Спроба ідэнтыфікацыі



* * *

Ці захінаюць гмахі


Суседзяў сваіх — дрэвы,


Калі распаводзяць жахі


Бязьлітасныя залевы?




СЬПЯРША

(з часін таталітарызму)

Асфальтавы заводзік –


Таемная душа –


Палац любові ўзводзіць


Дзе быў будан сьпярша.



А мэталёвы комін,


Як стрэлка цыфэрблята,


На плоскі дах гаркомін


Паказвае зацята.



Бывае й бас-гітара


Рок-гуртава душа.


Паслалі качагара


Вучыцца ў ВПШ.



Асфальтавыя сьцежкі –


Як зручна карыстацца!


Уздымаецца з разьбежкі


За дымам наша праца.



Наперад з абавязкам:


Пашырыць душаў цір.


Паабяцалі краскам


Рэзэрвацыйны мір.



Пашырыць сьцежкі-ніткі


Да бальшакоў скразных!


Плякат да болю кідкі,


Як рогі ў казы.



Як замак мадэрновы,


Асфальтавы заводзік,


І мроіцца Гановэр,


Які па вулках водзяць



Духмянага гудрону


Нацэдзяць з гладыша.


Віват Дэкамэрону!


Не... чокнемся сьпярша.




ЗМРОК

Пах стамлёнага мэталю,


Шэры воблак, белы дым –


Да бясконцасьці ўздым.



Працы пляміны-лякалы,


За чыгункай горад сьпіць, -


Да дзяньніцы не будзіць.



Гурт рахманых пацукоў


Скача мякка – без падкоў.


Пах стамлёнага мэталю –


На крыжах няма цьвікоў.



Сторублёвая купюра


Менш таемная ад паца.


Людзі сьпяць – ім сьніцца праца,


Ды скарыначка на тацы –


Не да “сюра”.



Шэры воблак, белы дым –


Я ня буду маладым.


Горад ведае, што кажа,


Бо праціўнік сабатажу –


Сьцяг “недркмлющий” над ім.



Усе газэты нахлусілі,


А чыгункі разнасілі,


Што Радзіму не любіць...


Проста... проста горад сьпіць



Я ня ведаю ў твар


Пацука майго ўтрыманьня,


Нечым бавіцца да раньня,


Дзесь паскудзіць тратуар.



За мой кошт жыве, зладзюга,


Як за добрай, ветлай цёткай.


У маім двары калюга –


Я хаваю ў ёй улёткі.



Пах стамлёнага мэталю –


Гарадзкога поту пах.


Зноў загадана вакзалу:


Начаваць па пашпартах.



Ліхтароў сьляпыя вочы,


Шэры воблак, белы дым –


Я ня буду маладым.


Чулі, браце, - не прароча.



Толькі ветах, толькі ветах,


Пазнаю яго па твары,


Ходзіць над усім у кедах


І склікае да пажару.



Ды яго ніхто ня чуе:


За чыгункай горад сьпіць, -


Да дзяньніцы не будзіць.



Мякка скачуць пацукі –


Шум рабіць ім не з рукі.


Маюць блазнавую рацыю:


Ўсе з падковамі – на працу.



А на дне маёй калюгі


Ціха, брудна, ды ня тленна,


Першы промень ад пажару


Ёй памножыцца імгненна.



Ну а сёньня – ноч і горад,


Пацы мякка, мякка скачуць.


Пад падушкай – кволы сорам,


На падушцы – жах, няйначай.



Паспрабуй ад ложка збочыць!


Людзі дрыхнуць без аддышкі,


Іх заплюшчаныя вочы –


Пройгрышы ігры на лыжках.



За чыгункай горад сьпіць, -


Да дзяньніцы не будзіць.



Завітаюць раптам госьці:


Не чутно палёнай поўсьці.




НА ДАХАХ

На дахах жыцьцё для пустэльнікаў


І — традыцыйна — катоў.


Як мала самоты ўдзельнікаў,


А сьведамых — пагатоў!



На дахах спачыну ня ведаюць


Вятрыска залева і сьнег.


Затое ня трызьняць камбедамі,


Затое маўчыць нампацех.



На даху спакоем нязмушаным


Самота душу ахіне...


Узьнімешся — неба парушана,


І вусьцішна, як на вайне.




