Частка трэцяя


1.

Нехта ціха пастукаў у шыбіну. Счакаў i пастукаў яшчэ.

— Каго там нялёгкая носіць па начах? — забурчала старая.— Архіп, выйдзі, глянь.

Пачуўшы ў хаце гаману, за акном азваўся знаёмы голас:

— Адчыніце, гэта я, Раман.

— Я сам, тата,— ускочыў з ложка Максім Ляўкоў i босы, у палатняных сподніках, кінуўся ў сенцы. Грукнула завала.

У сенцы ўвайшоў каржакаваты Раман Салавей.

— Не прасні Савецкую ўласць, сынок,— не вітаючыся, буркнуў ён з парогa.— Паднімай людзей, хлопча.

Максім упоцемках пачаў хуценька апранацца. Падняўся i ўжо нацягваў боты яго бацька.

— Яшчэ завідна ў Харомнае прыехалі верхам Казік Ермаліцкі, Плышэўскі i ІІерагуды. Усе з вінтоўкамі i шаблямі, а каля рэчкі сотні з паўтары шляхцюкоў ca стрэльбамі, торбы хлебам i салам напакавалі. Сюды збіраюцца ісці — бальшавікоў, кажуць, вешаць i камунію разганяць. Марылька мая сама чула, як яны адзін перад адным выхваляліся i зубы выскалялі. Прыбегла, пераказала мне. Я — за рэзгіны ды гародамі, бытта сена з адзёнкаў збіраць. Туляўся па хмызняках, пакуль змерклася, а потым у лес убіўся, тут яны мяне, думаю, трасцу знойдуць. Пакуль прыгробся сюды, дык i ноч настала. Так што барзджэй падымайце людзей, мужчыны. Да раніцы яны будуць тут.

Максім асядлаў невялічкага мышастага коніка i паскакаў у Карпілаўку, а Раман з Архіпам будзілі мужчын у Кавалях i Лаўстыках. Праз гадзіну чалавек з паўсотні з вінтоўкамі, бярданкамі i двухстволкамі хлюпалі па калатушы веснавой дарогі ў Рудабелку. А там ужо сабраліся карпілаўскія i руднянскія мужчыны. Карней i Цімох Валодзькі прывялі чалавек пятнаццаць узброеных хлопцаў. Яны звечара прыбеглі ў Дуброву з Лучыцкай воласці прасіць у рудабельцаў падмогі. Шляхецкая банда разграміла ix рэўком, застрэліла старшыню i сакратара i заняла воласць. Хлопцы трохі адстрэльваліся, але хіба ўстоіш перад такой зграяю. От i ўцяклі ў Рудабельскую рэспубліку, дайшлі да Дубровы i прысталі. А як толькі пачулі, што i тут трэба біцца, адразу — за стрэльбы i да воласці.

— Разгуляліся шэршні,— расказвалі лучыцкія хлопцы.— I не толькі па сёлах. Унь i ў Гомелі бунт паднялі. Там дні тры ішла страляніна, з гарматаў па рэўкому смалілі мікалаеўскія афіцэры. Дык i шаршнюкі засцянковыя асмялелі. Зальюць самагонкаю вочы і, як ваўчыная гайня, лютуюць. Hi малога ні старога, ні вока ні бока не глядзяць.

Лучыцкіх хлопцаў прыняў у свой атрад Максім Ус. Высокі, плечы, як два кавадлы, рукі ні ў адны рукавіцы не лезуць, а на твары сарамяжая дзіцячая ўсмешка, кароткія вусікі, як прылепленыя, шынель ледзьве прыкрывае калені. Ен ідзе паперадзе свайго атрада па загуменні.

— От тут i заляжам. Без каманды не вытыркацца i не страляць. Падпусцім шэршняў як найбліжэй i тады ўлупім у лоб.

Хлопцы прымошчваюцца за гумнамі, за ёўнямі i варывенькамі. Лявей ад ix залеглі карпілаўцы i руднянцы. Імі камандуе маленькі i юркі Цімох Валодзька, той самы «кааператыўшчык», што яшчэ пры немцах навазіў сюды гранат i патронаў. Ён углядаецца ў веснавы світальны туман. За прыгуменнямі — пясчаны ўзгорак, там-сям тырчаць кволыя хвойкі, а за імі — на грудку — вясковыя клады. Маўкліва стаяць цёмныя сосны; бярозкі, нібыта абпырсканыя зеленаватаю расой, вось-вось расправяць клейкія лісточкі. Наўкол ціха-ціха. У небе дагараюць апошнія бледныя зоркі, над лесам яснее ўсход.

Увагнуўшыся, па загуменні ідзе Максім Ляўкоў. Саматканы суконны фрэнч падпяразаны шырокай папругаю з двума патранташамі, з~за яе тырчыць наган, у руках нямецкі карабін, палінялая салдацкая шапка насунута на лоб.

— Трымайцеся, хлопцы. З Бабруйска i Глуска ідзе помач: адбілі тэлеграму ў ЧК. Найман выехаў,— зашаптаў ён Максіму Усу. Той пераказаў суседу.

У хмызняку, на кладах, мільгануў агеньчык i патух. Відаць, нехта чыркнуў запалку. Потым заварушыліся кусты. На пясчаным узгорку паказаўся бандыцкі ландуг. Ён то вытыркаўся, то хаваўся за нізкімі хвойкамі. Шляхцюкі, відаць, хацелі знячэўку ўскочыць у Рудабелку, калі людзі яшчэ не паўставалі, захапіць воласць i перабіць камуністаў. Яны тут ведалі кожную хату, кожнага пазнавалі ў твар. Не ведалі толькі, што ix ужо чакаюць.

Як толькі бандыты выйшлі з хвойніку, Ляўкоў крыкнуў «плі» i націснуў на курок карабіна. Грымнуў залп з вінтовак, наганаў i бярданак. Шляхцюкі пападаль адпаўзлі ў хвойнік i адказалі зладжаным залпам. Дзынкалі кулі, упіваліся ў сцены гумнаў i свірнаў, адколвалі трэскі з платоў. Нельга было падняцца з зямлі. Іван Кавалевіч памкнуўся падпаўзці да шула варот, але куля штурханула яго ў плячо, ён войкнуў i зваліўся ў вільготны пясок. Максім Ус адной рукою адцягнуў яго за свіран, перавязаў рану шкуматом кужэльнай кашулі. Бледны Іван моцна сцяў зубы, дыхаў з клёкатам, а на вуснах пухірылася ружовая пена.

— От i адпомсцілі шэршні табе за Гэлю,— прашаптаў Максім. Ён загадаў хлопцам аднесці Івана ў зацішак i хутчэй везці да фельчара, а сам вярнуўся ў атрад.

Страляніна не змаўкала. Было відно, як бандыты за хвойкамі перапаўзаюць на правы бок, каб зайсці з тылу. IIa ix стралялі хлопцы з атрада Валодзькі.

— Насунемся назад, бліжэй да свірнаў, каб выманіць ix на гала,— перадаваў Ляўкоў па ланцугу.

Ускрай вёскі густа ляпіліся хаты. За імі лягчэй можна было схавацца, каб зберагчы людзей. Партызаны адышлі бліжэй да вёскі. Бандыты ўзрадаваліся, што чырвоныя адступілі, i пачалі займаць ix ранейшую пазіцыю. Боем камандаваў Парфір Плышэўскі. Некалі ён быў настаўнікам, на вайне даслужыўся да штабс-капітана, i яму, старэйшаму па чыну i ўзросту, Казік Ермаліцкі перадаў сваю банду, а сам круціўся пры ім, як ліслівы шчанюк. Плышэўскі, схаваўшыся за гумном, усе каманды перадаваў праз веставых. Атаман не мог рызыкаваць жыццём i не вытыркаўся туды, дзе свісталі кулі. Ён ведаў, што на Мазыр наступав Пятлюра, a калі яны захопяць Рудабельскую воласць i злучацца з асноўнымі сіламі паўстанцкага камітэта Палесся, ён тут будзе гаспадаром i тады пакажа «свабоду» ляўковым, салаўям i ўсім гэтым сухарэбрым злыдням.

Плышэўскі спадзяваўся, што вось-вось яны возьмуць верх, Ён хацеў загадаць Казіку, каб той вёў сваіх людзей праз цвінтар бліжэй да воласці. Але блізка якраз нікога не было. I раптам з-за хлява выскачыў невялічкі мужычок у раешпіленым фрэнчыку, з дубальтоўкаю ў руцэ. Плышэўскі, здаецца, яго не бачыў раней.

— Адкуль ты?

— З Гатка,— схлусіў той, бо ведаў, што ўся шляхта з гэтага засценка падалася ў Казікаву банду.

— Бяжы хутчэй да Казіка i скажы...

А той перахапіў стрэльбу i, не цэлячыся, смалянуў у грудзі Плышэўскаму. Яго штурханула назад, сагнуліся калені, нібыта збіраліся ўкленчыць, i ён ніцма шмякнуўся на зямлю, прымінаючы леташняе сухое бадылле. Афіцэрская шапка скацілася ў разорку, на вялікай кішэні фрэнча праступілі цёмныя плямы. А вочы яшчэ лыпалі, разяўлены рот хапаў паветра.

Мануйла Кавалевіч, прыгінаючыся, загуменнямі бег да сваіх, стрэлы грымелі каля цвінтара, а на яго ніхто не зважаў, як i тады, калі пракрадаўся на «камандны пункт».

Шляхцюкі адпаўзалі к глінішчу. Ус шыбануў у ix гранатаю. Нехта крыкнуў: «Парфіра забілі!» Ахопленыя панікаю бандыты пераскоквалі цераз трупы i спаўзалі ў глінішча, сігалі ў густы ельнік, прыгінаючыся, беглі куды каторы. З боку Рудні ix абышоў атрад Цімоха Валодзькі i ўдарыў з тылу. Апынуўшыся ў пастцы, шляхцюкі паднімалі ўгору рукі, кідалі стрэльбы i крычалі:

— Браточкі, злітуйцеся, не сіраціце дзетак!

— Граху на душу не бярыце.

— От ета «браточкі» знайшліся! У ваўчынай зграі вашы браточкі. Ану, вылазьце!

— Хлопцы, пакуль суд да дзела, не чапаць,— сунімаў сваіх байцоў Максім Ляўкоў.

Страляніна сціхала ў сяле. Загнаных у глінішча бандытаў абкружыў атрад Максіма Уса. Засцянкоўцы стаялі, хаваючыся адзін за аднаго. Цімох ca сваім атрадам кінуўся ў хвойнік даганяць Казіка i яго хаўруснікаў. Бандыты ляцелі, як ласі, ламаючы сучча, не паспяваючы адстрэльвацца. На ламаччы i на сухім леташнім верасе там-сям ляжалі падстрэленыя шляхцюкі. Але Казіка сярод ix не было.

За хвойнікам пачынаўся стары панскі лес. У ім не тое што чалавека, стога не знойдзеш.

— Эх, шчанюка гэтага праваронілі, разявакі,— лаяўся Цімох.— А мне так хацелася пагаварыць з Ермальчуком.

— Мы яго, гада, з-пад зямлі дастанем,— суцяшалі хлопцы свайго спрытнага камандзіра.

Вярнуўшыся ў сяло, убачылі, што ў цагляны свіран на дзядзінцы панскага двара вядуць чалавек трыццаць захопленых бандытаў. Рукі пазвязваны папругамі i вяроўкамі. Многія цягнуцца без шапак, расхлістаныя, перамазаныя глінаю i крывёю. Следам валіць натоўп кабет i дзядоў, бягуць дзеці. Мужчыны маўчаць, з нянавісцю паглядаюць на бандытаў, кабеты лаюць i клянуць ix:

— Каб вы апруцянелі, гады печаныя!

— Не падушылі вас маткі маленькімі, убіўцаў.

— Дайце нам гэтых выжлятнікаў, мы з ix скуру на бубен паспускаем,— крычаць жанчыны.

Ix супакойвае Максім Ляўкоў:

— Цішэй, таварышы! Прыедзе ЧК i разбярэцца па ўсіх законах. Мы ж не бандыты, каб самасудам караць.

— A бандзітам можна нашых забіваць? Га-а? — не сунімаюцца жанкі.

Палонных заводзяць у пусты свіран. Скугоча доўгая жалезная завала.

Вакол свірна становіцца варта. Натоўп пачынае разыходзіцца. Толькі малыя аж да вечара таўкуцца на дзядзінцы. Яны гуляюць у «чырвоных» i «зялёных». Большыя ловяць меншых, звязваюць ім лазінамі рукі i саджаюць пад старыя роспускі з перабітай воссю. Тыя з плачам вырываюцца. Хлапчук з закарэлым носам, у доўгай салдацкай ватоўцы, крычыць:

— Я так не гуляю. Давайце мяняцца. Цяпер мы будзем чырвоныя.

Над сялом, над бэзавымі кустамі i вербалозамі плыве зеленаватая смуга. Таўкуцца камары. Усё сцішылася. За аселіцай, на ўсіх дарогах ходзіць варта. Каля воласці з вінтоўкаю стаіць Лявон Адзінец. Чуваць, як цёплы вецер лапоча палотнішчам сцяга над вільчыкам рэўкома.

Ноччу з Глуска нрыехалі на фурманках дзесяць міліцыянераў i тры рэўкомаўцы. Яны спыніліся ў воласці. Трохі перакусілі i пайшлі змяняць на пастах рудабельцаў: думалася, што Казік з рэшткамі банды паспрабуе вызваліць арыштаваных. A раніцою конна прыбыў узвод чырвонаармейцаў i з ім старшыня Вабруйскага ЧК таварыш Найман. На ім скураная куртка, перацягнутая папругаю i партупеяю, пры боку драўляная калодка з маўзерам, на штанах пацёртыя хромавыя леі. Ён спрытна еаскочыў з сядла i з камандзірам узвода пайшоў у рэўком. У зборні сядзела чалавек дзесяць мужчын. Цярэшка расказваў, як ён даганяў Ермаліцкага.

— Улажыў бы яго, дальбог, улажыў бы, каб не такі густы ельнік. Ды як на тое ліха зачапіўся за ламачыну, ледзь лабаціну не раскроіў. А ён, як заяц, скочыў убок, i след прастыў, от няхай Цімох скажа, калі не верыце.

Гамана змоўкла, калі ўвайшоў незнаемы камісар. Ён павітаўся з кожным за руку, a ўбачыўшы старога Рамана, доўга не выпускаў яго далонь.

— Сын прасіў кланяцца вам, таварыш Салавей.

— Як ён хаця там?

— Герой, сапраўдны герой. Разграміў адно за адным два бандыцкія паўстанні.

— Порсткі вельмі ж,— ні то з пахвалой, ні то з дакорам сказаў Раман.— Баюся, ці зносіць ён сваю галаву?

— Разумная галава, бацька, не прападзе нідзе,— супакоіў Найман i абняў старога за плечы.

Да ix падышлі Ляўкоў i Лявон Адзінец. Яны прывіталіся з Барысам, як даўнія прыяцелі.

— На вуліцы не пазнаў бы цябе,— аглядаючы зграбную падцягнутую постаць старшыні ЧК, сказаў Ляўкоў.— Ну што будзем рабіць з гэтымі бандзюкамі?

— Колькі вы ix перанялі?

— У Глінішчы дваццаць пяць чалавек ды ноччу яшчэ шасцёх на хутары з канюшыны павыпорвалі. I стары Ермаліцкі з імі. Два наганы трымаў напагатове, але стрэліць не паспеў. Шкода толькі, сынок яго, Казік, сабака кручаны, як у ваду кануў. А па ім асіна даўно плача. Ён самы вараціла.

— Калі вараціла, значыць, звязаны з контррэвалюцыйным паўстанскім цэнтрам.

— Выходзіць, так. Хоць як яны ні пнуцца, а толку мала. Зямлю аддаваць не хочуць, дык няхай параць у ёй косці.

Пасля паўдня каля воласці на ўзгорку паставілі стол i доўгую лаву. Погаласка, што будуць судзіць бандытаў, абляцела Карпілаўку, Рудню, Кавалі i Лаўстыкі. Людзі кідалі работу i спяшаліся да рэўкома. Яны шчыльна станавіліся паўкругам, расказвалі пра ўчарашняе, пра тое, як старыя i малыя хаваліся ў гумны i ў ямы з-пад бульбы, каб часам не чырканула дурная куля. А старая Тэкля забілася пад печ i закрылася заеланкаю, а вылезла — дачка як залямантуе: «Чорт! Чорт!» — ды ходу з хаты. Такі ўжо чалавек: толькі міне бяда, ён ужо i смяяцца здатны. Успаміналі, як Мануйла Кавалевіч з дубальтоўкі забіў бандыцкага атамана.

Пад нагамі круціліся дзеці. Большыя паўзлазілі на паркан, паўздзіраліся на прысады, каб лепей было чутно i відно.

— Вядуць, вядуць! — як галчаняты, закрычалі яны.

Усе павярнуліся i прыціхлі. Па пясчанай вуліцы чырвонаармейцы з вінтоўкамі наперавес вялі звязаных бандытаў. Болыласць, без шапак, расхлістаныя, у падраных кашулях i фрэнчах, з плямамі засохлай гліны на штанах i ботах, ішлі нехаця i панура. Спалатнелыя твары здаваліся шэрымі, а вочы глядзелі долу. Былі маладыя сытыя шляхцюкі i мужчыны ў гадах, з густой шчэццю на тварах. Былі знаёмыя, з недалёкіх засценкаў, i нейкія нетутэйшыя, рудыя, васпаватыя, з ацесляватымі тварамі, i чорныя, як цыганы. Вочы зіркалі затраўлена. Паперадзе з вялікім пісталетам у руцэ ішоў бабруйскі камісар у расшпіленай скуранцы. Боты запыленыя, рудаватыя валасы выбіліся з-пад шапкі i прыліплі да змакрэлага лба.

Як толькі бандытаў узвялі на ўзгорак, натоўн падаўся назад. Найман падышоў да стала i неяк па-свойску ціха загаварыў:

— Таварышы, перад намі трыццаць адзін бандыт. Гэта не проста рабаўнікі, што забіраюць з клеці муку або сала з кубельца. Яны хацелі адабраць у нас свабоду, заваяваную рэвалюцыяй, адабраць зямлю, асіраціць дзяцей, жонак пакінуць удовамі. Калі б ім хоць на дзень удалося захапіць воласць, яиы б зрабілі тое, што ў Лучыцах i Капаткевічах,— стралялі б i вешалі камуністаў, палілі б ix хаты. Усе кулацкія банды выконваюць загады контррэвалюцыйнага цэнтра. А ён падняў мяцеж у Гомелі, кулацкі бунт у Чарнігаўскай губерні, ашукаў полк, які павінен быў затрымаць банды Пятлюры. Чырвоная Армія разграміла мяцежнікаў i бандытаў. З імі геройскі змагаўся ваш зямляк Аляксандр Раманавіч Салавей. А вашы партызаны разграмілі i гэтую банду. Плышэўскага правільна асудзіў таварыш Мануйла Кавалевіч, a Казіміра Ермаліцкага з-пад зямлі дастанем i аддадзім вам на суд. Цяпер што будзем рабіць з гэтымі?

— Судзіць гадаў! — адказалі галасы.

— Які там суд? Асіна па ix даўно плача,— закрычаў Цярэшка.

— Каго выбераце ў суддзі? — запытаў Найман.

— Лявона!

— Параску!

— Якава Гошку! — закрычалі ў натоўпе.

— Давяраеце ім?

— Давяраем! — адказаў натоўп.

Суддзі паселі на лаўку. Усе сціхлі. Чакалі, што скажуць падсудныя. Лявон Адзінец у кожнага пытаў прозвішча i імя, адкуль родам i колькі гадоў. У адказ чуліся знаёмыя прозвішчы: Перагуд, Гатальскі, Гавароўскі, Вінярскі i назвы засценкаў — Мёдухаў, Беркаў, Харомнае, Сераброн. Наперад выйшаў Андрэй Ермаліцкі. Глянуў з-пад навіслых броваў белымі, як у варанай плоткі, вачамі:

— Людцы добрыя, хіба ж вы мяне не ведаеце? Я ж i мухі, колькі жыву, не пакрыўдзіў. Памагаў чым мог. A камісары з торбаю ў белы свет захацелі пусціць, зямлю апісалі, тры каровы ў сваю камунію залыгалі. Дык от самастаяцельныя хадзяевы i выправіліся ў воласць, каб якога парадку дабіцца, а па нас страляць ушчалі. Ішлі ціха, мірна, а раз смаляць з дубальтовак, адбівацца трэба. Ну i таго... гэтага, от так тая неразбярыха i палучылася. Ніякія мы не бандзіты, бронь божа, Пагаварыць з Максімам Архіпавічам ішлі.

Не вытрывала Параска.

— «Ціха, мірна»,— перадражніла яна.— A вінтоўкі нашто бралі ды цэлыя скрынкі патронаў? Можа, аддаць рэўкому неслі?

— Твая праўда, Параска. Паздаваць надумаліся гэтыя ламачыны.

— Тут маліцца пара, а ён, як той паганы цюцька, яшчэ адбрэхваецца,— стоячы наперадзе, абураўся Цярэшка.

Лявон Адзінец ляпнуў далонню па стале:

— Кажы суду праўду, як капаткевіцкіх i лучыцкіх камуністаў забівалі. Што ж, вы i з імі пагаварыць ішлі?

— Які ты суд, самазванец? Калі хочаце судзіць, вязіце ў Бабруйск, у фармальны суд, хай ён разбярэцца. А вас не прызнаём. Тожа мне аблакаты!

Апошнія словы старога Ермаліцкага заглушыў гул натоўпу.

— Вас уся воласць судзіць. I твая дачка судзіць. Ці не ты яе зрабіў удавою, гад? — ускочыў Адзінец.— Хто яшчэ з бандытаў хоча гаварыць?

