Бадлер і Цяслёнак
12.01.2011. Працягваю купляць альбомную серыю «Великие художники». Учора займеў Анры Маціса. У тэксце пра мастака напаткаў чутае ад старога, у якога я кватараваў у 80я гады:
Голубка моя,
Умчимся в края,
Где все, как и ты, совершенство,
И будем мы там
Делить пополам
И жизнь, и любовь, и блаженство…
Толькі цяпер даведаўся, што гэты верш напісаны Шарлем Бадлерам і перакладзены Дзмітрыем Меражкоўскім. А колькі яшчэ цудоўных вершаў, якіх не было ў тагачасных кніжках, я пачуў ад старога! Словам, не проста дзіваком, як здавалася мне тады, жыў Мацвей Сцяпанавіч Цяслёнак, які пасля вайны быў арыштаваны і сасланы ў Сібір на залатыя прыіскі…
Гняздо
16.01.2011. Мне пяць гадоў. Раніца. Басанож іду па пыльнай дарозе з Лягез. Пыл цёплы, як падлога ў хаце каля адчыненай печкі, у якой на вуглях варыцца ў гаршку груца з мясам. Раптам з высокай прыдарожнай травы ўзлятае птушка. І там, адкуль птушка ўзляцела, я ўпершыню ў сваім жыцці знаходжу гняздо з жоўтадзюбымі птушанятамі. Спрабую пагладзіць іх, але яны нечакана і балюча дзяўбуць мае пальцы, і я, спалохаўшыся, уцякаю дахаты. Заўтра зноў іду да гнязда, каб птушанятам даць хлеба. Хаджу доўга каля дарогі, але гнязда так і не знаходжу…
Стрыжка
16.01.2011. У дзяцінстве, калі мяне стрыглі, заўсёды плакаў. Плакаў без істэрыкі. Проста слёзы каціліся з вачэй. Паехаўшы на вучобу ў Мінск, хадзіў з доўгімі валасамі і, калі што, сам іх абразаў. І вось ужо больш дваццаці гадоў мяне стрыжэ мая Людміла. Цяпер у час стрыжкі я смяюся…
Людзі размнажаюцца…
17.01.2011. Па радыё перадалі, што ў 2080 годзе на нашай планеце будзе жыць 15 мільярдаў чалавек. Адным словам, Зямля ператворыцца ў суцэльны Кітай…
Аня
18.01.2011. Сёння маёй стрыечнай сястры Ані 50 гадоў. Яна нарадзілася ў вёсцы Крапіўнікі, якая ў метрах пяцістах праз рэчку Яршоўка ад Лягез, у якіх я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Амаль кожны дзень хадзіў да сястры гуляць у лялькі. Шмат што помніцца з таго часу, але больш забылася. Памятаю, як мяне пакінулі дома дзядзька Ваня з цёткай Аляй глядзець за куранятамі. Глядзеў доўга, а потым пайшоў у Крапіўнікі гуляць. Вярнуўся позна. А дома мяне ўжо даўно чакала дзяга. Не ведаю, як гэта атрымалася, але, калі мяне не было, паваліліся вароты на куранят, і ўсе яны разам з квактухай загінулі. Пасля гэтага я не пайшоў да сястры ў госці, хоць мяне адпускалі з дому. Недзе праз тыдзень Аня прыйшла да мяне сама…
Цётка Манька
18.01.2011. Анінай маме, маёй цётцы Маньцы ўжо 93 гады. Цяпер яна ў Крапіўніках у старэйшай дачкі Валькі. Са здароўем кепска, але цётка трымаецца. Пахаваўшы ў маладосці аднаго мужа і застаўшыся з малымі дзецьмі, выйшла другі раз замуж. Шчасце зноў было нядоўгім. І потым цётка Манька сама касіла і жала, дровы секла і дзяцей гадавала. І дзеці выраслі добрыя, бо, каб не добрыя дзеці, ці было б сёння цётцы Маньцы 93 гады…
У гасцях…
19.01.2011. Быў у дзіцячым доме № 5. Трапіў туды з Інай Фраловай, у якой там працуе былая аднакурсніца па ўніверсітэце. Дзецям мы прывезлі ў падарунак кучу кніжак і два тарты. Я думаў, што збярэцца амаль увесь дом, але мы прыехалі да канкрэтных хлопцаў, якія жывуць у адным блоку, як браты. Усіх, здаецца, чатырнаццаць чалавек. На сустрэчы было сем, астатнія на вучобе ў другую змену. Хораша пагаварылі. Потым хлопцы мне паказалі свае пакоі, дзе яны спяць і робяць урокі. Скардзіліся, што холадна. У пакоях па трычатыры ложкі, а пісьмовы стол адзін. П’ючы з хлопцамі гарбату, звярнуў увагу на васьмёрку, намаляваную на кубку. Пазней даведаўся, што гэтая пазнака гаворыць пра тое, што кубкі належаць групе № 8. На развітанне мы сфатаграфаваліся. І самы цікаўны хлопец, які і кніжкі адразу гартаў, атрымаўшы іх, і пытанні задаваў, правёў нас да выхаду з дзіцячага дома…
Карта 1866 года
20.01.2011. На працы мастак Валера Сенчанка даў мне старыя карты беларускіх зямель. Разглядаючы частку Мінскай губерні па дадзеных 1866 года, знайшоў свае родныя Пугачы. Непадалёк фальварак Новы Двор. Цяпер вёска, у якой размешчаны Залескі сельсавет, а на месцы фальварка Хмарышкі хмызнякі і балаціна. Там, дзе быў фальварак Пятраўшчызна, цяпер вёска Пятроўшчына. Каля вёскі Сцяцкі на карце паказаны ручай Сцяцкі. Цяпер яго няма, як і няма каля маіх Пугачоў ручая Малышоўка. На карце ёсць суседнія вёскі Татары і Татарскія, але Татарскія названы вёскай Татарская. Словам, ёсць на што паглядзець і над чым падумаць…
Уладзімір Марук
21.01.2011. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаны вершы Уладзіміра Марука, які пайшоў у лепшы свет 23 студзеня мінулага года. Не буду хваліцца, што быў вельмі блізкім сябрам Валодзі, але мы адзін да аднаго адносіліся з павагай і разуменнем. Быў час, калі мы працавалі ў «ЛіМе» і сядзелі ў адным кабінеце. І мне было прыемна назіраць, калі да майго сябра (ён ужо не жыў з сям’ёй) прыязджала яго дачка Вераніка і як ён рыхтаваўся да сустрэчы з ёй. Па ўсім было бачна і адчувалася, што Валодзя вельмі любіць сваю крывінку. Сённяшнія вершы ў «ЛіМе» з прадмовай Веранікі Марук гавораць, што любоў была ўзаемнай…
Нікога не вінаваціў…
22.01.2011. Мужчына павесіўся, пакінуўшы запіску, каб у ягонай смерці нікога не вінавацілі. І яго, як вісельніка, пахавалі на могілках каля плота. Мінула трыццаць гадоў, і магіла вісельніка цяпер амаль у самым цэнтры могілак…
* * *
22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…
У чаканні вясны…
22.01.2011. На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…
* * *
23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…
Канкрэтная справа
23.01.2011. Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом № 5 прыслала па электроннай пошце: «Хлопцы пад уражаннем да сягоння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хатачытальня…» Пайду яшчэ…
Да 90-годдзя Івана Шамякіна
25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзетаваў кнігу «Іван Шамякін. Летапісец эпохі». Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна падчас свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў Храме…
Часам здаецца…
26.01.2011. Часам здаецца, што ўсё тое, што ўжо надрукавана, нікому не патрэбна, як смецце, якое засталося пасля здабычы золата. А золата прапілі…
Думалі пра ВКЛ
26.01.2011. Часта ўспамінаецца Масква і інтэрнат Літінстытута, калі мы (літовец, украінец, паляк і я) начамі за пляшкай польскага спірту, прынесенага з пасольства Польшчы, гаварылі пра землі «ад мора да мора» і адзін аднаму даказвалі, што гэта яго зямля. Яшчэ было амаль шэсць гадоў да гібелі савецкай імперыі, але ўжо адчувалася, што мы не проста так узгадваем сваю агульную гісторыю. Наша «дзяльба зямлі» заўсёды заканчвалася мірна, але не ведаю, як мае суразмоўцы, а я заставаўся пры сваім меркаванні, што ВКЛ — гэта цалкам беларуская дзяржава. Цяпер думаю, чаго больш было ў нашых начных гамонках пра землі «ад мора да мора»: разбуджанай тугі па Вялікім Княстве ці нованароджанай імперскай пыхі, якая ўзнікла ў выніку навучання ў Маскве?
* * *
30.01.2011. Калі ездзіў у вёску ў аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…
Справа не ў паштоўках…
30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: «Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…»
Мужыкі
30.01.2011. Перада мной, кульгаючы, два пажылыя мужыкі нясуць па пляшцы таннага «чарніла». Каля першага пад’езда чатырохпавярховіка, што пасуседску з маім домам, прыпыняюцца. Маладзейшы кажа: «Мяне папярэдзілі, што я яшчэ гадоў пяць пахаджу, а там ногі адмовяць. Хопіць мне і пяці гадоў…» — «Ну і я пад нож не лягу!» — заяўляе ягоны сябрук. Відаць, пачуўшы размову, да кульгаючых з пад’езда выйшаў на мыліцах мужчына гадоў пяцідзесяці і сказаў: «Лепш маленькі Ташкент, чым бальшы Сібір!»
Сыс вольны…
1.02.2011. Патэлефанавала Ларыса Раманава, якая паведаміла, што маё хваляванне пра Анатоля Сыса (ці не пахавалі паэта са звязанымі нагамі?), якое ўзнікла пасля прачытання кніжкі Ганны Кандрацюк з Беластоку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», дарэмнае. Ну і дзякуй Богу!
Пытанне
2.02.2011. Пасля працы зайшоў у краму. Выбіраючы, што купіць, заўважыў разгубленую бабульку вельмі падобную на маю маці. Праз хвіліну бабулька падышла да мяне і запыталася: «А дзе тут за кварціру плаціць?»
* * *
3.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…
У Петрапаўлаўскім саборы…
5.02.2011. У Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе прайшла служба ў памяць Таццяны Сапач. Калі святар назваў у пераліку памерлых імя паэткі, каля мяне з Людай уключылася святло ў вялікай люстры, і адразу ж перагарэла, нібы стрэліла, адна лямпачка. А калі скончылася малітва, у жанчыны, якая стаяла перад намі, ад свечкі загарэўся пясцовы каўнер на куртцы і праз міг патух…
Міхась і верш
5.02.2011. З нататніка выпала візітоўка Міхася Сабалеўскага. Некалькі тыдняў назад з ім пазнаёміўся ў майстэрні Алеся Квяткоўскага. Адразу ўзгадалася, як 1 лютага вечарам мы сустрэліся на прыпынку каля цырка, чакаючы аўтобус. Высветлілася, што жывём зусім побач. Пакуль дабіраліся дахаты, Міхась расказаў, як ён у пачатку 90х гадоў у дзясятым класе напісаў верш пра Беларусь і беларускую мову. Паслаў у «Народную газету», з якой атрымаў ліст ад Людмілы Рублеўскай, дзе яна працавала літкансультантам у аддзеле культуры. Людміла тады ў лісце пахваліла хлопца за патрыятызм. Пасля школы Міхась паступіў у лінгвістычны інстытут. На трэцім курсе трэба было здаваць беларускую літаратуру, але так атрымалася, што Міхась не падрыхтаваўся да іспыту. І тут ён успомніў пра адказ з «Народнай газеты». Экзамен прымаў Леанід Казыра, якому Міхась і паказаў ліст Рублеўскай, і атрымаў добрую адзнаку…
* * *
5.02.2011. Зіма. А на вуліцы дождж, нібы ў небе сапсавалася лядоўня і пацякла…
Паўло і Грузія
6.02.2011. Дзякуючы «ЖЧ» Сяргея Балахонава даведаўся, што мой даўні знаёмы ўкраінскі паэт Паўло Гірнык, атрымаўшы нацыянальную прэмію імя Шаўчэнкі, пераехаў на вёску. Узгадалася Грузія, дзе з 16 па 22 ліпеня 1987 года на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага я з Паўлам жыў у адным гасцінічным нумары на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, што каля Тбілісі. Было хораша. Хапала ўсяго: і вершаў, і віна, хоць і быў гарбачоўскі сухі закон. Неяк вечарам Павел прыйшоў у нумар з сябрам і пачаў клікаць мяне пайсці да дзяўчат, якія жылі ўтраіх у суседнім пакоі. Я тады тут жа прытварыўся вельмі п’яным і з Паўлам не пайшоў — у мяне 24 ліпеня ў Мінску чакалася вяселле з Людмілай Рублеўскай…
* * *
6.02.2011. Раніцай, ідучы ў краму, зайшоў у «Белінвестбанк» і ў банкамаце з карткі зняў грошы. Выйшаў на вуліцу і ўбачыў машыну, якая спынілася каля банка, з такім жа нумарам, як у мяне код для зняцця грошай…
Ажыўшыя карціны
7.02.2011. У выдавецтва прыходзіў Андрэй Смаляк з праектам «Ажыўшыя карціны». З мастаком я знаёмы яшчэ з 1987 года. Тады я працаваў у часопісе «Беларусь» у аддзеле культуры і быў адказным за каляровую ўклейку, дзе змяшчаліся рэпрадукцыі карцін. Даводзілася прапагандаваць і Смаляка. Сёння з Андрэем прагаварыў дзве гадзіны. За гэты час ён сказаў недзе тысяч дзесяць слоў, а я слоў трыста. «Ажыўшыя карціны» — цікавы праект…
Нам засталася спадчына…
8.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса «Валожыназнаўства» аспіранткі кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: «У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацавапаркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў — помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы XIX ст. Важнейшыя з іх — палацавапаркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782—1806 гадах, і мураваны касцёл Святога Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе…
Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717—1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторыйпрафiлакторый…» Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач», што каля Ракава. Хутка будзе дзесяць гадоў, як у Доме творчасці жывуць толькі вятры і лясныя звяры і птушкі…
Творы
10.02.2011. На кніжным кірмашы нашы выдавецкія дзяўчаты прапанавалі Андрэю Смаляку купіць «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча з аўтографам. Мастак кніжку не купіў, сказаўшы: «Я сам мастацкі твор з аўтографам…»
Па вуліцы Камуністычнай…
10.02.2011. Ідучы на бацькоўскі сход у мастацкі ліцэй, які заканчвае сын, адчуў, што і я гэтай дарогай хаджу апошнія разы. А прахадзіў я тут па вуліцы Камуністычнай каля амбасады Расіі (у будынку цяпер нешта іншае), каля амбасады Украіны (бачыў як будавалася), каля сінагогі (памятаю стары будынак, а цяпер новы, сучасны) пятнаццаць гадоў. Гэта з гадамі вучобы старэйшай дачкі. Пятнаццаць гадоў, як пятнаццаць дзён праляцелі…
* * *
11.02.2011. На кніжным кірмашы прадаваў сваю кнігу, нібыта парася, каб у добрыя рукі трапіла…
Немагчыма глядзець…
11.02.2011. На кніжным кірмашы побач з нашым стэндам стэнд «Беларускай энцыклапедыі». На энцыклапедычныя кніжкі немагчыма глядзець, бо ля іх такія дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, што вачам не да кніжак…
* * *
12.02.2011. З кніжнага кірмашу вяртаўся позна і праз прыватны сектар. Было цёмна, рыпеў снег пад нагамі і пахла дымам з комінаў, як у роднай вёсцы…
Чытачка
13.02.2011. Учора на кніжным кірмашы жанчына, купляючы маю «Прозу і паэзію агню», цытавала мне незнаёмыя паэтычныя радкі, гаворачы, што яны мае і яна іх вельмі любіць. Сёння з самага ранку мая ўчарашняя пакупніца падышла да нашага стэнда і папрасіла мяне адысціся з ёй. Я адразу ж падумаў, што жанчына прывезла назад маю кніжку і цяпер хоча, каб ёй вярнулі грошы. «Прабачце! Я ўчора так хвалявалася, сустрэўшыся з вамі, што пераблытала вашы творы з чужымі»,— сказала мая чытачка і пачала цытаваць мае вершы…
Нашы дзеці…
15.02.2011. Быў у дзіцячай бібліятэцы № 6, якая знаходзіцца непадалёк ад дому, дзе я жыву. Выступаў перад дзесяцікласнікамі. За першым сталом каля вакна сядзела сімпатычная парачка, якая шэптам, але так, каб было чуваць, каментавала амаль усё, што гаварыла хвілін дваццаць пра мяне загадчыца бібліятэкі. Сваё выступленне я пачаў з паведамлення, што жыву ў гэтым раёне, дзе яны вучацца, і я ведаю ўсіх мясцовых бандытаў і жулікаў. Пасля гэтага дзеці прыціхлі. Прыемна было пачуць, што гаваркі хлопец ведае, што ў нашым раёне раней было нямецкае пасяленне, а там, дзе цяпер сквер, былі могілкі. Напрыканцы, даведаўшыся, што ў мяне ёсць сын і ён вучыцца ў мастацкім ліцэі ў 11 класе, дзяўчаты тут жа адшукалі ў «Кантакце» майго Максіма...
* * *
15.02.2011. Усё больш чарнейшым робіцца снег. Гэта з ночы, як змяя са шкуры, вылазіць дзень…
Тэлефонны званок…
16.02.2011. Прачнуўся ад тэлефоннага званка. Падняў слухаўку і пачуў доўгі гудок. Паглядзеў на гадзіннік. Палова чацвёртай ночы. Доўга не мог заснуць. Думаў пра старых бацьку і маці…
Пекла і рай…
16.02.2011. Сёння вычытаў, што золата — гэта паліва для іншапланетных караблёў і нашы продкі трапілі на зямлю з іншай планеты. Адны былі ў пекле — здабывалі ў шахтах золата, а другія былі ў раі — жылі на паверхні зямлі сярод кветак і дрэў, сярод звяроў і птушак…
Страсці па культуры…
17.02.2011. З Людмілай быў на тэлебачанні. Запісаліся для «Страсцей па культуры». Перадачу вяла дачка Алега Бембеля (Зьніч) Таццяна. З намі ў гутарцы пра жанчын у культуры ўдзельнічала сямейная пара — Аляксей і Валянціна Еранковы. Ён — кампазітар, а яна — тэатральны рэжысёр. Нагаварылі шмат чаго. Думаю, павінна быць цікава. Праўда, здымалі больш за гадзіну, а перадача 40 хвілін. Дарэчы, гутарка з намі для Таццяны Бембель — дэбют у ролі вядучай тэлеперадачы на канале «Лад»…
Гарэцкія чытанні
18.02.2011. Зранку быў у Музеі гісторыі беларускай літаратуры на XIX Гарэцкіх чытаннях, якія пачаліся з «Гульні з класікай». Прысутным былі агучаны ўрыўкі з апавядання Максіма Гарэцкага «Панская сучка» ў творчых работах студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. Пасля гэтага было шмат цікавых дакладаў. З прывітальным словам ад «Мастацкай літаратуры» і ад сябе выступіў і я. У чытаннях удзельнічала каля пяцідзесяці літаратуразнаўцаў. Кінулася ў вочы, што сярод прысутных было толькі некалькі маладых мужчын, а ўсе астатнія — паважнага ўзросту і шматшмат жанчын...
На вуліцы Панчанкі
18.02.2011. Быў у СШ № 199, што на вуліцы Пімена Панчанкі. Выступаў перад старшакласнікамі. Слухалі, задавалі пытанні, чыталі мае вершы з першай кніжкі «Гронка святла». У школе ёсць музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Панчанкі, у якім каля тысячы экспанатаў. Музей хоць і школьны, але зроблены на ўзроўні дзяржаўных Купалы, Коласа, Багдановіча. Словам, жыве Беларусь…
Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…
18.02.2011. Будучы ў Музеі Пімена Панчанкі, што ў СШ № 199, узгадаў вясну 1979 года. Мне тады было 19 гадоў. У часопісе «Маладосць» Мікола Аўрамчык выбраў для друку чатыры мае вершы. І вось я прыйшоў у рэдакцыю, каб сфатаграфавацца. У кабінеце Міколы Якаўлевіча быў Пімен Панчанка. І пакуль фатограф Мікола Ждановіч рыхтаваў да працы свой фотаапарат, Мікола Аўрамчык і Пімен Панчанка рыхтавалі маю прычоску да фотасесіі. Валасы ў мяне былі доўгія і непаслухмяныя. Мікола Якаўлевіч, прычэсваючы мяне, узгадаў, што, калі ён быў малады, то са сваімі сябрамі, калі ішлі фатаграфавацца, намазвалі валасы алеем, каб яны добра ляжалі. Алею ў кабінеце Аўрамчыка не было, дык мне галаву намачыў Панчанка вадой з графіна. Потым мяне з прычоскай, зробленай Аўрамчыкам і Панчанкам, сфатаграфаваў Ждановіч, і ў 9 нумары «Маладосці» з’явіліся мае вершы з фотаздымкам…
А фота дзе?
18.02.2011. Пасля таго, як Уладзімір Сцяпан, прачытаўшы маю зацемку «Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…», задаў пытанне: «А фота дзе?», я амаль тры гадзіны пароўся ў папках, шукаючы патрэбнае фота. Памятаю, што тое фота я спецыяльна схаваў, каб не прапала. Схаваў так, што цяпер не магу знайсці. Праўда, у папках пазнаходзіў шмат чаго цікавага: і арыгіналы вершаў некаторых паэтаў, і рэдкія здымкі, і малюнкі, і апавяданне Алеся Асташонка, якое ён даваў у «ЛіМ» у сярэдзіне 90х гадоў і яго там не надрукавалі, і рукапіс выступлення Ніла Гілевіча на пахаванні Максіма Танка, і…
Фотаздымак на сцяне
19.02.2011. Едучы ў Маскву ў Літінстытут вучыцца, захапіў з сабой свой фотаздымак, на якім я з прычоскай ад Аўрамчыка і Панчанкі. Упрыгожваючы абшарпаныя сцены свайго інтэрнацкага пакоя, я пачапіў і свой фотаздымак, на які асабліва ніхто ніякай увагі доўгі час не звяртаў. І тут неяк, вяртаючыся з тэатра, Людміла Рублеўская, з якой мы ўжо думалі пажаніцца, запыталася: «Што гэта там за партрэт дзяўчыны вісіць у цябе на сцяне?» — «Дзе?» — папрасіў удакладніць я. «Над ложкам!» — сказала Людміла. «Дык гэта ж мой партрэт!» — засмяяўся я і тут жа даведаўся, што Людзіна сяброўка, якая дрэнна бачыла і з якой Люда зрэдку прыходзіла да мяне, аднойчы сказала: «Чаго ты да яго ходзіш! У яго ёсць дзяўчына! Вельмі прыгожая! Яе партрэт вісіць у Віктара над ложкам!»
Па дарозе да Кальварыі…
19.02.2011. Заходжу ў тралейбус № 7, каб праехаць пару прыпынкаў да Кальварыі, і бачу перад сабой на крэсле дзяўчыну, у якой твар так моцна намазаны грымам, што мне падалося — я трапіў у катафалк, які едзе на Кальварыйскія могілкі…
* * *
19.02.2011. Сярод завадскіх будынкаў велізарная труба, з якой ідзе густы дым. Уражанне, нібыта прачнуўся вулкан…
* * *
20.02.2011. Заснежанае поле. Снег, як пена, і ўзыходзячае сонца, як Афрадыта, якая нараджаецца…
* * *
20.02.2011. Стаміўся ад усяго. І ўва мне крычыць вясковы хлапчук: «Не хачу болей быць дарослым!!!»
У «Сталіцы» быў «Злодзей»…
20.02.2011. Апошнім часам з Людай кожную нядзелю ходзім у «Сталіцу», дзе глядзім у відэацэнтры рэтраспектыўныя фільмы, што сталі сусветнай класікай, але ў нас ніколі не паказваліся. Сёння глядзелі чорнабелага амерыканскага «Злодзея», які быў зняты ў 50я гады. За паўтары гадзіны ў фільме не прагучала ніводнага слова. А фільм класны. У зале было сем чалавек. Побач з намі сядзелі дзве жанчыны, якія паміж сабой шапталіся пабеларуску…
На філфаку БДУ
21.02.2011. Хадзіў на філфак БДУ, куды быў запрошаны паўдзельнічаць у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Сабралася паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. Было тэлебачанне. Усё прайшло хораша. Я выступаў апошнім. І цяпер не магу ўтрымацца, каб не пахваліцца, што, пачытаўшы «Баладу ДунінаМарцінкевіча», у якой ёсць радкі: «Не трэба чужога, не трэба чужога! Ні грошай, ні мовы, ні Бога, // Нічога не трэба чужога!», як гаворыцца, я «сарваў авацыю і васпарыў». Але потым хутка апусціўся на грэшную зямлю, бо даведаўся, што цяпер на філфаку амаль ніхто не піша вершаў ні пабеларуску, ні нават парасейску…
Абавязкова прыйдзем!
22.02.2011. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з Інай Фраловай наведаў у дзіцячым доме №5 знаёмых хлопцаў з групы №8. Дзеці нас чакалі. Я прынёс ім у падарунак новых беларускамоўных кніжак, а Іна велізарны набор пірожных. З прыемнасцю даведаўся, што адзін з хлопцаў пасля першай сустрэчы са мной пачаў пісаць вершы. На жаль, пакуль што пасаромеўся паказаць. За гарбатай я хлопцам расказваў цікавыя гісторыі са свайго жыцця, чытаў вершы. Калі развітваліся, дзеці запыталіся: «А ці прыйдзеце яшчэ да нас?» — «Абавязкова прыйдзем!» — адказаў я.
Каровы пякуць бліны
23.02.2011. Пішу твор пра бліны. Пачытаў тоесёе з яго сваёй Людміле, якая тут жа параіла вось гэтыя радкі не агучваць на вечарыне ў бібліятэцы імя Цёткі:
каровы, вяртаючыся з радоўкі,
на цёплым пыле дарогі
пякуць свае бліны,
якія ў маёй вёсцы называюцца
японскімі сонцамі
Жартаўнікі
24.02.2011. Вярнуўся з працы раней, чым звычайна. Не паспеў распрануцца, як зазвінеў тэлефон. Падымаю слухаўку з думкаю, што турбуюць з працы, і чую голас дзяўчыны: «Вам халадзільнік патрэбен?» — «Не!» — адказваю я. «Дык мы зараз да вас прыйдзем і забяром халадзільнік!» — пачулася праз дружны дзіцячы смех, і я паклаў слухаўку…
Не спіць у шапку…
25.02.2011. З «ЛіМа» патэлефанаваў Віктар Гардзей і паведаміў, што ўсё яшчэ працягваюць кожны тыдзень прыходзіць ананімныя лісты з адваротным адрасам, які з’яўляецца адрасам майго працоўнага кабінета: «Праспект Пераможцаў, д. 11, пакой 903». Ізноў той жа почырк, па якім быў апазнаны адзін з паэтаў, які нядаўна ў кнігарні «ЛогвінаЎ» скраў (ходзяць чуткі) шапку Пашы Касцюкевіча, і цяпер у адкрытую гуляе ў ёй па горадзе, і нават нахабна заходзіць у шапцы туды, дзе яе скраў. На гэты раз ён прыслаў пакрэмзаную газетную выразку з маімі вершамі, што нядаўна былі змешчаны ў «ЛіМе»…
У Цёткі…
25.02.2011. Вярнуўся з бібліятэкі імя Цёткі, дзе Алена Масла са сваёй сястрой Наталляй Бучынскай правяла вечарыну, прысвечаную Масленіцы. Выступоўцам давялося не толькі вершы чытаць, спяваць, але і бліны пячы. Я быў у ліку першых. Калі пачалася святочная вячэра, да нас далучыўся Уладзімір Ліпскі з літоўскім паэтам Вітасам Бараўскасам і ягонай жонкай. Паспяваўшы беларускія песні, Вітас развучыў з намі літоўскую. Пасля гэтага Ліпскі і ягоныя сябры сталі развітвацца з намі. Юрась Нераток, які сядзеў каля мяне, гледзячы на літоўцаў, прашаптаў: «Быў бы цяпер тут Толік Сыс, літоўцы б, не падпісаўшы паперу, што аддаюць нам Вільню, не выйшлі б з бібліятэкі…»
У «Краязнаўчым даведніку»
26.02.2011. Атрымаў часопіс «Маладосць» № 2. З рубрыкі «Краязнаўчы даведнік», якая прысвечана літаратурным мясцінам Беларусі, даведаўся, што ў вёсцы Дубровы (яна ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў) жыў, вярнуўшыся з эміграцыі, польскі паэт і публіцыст Ляскарыс Ежы (1828—1888). І яшчэ: «У міжваенны перыяд, калі вёска ўваходзіла ў склад Польшчы, у Дубровах быў створаны гурток ТБШ па ініцыятыве камсамольцападпольшчыка, гімназіста Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, а пасля Віленскай беларускай гімназіі Таўпекі Уладзіміра. Гурткоўцы займаліся культурнаасветнай і літаратурнай дзейнасцю, ставілі «Паўлінку» Янкі Купалы». І ўсё. На жаль, у гэты «Краязнаўчы даведнік» не трапіў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які доўгі час жыў у Дубровах і працаваў у мясцовай школе. У Вячаслава Міхасёнка ў гасцях бываў Уладзімір Караткевіч, які напрыканцы свайго кароткага жыцця каля Дуброў прыгледзеў на хутары хату пад лецішча і збіраўся яе купіць. Няма інфармацыі і пра мастачку Яўгенію Васілеўскую, якая нарадзілася 3 ліпеня 1928 года ў маіх Пугачах і, скончыўшы Маскоўскі мастацкі ўніверсітэт, яшчэ і сёння жыве ў Дубровах…
А мы ўсё пішам…
27.02.2011. Вяртаючыся з крамы, сустрэў былую суседку, якая гадоў пяць назад у нашым раёне купіла лепшую кватэру, чым мела. «Ну як жыццё?» — пацікавілася жанчына. «Нармальна»,— сказаў я. «А як там у вёсцы?» — працягнула дапытвацца былая суседка. «Нармальна. Бацька там жыве…» — адказаў я і пачуў: «Іншыя б у вёсцы трохпавярховы дом з ліфтам пабудавалі! А вы ўсё вершы пішаце, пішаце, пішаце...»
