І ТОЛЬКІ ШЛЯХ…




ТРЫ ДУДКІ

Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!..

Падзьмеш у адну —

і высахнуць слёзы;

У другую падзьмеш —

засмяешся знячэўку;

Возьмеш трэцюю —

пусцішся ў скокі...

Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!

Паўжыцця давялося схадзіць,

Каб здабыць вас,

І цяжка даць веры яшчэ,

Што ў руках у мяне вы.

Але ў першую дудку

таямнічага слова

падзьму —

Высыхае слязіна;

Паднясу другую да вуснаў —

і ўсміхацца гатова;

А на трэцяй зайграю —

смех паклоніцца нізка слязе

За спатканае шчасце.

1975



* * *

Шчэ не журуся я па харастве,

Якое параскрадваюць маршчыны.

Смуткую: без мяне мае сцяжыны

Марнеюць па пяску і па траве.

Па мураве, па камені, вадзе

Мной не адкрыты свет мяне гукае,

І з немагчымасцю ўсё не звыкаю,

Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.

Пакуль яе не абарве няўзнак,

Мне столькі трэба зведаць і пабачыць

Людзей у працы, весялосці, плачы,

Каб зразумець, што так, а што не так,

Што не па-людску складваю ў жыцці.

Падчас і па чужых краях журуся,

А хопіць і куточка Беларусі,

Каб цэлы век свой да яе ісці.

1977



БАЛАДА РУХУ

Біты шлях пад нагамі

ці ні следу няма?

То імгла,

то прызыўна далягляд замаячыць,

Быццам змрок расхінае

святлістая доля сама

Рукою гарачай.

Пагражальна правіслі над зямлёй правады —

Чалавека хітае

ад смяртэльнай напругі

Шчасцятворнай, пакутнай,

самаахвярнай хады

За другі.

Быць не можа ў братэрства нічыйных палос,

Між людзей

быць не можа старонняга болю!

Даўжынёй у стагоддзі дарога;

толькі днець пачало

Над доляй.

1975



АРЭХІ

У вянок Любе

Знаёма-новы,

Ледзь абжыты дом.

Мне абжываць яго.

І ты

Заходзіш.

Не прывідам —

Жывая.

Пытаешся, ці я ўзяла вазон —

Без кветкі ў хаце,

Як без гаспадыні...

З патайным хваляваннем

Я дзялюся

Арэхамі з табой.

Ты ўсміхаешся, бярэш...

А неўзабаве,

Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,

Аўтобус,

Перапоўнены людзьмі,

У пільную дарогу вырушае.

Праз шыбу шызую

Твая відаць мне постаць.

Ды ты ўжо не звяртаеш

Увагі на мяне.

Сачу шчымліва,

Як прападае ў далечы

Аўтобус...

Вяртаюся ў той звычна-новы дом,

У ледзь абжыты:

З краю на стале —

ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ

МНЕ АРЭХІ...

1976



* * *

Надзея, патрабуй жыцця!

Хай здані логікі і явы

Шабасяць —

Ты на іх управа,

Адной табой хварэе права

Паверыць у вясны працяг,

У сэнс бязлітасны быцця, —

Надзея, патрабуй жыцця!

1976



* * *

Што ведаем

Пра бліжніх нашых мы?

Адзін другому пазычаем грошы,

Соль і запалкі,

І на святы ходзім

У госці,

П’ем віно,

Спяваем песні —

Як водзіцца між добрымі суседзьмі.

Мы помнім іх памер пантофлі,

Мы ведаем любімы колер іх.

...Якая пыха —

Ганарыцца, быццам

Мы разумеем іх,

Бо — знаем іх!..

Не ўсведамляючы,

Што ўмеем спасцігаць

Мы толькі абалонкі бліжніх нашых...

Ты поруч,

Я павінна быць шчаслівай.

А я ў адчаі:

Ты такі далёкі!..

Між намі роўна трыдзевяць зямель,

Трыдзевяць гор і трыдзевяць лясоў, —

Як захаваць суадпаведнасць

Пытанням нашым і адказам?

Павінна быць шчаслівай я:

Ты поруч...

1976



* * *

...Трапечаш між людзьмі —

Ліст у лістве густой.

Расіначку садзьмі —

І ліст ужо не той.

І ўжо інакшы свет,

Інакшы ў часу твар.