Ступіў крок наперад малады, з канапатым тварам Гатальскі i загаварыў ціха, нібы на споведзі:

— Што вінаватыя, то вінаватыя. Каемся. Але не ва ўсіх адна віна, Плышэўскі, каб яму зямля колам, ды от сынок яго, Казічак, збілі нас з панталыку i ўсім верхаводзілі. А мы што? Больш хаваліся, чым стралялі. Так што злітавацца прашу нада мною i маімі дзеткамі.— I ўпаў на калені.

— Перад кім, дурань, кленчыш? Устань! — гаркнуў падобны на варону высокі шляхцюк.— A судзіць вязіце ў Бабруйск, каб суд па ўсёй хворме быў.

Да стала падышоў старшыня павятовага ЧК.

— Хітраваць вам ужо няма калі, панове. A судзіць вас справядлівы суддзя. Вось ён.— Найман абвёў рукою натоўп.

Аднекуль з сярэдзіны праціснуўся невысокі, даўно не голены чалавек i стаў пасярод круга. Ён абвёў позіркам бандытаў i спыніўся на старым Ермаліцкім.

— Мяне то вы, мабыць, помніце. Онь i галоўкі маёй работы яшчэ не знасіліся, I помніце, як ваш сынок ноччу са сваімі бандзюкамі хваліўся, што яны ў Ляскавічах забілі Анікея Ходку, як палілі яго хату, як яшчэ тады збіраліся ісці на Рудабелку.

— Юда, хрыстапрадавец! Нажэрся майго хлеба, каб цябе чэрві жэрлі,— прастагнаў Андрэй.

— Хутар Ермаліцкага, таварышы суддзі, быў прыстанкам усяе бандыцкае шайкі. Я там быў i ўсё бачыў сваімі вачыма.

— Пакляніея, ірад, на евангеллі! — крыкнуў Ермаліцкі.

— Клянуся імем рэвалюцыі,— адказаў Іван Мазалеўскі i пайшоў у натоўп.

Суддзі выслухалі кожнага. Бандыты «каяліся» i прасілі літасці, калаціліся i румзалі. Праз паўгадзіны Лявон Адзінец чытаў напісаны на аркушы з вучнёўскага сшытка прысуд:

«Імем Беларускай рэспублікі, кіруючыся рэвалюцыйным сумленнем, народны суд Рудабельскай воласці ўдзельнікаў кулацкай банды, якая спрабавала звергнуць Савецкую ўладу,— пасля ішоў пералік усіх прозвішчаў — прысудзіў...»

Памаўчаўшы, ён голасна, па складах сказаў толькі адно слова.

Бандытаў акружылі чырвонаармейцы i глуская міліцыя. Натоўп расступіўся, даючы дарогу.

А чыстае веснавое неба праціналі вастракрылыя ластаўкі, на высознай таполі клекатаў бусел, i ў жаўтавата-зялёных воблаках патаналі вербы.

Бандытаў вялі ў глінішча.


2.

Пад вечар, калі трохі адвалілася гарачыня, на вялікі брукаваны двор казармы другога бабруйскага батальёна ўвайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма.

— Вам каго, папаша? — неяк картава спытаў вартавы, ды i абліччам ён быў не падобны на тутэйшых людзей: чарнявы, з круглымі цыганскімі вачамі, шчокі, хоць i брытыя, але адліваюць густой сінявою.

— Камандзір мне ваш патрэбен, таварыш Салавей Ляксандра. Скажы, сынок, з Рудабелкі да яго прыйшлі.

Вартавы паказаў, куды трэба ісці, i прапусціў старога. Ён увайшоў у доўгі гулкі калідор. ІІахла кіслым салдацкім духам, анучамі i таранамі. На нізкіх рудых дзвярах крэйдаю напісана: «Камандзір». Стары пацягнуў за клямку, увайшоў у цьмяны пакойчык i прывітаўся.

— Добры дзень, тата,— выскачыў з-за стала Аляксандр, паціснуў яго тугую шурпатую далонь i пачаў здымаць з плячэй цяжкую вярэню.— Сядайце, адпачывайце, я зараз.

Перад камандзірам стаяў высокі хударлявы хлапец.

— Дык колькі ў цябе грошай, таварыш казначей?

— Больш за паўпуда будзе. Хіба ix палічыш. ТольKi на гэтыя грошы шпікулянты i глядзець не хочуць. На жыта, на соль, можа б, што i выменяў.

— Чырвонаармейцаў абуць трэба. Босы салдат, як спутаны конь. Бяры аддзяленне, прайдзіцеся па крамах, па шаўцах. Раскажыце, што белапалякі насядаюць. Калі зноў не хочуць падстаўляць зады пад «двадзесце пенць», няхай памагаюць Чырвонай Арміі. Плаці, колькі папросяць. Чаравікі, боты — усё згадзіцца. Табе ясна, Сцяпан?

— Ясна, таварыш батальённы.

— Ідзі. Каб паслязаўтра ўсе былі абутыя.

Казначэй Сцяпан Герасімовіч выйшаў з пакоя.

— Крута, сынок, з людзьмі гаворыш.

— Час такі круты, тата. Ой, круты! Белапалякі ідуць на нас. Вільня пад імі ўжо. Баранавічы занялі, на Мінск пруцца.

— Няўжо пусціце i сюды?

— Сіла ў ix вялікая: ерапланы, танкі, пушак колькі хочаш...

— Што ета яшчэ за танькі такія? — перабіў яго бацька.

— Гэта... як вам сказаць? Цэлая жалезная хата на калёсах. Паўзе, куды захоча: лес — па лесе ідзе, канава — цераз канаву прэцца i лупіць з пушак i кулямётаў. А яе штыхом не прапораш i куля не бярэ.

— Адкуль толькі ўсё бярэцца на беднага чалавека?

— Адкуль? Ангельцы ды амерыканцы напладзілі гэтай пошасці. От i асмялелі панкі. Дабро сваё вярнуць хочуць.

— А трасцы ім не хочацца? Мы i танькі тыя i манькі ix у багне патопім. I вы трымайцеся, хлопцы.

— Ну, як там дома? — запытаў Аляксандр.

— Шэршняў патаўклі трохі.

— Казаў мне Найман. Добра вы ix прыціснулі. Шкода, што мяне там не было.

— Самі ўправіліся, бачыш. Дружок твой, Максім, онь які гарнізатар! Старыя i малыя за стрэльбы ўзяліся. Цярэшка, той правае вока зажмурыць i дае, i дае. Пра Мануйлу ж чуў? От ета ўсмаліў. Івана толькі Кавалевіча шкода i маладзіцу яго. Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, a ўжэ, бедная, удавіца. Цераз дзевяць дзён, як пахавалі гаспадара, хлопчыка нарадзіла. Іванам, кажуць, завецца.

Аляксандр уважліва слухаў навіны, нібы ўвачавідкі бачыў старога Цярэшку, Мануйлу з пістаноўкаю i ўсіх хлопцаў. Успомнілася жабрацкае вяселле Гэлькі з Іванам. Тады верылася ў ix доўгае шчасце. А цяпер адна, з дзіцём на руках. I вярнуцца няма куды. Дый такая не вернецца ніколі. Ён прыкусіў ніжнюю губу, прыплюшчыўся.

— Вы ўжо, тата, там скажыце, каб памаглі кабеціне. Няхай камбед пастараецца.

— А як жа. Дзве каровы i вала з хутара пригнали Усю яе адзежу i цэлы воз дабра Параска прытарабаніла. Толькі не цешыць яе нічога. Плача. Не галосіць — самі слёзы цякуць.— Бацька падняў вечка вярэні, выцягнуў ладны брус, загорнуты ў кужэльную анучку, дастаў камяк масла ў капусным лісце, рукавок гарбузікаў.— Старая з Марылькаю тут гасцінцаў табе напакавалі, дык бяры, паскаромся трошкі, а то ўчарнеў на нішчымніцы, аж скура да касцей папрысыхала.

— На жывых касцях мяса нарасце.

Аляксандр падняўся, папрасіў бацьку трошкі пачакаць, забраў гасцінцы i выйшаў за дзверы. A калі праз паўгадзіны яны ішлі па двары казармы, над паходнай кухняю стаяў моцны казытлівы дух падсмажанага сала. Стары Раман пачмыхаў носам.

— Выходзіць, нейкую затаўку да прыварка i вам даюць. Унь як смачна пахне.

— А як жа, даюць трохі.

Раман прыжмурыўся, хітра зірнуў на сына.

— Шылам мора, сынок, не нагрэеш. З'еў бы сам, дык толк быў бы, а так кожнаму i панюхаць не дастанецца.

— Некалі ж самі казалі: «З'еш хоць вала — адна хвала, а пакрысе, ды ўсе». Няхай хоць панюхаюць.— І яны пайшлі ў сынаву баковачку ў доўгай казарме з адсырэлай i аблезлай скляпенчатай етоллю.

Раман Салавей жыў у сына з тыдзень. Хадзіў на вучэнні, глядзеў, як маршыруюць «адзін лапаць, другі бот», шлёпаюць апоркі, заслухоўваўся, як галасісты запявала зацягваў:

Вы не вейцеся, чорныя кудры,

Над маёю бальной галавой...

Яму хацелася ўгледзець спевака, але сотні глотак падхоплівалі песню, выцягваліся няголеныя худыя кадык!, весялей тупалі стаптаныя абцасы i маслакаватыя ступакі, абутыя ў апоркі i маршчакі. Ён любаваўся падцягнутым ладным сынам, пазіраў на моцныя смуглыя скулы, на глыбока запалыя вочы.

— Вольна-а-а! Разыдзіся,— камандаваў Аляксандр.

Чырвонаармейцы закурвалі, прыкручвалі дротам падноскі, збіраліся вакол камандзіра. Відаць было, што ён ведае кожнага: распытвае, што пішуць з дому, жартуе з імі, як роўны. Падышоў да ix i Раман. Чырвонаармейцам падабаўся стары, яны весела жартавалі, успамінаючы панцаковую кашу з рудабельскім салам.

— Паедзеце дадому, не баўцеся ж вельмі, прыязджайце хутчэй...

— I вярэньку не забудзьцеся...

— Павячэраў тады, нібыта дома пабыў,— гаворыць з белымі брывамі румяны хлопец.

— Ад тваёй маскі i так прыкурваць можна.

Усе рагочуць, сарамяжа ўсміхаецца i ружовашчокі хлопец.

Раман Салавей доўга развітваўся з сынам. Спрабаваў пракаўтнуць даўкі. камяк i маўчаў, каб не паказаць слёзы. Адно толькі i сказаў:

— Беражыся, сынок, ты ж адзін у мяне ды Марылька яшчэ. Дзеўка што? Выскачыць замуж, i хвамілія звядзецца. Глядзі, не вельмі лезь на ражон.

— Не бойцеся, тата,— весела суцяшаў Аляксандр.— Я загавораны. Hi адна куля не ўзяла. А Максіму i ўсім нашым перакажыце, каб лтодзі i стрэльбы былі напагатове.

Ён даў бацьку невялікі пачак жоўтых, шурпатых, з асцюкамі лісткоў. На ix буйнымі літарамі было надрукавана:

«Грамадзяне! Цёмныя сілы ў асобе польскіх паноў i легіянераў пагражаюць заваёвам рэвалюцыі. Усе, каму дорага справа рэвалюцыі, запісвайцеся добраахвотнікамі ў Чырвоную Армію для абароны Савецкай улады ад белапольскіх легіянераў!

Бабруйскі павятовы камітэт

Камуністычнай партыі (бальшавікоў)

Ваенны камісарыят».

— Значыць, зноў біцца?

— Адбівацца трэба. Лезуць, як мухі на мёд. Будзем неяк бараніцца, а там i па загрыўку дамо.

— Глядзі ж, сынок, сіла салому ломіць.

—Што ж, уцякаць ад ix?

— Ад ваўка ўцякаеш, на мядзведзя наскочыш. А беражонага i куля беражэ.

Яны нязграбна i сарамяжа абняліся.

...Раман вёз дадому сумныя навіны i думы: зноў трэба брацца за стрэльбы. А як жа зямля? Яна чакае рук i ласкі, сумуе па плузе i ria насенні, па жніўнай песні. Жыта, як гай, вакол маёнтка. Камунары сеялі, былыя панскія парабкі. Няўжо яго патопчуць боты легіянераў i тыя страшныя «танькі»?

I думаў пра сына. Адзін астаўся ў яго. Косцік з Петракам даўно параць чужую зямельку, а гэты каторы год усё ваюе. Каб не перлася погань, жыў бы сабе дома, хату б сваю агоралі, зямлю палучылі. Нявестка ўжо была б, а там i ўнукі пасыпаліся б. Няма такой дзеўкі, каб не заглядалася на яго Аляксандра. А Параска аж млее. Дзіва што! Хто на такога хлопца не ласы?

Хоць бы вярнуўся жывы. Стары намацаў за пазухаю цупкія шурпатыя «ахвішкі», падклаў пад галаву вярэньку, хацеў задрамаць, але думкі лезлі, як сляпні: «Ось дык парадую Ляўкова навіною! Той завіхаецца з рэўкомаўцамі ды камбедаўцамі ў камуне — сталоўку зрабілі, дзяцей кормяць задарам, людзей падвясельваюць, а тут на табе — зноў біцца, уцякаць i даганяць, страляць i паміраць».

Перад самымі Ратміравічамі ў вагоннай задусе i тлуме Раман усё ж заснуў.

A ў Бабруйску станавілася ўсё трывожней. Ваенком Пракоп Малаковіч ледзьве паспяваў прымаць добраахвотнікаў з валасцей. Прыходзілі ў лапцях, з палатнянымі торбачкамі маладзенькія камсамольцы i нядаўнія салдаты ў злінялых гімнасцёрках, у абмотках i шынялях з мікалаеўскімі гузікамі. Усіх трэба было разбіць па ротах, хоць збольшага абуць i адзець, маладзенькіх — навучыць трымаць вінтоўку, слухацца каманды.

Камандзіры ад відна да цямна маршыравалі з новымі Чырвонаармейцамі па Бярэзінскім фарштаце, вучылі калоць мяхі з пілавіннем i адбівацца прыкладам.

У батальён Салаўя далі роту добраахвотнікаў. Ён сам хадзіў на вучэнні з імі. Засмяг i выпетраў на сонцы, нават вочы пасвятлелі i запалі глыбей. На змярканні вярталіся ў казарму каля белай царквы, што ў канцы Мінскай вуліцы. Калыхаліся штыкі, курыўся пад нагамі пыл, i звінела песня, якую запяваў камандзір:

Взвейтесь, соколы, орлами,

Полно горе горевать...

Спявалі з прысвістам, з гіканнем, цвёрда ляскаючы па бруку падкоўкамі i стаптанымі чаравікамі.

Чэрвеньскім світаннем у Бабруйск прыбыў агітцягнік «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Прыехаў Міхаіл Іванавіч Калінін. У павятовым рэўкоме ён гаварыў з камуністамі i камандзірамі Чырвонай Арміі пра аб'яднанне савецкіх рэспублік для барацьбы з сусветным імперыялізмам, заклікаў спыніць наступ белапольскіх легіёнаў.

А пад вечар чырвоныя батальёны рушылі на Шасейную вуліцу. Каля зялёнага рэстаранчыка з драўлянымі карункамі над балконам збіраліся бабруйскія ліцейшчыкі, гарбары i краўцы. Зручнейшага месца, бадай, i не было: шырокая вуліца магла змясціць самы вялікі натоўп, a колішні рэстаранчык Зельдовіча стаяў на ўзгорку i адусюль быў відзён.

На балкон выйшлі малады чарнявы Равінскі, крыж-накрыж падпяразаны рамянямі, высокі i шыракаплечы Пракогі Малаковіч i ў нязменнай скуранцы Барыс Найман. З імі — невысокі мужчына, гадоў пад сорак, у клінку бародкі там-сям прабівалася сівізна, паблісквалі акуляры. I постаццю i абліччам ён нагадваў вясковага настаўніка або каморніка. Натоўп адразу сціх. Да парэнчаў падышоў старшыня павятовага рэўкома.

— Таварышы,— пачаў Равінскі.— Савецкая краіна ў небяспецы. Белыя банды Калчака i Дзянікіна спрабуюць задушыць рэвалюцыю, а сусветны капітал узброіў белапалякаў. Яны ідуць на нас, каб адабраць зямлю, фабрыкі i заводы, каб зноў нас зрабіць парабкамі i нявольнікамі. Ці можам мы дапусціць гэта?

— Не дапусцім! — загуў натоўп.

— Біцца да апошняга!

Потым да парэнчаў падышоў Міхаіл Іванавіч Калінін. Ён загаварыў спакойна i ціха. Натоўп адразу змоўк. Было чутно кожнае ягонае слова. Гэтыя спакой i ўпэўненасць перадаваліся ўсім. Калінін гаварыў пра нястачы i рэзрух у рэспубліцы, пра складанае становішча на франтах, але ў яго словах гучала вера ў перамогу.

— Я не сумняваюся,— казаў ён,— што ва ўсе цяжкія моманты на Заходнім фронце Расія будзе вас абараняць. Мы ўступаем у паласу сапраўднага аб'яднання. Гэты саюз дасць нам магчымасць перамагчы нашых ворагаў i ўмацаваць уладу савецкіх сацыялістычных рэспублік.— I закончыў:—Усё для фронту, таварышы! Усе на фронт, i мы пераможам!

Угору паляцелі шапкі, як веснавая навальніца, над натоўпам пракацілася дружнае «ўра». Байцы другога батальёна трыкутнікам склалі вінтоўкі. На ix ускочыў Аляксандр Салавей.

— Таварышы чырвонаармейцы, наш абавязак перад рэвалюцыяй, перад народам зараз жа ісці на фронт i змагацца, не шкадуючы сіл i жыцця. Другі інтэрнацыянальны каравульны батальён да бою гатовы! На Заходні фронт, таварышы. Мы пераможам!

За ім падняўся камандзір першага батальёна Сцяпан Жынко i далажыў пра гатоўнасць абараняць заваёвы рэвалюцыі.

Пракоп Малаковіч не стрымаўся, паціснуў за локаць Равінскага.

— Нашы, рудабельскія.

Пасля мітынгу старшыня ЦБК разам з Равінскім i Малаковічам паехаў у Гарбацэвіцкую воласць. Міхаіл Іванавіч хацеў паглядзець, як працуюць рэўкомы i камбеды.

Раніцою батальён пастроіўся на пляцы. На кожным — скатка, нібы труба духавога аркестра. Да папруг прытарочаны гранаты i кацялкі, з халяў i абмотак тырчаць алюмініевыя i драўляныя лыжкі, за плячыма целяпаюцца брудныя салдацкія мяшэчкі, a ў каго i зрэбная торбачка на почапках. Салдацкі скарб вядомы: змылачак, голка з ніткаю, запасныя анучы ды жменя сечанага самасаду.

Строяцца ўзводы i роты. На фурманкі грузяць коўдры i набітыя сенам падушкі, чапляюць да воза паходную кухню.

Салавей, чыста паголены, загарэлы, падцягнуты, нераходзіць ад роты да роты, прыспешвае байцоў, але не мітусіцца. Вайсковая палінялая шапка крыху малаватая яму, таму i спаўзае на патыліцу, адкрываючы на высокім ілбе светлую палоску, фрэнч з вялікімі кішэнямі прастарнаваты i карабаціцца пад рамянямі.

— Батальён, на-пра-ва! — камандуе ён.

Усе павярнуліся, a адзін як стаяў, так i стаіць. Чырвонаармейцы штурхаюць яго, шэпчуць: «Направа, цяцера». A ён ні з месца — стаіць слуп слупом i толькі моргае белымі, нібы ў парсюка, вейкамі. Салавей павольна падыходзіць да яго.

— Таварыш Парчук, мабыць, не чуў каманды.

Падбягаюць ротны i ўзводны. Ротны крычыць:

— Чырвонаармеец Парчук, направа!

— Не крычыце,— супакойвае яго камбат.

— Не магу направа, таварыш камандзір, так как есць разуты.

Ён падняў нагу ў разбітым ушчэнт чаравіку. З-пад запыленай ададранай галоўкі вытыркнуліся голыя брудныя пальцы.

— Во, неба кажа — абуты, а зямля — босы.

Байцы, што стаялі побач, засмяяліся, не стрымаў

усмешкі i Салавей.

— З голымі пятамі ўцякаць толькі, а мы ж наступаць едзем.

— Толькі наступаць. Здымай атопкі!

Парчук прыкленчыў i пачаў длубацца ў вузлах вераўчаных завязак.

Нахіліўся i камбат. Ён спрытна сцягнуў боты i падаў Парчуку.

— Абувай i не затрымлівай батальёна. Добра накручвай анучы, каб не мулялі. I шагам марш.

Чырвонаармейцы спачатку пазіралі скоса, а потым без каманды павярнуліся i загаманілі:

— Жывадзёр, сярод белага дня камандзіра разуў.

— Таварыш камандзір, я ж — не таго. Мне не трэба вашыя. Хай камптэнармус пашукае.

— Абувай, абувай i тупай.

Салавей стаяў босы на цёплых камянях брукаванага двара. Парчук не ведаў, што рабіць. Ён міргаў белыMi вейкамі i маўчаў.

— Барзджэй, барзджэй! — прыспешваў камандзір.

— Такі i бацьку роднага разуе,— абураліся чырвонаармейцы.— Душу д'яблу закладзе, гад печаны.

Парчук яшчэ паспрабаваў аднеквацца i апраўдвацца, але боты ўсё ж абуў, свае атопкі заткнуў пад скатку. Батальён рушыў з двара на станцыю.

— Запявалы, на сярэдзіну,— скамандаваў Салавей.

Закалыхаліся штыкі, сотні галасоў падхапілі: Смело, товарищи, в ногу...

Песня гучала, як прысяга. Выпростваліся спіны байцоў, вочы глядзелі некуды далёка-далёка.

А спераду i з бакоў аж да самага вакзала беглі тыя самыя мурзатыя хлапчукі, што заўсёды сустракалі i праводзілі чырвонаармейскія часці.