* * *
1.03.2011. У апавяданне, у аповесць, у раман можна ўставіць верш гэтак жа, як у ружжо — патрон. Як нельга ўставіць ружжо ў патрон, так і ў верш нельга ўставіць ні раман, ні аповесць, ні апавяданне. І проза з вершам — гэта як кроў з малаком…
* * *
4.03.2011. Сонечная раніца. Месцамі з’явіліся першыя праталіны. Каля кантэйнераў са смеццем некалькі бамжоў дзеляць знойдзенае. І ў мяне ў галаве з’явіўся радок пад Саўрасава: «Бамжы прыляцелі…»
Пан міністр
5.03.2011. Сёння з Людмілай быў у Доме літаратара на прагоне спектакля ТЮГа «Пан міністр» па Францішку Аляхновічу. Напачатку было нудотна і хвілін дваццаць дзеі здавалася, што будзе і далей нейкая свіная нудота з чарцямі. Ды не! І калі ў канцы ў зале ўсе ўсталі і доўга апладзіравалі, то перада мной адзін драматург і адзін рэжысёр (яны сядзелі ў розных радах) проста стаялі, і я не змог зразумець па іх тварах: ці ім спектакль наогул не спадабаўся, ці аднаму такога ніколі не напісаць, а другому такога не паставіць…
Голая агітацыя
9.03.2011. Праходзячы каля нядаўна падрамантаванага цырка, узгадаў, як гадоў пяць таму хадзіў сюды на працягу трох месяцаў раз на тыдзень на запіс тэлепраграмы, якую вёў Ягор Хрусталёў, дзе спаборнічалі ў цыркавым майстэрстве вядомыя тэлежурналісты, эстрадныя спевакі і артысты. Напачатку на запіс тэлепраграмы два разы я схадзіў з жонкай, а потым яна не пайшла, бо ёй не спадабалася гэтае шоу, якое было скапіравана з расійскага і якое, у сваю чаргу, было здзёрта з амерыканскага. Каб не прападалі запрашэнні, я ўгаварыў Максіма (сыну тады было гадоў трынаццаць) хадзіць са мной у цырк. Пайшлі. У той вечар артысты тэатра, журналісты з АНТ, стаўшы часова цыркачамі, спаборнічалі паміж сабой у яздзе на конях. Ужо недзе праз паўгадзіны Максім заныў, просячыся дамоў. І тут раптам у падвешанай спявачкі, якую садзілі пацыркавому на каня, сарваўся станік і агаліліся грудзі. Увесь цырк ажыў і заапладзіраваў, а спявачка з голымі грудзямі хвілін дзесяць скакала па крузе арэны на кані. Пасля гэтага мне ўжо не трэба было агітаваць сына пайсці са мной у цырк на запіс шоу…
Лягчылаў і чытачка
10.03.2011. Ранкам мне на працу патэлефанавала жанчына: «Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю, як паэта, таму хачу з вамі пагаварыць».— «А ў чым справа?» — пацікавіўся я. «А справа ў тым, што мне ўжо пад восемдзесят і я люблю беларускую паэзію. Нядаўна купіла кніжку песень Аляксандра Лягчылава, якая выйшла ў вашым выдавецтве. І там я знайшла абдрукоўкі»,— сказала жанчына, і мы з ёй пагаварылі наконт памылак у кнігах. Потым жанчына расказала, што будучы на прэзентацыі кнігі Лягчылава ў гандлёвым каледжы, дзе ён працаваў, яе абурыла, што ніхто з запрошаных кампазітараў і выканаўцаў не прыйшоў. «Нядаўна я была ў «Кнігарні пісьменніка», дзе хацела купіць кніжку Лягчылава, каб падарыць знаёмай,— працягнула размову жанчына.— І мне сказалі, што такога паэта яны не ведаюць і кніжкі ў іх ягонай няма. Але пасля таго, як я пашумела, мне са склада прынеслі дзве кніжкі Лягчылава. На пытанне, чаму кніжку не выставілі ў зале, мне сказалі, што ёй ніхто не цікавіцца і яна на беларускай мове. Ну тут я і завялася, і сказала прадаўшчыцы, што калі б я не была старой, то дала б ёй за такія словы ў морду, але яна некалі нарвецца і ёй морду наб’юць за знявагу беларускай мовы…» Пасля размовы я даведаўся, што мне тэлефанавала жонка кампазітара Кіма Цесакова…
Янка Сіпакоў
10.03.2011. А палове другой патэлефанавала паэтка Марыя Панкова і, плачучы, паведаміла, што памёр Янка Сіпакоў. Адразу ўзгадалася, як зусім нядаўна Іван Данілавіч клапаціўся пра хутчэйшае выданне ў нашым выдавецтве ягонай кнігі «Двое на вуліцы» ў серыі «Проза ХХ стагоддзя». Выхад яе запланаваны на ліпень. Ён, нібыта адчуваў, што яму засталося жыць нямнога,— недзе з месяц назад прынёс спіс твораў, які абавязкова трэба ўключыць ў кнігу выбранага. І прынёс ён не толькі спіс, але і ранейшыя кнігі і часопісы, з якіх трэба рабіць набор для новага выдання. І яшчэ ўзгадалася, як Іван Данілавіч радаваўся, калі ў ліпені мінулага года мы выдалі ягоныя «Вершы, балады, прытчы» ў серыі «Школьная бібліятэка» накладам 17 119 асобнікаў. І мне было прыемна чуць, што я, як складальнік кнігі, выбраў тыя творы, якія б сам Іван Данілавіч уключыў у выдадзеную кнігу…
Вясновае…
12.03.2011. Тэлефонныя коды… Тэлефонныя воды… Тэлефонная вада… Нешта ў гэтым ёсць вясновае…
Жыццё і смерць
12.03.2011. «Перажыў два інфаркты, а памёр ад прападной язвы па дарозе ў лечкамісію. Пахавалі ў Калодзішчах…» — з размовы з сябрам пра Янку Сіпакова…
На галоўнай вуліцы Мінска…
14.03.2011. На галоўнай вуліцы Мінска, дзе цяпер ГУМ, у 1938 годзе стаяла цырульня. Хуткімі крокамі ў яе зайшоў малады чалавек. Падышоўшы да століка з прыборамі для стрыжкі, ён схапіў брытву і паласнуў сабе па шыі. Рана была не смяротная, і хлопец пасля лякарні трапіў у дурдом. Так беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго паэта, талент якога быў на ўзроўні Максіма Багдановіча. Як звалі гэтага паэта і што яго падштурхнула да самагубства можна будзе даведацца з новай дакументальнаэнцыклапедычнай кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.», працу над якой ён заканчвае...
Броўка і 25 працэнтаў
15.03.2011. Пад канец працоўнага дня зайшоў у кабінет да Юрася Пацюпы і Эдварда Карбановіча, дзе ўжо гасцяваў Міхась Шавыркін. Гаворачы пра літаратуру, Міхась Мікалаевіч узгадаў сваю працу ў энцыклапедыі пры Петрусю Броўку: «На той час з Масквы была ўстаноўка, каб у энцыклапедыю мы давалі не меней сарака працэнтаў пра сваё, пра нацыянальнае. Можна было і пяцьдзясят, але Броўка патрабаваў ад нас дваццаць пяць працэнтаў і не болей…»
Атамныя лічбы…
15.03.2011. Прагучала па тэлебачанні, што цяпер у свеце існуюць 443 атамныя электрастанцыі. З іх 18 — у Японіі, з якіх 11 у час землятрусу атрымалі пашкоджанні...
* * *
16.03.2011. Амаль дзве гадзіны быў на сустрэчы з адзінаццацікласнікамі ліцэя БДУ, якія, паступаючы вучыцца, хацелі стаць гісторыкамі. На сённяшні ж дзень некаторыя з іх плануюць пасля ліцэя пайсці на іншыя спецыяльнасці. Прыемна было даведацца, што ліцэісты нядаўна прачыталі новы раман Людмілы Рублеўскай «Сутарэнні Ромула», які ім вельмі спадабаўся. І наогул для іх мая Людміла з’яўляецца любімай пісьменніцай. На пытанне, што мне даюць сустрэчы з маладымі чытачамі, я адказаў: «Упэўненасць, што жыве Беларусь!»
Да і пасля
16.03.2011. Яшчэ зусім нядаўна да землятрусу і цунамі па тэлебачанні паказвалі Японію, дзе робаты могуць старому чалавеку паднесці стакан вады, прыбраць у кватэры, прайсці там, дзе чалавек не пройдзе. Цяпер мы бачым Японію бездапаможную перад атамнай катастрофай і тыя клапатлівыя робаты, пра якіх мы толькі можам марыць, нібы скрозь зямлю праваліліся…
Ранішняе тэлефанаванне
17.03.2011. Сем гадзін раніцы. Тэлефонны званок. Маці? Бацька? Падымаю нясмела слухаўку і чую знаёмы голас кампазітара Эміля Наско: «Прабач, але не вытрываў, каб не пазваніць! Гадзіну назад закончыў новы музычны твор на тваю баладу. Ты геній!» — «Ну і ты геній!» — адказаў я.
* * *
17.03.2011. Гаворым пра Японію. І раптам рыфма: «Японцы — стронцый…»
Забойчыя адзінкі…
18.03.2011. Амерыка. 11 верасня 2001 года. Тэракт… Японія. 11 сакавіка 2011 года. Землятрус. Цунамі. 11 атамных электрастанцый пашкоджаны…
Камень
18.03.2011. (Прыснілася.) Пустэльня. Па пяску, як па вадзе, няспешна паўзе, як плыве, велізарная, як шчыт воя Рымскай імперыі, чарапаха. На чарапасе стаіць келіх з чырвоным віном, як з крывёй. Трымаючы ў руцэ свечку, іду следам за чарапахай. Пясок мне апякае босыя ногі, а свечкі агеньчык трапечацца, як залаты матыль, які хоча з маёй рукі ўзяць свечку і панесці яе, як саломінку, да егіпецкай піраміды, якая, нібыта складзена з цюкоў саломы, бачыцца на даляглядзе. І раптам пясок робіцца чорным, як вуголле, і чарапаха вялікай рудой птушкай узлятае ў белае, як марля, неба. Свечка ў маіх руках тухне і ламаецца, як саломінка, а келіх з віном падае мне пад ногі і разбіваецца аб камень, на якім напісана: «ЯПОНІЯ».
З пад’езда № 6
19.03.2011. Кожны дзень у 9 гадзін раніцы, бывала крыху пазней, з пад’езда № 6 выходзіў высокі стары і выносіў смецце ў невялікім сінім вядры. Учора старога са смеццем не было бачна ўвесь дзень. Сёння з пад’езда вынеслі старога ў вялікай сіняй труне…
Ніна Маеўская
20.03.2011. Учора ад інсульту памерла пісьменніца Ніна Маеўская. Нарадзілася Ніна Васільеўна 4 снежня 1938 года ў горадзе Любань. Пасля факультэта журналістыкі працавала ў рэспубліканскіх выданнях, сярод якіх былі газета «Літаратура і мастацтва» і часопіс «Беларусь». Друкавацца Ніна Маеўская пачала ў 1955 годзе. Выдала зборнікі аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989) і іншыя. Апошнім часам пісала вершы, якія выйшлі ў свет некалькімі кнігамі. З Нінай Васільеўнай я працаваў у часопісе «Беларусь» напрыканцы 80х гадоў. Яна была ў аддзеле публіцыстыкі. З ёй было добра і ў час працы, і ў час адпачынку. На мінулым тыдні Ніна Васільеўна тэлефанавала мне ў выдавецтва. Дакладней, патэлефанаваў яе муж і потым перадаў ёй слухаўку. Калі б муж Ніны Васільеўны не сказаў, з кім буду гаварыць, я б не пазнаў па голасе пісьменніцу. Голас быў ахрыплы і слабы. Ніна Васільеўна прасіла абавязкова ўключыць яе апавяданні ў кніжку пра каханне, якая плануецца выдавецтвам на наступны год у серыі «Вера. Надзея. Любоў»…
Пытанне
20.03.2011. Гляджу па тэлевізары навіны з Японіі. Маладая такійка, маці, у якой двое дзяцей (аднаму два гады, другому яшчэ толькі месяц), скардзіцца ўсяму свету: «У Токіа няма ні вады, ні малака, ні падгузнікаў!..» Глядзець і слухаць жудасна. Але няўжо толькі жыхары тых тэрыторый, якія пацярпелі ад землятрусу і цунамі пастаўлялі ў сталіцу ваду, малако і падгузнікі?
Просьба…
21.03.2011. Не ведаю, як даўней, а цяпер у выдавецтва лісты ад чытачоў прыходзяць вельмі рэдка. Людзі часцей тэлефануюць. Нехта скардзіцца, што не можа набыць кнігу аўтара, якога ён любіць, а нехта дзякуе за добрае выданне, што выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Сёння прыйшоў ліст з просьбай. Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць: «Я хочу перевести на русский язык книгу Рыгора Ивановича Бородулина «Вечалье», год издания 1980 г. Без Вас он не обойдется. Вы знаете его координаты, телефон. Пожалуйста, вызовьте его к себе и покажите ему письма, что я написала ему на Ваш адрес. Я читала энциклопедию в нашей сельской библиотеке, она слишком старая. Там только написано о нем, что он работал в журнале «Нёман» с 1972 г. Я шлёпаться не могу далеко, ноги мои отмерзают. (…) Жду ответа от него, то есть справкуразрешение на перевод книги до 15 марта. А там я собираюсь ехать на родину. (…) Там остался текучий дом по козырьку, его сбили, сбили железный парадный карниз, сняли (украли) железные ворота, нет сарая, где можно растить свиней. Я держу курей. Здесь у меня командиры (…) перебили людьми нашими мне до 30 кур уже скоро нестись им было бы или несушек. В маленьком возрасте я любила кушать яйко, шпеко, млеко. (…) Надеюсь вы поможите мне горе отгоревать. Я не пью и не курю. У меня идет время медленно. Быстрее ответьте на маё письмо. Письмо мое Бородулину Р. И. разрешаю вам прочесть.
Здравствуйте, Грыгор Иванович!
(…) Мне от Вас надо письменное разрешение на перевод Вашей книги «Вечалье». Я переведу её на русский. У нас в Белоруссии любят Любовь Донцову. Я переведу Вашу, её будут читать в России. Может и её будут любить там. За перевод я прошу Вас не деньги, а печатную машинку электрическую «Оптиму» или другую, но электрическую. Разрешение надо заверить в Натариусе, так как я не имею права дотрагиваться без Вашего разрешения к Вашим книгам. 17.03.2011 г.».
Дзве смерці…
21.03.2011. «Памёр мядзведзь Кнут — жыхар берлінскага заапарка. 19 сакавіка 2011 года яго знайшлі ў басейне пасярод вальера. Абставіны і прычыны гібелі мядзведзя пакуль невядомыя». Гэтая навіна не сыходзіць са сродкаў масавай інфармацыі. А тое, што 19 сакавіка памёрла беларуская пісьменніца, акрамя яе родных і суседзяў амаль ніхто больш і не заўважыў. Ці то пісьменнікаў вельмі многа, ці то мядзведзяў вельмі мала?..
Было…
21.03.2011. У выдавецтва прыходзіў Уладзімір Сцяпан. Збіраемся выдаваць ягоную кнігу пра мастака Сяргея Каткова, якому 1 кастрычніка з дня народзінаў будзе 100 гадоў. Пагаварылі пра жыццё. Валодзя пайшоў, а мне ўзгадаліся 80я гады і падвал пад «Кнігарняй пісьменніка», дзе Сцяпан з Глобусам працавалі мастакаміафарміцелямі. Я да іх часта прыходзіў, і мы пілі каву, чыталі адзін аднаму новыя творы, марылі. Было хораша. Нешта збылося, а нешта і забылася. Як гэта было даўно! Як гэта было нядаўна…
Пісьменніца з Чалябінска
22.03.2011. З самага ранку да мяне на працу зайшла невысокая пажылая жанчына і заявіла: «Я хачу ў вас перавыдаць свае творы!» — «Якія?» — пацікавіўся я. Пісьменніца падала мне кнігу, на вокладцы якой прачытаў: «Челябинское отделение СП России», «Первый рейс», «Нина Шишкина». Я адразу ж запытаўся ў Ніны Аляксандраўны пра Генадзя Суздалева, з якім вучыўся ў Літінстытуце. І мне стала вядома, што мой аднагрупнік ужо даўнавата з Чалябінска перабраўся ў Суздаль. Сама ж Ніна Шышкіна прыехала ў Мінск тры дні таму. Адзін дзень шукала гасцініцу, другі дзень шукала Дом друку, а на трэці дзень прыйшла ў «Мастацкую літаратуру». Горада яшчэ зусім не бачыла. Думае прадаць кватэру і з сям’ёй дачкі пераехаць у Мінск. На маё пытанне: «Няўжо вам так дрэнна ў Чалябінску?», жанчына адказала: «Зза кітайцаў няма жыцця…»
Аляксандр Мядзведзь
23.03.2011. Месяц назад Алімпійскі камітэт Беларусі звярнуўся ў наша выдавецтва з просьбай выпусціць кнігу, прысвечаную трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну Аляксандру Мядзведзю. Сёння ж да нас прыходзіў сам легендарны спартсмен. Яму ў наступным годзе 16 верасня будзе 75 гадоў. Дырэктар выдавецтва і я амаль тры гадзіны размаўлялі з Аляксандрам Васільевічам. Пачулі вельмі шмат цікавага. Напрыклад, даведаліся, што ягоная бабуля Акуліна была ростам 195 см. Цяпер чатырнаццацігадовы ўнук Мядзведзя такога ж росту. У 1972 годзе амерыканцы прапанавалі трохразоваму альмпійскаму чэмпіёну за паўтары мільёна даляраў паехаць на паўгода ў ЗША на трэнерскую працу. Пра гэта даведаўся ЦК Кампартыі і не пусціў Мядзведзя ў замежжа. Словам, чакаецца вельмі цікавая кніга…
Мужчына сярод жанчын
24.03.2011. Раніцай, чакаючы аўтобус, на прыпынку, з якога кожны дзень езджу на працу, заўважыў, што я адзін стаю сярод (спецыяльна палічыў) дваццаці трох жанчын. Было б нічога дзіўнага, калі б вечарам, чакаючы аўтобус № 57 на прыпынку каля Купалаўскага музея амаль паўтарылася ранішняя сітуацыя. На гэты раз на прыпынку былі дваццаць тры жанчыны, я і міліцыянер…
Анатоль Комлеў
27.03.2011. З Анатолем Комлевым пазнаёміўся ў канцы 70х гадоў, калі хадзіў на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы», што працавала пры «Чырвонай змене». У 1985 годзе я паехаў у Маскву вучыцца і з Анатолем ужо ўбачыўся толькі некалькі гадоў таму ў электрычцы па дарозе на Лысую гару. Абмяняўшыся нумарамі тэлефонаў, мы зноў зніклі адзін для аднаго, каб сустрэцца на мінулым тыдні ў мяне на працы. Анатоль прынёс кіпу сваіх вершаў, з якіх амаль нішто не друкавалася. На кніжку ў «Мастацкай літаратуры» ён не прэтэндуе, а проста хоча, каб я пачытаў, выказаў сваю думку пра напісанае і дапамог знайсці выдавецтва, дзе можна выдацца за свае грошы. Ад Анатоля даведаўся, што, пераязджаючы са старой кватэры ў новую, ягоныя папкі з вершамі, якія былі напісаны на працягу дваццаці гадоў, выпадкова трапілі ў сметніцу. Са сметніцы бамжы здалі вершы ў прыёмны пункт мукулатуры, куды Анатоль спазніўся на некалькі гадзін, каб адшукаць і выкупіць свае паперы. Доўгі час Анатоль шкадаваў пра страчанае, але з часам супакоіўся, бо напісаліся новыя творы. І я, пачытаўшы іх, магу сказаць, што нядрэнныя…
Супакоілі…
28.03.2011. Некалькі дзён назад праз СМІ ўсяму свету стала вядома, што на адным з блокаў атамнай электрастанцыі на Фукусіме радыяцыя перавышае ў 10 мільёнаў разоў дапушчальную норму. Сёння японцы паведамілі, што зза сапсаванага дазіметра была агучана няправільная лічба і радыяцыя перавышае норму ўсяго ў 100 тысяч разоў…
Дзеці і настаўнікі…
29.03.2011. Калі я вучыўся ў сёмым класе, у час вясновых вакацый настаўнікі Пугачоўскай школы арганізавалі экскурсію на радзіму Якуба Коласа. Мяне мама не пусціла, сказаўшы: «Няма чаго ў час паводкі цягацца за свет!» Сёння даведаўся, што тады грузавая машына крытая брызентам, вяртаючыся дамоў па лясной дарозе каля Нёмана, перакулілася з кучай школьнікаў у неглыбокую азярыну. На шчасце, усё абышлося вялікім пярэпалахам і вымачаным да апошняй ніткі адзеннем. Сохнучы каля вогнішча, настаўнікі загадалі дзецям, каб тыя, вярнуўшыся дамоў, маўчалі пра непрыемнае здарэнне. І ўсе маўчалі…
Было і гэта…
29.03.2011. На пачатку 90х гадоў мінулага стагоддзя аднаго паэта адправілі ад Саюза пісьменнікаў у Маскву на святкаванне юбілею Яўгена Яўтушэнкі. Дэлегат, вярнуўшыся дамоў у добрым настроі, пахваліўся аднаму супрацоўніку Дома літаратара: «Цяпер наша галоўная задача — усё расшалатаць і разваліць!»
* * *
29.03.2011. Нядаўна святкаваў свой чарговы дзень народзінаў. Было шмат віншаванняў, але найбольш запомнілася мамай прашаптанае па тэлефоне адзінае слова: «Віншую…»
Патрэбная кніга
1.04.2011. Людміла сёння была ў БДУ і вечарам дамоў прынесла падораную выкладчыцай Ірынай Казаковай кнігу «История и теория мировой культуры». Сама кніга мяне не здзівіла. Я, не чытаючы, ведаю, што гэтае выданне спатрэбіцца і Людміле, і мне, і нашым дзецям. Прыемна ўразіла паэтычная назва выдавецтва — «Зорны верасок»…
Асвета і Клышка
1.04.2011. Сёння быў на ўрачыстасцях, прысвечаных 60годдзю выдавецтва «Народная асвета». Было шмат узнагарод, кветак, віншаванняў. Але найбольш прыемна было паслухаць Анатоля Клышку, «Буквар» якога выходзіць ужо 43 гады…
«Мы з Санькам у тыле ворага»
1.04.2011. У наша міністэрства звярнуўся вялікі начальнік, каб для яго сынашкольніка знайшлі цікавую кніжку пра вайну на беларускай мове. Міністэрства тут жа азадачыла наша выдавецтва, і я адразу ўзгадаў сваю любімую кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якая некалькі гадоў таму ў нас перавыдавалася. Праўда, кніга даўно ўжо раскуплена, і мне давялося аддаць свой асобнік. Спадзяюся, што твор спадабаецца хлопцу…
Трымаецца…
2.04.2011. З чацвярга мама ў Ракаўскай бальніцы на прафілактыцы. Сёння ў яе будзе мой малодшы брат Вова, а я ў аўторак паеду адведаць. 19 красавіка маме споўніцца 81 год. Трымаецца…
Шпакі
2.04.2011. Сёння і ў нашым двары з’явіліся шпакі. Я іх напаткаў, ідучы ў майстэрню да Алеся Квяткоўскага. Гледзячы на птушак, адразу ўзгадаў вёску, дзе заўсёды для мяне быў святам іхні прылёт. Цяпер жа, не спыняючыся, я пайшоў далей, сумна думаючы пра бацьку, які адзін у вёсцы, і пра маці, якая ў бальніцы…
Лаўка
2.04.2011. Каля пад’езда ўжо некалькі гадзін пра нешта сваё цікавае гамоняць старыя жанчыны. Тры сядзяць на лаўцы, а чацвёртая стаіць. Час ад часу адна старая ўстае, каб даць пасядзець той, якая ўжо настаялася. І думаецца мне, што і мая мама магла б вось гэтак сядзець на лаўцы і гаманіць, але ў кожнага сваё жыццё і свая доля. Ды лаўка каля па’езда, калі яе ніхто з мужыкоў не паламае, ніколі не будзе пуставаць…
Песня і абяцанне
2.04.2011. Недзе перад Новым годам напісаў песню. І толькі ўчора за яе атрымаў ганарар. Дваццаць працэнтаў аддаў дачцэ і сыну, бо абяцаў столькі даць ім за дапамогу. Дзеці спакойна ўзялі грошы, і я зразумеў, што яны не забыліся пра маё даўняе абяцанне…
* * *
2.04.2011. Працуеш, каб жыць. Але жывеш з думкай, каб не працаваць…
Фільмы і жыццё
2.04.2011. Паглядзеў з Людмілай запар дзве ўдалыя экранізацыі — «Татарская пустка» па Дзіна Буцаці (1976) і «Нарвежскі лес» па Харука Муракамі (сучасны, рэж. Чан Ан Хунг). Цяпер у галаве шмат думак і сярод іх ёсць самая галоўная — у гэтым свеце варта жыць нават толькі для таго, каб паглядзець гэтыя фільмы, а потым задумацца…
* * *
2.04.2011. Пасля ўчарашняга дажджу паветра загусцела і запахла бярозавым сокам…
У час паводкі
2.04.2011. Наўзбоч сцяжыны праз Мухлю пачарнелы снег і ручаіны праз сцяжыну нагадалі мне, як гадоў трыццаць назад у час паводкі я дабіраўся ў свае Пугачы. Аўтобус тады дайшоў да Бузуноў і вярнуўся назад у Мінск, а я і яшчэ некалькі чалавек пайшлі далей. Да Пугачоў было кіламетраў пятнаццаць. Абапал насыпной дарогі цякла вада, на дарозе стаяла балота, а месцамі і дарогі не было. Ішоў доўга. Амаль цэлую вечнасць. Успамінаў пражытае за свае дваццаць, чытаў сам сабе свае вершы, лічыў крокі і шкадаваў, што не паехаў, як некаторыя, назад у Мінск. Ды, чым бліжэй было да Пугачоў, тым было весялей на душы. Ніхто мяне дома ў час паводкі не чакаў. Напачатку бацькі абрадаваліся, а потым задумаліся, як жа цяпер мяне ў горад пераправіць. А я нікуды не спяшаўся, бо нідзе не працаваў (ніхто не ведаў пра гэта), і таму ў вёсцы прабыў да таго дня, пакуль не прыйшоў аўтобус з Мінску. Дома з бацькамі было хораша…
Песні
3.04.2011. Патэлефанавала кампазітар Валянціна Сярых і прапанавала напісаць песню на яе старую музыку, што яшчэ пры Савецкім Саюзе гучала. Я сказаў, што падумаю, а Валянціна, каб падбадзёрыць мяне, паведаміла: «Мы ўсе ведаем песню Уладзіміра Будніка пра Янку Купалу. А ў свой час на гэтую ж музыку гучала расейскамоўная песня, якая пачыналася: “Родина наша. Родина наша…”»
* * *
3.04.2011. Праходзіў каля Кальварыйскіх могілак. У думках павітаўся з усімі пісьменнікамі, якія там спачываюць…
Не помніцца…
3.04.2011. Сёння сніў нешта цікавае. Адразу не запісаў, а цяпер нічога ўспомніць не магу. Амаль гэтак жа не помніцца і тое, што было на пазамінулым тыдні…
Сумна…
3.04.2011. На вуліцы змяркаецца. Паглядзеў на заходзячае сонца і раптам стала сумна. Здавалася б, радуйся, што вясна прыйшла. Ды не. Сумна. А сумна, што яшчэ адна зіма мінула…
Да мамы…
4.04.2011. Заўтра зранку еду да мамы ў Ракаўскую бальніцу. Сабраў сумку сёння, а хвалююся ўжо некалькі дзён...
Ракаўская вада…
5.04.2011. Ракаў мяне сустрэў дробным дажджом. Па дарозе да бальніцы, дзе падлечваецца мама, спыніўся на мастку праз рачулку. Паглядзеў, як віруе, і паслухаў, як шуміць ракаўская вада. Без сонца сумнавата, нібыта восенню…
Мама і вокны
5.04.2011. Чым бліжэй падыходзіў да Ракаўскай бальніцы, тым пільней углядаўся ў яе вокны, спадзеючыся ўгледзець маму. Каля акон нікога не было. І ад гэтага на душы стала крыху трывожна, хоць я і ведаў, што мама не ведае, калі я прыеду. А пачуццё трывогі ўзнікла ад незабыўнага — калі ў вёску прыходзіў аўтобус, мама заўсёды была на прыпынку або глядзела на вуліцу з акна хаты…
Лёгкі на ўспамін…
5.04.2011. Дзверы ў маміну палату былі адчынены. З яе чуліся галасы. Мама ў палаце была не адна — з Пугачоў адведаць прыехала яе малодшая сястра Аля з сынам Сярожам, ягонай жонкай Светай і іх малымі дзецьмі. «А мы тут толькі што пра цябе гаварылі!» — вітаючыся, сказала цётка, і ўсе замоўклі…
Вершы і пацыенты
5.04.2011. Каб даведацца, калі выпішуць з бальніцы маму, пайшоў да галоўнай дакторкі, якая з нашых Пугачоў, піша вершы пабеларуску і да ўсяго яшчэ яна Шніп. Маму выпішуць у пятніцу. На маё пытанне: «Як справы з вершамі?», Ірына ўсміхнулася і паказала на стол завалены тоўстымі карткамі сваіх пацыентаў…
Ракаўскія лебедзі
5.04.2011. Вяртаючыся з бальніцы на аўтобусны прыпынак, здалёк убачыў на ракаўскай азярыне двух белых лебедзяў. Пакуль я прыйшоў да вады, лебедзі падплылі да берага. Нічога ядомага ў мяне не было, і я, пастаяўшы каля птушак нейкую хвіліну і пагаварыўшы з імі, паспяшаўся сваёй дарогай далей…
Свой цягнік…
9.04.2011. У краме сустрэў мастака, які жыве ў суседнім пад’ездзе. Ужо нямала гадоў мы знаёмыя, а я не ведаю, як яго завуць, і цяпер няёмка пытацца, бо знаёміліся ж. Гадоў дзесяць у адзіноце мастак глядзіць хворую маці, і мы, сустрэўшыся, заўсёды гаворым пра здароўе сваіх матуль. Сёння на маю скаргу, што я мінулую ноч правёў, як у цягніку ў плацкартным вагоне, мастак сказаў: «Я ўжо год у сваім цягніку. А днём спаць не магу, бо працаваць трэба…»
Ноч прайшла…
10.04.2011. Мама ноччу часта ўставала. І для мяне зноў ноч прайшла, як у цягніку ў плацкартным вагоне. Цяпер галава баліць. Праўда, дапісаў верш:
Гэта сонца прад ноччу, як пляшка віна,
Што звалілася ў п’янага Бога з акна
На асфальт панядзелка, дзе ўсе мы жывём
І, нібы па віне, мы па часе плывём
Невядома чаго, невядома куды,
Адзінокія, быццам бы кроплі вады,
У зямным акіяне зямнога быцця,
Дзе век кветак нямнога, а многа смецця,
Зза якога не бачна, як пляшка віна
Паляцела ад п’янага Бога з акна,
І разбілася пляшка, з якой выцек дзень,
Нібы з сонца прад ноччу за промнем прамень…
Стары і людзі
10.04.2011. «Каля пад’езда дома, што насупраць нашага, паваліўся нейкі дзед з торбай. Людзі, як сляпыя, праходзяць міма, а ён не можа ўстаць!» — паведаміла Людміла. Я хуценька накінуў куртку на плечы і выбег да старога. Узяўшы пад пахі, я падняў дзеда з зямлі і пасадзіў на лаўку, падаў торбу з пляшкамі «чарніла». Стары мне падзякаваў за дапамогу і закурыў. Я, вярнуўшыся ў кватэру, пачаў з акна назіраць за ім. Недзе праз паўгадзіны да старога падышоў другі стары і забраў торбу з пляшкамі. Пасядзеўшы яшчэ з паўгадзіны на лаўцы, дзед пачаў спрабаваць зайсці ў пад’езд з кодавым замком. Старому ніхто не адчыніў, і ён сваім кіем стаў грукаць у акно каля дзвярэй. Выглянула жанчына, але хутка зачыніла акно і занавесіла фіранкай. Дзед яшчэ з гадзіну стаяў каля дзвярэй, пакуль прыйшла дзяўчына, якая жыве ў гэтым доме, і ўпусціла яго ў пад’езд…
Жудаснае…
12.04.2011. Учора пасля тэракту ў Мінскім метро па БТ прагучала, што ў вагоне, дзе загінулі людзі, ляжалі пачкі акрываўленага цукру. Да вядомых «кроў з малаком» і «малако з крывёй» дадалося новае і жудаснае «цукар з крывёй»…
Лёсы…
12.04.2011. Учора многія маглі быць у метро ў 17 гадзін 56 хвілін і стаць ахвярамі тэракту, але адны станцыю «Кастрычніцкая» пакінулі раней, а другія не паспелі ва ўзарваны цягнік. Аглядаючыся ў чорны дзень, успамінаю, што мяне да сябе ў офіс пасля трох гадзін запрашаў Фінберг, каб пагаварыць пра будучую кніжку, прысвечаную аркестру. Я папрасіў перанесці сустрэчу на іншы дзень. Пасля чатырох гадзін патэлефанаваў Алесь Марціновіч з холдынга і паведаміў, што выйшла кніжка, дзе ёсць і мае творы, і я магу прыйсці набыць яе. Мне тут жа захацелася займець кнігу, але, адмовіўшыся ад сустрэчы з Фінбергам, я вырашыў і ў холдынг не ехаць. А мог жа паехаць і да Фінберга, і ў холдынг пайсці, дзе б засядзеўся да канца іхняга працоўнага дня, а потым мог патрапіць у метро якраз у смяротны цягнік так, як патрапіла супрацоўніца холдынга Галіна Пікулік…
Крывавыя берагі Нямігі…
14.04.2011. Ідучы на працу, раптам у сабе пачуў радкі: «Зноў берагі Нямігі азмрочаны крывёй…» Узгадалася «Слова пра паход Ігаравы». Мінула сотні гадоў, а берагі Нямігі і ў нашым часе крывавяцца. Адзін бераг ракі — гэта станцыя метро «Няміга» — быў акрываўлены 31 мая 1999 года, а другі бераг — гэта станцыя метро «Кастрычніцкая» — 11 красавіка 2011 года...
