Дзея другая

Руіны рачнога вакзала. Бой грыміць недзе далёка. Мокры да апошняе ніткі, сядзіць на камянях Адуванчык. Есць размоклы шакалад і горка плача. Каля сцяны сушыцца Дзерваед.


Адуванчык. Дзед, чаму яна ўтапілася? Я плаваць не ўмею і выплыў… Чаму я выплыў? Я ж вады баюся… У плыт як дасць — у яе толькі калені мільганулі… А я выплыў… Ой, сволачы! Ой, гады… Ну, чаго ты маўчыш?

Дзерваед. А ты паплач… Яно нічога… Паплач… Табе трэба плакаць…

Адуванчык. Яна прыгожая была? Га, дзед? Ліплі ж усе да яе…

Дзерваед. Прыгожая…

Адуванчык. А я падсмалены і пакусаны… Чаго ж яна так да мяне… Я ёй пра цыганку расказаў… Пасмяялася, а потым рукой вось так правяла… Я, кажа, і ад вады на цябе закляцце зраблю…

Дзерваед. Баба што хочаш можа… Калі душой любіць… Гэта сіла…

Адуванчык. А можа, яна гэтым закляццем усе свае сілы аддала? Каб я жыў?

Дзерваед. Можа…

Адуванчык. Нарадзіць хацела… Я, кажа, Лёнька, ад цябе колькі змагу — столькі нараджу… Колькі на руках у мяне памерла… І колькі сама забіла… Столькі і нараджу… Тады душа супакоіцца… А чаго ў яе душа неспакойная была? Фрыцаў жа забівала…

Дзерваед. Бабе дзяцей трэба няньчыць, а не…

Адуванчык. Цяперака мне вады можна і не баяцца…

Дзерваед. Можна…

Адуванчык. Хочаш шакаладу?

Дзерваед. Давай…

Без гімнасцёркі, з кацялком у руках падыходзіць Дугін.

Дугін. Ідзіце да кухні… Кашу ўжо даюць…

Дзерваед. То добра…

Дугін. Там і абсушыцеся… Чаго цябе трасе, малы? Застудзіўся?

Адуванчык. Застудзіўся…

Дзерваед. Пайшлі, Лёнька… Што б там ні было, а каша — першае дзела…

Дугін. Дзед, хочаш грамульку для сугрэву душы…

Дзерваед. Не хачу…

Адуванчык. Дай мне! (Бярэ ў Дугіна біклагу, робіць некалькі адчайных глыткоў, кашляе, закусвае шакаладам.) Пайшлі, дзед…

Адыходзяць. Дугін сядае на зямлю і, заціснуўшы паміж каленяў кацялок, есць салдацкую кашу. Падыходзіць Лейтэнант. Новенькая гімнасцёрка, новенькая фуражка, новенькія боты. Адным словам, з іголачкі. Нават і твар, здаецца, з іголачкі.

Лейтэнант. Тут першы ўзвод, баец?

Дугін. Тут…

Лейтэнант. Я са штаба дывізіі. Дзе камандзіра знайсці?

Дугін. Я камандзір…

Лейтэнант (прысеў побач). Слухай, у цябе тут служыць такі Дугін… Як ён?

Дугін. Ваюе…

Лейтэнант. Ты за ім нічога такога не заўважыў?

Дугін. Ладна, лейтэнант, не будзем у кошкі-мышкі гуляць… Дугін я. Што я павінен быў за сабой заўважаць?

Лейтэнант (ніякавата крэкнуў). Та-ак… Тады пару пытанняў да вас, старшына…

Дугін. Давай… Толькі я кашу даем… Галодны як сабака.

Лейтэнант. Еш, еш…

Дугін. Ты, калі хочаш, таксама да кухні падыдзі… У нас добрая каша сёння.

Лейтэнант. Не, дзякую, я ўжо снедаў.

Дугін. Ну, глядзі…

Есць кашу. Лейтэнант назірае за ім.

Лейтэнант. З якога года ваюеце?

Дугін. З сорак першага…

Лейтэнант. І ў якім званні пачалі вайну?

Дугін. Старшы палітрук…

Лейтэнант. Аднак вы выраслі… Такі малады і ўжо старшына… Як гэта так ліха ад старшага палітрука да старшыны?

Дугін. Ты ведаеш, што ў сорак першым тварылася?

Лейтэнант. Адступалі… часова…

Дугін. Ды не адступалі мы, а ўцякалі…

Лейтэнант. Не ўсе, канечне…

Дугін. Ага… Хто пад гусеніцы іх танкаў трапіў, канечне, не ўцёк… Супраць лома няма прыёма… Два месяцы быў у акружэнні, выйшаў са зброяй, праверка — радавым у строй… Пад Масквой узвод далі, потым роту, потым зноў у радавыя…

Лейтэнант. За што?

Дугін. Вышыню не ўзяў. Потым яе два батальёны бралі, а я павінен быў з ротай узяць… Напалову выбітай… Пад Сталінградам званне вярнулі, пад Курскам разжалавалі… Падонка ў расход пусціў. У адным сяле жанчыну мардаваў… Яна там жыла з некім… ці то са старастам, ці то з немцам… Чорт яе ведае! Дык ён яе і яе дзіцёначка… Адным словам, самасуд атрымаўся… Добрага байца за нямецкую падсцілку хлопнуў. І каяцца не стаў… У цябе закурыць ёсць? Маё ўсё вымакла на пераправе.

Лейтэнант дастае пачак папярос. Дугін бярэ адну.

«Казбе-ек»... Даваенным пахне…

Лейтэнант. Далей…

Дугін. Далей усё нармальна… Змыў віну крывёй… Пасля штрафбата далі аддзяленне. Цяпер замяшчаю ўзводнага…

Лейтэнант. Біяграфія… Куды ні кінь — адусюль пакрыўджаны.

Дугін. Вайна, лейтэнант… Крыўдзіцца пасля Перамогі будзем. І вось што: хопіць цямніць! Што трэба — пытайся! Не строй з сябе Шэрлака Холмса…

Лейтэнант. Спакойна, спакойна, старшына… Я, здаецца, пакуль што вышэй па званні…

Дугін. Даўно з вучылішча?

Лейтэнант. Нядаўна.

Дугін. Яно і відаць. Пытайся…

Лейтэнант. У вас ёсць жонка?

Дугін. Ёсць…

Лейтэнант. А пісьмы ад яе?

Дугін. Няма. Ну, хопіць…

Лейтэнант дастае з сумкі канверт.