3.

Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл. Сонца зацягнула тонкая бялявая смуга. Прывялі травы, хіліліся рамонкі i званочкі, ціпец i быльнёг шамацелі пад нагамі, як дрот. У пыльным воблаку калыхаліся вінтоўкі, глуха тупалі сотні салдацкіх ног.

Толькі што чырвонаармейцы пакінулі трывожна прыцішаны Мінск. Здавалася, людзі сціснуліся, змізарнелі, чакаючы нейкай страшнай навалы. Яны моўчкі ўскладалі вялікія клункі на балагольскія дрогі, спяшаліся, некуды ехалі, а куды —самі добра не ведалі.

Чырвонаармейцы ішлі насустрач белапольскай арміі, каб перагарадзіць ёй дарогу, затрымаць, не пусціць далей. Да бабруйскіх батальёнаў далучыліся барысаўскі, два навагрудскіх i мінскі стралковы полк. Папоўненыя, але далека не поўныя, яны ішлі на Прылукі. Падыходзячы да сяла, прапацелыя, запыленыя байцы падцягваліся i запявалі песню. Да веснічак выходзілі пажылыя кабеты, выбягалі з выгаралымі, як саламяныя стрэхі, галоўкамі хлапчукі, дзяўчынкі трымаліся за матчыны спадніцы i крадком пазіралі на войска.

Прывалы рабілі каля студняў. Рыпаў калодзежны вочап, бразгалі кацялкі i булькалі біклажкі. Да байцоў падыходзілі маладзіцы, распытвалі: «Ці часам не бачылі дзе майго», называлі імёны i прозвішчы. Знаходзіліся жартаўнікі i пачыналі выскаляцца:

— A хіба ж мы чужыя? Выбірай любога!

— Міргні толькі, цэлы ўззод прыбяжыць.

Маладзіцы сарамяжа адварочваліся i адмахваліся ад нахабнікаў. Байчэйшыя агрызаліся:

— Чаго добрага, стаднікаў хапае, а гэтым галапузым бацька трэба.

Старыя кабеты прыціскалі да грудзей вялікія, спрацаваныя рукі, круцілі галовамі.

— Калі ж гэта людзі наваююцца?

— Таўкуць, таўкуць адзін аднаго.

— А божачка, няўжо зноў паноў пусціце? — I выносил хто збанок халоднага малачка, хто кварту ўкіслага бярозавіка або цёплы скавароднік.

З сярэдзіны вуліцы чулася каманда: «Стро-о-ойся!» Над платамі паднімаўся пыл, вырастаў частакол штыхоў i гайдаўся то ўлева, то ўправа.

Ззаду ляскаталі двухколкі з вайсковым скарбам, грукаталі доўгія параконныя фуры i закураныя паходныя кухні.

Батальёны займалі фронт ад Прылукаў да Астрашыцкага Гарадка. Капалі акопы, на ўзгорках рабілі кулямётныя гнёзды, a ў ярах — бліндажы.

Салавей цэлымі днямі быў са сваімі байцамі. Калі бачыў, што каторы вельмі ж упрэў, абыякава казаў:

— Дай трошкі размяцца, каб кроў не застойвалася,— браў кароценькую лапатку i так спрытна адразаў роўныя цаглінкі дзёрну, так загладжваў бруствер. Hiбыта ўсё жыццё толькі тым i займаўся.

— Лоўка ў вас палучаецца, таварыш камбат,— падахвочваў баец.

— Я, брат, за мікалаеўскую вайну перакапаў зямелькі больш, чым было яе ў князя Радзівіла... Люблю дух свежай раллі, a прыходзіцца капаць акопы.

Часта ён памагаў i белаброваму Парчуку. Той лыпаў вачыма і, як пакрыўджанае дзіця, жаліўся:

— Праходу не даюць, таварыш камандзір. За вярсту крычаць: «Не муляюць?» Я ж не хацеў, таварыш... Аляксандр Раманавіч.

— Няхай смяюцца,— весела адказваў Салавей,— абы мы з табою былі абутыя.— I ён ляпаў па высокіх халявах сваіх ботаў.

Накапаўшыся за дзень, чырвонаармейцы ў адзежы спалі ў пунях, на гарышчах, на свежым сене. Камандзір кожную ноч хадзіў з байцамі ў разведку, правяраў дазоры, а на світанні ўжо быў на нагах. Разам з усімі сёрбаў з кацялка рэдзенькі прасяны крупнік, збіраў у далонь крошкі i асцюкі глёўкага аўсянага хлеба i сыпаў у рот.

Батальён умацоўваў подступы да горада. Салавей падвясельваў байцоў, а сам нудзіўся i кожны вечар хадзіў да камандзіра палка, азызлага i занадта ж спакойнага «ваенспеца».

— Мы ж не інвалідная каманда, каб длубацца ў зямлі. За дваццаць вёрст адсюль ідуць баі, а мы адлежваемся па свірнах. Не будзе загаду, здымемся самі,— настойваў Аляксандр Раманавіч.

Нарэшце зняўся ўвесь полк i заняў пазіцыю паміж Ракавам i Койданавам. У першую ж ноч каля Старога Сяла разам з разведчыкамі Салавей залёг у алешніку. Сярод балацінкі пакручаста бегла вузенькая крынічка. Па карце ён дазнаўся, што гэта Пціч. I адкуль толькі бярэцца? Здаецца, жменяю вычарпаеш, а яна сабе бяжыць, прабівае дарогу паміж карэнняў i гліны, праточвае каменні, шырэе i набіраецца сілы. Вунь якая яна шырокая ў Глуску i каля Рудабелкі! От так i яны, пачыналіся з ручаінкі, а цяпер ужо ніхто не спыніць. «Лепей не станавіся ўпоперак дарогі — змыем, каб i знаку не было!»

Роснае лісце казытала шыю, пахла скошанай травою, мокрым лугам, недзе кігікаў драч — ноч жыла сваімі пахамі i гукамі. A камандзір прыслухоўваўся да іншых гукаў, углядаўся ў цемрадзь, чуў, як білася сэрца, як дыхалі яго разведчыкі. Толькі ён хацеў падняцца на ўзгорак, як здалося, што на ім зашапацела жыта, глуха затупалі капыты, бразнулі цуглі. Салавей наструніўся, прыпаў да зямлі i ўгледзеў, як над жытам падняліся тры цьмяныя постаці, выплылі конскія галовы. Варухнуліся i яго байцы.

— Hi з месца,— шапнуў камандзір.

Коннікі асцярожна з'язджалі ў нізіну, дратуючы роснае жыта. «Не, гэта не начлежнікі,— пераканаўся Аляксандр,— за спінамі — карабіны, на галовах — рагатыя канфедэраткі. Ix трое, нас пяцёра».

Абкружыўшы белапольскіх разведчыкаў, чырвонаармейцы заляглі. Грымнуў залп. Адзін жаўнер знік у жыце, а конь, як ашалелы, памчаўся ў нізіну. Двое прыгнуліся i закруціліся на месцы. Яны хапаліся за карабіны, прышпорвалі коней, а тыя, аглушаныя неспадзеўнымі стрэламі, узвіваліся на дыбкі.

— Страляць ніжэй,— крыкнуў Салавей.

Конь асеў разам з седаком. Другі салдат зваліўся з сядла i папоўз па жыце. Чырвонаармейцы, расхінаючы пацяжэлыя мокрыя каласы, беглі да польскіх разведчыкаў. Падняўшы рукі ўгору, маладзенькі капрал паўтараў:

— Пан, стшэляць не тшэба.

— А чаго цябе нячыстая сюды прыгнала? — I Парчук замахнуўся прыкладам.

— Адставіць! — крыкнуў Салавей.— Лепш бяжы лавіць коней.

Забітага прывязалі да сядла, палонным звязалі рукі i павялі лугам у вёску.

...Праз два дні наблізіліся баі. Спачатку глуха гулі гарматы, недзе сакаталі кулямёты, а пад вечар з бярозавага гайка вылецела конніца. Як маланкі, бліскалі шаблі, пад капытамі гула зямля. Батальён Салаўя заняў толькі што выкапаныя акопы, напружана чакаў, каб наблізіліся коннікі. Калі ўбачылі запененыя конскія храпы i раменьчыкі пад уланскімі падбародкамі, грымнуў залп, затахкаў кулямёт. Узвіліся сытыя стаеннікі, праз галаву паляцеў адзін, другі, трэці жаўнер.

А з лесу імчаліся i імчаліся новыя эскадроны. З акопаў ляцелі гранаты, уздымаючы фантаны зямлі i дыму. Камандзіру ўжо не трэба было крычаць: «Агонь!» — чырвонаармейцы i без каманды стралялі суладна.

З бруствера ссунуўся прабіты навылет Парчук, у вузкай траншэі стагналі параненыя. Над акопамі прасвістаў адзін, потым другі снарад. Яны падалі i рваліся за вёскаю. Потым загарэлася пуня. Яе ніхто не тушыў. Усе Людзі сышлі ў лес.

Дзень i ноч грымеў бой. Радзелі чырвоныя батальёны. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах i проста ў полі. Сёлы пераходзілі з рук у рукі па некалькі разоў на тыдзень.

Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Поле бою пакідаў толькі той, каго выносілі.

Байцы бачылі свайго камандзіра то за кулямётам, то ён ускокваў з гранатаю над брустверам, то першы бег у штыхавую атаку.

— Адчаянны,— гаварылі пра яго.— На той вайне два Ягорыі меў. За гэтую i чатырох мала.

Легіянеры насядалі i насядалі. Адкуль столькі бралася ix, укормленых, апранутых, як на парад, з гарматамі, кулямётамі, з новенькімі карабінамі i доўгімі блішчастымі палашамі?

— Адкуль? Паўсвета ix корміць i адзяе. Прыдушыць нас хоча Антанта. Але мы жывучыя,— тлумачыў чырвонаармейцам Салавей. Ён прыдумляў хітрыя засады i манёўры, але пасля кожнага бою людзей станавілася меней i меней. А тут яшчэ камандзір палка захварэў на тыфус. Яго адвезлі ў шпіталь. Сабраліся ротныя i батальённыя i, доўга не думаючы, выбралі камандзірам Аляксандра Раманавіча.

Увесь ліпень чырвонаармейцы наступалі i адступалі. Ужо капалі акопы i магілы на ўскраінах горада. Учарнелі, паабдзіраліся байцы i камандзіры — не ведаючы, i не пазнаеш, дзе каторы,— агаладалі, абвашывелі. Закарэлыя чорныя бінты спаўзалі на вочы, i не было калі ix перавязаць.

З Мінска ўжо выехаў штаб Заходняга фронту, за ім ад'язджалі ў Смаленск розныя ўстановы i канцылярыі, па дарогах на Ігумен i на Пухавічы ўцякалі бежанцы. Апусцелы горад быў закіданы абгарэлай папераю, зляжалаю ў матрацах саломаю i смеццем. Усё часцей i гусцей біла па Мінску артылерыя.

На ўскраінах загараліся драўляныя домікі. Узнімаліся слупы чорнага дыму. Над горадам стаяў гул, падобны на пахавальны плач.

Дзесяты Мінскі полк, якім камандаваў Салавей, стрымліваў пілсудчыкаў на Лагойскім тракце, біўся каля татарскіх агародаў i паступова адыходзіў на Козырава. Камандзір учарнеў i выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы i злосны.

— Запамінайце дарогу,— гаварыў ён ,— па ёй нам наступаць.

А пакуль што сілы былі няроўныя. Трэба берагчы кожнага салдата i кожны патрон, каб не пусціць пілсудчыкаў далей, каб сыны вярнуліся да мацярок, мужы — да жонак, бацькі — да дзяцей.

Салавей ведаў, як цяжка траціць блізкіх, шкадаваў кожнага байца, як роднага брата. Ён разумеў, што Мінск ім ужо не ўтрымаць, але i нельга ворага пускаць далей. Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі, куды яму бегчы.

Баі ўжо ішлі на вуліцах. Легіянеры занялі вакзал i выйшлі на ўскраіну. Салавей адвёў рэшткі палка ў защитны гай каля Лапіч. Полк перадаў свайму земляку i другу Сцяпану Жынко, а сам ушчаміўся на нейкую платформу з рэйкамі i паехаў у Асіповічы. Ён спадзяваўся папоўніць батальён камсамольцамі.

Але гарадок быў амаль пусты: там-сям сноўдаліся бабулькі ды сівенькія дзядкі, з-за веснічак паглядалі прыцішаныя дзеці. У ваенкамаце чалавек з дзеравяшкаю замест нагі пхаў паперы ў вялікі мех з-пад солі.

— Нічым памагчы не магу. Каго мог, адправіў,—адказаў ён.— Загадана ўсё адвезці ў Бабруйск.

На дзвярах валаснога камітэта камсамола вісеў кавалак фанеры з размытым хімічным надпісам: «Усе пайшлі на фронт».

У полк Салавей вяртаўся адзін. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Прыслухаўся. Не, не гром — біла артылерыя.


4.

Жыта даспела рана: толькі налілося i адразу запалавела, пайшло гайдацца сівымі хвалямі. У нізінах пацяжэла, сагнулася, а на буі ды на пясочку тырчалі каласы, як тыя макаўкі. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да косграбелькі i з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. У камуну папісаліся спрадвечныя панскія парабкі. Заводзіць сваю гаспадарку ніяк не выпадала, не было за што рукі зачапіць: ні кала ні двара, ні ступы ні таўкача. А тут усё на месцы: i коні, i плугі, i жняяркі асталіся. Жні i звозь у свіран — усё агульнае, усё наша.

На мураваным шуле вісеў «Дэкрэт аб арганізацыі савецкіх гаспадарак». Ён абавязваў усе арганізацыі «аказваць садзеянне i дапамогу сельскагаспадарчым вытворчым камунам, таварыствам i суполкам, якія перайшлі да сумеснай апрацоўкі зямлі, працоўным арцелям i іншым аб'яднанням». Дэкрэт падпісалі старшыня Савета народных камісараў У. Ульянаў (Ленін), кіраўнік спраў Саўнаркома У. Бонч-Бруевіч, сакратар Саўнаркома Л. Фоціева 15 лютага 1919 года.

Рудабельскія камунары ведалі на памяць гэты дэкрэт: сам Ленін загадваў памагаць ім. Калі што трэба было, ішлі ў рэўком да Максіма Уса, i ён пад распіску з панскіх пакояў выдаваў камунарскай сталоўцы буфеты, крэслы, сталы, талеркі i лыжкі. Абедалі ўсе разам, з дзецьмі, з жонкамі. Здавалася, сабралася адна вялікая сям'я, вясёлая i працавітая. У «панскіх» талерках з пазалочанымі беражкамі боўталася сівенькая зацірка, грудкамі ляжала прасяная каша з гарбузом, у блакітныя кубачкі кухар разліваў густое халоднае малако.

— Што гэта за мерка ў цябе? — абураўся Цярэшка.— Поп на прычасці i то болей дае.

— Можа, пан Цярэшка загадае падаць смажанага рабчыка, цвібель-клопс i шампанскае,— пацешна схіляўся перад ім колішні панскі падкухцік.

— Жары тых клопаў сам, а чалавека накармі, каб гэтая злыбяда не боўталася ў чэраве, бы ў пустой біклазе.

— От каб дзед так у работу ўлягаў, як каля місы,—уставіла Параска.

— А хто ж пад бабкаю будзе лапці сушыць?

Усе весела смяяліся, а дзед тупаў на сваё месца, не перастаючы бурчаць.

Потым камунары ўставалі з-за сталоў i гаманкой талакою ішлі ў поле. Дзеці круцілі перавяслы, кабеты вязалі снапы, Цярэшка спрытна складаў ix на воз. Рыпелі колы на палявых дарогах, раслі тарпы ў доўгім свірне, на таку гула конная малатарня, i спорным дажджом сыпалася цёплае зерне. Жанчыны, завязаўшыся да самых вачэй хусткамі, адкідалі салому i адграбалі збожжа.

У свіран прыйшоў Максім Ус. Ён быў загадчыкам прадуктовага аддзела рэўкома i цэлымі днямі ездзіў па былых маёнтках, засценках i хутарах рэквізаваць муку, крупы i сала для Чырвонай Арміі. Сам адвозіў у Ратміравічы i ў Бабруйск, здаваў каптэнармусам часцей, a ў рэўком прывозіў так-сяк накрэмзаныя распіскі.

— Максім занудзіўся без работы,— жартавала Параска.— Можа, хоча ў прывод падпрэгчыся, а то Буланы прыстаў.

— Ці не па табе, удавіца, ён сохне, што прыляцеў сюды,— намагаўся перакрычаць малатарню Мікіта Падута.

Максім толькі ўсміхнуўся i падміргнуў Парасцы, ссунуў на патыліцу вайсковую шапку з цёмнымі плямамі поту, насупіў густыя бровы, аж вочы зрабіліся вузенькія, бы шчылінкі.

— Зараз жа трэба арфаваць i хутчэй везці ў Бабруйск. Чырвоная Армія б'ецца з легіянерамі, а хлеба няма.

— Няўжо да Бабруйска дапяла гэтая зграя? — спалохана спытала Параска.

— Бабруйск пакуль што наш, от ён i просіць есці.— I Максім падаў ІІарасцы паперку.— Бярыся, таварыш камбед, спаўняць загад рэўкома. А прыйдзе старшыня, аддасі яму гэтую цыдулку.

Параска адышлася ўбок, паклікала свайго Васілька, каб пачытаў. На вялікай сіняй паперцы было напісана:

«Камуністычная партыя (бальшавікоў). Рудабельскі валасны камітэт.


8 жніўня 1919 года.


Старшыні камуны ў маёнтку Рудабелка.

Валасны рэўком прапануе вам адпусціць i даставіць у горад Бабруйск не пазней 10 жніўня 50 пудоў жыта, 20 пудоў мукі, З пуды солі для вайсковых часцей Чырвонай Арміі.

Падстава: адносіна Бабруйскага аддзела забеспячэння ад З жніўня 1919 года № 1451.

Старшыня рэўкома М. Ляўкоў,

Заг. аддзела харчавання М. Ус».

Параска пастаяла з хвіліну, зняла хустку, выбіла з яе пыл, падвязала «бабачкаю» i шпарка пабегла па дварах.

— Бабанькі, памажыце трохі пакруціць арфу, жыта конча трэба,— прасіла яна кожную, з кім сустракалася.

— Нашто яно табе так спатрэбілася? — пыталіся кабеты і, пачуўшы Парасчын адказ, ішлі да свірна i да поўначы арфавалі збожжа для «бедных салдацікаў».

Параска круціла корбу, засыпала ў кош, адцягвала поўныя мяхі, а з галавы не выходзіў Аляксандр. «Як ён там? Ці жывы хаця? Пабачыць толькі, i то лягчэй было б. Можа, i яму перападзе луста нашага хлеба. Хай бы хоць успомніў, падумаў. От сказаў бы толькі слова, у вір пайшла б за ім. Але дзе там! Хіба такі скажа?» Яна задумвалася i ўжо не бачыла ні мяхоў, ні кучы жыта, не чула, як тарахціць арфа i гудзе малатарня.

Ноччу мужчыны на чатырох фурманках павезлі «салдацкі паёк» у Бабруйск.

Пад самым горадам ішлі баі, Бабахалі гарматы, за Бярозаю гарэлі сёлы, па вуліцах везлі параненых чырвонаармейцаў. Салаўя ў горадзе рудабельцы ўжо не знайшлі. Казалі, ён разам з ваенкаматам выехаў недзе аж пад Смаленск фарміраваць новыя часці. Вяртаючыся дадому, падводчыкі яшчэ доўга чулі гул бою, бачылі злавесна-барвовае зарыва на небасхіле. Хутчэй паганялі коней, каб адарвацца ад вайны, каб не чуць яе грукату, не бачыць полымя пажараў. Але хіба ж уцячэш. калі яна коціцца следам? Няўжо дапрэ i ў ix лясны край? Зноў прыйдзецца брацца за стрэльбы, бараніць адваяваную зямлю, i так ужо густа палітую крывёю.

Прыехаўшы дадому, падводчыкі пра ўсё расказалі Максіму Ляўкову. Той моўчкі слухаў горкія навіны i адразу ўвечары сабраў камуністаў i членаў рэўкома, камбедаўцаў i былых партызан. Прамова яго была кароткая i простая. Ён гаварыў, што ўзброеныя Антантай банды Пілсудскага занялі Мінск i падышлі да Бярэзіны. У баі пад Бабруйскам снарадам забіла нашага земляка, камандзіра батальёна Сцяпана Жынко. Пачуўшы гэта, стары Цярэшка, не здымаючы шапкі, перахрысціўся: « Царства яму нябеснае».

— У нябеснае царства, дзед, вароты шырокія, а за зямное яшчэ біцца трэба,— сказаў Максім Ус.

— Усё ты мяне падсякаеш, як таго печкура на верхаводцы. Біцца дык біцца, каб ix паралюш разбіў. Чаго ім, злыдням, тут трэба?

— Каб ты зноў парабкам быў,— ужо лагодна адказаў Максім.

— А выхвараюць яны! Паспытаўшы салодкага, горкае i калом не ўваб'еш. Цяпер i дурань ведае, за што яму стаяць.

— Дык што будзем рабіць, мужчыны? — запытаў Ляўкоў.

— Бараніцца,— загулі мужчынскія галасы.

— Станем сцяною на Пцічы — i ні з месца!

Ляўкоў прыплюшчыў вочы.

— Каб так лёгка рабілася, як гаворыцца. Чырвоная Армія не ўстаяла пад Мінскам, мабыць, ужо здала i Бабруйск. Можа, i ненадоўга, але здала. А як бараніцца з дубальтоўкамі?

Падскочыў малы, юркі Цімох Валодзька.

— У мяне ад «каперацыі» тры вядры патронаў асталося, скрынка піраксіліну i паўмяха гранат. Вінтоўкі i карабіны, лічы, у кожнага пад страхою тырчаць. На першым часе адаб'ёмся, а там i ў панкоў разжыцца можна будзе.

