3 верасня 1921 года я ўжо сядзела сярод бібліятэчных паліц на рагу сучасных вуліц Кірава (тады Магазінная, а потым Універсітэцкая) і Чырвонаармейскай. Гэта быў будынак сярэдняй школы, потым тут размясціўся рабфак, цяпер - філфак Універсітэта. Факультэт грамадскіх навук Універсітэта, куды я залічылася на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, знаходзіўся па вуліцы Кірава (Універсітэцкай), прыблізна на рагу вуліцы Ленінскай у будынку ранейшай школы. Насупраць - незабудаваны пляц - старыя яўрэйскія могілкі. Разгортваць работу Універсітэцкай бібліятэкі ў памяшканні на Чырвонаармейскай вуліцы было немэтазгодна. Шырокія задумы патрабавалі належных прастораў. Скора ўдалося здабыць так званы “Юбілейны” дом на Захараўскай вуліцы (цяпер праспект Леніна) на ўзгорку побач з будынкам, дзе размясціўся Наркамасветы, - былая рэзідэнцыя архірэя. “Юбілейны” будынак таксама належаў духавенству і быў пабудаваны ў 1913 годзе ў гонар 300-годдзя царскай дынастыі Раманавых. Тут адбываліся нарады духавенства і змяшчаўся Царкоўна-археалагічны музей.

Страшнавата было, на зіму гледзячы, перабірацца ў неабжыты, без ацяплення, будынак. Цяпер, пасля рамонту, Дом мастацтваў іначай выглядае - трохпавярховым, а ў той час вокны ніжэйшага паверха глядзелі ў зямлю, былі меншыя, узгорак быў значна вышэйшы, і ён напалову закрываў іх. У гэтым сутарэнні змяшчаліся майстэрні (сталярня, пераплётная), неразабраныя гурбы кніг. Вышэй на паверсе (уваход з ганка) налева - вялікая зала вышынёй у два паверхі з галерэяй. Неўзабаве яе перакрылі, і ўнізе размясціўся кнігасхоў, а наверсе - чытальная зала. Цікавае было прыстасаванне для зносін з кнігасховам. На галерэі, дзе сядзелі дзяжурныя, у падлозе быў прарэзаны чатырохкутнік; пры дапамозе збудавання з дроту і яшчэ сяго-таго значна паскаралася выкананне патрабаванняў чытачоў на кнігі, ды і нагам была палёгка - ня трэба было скакаць па сходах. А часам гэта адтуліна замяняла тэлефон.

Супраць уваходу ў чытальную залу - дзверы ў беларускі аддзел. Гэта быў вялікі пакой з шырокімі вокнамі, пузатымі жоўтымі шафамі. Праз увесь пакой цягнуўся доўгі дубовы стол. Пасярэдзіне - печка-“буржуйка”. Выгінастая труба праз верхнюю шыбу акна выводзіла дым. І доўга яшчэ пасля таго, як удалося наладзіць цэнтральнае ацяпленне, на вонкавай сцяне будынка можна было бачыць чорныя сляды сажы. У канцы пакоя былі адгароджаны фанераю два маленькія пакойчыкі; направа - “габінет” дырэктара, застаўлены шафамі, на стале і крэсле навалены ў бязладдзі кнігі. Месца хапала толькі каб павярнуцца. Праўда, дырэктар туды рэдка калі забягаў. Праз акно залы направа можна было аглядаць брукаваную Захараўскую вуліцу, стромкія сходкі на ўзгорак насупраць уваходу ў Бібліятэку. Справа і злева ад уваходу па ўзгорку віліся сцежкі, па якіх таксама можна было трапіць у Бібліятэку. Другія тры акны пазіралі ў садок, відаць было некалькі яблынь і разлапістыя каштаны. Далей, на рагу вуліцы Чырвонаармейскай, знаходзіўся 3-х павярховы будынак, які праз нейкі час быў заняты Бібліятэкай. Тут размясцілася канцылярыя, Кніжная палата, чытальная зала прыродазнаўчага і тэхнічнага профілю, а таксама кватэра дырэктара. (Будынак і цяпер захаваўся).

Калі ў апошнія гады І.Б. Сіманоўскі збіраўся пісаць гісторыю ўтварэння Бібліятэкі, мы часта ўспаміналі і ўдакладнялі асобныя падзеі. Успаміналі і пераезд у гэты будынак. Па сходах мы падняліся на другі паверх (цяпер гэта трэці). Адчыніўшы дзверы, І.Б. Сіманоўскі мне сказаў, што тут будзе размяшчацца беларускі аддзел і каб я ўзялася гаспадарыць у ім.

Да гэтага ў “сферах” абмяркоўвалася пытанне пра арганізацыю 2-х бібліятэк - універсітэцкай і асобна краязнаўчай беларускай. Перамагла думка І.Б. Сіманоўскага, які лічыў немэтазгодным распыляць сродкі на арганізацыю розных бібліятэк, а трэба адну з добра арганізаваным краязнаўчым аддзелам. У гэтым пакоі і павінна была пачаць існаванне краязнаўчая бібліятэка, і нават на паліцах ужо ляжалі купкамі невялічкія кніжкі. Працавала Марыя Васілеўна Барашкава. Так пачаў існаваць краязнаўчы аддзел да таго часу, калі атрымаў “папяровае” благаславенне ў 1922 годзе.

У зале аддзела змяшчалася таксама чытальня для навуковых працаўнікоў. На сталах былі разложаны новыя атрыманні навуковай літаратуры - савецкай і замежнай. Аддзел працаваў з 10 да 22 гадзін. Працаўнікоў двое: я і М.В. Барашкава, потым яе замяніла С.Ф. Сяргеева, а далей Д. Мількевіч.

Пасля пераходу Бібліятэкі ў новы будынак у 1932 годзе працавалі: М. Васілеўская, Э. Гольдберг і адна працаўніца (прозвішча не памятаю) на падборцы газет. Між іншым у аддзеле рабіліся выразкі з газет на розныя тэмы.

Умовы працы і побыту былі нялёгкія: і халаднавата, і галаднавата і адзенне не вельмі грэе. Часцей яно было самаробнае, па-майстэрску злепленае і зацыраванае. Я фарсіла ў чаравіках, самастойна змайстраваных на вяроўчаных, або са старога абутку падмётках. Вялікай падзеяй было наладжанне цэнтральнага ацяплення. Ад радыятараў павеяла цяплом! Праўда, яно яшчэ не магло як след абагрэць вялікай залы, але, прымасціўшыся каля акна ў пакойчыку налева, можна было пісаць, скінуўшы з правай рукі паліто і трохі абагрэць ногі. Але паступова з кожным годам умовы працы паляпшаліся.

Бібліятэцы часам не шанцавала на кадры. Прыходзілі выпадковая людзі, і мэты ў іх былі асабістыя. Успамінаецца адзін прыкры выпадак. Беларускі аддзел у новым будынку на Чырвонаармейскай вуліцы займаў другі паверх. Побач быў вялікі пакой, дзе размясцілі абавязковы экземпляр Кніжнай палаты, а мне даручана было прасачыць за ўпарадкаваннем яго. Наогул з Кніжнай палатай у нас працягваўся шчыльны кантакт, як і дагэтуль. Для ўпарадкавання далі нам юнака, які і заняўся даручанай справай. Хлопец спакойны, працавіты, зацікаўлены кнігамі. Аднойчы, мне спатрэбілася энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона, што стаяла ў нашай зале. Я не знайшла патрэбнага мне тома і стала пераглядаць усё па парадку. Мне зрабілася горача, бо не хапала некалькіх тамоў. Сталі пільна сачыць за хлопцам. Ён прыходзіў у бібліятэку з невялічкай фанернай скрынкай - у той час не было кантролю. Выклікалі міліцыю і, калі ён выходзіў, затрымалі. Выносіў некалькі кніг. У яго пад ложкам знайшлі не толькі згінуўшыя тамы энцыклапедыі, але і кнігі з архіва Кніжнай палаты. Судзілі.

Камплектаванне аддзела.

Дырэктар загадаў усім працаўнікам бібліятэкі, каб пры разборы фондаў яны выяўлялі мясцовыя выданні і тыя, што мелі адносіны да Беларусі, і накіроўвалі ў беларускі аддзел. У аддзеле пачалі збірацца выданні на беларускай мове - кнігі, часопісы, газеты, лістоўкі, а таксама матэрыялы, што датычылі так званага Паўночна-Заходняга краю з губернямі, якія ўваходзілі ў яго склад, незалежна ад мовы, часу і месца выдання. Збіраліся і мясцовыя друкі - кнігі, часопісы. Іх знаходзілі ў фондах бібліятэк, у новых атрыманнях (з 1922 г. бібліятэка стала атрымліваць абавязковы экземпляр). Нямала рэдкіх беларускіх выданняў прыносілі розныя прыхільнікі бібліятэкі - іх было шмат. Часам вандроўкі ў гарады Беларусі (Мсціслаў, Клімавічы, Полацк) давалі папаўненне нашым фондам. У гэтых гарадах былі знаёмыя з даўнейшых студэнтаў, і яны нам шчыра дапамагалі. Былі набыты бібліятэкі Я. Карскага, М. Янчука, П. Жуковіча, зборы кніг Я. Купалы, Я. Дылы і інш.

Успамінаецца мне восень 1921 года, калі я разбірала бібліятэку Духоўнай семінарыі. Яна размяшчалася на Траецкай гары, дзе цяпер Сувораўскае вучылішча (вуліца М. Горкага). Будынак займала нейкая вайсковая ўстанова, пры ўваходзе стаяў вартавы. У вялікім памяшканні на падлозе ляжалі звязаныя пачкі кніг, знятыя з паліц, а шафы, відаць, атрымалі іншае прызначэнне. Тут былі каштоўныя камплекты рускай перыёдыкі, нямала кніг па гісторыі, старадрукаў - славянскіх і замежных, былі і краязнаўчыя выданні. Мне трэба было выбраць неабходныя для бібліятэкі матэрыялы, а астатняе пакінуць. У рабоце мне дапамагалі мышы, якія не лічыліся з маёй прысутнасцю, а ўвесь час з піскам шмыгалі з канца ў канец.

У дублетных фондах Масквы і Ленінграда працаваў супрацоўнік бібліятэкі (Пінскі), якому даручана было адбіраць кнігі для нас; асаблівую ўвагу рэкамендавалася ўдзяляць матэрыялам, якія маглі б папоўніць зборы беларускага аддзела. Шмат увагі аддаваў камплектаванню аддзела І.Б. Сіманоўскі. Ён быў трапным паляўнічым на цікавыя і каштоўныя кнігі. Часта пачынаў ён свой неафіцыйны працоўны дзень корпаючыся ў пыльных напластаваннях у падвальных сховах. І вось запылены, але з трыумфам, сігаючы праз некалькі сходкаў, нясе ён у аддзел якую-небудзь знаходку і ззяе ад задавальнення. Пасля яго наведвання Віцебска і знаёмства з А. Сапуновым аддзел атрымаў “Статут Вялікага княства Літоўскага” 1588 года, “Апокрисис” Хрыстафора Філалета (1599) на старабеларускай мове, накіраваны супраць уніі. Папоўніліся нашы фонды і працамі самога А. Сапунова: тамы “Витебской старины”, зборнікі “Полоцко- Витебской старины” і інш., а таксама каштоўнымі выданнямі па гісторыі Віцебска і Полацка.