Лейтэнант. Скажыце, старшына, як магло стацца, што ў той час, калі ваша дывізія стаяла на фарміраванні, была далёка ад фронту, ваша жонка, Вера Іванаўна Дугіна, атрымала пісьмо?.. Вось гэта во… На штабным бланку, за фальшывым подпісам фальшывага камандзіра… У ім паведамляецца, што… цытую: «Дугін Уладзімір Паўлавіч загінуў смерцю храбрых у баях за Радзіму і пахаваны ў брацкай магіле каля сяла Зельва». А ёсць такое сяло?

Дугін. Ёсць. І брацкая магіла ёсць.

Лейтэнант. Раю казаць праўду, старшына…

Дугін. Я заўсёды праўду кажу… Пісьмо адпраўлена па маёй просьбе… Хто адпраўляў — не скажу! А ўвогуле так: бланк украў і напісаў сам… Нашто? Любоў у мяне, лейтэнант, разумееш? Сустрэў у шпіталі адну сястрычку, ну і закруцілася ў нас з ёй… Вырашыў: дзяцей няма, яна маладая… Не прападзе, знойдзе сабе… Ну і каб з маху абрэзаць усё…

Лейтэнант. Стоп, стоп, старшына… Натхнёная хлусня — гэта талент. Вы ў гэтым — круглы нуль… Вочы выдаюць. Мітусяцца… Няма ж ніякай сястрычкі… Ды і не было. А можа, усё прасцей? Абрэзаць усе канцы і да іх махнуць.

Дугін. Да каго «іх»?

Лейтэнант. Праз нічыйную паласу…

Дугін (пасля паўзы). Лейтэнант, я куру тваю папяросу… Скажы дзякуй богу… А так бы ты праехаўся ў сваёй новенькай гімнасцёрцы па зямлі…

Лейтэнант. Добра. Больш я нічога пытацца не буду. Але скажы: як ты, франтавік, мог… (Патрос пісьмом.) Прыкрывацца ад чаго б там ні было тымі, хто ад Масквы да Германіі ў брацкіх магілах ляжыць? Прыкрывацца іх светлымі імёнамі, светлай памяццю тых, каго, можа, і сам хаваў… Як ты змог? Сволач ты, старшына! Гэта я не ад сябе кажу… Твая праўда, я толькі з вучылішча, пораху не нюхаў… Не мне цябе судзіць… Гэта я табе ад свайго бацькі! Ён пад Мінскам ляжыць. Дарэчы, у братняй таксама…

З’яўляецца Вера. Прыгожая жанчына ў форме ваенурача трэцяга рангу.

Гэта я табе і ад тваёй жонкі…

Вера. Ад мяне не трэба, лейтэнант…

Лейтэнант. Даруйце… (Пайшоў.)

Вера. Дай пісьмо… (Лейтэнант аддае.) Пачакай мяне ў машыне, калі ласка… Я зараз прыйду…

Лейтэнант. Добра… (Пайшоў.)

Вера. Добры дзень, Валодзька…

Дугін. Добры дзень, Вера…

Вера. Ты не бойся, Валодзька… Пра гэта (паказала пісьмо) ніхто не ведае… Лейтэнант мой сябар… Нікому не скажа. Не хвалюйся.

Дугін. Я не хвалююся…

Вера. Ты нават можаш забраць яго. Бяры, бяры…

Дугін бярэ пісьмо.

І каб цябе не мучыла сумленне — скажу: я па табе не плакала… Як бачыш, не пасівела… Жанчыны, Валодзька, бяду прадчуваюць… Як звяры землетрасенне… Асабліва тыя, хто любіць… А я цябе люблю… Прачытала гэта і падумала: глупства нейкае, бязглуздзіца! І лягла спаць. І пакуль не заснула, шаптала ўсё: «Прысніся мне, Валодзька, прысніся…» Так і заснула. І ты мне прысніўся… Стаіш сярод белай чаромхі, памятаеш, мы пасля вяселля да мамы ездзілі? Было шмат чаромхі.

Дугін. Памятаю…

Вера. Дык вось, ты стаіш і голенькага хлопчыка на руках трымаеш… Я ведаю, што гэта сон і што голы хлопчык у сне не к дабру… Пытаюся ў цябе: «Ты жывы?» Ты сумна-сумна галавой кіўнуў. Маўляў, жывы… А я чамусьці пытаюся: «Дзе ты загінуў?» Ты на куст чаромхі паказваеш… А пад тым кустом стол стаіць. Папера нейкая. Ты гэта на стале пісаў?

Дугін. На тумбачцы.

Вера. Я запыт на наступны дзень зрабіла… Але дывізію вашу расфарміравалі ўжо… Канцоў не знойдзеш… Ты і гэта ўлічыў… Але я знайшла цябе…

Дугін (цяжка). Ідзі, Вера… Даруй і ідзі…

Вера. Табе не трэба прасіць прабачэння… І той, хто палюбіць, і той, хто разлюбіць, — аднолькава невінаватыя… Я толькі хацела паглядзець табе ў вочы, Валодзька… І ўсё.

Дугін. Глядзі.

Вера. Хто яна?

Дугін. Жанчына.

Вера. Як завуць?

Дугін. Лідка.

Вера. Няпраўда… Калі б яна была, ты б сказаў Ліда…

Дугін. Яна… проста маладзенькая. Ідзі, Вера… Прашу цябе…

Вера (гледзячы ў вочы, спалохана). Госпадзі… Валодзька… Ты ж любіш мяне…

Дугін (працягвае пісьмо). Любіў.

Вера. Можа, табе што-небудзь пра мяне напісалі?.. Чатыры гады расстання… Потым фронт, шпіталі… Параненыя, скалечаныя, пакінутыя… Усялякае было… Але душа мая чыстая… І каханне маё чыстае… Клянуся табе! Ты чуеш?!

Дугін. Забяры пісьмо!!! У ім усё правільна…

Вера (амаль істэрычна). Растлума-а-ач!!!

Дугін. У сорак першым мы выходзілі з акружэння… Знясіленыя голадам ушчэнт. Той, хто не мог ісці далей ці быў паранены, — цішком сыходзіў у хмызняк. Таму што не толькі несці каго-небудзь, а нават весці пад руку ні ў кога не было сіл… Пачнеш дапамагаць — ляжаш сам… Вось тады і ўзнікла такая маўклівая дамоўленасць: скончацца сілы — у лес! Прастрэлілі ногі — у лес! Палкавы камісар падаў прыклад. Падазваў мяне і кажа: «Слухай, палітрук: калі са мной што якое — павядзеш атрад. Не спыняцца! Што б ні здарылася! Паўтары». Я паўтарыў… Ноччу ён знік… З акружэння выйшла сорак шэсць чалавек. Астатнія ў лесе… Па аднаму. Лічы, што і я сышоў у гэткі ж лес… Гэта ўсё, што я магу табе сказаць… Ты ні ў чым не вінаватая перада мной, а я перад табой… Вайна… Скончыцца, праклятая, — выходзь замуж…

Вера. Што ты кажаш?!

