеяў майго жыцьця — набліжэньне 25-й гадавіны шлюбу з маленькай дзяўчынай, якую я сустрэў у Менску. Мы плянуем адправіцца ў працяглае падарожжа па ціхаакіянскім узьбярэжжы наступнай восеньню. Таксама ў жніўні будзе 25 гадоў маёй працы бугальтара ў бровары. У мяне двое дарослых сыноў, абодва высокія й прыгожыя, старэйшы вучыцца ў коледжы. Маё хобі — сівагракі. За апошнія 25 гадоў я таксама ўведаў больш чым звычайна пра сьпевы сівагракаў, і цяпер я сэртыфікаваны судзьдзя Асацыяцыі канарэйкавых судзьдзяў і лічуся адным з найлепшых міжнародных судзьдзяў сівагракаў. Хобі несапраўднае, калі вы ня ёсьць ягоным нявольнікам, — ці ня так?»


…Тэлефонная размова з сынам Джорджа Шрэмэла Горданам нагадала, што сьвет ня такі ўжо вялікі й падзеі аднаго лёсу часам рэхам гучаць у іншым:


У нашай сям’і зь Беларусьсю зьвязана яшчэ адна гісторыя. Мой брат Доналд таксама ажаніўся зь дзяўчынай зь Менску — ужо пасьля вайны. Гэта быў трагічны шлюб — яна была ў канцлягеры, і гэта яе прыгнятала. Яна скончыла самагубствам.


…Нягледзячы на ўдары лёсу, супрацоўнік беларускай акругі АРА Джордж Шрэмэл і ягоная менская жонка не гублялі аптымізму. Ён пісаў у бюлетэнь АРА:

1959, красавік. «Усё ў парадку, здароўе добрае — мне падабаецца цяжкая праца. Мінулым летам правялі адзін месяц на ціхаакіянскім узьбярэжжы, у Сан-Францыска й Оклэндзе, і падарожнічалі па ваколіцах. Найлепшыя пажаданьні ўсім зь менскага штабу АРА».

1965, травень. Вось чалавек, які ня пойдзе на пэнсію зусім, калі зможа:

«Ва ўзросьце 65 гадоў пайшоў на пэнсію з бровару, здаў экзамэн і апошнія пяць гадоў працую ў фінансавым аддзеле муніцыпалітэту Мілўокі. Цяпер я набліжаюся да 70, і зноў перада мной абавязковая пэнсія. Шкада, бо я надзвычай актыўны й фізычна ў добрай форме. Маю энэргіі й амбіцыяў гэтулькі, што будзе цяжка запаволіцца пасьля сапраўднага выхаду на пэнсію. Некалькі гадоў займаюся фатаграфіяй, на апаратуры вялікага фармату, і стаў сябрам фатаграфічнага таварыства Амэрыкі. Я ўпэўнены, што іншыя сябры АРА шкадуюць разам са мной з нагоды спыненьня выхаду бюлетэня АРА».


…Ганна Пылкоўская, менская жонка Джорджа Шрэмэла, памерла ў 1974 годзе. Сам араміт Джордж Шрэмэл перажыў яе амаль на пятнаццаць гадоў — ён памёр у 1988 годзе ва ўзросьце 93 гадоў.

х х х

Зьвесткі, зафіксаваныя ў бюлетэні АРА, розьняцца й аб’ёмам, і частатой зьяўленьня, і ахопам часу. Прозьвішчы двух супрацоўнікаў Віцебскай акругі, Эдварда Рэмі й Джона Макмілана, увогуле ня згадваюцца. Загадкай застаецца праца Джона Мэйтланда ў Гомелі. Чаму? Хацеў дапамагчы новаму будаўніцтву, не хацеў адразу вяртацца ў Амэрыку, ці была там якая-небудзь рамантычная гісторыя?.. Якіх дзяцей усынавіла ў Менску спадарства Ўілабі?.. Дзе цяпер нашчадкі менскай дзяўчыны, якая выйшла замуж за лекара Вілі?.. Як склаўся лёс гомельскай жонкі дыплямата Рамсэя?..

Многія падрабязнасьці беларускага пэрыяду АРА схаваныя ў мясцовых архівах, дагэтуль зачыненых для дасьледнікаў. Не адшукаліся пакуль усе нашчадкі беларуска-амэрыканскіх сем’яў.

Хто ведае, калі-небудзь і яны змогуць наведаць Беларусь, дзе пачыналася гісторыя іхных сем’яў — і ім будзе чым ганарыцца.

31 Забыты подзьвіг: будзе праспэкт АРА й пляц Гувэра


Абдымкі па-беларуску. — Кароткая ўдзячнасьць. — Дывэрсія пад сьцягам АРА. — Чэкісцкая творчасьць. — Аняменьне акадэмікаў. — Тоны, даляры, працэнты. — Недапісаная энцыкляпэдыя


Бабулька з палескай вёскі, якая прыйшла ў склад АРА па харчовую пасылку, не магла паверыць, што нічога ня трэба плаціць. Недаверліва выслухаўшы тлумачэньні амэрыканцаў, яна пакорпалася ў сваёй вопратцы, асьцярожна выцягнула адно за адным тры курыныя яйкі й пакаціла іх па стале. Гаралд Фішэр, афіцыйны гісторык АРА, прыводзіць гэты эпізод у сваёй кнізе «Голад у савецкай Расеі». Ён зазначае, што ўдзячнасьць, якую беларускія атрымальнікі дапамогі ўзносілі Богу й АРА, нават замінала:


Вялікая група асобаў, якія, укленчыўшы, узносяць малітву ўдзячнасьці ў памяшканьні, перапоўненым наведнікамі, звычайна ўскладняла справы, а спробы ўдзячных людзей абдымаць супрацоўнікаў і кладаўшчыкоў перашкаджалі працы, нават калі ўлічыць, што ў гэтай краіне абдымаюцца значна часьцей, чым у Амэрыцы.