— Праўду кажа Цімох,— падняўся шыракаплечы Лявон Адзінец. Пра яго сілу ведала ўся воласць: мядзведзя паборае, учэпіцца за біла — конь ні з месца. Пакладзе на калёсы Лявон дзеравіну — вязі смела, не падужае — лепш i каня не запрагай. Як усе дужыя людзі, ён быў заўсёды лагодны i спакойны. А тут разышоўся: «Лепш памерці, а не аддаць тое, што столькі год заваёўвалі. Ці, можа, зноў ісці ў парабкі да Урангеля? Ён цяпер за атамана ў белых, a барані божа, прыедзе, скуру да касцей здзярэ. Я думаю, таварышы, трэба сёння ж падзяліць усіх на атрады, выбраць камандзіраў, а як толькі паткнуцца сюды легіёны, біць, не шкадуючы ні ix, ні сябе. Мы загінем, хай хоць дзеці нашы па-людску жывуць. Хто за камандзіраў будзе,— пытаецеся? Ігнат Жынко i Андрэй Пуцята чым не камандзіры? A ўзводнымі Максіма Уса i Цімоха Валодзьку назначыць. Па сёлах разведчыкаў адправіць. Каго? Хоць бы Марыльку Салаўёву. Гэтую дзеўку чорт i ў мяху не спаймае. Падшыванцаў да радні пусціць, няхай прынюхваюцца. Калі што якое, сюды перакажуць. Ну, a Максім Ляўкоў усім верхаводзіць будзе.

— Ты, Лявонка, як той Саламон, разважыў. Лепш i не прыдумаеш,— не стрымаўся Цярэшка.

— Папраўдзе, Лявон добра ўсё распланаваў,— пасвятлеў у твары i ўсміхнуўся Ляўкоў.— Збірайце мужчын, камандзіры. Разыходзьцеся па сёлах, пагаварыце, каб кожны ведаў сваё месца.

— А бабы хіба зломкі? — ускочыла Параска.— Ці ж я сваім галапузым ліхадзей? Пішы i мяне, Андрэй Сцяпанавіч,— звярнулася яна да Пуцяты.— Пакуль страляць навучуся, кашаварыць буду, кашулі i зрэбнікі вашы мыць. Можа, i па лесе бадзяцца прыйдзецца, дык i я дармаедам не буду.

Праз тыдзень у кожным атрадзе ўжо было чалавек па дзвесце. Партызаны занялі Старую Дуброву: злева — шлях за Пціч, справа за двое гоней ад сяла пачынаўся лес, глухая панская пушча — зялёная крэпасць, пераплеценая непрыкметнымі сцежкамі. У яе нетры, на глухі востраў, зарослы асінамі, дубняком i ляшчыннікам, штодня хадзілі мужчыны з узвода Максіма Уса. Яны валілі асіннік i ельнік, калолі яго на доўгія плахі. У адной высякалі «вуха», у другой выразалі шып i ставілі вялікія буданы. Накрывалі ix дзёрнам, яловымі лапкамі, а то i мохам.

— От i фацеры на зіму е,—любаваўся работаю Максім Ус.— Калі часам выкураць з Дубровы, адсюль будзем смаліць у ягамосцяў.

На востраў прывезлі скрыню мукі, мяшэчак солі, нават кацёл, выдраны з панскай кухні. Пра тое, што робіцца на востраве, ведалі толькі рэўкомаўцы i хлопцы з Усавага ўзвода.

Знікла з Харомнага i Салаўёва Марылька. Сказала, што ідзе за раку ў водведкі да цёткі. Цішком пагаварыў Ляўкоў i з пастушкамі, што ганялі тавар на лукавіны кал я Пцічы.

— Калі што якое запрыкмеціце, пасылайце падпасвіча. ІІяхай барзджэй бяжыць у алешнік да нашых пастоў, а мы ўжо тут ведацьмем, што рабіць,— тлумачыў хлапчукам старшыня рэўкома.

Разы са тры з Перакалля прыходзіла маленькая, кульгавенькая Ліна, Марыльчына стрыечная сястра. Абчапляецца торбамі, накладзе ў ix акрайцаў i скарынак, кіёк возьме i шкандыбае, дзе па дарозе, дзе па раллі — ні даць ні ўзяць убогае жабрачаня. Зойдзе да Параскі, рызманы паскідае, не дзеўчына — лялька: вочы сінімі іскаркамі гараць, валасы льнянымі хвалямі на плечы збягаюць. Падкурчыць скалечаную ножку на ўслончыку i слова ў слова пераказвае, што загадала перадаць Марыля.

— У Касарычах, Харомцах i ў Парэччы легіянеры стаяць. Не многа, чалавек па дваццаць. Афіцэр у парэцкага папа ў доме жыве, з пападзянкамі пад ручку ходзіць, а ноччу ўсё каравулы правярае. Сыскаўся ж i Казік Ермаліцкі; казалі, у Харомцах каля вахмістра аціраецца. Усё лазіць па балоце ды на рэчцы броду шукае, каб як цераз Зацішша сюды палякаў правесці. З лесу неспадзеўкі думаюць наскочыць на вас.

Калі прыходзіла Ліна, Параска насылала свайго большанькага Васілька па дзядзьку Максіма або Лявона. Часцей прыходзіў Адзінец i так ужо ўсё выпытваў, нібы дапрос знімаў: i дзе ў ix пасты стаяць, i колькі кулямётаў у кожнай вёсцы, i як з людзьмі абыходзяцца.

Раніцою Ліна зноў нацягвала свае лахманы, крыжнакрыж чапляла торбы. Параска непакоілася, каб не схапілі яе палякі.

— На той бок каля хутара на чоўне стары Кашпар перавязе, а там не зачэпяць — жабрачка, латышка, а нас яны чамусьці сваімі лічаць,— I Ліна, кульгаючы i ківаючыся, ішла з сяла.

Партызаны верылі дзяўчыне i рыхтаваліся сустрэць белапалякаў каля Зацішша. Расставілі пасты, цікавалі на кожнай лясной сцежцы. Цішыня была трывожная. З-за ракі даходзілі чуткі, што ў маёнткі i сёлы прыходзяць новыя часці, па полі гарцуюць уланы, сякуць лазу i выхваляюцца, што вось так паздымаюць галовы ўсім «рудабельскім бандытам» i вызваляць ад бальшавікоў маёнтак барона Урангеля. Але канчалася лета, а яны нешта не спяшаліся ісці на Рудабелку.

Калі адшумела жаўталісце i марозікі прыхапілі палі i дарогі, эскадрон уланаў ноччу заняў Зацішша, неспадзеўкі хацеў ускочыць у воласць, арыштаваць рэўкомаўцаў i адкрыць дарогу пяхоце.

Але партызанскія вочы i вушы былі за ракою ў кожным сяле i на кожным хутары. Атрад Ігната Жынко сабраўся ў хмызияку, каля гнілое багністае канавы. Яна зарасла аерам i лапухамі, зверху зашэрхла тонкім лядком. Над канаваю вісеў хісткі жардзяны масток. Толькі праз яго можна было пераправіцца на Рудабелку. Узвод Цімоха Валодзькі перайшоў на той бок, адкуль павінны былі ехаць уланы, i залёг у кустах ракітніку. Максім Ус са сваімі хлогіцамі астаўся на другім беразе канавы. Яны ў самым пачатку мосціка пакінулі некалькі жардзін, на сярэдзіне рассунулі ix так, каб конскія ногі якраз правальваліся паміж імі, а ў канцы зусім паскідалі жардзіны. Самі ланцужком рассыпаліся ўздоўж канавы, пахаваліся за пажоўклым чаротам i хмызняком. Гэта яны звалі «Салаўёўскай засадай».

Нудна шапацела сухая асака, нібы серп аб серп скрыгатала чаратовае лісце, па небе вецер гнаў раскудлачаныя хмары. За імі то хаваўся, то выбліскваў тоненькі халодны маладзічок, i тады ўся балацяная нізіна залівалася сіняватым святлом. Цягнуліся доўгія цені ад кустоў, паблісквалі тонкім цёмным лядком лужыны i канава.

Па скаванай першымі замаразкамі дарозе гулка зацокалі капыты. З лесу папаўзла, закалыхалася доўгая калона коннікаў. Маладзічок асвятляў блішчастыя рулі карабінаў, зіхатлівыя страмёны i шпоры. Уланы ехалі ціха i асцярожна. Як толькі першыя коні ступілі на жардзіны мастка, з ракітніку бліснула полымя, цішыня разарвалася, як настылае прасцірадла. Коні рвануліся наперад, заднія адскочылі ўбок, узняліся на дыбKi, каб пераскочыць канаву, i, ламаючы тонкі лядок, з усяго размаху ляцелі ў густы жужаль. Пярэднія правальваліся паміж жардзінамі на мастку, біліся аб ix пысамі, тузаліся, сілячыся ўстаць. Жаўнеры хапаліся за карабіны, але залп ззаду, нібы страшэнны віхор, пагнаў коней да канавы, i яны з разгону ўвальваліся ў густую сцюдзёную твань. Спераду ўдарыў узвод Максима Уса.

Лямант, стогны i крыкі, здавалася, далятаюць аж да неба. A маладзічок выплываў паміж касмылёў хмарак i здзіўлена пазіраў, як б'юцца i паміраюць на зямлі людзі.

У гнілой канаве булькалі i храплі коні. Нехта сіліўся выпаўзці з жужаля, хапаючыся за сухі чарот. Несуладна стралялі ўланы i рудабельцы.

Калі ўсё сціхла, партызаны перакінулі цераз канаву знятыя з моста доўгія жардзіны; зыбаючыся на ix, нахіляліся, пераразалі рамяні i выцягвалі з жужалю слізкія карабіны. Ад марозу яны блішчалі, як зашклёныя.

Каля самага берага, па пахі ў багне, ляжаў Казік Ермаліцкі. Рукі прымерзлі да рудое асакі, каўнер новенькага мундзіра быў заліты крывёю.

Пасля бою каля канавы партызаны акрыялі духам, паемялелі, сталі больш дзёрзкія. А тут якраз аднекуль з-пад Капаткевіч прабіваўся да сваіх эскадрон чырвоных коннікаў i завярнуў у Рудабелку.

— Нашы прыйшлі! Нашы прыйшлі! — бегучы па вуліцы, крычалі дзеці.

— Шапкі з пікамі, i на сёдлах усе! Далібог, от з такімі пікамі.— I хлапчукі над галовамі падымалі пальцы.

Кабеты, старыя i малыя высыпалі на вуліцу. Маладзіцы на прыпечках смажылі яечні з вялікімі скваркамі i радаваліся, што зноў прыйшлі свае i не пусцяць цяпер сюды белапольскую навалач.

Камандзір эскадрона, невысокі, з пабітым воспінамі тварам дзяцюк сядзеў у рэўкоме, расказваў, як яны прабіваліся па варожых тылах, i дзівіўся, што тут няма белапалякаў.

— Як толькі паткнуцца сюды, мы ix адразу ў праваслаўную веру перакручваем,— пасміхаўся Максім Ус.— Вадохрышча ім у канаве зрабілі.

— А цяпер трэба па Парэччы ўдарыць,— прапанаваў Андрэй Пуцята.— Я там кожную сцежку ведаю. Нашы атрады зойдуць з тылу, а чырвоная конніца — з фронту.

— Памагнём,— згадзіўся камандзір эскадрона.

За ноч стары Кашпар цераз раку з ледзянымі закрайкам! перавёз на чоўне атрад Андрэя Пуцяты на правы бераг. Партызаны знікалі ў прырэчных кустах, хвойнікамі i гаямі прадзіраліся ў лес, што падыходзіў да самага Парэчча. Абышлі вёску i залеглі. Наўкол было пахмура i ціха. Вецер гнаў колкі прамёрзлы пясок, як шротам біў у твары i запарушваў вочы. Вёска маўкліва стаяла на ўзгорку, над саламянымі стрэхамі тырчала беленькая званіца царквы. Паміж голых прысад відзён бляшаны дах папоўскага дома. Партызаны ведалі, што там кватаруюць афіцэры, а салдаты занялі школу i жывуць па хатах. Трэба ix выкурыць з вёскі, але так, каб сваім людзям не нарабіць ніякае шкоды.

Андрэй Пуцята разлічыў, што на світанні чырвоная конніца праскочыць мост i наблізіцца да Парэчча. Ён прыслухаўся.

— Дзядзька Цярэшка, паслухай i ты, здаецца, тупаюць.

Стары ссунуў на адно вуха заечую аблавушку i лёг на разору.

— Эге ж, Андрэйка, чуваць.

— Атрад, плі! — скамандаваў Пуцята.

Грымнуў i пакаціўся, нібы вялікая пустая бочка, гучны залп. То ў адным, то ў другім канцы вёскі адказалі стрэламі. Відаць, ачухалася варта. Да партызан даляталі крыкі, словы каманды, лямант. I раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ўра!». На ўзгорку паказалася конніца, забліскалі шаблі, захраплі коні. Расхіналіся i трапяталі на ветры стаўбунаватыя шлемы. У розных канцах вёскі бухалі несуладныя стрэлы. Жаўнеры выскоквалі ў расхлістаных мундзірах, без шапак, у адных шкарпэтках; як апантаныя, пераскоквалі праз платы, хаваліся за адрынамі i хлявамі. Некаторыя на неасёдланых конях вузкаю вуліцай памчаліся за могілкі, у малады сасоннік. Каля царквы засакатаў кулямёт i перагарадзіў дарогу ў вясковую вуліцу.

Чырвонаармейцы асадзілі коней, спусціліся ў нізіну i пачалі абкружаць Парэчча. Партызаны паўзлі да гародаў, кароткімі перабежкамі пракрадваліся паміж кустоў, што раслі на куп'істым поплаве, каб з тылу прарвацца на вуліцу i заткнуць зяпу кулямёту, які прыкрываў адыход сваіх. Легіянеры, нібы з дзіравага меха, сыпаліся з другога канца вёскі i знікалі ў хвойніку. Дарогу ім перарэзала чырвоная конніца, засвісталі клінкі, загрымелі стрэлы.

Па разорах да царквы паўзлі Карп Жулега i Апанас Раговіч. Яны ўскочылі на цвінтар i залеглі за бэзавымі кустамі. Грымнулі два гранатныя выбухі, i кулямёт змоўк. Партызаны палезлі праз платы, пабеглі па садках i гародах на вуліцу. Яшчэ сям-там з-за хлявоў i хат адстрэльваліся жаўнеры.

Дзед Цярэшка ніяк не паспяваў за маладымі. Ссунуўшы на вуха аблавушку, ён выскачыў з-за высокага агрэставага куста i ўбачыў за адрынаю жоўты мундзір.

— Стой, пся крэў! — крыкнуў стары, падхапіў вінтоўку, але з-за вугла грымнуў стрэл. Дзеда штурханула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар i павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мсрзлымі храпкамі ссечанай капусты.

Яго знайшлі пасля таго, як скончЫўся бой. На рэдзенькай бародцы запяклася кроў, незаплюшчаныя вочы глядзелі ў халоднае шэрае неба.

Разгром партызанамі i чырвонай конніцай парэцкага гарнізона нагнаў страху на белапалякаў. Па вёсках папаўзлі чуткі, што з Гомеля прарваўся полк Чырвонай Арміі i разам з рудабельскімі партызанамі вызваляе цэлыя воласці i гарады, вось-вось прыйдзе сюды. Людзі чакалі вызвалення, мужчыны па адным, па два знікалі з вёсак.

Белапольскае камандаванне занепакоілася: адкуль узялася чырвоная конніца? Можа, з гэтай небяспечнай палескай зоны пачынаецца планамернае наступление чырвоных? Па тым, што расказвалі некалькі ўцекачоў з Парэчча, цяжка было хоць што-кольвек зразумець: у страха вочы лупатыя i лыжка здаецца лапатаю.

Паляцелі трывожныя тэлеграмы ў Бабруйск i ў Мінск. У адказ на ix прыбывалі часці ўланаў i пяхоты, палявая жандармерыя i артылерысты. Яны спыняліся ў Глуску. Заходзілі ў хаты па тры, па пяць чалавек, заганялі гаспадароў у запечча, a самі ўмошчваліся на ложках, у куце навальвалі цэлую rapy сёдлаў i амуніцыі. Усё мястэчка прапахла конскім потам i дымам паходных кухань.

Знятыя з фронту часці ад'ядаліся i адсыпаліся перад паходам на Рудабелку. У мястэчка прыязджалі на маляваных вазках дзябёлыя шляхцянкі ў доўгіх футрах з жоўтымі лісінымі каўнярамі, у высокіх боціках на гузіках i да раніцы скакалі з афіцэрамі мазуркі i паланезы, гулялі ў фанты з пацалункамі, стараліся размаўляць «па-польскему», хоць ix польскую гаворку варшавякі i пазнанцы разумелі толькі пятае цераз дзесятае.

A Іван Мазалеўскі з шавецкім начыннем зноў пайшоў па сёлах. Цяпер ён ламаў галаву, як прабіцца ў Рудабелку, каб пераказаць, што збіраецца вялікая сіла жаўнераў. Бадзяючыся па хутарах, ён сустрэў Марыльку, Салаўёву сястру.


5.

Цэлы месяц з рэшткамі свайго батальёна Аляксандр Салавей маршыраваў па вуліцах маленькай Сычоўкі. Днём чырвонаармейцы паролі штыхамі мяхі з саломаю, стралялі па мішэнях, a вечарамі латалі гімнасцёркі i шынялі, падэшвы густа падбівалі цвічкамі з пляскатымі галоўкамі i сгіявалі песні латышскія, венгерскія, беларускія i польскія. З латышамі Салавей гаварыў на матчынай мове, з беларусамі — на бацькавай, польскую трохі помніў з маленства ад шляхцюкоў. Цяжэй было з венграмі. Яны добра разумелі каманду, ведалі, што трэба рабіць, калі ім што даручаюць, а вось пагаварыць з кожным байцом па душах камандзір не ўмеў. А як жа камандаваць, калі не ведаеш, хто чым жыве, пра што думае, чаго сумуе ці радуецца. Салавей часта ездзіў у Смаленск у штаб Заходняга фронту i ва Упрафарм[16] патрабаваў, каб хутчэй батальён адпраўлялі на фронт, даводзіў, што нельга ў такі час адседжвацца ў ціхай Сычоўцы.

— Не спяшайцеся, таварыш Салавей,— супакойвалі яго ва Упраўленні фарміравання,— вы яшчэ пакажаце сябе.

— Я ж не клоун, каб паказваць сябе. Я бальшавік i не маю права страляць па мішэнях i патрашыць сеннікі, калі гінуць нашы людзі.

— Скажу па сакрэту,— гаварыў начальнік упраўлення, лысаваты мужчына з выпраўкаю i манерамі бы лога афіцэра,— мы фарміруем полк чырвоных камунараў. Ён адправіцца на барацьбу з белалатышамі. Якраз вашы стралкі i будуць вызваляць родную зямлю. Камандзірам палка прызначаны ваш зямляк, бабруйчанін Іван Варфаламеевіч Царук. Вось так, Аляксандр Раманавіч.— Начальнік ветліва ўсміхнуўся i ўстаў.— Зайдзіце ў штаб фронту i атрымайце загад аб пераводзе ў Смаленск.

Праз два дні інтэрнацыянальны батальён уліўся ў полк чырвоных камунараў. Заўсёды падцягнуты Салавей цяпер быў асабліва па-дзелавому напружаны, заклапочаны i энергічны. Ён даставаў палявыя карты, гутарыў з ротнымі камандзірамі, асабліва часта заходзіў у латышскую роту, распытваў, хто адкуль родам, доўга гаварыў з латгальцамі, па карце вымяраў дарогі ад Дзвінска да Люцына i Рэжыцы, запісваў латышскія назвы вёсак i хутароў. Гаворачы з байцамі, Салавей бачыў разбітыя чаравікі, лупатьтя латкі, не ў кожнага былі рукавіцы ці пальчаткі.

Па цёмных вуліцах Смаленска свістала завіруха, здувала з узгоркаў сыпучы снег, бразгала бляхаю дахаў, гула ў зубцах крамлёўскай сцяны. У такую сцюжу разуты салдат шмат не наваюе. Гэта непакоіла Салаўя. Ён прыйшоў да камандзіра палка i далажыў, што яго батальёну трэба восемдзесят шэсць пар абутку.

— Каб толькі восемдзесят шэсць! — сумна адказаў Царук.— На полк патрэбна сама меней пар чатырыста. А дзе ix узяць? Пачакай, зараз прыйдзе загадчык гаспадаркі. Паслухаем, што скажа Муляўка.

Увайшоў высокі мужчына ў кароткім шынялі, у абмотках i выцертай папасе. Увесь твар Муляўкі быў збіты воспаю, на месцы броваў тырчала некалькі рэ-

дзенькіх валасінак. Ён выслухаў камандзіра палка, памаўчаў i спакойна адказаў:

— Трэба ехаць у Маскву.

— Там для нас назапасілі i толькі чакаюць цябе.

— Можа, i не назапасілі, а даць дадуць.

— Хто гэта табе дасць? — пачынаў злавацца Царук.

— Таварыш Ленін дасць,— адказаў Муляўка.

— Ты што, з раніцы п'еш?

— Я з Уладзімірам Ільічом два гады разам у ссылцы быў. Ведае ён мяне. Даложаць — прыме i выслухае, a калі выслухае, паможа.

— Гм, а ты не прыдумляеш? — памякчэў Царук.

— Што тут прыдумляць, Іван Варфаламеевіч. Каб было дзе дастаць, хіба б стаў турбаваць Уладзіміра Ільіча ў такі час?

— Чаму ж ты раней не казаў, што разам у ссылцы быў?

— А чаго хваліцца? Так што выпісвайце дакументы, давайце пару чалавек у помач. Калі пашанцуе, будуць чаравікі.

— Каго ж табе даць?

