Першая Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) была ўтвораная пастановай прэзыдэнта Вудра Ўілсана 25 лютага 1919 дзеля даставы і разьмеркаваньня ў Эўропе дапамогі ў памеры 100 000 000 даляраў, вылучаных Кангрэсам ЗША. Гэтая АРА пад кіраўніцтвам Г. Гувэра дзейнічала да 30 ліпеня 1919. Яе офіс і рэшту запасаў пераняла новая, цалкам прыватная дабрачынная арганізацыя, якую стварыў, зарэгістраваў і ўзначаліў таксама Гувэр — ад 1 жніўня вядзецца адлік дзейнасьці Эўрапейскага дзіцячага фонду АРА. Калі ў 1921 у Расеі пачаўся голад, фонд ужо завяршаў сваю працу ў краінах Эўропы, у т. л. на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Паколькі новая дапамога адрасавалася й дзецям, і дарослым, была зьменена назва арганізацыі — яна стала называцца АРА, як і першая дзяржаўная арганізацыя. У гэтай кнізе ўжываецца адна назва — АРА — для ўсяго пэрыяду 1919–1923.
1 даляр ЗША ў цэнах 1922 роўны 11 далярам ЗША 2004.
Найвышэйшая камісія Лігі Нацыяў у справах уцекачоў (1919–1946). У 1921–1930 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарвэскага палярнага дасьледніка Ф. Нансэна.
Квакеры — Таварыства сяброў, пасьлядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызьме; заснаванае ў 1652 у Ангельшчыне. Амэрыканскае таварыства сяброў (Квакеры) аказвала дапамогу ахвярам першай і другой усясьветных войнаў.
Аб’яднаны камітэт разьмеркаваньня фондаў дапамогі габрэям, якія пацярпелі ад вайны, заснаваны ў 1914 у ЗША.
ЧК (ВЧК, Всероссийская чрезвычайная комиссия) — карны орган дыктатуры й пазасудовай расправы з праціўнікамі камуністычнага рэжыму ў савецкай дзяржаве (1919–1922). У 1922 пераўтвораная ў ГПУ.
Так у амэрыканскім ліставаньні тытулявалі старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэту й Савету народных камісараў (1920–1924) Аляксандра Чарвякова. (Тут і далей усе цытаты з архіўных і іншых дакумэнтаў і публікацыяў падаюцца бязь зьменаў, адпаведна арыгіналам.)
Рыскае пагадненьне паміж савецкім урадам і АРА было падпісанае 20 жніўня 1921 у Рызе.
У 1921 была падпісаная дамова аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж БССР і РСФСР. У тэксьце адзначалася, што два ўрады цалкам прызнаюць «незалежнасьць і сувэрэннасьць кожнага з бакоў». Лічылася, што рэспублікі пагадзіліся аб’яднаць наркаматы ваенных і марскіх справаў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносінаў, поштаў і тэлеграфу, народнай гаспадаркі. Замест права самастойна вырашаць свае справы Беларусь атрымлівала ўпаўнаважаных аб’яднаных камісарыятаў.
23 лютага 1922 у Маскве быў выдадзены дэкрэт «Аб парадку канфіскацыі царкоўных каштоўнасьцяў», якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, ішлі на барацьбу з голадам. 1 сакавіка адмысловая камісія канфіскацыі на чале з А. Чарвяковым была ўтвораная ў Менску. У красавіку пачалася татальная канфіскацыя ў храмах Беларусі (у т. л. былі раскрытыя мошчы Эўфрасіньні Полацкай у Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры). Як сьведчыць гісторык У. Навіцкі (зборнік «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)», было канфіскавана каштоўнасьцяў на 4 000 000 залатых рублёў. Сакрэтны цыркуляр савецкага ўраду, аднак, накіроўваў грошы не на дапамогу ахвярам голаду: «Каштоўнасьці, адабраныя ў закрытых цэркваў, павінны ўлічвацца й накіроўвацца ў асобнай графе, таму што яны паступаюць не ў ЦК Последгола, а павінны накіроўвацца ў дзяржаўны фонд».
У архівах АРА захоўваецца нататка «Незалежнасьць Беларусі» з амэрыканскае газэты ад 12 чэрвеня 1922: «Два беларускія дэлегаты, міністар Рэспублікі сп. Жытлоўскі й ягоны сакратар сп. Анэкштэйн, цяпер знаходзяцца ў Лёндане са спэцыяльнай місіяй. У заяве для друку яны гавораць: “Нягледзячы на тое, што Рыская дамова між Польшчай і Расеяй быццам бы прызнае незалежнасьць Беларусі, у сапраўднасьці краіна анэксаваная Расеяй і Польшчай. Афіцыйныя пратэсты супраць гэтага парушэньня міжнароднага права былі заяўленыя Антанце й Лізе Нацыяў. Насельніцтва галадае пад камуністычным кіраваньнем; ня лепшы лёс тых, хто застаўся пад Польшчай. Калі б аднавіліся нармальныя ўмовы, нацыянальная эканоміка хутка б разьвілася дзякуючы спрыяльнаму геаграфічнаму становішчу. Як толькі Беларусь здабудзе незалежнасьць, яна безумоўна ўступіць у фэдэрацыю зь Літвой і такім чынам далучыцца да Балтыйскага зьвязу, куды яна належыць паводле гісторыі й геаграфіі”».