Сярод старажытных кніг у аддзеле захоўваўся рукапіс у акладцы з драўляных дошчачак, абцягнутых скураю. Праф. У.М. Ператц, які ў сярэдзіне 20-х гадоў спецыяльна прыязджаў у Мінск, апісаў нашы зборы ў кнізе “Рукописи библиотеки Московского университета, Самарских библиотеки и музея и Минских собраний” (Л., 1934). Мы ганарымся таксама тым, што мелі некалькі кніг (6-7?) “Бібліі” Ф. Скарыны. Памятаю, гэтыя асобныя кніжкі прынёс у аддзел І. Сіманоўскі і аддаў у мае рукі. Дзе ён набыў іх - не захавалася ў памяці. Гэта было ў 20-я гады ў старым будынку.

Захоўваліся №№ “Мужыцкай праўды”, “Pismo Jaski Haspadara z pad Wilni da muzyczkou ziemli Polskoj” і інш. Прыхавалі мы і “Sonety krymskie” А. Міцкевіча з яго аўтографам. У аддзеле меліся першыя выданні беларускіх пісьменнікаў: В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі (і яе вершы-пракламацыі), Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага і інш. Добры падбор быў выданняў таварыства “Загляне сонца і ў наша аконца”.

Я асабіста мела нядрэнны збор беларускіх выданняў. З іх мне не раз даводзілася дапаўняць тое, чаго не было ў аддзеле або страцілася. На жаль, ад гэтага збору нічога не засталося, не захаваліся і кнігі з дарагімі аўтографамі Я. Купалы, Я. Коласа і іншых. Энтузіясты-добраахвотнікі дапамагалі ў камплектаванні аддзела не толькі сваімі дарамі, але і каштоўнымі падказкамі, дзе кнігі ляжаць без дбайнага гаспадара.

Каталогі, картатэкі, бібліяграфічная праца.

Адначасова з упарадкаваннем фондаў аддзела пачалі складаць каталогі - алфавітны і сістэматычны. Паступова каталогі ўскладняліся. З 1926 г., калі пачаў выдавацца “Летапіс беларускага друку”, мы без затраты часу на дубліраванне маглі ўключыць ў алфавітны каталог дадатковыя карткі на прозвішчы рэдактараў, перакладчыкаў, мастакоў, на выдавецтвы, серыі, калектыўных аўтараў, нават на назвы кніг. У 30-я гг. быў утворан каталог кніг пра асобныя геаграфічныя мясцовасці Беларусі, прабавалі рабіць і прадметны каталог, але ён патрабуе шмат клопату і часу.

Каталогі памагалі даць адказ чытачам, што маецца з кніг у аддзеле, але шмат было і прыхаваных у фондах бібліятэкі матэрыялаў, якія маглі б дапамагчы ў вывучэнні Беларусі, напрыклад, артыкулы ў перыёдыцы і бібліяграфічных даведніках. І трэба было пастарацца выявіць іх. Нябавам (ужо ў 1923 г.) жыццё прымусіла заняцца гэтым. Нашы патрабавальныя чытачы - працаўнікі ўніверсітэта і іншых устаноў, настаўнікі, студэнты чакалі такой дапамогі. Магчымасцяў у нас было малавата, трэба было шукаць выхаду. Выяўленнем літаратуры пра вытворчыя сілы краю зацікавілася такая паважная ўстанова, як Дзяржплан, удалося ад яе атрымаць сродкі, на якія можна было ў пазаштатным парадку арганізаваць прагляд розных бібліяграфічных крыніц.

Звесткі пра Беларусь былі раскіданы па розных бібліяграфічных крыніцах на рускай, польскай і іншых мовах. Працы бібліёграфаў Мягкова, Лямбіных, Фінкеля, Эстрайхера і шмат якіх іншых захоўвалі многа патрэбных нам вестак. Пісалі карткі студэнты Універсітэта і супрацоўнікі бібліятэкі (І. Бараноўскі, Адзярыха і інш.). Успамінаю аднаго пажылага настаўніка, які добра ведаў лацінскую мову. У картатэках захавалася і дагэтуль шмат яго запісаў з ініцыяламі на картках Г.Т. Перагледжаны былі сотні дапаможнікаў, якія рэгістраваліся ў асобным сшытку, а таксама камплекты некаторых рускіх часопісаў. Карыстаючыся асобнымі раздзеламі картатэкі (яна была сістэматызавана), пры спрыяльных умовах можна было выдаць нямала карысных даведнікаў.

Наладжана было супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам). Утварылася сумесная бібліяграфічная камісія, у якой прымаў удзел І. Сіманоўскі і я. Сумесна з Інбелкультам быў распрацаваны план бібліяграфічнай серыі пад назваю “Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі”. (З ім можна пазнаёміцца ў кнізе А. Шлюбскага “Этнаграфія”. Бібл. указальнік. Мн., 1927).

Вось як выглядаў перспектыўны план выданняў:

Т. 1. Прырода і вытворчыя сілы Беларусі.

Т. 2. Народная гаспадарка.

Т. 3. Палітычнае і грамадскае жыццё.

Т. 4. Этнаграфія.

Т. 5. Мова і літаратура.

Т. 6. Мастацтва.

Т. 7. Гісторыя. Археалогія.

Бібліяграфія А. Шлюбскага “Этнаграфія” выйшла як 4 том гэтай серыі. Укладальнік перадаў бібліятэцы працу ў гатовым выглядзе. Справу з друкарняй (змяшчалася ў Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды) мела я, а таксама правіла карэктуру.

У задачу Інбелкульта ўваходзіла рэдагаванне бібліяграфічных прац. На долю бібліятэкі - утварэнне картатэкі, сістэматызацыя яе. Паступова картатэка папаўнялася шматлікімі запісамі па розных галінах ведаў. Згодна падлікаў І. Сіманоўскага, у 1937 г. налічвала да 300 000 картак.

Аднак супрацоўніцтва з Інбелкультам к канцу 20-х гадоў неяк разладзілася, не памятаю па якой прычыне. Бібліяграфія С. Дубінскага “Археалогія” была выдана ўжо АН БССР у 1933 годзе (працаваў над ёю ў 20-я гады).

Хочацца добрым словам успомніць археолага С.А. Дубінскага, які распачаў працу па бібліяграфіі археалогіі. Яму я перадала картатэку з запісамі друкаваных матэрыялаў па археалогіі Беларусі. Гэта быў “сыры” матэрыял, які патрабаваў апрацоўкі de visu, удакладненняў і дапаўненняў. Сіваваты, рухавы С.А. Дубінскі ў бібліятэцы быў сваім чалавекам, добра арыентаваўся ў каталогах, самастойна адшукваў патрэбныя матэрыялы. Працаваў ён шмат і шчыра, з паляўнічым азартам. Дзень у дзень можна было яго бачыць у бібліятэцы, дзе ён удакладняў свае запісы, знаходзіў новыя матэрыялы. Калі СА. Дубінскі праглядаў бібліяграфічныя даведнікі для сваёй мэты, ніколі не мінаў непатрэбных для яго працы, але не лішніх для нашай картатэкі. Цяпер, праглядаючы даўнія картатэкі, я знаходзіла пісаныя яго рукою карткі з ініцыяламі на іх С.Д. У яго было каштоўнае спалучэнне ведаў спецыяліста з “пісьменнасцю” бібліёграфа, чым не ўсе спецыялісты могуць пахваліцца.

У артыкуле В. Тарасенкі пра С.А. Дубінскага (“Полымя”, 1968, № 2) адзначана, што С.А. Дубінскі “шырока” выкарыстаў картатэку Спіцына, вучнем якога ён з’яўляўся. Мне цяжка судзіць, як там было, але што ён апрацоўваў раздзел нашай картатэкі, у якую, магчыма, уваходзілі і матэрыялы, змешчаныя ў Спіцына (мы ж к таму часу праглядзелі вельмі шмат крыніц), я гэта пацвярджаю. Бібліяграфія была выдана Акадэміяй навук БССР у 1933 годзе.

З іншых апрацаваных раздзелаў картатэкі ўпамяну ненадрукаваную бібліяграфію “Прырода і вытворчыя сілы Беларусі”.

Шмат увагі я асабіста ўдзяліла бібліяграфіі беларускай літаратуры, давялося праглядзець шмат крыніц, газет. Асабліва багатай была персанальная бібліяграфія Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі, Цёткі. Дапамагалі самі пісьменнікі (Я. Купала, Ц. Гартны) у выяўленні сваіх псеўданімаў, праглядаў запісы і З. Бядуля. Гартаючы картатэкі, ён гаварыў: “Гэта я ўсё напісаў? Нічога ад Вас не схаваеш?”

У зборніку “Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы. Да 20-годдзя яго літаратурнай дзейнасці” (Мінск, 1928) быў змешчаны бібліяграфічны нарыс “Літаратурныя працы Ц. Гартнага”. Пісьменнік быў вельмі задаволены, і нават я ад яго атрымала “Сокі цаліны” з надпісам: “Укладальніцы маёй бібліяграфіі”.

Займалася я таксама бібліяграфіяй гісторыі беларускага тэатра. Цікавілі мяне паведамленні ў газетах (“Наша Ніва”) пра беларускія вечарынкі, якія наладжваліся гурткоўцамі ў розных мясцовасцях (Вільні, Пецярбургу і інш.), а ў савецкі час у самых глухіх кутках. Не абыходзілася без “Збянтэжанага Саўкі”, або “Як яны жаніліся”. А вандроўнік Галубок з яго трупай чаго варты! А Буйніцкі! Утварылася цікавая картатэка пра першыя крокі і станаўленне тэатральнай справы на Беларусі, пра тэатры 1, 2, 3-ці. Картатэка ў Бібліятэцы захавалася.

У канцы 50-ых гадоў па просьбе І. Сіманоўскага я паслала яму з Саратава свае нататкі-успаміны пра першыя крокі бібліяграфічнай работы. У яго кнізе “Белорусская советская библиография” (Минск, 1965) я знайшла іх сляды. На стар. 24 мяне здзівіла сцвярджэнне, што “даведачная работа вялася аб’яднанымі сіламі бюро і беларускага аддзела”, і пералічаны тэмы, якія былі выкананы па заданию розных устаноў і арганізацый. Нешта ў маёй памяці сцёрліся гэтыя асобы з “бібліяграфічнага бюро”. Ці не праца гэта аднаго беларускага аддзела? Удзелу “бюро” не адчувалася. А можа аўтар лічыў, што гэта я ў дзвюх асобах - бюро і беларускі аддзел? Пра “бюро” нічога не памятаю.

