Частка II

1. Вайна між рэжысёрам і драматургам

Аднаго разу пан Вашамірскі звярнуўся да рэжысёра і драматурга:

— Хачу пабачыць вынікі вашай працы. Надыходзіць час мастацкага жніва, шаноўныя панове.

— Мы стараемся, вяльможны пане, — сказаў на гэта ксёндз Марцэвіч. — Езу-Марыя нам сведкамі, як мы стараемся. І студыйцы гэта адчуваюць. Мой метад самы правільны, як Бог свят. За кожны недахоп, за самы малы пропуск у ігры — бізуны…

На гэта рэжысёр:

— Большасць студыйцаў выяўляе здольнасць. Многія захапляюцца ігрою без прынукі.

Вочы ксяндза Марцэвіча загарэліся:

— Як гэта без прынукі? З такой жывёлай, як нашы студыйцы, без бізуна не абыдзешся. Калі што зроблена, калі ёсць пэўныя поспехі, дык дзякуючы бізуну і пану богу. Вось што, ласкавыя панове!

Рэжысёр усміхнуўся, выцер хустачкай нос і пачаў расцяглым голасам:

— Шмат ёсць здольных сярод тутэйшых простых людзей. У гэтых дзяцей прыроды адчуваецца свежасць успрымання ўсяго прыгожага — усіх галін мастацтва. У Парыжы з іх быў бы толк. Выйшлі б з некаторых вялікія кампазітары, акторы, маляры і нават паэты. Некаторыя з іх дэкламуюць у часы добрага гумару імі самімі прыдуманыя вершыкі.

— Я аб вершыках не ведаю, — устрывожыўся пан Вашамірскі. — Ці варта ім дазваляць самастойна думаць? Немаведама да чаго дадумацца могуць…

— Як, Бог свят, гэта чыстая праўда! — узрадаваўся ксёндз Марцэвіч. — Я ім забараню прыдумваць вершыкі на хамскай мове, сапсуюць польскую мову.

Ксёндз Марцэвіч у часы рэпетыцыі галоўным чынам зварочваў увагу па чыстату акцэнтацыі польскай мовы, на тое, каб «хамская» мова ў некаторых герояў яго п'есы выгаварвалася смехатліва, праз меру груба, і на акуратнасць перадачы яго п'есы наогул.

Ксяндзу прыходзілася шмат спрачацца з французскімі педагогамі: ён уяўляў персанажаў сваёй п'есы не так, як бачыў іх у выасабленні студыйцаў пад кіраўніцтвам рэжысёра; часта з ім спрачаўся, гаварыў, што рэжысёр не ведае тутэйшага жыцця, тутэйшага быту.

Рэжысёр самаўпэўнена ўсміхаўся, глядзеў на ксяндза так, як глядзяць на блазна, і тлумачыў на ломанай польскай мове:

— Вялікі мастак (рэжысёр лічыў сябе вялікім мастаком) павінен толькі раз зірнуць у новы куток жыцця — і ён ужо ведае ўсе яго асаблівасці, усе яго спецыфічнасці. Вялікаму мастаку трэба давесці працу да канца, не перабіваць, а тады толькі крытыкаваць яго твор, і то не седзячы на ксяндзоўскай званіцы…

Рэжысёр гаварыў доўга, горача, перабіваў сам сябе, пераходзіў з польскай на французскую мову і канчаў заўсёды словамі «касцюмы, грым, дэкарацыі». Калі ўсё гэта будзе нарыхтавана, тады драматург пабачыць сапраўднае выяўленне ў вобразах сваёй п'есы.

Таксама доўга гаварылася аб заданнях, правах і адносінах між рэжысёрам і драматургам. Тут кожны заставаўся пры сваіх поглядах.

Ксёндз Марцэвіч быў пераконаны ў тым, што драматург (гэта значыць ён) з'яўляецца першатворцам, першакрыніцай таго фантана дзеяў і вобразаў, якія выяўляюцца на сцэне ў жывым увасабленні, і мае права кіраваць усім пры рэпетыцыях.

Рэжысёр даводзіў адваротнае, тлумачачы, што сцэнічны твор — гэта тое ўгнаенне, на якім вялікі мастак-рэжысёр (гэта значыць ён) выгадоўвае пяшчотныя геніяльныя кветкі мастацтва ў яскравых фарбах ігры.

У спрэчках яны наскоквалі адзін на аднаго, як два пеўні, і разыходзіліся, астаючыся кожны пры сваіх перакананнях і поглядах.

Галоўная бяда гэтых спрэчак была ў тым, што яны заўсёды адбываліся ў часе рэпетыцыі і перашкаджалі суцэльнаму, сістэматычнаму ходу працы.

Кожны раз студыйцы, дзякуючы заядлай вайне між драматургам і рэжысёрам, адрываліся ад ігры і прыслухоўваліся да гутаркі, ловячы з яе пятае праз дзесятае: вопратка і грым вельмі імпанавалі. Яны хацелі б ужо скарэй пабачыць сябе ў гэтым, пабачыць сябе ў такіх выглядах, каб ні адзін аднаго, ні саміх сябе не пазнаць. Гэта было б для іх нагародай за ўсе пакуты і катаванні, што ім прыходзілася выцерпець у часе мастацкай адукацыі.

Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніра між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункта і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Ён меў над імі вялікі ўплыў, як мецэнат і гаспадар.

Абодва — і рэжысёр і драматург — вельмі слухаліся пана і згаджаліся кожны раз з яго поглядамі на мастацтва. Праўда, яны згаджаліся толькі на словах, але пан меў бясспрэчны аргумент — тыя вялікія грошы, якія шчодра сыпаў на гэту справу, і на факце ён кіраваў.

Пан Вашамірскі ў час рэпетыцый зварочваў увагу галоўным чынам на тое, каб студыйцы, граючы «мужыка-хама», давалі яго ў смешным, дурным выглядзе, каб гледачы смяяліся, смяяліся ды смяяліся, каб балерыны, якія ўвасабляюць сабою багінь старой Грэцыі, былі зграбныя і рабілі такія рухі, як паненкі панскае крыві. Вяльможныя паненкі з'яўляліся ў пана ідэаламі зграбнасці і грацыі.

Хоць і рэжысёр і балетмайстар мелі на гэту справу свой смак і свае мастацкія погляды, аднак стараліся ўгадзіць пану.

Задача рэжысёра была вельмі цяжкая. Моцная рука пана над яго мастацтвам была і салодкая і горкая. Салодкая тым, што кідала жмені залатых дукатаў налева і направа. Горкая, бо пятлёю душыла тыя мастацкія ідэі рэжысёра, якія ён хацеў самастойна праводзіць у працы студыі.

Рэжысёр добра разумеў, што прымушаць гэтых дзяцей сялян, або па-польску «хлопаў», высмейваць саміх сябе — сваіх бацькоў вельмі цяжка. Так шаржаваць, як хоча пан, немагчыма. Рэжысёр адчуваў, што ў гэтым выпадку студыйцы інстынктам сваім самі адчуваюць меру. А знішчыць у мастакоў-хлопаў самародкавае адчуванне меры ён лічыў праступкам перад мастацтвам. Аднак яшчэ большым праступкам ён лічыў страціць сваю добрую службу ў пана — і ён пайшоў на кампраміс з сваім сумленнем: бізунамі выбівалі з студыйцаў іхняе ўласнае пачуццё мастацкай меры. Урэшце іх вышкалілі так, як гэта хацелася пану.

Тое самае было і з «багінепадобнымі» балерынамі. Дзеля іхняй адшліфоўкі ў сэнсе кабечай зграбнасці пан прыдумаў геніяльную штуку. Ён запрасіў да сябе з суседняга маёнтка знаёмую паненку, якая навучала балерын быць «музападобнымі».

Выкладанне балета вялося паводле прыдуманай панам Вашамірскім праграме.

Балерыны выстаўляліся ў рад перад яснавяльможнай паненкай. Паненка загадвала ім перарабляць усе тыя рухі, якія яна сама будзе рабіць.

Цікавая містэрыя малпавання адбывалася ў залі.

Усе тыя крыўленні, рухі і павароты рукамі, нагамі, галавой, якія робіць паненка, перарабляюць і балерыны.

Розныя вывёртванні бёдрамі, цэлая калекцыя разнастайных усмешак, якія робіць паненка, капіруюць, як хто можа, і балерыны.

Пільна сачыў за гэтым сам пан Вашамірскі. Ледзь малейшая неакуратнасць капіравання з боку балерыны, пан адсылаў яе ў той пакой, дзе адбывалася над ёю катаванне пад духоўным наглядам ксяндза Марцэвіча…

Ідэал пана быў такі, каб усё тое, што робіць паненка, перараблялі да малейшага штрыха і балерыны. Трэба, каб кожная балерына выглядала ў гэтым выпадку як бы адбіткам паненкі ў люстэрку.

У паненкі быў невычарпальны запас рухаў, гэстаў, выгінанняў, хістанняў усяго цела, выгадаваных у арыстакратычных рыцарскіх фліртах з пакалення ў пакаленне. Потым міміка твару, розныя тоны і пералівы яе ўсмешкі — ад звычайнай ганаровай, пагардлівай, гарэзліва-гуллівай да набожнай, нявіннай усмешкі мадонны, — таксама рознага роду выяўленні мімікай кахання, замілавання і любошчы мелі сотні пераходаў і варыянтаў.

А вялікія разнастайнасці выразу твару, вачэй і губ, якія паненка выкладала балерынам, — канца не мелі.

У гэтым выпадку французскі рэжысёр меў таксама свой погляд. Ён думаў, што перадаваць мімікай і гэстамі ўсякія пералівы чалавечых пачуццяў, захаваных у глыбіні душы, кожны здольны мастак (а балерыны-халопкі былі здольныя) павінен умець па-свойму. Ды, наогул, кожны чалавек па-свойму перадае свае пачуцці. У гэтым і ўся каштоўнасць ігры. І балерынам трэба даць волю быць кожнай самой сабою, выяўляць па-свойму кожную рыску, а не малпаваць іншых.

Перад воляй пана Вашамірскага ўсякія педагагічныя тэорыі рэжысёра разбіваліся, нібы прыбой аб прыбярэжныя каменні.

2. Хамскі дух

З аркестрам таксама былі нелады. Капельмайстар быў з прыгонных. Хамскі дух адчуваўся і ў музыцы. Ён так вышкаліў музыку, што, іграючы творы французскіх, італьянскіх ці іншых эўрапейскіх кампазітараў, яны кожны раз зварочвалі на хамскі лад. У мажорных тонах пракрадваліся часамі гукі лявоніхі, дуды, юркі; мінорныя матывы аддавалі смуткам і задумленнем жніўных песень на панскім полі. Ды і сам тэмп ігры быў нейкі дзіўны, чымся ў арыгіналах.

Фра. нцузскія педагогі — знаўцы музыкі — гаварылі, што капельмайстар і музыкі на канве гатовых твораў вядомых кампазітараў твораць нешта сваё, новае… Нельга казаць, каб гэтае «іншае» было нецікавым, але ў даным выпадку патрабуецца чыстата выканання сусветных мастакоў, бо выходзіць, што эўрапейскае мастацтва абуваецца ў мужыцкі лапаць…

Аднак гэта гутаркамі і канчалася. Было позна выпісваць цяпер з Парыжа капельмайстра.

Біццё музыкаў на панскай стайні ні да чаго не прыводзіла.

— Гэта ўжо ў іх крыві нешта такое ёсць, — тлумачыў рэжысёр, — бізунамі не выб'еш і агнём не выпаліш…

Капельмайстар Антон Мурашка быў добрым скрыпачом. Часам, калі звальняўся на кароткі час ад заняткаў, ён граў «для сябе». Граць «для сябе» было для яго вялікай асалодай. Забіўшыся ў куток дзе-колечы ў адным з аддаленых пакояў панскага палаца, ён браў у рукі сваю ўлюбёную скрыпку, браў з такім замілаваннем, як маці бярэ роднае дзіцё. У гэты час яму здавалася, што ён нешта крадзе ў пана… Такія ўчынкі не дазваляліся, але вельмі цягнула граць «для сябе».

Аглянецца па баках, пасля ў нейкай жудаснай прыемнасці зажмурыць вочы, правядзе па струнах раз-другі смычком, тоненька завядзе, ціха-ціха… Волас ледзь даткнецца да струны, нібы птушка кволым крыллем да сваіх птушанятак, што дрэмлюць у гняздзе.

А потым ужо Антон нічога не памятае… Скрыпка пачынае гаварыць. Яна волю дастае…

Жаўранкі носяцца ў паветры, звіняць… Ластаўкі шастаюць крыллем… Ветрык шапоча з чаротам…

Ці мо гэта здаецца Антону?

Не…

На полі жнейкі жнуць… Дзесьці на лузе косы звіняць. Галасы бліскучай сталі зліваюцца з шорханнем мядовай мурожнай травы, сплятаюцца ў адно з праменнем летняга сонца…

Можа, гэта Антон сніць дзівосны сон?

Не…

Багун галаву хмеліць… Ягады-дурніцы чорным вуголлем блішчаць, нібы зрэнкі дзяцей уночы, калі пры лучыне дзед ім байкі бае… Аддае пахам прэлых сыраежак… А па купінах сіўца, калючага, як дрот, сцелецца-гнецца вецер. Часам ён загудзіць, засвісне на ўсе лады, зашастае між крывых, шчуплых бярэзін, басаножкай пусціцца гуляць па рудаўках з цёмнага перламутра і схаваецца, як дуроннік, у кудзерцах прысадзістай вольхі…

Няйначай Антон не бачыць гэта перад вачыма?

Бачыць…

А то дзяўчаты ў карагод пускаюцца. Гукаюць вясну… Косы распушчаны. Карагодніцы песні пяюць…

Антона вушы абманваюць?

Не…

Аб усім гэтым гаворыць яму скрыпка, калі ён грае «для сябе»…

Смычок вядзе гутарку-бяседу са струнамі…

У Антона вочы зажмураны. Па высокім бледным лобе вандруюць змаршчынкі; рассыпаюцца туды-сюды і зноў сыходяцца ў адну кучку, кладуцца адна на адну, перакрыжоўваюцца, у жмуркі бавяцца…

А скрыпка гавора…

Антон нахіляе галаву над яе сэрцам. Прыслухоўваецца… Яму здаецца, што гэта яго ўласнае сэрца, нібы качка ў гняздо сваё, пераляцела ў скрыпку і сядзіць у ёй.

Мо гэта так сапраўды?..

А струны — яго ўласныя жылы. У іх яго кроў пераліваецца… Струны жывуць…

«Эх, ды каб пайсці з сваёй скрыпкай у родную вёску, а там граць, граць…, да ахмялення, да адурэння, да сёмага поту»…

Але шушукаюцца недалёка пакаёўкі, шапочуць:

— Пан ідзе…

— Пан ідзе…

— Пан ідзе…

Гукі скрыпкі паміраюць. Мары канчаюцца…

Усе дэкарацыі былі збракаваны.

Дэкаратар, ускалмачаны, высокі чалавек з русай бародкай, ліха нарабіў — дзе трэба і дзе не трэба насадзіў на палотнах многа елачак, узоры з сялянскіх дываноў, каласы з васількамі.

— Яно ўсё добра. Для стылю трэба. Але ў меру. Няма пачуцця меры і гармоніі, — казалі французскія педагогі. — У дэкарацыі для балета тутэйшы каларыт лішні. Мясцовыя расліны для грэцкага стылю не падыходзяць… Тут павінны быць мармуровыя статуі, вінаградныя лозы. Алімп, харомы багоў. Далі ж яму (пры гэтым рэжысёр казаў па-французску смачную лаянку), дэкаратару, узоры малюнкаў з знамянітых французскіх гравюр лепшых мастакоў. Не — ён робіць сваё! Кожны з іх сваё хоча рабіць…

Дэкаратар стаяў вінаваты, з апушчанай галавой. На гэты раз яго на стайню не павялі.