— Ёсць у мяне пракідныя хлопцы,— ажывіўся Салавей.— Казначэй Сцяпан Герасімовіч i камандзір узвода Лукашэвіч.

— Прысылай ix сюды,— сказаў Царук.— I сам прыходзь.

Выпраўляючы хадакоў у Маскву, камандзір палка папярэджваў:

— Вы ж хоць вельмі там у вочы не лезьце. Клопатаў у таварыша Леніна па самую званіцу Івана Вялікага, i не да чаравікаў яму цяпер. Дасць — добра, а не, захапіце грошай, можа, чым на Сухараўцы разжывецеся.

— Грошай у мяне цэлая торба,— пахваліўся Герасімовіч.

— Глядзі, каб не свіснулі,— папярэдзіў Царук.

— А я ix ніколі не пільную, таварыш камандзір. Заходжу ў вагон i кідаю пад лаўку. Спытае каторы: «Чаго гэта, салдацік, напакаваў?» «Бланкі,— кажу,— плечы ўварвалі. Вайна ідзе, а тылавыя пацукі канцылярыю развялі».

— Ой, хлопча, глядзі, каб не знайшлося разумнейшага за цябе. Пільнуйцеся таварыша Муляўкі. Ён чалавек бывалы. Што скажа, тое i рабіце.

Пасланцы крутнуліся i выйшлі з пакоя. За вокнамі скавытаў вецер i гнаў сухі сыпучы снег. У казарме было холадна i цёмна, густы іней іскрыстай поўсцю захутаў сцены. Камандзір палка сядзеў за сталом у белым казловым паўкажушку i ў кубанцы. За кожным словам з вуснаў вылятаў струменьчык пары.

— Белая латышская армія падышла да Асвеі, наступав на Дрысу. Наша задача не толькі спыніць наступление, але адкінуць белалатышоў назад, замацавацца ў раёне Рэжыцы. Вашаму батальёну даручана абысці ворага з тылу i нанесці першы неспадзяваны ўдар. Будзеце прабірацца па тылах, на Невель, Ідрыцу i Себеж. Калі там не ўдасца прайсці, кіруйцеся на Ізборск. Полк завяжа баі з фронту, прарвём кальцо белякоў i злучымся недзе вось тут.— Царук ткнуў у блакітны кружочак на карце. Салавей знайшоў яго на сваёй трохвёрстцы i адзначыў кружочкам невялікае возера Рэзна.

— Ваша латышская рота будзе весцц разведку з большым поспехам, чым хто іншы. Ды i ў штабе ведаюць, што Салавей не ўмее адступаць. Калі пашанцуе, падабуемся i — у бой. Вы верыце, што Муляўка што-небудзь прывязе?

— Калі толькі ёсць у Маскве, даб'ецца. Гэты чалавек абы-што гаварыць не ўмее. Стары бальшавік. Царскія турмы i ссылкі прайшоў. Пэўна, i Леніна ведае.

— Можа, i ведае, але ці ведае Ленін яго? — засумняваўся Царук.

— Нават калі i не ведае, дапаможа. Не для сябе ж чалавек стараецца, для фронту,— пераконваў камандзіра Салавей.

Назаўтра на двары казармы Аляксандр убачыў бацьку i вачам не паверыў.

— Адкуль вы, тата? — кінуўся ён да старога.

— Гэ, браце, доўгая песня. Гляджу я гэта i думаю сабе, чаго тут столькі бэйбусаў назбіралася — морда ў морду, a ў нас старыя i бабы ваююць ды ад вас помачы чакаюць.

— Не, усё ж скажыце, як вам удалося столькі прайсці i цераз фронт прабрацца?

Стары Раман хітра ўсміхнуўся i падміргнуў сыну:

— На шапку-невідзімку разжыўся. Дзе скокам, дзе бокам, дзе дурнем прыкінуся, дзе ў шчыліну пратачуся, от i прабіўся цябе адведаць. Дай, думаю, схаджу, пагляджу, як тут сынок ваюе. А ты нішто, спраўны. Быў бы ў нас добры камандзір.

— A хіба ў вас няма?

— Чаму няма? Максім Ляўкоў у воласці i над yciмі атрадамі вараціла; Андрэй Пуцята, Ігнат Жынко за камандзіраў. Даём трохі пытлю панкам. Але i ты быў бы не лішні.

Раман расказваў сыну пра першыя баі з белапалякамі, пра разгром Парэцкага гарнізона, пра смерць Цярэшкі, пра тое, як Марылька i Ліна памагаюць партизанам. Але так i не расказаў, як двойчы пераходзіў праз лінію фронту i як думае дабірацца дадому.

— А я i не думаю,— адказаў Раман.— Можа, i мне знойдзецца месца ў вашым палку. Хоць за кашавара буду.

Дні тры ўгаворваў Аляксандр бацьку, каб вярнуўся дахаты. Пераконваў, што баі будуць цяжкія i доўгія, што не ў яго гады ваяваць у рэгулярным войску. Ён даў старому паперку за подпісамі i пячаткамі штаба, каб каменданты i камандзіры часцей садзейнічалі Раману Аляксандравічу Салаўю перайсці лінію фронту для вядзення рэвалюцыйнай работы ў тыле ворага.

Развітваючыся каля цяплушкі, у якой ехалі чырвонаармейцы пад Оршу, бацька з сынам моцна эбняліся. Раманаў кажух пах знаёмым хатнім духам, калючая барада напомніла, як у маленстве яна казытала шчокі, калі Аляксандр залазіў да бацькі пад коўдру пагрэцца. Успомніліся сябры, што адстойваюць Савецкую ўладу ў Рудабелцы. Прыгадаліся цёмныя Парасчыны вочы, выразна пачуўся голас нябожчыка Цярэшкі, i так зрабілася шкода старога, што аж зашчымела пад сэрцам.

Аляксандр падсадзіў бацьку ў гаманкую, ледзь асветленую агаркам цяплушку, папрасіў чырвонаармейцаў прытуліць старога.

Праходзячы па пероне, Салавей пачуў знаёмыя галасы i глухі грукат. Каля апошняга вагона чырвонаармеец з вінтоўкаю ў руках пакрыкваў на кожнага:

— Правальвай, правальвай, не затрымлівайся!

«Няўжо Сцёпка?!» — узрадаваўся Салавей. Насустрач паднялася вінтоўка.

— Праходзь направа! — крыкнуў вартавы.

— Чаго добрага, яшчэ здуру i стрэліш,— спакойна адказаў камандзір.

— Хлопцы, Аляксандр Раманавіч тут! — узрадаваўся Герасімовіч.

— От гэта малайцы,— ускокваючы ў вагон, ускрыкнуў Салавей i пачаў выкідаць звязаныя па некалькі пар чаравікі i боты. Яны пахлі дзёгцем i скураю, рыпелі i з грукатам падалі на платформу.

Муляўка з кута выцягнуў тры вялікія скруткі, абмацаў падлогу, ці не засталося дзе чаго.

— Ну, усё. Добра, што паспелі.

Толькі яны выскачылі з вагона, паравоз прарэзліва раўнуў, зачухкаў клубамі пары, i цягнік павольна пакаціўся па прыцярушаных снегам рэйках.

— Я пабягу па сані,— сказаў Муляўка,— а вы тут пільнуйце.— I, пераскокваючы праз пуці, знік у замеці.

Пільнаваць на платформе асталіся ўтрох.

— Расказвайце, як гэта вам удалося? — карцела Салаўю хутчэй пра ўсё дазнацца.

— Прыехалі мы ў Маскву раніцай. Горад завалены снегам. Бачым, рамізнік стаіць; падыходзім, думаем— хутчэй даедзем. А ён ні блізка: конь, кажа, аташчаў i траіх не давязе. Пайшлі пехатою.

— Хіба я ў цябе пытаюся пра рамізніцкага каня? Ты мне скажы, Леніна бачылі? — не стрымаўся Салавей.

— Бачылі, бачылі, таварыш камандзір,— супакоіў Лукашэвіч.— А Сцёпка іначай не ўмее расказваць.

— Калі такі разумны, сам расказвай,— пакрыўдзіўся Герасімовіч.

— Прыйшлі, гэта значыць, да Крамля,— пачаў Лукашэвіч,— вартавы стаіць, дакументы правярае. Паказваем свае мандаты. Глядзеў, глядзеў, потым тузануў за дрот. Чакаем. Прыходзіць развадзяшчы. Таварыш Муляўка так яму проста i кажа: «Далажыце, гэта самае, Уладзіміру Ільічу, данясенні з фронту прывёз

Іван Муляўка i просіць прыняць». Памуляўся развадзяшчы. Можа, кажа, хто другі прыме? «Не, толькі да таварыша Леніна».

— Хваліўся, a i сам на рамізніцкага каня ўссеў,— перабіў Лукашэвіча Сцяпан i болей не даў яму рота раскрыць.— Адным словам, таварыш камандзір, прывёў нас курсант у вялізны палац, загадаў шынялі i зброю здаць i павёў. Па лесвіцах, па калідорах нейкіх вядзе, за дзвярыма машынкі, як тыя кулямёты, ляскаюць. Уваходзім у вялікія дзверы, У пакоі ціха-ціха. Жанчына нас сустрэла, на столік газет, журналаў паклала. Чытайце, кажа, а сама — у кабінет. Выходзіць i просіць трошкі пачакаць. Сядзім, чакаем. А потым з дзвярэй — шась i проста да нас ідзе i ўсміхаецца невысок!, быстры чалавек. Ага, сам таварыш Ленін. Я яго адразу пазнаў. Ну, выліты, як у газеце. Падае ўсім руку, a Муляўку нашага за плечы трасе. «Пазнаю, пазнаю,— кажа,— Іван... не падказвайце... Аляксеевіч. Прашу».— I паказвае на кабінет. А мы i не ведаем, icці ці сядзець. Вось ён,— Сцяпан кіўнуў на Лукашэвіча,— смыкнуў мяне за рукаў, мы, дурні, i асталіся. Доўга не было Муляўкі. Пра што яны там гаварылі, хлусіць не буду, не чулі. Потым выходзіць, аж рабацінне свеціцца ад радасці. Паперкаю трасе. Потым у дарозе расказваў, як Уладзімір Ільіч дазнаўся пра наш полк, дык, праўда ці не, нібыта кажа таварышу Муляўку: «Раз вы чырвоныя камунары, даем вам яшчэ тры скруткі чырвонага сукна камандзірам на галіфэ». Вось яно.— Герасімовіч носцам ткнуў у закручаныя рагожай цюкі.

Па снезе, перамешаным з пяском, зарыпелі сані,— Муляўка непадалёк ад вакзала запыніў фурманку.

— Колькі ўсяго тут? — пацікавіўся Салавей.

— Хопіць. Чатырыста пар палучылі.

У завірушным снежні 1919 года праз ІІевель i Себеж батальён Салаўя прабіраўся па варожых тылах. Белалатышы займалі Дзвінск, Краславу i Асвею. Яны намагаліся пашырыць фронт на паўночны ўсход да рэчкі Сіняй.

Спыніць ix, адкінуць назад i злучыцца з асноўнымі сіламі палка павінен быў інтэрнацыянальны батальён Аляксандра Салаўя.

Чырвонаармейцы ішлі супраць ветру. Мяцеліца гула i хвастала жорсткім снегам, сляпіла вочы, упіналася ў грудзі. А байцы, падобныя на снежныя слупы, сунуліся насустрач ветру i ворагу. У снежнай крутаверці нічога не было відно: куды ні зірнеш — ляціць мітуслівая завея, шуміць у высокім перамёрзлым трысці i ломіць крохкія чараціны. Батальён выбіўся на возера. Зіма яго закавала тоўстым лёдам i заваліла глыбокім снегам.

Спыніліся ў невялічкай прыазёрнай вёсачцы. На платах зімавалі старыя падраныя сеці, каля хлявоў i свіронкаў ляжалі перавернутыя чаўны i лодкі. Адразу было відно, што тут жывуць рыбакі. Вяскоўцы стрымана i насцярожана глядзелі на салдат.

— Лixa яго разбярэ, дзе свае, дзе чужыя,— казаў дзед з зялёнаю ад тытуню барадою.— Тут латышы i там латышы. Таўкуць адзін аднаго. А за што, каб спытаў, i самі не ведаюць.

— Не, дзед, — пярэчыў камісар Ясюнас.— Ведаем, за што. Мы за латышскі народ ваюем, за яго свабоду, а тыя за кучку паноў, якія хочуць нас упрэгчы ў плуг, асядлаць i паганяць яшчэ.

Увечары камісар нацягпуў на сябе зрэбнікі, абуў лапці з суконкамі, вераўчынаю падперазаў світу, для прыклёпу заткнуў за пояс сякерку, нібы прадухі прасякаць на возеры, i падаўся на той бок. Ён вырас ў Латгаліі i ведаў гэтыя мясціны, умеў добра гаварыць па-латышску i па-беларуску, таму i папрасіўся ў разведку.

Салавей да раніцы чакаў свайго камісара. Было боязна за Ясюнаса i трывожна ад маўклівай невядомасці. А завея круціла другія суткі. Страшна нават выткнуцца з цёплай хаты. I ўсё ж камандзір падняў батальён i павёў на той бок возера.

Не дайшлі i да сярэдзіны, як вецер данёс шаргаценне, гул i абрыўкі выкрыкаў, падобных ні то на лаянку, ні то на каманду. Батальён Салаўя доўгім ланцугом залёг у пухкім снезе, што сыпаўся за каўнер, лез у рукавы, набіваўся ў чаравікі, раставаў i поўз халоднымі струменьчыкамі па целе. Але ляжаць за сумётамі было зацішней i ўтульней, чым на буі.

У замеці ўжо выразна чуліся галасы i бачылася нейкае няўлоўнае мітушэнне. Яно напаўзала бліжэй i бліжэй, хоць у снежным шквале яшчэ нікога не было відно. Трэба стаіцца, замерці, каб не пачуў вораг.

Як толькі ў парадзелай мітульзе завірухі паказаліся ледзь прыкметныя постаці белалатышскіх салдат, ім проста ў лоб секанула бліскавіца шчыльнага вінтовачнага агню. Забітыя падалі ў снег, нібы правальваліся ў бездань, жывыя рвануліся назад, грузнучы i блытаючыся ў высокіх сумётах.

Батальён з крыкам «ура» падняўся ў поўны рост i кінуўся следам. Рэха страляніны з возера дакацілася да Асвеі. Рэшткі белага гарнізона кідалі ўсё i адступалі на Краслаўку.

Змораныя чырвонаармейцы прыпыніліся ў невялічкім маёнтку. Трэба было адпачыць i агледзецца, каб не трапіць у нерат. Вораг адкаціўся за пералескі i хмызнякі. Узводныя расстаўлялі баявую ахову, разводзілі. пасты.

Да чырвонаармейцаў падышоў высокі худы мужчына ў рызманах, разбітых лапцях. Ён пазіраў чыстымі, па-дзіцячы наіўнымі вачыма. Сцягнуў з лысай галавы шапку, пачаў нешта мэкаць, паказваць рукою, па-каталіцку жагнацца ўсёю далоняй i некуды клікаць. Хоць чалавек быў нямы, але настойлівы. Ён ухапіў узводнага за рукаў i пацягнуў да касцёла. За імі пайшло некалькі чырвонаармейцаў. Невялікі беленькі касцёл стаяў на ўзгорку, вакол яго раслі старыя ліпы. Каля касцельнай сцяны байцы ўбачылі страшэннае відовішча. На снезе стаяў голы, нібыта зашклёны, чалавек. На спіне глыбокаю ранай запяклася i заледзянела пяціканцовая зорка. Адно вока было выбіта i заплыло крывавым камяком, другое мутна пазірала з глыбокай тугою i папрокам.

— Гэта ж наш камісар Ясюнас! — крыкнуў узводны.

Байцы паздымалі шапкі i стаялі, як знямелыя. Такога яны ніколі не бачылі: парэзанага кінжаламі, прапоранага штыхамі камісара целяшом выгналі на мароз i аблівалі вадою, пакуль ён не зайшоўся. Вось i стаіць, як помнік мужнасці, як абвінавачанне азвярэлым катам...

Калі на касцельным узгорку хавалі Ясюнаса, арганіст расказаў Салаўю, як нябожчыка, апранутага ў світу i ў лапці, затрымалі за аселіцаю белыя салдаты, распыталі i хацелі адпусціць, але нарваўся афіцэр i пацягнуў чалавека ў лапцях у плебанію. Там нехта пазнаў яго. Казалі, той юда ведаў яго некалі яшчэ да вайны, нібыта нават вучыліся разам. I пачаўся допыт.

— I вось так ён скончыўся,— сумна сказаў арганіст.

На сыпкія камякі мёрзлай зямлі ўзышоў камандзір батальёна i загаварыў па-латышску.

— Вайна ідзе даўно, але такое зверства мы бачым уперпіыню. Неразумныя людзі скажуць: латышы замучылі латыша. Няпраўда! Гэта звяры знішчылі добрага, чулага чалавека, які хацеў свабоды i шчасця для сваёй зямлі i для латышскага народа. Мы павінны не толькі адпомсціць за смерць таварыша Ясюнаса. Вызваліць гарады i сёлы Латвіі ад наймітаў капіталу, ад бандытаў i галаварэзаў — наш абавязак. Паклянёмся выканаць яго,— закончыў Салавей па-руску. I ў адказ грымнулі галасы латышоў, беларусаў, венграў, палякаў:

— Клянёмся!

— Клянёмся! — падхапіла рэха.

...Раніцою батальён выступіў з надзеяю прарваць абарону праціўніка, злучыцца з асноўнымі сіламі палка i вызваліць ад белай арміі Рэжыцу.

За ноч сціхла завея. Пацягнула цёплым адліжным ветрам. Снег набракаў вільгаццю, намакалі чаравікі, дубянелі ногі, i дрыжыкі праціналі аж да самай патыліцы.

Цяпер Салавей высылаў разведку невялічкімі групамі, яны прыкрывалі i падтрымлівалі адна адну.

Вярсты за дзве ад лесу праходзіла лінія варожай абароны. Яна замыкала кола, у якое трапіў полк чырвоных камунараў. Пра гэта дазнаўся Салавей ад сваіх разведчыкаў. Абставіны i задачы мяняліся. Трэба было нечакана напасці на белых. Узняць сярод ix паніку, разарваць кола i разам з палком ужо не прабівацца з акружэння, а наступаць, граміць белалатышоў па ўсім фронде.

Занятая белымі веска стаяла за невялічкім узгоркам у зацішнай нізіне. З яе i збіраўся камандзір пачаць прарыў. Наўкол было бела i ціха, сыпаўся лёгкі іскрысты сняжок, прыцярушваючы шапкі і плечы. Батальён стаіўся ў лесе. Раскладваць агні было забаронена. А холад працінаў навылет. К вечару зноў браўся марозік i люта хапаў за ногі ў намоклых за дзень чаравіках.

Ыа змярканні мароз прыціснуў яшчэ мацней. Чаравікі i боты грукаталі, як каменныя, i пакрываліся белаю ігліцай інею. Чырвонаармейцы тупалі ўсё жвавей i жвавей, ляпалі па спінах рукамі, хукалі ў дзіравыя рукавіцы. Здавалася, заледзянелыя яловыя лапы, мігатлівыя сняжынкі i нават высокія колкія зоры — усё працінае вострым холадам схуднелыя салдацкія спіны.

У поўнач Салавей з латыіпскай камуністычнай ротай пайшоў на вёску, занятую белымі. Астатнія дзве роты прыкрывалі флангі.

У вокны сонных хат паляцелі гранаты, успыхвалі вінтовачныя залпы, тарахцелі кулямётныя чэргі. Паднялася страшэнная паніка.

Белалатышы вырашылі, што іменна тут прарываецца акружаны полк, зняліся з акопаў, каб затуліць прарэшыну, кінуліся на помач сваім, але ix у полі спыніў шквал кулямётнага агню — білі абедзве роты, пакінутыя Салаўём на флангах.

Да раніцы варожае кола было разарвана больш як на пяць вёрст. Неспадзеўны ўдар з тылу так напалохаў белых, што ім здалося — на прарыў ідзе цэлая дывізія. У бой увязаліся перадавыя часці акружанага палка чырвоных камунараў.

А з варожага акружэння выходзілі абозы, параненыя, тыфозныя i абмароліаныя чырвонаармейцы. Абмарожаных было шмат. Ix адпраўлялі ў Ідрыцу i ў Себеж.

Адыход прыкрываў батальён Салаўя.

Апошнім з акружэння прабіваўся настылы i гулкі бронецягнік. На крутым пад'ёме з рэек сышла платформа. Байцы інтэрнацыянальнага батальёна скінулі яе пад адхон, паўмошчваліся хто куды i на цягніку вырваліся з варожага кола.

Пасля адліжных дзён i марознай штурмавой ночы з палка выбыла трыста шэсцьдзесят абмарожаных байцоў, многіх зваліў тыфус, параненых развезлі па тылавых шпіталях.

Рэшткі палка чырвоных камунараў зліліея з чатырыста семдзесят шостым палком пяцьдзесят трэцяй дывізіі.


6.

Пасля каляд вызверыліся маразы. Аж страляла па завуголлі. Перад заходам сонца неба налівалася чырванню, сняжынкі мільгалі ружовымі, сінімі, зялёнымі агеньчыкамі, а над лесам падымаўся вясёлкавы слуп.

— Гэта боскі знак на няшчасце, на пакуты i на слёзы,— боязна пазіралі кабеты i жагналіся.

Трывожна ў гэтыя дні было i ў рэўкоме. Не слуп на небе палохаў Максіма Ляўкова: пераказала Салаўёва Марылька, што ідзе на ix вялікая сіла, з коннідаю i пушкамі. I з Парыч пераказалі: «Наступаюць з Мазыра легіянеры, сцеражыцеся».

Як тут усцеражэшся ад гармат i кулямётаў? Але i здавацца не выпадала. Белапалякі дачакаліся, калі Пціч укрылася тоўстым лёдам i калі маразы закавалі балоты i азярыны, а на снезе відаць нават сарочы след. Вось i падцягнулі сілы, каб прыдушыць бальшавіцкую воласць.