У сваіх нататках я не ўпамінала пра публікацыю краязнаўчай бібліяграфіі ў часопісу “Наш край” і далей у “Савецкай краіне”. У апошнім раздзеле кнігі, што вышэй упаміналася, падаюцца назвы надрукаванага ў “Нашым краі”. Варта іх трохі ўдакладніць.

Успамінаю, як адбылася гэта падзея. У пачатку 1926 года завітаў у беларускі аддзел супрацоўнік Цэнтральнага бюро краязнаўства М.І. Каспяровіч, чалавек энергічны, ініцыятыўны. Мы пачалі гутарку пра тое, як аддзел можа дапамагчы краязнаўчым таварыствам і часопісу “Наш край”. Вырашылі, што найлепшай дапамогай будзе бібліяграфія пра асобныя раёны. У нашай даволі значнай у той час картатэцы можна выбраць сёе-тое і, дапоўніўшы, даваць у кожным нумары часопіса. Праз нейкі час я падрыхтавала карткі і перадала ў рукі М. Каспяровічу. Першая публікацыя з’явілася ў № 2-3 часопіса “Наш край” за 1926 год пад назвай “Геаграфія Беларусі. Падарожжы” з прыпіскай, зробленай М. Каспяровічам: “З картатэкі бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта”. Трэба заўважыць, што існавала толькі адна картатэка ў нас, асобнай картатэкі бібліяграфічнай камісіі не было. У № 10 за 1929 год выпраўлена была недакладнасць і было надрукавана: “З картатэкі Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі”.

Успамінаецца мне вялікая комплексная бібліяграфія, разлічаная на 30 друкаваных аркушаў, складзеная на аснове матэрыялаў картатэкі - “Бібліяграфія беларусазнаўства”. Уваходзілі запісы літаратуры за 1917-1927 гг., далучана была літаратура на замежных мовах. Да палавіны 1930 года было надрукавана аркушаў 12-15. Дакладна не памятаю, але перад вачыма ўстае цэлы стос надрукаванага на маім стале. Паводле ўспамінаў М. Улашчыка, надрукавана было не меней 15 аркушаў. Паскаралася друкаванне тым, што друкарні прымалі ў набор карткі без машынапіснай копіі. У картатэцы і цяпер спатыкаюцца карткі са штампам Галоўліта, ніхто з працаўнікоў не мог дагадацца, што гэта азначае. Не па віне бібліятэкі друкаванне было спынена, надрукаванае не захавалася, засталіся толькі наклееныя карткі (частка тыража друкавалася на адным баку старонак).

Успамінаецца, што М. Каспяровіч, пазнаёміўшыся з надрукаваным, прапанаваў пачаць работу па дапаўненню бібліяграфіі А. Шлюбскага, выкарыстаць гэтыя запісы для рабочай картатэкі. Значыць аддзел этнаграфіі і гісторыі ўжо быў надрукаваны.

У дырэктара бібліятэкі былі і намеснікі. У 20-я гады звычайна яны мясціліся ў невялічкім пакоіку беларускага аддзела, што побач з габінетам дырэктара. Сярод іх знайшоўся адзін, які цікавіўся бібліяграфічнай працай - гэта быў У. Пракулевіч. Памятаю яго Скарыніяну, што заўсёды ляжала ў яго на стале. Відаць, збіраў запісы здаўна і, па магчымасці, дапаўняў іх. У часопісу “Савецкае будаўніцтва” пачаў стала змяшчаць бібліяграфію па тэмах, якія цікавілі чытачоў часопіса. Прымаў удзел у падрыхтоўцы да друку “Бібліяграфіі беларусазнаўства”, якая была спынена ў палавіне 1930 года.

Трохі пра ўдзел Бібліятэкі ў працы па выданню агульнасаюзнай бібліяграфіі “Навуковая літаратура СССР” (выдавалася з 1928 па 1934 гг.). У складанні рэфератаў і анатацый літаратуры БССР прымалі ўдзел навуковыя працаўнікі розных спецыяльнасцяў. Дублетныя запісы бібліятэка пакідала сабе, мяркуючы з часам выдаць штогоднік “Навуковая літаратура БССР”. Аднак, упэўніўшыся, што ў шырокім маштабе падняць працу немагчыма, намерыліся выкарыстаць матэрыял для выдання анатаванай бібліяграфіі “Флора і расліннасць БССР”. Сляды гэтай цікавай працы (асобныя пачкі лісткоў) я знаходзіла цяпер у сховах беларускага аддзела. У 1937 годзе яе праглядалі многія спецыялісты, асабліва ўважліва паставіўся да яе аўтар кліматычнага атласа БССР праф. А.У. Кайгародаў.

Па заданию Інстытута гісторыі КПБ былі ўложаны і надрукаваны на рататары спісы літаратуры па тэме: “Матэрыялы да гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі”. Мне цяпер трапіліся спісы №№ 6 і 7, надрукаваныя на рататары на каляровай паперы. Спіс №7 (літаратура да 1932 года ўключна) мае 656 запісаў, ёсць і замежная літаратура. Для Гістпарта рабіліся таксама на лістках запісы з анатацыямі.

Успамінаецца карпатлівая работа, праведзеная па просьбе Гідралагічнага інстытута (Ленінград). Яны прыслалі некалькі сот картак (600?) запісаў літаратуры па гідралогіі Беларусі з просьбай праверыць па нашых картатэках і дапоўніць. Праграма іх мела шырокі ахоп. Дадаткаў нашых набралася вельмі шмат.

Па заданию Белдзяржкіно складзена картатэка рэцэнзій на іх фільмы.

Іншы характар мела праца беларускага аддзела па рэтраспектыўнаму ўліку друкаў БССР і друкаў на беларускай мове з ХІХ ст. да 1917 г. Уласна кажучы, гэтым павінна была займацца Кніжная палата, але магчымасцей у яе не было. Аднаму працаўніку хапала бегатні па друкарнях і выдавецтву “лавіць” і выяўляць недасланыя выданні, рыхтаваць “Летапіс”, займацца статыстыкай друку. Друкарні яшчэ не прывыклі да абавязку здаваць паложаную колькасць экземпляраў усяго, што друкуюць, у Кніжную палату. Працаўнік Кніжнай палаты М.М. Улашчык шмат маладой энергіі і запалу ўклаў у сваю працу, праводзіў яе ў кантакце з беларускім аддзелам. Орган рэгістрацыйнай бібліяграфіі “Летапіс беларускага друку” выйшаў у пачатку 1926 года (№№1-6 за 1925 год). Але яшчэ да ўтварэння асобнага органа друку была зроблена спроба друкаваць весткі пра новыя выданні ў час. “Асвета” (1924, №2, ліпень - жнівень) пад назвай “Летапіс беларускага друку. Апрацавана Кніжнай палатай пры Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы”. На самой справе праца была падрыхтавана беларускім аддзелам, а не Кніжнай палатай, індэксы ставіла

В.А. Малініна. Не памятаю, ці пачаў працаваць ужо М.М. Улашчык.

На чарзе было задание выявіць мясцовыя выданні з 1917 па 1924 гг. уключна - да пачатку іх рэгістрацыі ў “Летапісу”. У 1927 і 1929 гадах удалося выдаць: “Выданні на беларускай мове”, 1917-1924 гг.; “Перыядычны друк на беларускай мове”, а таксама “Паасобныя выданні на беларускай мове”, 1835-1916. Апошняе выданне было заўважана, выкарыстана і дапоўнена С. Александровічам у кнізе “Пуцявіны роднага слова”(Мінск, 1971), дзе адзначана: “Падрабязная і дакладная бібліяграфія беларускай кнігі дарэвалюцыйнага часу пакуль што адсутнічае. Лепшым даведнікам з’яўляецца “Летапіс беларускага друку”. Частка 2. Паасобныя выданні на беларускай мове. 1835-1916 гг., складзены Ю. Бібіла і выдадзены больш за сорак год таму назад (1929), але ў ім ёсць пэўныя недакладнасці і зусім не ўлічаны беларускія выданні айчыннага фальклору”.

Не магу ўспомніць, чаму ў бібліяграфію не трапілі фальклорныя зборнікі, размовы былі. Шкада, вядома, але гэта завяло бы нас на завілыя сцежкі.

Каб улічыць дарэвалюцыйныя друкі на беларускай мове, трэба было выкарыстаць крыніцы, дзе маглі б яны быць апісаны. Перш за ўсё гэта “Беларусы” (т.3) Я. Карскага, “Гісторыя беларускай літаратуры” М. Гарэцкага, кнігі У. Ігнатоўскага і інш. Вельмі ўважліва праглядаліся газеты, асабліва “Наша ніва”, літаратуразнаўчыя артыкулы. Рэцэнзіраваліся беларускія выданні і ў “Книжной летописи”. Тут можна было знайсці весткі і пра тыраж выданняў, а ён рэдка калі прастаўляўся на кнігах. Выкарыстоўвалася і “Статистика произведений печати” за асобныя гады. Трэба мець на ўвазе, што не ўсе беларускія друкі ў “Книжную летопись” траплялі: яны выдаваліся не толькі ў Расіі і не ўсе з благаславення царскай цэнзуры.

У 1928 годзе ў час свайго адпачынку я наведала Ленінград, дзе ўдалося сабраныя запісы праверыць de visu па фондах Бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, якая захоўвала шмат беларускіх друкаў (была пад бокам “Главного управления по делам печати”). На жаль, нельга было так лёгка трапіць за межы Беларусі - у Вільню, а там шмат чаго можна было знайсці.

Для праверкі de visu і выяўлення новых матэрыялаў былі выкарыстаны і прыватныя зборы. Успамінаецца Б. Эпімах-Шыпіла, які ў той час ужо жыў у Мінску. У яго я знайшла цікавыя выданні. Мяне вельмі ўзрадавалі паштоўкі Цёткі, якая пісала Б. Эпімаху-Шыпілу пра сваё падарожжа ў Фінляндыю. Гэты матэрыял я выкарыстала ў сваім нарысе пра Цётку.

Хаця ў выданні і маюцца недакладнасці, бо часам весткі браліся з няпэўных крыніц (яны адзначаны ў кнізе * (зоркамі), аднак большасць апісана дакладна, нават з арфаграфічнымі асаблівасцямі. Радуе аднак тое, што і ў такім выглядзе ўдалося выдаць (1929 г.), бо ў наступным векапомным годзе гэта ўжо было немагчыма. Успомнім напалову надрукаваную “Бібліяграфію беларусазнаўства”, следу ад яе не засталося.