Дугін (упарта). Выходзь замуж і як мага больш нарадзі дзяцей… Колькі зможаш! Нас павыбівала к чортавай матары, а народ павінен быць моцным. Можа, яшчэ якую-небудзь бяду яму давядзецца ўзяць на свае плечы… Ідзі, Вера…

Вера (праз слёзы). Не разумею…

Дугін. Супакоішся і зразумееш…

Прыбягае Бушцец.

Бушцец. Старшына, танкі!!

Дугін. Дзе?

Бушцец. З-за ўзгорка па беразе пруць!

Дугін. Можа, нашы?

Бушцец. Якое там?! «Фердынанды»!

Дугін. Адкуль яны ўзяліся?

Бушцец. Чорт іх ведае!

Дугін. Ідзі, Вера, ідзі… (Да Бушцеца.) Пяхоты не відно?

Бушцец. Здаецца, не…

Вера. Валодзька, мілы… Даруй мяне! Даруй! Я ўсё жыццё перад табой на каленях стаяць буду!!!

Дугін. Лейтэнант, забяры яе!

Прыбягае Лейтэнант.

Дуй хутчэй адгэтуль! Зараз горача будзе! Заскочыш на КП палка! Скажы, каб агнём падтрымалі…

Лейтэнант. А што такое?

Дугін. Танкі аднекуль прарваліся!

Вера. Валодзька!

Дугін (кідаецца да пралому). Узво-од! У каго ёсць гранаты — звязкі, звязкі рыхтуйце! Астатнія ў будынак… Жмі, лейтэнант!

Лейтэнант. Ёсць!

Вера (крычыць). Я люблю цябе, Валодзька! Я люблю цябе!

Лёскат гусеніц танкаў.

Зацямненне.


І зноў руіны нейкага будынка. Разбітая мэбля, каля сцяны на століку патэфон. На падлозе разбіты бюст Гітлера. Ціха. Грымотаў вайны не чутно. У будынку размясцілася на адпачынак наша аддзяленне. Бушцец курыць, Дзерваед зашывае нешта на гімнасцёрцы. Адуванчык сноўдаецца па будынку.


Дзерваед. А старшыну, мабыць, ад нас забяруць… У штаб дывізіі выклікалі…

Бушцец. Які ён старшына?

Дзерваед. Старшына… Ён старшына і ёсць…

Бушцец. Вайна канчаецца… Што рабіць?

Дзерваед. Жыць…

Бушцец. Жыць… (Падышоў да кавалкаў бюста, пастукаў па галаве прыкладам.) Праўду кажуць, што ён артыстам быў?

Дзерваед. Хто?

Бушцец. Фюрэр…

Дзерваед. Кажуць…

Бушцец. Устроіў спектакль… Слухай, а яго ж нехта і радзіў?..

Дзерваед. Ну, вядома ж, не ў капусце знайшлі…

Бушцец. І што адчувала гэта баба, калі радзіла яго?

Дзерваед. Радасць…

Бушцец. І грудзямі карміла?

Дзерваед. Карміла, мабыць… А то як жа?

Бушцец. І вось не захлібнуўся ж ад мацярынскага малака, паскуда… І радзімец яго не схапіў… Ой, сустрэць бы гэту ведзьму, калі яна жывая яшчэ… Ну чаго глядзіш?

Дзерваед. Не крычы…

У гэты момант з другога пакоя выходзіць Адуванчык. На ім вялікага памеру нязграбны генеральскі мундзір, фуражка з высокім верхам. З-пад казырка тырчыць толькі адзін нос. У руках лялька-галыш. Ціхенька падышоў да патэфона, паставіў пласцінку. Палілася песня. Не бравурная, а так… просценькі нямецкі шлягер.

Адуванчык (блазнавата). Іх бін гойтэ дранг нах остэн!

Бушцец (азірнуўся, спакойна). Во дзіцёнак… (І раптам узвіўся.) Здымі!! Зараз жа здымі гэта, шчанюк!! Я каму сказаў?!

Адуванчык (спалохана скідвае фуражку і мундзір). Чаго ты?! Чаго ты затросся, псіх шалёны?!

Бушцец падымаецца і выходзіць. Каля патэфона лёгка стукнуў прыкладам па пласцінцы. Песня захліпнулася.

Ідзі ў санбат! Табе лячыцца трэба… (Паўза.) Дзед, а я яго баюся! Калі заводзіцца, у яго вочы мутнымі робяцца… А тут генерал жыў… Генерала ўчора выкурылі… Мабыць, і дзеці ў яго былі… Бачыш, во лялька… (Уздыхнуў.) Каб Зоська не згарэла — ёй бы трафей прывёз… (Запіхвае ляльку ў свой рэчмяшок.) Дзед, а куды ты пасля вайны?

Дзерваед. Не ведаю…

Адуванчык. І я не ведаю… Дзед, а паедзем куды-небудзь разам? Га? Мы з Лідкай у Сібір дамаўляліся… Лясоў там! Звяр’я! Страляць навучыліся — на паляванне хадзіць будзем… Рыбу лавіць… Га?

Дзерваед. Дадому трэба… У Максюткі… Я і магілкі сваім не зрабіў яшчэ…

Адуванчык. Дадому не хачу. Хачу туды, дзе абсмаленых комінаў няма… Дзе ціха-ціха…

Уваходзіць Дугін. Ён у той жа засціранай гімнасцёрцы, але з новенькімі капітанскімі пагонамі. На грудзях Зорка Героя. Дзерваед і Адуванчык аслупянела падымаюцца.

Дугін (жартаўліва). Вольна… Сам радавы…

Адуванчык (ашалела). Ёш тваю клёш! За што цябе так?..

Дугін (сур’ёзна). За вайну…

Адуванчык. Дай прымераць, га?

Дзерваед. Гэта не мераюць, Лёнька… (Падышоў да Дугіна, моцна паціснуў руку.) Ну, то віншую… Гэта добра… Чэснае слова, рады…

Дугін. Дзякую, дзед…

Адуванчык. Ды раскажы хоць!

Дугін. Выклікалі да камандзіва… Прыходжу. Па ўсім штабе шорах. Начштаба накінуўся: у чым ты прыйшоў?! Гімнасцёрка, бачыце, засціраная… Хацеў аднаго старшыну раздзець, каб я пераапрануўся… Пайшлі вы, кажу… Заходжу. А ў камандзіва маршал сядзіць.