Рэўком цяпер быў падобен на баявы штаб. Усім кіраваў Максім Ляўкоў. Атрад Ігната Жынко размясціўся непадалёк ад ГІцічы, узвод Цімоха Валодзькі заняў Карпілаўку i Дуброву, Максім Ус з хлопцамі — Кавалі i Лаўстыкі. Добра, што ў кожным узводзе было па кулямёту, па скрынцы патронаў, a ў кожнага партызана — вінтоўка або карабін i за папружкаю пара гранат.

У атрады прыйшлі старыя i падлеткі, за зброю ўзяліся ўсе камуністы. Параска прывяла ў рэўком чатырох удоў.

— Дай, прысядацель, бабам хоць па якой ламачыне, абы страляла.

У самой за плячыма вісеў новенькі карабін. Кажушок Параска падперазала шырокай папругаю з двума патранташамі.

— Не баламуць жанок, Параска,— сунімаў яе Ляўкоў,— няхай смокчуць сабе кудзелю. Не бабскае ета дзела ваяваць. Табе сядзець дома не выпадае, што праўда, то праўда. Хоць на дзень ускочаць палякх — не здабраваць. Шляхецкую .i панскую зямлю дзяліла? Дзяліла. Камунаю запраўляла? Запраўляла. Значыць, ратуйся. А вы, маладзічкі, ідзіце дадому, малыя ўжо недзе скуголяць.

Параска засталася вартаваць рэўком. На зборні яна грэлася каля цёплай грубкі, часам выходзіла на ганак, чула, як лапоча залубянелы на марозе сцяг, i зноў успамінала Аляксандра. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Калі ўжо так няймецца, хай бы дома ваяваў. Цяпер усе ваююць, у любым засценку, у кожным куточку. А яго недзе носіць па свеце. Тут бы хоць на вачах быў... От прысушыў! Iii ўдзень, ні ноччу з галавы не ідзе...

Раніцою слаўся марозны туман. Досвітак быў сіні, i снег здаваўся сінім. Звонка, нібы драчыны крык, рыпелі дарогі i калодзежныя жураўлі. Раптам, як гром сярод яснага неба, цішыню світанку разарваў гулкі гарматны стрэл i пакаціўся над заінелымі лясамі i ціхім аснежаным полем. Нешта гахнула, аж зыбанулася зямля. Такога яшчэ Параска не чула. Яна тройчы стрэліла ўгору, але яе сігналу ўжо ніхто не чуў — ішоў бой на ўзлессі каля Пцічы, сакаталі кулямёты каля Смыковіч i Лесак, па Дуброве біла артылерыя. Пачалося!

Здавалася, грыміць i калоціцца ўся зямля, бліскае сухім зеленаватым бляскам. Параска падцягнула цяжкую драбіну, прыставіла яе да ганка, порсценька ўзбегла па ёй i ўзялася адрываць кіёк, на якім трапятаўся сцяг. Цвікі заржавелі i не паддаваліся. Яна цягнула, тузала кій з боку ў бок. Нарэшце з піскам, нібы плачучы, вылезлі цвікі з ыамёрзлых дошак. Параска зняла з кійка цупкае палотнішча, склала яго ў некалькі рэдзяў, схавала пад кажушок, замкнула дзверы воласці i берагам Нератоўкі пабегла ў Карпілаўку. Там залёг узвод Цімоха Балодзькі. Нешта ж вельмі зрабілася светла. Параска азірнулася i ледзь не ўпала. Злева i справа калыхаліся i шугалі зыркія вогненныя слупы з чорнымі кутасамі дыму. Гарэлі Дуброва i Кавалі. Стаяў доўгі прарэзлівы гул, яго заглушалі гарматныя выбухі i вінтовачныя стрэлы. А над лесам узыходзіла вялікае чырвонае сонца, у бяздонным небе плылі i раставалі лёгкія хмурынкі, на голлі блішчаў густы іней, ён палахліва асыпаўся ад кожнага вінтовачнага стрэлу. Параска ледзь не выскачыла пад партызанскія кулі.

— Назад! Куды цябе гоніць! — крычаў невялічкі ростам, але галасісты Валодзька.

Параска ўпала, сцягнула з пляча карабін i некуды стрэліла. Яе пругка тнула ў плячо, сэрца білася так моцна, што здавалася, ад яго ўдараў калоцяцца рукі i дрыжыць усё цела. Па шорсткім снезе Параска адпаўзала назад, бліжэй да партызанскага ланцуга. Цяжка было разабраць, дзе страляюць свае, а дзе — легіянеры. Артылерыя біла аднекуль з Завалёнаў i толькі па Дуброве. Відаць, нехта падтыкнуў, дзе стаяць партызаны, таму i садзяць снарад за снарадам.

З ветрака, што стаіць на кавалёўскім полі, стракоча польскі кулямёт. У чыстай марознай сінечы, як свечкі, гараць хаты ў Дуброве, Лаўетыках i Кавалях. Партызаны пасоўваюцца да лесу, але не бягуць, не ўцякаюць, хоць сілы i не роўныя, хоць курчацца i канаюць на снезе прабітыя варожымі кулямі таварышы. Не ўстаў i не паварушыўся Майсей Раговіч, распластаўся на цвёрдым шарпаку Віктар Вотчыц, ткнуўся тварам у невялічкі сумёт Васіль Званковіч.

Можа, з дзееятак легіянераў скасіў Грыша Макавецкі, ускочыў, каб кінуць гранату, i кінуў-такі, але адразу ўхапіўся за жывот, перагнуўся, нібы зламаны ветрам, закруціўся на месцы. Другая куля скасіла яго.

Упершыню на Парасчыных вачах адзін за адным паміралі маладыя хлопцы. Яна ix ведала з маленства. I так проста, у адну хвіліну, няма ні Васіля, ні Віктара, ні Рыгора. Слёзы душылі яе. Параска страляла з адчаем i адпаўзала з узводам на Рудню. Там недалёка i лес.

Чуваць была страляніна ў Старой i Новай Дубровах. Гэта адбіваўся ўзвод Максіма Уса.

— Адыходзіць на Шкаву,— загадаў камандзір.

А па вуліцы ўжо беглі легіянеры. Яны то выскоквалі, то знікалі за хмарамі дыму. Роўна, як свечкі, у цішыні марознага дня дагаралі саламяныя стрэхі, асядалі счарнелыя сцены падпаленых хат, як сухія рэбры, тырчалі чорныя кроквы. Яны скручваліся, хіліліся набок, асядалі i падалі. Ніхто не тушыў пажару, ніхто нічога не выносіў, нічога не ратаваў. Людзі пазашываліся ў склепы, паўцякалі ў лес, пахаваліся на поплаве ў стажках сена.

Наўкол ішла страляніна. Легіянеры ў вогнішчы пажару кідалі гранаты. Яны рваліся ca страшэнным грукатам, раскідваючы ў розныя бакі галавешкі.

Высокі маншы Максім Ус прыціснуўся да сцяны стопкі i без промаху біў з вінтоўкі па жаўнерах. Яго ўзвод прабіваўся ў хвойнік, што рос непадалэк ад вески Максім, відаць, хацеў, прыкрываючы адыход хлопцаў, падпусціць бліжэй легіянераў, шарахнуць у ix гранатаю, а самому за азяродамі праскочыць у хмызняк, а там i да лесу рукой падаць.

Але Максіма заўважылі пілсудчыкі i пачалі страляць толькі па ім. Кулі дзынкалі i глуха білі ў пачарнелую сцяну стопкі.

— А трасцу! — крычаў Максім i страляў, страляў. Вось нешта штурхнула назад i апякло, гарачыя струменьчыкі пабеглі па руцэ i пад паху. Ён шчыльней прыціснуўся да вугла, прыцэліўся i стрэліў, але раптам страшэнны боль разануў па рабрыне, закруціліся снег i полымя над хатамі, у вачах паплылі белыя, ружовыя, сінія кругі. A Максім шчыльней прыляпіўся да вугла, не выпускаў вінтоўкі, хоць i не бачыў, куды страляе.

Белапалякі пачалі акружаць камандзіра. Ён ужо не адстрэльваўся, але ўсё яшчэ стаяў, прыпёршыся шырокімі плячыма да сцяны. Пад нагамі дымілася лужына крыві. Асцярожна падкрадаліся легіянеры. IM хацелася схапіць партызана, хоць параненага. Калі яго акружылі i паручнік крыкнуў: «Рэнкі до гуры!» — Максім Ус не паварушыўся. Ён так i стаяў, прыпёршыся плячом да сцяны. Боты прымерзлі, вінтоўка звалілася ў снег.

Легіянеры ўпершыню ўбачылі чалавека, які памёр стоячы.

А атрады кароткімі перабежкамі прабіваліся к лесу. Людзі правальваліся ў глыбокі снег, ад холаду i стомы дранцвелі рукі, ледзьве варушыліся сцягнутыя марозам губы. Але партызаны стралялі i паўзлі, паўзлі i стралялі. Снег паружавеў ад водбліскаў далёкіх i блізкіх пажараў, неба было ў чырвоных падпалінах.

Каля руднянскіх могілак засакатаў кулямёт. Па ім ударылі з вінтовак, i ён захлынуўся. Хлопцы з узвода

Валодзькі з двух бакоў папаўзлі да могілак. Кулямётчык канаў, але яшчэ хроп на снезе. Прыгінаючыся, за кустамі ўцякала трое легіянераў. Партызаны хацелі «касануць» па ix з кулямёта, а ён, як на тое ліха, замёрз. Не кідаць жа яго чорту лысаму. Зачапілі i пацягнулі за сабою.

У лес уваходзілі на змярканні. Было відно, як у Карпілаўцы, Дуброве i ў Смыковічах дагараюць хаты i свірны. Hi крыкі, ні гул пажару не даляталі сюды. Толькі шумелі прыцярушаныя снегам хвоі, атрасаючы з галін густую замець. Па лесе перагукваліся партызаны :

— Амяльян, дзе ты?

— Карп, ты жывы?

— Карпілаўскія, сюды!

Камандзіры збіралі сваіх партызан. У кожным узводзе некага не далічваліся. Не верылася, што загінуў Максім Ус, што засталіся ляжаць на снезе маладыя таварышы. А яшчэ раніцою яны смяяліся, частавалі адзін аднаго самасадам, беглі, стралялі, паўзлі па полі.

Стомленыя, галодныя партызаны туліліся спінамі да хвояў i моўчкі адпачывалі. У кожнага дома асталіся свае. Што з імі? Можа, на селішчы дагараюць галавешкі, а бацьку, маці, жонцы i дзецям няма куды прытуліцца...

На пянёк ускочыў Максім Ляўкоў. IIa ім быў падраны кажушок, вялікая авечая шапка i старыя падшытыя валёнкі. З-за папружкі тырчалі наган i дзве гранаты. Да старшыні пачалі падыходзіць партызаны.

— Таварышы,— ціха пачаў ён.— Сёння мы страцілі многіх сяброў. Легіянеры паляць нашы хаты, здзекуюцца з блізкіх. Мы не ўстоялі перад гарматамі i кулямётамі, але i не здаліся. Будзем збіраць сілы, каб хутчэй выбіць ворага з нашай воласці. Адпомсцім за таварышаў, вызвалім нашы сем'і ад панскіх здзекаў. У лесе ёсць у нас некалькі буданоў, але ў ix у такую халадэчу не ўседзіш. Можа, вясною яны нам i спатрэбяцца, а цяпер пойдзем у Граб'ё, апамятаемся, падумаем, што будзем рабіць.

— Чаго там думаць? Адна ў нас работа,— выгукнуў маладзенькі высокі Амяльян Падута,— біцца за Савецкую ўласць.

Да Ляўкова праціснулася Параска. Яна з-за пазухі дастала скрутачак у белай хусцінцы i падала Максіму:

— На, старшыня, схавай. Можа, скора спатрэбіцца.

Ляўкоў развязаў хустачку. У яго руках было чырвонае палотнішча рэўкомаўскага сцяга. Ён падняў яго высока над галавой.

Па цёмным лесе, прадзіраючыся праз гушчар, праз замеценыя снегам вывараты, правальваючыся ў сумёты, ішлі партызаны шукаць сабе прыстанку.

У вёсках галасілі жанчыны па забітых сынах i мужах, па братах i каханых. Плакалі замурзаныя i закураныя пагарэльды, просячыся ў хату да радні або да суседзяў.

А пад вечар пайшлі па дварах «канаркі». Так адразу празвалі палявую жандармерыю з жоўтымі аколышкамі на канфедэратках. Вушы белапалякі закрывалі чорнымі аксамітнымі навушнікамі, у кішэнях насілі маленькія бляшаныя грэлкі з запаленым усярэдзіне вугалем. Ад ix заўсёды пахла прыпаленай воўнаю.

«Канаркі» не ішлі абы-куды, a заварочвалі толькі ў тыя хаты, на якія нехта падтыкаў. Бо адкуль бы ім ведаць, дзе хто жыве, колькі ў каго сыноў i дзе яны.

Наводзіла жандараў засцянковая шляхта. А тыя ўрываліся ў хату, сцягвалі з печы старых дзеда ці бабу, свістаў бізун, чуліся крыкі i енкі.

Вельмі ж ужо лютаваў канапаты, з тлустай мордаю Зігмунд Смальц. Ён не глядзеў ні вока ні бока: так хвастаў шомпалам, што аж пырскала кроў.

Чалавек сорак збітых мужчын i кабет сагналі да воласці. Яны панура чакалі, што ім скажуць, куды пагоняць далей. Наўкол салдаты з карабінамі рыпалі падкаванымі ботамі па ўтаптаным снезе. На ганак выйшаў куртаты камендант з бурачковым тварам. Ён нават не паглядзеў на людзей, што стаялі перад ім.

— Ежэлі вашы галганы не пшыдуць до гміны i не жуцяць зброю, ix ойцы i маткі бэндуць растшэляны.

За спіною каменданта стаяў шыракаплечы, з рудымі вусамі, у пацягнутым фабрычным сукном футры шляхціц з Харомнага — Фэлік Гатальскі. Ён лыпаў жоўтымі вачыма i выскаляў пракураныя конскія зубы:

— Вам зразумела, што кажа пан камендант?

Натоўп маўчаў. Нехта ў самай сярэдзіне сказаў го-

ласна i выразна;

— Зразумела, юда, што па табе вяроўка плача.

— Маўчаць, гады,— узвіўся Гатальскі, прызначаны войтам гміны.

— Як жа мы скажам сынам, каб кідалі зброю, калі нас заарыштавалі? Ты адпусці, дык мы сходзім i скажам,— выткнуўся наперад Андрэй Падута.

— Пашукай дурнейшага за сябе, можа, ён i адпусціць. A тваім бандытам перакажуць i без цябе,— агрызнуўся новы войт.

К вечару заложнікаў адправілі ў Бабруйск i пасадзілі ў крэпасць. Але не сунімаўся Смальц. Ён ездзіў па сёлах, вынюхваў, дзе ёсць бальшавікі i партызаны.

У Гаці Смальц знайшоў жонку Лявона Адзінца Ульяну. Яго ўразіла прыгажосць вясковай маладзіцы. У яе вялікіх чорных вачах бліскалі агеньчыкі нянавісці, а смуглявы твар быў cna койны i горды. Гэта яшчэ больш злавала панскага ката. Спачатку ён ветліва i мякка дапытваўся, дзе яе камісар.

— Захварэў на тыфус, i адвезлі ў бальніцу,— спакойна адказала Ульяна.

— Ілжэш, сука! — узвіўся Смальц.— Ён учора быў тут! — I з усяе сілы хвастануў бізуном. Тонкі канец, як змяя, абвіўся вакол шыі. Смальц рэзка смыкнуў бізун да сябе — на шыі наліўея крывавы рубец.— Ну! — закрычаў жандар.

Ульяна моўчкі, з глыбокаю нянавісцю, глядзела на яго, a калі зноў узвіўся бізун, з усяе сілы плюнула ў агідны, разапрэлы ад спірту i лютасці твар.

Бізун са свінчаткаю на канцы хвастаў маладзіцу па твары, па руках, па спіне. Ульяніна маці на каленях кінулася да Смальца.

— А паночку, злітуйся! Калі так крыві захацелася, забі лепей мяне, а яе не чапай. Дзіця ў яе будзе.— I ўчапілася сухімі рукамі ў бізун. Жандар носцам жоўтага бота так грымнуў ёй у грудзі, што старая адкацілася пад прыпечак.

Босую Ульяну ён вывалак на двор, зваліў у снег, мясіў нагамі ў жывот i ў грудзі, пакуль няшчасная не залілася крывёю i не страціла прытомнасць.

Смальц выцер аб снег скрываўлены бізун i запырсканыя крывёю рукі, сплюнуў i пайшоў з двара.

На чацвёрты дзень Ульяна апрытомнела, папрасіла піць i ледзь чутна прашаптала разбітымі губамі: «Ратуйце Лявона!» На змярканні яна сканала.

А Лявона ў тыфознай гарачцы вёз ягоны дзядзька Пятро ў Смыковічы. Спадзяваўся там як-небудзь перахаваць, а можа, i пераправіць да сваіх у Гомель. Пятро стараўся ехаць нацянькі, далей ад бітых гасцінцаў. Калі сустракаўся хто ды пытаў, адказваў: «Парадзіху да бабкі вязу» або: «Старая занядужала, еду рады шукаць».

Укрыты посцілкамі з галавою, Лявон ляжаў моўчкі. Часам чуваць было, як яго калоцяць дрыжыкі, як ён скрыгоча зубамі. Дзядзька шчыльней прыкрываў хворага сенам, падтыкаў посцілкі i ехаў далей.

За Карпілаўкаю, на ўзгорку, насустрач выскачылі чатыры ўланы. Следам за імі на ўласным гнядым стаенніку ехаў Фзлька Гатальскі.

— Стой, сконт едзеш, стары? — спытаў улан.

Пятро сцягнуў шапку, пакланіўся.

— Старую вязу да шаптухі, паночак. Баюся, каб на возе не кончылася.

Наперад праціснуўся Фэлька.

— А ты пакажы сваю старую,— загадаў ён.

— Калі ж вельмі калоціць яе. Злітуйся, паночак, не чапай,— заенчыў Пятро.

Фэлька пад'ехаў да саней, перагнуўся ў сядле i дзяржаннем бізуна адгарнуў посцілкі.

— А пся крэў...— I ён з усяе сілы агрэў старога бізуном па спіне.— Панове, то есть камісаж, большэвік,— аж заекатаў Гатальскі.

Фурманку з хворым Лявонам Адзінцом завярнулі назад. З гадзіну трымалі на марозе каля гміны. Потым два конныя канваіры пагналі на Глускі шлях.

Мароз аж лускаўся: трашчала ў лесе сучча, дарога рыпела, як нямазаныя калёсы. Заінелы конік выдыхаў слупы густое пары i трусіў не вельмі спорнай хадою. Канвойных на сёдлах, відаць такі, добра даймаў холад. Яны бізунамі падганялі каня, але ў таго спрыту хапала толькі на некалькі сажняў, i ён зноў абыякава валюхаўся з боку на бок.

Асабліва прыпякаў мароз у полі. У старога Петрака заледзянелі вусы i барада, рукі, як граблі, ледзьве трымалі лейцы. Ён прыслухоўваўся, ці дыхае Лявон, i ў думках ужо развітваўся з ім — калі не застрэляць адразу, дык замораць холадам i голадам.

У такую сцюжу i ў здаровага душа вылазіць, а гэты ледзьве хаўкае.

У Глуск прыехалі ноччу. Тыфознага пабаяліся пуекаць у гміну i ў пастарунак, што быў пры воласці. Зноў доўга трымалі на двары, а потым выйшаў высокі, як хлудзіна, паліцыянт, пасвяціў электрычным ліхтарыкам, адчыніў дзверы доўгае пустое стайні i загадаў «камісара» пакласці туды.

— Як, жывога чалавека, у такі мароз? — абурыўся Пятрок.

— Мільч, мільч, пся маць,— закрычаў паліцыянт.

Стары выграб з палукашка сена, кінуў яго ў кут, трасучыся ад плачу, памог пляменніку дайсці да гэтага смяротнага лагла, прыкрыў пасцілкаю, перахрысціў, як нябожчыка, і, захлынаючыся слязьмі, ціха сказаў:

— Прашчай, Лявонка.

Зарыпелі вялікія дзверы, бразнуў i заскрыгатаў замок. Пятрок ускочыў у пустыя сані, хвастануў лейцамі заінелага коніка.

Назаўтра, як добра ўвіднела, начальнік жандармерыі загадаў вывезці i закапаць акалелага бальшавіка, каб часам не распаўзлася зараза.

Праз некалькі хвілін прыйшоў той самы доўгі паліцыянт i далажыў:

— Ен жывы. Просіць піць.

— Жывы? — здзівіўся начальнік.— Пачакаем да вечара.

I вечарам Лявон быў жывы. Быў жывы i назаўтра i на трэці дзень. Толькі распухлі i пачарнелі на руках пальцы, a нагамі ён ужо не мог паварушыць.

У жандармерыі толькі i гаварылі пра жывучага рудабельскага камісара, хадзілі паглядзець на яго. Лявон ціха стагнаў i трызніў у гарачцы, клікаў Ульяну, прасіў дзядзьку Петрака, каб паганяў хутчэй. Калі рыпалі дзверы, ён замаўкаў i толькі ціха-ціха прасіў піць.

На трэці дзень у стайню зайшоў сам начальнік. Ён загадаў падняць посцілку. ІІаліцыянт кійком ссунуў яе з Лявона. Счарнелыя тоўстыя пальцы набрынялі, як налівачы. Але камісар быў жывы. Гэта здзівіла начальніка. Трое сутак на такім марозе не вытрываў бы i здаровы чалавек, а гэты ўстаць не можа, а жыве. I начальнік загадаў зараз жа адвезці арыштаваиага ў Бабруйск i здаць у бальніцу: «Проста для цікавасці, для вопыту. Што за конскае здароўе!»