Удала праскочыла і бібліяграфія “Беларускі перыядычны друк. Артыкулы з часопісаў і зборнікаў за 1917-1928 гг.” (выд. 1929 г.). У такім выглядзе ў 30-ыя гады нельга было ўжо выдаць. Той, хто перажыў тую пару, можа зразумець усе падводныя рыфы і дыпламатычныя меркаванні. Шмат было прозвішчаў, якія ў той час стараліся не ўспамінаць і чытачу не паказваць.

Працяг працы - артыкулы за 1928 - 1937 (да ліпеня) быў падрыхтаваны ў картатэцы, але пасля вайны не ўдалося адшукаць гэтых матэрыялаў. Давялося бібліятэцы ствараць картатэку нанова. Захоўваецца цяпер картатэка артыкулаў за 1928-1932 гг. (з 1933 г. друкаваў іх “Летапіс”). На жаль, у картатэку не трапіла шмат прозвішчаў і каштоўнасць яе абмежаваная. Напрыклад, няма прозвішчаў А. Чарвякова, В. Кнорына, безліч пісьменнікаў.

Адначасна праводзілася праца па выяўленню мясцовых друкаў да 1925 г. савецкага часу на рускай мове. На польскай і яўрэйскай мовах складалі картатэкі ў польскім і яўрэйскім аддзелах бібліятэкі. Апісваліся тыя выданні, якія траплялі ў фонды бібліятэкі з розных крыніц - мясцовых і дублетных фондаў Масквы і Ленінграда, праглядалася “Книжная летопись”. Але ў тыя бурлівыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі шмат чаго з друкаў не трапляла ў “Книжную летопись”; друкарні не вельмі спяшаліся з адсылкай у Кніжную палату абавязковых экземпляраў. Грамадзянская вайна, транспартныя непаладкі таксама не садзейнічалі сваечасовай дасылцы. Для таго, каб мець больш дакладнае ўяўленне аб кніжнай прадукцыі таго часу, давялося шукаць слядоў у выдавецкіх планах і справаздачах савецкіх органаў, дзе даваліся весткі і пра выдавецкую дзейнасць, у перыядычным друку, абвестках на вокладках кніг (“выйшлі з друку”) і г.д. У гэтых крыніцах не заўсёды даваліся дакладныя назвы, не было і іншых патрэбных апісанняў. З цягам часу шмат чаго ўдалося праглядзець de visu, аднак некаторыя запісы засталіся з няпоўнымі весткамі. У картатэцы налічвалася да 1000 назваў за 1917-1924 гг. У параўнанні з “Книжнай летописью” было шмат дадаткаў.

У пачатку 30-х гадоў я наведала Кніжную палату ў Маскве, мне трэба было ўдакладніць некаторыя весткі пра друкі на рускай мове за 1917-1924 гг. Маючы перадрукаваную на машынцы бібліяграфію, звярнулася за дазволам да дырэктара Кніжнай палаты. Пагутарыўшы са мною і праглядзеўшы рукапіс, дырэктар прапанаваў выдаць працу, але наша бібліятэка не згадзілася. А шкада...

Картатэка лічылася загінуўшай, але яна знайшлася, і вось у 1969 годзе Кніжная палата БССР надрукавала яе на ротапрынце, далучаны былі друкі на польскай і яўрэйскай мовах. Карпатлівую работу па праверцы (паўторнай) матэрыялаў de visu перарабіла і спіс друкаў на польскай і яўрэйскай мовах дала Ф. Мерына. На жаль, перад друкаваннем мне не паказалі адбіткаў, і я poste factum выявіла непрыемныя недарэчнасці.

Быў уложаны і спіс перыёдыкі на рускай мове, але ён не захаваўся.

Трохі пра карысць самаадукацыі... У 20-я гады не толькі моладзі, але і людзям больш сталага веку даводзілася брацца з працу, пра якую мелі вельмі няяснае ўяўленне. Трэба! А калі трэба, то і навучацца трэба. Хто з бібліятэкараў меў спецыяльную бібліятэчную адукацыю? Даводзілася вучыцца на хаду: авалодаць тэхнікай бібліяграфічнай і бібліятэчнай працы і паглыбіцца ў нетры краязнаўства.

Я трапіла ў Бібліятэку не са школьнай лаўкі. У мяне была сякая-такая агульная падрыхтоўка і пяць гадоў настаўніцкай працы. Мне стала, аднак, ясна, што трэба ўзяцца за авалоданне не толькі тэхнікай, але добра арыентавацца ў літаратуры, якую павінен збіраць і захоўваць аддзел. Памагалі кнігі і спрактыкаванае кіраўніцтва дырэктара І. Сіманоўскага, які не шкадаваў намаганняў, каб з мяне атрымаўся неблагі працаўнік.

Выступаючы на ўрачыстых провадах І. Сіманоўскага на пенсію ў 1961 годзе, я так характарызавала яго ролю настаўніка: “Мы пачыналі працаваць на ніве для нас незнаёмай, а Вы шмат энергіі і цярплівасці ўкладалі, каб навучыць нас, адчыніць перад намі бліскучыя перспектывы. Вы былі патрабавальным настаўнікам, аўтарытэтам для нас у гэтай справе, мы Вам давяралі. Аднак Вашы навучэнцы, бывала, умелі выпускаць і вострыя кіпцюры, нават балюча драпацца, але гэта не перашкаджала агульнай справе. Вашы ідэі, Вашы “фантазіі” (як я называла) захаплялі нас, мы былі перспектыўны, абгрунтаваны. Вы ўкладалі шмат энергіі, багатага вопыту і - галоўнае - энтузіазму і душы ў Бібліятэку. Хто не ведаў Вашага капелюша, бачыўшага шмат нягод, і пажылага партфеля? Ён вандраваў без устанку ад парога да парога і дабіваўся свайго”.

Я.Л. Дыла, які добра ведаў ролю І. Сіманоўскага ў арганізацыі Бібліятэкі, так успрыняў “ганаровую” яго адстаўку: “Паважаная Юлія Язэпаўна! Пра “ганаровую” адстаўку Сіманоўскага я даведаўся як з Вашага апошняга ліста, так і праз вестку пра гэта ў лісце да мяне Алега Саннікава. Неяк стала на душы сумна: хоць праводзіны яго былі і публічныя і з адзначэннем яго заслуг па арганізацыі Дзяржаўнай бібліятэкі, аднак аслабанілі ад працы, якой ён аддаваў усяго сябе...” (З ліста ад 17 кастрычніка 1961 г.).

І. Сіманоўскі, відаць, лічыў, што не дарма траціў час на маю бібліяграфічную адукацыю. Мне прыемна чытаць, як ён кваліфікаваў мяне ў сваёй кнізе “Белорусская советская библиография” (Мн., 1965). На стар. 43 чытаю:

“Выросли на работе и кадры квалифицированных ведущих библиографов. Среди них Ю.О. Бибило, организатор и руководитель отдела белорусской литературы и библиографии”.

На стар. 16: “.старейший библиограф БССР, по существу зачинательница белорусской советской библиографии Ю.О. Бибило”.

Вялікую ўдзячнасць захавала я да шчырых нашых прыхільнікаў і энтузіястаў беларускай культуры, якія дапамагалі арыентавацца ў моры краязнаўчай літаратуры: Я. Дылы, Я. Купалы і шмат каго іншага. Дапамагалі і чытачы, калі звярталіся з якім-небудзь цікавым пытаннем. Успамінаю Е. Міровіча, калі ён ставіў п’есы “Кастусь Каліноўскі”, “Машэка”. Колькі мне давялося праглядзець розных матэрыялаў! А сівы рэжысёр перада мной натхнённа маляваў сцэны будучых твораў. Гэта была цікавая ўзаемадапамога.

Нізкі паклон, мае паважаныя настаўнікі!


Са шкадаваннем успамінаю нашы страты і асабістыя лёсы людзей. Горыч развітання ўвосень 1937 года з блізкай сэрцу працай. Адхілілі ад пасады І. Сіманоўскага, я атрымала адстаўку як “несправившаяся” з работай. Скажу шчыра, што не заслужыла такой ацэнкі, бо не толькі працавала сумленна, але і аддана, і вынікі маёй працы сведчылі пра гэта. Хаця і крыўдна было, што мяне так кваліфікавалі, але прымаючы пад увагу агульную тагачасную сітуацыю, я разважала, што яшчэ добра абышлося, бо так лёгка было атрымаць які-небудзь нечаканы “хвост”. Я толькі сказала, што пастараюся ў іншым месцы ўсё ж справіцца з любой работай. І стрымала сваё абяцанне. Цяжкі і трагічны гэта быў час. Я - нязначная адзінка сярод тых працаўнікоў беларускай культуры, якіх злая воля раскідала па розных кутках. Тыя часы чакаюць свайго ўдумлівага і справядлівага даследчыка.

З верасня 1937 года па лістапад 1959 года я працавала ў Навуковай бібліятэцы Саратаўскага ўніверсітэта. Тут я занялася блізкай мне краязнаўчай бібліяграфіяй, толькі трэба было мне нямала папрацаваць, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі незнаёмага мне краю. Сабраныя матэрыялы мне ўдалося аформіць на машынцы. Атрымаліся даволі важкія тамы “Материалов для библиографии Саратовской области” (т.1, 500 стар.; т.2, 470 стар. ; 1947, 1957 гг). У супрацоўніцтве з іншымі бібліёграфамі прыняла ўдзел у выданні серыі “Библиография Саратовской области” (геаграфія, глебы, клімат і воды і іншыя працы).

Нямала я атрымала розных афіцыйных падзяк і за “безупречную” работу і за “долголетнюю отличную работу в области краеведческой библиографии”, “за активное участие в издательской деятельности библиотеки” і г.д.

У развітальным адрасе з прычыны майго выхаду на пенсію сказана: “В Вашем лице библиотека имела библиографа высокой квалификации, автора многих содержательных и обширных библиографических указателей, особенно в области краевой библиографии, а наши читатели - внимательного и хорошо эрудированного помощника и советчика”.

Калі зрабіць скідку на некаторую параднасць, якая вымагалася падзеяй, што адбывалася, усё ж нешта застанецца. Вельмі расчуліла мяне прывітанне доктара геаграфічных навук прафесара Н.С. Фралова. Ён, між іншым, у 20-х гадах працаваў у Горы-Горках, а потым пераехаў у Саратаў. Ён пісаў, што часта карыстаўся маёй “компетентной помощью”. “Это дало мне возможность оценить Ваше глубокое знание книжных фондов Научной библиотеки, библиографии Саратова и Саратовской области, Нижнего Поволжья и многих других разде­лов книжных богатств и литературы таких районов нашей родины, как особо любимая Вами Белоруссия”.