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі — першая афіцыйная назва савецкай Беларусі.
Гатэль на 26 нумароў. Цяпер тут, на рагу пр. Ф. Скарыны й вул. Энгельса, будынак, побач зь якім месьціцца Малая сцэна тэатру імя Янкі Купалы. (Тут і далей назвы вуліц, установаў, пасадаў, арганізацыяў, а таксама меры вагі й даўжыні, грашовыя адзінкі і г. д. падаюцца адпаведна тагачасным дакумэнтам.)
Гувэр пачаў беспасярэдне займацца дапамогай польскім ахвярам вайны ў 1915. Ён вёў перамовы зь нямецкім камандаваньнем і кіраўніцтвам Антанты, каб забясьпечыць даставу харчаваньня ў акупаваную Польшчу. Калі ў лістападзе 1918 ЗША прызналі Польшчу, на чале дапамогі стаў Гувэр.
Дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Віленшчыны й Гарадзеншчыны ў 1920–1922 пад кантролем Польшчы.
У 1919–1922 АРА даставіла ў Польшчу 9500 таварных вагонаў харчу, было разьмеркавана 95 000 тон ежы, выдадзены 1 000 000 адзінак адзеньня, абутку й бялізны. Агульны кошт дапамогі склаў 65 841 716 даляраў.
Урад маршала Пілсудзкага распрацаваў «дактрыну фэдэралізму» — вызваленьня суседніх «малых» народаў. У Варшаве меркавалі, што дзяржавы-сатэліты санітарнага кардону будуць «круціцца вакол Польскага сонца». Вялікабрытанія папярэджвала пра небясьпеку такіх амбіцыяў, але Парыж ставіўся да гэтае дактрыны прыхільна.
Kresy Wschodnie — назва, якую ўжывалі афіцыйныя польскія ўлады ў дачыненьні да Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны, калі яны ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы (1921–1939).
У 1919–1922 на тэрыторыі Польшчы (з улікам беларускіх і ўкраінскіх земляў) агулам дзейнічала 7650 пунктаў харчаваньня АРА, зь іх больш за 1000 — на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Ад траўня 1920 да траўня 1922 тут было выдадзена больш за 1 432 000 абедаў.
У справаздачы ня ўлічаныя падзеі падчас акупацыі Беларусі ад жніўня 1919 да ліпеня 1920. Аўтары кнігі «Джойнт в Беларуси» Э. Іофэ й Б. Мельцэр прыводзяць афіцыйны дакумэнт ураду Беларусі ад 3 траўня 1922, паводле якога на часова акупаванай палякамі тэрыторыі было забіта 1100 габрэяў, паранена 150, 1250 жанчын згвалтавана, тысячы сталі ахвярамі рабаваньня. Пры гэтым аўтары ацэньваюць прыведзеныя лічбы як «яўна заніжаныя».
Сярод тых, хто тады змог вярнуцца на радзіму пасьля эвакуацыі ў Сібір, была й мая бабуля Ярына з бацькамі, сёстрамі й братам. У родную вёску Рагозна тады ж вярнуўся з заробкаў у Амэрыцы Васіль Лукашук, і неўзабаве яны пабраліся. У 1929 нарадзіўся мой бацька. Калі яму пайшоў дванаццаты год, сям’і вызначылі маршрут у Сібір другі раз — першыя саветы пачалі ў Заходняй Беларусі калектывізацыю й раскулачваньне. Пасьля паўторнага падарожжа хіба ўжо ніхто з ГУЛАГу не вярнуўся б — але Сталін не пасьпеў.
У 1919–1921 тэрыторыя этнічнай Беларусі некалькі разоў пераразьмяркоўвалася паміж Польшчай, Літвой і Расеяй. У сакавіку 1921 Рыская мірная дамова паміж РСФСР, Украінай і Польшчай падзяліла Беларусь на дзьве часткі. Заходняя частка была аддадзена пад кіраўніцтва Варшавы.
Некалькі тагачасных указаньняў Леніна ў справе канфіскацыі: «Выдатны плян масавага руху з кулямётамі за хлебам…», «Ачысьціць цалкам усе лішкі хлеба…», «Складзіце павятовыя сьпісы найбагацейшых сялян, якія адказваюць жыцьцём за правільную хаду працы забесьпячэньня хлебам…», «Павесіць завадатараў з кулакоў…» (паводле «Ленинского сборника», т. 18, 1931).
Падчас голаду савецкі ўрад пад кіраўніцтвам Леніна працягваў фінансаваць у цьвёрдай валюце замежныя кампартыі: 20 красавіка 1922 было вылучана 3 150 600 рублёў золатам Камінтэрну. Праз тыдзень сума была павялічана яшчэ на 400 000, у т. л. «на агітацыю сярод японскіх салдат». Паводле падлікаў гісторыка Д. Валкагонава («Ленин. Политический портрет»), у 1922 замежным кампартыям было перапраўлена золата, каштоўнасьцяў і грошай на суму больш за 19 000 000 залатых рублёў.