Пакуль ты у лістве,

І ты —

яна, ліства.

У слотнае радні

І ўлік свой, і правы.

...Чуць, як лістком адным

Балюча

куст жывы...

1976



ЛЯСНЫ МУРАШ

З чарнічніку галінкі ўпаў

На стол кухонны,

Імкліва бегчы рынуўся —

Куды?!

Разгублена замёр на міг на месцы,

Памкнуўся ў бок адзін,

Пасля ў другі

І завадзіў вусамі ашалела:

Што гэта сталася?

Куды прапаў

Густы, разнамаіты дух лясны,

Дзе з мноства пахаў

Найрадней і ўтульней

Жывіцы пах,

Пах мурашовых сцежак —

Каб родны дом свой не згубіць,

Вярнуцца

Каб да заходу сонца да сваіх? —

Такой пустое,

Прэснае дарогі

Мураш не помніў на сваім вяку...

Вялікі, рыжы і

Бездапаможны,

Ён мітусіўся на стале кухонным,

Пакуль навобзем з канта не сарваўся,

І знік

У цёмнай шчыліне ў падлозе.

А сонца ўжо на захадзе было,

І дзесьці ў мурашовай пірамідзе

Завершвалі свой дзень гаспадары;

Спяшайцеся ў пару сваю дадому!

Хто вас,

На ноч

Ці назаўжды спазнелых,

Палічыць і прыпомніць сярод тысяч

Такіх

Банальна рыжых

Мурашоў?!

...Сярод цямноты

Летняе начы

Прынесены з чарніцамі мураш

Са шчыліны ў падлозе сумна выпаўз

І запытаў,

І ўсё мяне дапытваў;

— Ты не мураш?

Ты чалавек?

Ты мудры?

Ты ўмееш і лічыць,

І помніць здольны,

Бо страт было ў цябе —

Не мурашовых?..

Чаму ж дагэтуль ты не навучыўся

І што ж цябе тады ўжо і навучыць

Такім, як сам —

Кажнюткім! —

Даражыць,

Скажы?..

І цяжка варушыў вусамі...

1976



* * *

Здаецца ж, і лес наш не цёмны,

І час не глухі наш, не позні, —

Канае самотнае рэха:

Гукаем,

Ці чуем адказ?

Блукаем.

І зноў спадзяемся.

Ігліцаю коле туга,

Каб нам у ваколле ўзірацца

Напружаней і пільней.

Часцей пераходзяць дарогу

І зорка, і рыбіна, й звер,

Каб мы адшукалі нарэшце

Сябе —

Чалавека.

1976



* * *

Адна...

Яна яшчэ здалёк відна:

На выгарбку, вятрам усім адкрытым,

Стаіць сухая, чорная сасна,

Як даўкі сімвал тлену і нябыту.

Ні дрэўца, ані кусціка —

Вакол

Крыжы ды цёмны камень надмагілля.

Ды сухастоіна, нібы дракон

З вычварна пакручастым мёртвым крыллем...

Так давялося на вяку сасне

Быць сведкай толькі гора ды няшчасця,

Што сіл няма ўжо ні зазелянець

Хоць голькаю адной,

Ні ўпасці.

1977



СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ

Я ў сад хачу!

У той прасторны сад,

Дзе вішанна, і яблычна, і грушна, —

Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым,

Душна.

Мне млосна ад прасторы навакол,

Між быльнягу учэпістага стыну:

Там,

Блізкай дзе няма душы, —

Пустыня.

Я ў сад хачу!

Я клопату хачу!

Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце,

Каб іх стаптаў,

Каб змарнаваў іх

Вецер.

Я ў сад хачу!

1977



ЗАБЫЦЬ СЯБЕ

Забыць сябе...

...Паглянь, як спадарожнік —

Малюсенькая зорачка

рухомая

Між плоймы ўяўна нерухомых зор, —

Як пругка,

Як упэўнена

ён торыць

Свой мэтаносны шлях!

Адолена

зямное прыцяжэнне!

...Забыць сябе.

Забыць недасканаласць

Уласную,

І тленнасць, і мінанне, —

Забыць сябе!

Пераадолець!

Вырвацца!

Як спадарожнік

На высозную арбіту,

Каб зоры —

поруч,

Вечнасць —

твар у твар!