А вот як прывітаў мяне дырэктар Саратаўскага педагагічнага інстытута П.Н. Пілатаў: “... Мне особенно приятно вспомнить период нашей с Вами и с Елизаветой Христиановной совместной работы над библиографией Саратовской области и от души поблагодарить Вас за великодушно оказанное содействие в работе. ... Не только коллектив библиотеки, но и все мы, рядовые читатели, с чувством глубокого уважения будем помнить Вас всю жизнь. Мы также уверены, что в Саратовскую сокровищницу драгоценных книг, где вы работали долгие годы, её неутомимый директор - Вера Александровна Артисевич, - на место уходящей на отдых гвардии, будет и впредь привлекать таких же как Вы, Юлия Иосифовна, глубокоэрудированных, широкообразованных, высококультурных, обходительных, ласковых людей”.

Падчас маёй працы ў Саратаўскай бібліятэцы П.Н. Пілатаў перадаў дырэктару бібліятэкі перадрукаваную на машынцы сваю працу “Библиография географии Саратовской области”. Дырэктар перадала мне на прагляд, ці можна друкаваць. Я сказала, што ў такім выглядзе нельга: трэба перарабіць. Са згоды аўтара мы з Е.Х. Бычковай папрацавалі цэлы год. Палавіну выкінулі, вельмі шмат каштоўных прац дадалі. Аўтар са скрухай зазначыў: “Чаму гэта я раней не дагадаўся звярнуцца ў бібліятэку”. Ён прапанаваў нам паставіць свае прозвішчы побач з яго, але мы адмовіліся і згадзіліся на “при участии”.

У маёй працы мне памагла падрыхтоўка, атрыманая ў Дзяржаўнай бібліятэцы Беларусі. У мяне засталося задавальненне, што не “посрамила” зямлі беларускай, але і жаль, што пры спрыяльных умовах мая праца магла бы даць нешта больш значнае для вывучэння роднай Беларусі. Як справядліва адзначыў праф. Н.С. Фралоў, “особо любимая” Беларусь заставалася ўсе гады ў маім сэрцы, і я здалёк сачыла за трывожнымі падзеямі і пасляваенным будаўніцтвам. Вярнуцца на радзіму мне перашкаджалі цяжкія сямейныя нягоды.


ВЫСТАЎКІ Ў МАСКВЕ


Выхад “у людзі”


У 20-я гады Дзяржаўная бібліятэка БССР з’яўлялася адзіным асяродкам, дзе спецыяльна збіраліся і апрацоўваліся кніжныя матэрыялы для вывучэння краю. Пра гэта ведалі і працаўнікі культуры, і дзяржаўныя ўстановы. А таму, калі патрабавалася дзе-небудзь паказаць краязнаўчую літаратуру пра Беларусь, даручалася гэта Дзяржаўнай бібліятэцы. Успамінаецца некалькі такіх выхадаў “у людзі”, дзе мне давялося прымаць непасрэдны ўдзел.

У 1924 годзе (9-14 снежня) адбывалася ў Маскве 2-я Усесаюзная канферэнцыя па краязнаўству. Беларускаму аддзелу бібліятэкі было даручана падабраць адпаведныя кнігі, якія паказвалі б, што Беларусь - гэта не проста геаграфічная назва, а краіна са сваёй складанай гісторыяй і культурай. З дэлегатаў на канферэнцыю памятаю В. Самцэвіча з Барысава і М. Каспяровіча з Беларускага цэнтральнага бюро краязнаўства. Мы, дэлегаты, наведалі залу, дзе рыхтавалася выстаўка да канферэнцыі, і перадалі нашы кнігі бібліятэкарам. У памяці засталася вельмі гарачая спрэчка з дасведчанымі бібліятэкарамі, якім цяжка было перамагчы свае зняважлівыя адносіны да нейкіх беларусаў. З чаго пачалося - ці ўспомніш? Пахваліцца нам не вельмі было чым, але і знявагу праглынуць нельга было. У нас была маладосць у шырокім сэнсе слова. З гэтай дыскусіі засталіся ў памяці два імя: А. Пушкін і Я. Купала. Так, з імем Я. Купалы мы і рынуліся ў бой.

Сярод народаў - удзельнікаў канферэнцыі - мы адчувалі сябе не горшымі за іншых. Шмат было цікавага і карыснага. Дагэтуль помніцца мне мажная постаць геолага А.Я. Фёрсмана і яго натхнёная прамова.

У лютым месяцы 1927 года ў Маскве адбывалася 3-я сесія ЦВК СССР, дзе была заслухана справаздача Ураду БССР. З дакладам выступаў старшыня Саўнаркома БССР Я. Адамовіч, а таксама старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. Дзяржаўнай бібліятэцы даручана было наладзіць выстаўку беларускага друку. Гэта была больш багатая выстаўка. На дзесятым годзе Кастрычніка ўжо было што паказаць. Выстаўка змяшчалася ў Георгіеўскай залі Крамлёўскага палаца. Высокія сцены з прозвішчамі загінуўшых георгіеўскіх кавалераў думна высяцца з бакоў калоны. Ззяе пазалота, пераліваецца крышталь у вялізных люстрах. Пры ўваходзе яскрава- чырвоная стужка з надпісам “Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка”. Апроч літаратуры, на выстаўцы паказаны дыяграмы, фатаграфіі меліярацыйных работ, вялікая карта БССР. Асобны кіёск Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, дзе можна было набыць патрэбныя кнігі. Пасяджэнні сесіі адбываліся ў Андрэеўскай залі, а ў перапынках дэлегаты запаўнялі Георгіеўскую залу і цікавіліся выстаўкай. Я спынілася ў Беларускім прадстаўніцтве пры Урадзе СССР на Малой Нікіцкай. У Крэмль можна было трапіць толькі па пропуску. Мяне кожны дзень прывозілі на машыне, і шафёр каля Спаскіх варот паказваў варце пропуск. Непасрэдныя ўражанні перадаюцца ў маім артыкуле “Беларусь у Крамлі”, змешчаным у газеце “Савецкая Беларусь” ад 2 сакавіка 1927 г. (№ 50).

У артыкуле ўспамінаецца пажылы мастак, на жаль, прозвішча яго не названа. Ён з пачуццём гаварыў: “Я люблю сваю краіну і пакуль жыву, хацеў бы хоць чым-небудзь быць ёй карысным. Я зраблю падарожжа па Беларусі і зарысую яе краявіды - можа мая праца прыдасца”. Папытаўся, ці хутка будзе ў Мінску наладжана выстаўка - ён хацеў бы прыняць у ёй удзел. Паводле маіх меркаванняў, гэта быў наш зямляк В.К. Бялыніцкі-Біруля.

Вельмі добрая фатаграфія выстаўкі не захавалася. Цьмяны адбітак змешчаны ў зборніку “Чырвоны сейбіт” (1927, №10-11, с. 7), але ці той гэта, што ў мяне быў, цяжка сказаць.

У студзені 1931 года Масква знаёмілася з дасягненнямі сацыялістычнага будаўніцтва БССР. [Пра гэту падзею, пра “Дні беларускай культуры”, успамінае Я. Мазалькоў (“Літаратура і мастацтва”, 5.12.1968)].

У Палітэхнічным музеі была наладжана выстаўка, у якой прымала ўдзел і бібліятэка. Яна была размешчана ў фае тэатра з незвычайнай назвай “Сэмперантэ” (“Заўсёды наперад”). Наведвальнікі тэатра знаёміліся на перапынках з дыяграмамі, фатаграфіямі, кнігамі і ўзорамі вырабаў нашай рэспублікі. Апроч мяне выстаўку абслугоўвалі адзін працаўнік ад Наркамзема і адзін - ад Наркамасветы. Беларуская дэлегацыя была на прыёме ў М.І. Калініна. Прыёмная змяшчалася на Краснай плошчы супраць Крамля. Адказны прадстаўнік беларускай дэлегацыі вітаў М.І. Калініна, які ў час прывітання паводзіў сябе неяк неспакойна (шмат было ў прамове “славословия”), нарэшце не вытрымаў і сказаў: “Вядома, мы з вамі рады спаткацца, але давайце гаварыць аб тым, што баліць”. Я таксама была на гэтым прыёме.

1934 год. Першы з’езд пісьменнікаў Саюза ССР. Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага. У павільёнах ладзілася выстаўка літаратур народаў Саюзу. Для беларускай літаратуры быў падрыхтаваны аформлены мастаком стэнд. Але фігура жанчыны на малюнку ў жабрачай світцы выклікала пярэчанні. Сучасную Беларусь у такім вобразе нельга было паказаць. Давялося на дапамогу ў якасці арбітраў паклікаць працаўнікоў з Беларускага прадстаўніцтва пры Урадзе СССР.

Кнігі пісьменнікаў уважліва падбіраліся - і старэйшых, і маладых. Я не чакала адчынення з’езду і, перадаўшы кнігі, выехала. Кнігі так спадабаліся кіраўніцтву, якое намагалася пакінуць іх у бібліятэцы Саюза пісьменнікаў, што доўга адміністрацыя нашай бібліятэкі вяла перапіску, патрабуючы звароту, бо гэта былі экземпляры з фондаў бібліятэкі.

Ад гэтага падарожжа ў мяне засталіся ў памяці дываны кветак, якія запаўнялі парк. Тонкі водар кружыў галаву. Кветкі, кветкі... У той час мы мала іх у такой колькасці бачылі.


Беларуска-ўкраінскія сувязі


У канцы 20-ых гадоў, праглядаючы ўкраінскі часопіс “Бібліологічни вісти”, я зацікавілася бібліяграфіяй, падпісанай Ю. Межэнкам, пра пераклады беларускай мастацкай літаратуры на ўкраінскую мову. Са здзіўленнем я ўбачыла, што аўтар палічыў Крапіву і Крапіўку за адну і тую ж асобу. Паколькі ў канцы працы быў паказан адрас, куды прасілі накіроўваць заўвагі, я неўзабаве напісала пра такое арыгінальнае спалучэнне. Так пачалося ў мяне завочнае знаёмства з вядомым бібліёграфам, нястомным калекцыянерам, палымяным збіральнікам Шаўчэнкіяны - Юрам Аляксеевічам Мяжэнкам. Улетку 1930 года я асабіста з ім пазнаёмілася, а перапіска наша пасля доўгага перапынку ўзнавілася пасля вайны і працягвалася гадоў 20. Памёр Ю. Мяжэнкі ў 1969 г. Сваю Шаўчэнкіяну, якую ён збіраў гадоў 50, перадаў Інстытуту літаратуры АН УССР. Вось у гэтай унікальнай калекцыі, якая налічвае да 15 тысячаў адзінак, ёсць і беларуская кропля.

