* * *
Нястрымна і смела ляцелі арэлі,
Насуперак страхам, насустрач вятрам...
І тахкалі сэрцы, і шчокі гарэлі
І вольнае волі хацелася нам...
А сонца свяціла і мружыла вочы,
Хацелася гучна крычаць і спяваць,
Імкнуліся ў высі мы, у зааблочча,
І вецер за намі не мог паспяваць.
Ах, вольная воля, ты вабіш і клічаш,
Пяшчотна ўсміхаешся людзям здаля,
Ты рай абяцаеш, ты радасці зычыш,
А ўнізе чакае нас маці-зямля.
Мы дом павітаем, мы маму абдымем,
Мы іх не забудзем, дзе б мы ні былі.
Жыць будзем заўжды з незаплямленым імем,
І весяліцца на роднай зямлі.
* * *
Ціхі вецер вее ў полі,
Мякка гладзіць каласы.
Песня чуецца на волі,
Звонка льюцца галасы.
Дзеці рушылі ў паходы,
На жаданы вольны ўрок,
Да прыроды, дзе прыгоды
Іх чакаюць, што ні крок.
Разгадаюць таямніцы,
Здзівяцца не раз, не два…
Піць ваду будуць з крыніцы,
Слухаць, як расце трава.
Сонца сыйдзе за пагоркі
І на змену ноч прышле,
Заміргаюць хітра зоркі,
Месяц ў небе паплыве.
І ніхто больш не гамоніць
У зялёным шалашы.
Толькі звон нябесны звоніць
У прасветленай душы.
Любы край
Любы край, жыцця крыніца,
Ружай гожаю цвіцеш.
Мне табой не надзівіцца,
Песняй мне душу усцеш.
Любы край, званочкі кветак
Урачыста ўсім звіняць.
Радуеш старых і дзетак.
Хочацца ўвесь свет абняць.
Любы край, ты напаўняеш
Слодыччу маю душу.
І ты, пэўна, добра знаеш,
Да каго найперш спяшу.
Любы край, сваю Радзіму,
Я з малых гадоў люблю.
Я ў бядзе цябе не кіну,
Віншаванні ў песні шлю.
* * *
На вольную волю, да сонца
Імкнемся душою заўжды,
У свет наш, шырокі, бясконцы,
Вясёлы і малады.
На волі спяваецца звонка
Пра луг, пра палі і лясы.
А з намі спявае старонка
На розныя галасы.
У доме высокім ці ў хаце
Імкнецца народ да святла,
Мы чуем, як родная маці,
Свой голас у песню ўпляла.
І ў хоры магутным запела
Прырода і з ёю народ.
І песня удаль паляцела
Без межаў і перашкод.
Расслабцеся!
* * *
Стаўся да сябе так, як ставішся да іншых.
Жудасна будзе тады застацца
сам-на-сам з сабой!
* * *
Дэманстравала дзеўка гожасць ног.
Дзед не глядзеў.
А што ён мог?
* * *
Як гэта нясмачна, як гэта банальна.
Але рагочуць дружна ўсе, павальна.
* * *
Адбіваюся сам ад сябе...
Няма пераможцы ў той барацьбе.
* * *
– На тым і стаю! – упарціўся муж.
– Паглядзі, куды ўлез... – кпіла жонка.
* * *
У цесным трамваі
жанчына пайшла на мяне грудзьмі.
Ніякай эротыкі.
* * *
Прафесар студэнту
пасля вельмі сціслага адказу:
«Мала, мала, мала...»
Студэнт: «Іваноў даў яшчэ менш.»
* * *
Была прыгажуня нялёгкіх паводзін,
Таму з ёй ужыцца не мог аніводзін.
* * *
Схаваўся за суседаву шырокую спіну.
Ударылі ззаду.
* * *
Ад думак замарыўся, лёг у ложак,
Ды колкай прасціна была, як вожык.
* * *
Схапіліся ў бойцы вар‘ят і псіх.
«Давай, давай!» – падзуджавалі іх,
пакуль адзін нарэшце не заціх.
* * *
Нядбайла на хвалу начальніка купіўся,
наліў яму віна, сам, як свіння, напіўся.
* * *
«Без мяне народ няпоўны»...
Народ маўчыць, бо ёсць Галоўны.
* * *
Дзіка б’юць пад дыхаўку, а ён не здаецца.
«Вы не замарыліся?» – з’едліва смяецца.
* * *
Хочацца глыбока задумацца.Толькі, пра што, не ведаю.
* * *
Дурань ёсць дурань.
Трымайся спакойна.
Не пераробіш яго пад сябе.
Войнаў не трэба.
Паводзься прыстойна.
Сорам
Быць з дурнем у барацьбе.
Нарэшце
Пад старасць болей цягне да прыроды,
да траваў, дрэваў,
нівы і раллі.
Разгадваю затоеныя коды,
як дасягнуць мне
існасці зямлі.
Ці не зачаста мы грашылі словам,
не ўкладваючы ў слова
пачуцця?
Хваліліся нябачаным «уловам»,
урваўшы кус тлусцейшы
у жыцця.
Здавалася: ажыццявяцца мары,
і мы адмолім
цяжкія грахі.
Гляджу на неба...
Праплываюць хмары.
І сонейка між іх.
У сэрцы боль
глухі.
* * *
Ну вось
і ўсё.
На гэтым
развітаюся.
Што на душы ў вас,
не пытаюся...