Афіцыйныя абдымкі з амэрыканцамі, аднак, не заахвочваліся. Зьвесткі пра АРА ў савецкіх энцыкляпэдыях зьявіліся ў 1926 годзе. Першая савецкая энцыкляпэдыя пад рэдакцыяй яшчэ не расстраляных камуністычных правадыроў Бухарына, Ларына, Радэка зьмясьціла вялікі, на ўсю старонку інфармацыйны артыкул пра дзейнасьць АРА — з падрабязнай статыстыкай, коштамі, відамі дапамогі, калярыйнасьцю рацыёнаў. 10 мільёнаў чалавек адначасова харчавалі амэрыканцы ў пік апэрацыяў.

Гэта была першая й апошняя ў XX стагодзьдзі энцыкляпэдычная публікацыя пра АРА, дзе прыводзіліся факты. Праз два гады выйшла Малая савецкая энцыкляпэдыя. Артыкул «АРА» пачынаўся кароткай канстатацыяй:


У Савецкай Расеі АРА працавала падчас голаду 1921. Дапамога, якую аказвала АРА, складалася з забесьпячэньня харчам, мэдыкамэнтамі й прадметамі першай неабходнасьці (гл. Голад)[97].


Затым ішло тлумачэньне:


Пад выглядам дабрачыннасьці АРА мела магчымасьць, разам з тым, садзейнічаць аслабленьню ў Амэрыцы крызісу збыту тавараў, якія былі нарыхтаваныя ў велізарных памерах для патрэбаў імпэрыялістычнай вайны.


Арыгінальная тэза пра дапамогу амэрыканцаў самім сабе будзе паўтарацца ва ўсіх наступных энцыкляпэдыях і кнігах да канца XX ст.

Другое выданьне Вялікай савецкай энцыкляпэдыі выйшла ў 1950 годзе — у ім АРА ператварылася ў палітычную арганізацыю для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, вядзеньня выведкі, дапамогі белагвардзейцам. У энцыкляпэдычным артыкуле няма ані слова пра дапамогу галодным, затое шмат словаў пра шпіёнска-падрыўныя контрарэвалюцыйныя дзеяньні АРА й пра рашучы пратэст шырокіх масаў працоўных.

Энцыкляпэдыі, якія выходзілі ў СССР у 1960–1970 гады, за часам Хрушчова й Брэжнева, паўтаралі высновы пра варожую дзейнасьць АРА. Пры Андропаве ратаваньне галодных было канчаткова перакваліфікаванае ў шпіёнска-дывэрсійную акцыю. У 1985 годзе выдавецтва «Политиздат» выпусьціла кнігу Аляксандра Палякова «Диверсия под флагом помощи». У анатацыі гаворыцца:


Аўтар гэтай мастацка-дакумэнтальнай кнігі — былы чэкіст. Ён расказвае пра тое, як пад кіраўніцтвам ленінскай партыі органы ВЧК-ГПУ змагаліся са спробамі выкарыстаць у 20-я гады Амэрыканскую адміністрацыю дапамогі Расеі, якая галадала, для падрыўной дзейнасьці супраць маладой Рэспублікі Саветаў. Кніга заснаваная на малавядомых архіўных матэрыялах і на асабістых уражаньнях аўтара — удзельніка многіх падзеяў, апісаных у аповесьці.


Разьдзел «Заходні бар’ер» мае падзагаловак «Санітарны кардон» і прысьвечаны Беларусі. «Заходняя мяжа Расеі павінна быць у агні!» — такую задачу кіраўнік АРА палкоўнік Гаскел ставіць перад новым рэзыдэнтам Барысавым, якога пасылае ў Менск:


Мэта АРА — распаўсюдзіць свой уплыў на памежную зону. Мы павінны, першае — забясьпечыць харчаваньнем і мэдыкамэнтамі паўстанцкія атрады, якія там дзейнічаюць, другое — знаходзіць і забясьпечваць харчаваньнем усе нацыянальныя мясцовыя групы: беларусаў, палякаў, габрэяў, якія актыўна дзейнічаюць супраць бальшавізму; і трэцяе — што асабліва важна — стымуляваць мясцовых рамесьнікаў, гандляроў і сялянаў на выступы супраць Савецкай улады з тым, каб яны перарасьлі ў шырокае паўстаньне, якое ахопіць усю памежную зону.


Рэзыдэнт, які насамрэч зьяўляецца гераічным супрацоўнікам ЧК-ГПУ, нагадвае, што ў Беларусі ўжо ёсьць дасьведчанае амэрыканскае кіраўніцтва. Гаскел тлумачыць:


Скажу вам шчыра, пане Барысаў, у акруговай управе АРА ў Менску склалася нездаровая абстаноўка. Капітан Ўілабі — гультай і п’яніца, аднак замяніць яго пакуль няма кім. Я сам зьбіраўся выехаць туды й навесьці парадак. Але ўчора мяне выклікалі ў Наркамат замежных справаў і папярэдзілі, што, паводле іхных зьвестак, АРА займаецца варожай дзейнасьцю, і калі я, дырэктар, гэтага не спыню, дык буду абвешчаны пэрсонай нон грэта… Я пасылаю вас сваёй даверанай асобай, будзеце зьвязвацца са мной шыфрам па тэлеграфе.