Падобная выснова вынікала з успамінаў былога кіраўніка АРА ў краінах Паўднёвай Эўропы капітана Т. Грэгары. Ягоныя артыкулы пад загалоўкам «Спыняючы чырвоны прыліў» друкаваліся ў амэрыканскай прэсе ў 1921. Гістарычныя факты не пацьвярджаюць гэтае высновы.
Першапачаткова меркавалася, што ў АРА будзе працаваць каля 100 амэрыканцаў. Аднак з прычыны пашырэньня апэрацыяў гэтая лічба вырасла да 381 чалавека (нехта працаваў цалкам увесь тэрмін, нехта толькі некалькі месяцаў). Кірункі дзейнасьці АРА былі адлюстраваныя ў структуры арганізацыі: у Маскоўскай штаб-кватэры існавалі ўправы разьмеркаваньня харчу й адзеньня, мэдычнай дапамогі, складаваньня й транспарту, фінансаў, а таксама інспэктарат, гістарычны аддзел, прэс-служба й паўафіцыйная консульская служба (АРА паспрыяла рэпатрыяцыі 798 амэрыканскіх грамадзянаў ці асобаў, якія мелі сваякоў у Амэрыцы).
Козырава — пасёлак на паўднёвай ускраіне Менску. Цяпер гэта раён вул. Вільямса й Фізкультурнага завулка з аднаго боку чыгункі ды вул. Гогалеўскай (раней Козыраўская) з другога. Захаваліся старыя Козыраўскія могілкі.
Паводле афіцыйнай расейскай статыстыкі, усяго было дэпартавана 3 300 000 чалавек, зь іх 800 000 палякаў, 200 000 габрэяў, астатнія 2 300 000 складалі беларусы і ўкраінцы. Паводле БелЭН, беларускіх уцекачоў было больш за 2 292 000.
Аднак і пасьля карантыну часам даводзілася чакаць некалькі дзён на вакзале. У Баранавіцкім лягеры на 800 хворых было чатыры лекары; на адным ложку спалі двое-трое дзяцей. З харчаваньнем было лепш: у пунктах перасячэньня мяжы і ў лягерах былі адкрытыя кухні АРА. Усяго дзейнічала 1849 агульных кухняў і 210 кухняў у дзіцячых дамох, школах, шпіталёх.
Паводле статыстыкі Белэваку й польскіх зьвестак, атрыманых АРА, да лістапада 1920 празь Менск у Польшчу вярнулася каля 300 000 уцекачоў, у наступны пэрыяд да канца траўня 1922 яшчэ 420 000. Зь цягнікоў у Менску была зьнята 20 000 трупаў.
Паводле справаздачы Ўілабі, у студзені 1922 на чорным рынку ў Менску 1 даляр каштаваў 300 000 рублёў, у лютым — 400 000, у сакавіку — 1 600 000, у красавіку — 2 800 000, у траўні — 4 000 000.
Савецкая грашовая сыстэма была надзвычай няўстойлівая. Зь лістапада 1917 да сакавіка 1921 колькасьць грошай павялічылася ў 76 разоў, а таварныя цэны — у 93,6 разу. У 1922–1923 былі праведзеныя дзьве дэнамінацыі, у выніку якіх 1 000 000 рублёў старымі грашовымі знакамі стаў роўным 1 новаму рублю. У 1923 быў выпушчаны ў абарачэньне чырвонец — банкаўскі білет, які адпавядаў старой 10-рублёвай залатой манэце. З 5 лютага 1924 у абарачэньні зьявіліся казначэйскія білеты (1, 3 і 5 рублёў), а з 15 лютага 1924 перасталі выпускацца «совзнаки». Апошнія падлягалі абмену ў суадносінах: 1 рубель казначэйскімі за 50 000 «совзнаков» узору 1923 або 50 000 000 рублёў недэнамінаваных узораў.
Сярэдняя савецкая месячная пайка напачатку 1922 складалася з 40 фунтаў жытняй мукі, 2 — солі, 7 — аўса, 1 — масла ці 2 — мяса, 1 — цукру, агулам на суму 1 рубель 88 капеек золатам.
У студзені 1922 АРА купляла цукар па 111 даляраў за тону, муку — 76, тлушч — 280, сухое малако — 240, какаву — 100. Усяго ў 1921–1923 на падсавецкіх тэрыторыях было выдадзена ў пасылках 75 тысяч тон харчу на суму 13 мільёнаў 680 тысяч 193 даляры. Дзякуючы розьніцы гуртавых і раздробных цэнаў АРА атрымала каля 3 мільёнаў 600 тысяч даляраў прыбытку, які пайшоў на харчаваньне дзяцей.