Адуванчык. Ідзі ты!

Дугін. Што ж ты, пытаецца, старшына, ад узнагароды бегаеш? Вайна ганяе, во і бегаю… Ну, раскажы, як танкі паліў… Я яму пра Маскву давай расказваць. Не тое, кажа… Я пра Сталінград. Не тое! Я пра гэту рэчку праклятушчую, дзе нас «фердынанды» накрылі. Зноў не тое! Ну, тады, кажу, не па адрасу. Шукайце іншага. А пра Курск чаму не расказваеш, пытаецца? Пад Курскам мяне разжалавалі, што тут расказваць? Смяецца… Аказваецца, званне вярнулі адразу ж… Але шпіталь, перафарміраванне — згубілася…

Адуванчык. Гэта ж трэба! А ты столькі ў радавых хадзіў…

Дугін. А мы ўсе ў радавых… Ад маршала да цябе…

Дзерваед. То добра…

Дугін. А потым Зорку дастае… У мяне ў вачах пацямнела… Я думаў, ордэн будзе… Гэта табе, капітан, і за Маскву, і за Сталінград, і за Курск, і за ўсю вайну… (Задуменна і сумна.) За ўсю вайну…

Адуванчык. Ёлкі зялёныя! Герой… Слухай, старшына, цябе ж паважаць трэба…

Дугін. Паважай, паважай… А заадно збірайся, паедзеш у штаб дывізіі… Машына чакае.

Адуванчык. Нашто?

Дзерваед. Як нашто? Можа, і табе што-небудзь перападзе…

Адуванчык. Не, сапраўды, нашто?

Дугін. Ім там тэлефаніст спатрэбіўся… Загадалі, каб…

Адуванчык. Не паеду!

Дугін (жорстка). Паедзеш!! Гэта я сказаў, малы… Усёк?

Адуванчык (плаксіва). Ну, за што, старшына? Што я табе зрабіў? Я ж прападу без вас…

Дугін (прытуліў яго да сябе). Эх ты, Адуванчык… Дурань ты, дурань… Да начальства бліжэй будзеш… На вачах! Хутчэй медаль дадуць ці лычкі якія…

Адуванчык. Не хачу я…

Дугін. Калі што якое, крыўдзіць пачнуць — скажы, што ў аддзяленні Дугіна ваяваў… Цэлы год…

Дзерваед сабраў рэчы Адуванчыка, падае.

Адуванчык. Дзед, ну скажы ты… Колькі там тае вайны засталося? Цэлы я буду…

Дзерваед. Едзь, Лёнька… Нічога, едзь…

Дугін. Давай, давай… Машына чакае… (Дастае з кішэні шакалад.) На шакаладу на дарогу…

Адуванчык. Не хачу! Мог бы чарку паставіць за Героя…

Дугін. Бяры, што даюць! Ну і бывай, гвардзеец! (Абдымае.)

Адуванчык. Ну, то бывайце… Калі што якое дзе-небудзь трохі не таго — ліхам не памінайце… Я вас… люблю… (І каб да канца не расплакацца — выбег.)

Дугін. Праводзь яго, дзед…

Дзерваед. Ага… (Пайшоў.)

Дугін. І вось яшчэ… Там, каля калонкі, дзве нашыя жанчыны… Ну, рускія, з лагера… Прывядзі, накармі іх… Адна, здаецца, цяжарная…

Дзерваед. Як?

Дугін (амаль злосна). Ну, як жанчына цяжарная бывае?!

Дзерваед. То ясна.

Дугін. У цябе знойдзецца што паесці?

Дзерваед. Ды знайду… Ёсць трохі. Кансервы там, тушонка… А малы праўду кажа: магарыч з цябе, старшына… Выставіш ужо нам па грамульцы…

Дугін (дастае з сумкі бутэльку). На, п’яніца… Маскоўская! Камдзіў павіншаваў.

Дзерваед. О, то добра… Вечарком зазірні… На трох раздавім… Цяперака нас трое засталося… Сяргей, ты, я…

Дугін. Заўтра папаўненне прышлюць…

Дзерваед. То добра…

Гудзе машына.

Дугін. Ды пачакай ты! Слухай, дзед, нешта мне сумна глядзець на цябе… Аж сэрца заходзіцца…

Дзерваед. Чаго?

Дугін. Мар’я яшчэ ходзіць за табой?

Дзерваед. Ходзіць…

Дугін. Давай я і цябе перавяду куды…

Дзерваед толькі махнуў рукой і выйшаў.

(Адзін.) Ну што ж… Будзем яшчэ раз прымаць роту…

Ідзе ў пралом. Чуваць гук ад’язджаючай машыны.

Голас Адуванчыка. Бывайце, хлопцы! Я вас люблю-ю-ю!!!

Праз нейкі момант у будынак уваходзяць старая Жанчына і Люська. За імі Дзерваед.

Жанчына. А вёска наша, салдацік, чыстая, вясёлая… Антанёва называецца… Чуў, можа?

Дзерваед. Не… Я зараз, сядайце… (Дастае з рэчмяшка хлеб, рэжа яго, адкрывае кансервы, да Люські.) Я табе малака дам… У мяне тут згушчонка недзе была…

Жанчына. Вясёлая вёска… Над Нёманам стаіць… Вясной, у паводку, вада аж да парога падбіраецца… А на тым беразе шыро-о-ока, аж да самай пушчы…

Дзерваед. Ешце… Толькі хапаць не трэба… Гэта я ўсё вам у дарогу аддам… І яшчэ таго-сяго назбіраю… (Да Люські.) Ну, не хапай ты так, я табе сказаў… Ты пажуй, пажуй… У цябе ж ніхто з рук не вырывае…

Жанчына (есць). Смачна… Каўбасой пахне… Мы з маім старым добрыя каўбасы робім… Ці паверыш, аж да самага лета вісяць, адрэжаш, як свежыя… (Есць.)

Дзерваед (да Люські). Ну, усё… Пакладзі пакуль што… Пагаворым… Цябе як завуць?

Люська. Люська…

Дзерваед. Адкуль?

Люська. Крынічанск… Гарадок такі невялікі…

Дзерваед. Чуў, чуў… З лагера цяпер?

Люська. Былі ў лагеры… Паўгода таму баўэр адзін забраў… За свіннямі глядзелі… (Усхліпнула.) Цяжарная я, дзядзька…

Дзерваед. Ну што ж… Дзела такое… Людзей пабіла шмат… Радзіць трэба… Дзела такое…

Люська. І нараджу!