Тэлеграфная лінія паміж Менскам і Масквой у аповесьці былога чэкіста запрацавала з павялічанай нагрузкай:


Шыфратэлеграма № 1: Гары Доналд сапраўды быў каштоўным кіраўніком, за кароткі час стварыў шмат пунктаў харчаваньня ў зоне дзеяньня паўстанцкіх атрадаў. Зьвязаўся з камандзірамі атрадаў, скардзяцца на Ўілабі, зьменшыў паставы харчаваньня. Праверыў — высьветлілася, што пасылкі спэцпрызначэньня збываюцца набок у абмен на каштоўнасьці.


Шыфратэлеграма № 4: Доктар Герц зьвязаў мяне ў Менску з падпольнай меншавіцкай арганізацыяй. Аказалася, гэта група гультаёў і дэмагогаў. Грызуцца з-за паек АРА. Ухіляюся ад далейшых сустрэчаў зь імі. Непазьбежна праваляць сябе й нас.


Шыфратэлеграма № 7: Ўілабі набыў у менскіх сіяністаў унікальнае калье, засыпанае дыямэнтамі. Мае гістарычную каштоўнасьць. Захоплена пры адступленьні Напалеона. Мною прапанавана Ўілабі калье адправіць вам. Сьцеражыцеся падробкі.


Шыфратэлеграма № 8: Вельмі важна. Доктар Герц атрымаў зьвесткі пра плянаванае закрыцьцё пунктаў АРА ў Беларусі. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад капітана Штольца прысылкі яму дзесяці ампулаў халерных вібрыёнаў, маючы на мэце ўжыць іх пры закрыцьці АРА. Я катэгарычна забараніў, халера можа перакінуцца ў Польшчу й далей углыб Эўропы. Прыбярыце Герца, ён у п’яным чадзе пойдзе на прамы правал.


Завяршае «беларускі» разьдзел шыфратэлеграма Ўілабі Гаскелу:


Упаўнаважаны АРА Барысаў бясьсьледна зьнік, верагодна, загінуў пры сутычцы паўстанцкага атраду з савецкімі вайсковымі часткамі. Атрад разгромлены. Мясцовая адміністрацыя выставіла ўльтыматум: зьліквідаваць акруговую ўправу АРА.


Наклад мастацка-дакумэнтальнага твору — 300 тысяч асобнікаў.


У 1920-я гады ў Амэрыцы Гербэрт Гувэр чуў крытыку з другога боку — быццам амэрыканская падтрымка галодных праз АРА дапамагла бальшавікам выжыць і ўтрымаць уладу. АРА абвінавачвалі ў празьмернай спагадзе да саветаў, радыкальныя палітычныя й эмігранцкія арганізацыі ў друку спрабавалі скампрамэтаваць былых супрацоўнікаў, якія быццам мелі пракамуністычныя настроі. Аднак такі погляд не пашырыўся. Пераважылі маральны, агульначалавечы аспэкт ратаваньня людзей ад голаду й рэпутацыя Гувэра як самага цьвёрдага антыкамуніста ў амэрыканскім урадзе.


У Беларусі пра АРА ня згадвалі. 12-тамовая Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году й 4-тамовая Кароткая энцыкляпэдыя 1978 году АРА ігнаруюць. Праз тры чвэрці стагодзьдзя пасьля ад’езду амэрыканцаў зь Менску, Віцебску й Гомелю, у 1996 годзе ў незалежнай Беларусі выйдзе новая энцыкляпэдыя з артыкулам «АРА». У ім будзе згадвацца дзейнасьць амэрыканскай адміністрацыі дапамогі ў Вугоршчыне, Румыніі й Баўгарыі, Паволжы і Ўкраіне.

Беларусі ў артыкуле ня будзе. XX стагодзьдзе для АРА ў Беларусі завершыцца зьнямелым маўчаньнем акадэмічнай нацыянальнай гістарыяграфіі.


Праца над гэтай кнігай пачалася восеньню 2000 году, калі я выпадкова пабачыў сваё прозьвішча ў лістох зь Беларусі Гербэрту Гувэру. Тады ж, у сэрыі перадачаў «Лісты з Каліфорніі», якую я вёў з Гувэраўскага інстытуту, на Радыё Свабода ўпершыню прагучалі згадкі пра дзейнасьць АРА ў Менску, Віцебску, Гомелі. Але грунтоўнае дасьледаваньне патрабавала нашмат больш часу. Гэтак званы «расейскі» архіў АРА ў Каліфорніі складаецца з 555 скрынак, у кожнай некалькі сотняў старонак машынапіснага тэксту — службовая перапіска, загады, справаздачы, тэлеграмы, фінансавыя дакумэнты, пераклады мясцовага друку… Асобна захоўваюцца нефарматныя матэрыялы й ілюстрацыі.

Апроч таго, у калекцыі Гувэраўскага інстытуту адсутнічала адна надзвычай важная рэч — дакумэнты другога боку: савецкія архіўныя матэрыялы, публікацыі мясцовага пэрыядычнага друку. Іх трэба было шукаць у Беларусі.