* * *
16.04.2011. Чытаў пра загінулых у метро і плакаў…
Дзеці і Нарбут
18.04.2011. Быў у школе № 213 на сустрэчы з вучнямі 6—10 класаў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. Прыйшло чалавек пяцьдзясят. Слухалі, пыталіся. Пасля ўсяго да мяне падышлі старшакласнікі і запыталіся, ці ёсць у мяне балада пра Людвіка Нарбута. Пачуўшы што няма, дзеці папрасілі напісаць твор, і я абяцаў выканаць просьбу…
* * *
19.04.2011. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Ёй 81 год…
Бацькі і дзеці
21.04.2011. «У адных толку ад бацькоў і пры жыцці не было, а ў іншых і пасля іх смерці ганарары 50 гадоў налічваюцца…» Адразу ж падумалася пасля пытання дачкі аднаго з пісьменнікаў: «А ці будзе за кніжку ганарар?»
Дубцы і дрэвы
23.04.2011. Вяртаючыся з крамы, у сваім двары ўбачыў, як хлапчук, гадоў сямі, ламае куст, а два меншыя ўжо са свежымі дубцамі, разінуўшыся, стаяць побач. «Што ты робіш! Зараз я табе наламаю!» — пракрычаў я, і хлапчук тут жа адбегся ад куста. Каля пад’езда я азірнуўся і ўбачыў, што малы зноў спрабуе выламаць дубец. Я ўжо зусім разлаваўся: «Вон адсюль! Сёння ты, гадасць, кусты ламаеш, а заўтра пойдзеш метро ўзрываць!» Пачуўшы мой крык, дзеці тут жа паўцякалі з двара. Я ж, прыйшоўшы дамоў, задумаўся: «А ці трэба было так злавацца?» І ўзгадалася, як недзе ў гадоў дзесяць у гэткі ж вясновы дзень каля вясковай крамы, дзе толькі што ў час суботніка былі пасаджаны дрэўцы, я спрабаваў зламаць бярозку. Не паспеў зламаць, бо нейкі дзядзька, што ішоў міма, нічога не кажучы, даў мне па спіне дубцом. Праўда, каля крамы так і не выраслі дрэвы…
* * *
24.04.2011. Маё першае святкаванне Вялікадня, якое памятаецца, адбылося ў Лягезах, дзе я жыў у бабулі Ганны. Мне было гадоў пяць. З сябрамі, Людай і Сашкам, нас родныя адправілі ў жачкі на хутар да Такушоў. Гаспадары ўжо святкавалі, таму і нас, малых гасцей, адразу пасадзілі за стол. Далі нам выпіць віна. І я нічога болей не памятаю…
Кітайцы ў горадзе…
28.04.2011. У раёне станцыі метро «Інстытут культуры», чакаючы патрэбны аўтобус, за хвілін пятнаццаць убачыў каля пяцідзесяці маладых кітайцаў, якія вучацца ў нашых вузах. Часам на прыпынку іх было нашмат болей, чым мінчукоў, і мне здавалася, што наш горад стаў кітайскім…
Старая Грушаўка
28.04.2011. На Вялікдзень з Людай пайшлі ў раён старой Грушаўкі, які непадалёк, дзе мы жывём. Хадзілі, нібыта па забытым уладамі і Богам раённым цэнтры. Няспешна разглядалі драўляныя, зрэдку цагляныя даваенныя дамы пад велізарнымі дрэвамі. Прыпыняліся каля калонак з вадой, каля платоў, за якімі старыя сады. Побач з кучай смецця на бярвяне сустрэліся з учарнелым бамжом, што нажом лупіў, як кару з бярозавых дроў, этыкеткі з пляшак. Амаль на ўваходзе вялікага сквера на зямлі, разаслаўшы газеты, сядзелі дзве маладыя жанчыны і святкавалі Вялікдзень. Далей, узлезшы з нагамі на лаўкі, частаваліся маладзёны. Тамсям дзяўгалі сабакі, зрэдку праязджалі шыкоўныя машыны, нібыта раптам у савецкім часе з’яўлялася трэшчына, і яны праз яе трапілі з ХХІ стагоддзя. Ды і мы сябе адчувалі чужымі…
Вераціла
29.04.2011. Сёння паэту Сяргею Верацілу 50 гадоў. А пазнаёміліся мы з ім у снежні 1981 года ў Каралішчавічах на Рэспубліканскім семінары маладых літаратараў. Яскрава памятаецца зімовы вечар пасля вячэры, калі Сяргей паклікаў мяне на вуліцу пакурыць. На месцы стаяць было немагчыма, бо мароз не дазваляў, і мы кругамі хадзілі вакол дамоў і размаўлялі пра паэзію, чыталі вершы, дзівіліся з Анатоля Сыса, які ўжо некалькі дзён сядзеў, як манах, у сябе ў пакойчыку і вечарам нікуды не выходзіў. А потым… А потым праляцела амаль трыццаць гадоў. За гэты час я сто разоў казаў Сяргею, каб падрыхтаваў кнігу сваіх твораў. Ён слухаў, абяцаў і нешта нават рыхтаваў, але так да канца і не давёў пачатае. Магчыма, таму што Сяргей аднойчы вырашыў: «Хачу быць вядомым паэтам, які за сваё жыццё не выдаў ніводнай кніжкі!» Паглядзім. А пакуль што Сяргей Вераціла жывы і здаровы, і няхай і надалей будзе такім…
Падземны параход
29.04.2011. Ідучы з тралейбуса № 23 на прыпынак аўтобуса № 10, што ў раёне станцыі метро «Інстытут культуры», здалёку чую, як з падземнага перахода, з якога з усмешкамі выходзяць людзі, вылятае нейкае вухканне. Заходжу і я пад зямлю, і, убачыўшы велізарнага хлопца, які іграе на велізарнай трубе, выходжу, усміхаючыся, на другім баку вуліцы, нашэптваючы: «На параходзе музыка іграла…»
У размове…
30.04.2011. У размове з разведзеным знаёмым, пытаючыся, ці плаціць ён алементы, забыўся слова «алементы» і замест яго сказаў: «Партыйныя ўзносы на дзіця...»
* * *
1.05.2011. Здаецца, гэта было ўчора, калі я сустракаў сваё 18годдзе. Я тады заканчваў вучобу ў Мінскім архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме. У мяне ўжо былі публікацыі ў «Чырвонай змене» і «ЛіМе». І наперадзе было столькі часу і праблем жыццёвых, што здавалася, ці змагу дажыць да 2000 года. І на табе! Сёння нашаму з Людмілай сыну Максіму — 18!
Валянціна Коўтун
1.05.2011. Учора ў Пінску (відаць ездзіла на сустрэчу з чытачамі) памерла Валянціна Коўтун. Так атрымалася, што ў кватэры, дзе цяпер мы жывём, да 1990 года жыла Валянціна Міхайлаўна. 7 красавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына, прысвечаная яе 65годдзю. Мы былі запрошаны з Людмілай. На жаль, па сямейных абставінах не змаглі паўдзельнічаць у святкаванні. І тады мы думалі, што яшчэ шмат разоў зможам пабыць на вечарынах Валянціны Міхайлаўны. Але, але…
Тор
1.05.2011. У кінатэатры «Rubin Plaza 3D» разам з сынам і ягонымі сябрамі паглядзеў фільм «Тор». Напачатку галоўны герой, якога завуць Тор і які жыве ў далёкай галактыцы, практычна бессмяротны: неверагодна дужы, можа лётаць і ў яго ёсць молат, які кантралюе буры. Але так здараецца, што ў адзін дзень Тора за ваяўнічасць выганяюць на Зямлю, дзе ён павінен жыць сярод людзей. Апынуўшыся на Зямлі ў пустэльні, Тор трапляе пад калёсы машыны астрафізіка Джэйн Фосцер (Наталлі Портман). А далей пайшла і паехала прыгожая паэтычная фантастыка для падлеткаў. І ўсё ж некаторымі сцэнамі яна кранала мяне да слёз...
Валянціна Коўтун і Леся Беларуска
1.05.2011. На пачатку лета 2008 года да мяне ў выдавецтва прыйшла Валянціна Коўтун і прынесла рукапіс кнігі Лесі Беларускі, у існаванне якой, дзякуючы публікацыям Валянціны Міхайлаўны, я верыў. Кнігу мы адразу запланавалі, і яна павінна была выйсці ў пачатку наступнага года. Але праз пару месяцаў у выдавецтва зноў прыйшла паэтка і сказала, што Леся Беларуска — гэта яна, і з’явіліся людзі, якія гэтае імя і творы хочуць прысвоіць, таму «кніжку трэба тэрмінова выдаць пакуль я жывая». На жаль, тэрмінова выдаць Лесю Беларуску ў нашым выдавецтве не атрымоўвалася і Валянціна Міхайлаўна рукапіс забрала. Маю просьбу нікому больш не прызнавацца, што Леся Беларуска — гэта Валянціна Коўтун, Валянціна Міхайлаўна праігнаравала і на адной з вечарын сказала, што Леся Беларуска — гэта яна. І сваім прызнаннем Валянціна Коўтун разбурыла самой жа створаны цудоўны вобраз паэткізмагаркі, у якую ўжо многія паверылі, а я нават і «Баладу Лесі Беларускі» напісаў:
Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,
Таму і снег, нібы анёл, ляціць,
Цябе, заледзянелую, цалуе
За Беларусь далёкую, жывую,
Якую не клялася ты любіць,
А ўсё жыццё яе любіла ты,
Хаця і ненавідзець права мела...
Паэзія — зняможанае цела,
Якое не пакінуў дух святы,—
Была з табой і жыць натхняла ўсіх
І верыць, што і гэта ўзвея пройдзе,
І застанецца кветкамі на лёдзе
Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,
Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...
Учора і сёння
2.05.2011. Учора сыну споўнілася 18 гадоў. А сёння яму з самага ранку прынеслі павестку ў ваенкамат «для уточнения учетных данных»…
Радаўніца
3.05.2011. На Радаўніцу звычайна бывае сонечна. І сёння ў 11 гадзін пасвятлела, нібыта нашы продкі паглядзелі з неба на нас…
Вазоны і грады
4.05.2011. Гэты тыдзень наша выдавецтва не працуе, і ўсім супрацоўнікам выпала па дзесяць дзён выхадных. У нас у кожным пакоі шмат вазонаў, якія трэба, хоць зрэдку, паліваць. І, каб вазоны не пасохлі, я прапанаваў жанчынам, каб яны пакінулі ў прыёмнай ключы, а я ў вольны час падыду і палью іх расліны. Сёння хадзіў у выдавецтва. Паліваючы вазоны, узгадалася школьная практыка, калі ў час летніх канікул трэба было тыдзень пахадзіць у школу і паліваць грады. Часцей за ўсё грады я паліваў адзін…
Аднаму страшна…
4.05.2011. Патэлефанаваў сябрук. Пагаварылі пра жыццё-быццё. Сябрук узгадаў Янку Сіпакова: «Як ён там цяпер ляжыць у зямлі? Аднаму ж, відаць, страшна?»
Градуснік
9.05.2011. Пяты дзень як хварэю. Сёння прачнуўся ў сем гадзін. Захацеў памераць тэмпературу, а градусніка няма — на тумбачцы ляжыць пусты футлярчык. Стаў шукаць. Усё перабраў, што можна. Няма. І, калі сеў адпачыць, раптам адчуў, што градуснік у мяне пад адзеннем на спіне. Шчасце маё, што спаў на баку і не варочаўся пасля таго, як паклаў градуснік пад паху…
Кожнаму сваё
11.05.2011. Іна Фралова ўдзельнічала ў літаратурным конкурсе, што праводзіў Фрунзенскі раён Мінска. Журы конкурсу прызнала яе пераможцай. З Інай мы добра знаёмыя, і яна, атрымаўшы ўзнагароду, прыслала мне па электроннай пошце гісторыю, што адбылася з ёй у час урачыстасцяў: «Мне за конкурс далі гадзіннік з лагатыпам Фрунзенскага раёна, грамату ўручала рэдактар «Маладосці» (паэтычны раздзел) — маладзенькая дзяўчынка. А людзі на лавачках у мяне пыталіся: «Што далі?» Кажу: «Гадзіннік!!!» І паказваю — во, вялікі!!! А яны: «А, г...». А са мной ішлі мае сябры, бацюшка (святар) і матушка. Святар кажа тым людзям: «Дык што вы хацелі, каб ёй літр гарэлкі далі?» Усе паляглі са смеху».
Іна, ветэран і «васпітанная»
11.05.2011. У Дзень Перамогі Іна вярталася дахаты на метро. І так атрымалася, што яна села побач з ветэранам вайны, які быў вельмі падобны да Інінага памерлага дзеда. Людзі ў добрым настроі, якія былі побач з ветэранам, усю дарогу яго амаль цалавалі. Іне таксама захацелася што-небудзь добрае зрабіць старому і, распытаўшыся, дзе ён жыве, прапанавала яму бясплатна пасля метро падвезці на машыне да самай хаты. Стары не адмовіўся, і Іна патэлефанавала мужу, каб ён пад’ехаў да станцыі «Каменная горка». Размову з ветэранам чула пажылая жанчына, якая хутка падала свой голас: «Куды вы паедзіце з ёй! Яна можа аказацца бандыткай!» — «Што вы кажыце, як хворая!» — абурылася Іна. «Я очань васпітанная жэншчына, а вы мяне называеце бальной!» — усхапілася цётка і пачала агітаваць ветэрана, каб ён дахаты дабіраўся на аўтобусе, і ў старога хутка прапала жаданне, каб яго падвезлі. «Што я знасілую дзеда, ці што?» — пакрыўджана сказала Іна і выйшла з цягніка, які спыніўся…
Хварэем…
12.05.2011. Мы працягваем хварэць. Людміла ў бальніцы, я дома. Да абеду драмаў і слухаў Данчыка і Мулявіна. Пасля песень захацелася напісаць, што-небудзь для Люды. Атрымалася сумнае:
Нібы ў ямах з халоднай вадой,
Мы жывём тут сягоння з табой.
І глядзім мы праз вокны адны,
Нібы з ям, што не знаюць вясны.
А на вуліцах зелень, краса,
Сонца, як залатая сляза
Продкаў нашых, якія глядзяць
І не могуць нічога сказаць,
І нічым не сагрэць нас з табой
У жыцці, нібы ў яме з вадой,
Таму нам застаецца маліцца,
Каб не даў Бог нікому ўваліцца
Ні ў калюгу, ні ў яму з бядой…
Мужчына і жанчына
20.05.2011. На лавачку каля нашага пад’езда з гадзіну назад прысеў высокі сівы, лысаваты мужчына гадоў за шэсцьдзясят, які ўсё яшчэ не стаміўся ад жыцця. Па букеце было бачна, што чалавек тут прысеў не проста час збавіць, а ён канкрэтна некага чакае. Раптам мужчына ўстаў, бо ў двары пачуўся грукат абцасаў, якія, відаць, яму добра знаёмыя. І вось да нашага пад’езда падышла дзябёлая чарнявая жанчына гадоў сарака пяці. Мужчына шчыра і радасна, жанчына радасна і крыху стрымана ўсміхнуліся адно аднаму. Мужчына падарыў кветкі, і, пацалаваўшыся, жанчына сказала: «Сяргей Іванавіч, гэта так нечакана для мяне! Дзякую!» Пасля пацалунка мужчына яшчэ больш заўсміхаўся, а жанчына, каб не заўважыў госць, два разы рукой выцерла вусны. І незнаёмыя пайшлі ў наш пад’езд…
У кожнага сваё…
26.05.2011. Сёння бачыў шчаслівага чалавека. Гэта быў мужчына гадоў трыццаці пяці, які адыходзіў ад абменніка валюты з памятай купюрай у 20 даляраў. Выгляд у чалавека быў, нібыта ён толькі што атрымаў пропуск у рай…
Са школы вярнуўся…
26.05.2011. Са школы вярнуўся сын адзінаццацікласнік і, сказаўшы: «Усё! Здаў усе падручнікі!», зняў з плячэй пусты ранец. І ў мяне праз душу праляцеў апошні самалёцік, зроблены з паперы, вырванай са школьнага сшытка…
Кроў з пальца
28.05.2011. Апошні раз аналіз крыві з пальца здаваў у 1991 годзе. Тады ў Саюза пісьменнікаў яшчэ была свая паліклініка. Кроў з пальца бралі на трэцім паверсе ў Доме літаратара, дзе было ў канцы калідора некалькі медкабінетаў. Не памятаю, ці то я добра прыхварэў у той год, ці па іншай прычыне, але мне трэба было абавязкова здаць аналіз крыві. Паехаў пад канвоем Людмілы, бо яна ведала, што адзін не даеду і ўцяку дамоў. Боязь здаваць кроў з пальца ў мяне была са школы. І вось прыехалі мы з Людмілай да Дома літаратара. Яна засталася на вуліцы чакаць мяне, а я пайшоў. І чым бліжэй падыходзіў да медкабінетаў, тым мне рабілася страшней, і было такое адчуванне, што восьвось у мяне спыніцца сэрца. Толькі падумаў уцякаць, як з кабінета выйшла дакторка і паклікала мяне да сябе. Я ёй расказаў, што баюся здаваць кроў з пальца і мне пры гэтым робіцца дрэнна. Дакторка пасмяялася і пачала расказваць, што кроў з пальца здаваць небалюча. Яна гаворыць, а ў мяне ад жаху дух займае. Скончылася тым, што адна дакторка мне расказвала анекдоты, а другая брала кроў. Праз паўгадзіны ў кабінет зазірнула Людміла, бо ёй на вуліцы надакучыла чакаць мяне. І калі яна зайшла, то ўбачыла мяне ляжачым на кушэтцы з нашатыром пад носам…
Да гісторыі маёй Валожыншчыны
29.05.2011. У фрэндстужцы «gorliwy_litwin» вычытаў: «Воложинский район 18—20 мая посетили потомки семьи Каганович, представительница которой Ида Розенталь, урожденная Каганович, считается изобретательницей современного бюстгалтера (1928). Она выехала в США с родителями в 1904 г. в возрасте 18 лет из Ракова. Другая ветвь семьи, жившей в Ракове и Воложине, выехала в Палестину в 1924 г.».
Мама і тата…
30.05.2011. З васьмі месяцаў да сямі гадоў з паловай я жыў не ў Пугачах у сваіх бацькоў, а гадаваўся ў вёсцы Лягезы ў бабулі Ганны, дзе цётку Алю называў мамай, а дзядзьку Ваню татам. Сваіх жа бацькоў я не ведаў і не бачыў да школы і, калі мяне забралі ў Пугачы, я доўга не разумеў, што адбылося са мной і чаму я павінен жыць у новым месцы. І мне сёння часцей сняцца Лягезы, чым Пугачы. І хоць мінула больш сарака гадоў, як мяне бацькі забралі з Лягез, па сённяшні дзень ува мне жыве светлая дзіцячая любоў да цёткі Алі і дзядзькі Вані, якія для мяне былі ў мае першыя сем год жыцця сапраўднымі мамай і татам…
Не трэба нам бераг турэцкі…
31.05.2011. Яму ўжо за шэсцьдзясят, а ён, як хлапчук, гойсае па Беларусі, ствараючы сцэнарыі свят і праводзячы іх. Мы даўно бачыліся. І я крыху здзівіўся, калі ён, пасля хвілін дзесяці размовы па справе, сказаў: «А ты, маладзец, не загунурыўся!» — «А чаго мне гунурыцца!» — засмяяўся я, і мы пачалі расказваць пра сваіх дзяцей. І ён пахваліўся: «Дачка мая тры гады назад выйшла за турка. Нядаўна ездзіў да яе ў Стамбул. Парадаваўся ўнуку. Белабрысы, з блакітнымі вачыма. Славянін». А ў маёй душы следам за словам «славянін» прагучала «янычар»…
Суботні ранак…
4.06.2011. У цяньку на лавачцы каля суседняга пад’езда сядзіць стары і няспешна курыць. Каля яго ног трэцца чорны кот і стаіць палатняная торба з адкаркаванай пляшкай «чарніла». Час ад часу стары дастае пляшку і, зрабіўшы з яе глыток, ставіць назад у торбу. Мінула паўгадзіны, гадзіна, а стары ўсё шыкуе, а я назіраю. Але, адвярнуўшыся на пару хвілін ад акна, я не заўважыў, як п’яны стары зваліўся пад лаўку, а пустая пляшка адкацілася ад яго на некалькі метраў, спудзіўшы чорнага ката…
У Храме…
5.06.2011. З Людмілай быў у царкве. Паспавядаліся, прычасціліся. Напрыканцы службы перад намі ў некалькіх кроках сталі дзве дзяўчыны гадоў пад дваццаць. Адна была з непакрытай галавой і ўвесь час хіхікала, і каментавала сяброўцы ўсё, што адбывалася навокал. Другая хоць і ў хустцы, але і яна паводзіла сябе, нібыта ў чарзе за півам. Мне хацелася падысці да дзяўчат і выгнаць з Храма, але…
Уладзімір Конан
6.06.2011. Памёр Уладзімір Конан. Цудоўны беларускі філосаф і светлы чалавек. Ён некалькі разоў быў у нас дома, калі Людміла ў «ЛіМе» вяла рубрыку «За гарбатай у Шніпоў». У нашым сшытку «Альбом сустрэч» застаўся запіс спадара Уладзіміра: «Ваш, дарагая спадарыня Людміла, літаратурны салон — першы ў наш драматычны час і другі пасля салона Янкі Купалы і цёткі Уладкі. Калі б, не дай бог, наша Беларусь зноў стала Забраным Краем, то і тады яна адродзіцца ад Вашых сяброў і Вашай сям’і. 24.01.1997 г.». Дзякуем Вам, спадар Уладзімір, за тое, што мы былі ў Вашым жыцці…
Мікола Казлоў
9.06.2011. На 67м годзе жыцця памёр мастак Мікола Казлоў. У свой час ён шмат гадоў працаваў у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У нас дома ў цудоўным афармленні спадара Міколы ёсць двухтомнік выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна, вершы Максіма Танка, зборнікі «Дзень паэзіі» і шмат кніжак для дзяцей. У афармленні Міколы Казлова і ягонай жонкі Наталлі Суставай у 2008 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніжка казак маёй Людмілы «Карона на дне віра». На самым канцы красавіка ў галерэі сучаснага мастацтва была адкрыта выстава твораў Міколы Казлова «Тонда» (круг), якая стала для ўсіх, хто быў на ёй, своеасаблівым развітаннем мастака з сябрамі і з гэтым светам…
У двары…
11.06.2011. У двары, хто мае машыны, з самага ранку збіраюцца і з’язджаюць за горад. На лавачках застаюцца старыя, як на беразе мора, якое ў іх жыцці ўжо амаль высахла…
Па дарозе на выпускны…
12.06.2011. Учора цэлы дзень прасядзеў дома ў чаканні выпускнога вечара ў сына і вяртання Людмілы з Вязынкі, куды яна ездзіла журыць конкурс «Купалаўскія вакацыі». Баяўся, што Людміла не паспее вярнуцца і мне аднаму з Максімам давядзецца ісці ў школу, але яна прыехала своечасова. Выйшлі з дому за гадзіну да вечара. Каля опернага тэатра вырашылі пад’ехаць на тралейбусе яшчэ адзін прыпынак. І толькі зайшлі ў патрэбны, як да Людмілы падышла незнаёмка і пачала прасіць аўтограф. Аказалася, што дзяўчына канчае вучобу і піша дыплом па творчасці Людмілы…
Сумна…
12.06.2011. Наш Максім закончыў 11 класаў мастацкай школы. Учора на выпускным вечары атрымаў атэстат. А мне сумна, што ўжо ніколі не буду хадзіць на бацькоўскія сходы…
13
13.06.2011. Зазірнуў у сынаў атэстат. Нармальна. Але магло быць лепей. Звярнуў увагу, што атэстат выдадзены пад нумарам 13. Кажу пра гэта сыну і чую: «Мая школа пад № 26 (гэта два разы па 13), і яна знаходзіцца на вуліцы Камуністычнай № 52 (гэта чатыры разы па 13), і да дзявятага класа я быў у журнале пад № 26…»
Святлана Явар
15.06.2011. На пачатку сакавіка мне прысніўся сон пра дзесяць пісьменніцкіх магіл. З таго часу не стала Сіпакова, Маеўскай, Коўтун, Конана, Місько… Сёння даведаўся, што ў сваёй кватэры мёртвай знайшлі адзінокую паэтку Святлану Явар (малодшая дачка Барыса Сачанкі, нарадзілася ў 1968 годзе) з вершам, прысвечаным бацькам…
Званок
15.06.2011. Зранку мне патэлефанавала невядома адкуль нейкая англічанка. З усяго, што яна гаварыла, я зразумеў, што ёй патрэбна Аксана. Пытаюся: «Аксана Спрынчан?» Кажа, што не. Тады я прызнаўся незнаёмцы, што я не валодаю англійскай мовай, бо ў школе вучыў нямецкую. «О’кей!» — кажа англічанка і пераходзіць на нямецкую мову. Сказаўшы некалькі слоў панямецку, я заявіў: «Давайце гаварыць пабеларуску!» І тут жа пачуў у адказ: «О’кей!» Не ведаю ці зразумела незнаёмка, што Аксана, якую яна пытаецца, у нас не працуе, але яна падзякавала мне паанглійску за інфармацыю і паклала трубку…
* * *
17.06.2011. Седзячы ў гасцях у Міхася Южыка і разглядаючы ягоную кватэру, убачыў і запісаў радкі:
на сцяне на лесцы
вісіць карціна,
як маятнік гадзінніка,
які спыніўся
* * *
20.06.2011. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі — гэта не той цвік, якім можна быць прыбітым да крыжа вечнасці…
Малады аўтар
21.06.2011. Прыйшоў на працу а палове дзявятай. І толькі адчыніў дзверы ў кабінет, як зазваніў тэлефон: «Вас турбуе малады аўтар! У мяне да вас ёсць тэрміновая справа!» — «Што за справа?» — цікаўлюся. «У мяне напісаўся новы раман!» — «А вы друкаваліся ў часопісах?» — «Не! Але я надрукаваў ужо тры кніжкі!» — «Ведаеце, мы апошнім часам выдаём толькі тыя творы, якія ўжо былі ў рэспубліканскіх выданнях.— «Мяне рэспубліканскія выданні не цікавяць! Я хачу, каб вашы спецыялісты пераклалі мае творы на англійскую мову!» — «У нас такіх спецыялістаў ніколі не было!» — адказваю я, і малады (па голасе гадоў пад шэсцьдзясят) аўтар, паслаўшы ўсіх падалей, паклаў трубку…
Сястра пакойнага брата
21.06.2011. Перад абедам прыйшла незнаёмая бабуля і заявіла: «Я сястра пакойнага брата. У вас тут недзе ляжыць ягоны рукапіс успамінаў пра вайну. Я хачу ўнесці ў яго невялікія праўкі».— «А як прозвішча вашага брата і як рукапіс называецца?» — пытаюся. Бабуля, падумаўшы, праз хвілін пяць адказала: «Не памятаю…» І, пагаварыўшы пра жыццёбыццё, мы дамовіліся са старой, што калі яна ўспомніць прозвішча свайго пакойнага брата, то патэлефануе і скажа, куды і якія праўкі ўнесці…
Блізкія
22.06.2011. Са Слоніма патэлефанавала жонка Алега Лойкі Раіса Сямёнаўна. Падзялілася сваімі перажываннямі пра дом, які паціху прыходзіць у заняпад і ў які ўжо злазілі злодзеі. Міліцыя іх злавіла, тоесёе са скрадзенага вернута, а многа безваротна прапала. Цяпер у падвале дома стаіць вада і патрэбны грошы, каб яе адкачаць. Шмат да каго звярталася Раіса Сямёнаўна, але ніхто так і не дапамог. Нядаўна ў Слоніме святкавалася 80годдзе Алега Лойкі. Назбіралася сваякоў, а пра Раісу Сямёнаўну забыліся. Жанчына вельмі моцна не бядуе зза гэтай няўвагі, бо памятае словы Алега Антонавіча, які незадоўга да смерці казаў: «Паглядзіш, калі памру, аб’явяцца сваякі і кожны будзе лезці да мікрафона, каб сказаць, што ён мне быў самым блізкім. А сёння ж самы блізкі мне чалавек — гэта ты!»
Эдуард Мазько
22.06.2011. З Юрасём Пацюпам узгадвалі Эдуарда Мазько, які нечакана памёр 20 чэрвеня. Яму было сорак. У сорак гадоў сышла з гэтага свету і Яўгенія Янішчыц. Яна за сваё жыццё паспела зрабіць нямала. А Эдуард, на жаль, не раскрыўся цалкам ні як гісторык, ні як паэт. Шкада. І колькі яшчэ нашага брата, беларускага пісьменніка, жыве, а то і гаруе ў невядомасці і ўзгадаецца толькі ў час смерці…
Перачытваю…
22.06.2011. Выдалася вольная хвіліна. Перачытваю кніжку Алеся Пісьмянкова «Я не памру, пакуль люблю». Цудоўны паэт. Колькі б яшчэ змог напісаць! Зусім нядаўна я быў за Алеся на тры гады маладзейшы, а ўжо амаль на пяць старэйшы за яго. І толькі разгарну ягоную кніжку, дык амаль заўсёды трапляю на верш:
Вам ахвота крычаць,
Мне ж — паплакаць крадком.