У лісце ад 11 лютага 1963 г. Ю. Мяжэнка не забывае мне напомніць: “Вы добра ведаеце, што я збіраю “Шаўчэнкіяну”, бо Вы самі не раз пасылалі мне розныя матэрыялы для маёй калекцыі. Асабліва шмат я атрымаў ад Вас у 1961 годзе. Вашы добразычлівыя адносіны да гэтай справы дазваляюць мне звярнуцца да Вас і ў гэтым годзе” (пераклад з украінскай мовы). У 1964 г. я атрымала ад Ю. Мяжэнка кнігу з даравальным надпісам: “З глыбокою подякою за ласкову допомогу в збиранш Шевченгаани”.

У 1947 г. я звярнулася да Ю. Межэнкі з просьбай, ці не мае ён якіх запісаў з украінскай прэсы пра Я. Купалу. Ён мне даслаў спіс таго, што ў яго захавалася з картатэкі, якая шмат пацярпела нягод у час вайны. Я пераслала атрыманае ў Мінск для Музея Я. Купалы.

Успамінаецца мне і камандыроўка ў Кіеў (зіма 1929/1930) для азнаямлення з працай Бібліятэкі АН УССР. Шмат цікавага я ўбачыла і карыснага. Пасля звароту зрабіла паведамленне аб сваіх уражаннях. На сходзе было вырашана пачаць соцспаборніцтва нашых бібліятэк, была ўложана ўмова і паслана ў Кіеў. Далейшы лёс нашага пачынання не захаваўся ў памяці. Відаць, падзеі 30-х гадоў не спрыялі развіццю больш блізкіх кантактаў.


Клептаман у бібліятэцы


Усялякія прыгоды здараюцца ў жыцці. А ў бібліятэцы бываюць і такія, пра якія адбудзецца гутарка.

Гэта было ў 1929-30 годзе - дакладна не памятаю. У галоўным будынку Дзяржаўнай бібліятэкі, у так званым “юбілейным” доме, папсавалася цэнтральнае ацяпленне. Зіма. У агульнай чытальні яшчэ сяк-так можна было працаваць - на­роду шмат, сядзелі, утуліўшы насы ў каўняры, абаграваліся духоўным цяплом. А ў Беларускім аддзеле, які змяшчаўся насупраць, было цяжэй. Студэнты сюды звярталіся найбольш па даведкі. А навуковыя працаўнікі прыходзілі зірнуць на новыя атрыманні бібліятэкі і доўга не затрымліваліся. Печка-“буржуйка” ўжо даўно закончыла сваё слаўнае існаванне, толькі след сажы над акном знадворку яшчэ напамінаў пра мінулыя дні. Нас працавала двое, і мы ўмовіліся па чарзе бегаць грэцца ў канцылярыю, што змяшчалася ў будынку на рагу Чырвонаармейскай вуліцы.

Неяк дырэктар прывёў у аддзел чалавека з пашарпаным партфелем, не вельмі элегантна апранутага і адрэкамендаваў яго знаўцам старажытных моў і аматарам старадрукаў. Выгляд яго адпавядаў спецыяльнасці. Дырэктар дазволіў яму карыстацца старадрукамі, якія знаходзіліся ў аддзеле. Яны змяшчаліся ў невялікім пакоі за фанернай загарадкай.

Прайшло некалі дзён. У сваё дзяжурства я не спатыкала гэтага чытача. Пытаюся ў супрацоўніка, ці бывае гэты знаўца. Ён кажа, што наведвае, але не затрымліваецца доўга.

Я вырашыла праверыць, у якім стане знаходзяцца кнігі, якія праглядаў чытач. Мабыць паблытаў - думаю. І вось ... ледзь не звалілася з паліцы, так усхвалявалася. Там, дзе павінен быў стаяць каштоўны старажытны рукапіс, якім цікавіўся праф. В. Ператц, стаяла толькі абцягнутая скурай драўляная вокладка! Ліхаманкава перабіраю іншыя каштоўныя кнігі, але ці ж адразу выявіш, што яшчэ згінула?

Трэба зазначыць, што ў той час пры ўваходзе кантролю не было, і чытачы праходзілі з партфелямі.

А вось і чытач - лёгкі на ўспамін! Проста накіроўваецца да паліц, але я супыняю, прашу сесці і прапаную падаць на стол кнігі. Ён трохі бянтэжыцца, але садзіцца і скоса на мяне пазірае, няўважліва гартае паданыя кнігі.

На змену мне прыйшоў супрацоўнік, але я засталася чакаць, калі гэты “аматар” збярэцца выходзіць.

Калі ён нарэшце выйшаў за дзверы, я - за ім. Мне не хацелася пачынаць гутарку ў прысутнасці супрацоўніка.

- Аддайце рукапіс! - кажу.

- Вы гэта што? Што за абраза! Здзек!

- Аддайце рукапіс! А не - так пойдзем да дырэктара! Ідзіце наперад!

Відаць, мой выгляд быў такі ўзрушаны, а ў голасе гэтулькі злосці і метала,

што ён паслухмяна і пакорліва пакрочыў уперад.

Спускаемся па сходах, затым па адходнай сцежцы да Чырвонаармейскай вуліцы. Бачу на рагу міліцыянера.

- Вось паклічу міліцыянера, няхай ён разбярэцца!

- Не трэба! Не трэба! - просіць, аж рукі злажыў, і губы трасуцца. - Я - клептаман, лячуся ў Маскве ў прафесара. Магу яго адрас сказаць. Даруйце!

- Злодзей Вы і нягоднік! Вядзіце дахаты!

Пайшлі. Ён наперадзе, я - ззаду. Жыў ён недзе каля вакзала. Рукапіс быў знойдзен і яшчэ пачка кніг не толькі з аддзела, але і з неразабранай кучы, што ляжала ў карыдоры побач з канцылярыяй.

Дацягнуў мне гэты незадачлівы “спец” даволі важкую пачку да трамвая і ўсё прасіў, каб я не заяўляла ў міліцыю.

Аб гэтым здарэнні так ніхто і не даведаўся. Мне не хацелася псаваць кроў нашаму даверліваму дырэктару. Калі праз гады, прыехаўшы ў Мінск, я дала прачытаць дырэктару гэту “быль”, найбольш яго ўразіла слова “даверлівы дырэктар”.


Сшытак 16


Чытачы і прыхільнікі Бібліятэкі


Адчыненне Бібліятэкі было святам для беларускіх культурных сіл, якія групаваліся вакол Інбелкульту (пазней Акадэміі навук), Універсітэта, але не толькі для іх: партыйныя і ўрадавыя ўстановы таксама добра ведалі сцежку ў Бібліятэку! А настаўнікі, краязнаўцы!..

Хто ж нашы наведнікі? Агульная чытальная зала павінна была забяспечваць чытачоў і беларускай кнігай. Да нас жа, у беларускі аддзел, заходзілі навуковыя працаўнікі, настаўнікі - наогул, тыя працаўнікі на ніве беларускай культуры, хто паглыблена цікавіўся асобнымі пытаннямі літаратуры, мастацтва, гісторыі, эканомікі, прыроды роднага краю.

Дасягненні бібліятэкі радавалі, і за імі са спагадай сачылі і дзяржаўныя дзеячы. З цёплым пачуццём хочацца ўспомніць А.Р. Чарвякова, старшыню ЦВК БССР. Вядома, яму быў добра знаёмы няўрымслівы, апантаны наш дырэктар, але ён ведаў і іншых працаўнікоў бібліятэкі. Так, у 1936 годзе, калі наведаў нашу рэспубліку старшыня ЦВК Башкірскай АССР, А. Чарвякоў разам з ім завітаў у бібліятэку. Трэба было бачыць, з якім веданнем справы ён тлумачыў госцю ў беларускім аддзеле пра задачы аддзела і нават сам мяне адрэкамендаваў, як самую “старую” працаўніцу бібліятэкі. Гэта ж трэба было сярод паважных дзяржаўных спраў захаваць у памяці такую дробязь!

З вялікай цікавасцю і хваляваннем чытаю артыкул У. Якутава пра А. Чарвякова (“Полымя”, 1971, № 5). Артыкул напісаны не толькі на основе сухіх дакументаў, але адчуваецца цёплая нота людзей, асабіста ведаўшых гэтага выдатнага чалавека.

І прыпомніўся мне трагічны дзень ліпеня 1937 года, калі абляцела трывожная вестка, што няма ўжо А. Чарвякова. Гроб з целам быў пастаўлены ў Клубе савецкіх служачых, і пацягнуліся чэргі ўсхваляваных людзей, каб развітацца з ім. Але не ўсім удалося трапіць, бо праз некалькі гадзін доступ быў спынены. Не трапіла туды і я, але калі праязджаў просты гроб па Лагойскаму (Бязбожніка) завулку каля нашага дома на Вайсковыя могілкі, мы далучыліся да тых нямногіх, хто праводзіў у апошні шлях такога вядомага чалавека. Аднак, адвагі хапіла толькі, каб прайсці за труною па тратуару да варот могілак. А душу ахапіла трывога.

Не абмінаў нас і народны камісар асветы У. Ігнатоўскі. Памятаецца майская ўрачыстасць і У. Ігнатоўскі на ганку бібліятэкі. Са мною завязалася нейкая вострая гутарка. Тэма не захавалася ў памяці, толькі праз гады так, здаецца, і чую спакойныя словы і бачу павольныя рухі У. Ігнатоўскага. А мой ваяўнічы запал знік.

Успамінаецца і другі нарком асветы - А. Баліцкі. Перада мною фатаграфія 1926 года. Крым, Ялта, дача былога царскага міністра Сазонава - гэта Дом адпачынку настаўнікаў Беларусі. А. Баліцкі разам з т. Стасевічам, сакратаром Аршанскага райкома партыі, адпачывалі ці то ў Місхоры, ці ў Гаспры. Надумаліся яны наведаць сваіх землякоў-настаўнікаў. За сталом з бутэлькамі масандраўскага і сакавітымі чарэшнямі адбылося знаёмства. А. Баліцкі мне сказаў, што добра мяне ведае і прозвішча Бібілы таксама, але што гэта адна і тая ж асоба толькі цяпер даведаўся. Было смеху!

Старшыня Савета народных камісараў М. Галадзед не раз прысылаў сваіх сакратароў у аддзел. Яму можна было даваць усё без халадку ў душы: “Апошняе... Ці атрымаеш назад?” Усе ўзятыя кнігі прыносіліся нам у поўным парадку.