Зь бюджэту аплачвалася праца мясцовых упаўнаважаных і іх штату, разгрузка-пагрузка вагонаў АРА, а таксама заробак супрацоўнікам АРА (за выключэньнем амэрыканцаў), канторскія, падарожныя, транспартныя выдаткі, абсталяваньне й ахова складоў, утрыманьне й рамонт жытла замежных супрацоўнікаў, рахункі за электрычнасьць, ваду.
АРА адрозьнівалася ад усіх замежных арганізацыяў прынцыпам дзейнасьці: поўная справаздачнасьць на ўсіх этапах, кантроль і праца без пасярэднікаў. Вагоны правяраліся на станцыі, і, калі плёмбы былі сарваныя, грузы ўзважваліся, фіксавалася недастача. Нават пасьля выдачы прадуктаў дзіцячым дамам і шпіталям АРА лічыла іх сваёй маёмасьцю — да поўнага выкарыстаньня. Такі падыход злаваў улады, яны ніяк не маглі зьмірыцца з сытуацыяй, над якой ня мелі поўнага кантролю.
Паводле перапісу, на студзень 1922 у Менску налічвалася 102 375 жыхароў. Адзіным грамадзкім транспартам была конка, якая цягнулася пяць вёрстаў і за дзень перавозіла 2800 пасажыраў. У горадзе таксама было зарэгістравана 150 легкавых возьнікаў і 120 біндзюжнікаў, розныя ўстановы мелі каля 300 уласных выездаў. Але гэтая транспартная сыстэма бальшыні адрасатаў дапамогі была не па кішэні.
Існаваў у 1921–1923 у сыстэме Наркамасьветы.
Ужо праз тры дні пасьля падпісаньня пагадненьня з АРА кіраўнік бальшавіцкага ўраду Ленін уласнаручна напісаў цыдулку: «Прапаную Палітбюро пастанавіць: скласьці камісію з заданьнем падрыхтаваць, распрацаваць і правесьці праз ВЧК і іншыя органы ўзмацненьне нагляду й сачэньня за замежнікамі». (Паводле кнігі Д. Валкагонава «Ленин. Политический портрет».)
6 лютага 1922 ВЧК была пераўтвораная ў ГПУ — Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне Наркамату ўнутраных страваў. Напачатку сакавіка пры Цэнтральным выканаўчым камітэце ССРБ было ўтворанае Дзяржпалітупраўленьне, якому былі перададзеныя справы ЧК Беларусі.
Усяго ў 1922–1923 тры беларускія акругі атрымалі празь Менск 51 вагон мэдыкамэнтаў, рыштунку й абсталяваньня агульнай вагой 484 тоны.
Імя Залман Левін сустракаецца ў сьпісе супрацоўнікаў Джойнту ў чэрвені 1923, пасада — сакратар.
Цяпер рог вул. Кірава й Леніна.
З 1919 вуліца афіцыйна мела іншую назву — Карла Маркса, з 1922 — Ленінская. Але ў дакумэнтах АРА яна праходзіць як Губэрнатарская.
Пасьля 18.9.1923 — Чэрвень.
25 красавіка 1922 выйшаў загад ГПУ «Аб арганізацыі Бюро садзеяньня органам ГПУ на месцах», які ўпершыню афіцыйна ўводзіў інстытут стукацтва. Тлумачылася, што ў час ВЧК патрэбы асьведамляльніцтва замянялі апэратыўныя мерапрыемствы, якія папярэджвалі намеры ворага й ліквідавалі іх на самым пачатку. Новая ж палітычная сытуацыя звузіла свабоду дзеяньняў ГПУ, адсюль узьнікла неабходнасьць «усямернага садзеяньня органам ГПУ членамі нашай партыі, якія павінны дапамагчы нам у агентурна-асьведамляльнай працы». Да загаду дадавалася падрабязная інструкцыя, якая рэглямэнтавала арганізацыю, склад, задачы й абавязкі членаў «БС».
Бюро стукачоў прадпісвалася ўтвараць «у кожнай дзяржаўнай, грамадзкай, каапэратыўнай і прыватнай установе ці прадпрыемстве, а таксама ВНУ», у складзе трох камуністаў. Калі камуністаў не было, ГПУ прызначала іншых давераных асобаў. Задачы членаў бюро: збор зьвестак пра антысавецкія зьявы, выяўленьне і ўлік «контрарэвалюцыйнага элемэнту як у дадзенай установе, гэтак і па-за яе межамі», спрыяньне пры ўладкаваньні на працу сакрэтных супрацоўнікаў ГПУ, сачэньне за кадравай палітыкай. Кожныя два тыдні асьведамляльнікі мусілі падаваць у ГПУ агульную справаздачу пра палітычны настрой супрацоўнікаў, праводзіліся рэгулярныя сустрэчы; праца вялася ў рэжыме «надзвычайнай кансьпірацыі». Блехер мог і ня мець непасрэднага кантакту з АРА — даносы былі пастаўлены на канвэер.
Цяпер гэта пешаходны пераход пад аркай каля кнігарні «Падпісныя выданьні» ад пр. Ф. Скарыны да вул. К. Маркса.