Бізуны, праўда, выбіваюць кепскі дух з чалавека, — разважаў пан Вашамірскі, — але цяпер няма калі. Трэба хутчэй перамалёўваць дэкарацыі. Раней я на іх мала ўвагі зварочваў.

Дэкарацыі былі перамалёваны ў строгім вытрыманым стылі. Стыль быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармура Атэны.

— Калюмны пры харомах, аднак, напамінаюць ствалы тутэйшых бяроз! — артачыўся рэжысёр. — Аркадскія пастушкі зусім падобны да мясцовых!

— Калі я ніколі не бачыў гэтых калюмнаў… — чуць не плачучы апраўдваўся дэкаратар, — ніколі не бачыў іншых пастухоў…

Рэжысёр гаварыў яму на ломанай польскай мове, куды ўваходзіла палавіна французскіх слоў, цэлую лекцыю аб праніклівасці мастака-маляра, аб цудадзеях яго зрочнага ўяўлення, аб тым, як мастак павінен духам сваім пранікаць у даўно мінулае і творчым пэндзлем адрадзіць яго, адбудаваць у часе патрэбы.

Аб гэтым ён гаварыў доўга, і, як уваходзіў у азарт красамоўства, французская мова выціснула польскія словы дашчэнту.

Дэкаратар стаяў бледны. Маўчаў. У галаве шумела. Яму здавалася, што надакучлівыя камары лезуць у вушы, у нос, у вочы, балюча кусаюцца.

— Каб хату тутэйшую, вясковую, дык як жывую намаляваў бы… — шаптаў ён немаведама каму. — Каб хату… — маліўся-прасіўся ён, нібы збіраліся яго рэзаць.

Ён бачыў перад сваім уяўленнем гэтую хату. Яна адлюстроўваецца ў яго вачах, як на сінім шкле…

— Няма чыстага эстэтызма ў гэтых людзей! — скардзіўся рэжысёр пану Вашамірскаму. Ён разводзіў рукамі, як чалавек, што збіраецца тапіцца.

Гэтыя словы ўдарылі пана ў самае трапнае месца, кранулі самыя «святыя стрункі душы», як ён часта любіў казаць аб сваіх уласных пачуццях. Пану заўсёды здавалася, што такога эстэта, як ён сам, — на свеце няма. Ён імкнуўся да таго, каб у яго тэатры эстэтызм займаў самае першае месца. Пан быў вельмі абураны, задрыжэў яго характэрны падбародак. Вочы наліліся сталёвым бляскам… Ён звярнуўся да рэжысёра на французскай мове голасам мяккім, дрыжучым, нібы літасці просячы:

— Можа, усыпаць гэтаму хаму гарачых, тады і эстэтызм з'явіцца? У гэтым я згаджаюся з ксяндзом, які кажа часта, што пакуты цела робяць душу шляхотнай.

— Не, не, яснавяльможны пане, на гэты раз няможна! Маляр пасля гэтага не будзе здольны выправіць усе памылкі ў дэкарацыі! Хіба пасля…

3. Генеральная рэпетыцыя

Два словы, як лютыя звяры, накінуліся-наваліліся на маёнтак пана Вашамірскага і на яго прыгонныя вёскі:

Генеральная рэпетыцыя.

Ад самога пана да апошняй замурзанай судамойкі з дваровай чэлядзі — усе на розныя лады гаварылі гэтыя словы. Кожны іх па-свойму тлумачыў. Усіх казытаў пах гэтых слоў. Усе пранікаліся трывогай іхняга зместу, нерваваліся пры розных учынках у сувязі з генеральнай рэпетыцыяй.

Генеральная рэпетыцыя, — галасілі рэжысёр, балетмайстар, ксёндз Марцэвіч, капельмайстар, спалоханыя, устрывожаныя студыйцы, дэкаратар, краўцы, швачкі, сам пан Вашамірскі ды ўсе ў маёнтку.

На стайні гулі бізуны, чутны былі крыкі і стогны — генеральная рэпетыцыя.

Генеральная рэпетыцыя, — насілася на розныя тоны па ўсёй ваколіцы з вуснаў прыгонных.

У той жа час ляжала хворая пры смерці маці Марылькі.

Марылька, прыгажэйшая (як пан Вашамірскі сказаў) за статую грэцкай Венеры, грала ў «містэрыі» ксяндза Марцэвіча Матку Боску.

Больш паўгода маці Марылькі не бачыла яе, бо са студыі нікога не выпускалі.

Пры хворай сядзела старая шаптуха і «лячыла» яе замовамі і зёлкамі.

— Ты, кажаш, празябла? — звярнулася шаптуха да хворай.

— Няпраўда. Гэта енаральная парапіца пашкодзіла. Ты ж у панскім дварэ як папрацавала, дык вось і набралася там гэтага ліха. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.

Хворая не магла гаварыць. Вочы яе былі заплюшчаны. Вусны белыя і сухія, а на худым твары гарэлі чырвоныя пляміны. Яна маўчала, а шаптуха, нібы замову, гаварыла ёй шэптам над вухам:

— Цэлымі тыднямі працуюць людзі ў дварэ для енаральнай парапіцы. Гэтая самая енаральная звядзе нас усіх са свету. Новыя чыншы на гаротных налажылі. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.

Шаптуха пасунулася яшчэ бліжэй да хворай:

— Людзі кажуць, што енаральная парапіца паела шмат гавяды, кабаноў, птаства. Рыбаловам загадалі насіць рыбу ў двор для енаральнай парапіцы. Гэта парапіца нават людзей глытае, гавораць бабы. Іх душаць на панскай стайні. Шмат хто чуў адтуль страшныя ляманты. У судыі (студыі) іх там адкормліваюць як гусей, а потым рэжуць на прысмакі для енаральнай парапіцы. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.

Хворая ўздрыганулася ўсім целам і ледзь прашаптала:

— Марылька яшчэ не прыйшла?

— Не, — сказала шаптуха. — Твой жа Каспар па яе пайшоў. Дык вось для страшнага цмока, які завецца такой паганай назвай «енаральная парапіца», пан Вашамірскі выпісаў з-за акіяна немцаў-чарнакніжнікаў. Яны сядзяць сабе ў панскім палацы і камандуюць, мая міленькая. Ой-ой-ой, як цяжка жыць. Птушкі чалавечай мовай гавораць пад камандай чарнакніжнікаў, аслы ў людзей перакідваюцца, людзі — у аслоў, коней і сабак. Ваўкалакі, мая міленькая, па начах выюць, людзей душаць. Ой-ой-ой, як цяжка жыць.

Самы меншы хлопчык, якому было каля чатырох год, заплакаў:

— Мама, есці хачу!

— Ціха ты! — крыкнула на яго шаптуха. — Маці памірае, а ты: «есці». Ой-ой-ой, як цяжка жыць.

Хлопчык яшчэ галасней заплакаў.

— Маўчы! — зазлавалася шаптуха. — А то прыйдзе енаральная парапіца і ў торбу цябе забярэ… Ой-ой-ой…

Хлопчык спалохаўся, змоўк і схаваўся пад матчыным ложкам.

А ў гэты самы час Каспар, бацька хлопчыка, пайшоў да пана Вашамірскага літасці прасіць:

— Яснавяльможны пане! Я з самага рання чакаю цябе. Ледзь дапусцілі.

Пан Вашамірскі злаваўся. Яго адарвалі ад генеральнай рэпетыцыі. Перад ім стаяў у пярэдні чалавек з ускалмачанай чорнай галавою. У вачах чалавека блішчэлі слёзы.

— Гавары хутчэй!

— Адпусці, паночку-лябедзіку, маю Марыльку на дзянёк. Маці пры смерці. Хоча дачку паглядзець.

— Не магу. Генеральная рэпетыцыя.

— Злітуйся, даражэнькі пане…

— Не магу!

Каспар кінуўся вобземлю да панскіх ног. Заплакаў.

— Маці памірае… дачку пабачыць хоча перад смерцю.

— Разумееш, галган, — крыкнуў пан, — ге-не-раль-на-я рэ-пе-ты-цы-я!

— Злітуйся…

— Ідзі, ідзі! Ты мне сапсуеш генеральную рэпетыцыю, Свенту Матку, якую грае Марылька. Маці няхай памірае без Марылькі. Разумееш, ёлап, мастацтва вышэй за жыццё і смерць…

Пан Вашамірскі яшчэ хацеў разгортваць сваю філасофію аб вялікім значэнні мастацтва, але ўгледзеў ля сваіх ног распластанага крыжам бруднага «хама»… «Перад кім гэта я перлы сыплю?» — падумаў ён і крыкнуў не сваім голасам:

— Во-о-о-о-н!

Каспар хутка ўскочыў з падлогі. Яго вочы высахлі. Сціснуліся кулакі. Нізенькі і шчупленькі Каспар падскочыў і зароў дзікім голасам:

— Згарыць няхай енаральная парапіца! Згарыць няхай твая Свента Матка! Згары сам разам з імі!

Да хаты Каспар ужо не вярнуўся. Каспарыха не дачакалася і пад гутарку шаптухі аб «енаральнай парапіцы» ціха сканала.

Пан перадаў Каспара ў рукі лютага войта.

Яго трэба было караць за тры злоўчынкі:

непашана да панскага тэатру,

знявага да Свентай Маткі

і бунт супроць самога пана Вашамірскага.

Генеральных рэпетыцый у грыме і вопратках пры дэкарацыях адбылося ажно тры ў вялізнай панскай залі, дзе была зроблена сцэна і ўсё было прыстасавана пад таэтр. Тры дні ішлі генеральныя рэпетыцыі.

На гэты раз студыйцаў не каралі фізічна: рэжысёр і балетмайстар не дазвалялі. Але карэктаванні ігры, розныя папраўкі, пераробкі, незвычайная нервознасць, заклапочанасць французскіх педагогаў перадаваліся кожнаму са студыйцаў. Ім на гэты раз мо лягчэй было б перанесці катаванні, чымся збянтэжаны выгляд і літасцівыя словы педагогаў, сталёвыя вочы пана і ламанне рук з шапатлівым «Езу-Марыя» ксяндза Марцэвіча.

Апрача таго, пан строга загадаў усёй чэлядзі ў палацы, каб ніхто са студыйцаў не ведаў, што сюды прыходзіў Каспар прасіць сваю дачку на развітанне з маткай перад смерцю. А то як Марыля даведаецца, дык не зможа граць і сапсуе ўсё тэатральнае прадстаўленне.

У часе такой суматохі на Салаўя ніхто ніякай увагі не зварочваў.


Была тады месячная ноч.

Сіняватыя водсветы месяца гралі па снежнай паляне змруднымі іскрамі.

Панскі парк цягнуўся аж да гэтай паляны. Высокія, аснежаныя стаялі дрэвы. У марознай цішыні дрэвы застылі і вершалінамі паказвалі на буйныя яскравыя зоркі, якія віселі ў цёмна-сінім бяздонні.

Мароз трашчэў.

Непрытульнасцю аддавала ад снежнай паляны. Яна слалася сіне-белым палатном да самага хвойніка.

Яшчэ ўдзень таўставусы войт пана Вашамірскага агледзеў гэтае месца.

— Тут і трэба пакараць Каспара, — сказаў ён гайдукам.

— А можа, што-небудзь лягчэйшае прыдумаеш? Каспар не вытрымае, — папрасіў адзін з гайдукоў.

— Вытрымае чорная костка! — сказаў аканом. — Пан Вашамірскі ледзь не панамі хоча зрабіць іхніх дзяцей у сваім тэатры, а яны яшчэ бунтуюцца! Мы ім пакажам!

Войт задаволена гладзіў вусы. Мышыныя вочкі яго жвава бегалі ва ўсе бакі.

— Уначы, як мароз павялічыцца, прывяжаце Каспара да гэтага дрэва. Да пояса каб ён быў голы!

Войтавы вочы па-воўчаму засвяціліся.

Так было зроблена.

Шчуплы і тонкі быў Каспар.

Пад голай жоўтай скурай рэбры хадыром хадзілі. На спіне, нібы рад гузікаў, тырчэлі хрыбетныя косткі.

Ціха брыла па панскіх абшарах у снежнай спадніцы марозная сіняя ноч. Не чуваць было яе крокаў у бязветранай шліфаванай пустэчы. Было так ціха, ажно вогнішча на крокаў дваццаць ад дрэва, да якога быў прывязаны да пояса голы Каспар, гарэла, як у печы. Жоўтае полымя ад сухіх бярозавых пален не калыхалася туды і сюды разнастайнымі залатымі язычкамі, а гарэла роўнай агнёвай шапкай. Трашчэлі драўлянымі галасамі сухія палены, шыпелі тым бокам, які ляжаў на снезе. Снег пад вогнішчам таяў і пачарнеў ад вуголляў. Агонь злізаў яго да голай зямлі.

Над агнём грэў рукі пан войт і гайдук Макар. Абодва былі апрануты ў цёплыя кажухі.

— Злітуйцеся, людзі… — лямантаваў Каспар.

Рагаталі каля вогнішча пан войт і гайдук Макар. Звярынай радасцю блішчэлі іхнія вочы, цёмныя пры вогнішчы.

— Што, вушы адмарозіў? — пытаўся войт.

— Злітуйцеся…

— Як табе падабаецца генеральная рэпетыцыя? — крыкнуў Макар Каспару.

— Зліт…

Якраз супроць Каспара блішчэў халодны жоўты месяц. Ён здаваўся Каспару рыжым чалавечым тварам без носа, з цёмнымі ямінамі замест вачэй. Месяц глядзіць на Каспара і дзьмухае на яго нястрыманым марозам, страшнай, ціхай, як смерць, сцюжай. Каспар адчувае, што ў яго кроў у жылках стыне, слёзы на твары цвярдзеюць ад марозу. Спачатку ён ляскатаў зубамі, але хутка супакоіўся. Толькі вушы і нос як бы нехта адрэзаў. Каб рукі ў яго не былі прывязаны да дрэва, ён памацаў бы нос і вушы.

Смяецца рыжы твар месяца. Чуе Каспар яго смех, дзікі рогат, але не бачыць яго. Перад вачыма сіне-снежны туман. Голкі вострыя, шчокатныя, колюць голыя грудзі. Дрыжыць Каспар і гудзе працягла і тоненька, нібы камар:

— Гу-у-у… з-з-з-з…

І забывае Каспар пра жонку, якая канае ў курнай хаце, пра дачку, якая грае «свенту матку», і пра генеральную рэпетыцыю. Іх ніколі не было. Не было і самога Каспара. Ёсць толькі ціхі страшны мароз, які закаваў у сталёвыя панцыры сінія начныя абшары.

У аксамітнай спадніцы брыдзе ноч па абшарах. Крокі яе ціхія.

Набожны быў пан войт. Часта слухаў духоўныя настаўленні ксяндза Марцэвіча. Яму надакучыла стаяць у валёнках. Ногі стаміліся. Як на падушках, ён разлёгся па пухкім снезе супроць вогнішча. Доўга маліўся. Як прагаварыў адну і тую самую малітву трыццаць разоў (гайдук Макар акуратна лічыў), ён падняўся з месца і сказаў:

— Годзе.

Пан войт і гайдук Макар падышлі да дрэва, дзе быў прывязаны Каспар.


Гэткай прыемнасці Каспар ніколі ў жыцці не адчуваў. Зноў ва ўсе жылы льецца прыемнае, як подых летняга ветрыку, цяпло. Рукі развязаны. Хтосьці снегам трэ моцна грудзі, вушы, твар. Ледзь да яго даходзіць цяпло ад вогнішча, а ў вочы глядзіць той самы твар жоўтага круглага месяца. Толькі на гэты раз ён цёплы і прыемны як ніколі.