Успамінаецца яшчэ адзін зацікаўлены прыхільнік Бібліятэкі, які аддаваў ёй шмат увагі і дапамагаў, чым мог. Пра гэта не раз давялося чуць ад І. Сіманоўскага. Гутарка ідзе пра рэктара Універсітэта У.І. Пічэту. Ён часта бываў у беларускім аддзеле. Ветлівы, далікатны, без зазнайства, умеў пажартаваць. Заўсёды некуды спяшаўся, толькі развяваўся чуб. З У. Пічэтам апошні раз я спаткалася ў 1946 годзе, калі ён прыязджаў у Саратаў у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Б. Грэкава. Хаця шмат гадоў мінула, ён мяне пазнаў і распытваў пра лёс сваіх вучняў, быў вельмі ўсхваляваны. Я. Дыла мне гаварыў, што ён таксама тады спатыкаўся з Пічэтам у гасцініцы. Абое былі вельмі ўзрушаны і праслязіліся.

Нельга не ўспомніць Язэпа Лявонавіча Дылу, зацікаўленага прыхільніка бібліятэкі і частага наведніка. Шмат яго кніг з ініцыяламі Я.Д. стаяла на нашых паліцах. Неспакойны, заўсёды чым-небудзь захоплены, ён шмат мне дапамагаў арыентавацца ў моры краязнаўчай літаратуры (можа, гэта ён нават сам не ўсведамляў). Цікавіўся гісторыяй, літаратурай, мастацтвам, кааперацыяй - наогул, усімі здабыткамі нашай культуры. З ім так цікава было пагаварыць! Гэта прага пазнання захавалася ў яго і ў 86-гадовым узросце.

Калі я яму паслала бібліяграфію “Русская дореволюционная книга о Белоруссии” (1964), ён адшукаў там кнігі, у якіх, паводле яго меркаванняў, можна было знайсці весткі пра “Слуцкі летапіс”.

У лісце да мяне з Саратава ад 19 красавіка 1966 года ён пісаў: “Не дае мне супакою “Слуцкі летапіс”. Гімназістам не то 3, не то 4-га класа пачуў я ад бацькоў, што ў бібліятэцы Траецкага манастыра, што ў нас у Слуцку, ёсць “Слуцкі летапіс”. Бібліятэка гэта знаходзіцца ў пакоіку, які змяшчаецца ў адной з двух званіц сабора манастырскага, што там жа зложаны старадрукі беларускіх друкарань, сабраныя з вуніяцкіх манастыроў і царквей, зачыненых у час скасавання вуніі”. Далей ён піша, што сам трымаў у руках “старэнькую ў вокладцы рукапісную славянскімі літарамі “Слуцкую летопись”. Я тады зрабіў сабе выпіскі, але нязначныя, і яны не захаваліся. Пра “Слуцкі летапіс” пісаў і А.К. Снітка”.

Гэты малады душою чалавек заслугоўвае ўдзячнай увагі сучаснікаў. У 1970 годзе ў сувязі з 90-годдзем Я. Дылы я паслала яму наступнае прывітане: “Але! Ці чуеце Вы, дарагі Язэп Лявонавіч, галасы сяброў? Гэта я, апантаны краязнаўца і кнігаед, з кім не раз спатыкаліся ў зацішку бібліятэчных сховішч яшчэ ў тыя, зацягнутыя смугой даўніны, 20-я гады. І якім не было Ваша чарговае, вольнае ці нявольнае захапленне: ці то кааперацыя, тэатр або праца ў Інбелкульце, не гледзячы на цяжар службовых абавязкаў, Вы выкройвалі час для азнаямлення з новымі выданнямі. Калі ўбачыш парожнія вітрыны кніжных навінак, так і ведай, што недзе сядзіць Я. Дыла, і толькі чуб відзён над стосам кніг.

Прага ведаць, што робіцца на роднай зямлі, ад якой няўмольны лёс Вас адарваў, жаданне “об’ять необ’ятное” прайшлі праз усе гады. Не так даўно па Вашай просьбе я накіравала Вам юбілейнае скарынінскае выданне і яго прадмовы.

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Няхай ён заўсёды астаецца сухім!

Успамінаюцца жудасныя падзеі ваеннага часу! Ад агульнай і асабістай бяды сэрца кроілася ад болю. Вы працавалі ў “саратаўскім бюро газетных выразак” і мелі пад рукой вялікі асартымент друку і навін. Памятаеце нашы нявольныя сустрэчы ў чарзе ці на рынку? Бачу Вас заклапочанага ў шэрым кортавым адзенні, з гаспадарчай торбачкай у руках. Адыдзем куды-небудзь, каб не перашкаджаць натоўпу, і доўга не можам спыніць абмеркаванне падзей. А галоўнае, што там дзеецца на Беларусі? Неяк на душы святлее ад гутаркі з родным чалавекам. Заўсёды мяне прываблівала маладосць Вашай душы. Няхай яна заўсёды застаецца такой, нават пад цяжарам гадоў! З пашанай і шчырай прыязню Ю. Бібіла. Красавік 1970 г.”

Вучоныя ўніверсітета... Хто з іх не наведваў бібліятэку?! Паўстаюць у памяці некаторыя постаці.

З захаванай смяшынкай у вачах І. Замоцін, спрактыкаваны лектар. Рыхтаваў да друку творы М. Багдановіча і прыцягваў да гэтай працы сваіх вучняў-студэнтаў. З пяшчотнай ухмылкай М. Піятуховіч, выкладчык беларускай літаратуры. Метадыст А. Вазнясенскі цікавіўся творамі Я. Купалы, беларускім тэатрам. Я. Барычэўскі, захоплены фармалістычнымі плынямі. Неяк, калі ён рыхтаваў кнігу “Тэорыя санету” (1927 г.), чытаў рукапіс сваёй працы і прасіў дапамагчы даслоўна перакласці на беларускую мову адзін з санетаў А. Міцкевіча.

Мужная постаць Я. Лёсіка, добрага прамоўцы, аўтара граматыкі. Нізенькі, маленькі “дыялектык” С. Вальфсон. Кудлаты сацыёлаг С. Кацэнбоген. Колькі нерваў папсаваў ён бедным студэнтам! Гісторык Д. Жарынаў. Між іншым, ён у сціслым гуртку знаёмых чытаў свае вершы. А. Савіч - даследчык гісторыі Беларусі ХУІ - ХУІІІ стст. Засяроджаны, няўважлівы да навакольнага У. Перцаў.

Гебраіст М. Нікольскі з барадою прарока. Яго цікавыя лекцыі цяжка было слухаць, трэба прывыкнуць да нечаканых узлётаў яго голасу. Фізік Я. Успенскі заўсёды заклапочаны, перагружаны ўсякімі парадамі.

Гісторыяй беларускага мастацтва, скарыніянай займаўся М. Шчакаціхін. Чорная аправа акуляраў, нязменная цыгарка, прыгожа аздоблены кіёк. Для таго часу выгляд меў трохі зухаваты. І. Сіманоўскі ўспамінаў, што калі М. Шчакаціхін прыехаў у Мінск і не было, дзе прыпыніцца, начаваў на доўгім стале ў беларускім аддзеле.

Студэнты з краязнаўчага ўніверсітэцкага таварыства А. Каваленя, С. Шутаў, С. Баркоўскі.

А нізенькі, вусаты музыказнаўца Ю. Дрэйзін. Яго густы, з выразнай дыкцыяй, голас і добрая беларуская мова напаўняла залу, нібы тут адбывалася лекцыя на музычныя тэмы. Залятаў часам імклівы Галубок у прамежку між сваімі падарожжамі. Мы хутка рыхтавалі і давалі яму патрэбную даведку, і ён зноў знікаў. А рэжысёр тэатра Е. Міровіч! Як цікава было слухаць яго імправізацыі будучых тэатральных паказаў! Наведаў бібліятэку і бацька Максіма Багдановіча Адам Багдановіч, калі прывозіў у Інбелкульт рукапісы сына. Успамінаецца вусаты твар і высокая хударлявая постаць.

Частыя госці - палымяныя краязнаўцы: архівіст М. Мялешка, этнограф А. Шлюбскі і таленавіты даследчык, няўрымслівы М. Каспяровіч.

С. Некрашэвіч, шукальнік трапных слоў, аўтар беларускіх слоўнікаў.

Не абміналі нас і вядомыя пісьменнікі, і пачаткоўцы-юнакі.

Як прамінуць нашага слаўнага баяна, незабыўнага Янку Купалу. Мілая ўхмылка, задуменныя вочы, кульбака адмысловага кійка на згібе рукі. Ён быў заўсёды жаданым госцем бібліятэкі, з ахвотаю дзяліўся сваімі ведамі пра кнігі па вывучэнню Беларусі, пра аўтараў беларускіх выданняў.

Мне хочацца падрабязней спыніцца на гісторыі майго знаёмства з Я. Купалам. Адбылося яно ўвосень 1920 года, можна сказаць, на краязнаўча-кніжным грунце. Думка аб стварэнні ў бібліятэках краязнаўчых фондаў насілася ў паветры яшчэ да арганізацыі беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі. Для тых, хто хацеў працаваць на карысць роднага краю, важна было ведаць літаратуру. Але сярод інтэлігенцыі было нямала і такіх, што гаварылі: “Павыдумлялі нейкіх беларусаў. Я ўвесь свой век пражыў тут і нічога пра іх не чуў”. Трэба было ўзброіцца ведамі, каб адбіваць і такія атакі. У бабруйскай бібліятэцы такі фонд надумаў стварыць І.Б. Сіманоўскі, будучы арганізатар Дзяржаўнай бібліятэкі. З ахвотаю я згаджаюся здабываць кнігі і еду ў Мінск. З мандатам аддзела асветы з’яўляюся ў акадэмічны цэнтр Народнага камісарыята асветы БССР (тады ён змяшчаўся ў былым архіерэйскім доме, пасля рэканструкцыі - гэта Дом афіцэраў). Тут я і пазнаёмілася з Янкам Купалам, якога мне рэкамендавалі як знаўцу краязнаўчай кнігі. Казалі, што ён працаваў нейкі час у Вільні ў бібліятэцы, любіў і ведаў кнігу, дый у самога ёсць нямала цікавай літаратуры. Я вельмі рада была пазнаёміцца

з аўтарам любімай кнігі “Шляхам жыцця”: расказала Купалу пра мэту свайго прыезду. Гэта яго зацікавіла, і ён запрасіў мяне да сябе. Жыў Я. Купала тады на Захараўскай вуліцы, за мостам, у невялікім доме, які патанаў у зеляніне. У дамоўлены час я пайшла туды. Мяне спаткалі вельмі ветліва, і Купала, і яго жонка Уладзіслава Францаўна. Купала звярнуў маю ўвагу на дом, дзе ён жыве, і сказаў, што гэта гістарычны будынак: тут адбыўся І з’езд РСДРП. Потым ён пачаў вымаць з шафы кнігу за кнігай і грунтоўна расказваць пра кожную. У мяне проста вочы разбягаліся. Як я агітавала Купалу цяжка сказаць, але пачак кніг ад яго ўсё-такі панесла. Потым не раз ён успамінаў пра гэта, жартам выгаварваў: “Выцыганіла-такі”.