Дзерваед. А то як жа?.. На згушчонкі… Салодкая. Яно трэба…

Жанчына. Прыязджаў бы ты, салдацік, да нас у Антанёва… Дачка ў мяне вырасла… Ты ж адзін?

Дзерваед. Адзін.

Жанчына. Дык і нявестка табе будзе… А вёска ў нас чыстая, вясёлая…

Дзерваед. Што ты такое кажаш?

Люська. Памаўчы, дзядзька… Хай гаворыць…

Жанчына. О-о, Гальку ты маю не бачыў! Бывала, з бані прыйдзем, яна такая распараная, чыстая, свежым малаком пахне… Як памыецца — заўсёды свежым малаком пахне… А валасы ў яе! У Антанёва яе Вадзяніцай звалі… Русалка, значыцца… Я яе на камень стаўлю… Ля парога ў нас камень ляжыць… Таму што валасы ніжэй пят… І як лён мяккія-мяккія… Пастаўлю і грабянцом іх, грабянцом… А яна аж свеціцца… Сонца вечаровае ў валасах… Аж свеціцца… Прыязджай, салдацік…

Дзерваед. Ты еш, еш…

Люська. Ты, дзядзька, не слухай… Нікога ў яе няма… Ні Антанёва, ні хаты, ні дачкі… У лагеры яны былі… Дачку ў дваццаты блок забралі… Блок такі ў лагеры быў… Яны там аперацыі вучыліся рабіць… І хваробы лячыць… Высокіх дзяўчат выбіралі… Мяне ў той блок забракавалі: ногі тонкія і грудзей няма… А ім трэба, каб усё было… Гальку ўзялі… Сапраўды прыгожая была… Дык во ходзіць цяпер і каго ні сустрэне — за сваю Гальку сватае…

Дзерваед (да жанчыны). Цябе як завуць?

Жанчына. Наста… Наста з Антанёва… А дачку маю — Галька… Прыязджай, салдацік…

Дзерваед. Я прыеду. Кончу вайну — і да вас у Антанёва…

Жанчына. А вёска ў нас чыстая, вясёлая… Каля кожнай хаты па крыніцы…

Дзерваед. То добра… Ты толькі больш нікому не расказвай пра Гальку. А я прыеду… Гітлера кончым, і прыеду…

Жанчына. Ага…

Дзерваед. Ешце… (Да Люські.) Ты хлебам, хлебам макай у згушчонку… Цяпер можна, калі жывот не забалеў… (Дастае яшчэ хлеба.) Гэта вам на дарожку… Нічога, дзеўкі! Нас не скруціш… І гэта перацерпім-перажывём… Нас б’юць, а мы жыта сеем…

Уваходзіць Бушцец, несучы ў руках некалькі банак кансерваў, хлеб, канцэнтраты. Узбуджаны, вясёлы. І раптам нібы натыкаецца на нябачную сцяну. Пасунуўся назад, прыціснуўся спіной да сцяны. Стаіць здранцвела.

Дзерваед (да Люські). А ў цябе хоць хто-небудзь застаўся?

Люська. Расстралялі ўсіх… Мы партызанам медыкаменты ў лес перапраўлялі… Як яны даведаліся?

Дзерваед. Значыць, нікога?

Люська. Нікога… Мужа ў армію з вяселля забралі… З папяровай кветачкай на грудзях… Забілі, мабыць… Як яны б’юць, дзядзька… Як яны б’юць…

Дзерваед. Яно нічога… Забываць трэба… Хутчэй забудзеш — лягчэй жыць будзе… А жыць трэба… Трэба жыць… А гэта… чый ён…

Бушцец нерухома стаіць каля сцяны.

Люська (правяла далоняй па жываце). Мой… Больш сказаць… няма чаго сказаць… Ён пачаў жыць без любві, пад страхам і бяссільнымі слязьмі… Але без граху, дзядзька… Без граху!

Жанчына. А вёска ў нас чыстая, вясёлая… (Есць.)

Дзерваед. А ты не плач… Бяды няма…

Люська. Можна праклінаць бога, вайну, Гітлера, увесь свет, а яго і мяне… за што ж?.. Нам і так дасталася… Што я толькі не рабіла! І ў халоднай вадзе сядзела, каб застудзіцца, і з лесвіцы знарок валілася, і… Што толькі не рабіла… А ён аднойчы сярод ночы пад сэрцам мяне пагладзіў… Знутры, па жываце… Як папрасіўся: не трэба, не вінаваты я, пусці мяне жыць… Я, я неяк супакоілася… Я ж са сваім нават не нацалавалася ўдосталь… З вяселля забралі… Толькі думала пра яго ды ў сне бачыла… У душы насіла… І гэта будзе яго дзіця… Яго. Душа мяне не асудзіць… Ні яго, ні мая… Людзі — хай. Душа не асудзіць…

Бушцец нерухома стаіць каля сцяны.

Дзерваед. Які там суд? Ён твой… І ты яго нікому не аддавай.

Люська. Не аддам…

Дзерваед. Зберажы ад усяго шалёнага свету…

Люська. Зберагу…

Дзерваед. Навучы дабру і любові…

Люська. Навучу… (Паўза.) Дзякуй табе, дзядзька… Прыязджай да нас у Крынічанск…

Дзерваед. Яно можна…

Жанчына. Крыніц у нас шмат… І Нёман вясной разліваецца шыро-о-ока…

Люська. Пойдзем, цётка Наста… (Да Дзерваеда.) Нас на зборным пункце чакаюць…

Дзерваед. На згушчонкі… Еш патрохі… Яно трэба…

Люська. Дзякуй табе, дзядзька… Хай цябе куля абміне… Хадзем, цётка…

Нізка пакланілася Дзерваеду. Жанчына таксама. Выходзяць. Бушцец як здранцвелы стаіць каля сцяны і не міргаючы глядзіць перад сабой. Дзерваед збірае рэшткі прадуктаў, заўважае Бушцеца.

Дзерваед. Сяргей, хто гэта ў нас у роце з Крынічанска быў? Гураў ці Варонін?

Бушцец (хрыпіць). Я…

Дзерваеда як ударыла. Павольна-павольна падымаецца. Падыходзіць да таварыша. Паўза.

Дзерваед (ціха). Яно ўсё так… але дагнаць трэба… Не наша з табой гэта вайна, Сяргей… Не мы яе вынеслі, а яны… Бабы нашы… На іх яна лягла… У іх слязах і ў іх крыві Гітлер пракляты захлынуўся… У іх душах праўда вечная… І любоў. Калі б мне Мар’ю вярнуць… Каб толькі можна вярнуць.

У праломе з’яўляецца Жанчына з дзіцем.