* * *

Ні штандараў нідзе, ні харугваў,


Не пазнаць: дзе каханьне, дзе жарт.


Аднастайная, доўгая пуга


Выпрабоўвая сьпіны на гарт.




МІТЫНГ

Заўтра ў краме будзе мяса:


Заўтра мітынг на дварэ.


Дэкляруе з ранку Таса:


МУС у правільным карэ.



На маёй ціхмянай працы


Па-старэчы столь дрыжыць.


Ёсьць такая ў сьвеце нацыя:


Абы жыць.



Мружаць вочы сьветлафоры,


Ім загадана “блюсьці”,


Шэф-пажарнік не ў гуморы –


Дэмакратам быў калісьці.



Трэ спытаць у “рукаводства”:


Не задзейнічаны як


клюб сабакаводства?



А на клюмбах кветкі-ружы


Толькі-толькі расьцвілі


І таму глядзяць варожа:


Супакоюцца калі?



Людзі ўспомнілі свой голас,


Голас мужны, паспаліты,


Выйдуць поруч, як ніколі,


Хто жывы і хто забіты.



Дагарыць сьвятая сьвечка –


Значыць, заўтра надыйшло.


Падціскае хвост авечка –


У крамах мяса не было.




МАРШРУТ №2

Аўтобус – на ланцугу маршрута.


На пляцы – елка экспанатам.


Вяртаюцца студэнты з інстытута


І пацяшаюць жартамі мулатаў.



Аўтобуса кіроўца бачыць елку


Разы чатыры за працоўную гадзіну.


Крычыць дзятва замест “вавёркі” –


“белка”:


Разгойдвае свавольніца галіну.



Аўтобус не сьпяшаецца нікуды.


Люд на супынку лае аўтабазу.


Хаўрус жаночы да вітрын прыкуты, -


А дабрабыт жахаецца дурнога “зглазу”.



Аўтобусу наканавана лёсам


Трываць пляўкі, абразы, штурханіну.


Кіроўцу мрояцца бананы і какосы,


А рукі не губляюць каляіну.




СОЦАРТ

За мной Соцарт па сьледзе ходзіць,


Вярбоўшчык дзёрзкага натхненьня.


Якое марыць аб пашане, аб славе


Зь літары вялікай.


Вярбоўшчык, як лісьлівы мніх, -


Ён абяцае, абяцае, ён ведае, куды цаляе,


Ён ас, ён майстар спраў такіх.



У палоне слоіка ягоным


Жаданьні-мятлікі карысьці


Згубілі свой абсяг самохаць,


Яны шчыруюць, б’юць крыламі,


Іх справа – як уяўны стогн.



Натхненьне гвалтам абудзілі


Ў палоне слоіка ягоным,


Дзе ёсьць адзінае жаданьне –


Жыць.


І пішуцца радкі, як хвалі,


Што вецер з акіянам спарадзілі, -


На кожным моры хвалі мусяць быць.



Соцарт і ты мяне прымусіў


Сьпяваць у хоры мятлікаў-ахвяраў.


І я сьпяваў – як служка тваіх дзей.


Падмануты тваёю блешней-словам


Два месяцы і дзень з паловай


Я выштукоўваў верш, які спаліў пазьней.



Я сёньня вольны, я з табой на роўных,


Цяпер ты толькі зьява – хмара і вагонь.


У мітусьлівым навакольным руху броўнскім


Пэгас мой птушка, а ня конь.




СПРОБА ІДЭНТЫФІКАЦЫІ

Хто ты, дзіўнае стварэньне,


зноў ідзеш за мной па сьледзе,


у даведніку нямашака


тлумачэньня тваёй сутнасьці.


Ты жывеш сваёй адсутнасьцю,


пьеш адсутную гарбату,


еш умоўныя варэнікі,


сьпіш умоўныя гадзіны,


як скаціна,


што ня значыцца ў калгасе,


і нічыйная уласнасьць, —


проста ходзіць па папасе,


і яшчэ не адбылася.


Зразумець цябе імнуся,


вывучаю, як француза,


як нянаскае здарэньне


(бо у нас ты не сустрэнеш


без гаспадара скаціны).


Кпінай


з’імітую правакацыю,


спробу ідэнтыфікацыі.

Загрузка...