Мне б крыху памаўчаць
З сябруком Маруком…
І ўжо нямала маўчаць і Пісьмянкоў, і Марук, і дзясяткі іншых творчых хлопцаў і дзяўчат, якія сёння былі б не лішнімі сярод нас і ў час маўчання, і ў шумны час…
Анатоль Дэбіш
23.06.2011. Гадоў дваццаць пяць назад у часопісе «Маладосць» з’явіліся першыя творы Анатоля Дэбіша. І былі яны светлыя, энергічныя і, чытаючы іх, хацелася самому гэтак жа пісаць светла і энергічна. І некаторыя маладыя паэты пісалі пад Анатоля Дэбіша. А сам Анатоль пасля першых яркіх публікацый то з’яўляўся ў друку, то знікаў на гады. І ягонае творчае маўчанне трывожала мяне, бо мне, думаю і не толькі мне, не хапала часам твораў паэта. І сёння, чытаючы новыя вершы Анатоля, радуюся, што ён не ўцёк ад музы і, ведаючы яго, кажу яму на будучае: «Не знікай!!!»
* * *
23.06.2011. Сыпануў дождж, нібыта ў небе абтросся мокры сабака…
* * *
23.06.2011. Ты ідзеш па начной вуліцы. І цяпер гэтая вуліца існуе, дзякуючы таму, што ты па ёй ідзеш…
Вошай не было…
25.06.2011. Надрукавалі мае новыя вершы. Шкадую, што ў «Баладзе Канстанціна Вераніцына» замест радка «Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі, Дзе чорныя вошы і белыя гусі…» пайшло «Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі, Дзе шэрыя качкі і белыя гусі…». Словам, як у нас раней не было сексу, так і вошай не было…
Як і тады…
25.06.2011. З Людмілай схадзілі ў архітэктурнабудаўнічы тэхнікум, цяпер каледж, у якім калісьці вучыліся. Каля нашага інтэрната агрэсіўна швэндалася некалькі падвыпіўшых хлопцаў (відаць, завочнікі), якія, магчыма, як і ў часы маёй вучобы, чакалі маладых, каб сшыбануць на выпіўку. І, праходячы каля іх, адчуў сябе спалоханым першакурснікам, які нядаўна прыехаў з вёскі…
Сталоўка…
25.06.2011. Там, дзе была тэхнікумаўская сталоўка, цяпер грузінскі рэстаран «Баграціён». Хацелі з Людмілай зайсці і паабедаць, але вырашылі зрабіць гэта іншым разам. У тэхнікумаўскай сталоўцы я звычайна снедаў. Што еў — не памятаю. Памятаецца пякучка, якая заўсёды ў мяне і амаль ува ўсіх маіх знаёмых студэнтаў была пасля гэтай сталоўкі…
Цыркулярная піла
25.06.2011. Ходзячы па калідорах будаўнічага каледжа, я ўвесь час глядзеў праз вокны ў двор, дзе стаіць будынак з навучальнымі майстэрнямі. Глядзеў і ўспамінаў, як вучыўся класці цагляныя сцены, распілоўваць і габляваць дошкі. Асабліва памятаецца, як нас вучылі працаваць на станку з вялікай цыркулярнай пілой. Перад працай мы распісваліся ў сшытку, што калі нам паадразае пальцы або рукі, то ніхто не будзе вінаваты з нашых выкладчыкаў, а толькі мы самі. І кожны год цыркулярная піла адразала некаму то палец, а то і болей…
Электразварка
25.06.2011. Акрамя цыркулярнай пілы ў тэхнікуме ўсе баяліся электразваркі. Без роспісу ў сшытку, што калі цябе заб’е токам, то ты і толькі ты будзеш вінаваты ў сваёй смерці, да працы з электразваркай нікога не дапускалі. І вось праз некалькі дзён страху я адважыўся і паставіў у сшытку свой роспіс, і мне далі смяртэльны апарат. І толькі я пачаў прыварваць арматурыну да нейкага швелера, як на сцяне на момант убачыў свой чорны цень, дзе на маёй галаве дыба стаялі валасы, а на іх ляжала, як гарэлы блін, шапка — гэта праз мяне прайшоў ток. Ачухаўся я праз некалькі хвілін каля станка, дзе цыркулярная піла сыпала на мяне пахучыя бярозавыя апілкі…
Плавец
25.06.2011. Зімой у тэхнікуме на ўроках фізкультуры нас вадзілі ў адкрыты басейн у Палац воднага спорту, што каля парку Чалюскінцаў. Плаваць я не ўмеў і не навучыўся. А тут трэба здаваць залік. Хворым прытварыцца я не паспеў, таму, як і ўсе, выйшаў на старт. Вакол басейна гурбы снегу, а над вадой густая пара. І калі ўсе паплылі, паплыў неяк і я. Даплыўшы да густой пары, я тут жа бокамбокам дайшоў да раздзявалкі, у якой нікога не было. Хуценька апрануўся і паехаў у тэхнікум на чарговую лекцыю, якая пачалася праз паўгадзіны. У аўдыторыі, акрамя мяне, нікога не было. Выкладчыца пахваліла, што я не ўцёк з яе лекцыі і адпусціла мяне ў інтэрнат. І толькі я выйшаў з тэхнікума, як, з прыйшоўшага трамвая, да мяне кінуліся мае аднакурснікі: «Дзе ты быў?! Мы думалі, што ты ўтануў у басейне і цэлую гадзіну ныралі, шукаючы цябе!»
Сямён Оркін
26.06.2011. З Сямёнам Оркіным я пазнаёміўся на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Мне было дваццаць, а Сямёну — пад пяцьдзясят. Але вялікая розніца ў гадах не стала перашкодай для нашага творчага сяброўства. Сямёна ў рэдакцыях не любілі, бо ён заводзіў з імі бясконцыя злыя перапіскі. Аднак Сямён злым не быў, ён проста хацеў справядлівасці ў адносінах да сябе. А справядлівасці не было — і гэта злавала паэта, і асабліва выводзіла яго з сябе тое, што калі ён пасылаў свае вершы ў рэдакцыі ўперамешку з вершамі класікаў, то атрымоўваў разгромныя адказы і на свае творы, і на Багдановіча, і на Ясеніна. Перапіску Сямён вёў сур’ёзна. У яго ўсё было ў некалькіх копіях падшыта ў асобных папках і пазначана, калі і куды што адаслана. Паказваючы мне гэтыя свае папкі, Сямён смяяўся: «Я іх навучу разбірацца ў паэзіі!» Акрамя вершаў, мой сябрук пісаў гумарыстычныя творы. І дзякуючы яму я доўгі час хадзіў на пасяджэнні мінскіх сатырыкаў і гумарыстаў, сярод чалавек пятнаццаці я быў самым маладым. Збіраліся таем на ў нейкім падвале, дзе была нейчая майстэрня. Чыталі свае творы, абмяркоўвалі, планавалі сумесныя публікацыі ў Маскве і ў замежжы, гаварылі пра палітыку і пра тое, што трэба з’язджаць з гэтай краіны. І, відаць, усе тыя гумарысты і сатырыкі з’ехалі, як з’ехаў у Ізраіль Сямён Оркін, бо нікога з іх больш ні ў жыцці, ні ў нашым друку не сустракаў…
На Маскоўскіх могілках
26.06.2011. З Людмілай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Пакланіліся любімым пісьменнікам. Уразіла магіла Барыса Сачанкі, да якога ў мінулым годзе была падхавана ягоная жонка. Цяпер помнік выглядае так, нібыта пад ім нехта капаўся, шукаючы золата і не знайшоўшы нічога, прыкрыў кучу зямлі вянком…
Ужо хутка будзе шэсць гадоў, як няма помніка мастаку Яўгену Чамадураву. Магіла зарасла быльнягом, з якога сіратліва выглядае драўляны крыж. Цяпер разумею старога, які пражыў больш за 90 гадоў і апошнія сілы аддаў, каб у «Мастацкай літаратуры» выйшла ягоная кніжка ўспамінаў пра сябе і сваіх родных у серыі «ЖЗЛБ». У кніжцы ўсе сваякі мастака чулыя і клапатлівыя людзі…
Магіла Васіля Быкава засыпана кветкамі. І камень на ягонай магіле, як цэнтр болю беларусаў за Беларусь…
Магілу Уладзіміра Караткевіча нядаўна прыбіралі. На свежым пяску мурашкі здужалі пчалу, і, пакуль мы ў думках размаўлялі з Уладзімірам Сямёнавічам, яны ў яе забралі жыццё…
Ніколі не мінаю Анатоля Грачанікава. Пасля яго з Людмілай падышлі да Яўгеніі Янішчыц. Анатоль і Яўгенія — гэта мая маладосць…
Па могілках хадзілі амаль дзве гадзіны. На некаторых магілах вясна, на некаторых лета, а на некаторых ужо восень…
Раман Тармола-Мірскі
27.06.2011. З інтэрнэту даведаўся, што 25 чэрвеня на 76м годзе жыцця памёр паэт Раман ТармолаМірскі. Гадоў пятнаццаць назад яму выразалі злаякасную пухліну ў страўніку. Пасля чаго спадар Раман не перастаў быць аптымістам і, відаць, ягоны аптымізм дапамог яму яшчэ нямала пажыць. У той час паэт быў частым госцем у «ЛіМе» ў Барыса Пятровіча і мяне. Яго было цікава слухаць, з ім было добра гаварыць і маўчаць. Дзякуючы Барысу многае з новага, што пісаў ТармолаМірскі, друкавалася ў «ЛіМе». І калі сышоў з тыднёвіка Пятровіч, знік некуды і Раман. Некалькі разоў я спрабаваў адшукаць паэта, але так і не змог знайсці яго. Я нават думаў, што ён памёр і ніхто гэтага не заўважыў…
Званок ад Пташнікава
28.06.2011. Тэлефонны званок. Падымаю трубку і чую хрыплаваты голас вельмі падобны на Івана Курбекі, які некалькі гадоў назад памёр. Нават на момант падумалася, што гэта і тэлефануе сам Курбека. «Віктар, цябе турбуе Іван Пташнікаў. Дапамажы мне звязацца з выдавецтвам «Беларусь». Там па «ШБ» выдаюць мае творы…» — сказаў Іван Мікалаевіч. Адшукаўшы патрэбныя нумары тэлефонаў, я пацікавіўся ў Пташнікава пра здароўе. «Так сабе…» — адказаў празаік. «Што-небудзь новае цяпер пішаце?» — «Пішу крыху…» Пажадаўшы адзін аднаму ўсяго найлепшага, мы развіталіся. Пасля размовы я зазірнуў у пісьменніцкі даведнік: «Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года…»
Мужык з касой
28.06.2011. Вяртаюся дахаты. На прыпынку «Тэатр музкамедыі» ў аўтобус з касой зайшоў пажылы мужык. Людзі моўчкі расступіліся, даючы дарогу касцу. На наступным прыпынку мужык з касой выйшаў і пайшоў у краму. Хлопец, які стаяў побач са мной, прашаптаў сяброўцы: «Нейчая смерць пайшла…»
Сумна…
28.06.2011. На працу да мяне заходзіўся Казімір Камейша. Пагаварылі пра жыццёбыццё. Узгадалі добрым словам нядаўна памерлага Рамана ТармолуМірскага. Пашкадавалі яго як чалавека. На развітанне Казімір Вікенцьевіч, сумна ўсміхнуўшыся, працытаваў эпіграму Міколы Татура: «Я быў на вечары Тармолы. Кароль жа голы…»
Дэзірцір…
29.06.2011. «Расійскі дэзірцір Пацееў выехаў у ЗША праз Беларусь…» — гэтая інтэрнэтаўская інфармацыя напомніла мне пра мінулагоднюю паездку ў адзін з раёнаў нашай краіны. Выступаў я ў вясковай бібліятэцы, і, як звычайна, пасля бібліятэкарка павяла да сябе дамоў паабедаць. Па дарозе даведаўся, што жанчына некалькі гадоў таму выгнала мужа, які не хацеў нічога рабіць і толькі п’янстваваў. Цяпер у яе ўжо другі год жыве трыццацігадовы хлопец, які ўцёк з Чачні, дзе ваяваў па кантракце…
Маналог
30.06.2011. Мастак Валерый Рагалевіч прынёс пачытаць часопіс «Монолог» (Свободное творчество) № 15. Зроблена паеўрапейску. Амаль усё цікава. Заселі ў галаве радкі Веніяміна Блажэннага:
Я последним покинул концертную залу,
Потому что уже я недужен и стар,
Потому что душа мая скрипкою стала
И я ждал, когда скрипку уложат в футляр…
Літаратурнае прадмесце
1.07.2011. Учора ў Музеі Янкі Купалы пафарбавалі падлогу, і сваё «Літаратурнае прадмесце» Людміла Рублеўская прывяла дамоў. На жаль, не ўсе змаглі дабрацца да нас, а тыя, хто не пабаяўся грамадскага транспарта (Мікола Кандратаў, Юрась Нераток, Юрась Пацюпа з сяброўкайпаэткай Зояй, Таццяна Пратасевіч, Наста Грышчук, Наталля Кучмель і Віктар Лупасін), абмеркавалі рукапіс новай кніжкі Міколы Кандратава. Гаварылі шмат. Мікола з нечым згаджаўся, недзе маўчаў, а часам і спрачаўся. Прысутныя сышліся на адной думцы — кніга атрымалася цікавай і амаль усе вершы ў ёй напісаны на добрым мастацкім узроўні. Потым, як звычайна, усе чыталі свае новыя вершы. Пачалі з Пацюпы, які агучыў творы з «Дзеяслова» № 52, і закончылі маімі вершамі з «Полымя» № 6…
Зноў, як у цягніку…
2.07.2011. Зноў мама ў нас. І мая ноч прайшла, як у цягніку, які спыняўся разоў дзесяць…
* * *
2.07.2011. Дождж. Пад ліпамі абляцелы цвет, як вялікія мёртвыя пчолы…
На «Птушыным востраве»…
2.07.2011. Два тыдні таму ў парку на Камсамольскім возеры з маёй працы былі жанчыны. Ім там усё спадабалася, а на «Птушыным востраве» яны бачылі толькі дзвюх варон, пра якіх так весела расказалі, што і мне захацелася на іх паглядзець. І вось сёння мы з Людмілай выбраліся на Камсамольскае возера. На жаль, увесь час ішоў дробны дождж. І ўсё ж гуляць пад парасонамі па парку было хораша. Заглянулі мы і на «Птушыны востраў», дзе амаль адразу напаткалі дзвюх варон, якія, пакуль мы хадзілі, увесь час былі непадалёку, нібыта віжавалі за намі. І калі мы ўжо збіраліся дамоў, як пачуўся параходны гудок і, нібыта вынырнуўшы з XIX стагоддзя, міма вострава ў дажджлівай прасторы праплыў белы цеплаход…
Секс і філасофія
2.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм іранскага рэжысёра Махсена Махмальбафа «Секс і філасофія». Мінула гадзіна пасля прагляду, а ў мяне перад вачыма запаленыя белыя свечкі, чырвоная ружа, чырвоны парасон, чырвонае віно, адзін туфель белы, другі чырвоны, першы белы снег і жоўтае апалае лісце, якім замятаецца падлога, дзе танцавалі дзяўчаты, сярод якіх былі каханыя галоўнага героя фільма. Мне найбольш спадабалася першая дзяўчына, сцюардэса, якая прыйшла на сустрэчу з ружай і якая, развітваючыся, не дала сябе пацалаваць і горда пайшла ў сваё жыццё. Ад дзяўчыны, што была ў рознага колеру туфлях, я сам бы ўцёк, а не пайшоў бы ноччу за ёй услед, як гэта зрабіў галоўны герой фільма. З трэцяй дзяўчынай знаёмства адбылося ў бальніцы, куды трапіў наш герой, атруціўшыся малаком. На пытанне, якая ў вас прафесія, атручаны адказаў: «Я паэт…» — «І я вершы пішу…» — адказала дакторкапрыгажуня. З ёй я таксама асабліва б не звязваўся, але не таму, што ў мяне жонка паэтка. Чацвёртая палюбоўніца была аднагодкай паэта. Яна не дачакалася, калі яе палюбоўнік развітаецца з маладымі саперніцамі і сышла дамоў, выпіўшы ўсё віно. Потым яна патэлефанавала паэту і запрасіла яго дахаты на 12 гадзін ночы. Паэт прыйшоў да жанчыны, а ў яе за гасцінным сталом, дзе гараць белыя свечкі, ужо сядзяць тры мужчыны. Звяртаючыся да мужчын, жанчына адразу ж прызналася, што яна пераняла вопыт у паэта. Пачуўшы гэта, адзін мужчына тут жа ўстаў і, ударыўшы жанчыну па твары, сышоў. Следам пайшоў другі, за якім і пабегла жанчына. За сталом засталося трое чалавек — паэт, незнаёмы мужчына і я…
* * *
3.07.2011. З Людмілай схадзілі ў царкву. І дождж стаў светлым…
Ахілес дагнаў чарапаху
3.07.2011. Паглядзелі фільм Такешы Кітано «Ахілес і чарапаха». Хлопчыку, якога назвалі ў гонар Маціса, у дзяцінстве задурылі галаву, што ён будзе мастаком. Да ўсяго сябар бацькі, вядомы мастак, хлопчыку падарыў берэт са сваёй галавы, нібыта німб таленавітасці. І вось Маціс кожны дзень малюе, але ад яго малявання толькі адны непрыемнасці і для яго і для блізкіх. Ідуць гады, меняецца свет, а Маціс ніяк не можа вылезці зпад падоранага майстрам берэта, які з німба ператварыўся ў пятлю. У канцы фільма гучыць за кадрам: «І ўсё ж Ахілес дагнаў чарапаху!» Сумна, але справядліва…
* * *
4.07.2011. Знайшоў у чарнавіках два радкі: «Белы лёд тваіх вачэй. Чорны снег маіх начэй…» Нешта ў іх ёсць, але ўжо мінула больш трох месяцаў з дня запісу і цяпер гэтыя радкі, як чужыя, і не патрабуюць працягу…
Вісельнікі
4.07.2011. Даведаўся ад аднавяскоўца, што тыдзень таму ў Пугачах павесіўся трыццацідзевяцігадовы хлопец. Ён збіраў па вёсцы малако для дзяржавы. Любіў выпіць. Некалькі гадоў таму павесіўся бацька гэтага хлопца. У старога быў рак лёгкіх. А яшчэ раней павесіўся брат малакавозчыка. Усе гэтыя вісельнікі спынілі сваё жыццё ў хляве на адным і тым жа круку…
Настрой
4.07.2011. Захмурэлае неба. Час ад часу сыпле дробны дождж. Сумна і не хочацца працаваць. Узгадалася вясковае, нярэдка жартам сказанае бацькам: «Ці ж я дурань працаваць? Няхай працуе трактарыст!»
* * *
5.07.2011. Сёння ў маёй Людмілы дзень народзінаў. Каб нешта талковае купіць і падарыць ёй, няма дастаткова грошай. Хацеў верш напісаць, але не напісаў. Знайшоў ранейшы, які канкрэтна прысвечаны Людміле:
Ты ў мяне адна, нібыта неба раннем
Светлае, нібы царкоўнае віно,
У якім надзея, вера і каханне
Злітыя, нібыта ў сонца, у адно
Светлае, святое і, як кроў, зямное,
Без якога не пачнецца вечны шлях…
Дзень прайшоў і сум, нібы згарэла Троя.
Я з табой, як попел на тваіх нагах.
Губараў і Аляхновічы
6.07.2011. Нарэшце Наталля Шаранговіч прынесла рукапіс кнігі пра мастака Валянціна Губарава. Гадоў дваццаць таму ён працаваў у «Мастацкай літаратуры», потым паехаў у Францыю, дзе апошнім часам часцей за ўсё і жыве. Чытаючы рукапіс кнігі, даведаўся, што жонка мастака Ларыса Карыткіна нарадзілася ў Аляхновічах, якія ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. У свой час яна завочна вучылася ў паліграфічным інстытуце ў Маскве, дзе і пазнаёмілася з Валянцінам. Пад уражаннем прачытанага я тут жа пазваніў мастаку. Аказалася, што Валянцін з жонкай доўгі час жыў у Аляхновічах і там выраслі іх дзеці, там і цяпер жыве іх сваяк дзед Ракоць. Ходзячы па наваколлі, мастак бываў і ў маёй вёсцы. І амаль усе ягоныя карціны з краявідамі — гэта мае родныя мясціны, ды і людзі на карцінах у большасці — гэта мае землякі. Дамовіліся як-небудзь восенню разам паехаць у Аляхновічы і ўзгадаць як стваралася карціна «Восень у Аляхновічах»…
Міра, дарога і Сыс
8.07.2011. Міра Лукша, прыехаўшы з Беластока на фестываль беларусаў свету, не абмінула нашу хату. Раней заўсёды спынялася ў нас і мы па вечарах доўга гаварылі пра паэзію і наогул пра літаратуру. Цяпер у нас мая хворая мама і ўжо няма ўмоў для тых шумных пасядзелак, што былі раней. На гэты раз вячэралі спакойна і ўспаміналі маладыя гады. Позна вечарам, праводзячы Міру на тралейбус, узгадаў, як гадоў дзесяць таму вось гэтак я з Анатолем Сысам вёў дварамі нашу сяброўку і яна ўвесь час казала: «Я такой дарогай ніколі да вас не хадзіла!» А дарога да нас дамоў была выбрана спецыяльна, каб Анатоль яе не запомніў…
* * *
8.07.2011. Міра Лукша, узгадваючы сваё сяброўства з Анатолем Сысам, прызналася, што Анатоль, гаворачы пра мяне і Людмілу, нярэдка ўскіпаў: «Гэта ж трэба! Такую дзеўку Шніп адхапіў! Як яму ўдалося?»
Застаўся без трох дыпломаў…
10.07.2011. Прачнуўся ў гадзіну ночы. Спаць не хацелася, і я ўзяў пачытаць свежы нумар «Краязнаўчай газеты». Адразу ж натрапіў на рэцэнзію Міхася Маліноўскага на кнігу Мікалая Півавара «Краязнаўцы Віцебшчыны», у якой зачапіўся за радок: «Крытыкаваць пачну не аўтара, а рэцэнзента…» І за што ж крытыкуе спадар Міхась Віталя Скалабана, які на кніжцы пазначаны, як рэцэнзент? За ўхвальную рэцэнзію на рукапіс кніжкі Півавара? Не, бо рэцэнзіі ў кніжцы няма і я думаю, што спадару Міхасю рэцэнзію ніхто не паказваў. Таму крытыкаваць Скалабана за тое, што ў кніжцы Півавара адсутнічаюць артыкулы пра некаторых краязнаўцаў Віцебшчыны неяк несур’ёзна, а тым больш што ў самой рэцэнзіі Скалабана маглі быць заўвагі, якія не ўлічыў Півавар і якія пасля выхаду кнігі сталі прадметам крытыкі вядомага даследчыка. Да ўсяго ў кожнай кніжкі ёсць рэдактар, які не менш, чым аўтар, адказвае за змест выдання. Аднак у рэцэнзіі Маліноўскі пра рэдактара нават не ўзгадвае, нібыта ў кніжкі яго і не было. Дарэчы, трэба адзначыць, што Маліноўскі кніжку прачытаў уважліва: «А мяне дык увогуле пакінулі без «дырэктарства» ў Ашмянскім краязнаўчым Музеі імя Францішка Багушэвіча і трох дыпломаў аб адукацыі… Пра свае заўвагі я напісаў і Віталю Скалабану ў Мінск, і Мікалаю Півавару ў Лужасну, але яны пакуль маўчаць». І, прачытаўшы да канца рэцэнзію, я не змог яшчэ доўга заснуць. Думаў пра тое, каб газета з рэцэнзіяй Маліноўскага не трапіла на вочы Віталя Скалабана, які нядаўна перанёс вельмі цяжкую аперацыю…
Караткевіч глядзіць у бок Пугачоў…
10.07.2011. У Ракаве на доме Вячаслава Рагойшы, дзякуючы раённым уладам, скульптару Івану Міско і самому Вячаславу Пятровічу, была адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты дом часта пасяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч». Пасля ўрачыстасці Рагойша падышоў да мяне і сказаў: «Караткевіч глядзіць у бок тваіх Пугачоў!» — «І не дзіўна, што глядзіць у бок Пугачоў, бо ён там хоць і адзін раз, але ўсёткі бываў»,— адказаў я, памятаючы тое, што мне расказвала мая цётка Валянціна Іосіфаўна, у якой, працуючы ў Пугачоўскай школе, жыў будучы доктар філалагічных навук Павел Дзюбайла і да якога з Радашковіч часта ў госці прыходзіў супрацоўнік раённай газеты Адам Мальдзіс. Дзякуючы Мальдзісу, Караткевіч і быў у Пугачах…
У Івана Міско
10.07.2011. Вярнуўшыся ў Мінск з Ракава, дзе на доме Рагойшы была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, мы з Людмілай, дзякуючы Анатолю Бутэвічу і Міхасю Кеньку, трапілі ў госці ў майстэрню да скульптара Івана Міско. Амаль чатыры гадзіны Іван Якімавіч расказваў пра сваё творчае жыццё і ўвесь гэты час на нас з паліц і пастаментаў глядзелі сотні скульптур. Часам, слухаючы Івана Якімавіча, мне было страшна, бо здавалася, што мы сядзім у пекле сярод адрэзаных акамянелых галоў, а часам было на душы светла і ўзнёсла, як быццам мы ўсе трапілі ў рай. Раней у будынку, дзе цяпер майстэрня, была канюшня. Пачуўшы гэта, падумалася: «Пры Саветах не толькі Храмы ператваралі ў канюшні, але часам і канюшню аддавалі пад Храм…»
Бухгалтарка
13.07.2011. Некалькі гадоў таму старая жанчына прынесла ў выдавецтва рукапіс успамінаў свайго памерлага брата. На жаль, прапанаванае па сваіх мастацкіх якасцях вельмі слабое. Пра гэта было пісьмова паведамлена жанчыне, якая, атрымаўшы адмову, недзе праз паўгода пачала патрабаваць выдаць кніжку брата, нібыта рукапіс быў адобраны. Старая патэлефанавала і сёння. На гэты раз яна сказала: «Вы гаворыце няпраўду, што на выданне такой кніжкі, як у майго брата, трэба 50 мільёнаў. Я ўсё жыццё прапрацавала бухгалтаркай і ўчора ў кіёску даведалася, што пачак паперы прадаецца за 59 тысяч, а гэта значыць, што адзін ліст каштуе 118 рублёў. У кніжцы брата 250 старонак. Значыць, на адну кніжку трэба 125 лістоў паперы, а калі ліст падзяліць на два, то хопіць і 65. Цяпер памножце 65 на 118 і атрымаеце 7 670 рублёў на адну кніжку. На тыраж у 1000 асобнікаў трэба 7 670 000 рублёў. А вы мне кажыце 50 мільёнаў. Я бухгалтарка і ўмею лічыць грошы!» Мае тлумачэнні, што каб выдаць кніжку трэба заплаціць не толькі за паперу, але і за паліграфічныя паслугі і яшчэ шмат што ўваходзіць у сабекошт кніжкі, жанчыну не супакоілі, і яна на ўсё, што казаў, крычала: «Я бухгалтарка!»
* * *
14.07.2011. Глянуў на вокладку адной кнігі, і ў галаве тут жа прагучала: «Яна была цудоўнай, як палена…»
Горача
15.07.2011. Муха заляцела ў кватэру і лётае за мной, нібыта я вінаваты, што і ёй горача…
Кроплі мёду
16.07.2011. Пад ліпамі першае жоўтае лісце, як вялікія кроплі мёду, які пчолы не паспелі сабраць з квецені…
Каштанавы воск
16.07.2011. Каштанавыя свечкі даўно адсвяцілі і цяпер першае апалае лісце пад каштанамі, як воск ад каштанавых свечак…
Храм, масток і замкі
16.07.2011. Па дарозе з Мінска ў Маладзечна ў раёне Драздоў колькі разоў мы з Людмілай бачылі новы Храм. І вось сёння мы выбраліся паглядзець на яго зблізку. Выходзілі з дому пры пагодзе, а па дарозе трапілі пад дробны дождж, які ўсё ж нас не напалохаў. Храм цяпер рамантуецца, з яго зняты пазалочаны купал, які тут жа ля Храма ляжыць у траве, як шалом велікана. Абышоўшы ўсе царкоўныя збудаванні, мы пайшлі да святой крыніцы, дзе на жалезным мастку маладажонамі падчас вяселля начэплена на шчасце некалькі дзясяткаў замкоў. Пасля наведвання царквы і малітвы замкі на мастку мне падаліся паразітамі, якія харчуюцца жалезнымі мастамі…
Наша Кальварыя
17.07.2011. Сёння Людміла Рублеўская для свайго «Літаратурнага прадмесця» (змаглі прыйсці: Мікола Кандратаў, Таццяна Барысюк, Наталля Кучмель, Дар’я Лосева, Маргарыта Аляшкевіч і Юрась Нераток) правяла цікавую і змястоўную экскурсію па Кальварыйскіх могілках. І хоць я для сябе нічога новага не пачуў, бо падобныя экскурсіі Людміла праводзіць для ўсіх нашых сяброў і знаёмых вельмі часта, але выпадкова на радасць усіх экскурсантаў знайшоў магілу Яна Матусевіча, які з 1990 года быў пробашчам першай грэкакаталіцкай парафіі ў Мінску. Янам Матусевічам быў пасвечаны крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў у трыццатыя гады. У красавіку 1989 года Ян Матусевіч удзельнічаў у першым маршы «Чарнобыльскі шлях». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ў Мінску, ад моманту заснавання ТБМ. За дзве гадзіны экскурсіі па Кальварыі мы абышлі ўсе вядомыя нам магілы дзеячаў культуры і ўсклалі да іх палявыя кветкі. Праўда, на некаторых і так расла трава…
Для чаго ты пішаш?
18.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм «Пока не наступит ночь» пра лёс кубінскага пісьменніка Рэйнальда Арэнаса — зоркі кубінскай паэзіі, надзеі кубінскай рэвалюцыі і любімца Фідэля Кастра. Фільм «Пока не наступит ночь» расказвае пра трагічны лёс пісьменніка і яго існаванне «паза грамадствам»… На пытанне сябра: «Для чаго ты пішаш?», Рэйнальд Арэнас адказаў: «Каб адпомсціць!» На гэтае ж пытанне і ў мяне ёсць свой адказ: «Каб зайздросцілі і злаваліся!»