Я б перад ёй да магілы на каленях хадзіў… Не мы ім, а яны нам дараваць павінны… За жудасць, якую перажылі… За страх і слёзы нявінныя, за смерць і пакуты, якія мы на сябе ўзяць не змаглі… За тое, што мы забіваем, а яны нараджаюць… Яно дагнаць трэба… Дзіцё яно дзіцё… Нашае вады з крыніц пап’е, пад нашым сонцам пагрэецца, нашых песень наслухаецца — яно і нашым будзе… Нашы бабы добра спяваюць… Яно дагнаць трэба… Супакоіць…

Бушцец не зварухнуўся.

(Крычыць.) Дагані!!!

Бушцец (зрабіў рух, але, як падкошаны, апусціўся на падлогу). Не… магу… (Таксама крычыць.) Не магу!!!

Жанчына з дзіцем знікае.

Зацямненне.


Ізноў руіны нейкага будынка. Ноч. Скрыня з-пад снарадаў, на ёй газнічка, хлеб салдацкі, тры кружкі. Вакол скрыні сядзяць Дугін, Дзерваед і Бушцец. Ціха так сядзяць. Думаюць. І па ўсёй зямлі цішыня. Як вымерла ўсё. Дзерваед ціха-ціха спявае:

Ой, чыё ж та поле?

Чые жы та пракосы?

Чыя ж та дзяўчына

Распусціла косы.

Дугін. Дап’ём?

Дзерваед. Можна…

Дугін. Давайце, хлопцы… За Перамогу… Цяпер можна… Сёння ці заўтра капітуляцыю падпішуць… Безагаворачную!! Будзьце жывы! (П’е.)

Дзерваед таксама выпівае. Бушцец сядзіць нерухома.

Чаго ты, Сяргей?

Бушцец. Га?

Дугін. Пі…

Бушцец (бярэ кружку). Ціха… Як у магіле… Аж мутарна. (Выпіў, ляпнуў кружкай па скрынцы. Раз! Другі! Трэці! Усё мацней, мацней, мацней.)

Дугін. Хопіць псіхаваць!

Бушцец (кінуў кружку, да Дугіна). Ты ў арміі застанешся?

Дугін. Не… Здароўя няма…

Бушцец. Дарэмна… З Зоркай пайшоў бы далёка… Куды дзявацца? Страляць умею… (Дастае з-за спіны корцік.) Біць пад левую лапатку — умею! (Спрытна ўваткнуў нож у скрыню.) Гранату з дваццаці метраў у вядро закінуць змагу… Усё жыццё буду ўспамінаць вайну… Толькі вайну ўспамінаць…

Дзерваед. Усё міне… Абы жыць…

Бушцец. Нічога не мінае… (Дражніць.) «Абы жыць…» Капітан, хочаш, корцік падару? Пад Ленінградам здабыў… Ён на мяне замахнуўся, а я думаю: «Ого, які прыгожы!» Ды за руку! Ды сапёрнай лапаткай па шыі! Хочаш падару?

Дугін. Давай… (Бярэ корцік.)

Дзерваед. Малы пісьмо прыслаў…

Бушцец. Што піша?

Дзерваед. Медаль далі… Ну і прывет усім…

Бушцец. Калі ж наступную чакаць?

Дзерваед. Што?

Бушцец. Вайну… Калі новы Гітлер народзіцца? І чаму так? Чаму ім вераць? Чым больш чокнуты, тым яму больш вераць…

Дугін. Хацеў, сволач, каб усе жылі, як яму хочацца… Як ён гэта бачыць… А не хочаш — трэба прымусіць! Страхам, агнём, куляй, канцлагерам… І народ за ім пайшоў…

Дзерваед. Некалі людзі зразумеюць, што чужым хлебам заўсёды падавішся… Чужое сілай возьмеш — разлічышся… Не ты, дык твае дзеці, не дзеці, дык унукі… Гітлер во разлічыўся… Здох!

Бушцец. Госпадзі, як ціха! Ёсць яшчэ гарэлка?

Дугін. Няма. Хопіць.

Дзерваед. Сеяць трэба…

Бушцец. Што?

Дзерваед. Нічога…

Бушцец раптам засмяяўся.

Дугін. Чаго ты?

Бушцец. Бачыш, колькі друзу? Колькі спаленага? Пабітага? Зруйнаванага па ўсёй зямлі?

Дугін. Ну…

Бушцец. А калі і ў нашых душах тое ж… Га?

Дзерваед. Адбудуем. Не прывыкаць. Абы трохі ціхага часу далі… Добраму чалавеку нічога не трэба… Абы ціхі час… Ён і хлебам накорміць усіх, і дзяцей вырасціць, і песню добрую складзе, і зямлю кветкамі засее… Дайце яму гэтую часіну! Не чапайце вы яго! Не дадумаліся людзі яшчэ, што на зямлі на ўсіх нас адна душа… Што пачынаць ваяваць — супраць сябе ж ваяваць, што пачынаць забіваць — сябе ж забіваць… Адна ж душа…

Бушцец. Гэта і ў цябе, і ў Гітлера, і ў тваёй Мар’і?

Дзерваед. Пры чым тут Гітлер?

Бушцец. Тады не ный тут! Развёў дэмагогію… Адна душа… Як хто, а я нікому нічога не забуду! Ніколі. У мяне ўсё агнём і крывёй у сэрца ўвайшло… Адна душа… Іх усіх трэба пад корань! Як заразную балячку — гарачым жалезам!

Дугін. Ладна, хопіць… А то дагаворыцеся…

Паўза.

Дзерваед. Спаць пойдзем, ці што?

Дугін. Я не буду… Зоркі нізкія…

Дзерваед. Пыталіся цябе сёння, старшына… Забыўся сказаць. Калі ў камандзіра быў…

Дугін. Хто?

Дзерваед. Ваенурач. З армейскага шпіталя. Я кажу: камандзір выклікаў… Заўтра заедзе, сказала…

Бушцец. Знайдзі яшчэ грамульку, капітан…

Дугін. Уставаць заўтра рана… З саюзнікамі сустракаемся… Быць ва ўсім парадзе… (Зірнуў угору.) Ды хоць бы хмары нацягнула, ці што?

Бушцец. Чаго ты?

Дугін. Ды не магу. Зоркі цягнуць… Аж трасе…

Дзерваед. Закурым…

Маўчаць. Кураць. Думаюць. На зямлі цішыня. Зумер палявога тэлефона.

Дзерваед. Звоняць, здаецца, старшына…

Дугін падымае трубку.