Паліцыянты тут жа, каля воласці, падхапілі фурманку, падагналі яе да стайні, узвалілі Лявона на сані i павезлі. Абмарожаныя рукі i ногі торгалі, пяклі, балелі, як свежыя раны, нарывалі, як скулле. Лявон кусаў губы i маўчаў, чакаючы пагібелі,— адзінага збавення ад нечалавечых пакут. На марозе жар меншаў, i ён думаў пра Ульяну, дзе яна, што робіць? Хоць бы яе не зачапілі. Успамінаў таварышаў: як там кончыўся бой, хто адалеў, а хто загінуў? Чуў толькі, як білі гарматы, у сёлах гулі пажары, ведаў, што партызаны адступілі ў лес. А што далей?

«А далей,— думаў Лявон,— зайдуся на гэтай сцюжы ад тыфусу, голаду i холаду, вывернуць з саней у канаву ваўкам, от i ўсё». На змену адчаю прыходзіла надзея: «Не, не можа быць, каб усё. Трэба датрываць хоць да Бабруйска. Можа, з бальніцы ўдасца наказаць таварышам. Там жа, пэўна, нехта астаўся ў падполлі. Толькі б датрываць...»

I Лявон збіраў апошнія сілы, раўней дыхаў, прыслухоўваўся, як тахкае сэрца, як доўга i нудна звініць у вушах. Ён то правальваўся ў дрыготкую цемру, нібы на дно бяздоннай ракі, то зноў выплываў, чуў, як рыпяць палазы i хрупаюць па настылым снезе падковы.

Да Бабруйска ён усё Ж датрываў. У бальніцу прыехалі ноччу. Памкнуўся ўстаць, але так i зваліўся назад — ногі былі, бы чурбаны.

Санітары ўнеслі Лявона ў калідор, хацелі сцягнуць чобаты, але яны папрымярзалі да ступакоў. Рукі ў цяпле зайшліся да крыку, нібы тысячы іголак пазаганялі пад пазногці. Канваіры паклікалі доктара, нешта яму гаварылі, пісалі нейкую паперу і, упуеціўшы клубы холаду, шумна выйшлі з бальніцы.

Як толькі зачыніліся дзверы, невялічкі рухавы доктар імкліва падышоў да хворага. Над Лявонам нахіліўся малады твар з рэдзенькай бародкаю, праз тоўстыя шкельцы акуляраў здзіўлена глядзелі вялікія цёмныя вочы.

— Адкуль? Прозвішча? Імя? Па бацьку?,

Лявон ледзь чутна адказваў.

— Значыць, з Рудабелкі? — перапытаў Марзон.— Та-ак. Ясна. Прыйдзецца ратаваць, Лявон Яўхімавіч,— суцяшаў доктар.

Марзона ведалі не толькі ў Бабруйску. Маладому хірургу верылі, на яго спадзяваліся ў кожнай воласці, у кожнай вёсцы навета. «Калі доктар Марзон не дасць рады, дык i божа не паможа,— гаварылі ў далёкіх i блізкіх сёлах.— Вельмі ж свойскі чалавек. Бідаць, не гханскага заводу».

Уладзімір Восіпавіч уею ноч не адыходзіў ад Адзінца. Хвораму ставілі банкі, абкладалі грэлкамі, паілі гарачым малаком, расціралі цела i рабілі ўколы. Счарнелыя рукі балелі да крыку, нага гарэла агнём i торкала тысячам! іголак. Доктар круціў галавою i злосна бурчаў нейкія незразумелыя словы:

— Вандалы, гуны, узурпатары! Што яны зрабілі з чалавекам! A быў жа Геркулес.— Потым звярнуўся да Лявона: — Мне загадана вылечыць вас. Вылечыць i аддаць жандармерыі. Апляці гаршчок i аддай дурню разбіць.

Ад гарачкі i страшэннага болю Лявон не ўсё чуў i не ўсё разумеў, што гаварыў доктар. Але ўжо верыў у яго дабрату i справядлівую сілу.

— Толькі прыйдзецца аперыраваць, можа, нават адняць нагу. Вы згодны?

— Хоць зарэжце, абы не мучыцца,— працадзіў Лявон.

На другі дзень панеслі Адзінца на аперацыю. Нага i пальцы былі сінія, як пераспелыя слівы.

— Ампуціраваць.

Доктар i яго памочнікі дзівіліся трываласці i цярплівасці гэтага чалавека. Каб не пачалася гангрэна, прыйшлося адняць левую нагу трохі ніжэй калена, ампуціраваць пальцы на другой назе i на абедзвюх руках.

— На сяле гэта ўжо не работнік, але жыць будзе,— спачуваў i разам з тым радаваўся Марзон.

Калі Адзінец трохі ачуняў, да яго на ложак падсеў доктар:

— Ну, як сабе адчуваем?

— Палегчала трохі,— адказаў Лявон.

— Ды i вы палегчалі, прыйшлося трохі падкараціць вас. Што скакаць будзеце, не абяцаю, а з кійкамі цяпер многія ходзяць. Вы маладзец, Лявон Яўхімавіч: такое не кожнае жалеза вытрымае.

— A рудабельскі бальшавік выцерпеў. Цяпер таіцца няма чаго — падтыкнуў паскудны шэршань. Так што вы, доктар, каля мяне не вельмі завіхайцеся. Усё адно крышка.

— Не плявузгайце глупства, таварыш Адзінец,— узлаваўся Марзон i выбег з палаты.

Адно слова «таварыш», а як яно ўзрадавала Лявона, як захацелася верыць у паратунак, спадзявацца на гэтага невялічкага жвавага доктара.

Адзінец тады яшчэ не ведаў, што ў 1917 годзе доктар Марзон працаваў у Земскім Саюзе разам з Міхаілам Васільевічам Фрунзе. Потым пераехаў у Бабруйск, стаў старшынёй дэмакратычнай земскай управы, увесь час дапамагаў падпольшчыкам i партызанам. Не ведаў, што не так даўно белапалякі арыштоўвалі Уладзіміра Восіпавіча, але на абарону доктара падняўся ўвесь горад.

Цяпер адно слова «таварыш» было падобна на пароль, па якім свае пазналі сваіх, верылася, што доктар Марзон не аддасць яго на здзек i пагібель.

Лявон ляжаў адзін у маленечкай палаце, бо адначасова быў тыфозным i хірургічным хворым. Ён нудзіўся ў адзіноце, хацелася пагаварыць, можа, даведаўся б што-кольвек пра сваіх, а тут ён бачыў санітарку, сястру, якая ўмела так далікатна здымаць бінты, ды часам забягаў доктар i радаваўся, што хворы ідзе на папраўку, што добра зарубцоўваюцца швы, што трымаецца амаль нармальная тэмпература.

— A калі зойдзе хто старонні, ляжыце з заплюшчанымі вачыма i не варушыцеся,— папярэджваў Марзон.

Разы са два прыходзіў у бальніцу паручнік з палявой жандармерыі, цікавіўся, ці не ўцёк ix падвопытны бальшавік. Доктар казаў яму, што становішча хворага безнадзейнае, што ў дадатак да тыфусу i абмаражэння ў яго цяжкая пнеўманія. Ён прыводзіў паручніка ў палату, паднімаў коўдру, паказваў забінтаваныя куксы i абыякава махаў рукой. Аднаго вечара доктар зайшоў у палату, прычыніў дзверы i ціха сказаў:

— Платон Фёдаравіч кланяўся вам.

Адзінец памкнуўся ўстаць.

— Ц-с-с! — прыклаў палец да вусікаў Марзон.— Пічога не пытайцеся. Лепш слухайце. Сёння ноччу мы развітаемся. Што б з вамі ні рабілі, маўчыце. Памятайце, вы — труп, i трымайцеся, як труп. А далей будзе ўсё добра.

Калі наступіла ноч, на двор ціха ўехала фурманка i спынілася каля морга. У палату зайшлі два санітары з насілкамі. Лявону зрабілася крыху страшна, што яго ў адной бялізне панясуць на холад, што наперадзе нейкая невядомасць. Суцяшала толькі адно імя — Платон Фёдаравіч.

Санітары ў ложку нацягнулі на яго штаны i фуфайку, асцярожна паклалі на насілкі, зверху прыкрылі прасціпою i панеслі па вузкіх бальнічных калідорах. З суседніх палат выглянула некалькі хворых, якіх не браў сон.

— Што, абмарожаны богу душу аддаў? — спытаў чарнявы насаты дзед.

— Адмучыўся! — адказалі санітары.

— Царства яму нябеснае,— перахрысцілася жанчына, захутаная ў коўдру. Ад тупату i рыпення дзвярэй папрачыналіся многія хворыя, праз праталінкі ў шыбінах яны бачылі, як адчынялі дзверы «трупярні», уносілі насілкі, як выходзілі адтуль санітары.

Толькі ніхто не бачыў, як з другіх дзвярэй морга Платон Равінскі i Шолам Агал вынеслі Лявона Адзінца, паклалі яго на сані, закруцілі коўдрамі, прыкрылі кажухом i па цёмных закавулках i пустырах павезлі за пераезд на кватэру старога чыгуначніка Уладзіміра Стрэле.

A раніцой уся бальніца ведала, што ноччу памёр абмарожаны камісар.

У моргу ляжаў труп пакалечанага цягніком чалавека з забінтаванымі куксамі, якраз як у Адзінца.


7.

Партызан набілася ў кожную хату пад самую столь. Сушыліся світкі, анучы i рукавіцы. У кутах цьмяна паблісквалі запацелыя стрэльбы. Спалі покатам на палках, на печы, на падлозе, трызнілі i кідаліся, камандавалі i ўсхліпвалі спрасонку.

Днём i ноччу за вёскаю хадзіла варта, a наўкол шумела заінелая цёмная пушча. На дубах, як бляшанае, шапацела леташняе лісце, вецер гнаў слупы снежнага пылу, па самыя стрэхі замятаючы замшэлыя пахілыя хаткі.

У Граб'і жыла адна галеча, a ў беднаты заўсёды прасторна i хапае месца падарожнікам i начлежнікам. От пакуль што i прытуліліся тут абодва рудабельскія атрады. Граб'ёўскія гаспадыні саджалі партызан за стол, ставілі чыгун бульбы, місу квашанай капусты або тоўчанае льняное семя.

Неяк надвячоркам у хату, дзе жылі камандзіры атрадаў, прыйшоў Раман Салавей. Мабыць, не было такой шчыліны, куды не пратачыўся б гэты стары. А тут усё пад бокам, i сцежка кожная з маленства знаёма. Схадзіць з Харомнага ў Граб'ё — тое самае, што з хаты ў сзіронак. Не распранаючыся, сеў на лаву, паглядзеў на Максіма Ляўкова.

— Селішча тваё, Максіме, куродымам найшло. Вернется, падзякуй Фэльку Гатальскаму. Ён на ўсіх падтыкае. Старыя твае прыляпіліся да футара Якава Гошкі. Дык не бядуй, перакідаюцца да вясны. Горай, што багата людзей пазабіралі ў заложнікі i пагналі ў Бабруйскую крэпасць. Ульян Жынко i Рыгор Кавалевіч не змаглі ісці, ix тут яса зразу i рашылі. A ўсіх астатніх, як бараноў, навязалі i шампаламі пагналі. Перанялі i Лявона Адзінца. Ён i так ледзь дыхаў, дык у Глуску, казалі, кінулі ў стайню, каб зайшоўся ад холаду.

Кожны распытваў у Рамана пра сваіх, i ён аднаго суцяшаў, другому казаў горкую праўду.

— От седзіцё тут i не чуеце, як на вас расстаўляюць пастку. Акружыць хочуць i парашыць усіх да аднаго. Дык не зявайце. Пільнуўце Смыковіцкую дарогу.

— Добра, дзядзька Раман, не празяваем. А вам, можа, спакайней было б астацца з намі? I Марылю сюды б забралі. Бо шляхта ўсё роўна збыту не дасць.

— Вы ж, можа, доўга тут адседжвацца не будзеце, прыйдзеце нас ратаваць? Толькі збірайце болей сілы. А так не ўстоіце. Ix там, ведаеце, колькі?

— Ну? — спытаў Ляўкоў.

— Як мух на падле.

Раман закінуў за плечы берасцяную вярэньку, нацягнуў аблезлую аблавушку i пайшоў.

Партызаны занялі ўсе дарогі, паставілі за вёскаю трафейныя кулямёты i чакалі ночы. Мароз працінаў навылет. Вакол месяца разбегся вялікі белы круг, высыпалі буйныя зоры, з хвояў звісалі доўгія блакітныя бароды. Было чуваць, як зрываліся з галін i падалі камякі снегу, як ад марозу палусквала сучча.

Узвод Цімоха. Валодзькі прытаіўся за аенежанымі кустамі. Хлопцы ўглядаліся ў зіхатлівую лясную дарогу, нерарэзаную чорнымі ценямі елак, прыслухоўваліся да кожнага шолаху настылай да звону ночы.

Недзе далека, нібы ў пальцах крухмал, зарыпела дарога. Гукі набліжаліся i рабіліся выразныя.

На паваротку паказаўся конь, запрэжаны ў настрамачак саломы. На возе сядзела тры чалавекі, чацвёрты ішоў з лейцамі ў руках. Калі фурманка параўнялася з партызанскаю засадай, хлопцы неспадзеўкі выскачылі з-за кустоў. Трое адразу шуснулі з воза i кінуліся ў лес. Нехта бразнуў затворам.

— Не страляць — прахрыпеў узводны.— Даганяйце i бярыце, як хочаце, толькі не страляць!

Чалавек шэсць кінулася за ўцекачамі. Толькі трашчала сучча ды сыпаўся з галін снег. Да фурмана падскочыў былы матрос Зянон Раговіч:

— Што вязеш?

Нягеглы шляхцюк увесь калаціўся, аж трэслася рэдзенькая казліная бародка.

— А братацка, не ведаю. Самі яны накладалі. Пад саломаю, здэцца, нестацка ёсць. Я ж не вінаваты, жывасілам у падводы пагналі...

— Нябось, мужыка на такое дзела не ўзялі, шэршань гугнявы,— лаяўся Цімох Валодзька, перакульваючы сані з саломаю.

На снег пападалі скручаныя, як вужакі, кулямётныя стужкі i два тупарылыя кулямёты. Хлопцы ix адразу адцягнулі i паставілі за кусты абапал дарогі. Згрэблі ў бакі салому, каб i знаку не было.

— Ты от што, пакуль цэл, садзіся i, не азіраючыся, паганяй у Граб'ё. Спытаюць нашы, скажы ўсё, як было.

Шляхціц ускочыў на сані, сцебануў лейцамі заінелага коніка i памчаўся па дарозе, аж снег закурэў.

У лесе грымнуў стрэл, потым другі. Відаць, адстрэльваліся легіянеры, што пасаскоквалі з воза. Глухім рэхам азваліся далёкія стрэлы ў розных канцах пушчы.

— Ну, пачынаецца. Чуеш, бяруць у клешчы! — сказаў Цімох Валодзька Раговічу.

— Трасца ix возьме! — ускіпеў матрос. На ім з-пад кажушка стракацела паласатая цяльняшка, а чорныя флоцкія штаны пухірамі звісалі над кароткімі халяўкамі старых падшытых валёнак.

На кані прыскакаў малады, тоненькі, як дубчык, Амяльян Падута i перадаў загад Ляўкова: «У бой не ўвязвацца. Атрадам адыходзіць на Парычы. Пакінуць заслоны па шэсць чалавек. Прыкрываць адыход кулямётным агнём!»

Разам з добраахвотнікамі ахоўваць дарогу астаўся былы матрос.

Бой завязаўся толькі пасля поўначы, калі асноўныя сілы партызан даволі далёка адышлі па лясных сцежках.

Як толькі на паваротак выткнуліся жаўнеры, Раговіч секануў па ix густою чаргой, паводзячы з боку на бок кароткай рулькаю кулямёта. Месяц зацягнуўся аблокамі, цені расплыліся, таму i тыя i другія стралялі ў белы свет, як у капейку. Партызанскі заслон не вельмі спяшаўся адыходзіць, a белапалякі не надта насядалі: ваяваць з дзядамі ды з кабетамі было прасцей i бяспечней, чым адкрыта лезці пад партызанскія кулі.

Кулямёты сакаталі злева i справа ад Раговіча. Значыць, сапраўды легіянеры хацелі неспадзеўкі акружыць вёску. Каб не папярэдзіў стары Салавей, так бы i накрылі абодва атрады. А цяпер не дагоняць, ды яны i не вельмі рвуцца даганяць.

Партызанскія заслоны памалу адыходзілі ў лес. Страляніна сціхала, пакуль не змоўкла зусім.

Рудабельскія партызаны лясамі адыходзілі на Парычы, а там, за Бярэзінаю, ужо стаяла Чырвоная Армія. На яе помач i спадзяваліся рудабельцы: патроны канчаліся, вінтовак на ўсіх не хапала, мала было i людзей. A белапалякі толькі ў Рудабелку прыгналі паўтары тысячы салдат, прыкацілі гарматы i штук трыццаць кулямётаў. От i паспрабуй ix адолець. Хоць з восені ў лесе i паставілі буданы з плашак, але ў такую халадэчу ў ix не ўседзіш. Параіліся камандзіры паміж сабою i вырашылі на зіму прабівацца за Бярэзіну.

Ідучы, па самыя пахі грузлі ў снезе, мароз абпальваў насы i шчокі, яны чарнелі i аблузваліся, распухалі ад холаду пальцы, заядалі вошы, голад падцягваў жываты i круціў перад вачамі зорную мітульгу. А партызаны ішлі i ішлі лясамі, спадзеючыся акрыяць, набрацца сіл, узброіцца і, як толькі сыдзе снег, ударыць па легіянерах i назаўсёды ачысціць сваю воласць.

Максім Ляўкоў прыпыніўся, пачакаў фурманку, на якой ехала Параска. Яна па самыя вочы захуталася саматканаю хусткай, пасівелай ад інею.

— Ты часам, Параска, не ведаеш, куды дзеўся наш рэўкомаўскі сцяг? — запытаў Максім.

— Чаму не ведаць? Тут ён.— I яна правяла кажушнаю рукавіцай па высокіх грудзях. Ляўкоў усміхнуўся.

— А я падумаў, што ты на нішчымніцы так раздалася. Ну, маладзец. Беражы, хутка спатрэбіцца.

За Бярэзінаю абодва атрады ўліліся ў восьмую дывізію шаснаццатай арміі.

Партызаны адпарыліся ў вясковых лазнях, аблаталіся, падабуліся ў вайсковых капцёрках, да шапак папрышпільвалі чырвоныя зорачкі, адзеліся ў гімнасцёркі, таму-сяму выдалі шынялі i ўсіх залічылі на вайсковы паёк. Разам з чырвонаармейцамі рудабельцы трымалі абарону, хадзілі ў разведку, часам наляталі на суседнія гміны i пастарункі. Параска, прыкідваючыся то бежанкаю, то варажбіткаю, дабіралася аж да рудабельскіх хутароў. Аднойчы i да Бабруйска дапяла. Вярнулася, a землякоў абрадаваць не было чым: усіх рудабельскіх заложнікаў «канаркі» расстралялі ў крэпасці.

Слёзы змешваліся з пякельным гневам, з прагаю хутчэй адпомсціць за смерць i пакуты, вызваліць родзічаў i блізкіх ад шомпала i бізуна.

Партызаны чакалі вясны.

A ў воласці разгулялася шляхта. Людзі глядзелі i казалі: «Ускруцілася гайня, як перад пагібеллю». У мясаед у кожным засценку гулялі такія вяселлі, што аж дым курэў. Па тры дні пілі i елі, «да памрацэння гловы» скакалі мазуркі i падэкатры. На масленіцу з гіканнем i свістам у лёгкіх саначках у абдымку з пазнанцамі i прыгожымі ўланамі каталіся расчырванелыя шляхцянкі. Яны знарок прыязджалі ў Карпілаўку пафарсіць перад «мужыччом». Хоць i не ўмелі, але стараліся гаварыць «по-польскему». Шулякі ўжо называлі сябе Шулякоўскімі, Шпакі — Шпакоўскімі. Шапялявыя шляхцючаняты ўжо старанна расказвалі вершык:

— Кто ты естэсь?

— Поляк малы.

— Які знак твуй?

— Ожэл бялы.

Няхай бы гулялі сабе ў «паньства», хай бы цешыліся. Але павыпаўзалі колішнія бандзюкі з банды Казіка Ермаліцкага i Плышэўскага, наняліся ў паліцыянты, гарцалі па сёлах услед за Смальцам, паласавалі бізунамі i шампаламі блізкую i далёкую партызанскую радню, выграбалі з хат усё да каліва. Вынюхвалі, вышуквалі, чыю б яшчэ душу прадаць пану каменданту.

З хаты Рамана Салаўя шляхцюкі не спускалі вачэй: ведалі, што стары ходзіць да партызан, можа, i за фронт цягаецца. На дзень, другі прыйдзе дамоў, аташчалы, увесь пакамечаны, крутнецца i зноў знікае на некалькі тыдняў. Даўно некуды сышла i ягоная Марылька. У хаце ўпраўляецца адна Ганна. Дзень i ноч таўчэцца i маўчыць: не пажаліцца нікому, ні з кім не загаворыць — адна i адна.

Колькі разоў прыходзіў да яе паліцыянт Сымон Гавароўскі, то просьбаю, то грозьбаю дапытваўся, куды дзеўся стары. А Ганна ўсміхнецца толькі:

— Маладзейшую паляцеў шукаць.

Паліцыянт лясне бізуном па халяве ды як гаркне:

— Не выскаляйся мне! Кажы праўду!

— Далібог, Сымонка, пасварыліся. I каб было за што? Эт, так, за пусты мех, a ў мяху смех. Дык усердзіўся i ўпрочкі стары дурань падаўся.