Кансультаваць Гардзі ў справе магчымай апэрацыі быў запрошаны найлепшы менскі хірург Яўген Клімаў, які правёў пасьпяховы курс лячэньня. Хірургічнае ўмяшаньне аказалася непатрэбным.
У 1962 Гардзі будзе ў турысцкай паездцы па СССР, наведае Ленінград, Маскву, Крым, Кіеў, але ў Менск не заедзе.
АРА мела пэўны досьвед дачыненьняў са страйкоўцамі. Першы інцыдэнт адбыўся адразу пасьля прыбыцьця самай першай партыі дапамогі. Сухагруз «Фэнікс» даставіў у петраградзкі порт 700 тон харчу. Грузчыкі пачалі знарок ірваць мяхі й адсыпаць сабе муку, рыс і цукар. Спробы спыніць рабаўніцтва й затрымаць рабочых на выхадзе з порту прывялі да страйку. Прадстаўнік уладаў заявіў, што ня можа паўплываць на пралетарыяў. Пазьней ставілі асаблівыя ўмовы й прэтэндавалі на амэрыканскі харч розныя групы — ад камуністычных прафсаюзаў да арганізаваных артэляў, чыгуначнікі не хацелі дастаўляць грузы, а пэрсанал дзіцячых дамоў і шпіталёў патрабаваў сабе частку рацыёнаў і адзеньня. АРА ацэньвала такія заявы як шантаж і цьвёрда стаяла на сваім праве ўсё разьмяркоўваць самастойна ў адпаведнасьці са сваімі задачамі.
Апроч заробку, мясцовыя супрацоўнікі АРА бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У Менскай акрузе ў 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 58 тон харчоў на суму 5786 даляраў.
Прафсаюзная актыўнасьць была невыпадковая: пасьля таго, як бальшавіцкі ўрад дзеля выжываньня мусіў пайсьці на саступкі й дазволіць крыху свабоды ў эканоміцы, прафсаюзы атрымалі новае заданьне — абараняць клясавыя інтарэсы пралетарыяту ад НЭПманскай буржуазіі. Пачалі, аднак, не з адстойваньня інтарэсаў чальцоў саюзу, а з уласнай чысткі. З чэрвеня па жнівень 1922 у Беларусі праходзіла кампанія «добраахвотнага ўступленьня» ў прафсаюзы, у выніку чаго колькасьць чальцоў зьменшылася з 49 да 40 тысяч. Затое, як афіцыйна сьцьвярджалі, «умацавалася іх клясавая аднастайнасьць».
Загад ГПУ «Аб бягучым моманце й задачах органаў ГПУ па барацьбе з контрарэвалюцыяй» ад 10 сакавіка 1922 ставіў наступныя задачы: «Органы ГПУ тых раёнаў, дзе працуе АРА, павінны асаблівую ўвагу зьвярнуць на яе дзейнасьць, выяўляючы шпіянаж, сувязі з контрарэвалюцыйнымі групоўкамі, гуртаваньне белагвардзейскіх элемэнтаў, высмоктваньне золата й каштоўнасьцяў, а таксама ўсе тыя факты, нават з прыватнага жыцьця асобных дзеячоў АРА, якія маглі б у патрэбны момант служыць матэрыялам дыскрэдытацыі для адпаведных паліткампаніяў».
Вёска ў Крупіцкім с/с Менскага раёну.
Цяпер не існуе. Раён Кастрычніцкай плошчы перад Палацам прафсаюзаў.
Усё харчаваньне дзяцей, — ад фармаваньня адпаведнай часткі бюджэту АРА, заключэньня кантрактаў у Амэрыцы, закупу новых прадуктаў, фрахту параходаў, даставы грузаў праз акіян і затым на цягнікох у склады ў акругах і потым перадачы ў дзіцячыя кухні — было пралічанае дзеля канчатковага выніку: збалянсаванага абеду пэўнай калярыйнасьці (ад 400 да 600 калёрыяў залежна ад узросту, абставін). Адступленьне ад складнікаў вяло да разбалянсаваньня складавых запасаў і хаосу ў новых даставах.
Цяпер вул. К. Маркса.
Ад кастрычніка 1922 па чэрвень 1923 менская АРА карміла 5000 дзяцей у 113 дзіцячых установах, забясьпечваючы 74 % рацыёну. У архіўных дакумэнтах прыводзіцца нацыянальны склад выхаванцаў у 79 дзіцячых дамох Беларусі: беларусаў — 1546, габрэяў — 1382, расейцаў — 192, палякаў — 525; у 34 садкох: беларусаў — 579, габрэяў — 566, палякаў — 145, расейцаў — 22.
Габрэйскае бюро пры ЦК КП(б)Б дзейнічала з 1920 па 1930 (з 1924 — Галоўнае бюро габрэйскай сэкцыі пры ЦК КП(б)Б).
Э. Іофэ й Б. Мельцэр у кнізе «Джойнт в Беларуси» пішуць: «Джойнт праяўляў максымальную гнуткасьць і здольнасьць ісьці на кампрамісы. Кіраўніцтва Джойнту пагадзілася, каб у склад камісіяў для разьмеркаваньня калектыўных пасылак былі ўключаныя прадстаўнікі прафсаюзаў і мясцовых камісіяў дапамогі тым, хто галадае».