Два гады пасьля вяртаньня з Каліфорніі пайшлі на гэтую працу. У сакавіку 2003 у эфір выйшла першая перадача цыклю «АРА ў Беларусі. 1922–1923. Невядомыя старонкі амэрыканскай дапамогі». На працягу чатырох месяцаў слухачы маглі пазнаёміцца з гісторыяй амэрыканскай дапамогі, якая ратавала жыцьці й здароўе сотняў тысяч жыхароў краіны. Апошняя, трыццатая перадача прагучала ў чэрвені й прыпала на 85-я ўгодкі завяршэньня апэрацыяў АРА ў Беларусі. У апошнім выпуску ўзяў удзел унук Гербэрта Гувэра.

Напачатку 2004 году ў Менску выйшаў з друку 6 том (кніга ІІ) Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (ЭГБ). Там упершыню зьявіўся артыкул, прысьвечаны ААД — так у выданьні скарочана называецца Амэрыканская адміністрацыя дапамогі. Падрабязны, пабудаваны на фактах нарыс аднаўляе гістарычную справядлівасьць і ўпершыню аддае належнае ролі АРА ў Беларусі.

Удакладненьня патрабуюць хіба лічбы дапамогі. Аўтар энцыкляпэдычнага артыкула Ўладзімер Снапкоўскі, даючы агулам карэктную панараму дзейнасьці АРА, грунтуе яе на працы Алесі Кіпель «Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) у Беларусі», апублікаванай у ЗША ў 1978 годзе. Аўтар двойчы піша, што сума дапамогі савецкім рэспублікам ў 1919–1924 гадох склала 63 мільёны даляраў і Беларусь атрымала 4,5 % гэтай дапамогі. (Так у А. Кіпель, на якую спасылаецца ЭГБ.)

Алеся Кіпель, у сваю чаргу, бярэ гэтыя лічбы з кнігі амэрыканскіх статыстыкаў Франка Сэрфэйса й Рэйманда Блэнда «Амэрыканскі харч ва ўсясьветнай вайне і ў пэрыяд рэканструкцыі». Гэтая праца прысьвечаная ўсёй дапамозе, ажыцьцёўленай пад кіраўніцтвам Гувэра ў 1914–1924. Гэтае дзесяцігодзьдзе падзеленае ў кнізе на чатыры пэрыяды, у рамках якіх і разьмеркаваныя падрабязныя статыстычныя зьвесткі. Апошні разьдзел «Пэрыяд рэканструкцыі» ахоплівае 1919–1924. Сюды, апроч іншага, уключана й дапамога Расеі — савецкім рэспублікам.

Задачы дасьледаваньня дзейнасьці АРА ў Беларусі патрабуюць вылучэньня двух асобных статыстычных масіваў. Першы — дапамога насельніцтву Беларусі, якое знаходзілася ў складзе Польшчы ў 1919–1922 гадох, і другі — дапамога насельніцтву Беларусі на падсавецкіх тэрыторыях ў 1922–1923 гадох.

Паводле падлікаў аўтара гэтых радкоў, на падставе аналізу зводных дакумэнтаў складавых апэрацыяў, ад траўня 1920 па красавік 1922 польская АРА разьмеркавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 670 тысяч даляраў, а таксама вопратку: 150 тысяч 318 паліто, 133 тысячы 759 пар чаравікаў і 137 тысяч 522 пары панчохаў на суму каля 900 тысяч даляраў.

Што тычыцца другога пэрыяду, варта адзначыць, што праца АРА з савецкім урадам з нагоды голаду ў Паволжы пачалася не ў 1919 годзе, а ў верасьні 1921, пасьля падпісаньня пагадненьня ў Рызе, і завершылася ў чэрвені 1923. За гэты час на савецкія тэрыторыі было дастаўлена 741 тысяча 572 тоны 669 кіляграмаў дапамогі на суму 63 мільёны 174 тысячы 848 даляраў[98].

Тры беларускія акругі дзейнічалі ад студзеня 1922 да чэрвеня 1923 і, паводле Сэрфэйса й Блэнда, атрымалі 14 тысяч 440 тон 283 кіляграмаў дапамогі на суму 2 мільёны 732 тысячы 77 даляраў, альбо 4,3 %. Але для падліку беларускай долі патрабуецца мець на ўвазе істотныя аб’ёмы дапамогі, якіх амэрыканскія статыстыкі ня здолелі разьнесьці па акругах і падаюць асобнымі радкамі. Калі іх вынесьці за дужкі ці зыходзіць з раўнамернага разьмеркаваньня ва ўсіх акругах, беларуская частка складзе 5 %.

Вядома, лічбамі цяжка вымерыць нават тое, што лічбамі вымяраецца. Яшчэ да выхаду ЭГБ я зрабіў свой накід тэксту для энцыкляпэдыі свабоднай Беларусі:


Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) — гуманітарная арганізацыя ЗША, створаная 24 лютага 1919 пастановай прэзыдэнта Вудра Ўілсана, ад 1 жніўня заснаваная наноў як прыватная дабрачынная арганізацыя, ініцыятар і кіраўнік Гербэрт Гувэр; дзейнічала да 1923 у эўрапейскіх краінах, што пацярпелі ў першую ўсясьветную вайну й ад камуністычнага перавароту. Аказала найбольшую ў XX стагодзьдзі харчовую, мэдычную й інш. дапамогу насельніцтву Беларусі.