Працуючы над складаннем бібліяграфіі творчасці Я. Купалы, я звярнулася да яго з просьбай дапамагчы расшыфраваць свае псеўданімы. З ахвотаю ён згадзіўся. У час імперыялістычнай вайны 1914 г. Купала быў рэдактарам газеты “Наша Ніва”. У той час у газеце з’яўлялася шмат белых плям, на іх звярнуў увагу Купала і казаў, што цэнзар тут шчыра папрацаваў. Гартаючы газеты, ён паказваў мне непадпісаныя перадавіцы і артыкулы і казаў: “Гэта маё... І гэта маё!” Калі часам мне трапляў допіс з невядомым подпісам, але стыль заметкі нагадваў купалаўскі, я пытала: “Ці не Купала схаваўся тут?” Ён з мілай ўсмешкаю пацвярджаў. Тады Іван Дамінікавіч пералічыў усе свае псеўданімы, а я запісала іх з адзнакаю, што паведаміў мне сам аўтар.

Аднойчы адчыняюцца дзверы аддзела і з’яўляецца Купала. Адна рука трымае адмысловы кіёк, у другой - вялікі пачак папер. Перадаючы яго мне, ён сказаў: “Гэта мае рукапісы. У вас яны лепей захаваюцца”. Праз нейкі час ён прынёс і другі пачак. Гэта былі рукапісы зборнікаў “Жалейка”, “Шляхам жыцця”, перакладу “Слова аб палку Ігаравым” і шмат асобных лісткоў з вершамі, акуратна перапісанымі рукою паэта. Рукапісамі карыстаўся ў 30-я гады супрацоўнік АН БССР М.Ф. Мачульскі. Пра лёс Купалавых рукапісаў пісала мне ў лісце ад 26 кастрычніка 1946 г. у Саратаў Алеся Александровіч. Яна мне перадавала, што “рукапісы Я. Купалы, якія захоўваліся ў беларускім аддзеле, былі вывезены ў Германію, але зараз звернуты назад. У канцы ёсць розныя паметы, заўвагі, зробленыя Вашымі рукамі. Цяпер яны захоўваюцца ў нашым музеі. Іх усяго каля сямідзесяці. Якое шчасце, што яны захаваліся!”

Купала добра ведаў дарогу ў беларускі аддзел. То яму спатрэбіцца якая- небудзь даведка, то кніга, то спіс яго твораў для Масквы. Заўсёды ён звяртаўся да мяне. Калі не заставаў у бібліятэцы, то завітваў дадому. Калі мне што-небудзь трэба было ўдакладніць, я звярталася да Купалы. Ён вельмі ўважліва ставіўся: тлумачыў, дапамагаў. Мы не раз наладжвалі ў бібліятэцы выстаўкі, прысвечаныя яго творчасці. У гэтых выпадках мы не маглі абыйсціся без яго асабістых архіўных збораў. А яны былі вялікія і багатыя: кнігі, газеты з артыкуламі пра яго творчасць, фатаграфіі. Купала сам мне казаў, што матэрыялаў у яго набралася шмат, а парадку няма ніякага. Ён хацеў, каб я выбрала калі час і давяла яго паперы да ладу, нібы асабісты сакратар. На жаль, у той час я не магла заняцца гэтай ганаровай і такой цікавай для мяне справай, аб чым зараз вельмі шкадую.

Успамінаецца, як ладзілася выстаўка, прысвечаная 30-годдзю творчасці

Я. Купалы ў 1935 годзе. Я зайшла да Купалы дадому. Ён якраз вярнуўся з Прагі і ў час нашай размовы дзяліўся ўражаннямі ад падарожжа, паказваў чэшскія газеты з артыкуламі пра яго. Затым стаў вымаць з шафы пачкі газет, фатаграфій, пісем, кніг і прапанаваў выбраць усё, што пажадаю.

Выстаўка была наладжана ў вялікай зале побач з беларускім аддзелам. Дэманстраваліся рэдкія фатаграфіі, пісьмы В. Брусава, фотакопія верша Лахуці на персідскай мове, прысвечанага юбіляру. У перакладзе на беларускую мову гучаў: “Рыцар магутны, смелае вока...” Было шмат і іншых матэрыялаў, якія зараз назваць проста цяжка. У юбілейныя дні Купала наведаў выстаўку, а ў бібліятэцы адбылося яго спатканне з чытачамі. Пасля выстаўкі ўсё, узятае ў Купалы, я сама занесла яму назад.

Без хвалявання не магу ўспомніць цёплы ліст Я. Купалы да мяне ў Саратаў. У мясцовай газеце “Коммунист” была надрукавана рэцэнзія на зборнік Я. Купалы на рускай мове. Я паслала яму выразку з газеты, напісаўшы толькі: “Бібліяграфічнае прывітанне з прастораў Волгі” без подпісу. На адрас “Государственной библиотеки” (а такой у Саратаве не было) атрымала наступнае: “Мілая Юлія Іосіфаўна! Я надта ўжо ўсцешыўся, атрымаўшы Вашу запісачку з выразкай. Адразу дагадаўся, што гэта пісала Ваша рука. З нецярпеннем буду чакаць вестачкі больш падробнай аб Вашым цяперашнім жыцці-быцці. Ітак, чакаю. Шчыра Вам адданы Янка Купала. Масква, 10.ІУ.1941 г.”

Следам за Я. Купалам і іншыя пісьменнікі сталі прыносіць свае працы. Прынёс М. Грамыка сваю паэму “Крылан”, Ц. Гартны “Сокі цаліны” і яшчэ некаторыя творы, Я. Лёсік “Граматыку беларускай мовы”, рукапісы і лісты К. Каганца. Прозвішчаў іншых даравальнікаў не памятаю. Атрыманні былі зарэгістраваны ў агульным сшытку, які не захаваўся. Калі ў 1937 годзе я выяжджала, перадала некаторыя рукапісы намесніку дырэктара (неразб.).

Успамінаецца сталая постаць Цішкі Гартнага і гаворка яго неяк у нос. Калі пачалі рыхтаваць зборнік “Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы” (Мн., 1928), прысвечаны 20-годдзю яго літаратурнай працы, М. Байкоў (відаць, з рэдакцыі зборніка) звярнуўся да мяне з просьбаю даць бібліяграфію прац Ц. Гартнага. Мне давялося не раз сустракацца з пісьменнікам і ўдакладняць яго псеўданімы. Ён быў задаволены і нават падараваў мне “Сокі цаліны” з надпісам “Укладальніцы маёй бібліяграфіі”.

У 1965 г. у часопісе “Полымя” (№12) Ніна Ватацы ўзгадвала:

“Цішка Гартны быў частым наведвальнікам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Асабліва часта прыходзіў ён у аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі. У 1928 годзе першая загадчыца гэтага аддзела, энтузіястка і пачынальніца краязнаўчай бібліяграфіі на Беларусі Юлія Бібіла рыхтавала да друку бібліяграфію твораў Цішкі Гартнага. Зміцер Тодаравіч цікавіўся гэтай работай і вельмі памагаў сваімі парадамі.

У 1931 годзе Цішка Гартны падарыў бібліятэцы многа сваіх рукапісаў. Сярод іх - аўтограф рамана “Сокі цаліны”. У час вайны амаль увесь кніжны фонд бібліятэкі быў разграблены фашыстамі. Усе рукапісы Цішкі Гартнага таксама загінулі, частка іх асталася зусім выпадкова. Шчаслівы выпадак памог знайсці невядомы рукапіс. У адным з аддзелаў бібліятэкі стаяў даўно забыты і нікім не чапаны сейф. І вось не так даўно, калі спатрэбілася перадаць аддзел другому загадчыку, успомнілі пра забыты сейф. Якое ж было дзіва, калі ў ніжнім аддзяленні яго аказаліся рукапісы Цішкі Гартнага. У асноўным, гэта былі рукапісы твораў, напісаных у 1930-31 гадах, але сярод іх аказалася нікому не вядомая аповесць “За сваю волю, за волю краіны”, якая прапануецца чытачам. Яна напісана ў 1920 годзе, аўтарам не закончана, але, як нам здаецца, з’яўляецца цікавым мастацкім дакументам часу”.

Успамінаецца яшчэ адна вельмі каларытная фігура. Як сёння бачу кучаравую галаву і пукатыя, добрыя вочы гэтага чалавека. Вітаўся ён яшчэ з парога і пачынаў распытваць: “Як маецеся? А што чуваць?” Гэта - З. Бядуля. Звычайна я паказвала картатэку яго твораў. Разглядаючы, ён часта рабіў вялікія вочы, здзіўляўся: “І гэта я пісаў? - гаварыў нам з гумарком. - Нічога ад вас не схаваеш!”

А колькі маладых паэтаў, маладнякоўцаў і немаладнякоўцаў, бачылі сцены аддзела! Паглядзець выстаўку беларускіх кніг, даведацца, што новага выйшла з друку, атрымаць даведку прыходзілі многія. З чубамі і без чубоў, у расхрыстаных кажушках (верх шыку) і паношаных шынелях... Некаторыя з пачынаючых пісьменнікаў нават нейкі час працавалі ў бібліятэцы. Напрыклад, С. Шушкевіч, Я. Пфляўмбаўм, Ю. Таўбін, Зм. Астапенка.

Сваім чалавекам быў І. Барашка, на той час - супрацоўнік архіва. Вельмі каштоўнымі для нас былі яго падарункі - спісаная ў макулатуру папера, на адваротным баку якой можна было пісаць. Каштоўны дар!..

Заходзілі Я. Пушча, студэнт універсітэта, прыгожы з антычным тварам М. Грамыка. З “заходнікаў”, якія трапілі ў БССР, помняцца: круглатвары А. Салагуб і далікатны У. Жылка. Са студэнтаў - часты госць С. Баркоўскі, які любіў корпацца ў розных картатэках. Працаўнік сельскай гаспадаркі (не памятаю прозвішча) зацікавіў мяне сваімі пошукамі кармавога “салодкага” лубіну. Калі скончылася праца ў бібліятэцы, мы выйшлі разам, і доўга ён мне гаварыў пра сваю ювелірную работу, якой ён з натхненнем займаўся.

Колькі іх было! А ці многа засталося? Шмат каму, хто прыйшоў у бібліятэку шукаць дапамогі ў сваёй працы, хацелася падзяліцца сваімі пошукамі, вынікамі і нават задумамі, калі бачылі спагадныя адносіны і жаданне дапамагчы. Мы адчувалі вялікае задавальненне, калі чалавек знаходзіў тое, што шукаў, калі мы яму нечым дапамаглі.


Падрыхтоўка да друку і каментары Таццяны КЕКЕЛЕВАЙ і Арсеня ЛІСА.


Аўтарскі правапіс захаваны

Загрузка...