Амэрыканскае бюро даставы расейскай дапамогі падавала на квітанцыі свой адрас: Бродўэй, 487, Нью-Ёрк і пазначала аддзяленьні ў Бэрліне, Гамбургу й Петраградзе, а таксама ажно 60 прадстаўніцтваў у ЗША й Канадзе. Расейска-амэрыканская перасылачная кампанія дапамогі ніякага зваротнага адрасу не давала. Кампанія расейскай дапамогі, паводле дакумэнтаў, месьцілася ў Нью-Ёрку на вуліцы Пэзл, 59–61. Ліст на такім блянку з Кліўленду ўпаўнаважваў адрасата ў Віцебску атрымаць пасылку, аплачаную амаль годам раней.
Яшчэ да АРА Ўілабі займаўся журналістыкай у Нью-Ёрку й Вашынгтоне й пасьля вяртаньня ў Амэрыку стаў заснавальнікам і выдаўцом некалькіх газэт. Падчас працы ў Беларусі многія ягоныя справаздачы перасылаліся з Масквы ў прэс-службу АРА ў Нью-Ёрку й распаўсюджваліся як прэс-рэлізы, цытаваліся ў друку.
Рэчавая пасылка разам з дастаўкай каштавала амэрыканскім адпраўнікам 20 даляраў. На рынку ў Менску пасылку перапрадавалі ўдвая даражэй.
У інтэрвію для амэрыканскай прэсы ў траўні 1923 Вілі асабліва адзначаў мясцовых лекараў: «Нідзе ў Расеі не цанілі амэрыканскую мэдычную дапамогу больш, чым у Менску. Лекары заўсёды жвава цікавіліся амэрыканскай грамадзкай сыстэмай аховы здароўя й гігіены. Я часта даваў ім нумары мэдычных часопісаў і літаратуру, якую дасылалі мне з дому, з чаго яны надта цешыліся».
Пралягаў паміж сучаснымі вул. Кірава й Першамайскай ад вул. Я. Купалы да Чырвонаармейскай. Цяпер тут сквэр.
У Менскай акрузе было чатыры машыны: «Кадылак-турынг» магутнасьцю 45 конскіх сілаў, «Додж-сэдан» — 24 конскія сілы, і два трохтонныя грузавікі — «Ўайт» і «Пакард». Тэхніка зьядала за месяц 130 пудоў бэнзіну, 5 пудоў машыннага алею, 4 пуды тавоту й 4 пуды газы.
Гісторык Д. Валкагонаў, які прыводзіць гэтую цытату з архіваў Палітбюро ў кнізе «Ленин. Политический портрет», называе прынятую 7 лістапада 1922 пастанову «па-сапраўднаму злачыннай».
Пераваротам, адрозна ад зьмены ўлады ў лютым 1917, у тагачасных афіцыйных дакумэнтах называўся захоп улады бальшавікамі.
Галоўная (харальная) сынагога пазьней была аддадзена габрэйскай савецкай драматычнай групе. Цяпер — Дзяржаўны расейскі драматычны тэатар.
Народны камісарыят унутраных справаў БССР (НКУС).
Жаночы сымбаль Злучаных Штатаў (мужчынскі — дзядзька Сэм), у гонар адкрывальніка Амэрыкі Хрыстафора Калюмба.
На гэтае рашэньне таксама паўплываў продаж хлеба за мяжу, які бальшавіцкі ўрад пачаў у 1922. У траўні 1923 стала вядома, што ад пачатку году было прададзена за мяжу каля 400 000 тон, збожжа вывозілі з губэрняў, суседніх з галоднымі рэгіёнамі. Вывозілі збожжа й зь Беларусі ў той час, калі там працавала АРА.
Гэтыя папярэднія лічбы пазьней былі ўдакладненыя статыстыкамі АРА.
Паводле ўспамінаў Джона Айкера, напісаных у кастрычніку 1922. У іншых справаздачах дата прыезду пазначаецца 13 студзеня.
Вуліца захавала свой назоў да цяперашняга часу, захаваўся й губэрнатарскі палац, у якім у 1812 месьцілася штаб-кватэра Напалеона. «Збор помнікаў архітэктуры» апісвае дом 18 на вул. Савецкай як «адміністрацыйны будынак» — там цяпер месьціцца абласная ўправа КГБ.
У дадатак да заробку мясцовыя супрацоўнікі АРА бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У Віцебскай акрузе ў 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 41 тону харчу на суму 4263 даляры.
Пасьля 1917 А. Сапуноў кіраваў аддзелам статыстыкі губвыканкаму, 1 студзеня 1922 яго звольнілі — «перавялі на зьдзельную аплату працы». З тае пары ён практычна галадаў. Больш чым праз год пасьля ад’езду АРА, 1 кастрычніка 1924, за навуковыя заслугі 73-гадоваму навукоўцу была прызначана пажыцьцёвая пэнсія — 100 рублёў на месяц. Назаўтра, 2 кастрычніка, Сапуноў памёр.