Дугін. Што, Лісянкоў? Чаму не спіш?.. А-а-а… Ну, давай… Слухаю, Іван Данілавіч, слухаю… Не, не спаў… Ды ўсё тут ціха, што яны выдумалі?! Во няхай заўтра прыходзяць і шукаюць, каго ім трэба! Добра, мы можам адысці, хай бамбяць, калі так баяцца… Што? Якая каштоўнасць? Іван Данілавіч, а мы не каштоўнасць? Вайна канчаецца… Ладна, яшчэ раз праверым… Злазім і ў падвалы… Хай прыязджаюць… Добра… Першы ўзвод вазьму… Усё як з іголачкі… Усё нармальна. Спакойнай ночы… (Паклаў трубку, нервова.) Кампалка званіў! Амерыканцаў нехта напужаў… Баяцца прыязджаць, кажуць, што да таго, як мы падышлі, тут снайпер сядзеў і зрэдку пастрэльваў… Самалёты гатовы прыслаць бамбіць…

Бушцец. Ну і няхай бамбяць!

Дугін. Нельга… Архітэктурная каштоўнасць… Дванаццаты век…

Бушцец. О-о-ой!

Дугін. Аж смешна! Як які-небудзь вывіх на зямлі — усё на нас! Усім павінны мазгі ўпраўляць: Чынгісхану! Рыцарам! Напалеону! Кайзеру! Гітлеру! Як пракляцце якое на народ! Тыдзень тут стаялі, а нам зараз шукай яго!

Бушцец. Пазвані заўтра і скажы, што ўсё аблазілі і нікога не знайшлі…

Дугін. Не… Давайце для ачысткі сумлення глянем… Роту падымаць не буду… Самі зірнём… Чорт іх ведае… Можа, затаіўся дзе… Дзед, на ліхтарык, злазь у падвалы, пасвяці там… Толькі калі што-якое — не лезь здуру, адразу назад…

Дзерваед. То добра… (Пайшоў да пралому, потым нечакана і хутка вярнуўся.)

Дугін. Што, дзед?

Дзерваед. Гэта… Спытаць хацеў…

Дугін. Пра што?

Дзерваед. Нешта хацеў, а во з галавы выскачыла… Чорт!

Дугін (усміхнуўся). Ускочыш назад — спытаеш… Ідзі.

Свецячы ліхтарыкам, Дзерваед палез у падвал.

(Глядзіць угору.) Што гэта… Царква, ці што?

Бушцец. Чорт яе ведае! Можа, ратуша якая…

Дугін. Злазь наверх… Там, я бачу, закуткоў, як кратовых нор…

Бушцец. Дык завалена ўсё к чортавай матары…

Дугін. На вуліцы дрэва… Можа, з дрэва як…

Бушцец. Ага…

Дугін. Толькі ж глядзі! Сваю галаву я табе не пазычу…

Бушцец (аглядаючы аўтамат, радасна). Усё будзе абгэмахт, капітан… (Пайшоў у пралом, спыніўся, блазнавата ўсміхнуўся.) Іш, геррой!

Дугін. Ідзі, дурань… А я пасты праверу на ўсялякі пажарны…

Бушцец знікае ў праломе. Дугін глядзіць угору.

Ну і свецяць... (Задуменна.) Свецяць…

Пайшоў. Некаторы час будынак пусты. Потым у адной сцяне з рыпам адчыняецца патаемны ход, і ў чорнай яго пройме з’яўляецца маленькая постаць. Гэта падлетак. Хлапчук. Худы, мурзаты, валасы ўскудлачаныя, вар’яцкія затраўленыя вочы… У руках снайперская вінтоўка. Не міргаючы глядзіць ці то на газнічку, ці то на кавалачак чорнага хлеба, што застаўся на скрыні. Павольна-павольна набліжаецца да газнічкі і скрыні. Мычыць нешта. Адным горлам. Мабыць, нямы. Падышоў. Глядзіць на хлеб. Вінтоўку паклаў на зямлю. З’яўляецца Дугін.

Дугін (даволі гучна). Гэй, ты што тут забыўся?

Але падлетак нават не зварухнуўся. Ён узяў хлеб і павольна-павольна падымае яго над сабой. Разглядвае. Мычыць.

(Больш гучна.) Я цябе пытаюся… Што за чорт!

Нямы трымае акраец і мычыць.

Ты што, аглух? Ану-ка, павярніся!

І ён павярнуўся. Але не ад загаду капітана, а так, сам па сабе. І ўбачыў Дугіна! І адразу ж, як толькі ўбачыў, віскнуў дзікім звярком, кінуў хлеб, схапіў вінтоўку, адскочыў да сцяны. Мычыць.

Ого! Ціха, ціха… Не ерапенься… Усё гут… Усё алес гут… Крыг капут… Гітлеру вашаму трындзец… Ніхто цябе не зачэпіць. Пакладзі вінтовачку… Ду іст кляйне… Ніхт фашыст, ніхт зольдат… Пакладзі вінтовачку, пакладзі… Ты чуеш?

Але Дугін не зразумеў ці забыўся, што той не чуе. І зрабіў крок. Адзін толькі крок. Са ствала шуганула полымя. Схапіўшыся за жывот, Дугін сагнуўся. Нямы кінуўся ў сваю дзірку.

(Стогнучы.) Во паскуда! Ах, каб ты здох… Так па-дурному…

З падвала выскоквае Дзерваед.

Дзерваед. Старшына!!!

Дугін. Спакойна, партызан… Усё алес гут.

Аднекуль зверху саскочыў Бушцец.

Бушцец. Што? Што такое?

Дугін. Ён тут… Ах, саюзнічкі… (Паказвае на дзірку.) Тут… шчанюк пракляты…

Бушцец. Так, партызан, глядзі тут… Я зверху! Там такая ж нара ёсць… Зараз мы яго, суку, прычэшам! (Пабег.)

Дугін. Не суйцеся дарэмна… Яго лёгка ўзяць… Глухі… Ні храна не чуе…

Бушцец. Зараз анямее, сука… (Палез наверх.)

Дзерваед. Як жа ты гэтак, Валодзя?

Дугін. Дурань! Пісталет не дастаў… Што, што, дзед, ты ў мяне спытацца хацеў? Пытайся… пакуль не позна…

Дзерваед. Так… нічога… Пакажы, куды цябе…

Дугін. Потым, потым… Ідзі, Сяргею памажы… Толькі не падлезце здуру, як я…

Дзерваед. Цярпі, цярпі, старшына…

Дугін. Што ж мне яшчэ рабіць?

Дзерваед. А мы зараз…

Перасмыкнуў затвор аўтамата і нырнуў у дзірку.

Дугін (як-кольвечы распраміўся, шэпча). Вера-а… Пачуй мяне… Ты ж недалёка… Прашу… Пачуй… Убач у сне ці так… Толькі пачуй…

У праломе ўзнікае Жанчына з дзіцем.