* * *
19.07.2011. Калюжына, як Еўропа…
* * *
21.07.2011. Гарачыня. Думкі ў галаве, як з мёду…
Пачарнелы і светлая…
22.07.2011. У тралейбус зайшоў п’яны, пачарнелы, як вэнджаны, мужык гадоў пад сорак са светлай дзяўчынкай гадоў дванаццаці. Пракампасіраваўшы талончык, малая села каля вэнджанага, які тут жа яе абхапіў, як мужык жонку, і пачаў драмаць. Дзяўчынка, амаль не міргаючы, стала глядзець перад сабой, нібы гаворачы: «Гэта мой бацька…»
* * *
22.07.2011. На вуліцы дождж. У пакоі змрочна. Мама спіць пад жоўтай коўдрай, як матыль, пад апалым кляновым лістом…
* * *
22.07.2011. Еду ў метро пад Кальварыйскімі могілкамі, нібы ў тунэлі праз Той свет…
* * *
22.07.2011. Ідучы на радыё, праходжу праз двор каля дома, дзе на першым паверсе гадоў восем назад была рэдакцыя часопіса «Крыніца». Заглядаю ў акно і бачу Алеся Разанава, які праз хвіліну ператвараецца ў незнаёмца…
* * *
23.07.2011. Раніцай хмары каля сонца, як вата прыкладзеная анёламі да Божай раны…
* * *
23.07.2011. У мамы пад падушкай каляндар «Родны край», з якога яна час ад часу адрывае лісты. Сёння ў мамы яшчэ 18 ліпеня…
Чарга за «Осенним хлебом»
23.07.2011. Хадзіў у краму. Натрапіў на смярдзючую чаргу з алкаголікаў і бамжоў (чалавек трыццаць) — куплялі «чарніла» «Осенний хлеб». Некаторыя, як інтэлігенты, віталіся з касіркай. Большасць на мяне з малаком і мінералкай глядзела, як на «ворага народа»…
Пятнаццаць хвілін
23.07.2011. Люда не змагла, і я пайшоў адзін на Мухлю глядзець на качак. Сеў на лавачку каля вады і стаў слухаць з мабільнага музыку. І чым далей сядзеў, тым мацней адчуваў дыскамфорт ад таго, што я сюды прыйшоў без Люды. Праз пятнаццаць хвілін вярнуўся дамоў…
Станюта, час і памяць…
25.07.2011. З Аляксандрам Станютам (пісьменнікам і сынам актрысы Стэфаніі Станюты) я знаёмы ўжо гадоў дваццаць пяць. За гэты час мы сустракаліся разоў дзесяць і наогул апошні раз бачыліся даўнымдаўно. Нягледзячы на гэта, пісьменнік з маёй памяці не знік. І сёння, калі да мяне прыйшоў ягоны сын Дзмітрый і прынёс падпісаныя кнігі, мне было вельмі прыемна даведацца, што Аляксандр Аляксандравіч не забыўся пра мяне, і вельмі мяне засмуціла тое, што ён цяпер невылечна хворы…
Стэфанія
26.07.2011. Сярод падораных мне кніг Аляксандрам Станютам найбольш зацікавіла «Стэфанія», выдадзеная ў 1994 годзе ў выдавецтве «Беларусь». І чамусьці адразу ж кніга разгарнулася вось на гэтых словах Стэфаніі Станюты: «Мінулую восень Мая Кляшторная — я добра яе ведаю, бацька ейны — пісьменнік, быў рэпрэсіраваны,— дык яна расказвала. Прыйшла, як і шмат іншых людзей на Дзяды, увечары на вуліцу Урыцкага, да гэтай вядомай усім будыніны. Свечку запаліла, як і ўсе — у памяць родных, што загінулі без віны. І нічога ж не рабілі, ціха стаялі, сядзелі. Не, не падабаецца — падыходзяць да іх раз за разам і ўсё: «Ідзіце дадому, ноч на дварэ, ідзіце і кладзіцеся спаць». Але больш за ўсіх шчыравала нейкая п’яная кабета, што апынулася там на досвітку. «А чаго вы тут тырчыце, га? Няма чаго рабіць? Усе людзі даўно спяць, а вы…» — так і растак!.. І гэткія во — самыя небяспечныя. Яны нейкім асаблівым нюхам беспамылкова заўсёды ўчуюць, дзе і хто жыве нечым большым, чым яны,— тым, да чаго ім не дацягнуцца. І такіх людзей яны не выносяць фізічна. Заўсёды хочуць сцягнуць іх уніз, на свой узровень: калі ўсе ўнізе, дык іх не заўважаеш. Галоўнае, каб ніхто не вытыркаўся. Цяпер я шмат чаго разумею, дазналася».
Памяць
28.07.2011. Працягваю чытаць у «Полымі» рамандзённік Уладзіміра Гніламёдава «Сем год у ЦК». Спыняюся на запісах:
«1972 год. 10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было. Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў — «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне…»
11 сакавіка. Шмат загінулых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць зпад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца. У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.
15 сакавіка. Стала вядома, што ў цэху футаралаў загінула больш за 100 чалавек, звыш 200 паранена…»
Мне тады было 12 гадоў, і я на ўсё жыццё запомніў, як у нашы Пугачы з Мінска прывезлі труну з загінулай дачкой Зіны Руткевіч. І ў той дзень я ўпершыню ўбачыў мёртвай маладую дзяўчыну і гэта разбурыла маё дзіцячае перакананне, што паміраць і гінуць могуць толькі старыя людзі і салдаты на вайне…
Гарадніцкі і Чабан
29.07.2011. Сёння майму земляку літаратуразнаўцу Яўгену Гарадніцкаму спаўняецца 60 гадоў. Ён быў у ліку першых, з кім я пазнаёміўся ў 1977 годзе на калідоры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У той час Яўген заканчваў вучобу ў БДУ, працаваў у выдавецтве разам з Міколам Селешчуком і жыў у Ракаве. Нейкі час мы сустракаліся толькі на пасяджэннях літаб’яднання «Крыніцы», а потым, калі ў Ракаве была прададзена хата і куплена ў Мінску, я часта прыходзіў да Яўгена, і мы чыталі адзін аднаму вершы, марылі на роварах аб’ехаць усю Беларусь. Нічога не аб’ехалі. Яўген нават ровара не купіў. Закончыўшы вучобу ў БДУ, мой сябра стаў працаваць у інстытуце літаратуры. Праца яму была даспадобы. Аднак Яўген, расказваючы пра сваіх супрацоўнікаў, часта скардзіўся на Тамару Чабан: «Яна прыйшла ў інстытут намнога пазней за мяне, а ёй зарплату большую далі... Яна многа піша… Яна многа друкуецца… Яна… Яна…» Час ішоў і аднойчы Яўген прызнаўся мне, што сабраўся жаніцца. На маё пытанне: «З кім?», сябра адказаў: «Прыходзь у нядзелю, у мяне будуць госці і я цябе пазнаёмлю з будучай жонкай...». І я прыйшоў. На лавачцы каля хаты Тамара Чабан скрэбла бульбу і я падумаў: «Ну Яўген! Прымушае гасцей працаваць! Што ж ён мне загадае рабіць?» Зайшоўшы ў хату, я запытаўся: «А дзе ж нявеста?» — «Як дзе? Бульбу шкрабе…» — адказаў мой сябра. «Дык там жа на вуліцы адна Тамара Чабан…» — не разумеючы нічога, сказаў я. «А яна і ёсць мая будучая жонка…» — заўсміхаўся Яўген…
Сватаўство
29.07.2011. Калі памерла Тамара Чабан, Яўген Гарадніцкі застаўся адзін з малым сынам Паўлікам і гадавалай дачкой. Гледзячы як цяжка Яўгену аднаму з дзецьмі, праз пэўны час сябры пачалі шукаць жанчыну, якая б хоць нечым замяніла сіротам родную маці. Ну і я таксама па-сяброўску ў гэтай справе не застаўся ўбаку. І вось, атрымаўшы запрашэнне ў госці, я з Надзеяй Вусавай, якая нядаўна развялася, павёў да Яўгена ў сваты Надзіну сяброўку. Сватаўство прайшло добра, і я, вярнуўшыся дахаты, патэлефанаваў Яўгену, каб даведацца, ці спадабалася яму новая знаёмая. «Не спадабалася!» — адказаў Яўген. «А чаму?» — «Па-беларуску гаварыць не ўмее!» — «Навучыцца з табой!» — «Не трэба! Мне спадабалася Надзя. Перадай ёй пра гэта». Пасля размовы з Яўгенам я патэлефанаваў Вусавай, ад якой даведаўся, што і Яўген ёй спадабаўся, але яна баіцца, што не справіцца з яго дзецьмі і сваім малым сынам…
Гарадніцкі і але…
29.07.2011. Недзе гадоў трыццаць таму Яўген Гарадніцкі задумаў напісаць раман пра Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча. І ўжо было напісана тоесёе, і, памойму, было напісана цікава. Але, але…
Стары і галубы…
29.07.2011. Нядаўна рэдагаваў зборнік вершаў Алега Салтука. Нешта правіў, нешта адкладаў назусім убок. На самым канцы рукапісу быў верш «Стары і галубы». Глянуўшы толькі на назву і будучы ўжо стомленым ад рэдагавання, я тут жа, не чытаючы, адклаў верш. А потым, адпачыўшы, захацеў пачытаць «Старога і галубога». І пачытаў. А верш аказаўся не пра старога і блакітнага, а пра старога і галубоў…
Які ўжо раз…
30.07.2011. Які ўжо раз, едучы па шашы ў бок Ракава ці адтуль і ўгледзеўшы каля сажалак мужыкоў, кажу Людміле: «Паглядзі, можа, недзе там і Федарэнка сядзіць з вудай...»
Першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні
31.07.2011. З Людмілай і сябрамі суполкі «Літаратурнае прадмесце» ўдзельнічаў у першых Лысагорскіх Танкаўскіх чытаннях, якія арганізавала Аксана Спрынчан у сябе на лецішчы. Дабіраліся на электрычцы. Таццяна Пратасевіч спазнілася і, паехаўшы на маршрутным таксі, раней за нас прыехала да Аксаны. Дробны летні дождж і вогнішча з сасновых дроў давалі ўсім магчымасць уявіць сябе на беразе Нарачы. Вялікі партрэт Максіма Танка, Збор твораў і дзявятыя нумары «Полымя» (паэт амаль усё жыццё друкаваўся толькі ў вераснёўскім «Полымі») стваралі атмасферу прысутнасці самога паэта. На жаль, не ўсе, хто збіраўся выступіць, змаглі прыехаць на першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні, але вельмі цікава было паслухаць «Рэцэпцыю твораў Максіма Танка» (выступ Таццяны Барысюк), «Касмаграму Максіма Танка» (выступ Міколы Кандратава), «Невядомыя аўтографы Максіма Танка» (выступ Людмілы Рублеўскай). Ну а я расказаў як мяне Максім Танк прымаў у Саюз пісьменнікаў. Дзякуючы Аксане Спрынчан, у перапынках паміж дакладамі, гучалі вершы Танка. Алесь Емяльянаў іграў на гітары і спяваў. Напрыканцы чытанняў да нас далучыліся Сяргей Вераціла, Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс…
«ЛіМ» за 13 лютага 2004 года
31.07.2011. Палячы вогнішча на лецішчы Аксаны Спрынчан, знайшоў «ЛіМ» за 13 лютага 2004 года. І тут жа ўзгадаў, што гэта мой апошні штотыднёвік, якія я пад кіраўніцтвам Анатоля Казлова рыхтаваў да друку, бо ўжо 23 лютага быў на працы ў «Мастацкай літаратуры». Пагартаўшы «ЛіМ», я было хацеў яго спаліць, як і астатнюю кучу газет, але перадумаў: «Няхай паляжыць, можа хто яшчэ пачытае…»
Што?
31.07.2011. Хадзілі з Людай у відэацэнтр у «Сталіцы», дзе паказвалі фільм Рамана Паланскага «Што?», які быў зняты амаль сорак гадоў таму. Мне было прыемна паглядзець на маладую, наіўную аж да маразму і часта голую фіміністку. Мяне Люда не раўнавала…
* * *
1.08. 2011. Павінны былі сёння паехаць адпачываць на Нарач, але не атрымалася. І цяпер адчуванне, нібыта адсталі ад цягніка, і ў нас у кватэры, як на вакзале…
Трава ў двары
1.08.2011. Учора ў нашым двары скасілі траву. І трава да сённяшняй раніцы была сенам. Цяпер жанчыны з ЖЭСа яе грабуць, як смецце…
Сям’я
1.08.2011. Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс. Яна спакойная, а ён — Сыс…
* * *
1.08.2011. Ад гарачыні першая жоўтая лістота пад бярозай скруцілася ў трубачкі і цяпер ляжыць, як недапалкі дарагіх цыгарэт з пазалачанымі фільтрамі…
Адпачынак пачаўся…
1.08.2011. Першы дзень адпачынку. З дому не выходзіў, нібыта пакараў сябе за тое, што маму не слухаўся. А мама амаль увесь дзень спіць…
У цёмным двары…
2.08.2011. Цямнее. У двары равуць, як рэзаныя, два чорныя каты, якіх ловяць старыя гаспадыні, каб занесці дамоў… Праз паўгадзіны сцямнелася, катоў амаль не чуваць, і толькі галасістыя бабулі на ўвесь двор клічуць дамоў сваіх чорных катоў, якіх не бачна ў цемры…
* * *
3.08.2011. Застудзіўся. Цяпер баляць зубы. І наш папугай Северус лётае за мной па хаце, як зачараваны доктар Айбаліт…
Нарач. Першы дзень...
4.08.2011. На Маскоўскі аўтавакзал на таксі з Людмілай ехалі моўчкі (Максім наогул паехаў на метро), нібыта пасварыліся. Замест чаканага камфартабельнага аўтобуса, які быў абяцаны пры куплі самых дарагіх білетаў (40 тысяч) на Нарач, на прыпынку нас чакала звычайная маршрутка. Пасажыраў набралася 12 чалавек, з якіх два казахі і два лысыя п’яніцы. Казахі ўсю дарогу баяліся праехаць Мядзел, а п’яніцы пілі гарэлку, запіваючы мінералкай, і прыставалі да дзяўчыны, якая сядзела паперадзе іх. Першы прыпынак быў у Ільі. Гледзячы расклад, прыклеены каля білетнай касы, стары з нашай маршруткі сказаў мне: «А я ў Красным працаваў...» — «Там побач Ракуцёўшчына, дзе некалькі месяцаў жыў Максім Багдановіч...» — дадаў я. «Так...» — працягнуў стары размову, якая тут жа перарвалася, бо нас паклікалі ехаць далей. На прыпынку ў Мядзелі выйшлі казахі. І як толькі наша маршрутка скранулася з месца, больш шабутны п’яніца закрычаў: «Стойце! Казахаў забыліся!» — «Яны прыехалі!» — паведаміў шафёр. «Ага! Паглядзіце, казахі ўжо пад дрэвам моляцца! Відаць, да нас хутка Назарбаеў прыедзе!» — дадаў спакайнейшы п’яніца. У курортны пасёлак Нарач заехалі за дзве з паловай гадзіны. Гаспадыня кватэры, дзе мы сабраліся адпачываць, сустрэла нас на прыпынку. Жыллё нам спадабалася. Пераапрануўшыся і перакусіўшы, пайшлі да Нарачы, каля якой Максім прапанаваў паглядзець санаторый «Нарачанскі бераг», дзе мы адпачывалі восем гадоў таму. Падышоўшы да санаторыя, нібыта трапілі ў 2003 год — каля будынка на лавачках інтэлігентныя старыя, побач каля іх бегаюць шустрыя дзеці і стаіць гіпсавы Ленін. На танцпляцоўцы расійская папса, якую мы чулі і ў 2003 годзе. Дзяўчаткі танцуюць, а хлопцы глядзяць, старэйшыя кураць. Нічога новага. У кватэру вярнуліся, калі ўжо сцямнела...
Нарач. Другі дзень...
5.08.2011. Пакуль Люда і Максім спалі, зрабіўшы сняданак, схадзіў у краму. Купіў алею за 17 700, які ў Мінску каштуе 13 тысяч. Усё астатняе, здаецца, не даражэйшае...
З дому выйшлі ў 12 гадзін. Пайшлі па беразе Нарачы. Прыпыніліся каля старых пісьменніцкіх лецішчаў. Праходзячы каля нас, пажылы мужчына сказаў: «Гэта дачы нашых пісьменнікаў: Лынькова, Куляшова і Танка...»
Ужо другі дзень бачу на Нарачы човен пад белым ветразем. Адчуванне, нібыта на чоўне няма людзей...
Малькі ў чыстай вадзе каля берага, як брудныя льдзінкі...
Каля аддзялення «Беларусбанка» цэлы дзень чарга. У чарзе адныя і тыя ж людзі — скупляюць валюту. Праз дарогу каля будынка, дзе пахаронныя паслугі, лавачкі таксама не пустуюць — тут спыняюцца маршруткі з новымі адпачываючымі, якім прапануюцца кватэры, а я напачатку, гледзячы на кучу людзей, падумаў, што нехта памёр...
На пляжах стаяць знакі з папярэджаннем, што нельга карміць качак і лебедзяў. А гэтых птушак і не бачна...
Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца...
Нарач. Трэці дзень...
6.08.2011. Сніўся Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць...
Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Адамовіча, Рублеўскай і мае...
З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены, а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Пагаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў...
Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнік. Нас цікавілі Храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Усе абвесткі паруску. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Усе абвесткі пабеларуску. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі пахаваны ў 1942 ва ўзросце 42 гадоў. Відаць, быў расстраляны. На тэрыторыі пры Храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.
У цэнтры вёскі Нарач, дзе мог стаяць гіпсавы Ленін, сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы пабеларуску...
Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску...
Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч...
Пад вечар хадзіў з Людай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід...
Вечар. У краме людна. Шмат моладзі. Усе купляюць гарэлку і піва. А мы сок і малако...
Нарач. Чацвёрты дзень...
7.08.2011. Люда купалася ў Нарачы, а я не палез у ваду, бо ўсё яшчэ баліць зуб. Тэмпература паветра была 24 градусы, а вады — 21. Пакуль чакаў Люду з вады, над Нараччу лётаў верталёт — відаць, нехта не пашкадаваў 700 тысяч...
У траіх каталіся на катамаране. Нядорага — за гадзіну 10 тысяч. Заплывалі далёка за буйкі, дзе глыбока і вялікія хвалі. Гледзячы толькі на ваду, я ўяўляў, што мы сярод бяскрайняга мора...
Часта сустракаюцца маладыя кітайцы. Сярод іх ёсць вельмі сімпатычныя кітаянкі...
Нарачанскія хлопцы прапанавалі купіць рыбу. Мы адмовіліся. Але калі б яны прапанавалі парыбачыць, то мы б з радасцю ў іх узялі вудачкі...
У газетным кіёску пацікавіліся, ці прадаюцца якія-небудзь беларускамоўныя літаратурныя выданні. Не прадаюцца...
Нарач. Пяты дзень...
8.08.2011. Прачнуўся ад шуму дажджу за акном. Адчыніў фортку — і ў пакой заляцеў матылёк...
Калі дождж прыціх, з Людай пайшлі да Нарачы. На пляжах пуста. На вадзе каля берага плавалі качкі, якіх нельга карміць...
Ідучы па пантоне, назіралі за рыбамі. Следам за намі на пантонны астравок прыйшлі хлопец з дзяўчынай. Ён яе абдымаў і называў «сонейкам», а дзяўчына ўсё пыталася: «Ці любіш мяне?..»
Пахадзілі па тэрыторыі санаторыя «Нарач». Паназіралі, як на лавачцы пад дрэвамі хлопчык пазіраваў мастачцы. І потым яшчэ ўбачылі лысага з вялікім жыватом мужчыну, які нёс згорнуты ў трубку гатовы партрэт сына і, гледзячы далёка перад сабой, задаволена ўсміхаўся, а хлопчык, як сабачка, плёўся следам...
Нарач. Шосты дзень...
9.08.2011. Выбраліся на экскурсію. Першы прыпынак быў на страусавай ферме. Праўда, там толькі два страусы, таму гэта ферма больш свінаферма, бо ў загонах дзясяткі свіней розных парод...
Праязджалі каля вёскі Агароднікі, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка. Экскурсаводка падрабязна пераказала ўсю біяграфію рэпрэсаванага паэта. Нават зачытала асобныя радкі з вершаў...
Вёска Лучаі, як маёнтак, упершыню ў летапісах упамінаецца ў 1542 годзе. На сённяшні дзень Лучаі — даволі немалая вёска. Касцёл Святога Тадэвуша, нібыта чакаў нас, быў адчынены і на ўвесь двор гучала арганная музыка. Мы думалі, што гэта іграе арган. Ды не! Магнітафонны запіс. Ксяндза Мікалая не было, і мы ўсе вольна адчувалі сябе ў Храме, які ў свой час быў распісаны мастаком Казімірам Анташэўскім. З касцёла выходзілі пад песню «Авэ Марыя»...
У Паставах наш аўтобус спыніўся на цэнтральнай плошчы, на якой у гарвыканкам «ідзе» гіпсавы Ленін. Царква зачынена. З яе на рыштаваннях мужчына са шланга змываў пабелку, і пырскі бруднай вады выляталі аж на вуліцу. І мы пайшлі ў касцёл Святога Антонія Падуанскага 1880—1887 гг. і беззаганнага зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. На касцёле вісіць шыльда, якая паведамляе ўсім, што будынак ахоўваецца дзяржавай. Герб жа дзяржавы зацёрты да непазнавальнасці. У касцёле ўсё пабеларуску. Мы якраз прыехалі перад службай і, вяртаючыся ў аўтобус, бачылі, што ў касцёл ідзе шмат моладзі...
Напрыканцы вандроўкі, экскурсаводка расказвала пра Тызенгаўзаў. І было вельмі прыемна чуць апладысменты, калі яна скончыла свой расповед пра нашых слаўных землякоў і прачытала верш пра Беларусь Анатоля Грачанікава...
Нарач. Сёмы дзень...
10.08.2011. Захацеў купіць якую-небудзь газету. Падышоў да кіёска, а там стаіць маладая кіяскёрка, усміхаецца і корміць неўмаля...
З Людай пайшлі па беразе Нарачы ў бок Мядзеля. Прайшоўшы метраў пяцьдзясят, вярнуліся да дарогі — сцяжына, па якой мы хадзілі восем гадоў назад, зарасла трыснягом і кустамі...
...І ўсё ж праз кусты прабраліся да нарачанскага берага, на якім высяцца векавыя сосны...
У трыснягу знайшлі замаскіраваны вялікі човен. Магчыма, кантрабандысцкі. Паплаваць на ім не змаглі, бо човен быў прывязаны да ўбітага ў нарачанскае дно жалезнага кала...
Праз гадзіну па беразе Нарачы дайшлі да дарогі з аўтастанцыяй, адкуль можна паехаць у Мінск. А потым, згледзеўшы ўказальнік, з якога даведаліся, што праз 400 метраў знаходзіцца рыбны магазін, пайшлі па рыбу. На жаль, у рыбным магазіне нарачанскіх вугроў не было...
Які ўжо дзень у адпачынку, а я ўсё ніяк не магу расслабіцца — старасць і нямогласць бацькоў, як бомба, якая можа ў любы момант узарвацца, у маёй галаве і ў сэрцы...
Нарач. Восьмы дзень...
11.08.2011. Пахаладала. 15 градусаў. Змрочна. Але ўсё роўна адпачываючыя ходзяць каля Нарачы, як каля сваёй здзейсненай мары...
Сніўся памерлы аднакласнік Сашка Балотнік. Я хадзіў да яго дапамагчы ўключыць у хаце святло. Не дапамог...
Глядзелі дакументальны фільм пра Ота Юльевіча Шміта. З выгляду замухрышка, але добры авантурыст і шчасліўчык, які ўмеў забалабоніць усё і ўсіх, і ў тым ліку самога Сталіна. Калі «Чалюскінец» затануў і больш ста чалавек высадзіліся на льдзіну, Ота Юльевіч не даў нікому замерзнуць і так стараўся абагрэць усіх, што амаль усе жанчыны (іх было дзесяць) зацяжарылі. Не абмінуў Шміт і прыбіральшчыцу...
Упершыню за сем гадоў працы ў выдавецтве ўжо тыдзень адпачываю за межамі горада. А так звычайна даводзілася амаль кожны дзень забягаць на працу і вырашаць нейкія творчыя пытанні, якія б маглі вырашыцца і без мяне...
Люда з Максімам ходзяць у санаторый «Белая Русь» у басейн. Хваляцца, што там вельмі добра...
Нарач. Дзявяты дзень...
12.08.2011. Адпачынак на Нарачы адпачынкам, а дома ўсё роўна лепей пры любым надвор’і...
Сёння не выспаўся. Нічога страшнага. У нашым жыцці сон — не самае галоўнае...
Раніца. Цяплее. Ужо 17 градусаў. Сіноптыкі абяцаюць 20. Буду чакаць, бо ўчарашнія 15 мяне замардавалі...
Ужо 22 градусы, і мая душа пачынае вызваляцца са змроку ўчарашняга дня і холаду мінулай ночы...
Сяджу адзін у чужой кватэры на пятым паверсе, як у вежы рэстаўраванага на сучасны лад замка...
Навальніца. Жадання пабегаць босым пад дажджом ужо няма...
На Нарачы хвалі, як на беларускім моры...
З Людай прайшлі каля лецішчаў Лынькова, Куляшова і Танка. Углядаліся ў зарослыя двары, нібыта спадзяваліся ўбачыць старых гаспадароў...
Цямнее. Старыя і пажылыя вяртаюцца ад Нарачы па сваіх дамах, а моладзь, нягледзячы на дождж, ідзе да вады...
Нарач. Дзясяты дзень...
13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата...
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэтае мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву, курортны пасёлак Нарач...
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVII стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: «Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года». Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25—1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20—1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаіерэй Мікалай Башко (1927.29.03—1996.28.02)...
Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут...
У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам Храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню...
Крыху ад’ехаўшы ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі...
Нарач. Адзінаццаты дзень...
14.08.2011. У доме, дзе мы кватаруем, на другім паверсе мае кватэру паэтгумарыст Уладзімір Ермалаеў. Ён учора вечарам прыехаў з Мінска і, адпачыўшы, сёння нас запрасіў да сябе паспрабаваць кавуна. Мы з радасцю пайшлі, бо крыху засумавалі без гутарак з творчымі людзьмі. Павінен быў да нас далучыцца Мікола Шабовіч, які жыве каля Нарачы ў 30 кіламетрах, але не паехаў, бо пабаяўся кепскага надвор’я. І, відаць, правільна зрабіў, што не прыехаў, бо, як толькі мы селі за стол, пачалася страшная залева, якая ў двары пазатаплівала машыны. Пазней мы даведаліся, што ў Мінскай вобласці наогул быў вялікі буран і град. І пакуль бушавала навальніца, Уладзімір Фаміч чытаў нам свае пародыі, і ўсім нам было весела і светла...
Некалькі дзён назад мне снілася вёска. Прыйшоўшы да сажалкі, што на перакрыжаванні, я сустрэў Уладзіміра Ермалаева, які выдаваў ровары пакатацца. На роварах ужо каталіся мае памерлыя аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок. І так хутка яны ездзілі па вуліцы, што аж страшна было. І я ад страху прачнуўся. Сёння, гасцюючы ў Ермалаева, я ўбачыў у яго два ровары, і Уладзімір Фаміч, згледзіўшы куды я гляджу, сказаў: «Можаце ўзяць пакатацца...»
Нарач. Дванаццаты дзень...
15.08.2011. Яшчэ ў першы дзень кватаравання заўважыў, што ў ложка, на якім сплю, няма адной ножкі, а замест яе пакладзены тры кніжкі. Сёння пачытаў назвы: першая кніжка — падручнік для 4 класа па англійскай мове, другая — нейкая таксама замежная і трэцяя — «Судьбы книг. В. Сажин. Книги горькой правды»...
Уладзімір Ермалаеў спецыяльна для Людмілы і мяне прынёс з бібліятэкі кніжку Генадзя Малышава і Алега Карзеёнка «Нарочанское эхо Вердена. К 90летию Нарочанской трагедии Первой мировой войны (18.03.— 28.03.1916)». На жаль, дзе гэтая кніжка выйшла і якім накладам — невядома. А зацікавіла мяне гэтае выданне найбольш таму, што ў 1916 годзе на вайне загінуў мой прадзед Яська Шніп...
Першую сусветную вайну ў рускай арміі называлі Еўрапейскай вайной...
У кніжцы шмат фотаздымкаў з фронту, які праходзіў па нарачанскім краі. Гледзячы на здымак з подпісам «Тоска по женщине. Художник (разведчик Алексеев) и его скульптура из сырого песка», узгадаў Геніка Лойку з яго легендарнымі скульптурамі...
У СвятаІльінскай царкве ў вёсцы Кабыльнік (цяпер Нарач) быў нямецкі шпіталь 21га армейскага корпуса...
За час Еўрапейскай вайны было збіта 12 250 самалётаў (нямецкіх і рускіх). Большасць паветраных баёў адбылося ў беларускім небе...
У 80я гады мінулага стагоддзя каля вёскі Беркаўшчына Княгінінскага сельсавета (цяпер вёска не існуе) было знішчана пахаванне рускіх салдат, якія загінулі ў час газавай атакі: спачатку бульдозерамі знеслі драўляныя крыжы, а потым экскаватарамі бралі пясок на падсыпку дарогі да птушкафермаў... У вёсцы Варашылкі прама на немецкім пахаванні пабудаваны дом, каля якога валяецца каменная пліта з нямецкім надпісам...
Над Нараччу кожны дзень лётае па некалькі разоў верталёт. А гэта значыць, што ў адпачываючых грошы яшчэ не скончыліся...
Нарач. Трынаццаты дзень...
16.08.2011. Першае, што сёння зрабіў — павіншаваў сваю малодшую сястру Валю з днём народзінаў...
Вужык, як шнурок з бацінка велікана, перапоўз лясную сцяжыну...
У паветры запахла школай. У гэткі час у дзяцінстве перад 1 вераснем мяне стрыг бацька. Стрыг пад нуль, і я прыходзіў у школу калючы, як вожык...
Па тратуары два мужыкі валакуць газонакасілку. Старэйшы кажа: «Ты ведаеш, а ў нашай працы на Нарачы ёсць вялікі плюс!» — «Які ж?» — пытаецца маладзейшы і чуе: «Вельмі многа прыгожых маладых жанчын!»
Нарач. Чатырнаццаты дзень...
17.08.2011. І дамоў не хочацца, і на Нарачы ўжо амаль усё аблазілі. І я гляджу праз акно на нарачанскія сосны і сумую па першых днях адпачынку...
Уладзімір Ермалаеў усё прапануе і прапануе пакатацца на яго роварах. А я ніяк не магу забыцца пра сон, дзе на яго роварах каталіся мае аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок, якія памерлі...
У кніжцы Генадзя Малышава пра Еўрапейскую вайну і Нарачанскую трагедыю (18.03 — 28.03.1916 г.) ёсць і старонка пра каханне, дзякуючы якому не згубіўся журнал ваенных дзеянняў ад 19 ліпеня 1914 года з імёнамі 202х Георгіеўскіх кавалераў 22га Ніжагародскага палка. Журнал захавала Лідзія Ільінічна Дунец, 1918 года нараджэння, якая яшчэ нядаўна жыла ў доме, збудаваным яе бацькам у 1902 годзе ў вёсцы Баяры Мядзельскага раёна. У Еўрапейскую вайну, па словах Лідзіі Ільінічны, у іх доме кватараваў палкоўнік, які і пакінуў журнал. Аднак журнал, відаць, захоўваўся не таму, што ў ім спіс Георгіеўскіх кавалераў, а таму, што ў ім запісана чатырохрадкоўе, прысвечанае Лідзе Дунец: «Я помню всё и голос милый и ласки, ласки без конца. Я буду помнить до могилы черты любимого лица. К. 23.06.40 г.». Як не спрабаваў Генадзь Малышаў даведацца ў 87гадовай гаспадыні журнала, хто ж хаваецца за «К», яна так і не прызналася. І ўсё ж бабуля расказала, што яна адналюбка і, калі «К» прысвячаў ёй вершы, яна кахала другога, а той другі быў закаханы не ў яе. Так Лідзія Дунец і не выйшла замуж. На жаль, не ўсе старонкі журнала захаваліся. Магчыма, сярод Георгіеўскіх кавалераў быў і мой прадзед Яська Шніп...