Паводле дасьледнікаў («Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.)»), у 1922 у Беларусі быў расстраляны 201 прадстаўнік праваслаўнага духавенства.
У 1922 на Віцебшчыне галадалі ня толькі ўцекачы. Улады прызнавалі, што быў неўраджай. Тлумачылася, што пасьля здачы харчпадатку ў сялянаў не засталося збожжа на продаж і таму ў кастрычніку пачаўся рэзкі рост цэнаў. На дзяржпрадпрыемствах выдавалі заробак не грашыма, а прадукцыяй, якую не маглі прадаць; працягвалася сумятня з паралельнымі валютамі й тарыфамі. «Усё гэта ўзмацнялася страшэннай безгаспадарчасьцю й некампэтэнтнасьцю новай улады й назначаных адміністратараў», — адзначаецца ў акадэмічных «Нарысах гісторыі Беларусі».
Канстанцін Вялікі (Flavius Valerius Constantinus, к. 280–337) — рымскі імпэратар з 306. Абаронца хрысьціянаў. На сьмяротным ложы прыняў хрост.
6 студзеня.
У Гомельскай акрузе, як і ў іншых, мясцовыя супрацоўнікі АРА ў дадатак да заробку бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 23 тоны харчу на суму 2262 даляры.
Калі пазьней Мэйтланд і Рамсэй запросяць у госьці княгіню Паскевіч, яна пазнае частку сканфіскаванага ў ейным родавым палацы мэблевага гарнітуру.
Губэрскі выканаўчы камітэт.
Пераклад арыгінальнага англамоўнага ліста. Пераклад усіх дакумэнтаў на беларускую ў кнізе зроблены з архіўных першакрыніцаў і публікацыяў з мовы арыгіналу.
Месяцам раней, у красавіку 1924, «Известия» паведамілі пра арышт былых супрацоўнікаў АРА ў Кіеве. Іх абвінавачвалі ў шпіянажы ў абмен на ежу. Вядомы прасавецкімі сымпатыямі карэспандэнт газэты «New York Times» Ўолтэр Дуранты, які працаваў у Маскве ў 1920–1930, пісаў пра гэты пэрыяд:
«Пасьля ад’езду АРА летам 1923 значная колькасьць мужчынаў і жанчын, якія зьяўляліся чальцамі камітэтаў АРА альбо працавалі ў іншай якасьці, былі арыштаваныя ГПУ. Наркамат замежных справаў у Маскве даў крыху наіўнае тлумачэньне. Там сьцьвярджалі, што ГПУ сачыла за арыштаванымі ўжо пэўны час з той ці іншай прычыны, але ўстрымлівалася ад арышту, каб не ствараць напружаньня з амэрыканцамі й выконваць (Рыскае) пагадненьне. Аднак калі АРА скончыла працу й пакінула Расею, не было больш падставаў, чаму гэтыя “нягоднікі” й “контрарэвалюцыйныя элемэнты” павінны мець ранейшы імунітэт».
Больш за 100 000 чалавек працавалі для АРА, і Дуранты далей піша, што сярод гэтых людзей «верагодна, была значная колькасьць такіх, якія злоўжывалі сваім становішчам у той ці іншы спосаб і наагул зрабілі дастаткова, каб апраўдаць дзеяньні ГПУ».
У 2004 у ЗША была зроблена спроба пасьмяротна пазбавіць Дуранты прэстыжнай Пуліцэраўскай прэміі, якую ён атрымаў за рэпартажы з Савецкага Саюзу. Камісія прызнала, што матэрыялы не адпавядаюць стандарту дакладнасьці (Дуранты «не заўважыў» галадамору ва Ўкраіне).
ДОПР — Дом прымусовых работ.
Некалькі дзён запар у бібліятэцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту я запускаў адмысловую пошукавую сыстэму кампутэрнай сеткі, пераглядаў тэлефонна-адрасныя кнігі гарадоў, дзе маглі жыць нашчадкі беларускае каманды АРА, і выдрукоўваў адрасы. Складанасьць палягала ў тым, што на прозьвішча Сьміт, напрыклад, кампутар выдаў 27 тысяч імёнаў — нават з улікам геаграфічных абмежаваньняў. Пазьней, у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, я працягваў пошукі ў розных базах зьвестак, пераглядаў газэтныя нэкралёгі, сьпісы пахаваных на могілках. Тое-сёе ўдалося ўдакладніць, але галоўныя знаходкі магчымыя, калі будуць выстаўленыя ў інтэрнэт зьвесткі ўсіх агульнанацыянальных перапісаў насельніцтва ЗША (пакуль апошні перапіс, да якога ёсьць доступ, — 1930).
Летам 1922 Айкер быў пераведзены на працу на Волгу, а ў лютым 1923 узначаліў Харкаўскую акругу АРА. Ад’езд Айкера ў траўні з Харкава, які быў сталіцай Украіны, стаў супрацьлегласьцю ягонага разьвітаньня зь Віцебскам:
«Сп. Ракоўскі, прэзыдэнт Украіны, сказаў Айкеру, што праца АРА была вельмі значнай дапамогай Харкаву й папрасіў яго перадаць падзяку ўкраінскага ўраду амэрыканскаму народу».