— Эх, вечна так ляжаў бы, — думае Каспар. Ён адчувае пад спіною цёплую шэрсць мяккага кажуха.

— Каб так шчыра не маліўся, дык, можа, і не выжыў бы… псякосць гэта… — чуе Каспар знаёмы голас.

Плыве да яго гэты голас з нейкіх невядомых далячынь.

— Цяпер ён будзе добрым чалавекам. Усё кепскае ў ім мы вымаразілі, — чуе Каспар другі знаёмы голас.

— Генеральную рэпетыцыю ён будзе памятаць аж да магілы.

Пазнаў Каспар галасы пана войта і гайдука Макара, хацеў было зноў спалохацца, але яго цела апанавала такая млявасць, што яму было ўсё роўна.

Вогнішча дагарэла. Чырвоныя вуголлі мігацелі. Над снежнай палянай віселі ў бяздонні неба буйныя зоркі.

Ноч нячутнымі крокамі брыла па снежным абшары.

4. Дубовы Пан Езус

У Зоські праца з рук валіцца. Маці скардзіцца на яе. Не разумее, у чым справа.

— Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам.

Сусёдкі ківаюць галовамі і рады розныя радзяць.

Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае.

Зоська не любіць, каб хтосьці калупаўся ў яе бядзе. Зоська аддаецца свайму смутку тады, калі ніхто гэтага не бачыць — уначы. Плача на пасцелі, так плача, ажно здаецца, што ў плачы яна рэчкай разальецца. Кропля за кропляй разальецца, і ад яе нічога не застанецца…

Сны страхотныя сняцца ёй.

То Сымон у труне ляжыць. Твар сіні. Увесь ён выцягнуўся. Хаўтурныя песні спяваюць.

А то музыку вясёлую чуе. Бяжыць Зоська на гэту музыку праз лясы, праз пушчы, праз дзікія балоты. Парвала свае вопраткі аб вострыя карчы. Да крыві цела падрапала. Бяжыць і бяжыць. Ажно вось скуль музыка — з незнаёмай хаты. Гэта гуляюць вяселле Сымона з адной з панскіх артыстак.

Зоська туліцца да сцяны і слухае… Ловіць кожны гук з хаты, голас Сымона. Сымон адчувае яе блізкасць, выходзіць на двор, і Зоська… прабуджаецца.

Зоська ўпіваецца сваім горам. Нейкі цяжар вісіць у яе на шыі і душыць-давіць. Яна скована жалезнымі путамі з галавы да ног. Хоча вызваліцца ад іх і не можа. Гэтыя путы — яе думкі аб Сымоне. Пэўна, Сымонка даўно забыў аб ёй…

Часам Зоська пабяжыць у маёнтак: можа, пачуе аб ім, можа, пабачыць…

Доўга туліцца да халодных сцен панскіх палацаў, каб ніхто яе не бачыў. Прыслухоўваецца да музыкі з пакояў студыі. Але галасы мала пранікаюць з белага мура на двор. Сымона няма… Аб ім ні слуху ні духу.

Сэрца Зоські стукае моцна, здаецца, — во-во вываліцца з грудзей… Перад вачыма кругі мітусяцца…

Вусны самі сабою шэпчуць:

— Сымонка..! Сымонка…

З маёнтка Зоська пускаецца ў панскую каплічку, якая стаіць недалёка на крыжаванай дарозе. На вялізным дубовым крыжы вісіць дубовы Пан Езус ва ўвесь чалавечы рост. Зоська доўга ўглядаецца ў дубовыя вочы Бога. Вецер калыша Божы хвартушок. Цені мітусяцца на ўсім яго целе, і ёй здаецца, што ён жывы, зараз гаварыць пачне…

Во-во скажа ёй слова міласці…

Яна вельмі расчулёна, што адно вока ў Бога большае, другое меншае. «Бедненькі, — думае яна, — гаротненькі»… «А можа, у Бога так павінна быць», — з'яўляецца ў яе новая думка. Расце ў яе душы пашана да Бога, салодкі страх перад ім. Яна — нікчэмнасць перад такім Богам, з дубовымі ранамі, з дубовымі думкамі і дубовай сілай.

Зоська падае на калені, не адрываецца разгарачанымі, слязлівымі вачыма ад нязграбнай фігуры, шэпча тую малітву-замову, што навучыла яе старая суседка:


Святы Сымон, вялікія вочы,

Устань мне ўдзень, як уночы.

На небе крыж,

На крыжы тры зарніцы —

Гэта родныя сястрыцы:

Адна прывара,

Другая прыпале,

Трэцяя прывяртае,

Прывярні, Божа, раба божага Сымона,

Каб ён любіў мяне,

Каб ён не мог жыць без мяне,

Як рыба без вады,

Як мерац без зямлі,

Як дзіцё без грудзі…


Ад такой дзівоснай малітвы ва ўсім целе Зоські разліваецца цяпло. Зоська выліла перад Богам сваё гора, патаемны смутак сэрца. Ёй лягчэй, расцвітае надзея, упэўненасць. Яна варочаецца да хаты выгаеная, вылечаная, нібы напілася цудадзейнага зелля.

Некалькі дзён думкі яе купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Яна хутка пабачыць яго…

Але такі настрой цягнецца нядоўга.

Мала памог Пан Езус. Зоська пакрыўдзілася на яго. Не хоча пакутаваць, як ён. Яна ж не дубовая.

Тады Зоська задумала пачаць справу з нячыстай сілай — шаптух шмат па вёсках. Іх многа ў карчме.

Выняла Зоська з кубла кавалак палатна — гасцінец для шаптухі, накінула на плечы кялім каляровы і выйшла з хаты.

Была мяцеліца. Юда ў чыстым полі вяселле-гульню ладзіў.

Гурбы снегу перакідваліся з месца на месца невідочнымі вялізнымі шуфлямі. Пылілася снежная мука ад плота да плота. У чыстым полі бель-бялугай мітусіліся снежныя палотны, чапляліся аб хмызнякі, завісалі на паадзіночных дрэвах.

Зоська ўкуталася, ішла наперад, мала аглядалася па баках.

Грозны выгляд лютай мяцеліцы, свісты і войканне ветру збілі яе з толку, яна самой сабе паказвалася мізэрнай, маленечкай, нібы ягадка-рабіна… Яна зледзянела, ад ветру і сцюжы застылі яе думкі. Мяцеліца выставіла насупраць сотні снежных лап і шаптала:

— Засні на маёй ледзяной пасцелі. Пад коўдрай снегу будуць табе сніцца лёгкія сны, белыя, нібы кужаль бялёны, нібы паніна кашуля гафтаваная. І не будзеш, Зоська, мець ні смутку, ні радасці. І не будзеш крыўдзіцца на Бога ў панскай капліцы…

Адну хвіліну Зоська думала кінуцца ў белую снежную гойдаўку — няхай мяцеліца яе на векі вечныя засыпле, але…

— Хоць яшчэ разок пабачыць яго… А хто з равесніц вясну гукаць будзе? А хто купальскую кветку шукаць будзе?


У карчме стаяў нядзельны шум-крык.

Каля вялізнай дубовай кованай жалезам кухвы з гарэлкай з бровара пана Вашамірскага круціўся-вярцеўся стары карчмар Лейба. Каля бочкі на тапчане стаялі рознай велічыні медзяныя пасудзіны: гарнец, кварта, паўкварты і сотка. Здавалася, што гэта дзеткі вялізнай кухвы, якая толькі што ацялілася.

Лейба, у вопратцы старадаўняга жраца, маліўся свайму «Аданаю». У часе малітвы ён з гасцьмі-сялянамі не гаварыў, аднак наліваў ім гарэлкі ў пасудзіны. Ён часам спыняў малітвы, зварочваючыся да гуляк не словамі, а рознымі гукамі: «мгу», «ну-ну», «агэ», «ум», «ай», «фэ». Да гэтых невыразных гукаў дадавалася выразная інтанацыя і гэсты.

Сяляне добра яго разумелі. І жыдоўскі бог «Аданай» не крыўдзіўся, і панская гарэлка добра прадавалася.

Сяляне рознага ўзросту і старыя бабы тупаліся вакол рыбакоў Міхалкі і Меера, якія нешта вясёлае сказалі пад музыку вандроўнага дудара.

— Далібог, Меер да нашага брата падобен! — гаварылі адны.

— Не! Міхалка да жыда падобен! — гаварылі другія.

У гэтых поглядах сяляне падзяліліся на дзве групы, і ў п'яных настроях гатовы былі кулакамі бараніць свае словы.

На шчасце, ігра скончылася, бо стары Янка, які выпіў лішнюю чарку гарэлкі, пачаў апавядаць аб тым, як яго анегды чэрці круцілі на выгане ўсю ноч. Ён і тады быў пад хмяльком. Ехаў дахаты з карчмы пасля пахавання сына. Ён заснуў на санках, падцягнуўшы пад сябе правую лейцу так моцна, ажно конь галаву абярнуў направа і за ноч вялізны круг вытаптаў у снезе на выгане.

Сяляне шчыра рагаталі над старым Янкам, кажучы, што гэта «енеральная парапіца» з панскіх пакояў круціла яго.

— Праўда?! — дзівіўся Янка, і ў п'яных вачах яго відаць былі непакой і страх. — Яшчэ добра, што цэлы застаўся!

Стары Янка схіліўся над брудным, завэцганым гарэлкай і закускамі сталом і задумаўся аб сваім сыне, якога на тым тыдні пахаваў. Тая жаласлівасць да згінуўшага сына, якую стараўся ўтапіць у гарэлцы, цяпер выбухнула пад хмелем, як вогнішча.

Янка хрыплым ад гарэлкі голасам пачынае расказваць усім аб смерці яго сына. Як ён, Янка, з сынам для пана дровы сек у лесе, як падсеклі хвою, як ён крыкнуў сыну, каб той уцёк з-пад пня, як сын пусціўся наўцёкі ўздоўж хвоі, якая зачапіла яго вершалінай па галаве. Сын нават не крыкнуў…

Старыя кабеціны сядзелі на лаве, утаропілі вочы адна ў адну і, зачараваныя ад хмелю, спявалі, ківаючы галовамі:


Ёсць у лузе каліна,

Пад калінай дзяўчына;

Пад калінай стаяла,

Цвет каліну ламала,

Русу косу часала.

Пад'ехаў к ёй дваранін,

Схіліў каліну, каня напаіў,

Да дзяўчыны гаварыў:

— Чаго ж, дзеўча, тут стаіш,

Двараніна не баіш?

— Чаго ж мне баяці,

Пад калінай стоячы?

Ты дваранін — вашэць-пан,

Шукай сабе, як ёсць сам.

Шукай сабе ў Любліне,

Не чапай мяне, дзяўчыну:

Шукай сабе ў Аршаве,

Не рабі мне благой славы;

Шукай сабе ў злоце,

Дай мне спакою, сіроце.


Сум і радасць зліваліся ў адну хвалю п'янага чаду. Пад закуранай столлю карчмы луналі — і малітвы карчмара, і вясёлая ігра дудара, і слёзы гаротнага Янкі, і песні старых баб.

У кутку сядзелі двое. Адзін з чорнай ускалмачанай барадою. Вочы яго былі бліскучыя і гарачыя. Тоўстыя чырвоныя губы. Шырокія плечы. Другі малады, тонкі, з сінімі вачыма. Віхрыстыя валасы на галаве.

Абодва пілі моўчкі і шапталіся між сабою.

П'яныя глядзелі на іх скоса.

— Язэп! — зварочваліся час ад часу п'яныя да чорнабародага. — Ты не злуйся, а хадзі да нас!

— Пятрусь! — клікалі яны маладога. — Што звязаўся з ім? Хадзі сюды!

Язэп і Пятрусь не адказвалі.

— Вясною, — шаптаў Язэп да Петруся, — у цімакі пойдзем, як толькі пацяплее. Эх, на волю хочацца вырвацца!

— А як зловяць? — занепакоіўся Пятрусь.

— Нічога, братку. Лес не выдасць. Харчоў дастанем у добрых людзей. А там на Ўкраіну павернем да вольнага казацтва. У казакі запішамся.

— Ты ж там ужо быў, чаго назад вярнуўся пад панскі бізун? — запытаўся Пятрусь.

— Надта дзяцей малых і жонку пабачыць хацелася…

— Чаму ж ты іх з сабою не забраў?

— Нялёгка было. Сам, як воўк, па кустах хаваўся.

— А цяпер іх зноў пакінеш?

— Старшага сына з сабою вазьму. Дык ты пойдзеш з намі?

— Пайду… Не магу далей цярпець.

— То-то ж…

У карчме быў такі шум, што гутаркі ніхто не чуў.

Ніхто не заўважыў, як Зоська ўсунулася ў хату. Яна страсла снег з вопратак і, прыкрытая тканінай да самых вачэй, падышла да п'яных кабет. Пашапталася з адной і, абагрэўшыся трохі, выйшла з карчмы.

5. Ледзь пра Зоську не забыўся

У хвойніку было ціха, толькі час ад часу крыкне варона, шарахнецца заяц.

Салавей аглядаўся налева і направа і сваім вачам не верыў, што вызваліўся з панскіх палацаў. Раней гэта яму не ўдавалася. Толькі цяпер, калі ўсе пазвар'яцелі на «генеральную рэпетыцыю», яму ўдалося вызваліцца на кароткі час. Яго адсутнасць, можа, не будзе заўважана.

Хваля радасці нахлынула на яго бурлівым патокам.

Ён не ведаў, што з сабою рабіць. Ішоў не проста, а падскокваючы, як малы хлопчык. Праз рэдкія дрэвы яшчэ відаць быў панскі маёнтак, які ўсімі будынкамі глядзеў на Салаўя.

Здаецца, маёнтак гаварыў яму голасам нячутным:

«Ці я цябе не песціў? Ці я цябе не няньчыў? Ці голад і холад ты ў мяне цярпеў? Чаго ўцякаеш? Зоська? Ды мала Зосек ёсць у палацах?»

Гэтыя пытанні сыпаліся на Салаўя, як невідочны мак.

Ён стараўся не глядзець у бок маёнтка, які клікаў яго назад салодкімі фальшывымі словамі.

«Мабыць, ты, гад, забыўся, — звярнуўся Салавей у думках сваіх да панскага маёнтка, — аб тых здзеках, якія церпіць наш брат у тваіх сценах? Воля і Зоська мне даражэй за ўсё».

Хутка схаваўся маёнтак. Салавей адышоў на некалькі вёрст ад яго. Ён спяшаўся да Зоські.

— Ужо колькі часу не бачыў. Яна, мабыць, аба мне забылася…

Сонца зайшло. Пакінула на небе густую паласу чырвані. Агнёвае мора захаду адбівалася ў розныя пералівы і прабівалася праз дрэвы.

«Трэба ў лесе памарудзіць, а то людзі пабачаць мяне каля Зоськінай хаткі».

Доўга шукаў ён месца, дзе можна было б сесці. Адышоў ад дарогі ўбок і нарэшце знайшоў вытаптанае месца і свежа адрублены пень. Прысеў. Аглянуўся па баках, заўважыў на заільдзянелым ад адлігі снезе месца, дзе ляжаў чалавек. Чалавек адбіўся ў снезе глыбока і ярка: кожная драбніца відаць — і галава, і рукі, нават лапці ў клетках-пляцёнках.

Салавей ускочыў з пня, як падстрэлены.

Ён здагадаўся, што, мабыць, тут быў забіты нядаўна Янкаў сын, Юрка. Вунь якраз ідзе след ад дрэва, з-пад якога цягнулі нежывога Юрку сюды. Дзе-нідзе і сляды крыві відаць… Аб гэтым і ў маёнтку гаварылі. Пан Вашамірскі нават раздобрыўся і загадаў аканому зволіць Янку на цэлы тыдзень ад работы ў двары і падарыў яшчэ дошкі на труну.