У 1919–1922 на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь (пад польскім кіраваньнем) працавала бюро дзіцячай дапамогі ў Менску, рэгіянальны офіс АРА ў Берасьці, акруговыя камітэты ў Ашмянах, Багданаве, Баранавічах, Бераставіцы, Ваўкавыску, Вялейцы, Горадні, Кобрыні, Лідзе, Наваградку, Нясьвіжы, Пінску, Пружанах, Слоніме, Стоўпцах і іх ваколіцах. (Напр., у Наваградзкім павеце дзейнічала 86 пунктаў харчаваньня АРА.) З 7560 пунктаў АРА больш за 1000 працавала на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Насельніцтва Беларусі атрымала каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 700 тысяч даляраў, а таксама адзеньня на суму каля 900 тысяч даляраў.

У 1922–1923 у Беларусі (на адміністрацыйнай тэрыторыі БССР і РСФСР) працавалі тры акругі АРА. Усяго паступіла звыш 14 тысяч 440 тон амэрыканскай дапамогі (у т. л. Менская акруга разьмеркавала 6 тысяч 825, Віцебская — 4 тысячы 441, Гомельская — 3 тысячы 175 тон) на суму больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў. Дастаўлена больш за 10 тысяч 110 тон харчовых пасылак коштам 10 даляраў кожная на агульную суму 1 мільён 732 тысячы даляраў (18,5 % усіх пасылак АРА). Бясплатна выдадзена 988 тон харчовых рацыёнаў дзецям, хворым у шпіталёх і ўцекачам. АРА апекавалася больш чым 300 дзіцячымі дамамі, апроч харчаваньня пастаўляла адзеньне, абутак, мэдычныя матэрыялы.

Спрыяла рэпатрыяцыі ўцекачоў, якія пакінулі Беларусь падчас першай усясьветнай вайны. Пастаўлена санітарнае абсталяваньне, арганізавана харчаваньне й мэдычная дапамога ў канцлягеры ўцекачоў Козырава (найбуйнейшы на той час у сьвеце). Праведзена вакцынацыя больш за 1 мільён чалавек. Мэдыкамэнты, матэрыялы санітарыі й абсталяваньне агульнай вагой 484 тоны, кошт якіх перавысіў 470 тысяч даляраў, атрымалі больш за 300 мэдычных установаў. Мэдычная праца АРА засьцерагла ад эпідэміі тыфусу Беларусь і Польшчу.

Надавала мэтавую дапамогу творчай і навуковай інтэлігенцыі (у т. л. Я. Купалу, Я. Коласу, У. Ігнаоўскаму, Л. Ржэцкай і інш.), настаўнікам, лекарам, сьвятарству. Праводзіла асьветніцкую працу, паставіла інструмэнты й прыборы для мэдычнай клінікі й прыродазнаўчых факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, навучальных установаў Віцебску; былі арганізаваныя курсы ангельскай мовы.

Агулам у 1920–1923 дастаўлена дапамогі насельніцтву Беларусі (у сучасных межах) вагой больш за 30 тысяч тон на суму каля 7 мільёнаў 200 тысяч даляраў[99].

Жыхары Беларусі выказвалі АРА шматлікія падзякі. Камуністычныя ўлады чынілі перашкоды, замоўчвалі й хлусілі. Некаторыя мясцовыя супрацоўнікі АРА былі ўнесеныя ў чорныя сьпісы, абвінавачаныя ў шпіянажы й рэпрэсаваныя.

Дзейнасьці АРА ў Беларусі прысьвечана сталая экспазыцыя Нацыянальнага гістарычнага музэю, імя Г. Гувэра носяць пляцы й вуліцы ў Менску, Віцебску, Гомелі, Горадні, Берасьці ды ў іншых гарадох і мястэчках.


Так будзе.

32 Гербэрт Гувэр-другі: «Мой дзед уратаваў больш людзей, чым хто калі за ўсю гісторыю Сьвету» (замест пасьляслоўя)


Свабоды не бывае бяз памяці.

Напярэдадні Калядаў 1953 году Гербэрт Гувэр выступаў на Радыё Свабода:

— Гісторыя ўвесь час сьведчыць, што жыцьцялюбныя нацыі нядоўга могуць утрымлівацца пад прыгнётам іншых народаў. Спроба ўтрымаць жыцьцялюбныя народы Чэхаславаччыны, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны й Баўгарыі пад расейскім панаваньнем напэўна скончыцца правалам, як скончыўся правалам каляніялізм у іншых частках сьвету. У вялікіх народаў ніколі не памірае надзея й вера ў свабоду.

Бяз памяці не бывае свабоды.

Прэзыдэнт Гувэр сабраў найбольшую ў сьвеце калекцыю дакумэнтаў пачатку савецкай эпохі. Гувэраўскі інстытут у Каліфорніі ня толькі захоўвае ўвесь архіў АРА, ён стаў унікальным навуковым цэнтрам вывучэньня гісторыі XX стагодзьдзя[100].

Шмат гадоў старшынём рады інстытуту быў Гербэрт Гувэр, першы ўнук заснавальніка й кіраўніка АРА. Гербэрт Гувэр-другі нарадзіўся ў 1926 годзе. Дзед, 31-ы прэзыдэнт ЗША, памёр, калі ўнуку было 37 гадоў. Пасьля ўнівэрсытэту ўнук займаўся прыватным бізнэсам, надалей удзельнічае ў працы Гувэраўскага інстытуту.

Гербэрт Гувэр-другі ўсьцешыўся, калі ўведаў пра дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі, і ахвотна пагадзіўся на інтэрвію.

Першае пытаньне, на якое я папрасіў адказаць, — што, на ягоную думку, галоўнае ў спадчыне Гербэрта Гувэра сёньня, напачатку XXI стагодзьдзя?