Я не вінаваты перад табой… Даруй, што хаваўся за гэту праклятую пахаронку… Пад Курскам быў паранены, Вера… Так, пусцяковіна… Але… цяпер можна… Цяпер ужо можна… Ні мужам, ні бацькам я быць ужо не змог бы… Ніколі… Ні для каго… Выйсця не было, Вера… Гэта не той цяжар, які можна ўзяць на плечы жаночыя… І я ўспомніў пра лес, Вера… Пра лес сорак першага… І сышоў у яго… Пройдзе час… ты зразумееш, што іншага мне не заставалася… Ты чуеш мяне?!

Жанчына ў праломе калыхае дзіця.

Нарадзі іх... Як мага больш нарадзі дзяцей… Толькі ніколі, ніколі не кармі іх грудзямі, калі ў цябе будзе злосць у сэрцы… Хай лепей будуць галоднымі, хай плачуць — не кармі! Пакуль не прымірышся з людзьмі і са ўсім светам… Пакуль у душы спакой не з’явіцца… Спакой, цішыня і любоў… Пакуль зоркі не зазвіняць…

Павярнуўся і пайшоў да Жанчыны з дзіцем, да пралому. Спыніўся, падняў рукі, нібы хацеў абняць і Жанчыну, і дзіця, і свет, і ўсе яго пакуты.

Я люблю цябе, Вера!!! Я люблю цябе!!!

Падае ў пралом. Жанчына з дзіцем знікае. Праз хвіліну з патаемнага ходу выкочваецца нямы падлетак. За ім, трымаючы ў адной руцэ аўтамат, а ў другой свой салдацкі рэмень, ідзе Дзерваед. Ідзе і з усяго размаху б’е рэменем па чым папала.

Дзерваед (б’е). Во табе «хайль»! Во табе «Гітлер»! Во табе «млека»! Во табе «матка»! Я цябе навучу! Родзіну любіць! Я цябе…

З дзіркі, трасучыся, выскоквае Бушцец. Белы, страшны. Падбег, адштурхнуў Дзерваеда.

Бушцец (хрыпіць). Не та-а-а-ак!!!

Дзерваед. Сяргей!

Але Бушцец ужо ўскінуў аўтамат. Асечка! Перасмыкнуў затвор.

Асечка! Яшчэ. Асечка!

Кінь! Ну яго, шчанюка… Сам здохне…

Бушцец. Дай аўтамат!!!

Дзерваед. Не чапай! Ён жа калека! Мычыць толькі… Кінь, Сяргей! Калека ж…

Бушцец. Дай, сволач, аўтамат! Я вас усіх! Жаласнікаў! У расход!!

Схапіўся за ствол аўтамата, цягне да сябе. Дзерваед змагаецца з ім.

Дзерваед. Сяргей, супакойся! Апамятайся ты!

Бушцец. Усё адно кончу! Разам з табой, падла! За Мішку Гальчанскага! За Люську! За бацьку! За ўсіх!!!

Дзерваед. Пусці!

Змагаюцца. Удвух пачалі падаць, трымаючыся за аўтамат. Упалі! Аўтамат стукнуўся прыкладам аб каменную падлогу і ад сатрасення сам па сабе стрэліў. Бушцец устаў і здзіўлена-здзіўлена паглядзеў на нямога падлетка, што заціснуўся ў кут. Твар яго стаў светлым, цёплым, нібы ў тую ж мінуту пасля стрэлу ён зразумеў нешта важнае і вялікае. Потым пачаў асядаць на зямлю.

Дзерваед (падпоўз да яго, перасмыкнуў затвор). На, Сяргей, на! Рабі што хочаш. Гэта не я… Прыклад ударыўся… Само. Бяры страляй… Толькі мяне спачатку, а потым яго… Яно нічога…

Бушцец (раптам усміхнуўся). Дурань ты, партызан… Дурань… Патрымай мяне… Кружацца… Зоркі кружацца…

Дзерваед (прыціскаючы таварыша да сябе). У-уй, гады… Уй, гады!

Бушцец. Баяўся я цябе, дзед… Чаго я цябе баяўся?.. Цяпер глядзі… Цяпер можна… Эх, дзе-ед…

Дзерваед. Ты не гавары, не гавары…

Бушцец (трызніць). Піць… Была маленькая светлая крынічка!.. Люська адбівалася ў ёй… У кароценькім паркалёвым плацці… Каля маіх губ адбівалася… І я п’ю яе валасы, яе вочы, яе кароценькае плацце. П’ю і напіцца не магу… Эх, дзе-ед… (Памірае.)

Дзерваед (прыціскаючы яго да сябе). Яно нічога… Ты засні… Цябе прымуць зоркі… І душа твая змучаная адагрэецца каля іх святла… Адагрэецца… І шмат хто ўспомніць цябе добрым словам… Ты спі… А я пайду… Я далажу… Яно трэба…

Асцярожна паклаў Бушцеца на падлогу, стаў падымацца сам. І ў той жа момант у праломе ўспыхнула рознакаляровае зарава. Загрукаталі аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты. Як салют па тых, хто толькі што загінуў. Па апошніх. Дзерваед як-кольвечы дабраўся да сцяны, трымаючыся рукой за параненае вайной сэрца. А кананада нарастала, шырылася, трасіруючыя кулі ляцелі з зямлі да зорак. І з гэтай кананады вырас немы нечалавеча радасны крык-стогн: «ПО-БЕ-Е-Е-ДА-А-А-А!!!» Але не чуў наш салдат гэтае доўгачаканае весткі. Не было ў яго сілы пачуць гэта. Не бачыў ён і таго, як глуханямы нямецкі падлетак знайшоў хлеб і грыз, прагна грыз яго. Прагна еў рускі салдацкі хлеб. А Дзерваед плакаў. Горка, няўцешна. Грымеў салют над усёй зямлёй, радаваліся ўсе людзі. А Дзерваед плакаў.

Дзерваед. Даруй… Даруй мне, Мар’я… Мы больш не будзем. Мы больш ніколі не будзем… Даруй…

І ўзнікла Жанчына з дзіцем, і стала набліжацца да салдата. І падышла, трымаючы на руках сваё дзіця, сваё прадаўжэнне на гэтай зямлі. Падышла зусім блізка да свайго мужа і салдата і спынілася, каб суцешыць яго. Грымеў салют. А далёка ад свайго разбуранага дома, далёка ад спаленай зямлі сваёй сядзеў і плакаў просты салдат. Салдат-пераможца. Радавы.

Зацямненне.


1982

Загрузка...