Пад вечар патэлефанаваў Уладзімір Ермалаеў і папрасіў, каб да яго тэрмінова зайшоў наш Максім. «Відаць, хоча, каб хлапец яму дапамог нешта зрабіць...» — падумаў я. І калі Максім праз пару хвілін вярнуўся, мы даведаліся, што Ермалаеў яго пазнаёміў з дзяўчатамі і ён ужо сёння вечарам з імі ідзе на танцы...
Нарач. Пятнаццаты дзень...
18.08.2011. Чацвер. У нядзелю збіраемся вярнуцца дамоў. Мне ў панядзелак на працу, а Людміле — 29 жніўня. Праўда, цяпер, калі Максім пазнаёміўся з дзяўчатамі, можа так атрымацца, давядзецца ехаць у Мінск аднаму...
У курортным пасёлку ўжо тыдзень жывуць і ходзяць па вуліцах шумнай і вясёлай кампаніяй маладзенькія цыганкі. Старэйшай недзе гадоў дваццаць, а меншай паўгода, і яе цыганкі па чарзе носяць з сабой. Усе чыста і модна апранутыя, сімпатычныя і не прыстаюць пагадаць...
Вельмі шмат пажылых расіян. Ходзяць парамі і ўспамінаюць маладыя гады...
Які ўжо дзень бачу п’янага расіяніна. Ён прыстае да ўсіх, каб разам выпіць. Ахвотных з ім піць няма, і ён п’е адзін...
У нарачанскіх белых чаек белае гаўно...
У лесе вельмі шмат сыраежак і смецця...
Нарач. Шаснаццаты дзень...
19.08.2011. Білетаў на выязную экскурсію не было, і мы вырашылі схадзіць на каталіцкія могілкі ў вёску Кабыльнік (цяпер Нарач). І каб дарэмна не блукаць, выйшаўшы з курортнага пасёлка, я ў першага сустрэчнага запытаўся: «А дзе тут старыя могілкі?» Мужчына аказаўся гаваркім. Растлумачыўшы як ісці да могілак, ён ні з таго ні з сяго сказаў: «Хопіць нам дзвюх моў: беларускай і польскай. А без рускай мы не памром!»
Амаль у самым цэнтры могілак пад соснамі стаіць манумент салдатам 21га армейскага корпуса немецкай арміі, а каля яго ладны пляц з крыжамі. Захавалася недзе каля 350...
Успамінаючы свайго прадзеда Яську Шніпа, які загінуў у час Еўрапейскай вайны ў 1916 годзе і ляжыць недзе ў брацкай магіле, я вырашыў запісаць на памяць некалькі прозвішчаў немцаў. Магчыма, сярод гэтых немцаў ёсць і тыя, у баі з якімі загінуў мой прадзед...
Вюрстэр Густаў. Загінуў 8.10.1915
Мюлер Густаў. Загінуў 1.02.1916
Расне Вальтэр. Загінуў 20.03.1916
Залеўскі Ёган. Загінуў 22.03.1916
Зуттэ Хайнріх. Загінуў 11.04.1916
Карл. Загінуў 8.07.1916
Эрдман Ёган. Загінуў 6.05.1917
За дзесяць дзён баёў каля Нарачы (18.03—28.03.1916 г.) з боку рускіх загінула каля ста тысяч салдат і афіцэраў, а з нямецкага — каля 40 тысяч...
На сучасных помніках шмат надпісаў пабеларуску. Я запісаў некаторыя: «Мітуневіч Ванда.11.1.1926—5.03.2003», «Ворса Леанарда Вікенцьеўна. 18.02.1918— 5.04.2009» і побач яе муж «Ворса Валерый Іосіфавіч. 16.04.1915—7.01.2001», «Шніткоўскі Міхал. 17.09.1906—3.10.2002. Памёр у веку 96 гадоў. Божа, будзь да яго міласэрны», «Ліхадзіеўскі Вацлаў Іванавіч 1912—1972...».
Шмат пахавана людзей, якія пражылі па 90 і болей гадоў. Сярод іх — Ганна Дунец. Пражыла 105 гадоў. Магчыма, яна маці або сваячніца Лідзіі Дунец, у якой захаваўся журнал Георгіеўскіх кавалераў Еўрапейскай вайны...
У цэнтры старых пахаванняў разбураны склеп, які зарос травой і мохам. Захавалася пліта з надпісам «Свентаржыцкая Францыска. Памерла ў 1844 годзе». За пагнутай і паржавелай агароджай помнік: «Юзэф Бачкоўскі. Памёр у 1858 годзе».
Каля аднаго з уваходаў на могілкі прыгожы помнік на дзве магілы з пашкоджанымі фотаздымкамі, на якім напісана: «Збігнеў Каласінскі. Харцар 10й Віленскай дружыны. Загінуў на возеры Нарач 23 чэрвеня 1933 года, ратуючы калегаў. Матка і саюз асаднікаў». І тут жа: «Ян Панек. Сакратар рады ваяводскага саюза асаднікаў. Кавалер крыжа храбрых. Загінуў на возеры Нарач 11 ліпеня 1935 года»...
Па могілках з Людай хадзілі амаль дзве гадзіны. Дамоў ісці не спяшаліся, але дробны дождж напомніў, што пара вяртацца пакуль надвор’е нядрэннае і не сцямнела...
У вёсцы Нарач зайшлі ў касцёл. Якраз трапілі на віншаванне пробашча з імянінамі. Прыемна было чуць беларускую мову. Я сябе адчуваў чамусьці ў XIX стагоддзі...
А царква і сёння на замку...
Вярнуліся дамоў а палове дзявятай. Недзе праз гадзіну пайшоў вялікі дождж...
Нарач. Сямнаццаты дзень...
20.08.2011. Усю ноч ішоў дождж. І наш дом, нібы карабель, плыў праз зялёнае сасновае мора...
Чарга каля аддзялення «Беларусбанка» не прападае. Прыезджыя здаюць валюту, а мясцовыя тут жа купляюць. Усё па спіску, які ў сябе трымае мажная дзелавая жанчына. Кожны дзень па чарзе ў абменніку можна, калі пашанцуе, купіць як мінімум 100 даляраў і 3 тысячы расійскіх рублёў...
Па дарозе ў санаторый «Белая Русь», там дзе сустрэліся з вужыкам, бачылі вавёрку. «Відаць, у іх тут партал з аднаго лесу ў наш...» — пракаментаваў Максім...
Амаль кожны дзень ходзім у басейн плаваць. Сёння натрапілі на нейкую паўп’яную кампанію маладых мужыкоў і жанчын і ў басейне было, як у танным бардэлі...
У белых лебедзяў чорныя ногі...
Нарач. Васямнаццаты дзень...
21.08.2011. Дзень пачаўся з таго, што даведаліся пра смерць Віталя Скалабана...
Ідзе дождж. І мы збіраемся дамоў у Мінск. Жадання вяртацца аніякага — мне заўтра на працу...
Да прыпынку нас правёў Уладзімір Ермалаеў. Ён усё дзівіцца, як гэта Людміла можа пісаць так цікава гістарычныя творы...
У Мядзелі перад намі села маладая сям’я з дзяўчынкай, у якой увесь твар у кропках з зялёнкі. Малая хварэе на вятранку і ў яе тэмпература за 38...
Чым бліжэй пад’язджалі да Мінска, тым больш неба хмурэла, а на душы весялела з таго, што мы нядрэнна адпачылі...
Зайшлі ў сваю кватэру, як у падводную лодку...
Па просьбе…
23.08.2011. Пяць гадоў таму праз наш дом прайшоў капітальны рамонт. Па просьбе пенсіянераў былі пакінуты ў кватэрах газавыя калонкі для нагрэву вады. Нядаўна наша калонка пацякла, і я сёння патэлефанаваў майстру, каб яе адрамантаваць. «Дэталь, якую трэба памяняць каштуе 500 тысяч. За працу будзе тысяч 250. Прыязджаць?» — запытаўся майстра. «Прыязджайце…» — без інтузіязму адказаў я. Майстра працаваў гадзіны дзве, і я даведаўся, што ў нашым раёне ўжо ў многіх калонкі псаваліся і яму даводзілася чуць просьбы ад некаторых пенсіянераў: «Унучак, я атрымоўваю пенсію 600 тысяч, а тут трэба 750. Такіх грошай у мяне няма і не будзе, таму зусім адключай калонку!»
Чытачка
24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны і адна з іх узяла чытаць маю кніжку «Страла кахання, любові крыж». Міхась тут жа запытаўся: «А чым вас Шніп зацікавіў?» — «Гэта — мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!» — адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшы да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй «Баладу камянёў», якую яна хоча пачытаць, бо «там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны»…
Памянулі Скалабана
25.08.2011. Людміла на гэтым тыдні яшчэ ў адпачынку, і таму пасяджэнне суполкі «Літаратурнае прадмесце» адбылося ў нас дома. Прыйшлі: Мікола Кандратаў, Сева Гарачка, Наталка Кучмель, Таццяна Пратасевіч, Юрась Нераток, Рагнед Малахоўскі, Алесь Емяльянаў і Аліна Агрэніч. Памянулі Віталя Скалабана, які быў частым госцем і ў нас дома, і на пасяджэннях суполкі. Людміла зачытала артыкул падрыхтаваны разам з Віталем Уладзіміравічам, які, спадзяёмся, будзе хутка надрукаваны ў «СБ». За гарбатай чыталі вершы, жартавалі. Найбольш запомнілася сказанае Рагнедам Малахоўскім: «О, Беларусь — мая Людміла!..»
Аляксандр Станюта…
25.08.2011. Памёр Аляксандр Станюта. Месяц таму перад маім адпачынкам ягоны сын Дзмітрый прынёс мне падпісаныя кнігі. Людміла збіралася, выйшаўшы на працу, напісаць у свой «Кніжны навігатар» пра адну з іх. А я збіраўся на наступным тыдні пазваніць Аляксандру Аляксандравічу…
Мог бы быць, але…
26.08.2011. Гляджу на пачатак зносу пяціпавярховіка, дзе быў інтэрнат філфака БДУ, і ў думках лаюся: «Гэта ж мог бы быць вялікі літаратурны музей з мемарыяльнымі пакоямі многіх нашых класікаў, якія ў свой час, будучы студэнтамі, жылі ў інтэрнаце!»
Усё было хораша…
27.08.2011. З 26 па 28 жніўня ў Маладзечне праходзіць ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна2011». Недзе ў васьмі фестывалях я браў удзел. Быў і сёння. Усё было хораша хоць і не лепей, чым мінулы раз. І вельмі шкада, што за цэлы дзень шлях дзесяці паэтаў, якія былі ўдзельнікамі фестывалю, ні разу не перасекся са шляхамі выканаўцаў песень…
Няма таго…
28.08.2011. На вуліцы Румянцава, каля Дома літаратара, нядаўна знеслі стары Дом журналіста. Цяпер там велізарная яма, як пасля выбуху бомбы…
Пара…
28.08.2011. На пытанне: «Як там Наталля? Ці піша вершы?» — паэт, аўтар трох, а мо нават і ўжо чатырох кніжак вершаў Сева Гарачка, хвіліну памаўчаўшы, сказаў: «Усё! Пара сабраць грошы і выдаць першую кніжку жонкі!» Жонка ў Севы Гарачкі паэтка Наталля Бурдзейка…
Дзеці…
28.08.2011. Пад вечар у госці зайшоў сябра, які ў нас не быў цэлы год. Калі пачало цямнець, госць пацікавіўся: «А дзе ж вашы дзеці?» І мы з Людай амаль хорам адказалі: «Выраслі!»
Шышкі
29.08.2011. На сцяжыне праз сасоннік сухія пачарнелыя шышкі, як малыя вожыкі, якія прытварыліся мёртвымі, убачыўшы мяне…
* * *
29.08.2011. У кожным дурні ёсць нешта разумнае, а ў кожным разумным ёсць нешта дурное…
* * *
31.08.2011. Рана ці позна канчаецца ўсё. І вось закончыўся сыр у мышалоўцы…
* * *
31.08.2011. Вазон вырас такі вялікі, што спатрэбілася падпорка, каб ён не паламаўся. І я прынёс з вуліцы дубец. Праз месяц вазон засох, а дубец прарос…
Школа
31.08.2011. Цяпер амаль усе дзеці пішуць так, што нічога не разбярэш. А ўсё з таго, што ў школе не карыстаюцца пропісямі, па якіх можна навучыцца прыгожа пісаць. Помню па сённяшні дзень, як мне пасля першага класа зза дрэннага почырку настаўніца задала на лета перапісаць у сшытак усю пропісь. Прайшоў месяц, прайшоў другі, праз тыдзень у школу, а я і не браўся за летняе заданне. Відаць, нічога б і не рабіў, калі б, не сустрэўшыся з настаўніцай, не пачуў грознае: «У школу прыходзь з перапісанай пропіссю, а калі ж нічога не пісаў, то можаш і далей гойсаць па палях!» Пасля гэтага цэлы тыдзень з раніцы да вечара, сапсаваўшы кучу сшыткаў, я выводзіў літаркі і ў школу прыйшоў з выкананым заданнем. І мая першая настаўніца, Марыя Вікенцьеўна Шніп, мяне пахваліла…
* * *
1.09.2011. Ідучы на працу і гледзячы на школьнікаў, у якіх пачаўся новы навучальны год, адчуў сябе шчаслівым. Нашы Вераніка і Максім — студэнты…
Каля школы…
1.09.2011. Каля школы, пазнаўшы здалёку сваіх аднакласніц, хлопец радасна пабег да іх. Дзяўчаты тут жа заўсміхаліся і былі, напэўна, гатовыя да абдымкаў, але хлопец, падбегшы да аднакласніц, разгублена спыніўся, убачыўшы, што за лета сяброўкі амаль на цэлую галаву сталі вышэйшымі за яго…
Яшчэ канікулы…
2.09.2011. У Веранікі і Максіма заняткі ў Акадэміі мастацтваў пачнуцца ў кастрычніку. Жылі б мы, як даўней, на вуліцы Бірузова, і быў бы жывы там наш сусед, ужо сёння б пайшоў ліст у міліцыю, што нашы дзеці нідзе не вучацца і не працуюць. Сусед на мяне пісаў, калі я жаніўся і хадзіў у часопіс «Беларусь», дзе працоўны дзень быў з 14й гадзіны па 17ю…
* * *
3.09.2011. Каля суседняга пад’езда стаяць алкаголікі не з нашага двара і гучна расказваюць адзін аднаму пра мінулую ноч. Я праходжу каля іх, як кот каля сабак…
Алесь Адамовіч
3.09.2011. Сёння споўнілася б 84 гады Алесю Адамовічу. Аднак гэта «пашпартны» дзень народзінаў. У сапраўднасці Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 жніўня 1926 года. У час вайны маці перапісала яго на год пазней, каб не пагналі ў Германію. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС Адамовіч, наперакор кіраўніцтву БССР, сцвярджаў, што сапраўдныя маштабы трагедыі і тое, наколькі Беларусь ад яе пацярпела, утойваюцца. Ён быў ініцыятарам ліста беларускіх навукоўцаў Міхаілу Гарбачову. За гэта партыйнае кіраўніцтва Беларусі пачало цкаваць яго, і Адамовіч мусіў з’ехаць у Маскву. Памятаю, як зімой 1987 года мы з Людмілай Рублеўскай пасля заняткаў у Літінстытуце ездзілі да Алеся Адамовіча ў бальніцу. Для яго наш прыезд быў вельмі нечаканым і прыемным. Гаварылі недзе каля гадзіны. На развітанне Алесь Міхайлавіч нам сказаў: «Абавязкова пасля вучобы вярніцеся ў Беларусь і беражыце адно аднаго!»
Валун на магіле…
3.09.2011. Восенню 2003 года з Вольгай Іпатавай, Лідзіяй Савік і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Глуск на святкаванне юбілею Сяргея Грахоўскага. Па дарозе ў гарадскі пасёлак не абмінулі могілкі каля вёскі Глуша Бабруйскага раёна, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, які памёр 26 студзеня 1994 года. Могілкі не надта вялікія, але вельмі зарослыя дрэвамі і кустамі. І калі б мы не ведалі, што на магіле ляжыць велізарны валун, на якім выбіта «Алесь Адамовіч», то, магчыма, і не знайшлі б, дзе пахаваны пісьменнік. Ужо тады надпіс было цяжка прачытаць, бо ён закарэў і пачаў зацягвацца мохам…
Геня Садоўская
5.09.2011. Хлопец быў вельмі цікаўны. І вось ён дзеля свайго нейкага дзіцячага эксперыменту падпаліў два кілаграмы пораху, што былі ў бацькі, які зрэдку хадзіў на паляванне. Порах хлопцу спаліў увесь твар. Пра гэтую бяду даведаліся яўрэі, якія тут жа параілі бацькам знявечанага схадзіць да Гені Садоўскай, якая лячыла апёкі. Старая яўрэйка вылечыла хлопца і ў яго на твары не засталося ні шрамчыка. І калі ж Геня Садоўская звярнулася да Машэрава, каб ён даў ёй лепшую кватэру і пенсію, а яна пасля гэтага перадасць сакрэт лячэння апёкаў, замест кватэры і пенсіі на Геню Садоўскую завялі крымінальную справу за незаконнае лячэнне людзей…
Угольнікаў у ліфце
7.09.2011. На працы, вяртаючыся з абеду, у ліфт зайшоў з мужчынам і дзвюма жанчынамі. Глянуўшы на мужчыну, які стаяў высока задзёршы нос, пазнаў у ім расійскага артыста Ігара Угольнікава. На шостым паверсе, дзе Міністэрства культуры, артыст выйшаў. Жанчыны тут жа ажывіліся: «Угольнікаў! Ну і гунуровы! Стаіць, як востры вугал праглынуў!» Прыйшоўшы да сябе ў кабінет, я заглянуў у інтэрнэт і даведаўся, што Ігар Угольнікаў цяпер старшыня тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы…
Трэніруюцца…
7.09.2011. Ужо тыдзень, як кожны дзень даю інтэрв’ю практыкантам розных выданняў. Пытанні ў большасці звычайныя, але ёсць і нечаканыя, і цікавыя. З нагоды ўсіх інтэрв’ю ў галаве ажыла прыпеўка: «Меня милый не целует. Говорит: «Потом! Потом!» Я иду, а он на крыше тренеруется с котом…»
«Лакаматыў» Яраслаўль…
7.09.2011. Усё лета чакаў хакея… А хакея заўтра не будзе… Будзе жалоба…
Панаехала гасцей…
9.09.2011. Мастак Алесь Квяткоўскі, завёзшы свае карціны ў Валожын, вяртаючыся дамоў, хацеў зазірнуць на якую гадзіну да Алеся Лася або Фэліка Янушкевіча. Сустрэцца не атрымалася — абодва мастакі заняты замежнымі гасцямі…
І я быў крытыкам…
9.09.2011. На пачатку 80х гадоў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі працаваў Анатоль Сідарэвіч і я, як і многія з майго пакалення, дзякуючы яму, стаў пісаць рэцэнзіі. Крытыкуючы па заказе, я не адразу зразумеў, што займаюся не тым, чым трэба. І хоць я супрацоўнічаў з «ЛіМам» гады два, але за гэты час паспеў пакрыўдзіць некалькі добрых паэтаў. І сёння мне даўнымдаўно сорамна за тое, што я быў «крытыкам». А трыццаць гадоў назад некаторыя мае літаратурныя аднагодкі «вучылі пісаць» і Танка, і Шамякіна, і Гілевіча, і Барадуліна…
* * *
9.09.2011. Чым больш графаманісты чалавек, тым больш крыўдлівы…
* * *
10.09.2011. У апалай лістоце ёсць золата і смецце майго жыцця…
Дзесяць гадоў таму…
11.09.2011. Дзесяць гадоў таму, на другі дзень пасля тэрактаў у Амерыцы, мы з Людмілай ехалі ў цягніку Мінск — Вільнюс на выступленне ў Смаргонь. Было страшна, бо здавалася, што тэрарысты прылятуць на самалётах і ў Мінск. У нашым вагоне ехалі кантрабандысты, якія везлі цыгарэты і гарэлку на продаж. Праехаўшы Маладзечна, яны звярнуліся да нас, каб мы дапамаглі ім правезці іх тавар праз мытню. Пачуўшы, што выходзім у Смаргоні, кантрабандысты нам не паверылі і, раззлаваўшыся, больш ні да кога ў нашым вагоне не прыставалі…
* * *
11.09.2011. У прыцемку вялікі белы кот выйшаў з пад’езда і лёг на апалае на асфальце лісце. І цяпер ён як белая хмарка на зорным небе…
* * *
12.09.2011. Вечарэе. Чайкі над Свіслаччу, як вялікія белыя мухі над чорным восеньскім мёдам…
Ішоў прыгожа…
12.09.2011. Едучы на аўтобусе з працы па праспекце Пераможцаў, убачыў народнага артыста. Ён у рудой скуранцы, з кіёчкам у правай руцэ, пакульгваючы на левую нагу, з голай сівой галавой і ў чорных акулярах няспешна, час ад часу спыняючыся, ішоў сярод амаль бягучых людзей. Ішоў прыгожа, як кот Базіліа, у якога ў левай кішэні ляжалі пяць залатых манет ад Бураціна…
«Белтэлеком», хакеры і мы…
13.09.2011. З кіпы старых папер вывалілася паведамленне з «Белтэлекома» за 04.12.2006 года: «Вами не призведена оплата за услуги электросвязи в сумме 567 060 рублей. В случае неоплаты до 15.12.2006 г. телефон подлежит отключению». Тактак! Была справа! Гэта тады да нас праз інтэрнэт падключыліся хакеры і карысталіся нашым тэлефонам, як хацелі. Хакеры абабралі не толькі нас. У некаторых былі сумы па 2 мільёны. Нашы заявы, што мы невінаватыя і не тэлефанавалі ў Новую Зеландыю, нам не дапамаглі, і давялося выкласці 567 060 рублёў, каб зусім не застацца без тэлефона…
Кампазітарка…
13.09.2011. Па радыё невядомая мне кампазітарка хваліцца: «Нядаўна я сама пачала пісаць тэксты. Наш мэтр паэт Зотаў мне сказаў, што ты мяне без працы пакінеш, а я на гэта толькі пасмяялася, бо сапраўды ў мяне добрыя тэксты атрымоўваюцца. Нядаўна за дзень напісала чатыры песні і я думаю, што я цяпер абыдуся без паэтаў…»
На канцы свету…
14.09.2011. Патэлефанавалі з бібліятэкі, што ў Чыжоўцы, з просьбай выступіць перад чытачамі. «Добра, прыеду хоць вы і на канцы свету…» — рыфмаванкай адказаў я. «Так, за намі Чыжоўскія могілкі…» — працягнула тэму бібліятэкарка…
Еду…
14.09.2011. Еду ў тралейбусе. Падыходзіць кантралёр: «Вашы праяздныя дакументы?» — «Я студэнт!» — спакойна адказваю я. «А чаму сівы?» — «Цяжка вучыцца!»
З Раісай Баравіковай…
15.09.2011. З Раісай Баравіковай выступаў перад школьнікамі ў бібліятэцы № 11. Калі б мы самі праз амаль дзве гадзіны не спынілі імпрэзу, то школьнікі, відаць, замэнчылі б нас пытаннямі. Дамоў з Раісай Андрэеўнай вярталіся, як з маленькага і кволага беларускамоўнага раю…
На праспекце…
16.09.2011. На праспекце Пераможцаў сёння пачалі бурыць пяціпавярховік, дзе быў філфакаўскі інтэрнат, у якім жылі многія сёння вядомыя пісьменнікі. Пыл уздымаецца, як дым ад рукапісаў, якія гараць…
У краме…
17.09.2011. У краме, аплачваючы пляшку «чарніла», бамжыха, якая стаяла перада мной у чарзе, упусціла з рук кучу драбязы і пайшла. Я падняў грошы і, дагнаўшы жанчыну, аддаў ёй. І пачуў: «Благаславі вас Бог!»
Матылі і мухі
17.09.2011. Яна не магла спаць, бо ў ейным жываце былі матылі. І ён не мог спаць, бо ў ягоным носе былі мухі. А паміж імі былі незамкнутыя дзверы…
«Тайное сияние»
17.09.2011. З Людай хадзілі ў відэацэнтр, што ў «Сталіцы». Глядзелі артхаусную драму «Тайное сияние». Аўтар сцэнару і рэжысёр карэйскі міністр культуры Лі Чхан Дон. У зале акрамя нас былі яшчэ дзве дзяўчыны. Адна ўвесь фільм ела цукеркі, а другая то драмала скурчыўшыся, то, выцягнуўшы перад сабой свае доўгія ногі, балдзела ад фільма. Пасля «Тайного сияния» з Людай зайшліся ў кафэшку «Гарадок» і пасядзелі, п’ючы гарбату і абмяркоўваючы фільм, сярод маладых і закаханых…
* * *
18.09.2011. Неба чыстае, як Божае сумленне…
* * *
19.09.2011. У кніжках цішыня, як на могілках…
Мне…
20.09.2011. У сакратаркі на стале ўбачыў спісак супрацоўнікаў выдавецтва, дзе пазначана колькі каму гадоў. Мне… Няўжо столькі?
Нібыта ўчора…
21.09.2011. У часопісе «Маладосць» я ўпершыню надрукаваўся ў верасні 1979 года. Гартаючы нумар, натрапіў на артыкул Васіля Быкава «Пазначана высокаю гармоніяй» пра мастака Арлена Кашкурэвіча. Чытаецца, нібыта напісаўна ўчора, а вось гэтыя радкі прымушаюць задумацца над хуткаплыннасцю жыцця: «Некалькі год таму Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю мару — ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. У верасні Арлену Міхайлавічу спаўняецца 50 гадоў…» А ў гэтым годзе 15 верасня мастаку ўжо было 82…
Евгений вомифроТ з Уладзівастока
22.09.2011. З Уладзівастока ў выдавецтва прыйшла вялікая бандэроль з кніжкамі Яўгенія Трафімава. Аўтар спадзяецца, што мы іх перавыдадзім і заробім шмат грошай і для выдавецтва, і для яго. На вокладцы кніжкі «Морская береста» пад партрэтам аўтара змешчаны радкі з подпісам:
Судьба меня жала, что может быть краше,
А после дрожала под палубой нашей!
С чего и явилась такая проблема —
Душа разучилась писать неумело…
От спонсоров нету, поверьте, отбоя —
К ответу привлечь, как морской шум прибоя?!!
Евгений вомифроТ
Сярод пылу…
23.09.2011. Пад вокнамі на працы ўжо другі тыдзень бурыцца былы філфакаўскі інтэрнат. Ад пылу, які пранікае і ў наш дом, цяжка дыхаць. У некаторых супрацоўнікаў выдавецтва пачалася алергія. Гляджу праз акно на разваліны інтэрната і бачу, як сярод пылу ходзяць Яўгенія Янішчыц, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Стрыжак, Уладзімір Марук і яшчэ каля сотні маладых, якіх я не магу пазнаць зза пылу, будучых вядомых паэтаў і празаікаў, і шукаюць свае ненапісаныя творы…
Псіхолаг
23.09.2011. Наша суседка працавала псіхолагам у школе. Мы разам некалькі разоў пілі гарбату. Пры сустрэчы суседка, як псіхолаг, вучыла нас, як трэба жыць, каб усё было добра, як у яе. І толькі мы пачалі верыць у псіхалагічныя парады, як адным восеньскім вечарам псіхолаг прыбегла да нас у кватэру са слязамі на вачах і крыкам: «Ратуйце! Мяне муж хоча застрэліць з паляўнічага ружжа!»
* * *
24.09.2011. Вечарам, як стала цямнець, на страху былога філфакаўскага інтэрната, які разбураецца, селі чайкі, што днём лёталі над Свіслаччу. І пакуль цямнела, чайкі бачыліся чыстымі блакнотамі, якія чакаюць новых вершаў…
* * *
24.09.2011. Мастацкія творы — каштоўныя каменьчыкі ў пяску жыцця, які прасыпаецца праз сіта вечнасці…
Не забівайце!
24.09.2011. Не забівайце матылька, калі ён заляціць да вас у хату. Матылёк і так жыве ўсяго два дні…
Чытаю Маркеса…
25.09.2011. Чытаю новы твор Маркеса «Воспоминания моих несчастных шлюшек». Гэта аповесць «о поре, когда желания еще живы, а силы уже на исходе,— и о странной, почти мистической любви, настигшей человека в конце бездарно прожитой жизни, полной унылой работы и пошлого, случайного секса». Сексам мяне не здзівіш, а засеў у мазгах вось гэты радок: «Ребенком я услышал, что когда человек умирает, вши, гнездившиеся в его волосах, в ужасе расползаются по подушке, к стыду близких...»
* * *
25.09.2011. Згорбленая старая з белым вялікім катом на плячы ходзіць па двары. Быў бы чорны кот, я б напісаў, што згорбленая старая, як ведзьма, ходзіць па нашым двары…
Кветкі
25.09.2011. Дамоў вярнулася Вераніка. Нанесла кучу розных кветак і цяпер у нас у кватэры, як у вершах Леаніда ДранькоМайсюка…
* * *
26.09.2011. На падлозе ляжыць куча кніжак, як куча распілаваных дошак, з якіх яшчэ нядаўна можна было збіць труну…
* * *
26.09.2011. У Басё прачытаў хоку «В доме поэтессы Сономэ»:
Нет! Не увидешь здесь
ни единой пылинки
на белизне хризантем.
Адразу ж узгадалася пісьменніца Марыя Вайцяшонак. У яе таксама не ўбачыш дома і на лецішчы ні адной пылінкі, і яна ў госці не пакліча, калі не будзе ўсё ў парадку ў гаспадарцы…
Неба белае…
27.09.2011. Неба белае, нібы пабеленае чайкамі, бо на чорным асфальце іх белае гаўно, як кроплі белай фарбы…
* * *
27.09.2011. Выйшла так, што некаторыя прыехалі ў сталіцу, каб напіцца і памерці, а думалі ж пра... А Бог іх ведае, што яны думалі... Памерлі ж...