Салавей не мог адыходзіць ад гэтага месца. Пільна ўглядаўся ў углыбленне, дзе раней ляжаў забіты дрэвам чалавек, глядзеў і на паваленае дрэва-разбойніка.

Жыва паўставалі ў уяўленні Салаўя розныя абразкі. Ён бачыў Юрку, вясёлага, румянага, здаровага, вечна сарамяжлівага, як дзяўчына. Бачыў і вясёлую хвою, якая ледзь не ў самае неба ўпіралася сваёй вершалінай. Птушкі на ёй спявалі, з ветрам яна шапталася.

Таксама і голас аканома, здаецца, чуў: аканом загадвае Янку зрэзаць вось гэтае дрэва.

З кожнай хвілінай усё больш цямнела, а Салавей вачэй сваіх не мог адарваць ад гэтага месца…

— Ледзь пра Зоську не забыўся… — усхапіўся ён.

Выйшаў з лесу. Пайшоў нацянькі ў бок Зоськінай хаты.

На цёмна-сінім небе блішчэлі зоркі. Яны былі рассыпаны, нібы залаты мак. У вёсцы брахалі сабакі. Ужо відаць была маленькая хатка, дзе жыла Зоська з маткай.

Уся ўвага, усе думкі Салаўя былі цяпер накіраваны ў бок гэтай хаткі… Але так рана не можна туды ісці — людзі пабачаць. Трэба тут пачакаць…

6. Устану я, красная дзеўчына

Старая кабеціна, ідучы з Зоськай з карчмы, завяла яе ў сваю хату. Хітра-ільсцівым голасам аб усім яе жыцці-быцці распыталася. Усё дашчэнту выведала.

— На гэта, дзеткі мае, ёсць розныя лекі, розныя зёлкі, — казала шаптуха. — Косці кажана памагаюць, малако чорнай свінні. Але вось я навучу цябе, як адну замову казаць. Ты будзеш яе гаварыць тры разы на дзень тры дні падрад. Першы раз — перад усходам сонейка, другі раз — на захад сонейка, а трэці раз — у поўнач, калі першыя пеўні запяюць. Гэта напэўна паможа.

Зоська лавіла кожнае слова шаптухі, якая гаварыла скрыпучым, шапатлівым і дрыжучым голасам.

Старая доўга-доўга шаптала, аж пакуль Зоська навучылася на памяць усю замову. Словы замовы чаравалі яе, захоплівалі.

Зоська пакінула старой кавалак палатна і пайшла дахаты. Яна была пэўна, што гэтая замова паможа, што Сымон вернецца да яе.

І замова ёсць малітва, але не дубоваму богу, а невідочным бесам, нячыстай сіле. Да «нячыстай сілы» Зоська адчувала большую блізасць і нейкую пяшчотную інтымнасць. Чарцей яна больш баялася, чым Бога, і, разам з гэтым, больш паважала іх…

Зоська цэлы дзень знаходзілася ў нейкім, невядомым раней, новым настроі. Суткі, падзеленыя ёю на тры часткі — ад замовы да замовы, набылі надзвычайныя чары, вялікую сілу. Гэтымі шэптамі яна, Зоська, трымае ў сваіх руках цэлыя вёскі, усіх людзей. Яна не ведае, што здарыцца, як яно ўсё гэта будзе, але здарыцца нешта такое, ад чаго ёй стане вельмі прыемна і радасна…

Яе зацікаўленасць расце з кожнай хвілінай. Не церпіцца дачакацца трэцяга разу замову казаць. Цэлы дзень нічога не есць, а голаду не адчувае.

Урэшце надышоў час, калі ўсё павінна скончыцца раз назаўсягды — усё Зоськіна гора, усе пакуты яе сэрца…

Маці ўжо даўно спіць. Яна непакоіцца ў сне, кідаецца з боку на бок, мармоча, стогне, вохкае.

Жудасна робіцца Зосьцы. Уся яна дрыжыць ад страху. Але вось якраз надышоў час казаць замову ў трэці раз. Яе вочы злосцю гараць ад затаёнай напружанасці, бляднее твар. Яна шапоча:

«Устану я, красная дзеўчына, не благаславіўшыся, пайду не хрысціўшыся, і выйду не дзвярмі за новыя вароты ў чыстае поле. У чыстым полі стаяць тры бесы: бес Сава, бес Савул, бес Калдун. Падыду я, красная дзеўчына, пабліжэй, ды пакланюся паніжай: і вы, трыдзевяць бесаў — бес Сава, бес Савул, бес Калдун — паслужыце мне, як служылі Іраду-цару: ідзіце па гарадах, па сёлах, па вёсках і збярыце ўсю пуду і сухоту са звяроў, птушак, рыб і з усякіх людзей — і знясіце тую нуду і ўсякую сухоту малайцу Сымону ў ясныя вочы, у чорныя бровы, у румяны твар, рацівае сэрца, чорную печань, гарачую кроў, у трыдзевяць жыл і ў адну жылу — станавую падпятную. І каб гэты малойца не мог ні жыць, ні быць, ні днём па сонцы, ні ўночы па месяцы, без мяне, краснай дзеўчыны…»

Зоська з такой шчырасцю гаварыла, ажно сэрца грукатала. Гэта была толькі першая частка замовы. Кажучы другую частку, яна слабела з кожным словам і пачынала прыслухоўвацца, што робіцца навокал. Мо зараз зямля ўздрыгнецца… Мо свет перавернецца. А яна не хацела, каб дзеля яе людзі невінаватыя цярпелі…

Не паспела яна кончыць замову апошнім моцным словам «амінь», як нехта пачаў асцярожна стукаць у дзверы.

Непрытомная, спалоханая выскачыла яна ў сенцы і адчыніла дзверы. Два галасы зліліся ў адзін:

— Зоська…

— Сымонка…

Пад адсветам зорак яны ўпіліся бліскучымі зрэнкамі адзін у аднаго…

7. Не чужы, а свой

Часта выходзіў Салавей з Зоськінай хаты на двор. Рупіла глядзець-сачыць, ці хто за ім не гоніцца. У студыі маглі заўважыць яго адсутнасць, хаця ён быў пэўны, што ў часе такой суматохі мала хто там аб ім дбае. Яму рэпетыцыі былі непатрэбны. Яго і не вучылі.

Цішыню глухой ночы трывожыла толькі рыпанне дзвярэй старой хаткі.

Ён аглядаўся па баках і пільна прыслухоўваўся. Думаў аб Зосьцы: яна здзівілася, што ён зусім «панскі выгляд» мае. Мабыць, так яно і ёсць. На сваіх сябрах у студыі Салавей гэта даўно заўважаў, толькі не на сабе. Ва ўсіх сыходзілі мазалі з рук. Усе апрануты чыста. Ад жыцця ў панскіх палацах, ад старанных муштраванняў у працягу некалькі мссяцаў з твараў студыйцаў сышоў мужычы колер. Рухі ва ўсіх пазграбнелі, зрабіліся лёгкімі і спрытнымі. Нават выраз вачэй змяніўся: паглыбеў, іншы змест адсвечваецца ў іхнім бляску. Панскі гебаль адгабляваў людзей, адгаліфаваў. Усе яны ўжо былі не такімі, якімі з'явіліся ў палацы.

Салавей пачаў сябе аглядаць-ашчупваць.

У першы раз за ўвесь час заўважыў, што сапраўды ён не той, якім быў хоць бы паўгода таму назад. Не дзіва, што Зоська не разумела яго некаторыя, як яна гаварыла, «панскія словы».

Вялікую змену ў сабе ён адчуваў толькі цяпер, калі аб гэтым яму казала Зоська. Таксама цяпер толькі прыкмеціў, што Зоська — простая, а маленькая ўбогая хатка душыць яго. Пасля вялікіх пышных панскіх палацаў (хоць ён іх ненавідзеў) простая хатка здавалася яму канураю, у якой нельга жыць не то што чалавеку, але і панскаму сабаку. Ранейшага захаплення Зоськай у яго ўжо не было. Тое імкненне бачыць яе, якое песціў у грудзях увесь час, як бы астыла.

Па голасу, па вачах Зоські, па ўсіх яе рухах Салавей адчуваў, што яна бачыць у ім гэту змену.

Жаль да Зоські агарнуў яго.

Сінь ночы атуляла яго з усіх бакоў. Сінім колерам была афарбавана і вёска Вашаміршчына, што ўпіралася сценамі ў густы хмызняк, і лес цёмна-сінім мурам маўкліва-грозна глядзеў у закуранае хмарамі неба.

Снег быў пругкі і хрусцеў задушаным стогнам пад кожным крокам, хоць Салавей стараўся ступаць асцярожна і нячутна.

У Салаўя было спачатку такое ўражанне, нібы нешта ўкраў у Зоські, украў самае лепшае і дарагое ў яе жыцці. Украў сваімі ўласнымі рукамі. Але ў цішыні як пачаў болей глыбока думаць аб гэтым, — як гэта выйшла і чаму так здарылася, што Зоська па яго пакрыўджанымі вачыма паглядае, — ён пачаў адчуваць, што ў гэтым сам мала вінават: панскія пакоі яго перарабілі. Ён сам сабе чужым стаў… Цяперашні Салавей зусім не той чалавек, што ранейшы Сымонка.

Чаму гэтак сталася, ён як бы не разумеў, але адчуваў, што разам з агідай да панскай няволі, да панскіх палацаў гэтыя палацы і вабілі да сябе; цягнула яго да іх, як матылька да агню.

Разам з агідай да паноў, да іхніх учынкаў і здзекаў над прыгоннымі ён не можа цяпер глядзець на сваіх ранейшых сяброў і нават на Зоську так, як глядзеў раней, — нечым ён ад іх адрозніўся і заўважаў у іх тое, непрыемнае для сябе, чаго раней не бачыў…

Салавей часта ўваходзіў і хутка выходзіў адтуль.

Зоська сядзела на лаве пры стале, і слёзы капалі з яе вачэй.

— Ты, Сымонка, не то пан, не то паўпанак, не то панскі слуга! — скардзілася Зоська.

Яна аглядала яго з ног да галавы, прабуючы пальцамі яго чыстую, добрую вопратку.

— Ды я такі самы, якім быў раней! — апраўдваўся Салавей з няпэўнасцю ў голасе.

— Ты чужы, чужы… — строга, праз слёзы гаварыла Зоська.

Салавей верыў больш яе словам, чымся сваім. Як ні стараўся ўгаварыць сябе, што не змяніўся — не памагло.

— Чужы, чужы…

У душы Салавей лаяў сам сябе за тое, што пайшоў сюды. Не думаў, што так прыкра будзе тут…

Зоська часта мяняла лучыну, папраўляла яе з такім выглядам, нібы яна, Зоська, адна ў хаце.

Салавей прыслухоўваўся да кожнага шолаха, да малейшага скрыпу. Яго трывожыла тое, што Зоськіна матка ляжыць на печы і, пэўна, не спіць.

Як бы ў адказ на яго думкі, з печы пачуўся кашаль і спынілася сапенне спячай кабеціны.

Мабыць, старая прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў хаце.

І Зоська і Салавей змянілі тон гутаркі на звычайны. Гаварылі аб розных рэчах, толькі не аб саміх сабе. Ім абодвум прыкра было, што іхняя гутарка не абыходзіцца без сведак; хаця Салаўю як бы зрабілася лягчэй ад гэтага, бо лепш было гаварыць аб пабочных рэчах, чымся аб сваіх уласных.

Словы Зоські: «чужы, чужы…», сказаныя з балючай скаргай, увесь час звінелі ў яго вушах.

Гэтыя словы, адбіваючыся на розныя лады рэхамі ў сэрцы, псавалі яму настрой, труцілі кроў і набывалі той глыбокі трагічны сэнс, якога ён не зразумеў спачатку. Нешта падсвядомае, чаго ён не мог бы словамі сказаць, дыктавала яму, што ён зрабіўся чужым не толькі Зосьцы, але і самому сабе. Яго нянавісць да ўсяго панскага была цяпер мацней, чымся раней, аднак, нягледзячы на гэта, яго цягнула назад да панскіх палацаў, да іх роскашы з тым самым імпэтам, з якім ён некалькі гадзін таму назад, крадучыся адтуль, пайшоў, праклінаючы паноў і ўсё панскае.

Яго цягнула да палацаў, як часам цягне чалавека ў глыбокі вір.

Салавей стараўся рассейваць сваю ўвагу на ўсякія вакольныя рэчы ў хаце: то заглядаўся на сіняватыя аганёчкі лучыны, на горкі дым, што віўся над ёю, то кідаў вачыма ў кут, дзе ў загародцы на саломе ляжала цялушка, скручаная ў абаранак.

Цялушка стрыгла вушамі, утаропіўшы круглыя, нібы задумённыя, вочы на агонь лучыны. Белы круглячок на лобе цялушкі блішчэў, як снег, і выглядаў прышытай латачкай з белага кужалю.

Салавей пацягнуў носам пах горкага дыму, цяжкі пах цялушкі, кур з падпечку і, не хочучы, зморшчыўся.

А Зоська наглядала за ім і ўгадвала ўсе яго думкі і адчуванні.

— Нашто плот гарадзіць, Сымонка! Ідзі ўжо да «сваіх» палацаў. Табе тут цяжка ў нас… Ідзі сабе на генеральныя рэпетыцыі!

— А што? — усхапіўся Салавей.

Зоська расказала яму пра тое, як не пусцілі са студыі Марыльку да паміраючай маці, як Каспара, бацьку Марылькі, забралі ў двор на кару.

У Салаўя загарэліся вочы. Ён стукнуў кулаком аб стол.

— Няхай прападзе панскі маёнтак! Жыць не буду, калі не адпомшчу за здзекі! Не вярнуся ў тэатр!

Старая прачнулася і зірнула з печы спалоханымі вачыма.

Зоська абняла Салаўя.

— Вось цяпер ты не чужы… — шаптала яна. — Цяпер ты мой, наш…

Не чулі яны, як дзверы адчыніліся.

Некалькі гайдукоў глядзелі на іх. Гайдукі схапілі Салаўя і пачалі вязаць вяроўкамі.

8. Згон на панскі баль

У маёнтку пана Вашамірскага твары ва ўсіх урачыстыя і заклапочаныя.

Уся чэлядзь, па загаду самога пана, апранута ў святочную вопратку, спецыяльна сшытую к гэтаму святу-балю. На дварэ вялікая суматоха: з'язджаюцца паны з розных маёнткаў, запрошаныя паглядзець тэатральнае відовішча.

Пан Вашамірскі ў экстазе, у вялікім натхненні. Сам за кожнай драбніцай глядзіць, прымае гасцей. Кожнаму скажа вотлае слова і пажартуе, у філасофію пусціцца.

Ахмістрыня сочыць за тым, што на кухні робяць, якія прысмакі, якое пітво дастаць са склепа.

Аканом клапоціцца, каб коні гасцей былі накормлены і напоены.

Ксёндз Марцэвіч выключна гасцямі заняты, а больш за ўсё яго ад сябе не адпускае старая пані, маці пана Вашамірскага. Пры ёй павінны быць неадлучна два каты, якіх яна прывезла з сабою, і ксёндз.

У студыі ў гэты дзень, вялікі страшны дзень суда, заканчваюцца пасля генеральнай рэпетыцыі апошнія штрыхі, шліфуюцца апошнія шурпатасці ігры. Французскія педагогі абыходзяцца з акторамі лагодна, далікатна. Падбадрываюць іх, падымаюць настрой і ўзмацняюць самаўпэўненасць:

— Усё будзе добра, усё сыдзе гладка, толькі вы трымайцеся смела…

Час ад часу забяжыць на хвіліну і пан Вашамірскі, пагаворыць з педагогамі, такім лагодным вокам зірне на студыйцаў, нібы яны — яго браты і сёстры, яны — яго лёс, ад іх залежыць уся яго будучыня.