— Перш за ўсё трэба вызначыць, што ёсьць спадчынай. Нават да сёньня АРА ня надта вядомая. Толькі за апошнія два-тры гады стаў вядомы памер дзейнасьці АРА й колькасьць людзей, уратаваных ад голаду. Я думаю, галоўным у спадчыне Гербэрта Гувэра будзе заставацца — і нават узрастаць — тое, што ён чалавек, які, верагодна, уратаваў больш людзей у гісторыі сьвету, чым хто іншы. Калі падсумаваць колькасьць людзей, уратаваных ад голаду ў Эўропе, — агулам гэта будзе больш за 20 мільёнаў. Наколькі больш, я ня ведаю. Думаю, гэтая частка спадчыны робіцца ўсё больш вядомай, і людзі разумеюць, што Гербэрт Гувэр уяўляў сабою нашмат больш, чым толькі прэзыдэнт Злучаных Штатаў цягам чатырох гадоў.

— У драме Шэксьпіра «Юлі Цэзар» ёсьць такія радкі: «Няўдзячнасьць раніць мацней за нож забойцы». Як ваш дзед успрымаў савецкія ацэнкі АРА, пераход ад удзячнасьці да абвінавачаньняў у шпіянажы й падрыўной дзейнасьці?

— Я пэўны, што хаця ён не паказваў гэтага публічна, але ён асабіста быў паранены. Ён ведаў дакладна, што ён рабіў, што было дасягнута. Думаю, на той час ён ужо меў досыць досьведу працы з савецкімі ўладамі, каб зразумець, якія яны двудушныя. Яны дзейнічалі ў сваіх інтарэсах, калі спрабавалі прыменшыць значэньне працы АРА. Я ня ведаю, магу толькі здагадвацца, часткова — магчыма, таму, што адчувалі сваю віну за тое, што голад здарыўся. Але наколькі я ведаю, многія праблемы былі штучна створаныя. І недахоп харчу выкарыстоўваўся як палітычная зброя. Мой дзед напэўна ведаў гэта. І савецкія ўлады напэўна ведалі. Калі вы хочаце дапамагчы насельніцтву падчас голаду, як мой дзед у Савецкім Саюзе, няшмат чым можна запярэчыць намаганьням ураду, які спрабуе прыменшыць значэньне гэтай працы. Трэба зрабіць выгляд, быццам ня чуеш гэтага, і надалей рабіць сваю справу найлепш магчымым чынам. Але я ўпэўнены, што яму не падабалася выслухоўваць абвінавачаньні.

— Як вы думаеце, ці займаўся б Гербэрт Гувэр дапамогай, каб ведаў пра такую «ўдзячнасьць» наперад?

— Я думаю — абсалютна так. Ён рабіў бы тое самае. Ня думаю, што сярод матываў, якія рухалі ім, была самадавольнасьць ці жаданьне давесьці, што саветы ня маюць рацыі. І ў сваёй папярэдняй, і ў наступнай дзейнасьці матывам Гувэра было дапамагчы людзям, якія ня ў стане дапамагчы сабе самі й якім не дапамагалі ўрады, што не выконвалі сваіх абавязкаў. Адказ на вашае пытаньне — абсалютна так, ён бы гэта зрабіў зноўку.

— Паводле адукацыі Гербэрт Гувэр быў горным інжынэрам. Ён ператварыў дабрачынную акцыю ў арганізацыю, якая ва ўмовах разрухі, палітычнага хаосу, безуладзьдзя, транспартных цяжкасьцяў і памежных бар’ераў пасьляваеннай Эўропы працавала нават не як гадзіньнік ці адладжаны мэханізм, а як жывы арганізм, які эфэктыўна дзейнічаў у разнастайных зьменлівых умовах. Чым патлумачыць гэты вынік?

— Мой дзед шмат падарожнічаў. Нехта сказаў: калі сьвет — гэта кніга, не падарожнічаць азначае прачытаць толькі адну старонку. Мой дзед прачытаў шмат старонак сьвету. Ён і ягоная жонка, мая бабуля, і мой бацька, і дзядзька жылі шмат дзе ў сьвеце. Ён вельмі выразна ўсьведамляў розьніцу паміж сыстэмай свабоднага прадпрымальніца й дэмакратычнага падыходу да праблемаў, як гэта рабілася ў Злучаных Штатах, і тым, што тады адбывалася шмат дзе ў сьвеце, у тым ліку ў Расеі. Ён шмат падарожнічаў па Расеі, калі яна яшчэ не была Савецкім Саюзам. Ён ведаў пра патрыятызм расейцаў, і гэта ўлічвалася ў арганізацыі працы. Часам людзі спрабуюць накінуць сваю структуру на іншую культуру. Я думаю, ён спачувальна ставіўся й вельмі добра адчуваў асаблівасьці месцаў, дзе працаваў.

— Скажыце, хто яшчэ зь сям’і Гербэрта Гувэра ўдзельнічае ў працы Гувэраўскага інстытуту?

— Мой стрыечны брат Эндру, дзядзькаў сын, таксама сябра рады наглядальнікаў. Але ён жыве ў Дэнвэры й нячаста прыяжджае на сходы. Я бяру ўдзел ва ўсіх паседжаньнях, калі я не за мяжой, і звычайна гэта чатыры сходы штогод. Я сябра выканкаму рады, сябра самой рады, і я таксама быў старшынём рады цягам шасьці гадоў. Я ўдзельнічаю ў справах Гувэраўскага інстытуту гэтулькі, наколькі гэта магчыма. Раз на тыдзень гавару з дырэктарам інстытуту. Так, я актыўна ўдзельнічаю ў працы інстытуту.