* * *
27.09.2011. Шэрыя вераб’і і мышы ў шэрай траве шаргацяць апалым лісцем, як шэрыя мышы і вераб’і…
Бабкіна і прыбіральня
28.09.2011. У адну вайсковую частку прыязджала з канцэртам расійская спявачка Бабкіна. Для яе спецыяльна была пабудавана прыбіральня, у якой, жартам кажучы, можна жыць. Бабкіна выступіла і паехала далей, не зайшоўшы ў прыбіральню…
Быць у дарозе…
28.09.2011. «Быть в дороге. Иллюзия счастья. Гарантированные 12 часов возможности не решать проблему»,— піша пісьменніца. Так, сваю праблему можна і не рашаць, аднак ніхто не дае гарантый, што самалёт ці цягнік, якім ты падарожнічаеш, не ляснецца…
* * *
28.09.2011. З памяці ўсплыло ці цяпер зарыфмавалася:
Забудзь мяне, і я цябе забуду,
Як попел забывае пра агонь
У час дажджу, які нібы атрута,
Што прапякла Хрыстовую далонь…
* * *
30.09.2011. Стаю на прыпынку каля цырка. І раптам прыгожая і маладая каля мяне, як каля смерці, прайшла…
Узгадалі Уладзіміра Юрэвіча
30.09.2011. Выступаў у Музеі Янкі Купалы на вечарыне, прысвечанай 95годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Юрэвіча. Узгадалася, як у 1996 годзе мы разам адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач». Уладзімір Міхайлавіч быў з дачкой Галінай, а я з жонкай і малымі дзецьмі Веранікай і Максімам. Амаль кожны дзень разам гулялі па лесе. Уладзімір Міхайлавіч расказваў дзецям цікавыя гісторыі пра лясных жыхароў, а з Людмілай і мной гаварыў пра літаратуру. У сталовай кармілі не заўсёды добра — і я атруціўся. І вось сяджу на лавачцы, трымаюся за жывот і грэюся на сонцы ні на што не спадзеючыся. Лякарства аніякага ні ў нас, ні ў здраўпункце. І калі б Уладзімір Міхайлавіч не даведаўся пра маю хваробу, то, відаць, мы б раней тэрміну вярнуліся дамоў, а так ён прыслаў да нас дачку з лекамі, і я, выпіўшы пару таблетак, хутка ачуняў. Пасля майго выздараўлення мы яшчэ бліжэй пазнаёміліся і кожны дзень праводзілі ў шчырых і доўгіх размовах…
Нельга забыць…
1.10.2011. З Людмілай хадзілі ў Музей Янкі Купалы на паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі, арганізаваны і праведзены Вікай Трэнас і Юляй Новік. Тры гадзіны ў паўнюткай зале праляцелі незаўважна, бо ўсё было цікава і непаўторна. Думаю, што найбольш з паэтаў усім запомняцца Георгій Барташ і Віктар Лупасін, а з музыкаў гурт «Нельга забыць». Галасавая паэзія Дзмітрыя Строцава абудзіла варон у Купалаўскім скверы, і яны, пакуль паэт шаманіў, з вар’яцкім карканнем кружыліся над музеем, дзе, акрамя жывых слухачоў, прысутнічалі: бронзавы Купала, нядаўні юбіляр Уладзімір Юрэвіч (партрэт, яго вечарына прайшла ўчора) і развешаныя на сценах вялікія фотаздымкі жыхароў Афрыкі…
* * *
2.10.2011. Быў у Алеся Квяткоўскага. Малюе Канстанцыю Буйло. Пакуль што паэтэса мёртвая…
Бунін і сучкі
2.10.2011. З Людмілай паглядзелі фільм Учыцеля «Дзённік ягонай жонкі» пра жыццё Буніна ў эміграцыі. Фільм павучальны — нават Нобелеўскаму лаўрэату няма чаго ў старасці бегаць за маладымі дзеўкамі, бо ўсё скончыцца тым, што свае новыя творы будзеш чытаць сабаку, прынесенаму з вуліцы: «Адной сучкай дома болей ці меней — усё роўна…» Ад таго, што ў фільме не прагучала аніводнага верша Буніна, я знайшоў томік паэта і мы з Людай пачыталі ягоныя вершы ўслых адно аднаму. Хацелі пачытаць і вершы, напісаныя ў эміграцыі, але ў кніжцы, якая выйшла ў Маскве ў 1986 годзе пасля твораў, якія пазначаны 1927 годам, адразу ідуць творы за 1947 год…
НЛА над Маладзечнам
3.10.2011. Пад абед з Маладзечна да мяне на працу прыехаў Міхась Казлоўскі і адразу ж з парога: «Слухай! Не паверыш, што я сёння раніцай бачыў! Сэрца і цяпер калоціцца! Ідучы каля могілак на электрычку на прыпынак «Фестывальны», раптам убачыў высока ў небе велізарнае кола, якое складалася з невялікіх колаў і круцілася то ў адзін бок, то ў другі, час ад часу знікаючы і зноў з’яўляючыся! Я перапалохаўся! А тым больш што нікога нідзе побач! Што гэта было? Не ведаю!» — «Відаць, іншапланетны карабель прылятаў на нашы «Дажынкі» паглядзець…» — я выказаў сваё меркаванне, і Міхась, пагадзіўшыся са мной, яшчэ раз эмацыйна расказаў пра НЛА, убачаны над ускрайкам Маладзечна…
Мой Маладзечанскі край
4.10.2011. У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Маладзечанскі край». Укладанне і фота зрабіў Ігар ПешахонцаўМіцкевіч, тэксты напісаў Міхась Казлоўскі. Тэлефаную Міхасю і, віншуючы з выхадам цудоўнай кнігі, кажу: «Добра, што на беларускай мове!» — «А я паруску б і не браўся рабіць кнігу!» — адказвае сябра.
Аляхновічы
У 1483 годзе ў летапісах упамінаецца ваявода віленскі Алехна і, магчыма, назва вёскі Аляхновічы мае дачыненне да яго прозвішча. А наогул сама вёска згадваецца пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя пад назвамі Алехнаўцы, Алехнаўка. У 1872 годзе праз вёску была пракладзена чыгунка, пабудаваны вакзал, які лічыцца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. З Аляхновіч да маіх Пугачоў праз Еленку недзе кіламетраў дзевяць. У Аляхновічах жыў настаўнік мясцовай школы Яраслаў Масеевіч Касцюк (люты 1928 — зіма 2009). Да яго некалькі разоў у госці я хадзіў з Міхасём Казлоўскім. І сёння памятаецца, як аднойчы зімой, заседзеўшыся ў Яраслава Масеевіча, мы засталіся начаваць. У тую ноч быў такі моцны мароз, што мы ў зале спалі апрануўшыся і ў шапках. Раніцай грэліся гарбатай і маімі вершамі…
Гарадок
Вёска Гарадок вядома з ХVІІ стагоддзя. У розныя гады належала Радзівілам, Галынскім, Карпіцкім, Тышкевічам. З’яўлялася цэнтрам культурнага, сацыяльнаэканамічнага і рэлігійнага жыцця рэгіёна. Тут адбываліся кірмашы, працавалі народныя вучылішчы, беларуская гімназія, праваслаўныя цэрквы і сінагогі. З мінулага да нашых дзён захаваліся царква (помнік архітэктуры рэтраспектыўнарускага стылю) і вадзяны млын (помнік парамысловай архітэктуры з элементамі готыкі). З Гарадка да маіх Пугачоў 8 км. З гарадоцкай кнігарні, калі мне было дзесяць гадоў, бацькі прывезлі аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, якая стала адным з маіх любімых твораў…
Краснае
Назва Краснае Сяло ўпамінаецца ў ХV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне. З’яўлялася цэнтрам Краснасельскага староства ў Менскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 15 жніўня 1908 года закладзены каменны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Марыі Панны, узвядзенне якога было завершана ў 1912 годзе. Помнік архітэктуры неаготыкі. Думаю, што Максім Багдановіч у 1911 годзе, жывучы ў Ракуцёўшчыне, якая ў некалькіх кіламетрах ад Краснага, бачыў як будуецца касцёл…
Плябань
Плябань вядома з ХV стагоддзя. У 1800 годзе «плябан Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч касцёл мураваны заснаваў з закрыстыяй з правага боку». У 1872 годзе касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. У Плябані знаходзіцца раённая мастацкая галерэя, на мясцовых могілках пахаваны паўстанцы атрада Юльяна Бакшанскага. У свой час краязнаўца Міхась Казлоўскі быў правадніком для сяброў суполкі «Літаратурнае прадмесце» да гэтай магілы…
Радашковічы
Радашковічы размешчаны на ўскрайку Мінскага ўзвышша пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. Радашковічы з’яўляліся ўласнасцю князёў Гаштольдаў, Глябовічаў, Агінскіх і Радзівілаў. У 1569 годзе Радашковічы атрымалі магдэбурскае права, а ў 1792 годзе — герб: на срэбраным полі паясная выява Святога Стафана, пабітага камянямі. У 1939 годзе з Радашковіч мой дзед Юзя адпраўляўся ў войска польскае ваяваць з немцамі, а ў 1951 годзе мой бацька ішоў служыць Сталіну…
Ракуцёўшчына
Ракуцёўшчына ўпершыню ўпамінаецца ў ХVІІ стагоддзі. У 1897 годзе — вёска (11 двароў, 81 жыхар) і фальварак (1 двор, 17 жыхароў). У 1911 годзе ў фальварку два летнія месяцы жыў Максім Багдановіч. На жаль, калі я вучыўся ў школе, мае настаўнікі не ведалі пра Ракуцёўшчыну, якая ад маіх Пугачоў у 20 кіламетрах, а то я схадзіў бы да Максіма Багдановіча з вершамі, як у 1972 годзе хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы…
Хоўхлава
Хоўхлава ў афіцыйных крыніцах згадваецца з ХV стагоддзя. У 1565 годзе пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў Хоўхлава прыехаў і нейкі час там жыў Сымон Будны. Менавіта ў гэтым старажытным паселішчы ім была напісана кніга «Аб зачацці сына Божага». У памяць аб славутым жыхары некалькі гадоў назад на будынку мясцовай школы з’явілася мемарыяльная шыльда. У 1738 годзе у заходняй частцы вёскі на ўзвышшы быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны. Храм драўляны, пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. У 1846—1847 гадах мясцовы пан Вікенцій Язвінскі збудаваў за касцёлам каменную капліцу, якая выконвала ролю пахавальні для мясцовых магнатаў. З маіх Пугачоў да Хоўхлава кіламетраў дваццаць…
* * *
5.10.2011. Сёння закончылі разбураць былы філфакаўскі інтэрнат. І цяпер па велізарнай кучы будаўнічага друзу і смецця лазяць экскаватары і пагрузчыкі, як жалезныя бамжы…
Праблемы…
6.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:
Як на чорнай галеры,
Да вясла прыкаваны,
Ты і сёння на працы.
І глядзіш на шпалеры,
Як на ціш акіяна,
Як праз краты, праз пальцы.
На адным з іх пярсцёнак
Залаты, як былое,
Калі ты быў дзіцёнак
І было залатое
Нават тое, што смеццем
Пад нагамі ляжала…
* * *
6.10.2011. «А я па праспекце не хаджу, а ўсё па завулках і тупіках…» — падумалася, гледзячы на людзей з аўтобуса на праспекце Незалежнасці…
* * *
6.10.2011. Калі вучыўся ў архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме, некаторыя заняткі ў нас адбываліся ў бомбасховішчы. І мне, галоднаму студэнту, часам здавалася, што мы на вайне…
* * *
6.10.2011. Рэдактар сярод мёртвых рукапісаў, як Харон…
Не былі і былі…
8.10.2011. Пра імпрэзу «Зярно к зярняці…», якая была прысвечана 95годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча і прайшла ў Музеі Янкі Купалы, я ўжо запісваў у сваім дзённіку. Пра гэтую імпрэзу ў некаторых газетах з’явілася інфармацыя. «На вечарыне апроч пісьменнікаў і навукоўцаў Вячаслава Рагойшы, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча ды іншых выступілі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» — так піша адна газета, але ж на вечарыне ні Рагойшы, ні Аўрамчыка, ні Бутэвіча не было. Гэта значыць, што інфармацыя напісана з прэсліста, які быў распаўсюджаны загадзя. У другой газеце чытаем: «Сярод гасцей былі і вядомыя літаратуразнаўцы, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Віктар Шніп, Мікола Аўрамчык, Вячаслаў Рагойша, Алесь Бадак». Зноў у перакліку ёсць пісьменнікі, якіх не было ў музеі: «М. Аўрамчык, В. Рагойша, А. Бадак». Дарэчы, карэспандэнтка з гэтай газеты прысутнічала і ўвесь час нешта запісвала. На вечарыне выступала Галіна Шаблінская, але, мяркуючы па прыведзеных інфармацыях, яе не было…
Вандроўка да нашых святынь…
9.10.2011. Учора з супрацоўнікамі выдавецтва быў у вандроўцы. Сёння адчуваю сябе крыху прастылым, але задаволеным тым, што не прасядзеў дома перад камп’ютарам…
Усю дарогу ішоў дождж. Праязджаючы праз Смаргонь ад нашага гіда Яраша Малішэўскага даведаліся, што вуліца, на якой была славутая Смаргонская мядзведжая акадэмія, раней называлася Мядзведжай, а цяпер носіць назву Танкістаў…
Па дарозе ў Солы праязджалі каля вёсак Лубянка, Васюкі, Крапіўна…
Нязжатая кукуруза каля дарог, як хрушчоўскія лясы…
Месцамі на палях зелянее рунь, і, калі б не восеньскі холад, можна было б уявіць, што на вуліцы не кастрычнік, а красавік…
У аграгарадку Солы жыве паэт Мар’ян Дукса, але пра гэта ў нашым экскурсійным аўтобусе акрамя мяне ніхто не ведае…
«4 снежня 1917 года ў Солах падпісан дагавор аб перамір’і паміж ВРК Заходняга фронту і ўпаўнаважанымі нямецкага камандавання Усходняга фронту. Упершыню ў гісторыі ажыццёўлен Ленінскі Дэкрэт аб міры» — напісана на шыльдзе, што на сельсавецкім будынку…
Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах пабудаваны ў 1926—1934 гадах. У Храме ўсё пабеларуску і папольску. Фрэскі ў большасці традыцыйныя, але дзве, на якіх паказаны вайскоўцы са зброяй, якія б’юцца за веру, надаюць Храму незвычайнасць…
На азёрах лебедзі, як вялікія восеньскія гарлачыкі…
Холадна. Вёска Ізабеліна нагадала віно «Ізабэла»…
Едучы ў Астравец назіралі за будаўніцтвам дарог, якія будуць весці да АЭС…
На Астравеччыне дасведчаныя людзі ведаюць свайго земляка Іосіфа Гашкевіча, які быў дыпламатам, вучоныммовазнаўцам, даследчыкам Японіі і Кітая. Ён жыў у маёнтку Малі. Цяпер гэта вёска. Сядзіба не захавалася...
У самім Астраўцы будуюцца новыя мікрараёны для будучага персаналу АЭС…
На цэнтральнай плошчы Астраўца стаіць чорны Ленін, які ўзнятай рукой паказвае на краму, дзе прадаецца пітво. На помніку слова «Ленін» напісана пабеларуску…
Калі мы зайшлі ў касцёл, пачулі, як пад кіраўніцтвам манашкі пад гітару спяваюць мясцовыя дзяўчаткі песні пра Бога…
Каля касцёла жоўтае апалае лісце і апенькі…
Адна з нашых жанчын, убачыўшы апенькі сярод магіл каля касцёла, пачала іх збіраць у торбу. Хутка да яе далучылася другая. Калі жанчыны зайшлі ў аўтобус з апенькамі, я сказаў: «Цяпер дамоў прывезяце поўныя торбы грахоў!»
У Астраўцы каля касцёла за студняй і за помнікамі ксяндзам у метрах шасці новенькая прыбіральня…
Едучы праз Варняны да касцёла Святога Георгія, збудаванага ў XVIII стагоддзі, заўважылі, што на кожным доме на сцяне вісяць упрыгожаныя кветкамі і каляровымі стужкамі іконы. Сёння свята — з Польшчы прыехаў біскуп…
На плошчы каля касцёла ў доме аптэкара XVIII стагоддзя размешчаны «Пункт охраны общественного правопорядка» і тут жа «Ритуальные товары. Памятники», а праз дарогу — крама «Водка. Вино»…
У касцёл зайшлі на некалькі хвілін. Поўна народу. Служба ішла папольску…
Каля нашага аўтобуса на ўпрыгожаным чырвонымі лентамі кані, у паношаным сінім гарнітуры праехаў, як варанянскі ДонКіхот, мужчына і, усміхаючыся, памахаў нам рукой…
Ад Варнян да Гервятаў 10 кіламетраў…
На лузе мокрыя каровы і авечкі. Без пастуха…
Каля вёскі Газа ўзгадалі сектар Газа, што ў Палесціне…
Пад’ехаўшы да касцёла Святой Троіцы ў Гервятах, адна з нашых жанчын выгукнула: «Францыя!»
Служка Божы, які выйшаў з касцёла, адразу ж паклікаў нас за сабой паслухаць арган. Хвілін дзесяць гучаў арган, і ў Храме ластаўка лятала, якую, памойму, амаль больш ніхто акрамя мяне не ўбачыў. «Як яна будзе тут жыць? Наперадзе ж зіма?» — думаў я і слухаў «Авэ Марыя»…
У касцёле ідзе рамонт і ў ім пахне свежай фарбай, як у школе на пачатку новага навучальнага года…
* * *
9.10.2011. Ужо стала традыцыяй, што там, дзе адбылася аўтааварыя і загінулі людзі, ставіць невялічкія крыжы і класці вяночкі. Усё гэта выглядае не толькі, як смутак па загінулых, але як і напамін тым, хто любіць хуткую язду, што калі будзеш ляцець на машыне на злом галавы, то можа здарыцца так, што і па табе паставяць такі прыдарожны крыжык. Учора на Астравеччыне з акна экскурсійнага аўтобуса бачыў каля пятнаццаці мясцін, дзе загінулі людзі…
Пісьмянкова і здымкі
10.10.2011. На працу да мяне прыходзіла жонка Алеся Пісьмянкова Алена, каб расказаць пра прэзентацыю кніжкі былога лімаўца Уладзіміра Крука «На фотахвалях памяці». Падчас размовы Алена паказала мне некалькі здымкаў Алеся, якія яшчэ нідзе не друкаваліся. Сярод іх быў і здымак з Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве, якая там праходзіла 15—21 траўня 1994 года. Гэты здымак быў зроблены мною. На ім Алесь Асташонак, Міхась Барэйша, Алесь Пісьмянкоў і Людміла Паўлікава. Хлопцаў ужо даўно няма…
Расказала Пісьмянкова
10.10.2011. Малодшы сын Пісьмянковых Лёшка вярнуўся са школы дамоў і стаў хваліцца, што сёння ў іх класе была пісьменніца Вольга Іпатава. Пісьмянкоў выслухаў сына і сказаў: «Сынок, я пісьменнік не горшы за Іпатаву...», і не паспеў Алесь Уладзіміравіч сказаць усё, што хацеў, як Лёшка заявіў: «Які ты пісьменнік! Ты ж мой бацька!..»
Абвестка
11.10.2011. Стаю на аўтобусным прыпынку і чытаю абвесткі. Самая нечаканая: «Были утеряны костюмные мужские брюки синего цвета. Просьба вернуть за возногрождениие!» — і тут жа дадзены нумар тэлефона…
* * *
12.10.2011. Паблізу з выдавецтвам, дзе працую, на праспекце Пераможцаў ужо амаль збудаваны трыццацідвухпавярховы дом і цяпер на яго садзяцца вароны, як горныя арлы…
* * *
12.10.2011. Патэлефанавала з Валожына Валянціна ГіруцьРусакевіч, каб запрасіць мяне на вечарыну, прысвечаную памяці Пятра Бітэля. 18 кастрычніка будзе дваццаць гадоў, як наш зямляк памёр і быў пахаваны ў Вішневе побач з Канстанцыяй Буйло. На жаль, не змагу паехаць, бо якраз у гэтую суботу трэба быць абавязкова ў Пугачах, дзе жыве мой бацька, якому ў мінулым месяцы споўнілася 80 гадоў…
* * *
12.10.2011. Сёння ў выдавецтва прыходзіў кітайскі паэт і перакладчык Лі Цзо з жонкай. Прапановы і планы ў яго вялікія, як Кітай…
* * *
12.10.2011. Апалыя кляновыя лісты, як абгорткі, у якіх былі вершы…
Уладзімір Вялікі
13.10.2011. З Германіі, дзе жыве больш дзесяці гадоў, у выдавецтва прыязджаў былы савецкі афіцэр, гісторык, а цяпер пісьменнік Уладзімір Вялікі (Яшын). Пакінуў мне пачытаць пяць кніжак, якія выдаў за свае грошы ў Расіі і Украіне. Хоча выдаць і ў нас раманы пра жыццё савецкіх людзей і салдат у ГДР. З кнігі «Клятвоотступник» даведаўся, што за амаль паўвекавую савецкую акупацыю праз нямецкую тэрыторыю прайшло каля 7 мільёнаў савецкіх салдат і афіцэраў. У розныя гады там працавала каля 400 тысяч дактароў і інжынераў, а таксама жыло каля 1 мільёна 500 тысяч членаў сям’яў вайскоўцаў. Спадзяюся, гэтая інфармацыя не самая цікавая, што змешчана ў кнігах, напісаных былым савецкім афіцэрам, які служыў у ГДР…
Кміток
13.10.2011. У маім дзяцінстве, калі ў мамы быў вясёлы настрой, яна называла мяне Кмітком. Па сённяшні дзень я не ведаў чаму, а тут раптам на працы на вочы трапіла разгорнутая кніжка «Памяць. Валожынскі раён», дзе ў спісках загінулых прачытаў: «Кміт Ганна Сямёнаўна, нарадзілася ў 1918 годзе, загінула ў вёсцы Крапіўнікі». Мая мама нарадзілася ў вёсцы Лягезы ў 1930 годзе, а праз рэчку Яршоўку якраз і знаходзяцца Крапіўнікі. І, відаць, мая мама была знаёмая з малодшым братам Ганны Кміт і таму, жывучы ў Пугачах, гледзячы на мяне, узгадвала крапіўніцкага Кмітка, на якога я быў нечым падобны…
Валерый Хахлоў
14.10.2011. Валерый Хахлоў працаваў выкладчыкам дзіцячай музычнай школы ў Валожыне. Ён актыўна супрацоўнічаў з вакальнаінструментальным ансамблем «Надзея», падбіраў рэпертуар, акампаніраваў, спяваў сам. З ім я пазнаёміўся ў 1984 годзе на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь», якое працавала пры раённай газеце. Валерый прыйшоў спецыяльна, каб са мной напісаць на беларускай мове песню пра дарогі. Праз месяц, пакуль я пісаў, Валерый Хахлоў памёр. Кампазітару было 46 гадоў…
Уладзімір Градоўкін
14.10.2011. З паэтам Уладзімірам Градоўкіным (нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Мазурына Шумілінскага раёна) я пазнаёміўся на пачатку 80х гадоў на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь», на якое ён некалькі разоў прыязджаў з Івянца. У Саюз пісьменнікаў Уладзімір Градоўкін не ўступаў, бо лічыў, што паэт павінен быць вольным у жыцці і ў творчасці. Пасля сябе пакінуў пяць кніг паэзіі на рускай мове…
Уры Фінкель
14.10.2011. Гартаючы «Памяць. Валожынскі раён», даведаўся, што 8 кастрычніка споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Уры Фінкеля. У артыкуле пра пісьменніка Вячаслаў Рагойша напісаў: «Ракаўцы — землякі Уры Фінкеля — яшчэ добра памятаюць невысокага сівога дзядулю з пышнымі вусамі. Пастукваючы сваёй нязменнай кавенькай, ён хадзіў па мястэчку, распытваў у местачкоўцаў пра іх жыццёбыццё. У панядзелак, калі ў Ракаве збіраўся вялікі кірмаш, яго можна было лёгка знайсці сярод прыезджых з навакольных вёсак — ён нешта старанна запісваў у свой нататнік. Кожны ведаў, што гэта настаўнік рускай літаратуры мясцовай дзесяцігодкі, але далёка не кожны — што ён яшчэ і вядомы крытык, таленавіты літаратуразнавец, своеасаблівы белетрыст…» Уры Фінкель напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Паўвека таму назад», прысвечаную падзеям 1905 года на Міншчыне. Урывак з гэтага твора быў надрукаваны ў «ЛіМе» 16 чэрвеня 1956 года. На жаль, аповесць цалкам не была надрукавана і яе лёс невядомы. Уры Фінкель памёр 5 снежня 1957 года…
У час абеду…
14.10.2011. Побач з працай ёсць кафэ, дзе можна паабедаць, і я туды амаль кожны дзень хаджу. Ужо месяцы два назіраю, як маладая худзенькая жанчына з гадавалым хлопчыкам у вазочку прыходзіць у кафэ і есць сама, і малога корміць. Гляджу на жанчыну з дзіцем і думаю: «Ці ёй часу няма гатаваць, ці няма на чым, ці не ўмее?»
Мінск — Пугачы
15.10.2011. З горада выязджалі амаль гадзіну. Спыняліся на трох прыпынках. Жадаючых ехаць было вельмі шмат. Кіроўца сам абілечваў пасажыраў, якія цярпліва стаялі ў чарзе. Даўней ніхто чаргі не трымаўся, і хто быў больш нахабны і здаравейшы, той і прарываўся ў аўтобус і займаў лепшае месца для паездкі...
Паўнюткі аўтобус людзей, а знаёмых анікога…
У Ракаве стаялі пару хвілін. Па дарозе, па якой я хадзіў да мамы ў Ракаўскую бальніцу, прабег сабака, падобны да нашага, што цяпер у вёсцы пры бацьку…
Куды ні гляну, бачу тое, што было дзесяць, дваццаць, а то і трыццаць гадоў назад. Уявілася, што я герой драматычнага фільма, які едзе да сябе ў вёску, дзе яго ўжо ніхто не чакае. Фільм чамусьці японскі. Мо таму, што апалае чырвонае лісце, як маё разбітае японскае сонца…
У Бузунах аўтобус амаль апусцеў. Тут цяпер вельмі шмат лецішчаў, ды і мясцовых хапае. Гадоў трыццаць назад Бузуны зза таго, што ў іх было вельмі шмат жыхароў, называлі Кітаем, а бузуноўцаў — кітайцамі…
Чым бліжэй пад’язджаў да Пугачоў, тым часцей паўтараў у думках: «Усё будзе так, як не думаю...»
Усе дзверы ў хату былі адчынены, нібыта з яе ўцякалі…
Сабака вылез з будкі і адзін раз гаўкнуў, нібыта прывітаўся…
Бацька сядзеў у зале на канапе апрануты, як быццам на вуліцы зіма…
У хаце нязвыкла ціха. Я зірнуў на насценны гадзіннік. Не працуе. Накруціў спружыну, гайдануў маятнік, і ў роднай хаце працягнулася маё жыццё…
Бацька, паеўшы, стаў расказваць пра тое, што было тады, калі ён быў малады. Узгадаў, што даўно памерлі яго малодшы брат Славік і малодшыя сёстры Ноня і Галя: «А я во ўсё жыву…»
На сцяне ў зале вісіць тэрмометр. Яго мне падарылі ў Вязынцы на пачатку 80х гадоў, калі я там выступаў на свяце паэзіі. Цяпер у хаце 10 градусаў. Зімой раніцай бывала і 7 градусаў цяпла. Падлога халодная, як лёд. І мы, дзеці, не вылазілі з ложкаў, пакуль бацька не запальваў печку…
Холадна. Паравое ацяпленне адключана і апламбіравана. Я гатоў сарваць пломбу і ўключыць ацяпленне, але не ведаю, як яго ўключаць, а бацька не памятае…
За мной па хаце бегае кот. Я ведаю, чаго ён хоча. Кот хоча малака, якое я прывёз бацьку…
Скрабу бульбу. Бульба дробная, як дробныя нашы жыццёвыя праблемы для суседзяў…
Дзе раней садзілі бульбу, расце быльнёг, а ў ім месцамі ніткі саломы, як у нямытай галаве…
З паштовай скрынкі забраў «Звязду» і раёнку «Працоўную славу». Бацька газет не чытае, але выпісвае, бо іх чытала мама…
У паветцы сухія дровы. Іх засталося мала…
Хлеў пусты. З гною тырчыць салома, як промні затаптанага сонца…
У садзе ў траве знайшоў вялікі яблык, які нібыта схаваўся ад людзей, каб дачакацца майго прыезду…
На шыферы хлява лапік травы, нібыта зялёны астравок у пустэльні…
У вясковай краме ёсць амаль усё, што і ў гарадскіх. Няма пакупнікоў…
Ідучы з крамы, спыняюся каля агарода Валянціны Іосіфаўны, маёй сваячніцы, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Цётцы ўжо 83 гады. Жыве адна. Дзеці раз’ехаліся па гарадах і прыязджаюць рэдка. Скарджуся цётцы, што ў бацькавай хаце холадна. «А я пломбу сарвала і падключыла ацяпленне! Няхай штрафуюць!» — кажа Валянціна Іосіфаўна і распытваецца пра маё жыццёбыццё. Развітваючыся, думаю падысці да плота, за якім цётка, і пацалаваць яе на развітанне, але чамусьці не падыходжу. Цяпер шкадую, што не падышоў…
Заглянуў да бацькавага стрыечнага брата дзядзькі Шуры, які жыве, вярнуўшыся з Маладзечна, пасуседстве ў матчынай хаце. Дзядзька быў у двары з малодшым сынам Андрэем. Сваякі абрадаваліся майму прыходу. Пагаварыўшы на вуліцы, мяне паклікалі ў хату. Толькі я прысеў, каб запісаць нумар дзядзькавага тэлефона, як да мяне падышоў малы гадоў пяці з маёй кніжкай «Проза і паэзія агню» і папрасіў яе падпісаць. Я запытаўся ў хлопца, як яго завуць. «Арцём Шніп!» — адказаў малы і заўсміхаўся…
Дзень праляцеў хутка так, як упаў на зямлю жоўты ліст з яблыні, на якую я глядзеў у дзяцінстве праз акно, марачы пра сваё дарослае жыццё…
Сярод жоўтых дрэў пачарнелыя сцены згарэлай хаты Антона Янушкевіча. Хутка будзе год, як няма гаспадара. І хата нікому не патрэбна…
На аўтобусным прыпынку было шмат моладзі, і я спыніўся побач на беразе сажалкі, дзе ў дзяцінстве лавіў рыбу. Раней тут усе вяскоўцы чакалі аўтобус з Мінска і мы, дзеці, нярэдка пасля таго, як аўтобус адыходзіў у горад, знаходзілі ў траве згубленыя капейкі. І вось нешта, як капейка, бліснула ў траве. Нагнуўся. Шкельца ад разбітай пляшкі…
У цемры на сажалцы белыя качкі, як белыя плямы на тым, што было…
З Пугачоў у Мінск сабралася ехаць чалавек дзесяць. Нікога знаёмага…
Аўтобус напоўніўся пасажырамі толькі ў Бузунах. Жанчыны, якія сядзелі перада мной, усю дарогу гаманілі. Выходзячы на прыпынку «Каменная горка», адна з іх сказала: «Як адправіла мяне мама ў горад з торбай вучыцца, так па сённяшні дзень з торбай я і езджу тудысюды!»