Пан зірнуў на заслону, што была некалькі разоў перамалёвана.

З палатна глядзеў на яго агідны рагаты сатыр, які ў дзікай палкасці даганяў голую німфу. Німфа ўцякала спалоханая. Валасы затулялі яе круглыя плечы. Грудзі яе ад шпаркага бегу вахталіся, саскі на іх блішчэлі колерам лясных суніц.

— Аднак ксёндз Марцэвіч мае добры густ, — падумаў пан, — гэта ж яго праект заслоны!

Пан Вашамірскі раптам нешта ўспомніў, стукнуў сабе пальцам у лоб і выскачыў з пакоя. Не прайшло і пяці хвілін, як ганцы пусціліся конна з маёнтка.

Пан загадаў сагнаць на баль усіх прыгожых дзяўчат з сваіх вёсак…


Снег пачаў раптам таяць, рыхлеў, як кісель. Блішчэла сонца. Ад палазоў, ад конскіх капытоў заставалася на дарозе брудная вада. Вераб'і кружыліся ў вёсцы Вашаміршчыне цэлымі стаямі, шчабяталі, падымалі садом, падалі ўніз з вышыні, нібы клёцкі, на талы снег; пачыналі бітвы за зернетка, купалі скрыдлачкі ў лужынах, як бы выконваючы нейкі птушыны абрад купання-амавення; зноў узляталі ўверх, як падстрэленыя, рассыпанай жменяй гароху. Шум насіўся ад сотняў крылляў. Вераб'іны крык глушыў сонечнае зімовае паветра.

Вераб'ёў палохалі малыя дзеці, якія з рогатам і гікам імчаліся па вясковай вуліцы ўперагонку. Некаторыя з хлопчыкаў былі босыя, і іхнія ногі малінавага колеру мільгалі па снезе.

У блізкім лесе агаліліся дрэвы, вызначаліся на белым фоне снягоў вільготнай чарнатою. З шэра-брудных саламяных стрэх вясковых хатак таксама сышоў снег. Хаткі выглядалі вялізнымі кучамі заскарузлага смецця; ад іх аддавала пахам прэласці і конскага гною.

Нейкая радасць панавала ўсюды, радасць, вырваная з вільготных усмешак зімовага сонца. Было фальшывае адчуванне набліжэння вясны, вясны ў часы Каляд. Абманваў вока па-вясноваму пачарнеўшы лес. Ад яго нясло свежасцю, і здавалася — во-во пачнуць зелянець лісцяныя дрэвы, загамоняць-зашушукаюцца лагоднымі мяккімі вясновымі галасамі.

Толькі ў Зоські быў цяжкі настрой.

Яна часта выходзіла на сонца, якое асляпляла яе, казытала шчокі. Гоман вораб'ёў і дзяцеі не мог выбіць з яе галавы прыкрасці нападу на Сымона ў яе хаце.

Вялікая роспач душыла яе.

Разам з гэтым у сэрцы дзяўчыны расла злосць, якая сашчаміла ёй зубы, сцяла губы да таго, што толькі вузкі чырвоны разрэз відаць быў — разрэз вострага нажа. Ва ўсім целе адчувалася новая напружанасць, створаная пачуццём крыўды і злосці.

Кроў у жылах пачынала гарэць, пералівацца з бурным імпэтам. Гарачыя вугольчыкі ўсё цела пранікаюць, косці хрусцяць ад спрунжыновага напору, нібы нацягнутыя моцныя галіны дуба. У сваіх кроках, у рухах усяго цела яна адчувала імпэт новых сіл. Во-во яны выпіраюць наверх. Яна не можа ўстрымаць іх, уладаць імі. Яны здаюцца дзяўчыне нейкімі незнаёмымі, чужымі ад навізны, ад неспадзяванасці. Вочы выбіваюць іскры.

Да гэтага часу яна адносілася да волі пана, як усе прыгонныя: са скаргай, з пакорлівасцю жывёлы. Супроць волі папа ніякая сіла Бога або чорта ўстаяць не магла. Прыгонніцкае жыццё нельга было ад сябо адкідаць, як нельга было вызваліцца ад сляпых сіл прыроды, што панавалі над чалавекам.

Прыгонніцтва — гэта лёс-доля чалавека, гэта немінуча, няўхільна, як радзіны, як смерць. Гэта ідзе ад самога Бога.

Так гавораць у цэрквах і касцёлах.

Пайсці супроць волі пана — нават грэх. Так яно спакон вякоў.

Але Зоська пайшла на гэты раз супроць Бога і нават грэху баяцца перастала.

Разам з такім пераломам у думках, у агні бязмернай злосці ўсё перад Зоськай навокал прыняло інакшы выгляд, больш прыязны.

Хоць злосць расла, але адпала роспач і схавалася далёка ў глыбіні істоты. Нешта яе хмяліла, трывожыла: яна знайшла для сябе новае ў злосці — гэта дало ёй апору і сілу.

Зоська з імпэтам гаспадарыла ў хаце, працавала з такім спрытам, ажно старая маці дзівілася. Ніколі з дачкою гэтага не было.

Пад вечар з вёскі пачуўся гуд, суматоха.

Зоська выбегла на двор.

Па вёсцы раз'язджалі конныя панскія ганцы, ляскалі бізунамі і лаяліся брыдкімі словамі.

Мітусіліся каля хат спалоханыя, устрывожаныя сяляне. Кабеты лямантавалі-галасілі, аб нечым упрашвалі ганцоў.

Здалёку выглядала, нібы войска варожае напала на вёску. Коннікі насіліся туды і сюды, як бы збіраліся разбурыць усю ваколіцу.

— Што гэта? Што гэта? — запыталася ў суседкі здзіўленая Зоська.

— Уцякай хутчэй, дзеўка, а то забяруць на панскі баль! — шапнула ёй кабета.

Зоська не думала ўцякаць, ды і не паспела б, бо да яе падскочыў на кані Макар, той самы, што ўлетку быў выгнаны з яе хаткі, калі да яе сватаўся; той самы, што тады Сымона забраў на кару ў панскі маёнтак.

— А, зноў панскі сабака з'явіўся! — прашыпела пабляднеўшая Зоська.

— Ты не лайся так. Будзь трохі далікатнейшай! — прагаварыў робленым смехам Макар. — Цябе пан па баль запрашае! Го-го-го!

Макар голасна смяяўся, расчырванеўся, тросся на кані, прыпадаў грудзьмі да сядла і не ведаў, што з сабою рабіць ад вялікага напору смеху, які корчыў яго і душыў.

— Го-го-го, паненка! Прыбірайся! На папскі баль ідзі! Там шмат гожых панічоў наехала. Ой весела будзе! Го-го-го!

Зоська спачатку акамянела на месцы, потым схапілася за галаву і пусцілася наўцёкі да хаты, пакідаючы за сабою людскі гоман, крык і плач. Усё нутро яе пахаладзела, і сэрца біцца перастала. Перад яе вачыма кружылася зямля, хаткі перасоўваліся з месца на месца.

— Нікуды не дзенешся! — крычаў ёй удагонку Макар.

Зоська ўскочыла ў хату, як бы хаваючыся ад лютага звера, аглядалася па баках, нечага шукаючы, знайшла сякеру і стала чакаць.

— Дачушка, дачушка, што з табою? — енчыла маці.

Вочы ў Зоські гарэлі непрытомна. У моцных руках дзяўчына трымала нагатове сякеру, каб секануць, хто б ні паказаўся ў дзверы…

Павольна злез Макар з каня і скрыпнуў дзвярмі ў сенцы, адчыніў дзверы ў хатку, ледзь сагнуўшыся, каб не ўдарыцца галавой аб нізкі касяк.

— Зоська! — крыкнула маці не сваім голасам і падскочыла да яе, каб стрымаць за руку.

Але было ўжо позна. З страшным стогнам Макар паваліўся праз парог.


Сонца ўжо стаяла нізка над лесам. Па дарозе ішоў гурт дзяўчат, каля пятнаццаці. За імі конна ехалі ганцы.

Дзяўчаты былі ўбраны па-святочнаму — ішлі на панскі баль…

Ганцы жартавалі, падбадрываючы часам каго-колечы з дзяўчат бізуном.

Здалёк чуваць былі ляманты вясковых кабет… Галошанне перайшло ў выццё.

Ганцы не зварочвалі на гэта ніякай увагі. Яны гутарылі між сабою аб тым, што яшчэ Макара няма.

— Мабыць, з Зоськай там загуляўся. Яшчэ да панскага балю набалюецца!

Войканне з кожым разам цішэла. Здавалася, што гэта енчыць і стогне зямля ад невядомага вялікага болю…

З заходам сонца паціснуў мароз. Пачаў падаць снег.

9. Фантастычная ноч

Над маёнткам пана Вашамірскага ўваскрослі змрокі. Яны вандравалі з кута ў кут каля сцен муроў, гойдаліся, нібы чорны туман, напалоханыя рознакаляровымі агнямі з вокнаў панскіх палацаў. Цёмна-сінімі зданямі змрокі плылі з далёкіх палёў, з дрымотнага лесу. Пух лёгкіх сняжынак абсыпаў зімовы вечар сівымі кроплямі. Снежныя камары падалі ўніз крыху наўскось заільдзянелымі хвілінамі вячэрняга часу. У светла-яркіх прарэзах, што свяціліся з акон панскіх палацаў, сняжынкі мільгалі асляпляючым блескам. Іхні казачны вэлюм цягнуўся аднамерна зверху і сцяліўся па зямлі без канца, нібы разгортваючыся недзе высока-высока з воблачных кроснаў.

Урачыстасць адчувалася ў паветры, у снежнай цішы, атуленай каляднаю ноччу.

Шум людзей льецца разам з хвалямі святла праз вокны. Няма дзе дзецца, цесна галасам унутры, у пакоях — і яны гвалтам ірвуцца на прастор, на волю. А муры, строгія і грозныя, вызначаюцца грамадзінамі высокіх сцен, хрыбтамі дахаў, выкрутасамі вежаў, скручаным стадам дагістарычных звяроў.

Муры ўрэзаліся буйнымі грудзьмі ў абшар, бязлітасна, гвалтоўна душаць прастор поля. Яны ўсмоктваюць у сябе вякі, нібы п'яўкі кроў, спыняюць ход часу і твораць навокал урачыстасць нейкай сляпой сілы і пакорлівасць да сябе ўсяго вакольнага.

На дзядзінцы раптам замітусіліся людзі. Ставілі гарматы каля шырокага ганка палацаў; збіралася ўся чэлядзь, выйшлі вялікай грамадой панскія госці; галдзелі, шумелі.

Дзядзінец ажыў як ніколі.

Стралялі з гарматаў.

У цёмнае неба імчаліся з грукатам, з шыпеннем, з парахавым смуродам агнёвыя змеі ракет, ляцелі высока-высока і рассыпаліся ва ўсе бакі снапамі рознакаляровых іскраў-зорак. Часам паказваліся замыславатыя агнёвыя ўзоры ў паветры, раскідваліся ва ўсе бакі агнёвыя крыжы, замкі.

Крыкі «віват» гучэлі водгаласкамі з усіх бакоў. Гэта крычалі панскія госці ў вялікім захапленні.

Ноч была ператворана ў казку.

Кожны раз, як пускалася ракета, як бухаў у шыпучым грукатанні феерверк, азараліся твары людскія, нібы пры асвятленні маланкі. Радасць ззяла ў вачах паноў.

Прыгонныя, якія былі «запрошаны» на панскі баль, былі страшна напалоханыя, збянтэжаныя і не ведалі, што з сабой рабіць.

Тое, што ўвесь час гаварылася аб генеральнай рэпетыцыі, аб страхоццях панскіх чарнакніжнікаў, яны бачылі цяпер відавочна…

Некаторыя хрысціліся, некаторыя пускаліся наўцёкі, а некаторыя камянелі на месцы з выпучанымі ад вялікага дзіва і страху вачыма. Хто хапаўся рукамі за валасы, хто мармытаў нязвязныя словы, а хто шаптаў малітвы.

У разнастайныя позы страху, нібы бронзавыя ці мармуровыя фігуры, застывалі панскія падданыя з тых, што прыйшлі на гэты баль па загаду пана.

Госці рагаталі, смяяліся, жартавалі. Тоўстыя, у багатых футрах, яны выглядалі людзьмі іншай пароды.

Ноч была, нібы казка.

А сабакі паднялі працяглае выццё. Яны па-свойму выказвалі і страх, і здзіўленне.

Дождж іскраў сыпаў і пыліў ва ўсе бакі. Маланкі і бліскавіцы, наладжаныя людзьмі на забаўку, перарабілі Каляды ў Купалле, зіму ў лета.

Фантастычнай і дзівоснай здавалася ноч у вачах простых сялян.

Між іншымі стаялі тут Язэп і Пятрусь, якія рыхтаваліся ісці вясною ў цімакі.

— Гэта на нашай крыві паны гуляюць, — шапнуў Язэп.

— На нашых слёзах і поце, — дадаў Пятрусь.

Каменныя львы па вялізным ганку здаваліся жывымі.


Пасярэдзіне вялікай залі было пастаўлена разам некалькі сталоў. Яны займалі аграмадную плошчу, бокам супроць сцэны. Сталы былі пакрыты белымі абрусамі. Пасярэдзіне сталоў на срэбных падстаўках — гербах пана Вашамірскага — на ўсю даўжыню былі разложаны шырокія тафлі з тоўстага шкла. На тафлях красаваўся сімвал новага года, месяцаў, тыдняў і дзён. У цэнтры знаходзіўся паляўнічы. Па баках стаялі дванаццаць зуброў, пяцьдзесят два ваўкі і трыста шэсцьдзесят пяць лебедзяў. Усё гэта было зроблена з разнастайных тортаў і аздоблена цукеркамі і фруктамі.

Вакол пераліваліся ў розныя калюры крыштальныя карафіны з рознымі вінамі — французскімі і венгерскімі. Радамі стаялі кілішкі. У вялікіх срэбных і парцаляных паўмісках і місках дыміліся мясныя і рыбныя патравы, рознакаляровыя баршчы, расолы.

Панскія лёкаі і гайдукі ў ліўрэях з вышыванымі гербамі пана Вашамірскага, пад камандаю бравага стольніка, усё насілі на стол, насілі з такой заклапочанасцю, нібы ўвесь маёнтак павінны сюды перанесці: насілі асцярожна, трымаючы пасудзіны ў белых сарветках, каб «хлопскія» рукі не пашкодзілі панскаму апетыту.

Даўжэзнае поле стала ламалася, здаецца, пад вялізнымі сервізамі срэбра, шкла, парцаляны, фруктаў, пітваў і патраў.

Кожны крок, кожны рух лёкаяў быў адшліфаваны, нібы панскія слугі выконвалі патаемны рытуал.

Закон зграбнасці быў і тут вельмі строгі.

Пад мяснымі і расольнымі патравамі стаялі срэбныя фаеркі, у якіх сіняватымі агнямі гарэў спірытус, каб яда не астыгла.

Срэбныя і бронзавыя кандэлябры вышэй чалавечага росту стаялі на паркеце. Іх трымалі на пакрытых плюшам і аксамітам сценах амуры і німфы. Пад размаляванымі суфітамі яны віселі фантастычнымі ўзорамі з бронзы і крышталю.

З правага боку сцэны была галёрка для музыкаў, з левага — галёрка для чэлядзі і прыгонных дзяўчат, якіх пан «запрасіў» на баль.

Дзяўчаты-прыгонныя звесілі галовы ўніз і, як зачараваныя, глядзелі на ўсё, што робіцца вакол; шушукаліся між сабою, паказваючы на тыя дзівы, якіх яны ніколі ў жыцці не бачылі.