...Зямное,

Як ты ўелася ў зямнога

І як

таленавіта

Умееш ты

прыкідвацца

Нябесным!..

Адолена?

Кім?

Дзе?

Калі?

Не мной.

Пакуль не мной.

Яшчэ не мной...

Забыць сябе!..

1976



* * *

— Дзе завязваюцца ветры,

Тыя,

Што прыносяць буру

У чалавечую душу?

— У пустынях адзіноты.

1976



* * *

Ненавіджу святочныя дні,

І таму

Свята жадаю ўсім, хто мне дораг:

Паэту,

Чый затоены смутак

Збірае пяшчотна людзей

Пад сузор'ямі вершаў,

Каб адчулі яны адзінства сваё

І збавіліся адзіноты;

Суседу —

Маўкліваму столяру —

Які ўсё жыццё

Ювелірна

Камень халодны новых кватэр

Устаўляе ў аправу цёплую

З бярозы, сасны і яліны,

Каб помнілі навасёлы

Пра сувязь карэння і кроны;

Сябру маленства майго —

Трактарысту —

Рудому ад сонца і ветру,

Быццам камяк палескай зямлі,

Добраахвотна падданаму і ўладару

Бяссоннай турботы —

Сеяць;

І яшчэ,

І яшчэ,

І яшчэ, —

Іх многа, хто мне дарагі

І хто ведае гэта,

І таму пералік не патрэбен, —

Жадаю сапраўднага свята:

Каб любою парою года

Чырвоная лічба

У душы распускалася ўзнёсла

Дрэўцам маёвым,

І зялёнаю моваю ўся істота

Узрушана сцвердзіла:

Падзяляю

Агульную радасць быцця!

1977



* * *

Дзе твае межы, дабрата?

(3 крывёю повязі ірвуцца...)

Своечасова б забрытаць,

Каб злом табе не абярнуцца...

Каб шчодрасць годная твая

Не стала дробязнай апекай,

З якою робіцца ўтрая

І пуста й душна чалавеку.

Ён паспрабуе ўсё прыняць,

Даць усяму сваё найменне,

Ды не даруе, дабрыня,

Спагадлівага прыніжэння.

1977



* * *

...I прыпасе нялёткае імгненне:

Зноў змрочна, глуха.

А ты не маеш права на сумненне,

На стому духу.

Не маеш права ты ў нявер'і горкім

Шукаць прычалу, —

Не прабачаюць здраду нашы зоркі,

Не прабачаюць.

1977



* * *

Цуд не бывае нечаканы,

Не спраўдзіцца яму раптоўна:

Жаданы пасля ночы ранак,

З карэньчыка ідуць бутоны.

Зялёнай клеткай хларафілу

Завяжацца першапрычына, —

Хай выстарчыць бунтоўнай сілы

Зрабіць рэальнасцю магчымасць!..

А хто не меў тут дачынення,

Слязы ні ўсмешкі не патраціў,

Той цудам назаве здзяйсненне...

Была ж,

як выклік,

праца.

Праца!

1977



* * *

Ловяць далягляд

гады імклівыя, —

Таямнічы, непазбежны дар...

Чалавек адно датуль шчаслівы,

Покуль сам

умее шчасце даць.

І адвеку

будні нашы ўпарта

Цвердзяць,

новы беручы рубеж:

Дай нам,

лёс,

таго, чаго мы вартыя,

Каб не здрадзіць нам

самім сабе.

1977



* * *

Хто вас прымаў калі,

парады:

«Будзь асцярожней, тут асцюк»?

Удзячна колкаму жыццю,

Што выхварэла гэту праўду:

Там

сэрцу засень адшукаць,

Дзе сонца

смаліць без патолі.

...I каласуе маё поле

Пад горным знакам васілька.

1977



* * *

Дэкаратыўная свяча

На століку;

а на марозе —

Напята-белая бяроза...

Адкрэсліць!

Занава пачаць!

Што адцвіло — таму сатлець,

І ўжо няма другога выйсця,

Як толькі —

пераможна смець

Шукаць лістотай новай высяў.

І не баяцца перамен

У лёсе,

гэтак, бы ў прыродзе!

Як выдых:

Хай былое — тлен,

І як удых:

Няхай зародзіць!

1977


Загрузка...