Калі я расшукваў беларускія сьляды АРА, мой кабінэт знаходзіўся ў Гувэраўскай вежы. Вежа была спраектаваная й пастаўленая ў сэйсманебясьпечнай Каліфорніі ў канцы 1930-х — дзякуючы інжынэрнаму таленту Гувэра яна перажыла шматлікія землятрусы. На першым паверсе вежы — невялікая музэйная экспазыцыя, фатаздымкі, падарункі, удзячныя лісты ад эўрапейскіх урадаў, а таксама асабістыя рэчы Гербэрта Гувэра, і сярод іх — вуда.

Я спытаўся ўнука прэзыдэнта, ці браў дзед калі яго з сабой на рыбу.

— Так, сапраўды. Насамрэч, у мяне ёсьць некалькі ягоных вудаў і рыбацкі рыштунак. Калі мне было сем гадоў, дзед узяў мяне з сабой на рыбу ў Орэган. Мы лавілі стронгу. І ён вельмі выразна растлумачыў мне, што ёсьць адзіны спосаб лоўлі стронгі — на штучную муху. І паколькі мне было толькі сем гадоў, мне дазвалялася карыстацца штучнай мухай на гачку з зазубенем, які не дае рыбе сарвацца. Але калі мне споўнілася восем, гачок быў без зазубеня — гэта азначала, што мне ўжо трэба падвысіць майстэрства, каб злавіць рыбу. І яшчэ адно патрабаваньне дзеда — я мусіў зьесьці ўсё, што злавіў і прынёс дахаты. Ліміт быў дванаццаць рыбаў. Дзевяці- ці дзесяцігадоваму хлопчыку даволі цяжка зьесьці дванаццаць рыбінаў за дзень. Так што назаўтра я ўжо практыкаваў рыбалку «злавіць — выпусьціць» — задоўга да таго, як гэты спосаб набыў папулярнасьць. Я прыносіў толькі адну ці дзьве рыбіны — і ўсё. Думаю, мой дзед зразумеў неабходнасьць аховы навакольля й экалёгіі вельмі-вельмі даўно. І ён быў выдатным рыбаком. Ён мог злавіць рыбу, калі ніхто больш ня мог. Нават прэзыдэнцкія ахоўнікі губляліся ў здагадках, як яму гэта ўдавалася. А ён мог.

Гербэрт Гувэр змог тое, што не ўдавалася да яго й пасьля яго нікому. Ён дапамог мільёнам людзей перажыць голад і эпідэміі першай усясьветнай вайны й бальшавіцкага перавароту. Цяпер, у гэты момант, сярод тых, хто чытае гэтыя радкі ў Беларусі, напэўна ёсьць людзі, чые сем’і выжылі дзякуючы амэрыканскай дапамозе.

Нікало Макіявэлі, чыё імя ў палітычнай гісторыі звычайна асацыюецца зусім не з сэнтымэнтальнасьцю, а з жорсткім прагматызмам, пісаў у XVI стагодзьдзі:

«Акт гуманізму ва ўсе часы будзе мець большы ўплыў на людзкую сьвядомасьць, чым гвалт і лютасьць».

XX стагодзьдзе засьведчыла аднак, што таталітарны рэжым здольны пазбавіць грамадзтва памяці.

Апошняе пытаньне, на якое я папрасіў адказаць унука Гербэрта Гувэра, як і першае, тычылася XXI стагодзьдзя.

— Што дзеці і ўнукі людзей, якіх уратавала АРА, маглі б зрабіць сёньня, каб гэта зрабіла ягонага дзеда шчасьлівым?

— Добрае пытаньне… Магчыма — рабіце, што можаце, каб людзі ўведалі — што зрабіў Гербэрт Гувэр.














Дзякуй — Thank you!


Гэтая кніга не пабачыла б сьвету без удзелу, парадаў, сумеснай працы й дапамогі многіх людзей у Амэрыцы, Беларусі й Чэхіі.

Барбра й Бэрнард Ошэры, вядомыя ў Каліфорніі калекцыянэры мастацтва й філянтропы, усталявалі стыпэндыю для дасьледнікаў з Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода дзеля працы ў Гувэраўскім інстытуце вайны, рэвалюцыі й міру ў Стэнфардзкім унівэрсытэце. Праз шкляную сьцяну іх апартамэнтаў на апошнім паверсе аднаго з самых высокіх у Сан-Францыска будынкаў адкрываецца ашаламляльны від на знакаміты мост над Залатой бухтай і акіян, але падчас размовы можна пераканацца, што гаспадароў цікавяць і рэчы, якія хаваюцца за гарызонтам у далёкай эўрапейскай краіне, што параўнальна нядаўна зьявілася на палітычнай мапе сьвету.

Калі ўлетку 2000 прэзыдэнт радыё Томас Дайн і дырэктар вяшчаньня Джэфры Трымбал абвясьцілі свой выбар першага дасьледніка для падарожжа ў Стэнфард, я ня ведаў, што буду пісаць кнігу, але менавіта іх рашэньне й дапамога калегі Рычарда Ўіста, а таксама Дона Джэнсэна й Роса Джонсана зрабілі магчымай гэтую працу.