Ранейшы страх перамагла зацікаўленасць.

Паны ў рознакаляровых кунтушах пры зброях, некаторыя ў напудраных парыках рассаджваліся паводле годнасці, рангу і чына побач з панямі і паненкамі. Пры канцах стала сядзела шляхта з багацейшай, якая была таксама запрошана.

Пан Вашамірскі быў у французскай вопратцы. Яго шыю аздабляла жабо з замыславатых гафтаў. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх каменняў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак і некалькі сот сялян.

Слуцкія паясы блішчэлі ўрачыста і пышна, абхопліваючы, нібы ў цесных шоўкава-залатых абоймах, таліі паноў. Падобныя ўсходнія ўзоры на залатым і срэбным фоне шырокіх паясоў акаймлялі вузенькай сцежкай васількі ды іншыя травы лугоў і палёў тутэйшай зямлі.

10. «Муй жыдэк»

Містэрыя ксяндза Марцэвіча «Прыход волхваў у святую пячэру» прайшла першым нумарам балю. Гэта была самая нудная і абавязковая частка вялікай урачыстасці.

Пан Вашамірскі моршчыўся ад самага пачатку прадстаўлення. Ён толькі дзеля набожнай маткі сваёй згадзіўся прыняць гэта да пастаноўкі; яшчэ перад тым, як загасілі свечкі ва ўсіх кандэлябрах у залі, пан скрытыкаваў містэрыю:

— Не пасуе да настрояў сягонешняга балю, таксама непраўдзіва з боку евангелічных паданняў. Трэба ведаць, што ў наш век рэлігія сярод адукаваных людзей…

Але тут пан Вашамірскі спыніўся, бо ўспомніў, што недалёка ад яго сядзіць яго маці, вельмі набожная і строгая.

Пані Вашамірская, праўда, нічога не сказала на такую заўвагу сына, але так набожна зірнула ў бок ксяндзоў, якія сядзелі недалёка ад яе, што нават не гарманавала з выгарсаванай пышнай вопраткай, у якую яна была ўбрана. Яна зварухнулася. Каты на яе каленях устрывожана няўкнулі.

Ксёндз Марцэвіч быў за кулісамі. Ён не давяраў рэжысёру-французу. Сам кіраваў акторамі і наглядаў за імі ў часе ігры.

Ксяндзы апусцілі галовы. Усе іншыя госці падхапілі тон гаспадара і ўжо былі падрыхтаваны адмоўна да «містэрыі» ксяндза Марцэвіча.

Містэрыя цягнулася хвілін дваццаць.

Ксяндзы, калегі Марцэвіча, скрытыкавалі містэрыю.

Галоўнай прычынай тут была зайздрасць да аўтара, які «выбіваецца ў людзі».

Адзін з ксяндзоў непакоіўся больш за ўсіх.

Гэта быў «айцец» невысокага росту, тоўсценькі і кругленькі, з лысінкай. Каб выглядаць вышэйшым, яго абуццё было на высокіх абцасах. Круглы, чырвоны твар ззяў, нібы поўны мосяц. Нягледзячы на малы рост гэтага ксяндза, здавалася, што ён хоча запоўніць сваёй асобай усю залу ўверх і ўшыр. Пыжыўся, як певень. Гаварыў павольна, з паўзамі, з чужаземным акцэнтам. Незвычайнаю вымоваю хацеў паказаць сваю вялікую навуковасць. Недарма ж ён быў доктарам багасловіі і філасофіі. Прозвішча яго — Курачковіч. Але, каб не быць падобным да слова «курачка», называў сябе «Кірычковіч» і вельмі крыўдзіўся, калі яго называлі «Курачковіч».

У часе ігры ксёндз Курачковіч рабіў свае заўвагі, якія буйным шэптам рассыпаліся па стале і даходзілі да слуху гасцей:

— Клядзітце, клядзітце, які младзенец! Трохгадовы хлопчык. А матка боска як апранута! Яна хутчэй падтобна да гхрэцкай гхэтэры, чымся да святой Марыі!

Волхвы сівабародыя пачалі на сцэне спяваць лацінскія вершы пад ціхі акампанемент аркестра.

— О, Матка Біоска! О, Езсу! — абураўся доктар багасловіі і філасофіі. — Гэта ж немакчыма! Бадгай у кожным радку памылка. Ксёндз Марцэвіч с-слабп у лаціне, с-лабп! — пры гэтым ён страляў і пырскаў тлустымі губамі, кажучы слова «с-лабп». — Абпавяскофа павфучыцца яму трэба! А м-мусыка нашто к-хадзітца, м-мусыка!

Доўгі час ксёндз Курачковіч з тупавумнай салодкай усмешкай на вуснах прыводзіў параўнанні паміж французскімі і нямецкімі рэлігійнымі містэрыямі і містэрыяй ксяндза Марцэвіча. З вялікай паважнасцю прыводзіў тэксты грэцкіх філосафаў, старадаўніх рымскіх пісьменнікаў і даводзіў, што ў гэтай містэрыі няма гістарычнага каларыта, но хапае «couleur historique».

— А дтрыўляны асёл? Дтрыўляны асёл? — звяртаўся ксёндз Курачковіч да суседзяў. — Гэта аўтар некага з нас мае на ўвасе; як Бпога кохам, праўдта! Ён на кагосьці намёк робіць!

Пры гэтых словах ён сапраўды меў выгляд збянтэжанага асла.

Пан Вашамірскі хаця сам скрытыкаваў містэрыю, але ганіў толькі змест аўтара, а не выкананне актораў.

— Але пры чым тут акторы, ойча вялебны? — звярнуўся пан Вашамірскі да ксяндза Курачковіча з крыўдай і пагрозай у голасе. — Пры чым тут акторы?

Ксёндз Курачковіч, пачуўшы небяспеку для сябе ў панскім голасе, спалохаўся, смешна згорбіўся, нібы галаву ў сутану хацеў схаваць, і пачаў з ранейшай пераконанасцю ў голасе гаварыць супроць таго, што гаварыў да гэтага; зноў тэкстамі з сусветных філосафаў і пісьменнікаў ён даводзіў, што пан Вашамірскі мае рацыю.

Тут ён зрабіў параўнанне з тэатрам Шэкспіра і з гішпанскай драматургіяй:

— Ігра дасканалая, яснавяльможны пане! дасканалая! — прыцмокваў ён тлустымі губамі.

У гэтую самую хвіліну «младзенец Езус», трохгадовы хлопчык аканома, заплакаў.

Ён забыўся завучаныя некалькі слоў, што яму трэба было казаць.

Пан Вашамірскі заскрыгатаў зубамі, ледзь стрымаўся, каб не крыкнуць ад злосці.

Зайграла бравурная музыка.

Апусцілася заслона, і лёкаі пачалі запальваць свечкі ў кандэлябрах.


Госці ў часе антракту, пакуль рэжысёр рыхтаваў «камедыю», пакуль расстаўлялася новая дэкарацыя на сцэне, пачалі падмацоўвацца.

Лёкаі спрытна налівалі ў келішкі, падавалі закускі. Пачаліся тосты ў чэсць гаспадара і самых ганаровых гасцей. У залі раздаваўся вясёлы гук і звон пасуды.

Госці былі вельмі зацікаўлены панскім Салаўём.

Тое, што чалавек вырабляецца на сцэне па-чалавечаму, іх не дзівіла, але калі чалавек спявае, як птушка, брэша, як сабака, вые, як воўк, няўкае, як кот — вось гэта дзіва. Гэта варта паглядзець і паслухаць.

За апошнія некалькі месяцаў госці наслухаліся пра Салаўя шмат цікавых баек.

— Салаўя! Хочам паслухаць спевы салаўя!.. — крыкнуў нехта.

— Салаўя! Салаўя! — раздалося з усіх бакоў.

Пан Вашамірскі ўсміхнуўся:

— Будзе і салавей. Да месяца мая яшчэ далёка.

— Калі яснавяльможны пан захоча, дык май месяц будзем адчуваць і ў Каляды! — сыпнуў пану Вашамірскаму камплімент ксёндз Курачковіч.

Пры гэтым ён пачаў новую філасофію:

— Старасвецкія алхімікі даставалі золата з жалеза, а пан Вашамірскі Каляды на май пераробіць, бо ў калядную ноч у яго палацах салавей заспявае.

— Салаўя! Салаўя! — крычалі нецярплівыя госці.

Пан Вашамірскі міргнуў аднаму з гайдукоў. У пана было раней задумана на гэты час інтэрмедыя пад назваю «Муй жыдэк».

Салаўя пакінулі на апошні нумар вечара.

Гайдук выскачыў у бакавы пакой.

Праз хвіліну пачулася адтуль суматоха. Рыбак Меер трымаўся абодвума рукамі за дзверы, упіраўся нагамі і не хацеў ісці ў залю.

— Паночкі… паночкі… — прасіў ён літасці, — баюся… палохаюся…

Ён быў у чорнай аксамітнай ярмолцы, у шабасовай халадайцы, з шапкай у руцэ. Яго цёмная густая барада распусцілася, як веер: твар быў бледны, з кроплямі поту, а ў цыганскіх бліскучых вачах дрыжэў страх. Меер кідаў позіркі ва ўсе бакі і мармытаў:

— Баюся, паночкі, палохаюся!..

Меера паставілі ў сярэдзіне залі супроць гасцей. Ён смешна кланяўся ва ўсе бакі, махаў шапкай перад сабою, як шчытам.

Пан Вашамірскі загадаў яму спяваць «Маёфіс».

Госці смяяліся, перашэптваліся між сабою, забыліся ў гэтую хвіліну пра Салаўя.

— Гэта чыстакроўны семіт! Муй жыдэк! — хваліўся пан Вашамірскі перад гасцьмі. — Тут, шаноўныя панове, ён нам «Маёфіс» заспявае, а там, у Варшаве, нашы магнаты жыдам «Маёфіс» пяюць. Там жыдоўскія банкіры забіраюць у свае лапы нашага брата, і тыя жэняцца на банкірскіх дочках, каб такім чынам выратавацца ад вялікіх даўгоў.

Пан Вашамірскі пры гэтых словах падняўся, зрабіў шырокі гэст правай рукою, пачціва пакланіўся і з іроніяй у голасе сказаў:

— Рэкамендую, панове вяльможныя, майго жыдка, як вашага крэўнага!

Госці кісла ўсміхнуліся і паморшчыліся.

За гэткі няўдалы жарт некаторыя з ганаровых гасцей пакрыўдзіліся на гаспадара; аднак стрымаліся, бо ведалі добра куслівы язык пана Вашамірскага; апрача таго, ён быў самым багатым панам у ваколіцы, і тое, што не выпадала іншым, дазвалялася яму.

Галоўным чынам чырванеў ад злосці адзін шляхціц, чарнявы, з доўгім носам. Але на яго ніхто ўвагі не зварочваў.

Меер як бы не чуў гэтай гутаркі. Бляск багатых пакояў і гасцей яго не здзівіў і не збіў з панталыку. Калі ён спачатку баяўся, дык гэта быў толькі «страх божы». Меер не баяўся нават найвялікшага пана, а баяўся «грэху».

Меер быў чалавек просты, ведаў толькі штодзённыя малітвы, ведаў, што над яго дзядамі і прадзедамі заўсёды здзекаваліся і здзекуюцца іншыя народы — «гоі», апрача Міхалкі і блізкіх яго суседзяў.

— На гэта ёсць «вышэйшая воля», — думаў ён. Меер спакарыўся «гэтай вышэйшай волі», і калі пан крыкнуў да яго строга «ну» і злосна тупнуў нагой, ён заспяваў «Маёфіс»…

Вочы «панскага жыдка» ў час спявання запалалі двума чорнымі агнямі. Ён утаропіў іх у гасцей. Хоць у гэты час нікога з іх не бачыў, але кожнаму здавалася, што «панскі жыдэк» пранікае яго наскрозь вачыма.

Прыкра было гасцям.

Голас у Меера быў надломаны, ад грубаватага на нізкіх тонах пераходзіў у дрыжачы піск на высокіх. Словы пераліваліся ў горле і часам булькалі, нібы ён захлёбваўся, душыўся…

«Панскі жыдэк» спяваў нейкую песню на мове Бібліі. У цішыні вялізнай залі словы песні здаваліся незразумелым праклёнам, які рваўся не то з-пад зямлі, не то з акон палацаў. У час спявання Меер рабіў шпаркія рухі рукамі, нібы пісаў у паветры таемныя знакі. Часам шчоўкаў пальцамі, круціў галавой, падымаў вочы ўгору, застываў на месцы.

Спачатку некаторыя пані ціха хіхікалі, паны ўсміхаліся; але з кожным разам яны спакайнелі і як бы падпалі пад уладу «панскага жыдка».

Яго песня была нібыта вясёлая, нейкая гопка з жыдоўскага вяселля. Толькі ў гэтай вясёласці адчувалася няшчырасць, гукавы грым вясёласці. У глыбіні ж мелодыі панаваў тысячалетні сум вандроўца-бяздомніка.

У маліцвенна-спакорлівым тоне чулася вялікая ўпартасць і пагроза.

Госці апусцілі галовы.

Пан Вашамірскі не гэтага эфекту чакаў ад інтэрмедыі-экспромта пад назваю «Муй жыдэк». Гэткі настрой гасцей не пасаваў да балю.

— Годзе! — крыкнуў пан Вашамірскі Мееру.

Меер ў экстазе малітвы-песні не чуў панскага крыку.

— Годзе!!! — крыкнуў пан яшчэ мацней.

Меер спыніўся. Ён азіраўся па баках, нібы прачнуўся толькі што з глыбокага сна.

— Га?! — здзівіўся Меер.

— Вон! — крыкнуў пан Вашамірскі.

Да Меера падбеглі лёкаі.

Меер з горда паднятай галавой сунуўся да дзвярэй.

Панскія госці маўчалі, саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, не разумеючы прычыны; ільдзяное паветра пранеслася ў пышнай панскай залі.

За заслонай стукалі малаткамі. Рабілася новая дэкарацыя. Гэта прыкра разіла вушы гасцей. Было такое ўражанне, нібы робіцца новая будыніна, а панскія палацы зараз будуць знішчаны.

Пан Вашамірскі больш за іншых страціў гумар. Ён адразу пачаў на ўсё вакольнае глядзець іншымі вачыма. Усё бачыў цяпер у новым асвятленні. Святло ад белых і жоўтых васковых свечак у кандэлябрах было дрыжучае і ажыўляла малюнкі і барэльефы на сценах. Пану здавалася, што сатыры са сцен смяюцца з яго, паглядаюць яму ў вочы; німфы на сцэнічнай заслоне ўцякаюць не ад фаўна, а ад яго ж; аркадскія пастушкі на яго са страхам пазіраюць.

Ён углядаўся ў твары гасцей. Апрача нявольнай угодлівасці да сябе, ён у іх нічога не заўважыў.

11. Дантаўскія матывы

На сцэне ішла «камедыя», у якой апавядаецца, як мужык дзеля п'янства душу сваю чорту аддаў, пана абкрадваў і Бога не баяўся.

Зноў шэпты доктара багасловіі і філасофіі пачуліся пры стале.

Ён хваліў гэту п'есу:

— «Камедтыя» Марцэвіча багатая па зместу, вфельмі багатая. Хаця мастацкі бок яе дтрохі кульгае, кульгае дтрохі.

На гэта адзін малады клерык заўважыў:

— Гэта, ойча вялебны, тое самае, што хваліць балерыну за вочкі, а ганіць за ножкі.

— Я не гханю твфор ксяндза Марцэвіча, не гханю! — апраўдваўся ксёндз Курачковіч.