* * *
16.10.2011. У аўтобусе было холадна, як у дзіравай бляшанцы зпад беларускіх шпротаў…
* * *
19.10.2011. Уздоўж дарогі ў раўчуку кляновае лісце, як залатая вада…
Час лечыць…
20.10.2011. На выдавецкім калідоры сустрэўся з Яўгенам Рагіным — прыйшоў у Міністэрства культуры па ўзнагароды, якія супрацоўнікам газеты «Культура» далі да 20годдзя. Узгадалі «ЛіМ», калі мы там разам працавалі. У Яўгена пару гадоў назад памерла жонка. На маё пытанне: «Як ты цяпер адзін?», сябра адказаў: «Час лечыць. Ужо нават пачаў заўважаць прыгожых жанчын…»
Хоку
20.10.2011. Тыдзень назад напісаў хоку:
манашкі грудзі
нібы купалы Храма
дзе жыве манах
Прачытаў сваёй Людміле, і яна гэты мой верш забракавала. Сёння гэты верш я знайшоў у чарнавіку і, як апалы з дрэва лісток, змясціў у сваім дзённіку. Няхай будзе на памяць…
Было…
21.10.2011. У 1989 годзе, калі мяне выбралі старшынёй прафкама Саюза пісьменнікаў, старшыня партыйнай пісьменніцкай арганізацыі, даведаўшыся, што я беспартыйны, вырашыў рыхтаваць мяне ў камуністы, заявіўшы, што ўзначальваць прафкам не можа чалавек, які не ў партыі. І аднойчы для таго, каб я быў вартым кандыдатам у кандыдаты ў партыю, старшыня партарганізацыі даручыў мне з празаікам Віктарам Супрунчуком з’ездзіць у выцвярэзнік і забраць адтуль аднаго з ранейшых старшынь партарганізацыі. Купіўшы пляшку каньяку, мы паехалі выконваць партыйнае даручэнне. Прыехалі ў выцвярэзнік, а там ужо няма нашага калегі. І мы даведаліся, што наш былы старшыня партыйнай арганізацыі, убачыўшы, што ён знаходзіцца сярод мноства людзей, адразу ж пачаў праводзіць партыйны сход і тут жа прымаць у партыю беспартыйных. Партыйны сход скончыўся толькі тады, калі супрацоўнікі выцвярэзніка выклікалі жонку пісьменніка і яна яго забрала дамоў…
* * *
22.10.2011. Раніца. Ветрана. І чорны воран шалёна лётае ў двары, як шматок чорнай ночы, якую парвалі восеньскія вятры…
Будучыня…
22.10.2011. Будучыня — гэта чарапаха, якой многія кіруюць ці спрабуюць кіраваць, і гэтую чарапаху ні прыспешыць, ні прыпыніць…
Пазнавальна…
23.10.2011. Учора з Людмілай схадзілі на фільм Тыдня польскага кіно — «Дзень псіха». Вельмі шмат пазнавальнага. Саракадзевяцігадовы настаўнік літаратуры, які піша вершы і атрымлівае на працы капейкі, якога не слухаюць вучні, дастаюць суседзі і сабакі і які спрабуе агрызацца ўсім, знаходзіць суцяшэнне ў сексуальных думках пра маладую жанчыну, у якую ён быў закаханы яшчэ да жаніцьбы з другой. Я глядзеў на польскага няшчаснага псіха і месцамі ў ім бачыў некаторых сваіх знаёмых…
* * *
23.10.2011. У двары незнаёмая рудая дзяўчына збірае каштаны. Гляджу на яе з акна сваёй кватэры, як з неба…
Быў у мяне акардэон…
23.10.2011. Гадоў дзесяць я іграў на акардэоне, які мне, школьніку, падарыў дзядзька Славік. На выхадныя, асабліва зімой, калі мне было сумна, я іграў на акардэоне з раніцы да вечара. Іграў адно і тое ж, але ўсе родныя цярпелі маю музыку, бо калі я не іграў, то круціў пласцінкі і спяваў так, што хоць ты з хаты ўцякай…
Дзявятка Камоцкага
23.10.2011. Слухаю «Дзявятку» Алеся Камоцкага. Светлае, сумнае, нашае, беларускае, роднае, шчымлівае, балючае… Хочацца піць і плакаць. Не п’ю, таму і не плачу, а проста, балдзею ад усяго гэтага светлага, сумнага, нашага, беларускага, роднага, шчымлівага, балючага…
Чытаюць…
24.10.2011. У «Рубін плазе» з Людмілай паглядзелі польскі фільм «Лэдзі» — халтурны рэмэйк амерыканскага «Сексу ў вялікім горадзе». І ўсё ж вярталіся дамоў у добрым настроі, бо, калі стаялі ў чарзе ў кіназалу, маладая жанчына звярнулася да маёй жонкі: «Вы Людміла Рублеўская?» — «Так…» — адказала Людміла. «Ваша кніжка «Прыгоды мышкі ПікПік» самая любімая ў маіх дзяцей!» — паведаміла незнаёмка і ветліва ўсміхнулася.
Вяртанне…
25.10.2011. Патэлефанавала жанчына, каб даведацца, як можна выдаць кнігу, каб атрымаць ганарар. Піша прозу і паэзію. Я ёй расказаў усё, і жанчына прызналася, што ў верасні вярнулася з Францыі, дзе пражыла 17 гадоў. Муж быў французам. З ёй у Беларусь прыехалі двое дзяцей, якія акрамя французскай іншых моў не ведаюць. Старэйшаму хлопцу 16 гадоў, а меншаму — 11. На маё пытанне: «Чаму вы вярнуліся да бацькоў, калі цяпер некаторыя стараюцца з’ехаць?», жанчына адказала: «У Францыі сярод французаў немагчыма жыць, калі ты не француз!»
* * *
26.10.2011. Высокавысока ў небе праляцеў самалёт і за ім застаўся белы след, як драпіна на блакітным шкле саркафага, у якім існуе жыццё…
* * *
26.10.2011. Каля дарогі пад дрэвамі стаяць вялікія белыя мяшкі з лісцем, як з бульбай…
Сярод чырвоных сукенак…
28.10.2011. Учора Людміла звадзіла мяне на вечарыну чырвоных сукенак у Нацыянальную школу прыгажосці — міжнародны дабрачынны праект, падчас якога збіраюцца сродкі на лекаванне хворых на сэрца. Арганізатары — «Жаночы часопіс» і МТС. Цяпер адчуваю сябе, нібыта ўчора пабыў у замежжы, дзе многа прыгожых жанчын. І ўсё ж мая Людміла прыгажэй…
* * *
29.10.2011. Няхай наша смерць думае пра нас, а не мы пра яе, бо мы думаем пра Беларусь…
Прывезлі бацьку…
29.10.2011. З вёскі забралі знямоглага бацьку. Крыху аглядзеўшыся ў кватэры, бацька сказаў: «Сюды мяне прывезлі, а дамоў трэба будзе пяшком ісці. Далёка…»
* * *
29.10.2011. У бацькі выгляд, нібы ў вызваленага з палону…
З бацькам у адным пакоі…
30.10.2011. Бацька заснуў пасля шасці гадзін раніцы, а за ім і я. З мамай было прасцей. Калі яна не спала, дык маўчала, а бацька ў цемнаце ўвесь час гаварыў то пра сабаку, то пра ката, якія ў вёсцы засталіся адны…
Бацька і дом
Бацька і дом
30.10.2011. «Пайду дамоў. Папраўлюся і пайду…» — кажа бацька. «Да дому ж 50 кіламетраў»,— напамінаю я. «Дайду! Я ў салдатах Волгу пераплыў, а тут нейкіх 50 кіламетраў…» — упэўнена адказвае бацька.
* * *
31.10.2011. Мы да смерці гліна, і нас жыццё ўсё лепіць і лепіць, пакуль не абрыдне…
* * *
1.11.2011. Бацьку не спіцца, і я ўжо тры ночы амаль не спаў. Хаджу, як абліты гарачай вадой…
Уявіце!
3.11.2011. Чытаю ў «Камсамолцы» інтэрв’ю з Анжэлікай Агурбаш, у якім яна кажа: «Муж высадил под окнами сто кустов сирени. Представляете, как он был виноват?» Вы ўяўляеце гэта?
Бацька кватарант
5.11.2011. Бацьку, прывезенаму з вёскі, мы знялі кватэру. Клопату дабавілася, але цяпер можна ноччу спаць і выспацца. Яго і не адсялялі б, каб ён маўчаў ноччу, калі з ім ніхто не гаворыць, і не хроп, калі засынаў. Словам, бацька цяпер жыве ў дзесяці хвілінах хады ад нас і там ён поўны гаспадар. Кватэра двухпакаёвая, і можна, калі што, начаваць з бацькам. Хаджу да яго два разы на дзень. Кожны раз, калі прыходжу, бацька кажа: «Мне было блага…», але, паеўшы, тут жа паведамляе: «А цяпер добра...»
* * *
6.11.2011. У лесе спілаванае дрэва, падаючы, на сваім шляху смерці ламае ўсё, як буран…
* * *
6.11.2011. Сонца — гэта цэнтр павуціны, у якую ўсе мы трапілі…
Палякі…
7.11.2011. «Чатыры танкісты і сабака» — адзін з маіх любімых фільмаў, якія глядзеў у дзяцінстве. На мінулым тыдні гэты фільм прагледзеў яшчэ раз і ўпершыню звярнуў увагу на кадр, дзе паказаны захоплены Берлін і рэйхстаг, на якім трапечуцца два сцягі. Адзін сцяг савецкі, а другі — польскі…
* * *
7.11.2011. Які ўжо раз, прыходячы ў краму, кладу сваю торбу для захоўвання ў скрынку пад № 13, бо ўсе астатнія занятыя…
Сумна…
9.11.2011. Памерла мая цётка Манька, якая амаль усе свае 94 гады жыла ў Крапіўніках, што каля Лягез, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Заўтра паеду на пахаванне. Сустрэнуся са сваімі стрыечнымі братамі і сёстрамі. Некаторых родных апошні раз бачыў на пахаванні дзядзькі Пашкі ў 2003 годзе…
* * *
9.11.2011. Сёння ўжо чатыры гады, як здзекуюся сам з сябе — не п’ю…
Пахаванне цёткі Манькі
10.11.2011. Едучы з сястрой Валяй і яе мужам Віцем у Крапіўнікі на пахаванне цёткі Манькі, успамінаў сябе малога і маладых цётак і дзядзькаў, якіх у мяне было шмат. Першым памёр дзядзька Ваня (1926—1996), потым памерла цётка Надзя (1922—2002), следам — дзядзька Пашка (1928—2003), а цяпер — цётка Манька (19.08.1918—9.11.2011). Цётка Шурка (1923) жыве ў Татарах, там жа — цётка Аля (1939), а ў Лягезах — дзядзька Віця (1933)...
Каля Салаўёў павярнулі на дарогу, якая вядзе ў Крапіўнікі. Праехалі метраў трыста і дарога скончылася. Наперадзе поле парослае быльнягом...
У Яршэвічах каля дарогі царква, як сірата...
Ля хаты цёткі Манькі сваякі і аднавяскоўцы. Не адразу ўсіх пазнаю...
Дочкі цёткі Манькі Аня і Валя ў слязах і ў клопатах...
Усе пытаюцца, як там наша мама, як бацька...
У хаце поўна людзей. Кветкі, вянкі. Цётка Манька ў труне, як у чоўне, у якога ўжо ніколі не будзе вёслаў...
Пеўчыя спяваюць. Гарыць свечка і плача...
На пахаванне прыйшоў старшыня Яршэвіцкага сельсавета Уладзімір Пашкевіч. Я з ім знаёмы з таго часу, калі ён у 80я гады працаваў у раёнцы. Валодзя прынёс пасведчанне аб смерці і, гледзячы на крыж, на якім напісана: «Ліхтаровіч Марыя Міхайлаўна (19.08.1918—9.11.2011)», сказаў: «Па пашпарце цётцы Марыі 103 гады...»
З Ракава прыехаў святар. І ўсе за ім пайшлі ў хату, як за Ноем у каўчэг...
Кіламетры паўтары па вёсцы да крыжа неслі цётку Маньку і вянкі. Я ішоў з цёткай Лёдзяй. Яна нядаўна адзначыла 75. Пасля смерці дзядзькі Вані ўжо амаль 16 гадоў жыве адна...
Спыніліся каля крыжа. І засвяціла сонца...
Яршэвіцкія могілкі параслі лесам. А мне яны помняцца адкрытымі вятрам і небу...
Далакопы грэліся каля вогнішча, як інквізітары...
Пахавалі цётку Маньку каля мужа Уладзіміра, які пражыў 51 год і памёр у 1961 годзе...
«Смерць бярэ паравых, а не гадавых...» — сказала старая другой, якая, пасля таго як пахавалі цётку Маньку, выдыхнула: «Я тут самая старая, і наступнай памру я...»
За памінальны стол па наказе цёткі Манькі паклікалі ўсіх аднавяскоўцаў. У Крапіўніках засталося 17 жыхароў...
За 10 месяцаў гэтага года ў Яршэвіцкім сельсавеце памерла 43 чалавекі, а нарадзілася 5...
Цётка Манька за дзядзьку Валодзю выйшла замуж на самым пачатку вайны. Вяселле разагналі немцы з паліцаямі...
Дзядзька Валодзя хораша іграў на цымбалах. «У яго была добрая банда! Ніводнае вяселле ва ўсім наваколлі не абыходзілася без іх музыкі!» — паведаміў мне стары, што сядзеў за памінальным сталом насупраць мяне...
«А я вашу маму ў юнацтве часта праводзіў дамоў з танцаў!» — гледзячы з усмешкай на мяне і на маю сястру Валю, сказаў расчырванелы стары, выпіўшы пару чарак гарэлкі...
У хаце цёткі Манькі ў 60я гады была бібліятэка…
На вуліцы да мяне падышоў сівы мужчына: «Ці пазнаеш мяне?» — «Не...» — адказаў я. «Я ж Сашка Буры! Ты вучыўся ў чацвёртым класе, а я дзясяты закончыў і з Пугачоў пераехаў з бацькамі ў Крапіўнікі...» — абдымаючы мяне, сказаў былы аднавясковец...
«Калі будзеш у Лягезах у дзядзькі Віці, ты ж і да мяне заходзься!» — цалуючы мяне, прашаптала цётка Лёдзя...
Развітваючыся са сваякамі, праслязіўся: «Якія яны ў мяне цудоўныя! І старыя...»
«Пішы вершы, а мы будзем чытаць!» — на развітанне выгукнуў незнаёмы мужык, што стаяў каля Сашкі Бурага, і памахаў мне рукой...
Толькі выязджаючы з Крапіўнікаў, заўважыў, што каля вуліцы, дзе раней былі соткі, стаіць быльнёг, як малады ссохлы лес...
* * *
11.11.2011. У скверы невялічкія кучы апалага лісця, як залатое кратавінне…
Санкі і кроў
11.11.2011. З Сашкам Бурым пасля школы ідзём катацца на санках. Санкі адны і мае, таму я першым з’язджаю з гары. З’язджаю няўдала — стукаюся ў бярозу і разбіваю нос. Убачыўшы кроў, кідаю санкі і бягу няведама куды ў глыб лесу. Снег у лесе стаптаны, але па кроплях крыві Сашка мяне знаходзіць і потым на санках вязе дамоў, як параненага барына…
* * *
12.11.2011. Ужо два тыдні, як забралі бацьку з вёскі. Гляджу, як малое дзіця…
Брат і Міхалок
12.11.2011. Чытаючы пра рокмузыку Васіля Шугалея, чамусьці падумалася, што мой брат Вова яго добра ведаў, бо ў свой час расказваў, што вучыцца ў культасветвучылішчы разам з вельмі арыгінальным хлопцам. Тэлефаную Вову: «Ты з Шугалеем вучыўся?» — «Не!» — адказвае брат. «А з кім?» — «З Сяргеем Міхалком! Ён іграў на баяне. Жылі мы ў інтэрнаце на адным паверсе. Яшчэ студэнтамі ён і я адначасова атрымалі ганаровыя граматы “За ўклад у беларускую культуру”...»
* * *
13.11.2011. Учора, заходзячы ў краму, звярнуў увагу на абвестку: «Патрабуецца грузчык. Зарплата — 3 100 000 рублёў». Сёння, праходзячы міма крамы, яшчэ раз пералічыў нулі ў зарплаце…
Мама і бацька
14.11.2011. Мама, жывучы ў нас, гаварыла мала, але часам вельмі арыгінальна. Бацька гаворыць шмат, але ўсё паўтарае сказанае раней…
* * *
15.11.2011. Дзень карацее, нібыта светлая палонка на рацэ часу зацягваецца чорным лёдам…
* * *
18.11.2011. Колькі алкаголіка ні кармі, ён усё роўна на пляшку глядзіць…
Бацька і падарункі
19.11.2011. «Я зарання падарункі купіў. Хадзіў за хлебам і купіў. У хаце не пакінуў, бо кошка можа з’есці. Занёс на гарышча. Цяпер баюся, што там пацукі падарункі паядуць…» — расказвае бацька. «А якія падарункі купіў?» — пытаюся. «Не помню!» — адказвае бацька і махае рукой.
Ужо тры тыдні…
19.11.2011. Ужо тры тыдні, як наша хата ў вёсцы без бацькоў. Мама жыве ў сястры, бацьку гляджу я. Брат сёння ездзіў у вёску. Каля хаты яго сустрэў наш сабака, а ў хаце — наш кот…
Бацька і лязо
19.11.2011. Галю бацьку. На ягонае пытанне: «Што за лязо?» — адказваю: «Не ведаю…» — «Відаць, калхознае…» — разважае бацька. «Чаму?» — «Бо дзярэ, як калхоз!»
Бацька і стрыжка
20.11.2011. Пастрыг бацьку. Ён упершыню прасіў, каб не чапаў чуб. Чаму? Відаць, бацька ўспомніў, як ён мяне нажніцамі стрыг заўсёды пад качана…
Прыгажуня і жаніхі
22.11.2011. У друку з’явілася інфармацыя, што ў Мазыры за адну дзяўчыну загінулі тры мужчыны. Праўда, загінулі недарэчна. Аднак мне ўзагадалася легенда пра Дзявочую гару, што ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. Даўнымдаўно ў нашай мясцовасці жыла прыгажуня і ў яе былі закаханыя тры хлопцы, якія адначасова прапанавалі ёй выйсці замуж. «Выйду за таго, хто хутчэй ускоціць валун на гару!» — сказала прыгажуня. Гара была высокай, а валуны цяжкія, і ў хлопцаў ад натугі разарваліся сэрцы. Пасля гэтага мясцовыя людзі схапілі прыгажуню і на гары закапалі жывой разам з памерлымі жаніхамі, паклаўшы на магілу тры валуны...
Сярод кніг і дзяцей
22.11.2011. У кнігарні «Кнігі і кніжачкі» з Людмілай Рублеўскай і Аксанай Спрынчан прэзентавалі выданні «Мастацкай літаратуры». У школьнікаў было вельмі шмат пытанняў, дзякуючы якім, мы на цэлую гадзіну забыліся, што на вуліцы змрочна і хутка зіма…
Пытанне
25.11.2011. Бацька пасля вёскі ачуняў і цяпер кожны раз, як прыношу яму на кватэру паесці, пытаецца: «Колькі ўжо буду я сядзець у гэтай турме?»
Чужая кроў
25.11.2011. Апошнім часам бацька кожны дзень, калі прыходжу да яго, кажа: «У войску пры размініраванні ўзарваўся снарад і мяне параніла. У госпіталі няруская дахторка заліла ў мяне два літры чужой крыві і ўсю жызь мне сапсавала! Цяпер во мучаюся!»
* * *
26.11.2011. З Пугачоў патэлефанавала цётка Аля. Ад яе даведаўся, што ў мінулую нядзелю Сашка Буры ў Крапіўніках ноччу спаліў сваю хату і перабраўся ў Пугачы. Цяпер ён і Тонік Руткевіч, нідзе не працуючы, жывуць, як прымакі, у Зіны Амельяніхі, якой ужо 71 год…
* * *
27.11.2011. На вуліцы змрочна, як на закінутых могілках…
* * *
28.11.2011. Іду да бацькі і радуюся, што іду да бацькі, з якім можна пагаварыць і пажартаваць…
Сто грамаў і паўлітра
29.11.2011. Дзень прайшоў у дзелавых сустрэчах. Стаміўся ад рознай інфармацыі. З усяго найбольш запомнілася, што ў рукапісе апавядання (перададзена нам у выдавецтва) у студэнцкім перакладзе з нямецкай мовы была недакладнасць — сто грамаў гарэлкі, якія выпіў мужчына, было перакладзена на беларускую мову як паўлітра…
Бацька і карова
30.11.2011. Сёння, калі прыйшоў да бацькі на кватэру, адразу з парога пачуў: «Едзь у вёску! Там карова ацялілася! Забяры цялё, а то яго немцы зарэжуць!» — «Добра!» — адказаў я, памятаючы, што ўжо два гады ў нас сваёй каровы няма…
* * *
1.12.2011. А яна прыйшла нечакана, як добрая думка…
* * *
3.12.2011. З пад’езда выйшаў стары. Увесь у чорным. Барада белая, як з дым ад цыгаркі, што ў старога ў зубах…
* * *
3.12.2011. Сухое лісце, як пялёсткі сонца, якое адцвіло…
У Ракуцёўшчыну…
3.12.2011. З Маладзечна патэлефанаваў мой сябра Міхась Казлоўскі і расказаў пра сённяшнюю паездку ў Ракуцёўшчыну, якую арганізавала Валянціна ГіруцьРусакевіч для членаў валожынскага літаб’яднання «Рунь». І мне, слухаючы Міхася, захацелася да сваіх землякоў у фальварак, дзе два летнія месяцы 1911 года жыў Максім Багдановіч…
Да бацькі…
4.12.2011. Гаспадыня кватэры, дзе цяпер жыве бацька, папярэдзіла мяне, каб не знаёміўся з суседзямі, бо яны нехарошыя людзі. І я да бацькі хаджу, як падпольшчык на кансператыўную кватэру…
* * *
5.12.2011. Сённяшні дзень, як яма, у якой жыву і ў якую сыплецца і сыплецца снежаньскі дождж…
* * *
5.12.2011. Дождж. Ідучы праз змрочны сквер да бацькі на кватэру і вяртаючыся дамоў, спрабую радавацца жыццю… Але і не плачу…
* * *
6.12.2011. Быў дома ў Леаніда Маракова, які заканчвае працу над дакументальнаэнцыклапедычнай кнігай «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.». Рукапіс рыхтуецца для «Мастацкай літаратуры». Прыемна было пачуць ад Леаніда, што да гэтага выдання яго натхніла кніга Рублеўскай «Я — мінчанін», якую ў свой час Людміла яму падарыла…
* * *
8.12.2011. «Яна яго любіла, і ён яе любіў. Яна яго забіла, а ён яе не паспеў…» Адкуль гэтыя радкі ў мяне? Начытаўся рукапісаў…
Геня, камбайн і дзеці
11.12.2011. Сёння даведаўся, што тры тыдні назад у Пугачах памёр сусед дзядзька Геня Балотнік. Яму было 85 гадоў. Да пенсіі працаваў на трактары, а ў час жніва заўсёды быў камбайнерам. Пасля працы дзядзька ставіў камбайн каля хаты і ягоны сын Віцька (маладзейшы за мяне на год) пускаў Тоніка Руткевіча, Сашку Балотніка і мяне ў кабіну гуляць у карты і курыць. У камбайне гулялася ў карты, як на сёмым небе, бо мы з вышыні ўсё і ўсіх бачылі, а тое, чым мы займаемся, аніхто…
Бацька і Геня
11.12.2011. Паведамляю бацьку, што памёр Геня Балотнік. Бацька, памаўчаўшы некалькі хвілін, сказаў: «Геня ў войску не служыў…»
Шніпы
12.12.2011. Мікітка Шніп пры цару ў Пугачах быў старастам вёскі. Потым служыў у Дзянікіна. Калі дзянікінскую армію разграмілі бальшавікі, Мікітка, які быў снабжэнцам, набраў нітак, колькі можна было панесці, і пайшоў з Крыма дамоў. Дзякуючы ніткам, у дарозе ў Мікіткі быў і начлег, і харчаванне. У Пугачы Мікітка прыйшоў, калі ў Заходняй Беларусі ўжо была польская ўлада. Васіль Шніп быў чырвонаармейцам, бачыў Леніна, слухаў Троцкага, біў дзянікінцаў. У Пугачы вярнуўся незадоўга да далучэння Заходняй Беларусі да Польшчы. Пры паляках, пры немцах і пры Саветах Васіль маўчаў, што быў у Чырвонай Арміі, а Мікітка маўчаў, што быў дзянікінцам, і аднавяскоўцы маўчалі. І пражылі Мікітка і Васіль па восемдзесят гадоў, і пахаваны на адных могілках…
Федзюковіч і банькі
14.12.2011. Жывучы ў Мінску, паэт Мікола Федзюковіч як член Саюза пісьменнікаў, стаў на ўлік у беллітфондаўскую паліклініку. І неяк зімой, добра застудзіўшыся, Мікола пайшоў да дактароў. Тыя паслухалі дыханне і прапісалі банькі. Паставіўшы банькі на спіну хворага, дактары выйшлі з працэдурнага кабінета. І вось ляжыць паэт паўгадзіны, гадзіну і ніхто не прыходзіць. «Відаць так трэба!» — думае Мікола і церпіць невыносны боль ад баняк. І толькі праз дзве гадзіны дактары ўспомнілі, што яны лечаць паэта…
На адкрыцці выставы...
17.12.2011. З Людмілай быў у Мастацкім музеі на адкрыцці выставы «Белая пляма ў цэнтры Еўропы» Віктара Альшэўскага. Усё было цікава, але мне найбольш спадабалася нявеста міністра культуры…
Просіць бацька…
18.12.2011. «Ты мне прынясі пласкагубцы!» — просіць бацька, убачыўшы, што я з яго кватэры збіраюся дамоў. «Мышам зубы будзеш ірваць?» — жартам пытаюся і чую: «Буду кошыкі плесці. Пройдзе зіма, а там і бульбу трэба садзіць…»
Памёр Кім Чын Ір
19.12.2011. Некаторыя карэйцы галосяць, як смяюцца…
Пісьменнік усміхаецца…
20.12.2011. Каля крамы «Рамашка» сустрэў пісьменніка. Кажу: «Прыйдзі ў выдавецтва і забяры свае выкупленыя кнігі!» — «А навошта мне яны!» — адказвае пісьменнік і ўсміхаецца…
Бацька без настрою…
22.12.2011. Сёння бацька зноў быў без настрою і патрабаваў: «Выпусціце мяне з гэтай турмы! Завязіце ў вёску!» Мае тлумачэнні, што ў вёсцы няма нікога хто б яго даглядаў, не супакоілі бацьку: «Калі памру, дык дома…»
Бацька і даўняя песня
23.12.2011. Бацька ўспомніў радкі даўняй песні: «Наш Ленін радной жалезнай рукой к пабедзе вядзе, крывапіўца…» Пытаюся: «Можа Сталін з жалезнай рукой?» — «Не! Ленін!» — сцвярджае бацька і дадае, што гэтую песню спявалі расійскія салдаты. На маё пытанне: «А калі гэта было?» — чую: «А я ўжо не памятаю…»
Маю права!
24.12.2011. Коля Ганьчын прыйшоў п’яны на вяселле і, закрычаўшы: «Маю права!», ускочыў на святочны стол і пачаў танцаваць. Праз пару хвілін усе госці следам за маладымі выбеглі з хаты. За сталом застаўся дзед з бабай, які, выпіўшы сто грамаў, запытаўся: «А чаго гэта ён? Здурэў, ці што?» — «Гэта ж ягоная дзеўка замуж выходзіць!» — адказала старая…
Бацька і армія
24.12.2011. Пытаюся ў бацькі: «Чым цябе зімой у арміі кармілі?» — «Абычым! Ломам надзяўбуць мерзлай бульбы, навараць і як свінням дадуць! Адзін хлеб быў большменш нармальны!» — адказаў бацька, які служыў у арміі ў апошнія гады жыцця Сталіна…
* * *
25.12.2011. «Не магу піць гэтую гарадскую ваду!» — кажа бацька. «А якой ты хочаш?» — пытаюся. «Хачу калхознай!» — адказвае бацька…
Голая паэтка
25.12.2011. Хадзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Працуе для Валожына. «Я тут заканчваю маляваць нашу зямлячку Канстанцыю Буйло. Падкажы, у што яе апрануць?» — паказваючы партрэт голай паэткі, запытаўся Алесь. Паглядзеўшы на маладзенькую Канстанцыю, я параіў пакінуць паэтку голай, а для Валожына намаляваць такую ж, але апранутую…
Вяселле…
25.12.2011. «П’яны Коля Ганьчын, натанцаваўшыся на вясельным стале і выпіўшы пляшку самагонкі, зваліўся на падлогу, як забіты. І пакуль госці бегалі па полі па гурбах за маладой і маладым, дзед з бабай напусцілі ў хату дзяцей, сабак і катоў, якія тут жа пачалі піць і есці, што засталося на сталах і валялася на падлозе…» — сёння бацька працягнуў расказваць пра вяселле, на якім дзяўчына Колі Ганьчынага выходзіла замуж за другога. «А што далей было?» — пытаюся ў бацькі, які, расказваючы, смяецца. «Шафер Славік у гурбе каля хаты знайшоў поўны бітон самагонкі і праз паўгадзіны ў вёсцы ўсе былі п’яныя!» — завяршыў бацька свой успамін пра вяселле, на якім і ён быў…
* * *
26.12.2011. Іду праз сквер да бацькі. Снег растаў — і стала цёмна, нібыта выключылі святло…
* * *
26.12.2011. На працы адчуваў сябе чалавекам, які спазняецца на апошні цягнік, на якім можна пакінуць горад, што вечарам будзе здадзены ворагам…
Пасля вяселля…
27.12.2011. Пасля вяселля, на якім Коля Ганьчын танцаваў на стале, гаспадары хаты заўважылі, што госці паелі не толькі, што было пастаўлена на закуску, але і ўвесь часнок і ўсю цыбулю, якія віселі каля печы на шасце…
Берлінская мазаіка мастака
28.12.2011. Прачытаў кніжку мастака Алеся Тарановіча «Берлінская мазаіка», які ўжо даўно жыве ў Нямеччыне. Мы знаёмыя з часу маёй працы ў часопісе «Беларусь», дзе я пісаў пра Алесевы карціны. З прачытанага запомнілася: «Памру і стану нямецкай зямлёю. Змяшаюся з прахам Гётэ і Дзюрэра. Не, лепш Рэмарка. Мне ён падабаецца больш».
Песні…
30.12.2011. Недзе каля паўгадзіны глядзеў, пераключаючы з канала на канал, «Песні года Беларусі» і юбілейны канцэрт Юрыя Антонава. Далёка ўсім нашым разам узятым да аднаго Антонава! Цяпер разумею словы Ігара Лучанка: «Я памёр!»
Алесь Чобат
31.12.2011. Чытаю «Дзеяслоў» № 55. Параніўся сэрцам і душой аб шчырасць Алеся Чобата, у якога ўзяў інтэрв’ю Андрэй Масквін. На пытанне: «Як жыве паэт Алесь Чобат цяпер?» — паэт адказаў: «Калі мне было 12 гадоў, бацька выбіў мне левае вока. Які ж пасля гэтага ён бацька? А цяпер я вымушаны жыць з ім пад адной страхой. Добра яшчэ, што адзін аднаго не пазабівалі. Час ад часу ён выклікае міліцыю, у якой дарэчы працуюць палякі. Калі яны прыходзяць да мяне, я ім паказваю часопіс «Наша Вера», у якім ёсць мой верш, прысвечаны Яну Паўлу ІІ. І яны спакойна сыходзяць. Я калека, а калека жыве, як атрымліваецца. Гэта толькі чалавек жыве, як умее…»
* * *
31.12.2011. У «Дзеяслове» № 55, дзе надрукавана гутарка з паэтам Алесем Чобатам, змешчаны і здымак Алеся. Пытаюся ў дзяцей: «На колькі выглядае гэты паэт?» Максім сказаў: «На гадоў 65!», а Вераніка: «Недзе пад 80!» А Чобат жа толькі на год старэйшы за мяне…