Зьвесткі пра першага кіраўніка Менскай акругі рэгулярна, ня менш разу на год, зьяўляюцца ў бюлетэні АРА й пасьля вайны — ён надалей працуе ў Лёндане прадстаўніком «General Motors», шмат падарожнічае, сустракаецца з арамітамі.
Скарот ад «камуністы».
Мянушка прадстаўніка лёнданскіх сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва.
Пасьля страйку ў АРА й вымушанага ад’езду зь Менску Сьміт быў накіраваны на працу ў Арэнбург. Падчас кароткага знаходжаньня ў Маскве ён пазнаёміўся зь мясцовай сакратаркай-перакладчыцай штаб-кватэры АРА Маргарытай Аранэт, якая неўзабаве папоўніла доўгі сьпіс «расейскіх жонак АРА». Вясельле згулялі ў кастрычніку 1923 у Амэрыцы.
Некалькі амэрыканскіх газэт надрукавалі аповед Ўілабі аб прыгодах вяртаньня ў Амэрыку з двума ваўчанятамі, якіх ён вёз як трафэі: з Масквы ён даехаў да Менску й паспрабаваў выехаць у Рыгу, але латыскія памежнікі не прапусьцілі. Давялося накіравацца ў Літву, адтуль у Галяндыю. Ваўчаняты вылі, Ўілабі высялялі з гатэляў, ён мусіў начаваць на вакзалах; пасьля зьвяры прагрызьлі скураныя чамаданы, але ўрэшце ўся кампанія дабралася да Нью-Ёрку. Гісторыя з ваўчанятамі заняла дзьве траціны артыкула, апошняя частка апавядала пра дзейнасьць АРА ў Менску.
Джордж Шрэмэл меў вайсковы досьвед — быў старэйшым сяржантам у часе першай усясьветнай вайны, ваяваў у Францыі. «Д’ябальскае месца» — даволі блізкая да рэальнасьці ацэнка Менску ў 1944. Праз год старэйшы сын араміта Шрэмэла, Гордан, сам апынецца ў д’ябальскім месцы: у складзе амэрыканскага войска ён будзе ў Хірасіме. Малодшы сын, Доналд, будзе ваяваць у Карэі. Абодва сыны мянчанкі Ганны Пылкоўскай і супрацоўніка АРА Джорджа Шрэмэла вернуцца са сваіх войнаў дахаты.
У другім томе гэтага выданьня (1929) у артыкуле «Голад» АРА яшчэ згадваецца:
«Была аказаная дапамога й замежнымі арганізацыямі (гл. АРА)».
Але у 1936 (3 т., 2 выд.) АРА ўжо наагул не знайшлося месца:
«Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкай уладзе зь першых жа дзён давялося весьці барацьбу з голадам, які быў вынікам контрарэвалюцыйнага супраціву буржуазіі й памешчыкаў. Найбольш цяжкім быў голад 1921–1922, што ахапіў 35 губэрняў, дзе галадала каля 40 мільёнаў чалавек. Гэты голад быў вынікам усясьветнай і грамадзянскай войнаў. Савецкая ўлада, мабілізаваўшы ўсю пралетарскую грамадзкасьць як у краіне, гэтаксама й за мяжой, канфіскаваўшы царкоўныя каштоўнасьці, здолела аказаць дапамогу й ліквідаваць наступствы голаду».
Гэтую суму складаюць ня толькі грошы з Амэрыкі: 11 357 325 даляраў 13 цэнтаў каштаваў залаты фонд, унесены пад ціскам Г. Гувэра савецкім бокам, які быў выкарыстаны АРА ў мэтах дапамогі. Але гэтую суму цалкам правамерна залічыць на рахунак АРА: без патрабаваньня Гувэра галодныя не атрымалі б гэтых сродкаў — для параўнаньня, у 1922 савецкае кіраўніцтва перадало амаль удвая большую суму замежным кампартыям на патрэбы ўсясьветнай рэвалюцыі.
Каля 80 мільёнаў даляраў у цэнах 2004.
Тут разьбіраў архіўныя матэрыялы Аляксандар Салжаніцын, тут працуе выдатны дасьледнік таталітарызму Робэрт Конкўэст, які ў сваім кабінэце мае кнігі Алеся Адамовіча, тут я меў магчымасьць распытаць фізыка Эдварда Тэлера пра стварэньне вадароднай бомбы, а з нобэлеўскім ляўрэатам Мілтанам Фрыдмэнам, які быў у БССР у 1960-я гады, абмеркаваць эканамічную мадэль сучаснай Беларусі. На паліцах сховішчаў — выданьні першых беларускіх кніжак пачатку XX стагодзьдзя, дакумэнты другой усясьветнай вайны, зьвязаныя зь Беларусьсю, першыя ўлёткі й газэты дэмакратычнага руху Беларусі 1980–1990-х гадоў.