— А ксяндза Марашэўскага ойча ведае? — запытаўся ў доктара багасловіі і філасофіі той самы клерык.

— Не, не вфедтаю! У чым справфа?

— А справа ў тым, — адказаў клерык, — што ксёндз Марцэвіч запазычыў сюжэт камедыі ў ксяндза Марашэўскага. Я сам быў на гэтым прадстаўленні ў Забельскай гімназіі.

— О Езсу! — спалохаўся ксёндз Курачковіч. — Ці ж праўда?!

— Праўда, праўда! — супакойлівым тонам адказаў клерык.

— Дык гхэта ж плягіядт, зсадцейства! — абурыўся ксёндз Курачковіч і выставіў здзіўленыя круглыя, як у шчупака, вочы.

— Не зладзейства, а запазычанасць, ойча вялебны, — лагодна гаварыў клерык. — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адзін акт. Апрача таго, гэта агульны сюжэт. Кожпы выкарыстоўвае яго на свой лад.

Ксёндз Курачковіч пачаў супакойвацца, увайшоў у раўнавагу і давай паказваць з сусветных літаратурных твораў такія самыя факты. Даводзіўшы шмат падобных прыкладаў, пачынаючы з Грэцыі, ён спыніўся на Шэкспіру, які для сваіх драматычных твораў браў гістарычныя аповесці ранейшых аўтараў.

Заўважыўшы, што пан Вашамірскі таксама прыслухоўваецца да гутаркі, доктар багасловіі і філасофіі перагнуў кій у другі бок і, каб угадзіць пану, пачаў даводзіць, што ксёндз Марцэвіч геній:

— Ён уносіць у нашу літаратуру дтантаўскія матывы. У Марцэвіча таксама ёсць пекла! Гэта наш Дтантэ! — кончыў ён горача, расчырванеўся, выцер хустачкай пот з лысіны і зірнуў у бок пана Вашамірскага «шчырымі» вачыма.

Клерык усміхаўся хітра і длубаў зубы спецыяльнай зубадлубкай, якіх ляжала купкамі пры кожным гасцю.

Супярэчыць доктару багасловіі і філасофіі ён баяўся, але паводле яго «х-х-м-м» пры калупанні зубоў відаць было, што ён не зусім згодзен з развагамі ксяндза-крытыка аб пекле Дантэ і пекле ксяндза Марцэвіча.

Доктар багасловіі і філасофіі перайшоў на тэму аб мастацтве і філасофіі наогул і даводзіў, што мастацтва — наймітка касцёла, а філасофія — прыслужніца багасловіі. Мастацтва і філасофія самі па сабе існаваць не могуць.

Галоўны герой п'есы ў гэты час канчаў адзін з сваіх доўгіх маналогаў такога зместу: «селянін шкадаваў, што слухаўся тых, якія яго вучылі розным кепскім справам».

— Кепскія людзі казалі, каб я быў няверным пану, абкрасці пана за грэх не мелі, — гаварыў актор. — Гэтыя людзі навучылі мяне красці ў пана пры малацьбе збожжа і несці ў карчму на гарэлку. Яны вучылі, як панам адказаць, каб з віны выкруціцца. Праклятае гэтае таварыства! З д'яблам я звязаўся!

— Гэта ж грэх перад Богам! — гаварыў далей актор у роспачы і трос прыклеенай барадой.

Ён разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы:

— А мы дзень на дзень грашым і пакутаваць не хочам! Гэта-то прычына нашае згубы, гэта ў пекла нас вядзець.

Актор стагнаў пры апошніх словах і набожна лупіў вочы ва ўсе бакі.

— Вось гэта правітдлова з хрысціянскага поглядту! — смактаў свае ўласныя словы, нібы цукеркі, доктар багасловіі і філасофіі. — Вось на што мастацтва: вучыць людт ідтэям Пана Езуса!


У адным з куткоў стала, дзе сядзела дробная шляхта, таксама вялася размова. На гэтых гасцей мала зварочвалася ўвагі. Яны былі ніжэйшага рангу, мала адукаваны і не ведалі добра панскіх этыкетаў і цырымоній. Яны, не чакаўшы тостаў, самі частаваліся.

З іх вызначыўся адзін шляхціц Завішша. Гонарам сваім ён лічыў адтапыраныя, як у таракана, доўгія чорныя вусы. З вялікім форсам ён іх круціў, выцягваў, як спружыны, і вечна імі харахоліўся. Гэта не перашкаджала яму частаваць самаго сябе выпіўкай. Ён не чакаў, каб лёкай яму наліваў у келіх. З гэтым спраўляўся сам.

Кожны раз, як яму трэба было выпіць, ён спачатку гладзіў паважна вусы, выцягваў іх направа і налева, потым стукаў сабе пальцам у лоб і гаварыў адно чароўнае слова «вудка!»

Келіх ён сабе наліваў пяць разоў адзін за адным, і кожны раз адбывалася такая цырымонія са словам «вудка».

З усёй камедыі яму спадабалася толькі адна маленькая сцэнка:

На сцэне стаіць хлоп. Пры ім ляжыць на падлозе дуда. З'яўляецца каеннік — «покутуёнцы». Каеннік са страхам зірнуў на дуду і крыкнуў:

— Ой, гадзіна!

Хлоп засмяяўся і кажа:

— Чаго, ваша, баіцца, ці не знаеш, што гэта ёсць?

— Не вем! — адказвае каеннік.

— Гэта не гадзіна, гэта дуда руская, — кажа хлоп. Бярэ дуду ды грае.

Шляхціц Завішша вельмі захапіўся дудою. Сам заспяваў:


Гэх ты, дудка мая, ух — я!

Весялушка мая, ух — я!


Госці паднялі пры гэтым шчыры рогат. Толькі некаторыя пані крывіліся. Маляванымі губкамі яны пачалі фэкаць у бок Завішшы:

— Які невыкшталцаваны.

Пачуўшы гэта, шляхціц Завішша пакруціў вусамі, пагрозна зірнуў ва ўсе бакі і пачаў дэкламаваць аб польках доўгі верш-сатыру, што пачынаецца такімі словамі:


Żadnej Polki tu nie baczę

O, ta, ta, siedzi, widze, z weneckiej dziedziny.

A ta zaś w tej szacie z hiszpanskiej krainy,

To podobno Francuska, ta zaś niderlandzki

Ubiór na sobie nosi, czyli to florencki.*

* Ніводнай полькі тут не бачу:

Вось гэта, мабыць, з Венецыі,

А тая, у вопратцы, з Гішпанскай краіны,

А вунь, напэўна, францужанка,

А вось адна нідэрландскі ўбор

Або фларэнтыйскі апранула.


Шляхціц Завішша доўга шаптаў гэты верш, у якім высмейваюцца чужаземныя ўбранні полек. Ён гаварыў, як замовы, і воўкам паглядаў ва ўсе бакі.

— Загубяць яны Рэч Паспалітую, загубяць, — буркнуў Завішша свайму суседу, — паны — дурным гонарам і распустай, а ксяндзы — фальшам і хцівасцю. Дальбог, загубяць!

Злосна тапоршчыліся вусы шляхціца Завішшы. Ён шаптаў на вуха суседу:

— Чытаў я адну гісторыйку, як цэзар Нерон падпаліў Рым, сталіцу сваю, дзеля ўласнай забавы… Тое самае робяць цяпер магнаты ў нас! А хлоп — горш быдла ў іх, у магнатаў…

Сусед спалохаўся. Азірнуўся па баках, ці хто не чуў, і прашыпеў:

— Маўчы…

12. Пан Вольскі, купец польскі

Самы баль пачаўся пасля «камедыі».

Гаварыліся розныя тосты, у якіх хвалілі геній пана Вашамірскага, яго багацце і шчодрасць. Італьянская і французская музыка лілася хвалямі пад высокія суфіты.

Недалёка ад шляхціца Завішшы, у канцы стала, сядзеў малады шляхціц Вольскі. Яго называлі звычайна «пан Вольскі, купец польскі». Ён гандляваў коньмі і дробнымі фальваркамі. Апрача таго, быў пляткаром усёй ваколіцы. Меў вялікі спрыт пасварыць паноў між сабою, а сам заўсёды выходзіў сухім.

Выгляд у яго плюгавы: нізенькі, рыжыя валасы, чырвоныя вочкі. Вольскі часта божкаўся, моршчыў лоб, рабіў шчырыя і жаласлівыя вочы, біў сябе кулачкамі ў грудзі і ледзь не плакаў. Часам, калі яму трэба было разжалабіць якога-колечы пакупца, дык нават выціскаў слёзы з вачэй, сморкаўся і хныкаў. Ён падлізваўся да кожнага пана, ад якога спадзяваўся мець якую-колечу выгаду. Славіўся ён таксама па фальварках і маёнтках як вершаплёт.

Верш у гонар пана Вашамірскага Вольскі рыхтаваў ужо даўно, пацеў над рыфмамі некалькі начэй. Ён спадзяваўся гандляваць з панам Вашамірскім, прадаваць яму коней. Цяпер надышла яго пара прачытаць гэты верш. Ён падняўся, наморшчыў лоб і пачаў сваім рэзка-металёвым непрыемным голасам:


Ой, пан Вашамірскі, яснавяльможны пане!

Ой, хвала табе ад рання да рання!


Бадай кожны радок верша пачынаўся ў яго ад слова «Ой». Ён войкнуў разоў сорак, хваліў пана за вялікі розум, а ўсіх іншых абзываў дурнямі.

Доктар багасловіі і філасофіі пільна прыслухоўваўся да кожнага слова верша. «Ой» яму вельмі спадабалася. У гэтым слове чуецца моцны стогн душы шчырага каталіка, пакута сэрца, закаханага ў Пана Езуса.

— Радтасць — гэта распуста, упадак пачуцця! — тлумачыў далей доктар багасловіі і філасофіі, прыціскаючы кожнае слова, нібы абцугамі, гаворачы да ксяндза Марцэвіча, якога толькі што паспеў павіншаваць з поспехам яго п'есы.

Шляхціц Завішша меў свой погляд і на творчасць Вольскага, якога ён даўно ведаў, меў свой погляд і на развагі ксяндза. Ён казаў на вуха свайму суседу:

— Дзіўны багаслоў. Сам балюе, а радасць крытыкуе. Вось фальшывы сутаннік! А Вольскі ойкае, бо рыфмы ў дзесяты пот яго кідаюць. Яму нялёгка, вось і войкае, пане дабрадзеенку! Усіх дурнямі абзывае, гіцаль рыжы, бо сам дурань, сабачая душа яго!

Завішша круціў пры гэтым вусы і злаваўся.

Усе госці бісавалі Вольскаму.

Пан Вашамірскі, які ўжо быў падвыпіўшы, папрасіў прынесці ў чэсць паэта дзедаўскі келіх.

Госці зарагаталі. Яны добра ведалі гэты паўгарцовы срэбны коўш, на якім было выразана тры сэрцы з надпісам «corda fidelium» («сэрца прыяцеляў»). Мала хто здолеў выпіць яго да канца, каб не зваліцца з ног. А пан прымушаў яго выпіць адным духам. У каго хоць трохі на дне каўша заставалася, таму загадваў другі раз піць.

Спалохаўся пан Вольскі.

— Пане Вашамірскі… — гаварыў ён, — но здолею выпіць… Ой, не здолею… ой… злітуйся, пане!

Нічога не памагло.

Лёкай у хвіліну прынёс келіх, які налілі поўна старавенгерскім віном.

Пан Вольскі вытарашчыў вочы і ледзь не да дна выпіў, але раптам пачала кружыцца галава, і ён паваліўся.

Падскочылі лёкаі і пад агульны рогат вынеслі яго з залі.

— Гэта яму кара за верш, — казаў пан Вашамірскі. — Каб пахваліць гаспадара, дык яшчэ не значыць, што трэба зганьбіць іншых. Гэта адзнака людзей не ганаровых.

Госці былі вельмі здаволены ўчынкам пана і яго тлумачэннем.


Пан Вольскі аглянуўся.

Ён знаходзіцца на канапе ў гардэробным пакоі. У срэбным ліхтарыку мігацела толькі адна свечка. На сценах гойдаўся змрок. Насупроць яго блішчэла вялізнае люстэрка, у якім святло свечкі выглядала воўчым вокам. Пакой расшырыўся ў люстэрку і выглядаў бесканечным. Сцены расплываліся ў змроку. Рад вялізных шафаў стаяў каля сцен. Драўляныя фігуры і разнастайная разьба на шафах абрысоўваліся вельмі слаба; але бронзавыя амуры на некаторых ярка мігацелі, блішчэлі, як золата. Ва ўсіх кутках пан Вольскі налічыў восем шаф.

Гэтыя шафы зазвычай прывозілі з сабою маладыя жонкі паноў Вашамірскіх.

«Восем шаф, значыць, восем пакаленняў», — падумаў пан Вольскі, моршчачы п'яны лоб.

Ён пацягнуў носам. З пакоя нясло пустыром. Як пачаў думаць аб гэтых васьмёх пакаленнях, аб вечнасці, яму жудасна зрабілася. Думкі скакалі, зблытаныя, туманныя і жаласлівыя. Яны мігацелі, як вуголлі на патухаючым вогнішчы.

З залі чуваць быў гул галасоў, які зліваўся ў нейкі манатонны гуд.

Пакрыўджаны фальварковы пясняр пачаў дзеля ўцехі выабражаць у думках, што спявае. Яму нават забаўна зрабілася ад таго, што можна спяваць мелодыю не толькі ўголас, а нават у думках. І якую б мелодыю ён ні думаў, гул галасоў з вялікай залі паўтараў гэту мелодыю.

Раптам гул сціх. Да яго плыла кволая прыгожая музыка.

«Гэта балет „Усход сонца“ цяпер выконваецца на сцэне», — падумаў пан Вольскі.

Ён ледзь не завыў ад крыўды, што не знаходзіцца ў залі і не бачыць балерын.

Музыка драпала сэрца, нервавала, і ён не ведаў, што з сабою зрабіць. Каб заглушыць боль, ён паднёс палец да агню свечкі і сцяў зубы. Нястрыманага болю доўга не мог цярпець. Прылажыў палец да губ, хукаў на яго і смяяўся:

— Вось да якога вар'яцця дайшоў! Ой!

А музыка вабіла, чаравала, кідала яго думкі, нібы вецер пыл дарожны, у розныя бакі. Здавалася, што нічога харашэйшага за гэту музыку на свеце няма.

— Нічога на свеце! — сказаў ён уголас.

З далёкага змрочнага кутка вялізнага гардэробнага пакоя кінуўся да яго водгалас: «чога на свеце!»

Пан Вольскі спалохаўся, адчуў сябе адзінокім, як у глухім лесе. Ён ведаў, што «чога па свеце» — адбітак яго голасу, як бывае адбітак твару ў люстэрку ці ў вадзе. Аднак пачаў баяцца і аднаго, і другога. Каб адагнаць ад сябе адзіноту, ён пачаў думаць аб прыгожых панях, якія былі ў залі. Усе яны зліваліся ў яго думках у адзін абраз недасяжнай вабнай жанчыны. Твару яе не бачыць; не можа сабе ўявіць яе выгляд, але яна кіпяціць-гарачыць яго кроў.

«Трэба ёй напісаць верш! — падумаў пан Вольскі. — Я ж — рыцар яе! Я крыві сваёй шкадаваць не павінен!»

«Рыцар, кроў, верш» туманілі яго думкі, запаланілі яго новай ідэяй:

«Трэба напісаць верш сваёй уласнай крывёю».

Пан Вольскі падышоў бліжэй да свечкі, выняў з раменнага пояса нож, што вісеў у похве, і пачаў сабе калупаць нажом левую руку. Паказалася кроў. Ён дастаў з кішэні кавалак шэрай паперы, з другой кішэні — некалькі зубадлубак, якія ўзяў са стала на запас, і пачаў макаць кончыкам зубадлубкі ў сваю кроў і выводзіць літары на паперы. Ён напісаў пачатак верша:

«Ой…»

Далей у яго не ішло. Ён наморшчыў лоб і пачаў думаць.