— Куды падаўся? — дапытваўся Гавароўскі.

— Хіба ж гавораць, калі ўпрочкі ідуць? Свет вялік, сцягнуўся некуды.

— А дачка дзе?

— Была ў сабакі хата, a ў мяне дачка... Вырасла, разумная стала, мачаха ёй ніяк не ўгодзіць. Мабыць, да цётак пайшла ці, можа, служыць у двары.

Як ні старалася Ганна, a Гавароўскі слаба верыў ёй: усё вынюхваў, шныпарыў, лазіў, цікаваў. Гэта ён увёў у вушы жандарам, што Салавей набраўся панскага дабра i цяпер на ім раскашуецца ягоная жонка, а сам у «бандыты» падаўся. Наляцела жандармерыя ў Раманаву ўбогую хату, пачалі. ўсё варочаць дагары нагамі, выкідаць з куфэрка андаракі, кофты i кабацікі, кужэльныя бабскія кашулі. Жандар стаяў у дзвярах, а Сымон так усё трос, што аж пара з яго валіла. Ганна, склаўшы рукі, сядзела каля акна i не варушылася. Ёй здалося, што нешта мільганула ў двары. Глянула i ледзь не ссунулася з лавы, на нейкую хвіліну адняло мову, пацямнела ў вачах: яна ўбачыла Марыльку. Увойдзе ў хату — i прапала. Няўжо не здагада ецца? Пад паветкаю ж стаяць жандарскія коні. «Дай, божа, ёй розум»,— прашаптала Ганна.

— Што, клянеш, старая ведзьма? — пачуў шэпт Гавароўскі.

— Не, дзякую, што хоць транты ператрасеш, а то мне ўсё не было часу,— спакойна адказала Ганна, а сэрца ў яе калацілася як асінавы ліст. Яна прыслухоўвалася, ці не ляпне клямка, ці не адчыняцца дзверы. Адчыняцца, значыць,— пагібель...

А Сымон пааддзіраў дошкі на палку, перакуліў рэшата з пер'ем, узлаваўся i садануў у яго носцам. Пух разляцеўся па хаце, абляпіў яго суконную паддзёўку, папрыставаў да шыняля жандара. Той дзьмухаў i адмахваўся ад пуху, нібы ад летняй заедзі.

Сымон мацюкнуўся i выйшаў у сенцы. Следам павалокся i жандар. «Ну, цяпер канцы?» — падумала Ганна. Але ў сенцах i на падворку было ціха. Дзверы з хаты паліцыянты накінулі адчыненымі. Ганна перагрэблася праз парог, як побач ударыў стрэл. Старая так i асунулася, а па вушах разануў свінячы піск. Потым зноў стрэлілі, i ўсё сціхла. Ганна схапілася за вушак, устала i ледзьве выпаўзла з сянец. Сымон з хлява выцягваў скрываўленага падсвіначка i валок на сані. З гумна вынес тры мяхі жыта i ўскінуў на воз.

Ганна, склаўшы рукі, прыперлася да сцяны. Ёй нічога не было шкода, бо з дня на дзень чакала рабаўнікоў i змірылася з думкаю пра самае горшае. Адно яе непакоіла: «Дзе ж Марылька?»

Калі выязджалі з двара, Сымон памахаў пісталетам i прыгразіў:

— Усё адно знойдзем, пся крэў!

Ганна зачыніла пусты хлеў, замкнула гумно, хадзіла i ўсё азіралася, a праходзіла каля паветкі, аж чуе, нехта шэпча:

— Мама, не бойцеся, гэта я.

— А божачка, божачка, злітаваўся-такі. Дзе ж ты, дачушка?

— Ідзіце, я зараз,— пачулася з-пад карчоў, складзеных пад паветкаю.

Хутка Марылька ўскочыла ў хату. Жанчыны моцна абняліся i заплакалі.

— Гэта ж я прыйшла папярэдзіць тату, каб сышоў з дому, аж наскочыла на ірадаў. Бачу, уцякаць няма куды, дык я пад карчы зашылася.

— Што ж цяпер рабіцьмем, дачушка?

— Сыдзем, пакуль не позна. Усё адно жыць не дадуць. А прыйдуць нашы, тады вернемся. Вы ідзіце ў Залессе да радні, a ў мяне свая дарога.

Увечары жанчыны забілі аполкамі дзверы i разышліся куды каторая.

Ранняй вясною, калі падсохлі груды, распушыліся вербы i зацінькалі сініцы ў набраклых гаях, Раман Салавей з партызанскіх хутароў, дзе ён туляўся ўсю зіму, выправіўся адведаць Ганну. Ішоў ён узлессем каля самага Харомнага, i захацелася зірнуць на сваё селішча, пабачыць, што асталося ад яго гаспадаркі, ці хоць цэлая хата. Якраз была страсная субота, кожны збіраўся святкаваць, пяклі паскі, фарбавалі яйкі, a многія, мабыць, з велікоднымі каробкамі паехалі ўжо ў царкву да ўсяночнай. Каму ён цяпер у галаве? Пройдзе загуменнем, зірне, i дай бог ногі.

А выйшла, што ў «ката няма свята». Толькі перакінуў Раман нагу цераз пералаз, аж перад ім, нібы з-пад зямлі,-— Сымон Гавароўскі.

— Hi з месца, бальшавіцкая морда,— прахрыпеў ён, выцягваючы з кабуры рэвальвер.

— А-а-а, Сымон,— спакойна адказаў Салавей.— Я ж думаў, цябе гаспадары хоць у свята з ланцуга спускаюць, аж, выходзіць, ты маю хату i ў вялікдзень пільнуеш.

— Цябе, гада, ад самае зімы пільную.

— Чаго мяне пільнаваць? Я не золата, ніхто не ўкрадзе. Ты б лепш сваю шкуру пільнаваў. Ой, па ёй даўно асіна плача.

— Мільч, пся крэў! — гаркнуў Сымон i сунуў старому паміж лапатак руляю рэвальвера.— Марш у жандармерыю, там пагаворыш.

— Ты б, можа, хоць папалуднаваў, а то да Хвойні блізкі свет, аташчаеш, бронь божа,— спакойна пакепліваў Раман з тлустага крываротага паліцыянта. А Сымон аж падскокваў ад злосці, штурхаў старога ў каршэнь i гыркаў. Ён не павёў яго вуліцаю, a загадаў ісці загуменнямі да дарогі на Хвойню. Там была жандармерыя i стаяў гарнізон, a ў Рудабелцы белапалякі чамусьці не захацелі ці не адважыліся асталёўвацца.

Да Хвойні ўся дарога — лесам. Мокрая, слізкая, з каламутнымі лужынамі, замшэлымі вываратамі, ядлоўцавымі зараснікамі абапал. Усё жывое набракала сокам, выпроствалася, зелянела, збіралася забуяць шчодрым красаваннем. Пераляталі з галінкі на, галінку вёрткія дразды, лушчыў хвою спрытны дзяцел.

Раман глядзеў, слухаў, прынюхваўся да пахаў клейкіх пупышак, веснавое вады i смаловага духу. «Няўжо болей не пабачу, не пачую, не прайду па гэтай дарозе? Самога пацягнула ў пастку. І трэба ж было! Столькі гадоў таланіла, з якіх толькі закрутак не выкоўзваўся, а тут на табе, дома, каля сваёй хаты, ускочыў у сіло. Гэты юда не паспагадае, не адумаецца, а я ж яго на сваю галаву некалі з пелькі выцягнуў. Выходзіць, папіхнуць трэба было. Каб жа тое ведаў. Маленькі быў. Хто б думаў, што з гэтага губатага смаркача такі жывадзёр вырасце».

— I доўга ты мяне праводзіць будзеш? Га, Сымоне?

— Ідзі, ідзі,—агрызнуўся паліцыянт.

— Вярнуўся б сабе дадому, заўтра ж вялікдзень, разгавеўся б, як людзі, i я, можа б, свянцовага яечка з'еў. А пасля свята i забраў бы, калі табе, хрэснічак, так няймецца.

— Мільч, стары галган,— агрызнуўся Сымон.—

Бач ты яго, у радню набіваецца.— I ён перадражніў:— «Хрэснічак»!

— А то не? Забыўся хіба, як з пелькі цябе высмыкнуў? От i дасюль зямлю з маёй ласкі гнюсіш. Каб ведаў, што з цябе выйдзе, кіем папіхнуў бы i патрымаць не паленаваўся.

Сымон узбеляніўся, нібы яго шылам парнулі.

— Ах ты, бальшавіцкая морда! — завішчаў ён i так стукнуў Раману ў спіну, што той ледзь не паляцеў потырч, але ўхапіўся за маладзенькую рабінку, утрымаўся, крутнуўся назад i рынуўся на Сымона. Хацеў выбіць у таго рэвальвер. Але, мабыць, ужо не было ў Рамана ранейшага спрыту. Гавароўскі трохі адбегся, затупаў на месцы, ускінуў рэвальвер. Стары адскочыў убок i толькі паспеў крыкнуць «пачакай!», як Сымон націснуў курок. Пырхнулі з галінак дразды, узвіўся i прарэзліва закігікаў сіваграк. Пa лесе пакацілася глухое рэха.

Раман спатыкнуўся каля абымшэлай трухлявай калоды i павольна асеў на зямлю. Гавароўскі стаяў з паднятым рэвальверам. Яму здалося, што стары хітруе.

— Паднімайся, чуеш? — Сымон асцярожна пачаў падкрадацца да калоды, каля якое ніцма ляжаў Салавей. Спыніўся за два крокі. Зрэзаная пісягамі маршчын шыя збялела, як папера; пажоўкла i звяла адкінутая назад рука. На кволай траўцы Сымон убачыў кроў.

Ён расшпіліў фрэнч, павярнуўся i ледзь не бягом падаўся назад. Адышоўшыся, яшчэ раз азірнуўся.

Якраз у гэтую ноч, калі ў кожнай царкве правілі ўсяночную, рудабельекія партызаны перапраўляліся праз Бярэзіну ў родныя лясы. Толькі што сышоў лёд. Гула вялікая імклівая вада, ад ракі цягнула холадам, а цемра была, што хоць вока выпары. Такая ноч якраз i трэба была партызанам.

A белапалякі радаваліся, што з каляд не чутно на Рудабельшчыне партызанаў: часці адвялі пад Бабруйск, а тут пакінулі толькі гміну, некалькі паліцэйскіх пастарункаў i палявую жандармерыю. Хадзілі пераможцамі i гаспадарамі аж да самага вялікадня. Ім i не снілася, што якраз на ўсяночную атрады Максіма Ляўкова, Андрэя Пуцяты i Ігната Жынко вярталіся ў дрымучую пушчу i асталёўваліся ў лясных буданах.

Ляўкоў паглядзеў, як па-гаспадарску завіхаюцца з сякерамі хлопцы, i абурыўся:

— Ці не зімаваць тут збіраецеся? Кіньце дурную работу! Ночы дзве паначуем, агледзімся, ударым па воласці, выкурым палякаў i — дадому.

— I то праўда,— згаджаліся хлопцы i апраўдваліся,— калі ж бо рукі без работы свярбяць.

Каля маленькага будана ў чыгунным казане Параска варыла пшонны крупнік. На неабструганым кіёчку, прыбітым да будана, вісеў крыху палінялы рэўкомаўскі сцяг. Кабета перахапіла вясёлы позірк камандзіра.

— Перасушваю, а папрасую ўжо дома. Хутка ж над воласцю павесім.

— Хутка, Параска. I цяпер назаўсёды. Не сённязаўтра Чырвоная Армія ўдарыць па ўсім фронце, а тут мы паможам. Так што хутка i дзетак сустрэнеш.

— Дай жа, божа. Падраслі, мабыць, за зіму. Ці пазнаюць хоць?

— Дзе ж яны цяпер?

— У маці на футары кідаюцца. Картопля е, дык што ім адходзіць? А сэрца ўсё ж ные. Толькі б здаровенькія былі.

Параска нудзілася па дзецях, па сваёй хаце i думала, думала пра Аляксандра Салаўя. Гэта ён перавяркуў усё яе жыццё. Здаецца, паклікаў бы, у агонь кінулася б за ім.

Яна ціха ўздыхала i часам малілася за яго.

На другі дзень вялікадня партызанскія разведчыкі дазналіся, што нехта застрэліў старога Рамана i ён дагэтуль ляжыць пры дарозе. Ноччу атрад Андрэя Пуцяты акружыў Хвойшо. Цішком знялі варту, i за якой паўгадзіны ад жандармерыі i пастарунка нічога не асталося. Ляўкоў у тую ж ноч захапіў Рудабельскую воласць, a Ігнат Жынко са сваім атрадам выбіў узвод легіянераў з маёнтка.

У сярэдзіне мая 1920 года ў воласці ўжо не асталося ніводнага акупанта. Партызаны перайшлі Пціч, баі грымелі паміж Зацішшам i Ражанавам, а праз Парэчча на дапамогу партызанам ішла Чырвоная Армія. Яна пачала наступаць па ўсім фронце. Скаланулася, захісталася, зрушылася, як веснавая крыга, узброенае, апранутае i адкормленае Антантаю войска. Яно пакідала беларускія мястэчкі i вёскі, гарады i гарадкі. Легіянеры ўскоквалі ў хаты, хапалі ўсё, што можа спатрэбіцца ў дарозе,— слоікі з мёдам, свежыя i взнджаныя шынкі, сала, масла, яйкі. Адыходзячы, палілі за сабою масты. Яны баяліся лясных дарог: бярэзнікі i хвойнікі стралялі па акупантах,— партызаны адбівалі абозы з нарабаваным дабром.

Конніца i двухколкі ляделі напрасткі па густым закаласелым жыце: так было смялей. Цягнуліся чорныя дарогі ў зялёным палявым моры — утаптаныя ў зямлю сцябліны сіліліся i не маглі ўстаць, ix зноў i зноў дратавалі капыты ўланскіх коней, цяжкія колы абозаў i пехацінскія боты.

Хлебаробы ўціралі слёзы жалю, крыўды i ўласнага бяссілля. Той, чые палоскі траплялі пад капыты i колы, адразу станавіўся жабраком.

Над гасцінцамі i палямі курыліся воблакі густога пылу, небасхіл зацягваўся дымам далёкіх i блізкіх пажараў — пілсудчыкі спаганялі злосць на саламяных стрэхах убогіх хацінак i замшэлых свіронкаў. У спёку яны палалі, як свечкі.

З кожным днём легіянерам прыходзілася прыспешваць крок: Чырвоная Армія гнала ix па ўсім фронце ад Дняпра да Прыпяці. Былі вызвалены Слуцк, Бабруйск, Асіповічы, Мазыр. У ліпені пілсудчыкі пакінулі Мінск. А следам ляцела чырвоная конніца: «Ура! Даёш Аршаву!»

Упарта тупала прапыленая i прапацелая пяхота: чаравікі, боты, пабітыя лапці мясілі пыльныя гасцінцы Беларусі. Сёлы частавалі байцоў хлебам i квасам, чарніцамі i агуркамі. Падцягваліся роты i ўзводы, напіналіся асцюкаватыя, даўно не голеныя кадыкі, i над палявымі прасторамі, над здратаваным жытам ляцела паходная песня.

Вызвалены Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна. Беласток чырвоных байцоў сустракаў хлебам-соллю. Старшыня часовага рэвалюцыйнага кам.ітэта Польшчы Юліян Мархлеўскі горача вітаў чырвоныя палкі: «Не для таго ўступаюць у Польшчу нашы рускія браты, каб яе заваёўваць,— гаварыў ён.— Цяперашнюю вайну ім навязаў польскі ўрад. Яны змагаюцца перш за ўсё за мір для сябе, бо толькі мір дасць ім магчымасць вярнуцца дамоў, магчымасць пабудаваць новы лад».

З конным корпусам Гая па дарогах Польшчы ехаў i камбат Аляксандр Салавей. Ён радаваўся, што ідуць апошнія баі, што к восені гэтыя змораныя вайною хлопцы вернуцца ў свае вёскі, возьмуцца за плугі i сявенькі. Прыйдзе дадому i ён. Агоркла наступаць i адступаць, у спёку i ў сцюжу начаваць у полі, столькі гадоў ваяваць. А пакуль што... пакуль што трэба першаму ляцець у атаку, заходзіць у тыл ворагу, калі трэба, хадзіць у разведку. Яго бачылі ў самых гарачых сутычках.

Чым глыбей Чырвоная Армія заходзіла ў Польшчу, тым баі станавіліся цяжэй i цяжэй. Пілсудскі мабілізаваў усіх здольных трымаць зброю. Антанта дала гэтую зброю i на чале польскай арміі паставіла французскага генерала Вейгана.

Чырвоныя палкі ў кожным баі трацілі людзей, коней i зброю. Абозы з боепрыпасамі i харчаваннем адсталі недзе далека ў тылах. Ужо былі відаць агні Варшавы, a Пілсудскі пасылаў у бой усё новыя i новыя сілы. То тут, то там белапалякі прарывалі фронт. На Вісле часці Чырвонай Арміі выцягнуліся ў тоненькі ланцужок, не маючы рэзерваў, не замацаваўшы занятый рубяжы. Кожны дзень раслі ахвяры, і, не вытрымаўшы націску намнога большых сіл, Чырвоная Армія адступіла.

Пад восень у рэўком прынеслі заклеены хлебным мякішам канверт. Хімічным алоўкам на ім было напісана: «Рудабелка, Бабруйскага павета, Раману Салаўю».

З вясны Рамана не было на свеце. Ганна з'ехала да свае радні ў Залессе, як у ваду канула i Марыля. Адны казалі, што i яе разам з бацькам застрэліў Сымон Гавароўскі, другія — што забілі каля Бярозаўкі. A пэўна ніхто нічога не ведаў. Аддаваць пісьмо не было каму. Пакруціў яго ў руках новы старшыня Ігнат Жынко.

— Каму ж аддаць? — запытаў у сакратара Карпа Жулегі.

— Каму ты аддасі? Разарві, ды пачытаем,— прапанаваў Драпеза,— можа, што пра Аляксандра дазнаемся. Каторая пара — ні слуху ні духу... Як у пельку боўтнуў, i знаку няма.

Ігнат разарваў канверт. На цупкай жоўтай паперы бойкім почыркам з пісарскімі кудзеркамі было напісана:

«Паважаны дзядзька Раман Салавей!

Пісьмо пушчана 29. VIII. 1920 года. Піша Вам таварыш Вашага сына, камандзір роты 472-га палка, Сцяпан Герасімовіч.

Мы з Аляксандрам Раманавічам служылі ў бабруйскім каравульным батальёне, былі разам у Смаленску, білі белыя банды каля Асвеі i Рэжыцы, з корпусам таварыша Гая наступалі на Варшаву. Які адважны камандзір быў Аляксандр Раманавіч, ведае ўвесь наш корпус.

Раніцою 15 жніўня таварыш Салавей А. Р. i яшчэ шэсць коннікаў прыкрывалі абоз з раненымі байцамі. На ix наляцеў цэлы ўзвод уланаў, i пачаўся няроўны бой. Доўга біліся чырвонаармейцы. Дзевяць уланаў паклалі яны, але з усімі справіцца не хапіла сілы. Калі загінулі таварышы, Аляксандр Раманавіч адбіваўся адзін. Але ўланы наляцелі з усіх бакоў i пасеклі камандзіра. Нават каня яго парубалі шаблямі.

Аляксандра Раманавіча мы пахавалі ў маладым хвойніку каля мястэчка Кольна. Гэта аж на той бок Немана. На магіле ўкапалі бярозавы слупок i на ім напісалі імя i прозвішча.

Вельмі не плачце, дарагі дзядзька Раман. За смерць таварыша Салаўя мы адплоцім сусветнаму капіталу.

Нізкі паклон ад усіх баявых сяброў Вашага сына.

Камроты С. Герасімовіч».

Пісьмо выпала з Ігнатавых рук. Ён моўчкі апусціў галаву. Нехта цяжка ўздыхнуў:


— I такіх смерць не мінае!

— Не смерць, a ворагі нашы.

Каля парогa Гэля трымала на руках чарнавокага хлопчыка ў палатняным каптурыку. Па прыгожым твары маладзіцы цяклі слёзы. Параска загаласіла i выскачыла з воласці.

Над ганкам трапятаў трошкі палінялы за лета той самы чырвоны сцяг, які некалі Аляксандр прынёс у салдацкім мяшэчку.

Нізка над пыльным полем павісла барвовае сонца. Блішчалі барозны тлустай, перавернутай плугамі раллі. Не ведаючы, куды кінуцца, Параска вузкай мяжою пабегла за сяло. Цупкае сухое бадыллё хвастала ногі, слёзы i сонца сляпілі вочы.

Нa мяккай раллі роўным ланцугом ішло чалавек дваццаць сейбітаў, без шапак, у чыстых палатняных кашулях. Яны спорна махалі рукамі, i зярняты, нібы кроплі залатога даждліу, падалі на зямлю. Здавалася, сейбіты ідуць у зіхатлівым коле вялікага сонца. Следам у ружаватым пыле калываліся постаці баранавальшчыкаў. Параска падбегла да свайго Васілыса. Маленькі запылены мужычок у зрэбных штоніках ледзь паспяваў за канём. Параска хацела выцерці слёзы, але толькі размазала ix па шчоках.

— Ты чаго, мама?

— Прыбегла паглядзець, як ты тут упраўляешся.

— Не, плакала чаго?

— Ад радасці, сынок. Бач, зямлі цяпер колькі ў нас. Слабоду заваявалі, i ты ўжо работнікам стаў.

— А болей яе ніхто не адбярэ? — паганяючы каня, запытаў Васілёк.

— Хіба ж ты аддасі каму? — ідучы побач з сынам, запытала Параска. Васілёк памаўчаў.

— Хто гэта аддасць?

Параска ўсміхнулася, узяла з сынавых рук лейцы.

Калі зайшло сонца, камунары дасеялі жыта.

1966-1967 гг.

Загрузка...