Кіраўнікі Гувэраўскага інстытуту вайны, рэвалюцыі й міру Джон Рэйсіян і Чарлз Палм стварылі ўсе ўмовы для плённай працы ў архіўных сховішчах і бібліятэках, даўшы магчымасьць шырокага доступу да віру інтэлектуальнага жыцьця ў праслаўленым Стэнфардзкім унівэрсытэце.

Калі каму, як мне, пашчасьціць сустрэцца з Эленай Дэніэлсан, дырэктарам архіваў і бібліятэкі Гувэраўскага інстытуту, той пераканаецца, што архіўная справа — адна з самых жывых, неверагодна цікавых і захапляльных. Энэргічны энтузіязм Элены й яе веданьне да драбніцаў гістарычных скарбаў гувэраўскага сховішча нікога не пакідае абыякавым. Сваё сямейнае прозьвішча пад падзякай, адрасаванай зь Берасьця ў Амэрыку, я пабачыў выпадкова, але зусім невыпадкова менавіта Элена Дэніэлсан прынесла на мой стол у чытальнай залі вялізную тэчку лістоў Гербэрту Гувэру. Зь яе лёгкай рукі наступныя тры месяцы з глыбіняў сховішча былі выцягнутыя дзясяткі скрынак з назвамі Менск, Віцебск, Гомель, дзе чакалі свайго часу дакумэнты найбуйнейшай гуманітарнай дапамогі Беларусі ў XX стагодзьдзі.

Сяброўскія парады й падтрымка куратара калекцыі Расеі й краінаў СНД Джозэфа Дўаера й яго асыстэнткі Эмі Дэсаі зрабілі працу мэтанакіраванай, плённай і прыемнай. Архівістка Кэрал Лідэнгам адшукала ўнікальныя фатаздымкі да кнігі. Я таксама ўдзячны за спрыяньне супрацоўнікам Гувэраўскага інстытуту Анатолю Шмялёву й Гітэр Вагнэр.

Летапісец амэрыканскай беларушчыны Вітаўт Кіпель прыслаў мне ў Стэнфард падрабязны артыкул, прысьвечаны дзейнасьці АРА ў Беларусі, які ў 1978 годзе апублікавалі «Запісы» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтар самага першага дасьледаваньня — ягоная дачка Алеся, якая прысьвяціла АРА сваю дыплёмную працу ў Прынстанскім унівэрсытэце. Спадарыня Алеся ахвотна кансультавала мяне й падказвала важныя крыніцы.

З амэрыканскай журналісткай і аўтарам кнігі «Дзеці Чарнобылю» Мішэль Картэр і яе мужам Майкам Вэнтурынам мы пазнаёміліся гадоў пятнаццаць таму, падчас іх шматлікіх гуманітарных і прафэсійных візытаў у Беларусь; у іх гасьцінным доме ў Каліфорніі пісаліся першыя нататкі для гэтай кнігі.

Адкрыць беларускую частку гісторыі АРА дапамаглі парады энцыкляпэдычнага знаўцы мінулага стагодзьдзя Віталя Скалабана й спрыяньне дырэктара Нацыянальнага архіву Беларусі Вячаслава Селяменева, а таксама кансультацыі гісторыка й архівісткі Аляксандры Гесь. Без Алены Сьцяпанавай у Віцебску й Марыі Шыманоўскай у Гомелі гэтая кніга была б на чвэрць карацейшая й бяднейшая — іхную дапамогу ў пошуку мясцовых архіўных дакумэнтаў цяжка пераацаніць.

У гэтай кнізе не засталося ніводнай старонкі без удакладненьняў, заўвагаў, пытаньняў, прапановаў найпатрабавальнейшага з рэдактараў Аляўціны Вячоркі. Дзясяткі датаў, імёнаў, назваў, цытатаў, гістарычных фактаў і фармулёвак былі скрупулёзна правераны й пераправераны, знойдзены новыя, невядомыя раней матэрыялы й тлумачэньні, аб’ём крытычна перапрацаванай інфармацыі значна пераўзыходзіць памеры самой кнігі. Часам нашыя спрэчкі наконт аднаго слова ці нават літары зацягваліся на некалькі дзён, і іх вынікам былі перапісаныя й, упэўнены, палепшаныя разьдзелы. Гэты стыль прафэсійнай рэдактуры, як і лазэрная карэктура Аляксандры Макавін, заслугоўваюць параўнаньня хіба з нэўрахірургіяй, і, калі ў кнізе засталіся якія-небудзь недакладнасьці й няўклюднасьці, гэта выключна й толькі зь віны аўтара.

Даўні сябар мастак Генадзь Мацур зь ягоным унікальным адчуваньнем стылю эпохі надаў выданьню элегантную непаўторнасьць, і па ягоным дызайне можна выкладаць мастацтва кнігі.

Аўтар таксама ўдзячны за дапамогу сваім калегам у Беларускай службе Радыё Свабода, якія ўпершыню прачыталі гэты тэкст у эфіры, Франаку Вячорку ў Менску й Каці Лукашук у Рэгенсбургу, для якіх няма сакрэтаў у кампутэрных праграмах, Багдану Андрусышыну ў Празе, які дапамагаў разабрацца з загадкамі ангельскай мовы пачатку мінулага стагодзьдзя, і ўсім шматлікім дасьледнікам, на чыю працу я абапіраўся ў спробе праз восем дзесяцігодзьдзяў пасьля ад’езду арамітаў зь Беларусі сказаць ім:

Thank you — Дзякуй!

Загрузка...