Чырвонае крывавае слова дваілася, траілася ў вачах. Ён бачыў як бы цэлыя тузіны гэтага слова:

«Ой, ой, ой».

Яны мітусіліся перад ім, нібы «божыя кароўкі».

Вольскі плюнуў, вылаяў сам сябе за такое вар'яцце, абвязаў параненую руку хустачкай і прылёг на канапе.

«Ой, ой, ой, ой, ой» — звінела музыка ў яго вушах. Галава зрабілася цяжкаю, і ён хутка заснуў.

Праснуўся ад шэпту і ціхага плачу ў пакоі. Уздрыгануўся, прытаіўся і давай прыслухоўвацца.

— Паночку… паночку міленькі, не чапай мяне! — прасіла-маліла дзяўчына.

— Ціха ты! — бурчаў у адказ п'яны голас аднаго з гасцей.

— Ага, — успомніў пан Вольскі, — гэта ж халопкі стаялі на галёрцы, апусціўшы голавы ўніз на залю, і глядзелі, як авечкі.

Пан Вольскі з вялікім смакаваннем і зайздрасцю лавіў кожны гук…

13. Прарочыя сны

Балет быў самым удалым нумарам балю. Госці вельмі здаволены. Такой пышнай фантастычнай пастаноўкі яны ніколі не бачылі. Такой зграбнай музыкі ніколі не чулі.

Не спадабаўся балет адной толькі пані Вашамірскай.

— Нешта бязбожніцкае, д'ябальскае, — гаварыла яна.

Прычына яе нездаволенасці іншага характару.

Яна ўвесь вечар была задумёная і смутная. Смутак пані Вашамірскай цягнецца з таго дня, калі ў яе апошні раз быў сын з Салаўём.

Прарочыя сны пачалі ёй сніцца бадай кожную ноч: яна чула ва сне спевы салаўя. Спеў маленькай птушачкі пранікаў у яе нутро, у самае сэрца вясновымі срэбнымі трэлямі. Спявала птушачка на розныя лады, і пані Вашамірскай гэта здавалася райскай божай музыкай. Кожны гук, ледзь прыкметны зык птушачкі ліўся як бы з неба і салодкім смуткам атуляў усё вакол.

І пах бэзу прыемна кружыў ёй галаву.

Кожны раз прабуджалася яна са стогнам. Песня птушачкі яшчэ звінела ў яе вушах.

Пані Вашамірская страціла апетыт. Ранейшае замілаванне да катоў прапала. Удзень яна не ведала, як дачакацца ночы, каб зноў чуць ва сне песні птушкі.

Па-рознаму тлумачылі ёй суседкі з блізкіх маёнткаў гэты дзіўны сон.

Некаторыя гаварылі, што гэта д'ябал хоча яе спакусіць салаўінай песняй. Іншыя казалі, што гэта яе ўласная яснавяльможная душа ўночы ад цела адыходзіць, лунае над ёю, спявае.

А ксёндз Марцэвіч запэўніваў, што гэта даносіцца да яе ветрам звон касцёла. Звон напамінае пані аб тым, каб пабудавала касцёл у сваім маёнтку, каб давала грошы на божыя справы.

Ксёндз Марцэвіч ужо даўно збірае ахвяраванні і падарункі на касцёл «Сэрца Езуса». Яму яшчэ не хапае грошай на званіцу. Вось птушачка і звоніць ува сне…

Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі каменнямі, сама аддала іх ксяндзу Марцэвічу.

Песні салоўкі ўсё роўна не спыняліся. Наадварот, гэты сон прыняў болей ясныя вобразы і формы; кожны раз падыходзіла да пані здань, атуленая ў сялянскае грубае палатно. Пані спачатку думала, што гэта таемная фігура — смерць, але спевы салаўя, яшчэ болей прыгожыя, чымся раней, ліліся з-пад гэтага палатна. Пані супакоілася: смерць не можа так хораша спяваць…

Нарэшце палатно апусцілася — і перад паняй стаяў анёл і спяваў па-салаўінаму.

Пані пачала прыглядацца і заўважыла, што гэта не анёл, а фокуснік яе сына, пад мянушкаю Салавей.

Пра гэты сон пані ўжо нікому не гаварыла, нават свайму духоўніку.

Яна нечага і баялася, і саромілася.

Страх гэты быў страхам божым, а сорам — сорамам Дзевы Марыі, нявіннай і чыстай.

Так тлумачыла пані сама сабе.

Яна пачала разумець, што гэтым сном Пан Буг выстаяўляе ёй напаказ яе памылкі. На яе напаў страх: яна раней была так упэўнена ў сваёй непамылковасці…

Яна кленчыла перад вобразам Маткі Боскай, прызнавалася ў вялікіх грахах: ужо шмат гадоў песціць і няньчыць катоў, а пра людзей забылася…

Адчуваючы свой вялікі грэх, пані па-ранейшаму глядзела за катамі. Што ж яны, бедныя, вінаваты?

Пані пацяшала сябе тым, што памылка ўжо напалову выпраўлена, калі выкрыта. Толькі трэба старацца выправіць памылку да канца.

«Як выпраўляць памылку?»

Цяжкое «як?» непакоіла пані Вашамірскую. Пад уражаннем гэтага «як?» яна сядзела ўвесь вечар, не прымаючы ніякага ўдзелу ў вясёлых і мудрых гутарках гасцей. «Божы смутак» лунаў на яе твары. Пані апускала вочы і з-пад апушчаных расніц пазірала з зацікаўленасцю ва ўсе бакі.

Яна шукала вачыма Салаўя.

Яго не відаць было.

Не было яшчэ самага галоўнага эфекту панскага балю.

Пані Вашамірская чакала яго з хвіліны на хвіліну. Яна забыла гладзіць і песціць катоў, што сядзелі ў яе на каленях. Ад нецярплівасці яна кожны раз уздрыгвала, калі да яе зварочваліся суседзі пры стале з запытаннямі і заўвагамі.

У гэты час пан Вашамірскі гутарыў з суседам з блізкага маёнтка аб тым, што студыя ўсё ж яго не задавальняе, бо акторы яго — выдрэсіраваныя мядзведзі. Нутранога агню, натхнення няма ў іх. Вось ён зараз пакажа ўсім на закуску балю сапраўднае дзіва — чалавека, які спявае салаўём.

— Я думаю павезці яго за граніцу напаказ! — павысіў пан Вашамірскі голас.

— Салаўя сюды! Салаўя! — папрасілі госці.

Пані Вашамірская пабляднела ад хвалявання. У гэтую хвіліну Салавей быў яе апошняй нябеснай справай.

— Паслухаць цяпер салаўя — штука фвельмі пікантная! — сказаў доктар багасловіі і філасофіі. — Гэта тонкая хгустоўнасць і вышэйшы эстэтызм! Дтзіўлюся здтольнасцям пана Вфашамірскага, шчыра дтзіўлюся!

Ксёндз пачаў доўгую тыраду аб спевах салаўя, аб цудах божых.

Хоць пан Вашамірскі добра разумеў, што гэта толькі няшчырая ксяндзоўская льсцівасць, аднак перад вялікай грамадой гасцей яму было прыемна ад слоў ксяндза.

— Прывесці сюды Салаўя, — крыкнуў пан гайдукам.

Пан расказаў гасцям падрабязна ўсю гісторыю, як ён першы раз пачуў фокусы Салаўя і як дзеля жарту загадаў тады ўсыпаць некалькі гарачых гайдуку Макару. Пры гэтым успомніў, што гайдука Макара няма. Ён падазваў стольніка і запытаўся, дзе Макар.

— Макара знайшлі сягоння забітым, яснавяльможны пане, — спалохана сказаў стольнік, — яго забіла Зоська Халімонава, што ў канцы вёскі жыве, недалёка ад лесу.

— А Зоська дзе? — пабляднеўшы ад злосці, сказаў пан.

— Зоська ўцякла, яснавяльможны пане.

— Зараз жа яе злавіць! Скажы аб гэтым войту!

— Слухаю, яснавяльможны пане!

Пан Вашамірскі быў выбіты з раўнавагі. Перад гасцямі стараўся гэта не паказваць. Ён не шкадаваў гайдука Макара, але злаваўся на тое, што нейкая халопка парушыла яго панскі супакой, сапсула гармонію балю.

«Ну і дзікія гэтыя хлопы! Ну і разбойнікі ж яны! Засяку Зоську насмерць. Сваімі рукамі засяку, — пастанавіў ён у думках. — Ну і гадзюка яна!»

Пані Вашамірская не заўважыла змены настрою ў сына. Яна была занепакоена тым, што ён хоча забраць Салаўя за граніцу. Салавей быў патрэбен ёй. Яна гатова аддаць за Салаўя ўсіх сваіх катоў… Яна гатова… Сама ў гэту хвіліну не ведала, на што яна гатова, каб толькі дастаць сабе Салаўя.

Яна кіўнула сыну і сказала ўстрывожаным голасам:

— Салаўя не трэба везці за граніцу, не трэба!

14. Не хачу быць панскім салаўём

Салавей цэлы дзень сядзеў запёрты ў цёмным пакоі, з цяжкімі калодкамі на нагах.

Гнеў пана Вашамірскага быў вялікі, бо Салавей адлучыўся з маёнтка ў апошні дзень перад спектаклем. Яго адсутнасць была заўважана ксяндзом Марцэвічам у часе звычайнага начнога абыходу спальных пакояў актораў.

У каморцы, дзе сядзеў Салавей, было так цёмна, што нават рукі сваёй нельга было бачыць. Рухацца з месца таксама было цяжка, бо калодкі прыкоўвалі ногі да падлогі. Ён сядзеў нерухома на месцы, аддаючы ўсю сваю ўвагу слыху. Сіла зроку і рухаў перайшлі ў слых. Яго вушы лавілі кожны шолах у затхлым паветры каморкі.

Па кутах шорхаліся мышы, грызлі сцены, драпалі падлогу і пішчэлі. Ён рад быў, што ў суседстве знаходзяцца хоць такія жывыя істоты. Часам, як зварухнецца з месца, рабілася ціха — мышы палохаліся.

Хвілінамі на яго нападала вялікая нуда. Ён мацаў у пацёмках свой твар, які здаваўся яму чужым. Соваў рукамі па сцяне, дзе было шмат павуціны з сухімі леташнімі мухамі. Гэта забава адганяла сумныя думкі.

Ён лавіў вушамі кожны зык з суседніх пакояў: крокі чаляднікаў, заглушаны гул гутаркі. Яму здавалася, што ўвесь жывы свет ужо навекі адарваны ад яго і знаходзіцца недзе за сотні міль адгэтуль.

Ад накіпеўшай злосці перасохла ў горле. Ён аблізаў губы языком, уздрыгануўся і пачаў барабаніць кулакамі ў сцяну:

— Адчыніце!

Ён крычаў кожны раз усё галасней. На яго крыкі ніхто ўвагі не зварачваў.

— Адчыніце!

Раптам змоўк і пачаў пільна прыслухоўвацца.

З глыбіні панскіх пакояў пачуўся звон вялікага гадзінніка. Мядзяныя гукі расплываліся мякка, задумёна і ўрачыста, дрыжэлі ў вушах доўга, ледзь прыкметнымі пералівамі адгалоску.

Салавей супакоіўся.

Зрабілася лёгка на душы. Нібы хтосьці блізкі пяшчотна пагладзіў яго па валасах.

Успомніў Зоську…

Але кожны новы звон гадзінніка навяваў яму новыя думкі.

Нядобра жыць так на свеце.

Нядобра быць забавай у пана.

Добра спяваць салаўём тады, калі самому хочацца, а не па загаду пана.

Чым больш ён думаў аб тым, што добра і што нядобра, тым больш ён быў абураны на пана Вашамірскага. У яго душы рос і крэп чалавечы гонар, той гонар, якога не аддасі ні за якія грошы, ні за які дабрабыт, ні за якія панскія падарункі.

Салавей сціснуў кулакі ад злосці, увесь напружыніўся да хрусту касцей і падняўся з месца. Але цяжкія калодкі на нагах давалі сябе адчуваць, ён зноў сеў, сцяўшы зубы.

— Нядобра быць панскім салаўём!

Ён апусціў галаву на грудзі. Доўгі час сядзеў нерухомы, акамянелы.

Усе думкі выскачылі з галавы, як спалоханыя вераб'і.

Мышы зноў скрабліся вакол. Часам раздаваўся бой гадзінніка, але Салавей не чуў. Ён моцна спаў пасля бяссоннай ночы, праведзенай у Зоські, і няўдалага барокання з панскімі гайдукамі.

Ціха было ў залі.

Салаўя з нецярплівасцю чакалі хвілін дзесяць.

Ён увайшоў павольна. Толькі што знялі калодкі з яго ног. Жмурыў вочы і засланяў іх рукою. Адсядзеў у цёмнай каморы цэлы дзень, яму цяжка было глядзець цяпер на яркае святло.

Ён быў у дзівацкім аксамітным шырокім адзенні з вышытымі залатымі салаўямі. На грудзях з рознакаляровых пацерак быў зроблены герб паноў Вашамірскіх. Высокі, стройны, у такой незвычайнай мантыі Салавей нагадваў сабою жраца невядомай рэлігіі, невядомых часоў. Бровы ў Салаўя былі грозна нахмураны. Вочы кідалі вакол сінія вострыя нажы. Чорны аксаміт убрання адцяняў яго бледны твар.

Госці атарапелі.

Пану Вашамірскаму вельмі да сэрца было тое ўражанне, якое Салавей зрабіў на гасцей сваім выглядам.

Пан усміхнуўся самаздаволена.

— А во зараз, шаноўныя госці, пачуеце яго спевы!

— Можа, у яго захаваны такія штучкі, праз якія ён свішча? — запытаўся пан Завішша і пакруціў доўгія вусы.

Гэтыя словы пакрыўдзілі пана Вашамірскага. Захадзілі хадыром яго сківіцы. Ён стрымаўся і сказаў спакойным голасам:

— Калі хто з ласкавых паноў хоча, можа агледзець майго Салаўя. Можа, якую свісцёлку знойдзеце. Пашукайце ў яго руках, у роце!

Некаторыя сунуліся да Салаўя, але яго выгляд быў такі грозны, што ніхто не адважыўся шукаць у яго свісцёлак, праз якія ён свішча салаўём.

Пані Вашамірская глядзела на Салаўя ў немым здзіўленні і абагатварэнні.

— Ну, — сказаў пан Вашамірскі да Салаўя, — пачынай!

Салавей маўчаў.

— Ну! — крыкнуў пан.

Салавей не варухнуўся.

— Чаго маўчыш?! — зачырванеўся пан ад злосці. — Можа, ахрып?

Салавей строга зірнуў на пана Вашамірскага, ледзь разняў сцятыя губы і павольна працадзіў праз зубы:

— Не хачу быць панскім салаўём.

— Які хам, о Божа! — здзівіўся доктар багасловіі і філасофіі.

У пана Вашамірскага вочы наліліся крывёю.

— Жартуеш? — крыкнуў пан не сваім голасам. — Спявай!

Салавей усміхнуўся, крыху як бы занепакоіўся, горда зірнуў на пана, выпрастаўся, як нацягнутая струна, і больш цвёрдым голасам сказаў:

— Не хачу быць панскім салаўём!

— Закаваць яго ў кайданы, — грозным голасам крыкнуў пан Вашамірскі.

Салавей сарваў з сябе дзівацкае ўбранне і кінуўся да дзвярэй.

За ім удагонку пусціліся гайдукі.

Загрузка...